epub
 
Падключыць
слоўнікі

Міхась Мушынскі

Сумленны і мужны талент

 

Міхась Зарэцкі (Міхась Яўхімавіч Касянкоў) — адзін з найболей таленавітых прадстаўнікоў той пісьменніцкай плеяды, якая прыйшла ў беларускую літаратуру на хвалі імклівага рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця. Зачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменнік-наватар, ён стварыў шэраг значных твораў, сярод якіх апавяданні і аповесці, раманы і п'есы, кінасцэнарыі і мастацкія нарысы, крытычныя і публіцыстычныя артыкулы. Гэтымі творамі М. Зарэцкі ўзбагаціў беларускае прыгожае пісьменства новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасці літаратуры. Значным укладам у беларускі «вялікі эпас» былі яго раманы «Сцежкі-дарожкі» і «Вязьмо». Паспяхова спрабаваў свае сілы М. Зарэцкі і ў галіне мастацкага перакладу. Усё гэта красамоўна сведчыць аб шырыні творчага дыяпазону пісьменніка, аб разнастайнасці яго мастакоўскіх інтарэсаў і захапленняў.

М. Зарэцкі быў прыкметнай фігурай і ў грамадскім, культурным жыцці рэспублікі, актыўным удзельнікам літаратурнага руху 20-х — першай палавіны 30-х гадоў, адным з кіраўнікоў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а затым — «Полымя».

М. Зарэцкі належыць да ліку мастакоў з яскрава выяўленым нацыянальным абліччам. Ён багата зрабіў для развіцця беларускай нацыянальнай культуры, паслядоўна змагаўся за яе народна-самабытную аснову. У гэтым вялікая і як след неацэненая яшчэ заслуга пісьменніка.

М. Зарэцкі пражыў дужа кароткае, але ў творчых адносінах багатае, змястоўнае жыццё, якое трагічна абарвалася ў змрочныя гады сталінскай дыктатуры, у перыяд масавых рэпрэсій, што абрынуліся на савецкі народ, працоўную інтэлігенцыю, прадстаўнікоў навукі, культуры, літаратуры. У выніку гэтых супрацьзаконных акцый былі фізічна знішчаны сотні тысяч ні ў чым не вінаватых людзей, лёс якіх падзяліў і М. Зарэцкі. Ён быў арыштаваны па лжывым даносе ў лістападзе 1936 года і беспадстаўна абвінавачаны ў кіраўніцтве контррэвалюцыйнай арганізацыяй, якой не існавала, у антысавецкай, нацыяналістычнай дзейнасці. Малодшы брат пісьменніка — Мікалай Касянкоў, які ў той час рабіў настаўнікам на Мазыршчыне і таксама быў рэпрэсіраваны ў 1937 годзе і асуджаны на 10 гадоў адбыцця пакарання ў папраўча-працоўных лагерах,— успамінае: «Аднойчы адзін са следчых зачытаў мне ўрывак з матэрыялаў мінскага следства. Там гаварылася, што спачатку контррэвалюцыйную пісьменніцкую арганізацыю ўзначальваў Янка Купала, а пасля паездкі за мяжу трох беларускіх пісьменнікаў (Ц. Гартнага, М. Чарота і М. Зарэцкага.— М. М.) кіраўніцтва арганізацыяй перайшло да Міхася Зарэцкага... Брата прыгаварылі да расстрэлу. Пасля сям’і паведамілі, што праз дванаццаць дзён расстрэл быў заменены яму 10 гадамі зняволення. Загінуў Міхась у 1941 годзе»1.

Рэпрэсіі не абмінулі і астатніх членаў сям’і Зарэцкага: жонка пісьменніка Марыя Іванаўна спачатку была асуджана на сем гадоў знаходжання ў папраўча-працоўных лагерах і на пяць гадоў паражэння ў правах, рэабілітавана ў 1941 годзе, а ў 1945 зноў асуджана на дзесяць гадоў.

Малалетнія дзеці — Слава і Рада — засталіся адны. «Праз паўгода,— прыгадвае М. Касянкоў,— бабка аддала дзяцей у Мінскі дзіцячы прыёмнік, а адтуль яны былі накіраваны ў дзіцячы дом «Боркі» Калінінскай вобласці».

Толькі ў 1956 годзе вынайдзены злачынцамі са сталінска-яжоўскага рэпрэсіўнага апарата абсурдны па свайму сэнсу ярлык «вораг народа» быў назаўжды змыты са светлага імя Міхася Зарэцкага. Беларуская грамадскасць яшчэ і сёння ў вялікім і неаплатным даўгу перад памяццю гэтага выдатнага пісьменніка, грамадзяніна, патрыёта, абаяльнага і высакароднага чалавека, хоць пасля вяртання яго твораў народу прайшло ўжо звыш трыццаці гадоў. За гэты час прыхільнікі арыгінальнага, самабытнага таленту аўтара раманаў «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо» маглі б і абавязаны былі куды болей зрабіць па захаванні і прапагандзе яго літаратурнай спадчыны і вывучэнні жыцця, грамадскай, культурнай дзейнасці. Літаратурныя творы М. Зарэцкага пасля яго грамадзянскай рэабілітацыі выходзілі не так і часта. У 1959 годзе быў перавыдадзены раман «Сцежкі-дарожкі», у 1962 — раман «Вязьмо». У 1975 годзе з’явілася даволі сціплая паводле свайго аб’ёму кніга выбраных апавяданняў. Вось бадай і ўсё, што атрымаў беларускі чытач за тры апошніх дзесяцігоддзі з даволі багатай, жанрава разнастайнай спадчыны пісьменніка. Шэраг апавяданняў, асабліва ранняга перыяду, аповесць «Голы звер», дакументальна-мастацкія нарысы, драматычныя творы, публіцыстычныя, крытычныя артыкулы заставаліся практычна па-за ўвагай грамадскасці. Гэта ж трэба сказаць і пра няскончаныя творы, пра эпісталярную спадчыну пісьменніка, пошукамі якой да гэтага часу, на жаль, ніхто не займаўся. Не прааналізаваны і зробленыя М. Зарэцкім пераклады многіх твораў на беларускую мову («Цэмент» Ф. Гладкова, 1930; «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я. Гашака, ч. 1, 1931).

Не лепшае становішча і з перакладамі твораў М. Зарэцкага. Рускамоўны чытач змог пазнаёміцца з раманам «Вязьмо» толькі ў 1965 годзе, гэта значыць, болей чым праз чвэрць стагоддзя пасля яго выхаду з друку (новы пераклад — у 1978 г.). Раман «Сцежкі-дарожкі» ў скарочаным выглядзе друкаваўся на старонках газеты «Рабочий» у 1927 годзе, а новы поўны пераклад выйшаў у 1971 годзе. «Малая проза» М. Зарэцкага перасягнула нацыянальныя межы толькі ў 1980 годзе, калі выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў перакладзе на рускую мову выбраныя апавяданні, цалкам паўтарыўшы змест памянёнай вышэй кнігі «Пачатак шчасця».

Праўда, першыя спробы перакласці апавяданні М. Зарэцкага адносяцца яшчэ да 20-х гадоў («Паэма пра чорныя вочы», 1927; «Радасць», 1928; зб. «Ракавыя жаронцы», 1930). У даваенны час асобныя творы пісьменніка перакладаліся на ўкраінскую мову: у 1930 годзе былі выдадзены зборнік «42 дакументы» і раман «Сцежкі-дарожкі».

Як спробу хоць і запозненага сплачвання доўгу М. Зарэцкаму — мастаку і грамадзяніну — і трэба разглядаць дадзены Збор твораў, які дасць болей поўнае ўяўленне аб шматграннай спадчыне і напружаных ідэйна-мастацкіх пошуках пісьменніка. А таксама — аб тых шляхах, якімі ён ішоў у літаратуру. Шляхі гэтыя былі няпростымі. Сваім жыццём М. Зарэцкі сцвердзіў высокую годнасць пісьменніка-грамадзяніна, сэнс дзейнасці якога быў у беззапаветным служэнні маці-радзіме, у нястомнай барацьбе за духоўнае абнаўленне чалавека, у сцвярджэнні гуманістычных ідэалаў і прымнажэнні багаццяў роднай культуры.

Нарадзіўся Міхась Зарэцкі 20 лістапада 1901 года ў сяле Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і яго жонкі Пелагеі Лявонцьеўны. Міхась быў другім дзіцем пасля Івана, услед за ім нарадзіліся Мікалай і Ліза. Дзяцінства будучага пісьменніка прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам, куды быў пераведзены на службе Яўхім Ануфрыевіч. Паэтычная назва паселішча, якое раскінулася на беразе Дняпра, прадвызначыла і выбар Міхасём Касянковым свайго літаратурнага псеўданіма.

Вялікую ролю ў фарміраванні эстэтычных густаў будучага пісьменніка адыгралі яго бацькі. Псаломшчык Яўхім Ануфрыевіч любіў музыку і спевы, кіраваў царкоўным хорам, спрабаваў пісаць музычныя творы. «У сваёй працы,— успамінае Мікола Касянкоў,— бацька карыстаўся творамі Рахманінава, Бартнянскага і другіх кампазітараў, у якіх ёсць музыка на царкоўныя тэмы. Нямала прыходзілася яму папрацаваць, каб напісаць партытуры гэтых твораў для свайго хору, шмат затраціць часу на спеўку, але яго праца ўзнагароджвалася жаданымі вынікамі... Чалавек незалежных поглядаў, ён не заўсёды ладзіў з начальствам і таму іншы раз меў непрыемнасці па службе. Бацька не абмяжоўваўся рэгенцкай працай. Ім пакладзены на музыку некалькі вершаў рускіх паэтаў (у тым ліку і Пушкіна), а таксама творы вуснай народнай творчасці. Быў ён чалавек назіральны, цікава расказваў пра перажытае. Любіў бацька спяваць. Яго любімыя песні «Среди долины ровныя», «Песня бобыля», «Жарко в небе солнце красное».

Артыстычным талентам валодала і маці Міхася — Пелагея Лявонцьеўна. Яна таксама любіла спяваць, вызначалася працавітасцю і глыбокай душэўнасцю.

Відавочна, што агульная атмасфера, якая панавала ў бацькоўскай хаце, захапленне музыкай, цікавасць да спеваў станоўча ўплывалі на ўнутраны свет хлапчука, на развіццё яго мастацкіх густаў. «Здольнасці брата,— піша М. Касянкоў,— сталі выяўляцца з ранняга дзяцінства... Ужо ў дзяцінстве ўмеў іграць на многіх музычных інструментах».

У дзесяцігадовым узросце хлапчука аддалі ў Аршанскае духоўнае вучылішча, праз чатыры гады — у Магілёўскую духоўную семінарыю. А двума гадамі пазней, калі пачаліся рэвалюцыйныя падзеі, юнак кінуў вучобу. Спачатку ён быў перапісчыкам у паўвайсковай часці. Пасля вяртання ў родную вёску давялося М. Зарэцкаму працаваць царкоўным вартаўніком: на гэты крок штурхала матэрыяльная нястача.

З 1919 года Зарэцкі настаўнічае ў пачатковай школе на Магілёўшчыне, узначальвае Шклоўскі валасны аддзел народнай асветы. У 1920 годзе ўдзельнічае ў 2-м Усерасійскім з’ездзе саюза работнікаў асветы, абіраецца кандыдатам у члены ЦК гэтага саюза.

Сур’ёзнай школай жыцця стала для М. Зарэцкага яго служба ў Чырвонай Арміі, дзе на пасадзе палітработніка ён знаходзіўся з 1920 па 1927 год. «Бясконцыя блуканні з месца на месца, безліч назіранняў і ўражанняў, блізкае знаёмства з дзесяткамі і сотнямі самых разнастайных чалавечых тыпаў — усё гэта ўзбагаціла мяне невычэрпным запасам матэрыялу, які я выкарыстаў пасля ў цэлым шэрагу сваіх апавяданняў»2,— сведчыў М. Зарэцкі. Гэтыя прызнанні пацвярджаюцца зместам многіх твораў не толькі малой жанравай формы, але і п’ес, рамана, нарысаў і інш.

Літаратурная дзейнасць М. Зарэцкага пачалася ў 1921 г., хоць ён паводле ўласных прызнанняў ніколі не збіраўся быць пісьменнікам. «Справа пачалася з таго, што я аднойчы ўбачыў вельмі яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала мяне на працягу цэлага месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і я стаў пісаць. Пісаў я доўга і вельмі старанна, абдумваючы кожную фразу, кожнае слова, закрэсліваючы, перакрэсліваючы і г. д. Працэс пісання мяне дужа хваляваў і ў той жа час падтрымліваў свежасць уражання, якое штурхала мяне на гэту працу. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданне я паслаў у рэдакцыю «Савецкая Беларусь», аднак без усякай сур’ёзнай надзеі на яго надрукаванне»3.

У даследчых працах, прысвечаных жыццю і творчасці М. Зарэцкага, сцвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданне «У Саўках», змешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 снежня 1922 года. Але, мусіць, дэбют трэба аднесці на болей ранні час, паколькі ў гэтай жа газеце 6 студзеня надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?», 3 лютага — твор «Спатканне», 13 кастрычніка — твор «Сёння» («Малюнкі жыцця»), 22 лістапада — апавяданне «Цішка Бабыль» і толькі 29 снежня — «У Саўках».

Працэс фарміравання творчай індывідуальнасці маладога пісьменніка, калі меркаваць па яго выступленнях у перыядычным друку, адбываўся вельмі інтэнсіўна. Так, на працягу 1923 года толькі ў «Савецкай Беларусі» былі змешчаны апавяданні «Чаплюк» (Малюнкі з вайсковага жыцця), «Спакуса», «Мар'я», «Як гэта часам трапляецца» (Маленькае здарэнне), «Ноччу», «З нашых дзён», «Белы здзек» (З жыцця Заходняй Беларусі), «Ворагі». А неўзабаве адзін за другім пачалі выходзіць зборнікі апавяданняў — «У віры жыцця» (1925), «Пела вясна» (1925), «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы» і «Двое Жвіроўскіх» (1926). Паступова пашыраўся і жанравы дыяпазон творчых пошукаў М. Зарэцкага. У тым жа 1926 годзе ён піша аповесць «Голы звер».

Асноўная тэма апавяданняў М. Зарэцкага — перамены, якія адбываюцца ў жыцці народа пад дабратворным уздзеяннем ідэй рэвалюцыі, упартае супраціўленне сіл старога свету, фарміраванне сацыяльна актыўнага чалавека, нялёгкія пошукі шляхоў у будучыню. Пісьменнік уважліва прыглядаўся да рэвалюцыйнай явы, да прыкмет новага, яго радавала духоўнае абнаўленне чалавека, які пачынаў усведамляць сябе гаспадаром жыцця. Творы М. Зарэцкага ўліваліся ў шырокую плынь беларускай літаратуры, якая стваралася прадстаўнікамі старэйшага пакалення і маладымі, уносячы ў яе сваю тэматычную і стылёвую адметнасць, эмацыянальна-ўзвышаную і разам з тым рэалістычна-праўдзівую танальнасць. Лірыка злівалася тут з эпічнымі сродкамі адлюстравання жыцця, рамантычныя формы — з традыцыйна-рэалістычнымі.

Знаёмства з раннімі апавяданнямі — «Цішка Бабыль», «Як гэта часам трапляецца», «Ноччу», «З нашых дзён» і інш.— не пацвярджае меркавання даследчыкаў, што М. Зарэцкі пачынаў свой пісьменніцкі шлях як рамантык. У сапраўднасці ж творы рамантычнага светаадчування мірна суседнічалі з рэалістычнымі, хоць гэта быў яшчэ рэалізм, у якім значнае месца займалі бытавыя элементы, адсутнічала глыбокая мастацкая тыпізацыя, аналітыка.

Адначасова з паспяховай распрацоўкай пластоў і з’яў рэчаіснасці, якія асвойваліся іншымі пісьменнікамі 20-х гадоў, М. Зарэцкі ўпэўнена выходзіў на маладаследаваную ў тагачаснай літаратуры тэму — тэму трагічнага лёсу «былых», «учарашніх», лёсу людзей, якія спрабавалі, але не здолелі стаць паўнапраўнымі грамадзянамі новага жыцця (апавяданні «Ворагі», «Кветка пажоўклая» і інш.). Творы, звернутыя да гэтай вельмі складанай, вострай тэматыкі, на жаль, і ў наш час ацэньваюцца неглыбока, павярхоўна, аднабакова. Многія з іх патрабуюць свайго перагляду, новага прачытання, болей уважлівага аналізу. Зрэшты, гэта датычыць не толькі апавяданняў, але і раманаў «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо», дакументальна-мастацкіх нарысаў, апублікаваных раздзелаў рамана «Крывічы».

Так, калі мець на ўвазе апавяданні, у якіх закранута тэма лёсу «ўчарашніх», «былых», дык неабходна паказаць тое якасна новае, што адрознівала іх ад твораў многіх пісьменнікаў 20-х гадоў. Гаворка ідзе аб гуманістычным пафасе, аб пачуццях міласэрнасці да «былых», да пераможаных ворагаў, пачуццях дабрыні, спагады, якімі прасякнуты апавяданні М. Зарэцкага. Ідэя абароны агульначалавечых каштоўнасцей, ідэя самацэннасці чалавечай асобы, якую сцвярджаў сваімі творамі пісьменнік, не заўважалася даследчыкамі ў працэсе канкрэтнага аналізу, а гэта вяло да збедненага ўяўлення аб усёй яго творчасці. Адпаведна мы не аддавалі належнага мастакоўскай мужнасці М. Зарэцкага, шырыні яго поглядаў на жыццё, глыбокаму разуменню ім прызначэння літаратуры.

Вымагаюць прынцыповага перагляду і ранейшыя ацэнкі апавяданняў «Ой, ляцелі гусі...», «Паэма пра чорныя вочы» і інш. Спробы новага прачытання гэтых твораў зроблены ў пасляслоўі. Падкрэслена, што, напрыклад, у першым з іх нельга бачыць пропаведзь індывідуалізму, паэтызацыю маральна разбэшчанага героя. Сэнс і пафас апавядання — іншыя. Глыбока гуманістычная ідэя абароны чалавечай годнасці не ляжыць на паверхні, яна раскрываецца тонка, неназойліва, усёй сукупнасцю выяўленчых сродкаў, эмацыянальным настроем, логікай аўтарскай думкі. Апавяданне патрабуе ўважлівага падыходу, здольнасці настройвацца на хвалю аўтарскага ўспрымання жыцця, разумець складанасць унутранага свету асобы.

Многія апавяданні М. Зарэцкага, як, напрыклад, «Ворагі», «Бель», «На маладое», «Кветка пажоўклая», паводле ахопу з’яў рэчаіснасці блізкія да аповесці. Творы гэтыя сведчылі, што Зарэцкаму-мастаку ўжо было цесна ў асвоеных ім жанравых рамках «малой прозы». Аповесць «Голы звер» наглядна пацвердзіла заканамернасць звароту пісьменніка да буйных жанравых форм. Непераадоленае ўздзеянне сацыялагізатарскай крытыкі 30-х гадоў перашкаджала аб’ектыўнай ацэнцы аповесці. Пісьменніка папракалі адсутнасцю ў творы станоўчага вобраза, які б супрацьстаяў адмоўнаму герою Яроцкаму, носьбіту эгаістычнай, мяшчанскай філасофіі прыстасавальніцтва, абывацельскай маралі. Зусім відавочна, што падобныя патрабаванні выспявалі ў нетрах вульгарызатарскай, нарматыўнай крытыкі, якая ў сваіх уяўленнях ішла не ад жывога вопыту мастацтва, а ад застыглых догм, прымітыўных установак. Не трэба здзіўляцца, што аўтар аповесці быў залічаны аж да «выказнікаў ідэалогіі варожага класа»4.

У апошні час адносіны да аповесці прыкметна змяніліся. Яна ацэньваецца ўжо больш аб’ектыўна, незададзена. Даследчыкі справядліва падкрэсліваюць грамадскую актуальнасць узнятых М. Зарэцкім праблем, выразнасць пазіцыі, з якой пісьменнік выкрывае Яроцкага, прадстаўніка буржуазнага індывідуалізму. Паўсядзённымі паводзінамі герой аповесці спрабаваў сцвердзіць сваё права на ўсёдазволенасць, права ігнараваць маральныя нормы грамадскага жыцця.

Разам з тым нельга не бачыць і аднабаковасць у падыходзе некаторых літаратуразнаўцаў да твора, іх неглыбокае разуменне зместу. У супрацьлегласць дагматыкам, якія ўгледзелі ў аповесці прапаганду шкодных ідэй, сучасныя аўтары кідаюцца ў іншую крайнасць — яны спрашчаюць змест твора, гаворачы аб тым, што Яроцкі — гэта, маўляў, прывід мінулага ў сучасным, што паражэнне яго непазбежнае, ён асуджаны самім жыццём, чужы прыродзе сацыялізма і г. д. Такімі вось бадзёрымі ацэнкамі аж зіхацяць старонкі, на якіх разглядаецца аповесць. Але трэба прызнаць, што ацэнкі гэтыя зусім не адпавядаюць пафасу твора, яго ўнутранай скіраванасці. М. Зарэцкі якраз і не імкнуўся да таннага аптымізму, не сцвярджаў ідэю чужароднасці Яроцкіх умовам сацыялістычнага грамадства. Змест твора не дае падстаў рабіць вывад, нібыта герой — часовая з’ява, звязаная галоўным чынам з перыядам нэпа і актывізацыяй буржуазных элементаў. Навошта ж прыпісваць аўтару, глыбокаму аналітыку, недаравальную для мастака вузкасць поглядаў на мэты літаратуры як чыста агітацыйныя, утылітарна-прапагандысцкія? М. Зарэцкі падкрэсліваў думку аб жывучасці Яроцкіх, іх выключнай здольнасці прыстасоўвацца да любых грамадскіх умоў, выжываць у самых неспрыяльных абставінах. І ў гэтым — вялікая заслуга аўтара. Трывожнае прадбачанне М. Зарэцкага, выказанае ім у канцы 20-х гадоў, пацвердзілася шматгадовым вопытам развіцця савецкага грамадства, уключаючы не толькі перыяд сталінскага беззаконня, але і брэжнеўскага застою, калі Яроцкія станавіліся героямі часу, гаспадарамі жыцця. А гэта яшчэ адно сведчанне неабходнасці па-новаму прачытаць творы М. Зарэцкага, бо яны вытрымалі праверку часу.

Сказанае цалкам датычыць і рамана «Сцежкі-дарожкі», які друкаваўся на старонках часопіса «Полымя» за 1927 год, № 1—7, а затым выйшаў асобным выданнем у 1928 годзе, і дакументальна-мастацкіх нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931), дзе змешчаны і нарыс «Вясна 1930 года». Гісторыка-літаратурная ацэнка гэтых твораў сёння ўспрымаецца як павярхоўная, шмат у чым састарэлая, спрошчаная, няпоўная. Многае ў творах засталося незаўважаным, абмінутым даследчыкамі, а гэта перашкаджае ўспрымаць іх змест ва ўсёй глыбіні.

Раман «Сцежкі-дарожкі» быў значным крокам пісьменніка па шляху мастацкага спасціжэння складанай, шматграннай тэмы рэвалюцыі, тэмы грамадзянскай вайны, цяжкіх пошукаў інтэлігенцыяй дарог у рэвалюцыю. Даследчыкамі справядліва адзначаны многія станоўчыя бакі рамана, яго бясспрэчныя ідэйна-мастацкія вартасці — перш за ўсё праблемнасць, шырыня ахопу рэчаіснасці, уменне пісьменніка дакладна перадаваць грамадска-палітычную атмасферу эпохі, праўдзіва паказваць чалавека ў яго шматлікіх сувязях з грамадскім жыццём, з жыццём народа, майстэрства псіхалагічнага аналізу і г. д. «Актуальная праблематыка і новы герой, пафас сцвярджэння народнай перамогі, праўдзівасць як аснова мастацкага адлюстравання, рэвалюцыйная рамантычная накіраванасць твора — усё гэта ставіла «Сцежкі-дарожкі» ў лік лепшых твораў беларускай літаратуры 20-х гадоў, а М. Зарэцкага — у рады пачынальнікаў літаратуры сацыялістычнага рэалізму»5,— слушна зазначае адзін з сучасных даследчыкаў рамана.

Аднак гэтыя і падобныя да іх фармуліроўкі, справядлівыя самі па сабе, часта не атрымліваюць глыбокага, змястоўнага напаўнення, не пацвярджаюцца аналізам вобразнай сістэмы твора. У прыватнасці, недастаткова падкрэслена прынцыповае непрыманне М. Зарэцкім павярхоўнай гераізацыі станоўчых герояў рамана, тэндэнцыі паказваць рабочы клас у ружовым святле. Вобраз рэвалюцыі малюецца пісьменнікам не ва ўзвышана-патэтычнай танальнасці, а ў рэалістычных фарбах. Вось як пададзены ў рамане лютаўскія падзеі 1917 года: «Рэвалюцыя ўціскалася ў горад замаруджана, туга. Багамольнае, манархічна настроенае гарадское мяшчанства чытала газеты, пускала розныя, часам страшэнна недарэчныя, плёткі, вохкаючы, жалячыся на дарагоўлю харчоў, чакала ўсё нечага, што немінуча прыйдзе і знішчыць тую няпэўнасць, якая трывожна лунае ў паветры, верне зноў пад ногі знаёмы, абыклы грунт, пахіснуты лютаўскім паўстаннем».

Патрабуе больш заглыбленага разгляду і сюжэтная лінія ўзаемаадносін галоўнага героя рамана Васіля Лясніцкага і рабочага Андрэя, якія па-рознаму разумеюць ролю і месца інтэлігенцыі ў рэвалюцыйнай барацьбе. Андрэй бачыў сваю задачу ў тым, каб распальваць класавую нянавісць працоўных супраць прыгнятальнікаў. Лясніцкі таксама добра разумеў вытокі варожасці працоўнага люду да сваіх спрадвечных крыўдзіцеляў, шчыра спачуваў абяздоленаму народу, але яго палохала тая празмерная жорсткасць, шматлікія ахвяры, разбурэнні, якімі суправаджалася барацьба. Яго палохаў анархічны бунт, які нёс з сабой негатыўныя тэндэнцыі для будучага развіцця грамадства. І Лясніцкі лічыў сваім абавязкам не распальваць, а стрымліваць абуджаныя інстынкты руйнавання і бязлітаснай помсты, бо «чуў у хваляваннях натоўпу цяжкую пагрозу, бачыў у распаленых ліхаманкава-бліскучых вачах чорную здань гвалтавання, пажараў, жудаснай дзікай анархіі».

Гаворачы аб вялікай ролі рабочага Андрэя ў фарміраванні светапогляду Лясніцкага, даследчыкі яўна перабольшвалі гэты ўплыў, паколькі Андрэй з яго заклікамі распальваць пажар нянавісці, разбураць усе законы і нормы жыцця не разумеў сцвярджальнай сутнасці рэвалюцыі, не прымаў гуманістычнага пафасу, ідэі неабходнасці абароны чалавека. Гэты момант прынцыпова важны для разумення ідэйна-філасофскай канцэпцыі раманіста, недастаткова выразна падкрэсліваецца ў гісторыка-літаратурных працах, што зніжае агульнае ўяўленне адносна мастацкіх вартасцей рамана і яго наватарскай сутнасці.

Вузкай, спрошчанай, аднабаковай трэба прызнаць і ацэнку вобраза рэвалюцыянера-народніка Матруніна, які звычайна разглядаецца як вобраз адмоўны. Аднак у рамане ён пазбаўлены вузкай аднапланавасці. Матрунін заклікаў моладзь самаахвярна служыць народу, несці ў гушчу працоўных святло навукі, культуры, выхоўваць грамадзянскія пачуцці, стваральныя пачаткі жыцця. Стары народнік аказаў на Лясніцкага значны ўплыў пры выбары ім маральнай пазіцыі, хоць уласная палітычная пазіцыя Матруніна, яго адносіны да сацыялістычнай рэвалюцыі, да бальшавікоў аказаліся супярэчлівымі, непаслядоўнымі. Недаацэнены вобраз Нікадзіма Славіна. Многія яго выказванні без належных падстаў характарызуюцца ў іранічным плане. Аднабаковай, спрошчанай трэба прызнаць і характарыстыку вобраза паненкі Раісы і ўзаемаадносіны з ёю Лясніцкага. У рамане ўвогуле шмат мясцін, якія зусім выпалі з поля зроку даследчыкаў або разглядаюцца павярхоўна (адносіны Лясніцкага да народных легенд і паданняў і г. д.).

Канец 20-х — пачатак 30-х гадоў пазначаны драматычным паваротам у жыцці і творчай біяграфіі Зарэцкага. З аднаго боку, працягваецца яго плённая творчая праца і грамадска-культурная дзейнасць: надрукаваны раман «Сцежкі-дарожкі», завершана працяглая (канец жніўня — сярэдзіна кастрычніка 1927 г.) паездка ў складзе групы беларускіх пісьменнікаў у Чэхаславакію, Германію, Францыю, Латвію, дзе мелі месца цікавыя сустрэчы з многімі майстрамі літаратуры і дзеячамі культуры Захаду, па-ранейшаму выходзяць новыя кнігі — зборнік апавяданняў «На чыгунцы» (1928), паспяхова асвойваюцца новыя, яшчэ нязвыклыя для празаіка жанравыя формы, у прыватнасці, драматычныя: у часопісе «Полымя» (1928, № 6) М. Зарэцкі выдрукоўвае сваю першую п’есу «Віхор на балоце», у часопісе «Маладняк» (1928, № 12 і 1929, № 1) — драму «Белыя ружы».

Як бачым, творчая дзейнасць пісьменніка разгортваецца актыўна, дынамічна, па ўзыходнай лініі. Але ў жыцці часта здараецца так, што поспехі, дасягненні, удачы азмрочваюцца нечаканымі падзеямі. Вось і над галавой М. Зарэцкага пачалі збірацца цёмныя хмары, прагучалі зусім не веснавыя грымоты. А прычынаю згушчэння небяспечнай атмасферы паслужылі новыя творы, у якіх пісьменнік не патрапіў у тон новым палітычным устаноўкам, выкліканым пачаткам калектывізацыі і разгортваннем барацьбы супраць т. зв. нацдэмаўшчыны. Такімі творамі з’явіліся нарыс «Падарожжа на новую зямлю», змешчаны ў «Савецкай Беларусі» ў кастрычніку 1928 года, і раман «Крывічы», друкаванне якога ў «Полымі» (1929, № 4) было нечакана перапынена і які, за выключэннем апублікаванай часткі, па ўсім відаць, беззваротна страчаны для нацыянальнай літаратуры. А твор гэты абяцаў быць значнай падзеяй літаратурнага жыцця рэспублікі. Самабытны талент празаіка раскрываўся тут новымі гранямі. Глыбокая цікавасць пісьменніка да праблемы нацыянальна-самабытных асноў народнага жыцця надала яму новы моцны імпульс, раскрыла яго багатыя патэнцыяльныя магчымасці. Міхась Зарэцкі відавочна вырастаў у буйнейшага нацыянальнага эпічнага мастака. Зусім заканамернай, абумоўленай унутранай логікай станаўлення светапогляду, аказалася і яго цікавасць да гістарычнага мінулага беларускага народа. Газета «Звязда» ад 22 снежня 1928 года паведамляла аб маючай быць публікацыі ў часопісе «Полымя» за першую палову 1929 года гістарычнай драмы М. Зарэцкага «Рагнеда». Аднак лёс і гэтага твора таксама аказаўся нешчаслівым — намеры пісьменніка надрукаваць драму засталіся нерэалізаванымі, няздзейсненымі, і тэкст яе не знойдзены.

Нарыс «Падарожжа на новую зямлю» і пачатковыя раздзелы «Крывічоў» не толькі пасля іх надрукавання, але і на доўгія гады сталі аб’ектам грубай, разноснай крытыкі, а іх аўтар — аб’ектам беспадстаўных палітычных абвінавачванняў. У нарысе М. Зарэцкага былі выказаны прыхільныя адносіны да мерапрыемстваў, якія ў канцы 20-х гадоў праводзіў беларускі наркамат земляробства на чале з З. Прышчэпавым, а ў раздзелах рамана закрануты пытанні нацыянальна-культурнага будаўніцтва, былі выведзены героі, якія ў разуменні нацыянальных праблем стаялі на розных пазіцыях, прытрымліваліся розных поглядаў. Гэтых фактаў аказалася зусім дастаткова, каб залічыць М. Зарэцкага да ідэолагаў нацдэмаўшчыны, абвясціць яго выразнікам антыпралетарскіх, антысавецкіх поглядаў. «Вораг у доме» — так называўся артыкул С. Будзінскага («Полымя», 1929, № 11—12). І гэта назва вельмі дакладна перадае сэнс і характар палітычных абвінавачванняў у адрас М. Зарэцкага.

Настойлівыя просьбы пісьменніка не выносіць канчатковага прысуду, а пачакаць завяршэння публікацыі рамана, у фінале якога і будуць расстаўлены ўсе ідэйна-сэнсавыя акцэнты, засталіся марнымі. Не ўдалося яму абвергнуць і фальсіфікатарскія выдумкі адносна зместу і накіраванасці нарыса «Падарожжа на новую зямлю». На сходзе партыйных ячэек Беларускага дзяржаўнага выдавецтва «Падарожжа...» і творы апошніх гадоў былі залічаны да «антыпартыйных і антысавецкіх», а сам пісьменнік быў выключаны з бальшавіцкай партыі. Зусім відавочна, што такое пакаранне было ў вышэйшай ступені несправядлівым, гэтакімі ж абсурднымі былі і абвінавачванні яго твораў у іх антысавецкай скіраванасці.

У вачах «нястрыманых рупліўцаў» ускладняў «віну» пісьменніка — «лазутчыка класавага ворага» (Рабочий, 8 снежня. 1929) — і яго актыўны ўдзел у т. зв. тэатральнай дыскусіі і ў абмеркаванні праблем развіцця беларускага кіно. Сваімі выступленнямі на старонках «Савецкай Беларусі» ў 1928 годзе — артыкулы «Два экзамены: Да пытання аб тэатральнай крытыцы» (18 студзеня) і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно: Да крытыкі тэматычнага плана» (2, 3 лістапада) — М. Зарэцкі рашуча падтрымліваў думку аб неабходнасці ўважлівых адносін да нацыянальнай культуры. З прынцыповых пазіцый крытыкаваў пісьменнік тэатральных дзеячаў і чыноўнікаў ад мастацтва, якія ігнаравалі даўно наспелыя праблемы развіцця беларускага тэатра, кіно, пагардліва ставіліся да нацыянальнага рэпертуару, замяняючы яго перакладнымі касавымі п’есамі. Такая тэатральная палітыка, калі перавага аддавалася папулярным, але маламастацкім творам, была небяспечнай для беларускай культуры, перашкаджала ўзбагачэнню яе ўласных нацыянальных традыцый. Пра гэта з усёй выразнасцю сказаў М. Зарэцкі, выявіўшы грамадзянскую смеласць, належную шырыню поглядаў на суадносіны нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў літаратуры, мастацтве: «Што мы павінны браць у суседніх і блізкіх ад нас па агульнай накіраванасці культур: расійскай, украінскай, і інш.? Адказ можа быць адзін: самае лепшае, самае каштоўнае, чаго яны дасягнулі. Мы павінны браць шэдэўры, якія могуць быць прыкладам у будаўніцтве нашай уласнай культуры. А ў нас робіцца зусім інакш. Мы часта падбіраем усё, што валяецца ў іх на задворках, ад чаго яны самі адмаўляюцца, мы падбіраем замест шэдэўраў бруднае пустое пазаддзе» (Сав. Беларусь, 2 лістап., 1928).

І гэтыя выказванні ўдзельніка дыскусіі былі расцэнены беспрынцыпнай крытыкай як праявы нацыяналізму, як варожыя выпады супраць рускай культуры. Фактычна на старонках перыядычнага друку фальшывымі абаронцамі ідэйнай чысціні шэрагаў беларускай літаратуры была развязана ганебная кампанія здзеку, шальмавання аднаго з найбольш таленавітых пісьменнікаў. М. Зарэцкі апынуўся ў цяжкім, бязвыхадным становішчы. Фактычна ён быў пазбаўлены магчымасці адказаць нядобрасумленным апанентам, давесці грамадскасці поўную беспадстаўнасць іх абвінавачванняў, абвергнуць фальсіфікатарскія прыёмы тагачаснай крытыкі.

І ўсё ж нельга не захапляцца грамадзянскай мужнасцю М. Зарэцкага, сілай яго духу. Якую трэба мець веру ў гуманістычныя ідэалы рэвалюцыі, каб насуперак публічным абразам, паклёпніцкім выдумкам, небяспечным абвінавачванням у нацыяналізме ўсё ж выстаяць і працягваць актыўную творчую дзейнасць!

Вядома, пісьменнік вымушаны быў, улічваючы рэальную сітуацыю, рабіць пэўныя ўступкі тагачасным патрабаванням. Пра гэта сведчаць, напрыклад, яго апавяданні «Хвіліна» і «Пра дзеда Альпіна», змешчаныя на старонках часопіса «Чырвоная Беларусь» адпаведна ў нумарах 15 і 18 за 1930 год.

Вось змест апавядання «Пра дзеда Альпіна». Старшыня сельскага Савета зачытвае пастанову аб экспрапрыяцыі кулака Альпіна, нібыта вінаватага ў «злачынным продажу жывёлы», у «сістэматычнай агітацыі супраць калгаснага будаўніцтва». За «ашуканскі разлік з парабкамі» давядзецца дзеду яшчэ і вялікі штраф заплаціць — аж у 300 рублёў. Калі ж «ліхія нечаканыя госці» пакінулі хату, Альпін перахаваў скрутак з грашыма, аднак пяцігадовы ўнук высачыў схованку і, палічыўшы залатыя кружэлачкі за дзіцячыя цацкі, панёс іх на вуліцу. Ашалелы ад роспачы дзед спрабаваў задушыць свайго ўнука, але злачынства было прадухілена пільным старшынёй, які не паверыў дзеду, западозрыў яго ў хітрасці, машэнстве і таму нечакана зноў вярнуўся на падворак Альпіна.

Перад намі, як бачым, тыповы прыклад т. зв. сацыяльнага заказу на тэму выкрыцця шкоднай дзейнасці кулацтва ва ўмовах абвастрэння класавай барацьбы. Тое, што тут мела месца вымушаная ўступка пісьменніка ідэалагічным патрабаванням часу, а не свядомая ўстаноўка мастака на распальванне пачуццяў нянавісці да заможнай часткі сялянства,— бясспрэчна. Пацвярджэннем сказанаму служыць змест усёй папярэдняй творчасці пісьменніка. Ды і ў гэтым апавяданні ёсць моманты, скіраваныя на нейтралізацыю яго нібыта антыкулацкага, выкрывальнага пафасу. Так, абвастрэнне сітуацыі ў значнай ступені абумоўлена выпадкам, звычайнай цікаўнасцю маленькага хлапчука, якога нельга западозрыць у зламысных намерах, у свядомым жаданні падвесці дзеда, выкрыць яго хцівасць. «Нечаканыя ліхія госці», якія наведалі хату Альпіна,— гэта таксама не агаворка. Невыпадкова і тое, што віна заможнага селяніна ў творы не даказана, яна толькі дэкларуецца гасцямі, а дзед вымушаны рабіць тое, што яму загадаюць.

Можна прывесці і яшчэ шэраг сведчанняў таго, што М. Зарэцкі ў пачатку 30-х гадоў пад уплывам неспрыяльных грамадска-палітычных абставін насуперак уласным ідэйным пераконанням вымушаны быў ісці на пэўныя кампрамісы. Ёсць яны і ў нарысах «Лісты ад знаёмага» і «Вясна 1930 года» (адпаведна «Полымя», 1930, № 4 і № 5—6). Таксама ў часопісе «Полымя» (1931, № 2) пісьменнік друкуе пад назвай «Рубеж» урывак з маючага быць рамана «Смерць Андрэя Беразоўскага», дзе павінна была выпраўлена нібыта ўласцівая «Крывічам» ідэалагічная невыразнасць і супярэчлівасць аўтарскай пазіцыі, абвергнуты няслушныя меркаванні герояў ранейшага твора.

Што датычыць нарысаў, дык тут таксама ёсць мясціны, дзе М. Зарэцкі вымушана падтрымлівае агульную лінію мерапрыемстваў па суцэльнай прымусовай калектывізацыі, што аб’ектыўна ўспрымаецца як адступленне пісьменніка ад ранейшай гуманістычнай пазіцыі, ад прынцыпаў рэалістычнага адлюстравання сацыяльнай рэчаіснасці. Але разам з тым у нарысах нямала старонак, якія сведчаць аб нязменнасці ідэйных поглядаў і маральных пераконанняў М. Зарэцкага, аб імкненні і надалей дзейсна абараняць інтарэсы народа, працоўнага сялянства. Але нават і ў замаскаванай форме рабіць гэта станавілася ўсё цяжэй і цяжэй: не драмала пільнае вока крытыкаў, пастаўленых сачыць за так званымі ідэалагічна нясталымі, палітычна ненадзейнымі пісьменнікамі, у ліку якіх знаходзіўся, вядома, і М. Зарэцкі.

Вось гэты непадробны драматызм сітуацыі, у якой знаходзіўся на пачатку 30-х гадоў М. Зарэцкі, і яго без перабольшання гераічныя намаганні захаваць годнасць сумленнага пісьменніка наглядна раскрывае раман «Вязьмо» (Полымя рэвалюцыі, 1932, № 1—4; 1933, № 1, 2—3). Гэты твор заслужана высока ацэнены крытыкай. «Вязьмо» — «першы ў беларускай літаратуры празаічны твор на матэрыяле сучаснасці, у якім глыбіня і шырыня ахопу рэчаіснасці, сапраўдная праблемнасць шчасліва спалучыліся з сюжэтна-кампазіцыйнай завершанасцю, змястоўнасцю характару і майстэрствам іх выяўлення»6,— пісаў С. Гусак.

Высокай думкі пра «Вязьмо» прытрымліваецца і А. Майсеенка, аўтар кнігі «Творчасць Міхася Зарэцкага», амаль палова якой прысвечана разгляду гэтага твора.

Тым не менш, як і ў выпадку з раманам «Сцежкі-дарожкі» і некаторымі іншымі творамі, ранейшыя ацэнкі патрабуюць істотнага перагляду, а сам твор — новага, сучаснага прачытання пад кутом гледжання новых гістарычных ведаў аб працэсе калектывізацыі ў краіне. Асноўную вартасць рамана даследчыкі бачылі ў мастацкай выразнасці, з якой пісьменнік выкрываў скрыўленні партыйнай лініі ў правядзенні суцэльнай калектывізацыі і пры гэтым узвышаў свой голас у абарону ахвяр «страшнага калектывізатара» Пацяроба. Ахвярамі ж яго былі не толькі сераднякі, якія ўстрымліваліся ад таго, каб добраахвотна прымаць новыя формы гаспадарання, але і беднякі. Яны таксама трапілі ў лік гаспадароў, прызначаных для высялення за межы раёна.

Але праўдзівым узнаўленнем рэальных абставін калектывізацыі, майстэрствам абмалёўкі характару канкрэтных герояў, раскрыццём іх псіхалогіі не вычэрпваецца ідэйна-мастацкая вартасць «Вязьма». Дзякуючы атмасферы галоснасці і ўсталяванню прынцыпаў дэмакратызму ў грамадскім жыцці сёння мы маем магчымасць адкрыта, не баючыся палітычных абвінавачванняў, сказаць, што раман М. Зарэцкага «Вязьмо» — гэта адзін з нямногіх твораў у беларускай, а можа, і ўсёй савецкай, літаратуры пачатку 30-х гадоў, дзе ў сюжэтна-вобразнай форме праведзена ідэя немэтазгоднасці суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

Як канкрэтна выяўляецца ў рамане гэта крамольная на той час ідэя? Сівалапаўская моладзь арганізуе колькасна нешматлікі калгас на строга добраахвотнай аснове. У кантэксце тых спрэчак, якія вядуць героі «Вязьма», такі калгас якраз і ўспрымаўся як найболей мэтазгодная форма вырашэння праблем тагачаснай перабудовы вёскі. Зусім лагічна, што галоўны герой рамана Сымон Карызна, які падтрымлівае лінію Пацяроба на суцэльную калектывізацыю, ідэю добраахвотнага калгаса адкінуў як нібыта шкодную і злачынную «ва ўмовах абвастрэння класавае барацьбы і напружанай працы па рэканструкцыі сельскай гаспадаркі». Але злачыннай яна ўяўлялася толькі тым, хто паслухмяна праводзіў у жыццё авантурную і ў гаспадарча-эканамічных адносінах згубную палітыку сталінскай мадэлі калектывізацыі. Невыпадкова і тое, што Сымон Карызна, не здолеўшы лагічна абвергнуць сваіх апанентаў, у мэтах іх дыскрэдытацыі звяртаецца да заганных прыёмаў: прыхільнікі добраахвотнага калгаса былі абвінавачаны ім у тайнай фракцыйнай дзейнасці, што не мела нічога агульнага з сапраўднасцю.

Вядома, адкрыта асуджаць план суцэльнай калектывізацыі М. Зарэцкі ў той час не мог, а тым болей адкрыта супрацьпастаўляць яму ідэю арганізацыі колькасна нешматлікіх добраахвотных калгасаў. Зусім відавочна, што твор з такой пэўнай палітычнай арыентацыяй ніхто не стаў бы друкаваць. Тым болей калі ён належаў неблаганадзейнаму пісьменніку, якога зусім нядаўна публічна выкрывалі як «лазутчыка класавага ворага», прапагандыста буржуазнай ідэалогіі, выразніка антыпралетарскіх поглядаў. Вось чаму М. Зарэцкі вымушаны быў пэўным чынам маскіраваць сваю ідэю, згладжваць яе небяспечную вастрыню. Формы маскіроўкі былі розныя. Гэта і гучныя прамовы галоўнага героя (героя, а не аўтара!), скіраваныя супраць кулацкіх элементаў, як нібыта асноўнай сілы супрацьдзеяння калектывізацыі, і асуджэнне левых загібшчыкаў тыпу Пацяроба, і аптымістычны фінал рамана.

І ўсё ж гэтыя і іншыя прыёмы маскіроўкі не могуць схаваць ад чытача галоўнага ў творы, а іменна яго выразнай скіраванасці на абарону інтарэсаў працоўнай вёскі, асуджэння гвалту над земляробам, якому прымусова навязвалі немэтазгодныя формы калектыўнага гаспадарання.

Характэрнай асаблівасцю «Вязьма» як рамана пра калектывізацыю з’яўляецца тое, што ў ім фактычна няма кулакоў, калі не лічыць Гвардыяна, далёкага ад таго штампаванага вобраза бязлітасных эксплуататараў, якімі былі запоўнены старонкі многіх твораў 30-х гадоў. У «Вязьме», вядома, мае месца раскулачванне, але за межы раёна высяляюць не кулакоў, а «прызначаных для гэтае мэты сівецкіх гаспадароў». Такая фармуліроўка яскрава выяўляе гуманістычную пазіцыю пісьменніка, яго адносіны да трагічнага становішча вёскі, у якім яна аказалася падчас суцэльнай калектывізацыі.

Гуманізм Зарэцкага-мастака гэтак жа акрэслена выявіўся і ў дачыненні да іншых дзейных асоб рамана. Пісьменнік не здымае асабістай віны з Сымона Карызны, актыўнага саўдзельніка жорсткіх, бесчалавечных акцый Пацяроба. Віна гэта — відавочная, але разам з тым у творы раскрываюцца і прычыны, якія штурхнулі Карызну на шлях пацяробаўшчыны. Сваім раманам М. Зарэцкі вынес рашучы прысуд эпосе сталінізму, якая абесчалавечвала сумленных людзей, вытручвала з іх душ пачуцці дабрыні і спагадлівасці. На жаль, вось пра гэтую ўласцівую «Вязьму» філасофскую, маральна-этычную глыбіню даследчыкі папярэдніх гадоў не маглі гаварыць адкрыта, на поўны голас.

Абумоўленая аб’ектыўнымі прычынамі звужанасць падыходу адбілася на агульным успрыманні твора, на разглядзе яго вобразнай структуры. У прыватнасці, вобраз Сымона Карызны ў даследчых працах падаецца аднабакова. На першы план вылучаны кар’ерысцкія нахілы, прыстасавальніцтва героя. Станоўчыя ж якасці натуры, суб’ектыўная сумленнасць не прыкмячаюцца. Хіба ж нельга не ўлічваць таго, што Сымон Карызна садзейнічаў высяленню сялян на хутары з дазволу ўлады і цяпер перажывае, што ягоныя ўчынкі кваліфікуюцца як палітычна шкодныя. Але якая ж у гэтым асабістая віна Карызны перад народам і партыяй?

Гэтак жа аднабакова, спрошчана разглядаецца і вобраз рабочага Зеленюка. Даследчыкі звычайна характарызуюць яго як антыпод Карызны. Аднак па-за іх увагай засталася абмежаванасць гэтага героя, які не мае самастойнага погляду на падзеі калектывізацыі. Ён усяго толькі паслухмяны выканаўца чужой волі. Зелянюк вузка, павярхоўна глядзіць на сялянскае жыццё, бачыць там адно цемнату, палітычную адсталасць. А вось стваральных пачаткаў у побыце працоўнай вёскі прадстаўнік горада не заўважае.

Хоць вобраз сівецкага мудрагеля Ахрэма Пунціка па мянушцы Галілей у працах апошніх гадоў заняў больш прыкметнае месца, ён таксама ацэньваецца аднабакова, павярхоўна. Так, напрыклад, дзівацтва Галілея — гэта не толькі сродак індывідуалізацыі яго характару, але і форма выяўлення аўтарскай ідэйна-філасофскай канцэпцыі, спроба засцярогі ад нападак вульгарызатарскай крытыкі. На жаль, вось такія моманты не знаходзяць свайго пераканальнага вытлумачэння ў даследчых працах. А многія сэнсава шматзначныя сітуацыі ўвогуле абмінаюцца пры разглядзе вобраза Галілея, як, напрыклад, сцэна, калі Ахрэм, схаваўшыся ад людзей, спявае песню, у якой былі словы:

 

Мёртвых цел ляжаць пракосы,

Кроўю краскі зацвілі.

 

Песня гучыць як прадчуванне трагічнай будучыні, што чакае працоўнае сялянства, якое Пацяроб гвалтам заганяе ў калгас.

Недастаткова глыбока раскрыта і роля Галілея як звязуючага звяна ў вобразнай сістэме рамана. Галілей дапамагае глыбей выявіць сапраўдныя аўтарскія адносіны да Карызны, Пацяроба, Зеленюка, Гвардыяна, Веры Засуліч і іншых герояў.

Як бачым, раман «Вязьмо» яшчэ чакае грунтоўнага прачытання, паглыбленага аналізу яго зместу і вобразна-выяўленчага багацця. Раман сведчыў аб сапраўдным росквіце самабытнага таленту пісьменніка, аб няспынным спасціжэнні мастаком глыбінь народнага жыцця.

Выхад рамана «Вязьмо» ў свет быў прыхільна сустрэты чытачом. На літаратурным конкурсе ў гонар 15-й гадавіны Кастрычніка раман М. Зарэцкага, як вядома, быў адзначаны ў ліку лепшых твораў. Праўда, артадаксальная крытыка 30-х гадоў у асобе Я. Бранштэйна, М. Клімковіча і адказных ідэалагічных работнікаў рэспублікі Ю. Жаброўскага, О. Канакоціна, Д. Коніка па традыцыі шукала і знаходзіла ў рамане ідэйныя хібы, а па сутнасці прыпісвала пісьменніку тое, чаго не было ў яго творы. Асаблівай спрытнасцю ў адвольнай інтэрпрэтацыі рамана вызначаўся Я. Бранштэйн («Апошні рэйд шукальнікаў хараства з сівецкага сельсавету».— Полымя рэвалюцыі, 1933, № 8—9; «Пра беларускую савецкую прозу».— Полымя рэвалюцыі, 1934. № 8). Паказальна, што ў справаздачным дакладзе Аргкамітэта ССП Беларусі першаму Усебеларускаму з’езду пісьменнікаў, з якім выступіў М. Клімковіч, раман «Вязьмо» не прыгадваецца нават у пераліку твораў, прысвечаных калектывізацыі. Адзінае, на што прамоўца палічыў патрэбным звярнуць увагу дэлегатаў і гасцей з’езда, дык гэта на ідэалагічныя памылкі, якія ў мінулым быццам бы дапускаў пісьменнік. «На нашу думку,— сцвярджаў М. Клімковіч,— т. Зарэцкі зараз зразумеў памылковасць сваіх пазіцый і хаця павольна, але з яўным жаданнем перабудоўваецца, мяняючы не толькі герояў, але і тэматыку сваёй творчасці».

«Мяняў» герояў і тэматыку М. Зарэцкі не дзеля таго, каб публічна засведчыць сваю перабудову. Сумленнаму пісьменніку не трэба было перабудоўвацца. Пошукі новых тэм і герояў дыктаваліся логікай творчага развіцця. Але гэтыя пошукі былі ўскладнены тым, што М. Зарэцкі знаходзіўся пад пільным наглядам крытыкі, якая па-ранейшаму не давярала яму, насцярожана, падазрона ставілася да ўсяго, што стваралася ім. Вось чаму з-пад пяра пісьменніка ў гэты час з’яўляюцца творы ў асноўным на апрабаваную ўжо, менш вострую тэму. Гэта сярэдняга ўзроўню «калгасныя» апавяданні «Парася» (1931), «Пачатак шчасця», «Пётрык і Пятрусь» (1932), нарысы на вытворчую тэму «Другая сістэма», «Новы вобраз Беларусі» (1934) і інш.

На аснове сюжэта «Вязьма» М. Зарэцкі стварае драматычную аповесць «Сымон Карызна» (1935). У часопісе «Полымя рэвалюцыі» друкуе п’есу «Ная» (1936). У гэты ж час ён піша кінасцэнарый «Пачатак шчасця» і — паводле аповесці А. С. Пушкіна — п’есу «Дуброўскі». Працуе над раманам на матэрыялах Касцюковіцкага шклозавода.

Актыўна выступае пісьменнік і ў перыядычным друку з крытычнымі матэрыяламі, пра што сведчаць яго артыкулы «За глыбокае раскрыццё рэчаіснасці» (1933), «Новыя тэмы вядуць наперад», «Станем сапраўднымі інжынерамі душ», «Некаторыя творчыя пытанні» (усе — 1934), «На шляху да мастацка-творчае дужасці», «Пра раман «Дужасць» Б. Мікуліча», «Вобразы ў «Дужасці» Б. Мікуліча» (усе — 1935). Глыбокай праблемнасцю пазначаны і прамовы М. Зарэцкага на 1-м Усебеларускім пісьменніцкім з’ездзе, на ІІІ пленуме Праўлення ССП Беларусі, прысвечаным маладзёжнай літаратуры (садаклад па творчасці Б. Мікуліча, 1934); на сходах беларускіх пісьменнікаў па пытаннях барацьбы з фармалізмам і натуралізмам (1936); на творчай сустрэчы з калектывам БДТ-ІІ у Віцебску, прысвечанай праблемам развіцця тагачаснай драматургіі (1936), і інш.

На жаль, багатым творчым планам і намерам Зарэцкага-празаіка, драматурга, публіцыста не суджана было здзейсніцца. Арышт спыніў усе яго творчыя пошукі, а неўзабаве пісьменніка не стала. Беларуская літаратура беззваротна страціла яшчэ аднаго таленавітага майстра слова, які б, несумненна, здолеў узбагаціць яе новымі выдатнымі творамі. Але і тое, што паспеў напісаць М. Зарэцкі, застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры, а імя пісьменніка — у памяці ўдзячных нашчадкаў.

Сёння перад беларускімі літаратуразнаўцамі стаіць задача — сабраць спадчыну Міхася Зарэцкага, перагледзець існуючыя крытычныя ацэнкі яго апавяданняў і п’ес, раманаў і нарысаў, каб выдатная роля пісьменніка ў развіцці нацыянальнай літаратуры раскрылася поўна і ўсебакова. Новае прачытанне твораў М. Зарэцкага дасць магчымасць у іншым святле ўбачыць тое каштоўнае, што зроблена беларускімі майстрамі слова 20-х — пачатку 30-х гадоў: выпрацаваная імі традыцыя адлюстравання рэчаіснасці, узятай ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, сёння заслугоўвае актыўнага працягу і ўзбагачэння.

М. Зарэцкі належаў да тых мужных пісьменнікаў, хто сваёй творчасцю актыўна змагаўся супраць ідэалогіі сталінізму, не прымаў антыгуманных ідэалагічных установак 30-х гадоў, супрацьдзейнічаў іх практычнаму ўвасабленню. А гэта тэма — супраціўленне літаратуры рэжыму таталітарнай улады — яшчэ чакае свайго даследавання.

Міхась Мушынскі

 

1 Касянкоў М. О старшем брате (Воспоминания). Рукапіс захоўваецца ў архіве дачкі пісьменніка Радаміры Міхайлаўны Балакінай.

2 Пяцьдзесят чатыры дарогі: Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн., 1963. С. 216.

3 Тамсама.

4 Галавач П., Звонак А. Супраць буржуазнае рэакцыі ў мастацкай літаратуры.— Маладняк. 1929. № 11—12. С. 168.

5 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978. С. 50—53.

6 Полымя, 1967, № 9. С. 230.




Беларуская Палічка: http://knihi.com