epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Урок маўчання

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
Успаміны Алены Жыліч І
12
13
Успаміны Алены Жыліч ІІ
14
15
Успаміны Алены Жыліч ІІІ
16
17
18
Успаміны Алены Жыліч IV
19
20
Успаміны Алены Жыліч V
21
22
Успаміны Алены Жыліч VI
23
З амерыканскага дзённіка Андрэя Жыліча
24


 

1

Быццам нехта ўдарыў моцна ў грудзі, прымусіў закалаціцца сэрца, а потым знік удалечыні. І, як гэта часта бывае ў людзей яе ўзросту, стала зразумела, што сон ужо не вернецца, будуць дзіўныя гадзіны роздуму да самай раніцы, калі няма розніцы ад таго, заплюшчаны вочы ў цябе ці не, апануюць самыя розныя думкі, і ўжо не заснеш, як раней, — лёгка, радасна. Яна ўстала і адчыніла шырокае, адзінае ў пакоі акно. Побач было возера яе юнацтва. Яна любіла вечарамі хадзіць уздоўж возера і цяпер ужо ўявіць сабе не магла, што яшчэ зусім нядаўна жыла ў шумным цэнтры, прапыленым і прадымленым. У старой кватэры з высокай, як у гімнастычнай зале, столлю, тоўстымі сценамі было заўсёды шумна. То суседзі заскочаць па нейкіх справах, то Пятровы, якія жылі наверсе, пакідалі ўнучку Ірынку, а то і проста знаёмыя, калі былі ў цэнтры горада, заходзілі перадыхнуць, выпіць чаю, пагаварыць пра вучняў, былых і цяперашніх. Школа была побач, дый справы ў кожнага былі на цэнтральным гарадскім раздарожжы. А яшчэ яе ўласныя ўнукі... Дзякуючы ім у старой кватэры пачыналася сваё асаблівае жыццё. Яны ўсё пераварочвалі дагары нагамі, і кнігі, і рэчы, усё перараблялі на свой лад, і яна ніколькі гэтаму не супраціўлялася, старалася толькі схаваць сшыткі з кантрольнымі работамі.

Потым стала ясна, што трэба дапамагчы дачцэ з кватэрай. Тая жыла з мужам і двума дзецьмі ў двухпакаёвай з сумежнымі пакойчыкамі, у блочным доме. Павялічыць плошчу, нягледзячы на старанні зяця Георгія, у ягоным інстытуце не было як. Алена Аляксандраўна сама падала аб’яву аб размене ў газету, папярэдне, безумоўна, перагаварыла з сынам Андрэем, які на кватэру не прэтэндаваў, таму што даўно атрымаў трохпакаёвую ў студыйным кааператыве. Андрэй незадаволена скрывіўся, сказаў, што яна заслужыла сабе двухпакаёвую кватэру, мае поўнае права на спальню, на іншыя выгоды, але потым згадзіўся, што сястры з сям’ёй цяжка жыць у маленькай кватэры.

Абмен прайшоў добра. Усе былі задаволены, асабліва Галя з Георгіем. Трохпакаёвая кватэра была свабодная, удалося нават выкраіць кабінет для Георгія. Андрэй супакоіўся, сказаў ёй: «Цяпер у цябе раздолле, возера, дый твае бясконцыя знаёмыя галаву тлуміць не будуць».

Праз некаторы час пасля ўсіх тых клопатаў Алена Аляксандраўна сустрэла ў міністэрстве высокага мужчыну з азызлым тварам. Вось ужо гадоў дзесяць яны размаўлялі ўрыўкамі, коратка, але размаўлялі.

— Як справы? — спытаў ён, паглядаючы па баках.

Усе ўжо даўно забыліся, што ён разышоўся з ёю, ажаніўся другі раз, яго ўжо некалькі разоў пасля гэтага павышалі, а нядаўна зрабілі начальнікам глаўка.

Яна сказала, што справы ідуць няблага, дзеці ўладкаваны, расказала аб размене кватэры, вельмі, на яе погляд, удалым, цяпер яна жыве каля возера, таго самага, якое выкапалі яшчэ да вайны, ён, пэўна, даўно не быў там, на гэтым возеры, як, дарэчы, і яна сама, усё часу не хапала, а цяпер можна гадзінамі хадзіць ля возера, забыўшыся на ўсё на свеце, а гэта так важна людзям у іх узросце.

— Я глядзеў нядаўна фільм Андрэеў, — сказаў чалавек, якога яна цяпер называла толькі Фёдарам Дзмітрыевічам. — Мне спадабалася, вельмі добры фільм. Малайчына! Я пазваніў яму, прапанаваў сустрэцца. Ён адказаў, вельмі заняты.

Яна сказала, што разумее пачуцці Фёдара Дзмітрыевіча, але нічога не зробіш, у Андрэя такі характар, не, не зусім чэрствы, а крыху жорсткі, і тут прыходзіцца мірыцца. Дачка інакшая, з самага дзяцінства была такой, з ёю было лягчэй пасля таго, як Фёдар Дзмітрыевіч пакінуў сям’ю. Што пра гэта ўспамінаць, столькі вады сплыло і нават крыўды, дый на ўспаміны ў яе сіл не засталося. Але ён правільна робіць, што звоніць Андрэю і з дачкой сустракаецца, хоць ніколі ёй, былой сваёй жонцы, пра гэта не гаворыць, час змяніўся, і адносіны паміж людзьмі, нават у самых стэрэатыпных сітуацыях, таксама не маглі не змяніцца. Мы сталі сучаснымі, гаварыла яна, так, мы сталі вельмі сучаснымі людзьмі, хоць ужо і к канцу жыцця... І школа таксама становіцца сучаснай, хочуць яны гэтага ў сваім міністэрскім глаўку ці не хочуць, баяцца яны перамен ці не баяцца, але перамены адбываюцца і будуць адбывацца ў лепшы бок.

— Цябе нельга перарабіць, ты на ўсё жыццё застанешся ўжо такой, — сказаў яе былы муж і закурыў. — Цябе, я гляджу, не выправяць ні ганаровыя званні, ні добрыя да цябе адносіны, ні твой вопыт.

Як гэта дзіўна, неабдумана (хоць яна заўсёды лічыла яго разумным чалавекам) прагучала ў яго вуснах: «...добрыя да цябе адносіны». Чые адносіны — яго асабіста, а можа, ягонага начальства — намесніка міністра? — ці нават самога міністра? Не, ён меў на ўвазе свае асабістыя адносіны да яе і вымавіў гэтыя словы лёгка, без напружання.

Ён, відаць, прачытаў яе думкі, агледзеўся па баках і ціха сказаў:

— А чаму, уласна кажучы, мы стаім тут? Пойдзем, пагаворым у кабінеце. Ты ж ніводнага разу не заходзіла да мяне.

Кабінет быў не вельмі прасторны, хутчэй нагадваў нейкі карабельны адсек. Апарат міністэрства немаленькі, тут нямала сядзіць людзей.

— Неўзабаве жнівеньскія нарады. А мы напярэдадні, такі ўжо наш лёс, павінны, як пішуць у навуковых артыкулах, генерыраваць свежыя думкі, ідэі. Гэта ж толькі вы думаеце, што мы адсталі ад жыцця, сядзім і марнуем свежую педагагічную думку. Мы таксама, павер, жадаем многіх змен, але ўсё адбываецца не так хутка, як нам хочацца. То тут, то там з’яўляюцца раптам розныя пытанні, праблемы. Патрабуецца час, каб іх вырашыць, даказаць сваю думку ў розных кабінетах, інстанцыях. Але на гэтым усё не заканчваецца...

— Кінь ты гэта, паважаны Фёдар Дзмітрыевіч. Прыдумалі мы сабе гэтыя цяжкасці толькі таму, што не хочам прымаць на сваю душу адказнасць. Колькі разоў я чула гэта за сваё жыццё, а ты нават больш за мяне. А ўсё ж вельмі проста. Дазвольце нам працаваць шчыра, дазвольце эксперыментаваць хоць у самым малым. Вось вазьмі ды і ўвядзі ў вушы міністру, што працэнтаманія нас літаральна заела, што мы часта выпускаем са школы людзей з пакалечанымі душамі. Я не кажу пра адзнакі.

Ён стомлена паглядзеў на яе і спытаў:

— А калі адзнакі ліквідаваць, пакалечаных душ не будзе?

У яго голасе прагучала іронія.

Божухна, яна ўпершыню зайшла да яго, і яны гавораць пра адзнакі. І чаго яе пацягнула за язык, а ён раптам ухапіўся за гэту прапанову, як за нешта выратавальнае для сябе. Няўжо яны ніколі не пагутараць шчыра? Але аб чым і, галоўнае, навошта? Позна гаварыць, усё, літаральна ўсё, засталося ў далёкім мінулым.

— Мне трэба ісці, — сказала яна раптам.

Некрашэвіч праводзіў яе па калідоры, адчуваючы, што ён так ніколі яе і не зразумее. Папрасіў неяк саромеючыся, каб пагаварыла ўсё ж з Андрэем або ва ўсякім выпадку паспрабавала пагаварыць. Ён разумее, што хутка фініш, ён не спрабуе гэтым апраўдацца, але няхай і яна хоць у нейкай меры паспрабуе яго зразумець, наколькі гэта магчыма.

Тады, у далёкія гады, ён таксама гаварыў, што некалі ў іх жыцці наступіць фініш, яны прайшлі вайну, ён наогул бачыў яе зблізу, некалькі разоў знаходзіўся за крок ад смерці, і таму яна не павінна рабіць неабдуманыя вывады, бо потым памылку будзе цяжка, амаль немагчыма выправіць. Яна глядзела на яго збялелы твар, пакамечаны касцюм і адчувала ў сваёй душы страшэнны холад, ён, гэты холад, ішоў здалёк, з яе першага жыцця. Яна думала пра тое, ці было ёй наогул патрэбна гэта другое жыццё, другое існаванне сярод людзей, ці магла, ці мела яна права верыць у нейкае шчасце. І яму, відаць, было ясна, які холад хавае яна ў сваёй душы, гэты холад не дазволіць дараваць яму...

Яна азірнулася. Па доўгім калідоры аддаляўся высокі сутулы чалавек. Плечы яго рэзка ўзнімаліся і апускаліся, нібыта чалавеку гэтаму было цяжка дыхаць...

 

За вокнамі было цёмна. Ноч затрымалася між дамоў, што ішлі доўгім ланцугом уздоўж возера. Прагнаная частымі агнямі з цэнтра, яна быццам знайшла сабе тут апошні прытулак.

Алена Аляксандраўна хацела яшчэ заснуць, але не магла. Адны ўспаміны знікалі навечна, другія нечакана з’яўляліся, намаляваныя ясна і ярка. Але яна амаль заўсёды лёгка ўспамінала сваіх вучняў, праўда, не ўсіх, а тых, каго можна было ўспамінаць або немагчыма было забыць. Яны ўзнікалі ранейшымі, зусім не старымі, нягледзячы на свае цяперашнія лысіны і амаль такія ж, як у яе, зморшчыны на твары. Яны гутарылі з ёю, не парушаючы мяжы гадоў, што падзяліла іх.

Вось у адзенні чорнага дракона, як і належыць па алхімічнай сімволіцы, на паўасветленую сцэну школьнай залы выходзіць Дзімка Саракалет. Голас яго дрыжыць ад хвалявання:

— Каб прыгатаваць эліксір мудрасці, што называюць філасофскім каменем, бяры, сын мой, філасофскай ртуці і награвай, пакуль яна не ператворыцца ў зялёнага льва. Пасля гэтага напальвай мацней, і яна ператворыцца ў чырвонага льва. Дэгенерыруй гэтага чорнага льва з кіслым вінаградным спіртам, выпар вадкасць, і ртуць ператворыцца ў каменепадобнае рэчыва, якое можна рэзаць нажом. Пакладзі яго ў абмазаную глінай рэторту і няспешна дыстыліруй. Збяры асобна вадкасць нежывой прыроды, што з’явіцца пры гэтым. Ты атрымаеш без усякага смаку флегму, спірт і чырвоныя кроплі. Кімерыйскія цені акрыюць рэторту сваім цёмным пакрывалам, і ты знойдзеш унутры яе сапраўднага дракона, разатры на камені і дакраніся да яго распаленым вугалем...

Ударылі ў званы (аднекуль іх прыцягнуў у школу ўсё той жа няўрымслівы Дзімка Саракалет), у мантыях на сцэну выйшлі жрацы-алхімікі.

Зала замерла.

Першы алхімік:

— Што азначаюць гэтыя львы і гэты дракон? Будзем трымаць пад даследчым прыцэлам пары — леў і яго хімічны прататып, дракон і яго хімічнае падабенства. Ісціна для алхіміка толькі тады ісціна, калі адшукваецца і падаецца ў адпаведнай алхімічнаму мысленню форме.

Другі алхімік:

— Хіба такая ўжо абыякавая сімвалічная аналогія? Такі прыём — не толькі аналогія. Пазнанне.

Свет рэальны — свінец, яго вокіслы і солі; свет сімвалічны — перапляценне лёсаў ільва і дракона. Свет сярэдневяковага чалавека — двухсусветны.

Першы алхімік:

— Так, ён двухсусветны. Рэальны свет якраз менш за ўсё рэальны ў параўнанні са светам другім, сканструяваным. Алхімічная феерыя цялесна ўзнаўляе дзейства, што ўключае таго, хто ўспрымае гэты рэцэпт, — таго, хто павінен яго аднавіць. Гэты другі, сімвалічны план менш за ўсё звязаны з дзеяннем — заняткам звычайным, штодзённым. Ён атаясамлены са свяшчэннадзействам, а таму поўны вышэйшага сэнсу.

Дракон, які глытае ўласны хвост, — адзін з галоўных алхімічных сімвалаў, што сфакусіраваў шматразовасць нараджэнняў-паміранняў.

Алена Аляксандраўна нерухома сачыла за тым, што адбывалася на сцэне, думала, ці выкараскаюцца яе выхаванцы з гэтага складанага сюжэта, кантраляваць іх яна не хацела і не мела права. Дырэктар, які сядзеў побач з ёю, сказаў спалохана, што зараз на сцэне пачнуць выклікаць душы памёршых, — бо ўзнікалі і знікалі кімерыйскія цені, потым сімвалы алхімічнага горна, што стваралі розныя аперацыі Вялікага дзеяння.

Ёй пасля дасталося крыху за гэты вечар на педсавеце. Але яна адбівалася, як магла, маўляў, быў самы звычайны, няхай сабе крыху фантастычны вечар. Яна была глыбока перакананая, што школа выхоўвае вучняў як бы ў адным напрамку, не дае магчымасці адысці крыху ў бок ад падручніка, зазірнуць у нязведанае. У самыя першыя гады яны падпарадкоўваюцца гэтаму рэжыму, таму даволі цікаўныя прыкладна да сёмага класа, а потым самі пачынаюць шукаць самыя розныя захапленні (ды яшчэ добра, калі гэта здараецца) у выпадкова знойдзеных кніжках, іх пачынаюць захапляць не школьныя вечары, а кулуарныя размовы ля магнітафонаў з запісамі, якія тут не дазваляюць слухаць, яны вядуць размовы, якія ў школе таксама з’яўляюцца забароненымі, нетрадыцыйнымі. У выніку многае ў маладых галовах блытаецца, набывае часам непажаданыя адценні, а настаўнікі налягаюць (што ад іх і патрабуецца) на выкананне вучэбнай праграмы падручнікаў. Многія яе вучні, дзякуючы хімічнаму гуртку, зацікавіліся тэатрам, філасофіяй, яна не можа пазнаць іх на ўроках. Яе падтрымаў дырэктар. Ён сказаў, што апошні вечар прайшоў нармальна.

Вось толькі вучняў яна ўсё ж потым ушчувала, што атрымалася на вечары завельмі складана, заразумна, хоць пасля гэтага ў хімічны гурток, дзе яна пачынала з азоў алхіміі, немагчыма было запісацца, і неўзабаве іх школу ў райана жартам пачалі называць «школай з алхімічным ухілам».

Дзіма Саракалет, пад два метры росту, даўно ўжо дырэктар Наваполацкага нафтахімічнага камбіната. Яна была на абароне яго кандыдацкай дысертацыі. Потым яны доўга ўдваіх хадзілі па горадзе, і Дзіма, палохаючы прахожых, гучным голасам чытаў алхімічныя трактаты, спрачаўся з ёю аб творчасці Роджэна Бэкана і яго сучаснікаў П’ера Марыкура і Вітэла.

У Наваполацку адкрылі нядаўна філіял політэхнічнага, Дзіма папрасіў прысылаць туды талковых вучняў, каб потым іх можна было на камбінаце да справы прылучаць, і яна ўжо некалькіх парэкамендавала, пазалетась Сярожа Гулевіч паехаў, летась адразу двое — Антон Чапрасаў і Роберт Тароп. Апошнія двое выдатнікамі былі па адным прадмеце — хіміі, і яна ім параіла часу дарэмна не губляць. Не з іх ведама гэта трэба рабіць. Аб ёй пачалі гаварыць у школе: Жыліч свой інстытут займела.

Раніцай, калі ўжо была выпіта кава і знік непрыемны ад недасыпання цяжар, яна расклала на стале паперы, пачала перачытваць сваё выступленне на раённай канферэнцыі настаўнікаў. Асаблівага жадання выступаць не было, пэўна, таму, што ёй даюць слова амаль кожны год, а ў гэтым годзе, да таго ж, без агаворкі не абышлося. Зрабіў яе малады дырэктар Міхаіл Іпалітавіч Круглей, чалавек, які адразу спадабаўся ёй — сапраўдны прадметнік. Ён з першых дзён работы захапіў сваіх вучняў літаратурай, якую і сам любіў па-сапраўднаму, і ў дырэктарскіх сваіх справах наогул пачаў вызначацца, аказаўшыся раптам нядрэнным гаспадарнікам. Асаблівая павага да Міхаіла Іпалітавіча стала заўважна адразу пасля праверкі з Міністэрства асветы. У школу прыйшоў малады, спартыўнага выгляду інспектар і адразу ж у прысутнасці загадчыка райана пачаў гаварыць пра мноства недахопаў у школе. Для азнаямлення са школай яму спатрэбілася нейкіх паўгадзіны. Забегшы ў майстэрню, убачыў драўляныя калодкі, без якіх немагчыма абысціся пры рабоце з драўнінай.

— А гэта што?! — усклікнуў пагардліва інспектар.

— Як што? Калодкі! — спакойна адказаў дырэктар.

— Сам бачу, што не фарфоравыя вазы! Навошта яны тут?!

Міхаіл Іпалітавіч разам з настаўнікам працы пачалі тлумачыць, як маглі. Але правяраючы, здавалася, нічога не чуе і не разумее.

— Выкінуць неадкладна. Ніякага пачуцця эстэтыкі!

— Прабачце, гэта ў вас няма ніякага пачуцця, — адказаў Міхаіл Іпалітавіч. — І справа тут, відавочна, не ў эстэтыцы.

Правяраючы бразнуў дзвярыма і пайшоў. А Міхаіл Іпалітавіч напісаў запіску ў міністэрства. І добра, што напісаў. Там паспелі ўжо абвінаваціць яго ў самых смяротных грахах.

З Аленай Аляксандраўнай дырэктар пачаў гутарку наогул здалёк. Было відаць, што ўся гэта размова задумана не па яго ініцыятыве.

— Чалавек вы, Алена Аляксандраўна, — гаварыў дырэктар, — дастаткова вядомы ў школе, у раёне дый ва ўсім горадзе. Званнямі заслужаных настаўнікаў так проста не кідаюцца, вучні вашы хутка перавернуць дагары нагамі ўсю хімічную навуку і, што важна, вытворчасць таксама, і таму ў цяжкія для школы дні ад вашага выступлення на жнівеньскім педсавеце многа залежыць. Выступленне павінна быць вытрымана ў пазітыўным плане. Ну, вядома, трэба гаварыць пра недахопы, але не толькі пра іх, робіцца ж нямала добрага і ў нашай школе, і ва ўсім раёне.

— Мне ўсё зразумела, Міхаіл Іпалітавіч, вас папрасілі ў райана, будуць жа розныя прадстаўнікі на гэтай нарадзе, слова мне, у прынцыпе, могуць не даць, але, даючы яго...

Ён, здавалася, з палёгкай уздыхнуў:

— Ну вось, вы самі ўсё разумееце. Пастарайцеся, Алена Аляксандраўна, выказацца так, каб нам усім потым спакойна спалася.

І вось цяпер перад ёй на паўстала спісанай паперы, а выступлення, ад якога будзе добра спацца ўсім, яшчэ няма. Трэба паказаць Андрэю, з ім параіцца.

Яна падышла да люстэрка, убачыла стомлены бледны, без крывінкі, твар. Усё! З заўтрашняга вечара — прагулянкі ўздоўж возера, інакш фініш можа настаць раней часу. Яна прыбралася ў свой любімы шарсцяны касцюм, завязала на шыі хустку — і выйшла.

 

2

Андрэй выбраўся нарэшце з душнага аўтобуса, перайшоў цераз праспект і апынуўся непадалёк ад кінастудыі. Ён раптам успомніў, што сёння можна не спяшацца, спакойна прайсціся ўздоўж парку або нават зайсці ў яго, там пахне смажанымі шашлыкамі, прыйшло нарэшце ў галаву нейкаму талковаму гандлёваму работніку, што ў горадзе можна прадаваць на кожным рагу шашлыкі — і даход ёсць, і людзям зручна. Людзей амаль не было, а шашлыкі шыпелі на вуголлях; прадавалі свежае піва.

Андрэй стаў у хвасце кароткай чаргі, зняў світэр і застаўся ў майцы і джынсах, цыбаты, з пасівелымі вусамі, але, як любіла гаварыць яго жонка Святлана, юнак, што застаецца маладым.

— Андрэй! — паклікалі яго з другой чаргі. Адтуль махалі яму рукамі рэжысёр Супрунчук і рэдактар заказных фільмаў Пятровіч.

— Давай да нас! — ружовы твар Супрунчука расцягнуўся ва ўсмешцы і стаў падобны на круглы мячык. Ён нядаўна зняў чатыры часткі аб вучэннях, сапраўдны баявік, сам старшыня Дзяржкіно пахваліў фільм, і Супрунчук быў сёння ў гуморы.

Андрэй перайшоў да іх.

— Ты ж зараз у прастоі, — ляпнуў яго па плячы Супрунчук. — Я б на тваім месцы на студыю і носа не паказваў. Хапіла з цябе ў гэтым сезоне.

— Так, у прастоі! — з задавальненнем прамовіў Андрэй.

Нарэшце можна спыніцца, азірнуцца, адпачыць ад мантажных, бясконцых спрэчак з рэдсаветам. Звычайна на студыі баяліся слова «прастой», гэта азначала адсутнасць пастановачнай работы і толькі 60 працэнтаў зарплаты. Але калі рэжысёры мастацкага кіно ў прастоі бывалі часта, дык дакументалісты, да якіх адносіўся і Андрэй Жыліч, без работы амаль ніколі не сядзелі. Калі і не знаходзілася тэма, дык падварочваўся які-небудзь тэрміновы заказны фільм у адну-дзве часткі. У час здымак на такім фільме было сумна, хапаліся за сэрца аператары, мантажоры і адміністратары, а ты, ушчэнт атупелы, працягваў склейваць «шэдэўр», напрыклад, аб якасным выкарыстанні жалезабетону ў сельскай гаспадарцы ці пра спосабы найбольш эфектыўнай барацьбы з насякомымі ў пунктах грамадскага харчавання.

Але Андрэй такія фільмы не здымае, ён мае магчымасць выбіраць сцэнарыі, іншы раз сам піша заяўкі, якія, праўда, не заўсёды зацвярджаюцца рэдактарам, але ён мог у такім выпадку пайсці да галоўнага, да дырэктара аб’яднання «Летапіс» або, у крайнім, апошнім выпадку, да дырэктара студыі.

— А на студыі амаль нікога, калідоры пустыя. Народ адседжваецца або ў дамах творчасці ці працуе на прыгожай лясной натуры, — сказаў Супрунчук, з апетытам жуючы шашлык. — Толькі Андрэй можа ў такую пару швэндацца па кабінетах.

— Фільм здадзены, а водпуск яшчэ наперадзе, адна прыемная паездачка наклёўваецца, дый тэма — таксама, — сказаў Андрэй. Ён адчуваў, як па ўсім целе разліваецца цеплыня, становіцца спакойна і ўтульна на душы. — Хачу прапанаваць начальству адну тэму, каб потым яно не пачало разводзіць рукамі, маўляў, чаму адразу не абгаварыў, — не зразумеюць нас і да таго падобнае.

— А што надумаў? — спытаў Супрунчук. — Зноў што-небудзь такое, незвычайнае?

— Ды нічога незвычайнага. Дарэчы, потым паглядзім.

— Дык у цябе ж па плану нешта ўжо ёсць?

— Гэта на самую зіму. Брыгада ёсць адна, проста дзівакі. Паламалі ўсе ўяўленні аб дрэнажы. Пачалі весці яго ўзімку, упершыню ў айчыннай практыцы. І што ў выніку? Тры або чатыры пяцігодкі за адну, узнагароды ўсе пахапалі. Ну, а самыя галоўныя спецыялісты да нядаўняга часу рукамі разводзілі, маўляў, такое немагчыма, і ўсё.

— Я бачу, як ты будзеш здымаць! — Супрунчук праглынуў кавалак шашлыка і пачаў размахваць рукамі. — Па заснежаным, мёрзлым полі паўзуць трактары, потым буйным планам твары гэтых хлопцаў. І ўсё на музыцы, ведаеш, самай нечаканай... Іаган Себасцьян Бах. Машыны ўгрызаюцца ў мёрзлую зямлю... Спыняюцца трактары. Сціхае музыка. А потым ужо ідзе ўся астатняя раскрутка. Як?!

Андрэй з Пятровічам гучна зарагаталі.

— Цябе, Генка, усё ж Сапелаў на рэдсаветах выдрэсіраваў. Фільм ты намаляваў у ягоным рэалістычным успрыняцці.

— Вось ён мяне выдрэсіраваў і калі-небудзь выдрэсіруе! — Супрунчук выставіў убок здаровы, валасаты кукіш. Зрабіў ён гэта так нечакана і рэзка, што двое аматараў шашлыкоў ледзь не выпусцілі з рук бутэлькі піва. — Я жыццё на заводзе і каля ліцейнай печы пазнаваў, пакуль да асістэнта рэжысёра дапёр, а пасля ўжо і да інстытута. Хоць, праўда, ён мне зноў адзін выдатны заказ падкінуў. Дзве часткі аб выкарыстанні жалезабетону ў сельскай гаспадарцы. Вядома, правільнага выкарыстання. Уявіце сабе, у мяне будзе кансультант — загадчык аддзела, член рэдакцыйнай калегіі часопіса «Бетон і жалезабетон». Я, калі даведаўся, ледзьве не заплакаў. А кажуць, у краіне не хапае паперы, нельга набыць добрую кніжку, людзі цягнуць адусюль макулатуру, а ўсё, аказваецца, для майго роднага жалезабетону. І гэта яшчэ не ўсё. Ведаючы маё, мякка кажучы, нялёгкае матэрыяльнае становішча, далі мне яшчэ адну публіцыстычную тэму. Аб найбольш эфектыўных метадах санітарнай барацьбы на прадпрыемствах грамадскага харчавання. І трэба ж было дзеля гэтага пяць гадоў гібець над вывучэннем сусветнай і айчыннай рэжысуры. Не, хлопцы, дабяруся я да гэтага Сапелава, вось гэтымі рукамі дабяруся!

Сапелава на студыі не любілі амаль усе. Праўда, Анатоль Вікенцьевіч быў чалавек эрудзіраваны, аб фільмах, гатовых да здачы, або сцэнарыях мог гаварыць прыгожа, важка, з такімі аргументамі, што супраць іх цяжка было пярэчыць, гэта падабалася галоўнаму, але яшчэ ў большай меры дырэктару аб’яднання Пятрову, які гаварыў, што яны, гэта значыць рэдакцыйны савет, не дадуць волі рэжысёрам і розным там сцэнарыстам — кожны з якіх лічыць сябе па меншай меры геніем, — разгуляцца. Сапелаў выкладваў свае думкі звычайна нетаропка, здымаў пры гэтым акуляры, засяроджваючы позірк на акне, нібыта ў думках ён быў далёка-далёка ад усяго, што тут адбывалася, потым пачынаў набіраць тэмп, быццам пытанне яго глыбока хвалявала, словы набывалі асаблівую значнасць, асаблівы сэнс, ён выходзіў за рамкі фільма, гаварыў аб значэнні кінапубліцыстыкі і часта зводзіў на нішто ўсе намаганні здымачнай групы. Рэжысёры, як маглі, адбіваліся ад Сапелава, сцэнарысты таксама былі ў адной кампаніі з імі. Усім было ясна, што Сапелаў — своеасаблівы буфер паміж дырэкцыяй і творчымі работнікамі, у яго задачы ўваходзіць сціранне вострых вуглоў. Праўда, у такіх адносінах Сапелаў быў далёка не з усімі, а з найбольш апрабаванымі майстрамі, якіх даўно ўжо нікуды не заносіла, ён быў па-сяброўску літасцівы да іх і гаварыў звычайна аб новых творчых удачах, стараўся асэнсаваць шлях да іх, як бы павучаючы маладых, вось, маўляў, браточкі, вучыцеся, карыстайцеся момантам. Сам Сапелаў здымаў фільмы па сваіх сцэнарыях іменна з гэтымі рэжысёрамі, супраць якіх рэдка хто на студыі мог слова сказаць у афіцыйнай абстаноўцы; вядома, у даўжэзных студыйных калідорах, дзе абмеркаванні цягнуліся з раніцы да позняга вечара, аўтарытэтаў не існавала, тут усім перападала па меры заслуг.

Калі Андрэй, Пятровіч і Супрунчук з’явіліся ў «Летапісе», тут не адчувалася, што ў разгары адпускная кампанія і за вокнамі стаіць душны жнівень. У калідоры было шмат людзей, то адчыняліся, то зачыняліся дзверы. Прыкметна павесялелы Супрунчук сказаў:

— Усе лакіроўшчыкі рэчаіснасці ў зборы. Толькі свісні ім, такое здымуць аб нашых дасягненнях і поспехах, што глядач сваім вачам не паверыць. А галоўнае — аванс сёння, браточкі, радуйцеся ўсе тыя, хто ў прастоі.

Аванс Андрэю быў якраз дарэчы, ганарары за фільмы разляцеліся імгненна. Палавіну аддаў на рамонт машыны, Святлане пазарэз патрэбен плашч, і яна купіла яго, потым яна ж уздумала да прыезду дачкі нарэшце закончыць рамонт кватэры і іншае, іншае. Ён вырашыў заскочыць да галоўнага, калі той на месцы. Галоўны лічыўся на студыі чалавекам талковым, з яго прыходам сцэнарыі дый самі фільмы пачалі здавацца ў графікі, сунялі свой запал «Сапелаў і кампанія», хоць галоўны лічыў, што Сапелаў на студыі чалавек карысны, ён дзейнічае як халодны душ.

Да студыі галоўны працаваў у газеце, лічыўся выдатным рэпарцёрам і арганізатарам, калі чарговы галоўны зляцеў са свайго крэсла (чацвёрты за пяць гадоў), яго ўгаварылі, і ён прыйшоў на студыю, безумоўна, без асаблівага жадання. Праўда, да гэтага па яго сцэнарыях былі зняты два неблагія фільмы, і з першага дня ён не лічыўся чалавекам выпадковым, толькі «Сапелаў і кампанія» пільна сачылі за кожным яго крокам, стараліся прыкмеціць кожную памылку, кожны, нават нязначны промах.

Вопытныя людзі на студыі лічылі: калі галоўны прыжывецца (а ў гэтым яму многія шчыра дапамагалі), то ўсё роўна ён доўга не заседзіцца на сваім месцы. Людзей з такімі светлымі галовамі не так ужо многа, як здаецца на першы погляд, і яго абавязкова забяруць куды-небудзь вышэй, а на студыі зноў з’явіцца (як гэта было ўжо неаднойчы) выпадковы і часовы чалавек.

Галоўны ўдала ўлічваў гэтыя абставіны, дакладней кажучы, два шляхі — наверх альбо ўніз — і не дазваляў сабе расслабіцца, увесь час трымаўся, як кажуць, у добрай спартыўнай форме. Быў гатовы ў любы момант стрываць удары і зверху, і ад тых людзей на студыі, якія не ўспрымалі яго.

Сакратарка Іначка паглядзела на Жыліча знізу ўверх і прамовіла вельмі сур’ёзна:

— А я думала, да нас акцёр з Галівуда на кінапробы...

Андрэй паклаў на стол перад ёй пачак «Кента».

— Гэта для таго, каб думка твая не рассейвалася... Шэф у сябе?

— У сябе. І, як ні дзіўна, зусім адзін.

Яна націснула на кнопку селектара:

— Барыс Васільевіч, да вас Жыліч.

— Няхай зойдзе, — пачуўся голас галоўнага.

— Бачыце, як усё ў нас проста, — сказала сакратарка. — Стыль кіраўніцтва сучасны і дэмакратычны. Вось так!

Галоўны млеў у маленькім кабінеце пад тугім струменем ад вентылятара. Але ён быў у светлым пінжаку, на шыі завязаны велюравы гальштук. На студыі жартавалі: галоўны «летапісец» даў слова не здымаць гальштука, пакуль не навядзе ў гаспадарцы парадку.

— Сядай, Андрэй, — галоўны моцна паціснуў яму руку. — Як самаадчуванне? Прастой — справа для цябе нязвыклая...

— Ды яшчэ не разабраўся, галава кругам ідзе, усё ж тры фільмы адзін за адным.

— А задаволенасць ёсць?

— Асаблівай няма. Але затое ёсць некалькі тэм.

Галоўны ажывіўся. Пачаў хадзіць па кабінеце. Быў ён каржакаваты, невысокага росту.

— Гэта добра, што ёсць тэмы, — сказаў ён. — Але чаму яны не на паперы?

— Дык вы ж ведаеце, Барыс Васільевіч, што не вельмі любяць у нас, калі рэжысёр пачынае фільм па свайму сцэнарыю рабіць. У мастацкім кіно гэта апраўдана амаль заўсёды, маўляў, будзе адчувацца адна рука ва ўсім: і ў сцэнарыі, і ў фільме. І то не заўсёды добра, дый сцэнарыст без грошай застанецца, а рэжысёр мех зграбастае, плюс патыражныя і ўсё іншае. А ў нас што? Сцэнарыст жа чыстая ўмоўнасць, вунь як любімчык Сапелава Чучман робіць — малюе сцэнарый з галавы, прозвішча бярэ з пажоўклых газет, ні з кім не сустракаецца і лепіць муру за дзень-два, а рэжысёр потым расхлёбвае, аказваецца, што людзей ужо даўно няма, зямлю яны параць, і ў падзеях, аб якіх ідзе гаворка, яны не ўдзельнічалі. Тады і прыходзіцца рэжысёру ўсё падчыстую перарабляць, а яму гавораць пры гэтым, маўляў, лёс твой такі, з аўтарам сцэнарыя трэба працаваць, тым больш з такім, як Чучман, а той спакойненька кладзе сабе ў кішэню доўгія рублі, потым на яго немаведама адкуль звальваюцца патыражныя, і ён працягвае гнаць папяровы сцэнарны паток.

— Я з табой згодзен, мы гэтых Чучманаў і іншых хутка са студыі пагонім, калі, вядома, яны не асядлаюць нас, — сказаў галоўны, стомлена апусціўшыся ў крэсла побач з Андрэем. — Мой пункт гледжання такі — калі рэжысёр-дакументаліст хоча і, галоўнае, мае на тое права і творчае, і маральнае здымаць фільм па свайму сцэнарыю — калі ласка, здымай сабе на здароўе, толькі талкова здымай. Давай выкладвай, якія ў цябе ідэі.

Лоб у Андрэя сабраўся ў глыбокія зморшчыны, ён закусіў кончык вусоў.

— Адна тэма зусім прымальная. Пакорпаўся я ў архіве, «Мінскі веснік» дарэвалюцыйны перагартаў. Дык вось, двое нашых хлапцоў, адзін з іх потым гэту газету і рэдагаваў, у маладосці махнулі ўзнімаць рэвалюцыю на Кубе, самую першую, супраць іспанцаў яшчэ. Ваявалі там, потым у амерыканскай турме сядзелі, вярнуліся дамоў, рэвалюцыя 1905 года... Словам, выдатны матэрыял, адзін з іх у Маскве ў саўнаргасе вялікую пасаду займаў і пастаянна пісаў у газетах пра Кубу. Куба засталася любоўю на ўсё жыццё.

— Якія ёсць матэрыялы?

— Перапіска дэпартамента замежных спраў з пасольствам у Іспаніі, розныя паперы. Мноства фатаграфій і кінаматэрыялы. У Маскве жыве дачка аднаго з герояў — Сакалоўскага. Незвычайна гаваркая старая, да таго ж мае добры архіў бацькі.

— Што ж, тэма цікавая. Пішы заяўку. Дзве часткі?

— Бадай, у тры ўкладуся абавязкова.

— Пішы на тры. Якая яшчэ тэма?

— Тут размова асаблівая. — Андрэй уздыхнуў і правёў тыльным бокам далоні па шыі. — Як гаворыцца, таварышы гледачы, заплюшчыце вочы, збярыце ў кулак нервы. Чакаецца смяротны нумар, якога да гэтага часу не бачылі ў Сусвеце і яго ваколіцах.

Галоўны закурыў, пачаставаў цыгарэтай Андрэя і націснуў на кнопку селектара:

— Іначка, я вельмі заняты. Калі пазвоняць зверху, тады падключыце. Колькі? Так, мінут пятнаццаць, — спытаў у Андрэя: — Нам хопіць пятнаццаць мінут? — І як бы просячы прабачэння: — Хутка прагляд, потым нарада ў Дзяржкіно, дый начальства павінна выклікаць.

— Значыць, гэта будзе яшчэ адно пытанне. Без падтрымкі нам ніяк не абысціся, — сказаў Андрэй.

— Вось як? Ну, давай!..

— Даўно мяне адна праблема хвалюе. Не ўчора і не пазаўчора гэта пачалося. — Андрэй падышоў да акна. За акном гулі цэхі кінастудыі, рабочыя, тэхнікі хадзілі па распаленым двары ў адных плаўках, загарэлі, як землякопы. — Вам не здаецца, што мы губляем шмат нядрэнных і, што самае дзіўнае, талковых, пісьменных маладых людзей з вельмі добрых, часам нават паказальных сем’яў? Яны тоўпяцца каля гасцініц, вельмі любяць бываць у кампаніі іншаземцаў, вельмі эфектна некаторыя выходзяць замуж за выхадцаў з берагоў Сены і Рэйна, некаторыя проста арыстакратычна існуюць і не ўяўляюць свайго жыцця без «крысціян-дзіора», парнафільмаў, наркотыкаў і яшчэ чортведама чаго. Я даведаўся, што ў іх ёсць нешта накшталт сваёй маленькай арганізацыі, яны проста могуць арганізаваць замуства або жаніцьбу на замежных падданых. Я не гавару ўжо пра стаўкі, якія бяруць дзяўчаты. Стаўкі за каханне вельмі высокія. А пагутарыце з імі, якія цудоўныя, разумныя дзяўчаткі, як добра гавораць, якія манеры, нездарма на іх кідаюцца коміваяжоры, бізнесмены, дома такіх можна ўбачыць толькі хіба што ў Галівудзе.

Галоўны скінуў пінжак, расшпіліў каўнер кашулі.

— Цікава, вельмі цікава, — прамовіў ён, думаючы, як здалося Жылічу, аб нечым сваім. — Я, даражэнькі, гэтую тэму вельмі даўно ведаю, на сваёй скуры яе адчуў. Я, таксама, як і ты, у горадзе вырас, дзіўна, што мы не былі знаёмыя, відаць, на розных вуліцах кулакі да крыві збівалі, і ўсе гэтыя пераўтварэнні маладых пеўнікаў ад забіяк да аматараў прыгожага жыцця на маіх вачах адбываліся. І артыкул я потым напісаў, думаю, нядрэнны артыкул, чыталі яго дзе трэба, у набор ужо адправілі, а потым пайшлі розныя званкі і званочкі, спачатку мне, потым шэфу. Спачатку некалькі прадстаўнікоў «залатой» моладзі, ты толькі не здзіўляйся, не шчанюкі зусім, не, а нашага з табой узросту, гэткія пасівелыя, натрэніраваныя прыгажуны з кандыдацкімі ступенямі ў кішэні запрасілі мяне на кактэйль у адно прыстойнае месца, і ведаеш, я, ні аб чым не падазраючы, пайшоў бы туды, ды толькі выпадак затрымаў, а потым даведваюся, адна з дзяўчат, як іх прынята называць, «зондэрш», там знаходзілася і з кампаніяй мяне чакала. Потым яны, відаць, вырашылі, што я дазнаўся аб нечым, і пачалі зноў надакучаць званкамі, я адказаў, што зрабіць нічога не магу, артыкул завізіраваны, і прозвішча гэтай дзяўчыны, якая, дарэчы, аказалася камсоргам аднаго з НДІ і да таго ж аспіранткай, ужо не выкінуць. І чым усё закончылася? Паклікаў рэдактар і сказаў артыкул гэты пусціць у разбор. Ён нічога не стаў тлумачыць, а я не стаў пытацца.

— Так, гісторыя, — працягнуў здзіўлена Жыліч. — А я думаў, першы на жылу нарваўся.

— Не першы, не першы, — сказаў, прагна глытаючы дым, Барыс Васільевіч. — Тэма, безумоўна, талковая і, я лічу, патрэбная. Мабыць, ёю мы адкрыем серыю «Праблемны экран». Толькі, вядома, збіраць усю кампанію ў фільм нам ніхто не дазволіць. Працаваць трэба будзе на кантрасце, разумееш, Андрэй, на кантрасце. Ды звядзі ты розных маладых людзей і пытанне задай: чаму яны розныя? І адказ пастарайся здабыць таксама ў людзей зацікаўленых, тады і фільм атрымаецца.

— Трэба падумаць, — сказаў Андрэй.

— Давай пішы заяўку, — галоўны выцер пот з ілба і глянуў на гадзіннік. — Цікава з табой, можна да вечара з карысцю прагаманіць, але трэба на прагляд. Заяўку чакаю ад цябе на працягу тыдня. А з аператыўнікамі парайся, каго пісаць на плёнку. Каб не атрымалася так, як у мяне. Яны хлопцы разумныя, дапамогуць.

— І яшчэ, Барыс Васільевіч. Водпуск у мяне ў снежні. Дык вось, задумаў я ў Штаты на Алімпіяду падацца. І камеру, вядома, хачу ўзяць з сабой, плёнку, натуральна, таксама.

— Гэта справа добрая. Толькі ўсё пад завязачку. З плёнкай туга. Без заяўкі табе плёнкі не відаць. Абгрунтуй, дарагі, усё талкова абгрунтуй.

 

— Андрэй! Андрэй, куды ж ты?! — яму ў рукаў учапіўся Супрунчук. — Куды ж ты, чорт цыбаты, ірвануў? Ты што ж, галоўнага там біў ці месца яго заняць хацеў?

— Ды не, усё ў парадку, аб усім дагаварыліся. Чалавек ён кемлівы, калі аб справе гаворка ідзе, усім дапаможа.

— Ну, не на пагібель жа ён у гэта крэсла пайшоў, — махнуў рукой Супрунчук. — Без нас яму, Андрэй, цяжка. У мяне прапанова ёсць маленькая — давай на тэлебачанне ў бар заскочым. Ну куды зараз перціся, ні дзень, ні вечар, ні работа, ні адпачынак. Пасядзім, пагаворым, сам ведаеш, як там утульна, ніякіх вачэй цікаўных няма. Пойдзем, ты ж не за рулём сёння.

— Добра, а хто яшчэ?

— Ты ды я, ды мы з табой, а яшчэ Пятровіч далучыцца, а з ім Лёха Жураўлёў.

— Вы ідзіце, а я даганю, — сказаў Жыліч. — Літаральна праз дзесяць мінут.

— Толькі, глядзі, прыходзь.

Андрэй пайшоў яшчэ раз доўгім калідорам «хронікі» і падняўся на другі паверх. Тут зусім іншае жыццё, тут спакойна, няма мітусні і наогул, адчуваеш сябе як у музеі. На сценах эпізоды з мастацкіх фільмаў, партрэты акцёраў і рэжысёраў, словам, пануе ігравое кіно. Хлопцы з хронікі любяць тут паседжваць, і не бязмэтна — на кінапробы прыязджаюць такія прыгажуні, што толькі трымайся. Але незразумела, куды яны потым знікаюць, на экране іх так і не сустрэнеш. Можа, імгненна выходзяць замуж або мяняюць прафесію?

Андрэй падышоў да дзвярэй, на якіх вісела шыльдачка з надпісам: «Рэдактары тэлефільма», узяўся за ручку, пастаяў імгненне ў нерашучасці, потым рэзка павярнуўся і пайшоў назад. Ён гэтак жа рашуча выйшаў на вуліцу, прайшоў праз стары дворык і апынуўся ля высокага будынка на пустэчы — тут асталявалася студыя тэлебачання. Будынак быў шыкоўны — з зімовым садам, мармуровымі холамі, большымі па размерах, відаць, чым самі павільёны, і, што самае галоўнае і прыемнае — выдатным барам, паўзацемненым, падзеленым на мноства адсекаў, са столікамі і мяккімі халаднаватымі крэсламі. Тут заўсёды гучала ціхая музыка, было ўтульна, гадзінамі можна было весці бясконцыя размовы, і кіношнікі з першых дзён работы бара набіліся сюды ў госці і заваявалі з цягам часу пазіцыі, бадай, мацнейшыя, чым у саміх гаспадароў — тэлевізіёншчыкаў.

Сваю кампанію ён убачыў здалёк — пунсавее, як круглы месяц, твар Супрунчука, засяроджаны Пятровіч паглядвае раз-пораз на гадзіннік — каго-каго, а яго тут могуць знайсці, да канца рабочага дня яшчэ далёка, — а побач сядзіць сутулы, быццам і цяпер прыціснуты камерамі з усіх бакоў, даўгарукі Лёха Жураўлёў. Андрэй працаваў з ім на апошнім фільме, усе нервы сабе папсаваў, але ўрэшце застаўся задаволены. Лёха, нягледзячы на незгаворлівы характар, быў выдатны аператар, хоць і працаваў у старой, калі так можна сказаць, класічнай манеры. Варта ім засвоіць гэты стабільны, апрабаваны стыль, як іх ужо з месца не зрушыць, ні на што іншае не ўгаварыць.

Андрэй з задавальненнем сеў у мяккае крэсла, выцягнуў ногі — незразумела, чаго гэта ён стаміўся, быццам нічога і не рабіў. Сказаў пра гэта ўголас:

— У прастоі стамляешся больш, чым на рабоце.

— Калі грошыкі ёсць, можна і стаміцца, — засмяяўся Лёха Жураўлёў, — а ў мяне жонка пачала ўжо трындзіць, калі, маўляў, зарплату паўнацэнную прынясеш і ганарар таксама. Хопіць спаць да абеда. Уявіце, колькі прыцягнуў у гэтым годзе, а ўжо амаль пуста — мэблю купіла, дачу абставіла, нейкія яшчэ шмоткі — і ўвесь мой ганарарны фонд бы карова языком злізала.

Гэта нават абмяркоўваць не сталі, ва ўсіх такая ж сітуацыя, а ў Пятровіча і Супрунчука плюс яшчэ аліменты.

— Нічога не застаецца, — сказаў Супрунчук. — Толькі на выплату ўзносаў за членства ў розных таварыствах.

— Не там працуем, — уздыхнуў Пятровіч. — На другі паверх і вышэй трэба лезці. Там хлопцы не пакутуюць, зляпаюць пяцьдзесят старонак псеўдалітаратурнай балбатні, і восем кавалкаў у кішэні, а якія пастановачныя ў рэжысёраў, аператараў!

— А потым як іх, родных, крытыкі дзяўбуць?! — уздыхнуў Андрэй. — Нам такое і не снілася.

— Ды кінь ты, — перапыніў яго Супрунчук. — Не вельмі яны плачуць. Зварганяць што-небудзь, пусцяць другім экранам, і да пабачэння. А крытыкі напішуць: так, тэма патрэбная, але раскрыта яна не поўнасцю, маўляў, акцёры не зусім добра падабраны і стыль прыеўся, але наогул зрух ёсць. Нас там не чакаюць. Туды, дзе грошы вялікія плоцяць, асаблівы пропуск патрэбен. Так заўсёды яно і будзе.

— Канчай, хлопцы, глупства вярзці, — нязлосна сказаў Андрэй. — Там у іх праблем болей, чым у нас. Любы промах за тысячу кіламетраў мноству людзей бачны, дый грошай пакуль гэтых дачакаешся... Яны, дарэчы, гавораць пра нас амаль тое ж самае.

— Так, дарэчы, цябе тут, Андрэй, адна прыгажуня з другога паверха пыталася, — успомніў раптам Супрунчук. — Высокая такая, даўганогая, быццам ногі з-пад плячэй растуць. І калі ты паспеў...

— Дзе яна?

— Сядзіць за трэцім столікам злева. Амаль ля самага ўвахода.

Андрэй цяпер толькі ўбачыў Ірыну. Яна сядзела за далёкім столікам з нейкай незнаёмай дзяўчынай.

Андрэй прапанаваў перайсці за іх столік, але Іра адмовілася. Яна ўстала і ціха сказала яму:

— Я ж прасіла цябе не знікаць адразу пасля таго вечара. Я ведала, што ты знікнеш, я адчувала...

А які, уласна, вечар? Ці мала такіх вечароў было ў ягоным жыцці, яму ні многа ні мала трыццаць сем гадоў. Праўда, асаблівым аматарам жаноцкіх слабасцей ён ніколі не быў, і нават у інстытуце сярод дзяўчат усталявалася аб ім думка, як аб вельмі сціплым юнаку, але гэта зусім не азначала, што ў яго не было нейкіх незапланаваных, выпадковых сустрэч, асабліва ў камандзіроўках, дзе іншы раз ваўком хочацца завыць, настолькі надакучаць табе твары са здымачнай групы. Такія сустрэчы не западалі ў душу, яны сціраліся з памяці літаральна праз некалькі дзён разам з пачуццямі нейкай шчымлівай віны перад жонкай. Андрэй ніколі не браў у сваіх выпадковых сябровак нумароў тэлефонаў і сваіх таксама не пакідаў, гаварыў толькі, нібы ў сваё апраўданне: «Сустрэнемся калі-небудзь...» Гэта азначала — бывай назаўсёды, не турбуй, ні табе гэта не трэба, ні мне.

Андрэй пешшу ішоў па вячэрнім горадзе і адчуваў, як у душы расце незразумелае раздражненне на самога сябе, на Іру. І трэба ж было ў той вечар цягнуцца яму да Слаўкі Пашука, нягледзячы на тое, што Святлана была ў адпачынку і ў яго самога неадкладных спраў хапала, ён толькі нікому нічога не гаварыў, а сам пісаў сцэнарый мастацкага фільма на нейкую расплывістую тэму. Сцэнарый доўга не атрымліваўся, а ў той вечар яму быццам бы ўсё стала ясна і ён пачаў гнаць старонкі з небывалай хуткасцю. І тут званок ад Пашука, той клікаў да сябе ў госці, у яго ёсць новыя запісы, але потым, быццам спахапіўшыся, успомніў, што Андрэя запісамі ў госці не зацягнеш, ён ніколі, нават у юнацкім узросце, імі не захапляўся. І Слаўка тут жа пачаў гаварыць, што ў яго сабралася вясёлая кампанія, ёсць адна вельмі прыгожая жанчына «з вашай оперы», а ты ж адзін, Святлана паехала ў вёску, яна напярэдадні званіла, да таго ж у духоўцы смажыцца тваё любімае мяса. Андрэй любіў бываць у Пашукоў, і ён і яго жонка — урачы, да таго ж Слаўка вельмі неблагі дзіцячы хірург, ён працуе ў цэнтры, дзе робяць аперацыі на сэрцы, перасаджваюць ныркі. Андрэй неяк пабываў на аперацыі і задумаў нават зрабіць фільм аб цэнтры, у Пашукоў можна было заўсёды адпачыць, тут не гаварылі пра фільмы, сцэнарыі, рахункі, не сыходзіліся ў недарэчных, да сіпаты, спрэчках, якія ў большасці выпадкаў не прыносілі ніякай карысці.

Але на гэты раз без размоў аб фільмах не абышлося, у Пашукоў у гасцях сядзела новая знаёмая, высокая, з вялікімі вачамі дзяўчына, ну проста з вокладкі часопіса мод, яна аказалася рэдактарам з тэлефільма, пазнаёмілася з ёю Валя ці то ў краўчыхі, ці то ў касметычкі, яе звалі Іра, і ёй было цікава, вельмі цікава пазнаёміцца з самім Андрэем Жылічам, яна так і сказала з «самім». Ён замахаў рукамі, да класікаў, маўляў, далёка і непрыкметна залез у нейкія пустапарожнія разважанні аб спецыфіцы тэлевізійных фільмаў, аб тым, што іх спецыфіка ў нашым кіно не ўлічваецца. Іра пачала яму ўмела і доказна пярэчыць, калі яна гаварыла, яе пульхныя, сакавітыя губы прыадкрывалі белыя роўныя рады зубоў, і Андрэй падумаў, што зубы ў яе, напэўна, фарфоравыя, таму што нават у такой прыгожай жанчыны проста не можа быць сваіх уласных зубоў, настолькі роўных і бездакорных.

У Пашукоў заўсёды многа елася, неўзабаве зрабілася весела, прыехала яшчэ нейкая парачка, у яе з гаспадарамі ўзнікла свая, на гэты раз ужо на медыцынскую тэму размова, госць пачаў сцвярджаць, што ўрачам даўно пара плаціць ганарары. Чым яны горш за мастака, пісьменніка, кампазітара? Андрэй быў з імі згодзен, але размовы не падтрымаў. Ён сядзеў побач з Ірай, патанаючы ў мяккай югаслаўскай канапе, і размаўляў толькі з ёй.

Прабылі ў Пашукоў вельмі позна, Андрэй пайшоў праводзіць Іру.

— Не баіцеся, што сустрэнуць знаёмыя? — спытала яна. — Вас у горадзе многія, відаць, ведаюць.

— Як у вёсцы, — згадзіўся Андрэй. — Толькі вось з дзяўчынай мяне даўно ў горадзе не бачылі. Гадоў прыкладна пятнаццаць, як расстаўся з гэтай роллю.

Іра сказала, што жыве адна, кватэра засталася ад маці, якая памерла, ёсць яшчэ брат, ён марскі афіцэр, служыць на Балтыйскім флоце, і бачацца яны вельмі рэдка. Яшчэ ён даведаўся, што ёй дваццаць чатыры гады, на студыю прыйшла пасля філфака.

Яны рассталіся, і Андрэй паабяцаў заходзіць на другі паверх студыі, і ён заходзіў туды часта, сам неяк нечакана прывык да размоў з ёй, да ранішняй кавы ў бары тэлебачання, а потым аднойчы, у той самы вечар, пра які гаварыла яна, зайшоў да яе дамоў. Гэта тады яна папрасіла яго не знікаць назаўсёды, але ён знік. Спачатку паехаў у камандзіроўку, потым яшчэ ў адну, а потым вырашыў ніколі больш не бываць у яе ні дома, ні на студыі — гэта яму проста не трэба і ёй таксама.

Ён дайшоў да плошчы Якуба Коласа і нечакана для сябе павярнуў направа, у «Шынок у Лявона», выпіў кубак халоднага піва. Пасля сеў у аўтобус. Праз паўгадзіны быў дома. Здзівіўся, што Святланы няма. Было без пятнаццаці восем. На стале ляжала запіска: «Ты, вядома, забыў, што ў Васіля дзень нараджэння. Ён абарваў тэлефон. Падарунак я купіла і чакаю цябе ў яго. Пазвані сваёй маці. Ты ёй тэрмінова патрэбен». Андрэй пачухаў патыліцу: як ён мог забыць? Нейкая дымавая заслона ў галаве, ён жа з Васілём учора дамаўляўся, збіраецца ўся іх кампанія, як-ніяк чалавеку стукнула трыццаць пяць, словам, пражыта палова жыцця... Цяпер, дома, ён набраў нумар тэлефона маці:

— Добры дзень, мамачка!

Яна знарок пачала бурчэць на яго:

— Я ж прасіла цябе памагчы мне з выступленнем. Ты абяцаў і, вядома, усё чыста забыў.

Ён толькі цяпер успомніў аб яе выступленні на жнівеньскай нарадзе настаўнікаў.

— Калі выступаць трэба?

— Паслязаўтра. Так што давай прыязджай хуценька да мяне. Я цябе смачна пакармлю за работу.

— Сёння не змагу. У Васіля дзень нараджэння. Вось толькі дамоў прыйшоў і адразу ж знікаю.

— Тады заўтра, з самай раніцы цябе чакаю. Яшчэ Соф’я Фёдараўна прыйдзе, вось і параімся разам. Васілю ад мяне перадавай прывітанне і віншаванні.

Андрэй любіў гэты стары дом, які стаяў пасярэдзіне бярозавага гаю. Тут можна праз некалькі хвілін забыць, што побач горад, шумяць вуліцы, патыхае дымам і распаленым асфальтам. Васілёў бацька, ганаровы чыгуначнік, пасля другога інфаркту выйшаў на год раней на пенсію, купіў дом у Ратамцы пад Мінскам і пераехаў туды, пакінуўшы сыну кватэру, кнігі, карціны ў цяжкіх рамах. Мэбля ў доме, за выключэннем, бадай, мяккай, была старая, яшчэ ледзь не даваенная, на падлозе ў кутку стаяў гадзіннік Аўгуста Бекера, на вокнах цвілі кветкі, і Андрэй заўсёды знаходзіў тут незвычайны спакой.

— Як ты працуеш у такой абстаноўцы, ніяк не зразумею, — гаварыў Васілю Андрэй. — Тут толькі ляжаць на канапе і бачыць сны.

Андрэй лічыў, дый не толькі ён, што Васіль зрабіў вялікую памылку ў жыцці: з залатым медалём папёрся ў радыётэхнічны, у той час малады інстытут, пяць гадоў сушыў сябе, а потым, ужо атрымаўшы доўгачаканы дыплом, канчаткова зразумеў, куды трапіў. Ён працаваў у акадэмічным інстытуце, нешта ўвесь час лічыў на лічыльнай машыне (у асноўным для дысертантаў) і пастаянна скардзіўся на жыццё — яму было нецікава працаваць, дый зарплата інжынера, па праўдзе кажучы, мала радавала. Выйсце падказаў сам Андрэй. Васіль быў чэмпіён рэспублікі па барацьбе, з гордасцю насіў на шэрай джынсавай куртцы значок майстра спорту, яго помнілі ў спартыўным свеце, нягледзячы на тое, што ён ужо даўно не выступаў.

— Займіся спартыўнай навукай, — параіў Андрэй. — Галава ў цябе светлая, дый справа гэта новая, маладая. Скажам, псіхалогія спартыўнага гонару. Я нядаўна здымаў сюжэт у інстытуце фізкультуры, там ёсць малады талковы прафесар Паўлічэнка, ён пакуль займаецца гэтай праблемай, шукае маладых, кемлівых хлапцоў. Дарэчы, эксперыменты будуць праводзіцца са зборнай камандай краіны. Я магу вас пазнаёміць.

Так усё і выйшла. Васіль адразу ж спадабаўся Паўлічэнку, той падзяліўся з ім ідэямі. Яму так не хапала разлікаў на электронна-лічыльнай машыне, аб якой інстытуту фізкультуры яшчэ і марыць не прыходзілася. Праз год Васіль ужо лічыўся самым талковым аспірантам у інстытуце, выступаў з навуковымі дакладамі на прадстаўнічых рэспубліканскіх і нават саюзных канферэнцыях, у газетах і часопісах пачалі з’яўляцца яго артыкулы. Цяпер Васіль кандыдат філасофскіх навук, мае сваю ўласную лабараторыю і лічыць духоўным і навуковым сваім бацькам самага закадычнага сябра Андрэя Жыліча.

Сярод гасцей Андрэй убачыў жонку.

А сам віноўнік урачыстасці Васіль Прыгода, паголены, прычасаны, ішоў яму насустрач, прыгаворваючы пры гэтым:

— Вось з кім я сёння сур’ёзна магу пагаманіць, вось хто мне, нарэшце, папаўся!

Андрэй сунуў яму «жылет» з запаснымі пласцінкамі, прывезены прыяцелем з Францыі, але ён прызнае толькі электрабрытву, так што Васіль можа лічыць, што яму здорава пашанцавала.

За сталом была ўся іх кампанія — Пашук з жонкай, Алесь Маркевіч, паэт, супрацоўнік літаратурнага часопіса. Ён, вядома, без жонкі, яны даўно разам нікуды не ходзяць, і сям’я іх існуе, як сам Алесь гаворыць, толькі на паперы. А на самым рагу стала — Алег Шэлег, бледны, проста непазнавальны. Андрэй не бачыў яго з таго часу, калі Алег паехаў пасля бальніцы ў санаторый, ён кінуўся да яго, абняў, стараючыся не сціскаць моцна, спытаў:

— Ну, як ты, стары?

— Ды вось бачыш, жыву, і нядрэнна. Нават кілішак прапусціў, а вось ліцейным цэхам мне ўжо не кіраваць. Забаранілі ўрачы, пераводзяць мяне, браце, у тэхнолагі, не радавыя, вядома, але з цэхам і з хлопцамі, лічы, развітаўся.

Андрэй, як любы з гасцей, да драбніц памятаў тыя жудасныя дні, што нечакана зваліліся на ўсіх іх, калі Алег раптам пачаў задыхацца на футбольнай пляцоўцы, усе падумалі тады, што гэта з-за ператамлення, пачалі гаварыць нават, што ён, відаць, тайна ад усіх парушыў рэжым, але ўсё было не так проста. Пашук літаральна праз некалькі дзён прынёс навіну, што ў Алега пухліна. Андрэй знайшоў нейкія сувязі праз хроніку, хлопцы-кіношнікі рабілі некалькі сюжэтаў з анкалагічнай клінікі, іх вельмі добра там ведалі, і яны пазванілі галоўнаму. Прафесар потым разводзіў рукамі, маўляў, колькі клопатаў, колькі званкоў аб гэтым начальніку ліцейнага цэха, быццам у бальніцу трапіў па крайняй меры міністр. Алега было не пазнаць. Аптыміст, душа іх кампаніі, ён імгненна збялеў, схуднеў, ні з кім не хацеў размаўляць, Андрэй прыехаў да яго ў бальніцу перад самай аперацыяй, папрасіў узяць сябе ў рукі, хоць сказаў пры гэтым, што на ягоным месцы любы б замандражыраваў, але, тым не менш, трэба трымацца, усе яго сябры разам з ім у гэтыя мінуты. На вачах у Алега былі слёзы, ён закусіў губу, каб не заплакаць.

— Разумееш, я буду трымацца, да мяне тут сябры з ліцейкі прыходзілі. Я з імі нават жартаваць стараўся, але баюся, што не выкараскаюся, столькі страхаў тут нагледзеўся, што не магу ні спаць, ні дыхаць, уяві, у бальніцы адны бедалагі, яны самі ўсё ведаюць і не ўтойваюць нічога, некаторыя нават дні падлічваюць і дакладна ведаюць, колькі ім засталося. Я толькі прашу цябе, калі здарыцца самае, самае... аб пацанах патурбуйцеся, сам ты ведаеш. Веры дапамогі чакаць няма адкуль, у мяне нічога няма, а ў яе маці прыкаваная... Я сам без бацькі рос, дый ты таксама... Таму ведаю, як гэта нясоладка, і не хачу, каб і яны так раслі.

Андрэй, хістаючыся, не адчуваючы зямлі пад нагамі, выйшаў на вуліцу, дайшоў да машыны, у якой сядзелі Прыгода і Маркевіч, і сумна паківаў галавой.

Аперацыя была прызначана на заўтра на дзесяць раніцы. А ў яго здымка, самыя, практычна, апошнія кадры.

— Працуй сам, — сказаў ён здзіўленаму аператару Лёшку Жураўлёву, — я не магу. Сябар у мяне на аперацыйным стале.

Ён заехаў да хлопцаў, і яны памчалі ў Бараўляны. Свяціла сонца, спявалі птушкі, быццам побач не адбывалася нічога страшнага.

— Сёння ідзі ты, — сказаў Андрэй Пашуку. — Ты ўсё ж доктар. Мяне, баюся, ногі не данясуць.

У вестыбюлі Пашук убачыў Веру, як яны толькі не дадумаліся ёй пазваніць, але аказалася, што яна тут і начавала, знайшлася знаёмая медсястра, прапанавала ложак у інтэрнаце. Вера была бледная і амаль не магла размаўляць. Пашук раздабыў халат і кінуўся наверх. Ён спусціўся праз паўгадзіны, спатнелы, але ўжо ў іншым настроі. Падхапіў Веру пад руку:

— Пайшлі.

У машыне ён сказаў:

— Аперацыя прайшла нармальна. Прафесар клянецца, што пухліна незлаякасная. Некалькі дзён прабудзе ў рэанімацыі і ачуняе.

І вось цяпер — святочнае застолле.

Андрэй перакінуўся некалькімі словамі з Маркевічам, спытаў у яго, як таму жывецца. Алесь махнуў безнадзейна рукой, вывеў Андрэя на балкон, зацягнуўся гаркаватым дымком.

— Дзіўная рэч атрымліваецца! Быццам бы ўсё ў нас павінна быць наадварот, я ж паэт, шосты як-ніяк зборнік выпускаю, я і павінен улюбляцца на кожным кроку. Дык не, усё наадварот. Я жыву, як схімнік, пішу суткамі вершы, калі гэта выходзіць, запіваю радзей у сто разоў за норму, а ў маёй ціхоні, выхавацелькі дзіцячага сада, вецер у галаве, быццам у яе там дзіркі для скразнякоў прасвідраваны.

Алесь і сапраўды быў добрым паэтам, як Андрэй гаварыў, — «еўрапейскага ўзроўню», яго шмат перакладалі на рускую мову, друкавалі за мяжой, ён у росквіце сіл, яму б зараз працаваць і працаваць.

— У бліжэйшы час пастаўлю на ўсім кропку. Не магу так больш. Ведаю — прападзе яна ні за грош, сап’ецца і ўсё іншае, сына шкада, але спадзяюся, што ўгавару дурніцу, забяру яго сабе.

— Напэўна, так і трэба зрабіць, — згадзіўся Андрэй. — Так жыць далей нельга. Ты ж у нас першы кандыдат у класікі. — Ён моцна сціснуў плячо сябра.

Калі прыехалі дамоў, сказаў Святлане, ужо засынаючы:

— Алесь усё ж будзе разводзіцца. І я яго добра разумею!

— А ты яшчэ не збіраешся разводзіцца? — спытала жонка.

Ён прыняў гэтыя словы за жарт, пацалаваў яе і адразу ж заснуў.

 

3

Маленькі, сухенькі твар, сівыя завітушкі вакол яго, чорны світэр, што адцяняе бледнасць твару. Соф’я Фёдараўна, лепшая маміна сяброўка, нават не ўзняла галавы, калі ён адамкнуў дзверы і прайшоў праз пярэднюю ў пакой, абстаўлены ў маміным гусце — дыван на сцяне, сервант з кафейнымі і сталовымі сервізамі, з нейкімі вазачкамі, кніжная паліца, дзе сабраны толькі самыя любімыя кнігі. Андрэй ніяк не можа прывыкнуць да новай кватэры, яму цесна ў ёй, здаецца, што мама тут часова, што ў той кватэры, дзе прайшло дзяцінства і ўсё, практычна, жыццё, ідзе рамонт, і хутка ён перавязе маму туды, куды яму і самому прыемна прыходзіць. Соф’я Фёдараўна гартае паперы, спісаныя маміным почыркам.

— Дзень добры, — гаворыць Андрэй. — Ідзе падрыхтоўка да дэбатаў? Запрошаны вядучыя кансультанты.

Соф’я Фёдараўна здымае акуляры, усміхаецца яму: сетка маршчынак рассыпаецца вакол вачэй.

— Усё ніяк не можа супакоіцца, — гаворыць яна і ківае ў бок кухні. — Не магу надзівіцца з яе. І адкуль толькі сілы бяруцца. Ужо маладыя ваяваць стаміліся, махнулі на ўсё, няхай ідзе як ідзе. А яна ўсё ваюе.

Маці з’явілася з кухні з падносам у руках — чай, піражкі.

— З капустай? — пытаецца Андрэй.

— З капустай, спецыяльна да твайго прыходу.

Ён есць гарачыя піражкі, акідвае пакой позіркам.

Не, не падабаецца яму тут. Ён, Андрэй, з самага пачатку, калі загаварылі пра абмен, не згаджаўся. Андрэй пагартаў паперы, адчуваючы, як маці напружана сочыць за кожным яго рухам, выразам твару.

Ён адклаў паперы, прайшоўся па пакоі, паглядзеў за акно — там было мора зеляніны, за ім — возера, серабрыстая, нерухомая роўнядзь.

— Давай, мамачка, пагаворым аб тым, што ты хочаш сказаць у сваім выступленні, выстраім яго лагічна, каб потым можна было сабраць усе твае талковыя думкі з гэтых папер у адзінае цэлае.

Соф’я Фёдараўна з ім згадзілася, дый сапраўды, так будзе і прасцей, і ясней.

Андрэй засмяяўся:

— Прасцей за ўсё было б не выступаць на гэтай раённай настаўніцкай гаварыльні. Але ж гэта мама, ёй патрэбна трыбуна.

Яна зрабіла выгляд, што не пачула яго слоў.

— Сказаць хочацца пра многае... Саракавы год я працую ў школе, згадзіцеся, што гэта немалы тэрмін, каб нешта зразумець. Столькі ўсяго пабачыла за гэты час, столькі, дарэчы, не зразумела. Чаго толькі не было — і барацьба з працэнтаманіяй, і раптам знаходзілі розныя псеўдапедагагічныя ўхілы... Аднойчы, не ведаю каму, прыйшло ў галаву, што трэба ліквідаваць працоўнае навучанне.

— Відаць, вырашылі, што ўсе мы навучыліся выдатна працаваць, многага дасягнулі, дык няхай дзеткі адпачнуць. Яны і адпачнулі, ды так, што цяпер з гэтай звычкай многіх дарослых людзей расхлябацца не можам, — сказала Соф’я Фёдараўна.

Андрэй уздыхнуў:

— Гэта будзе сапраўдны навуковы трактат, але каму ён патрэбны, многія людзі ведаюць усё гэта не горш за цябе, але выдатна разумеюць, што нічога не зменіцца, таму і маўчаць.

— Ну і няхай сабе маўчаць, а я не буду!

Адкуль бяруцца ў яе сілы і, галоўнае, жаданне жыць усімі гэтымі праблемамі? Многія людзі ў яе ўзросце даўно ўжо закінулі ўсё гэта некуды вельмі далёка, жывуць сваімі спакойнымі інтарэсамі. А многія маладыя лічаць, што самае лепшае — спакойна адпрацаваць свае гадзіны. І да пабачэння!

Андрэй канчаткова падумаў, што з усіх гэтых бясконцых праблем ім не выбрацца, да таго ж, калі маці пяройдзе зараз да сваёй любімай тэмы — бяссэнсавасці адзнак, тады ўжо ўсё, яна проста заўтра вымушана будзе адмовіцца ад выступлення. Таму што ім усяго гэтага не засвоіць.

— Хопіць, мамачка, інакш табе прыйдзецца выступаць з дакладам, у пятнаццаць мінут ты ніяк не ўкладзешся. Давай мне нажніцы і клей, і ўсё будзе, павер, у поўным парадку. Толькі падагрэй чай.

Соф’я Фёдараўна з ім пагадзілася, яна сказала, што калі ўсё гэта выстраіць як след, то выступленне будзе добрае.

— А адзнака, я ж нічога не скажу пра адзнаку?! — з абурэннем гаворыць маці. Яна глядзіць ва ўпор на Андрэя. — Не, я так не хачу!

— Але зразумей жа ты, гэта тэма для асобнага выступлення, а лепш за ўсё для артыкула ў газеце або тоўстым літаратурным часопісе, — пераканана гаворыць ён. — Тым больш што цяпер модна паразважаць на настаўніцкія тэмы. Я толькі вось гэта пакіну.

Ён бярэ ліст паперы, чытае: «Усім вядома, якая нялёгкая настаўніцкая праца. Дык навошта ж рабіць яе яшчэ больш цяжкай, прад’яўляючы загадзя непасільныя патрабаванні? Ці не гэтым тлумачацца тыя непажаданыя факты, што ў школе ў сучасны момант зусім нязначная колькасць настаўнікаў-мужчын, што настаўнікі не арыентуюць сваіх дзяцей на настаўніцкую работу, як гэта рабілі раней? Калісьці ў школе працавалі цэлыя сямейныя дынастыі, дзе іх можаш знайсці цяпер?»

— І канцовачка ёсць добрая. Вось гэта: «Сапраўдным майстрам трэба лічыць таго настаўніка, які ўмее не толькі добра, зразумела выкласці вучэбны матэрыял, але і адчувае тую меру, з якой трэба адкрыць заслону ў акно пазнання...»

— Мне падабаецца! — сказала Соф’я Фёдараўна.— Выступленне будзе добрае.

— І больш ні слова! — катэгарычна заявіў Андрэй. — Толькі некалькі тваіх дадатковых думак з гэтых паперак, і ідзі смела, дарагая мамачка, на высокую трыбуну. Савет педагогаў у маёй асобе цябе бласлаўляе.

— Вы мяне зразумейце, я павінна добра выступіць на гэтай нарадзе. І вось яшчэ адна, апрача ўсіх іншых, прычына. На ёй будзе прадстаўнік міністэрства. Дырэктар сказаў, што сам начальнік упраўлення Міністэрства асветы Некрашэвіч.

Пачуўшы прозвішча бацькі, Андрэй здрыгануўся. Неяк дзіўна паглядзеў на маці.

— Я пайду прыгатую чай, — зразумеўшы іх, сказала Соф’я Фёдараўна і выйшла на кухню.

— Зноў ты аб ім, — ціха прамовіў Андрэй. — Навошта? Я ж прасіў цябе...

Яна падышла да яго.

— Ты зразумей, сынок, жыццё праходзіць. І ў мяне, і ў яго. Дый табе пад сорак, сівы ўвесь. Нельга быць такім непрымірымым. Што адбылося тады, гэта наша з ім справа, але ж ён застаўся чалавекам, слабым, так, не скажу, што моцным, размазнёй быў некаторы час, але ён нам дапамагаў заўсёды, нават тады, калі мог ужо не дапамагаць па закону, ён заўсёды цікавіўся вамі, ён...

Яна раптам замаўчала і адышла ад акна.

— Ты прабач, мама, але няўжо ты яго і цяпер любіш?

Яна ўздыхнула:

— Аб якой ты любові гаворыш?! Проста мне ў нейкія хвіліны становіцца шкада яго. Сам жа паламаў сваё жыццё, а ўсё магло быць інакш, павінна было быць інакш. Я нядаўна бачыла яго, ён прасіў пагаварыць з табой. Хоча сустрэцца, унучку пабачыць. Гаварыў, што званіў табе некалькі разоў, але ты амаль кідаў трубку...

Пазней, у пярэдняй, Андрэй сказаў маці:

— Ну што ж, няхай пазвоніць. Толькі не на студыю. Я некалькі тыдняў буду працаваць дома. Няхай сам пазвоніць, я званіць не буду.

 

Алена Аляксандраўна доўга глядзела ў акно, пакуль Андрэй не знік з вачэй.

— З ім, здаецца, усё ў парадку, — задуменна сказала Соф’я Фёдараўна.

Яна ўздыхнула:

— Я і сама не ведаю. Ён заўсёды быў няпросты, не гэткі, як астатнія. Не, ты не падумай, што я збіраюся па дрэннай звычцы хваліць свайго сына, тым больш... Як бы табе лепш растлумачыць. Ён заўсёды празмерна хваляваў мяне. Заўсёды быў крыху скрытны, як кажуць, сам у сабе. Я добра памятаю, амаль да самых дробязей, калі ён быў падлеткам. Асабліва пасля таго, як Фёдар... У жыцці кожнага з падлеткаў бываюць крызісы. Вось менавіта тады ў яго пачаўся крызіс. Так, ён па-ранейшаму быў скрытны, але раптам у ім прарывалася нешта зусім нязвыклае, незразумелае. Ён пачынаў абвінавачваць увесь свет, крыўдзіўся за самыя нязначныя дробязі на мяне, спрабаваў аналізаваць учынкі іншых людзей.

Яна на імгненне змоўкла, потым сказала:

— Я не магла зразумець, чым ён зоймецца ў жыцці. І ён таксама не ведаў. Нічога па-сапраўднаму яго не захапляла. Пайшоў на студыю, працаваў асістэнтам аператара, вучыўся на вячэрнім факультэце філфака, заўсёды марыў нешта пісаць, хаваў ад мяне свае вершы... Потым паехаў у Маскву, на рэжысёрскі, калі паступіў, страшэнна перажываў, што з яго атрымаецца якая-небудзь шэрасць, ды і цяпер таксама гэтага баіцца, хоць нечага ўжо дасягнуў. Зноў нешта піша для сябе, зноў маўчыць.

— Ён жа вучыўся ў цябе? — успомніла Соф’я.

— Што ты?! Ні ён, ні Галя. Я не магла нават уявіць уласных дзяцей у сваім класе. Але я добра ведала пра яго школьныя справы. Ён заўсёды імкнуўся быць лідэрам і цярпець не мог, калі хто-небудзь вырываўся наперад... Мне шмат яго класная расказвала. Дзякуючы яму паляцелі абломкі былых сімпатый да маладога настаўніка фізікі, нявопытнага, але нядрэннага чалавека. Настаўнік патрабаваў педсавета, мяне выклікалі ў школу, я доўга з ім размаўляла. Настаўнік абураўся: ён, толькі адзін ён, падарваў, на яго думку, увесь аўтарытэт, а трэба сказаць, што аўтарытэт гэты быў. Настаўнік раззлаваўся, а я прасіла яго доўга — вучыцеся культуры пачуццяў у адносінах да сваіх вучняў, вучыцеся добрай любві да іх, і выбухова-небяспечных момантаў не будзе. А ўсё ж — у яе голасе з’явіўся сум, — я іх па-сапраўднаму не ведаю. Наогул часам мне здаецца, што я лепш ведаю сваіх вучняў, чым уласных сына і дачку.

Гэта была праўда. Чаму так адбылося? Яна зноў, у каторы ўжо раз у жыцці, задала сабе гэта пытанне, калі за Соф’яй зачыніліся дзверы.

Яна ніколі не хавала ад сябе тое, што вельмі разлічвае на дачку — так, яна будзе мужнай, яна зможа пры выпадку не горш за яе (а можа, яшчэ і лепш) супраціўляцца жыццёвым цяжкасцям, тым непрыемнасцям, ад якіх не застрахаваны ніводзін чалавек. Калі дачцэ споўнілася трынаццаць (а можа, крыху больш), Алена Аляксандраўна зразумела, што мае справу з цікавым чалавекам, будучай жанчынай у поўным сэнсе гэтага слова. Яна часам заўважала, што дачка любіць мець тайны ад яе, нават самыя нязначныя, ёй падабалася мець крыху іншыя ад яе погляды, прыхільнасці. І раптам сярод усяго гэтага, што яе ніколькі не трывожыла, яна заўважыла практыцызм...

Пасля з’явілася грубасць: «Гэта не твая справа. Прабач, але ўсё куды больш складана, чым табе здаецца, час зусім іншы, а вы думаеце, як вашы бабулі...»

Яна сказала сабе аднойчы: «Спыніся!» І спынілася, зрабіла выгляд, што нічога не адбываецца, бо неасцярожны, неабдуманы рух, жэст, слова — і ў сілу можа ўступіць бацькоўская сіла, удар за ўдарам — і можа назаўсёды знікнуць цёплы ветрык узаемаразумення, даючы месца холаду адчужанасці, удар — і дзяцінства знікне назаўсёды, намнога раней часу.

Андрэй нечакана для яе самой выглядаў зусім іншым, ёй здавалася, што ён усё разумее як дарослы, але толькі маўчыць з-за сваёй залішняй сціпласці. Калі яна зразумела, што ён піша вершы, вельмі ўзрадавалася, бо часам ён здаваўся ёй халодным, адчужаным, асабліва калі яна пачынала ўшчуваць яго за школьныя справы, праўда, старалася рабіць гэта далікатна, гаварыла пра тое, што мае рацыю ён ці не, але няхай ва ўсякім разе пастараецца, каб не выклікалі яе ў школу.

Ён неяк сказаў:

— Мама, я прачытаў у адным тоўстым часопісе вельмі цікавы артыкул. Аказваецца, у наш час узнікаюць складаныя электронныя сістэмы, такія, напрыклад, як: «маці—сын», «бацька—дачка», «настаўнік—вучань». Адзін вучоны піша, што ў гэтых электронных сістэмах дарослыя ніяк не могуць прабіцца скрозь нябачную сценку, не могуць зразумець таго, што зразумела іх дзецям. І ў тых і ў другіх на першым плане сваё, але права наносіць удар маюць дарослыя. Дык вось, не трэба спяшацца яго наносіць.

Яна не знайшла, што адказаць, пайшла ў свой пакой. Ён зайшоў праз некалькі мінут, як маленькі, ткнуўся галавой ёй у плячо.

— Я разумею, мама, як табе цяжка з намі. Але ты не хвалюйся, я ніколі не нанясу табе ўдару. А на Галку ўвагі не звяртай. Яны ўсе дурасліўкі.

У яе адразу адлегла ад сэрца.

— Дзякуй, — сказала яна. — Дзякуй табе.

 

4

Шэры выслізнуў з-пад коўдры, пагуляў перад люстэркам мышцамі, потым узяў позу каратыста, з’імітаваў некалькі ўдараў. Добра, лёгка атрымліваецца, пяткай можна дастаць да сківіцы двухметровага чалавека, нага б’е, як ядро з гарматы, дакладна і неадольна. У апошнія дні адчувае сябе ў асаблівай форме, калі ён дасягнуў таго, аб чым гаварыў трэнер, — ідучы па вуліцы, міжволі прымерваецца да прахожых, як бы змагаўся з імі. Добра адчуваць сябе ўпэўненым, лёгкім і спрытным, у любы момант гатовым нанесці сакрушалльны ўдар. Ён апрануў джынсы, майку з надпісам «Аўтарадэо», яе разам са штроксамі нядаўна прыцягнуў бацька ў фірменным пакеце, шпурнуў у твар: «На, насі...»

Шэры прытуліўся да дзвярэй — вось стары праходзіць праз прыхожую, вось бразгае дзвярыма. Цудоўна! Яму так не хацелася з ім сустракацца, прыйшоў ён даволі позна, гадзіны ў тры, пачуў са спальні сіплае: «Прыцягнуўся, нарэшце, быдла!»

Ён прайшоў праз доўгі калідор, зайшоў у ненавісны вялікі пакой, завешаны з верху да нізу дыванамі, устаўлены вялікімі крэсламі і мэбляй, мудрагелістай, але, як гэта было цяпер модна, «пад даўніну».

Бацька — сівая, па самыя плечы шавялюра, рэзкія, прамыя (Сяргей падобны на яго) рысы твару — спрытна, быццам нехта мог за ім пагнацца (жонкі ж няма, яна ў сваёй сяброўкі на дачы), адчыніў дзверцы вішнёвай «Волгі» і неўзабаве знік, абдаўшы двор выхлапнымі газамі.

«У, піжон стары», — Шэры пагардліва плюнуў і пайшоў у спальню. У ёй цяжкі дух, відаць, стары нядрэнна адпачыў учора са сваёй дзеўкай, даўганогай манекеншчыцай Машкай, пэўна, ён і зараз да яе махнуў. Паедуць на ўлонне прыроды альбо абедаць у «Заслаўе», яны нядаўна там сустрэліся, праўда, вечарам. Бацька прашыпеў на яго: «І ты тут бадзяешся!», але Шэры не разгубіўся — выпрасіў у яго чацвяртак, за што Жорж — прыяцель Шэрага па секцыі каратэ — пахваліў яго і пра бацьку добра сказаў: «Ну і дзеўка ў яго, пальчыкі абліжаш. На такую грошай трэба мільён!» Шэры адчыніў шафу і пачаў шнырыць па бацькавых кішэнях. Сёння трэба расплаціцца з трэнерам, гэта чырвонец за тыдзень трэніроўкі, потым нядрэнна б схадзіць у «Рамонак», там з’явілася некалькі новых дзяўчат, а калі страціць хоць адзін дзень, разбяруць. Гэта яшчэ як мінімум два чырвонцы на шампанскае, нічога іншага ні Шэры, ні Жорж не п’юць, трэнер не раіць. Учора адна прыгожанькая сказала Шэраму: «А можа, ты закажаш што-небудзь мацнейшае, тады і танцавацца будзе лягчэй». А Шэры ёй у адказ: «Мазгі ад моцных напіткаў робяцца як манная каша». Яна здзівілася: «А навошта табе мазгі?» Ну і дурніца!

Усё ў ажуры. У вельветавым пінжачку хавалася акуратна складзеная зялёная паперка — пяцьдзесят! Вядома, у кішэні для цыгарэт, сунуў і забыў, а калі ўспомніць, то Шэры нічога не бачыў і не чуў, дый стары зарывацца не будзе, ён у Шэрага на кручку. Калі дазнаецца маці пра манекеншчыцу, старому быць моцна бітаму, у яго галаву паляцяць каструлі, вазы, патэльні, ён пачне нагадваць зебру, як бывала ўжо неаднойчы, і некалькі дзён вымушаны будзе не хадзіць у сваю кантору. Шэры пазваніў Жоржу.

— У мяне ўсё ў парадку, — сказаў ён. — Ёсць паўсотні.

— Бярэш мяне пад апеку, — узрадавана адказаў Жорж. — Ні граша ў кішэні.

— Калі сустракаемся?

— Гані да мяне...

Шэры пакідаў у сумку трэніровачныя шмоткі і выйшаў на вуліцу. Перціся ў набіты аўтобус не хацелася. Ён спыніў «матор» і праз мінут пятнаццаць быў у Жоржа, які ляжаў на канапе. Грымела музыка, у пакоі было не прыбрана. Жоржавы старыя прыязджаюць з поўдня праз тыдзень, і яму лафа. Жорж сухі як вобла, хударлявы. Гэта ён прывёў Шэрага ў секцыю, у якой сам займаўся ўжо два гады.

— На «маторы» прыкаціў?

Шэры кіўнуў галавой. Жорж асуджальна паківаў:

— Зноў старога абабраў?

— Нічога, у яго гэтага барахла шмат.

— Дарэчы, ён учора са сваёй бабай быў у «Цэнтральным». Яго Санька бачыў, ён там крыху «бундэсаў» распрануў.

— Ды пайшоў ён, ведаеш, куды... — Шэры вылаяўся, сам сабе адзначыўшы, што стары яшчэ шчыльней зацягнуў пятлю на сваёй пажованай шыі. — Паказвай!

Жорж выкінуў усё з чырвонага пакета на стол. Там былі куртка бежавага колеру, дзве пары джынсаў, красоўкі, парачка маек з нейкімі гербамі і надпісамі па-нямецку.

— Мне гэта не патрэбна, — сказаў Шэры. — Мне стары носіць усё, што я яму скажу.

— Яшчэ б, дзве сяброўкі Машкіны выйшлі замуж за салідных форынаў, шлюць пасылкі дый самі ледзь не кожны месяц тырчаць тут, праседжваючы днямі ў «Цэнтральным», ікру паказальна пры ўсім народзе пажыраюць і запіваюць «Напалеонам». Вось, маўляў, мы якія прыстойныя жанчыны, а вы, рваннё, называлі нас пагардліва «зондэршамі».

«Рваннё» было слоўцам самога Жоржа, ён называў так людзей, апранутых у нямоднае адзенне.

— У мяне гэтага барахла таксама навалам, — сказаў Жорж. — Трэба было б здаць выгадней, я ў перапалоханага Санькі ўсё да капейкі скупіў, таму за душой ні граша.

Шэры засмяяўся:

— Я ў гэтыя гульні не гуляю. Патрэбна чыстая, незаплямленая біяграфія. А за гэтыя штучкі менты адразу ж упякуць. Вунь колькі хлапцоў ні з-за чаго...

— Як хочаш, я сам здам. Грошы патрэбны. А ты збіраешся яшчэ доўга свайго старога абчышчаць?

— Пакуль не вычарпаецца кармушка, — адказаў Шэры. — А ён мужчына поўны сіл. Лепіць розную сваю муру з шалёнай скорасцю.

— У майго дацэнта горш справы, — азваўся Жорж. — Усё корпаецца з доктарскай, па-мойму, ён яе і не даб’е ніколі. Да таго ж сквапны, над кожным рублём калоціцца, усё грошы копіць незразумела навошта. Таму трэба іншы раз вось гэты тавар мець, — ён паляпаў па мяшку.

Яны выйшлі на вуліцу, некалькі прыпынкаў праехалі на трамваі. Апынуўшыся на маленькай вуліцы, азірнуліся па баках. Здаецца, усё ціха, да таго ж субота, летні горад быццам вымер. Зайшлі ў двор і хутка спусціліся ў падвал, прайшлі па ім, не ўключаючы святла, дайшлі да чацвёртых дзвярэй справа. Жорж тры разы пастукаў. Дзверы адчынілі, перад імі стаяў трэнер. Ён прамовіў:

— Хутчэй, — і прапусціў іх у невялікую, але даволі прывабную барцоўскую залу — маты на падлозе, шведскія сценкі, душавая.

— Хто будзе яшчэ? — спытаў Жорж.

— Вы адны, — адказаў трэнер. — Хлопцы прыедуць да наступнай трэніроўкі.

Трэнер меў на ўвазе яшчэ пяцёра хлопцаў, крыху старэйшых за Шэрага і Жоржа.

— Грошы прынеслі?

Шэры працягнуў трэнеру два чырвонцы.

— Сёння пазаймайцеся самі, мне трэба па тэрміновых справах. Ключ потым прынясеце. Калі хто-небудзь будзе стукацца, дзверы адчыніце, але самі ведаеце, як быць у такіх выпадках.

— Ведаем, — адказаў Жорж.

Яны і на самой справе ўсё добра ведалі. Калі прыходзіць хто-небудзь не свой, трэба імгненна зняць са шведскай сценкі набітыя ватай трэніровачныя тушы і пачаць займацца самай звычайнай барацьбой. Гэтаму яны таксама навучыліся: падсечка, перавод у партэр, кола. Ну, вылітыя барцы вольнага стылю. Перасцярога была невыпадковая, некаму прыйшло ў галаву забараніць секцыі каратыстаў, якія спачатку самадзейна ўзнікалі ўсюды, як грыбы пасля цёплага дажджу. За заняткі трэнера могуць пасадзіць, дый ім усім не паздаровіцца. Закон у секцыі жорсткі — маўчанне, нікому ні слова пра каратэ, ніякай дэманстрацыі прыёмаў, не ўлазіць ні ў якія бойкі і прыёмы прымяняць толькі ў крайніх выпадках. Ніхто не ведаў імя трэнера, не ведалі, дзе ён жыў і чым займаўся. Дух тайны прывучыў да жалезнай дысцыпліны і пачцівых адносін да трэнера. У секцыю прыводзілі хлапцоў, за кожнага з якіх мог літаральна галавой паручыцца адзін з членаў секцыі. Бацькам дома гаварылі, што займаюцца вольнай барацьбой, але не называлі ні спартыўнага таварыства, ні адраса заняткаў.

Трэнер прыносіў з сабой на заняткі тоўстую, каштоўную кнігу. Яе аўтарам быў непераўзыдзены майстра каратэ Тэгнер. Яны з гордасцю гаварылі адзін аднаму, што займаюцца і па сістэме Тэгнера. «Мы не проста спартсмены, — гаварыў трэнер. — Мы аднадумцы. Каратэ не толькі спорт, але і філасофія. Удасканальваючыся, мы будзем непераможнымі, але не трэба забываць і пра тое, што такіх людзей — дужых, здольных нанесці сакрушальны ўдар і адбіць яго, — не шмат».

Шэры адчуваў, як у яго з кожнай трэніроўкай наліваецца сілай цела, рухі становяцца дакладныя, ён увесь ператварыўся нібыта ў спружыну, здольную ў любы момант сціснуцца і выпрастацца. Жорж пачаў вешаць на шведскую сценку трэніровачныя тушы, яны будуць замяняць людзей і служыць выдатнымі мішэнямі — удары ў галаву, твар, пераноссе, шыю, жывот, пахвіну, ногі, удары з любых пазіцый. Шэры з кладоўкі выцягнуў пакет з формай хакейнага варатара. Той, хто надзене гэту форму, будзе адбівацца ад удараў, калі ўдар пройдзе — будзе не так балюча.

Але спачатку размінка, паўгадзінная, знясільваючая. Шэры пабег за Жоржам па мяккіх трэніровачных матах.

У час размінкі важна як бы праверыць кожную мышцу, размяць кожны сустаў. Размінка спецыфічная, на бягу выкідваюцца наперад рукі, імітуючы ўдары рабром, тое ж самае адбываецца з нагамі. Падскок — і пятка ўзлятае вышэй галавы.

Крыху перадыхнулі і пачалі па чарзе, на бягу, біць нагамі па трэніровачных тушах, што віселі на сценцы.

— Пераноссе! — крычыць Жорж, і рабро далоні быццам б’е ў пераноссе, і так па чарзе: — Шыя! Грудзі! Жывот! Пах! Правая нага! Левая нага!

Шэры адчувае, як лёгка ўзлятае яго цела, ён радуецца ад таго, што ногі, рукі трапляюць у цэль, хочацца біць яшчэ дакладней, яшчэ мацней. І нема рыпяць скураныя тушы, стогне кожны раз сценка. Шэры глядзіць на Жоржа, вочы яго акруглістыя, рот адкрыты, кожны раз пры ўдары ён выкрыквае: «Кі-ай! Кі-ай!» Шэры таксама крычыць, і таксама нягучна. Пасля трэніроўкі яны цягнуцца дамоў. Зноў прахожыя здаюцца ім жывымі мішэнямі.

— Добра было б скарыстаць як-небудзь прыёмчык, — гаворыць Жорж, нібыта чытаючы думкі Шэрага.

— Ага, — гаворыць Шэры. — Але небяспечна. Каб жыць прыгожа, Жорж, трэба мець добрую рэпутацыю. Паглядзі на майго татачку. Сціплы хлопчык, не падыдзі, а жыве на поўную раскрутку.

— Ты ўсё пра сваю рэпутацыю дбаеш, — прабурчэў Жорж, хоць сам унутрана быў згодны з Шэрым.

Дайшлі да Жоржавага дома.

— Што вечарам? — спытаў Шэры.

— Пойдзем у «Рамонак». Маіх няма, праз тры дні прыбудуць. Трэба скарыстаць кожны дзень.

— Тады я не пайду дамоў, — рашуча сказаў Шэры. — Магу нарвацца на каго-небудзь з маіх. Стары прыйдзе пазней, а вось мамулі можа абрыднуць тая дача, і яна папсуе мне нервы.

У Жоржа яны падсілкаваліся халодным мясам, і Шэры ўмомант заснуў, нягледзячы на тое, што магнітафон роў на поўную сілу.

І прысніўся яму сон. Ён выходзіць з бацькавай машыны, не, не каля «Рамонка», а каля «Цэнтральнага», куды дарога яму заказана, з ім пачціва вітаюцца швейцары, і калі ён уваходзіць у залу, дзяўчаты з павагай узнімаюць галовы, ён не адзін, з ім нейкая незнаёмая дзяўчына, вельмі падобная на бацькаву палюбоўніцу, але не, гэта не яна, ён цяпер добра ведае, што гэта бялявая прыгажуня з рэкламы ў адным часопісе, яна ўсміхаецца аднаму яму, паказваючы прыгожыя белыя зубы, на ёй паўпразрыстая сукенка, пад якой гладкае матавае цела. Потым з’явіліся нейкія людзі, у адным з іх Шэры пазнаў свайго трэнера.

— Ты, прыгажуня, пойдзеш з намі, — сказаў трэнер, — пакінь гэтага шчанюка. Ты не для яго.

І тут Шэры ўдарыў. Трэнер зваліўся, перакуліўшы стол...

Шэры здрыгануўся і расплюшчыў вочы. Насупраць у навушніках сядзеў, пагойдваючыся, Жорж.

— Ну і дрыхнеш ты, — сказаў ён, — хроп на ўсю кватэру, проста сценкі дрыжэлі.

— Я ў сне пабіўся з трэнерам.

— Не раю табе гэтага рабіць нават у сне ў бліжэйшыя дзесяць гадоў. Галаву адарве.

Шэры пацягнуўся.

— Уставай, трэба ўжо тупаць, інакш білетаў не возьмем, — сказаў Жорж.

Шэры дастаў з джынсаў грошы. Някепска — каля трыццаці.

— Мы сёння жывём, — сказаў Шэры.

Жорж вытрас з пакета белую куртку.

— Надзень, за вечар не зносіцца. Сваім званіць будзеш?

— Пазваню толькі для кантролю.

Шэры набраў нумар. Доўгія гудкі, значыць, маці не вернецца з дачы, а бацька невядома дзе.

Ён узрадаваўся — усё ў парадку, бацька не спытае, а маці ён скажа, што быў дома рана ўвечары. Стары не прадасць.

Яны падышлі да «Рамонка». Там ужо тоўпіўся народ — хлопцы і дзяўчаты, і амаль усе новыя, відаць, пастаянныя наведвальнікі прабіліся наперад.

— Так мы не пройдзем, давай грошы на білеты плюс траяк. — Жорж выхапіў у Шэрага грошы і растварыўся ў натоўпе, а праз некалькі мінут замахаў рукамі, маўляў, усё ў парадку. Яны падняліся па прыступках наверх, туды, дзе гучаў голас Хуліа Іглесіаса, быў паўзмрок, пахла каньяком і кавай. Яны знайшлі месца за столікам. Жорж абыякава кінуў афіцыянту: «Бутэльку шампанскага для пачатку». І абодва пачалі вышукваць вачамі ўчарашніх сваіх знаёмых, праўда, імёнаў яны не ведалі. Дзяўчаты сядзелі за столікам у глыбіні залы і пацягвалі з саломінак сок. Вядома, ад шампанскага яны не адмовяцца. Шэры пайшоў да іх праз усю залу. Сказаў абыякава:

— Пайшлі да нас, пап’ём крыху шампанскага.

— Вазьмі чаго-небудзь мацнейшага, — сказала ўчарашняя дзяўчынка, якая разважала з Шэрым аб яго мазгах.

— Усё будзе ў парадку, — шапнуў ёй на вуха. — Толькі ты будзь разумненькай і паслухмянай.

Жорж па-майстэрску, са стрэлам адкаркаваў шампанскае. Заказаў для дзяўчат кактэйлі больш моцныя, цукерак. Праз паўгадзіны ў зале ўсё перамяшалася. Шэры абняў дзяўчыну ў танцы і цалаваў яе, рука яго саслізгнула на талію, прайшлася па спіне. Дзяўчына была рахманая і паводзіла сябе спакойна, толькі крыху хісталася.

— Ты мне адразу спадабаўся, — гаварыла яна. — Ну, разумееш, адразу, і ўсё...

— Гэта цудоўна, — гаварыў ёй Шэры.

Безумоўна, яна не тая прыгажуня, якая яму снілася, але нічога.

У Жоржа справы таксама ішлі нармальна. Ён учапіўся ў сваю сяброўку, якая таксама ап’янела проста на вачах.

Неўзабаве ён шапнуў Шэраму:

— Трэба ліняць, інакш яны зусім нап’юцца.

Яны выйшлі на вуліцу. Калі праходзілі паўз арку, нейкі хлопец аклікнуў: «Эй, хлопец, а дзяўчыну пакінь». Жорж азірнуўся, каржакаваты тып у джынсавым касцюме плёўся за імі. Вакол нікога не было.

— Ты адвядзі іх убок і пачакай мяне, — сказаў Жорж Шэраму, — Зараз я яму тое-сёе растлумачу. Шэры хацеў спыніць яго і пайсці сам, але той ужо рвануўся да незнаёмца.

— Хадзем, дзяўчаткі, мы яго зараз пачакаем, — яны выйшлі на вуліцу і прайшлі метраў з трыццаць. Ззаду пачуўся тупат ног. Жорж пацягнуў усіх на стаянку таксі.

— Ну як? — нецярпліва спытаў у яго Шэры.

— І не пікнуў, сеў на кукішкі.

— Куды ты яго?

— У скроню.

Дома ў Жоржа прабылі амаль да раніцы. Дзяўчына, што была з Шэрым, расплакалася.

— Што я скажу дома, што я скажу дома?! — паўтарала яна.

Шэры паляпаў яе па плячы:

— Табе трэба ўжо станавіцца дарослай, маленькая.

Жорж быў задаволены.

— Удалы паход, вельмі ўдалы, — гаварыў ён. — Гэтых дзвюх трэба мець на прыкмеце.

Шэры ціха адчыніў дзверы, прайшоў праз прыхожую.

— Быдла, — пачуў бацькаў голас. — Ты ўжо не начуеш дома. Што з цябе вырасце?

Шэры зачыніў за сабой дзверы.

 

5

Узрост падкраўся па-здрадніцку нечакана, у мітусні бясконцых спраў, калі тыдні і месяцы, ды, дарэчы, і гады змянялі адзін аднаго хутка. Падскочыў ціск, і яго ўжо немагчыма збіць, пачала балець галава, тупа, пастаянна. Штогод даводзілася ехаць у Трускавец і прамываць ныркі, застуджаныя яшчэ ў партызанскім атрадзе. Ён сам зразумеў, што страціў момант, калі здароўе можна было падтрымаць, пачынаць гэта трэба было гадоў у сорак, вунь колькі цяпер людзей бегаюць па парках і скверах, гуляюць у вялікі тэніс і валейбол. Яму ўсё гэта катэгарычна забаронена, урач парэкамендаваў толькі пешыя прагулкі, але рэкамендацыі гэтыя ён рэдка выконвае — няма часу.

Раніцой, а дзень павінен быў быць цяжкі, Фёдар Дзмітрыевіч памахаў троху рукамі, папрысядаў, прыняў душ. Дома было ціха. Вера паехала да сына ў Гомель. Ён зноў пасварыўся з жонкай, аб чым тая і напісала адразу. Вера сказала, што дзецям трэба тэрмінова пераехаць у Мінск, інакш Міша зусім сапсуецца, жонцы з ім не справіцца. Фёдар згадзіўся, канечне, могуць дзеці пераехаць, абмяняўшы сваю двухпакаёвую кватэру ў Гомелі на аднапакаёвую ў Мінску, а тут тры пакоі. Вера ўжо на пенсіі, дый яму праз два гады кідаць работу, і ўжо хто-хто, але ён за пасаду трымацца не будзе, сам адразу ж падасць заяву, а потым, магчыма, каб не было сумна, дый сіл калі хопіць, пойдзе якім-небудзь метадыстам у Дом настаўніка, як гэта робяць яго калегі з міністэрства. Яна паглядзела на яго з удзячнасцю і віной у позірку, ёй заўсёды здавалася, што Фёдар адносіцца да яе адзінага сына Мішы, як да чужога, а Фёдар і сапраўды баяўся сказаць яму крыўднае слова, паўшчуваць, бо ўсё гэта адразу выклікала яе рэакцыю: «Ён табе чужы, свайму б ты так не сказаў». Міша адразу гэта засвоіў, яшчэ з першых дзён, калі Фёдар сышоўся з Верай. Здарылася гэта праз некалькі гадоў пасля таго, як Фёдар Дзмітрыевіч паехаў лячыцца ў санаторый, там пазнаёміўся з салісткай абласной філармоніі, па маладосці закруцілася галава, але ненадоўга. Ён вярнуўся да Лены і дзяцей, але жонка яму холадна сказала: «Не». Ён потым доўга прасіў дараваць яму, але адказ быў адзін: «Не!» Ён зразумеў, што гэта канчаткова, але ў яго хапіла сіл, каб не спіцца, ён шмат працаваў, жыў на прыватнай кватэры, па вечарах вучыўся ў педінстытуце, за плячыма было толькі даваеннае вучылішча, стаў завучам, потым дырэктарам школы. І вось тады, пасля амаль пяцігадовага разрыву з Ленай, ён сустрэў Веру, яна падабалася яму, але кахання не было. Яны сышліся. Верын муж вярнуўся з фронту яшчэ больш паранены, чым Фёдар Дзмітрыевіч, раны і звялі яго заўчасна ў магілу, Вера засталася з сынам Мішам, тонкім, хударлявым, нервовым хлопчыкам. Фёдар Дзмітрыевіч імкнуўся ставіцца да яго па-добраму, але ён і сапраўды быў чужы яму. Ён часта, амаль праз дзень, хадзіў да школы, здалёк назіраў, як ідзе з ранцам праз плячо са школы яго сын Андрэй. Аднойчы адважыўся падысці да сына, але хлопчык агрызнуўся, як ваўчаня: «Я вас не ведаю і ведаць не хачу!» Кроў ударыла яму ў галаву, ён адышоў убок і спачатку стаіў крыўду на Лену, нягледзячы ні на што, усё ж нельга вучыць сына ненавідзець яго, але потым, з цягам часу, ён пачынаў разумець, што Лена тут ні пры чым, такі ўжо ў Андрэя характар, які ненамнога адрозніваўся ад яго ўласнага. А сын падобны на яго: вострыя рысы твару, высокі рост, шырокія плечы.

Яго прыёмны сын Міша часта хварэў, ён угаварыў Веру аддаць яго ў веласпартыўную секцыю, і хлопчык на вачах падужэў, узмужнеў, хоць характар яго не змяніўся, ён заставаўся запальчывы, іншы раз істэрычны. Фёдар Дзмітрыевіч стараўся не ўступаць з ім у канфлікты, і трэба сказаць, што нічога не прадказвала бяды. У дзесятым класе, а вучыўся Міша добра, па матэматыцы меў цвёрдае «пяць», ён быў кандыдатам у майстры спорту па пяцібор’і і, напэўна, дзякуючы гэтаму лёгка пераадолеў напружаны конкурс на архітэктурны факультэт політэхнічнага інстытута. І вось тады гэта здарылася. Міша пачаў папіваць, закінуў спорт...

Фёдар Дзмітрыевіч выпіў халоднага кефіру, апрануўся ў светлы касцюм і пешшу пайшоў у міністэрства. А палове дзевятай ён увайшоў у свой кабінет, прыёмная была пустая, дый ва ўсім міністэрстве пакуль панавала цішыня. Фёдар Дзмітрыевіч любіў прыходзіць на службу раней, хоць бы на паўгадзіны. За гэты час можна было часам зрабіць больш, чым за некалькі гадзін рабочага дня, калі тэлефон разрываўся ад званкоў, бясконца ішлі наведвальнікі, асабліва цяпер, калі філолагамі, гісторыкамі ў горадзе хоць гаць гаці, а месцаў у школах няма, а то і зусім ідуць бясконцыя доўгія калегіі, розныя пасяджэнні ў самім міністэрстве і за яго сценамі.

Спачатку, адразу пасля школы, Некрашэвіч ніяк не мог прывыкнуць да апаратнай работы, яго бянтэжылі нязвыклымі для слыху былі такія словаспалучэнні, як «вырашаць пытанні» і інш. Ён ніяк не мог успрыняць чыста апаратную звычку некаторых работнікаў міністэрства гаварыць аб добра знаёмых ім людзях, вельмі вопытных педагогах, завучах, дырэктарах школ, як аб зусім старонніх, больш таго, як аб дэталях нейкага велізарнага абездухоўленага механізму. Калі спатыкаўся нехта, умомант маглі забыць пра яго ранейшыя ўсе заслугі і быццам адсячы назаўсёды, сказаўшы: «Не цягне таварыш», або «Ды ён проста не дарос», або «Не ў сілах вырашаць складаныя пытанні, адстаў ад жыцця».

Калі Некрашэвіча прызначылі начальнікам упраўлення, ён пастараўся з першых дзён спыніць такія фармуліроўкі і падобныя адносіны да людзей.

Ён сам паспытаў настаўніцкага хлеба, у многім разабраўся, многае да гэтага часу не разумеў і з некаторых сітуацый, што складваліся ў школах, проста не бачыў выйсця.

На самой справе, кім сёння паўстае перад грамадствам настаўнік? Некрашэвіч недзе вычытаў вельмі ўдалае параўнанне: настаўнік спалучае ў сабе тэарэтыка, які ведае закон Ома, і няньку, якая ўмее выціраць насы; прамоўцу, трыбуна і квактуху, пад чыім крылом можна схавацца; настаўнік — гэта суддзя, ахоўнік канонаў дысцыпліны, прыстойнасці, і настаўнік — мішэнь, у якую можна страляць з рагаткі; вечны, наіўны, рамантычны Дон-Кіхот і цвярозы Санча, які ацэньвае любы парыў лічбай у журнале; настаўнік — Калумб, які кожны год адкрывае адну і тую ж Амерыку, і Аладзін, які валодае тайнай асвяціць гэтую тысячу разоў адкрытую зямлю новым святлом. У прафесіі настаўніка ёсць яшчэ адна асаблівасць: настаўнік не толькі ўплывае на дзяцей, ён адчувае і іх глыбокі ўплыў на сябе. Прагная дзіцячая патрэбнасць у любові і дружбе сагрэе сваім цяплом атмасферу, у якой працуе настаўнік. Але часам аддача гэтага цяпла мікраскапічна малая.

Іншы раз на калегіях ішлі гарачыя дэбаты, прыходзілі да вываду, што трэба шукаць і ўдасканальваць педагагічныя метады, але як паламаць шматлікія цыркуляры, што падаюцца зверху?

Ён расклаў перад сабой паперы з папкі, на якой было напісана «Жнівеньскі педсавет». У міністэрстве запарка, усе па загаду міністра раз’язджалі на калегіі. Міністр быў катэгарычны: «Сабраць усе цікавыя думкі, ні адна прапанова ў наш адрас не павінна застацца незаўважаная».

Неўзабаве зазвінеў чырвоны тэлефон — міністр.

— Слухаю вас, Аляксей Аляксеевіч.

— Фёдар Дзмітрыевіч, ці многа ў нас людзей, якія не могуць знайсці работу ў школе?

— Вельмі многа, Аляксей Аляксеевіч! Дарэчы, гэты год не адрозніваўся ад іншых. У райана атрымліваюць адмоўны адказ, потым у гарана і, натуральна, ідуць у міністэрства. У апошні час у раёнах амаль няма вакансій, плюс скарачэнні ў НДІ... У мяне вельмі многа заяў. Асабліва ад выпускнікоў інстытута замежных моў.

— Неабходна ўсе гэтыя заявы прааналізаваць. Я сёння ад’язджаю на жнівеньскую нараду, а заўтра давайце сустрэнемся. Калі нічога не зменіцца — у адзінаццаць трыццаць.

Фёдар Дзмітрыевіч разумеў, што сёння прыйдзецца сядзець позна, а ён спадзяваўся, што сёння вечарам, пасля нарады, яны змогуць сустрэцца з сынам.

Ён пахадзіў па кабінеце, выглянуў у прыёмную. Сакратарка Волечка была на месцы. Каля яе сядзеў адзін з інспектараў яго ўпраўлення і дыктаваў нейкую паперу. Прывітаўшыся, Фёдар Дзмітрыевіч папрасіў, каб мінут па крайняй меры пятнаццаць да яго нікога не пускалі.

Ён набраў нумар тэлефона, пачуў крыху сіплаваты мужчынскі голас:

— Слухаю вас.

У голасе сына пачуліся ноткі незадаволенасці.

— Добры дзень, Андрэй, гэта зноў я табе званю, — сказаў ён неяк вельмі суха.

— А-а, гэта вы, дзень добры.

— Я ведаю твае адносіны да мяне, — голас Фёдара Дзмітрыевіча крыху ажыў, зноў стаў сваім. — Але, павер, нам трэба сустрэцца.

Андрэй крыху памаўчаў, потым адказаў:

— Я згодзен. Мы маглі б зрабіць гэта сёння ўвечары, але ў мяне вельмі тэрміновая работа. А вось заўтра...

— І я заняты сёння, — сказаў Фёдар Дзмітрыевіч.

— Давайце сазвонімся заўтра, — сказаў Андрэй. —Я з самага ранку буду дома.

— Тут вось Галя, дарэчы, запрашае на наваселле, яно праз некалькі дзён, але там, відавочна, будзе шмат людзей, а нам трэба пабыць адным.

— Згодзен, — адказаў Андрэй.

Фёдар Дзмітрыевіч паклаў трубку і раптам адчуў, як ён страшэнна стаміўся ад гэтай кароткай, хвіліннай размовы. Ён зняў пінжак і ўключыў вентылятар. Магутным струменем халаднаватага паветра прыемна абдало твар. Безумоўна, з ім пагаварыла Лена, дзякуй ёй, без яе наўрад ці яны размаўлялі б вось так мірна, спакойна, і цяпер ужо, пэўна, сустрэнуцца. Ён не ведаў ды і ўявіць не мог, як пройдзе сустрэча з сынам, але галоўнае — яны сустрэнуцца нарэшце.

Ён націснуў кнопку селектара і папрасіў сакратарку прынесці шклянку моцнага чаю. Праз гадзіну пачнецца раённая канферэнцыя. Яму трэба на ёй прысутнічаць.

Некрашэвіч прайшоў праз вестыбюль рэспубліканскага Дома настаўніка, усюды было поўна людзей, многія з ім віталіся, яны сустракаліся па розных прычынах і ў розны час, і Некрашэвіч бачыў вакол шмат пастарэлых, нібы знаёмых твараў. Загадчык райана сустрэў яго ля ўвахода ў кабінет дырэктара, папрасіў прабачэння, што не разлічыў часу і не сустрэў яго ля ўвахода.

— На колькі ў вас разлічаны даклад? — спытаў Фёдар Дзмітрыевіч.

— Нядоўгі. Мінут на пяцьдзесят.

— Можна і яшчэ карацей, больш справы і канкрэтнасці.

Загадчык райана кіўнуў галавой:

— Добра, я скарачуся.

У час даклада з прэзідыума Некрашэвіч разглядаў залу. Амаль адны жаночыя твары, не ідуць мужчыны ў школу, не ідуць і доўга яшчэ, відаць, не пойдуць. У шостым радзе ён адшукаў нарэшце Лену. Здалёк яна здавалася зусім маладой, толькі сівыя валасы выдавалі яе ўзрост. Іх позіркі сустрэліся, і Некрашэвіч злёгку кіўнуў ёй галавой. Дзіўна, ён спакойна ішоў на гэту канферэнцыю, ведаючы, што ўбачыць Лену, і адчуваў сябе спакойна, ніхто, нават загадчык райана, не ведае, што яны былыя муж і жонка, такая процьма часу — амаль трыццаць гадоў — падзяляе іх, і яна, напэўна, ішла сюды з такім жа пачуццём. За гэты час змянілася, дый проста знікла столькі людзей, якія ведалі іх і ўсю гісторыю іх недарэчнага разрыву.

Алена Аляксандраўна хуценька выйшла на трыбуну, адсунула рукой шклянку з чаем, каб не замінала, раскрыла сваю папку. Яна прачытала толькі некалькі фраз, якія неяк адразу прымусілі залу сціхнуць, а потым, закрыўшы папку, працягвала сваімі словамі.

— Давайце ўсе разам задумаемся: пра што мы гаворым і спрачаемся больш за ўсё — пра двойкі. Мы гаворым, што двоечнікаў мала, усяго адзін працэнт, але ў памерах горада Мінска гэта дзесяткі тысяч чалавек, гэта дзесяткі тысяч скалечаных намі ж душ. А ёсць жа зусім іншы вопыт. Мы ўсе ведаем пра сельскага настаўніка Лунёва. Пра яго пісалі газеты, часопісы. Некаторыя, і такія ёсць, вядома, у гэтай зале, лічаць, што Лунёў папросту не годны ў настаўнікі, ён жа не прызнае адзнак. Логіка простая: лічыцца, што адзнака — гэта нешта непахіснае. Але чаму? Хіба само паняцце вучобы не супярэчыць самой недатыкальнасці метадычных ісцін? Тым больш самі ісціны гэтыя, падобна школьнай тройцы, можна расцягваць да бязмежнасці, таму што яны зроблены з гумы.

Цэлы год Лунёў у сваёй школе вёў гісторыю без адзнак. Я не разумею, як яму гэта ўдалося, але затое які вынік! Усе без выключэння дзеці вучыліся з захапленнем, атрымалі глыбокія веды.

Я згодна з Лунёвым, што «пакалечаныя» душы нараджаюцца не двойкамі. Сапраўды, пры чым тут яны? Калі двойка траўміруе, дык давайце адменім яе і ўсе пытанні будуць вырашаны. Але ўсё абстаіць не так. Я згодна з Лунёвым — зло ў самой адзнацы, калі нават гэта і пяцёрка, адзнака ніколі не лічыцца з чалавечай годнасцю, яна ў нашай школе ператварылася ў прамую і часта адзіную ацэнку асобы і дзеліць людзей на горшых і лепшых, паўнацэнных і непаўнацэнных.

— Выступае ў сваёй звычайнай ролі, — уздыхнуў загадчык райана і насоўкай выцер пот, што кроплямі сцякаў са скроняў.

Некрашэвіч зрабіў выгляд, што зусім не пачуў яго.

Алена тым часам працягвала гаварыць пра тое, што адзнака, на яе думку, заўсёды прымус. Вучню як бы гавораць — ты вучыся, і мы цябе ўзнагародзім. А тым часам у нармальнага чалавека з нармальнай псіхікай гэта заўсёды выклікае пратэст. Вучань вымушаны падаўляць у сабе гэтае пачуццё. Значыць, адзнака не выхоўвае перакананасць. Да таго ж яна падганяе характары пад пэўны ацэначны стандарт. А галоўнае для нас усіх — педагогаў, бацькоў — выхаваць у дзіцяці ўсведамленне сваёй непаўторнасці. Але часам за непадабенства, за непаўторнасць і ставіцца іменна двойка.

Яна гаварыла яшчэ і пра тое, што любому творчаму ўсведамленню ўласцівы шуканні, памылкі, гэта паказчык дапытлівасці розуму, а мы для кожнай падобнай памылкі падрыхтавалі халодную двойку.

Алена Аляксандраўна змоўкла і ўважліва паглядзела ў залу.

Раптам пачуўся голас:

— Алена Аляксандраўна, а вы самі гатовы працаваць без адзнак?

Яна адказала адразу:

— Я — гатова!

І пайшла з трыбуны на сваё месца.

Фёдар Дзмітрыевіч усміхнуўся і адсунуў убок папку з загатоўкай выступлення.

Ён проста пажадаў ад імя калегіі міністэрства поспехаў педагогам раёна ў іх рабоце, сказаў, што шмат думак на канферэнцыі было выказана вельмі цікавых, хоць часам і спрэчных, але гэта апраўдана, бо жыццё з кожным днём ставіць перад школай усё новыя, больш складаныя задачы.

У канцы яны выпілі «Баржомі» ў кабінеце дырэктара, загадчык райана ўсё не мог супакоіцца пасля выступлення Жыліч, баяўся, відаць, як бы начальнік упраўлення не далажыў у міністэрства.

Некрашэвіч адразу ж раскусіў прычыну яго хвалявання і на развітанне сказаў:

— А ведаеш, даражэнькі мой, адзін з педагогаў напісаў у артыкуле: «Мы ў народнай адукацыі апынуліся перад нейкай сценкай, і ў каго нос даўжэйшы, той яго ўжо абдрапаў». Добра сказана, праўда?

 

6

Першую заяўку Андрэй закончыў літаральна за дзень, дакладней — за суткі, у ёй не было нічога складанага, выклаў сюжэт, і заяўка гатова, а вось з другой было куды больш складана, ён амаль не размаўляў са Святланай, якая была ў гэтыя дні нечым раздражнёная, што перашкаджала яму, яна гэта разумела, прыносіла яму ў кабінет каву, па вечарах падагравала абед, да якога ўдзень ён не дакранаўся, але ўсё ж, ён гэта цудоўна бачыў, была нечым раздражнёная.

— Праз тры дні едзем па дачку, — сказаў ён. — Зможам пабыць у тваіх суботу і нядзелю.

Але яна не ўзрадавалася, выціснула з сябе «добра» і пайшла ў спальню. Можа, яна адчула што-небудзь, калі ўсё ж Зіна, жонка Пашука, нейкім чынам, мабыць, паўнамёкам, не ў лоб, але ўсё ж сказала пра Ірыну.

Яму не хацелася ў гэта верыць, ён адкінуў усе думкі прэч і засеў за сцэнарый. Перашкаджала другая работа, сцэнарый мастацкага фільма.

У свежым «ЛіМе» прачытаў новыя вершы Алеся Маркевіча. Добрыя вершы, пра тое, што чалавека гняце іншы раз незразумелае пачуццё і ён не ведае, што гэта, не можа ва ўсім разабрацца, хоць жыццё побач ідзе звыклае, звычайнае, нічога ў ім быццам не адбываецца значнага, таго, што можа ўзрушыць чалавека, але ён чуе ў сваёй душы нейкі новы матыў, як парыў вясновага ветру…

Падборка была вялікая. На яго глядзелі пранізлівыя, нейкія пакутніцкія Алесевы вочы. Здымак зрабілі зусім нядаўна, раней яго позірк быў усё ж не такі. Раптам ён падумаў: а што, калі фільм пусціць на Алесевых вершах. Такога яшчэ не было ў дакументальным кіно, а ў Алеся ёсць вершы якраз па тэме, узяць хоць бы яго цыкл «Людзі ў вакууме» з апошняй кнігі. Ён пачаў адразу ж званіць Алесю, але ў часопісе адказалі, што ён з’явіцца толькі заўтра, і то гэта не дакладна, дома тэлефон таксама маўчаў. Але ў заяўку ён упісаў — фільм пойдзе на вершах Алеся Маркевіча. Ён спадзяваўся, што Алесь не падвядзе і напіша спецыяльна для фільма.

Пад вечар, зусім знясілены, ён скончыў друкаваць на старым «Консуле», паставіўшы апошнюю кропку.

Святлана была ў сяброўкі, ён строга сказаў не прыходзіць дамоў раней дзесяці, а на гадзінніку было ўсяго шэсць, хацелася пакінуць шумную кватэру, але ісці не было куды. І раптам — званок.

— Чорт вусаты, — пачуў ён у трубцы голас Васіля Прыгоды. — Куды ты праваліўся, я цябе ўжо другі дзень шукаю.

— Зноў пракляты тэлефон, нешта не ладзіцца з лініяй, іншы раз маўчыць цэлымі днямі, я практычна трое сутак не выходзіў з дому...

— Значыць, вось так, — не даў яму дагаварыць Прыгода. — Хуценька збірайся. Ёсць лазня, проста непаўторная, на Мінскім моры. З яе, уяві сабе, можна ныраць. Бултых, а міма — качачкі: кра, кра!

— І дзе ж ты знайшоў такі рай?

— Ды гэта не я. Лазню пабудавалі ў прафілакторыі ад завода Шэлега, ён і заказаў. Хоча адзначыць сярод сваіх сваё выздараўленне.

Гэта было вельмі дарэчы. Яму так патрэбна разрадка.

— Хто будзе?

— Дзіўнае пытанне. Усе нашы — Пашук, Маркевіч і я.

— Маркевіч?! А ён дзе, я цэлы дзень шукаю яго, увесь горад абзваніў.

— Ён побач, — сказаў Прыгода і ўжо зусім ціха: — Разумееш, ён некалькі дзён у мяне жыве. Не хоча ісці дамоў, чакае суда і наогул не вельмі ў парадку.

— Скажы яму, што ён мне тэрмінова патрэбен, няхай нікуды не з’едзе. А як дабірацца будзем?

— Лепш за ўсё на таксі, а адтуль на электрычцы.

— У мяне машына на хаду нарэшце.

Васіль запратэставаў:

— Ніякай машыны. Алег набіў цэлы кош, жонка шашлыкоў нагатавала. Трэба, каб усе былі ў аднолькавым становішчы і ніхто не працаваў рамізнікам. Праз паўгадзіны выпаўзай на вуліцу, мы заездем.

Машына ўжо была поўная, і вадзіцель доўга не хацеў браць шостага пасажыра, пакуль Андрэй не паабяцаў накінуць яму звыш нормы.

Ён сеў побач з Алесем. Той маўчаў, толькі злёгку кіўнуў Андрэю.

— Такой лазні вы яшчэ не бачылі, — гаварыў пасвяжэлы, бадзёры Шэлег. — Да нас у ёй парылася ўсяго некалькі чалавек, лазня свежанькая, духмяная.

Праз паўгадзіны былі на беразе Мінскага мора, у прафілакторыі завода. Іх сустрэў пажылы, нехлямяжы чалавек з перабітым носам.

— Сто дваццаць, — сказаў ён Шэлегу. — Душа проста замірае.

Лазня стаяла на палях ля самага мора. Шэлег пачаў расстаўляць закускі. Андрэю хацелася трапіць хутчэй у паравую, каб выбіць з сябе ўсю стому і староннія думкі. У большасці сваёй яны датычылі Іры. Ён пазваніў ёй, пачаў пытацца пра жыццё, стараўся жартаваць, але яна ў асноўным адмоўчвалася, адказвала «так» ці «не», а потым сказала, прытым нечакана, без усякага пераходу, што ён не хоча сустракацца з ёю, пазбягае яе, у той час патрэбен ёй, з ім проста хораша, пра ўсё забываеш і пачынае бачыцца нейкі няхай і прывідны, але сэнс у жыцці.

Сваімі словамі яна паставіла яго ў тупік, ён не ведаў, што адказаць, хоць не мог пазбавіцца ад адчування, што яны ведалі адно аднаго ўжо шмат гадоў. Але ён не сказаў ёй гэтага і добра ведаў, што ніколі ўжо не скажа, ён пачаў гаварыць, што справа зусім не ў тым, што яго нешта бянтэжыць або ён нечага апасаецца, проста ён страшэнна заняты, нейкі пастаянны завал работы, якой не відаць канца і краю, але ён пазвоніць і яны сустрэнуцца, і ўсё будзе па-ранейшаму.

Парная абдала горыччу, імгненна працяла потам, і адразу з’явілася лёгкасць, радасць ва ўсім целе, зразумелая толькі сапраўдным парыльшчыкам. Лазня была новая, свежаструганая, у ёй стаяў непаўторны пах лесу, смалы, якая пякучымі бурштынавымі слязьмі сцякала з дошак. І пара была сапраўдная, не задушлівая ад традыцыйных электрычных тэнаў, камяні былі распалены агнём ад бярозавых дроў.

Усе, апрача Алеся і Алега, уселіся на верхняй лаўцы. Шэлег баяўся яшчэ моцна парыцца, пасля аперацыі прайшло не так шмат часу, і ён адчуваў слабасць.

— У мяне ёсць да цябе адна прапанова, — сказаў Андрэй Алесю, змахваючы з сябе пот, які цёк, быццам ён сядзеў пад ліўнем, — давай зварганім разам фільм.

— Фільм?! — здзівіўся Маркевіч. — Вось гэтым ніколі не займаўся і не думаю, што буду калі-небудзь членам вашай мясарубкі.

— Ты мяне не зразумеў, — Андрэй спусціўся на ніжнюю лаўку. — Ад цябе патрэбны вершы, разумееш, я хачу фільм пусціць на фоне тваіх вершаў.

— У мяне няма ў апошні час, як сказаў рэдактар у выдавецтве, «жыццесцвярджальных» вершаў.

— Ты сам сябе так настройваеш, Алесь, — умяшаўся ў размову Шэлег.

Алесь паляпаў Шэлега па плячы:

— Усё гэта так. Абстрактна я ўсё нармальна бачу і разумею, але выпадак вельмі ўжо канкрэтны... — Дый не магу я ёй хлапца пакінуць, не магу. А пра што твой фільм?

— Цяжка сказаць, хутчэй за ўсё аб сэнсе жыцця, або аб розных поглядах на жыццё. Хочацца зразумець, адкуль у нас бяруцца гэтыя розныя погляды, пад якім уплывам, бо колькі гадоў мы жывём свабоднымі і раўнапраўнымі. А людзі розныя, іншы раз жах проста бярэ. Ты ведаеш кампанію, што збіраецца ў «Цэнтральным», гэткіх нашых іншаземцаў?

— Некалькі разоў быў у тым шынку і назіраў за імі.

— Дык вось — я хачу з імі пагутарыць, даведацца, што цікавіць іх у жыцці, да чаго яны імкнуцца, якімі ідэаламі кіруюцца. А потым сустрэцца з іншымі, непадобнымі на іх.

— Ты да мяне на завод прыйдзі, я табе такіх хлапцоў дам, што толькі матай усё плёнку. Парацца яны ў ліцейцы, на такой спёцы, што гэтая лазенька крайняй поўначчу здасца, але мазгі ў іх ад гэтага не расплавіліся, яны думаюць будзь здароў як, і ў праблемах разбіраюцца, і прычыны недахопаў нашых бачаць.

Шэлег саскочыў з палка і цяпер стаяў у пары, гаварыў, размахваючы рукамі.

— Ты вось у яго, у Алеся, спытай, выступаў ён у нас летась са сваімі вершамі, дык якія яны пытанні яму задавалі: і аб паэзіі, і аб жыцці.

Маркевіч згадзіўся.

— Так, давялося добра папацець. Пытанні падкідалі не горш, як у студэнцкай ці навуковай аўдыторыі. А тэма някепская, нешта ў ёй праклёўваецца талковае.

Бадай, я вазьмуся, толькі давай абмазгуем усё да драбніц.

— У цябе ёсць тое-сёе гатовае. З цыкла «Людзі ў вакууме».

— Не трэба гатовае, прыдумаем што-небудзь новае. Галава момантамі яшчэ варыць.

Алесь першы бултыхнуўся з паляў у ваду, за ім усе астатнія. Вада была халаднаватая, і ўсё цела быццам паколвала іголкамі. І на самой справе непадалёк, як і абяцаў Прыгода, плавалі, не звяртаючы на іх ніякай увагі, качкі.

Андрэй узяў распараны бярозавы венік і прапанаваў Алегу:

— Давай я цябе адпару як след.

— Толькі няхай хлопцы не вельмі пары наганяюць. Слабы я яшчэ.

Ён асцярожна адпарваў Алега, старанна праводзіў венікам па барвовым шраме праз увесь жывот. Усе зрабілі заходаў па пяць, чаргуючы гэта з купаннем у вадзе, і, адпараныя, ружовыя, на вачах памаладзелыя, селі за стол.

Андрэй адпіў з бакала, з’еў шашлык, яшчэ цёплы, востры, і адчуў, як сплюшчваюцца вочы і страшэнна хочацца спаць.

Але толькі ён прыкрыў вочы, як яго ў бок штурхнуў Васіль.

— Скажы тост, ты ж ведаеш, па якой прычыне нас сюды сабраў Алег.

Алег ужо стаяў з бакалам у руцэ, абматаны прасціной, — бледны патрыцый. Ён гаварыў, што выбраўся з хваробы толькі дзякуючы ім, і яму зараз яшчэ раз стала ясна, як трэба цаніць мужчынскую дружбу, і іх дружбу ў прыватнасці, і няхай яны адчуюць яго плячо побач, як ён адчуваў іх.

— Добра ты сказаў, браце, — прамовіў Алесь, апусціўшы галаву, — адзін без аднаго ў гэтым жыцці не абысціся, таму і нешчаслівыя людзі, у якіх няма сяброў, такія людзі, па-мойму, ні на што добрае не здатныя. Я вось адчуў, што засмоктвае мяне ўсё глыбей, адразу пайшоў да Васіля...

— А наогул ты давай завязвай, узрост у нас небяспечны, перадінфарктны, гавораць, пройдзеш яго, і можна прапалоскваць страўнік далей, — паўжартуючы, паўсур’ёзна сказаў Андрэй.

Сядзелі яшчэ доўга, потым зноў пайшлі ў парылку, зноў размаўлялі і ў горад дабраліся на апошняй электрычцы.

 

Святлана сядзела ў крэсле і чытала кнігу, ён нават не глянуў на назву, сам не памятае, калі чытаў што-небудзь, усё няма часу.

— Мяне адпраўляеш да сяброўкі, а сам швэндаешся немаведама дзе, — сказала яна стомленым голасам.

— У лазні былі. Алег вырашыў адзначыць з сябрамі сваё вяртанне. І пазваніў ён мне вечарам, калі я закончыў работу і быў вельмі стомлены, — адказаў ён спакойна, не звяртаючы ўвагі на яе раздражненне.

Але Святлана не супакоілася:

— Мог хоць бы пазваніць мне, папярэдзіць, урэшце.

Раздражненне ў голасе змянілася крыўдай.

— Я не ведаў, дзе ты падзелася, і мне не прыйшло нават у галаву абзвоньваць усіх тваіх сябровак.

Андрэй сеў насупраць яе, стомлена адкінуўся на канапе. У кожнай клетцы цела была прыемная стома.

Святлана супакоілася, і па яе выгляду ён з радасцю зразумеў, што яна нічога не ведае, нават не падазрае аб існаванні Ірыны, проста яна вельмі стамляецца на сваёй нуднай рабоце, і жыццё яе, у прынцыпе, шэрае і нецікавае, бо ён не ўдзяляе ёй ніякай увагі, заўсёды ў раз’ездах, а калі і дома, дык знікае немаведама куды, а яна пакорна цягне лямку сямейнага жыцця і амаль не скардзіцца. Іх адносіны сталі роўныя, спакойныя, нягледзячы на зусім розныя характары. Гэта выклікала ў першыя гады спрэчкі, сваркі. Цяпер яны могуць здацца збоку проста ідэальнай сям’ёй, але яго гэты ідэал не задавальняў, відавочна, як і ў кожнай сям’і, паміж імі настаў спакой і ў інтымным жыцці, калі ўсё некалі трапяткое, хвалюючае стала будзённым, і зыходзіла гэта не ад яго, а ад яе. Яна іншы раз глядзела на яго ўлюбёнымі вачамі, але гэты позірк не быў ранейшы, ён насіў нейкі новы адбітак, былі, праўда, у яе ўспышкі жаночай пяшчотнасці, але вельмі рэдка. Як вярнуць ранейшыя, такія нядаўнія, дарагія яму адносіны, як вярнуцца, пераступіць праз нябачны бар’ер, ён ве ведаў. Неяк у іх кампаніі зайшла гаворка аб разводах. Ён сабе ўявіць не мог, што ў яго магчыма новая сям’я, што нехта заменіць назаўсёды (самае страшнае было ў гэтым «назаўсёды») Святлану і за бортам яго жыцця акажацца дачка. Калі вярнуліся дамоў, ён моцна да болю абняў яе і раптам сказаў:

— Мы ніколі не развядзёмся, чуеш, ніколі!

І пачаў цалаваць так, як даўно не цалаваў. Ён ведаў, ён быў упэўнены, што яна яму верная жонка, верны сябар, з ёю яшчэ проста і таму, што яна ніколі не скардзіцца на недахоп грошай, у прынцыпе, ёй усё роўна, многа іх ці мала, у цяжкія гады яна магла без скаргаў хадзіць у адной сукенцы або ў старых ботах, яна заўсёды толькі старалася, каб яму працавалася добра і каб намаганні яго не праходзілі дарэмна, ёй падабалася, калі хвалілі яго фільмы ў газетах або на экране раптам з’яўлялася ў цітрах прозвішча — Жыліч.

Ён пасадзіў яе на канапу, абняў, паклаўшы ёй галаву на плячо.

— Калі мы нарэшце паедзем па дачку? — спытала яна. — Ты не ўяўляеш, як я сумую.

— І я таксама. А паедзем мы заўтра пасля абеду, прабудзем там суботу і нядзелю і вернемся дамоў.

— Мяне адпусцяць з работы толькі пасля пяці.

— Ах, прабач, забыўся, што ты ў нас служыш у жорсткім дысцыплінарным рэжыме. І ў мяне ёсць яшчэ адна ідэя. Я запрашу паехаць з намі свайго бацьку.

Яна адхіснулася ад яго, паглядзела здзіўлена:

— Бацьку, твайго бацьку?!

— Так, мы размаўлялі з ім па тэлефоне, дамовіліся сустрэцца. Я ўсё думаю дзе — у нас? У рэстаран або ў кафэ ісці недарэчна, да сястры на наваселле — яшчэ больш недарэчна. А так добра, паездка, з унучкай пазнаёміцца дый у тваіх пабывае, маці гаварыла, што ён ваяваў у тых месцах.

— Я ж табе самому гаварыла, мае ведаюць яго, асабліва бабуля, ён з яе братам дзядзькам Косцем былі ў адным атрадзе, бываў у нашай хаце да таго, як усіх пагналі ў Германію.

Бацька... Ён нарэшце згадзіўся з ім сустрэцца. Колькі разоў Алена Аляксандраўна прасіла яе падмагчы паспрабаваць яго, цвердалобага, угаварыць, але ён усё аднекваўся і слухаць нічога не хацеў.

— Дрэнна, што мае ведаць не будуць, не падрыхтуюцца як след, — сказала яна. І пайшла да халадзільніка. — Але ў нас амаль усё ёсць, тое-сёе яшчэ дакупім, толькі трэба заехаць на рынак... А ці паедзе ён? Ты ўжо гаварыў з ім?

— Не. Заўтра пагавару.

Раніцай ён пазваніў маці, яна сказала, што нарада прайшла нармальна, на ёй быў Фёдар Дзмітрыевіч, праўда, не ўсім яе выступленне спадабалася, але гэта дробязі, так і павінна быць, няхай хоць тыя, хто спіць даўно, мазгамі паварушаць.

Андрэй расказаў ёй пра сваю ідэю, маці ўзрадавалася, сказала, што, вядома, яго трэба ўзяць з сабой. Там, у Вілейскім раёне, прайшла яго баявая маладосць, там ён быў паранены, там у яго шмат знаёмых і сяброў, у тым ліку і бабуля і маці Святланы. Вядома, ехаць ёй самой не трэба, гэта проста нетактоўна, і недарэчы з’явіцца разам з ім.

Раніцай Андрэй паехаў на кінастудыю і аддаў галоўнаму дзве заяўкі. Той сказаў, што ён малайчына, здаў усё своечасова, што ў аўторак адбудзецца рэдкалегія, на якой будзе зацвярджацца частка заявак, а таксама сцэнарыяў, у тым ліку сцэнарый аб брыгадзе меліяратараў, па якому Андрэй будзе запускацца з новым фільмам, прытым ён гэта можа рабіць ужо зараз, гэта нічога, што ў лістападзе водпуск, можна будзе зрабіць перапынак, але ён, галоўны, выдатна ведае, што быць у прастоі не вельмі прыемна.

Са студыі Жыліч пазваніў бацьку ў міністэрства і прапанаваў паехаць сёння ж, не адкладваючы надоўга, у вёску Азярышча. Для таго гэта прапанова была нечаканая, але ён раздумваў нядоўга, для яго і самога было няясна, як і ў якой абстаноўцы сустрэнуцца з сынам, і ён згадзіўся.

Апынуўшыся дома, ён толькі зараз успомніў, што хацеў зайсці на другі паверх кінастудыі ў пакой з надпісам «Рэдактары тэлефільма». Навошта, што сказаць? Ён сам не ведаў, яму было няёмка перад Ірынай, але чаму? На гэта пытанне ён таксама не мог адказаць. Карацей, добра, вельмі добра, што забыўся зайсці.

 

Святлана прыйшла з работы задыханая, стомленая, ён у гэты час сядзеў у сваім кабінеце і гартаў кнігу вершаў Алеся Маркевіча, дакладней, тыя самыя вершы, якія, як яму здалося, вельмі падыходзілі для фільма. Можа, Алесь і напіша новыя вершы, але гэтыя ён прачытае, калі спатрэбіцца, на рэдсавеце. Ён спахапіўся, што мог сёння сустрэць Святлану з работы на машыне, у яго пасля рынку і гастраномаў было шмат вольнага часу, ён мог дазволіць сабе нават падрамаць, а яна ехала праз увесь горад з поўнай гаспадарчай сумкай.

Але ён не стаў прасіць у яе прабачэння. Прынёс і паставіў перад ёй запоўненую правізіяй сумку, а таксама вытрас з пакета дзве каляровыя кашаміравыя хусткі — падарунак бабцы Насці і Святланінай маці Марыі Гаўрылаўне. У Святланы адлегла ад сэрца, яна толькі спытала:

— І дзе ты на ўсё гэта грошай узяў?

— А я днямі зарплату атрымаў. Яны неяк непрыкметна разышліся, ды і колькі я там атрымаў. Вось у аўторак зацвердзяць заяўкі, і дваццатага верасня чакай два разы па шэсцьдзесят працэнтаў. Тады і ўздыхнём.

Яна пайшла ў ванную прымаць душ, потым расклала на ложку ў спальні розныя скрыначкі з тушшу, ценямі. Са свёкрам яна сустракаецца ўпершыню, і ёй хочацца добра выглядаць. Андрэй смяецца: «Усё-ткі ты правінцыялка, — гаворыць, — едзеш у роднае Азярышча, вось і наводзіш марафет». Але яна не крыўдзіцца, робіць выгляд, што яго не чуе, яе прыгожы, без маршчын твар (гэта ён заўсёды ставіць сабе ў заслугу, маўляў, толькі ў добрага мужа жонка робіцца яшчэ прыгажэйшай) свяжэе; яна надзяе касцюм «сафары» і просіць яго зняць пацёртыя джынсы і апрануцца як след, інакш Марыя Гаўрылаўна пачне дакараць яе, што сама яна аб сабе толькі думае, а муж, нягледзячы на тое, што кіно здымае, зусім абнасіўся, калі на людзях у такім выглядзе паказваецца. Але Андрэй не паддаецца ўгаворам, ён апранае клятчастую кашулю, бярэ з сабой на ўсякі выпадак, «калі маразы ўдараць», світэр, і яны, з поўнымі сумкамі, усё ж і Святлана паспела тое-сёе купіць, бягуць уніз, да машыны, роўна праз дзесяць мінут іх чакае Фёдар Дзмітрыевіч, і Андрэй адчувае, што вось толькі зараз ён пачынае хвалявацца.

«Жыгулі» Андрэя пад’язджаюць да магазіна «Малако». Андрэй глядзіць на гадзіннік. Добра ўсё ж, што не спазніліся. Гаворыць Святлане:

— Перасядзь, калі ласка, на задняе сядзенне. Я спадзяюся, па дарозе мы будзем з ім размаўляць, і мне ўвесь час прыйдзецца паварочвацца на сто восемдзесят градусаў.

Роўна ў сем з аркі выходзіць высокі, паўнаваты мужчына.

«Хоць на пасяджэнне калегіі міністэрства», — думае сам сабе Андрэй. Святлана паспявае войкнуць: «Божа, як ты падобны на яго!» Андрэй адчыняе перад бацькам дзверы, той садзіцца на пярэдняе сядзенне.

Андрэй паціскае яго руку і гаворыць:

— Знаёмцеся, гэта мая жонка Святлана.

— Вельмі прыемна. Фёдар Дзмітрыевіч, — адрэкамендоўваецца Некрашэвіч.

Андрэй заўважае, як рука бацькі моцна сціскае бакавую ручку. Андрэй памятае гэту далонь.

...Ён, маленькі, кволы, абсыпаны прышчамі, ледзьве выкараскаўшыся з цяжкай хваробы (урачы махнулі ўжо рукой, сказалі, што лякарствы не памогуць, бо ён хварэў адразу шкарлятынай і дыфтэрыяй, лякарствы супраць адной хваробы выключылі другія, і вывад быў наступны: выжыве — значыць выжыве, і ён выжыў), ішоў побач з вялікім чалавекам, яго рука была моцна сціснута цёплай далонню.

— Вось і ўсё ў парадку, Андрэйка, ты выкараскаўся, як нечакана выкараскаўся я, увесь тады пабіты асколкамі. Мы, Некрашэвічы, жывучыя, і дзед твой такі быў, і мы з табой у яго і ў прадзеда пайшлі...

Ён заварочвае машыну, і праз некалькі мінут яны едуць па праспекце Машэрава.

— Па якой дарозе паедзем — па новай ці па старой? — звяртаецца Андрэй адразу і да жонкі і да Фёдара Дзмітрыевіча.

Фёдар Дзмітрыевіч маўчыць, а Святлана адразу адгукаецца:

— Вядома, па старой. Там прыгожыя паркі і дарога такая крутая, едзеш — і дых займае.

Фёдар Дзмітрыевіч паглядае на сына. Ён стаў сапраўдным мужчынам: валявы сухі твар з дзвюма рэзка акрэсленымі складкамі на шчоках, прамы позірк. Алена гаварыла, што ён упарты з самага дзяцінства, і ён яго такім памятаў: калі задумаў што-небудзь зрабіць, даб’ецца.

Андрэй таксама крадком уважліва разглядаў бацьку: ён вельмі пастарэў, мяшкі пад выцвілымі вачамі, нездаровы, з жаўтаватым адценнем, колер твару.

Мужчыны маўчалі, і Святлана вырашыла прыйсці ім на дапамогу.

— Уяўляю, як там Кацечка занудзілася, — сказала яна.

 

І Андрэй адразу ж ухапіўся за кінутую саломінку.

— Гэта не самае галоўнае, прыедзе дамоў і пачне прасіцца ў вёску, але што ясна — разбэсцілася там, зноў да школы з цяжкасцю прывыкаць будзе.

— Яна ў трэці клас перайшла? — спытаў Фёдар Дзмітрыевіч.

Святлана ўздыхнула:

— Так, можна нават сказаць, што ўжо ў трэці. Вучыцца, у прынцыпе, добра, над падручнікамі доўга не заседжваецца, за рэдкім выключэннем, матэрыял даецца ёй лёгка, але вось вучоба ўсё роўна не падабаецца. Гаворыць — сумна ў школе.

— А сакрэт вельмі просты, — катэгарычна заявіў Андрэй. — Чалавек прыходзіць у школу, каб сцвярджаць свае бясконцыя «я» і «чаму»? Аднак вельмі хутка высвятляецца, што пытацца будзе не ён, а пытацца бясконца доўга, на працягу дзесяці гадоў, будуць у яго. Ён жа, і іншага выйсця зусім няма, адказваць. І кожны яго адказ будзе ацэнены лічбай. І гэта лічба будзе вызначаць: дурань ён ці разумны, добры ці кепскі. Я часам заўважаю, што ў Кацькі страчваецца пачуццё цікаўнасці. Яе хвалюе не столькі цікавае, непазнанае яшчэ, а адно — як адказаць, як атрымаць выдатную адзнаку. Дый мы былі амаль у такім жа становішчы. І чым я толькі не займаўся... А толку...

Фёдар Дзмітрыевіч усміхнуўся, ён адразу ж падумаў пра Лену, быццам пачуў яе голас, яе думкі.

— Мне здаецца, многія настаўнікі не могуць дабіцца галоўнага — пазбавіць дзяцей ад страху і недаверу. Урокі, — я гэта часта бачу, ды і па свайму вопыту ведаю, — дзеляцца на некалькі частак. Чалавек скаваны страхам: а што, калі спытаюць?! А калі не яго спыталі, ён пачынае адпачываць і, ясная справа, нікога і нічога не чуе. Толькі некалькі зубрылак, а з іх нічога талковага ў жыцці не атрымліваецца, усё слухаюць, усё запамінаюць, астатнія чакаюць выратавальнага званка, а пасля перапынку ўсё пачынаецца спачатку...

Фёдар Дзмітрыевіч гаварыў усхвалявана, у ім быццам ажылі тыя думкі, якія ён не выказаў на канферэнцыі, пасля выступлення Лены.

— А ўсе дрэнныя адзнакі з’яўляюцца па віне саміх настаўнікаў, і не трэба баяцца, калі хлопчык або дзяўчынка атрымлівае тройку. Гэта не азначае, што ён бяздарны, няздольны. Ёсць такі эфект раздзялення. Псіхолагі ашукалі настаўніка, сказаўшы яму па вялікаму сакрэту, што пяць яго самых дрэнных, самых слабых, на яго думку, вучняў, валодаюць нечуванымі, проста матэматычнымі здольнасцямі. Настаўнік паверыў і пачаў ставіцца да сваіх «тупагаловых» выхаванцаў інакш, і яны сталі так хораша вучыцца, што ніхто не мог паверыць, ці тыя гэта дзеці.

Святлана заківала галавой:

— Я з вамі згодна, Фёдар Дзмітрыевіч. У самой, хоць і маленькі, але педагагічны вопыт ёсць.

Андрэй засмяяўся:

— Ды прызнайся адразу перад міністэрскім работнікам, што пакінула школу са страшэннай хуткасцю.

— Справа не ў гэтым, — пакрыўджана сказала Святлана. — Я не арыгінальная ў сваім учынку дый настаўніцай ніколі не думала быць, у мяне дыплом, дарэчы, перакладчыка. Атрымліваецца глупства нейкае. Я вось па нашай Каці бачу дый па іншых яе аднакласніках, сябрах яшчэ па дзіцячаму саду... Калі нашы дзеці ходзяць у дзіцячы сад, мы ўсе ўпэўнены, што яны ў нас вундэркінды. Мы іх прывучаем, што любая стараннасць дасць абавязковы поспех, станоўчы вынік. Намалявала дом — цудоўна, сама апранулася — малайчына, выразала карцінку — разумніца. Няважна пры гэтым, што дом крывы, карцінка выразана кепска. А ў першым класе, дый не толькі першым, настаўніца не заўсёды можа разглядзець стараннасць, перад ёю сорак хатніх заданняў. Адно лепшае, другое горшае. Розныя адзнакі з’яўляюцца — і мора слёз. Бацькі скандаляць, абураюцца, і так бясконца...

— Так, праблема тут ёсць, і не адна, але вось як іх вырашыць практычна, ніхто не ведае, — згадзіўся Фёдар Дзмітрыевіч.

Андрэй глянуў на яго і ўсміхнуўся:

— Праблемы былі і застаюцца, а школьныя дзённікі гараць, помню да дэталяў, як мы спальвалі пасля выпускнога вечара гэтых даносчыкаў з уласных партфеляў, як гарэлі яны сінім полымем, а ў іх рознакаляровым чарнілам гэтакія скаргі некаторых нашых настаўнікаў, якім вельмі падабалася, з прычыны і без яе, пацешыцца з нас.

— Але некаторых настаўнікаў, напэўна, і запомнілі? — спытаў Фёдар Дзмітрыевіч.

— Некаторых, але толькі некаторых, на жаль.

Ён выехаў на старую дарогу, машына рэзка ішла ўгору, а потым крута апускалася ўніз, ён вёў яе на вялікай хуткасці, так, што на спусках займала дух, і Святлана, аматарка хуткай язды, гаварыла, можа, не трэба такой хуткасці, можна крыху павольней, а Фёдар Дзмітрыевіч пярэчыў, не, вельмі добра, проста здорава вось так ехаць. Дарога, як ведаў Андрэй, была яму знаёмая, непадалёк адсюль знаходзіўся іх партызанскі атрад, і на гэтай дарозе яны ўзрывалі аўтамашыны, нападалі на абозы, па гэтай дарозе ён ішоў у Мінск, каб там удзельнічаць у партызанскім парадзе, але цяпер ён маўчаў, успаміны апанавалі яго, узнікалі эпізоды, твары сяброў, многіх з якіх ужо няма. Ён даўно не ездзіў па гэтай дарозе, некалькі разоў бываў у Вілейцы, на традыцыйным зборы брыгады, але звычайна 3 ліпеня, у дзень вызвалення Беларусі, сябры запрашалі яго ў Азярышча, там базіраваўся іх атрад, і ён прыязджаў туды, вось толькі даўно гэта было, ён ведаў, што Андрэй ажаніўся з унучкай бабкі Насці, хата якой у гады вайны часта была прытулкам іх разведчыкаў, і ён перастаў прыязджаць у вёску.

Праехалі Радашковічы, каля маленькіх, сярод пагоркаў, могілак спыніліся, праз зараснікі прабраліся да магілы з вялікім з чырвонага каменю помнікам.

— Тата, — сказала Святлана. — Зусім малады быў. Інфаркт.

Вёску Фёдар Дзмітрыевіч пазнаў здалёк. Яна, маленькая, двароў трыццаць пяць, схавалася сярод лясоў і цяпер, як раней, была акуратненькая, дагледжаная. Пад’ехалі да старой хаты бабкі Насці, побач з якой, углыбіні, красаваўся самы вялікі ў вёсцы дом, які нябожчык бацька Святланы Трафім паспеў пабудаваць перад сваёй смерцю, а цясляр ён быў добры. Першая насустрач выбегла Кацька. Яна кінулася на шыю спачатку Андрэю, потым Святлане і разгублена спынілася перад Фёдарам Дзмітрыевічам.

— Гэта твой дзядуля, — сказаў Андрэй. — Дзед Федзя...

Ён баяўся, што Кацька можа што-небудзь ляпнуць, яна ж часта пыталася ў яго, хто такі Фёдар, чыё імя па бацьку носіць яе тата, чаму, калі ён жывы, ніколі не прыходзіць і жыве асобна ад бабулі Лены. Але яна, дзякуй богу, прамаўчала, толькі глядзела на дзеда з цікаўнасцю з-пад кучаравага чуба. Усе разам яны прайшлі ў двор і па сцежцы, абсаджанай кветкамі, накіраваліся да дома.

— Бабка Насця доіць карову, а баба Маша зараз з бальніцы прыйдзе, у яе дзяжурства сёння.

Андрэй паставіў машыну ў двары старой хаты, закрыў вароты і зазірнуў у хлеў. Бабка Насця сядзела на кукішках і даіла карову. Уся гаспадарка, а яна была немалая, трымалася на ёй. Святланін брат служыў у арміі, маці была медсястрой у бальніцы за восем кіламетраў ад Азярышчаў, а бабка Насця тупала з раніцы да ночы і паспявала яшчэ ў госці да сваіх сябровак схадзіць і гасцей прыняць. Яна прытулілася сваім круглым румяным тварам да Андрэевых грудзей.

— А мы вось дачакацца не маглі, асабліва Кацька, і чаго вы ўсё не ехалі, лета добрае, грыбоў у лесе шмат, ды і ў нас ураджай неблагі.

— Справы ўсё, бабка Насця, дый машына не на хаду была, доўга рамантавалі. А мы не адны прыехалі, Фёдар Дзмітрыевіч Некрашэвіч, бацька мой, разам з намі.

— Хведзька?! — здзівілася бабка Насця. — Вось гэта добра, гэта па-чалавечаму, хлопец ён, я памятаю, не благі быў, заўсёды, калі да нас у вайну заходзіў, усё нібыта саромеўся, калі паесці прасіў, ды і немцаў ён добра біў, у лесе не хаваўся, добра, што прывезлі, я даўно Алене Аляксандраўне казала, ды ўсё ніяк...

Яны прайшлі цераз стары двор і здалёк пачулі галасы. Святлана з Фёдарам Дзмітрыевічам і Кацяй сядзела ў хаце. Бабка Насця з парога, не звяртаючы ўвагі на ўнучку, уважліва ўгледзелася ў госця, якога даўно не бачыла. Уздыхнула:

— Вось які ты стаў, Хведзька, а мяне, бачыш, зусім да зямлі прыгнула.

Некрашэвіч падняўся насустрач, абняў бабку Насцю, пачаў цалаваць у зморшчаныя шчокі. Ён хацеў нешта сказаць, але не змог. Бабка Насця разліла ў кубкі цёплае малако, і яны пілі яго вялікімі глыткамі, праганяючы смагу. А бабка ўсё не сядзела на месцы, пачала збіраць на стол, адаслала Святлану абіраць бульбу. Кацька сядзела ля дзеда і расказвала:

— А ў мяне тут сабака ёсць, я хачу яго ў Мінск забраць, і бабуля дазваляе, толькі вось тата з мамай не згаджаюцца, але я вырасту і ўсё роўна яго забяру.

Некрашэвіч выйшаў у двор і разам з Кацькай пайшоў да старой хаты. Вось сюды, да гэтай печы, прынеслі яго параненага, і атрадны ўрач Варашыла без наркозу аперыраваў яго, дастаючы з цела асколкі нямецкай гранаты, а бабка Насця, і тады ўжо пажылая, пасівелая ўся, паіла яго самагонкай, моцным першаком, але хмель ніяк не браў яго, боль быў мацней, і ён крычаў, а яна прыгаворвала: «Крычы, крычы, лягчэй будзе» і ліла ў рот самагонку. Ён праваляўся ў пуні з месяц, яму пашчасціла, немцы не прыйшлі сюды, потым хлопцы адвезлі яго ў атрад і ён доўга не з’яўляўся ў Азярышчах, а калі прыйшлі яны сюды, нікога не было, вёска быццам вымерла, і хата бабкі Насці таксама, яе з дзвюма дочкамі, мужам, як і ўсю вёску, пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Германію. Ён толькі раз, у шасцідзесятых гадах, з’явіўся ў Азярышчах, даведаўся, што бабка Насця прыехала з Германіі з дочкамі, без мужа, знайшоў ён сабе магілу ў чужой нямецкай зямлі.

Калі вярнуліся ў хату, там была ўжо Марыя Гаўрылаўна, Святланіна маці, ён памятаў яе дзяўчынкай, гадоў дванаццаці, а яна і зусім успомніць не магла, у іх хаце шмат людзей пераварочвалася, дый потым перад вачамі прамільгнула столькі падзей і твараў.

Бабка Насця запрасіла ў госці свайго брата Сямёна, маленькага аднарукага дзядка. З Некрашэвічам ён быў у адным атрадзе, нават на некалькі аперацый разам хадзілі, але Сямён амаль нічога не помніў, і Фёдару Дзмітрыевічу здалося, што яго ён так і не пазнаў, называў то Фёдарам, то Васілём.

Андрэй за ўсім гэтым назіраў з вялікай цікавасцю, ён думаў, што якраз вось тут і патрэбна была б скрытая камера, такі фільм не зрэжысуеш, ні аднаго чалавека не прымусіш вось так паводзіць сябе ў кадры, больш таго, ні адзін акцёр на такое не здольны.

— А Ваську Семіжона ты памятаеш? — спытаў Некрашэвіч у Сямёна.

— Помню, помню, і Насця помніць, у Хаценчыцах ён жыў, непадалёку адсюль, шмат дзяцей у яго было, ды рана Васька памёр ад нейкай хітрай хваробы, што дактары нават не ведалі.

— А што з Іванам Баторыным?

— Адразу пасля вайны на Поўнач завербаваўся, потым прыязджаў разам з жонкай, з дзецьмі, дый зноў паехаў, нецікава яму, значыцца, у нас стала, накшталт цяперашніх маладых, што ў горад ірвуцца, пра цябе ўсё пытаўся.

Бабка Насця расчырванелася, разгаварылася:

— А помніш, Федзька, як ты ў пуні ляжаў у нас пакалечаны ды белы як смерць, дык вось адразу пасля гэтага дзён праз пятнаццаць чую, у двары або крыху далей стрэлы... Выбегла з хаты, а вось там, па лужку, вакол вёскі, ланцугом немцы ідуць, муж мой, Гаўрыла, за вінтоўку, што партызаны яму як сувязному выдалі, схапіўся, а ўбачыў, колькі немцаў вакол, адразу схаваў яе ў склеп. Сагналі нас усіх і павялі ў хлеў. Мужчыны адразу зразумелі, што будзе, кажуць, так не здадзімся, калі што — кінемся пад кулі, хоць пару немцаў кончым, і то гэта лепш, чым у агні гарэць, а бабы і дзеці ў гэты час няхай да лесу бягуць, хоць хто ды жывы застанецца. Давялі нас да хлява, ужо і браму раскрылі, ды тут матацыклетка пад’ехала, а ў ёй малады, але важны такі фрыц сядзіць, нешта сказаў па іхняму, і нас ад хлява павялі, некалькі дзён гналі да самых Радашковіч, да станцыі, і павезлі ў Германію, і да розных гаспадароў з Гаўрылам і дочкамі аддалі. Нагараваліся мы там, Федзька, ой нагараваліся. А Гаўрыла мой на лёгкія слабы быў, яго і ў армію таму не ўзялі, не вытрымаў, памёр, а калі я прыйшла, дык мне толькі яго магілку і паказалі...

Бабка Насця загайдалася на табурэтцы, маленькай, маршчыністай рукой абцерла слёзы.

— Помню, помню, прыйшлі мы сюды, а хаты пустыя, ніводнай жывой душы, апрача Сямёна, ды і той з намі прыйшоў...

Андрэй з Фёдарам Дзмітрыевічам выйшлі ў двор. Бацька расчырванеўся, дыхаў цяжка, перарывіста.

— Ты ведаеш, у кнігах пішуць, ды і ў фільмах паказваюць у асноўным адных герояў вайны. А яны ж, гэтыя простыя людзі, не меншымі героямі былі. Усе тыя, хто дажыў да сённяшняга дня, і тыя, хто не дажыў. Яны хлебам кармілі нас, і гэта таксама было барацьбой з фашызмам. А ў тыя гады шмат рознага было, ды такога, пра што ў кнігах не заўсёды пішуць, нават у самых лепшых кнігах, павер мне.

Ён папрасіў у Андрэя цыгарэту, прагна зацягнуўся.

— Чаго я толькі не пабачыў... Адны людзі, якіх да гэтага амаль ненавідзеў, аказаліся раптам сумленнымі, другія... Я, нягледзячы на маладосць, у атрадзе розныя функцыі выконваў. Аднойчы выклікае камандзір і загадвае знішчыць дзвюх нямецкіх шпіёнак. Пасля заканчэння спецшколы іх заслалі ў наш атрад, але ўдалося выкрыць. Самі былі вымушаны ва ўсім прызнацца. Ды яшчэ як! Камандзір гаварыў, на допыце яны крычалі, што ўсім нам хутка канец, згніём у сваім лесе. Зарадзіў я свой трафейны парабелум, прыводзяць шпіёнак. Гляджу і вачам сваім не веру. Мая былая піянерская важатая. Зборы ў нас праводзіла, вучыла спяваць песні. Як зараз памятаю: «Взвейтесь кострами...» У паходы па месцах славы вадзіла. «Ці гэта вы?» — пытаюся. «Я, — адказвае, — вядзі, шчаня!» Я і павёў. Яе сяброўка хацела збегчы, але паслізнулася, упала. Я сказаў, што ў ляжачую страляць не буду. Яна прыўзнялася... Я і стрэліў. А потым у сваю былую піянерскую важатую. Засталіся ляжаць нерухомыя. Я і зараз добра памятаю той лясок, малады такі... З-за іх мы трапілі ў блакаду, паспелі гадаўкі немцам паведаміць. А тыя стрэлы ў маіх вушах увесь час гучаць і, відаць, усё жыццё гучаць будуць.

— Ты расказваеш, а я пра сябе думаю, сваіх сяброў, знаёмых. Як бы мы вось у такіх абставінах... Нехта аказаўся б смелым, нехта баязліўцам, нехта здраднікам. Пытанне — хто ў якой ролі?!.

— Жыццё і сёння ставіць часам такія пытанні, што не адразу адкажаш, — задуменна вымавіў Некрашэвіч. — З’яўляюцца раптам сітуацыі, калі адразу бачыш чалавека. Ведаеш, амаль заўсёды можна вызначыць. Мне здаецца, што я навучыўся, к канцу жыцця, але навучыўся. Бываюць такія цяжкія экзамены, што тыя, ваенныя, здаюцца больш простымі.

Ён цяжка ўздыхнуў:

— Рады я, што мы нарэшце з табой... — ён не дагаварыў, павярнуў галаву ўбок. — Дзякуй, што ты сюды мяне прывёз, дзякуй вялікі. Я іншы раз думаў, што праб’е апошняя гадзіна, а мы так і не ўбачымся па-чалавечы, па-людску, і я ніколі не скажу табе: прабач, сынок, прабач, што так выйшла, а ты ж ведаеш не горш за мяне, жыццё няпростая штука, у ім лягчэй за ўсё дроў наламаць, нялёгка потым усё выправіць, асабліва па маладосці, калі ў галаве ветру поўна, калі ацаніць не можаш усё самае каштоўнае, што там лёгка страціць.

Андрэю раптам стала шкада гэтага вялікага, старога чалавека, яго бацьку, яму стала сорамна за сваю неразумную хлапечую ўпартасць, з якой ён адвяргаў усе сустрэчы з ім.

— Не трэба, бацька, не трэба, — сказаў ён ціха. — Усё ў нас у парадку, усё ў нас добра.

Яны стаялі моўчкі і дыхалі цёплай, вясковай ноччу, ніхто не перашкаджаў ім, ніхто не выходзіў з хаты.

Спаць яны пайшлі на сена. Хлеў быў той самы, толькі асеў з тых дзён, калі тут лячылі раненага Некрашэвіча.

— Усё як тады, а столькі ж гадоў прайшло, цэлае жыццё, — ціха гаварыў Некрашэвіч. — Ляжаў тады і думаў, вось зараз прыйдуць немцы, вось зараз усё скончыцца, але боль быў такі моцны, што страх знік... А потым, калі апрытомнеў, калі ў галаве прасвятлела, захацелася жыць.

Калі Андрэй раніцай расплюшчыў вочы, бацькава рука была ў яго на плячы, і ён доўга нерухома ляжаў у цішыні, баючыся патрывожыць яго сон.

 

7

Яна трапіла быццам у растрывожаны шумлівы вулей. Усе сабраліся ў настаўніцкай разам. Як звычайна, сядзіць у кутку толькі адзін зусім спакойны чалавек, настаўнік матэматыкі Лашкевіч. Ён заўсёды спакойны, быццам усё, што адбываецца тут, у настаўніцкай, — размовы, спрэчкі, часам адкрытая лаянка паміж некаторымі настаўнікамі, — яго не хвалюе. Дзеці яго ўрокі любяць, на іх ён таксама зусім спакойны, і выгляд у яго такі, нібыта жыццё класа яго зусім не датычыць і, наогул, ён далёка, далёка адсюль. Пагаворваюць, што Лашкевіч піша вершы, але сам ён пра гэта маўчыць і ніхто яго вершаў ніколі не чытаў. З вельмі занятым, непрыступным выглядам сядзіць за сваім сталом завуч Антаніна Мікалаеўна Забалоцкая, пра якую школьны весялун, настаўнік біялогіі Ланько гаворыць проста і ясна: «Камень». Некалькі разоў у дырэктара былі з ёю сутычкі.

Размаўляюць аб нечым сваім Наташа Сакевіч і Галя Багавік, абедзве самыя маладыя, абедзве выкладаюць замежную мову і абедзве лічацца ў школе модніцамі. Да школы Багавік некалькі гадоў рабіла за мяжой, яна па-заліхвацку падкатвае да школы на сваім «жыгулёнку» і прыходзіць у такіх уборах, што старшакласнікам на ўроках, зноў жа па словах біёлага Ланько, «не да інгліша».

Калі Алена Аляксандраўна зайшла ў настаўніцкую, Ланько першы падышоў да яе, павіншаваў з сенсацыйным выступленнем на раённай нарадзе настаўнікаў, якое многіх у зале проста прыемна здзівіла.

Завуч узняла галаву ад папер.

— Толькі калі б гэта хоць у нейкай меры было жыццёвым, а то ж словы, якія маглі б спакойна вымавіць многія.

Алена Аляксандраўна нічога не адказала.

Дырэктар праводзіў педсавет, як заўсёды, дзелавіта, аператыўна. Ён гаварыў аб задачах, што стаяць перад калектывам у новым навучальным годзе, закранаў праблему «цяжкіх» падлеткаў, працэнт якіх павялічыўся па раёне ў цэлым і па іх школе таксама. Важна ўстанавіць больш цесную сувязь з прадпрыемствамі, дабіцца, каб атрадныя важатыя з гэтых прадпрыемстваў працавалі не фармальна, і тут вялікая ніва для сумеснай работы з педагогамі.

Калі ён папрасіў настаўнікаў выказвацца, першы падняўся з месца Ланько. Касцюм на ім, як заўсёды, сядзеў быццам куплены навырост.

— Я вось пра што сказаць хачу, — пачаў ён. — Зараз усюды небеспадстаўна гавораць аб дысцыпліне, адказнасці. Аднак школы гэта не датычыць.

— Ужо цікава, — узняла галаву завуч.

Ланько ўсміхнуўся.

— І мне здаецца, што цікава, таму што нас сучаснасць не датычыць. Гэта чорт ведае што! Пачаўся новы год, і нас зноў захлынулі хвалі нейкіх аглядаў, спаборніцтваў, выставак. Людзі забываюць пра ўсё на свеце, барацьба за першыя месцы носіць нездаровы характар. Усе мы нагадваем італьянскіх тыфозі ў час гульні любімай каманды, дзіўна, што да гэтага часу няма ахвяр.

— Але ж мы гаворым аб выхаванні гарманічнай асобы, — запярэчыла настаўніца спеваў.

— Я сам абедзвюма рукамі за такую гарманічна развітую асобу, — сказаў Ланько. — Я супраць празмернага захаплення ўсім гэтым... Вазьміце наш хімічны гурток, які ператвараецца ў сапраўдны тэатр. Туды рвуцца вучні. Яны і выступленні арганізуюць, і спектаклі ставяць, але ж усё гэта не за кошт урокаў.

— Гурток — гэта не агляды і конкурсы, — сказала завуч. — Я паўтараю, што не мы іх устанаўлівалі і не мы адменім. Гэта не наша справа.

І тут падаў голас дырэктар.

— І ўсё ж, Антаніна Мікалаеўна, мы павінны ставіць гэтыя пытанні перад райана. Таму што нас датычыць усё, усё, што адбываецца ў школе — наша справа. Агляды аглядамі, але яны не павінны нам перашкаджаць даваць вучням веды, у поўнай меры рыхтаваць іх да будучага жыцця.

Размова пачала затухаць, усе з нецярплівасцю пачалі паглядаць на гадзіннік, заўтра першае верасня, заўтра пачатак працоўнага года, усім усё, у прынцыпе, ясна. Нечакана ўстаў з месца матэматык Антон Антонавіч Лашкевіч.

— Я, таварышы, хачу закрануць адну праблему, — пачаў ён, скіраваўшы свой позірк у акно. — Пачынаецца новы навучальны год, нялёгкі для нас і для нашых вучняў у аднолькавай меры. Вось Алена Аляксандраўна Жыліч выступіла, і кожны па-свойму яе пракаменціраваў, а нічога не змянілася, ды, відаць, і не зменіцца. Але я ўсё ж хачу як бы прадоўжыць яе думку, і ўсе мы павінны параіцца, як палепшыць нашу цяжкую, нямодную ў апошнія гады работу, без якой, аднак, не абысціся. Самае страшнае ў тым, што якасць ведаў вызначаецца цяпер не сутнасцю адзнакі, а іх колькасцю. І мы гонімся за гэтай колькасцю, дакладней, нас гоніць завуч, дырэктар, іх гоніць райана, райана гоніць гарана.

— Правільна! Каб не лічыцца дрэнным настаўнікам, каб ад цябе, як гаворыцца, не адвярнуліся, трэба вынаходзіць спосабы, як выйсці са становішча — усякія там ушчыльненыя, франтальныя апытанні і ўсё іншае! — выкрыкнуў з месца Ланько.

А Антаніна Мікалаеўна прамовіла:

— Варта аднаму ваду закаламуціць — і пайшло паехала...

Галя Багавік з захапленнем паглядзела на матэматыка, высокага прамога чалавека з сівізной на скронях, і шапнула сяброўцы:

— А ён проста прыгажун. Ніколі раней гэтага не заўважала.

Лашкевіч працягваў:

— Мы нават адзін ад аднаго не ўтойваем, што кантрольныя, розныя здачы ў канцы чвэрці існуюць для запаўнення клетак у журнале.

— Дык што вы прапануеце ўзамен? — не вытрымала завуч. — Якое выйсце вы бачыце?! Усё роўна добры вучань напіша кантрольную добра, а дрэнны — дрэнна. Я праблемы тут не бачу.

— А я бачу, — упершыню падала голас Алена Аляксандраўна. — Я бачу. Мы ставім сябе ў няёмкае становішча...

Нешта яшчэ пастараўся пракрычаць з месца Ланько, але дырэктар запатрабаваў цішыні, каб выслухаць да канца Лашкевіча. Топ стаяў, упэўнена гледзячы перад сабой.

— Мы дайшлі да таго, што не можам проста пагутарыць з класам. У выніку любой гутаркі неадкладна павінны быць запоўнены ўсё тыя ж клеткі ў класным журнале. Інакш як жа, ад урока не застанецца ніякіх слядоў, — ён зрабіў націск на апошнім слове, — лічба ў справаздачы, такім чынам, і, натуральна, у класным журнале ператварылася чорт ведае ў якую праблему...

У настаўніцкай запанавала цішыня, гучаў толькі голас Лашкевіча, і Алена Аляксандраўна па тварах калег старалася зразумець, на чыім баку зараз настаўнікі. Па выразу твару дырэктара цяжка меркаваць аб яго думках, спецыялісты па замежных мовах перагаворваюцца вельмі ціха, паглядаючы на гадзіннік, завуч уткнулася ў паперы, быццам усё тут не датычыць яе зусім. Ланько зноў спрабуе ўставіць рэпліку і варушыць губамі, астатнія ўважліва слухаюць.

Расчырванелы Лашкевіч сеў на сваё месца, абцёр пот з ілба. Дырэктар уважліва агледзеў настаўнікаў.

— Хто яшчэ хоча выказацца?

Маўчанне.

— Тады я падвяду некаторыя вынікі нашай размовы.

Ускінула галаву завуч.

— Мне здаецца, Антон Антонавіч выказаў вельмі слушныя думкі, і я ў многім згаджаюся з ім, — сказаў ён. — Адзнака з’явілася даўно. Не варта гаварыць, які велізарны шлях развіцця пераадолела наша грамадства за гэты час, у галіне педагогікі таксама нямала зроблена, а вось многія інструкцыі, у тым ліку аб парадку атэстацыі вучняў і пераводу іх у наступны клас, застаюцца старыя.

— Вы што ж, супраць устаноўленых інструкцый? — па голасе завуча, якая задала гэта пытанне, адчувалася, што яна сама разумее яго каварнасць.

Дырэктар сціх толькі на імгненне.

— Вы разумееце, Антаніна Мікалаеўна, я не супраць устаноўленай інструкцыі, — голас яго быў спакойны. — Але я разумею ў той жа час усю яе недасканаласць. А такі наш з вамі лёс, што мы павінны быць у пастаянным пошуку, калі настаўнік перастае шукаць і думаць, то ён ужо не настаўнік. Даваць справаздачу за двойкі перад райана даводзіцца мне. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, мы робім гэта па-старому, хоць працаваць мы павінны па-новаму. Ніхто нам не даруе, калі мы будзем выпускаць у жыццё людзей без ведаў, і ў той жа час ніхто нам не даруе нашых абыякавых, я паўтараю, іменна абыякавых адносін да двоечнікаў. Мы ў такіх выпадках папросту нагадваем урачоў, якія прымаюць толькі здаровых людзей, а да хворых ім справы няма...

Разыходзіліся моўчкі.

— Вас падвезці, Алена Аляксандраўна? — прапанавала Галя Багавік.

Алена Аляксандраўна з радасцю згадзілася. Ёй трэба было заехаць яшчэ да дачкі, даўно не бачыла ўнукаў, дый у Галі з’явіліся праблемы.

— Ну, як наш матэматык? — з захапленнем прамовіла Галя. — Проста Цыцэрон, ніколі б не падумала.

Алена Аляксандраўна ўсміхнулася:

— І, дарэчы, халасцяк, што таксама немалаважна. Вось так, дастаткова аднаго педсавета, і наша Галачка страціла галаву.

Галя пажартавала:

— Сапраўды, проста рукі дрыжаць... — А потым дадала: — А наогул, усе гэтыя размовы, Алена Аляксандраўна, мала чаго дадуць. Усё будзе на месцы. І мы гэта ўсе добра ведаем...

Яна нічога не адказала. У прынцыпе, гэта ім, вось такім, маладым, тым, каму ў школе праводзіць яшчэ цэлае жыццё, трэба думаць, перажываць, а ёй самой так мала засталося — два гады.

 

Дачка адчыніла дзверы. Яна была ў чорным шаўковым халаце. Заўсміхалася, цмокнула ў шчаку цёплымі губамі. Нос, як і ў дзяцінстве, у яе быў халодны. Алена Аляксандраўна прайшла праз прыхожую, якая была пераабсталявана пад пакой, у якім стаялі кніжная паліца, канапа, столік і два крэслы, — стомлена прысела ў крэсла.

З таго часу, як яна не была тут, мінула некалькі тыдняў, у кватэры, ва ўсякім выпадку ў вялікім пакоі, з’явіліся абноўкі. Стары дыван, які яна падарыла Галі на вяселле, замяніў новы, ярка-зялёны, пэўна, ручной работы, на сцяне вісела крыштальнае бра і некалькі карцін, якія яна не магла добра разгледзець.

— Як цудоўна, што ты прыйшла, — сказала Галя, апусціўшыся побач. Чорны халат агаліў яе ногі.

— Мне здаецца, гэта пляжны халат, — сказала Алена Аляксандраўна, паспрабаваўшы яго крыху абцягнуць.

Галя засмяялася:

— Ты, мамуля, адстала ад моды. Гэта ж японскі. Георгій у аднаго прыяцеля перакупіў, праўда, прыйшлося пераплаціць, але нічога не зробіш...

Алена Аляксандраўна абгледзела кватэру. Вельмі прыгожа. Яна не магла ўявіць, што яе дачка будзе мець такую прыгожую кватэру, абклееную шпалерамі, якія нагадвалі тканіну з фотасценкай-вадападам, такім, што здаецца, вада ажывае, цурчыць зусім побач, вось тут, прама пад нагамі. І ўсё гэта зрабіў Георгій. Старая кватэра, якую яны выменялі, была лепш за любую новую, да таго ж на майстроў амаль не давялося траціцца, прыйшоў ягоны дзядзька, інжынер-будаўнік, а разам з ім яшчэ некалькі майстроў, працавалі дружна і спрытна.

— У цябе вельмі прыгожа, — сказала Алена Аляксандраўна. — Зусім непадобна ні на нашу першую кватэру, ні на нашу другую, праўда?

— Часы, мамуля, мяняюцца. Цяпер людзі хочуць жыць як людзі.

— Я нават, калі хочаш ведаць, сумую па тым часе.

— Але гэта ўжо зусім іншая рэч. Проста той час быў тваёй маладосцю.

— Не толькі маладосцю. Людзі тады былі дабрэйшыя адзін да аднаго, кожны менш думаў пра сябе, жылі як адна сям’я.

Яна добра памятала пакойчык у бараку, як яны радаваліся з Федзем тады гэтаму кутку, заваленаму рэчамі, абвешанаму пялёнкамі. Было чуваць, як размаўляюць у іншых такіх жа прытулках уздоўж доўгага калідора. Там жылі розныя людзі — настаўнікі, урачы, рабочыя, навуковыя супрацоўнікі. Яна сябравала з Глашай Паліванавай, дзяліліся апошнім. Глаша заўсёды была жаданай госцяй у яе, і яна таксама адчувала сябе ў Глашы як дома. Яны наогул не ведалі сварак, уважлівыя былі адна да адной. Потым сляды Глашы згубіліся.

На помніку ў адным з бясконцых радоў на могілках прачытала: «Дацэнт Паліванава Глафіра Анатольеўна. 1921—1968». Яны так і не сустрэліся ні разу ў вялікім горадзе, а пасля гэтай сустрэчы ёй было не па сабе.

Галя прыгатавала чай, бутэрброды, Алена Аляксандраўна маленькімі глыткамі піла чай, адчувала, як пакрысе знікае стомленасць.

— А дзеці? — спытала яна.

— На вуліцы. Надвор’е добрае, Георгій затрымліваецца, у іх вучоны савет, а потым яшчэ і сход. Нарэшце яго прымаюць, столькі чакаў бедны, і ўсё яго абыходзілі: то адзін, то другі. І ўсе людзі, як ты сама разумееш, не проста так, не простыя, а з вялікім, як гаворыць Георгій, тылам за спіной.

Алена Аляксандраўна ўздыхнула:

— Пра які ты тыл гаворыш? У вас жа ўсё нармальна. І кватэра добрая, і дзеці здаровенькія, і ўладкаваны вы так, што любы пазайздросціць можа, а Георгій усё нейкі тыл шукае, можа, дарэмна на гэта жыццё траціць.

Чырвань ударыла Галі ў твар, і Алена Аляксандраўна падумала, што яна перабрала, нічога ж не дакажаш, а сваркі, бадай, не пазбегнуць.

— Гэта ты словы свайго бесталковага сына паўтараеш, — яна пачала размахваць рукамі. — А жыве сам як? Калі б мы столькі грошай мелі, дык Георгій даўно б ужо палац пабудаваў, а ён усё здымае, здымае свае бязглуздыя фільмы, і толку ніякага. Нікчэмненькі аўтамабільчык займеў...

— Спыніся! — жорстка прамовіла Алена Аляксандраўна. — Не ператварайся ў базарную бабу.

Але Галю немагчыма было спыніць.

— А можа, яны прыкідваюцца, грошы ў панчоху збіраюць? Званю я яму, так і так, гавару, Георгію дасталі магнітафон-стэрэа, не наш, вядома, вытворчасці ФРГ, а мы зараз без грошай, кватэру пакуль адрамантавалі і ўсё іншае, а ён у адказ — нічога зараз няма, вось, можа, пазней...

Алена Аляксандраўна апусціла галаву, быццам стараючыся не бачыць твару дачкі.

— У яго і сапраўды нічога пакуль няма. Дый грабе, як ты гаворыш, ён не так ужо і шмат. А ад Георгія ды ад цябе ён адрозніваецца, я яго таксама іншы раз дакарала, вас у прыклад ставіла, а цяпер, Галачка, больш рабіць гэтага не буду.

Галя зноў пляснула ў далоні.

— Мы, значыць, табе ўжо не падабаемся?

— Разумееш, ненаедныя вы нейкія. Нельга ж так. Можна пачакаць з гэтым магнітафонам, тым больш што ў мяне грошай такіх няма, усё аддала, што было, да бацькі звяртацца няёмка, дый колькі вы набылі за апошні час. Іншыя за ўсё жыццё столькі купіць не могуць.

Галя стомлена села на канапу. На душы зрабілася спакайней. Маці нічога ўсё роўна не дакажаш.

— Помню, як вы з Андрэем сябравалі ў дзяцінстве. А зараз... Ніколі не магла нават уявіць, што ўсё будзе вось так, — сказала Алена Аляксандраўна сумна і паднялася, сабралася ісці.

— Але, мамачка, гэта ж не я, а ён да мяне не прыходзіць. Георгій яму, бачыце, не падабаецца, душна яму ў нас, непрыемна, ён жа такая творчая асоба, куды нам і нашай кампаніі да яго?!

— Я пайду дамоў, — сказала Алена Аляксандраўна. — Заўтра навучальны год пачынаецца, а першы дзень заўсёды самы цяжкі.

Яна выйшла, а Галя засталася дома засмучаная — яна абяцала Георгію ў што б там ні стала дастаць грошы на магнітафон, уся надзея была на маці, у якой, вядома ж, ёсць, хоць і не шмат, на чорны дзень. Да каго ж яшчэ звярнуцца?

 

8

Позна ўвечары ў трубцы пачуўся сіплаваты, крыху з надрывам голас Маркевіча.

— Слухай, Андрэй, я, здаецца, напісаў.

— Напісаў? Не бачачы і не чуючы маіх герояў?

— Ды неяк так атрымалася, пайшло ў мяне, паехала, дзень-ноч сядзеў і вось першаму Віцю прачытаў, я, як ты пайшоў, усё ў яго кватарую, але з разменам вось-вось рашыцца.

І ён пачаў чытаць вершы, зусім новыя свае вершы аб прызванні чалавека заўсёды быць чалавекам, і Андрэй разумеў, што ў іх ён стараецца адказаць на свае ўласныя, што мучылі яго, пытанні.

Прыкладна праз паўгадзіны чытання ў трубку ўварваўся Пашукоў голас:

— Ды прыедзь да нас, яшчэ рана.

Жонка нічога не зразумела, якія вершы, якія сустрэчы, час класціся спаць, ёй заўтра на работу.

— Паехалі разам, — прапанаваў Андрэй. — Паслухаеш Алесевы вершы.

Яна здзіўлена ўзняла на яго вочы, разам яны бывалі ў яго сяброў вельмі рэдка, толькі хіба што на вялікіх сямейных урачыстасцях.

Яны ехалі па вячэрнім горадзе, ёй было прыемна сядзець побач з ім, хацелася сказаць словы, якія яна даўно не вымаўляла, але Андрэй увесь час гаварыў пра фільм, гэта павінен быць незвычайны фільм — і па форме, і па зместу, гэта, ён упэўнены, яго галоўны фільм, а потым можна будзе падумаць аб рукапісе ў жоўтай папцы, аб сцэнарыі мастацкага фільма. Ён хутка закончыць і рызыкне здаць яго на другі паверх студыі, рэдактарам мастацкага кіно.

Ён прамовіў словы «другі паверх» і адразу змоўк, падумаўшы аб Ірыне, а жонка сядзела і думала, якой усё ж пякельнай працай дастаецца Андрэю яго хлеб, які здаецца многім людзям такім простым, дый да таго ж кожны раз даводзіцца выстаўляць сябе напаказ, агаляць сваю душу. У яго заўсёды было шмат самых вялікіх планаў, і шлях ужо пройдзены немалы, поўная галава сівых валасоў, і да вяршыні так далёка, дый ці будзе калі-небудзь гэта самая вяршыня скорана? Але яна бачыць, як ідзе ён да яе, як робіць з цяжкасцю кожны крок, як пакутуе, калі нешта не ўдаецца, сябры, той жа Гена Супрунчук, гавораць кінь, стары, мы ж прафесіяналы, урэшце, здабудзем грошы ўсюды, дзе дрэнна ляжаць, а ён замыкаецца ў сабе, становіцца нелюдзімы, і ёй у такія мінуты хочацца памагчы яму, але ўсе словы здаюцца бескарыснымі, непатрэбнымі.

У Пашукоў іх сустрэлі з радасцю. Жанчыны зачыніліся на кухні і пачалі гатаваць імправізаваную вячэру, нягледзячы на тое, што было ўжо позна.

Алесь працягнуў Андрэю скрэмзаныя старонкі, працаваў ён над тэкстам доўга і, як заўсёды, пакутліва. Андрэй паспрабаваў хоць што-небудзь разабраць, але яму гэта не ўдалося, і ён папрасіў Маркевіча:

— Прачытай сам.

Алесь пачаў чытаць спачатку вельмі спакойна, ён жа не на эстрадзе, а чытае сваім сябрам, але потым, праз якіх-небудзь пяць хвілін, устаў з крэсла. У яго голасе ўсё было напружана гранічна, нервовы твар расчырванеўся, далоні рассякалі паветра ў адпаведнасці з рытмам верша. Жанчыны кінулі гатаваць, прыйшлі на ягоны голас, але не адважыліся ўвайсці ў пакой, спыніліся ля дзвярэй. Святлана даўно не слухала Алеся, яна толькі некалькі разоў чула па радыё. Ён і сапраўды адрозніваўся ад большасці паэтаў, нават вельмі добрых, Святлана адчувала, як у душу пранікае нейкая невыказная трывога, што імгненна пераварочвае ўсё, быццам павінна адбыцца нешта непапраўнае, страшэннае. Яна паглядзела на Андрэя. Ён сядзеў нерухома, абапёршыся падбародкам на кулак, толькі час ад часу губы яго пачыналі варушыцца.

Алесь скончыў чытаць, сеў у крэсла, рассыпаўшы па стале лісты.

— Дзякуй, стары — уздыхнуўшы, сказаў Андрэй. — Я ведаў, што ты напішаш, але не ўяўляў, што вось так. Ды гэта ж вершы пра ўсіх нас. Гэта будзе не проста фон, а лейтматыў усяго фільма.

Алесь махнуў галавой:

— Добра, што табе спадабалася. Павер, я хваляваўся...

Па дарозе дамоў Святлана раптам сказала:

— Дзіўнае ў нас жыццё, Андрэй. Мне здаецца, я стала для цябе нечым звыклым... ну, скажам, як мэбля. Стаіць у кутку камод, ну і няхай стаіць, шкада ўсё ж расставацца, прывык да яго.

Ён адкашляўся, спытаў:

— Гэта на цябе вершы Алеся так падзейнічалі?

— І вершы таксама.

На яго найшло нейкае раздражненне, але Андрэй усё ж стрымаў сябе, ведаў, што зараз нагаворыць нейкіх крыўдных слоў, а потым, літаральна праз гадзіну, пашкадуе аб гэтым, але да Святланы будзе ўжо не падступіцца, лепш зараз астыць, а потым пагаварыць з ёю спакойна. Ён маўчаў усю дарогу. Калі ён дастаў ключы, яна сказала:

— Я не хацела пакрыўдзіць цябе. Нейкая незразумелая трывога... Як бы гэта табе растлумачыць. Нават не трывога, страх, што хістка ўсё ў нас неяк, што ўсё можа ў адзін кашмарны дзень знікнуць, перакрэсліць усё папярэдняе, не такое ўжо маленькае, наша жыццё...

— Вось дык Алесь! — паспрабаваў іранічна пажартаваць Андрэй, але іронія не прагучала.

— А можа, ты проста закаханая? — спытаў ён, стараючыся захаваць усё тую ж паўжартаўлівую іронію, але на твары яго была трывога.

— Ты проста дурань ці хочаш здацца такім, — сказала яна стомлена і пайшла ў спальню. Там неўзабаве згасла святло, і ён застаўся адзін у вялікім пакоі, што служыў яму кабінетам.

Яна можа здагадацца аб тым, што было з ім нядаўна і чаго ўжо не паўторыцца, — ці ўпэўнены ён у гэтым? — яна, вядома ж, адчувае нешта нядобрае, хоць яму заўсёды здавалася, што яна будзе толькі радавацца таму, каб ён не лез да яе са сваім каханнем, напорыстым, мужыцкім, каб у яго з’явілася другая і гэта зрабіла б яе жыццё спакойным, ураўнаважаным. Але ўсё, аказваецца, інакш, у душы яе ўзнікла трывога за тое, што здавалася яму, было ёй даўно абыякавым, за тых дваіх, за сям’ю, але адкуль гэта прыйшло менавіта цяпер? І раней жа ён здраджваў ёй...

Але ж? Вядома, здагадвалася.

Ад гэтых думак з’явілася поўная абыякавасць да заяўкі, да заўтрашняга абмеркавання, хоць ён стараўся ўчытацца ў паперы, што ляжалі перад ім, а потым да яго доўга не ішоў сон на старой канапе, ён варочаўся, хоць паветра стала халаднейшае і на яго павявала свежасцю ад акна. Ён уключыў святло, стараўся ўчытацца ў нейкае апавяданне ў свежым часопісе, але сэнс не даходзіў да яго, ён зноў выключыў святло, але заснуў не хутка, ад чаго галава раніцой была цяжкая.

Калі Андрэй спаласнуў твар у ванне і прайшоўся па кватэры, аказалася, што Святланы і дачкі ўжо няма дома. Ён набраў тэлефон Пашука і адразу ж супакоіўся: Алесь ні аб чым не забыўся, ён сядзіць за машынкай, а Андрэй няхай прыязджае ў дванаццаць, усё будзе гатова. Ён супакоіўся і пачаў звычайную працэдуру — невялікая, да поту, зарадка (рабіў ён яе аўтаматычна і для яго не існавала пытання — рабіць ці не рабіць), душ, галенне. Звычайна яму прыносіла задавальненне галіцца, гэта была па-сапраўднаму прыемная працэдура, але сёння ён наўрад ці адчуў радасць ад ранішняга ўваходжання ў жыццё. Ва ўсім целе адчувалася разбітасць, як ён ні стараўся прывесці сябе ў рабочы стан перад абмеркаваннем. Часу было яшчэ шмат, і Андрэй вырашыў крыху паваляцца ў пасцелі. І тут здарылася зусім нечаканае: ён быццам праваліўся ў глыбокую яму, сон перамяшаўся з явай, і калі ён расплюшчыў вочы, то не змог зразумець, што ж адбылося. Сон быў дзіўны: на студыі абмяркоўваюць яго сцэнарый, але зусім іншы, мастацкага фільма. Усе, наогул, згодныя, так, сцэнарый можна прымаць, ён абяцае стаць добрым фільмам, але тут у пакой урываецца Ірына, на ёй чорны бліскучы касцюм, валасы распушчаны па плячах, усе адразу паглядзелі на яе, усе пачалі слухаць яе. Не, гаварыла яна, сцэнарый нікуды не варты, як не варты чалавек, які так нечакана і з ходу паламаў яе жыццё, нікому не дазволена так рабіць з іншым чалавекам, тым больш яму, які прэтэндуе на ролю мастака...

Нейкая д’ябальшчына, падумаў ён, ускочыў з ложка, звыкла апрануў джынсы і світэр, але потым перадумаў, усё ж абмеркаванне, прыйдзецца, як бы яму ні хацелася, апрануць касцюм, ды яшчэ начапіць на кашулю гальштук.

У дванаццаць гадзін ён уварваўся да Пашука, амаль выхапіў з рук Алеся машынапісныя старонкі, прабег вачамі іх, усё ў парадку, надрукавана чыста, без памылак, а гэта так важна пры чытанні вершаў — не сарвацца, не збіцца. Вядома, можна было б узяць з сабой Алеся, вось быў бы сюрпрыз для ўсіх, але ён, вядома, не паедзе, не хапала чытаць яму свае вершы ў кіношнай кампаніі, уголас прадаваць свае вершы, разлічваючы на дагавор. Алесь паляпаў яго па плячы, сказаў, што пасля абеду памчыць у суд, абрыдлі яму гэтыя паходы, але справа, здаецца, рухаецца, засталося ўжо нядоўга.

Дзень выдаўся светлы, сонечны, быццам у насмешку над яго дрэнным настроем. Андрэй дамчаў да студыі, не прайшоў — праляцеў па калідоры, перапоўненым людзьмі, спыніўся перад сакратаркай галоўнага.

— Калі мяне чакаюць?

Яна акінула яго сваім дзіўным позіркам, у якім на гэты раз ён улавіў нешта новае, зусім незнаёмае. Гэта насцярожыла яго, хоць, дарэчы, зараз ні да якіх пабочных думак, але ўсё ж...

— На рэдсавет запрашаюць усіх адразу. Толькі я не рэкамендавала б, Андрэйка, паказвацца табе туды, — вочы ў сакратаркі зноў зацягнуліся павалокай, быццам яна заснула. — Выглядаеш дрэнна. Дый прычасацца таксама не пашкодзіла б. Ты ведаеш, Барыс Васільевіч любіць людзей акуратных.

— Такіх, як Анатоль Вікенцьевіч? — не змаўчаў Андрэй.

Сакратарка нахілілася да яго.

— Сапелаў тут і выглядае як з вокладкі часопіса мод. Дарэчы, вам бы ўсім павучыцца ў яго гэтаму. Ну, і астатняму, — яна развяла рукамі. — У цябе, Андрэйка, пятнаццаць мінут у запасе. Праз гэты час чакаю цябе ў іншым выглядзе, інакш твая сенсацыйная заяўка, аб якой шушукаюцца на студыі, так і застанецца паперкай.

Андрэй зайшоў у туалет, зірнуў у люстэрка.

Яна мела рацыю. На твары маршчыны, вусы даўно не шкодзіла б падстрыгчы. Андрэй некалькі разоў спаласнуў твар халоднай вадой, прычасаўся, вочы, здаецца, крыху астылі.

— Ты што, выпіў учора? — спытаў яго Супрунчук, калі ён выйшаў у калідор.

Жыліч махнуў рукой:

— Пра што ты гаворыш! Жыццё такое, што без віна п’яны. Нейкае невытлумачальнае хваляванне перад рэдсаветам. Хочацца прабіць заяўку...

— Дык у цябе ж дзве.

— З другой усё будзе ў парадку. А вось з першай! Ты нічога не чуў, можа, з кабінета шэфа праскочыла якая-небудзь інфармацыя?

— Цішыня. Васільевіч сядзеў на нарадах, у Маскве некалькі дзён быў. Ды і сам я тут мала быў. Мая тэма пройдзе, я зноў здыму сярэдні фільм, і пайшлі яны ўсе... Ніхто мне слова не скажа. Усё роўна нічога талковага праз Сапелава не пойдзе. Але я цябе не палохаю. Усё будзе нармальна, вось убачыш.

Яны ўвайшлі ў невялікі, ужо запоўнены людзьмі кабінет галоўнага. Барыс Васільевіч праглядаў паперы, справа ад яго ў крэсле сядзеў Сапелаў. Ён злёгку кіўнуў Андрэю і Супрунчуку. Побач з ім была член рэдсавета Жана Міхайлёнак. Калісьці яна працавала ў газетах, друкавала рэцэнзіі, інтэрв’ю з вядомымі акцёрамі, але крытыкам так і не змагла стаць, знайшоўшы месца пад крылом Сапелава. Яна навучылася гладка, разумна і доўга гаварыць, магла вытрымліваць доўгія спрэчкі на рэдсаветах, удала падразала рэжысёраў і сцэнарыстаў. Андрэй быў упэўнены, што сёння гэтыя двое абавязкова будуць супраць яго. Яму нават здалося, як у агульным шуме ён пачуў словы Сапелава і сваё імя, а Жана кіўнула яму ў знак згоды. Гэта ж ён, сустрэўшы яе неяк у студыйным калідоры, на пытанне «Як жыццё?» адрэзаў: «Чакаю калі ты перастанеш несці ўсякую лухту!»

Галоўны патушыў цыгарэту, папрасіў Супрунчука, які аказаўся бліжэй за ўсіх да ягонага стала, адчыніць вокны і дамовіўся — на працягу ўсяго рэдсавета ні адзін чалавек не закурыць.

Ён аб’явіў парадак дня, сказаў, што ўсе члены рэдсавета дэталёва вывучылі заяўкі (пры гэтым ён, ці гэта зноў здалося Андрэю, стрэльнуў у яго позіркам), і таму трэба эканоміць і час, і, што не менш важна, захоўваць нервы — свае і чужыя.

Галоўны раскрыў папку з заяўкамі. Усе яны былі скрэмзаны запісамі.

Барыс Васільевіч адкашляўся. У яго хворае горла і голас часамі зусім садзіўся, гаварыць яму было цяжка.

— Я думаю, мы пачнём з таго, што выклікала шмат спрэчак, сумненняў.

Здалёк Андрэй убачыў сваю заяўку. Гэта была яна. Вечна ён піша на скамечанай паперы.

— Вы і самі здагадаліся, пра якую заяўку ідзе гаворка, — працягваў галоўны. — Аўтар яе Андрэй Жыліч.

Андрэй адчуў, як разгубленасць знікае, ён пачынае ўпершыню за некалькі дзён супакойвацца. Толькі рукі і ногі сталі цяжкія, ну проста чугунныя.

— Я думаю, варта паслухаць аўтара заяўкі, — сказаў Сапелаў.

Жыліч абдарыў яго пранізлівым позіркам спадылба. Гэты чалавек у велюравым касцюме, гладкі, быццам толькі што адмасіраваны, у сваім рэпертуары.

— Я, у прынцыпе, не супраць, — сказаў Андрэй, не чакаючы думкі галоўнага. — Але ўсё, мне здаецца, напісана ў заяўцы.

Ён устаў, машынальна засунуў правую руку ў кішэню, потым дакладна гэтак ж машынальна дастаў яе, заклаў рукі за спіну і пачаў крыху пагойдвацца. Яму заківалі галавой — трымайся, маўляў, — Супрунчук, яшчэ нехта з рэжысёраў і сцэнарыстаў, што сядзелі ўздоўж сцен, а Андрэй пакутліва думаў у гэтыя імгненні аб тым, якія ж аргументы падзейнічаюць на ўсю гэтую дасведчаную публіку. Але словы не прыходзілі, ці то ён завельмі шмат перадумаў аб будучым фільме, ці то прапанова Сапелава аказалася для яго нечаканай.

— Вы са мной згодзіцеся, калі гаварыць шчыра, што дакументальнае кіно зайшло ў тупік, — пачаў Андрэй.— Адкрыйце любую газету сёння. Вы знойдзеце амаль у кожным нумары востры праблемны артыкул, што кліча ўсіх нас на барацьбу з недахопамі, якіх так шмат яшчэ ў нашым жыцці. Які велізарны рэзананс выклікаюць такія артыкулы, якую велізарную колькасць пісьмаў чытачоў! А давайце ўспомнім, колькі пісьмаў атрымалі мы нават на самы лепшы, адораны ўсімі прызамі самавітых фестываляў фільм.

— Свае фільмы ты таксама маеш на ўвазе?

Андрэй нават не заўважыў, хто кінуў рэпліку. Ён працягваў:

— І свае таксама. Ніводнага ліста. Так, гэта вельмі добра, што мы пішам, як кажуць у нас, летапіс сучаснасці, ствараем партрэты лепшых нашых сучаснікаў, людзей будучыні, зноў жа, па-нашых уласных словах, на ўсіх сходах, ездзім на грандыёзныя будоўлі, услаўляем лётчыкаў, геолагаў, першапраходцаў і гэтак далей. Але дзе праблемы, нявырашанасць якіх хвалюе сёння кожнага чалавека ў краіне, дзе наша публіцыстыка на гэту тэму?! Няма яе пакуль што, таму што склаўся стэрэатып — дакументальнае кіно паказвае толькі дасягненні, станоўчых герояў, якія выглядаюць у нас іншы раз настолькі хадульнымі, што самі потым просяць радзей паказваць фільм. Мы лічым, што ставіць праблемы, гаварыць аб недахопах — гэта справа мастацкага кіно, мастацкай выдумкі. Няхай яны разважаюць, хвалююць грамадскую думку, а наша справа — працягваць старую выпрабаваную лінію.

Гаварыць Андрэю стала лёгка і проста, гэта ў яго так часта бывала, важна толькі ўзяць упэўнены старт.

— Пераварот у дакументальным кіно задумаў зрабіць, — паківаў галавой сцэнарыст Чучман.

— Мяфодзій Адамавіч, давайце абыдземся без гучных слоў, — спакойна адказаў яму Андрэй. — Вы самі добра разумееце, што нам пазарэз патрэбна серыя фільмаў праблемнага, востракрытычнага напрамку. Час гэтага патрабуе. Таму я і напісаў заяўку на тэму, якая кожнага хвалюе, не можа не хваляваць.

Андрэй сеў на месца.

— Хто хоча выказацца? — галоўны абвёў вачыма членаў рэдсавета.

— Калі можна, голас з месца. — Супрунчук рассек далонню паветра. — Тэма выдатная, патрэбная. Калі хочаце, называйце гэта пераваротам. Такі пераварот нам як паветра неабходны.

І ў гэты час узняўся з крэсла Сапелаў.

— Дазвольце мне, таварышы, некалькі слоў, — вельмі ціха, у сваёй манеры, пачаў ён. — Заяўка аднаго з нашых вядучых рэжысёраў Андрэя Жыліча, дакладней, прабачце, заяўкі, іх жа дзве, як заўсёды, цікавыя. Аб адной з заявак Андрэя Фёдаравіча, відавочна, і гаварыць сёння не след. Яна проста бясспрэчная. Які багаты жыццёвы матэрыял — нашы землякі, што ўзнімаюць практычна першае паўстанне на Кубе, якія цудоўныя матэрыялы ляжаць у аснове! У Андрэя Фёдаравіча хопіць і ўмення, і вопыту, каб зняць гэты фільм па свайму ўласнаму сцэнарыю. Мы гаворым сёння аб другой заяўцы, яна выклікала цэлую буру спрэчак у членаў рэдсавета напярэдадні абмеркавання, аб ёй шмат гавораць на студыі. Сапраўды, тэма незвычайная, нечаканая. Вы ведаеце, сам я, напрыклад, пражыў немалое жыццё, але аб падобных фактах не чуў. Гэта ж кашмар нейкі! — голас Сапелава пачаў набіраць сілу. — З падобнымі фактамі неабходна змагацца ўсімі сродкамі, але толькі не сродкамі мастацтва. Ёсць у нас неабходныя органы, няхай яны і займаюцца. Але выплёскваць на гледача, можа, недасведчанага, увесь гэты жах... Я проста не разумею, навошта гэта?!

— А вы ўпэўнены, што глядач разумее сэнс навукі, што ён не імкнецца да шмацця і лёгкіх грошай, што... — Андрэй, не стрымаўшы сябе, пачаў імкліва гаварыць з месца: — І ў фільме будуць іншыя людзі, больш моцныя па сваіх перакананнях.

— Андрэй Фёдаравіч, давайце не будзем перашкаджаць Анатолю Віктаравічу выказвацца.

— На самой справе, я вас, Фёдаравіч, не перапыняў, — Сапелаў прамовіў гэтыя словы ціха, зусім спакойна. — Я думаю, што можна абысціся без гэтага фільма.

Ён сеў на сваё месца. І тут здарылася нечаканае. Жана Міхайлёнак ускочыла з крэсла, як спружына.

— Я, таварышы, бачыла гэтых маладых людзей, задумацца над лёсам якіх хоча Андрэй Жыліч. Якія халодныя ў іх вочы! Гэта будзе вельмі добра, калі ім талкова, разумна скажуць аб сэнсе жыцця зусім іншыя людзі, калі ў фільме прагучаць вершы нашага выдатнага паэта Алеся Маркевіча. У мяне, Барыс Васільевіч, ёсць просьба. Няхай Андрэй прачытае вершы Маркевіча, напісаныя для фільма.

Галоўны ўсміхнуўся Андрэю:

— Я не супраць.

Андрэй дастаў з кішэні блакнот, нейкім не сваім, глухім голасам пачаў чытаць вершы Маркевіча, але потым голас быццам скінуў з сябе хрыпату і неразборлівасць, і ён заўважыў, якія ўважлівыя сталі твары, нават Сапелаў прыняў нейкую вельмі напружаную позу і нагадваў манумент.

Калі Андрэй скончыў, Супрунчук ускочыў з месца і заапладзіраваў, яго падтрымалі яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку і галоўны.

— Вельмі добрыя вершы, сапраўдная паэзія, — сказаў Барыс Васільевіч.

— На іх фоне пойдзе фільм.

Андрэй апусціўся ў крэсла. Ён адчуваў слабасць ва ўсім целе. Быў бы тут Алесь, усё прагучала б яшчэ мацней. І як гэта ён не змог угаварыць яго?

— Я дзвюма рукамі за будучы фільм. Ён абяцае быць вельмі незвычайным, — цяпер ужо спакойна прамовіла Жана Міхайлёнак, і Сапелаў амаль адвярнуўся ад яе.

— Упэўнены, што ў Дзяржкіно не падтрымаюць, — сказаў ён галоўнаму амаль абыякавым голасам.

Галоўны гаварыў коратка. На яго думку, Жыліч задумаў фільм незвычайны, складаны па тэме, трэба вельмі сур’ёзна папрацаваць над матэрыялам, абдумаць спосабы падачы матэрыялу, але ён, галоўны, упэўнены, што тэма гэта патрэбная і фільм сапраўды нікога не пакіне абыякавым. Таму ён прапануе заяўку адобрыць, фільм паставіць у план на першы квартал будучага года, няхай сам Жыліч падбярэ аператара, дырэктара, словам, арганізуе групу. Справа складаная, і людзі над фільмам павінны працаваць лепшыя.

Супрунчук падбег да Жыліча, з усяе сілы паціснуў яму руку: усё ў ажуры, ён дабіўся свайго — усе члены рэдсавета прагаласавалі за заяўку, нават Сапелаў вяла ўзняў угору руку, і цяпер ён, Андрэй, можа ездзіць на кані, на белым кані.

Потым абмяркоўвалі яшчэ заяўкі, і ўсё ішло гладка, бо Сапелаў, па словах Супрунчука, з’еў свой язык і цяпер толькі даваў шматзначныя парады для работы над будучымі сцэнарыямі, але рабіў гэта добразычліва, а Жана Міхайлёнак раптам рэзка выступіла супраць некалькіх даволі нядрэнных заявак, быццам не было нядаўняга пераўтварэння ў добрую фею.

Калі ўсё скончылася, Андрэй падышоў да яе ў студыйным калідоры.

— Я бяру свае словы назад, — сказаў ён. — Вас, жанчын, шчыра кажучы, вельмі цяжка зразумець. Асабліва ў тым выпадку, калі вы маеце больш чым мужчынскі розум. Я гэта зараз вельмі добра зразумеў.

Яна засмяялася, і Андрэй убачыў, што, аказваецца, ў яе прыгожая ўсмешка.

— Адкрыцці важна рабіць своечасова, — сказала Жана. — Я вас вельмі даўно адкрыла і ніколькі не шкадую аб гэтым. Але такая ўжо наша няўдзячная служба. Нас пазнаюць або позна, або ніколі.

Яна зноў засмяялася, і ў гэты момант Андрэя паклікалі да галоўнага.

Той прагна курыў, седзячы не за сваім сталом, а за сталом пасяджэнняў. Так ён звычайна адпачываў, седзячы адзінока за вялізным сталом, на якім не было ні тэлефонаў, ні папер.

— Як бачыш, усё прайшло даволі спакойна, — сказаў галоўны, калі Андрэй сеў насупраць яго. — Амаль бяскроўна, без траты нерваў. Люблю вось так працаваць, але гэта вельмі рэдка атрымліваецца ў нашай паважанай арганізацыі, дзе кожны сябе вельмі паважае і цэніць.

— А я сёння пачаў паважаць яшчэ аднаго чалавека, — сказаў Андрэй.

Галоўны ўскінуў бровы:

— Жану?! Ды гэта мілейшая і разумная жанчына.

— Ва ўсякім выпадку, і я, і іншыя зрабілі прыемнае адкрыццё. Аказваецца, Жана не заўсёды пяе ў адну дудку з Сапелавым.

Барыс Васільевіч усміхнуўся:

— Вы ўсе максімалісты. Сапелаў таксама не заўсёды памыляецца. Ён можа быць вельмі розным, але заўсёды разумным. Толькі я ніколі не магу зразумець, як жа ён думае... Але я цябе не для гэтага сюды паклікаў. Падыдзі да фільма па-сапраўднаму, творча. Разумееш, мне самому абрыдла падпісваць шэрыя сцэнарыі, ведаючы, што з іх атрымаюцца нядрэнныя, а можа, нават і на «пяцёрку», але звычайныя фільмы, якіх было дзесяткі тысяч да таго і будзе яшчэ больш. Мы фабрыка, гэта правільна, але прадукцыя наша не звычайная, яна адрозніваецца ад капелюшоў, станкоў і веласіпедаў. Але вось часта мы пра гэта забываем.

— Барыс Васільевіч, я ўсё зраблю нармальна. Адчуваю, што зраблю. Сцэнарый хутка будзе ў вас на стале. Але ў мяне ёсць адно пытанне. Помніце! Зімовая Алімпіяда, Лейк-Плэсід. Паездка, як гаворыцца, за свой кошт. Толькі вось плёнка...

— Думаю, знойдзем мы табе плёнку. Але што ты будзеш здымаць?

— Лічыце, што едзе аматар, але той, які дасць справаздачу за плёнку. Не ведаю як, але дам. Нешта ёсць у галаве, але пакуль расплывістае, зыбкае, так што не хачу даваць нейкія пэўныя абяцанні.

— Ну, добра, плёнку ў крайнім выпадку спішам. Толькі ўгавор адзін — з цябе праз месяц-паўтара выдатны сцэнарый.

— Патрэбна папера за вашым подпісам у міліцыю. Хачу з дзяўчынкамі — сваімі гераінямі — загадзя сустрэцца, паглядзець, так сказаць, натуру.

— Але, помніш, мы гаварылі — ніякіх партрэтаў, усе інтэрв’ю толькі за кадрам, — напомніў галоўны аб іх даўняй размове.

— Гэта ясна... Бацькі дый яны самі потым па судах зацягаюць. Я ўсё разумею.

Праз паўгадзіны на руках у яго была патрэбная папера: «Кінарэжысёру тав. Жылічу даручаецца...» і гэтак далей, а з такой паперай яго даўно чакаюць у міліцыі, якая абслугоўвае галоўныя гасцініцы.

Ён збіраўся ўжо выйсці са студыі, але зусім забыў пра званок Алесю Маркевічу. Той яўна чакае, ён жа абяцаў пазваніць адразу пасля рэдсавета.

Андрэй набраў нумар, пачуў у трубцы Алесеў голас і амаль пракрычаў:

— Ты геніяльны паэт, калі цябе прызналі нават у кіно, значыць, ты і сапраўды геніяльны.

— Нават калі ты ўжо выпіў, то спыніся, — незадаволена прарыпеў Алесь. — Гавары пра ўсё па парадку.

— Абмеркаванне было нармальным, хацеў той-сёй мяне прырэзаць на месцы, але твае вершы зрабілі сваю справу. Так што ўсё ў поўным парадку. Ты ды я таксама, што немалаважна, можам хоць заўтра заключыць дагаворы, і кішэні нашы крыху папоўняцца.

— Гэта някепска, — сказаў Алесь. — Я адчуваю сябе няважна. Сямейная мітусня апрача душэўных пакут з’ела ўсе грошы. У мяне ёсць тут адно месцейка, як бы табе сказаць... Мы можам заехаць да адзінокай жанчыны — музычнага крытыка з тэлебачання. Добры дом, спакойная гаспадыня, утульна... Словам, можна адпачнуць вельмі прыстойна. А да цябе... Ну, чаго я буду бадзяцца, як бяздомны, па вашых сем’ях?

Андрэй быў проста ашаломлены:

— Яшчэ нядаўна ты начаваў дзе прыйдзецца, скардзіўся на жыццё, а цяпер вось, аказваецца, утульная кватэра, жанчына, музычны крытык і ўсё такое іншае...

— Табе не зразумець, жыццё наша хуткаплыннае, у ім шмат нечаканага, і вось у адзін з жыццёвых момантаў я выпадкова трапіў у гэты дом, нават, уяві сабе, чытаў там вершы ў нейкай кампаніі. Кампанія засталася мной быццам бы задаволенай, а я застаўся да яе абыякавым, але вось гэтая жанчына запрасіла мяне заходзіць у госці, пакінула тэлефон, а ўчора сама пазваніла і сёння вось чакае.

— Чакае як паэта, — пачаў быў Андрэй, ды Алесь яго перапыніў, сказаўшы, што гэта, наогул, выпадковае знаёмства, без намёкаў і ўздыханняў, проста госці — вось і ўсё. Адзін ён, безумоўна, туды не пойдзе. Разам яны могуць правесці цудоўна вечар, ён знойдзе сабе прытулак і душэўны спакой, а Андрэй адпачне ад рэдсавета і сям’і.

— Тады давай і Пашука возьмем, — прапанаваў Андрэй. — Потым у мяне будзе поўны завал, трэба здаваць сцэнарый за сцэнарыем, ехаць на здымкі...

— Я цябе зразумеў, — сказаў Алесь. — Тым больш мне да яго спаць ісці. А жанчына нас усіх будзе чакаць, яна вельмі гасцінная, сам убачыш.

Яны прайшлі ў стары, са сваімі асаблівымі, як ва ўсіх старых дамах, пахамі, пад’езд, на старым, але надзейным ліфце падняліся на восьмы паверх і апынуліся перад нязвыкла высокімі дзвярыма. За імі смажылася ці тушылася мяса. Андрэй толькі цяпер успомніў, што нічога не еў.

На парозе з’явілася невысокая жанчына з дробнымі рысамі твару. На ім выдзяляліся вялікія вочы, у якіх было напісана здзіўленне. Вядома, Алесь яе не папярэдзіў, што прыедзе не адзін. Андрэй гэту жанчыну адразу пазнаў — некалькі разоў ён бачыў яе па тэлебачанні. Святлана гаварыла, што яна вельмі добра ведае музыку і слухаць яе адно задавальненне.

— Вы не здзіўляйцеся, — сказаў Андрэй, ставячы сумку на падлогу. — Гэта ён нас яшчэ мала сабраў. Магло быць і горш...

— Што вы, што вы, я заўсёды рада гасцям, — сказала жанчына, як здалося Андрэю, вельмі шчыра.

Толькі цяпер ён заўважыў, што ёй крыху больш за трыццаць і яе вялікія вочы ці то вельмі стомленыя, ці то сумныя.

— Гэта, Надзечка, мае сябры, лепшыя сябры. Вось Андрэй Жыліч, амаль твой калега, толькі кіношнік, а гэта наш хатні доктар Слава Пашук.

— Я бачыла амаль усе вашы фільмы, — сказала Надзя Андрэю. — Мая сяброўка рабіла пра вас перадачу.

— Вельмі прыемна. І я таксама бачыў вас на тэлеэкране. Мая жонка ад вас у захапленні, не прапускае ні адной перадачы.

Алесь уздыхнуў:

— Зноў мафія, зноў усе свае людзі. Я думаў, што знаёмлю вас. У гэтым горадзе, як і ў маёй роднай вёсцы, усе адзін аднаго ведаюць, нікуды не дзенешся ад знаёмых, нікуды не ўцячэш.

Сапраўды, і Пашук і Андрэй адчулі сябе так, быццам бывалі тут неаднойчы і Надзю ведаюць вельмі даўно. Зніклі ўсе трывогі, што трэба будзе выдумляць нейкія фразы, каб па крайняй меры не выглядаць дурнямі, а затым і больш таго, весці розныя пустыя размовы.

Надзя парэзала каўбасу, сыр, сказала, што ў яе яшчэ смажацца шашлыкі, праўда, яна не ведае, якія яны будуць, мяса даволі цвёрдае.

Пашук устаў і абвясціў, як заўсёды, доўгі тост за сваіх сяброў, за іх майстэрства, якое павінна ўзрушыць і, безумоўна, узрушыць чалавецтва, таму што яны не могуць, не маюць права не быць вялікімі, калі ёсць у актыве такі лекар, як ён, Слаўка Пашук, а яшчэ ён сказаў, што яму і Андрэю вельмі прыемна быць у доме, дзе пасялілася сама дабрата, прыгажосць і ветлівасць.

Алесь уздыхнуў, сказаў, што каму-каму, а Слаўку Пашуку трэба было б пісаць вершы, а не рэзаць людзей, а яму браць скальпель у рукі.

Пашук пачаў расказваць самыя неверагодныя гісторыі са сваёй практыкі, перамешваючы іх парадамі ўрача літаральна на ўсе выпадкі жыцця — як засцерагчыся ад паўнаты, ад гіпертаніі, расстройства страўніка, пры гэтым еў шашлык за шашлыком.

Алесь сказаў, што, калі сябруеш з такімі ўрачамі, хочацца жыць і жыць, і, галоўнае, пачынаеш не баяцца за сябе, а на самой справе верыш ва ўласную бессмяротнасць. Надзя смяялася, заводзячы іх яшчэ больш на жарты і каламбуры.

Яны пілі каву, потым Маркевіч прачытаў тое-сёе з яшчэ неапублікаванай лірыкі, усе ўважліва слухалі радкі аб дрэве, да якога вяртаецца паэт пастаяць, успомніць пах скошаных траў, родныя гукі...

Пашук доўга потым трос Алесевы рукі, Андрэй сказаў, што Алесю належыць больш працаваць, ён дасягнуў вяршыні, і цяпер трэба чапляцца за яе ўсімі сіламі, не даючы сабе паблажкі, каб не спаўзці ўніз... Алесь усміхнуўся, глядзеў на Надзю і гаварыў:

— Можа, і ўтрымаюся, можа, і не спаўзу. Чамусьці ёсць у мяне такая ўпэўненасць, і ад яе становіцца хораша на сэрцы, забываеш пра ўсе жыццёвыя калдобіны.

Надзя лічыла, што Алесю трэба абавязкова пісаць песні, у яго вершах ёсць тая меладычнасць, якая так і просіцца стаць музыкай, толькі трэба звязацца з сапраўдным кампазітарам, а сярод маладых ёсць вельмі цікавыя хлопцы і яна можа пазнаёміць яго з імі.

— Дык ён прывёў нас сюды дзеля сваёй карысці, — засмяяўся Пашук. — Новы творчы альянс.

— Не звяртайце на яго ўвагі, — сказаў Маркевіч Надзі, — у час аперацый ён маўчыць, а вось тут...

Перапалка працягвалася б і далей, калі б Андрэй не глянуў на гадзіннік, — палова першай, ён нават не пазваніў Святлане, не сказаў, як прайшло абмеркаванне, і яна, безумоўна, хвалюецца, бегае па пакоі раздражненая, а гэта недапушчальна пасля таго, як паміж імі быццам бы пачалі наладжвацца адносіны.

Яны развіталіся з Надзяй, ля парога Алесь спыніўся, сказаў ім, каб яны ішлі, а ён яшчэ крыху пасядзіць з Надзяй, калі яна, вядомая справа, не супраць, яму спяшацца няма куды, дый наогул няма куды ісці.

— Ведаеш, — сказаў Пашук на вуліцы, — ён доўга не выйдзе адтуль, калі, наогул, выйдзе калі-небудзь.

— А мне здаецца, што ён ужо даўно жыве там, — адказаў Андрэй. — І мы былі ў гасцях не толькі ў Надзі, але і ў Алеся таксама.

 

9

Жыццё Шэрага было бязвоблачным. Ён дакладна ведаў, што чакае яго наперадзе, разумеў, што гэта само па сабе не прыйдзе, і таму трэба сядзець над падручнікамі, сядзець, не разгінаючы спіны, але затое потым у яго будзе неблагое жыццё, а не гібенне ў якой-небудзь канторы. На ўроках Шэры адчуваў сябе, як на трэніроўцы па каратэ, ён нагадваў сціснутую спружыну, гатовую заўсёды выпрастацца хутка, без прамаруджвання — даць дакладны адказ, імгненна рашыць задачу, без адзінай памылкі напісаць конкурснае сачыненне на вольную тэму аб месцы і прызванні чалавека ў жыцці, паразважаць аб няўдалым жыцці Кацярыны з «Навальніцы»... . Ён заўзята, амаль з ахвотай працаваў у час практыкі на заводзе, не адмаўляўся выступаць на школьнай сцэне ў самых розных ролях, і Жорж здзіўляўся: «Ты, Шэры, як завадны!» Шэры абурана гаварыў, што Жоржу трэба сур’ёзна займацца сваёй тупой галавой, калі ён не хоча, каб яго ўсё жыццё штурхалі і ён пражыў нейкія няшчасныя сорак гадоў дарослага жыцця як апошні плебей. Ён дапамагаў Жоржу рашаць задачкі, пісаў за яго сачыненні, але рабіў гэта непрыкметна, — на ўсякі непрадбачаны выпадак, ніхто не павінен ведаць аб іх дружбе. Азмрочваў жыццё Шэрага толькі адзін чалавек у класе. Звалі яго Сеня Бесчацвяртных. На грамадскай рабоце са скуры вылузваўся, як здавалася Шэраму, а наогул быў чалавекам з даволі сярэднімі здольнасцямі, але браў усё ўпартай працай, а так перабіваўся б, як Жорж, з троек на чацвёркі. Сенькавы бацькі былі нейкімі дробнымі людзьмі, гэта было напісана на ягоным твары, пакрытым прышчамі з-за авітамінозу, і, вядома, па шмотках. Ну, ды добра, няхай бы жыў сабе гэты хлопец, яму, Шэраму, напляваць на яго, як і на ўсіх астатніх, вось толькі сам ён да Шэрага неабыякавы. Ён глядзеў на яго ўвесь час калючымі вачамі, як здавалася Шэраму, стараўся зачапіць яго, але рабіў гэта груба, няўклюдна. Шэры прыгожа і тонка парыраваў усе яго выпады і наогул рабіў выгляд, што яго гэта зусім не хвалюе. Неяк на камсамольскім сходзе, на парадку дня якога стаяла пытанне аб выхаванні сацыяльна актыўнай асобы, Бесчацвяртных пачаў мямліць аб тым, што не ўсе актывісты працуюць шчыра, многія гэта робяць для галачкі, але зусім абыякавыя да справы, яны стараюцца ўсюды і ва ўсім быць наперадзе, але не з-за карысці справы, а з-за асабістага славалюбства, дзеля таго, каб атрымаць у школе добрую характарыстыку, якая дапаможа ім жыць далей.

Ён бы і яшчэ гаварыў, але Лена Салаўёва, з якой Шэры іграў разам у тэатры Мамы, — як называлі ў класе Алену Аляксандраўну Жыліч, — не вытрымала, ускочыла і з месца крыкнула:

— Гэта чыстай вады дэмагогія, хацелася б пачуць канкрэтныя прозвішчы...

Бесчацвяртных вокам не міргнуў:

— Канкрэтныя прозвішчы? Калі ласка. Я, напрыклад, маю на ўвазе Сяргея Сапелава.

Па класе прайшоў шум.

Нехта, здаецца, Лёнька Зайцаў, што сядзеў вечна на задняй парце, нават прысвіснуў:

— Па-мойму, Бесчацвяртному выдзелілі дэтэктар ілжы, ён залез з ім у душу Сапелава, у звіліны яго мозга, усё разгледзеў і вось цяпер знаёміць нас са сваімі сенсацыйнымі адкрыццямі.

Тут і Жорж, які звычайна маўчаў як рыба, падаў голас:

— Калі круглых выдатнікаў пачнуць разбіраць на сходах, дык што рабіць іншым, звычайным людзям?!

І зноў наступіла поўная цішыня. Бесчацвяртных стаяў і азіраў клас.

— Я лічу, што такога чалавека, як Сяргей Сапелаў, нельга назваць сацыяльна актыўнай асобай. Ён сам вельмі добра можа напісаць пра тое сачыненне, сказаць прыгожа. Але гэтага мала. Помніце, на камсамольскім сходзе мы даручылі яму шэфстваваць усё над тым жа Зайцавым, калі ў яго паласой пайшлі двойкі. Дапамог ён яму? Не, не дапамог, ён адбіваўся ад гэтага даручэння ўсімі сіламі, потым даваў спісваць Зайцаву заданні па ўсіх прадметах, і на гэтым справа скончылася.

— Чаго ты да мяне прычапіўся?! — абурыўся Лёнька Зайцаў. — Не трэба мне шэфаў, я апошні год і так вытрымаю, ды і летась таксама як-небудзь дабіў без тваёй дапамогі. Шэфы... Я звычайны, практычна сярэднестатыстычны вучань. У інстытут не палезу, у мяне іншыя планы, а пра гэта ўсім гавару і Сапелаву таксама сказаў.

— А калі ўспомніць леташні год, дзевяты клас, — працягваў Бесчацвяртных. — Перад Днём Перамогі мы вырашылі спачатку павіншаваць ветэранаў, пайсці да іх дамоў, а потым убачылі — мала гэтага, трэба ім дапамагаць пастаянна, падтрымліваць і добрым словам, і дапамагаць не толькі на святы, а ўвесь час.

Шэры адчуваў, як наліваюцца крывёй мышцы правай рукі, як нямеюць выпрастаныя пальцы. Як бы ўрэзаў ён зараз Бесчацвяртному...

— Сапелаў першы выступіў на сходзе, гаварыў, што справа гэта важная, патрэбная, а да свайго ветэрана схадзіў усяго два-тры разы. І ўсё на гэтым. Вось яго паказная актыўнасць!

Бесчацвяртных закончыў гаварыць і сеў за парту. Цішыню перапыніла Лена Салаўёва, яна гаварыла, што яны наогул не юныя цімураўцы, каб днямі бегаць па кватэрах ветэранаў, у якіх ёсць уласныя ўнукі, дзеці, пляменнікі, і што ўся гэта задума з самага пачатку была асуджана на правал, а падтрымаў яе Сапелаў з добрых, як, дарэчы, і ўсе, пачуццяў.

Пачалася нейкая незразумелая перапалка — адны гаварылі, што для сацыяльна актыўнай асобы пералічанага мала, трэба яшчэ нешта іншае, і тут Бесчацвяртных мае рацыю, іншыя толькі яго падтрымлівалі, але лічылі, што аб’ект для праборкі выбраны ім няправільна, ёсць людзі, якія і не вучацца, і ў грамадскім жыцці не ўдзельнічаюць, яны абыякавыя да ўсяго, трэція намякалі, што Сяргей Сапелаў часта заняты толькі сваёй персонай, але ўсё ж з яго можна браць прыклад.

На сходзе прысутнічала Алена Аляксандраўна, яна з цікавасцю слухала, думала пра тое, што наўрад ці з іх атрымаюцца абыякавыя людзі, яны амаль ужо дарослыя, і іх можна спакойна выпускаць у вялікае жыццё. У канцы яна ўзяла слова, а Шэры раптам спахапіўся, што не выступіў сам і не даў па зубах гэтаму зайздросліваму плебею Бесчацвяртных, але ўсё, у прынцыпе, нармальна, ад яго персоны ўрэшце адсталі, і ён не думае, каб Мама была згодна з яго праціўнікамі.

Алена Аляксандраўна гаварыла пра тое, што сход прайшоў вельмі добра, тэма ні аднаго чалавека не пакінула абыякавым. Толькі сацыяльна актыўны чалавек можа па-сапраўднаму, з адкрытай душой і стараннасцю будаваць новае грамадства. Яна падтрымлівае думкі добрага чалавека і вучня Сені Бесчацвяртных, але вось з аб’ектам для крытыкі ён паспяшаўся, не прадумаў да канца свае словы. Так, сапраўды, Сяргей Сапелаў за ўсё бярэцца з ахвотай, але, бывае, нешта не даводзіць да канца, толькі ў гэтым невялікая, у прынцыпе, бяда, ён жа так многа паспявае — вучыцца выдатна, выступае з артыкуламі ў школьнай насценнай газеце, ім задаволены на заводзе, ён добры спартсмен і, калі захоча, можа стаць акцёрам. Сёння, — лічыць яна, — трэба гаварыць аб іншых, якія не пазбаўлены здольнасцей, але вучацца нават на самым завяршальным, галоўным этапе, якім з’яўляецца дзесяты клас, дрэнна.

Узнікае пытанне, якімі яны прыйдуць у рабочыя калектывы, у інстытуцкія аўдыторыі дый наогул — у вялікае жыццё!

Шэры адчуваў, як на душы ў яго становіцца цяплей. Мама ўсё расставіла на свае месцы, і Бесчацвяртных у выніку аказаўся не ў лепшым становішчы, а аўтарытэт яго ў класе яшчэ больш умацаваўся. Жорж глядзеў на яго ўлюбёнымі вачамі. Верны, але крыху дурнаваты чалавек, над такім колькі ні шэфствуй, нічога не выйдзе, няма ў галаве цара — і ўсё. Лена Салаўёва таксама ўсміхаецца Шэраму, яна ўсё ж вельмі прыгожая, і фігура ў яе проста шыкоўная. Але зараз Шэры абыякавы да яе.

Вось потым, пасля таго як празвініць доўгачаканы апошні званок, яны змогуць сустрэцца з ёю, вядома, на кароткі час, на імгненне, каб у яе не ўзнікала ніякіх ілюзій.

Пасля сходу ўсё сціхла, усё стала на свае месцы, толькі Шэры не вітаўся з Бесчацвяртных. Жорж прапанаваў падпільнаваць яго ў цёмным кутку, але Шэры толькі пасмяяўся; ён, Жорж, сапраўдны асёл, рызыкаваць з-за такой дробязі — гэта наіўна і недарэчна. Шэры лічыў, што з такімі, як Бесчацвяртных, разлічыцца само жыццё, паставіць яго на сваё месца...

Шэры і Жорж займаліся каратэ, іх хваліў трэнер, ён гаварыў, што па майстэрству абодва набліжаюцца да таго самага рангу каратэ, калі можна надзяваць на сябе пояс першага дана. Шэры з радасцю заўважаў, як цела яго робіцца ўсё больш гнуткае, удары становяцца амаль аўтаматычныя. Ён нагадваў самому сабе аўтамат, калі рухі настолькі дакладныя, што абганяюць каманды з мозга. Бацька пачаў адносіцца да Шэрага з павагай. Неяк ён прыкаціў на абед, што здаралася вельмі рэдка, яны побач сядзелі ў кухні і сёрбалі расольнік. Стары доўга, уважліва паглядзеў на сына, потым сказаў:

— Ты становішся сапраўдным малайцом.

Жорж зайшоў неяк з кампаніяй (Шэры тады наадрэз адмовіўся ісці, трэба было зубрыць англійскую мову) у бар і зноў убачыў там старога з яго цыбатай дзяўчынай. Жорж зноў заўздыхаў: маўляў, якая яна шыкоўная, увесь бар на яе вылуплівае вочы, а стары — канспіратар — сядзеў не побач з ёю, а крыху воддаль. Жорж чакаў, што да цыбатай пачнуць чапляцца хлопцы, але гэтага не здарылася, відавочна, таму, што яна была на гэты раз проста неверагодна прыгожая, ні ў кога смеласці не хапіла падысці да яе, і развязкі, пры якой ён, Жорж, мог бы прыйсці на дапамогу старому, так і не было. А пайшлі яны разам. Шэры ўспомніў, што той раз бацька прыбыў дамоў толькі на золку.

— А так бы твой дзядуля быў у нас вось тут, — уздыхнуў Жорж. — Мяне ён любіў бы, як роднага сына, даваў бы грошы. Уяўляеш, чапляюцца да яго козачкі, а тут я — раз, два — і ляжыць некалькі здаравякоў без прыкмет жыцця. Кланяюся твайму бацюню і гавару: прывітанне, маўляў, ад сыночка, гэта ён мяне прыставіў да вас у якасці асабістай аховы.

— Ёлупень! Не памятаеш угавору — ніякіх боек, — закрычаў на яго Шэры. — Захацеў усіх заваліць і трэнера ў тым ліку.

Жорж таксама абурыўся:

— Дык гэта ж жарт! Я проста збоку паглядзеў бы, як твайму татачку начысцілі б фізіяномію. А потым бы данёс яго да роднага парога.

Шэры засмяяўся:

— Вось гэта ўжо іншая размова. У яго, бедалагі, здароўе не вельмі добрае. А адносіны да сябе, як у старажытных: жыву, маўляў, і дзякуй богу, сэрцайка вытрымае. А яго трэба трэніраваць.

— Уся справа ў трэніроўках, — сказаў Шэры бацьку. — Табе таксама не шкодзіла б заняцца здароўем. Колер твару кепскі, жывот неблагі, і гэта пры тваім амаль юнацкім узросце...

Бацька ўважліва паглядзеў на Шэрага, нібыта чакаючы працягу фразы. У бары ён паспеў заўважыць непрыемную фізіяномію сынавага сябра, але той быццам бы нічога не бачыў. І ўсюды цягаецца гэтая шпана, дый сам горад нагадвае вёску, у якой, куды ні зазірні, нарвешся на знаёмых.

— Так, здароўем трэба заняцца. Думаю пачаць ранішнія прабежкі, але спачатку зайду да ўрача. Трэба параіцца... А то многія бегуны ўжо аддалі богу душу. А пры маёй шалёнай рабоце — рэдсаветы, нарады, сцэнарыі...

Ён адсунуў ежу, апетыту не было.

— Табе патрэбны грошы? — спытаў ён нечакана ў Шэрага.

— Усякаму нармальнаму чалавеку не шкодзіць мець у кішэні некалькі чырвонцаў.

Бацька падаў Шэраму некалькі паперак.

— Толькі не дурэй. У цябе наогул мазгі на месцы, і я не хацеў бы, каб ты звіхнуўся. Зразумей, мы, мужчыны, заўсёды павінны мець галаву на плячах.

— Я ўсё разумею, тата, — Шэры сказаў гэта з такой цеплынёй, што бацька паглядзеў на яго са здзіўленнем.

 

Праз некалькі дзён у Шэрага пачаліся адны непрыемнасці. А палове дванаццатай, калі ён паляжаў ужо ў ванне пасля трэніроўкі і цяпер у махровым халаце сядзеў перад магнітафонам, слухаючы англійскую мову, да яго ўварваўся Жорж. У яго быў такі выгляд, што маці Шэрага ўстрывожана зазірнула ў ягоны пакой.

— Да цябе Глеб.

Шэры выключыў магнітафон.

— Глеб? У такі час?!

Жорж убег да яго бледны, з вытрашчанымі вачамі.

Абодва пачакалі, пакуль маці Шэрага зачыніць дзверы. Праз некалькі секунд Шэры тузануў на сябе дзверы. Дзіўна, але маці за імі не аказалася.

— Бяда, — сказаў Жорж. — Ты памятаеш гэтых дзвюх у кафэ?

— Помню. Неяк хацелася б яшчэ іх убачыць, — адказаў Шэры.

— Убачыць, убачыць!

Жорж расказаў: ён па дурасці даў дзяўчыне, што была з ім да раніцы, тэлефон, прайшло некалькі дзён, і пачуўся званок. Званіла яе маці.

— Што, гэта дурніца замуж за цябе захацела?

— Якое замуж?! Помніш, плакала яна: ах, ноч не начавала дома, ах, уляціць ад бацькоў. Бацька прамаўчаў, а потым усё маці выклаў, калі тая з водпуску прыкаціла. Маці допыт ёй учыніла: дзе была, з кім была, што рабіла? Гэта дурніца і выдала маці мой тэлефон, тая і пазваніла маёй, заўтра ў іх сустрэча на нейтральнай зямлі.

— Дурань, ты яшчэ жартуеш! — Да Шэрага нарэшце дайшла сур’ёзнасць усяго, што адбываецца. — На якога д’ябла ты ёй свой тэлефон даваў?

— Сам не разумею, як гэта выйшла, — апусціў галаву Жорж.

— Урэзаць бы табе зараз, ды гэта не дапаможа. Усё роўна ўліплі.

Шэры ўявіў: сустрэнуцца маці, пачнуцца пытанні, допыты, можна, безумоўна, прыкінуцца ідыётамі — слухалі музыку, гаварылі аб літаратуры і ўсё такое іншае...

— А сама гэта дурніца табе не званіла? — спытаў Шэры.

— Не званіла. Як скрозь зямлю правалілася, — сказаў Жорж. — Я таксама яе нумар быццам бы запісваў, але не магу знайсці.

Кроў кінулася Шэраму ў галаву.

— Звязаўся я з табой, ідыёт! — прашыпеў ён, паглядаючы на дзверы. — Ты ўяўляеш, што цяпер можа быць?

— Уяўляю. Але табе што, я нікому і ніколі не скажу, з кім я быў, павер, нікому і ніколі!

Шэраму здалося, што Жорж вось-вось заплача.

— Ды не ў гэтым жа соль. Ты думаеш, я адразу толькі пра сябе падумаў? Наслухаўся Бесчацвяртных, — спакойна пачаў гаварыць Шэры. — Абодвум нам канец можа быць. У дзяўчат жа вочы ёсць. Пазнаць нас могуць адразу ж. Нам зараз важна адно — усё адмаўляць. Нічога не было, пасядзелі ў кафэ, потым паслухалі музыку і разышліся. Мы не маленькія, можам дазволіць сабе такія невялікія свавольствы. Ну, паўшчувайце нас, мы больш не будзем. Толькі б дзяўчаты нічога больш не шапнулі...

— А ім які рэзон?! Будуць маўчаць як мышы, калі, ясная справа, не дурныя. А калі і скажуць, то з нас слова не выцягнеш, — Жорж крыху супакоіўся.

— Са старыканамі нашымі будзе поўны парадак, толькі б іх бацькі ў школу не пабеглі. Там усё можа быць куды горш.

— Так, — згадзіўся Жорж. — Старыя даўно ўжо не дзеці і разумеюць — не анёлы мы, вусы растуць...

Жорж пайшоў далёка за поўнач, і Шэры доўга не мог заснуць. Ён глядзеў у цемру шырока расплюшчанымі вачыма і думаў, чым закончыцца для яго заўтрашні дзень, унутрана праклінаў сябе і даваў слова, што такога недарэчнага зрыву ў яго больш не будзе, інакш не бачыць яму інстытута міжнародных зносін як сваіх вушэй, і гібець яму ў гэтым гарадку, і баяцца да канца жыцця, што заўважаць цябе ў якім-небудзь шынку з цыбатай дзяўчынай, як баіцца гэтага яго наогул нядрэнны бацька, інакш усё жыццё яму лічыць капейкі і насіць да труны «хуткаходы вытворчасці мясцовай фабрыкі замест «саламандры».

Назаўтра абодва выглядалі на ўроках разгубленымі. Шэры бясконца глядзеў на гадзіннік. Кожны ўрок цягнуўся вечнасць. Жорж сказаў, што маці яго сустракаецца з нязванай госцяй у дзесяць гадзін на Цэнтральнай плошчы, настрой у маці горш не можа быць, хоць Жорж стараўся з усіх сіл, нават спрабаваў смяяцца, маўляў, глупства ўсё гэта, і «гнуў» прыдуманую версію аб музыцы, гутарках аб літаратуры і іншых высокіх матэрыях. Пасля ўрока Шэры пайшоў дамоў разам з Жоржам, ля пад’езда сказаў яму:

— Чакаю цябе ў скверы. Пастарайся вярнуцца хутчэй, матор проста з грудзей выскоквае.

Жорж кіўнуў і падаўся ў пад’езд.

Ён сеў на лаўку ў скверы насупраць Жоржавага дома. Міма праходзілі нейкія людзі, выгляд якіх сёння асабліва раздражняў Шэрага. Жоржа не было хвілін дваццаць, потым ён паказаўся ў канцы алеі і, убачыўшы Шэрага, пабег яму насустрач. Спачатку ў Шэрага нешта ёкнула, але потым па Жоржавым твары ён зразумеў, што ўсё ў парадку. Сябраў твар блішчэў ад поту, ён увесь быў у плямах, але вочы радасна ззялі.

— Ну і далі мне старыя чосу! — выдыхнуў ён.

— Ты пра галоўнае давай! — нецярпліва перабіў яго Шэры.

— Амаль усё ў норме. Дзяўчаты не прадалі ні нас, ні сябе. Аказваецца, бацька раніцой знайшоў у яе мой тэлефон, але пакінуў яго для мамачкі. Дзяўчына сказала, што ноч амаль праседзела ў мяне, была яшчэ яе сяброўка, мой сябар, мы слухалі музыку, танцавалі крыху...

— Аб танцах, вядома, дарэмна, — раздражнёна сказаў Шэры.

— Ну, не я ж яе інструктаваў, сам разумееш. Яе мамачка пачала распытваць, ці расказваў я аб ёй калі-небудзь сваім, каб высветліць, ці даўно мы сустракаемся. Мая адказала, што не сустракаліся ніколі, проста так, сяброўская сустрэча падлеткаў, якіх не варта на лета пакідаць адных у свабодных ад бацькоў кватэрах, а трэба адпраўляць у лагеры старшакласнікаў ці забіраць з сабой на поўдзень. Яны абедзве страшэнна ўзрадаваліся, што мы сур’ёзна не сустракаемся, і разышліся спакойна.

Шэры зарагатаў на ўвесь сквер...

— Уяўляеш, нічога сур’ёзнага! — ніякіх сустрэч, і бывай, ніякага табе кахання, чыстага, юнацкага. І ўсе задаволены...

— Я трымаўся як бог! — горда сказаў Жорж. — А ты мандражыраваў.

— Ты цудоўны хлопец, Жорж, — сказаў Шэры, адчуваючы, як нябачны цяжар звальваецца літаральна з кожнай мышцы. — Мы пазбеглі дрэннай гісторыі, добра, што ты не разумееш, наколькі кепскай. Гэту справу мы з табой павінны адзначыць.

 

10

Ужо ў верасні пажоўкла лісце ў парку, што раскінуўся на беразе возера, ішлі бясконцыя дажджы, вада ў возеры выйшла на пляжы і была медна-бурага колеру.

Алена Аляксандраўна, нягледзячы на занятасць, старалася хадзіць дамоў са школы пешшу. Яна ўжо асвоіла маршрут да новай кватэры, прагулка займала мінут сорак — сорак пяць, пасля яе добра дыхалася. Кватэра аказалася халоднай, вецер дзьмуў з нейкіх нябачных шчылін, і яна пазваніла Андрэю. Той прыехаў вечарам, сказаў, што вельмі многа работы, амаль не вылазіць з-за стала, але затое работа цікавая, зімою ён здасць два сцэнарыі дакументальных фільмаў і, магчыма, закончыць сцэнарый мастацкага фільма.

Ён некалькі гадзін шпакляваў, заклейваў вокны, адрамантаваў кран у ваннай і выключальнік, а Алена Аляксандраўна расказвала пра школьныя справы. Усё ж яна не памылілася ў дырэктару школы. Міхаіл Іпалітавіч аказаўся даволі мужным чалавекам, з тых сучасных спецыялістаў, якіх Андрэй заўсёды з павагай называў тэхнакратамі. Ён прабіў усё ў райана, як гэта яму ні было цяжка, каб яна вяла ўрокі, не ставячы адзнак у дзевятым класе. Вынікі з першых дзён былі неблагія, нават апошніх троечнікаў раптам заела самалюбства, і яны пачалі працаваць як след, сорамна ж, напрыклад, маўчаць перад цэлым класам, не падрыхтаваўшы ўрока, — адзнакі ўсё роўна не будзе.

— А можа, ты перабольшваеш? — спытаў Андрэй з недаверам. — Калі няма адзнакі, дык і вучыць не варта. Двойкі ж усё роўна не будзе. Я, напрыклад, падручнік нават не ўзяў бы ў рукі.

— Дык жа адзнака будзе выстаўлена, але па выніках чвэрці, разумееш, а на працягу ўсяго часу я толькі буду рабіць паметкі ў сябе...

— І навошта табе ўсё гэта, хутка ўжо на адпачынак.

Алена Аляксандраўна абурылася:

— А да адпачынку ты рэкамендуеш мне сядзець склаўшы рукі? Ідзе ж рэформа школы. Няхай я ўнясу ў яе хоць кроплю.

Яны пілі чай і чакалі Кацю. Яна займалася ў другую змену. Андрэй гаварыў, што гэта вельмі нязручна, усё пераблыталася: і трэніроўкі, і заняткі ў музычнай школе. Карацей, поўная неразбярыха з рэжымам.

Алена Аляксандраўна паглядзела на гадзіннік.

— Можа, ты б сустрэў яе на машыне? Я хвалююся, як яна дабярэцца?

— Не хвалюйся, — сказаў сын. — Чалавек яна вельмі ўжо самастойны. Уся ў мяне.

Ён сам чакаў дачку вечарамі з нецярплівасцю. Раніцай яны разам рабілі зарадку, потым разыходзіліся па пакоях, садзіліся за пісьмовыя сталы, Андрэй толькі чуў, як хмыкае яна, калі нешта не выходзіць, потым дачка рабіла перапынак, прыбягала да яго, садзілася, быццам маленькая, на калені. З яе прыездам з лагера настаў нейкі поўны спакой, Святлана нарэшце супакоілася.

Неўзабаве ў дзверы настойліва пазванілі. Убегла Кацька, прамоклая пад дажджом, шчаслівая.

— Я дзве пяцёркі атрымала, — сказала яна яшчэ з парога.

Алена Аляксандраўна паставіла на стол пірог з яблыкамі. Вось чым так смачна пахла з кухні. Кацька ела пірог, расказвала пра свае школьныя справы, пра тое, што запісалася ў драматычны гурток і секцыю малявання.

Андрэй пасмяяўся:

— Ты ўсюды хочаш паспець, як твая бабуля.

І тут Алена Аляксандраўна спахапілася, яна зусім забылася, ёй званілі з тэлебачання і прасілі выступіць у сувязі з пачаткам новага навучальнага года, паразважаць над нявырашанымі праблемамі працоўнага выхавання старшакласнікаў. Яна, безумоўна, выкарыстае сваё выступленне на жнівеньскай нарадзе настаўнікаў, але гэтага мала, усё ж праграма, у якой ёй прапанавана выступіць, называецца «Публіцыст», і падвесці тут проста няёмка. Да таго ж перадача пойдзе напярэдадні праграмы «Час», практычна яе ўбачаць усе, і яна не хоча выглядаць смешнай.

— Усё зразумела, — уздыхнуў Андрэй. — Разумею, навошта табе спатрэбіўся сантэхнік і майстар па кітаванню вокнаў. Гэта была толькі зачэпка?

Алена Аляксандраўна засмяялася:

— Павер, толькі зараз успомніла пра гэта выступленне. Што ты хочаш, старасць. А памагчы мне ўсё ж прыйдзецца. Самому ж будзе няёмка, калі скажуць: маці гаварыла абы-што.

Андрэй згадзіўся, добра, дапаможа ёй, пры адной умове — не пойдзе на дзень нараджэння да мужа сястры Георгія, якога цярпець не можа, а тым больш яго кампанію клоунаў, кожны з якіх хоча паказаць сябе разумнікам, а выглядае поўным ідыётам.

Кацюша падняла вочы:

— Тата, навошта ты так гаворыш? Дзядзька Жора вельмі добры чалавек, і цёця Галя таксама.

Андрэй шыкнуў на яе:

— Ты лепш ідзі пагартай кніжкі. Хіба вас не вучаць у школе не ўмешвацца ў размовы дарослых?

Пакрыўджаная Каця адышла ўбок, а Алена Аляксандраўна пачала дакараць яго: не ўмее ён быць сваяком. Ён можа любіць або не любіць, але вось захоўваць правілы прыстойнасці абавязаны. Тым больш што на дзень нараджэння мужа Галя запрасіла Фёдара Дзмітрыевіча, і той не зразумее, чаму Андрэй не прыйшоў да сястры.

— Ён званіў мне, — сказаў Андрэй. — Мы дамовіліся неяк сустрэцца ў мяне, але вось у Жоры...

На Андрэевым твары яна ўбачыла грымасу, быццам у яго балелі зубы.

І ўсё ж Алена Аляксандраўна ўламала сына, той сказаў, што робіць гэта толькі з любві да яе, але доўга сядзець у Жоры не зможа, у яго шмат працы ў гэтыя напружаныя дні.

Праз некалькі дзён Андрэй прывёз маці тэзісы выступлення на тэлебачанні. Ён скарыстаў яе нататкі са жнівеньскай нарады, дадаў шмат сваіх уласных думак. У асноўным ён закрануў тое, што школа, бацькі часта не ўлічваюць працэсы, якія, хочаш таго ці не, адбываюцца ў асяроддзі моладзі. Відавочна таму самі па сабе збіраюцца маладзёжныя кампаніі з нейкімі сваімі інтарэсамі, сярод іх з’яўляюцца лідэры, іншы раз гэтыя кампаніі, якія ўсё часцей пачынаюць называць камандамі, займаюцца наогул нядрэннымі справамі, але вельмі рэдка... Вось што павінны ўлічваць школа, камсамольскія арганізацыі, шэфы з прадпрыемстваў.

— Сама разумееш, я не назваў канкрэтна, чым займаюцца гэтыя маладыя людзі, але ў такім выглядзе ўсё будзе ў парадку, усе зразумеюць, пра што і пра каго ідзе гаворка.

Алена Аляксандраўна з ім не згадзілася, яна павінна гаварыць шчыра, без намёкаў, у яе ёсць наконт гэтага свае думкі, а ўвогуле яму вялікі дзякуй, выступленне зрабіў неблагое, яно можа добра прагучаць.

Назаўтра Андрэй заехаў па маці, забраў Святлану і Кацю, і ўсе разам накіраваліся да Галі. Там ужо быў Фёдар Дзмітрыевіч, ён сядзеў у кутку шыкоўна абстаўленага пакоя і гартаў нейкі часопіс. Алена Аляксандраўна, як здалося Андрэю, крыху паружавела — упершыню яна сустракалася з былым мужам у такой абстаноўцы. Ён пайшоў ёй насустрач, працягнуў руку і сказаў проста:

— Добры дзень, Лена.

Гэта адразу зняло напружанне. Жора пацягнуў Андрэя разглядаць кватэру, а Фёдар Дзмітрыевіч размаўляў з Кацяй. Кватэра сапраўды, як гаварыў Жорж, адпавядала міжнароднаму ўзроўню. Андрэй не пазнаваў пакояў, у якіх правёў палавіну жыцця.

— Давялося папрацаваць як след і аддаць шмат грошай, але затое адразу — раз і гатова, — гаварыў Жорж, адкрываючы сакрэты, як удалося замяніць сталярку, санвузел, розныя ракавіны, як нялёгка здабываліся італьянскія і іспанскія шпалеры, а што ўжо гаварыць пра гарнітур, за якім трэба стаяць па запісе шмат гадоў у чарзе, а ён дастаў праз сваіх хлапцоў.

Хутка падышлі астатнія госці.

— Вось гэта сапраўдны гаспадар, — без ценю іроніі сказала Святлана Андрэю.

— А я не магу сабе ўявіць, што змог бы жыць і тым больш працаваць у гэтакім будуары. Але адзін пакой для цябе магу зрабіць.

Пачалі адкаркоўваць шампанскае, і нейкі адкормлены тып з бліскучай фізіяноміяй (Андрэй нахіліўся да маці, прашаптаў: «Вось такія шмат п’юць і ядуць») пачаў гаварыць доўгі, складзены і ў вершах і ў прозе, тост пра цудоўнага, сучаснага гаспадара гэтага дома Георгія, таленавітага вучонага і добрага чалавека, у якога сябры і родныя могуць павучыцца ўменню весці сямейны карабель па штармавым акіяне сямейнага жыцця. Галя ўсміхалася, слухала ўсё гэта і глядзела на мужа адданымі вачыма.

Куды ўсё магло падзецца, думаў Андрэй, яна ж родная сястра, родная яго кроў, яны жылі побач шмат гадоў, ён вучыўся ў яе дабрыні, ён лез у бойкі, калі нехта хацеў яе пакрыўдзіць, і вось усё знікла, адышло некуды назаўсёды, чалавека проста нельга пазнаць, ён быццам нацягнуў на твар пачварную маску і цяпер не можа сарваць яе і нават радуецца сваёй новай знешнасці.

Амаль паўтары гадзіны сядзелі за сталом, потым Жора ўключыў італьянскія мелодыі і аб’явіў, што зараз можна патанцаваць.

Андрэй паціснуў бацькаву руку, сказаў, што ў яго тэрміновая работа і да таго ж заўтра трэба аддаваць дакументы на паездку ў Амерыку, запрасіў яго прыходзіць у госці, Святлану ён папрасіў перазваніць яму, ён сустрэне яе з Кацяй на машыне, маці шапнуў: «Бачыш, я стрымаў сваё слова, а цяпер знікаю!»

На тэлебачанні Алена Аляксандраўна запісвалася ўпершыню. Страшэнна грэлі «юпітэры», глядзелі прама ў твар камеры.

— Не хвалюйцеся, — супакойвала яе маладзенькая рэдактарка праграмы ў модных «бананах». — Усё будзе цудоўна, толькі трэба пастарацца ўявіць, што вы гутарыце аб нечым са сваім родным класам, вам не трэба зазіраць у паперы, а гэтых камер, аператараў, мяне — проста не існуе.

Алена Аляксандраўна слухала яе ўважліва, усё разумела, але ўсё роўна не магла пазбавіцца ад непрыемнага халадку ў грудзях. І ўсё гэта праклятая папера, яна не магла адарвацца ад яе і на першым тракце ўвесь час апускала галаву, збівалася, блыталася.

Потым яна вырашыла: ніякіх папер.

— Толькі патрэбны яшчэ адзін тракт, — сказала яна рэдактару і рашучым рухам склала сваё выступленне. — А гэта вазьміце сабе на памяць. Бянтэжаць мяне гэтыя паперы.

Рэдактарка, якую звалі Марынай, заўсміхалася:

— Вось цяпер я бачу, што ў нас усё атрымаецца добра. У мяне ўжо ёсць вопыт. Прыходзяць да нас вельмі разумныя людзі, эрудзіраваныя, але потым быццам дранцвеюць і не могуць вачэй адвесці ад тэксту. Я рэкамендую вам выпіць кавы або чаю. У нас цудоўны бар.

Алена Аляксандраўна аддыхалася і пачала гаварыць: спачатку было вельмі цяжка, яна трымала сябе на жорсткім кантролі — як бы не збіцца, не праглынуць слова, — але потым стала лягчэй, вальней. Тое, што яна гаварыла, у многім адрознівалася ад напісанага на паперы. Алена Аляксандраўна пачала расказваць пра сваіх вучняў, натуральна, былых, разважаць аб іх лёсе, аналізаваць, што многія з іх, нягледзячы на цяжкасці, дабіліся ў жыцці ўсяго, да чаго імкнуліся, гаварыла аб сваіх няўдачах, потым у некалькі іншым выглядзе выказала думкі, падказаныя Андрэем...

Са здзіўленнем глядзела на яе рэдактар праграмы «Публіцыст», яна забылася на тое, што час выступлення ўсяго пятнаццаць мінут, а гаворыць Жыліч ужо больш за дваццаць.

Алена Аляксандраўна закончыла выступленне, згаслі «юпітэры», а яна ўсё яшчэ сядзела на месцы. Ва ўсім целе была велізарная стома. Падышла Марына, паціснула руку:

— Дзякуй вам. Проста здорава. Такое ўражанне, што вы працуеце штатным тэлекаментатарам.

Алена Аляксандраўна ўсміхнулася:

— Настаўнік той жа каментатар. Па шэсць-сем гадзін у дзень каментарыяў. Нямала...

Цяпер ужо Марыне ўдалося ўгаварыць яе выпіць кавы. У бары тэлебачання было вельмі ўтульна, іграла музыка.

Марына расказвала, што сама вучылася на філфаку, а потым усё ж вырашыла стаць журналістам, гэта вельмі несалодкі хлеб, асабліва тут, на тэлебачанні, але затое работа іншы раз дорыць сустрэчы з такімі людзьмі, як Алена Аляксандраўна.

Да іх століка падышла высокая дзяўчына з распушчанымі валасамі.

— Прывітанне, Марынка, у вас свабодна?

Яна паставіла кубак з кавай на стол, закурыла. Спытала:

— Як жыццё?

— Толькі што закончыла запіс, — сказала Марына.

— Ну і як сёння? Зноў твой «публіцыст» чытаў усё па паперцы?

— Наадварот. Алена Аляксандраўна Жыліч абышлася без паперак!

Незнаёмка са здзіўленнем паглядзела на яе.

— Жыліч?! Вы маці Андрэя?

— Так, — адказала Алена Аляксандраўна, уважліва гледзячы на яе. — Андрэй мой сын, ён працуе недалёка адсюль, на кінастудыі.

— Іра таксама працуе на кінастудыі, яна мая сяброўка, — сказала Марына. — А Андрэя вашага я добра ведаю, вельмі здольны рэжысёр.

Ірына неўзабаве пайшла.

Калі Алена Аляксандраўна адыходзіла, Марына папрасіла перадаць прывітанне Андрэю ад іх з Ірынай. Яна неяк дзіўна падкрэсліла слова «з Ірынай», але Алена Аляксандраўна ў той момант не надала гэтаму ніякага значэння. А вось увечары, калі яна пазваніла Андрэю і сказала, што запіс прайшоў нармальна, толькі ўжо вельмі яна хвалявалася, а затым перадала прывітанне ад Марыны з тэлебачання і Ірыны з кінастудыі, яна адчула, як устрывожыўся голас Андрэя.

— Ты што, і ў кіно паспела зняцца? — спытаў Андрэй глухавата. — Адкуль там узялася Ірына?!

— Яна піла каву і была прыемна здзіўлена, наколькі я зразумела, што я твая маці, — адказала Алена Аляксандраўна.

— На студыі шмат Ірын і Марын, — адказаў Андрэй, адчуваючы, як трывога знікае. — Ты часцей запісвайся на тэлебачанні...

Праз некалькі дзён выступленне Алены Аляксандраўны перадавалі па тэлебачанні. Выглядала яна на экране не вельмі добра. Касцюм на ёй здаваўся занадта вялікім, дый прычоска... І наогул, у яе гады лепш не паказвацца на экране. Назаўтра яе віншавалі ўсе, пачынаючы ад унучкі Каці, канчаючы дырэктарам і загадчыкам райана. Толькі завуч вымавіла ціха:

— Вы ніяк не супакоіцеся, Алена Аляксандраўна. Стараецеся ўсіх уразіць сваімі ідэямі.

Яна нічога ёй не адказала ў той момант, а пасля пятага ўрока, калі засталіся ўдзвюх у настаўніцкай, сказала:

— Нам усім трэба разумець, што мы яшчэ не так працуем, што ад нас, настаўнікаў, чакаюць большых вынікаў. Гэта трэба разумець кожнаму.

Завуч абурылася:

— Колькі я працую, увесь час ва ўсіх смяротных грахах вінавацяць настаўнікаў. А мы ж сталі інжынерамі на фабрыцы. Вунь колькі іх у нас — па сорак у класе. Ніякага выхавання мы не дадзім, колькі б новых ідэй не лунала ў паветры, наша справа — веды даваць, а выхоўваюць няхай бацькі, бабулі ды дзядулі. І вам, Алена Аляксандраўна, дакараць сябе зусім няма за што. Вашы вучні хімію ведаюць назубок, ну і дзякуй богу! Не мучце сябе згрызотамі сумлення.

Жыліч не стала больш спрачацца, сказала толькі, што з такім поглядам на школу яна ніколі не згодзіцца, хоць ёй ужо зусім няшмат засталося пераступаць школьны парог.

 

11

Зайцаў стаяў ужо хвілін пяць ля дошкі. Дошка была пустая.

— Ты што, не рыхтаваўся? — спытала ў яго Алена Аляксандраўна.

Лёня нават не варухнуўся. Потым ён узяў крэйду і пачаў пісаць формулу. Няўпэўнена, але ўсё ж без памылак, потым зноў перастаў пісаць і стаяў, апусціўшы рукі з крэйдай.

— Дык забыў ці не рыхтаваўся? — спытала Алена Аляксандраўна.

— Забыў. Рыхтаваўся, але забыў... Зараз успомню, — дрыготкім ад хвалявання голасам адказаў Зайцаў.

І тут у клас зазірнула сакратарка дырэктара Вара. — Алена Аляксандраўна, вас тэрмінова да дырэктара.

— Цяпер? У мяне ж урок.

— Ён просіць зайсці неадкладна.

Алена Аляксандраўна заўважыла, як заблішчалі вочы ў Лёні Зайцава. Ратунак прыйшоў неспадзявана.

— Сядай, Зайцаў, будзем лічыць, што ў цябе проста не хапіла часу вывесці формулу. Не па тваёй, па маёй віне.

Зайцаў кіўнуў галавой і пад рогат класа сеў на месца.

Дырэктар папрасіў у яе прабачэння, але цяпер палова другой, а ў дзве гадзіны яе просяць зайсці ў гарком партыі, да сакратара па ідэалогіі Валянціны Сцяпанаўны Корж.

Алена Аляксандраўна здзівілася — навошта яна магла спатрэбіцца ў такі час ды яшчэ так тэрмінова? Дырэктар паціснуў плячыма, яму толкам нічога не растлумачылі, але ён зразумеў, што выклік нейкім чынам звязаны з яе выступленнем па тэлебачанні. У гарком, тым больш да сакратара, так проста не выклікаюць.

— Але я прашу вас не хвалявацца, Алена Аляксандраўна, усё будзе добра. Прычыны для трывогі няма ніякай.

Жыліч нават дапусціць не магла, што магло здарыцца. Сакратара гаркома партыі яна ведала з таго часу, калі тая працавала яшчэ ў суседняй школе завучам. Потым яна стала сакратаром гаркома камсамола, працавала ў райкоме партыі... Потым яна бачыла яе толькі ў прэзідыумах гарадскіх канферэнцый настаўнікаў і ніякіх асабістых кантактаў не мела.

У прыёмнай гаркома сакратарка спытала: «Вы Жыліч?» і кіўнула галавой: «Праходзьце, Валянціна Сцяпанаўна вас чакае!» Корж сядзела за сталом у глыбіні кабінета. Кабінет быў прасторны, шмат стэлажоў з кнігамі.

Валянціна Сцяпанаўна ўстала ёй насустрач, пасадзіла за стол побач з сабой.

— Даўно мы не бачыліся, Алена Аляксандраўна, — сказала сакратар гаркома. — А час так хутка ідзе, не паспяваеш азірнуцца.

І сапраўды, час бяжыць вельмі хутка. Алена Аляксандраўна помніла яе амаль дзяўчынкай, жвавай, худзенькай. Цяпер на шырокім твары маршчыны, мяшкі пад стомленымі вачамі.

Валянціна Сцяпанаўна гаварыла, што бачыла Алену Аляксандраўну па тэлебачанні, ёй вельмі спадабалася яе вострае выступленне.

Яна на імгненне змоўкла, быццам спатыкнуўшыся аб нябачны бар’ер.

— Але выступленне выклікала, як бы вам сказаць, Алена Аляксандраўна, і трохі іншую рэакцыю, дакладней, не само выступленне, а ваша з’яўленне на тэлевізійным экране, — яна гаварыла ўсё гэта хвалюючыся.— У адрас гаркома партыі прыйшло пісьмо, падпісанае жаночым прозвішчам з імем, канкрэтным адрасам... Мы думалі спачатку, што гэта звычайная ананімка, якімі закідваюць усё больш і больш самыя розныя ўстановы, партыйныя органы ў тым ліку, а прозвішча і адрас выдуманыя. Але праверылі, чалавек і адрас аказаліся рэальныя, нявыдуманыя. Пісьмо вельмі непрыемнае для вас, нечаканае для... Вось, чытайце. — Корж працягнула ёй пісьмо — некалькі выдраных лістоў з вучнёўскага сшытка.

Алена Аляксандраўна чытала:

«Паважаныя таварышы з гарадскога камітэта партыі. Я, Самцэвіч Ганна Сямёнаўна, пішу гэта пісьмо і моцна хвалююся, праз душу маю пераліваецца абурэнне і таму прашу дараваць мой неахайны стыль. Вечарам я ўключыла тэлевізар, дома была ўся сям’я — дачка з зяцем, двое ўнукаў, муж-інвалід. Тэлевізар я не глядзела, таму што прыйшла позна з работы, прынесла прадукты і вырашыла пакласці іх у халадзільнік. Потым я прыйшла ў пакой і села слухаць выступленне настаўніцы аб тым, як трэба выхоўваць дзяцей. Слухала я ўважліва, таму што маю двух унукаў, якія абодва ходзяць у школу і, бывае, паводзяць сябе не вельмі добра, асабліва старэйшы, які не слухае і настаўнікаў, і бацькоў. Калі я слухала выступленне, дык не вельмі прыглядалася да твару настаўніцы, але паступова кроў у маёй душы спынілася. Я думала: няўжо гэта яна? Мозг мой адказваў: быць такога не можа, хто б пусціў яе на экран тэлевізара?

Настаўніца скончыла сваё выступленне, і дыктар аб’явіў, што выступала перад гледачамі заслужаная настаўніца БССР Алена Аляксандраўна Жыліч. Свае ўражанні аб перадачы просім прысылаць. І тут мае сумненні скончыліся. Гэта яна! І вось я прысылаю вам, таварышы з гаркома партыі, сваё ўражанне аб перадачы. Так, гэта яна, здрадніца Алена Жыліч, так, гэта яна працавала ў гестапа. Не здзіўляйцеся, так, у гестапа, у маім родным горадзе, гэта яна прадавала і адпраўляла на той свет савецкіх патрыётаў, гэта яна была на кожным допыце і сваімі перакладамі з нямецкай мовы дапамагала караць нашых савецкіх людзей.

Колькі гадоў прайшло пасля вайны, а мы заўсёды помнім аб ёй і з нянавісцю чытаем у газетах аб здрадніках, катах, якія пераапранулі шкуру і ператварыліся ў добранькіх, мірненькіх грамадзян, дзядуль і бабуль. Іх правільна расстрэльваюць сёння, як сабак закопваюць у магілы без помнікаў...»

Алена Аляксандраўна на імгненне адарвалася ад паперы. Літары плылі ў яе перад вачыма, і твар Валянціны Сцяпанаўны таксама стаў яшчэ больш расплывісты, шырокі, толькі адны вочы, як два джалы, свідруюць яе наскрозь.

Алена Аляксандраўна падумала: «Нарэшце...»

«Нямецкая падсцілка, прабачце за грубыя словы, Алена Жыліч сёння вучыць нас, як выхоўваць дзяцей. Я паведамляю аб ёй і патрабую — яе месца ў турме, а потым і ля сценкі, а не ў нашай савецкай школе. Я расказала пра ўсё свайму мужу-інваліду, дзецям, суседзям. Усе яны патрабуюць таго ж. Калі вы не паверыце мне, я паеду дамоў, у свой родны горад, і прывязу сведак. Яны пацвердзяць мае словы, таварышы з гаркома партыі.

Чакаю вашага адказу, Самцэвіч Ганна Сямёнаўна».

Алена Аляксандраўна адсунула ад сябе пісьмо. Сакратар гаркома адзначыла, што яе твар пакрыўся плямамі.

— Мы, — калі прачыталі гэта пісьмо, — у тым ліку і першы сакратар гаркома партыі Фёдар Анісімавіч, адразу вырашылі, што гэта ці паклёп, ці чалавек абазнаўся, ці гаворка ідзе аб вашай цёзцы, — пачала яна, спатыкаючыся.

Алена Аляксандраўна ўздыхнула, падняла галаву.

— Я папрашу вас аб адным, Валянціна Сцяпанаўна. Не трэба спяшацца з вывадамі. Я вам сама дапамагу ва ўсім разабрацца. Але не зараз, прабачце, зараз проста немагчыма.

Валянціна Сцяпанаўна ўстала з-за стала, прайшлася па кабінеце.

— Але аб галоўным... аб галоўным вы павінны, Алена Аляксандраўна, сказаць мне сёння... Гэта ўсё паклёп, ці выдумка, ці памылка, не ведаю, якімі словамі назваць усё гэта...

— Прабачце, але я не магу нічога сказаць вам. Паверце, гэта вельмі цяжка, — Алена Аляксандраўна запнулася, падбіраючы слова. — І немагчыма сёння. Я толькі хачу сказаць вам, што не здрадніца я, нікога я не прадавала, паверце мне. Я зраблю, каб вы дазналіся пра ўсё як мага хутчэй.

І раптам яе працяла думка: чаму я не маю права, чаму, прайшло столькі часу, усё мінулае болем жыло ў ёй, адыходзіла, потым зноў вярталася, асабліва ў апошні час, калі яна заставалася сама з сабой на адзіноце.

Алена Аляксандраўна адчула, што ў яе рэжа вочы, вось-вось пацякуць слёзы, гэтага яна не дапусціць, не павінна дапусціць.

Корж падсунула ёй шклянку з вадой, Алена Аляксандраўна прагна выпіла яе.

— Пра гэта ніхто не ведае, ніхто з маіх блізкіх, — хутка пачала гаварыць яна. — Я была не толькі там, дзе мяне магла бачыць гэта жанчына. Амаль усю вайну з самага пачатку... Я магу, маю права сказаць вам толькі адно: я не здрадніца. Так склаліся абставіны — не па майму ўласнаму жаданню. Пакуль я адно магу сказаць вам, а мае словы вы перадайце толькі першаму сакратару гаркома, больш, прашу вас, нікому. Так, я працавала ў гестапа, потым праз некаторы час была інструктарам школы абвера.

Валянціна Сцяпанаўна адхіснулася ад яе. Яна глядзела на Алену Аляксандраўну разгубленымі вачыма.

— Я выконвала заданне нашага камандавання і ніколі не была той, аб якой піша вам Самцэвіч.

— Але чаму ніхто нічога не ведае пра вас? Я сама чытала вашы аўтабіяграфіі: «Знаходзілася на часова акупіраванай тэрыторыі...» І ўсё.

— Я не магу нічога больш вам растлумачыць, Валянціна Сцяпанаўна. Я не магла, не мела права расказваць пра сябе. Давала падпіску... Таму што лічылася без весткі прапаўшай. Не ў нашых.

Ад гаркома партыі яна пайшла дамоў пешшу. Ішла па вуліцах, амаль не заўважаючы таго, што адбывалася вакол, — ні прахожых, ні машын...

Дома яна паклала перад сабой ліст белай паперы. У верхнім рагу напісала: «Масква...»

 

Успаміны Алены Жыліч І

 

Дзіўны, праз усё жыццё, зусім рэальны сон дзяцінства: я пачынаю хадзіць па паветры, быццам ступаючы на цвёрдыя, але не бачныя пліты, іду, іду, усё вышэй і вышэй... Прачнулася аднойчы, адкрыла вочы — усё на месцы: дом, маці на суседнім ложку, перадранішняя цішыня — зразумела, сон гэта. Але ён не знікаў, гэты сон, наадварот, ён усё паўтараўся і паўтараўся. І з кожным разам, — а сон паўтараўся прыкладна раз у тыдзень, а то і часцей, — я ўсё больш упэўнена хадзіла па паветры, узнімаючыся высока ў неба, імчалася над лесам, лунала над вячэрнім горадам, у якім ніколі не была, але абрысы якога так запомніліся, што я не магла не верыць у існаванне гэтага горада, з вялікімі прамымі вуліцамі, завулкамі, з маленькімі з вышыні людзьмі, якія не заўважалі таго, што за імі назіраю я. Я баялася дзяліцца сваімі снамі з дзяўчынкамі з класа, баялася — засмяюць. А вось маці аднойчы, сама не ведаю чаму, не вытрымала, расказала. Маці пляснула ў далоні, у вачах з’явілася трывога: «Што з табой, дачушка, можа, хвароба?» Расказала бабулі. Тая пабегла да цёткі Ганны, вясковай знахаркі, прынесла «святой вады».

— Выпі. Усё пройдзе.

Мне было цікава выпіць «святой вады». Выпіла, а потым ахапіў унутраны страх: а што, калі і сапраўды падзейнічае і я перастану хадзіць па паветры, знікне самае цікавае ў жыцці?! Некалькі дзён засынала з трывогай, заплюшчвала вочы і ўяўляла: іду, іду па паветры, проста ступаю, пераадольваючы шэрыя пліты, але сну няма, гэта я толькі ўяўляю, што бачу яго...

Потым сны яшчэ паўтараліся, зноў знікалі, і настаў момант, што зніклі назаўсёды, але была ілюзія, я хадзіла калісьці на паветры, зусім бязважкая. Я перажыла гэта, і вось цяпер мне зноў прыйдзецца наяве ўбачыць свой сон, адчуць яго кожнай клеткай цела, і ўжо напярэдадні жах засеў далёка ў глыбіні, жыве, варушыцца ў душы, як дзіця ў мацярынскім чэраве, то ажываючы і прыносячы трывогу, слабасць у нагах, то супакойваючыся, і ў моманты спакою я сам пачынаю дыхаць раўней і сэрца ўжо не калоціцца ў грудзях у шалёным рытме, я гляджу на дарогу з акна машыны. Дарога вольная, ні машыны, ні фурманкі, і шафёр, супакоены гэтым, быццам хоча ўзняць машыну ў паветра, вунь там, за сіняй паласой лесу. Па абодва бакі дарогі растуць адны бярозкі, ніколі не бачыла так многа бяроз — белым-бела, быццам зіма і выпаў свежы снег, белы, іскрысты. Такая цішыня навакол, што здаецца, мы едзем некуды па зусім іншых, будзённых мірных справах. Нішто не гаворыць, што лінія фронту зусім побач. Я ўяўляю: мой сын Ягорка — беленькі, кучаравы, як дзяўчынка, увесь у бацьку, ідзе па вёсцы, узяўшы за руку бабулю. Ці ўбачу я калі-небудзь яшчэ яго? Ці ўбачыць бацька? Я так даўно не атрымлівала ад яго пісьмаў, не магла атрымліваць іх. Што з ім? Ці жывы...

— Што засумавала, зорка ясная? — чую за сваёй спінай голас старшыны Цімохіна. Як цярпліва ён вучыў мяне страляць, гаварыў: уяўляй, што цэлішся ў фашыста, нават у ціры. І сам страляў як апантаны. Яго зрашэцілі на фронце кулямі, ён паўгода валяўся па шпіталях і цяпер інструктуе такіх, як я.

— Давай заспяваем развітальную, — гаворыць Цімохін. І зацягвае сіплым голасам:

 

Споемте, друзья, ведь завтра в поход,

Уйдем в предрассветный туман,

Споем веселей, пусть нам подпоет...

 

 

Яму пачаў падпяваць шафёр, малады хлапец з Украіны:

 

Прощай, любимый город!

Уходим завтра в море...

 

 

Я таксама хацела спяваць, але не змагла, губы былі перасохлыя, дый голас, баялася, што здрадзіць. І капітан не спяваў. Я наогул не чула, каб калі-небудзь спяваў ці весела смяяўся гэты пахмурны з выгляду, маўклівы чалавек. Я адчуваю ягоны позірк. Ён хвалюецца, ведаю, не менш за мяне. Перад тым як сесці ў машыну, сказаў:

— Сядай наперад. Расстаёмся.

І ўсё. Старшына Цімохін расказваў, што ў капітана амаль нікога не засталося. Ні жонкі, ні дзяцей. Што з імі — ніхто не ведае. Нікому ў галаву не магло прыйсці распытваць у яго. Проста аднойчы, калі размова зайшла аб мінулым мірным жыцці і аб будучым — немцаў жа пагналі ад Сталінграда, і гаварыць пра гэта не заўчасна, — спытаў у капітана, куды той паедзе пасля вайны, у якім горадзе будзе жыць. Капітан сказаў, што не ведае, ехаць яму няма куды, таму што не засталося на зямлі чалавека, які б мог яго чакаць.

Самалёт адпраўляецца апоўначы. Значыць, на роднай зямлі мне засталіся лічаныя гадзіны. Гэта тыя гадзіны, калі я магу заставацца сама сабой — ні ігры, ні прытворства. Можна быць звычайным чалавекам, аб нечым гаварыць, але няма ні слоў, ні думак, толькі зноў успаміны аб сыне. Ён будзе клікаць мяне, будзе пытацца ў бабулі, дзе мама.

Маўчыць капітан. І ўсе астатнія змоўклі. Трэба цяпер, іменна цяпер, іншага часу не будзе, напісаць яму пісьмо. Магчыма, гэта апошняе слова да яго, магчыма, завяшчанне, хто ведае...

Я выдзіраю ліст паперы з блакнота, кладу яго на вокладку, пішу:

«Дарагі капітан!

Я разумею ўсю сур’ёзнасць і рызыкоўнасць майго візіту «туды». Паверце, мяне не мучыць разгубленасць, сумненне або нерашучасць. Я вельмі прашу: не сумнявайцеся ў маіх сілах. Я не ведаю, які поспех будзе мець справа, хоць і спадзяюся на ўсё лепшае, але я на ўсё гатова дзеля гэтага поспеху.

Я хачу, каб вы верылі, што стойкасці і сілы волі ў мяне хопіць, што пры любым выніку, незалежна, ці застануся я жывая, ці памру, я застаюся вернай свайму абавязку і Радзіме.

Я ведаю, колькі пакут, магчыма, катаванняў чакаюць мяне там, колькі жудасных кашмараў, але я ведаю, у імя чаго я павінна іх вынесці. Я вельмі прашу вас аб адным — не забудзьце майго сына, прашу вас, калі мяне не будзе, накіруйце яго ў сувораўскае вучылішча. Я хачу, каб ён стаў салдатам.

Алена».

Я аддала яму запіску там, каля самалёта. Сказаць усё гэта не змагу, ды і ён не любіць слоў. Роўна тры месяцы капітан рыхтаваў мяне да выканання задання ў тыле ворага, у невялікай вёсачцы на беразе возера. Палавіна вёскі спалена. Шмат хат пустуюць — нядаўна тут праходзіла лінія фронту. Капітан расказваў, што ў гэтых мясцінах дзейнічала спецгрупа з цэнтра. Амаль уся знішчана. Але заданне выканана. Я жыла ў адной хаце з маленькай згорбленай бабуляй. Капітан Лоўгач са старшыной Цімохіным занялі суседнюю пустую хату. Іншы раз капітан ад’язджаў, але звычайна вяртаўся хутка, вечна нечым устрывожаны, пахмурны. Калі праходзілі заняткі, Цімохін выходзіў, а я сядзела насупраць капітана як школьніца. Ён заўсёды быў строгім, гранічна сабраным. Ні разу не дазволіў сабе перавесці размову на іншую тэму. Заданне вельмі важнае, часу мала, вельмі мала.

Галоўнае — легенда! Колькі разоў на дзень ён паўтараў гэтыя словы — «Галоўнае — легенда!». Яе трэба ведаць лепш за ўласную біяграфію. Біяграфію трэба забыць, выкрасліць з памяці, быццам усім сваім жыццём была легенда. Трэба быць гатовай да ўсяго. Таму нават у непрытомнасці ісціна не павінна сарвацца з вуснаў. Толькі легенда! Гэтыя словы холадам працінаюць мозг, усю маю істоту. Магчыма любая нечаканасць, на якую ты разлічваць не можаш, — паўтарае капітан. Таму мы павінны прадугледзець любую дробязь. Таму напружвай мозг, як мага больш напружвай, я вельмі цябе прашу.

Напрыклад, могуць спытаць: якім павінен быць дах, у якім будзеш здымаць кватэру і адкуль радыст будзе пасылаць радыёграмы нам. Што скажаш, калі спытаюць, як магла пакінуць свайго сына, ты ж рызыкавала, што — назаўсёды, практычна назаўсёды? Чаму, з’яўляючыся перакладчыцай гестапа, не паехала з немцамі далей на захад, а засталася ў камуністаў, ведаючы, што абавязкова будзеш арыштавана і, верагодней за ўсё, забіта, як здрадніца Савецкай улады, якія такія глыбокія прычыны прымусілі цябе прыйсці добраахвотна да немцаў з пакаяннем цяпер, атрымаўшы заданне, ты ж камсамолка. Ніхто з тваіх блізкіх не быў рэпрэсіраваны, не быў пакрыўджаны Савецкай уладай. Дык адкуль жа вытокі, прычыны здрады?

Пытанні, пытанні, іх тысячы, гэтых пытанняў, кожнае з якіх працінае наскрозь, кідае ў агонь, а затым у ледзяную каламуць...

На апошняе я адкажу так — у трыццатым годзе мой бацька Аляксандр Арцёмавіч Жыліч, заможны селянін, быў раскулачаны, але не высланы толькі таму, што ў міністэрстве (тады гэта быў наркамат) быў добры бацькаў сябар, нават далёкі сваяк па матчынай лініі. Ён і дапамог пазбегнуць пасля раскулачвання высылкі ў Сібір. Камсамолкай я стала сама, ніхто сілком не прымушаў, але гэта памылка маладосці. Бацька і маці не былі камуністамі. Камуністамі былі іншыя сваякі, але мы з імі не сябравалі, бацька заўсёды гаварыў, што яны хрыстапрадаўцы і кара для іх яшчэ будзе. А сына Ягорку я пакінула на тым баку часова, спадзеючыся з імі, немцамі, туды вельмі хутка вярнуцца, я веру ў іх перамогу, разам мы абавязкова вернемся, і я сустрэну сына, буду зноў з ім...

І так бясконца. Цімохін гатуе абеды, вячэры: каша, бульба, вяндліна, на ўсе мае прапановы аб дапамозе адказвае: «Ты, Алёнка, хоць з гэтым спраўся, капітан зануда, невыпадкова яго да цябе прыставілі, але ты цярпі, затое там будзе прасцей, хоць лёгка ніколі не будзе». Старшына расказвае мне пра сваіх дачок, іх у яго тры і яшчэ сын, дзякуй богу, ужо самастойныя, стаяць на нагах. Жывуць яны далёка ў Сібіры, туды немец не дайшоў і не дойдзе ўжо ніколі, але ім таксама нялёгка, усёй сям’ёй на заводзе абаронным працуюць. Сын з усіх старэйшы, вось-вось у армію возьмуць.

Дні бягуць хутка. Пасля абеду ходзім у лес страляць. Цімохін вучыць, ён былы снайпер, капітан побач — назірае збоку. Я не ведаю, навошта мяне вучаць страляць. Гэта, можа, і не спатрэбіцца, але капітан упэўнены, што кожны чалавек, ідучы на заданне, павінен умець страляць, вайна ж ідзе, і абставіны могуць узнікнуць самыя непрадбачаныя.

Уранні — зноў пытанні, пытанні. Калі раней Лоўгач задаваў пытанні і тут жа ўбіваў у маю галаву адказы, то цяпер адбываецца сапраўдная творчасць — яго пытанні ўперамешку, старыя, новыя і мае адказы, і так бясконца.

— Ён гэтыя пытанні па начах выдумляе, — гаворыць Цімохін. — Спіць мала. Усё бухае ботамі па хаце, потым нешта запісвае, зноў бухае і цыгаркі смаліць увесь час. А здараецца і мацюкаецца.

Заняткамі Лоўгач задаволены. Ды і я адчуваю сябе ўсё больш упэўнена, усе староннія думкі ганю прэч, толькі легенда, якая стала маім другім, не, першым жыццём.

Наогул па натуры я з дзіцячых гадоў аптыміст. Незвычайны жыццялюб. Я любіла жыццё колькі памятаю сябе. Мне было недзе каля трох гадоў, калі аднойчы майскай раніцай бацька ўзяў мяне на рукі і вынес у сад. Сад быў нейкім запаветным, загадкавым. Ён пачынаўся ля самага ганка і ішоў у бясконцасць. Садзіў той сад мой дзед садоўнік, а потым і бацька — таксама садоўнік. Бацька садам вельмі ганарыўся. Тады ён апусціў мяне на зямлю і ўпершыню ў жыцці, ва ўсякім разе гэта назаўсёды адбілася ў маёй памяці, я ўбачыла нешта вельмі цудоўнае. Прама на ўзроўні маіх вачэй аказаліся пранізаныя промнямі сонца і ад гэтага незвычайна яркія, вогненныя, крывава-ліловыя, залаціста-жоўтыя збаночкі цюльпанаў. Яны прасвечваліся наскрозь, быццам шкляныя, і выпраменьвалі такое ззянне вакол сябе, што бацькаў твар і, пэўна, мой таксама былі азораны гэтым незвычайным святлом. Памятаю як зараз: бацька не мог мяне адцягнуць ад кветак...

Зоркамі ўсыпана неба, маланкай разануў небасхіл метэор. Значыць, палёт павінен быць нармальным, надвор’е, як гаворыцца, лётнае, і прыкметы добрыя наяве. Аднак лётчык устрывожаны. Сам сілуэт самалёта няясна вырысоўваецца ўдалечыні. Капітан аб нечым гутарыць з іншымі, незнаёмымі мне афіцэрамі. Нехта яшчэ да іх падыходзіць, яшчэ...

Пажылы чалавек, гэта адразу адчуваецца па ягоных абрысах і па голасе, працягвае мне руку, моцна сціскае яе.

— Усё будзе ў парадку. У мяне чуццё. Яно ніколі не падводзіць.

Сказаў і адступіў у ноч. Усе абкружаюць мяне. Родныя, блізкія твары. Быць не можа, каб я бачыла цяпер іх у апошні раз, безумоўна, убачу яшчэ. Ад гэтай думкі становіцца раптам лёгка і радасна, так, усё павінна быць у парадку, я вытрымаю, я ўсё вытрымаю.

Каля самалёта лётчык і, відаць, штурман. Спяшаюцца, мітусяцца, аб нечым перагаворваюцца з Лоўгачам, кураць. Да мяне падыходзіць лётчык. У яго мяккі, спакойны голас, які надае мне ўпэўненасці:

— Вы, Лена, як толькі адчуеце на плячы дотык рукі штурмана, адразу уставайце і не марудзячы пераступайце праз борт. Нельга губляць ні мінуты, вы разумееце чаму? — і, не чакаючы адказу: — І вось яшчэ. Прашу не хвалявацца, калі гэта магчыма. Парашут раскрыецца абавязкова — ён аўтаматычны.

— Так, я гэта ведаю, — адказваю я, стараючыся гаварыць як мага спакайней. — Мне ўсё растлумачылі.

— Тады слухайце яшчэ, — працягвае лётчык. — Калі раскрыецца парашут, уважліва сачыце за тым, каб добра прызямліцца. Падрыхтуйце меры перасцярогі пры пасадцы на ваду або на дрэвы, калі гэта будзе лес.

— Я помню і гэта. Мне растлумачвалі, — упэўнена, па крайняй меры, мне так здаецца, адказваю я.

Па ўсёй верагоднасці, час ляцець. Апошнія словы капітана:

— Вось убачыш, перамогу будзем святкаваць разам.

Падыходзіць Цімохін, нечакана цалуе ў шчаку, у лоб:

— Бывай, дачушка. Трымайся, я прашу цябе, трымайся. І помні, як вучыў цябе страляць. На ўсякі выпадак.

Па чарзе працягваюцца іншыя рукі. Моцныя поціскі іх. Я іду да самалёта хутка, не азіраючыся. Самалёт У-2. Ісці па нябачных прыступках спакойна, побач жа са мной нашы людзі, і лінія фронту параўнаўча не блізка. Раве аглушальна матор. Гляджу ўніз. Страшэнная цемра, нідзе ні агеньчыка. Так доўга раве матор, працягваецца палёт у змрок, але што гэта?! Вялізны сноп вогненных іскраў ляціць нам наўздагон, асвятляючы самалёт. Я ўяўляю — туды, уніз, мне трэба скакаць і жах з новай сілай ажывае ва мне, здаецца, разліваецца па ўсім целе. Але ўнізе зноў настае цемра, значыць, лінія фронту па ўсёй верагоднасці перасечана.

Адчуваю рэзкі дотык да пляча. Хутка ўстаю, быццам нябачная спружына падштурхоўвае мяне, не падумалі б толькі, што я баюся. Ім зноў ляцець праз лінію фронту, і не раз, не два... Я перагінаюся праз борт і крычу: «Бывайце!» Раблю крок па крылу самалёта і абрываюся ў бездань. Уся мая істота сціснулася гранічна, рэзкі струмень паветра рвануўся насустрач, ахутаўшы мяне, аглушыўшы і скаваўшы. Раптам мяне падкінула ўгору, і там, уверсе нада мной, пачуўся мой крык: а-а-ах! Раскрыўся парашут. Рукі сціснулі стропы. Здаецца, на ўсё неба, на ўсю зямлю гулкімі ўдарамі, як званы, стукае маё сэрца. Куды я апускаюся і ці апускаюся я наогул? На ўсходзе ўзнікла белая, звілістая паласа — рэчка. На зямлі яшчэ цёмна, аднак серабрысты выгіб ракі бачны добра. Насустрач нясуцца дрэвы, я заплюшчваю вочы, чакаючы ўдару, але дарэмна — дрэвы адсоўваюцца правей. Я прызямляюся на лузе, недалёка ад лесу. Гэта радуе мяне. Спрытна змотваю парашут і закопваю ў такім месцы, каб потым можна было знайсці. А зараз — пераапрануцца і чакаць раніцы. Пустэча, ускрай лесу, за пустэчай — поле, а луг і рэчка застаюцца злева. Паблізу не адчуваецца жылля. Ісці перашкаджае ўласнае дыханне. Вакол цішыня. Гэта проста неверагодна, каб недалёка ад лініі фронту была такая цішыня. Трэба чакаць раніцы. Уладкоўваюся пад кустом, крыху супакойваюся, слухаю цішыню. Слухаю і здзіўляюся — ні голасу пеўня ў гэтую змрочную раніцу, ні брэху сабакі.

Зноў родная вёска перад вачыма. Мама паліць у печы. Бацька, як заўсёды яшчэ да ўзыходу сонца, у садзе. Не даюць спаць пахі зеляніны, падсмажанай цыбулі і сала, варанай бульбы. Мама ходзіць ціха-ціха, стараючыся не шумець.

— Алёнка, ты застаешся за гаспадыню, — гаворыць яна, бачачы, што я прачнулася. — Пакармі апоўдні парасят, ім усё прыгатавана. Ды не забудзь даць ім добрай травы. Там бяры, дзе і ўчора.

Цёплыя промні высвечваюць сад, з расчыненых вокнаў патыхае яблыкамі, ігрушамі. Я саджуся за вялікі, бацькам зрублены, стол пасярэдзіне хаты. На стале — бульба, патэльня з салам, малако. Снедаем удваіх з бацькам. Маці ўжо ў полі. Маці, маленькую, вёрткую, заўсёды ўсмешлівую, у вёсцы любяць. Для кожнага ў яе добрае слова, а калі трэба і парада, і дапамога знойдуцца. А бацька пахмурны, няўклюдны. Добрых слоў у яго мала. І наогул ён больш маўчыць. Нават на вяселлях бацька заўсёды быў не ў гуморы. Пасядзіць сабе, вып’е дый пойдзе ў сад або будзе па садзе хадзіць гадзінамі, а здаралася, і засне на траве між яблынь і маці яго доўга знайсці не можа. Бацька любіў хадзіць па садзе і, яна сама чула, сам з сабой гаварыць аб яблынях. У вёсцы ўсе сады былі з дзедавых, а потым і бацькавых саджанцаў.

Калі я была ў чацвёртым класе, мама цяжка захварэла, яна таяла на вачах, хвароба была імклівай, усім было ясна, што яна доўга не працягне. Ніколі не забуду, як, забіўшыся ў кут, я рыдала, уяўляючы маміна пахаванне. А ў яе поўныя вочы слёз, калі яна глядзела на мяне.

— Як ты цяпер будзеш, дачушка, — гаварыла маці, і яе маленькае, высахлае цела ўздрыгвала пад коўдрай. Яна памерла, і ўсе самыя страшныя мае ўяўленні сталі явай. Я ніяк не магла скарыцца, што мама памерла, я часта чула яе голас і думала: устану зараз, а мама ходзіць па хаце, клапатлівая, добрая, з радаснай усмешкай на твары.

Гаспадарка невялікая ў нас: карова, некалькі авечак, кабан. Усё гэта да заканчэння сямігодкі засталося на маіх руках. Пасля смерці маці, бацька, здаралася, моцна піў, часта плакаў. Старэйшыя браты ў горадзе, у іх сем’і, свае справы...

Ці жывы яшчэ бацька? Што з ім, з братамі? Бацьку я не бачыла з перадваеннага саракавога года. Яму цяпер за шэсцьдзесят. Апошні раз была ў яго ў гасцях з Ягоркам. Калі ўпершыню ўбачыў хлопчыка, заплакаў.

Павёў унука ў гадавальнік (ён называў яго школкай), і Ягорка, як я калісьці ў дзяцінстве, цягнуўся да кветак, прасіў дазволу панюхаць усё запар, здзіўляўся: «Няўжо, дзед, ты сам іх вырасціў?!», прасіў: «Нарві нам з мамай вялікі букет». Дзед не ленаваўся гнуць хворую спіну і зрываў для хлопчыка кветку за кветкай, парушаючы ўсе свае прынцыпы і законы.

Маленькі мой сынок, пэўна, яшчэ спіць. Хутка, вельмі хутка ўзыдзе сонца. Над глыбокай лагчынай, перасечанай рэдкалессем, узнімаецца туман, сцелецца на ўсё большую прастору, вось ужо я аказваюся ў ім. Калі сонца ўзнімецца вышэй, я крануся ў дарогу. Як паставяцца немцы да майго з’яўлення, ці павераць з самага пачатку ў праўдзівасць маёй такой незвычайнай версіі? Яны павінны паверыць не ў магчымасць, а ў яе натуральнасць, у верагоднасць. Гэта задача нумар адзін. Ад мяне залежыць або пачатак аперацыі, або яе канец. Трэба паводзіць сябе проста і натуральна.

— Ты заўважала, як іграюць свае ролі сапраўдныя акцёры? — пытаў у мяне капітан Лоўгач.

— Вядома, — адказвала я.

— Ну і як?

— Здорава ігралі, таленавіта, — пачынала тлумачыць я.

— Яшчэ, яшчэ.

— Здавалася, што ўсё адбываецца як у жыцці.

— А чаму?

— ??

— А таму, што ў вялікіх акцёраў усё атрымлівалася проста, вельмі проста і натуральна. Менавіта тады мы перастаём верыць, што перад намі не акцёр, а зусім іншы чалавек. Але гэта прастата — самае цяжкае, мы глядзім, і нам здаецца, мы гэтак жа зможам. Але толькі так здаецца. Гэта талент. Ты павінна паверыць у свой талент, тады ў цябе ўсё атрымаецца і табе таксама павераць, нават самыя пільныя ворагі. А мы цябе накіроўваем да такіх ворагаў.

Так, калі павераць — значыць, я пераканала. Роля мне ўдалася. Толькі тады можна разлічваць на выкананне задання. Не павераць, значыць, загінула я і заданне таксама.

Я ўяўляю: капітану Лоўгачу і старшыне Цімохіну становіцца вядома, што я завалілася, уяўляю выраз іх твараў... Не, толькі не гэта.

Сонца ўзнімаецца ўсё вышэй. Аднекуль пацягнула пахам жылля — дымком, прэлай саломай. Нядаўняя нямая цішыня змяняецца ледзь чутнымі гукамі. Быццам у Тургенева ў «Бежыным лузе»: «Свежы струмень прабег па маім твары, вецер пайшоў гуляць, пырхаць над зямлёй». Цікава ажывае лес. Спачатку няўпэўнена заспявала адна птушка, ёй адгукнулася другая. І вось пайшлі ўжо, панесліся перапевы на ўсе лады... Праз гадзіну мне можна ісці. Але дзе я знаходжуся? Пэўна, калі лётчык не збіўся з курсу, недзе пад Магілёвам, па легендзе я накіроўваюся ў Магілёў і ў гэта немцы павінны паверыць. Гэта пачатак маёй легенды. Тое, што ў начным непраглядным змроку і на досвітку мяне азадачвала і насцярожвала, зараз праяснілася. На гарызонце пачалі вырысоўвацца незразумелыя пабудовы, нейкія невысокія вежы. Зараз, калі сонца асвяціла ўсё раней загадкавае і няяснае, стала зразумела, што гэта спаленая немцамі вёска, а ўзвышаюцца к небу не вежы, а сіратлівыя коміны. Было ціха, як у пустыні, дзе няма чалавечага жылля. Толькі пах дымка, прэлай саломы.

Ужо шэсць гадзін. Трэба перачакаць па крайняй меры гадзіны дзве-тры. Добра было б падрамаць, я заплюшчваю вочы, але спаць не хочацца, спаць не даюць думкі, якія роем стукаюцца ў галаве, падпарадкоўваючыся адной, асноўнай: «Заданне! Заданне!» Трэба было б адпачыць, даць супакоіцца сваім нервам і таму падрамаць хоць бы гадзінку. І ў той жа час працінае другая думка: «А што, калі ты заснеш, і тут з’явяцца немцы або паліцаі... Цябе схопяць, і выходзіць, што ты не сама, а цябе схапілі. Тады канец усяму. Значыць, сядзі і глядзі ўважліва. Ты сама павінна выйсці са сваёй засады».

Роўна праз гадзіну выходжу на дарогу. Цішыня вакол. Пройдзена мінімум кіламетраў пяць, а я ўсё не ведаю, дзе знаходжуся. Наперадзе яшчэ адна спаленая вёска, зноў жаласныя, як помнікі, абгарэлыя коміны. І яшчэ — чыгункі, пакамечаныя, чорнага колеру вёдры, бітае шкло. Шукаю на пагарэлішчы сярод абгарэлых шматкоў паперы хоць якія-небудзь адрасы, яны могуць падказаць назву вёскі. Вось нейкая квітанцыя, на ёй назва вёскі, цяпер ужо былой вёскі, — Еўдакімавічы. Дастаю карту, знаходжу вёску. Іду цяпер не ўсляпую, а маю арыенцір.

Чую нейкія галасы, і вось з-за павароту насустрач ідуць людзі. Здаецца, немцы, чалавек дзесяць. Іду насустрач, з цікаўнасцю разглядаючы іх. Калі не спыняць, пайду далей. Не спынілі. Нават дзіўна, побач жа чыгунка. Дарэчы, можна з’явіцца туды, пэўна ж, ёсць ахова. Бачу невялікі домік ля пераезду, відаць, іх КП. Стукаю ў дзверы, чую: «Гэрайн!» і ўваходжу. У невялікім пакоі два чалавекі ў нямецкай форме. Нейкія малодшыя чыны. Яны адклалі ўбок паперы, утаропіліся на мяне. Адзін з іх наблізіўся. Спытаў даволі ветліва, што мне трэба. Дзіўна, але я зусім спакойная. Гавару па-нямецку: «Калі ласка, адвядзіце мяне да вашага начальства. Лепш у камендатуру».

Немец глядзіць на мяне запытальна, ён пытаецца:

— Камендатуру?! Навошта і да каго?

Я пачынаю разумець, што пакуль я не скажу, хто я, размова наша не будзе мець сэнсу.

Мы ва ўпор разглядаем адно аднаго, я не спяшаюся сказаць яму, хто я. На душы ў мяне вельмі спакойна, не ведаю чаму, гавару вельмі гучна:

— Я руская разведчыца. Ноччу скінута з самалёта ў раёне вёскі Еўдакімавічы. Хачу добраахвотна здацца нямецкім уладам.

Немец разгубіўся, нават твар у яго збялеў, ён схапіўся за зброю. Супакойваю яго:

— Зброя вам не патрэбна. Я ж бяззбройная і прыйшла сюды не страляць у вас. Вядзіце мяне да свайго начальства.

Другога немца віхурай шпурнула да мяне, ён пачаў абмацваць мае кішэні. Я раскрыла сама перад ім маленькую дамскую сумачку, каб пераканаць у тым, што не маю зброі, і папрасіла іх не задаваць мне ніякіх пытанняў.

— Гутарыць буду толькі з вашым начальствам, — сказала я.

Адзін з немцаў, той, што абшукваў мяне, схапіў трубку і паведаміў свайму нябачнаму субяседніку:

— Савецкая шпіёнка... Прыйшла, каб добраахвотна здацца...

 

12

Інспектар акінуў Андрэя гарэзлівым, вясёлым позіркам. Прапанаваў: «Сядайце». У яго маленькім кабінеце было вельмі ўтульна — глыбокія скураныя крэслы, бардовыя цяжкія шторы на вокнах. Відаць, у гэты пакой перапала тое-сёе з верхніх паверхаў сучаснага атэля.

Інспектар нібыта прачытаў яго позірк.

— Стараемся не адстаць ад моды, інтэр’ер павінен адпавядаць часу, нават у інспектара, якому прыходзіцца займацца ўсім гэтым, — ён правёў рукой па сіняй папцы. — Вы ж ведаеце, мне даўно вельмі хацелася, каб пра гэта даведалася як мага больш людзей. І справа не ў тым, што я хацеў праславіцца, паглядзіце, вось чым даводзіцца займацца чалавеку, які ўсё жыццё ўяўляў сябе сышчыкам, сапраўдным сышчыкам, што ганяецца за небяспечнымі злачынцамі, рызыкуючы пры гэтым сваім уласным жыццём.

Андрэй яшчэ раз уважліва паглядзеў на інспектара. І сапраўды — выліты класічны сышчык: роўны прабор на галаве, глыбока пасаджаныя чорныя вочы.

— Уся справа ў тым, — працягваў інспектар, якога звалі Вадзімам Васільевічам, — займаюся я ўсім гэтым і адчуваю сваё ўласнае бяссілле. Ну, добра, злавіў некалькі фарцоўшчыкаў, а лавіць я іх магу проста пачкамі кожны дзень, або вяду гутарку з дзяўчынкамі, якія з-за шмацця з фірменным кляймом гатовы на ўсё, а яны глядзяць мне ў вочы, смяюцца і назаўтра займаюцца тым жа. Тут патрэбны агульная нецярпімасць, нянавісць, калі хочаце. Дарэчы, пачытайце самі, а я пайду пакуль у сваю гаспадарку. Ёсць такія-сякія справы.

Ён паклаў перад Андрэем пачак цыгарэт, адкаркаваў бутэльку мінеральнай, усміхнуўся:

— Каб лепш працавалася.

Андрэй пачаў гартаць папку. Маладыя ў асноўным твары, вельмі прыгожыя дзяўчаты, якім маглі б пазайздросціць прыгажуні з кінастудыі і заезджыя практыканты інстытута кінематаграфіі. Скупыя радкі: «Затрымана пасля таго, як выйшла позняй ноччу з нумара ад грамадзяніна з Італіі... Растлумачыла, што чалавек гэты падабаецца ёй даўно, яны сустракаюцца па ўзаемнаму пачуццю, ён часта прыязджае ў Мінск па справах, хутка яны пажэняцца, гэта яе даўняя мара і не толькі яе, а і многіх сябровак — стаць жонкай багатага іншаземца, зажыць на яго грошы на якой-небудзь шыкоўнай віле пад Рымам...»

Андрэй гартаў паперы з сіняй папкі і адчуваў, як крыху вышэй броваў пачынае балець галава. Ён не рабіў ніякіх паметак, проста чытаў.

Неўзабаве ў пакой амаль бясшумна ўвайшоў Вадзім.

— Ну, як, атрымліваецца з гэтага што-небудзь гэткае ўзвышанае?

Андрэй закрыў папку.

— Гэта ўжо праўда, што «ўзвышанае».

— Калі вы хочаце сустрэцца вось з гэтымі, — ён грэбліва тыцнуў пальцам у папку, — з усімі або толькі некаторымі?

— З усімі не варта. Думаю, што мне, і тым больш гледачу, дастаткова чалавек чатырох.

— Заўтра я запрашу каралеву мясцовага рэстарана. Яна тут і днём і, магу смела сказаць, вельмі позна затрымліваецца. А потым іншых. Думаю, здымаць на плёнку вы іх не будзеце.

— Не. Толькі магнітафон. Ніякіх здымак. Фонам могуць быць якія-небудзь паўзацемненыя сцэны ў рэстаране або ў дыскатэцы... Дарэчы, пакуль не ўпэўнены.

Вадзім сказаў, што будзе чакаць яго заўтра а палове сёмай. Яны павячэраюць, маюць жа яны на гэта права, урэшце, а потым запросяць дзяўчат на «непрымусовую» гутарку.

Вечарам Андрэй прыкінуў план заўтрашняй размовы. Яго не цікавіць, з кім яны сустракаюцца. Трэба паспрабаваць высветліць іх сутнасць, раскрыць яе для ўсіх астатніх. Толькі ці ўдасца гэта яму? Паперы ў сіняй папцы пераканалі, што размова можа і не атрымацца.

Назаўтра вечарам, узброіўшыся партатыўным магнітафонам «Соні», купленым з нагоды ў камісіёнцы, ён быў у кабінеце інспектара.

— Павячэраем? — спытаў Вадзім.

— Спачатку лепш папрацуем, — сказаў Андрэй. — А то пасля вячэры не зусім прыемна весці падобныя размовы.

Інспектар засмяяўся:

— Не настройвайце сябе на такі лад. Тут сустрэлася мне... Пасля таго як вы пайшлі. Адна з кампаніі засталася, сяброўкі даўно ўжо на берагах Рэйна і Адрыятыкі, а яна ўсё выбірае, усё чакае свайго незвычайнага «рыцара», але між тым не грэбуе і выпадковымі, прахаднымі, жыць жа неяк, не працуючы, трэба, а тут падарункі, зялёненькія паперкі таксама перападаюць... Некалькі разоў хацелі мы яе ўзяць за дармаедства, але нічога не выходзіць — дакладна ўсё разлічвае і ў патрэбны момант уладкоўваецца на работу, на кароткі час, вядома. Праз паўгадзіны яна да вашых паслуг. Мая прысутнасць абавязкова?

— Пажадана, Вадзім Васільевіч, каб вы прысутнічалі. А то яна можа адмовіцца размаўляць.

— Гэта яна можа зрабіць, а пры мне, думаю, не пасмее, ёсць у яе на тое прычыны. У нас свае з імі, як бы вам сказаць, адносіны, амаль сяброўскія, калі збоку паглядзець...

Яны выйшлі з кафэ. У бары было некалькі маладых дзяўчат у вельмі кароткіх спадніцах.

— Злятаюцца, як матылі на агонь, але гэтыя яшчэ так... Марнуюць вольны час і транжыраць бацькавы грошы.

Інспектар насупіўся:

— Ведаеце, я ўсіх гэтых бацькоў... Далі б толькі волю!

Па доўгім калідоры, міма апранутых у парадныя мундзіры швейцараў, яны вярнуліся да кабінета інспектара. Каля дзвярэй стаяла высокая дзяўчына ў велюравай сукенцы. Яна абыякава паглядзела ў бок Андрэя і інспектара. У дзяўчыны былі тонкія рысы твару. Андрэя ўразіў халодны позірк шэрых вачэй.

— Звычайна вы пунктуальныя, Вадзім Васільевіч, — сказала дзяўчына. Голас у яе быў крыху сіплаваты. — Я стаю тут як асуджаная, і знаёмыя падазрона вылупліваюць вочы.

— Нічога, вечар у цябе наперадзе, — сказаў інспектар, прапускаючы яе наперад.

Дзяўчына села ў крэсла, закурыла. Позірк яе быў вельмі спакойны. Андрэй падумаў, што ў абліччы ёсць нешта непаўторнае, калі, безумоўна, нічога не ведаць.

— Учора ты круцілася каля «Бярозкі» і «Івушкі», потым размаўляла паўвечара з Сухаполам, ён выйшаў з гасцініцы з набітай сумкай... Мы ж з табой дамовіліся.

— Глупства ўсё, Вадзім Васільевіч, нічога не было. Сухапол — стары знаёмы. Проста старыя знаёмыя, ну, пагаварылі пра тое-сёе, што з гэтага. А «Івушка», «Бярозка»? Тавар новы, добры. Дзе яшчэ можа прыстойная дзяўчына, якой да старасці далёка, добра, з густам апрануцца.

— А грошы?

— Грошай няма, Вадзім Васільевіч, нейкі мёртвы сезон пайшоў. Але хутка Надзька з мужам і дзецьмі прыкоцяць. Думаю, яна мяне не пакрыўдзіць. Колькі разам пражыта, колькі разоў у вашым кабінеце слёзы давялося ліць па маладосці. Такое не забываецца, хіба не праўда?..

Інспектар прамаўчаў. Ён уважліва сачыў за рэжысёрам, якое, маўляў, уражанне робіць на яго гэта дзяўчына. Андрэй думаў, ці ўдасца скарыстаць магнітафон.

— І вы мяне, Вадзім Васільевіч, запрасілі сюды з-за такой дробязі. «Сухапол скрутак нёс...»

— Не з-за гэтага, вядома. Ты вельмі лагічна разважаеш. Вось таварыш з кіно табой зацікавіўся, — інспектар паказаў вачамі на Жыліча.

Дзяўчына ўпершыню ўважліва паглядзела на Андрэя.

— Няўжо вырашылі запрасіць мяне на галоўную ролю! Скажу адразу — я згодна.

— Не трэба іранізаваць, Эла. Справа вельмі сур’ёзная, з табой проста хочуць пагутарыць.

— А як жа здымкі, без здымак я не згодна.

— Ну, дапусцім, табе прыйдзецца адказаць на ўсе пытанні, і канчай камедыю, — інспектар сціснуў губы, твар яго крыху паружавеў. — Не забывай, што знаходзішся не за столікам наверсе.

Эла замаўчала.

Андрэй спытаў у інспектара:

— Можна мне пагаварыць з ёю?

Інспектар з палёгкай уздыхнуў:

— Калі ласка, Андрэй Фёдаравіч.

— Справа тут вось якая, — пачаў Андрэй, гледзячы проста Эле ў вочы. — Я б хацеў пагаварыць з вамі з той мэтай, каб нашу размову пачулі іншыя, у даным выпадку гледачы. Здымаць вас ніхто не будзе, прозвішча ваша мяне таксама не цікавіць, і ніхто не даведаецца, з кім вялася гутарка.

Яна перастала ўсміхацца, твар зрабіўся засяроджаны.

— Скажу вам шчыра — мяне гэта не цікавіць. Я ведаю, што такое кіно... Гэта доўгая справа. Пакуль вы выпусціце свой фільм, мяне, спадзяюся, тут ужо не будзе.

Андрэй паставіў магнітафон на стол, уключыў яго.

Жыліч. Як вы ўпершыню трапілі сюды?

Эла. Калі вы маеце на ўвазе гэту гасцініцу, дык гадоў пяць назад. Прыйшла сюды з сяброўкай, у бары вельмі спадабалася — утульна, музыка выдатная. Словам, зусім іншы свет, чым вакол — шэры, бязрадасны. І людзі іншыя — ветлівыя, з густам апранутыя. Пачала прыходзіць сюды ўсё часцей. Я наогул хацела прыгожа апранацца і гэтым, відаць, мала адрознівалася ад усіх іншых дзяўчат. І прыгожа, бестурботна жыць таксама хацелася. Думала паступаць у інстытут, а потым перадумала — навошта? І што гэта дасць? Абсалютна нічога. Сто дваццаць пасля пяцігадовай сушкі мазгоў. Не, гэта не для мяне. Ва ўсякім выпадку, не для маёй знешнасці. Я варта большага.

Жыліч. Раскажыце пра сваю сям’ю.

Эла. Бацька працаваў інжынерам. Самым звычайным інжынерам, які ўсё жыццё працаваў як папа Карла, але так нічога і не дасягнуў. Інфаркт застаў яго ля чарцёжнай дошкі. Тут недалёка ёсць такі шматпавярховы інстытут, ён там працаваў. Грошай у нас ніколі не было. Самі зразумейце, трое дзяцей. Бацька працаваў як мог, але ўсё роўна мы жылі вельмі сціпла. Маці ўвесь час думала, як дацягнуць да палучкі. Яна ў дзіцячым садзе няняй працуе. Работа... Гаршкі, пялёнкі. Нам, дзецям, прыходзілася трымаць зубы на паліцы.

Жыліч. Гэта ў якім сэнсе?

Эла. Ну, што я магла сабе дазволіць?! А хацелася многага, хацелася выглядаць, як прыгожыя дзяўчаты з бара, хацелася ездзіць не ў аўтобусе, а карыстацца таксі, хацелася мець духі «Крысціян Дзіор», хацелася заходзіць вечарам у рэстаран, танцаваць. Жыццё ў чалавека, як пішуць у правільных кніжках, усяго адно, і кожны мае права пражыць яго, як ён хоча, так, якім яно яму бачыцца.

Жыліч. А якім бачыцца вам ваша жыццё?

Эла. Без асаблівых клопатаў, калі вас гэта не шакіруе, у добрым, салідным дастатку. Хачу падарожнічаць па свеце, мець усё, чаго толькі пажадаеш. Уявіце, многія мае сяброўкі, горшыя за мяне, Вадзім Васільевіч гэта можа пацвердзіць, а ўладкаваліся вельмі няблага. Не, не падумайце, не ведаю, як вас завуць, яны не ў Афрыку паехалі, гэта толькі дурніцы робяць і потым праклінаюць сябе ўсё жыццё. Вядома, Еўропа, Штаты, хоць у апошніх жыць крыху небяспечна, але ўсё ж... Вось прыедзе Надзька са сваім раскошным сівавалосым бундэсам і дзецьмі, вы самі зможаце ўбачыць. Так, яна жыве, а не існуе, хоць якая яна там. Але як выглядае, нібыта ў птушыным малацэ кожны дзень купаецца. Пакаталася ўжо па ўсёй Еўропе, у Японіі была, у Ганконгу. Не, я лічу, выходзіць замуж трэба толькі за прыстойнага чалавека, а прыстойныя людзі, за рэдкім выключэннем, жывуць толькі... самі разумееце дзе...

Жыліч. У вашай сям’і трое дзяцей. Яны гэтак жа лічаць?

Эла. У мяне два браты. Гэта яшчэ тыя хлопчыкі. Адзін з дзяцінства быў вундэркіндам у музыцы, татачка ўсё па прафесарах розных яго цягаў, па музычных школах, разам з маці радаваліся, калі ён на канцэртах іграў. А чаго ён дабіўся — выкладае ў музычным вучылішчы, вядзе нейкі аркестрык у Доме культуры, напладзіў чатырох дзяцей, мае тоўстую жонку-дурніцу... Другі наогул балбес. Усё займаецца спортам, пайшоў у ваеннае вучылішча і сядзіць гадоў дванаццаць у нейкіх богам забытых гарнізонах. Вось і ўсё. Я лічу, што жыву лепш, чым яны.

Жыліч. Але ёсць жа нейкія паняцці. Гонар, напрыклад?

Эла. Які там гонар! Усё гэта гучныя, прыдуманыя для крэтынаў словы, а потым яшчэ вы скажаце і аб патрэбнасці чалавека ў працы. Чытала я такое шмат разоў, дый вакол далдоняць з раніцы да позняй ночы. Лухта ўсё гэта сабачая. У чалавека ёсць толькі адна патрэба — добра жыць. Самі разумееце, мне здаецца, вы чалавек інтэлігентны, гэта паняцце шырокае, мне цяжка яго расшыфраваць. Ну, ясна ж, пра што ідзе гаворка. Вядома, многім людзям у нас удалося някепска ўладкавацца, розным там вучоным, дыпламатам або жулікам. Але для гэтага трэба мець ці вялікі розум, ці ўменне рызыкаваць. А як жыць звычайнаму чалавеку?

Андрэй выключыў магнітафон.

— Хопіць? — спытала Эла.

Жыліч кіўнуў галавой.

Інспектар устаў з-за стала.

— Ты свабодная. Але я прашу цябе — не шукай прыгод больш, чым ты ўжо знайшла. Інакш можаш паехаць зусім у іншы бок.

Эла глянула на інспектара спадылба.

— Вадзім Васільевіч, я не пераступаю рысу закона. Інакш бы мяне даўно з вялікай ахвотай туды адправілі. Не пераступала і не пераступлю, у мяне таксама галава на плячах ёсць.

Калі яна выходзіла, Андрэй заўважыў, што ў яе паходка як у манекеншчыцы.

— Усё, як кажуць, па фірме, — сказаў, перахапіўшы яго позірк, інспектар. — І паходка, і рэчы. Камар носа не падточыць. Яшчэ будзем, гаворачы па-вашаму, збіраць матэрыял?

Жыліч сунуў магнітафон у папку.

— Не, бадай, на сёння хопіць.

Інспектар выкарыстаў невялікі адрэзак часу, пакуль малады афіцыянт пайшоў за заказам.

— Ведаеце, Андрэй, я сустракаў вельмі самавітых, з пункту гледжання іх становішча, людзей, якія водзяць дружбу з такімі дзяўчатамі.

Андрэй з прагнасцю выпіў шклянку соку.

— Не разумею, што можа вабіць да іх?! — шчыра здзівіўся ён.

— З імі зручна. Ніякіх прэтэнзій, а як гэта незвычайна ў наш час. Азірніцеся вакол. І вы, і я назаву вам процьму мужчын, што пагарэлі на жанчынах. Пачынаюцца прэтэнзіі, потым разводы, потым пісьмы ў розныя інстанцыі ад былых і новых жонак, пакрыўджаных дзяцей... Кашмар нейкі...

Андрэй згадзіўся:

— Сапраўды, гісторыі такія сёння нікога не здзіўляюць. Знаёмыя толькі паківаюць галавой, быццам на чалавека звалілася нечакана няшчасце, вось, маўляў, і яшчэ адзін. І ўсё ж — усё, што хочаш, але толькі не мець справу з гэтымі муміямі без мазгоў.

— Я з вамі ў гэтым салідарны, але многія лічаць інакш. Ды што мы ўсё пра гэта. Не ведаю, як вы, але я, напрыклад, рады знаёмству. Некалькі разоў бачыў вашы фільмы, у газетах чытаў інтэрв’ю. Думаю, нам трэба троху адзначыць наша знаёмства і пачатак работы.

Андрэй адчуваў ва ўсім целе нейкую дзіўную стому. Святлана праўду кажа, ён так даб’е сваё здароўе — дом, машына, дом. На свежым паветры зусім не бывае. Нават лазню не наведвае. Званіў некалькі разоў сябар, але ён адмаўляўся, спасылаючыся на страшэнную загрузку. Бадай, віно здыме стому. І Андрэй згадзіўся. Інспектар заказаў бутэльку «Гурджыані». Халоднае, як лёд віно скавала зубы. Андрэй зрабіў некалькі глыткоў і толькі пасля, выпіўшы ўжо ўвесь бакал, успомніў, што каля рэстарана стаяць яго «Жыгулі».

— Д’ябальшчына, — сказаў ён. — Я ж зусім забыў, што на машыне.

Інспектар зарагатаў.

— Нічога страшнага. Бакал белага сталовага віна...

— Калі мяне спыняць, буду звяртацца да вас за дапамогай.

Віно і на самой справе дапамагло, стомленасць пачала некуды знікаць, аслабеў боль у галаве.

— Нешта я не зусім задаволены сённяшняй гутаркай, — прамовіў Андрэй, закурыўшы. — Ёсць нейкая скаванасць, стрыманасць.

Інспектар згадзіўся:

— Я таксама заўважыў гэта. Яна крыўлялася, што не хвалюецца перад мікрафонам. Прапаную — я вяду размову, а вы чакайце побач, захоўваючы поўнае інкогніта, і спакойна запісвайце сабе на магнітафон. Трэба было б і сёння зрабіць гэтак жа, не рыхтуючыся і не выкладваючы магнітафон на стол. І ніякіх парушэнняў этыкі тут няма, — інспектар быццам прачытаў Андрэевы думкі. — Вы ж не будзеце іх называць, здымаць іх чароўныя фізіяноміі таксама...

— Ваша праўда, — сказаў Андрэй. — Наступным разам я ваш памочнік, асістэнт або як там хочаце, а не «таварыш з кіно».

Андрэй прыехаў дамоў каля дзесяці. Сказаў Святлане:

— Я страшэнна стаміўся. З заўтрашняга дня — ранішнія кросы і футбол.

Пацалаваў Кацьку і заснуў імгненна, нібы праваліўся ў пустату.

 

13

«Чаму ты працягваеш да мяне рукі і гаворыш жывым, чалавечым голасам, настолькі жывым, што я чую, скурай адчуваю цеплыню твайго дыхання, разумею, што магу ўзяць цябе на рукі, прыціснуць да сябе тваё цельца, якое засталося навечна маленькім... Такога не можа быць, гэта плод майго хворага ўяўлення, усёй маёй наэлектрызаванасці ў апошнія дні, цябе ж даўно няма, калі цябе не стала пасля пахавальнай ад Лёні, я прасіла лёс, каб ён забраў жыццё і ў мяне, навошта мне жыць, я так смяротна стамілася, а тут твая смерць. Як ты мучыўся, як пакутаваў, у адзін з апошніх дзён прыйшоў да мяне, працягнуў рукі і сказаў ціха: «Мамачка, я адчуваю, што памру...» Унутры ў мяне ўсё абарвалася, мы плакалі з табой разам, адчайна, я розумам, а ты сэрцам разумеў, што нам ніхто не мае сілы памагчы, ні адзін чалавек на зямлі. І вось цяпер, праз шмат гадоў, калі я стала іншай, старой і яшчэ больш стомленай, ты з’явіўся і, як калісьці, працягваеш да мяне свае бледныя ручкі з тонкімі, сінімі пражылкамі на пальцах, і ўсё таму, што жыццё зноў вярнула мяне ў мінулае і мне нікуды не падзецца ад яго...»

Ёй здалося, што яна размаўляе ў сне. Расплюшчыла вочы, і бачанне знікла, цяжка ўздыхнула і зноў заплюшчыла вочы, ёй зноў хацелася ўбачыць сына, але сон знік і яна не магла яго вярнуць.

У апошнія дні яна адчула, што ціск падскочыў, у нейкія хвіліны сэрца пачынае калаціцца ў шалёным рытме. Яна супакойвала сябе, чакала ж столькі часу, сама думала напісаць, без гэтага пазнавання. Столькі часу прайшло... Яна некалькі разоў брала ў рукі ручку, садзілася перад чыстым аркушам паперы, але ён так і заставаўся ляжаць чыстым, падумаюць яшчэ, што захацела славы для сябе. І ўсё ж страх панесці сваю тайну ў магілу ўсё больш непакоіў яе. Сама не ведае чаму. Іншы раз хацелася падзяліцца з кім-небудзь перажытым, з тым жа сынам або ўнучкай. Сяброўка яе Соф’я ў гады вайны была медсястрой на фронце. Яна гаварыла, што ўжо тады, у свае дзевятнаццаць стала сівой, столькі гора бачыла, столькіх раненых з поля бою вынесла. Яна часта ў доўгія вечары, што яны праводзілі разам, успамінала той час і вочы яе макрэлі, яна магла гаварыць пра гэта бясконца. Алену Аляксандраўну таксама падштурхоўвала нешта сказаць: «А вось і я таксама памятаю...» Але яна маўчала і на ўсе пытанні і Соф’і Фёдараўны, і іншых гаварыла, што ў час вайны засталася з сынам і мужавымі бацькамі на акупіраванай тэрыторыі, было голадна, цяжка, мучыла невядомасць — што з Лёнем, ён жа на фронце. Пасля вызвалення прыйшло паведамленне аб смерці мужа, а неўзабаве памёр і сын ад цяжкай, невылечнай хваробы.

Вось і ўсё, і больш ні слова. Так ёй загадалі забыць мінулае, выкрасліць яго з памяці, быццам і не было яго ніколі. На тое былі свае асаблівыя прычыны. І яна старалася нічога не ўспамінаць, каб было лягчэй, але даўняе жыццё настойліва лезла ў галаву, прыходзіла ў сне, быццам стараючыся даказаць ёй самой: «Усё гэта было, было!..»

Увесь дзень пасля наведання гаркома партыі яе не пакідала нейкае дзіўнае пачуццё абнаўлення. Хадзіць яна стала спрытна, зусім не адчуваючы стомленасці, але ў той жа час зрабілася нейкая рассеяная, і нават на ўроках, чаго раней з ёй ніколі не бывала, лавіла сябе на тым, што праслухала адказ, забылася настолькі, што не ведае, пра што ідзе зараз гаворка, быццам яна выходзіла наогул з класа. Яе часта мучыла думка, калі, калі ж будзе адказ з Масквы. Яна думала расказаць пра ўсё Андрэю і нават прыехала да яго неяк увечары, але ўбачыла пісьмовы стол, завалены паперамі, яго чырвоныя ад недасыпання вочы і падумала, што расказ, вядома, узрушыць яго і работа будзе пакінута на многа дзён. Яна добра ведала свайго сына.

Алена Аляксандраўна пасядзела з унучкай, пагаварыла са Святланай. Андрэя папрасіла, каб ён усё-ткі знаходзіў час для адпачынку, але Святлана махнула рукой; вы ж яго ведаеце, калі ён засеў за работу па-сапраўднаму, то на вачах ператвараецца ў нейкага фанатыка, і так да таго часу, пакуль не закончыць работу.

Неяк надвячоркам пазваніў дамоў дырэктар школы, усхваляваным голасам ён папрасіў яе зайсці ў школу крыху раней, прыкладна за паўгадзіны да пачатку ўрокаў, каб яны маглі спакойна перагаварыць, таму што з’явіліся нейкія дзіўныя акалічнасці.

Раніцой яна чакала яго ля кабінета. Прыйшла раней мінут за пяцьдзесят, амаль ноч не спала, хоць наогул не бачыла ніякіх прычын для хвалявання.

Дырэктар амаль бег па калідоры, адчыніў кабінет, прапусціў яе наперад. Пачаў адразу:

— Алена Аляксандраўна, справа вось у чым... Учора я быў у гарана на нарадзе, калі вярнуўся ў школу і зайшоў у настаўніцкую, яна нагадвала растрывожаны вулей. Толькі мінут праз пятнаццаць я, нарэшце, дабіўся адказу, што ж адбылося, таму што ўсе настаўнікі стараліся гаварыць і спыніць іх было проста немагчыма. Потым, калі я супакоіў іх, завуч расказала, што ў школу, якраз на перапынку паміж урокамі, прыйшла нейкая жанчына. Яна пачала гаварыць такое... Што вы, Алена Аляксандраўна, у час вайны працавалі ў гестапа перакладчыцай, пайшлі да немцаў служыць добраахвотна і служылі, дапытваючы нашых людзей...

Дырэктар выпаліў усё гэта на адным дыханні, ён цяжка і перарывіста дыхаў.

— Гэту жанчыну завуць Ганна Самцэвіч? — ціха спытала Алена Аляксандраўна, толькі цяпер заўважыўшы, што яна стаіць перад дырэктарам ля дзвярэй, як школьніца.

Яна падышла да стала, села насупраць дырэктара.

— Супакойцеся, калі ласка, Міхаіл Іпалітавіч, — сказала яна зусім спакойна, і ён не мог не здзівіцца — захоўваць спакой у такіх неверагодных абставінах, — гэта жанчына — Ганна Самцэвіч...

— Дык вы яе ведаеце?! — не вытрымаў Круглей.

Жыліч кіўнула:

— Так, ведаю прозвішча і імя ведаю дакладна, а вось пазнаць... Не, раней прозвішча такога не сустракала, не помню. Але справа не ў гэтым, Міхаіл Іпалітавіч, гэта не мае ніякага значэння. Я магу сказаць, што гэта жанчына вельмі нецярплівая.

Міхаіл Іпалітавіч зноў не даў ёй дагаварыць.

— Як гэта нецярплівая?! Пры чым тут гэта... Вы мне скажыце адно — яна гаворыць праўду ці хлусіць, нясе лухту? Можа, яна наогул вар’ятка...

Ён ускочыў з крэсла, потым сеў, сціснуў скроні далонямі.

І тут Алена Аляксандраўна ўсміхнулася яму, ён выпрастаўся і глядзеў на яе недаўменна.

— Супакойцеся, Міхаіл Іпалітавіч, прашу вас, супакойцеся, — амаль узмалілася яна. — Гэта жанчына, Ганна Самцэвіч, ужо звярнулася з пісьмом у гарадскі камітэт партыі. Помніце, мяне выклікала Корж? Адтуль жа, з яе пісьма ў гарком, я і даведалася яе прозвішча. Адказу яна, відаць, не хутка дачакаецца, як, дарэчы, і я сама, вось не вытрымала, прыбегла ў педагагічны калектыў, каб ён ведаў пра ўсё. І я, мабыць, на яе месцы зрабіла б гэтак жа. Больш я нічога не буду вам тлумачыць.

Яна паднялася і пайшла. У настаўніцкай адразу ж адчула наэлектрызаваную атмасферу вакол сябе. Некаторыя глядзелі на яе са здзіўленнем: як магла яна з’явіцца ў школе, чытала яна ў гэтых позірках, яе ж месца не тут... Завуч ледзь кіўнула ёй галавой. Колькі нянавісці было ў гэтым позірку! На першым уроку Алена Аляксандраўна ледзь стрымлівала сябе, каб не расплакацца і не пакінуць клас. У класе было вельмі ціха — ці то чутка разнеслася па школе, ці то дзеці заўважылі, што яна сама не свая.

На перапынку ў настаўніцкую ўвайшоў дырэктар.

— Хвілінку ўвагі, таварышы, — сказаў ён.

Алена Аляксандраўна заўважыла, што зараз выглядае ён даволі спакойна. Яна напружана назірала за ім, седзячы на крэсле ў кутку настаўніцкай.

— Усе ведаюць аб непрыемным інцыдэнце, які ўчора адбыўся ў нашым калектыве. Так, я думаю, што ведаюць літаральна ўсе, нават калі яны і не прысутнічалі ўчора, калі сюды прыйшла гэта... — дырэктар не мог падабраць патрэбнага слова, — незнаёмка. Дык вось, я заклікаю ўсіх вас, я загадваю вам забыць аб гэтай гісторыі і не распускаць непатрэбных чутак, якія папаўзлі па школе, і што зусім недапушчальна, сталі вядомы вучням... Гэта жанчына звярнулася ў высокую інстанцыю і да асобага высвятлення абставін нашы адносіны да Алены Аляксандраўны павінны заставацца ранейшымі.

Завуч падскочыла са свайго крэсла.

— Я не разумею вас, Міхаіл Іпалітавіч, — з абурэннем сказала яна. — Якія разбірацельствы, якія абставіны... Усе мы педагогі — адна сям’я. Усе мы не проста працуем, а выхоўваем дзяцей, хоць нас шмат гадоў і крытыкавала наша прынцыповая Алена Аляксандраўна, і вось да нас прыйшоў чалавек, расказаў нам такое, пасля чаго, я думаю, ніхто не спаў сёння. Дык пры чым жа тут высокія інстанцыі? Няхай Алена Аляксандраўна ўсё сумленна раскажа сёння як на духу.

У настаўніцкай зрабілася шумна.

— Я яшчэ раз паўтараю, калі некаму няясна, — дырэктар гаварыў на незвычайна высокай ноце. — Я забараняю ўсе размовы. Мой загад датычыць і вас, Антаніна Мікалаеўна, таксама. Калі для вас мой аўтарытэт малы, то магу сказаць, што гэта распараджэнне сакратара гаркома партыі таварыш Корж.

У настаўніцкай стала ціха. Калі Алена Аляксандраўна пайшла на ўрок па незвычайна доўгім калідоры, яе дагналі Ланько і Багавік.

— Алена Аляксандраўна, мы з вамі, мы ні ў што не верым, — сказаў Сяргей Прохаравіч і паціснуў ёй руку вышэй лакця.

— Вы ніколі не маглі... Ну, зрабіць так, — падтрымала Галя Багавік. — Так што не хвалюйцеся, працуйце спакойна. Мы вам верым, чэснае слова, верым.

— Дзякую, — ціха адказала яна.

А вечарам ёй пазваніла дамоў Валянціна Сцяпанаўна Корж.

— Я разумею, што ў вас адбылася даволі непрыемная гісторыя ў школе, — сказала яна. — Але вы не турбуйцеся. Падобнае больш не паўторыцца. Я запрашала да сябе гэту жанчыну. Больш яна нікуды не пойдзе.

— Я напісала пісьмо ў Маскву, — сказала Жыліч.

— Мы таксама зрабілі афіцыйнае запытанне. Так што будзем чакаць адказу.

 

Успаміны Алены Жыліч ІІ

Пакутліва цягнецца час. Немцы кураць і глядзяць на мяне. Амаль не размаўляюць.

— Дайце вады! — гавару я. — Піць хочацца.

Немец паказвае на бачок з вадой. Прагна выпіваю амаль поўную алюмініевую конаўку. Успамінаю, апошні раз чай піла з Цімохіным перад самым выездам на аэрадром. Цімохін усё яшчэ парады даваў, а самую апошнюю:

— Калі катаваць будуць, біць, думай аб чым-небудзь іншым, думай аб іншым... Так мяне бацька вучыў, ён выдатным баксёрам быў, болю не баяўся. Словам, калі што, — ён замаўчаў і, адвярнуўшыся, пачаў вялікімі глыткамі піць чай.

Як даўно гэта было. Здаецца, не ноч прайшла, а мінімум тыдзень.

Праз некаторы час ля парога прытармазіў матацыкл, за ім загуў яшчэ адзін. У пакой увайшлі немцы, таксама невялікія чыны, але больш высокія за маіх «гаспадароў».

— Вось гэта? — спытаў адзін з іх, таўставаты, з мяшкамі пад вачыма і з зямлістым колерам твару.

— Гэта яна! — адказаў адзін з немцаў.

У руках аднаго з іх з’явіўся фотаапарат. Пэўна, аматар. Пашле дамоў з подпісам: «Гэту рускую разведчыцу я асабіста ўзяў у палон». Я зразумела, што такіх, як я, ім давялося бачыць не шмат.

Загадалі сесці ў матацыкл. Аўтаматы напагатове, і крануліся ў дарогу. Доўга трэсліся па прасёлачнай дарозе. Гадзіны праз паўтары прыбылі ў невялікі гарадок. Ясна, што гэта не Магілёў. Дарэчы, гэта было няважна. Галаву свідравала адна думка: куды вядуць — у гестапа, жандармерыю ці абвер. Спыніліся каля камендатуры. Калі ішлі па лесвіцы, адзін немец падштурхоўваў мяне ў спіну аўтаматам. Пакой накшталт прыёмнай. Партрэт Гітлера ледзь не на ўсю сцяну. Дзе мы, у каго? Калі пачнецца допыт?

Побач са мной два немцы з аўтаматамі, варта. Дзверы адчыніліся, увайшлі два афіцэры. Адзін з іх каржакаваты, я паспела заўважыць на руках у яго тоўстыя, кароткія, чырвоныя пальцы. Гэта апошняе, што я паспела заўважыць, на мяне быццам абрушылася столь, а падлога пачала правальвацца. Тоўсты немец ударыў мяне па галаве, а калі я павалілася, нанёс некалькі ўдараў ботамі ў жывот.

Нешта гуло, шыпела, свісцела ў поўнай цішыні. Потым усё сціхла, аддалілася. Я адкрыла вочы, зразумела, што ляжу на прыступках, на руках, на твары кроплі вады, а ў роце салёны смак. Чую словы: «Дапытваць яе сёння не прыйдзецца, няхай трохі адпачне».

Нехта дакарае другога:

— Ты, крэтын, мог яе забіць. Падумай, што было б з табой, калі яна не вар’ятка, а сапраўды...

Паступова я ачуньваю. Нехта яшчэ ўваходзіць у пакой. Гаворыць:

— Прабачце, наш таварыш палічыў вас за некага іншага. Гэта памылка, не больш. Зараз мы пройдзем у камеру, там вы адпачнеце. Ніхто больш вас не будзе біць.

Я ніяк не магу разгледзець твар немца, ён расплываецца ў пляму, становіцца то вузкім, то надзіва шырокім, у яго тры вокі, потым чатыры...

Я з цяжкасцю, хоць бы не паваліцца, іду ў камеру, наперадзе мяне, відаць, той, што супакойвае, ззаду яшчэ нечыя крокі.

Я адна ў камеры. Баліць галава, баліць жывот, не згінаецца ў калене нага. Нічога, гэта пройдзе. Але нешта дзіўны прыём рускай разведчыцы, якая здалася добраахвотна. Ні допыту, наогул, ні адзінага слова. Куды і да каго я трапіла. Хто гэты тоўсты гад? Я так і не паспела разгледзець, хто ён. Відаць, таксама нехта з малодшых чыноў. Без біцця, відаць, да вышэйшага начальніка не дапускаюць.

Азіраюся. Камера сырая і змрочная. Маленькае акенца з кратамі на ўзроўні зямлі. Няма сілы падняцца, каб паглядзець, што з яго відаць. Ні стала, ні ложка, толькі зэдлік ды бярэмя саломы. Ціха. Нешта пад саломай трашчыць. Пэўна, мышы. Як добра, што я іх не баюся.

Аднойчы мама знайшла ў пустой бочачцы мыш і паклікала мяне.

— Паглядзі, Леначка, якое маленькае мышаня. Гэта яно заблудзілася і не можа выбрацца, каб пабегчы да сваёй мамы.

— Давай аднясём яго да мамы, — сказала я. — Толькі як нам знайсці яе.

— Тады давай проста выпусцім, — сказала мама.

Я зачыніла накрыўкай бочачку, працягнула ўніз руку і асцярожна ўзяла ў далонь маленькі, цёплы камячок. Нават хвост яго вялікі, нязграбны не спалохаў мяне. Мама адчыніла дзверы, і я пасадзіла мышаня на пясок. Яно юркнула некуды ў кусты.

Так што можаце бегаць па падлозе, папіскваць, я вас ніколечкі не баюся, мне нават з вамі побач спакайней. Але трэба заснуць, трэба абавязкова. Я заплюшчваю вочы, і перада мной пачынаюць бегаць рознакаляровыя плямы — чырвоныя, жоўтыя, сінія, я лячу некуды на нябачных арэлях. Але я не расплюшчваю вачэй. Зноў перада мной узнікае нейчы твар. Ах, ну, вядома, гэта мамачка. Яна хоча даць мне папіць, але ўсё ліе і ліе ваду міма, я прашу, ну будзь ласкава, мамачка, дай мне хоць бы адзін глыток, але яна не бачыць і не чуе мяне, інакш жа і быць не можа, мамы няма, яна памерла, даўно памерла...

 

Мы жывём удваіх з бацькам. Вучыцца з пятага па сёмы клас я хадзіла за пяць кіламетраў у мястэчка Пясочнае. Ішлі і размаўлялі з дзяўчынкамі пра кнігі, пра хлопчыкаў, але ў канцы дарогі ісці ўсё ж станавілася цяжка. Я прыходзіла са школы і працавала дома — мыла бялізну, гатавала бацьку ежу. Заўважала, ён усё больш рабіўся абыякавым да ўсяго, апрача саду. Для чытання часу заставалася вельмі мала, дзеля яго іншы раз наспех рабіла ўрокі, а іншы раз вучыла ў школе. З кніг асабліва падабаліся «Авадзень», «Сын вады», апавяданні Джэка Лондана. Сачыненні ў сямігодцы пісала лепш за ўсіх. З іншых прадметаў любіла геаграфію (гэта ўсё дзякуючы Джэку Лондану) і нямецкую мову. Веданне апошняй адыграла ў маім жыцці не апошнюю ролю.

У зімовы час мы жылі ў інтэрнаце. За сцяной жылі хлопчыкі, было чуваць усё, пра што яны гаварылі. Я заўсёды баялася іхніх крыўдных мянушак. Але мяне не чапалі. Асабліва хлопчыкі ненавідзелі Валю. Яна гордай была, заўсёды ім гаварыла ўсё, што думае, яны нападалі на яе ўсе разам, а Валя хоць бы што. Мы стараліся ўсе быць падобнымі да яе, асабліва я.

Я заўсёды хацела стаць адукаваным, пісьменным чалавекам, або, як у нас гаварылі, выйсці ў людзі. Упартасці я навучылася ў бацькі. З пачатку арганізацыі калгаса ён — калгаснік. Гэта далося яму нялёгка. Бацьку ўнеслі ў спіс кулакоў. Пазней разабраліся, што ён звычайны, працавіты серадняк, але гэта ўжо пазней. Пакуль жа дакапаліся да ўсяго, высветлілі праўду, як гаварыў чалавек у скуранцы, старшыня камісіі, адабралі двух коней, збожжа, авечак, муку. Чакалі высылкі ў Сібір. І літаральна за некалькі дзён да высылкі ўсіх кулакоў з навакольных сёл у нашай хаце зноў з’явіўся худы, з жоўтым тварам чалавек у скуранцы.

— Ёсць рашэнне, — сказаў ён, — вярнуць вам усё адабранае і прыняць вашу сям’ю ў калгас. Памылка выйшла.

Бацька акрыяў, павесялеў, мы таксама. Калгас нараджаўся ў вялікіх пакутах. Бацька пасвіў кароў, касіў сена, сеяў хлеб, але галоўным быў сад.

— Я пасаджу калгасны сад, — гаварыў ён. — Вялізны, першы агульны сад.

Аўтарытэт садавода ў яго быў вялікі, і яму далі зямлю, ён так і лічыўся ў калгасе садоўнікам.

Амаль усе нашы хлопчыкі і дзяўчынкі пасля сямігодкі паехалі вучыцца ў Мінск. Хто на агранома, хто на будаўніка, а я ў музычны тэхнікум.

Я не ўяўляла сабе будучай прафесіі. Якое ўяўленне аб музыцы магло быць. Праўда, я запявала на ўсіх сельскіх вячорках, голас, здаецца, быў нядрэнны, і мне хацелася стаць вядомай спявачкай, хацелася, каб мой голас гучаў па радыё і ўсе ведалі маё імя і прозвішча. У горадзе я нікога не ведала, і мне не ўяўлялася маё гарадское жыццё.

У інтэрнаце музтэхнікума, старым, абшарпаным доме, вясковых мала. У асноўным усе гарадскія. Якія ўсе цікавыя, як хораша гавораць, амаль усе таленавітыя. Мне падабалася Маша Мінянкова. Яна паступіла на аддзяленне ўдарных інструментаў, марыла стаць прафесійным музыкантам. Калі яна ўсміхаецца, усім таксама хочацца ўсміхацца, так іскрацца яе вочы. Яна вельмі прыгожая — шэрыя вочы, апушаныя густымі цёмнымі вейкамі, тонкія бровы. А больш за ўсё мне падабаецца яе любоў да кніг, яна ўсё на свеце прачытала і чытае ўсюды: у трамваі, у магазіне і нават іншы раз на вуліцы дастае кнігу, каб перачытаць любімы ўрывак. Мяне цягнула да яе неўсвядомлена, хацелася быць каля яе. Помню, яна сказала:

— Сёння канцэрт у кансерваторыі. Нам трэба быць усім.

— Ты пойдзеш? — спытала я.

Яна засмяялася:

— Так, я ведаю, але ў мяне адна старая паркалёвая кофтачка. А сукенку трэба цыраваць...

Твар яе зрабіўся сумным.

— У мяне дзве кофтачкі, не вельмі новыя, але ўсё ж насіць можна. Праўда, таксама паркалёвыя. Бяры любую, і хадзем, — прапанавала я.

Мы засмяяліся, прыхарашыліся і пайшлі гордыя на канцэрт, першы канцэрт у маім жыцці.

Саната Моцарта для фартэп’яна. Успомнілася маё паступленне ў музычны тэхнікум (тады называўся не музвучылішча, а музтэхнікум). Я не ведала значэння слова фартэп’яна і гэтым насмяшыла дзяўчат, што паступалі разам са мной. Добра, што смех быў не злосны, а добразычлівы. Слых у мяне аказаўся выдатным, памяць, рытм — таксама, і мяне прынялі па класу дырыжорска-харавому.

Пайшлі дні вучобы, непаўторныя, незвычайныя. Трэба было практыкавацца на раялі не менш як дзве-тры гадзіны ў дзень пасля ўрокаў у тэхнікуме, вывучаць практыкаванні па сальфеджыо, вывучаць тэорыю музыкі, гісторыі, літаратуры. Вечарам два разы на тыдзень хадзілі на канцэрты. Аднак я цвёрда вырашыла наведваць вячэрнюю агульнаадукацыйную сярэднюю школу. Я пачала паралельна вучыцца ў восьмым класе вячэрняй школы, на другім курсе музтэхнікума. Калі вучылася ў дзевятым класе сярэдняй школы і на трэцім музтэхнікума, прыходзілася часта і шмат бываць у чытальнай зале Ленінскай гарадской бібліятэкі. Тут было ўтульна, чыста і светла. Тут можна было чытаць колькі хочаш. Чыталі з асалодай, забываючыся на ўсё на свеце, рэдка ўзнімалі вочы ад кніг.

Аднойчы чую:

— Я бачу, вы гэты часопіс прачыталі. Можна паглядзець?

Перада мной стаяў юнак, высокі, у спартыўнай куртцы, са светлымі, крыху насмешлівымі вачыма.

— Бярыце.

Назаўтра мы вітаемся. У канцы дня юнак дагнаў мяне ў вестыбюлі.

— Я вас даўно ведаю, — сказаў ён. — Я ведаю, у якія дні вы не ходзіце сюды, у бібліятэку. Хочаце — магу пералічыць.

Я чамусьці вельмі ўпэўнена ў ягонай шчырасці. Па дарозе ў інтэрнат размаўлялі. Ён сказаў, што вучыцца на перадапошнім курсе літфака педінстытута, хоча стаць настаўнікам. Мы пачалі сустракацца. Мне ўсё ў ім падабалася — манера гаварыць, трымаць сябе з людзьмі. Потым, праз паўгода, мы ўжо марылі пра сваё сумеснае жыццё, работу. Мы верылі, што нішто і ніколі нас не разлучыць.

Я ў турме на сырой, слізкай падлозе. А ён дзе? Ці жывы? Можа, у палоне... Або забіты. Ці даведаюся калі-небудзь што? А я баюся катаванняў. Вельмі баюся. Ці змагу я ў час допыту думаць аб іншым, каб не адчуваць болю. Добра, я буду думаць аб табе і не буду крычаць.

 

Сон не ідзе. Мяне нудзіць — два дні без ежы. Трашчыць ад тупога болю галава. Уяўляю, які ў мяне страшэнны выгляд. Я хаджу па цеснай камеры. На сценках нейкія літары, розныя драпіны. Я павінна пакінуць тут і свой след. Знаходжу маленькі каменьчык і з цяжкасцю выводжу на сцяне свае ініцыялы. Калі прыйдуць нашы, яны агледзяць усе турмы, усе камеры вялікія і маленькія і даведаюцца, што я была тут.

Цягнецца час. Дзве гадзіны дня. Крокі за дзвярыма. Гэта за мной...

— Фроляйн, пайшлі, — спакойна гаворыць немец.

Я іду за ім наверх, пасля па доўгіх калідорах з рыплівымі масніцамі. Мы ідзём удваіх, ніхто мяне не канваіруе. Уваходзім у вялікі пакой. За сталом немец гадоў трыццаці пяці. Мерна пагойдваецца маятнік гадзінніка.

— Вы галодная? — пытаецца немец, папярэдне прапанаваўшы мне сесці.

Я сяджу ў мяккім крэсле. Мне нават здаецца, што боль ва ўсім целе праходзіць.

— Я двое сутак нічога не ела, — адказваю я.

Немец націскае кнопку пад сталом, і ў пакой уваходзіць ад’ютант.

— Распарадзіцеся, каб прынеслі абед.

Дзяўчына ў белым фартушку літаральна праз дзве мінуты прыносіць абед. Я стараюся есці не прагна, увесь час адчуваю на сабе позірк немца.

— Як вы адпачывалі? — пытаецца немец і тут жа спахопліваецца. — Я зусім забыўся пра ўчарашні інцыдэнт. Атрымалася непаразуменне. Ведаеце, гэты афіцэр толькі перад вашым прыходам атрымаў паведамленне аб смерці сына. Ён загінуў на ўсходнім фронце.

— Я не думала, што апынуся ў такіх умовах, — сказала я. — Я прыйшла да вас добраахвотна і не разлічвала на такі прыём.

Ці не перастаралася я. Не, твар яго спакойны па-ранейшаму.

— Калі будзеце расказваць праўду, а не рускія народныя байкі, дык у вас будуць значна лепшыя ўмовы, — вымаўляе ён холадна, усё гэтак жа ва ўпор разглядаючы мяне.

— Я ўжо гаварыла, што была скінута ўначы на парашуце ў раёне вёскі... — я замялася, забыла назву вёскі.

— Далей.

— Адразу ж пасля прызямлення, дачакаўшыся раніцы, я пайшла да вас, каб добраахвотна здацца.

— На што вы разлічвалі, калі ішлі да нас, прабачце, на што вы разлічваеце зараз?

— Толькі на захаванне жыцця і ні на што больш.

— А калі за вашы грахі супраць рэйха вам прыйдзецца доўга сядзець у турме? Вы і на гэта згодны?..

— Так, згодна, — кажу я. — Але прашу ўлічыць, што я прыйшла да вас з павіннай. Да таго ж, працуючы па заданню савецкай разведкі ў Касцюковіцкім гестапа, я спачувала вам і працавала сумленна. Амаль усе даныя, што пастаўляла я, былі нязначныя, павярхоўныя.

— У гестапа? — бровы немца паўзуць угору.

— Так, выконваючы заданне, я працавала ў гестапа, перакладчыцай.

— Што яшчэ раскажаце?

— Потым прайшла падрыхтоўку ў разведшколе цэнтра. І вось я тут. — Толькі зараз я заўважаю, што ён нічога не запісвае. Значыць, гэта яшчэ не допыт. Немец пачаў хадзіць па пакоі. Мы абое маўчалі. Ён паглядзеў на гадзіннік. Прыкладна праз дзесяць мінут у пакой уваходзіць чалавек у чорнай форме. Стройны, сівы, гадоў пад пяцьдзесят. Мой «субяседнік» ускоквае, ускідае руку ў прывітанні. Вось тут сэрца сцялася. Да таго ж увайшоў яшчэ адзін немец, маладзейшы, з амаль бясколернымі, празрыстымі вачамі. Гэты, відаць, будзе катаваць. Усе трое селі. Чаму іх трое? Адказваць на пытанні аднаго было куды прасцей. Сівы пачынае допыт:

— Імя, прозвішча?

— Жыліч Алена Аляксандраўна.

— Год, месяц, месца нараджэння, нацыянальнасць.

— 1924 год, 11 лютага, беларуска.

Адказваю і адчуваю, як спакой, а затым і ўпэўненасць вяртаюцца да мяне. Але напружанне не змяншаецца, яно расце з кожным пытаннем. Легенда, мілая легенда, уся надзея на цябе. Будуць блытаць, лавіць. Запісваюць старанна не толькі мае словы, але і свае ўражанні ад майго тону, паводзін, стану. Я думаю так, таму што і сівы немец пачынае рабіць нейкія паметкі ў блакноце.

— Ваш бацька, значыць, быў раскулачаны савецкай уладай?

— Так.

— А чаму не высланы ў Сібір?

— Ён быў у спісах тых, каго высялялі, але ў міністэрстве працаваў уплывовы сваяк, і ён здолеў выручыць.

— Прозвішча сваяка?

— Герт. Стрыечны брат маёй мамы. Ён памёр у 1936 годзе.

Брат маці па прозвішчы Герт сапраўды памёр у 1936 годзе, але ніякім начальнікам ён ніколі не быў, але другі Герт сапраўды працаваў у Наркамаце.

— Хто са сваякоў камуністы?

— Блізкіх сваякоў-камуністаў не было і няма. Нейкія вельмі далёкія, бацька казаў, што ніякіх адносін мы з імі не падтрымлівалі. Уся блізкая радня у вёсцы, у калгасе.

— Чым займаліся самі?

— Вучылася ў музычным тэхнікуме, закончыла яго па класе харавога дырыжыравання.

— Хто муж?

— Настаўнік літаратуры.

— Дзе ён цяпер?

— З першых дзён вайны на фронце. Не ведаю, што з ім, не атрымлівала ніякіх вестак, бо знаходзілася на акупіраванай тэрыторыі ў бацькоў мужніх.

— Якая гэта тэрыторыя?

Я называю і дадаю:

— Там я, выконваючы першае заданне, працавала ў гестапа.

— Хто вас вербаваў?

— Маскоўская спецразведгрупа Фёдара. Яна дзейнічала ў гэтым раёне.

Цяпер, калі радзіма мужа ачышчана ад фашыстаў, я маю права гаварыць пра гэта, нават называць яўкі, паролі, сувязных, што хочаш... Хлопцы са спецразведгрупы ўжо, відаць, на фронце, гоняць гадаў далей або выконваюць іншае заданне.

— Чаму выбралі вас?

— Брат мужа быў сувязным атрада. Ён паведаміў Фёдару, што я аказалася ў акупацыі з дзіцем на руках, што добра ведаю нямецкую мову. Са мной сустрэліся, сказалі, каб я ішла наймацца на работу да немцаў. Я пайшла. Калі прапанавалі быць перакладчыцай у гестапа, згадзілася. Камандзір спецгрупы сказаў, што гэта ўдача.

— Чаму вы пайшлі?

— Я не магла адмовіцца. Мяне маглі знішчыць разам з дзіцем. Да таго ж я жыла ў сям’і мужа, звязанай з партызанамі.

— Якія заданні вы выконвалі?

— Я павінна была інфармаваць аб усім, што адбываецца ў гестапа, аб людзях, якія там бываюць, аб допытах. Але я ўжо гаварыла, што мая інфармацыя насіла павярхоўны, фармальны характар. Толькі адзін раз я паведаміла аб часе і месцы расстрэлу заложнікаў — старых і дзяцей. Партызаны іх адбілі. Вашы страты — шэсць чалавек. Я і цяпер адчуваю, што паступіла правільна. Старыя і дзеці ні пры чым. У астатнім я ні ў чым не вінавата перад рэйхам.

Маўчанне.

— Праз каго перадавалі даныя?

— Я ўжо гаварыла, што праз мужавага брата Аляксея. Іх часць акружылі, і ён вярнуўся дамоў у пачатку 1942-га. Яшчэ праз сувязную Сакалоўскую Леакадзію Сямёнаўну.

— Яе адрас.

— Вуліца Смаленская, дом 24.

— Дзе брат мужа цяпер?

— На фронце. Адразу пасля прыходу Чырвонай Арміі ён пайшоў на фронт.

— Добраахвотна?

— Так. Ён сапраўдны фанатык.

— Дзе ваюе ваш муж?

— Я доўга не мела аб ім ніякіх звестак. Лічыцца прапаўшым без вестак?

— А ён таксама фанатык?

— Не. Ён любіў літаратуру, паэзію і далёкі ад палітыкі. Ён лічыць, што праяўленне любой жорсткай улады — гэта здзек над асобай.

Допыт цягнецца ўжо тры з палавінай гадзіны. Усе стаміліся. Гэта відаць па іх тварах. Я стаю. Ногі набрынялі, галава круціцца. Ужо прыцемкам мяне адводзяць у камеру. Валюся з ног. Наступны дзень і ноч сяджу ў камеры. На допыт не выклікаюць. Толькі пад вечар прынеслі хлеба і чаю.

Гэты дзень і ноч я перабірала ў памяці допыт, супастаўляла з легендай. Здаецца, усё правільна, усё верагодна. Не забыць бы толькі кожны мой адказ.

Чаму ўвесь наступны дзень не выклікалі на допыт?

Прачынаюся ўначы. У камеры цемра. Мышы смела шапочуць у саломе, на якой я сплю. Што будзе заўтра? Заўтра ўжо абавязкова паклічуць. Нехта глуха стогне. Дзесьці крычаць. Дзе, чаму крычаць? Кагосьці катуюць. Нехта не можа не крычаць... Можа, заўтра або ўжо сёння гэта паўторыцца са мной? Учора іх твары былі сухімі, спакойнымі, але якія яны будуць заўтра?

 

14

Некалькі дзён Шэлег падбіраў Андрэю кандыдатуру для інтэрв’ю, гаварыў, што на ягоным заводзе шмат талковых хлопцаў. Але, нарэшце, ён пазваніў неяк і сказаў, што больш за ўсё яму падыдзе токар Саша Кузняцоў, ён не толькі працуе па-майстэрску, але і пагаварыць можа. Да таго ж сакратар камсамольскай арганізацыі, і знешнасць — а для фільма гэта, відаць, важна, — у яго фотагенічная.

Андрэй прыехаў на завод і ўбачыў Шэлега за сталом, заваленым папкамі, паперамі. Выгляд у сябра быў невясёлы.

— Пакуль што сяджу тут. Але гэта часова. Думаю, хутка ўрачы выпусцяць на волю. Не магу спакойна працаваць, хоць забі — сумна.

— Дык сёння да такога многія людзі імкнуцца, — усміхнуўся Андрэй.

Шэлег махнуў рукой:

— Вось няхай і бяруць іх на гэткія месцы, а з мяне — досыць!

Шэлег неяк дзіўна паглядзеў на Андрэя.

— Я цябе вось пра што папрасіць хачу, — сказаў ён. — Пастарайся быць з Сашам як мага шчырым. Інакш у вас нічога не атрымаецца. Чалавек ён разумны, з нейкім асаблівым позіркам на жыццё. Шмат чытае, вядомы на заводзе меламан. Не трэба пра яго... Як бы табе сказаць, не, не трэба пісаць, як у большасці выпадкаў пра рабочых пішуць, асабліва ў газетах. Яны розныя атрымліваюцца — і старанныя, і таленавітыя, але няма галоўнага...

— Чаго ж?

— Мала гаворыцца пра іх праблемы. Можна падумаць, што іх проста не існуе. А людзі ж гэта на сваёй скуры адчуваюць. Да таго ж амаль ніколі, як мне здаецца, не бачна, што менавіта за імі стаіць вялізная, асноўная сіла. Так, мы гаворым: рабочыя — гаспадары і ўсё такое. Але, разумееш, мы не можам сёння ўявіць магутнасці гэтай сілы. Працуюць, ну і добра, яшчэ лепш працуюць — выдатна! А гэтага мала... Гэтая сіла здольная на большае, трэба толькі разварушыць яе, даць магчымасць працаваць творча. І, дарэчы, па працы атрымліваюць грошы. Пагаворыш з ім, сам многае зразумееш.

Яны прайшлі ў ліцейны.

— У яго якраз змена заканчваецца, — сказаў Шэлег.

Ён пазнаёміў Андрэя з каржакаватым хлопцам. Андрэй пайшоў з ім у пакой адпачынку. Як яму здалося, хлопец недаверліва паглядзеў на яго.

— Калі-небудзь размаўляў з карэспандэнтам? — спытаў у яго Андрэй.

— Чаму вы вырашылі?

— Позірк прачытаў...

Саша рассмяяўся:

— Была справа... Прыйшоў да мяне адзін даволі жвавы хлопец, узросту прыкладна майго. Мне з першых мінут сустрэчы здалося, што яму нічога не трэба пра мяне ведаць і не ён мяне слухае, а я яго. Асноўныя яго пытанні мелі прыкладна такі сэнс: «Ці не праўда, што вы...» Я толькі адказваў: «Так, праўда!» Атрымлівалася: так, прымаю актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, так, узяў шэфства над «цяжкім» падлеткам, так, падаў сорак тры рацпрапановы, так, маю добрую сям’ю. Слухаю яго, адказваю, як робат, на гэтыя пытанні, а сам думаю: няўжо не спытаеш, што ў цябе, хлопец, на душы робіцца, што не падабаецца табе ў тваёй рабоце, чаму? Не спытаў! А далей, ведаеце, што атрымалася?

— Прыкладна здагадваюся, — адказаў Андрэй. — У газеце з’явіўся нарыс.

Саша зноў засмяяўся:

— Так, выйшла газета з нарысам пра мяне. Смяюся я цяпер, а тады доўга не смяяўся. На людзі паказвацца не мог. Нават жонка спытала: «Як ты дапусціў такое?» Такі ўжо я атрымаўся станоўчы, добранькі ва ўсіх сэнсах, хоць помнік пры жыцці адлівай з чыгуну. Вось такая сустрэча.

Ён уважліва паглядзеў на Андрэя.

— Я спадзяюся, што ў нас атрымаецца інакш. А не атрымаецца — забракуем разам матэрыял, быццам размовы нашай наогул не было.

— Я згодны, — адказаў Саша. — Каб чырванець нам абодвум не давялося.

— План прыкладна наступны. Хацелася б пачуць ад цябе пра работу, таварышаў...

— А ў вас няма запісу размовы з тымі дзяўчатамі?

— Як жа, прыхапіў з сабой. Толькі наўрад гэта прынясе табе асалоду, але — калі ласка...

Андрэй уключыў магнітафон. Саша слухаў уважліва, амаль без эмоцый на твары. Потым, калі запіс скончыўся, запытальна паглядзеў на Андрэя, сказаў:

— А іх жа выхоўвалі, праводзілі шмат розных мерапрыемстваў, а ў душу не было часу зазірнуць. Не веру, што гэткімі можна нарадзіцца. Я ўпэўнены, што ў жыцці кожнага настае момант, самы галоўны момант, калі па-іншаму пачынаеш успрымаць самыя розныя каштоўнасці, паняцці, звыклыя словы, якія запомніў з самага дзяцінства. Не магу адказаць, як трэба зрабіць і што, каб кожны ўспрымаў правільна. Няма такіх рэцэптаў.

Жыліч успомніў, што не ўключыў магнітафон. Ён націснуў на клавішу, а Саша працягваў:

— У мяне быў важны момант у жыцці, можа, нават самы важны, калі я, зусім хлапчук, зразумеў, што ацэнку кожнаму майму ўчынку будуць даваць не бацька з маці, не сябры, хоць і яны былі часам строгімі суддзямі, а цэлы вялікі калектыў. Нават жахліва ад гэтага зрабілася. У калектыве закон просты і суровы — атрымаеш тое, што заслужыў. Мне гэта паняцце нялёгка далося. Колькі разоў набіваў сінякі і гузы, ніяк не мог зразумець, што да чаго. І не толькі я. Многіх хлопцаў, дзяўчат ведаю...

— Ці лічыш ты, што нават у самым здаровым калектыве трэба мець сваю пазіцыю?

— Так. Якім бы ні быў калектыў, скажам, брыгада альбо цэх, у ім часта сустракаюцца факты і факцікі, калі табе трэба мець мужнасць выказаць сваю пазіцыю, не пабаяцца сапсаваць адносіны з начальствам, з сябрамі, а можа, нават з цэлым калектывам...

— А ці можа быць такое, каб памыляўся цэлы калектыў?

— Не часта можа такое здарыцца, але ўсё ж... І не таму, што літаральна ўсе не ведаюць ісціны. Ведаюць яе выдатна многія, але маўчаць часам па адной прычыне: што б я ні гаварыў, а начальства зробіць па-свойму. Таму навошта нервы сабе псаваць? І тут трэба, каб нехта адзін асмеліўся, каб ён услых сказаў тое, што думаюць астатнія. Тады і ў астатніх гонар прачнецца.

— Ці можаш нагадаць такі выпадак?

— Магу... Некалькі гадоў назад адзін мой сябра, цудоўны чалавек, выступіў на сходзе супраць начальніка цэха, яго метадаў кіраўніцтва. Гэта прагучала як гром з яснага неба. На яго глядзелі, як на дурня — на такую сілу замахнуўся. Усе вырашылі, што ён супакоіцца, але не такі ён хлопец... Пачалі яму танныя заданні даваць, грошай стаў менш атрымліваць, ледзь не ў два разы. Тады ўжо мы не змаўчалі, пайшлі ў партком. Цяпер былы начальнік цэха майстрам у другім цэху працуе. Вось так, натыкаючыся на вострыя вуглы быцця, набіраемся мы вопыту, вучымся справе, набліжаем дзень, калі вопытныя рабочыя могуць сказаць: «Ты, хлопец, стаў сапраўдным рабочым...»

Але, паўтараю, для гэтага даводзіцца іншы раз прайсці праз такія жыццёвыя рыфы, сярод якіх самымі небяспечнымі, на мой погляд, з’яўляецца шыпенне якога-небудзь суседа па цэху: «Што ты, хлапец, вытыркаешся? Табе што, больш за ўсіх трэба? Цішэй едзеш — далей будзеш...»

Такія ўрокі «добразычлівасці» я, як камуніст, лічу самымі амаральнымі, якія супярэчаць усяму нашаму жыццёваму ладу і святому кодэксу рабочага гонару. Мне не хочацца выглядаць нейкім асаблівым першапраходцам, але ніколі не буду адседжвацца ў сваёй маленькай «хатцы з краю». Лічу такую пазіцыю проста не вартай рабочага чалавека. Таму што ў чыста вытворчым плане дэталі, якія я выточваю, ідуць у суседнія цэхі, становяцца ў выніку прадукцыяй, неабходнай для дзяржавы, усіх нас.

— Дык у чым жа ты бачыш сэнс жыцця?

— Напэўна, у тым, аб чым гаварыў раней. Без гэтага няма ні мяне, ні сэнсу ў маім жыцці.

Андрэй выключыў магнітафон.

— Вялікі дзякуй. Потым мы цябе яшчэ здымем у цэху.

Шэлег з нецярплівасцю чакаў яго ў сябе.

— Ну, як я табе хлапца падкінуў?

— Добрага. Але мне трэба шукаць яшчэ некалькі. Процілеглы бок амаль што гатовы.

— А зараз сюрпрыз! — у вачах Шэлега заскакалі чорцікі.

Ён паклаў перад Андрэем нейкія білецікі.

— Што гэта?

— Чытай!

Андрэй паглядзеў на білеты больш уважліва. На іх было напісана два словы: «Фінская сауна».

— На сёння! У васемнаццаць нуль-нуль прашу прыбыць на Казлова. Толькі па мяне заедзь.

— Але ў мяне работа, разумееш?!

— Добра, добра... Ва ўсіх работа.

— Усе будуць?

— Вядома.

 

Дождж ліў шчыльнай заслонай. Вецер выў з усіх бакоў, і Андрэй пацепваў плячыма. Зараз і сапраўды добра апынуцца ў парной і адчуць гарачыню кожнай клеткай, а пасля апрацоўкі венікам — Прыгода робіць гэта проста па-майстэрску — расслабіцца. Толькі лазня дазваляе пакінуць усе думкі аб рабоце. Тэрміны здачы сцэнарыя падціскалі, ён павінен здаць і зацвердзіць яго, што не менш важна, да паездкі ў Амерыку, а потым, пасля вяртання, адразу ж прыступіць да здымак. Андрэй ужо дамовіўся з вопытным маладым аператарам Вайцяховічам. Ён якраз будзе не заняты, да таго ж у яго выдатнае бачанне кадра.

А тут яшчэ, як часта ў яго бывала, варта было толькі ўзяцца за сур’ёзную работу, лезлі староннія думкі аб сцэнарыі мастацкага фільма, ён прымаўся раптам, як апантаны, па начах выпісваць сцэны, дыялогі, потым усё гэта хаваў у жоўтую папку, але затым даставаў зноў і зноў. Ён думаў увесь гэты час аб Ірыне, неяк апынуўшыся дома ўвечары на адзіноце, падышоў да тэлефона, набраў яе нумар, але павесіў трубку, так і не змог пагаварыць з ёй, а яму так хацелася пабываць у яе. Ён сам не мог зразумець, што адбылося з ім, ніколі раней ён не стаў бы стрымліваць сябе. Гэта ж так зручна, паехаць, наталіць душу, астыць ад работы, яна не патрабуе да сябе нейкай вялікай увагі, ясна разумее, што ў яго сям’я і разлічваць няма на што.

— Ты ведаеш, як здорава ўсё-ткі жыць, — вывеў яго са стану задумлівасці Шэлег.

Ён сядзеў побач у машыне і напружана глядзеў прама перад сабой.

— Няхай табе мае думкі не здадуцца банальнымі, але мы вельмі рэдка аб гэтым задумваемся. Нічога не зробіш, такі ўжо чалавек. З самага дзяцінства яму здаецца, што ён вечны, і потым ён уявіць ужо не можа — я, і раптам знікну. І часам мала цэніць жыццё, нават самыя маленькія радасці. А я гэта перажыў, калі смерць была побач. Уявіць ніколі не мог, што можа ахапіць настолькі неадольнае пачуццё страху, якое скуе розум, волю. Усё вакол на нейкія доўгія дні страціла свой першапачатковы сэнс, усё жыццё. Кашмар нейкі. Я ў тыя мінуты зненавідзеў самога сябе, але нічога, уяві, не мог з сабой зрабіць... Але зараз я не пра гэта, жыць нам неяк трэба шчыльней, ці што, больш думаць пра сваё здароўе.

— Праўду кажаш, — згадзіўся Андрэй. — Перасталі мы ў футбол гуляць, бегаць, і я на вачах раблюся старым дзедам. Варта толькі на чацвёрты паверх узысці, як ужо задышка.

— Я цяпер за вас вазьмуся! Можаце выбіраць мяне фізоргам, толькі крыху ачуняю, — паабяцаў Алег, калі яны пад’язджалі да лазні.

Усе былі ўжо ў зборы. Наскрозь прамоклы Алесь Маркевіч выстаўляў на стол у абабітым дошкамі пакоі піва, рыбу.

— Некаторыя раз’язджаюць на машынах, а сааўтары пад ліўнем выстойваюць чэргі ля бочкі з півам, — прабурчэў ён.

— Дарэчы, твой сааўтар перастаў начаваць у мяне, і настрой у яго палепшыўся, — сказаў Прыгода Андрэю. — Пытаюся пра новае месца дыслакацыі — маўчыць.

— Можа, дамоў вярнуўся?.— здзіўлена працягнуў Шэлег.

Алесь абурыўся:

— Які яшчэ дом?! У мяне праз некалькі дзён развод. Прашу балельшчыкаў з моцнымі нервамі з’явіцца на вялікае тэатралізаванае прадстаўленне, у якім я буду гаварыць толькі прозай.

Парылка дыхнула жарам. У Андрэя нават крыху закружылася галава, відаць, з непрывычкі.

— Ты проста, Алег, не ў курсе, — сказаў ён Шэлегу. — Неяк наш паэт запрасіў частку прысутных у вельмі прыемнае месцейка.

— А чаму мяне не было? — абурыўся Пашук.

— Ты быў на дзяжурстве... Але не гэта важна. Словам, Алесь пазнаёміў нас з вельмі мілай жанчынай Надзеяй, — працягваў Андрэй.

— Не трэба пра гэта, — папрасіў Алесь. — Гэта не звычайны мімалётны флірт, паверце.

— Нават так?! — усклікнуў Прыгода. — Ты б лепш адпачыў ад сур’ёзных сустрэч, гады з два я, як мінімум, рэкамендаваў бы табе.

— Дзівакі вы... Я вырашыў праз некаторы час ажаніцца з Надзяй. Няхай гэта выглядае імкліва, нечакана, і мяне не пераканаеш.

У парылцы запанавала маўчанне, і ў пакоі адпачынку ўсе маўкліва пілі піва.

Яны добра ведалі Маркевіча і таму думак сваіх уголас вырашылі не выказваць. Калі пакрыўдзіцца, дык можа выскачыць як ашпараны і знікнуць з поля зроку на добры месяц.

Маркевіч усміхнуўся:

— Твары ў вас сумныя, і ўсе вашы думкі мне добра вядомыя. Ніякай логікі, на першы погляд, у маіх дзеяннях няма. Але гэта толькі на першы погляд. Калі б вы ведалі, як добра мне ў яе, які спакой набыў я пасля доўгіх гадоў жыцця ў вар’яцкім доме, у якім, яшчэ крыху, і мне прыйшла б хана. Я і піць кінуў, і, ведаеце, зусім не цягне. Два сшыткі вершаў напісаў. У мяне раптам з’явіліся светлыя, добрыя вершы... Што вам яшчэ растлумачыць?!

— Усё з ім ясна, — сказаў Прыгода і напоўніў бакалы півам. — Давайце для пачатку чокнемся хоць бы гэтым малавысакародным віном, а працяг свята, спадзяюся, не прымусіць сябе доўга чакаць.

— Хоць сёння, браточкі! — усклікнуў Алесь. — Нешта сумна.

Андрэй уздыхнуў:

— Пачынаецца!

Павярнуўся к Шэлегу, што ляжаў на канапе:

— Калі ты сабраўся стаць фізоргам, дык растлумач ім, што залішняе і частае ўжыванне...

— Канчайце вы заводзіцца, — Пашук стаяў перад імі з двума пушыстымі венікамі ў руках. — Сярэдзіна тыдня, заўтра на працу, да таго ж святкаваць яшчэ няма чаго. У яго ўсё наперадзе.

— І праўда, суд праз тыдзень, — галава ў Алеся адразу панікла. — Вы, браточкі, прыходзьце. Вельмі вас прашу.

Праз некалькі дзён павінен быў адбыцца працэс скасавання шлюбу.

Па рыпучых масніцах Алесь прайшоў па доўгім абшарпаным калідоры. Падумаў: «Усе суды чамусьці знаходзяцца ў самых кепскіх будынках. Быццам гэтым самым стараюцца яшчэ пагоршыць настрой усіх, хто прыходзіць сюды». Уздоўж сценак сядзелі, стаялі людзі. Жонкі, дакладней, амаль ужо былой жонкі, не было відаць. Алесь знайшоў дзверы пад нумарам 16, на якіх было напісана: «Зала пасяджэнняў», прыадчыніў іх. Там было пуста. Ён зноў прайшоўся па калідоры, у самы канец яго, там, дзе некалькі мужчын курылі. Ён таксама закурыў і паглядзеў у акно, якое выходзіла ў двор. Пад’ехала машына з кратамі на вокнах, і два сяржанты вывелі з яе чалавека ў цёмным адзенні, з худым, няголеным тварам. Рукі ён трымаў за спіной.

— Вунь ён, а мы яго на вуліцы чакаем, — пачуў ён побач голас Андрэя.

Алесь адвярнуўся ад акна. Перад ім стаялі Шэлег, Жыліч і Прыгода.

— Пашука выклікалі ў клініку, — сказаў Алег. — Але ён прасіў перадаць табе, што таксама побач...

Алесь усміхнуўся:

— Нешта вы ўсе ў цёмным, быццам у вас жалоба сёння. А я нічога падобнага не адчуваю, нават наадварот.

Але ён хваляваўся, і яшчэ як. Цыгарэта прыкметна дрыжэла ў ягонай руцэ.

Неўзабаве на лесвіцы з’явілася Марына. Яна была коратка падстрыжана, і ён спачатку нават не пазнаў яе. Ледзь прыкметна яна кіўнула ім і прайшла ў залу пасяджэнняў. З ёю была яе маці і сяброўка Галя, з якой яна разам працавала ў інстытуце. Цешча нават не глянула ў Алесеў бок.

«Старая абшчыпаная курыца, — падумаў аб ёй Алесь. — А я ж так калісьці кахаў тваю дачку, і яна добра адплаціла мне за ўсё».

— Пойдзем і мы, спектакль хутка пачнецца, — сказаў Алесь. Ён першым пайшоў па калідоры. Усе астатнія — следам за ім.

У зале дзве групы, якія Андрэй назваў варожымі, уселіся ў розных кутках. Марына размаўляла з маці, аб нечым шаптала сяброўцы з такім выглядам, быццам усё навакольнае яе не датычыць, а калі і датычыць, дык ёй на гэта глыбока напляваць.

Увайшоў высокі, худы суддзя, гадоў шасцідзесяці, а з ім мужчына і жанчына — маладзейшыя — народныя засядацелі.

Суддзя абыякава паглядзеў у залу і пачаў весці пасяджэнне. Ён абвясціў заяву Алеся, які называўся цяпер «істцом». Заява была кароткай, у ёй гаварылася, што далейшае сумеснае жыццё ён лічыць немагчымам, у сям’і няма ўзаемаразумення, кахання, што яны розныя людзі...

Суддзя выказаў сваё незадавальненне такой заявай, ён ужо гаварыў пра гэта «істцу» Маркевічу ў гутарцы, але той нічога не дадаў, і таму суддзя просіць яго даць дадатковыя тлумачэнні.

Алесь падняўся і, гледзячы некуды ўбок, сказаў:

— Мы ненавідзім адзін аднаго, хіба гэтага недастаткова?! Больш я нічога не магу дадаць.

Ён сеў, і суддзя стаў задаваць пытанні Марыне. Яна згодна на скасаванне шлюбу, і ён хоча ведаць, якія матывы ёсць для гэтага ў яе.

— Ведаеце, ён у нас вельмі таленавіты, амаль геніяльны, — пачала гаварыць яна, ненатуральна расцягваючы словы. — А ўся іх брація любіць багемнае жыццё. Надакучылі гэтыя вечныя выпіўкі, познія прыходы дамоў, іншы раз нават пад раніцу. Займацца дзіцем у яго зусім не было часу.

Андрэй адчуў, як кроў прыліла да галавы.

— Ну і сцерва ж! — прашаптаў яму ў вуха Прыгода. — Такое гарадзіць?!

Суддзя спытаў, ці мае «ісцец» якія-небудзь канкрэтныя прэтэнзіі да жонкі, яна ж выказала іх яму.

Алесь зноў устаў, на гэты раз ён страціў спакой, быў бледны, і Андрэй з сябрамі баяўся, што ён не вытрымае, успыхне, нагрубіяніць суду, і тады гэта каніцель зноў паўторыцца, зацягнецца, адбярэ ў яго ўсе сілы і нервы.

Вочы ў Алеся гарэлі, твар яго перакасіла грымаса.

— У мяне няма ніякіх прэтэнзій. Я ўжо сказаў, што наша далейшае жыццё немагчыма, мы з гэтай жанчынай ненавідзім адно аднаго, і таму я прашу нас развесці.

Ён сеў на месца і апусціў галаву.

— Пара б усё гэта канчаць, — ледзь не ўголас сказаў Прыгода. І Шэлег на яго зашыкаў, зараз можна ўсё сапсаваць. Іх выведуць з залы, а Алеся так і не развядуць ніколі з гэтай гадзінай.

Суддзя па чарзе з народнымі засядацелямі зноў пачаў задаваць пытанні Марыне, яна паўтарала, быццам завучаныя, словы аб тым, які не салідны чалавек яе муж, як яна нацярпелася з ім, пераносячы яго бясконцыя п’янкі і дакладна такіх жа, як ён сам, сяброў.

«А я ж калісьці кахаў яе, чакаў гадзінамі ля інтэрната, штодзённа бегаў на спатканні па тры разы ў дзень, насіў яе на руках сярод белага дня, прысвячаў ёй вершы, не ўяўляў свайго жыцця без яе. Які жах!» — думаў Алесь і адчуваў, што нервы яго вось-вось здадуць, ён проста выйдзе з гэтай залы, бразнуўшы дзвярыма, а потым будзь што будзе, толькі б не бачыць, не чуць яе.

Канец усяму гэтаму прыйшоў, суддзя аб’явіў, што з гэтай хвіліны Алесь і Марына не муж і жонка. Яны выйшлі са змрочнага будынка суда і, не згаворваючыся, усёй кампаніяй пайшлі ў сквер, ён быў побач, і ўсе яго ведалі яшчэ з маладосці. Дрэвы ў скверы выраслі. Андрэй злавіў сябе на думцы, што ён не быў тут гадоў дзесяць або нават больш.

Алесь сеў на лаўку.

— Ад такога так проста не адыдзеш, — сказаў ён. — А я, крэтын, стараўся захаваць сям’ю, думаў, усё скончыцца, яна стане нармальным чалавекам, а іншы раз і зусім стараўся пераканаць сябе — глупства гэта, няпраўда...

— Але чаму ты не сказаў на судзе пра ўсё?! Калі нават не ў адкрытую, то хоць бы намёкам... — сказаў Шэлег, стоячы насупраць Алеся.

 

15

На вуліцы пахла зімой, паветра было незвычайна празрыстае. Фёдар Дзмітрыевіч ішоў даволі шпарка. Прайшоў па новым скверы ўздоўж Свіслачы. Гэта месца калісьці называлася Ляхаўкай. Яго баявыя сябры, якіх вайна раскідала па розных кутках краіны, кожны год прыязджаючы сюды, не паспяваюць здзіўляцца, як за такі кароткі час мог вырасці прыгожы, сучасны горад з прамымі, шырокімі вуліцамі, мікрараёнамі, тэатрамі, музеямі, заводамі, фабрыкамі...

Фёдар Дзмітрыевіч дайшоў да Чырвонаармейскай, потым па скверы міма тэатра Янкі Купалы выйшаў на праспект Леніна. Цяпер да работы рукой падаць. Фёдар Дзмітрыевіч да драбніц памятае, як у ліпені 1944-га міма гэтага будынка, які фашысты не паспелі ўзарваць, праходзіў партызанскі парад. І ён таксама быў удзельнікам гэтага парада, ішоў з трафейным аўтаматам на грудзях міма жменькі ўцалелых мінчан. Здаецца, учора гэта было, а колькі часу непрыкметна праляцела, і вось ужо хутка падводзіць рысу...

У кабінеце ён забраў паперы, прадумаў план работы на дзень. Першым пунктам паставіў гутарку ў міністра. Кіраўнікоў упраўленняў ён прымае ў першы дзень пасля камандзіровак. Такі заведзены ім самім парадак.

Неўзабаве Фёдар Дзмітрыевіч увайшоў у кабінет міністра. Самы добры час для падобнага візіту — да дзевяці не будзе ніводнага званка.

— Заходзьце, заходзьце, Фёдар Дзмітрыевіч, — міністр падняўся яму насустрач, моцна паціснуў руку.

Перад Некрашэвічам быў каржакаваты чалавек. Але ён толькі з выгляду быў здаровы. Некалькі разоў у міністра так падскокваў ціск, што яго адвозіла ў бальніцу «хуткая дапамога», ды праз некалькі дзён ён з’яўляўся ў сваім кабінеце і трымаўся так, быццам з ім нічога не здарылася.

Фёдар Дзмітрыевіч коратка далажыў аб камандзіроўцы, ведаючы, што міністр сам паглыбіцца ва ўсе дэталі, якія яго зацікавяць. Але на гэты раз міністр слухаў яго, як здалося Фёдару Дзмітрыевічу, без усякай увагі. Ні аднаго пытання. Міністр устаў з-за стала, прайшоўся каля вокнаў, што адкрывалі панараму плошчы Леніна.

— Я доўга думаў, Фёдар Дзмітрыевіч, заводзіць з вамі гэту размову ці не, — міністр спыніўся і ва ўпор паглядзеў на Некрашэвіча. — Спачатку вырашыў, што не варта, уласна, вы да гэтага не маеце ніякіх адносін. А потым усё ж вырашыў, што гэта будзе не лішне, і перш за ўсё для вас, калі вы яшчэ не ў курсе... Ці ведаеце вы, што размовы папаўзлі ўжо па кабінетах міністэрства?

Некрашэвіч уявіць сабе не мог, пра што ідзе гаворка.

— Я не разумею, што магло здарыцца, Аляксандр Пятровіч? — сказаў ён, стараючыся ўтаіць трывогу.

— Справа тут вось якая... Вы ж былі жанаты адразу пасля вайны з нашай цяпер заслужанай, паважанай настаўніцай Аленай Аляксандраўнай Жыліч?

Некрашэвіч кіўнуў галавой.

— Так, быў... Мы вельмі даўно рассталіся. — Некрашэвіч узняў вочы на міністра. — І па маёй віне. Але якая можа быць...

Міністр не даў яму дагаварыць.

— Я ні ў якім разе не хачу варушыць мінулае, Фёдар Дзмітрыевіч. Мінулае датычыць вашых асабістых адносін з вашай былой жонкай. Але справа тут вось у чым. Аказваецца, яна ўтаіла тое-сёе з біяграфіі. Калі быць канкрэтным, скажу, што яе апазнала жанчына. Словам, яна працавала ў гестапа, потым, па яе ўласным прызнанні, у школе абвера... Яна сцвярджае, што працавала па заданні нашага камандавання. Гарком партыі зрабіў запытанне, і да высвятлення ўсіх абставін я проста не магу нічога сказаць — гаворыць яна праўду ці, нават страшна падумаць, вымавіць гэта слова — хлусіць.

Словы міністра ледзь даходзілі да Фёдара Дзмітрыевіча.

— Мы ведаем, што вы былі ў партызанскім атрадзе, маеце баявыя ўзнагароды, — працягваў Аляксандр Пятровіч. — Узнікае само па сабе пытанне: ці не быў ваш развод з Жыліч пратэстам сумленнага чалавека, калі ён даведаўся... Словам, вы мяне разумееце.

— Мне цяжка сабрацца з думкамі, Аляксандр Пятровіч. Але адно магу сказаць — я нічога не ведаў. Абсалютна нічога, і тое, што мы разышліся, было вынікам маіх памылак. Я ведаў, што яна была на акупіраванай тэрыторыі, яе муж, першы муж, быў на фронце, загінуў, сын ад першага шлюбу памёр ад невылечнай хваробы...

— І яна вам, мужу, ніколі ні слова аб сваім мінулым? — Міністр зноў устаў са свайго крэсла і пачаў хадзіць каля акна. — Вось гэтага я не разумею. Яна сцвярджае, што былі на гэта асаблівыя прычыны, але каб вось так, столькі гадоў маўчаць! Не разумею. Іменна гэта нараджае ў душы сумненні, як я ні ганю іх прэч. Адразу ўспамінаеш іншыя, нядаўнія гісторыі, паведамленні аб судах над здраднікамі праз шмат гадоў пасля вайны. Усе гэтыя жудасныя апазнанні сведкаў, што засталіся ў жывых. Так, вайна яшчэ доўга будзе ў нашым жыцці...

Міністр паглядзеў на Некрашэвіча. Ён сядзеў перад ім, апусціўшы галаву, скрыжаваўшы на каленях вялікія, у сініх жылах рукі.

— Уласна, я толькі пра гэта хацеў даведацца ў вас, Фёдар Дзмітрыевіч. Вы не хвалюйцеся, вас гэта ні ў якім разе не можа закрануць, калі раптам... — міністр на гэтым слове асекся. — Але будзем чакаць і спадзявацца на ўсё самае добрае.

У сваім кабінеце Фёдар Дзмітрыевіч выпіў вады з сіфона і папрасіў сакратарку нікога не пускаць да сябе. Ён вельмі заняты прыкладна да дванаццаці гадзін. У галаве стаяў тлум, быццам пасля кантузіі. Хацеў набраць нумар тэлефона Лены... Андрэй... ён павінен, абавязаны перагаварыць з ім. Можа, ён ведае што-небудзь.

Некрашэвіч набраў нумар сына, пачуў яго голас і павесіў трубку. А калі Андрэй ні аб чым не ведае, думаў Фёдар Дзмітрыевіч, тады гэта будзе для яго страшэнным ударам. І ўсё ж ён павінен з ім перагаварыць.

Фёдар Дзмітрыевіч зноў набраў нумар тэлефона сына. Сказаў:

— Прабач, Андрэй, гэта я званіў, і ў мяне сарвалася... Мне неабходна сустрэцца з табой. Ёсць вельмі сур’ёзная размова. Калі гэта можна зрабіць?

— У любы час, — адказаў Андрэй, не разумеючы, аб чым можа ісці гаворка. — Я ўвесь час дома. Заязджай пасля работы.

— Дамовіліся. Я пад’еду пасля шасці.

Андрэй са шкадаваннем паглядзеў на сцэнарый. Сёння работа ішла як ніколі роўна, і вось цяпер прыйдзецца ўсё адкласці на заўтра.

Андрэй памчаў на рынак, заехаў у магазін і толькі потым пазваніў Святлане, сказаў, што ўвечары прыйдзе бацька, у яго ёсць нейкая вельмі неадкладная справа, але яна можа не хвалявацца, прадуктаў поўны халадзільнік, толькі ён просіць яе вырвацца з работы раней.

Фёдар Дзмітрыевіч прыехаў а палове сёмай. Быў ён незвычайна ўзбуджаны і, глянуўшы на накрыты стол, сказаў:

— Пэўна, гэта залішне.

Ён спытаў у Кацькі пра вучобу, але неяк вяла, думаючы зусім аб іншым. Андрэй гэта ўлавіў і сказаў сваім хатнім, каб пакінулі іх з Фёдарам Дзмітрыевічам адных.

Калі Святлана з Кацяй пайшлі з вялікага пакоя, які служыў Андрэю кабінетам, Фёдар Дзмітрыевіч сеў на канапу побач з сынам, паклаў яму руку на плячо.

— Страшэнна цяжкі дзень, павер. Ледзьве дачакаўся яго канца. Усё пачалося з ранішняй гутаркі з міністрам, — пачаў ён гаварыць хутка. — Надзвычай дзіўная сітуацыя... Выклікае міністр і гаворыць: Алена Аляксандраўна Жыліч у гады вайны, — ён уважліва паглядзеў на сына, — як бы табе сказаць гэта...

— Ды ўжо гавары...

— У гады вайны служыла ў немцаў у гестапа, потым у школе абвера.

— Мама?

— Не хвалюйся, Андрэй, выслухай мяне. Алену Аляксандраўну апазналі, пра абвер яна сама расказала ў гаркоме партыі. Яе запрашалі туды на гутарку. Сказала, што выконвала заданне нашага камандавання. Цяпер ідзе высвятленне абставін, зрабілі спецыяльнае запытанне. Па горадзе, міністэрстве папаўзлі размовы — розныя плёткі.

Фёдар Дзмітрыевіч замоўк.

— Але ж яна ніколі нічога не расказвала, ніколі!

— Мне, вядома, магла і не расказаць, — сумна прамовіў Фёдар Дзмітрыевіч. — Але вось чаму табе не расказала?

Яны пасядзелі моўчкі.

— Ведаеш, у часы вайны ўсякае было, — сказаў ён праз некаторы час. — Адны людзі, якіх да гэтага ненавідзеў, аказваліся прыстойнымі, другія... Я, нягледзячы на маладосць, у атрадзе самыя розныя функцыі выконваў...

Ён замаўчаў, закурыў. Зазірнула Каця.

— Татачка, вы доўга будзеце сядзець удвух?

— Яшчэ адну хвілінку, дачушка.

Яна зачыніла дзверы.

— Усе вераць, што ўсё будзе ў парадку, людзі яе вельмі добра ведаюць... І ўсё ж нават міністр агаварыўся, маўляў, калі што-небудзь, вас гэта не датычыць. Уяўляеш. Як быццам у гэтым справа?!

Андрэй рашуча ўстаў.

— Ведаеш што, бацька, нам трэба тэрмінова ехаць да яе.

 

Успаміны Алены Жыліч ІІІ

 

Сон навальваецца, уціскае ў салому мой твар, рукі, ногі. Нехта дыхае побач, нехта схіляецца нада мной, знаёмы, такі знаёмы. Ах, гэта ты, мілы! Як пастарэў твой твар, толькі вочы засталіся ранейшымі, добрымі, па тых вачах заўсёды зразумееш, што чалавек добры. Я помню, як мы ішлі па зялёнай, утульнай вулачцы пасёлка — акуратныя домікі па абодва бакі, ля кожнага лавачка, старыя ліпы. Ты гаварыў, што гэта не страшна, няхай удар немцаў нечаканы, але ў нас такая моцная, велізарная краіна, мы хутка ачуняем, мы пераможам, гэта ясна, і ты абавязкова вернешся з фронту. І вось за ўсю такую доўгую, бясконцую вайну ад цябе ні вестачкі. Толькі адно-адзінае пісьмо. Немцы яшчэ не паспелі дабрацца да нас, і пісьмо прыйшло. Ты пісаў, што мацней кахаеш мяне, што разлука толькі гартуе каханне. Ты пытаўся пра сынка, хваляваўся пра яго здароўе, памятаеш, у два месяцы ад роду ў яго было запаленне лёгкіх, тыдзень мы трымалі яго на руках, такія жудасныя былі дні, ты схуднеў, збялеў, бег са школы дамоў, непадобны на сябе, ты знаходзіў сілы суцяшаць мяне, што з ім нічога не здарыцца, гэта нічога, што надзею страцілі ўрачы. Так, ты заўсёды гаварыў, што змагацца трэба да канца, не паддавацца абставінам і сумненням і тады жыццё чалавека набудзе найвышэйшы сэнс. Як добра, што ты побач, разумею падспудна, гэта сон, я баюся расплюшчыць вочы, тады ты знікнеш.

Я яшчэ канчаткова не прачнулася, як на парозе вырасла фігура немца.

— Выходзь.

Зноў узнімаемся са склепа наверх, ідзём доўгім, доўгім калідорам, выходзім на вуліцу. У лёгкія ўрываецца свежае, ранішняе паветра. Нават галава ад яго закруцілася. Пад’язджае чорная машына. Мне загадваюць садзіцца ў яе. Заныла сэрца: куды? Чаго добрага, расстраляюць тут і пра гэта ніхто не даведаецца. Паехалі. Дзень пачынаецца пахмурны, тужлівы. Усюды цішыня, спакой. Ехалі больш гадзіны. Выходзім каля вялікага чатырохпавярховага будынка. Пазней я даведалася, што гэта Орша, а будынак — былы ільнокамбінат. Цяпер гэта абвер-310.

Новыя твары. Новыя допыты. Паўтараю ўсё як раней. Яны паводзяць сябе па-рознаму, то супакойваюцца, то раптам пачынаюць не верыць. Аднак нічога не выйдзе, я не сыду ні на крок убок, інакш канец усёй аперацыі.

— Як выглядаў Фёдар, камандзір маскоўскай спецгрупы?

Я апісваю, невысокага росту, каржакаваты. Высокі з залысінамі лоб, сівы, па-мойму, заўчасна сівы, бо на выгляд яму не больш трыццаці двух — трыццаці трох гадоў. Званне — капітан.

Россып фатаграфій на стале.

— Яго няма сярод гэтых?

Напружана ўглядаюся. Вядома, на мушку бяруць. Фёдара тут сярод гэтых фатаграфій няма і быць не можа.

— Гэтыя людзі мне незнаёмыя. Сярод іх няма Фёдара.

— Хто рыхтаваў вас у цэнтры?

— Капітан Пятроўскі.

Так, я павінна называць Лаўгача.

— Ваша мянушка?

— Пантэра.

— Чаму?

— Я не задавала такіх пытанняў. Відаць таму, што гэты звер сімвалізуе сілу, спрыт.

Шэф абвера-310 палкоўнік Шольферфот. Ён то прысутнічае на допытах, то выходзіць. У яго твар прыстойнага сем’яніна, мяккі, зычлівы. Сустрэнь такога на вуліцы, ніколі не падумаеш...

На трэці дзень ён гаворыць:

— Мы разумеем, усё, што вы гаворыце, хлусня. Заўтра вас будзе дапытваць вядомы псіхолаг-гіпнатызёр. Ён даведаецца праўду, як бы вы ні хавалі яе, яму вядомы свае асаблівыя прыёмы. Так, толькі ён зможа канчаткова даведацца праўду.

Шольферфот збіраецца ісці.

— У мяне ёсць просьба, — гавару я.

Ён вяртаецца з парога, глядзіць на мяне маленькімі вочкамі.

— Якая?

— Адпусціце мяне, калі ласка, у вёску, да бацькі. Вядома, пасля таго, як дапытае псіхолаг-гіпнатызёр. Хіба не лагічна, што я сама з’явілася да вас з павіннай і цяпер магу жыць спакойна ў вёсцы.

Ён дружалюбна, як здалося, мне, усміхнуўся.

— Лагічна, але мы павінны пераканацца, што ўвесь ваш расказ не легенда, прыдуманая рускай разведкай, не блеф, а праўда. Ну, а наконт спакойнага жыцця ў вёсцы?.. Ва ўсіх у нас спакойнае жыццё можа настаць толькі пасля вайны. Я думаю, для вас знойдзецца справа, калі, вядома...

Што гэта? Няўжо ўсё ў парадку?

— Я сама хутчэй хачу сустрэцца з вашым псіхолагам-гіпнатызёрам, — гавару я. Ён усё пацвердзіць у маю карысць, вось убачыце. Тады вы перастанеце сумнявацца і спыніце гэтыя сумныя, нікому не патрэбныя допыты.

— Мы вас праверым і толькі тады прымем рашэнне, — гаворыць ён і камандуе канваіру: — Адвесці ў камеру!

Я цяжка ўздыхнула. Гэты ўздых — самае шчырае, што ён пачуў ад мяне за доўгія гадзіны допыту.

Уваходзіць малады афіцэр.

— Званілі з Рослаўля, з лётнай базы «Сатурна». У іх інспектар ад Канарыса. Можа зазірнуць і да нас.

— Я вас зразумеў, Вільгельм, — гаворыць Шольферфот і ківае ў мой бок. Вочы яго звузіліся. Афіцэр выходзіць.

— Значыць, так, — гаворыць Шольферфот, — спачатку гіпнатызёр, а потым мы прадоўжым размову.

Мяне вядуць у камеру. Я кладуся і заплюшчваю вочы. Якая прыемная асалода ва ўсім целе!

Гэта велізарная, страшэнная нагрузка, гаварыў капітан. Ты ўявіць не можаш якая. На жаль, немагчыма тут, у нас, стварыць табе падобныя экстрэмальныя ўмовы для трэніроўкі. Гэта можна адчуць толькі там, паспытаць на сваёй уласнай скуры. Таму не расслабляйся ні на хвілінку, вельмі важна, каб ты вытрымала, вельмі важна.

Ён не любіў лішніх слоў, кожная фраза была дакладная, гранічна ясная.

Я ведаю, там, у гестапа, таксама было нялёгка, але гэта зусім іншая справа. Гэта вялікая гульня...

У гестапа самым страшным былі допыты. Іх не апісаць, папера не вытрымае такога. Гэта пасля ў мяне з’явіліся сівыя валасы, іншы раз я адчувала, быццам памерла, усё ўнутры скамянела. Аднойчы следчы выкалаў юнаку з групы Фёдара вочы, выкалаў у нейкім жудасным шаленстве. У яго самога пена паваліла з рота, ён нагадваў нервова хворага. А юнак маўчаў... Я не вытрымала, выбегла з камеры з рыданнямі. Следчы гаркнуў:

— У чым справа? Стала шкада бандыта?

— Прабачце, — адказала я. — Такое не кожны вытрымае.

— Прэч! Прэч адсюль!!! — зароў ён. Твар у яго, хутчэй не твар, а скажоная зверствам маска, наліўся крывёй.

Я ўспомніла сляпога жабрака. Ён часта праходзіў па нашай вёсцы. Мы здзіўляліся, як, нібыта відушчы, ён знаходзіў дарогу. Маці прыводзіла яго ў нашу хату, садзіла за стол і налівала вялікую міску супу. Дзед быў зусім бяззубы. Нават мякіш ён крышыў у суп, усё старанна, нетаропка перамешваў і потым гэта еў. А мы, дзеці, седзячы на лаўцы, лавілі кожны яго рух...

Ноч прайшла трывожна. Нават цяжка сказаць, ці спала я наогул. Раніцой пачуўся стук. Я зноў іду на допыт. Які ён будзе, чым скончыцца?

Ужо ў другім кабінеце, крыху меншым, чым у Шольферфота, мяне чакае немалады чалавек, з бліскучымі залысінамі, маленькімі вочкамі, у цывільным касцюме. Гальштук у яго ўвесь пераліваецца. Прыбраўся, нібыта на эстрадны канцэрт.

— Давайце знаёміцца, — гаворыць ён чыста па-руску, падсоўваючы мне крэсла.

— Алена Жыліч.

Ён усміхнуўся:

— А мяне можаце называць Мікалай Мікалаевіч.

Ён трымае перад сабой пульхныя рукі, глядзіць на мяне, быццам не заўважаючы.

— Алена, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра вашых бацькоў і блізкіх сваякоў.

Пачынаецца старая песня. Заводжу яе, як заезджаную пласцінку.

— Хто з вашых сваякоў быў рэпрэсіраваны Савецкай уладай?

— Ніхто, — гавару я і пакутліва ўспамінаю. Сапраўды, ніхто з сваякоў рэпрэсіраваны не быў.

— Вы ўпэўнены ў гэтым?

— Так, упэўнена.

— Вось і памыляецеся, Алена Аляксандраўна, — ён усміхаецца. — Сам не ведаю, чаму ўтойваеце гэта. Па сітуацыі ж нават любая нязначная кампраметацыя вашых сваякоў перад Савецкай уладай у вашу карысць.

— Мне няма ніякай карысці ад гэтага, — спакойна адказваю я. — Я гавару праўду, таму што хлусіць мне не мае ніякага сэнсу.

— Так, так, — ён праходжваецца па кабінеце. Як старанна адпрасаваны яго касцюм, якія гладкія, накрухмаленыя манжэты.

— А такі чалавек, як нам стала вядома, ёсць. Гэта ваш бацька. Так, бацька. Яго забралі за «золата». Не помніце?

Ах, вунь яно ў чым справа!

— Як жа не помніць, помню. Бацьку забралі пасля таго, як нехта сказаў, што ў яго шмат царскага чырвонага золата, дзесятак, пяцёрак, яго прымушалі здаць золата дзяржаве. Але праз тыдзень ён вярнуўся дамоў і золата ніякага не здаваў, яго проста ў нас не было.

Ён павольна замахаў абедзвюма рукамі:

— Ну, добра, даволі пра гэта. Вы і сапраўды ніколі не былі багатымі людзьмі, але ваш дзед, садоўнік, некалькі разоў на вяселлях дарыў маладым залатыя царскія манеты, хіба не так?

— Я нічога пра гэта не ведаю.

— Мажліва, не ведаеце. Але справа не ў гэтым. Вы вось мне скажыце, як вы, дзяўчына са звычайнай цёмнай, амаль непісьменнай сялянскай сям’і, якой Савецкая ўлада дала магчымасць атрымаць адукацыю, дабіцца шмат чаго ў жыцці, раптам робіцеся ненавісніцай савецкага ладу, самі прыходзіце да немцаў, замест таго, каб ганарыцца высокім даверам, каб выканаць важнае заданне камандавання. Прабачце, Леначка, не бачу прычын для вашай нянавісці да камуністаў... Я прашу вас вельмі, пастарайцеся мяне пераканаць...

— Яны прынеслі нашай сям’і вельмі шмат гора. Калі б вам давялося перажыць дні і ночы ў час і пасля раскулачвання, здзекі вяскоўцаў, тых людзей, якія ніколі не ўмелі і не хацелі працаваць і таму нічога не мелі. З нас насміхаліся тыя, якім бацька, дзед пасадзілі сады, яны радаваліся нашай бядзе, злараднічалі, — калі ўспамінаю, дык папраўдзе пачынаю хвалявацца, голас мой дрыжыць, твару горача. — А потым, потым у калгасе настаў сапраўдны голад. У нас усё забралі, здаралася есці гнілую бульбу. Так, я атрымала магчымасць вучыцца, але я магла б вучыцца і раней, да Саветаў. Людзі са здольнасцямі пры любым ладзе маглі прабіць сабе дарогу. Я вучылася і галадала. Вы не ведаеце, што такое вечнае пачуццё голаду, а як можа адчуваць сябе чалавек, маючы ў васемнаццаць гадоў адну-адзіную латаную дваццаць разоў сукенку? Вечная галеча. Гэта абрыдла, калі б вы ведалі, як абрыдла. І што, вось за ўсё гэта я павінна рызыкаваць сваім жыццём? Хто дасць мне яго другі раз?!

— Што ж, даволі складна, — ён зноў усміхаецца. Лепш бы ён не ўсміхаўся. — Мажліва, што ўсё гэта так, што вы сапраўды, як многія рускія, жадаеце правесці свае нядоўгія гады жыцця калі не ў раскошы, дык хоць бы сыта. Я сустракаў такіх людзей. І добра, паверце, што яны ёсць. Таму, што наша справа павінна перамагчы. Чырвоную заразу з Расіі трэба выпякаць агнём, смерцю, катаваннямі — усімі даступнымі сродкамі, народжанымі самым моцным і высокім пачуццём — нянавісцю. І я ганаруся, што дапамагаю ажыццяўляць гэтую высакародную для кожнага сапраўды рускага чалавека задачу.

Ён захапіўся, пачаў жэстыкуляваць рукамі, расчырванеўся, а затым раптам перапыніў сваю пампезную прамову:

— Але чаму вы ўсё ж паступілі ў камсамол? Гэта ж рабілі не ўсе вашы равеснікі...

— Так, не ўсе. Але яны не думалі пра сваю будучыню, задавальняліся нямногім. А я не магла не ўступіць, мне трэба было вучыцца, нягледзячы на тое, што бацька быў раскулачаны. Я баялася праследаванняў, рэпрэсій. Членства ў камсамоле магло дапамагчы мне перакрэсліць многія факты біяграфіі, якімі я не магла пахваліцца.

— Як вы ўяўляеце сабе сваё далейшае жыццё?

— Вельмі проста, — кажу я. — Я прасіла ўжо, каб {ка-б } мяне адправілі ў вёску да бацькі. Ён на акупіраванай немцамі тэрыторыі. Я хачу дапамагаць яму, ён такі стары, а потым, калі вернецеся ў Касцюковічы, забяру да бацькі свайго сына Ягорку, я так даўно яго не бачыла. Я хачу проста жыць, вось і ўсё.

Мікалай Мікалаевіч, калі толькі так яго звалі, паглядзеў на мяне жорстка, недружалюбна. На яго тлустым, гладкім твары з’явіліся скулы.

— Вось з-за такіх людзей, якія хочуць проста жыць, ні ў што не ўмешвацца, Саветы так доўга гаспадараць у Расіі. Мы маглі б самі з усім справіцца, была магчымасць, былі сілы, былі людзі, загартаваныя, маладыя, здаровыя рускія людзі! Цяпер мала іх засталося, вельмі мала тых людзей, і мы павінны радавацца, што нам прыйшлі на дапамогу. Прыйшла такая сіла, з якой Саветам, як яны ні пнуцца, не справіцца. Вы чатыры месяцы працавалі ў гестапа. Якія найбольш характэрныя рысы ў немцаў вы маглі б адзначыць?

— Разумею ваша маўчанне. І ўсё ж хацелася б пачуць, хоць гэта не мае ніякіх адносін да нашай размовы.

— М-м, як вам сказаць, Мікалай Мікалаевіч, — пачала я. — Напэўна, яны перш за ўсё вельмі тактоўныя ў адносінах паміж сабой і з тымі, хто з імі працуе, ветлівыя, умеюць трымаць слова...

— Яшчэ, яшчэ! — ва ўсім абліччы Мікалая Мікалаевіча ажываў вечны спадарожнік чалавека — цікаўнасць.

— Што вы заўважылі яшчэ?

— Яны вельмі адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, у іх заўсёды поўны парадак і на рабоце, і дома... Яны вельмі арганізаваныя.

— Правільна, правільна, Леначка! — ён пляснуў мяккай далонню па стале. — Гэта людзі высокай арганізацыі, гэта не мы — мямлі і пустазвоны, здольныя толькі паплакацца адзін перад другім. Яны ведаюць, што ім трэба, і ідуць да сваёй мэты. Добра, што лепшыя рускія прыстроіліся ў гэтым маршы да іх. Такую сілу бальшавікам ніколі не адолець! А потым мы разбяромся, як нам жыць!

Ён гаварыў, часта і перарывіста дыхаючы, ён марыў аб новым грамадскім ладзе ў Расіі ўголас, а я думала, што ўсё пакуль нармальна. Як шкада, што мяне не бачаць у гэту хвіліну Лоўгач, Цімошкін, усе нашы. Відаць, мне паверылі, паверылі.

Я адчуваю, як мяне ахінае санлівая няўцямнасць. Аднекуль здалёк я чую ягоныя словы:

— Гавары праўду, толькі праўду! Хто на самой справе паслаў цябе, з якім заданнем? Я паўтараю яшчэ раз гэтыя словы — з якім заданнем? Сапраўдная твая мянушка, хто на самой справе рыхтаваў у цэнтры, раскажы пра заданне, сапраўднае заданне!

— Мяне рыхтаваў капітан...

Я караскаюся да сваёй свядомасці, караскаюся з усіх сіл, па нейкай слізкай сцяне абрываюся ў чорную бездань, зноў караскаюся... Я адкрываю вочы, бачу прама перад сабой твар гіпнатызёра.

— Мяне рыхтаваў капітан Пятроўскі, мая мянушка Пантэра. Я вам пра гэта расказвала.

Я пачынаю крычаць, каб лепш чуць свой голас, каб адагнаць тое, што было са мной толькі што.

На твары гіпнатызёра блазненская ўсмешка.

— Супакойцеся, Леначка, супакойцеся. Больш у мяне не будзе пытанняў. Хутка вас адвядуць у добрую, утульную камеру. Але ненадоўга, паверце мне. Мантэнь, Леначка, калі вы чулі пра такога, прыводзіць у сваіх «Вопытах» адзін прыклад — калі ў скіфаў здаралася, што прадказанне прадракальніка не апраўдвалася, яму звязвалі рукі і ногі, кідалі на калёсы з верасам, а потым спальвалі. Я не хачу памыліцца ў вас, я веру, што не памылюся!

 

16

Абодва нечакана паўсталі перад Аленай Аляксандраўнай: спачатку ў цемры лесвічнай пляцоўкі яна разгледзела Андрэя, затым здзіўлена ўсклікнула: «Фёдар?» — і замітусілася.

— Прабачце, у мяне непарадак, не прыбрана, я ж толькі-толькі са школы.

Спытала ў Андрэя ўсхвалявана:

— Ад цябе пахне віном? Ты ж за рулём?..

Андрэй і сапраўды быў за рулём. Аб некалькіх кілішках каньяку ён нават не ўспомніў.

Яны прайшлі ў пакой, селі ў крэслы, а Алена Аляксандраўна спытала з кухні:

— Есці хочаце? Праўда, у мяне нічога асаблівага няма. Я зараз чай пастаўлю.

Вярнулася да іх і прысела на канапу насупраць. Пачала перабіраць рукамі пояс халата. Па тварах Андрэя і Фёдара Дзмітрыевіча яна разумела, што магло прывесці іх сюды. Думала: «Божухна, як падобны Андрэй на бацьку». За дзень да іх прыходу яе наведала дачка. Яе сяброўка, аднакласніца, працавала ў іх школе, вядома, яна ёй пазваніла, проста не магла не пазваніць, і пра ўсё расказала. Дачка з парога ўсчала самы сапраўдны скандал: як выйсці з гэтай сітуацыі, у яе мужа будучыня, ён жа ў партыю ўступае, у яго перспектывы, і цяпер усё можа паляцець у тартарары з-за таго, што яна дазволіла сабе ў маладосці такое, што ў галаве ні ў аднаго нармальнага чалавека проста не ўкладваецца. Алена Аляксандраўна не стала нічога тлумачыць, яна толькі папрасіла пакінуць яе хутчэй і перадаць Георгію, што ён можа спаць спакойна, што яму, яго становішчу і кар’еры нішто не пагражае.

Дачка пайшла, а Алена Аляксандраўна не магла доўга заснуць, прыняла снатворнае, і галава яе была ўвесь дзень цяжкая.

Андрэй між тым са спадзяваннем глядзеў на Фёдара Дзмітрыевіча.

— Мы, Лена, прыйшлі да цябе невыпадкова, — пачаў Фёдар Дзмітрыевіч, і яна ў адказ на яго словы раптам усміхнулася.

— Я ведаю, што невыпадкова. Табе цяжка гаварыць, ды вы абодва як апараныя, і я, з вашага дазволу, памагу вам. Я разумею, што павінна была зараз, у гэтыя дні, пасля сустрэчы з жанчынай, якая пазнала мяне, расказаць усім усё. Проста не хацела ўносіць нервовасць у ваша жыццё, але я падумаць нават не магла, што ўсё гэта з такой хуткасцю будзе вядома ўсюды. Вось і дачка ўчора была, — Алена Аляксандраўна ўздыхнула...

— Пачакай, мама, мы зараз не пра гэта гаворым, разумееш, няўжо праўда: ты адно мне, нам, сёння скажы...

— Праўда, Андрэй, праўда... Уяўляю, колькі нянавісці ў гэтай жанчыны.

Яна ўбачыла іх твары — усхваляваныя, нервовыя.

— Але вы супакойцеся, усё будзе добра. Я думаю, хутка прыйдзе адказ і ўсё стане на свае месцы.

— І ты маўчала ўсе гады, нават мне ні слова? — Андрэй падышоў да Алены Аляксандраўны, абняў яе.

— Так ужо выйшла, сынок. Не магла я нічога гаварыць, права такога не мела. Дый успаміны гэтыя, павер, радасці асаблівай не прыносілі, але яны прыходзілі самі, хацела я таго ці не...

— А пасля вайны яшчэ і я... Ты прабач мне, Лена, яшчэ раз прабач, калі можаш, вядома.

Фёдар Дзмітрыевіч прамовіў гэтыя словы глухім голасам.

— Як усё было, ты хоць бы коратка... — папрасіў Андрэй, але Алена Аляксандраўна не дала яму дагаварыць.

— Зразумей, што расказаць коратка немагчыма. Я тут тое-сёе пачала папісваць для сябе. Сяджу па вечарах і спавядаюся на паперы. Так лягчэй. Прыходжу дамоў і нічога рабіць не магу. А папера нібыта боль здымае, нейкія забытыя карціны ўзнікаюць з мінулага. Людзі — і добрыя і заўзятыя нягоднікі... А цяпер давайце чай піць і забудзем пра гэта. Яшчэ нагаворымся. Прыйдзе час.

Ёй хацелася прытуліцца да сынавых грудзей, выплакацца ўволю, даць сабе магчымасць расслабіцца ўпершыню за доўгі час, але побач быў Фёдар, і яна не магла дазволіць сабе гэтага пры ім.

Выйшлі ад Алены Аляксандраўны каля дзесяці.

— Ведаеш, не хочацца дамоў ісці, — сказаў Фёдар Дзмітрыевіч. — Нейкі дзіўны стан.

— А мы паедзем да мяне. Ты ж бачыў — стол накрыты, і Святлана ў поўным непаразуменні, куды мы маглі знікнуць.

Яны паехалі па вячэрнім горадзе. Фёдар Дзмітрыевіч здаваўся Андрэю нейкім няшчасным.

— Зразумей мяне, я зноў, каторы ўжо раз, з яшчэ большай сілай думаю пра тое, што здарылася. Памылкі маладосці... Як дорага абыходзяцца яны нам... Яшчэ адзін яе ўрок для ўсіх нас. Урок маўчання.

— Не трэба пра гэта, — папрасіў Андрэй. — Ты не павінен вінаваціць сябе. Мама ставіцца да цябе добра...

Некаторы час ехалі моўчкі.

— Ведаеш, давай зробім так, — прапанаваў раптам Фёдар Дзмітрыевіч. — Ты пастаў сваю машыну, і мы зойдзем на гадзінку-другую да майго партызанскага камандзіра. Ён жыве зусім побач. Я часта наведваю яго. Жыве, бедалага, адзін. Жонку пахаваў, дзеці раз’ехаліся... Ты не пашкадуеш аб сустрэчы з ім. Калі мне цяжка, я іду да яго і выходжу адтуль зусім іншым чалавекам. І ў вайну ён такі быў, і ў самы першы наш галоўны бой... Тады я ўпершыню ўбачыў смерць зусім побач.

— Ты ніколі не расказваў...

— Да чэрвеня 1942 года ў нашым атрадзе было 120 чалавек. А якія хлопцы былі! Цуд! Не раз абстраляныя, пабывалі ў сур’ёзных баях з ворагам. Бяда прыйшла нечакана... Цяпер я ўпэўнены — нехта нас прадаў. У чатыры гадзіны раніцы фашысты раптоўна напалі на нас. Ніякіх сігналаў ад мінскіх падпольшчыкаў мы не атрымлівалі. Спачатку аўтаматчыкі абстралялі наш дазорны пост. Дазор, адстрэльваючыся, адыходзіў да лагера, раскідваў у балота кладкі. Як толькі ў лагеры мы пачулі аўтаматную страляніну гітлераўцаў, атрад узняўся па баявой трывозе. Камандзір скамандаваў: «Займаць абарону паротна».

Немцы ішлі ланцугом па пояс у балотнай твані, яны вялі такі інтэнсіўны агонь, што немагчыма было ўзняць галавы. Камандзір загадаў падпусціць іх як мага бліжэй, расстрэльваць ва ўпор, патроны эканоміць. Усе ведалі — мы акружаны велізарнымі сіламі праціўніка, бой будзе цяжкі, доўгі, адступаць няма куды, і біцца прыйдзецца насмерць. Многіх тады пабілі, многіх...

Ён памаўчаў хвіліну, папрасіў у Андрэя цыгарэту.

— Я адчуваў страшэнны жах. Сэрца калацілася ў грудзях, як у зайца. Нудзіла. За першай атакай ішлі другая, трэцяя, чацвёртая. Яны былі адбіты прыцэльным агнём. К чацвёртай атацы страх мой пачаў адступаць... У час чацвёртага заходу гады пасадзілі на высокую елку паблізу агнявога рубяжа партызан двух сваіх аўтаматчыкаў, «зязюль», і паспрабавалі абязглавіць атрад, знішчыць камандаванне. Разлік быў просты — «зязюлі» з высокага дрэва добра бачаць камандны пункт, а рэдкія, адзіночныя выстралы не будуць чуваць у грукаце бою... Куля шлёпнула каля маёй нагі. Я сказаў камандзіру, што па нас б’юць з дрэва. Тады ён паслаў кулямётчыка Вальку Семяновіча знішчыць «зязюлю». Той выканаў загад, але і сам застаўся ляжаць нерухома на зямлі. Атак было яшчэ некалькі, дванаццаць або трынаццаць. Я апрытомнеў у зямлянцы, з забінтаванымі грудзьмі... Нехта стаяў нада мной, я не разглядзеў і пачаў намацваць зброю, але жаночы голас супакоіў, што тут свае, бой працягваецца, фашыстаў было забіта шмат, што мне не трэба хвалявацца, рана не вельмі небяспечная. Гітлераўцы адступілі. У шалёнай злосці яны спалілі жыхароў вёскі Саловічы... Камандзір таксама быў паранены, але камандны пункт не пакідаў. Ты ведаеш, я іншы раз думаю, як людзі вытрымалі ўсё гэта, адкуль сілы браліся. І ў тваёй маці таксама!

Яны ўзняліся на другі паверх старога блочнага дома, абсаджанага дрэвамі, пакрытымі шапкамі снегу. Дзверы адчыніў невысокі сівы чалавек з маршчыністым жоўтым тварам.

— А-а, Фёдар! — усклікнуў ён, і вочы яго ажывіліся. — Заходзь, заходзь, а то вось сяджу і не ведаю, чым заняцца, хаджу з кута ў кут, кручу тэлевізар... А ведаеш, я гэтага Фурмана з Рыгі ўсё роўна даб’ю і следчым таксама галовы паадкручваю. Яны мне далдоняць, што атрымаў, маўляў, пакаранне, і ўсё, хопіць. А якое пакаранне? Пяць гадоў адшлёпаў і сядзіць цяпер у асабняку, старасці радуецца. Людзей ён паклаў нямала, і я знайду, усё роўна знайду доказы. Даб’ю яго, тады і паміраць можна.

Яны прайшлі ў пакой, у якім канапа, два крэслы, столік, сервант, кніжная паліца, таршэр у кутку. У пакоі пахла сырасцю і смажанай бульбай.

— Іван Рыгоравіч, а гэта мой сын Андрэй. Пазнаёмцеся.

Стары толькі цяпер, здаецца, звярнуў увагу на Андрэя. Вочы яго зноў успыхнулі.

— Сын! Вось і добра, проста выдатна, — ён моцна паціснуў сухой жылістай далонню руку Андрэю. — Ён жа, Федзька, усё перажываў, што няма ў вас кантакту і жывяце самі па сабе. Гаварыў я яму, нядобра гэта... А цяпер вы разам — і ў мяне на душы парадак і радасць.

Андрэй убачыў, як ледзь прыкметна ўсміхаецца бацька і цяплеюць яго вочы.

 

17

Шэры закончыў апошняе практыкаванне. Потым ён выскачыў на балкон, завалены снегам. Ён набраў поўныя прыгаршчы снегу і пачаў расціраць ім грудзі, рукі, ногі. Настрой быў выдатны — старыя яшчэ ўчора, у суботу, паехалі на дачу, па словах бацькі, «зрабіць лыжны мацыён». Стары ўважліва паглядзеў на Шэрага і сказаў:

— Прыедзем не раней дзесяці вечара ў нядзелю.

Шэры зразумеў. Дзень свабодны. Стары быў у касцюме «Адзідас», ён выглядаў даволі маладым чалавекам. Касцюм Шэры здабыў старому праз трэнера за дзвесце пяцьдзесят, але сказаў, што касцюмчык абыдзецца ў трыста, гэта ж не падробка, а сапраўдная фірма. Стары троху пабурчэў, сказаў, што сума велікаватая, але ўсё ж грошы паклаў, і ў Шэрага ў кішэні прыемна захрумсцела зялёненькая паперка.

У школе ў Шэрага справы ішлі няблага. Ён удзельнічаў у рэпетыцыях драмгуртка, якім Алена Аляксандраўна кіравала, нягледзячы на нейкія там непрыемнасці, аб якіх перашэптваліся ў школе, але яна выглядала бадзёра і ўпэўнена.

— Слухай, Жорж, наша правільная Мама ў час вайны, кажуць, цікавыя фартэлі выкідвала, — гаварыў Шэры сябру. — Жыць хацелася, вось і служыла.

Усё часцей Шэры паглядаў на аднакласніцу Леначку, відаць, ён зверне на яе больш пільную ўвагу пасля школы, засталося зусім няшмат, ён неяк намякнуў ёй пра гэта, і яна прыемна і зычліва, як здалося Шэраму, засмяялася.

У суботу, адразу пасля таго як паехалі бацькі, Шэры пазваніў Жоржу і сказаў, каб той тэрмінова шукаў дзяўчат, сябар перазваніў, сёння яны ніяк не могуць, а вось заўтра з самай раніцы будуць рады прыйсці ў госці да такіх прыемных і харошых хлопчыкаў.

— Ты мог таксама ім сказаць, што яны харошыя, — сказаў, смеючыся, Шэры. — І галоўнае, не балбатлівыя. Прайшлі выпрабаванне на «пяць».

У суботу яны пайшлі на трэніроўку. Трэнер сказаў, што хлопцы яны прыстойныя, ён у іх ніколі не сумняваецца і таму вырашыў зрабіць ім падарунак. Ніхто не разумеў, у чым справа. Злавілі таксі і прыехалі ў аднапакаёвую кватэру трэнера ў кааператыўным доме. Трэнер сказаў, што раней меў кватэру роўна ў тры разы большую, але жонка абрыдла настолькі, што ён разышоўся з ёю. У кватэры было шмат кніг і, галоўнае, стаяў японскі тэлевізар з відэапрыстаўкай сістэмы «Сейка», яшчэ магнітафон «Соні» са стацыянарнымі калонкамі і вяртушкай. Шэры ўладкаваўся ў мяккім югаслаўскім крэсле і падумаў, што ў гэтай кватэрцы трэнер някепска адпачывае і нядрэнна было б да яго далучыцца. Трэнер аб’явіў урачыста, што пакажа фільм аб каратэ з удзелам Брус Лі. Пачуўшы гэта імя, Шэры нават здрыгануўся. Брус Лі быў уладальнікам дзесятага дана каратэ, некалькі разоў ён станавіўся чэмпіёнам свету, здымаўся ў вельмі папулярных баевіках. Некалькі гадоў назад яго знайшлі забітым у сваёй машыне.

У фільме Брус Лі іграў амаль самога сябе. Ён фантастычнымі ўдарамі, узлятаючы на вышыню свайго росту, перамагае самых славутых сапернікаў, побач з ім незвычайнай прыгажосці актрыса... Мафія хоча прыбраць каратыста, каб ён працаваў на яе, але ён адмаўляецца. І тады на здымцы фільма адзін з людзей мафіі страляе ў каратыста з сапраўднай зброі... Усе, у тым ліку і каханая актрыса, у шоку. Пышнае пахаванне, слёзы актрыс, радасць на тварах верхаводаў мафіі. Аднойчы актрыса вырашыла адпомсціць за любімага, яна ідзе да верхавода мафіі, дастае з сумачкі пісталет, але яе спыняе стары чалавек і гаворыць, што рабіць гэтага зараз не трэба. Стары — загрыміраваны герой Брус Лі. У Шэрага заняло дых. Аказваецца, пахаванне было фікцыяй, кароль каратэ жывы. Ён сустракаецца са сваёй каханай. Аб гэтым даведваецца мафія. Верхаводы яе едуць на могілкі і раскопваюць магілу, разбіваюць гліняную маску-твар «загінуўшага».

— Зараз пачнецца! — сказаў трэнер. — Назірайце за ўсім вельмі ўважліва. Самыя цікавыя моманты я паўтару. Брус Лі дэманструе настолькі адточаную тэхніку, што лепшага ўрока быць не можа.

Каратыст адзін распраўляецца з цэлай бандай на матацыклах. Жорж пры кожным удары ўскрыкваў, пляскаў у далоні. Потым герой Брус Лі дабраўся да верхаводаў мафіі. Якія гэта былі сутычкі! Сапраўдная энцыклапедыя каратэ! Як ён трымаў удары і якой вытрымкай, сілай волі валодаў!

— Звярніце ўвагу на гэты ўдар. Мы яго яшчэ не праходзілі. — Трэнер націскаў кнопку, і Брус Лі заміраў у палёце.

— Мы паўторым гэта ў панядзелак.

Ноччу Шэраму сніўся Брус Лі, яго дзяўчына з вялікімі вачамі. З раніцы ён зрабіў зарадку, якая па нагрузцы была ніколькі не меншая, чым самая сапраўдная трэніроўка. Пасля абцірання снегам пазваніў Жоржу, і той прашаптаў у трубку, што дзяўчаты напагатове, праз паўгадзіны ён сустракае іх ля ўвахода ў сквер Грыцаўца, і яны едуць да Шэрага, толькі вось грошай у яго ні капейкі. Шэры прабурчаў, што больш за ўсё не любіць жабракоў. Ну, чорт з ім, Жоржам, у яго ёсць грошы і дзеля такой доўгачаканай сустрэчы прыйдзецца іх патраціць. Ён нацягнуў дублёнку і пабег у гастраном. Вырашыў, што дзве бутэлькі шампанскага хопіць, трэба паболей выдзеліць «малышкам», а самім ім піць не варта, гэта атупляе памяць, рассейвае волю. Шампанскае ён астудзіў у ванне, потым паставіў на стол у вялікім пакоі, уключыў магнітафон.

Яны ўзніклі хвілін праз пятнаццаць — чырванашчокія, як снягурачкі.

Шэры ўздыхнуў, ён сказаў, што яны вельмі даўно не бачыліся, цэлая вечнасць прайшла бязрадаснага шэрага жыцця, ён вельмі рады вітаць іх у сваёй кватэры.

— Як у вас прыгожа! — уздыхнула адна з іх. — Ваш бацька, відаць...

— Нічога асаблівага, звычайная кватэра сям’і з сярэднім дастаткам, — адпарыраваў Шэры. — Калі вы будзеце разумненькія, як ужо аднойчы паказалі сябе, я зваджу вас у больш прыстойны музей мэблі і мануфактуры.

Спачатку яны, зусім цвярозыя, пачалі крывіцца — піць зранку не хочацца, спраў яшчэ шмат і ўсё такое... Але Шэры паставіў апошнюю плёнку з запісамі апошняга фестывалю ў Сан-Рэма, і яны імгненна падабрэлі. Шэры з Жоржам танцавалі з дзяўчатамі, потым шампанскае пачало знікаць на вачах.

Выправадзілі яны іх гадзін каля пяці. Твары ў дзяўчат былі пакамечаныя. Яны прыпудрыліся злёгку, пачалі скардзіцца: дома ў такім выглядзе небяспечна з’яўляцца. Шэры разумеў, што ім хочацца застацца яшчэ, і ў Жоржа вочы гарэлі як у д’ябла, але ён супакоіў — на марозе ўсё выветрыцца і пах ад шампанскага знікне, так што яны могуць не хвалявацца. А наступная іх сустрэча будзе не вельмі хутка. У Шэрага мільганула думка, што Жоржа можна ўжо адшыць, а дзяўчат нядрэнна было б запрасіць да трэнера, наўрад ці ў яго ёсць такія маладзенькія. Там утульна, і фільмік ён па відэамагнітафону пакажа. Шэры заўважыў, што адна паліца для кніг у яго поўнасцю застаўлена касетамі.

Дзяўчаты пайшлі, і Шэры прапанаваў прайсціся на гадзіну-другую. Надвор’е выдатнае, няхай шампанскае выветрыцца. Заўтра ў школу, потым трэніроўка, адпрацоўка ўдараў у стылі Брус Лі.

Яны павольна пайшлі па праспекце.

— Выдатнае жыццё! — сказаў Жорж. — Калі жыць так, як мы. Настрой файны, ніякіх праблем...

Шэры засмяяўся.

— Пігмей ты. Хіба мы жывём?! Жыццё можа пачацца толькі гадоў праз пяць, як мінімум. Надакучыла хадзіць у шчанюках і выдурваць башлі з бацькоў.

— Грошы можна і самім рабіць. Тут Шурка пазнаёміў мяне з нармальным чалавекам па мянушцы Дуты. З ім можна мець справу. Я купіў тое-сёе ў яго. Але і самім можна заняцца гэтым.

— Ну і дурань! — абурыўся Шэры. — Калі ты ўліпнеш па гэтай справе — хана. На ўсім жыцці можна паставіць вялікі крыж з уласным распяццем. Не, мяне ў гэтыя справы ніхто не зацягне. І табе не раю.

— Ды я і не лезу, — пакрыўджана працягнуў Жорж. — Я проста разважаю, а ты адразу абзываешся...

Шэры засмяяўся.

— Ды я жартую, Жоржык. Ты самы мой надзейны сябар. А каб ты не крыўдаваў і не мёрз, — ён паглядзеў: нос у Жоржа быў чырвоны, як морква, — магу пачаставаць цябе кактэйлем.

— Гэта не пашкодзіць, — радасна згадзіўся Жорж, — настрой пасля дзяўчат патрабуе нечага рамантычнага.

У кафэ тоўпіліся ў асноўным маладыя людзі, на выгляд хутчэй за ўсё студэнты. Яны пілі каву.

— Вось гэта нам не трэба, — сказаў Шэры. — Вось так жыць я не хачу.

Яны падышлі да стойкі бара. Шэры заказаў два кактэйлі. Хмель хутка ўдарыў у галаву, зрабілася весела.

— Дарма мы дзяўчат адпусцілі, — пашкадаваў Жорж. — Твае не хутка прыедуць, маглі б адпачнуць гадзінку якую.

— Я табе і зараз магу арганізаваць някепскі адпачынак.

— Як гэта? — здзівіўся Жорж. Твар у яго расчырванеўся, язык заплятаўся.

— Вельмі проста, — сказаў Шэры. — Ідзём адсюль напрамую праз праспект.

— У склеп?

— Ну, вядома.

— Гэта няблага, — згадзіўся Жорж. — Але могуць не пусціць.

— Са мной пусцяць.

Яны перасеклі праспект і апынуліся перад уваходам у бар. Бар гэты пабудавалі на рагу праспекта ў былым склепе. Там заўсёды церліся нічога сабе дзяўчаты і розныя тыпы, можна было купіць фірменныя цыгарэты, джынсы, патанцаваць і выбраць адзін з кактэйляў, што па-майстэрску рабіў бармен Боб.

Вядома, перад дзвярыма тоўпіліся хлопцы і дзяўчаты, твар швейцара жаўцеў за шклом. Вісела шыльда: «Месцаў няма!»

Жорж скурчыўся, было халаднавата.

— Прыйдзецца ісці дамоў, — сказаў ён.

— Пайшоў ты! — сыкнуў на яго Шэры.

З воклічам: «Мяне чакаюць, прапусціце, мяне чакаюць», — Шэры прабраўся нарэшце да дзвярэй. Ён пастукаў у шыбу, швейцар прачыніў дзверы, і Шэры сунуў у ягоную далонь пакамечаны траяк. Стары хмыкнуў і шапнуў: «Толькі мігам!»

— Я ж гаварыў, у нас столік заказаны, — закрычаў Шэры.

Праз імгненне да яго прабіўся Жорж.

Яны спусціліся ў бар. Тут быў паўзмрок, у поўным разгары ішлі танцы. Блікі святла шалёна скакалі па тварах, скажалі іх.

— Тут ёсць тое-сёе для нас, я ўпэўнены, — сказаў Шэры.

Ён тое-сёе заказаў і плюхнуўся за столік у кутку. Зрабілі па некалькі глыткоў, і Шэры сказаў, што расхалоджвацца няма чаго. Ён кінуўся да высокай бландзінкі, Жорж запрасіў яе сяброўку. Дзяўчына танцавала вельмі добра. Жорж паклаў сваю руку ёй на талію, але дзяўчына не звярнула на гэта ўвагі, яна глядзела кудысьці міма яго.

Яны запрасілі дзяўчат за столік, тыя ўбачылі фужэры і троху ажывіліся. Напарніца Жоржа нават не паглядзела на яго, а Шэры абняў сваю сяброўку і, наліваючы шампанскае, гаварыў, што такіх добрых дзяўчат можна сустрэць толькі ў «Юбілейцы», але ў іх усё наперадзе. Потым Шэры ўзяў яшчэ пітва, і сяброўка Жоржа пачала пытаць, ці ёсць у яго памяшканне для сустрэчы, яна жыве ў інтэрнаце, і час не лімітаваны. Жорж павёў плечуком — заўтра ўрокі, дый старыя абяцаюць прыняць самыя крутыя меры. Асабліва маці пасля размовы з бацькамі дзвюх дурніц, якія пабывалі сёння ў Шэрага. Ён сказаў, што яны сустрэнуцца заўтра, а памяшканне ў яго будзь здароў якое, толькі сёння ён аддаў ключы сябру, але дзякуючы такім вось абставінам яны сёння пазнаёміліся.

Жорж сказаў Шэраму, калі яны развіталіся з дзяўчатамі, што адрас у яго ў кішэні і дзяўчына сама праяўляе актыўнасць. Шэры засумняваўся:

— А ў аўторак пасля ўрокаў гэты чалавек будзе ў мяне.

— А стары, мамаша...

— Рызыка, Жорж, высакародная справа. Але такую выпускаць з рук надоўга небяспечна.

Язык у Шэрага заплятаўся, яго нават крыху вадзіла ў бакі. Каля кансерваторыі Шэры незнарок штурхнуў нейкага высокага хлапца, які ішоў з дзяўчынай.

Жорж пацягнуў Шэрага да сябе, і хлапец абурыўся:

— Вы б, хлопчыкі, асцярожней хадзілі.

— Да ты паглядзі, яны зусім п’яныя, — сказала дзяўчына.

Шэры вырваўся з рук сябра, з развароту ўдарыў далонню хлопца па шыі. Той рухнуў, не ойкнуўшы.

— Бяжым! — крыкнуў Жорж.

Яны кінуліся ў бок сквера, прабеглі праз яго да вуліцы каля сабора. Ззаду нешта крычала дзяўчына, але вуліца была, дзякуй богу, пустая. Шэры імгненна працверазеў, ён бег наперадзе Жоржа.

На чорта яму гэта трэба?! А рука з кішэні вылецела сама па сабе...

Яны селі ў таксі каля «Журавінкі» і з палёгкай уздыхнулі.

А наогул гэта нічога, што ён, Шэры, зваліў цыбатага.

— Не спазняйся заўтра, — шапнуў Шэры Жоржу і знік у цемры.

 

18

У пятніцу ўвечары да Кацькі збіраліся госці — сяброўкі з класа, суседзі. У яе быў дзень нараджэння, і Андрэй прывёз клетку з папугаем. Клетка стаяла накрытая ў ягоным пакоі, папугай спаў, схаваўшы галаву ў пер’е, і Андрэй уяўляў, як будзе радавацца Кацька. На Святлану зноў напала хандра, яна некалькі разоў гаварыла, што страшэнна стамілася, ёй абрыдла ўсё, па-ранейшаму ён адчуваў яе, жончын, холад, але стараўся не звяртаць на гэта ніякай увагі. Дарэчы, у яго нешта атрымлівалася, сцэнарый набліжаўся да завяршэння, засталіся толькі апошнія штрыхі.

Калі ўзрадаваная Кацька ўзяла ў рукі клетку з папугаем, пачуўся званок. Андрэй пачуў у трубцы голас інспектара, той сказаў, што ён запрасіў вядомага ў горадзе фарцоўшчыка, і ён можа пад’ехаць на допыт літаральна праз гадзіну. Андрэй сказаў, што сёння дзень нараджэння ў дачкі, але ён абавязкова будзе.

Ён апрануў куртку, пацалаваў дачку, растлумачыў ёй усё, дачка, папрасіла, каб ён пастараўся быць раней, а Света незадаволена фыркнула: «Можаш вяртацца хоць раніцой». Андрэй развёў рукамі, шапнуў дачцэ: «Ты не засмучвайся, усё ў парадку! Я хутка прыеду».

Вадзім чакаў Андрэя ў сваім кабінеце.

— Здаецца, зараз я да яго дабяруся, — сказаў інспектар. — Зараз ад валютных аперацый не адкруціцца. Гэта не бяскрыўдная перакупка-перапрадажа рэчаў. Дарэчы, ён звязаны з дзяўчатамі, з якімі вы сустракаліся.

Інспектар закурыў.

— Усё ж зараз я пастараюся яго ўпячы надзейна. Надакучыў немаведама як. І адчувае сваю беспакаранасць, і нахабнічае ўсё больш і больш, а на яго глядзяць іншыя і, вядома, прыклад бяруць. Катаецца на машыне, апрануты з іголачкі, ласуецца кожны дзень лепшымі стравамі, удзень і ўвечары ўсе лепшыя дзяўчаты да яго паслуг. Дарэчы, вы зараз убачыце яго і пачуеце. Думаю, з вас дастаткова будзе першай пачатковай размовы, а потым я займуся ім сам.

Праз некалькі хвілін у кабінет увайшоў стройны, высокі хлапец з тонкімі і ў той жа час рэзка акрэсленымі рысамі твару. На ім быў сіні блейзер, светлыя штаны. Мякка рыпелі па дыване макасіны.

Ён сеў насупраць інспектара. На твары поўная абыякавасць, спакой.

Інспектар падаў яму цыгарэты.

— Прабачце, я такія не куру. Магу вас пачаставаць.

Раскрывае пластмасавы пачак «Філіп Морыс».

— Купіў выпадкова ў магазіне «Табакі»? — спытаў інспектар без ценю іроніі ў голасе.

— Так, ваша праўда, выпадкова. Давялося выстаяць вялікую чаргу. Чаго не зробіш дзеля сябе...

— Паслухай, Дуты, давай мы ўспомнім пачатак тваёй кар’еры, калі можна так сказаць.

Андрэй націснуў клавішу магнітафона.

— А навошта такі вялікі экскурс у мінулае? — здзівіўся Дуты. — Няўжо да тых часоў дабраліся, інспектар?

— Будзь спакойны, фактаў з таго часу мы не шукаем. Лічы, што проста так, з цікавасці.

Дуты. Калі проста так, дык калі ласка. Вырас я ў горадзе, ведаеце, раён такі, вуліца Кедышкі, Валгаградская, а там далей быў, ды і цяпер ёсць, але моцна абрэзаны новым раёнам, сельгаспасёлак. Я жыў на самай мяжы з ім, і мы пастаянна біліся з хлопцамі з сельгаспасёлка. Міліцыя нас ганяла страшэнна...

Так было амаль штодзённа. Гэта быў галоўны наш занятак недзе да класа дзесятага. Потым захацелася нечага іншага. Дый некалькі хлопцаў у калонію адправілі, а мне ўжо туды не хацелася. Аднойчы я ледзь, праўда, не ўліп. Былі нейкія танцы на Цэнтральнай плошчы, на тым самым месцы, дзе калісьці помнік стаяў, і цыган Рыба ўзяў мяне з сабой, сказаўшы, што пасля танцаў у кішэні пустой маёй зазвініць. Я не зразумеў, у чым справа, і пайшоў з Рыбай. Некалькі хлапцоў уступалі ў бойку. І тут падбягаў Рыба, крычаў, што зараз ён разбярэцца з хуліганамі, тыя ўцякалі, а мы вялі збітага юнака ўбок, а ён быў добра накаўціраваны, выціралі яму кроў, натуральна, шукалі насоўку ў кішэні, і, вядомая справа, яго грошы плылі ў Рыбаву кішэню, гадзіннік таксама... Потым Рыба даў мне пятнаццаць рублёў і сказаў, што гэта лепшы спосаб рабіць грошы, а я бег дамоў, як шалёны, і даў зарок больш ніякіх спраў з Рыбай не мець.

З бойкамі мы завязалі і пачалі цягацца на танцверанду ў парк Чалюскінцаў. Вечарамі я адчыняў фортку, чуў музыку адтуль, званіў сябрам, і мы беглі ў парк. Дзяўчаты там збіраліся прыгожыя, згаворлівыя, праўда, іх было намнога менш, чым цяпер, патрэбны былі грошы пазарэз, а старыя мае людзі небагатыя, падкідалі іншы раз рублік на кіно, але хіба на гэтым пражывеш? Некалькі разоў я з сябрам вагончыкі на таварнай станцыі разгружалі. А тут адзін чалавек прапанаваў фірменныя пласцінкі прадаць. Ну, я і зрабіў, па дваццаць рублёў на кожнай нагрэў. Мне спадабалася. Гэта былі першыя крокі да непрацоўных, як вы гаворыце, даходаў.

Інспектар. А фарцоўкай калі ты заняўся?

Дуты. Ну навошта так груба, інспектар, калі грошы пачалі з’яўляцца, у вашым папулярным атэлі купіў у таварышаў адтуль некалькі модных шмотак. А што тут кепскага, калі ў іх таго барахла процьма? Няхай дзеляцца, пакуль наша лёгкая прамысловасць шые толькі рабочае адзенне. Ну, вядома, потым пачало з’яўляцца ў мяне тое-сёе лішняе.

Інспектар. А артыкул за спекуляцыю?

Дуты. Пра ніякія артыкулы, прабачце, не чуў, хто вы і адкуль, таварыш інспектар выдатна ведае, што я здаю набыты тавар у камісійны магазін. Дзейнічаю, так сказаць, праз дзяржгандаль. Нічога ў гэтым благога няма. Ды вы не падумайце, бывае гэта вельмі рэдка.

Жыліч. І вы не адчуваеце ніякіх згрызот сумлення?

Дуты. У чалавека няма такога органа, як сумленне... Выдумкі пісьменнікаў. А я, ведаеце, не магу жыць нармальна, — апранацца, есці так, каб хірургі потым смецце або, больш таго, — пухліну з жывата даставалі, а на асноўнай рабоце я атрымліваю капейкі. Дай мне пяцьсот—шэсцьсот у месяц, чхаў бы я на няшчасныя тыя шмоткі.

Інспектар. Які ты, Саня, добры хлопчык, калі нічым дрэнным не займаешся!

Дуты. Вы ж мяне ведаеце, інспектар.

Інспектар. Аб валютных аперацыях бачыў толькі ў кіно?

Дуты. І яшчэ чытаў.

Інспектар. А вось у мяне даныя іншыя. Зараз ідзі і прыйдзеш ужо не па запрашэнні... Вядома, не сюды, а ў іншае месца...

Упэўненасць знікла з твару ў Дутага. Ён устаў і злёгку змененым голасам спытаў:

— Доўга мне чакаць?

— Некалькі дзён пацярпі, узваж усё, чалавек ты, Саня, не дурны. Вырашы, як сябе паводзіць пры нашай наступнай сустрэчы.

Ён пайшоў.

— Хопіць? — спытаў інспектар у Андрэя.

— Безумоўна, — адказаў Андрэй. — Такога нічым не проймеш. Жыццёвая пазіцыя цвёрдая.

Інспектар паглядзеў на гадзіннік.

— Вы на машыне?

— Так.

— Вельмі добра. Падкіньце да чацвёртай бальніцы. Сябар у мяне там... Урачы нічога не могуць зрабіць. Гавораць, засталося некалькі дзён. А ён толькі заяву ў загс аддаў.

— Што здарылася? — спытаў Андрэй.

— Ішоў з нявестай з кіно. І нейкі хлопец далонню ўдарыў па соннай артэрыі, ды так, што шыйны пазванок... Зноў каратысты... Падключылі ўсіх урачоў, але нічым не дапаможаш. Нявеста месца сабе не знаходзіць, просіць памагчы знайсці забойцу. Але як іх знойдзеш? Яна гаворыць, што запомніла. Хлопцу гадоў прыкладна семнаццаць. Пачну вадзіць па інстытутах, тэхнікумах, школах... Апрануты добра — андатравая шапка, дублёнка. Ведаю, што шукаць яго бескарысна, але інакш не магу. Буду шукаць.

 

Успаміны Алены Жыліч IV

Прачынаюся ноччу ад таго, што нехта стогне ў сне, потым пачынае ўскрыкваць: «Я нічога не ведаю, нічога. Мяне паслалі сілком. Не, я вам нічога не скажу, усё роўна смерць, я вас ненавіджу, усіх ненавіджу...»

Гэта Айна. Мы з Марыяй сядзім на сваіх ложках і чакаем, калі скончыцца яе трызненне. У апошні час з ёю гэта нярэдка здараецца, нервы ў яе канчаткова сапсаваныя, і не толькі ў яе. Сам Шольферфот таксама збялеў, часцяком ён нават бывае няголены, неахайны. Усё часцей і часцей бамбардзіроўкі. Калі яны толькі пачаліся, немцы хаваліся ў бункеры. Цяпер справа іншая, і Шольферфот дазволіў агентам перайсці са склепа далей у бетанаванае сховішча. Калі пачынаюцца бамбёжкі, Вера, маленькая шустрая жанчына, якая пабывала ўжо ў некалькіх аперацыях за лініяй фронту, — пачынае паціху выць. Яна з дазволу самога Шольферфота сышлася адкрыта з адным агентам, страшэнным мярзотнікам, у якога рукі былі па локці ў крыві, агент гэты быў вельмі «заслужаны», Шольферфот заўсёды ставіў яго ў прыклад, і вось нядаўна ён загінуў.

Марыя спрабуе суцешыць Веру:

— Разведка — справа цяжкая, цёмная. Хто табе сказаў, што ён загінуў? Можа, брахня. Можа, ён жывы-здаровы, здаўся сваім...

Вера ад яе адхіснулася, у вачах з’явіўся спалох:

— Маўчы, ніколі не гавары падобнага ўголас. Немцы мяне адразу знішчаць, падумаюць, што мы згаварыліся. Тая ж Айна першая прадасць, усю размову перадасць Шольферфоту або каму-небудзь іншаму, не меншаму падлюгу.

— А чаму цябе? — здзівілася Марыя. — Ты ж яму не жонка, а толькі сяброўка, ні ў загсе нераспісаная, ні ў царкве нявенчаная.

Вера бліснула на яе злоснымі вачыма і прашыпела:

— Ты, дзяўчынка, яшчэ немцаў не ведаеш.

Марыя самая сімпатычная з усёй каманды. Са мной вельмі шчырая. Пры першым магчымым выпадку здасца сваім, няхай караюць, сядзе ў турму, але здасца. Таму чакае не дачакаецца задання, толькі б апынуцца там, за лініяй фронту.

Я з вялікай увагай прыглядаюся да Марыі, нешта мне ў ёй падабалася. Ці зможа калі-небудзь яна, якая нарабіла ў жыцці столькі цяжкіх памылак, стаць нармальнай жанчынай, чыёй-небудзь жонкай і маці? Злачынства яшчэ не зроблена, але да яго літаральна адзін крок застаўся. Я ведала, што ёй маглі даць заданне быць шчырай са мной, але ўсё ж хацелася верыць, што і ў гэтай павучынай бляшанцы ёсць хоць адзін больш-менш нармальны чалавек.

Марыя сказала, што Айна самы небяспечны агент абвера-310, яна карыстаецца ў Шольферфота самым вялікім даверам, ёй нават абяцана афіцэрскае званне. Айне дазвалялася пастаянна мець пры сабе зброю. Аднойчы я бачыла, як яна дастала з-пад кофтачкі невялікі пісталет, верагодней за ўсё браўнінг, і схавала яго перад сном пад падушку.

— Яна можа забіць кожнага, — гаворыць Марыя. — Пусціць у лоб кулю, і рука не здрыганецца.

Марыя даведалася, што родам Айна з Вязьмы, сапраўднае яе прозвішча Сокава, завуць Зінаіда.

Звычайна Айна маўчала, на месцы бывала рэдка, хоць пасля апошняй аперацыі, што ледзь не закончылася правалам за лініяй фронту, больш нікуды не выязджала. Разгаварылася Айна толькі адзін раз. Яна ўвалілася ў пакой позна, ад яе патыхала перагарам, папяросным дымам.

— Спіце, дамачкі?! Ну і дарма. Апошнія дзянькі дажываем, бомбы сыплюцца на галаву ўсё часцей. Вы, можа, і вырвецеся да якога-небудзь паршывенькага жыцця, а я не. Нешчаслівая я, даруй мне божа.

Яна гаварыла то ціха, то пачынала амаль крычаць.

— Не шанцавала мне са школы яшчэ, ненавідзела я амаль усіх і таму ўсім давала мянушкі, радавалася, калі ўсе гэтыя выдатнікі чырванеюць на маіх вачах. Вучобу я ненавідзела проста жудасна, у старэйшых класах усё спісвала, і мяне гэтыя курвы-настаўніцы абсыпалі каламі і двойкамі. Пасля таго як вывелі на «велізарную жыццёвую прастору», як пішуць у савецкіх газетах, мая разумненькая мамачка сказала: «Хопіць, Зінка, месца тваё ў гандлі».

Яна гаварыла і пра каханне, першае, але гэта не каханне, а так, дзіцячая гульня, сапраўднае каханне прыйшло з вайной... Як толькі нашы пачалі адступаць, Зінка разам з маці нацягала з прадмага ў склеп кансерваў, хлеба, шмат скрынак віна і гарэлкі, і ў першыя месяцы вайны, калі ўсе іншыя пачалі галадаць, у Сокавых быў поўны парадак. Непадалёк ад іх быў гарадскі сад, калісьці ў ім закаханыя парачкі гулялі, воінскі аркестр выконваў вальсы і тушы, а цяпер размясцілася нямецкая часць на чале з афіцэрам, якога звалі Вілі. У першы ж вечар пасля знаёмства Вілі пабываў у іх доме, і не толькі пабываў, а і заначаваў, і Зіна сказала маці, што ў яе сур’ёзны раман «на ўсё жыццё».

Раман закончыўся імкліва, гэтак жа, як і пачаўся. Вілі перавялі ў другую часць, а Зіна не магла знайсці нікога, хто б дапамог ёй зрабіць аборт. Аб яе сувязі з Вілі ведалі ў горадзе, і на Зіну людзі глядзелі з пагардай. Можа, таму ніхто не хацеў прыйсці на дапамогу, гаварыла яна, ёй давялося карыстацца першабытнымі сродкамі, яна трапіла ў бальніцу, а потым гуляла з немцамі «ўсім на злосць». Шэф абвера ў Вязьме парэкамендаваў яе свайму сябру шэфу абвера-310 Шольферфоту.

І Зіна стала адным з агентаў абвера пад імем Айна.

— Хутка, вельмі хутка нас выкінуць адсюль, папруць далей, — амаль крычала Айна. — Але чорт з ім, мне свайго жыцця не шкада, я толькі хачу больш знішчыць сваіх родненькіх, адзінакроўненькіх землячкоў свінскага чырвонага колеру, паболей! А там — напляваць. Змыемся ў Германію, дзяўчаткі, а туды Саветы не дойдуць, нас не забудуць, немцы народ культурны...

Яна сцішылася нарэшце, Марыя таксама хутчэй за ўсё заснула або проста ціха ляжала на пасцелі, а я пачала думаць, як мне быць. Ясна, што фронт усё бліжэй і бліжэй, але што будзе з маёй легендай? Адпаведна ёй — да мяне павінен прыйсці радыст з Вялікай зямлі. Немцы, вядома, чакаюць з’яўлення гэтага радыста...

Рэальны сувязны не з’явіўся, ды ён і не мог з’явіцца — я кроку не магу зрабіць за межы абвера, а сувязны, магчыма, побач, недзе там у горадзе, праходзіць міма высокай цаглянай агароджы і чакае.

Што будзе, калі настане дзень прыходу радыста па легендзе?

Толькі потым мне стала ясна, што дата, назначаная на прыход майго ўяўнага напарніка разведчыка-радыста, супала з датай генеральнага наступлення 2-га Беларускага фронту. Выйсця іншага не было — я пачала складаць спіс агентаў: прозвішчы па дакументах, мянушкі, узрост, заданні. Інфармацыя прыходзіла з рук агентаў, для якіх я стала сваім чалавекам, дзякуючы, думаю, у многім спевам, уменню іграць на музычных інструментах і, вядома, уважлівым адносінам кіраўніцтва абвера-310. Некалькі дзён я сама ўдзельнічала ў інструктажы агентаў, дапамагала афармляць на іх дакументы, праглядала зробленыя і рэальныя дакументы, ці няма ў іх падлогу. І тут была праверка. Некалькі «яўных» ліп я паказала Шольферфоту, і ён застаўся задаволены. Спіс напісаны на невялікай палосцы паперы. Ён заўсёды пры мне. Калі знойдуць раптам пры вобыску — смерць. Але ў мяне няма іншага выйсця, спіс павінен любым спосабам трапіць да нашых, інакш маё заданне можна лічыць нявыкананым, і гэтыя нягоднікі будуць забіваць нашых — ваенных і мірных людзей, наносіць велізарную шкоду... Каму і як перадам спіс, вядома, не ведала.

Світанак. Айна гаворыць: «Сёння эвакуацыя». І сапраўды сірэна — сігнал трывогі. Загад: выносіць матэрыяльныя каштоўнасці, скрыні з паперамі. У двары, закрытым сценамі з усіх бакоў, ідуць хуткія зборы. Шольферфот і яго намеснік Брунер уважліва сочаць за пагрузкай. Нарэшце ўсё скончана. Я разам з чатырма дзяўчатамі праходжу да грузавой машыны. Мяне заве ад’ютант шэфа. Шольферфот запрашае ў сваю чорную машыну. На заднім сядзенні трое: Шольферфот, Брунер і я. Наперадзе побач з шафёрам ад’ютант шэфа. Чарада грузавых і некалькі легкавых машын рушыла. Я здзіўлена: чаму мне такі гонар?

Усе маўчаць. Выехалі за горад, едзем больш за гадзіну. Раптам наперадзе рэзка затармазіла машына, а перад ёй узняўся ўгору слуп агню. Шэф збялеў і закрычаў на шафёра:

— Наперад, прабівайся наперад, а не то ўсім нам канец.

Машына пачала лавіраваць паміж трупамі і параненымі. Нейкі салдат стаў наперадзе з узнятымі акрываўленымі рукамі. Твар у яго быў скажоны ад страху. Разрывы бомбаў па-ранейшаму ўзнімалі слупы зямлі ля дарогі і проста перад намі.

Дзіўная рэч, я ніколечкі не спалохалася. Ні імгнення я не думала аб тым, што магу быць забітай. Гэта ж нашы бамбяць, нашы!

Бамбёжка скончылася, мы паехалі спакойна. Мае спадарожнікі бледныя, кураць. Каля дзвюх гадзін дня пад’ехалі да Талачына. Каманда — перакусіць. Я далажыла ад’ютанту Шольферфота, што мне трэба адысці на хвіліну. Зайшла за рог доўгага дома, падобнага на барак. За веснічкамі ля куста парэчак стаіць пажылы чалавек і ўважліва разглядае немцаў, якія рыхтуюцца да абеду і адпачынку. Твар яго здаўся мне добрым, адкрытым. Выйсця ў мяне няма. У туалеце я дастала са свайго тайніка зашыфрованы спіс абвераўцаў з усімі данымі, заціснула яго ў руцэ і спынілася каля гэтага чалавека. Ён уважліва паглядзеў на мяне. Я зрабіла выгляд, што шукаю на кусце ягады.

— Слухайце ўважліва, — ціха гавару я. — Гэту паперу, вельмі, вельмі важную, перадайце першаму савецкаму афіцэру пры вызваленні горада, няхай аддасць у разведку.

Не чакаючы адказу, кладу пісьмо ў сярэдзіну куста.

Распрацоўваючы заданне, капітан Лаўгач гаварыў пра магчымасць перадачы каштоўных звестак, а я пярэчыла, гаварыла, што гэта проста немагчыма і заданне асуджана на правал.

— А калі гэты або любы іншы чалавек адразу ж перадасць паперу немцам? — пыталася я ў Лаўгача.

— Логіка простая, — гаварыў ён. — Калі гэта душой наш чалавек, дык ён перадасць пакет, а такіх людзей большасць. Ну, а калі падлюга, паліцай які-небудзь, дык і ён, калі з немцамі не драпае або яны яго проста кінулі на волю лёсу, дык ён гэтым крокам пастараецца хоць неяк сябе рэабілітаваць. Вядома, рызыка вялікая. Але на такі крок можна ісці ў безвыходнай сітуацыі.

У мяне іншага выйсця не было. Я ішла да абвераўцаў і чакала, што гэты пажылы чалавек кінецца да іх, пойдзе следам, але ўсё было ціха. Мы паехалі далей. Значыць, ён перадасць пакет нашым, і частку майго задання, самую большую і галоўную частку, можна лічыць выкананай.

Не пазнаць разбураны, з грудамі дымных развалін Мінск. Вечарам мы прыехалі на ўскраіну Камароўкі. Размясціліся ў нейкай паўразбуранай ці то казарме, ці то былой бальніцы. Ноччу зноў бамбёжка. Зарывы пажарышчаў свецяць не горш, чым сонца. Раніцай усё адносна спакойна. Як мне быць? У заданне не ўваходзіць адступаць з немцамі далей. Пры любой магчымасці трэба застацца тут, у Мінску, з нашымі. У мяне ёсць толькі адзін шанц. Можна праведаць цётку, якая жыла ў Мінску па Магілёўскай вуліцы. Ці жывая яна? Горад разбураны, ды ці мала што магло здарыцца за гады вайны...

— Пан Шольферфот, — звяртаюся я назаўтра. — Я і раней гаварыла, што ў Мінску ў мяне ёсць сваячка, якая замяніла мне родную маці, мая цётка. Дазвольце мне наведаць яе, па ўсёй верагоднасці, мы тут доўга не затрымаемся. Другога выпадку можа не здарыцца.

Ён нахмурыўся:

— Які яе адрас?

— Вуліца Магілёўская, дом 42-а.

Сказала — і сэрца сцялася ад болю. Калі адмовіць, як быць тады? Самой адсюль не вырвацца, усюды вартавыя. Матэрыялы і людзі абвера аберагаюцца з асаблівай стараннасцю.

Шольферфот пачаў корпацца ў нейкіх паперах, нібыта забыўся пра маю просьбу, твар непранікальны, злы. Разгарнуў нейкую карту, нешта на ёй намеціў. Я ўсё чакаю, баючыся паварушыцца. Нарэшце ён глянуў на мяне, памаўчаў.

— Добра, так і быць. Дазволю. Але, каб вы не сумавалі, дам праважатага. З вамі пойдзе Айна. Але ўлічыце — праз некалькі гадзін эвакуацыя.

Ведаў, каго даць у праважатыя, але ўсё ж Айна лепш, чым фрыц з аўтаматам.

Мы ідзём па пажарышчах Мінска. Не пазнаю вуліц. Усюды шныраць немцы. Мясцовых жыхароў амаль не відаць. Без Айны, якая мае асаблівы нямецкі «аўсвайс», я наўрад ці змагла б дабрацца да Магілёўскай вуліцы, якая знаходзілася па другі бок чыгуначнага вакзала.

Раён жа за чыгункай застаўся некрануты — ні адзін домік не разбураны, усюды кветкі, зеляніна, сады, быццам мы трапілі зусім у іншы свет, без вайны, смерці і слёз.

З трапяткім сэрцам адчыняю весніцы і амаль бягу па вузкай сцяжынцы, што вядзе к дому. Ад хлява да дома ідзе тая, якую мне хацелася называць мамай.

— Марыя Ігнатаўна!

Яна выпускае з рук бялізну, глядзіць на мяне шырока расплюшчанымі вачамі.

— Леначка! Не можа гэтага быць...

Мы разгублена гаворым нейкія словы, забыўшыся, што побач яшчэ адзін чалавек, Айна. Аднак расчулілася і яна. Кончыкам насоўкі выцірае слёзы.

— Адкуль ты з’явілася так нечакана, у такі час? — пытае цётка, а ў вачах поўна слёз. — Праходзьце, праходзьце ў дом.

— Гэта Айна, мая прыяцелька.

Я іду ззаду ўсіх у пакой, моцна сціскаю цётчыну руку, даючы зразумець, што пра ўсё гаварыць адкрыта нельга. Яна, не паварочваючыся, ківае галавой.

— Мы ненадоўга, — працягваю я. — На хвілінку, каб пабачыцца з вамі.

На стале з’яўляецца беласнежны абрус, а на ім агуркі, вараная халодная бульба і бутэлька лікёру. Айна хутка захмялела.

— У нас у Вязьме таксама быў утульны, драўляны дамок, як ваш. І мама нечым вас нагадвала. Але гэта было так даўно, што нават не верыцца — ці было наогул.

Айна апусціла вочы, нервова зацерабіла кончык хусцінкі. Няўжо ў ёй засталося нешта чалавечае?!

— Нам ужо час! — рэзка гаворыць раптам яна, але цётка ўгаворвае яшчэ выпіць па маленькаму кілішку.

Мы развітваемся. Мінулі вакзал, як раптам — трывога. Вуліца хутка апусцела, мы схаваліся пад дах паўразбуранага дома.

— Нядрэнная магіла будзе, калі ўдарыць, — гаворыць Айна і ўздыхае: — Нагарыць ад Шольферфота, завельмі мы загасціліся.

А я думаю, як перасячы лінію фронту тут, у Мінску, і не адной, а з Айнай, яна ж ведае ў сто разоў больш за мяне. Вось гэта быў бы «язык»!

Прыйшоўшы на тое месца, дзе быў абвер, мы не засталі нікога. Цяжка перадаць, як разгубілася Айна. Яна бегала па пакоях, шукала зніклых немцаў і іх рускіх агентаў, амаль раўла:

— Падонкі, кінулі, не дачакаліся!

Потым пачала крычаць:

— Усё з-за цябе, дрэнь! Патрэбен мне быў той лікёр. Што будзем рабіць?

— Нічога страшнага не здарылася. Не пакінуць. У горадзе яшчэ поўна немцаў. Эвакуіруемся з іншымі.

Позірк Айны злы, пагардлівы.

— Хто цябе возьме, вар’ятка! Самі ледзьве ўцякаюць.

— Давай прысядзем і спакойна абдумаем усё, — прапанавала я.

Мы выйшлі ў двор і толькі цяпер заўважылі кінутыя ля сцяны і агароджы чамаданы. Адкрылі адзін, другі, трэці. Чаго там толькі не было — адрэзы на сукенкі, абрусы, бялізна, абутак, гатовае адзенне.

— Давай возьмем самае лепшае і адправімся ў бліжэйшую вёску. Пераначуем, а заўтра паглядзім, што нам рабіць, — прапанавала Айна. — Можа, як-небудзь самі дабяромся.

Я згадзілася.

Амаль дабраліся да бліжэйшай вёскі, пачалася страляніна, якая прымусіла нас схавацца ў жыце. Снарады рваліся адзін за адным, на нас падалі кавалкі зямлі.

Падпаўзлі да бліжэйшых кустоў. Там трупы нямецкіх салдат. Айну нудзіць. Папаўзлі далей. Праз якую гадзіну стала ціха. Мы падняліся і рушылі да вёскі.

Пастукалі ў першы дом. Ціха. Штурхнулі дзверы — у хаце пуста. Вырашылі пераначаваць. Мяне непакоіць думка: ці ёсць у Айны зброя? Калі ёсць, яна можа забіць мяне. Навошта ёй лішні сведка? Трэба быць напагатове. Айна быццам чытае мае думкі. Гаворыць:

— Што ты пяліш на мяне вочы, быццам я цябе забіць збіраюся. Не бойся. Лепш удзвюх, чым адной выбірацца адсюль.

Усю ноч Айна расказвала мне пра сваё жыццё, зноў успамінала Вілі...

Толькі пад раніцу яна заснула. Я спала чуйна, як заяц пад кустом. Галоўнае, затрымаць Айну, не даць ёй збегчы, яна важней любой самай важнай і падрабязнай шыфроўкі.

Пакуль Айна спіць, я рыхтую запіску, якую ўручу пры сустрэчы любому нашаму афіцэру, а тое, што нашы вось-вось будуць тут, я не сумняваюся, Шольферфот не ўцякаў бы так імкліва, значыць, выйсця іншага ў абвера не было.

Зноў чуюцца выбухі, паблізу гарматная пальба. Айна прачынаецца і здзіўлена глядзіць на мяне. На стале няхітры сняданак, але Айна есці не можа, яна ўвесь час гаворыць аб тым, як нам быць пры сустрэчы з нашымі. Адкуль мы ўзяліся, дзе былі?

Прадумваем версію за версіяй. Айна сур’ёзна да гэтага ставіцца. Відавочна, верыць мне. Мы прыдумалі сабе прозвішчы, імёны. Легендам павінны паверыць, а там, гаворыць Айна, у мітусні агледзімся і самі пачнём прабірацца да немцаў, а можа, яны праз некалькі дзён вернуцца.

Рыпнулі весніцы. Вяртаюцца гаспадары ў дом, пакінуты пры адступленні немцаў. Двое старых і хлопчык гадоў дванаццаці.

Айна пытае, якія машыны едуць па дарогах — нямецкія ці рускія.

— Рускія? А чаму рускія? — стары падазрона глядзіць на Айну. — Нашы рухаюцца, савецкія!

— Вядома, савецкія, дзядуля, нашы, — стараючыся ўсміхацца, гаворыць Айна.

Хлопчык расказвае, што бачыў савецкія танкі, іх ідзе многа-многа.

Мы развітваемся з гаспадарамі і рашаем вярнуцца ў Мінск, а там будзе відаць, што рабіць.

На подступах да Мінска шмат машын, на абочынах — падбітыя танкі, нашы і нямецкія. Невялікімі групкамі праходзяць мясцовыя жыхары. Пэўна, недзе хаваліся ад страляніны, бамбёжкі, пажараў. Я прапаную Айне спыніцца на ноч у цёткі, там ціха, спакойна, а раніцой сама абстаноўка падкажа, як дзейнічаць далей. Мы праходзім міма вайсковай часці. Насустрач ішоў старшы лейтэнант, малады, але ўвесь у ордэнах, у медалях. Саступаючы яму дарогу, я апынулася ззаду Айны і хутка перадала афіцэру падрыхтаваную запіску. Айна нічога не заўважыла. Мы зрабілі некалькі крокаў, лейтэнант хуценька павярнуўся і аклікнуў нас.

— Дакументы? — спытаў ён, гледзячы мне прама ў вочы.

Дакументаў у нас не аказалася, і нас павялі ў штаб для праверкі. Айна ішла, уздрыгваючы, нізка апусціўшы галаву. Я баялася сустрэцца з ёю вачамі: раптам зразумее ўсё?

Старшы лейтэнант сказаў, каб мы чакалі ў прыёмнай. Айна азіраецца па баках — побач вартавы, навокал шмат салдат, афіцэраў. Не вырвацца. Старшы лейтэнант выходзіць і ківае галавой у мой бок:

— Заходзьце!

Я ўстаю і іду, ледзь перастаўляючы ногі — такая слабасць ва ўсім целе. Вось і ўсё скончана!

У кабінеце за сталом, заваленым нейкімі нямецкімі паперамі, сядзіць маёр. Глядзіць на мяне стомленымі вачамі, пытае:

— Хто вы?

Я ледзьве варушу перасмяглымі вуснамі і амаль шапчу:

— Я разведчыца Чырвонай Арміі Лявасіч. З абвера-310. Там, у прыёмнай, вопытная нямецкая шпіёнка Айна.

Маёр узнімаецца, глядзіць на мяне зусім інакш, пачынае накручваць тэлефон.

Я гляджу на яго быццам здалёк, туман засланяе мае вочы, і нібыта вяртаецца сон з дзяцінства: я іду па паветры, узнімаючыся ўсё вышэй і вышэй, быццам ступаючы на цвёрдыя нябачныя пліты-прыступкі.

А наперадзе — паведамленне аб смерці Лёні, маленькі сыры пагорак на магілцы Ягоркі. Далей — зусім іншае жыццё.

 

19

Бесчацвяртных аказаўся нядрэнным мастаком. На рэпетыцыю ён прыцягнуў некалькі лістоў з малюнкамі: пані Алхімія разам са сваім мужам каралём Атанорам у палацы, адлюстраваным у выглядзе філосафаў. Алхімія трымае шчыт з галавой Медузы. Унізе злева Алхімія ў абліччы Ірыса. Унізе справа ў ракавіне марскога грабеньчыка — Венера-медзь. Цела яе ў чырвоных вялізных ружах.

Над усім гэтым — трохгаловы Цэрбер пажырае персаніфікаваныя шлакі тайнага агню.

Вядома, ён перамаляваў усё гэта з нейкай кнігі, але зрабіў усё па-майстэрску. Нават Шэры войкнуў, убачыўшы ўсю гэту прыгажосць, і, забыўшыся аб сваёй нянавісці да Бесчацвяртных, ляпнуў яго па спіне: «Здорава!» Алена Аляксандраўна здзівілася:

— Я ніколі не ведала, што ты так добра малюеш.

Бесчацвяртных сумеўся, сказаў, што калісьці даўно, яшчэ жывучы ў другім горадзе, ён займаўся жывапісам у студыі, цяпер жа ўсё закінута.

— Вы ведаеце, што колеры ў Алхіміі выступаюць як сімвалы рознага стану, перажываемага філасофскім каменем, што ўздзейнічае на металы. Толькі з колераў можна пабудаваць увесь алхімічны космас, герметычны кругагляд, за якім чуецца колер і бачнае слова.

Усе сядзелі ў класе і ўважліва слухалі кожнае слова Алены Аляксандраўны. Гэта будзе іх апошні спектакль, і яшчэ які!

— Мы можам супаставіць колер у Алхіміі з перажываннем колерных адчуванняў у неалхімічнае сярэдневякоўе, — працягвала Жыліч. — І возьмем мы Дантаву «Боскую камедыю», якую можна смела назваць грандыёзнай метафарай інтэлектуальнага сярэднявечча. У паэме мы сустракаем два тыпы светлавых адчуванняў: колеры ахраматычнага раду пачынаюцца чорным і завяршаюцца белым святлом. Белае святло — крыніца поліхраматычнага мноства вясёлак. Вясёлкавая шматколернасць Пекла тоесная грахоўнай фантасмагорыі хлусні і іншых грахоў, што лічыліся смяротнымі. Чытаем у «Боскай камедыі»:

 

Две лапы волосатых и когтистых;

Спина его, и брюхо, и бока —

В узоре пятен и узлов цветистых.

Пестрей основы и пестрей утка

Ни турок, ни татарин не сплетает;

Хитрей Арахна не ткала платка.

 

 

Перад намі вобраз Герыёна — «вобраз пачварнага ашуканства», мы бачым мазаіку колераў Ірыса. Адчуванне хаосу ганебнага свету нарастае па меры памнажэння колернай гамы. Аб насельніках Герыёнава сёмага і восьмага кругоў Дантэ гаворыць:

 

У каждого на грудь мошна свисала,

Имевшая особый знак и цвет,

И очи им как будто услаждала.

Так на одном увидел я кисет,

Где в желтом поле был рисунок синий,

Подобно льву, вздыбившему хребет.

А на другом из мучимых пустыней

Мешочек был подобно крови ал

И с белою, как молоко, гусыней.

 

 

Як бачыце, колер — гэта асаблівы знак. Кожны колер Дантавай «Камедыі» — гэта толькі водбліск белага колеру, тая ці іншая яго ступень, тая ці іншая мера ўнутранай напружанасці белага колеру.

 

Каким сияньем каждый был одет

Там, в недрах Солнца, посещенных нами,

Раз отличает их не цвет, а свет!

 

 

— Як здорава! — уздыхнула Лена Салаўёва. — А я чытала і ні аб чым падобным не падазравала.

— Усё гэта даволі складана, але мы, спадзяюся, растлумачым у сваім спектаклі-лекцыі проста і ясна, — сказала Алена Аляксандраўна.

— Дастаць бы прыгожыя касцюмы, — усе колеры вясёлкі, паветраныя, як сама вясёлка, — уздыхнула Лена Салаўёва. — Вось тады атрымаецца здорава.

— З касцюмамі праблема будзе вялікая. Наўрад ці мы дастанем нешта падобнае, — развеяла яе надзеі Алена Аляксандраўна.

Але тут Шэры толькі пасмяяўся, сказаўшы, што ніякіх праблем не будзе, ён дастане касцюмы праз бацьку на кінастудыі, у касцюмернай там чаго толькі няма. І яшчэ ён узяўся падабраць адпаведную музыку, тады атрымаецца не спектакль-лекцыя, а самая сапраўдная рок-опера, і народ валам паваліць на іх спектаклі.

Са школы выйшлі позна ўвечары, крыху праводзілі Алену Аляксандраўну да трамвая, потым павярнуў у завулак Бесчацвяртных, яшчэ двое «акцёраў» з іншых класаў, і Шэры застаўся ўдваіх з Ленай Салаўёвай. Падумаў: «Вось бы старых не было дома!» Але тут жа прагнаў гэту думку. Рана, яшчэ рана!

Лена пачала ўспамінаць размову на сходзе, якую пачаў Бесчацвяртных, сказала, што часам Сярожа бачыцца ёй сапраўды чалавекам жарсткаватым. Іншы раз ёй таксама здаецца, што ўсё, што адбываецца вакол, яго не турбуе. Тады ён прыцягнуў яе да сябе проста на вуліцы і пацалаваў у шчаку. Лена адмахнулася і сціхла. Шэры прачытаў:

 

В теле находятся нашем четыре различные влаги:

Флегма и светлая желчь, кровь и черная желчь.

Флегма в воде, а в земле себе черная желчь обретает.

Кровь — это воздух, а светлая желчь в огне воплотилась.

Желчь существует, она необузданным свойственна людям.

Флегма лишь скудные силы дает, ширину, малорослость.

Только про черную желчь мы еще ничего не сказали;

Странных людей порождает она, молчаливых и мрачных.

 

 

Ён сціх і, узяўшы Лену пад руку, прытуліў да сябе.

— А ты які чалавек?

— Сам не ведаю, — адказаў Шэры. — Бывае, пытаю ў сябе і не знаходжу адказу. Але адно я вельмі добра засвоіў...

— Што? — яна павярнулася да яго, і Шэры блізка-блізка ўбачыў яе вочы.

— Адно-адзінае. Чалавек-дэміург, а ў ахлімікаў гэта азначала, што ён стваральнік самога сябе. Сваёй галавы, мышцаў, сваёй будучыні.

— Ты, пэўна, хочаш стаць артыстам? — спытала Лена.

Шэры засмяяўся.

— Артысты, Леначка, самыя няшчасныя, да таго ж бедныя людзі. Не, я на гэта не здольны. Галоўнае ў жыцці — не іграць пад нечую дудку, а самому ставіць спектаклі. Так што трэба быць не акцёрам, а рэжысёрам, дый то не ў тэатры.

Яны прайшлі міма «Вясны». Шэры ўспомніў — менавіта тут пачалася вясёлая карусель з Жоржам. Шэры прапанаваў Лене зайсці ў кафэ, і яна вельмі гэтаму ўзрадавалася. Яны пайшлі ў залу і ўселіся за столік каля тэлевізара. Шэры прывычным рухам падсунуў Лене меню. Яна выбрала блінчыкі з мясам, сталічны салат і чай. Шэры заўсміхаўся, маўляў, мы ж у кафэ ў вячэрні час, афіцыянтам трэба рабіць бізнес, і як мінімум бутэльку сухога ён павінен заказаць.

— Я яшчэ ніколі не была ў кафэ, — сказала Лена. — Дый наогул. Тата лічыць, што я яшчэ малая.

— Твой тата вельмі памыляецца або робіць выгляд, што так лічыць... Проста ён добра памятае сябе. А яны, усе нашы старыя, любяць паказваць сябе ў нашым узросце анёламі з крылцамі. І мы, калі дацягнем да іх гадоў, таксама будзем рабіць гэтак жа...

Шэры гаварыў, а яму хацелася абняць Лену, пацалаваць яе. Гэта вельмі ясна было відаць у ягоных вачах, Лена ўстрывожылася, позна ўжо, яны заседзеліся ў кафэ, дома будуць хвалявацца...

Шэры дапамагаў апранаць ёй паліто, стараўся дакрануцца да шыі, пляча. Лена жыла каля вакзала, яны пайшлі пешшу па праспекце. Каля «Падпісных выданняў» Шэры прапанаваў павярнуць у арку, так яны скароцяць дарогу. У двары было цёмна. Шэры павярнуў да сябе Лену і, ні слова не кажучы, моцна пацалаваў у губы. Лена спачатку не супраціўлялася, але потым з сілай адштурхнула Шэрага.

— Не трэба больш, Сярожа.

Яна ішла крыху воддаль ад яго. Каля самага дома папрасіла не праводзіць яе да самага пад’езда, тата можа ўбачыць, і пачнуцца непатрэбныя пытанні.

Шэры паглядзеў ёй услед. Дзяўчынка цуд, шкада, што не для яго, але гэта нічога не значыць.

 

20

Хацелася легчы, заплюшчыць вочы, адключыцца ад усяго хоць бы на гадзіну. Стома ўсялілася не толькі ў кожную мышцу, але і ў кожную клетку, галава пастаянна была наліта цяжарам. Андрэй стаў у апошнія дні раздражнёным, узвінчаным гранічна, нават Кацька паглядала на яго насцярожана і гаварыла, што тату стала проста не пазнаць. У сцэнарыі была пастаўлена апошняя кропка, але ён не адчуваў ужо, як у час работы, таго асаблівага задавальнення і невыказнай радасці. Неяк пасля абеду ён вылез з-за стала, сеў за руль, не ведаючы, куды паедзе, і аказаўся каля студыі. У калідоры сустрэў Супрунчука. Убачыўшы Андрэя, сказаў, што той белы як папера, яму тэрмінова трэба здаць сцэнарый, інакш фільм проста будзе некаму здымаць. Андрэй паштурхаўся па накураных кабінетах, потым зазірнуў да галоўнага. Барыс Васільевіч быў адзін, ён узрадаваўся з’яўленню Жыліча, сказаў, што ім трэба перагаварыць.

Твар у галоўнага быў спакойны, але ўсё ж Андрэй устрывожыўся.

— Як сцэнарый? — спытаў галоўны.

— У панядзелак прыношу. Засталося перадрукаваць на чыставую. Аддам і ў наступную пятніцу лячу на Алімпіяду!

— Гэта добра, што ты паспеў закончыць сцэнарый да ад’езду, — сказаў галоўны. — Размовы аб тваім будучым фільме не сціхаюць, дарэчы, гэта някепска і натуральна, але вось толькі трактуецца ўсё па-рознаму. Адны чакаюць фільма, гавораць, што даўно нам час выходзіць на вострыя тэмы, другія... Сапелаў на нарадзе ў старшыні Дзяржкіно вельмі тонка, не ў лоб, заўважыў, што нам неабходна эксперыментаваць, шукаць новыя тэмы, гэта толькі будзе спрыяць творчаму працэсу, але нельга забываць, за кошт чаго гэта робіцца, маўляў, ні ў якім разе нельга змяшчаць ідэалагічныя акцэнты. Старшыня дапытліва глянуў на мяне, потым на Сапелава, спытаў, што той мае на ўвазе, таму што на яго погляд, пакуль у нас усё ішло нармальна. Ты ж ведаеш старшыню, ён былы газетчык, калісьці лічыўся нядрэнным фельетаністам, вельмі востры на язык. Сапелаў пачаў здалёк, але потым, вядома, дайшоў да тваёй заяўкі, пачаў гаварыць, што яна цікавая і фільм абяцае быць цікавым, але паказваць такія негатыўныя з’явы, які рэзананс выкліча ўсё гэта ў гледачоў і наверсе таксама. Маўляў, нам трэба выхоўваць гледача на станоўчых прыкладах, а іх вакол столькі многа... Я запярэчыў, сказаў, што адмоўны прыклад часам мае большы маральны патэнцыял, чым станоўчы, ён выклікае пратэст у гледача, як бы правяраючы яго пазіцыю. Старшыня са мной згадзіўся і папрасіў, каб сцэнарый, як толькі ён будзе гатовы, паказалі яму, ён хоча папярэдне ўсе прачытаць, каб потым мы дарэмна не трацілі плёнку і сілы.

Андрэй уздыхнуў:

— Згадзіўся, але ўсё ж апасаецца...

— Ён па-свойму мае рацыю. Дый нам будзе прасцей, — сказаў галоўны. — Калі ён падтрымае нас, прачытаўшы сцэнарый, то поспех гарантаваны. Так што не цягні, у панядзелак чакаю.

Андрэй выйшаў ад галоўнага з пачуццём, што сцэнарый не атрымаўся, хоць ты пайдзі парві ўсё на шматкі і пачні пісаць занава. Але як?

Супрунчук убачыў яго кіслы твар, падбег, пачаў клікаць з сабой — ёсць, маўляў, выдатны піўбар «Свіслач», яго пабудавалі фіны — музыка, выдатныя шашлыкі. Можна пасядзець, адпачыць некалькі гадзін.

— Я на машыне, — адказаў Андрэй стомлена.

Яму было ўсё роўна, куды і з кім ехаць.

— Вось дык праблема! — усклікнуў Супрунчук. — Машыну пакінеш на платнай стаянцы, а раніцой спакойна сабе забярэш. — Ні колаў не здымуць, ні магнітафон не вырвуць з мясам. Ідзе?

— Ведаеш, стаміўся страшэнна, а там гэта музыка, нейкія людзі. Галава ў мяне трашчыць ад стомленасці, — паспрабаваў было ўсё ж адбіцца Андрэй. — Я б пасядзеў у якім-небудзь ціхім месцы.

— Дзівак ты, там зараз ні адзінай душы, вось паглядзіш, будзеш сам дзякаваць мне.

Андрэй махнуў рукой.

— Чорт з табой, паехалі.

У бары і на самай справе было прыемна. Ён нагадваў хутчэй рэстаран, у стылі мадэрн, музыка іграла мякка, неназойліва. Людзей амаль не было. Супрунчука тут вельмі добра ведалі, адна афіцыянтка адразу ж падышла да яго, другая, невысокая з прычоскай, як у лялькі, падміргнула. Супрунчук заказаў шашлыкі.

— Стаміўся, Андрэй, ад работы, як д’ябал, — сказаў Супрунчук. — І ведаеш адчаго больш за ўсё? Ад аднастайнасці і ўсведамлення таго, што нічога добрага не выходзіць і ўжо ніколі не выйдзе. Адно ратуе — гэта добрае нікому асабліва не патрэбна, толькі пагавораць на рэдсавеце, косці перамыюць, а потым усё шэрае ідзе сваім макарам.

Яны спакойна пілі піва. Праз паўгадзіны ў зале з’явілася кампанія нейкіх хлапцоў. Людзі гэтыя пазналі Супрунчука, ён пазнаў іх. Аказалася, што гэта нейкія не то аспіранты, не то ўжо кандыдаты навук з акадэміі. Андрэй жахліва падумаў, што сядзяць яны ў бары ўжо каля трох гадзін, афіцыянтка робіць выгляд, што нічога не заўважае, усе адчуваюць сябе як дома. Нейкі цыбаты, з тонкай шыяй вучоны пачаў расказваць анекдоты, уся кампанія рагатала, і толькі адзін, змрочнага выгляду чалавек, адтапырваў тоўсты ўказальны палец і бясконца паўтараў: «А вось гэта не трэба!», выклікаючы яшчэ большы смех. Андрэю хацелася таксама выставіць наперад палец і сказаць: «А вось гэта не трэба». Потым змрочны чалавек даведаўся, што яны з Супрунчуком з дакументальнага кіно, пачаў прапаноўваць зняць фільм аб іх лабараторыі, з нейкай складанай назвай, перакрыкваючы сваю кампанію, гаварыў аб праблемах, якімі яны займаюцца.

Андрэй доўга прапаноўваў Супрунчуку ісці, не да чаго мы тут не дасядзімся з гэтымі п’янымі. Супрунчук рабіў выгляд, што яго не чуе. Тады Андрэй падняўся і ціха, ні з кім не развітаўшыся, пайшоў да выхаду. Калі надзеў у гардэробе куртку, яго нагнаў Супрунчук:

— Я разумею, што вы перад Штатамі асвойваеце англійскія манеры, але так нельга. Прыйшлі мы разам і павінны ісці разам, — сказаў ён з крыўдай у голасе. — І наогул так добра, спакойна, утульна сядзім, навошта некуды зрывацца?

— Абрыдлі ўсе гэтыя размовы, — адказаў Андрэй.

— Стоп, стоп, — Супрунчук узняў угору абедзве рукі, быццам збіраўся перагарадзіць шлях Андрэю. — Зараз мы прыдумаем яшчэ што-небудзь больш прымальнае.

Супрунчук падбег да тэлефоннага аўтамата, што вісеў у холе. Ён некалькі разоў набіраў нейкія нумары, аб нечым гаварыў, потым зноў набіраў нумары. І нарэшце вярнуўся.

— Усё ў ажуры. Нас чакаюць у неблагім месцы. Ты ніколькі не пашкадуеш, вось убачыш.

Ён пайшоў расплачвацца, потым вярнуўся, папрасіў у Андрэя дзесятку, — трэба ж узяць нешта з сабой, і яны выйшлі на вуліцу. Мароз браўся моцны.

Андрэй падумаў, што заўтра яму гадзіны дзве як мінімум прыйдзецца разаграваць машыну. Яны злавілі таксі, Супрунчук назваў адрас. Андрэю здалося, што ён нават задрамаў. Ачнуўся або прачнуўся ён на вуліцы Якуба Коласа, потым пад’ехалі да «Шынка ў Лявона».

«Няўжо зноў вядзе ў бар?» — падумаў Андрэй пра Супрунчука.

Але яны прайшлі міма піўнога бара, павярнулі ў арку, зайшлі ў пад’езд, пачалі ўзнімацца па лесвіцы, і толькі тут у яго закралася падазрэнне.

— Скажы, куды ты мяне вядзеш? — спытаў ён у Супрунчука.

— Я ж сказаў табе — не пашкадуеш. Адвяжыся, — буркнуў той і ледзьве не выпусціў з рук бутэльку.

Яны апынуліся перад дзвярыма, на якіх на медзі быў выбіты нумар «74».

Пайсці, павярнуцца і хутка збегчы ўніз? Неразумна. Яна наогул палічыць яго ідыётам. Дый наогул, яму не хочацца бегчы ад гэтых дзвярэй. Але як Супрунчук?..

Іра адчыніла дзверы. Яна была ў джынсах і пуховым світэры. Валасы распушчаны, вочы ўсміхаюцца.

— Добры вечар, — сказала яна. — Вы вельмі доўга ехалі. У мяне ўсё стыне.

Андрэй прайшоў у знаёмы пакой. Тут нічога не змянілася з таго часу, калі ён быў тут. На піяніна букет яркіх ружаў. «Ружы зімой?» — падумаў ён здзіўлена.

Супрунчук паставіў на стол віно.

— Знаёмцеся, — сказаў ён. — Гэта Андрэй Жыліч, мой сябар, надзея дакументальнага кіно, а гэта...

— Мы знаёмы, — сказала Ірына. — Даўно знаёмы па студыі.

— Тым больш гэта прыемна, — сказаў Супрунчук і тут жа ўзяўся адкаркоўваць віно.

Іра прынесла з кухні міску бульбы, патэльню з салам.

Супрунчук падміргнуў Андрэю, і той адразу зразумеў, што ён прывёў яго сюды невыпадкова. Але Андрэю гэта было ўсё роўна. Упершыню за доўгія дні ён адчуў, як знікае стомленасць.

— Прыязджала сваячка з вёскі, — сказала Ірына,— так што ўсё гэта, — яна кіўнула на стол, — самае што ні на ёсць натуральнае. Дык дзе ж вы паспелі пабываць? — спытала Іра.

— Ішлі па вялікай дарозе жыцця. Вось і даводзілася... — Ён яўна пачаў перабіраць. У ягоным голасе пачалі з’яўляцца сталёвыя ноткі.

Потым неяк нечакана Супрунчук задрамаў на імгненне, падняў галаву і жаласліва, як дзіця, папрасіў:

— Браточкі, выклічце таксі.

Андрэй набраў 0-61. Хвілін праз пяць пазванілі і сказалі, што машына стаіць унізе. Ён праводзіў Супрунчука ўніз, пасадзіў у машыну. Супрунчук усё пытаўся, ці задаволены Андрэй спатканнем з Ірай. Андрэй сказаў, што задаволены. Супрунчук папрасіў прабачэння за разыграную камедыю, гэта яна неяк папрасіла яго прыйсці разам з Андрэем, няхай ён не падумае, у іх нічога не было, вучыліся калісьці разам у школе, і ён быў безнадзейна закаханы ў яе, але ўсё даўно мінула і нічога паміж імі не было, проста добрыя сябры, і ўсё, а ў бары, не ведаючы, каму б яшчэ пазваніць, ён убачыў нумар яе тэлефона, вось і ўсё.

Калі Андрэй падняўся наверх, Іра спытала, ці вып’е ён яшчэ чаю. Андрэй адмоўна пакруціў галавой:

— Хопіць.

— У цябе вельмі стомлены выгляд. Шмат працуеш? — спытала яна.

— Вельмі, — адказаў ён.

Іра сядзела настолькі блізка, што ён адчуў яе цяпло. Успаміны ахапілі яго — Іра, гэты пакой, яны ўдваіх. Якім жа трэба быць крэцінам, каб адмаўляцца...

Ён паклаў ёй руку на спіну, правёў па яе валасах, сказаў:

— Ты стала яшчэ прыгажэйшай.

Яна павярнулася да яго, пацалавала ў лоб, вочы.

— Я так даўно не быў у цябе, — уздыхнуў ён шчыра.

— Не трэба, — папрасіла яна. — Табе трэба ўжо дамоў.

— Чаму? — спытаў Андрэй глуха.

— Калі сам захочаш, прыходзь. А так я не хачу, зразумей мяне правільна. Цябе прывялі, і ты застанешся. Глупства нейкае, хіба няпраўда?

Ён надзеў куртку, правёў рукой па яе валасах, — якімі яны былі мяккімі — і выйшаў, не ўзнімаючы на яе вачэй.

На вуліцы не было ніводнай машыны. Аўтобусы даўно не хадзілі.

Уцягнуўшы галаву ў каўнер, Андрэй вырашыў дабірацца дамоў пешшу. Калі ён адчыніў дзверы, было ўжо дзве гадзіны ночы. У спальні гарэла святло. Святлана адарвала галаву ад нейкага часопіса, паглядзела на яго ўважліва. Андрэй прамармытаў нешта наконт стомы, размовы з галоўным, сустрэчы з Супрунчуком... Ён надзеў піжаму, у ваннай апаласнуў твар халоднай вадой.

Вярнуўся і, выключыўшы святло, моўчкі лёг каля Святланы. Пачаў ужо амаль засынаць, як адчуў, што побач яна ўздрыгвае. Няўжо плача? Звычайна, калі яна плакала, твар яе рабіўся зусім маленькім, на ім з’яўлялася мноства маршчынак, яна станавілася няшчаснай, вартай жалю. Андрэй не любіў, калі яна плакала.

Ён паклаў руку ёй на плячо, папрасіў:

— Супакойся.

Цяпер ужо пачуліся ўсхліпванні.

— Я разумею, што ва ўсім вінаватая толькі я, — гаварыла Святлана праз слёзы. — Я павінна стаць іншай у адносінах да цябе, я ўсё разумею, але нічога не магу зрабіць з сабой, хоць вельмі, вельмі люблю цябе. З кожным годам усё больш... І гэтыя твае познія прыходы дамоў, цяжкая праклятая работа. Я ўсё разумею, ты не думай, я пастараюся стаць іншай, пастараюся. Мне самой хочацца быць іншай.

— Супакойся, калі ласка, прашу цябе.

Ён абняў яе і хутка заснуў. Святлана ляжала побач і баялася паварушыцца, каб не разбудзіць яго.

Назаўтра Андрэй прачнуўся з хворай галавой і ў душы пачаў праклінаць неўтаймоўнага Супрунчука, які падвярнуўся не ў час. Святланы і Кацькі ўжо не было дома. Пайшлі, відаць, зусім нядаўна. У кухні яшчэ гарачы чайнік, талеркай накрыта цёплая патэльня з падсмажанымі блінчыкамі. Ён выпіў дзве шклянкі несалодкага чаю і пачаў перачытваць сцэнарый. У адрозненне ад учарашняга сцэнарый здаваўся нават неблагім, выстраеным лагічна. Трэба ўнесці некаторыя папраўкі і перадрукаваць. Ён заняўся праўкай і ў гэты момант зазваніў тэлефон. Яму хацелася выключыць яго, але раптам гэта звоніць Святлана, і, зняўшы трубку, Андрэй пачуў усхваляваны голас Алеся. Ён сказаў, што шукаў яго цэлы вечар, але Андрэй некуды надзейна схаваўся, ды так, што Святлана ледзь не расплакалася па тэлефоне, калі Алесь пацікавіўся яго асобай. Таму не стаў нічога тлумачыць, каб лішні раз не хваляваць.

— А што, уласна, тлумачыць? — не зразумеў Андрэй.

— Пашук мне ўчора званіў. Яго Вера адшукала. Алега забралі ў бальніцу. Страціў прытомнасць прама на рабоце.

— Як жа так? У яго ж усё ў парадку, урачы самі гаварылі.

— Яны заўсёды так гавораць: усё ў парадку...

— Дзе ён ляжыць?

— У Бараўлянах. Што будзем рабіць?

— Зараз заводжу машыну і заязджаю за табой. Потым за Пашуком і кацім да яго. А Вера?

— Я званіў, але яе няма дома. Відаць, ужо там з самай раніцы. Я не ведаю, як мне быць. У сераду распісвацца задумаў, хацеў усіх запрасіць у рэстаран, сам разумееш, наша вузкая кампанія... А зараз...

— Пагаворым пры сустрэчы, — сказаў Андрэй.

Ён апрануў джынсы, світэр, куртку і выбег на вуліцу, і тут толькі ўспомніў, што машына на стаянцы ля піўбара «Свіцязь». На рагу злавіў таксі і праз некалькі хвілін быў на месцы. Добра, што ўчора здагадаўся зліць ваду. Машына неўзабаве натужна, але ўсё ж завялася. Ён пасядзеў некалькі хвілін, пакуль разагрэўся матор, і памчаў да Алесевай рэдакцыі. Той ужо падскокваў ад холаду на рагу. Уваліўся ў машыну і адразу ж забурчэў:

— Ну, ты і едзеш... На марозе можна богу душу аддаць.

— Машыну ўчора пакінуў чорт ведае дзе, — адказаў Андрэй. — Сустрэўся з Супрунчуком... Стаміўся я страшэнна, але ўсё гэта дробязі. Што з Алегам?

— Пашук сам не ведае, што сказаць.

Алесь махнуў рукой і замаўчаў. Пашука яны падабралі каля клінікі.

— Не разумею, у чым справа, я ж сам размаўляў з прафесарам, шэф мой таксама памагчы прасіў. Разумееце, усё па канонах медыцынскай навукі прайшло нармальна. Не павінна быць нічога такога...

Алесь успыхнуў:

— Па канонах навукі, ды яшчэ медыцынскай?!. Ды вы насмарк вылечыць не можаце, не гаворачы ўжо аб тым, каб паставіць як след дыягназ. Лепш бы ўжо займаліся кровапусканнем, як старажытныя лекары...

— Дылетанцкая, ідыёцкая размова, — спакойна адказаў Пашук. — Вы пастаянна забываеце, што на пачатку стагоддзя, а гэта было так нядаўна, чалавек жыў у сярэднім крыху больш за сорак гадоў, а цяпер спакойна па семдзесят і больш жывуць. І ўсё гэта, па-твойму, дзякуючы кровапусканню?

— Хопіць вам лухту ўсякую несці! — не вытрымаў Андрэй. — Зараз трэба пэўна ведаць, што з Алегам, і думаць, як памагчы яму.

Хвілін праз сорак яны апынуліся ля знаёмага вышыннага будынка з блакітнымі фіранкамі на вокнах. Калісьці, гадоў пятнаццаць назад, Андрэй таксама прыязджаў сюды. Толькі тады корпус адзінока ўзвышаўся сярод палёў і лясоў. Бальніцу толькі-толькі пачыналі будаваць. Ён быў у дружбе са скульптарам Міколам Воранавым. Разам калісьці займаліся спортам, Андрэй кінуў, а Воранаў стаў чэмпіёнам рэспублікі, майстрам спорту. Неяк у майстэрні ён адчуў сябе дрэнна, ледзь не паваліўся, потым пайшоў да ўрачоў. Дыягназ быў страшэнны — белакроўе. Воранаў упершыню трапіў у Бараўляны. Некалькі разоў яму пералівалі ўсю кроў, і ён вяртаўся да жыцця — ляпіў, страляў з лука. Яго работы ўсё часцей пачалі з’яўляцца на выстаўках, ён пачаў атрымліваць заказы. Калі ён клаўся ў бальніцу, работу не пакідаў — працягваў ляпіць у вялікім падвале, дзе ён абсталяваў сабе майстэрню. Расказвалі, што сваімі паводзінамі ён вельмі падтрымліваў тых, хто займаўся толькі падлікам дзён, што засталіся да смерці. Так працягвалася пяць гадоў, а потым у спартыўнай газеце Андрэй прачытаў некралог.

Пашук узняўся па шырокай лесвіцы ў бальніцу, а Андрэй з Алесем засталіся ўнізе. Яны глядзелі на занавешаныя вокны і ўяўлялі, наколькі жудасным жыццём жывуць людзі, што знаходзяцца за імі. Алесь быў пахмурны і маўчаў, прагна глытаючы цыгарэтны дым.

Пашук з’явіўся праз паўгадзіны:

— Паехалі.

Калі машына кранулася, Алесь спытаў:

— Ну што маўчыш, што гавораць?

— Пакуль нічога. Да яго не пускаюць. Прафесар сказаў, трэба абследаваць.

— А Веру бачыў?

— Мы размінуліся з ёй.

— Як жа мне быць з гэтым вяселлем?! — спытаў змрочна Алесь, гледзячы на абодвух.

 

Успаміны Алены Жыліч V

Быў таксама ліпень, стаяла душнае, гарачае лета, толькі было гэта два гады назад. Роўна два гады. Я стаяла перад партызанамі і з захапленнем глядзела на іх. Потым, трымаючы на руках Ягорку, я гаварыла сваёй свякрусе:

— Я разумею, што мяне чакае небяспека, але, зразумейце, інакш не магу. Лёня ж там, на фронце, а тут таксама фронт, не менш важны і цяжкі. І я не магу проста сядзець дома.

— Разумею цябе, Леначка, усім сэрцам разумею, — гаварыла Ганна Дзмітрыеўна. — Але ўсё ж вельмі баюся. Паглядзі на Ягорку, яму патрэбна маці, а бацька... Невядома, што з ім, — яна выцерла слёзы.

Потым я яшчэ і яшчэ хадзіла ў атрад. І кожны раз прыносіла туды якія-небудзь звесткі. У асноўным яны датычылі дыслакацыі немцаў у горадзе, руху транспарту на чыгунцы і па шашы. Дамоў вярталася густым прыцемкам, і не адна, з Лёневым братам Сяргеем або з Мартай Зелязінскай, іхняй цёткай. Гэта яна дапамагла мне і Сяргею стаць сувязнымі разведчыкамі партызанскага атрада «За Радзіму». Аднойчы цётка Марта прыйшла да нас нечым вельмі ўсхваляваная.

— У нашых мясцінах дзейнічае спецыяльная разведгрупа. Яе камандзір хоча з намі сустрэцца. Кажуць, у яго ёсць важная размова.

— Група Фёдара? — пытаю я.

Вядома, я чула пра дэсантнікаў. Яны разграмілі ўжо не адзін гарнізон, здзейснілі некалькі буйных дыверсій на чыгунцы.

Сустрэцца з імі было так радасна. Пасля абеду мы накіраваліся ў глухую лясную вёску, дзе была прызначана сустрэча. Неслі з сабой такія-сякія пажыткі пад выглядам абмену на прадукты. Пастукалі ў дзверы маленькай хаты. Нам адчыніла жанчына гадоў пад пяцьдзесят, пазнаўшы Марту, пусціла нас у хату, спытала:

— Нічога падазронага не бачылі?

— Усё ціха, — адказала Марта.

Вёска знаходзілася ў сасновым лесе. Ён шчыльна падступаў да самых агародаў. У вершалінах соснаў шумеў вецер. Вокны хаты шчыльна завешаны.

— Хутка? — спытала Марта.

— Вось-вось павінны быць.

Прыкладна праз паўгадзіны ў дзверы пастукалі. У хату ўвайшлі трое. Двое хлапцоў гадоў па дваццаць, а трэці, высокі, шыракаплечы, старэйшы, гадоў трыццаці двух. Гаспадыня паставіла на стол вараную бульбу, сала, бутэльку самагонкі. Пайшла размова аб становішчы ў акупіраваным горадзе, аб варожых сілах у ім, аб настроі людзей.

Фёдар, а гэта быў ён, сапраўды Фёдар Машын, шмат запісваў, падрабязна аб усім распытваў. Асабліва цікавіў яго выпадак з французскім афіцэрам (у Касцюковічах стаяў французскі батальён) Жанам. Неяк ён сам падышоў да мяне на вуліцы, на ламанай рускай мове запрасіў у кіно. Я падзякавала і адмовілася, тлумачачы тым, што ў мяне маленькі сынок і я павінна быць з ім дома. Тады, сказаў ён, я прыйду да вас дамоў. Я падумала і дала яму адрас. Прыбегла дамоў, перадала Сяргею нашу размову, папрасіла яго звязацца з Мартай, а тая — з атрадам, толькі тэрмінова, бо ён прыйдзе заўтра, як паводзіць сябе, калі гэта не правакацыя. З атрада паведамілі, што кантакт з французскім афіцэрам пажаданы, ёсць звесткі, што многія французы настроены супраць немцаў. Назаўтра ўвечары Ганна Дзмітрыеўна накрыла, чым магла, стол, я надзела лепшую сукенку.

Неўзабаве прыйшоў Жан. Прынёс з сабой шмат закускі, частаваў Ягорку шакаладам. Пазнаёміла яго са сваімі хатнімі.

— Я ўпершыню ў рускай сям’і, — гаварыў Жан. — Мне вельмі гэта прыемна.

Ён выпіў глыток самагонкі, якую недзе раздабыў Сяргей, расшпіліў гузікі мундзіра. Жан расказваў пра Францыю, пра сябе, сваю сям’ю. Ён з Парыжа, быў настаўнікам матэматыкі ў каледжы.

— Зараз усе лепшыя французы змагаюцца з бошамі, — пачаў ён раптам. — Мая краіна таксама акупіравана. Я бачу, што вы прыстойныя людзі, і таму гавару гэта вам, мы павінны змагацца з гітлераўцамі тут, за Францыю, за Расію, за Еўропу. Са мной чатыры чалавекі, вельмі надзейныя. Дапамажыце нам перайсці ў партызаны, я ведаю, яны дзейнічаюць у гэтых лясах, і вы таксама ведаеце, усе рускія ведаюць...

Мы анямелі ад такога нечаканага пераходу. За сталом запанавала цішыня. Ці то ў яго накіпела на душы так, што ён спяшаўся раскрыцца першаму ж, хто сустрэўся на ягоным шляху, ці гэта правакацыя?.. Але ў яго такія добрыя вочы, такі твар, што я не магла паверыць у тое, што ён правакатар. Што ж рабіць? Сяргей знайшоў выйсце, падліў Жану гарэлкі, сказаў:

— Давай, Жан, спачатку вып’ем. А то мы ўсё пра вайну ды пра вайну. Надакучыла.

Выпілі, закусілі тушонкай, смажаным салам, яечняй. Ягорка, увесь запэцканы шакаладам, усё прымерваў Жанаву шапку.

— Я прашу вас верыць мне, — гаворыць Жан, прыкметна хвалюючыся. — Мяне ніхто не падсылаў, я прыйшоў сам, каб сказаць галоўнае — мы павінны змагацца са зброяй супраць фашыстаў разам з партызанамі, мы не можам сядзець без справы, калі Францыя ў крыві, Расія ў крыві, уся Еўропа ў крыві.

Зноў маўчанне. Невядома, што адказаць.

— Я пагавару з хлопцамі, — кажа Сяргей. — Можа, яны што-небудзь падкажуць.

— А як жа я даведаюся? — пытае Жан.

— Прыходзіць сюды табе больш нельга. Калі прыйдзеш, гэта можа дрэнна скончыцца.

— Разумею, разумею, — ківае галавой Жан. У ягоных вачах радасць. — Я не буду больш прыходзіць, але як я даведаюся...

— Праз тры дні ў дзесяць гадзін ля гарадскога рынку, — гаворыць Сяргей. — Гэта ў нас будзе пятніца.

Жан пайшоў, а мы ўсё яшчэ знаходзімся ў нейкім здранцвенні.

— Трэба быць асцярожным, Сярожа, — гавару я. — Абавязкова трэба будзе прасачыць, ці адзін ён прыйдзе на гэта спатканне.

Але ўсё абышлося. Праз тыдзень Жан і чацвёра яго сяброў-французаў былі ў партызанскім атрадзе «За Радзіму».

Я многае расказала Фёдару, а ён слухаў і пытаў у нас пра ўсё вельмі падрабязна.

— Гэта проста выдатна, сябры, што вы не ў баку ад галоўнай нашай справы. Прашу вас быць вельмі асцярожнай у рабоце, захоўваць правілы канспірацыі.

Потым ён расказваў сам, як трэба захоўваць канспірацыю, аб вестках, найбольш важных для іх групы. Я запомніла кожнае яго слова, не думаючы, які пераварот у маім жыцці зробіць гэта сустрэча. Колькі разоў пасля я буду ўспамінаць імя гэтага чалавека?! Мне не магло нават прыйсці ў галаву, што гэты чалавек можа загінуць на вайне і толькі дзякуючы ягонай шыфроўцы ў Маскву я магу даказаць сваю невінаватасць. Тады мне і ў галаву не магло прыйсці, што я павінна буду даваць камусьці справаздачу.

— Мы крыху пройдземся з Аленай, — сказаў Фёдар прысутным.

Мы выйшлі на вуліцу. Вечарэла. Павявала прахалодай.

— Лена, усё тое, што вы рабілі да сённяшняга дня, вельмі важная і патрэбная справа. Але я ад імя камандавання хачу папрасіць вас выканаць вельмі адказнае і небяспечнае заданне, — сказаў ён напаўголаса. — Нашу размову ніхто, літаральна ніхто не павінен чуць, таму мы і выйшлі на вуліцу. Ведаеце, чалавек ёсць чалавек, а так ужо бывала, самыя надзейныя людзі іншы раз не вытрымлівалі катаванняў. Таму перасцярога лішні раз не пашкодзіць.

— Аб вашай рабоце будуць ведаць толькі два чалавекі. Я і сувязны, які будзе прыходзіць да вас. Немцам нядоўга засталося. Пасля вызвалення вас, магчыма, арыштуюць нашы. Але гэта будзе кароткачасовы інцыдэнт.

— Што я павінна рабіць?

— Працаваць у гестапа.

Ад гэтых слоў у мяне мурашкі забегалі па скуры.

— Мы ведаем, што ім патрэбен перакладчык. А вы ж ведаеце нямецкую мову.

— Сапраўды, ведаю.

— Вось і добра. Вас павінны ўзяць. У вас дзіця, вы жывеце ў мужавых бацькоў. Гэта не павінна выклікаць падазрэнняў.

Літаральна назаўтра я стаяла перад шэфам Касцюковіцкага гестапа Шойнеманам. Гавару яму:

— Я б хацела ў вас працаваць.

— Хто вы?

Я коратка расказала.

Шойнеман уважліва выслухаў, спытаў:

— Што вас прывяло да нас?

— У мяне дзіця, старыя мужавы бацькі.

— Добра, — гаворыць ён. — Будзеце працаваць у нас. Але, улічыце, работа не з прыемных. Усякае можа быць.

Такім чынам, я працую ў камандзе ГФП, што азначае палявая паліцыя. Пасада мая называецца «другая разведчыца», я павінна займацца гаспадарчымі справамі, а таксама час ад часу прысутнічаць на допытах у якасці перакладчыцы. Шойнеман пры гутарцы папярэдзіў:

— Калі што — адразу расстрэл. Вам гэта зразумела?

— Так.

Тут, у памяшканні гестапа, была цішыня і спакой. На першы погляд — самая мірная арганізацыя: па калідорах ходзяць людзі з паперамі на подпіс, чуецца стук машынкі. Потым я даведалася, што тут людзей на допытах не катуюць, а дзеля гэтага водзяць у турму, там жа многіх забіваюць, для гэтага ёсць спецыяльны чалавек, кат...

Ад Фёдара рэгулярна з’яўляўся сувязны з паролем і браў у мяне звесткі аб рабоце гестапа: каго ўзялі, каго будуць дапытваць, якія акцыі мяркуюцца. Але праз два месяцы пасля маёй работы сувязны перастае прыходзіць. Месца яўкі мне ніхто не паведамляе. Трывога мая нарастае з кожным днём.

Нарэшце ад Фёдара з’явіўся сувязны — худы чалавек з рана пастарэлым, зрэзаным маршчынамі тварам. Ён назваў пароль, пачуў адказ і папрасіў:

— Дайце што-небудзь паесці.

Ён прагна еў бульбу, пасыпаў яе соллю, а я расказвала яму:

— Вельмі добра, вельмі добра...

— Чаму вас так даўно не было? — спытала я.

— Мы былі далёка, — сказаў ён стомлена. — Важнае заданне цэнтра. Многія загінулі... Але цяпер мы недалёка і будзем падтрымліваць сувязь. Вы ведаеце Грышу-перакладчыка?

— Вядома, — адказала я. — Яго многія ў горадзе ведаюць.

Сапраўды, у горадзе ведалі невысокага, юркага перакладчыка, што працаваў у нейкай нямецкай гаспадарчай часці, якая займалася забеспячэннем фронту прадуктамі харчавання. Гэта быў жвавы, заўсёды вясёлы чалавек. Ніхто не бачыў яго без усмешкі на твары, многія лічылі яго нашым, савецкім чалавекам. Ад яго заўсёды можна было пачуць якую-небудзь праўдзівую навіну аб становішчы на фронце.

— Гэта наш чалавек. У крытычнай сітуацыі вы можаце звярнуцца да яго за дапамогай. Назавіце пароль: «Фёдар перадаў, што арсенал поўны». Пра вас ён нічога не ведае.

А я добра ведала Грышу. Яго неяк прывёў Сяргей.

— Захоўваеце маскіроўку? — спытаў ён, гледзячы на завешаныя вокны.

— Так, захоўваем, — адказала Ганна Дзмітрыеўна, ставячы на стол самавар.

— А ёсць цікавыя навіны. Хутка ніякая маскіроўка не дапаможа немцам.

— Раскажыце, калі ласка... — не вытрымала Ганна Дзмітрыеўна. Грыша нахіліўся да нас і, сцішыўшы голас, сказаў:

— У немцаў вялікая жалоба, вельмі вялікая!

— Памёр Гітлер? — пляснула ў далоні Ганна Дзмітрыеўна.

— Пад Сталінградам разбіта армія Паўлюса.

Далей ён перайшоў на жартаўлівы тон і доўга расказваў, як учора вечарам атрымалі гэта паведамленне немцы ў іх камандзе, як яны плакалі, напіўшыся.

Вось чаму быў такі маўклівы Шойнеман, вось чаму ўчора ў другой палове дня ён не выходзіў з кабінета і ўсе немцы з каманды ГФП былі насцярожаныя, няветлівыя.

А жыццё ў акупіраваным горадзе цягнулася, быццам разбітая калымага на непралазнай гразі. Светлымі момантамі ў гэтым шэрым жыцці сталі пахавальныя працэсіі то аднаго, то адразу некалькіх нямецкіх афіцэраў, салдат. Пачасціліся дыверсіі партызан на чыгунцы, у розных буйных і малых гарнізонах.

— Калі раней даводзілася мець справу з дылетантамі, — скардзіўся Шойнеман, — дык цяпер чырвоныя бандыты пачынаюць дзейнічаць, бы рэгулярныя армейскія часці.

Знайшла партызанская куля заўзятага здрадніка бургамістра Пятроўскага. Галавой горада стаў не меншы здраднік, нейкі Зомер, ці то паляк, ці то паволжскі немец. Ён быў крымінальным злачынцам, сядзеў у нас у турме, адкуль яго вызвалілі фашысты. Ён ім верна служыў.

Я невыпадкова ўспомніла Зомера. Справа ў тым, што ў яго была перакладчыца, дзяўчына гадоў васемнаццаці, прыемная на выгляд, сціплая. Звалі яе Верай. Вера і Грыша пачалі часта сустракацца, а праз некаторы час яны сталі мужам і жонкай. У іх нарадзіўся сын. Здарылася так, што Грыша павінен быў ісці ў партызаны. Шойнеман аддаў загад аб яго арышце.

У кватэры Зомера знайшлі Грышаў перадатчык, зброю. Шойнеман загадаў схапіць бургамістра і Грышаву жонку з дзіцем. Назаўтра ката Зомера расстралялі, перад смерцю ён поўзаў на каленях, плакаў, кляўся, што нічога не ведаў і абяцаў сам дастаць Грышу хоць з-пад зямлі і расстраляць. З Веры доўга здзекаваліся. Маленькага яе сына выхапілі з рук, падкінулі ўгору і расстралялі з аўтамата. Веру доўга катавалі, але яна маўчала, — ці то трымалася, ці то на самой справе не ведала нічога. Пасля катаванняў расстралялі і яе. Грыша загінуў у час адной з аперацый. Расказвалі, што ён ірваўся ў самыя небяспечныя баі, паводзіў сябе так, быццам спецыяльна лез пад кулі.

І яшчэ адна смерць амаль на маіх вачах.

Аднойчы ў палявой паліцыі з’явіўся хлапец гадоў дваццаці, скуласты, з раскосымі чорнымі вачамі. Яго адрэкамендавалі як новага перакладчыка. Хлапца звалі Рустам. Нямецкую мову ведаў амаль дасканала. З трэцяга курса пайшоў на фронт, быў ранены, трапіў у палон. Яму паставілі ўмову: ці смерць, ці работа перакладчыкам. Рустам згадзіўся працаваць. Ледзь не на другі дзень ён пачаў распытваць у мяне, як знайсці сувязь з партызанамі. Я адказала, што ніякай сувязі не існуе, я сумленна працую на немцаў і аб партызанах ведаю хіба што паводле зводак і паведамленняў, што паступаюць у паліцыю. Інакш я зрабіць не магла. Вельмі рызыкоўна было давярацца малазнаёмаму чалавеку, трэба было прыгледзецца да яго. Але выйшла ўсё інакш. Разам з немцамі Рустам паехаў на нейкае заданне. Яны трапілі ў партызанскую засаду, завязалася перастрэлка, Рустам у зручны момант кінуўся бегчы ў лес. Немцы стралялі ў яго як у здрадніка. Рустам загінуў. Шойнеман доўга шалеў пасля гэтага выпадку, гаварыў, што ў паліцыю мог трапіць шпіён, што вярбоўшчыкі часта робяць памылку, прысылаючы такіх «перакладчыкаў».

Пад канец лета 1943 года пачала набліжацца артылерыйская кананада.

Шойнеман сказаў:

— Я спадзяюся, вы часова адступіце разам з намі.

— Але ў мяне маленькі сын, ён можа застацца сіратой, — запярэчыла я.

Шойнеман сказаў, што ён усё разумее, але іншага выйсця ў мяне няма, прыйдуць рускія і расправяцца са мной як са здрадніцай. Я сказала, што буду адыходзіць з немцамі, а сама не ведала, што рабіць. Сувязь з групай Фёдара перарвалася, сувязны не прыходзіў ужо каля месяца. Марта сказала, што ў партызанскім атрадзе лічаць, што мне трэба ісці ў лес. Я пацікавілася, дзе зараз група Фёдара. У атрадзе нічога не ведалі пра іх, відавочна, таварышы змянілі месца дыслакацыі, атрымаўшы новае заданне.

У адну з начэй мы ўсёй сям’ёй адправіліся ў лес. Партызаны адкрыта займалі ўсе вёскі, немцам было ўжо не да іх. Яны спяшаліся, пакавалі рэчы, баючыся аказацца засцігнутымі знянацку.

Нехта з гараджан, што хаваліся ў вёсцы, сказаў партыэанам, што тут побач знаходзіцца перакладчыца з палявой паліцыі.

І вось у хату (я якраз карміла за сталом Ягорку) увайшлі партызаны — ён і яна. Колькі пагарды і нянавісці было ў іхніх вачах! Яны загадалі мне выйсці на вуліцу.

— Бачыце, я кармлю свайго сына, — спакойна адказала я.

Гэта крыху астудзіла іх.

— Вы працавалі ў палявой паліцыі? — спытаў хлапец.

— Працавала, — адказала я.

— Мы расправімся з вамі так, як трэба распраўляцца са здраднікамі! — адрэзаў ён.

— Не смейце мяне зневажаць! — сказала я, стараючыся гаварыць спакойна. — Вы бачыце, што я нікуды не ўцякаю і сама прыйшла сюды ад немцаў з усёй сям’ёй, замест таго каб уцякаць з імі. Не сёння-заўтра прыйдуць нашы, і будзе час спакойна са мной разабрацца.

Тут увайшла Ганна Дзмітрыеўна, убачыла людзей са зброяй, спытала:

— Што здарылася, Леначка?

— Нічога, — супакоіла я яе. — Нічога не здарылася.

— Добра, пойдзем адсюль, — сказаў партызан сваёй спадарожніцы. — Прыйдуць нашы і з усімі такімі разбяруцца!

За імі зачыніліся дзверы, і Ганна Дзмітрыеўна пляснула ў далоні:

— Ну чаму, чаму ты не сказала ім, што выконвала заданне! Маглі ж забіць без суда і следства!

— Не магла, не мела права, — сказала я. — Я ж не ведаю, хто гэтыя людзі. Дый не маглі яны мяне вось так...

Сказала, а сама ледзь не разрыдалася ад крыўды.

Назаўтра мы ішлі разам з іншымі гараджанамі з лесу. Усюды пажарышчы, на месцы многіх дамоў — толькі коміны. Наш дом уцалеў, і мы пачалі наводзіць у ім парадак. У горадзе былі ўжо нашы, іх сустракалі кветкамі, клікалі ў кожны дом. Усе жыхары нашага гарадка выбеглі на вуліцу. Я стаяла ля веснічак з Ягоркам на руках, ён махаў чырвонаармейцам кветкамі і пытаў:

— Чаму наш тата не ідзе разам з салдатамі? Які наш тата? Можа, ён тут...

Пад вечар у дзверы пастукалі. Увайшлі двое — старшы лейтэнант і сяржант. У афіцэра партупея, кабура на баку, сяржант з аўтаматам.

— Алена Жыліч тут жыве? — спытаў старшы лейтэнант.

— Гэта я.

— Вы арыштаваны.

 

21

— Ты толькі не хвалюйся, Галя, — прасіў інспектар дзяўчыну з бледным, выплаканым тварам. — Гэта табе перашкаджае, і мне, вядома, таксама. Шанцаў знайсці тых хлапцоў у нас амаль ніякіх, а вы яшчэ змяншаеце іх.

— Прабачце, я вельмі стамілася. Мае вочы сталі быццам чужыя, я гляджу на ўсё навакольнае праз нейкую заслону. Яго больш няма... Якое несправядлівае жыццё. Чаму менавіта з ім гэта павінна было здарыцца, такое жудаснае, непаўторнае? Але я помню вочы таго хлапца, халодныя як лёд вочы, я пазнаю іх з тысячы, з мільёна. Я адна, без вас абыду, аб’еду ўсё, што толькі можна аб’ехаць, вось убачыце, я знайду іх...

— Ён быў маім сябрам, не проста прыяцелем, а сябрам, і да таго ж лепшым сябрам, і я побач з табой не як прафесіянальны сышчык, а намнога больш. Толькі прашу цябе не хвалявацца, узяць сябе ў рукі, і гэта дапаможа справе.

— Ён сніцца мне кожную ноч, вы не паверыце, я заплюшчваю вочы, і ён прыходзіць да мяне, я ўжо чакаю яго, а раніцой мне здаецца, што ён жывы, мне хочацца падысці да тэлефона і пазваніць яму. Так я хутка звар’яцею.

Інспектар доўга па апісанні Галі складаў партрэт каратыста. Справа ішла марудна, яна не магла толкам нічога ўспомніць, яшчэ больш пачынала хвалявацца, гаварыла, што ў жыцці яна ў што б там ні стала пазнае яго, яна памятае яго вочы, такія вочы ёй ніколі не забыць, твар таксама, вось толькі рысы ўспомніць ёй ніяк не ўдаецца.

Яны днямі, вечарамі, наколькі хапала часу ў інспектара, хадзілі па школах, тэхнікумах, інстытутах, прыглядаліся да хлопцаў.

Галя нікога не магла апазнаць.

Апошнія дні Андрэй шмат працаваў.

Андрэй пазваніў інспектару, паведаміў, што сцэнарый гатовы, але прыйдзецца, вядома, рабіць дапрацоўкі, папраўкі, іх можа быць нямала, ён хоча паказаць экземпляр інспектару. Вадзім адказаў стомленым голасам, што ён прачытае сцэнарый з цікавасцю, яму хочацца ведаць, як Андрэй выбраўся з усіх складанасцей тэмы, але ў апошнія дні ён надзвычай стаміўся з-за пошукаў каратыста. Прыйшлося праверыць нават усе афіцыйныя секцыі, але гэта, безумоўна, нічога не дало, таму што там займаюцца правераныя, сталыя хлопцы. Засталося крыху школ у цэнтры.

Андрэй прыехаў да Вадзіма пасля таго, як аддаў сцэнарый у рукі галоўнага рэдактара. У кабінеце сядзела жанчына з вельмі бледным тварам, кругамі пад вачамі. Андрэй адразу зразумеў, хто гэта. Інспектар перагартаў сцэнарый, сказаў, што вечарам ён яго абавязкова прачытае, а цяпер яны паедуць. Андрэй прапанаваў свае паслугі: ён на машыне і можа падвезці. Вадзім і жанчына згадзіліся. Ехалі моўчкі. Потым інспектар сказаў:

— Сёння ў нас тры школы і тэхнікум.

— Вы дамовіліся? — спытаў Андрэй.

— Не. Баюся спудзіць хлопца, калі ён, вядома, у гэтым горадзе.

Андрэй спыніў машыну каля школы.

— Тут працуе мая маці, — сказаў ён.

Дзяўчына паглядзела на яго ўважліва і, як здалося Андрэю, хацела нешта сказаць, але толькі грымаса, як ад дотыку току, прабегла па яе твары.

— Я пазваню вам заўтра, — сказаў інспектар.

Інспектар з Галяй прайшлі па доўгім калідоры ў кабінет дырэктара.

— Я зараз, пачакай мяне тут, — сказаў інспектар і ўвайшоў у кабінет.

Ён кожны раз гаварыў адно і тое ж, Галя пакорліва ківала галавой. Яе вочы з кожным разам станавіліся ўсё больш стомленыя. Інспектару здавалася, што яна сама вось-вось скажа яму, хопіць, я стамілася, усё не мае сэнсу. Іншы раз ён лавіў сябе на думцы, што чакае ад яе гэтых слоў, але потым ад усведамлення, што многае, вельмі многае залежыць ад яго, у ім быццам адкрывалася другое дыханне.

Дырэктар уважліва выслухаў інспектара, ён не стаў абурацца, як некаторыя, маўляў, хіба такое можа быць, каб у нашай школе знайшліся такія людзі і ўсё іншае, ён кіўнуў галавой: добра, зараз мы пройдзем па старшых класах, іх усяго шэсць, тры дзесятых і тры дзевятых, ну, а восьмы, на думку дырэктара, глядзець, вядома, не трэба. Вадзім згадзіўся, яны выйшлі з кабінета і разам з Галяй пайшлі па школе. Зайшлі ў адзін з класаў, потым другі, спусціліся на трэці паверх і спыніліся перад таблічкай: 10 «А».

— На гэтым паверсе усе дзесятыя класы, — сказаў Міхаіл Іпалітавіч і адчыніў дзверы перад Галяй.

Яна ўвайшла ў клас першая, за ёю — дырэктар школы і інспектар.

— Мы на некалькі хвілін, — сказаў Міхаіл Іпалітавіч настаўніцы (ішоў урок рускай мовы), нічога не тлумачачы.

Галя падышла да першай парты ў левым радзе і пачала ўважліва разглядаць вучняў. Спачатку спынілася каля аднаго раду парт, абводзіла ўсіх уважлівым позіркам, потым пераходзіла да другога, трэцяга...

Жорж пазнаў, не мог не пазнаць гэту дзяўчыну, якая крычала ім услед дзікім голасам. Ён глянуў на Шэрага, але той быў зусім спакойны. Галоўнае — сцяць зубы і ўтрымацца, інакш гэта адразу заўважаць.

Жанчына раптам здрыганулася, вочы яе аказаліся на адной лініі з вачамі Шэрага. Інспектар падышоў да яе, моцна сціснуў локаць. Жанчына рэзка павярнулася і выйшла з класа.

— Мне здаецца, гэта ён, хутчэй за ўсё, гэта ён. Тыя ж вочы, той жа позірк, — прамовіла яна, задыхаючыся.

— Хто гэта, хто? — не вытрымаў інспектар.

— Сярэдні рад, чацвёртая парта, хлапец з левага краю. Высокі такі, з роўным праборам...

— Сапелаў? Чорт ведае што... Наш лепшы вучань, — разгублена сказаў дырэктар. І спытаў у Вадзіма: — Што рабіць зараз?

— Запрасіце, калі ласка, яго ў свой кабінет.

— Зараз?

— Так, зараз жа, — сказаў інспектар. Ён прыкметна ажывіўся. — А вы, Галя, пачакайце ў калідоры. Я потым вас паклічу.

Інспектар усеўся ў крэсла ў кабінеце дырэктара. Неўзабаве перад ім спыніўся высокі, спартыўнага выгляду стройны хлопец у школьнай форме, якая была яму ўжо малаватая.

Дырэктар зайшоў следам і сказаў яму:

— Гэта, Сярожа, таварыш з міліцыі. Ён хоча задаць табе некалькі пытанняў.

Хлопец сеў у крэсла насупраць інспектара, вельмі спакойна паглядзеў на яго.

— Скажы, ты любіш спорт? — спытаў інспектар.

— А хто яго не любіць?! — усміхнуўся Шэры. — Вядома, люблю. За мінскае «Дынама» хварэю, сам з хлопцамі ў футбол гуляю, тут побач, на баскетбольнай пляцоўцы. Звычайная пулька, самі, відаць, гулялі, — тры на тры, чатыры на чатыры. Баскетбол таксама паважаю.

— Сам сур’ёзна чым-небудзь займаешся?

— Цяпер не. Раней, даўно вельмі, бацькі ў плаванне аддалі, даніна модзе, ці што, была. Я сур’ёзна займаўся, да першага юнацкага разраду дацягнуў, а потым кінуў. Зразумеў, што рэкардсменам не стану. Цяпер, бывае, у басейн хаджу і на моры фору любому дам. Вось і ўсе заняткі.

Інспектар падняўся і прайшоўся па кабінеце.

— Ну, а, скажам, пра каратэ ты што-небудзь чуў? — спытаў Вадзім.

— Яшчэ б! Вядома... З задавальненнем бы ў секцыю запісаўся, але цяпер, кажуць, туды не пралезці...

— А чаму б ты хацеў займацца каратэ?

— Захапляючы від спорту. Я неяк быў на чэмпіянаце Беларусі па каратэ. Нічога больш цікавага не бачыў.

— І сам, значыць, ніколі не займаўся і прыёмаў каратэ не ведаеш?

— Канечне, не ведаю. Каб ведаць іх, трэба сур’ёзна трэніравацца. Дый наогул я даўно ні з кім не біўся. Было неяк, здаецца, у класе шостым, апошні раз. Але без усякага каратэ, кулакамі...

Дырэктар пры гэтых словах Шэрага заўсміхаўся. З яго твару пачало сыходзіць напружанне.

— А чым ты займаўся сёмага снежня вечарам? — спытаў інспектар.

— А што гэта было? — напружыў памяць Шэры. — А, субота. Прыйшоў дамоў са школы, паслухаў музыку, зрабіў урокі. І лёг спаць гадзін у дзесяць. Старыя, ну, бацькі мае, на дачу паехалі. Ага, пачытаў яшчэ кніжку. Амерыканскага аўтара. «Чалавек, які ведаў Кенэдзі». Вельмі цікавая кніга. Аказваецца, герой кніжкі нават Кенэдзі не бачыў, калісьці яго бацька працаваў з бацькам Кенэдзі, і загаловак накшталт прынады для чытача. А потым лёг спаць. Вось і ўсё.

— Добра, добра, — паўтарыў інспектар і зноў сеў у сваё крэсла. Потым ён падняўся і выглянуў у калідор. Паклікаў:

— Галя, зайдзіце, калі ласка.

«Зараз самае страшнае», — падумаў Сяргей.

У кабінет дырэктара ўвайшла маленькая жанчына, тая самая, якую Шэры не адразу пазнаў на ўроку. Яна прысела на край крэсла і пачала глядзець на Шэрага, дакладна гэтак жа, як на ўроку. Шэры глядзеў на яе з поўнай абыякавасцю.

— Ты калі-небудзь бачыў гэту жанчыну? — спытаў інспектар у Шэрага.

— Гэту? Толькі што бачыў, калі вы ў клас разам прыходзілі. І ўсё... Яшчэ яна напамінае мне адну актрысу, калі помніце, фільм англійскі «Такое спартыўнае жыццё»? Кароль рэгбі пакахаў крыху дзіўную жанчыну, намнога старэйшую, з няўдалым жыццём...

Галя ўстала са стула і сказала ціха:

— Я вельмі добра помню, як ты ўдарыў яго рабром далоні па шыі, ён упаў, і ты яшчэ з адным кінуўся бегчы. Я ніколі не забуду выразу тваіх вачэй, ніколі, як бы ты тут ні прыкідваўся.

Шэры ўскочыў з крэсла і зрабіў крок у бок дырэктара.

— Нейкая недарэчнасць! — сказаў ён. — Я нічога не разумею і прашу мяне пазбавіць ад гэтай жанчыны!

— Ты, Сяргей, можаш ісці на ўрок, — сказаў інспектар.

Шэры прайшоў міма дырэктара і апынуўся ў калідоры. Ён адчуў, як гараць у яго шчокі.

Інспектар падышоў да Галі. Плечы ў яе ўздрыгвалі, па твары цяклі слёзы. Дырэктар падаў ёй шклянку вады.

— Супакойцеся, Галя, я прашу вас, супакойцеся. Зараз гэта вельмі важна. Вы ўпэўнены, што гэта той самы хлопец?

— Ён вельмі падобны, вельмі... Там усё адбылося так імгненна, але я запомніла... Выраз вачэй, твар. Ён вельмі падобны.

— Прабачце мне, калі ласка, — адкашляўшыся, пачаў дырэктар. — Сярожа вельмі добры хлопчык, гордасць школы, практычна ўжо сёння я магу сказаць, што ён стопрацэнтны залаты медаліст. Зразумейце, што ён не мог ударыць чалавека, дый гэта каратэ... Фантастыка нейкая. Я магу запрасіць яго класную Алену Аляксандраўну Жыліч, якраз перапынак...

— Жыліч? Маці Андрэя Жыліча... Так, Андрэй гаварыў мне, калі падвозіў да школы. Запрасіце яе, калі можна.

Дырэктар выйшаў з кабінета.

— Ты едзь дамоў, Галя, — сказаў інспектар. — Табе трэба супакоіцца. Падумай яшчэ раз, пастарайся ўспомніць — ці ён гэта. Падобных людзей шмат, а нам патрэбна толькі твая поўная ўпэўненасць. Толькі тады можна знайсці яго... Сведкаў няма, нікога няма, апрача цябе. Быў яшчэ другі, але ён адтуль. Дый твару ягонага ты амаль не бачыла.

Яна стомлена кіўнула галавой.

— Я буду рабіць усё, што ты скажаш, — адказала яна. — Я пайду дамоў, я падумаю яшчэ раз, я пастараюся ўспомніць...

Праз мінуту ў кабінет увайшла Алена Аляксандраўна.

— Я ведаю вашага сына, — сказаў інспектар Алене Аляксандраўне. — Мы разам, калі можна так сказаць, фільм з ім рабілі. Не, не, я не прымазваюся, проста дапамагаў яму з матэрыялам.

— Ён гэтым фільмам мне ўсю галаву задурыў, — усміхнулася Алена Аляксандраўна. — І сапраўды атрымліваецца што-небудзь добрае?

— Яшчэ не чытаў сцэнарый, але ўпэўнены, што нават абыякавыя залы не пакінуць. Гэта самае галоўнае. А сцэнарый у мяне ў папцы, Андрэй толькі сёння даў пачытаць. Ён мяне да школы падвёз і сказаў, што вы тут працуеце. А тут такая справа...

— Што здарылася? — спытала Алена Аляксандраўна.

— Адзін падонак, прабачце за такія словы, ударыў ні ў чым не вінаватага чалавека, майго сябра... Ён дакументы ў загс падаў, нявеста была ў яго... Няма таго хлопца больш. А забойцу я шукаю па ўсім горадзе. Усе інстытуты, тэхнікумы, школы абышлі. Вось і чарга да вашай школы дайшла. Сведкам у той жудасны вечар была толькі нявеста. Я з ёю і хаджу. Да сённяшняга дня яна нікога не магла пазнаць, а вось прыйшоўшы ў ваш дзесяты клас...

Жыліч уздрыганулася:

— Каго яна апазнала?

— «Апазнала» — гэта крыху не тое слова. Вы самі разумееце, чалавек знаходзіцца ў страшэнным стане, мне іншы раз здаецца, што яна можа страціць розум, але ўсё ж сёння ўпершыню яна ўбачыла чалавека, падобнага на таго хлапца.

— Гэта Сяргей Сапелаў, — уступіў у размову дырэктар школы.

Алена Аляксандраўна спачатку паглядзела на яго, потым перавяла позірк на інспектара. Бровы яе здзіўлена папаўзлі ўгору.

Інспектар уздыхнуў.

— Ніякіх доказаў, Алена Аляксандраўна, няма. Ёй здалося, што Сярожа вельмі падобны на таго чалавека, нават больш таго, што ён і ёсць той самы каратыст.

— Ведаеце, я даўно знаёма з Сярожам. Нічога агульнага з забойцам ён мець не можа, — спакойна пачала гаварыць Жыліч. — Я не сказала б, што гэта чалавек без недахопаў. Неяк на сходзе яго абвінавацілі ў залішнім эгаізме, я пачала абараняць, як-ніяк лепшы вучань класа, выдатнік, светлая галава, але потым сама падумала, — а ў гэтым нешта ёсць. Як бы вам растлумачыць... Ён завельмі мэтанакіраваны, дзеля пастаўленай мэты, уласнай славы не палічыцца ні з чым. Можа, таму і вучыцца так, хоць гэта цяжка і немагчыма асуджаць. Але з такіх людзей у будучым могуць атрымацца самыя што ні на ёсць кар’ерысты. А можа, я перабольшваю. Але злачынства, ударыць чалавека... У гэта я ніколі не паверу. Калі б нават Сяргея давялі, ён, перш чым ударыць, падумаў бы, чым гэта можа скончыцца для яго. Гэтай няшчаснай дзяўчыне здалося, можаце не сумнявацца. Сяргей вельмі інтэлігентны для падобнага, гэта проста не ўкладваецца ў галаве.

— Вось бачыце, і Алена Аляксандраўна гэтак жа лічыць, — сказаў дырэктар школы. — Вы можаце не сумнявацца, Сапелаў тут ні пры чым. Гэты хлопец і сапраўды можа далёка пайсці, а нам, Алена Аляксандраўна, нядрэнна мець вось такіх мэтанакіраваных кар’ерыстаў. Таму што вельмі ўжо многа дылетантаў вакол, не здольных ні на што... Дарэчы, не будзем спрачацца. Адно мне, Вадзім Васільевіч, ясна да канца: Сапелаў тут, вядома, ні пры чым.

— Я не хачу рабіць паспешлівыя вывады, Міхаіл Іпалітавіч, — сказаў інспектар. — Справа самі разумееце якая. Так недарэчна, па-дурному загінуў добры чалавек, пакінуўшы іншых няшчаснымі на ўсё жыццё. Бацька ягоны адразу пасля вайны памёр ад ран, маці гадавала двух дзяцей. І вось дачакалася. І дзяўчына гэта, Галя, — таксама. Так што я вывадаў пакуль ніякіх не раблю. Хоць у любым выпадку даказаць што-небудзь будзе амаль немагчыма. Гэты ваш хлопец ці ні ў чым не вінаваты, а калі... дык ён і сапраўды не дурны.

Інспектар развітаўся і выйшаў.

— Што вы думаеце пра ўсё гэта? — спытаў дырэктар у Алены Аляксандраўны.

— Зразумець аднаго не магу — адкуль у іх такая жорсткасць, на чым яна, на якой глебе вырастае?

 

22

Жорж ледзьве паспяваў за Шэрым. Той амаль бег, не азіраючыся. У школе Жорж некалькі разоў імкнуўся загаварыць з Шэрым на перапынку, але ён рабіў страшныя вочы і маўчаў.

Яны павярнулі ў засыпаны снегам сквер, сцежкі не было, і ногі па калена правальваліся ў снег. Нарэшце, азірнуўшыся вакол, Шэры спыніўся.

— Гэтая дохлая цябе не пазнала. У гэтым наша шчасце, — загаварыў Шэры, пускаючы дым Жоржу ў твар. — Інакш маглі б заблытаць. Уяўляеш, той хлопец загнуўся.

— Ты што?!

— Не штокай, забудзь пра гэта на ўсё жыццё, зразумеў? — зашыпеў на яго Шэры. — Слабаком ён аказаўся. Біў жа я зусім не моцна.

— Вось гэта ўдар! — уздыхнуў Жорж. — Цяпер што будзе?

— Нічога. Доказаў у іх ніякіх. Ты сам хоць дэтэктывы чытаў, павінен разумець. Толькі на трэніроўкі нам больш не хадзіць. Яны могуць сачыць за мной. Тады ўсім хана — і трэнеру ў тым ліку. Ды чорт з імі, з трэніроўкамі. Галоўнае, каб уся гэта гісторыя нармальна закончылася.

Яны пайшлі па зацярушанай алеі. Шэры ўвесь час азіраўся, паводзіў сябе неспакойна.

— А можа, мне падысці да трэнера, сказаць, што мы не зможам больш трэніравацца, дзесяты клас, экзамены на носе і ўсё такое, — прапанаваў Жорж.

— Нічога нікому не трэба гаварыць! — абрэзаў Шэры.

— А калі яны ў яго спытаюць пра цябе, пры выпадку, вядома.

— Па-першае, не «пра цябе», а «пра нас», а па-другое, так ён табе і раскажа, каб самому апынуцца за кратамі... Не, тут усё шыта-крыта, няхай гэты сышчык локці сабе грызе і слёзкі лье разам з гэтай здыхляцінай.

Шэры прыйшоў дамоў і адразу ж паваліўся на ложак. Яму здавалася, што ён не засынае, а траціць прытомнасць, правальваючыся ў бяздонную пустату. Яму сніўся інспектар, які крычаў: «Я цябе раскалю, шчанюк, вось убачыш, раскалю!» Дохлая казала: «Гэта ён, гэта ён забіў, я ўсё ўспомніла, гэта ён!»

Шэры прачнуўся і правёў рукой па твары. Ён увесь быў у халодным поце. Над ім стаяў бацька і не гаварыў, а шыпеў:

— Уставай, падонак, уставай!

Шэры саскочыў з канапы, апрануў джынсы, світэр. Бацька стаяў перад ім, засунуўшы рукі ў кішэні.

— Дажыўся я, нарэшце дажыўся, — гаварыў ён. Твар яго сказіла страшная грымаса. — Я ведаў, што гэтым, падонак, усё скончыцца. Чаго табе, гадзюка, не хапае, чаго?! Сёння да мяне на работу прыйшоў міліцыянер і пачаў задаваць пытанні аб тваёй нікчэмнай асобе. Аб паводзінах, аб каратэ, сябрах.

— І што ты сказаў? — вырвалася ў Шэрага.

— Што я сказаў? Цябе прадаў, маці, усё сваё жыццё. Сказаў, што ты з раніцы да вечара сячэш паветра рабром далоні і грымаснічаеш перад люстэркам, як малпа, цэлячыся ў нябачныя цэлі. Сказаў, што па начах цягаешся па дзеўках і цягнеш з бацькі грошы...

Стары аддыхаўся, плюхнуўся ў крэсла.

— Сказаў усё гэта, каб паставіць крыж на сваім уласным жыцці і, натуральна, на тваім. Не, я абараняў цябе, падонка, і яшчэ як абараняў. Намаляваў цябе інтэлігенцікам, пай-хлопчыкам, які камара ніколі не пакрыўдзіць, з дзяцінства катоў і сабак шкадуе, а калі фільмы розныя там са смерцямі глядзіць, дык слёзы лье...

Шэры адышоў ад акна. Сыпаў снег. На дарозе ён ператвараўся ў чорнае месіва.

— Ты ўяўляеш, як ты, дакладней, мы ўсе ўліплі, у якую дзікую, проста неверагодную гісторыю?

— Я нікога не біў. Чаму ты ўпэўнены, што гэта быў я? — ціха спытаў Шэры, разумеючы, што стары пачынае мякчэць.

— Мы былі з маці на дачы, прыехалі ў нядзелю, а ты...

— Пацягнуў крыху шампанскага, вось і ўсё. Нічога не было. Я і следчаму сказаў, і табе паўтару — прыйшоў са школы, зрабіў урокі, пачытаў кніжку «Чалавек, які ведаў Кенэдзі» і лёг спаць.

— І ніхто ні аб чым іншым больш не скажа? — стомленым голасам спытаў бацька.

Шэры ажывіўся.

— Вядома, а хто можа яшчэ што-небудзь сказаць?..

— Гэта добра, вельмі добра. Можа, віхура і пранясецца міма, але ты запомні цвёрда на ўсё жыццё адно...

Стары ўстаў і пачаў насоўвацца на Шэрага.

— ...Запомні толькі адно — спачатку ўключы мазгі, узваж усё добра, а потым рабі, толькі потым, усё ўзважыўшы да апошняй дэталі.

— Я так і раблю, тата, — адказаў Шэры.

Сапелаў паглядзеў на яго са здзіўленнем. Сын даўно не называў яго так.

 

Успаміны Алены Жыліч VI

Часта думкі прымушаюць душу сціснуцца ў камяк, застаюць знянацку, прыціскаюць да зямлі. Чаму не выклікаюць на допыт? Прайшоў ужо тыдзень. Я ў камеры адзіночцы, якая нагадвае хутчэй звычайны вясковы склеп з маленькімі акенцамі над зямлёй. Часам мяне разбірае злосць, крыўда, але я стараюся ўсё зразумець, апраўдаць — час ваенны, спраў шмат, патрэбен час, каб ва ўсім разабрацца. Толькі праз тыдзень мяне выклікалі на першы допыт. Следчы, сухі чалавек, з тонкім нервовым тварам, старанна запісвае ўсе мае паказанні. Я падрабязна расказваю пра ўсё, стараючыся не прапусціць ніводнай дэталі, ён слухае, можна сказаць, абыякава, пытанні задае суха, афіцыйна, не праяўляючы пры гэтым ніякіх эмоцый. Пасля першых чатырох пытанняў пайшлі іншыя, але ўжо была я не ў адзіночнай, а ў набітай людзьмі камеры. Каго там толькі не было — жанчыны розных узростаў, розных характараў, у большасці сваёй сапраўды здрадніцы. За перагародкай — мужчыны. У асноўным былыя паліцаі, яны гарлапанілі песні, лаяліся.

Адна з жанчын — Рыта, бялявая, з прыгожым дагледжаным тварам — бравіравала ўвесь час, хоць па вачах было відаць, што ёй страшна.

— Вайна ва ўсім вінавата, а не мы, вайна нас сцервамі зрабіла. Я не вінавата, што хацела жыць.

— Леначку выпусцяць, гэта факт, — гаворыць Ліза, нервовая жанчына. — А мяне, калі не расстраляюць, дык катарга. Гэта ясна. З-за мяне загінулі два чалавекі, з-за Наташкі, вунь той, што ў кутку ўвесь час кісне, — трое, а Люська працавала дыктарам у немцаў, ёй таксама на волю не выйсці.

У надтрэснутым голасе Лізы — злосць, нервознасць. Неяк пасля допыту з ёй быў прыпадак, яна кінулася на сценку, пачала біць у яе кулакамі і потым біцца галавой і крычаць:

— Выпусціце! Я жыць хачу, жыць!

Яе адцягвалі, а яна, нібы шалёная, крычала:

— Мала я іх прадавала, мала. Трэба было ўсіх, усіх! Усіх жыдоў, камуністаў. Зараз мы б жылі, а яны — у гэтай камеры, у зямлі!

Праз месяц пасля пачатку зняволення мне давялося перажыць жах у чаканні смерці. Раніцай мяне вывелі з камеры ў двор. Там ужо тоўпіліся зняволеныя, чалавек дваццаць пяць. Нас пастроілі і павялі пад шчыльнай вартай. Перагаворвацца было забаронена. Я вырашыла, што ўсіх вядуць на расстрэл.

Думкі цясніліся ў галаве. Як жа так, чаму, чаму не разабраліся? Дзе Фёдар? Можа, ён загінуў, сувязны таксама, а хлопцы з атрада «За Радзіму» пайшлі на фронт? Другога апраўдання ўсяму, што адбывалася, не было. Мы ідзём па вуліцы, людзі праводзяць нас ненавіснымі позіркамі. Вось будынак ГФП, вось наша вуліца, дом Лёневых бацькоў. Ганна Дзмітрыеўна стаіць ля свайго дома. Яна глядзіць на мяне вачыма, у якіх адзін жах, а я іду, стрымліваючы рыданні. Я гляджу на яе ў апошні раз. Правільна яна зрабіла, што пакінула Ягорку ў доме.

Ускраіна горада. Пэўна, расстраляюць вунь у тым гаі. Рыта заўважае маё хваляванне, шэпча:

— Не бойся, расстрэльваць не будуць. Яны ніколі не робяць гэта без суда.

Нарэшце я паверыла, што буду жыць, калі прайшлі кіламетраў шэсць. Хочацца есці і піць. Спыняемся ля калодзежаў. На дзень даюць па кавалку хлеба. Страшэнна пачынаюць балець ногі і спіна. Начуем у нейкай былой царкве. Ноччу холадна. На вуліцы кастрычнік. Ноччу нейкі былы паліцай заснуў з запаленай папяросай. Успыхнула салома, на якой мы спалі. Нехта з канваіраў пачаў страляць. Усчалася сапраўдная паніка.

Да раніцы ўжо так і не змагла заснуць.

На трэці дзень дайшлі да Мсціслаўля. Брама турмы, зноў камера, зноў ранейшыя суседзі і новыя, яшчэ горшыя. Мяне апаноўвае сапраўдная роспач. Я ні з кім не размаўляю, амаль нічога не ем. Рыта, з якой мы апынуліся ў адной камеры, гаворыць канваіру, што патрэбен урач, што я цяжка хворая. Ад урача я адмаўляюся. Так праходзіць два тыдні. Мяне, бадай, адзіную з усіх не выклікаюць на допыты.

— З табой усё ясна, — гаворыць Рыта. — Вось-вось суд і прыгавор. Як я зайздрошчу табе. Ты хутка, праз якіх пару гадоў, будзеш свабодная, а я, калі і выйду, то старой.

Неяк раніцай, гэта, па-мойму, была серада, у камеру зайшоў старшына і крыкнуў:

— Жыліч, да следчага!

Сэрца маё ёкнула.

— Бывай, Леначка, — гаворыць Рыта. — Цяпер ужо наўрад ці ўбачымся. Не памінай ліхам.

Я іду за старшыной па калідоры турэмнага будынка, мне цяжка дыхаць, ногі не мае, цяжкія, па тоне кожная.

На допытах я тут не была, следчых у твар не ведала.

У кабінеце было двое: капітан і падпалкоўнік. Капітану гадоў за трыццаць, а падпалкоўнік старэйшы, з паголенай галавой, паўнаваты, пад вачамі нездаровыя мяшкі.

Я ўваходжу ў кабінет, гавару:

— Дзень добры!

— Добры дзень, Алена Аляксандраўна, добры дзень, дачушка! — гаворыць падпалкоўнік.

І тут я пачынаю плакаць. Упершыню за доўгі час слёзы самі пакаціліся з вачэй.

Падпалкоўнік пацалаваў мяне ў шчаку, моцна паціснуў руку, потым капітан.

— Супакойся, супакойся, — гаворыць падпалкоўнік. — Усё прайшло, супакойся. Я разумею, што цяжка было побач з гэтымі свалачамі, але так выйшла. Ты супакойся, зараз пагаворым пра ўсё падрабязна.

Я пакрысе супакойваюся, абводжу вачамі пакой, падпалкоўнік і капітан усміхаюцца мне, старшына-канваір, амаль яшчэ хлопчык, але з баявымі ордэнамі на грудзях, стаіць на парозе. Вочы яго шырока адкрыты. Такога ён не чакаў убачыць. Як часта ён кідаў нам, у, тым ліку і мне, услед: «У, нямецкія сукі!»

— Што з Фёдарам, чаму так доўга?.. — пачынаю я.

Падпалкоўнік не дае мне гаварыць.

— Ты пачакай крыху, дачка, пачакай аб справах. Супакойся, ачуняй крыху. Ад імя камандавання я выказваю табе велізарную ўдзячнасць! Патрэбнае, сур’ёзнае заданне ты выканала, і добра выканала, не кожны мужык так мог. Дзякуй, ад усяго сэрца дзякуй! І не крыўдуй на нас, толькі немцаў адсюль прагналі, неразбярыха, голад, усякай поскудзі выплыла процьма, ды ты і сама ў гэтым магла пераканацца. Былі і яшчэ прычыны.

— Прабачце, таварыш падпалкоўнік, мы ўсё гутарым, а Алена Аляксандраўна, пэўна, галодная. Кормім мы сваіх арыштантаў не вельмі. У горадзе прадуктаў не хапае, амаль няма хлеба, а для гэтай публікі... — капітан крыху замяўся.

— Дык у чым жа справа, ты гаспадар, давай дзейнічай, — сказаў падпалкоўнік. — Дарэчы, я і сам ахвотна падсілкуюся.

— Зараз мы мігам усё арганізуем.

Капітан і старшына, які ўсё гэтак жа скамянела стаяў ля парога, выйшлі.

Падпалкоўнік закурыў, падышоў да мяне бліжэй.

— Разумееш, Леначка, усё было б куды прасцей, хутчэй, але абставіны склаліся інакш. Фёдар Машын загінуў у час выканання адказнага задання. І група яго таксама. Ад яе засталося шэсць чалавек, трое з іх у шпіталі. Атрад «За Радзіму» таксама быў няблізка, з ім ніякай сувязі, ды там цябе ведалі як сувязную, а вось пра заданне ісці працаваць у ГФП — нічога... Пакуль выйшлі на нас, на разведку, пакуль падпісалі дакументы ў Маскве. У адной з шыфраграм Фёдар паведаміў пра цябе, потым яшчэ ў адной вельмі высока ацаніў тваю работу, рэкамендаваў цябе для далейшай работы ў разведцы. Але ўсё гэта высветлілася літаральна пазаўчора, і я адразу паехаў па даручэнні камандавання ў Мсціслаўль. Ёсць тут і яшчэ такія-сякія справы...

Я слухала яго моўчкі. Я бачыла шмат смерцяў, але ніяк не магла ўявіць, што загінуў камандзір дыверсійнай групы Фёдар Машын.

— Таварыш падпалкоўнік, калі можна, раскажыце, як гэта здарылася.

Ён уздыхнуў.

— Так, здарылася, хоць здарыцца не павінна было. Вельмі вопытныя людзі былі ў групе Машына, не гаворачы ўжо аб ім самім. Табе дзякуй яшчэ раз, ты ў многім ім дапамагла, твае звесткі былі вельмі каштоўныя. Група атрымала загад: ва ўзаемадзеянні з партызанамі знішчыць аб’ект гітлераўцаў. Усё было разлічана дэталёва, быў вызначаны дакладны тэрмін. Аб’ект трэба было знішчыць. Літаральна за дзень да гэтага партызанскае злучэнне, з якім для выканання гэтай аперацыі павінна была аб’яднацца група Фёдара, трапіла ў блакаду. Зараз разбіраемся, у чым там была справа, відаць, здрада... Машын перадаў у цэнтр, што ідзе на аб’ект сваімі сіламі. Аб’ект быў знішчаны, а вынік табе вядомы — загінулі такія хлопцы. — Ён глядзеў у адну кропку шэрымі вачамі. — Многія загінулі ў гэту вайну, многія яшчэ ў зямлю лягуць, а кожны раз усё ніяк не можаш змірыцца...

Капітан і старшына прыйшлі, хутка накрылі стол — тушонка, вяндліна, халодная бульба, бутэлька гарэлкі. Гарэлку налілі ў салдацкія алюмініевыя конаўкі. Капітан узяў конаўку, устаў.

— Давайце вып’ем за Лену, — сказаў ён. — Яна гэта заслужыла. І не наша віна, што такія дзяўчаты замест таго, каб радавацца жыццю, гадаваць дзетак, кахаць, павінны ваяваць, рызыкаваць жыццём. Давайце вып’ем за яе, за паспяховую работу, за тое, каб яна была шчаслівая. І за хутчэйшую, поўную перамогу нашу над фашыстамі.

— Можна, я сёння ж паеду дамоў у Касцюковічы? — спытала я. — Там у мяне сын.

— Мы ўсё ведаем. Сёння ты выпі яшчэ чайку і кладзіся спаць, толькі не ў камеры, вядома, — сказаў падпалкоўнік. — Дзе ты, капітан, уладкуеш нашу Леначку?

Капітан не доўга раздумваў.

— А тут, у маім кабінеце. Зараз старшына арганізуе.

Яны ўсталі.

— Адпачывай, спі і забудзь пра ўсё, што было, — падпалкоўнік усміхнуўся, і голеная яго галава пакрылася маршчынкамі. — А заўтра раніцай аб усім пагаворым падрабязна.

Яны пайшлі, я лягла спаць і заснула імгненна. Я сніла сон. Мы з Леанідам упершыню прыехалі ў маю родную вёску. Абое маладыя, шчаслівыя. Я не пісала бацьку, што выходжу замуж, і наша з’яўленне было для яго нечаканым.

Ён уважліва паглядзеў на нас і ўсё зразумеў.

— Здаецца, вас трэба бласлаўляць?

— Так, тата. Гэта мой муж Леанід. Роўна тыдзень назад мы зарэгістраваліся.

Бацька замітусіўся, рады быў гасцям. Ён жа таксама быў адзінокі...

Я не ведала, хто з нас мацней кахаў — я ці Леанід, але я заўсёды адчувала, што ён намнога мацнейшы за мяне — больш спакойны, разважлівы. Часам здаралася, я падала духам, не ўсё ж было гладка, але побач з ім немагчыма было быць разгубленай.

— Больш слухайся розуму, — гаварыў Леанід. — Больш думай і па магчымасці спакайней.

Я бачу сон: мы ў бацькавай хаце, раніца, цішыня. Леанід падыходзіць да мяне і гаворыць: вось і ўсё ў парадку, патрэбна толькі вытрымка і спакой. Бачыш, я ж гаварыў табе...

Расплюшчваю вочы і бачу: стаіць каля канапы старшына, трасе мяне за плячо і гаворыць:

— Ну і спіш ты!

Аказваецца, ужо дванаццатая гадзіна.

— Уставай, падпалкоўнік ужо больш дзвюх гадзін чакае цябе. Загадаў не будзіць, колькі б ні спала. Але тут пазванілі, ехаць яму трэба. А гэта вось апрані.

На крэсле вісіць новенькая, з іголачкі, гімнасцёрка, спадніца, побач стаяць афіцэрскія хромавыя боты. Я хутка апранаюся, прыбіраю ў пакоі. Хвілін праз пятнаццаць уваходзіць падпалкоўнік Сяргей Данілавіч. Старшына прыносіць чай, каўбасу, сыр.

— Як спалася? — пытае ён. — Я б цябе не будзіў, але... Ехаць мне трэба кіламетраў за семдзесят. А трымаць цябе да заўтра, пакуль вярнуся, не хачу.

Мы п’ём моцны духмяны чай, гаворым пра тое, што перамога цяпер блізка. Падпалкоўнік расказвае, што яго ўнуку трэці год, у эвакуацыі з сям’ёй, на Урале, і ён хутка ўбачыць яго, а вось бацька ўжо ніколі — загінуў пад Сталінградам.

— А ў нас да цябе яшчэ адна справа, Леначка, — гаворыць падпалкоўнік, крыху памаўчаўшы. — Цяжка, вядома, прапаноўваць табе ўсё гэта. Дзіця на руках, з мужам невядома што, наогул, цяжка, але вайна, нічога не зробіш. Калі адмовішся, не пакрыўдзімся, а не адмовішся, — дзякаваць будзем.

— Што я павінна зрабіць?

— Так у двух словах не растлумачыш. Скажу адно — заданне надзвычай небяспечнае, цяжкае. Працаваць прыйдзецца ў тыле ў немцаў...

— Я згодна. Я ўсё разумею, — гавару і адчуваю, як мурашкі забегалі па спіне.

— Вось і цудоўна. Мы не сумняваліся, ведалі, што дасі згоду, — падпалкоўнік сціскае маю далонь. — Табе трэба будзе прайсці спецыяльную падрыхтоўку ў цэнтры, ды толькі так, каб ніхто амаль не бачыў. Заданне патрабуе асаблівай канспірацыі. На месцы табе ўсё растлумачаць.

— Калі гэта трэба?

— Тыдзень адпачнеш дома, у Касцюковічах, пабачышся з сынам.

— Калі?

— Сёння паедзеш. Машына ўжо чакае. Праз тыдзень па цябе прыйдуць.

Падпалкоўнік сказаў, што сын ні ў чым не будзе мець патрэбы, свякроўка будзе атрымліваць грошы, і я магу не хвалявацца.

Падпалкоўнік развітваецца са мной, гаворыць, што мы яшчэ ўбачымся, хутка ўбачымся.

— А гэта вазьмі, твае дакументы, — ён працягвае мне нейкія паперы. — З імі адчувай сябе спакойна.

У «газіку» ляжыць рукзак, набіты кансервамі, хлебам, шакаладам.

— Гэта твой зароблены паёк, — усміхаецца старшына, праводзячы мяне. — А наконт таго... ну, сама ведаеш, аб чым гавару, прабач. Словы ўсякія кідаў, таму што сілы няма глядзець на гэтых паскуд, хлопцы там, на фронце, а я пасля ранення... Словам, прабач, не ведаў я, хто перада мной.

«Газік» ірвануў з месца. Мы едзем па вуліцах Мсціслаўля, тых самых, па якіх ішла калона зняволеных. Толькі цяпер заўважаю, што многія дамы спалены, людзей амаль няма.

— Ты едзь хутчэй, хутчэй, я вельмі цябе прашу, — гавару я шафёру, маладзенькаму яфрэйтару. — У мяне там, у Касцюковічах, сын, а водпуску ўсяго тыдзень.

Наш «газік» не едзе — ляціць міма вёсак, па дарозе, што пятляе ў лесе, вось і царква, дзе мы, арыштанты, начавалі, вось і паварот на Касцюковічы. Мы едзем па горадзе, і мне здаецца, што я так даўно не была тут, цэлую вечнасць.

— Сюды, сюды паварочвай, вось мая вуліца, — гавару я шафёру нецярпліва.

«Газік» тармозіць каля маленькага, абкружанага зелянінай доміка. Каля веснічак у пяску корпаецца хлопчык, Ягорка, мой Ягорка! Я амаль на хаду саскокваю з падножкі, кідаюся да яго:

— Сыночак, сыночак!

Ён ледзь пазнае мяне ў форме, але праз імгненне крычыць:

— Ма-ма! — і бяжыць мне насустрач...

 

23

Галоўны прачытаў сцэнарый, сказаў, што ён так прыкладна ўсё сабе і ўяўляў, хоць Андрэй у некаторых месцах перабраў з негатыўнай фактурай, а ўсё ж неабходна захоўваць хоць бы раўнавагу, але гэта можна выправіць, ужо ў такім выглядзе сцэнарый можна пакласці на стол перад членамі мастацкага савета, а затым і паказаць старшыні Дзяржкіно.

Андрэй адчуваў нейкую шчымлівую пустату, як заўсёды, дарэчы, пасля заканчэння вялікай работы, хацелася проста валяцца на канапе і глядзець у столь. Але часу да ад’езду на Алімпіяду заставалася мала, і праходзіў ён у нейкай незразумелай мітусні. Алесь усё ж запрасіў гасцей, адкладваць вяселле было няёмка, але настрой ва ўсіх быў змрочны — Алег ляжаў у бальніцы, а ўрачы нічога пэўнага не гаварылі, спасылаючыся на доўгае абследаванне. Святлана знаходзілася ў нейкім дзіўным стане пастаяннага раздражнення, ён некалькі разоў стараўся пагаварыць з ёй, але нічога не атрымлівалася. Ён суцяшаў сябе, што ўсё пройдзе, як ужо бывала неаднойчы, яна супакоіцца, проста стамілася на сваёй нуднай, шэрай рабоце... У аўторак увечары, прыйшоўшы са студыі з кінакамерай і касетамі з плёнкай, ён сказаў, што трэба падумаць пра добры падарунак для Алеся і тое-сёе ўзяць з сабой, бо хлопцы прыйдуць яшчэ і развітацца з ім самім. Паездка наперадзе вельмі далёкая і хутчэй за ўсё нялёгкая.

Яна павяла плечуком і кінула яму ў твар:

— Я нікуды не пайду. Колькі гадоў бачыць і чуць усё адно і тое ж. Усю вашу кампанію. Павер, надакучыла мне ўсё гэта.

Андрэй нічога не адказаў, спакойна склаў чамадан — кашулі, гальштукі, некалькі штофаў «Белавежскай», блакноты і, апрануўшыся, пайшоў да выхаду.

Кацька выйшла са свайго пакоя, спытала:

— Тата, ты куды, позна ўжо...

— Прайдуся крыху, дачушка, і вярнуся.

На вуліцы было холадна. Раптоўна пачалася адліга, снег пачарнеў, з дахаў капала. Днём свяціла сонца, тэмпература была плюсавая, а ўвечары сырасць прабірала наскрозь. Андрэй намацаў у кішэні грошы, падумаў, што нядрэнна было б зайсці куды-небудзь.

Пахадзіў па вуліцах, потым зайшоў у аўтамат, набраў нумар тэлефона Ірыны. Пачуў яе голас, мяккі, спакойны, і павесіў трубку. Гэта не выйсце, гэта не можа быць выйсцем. З палёгкай увайшоў у свой пад’езд, строс кроплі вады з курткі. Дома прайшоў у свой пакой і, накрыўшыся цёплай ватнай коўдрай, лёг на канапу. Праз некалькі хвілін, сагрэўшыся, паўтараў сам сабе: «Вось і добра, зусім добра» — і заснуў. Ноччу яму сніліся дзіўныя сны. Ён ішоў з Алесем і незнаёмай жанчынай (раніцой яе твар было немагчыма ўспомніць) па замёрзлым лёдзе Свіслачы. Раптоўна жанчына правалілася пад лёд і пачала тануць. Ён скочыў у ваду следам за ёй, не паспеўшы скінуць куртку...

Андрэй расплюшчыў вочы, убачыў над сабой столь і супакоіўся. Ён падняўся і прайшоўся па пустых пакоях. У спальні пах духоў, дэзадаранта, відаць, Святлана толькі-толькі пайшла. Андрэй прайшоў у кухню, адкрыў халадзільнік і ўзяў бутэльку кефіра. Апусціўся на табурэтку і маленькімі глыткамі пачаў піць. Што з ёю адбываецца? Ён не можа зразумець, а што, калі... раптам знайшла каго-небудзь іншага? Усё вельмі зразумела, не жыць жа з ім вось так... Знайшла, а цяпер пакутуе, або хоча знайсці, але баіцца ягоных успышак рэўнасці, непатрэбных гаворак.

Ён стаў пад ледзяны душ. Цела прыемна пранізала тысячамі іголак. Абцёрся і пачаў старанна галіцца. Ён любіў, калі гэту працэдуру можна было рабіць, не думаючы аб часе. Твар стаў гладкі і свежы. Наогул прыемны твар. Чаму ён падабаецца многім, а яна настолькі халодная да яго як жанчына, быццам перад ёю манекен. Неверагодна. Лепш не думаць пра гэта, а жыць у заведзеным рытме і далей, не стрымліваючы ні сваіх эмоцый, ні жаданняў. Ён выйшаў на вуліцу, ачысціў машыну ад мокрага снегу, уключыў магнітафон. Адразу стала ўтульна і настрой без усякіх на тое прычын палепшыўся. На студыі прастаяў ля касы ў чаканні авансу. Частку трэба аддаць Святлане, а на другую купіць падарунак Алесю і яго новай жонцы. Але што купіць? Увайшоў у прыёмную галоўнага, спытаў у сакратаркі:

— Што б вы купілі на вяселле лепшаму сябру?

— Лепшым падарункам была б ваша адсутнасць. Андрэй не разумеў, жартуе яна ці не.

— Чаму? — здзіўлена сказаў ён.

— Інакш нявеста можа збегчы з вамі.

Сакратарка галоўнага засмяялася, прыкрываючы пафарбаваны рот далонню.

Андрэй зрабіў выгляд, што жарт яму спадабаўся, і ўсё ж папрасіў яе даць параду без усякіх жартаў. Жонка ў ад’ездзе, а ён не майстар на такія пакупкі. Сакратарка параіла яму ехаць, нікуды не паварочваючы прама ў мастацкі салон на Ленінскім праспекце, дзе можна купіць добрую і, галоўнае, інтэлігентную рэч. Андрэй паехаў у салон, успомніўшы, што там у яго ёсць знаёмая прадаўшчыца, высокая бландзінка.

Яе звалі ці то Соня, ці то Ніна, Андрэй так і не ўспомніў, дарэчы, гэта і не спатрэбілася, таму што бландзінкі ў магазіне не было, а сам магазін быў напоўнены рознымі таварамі. Андрэй адразу вырашыў выбраць карціну. Тут было некалькі вельмі някепскіх работ, асабліва адна — адзінокі чалавек крочыць па асенняй прасёлачнай дарозе, што знікае недзе ўдалечыні. Ён купіў гэту карціну і ўжо ў машыне падумаў, што Алесь зараз не адзін, іх двое, але, можа, гэта і добра — ён ішоў па дарозе, што выклікае незразумелы смутак, і ўсё ж знайшоў тое, да чаго ішоў.

З дому Андрэй пазваніў Святлане на работу, але тэлефон быў увесь час заняты, і толькі хвілін праз дваццаць, калі палец ужо зусім занямеў, ён пачуў Святланін голас.

— Я разумею, што ў цябе кепскі настрой, але сёння не той выпадак, павер, не той. Нам трэба ісці да Алеся ўдваіх, тым больш што я ад’язджаю, — Андрэй гаварыў, стараючыся быць спакойным.

— Але ў нас жа няма падарунка, — адказала Святлана, і Андрэй з палёгкай уздыхнуў:

— Не хвалюйся, я купіў падарунак. Калі заехаць?

— Праз гадзіну. Я думаю, што адпрашуся. Трэба паспець яшчэ прывесці сябе ў парадак.

Роўна праз гадзіну ён заехаў па яе.

— Я дрэнна выглядаю? — спытала яна, перахапіўшы ягоны позірк.

— Добра, ва ўсякім разе для мяне, — адказаў ён, калі машына кранулася з месца.

— Амаль не спала ўсю ноч, — адказала Святлана. — Ты прабач мне за ўчарашняе, нервы зусім сапсаваліся.

— Я таксама дрэнна спаў, — сказай Андрэй, адчуваючы, як на душы спакайнее. І як гэтая недарэчнасць магла лезці яму ў галаву раніцай! Ну, вядома, звычайная жаночая істэрычнасць, якую ніхто ў прыродзе не можа растлумачыць. Ён адчуў раптам, як многа не расказаў ёй за гэтыя дні.

Спачатку пра Алега, ён зноў у бальніцы.

Святлана ўздыхнула.

— Я вельмі баюся. Не дай бог што-небудзь здарыцца з табой. Я ўсё думаю аб пералёце. Мы з Кацькай будзем вельмі чакаць цябе...

Яна дацягнулася да ягонай шчакі і пацалавала.

— Усю ноч хацела прыйсці да цябе, папрасіць прабачэння. Але ты страшэнна хроп.

Ён засмяяўся.

— І бачыў ідыёцкія сны. Быццам ратаваў нейкую жанчыну. Вось толькі твар успомніць не магу, з-пад лёду... Яна ішла і правалілася пасярэдзіне ракі. Гэта не ты была?

Дома Святлана пабурчэла крыху наконт купленага падарунка. Карціна добрая, але яна наганяе сум. Ну, нічога, улічваючы, што распісваецца сёння не хто-небудзь, а Алесь, падарунак падыдзе, а нявесце яна падорыць новенькі касметычны набор.

— Дарэчы, а хто гэта нявеста?

— Наш чалавек, блізкі па духу ў поўным сэнсе гэтага слова, — адказаў Андрэй. — Тэлевізійны работнік, вядзе перадачы. Ты яе яшчэ вельмі хваліш заўсёды.

— Ды ты пра гэта мне тысячу разоў гаварыў. Я іншае маю на ўвазе — што яна за чалавек?

Тут Андрэй не вытрымаў, паваліўся на ложак у спальні і зарагатаў:

— А хто гэта можа сказаць, што вы за людзі, жанчыны? Я яе бачыў усяго адзін раз, ды і то позна ўвечары. Алесь крыху болей. Нам усім яна спадабалася. А час пакажа.

— І ён ужо не плача аб дачцэ, яе лёсе?

— А што плакаць? Іншага выйсця ў яго не было.

— Я лічу, што з жаніцьбай мог бы яшчэ пачакаць.

— Ты ж ведаеш Алеся, уяўляеш, як цяжка яму было. У такім стане заставацца аднаму проста нельга.

Святлана паглядзела ў люстэрка.

— Вельмі баюся старасці, проста жахліва. Хвароб баюся, сваіх, вашых з Кацькай. Няўжо, каб здарылася са мной што ці, скажам, пакінь я цябе, ты адразу б знайшоў сабе жонку, як гэта зрабіў Алесь?

— У цябе дзіўны настрой. Я ўвесь час думаю, у чым справа, і не магу зразумець. Ты ж ведаеш, як я адношуся да цябе і да Кацькі.

Больш ён не знайшоў што сказаць, выйшаў са спальні ў свой кабінет, дастаў з шафы цёмна-сіні касцюм у палоску, кашулю, гальштук. Як адвык ён ад гэтых убораў! Чапляць іх на сябе проста пакуты. Ён з’явіўся перад ёй у гэтым незвычайным выглядзе, Святлана ўзняла на яго вочы.

— Табе вельмі да твару гэты касцюм. Ты ў ім зусім малады. Не, лепей ужо цягай свае звыклыя джынсы і світэр. Я буду больш спакойная.

Кватэра, у якой жыў цяпер Алесь Маркевіч, сустрэла іх шумам галасоў. Пасярэдзіне стаяў накрыты на ўвесь пакой стол.

— Яшчэ б крыху, і вам давялося б сядзець на кухні, — прамовіў Алесь. — Там месцы для тых, хто спазніўся.

Вочы ў Маркевіча гарэлі, ён быў румяны.

— Мы цябе, чорта кіношнага, паўдня з Пашуком шукалі, але так і не знайшлі. Махнулі ў Бараўляны на аўтобусе. Зайшлі да Алега і, уяві сабе, у холе гэтай жудаснай бальніцы выпілі бутэльку шампанскага, — гаварыў Алесь весела. — Уяўляеш, аб чым гаворка?

— Пакуль слаба, — адказаў Андрэй.

— Усё ў Алега ў парадку, у поўным ажуры. Аказалася там нейкая дробязь... Правялі абследаванне, поўны парадак, нашы рады і не думаюць радзець. Ён сядзеў скурчаны, але прасветлены, заўтра яго перавядуць адтуль у нармальную бальніцу. Так што сёння і яшчэ адна прычына...

— А зараз давай малаток і цвік. Буду падарунак да сцяны прыбіваць, — сказаў Жыліч.

Калі ўсё было гатова, Алесь адступіў на некалькі крокаў, уздыхнуў.

Ён разгарнуў карціну, выбраў месца, куды яе прыладзіць.

— Як ты адгадаў... Месцы як дзве кроплі вады каля маёй вёскі. Адыходжу я ад дома, адыходжу. Дзякуй, стары. Вернешся з Амерыкі, махнём мы да мяне на некалькі дзянькоў. Не пашкадуеш.

За сталом Андрэй успомніў, што з раніцы амаль нічога не еў, ён хутка пачаў хмялець, і жонка Пашука, што сядзела побач, усё падкладвала яму закускі.

— Ты еш, Андрэйка, еш, вечар доўгі.

Потым яна сказала:

— Дарэчы, пра цябе часта пытаюць, цікавяцца тваім жыццём, а ты хоць бы слова сказаў.

— Не ведаю, пра каго гаворыш, — буркнуў Андрэй у адказ.

— Не прыкідвайся. Усё ты выдатна разумееш. А Іра цудоўная жанчына, такімі не кідаюцца. А можа, ты думаеш, што ў цябе два жыцці? Старасць не за гарамі, яшчэ якіх-небудзь дзесяць гадкоў, і кім мы станем?

Яна засмяялася.

Спачатку тост сказаў сам Алесь — за ўсіх сваіх сяброў, якія не адступілі, падтрымалі ў цяжкія хвіліны жыцця і сёння, у радасны дзень, таксама побач. Потым Пашук доўга разважаў аб значэнні гэтага моманту ў жыцці Алеся і практычна перахапіў тост у Андрэя.

Андрэй устаў з бакалам шампанскага і пачаў з таго, што кожнаму чалавеку трэба мець дах над галавой, куток, дзе цябе чакаюць жаночыя ласка і цеплыня. І ён, Андрэй, і ўсе сябры Алеся спадзяюцца, што іх сябар і выдатны паэт знойдзе ў гэтым доме тое, што неабходна кожнаму чалавеку.

Ён сеў, і Святлана, нахіліўшыся, спытала:

— А ў цябе ў самога ўсё гэта ёсць?

— Ёсць, безумоўна, ёсць.

— Калі вернешся з Амерыкі, ты мяне не пазнаеш, вось убачыш, не пазнаеш.

Назаўтра вечарам Андрэй ад’язджаў. Раніцай ён пазваніў маці, спытаў:

— Як справы?

— Чакаю, — адказала Алена Аляксандраўна. — Стамілася ўжо чакаць. Людзі на мяне зноў касавурацца.

Ён пастараўся супакоіць яе, сказаў, што ўсё ўладкуецца, а калі і да яго прыезду не будзе адказу, дык яны разам паедуць у Маскву, і ўсё стане на свае месцы.

 

З амерыканскага дзённіка Андрэя Жыліча

 

Упершыню камеру расчахліў у самалёце: ад нас вярталася дамоў амерыканская зборная па боксу. Без перакладчыка наладзілася гаворка амерыканцаў з нашымі хакеістамі. Падумаў: мо гэта і ёсць пачатак будучага фільма? Здымаў і не ведаў, што я апошні чалавек, які здымаў амерыканскую зборную. (Праз некалькі месяцаў у газетах прачытаю: самалёт са зборнай загінуў пры пасадцы ў варшаўскім аэрапорце, усе хлопцы загінулі.) Праз знаёмага масквіча (аглядальніка адной з цэнтральных газет) пытаюся ў амерыканскага цяжкавагавіка:

— Што найбольш запомнілася ў нашай краіне?

Ён смяецца і адказвае:

— Вялізныя партрэты ледзь не на кожнай вуліцы...

Я выключаю магнітафон, здымаю з пляча кінакамеру. Саджуся ў крэсла.

Масквіч смяецца:

— Нічога, затое ў іх на кожным кроку сацыяльныя кантрасты. Я пра гэта напішу, ты здымеш фільм. Справа звыклая.

Я маўчу. Колькі я наздымаў партрэтаў і жывых твараў на розных урачыстасцях?!

У Нью-Йорку набіраю нумар беларускага прадстаўніцтва. Жаночы голас паважліва запытваецца пра маё прозвішча, пасаду, мэту прыезду і толькі тады злучае з Мікалаем Аляксандравічам. Ён ведае пра мой прыезд, яму званілі з Міністэрства замежных спраў, прасілі дапамагчы. У Нью-Йорку Мікалай Аляксандравіч каля сямі гадоў, выдатна ведае горад, краіну. Я чую прыемны, мяккі голас. Ён распытвае пра мэту майго прыезду, пра тое, колькі дзён наша невялічкая група прабудзе ў Нью-Йорку, сказаў, што заўтра роўна ў адзінаццаць гадзін ён з’явіцца ля нашага атэля на сваёй машыне.

Поўны парадак! Можна крыху супакоіцца і адкінуць думкі пра тое, што я дарэмна даставаў плёнку, пісаў заяўкі, цягнуў з сабой кінакамеру. З першых момантаў, як толькі за вокнамі аўтобуса з’явіліся нью-йоркскія небаскробы, я адчуў, што за некалькі дзён мне не разабрацца ў гэтай краіне, як не змаглі разабрацца ў ёй тыя, хто здымаў доўгія і кароткія фільмы да мяне...

Спартыўны рэпарцёр з Масквы Алег, з якім я пазнаёміўся ў даўнія часы вучобы ў сталіцы, паглядае на мяне з усмешкай.

— Здымай фільм пра мужнасць нашых спартсменаў на Алімпіядзе, і хопіць, — гаворыць ён. — Навошта табе здалася гэтая Амерыка...

Вечарам мы ўдвух выходзім з атэля «Вентворс», што на 59-й стрыт у Нью-Йорку. З боку порта над Іст Рывер раптоўна задулі пранізлівыя, халодныя ветры. Па прамых, быццам пад лінейку вычарчаных, вуліцах Нью-Йорка загулялі скразнякі. Уздоўж стаялі заваленыя снегам аўтамабілі.

— Ведаеш, мне пашанцавала, — гаворыць Алег. — Я зрабіў правільны выбар у жыцці — спорт.

— У чым тут асаблівае шчасце? — здзіўляюся я.

— Усё вельмі проста, — адказвае Алег. — Мне амаль не даводзіцца хлусіць...

Я смяюся ў адказ:

— А допінг, а продаж гульняў?! А тое, што суддзі бяруць вялізныя грошы... Сам ведаеш за што... Нешта я не чытаў пра гэта ў тваіх рэпартажах...

— Досыць, досыць! — ён махнуў рукой. — Але ж гэта дробязь у параўнанні з вялізнай маной, якую вывальваюць на нашы галовы мае неспартыўныя калегі. Такое пішуць?! А я жыву няблага — маё сумленне ў парадку, плюс вось такія паездкі па некалькі разоў на год... Ты яшчэ паспееш зразумець, што гэта нядрэнна. Асабліва пасля таго як мы пабываем у крамах. Бяруся быць тваім гідам...

Некаторы час мы ішлі моўчкі. Неўзабаве апынуліся ў канцы Таймс-сквера, у тым самым месцы, дзе сыходзяцца Брадвей, 42-я вуліца і 7-я авеню.

— Калі ён не памёр, я вас пазнаёмлю, — раптам сказаў Алег.

— Хто?! — спытаў я са здзіўленнем.

— Адзін невідушчы стары. У мінулы прыезд я кожны дзень бачыў яго... Ён заўсёды раніцай з’яўляецца ў цэнтры Брадвея, сярод ззяння рэклам і натоўпу цікаўных...

І сапраўды, стары, апрануты ў анучы, сядзеў ля невялічкага кафэ. Стары нервова чакаў нечага... Ён уздрыгваў ад звону дробных манет у кансервавай бляшанцы. Дрыжала скіраваная ў невядомасць рука... Стары не мог бачыць людзей, да якіх моўчкі звяртаўся з мальбой аб дапамозе. Ён сапраўды быў сляпы.

У бляшанку ўпалі яшчэ некалькі манет, і стары з нечаканай хуткасцю штурхнуў дверы ў кафэ. Ён амаль не перажоўваючы глытаў сасіскі, хлеб...

— Яму яшчэ пашчасціла ў жыцці, — сказаў Алег, калі мы пайшлі далей. — У яго ёсць начлег. Тут недалёка яшчэ адзін стары. Усе яго пажыткі на вуліцы — анучы, зношанае адзенне, стары абутак. Ён не трымае пустой бляшанкі, не просіць міластыню. Ён, мусіць, даўно страціў усякую надзею і, зрэдку пакідаючы свой пост, корпаецца ў сметніках. А вакол людзі...

Перад тым як заснуць, Алег бярэ ў рукі адну з амерыканскіх газет. Некалькі мінут разглядае яе моўчкі, потым гаворыць:

— І як у гэтым усім разабрацца... Паслухай:

«Самы вялікі распродаж аўтамабіляў.

Трыццацігадовая Юдзіф Конгруф забіла свайго сына Томаса Конгруфа ў Лейк-Джорджы. Ёй пагражае турэмнае зняволенне тэрмінам да трыццаці гадоў...

На Брадвеі зноў дэманструецца суперсексфільм «О, Калькута...».

Пахаванне паліцэйскага. Ён забіты ў Нью-Йорку. Пышная цырымонія. Заплаканыя твары жонкі і дзяцей.

Рабочыя атэля Хілтан у Лейк-Плэсідзе Вільям Вілі арыштаваны паліцыяй штаба Нью-Йорк за спробу падпалу атэля. Страты складаюць тысячы долараў. Матывы невядомыя.

Перадвыбарнае выступленне Эдварда Кенэдзі.

Хутка будзе паказаны новы фільм жахаў «Сківіцы-2».

Рэклама новай пасты для мыцця аўтамабіляў.

Партрэт злачынцы з подпісам: «Беражыцеся!» Злачынца забіў пяцярых у нью-йоркскім метро».

А вось і навіны, што датычаць непасрэдна Алімпіяды ў Лейк-Плэсідзе...

Алег паглядае на мяне:

— Можаш запісваць... Ганарар — «Белавежская»...

Ён чытае далей:

«У Лейк-Плэсідзе з’явіліся маляўнічыя плакаты з алімпійскай эмблемай і словамі: «Калі ласка, планета, мы гатовы!»

Алег цытуе газету, што выходзіць непадалёк ад Лейк-Плэсіда, у Платсбургу: «Нягледзячы на праблемы і супярэчнасці, Алімпіяда праходзіць тут!»

Алег пацепвае плечукамі:

— І ўсё ў гэткім тоне... Публіцыстыка, га?! Цяпер давай паслухаем тэленавіны. Мне ж заўтра перадаваць рэпартаж.

На экране з’яўляецца маладжавы каментатар. Словы ляцяць як кулі.

Каментатар паведамляе, дзе паркуюцца ў Лейк-Плэсідзе аўтамабілі, як праехаць да месца правядзення Алімпіяды... Крыху збаўляе бадзёры тон і гаворыць пра тое, што ўсё ж цяжкасці будуць — наплыў турыстаў велізарны, і ў сувязі з гэтым заезд у Лейк-Плэсід на ўласных аўтамабілях на час Гульняў забаронены, але будуць чартэрныя аўтобусы, якія каго хочаш даставяць куды хочаш...

Са слоў каментатара ўсё ж вынікае — Алімпіяду ў Лейк-Плэсідзе чакаюць вялізныя выдаткі, поўная неразбярыха.

У газетах трывога — ці можа наогул гэта вялікае спартыўнае свята наладжвацца ў такім невялікім гарадку?.. Называліся лічбы — «спартанскія» Алімпійскія гульні коштам 25 мільёнаў долараў з’елі 200 мільёнаў долараў, але, магчыма, сума будзе яшчэ большай. Амерыканскі ўрад уклаў у Гульні 100 мільёнаў долараў, а ўрад штата — яшчэ 50 мільёнаў... Газеты пісалі — дзе сабраць яшчэ «ўсяго толькі» 50 мільёнаў...

— Згадзіся, у гэтым амаль немагчыма разабрацца, — гаворыць Алег. — Але на рэпартаж мне хопіць...

Ён п’е халодную каву і садзіцца за стол, нешта хутка піша. Заўтра раніцай яго выклікае рэдакцыя. А мне можна спаць... Першая ноч у Амерыцы прайшла без сноў...

Раніцай ледзь прачнуўся.

— Такія нервы бываюць толькі ў кіно, — гаворыць Алег.

Ён паголены, апрануты ў спартыўны касцюм.

— Не выклікае Масква, — гаворыць ён. — Можа, забыліся пра маю грэшную душу, а можа, папёр афіцыёз. Дарэчы, па цябе праз сорак мінут заедуць... Званіў нейкі чалавек...

— Мікалай Аляксандравіч?

— Так, я сказаў, што ў цябе летаргічны сон. Амерыка падзейнічала...

Я падскочыў з ложка, імгненна апрануўся.

— Уяві сабе — не выклікаюць... І гэта ў той час, калі рэпартажы перадаюць зусім іншым спосабам. Шкада, калі не перадам...

І тут зазваніў тэлефон. Алег схапіў трубку:

— Так, гэта я! Гатовы...

І ён пачынае перадаваць... Так, ён узяў інтэрв’ю ў некалькіх чалавек, якія маюць дачыненне да Алімпіяды (яны паведамілі яму самыя розныя падрабязнасці), ён нават паспеў пабываць у арганізацыйным камітэце...

Алег скончыў дыктаваць і сказаў:

— Ну як табе?

— Нармальна, — адказаў я. — Ты вопытны рэпарцёр.

Іронію ў маім голасе ён, вядома, адчуў, сказаў:

— Такая наша служба, браце...

Праз некалькі мінут мы стаялі ля атэля. У маёй руцэ была кінакамера. Мяне цягнула пачаць здымкі зараз жа: насупраць тырчэлі бліскучымі галовамі ў неба небаскробы. Але павінен з’явіцца Мікалай Аляксандравіч. Ён падкаціў на белым «Крайслеры», выскачыў з кабіны, працягнуў руку:

— Камінскі.

Нас праглынулі мяккія белыя крэслы, за вокнамі паплыў Нью-Йорк.

— Сёння і заўтра я ў вашым распараджэнні. Больш, выбачайце, не змагу. Адрасы — Гарлем, Кітайскі квартал, Бруклін... Што яшчэ?

Я не адказаў.

— А сёння раю пакінуць свае долары. Больш такой магчымасці не будзе. Таму едзем на Яшкін-стрыт.

Алег узрадавана гаворыць:

— А я думаў дабірацца туды сам. Выдатная вуліца. Якраз па нашых грашах. Люблю пазбавіцца ад іх своечасова, каб не блукаць па супермаркетах.

На вузкай вулачцы, уздоўж якой цягнуліся невялікія крамы, многія размаўлялі па-руску.

— Раю зайсці сюды, — сказаў Мікалай Аляксандравіч.

— Я тут бываў таксама, — Алег заўсміхаўся. — Паляк, былы савецкі афіцэр...

З партрэта на нас глядзеў маладжавы чалавек у форме савецкага маёра. Стары, які толькі ў нечым нагадваў фотаздымак, сустрэў Камінскага словамі:

— Даўно не прывозілі сюды суайчыннікаў...

Мы выйшлі ад яго з набітымі сумкамі, і Камінскі параіў зайсці яшчэ ў некалькі магазінчыкаў. Мы зазірнулі ў адну лаўку, другую... І раптам — ягоны твар.

— Заходзьце, — не гледзячы на нас, гаворыць ён.

Я ўтароплена гляджу на яго.

— Чым багатыя? — пытаецца Алег.

— Магу прапанаваць джынсы.

— Цана...

— Пяць-сем долараў.

— Выдатна. Паказвай, стары, тавар.

Ён кладзе перад намі некалькі пар. Я не магу скрануцца з месца, я гляджу на ягоны амаль непазнавальны твар.

...Бойка была жорсткая. Я адчуваў — прапушчу яшчэ некалькі ўдараў і павалюся. Іх намнога больш. І раптам адвальваецца адзін, другі. Дзяўчына за маёй спіной у небяспецы. Гэта быў ён, Раман...

...Праклятая матэматыка. Кантрольная на выпускным экзамене. Пот цячэ па маім твары. Самалёт ляціць у ягоны бок, потым — назад. Ніхто не заўважыў. Я выратаваны. Маці не давядзецца чырванець за мяне.

...Выстаўка: «Фармальнае фота». Яе нарэшце дазволілі. Быў пачатак шасцідзесятых. Я ўглядаюся ў ягоныя работы, незвычайныя, нязвыклыя, па-за межамі разумення. Я кажу яму: «Паехалі разам вучыцца ў Маскву». Ён смяецца: «Хто мяне возьме?..»

Потым ён знік — ні званкоў, ні чутак. І раптам мне сказалі: «Раман паехаў...» Куды, навошта?

Усё гэта імгненна прамільгнула перад вачыма. Я зноў гляджу на яго. Ён пачырванеў, у яго дрыжаць рукі.

— Алег, я пачакаю... Там... Мне не патрэбны джынсы.

Я выскачыў на вуліцу нібыта з лазні. Ля машыны Камінскага мяне кранае за плячо Алег:

— Дзівак... Такая цана... Я ўзяў чатыры пары. Калі што, дзве правязеш... Таможня...

Сэнс ягоных слоў не даходзіць да мяне.

— Куды зараз? — пытаецца Камінскі.

— Не хочацца здымаць, — адказваю я.

— А гэты дзівак пытаўся, адкуль мы, дзе спыніліся, чаго прыехалі. Прыемны хлапец. Скінуў цану.

Пасля вячэры зазваніў тэлефон. Я адарваўся ад экрана тэлевізара, зняў трубку, пачуў ягоны голас:

— Калі сустрэнеш каго са знаёмых... Перадай прывітанне. Не кажы толькі, дзе бачыў мяне. Асабліва Таццяне.

І ўсё, кароткія гудкі. Якой Таццяне? Я не мог успомніць. Прайшло столькі гадоў...

Пачакай... Ты знік не раптоўна. Чаму я ніколі не думаў пра гэта? Мажліва, што тады, у даўнія гады нашай маладосці, я не надаваў значэння некаторым тваім словам... Часам я не звяртаў на іх увагі, а часам яны заставаліся для мяне незразумелымі...

Неяк я зазірнуў у тваю фоталабараторыю, што знаходзілася ў падвальным памяшканні старога дома на былой Нямізе. Ты паказваў новыя работы, гаварыў, што збіраешся паказаць іх на чарговай гарадской выставе. Аднак у тваіх словах гучэла няўпэўненасць — работы даволі незвычайныя, іх зноў зарубяць, што здаралася ўжо неаднойчы. Я пачаў супакойваць цябе, сказаў, што часы мяняюцца на вачах, самыя розныя творы прабіваюцца на паверхню, заяўляюць пра сябе ўсё больш гучна. І твае фармальныя фотаздымкі гэтаксама праб’юцца... Была ж адна выстава, даволі папулярная, і твае работы былі прадстаўлены на ёй...

Ты нічога не адказаў. Некаторы час мы моўчкі трухалі поруч па вузенькай вулачцы. Раптам ты сказаў:

— Усе нашы намаганні не маюць сэнсу...

Я здзівіўся, сказаў, што ў кожнага з нас столькі планаў, можа, нават зашмат і кожны мае добрыя шанцы ўсё здзейсніць...

— Тут у мяне нічога не атрымаецца. Я ў гэтым перакананы, — адказаў ты.

Я згадзіўся:

— Няма чаго заставацца ў Мінску... Што ні кажы, правінцыя, ды яшчэ якая... Паехалі разам вучыцца ў Маскву, у адзін інстытут...

Ты рассмяяўся і нічога не адказаў. Толькі цяпер я зразумеў, што ты меў на ўвазе...

я пазваніў табе, калі даведаўся пра тваё рашэнне. Твая

Яшчэ я добра памятаю нашу апошнюю размову. Так, маці ледзь чутна, слабым голасам адказала, што цябе няма дома, але праз імгненне, мусіць, пазнаўшы мяне, сказала, што зараз ты падыдзеш. Ты вымавіў усяго два словы:

— Што трэба?

— Хачу аддаць табе кніжку, — нечакана для сябе сказаў я.

— Якую яшчэ кніжку?!

— Сартра... «Словы»...

— Можаш пакінуць яе сабе...

Мы абодва маўчалі.

— У мяне мала часу, — ты першы падаў голас.

— Навошта ты зрабіў гэта?

— Паслухай... Я столькі разоў апошнім часам адказваў на гэта пытанне... Больш не магу і не хачу!

Гэта была апошняя наша размова. Праз год я даведаўся, што памерла твая маці. На пахаванне я спазніўся і праз некалькі дзён пасля гэтага паклаў кветкі на свежую магілу. Я нават не ведаю да гэтага часу, ці дайшла да цябе навіна пра смерць маці...

Мне раптам захацелася пайсці да цябе, прабіцца праз шматлікія стрыты і авеню, паглядзець у твае вочы і зноў задаць тое ж самае пытанне... Але дзе ты і ці захочаш мяне бачыць?.. І можа, наогул мая галоўная тэма тут — твой лёс, тваё жыццё?!

Я чую голас Алега за спіной:

— Хутка апранайся... Цябе чакае цудоўны вечар.

— Які вечар, дзе?

— Тут недалёка... Усяго пяць долараў... Я мінулы раз быў. Не пераказаць... Уяві сабе — жывое каханне на сцэне...

— Навошта кахаць на сцэне?

— Правінцыял няшчасны! — выпальвае Алег і знікае.

Я падыходжу да акна. За ім — акіян святла. Недзе сярод яго твой агеньчык...

 

...Праз некалькі дзён на золку мы пакінул атэль «Вентворс» на 59-й стрыт у Нью-Йорку, а наш вечна ўсмешлівы, наскрозь прапахлы ментолавымі цыгарэтамі вадзіцель Мел Сінгер, «былы марак і былы гандляр», аб’явіў:

— Бяром курс на Лейк-Плэсід.

У гэты дзень ён быў непазнавальны — акуратны, урачысты ў асваім чырвоным фірменным пінжаку. Пераняўшы наш позірк, Мел пажартаваў:

— У мяне няма ў Лейк-Плэсідзе сяброўкі. Але вы самі зразумееце, чаму я так выфранціўся сёння.

І неўзабаве мы ацанілі Мела як след. У час доўгай дарогі ў Лейк-Плэсід ён старанна націскаў на газ, і за перавышэнне скорасці яго спыніў паліцэйскі на машыне, які невядома адкуль з’явіўся. Мелу пагражаў штраф у пяцьдзесят долараў і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў, што ні нас, ні яго, не магло задаволіць. Мел доўга гутарыў з паліцэйскім, але, бадай, не дабіўся б поспеху, калі б не нашы значкі з эмблемай маскоўскай Алімпіяды. Паліцэйскі здаўся.

— Вязі сваіх рускіх з богам, — сказаў ён.

— Значкі паберажыце! — пракрычаў нам узрадаваны Мел. — З гэтымі хлопцамі прыйдзецца сустрэцца неаднойчы.

...Усё больш станавілася вакол снегу — мы ехалі на поўнач штата Нью-Йорк, амаль да самай граніцы з Канадай. Вакол аўтастрады былі скалы, пячоры, у цяснінах гор цяклі хуткія рэкі. Так і ўяўлялася, што на скалістым беразе вось-вось з’явіцца індзеец на кані са знаёмых кінабаявікоў... То абганяў, то адставаў ад нас стары «Крайслер». Наверсе — дзве пары лыжаў. Унутры — усмешлівыя твары маладой парачкі. Дзяўчына працягнула з акна маленькі амерыканскі флажок, указала пальцам на нас: «Амерыканцы?»

Давялося некалькі разоў надрапаць на шкле: «USSR». На тварах здзіўленне. Дзяўчына замахала рукамі, быццам крыламі, маўляў, прыляцелі? Мы зразумелі, што яна мела на ўвазе, — інцыдэнт з савецкім самалётам у нью-йоркскім аэрапорце. Нам пашанцавала — мы прыляцелі раней, і ўсё абышлося без канфліктаў.

Шэсць гадзін язды па вельмі неблагой, але далёка не падобнай на звыклыя амерыканскія аўтастрады дарозе, і мы аказаліся ў маленькай, у адну вулачку, вёсачцы Данямора, за 32 мілі ад Лейк-Плэсіда. Нас чакаў утульны атэль, усмешлівыя твары гаспадароў. Справа была не ў традыцыйнасці амерыканскай усмешкі. Гаспадары атэля прывыклі да публікі больш неспакойнай. За сорак метраў ад атэля ўзвышалася велізарная сцяна з вартавымі вышкамі наверсе. Цэнтральная турма штата Нью-Йорк. У асноўным крымінальныя злачынцы. Усяго дзве з палавінай тысячы, тэрміны зняволення — ад двух да ста пяцідзесяці гадоў. Звычайна ў атэлі пасяляюцца іх сваякі, і тады гаспадарам страшнавата спаць побач з імі. Добра, што амаль усё насельніцтва Даняморы — паўтары тысячы чалавек — ахоўнікі турмы, узброеныя, як гаворыцца, да зубоў, і калі што...

— Але вы можаце не хвалявацца, — сказалі нам гаспадары атэля. — Турма тут існуе 200 гадоў, і не было ніводнага выпадку ўцёкаў з яе.

Неўзабаве мы пазнаёміліся з дужымі хлопцамі, са зброяй, дубінкамі, вялікімі звязкамі ключоў ад камер. Яны выбягалі проста з варот турмы ў суседні бар, каб адвесці душу за кілішкам-другім у размове з нармальнымі людзьмі, адпачыць ад крымінальных элементаў, сагнаных у Данямору з самага, па іх жа ўласных словах, «крымінальнага штата Амерыкі...».

«Вы нам падабаецеся», — гаварылі жыхары вёскі.

З самага першага дня я здымаў у Лейк-Плэсідзе людзей з плакатамі, на якіх было накрэслена: «Спыніць Алімпіяду ў турме!»

Заезд у алімпійскую вёску. Натоўп паліцэйскіх ля ўвахода, праверка прапускоў.

Праверка прапускоў і ля ўвахода ў прэс-цэнтр. Ён знаходзіўся ў мясцовай сярэдняй школе якраз насупраць Палаца спорту. Туды было не ўбіцца... Карэспандэнты Асашыэйтэд Прэс размясціліся ў школьнай бібліятэцы, тэлебачанне — у спартыўнай зале...

У Нью-Йорку мы бачылі па тэлебачанні вясёлы твар прэзідэнта Алімпійскага камітэта свяшчэнніка Бернарда Фела. Ён гаварыў аб тым, што пасля правядзення Алімпіяды ў Лейк-Плэсідзе ў 1932 годзе, пасля перыяду вялікай дэпрэсіі ў горадзе адбыўся скачок у эканоміцы... Потым Лейк-Плэсід дабіваўся права на правядзенне Алімпійскіх гульняў у 1960 , 1968, 1972 і 1976 гадах. Усе спробы заканчваліся без поспеху. І вось у 1974 годзе на сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта ў Вене вялікае «шчасце» прываліла Лейк-Плэсіду.

Потым свяшчэннік Фел знік з экранаў тэлевізараў. Яго не маглі злавіць журналісты, аператары. Ён быццам ператварыўся ў невідзімку. Адна турыстка ў поўным адчаі пазваніла на мясцовае радыё і прапанавала адправіць свяшчэнніка Бернарда Фела з кампаніяй астатніх членаў мясцовага Алімпійскага камітэта ў Іран і абмяняць іх на амерыканскіх заложнікаў.

Калі мы ехалі ў Лейк-Плэсід, у газетах пісалі пра тое, што ўсе білеты на Алімпіяду прададзены. Але потым высветлілася, што палавіна месцаў нават на стадыёне, размешчаным у цэнтры Лейк-Плэсіда, пустуе.

Я здымаў свяшчэнніка Фела, які знаходзіўся ў стане поўнага адчаю, прапанаваў свой план, які прадугледжваў праводзіць Алімпіяду... без гледачоў. У справу ўмяшаўся губернатар штата Нью-Йорк Х’ю Кэры. Ён увёў у Лейк-Плэсідзе надзвычайнае становішча. Фел расказаў, што губернатар ноччу пазваніў арганізатарам Белай Алімпіяды і прыгразіў на час спыніць Алімпійскія гульні, калі яны не навядуць парадак.

«Велізарная колькасць людзей імкнулася выкарыстаць Алімпійскія гульні ў сваіх інтарэсах», — заявіў нам на прэс-канферэнцыі Пітэр Спарні, прафесійны кансультант, якога запрасілі для таго, каб нейкім чынам навесці парадак.

З Пітэрам Спарні многія былі не згодныя. Яго жорстка крытыкавалі за тое, што ён не змог вырашыць праблему транспарту, білетаў, акрэдытацыі і жылля для персаналу, што абслугоўваў Алімпіяду. Дарэчы, многія тэхнічныя работнікі Алімпіяды пасяліліся па дваццаць чалавек у адным пакоі, ва ўмовах намнога горшых за турэмныя.

«Нам неабходна было значна больш дапамогі з боку дзяржаўнага сектара, — заявіў Пітэр Спарні. — Мы рабілі ўсё гэта ва ўмовах сістэмы свабоднага прадпрымальніцтва».

Я купіў майку з надпісам: «Я перажыў Алімпіяду ў Лейк-Плэсідзе».

У газетах пачалі пісаць аб тым, што на Белай Алімпіядзе нажываецца амерыканская мафія... Але гэта, дарэчы, ужо нікога не трывожыла...

Я здымаў усё запар. Можа атрымацца нешта нядрэннае. Сказаў пра гэта Алегу. Той усміхнуўся:

— Я ж сказаў табе — здымай спорт. Усю Амерыку табе не раскусіць...

...Апошнія хвіліны ля атэля «Вентворс». Што там у маці. За ўсе дні я ўпершыню падумаў пра яе...

Мел націскае на газ. Паехалі. Я бачу маленькую, скурчаную фігурку ўдалечыні, ля падножжа вялізнага небаскроба. Чаму ён не падышоў да мяне, чаму?

 

24

 

Чаканне для Алены Аляксандраўны стала набываць дзіўныя, часам паўфантастычныя формы. То яно нагадвала гарачы, распалены метал, то рабілася ледзяное, як рыпучы студзеньскі снег, абдавала холадам, то ператваралася ў звычайны шэры абломак скалы, на якую можна было абаперціся ў сне. Чаканне не пакідала яе ні на імгненне, яно хадзіла следам па вуліцах. Заставалася разам з ёю на адзіноце ў яе кватэры ля возера, уваходзіла ў клас і, сеўшы на першую парту, глядзела на яе сваімі празрыстымі, нецярплівымі вачамі...

Варта было ёй зайсці ў настаўніцкую — і запаноўвала глухая цішыня. Ёй пачынала здавацца, што і Міхаіл Іпалітавіч паглядае на яе з некаторым недаверам, не, вядома, ён, у адрозненне ад завуча, стараецца трымаць сябе ў рамках, ён не гаворыць ёй нічога крыўднага, але ўсё ж... А дарэчы, можа, ёй толькі здаецца. Чаканне забірае апошнія сілы, з кожным днём яна адчувае, што пачынае рабіць усё праз сілу, ёй засцілае вочы паўпразрыстая заслона, і ўсё, што адбываецца ў жыцці, нядаўна такое яшчэ звыклае, бачыцца быццам здалёк, робіцца чужое, старонняе.

Пазваніла Галя. Сказала, што чуткі дапаўзлі да работы Георгія, там таксама апынулася нейкая агульная знаёмая. Ён у поўнай разгубленасці, і яны абое хвалююцца: калі ж усё гэта скончыцца?

Алена Аляксандраўна адчула, як у ёй ажывае, гатовая ўзарвацца, міна запаволенага дзеяння, сказала, што іх гэта не датычыць і датычыць наогул не можа, кінула трубку і ўсё ўпершыню расказала Соф’і Фёдараўне, якая выпадкова зазірнула ў той вечар да яе.

Тая слухала моўчкі ўсю доўгую гісторыю, з самага пачатку, з даваеннага яшчэ часу, твар яе то чырванеў, то бляднеў, яна села да яе зусім блізка і слухала, слухала.

— Як жа ты магла, якое права мела маўчаць усе гэтыя гады, мы ж нявечныя, зразумей, калі ласка. Усё магло адысці, знікнуць разам з табой назаўсёды. Вядома, табе было б ужо ўсё роўна, ты зрабіла сваю справу, і на гэтым кропка, але справа не ў табе. У знаёмых, у тваёй Каці...

Яна гаварыла нязвыкла хутка.

— Я зусім не хачу дакараць моладзь, як многія старыя. Але мы ім больш павінны расказваць, даказваць, усе мы, хто так шмат перажыў у жыцці. І ты ў першую чаргу. Гадоў жа табе было намнога менш, чым тваёй Галі, якой на ўсё цяпер напляваць, толькі б дом у яе быў поўны...

— Не трэба так аб ёй, прашу цябе, — прамовіла Алена Аляксандраўна няўпэўнена. — Вельмі шмат такіх людзей вакол. Іх так многа, што ім тыя, хто адрозніваецца ад іх, здаюцца проста дзіўнымі, незразумелымі. Нехта вельмі правільна сказаў, што мы любім нашых дзяцей таму, што яны народжаны намі. Таму мы і называем іх нашым другім «я»... Тут і ўся наша радасць, і наша бяда, — усіх без выключэння бацькоў. Нам вельмі горка памыляцца ў сваіх дзецях, мы чапляемся за надзеі: «Не, яны не такія, яны не могуць быць дрэнныя, гэта ж нашы дзеці». Я шмат разоў гутарыла з самымі рознымі бацькамі, і разумнымі, і не вельмі, і ты ведаеш, усе аднолькавыя, амаль аднолькавыя.

Соф’я Фёдараўна пачала распытваць у Алены Аляксандраўны аб яе жыцці, чаканне крыху адступіла, прыйшлі ўспаміны. Яны пілі чай, Алена Аляксандраўна расказвала, Соф’я Фёдараўна ківала галавой: «Я заўсёды думала, што ў табе ёсць нешта вельмі глыбока схаванае».

Яна хацела паказаць Соф’і спісаныя лісткі, але падумала, што зробіць гэта пазней. Яны доўга хадзілі потым па алеях ля возера. Быў лёгкі марозік, ён схапіў раскіслы днём снег. Алена Аляксандраўна выгаварылася так поўна ўпершыню за ўвесь час, ёй стала неяк лягчэй.

— Пачакай яшчэ крыху, ды трэба ехаць. Або яшчэ пісьмо напісаць. Давай разам напішам. Ты і так вельмі доўга чакала. Я сама з табой паеду... А што? Табе будзе лягчэй са мной, ты ж не такая смелая, якой была тады, прызнайся мне, не такая?

Яна ішла побач у старэнькім паліто з каўняром з чарнабурай лісы. Калісьці такія паліто былі вельмі модныя, Соф’я доўга збірала на яго грошы і потым прыйшла да яе шчаслівая, усмешлівая. Алена не зразумела спачатку, у чым справа, а потым убачыла гэтую серабрыстую лісіцу.

— Добра, што ты прыйшла сёння, дзякуй табе вялікі, — сказала Алена Аляксандраўна. — Так дрэнна адной вечарамі. Кацька вельмі занятая — трэніроўкі, музыка, урокі. Вырываецца раз у тыдзень. У Андрэя нейкае проста вар’яцкае жыццё. Зараз паехаў бог ведае куды.

— Ты даўно магла мне расказаць пра ўсё, даўно, разумееш. Колькі гадоў прайшло, столькі гадоў...

Яны ішлі згорбіўшыся, прытуліўшыся адна да адной, па пустой, заснежанай алеі, дайшлі да моста, потым вярнуліся назад.

— А ведаеш, я застануся ў цябе начаваць, — прапанавала Соф’я Фёдараўна. — Пазваню дамоў, каб не хваляваліся, і застануся. Спяшацца мне няма куды, я пенсіянерка закончаная.

Алена Аляксандраўна пасцяліла сабе на канапе, а Соф’і на ложку. Яна выключыла святло і праз некалькі мінут пачула мернае дыханне. Яна так рэдка чула нечае дыханне ў сваім пакоі. Неяк адразу супакоілася і імгненна заснула.

Праз некалькі дзён быў аўторак, яна, як звычайна, прайшла цераз парк і апынулася каля школы. Да пачатку заняткаў заставалася яшчэ паўгадзіны, і Алена Аляксандраўна вырашыла пабыць на вуліцы. Пачалася сапраўдная зіма — свяціла сонца, мароз быў не менш васьмі-дзевяці градусаў, ні ветрыку, і птушкі на дрэвах паводзілі сябе як увесну.

Непадалёк ад школы сутыкнулася з Міхаілам Іпалітавічам. Ён ішоў у расшпіленым паліто, без шапкі.

— Я ўжо званіў вам дамоў... Тэрмінова выклікаюць у гарком партыі. Вы павінны быць там праз дваццаць мінут.

— Але ж у мяне ўрок.

— Пра які ўрок можа ісці гаворка. Вас чакае першы сакратар.

Яна адчула, як наліваецца цяжарам партфель у яе руках.

— Што яны сказалі?

— Пазванілі з прыёмнай. Назначылі час. Добра, што я сустрэў вас.

— Вядома, я паеду, — толькі і сказала Алена Аляксандраўна і пайшла да аўтобуса.

Міхаіл Іпалітавіч апынуўся побач.

— Я думаю, што нарэшце прыйшоў адказ, — сказаў ён. І ўзяў у яе з рук партфель. — Інакш першы сакратар наўрад ці выклікаў бы вас, разумееце, чалавек ён вельмі заняты, такі вялікі горад, столькі спраў.

Ён праводзіў яе да самага аўтобуса, і, ужо сеўшы на свабоднае месца, Алена Аляксандраўна ўспомніла, што партфель так і застаўся ў яго.

У гаркоме партыі, як заўсёды, было шмат людзей. Яна ўвайшла ў прыёмную сакратара, сказала сакратарцы:

— Маё прозвішча Жыліч. Мяне выклікалі.

— Я зараз далажу, — сказала сакратарка і пайшла ў кабінет.

Яна выйшла праз мінуту.

— Вам прыйдзецца пачакаць. Іван Сцяпанавіч размаўляе з Масквой.

У прыёмнай гулка біў старадаўні гадзіннік. Ёй здавалася, што ўсё роўна яе сэрца б’ецца гучней.

У кабінет першага прайшлі нейкія людзі. Да яе падышла Валянціна Мікалаеўна, сакратар гаркома, моцна паціснула руку, усміхнулася і таксама ўвайшла ў кабінет.

Праз некалькі хвілін першы сакратар гаркома адкрыў дзверы і запрасіў яе зайсці. Людзі сядзелі ўздоўж доўгага паліраванага стала.

— Я разумею, Алена Аляксандраўна, як цяжка далося вам гэта чаканне. Мы атрымалі адказ з Масквы. Мы адкрылі яшчэ адно імя чалавека, які здзейсніў незвычайна выдатны подзвіг у час Вялікай Айчыннай. Я ўвесь час думаю, адкуль вы ўзялі столькі сіл, столькі вытрымкі, мужнасці?

Яго голас то набліжаецца, то аддаляецца.

— Я хачу сказаць вам сёння вялікі дзякуй за ваш подзвіг.

Сакратар гаркома ўзяў са стала букет ружаў і ўручыў ёй. Яна ўзяла яго, але так нічога і не змагла сказаць.

Сакратар гаварыў аб тым, што вайна даўно ўжо скончылася, амаль цэлыя чатыры дзесяцігоддзі прайшло, але мы яшчэ не ведаем пра ўсе подзвігі, пра ўсіх герояў, якія гатовы былі аддаць жыццё і аддавалі яго не раздумваючы, каб новыя пакаленні змаглі жыць шчасліва.

— Вас, Алена Аляксандраўна, знойдуць і вашы баявыя ўзнагароды, і мы вас будзем віншаваць, і ў газетах пра вас напішуць. Людзі, як мага больш людзей павінны ведаць пра ваш подзвіг. І калі ў вас ёсць нейкія нявырашаныя праблемы, ну, чыста жыцейскія, то вы, калі ласка, звяртайцеся, мы гатовы дапамагчы вам у любых пытаннях.

— Нічога не трэба. Дзякуй. У мяне ўсё ёсць.

Сакратар гаркома абняў яе, пацалаваў. Усе прысутныя ў кабінеце падыходзілі да яе і паціскалі руку. Валянціна Мікалаеўна запрашала яе зайсці ў свой кабінет.

— Вось і ўсё ў парадку, вось і ўсё добра. Як пішуць у газетах, вы дачакаліся свайго зорнага часу. Зараз я пазваню ў школу, раскажу ім пра ўсё. А вы не хвалюйцеся, Алена Аляксандраўна, я вельмі прашу вас. У вас вельмі бледны твар, ідзіце дамоў і адпачніце. Я разумею, перажыць сённяшняе ненамнога прасцей, чым учарашняе.

Алена Аляксандраўна выйшла з гаркома, паспрабавала набраць поўныя лёгкія паветра, але грудзі быццам сціснула абручом.

Яна павольна пайшла па вуліцы. У мозгу стукала: «Ты дачакалася, дачакалася...»

Яна ідзе па доўгай, доўгай дарозе. Дрэвы, пакрытыя снегам, дамы, людзі страчваюць абрысы, расплываюцца ў тумане, яна ідзе зусім адна, у грудзях робіцца горача, ірвецца туга нацягнуты трос, становіцца лёгка, вельмі лёгка.

 

Яна выходзіць з туману, хочацца расплюшчыць вочы, але ў мозгу плаваюць, мяняюцца адно за адным успаміны, шумяць вакол незнаёмыя галасы. Яна адкрывае, нарэшце, вочы і не можа, як ні стараецца, зразумець, дзе знаходзіцца. Ясна, што яна ляжыць, над ёй лямпачка ў жалезным абажуры белага колеру, крыху вышэй столь, таксама белая. Павяла вачамі ўбок. З’яўляецца, прымаючы дакладныя абрысы, потым зноў расплываецца, незнаёмы жаночы твар.

Голас:

— Вяртаецца прытомнасць, бачыце, вяртаецца прытомнасць.

Яшчэ голас:

— Што з ёю?

Андрэй? Адкуль ён узяўся? Яна хоча спытаць, але вусны сухія і язык не варушыцца.

— Усё павінна быць у парадку.

Гэта ўжо голас Фёдара.

Мужчынскі незнаёмы голас:

— Я сказаў вам — усё самае страшнае прайшло. Яна будзе жыць. Паверце мне.

Яе зноў цягне да сябе гарачы туман. Белая столь ляціць угору, лямпачка ў жалезным абажуры ператвараецца ў маленькую кропку.


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Урок маўчання: Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 5-245
Крыніца: скан