epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кавыль

Пад зорамі белымі

 

* * *

 

Паэзія

не табака

               малакроўным нюхаць.

Паэт

не застыглая ў статыцы мумія.

Паэзія -

ў сэрцы будзіць завірухі.

Паэт

за мільёны адзін думае

У квактаньні жаб

прыгажосьці крупінка.

Для сэрца закон?

Не ўтаймуеш кратамі.

Буду йсьці ад сябе

як заўжды‚ і прыпынкі

Рабіцьму над тым‚

што натхніць і

               раскратае.

 

 

Беларусь

 

Беларусь ты мая‚ Беларусь‚

Няугасная зорка Вэнэра‚

Я агнём тваім вечным гару‚

У тваё уваскрошаньне веру.

 

У крывава-чырвоным вянку

Не шчарнелі пялёсткі шыпшыны...

Бачу: госьці на Нёман-раку

Прыляцелі з далёкай краіны...

 

Вырай‚ доўга чаканы‚ расьце.

Груганьнё закрычала над лугам.

А у тых белакрылых гасьцей

На грудзёх залатыя кальчугі.

 

Беларусь ты мая‚ Беларусь‚

Няўгасная зорка Вэнэра‚

Я агнём тваім вечным гару‚

У тваё уваскрошаньне веру.

 

1953

 

 

Мая малітва

 

Крыжы і кроў-людзкое семя‚

Як хлеб‚ сьвятло‚ - штодзённы дар...

Народжаны у Віфлееме‚

Збавіцель наш і Уладар‚

 

Як паміраючы бяз хлеба

Аб хлебе‚ буду паўтараць -

Зыйдзі яшчэ адзін раз зь неба

Не навучаць‚ зыйдзі караць.

 

Адамаў род ня верыць цуду‚

Аслова праўды не кажы.

І мы‚ як Ты‚ па волі Юды

Пакуты зносім на крыжы.

 

Зыйдзі‚ зьбяры раскрыжаваных‚

Вядзі ў сьвяты‚ апошні бой.

Нябожчыкі зь зямлі устануць

І пойдуць з намі за Табой.

 

9.04.1950

 

 

Храм

 

Грэх на сэрцы цяжкі‚ нібы камень:

На зямлі я найпершы Адам...

Не знаходжу я шчасьця ў храме‚

Бо ў сэрцы разбураны храм.

 

Недаверкі жадалі ад Бога

Захаваць сваіх душаў ключы.

Перацяў мне цень іх дарогу‚

Не магу ад яго уцячы.

 

Хоць вазьмі упадзі плашчаніцай -

Неспраможная гора гара:

Майго крэдо згасаюць зарніцы‚

Ды‚ успыхнуўшы‚ ледзьве гараць.

 

І гняце гэты цяжар‚ як камень.

На зямлі я найпершы Адам.

Я знайду сваё шчасьце у храме‚

Калі ў сэрцы збудую храм.

 

 

Падзямельная песьня

 

На зямлі мне і душна‚ і цесна;

Пад зямлёю душней‚ ды прасторней.

Падзямельная ціхая песьня

Супакоем мне сэрца агорне.

 

Лямпы-зьнічкі‚ падземныя зоры‚

Ў сутарэньні пабліскваюць здрадна.

Далямітныя рушацца горы‚

Мне насустрач ідзе непрагляднасьць.

 

Не праспэкты суворыя штрэкі‚

Не на йгрышча іду я у ручу -

Нада мною вазёры і рэкі‚

Пада мною агонь няўміручы.

 

Патаёмнасьць і веліч тварэньня‚

Даляміты і вугальны камень...

Не‚ ня час‚ а магутнейшы гэні -

Бог стварыў усё зямное рукамі.

 

Гэтай думцы было калісь цесна

У галаве маёй зараз - прасторней.

Падзямельная ціхая песьня

Супакоем мне сэрца агорне.

 

1947‚ Бэльгія

 

Тлумачэньне:

«Штрэк» - ход‚ дарога пад зямлёй.

«Руча» - лава‚ мейсца дабычы вугалю.

 

 

Я улюбляны

 

Я улюбляны ў сонныя сіні‚

Футбалістых гульнёй усхвалёван.

Ня шукаю сьвятой Еўфрасіньні -

Разухаблены сьвет‚ размалёван.

 

Рафаэля тускнеюць мадонны‚

Шчэрыць зубы вычварны Пікассо.

Акіян захлябнуўся бяздонны‚

А на небе грымотныя кляксы.

 

І сымфонію глушаць куранты‚

Зор рубінавых дзіды у сіні...

Дзе вы‚ дзе вы‚ суворыя Гранты‚

Дзе ты‚ дзе ты‚ мая Еўфрасіньня?

 

1953

 

 

Нірвана

 

Я ніколі ня буду Буддам:

Просяць помсты балючыя раны.

Па зямлі маёй блудзяць прыблуды -

Як-жа мне спачываць у нірване?

 

Я - жабрак‚ бяспрытульны бадзяга‚

З роднай хаты прышэльцам прагнаны.

Як-жа піць бястурботнасьці брагу?

Калі стогне мой край зрабаваны?

 

Мне палацаў‚ ні славы ня трэба.

Я й пад плотам сабе нагарода.

Але бачу насупленасьць неба‚

Чую енкі майго народу...

 

І пакуль не адпомшчу прыблудам‚

Не ўтаймую балючыя раны‚ -

Я ніколі ня буду Буддам‚

На зямлі не знайду нірваны.

 

 

Шчасьце

 

Я за шчасьцем па ўхабах зямлі

І цьвярозы бадзяўся і п'яны...

Залатых міражоў караблі

Адплылі‚ адплылі ў акіяны.

 

Да апошняе прыстані крок‚

Ня ў кішэні душа і жаданьні.

Тваё мейсца‚ паэт і прарок‚ -

Пад платамі з галотай буяніць.

 

Не табе‚ не табе сумаваць‚

Ня ўсё і ў палацах суцешна.

Мяне будуць вятры адпяваць -

Мне й тады будзе крыху сьмешна.

 

 

Санэт

 

Я разгубляў санэты ля дарог‚

Калі хаваўся ад сябе самога.

Я не прасіў ратунку у нікога‚

І сам нікога ўратаваць ня мог.

 

Мінулі дні. Ступіў я на парог

Другой зямлі‚ ня выклятае Богам.

Хоць у грудзёх ня выцьвіла трывога‚

Ды прывід сьмерці тут я перамог.

 

Час уваскросіць мілыя санэты‚

Час разбудзіць тэрцыны‚ трыалэты‚

Хай на чужой‚ няветлівай зямлі.

Век не бадзяцца сумнаму па сьвету‚

Плакаць аб тым‚ што ружы адцьвілі...

Сатльлю зьвінець мусіць верш паэта.

 

1947‚ Ля-Лювер‚ Бэльгія

 

 

На Новы Год

 

Мару‚ спадзяюся - прыйдзе хтосьці

З цяплынёй і сьвятасьцю ў паглядзе;

Скажа: «З Новым Годам!» Любым госьцем

За мой стол уквечаны прысядзе‚

 

Як калісь далёка там‚ далёка‚

На Радзіме любай‚ сінявокай‚

Мне падорыць цёплы пацалунак‚

З навагодніх лепшы падарунак.

 

Маўкліня‚ і сьвечка ледзь іскрыцца.

Я сяджу‚ як высьмеяны рыцар...

Сэрца разрываецца ад болі.

За вакном халоднае сьвітаньне.

Ня збыліся мары‚ спадзяваньні

І ня збыцца‚ мабыць‚ ім ніколі.

 

1947

 

 

Ветры сьвішчуць

 

Ні кала‚ ні двара і ні хаты‚

А наўкола ветры сьвішчуць.

Роніць восень ліству‚ як дукаты‚

На руіны‚ папялішчы.

 

Патускнеламу сонцу бязьмежжа‚

А пад сэрцам смокча спрага.

Дзесь сягоньня заб'юць‚ ці зарэжуць‚

Дзесь віно бушуе‚ брага...

 

Прыпаду да граніту ніцам -

Стогне камень‚ енчыць камень:

- Хто ты духам‚ жабрак‚ або рыцар?

- Не валодаеш рукамі?

 

Падпарадкую розуму сэрца‚

Не заўсёды давяраю...

Нада мной хай нядоля сьмяецца -

Я пакутую для Краю.

 

 

Просьба

 

Каля Слуцку ёсьць адно сяло‚

Невялічкае‚ двароў зь дзесятак.

Калі-б вас туды як завяло‚

Пашукайце‚ калі ласка‚ хату...

 

Паміж хат яна адна‚ бадай‚

На страсе гадуе мох зялёны...

На дварэ красуе лебяда‚

Ля варот сумуюць ціха клёны.

 

На кале пузаты дрэмля гляк‚

Пад хлявом цабэрак у мякіне...

На градзе цьвітуць півоні‚ мак‚

Па сяброўках журыцца вярбіна.

 

Вы напэўне знойдзяце‚ і вас

Прывітаюць хлебам чорным з сольлю‚

І сьцюдзёны спрагу ўтоліць квас‚

Пачастуюць бульбаю з фасолей...

 

Запытайцеся тады ў той‚

Што спаткае і адчыніць дзьверы‚

Ці чакае скуль-нібудзь сватоў‚

Ці ня ўтраціла надзею й веру.

 

І адкажа - як-жа‚ абяцаў...

Толькі‚ мо‚ німашака на сьвеце...

Не чакайце сумнага канца

І маёй пакутніцы скажэце‚

 

Што жыву‚ кахаю і прыйду‚

Як зямлю маланкі зноў ахрысьцяць.

Хай прадзе пачынкі сьветлых дум‚

Тчэ сузор'і радаснага прыйсьця.

 

1952

 

 

Вячоркі

 

Сіні вечар. Белы сьнег.

Скрып варот. Дзявочы сьмех.

Вецер‚ спрытны‚ жартаўнік‚

Кужаль выхапіў і зьнік.

Хтось згубіў верацяно.

Жарты ўспыхваюць ізноў.

Месяц чысты‚ малады

Абапёрся на сады‚

Падглядае із-за хат.

Дзед надзеў сівы халат‚

Выйшаў сенцы адчыніць‚

А наўкол агні‚ агні...

Месяц глянуў за парог‚

Залаты сыпнуў гарох.

З хусткаў зоры-матылькі

Разьлятаюцца ў куткі.

На камінку смалякі

Палыхаюць. Дзяцюкі

Пазіраюць з-за стала‚

Ці каханая прыйшла...

Нібы пчолы у вульлі‚

Дзеўкі‚ хлопцы загулі.

Закружыўся калаўрот.

Не змаўкае карагод.

Песьня родзіцца сама:

- Ой‚ ты‚ зімушка-зіма...

Поўнач певень пракрычыць‚

Час вячоркам на спачын‚

Ды ня моўкнуць песьні‚ сьмех.

Сіні вечар. Белы сьнег...

 

 

Ідзі, ідзі...

 

Упала ноч.

Як эдэльвайсы‚ зоры

Цьвітуць над Альпамі.

Аскепак-маладзік

У неба ўрэзаўся.

Блакітнае на горы

Імжыць сьвятло.

А ты ідзі‚ ідзі...

Якая ноч!

Як у сьвятыні‚ ціха

І урачыста.

На калені упадзі.

Вунь там агонь міргае...

Шчасьце зь ліхам

Кладуцца спаць...

А ты ідзі‚ ідзі...

Трывожыць ноч‚

як сьмерці жах мінулы‚

І прышласьць мроіцца‚

як недабіты дзік.

Нібы агонь‚

няўсподзеў шуганула

Жаданьне жыць.

Каб жыць‚

          ідзі‚ ідзі...

Разьбілась ноч‚

і зазьвінелі зоры.

Прамень‚ як штых‚ бліснуў...

І маладзік

Зьбляднеў‚

самлеў.

Ружовае на горы

імжыць сьвятло.

А ты ідзі‚ ідзі...

 

1944-1952

 

Тлумачэньне:

«Эдэльвайс» - кветка зь белымі‚ ніколі ня высыхаючымі пялёсткамі.

 

 

Франтавое

 

Зоры ў небе‚ як срэбныя росы.

Месяц-гузік на шэрым шынэлі.

Фасфарычныя бзыкаюць восы...

Добра тым‚ хто на цёплай пасьцелі.

 

Мне падушкай - сталёвая каска.

Збоку туліцца «жонка» із Тулы...

У вакопе студзёна і гразка...

Добра тым‚ што навекі паснулі.

 

Із-за лесу разьведчык чырвоны‚

Здэцца ўлез бы ў зямлю з галавою.

Лес надзеў залатыя пагоны...

Уставайце‚ галодныя воі!

 

 

Два крыжы

 

Узмах зьбялелае рукі...

Як каршуны‚ у просіні

Наўцёк у высь штурмавікі.

- Матуля родная‚ уваскросьні!..

 

Із рота кроў‚ як вішняў сок.

Прыйшоў ён ды ня з радасьці

Упаў на стоптаны пясок.

- Забойца-брат‚ парадуйся!...

 

Вачэй дзьве пары‚ як нажы.

Кінжал упаў‚ пад брытваю...

Стаяць два новыя крыжы

І трэйці хтось з малітваю...

 

3.07.1950

 

 

Тост

 

І там‚ над Нёманам‚ зіма.

І тут халодныя норд-осты.

Нас там‚ іх тут няма‚ няма...

Каму прысьвеціць сёньня тосты?

 

Я п'ю за тых‚ хто ў гэты час

Дзесь ловяць ворагаў на «мушкі».

Я п'ю‚ хай кожны вып'е з вас

За слаўных воінаў Вітушкі;

 

За тых‚ што мужна паляглі

На сопках жоўтых пад Пхеньянам‚

Каб зоры белыя зямлі

Гарэлі радасна і п'яна...

 

За тых‚ хто сэрцу дарагі‚

Падымем горыч вышэй гора.

Няхай змагарныя сьцягі

Зь вятрамі буйнымі гавораць.

 

1952

 

 

* * *

 

Байдаркі і яхты... Бурхлівыя хвалі.

Вятры заблудзіліся ў ветразях белых.

І шчоглы хрыбты да вады пазгіналі.

Дарогу у мора бясьпечным і сьмелым!

 

Дарогу у мора‚ у штормы‚ у буры!

Няўтоймныя сэрцы жывуць небясьпекай.

Сівы акіян бровы шэрыя хмурыць‚

У сударгі кінула рэчкі і рэкі.

 

У бухты даўно караблі паўцякалі:

На моры у штормы ня знойдзеш ратунку.

А човен плыве па разьюшаных хвалях‚

У чорную даль углядаецца юнга...

 

1953

 

 

Хоць лістам зеляніцца

 

Пачарнела золата. Да плоту

Гоніць вецер. І маўчыць нівошта.

Пасылае ціхую дрымоту

Дрэвам неба зьледзянелай поштай.

 

Прачыталі‚ дрогнулі ахвяры

І ўздыхнулі - прысуд ня суровы:

Як мячы скрыжуюцца на хмарах‚

Зноў лісты зь лістамі загавораць.

 

Пацячэ з карэньня да вяршалін

Сок салодкі‚ пахкая жывіца.

Хай мяне-б карэньні адшукалі

Пад зямлёй - хоць лістам зеляніцца.

 

1953

 

 

* * *

 

Маладзік акругліцца у поўнік

Ды ізноў прыплюшчыць зь неба вока.

Як кілішак струшчаны напоўніць‚

Як зраўняцца зь месяцам далёкім‚

 

Каб гарэць‚ пагаснуць‚ нарадзіцца‚

Хай студзёныя‚ кідаць праменьні?

Не‚ жыцьця кіпучую крыніцу

Нябыцьця сутоньне не заценіць.

 

Мо і ёсьць другія небасхілы‚

Прыгажэйшыя дзесь ёсьць сьвітаньні -

Падымацца буду із магілы

Паглядзець на месяца кананьне...

 

1953

 

 

Скарпіён

 

У блакітнай недасяжнай высі‚

Каб блудзіць па прасторах восень‚

Пралятаеш ты над намі рысьсю

Навакол нябачанае восі.

 

Не адзін у небе ты бадзяга‚

Маеш крэўных блізкіх - Рак і Рыба...

Да сягоньня ад сівых варагаў

Шляхам зорным крочыш бяз ухібаў.

 

Пазіраеш на зямлю употай‚

Прыгажуня‚ думаеш‚ сусьвету.

Абальлеш кагось халодным потам

І... на сьвеце больш адным паэтам.

 

 

* * *

 

Стаяў ля Ай-Пэтры

малады‚

            хворы‚

У неабсяжны ўзіраўся сусьвет.

На небе паўдзённым

блакітныя зоры

Вышывалі маўклівы санэт.

Плылі па далінах зялёных

            тэрцыны‚

А ў моры зьвінеў трыалет.

І шапкі ў задуме здымалі вяршыны:

Стаяў ля Ай-Пэтры - паэт.

 

1953

 

 

З прастораў

 

Белыя‚ белыя

вішняў пялёсткі

Ціха апалі‚

упалі на хвалі.

Пенна усьпенены

срэбныя ўсьплёскі

Далі хапалі‚

хвалі імчалі.

Ціха‚ панадна

мятнуўся вятрыска‚

У вуха дзьмухнулі мне

                  песьні.

Прынеслі іх

ветры суладна з прастораў‚

            дзе пырскаюць

Сьмешкі уцешныя

пышнай машыны.

Тонкімі ценямі

тэнар цягнуў‚

Яго воласам голас

у высь узьвіваўся.

Альтамі сталь там

у далі прапела‚

Сьвежая сьвежасьць

у бязьмежжа лілася.

Посьля кагосьці

магутныя грудзі

Бурай рванулі‚

гукнулі угруні.

Далей...

Апалі‚

         на хвалі упалі

Вішняў пялёсткі.

Хвалі імчалі...

 

 

Прызнаньне

 

У мяне ёсьць прыгожая песьня

Аб дзяўчыне прыгожай адной.

Гэтай песьні ў грудзёх маіх цесна.

У гэтай песьні ёсьць слова адно‚

 

Даражэйшае за чырвонцы‚

Ласкавейшае за сон

І цяплейшае за сонца...

У гэтым слове срэбра звон.

 

Я ня ўмею сьпяваць тую песьню‚

За мяне хай сьпявае вясна.

Жыць мне стала на сьвеце ня цесна:

Ёсьць на сьвеце дзяўчына адна‚

 

Даражэйшая за чырвонцы‚

Ласкавейшая за сон‚

І цяплейшая за сонца...

Не дзяўчына - срэбра звон.

 

Я ня ў сілах назваць яе імя‚

За яе і ў агонь бы пабег.

Яе імя з усімі сьвятымі‚

Яе імя... кахаю цябе‚

 

Даражэйшая за чырвонцы‚

Ласкавейшая за сон

І цяплейшая за сонца...

О‚ нямоўкны срэбра звон!

 

 

Пацалункі

 

Біруза над садамі белымі‚

Вунь і бэз расплюшчыў вочы сінія.

Што-ж мы гэтакія ня сьмелыя?

Хіба сэрца абрасло ў нас іняем?

 

Паглядзі‚ матылькі чорныя

Абняліся ў пялёсткавай замяці.

Перад намі дарогі ня торныя‚

Дык вазьмі пацалункі для памяці.

 

За марамі‚ акіянамі

Ты ня згубіш іх‚ каханы‚ веру я‚

І дарогамі нязнанымі

З журавамі зноў вернесься з выраю.

 

Зноў вясна закрасуе кветкамі‚

Зноў цябе‚ мой каханы‚ пабачу я.

Аддасі тады з адсоткамі

Пацалункі мае гарачыя.

 

1949

 

 

З. В.

 

Помніш‚ Зося‚ у парку Нью-Ёрку‚ -

Я ня веру‚ што можна забыць‚ -

Пад кустамі скакалі вавёркі‚

Буркавалі ля ног галубы...

 

Мы ішлі пад цудоўныя гукі:

Аб каханьні шумела трава...

Я трымаў твае мілыя рукі‚

Мне здавалася - сьвет я трымаў.

 

Не вязалася неяк гаворка.

Я ня ведаю‚ сон быў‚ ці яў:

Мне шапнула на вуха вавёрка‚

Што ты будзеш навекі мая.

 

1953

 

 

* * *

 

Ня сумуй‚ сястра далёкая‚

Не адна ты - сумую і я.

Ноч ня вечна. Яна‚ сінявокая‚

На усход адплыве спатая.

 

Зоры ў небе дрыжаць ня з холаду‚

Каб‚ упаўшы ў расу‚ адзьвінець.

І сваю няшчасную моладасьць

Хтось убачыць сягоньня у сьне.

 

Дрогне сэрца. Успомніць прабуджаны‚

Што была і кахала... Няма.

Адчуняе месяц прастуджаны‚

І зялёны зноў вернецца май.

 

Дык ня трэба. Глядзі‚ як пацеры

Шэпчуць зоры у сінім вакне.

Памаліся Прасьвятой Багародзіцы

За сябе‚ за яго‚ за мяне.

 

 

Не кажы

 

Калі зямлю абдыме вечар‚

Не сказаўшы нікому‚ чаму -

З пачуцьцём зямным‚ чалавечым‚

Дарагая‚ цябе абдыму.

 

Стануць зоры на вахты дазорам‚

Вартаваць будуць ціха нас.

Пацалую цябе раз каторы‚

Пацалую‚ як першы раз.

 

Не кажы‚ што расчуленасьць гэта‚

Праляціць‚ нібы ветру павеў.

Мне-б ня быць ніколі паэтам‚

Каб я гэтак кахаць ня умеў.

 

1951

 

 

* * *

 

Што напісаць табе‚ каханая‚

Чым суцешыць сэрца маладое?

Баліць душа ад сьвежых ранаў‚

А ты ў сяброўстве з гэтаю бядою.

 

Прабач‚ прабач - нічога я ня маю‚

Табе аддаць жадаў бы я сусьветы.

Ды што з таго‚ што ў марах абдымаю?

Тваёй другія ласкаю сагрэты.

 

Жыву аднэй надзеяй і уцехай‚

Даўно блукаю зь імі неразлучна‚

Што пачуцьця майго нямое рэха

У тваім сэрцы адгукнуцца гучна.

 

 

* * *

 

Насупроць Хрыстос і стража ніцма.

Людзі йдуць‚ ідуць да аўтара.

Я прыйшоў сягоньня памаліцца

За цябе‚ маўклівая зара.

 

У грудзёх ні болі‚ ні трывогі.

Дух вітае мой з табой‚ а я

З найшчырэйшай просьбаю да Бога

На каленях буду тут стаяць.

 

Аднаго працісьму я у Бога‚

Каб і ты‚ далёкая мая‚

Аба мне ня думала благога‚

За мяне малілася. А я...

 

Насупроць Хрыстос і стража ніцма.

Людзі йдуць‚ ідуць да аўтара.

Я прыйшоў сягоньня памаліцца

За цябе‚ маўклівая зара.

 

 

Адказ

 

Не такая была ты і ёсьцв‚

Не такую цябе я высьніў.

Раздарыла сваю маладосьць‚

А цяпер мне на шыю вісьнеш

 

Па сьлядох маіх ходзіш‚ як сьцень‚

Не даеш мне нідзе супакою.

Хоць на Марс можаш зараз ляцець‚

Не махну ні аднэю рукою.

 

Ня віню я сьляпых кажаноў -

Яны гуку паслушны уночы.

Як жа ты за дурное віно

Прадаеш танна гонар дзявочы?

 

Не‚ я веру‚ на сьвеце йшчэ ёсьць

І такая‚ якую я высьніў:

Чысьціня‚ прыгажосьць‚ маладосьць.

Ты-ж на шыю другому павісьні.

 

 

Трымайся, Марыя

 

Кіпіць акіян.

Па-над Случчу

Агні маякоў

Рэхчуць коні.

Пагасьлі ў тумане‚

Над кручай

Каб зноў загарэцца.

Сасоньнік.

У тросах стальных

Каля гаю

Вятры заблудзілі.

Ёсьць хата‚

Гайсаюць вятры

Дарагая‚

І стогнуць.

У хаце адна ты.

Грудзямі на хвалі‚

У просінь

Як камень‚

Вачыма прыліпла‚

Кідаюцца чайкі

Галосіш.

І кануць‚

Я чую усхліпы.

Каб зноў узьляцець

Каб ты знала‚

І ўпасьці ізноў.

Што жывы я.

У штормы

Чакаю аўралу.

Уходзім.

Трымайся‚ Марыя!

 

Травень, 1950

 

 

* * *

 

Я твой абраз‚ адзіную уцеху‚

Пастаўлю ў рамцы залатой на стол.

Ён - твой прамень‚ замоўкнуўшае рэха‚

Мяне сагрэе і разбудзіць. Навакол

 

Зямное кулі паляту у марах

Цябе шукаць‚ ужо каторы раз...

Ды ўсё адну‚ адну ўсё бачу пару:

Мой горкі сум‚ маўклівы твой абраз.

 

 

* * *

 

Вы‚ фройляны‚ сінёрыты‚

Мад'мазэлі‚ донны‚ панны...

Я прыймаць буду іспыты

Прыгажосьці беззаганнай.

 

Я прыехаў зь Беларусі

Прыгажунямі багатай.

Там ёсьць Зосі і Алесі‚

Сінявокія дзяўчаты.

 

Хто адзін раз іх пабачыць‚

Будзе вечна закаханы.

Я жадаю вам удачы‚

Сінёрыты‚ донны‚ панны...

 

Толькі - гэта па сакрэце -

Вам ня вытрымаць іспыты:

Прыгажэйшыя на сьвеце

Беларускія дзяўчаты.

 

 

Каляндар

 

І

 

Смалой і мёдам пахне у бары‚

На небе ў схованку гуляюць хмары;

А дзесь дзятлы‚ лясныя дактары‚

У хворых дрэў адлічваюць удары.

 

Ня стогнуць дрэвы‚ ведаюць - вясна

Залечыць раны сокам і жывіцай‚

А вунь за хмары пяліцца сасна‚

Хутчэй сьвятла‚ хутчэй цяпла напіцца.

 

Бярэзін косы чэша вецярок‚

Асіны крэкчуць‚ разьмінаюць плечы.

На ўзьлесьсі бусел прысьпяшае крок‚

Для жабаў марш прываблівы клякеча.

 

Казюляй‚ мошак славіць салавей‚

І мне зязюля доўга жыць прарочыць.

А пад нагамі ў леташняй траве

Гараць блакітныя пралескаў вочы.

 

ІІ

 

Сонца сьпелы сноп

Гарачымі дзідамі коле.

У лузе горды коп‚

А мэтлікі вышылі поле.

 

У поце дзень зьмлеў‚

Маланкі ўзмахнулі сярпамі.

Долу‚ спразе - ўлеў.

Малоціць гром неба цапамі.

 

Чуеш колаў грук

Блакітнаю ноччу на полі.

Боль залатых рук

Бадзёрая песьня утоліць.

 

Ноч змахнула сон

Астатней усьмешкай дзяўчыны.

Зор цьмянее звон‚

І зоры пайшлі на спачынак.

 

Сонца сьпелы сноп

Гарачымі дзідамі коле.

У лузе горды коп‚

А мэтлікі вышылі поле.

 

ІІІ

 

Прытупіўся прамень.

Ня чуваць птушак звону.

Вераб'і толькі сварацца

дзесь за сялом.

Быццам Жар-птушка

над вершалінай клёну

Махнула перабітым

залатым крылом.

Пасьмялелі вятры‚

вербам чухаюць грывы;

Сыплюць лісьце пад ногі‚

адзьвінеўшы жар.

Жураўлі-ўцекачы‚

пачакайце‚ куды вы?

Не займаўся яшчэ

арабінаў пажар.

Як ізрэб'е‚ туман.

Лес‚ як старцавы косьці.

Чыніць заяц кажух:

у разорах паздром.

Паглядзі‚ і ў цябе

нежаданая госьця

Валасы падмарожвае

серабром...

 

IV

 

Паглядзеў у вакно і здалося -

Зацьвілі белым цьветам сады.

Разгубляла ружовая восень

Залатыя па сьнезе сьляды.

 

Па рацэ у блакітных падковах

Пракаціўся ў дрыготках мароз.

Пад страхою аздобаю новай

Кіяшы васільковыя сьлёз.

 

Гэта плакала восень па леце‚

Успамінаючы радасны май.

Божа мой‚ а я толькі прыкмеціў‚

Што на яблынях цьвету няма;

 

Што лятаюць над садам у небе

Міліярды пабеленых мух‚

Што зіма‚ срэбна-сьнежная лебедзь‚

Падарыла зямлі цёплы пух.

 

1952-53

 

 

* * *

 

Нам сэрца асьвяжае подых новы.

Як радасна‚ калі замоўкне гром‚

Вясёлка ўстане дугой шматкаляровай;

Альбо‚ калі на возеры паздром

Сузор'ем серабрыстым заіскрыцца

І вецер-птах надломаным крылом

Зашалясьціць у вербалозах ніцых‚

Ці першы сьнег заблудзіцца ў гальлі‚ -

Нібы вада вазёры ў навальніцу‚

Напоўніць душу бодрасьці прыліў.

 

1947

 

 

Із Гётэ

 

Над вяршынямі гор

цішыня.

Ні пушча‚ ні бор

ня зьвіняць.

Маўкліня ў далінах.

Ледзь‚ ледзь дышуць лісты.

Пачакай хвіліну

Адпачнеш і ты...

 

 

У акіяне

 

Вецер-смык на струнах-тросах

Грае дзікія факстроты

Як дазоры‚ альбатросы‚

Нібы здані‚ шчоглы-гроты.

 

Акіяну й неба шэрасьць‚

Маракі наўкол паселі.

Дзень і ноч калоціць‚ мэрам

На шалёнай карузэлі.

 

Раптам кіне‚ нібы з кручы‚

Скрыгане‚ як сталь у жорнах.

Як у пекле тым кіпучым‚

Круціць‚ верціць‚ бела‚ чорна...

 

Паўтарацьмеш бязупынна‚

Як вар'ят той загайданы -

Ўсе пяскі зьбяру з пустыняў

І засыплю акіяны...

 

27 лютага 1950 г., Атлянтычны акіян

 

 

Прыстань

 

Палахліва у вады люстэрцы

Зь неба сіняга глядзяцца зоры.

Карабель стаіць. Стальное сэрца

Б'ецца ціха. У тумане горад‚

Нібы здань. І вецер ня скіголіць.

Абнялося з прышласьцю сягоньня.

Я і мары. Ды Статуя Волі

Насупроць з запаленай паходней.

 

1950 г.

 

 

Ню-Ёрк

 

Ботам каменным упёрся ў воду‚

У зямлю другім‚ стаіць і марыць‚

Голаў узьняўшы за хмары‚

Горад няўзгодаў‚ горад прыгодаў.

 

Прыстань вятроў‚ акіяну хваляў‚

Сымфонія фарбаў‚ бэтону‚ сталі...

Горад мільённагаловы‚ мільённавокі

Грудзі падставіў ветрам шырокім.

 

1950

 

 

Месца мала

 

Нібы цясьніны гор - вуліцы.

Дамы - вылуджаныя ветрам скалы -

Бакамі размаляванымі туляцца‚

На хмары лезуць: месца мала.

 

«Кадзілакі»‚ «Бюікі»‚ «Шэўралеты»

Абгарадзілі‚ як плотам‚ кварталы;

Лезуць на ходнікі і ў кувэты‚

І на людзей - месца мала.

 

Неба шрубуюць верталёты...

Хоць бы другая плянэта упала‚ -

Будуць кідацца самазабойцы у пралёты:

На зямлі месца мала.

 

1952

 

 

Сэрца

 

Што ты птушкай дрыжыш

бязкрыдлатай

            за кратамі?

Рай там крывавым

ня выбіць потам.

Сэрца Пілаты

пальцамі

            пакраталі

- Камо градзешы?

Годнасьць уздыбіць

            істоты?

Квоты ў пасыве.

Кожны стук -

            пфэнінг...

Сьцежкі паэтаў

сьлізкія.

«Русь уходящая» - Есенін‚

«Облако в штанах» - Маякоўскі

мне ня блізкія.

Я і ў магільнай

чорнай маўкні

Згадаю сэрцу - ня моўкні.

 

 

* * *

 

Хутчэй‚ хутчэй‚ сымфонія грымотаў:

Пілуе душу заедзі сквіленьне‚

За горла душыць затхласьць і духота;

Азону лёгкім‚ зыркасьць‚ а ня тленьне!

 

Зямлі уколы дайце‚ бліскавіцы:

Ад малакроўя вычахла бабуля!

На лоб кампрэс гарачы навальніцы‚

Пакуль яшчэ рыпіць зямная куля!

 

 

Хведару Ільляшэвічу

 

Змоўк‚ адыйшоў у неба.

Хто там заплакаў? Вы?..

У сьлёзах няма патрэбы -

Ён сярод нас жывы.

 

Бачу‚ і зараз бачу‚

Брат мой далёкі паэт‚

Месяц на раме адзначыў

Схілены твой сілуэт.

 

Думаў сусьвет узрушыць

Полымем палкіх слоў.

Толькі на чэрствыя душы

Сэрца сваё пракалоў.

 

Марыў па вёрстах‚ мілях

Несьці кляновую медзь...

Дарма стаіць Дамініля‚

Хведара ёй ня сустрэць...

 

Жыць і загінуць трагічна‚ -

Гэта хіба ня лёс?

У сховы зямлі фабрычнай

Скарб непаднеслы панёс.

 

Сьпі пад няродным небам‚

Слухай малітву травы...

Сьлёзаў няма‚ ня трэба.

Ты сярод нас жывы.

 

 

Нож

 

Не з нягнуткай сталі‚ з серабра

Ён адліты. Год яму ці мала.

Колькі раз яго ў рукі браў‚

Над сталом схіліўшыся‚ Купала.

 

Разразаў пяшчотна «Кабзара»‚

Вершы Гётэ‚ томікі Лангфэло...

За вакном крывавая зара

Над зямлёй спалохана зырэла.

 

Здрыгануўся. Сьмерць у тыя дні

І касой махала‚ і сякерай.

Але нож ня можам мы вініць:

Ён ня быў і сьведкай харакіры.

 

Зазьвінеў і змоўкнуў на стале.

Шуганулі шэрыя шынэлі...

Як паэт скрываўлены самлеў‚

Серабра усхліпы патускнелі.

 

З той пары лагодная рука

Яго доўга‚ доўга не кранала.

На ліхую долю наракаў‚

Над сталом схіліўшыся‚ Купала.

 

Серабро сьвяцілася зырчэй‚

Як‚ бывала‚ моладзь завітае

І віно ў кілішкі пацячэ...

О‚ бурштыну песьня залатая!

 

Толькі ў тую чэрвеньскую ноч‚

Як пярун быў джвагнуў перад раньнем‚

І Купала выбіраўся ўпроч‚ -

Ня прыйшоў ніхто на разьвітаньне.

 

Кінуў дом паэт і серабро

І пайшоў ад сьмерці ў рукі сьмерці.

Толькі нож мо й бачыў‚ як дабро

Узьнялося ў неба чорным сьмерчам.

 

Шмат чаго ён бачыў. Не прасем -

Ні аб чым ня здрадзіць да скананьня;

Таямніцы ў неведзь панясе

У сваім сярэбраным маўчаньні.

 

1953

 

 

ТБЦ

 

Сьцены белыя.

Сёстры у белым.

І за вокнамі сьнежная бель.

Белы‚ белы

глядзіць нясьмела

На шпітальную пасьцель.

- Як-жа так?

Няўжо я хворы?

Пульс намацвае на руцэ.

Дзе ты‚ страшны‚

сьмяротны вораг -

                        ТБЦ?

- Во‚ бягуць па жылах

бацылы...

Сэрца‚ утаймуйся‚

ня дрыжы.

Малады не пайду ў магілу.

                        Жыць!

Гэй‚

ня стой ты

            у чорнай вуалі‚

Не чакай‚

я ня хутка памру!

Мяне цягнуць

марозныя далі

Тысячамі рук.

Там жадаю

пад завеяй гойсы

Звонкай песьняй

            зьвінець.

Забяры сваю гострую косу

Ад горла майго‚

            сьмерць!

 

 

* * *

 

Воч праменьні

гаючым бальзамам

            заіскрыліся.

- Сястра!

На зямлі гэтай грэшнай

            таксама

Ёсьць і пекла

            і рай.

Рай -

у позірку

            любай дзяўчыны‚

Маладой і прыгожай‚

            як ты‚

Рай -

у подыху

            кветак шыпшыны‚

У косах сонца

            залатых;

У маршах‚

песьнях

            грымотаў і ветру...

Не‚ ня тое.

Пастой‚ паглядзі...

На вяршыну гары Ай-Пэтры

Узышоў чалавек адзін.

Узышоў і упаў.

Там балюча

нам зрабілася усім...

Непаўторны‚

няўміручы

Багдановіч Максім.

Ты нічога аб ім ня чула‚

Ты ня ведаеш‚ сястра‚

Як любіў ён сэрцам чулым

І народ свой‚ і край.

Багдановіч - гэта дойлід

Неразгаданых слоў.

Ды над ім завязала доля

Перавясло...

І яго дагнаў ля магілы‚

Ім адзначаны‚ чарвяк...

І яго даканалі бацылы.

І я‚

падуладны

            Коха палцы

Жыць‚ пакутаваць прыстаў.

Растапырыла сьмерць пальцы

Перад вобразам Хрыста...

І стаіць‚

і глядзіць ён

            нясьмела

На шпітальную пасьцель

Сьцены белыя.

Сёстры ў белым.

І за вокнамі сьнежная бель.

 

1947-1953

 

 

Баляда аб Танюшы

 

І

 

Зь ёю ў жыце ірваў я валошкі.

Тады яна была амаль дзіцё.

На гняздо курапаткі ножкай

Наступіла‚ ойкнула і наўцёк...

 

- Таня‚ Таня‚ гэта табе здалося:

Ты іх не падушыла‚ не!...

І яна ў нейкім дзяціным перапалосе

Вачамі сінімі глядзела на мяне.

 

ІІ

 

Дні ішлі... Каласіліся нівы...

Дні ішлі... Цярусілі сьнягі...

Маладосьці бясьпечнай‚ бурлівай

Узьвіваліся й над намі сьцягі.

 

Акрыляла у росьце надзея.

Дзень вясновы прынёс навіну:

Нечакана‚ нядумана неяк

Я ў Танюшы вачох патануў.

 

ІІІ

 

Неба сіняе‚ сіняе‚

Даль іскрыста-срэбная

Радасьць мая йзрэбная

Заіняла іняем.

 

Коні-ветры хуткія‚

Як Танюша‚ пудкія.

- Захініся хусткаю

Перад ночы пусткаю.

 

Усе дарогі згублены‚

Ні агнёў‚ ні месяца.

У кажухох мы дубленых‚

Двое ў санях зьмесьцяцца...

 

І пайшлі‚ і пайшлі вараныя...

Пад дугой заліваецца медзь;

Ветры буйныя‚ ветры начныя

За саньмі пасьпяваюць ледзь-ледзь.

 

А ў Танюшы салодкія губы‚

А ў вачох бірузовая квець...

- Мне з табою і цёпла‚ і люба‚

На край сьвету-б вось гэтак ляцець.

 

IV

 

Гэта было даўно. Пакінуць

Давялося мне бацькаў парог.

Сустракаў я ня мала дзяўчынаў‚

Але Таню сустрэць ня мог.

 

І калі загрымелі гарматы‚

Не скажу усяго‚ што было‚

Я дарогай‚ што зьбілі гранаты‚

Ня ішоў‚ а ляцеў у сяло.

 

І насустрач‚ як сон‚ на сьвітаньне‚

Як сасонка‚ дзяўчына... «Няўжо

Гэта ты?»

- Гэта я...

- Таня‚ Таня!..

У сотні сонцаў зіяй прыгажосьць!

 

V

 

Дні былі - гарцавалі коньнікі‚

Захліпаўся агнём кулямёт.

Па начох партызаны з сасоньніку

Мардаваць выяжджалі народ.

 

Усьцілалі дарогі мінамі‚

А ледзь золак - ідзі‚ беларус‚

Разьміноўваў калёсаў шынамі!

Што ім‚ злыдням?

А немец: «Люс‚ люс!..»

 

VI

 

У Танюшы пахілая маці.

А «бэфэль» - міны мусіць шукаць.

Шкода Тані матулю утраціць:

У кожным капсулі сьмерці рука.

 

І сказала: «У вачох маіх радар‚

А у сэрцы дзявочым - магніт...

Крывасмокаў маскоўскіх атраду

Палічу партызанскія дні.

 

Заўтра выйду ранюсенька-зранку

І дарогу зраблю‚ як далонь.

Хай ідуць вызваленчыя танкі‚

Хай не слабне зьнішчальны агонь».

 

VII

 

І пайшла‚ як зы мною калісьці

Ірваць валошкі... Дарагое дзіцё‚

Хай цябе зямля сырая песьціць‚

Дзе паклала ты сваё жыцьцё.

 

Я ня ведаю‚ што было прычынай:

Здрадзіў «радар»‚ ці зманіў «магніт» -

Невялічкая чорная міна

Пагасіла надзеяў агні.

 

- Таня‚ Таня‚ гэта табе здалося:

Ты іх не падушыла‚ не!?...

Толькі неба ў нямым перапалосе

Вачыма сінімі глядзела на мяне...

 

Тлумачэньне:

«Люс‚ люс!» - ідзі‚ пайшоў!

«Бэфэль» - загад

 


1944-1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Міхась Кавыль. Пад зорамі белымі. Ню-Ёрк, Выдавецтва Злучанага Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту ў Ню Ёрку, 1954.
Крыніца: скан
Падрыхтавана: Раман Кардонскі