epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Лынькоў

Баян

За вочы быў Мядзведзь.

У вочы - Андрэй Андрэевіч. Атаман, бацька, папаня.

І калі гаварылі ў вочы - галасы гаварыўшых рассыпаліся дробным макам, пяршыла ў горле, і з іх воч, здаецца, ліліся струмені ліпучай патакі, ад якой хацелася абмыць свае рукі, свой твар, чалавечы свой слых. То праслізала ліслівасць - ліпучая, брудная, даўкая, - чалавечая адвечная ліслівасць. Тады насупліваліся бровы, глыбей рабіліся маршчакі на лбе, цвярдзеў голас. Рыўком:

- Ану, з гарызонта... Башку адгрызу...

І нібы з роздумам:

- Тля ты копчаная...

І, як спуджаны верабей, кідаўся каторы філон* на другі канец барака, зашываўся на нары, і чуваць было, як сапеў ён з перапуду, прыводзіў да парадку свае думкі, пачуцці - то ж дагадзі чалавеку, - і, аддыхаўшы, набіраўся смеласці - на шэпты, спачуванні, уздыхі.

* Філон - лодар, чалавек, які адмаўляецца ад работы.

- Б-я-яда... не падыходзь... Андрэй Андрэевіч думае свае думкі.

І ўвесь барак поўніўся тады старожкаю цішынёй, урачыста плавалі клубы шэрага дыму, прастромленыя месячным светам, ціха лаяліся шэптам за сціркамі* вуркаганы**. Былі самаробныя сціркі, трэба было асцярожна іграць у іх - бо ні добрага гуку з тых сцірак, ні калянасці ў іх, ні цупкасці, ні добрага смаку ў гульні той. Шалахцяць палахліва лісткі, цьмяныя, пакамечаныя. Як думкі пакамечаныя вуркаганні, з яснага тропу збітыя. І прарве каторага, пранясе. На ўвесь барак, на ўсе нары:

- Жысць, называецца... Карціна табе не да рук...

* Сціркі - карты.

** Вуркаганы - зладзеі.

І з усіх бакоў:

- Ш-ш-ш...

- Ціху ты...

На Андрэя Андрэевіча азіраюцца скоса.

- Бачыш? Маўчы... Скіс атаман... Думае...

Думае Андрэй Андрэевіч... думкі свае.

Змрочна ў бараку. Вячэрнія цені блукаюць па нарах. Украдкаю прабіраецца месяц у акно і, загледзеўшыся, прынікае халодным дапытлівым зрокам да думак тваіх, да слоў сукрытых. Холадна за акном. Холад у гудзе лясным, што ідзе, гудзе верхавінамі дрэў - дрымучых елак, кучомістых хвой. Ідзе, гудзе па лажбінах, па скалах, па імшарыстых лысінах валуноў, дзе чарнеюць пад месікам махавыя сляды мядзведзя-пустэльніка. Выйдзе ён - сірата лесавая - космы шэрыя атрасе ад наліпшай ігліцы і, настырчыўшы хіб, грымне месяцу ў вочы - голас прабуе на вятру, правярае пагалоскамі лесавымі. І тады ідзе напіцца. Да грымлівага падуна*, да ўспененых віроў мядзведжага вадапою. Тропкаю старою, адвечнаю. Навераджоныя аб камень, аб ігліцу, мякка ступаюць лапы па імшарынах валуноў, шамацяць - ціха-ціха, ледзь чутна - ліствою, галінкай ды маністам русалчыным - хрупасткімі брусніцамі.

* Падун - вадаспад.

Ідзе напіцца мядзведзь. І каторы-то дзень не даходзіць. Ступіўшы на прагаліну, дзе стары знаёмы выварацень, дзе друзлы камень асыпаецца крохкай жарствой, спыняе крок, выцягвае шыю і прагна ловіць - вачмі, слыхам, цеплынёй гарачых наздрэй - подыхі ветру адтуль, дзе падун, успененыя віры мядзведжага вадапою. Вось яны, знаёмыя туманы - пасцілаюцца па лажбіне. Старыя вятры гудуць у вяршалінах дрэў. Пахнуць вятры заляжалаю стагодняю вільгаццю, пахнуць каменем, хвояй, перакіслаю чырванню пажоўклых брусніц, прагорклым дымам лесавых выгараў ды сівымі імшарынамі балот.

Цяплынь наздрэй трапяткая, старожкая.

Вушы ловяць церушэнне зор.

Варушыцца шчэць на хібу на мядзведжавым. Настырбучаная, пагрозлівая. Зялёныя агні ў вачах. Не ад месяца, не ад зор - ад звярынай лесавай злавеснасці, ад дзікіх чашчоб, непралазнай глухамані, векавой панурасці.

Варушыцца шчэць на хібу, і злавесныя агні ў вачах: хто парушыў сівыя туманы, хто скінуў жменю зор з недасяглых вышынь - вунь гараць яны над зямлёй, над знаёмай лажбінай. Хто ўстроміў рагаціну ў горла волата-падуна? Маўчыць падун, не раве падун - дзе ж успененыя віры роднага вадапою?

І новыя гукі адтуль - галасы чуваць небяспечныя, чалавечыя. Дзесьці песня лунае, і не музыкай лесавою поўняцца вокны светлых хат над ракою. Не малітвамі скітоў кержацкіх, не шэптамі і панурымі ўздыхамі абамшэламу богу раскольніцкаму, - ідуць тыя пагалоскі людскія, буяюць, рассыпаюцца, як зыркасць сонечная ясным днём у малінніку. Хіба зыркасць тая сіраце лесавой даспадобы, калі сэрца мядзведжае любіць сутоніцца, на сутонні тым тропкі мядзведжыя, сцежкі звярыныя.

І новыя пахі адтуль - чалавечыя пахі, ёлкі дым з каміноў мураваных.

А падун маўчыць.

Памёр падун.

І скарыўся мядзведзь.

Сем дзён, сем начэй намагаўся на тропку звярыную, да мядзведжага вадапою і ніяк не даходзіў. А калі ўчуў пранозлівы свіст і рэў - то гула невядомая яму параходная сірэна, - уцяў голаў у плечы і прыспешаным крокам пайшоў, азіраючыся, напяўшы слых і зрок, назад, у глухамань, у карчэўе, у вываратні лесавыя, у дзікія нетры бураломаў. Шукаць месца пакойнага, соннага лежава мядзведжаму веку. Засмяглым языком гарачым прагна злізваў халодныя росы з валуноў, з травы, з пажоўклага лісця кустоў. Нездаволена чмыхаў наздрой - былі прэснымі росы, не давалі патолі, яшчэ больш распалялі няўтольную мядзведжую прагнасць...

...А за акном хадзіў часавы - кончык штыка цьмяна пабліскваў за прапацелай шыбкай. Часавы думаў аб ночы, аб месіку - выплывае з-за ялін, выскаляецца, - аб лагерным суровым дні, аб канале, аб людзях. Прыслухоўваўся да галасоў за сцяной, прыглядаўся да мігацення святла на запацелых шыбках, пацінаў зябкімі плячмі, злосна папраўляў шапку ад ветру, ад стылі, ад старожкай цішыні за сцяной.

- То ж кампанія... На падбор... І каторы-то месяц...

І прамераўшы крок да вугла:

- Не дзе дзенецеся... Не ўсё ж вам рур да рур*, сусветныя лодары, прайдзісветы... Не такіх бачылі...

* Рур - рота ўзмоцненага рэжыму, нешта накшталт ізалятара для лагернікаў, якія адмаўляюцца ісці на работу.

І як бы дразнячы яго думкі, паліліся з-за сцяны прыглушаныя галасы гармоні - спачатку ціхія, павольныя, мяккія. Плаўныя пералівы гукаў ішлі адтуль, праз запацелыя шэрыя шыбкі, зліваліся, змешваліся з пахам свежай хвоі, з трапяткімі водбліскамі месяца, з подыхамі ветру - лашчыцца ён аб шурпатыя дрэвы, гудзе чорнымі верхавінамі. І ноч тады - з цёмнай карэльскай ночы - з вятрамі, вільгаццю, стыллю, шэрай сівізною неба - робіцца казачнай ноччу. Бледныя зоры пачынаюць ярчэць, густым блакітам наліваецца неба, і стыль не стыль - нібы ветры паўднёвыя лашчацца, шалясцяць празрыстымі кавылямі, цёплымі крыламі авяваюць пахучыя прасторы зямлі. Тады зацвітаюць фарбы, іскрыцца кроў, захлынаецца сэрца адчуваннем жыцця, яго паўнаты, неасягласці даляў. Нават чорныя ў ночы верасы ажываюць тады і шэпчуцца, здаецца, аб нечым сваім, верасовым, задумным... Нясмела паблісквае ізумруднае лісце, сарамліва хаваючы бледную чырвань брусніц, гарачыя рубіны журавін на імшарыне прагна ўпіваюць месячны свет, празрысты, зыбкі, абманлівы.

- Харашо гэта, калі гармонь...

І здрадлівая ўсмешка цёплай далонню загладжвае твар часавога.

- Іш, чорт кульгавы... Рукі ў гармонь як уліплі...

Нават нага намагаецца даць нейкага выверту, не церпіцца ёй, не ўстоіць.

- Харашо іграе, з надрывінай... Сэрца скабіць...

А гармонь шалела. Не плаўныя гукі, а гром галасоў растрасаў ужо тоўстыя сцены барака, дрыжалі шыбкі, і па іх скатваліся, слязіліся палахлівыя кроплі дажджу, разлівалася падцёкамі напацелая макрэдзь туманаў, надыханая людскімі грудзямі вільготная і адурманьваючая цяплынь. Дрыжалі сцены, сатрасалася падлога пад разухабістым тупатам ног, вухалі галасы, ахрыплыя, расхрыстаныя, вуркаганні.

- Ану паддай жару, паддай... Пальцаў сваіх залатых не шкадуй, атаман.

Вуркаганы правілі бал. Весяліліся. Весялосцю абманлівай, кручанай, каб ад дум сваіх уцячы, ад назольнай нуды, абыдзеншчыны шэрай, апрыкралай: ні да чога не прыкладзены рукі, прастору няма, разгарнення. Пераслуханы сотні гісторый змрочнымі вечарамі, абыдзены сотні шалманаў* - у гутарках, у бяседах на нарах, бяседах бяссонных. Сотні быляў і казак: аб волі, аб шырмачах** - дамушніках, чардачніках, аб мокрых і нямокрых справах, аб славутых уцекачах, аб мастацтве дзевятага рабра, аб дзівосным выглядзе воч чалавечых, калі ім паказаць жывую смерць...

* Шалман - зладзейскі прытон.

** Шырмачы, дамушнікі, чардачнікі - розныя катэгорыі зладзеяў.

А за акном усё той жа белесавокі месяц, чорныя зазубрыны лесу пад сівым і хліпкім небам - ніяк сваёй сівізны не прамые, ветлым вокам табе не ўсміхнецца. І такі ж знаёмы штык пад акном. І старая, як шэры зляжалы лямец, ахінае сэрца нуда, ад якой ні праходу, ні ўцёку. Што ж рабіць?

- Работаць? Рукі свае залатыя верадзіць на лапаце?

- Не... Няхай яна здохне, работа тая... Не шалманшчыку ручкі мазалямі псаваць, жытку сваю трудаднямі распісваць...

- Дык іграй жа, атаман. Іграй ды наярвай.

І стараецца атаман. Плячысты, прысадзісты - недарма велічаюць Мядзведзем за вочы, - потныя космы валос прыліплі да лба, засцяць глыбокі шрам - ад віска праз усю шчаку - след старой кулі, атаманскі гонар, павага перад імі, шалманшчыкамі маладымі, бязвусымі. Прыжмураны атаманскія вочы - глядзяць не глядзяць пад густымі расніцамі. У руках валахатых гармонь - мізэрная, немудрашчая, іржавым цвіком падбітая, ніткай, дротам падшытая, хлебам лагерным пазаклееная - каб дух не ўцёк, галасы не прапалі. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, ахрыплі галасы некаторыя, палінялі залочаныя мяхі, што ні дзень, новыя дзіркі ў іх. Адзін палец на бас, другі на дзірку кладзі, каб пшыку не было, вужовага шыпу. Гераізм трэба мець і вялікую спрытнасць, каб на гэтым горы аблупленым граць, не разбіць яго, не растрэсці. І грае Андрэй Андрэевіч, ходзяць ходырам рукі, з імі ў руху вясёлым, заходлівым скачуць ногі, падскакваюць, матляецца галава, матляюцца ў непрытомнасці ліпкія космы валос, і каплі поту звісаюць па нябрытых шчоках, расой ападаюць на бледную сінь злавеснага шрама. Да таго захапіўся ігрой, аж не заўважыў, як дзверы рыпнулі, людзі зайшлі, апалі, сціхлі шалёныя галасы ў бараку. І нехта вясёлы, раскатурханы крыкнуў зверху з нар:

- Эге-ге... Начальства да нас... Ану, Андрэй Андрэевіч, крутані гармоню, каб маршам сустрэць гасцей любімых...

Сапраўды любімых. Сам начальнік лагера да іх зайшоў, да іх, да адпетых шалманшчыкаў, усялагерных лодараў, прайдзісветаў. Ён ідзе паміж нар, загадкавай усмешкай расплываецца светлы твар, смяшлівыя агеньчыкі ў вачах пранайдоўных, хітрына ў іх, лукавіна й цяплынь звычайная, чалавечая.

- Як жывём, як можам, чым узрадуеце?

У адказ яму марш вясёлы, сустрэчны. Захліпнулася гармонь галасамі медзянымі - аж прытоптваў на нагу кульгавую Андрэй Андрэевіч, каб ямчэй, спрытней расцягнуць гармонь, важнецкі развесці яе хударлявыя бакі.

І раптам - як гром сярод яснага неба - канфуз вялікі: пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся, паплылі ўрачыста пад самую столь. І ні скрыпу, ні рыпу, ні гуку, ні духу. Ахнулі галасы перапалоханыя, сам Андрэй Андрэевіч аж сеў, перапуджаны:

- У Багародзіцу, у бабушку: лопнула, сцерва...

- Удрызг, дарагуша, у мэтлахі, - паддаў нехта збоку.

- Я табе пакажу ўдрызг... - вызверыўся раптам Андрэй Андрэевіч. І так жа раптам асеў.

Разарваныя створкі гармоні безнадзейна кінуў на нары.

- Перастараўся крыху... Не склеіш цяпер гэтую гніль... Ды галасы даўно анямелі каторыя...

- Анямелі? - запытаў не да ладу начальнік, каб парушыць прыкрую цішыню.

- Так, анямелі... - безуважліва кінуў Андрэй Андрэевіч і палез за махрой у кішэнь, цыгарку скручваць.

- Пастой... Папяросінай пачастую... За музыку, за спрыт, за майстэрства... Харашо гэта ты на гармоні... весяліць людзей умееш...

- Не падкачаю...

І слова за слова, гутарка ўсчалася. Загадкавая ўсмешка даўно сышла з начальніцкага твару, пасур'ёзнеў ён, нахмурыўся.

- Вось што, руршчыкі, народ развясёлы... Веселуны з вас пярвейшыя, камні ад вас заскачуць... Ды вясёласць ваша цвіце пустацветам, карысці ад яе, як ад камарынага чоху...

- А што? - варухнулася з верхніх нар.

- А тое... Людзі горы варочаюць, а вы? Нары абіваць, пузы грэць... Думаеце вальготныя пузы разбэхваць на рабочым карку, сялянскім? Дармаедамі думаеце век капцець...

- Эге, куды паехаў.

- Гэткую ж нуду развёў...

- Кінь трапацца, таварыш начальнік... Больна вучаныя, светам кручаныя... Мыста паленыя, смаленыя, у сямі вадах саліліся, салавецкаму богу маліліся... і вот табе за руб за дваццаць... пажалуйце брыцца, у канале мыцца...

- Уга-а... А я і не ведаў... Гэткая сіла марнуецца... Ды мы цябе, голуб, пярвейшым чалавекам над агітбрыгадай паставім... Людзей жа няхватка... Давай-ка фамілію сваю, браток, ды назаўтра айда ў брыгаду, частушкі будзеш складаць... Людзі будуць слухаць... Ды якія людзі... Не рураўцаў адпетых сотня, а ўсім лагерам песні твае паслухаем.

- Мне што... Загадае Андрэй Андрэевіч, буду пець... На язык я васцёр... - І ўтароплены ад пахвал філон - вяртлявы, рухавы - ушыўся за спіны другіх, каб не стрэцца вачыма з начальніцкім зрокам: цёплым, ясным і такім жа глыбокім, пранізваючым.

І толькі з-за нар, з куткоў раздаваліся адзіночныя галасы:

- Пра работу ты кінь, начальнік.

- А што?

- Работа нам не да твару. Няхай кулак працуе, яму і лапата ў рукі. У яго і здатнасць на гэта: быў чэравам земляным, чарвяком земляным і астаўся... Ды контрыкі няхай потам умыюцца. Колькі-то, гады, нашаму брату нашкодзілі...

- А вы?

- Што мы... Мы - чэсная пралетарыя...

Выбухі рогату сатраслі жоўтыя сцены барака... Зыбануліся лямпы пад столлю, разганяючы цені на нарах. Нават пануры Андрэй Андрэевіч, што сядзеў безучасны і калупаўся ў разбітай гармоні, і той не сцярпеў і, хапіўшыся за бакі, прыпадаў аж да самых нар ад разухабістага смеху і рогату. У жарты нават укінуўся:

- То ж, чорт стрыжаны, адпаліў... Пралетарыя... Чэсная... Калі б чэсць тваю ды ў канале абмыць, мора Белае пачарнее... Таму і баімся мы работы гэтай, каб мору канфуз не выйшаў...

- А мы на мора ўправу бальшавіцкую знойдзем... - на жарт адказаў жартам начальнік і ўжо ўсур'ёз: - А вы падумайце ўсё ж, мазгой пашаруйце... Часу хапае ў вас...

Развіталіся позна. І калі выйшлі з барака, прыспешыў хаду таварыш Пірын - начальнік, кідаючы на хаду скупыя словы загадчыку ўчастка, маладому і рухаваму чэкісту:

- Дык як жа будзе?

- Усё, што маглі, рабілі... І ўгаворы, і найлепшыя выхавацелі. З месца ні на кропку, упартыя, як чортавы лбы...

- Ну?

- Трэба нешта рабіць яшчэ... Завадатарам у іх Андрэй Андрэевіч, усімі канаводзіць... Ізаляваць хіба яго, адаслаць на прыёмнік, няхай на Салаўкі зноў... Дзе ты яго паправіш...

Ішлі мяккай пясчанай сцежкай па абочыне недаробленага яшчэ шлюза, і ў цішыні ночы чуваць было, як шархацяць рэдкія пясчынкі, скачваючыся па гранітных сценках канала. Таварыш Пірын маўчаў, прыслухоўваўся да гэтых пясчынак, да ціхага падзення вадзяных кропель, да ледзь чутнага цурчання непрыкметнага струменьчыка вады, які слязіўся, праслізаўся скрозь тысячагадовыя тоўшчы граніту, дыябазавыя пракаветныя залежы.

- То ж сілішча... Гэткая сіла... Камень крышыць...

Праз шчыліны недаробленых варот струменьчыкі білі фантанамі, рассыпаліся пырскамі, наганялі рабацінне на соннае вадзяное дно. Расплываліся ў ім, калыхаліся празрыстыя водсветы месяца. І звонкае цурчанне струменьчыкаў нагадвала самыя тонкія сярэбраныя галасы гармоні.

Той, рураўскай...

І калі садзіўся на катэр, каб ехаць назад, у цэнтральны лагер, на хвіліну спыніўся, падумаў, кінуў пару-другую скупых слоў:

- Ты гэта... так... Пастой... Пачакай, адным словам... Нешта мы ўсё ж прыдумаем... Пра Салаўкі пакуль што пакінь думаць...

- Пра што гэта вы?

- Ды пра твайго Андрэя Андрэевіча.

 

* * *

 

З неба райскага чалавека ўхапілі, на куцыя ножкі паставілі і сказалі: хадзі ды пахаджвай, духу лагернага набірайся.

І хадзіў, і пахаджваў.

Галава, як макавінка, - трапяткая ды гнуткая, вухам на гук нахіляецца, прыслухоўваецца. Сівыя рэдкія валосікі прылізаныя, і сярод іх ружавее лысіна - бліскучая, потная, голая як калена. І такія ж ружовыя празрыстыя вушы. Казліная бародка ў сале. Засалены рот, сівыя непракураныя вусы сыходзяць салам. Паблісквае салам пугаўка-нос. Старэчы рот прычмоквае, шамкае, пасвіствае праз рэдкія зубы, сапіць, слюнявіцца.

Чалавек да косткі прыліп, грызе, абгрызвае.

І ў вачах тады жоўтая муць, звярыныя аганькі драпежніцкія, прагавітыя.

- Ды кінь ты мусоліць, глядзець прыкра... Ну і кастаглот.

- К-к-аму кастаглот, а к-к-аму Апацей Еўдаксеевіч...

- А мне пляваць... Пацей не пацей - дураком памрэш...

Костка падае з рота, натапыраныя тонкія пальцы вісяць нерухома. Чорная яміна рота кругліцца, шырыцца...

- Ды я... Ды-ы ты...

- Ды разам з табой, - перадражняе той.

- Я-я-я не дазволю... Я-я-я першай гільдыі рыбны купец...

- Пляваць на гільдыю... І на купцоў...

- Ды я на моры, на Каспіі параходы меў...

- Паплылі параходзікі, адплылі...

- Я рыбу лавіў...

- Людзі елі...

- На мільёны рублёў адных рыбных тавараў. Ды на Волзе-рацэ.

- На Волзе-рацэ... Гэта да... Волга-матушка, Волга-рака.... Ты шы-ырокая, прашырокая... Берагоў тваіх не зліць, дна не высушыць.

І абодва змаўкаюць, спыняюць лаянку, папракаючы адзін аднаго:

- Дык чаго ж ты, гад, харахорышся...

То сыходзяцца часам старыя дружбакі - былы ўласнік параходных буфетаў і волжскіх рэстаранаў, другі - стары волжскі купец, рыбны прамысловец Апацей Еўдаксеевіч. Першы загадвае цяпер сталоўкай, у другога склад: невады, сеці, розныя іншыя прычындалы лагернай азёрнай гаспадаркі. Тут жа і капцільня для анежскіх сігоў. Кожны працуе, так сказаць, па спецыяльнасці. І ў вольныя хвіліны сыходзяцца разам, каб, перабраўшы падзеі дня, падзеі канала, узгадаць пра старое, перажытае. Успаміны кароткія, абрывістыя.

- А памятаеш, у Ніжнім, у дванаццатым; у рэстаране Заплюева акцёрку раздзелі ды гарчыцай, гарчыцай па целу па беламу... Ка-а-рціна...

- У тры тысячы ўліпла карцінка... Абмывалі віном... А ў Маскве ў шаснаццатым, як купаліся ў акварыуме... Чы-ы-жолы быў целам я, як плюхнуўся ў ваду, рыба ўся на падлогу, акварыум напал...

- Што ні гавары, баценька, шырокая была дарога нам... не раўнуючы - Волга-матушка... Ды сплыло ўсё, вадой залілося... І ты, і я па рыштанскай цяпер гільдыі ходзім.

- А скажы па совесці, Апацей Еўдаксеевіч, колькі сунуў ты астраханскаму фінаддзелу, ці багата, кажу, разарыўся на ўзяткі?

- Узяткі? Не з таго канца ты бярэшся за справу... Узятка - ноль, узяткай свет з капылоў не саб'еш, асабліва ж калі капылы бальшавіцкія... Глыбей я, голуб, глядзеў, у корань глядзеў. З'елі мяне калгасы лавецкія, гэтак жа падсадзілі, супроць іх лінію гнуў. А не выйшла... Перамаглі... На водмель сеў, прыдуха прыйшла, не раўнуючы, як на рыбу ў мароз на мелкаводдзі... Перамаглі... І хто б, сказаць, перамог... Бальшавічкі... Памятаеш, параходзішка быў у мяне буксірны. Качагарыў там адзін такі чалавечышка непуцёвы і п'яніца, голь перакатная. За чаркай на неба палез бы... А сын яго, сукін сын, начальнікам цяпер ходзіць. У нас жа тут. Ды яшчэ галава якая, адчувае, чым дыхаеш ты, за якую думку трымаешся. Пазаўчора прыходзіць, пытае:

- Ну як, Еўдаксеевіч?

- А так, - гавару.

- Копціш?

- Стараюся...

- Гэта добра, калі стараешся... Аднак сігі ў цябе ненадзейныя, зусім сігі падупалі, хужэй, чым твой былы селядзец астраханскі, копчаны. Разлязаюцца сігі, ніякай дысцыпліны ў іх.

- «Мае чалавек рацыю», - думаю. А голас у мяне дрыжыць, заікаецца голас. І перад кім, падумаць... Гэта перад Пірыным, перад сынком непуцёвага майго качагарышкі. Зусім з тропкі збіваецца голас.

- Правільна, - кажу, - ніякай у сіга совесці: ты яго і так, ты яго і гэтак капці, а ён усё разлязаецца, ад косці адстае, на шматкі распаўзаецца...

- А ты на сіга паклёпу не ўзводзь, сіг - рыба акуратная, не чапай яго совесці... На сваю паглядзі лепш, ды падумай...

- Падумаю, - кажу. - І рукі ў мяне трасуцца, і голас аслаб. І што ж ты думаеш: падналёг я на сіга, паднаціснуў - у акурат цяпер рыба прыходзіць з капцільні, хоць граф'ям на стол... Вот табе і сіг...

Еўдаксеевіч частуе дружбака сігам ад трудоў сваіх праведных. Сам косткі любіць, бараннія з жырам, з мозгам, у сталоўцы ў кашавара выпрошвае:

- З храшчыкам мне, міл-чалавек, пагрызці, пакрамзоліць...

Не крыўдуюць другія, спачуваюць старому:

- Дай костку яму, не шкадуй... Няхай пабалуецца, ліха копчанае...

Апацей Еўдаксеевіч мусоліць костку, з дружбаком сваім думкамі дзеліцца:

- Усё зразумела мне, усяго я ў жыцці дасяг... Ну я, ну ты...

- Рыштанты з табой...

- Кінь... Не тое... Не аб тым гаворка мая. Я і ты - паважаныя людзі, вялікія людзі. Канечне, да мінулых год памянуўшы. Ну што ж, аб нас бальшавікі і клопат маюць: кожнаму па прафесіі, у людзі, бачыш, вывесці хочуць... Ну інжынеры, скажам, контрыкі, былыя шкоднікі... Таксама паважаныя людзі, як і мы з табой. І аб іх правільны клопат: як-ніяк, з вялікай адукацыяй людзі, з мазгой вялікай. Сяды-тады і бальшавікам дапамагчы могуць. І дапамагаюць... Вунь канал правялі - было ж і іхняе старанне інжынерскае... Але скажы ты, міл-чалавек, навошта бальшавікам пра басоту дбаць, пра зладзюг клопаты мець, з жыганамі-бандытамі цацкацца... Розуму не дабяру... Вунь уркі на работу не ідуць, выскаляюцца, гады... Андрэй Жыган, памятаеш, на Ўрале бузу вадзіў, - верхаводзіць над імі: ні ўзад ні ўперад, сядзяць у руры і хоць бы хны, хоць бы палец каторы да работы прыклаў, дзе ты бачыў... Яшчэ над табой часам кпяць, над купецтвам тваім, над мінулым насміхаюцца горка: «Дзе пуза тваё, купец, дзе ходы твае, параходы...» І што ж ты думаеш: з упросамі да іх, з угаворамі... А каторыя на рабоце, дык ля тых, як, не раўнуючы, да святых: ударнічкі вы, брыгаднічкі... І пайкі ўдарныя ім, рэкардысцкія - ім, падарункі - ім, піражкі на канале - брыгаднічкам... Ды што казаць... Вунь сягоння начальнік наш Пірын гармонь прыслаў, на складзе ляжыць цяпер - баян, пярвейшай маркі, паўтары тысячы цалковых за баян той у Маскве плочана, спецыяльна, можна сказаць, ездзіў Пірын за гэтым струменцікам. Каму баян? Навошта баян? Лепшаму гарманісту-ўдарніку... Так і сказаў начальнік... Ты падумай, паўтары тысячы цалковых, гэта, брат, не кот наплакаў... І якому-небудзь, даруй, Божа, гаду печанаму, злодзею-прайдзісвету гэты паўтарытысячны баян дастанецца... Ці сніў, ці бачыў ты. Я яго, гада печанага, каб уладу меў, разлажыў бы каторага ды ўклеіў, ды ўсыпаў... Ведаў бы жыганскую долю. Па-а-ўтары тысячы... Сярэ-э-браныя галасы... Ляжыць на складзе ў мяне, падыходзіць баюся. Жартачкі - жывыя цалковікі на бяздзеліцу жахнулі, паўтары тысячы за гармонік...

- Та-а-к... Га-а-рмонь... А і я грэшным дзелам любіў у свой час душу пад гармонь пусціць, расцягнуць яе ўшыркі, на ўсе галасы залатыя... Дзя-я-лы... Памятаеш, пад Саратавам...

Старыя дружбакі ператрасаюць старое жыццё, і цярушыцца яно залатымі лахманамі, прагорклым пылам мінуўшчыны. Як у горле ад пылу таго, пяршыць у памяці ад успамінаў, потырч думкі ляцяць настырбучаныя. Ніяк жа да ладу гэтыя думкі старыя не месцяцца. Старое жыццё распаўзаецца, разлязаецца, ашмоткамі разлятаецца па баках. Замаўкаюць абодва. І ў кожнага думка жорсткая, шурпатая, хіба скажаш аб ёй адзін другому. Думка аб тым, што прайшло жыццё старое, у пух і прах разляцелася на каменні. На бальшавіцкім. Перамаглі. Уставілі свой закон. І ты - залачонае пуза былое - аб мазалі стаў клопат мець. І грэшная думка: калі копчаны сіг акуратным выходзіць ад рук тваіх, ад мазалёў - тады сверліць мозг неадчэпная думка: «А добра... калі са стараннасцю...»

І тады - прыходзіць - нязведанымі раней шляхамі - новая госця. Імя той госці - радасць. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы.

Хіба ж у радасці той ты сазнаешся старому дружбаку...

І маўчаць абодва, думаюць... Лічаць зоры сінія за акном. Лічаць гады адсідкі, аб будучыні мяркуюць...

 

Паплылі па бараку чуткі:

- Ад Пірына гармонь прывезлі...

- Баян.

- Ся-я-рэбраныя галасы...

- Каму ж да гармоні ручкі прыкласці...

І скоса пазіраюць на Андрэя Андрэевіча. Хадзіў той грозны, панурысты. З твару чалавек сышоў. І ніякіх, здаецца, чалавеку клапот: ляжы, паплёўвай ды на нарах пуза пагладжвай, каб пуп не аслаб ад жыганскай вольніцы. Дык дзе там. Ходзіць чалавек сам не ў сабе, а вокам зірне на цябе - уцякай падалей - заб'е позіркам. На чуткі, на шэпты напароўся, вуха на іх настроміў. Падазваў карманшчыка маладога, малец з гузік, а фокусы вырабляе з вывертам, па карманнай, значыцца, справе. Дасціпны быў хлопец па гэтай часці.

Падзывае сурова:

- Ану, падходзь!

У таго і душа ў пяткі: кепскія з атаманам справы.

- Ты пра што, сапля карманная, трэплешся? - і рукі валахатыя на плячо. Цяжкія рукі, аж косткі ныюць пад імі.

- Дзядзенька... Усю праўду, як на далоні... Дальбог жа, прывезлі... Чыстакроўны баян... Вот жа крыж табе і макаўкі залатыя - праўду кажу, без падману... Гармонь - во-во... мяхі во... а галасы - незлічоныя...

- Вот я табе рэбры як памну, тады палічыш... Бачыў?

- Бачыць не бачыў, людзі казалі... Зіхаціць гармонь, багацю-ю-шчая...

Яшчэ больш пачарнеў Андрэй Андрэевіч - ні да чаго не горнуцца рукі, ні да сцірак, ні да хлеба, ні да лыжкі. Дзень хадзіў, два хадзіў, на трэці нясцерп узяў. Каравульнага начальніка выклікаў.

- Вот што, таварыш начальнік, адным вобмегам я на склад: справа ў мяне там важная, дужа сур'ёзная справа...

- Якія ж там справы ў цябе асаблівыя?

- Пасля...

Пусцілі. Стралой памчаў да склада, што ў сасоннічку, над возерам. Да самага кладаўшчыка, майстра сігавага Апацея Еўдаксеевіча. Перапуду на чалавека нагнаў, аж костка ўпала ў таго на падлогу, хрупасткая костка баранняя, пад падкоўку Андрэя Андрэевіча трапіла.

- Дык праўда хіба?

- Ты пра што, чалавеча? - І задам, задам пасунуў Апацей Еўдаксеевіч да дзвярэй у куток, каб падалей ад рук валахатых.

- Пра гармонь я пытаю. Ці праўда то, што прывезлі?

- А-а... ты пра гармонь... - адлягло Еўдаксеевічава сэрца, страпянулася радасна. - Ды ўжо ж прывезлі. Ад самага Пірына даставілі, чалавеча... З Масквы баянчык прывезлі...

- Пакаж...

- Што ты, чалавеча, як жа можна... Нікому гармонь яшчэ не прыручана...

- Ану, чортава плеш, пагавары яшчэ... Даставай мне без валакіты.

Зірнуў тут Еўдаксеевіч на жыганскія вочы, ды хуценька да скрынкі. Ніяк тыя рукі на крышку не маглі патрапіць, сапеў, стараўся, сяк-так адвярнуў, баян выцягнуў. Сонца ў вокны свяціла, рассыпалася зайчыкамі па галасах, па бліскучаму лаку, па срэбных вугольніках. Ды трапіла ў вочы да Андрэя Андрэевіча, заіскрылася агеньчыкамі гарэзнымі, ліхаманкавымі.

- А і сапраўды... Баян... Баянчык на славу... - Валахатымі рукамі да ладоў дакрануўся і адчуў халадок іх празрысты, светлы, як на чыстай кашулі белыя гузікі, перламутравыя. Харашы лады... Націснуў нясмела, прайшоўся па іх, перламутравых галасах пералівістых. Як ручай вясной пад ільдзінкаю сонечнай, хрупасткай... Цурчыць ручай, цурчыць... ды пад сонечнымі пацалункамі нікне, тае ільдзінка, сцякае каплямі. І гараць яны вясёлкавымі пералівамі, свечкамі веснавымі, лядовымі.

Разышліся маршчакі на лбе, твар пацямнеў. Уздыхнуў:

- Та-а-к... Струмент стоюшчы... дарагі, дзед, струмент...

І спахмурнеў зноў, вочы ў хмары:

- Цьфу ты, дзеда знайшоў... На... Не вярэдзь душы... Ды хавай, чорт лысы, каб паганымі рукамі сваімі да яе не дакрануўся...

- А ты, чалавеча, не лайся.

- Ну, ну... Чалаве-е-ча... Язык вазьмі ў рукі, ведай, стаіш перад кім... Ён думае, што мне ўвесь той свет у гармоні... Чалаве-е-ча... Я цябе так учалавечу, што ты маму радзімую ўбачыш... Іш, контрыкаў напусцілі на нашага брата, чэрава на сігах разбэхаў, на казённых сігах, ірад...

І да самага носа збялелага Апацея Еўдаксеевіча паднёс кулак валахаты, з рудой плямаю, з якарам сінім.

- Панюхай, чым мора дыша, астраханская гніда.

Да самай сцяны ўліп Апацей Еўдаксеевіч, далей сунуцца некуды. А той ужо змякчэў ды з парога:

- Іш ты, пудлівы... Душа ў вас заходлівая, жыдкая... Дык глядзі... Ды вот што яшчэ... Каму гармоньку начальства прызначыла?

- Гарманістам, мілай... гарманістам...

- Знама, што гарманістам. Не табе, плеш купецкая...

- Гарманістам-ударнікам... ударнікам, мілай... Так што конкурс ім, ударнічкам нашым... найлепшы хто, таму і гармонь.

- Уда-а-рнікам... у Багародзіцу вашу, у бабушку... - і так ляснуў дзвярыма, забрынчалі аж шыбкі, ды сэрца ў Апацея Еўдаксеевіча, як падбітая птаха, - кулдык, кулдык, аж рукамі схапіў, каб не вырвалася.

Стаяў, прыхіліўшыся ля сцяны, у акно пазірнуў нясмела, аддыхаўся.

- Ах жа, Божа ж ты мой... чалавек... чалавечына... не раўнуючы, казня эгіпецкая... дай ты рады... звяжыся, не расчэпішся... яшчэ Бог так-сяк мілаваў ад гэтай нахабы.

І, аддыхаўшыся ад страху, ад перапуду, палажыў Апацей Еўдаксеевіч крыўду вялікую на сваё сэрца: за пражытыя дні, за чортаву плеш, за купецкую...

- Гэта ж трэба, каб кожны бандыт марнаваў тваю годнасць купецкую, велічаў бы пляшывінай...

 

* * *

 

Навалілася скруха на рур!

Павесілі насы вуркаганы: ні смеху, ні вясёлага рогату, ні шалёнага тупату ног - гэта калі «яблычка да куды коцішся»... Не да яблычка было старому вуркагану.

- Каціцеся вы да папы, да мамы, да чортавай бабушкі вы каціцеся... - загнуў, паслаў Андрэй Андрэевіч развясёлую сваю каманду: душагубаў, дамушнікаў, карманшчыкаў, шырмачэй, паўдзесятка дзяўчат, начных цвецікаў, ды ўсякага іншага брата, трыццаць пятай стаццёй прыгалубленага. - Жысць вы маю загубілі, гады ржавыя...

І як бразнецца часам на нары, ляжыць, не варушыцца, ды камусьці кулаком пагражае. Валахатым, агромністым, з рудай плямаю, з якарам сінім. Ідуць ад кулака палахлівыя цені, матляюцца на змрочных сценах, сум наводзяць на нары. Ды часам уголас:

- Уда-а-арнікі...

Багародзіцыну бабушку памінае. А калі пачне да Багародзіцы ўчашчаць, тады лепш падалей ад Андрэя Андрэевіча. Асцерагаліся. Толькі шэпты глухія ды перашэпты ля сцен, па кутках ды па нарах далёкіх. Народ кемлівы, здагадлівы.

- Відна, суджана нам на работу выходзіць...

- Як жа так, каб здавацца? У рукі бальшавікоў, цёпленькімі?

- А каму б ты здацца хацеў?

- Не ў тым рэч... Няма ў мяне васпітаніі такой, каб ручкі мае на рабоце паганіць. Я, можна сказаць, ручкамі сваімі магу любы фокус зрабіць... Ды што казаць, далікатныя ручкі ў мяне, не з імі ж мне з сівалапымі ў рад станавіцца, пальчыкам залатым калупаць граніты...

Шэсць дзён, шэсць начэй у тых шэптах: здамося ці не здамося?

Слых напружаны ў Андрэя Андрэевіча. Ловіць кожны ўздых, кожнае слова. Пра пальчыкі залатыя ўчуў, пра васпітанію, памянуў Багародзіцу. А калі дачуўся да сівалапых, узняўся, як мядзведзь, гарой зрушыўся з нар і, агромністы, цельпукаваты, загрымеў у вячэрнім змроку:

- Гэй, ты, васпітанія далікатная, станавіся прад нашы ясныя вочы... Мы пабілі граф'ёў, мы князямі платы гарадзілі і рабілі гаці з паноў... Дык выходзь жа, залатая, далікатная сволач, я пакажу табе сапраўдныя сівалапыя рукі, сівалапы кулак распацешу на тваёй далікатнай дыні... дзе ж ты, прыхвасцень панскі, асметак чужога веку... Ён не зда-а-сца бальшавікам... бальшавікі яму ворагі, чужаеду...

«Далікатная васпітанія» ўшылася ў нары, утаіла духі. Ды грэблівыя галасы каторыя:

- Кінь, Андрэй Андрэевіч, не варта рук паганіць аб кожную былую гніду, яна сама здохне ад сівалапага духу, адсыпецца, як прус у чыстай хаце праветранай...

І відаць было: падыходзіць руру канец.

І калі наступіў сёмы дзень, выйшаў Андрэй Андрэевіч на сяродку барака і проста да ўсіх:

- Вот што... годзе, даволі... пафілонствавалі, пабязулілі, хопіць туфту заражаць*. А хто хоча быць дармаедам на нашым карку - айда налева.

* Туфту заражаць - займацца абманам.

Некалькі ног далікатных памкнуліся ўлева, але, асірочаныя, пакінутыя, віхрам перамятнуліся назад, утаропіўшы збянтэжаныя позіркі на ўчарашніх дружбакоў-таварышаў. Тыя стаялі панурыя, насупленыя. Але цвёрдыя ногі былі ў іх і сцятыя кулакі - у логава дармаедскае, у левы стан чужаедскі ніхто з іх не рушыў.

- А цяпер на работу...

І далей:

- Абвяшчаю вас сваёй брыгадай, баявой фалангай Андрэя Андрэевіча... пойдзем дамбу капаць на канал... контрыкаў біць на спаборніцтве, кулакоў... Яны могуць, а мы не можам, даліка-а-тная васпітанія... Смешна... Дык глядзіце ж: хітрыкаў аніякіх. Іначай худа будзе.

Спрабавалі некаторыя словы насуперак:

- Як жа так: брыгаду ды тваім імем? Каб сам ты брыгадзе імя даваў?

Нават вызверыўся:

- А якая да таго каму справа? Калі на худое, дык слухаюць, гады... паслухайце ж і на добрае...

Не знайшліся адказаць чым. Здаўся рур, пайшлі на работу філоны. Шаптаў каторы:

- Ну і дзялы, праз Андрэя Андрэевіча ўліплі, зашыліся. На гармонь чалавек хварэе, а ты клопат май...

- Не ў гармоні адной, чалавеча, справа.

 

* * *

 

Пайшла слава пра фалангу Андрэя Андрэевіча. Баявая фаланга, брыгадзір найпершы. Спрабавалі спачатку пакпіць каторыя, пасміхаліся ў вусы:

- Шырмачы ў работу ўкінуліся, здох у лесе мядзведзь, няйначай...

- Ручкі белыя ў гліну не ўмажце, каменьчыкамі не падрапайце, няспрытна па кішэнях рукой мазалёвай лазіць...

Агрызаліся. А хутка кінулі, бо ніхто больш не смеў лезці ў вочы сляпіцаю, калі працэнты ўгару палезлі ды суседнія брыгады пачалі непакоіцца:

- Чорт вас ведае, скуль што бярэцца. Прасядзелі сіднямі на руры, і на табе, на лініі перадавыя...

Слухаў Андрэй Андрэевіч, у вус пасміхваўся. Ужо тыдні два, як гармонь за ім - спецыяльны быў конкурс у клубе, хто ж устаяць змог супроць рук яго, да гармоні ўліплых. Гармонь - за ім, пярвейшы брыгадзір - за ім, два партрэты ў розных газетах - за ім. Развясёлая братва - і ім гармонь з галасамі сярэбранымі. Ды што гармонь. Вот сядзяць вечарамі, па пальцах лічаць, загінаюць гэтыя пальцы з свежымі мазалямі:

- Раз - гармонь наша...

- Два - ударнічкі...

- Тры - уніз адсідка пайшла...

- Чатыры - і на курсы каторыя, будуць майстрамі...

- Пяць - хіба ж контрыкам мы папусцімся, каб яны на рабоце ды першымі...

- І шэсць - з піражкамі... усё для нас, для ўдарнікаў.

Невялікі піражок той, а вяліка павага, дорага слова ўважлівае. І тое слова ўдарніку.

І толькі гэта на новыя капылы ўзбіліся, жытку сваю пачалі кроіць, як выйшаў канфуз з Андрэем Андрэевічам, праз гармонь яго, праз галасы: адклеіліся два - басовы і адзін альтовы. Невялікі, здаецца, і клопат, пусцяковіна, можна сказаць: узяў іх, галасы тыя, ды прыклеіў. Андрэй Андрэевіч так і надумаўся, ды проста з работы на склад, да майстра сіговага, да Апацея Еўдаксеевіча - павінен на складзе клей быць, звычайны гуміарабік па канцылярскіх справах - галасы ім падклеіць у самы раз. Як быў на рабоце на дамбе - у гліне, у зямлі, брызентавая спяцовачка на ім памятая, мазалём зашмальцованая, - так і сунуў на склад. Завіхаліся людзі на ім. Апацей Еўдаксеевіч важна пахаджваў, казліную бародку пашчыпваў, павучаў, як сігоў капціць, пакаваць як у скрынкі іх. Зірнуў на яго Андрэй Андрэевіч - «іш ты гніда» - ды з просьбаю:

- Вот што, купец, да зарэзу мне клей патрэбны, адпусці каплі з тры...

Тут Апацей Еўдаксеевіч старога знаёмага ўгледзеў. Спалохаўся нават, успомніўшы пра гармонь, пра чортаву плеш. Але на складзе людзі былі. І спяцовачка на Андрэю Андрэевічу ў зямлі, памятая спяцовачка, немудрашчая, у кожнага рабочага такая адзежынка, а рабочых тых тысячы - у зямлі капаюцца, канал рыюць. І раз людзі на складзе, раз спяцовачка тая зашмальцованая, немудрашчая, ды абіды к таму, крыўды старыя за чорта лысага, за купецкую плеш, - усміхнуўся ў душы Апацей Еўдаксеевіч:

«А зламалі цябе, гада... здалася птаха бальшавічкам, падрэзалі вуркагану крыллі...»

Усміхнуўшыся ды набраўшы віду начальніцкага, важнецкі ўголас:

- А няма ў мяне клею... завода ў мяне няма клеевага для кожнага прахадзяшчага, для кожнага, можна сказаць, шырмача...

Яшчэ далей хацеў сказаць, але змоўк, папярхнуўся, угледзеўшы злавесны цень на твары Андрэя Андрэевіча - сігануў той цень праз шрам і схаваўся дзесьці пад густымі расніцамі насупленага твару. Задам, задам, пасунуў глыбей у склад - нязручна з ім, авантурнікам. Але людзі ў складзе - і страх развеяўся. Мармытнуў:

- Ідзі, ідзі... Нечага тут анцімоніі з клеем разводзіць.

Нічога не сказаў Андрэй Андрэевіч, счарнеў увесь ды, як цёмная хмара, пасунуў за дзверы і пайшоў спакваля да барака.

Думаў усё.

І калі чорная ноч ахінула баракі, калі роўны храп распасцёрся пад высокую столь - сон салодкі змарыў спрацаваных каналаармейцаў, - нацягнуў асцярожна чабаты Андрэй Андрэевіч, паклаў у кішэню прыпасены ржавы цвік, выйшаў, крадучыся, з барака і пасунуў, як цень, да сасонніку, да азёрнага берага, дзе склад, дзе капцільня, дзе былы купец астраханскі - ружовая лысіна - Апацей Еўдаксеевіч.

Клею ўкрасці пайшоў.

Доўга поркаўся ля дзвярэй, ля замкоў немудрашчых, калупаўся цвіком іржавым. Калупаўся і лаяўся:

- Гэтак і пра рамяство забудзешся... Як арэх, паддаваліся колісь любыя замкі...

Раскалупаў. Ціха звякнулі два замкі, што на складзе. Увайшоў, запалкай чыркнуў, абышоў сталы. Цэлую бутлю клею знайшоў на адным.

- На чорта яна мне здалася, цэлая...

Шукаў з запалкай пляшачкі малай, каб порцыю клею адліць. Ступаў крадучыся, каб не рыпнулі палавіцы, рыпам сваім не выдалі б чабаты: за сцяной за пярэбаркай быў ціхі храп - спаў Апацей Еўдаксеевіч, колішнія параходы сніў, караваны лавецкія, астраханскія, волжскія берагі, жытку волжскую сніў, купецкую тую, шырокую.

Сніў ды кідаў спрасонку:

- Гэй, ты, чалаве-е-к...

Уздрыгваў тады Андрэй Андрэевіч, ды сэрца сцінала салодкім зудам, старым, пражытым, даўно зведаным. Захліпалася і ныла сэрца ў тым зудзе: «Эх ты, ночка, да ночка, да цё-о-мная... Цё-о-мная да глыбокая...»

Пра клей аж забыўся. Хіба ночы такія ды клеем паскудзіць. Размяў вольным рухам старыя плечы, ля паліц, ля сцен прайшоўся, вочы ў святле празрыстым, запалкавым разгарэліся. Аж звон у вушах, пра старую тую ночку, да ночку, да цё-о-мную... Цё-о-мную да глыбокую... Чаго, чаго не навалена тут ля сцен: адных адзяялаў аж адзінаццаць, да прасцірадлы, да ручнікі, спяцовачкі новыя для сплаўшчыкаў лагерных прыпасеныя... Цукру мяшкі, сёе-тое яшчэ з харчу лагернага. Прыгледзеўся да тых адзяялаў, рукой гаспадарчаю ў кучу склаў, старанна звязаў у тугі вузел, каб не рассыпаліся, не згубіліся. Сёе-тое з харчу паклаў, узважыў на рукі - у самы раз як данесці. Прыслухаўся да храпу за пярэбаркай, і сверб праняў рукі. Ціха зайшоў, запалкай чыркануў. Ружовая лысіна, у падушку ўмятая, бледна паблісквала пад запалкавым святлом, адтапыраныя старэчыя вусны слюнявіліся, нос храпеў з посвістам старым, з захліпінай.

- Іш, гніда, раскапусцілася... У самы б раз па ружоваму цемені стукнуць... За шырмача... Ды ладна... Жыві, задрыга старая, рук сваіх паганіць не буду... І так з цябе хопіць, памятаць будзеш...

Не сцярпеў толькі ў адным: цэлую бутлю клею выліў акуратна пад адзяяла, на падушку, на сарочку тую, на штонікі на купецкія.

- Ведаў каб, як дзярма шкадаваць... Будзеш зубамі адгрызаць, ірад бога не нашага... Іш ты, бюракрат пляшывы...

І пайшоў за пярэбарку, вузялок з адзяяламі падкінуў на плечы, крактануў разы са два і пайшоў у ноч, у цемень, прыбаўляючы кроку. Пайшоў у бок ад баракаў, тропкамі тайнымі, няходжанымі, праз лясную глухамань, праз балоты, праз сівыя валуны да імшарыны, папяваючы песню тую пра ночку, да ночку, да цё-о-мную, цё-о-мную да глыбокую...

 

* * *

 

Два дні і дзве ночы не было Андрэя Андрэевіча. Брыгадзірава гармонь ляжала на нарах, цьмяна паблісквала асірочанымі галасамі, наганяючы сум на ўдарнічкаў: туфтачэй былых, філонаў учарашніх. Не было ў іх руках таго спрыту, умельства, каб прайсціся сярэбранымі галасамі, пра яблычка галасамі тымі ўдарыць, ногі настроіць на польку-кадрыль. І не да яблычка было, не да кадрылі...

- Брыгадзір уцёк... Перад контрыкамі цяпер канфуз, як даведаюцца... Перад кратамі землянымі - перад кулакамі знявага...

І вечарам познім, калі масціліся ўдарнікі на сон, заявіўся ў барак Андрэй Андрэевіч, як з неба ўпаў, нечакана. Узрадаваліся, узрушыліся, насустрач кінуліся. Грымнулі вясёлае «ўра», вітаць кінуліся і аселі. Асекліся. П'яны быў брыгадзір. Нахохлены, шэрая цвецень шчок была нерухомай. Быў ён нябрыты, ускудлачаны, матляліся лапікі спяцовачкі - у пух і ўдрызг пайшла яна, немудрашчая, брызентавая. Відаць, у лесе туляўся, аціраў галлё, прадзіраўся праз параснік, праз чашчобу. Ішоў паміж нар, хістаўся, хапаўся рукамі за перакладзіны нар, агрызаўся на ўсіх:

- Гэй, вы... у Бога вас, у Хрыста... Дарогу мне, брыгадзіру, дарогу...

І як быў нераспрануты, неразуты - заваліўся на нары. Заснуў хваравітым сном. Ускакваў у сне, несусвеціцу вёрз пра гармонь, пра клей, пра ружовую плеш, пра адзінаццаць адзяялаў лагерных.

«Далікатная васпітанія» ўсміхнулася, шапарнула:

- Адзяяльцы, відаць, камандзір наш папёр. Ручак яго не мінулі...

Грымнулі з нар, з куткоў:

- Ціху ты, балдзей... Нішкні...

Ушылася ў нары «васпітанія», сціхамірылася...

А раніцою, чуць свет, узняўся Андрэй Андрэевіч з нар, на двор выйшаў да бляшанага ўмывальніка. Мыўся, чапурыўся, доўга прыгладжваў ускудлачаныя валасіны, брызентавыя штаны размінаў на палене хваёвым - усё стараўся складку навесці. Сцюдзёнай вадой боты абмыў - ад бруду, ад гразі балотнай. Чапурыўся, рыхтаваўся да нечага. І чакаць не прыйшлося доўга. Прыйшлі, загадалі ісці, павялі пад канвоем.

І на допыце заявіў без доўгіх анцімомій:

- Ну што ж, сесці прыйшоў, таварыш начальнік... За адзінаццаць адзяял, адну скрынку сігоў ды пакуначак цукру няважаны... Ды яшчэ за няважаную даверыю...

І без доўгіх анцімоній сеў.

Пасадзілі Андрэя Андрэевіча. За жалезныя краты немудрашчыя, ізалятарскія.

Гармонь адабралі.

Сядзіць Андрэй Андрэевіч.

Каторы дзень сядзіць. Не ў ахвоту сядзенне тое, апрыкрала. Адзін. Словам перакінуцца - няма з кім.

А за акном чорная ноч, гудуць, завываюць восеньскія вятры. Золь у іх, стыль, сцюдзёныя подыхі недалёкага Белага мора. Здаецца ў змроку начным, нібы вось яно, вось за самай сцяной, за чорнай шыбкай - дыхае яно, распраўляе магутныя грудзі, набягае грымлівымі ўспененымі хвалямі, і ад іх шалёных узвіваў ляцяць салёныя пырскі, пасцілаюцца слатой на шыбках акон, рассыпаюцца друзам лядовым па даху, па сценах. То вецер зрывае ігліцу хвой. Цярушыць, асыпае яе, злосна кідае ў вокны, у сцены, шамаціць па чорнаму шклу, вільготнаму, запацеламу. Вунь колькі на гэтай шыбцы калючай ігліцы ды апалага лісту, счарнелага, пажоўклага.

І, прынікшы гарачым ілбом да стылага шкла, намагаецца Андрэй Андрэевіч думкі свае сабраць у бярэма. Нікнуць яны, рассыпаюцца, вострай ігліцай драпаюць сэрца.

Чарадою праходзяць гады. Што ні год - ліст апалы, пажоўклы. І жыццё ўсё - золь восеньская, слата, сцежкі віхлястыя, абіваныя турэмныя парогі, царскія турэмныя клапы запанібрата, смуродная цвіль турэмных нар і вечная - з году ў год - пракаветная думка: вот жа вырвуся, воляй дыхну, - ведай нашых тады. Вырываўся на некалькі тыдняў, на дзесяткі дзён. І цяжка дыхала кароткая воля - перагарам гарэлкі, чадам ашалелай весялосці, бляклым румянцам бляклых дзяўчат, шалёным разгулам панажоўшчыны.

Ад турэмных крат і ад кароткай волі страцілі вочы былы бляск, сівая цвецень уплялася ў валасы. Сугорбілася спіна. Хада насцярожанай стала - страцілі ногі былую гнуткую цвёрдасць, не ногі былі - спружыны, калі ўцякаў у цёмныя ночы ад турэмных наглядальнікаў і парогаў. Цяпер ныюць ногі, цяжкія, азызлыя. І калі прыйшла яна - рэвалюцыя, цяжка было выбіцца з віхлястых прызвычаеных сцежак на пратораныя людскія дарогі, на новыя прасторы новай зямлі. Мелі ногі хаду старую, такую ж хаду мелі старыя думкі пра свет, пра жыццё, пра людзей - усе на свеце зладзеі, найбольшыя з іх у пашане ходзяць, найспрытнейшыя светам правяць, чым жа я хужэй ад іх - злодзей найменшы. Віхлястыя сцежкі прывялі ў Салаўкі. Белым морам на канал прывезлі. І тут збіўся са старых прызвычаеных капылоў. Усё трымаўся на іх, на старых, трупехлых. Падламаліся.

Мо баян падвёў - не ўстояў перад ім па слабасці сваёй да гармоні Андрэй Андрэевіч, адзінаю ўцехаю лічыў яе ў жыцці і мог сярэбранымі галасамі выціснуць слязу на азвярэлым твары, сэрца, збітае з каменю, растапіць у жалю, радасцю чалавечаю яго заіскрыць. Падвяла гармонь. А мо не гармонь. Да сярэбраных галасоў было слова людское, цёплае, спачувальнае. Не чуў яго ніколі раней стары злодзей Андрэй Андрэевіч. І пайшоў на работу, за сабой павёў баявую фалангу. З-за гармоні. Толькі ўдарнік меў права на сярэбраныя яе галасы.

І калі стаў на работу, спала з воч старая слата, свет пазнаў па-новаму. Даведаўся - не зладзеямі свет трымаецца і не імі ён правіцца ў роднай краіне. І няма ніякіх пуцей яму, Андрэю Андрэевічу, найменшаму злодзею ў мінулым, а цяпер, выходзіць, найбольшаму... Акрамя як на работу... Там ён чалавек найпершы, найслаўнейшы брыгадзір, да слова яго ўважліва прыслухоўваюцца... раяцца з ім... Гэткую дамбу згоралі, і дзіва-то: уздыбілася балотнае возера, узнесла хвалі свае вышэй стромкіх хвой, і па хвоях тых, па вяршалінах карабель паплыў, аж да Белага мора пайшлі параходы... І яго рукой тое возера створана, ён падняў караблі, параходы вышэй стромкіх хвой, шлях-дарогу паказаў ім да мора.

Глыбокае возера, бурнае. Ідзе канал з яго да Белага мора.

А яно яшчэ глыбей. Берагоў на ім не відаць, на вялікім...

І тры каплі клею.

Усяго-наўсяго тры каплі. І як паслізнуўся на іх, да пякучага болю ў сэрцы, нібы кранулі па ім нажом тупым, зазубраным і шурпатым. Аж сцяўся ўвесь, уздыхнуў. Быў той уздых глыбокім, працяглым. Спалохаўся нават. Адчуў, як нешта цёплае напоўніла шрам, скацілася праз нябрытую шчаку, запяршыла і сціснула ў горле. Рэзка падхапіўся з нар, прыліп да акна, прастроміў вачмі начную цемрань, што церушылася ігліцай, падалкай-лісцем, восеньскай золлю, макрэддзю.

- Каб я... Ручкі склаўшы сядзець, падвадзіць чалавека... Не, не будзе гэтага... Больш так немагчыма...

Напружыўся ўвесь. Валахатыя рукі наваліліся на тонкую жалезіну, з мясам вырвалі з рамы. Хруснула яна, падалася. Ціха дзынкнула шкло, упала і рассыпалася па мокрай зямлі. Рэзкі вецер узмачаліў космы валос, абдаў холадам твар, думкі прывёў да парадку.

Грузнае тулава перамятнулася праз падваконне, і чалавек знік, праглынуты вятрамі і цемрынёй. Ішла насустрач лесавая восеньская пурга, лісцвяная, іглічная. Грознымі перакатамі гудзела ў вяршалінах хвой, шалёна кідалася на азёрныя прасторы, кідала на дыбкі чорныя хвалі, і яны з гудам, з грохатам навальваліся на ўспенены бераг і адкатваліся назад, каб разбіцца аб сустрэчныя хвалі. Пурга кідала ў вочы, у расхрыстаныя грудзі жмені вострай ігліцы і мокрага лісця, прыгінала стромкія дрэвы, і, напятыя, яны гудзелі, як струна. У гудзе тым была суровая і пагрозлівая музыка лесу. Дзесьці, патрывожаны бураломам, раўкнуў мядзведзь, і роў яго пракаціўся кароткімі пагалоскамі, праглынутымі глыбокімі лажбінамі, мяккімі імшарынамі балот, уздыбленымі хвалямі возера.

Чалавек торапка бег, падганяемы пургой, начнымі сполахамі, глухімі гукамі лесавымі, звярынымі.

 

* * *

 

Змрочная пеляна спаўзала з акон. У іх разлівалася шэрая празрыстасць раніцы. Праз іх відаць былі сівыя туманы - яны плылі па лажбінах, клубіліся над рачулкай, над азёрнымі берагамі. І нібы плавалі ў гэтым тумане суровыя грамады хвой і ялін, высока ўзнёсшы калматыя верхавіны ў золь і стыль ранішняга неба.

Прачыналася Мядзведжая гара, абуджалася гаманлівымі галасамі. Ішлі лагернікі на работу: у майстэрні, на сплаў, на лесавыя работы. Заклікаюча гулі гудкі лесапільні, грымелі буферамі цягнікі на станцыі, пераклікаліся паравозы.

Чалавек сядзеў за сталом, лахматы, нахохлены. Раз-поразу праводзіў па твары, па ўскудлачаных валасах шырокай далоняй, нібы зганяючы з твару дрымотную цеплыню, што хіліла да сну, да спачыну. Прыслухоўваўся да паравозных гудкоў, і тады на хвіліну якую выпростваўся ссутулены стан, святлеў позірк вачэй - рабіўся цвёрдым, калючым. У гудках тых была вялікая і грозная сіла - паравозы прыйшлі здалёк, былі бясконцымі іх шляхі, да радзімы далёкай вялі, да волі. Далёкай волі.

- Дык як жа так? Што будзем рабіць?

Чалавек чуў запытанне і марудзіў з адказам. Усё падбіраў лепшыя словы, каб былі яны глыбей і мякчэй, каб была ў іх вялікая праўда, каб глыбокая вера была да тых слоў. Чалавеку хацелася сказаць аб дзівосным жыцці, аб суровай праўдзе, аб сярэбраных галасах гармоні, аб ударніцтве, нечуваных працэнтах... І аб трох каплях клею...

Чалавеку хацелася яшчэ расказаць аб ночы ў лесе, аб грознай пурзе, аб галасах лесавых, звярыных... Аб звярыных сцежках і тропках... І аб тых слядах, што ідуць яшчэ да чалавечага сэрца... Ідуць і знікаюць... Вытоптваюцца старыя звярыныя сцежкі, і на месца іх устаюць пратораныя людскія дарогі... Пра дамбу хацеў расказаць, пра глыбокі канал.

Чалавеку хацелася расказаць. А словы не ішлі, былі яны няўлоўныя, неўвароткія, каравыя словы ды шурпатыя. Таму і сказаў толькі:

- Дык гэта ж я адзяялы папёр... Адзінаццаць адзяяльцаў стырыў... Быў то мой клопат і мой інтарэс...

- Ну?

Былі ўважлівыя вочы ў начальніка лагера, у таварыша Пірына. Уважлівыя і глыбокія. Бачылі яны куды далей адзяялаў, не засцілі тыя адзяялы звярыных слядоў і дарог людскіх. І, прыўзняўшы строга правую броў, запытаў яшчэ раз:

- Ну, дык што ж? Расказвай... Уцёк, відаць... З ізалятара?

- Уцёк... Пасадзілі былі... І гармонь адабралі... А быў я ўдарнікам... І вот... Трыццаць вёрст я зрабіў за ноч, да вас бег, на Мядзведжую гару, каб расказаць аб усім... Дарогамі не ішоў, каб не спаймалі... Абыходзіў лесам, ды праз балоты... Не магу я больш сядзець, няма больш магчымасці... А з адзяяльцамі я вінаваты... Усё праз тое залачонае пуза, дзярма пашкадаваў, бюракрат пляшывы... За клеем я палез у склад... І вот... уклеіўся...

Ледзь прыкметная ўсмешка прайшлася па твару таварыша Пірына.

- Та-а-ак, Андрэй Андрэевіч... І які толькі лешы табе ногі папутаў...

Доўга яшчэ гаварылі. Аб дамбе. Аб ударніках. Аб сплаве лесу. І тады сказаў начальнік лагера таварыш Пірын:

- Дык вот што, Андрэй Андрэевіч... Каб ног не трапаць, бяры вот запіску ды крый на возера, дзяжурны катэр пойдзе на канал праз гадзіну, цябе з сабой возьме. Плыві назад, станавіся на работу, сваімі ўдарнічкамі камандуй. Ды вот яшчэ... Пра курсы ты колісь казаў... Праз тыдзень які можна будзе ў механічную майстэрню цябе забраць, рукі лепш наламаеш да працы, майстрам станеш... А цяпер ідзі... Гармонь... назад атрымаеш - па тэлефону перадам. Дык бывай...

Як падхоплены на крыллі, імчаў Андрэй Андрэевіч з Мядзведжай гары ўніз да возера, да параходнай прыстані. Высока ўзышло сонца, і, чыстае, зыркае - пасля ранічных рос і туманаў, - яно рассыпалася ў мільёнах сонечных усмешак на ціхіх хвалях, на ўлагоджанай роўнядзі возера. Бязмежныя вадзяныя прасторы дыхалі велічавым спакоем, трапяткой серабрыстай люстранасцю зліваліся з далёкім небам, і люстранасць тая гарэла ў нясцерпным асляпляючым бляску.

У сонечным бляску.

 

Беламорскі канал, 1933


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая