epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Мушынскі

Каментарыі. Трагедыя народнага жыцця вачыма пісьменніка-гуманіста

(Раман «Вязьмо». Драматычная аповесць «Сымон Карызна»)

 

 

У параўнанні з іншымі творамі М. Зарэцкага раману «Вязьмо» пашанцавала крыху больш: крытыка 30-х гадоў хоць і не здолела спасцігнуць глыбокі сэнс гэтага выдатнага твора, тым не меней, улічваючы актуальнасць узнятай пісьменнікам тэмы, не закрэсліла яго цалкам. Праўда, вульгарызатары ў асобе Я. Бранштэйна, М. Клімковіча, Д. Коніка і інш. імкнуліся прынізіць значэнне рамана, шукалі ў ім тое, чаго там не было, прыпісвалі аўтару неіснуючыя памылкі і зрывы1.

Пасля рэабілітацыі М. Зарэцкага многія ранейшыя ацэнкі былі перагледжаны. А. Адамовіч, М. Луфераў, Ю. Пшыркоў, Н. Перкін, С. Гусак, В. Каваленка, аўтар гэтага пасляслоўя, І. Чыгрын, А. Матрунёнак, А. Майсеенка, іншыя літаратуразнаўцы слушна адзначалі высокі сацыяльны пафас рамана, майстэрства пісьменніка ў стварэнні характараў, у вырашэнні канфлікту, які адлюстроўваў рэальныя супярэчнасці свайго часу. Справядліва падкрэслівалася: «У творы Зарэцкага ёсць многае, што збліжае яго з філасофскай прозай»2.

Недахопы ж «Вязьма» бачыліся ў пэўнай просталінейнасці, з якой пісьменнік выяўляў «класавую, сацыяльную падаснову чалавечай псіхікі»: так, паводле думкі А. Адамовіча, «у поглядах Зарэцкага на чалавека ёсць тое, што можна назваць сацыяльным фаталізмам. Паводзіны Сымона Карызны ён часам вытлумачвае выключна яго сялянскім паходжаннем, некалькі прымітыўна супрацьпастаўляючы яму Зеленюка іменна як прадстаўніка «пралетарскай радаслоўнай»3. I яшчэ адно сцвярджэнне крытыка: «Вузел супярэчнасцей, «вязьмо», што паступова сціскае і прыводзіць да краху Сымона Карызну,— гэта нешта такое, што па сутнасці і непадуладна Карызну, бо яго паводзіны як бы прадвызначаны яго сацыяльным паходжаннем. І таму атрымліваецца, што вялікай віны за «пацяробаўшчыну» на гэтым чалавеку і няма. Ёсць трагедыя чалавека, віны ж па сутнасці няма. Вось як нечакана выявілася яшчэ раз у самім мастацкім вобразе нясталасць светапогляду Зарэцкага»4.

Услед за Адамовічам аб «праявах сацыяльнага фаталізму ў поглядзе пісьменніка на чалавека» пісаў і М. Луфераў, хоць ён і не пагаджаўся з папярэднікам адносна віны, якую пісьменнік нібыта здымае з Карызны: «Не, аўтар увесь час асуджае Карызну, іменна яго і яго шэфа Рачкоўскага пісьменнік паказвае галоўнымі віноўнікамі сівецкай драмы»5.

Меркаванне А. Адамовіча наконт сацыяльнага фаталізму паспрабаваў аспрэчыць С. Гусак: «Міхась Зарэцкі не кіруецца сацыяльным фаталізмам, а ваюе з ім, выступае супраць таго, каб разглядаць паводзіны чалавека як фатальна прадвызначаныя. І таму пісьменнік, асуджаючы Карызну, у той жа час і спачувае яму»6. Пазіцыю С. Гусака падзяляе і А. Майсеенка, але з пэўнымі агаворкамі7.

Не заглыбляючыся тут спецыяльна ў гісторыю вывучэння «Вязьма», зазначым, што пры болей уважлівым разглядзе зместу рамана многія яго ранейшыя ацэнкі аказваюцца павярхоўнымі, спрошчанымі. Яны не перадаюць ідэйнага багацця твора, не раскрываюць яго мастацкай адметнасці. Інакш кажучы, раман «Вязьмо» чакае новага, сучаснага прачытання, новай трактоўкі. Мы ж спаслаліся на літаратуразнаўцаў толькі таму, што іх навуковыя працы і сёння знаходзяцца ў шырокім чытацкім ужытку, і перагляд рамана М. Зарэцкага павінен ісці адначасова з пераасэнсаваннем кніг, прысвечаных гэтаму твору, увогуле творчасці пісьменніка. Выпрацоўку новай гісторыка-літаратурнай канцэпцыі трэба здзяйсняць комплексна, весці шырокім фронтам.

Будзем, аднак, справядлівымі. Даследчыкі папярэдніх гадоў не маглі даць ацэнку, адэкватную зместу рамана, бо ў сваіх разважаннях яны зыходзілі з той, здавалася б, бясспрэчнай ісціны, што калектывізацыя з’яўлялася заканамерным працягам ленінскага плана пабудовы сацыялізме ў СССР, а раман «Вязьмо» быццам бы сцвярджаў яе гістарычную непазбежнасць і мэтазгоднасць. «Праўдзіва адлюстроўваючы калектывізацыю як гістарычна неабходны этап у развіцці краіны, М. Зарэцкі паказвае, што палітыка калектывізацыі адпавядала самым надзённым патрэбам працоўных мас вёскі. Ідэя калектыўнага гаспадарання паступова авалодвае масамі... Перад калгасам шырокія перспектывы, за ім будучыня»8. Гэтая думка была па сутнасці скразной і ў працах іншых аўтараў.

Вось тут мы і падыходзім да галоўнага моманту ў сённяшнім успрыманні рамана: заслуга аўтара «Вязьма» не толькі ў тым, што ён з гуманістычных пазіцый выкрываў у вобразе «страшнага калектывізатара» Пацяроба парушэнне прынцыпу добраахвотнасці, незаконнае высяленне беднякоў і кулакоў, але і ў тым, што паставіў пад сумненне неабходнасць суцэльнай калектывізацыі. І зрабіў гэта не ў эмацыянальнай форме, а сюжэтна. Падобнага асвятлення тэмы ў беларускай літаратуры, здаецца, не было ні ў 30-я, ні ў пазнейшыя гады. Адпаведна пра гэта не гаварыла ні крытыка, ні літаратуразнаўства. Фактычна, даследчыкі і не маглі гаварыць, зыходзячы з агульнапрынятай, кананічнай ацэнкі калектывізацыі. І толькі сёння, дзякуючы пэўным зрухам у грамадска-палітычным жыцці краіны, мы можам на поўны голас сказаць пра сапраўдную смеласць Зарэцкага-мастака, можам вызначыць яго заслугу ў развіцці беларускай літаратуры.

Думаецца, зусім невыпадкова Іван Мележ у 1969 годзе назваў «Вязьмо», «можа быць, самым глыбокім творам тых часоў пра калектывізацыю», падкрэсліўшы менавіта «суровы рэалізм і мужную глыбіню», якімі пазначаны «лепшы твор М. Зарэцкага»9. Глыбокая, праніклівая ацэнка аўтара «Палескай хронікі». Фактычна ж «Вязьмо» — лепшы твор не толькі М. Зарэцкага, але і ўсёй беларускай літаратуры 30-х гадоў.

Зусім відавочна, што адкрыта выступіць супраць масавай калектывізацыі М. Зарэцкі не мог. Адмоўная ацэнка яго дакументальна-мастацкіх нарысаў, дзе выказваліся пэўныя сумненні наконт форм і метадаў прымусовага аб’яднання аднаасобных гаспадарак у калектыўную,— лепшае таму пацвярджэнне. Зрэшты, твор, у якім адсутнічала няхай нават дэкларатыўная падтрымка тагачасных мерапрыемстваў па рэарганізацыі сельскай гаспадаркі, не пабачыў бы старонак друку. Яго чакаў бы незайздросны лёс рамана «Крывічы», публікацыя якога была бесцырымонна перапынена.

Вось чаму, навучаны горкім вопытам, пісьменнік вымушаны быў шукаць іншых прыдатных для выяўлення сваёй пазіцыі сродкаў і форм. Безумоўна, праводзячы думку пра неапраўданасць суцэльнай калектывізацыі, М. Зарэцкі рызыкаваў. Але ён спадзяваўся, што рана ці позна ягоны пункт гледжання, ягоная пазіцыя будзе ацэнена справядліва. Гэтая надзея жывіла творчую думку мастака, надавала яму сілы і ўпэўненасці, натхняла на працу.

Што датычыць магчымых нападак дагматычнай крытыкі, гатовай у любым творы знайсці ідэалагічную крамолу, нацдэмаўшчыну і антысаветызм і гатовай публічна выкрыць іх носьбітаў, дык пісьменнік выкарыстаў апрабаваныя меры перасцярогі. Раман завяршаецца на бадзёрай ноце: дзякуючы своечасоваму ўмяшанню камуніста Зеленюка, райком партыі выпраўляе памылкі і скрыўленні, дапушчаныя Пацяробам, Карызнам, вызваляе шэрагі партыі ад чужых ёй людзей. За што ж тут, здавалася б, крытыкаваць пісьменніка? Такі фінал ідэолагі 30-х гадоў павінны былі толькі вітаць.

Тым не менш сучасная М. Зарэцкаму звышпільная крытыка, а ўслед за ёю і даследчыкі наступных дзесяцігоддзяў не заўважылі сюжэтную лінію арганізацыі сівалапаўскай моладдзю колькасна нешматлікага калгаса на строга добраахвотных пачатках. А калі хто і прыгадваў гэты факт, дык яму, факту, не надавалася прынцыповага значэння. А між тым у кантэксце спрэчак герояў рамана, у кантэксце ідэй, якія праводзіў М. Зарэцкі ў нарысах «Падарожжа на новую зямлю», «Лісты ад знаёмага», «Вясна 1930 года»,— такі калгас і разглядаўся пісьменнікам як найболей мэтазгодная форма вырашэння пытанняў, што стаялі ў той час перад працоўнай вёскай. Нешматлікі, створаны на добраахвотных асновах, калектыў і павінен быў, паводле логікі аўтара «Вязьма», у далейшым стаць узорам маючых быць калгасаў. І сутнасць прынцыповага сутыкнення герояў рамана «Вязьмо» заключалася ў тым, што прапанова сівалапаўскай моладзі ўступіла ў непрымірымую супярэчнасць з ідэяй суцэльнай калектывізацыі. Карызна паўстаў супраць добраахвотна ўтворанага калектыву аднадумцаў не толькі таму, што апошні арганізаваны без яго асабістага ўдзелу, гэта значыць, што тут было закранута самалюбства, падрываўся ягоны аўтарытэт як партыйнага кіраўніка. Існавала яшчэ адна, болей важкая прычына: Карызна абвінавачвае ініцыятараў арганізацыі малога калгаса «ў злоснай і беспрынцыпнай партызаншчыне»10.

«Партызаншчыны», гэта значыць імкнення сялянства да самастойнасці — вось чаго ў першую чаргу баяліся прадстаўнікі камандна-адміністрацыйнай сістэмы ў асобе сіўцоўскага начальства. Нездарма аўтар рамана ахарактарызаваў партыйны сход, на якім абмяркоўвалася спрэчка Зеленюка з Карызнам адносна самастойнага калгаса, як «гістарычны» ў сівецкім маштабе (205). Ён і сапраўды павінен быў стаць гістарычным. І жыхары мястэчка не засталіся абыякавымі да сходу. Гэта і зразумела, паколькі гаворка ішла не пра дробязныя сутыкненні двух партыйных кіраўнікоў, сакратара ячэйкі і ўпаўнаважанага райкома, а фактычна пра далейшы лёс працоўнага сялянства — быць яму эканамічна свабодным ці пазбавіцца незалежнасці. У падтэксце рамана выразна прачытваецца аўтарская думка: удасца вяскоўцам адстаяць свой невялічкі калгас, значыць, і ў далейшым яны змогуць самастойна вырашаць эканамічныя праблемы, жыць сваім розумам. А не ўдасца — гаспадарамі стануць тыя, хто прымусова заганяе сялянства ў калгас. Вось які глыбокі сацыяльна-філасофскі сэнс мела сюжэтная калізія ўтварэння сівалапаўцамі ўласнага калектыву.

Але асабліва змястоўным сродкам абгрунтавання думкі пра абсурднасць пагалоўнай калектывізацыі было тое, што ў рамане мы фактычна не бачым так званых кулакоў, апроч багацея Гвардыяна з яго славутым «нарзанам», які ён чамусьці называе «тарзанам». Гвардыян — крыху нават фельетонны кулак, а не той жорсткі, бязлітасны эксплуататар, крывасмок, якога так ахвотна жывапісалі многія паэты, празаікі, драматургі 30-х і пазнейшых гадоў. У рамане сюжэтна не паказваецца шкодніцкая дзейнасць кулакоў, скажам, учыненыя імі падпалы, забойствы актывістаў, хоць у дэкларацыйным плане і гаворыцца пра актыўнасць кулацкіх сіл. Пісьменнік так замаскаваў «хітрыя, няўлоўна таемныя спосабы» дзейнасці вясковых багацеяў, што іх не ўбачыў і чытач. У гэтым — несумненная заслуга аўтара рамана, мастака-гуманіста, які добра ўсведамляў небяспеку публічнага распальвання варожасці паміж рознымі групамі працоўнага сялянства.

Не меней істотна і тое, што ў рамане «Вязьмо» раскулачваюць і высяляюць за межы раёна не кулакоў, а «прызначаных для гэтае мэты сівецкіх гаспадароў» (269). Недаравальна было б лічыць такую тонкую, прадуманую, змястоўную ў сэнсава-стылёвых адносінах фармуліроўку чымсьці выпадковым. Не, у гэтай фармуліроўцы — дакладная аўтарская маральная, палітычная ацэнка з’явы.

Вось тут якраз і дарэчы вярнуцца да закранутага вышэй пытання наконт адносін пісьменніка да Карызны — асуджае ён свайго героя ці дае яму амністыю, спасылаючыся на абставіны часу? Ад аб’ектыўнага асвятлення аўтарскай пазіцыі многае залежыць і ў нашым разуменні агульнай канцэпцыі рамана. Сярод даследчыкаў у пэўных момантах бліжэй да ісціны, як нам уяўляецца, аказаўся С. Гусак, які трапна заўважыў, што «ў лёсе Карызны Зарэцкі ўбачыў трагедыю, у яго памылках — бяду, а не віну»11. На жаль, С. Гусак чамусьці не разгарнуў свой тэзіс, а галоўнае не звязаў яго з разглядам вобразнай сістэмы твора. Ды ён і не мае рацыі, калі ва ўчынках Карызны не бачыць ягонай асабістай віны.

Характэрна, што С. Гусак, як і іншыя даследчыкі, пра наяўнасць у творы сюжэтнай лініі, звязанай з арганізацыяй сівалапаўскага калгаса, нават не прыгадвае, а гэта ж адзін з вызначальных момантаў аўтарскай канцэпцыі. Усю ўвагу ён скіраваў на аналіз «пацяробаўшчыны». Але, шчыра кажучы, ставіць сэнсавы акцэнт на выкрыцці перагібаў не варта, бо яно, выкрыццё, было афіцыйна дазволена, узаконена нават ужо ў 30-я гады крывадушным, несумленным артыкулам Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў», дзе палітычны авантурыст свае ўласныя пралікі перакладаў на іншых.

Фактычна на ўсе наступныя дзесяцігоддзі крытыка «перагібаў» стала неад’емным атрыбутам твораў пра калектывізацыю. Можна сказаць, што гэта была шчаслівая знаходка для тых, хто праводзіў згубную палітыку рассяляньвання працоўнага сялянства, палітыку разбурэння вёскі. Выкрыццё «перагібаў» стала свайго роду эмацыянальным клапанам. Так, пісьменнік атрымліваў магчымасць публічна выявіць свой грамадзянскі тэмперамент, выказаць высакароднае абурэнне з нагоды зламысных учынкаў канкрэтных асоб, найчасцей дзеячаў мясцовага маштабу. Наіўны, недасведчаны ў гісторыі калектывізацыі чытач з задавальненнем далучаўся да тых левакоў, хто, маўляў, не дарос да разумення геніяльнага сталінскага плана, хто скрыўляў партыйную лінію ў гэтым пытанні. І афіцыйныя колы былі задаволены такой трактоўкай калектывізацыі, хоць гэта была ўсяго толькі маленькая часцінка праўды, гаварыць пра якую дазвалялася з мэтаю схаваць вялікую горкую праўду пра трагедыю працоўнага селяніна, у якога адабралі дадзеную яму рэвалюцыяй зямлю, эканамічную незалежнасць і якога зрабілі фактычна прыгонным. Такім чынам, зводзячы пафас «Вязьма» да выкрыцця «перагібаў», мы абясцэньваем сэнс гэтага змястоўнага твора, збядняем яго ідэйнае гучанне. І вобраз Карызны нельга аналізаваць адасоблена ад разгляду сюжэтнай лініі, звязанай з утварэннем самастойнага калгаса ў Сівалапах, г. зн. з лініяй аўтарскага непрымання суцэльнай калектывізацыі, бо ў адваротным выпадку мы многае не зразумеем у творы наогул і ў пісьменніцкай трактоўцы вобраза будзем кідацца ў бакі: то прыпісваць аўтару светапоглядную нясталасць, то выкрываць Карызну як дробнага кар’ерыста і несумленнага чалавека.

Некаторыя ж даследчыкі знаходзяць у вобразе Карызны нават «супярэчлівасць» і «аўтарскую зададзенасць». «Вобраз Карызны, — сцвярджае А. Майсеенка,—«сканструяваны» з мінулага і сучаснага. Паміж гэтымі элементамі няма арганічнага спалучэння»12. У дадзеным выпадку болей лагічна гаварыць пра супярэчлівасць не вобраза Карызны, а разважанняў даследчыка. А народжана супярэчлівасць запраграмаванасцю ранейшых ацэнак калектывізацыі, нашай бояззю назваць сапраўднага вінаватага ў трагедыях і драмах перыяду 30-х гадоў.

М. Зарэцкі — і мы ўжо гэта часткова бачылі — не апраўдвае Карызну за яго памылкі і за тыя няшчасці, якія ён прыносіў людзям, бласлаўляючы антыгуманныя, бесчалавечыя акцыі Пацяроба. Чаго варта, напрыклад, падтрыманая Карызнам прапанова «страшнага калектывізатара» «калупнуць», г. зн. выселіць за межы раёна пад выглядам кулака «спакойнага беззаваднага серадняка Малаха Загароўскага»? Падобны ўчынак з’яўляўся не толькі адкрытым замахам на сацыяльную справядлівасць, праявай беззаконнасці. Тэрарыстычным актам Карызна імкнуўся прадэманстраваць перад членамі ячэйкі неабмежаванасць сваёй улады, хацеў бачыць пакорлівасць і паслушэнства з боку падначаленых. Болей таго! Ён прапанаваў, каб адказным за высяленне з Сівалапаў быў не хто іншы, а сакратар камсамольскай ячэйкі Віктар. Інакш кажучы, Карызну дужа хацелася, каб і партыйцы нават супраць уласнага жадання былі ўцягнуты ў брудныя справы, фактычна сталі саўдзельнікамі злачынства. «Усе былі ашаломлены гэтай наўмыснай, для справы непатрэбнай жорсткасцю, бо ўсе ведалі пра стасункі Віктара з дачкой Загароўскага» (297).

У даследчыкаў, якія схільны бачыць ідэйны пафас «Вязьма» ў выкрыцці перагібаў, адносіны да Карызны як носьбіта ідэй пацяробаўшчаны пераважна негатыўныя. Натуральна, што станоўчыя рысы характару героя пакідаюцца па-за ўвагай. А галоўнае, даследчыкі змяшчаюць акцэнт у высвятленні пытання, адкуль узялася жорсткасць у Карызны, чалавека сумленнага і добрага? У канчатковым выніку ўсё гэта вядзе да спрашчэння аўтарскай задумы і збядняе агульную ідэйную канцэпцыю глыбоказмястоўнага сацыяльна-псіхалагічнага рамана. «Імкненне схаваць ад партыі і народа асабістыя памылкі кіруе ўсімі паводзінамі сакратара партячэйкі, штурхае яго на шлях перагібу і авантур пры стварэнні калгаса»13,— сцвярджаецца ў кнізе А. Майсеенка Пад «асабістымі памылкамі» даследчык разумее тое, што ў 20-я гады Карызна спрыяў выхаду сваіх бацькоў на хутар. І сапраўды, сын «даваў і грошы і парады. Ён пісаў, каб развіналі гаспадарку, каб не баяліся, наймалі, калі спатрэбіцца, бо гэта Савецкая ўлада не забараняе» (89). Ды, уласна кажучы, Карызна не абмежаваўся дапамогай толькі бацькам. «Некалькі вёсак выключна за яго дапамогаю пайшлі на пасёлкі» (89).

Але хіба Карызна дзейнічаў так па ўласнай ініцыятыве? Хіба савецкая ўлада ў 20-я гады забараняла выхад на хутары і пасёлкі? Не, гэта была дзяржаўная і партыйная палітыка, скіраваная на ўздым сельскай гаспадаркі, на абуджэнне ініцыятывы народных мас! Гісторыя сведка таго, што ленінскі план эканамічнага аднаўлення краіны выратаваў маладую Савецкую рэспубліку ад пагібелі. Дык пра якія, прабачце, асабістыя памылкі героя можа ісці гаворка? Навошта нам сёння паўтараць недарэчнасці, створаныя ў свой час ідэолагамі сталінізму, камандна-адміністрацыйнай сістэмы? Навошта замацоўваць фальсіфікацыю гісторыі і рабіць вінаватымі добрасумленных выканаўцаў волі партыі? Калі палітыка высялення на хутары пазней стала расцэньвацца як шкодная, дык памылку ў свой час дапусцілі кіраўнікі, а не мясцовае начальства, якое паслухмяна праводзіла ўказанні партыі і ўрада ў жыццё. І таму бяссэнсна абвінавачваць героя рамана, быццам бы ён вінаваты перад народам і партыяй і павінен быў нібыта яшчэ да раскулачвання бацькоў, як лічыць А. Майсеенка, звярнуцца «да сваёй мінулай дзейнасці і даць ёй належную, прынцыповую ацэнку». З неабходнасці апраўдаць масавае разбурэнне індывідуальных гаспадарак, рассяляньванне працоўнага сялянства і ўзнік перагляд ранейшай палітыкі. Гэта быў валюнтарысцкі падыход, ігнараванне аб’ектыўных заканамернасцей грамадскага развіцця.

Іншая справа, што сакратар ячэйкі, які добра ведаў партыйную этыку перыяду калектывізацыі, баяўся, што яму прыпішуць неіснуючую віну і ён не здолее апраўдацца. Вось гэты страх і штурхнуў Карызну на авантурныя дзеянні, каб прыспешыць завяршэнне пагалоўнай калектывізацыі любымі сродкамі. Менавіта страх прымусіў Карызну адмовіцца фактычна ад бацькоў, кінуць іх у цяжкія хвіліны на волю лёсу, падтрымаць Пацяроба і яго недапушчальныя метады ўтварэння калгаса. Тут ён сапраўды дапусціў нямала памылак, за якія і асуджае яго мастак-гуманіст.

Даследчыкі ж рамана, не зважаючы на сапраўдныя псіхалагічныя матывы паводзін героя, ацэньваюць іх як дзеянні, «накіраваныя на дасягненне асабістых мэт, а не на карысць справы»14. З такой ацэнкай нельга пагадзіцца, бо яна, па-першае, несправядлівая, а па-другое, не ўлічваецца асаблівасць характару Карызны, тое, што тут мы маем справу з рамантычным героем. Беларускія літаратуразнаўцы патрацілі нямала сіл, каб даказаць, што ў «Вязьме» пісьменнік быццам бы паспяхова пераадольваў традыцыі рамантычнай паэтыкі, элементы рамантычнага стылю. Вядома, ад кніжнай, штучнай рамантыкі Зарэцкі сапраўды вызваляўся, але эстэтыка рамантызму заставалася арганічнай якасцю яго адметнага мастакоўскага бачання жыцця. Праўда, у апошні час адносіны да рамантычных форм у мастацтве прыкметна мяняюцца. І беларускія літаратуразнаўцы сталі больш увагі надаваць праблеме рамантызму. Напрыклад, у кнізе І. Чыгрына «Проза «Маладняка» ёсць нават асобны раздзел пад характэрнай назвай «Сцвярджэнне рамантычнага напрамку», дзе шырока разглядаюцца і творы М. Зарэцкага «Ой, ляцелі гусі...», «Голы звер», «Ворагі», «Бель», якім, «аказваецца, уласціва рамантычнае ўспрыманне і паказ жыцця. Ва ўсякім разе іх аналіз з пункту погляду рамантычнага метаду дазваляе раскрыць іх сапраўдную мастацкую глыбіню, непераходнасць»15.

Характэрная рыса героя-рамантыка — адчуванне асабістай адказнасці за свае ўчынкі. Менавіта такое адчуванне ўласціва і галоўнаму герою «Вязьма».

У гэтым сэнсе асаблівую цікавасць уяўляюць разважанні Карызны пасля прыезду камісіі «па даследаванні стану партыйнае і савецкае работы ў сельсавеце» (314), а дакладней — па разглядзе яго асабістай дзейнасці. Карызну, аднак, пужала не тое, што яго выключаюць з партыі і, магчыма, аддадуць пад суд. «— Пуста, Вяруська, вось што... Няма нічога... Няма мінулага ў мяне... разумееш? Будучыня — глупства, а галоўнае мінулае... Звычайна кажуць іначай, наадварот, а ў мяне акурат так... Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню... Няма падставы, як кажуць; для будучыні...» (319).

Чаму ж герой М. Зарэцкага зрабіў такі несуцяшальны для сябе вывад? І які сэнс укладваў ён у сваё крыху нечаканае, парадаксальнае сцвярджэнне пра адсутнасць мінулага? Гаворка ішла пра духоўны, маральны вопыт чалавека як пра аснову жыцця. Без такога вопыту паўнакроўнае развіццё асобы немагчыма — вось той глыбокі ўнутраны сэнс, які вынікаў з разважанняў героя і дзякуючы якому раман «Вязьмо» набываў змястоўнае філасофскае гучанне. Трагедыя Карызны якраз і была ў тым, што ён паслухмяна выконваў афіцыйныя ўстаноўкі, але ягоную працу нельга залічыць ні да маральных, ні да грамадскіх здабыткаў. Яна аказалася не толькі бяссэнснай, але і шкоднай, калі мець на ўвазе ўдзел у прымусовай калектывізацыі.

Дык хто ж, у рэшце рэшт, адабраў у чалавека мінулае і пазбавіў яго будучыні — вось пытанне, якое непазбежна ўзнікае пры знаёмстве з раманам М. Зарэцкага. Хто вінаваты ў драме героя? Ці толькі ён сам? Не! Значэнне рамана «Вязьмо» як мастацкага твора трэба бачыць у тым, што ўсім яго зместам, логікай духоўнай эвалюцыі героя, даведзенага да маральнага краху, тут паслядоўна выкрываецца антыгуманная сутнасць таталітарнага рэжыму, які поўнасцю падпарадкоўвае чалавечую асобу, здымае з сябе адказнасць і перакладае яе на паслухмяных «вінцікаў». Аўтар «Вязьма» не мог не бачыць той велізарнай небяспекі, якую несла савецкаму народу сталінская мадэль казарменнага сацыялізму. Думаецца, што рахунак, які прад’яўляў Зарэцкі рэжыму беззаконня, неабмежаванай улады, і меў на ўвазе А. Адамовіч, гаворачы ў 1961 годзе пра «сацыяльны фаталізм». Сацыяльнага фаталізму ў дакладным значэнні паняцця, вядома, у рамане не было, а было глыбокае пісьменніцкае ўсведамленне вялікай віны перад чалавекам тых, хто ў імя ўмацавання дыктатуры асабістай улады пазбаўляў чалавека ўсіх правоў, у тым ліку і правоў на самаабарону.

Вось гэты філасофскі, маральна-этычны аспект праблематыкі рамана і да сённяшняга часу не ўсведамляецца беларускай навукова-даследчай думкай ва ўсёй паўнаце, не выяўляецца праз аналіз вобразнай сістэмы. На практыцы мы бачым іншае: фрагменты твора, дзе пісьменнік раскрывае станоўчыя рысы характару галоўнага героя, даследчыкі часта абмінаюць сваёй увагай. У прыватнасці, недастаткова выразна паказваецца рамантычна-ўзнёслае ўспрыманне Карызнам маючай быць калектывізацыі. «У вострай, троху бязладнай і троху ўрачыстай сумятні раёна, у неабвыкла напружаным ходзе пасяджэнняў пленума, у праявах па-баявому адкрытай дружнасці паміж усіх партыйцаў пачуў Карызна новы павеў нязгаснае рэвалюцыі, якая праз спакойныя гоні аднаўленчай працы падышла да апошняга штурму старога свету. І з сакавітай свежасцю ўзнялося ў Карызны даўнейшае, астоенае карпатлівымі днямі апошніх гадоў: імклівае парыванне наперад, лёгкая ўзнятасць і ўпарты, троху гуллівы задор.

Ён чуў, што ў рэспубліцы зачынаецца новая баявая эра» (14).

Ну хіба ж гэта разважанні хітрага прагматыка, кар’ерыста, дзялка? Не, перад намі — асоба рамантычнага светаўспрымання, чалавек, гатовы цалкам аддаць сябе служэнню агульнай справе. Вось як шчыра спавядаецца Карызна перад Верай Засуліч пасля партыйнага пленума: «— У мяне, Вера, цэлы пераварот зрабіў гэты пленум. У раёне ўжо адчуваецца такая, ведаеш, бадзёрая, баявая напружанасць, у якой чуецца, што нешта адбываецца вялікае, неабыклае. Сапраўды, я нібы вярнуўся на колькі год назад... Ты не смейся, Вера, гэта не пустыя словы, не жарт. А як працаваць хочацца, якая энергія, ахвота! Што больш відаць цяжкасцей наперадзе, то большы задор: а ўсё-ткі наша возьме, а ўсё-ткі мы, бальшавікі, пераможам. У гэтым сэнс змагання, Вера, у гэтым радасць змагання» (22).

Чаму ж гэтыя і блізкія да іх па сэнсе мясціны так рэдка прыцягваюць увагу даследчыкаў? Таму што яны не ўкладваюцца ў спрошчаную схему трактоўкі вобраза героя як носьбіта і выразніка эгаістычнай маралі. Вось як ацэньваўся Карызна, чалавек і грамадзянін, у «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры»: «Пры ўсёй складанасці свайго грамадскага становішча Карызна вельмі грубы з жонкай, яшчэ болей — з бацькамі. Вельмі ўжо шмат у гэтага чалавека бесчалавечнага. Па сутнасці, ён жыве толькі дзеля сябе самога. Яго і калектывізацыя цікавіць у такой ступені, у якой яна дазваляе яму застацца «наверсе», дазваляе захаваць аднойчы заваяваную пазіцыю, задаволіць сваё «я»16.

У пацвярджэнне сказанага прыводзіцца наступны ўрывак з твора.

«— Ну, браце, як? Кумекаеш, га?

Карызну стала надзвычай лёгка і весела. Ён з маху лэпнуў Рачкоўскага па мясёным плячы і, радасна смеючыся, адказаў:

— Разумею, браце, на ўсе сто працэнтаў.

— Прыйдзецца нам, Сымонка, з табой бадай што ўвесь свет перавярнуць... га? Праўду я кажу ці не?

— Ці дзіва, што перавернем. Аж затрашчыць» (15).

І ад сябе асабіста даследчык дабаўляе: «Адасобіўшыся, не думаючы пра людзей, абмяркоўваюць яны абвешчаны партыяй пераход да ўсеагульнай калектывізацыі». Гэтая вытрымка красамоўна абвяргае надуманыя вывады даследчыка.

Антыподам Карызны ў пераважнай большасці прац выступае рабочы Зелянюк. У пэўнай ступені дадзенае меркаванне адпавядае сапраўднасці. Як мы памятаем, Зелянюк падтрымаў арганізацыю ў Сівалапах самастойнага калгаса, спрачаўся з Карызнам. Гэта па яго сігнале райком партыі накіраваў у Сівец камісію, якая спыніла пацяробаўскія скрыўленні ў справе калектывізацыі. Зрэшты, адметнасць герояў, як кажуць, на паверхні, яна відавочная, і гэтую акалічнасць празмерна эксплуатуюць даследчыкі, паўтараючы адзін аднаго. Для разумення ж аўтарскай канцэпцыі не менш важна бачыць і тое, што ўнутрана збліжае Зеленюка і Карызну. Такая блізкасць існуе, але яна, на жаль, не прыкмячаецца даследчыкамі.

Перш за ўсё трэба сказаць, што погляд Карызны і Зеленюка на калектывізацыю адрозніваецца толькі ў плане тактыкі. Разгублены Карызна, страціўшы арыентацыю, нагрувашчвае адно недарэчнае рашэнне на другое, каб толькі хутчэй завяршыць кампанію. Зелянюк жа выступае за болей павольныя тэмпы. Але яго погляд на падзеі, якія адбываюццца ў краіне, яго адносіны да вясковага жыцця гавораць пра павярхоўнасць натуры ўпаўнаважанага. Асаблівае, аднак, пярэчанне выклікае характарыстыка, паводле якой Зелянюк нібыта «разумее і любіць чалавека. Ведае яго патрэбы і, што самае галоўнае, імкнецца пазнаць чалавека як мага паўней»17. }Прыгаданая ацэнка з’явілася не на падставе аналізу рэальных спраў і ўчынкаў героя, а ў выніку тэндэнцыйнага супрацьпастаўлення Зеленюка Карызну. Іменна такой была логіка разважанняў даследчыка: «Зусім інакш (у параўнанні з Пацяробам і Карызнам.— М. М.) выглядае ў рамане Зелянюк. Ён зусім малады..., але ўжо пасланец партыі ў вёсцы»18. Сацыяльная прыналежнасць героя стала, такім чынам, ахоўнай граматай і рэкамендацыяй у станоўчыя героі.

Яшчэ далей пайшоў у трактоўцы вобраза Зеленюка А. Майсеенка: «Зелянюк выхоўвае вясковых камуністаў Якуба Лакоту і Сымона Карызну, сялян-беднякоў Пракопа, Тацяну Шыбянкову, кіруе імі, аказвае вялікі ўплыў на іх учынкі... Зеленюку ўласцівы ўважлівыя, чулыя адносіны да людзей. Ён умее абудзіць у чалавеку лепшыя пачуцці, выхаваць у ім будаўніка новага жыцця. Зеленюка не пакідае пачуццё непарыўнай сувязі з масамі»19.

На жаль, рэальны змест вобраза Зеленюка, учынкі героя не супадаюць з дадзенай узвышана-патэтычнай характарыстыкай. Зелянюк прыехаў у вёску, каб вучыць патомных хлебаробаў, як ім лепей весці гаспадарку. І гэта тонкая, іранічная аўтарская інтанацыя суправаджае паводзіны ўпаўнаважанага праз увесь час яго знаходжання ў Сіўцы. Але даследчыкі рамана, захопленыя выкрыццём пацяробаўшчыны як нібыта галоўнага аб’екту мастакоўскай увагі, розныя тонкасці пакідалі па-за аналізам. А між тым неназойліва іранічнае асвятленне калектывізатарскай дзейнасці Зеленюка — адзін з істотных кампанентаў ідэйнай канцэпцыі рамана. Калі мы ўважліва прыгледземся да Зеленюка, дык убачым, што гэта чалавек неглыбокі, пазбаўлены самастойнага погляду на жыццё. У параўнанні з Карызнам ён, вядома ж, не дапускаў ніякіх «асабістых памылак», ухілаў. У яго чыстая, пралетарская біяграфія, добрыя анкетныя дадзеныя. Ён не ведае сумненняў і хістанняў. Але гэта не тая цэласнасць характару, якая складваецца на аснове самастойнага асэнсавання рэчаіснасці. Не, Зелянюк — паслухмяны выканаўца чужой волі, гатовых рашэнняў, як і Карызна. Яго ўспрыманне сялянскага жыцця павярхоўнае, легкадумнае. І гэта добра выявілася ў час візіту да дзядзькі Прахора, дзе Зелянюк намерваўся кватараваць. Гарадскі жыхар быў непрыемна ўражаны беднасцю, убоствам сялянскага жытла: галодныя дзеці, бруд, злосны, раздражнёны гаспадар. Але ж у дзядзькі ёсць і другая палавіна хаты. «Тут была абсалютна чыстая, старанна прыбраная святліца — рэзкі кантраст з чорнаю палавінаю хаты. Тут стаяла шафа, вялікі куфар, засланы белым абрусам, стол і нават некалькі крэслаў. У кутку грамоздна асеў велізарны нязграбны ложак з грудамі падушак, пэўна, нечапаны акурат з таго часу, як яго тут паставілі. Сцены і падлога блішчалі няўкорнай чыстатой, на вокнах віселі з выразанай паперы фіранкі» (180). Гэта малюнак сялянскай хаты, як яго ўспрымае жыхар горада. І разуменне сутнасці сялянскага жыцця — таксама гарадское, павярхоўнае. Калі верыць Зеленюку, дык Прахор нібыта праз уласную цемнату, духоўную абмежаванасць, сялянскую заскарузласць не хоча вылязаць са сваёй яміны, і таму перадавікі-калектывізатары абавязаны «перавярнуць усё гэта, ператрэсці», сілай прымусіць вяскоўца захацець лепшага. А што другую палову хаты трэба апальваць, а каб купіць дровы, патрэбны грошы, пра гэта Зелянюк не думае. Ды хіба мог селянін ва ўмовах пагрозы несправядлівага раскулачвання заможных гаспадароў выстаўляць напаказ усе свае набыткі, у тым ліку і чыстую палову хаты, і тым самым асуджаць сябе і малалетніх дзяцей на магчымае высяленне? Логіка паводзін вяскоўца Зеленюку недаступная. Увогуле станоўчых пачаткаў сялянскага жыцця ён у вёсцы не бачыць.

Аб’ектыўны аналіз становішча беларускай вёскі канца 20-х — пачатку 30-х гадоў не дапускае яе ідэалізацыі, услаўлення патрыярхальных бакоў сялянскага жыцця. Вёска была розная, хапала ў ёй і цемнаты, і забабоннасці. Але тое, што намагаецца тут сцвердзіць герой М. Зарэцкага, нельга прыняць за слушнае і справядлівае. Накіраваныя з горада дваццаціпяцітысячнікі глядзелі на селяніна звысака. Яны шукалі ўнутранага абгрунтавання сваіх далёкіх ад гуманізму сілавых дзеянняў і таму цешылі сябе байкамі пра сялянскую адсталасць. Напярэдадні калектывізацыі вёска, у тым ліку і беларуская, была даволі моцная ў гаспадарча-эканамічных адносінах: у 1926—1927 гадах саўгасы і калгасы па краіне далі 37,8 млн. пудоў збожжа, кулакі — 126,0 млн. пудоў, сераднякі і беднякі — 466,2 млн. пудоў20. І агульны ўзровень жыцця, культура земляробства ўвесь час узрасталі. Вось чаму несправядліва паказваць селяніна пачатку 30-х гадоў як цёмнага, забітага, бездапаможнага, які толькі і чакаў, каб хто навучыў яго розуму.

Справядлівасць патрабуе, аднак, сказаць, што не самі пісьменнікі вылучалі герояў, тыпу Зеленюка, у лік станоўчых, а эпоха 30-х гадоў, перыяд падаўлення аўтарскай творчай, мастакоўскай волі, перыяд дэфармацыі сістэмы духоўных, маральна-этычных каштоўнасцей. На жаль, гэтай трагічнай сітуацыі, у якой аказаліся пісьменнікі 30-х гадоў, мы да канца не ўсведамляем, хоць нашыя веды аб тых змрочных дзесяцігоддзях больш поўныя, чым у даследчыкаў, скажам, другой паловы 50—60-х гадоў.

Але гэтыя веды павінны сёння выліцца ў новую якасць — стаць нарэшце тым компасам, той надзейнай прыладай, якая дапаможа даследчыкам і чытачам глыбей разабрацца ў аўтарскай задуме, у вобразнай сістэме твора, напісанага ў неспрыяльных умовах.

Неабходна таксама смялей прыцягваць у працэсе аналізу сацыялагічныя дадзеныя, звесткі, узятыя з эканамічных прац, супастаўляць пэўны твор з блізкімі яму па тэматыцы і праблематыцы. Канкрэтызуем сказанае. Даследчыкамі творчасці М. Зарэцкага адзначана, што ў рамане «Вязьмо» «найбольш адчуваецца агульная для твораў аб калектывізацыі слабасць — адсутнасць паўнакроўных характараў сялян»21. Назіранне, а яно належыць Сяргею Гусаку, трапнае, але вытлумачэнне прычын гэтай з’явы ўяўляецца нам зусім непераканальным. Крытык далей гаворыць так: «Пісьменнікам больш удаваліся вобразы кіраўнікоў, што праводзілі калектывізацыю, а таксама вобразы кулакоў, якія супраціўляліся ёй, і менш удаваліся вобразы сялян, дзеля дабра якіх яна рабілася, бо ў аснову канфлікту браліся перш за ўсё супярэчнасці паміж палярнымі сіламі — арганізатарамі, натхніцелямі калектывізацыі і кулацтвам, недабітымі ворагамі савецкай улады. Канфлікт жа ў свядомасці самога селяніна і яго вырашэнне ў межах характару селяніна ў разгорнутым выглядзе знаходзім, бадай, толькі ў М. Шолахава»22.

У гэтым выказванні з асаблівай нагляднасцю выявіліся метадалагічныя хібы ўсяго нашага літаратуразнаўства мінулых дзесяцігоддзяў, яго загерметызаванасць, няўменне даследчыкаў вывяраць уласныя вывады рэальнымі фактамі грамадзянскай гісторыі, схільнасць карыстацца звыклымі схемамі, якія яны накладвалі на самыя розныя творы, прыводзячы іх такім чынам да адной роўніцы.

Вядома, былі і аб’ектыўныя прычыны, якія перашкаджалі даследчыкам абагуліць уласныя назіранні, знайсці аб’ектыўнае вытлумачэнне пэўных мастацкіх з’яў. Так, гісторыя рашуча абвергла лжывую легенду аб калектывізацыі, што праводзілася нібыта «дзеля дабра» сялянства. Таму не будзем асабліва строгімі да крытыка, каб не выглядаць разумнымі за кошт прыніжэння і недаацэнкі іншых. Паслухаем лепш меркаванні людзей, здавалася б, далёкіх ад праблем гісторыі беларускай літаратуры. «Кастрычніцкая рэвалюцыя,— піша рускі савецкі крытык А. Ланшчыкаў,— аддала ўсю зямлю сялянам, а сталінская калектывізацыя адабрала яе ў іх і тым самым унесла істотнейшыя карэктывы літаральна ва ўсе сферы грамадства і дзяржаўнага жыцця краіны, скарэкціравала яна, натуральна, і сам прынцып будаўніцтва дзяржавы, у тым ліку і дзяржаўнага апарату.

Сталін пасадзіў вёску на мізэрны адукацыйны, культурны і матэрыяльны паёк. Паступова ў краіне ліквідуюць непісьменнасць, але ўзровень адукацыі ў вёсцы заўсёды будзе ў заканадаўчым парадку на ступень ніжэй гарадской, а ў практычным жыцці нават на некалькі ступеняў ніжэй гарадской. Мне асабіста ў канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў даводзілася сустракацца ў арміі з прызыўнікамі-калгаснікамі, якія мелі няпоўную пачатковую адукацыю, сярод гарадскіх хлопцаў-прызыўнікоў такіх не траплялася. Вось гэтыя вясковыя практычна непісьменныя хлопцы нарадзіліся якраз у перыяд калектывізацыі»23,— так піша крытык, якога аніяк не западозрыш у антыпатыях да Сталіна.

Што ж датычыць меркаванняў С. Гусака наконт таго, што асноўнай сілай супраціўлення калектывізацыі былі нібыта кулакі, «недабітыя ворагі савецкай улады», дык і тут даследчык у 60-я гады не мог прыйсці да аб’ектыўных вывадаў. Пры ўсім жаданні ні адзін аўтар не адважыўся б заявіць, што ў сапраўднасці такой супрацьдзейнай сілай было працоўнае сялянства, якое ўсведамляла, што суцэльная калектывізацыя нясе яму згубу, бо адбірае ў яго зямлю, пазбаўляе эканамічнай самастойнасці, але як змагацца супраць прымусу, яно не ведала. Пры тагачасных умовах у селяніна не заставалася ніякага выхаду, апроч таго, каб ісці ў калгас. Дык пра якую «паўнакроўнасць» у паказе вобраза селяніна можа ісці гутарка, калі пісьменнік, як і яго герой, не меў свабоды выбару? Ён мог паказаць селяніна, які альбо не прымаў калгаса — і такі працаўнік, згодна афіцыйных установак, лічыўся заможнікам, кулацкім падпявалам, вартым высялення, альбо селяніна, які хістаўся, г. зн. нібыта быў атручаны варожай агітацыяй. Трэцяга шляху ў пісьменніка фактычна не было, калі не лічыць, вядома, магчымасці свабодна паэтызаваць беднякоў, гарачых прыхільнікаў калгаса і раскулачвання багатых. Але ж інтарэсы ўчарашніх беззямельных уступалі ў супярэчнасць з інтарэсамі асноўнай масы працоўнага сялянства, якое валодала пэўнай зямельнай уласнасцю, мела навыкі гаспадарання на сваім надзеле, і таму сумленны пісьменнік не мог рабіць бедняка галоўным выразнікам псіхалогіі хлебароба, галоўным героем твора.

Вось чаму калі асобныя пісьменнікі, у ліку якіх быў і аўтар «Вязьма», усведамляючы сябе абаронцамі інтарэсаў народа, нацыі, зыходзячы з гуманістычных і патрыятычных меркаванняў, знарок не хацелі рабіць асновай твора «канфлікт у свядомасці самога селяніна», бо вырашыць гэты канфлікт з пазіцый сацыяльнай справядлівасці ў 30-я і пазнейшыя гады было немагчыма, мы не павінны іх папракаць у няздольнасці праўдзіва паказаць рэчаіснасць свайго часу! Гэта цалкам беспадстаўны папрок, які сведчыць аб нашым дагматызме, аб няздатнасці раскрываць падтэкст мастацкага твора, выяўляць замаскаваныя намёкі, сімволіка-алегарычныя дэталі і ўвогуле спасцігаць адметнасць пісьменніцкай манеры, прыхільнасць да рознага роду нечаканых, «нетыповых» вобразаў, накшталт вобраза дзівака Галілея ў «Вязьме».

Калі ж даследчыкі і пачыналі разглядаць вобразы «дзівакоў», дык гэтыя вобразы часта пазбаўляліся глыбокага філасофскага сэнсу, пераводзіліся ў чыста бытавы план. Напрыклад, С. Гусак сцвярджаў: «У паэме А. Твардоўскага «Краіна Муравія» і аповесці Я. Коласа «Адшчапенец» першапачатковае непрыняцце селянінам калгаса паўстае не столькі як сацыяльная з’ява, колькі як праяўленне дзівацтва, асаблівасцей натуры герояў. Мікіта Маргунок і Пракоп Дубяга пакідаюць свае хаты і набытак, ідуць упрочкі не таму, што яны ўзважылі ўсе «за» і «супраць», а з той прычыны, што спалохаліся нязвычнасці»24.

Думку С. Гусака падзяляе А. Майсеенка: «Серадняк Пракоп з твора Я. Коласа выглядае хутчэй нейкім дзіваком, які ўпарта не хоча зразумець таго, што ўсе ўжо разумеюць, нават яго жонка і сын. Але жыццё хутка ўносіць карэктывы ў свядомасць Пракопа, і ён усё ж уступае ў калгас»25.

Скажам адразу, з такім павярхоўным, спрошчаным разуменнем вобраза Пракопа Дубягі нельга пагадзіцца. «Дзівацтва» героя аповесці «Адшчапенец» мае глыбокі сацыяльна-філасофскі сэнс. Роздум над тым, што нясе калектывізацыя вёсцы, што чакае працоўнага селяніна, выштурхнуў дзядзьку Пракопа за ваколіцу, пагнаў у свет. Хіба ж гэта не праява сацыяльнага мыслення, калі хлебароб думае пра лёс цэлага класа? Ды нават калі б Пракоп думаў пра заўтрашні дзень толькі ўласнай сям’і, хіба гэтага недастаткова, каб з усёй сур’ёзнасцю паставіцца да яго ўчынку і кваліфікаваць паводзіны як сацыяльна актыўныя?

Што датычыць дзівака Галілея ў «Вязьме», дык зварот М. Зарэцкага да такога вобраза ва ўмовах 30-х гадоў быў шмат у чым вымушаны: пісьменнік маскіраваў сваю пазіцыю, «дзівацтвам» персанажа ён ратаваў дарагую яму, але небяспечную ў тагачасных абставінах думку. Вось Галілей, застаўшыся сам-насам, у адзіноце, пачынае спяваць песню. У яго, аднак, хапіла адвагі толькі на пачатак пэўнага куплета. Затое — які пачатак! «...Мёртвых цел ляжаць пракосы. Кроўю краскі зацвілі...» (183).

Жудасны малюнак, што вынікае з песні,— гэта штосьці накшталт біблейскіх асацыяцый усеагульнага мору, насланага на народ, гэта — прадчуванне трагічных падзей, якія чакаюць працоўную вёску, дзе правіць свой баль «страшны калектывізатар» Пацяроб. Добра ўсведамляючы небяспеку, якая чакала аўтара за спробу дыскрэдытаваць — вуснамі героя — мерапрыемствы па суцэльнай калектывізацыі, М. Зарэцкі наўмысна характарызуе словы песні як «недарэчныя». Маўляў, што ты возьмеш з дзівака, які «пяе зусім не так, як пяюць за працай усе добрыя людзі: муркаюць сабе пад нос невыразна, лагодна, доўга». Спевы ж Галілея былі неабыклымі нават для «сабачага вуха». Меўся на ўвазе чатырохногі сябра Босы, які ў час «недарэчных» спеваў «устрывожана вылазіць з свайго механізаванага логава, задуменна ўзіраецца ў гаспадара і з сумным здзіўленнем слухае...». Было ад чаго трывожыцца і Босаму, і спеваку. Пісьменнік даў магчымасць адчуць прычыну страху: калі б Галілей дазнаўся, уведаў, што яго спевы хто-небудзь падслухоўвае, дык, не раздумваючы, не вагаючыся ні хвіліну, паўтарыў бы свой ваяўнічы ўчынак 1911 года — зрабіў бы новую гармату, зноў набіў яе порахам, але на гэты раз «распарашыў бы сябе на ўсе чатыры бакі». «Не перажыў бы стары гэтакага сораму» (183). Можа, і так. А можа, баяўся філосаф тых нябачных касцоў, што ўмеюць рабіць пракосы з чалавечых цел. Хто яго разбярэ, гэтага дзівакаватага Галілея.

Хто-хто, а даследчыкі творчасці М. Зарэцкага павінны гэта зрабіць. І як жа, аднак, збядняем мы мастацкі твор, калі падыходзім да яго зместу з адцягненымі, трафарэтнымі меркамі, калі за глыбока прадуманым імкненнем аўтара выказаць сваю, арыгінальную, вынашаную ў сэрцы думку схільны бачыць лёгкую белетрыстыку і займальнасць. Праўда, у пазнейшых па часе даследаваннях вобразам, блізкім да вобраза дзівака Галілея, надаецца значна болей увагі, чым у працах 50—60-х гадоў. Напрыклад, у «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» 1964 года выдання імя Галілея пры аналізе рамана прыгадвалася літаральна адзін раз і сэнс характарыстыкі зводзіўся да таго, што «дзівакаваты мясцовы філосаф і вынаходца... вечна «лётае» па мястэчку і дае свае ацэнкі падзеям і ўчынкам асобных людзей» (481). А вось у «Гісторыі...» 1977 года (на рускай мове) Галілей разглядаецца ўжо не як другарадны персанаж, а як герой, які «найболей выразна выяўляе ў рамане аўтарскую пазіцыю» (469). Слушнае меркаванне! «Гэты стары,— зазначыў даследчык,— шмат думае і разважае пра чалавечае агульнажыццё. Прыстасоўваючыся да павеваў часу, ён нават стварае ў сваім уяўленні ўласную мадэль новага чалавека, «вывяраючы» гэту мадэль жывымі людзьмі — ходзіць на сходы, гутарыць з начальствам, спрачаецца з Плаксам» (469). Гэта характарыстыка шмат у чым сугучная ацэнцы, якую раней даў вобразу Галілея С. Гусак: «...у рамане добра выяўлена трапяткое ўнутранае жыццё Ахрэма Пунціка, празванага Галілеем, які глыбока задумваецца, сам спрабуе дабрацца да сэнсу падзей, пэўна выказвае свае сімпатыі і антыпатыі, якія, дарэчы, супадаюць з аўтарскімі. Галілей нібы ўвасабляе народнае сумленне...»26.

Шмат трапных заўваг адносна вобраза Галілея зроблена і А. Майсеенкам: «Галілей — увасабленне народнай мудрасці, невычэрпнага таленту народа, яго разважлівых і нярэдка крытычных адносін да розных праяў жыцця. Важнасць, тыповасць гэтага персанажа трэба бачыць яшчэ і ў тым, што праз гэты характар пісьменнік выяўляе народнае светаразуменне, філасофскае асэнсаванне жыцця»27. На жаль, прадуктыўныя сцверджанні даследчыка ім самім жа і абясцэнены. І сапраўды, што застаецца ад тэзіса: «Галілей — «увасабленне народнай мудрасці», калі вышэй А. Майсеенка, як мы памятаем, даказваў, быццам Зелянюк выхоўваў «вясковых камуністаў Якуба Лакоту і Сымона Карызну, сялян-беднякоў Галілея і Пракопа» (83). Згадзіцеся, разважанням аўтара бракуе логікі: які ж гэта носьбіт спрадвечнай мудрасці, калі яго самога трэба яшчэ выхоўваць? Тым болей што ў ролі выхавальніка выступае юнак, у якога вельмі прыблізныя, кніжныя, тэарэтычныя веды аб жыцці працоўнай вёскі. Чаму ж ён можа навучыць такога сталага чалавека, як Ахрэм Пунцік? Нават сам Пацяроб не здолеў запісаць яго калгаснікам!

І яшчэ адна заўвага наконт ацэнкі вобраза Галілея ў даследчых працах. Слушныя меркаванні аўтараў не замацаваны аналізам зместу твора, а таму яны дэкларацыйныя, непераканальныя. Парадаксальна: сцэна, дзе Галілей спявае песню «Мёртвых цел ляжаць пракосы...», не заўважана ніводным даследчыкам.

Амаль не закранаецца і пытанне аб кампазіцыйнай ролі вобраза Галілея ў рамане, дзе ён выступае як пачатак, з дапамогай якога высвечваюцца аўтарскія адносіны да іншых дзеючых асоб — да Карызны, Пацяроба, Зеленюка, Віктара, Гвардыяна, Веры Засуліч, Марыны Паўлаўны, Якуба Лакоты, Плакса і да тых падзей, якія адбываюцца ў Сіўцах і ў Сівалапах.

Асноўнае пытанне, якое хоча развязаць сівецкі філосаф — а гэта і адзін з аспектаў ідэйнай праблематыкі рамана — супраць каго скіравана новая рэвалюцыя, што яна нясе на сваіх сцягах, як звязана з Кастрычнікам, «хто мусіць быць яе ворагам і хто прыяцелем» (142). Адказы тых, да каго Галілей звяртаўся, і былі найболей аб’ектыўнай іх самаатэстацыяй.

Па сутнасці, Галілей не дзеля сябе асабіста высвятляе пытанне, «якая гэта ідзе рэвалюцыя? Супраць каго яна ідзе?» (142). Яму куды важней ведаць, што скажуць іншыя, ці хопіць у іх здольнасцей ажыццявіць новую рэвалюцыю! Таму меркаванні некаторых даследчыкаў наконт таго, быццам бы Галілей не пачуў жаданага адказу з вуснаў апытаных, гучаць наіўна, сведчаць аб павярхоўным успрыманні твора. Унутраны сэнс пытанняў Галілея быў у тым, каб устанавіць, хто ёсць хто, хто чаго варты.

Між іншым, М. Зарэцкі палічыў патрэбным і тут паўтарыць сваю ранейшую характарыстыку — «Дзіўны чалавек гэты Галілей» (142),— каб падстрахаваць унутрана блізкага героя ад непазбежных папрокаў у свой жа адрас. Бо фактычна яму, М. Зарэцкаму, на працягу многіх гадоў запар палітычныя функцыянеры і прадажная крытыка публічна адрасавалі пытанне, дакладна сфармуляванае «страшным калектывізатарам»: «Якія ж табе, родненькі, аб’ясненні трэба? Ты што, не згодзен з чым-небудзь, га? ...Што праводзіцца, пытаеш? Праводзіцца калектывізацыя сельскай гаспадаркі і ліквідацыя кулацтва як класа. Разумееш? ...А ці разумееш ты, мой даражэнькі, хто гэта ўсё праводзіць? Гэта праводзіць партыя і Савецкая ўлада. Улада... разумееш? А хто ідзе насупроць — супроць каго ён ідзе, га? Супроць каго ён ідзе, мой даражэнькі?

Вытрымаўшы жудасную паўзу, старшыня сельсавета агаласіў:

— Ён ідзе супраць Савецкае ўлады, ён — класавы вораг...» (146-147).

Здавалася б, Пацяроб з гранічнай акрэсленасцю сфармуляваў афіцыйна пануючую на той час трактоўку калектывізацыі, заадно прыгразіўшы празмерна дапытліваму старому. Тым не менш пагрозлівыя тлумачэнні не спынілі няўрымслівага шукальніка, і ён адразу завітаў да Гвардыяна ўсё з тым жа, здавалася б, пытаннем. Але мэта візіту была інакшай, чаго, на жаль, зноў-такі не ўбачылі даследчыкі рамана. Галілей хацеў па псіхалагічным стане багацея праверыць, якую рэальную форму набылі пагрозы Пацяроба ў дачыненні да заможнікаў, як далёка зайшла пагроза раскулачвання. А раскулачванне Галілей не мог прыняць, зыходзячы менавіта са свайго, гуманістычнага ўспрымання сутнасці новай рэвалюцыі. І хоць Галілей не вельмі мілуе Гвардыяна, бо на ім віселі сур’ёзныя грахі (незаконнае далучэнне братавай зямлі да ўласнага надзелу, данос на Андрэя Шыбянкова), але няма ў старога зларадства, няма злосці і нянавісці. І нават расплата з Гвардыянам не цешыць, бо новая рэвалюцыя не асацыіруецца ў душы вясковага філосафа з жорсткасцю, з чалавечымі ахвярамі.

І каб яшчэ раз праверыць свае меркаванні наконт сэнсу і мэты рэвалюцыі, Галілей ідзе на гэты раз да Зеленюка. Але размовы ў іх не атрымалася. «І не ўправіўся Зелянюк скончыць свае тлумачэнні, як стары, наспех адвітаўшыся, выбягаў ужо з хаты, палахліва стуліўшы хударлявую постаць сваю, нібы баючыся, каб не спасцігнула яго на хаду яшчэ якое тлумачальнае слова.

Зелянюк стаяў асалапелы і, старанна перабіраючы свае, сказаныя Галілею, словы, марна дашукваўся ў іх таго, што магло б яго пакрыўдзіць» (153).

Відаць, цяжка знайсці болей трапную і болей знішчальную характарыстыку Зеленюку, чым гэта зрабіў Галілей: ён дэманстратыўна збег ад упаўнаважанага, вынесшы тым самым яму асабіста і ягонай прамове безапеляцыйны прысуд. «Зелянюк з шчырай ахвотай узяўся тлумачыць яму сутнасць вялікай перабудовы жыцця, якая разгортвалася ў Савецкім Саюзе» (153). Нашто ж была Галілею гэта «сутнасць» у Зеленюковай трактоўцы, калі ён, Галілей, быў сведкам Кастрычніка, грамадзянскай вайны, а зараз — новага выпрабавання, якое выпала на долю працоўных! Няўжо газетныя, прапагандысцкія словы-лозунгі хацеў пачуць Галілей? Не. Галілей прагнуў пачуць ад субяседнікаў слова духоўнае, універсальнае, якое б раскрыла існасць жыцця, вытлумачыла б схаваны сэнс падзей, што адбываліся ў краіне, у вёсцы. А суразмоўнікі адказвалі яму на побытавым узроўні. Зрэшты, пра гэта выразна сказаў аўтар: «Ад людзей ён чакае не тлумачэнняў, не інструкцый, не ўгавораў — ён хоча пачуць нейкае мудронае, менавіта мудронае, усеабдымнае слова, якое б яснай маланкай асвяціла яму затуманены кругавід. А гэтага мудронага слова, як на тое ліха, ніхто яму не хоча ці не ўмее сказаць» (142).

Тое «агульнае і глыбокае, адзінае ў сваёй першаістотнай глыбіні» (142), што шукаў стары мудрагель, нельга, вядома, зводзіць да чагосьці зусім канкрэтнага, пэўнага. У свой шматгранны змест «усеабдымнае слова» ўбірала многае, у тым ліку і ацэнку калектывізацыі з пункту гледжання яе гуманістычнай скіраванасці. І калі Пацяроб пры садзеянні Карызны правёў «сваю» калектывізацыю — пад пагрозай зброі і пасля высялення заможных гаспадароў — тады стары дзівак і сказаў: «Кхе, кхе... Хто яго ведае... Можа, і няма ніякае рэвалюцыі... ага... можа, адно папужалі... Не ведаю я... ага... нічога не ведаю» (281). На мове Галілея сказанае азначала, што такая калектывізацыя, якая праводзілася Пацяробам, не мела нічога агульнага з сацыялістычнай рэвалюцыяй.

Вядома, тут Ахрэм Пунцік адкрыта становіцца выразнікам аўтарскай пазіцыі, а гэта зніжае мастацкі ўзровень твора. У цэлым жа вобраз Галілея — бясспрэчная творчая ўдача М. Зарэцкага.

Сюжэтная прастора рамана «Вязьмо» даволі густа заселена жаночымі вобразамі, якія ў раскрыцці мастацкай ідэі твора адыгрываюць прыкметную ролю. Амаль кожная гераіня звязана заблытаным «вязьмом» са сваім цяперашнім ці магчымым спадарожнікам жыцця, абраннікам сэрца: Марына Паўлаўна і Вера Засуліч з Сымонам Карызнам, Стася Карызна і Тацяна Шыбянкова з Зеленюком, Вера Засуліч з Андрэем Шыбянковым, Аўгінька з Віктарам. Сацыяльнае, грамадскае і побытавае, прыватна-асабістае шчыльна перапляліся ў рамане, складаючы адну з характэрных асаблівасцей яго жанравай структуры. Самыя разнастайныя, нярэдка супрацьлеглыя ці нават несумяшчальныя рысы чалавечых характараў раскрываюцца пісьменнікам праз узаемаадносіны закаханых ці расчараваных герояў — высакародства, самаадданасць і беспрынцыпнасць, абагаўленне хараства і душэўная чэрствасць, сіла духу, цярплівасць і эгаізм, абыякавасць да лёсу народа, грамадскіх інтарэсаў. Погляд чалавека на каханне ўносіць змястоўныя штрыхі ў яго сацыяльны партрэт.

Даследчыкі рамана, вядома, ніколі не пакідалі без увагі павышаную цікавасць Зарэцкага-мастака да ўнутранага, асабістага жыцця чалавека, свету яго інтымных пачуццяў. Тэкст старонак, дзе раскрываюцца ўзаемаадносіны герояў, дзе віруюць страсці і адбываюцца драмы няўдалага кахання, актыўна прысутнічае ў навуковых працах, але адпаведнае пранікненне ў аўтарскую задуму, у аўтарскую трактоўку характару герояў мае месца не заўсёды. І ў дадзеным выпадку мы бачым тую ж недасканалую методыку аналізу, калі вобраз разглядаецца ізалявана, самамэтна, без сувязі з агульнай ідэйнай скіраванасцю твора і аўтарскай пазіцыяй. У меркаваннях пра жаночыя вобразы рамана і сітуацыі, у якіх гераіні дзейнічаюць, даследчыкі часта карыстаюцца адцягненымі меркамі, прычым не эстэтычнага, а побытавага характару. Так, калі Сымон Карызна, закахаўшыся ў маладую Веру Засуліч, кінуў жонку, дык гэты ўчынак Карызны кваліфікуецца як праява ягонага эгаізму, а Засуліч выглядае лоўкай прыстасаванкаю. Вось як характарызаваў Веру Засуліч С. Гусак: «Адчуўшы, што Карызна вылятае з сядла, Засуліч перакідваецца да «рамантычна загадкавага» Андрэя Шыбянкова, якога «панура маўклівая, прыбітая пацяробаўскім энтузіязмам маса сялян» абрала старшынёй калгаса»28.

Перад намі — тыповы прыклад павярхоўнай трактоўкі вобраза. Вытокі спрашчэння зразумелыя: даследчык імкнецца выкрыць тых герояў, якія пад рубрыку «станоўчы» не падыходзяць. У сапраўднасці ж ніякага «перакідвання» з боку Засуліч не было. Усё аказалася значна прасцей і адначасова — складаней. Карызна разышоўся з жонкай, бо хацеў ва ўласных вачах заставацца сумленным чалавекам. Здарылася так, што ранейшае пачуццё да Марыны Паўлаўны знікла, дык навошта яму падманваць сябе і яе, гуляць ва ўзорнага сем’яніна? І Карызна кінуўся з галавой у вір новага захаплення, не задумваючыся над вынікамі. Яно б, вядомая рэч, не шкодзіла саракагадоваму дзядзьку паразважаць на адзіноце, чым можа закончыцца каханне да маладой прыгожай дзяўчыны. І калі б Карызна сапраўды быў прымітыўным кар’ерыстам, прагматыкам, як яго бачаць некаторыя крытыкі-маралізатары, дык ён, несумненна, абдумаў бы свой рызыкоўны крок. Але героі-рамантыкі, як вядома, жывуць пачуццём, а не развагаю, імі кіруе сэрца, а не сцюдзёны розум.

Паводле Верыных уяўленняў, чалавек, які ёй падабаецца, павінен быць героем, прынамсі, паводзіць сябе як асоба гераічная, вартая імя і прозвішча славутай рэвалюцыянеркі Веры Засуліч. Калі валявы, смелы, рашучы Сымон Карызна, ігнаруючы маральныя нормы сівецкіх абывацеляў, кінуў жонку і пайшоў да Веры,— ён быў у яе вачах сапраўдным героем. Тым болей што Карызна разам з Верай збіраўся ісці ў новую рэвалюцыю, якая павінна зноў абудзіць закалыханае «роўнай плынню будзёншчыны» жыццё ў мястэчку. Але падзеі сталі разгортвацца зусім не ў тым кірунку, як спачатку ўяўлялася закаханаму Карызну і рамантычна-ўзнёслай сівецкай прыгажуні. Аблытаны павуціннем пацяробаўшчыны, Карызна прадчуваў пагібельнасць шляху, на які штурхнуў яго страх за так званыя памылкі, дапушчаныя ў мінулым. Усё глыбей усведамляючы сваё маральнае падзенне, ён кінуўся шукаць паратунку ў той, каго шчыра кахаў і шчыра ідэалізаваў. Пачаўшы штодзённа скардзіцца Веры на гаротны лёс, на няўдачы, Карызна ўласнаручна падпісаў сабе прыгавор, бо ва ўяўленні каханай перастаў быць рамантычным героем: героі ж не наракаюць на долю, яны заўжды выходзяць пераможцамі.

Мы падрабязней спыніліся на сюжэтнай лініі Карызна — Марына Паўлаўна — Вера Засуліч, абмінаючы ўзаемаадносіны іншых вобразаў (Зелянюк — Стася — Тацяна), дзеля таго, каб яшчэ раз засяродзіцца на праблеме ідэйна-творчай эвалюцыі М. Зарэцкага. Вышэй ужо гаварылася, што непераканаўчасць меркаванняў некаторых даследчыкаў пры аналізе жаночых вобразаў тлумачыцца паспешлівасцю іх імкнення залічыць аўтара «Вязьма» да пісьменнікаў-рэалістаў. Быццам бы М. Зарэцкі адхрышчваўся ад паэтыкі рамантызму, ад уласных традыцый ранняга перыяду. Вось адкуль ішлі спробы таго ж С. Гусака прыпісаць аўтару іронію, іранічнае стаўленне да рамантычных герояў тыпу Веры Засуліч. Не рамантыкаў выкрываў пісьменнік, а грамадска-палітычныя ўмовы, якія параджалі дэфармаваныя ўяўленні аб духоўных каштоўнасцях. Пры гэтым М. Зарэцкі, як і ў ранніх рамантычных апавяданнях не здымаў асабістай адказнасці з герояў за іх учынкі і справы. Эстэтыка рамантызму і надалей заставалася актыўнай формай пазнання рэчаіснасці, і недаацэньваць яе ў творчасці М. Зарэцкага нельга.

У гэтым пасляслоўі мы закранулі толькі некаторыя аспекты ідэйнай праблематыкі і вобразнага ладу рамана «Вязьмо», акцэнтуючы ўвагу перш за ўсё на спрэчных ці зусім абмінутых даследчыкамі момантах, на павярхоўных ацэнках. Мы імкнуліся паказаць, што раман М. Зарэцкага патрабуе новага, болей глыбокага прачытання, усебаковага аналізу.

Драматычная аповесць «Сымон Карызна» ўяўляе сабой спробу перанесці на сцэну асноўную сюжэтную калізію і галоўных дзеючых асоб рамана «Вязьмо». Мусіць, было б наіўна патрабаваць, каб у невялікай па аб’ёме п’есе, хоць яна і складаецца з 4-х актаў, цалкам захавалася ўсё ідэйна-сэнсавае багацце рамана, у тым ліку і аўтарскія лірычныя адступленні, разгорнутыя пейзажныя замалёўкі і г. д. Перад М. Зарэцкім як маладым драматургам паўставалі іншыя творчыя задачы. Ён павінен быў улічваць законы сцэны, спецыфіку драматычнага жанру, і многае з таго змястоўнага, эстэтычна важкага, што мелася ў рамане, у п’есу не трапіла. Нельга сказаць, што драматычная аповесць у параўнанні з раманам узбагацілася новымі ідэямі ці ў ёй дадзена інакшая, болей глыбокая трактоўка вобразаў. Ускладненне грамадска-палітычных умоў жыцця 30-х гадоў, як вядома, не спрыяла наватарскім пошукам, смелым творчым эксперыментам. І Зарэцкі палічыў найболей мэтазгодным, а можа, і болей бяспечным, захаваць ранейшую расстаноўку канфліктуючых сіл, узнавіць некаторыя ранейшыя сітуацыі і сюжэтныя калізіі, але — як таго і патрабаваў драматычны жанр — не разгортваючы іх падрабязна, дэталёва. А паасобныя сюжэтныя лініі рамана былі нават зведзены ў адну. Адпаведна М. Зарэцкі перанёс у п’есу найболей выразныя рэплікі герояў (у скарочаным выглядзе), скампанаваўшы іх з улікам патрабаванняў сцэнічнага дзеяння. Яно разгортваецца ў п’есе даволі імкліва, дынамічна.

Тым не меней цалкам пераадолець уплыў эпічнай формы, уздзеянне ранейшага, асвоенага ў рамане матэрыялу М. Зарэцкаму-драматургу не ўдалося. Чытаючы п’есу, можна заўважыць, што дзеянне ў ёй часта рухаецца не ўглыбіню, а ўшырыню. Аўтару як бы шкада цікавых сюжэтных калізій рамана «Вязьмо», і ўсім ім ён спрабуе знайсці месца ў п’есе. Адсюль — пэўная фрагментарнасць, мазаічнасць «драматычнай аповесці ў 4-х актах». Хацелася б таксама бачыць у п’есе і большую заглыбленасць ва ўнутраны свет герояў. Імкнучыся падтрымліваць драматычную напружанасць, вастрыню сутыкнення канфліктуючых бакоў, драматург Зарэцкі не заўсёды забяспечваў гэтую напружанасць псіхалагічнай абгрунтаванасцю ўчынкаў і паводзін герояў.

І ўсё ж п’еса «Сымон Карызна» — не механічнае выкарыстанне тэксту рамана, а творчая перапрацоўка. М. Зарэцкі вучыўся майстэрству пабудовы драматычнага твора, авалодваў сакрэтамі новай жанравай формы, што павінна было мець станоўчы вынік для яго далейшай дзейнасці і як драматурга і як празаіка.

МІХАСЬ МУШЫНСКІ

 

1 Бранштэйн Я. Апошні рэйд шукальнікаў хараства з Сівецкага сельсавету. — Полымя рэвалюцыі. 1933, № 8-9; Пра беларускую савецкую прозу. — Там жа. 1934, № 8; Пытанні тэорыі і практыкі літаратурнага паходу. — Там жа. 1935, № 2; Клімковіч М. Літаратура савецкай Беларусі за 15 год. — 1934, № 6-7; Конік Д. Беларуская савецкая літаратура на ўздыме. — Там жа. 1934, № 8.

2 Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971. С. 136.

3 Адамовіч А. Беларускі раман. Мн., 1961. С. 162.

4 Тамсама. С. 162.

5 «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры».— Мн., 1964. С. 486.

6 Полымя, 1967. № 9. С. 235.

7 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978. С. 106.

8 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 96.

9 Мележ І. На шырокай плыні жыцця.— Літ. і мастацтва, 1969. 21 ліст.

10 Зарэцкі М. Вязьмо. Мн., 1962. С. 170. Далей спасылкі на гэтае выданне — у тэксце.

11 Полымя. 1967. № 9. С. 235.

12 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 106.

13 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 106.

14 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 102.

15 Чыгрын І. Проза «Маладняка». Мн., 1985. С. 110.

16 История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 468.

17 История белорусской советской литературы. С. 466— 467.

18 Тамсама.

19 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 88.

20 Наш современник. 1988. №7. С. 122.

21 Полымя. 1967. № 9. С. 233.

22 Полымя. 1967. № 9. С. 233.

23 Наш современник. 1988. № 7. С. 122.

24 Полымя. 1967. № 9. С. 228.

25 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 137.

26 Полымя. 1967. № 9. С. 233.

27 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. С. 112.

28 Полымя. 1967. № 9. С. 232.




Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў у 4 т. Т. 3. Вязьмо: Раман. Сымон Карызна: Драм. аповесць. - Мн.: Маст. літ., 1991. - 375 с., [1] л. партр.