epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Мушынскі

У глыбінях кантынента "малой прозы"

 

Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасці ахвотна звяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. Што ж уяўляе сабой «малая проза» М. Зарэцкага з пункту гледжання зместу, стылёвай адметнасці? Яе тэматычны аспект даволі шырокі і разнастайны. У сферу пісьменніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасці, жыццё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, класавыя сутыкненні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, спазнаўшага радасць перамогі пад неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой.

У даследчых працах, прысвечаных М. Зарэцкаму, справядліва падкрэсліваецца, што ўжо раннія творы пісьменніка атрымалі высокую ацэнку з боку крытыкі і былі надзвычай прыхільна сустрэты чытачом. М. Зарэцкі адразу стаў адным з найболей папулярных беларускіх пісьменнікаў. Пагаджаючыся з гэтым сцвярджэннем, трэба, аднак, сказаць, што крытычная літаратура, прысвечаная М. Зарэцкаму як майстру-апавядальніку, увогуле небагатая. Здзіўляцца гэтаму, мабыць, не варта. Сярод крытыкаў і сярод гісторыкаў літаратуры стала ўжо кепскай традыцыяй нават у крытыка-біяграфічных нарысах асноўную ўвагу аддаваць творам буйной жанравай формы — аповесці, паэме, п’есе, раману. Апавяданні ж, вершы, нарысы найчасцей разглядаюцца выбарачна або ў агульным плане. Даследчыкі рэдка аналізуюць змест паасобнага твора, іх цікавяць пераважна дамінуючыя тэндэнцыі, агульныя тэматычныя кірункі, стылёвыя плыні і г. д. Безумоўна, такі падыход таксама правамерны: «лініі» і «плыні» павінны вывучацца, асабліва ў тэарэтычных, абагульняючага тыпу працах, але гэта не адмяняе неабходнасці аналізаваць змест, вобразную структуру, ідэйны пафас твораў малой жанравай формы. Як паказвае літаратуразнаўчая практыка, нярэдка мастацкая адметнасць, своеасаблівасць такіх твораў цалкам раствараецца ў разважаннях пра агульныя тэндэнцыі і заканамернасці. Тэндэнцыі даследчык выявіць, але пры гэтым знікае мастацтва, яго спецыфіка. Знікае самабытны, непаўторны твар пісьменніка, тое, чым ён адрозніваецца ад іншых. Выдаткі падобнай метадалогіі, думаецца, павінны быць зжыты.

Даследчыкамі творчасці М. Зарэцкага зусім беспадстаўна абмінуты шэраг яго ранніх твораў, якія ў мастацкіх адносінах яшчэ недасканалыя, але якія даюць магчымасць паўней раскрыць кірунак пошукаў гэтае пары, убачыць цяжкасці, перашкоды, што паўставалі перад маладым празаікам. А цяжкасці сапраўды мелі месца. Так, напрыклад, у апавяданнях «Цішка Бабыль» (1922), «Як гэта часам трапляецца», «З нашых дзён», «Ноччу» (усе — 1923) багата трапных жыццёвых назіранняў, паасобных праўдзівых сцэн, сітуацый, хоць усё гэта яшчэ не зліта ў мастацкую цэласнасць, у сюжэтна-вобразнае адзінства. Вось змест апавядання «Як гэта часам трапляецца». Стомлены цяжкая працай селянін Якуб не прымкнуў на замок кабылу, якую пусціў на пожню. Жонка ўгаворвае свайго ўпартага гаспадара, але ўсё дарэмна. Калі ж кабылу сапраўды ўкралі, селянін з адчаю забівае да смерці жонку, быццам яна і наклікала бяду. Прыказчык Саўка («З нашых дзён») паддаўся на ўгаворы вясковага багацея, падпаліў сялянскі кааператыў, загадзя вынесшы адтуль тавар. Потым ён прызнаецца ў злачынстве. Ягор Доўгі («Ноччу») па дарозе з млына праз уласную сквапнасць, зайздрасць забівае маладога селяніна Мікіту, але злачынства раскрываецца.

У прыгаданых творах жыццёвы матэрыял эстэтычна яшчэ слаба асэнсаваны. Перад намі цікавае, займальнае здарэнне, узятае з вясковай рэчаіснасці. Характары дзеючых асоб тут глыбока не раскрыты, матывы ўчынкаў псіхалагічна не вытлумачаны. Аднак і ў гэтых творах ужо выявіліся некаторыя рысы непаўторнага аблічча Зарэцкага, перш за ўсё — увага да простага чалавека, да яго ўнутранага жыцця, шчырасць пісьменніцкай інтанацыі, імкненне будаваць твор на вострых, драматычных калізіях.

Апавяданне «Ноччу» прэтэндуе на псіхалагічную глыбіню. Падрабязна ўзнаўляюцца душэўны стан, перажыванні станоўчага героя, ягонае прадчуванне бяды. Але і тут матывы ўчынкаў Ягора таксама глыбока не вытлумачаны. Атрымліваецца, што ён зрабіў злачынства проста таму, што дрэннай натуры чалавек.

Цікавую заяўку на стварэнне тыпу вясковага жыхара, які адарваўся ад земляробчай працы, зрабіў М. Зарэцкі ў апавяданні «Цішка Бабыль». Калі пачалася рэвалюцыя, узначаліў шавец Бабыль пракудзінскіх беднякоў, якія перш за ўсё мясцовага багацея Рамана арыштавалі: «Але Раман хоць і спалохаўся, а не здаваўся адразу. Пачаў лаяцца, пагражаць, мандата вымагаць. Вось яму тады і паказалі мандат: скруцілі ды пасадзілі ў халодную хату»1. Праўда, выпусцілі хутка, але ўжо ад імя камбеда, на чале якога стаў Цішка, пачалі маёмасць Раманаву парадкаваць, засекі падчышчаць. Вырашыў было Цішка камуну сарганізаваць, калектыўную апрацоўку зямлі наладзіць, ды ўбачыў, што не падтрымаюць яго сяляне: «Дужа хочацца кожнаму з іх мець свой асобны кавалачак. Вякамі ўзгадавалася ў іх гэтае жаданне». Давялося Цішку і самому ўзяць невялічкі надзел. Тут і пачаліся галоўныя цяжкасці. Калісьці вучыў шавец вяскоўцаў, як «араць трэба і як зямлю ўгнаіць», а калі сам узяўся, дык не заладзілася ў яго гаспадарка. «І Цішка біўся, як рыба аб лёд, клаў усе свае сілы, а ўсё не было ладу. Глядзіць ён на другіх мужчын і сам аж зайздруе: гэтак спрытна і лёгка ў іх выходзіць»2. Кінуў Цішка земляробчую працу, вярнуўся да шавецтва. Па-ранейшаму стаіць на чале вясковай улады, дапамагае сялянам. А калі хто запытае, чаму не паляпшае свой дабрабыт і па-ранейшаму жыве ў старой хаціне, усміхнецца Бабыль і скажа: «У пралетарыя няма бацькаўшчыны».

Перад намі, як бачым, своеасаблівы канспект будучага вялікага твора. Пісьменнік як бы робіць паасобныя накіды, дае характарыстыку свайму герою, намячае пэўныя сюжэтныя калізіі, выяўляе рысы сацыяльнай псіхалогіі сялянства. Глядзіце, як дакладна вызначаны паводзіны беднякоў, што арыштавалі мясцовага багацея. А як трапна раскрываецца псіхалагічны настрой Цішкі, калі ён атрымаў уласны надзел зямлі, няўдалыя яго спробы стаць гаспадаром. Але ўсё гэта толькі паасобныя фрагменты, не спалучаныя ў адзінства. Ды і твор пазбаўлены выразнай мастацкай ідэі, абагульняючай думкі. Ён расцягнуты, апісальны, у ім пераважае інфармацыйнасць.

Мы звяртаем увагу на прыгаданыя тут апавяданні не з той мэтай, каб падкрэсліць думку, што ў ранні перыяд з-пад пяра М. Зарэцкага з’яўляліся і недасканалыя творы. Справа не ва ўзроўні мастацкай дасканаласці, бо гаворка ідзе пра маладога пісьменніка. Тым болей што ў гэты ж час Зарэцкім напісаны і змястоўныя, па-мастацку моцныя апавяданні, накшталт «У Саўках», «У віры жыцця», «Чаплюк», «Мар’я». Прычына нашай увагі да ранніх твораў іншая. Даследчыкі ў пераважнай большасці лічаць, што М. Зарэцкі пачынаў свой шлях у літаратуру як рамантык, паступова вызваляючыся ад рамантычнай паэтыкі і выпрацоўваючы стыль рэалістычнага пісьма. «Мастацкая індывідуальнасць М. Зарэцкага, які пачынаў як рамантык-маладняковец, а затым упэўнена ступіў на пазіцыі рэалістычнага адлюстравання жыцця, складвалася ў працэсе няспынных ідэйна-стылёвых пошукаў»,— сцвярджае А. Майсеенка3 Дык вось названыя вышэй раннія апавяданні, тыя ж «Цішка Базыль», «Як гэта часам трапляецца», «З нашых дзён», «Ноччу», а таксама іншыя творы, пра якія размова ўперадзе, сведчаць аб адваротным. А іменна аб тым, што пачынаў М. Зарэцкі з рэалістычных твораў, толькі рэалізм гэты быў, як мы бачылі, пакуль што нясталы, бытавы, блізкі да натуралістычнага ўзнаўлення канкрэтыкі.

Бытавая плынь жыцця яшчэ перамагала абагульняючую думку маладога пісьменніка, звязвала яго нястрымную творчую фантазію. Думаецца, што да рамантычных форм адлюстравання М. Зарэцкі звярнуўся, апрача ўсяго іншага, і як да паратунку ад пагрозы натуралістычнага апісальніцтва, ад пагрозы эмпірыкі, фактаграфічнасці, выразная пячатка якой ляжыць на разгледжаных вышэй творах. Відаць, пісьменнік бачыў недахопы першых уласных празаічных спроб і шукаў сродкаў іх пераадолення.

Аб інтэнсіўнасці гэтага пошуку якраз і сведчыць той факт, што адначасова з творамі тыпу «Як гэта часам трапляецца», «З нашых дзён», «Ноччу» М. Зарэцкі піша апавяданні, у якіх больш выразна праявілася абагульняючая аўтарская думка, уменне асэнсоўваць канкрэтныя з’явы і факты рэчаіснасці, ствараць чалавечыя характары. Да ліку такіх твораў можна смела аднесці «У Саўках» (1922), «У віры жыцця», «Чаплюк», «Мар’я» (усе — 1923).

Так, абуджэнне чалавечага ў чалавеку, радасць яднання з людзьмі, перамога добрых пачаткаў душы над злымі складаюць унутраны змест апавядання «У Саўках». Пяцёра вясковых хлопцаў не хочуць ісці ў войска. Яны схаваліся ад улады ля Саўкоў, «дзе далёка-далёка, на колькі вёрст цягнуцца бяздонныя прорвы-равы», спадзеючыся адсядзецца ў глухамані. Спярша добра было, але паступова ўсё змянілася да горшага: «З вёскі пайшлі маладыя. Некаму стала прыходзіць. Зусім забылася на іх вёска. Голад пачаўся. І ўсё цяжэй на душы рабілася»4 І запрапанаваў хтосьці з дэзерціраў заняцца рабаўніцтвам. Аднак не здолеў пераступіць мяжу паміж дабром і злом адзін з хлопцаў па прозвішчы Смоўж, пайшоў насупраць волі і жадання астатніх. Не са страху перад магчымым пакараннем, а таму што не прыняла душа вясковага працаўніка злачынства. «Жыць па-воўчаму ў лесе абрыдла. Дый без работы мутарна неяк. Так захацелася жыць, як усе, акунуцца ў жыццё з галавой» (6). Сарваў Смоўж першую задуманую аперацыю — абрабаваць валаснога, які будзе з горада везці грошы. «У горад... у войска... Няхай будзе, што будзе. Турма дык турма. Абы да людзей, абы жыць так, як людзі, а не туляцца, што воўк, па лясах...»,— з такім рашучым настроем уступае хлопец у новае жыццё.

Апавяданне «У Саўках» яскрава пацвердзіла думку аб тым, што поспех чакаў пісьменніка там, дзе ён, абапіраючыся на жыццёвую рэальнасць, не капіраваў, а пераўтвараў яе па законах прыгожага. І сапраўды, пісьменнік пазбегнуў тут натуралістычнай апісальнасці, нагрувашчвання фактаў. Аўтарская думка раскрыта пераканальна. І не шляхам голай дэкларацыі, а мастацкімі сродкамі. Сюжэтнае дзеянне разгортваецца натуральна, нязмушана. Чытач успрымае героя як жывога чалавека.

У некаторых ранніх творах М. Зарэцкага адсутнічае выразна акрэслены сюжэт, мала дынамізму, мала сюжэтнага дзеяння. Тым не менш вызначальныя рысы характару герояў раскрываюцца даволі пераканальна. Творы гэтыя, напрыклад, апавяданне «Чаплюк», сагрэты цёплым аўтарскім пачуццём, прасякнуты турботай пра чалавека, яго лёс, яго заўтрашні дзень.

Служыў у войску пісарам чырвонаармеец Чаплюк. Уласна толькі ў арміі і навучыўся добра пісаць: «Проста ад станка з завода пайшоў ён бараніць Саветы» (27). І быў у хлопца выдатны талент артыста. «Ён табе і тэатр, і балет, і опера, калі хочаш. А то проста скорчыць такую міну, што ўсе аж кладуцца» (28). Ніколі не адчайваўся малады пісар, умеў падбадзёрыць, узняць дух стомленых цяжкімі пераходамі байцоў. А калі надышла пара дэмабілізацыі, аказалася, што няма куды ехаць пісару-сіраце. І хоць на людзях радаваўся ён ад’езду, але ў душы быў разгублены, баяўся. «Паедзе, можа, на гора, на бядоту толькі затым, што яму пасля выказанай радасці неяк сорамна ўжо заставацца» (31). Тады надумаліся яго сябры дапамагчы адзінокаму хлопцу. Са згоды начальства, якое адгукнулася на просьбу чырвонаармейцаў, было даслана Чаплюку распараджэнне, паводле якога «ўсе сакратары ячэек на нявызначаны час затрымліваюцца ў войску» (32), у тым ліку і Чаплюк. І адразу заспакоіўся малады баец, вярнуўся да свайго звычайнага, нармальнага стану. Дабрыня, спагада, здольнасць чырвонаармейцаў зразумець чужое гора зрабілі вялікую справу — умацавалі веру чалавека ў жыццё, у людзей, прынеслі яму радасць.

Гэтая ж гуманістычная ідэя пранізвае і апавяданне «Мар’я», у якім раскрываецца цяжкі лёс жанчыны, абставінамі жыцця вымушанай выйсці замуж за багатага, але нялюбага. Давялося Мар’і цярпець бясконцыя папіканні і прыдзіркі гарбуна Ягора. Але сустрэўся ёй малады Ляксандра, што служыў нестраявым у арміі. Пакахала яго Мар’я, ды не змагла кінуць мужа, бо нашмат маладзейшы за яе Ляксандра, не хоча псаваць яму жыццё жанчына, ведае, што ўсё ў яго наперадзе. З пачуццём горычы, але і з удзячнасцю развітваецца яна з Ляксандрам, які адкрыў ёй новы свет сваімі адносінамі: «Стаяла і глядзела на яго, праводзячы ўпартым, напружаным поглядам, быццам хацела як наймацней захаваць яго вобраз у сваёй душы. І ў гэтым яе поглядзе адбівалася непамерная, адчайная туга, туга чалавека, ад каторага адрываюць усё роднае, блізкае, дарагое» (57).

І ў шэрагу іншых твораў ранняга перыяду М. Зарэцкі праявіў не толькі вострую назіральнасць, уменне ўглядацца ў хуткаплынны бег часу, але і здольнасць бачыць тыя супярэчнасці, якія нараджала новая, паслярэвалюцыйная эпоха. Апавяданне «У віры жыцця», думаецца, невыпадкова дало назву першаму зборніку. У аснове яго сюжэта — востры сацыяльны канфлікт паміж працоўным чалавекам і ўладай у асобе мясцовага начальства. Апошняя вельмі хутка пачынала засвойваць псіхалогію дарэвалюцыйнай адміністрацыі, ігнаруючы інтарэсы народа. Герой апавядання, былы франтавік Міхалка, не жадае змірыцца з тым, што вясковыя кіраўнікі — старшыня сельскага Савета, «здаровы мужык з грубым драўляным тварам — толькі вочы хітра, нудліва бегаюць» і пісар, «яшчэ маладзенькі, жвавы і пранырлівы, што лісічка — у фрэнчыку, галіфэ, з партфелем — камісар, дый годзе...» (12) — чыняць здзек з бедных і бяспраўных. Яны знайшлі магчымым у карыслівых мэтах нарэзаць мясцоваму папу пожню лугу, але адмовілі былому салдату-інваліду ў яго просьбе. «Па вашаму дзелу рэзалюцыя не можа быць... Лугі падзелены... ясцесцвенна, і прычытаюшчая за арэнду сума з удзельнікаў узыскана... Значыцца, рэзультату не прадвідзіцца» (15),— вось якой тарабарскай, нечалавечай мовай спрабуе пісар абгрунтаваць парушэнне закону. «У губерні нічога не зробяць — у Маскву паеду, да самога Леніна дайду, а свайго даб’юся,— гаворыць Міхалка.— Мне не тое ў галаве, што там пожні на які воз не далі — гэта глупства... Але час ужо іхнюю хеўру разагнаць.— Не, але да чаго дайшло? Заселі, закупілі воласць, робяць, што хочуць, ды яшчэ смяюцца з нашага брата» (10).

Вясковы праўдашукальнік не змог давесці справу да канца. Страх выкрыцця штурхае мясцовых кіраўнікоў на новае злачынства: Міхалка быў забіты. Апавяданне М. Зарэцкага пазбаўлена таннага аптымізму. Хоць ініцыятары забойства і іх хаўруснікі з воласці былі арыштаваны, але з гэтага не вынікала, што на іх месца не з’явяцца новыя прыстасаванцы. Малады пісьменнік усведамляў, якім цяжкім будзе шлях да ўсталявання сацыяльнай справядлівасці.

Сталая арыентацыя на з’явы вясковага, сялянскага жыцця была ўласціва многім маладым беларускім пісьменнікам 20-х гадоў. Характэрная яна і для М. Зарэцкага. Аднак абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыццёвы вопыт, набыты маладым пісьменнікам за час працяглай службы ў Чырвонай Арміі. І сапраўды, у апавяданнях пісьменнік часта звяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнай рэчаіснасці і праяў духоўнага жыцця чалавека, у прыватнасці, да адлюстравання лёсу прадстаўнікоў таго класа, каго рэвалюцыя пазбавіла ранейшых прывілеяў лёсу «былых», «учарашніх». Найболей цікавае адлюстраванне гэта тэма знайшла ў апавяданнях «Ворагі» (1923), «Адна партыя ў шашкі» (1924), «Кветка пажоўклая» (1926), «Двое Жвіроўскіх» (1926) і інш.

Мастацкі ўзровень гэтых твораў, глыбіня аўтарскага асвятлення праблемы, безумоўна, розныя. Ды і наўрад ці правамерна патрабаваць, каб з-пад пяра маладога пісьменніка выходзілі толькі дасканалыя рэчы. Тым не менш амаль усе апавяданні М. Зарэцкага, звернутыя да тэмы лёсу «былых», прасякнуты гуманістычным пачуццём спачування да ахвяраў рэвалюцыі. На гэтую каштоўную якасць творчасці М. Зарэцкага і даваенная крытыка, асабліва ў 30-я гады, і даследчыкі другой паловы 50—70-х гадоў не маглі акцэнтаваць увагу, засцерагаючыся папрокаў у падтрымцы абстрактнага гуманізму, у пазакласавым падыходзе да мастацтва. Сёння ж мы маем магчымасць, не баючыся надуманых папрокаў, па-сапраўднаму ацаніць пазіцыю М. Зарэцкага і аддаць яму належнае як мастаку-гуманісту і грамадзяніну. У яго творах няма спрошчана-дэфармаванага погляду на ўчарашніх эксплуататараў, няма закліку да распальвання нянавісці і татальнага вынішчэння былых ворагаў. У наш час гэтыя апавяданні набываюць, нарэшце, сваё сапраўднае жыццё.

Пры разглядзе такіх, напрыклад, апавяданняў, як «Ворагі», асноўная ўвага звычайна звярталася на галоўнага героя, на праблему ўзаемаадносін грамадскага і асабістага. Аўтарскую пазіцыю даследчыкі ацэньвалі, зыходзячы з характарыстыкі гэтага героя. Але не менш важна бачыць і тое, што вобразы «былых» адыгрываюць тут зусім не службовую, не другарадную ролю. Так, псіхалагічны стан, роздум і перажыванні, далейшы лёс Ніны Купрыянавай, дачкі былога памешчыка, цікавяць пісьменніка таксама, як і ўнутраны свет старшыні павятовай ЧК Паўла Гуторскага. І гэта вельмі важны момант. Гуторскаму давялося арыштаваць Купрыянава за дапамогу бандытам, на чале якіх стаяў жорсткі, бязлітасны атаман Заруба. І дачку памешчыка Гуторскі спярша ўспрымае варожа, бачыць у яе абліччы «класавага ворага», хоць у юнацтве шчыра захапляўся прыгажосцю гэтай дзяўчыны.

Але здарылася так, што Гуторскі пакахаў Ніну. Яна ж не змагла адказаць узаемнасцю на ягоныя пачуцці. Не змагла таму, што любіць атамана Зарубу, нават дзіця ад яго чакае. І хоць у імя выратавання бацькі Ніна добраахвотна выдала чэкістам свайго каханка, яна псіхалагічна засталася ў мінулым, не знайшла душэўных сіл пераламіць сябе, стаць інакшай. «Ладу не можа быць, мы — розныя людзі. У мяне адны нахілы, а ў вас — другія, у мяне адна ўрода, у вас — другая... Я не магу перавярнуцца, стаць падобнай да вас, таксама, як вы...» (93),— заяўляе Ніна Гуторскаму, калі той запрапанаваў ёй выходзіць за яго замуж.

Ужо сама па сабе пастаноўка ў пачатку 20-х гадоў такой ідэалагічна вострай тэмы, як адносіны да прадстаўнікоў старога свету мела выключна вялікае грамадскае значэнне, бо асвятлялася тэма з выразна гуманістычных пазіцый. І гэта мы павінны сёння ацаніць па вялікім рахунку. Пісьменнік глыбока спачуваў прадстаўнікам буржуазнай інтэлігенцыі, якіх рэвалюцыя кінула ў вір грамадзянскай вайны. Вядома, станоўчыя героі твораў не збіраюцца амнісціраваць усіх «былых» без разбору (атаман Заруба, памешчык Купрыянаў), але невінаватых ахвяраў рэвалюцыйнай навальніцы шчыра шкадуюць. Невыпадкова сялянскія дзеці цягнуцца да т. зв. вышэйшага, панскага свету, да тых агульначалавечых каштоўнасцей, якія ён, гэты свет, утрымліваў, да гарадской культуры, адукаванасці. Яны і самі не могуць разабрацца, чаму так прыцягвае іх тая несялянская прыгажосць, якую ўвасабляюць учарашнія паненкі. Заканамернымі ў гэтых адносінах былі разважанні Гуторскага: «Ну што ж там! Любоў мае сваё асабістае права. Любоў не разбірае: ці вораг, ці прыяцель... яна бачыць толькі жанчыну, толькі яе жаночае хараство... І хіба не можа пралетарый любіць буржуйку? Хіба яму можа хто ці што забараніць гэта? Хіба на каханне можна, як і на ўсё, глядзець выключна з класавага погляду? Прэч забабоны!..» (81).

Вядома, Гуторскі быў і застаўся сынам свайго часу. Побач з рэвалюцыйнай мэтанакіраванасцю, жаданнем аддаць усе сілы барацьбе за савецкую ўладу, старшыня ЧК нёс у сваёй свядомасці, у сваім характары і пэўную класавую абмежаванасць. Ён не змог адкінуць забабонаў, спужаўся праяўленай смеласці духу, унутранай свабоды, уласных палымяных пачуццяў да Ніны, а калі тая не адказала ўзаемнасцю, дык паспрабаваў вытлумачыць тое, што з ім надарылася, ледзь не сацыяльнай хваробай. «Усю ноч ён тады прадумаў. Раскалупаў сваё нутро, рабіў пільны абгляд самога сябе. І тады ён зразумеў, што захварэў, што трэба лячыцца, пакуль не позна. Ён ясна вызначыў сваю хваробу, знайшоў яе карані, яе прычыну. Ён адарваўся ад народа, адышоў ад яго. Патраціў звязак з яго жыватворнай глебай. Яшчэ момант — і парвуцца астатнія карані, якія яшчэ засталіся, якія яшчэ хаця слаба, але прывязваюць да працоўнай глебы, надаюць яшчэ жыццёвыя сілы» (95). Калі гэтыя сілы парвуцца, тады яго, Гуторскага, чакае доля Ніны, «доля пажоўклых, адарваных ад дрэва лістоў». Разважанні героя народжаны, бясспрэчна, яго разгубленасцю перад уласным пачуццём, перад свабодай сваёй думкі і свабодай выбару. Замацаваць гэтую свабоду герой маладога пісьменніка,— а належыць апавяданне да самых ранніх, яно датуецца 1922 годам,— яшчэ не мог.

Тое, што Гуторскі ў разгубленасці — як магчымасць — параўноўвае сваю долю з рэальнай доляй Ніны, гаворыць не ў яго карысць. Паглядзіце, з якім разуменнем аб’ектыўных абставін часу і з якой дабрынёй, сардэчнасцю і пачуццём самаахвярнасці развітваецца Ніна: «Дый што вы, Павел Мікалаевіч! У вас жыццё наперадзе — поўнае, цэлае, незламанае. У вас ёсць чым і дзеля чаго жыць... для вас ёсць месца, пачэснае месца ў жыцці... А я... я ўжо нябожчыца... Жывая нябожчыца... Паспрабую яшчэ маткай быць, можа, тут знайду сабе месца, можа, здаволюся хоць на часінку... А калі не... тады...» (94).

Але не будзем дужа дакараць і Гуторскага, бо, нягледзячы на свой рэвалюцыйны максімалізм, з якім ён падыходзіць да ацэнкі ўласных паводзін, у душы ў яго шмат дабрыні і чалавечнасці. Вось як чула зрэагаваў старшыня ЧК на горкія, песімістычныя выказванні Ніны адносна сваёй будучыні: «Гуторскі слухаў яе, абураны глыбокім жалем. Гэты жаль ахапіў усяго яго, зліў у сабе ўсе пачуцці... Каб ён мог, каб ён умеў ратаваць яе, пагадзіць яе з жорсткім жыццём! Гэтую любую, дарагую яму дзяўчыну!» (94). Вось такая здольнасць героя да суперажывання сведчыць, што працэс яго духоўнага станаўлення яшчэ не завяршыўся, і пазней герой здолее многае зразумець у жыцці.

Тэма «ворагаў» знайшла свой арыгінальны працяг у апавяданні «Адна партыя ў шашкі». Камандзір чырвонаармейскага атрада Аснач, захапіўшы ў сутычцы з бандытамі іхняга кіраўніка, прапанаваў яму згуляць партыю ў шашкі. Не здолеў камандзір выйграць. І ён забіў пераможцу. «Аснач стаяў нерухома. Не ведаў ён сам, нашто забіў пана, за што. Дый не думаў пра гэта. Нешта падказала з нутра, што трэба так, што павінен забіць, што вораг гэты кроўны, упарты — узяў і забіў»5.

Нельга пагадзіцца з меркаваннямі тых даследчыкаў, хто адносіць апавяданне М. Зарэцкага да твораў, дзе «складаны жыццёвы тып у літаратуры часта падмяняўся спрошчанай схемай...», і хто лічыць, што «характар героя тут толькі намячаецца», а ўчынак «слаба матываваны, непераканаўчы» 6.

Пісьменнік не апраўдвае ўчынены чырвонаармейскім камандзірам самасуд, ён толькі спрабуе вытлумачыць, чаму Аснач зрабіў менавіта так, чаму паддаўся ўнутранаму імпульсу. Матывы паводзін Аснача — у нянавісці бяспраўных да крыўдзіцеляў. Але аўтара апавядання не задаволіла ўласная лаканічная канстатацыя, і ён тут жа выказаў здзіўленне наконт маўклівай пасіўнасці сведак гэтага ўчынку: «І дзіўна, што ні ў кога не мігнула ў гэты жудасны момант думка асуджэння. Быццам усе згодны былі з Асначом, быццам кожны разважаў сваім простым нямудрым розумам.

— Яму трэ было гэтак зрабіць...» (курс. наш.— М. М.).

Няхай і няма тут рашучага асуджэння самасуду, але аўтарская ацэнка выразная і недвухсэнсавая: пан быў палонным, і забіў яго камандзір не ў адкрытым баі, не ў роўнай сутычцы. І з боку прысутных там не было падтрымкі: пісьменнік гаворыць, што гэта толькі здавалася, «быццам усе згодны» з самаўпраўствам камандзіра. Маўклівыя паводзіны відавочцаў гэтага «жудаснага моманту» — тая ж праява сацыяльнай пасіўнасці ўчарашніх бяспраўных, іх гатоўнасць пакорліва падпарадкоўвацца волі начальства. Пасіўнасць, але не згода, не маральная падтрымка і адабрэнне!

Аўтарскія спачуванні да ахвяры самасуду выказаны і ўскосна. Пісьменнік аддае належнае пану, які не прыніжаецца, не хітрыць, не спрабуе выратаваць жыццё свядомым пройгрышам. Пан добра ўсведамляў, чым пагражала яму перамога над камандзірам, але не паступіўся сваім гонарам, чалавечай годнасцю. Выйгрыш у Аснача партыі стаў фактычна дэманстрацыяй інтэлектуальнай перавагі аднаго героя над другім. І пісьменнік не баіцца сказаць пра гэта. Безумоўна, перавага тлумачылася сацыяльным фактарам, тымі прывілеяванымі ўмовамі, у якіх пан меў магчымасць жыць і карыстацца дасягненнямі чалавечай культуры. Мы памятаем, што Аснач спачатку звярнуўся да чырвонаармейцаў, але ніхто з іх не ўмеў гуляць, і тады ён уступіў у паядынак з панам. Паядынак сумленна выйграў пан. У пераможанага інстынкт класавай нянавісці аказаўся мацнейшым за высакародства і літасць. І аўтар апавядання, з выключнай праўдзівасцю ўзнавіўшы трагічны выпадак часоў грамадзянскай вайны, выразна раскрыў сваю гуманістычную пазіцыю.

Ідэя спачування чалавеку, які з пэўных прычын не здолеў увайсці ў новае жыццё, заняць у ім сваё месца, ляжыць і ў аснове апавядання «Кветка пажоўклая». Да разгляду гэтага надзвычай чытабельнага твора з займальнай інтрыгай, тым болей пра няшчаснае каханне, ахвотна звяртаюцца даследчыкі, але трактуюць яго, на жаль, неглыбока, павярхоўна. Проста дзіву даешся ляноце думкі некаторых аўтараў. «Адмовіўшыся ад свайго «я» і расчараваўшыся ў грамадскай працы, гераіня апавядання Марына Гарнова страціла адчуванне глебы пад нагамі, жыццёвую апору. Па ўласным прызнанні, ёй «няма чым жыць». Але ў творы ўсё ж не разблытаны клубок супярэчнасцей. Праблема самаахвярнага служэння людзям і асабістага шчасця, пастаўленая ў апавяданні, засталася нявырашанай»7.

Пагадзіцеся, тут цяжка разабрацца, што да чаго. Аўтар канстатуе, што гераіня адмовілася ад свайго «я», расчаравалася ў грамадскай працы, а таму і гіне. Але чаму яна адмовілася ад «я» і ў чым гэта адмаўленне канкрэтна праявілася, у якіх формах? Адкуль ішла расчараванасць, чым яна выклікана? На гэтыя пытанні даследчык не адказвае. Паводле яго логікі, навошта доўга гаварыць пра твор, калі ў ім не вырашана пастаўленая праблема аб суадносінах паміж самаахвярным служэннем грамадству і асабістым шчасцем. Адно пэўна ў разважаннях аўтара: адмаўляцца ад свайго «я» — шкодна. Але ж зводзіць сэнс твора да сцвярджэння такой банальнай сентэнцыі наконт уласнага «я» наіўна, калі не горш.

Дзе вытокі гэтай відочнай невыразнасці адносін даследчыкаў да твора, іх жадання ўхіліцца ад пэўнай ацэнкі выяўленай маральнай пазіцыі пісьменніка? На наш погляд,— у боязі або няўменні заглыбіцца ў змест апавядання і ўбачыць тое, што там ёсць. А змест «Кветкі пажоўклай» глыбокі. Дачка памешчыка Марына Гарнова ў юнацтве паспрабавала парваць са сваім класам, са сваім асяроддзем. І яе спроба здзейснілася. Спярша Марына была эсэркай, а потым яна верай і праўдай служыла савецкай уладзе, «працавала ў надзвычайнай камісіі, займала важную пасаду, добра працавала, была вядома ўсім тутэйшым «контрам» як спрытная чэкістка з пільным вокам і сталёвай цвёрдасцю» (205). У сваёй працы Гарнова, не заўважыўшы гэтага, перайшла мяжу дапушчальнага. Яна стала ахвярай ідэі рэвалюцыйнай бязлітаснасці, жорсткасці, забылася пра міласэрнасць і парушыла маральныя прынцыпы жыцця, і жыццё ёй адпомсціла. Пачалося гэта парушэнне не тады, калі яна на заклікі бацькоў вярнуцца дадому адказала лістом: «Не лічыце мяне вашай дачкой». І зрабіла гэта лёгка, з усмешкай, «гэта была нібы забава маленькая» (220). Не, усё пачалося з таго, калі Марына не працягнула рукі брату, які прасіў паратунку, бо яму пагражаў арышт, і які прысягаў, што, калі сястра дапаможа ўцячы за мяжу, ён не будзе болей выступаць супраць савецкай улады, займацца варожай дзейнасцю. На гэты крык душы спалоханага чалавека «спрытная чэкістка з сталёвай цвёрдасцю» не адгукнулася. Не адгукнулася таму, што бязлітасная барацьба вытруціла з яе душы дабрыню і міласэрнасць. Яна ўласнаручна падпісала смяротны прысуд брату.

Аддамо належнае шчырасці Гарновай. Яна адкрыта прызналася, што магла дапамагчы, магла даць паратунак, але не зрабіла гэтага, бо перад ёй быў родны брат: «А ў той час нікога я не лічыла такімі ворагамі, як сваю радню...» (220). Пасля таго як прысуд быў выкананы, Гарнова атрымала ад бацькі жахлівага зместу «пісульку»: «З гэтага часу будзь ты праклята. Няхай табе жыццё будзе горкай доляй. Бацькава пракляцце спасцігне цябе на тваім ганебным шляху» (218).

Гарнова не здолела вынесці цяжару не бацькавага праклёну, а цяжару ўласнага сумлення. Яна ўнутрана зламалася, страціла цікавасць да жыцця, сум, пустата і страх пасяліліся ў яе душы. «Алесь, любы мой... Я табе ўсё... усё чыста скажу аб сабе... Мне ўночы дужа страшна бывае. Нейкі смяртэльны спалох надыходзіць... Крычаць тады хочацца, зваць каго, каб прыйшлі, каб быў хто са мной» (221).

Перад намі — сапраўдная трагедыя чалавека, які фактычна прызнаецца ў непапраўных памылках. У выпадку з братам Гарнова давяла ідэю класавай нянавісці да абсурду, і гэта схільнасць да бяздумнага дзеяння дорага ёй каштавала. Моцная воляй, загартаваная ў барацьбе Марына спрабуе яшчэ чапляцца за жыццё. Між іншым, ніхто з даследчыкаў не звярнуў увагу на такую шматзначную, сімвалічную дэталь: гераіня ўладкоўваецца на працу ў дзіцячы дом, спадзеючыся, што блізкасць да бязвінных дзіцячых душ дапаможа ёй забыцца пра трагізм мінулага, знайсці сябе. Спадзявалася былая чэкістка знайсці душэўнае заспакаенне ў каханні. Але дарэмна: для кахання таксама патрэбна і дабрыня, і здольнасць да суперажывання, і міласэрнасць, чаго ў душы Гарновай не засталося. Жанчына, якая культывавала сілу, «сталёвую цвёрдасць», і сродак развітання з жыццём выбрала адпаведны — яна гіне пад коламі цягніка, гэтага сімвалу сталёвай, машынізаванай сілы, што нястрымна імчыць наперад.

У фінале герой твора Булановіч, прапанову якога выйсці за яго замуж Марына рашуча адхіліла (тут дакладнае паўтарэнне сітуацыі з апавядання «Ворагі»), у чымсьці нават як бы апраўдвае яе смерць: «А мо так лепей? Для яго лепей, бо разарвала тыя ліпучыя путы, павучынне тое атрутнае, што хмелем спавівала яго волю, што цягнула ў прыгожую, але грузную, дрыгвяную багну» (237). Мы зрабілі б, аднак, вялікую памылку, калі б вось гэтыя кароткія рэплікі, як і разважанні Гуторскага з «Ворагаў», уздумалі цалкам атаясаміць з поглядам пісьменніка. Гуторскі і Булановіч вымушаны прымірыцца з тым, што здарылася насуперак іхняму асабістаму жаданню. Але гэтым яны не адмаўляюцца ад сваіх ранейшых пачуццяў. Яны не закрэсліваюць, можа, лепшых старонак свайго жыцця. Маральны ўрок, які далі Паўлу Гуторскаму і Алесю Булановічу Ніна Купрыянава і Марына Гарнова, не быў дарэмны. За яго гераіні М. Зарэцкага заплацілі дарагой цаной, нават цаной уласнага жыцця.

Апавяданні М. Зарэцкага, звернутыя да тэмы «ворагаў»,— гэта выдатнае дасягненне беларускай літаратуры 20-х гадоў, моцнай сваім глыбокім гуманістычным пафасам абароны чалавека, пафасам сцвярджэння дабрыні і літасці да пераможаных. Радасна ўсведамляць, што творы гэтыя перажылі свой час і сёння павінны разглядацца як бясспрэчны духоўны набытак нацыянальнай культуры беларускага народа.

Маральна-этычная праблематыка ў «малой прозе» М. Зарэцкага не вычэрпвалася, вядома, тэмай «былых», «учарашніх». Зусім відавочна, што супярэчнасці лёсу людзей, якія не змаглі ўвайсці ў новае жыццё, свой пачатак бралі ў часы рэвалюцыі, грамадзянскай вайны. Надзеі, хоць і недалёкага мінулага, станавіліся ўжо гісторыяй. Зарэцкага ж як мастака не магла не прыцягваць і сучасная яму рэчаіснасць, жыццё і праца людзей, побач з якімі ён жыў, клопаты і турботы якіх добра ведаў. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчаць апавяданні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Пра майго прыяцеля» (1925), «Смерць» (1926), «Паэма пра чорныя вочы» (1927), «Максімаліст» (1928), «Ой, ляцелі гусі...» (1929) і інш.

Між іншым, пра гэтыя творы ахвотней пісала і сучасная М. Зарэцкаму літаратурная крытыка, і даследчыкі 60—70-х гадоў. Ахвотней таму, што іх тэма была не ў такой ступені небяспечнай, як тэма «былых». Вядома, не сама па сабе тэма адштурхоўвала крытыкаў, насцярожвала іх, а выяўленая ў творах ідэя спачування ахвярам рэвалюцыі. Гэта ідэя не ўпісвалася ў грамадска-палітычную атмасферу ні 30-х, ні 40—50-х гадоў, тым болей што з дня арышту і да рэабілітацыі творы М. Зарэцкага і яго імя ў станоўчым плане публічна не называліся. Што датычыць 60—70-х гадоў, дык і ў гэты час жупел пазакласавага падыходу, жупел абстрактнага гуманізму перашкаджаў даследчыкам гаварыць на поўны голас пра тэму «былых» і яе асвятленне М. Зарэцкім.

Больш пільная ўвага з боку крытыкі і навуковай думкі да твораў на сучасную М. Зарэцкаму тэму зусім не азначае, што ўсе яны прааналізаваны глыбока, грунтоўна. Тут назіраецца такая з’ява: у адных выпадках ацэнка завышана, у другіх — беспадстаўна заніжана. Праўда, дзеля справядлівасці скажам, што ёсць і выключэнні: некаторыя творы разгледжаны непрадузята, аб’ектыўна. Гэта датычыць, напрыклад, апавяданняў «Смерць» (1926), «Радасць» (1926), «На чыгунцы» (1926). У апавяданні «Смерць»,— зазначае Л. Голубева,— М. Зарэцкі «спрабуе знайсці адказ на адвечнае пытанне — у чым сэнс жыцця чалавечага. Прычым, гэтае пытанне ў яго сацыяльна завострана: гутарка ідзе пра чалавека, які прысвяціў сваё жыццё барацьбе за шчасце народнае і раптам разгубіўся перад пагрозай смерці»8.

І меркаванні пра недахопы некаторых твораў таксама трэба прызнаць слушнымі. Адзначана, напрыклад, што ў апавяданнях «Гануля», «Бацькаў сын», «Як Настулька камсамолкай зрабілася», «Ліпа» «яшчэ няма глыбокага пранікнення ў псіхалогію герояў, ва ўнутраны свет чалавека, тут няма яшчэ сапраўднага мастацкага паказу народнага жыцця, абуджанага рэвалюцыяй»9.

У той жа час, як ужо адзначана, мастацкія вартасці паасобных твораў яўна перабольшаны. Характэрны прыклад — апавяданне «На маладое». У гэтым творы, піша адзін з даследчыкаў, «расказана трагічная гісторыя «забароненага» кахання замужняй жанчыны Марылі і маладога хлопца Васілька. Жорстка папомсціўся за гэта Ахрэм, які лічыў жонку сваёй уласнасцю. Трагічна-сумныя апошнія сцэны апавядання. Але ў цэлым яно гучыць аптымістычна. Аўтар рашуча сцвярджае свабоду чалавечага пачуцця, якое павінна прыносіць не пакуты людзям, а акрыляць іх, надаваць ім сілы і прыгажосці»10.

Прыведзеныя разважанні самі па сабе слушныя, бясспрэчныя, але яны не зусім тут да месца. Патэтыкай, узвышаным стылем даследчык фактычна замаскаваў недахопы, уласцівыя апавяданню,— дыдактычнасць, адкрытую павучальнасць. У азарце выкрыцця носьбіта ўласніцкай маралі, якім з’яўляецца селянін Ахрэм, даследчык не заўважыў, што апавяданню бракуе высокай духоўнасці, а героі пададзены спрошчана, аднапланава. Сюжэтнае дзеянне разгортваецца хоць і інтрыгуюча, але ў традыцыях звычайнай белетрыстыкі. Займальнасць не забяспечана тут глыбокім псіхалагічным, чалавеказнаўчым зместам. У творы нямала зацягнутых апісанняў любоўных сустрэч, начных часін, якія праводзілі закаханыя ў «чароўнай ап'яняючай злучнасці». Моцна песціў блакітнавокі прыгажун Васілёк «дрыжачае ў чароўнай знямозе, слухмянае цела» Марылькі, пакуль яе стомлены цяжкой працай муж спаў ці пасвіў коней. Знешняе аблічча і паводзіны Ахрэма, пададзеныя праз успрыманне неаб’ектыўнай асобы, якой тут з’яўляецца Марылька, загадзя настройваюць чытача супраць Ахрэма. А такі падыход не адпавядае патрабаванням рэалістычнага мастацтва: «Яшчэ і Васілька не было, яшчэ не ўглядалася Марылька ў яго блакітныя вочы, яшчэ зазірала яна часам з патаемным чаканнем ў шэрыя слізкія вочы Ахрэма, а ўжо ў сэрцы, у целе маладым, жадаючым вострага, палкага, расла несвядомая агіда. Прыкрымі сталі нязграбныя, недалужныя ласкі мужыка, прыкрымі затым, што распальвалі яны нутро агнём, агортвалі дзіўным смаглым жаданнем, а не здавальнялі» (157). Наўрад ці можна сказаць, што тут мы маем справу з канфліктам духоўнага і бездухоўнага. Калі цёмны, абмежаваны Ахрэм не прэтэндуе на духоўную сталасць, дык да гэтага ўзроўню не дацягваецца і тэмпераментная Марылька. На жаль, гэты вось прынцыповы момант даследчыкі не заўважылі.

Заканчваецца апавяданне ў той жа белетрыстычна-асветніцкай танальнасці. Даведзены да роспачы адкрытай здрадай жонкі Ахрэм спярша спрабуе яе біць, а потым перад непазбежным разводам звяртаецца за дапамогай да знахаркі. «Ха-ха-ха-ха! — нейкім страшэнным, нечалавечым свістам засмяялася Гаўрыліха і потым, запыхаўшыся, доўга парывіста дыхала, напаўняючы хату цяжкімі, густымі, быццам апухшымі зыкамі» (171). І пачаў Ахрэм неўпрыметку паіць Марылю знахарскім зеллем, але аказалася яно смяртэльным. Цемната, забабоннасць, няздольнасць узняцца да сапраўднага разумення чалавечага шчасця, свабоды — вось што асуджае М. Зарэцкі. Бясспрэчна, канфлікт твора народжаны сацыяльнай рэачаіснасцю, але асветніцкая скіраванасць твора пэўным чынам паўплывала на яго мастацкі ўзровень, што засталося незаўважаным у даследчых працах.

Увогуле кідаецца ў вочы, што пры разглядзе «малой прозы» М. Зарэцкага даследчыкі меней патрабавальна ставіліся да тых твораў, дзе ўсё выглядае знешне прыстойна, але мала сапраўднага адкрыцця, наватарскага падыходу, нечаканага павароту ў трактоўцы тэмы, як тое было ў апавяданнях пра «былых», пра «кветак пажоўклых». І, наадварот, заніжаюцца вартасці апавяданняў, аўтарская думка ў якіх не ляжыць на паверхні, не сфармулявана ў выглядзе пэўнай маральнай максімы ці этычнага пастулату, як гэта, скажам, мае месца ў апавяданнях «Бель» (1924), «Дзіўная» (1925). І калі погляды на першае з іх у апошні час прыкметна змяніліся, дык «Дзіўная» па-ранейшаму застаецца да канца не прачытаным творам. «Ды, уласна кажучы, і аўтар выразна не выказвае сваіх адносін да трагічнай сітуацыі»,— гаварыў адзін з даследчыкаў, маючы на ўвазе апавяданне «Бель». Думаецца, тут бліжэй да ісціны аўтар пазнейшай працы А. Майсеенка: «З трагічнай развязкі твора відаць, што М. Зарэцкі асуджаў «левыя» погляды на сям’ю»11.

Што ж датычыць апавядання «Дзіўная», то даўняя характарыстыка твора фактычна застаецца нязменнай: «...Супрацьпастаўленне грамадскага абавязку і асабістага жыцця чалавека набывае яшчэ больш рэзкую абвостранасць і невырашальную праблематычнасць» у апавяданні «Дзіўная»12. Паводле логікі даследчыка, прымітыўным выказванням гераіні твора Шумавай — «нам трэба тварыць новых людзей, людзей калектыву, у якіх няма матак, бацькоў, у якіх бацькі — усё чалавецтва» — быццам бы «нічога не супрацьпастаўлена»13.

І аўтар гэтых радкоў у прадмове да перакладу на рускую мову кнігі «Пачатак шчасця» некрытычна паўтарыў памылковыя вывады сваіх папярэднікаў, хоць, можа, і ў мякчэйшай форме: «Натуральна, што ў шэрагу момантаў М. Зарэцкі калі не падзяляў памылковыя ўяўленні сваіх герояў, дык не змог як мастак даць ім належную ацэнку з пункту гледжання марксісцка-ленінскай этыкі» (4—5). А рэакцыя Блонскага на разважанні Шумавай наконт неабходнасці разбурэння традыцыйных сямейных адносін як нібыта архаічных і шкодных была расцэнена намі наступным чынам: «Несумненна, тут праявілася і нявопытнасць маладога пісьменніка, і складанасць часу, у які ён жыў» (5).

Што М. Зарэцкі быў яшчэ зусім малады пісьменнік,— яму тады ішоў дваццаць шосты год,— і што першае паслякастрычніцкае дзесяцігоддзе складаны, супярэчлівы перыяд,— не выклікаюць сумнення, але сёння з падобным несур’ёзным вывадам адносна аўтарскай пазіцыі нельга пагадзіцца. Вывад узнік у выніку павярхоўнага падыходу да твора, у якім аўтарская думка сапраўды не фармулюецца так акрэслена, аголена, як у апавяданні «На маладое». Яна схавана ўглыбіню. Чытачу дадзена магчымасць самастойна параўнаць розныя, нават несумяшчальныя погляды на вострыя маральна-этычныя праблемы часу. Сваімі творамі М. Зарэцкі ўцягваў шырокую грамадскаць у актыўнае духоўнае жыццё, неад’емнай адзнакай якога з’яўляецца свабоднае абмеркаванне наспелых пытанняў часу. Дзіўная складваецца сітуацыя! Мастак-гуманіст актыўна спрыяў усталяванню дэмакратычных форм жыцця, а перадавая крытыка і навуковая думка праз многія дзесяцігоддзі ставяць яму ў віну, чаму ён не даваў у сваіх творах адназначных рэкамендацый і рашэнняў, як быццам мастацкі твор — гэта інструкцыя або настаўленне аб правілах паводзін.

Вядома, у першыя паслярэвалюцыйныя гады ў асяроддзі інтэлігенцыі распаўсюджваліся рознага роду лявацкія, нігілістычныя, ультрарэвалюцыйныя тэорыі сям’і, шлюбу, свабоднага кахання, розныя погляды на выхаванне дзяцей і г. д. Пацвердзіць ці абвергнуць іх магла толькі грамадская практыка, вопыт жывой рэчаіснасці, а не дэкрэты і прадпісанні, тым болей — з боку майстроў мастацкага слова. Вось чаму М. Зарэцкі не навязваў чытачу гатовых вывадаў, а клікаў яго да самастойных разваг і роздуму. Што ж датычыць сваёй уласнай пазіцыі, дык яна пісьменнікам выяўлена вельмі пэўна, акрэслена, толькі ў своеасаблівай, уласцівай мастацтву форме — праз эмацыянальную ацэнку паводзін героя, праз трапную мастацкую дэталь, праз падтэкст. Хіба не раскрываюцца аўтарскія адносіны да Шумавай з яе лявацкімі замашкамі ўжо ў першых радках твора, калі камандзіраваная на працу сярод жанчын уваходзіць у пакой старшыні выканкома, «не папытаўшыся» дазволу, уваходзіць «рэзкім крокам», «бесцырымонна» кідаючы партфель. І першая рэакцыя старшыні: «Блонскаму не падабалася. Надакучылі гэткія. Мітусяцца, ламаюцца, быццам хочуць здзівіць» (189). А вось псіхалагічна дакладныя, трапныя ацэнкі Блонскага падчас яго другой гутаркі з Шумавай. Хоць апошняя і старалася паводзіць сябе «зусім не так, як учора», але праніклівы, назіральны старшыня заўважыў: «Здавалася, што пад гэтым сухім, троху мітынговым тонам ёсць нешта схаванае, палахліва затоенае. Адчуваўся нейкі ледзь прыкметны фальш у гэтых цвёрдых, энергічных словах аб вызваленні жанчыны, аб змаганні з іржавымі путамі сям’і, аб рэвалюцыі быту і г. д. А часам Блонскі выяўна чуў у яе голасе мімалётныя ноткі няпэўнасці, нейкага сумнага неўразумення. Гэтыя ноткі чамусьці выклікалі сімпатыю да яе, спачуванне» (191).

Ці ж патрэбна яшчэ нейкае дадатковае пацверджанне аўтарскіх адносін да гераіні? Тут выяўлена ўся сутнасць яе зусім нескладанай, неглыбокай натуры. Шумава сама зрабіла сябе ахвярай антыгуманнай ідэі неабходнасці адмаўлення ад бацькоўскіх пачуццяў у імя сцвярджэння быццам бы новых форм жыцця, «...сказала, што не трэба матцы дзяцей сваіх гадаваць, што зло ў гэтым нейкае ёсць. Прапанавала: адбіраць ад матак іхніх дзяцей і дамы выхавання наладжваць. Каб матка не знала сына свайго, а сын маткі, каб агульныя, усіхныя дзеці былі» (193).

Адназначная ацэнка небяспечнай тэорыі была дадзена вуснамі тых, каму тэорыя адрасавана: «Проці гэтага жанчыны-маткі агнём загарэліся. Казалі, жорстка гэта і крыўдна». Аднак з настойлівасцю неафіта Шумава прыкладвае ўсе свае сціплыя ўнутраныя сілы, каб заставацца паслядоўнай, каб ад слоў перайсці да справы. Але глыбокага, цвёрдага пераканання, якое б ішло знутры, а не звонку, ішло ад жыцця, а не ад адцягненай тэорыі, у Шумавай няма. Адсюль і ледзь прыкметны фальш у яе размовах, і няўпэўненасць, і знарочыстая дэманстрацыя, бравіраванне, мітынговыя інтанацыі. Паводле сваёй прыроднай існасці Шумава чалавек неблагі, нават сардэчны, мяккі. Але, як і Ніна Купрыянава, як і Марына Гарнова, хоць і не належыць яна да «былых», Шумава бяздумна ўзяла на ўзбраенне памылковую маральна-этычную канцэпцыю і стала кіравацца ёй у практычным, паўсядзённым жыцці. І гэта не магло не прывесці яе да краху. М. Зарэцкі паказвае, што яго гераіня штосьці спрабуе даказаць самой сабе, таму ж Блонскаму, сцвердзіць жыццёвасць уласнай філасофіі, але па сутнасці яна застаецца глыбока няшчасным чалавекам, бо падавіць у сваім сэрцы пачуцці мацярынскай прывязанасці ёй не ўдалося. Псіхалагічны стан Шумавай у час сустрэчы з маленькім сынам, якога яна аддала ў дзіцячы дом і пра якога намагаецца забыць,— лепшы таму доказ. Вось чаму папрокі даследчыкаў у адрас М. Зарэцкага наконт неакрэсленасці ягонай мастакоўскай маральнай пазіцыі цалкам беспадстаўныя.

З ліку твораў, якія не атрымалі заслужанай ацэнкі, хацелася б таксама назваць і апавяданне «Максімаліст» (1928), адно з бясспрэчна лепшых у літаратурнай спадчыне М. Зарэцкага. Апавяданне вызначаецца сваім мастацкім узроўнем, артыстызмам, культурай пісьма, навізной тэмы, тонкасцю ў падыходзе да яе вырашэння. Пісьменнік убачыў нараджэнне ў савецкім грамадстве новай, сацыяльна небяспечнай з’явы, складванне псіхалагічна новага тыпу. Прыходзіцца толькі здзіўляцца, як гэта адзін з даследчыкаў умудрыўся знайсці ў «Ракавых жаронцах» і «Максімалісце» паўтарэнне «ранейшых матываў», ды яшчэ і «не самых плённых»14, у той час, калі мы павінны гаварыць пра сапраўднае наватарства пісьменніка, пра яго творчую смеласць. Істотна тое, што героямі твора М. Зарэцкага аказваюцца дзеці, г. зн. тыя, хто толькі распачынаюць сваё жыццё. Піянер Вовачка Пенкін, нягледзячы на свой дзіцячы ўзрост, выявіў багатыя здольнасці ўсур’ёз пераймаць паводзіны і рысы характару, псіхалогію чыноўніка, рысы дэмагога, прыстасаванца. У атрадзе быў яшчэ адзін піянер, якому Вовачка прыдумаў мянушку — Максімаліст. Гэта гучнае слова Вовачка вычытаў у «Слоўніку палітычных тэрмінаў», які зусім нядаўна трапіўся яму ў рукі. Мянушка вельмі спадабалася ўсім піянерам, хоць носьбітам яе стаў добры па натуры хлопчык, сумленны, шчыры, для якога вельмі натуральным было, каб слова не разыходзілася са справай.

Пісьменнік праявіў глыбокае сацыяльнае пачуццё, паказаўшы, што юныя грамадзяне часта падтрымлівалі Пенкіна, а не Максімаліста. Ды як можна не стаць на бок Вовачкі, калі ён — «самы старэйшы і самы разумны ў атрадзе — ён самы важны ў атрадзе, ён зусім як дарослы. Вовачка нават умее рабіць на сваім белазорым твары асаблівую нейкую спагадліва-насцярожаную ўсмешку, якраз такую, якую ён бачыў у аднаго з важных палітычных правадыроў. Гэтай усмешкай Вовачка і тушыць заўсёды Максаў агонь» (274). І ўсё ж жыццё, гэты мудры настаўнік, паднесла юным піянерам сур’ёзны маральны ўрок. Максімаліст не пагадзіўся з калектыўным рашэннем і ўзяў на сябе адказнасць за лёс маленькай сіраты Алёнкі з цыганскага табару. Максімаліст не адступаўся, хоць яго «лаялі, з яго смяяліся». Ён паабяцаў Алёнцы дапамогу і не стрымаць слова не мог. І дабіўся свайго. Смелым, нечаканым учынкам ён прымусіў дзейнічаць нават «самага адказнага таварыша ў горадзе», «самага адказнага сакратара». І калі гэты «самы адказны», каб і піянеры пераканаліся, што ён сапраўды вялікі начальнік, загадаў даставіць няўрымслівага, настойлівага Максімаліста на службовай машыне прама ў піянерскі лагер, дык ці не першы раз не атрымалася ў Пенкіна партрэтная правадырская ўсмешка, а «выйшла ўсмешка простая і нават трошачкі вінаватая». Так сумленны хлопчык па мянушцы Максімаліст атрымаў сваю першую маральную перамогу — перамогу дабрыні, спагадлівасці над чэрствасцю, абыякавасцю, што маскіраваліся напышлівым, рэвалюцыйным словам.

У спадчыне Зарэцкага-празаіка ёсць яшчэ некаторыя творы, якім асабліва не пашанцавала ў крытыцы і якія патрабуюць перагляду. Публічная рэабілітацыя гэтых твораў вымагаецца перш за ўсё іх глыбокай мастацкай змястоўнасцю, якая, на жаль, засталася нераскрытай, нявыяўленай: у даследчых працах і па сённяшні дзень яны ідуць пад рубрыкай калі не цалкам заганных, дык ідэйна непрымальных, у лепшым выпадку — цьмяных, невыразных паводле аўтарскай пазіцыі. Гэтая несправядлівая ацэнка народжана дагматызмам крытыкі мінулых гадоў, няздольнасцю даследчыкаў спасцігаць сэнс складанага, праблемнага твора, у якім няма ні звыклай ілюстрацыйнасці, ні адкрытага маралізатарства.

Да такіх вось няпростых твораў адносіцца апавяданне, а па сутнасці — аповесць «Ой, ляцелі гусі...» (1929). Дамо слова даследчыку, у працы якога з асаблівай паўнатой выказана негатыўная ацэнка твора: у апавяданні «прыкметны адыход пісьменніка ад творчых здабыткаў, дасягнутых у рамане «Сцежкі-дарожкі». Тут Зарэцкі зрабіў крок назад да тых ранніх твораў, дзе назіралася недастаткова акрэсленае паглыбленне ў псіхалогію чалавека-індывідуаліста. У творы абстрактна супрацьпастаўлены біялагічнае і грамадскае ў чалавеку. Герой апавядання Адам Барковіч плюе на ўсе маральныя прынцыпы грамадства. У ім бунтуе моцная натура, нейкая біялагічная сіла, якая адчувае сябе вольнай толькі сярод дрымучага лесу. Барковіч — закончаны эгаіст, які жыве толькі для сябе. Ні любоў, ні дружба, ні дакоры сумлення, ні які-небудзь абавязак перад другім чалавекам — нішто не кранае душы гэтага закаранелага індывідуаліста. Біялагічнае, звярынае перамагае ў ім самыя элементарныя пачуцці прыстойнасці, самыя звычайныя чалавечыя пабуджэнні»15. Перад намі — тыповы прыклад павярхоўнага чытання, калі даследчык ідзе не ад асобаснага непасрэднага ўспрымання твора, а ад пэўнай, загадзя вызначанай устаноўкі.

Прысуд, вынесены твору ў акадэмічным выданні, пачаў вандраваць з адной даследчай працы ў другую. Вось што напісана ў калектыўнай манаграфіі «Беларуская савецкая проза»: «Але часцей за ўсё звярыны, эгаістычны пачатак у душы чалавека, псіхалогія індывідуаліста трактуюцца пісьменнікам як адвечныя і нязменныя якасці чалавечай натуры. Такім з’яўляецца Барковіч у апавяданні «Ой, ляцелі гусі...». Пісьменнік не паведамляе радаслоўнай свайго героя, не спасылаецца на тое, што жыццё прымусіла яго быць пошлым, жорсткім і бессардэчным. Не, проста Барковіч, як тыя дзікія гусі з магутным разгонам стыхійных імкненняў, вечных, як свет, непераможных, як жыццёвая сіла, любіць свабоду, шырокі прасцяг, шукае сонца і радасці, шукае невядомага шчасця і ў сваіх эгаістычных парываннях не лічыцца ні з чым. Ён радуецца і раскаціста рагоча, што ўдалося ашукаць жонку, потым каханку, што давёў сваімі здзекамі да роспачы вернага сябра Сяргея»16.

Тут, як і ў папярэднім выпадку, аналіз твора адсутнічае, ён заменены эмацыянальнай дэкларацыяй, маралізатарскімі сентэнцыямі, бяздоказным асуджэннем героя, што ўвогуле недапушчальна ў працы навуковага тыпу. Падсудны пазбаўлены права на абарону.

Што ж у сапраўднасці ўяўляе сабой апавяданне? Адам Барковіч кахаў Стасю, яна стала яго жонкай. Пакахаў яе і лепшы сябра Адама Сяргей, якому здавалася, што ягонае платанічнае захапленне не пакрыўдзіць Адама, не будзе ў шкоду яго сямейнаму шчасцю: «Я яе зусім асабліва любіў і люблю... Не так, як ты... Я яе буду заўсёды любіць... заўсёды» (342). Па ўсім відаць, і Стася меркавала, што такая сітуацыя — прымальная, што яна, Стася, заслугоўвае таго, каб адзін быў з ёю, а другі — каля яе. Але ў Стасі не хапіла здольнасці хоць раз паглядзець на ўсё гэта вачыма Адама, які невыпадкова носіць імя першага чалавека на зямлі. Ці задавальняла існуючае становішча Адама? Не. Не задавальняла, бо прысутнасць трэцяга — незалежна ад таго, ён гэта, ці яна — у каханні, калі яно сапраўднае, выключана. Гэта ведае Адам, але чамусьці не ведае ці знарок не хоча ведаць Стася. І ў гэтым — асноўная прычына маральна-этычнага канфлікту паміж героямі. І Адам разлюбіў жонку, хоць і не сказаў ёй пра гэта. У час сваіх вандровак па Палессі ён знаёміцца з маладой настаўніцай Тацянай. Мы дакладна не ведаем, пры якіх абставінах яны пазнаёміліся і калі паміж імі ўзнікла блізкасць. Ва ўсякім разе не ў час хваробы жонкі, а раней. Гэта вынікае з паводзін Адама: вучні Тацянінага класа паспелі ўжо палюбіць Адама, бо пры яго з’яўленні дружна просяць, каб ён павёў іх у лес.

Каля ложка цяжка хворай Стасі Барковіч паводзіць сябе, здавалася б, і сапраўды зусім непрыстойна: спяшаецца хутчэй пайсці з бальніцы, а затым і ўвогуле едзе да Тацяны, паведамляе ёй пра жончыну хваробу. Тацяна толькі на словах за тое, каб Адам хутчэй наведаў хворую, але ў душы рада, што ён застаецца тут. Такія паводзіны Тацяны выклікаюць у Барковіча рэзкія, негатыўныя ацэнкі: «Якая бязлітаснасць у гэтых самак! Яна ж надзвычайна рада, што дзеля яе мужык кінуў сваю паміраючую жонку» (327). Атрымаўшы тэлеграму ад Сяргея пра магчыма блізкую смерць Стасі, Барковіч тым не менш застаецца на хутары. Неўзабаве Сяргей прыязджае да Адама, каб паведаміць нечаканую навіну — Стася ачуняла і хутка будзе тут. Калі пра цудоўнае ўваскрашэнне даведваецца Тацяна, яна адразу ж ірве адносіны з Адамам. Каб сцішыць уласны боль і дапячы Адаму (як быццам ён вінаваты, што Стася не памерла!), Тацяна падоўгу гутарыць з Сяргеем. Апошні нават уявіў сабе, што настаўніца ўпадабала яго, і ён, магчыма, на ёй хутка жэніцца. З ранейшай размовы былых сяброў вынікала: Сяргей ведаў, што Адам кахае Тацяну. Відаць, дарэмна ён забыўся пра нядаўнюю гутарку з Адамам:

«— Сяргей! Ці думаў ты калі-небудзь, што ў нас усё гэта можа нядобра скончыцца... га?

Сяргей вінавата замітусіўся.

— Як гэта скончыцца?.. Я не разумею... Я зычу табе дабра, Адам, я нічога не маю супраць цябе...

— Ну, добра, пойдзем» (323—324).

Сяргей не захацеў прыслухацца да папярэджання Адама. Развязка канфлікту была немінучай: у час палявання пакрыўджаны Адамам Сяргей страляе ў яго. Лёгка паранены Адам не адказвае на стрэл, пагардліва абмінае зусім разгубленага Сяргея, садзіцца на бліжэйшы цягнік і едзе ў свет.

Як відаць нават з кароткага пераказу гэтага вялікага памерамі твора, погляд даследчыкаў на героя не адпавядае сапраўднасці. Асаблівасць дадзенага апавядання, як і некаторых іншых, у тым, што сапраўдныя матывы паводзін герояў не ляжаць на паверхні, пра іх адкрыта не гаворыць і пісьменнік. А самі героі, перш за ўсё Барковіч, старанна хаваюць свае пачуцці. Іх жыццёвае крэда, сутнасць характару і матывы ўчынкаў раскрываюцца толькі ў экстрэмальных сітуацыях, накшталт сутычкі на паляванні. Вось гэтай структурнай, мастацкай адметнасці апавядання, як выніку ўзросшага пісьменніцкага майстэрства, не ўбачылі даследчыкі. Куды лягчэй аказалася вытлумачыць усё фактарамі ідэалагічнага парадку, светапоглядным, ідэйным зрывам пісьменніка, які, маўляў, зрабіў крок назад ад ужо дасягнутага, аддаў перавагу біялагічнаму перад сацыяльным, апаэтызаваў маральна разбэшчанага, эгаістычнага, сацыяльна небяспечнага тыпа, што вынішчае вакол сябе ўсё высакароднае, сее зло і нянавісць.

Падобнага роду недарэчныя абвінавачванні ў адрас М. Зарэцкага былі нормай у канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў. Калі ж яны з’явіліся на старонках друку ў 60-я, дык гэта вымагала вытлумачэння. Сапраўды, паводле якой логікі пісьменнік раптам закрэслівае ўсю сваю ранейшую творчасць, свае бясспрэчныя здабыткі і выступае ў ролі прапагандыста амаральнасці і асацыяльнасці? Павінна ж існаваць нейкая ўнутраная заканамернасць творчага развіцця, сацыяльная, псіхалагічная дэтэрмінаванасць! Нельга ж творчы працэс зводзіць да хаосу! Крытыкі не здолелі заглыбіцца ў змест апавядання, спасцігнуць логіку мастацкай думкі аўтара. Яны не зразумелі, што Барковіч любіў Стасю, але той мадэлі ўзаемаадносін, які яна прапаноўвала — адзін з ёй, другі каля яе, ён не прымае і прыняць ні пры якіх абставінах не можа, не здраджваючы свайму ўяўленню пра чалавечую годнасць. І да настаўніцы Барковіч кінуўся, шукаючы паратунку ад душэўных перажыванняў, якіх нікому не хацеў паказваць. Такі яго характар. Можа, іх адносіны і склаліся б, бо Тацяна пакахала Адама, але з’яўленне Сяргея, яго меркаванні пра магчымую жаніцьбу на Тацяпе, а таксама і яе паводзіны робіць іх саюз немагчымым, бо гэта было б паўтарэннем ранейшага, ад чаго Адам збег. Чаму «ранейшае» так абурала Адама? Паслухаем яго размову з Сяргеем.

«— А ўсё-ткі мы з табой ворагі адзін аднаму. Найлюцейшыя ворагі, якія толькі могуць быць...

— Адам! Што ты гаворыш?

— Найлюцейшыя ворагі... Фатальныя ворагі... Мы ўвайшлі адзін к аднаму ў жыццё, каб псаваць яго... Так увесь час і было...

Ён змоўк, нібы аднаўляючы ў памяці драбніцы мінулага.

— Вось з Стасяй... Ты мне псаваў увесь час... страшэнна псаваў... агідна... А я табе... ха-ха! ты сам казаў, што нічога не меў... ха-ха!.. нічога не меў...

І ён дзіка зарагатаў. Потым ураз неяк сціх і падблізіў да Сяргея свой скрыўлены злоснай грымасай твар.

— Па праўдзе сказаць, ты паскудненькую ролю там іграў. Зусім такую, ведаеш, нікчэмненькую, туалетную... Ты ж, небарака, нічога не меў... Ха-ха! Які недалужны!..

Сяргей яшчэ больш пабялеў, і вочы яго востра заблішчэлі — ні то ад слёз, ні то ад зацятае злосці.

— Адам! Ты мяне абражаеш!..

— Ха-ха! Абражаю? Я думаў, што ты зусім няздольны абразіцца... Слухай далей... Вось з Тацянай... Ты не дужы сам для сябе знайсці што-небудзь у жыцці. Ты, як слімак, падпаўзаеш да чужога і рад, што знайшоў, дзе прысланіцца. І просты жаль да цябе, перамешаны з агідай, ты гатоў прыняць за каханне!» (349—350).

Гэта размова і заканчваецца стрэлам Сяргея ў спіну Барковіча.

З прыгаданай тут сцэны зноў жа бачна, як рашуча пярэчыць вобраз галоўнага героя тым грубым, спрошчаным схемам, якія накладваліся на яго крытыкай. Выносіць прысуд Барковічу як амаральнаму тыпу толькі на падставе яго адносін да хворай жонкі нельга. Трэба зразумець, чаму ён так робіць. Барковіч не пакінуў Стасю адну ў цяжкую для яе хвіліну, як можа здацца на першы погляд: з Стасяй застаецца той, хто яе кахае і каму яна выказвала прыязнасць. Паколькі ў Барковіча няма болей ранейшых пачуццяў да жонкі, ён не хоча фальшывіць, не хоча прыкідвацца клапатлівым і ўважлівым. Вось у чым разгадка яго т. зв. амаральных, бесчалавечных паводзін. Прыгадаем яшчэ сцэну ў бальніцы. «...Стася... пачала гаварыць пра Сяргея.— Ён часта прыходзіць да мяне і сядзіць тут доўга-доўга, пакуль не выганіць доктар...

Яна робіць патугу гарэзліва, як раней, усміхнуцца, але выходзіць толькі хваравітая грымаса. Барковічу зразумела: яна пачула яго настрой, яго холад і таму памянула Сяргея. Так рабіла яна даўней — і даўней дасягала свайго...» (317). Як бачна, выкарыстоўваць паклонніка для псіхалагічнага ўздзеяння на Адама было для Стасі ў маральных адносінах з’явай нармальнай. Але гэтую норму не мог прыняць Адам. Раней ён, відаць, вымушаны быў цярпець, пагаджацца, але паступова ўсё змянілася.

Тым, хто ўспрымаў Барковіча закончаным эгаістам, нягоднікам, Сяргей уяўляўся, трэба думаць, станоўчым героем, антыподам Адама. Але як вытлумачыць тое, што гэты непраціўленец, талстовец, які жыў ледзь не дзеля шчасця Стасі і Адама, робіць злачынны замах на жыццё апошняга? Вядома, слухаць Адамаў выкрывальны выпад Сяргею непрыемна, бо, нарэшце, Адам сказаў яму ўсю праўду ў вочы, назваўшы былога сябра прыліпалам, які няпрошаным госцем умешваўся ў чужое жыццё, адыгрываў там «паскудненькую ролю... Нікчэмненькую, туалетную». Адам мог бы, зрэшты, забыць мінулае. Але ж Сяргей, як бачым, гатовы зноў выконваць сваю ранейшую ролю ў новым трохкутніку. Вось гэта выяўленая гатоўнасць Сяргея да паўтарэння таго, што ўжо было калісьці, і выклікала абурэнне Адама і яго прысуд: «Ты — паскуднік... Я ненавіджу цябе». Стрэлам у спіну Сяргей сам выкрывае сябе, уласную існасць. Паказальна, што Адам на стрэл не адказвае стрэлам, хоць і мог гэта зрабіць па праву самаабароны. Ён не бярэцца за стрэльбу, бо не зброяй, а пагардай змагаецца з былым сябрам.

У апавяданні «Ой, ляцелі гусі...» М. Зарэцкі раскрывае жыццёвую драму чалавека, які бароніць сваю асабістую годнасць ад людзей карыслівых, абмежаваных, з дробнымі памкненнямі. Тое, што Барковіч пакідае і Стасю, і Тацяну, і Сяргея і кіруецца ў шырокі свет — гэта выяўленне яго веры ў праўду жыцця, у тых людзей, якіх ён яшчэ пэўна сустрэне.

Разглядаючы змест апавядання, можна дапусціць, што М. Зарэцкі аддаваў даніну вядомай тэорыі разумнага эгаізму. Аднак тэорыя эгаізму тут ні пры чым. Куды болей плённым аказваецца гаворка пра ўплыў рамантычных традыцый. Паводле эстэтыкі рамантызму асоба чалавека сама з’яўляецца творцай уласнага лёсу. Унутраная слабасць чалавека — вынік яе асабістага бязволля, згубнай схільнасці перакладваць віну на знешнія абставіны, на іншых. Герой-рамантык заўжды абапіраўся на канцэпцыю неабходнасці няспыннай барацьбы асобы супраць усіх перашкод. Трэба змагацца, ісці наперад, увесь час быць у дарозе, у палёце. Палёт дзікіх гусей — не аналогія перавагі ў чалавеку біялагічнага над сацыяльным. Пісьменнік сцвярджае гэтым вобразам няспынны рух, пераадоленне цяжкасцей. «Гусі... Апошнія сёлета гусі. Рупяцца, каб не застацца, каб не спазніцца ў той зачараваны край. Яны яшчэ вераць, яшчэ спадзяваюцца. У іхняй зазыўнай песні так многа імкнення, так многа надрыўнае радасці. Ляціце, любыя! Ляціце, родныя! Яшчэ не позна. Ніколі не позна. Шукайце сонца! Шукайце шчасця!..» (352).

Барковіч быў упэўнены, што і яму таксама не позна шукаць і знайсці шчасце.

З нашых разважанняў зусім не вынікае, што М. Зарэцкі імкнуўся намаляваць у асобе Барковіча нейкага ідэальнага рамантычнага героя. Не, аўтар апавядання ствараў мастацкі твор, а не займаўся маралізатарствам. Яго Барковіч — жывая чалавечая асоба са сваімі моцнымі і слабымі бакамі. Так, у характары Барковіча нямала недахопаў. Ён знарок бравіруе ўласнай сілай, незалежнасцю, хоча паказаць перавагу перад іншымі. Але навошта яму гэта дэманстрацыя? Каб схаваць сваю ранімасць. Яго знарочыстая пагарда да мяккіх, кволых, сентыментальных ідзе і ад унутранай мяккасці, ад жадання пераадолець, зжыць гэты, як яму здаецца, прыкры недахоп характару. Так, калі Барковіч не адважыўся адкрыта прызнацца Стасі, што разлюбіў яе, дык гэта ішло, вядома ж, ад яго слабасці, а не моцы. Не заўсёды, відаць, справядлівы быў Адам і ў адносінах да Сяргея. Зноў жа таму, што бесхрыбетнасць, адсутнасць волі лічыў вынікам уласнай віны чалавека.

Зрэшты, не будзем забываць пра тое, што сапраўдны мастацкі твор — гэта не дыдактычны трактат, а роздум мастака над складанасцямі і супярэчнасцямі духоўнага жыцця чалавека, яго пошукамі шляхоў да ісціны. Міхась Зарэцкі спадзяваўся, што ў асобе сваіх чытачоў ён знойдзе надзейных аднадумцаў.

Яшчэ адзін твор М. Зарэцкага, які, на нашу думку, сёння таксама патрабуе перагляду,— гэта лірыка-рамантычнае апавяданне пад назвай «Паэма пра чорныя вочы». У гісторыка-літаратурных працах яно, як правіла, падрабязна не аналізуецца, відаць, з той прычыны, што ў М. Зарэцкага былі і іншыя творы, блізкія сваім героіка-ўзвышаным пафасам да «Паэмы...». Але ў цытаванай ужо прадмове да кнігі «Пачатак шчасця», выдадзенай у перакладзе на рускую мову, аўтар гэтых радкоў спецыяльна вылучыў «Паэму пра чорныя вочы» як адзін з лепшых рамантычных твораў, дзе «аўтарскае непрыманне філасофіі прагматызму выяўлена праз сцвярджэнне духоўнай прыгажосці чалавека»... Ці так гэта на самой справе?

Герой апавядання шмат гадоў шукаў дзяўчыну-байца, з якой разам ваяваў на франтах грамадзянскай вайны, шукаў, «каб скончыць недапетую песню... дзівосна яскравае дружбы» (267). А калі ўдалося, нарэшце, знайсці, дык ён убачыў не ўвасабленне сваёй колішняй рамантычнай мары, узгадаванай гераічным часам, а штосьці іншае, далёкае ад прыгожых уяўленняў мінулага. Былога камісара засмуціла, збянтэжыла атмасфера дабрабыту, утульнасці, што панавала у «ружовым пакоі з мяккай канапай з дыванамі на сценах» (267). А галоўнае, не знайшоў камісар ранейшага агню ў чорных, калісьці такіх прыгожых вачах дзяўчыны. І ён паабяцаў сабе «ў сумятлівым моры жыцця», «сярод блытаніны драбніц, у віры гарачай будзёншчыны, у брудным пыле вугалля, цэменту і вапны, у шаломным грукаце дзён» працягваць пошукі свайго ідэалу. «Я пайду. Я знайду... дармо ты смяешся... Не смейся! Смех твой агідны мне, прыкры» (272).

На першы погляд, змест апавядання не спараджае ніякіх сумненняў адносна яго пафасу, не выклікае рознага ўспрымання ідэйнай скіраванасці. Здавалася б, яны пэўныя, адназначныя. Што тут пераасэнсоўваць?

І ўсё ж мушу сказаць, што мая ранейшая ацэнка твора патрабуе істотных паправак, бо яна з’явілася вынікам павярхоўнай інтэрпрэтацыі, вынікам вузкага, спрошчанага падыходу, калі пазіцыя героя атаясамліваецца з пазіцыяй аўтара. Гэта заганная методыка была ўласціва многім літаратуразнаўцам папярэдніх дзесяцігоддзяў. Яна па-сапраўднаму не ўлічвала прыроды мастацтва, псіхалогіі творчасці, спецыфікі мастацкага вобразу з яго неадназначнасцю і невычарпальнасцю. Вывады даследчыкаў нярэдка грунтаваліся не на ўсебаковым аналізе зместу твора, а на выбарачным разглядзе патрэбных мясцін.

Сапраўды, ці такой ужо бясспрэчнай з’яўляецца пазіцыя героя апавядання? Ці такая ўжо прымальная ў этычным плане яго жыццёвая філасофія? Вось як былы камісар ацэньвае дні сваёй маладосці. Гэта быў час, «калі гарэла святая нянавісць і морам лілася пякучая кроў» (268). І пра гэты час, паводле пераконання камісара, нашчадкі ўдзельнікаў грамадзянскай вайны «складуць шмат прыгожых легенд». Камісару здаецца, што гэта кровапраліцце павінна натхняць «блакітнавокіх унукаў» на гераічныя справы. Але ж ён чамусьці не дапускае думкі, што праз сем гадоў успрыманне мінулага павінна было змяніцца, і патрабаваць, каб усе баявыя таварышы жылі ранейшымі ўяўленнямі, не зусім правамерна. Можа, і адносіны да пралітай крыві і да нянавісці, нават калі яна здавалася толькі «святой», з далечы гадоў маглі аказацца не такімі ўжо апалагетычна-ўзвышанымі?

Былога камісара непрыемна ўразіў дабрабыт у кватэры дзяўчыны-таварыша. «У гэтым ружовым пакоі з мяккай канапай, з дыванамі на сценах мне чамусьці цяжка, няёмка. Я не ведаю, як з табой гаварыць, я адчуваю, што ты шкадуеш мяне, мне страшна за нашу песню, за нашу дружбу. Чаму не сустрэліся мы дзе-небудзь на ветраных берагах сцюдзёнай Дзвіны, чаму я не ў чаравіках дзіравых з абмоткамі, чаму ты не ў тоўстай салдацкай шынелі, якая сціпла хавае твае дзявоцкія формы, у якой ты мне — дарагі, любы таварыш!» (267).

Бясспрэчна, захоўваць лепшыя ідэалы мінулага, даражыць імі, думаць пра лёс Рэвалюцыі патрэбна. Але ж у імя чаго ішла барацьба, у імя якіх каштоўнасцей пралілося мора крыві? Хіба дабрабыт людскі не быў адной з мэт змагання? Калі ўдзельнік грамадзянскай вайны застаўся назаўжды ў атмасферы таго далёкага часу, дык ці апраўдана яго жаданне, каб абыякавым стаўленнем да звычайнага, паўсядзённага жыцця кіраваліся ўсе астатнія? Дзіравыя чаравікі з абмоткамі маглі заставацца ідэалам былога камісара, але ці гуманна вымагаць, каб і тоўсты салдацкі шынель таксама быў нязменным ідэалам дзяўчыны? Камісар прад’яўляе шмат прэтэнзій маральнага парадку свайму баявому таварышу-дзяўчыне. Але ўспомнім пра іх узаемаадносіны часоў вайны. Калі дзяўчыну параніла і яе выносілі з бою, у камісара не знайшлося добрага, ласкавага, спагадлівага слова. Параненая пакутавала ад болю. Яна чакала такога слова. І не дачакалася. «Але я не каюся, не шкадую. Я рабіў па закону барацьбы. Помніш? Я сказаў толькі два словы:

— Адправіць у шпіталь» (271).

Што ж, не станем патрабаваць ад камісара немагчымага — ва ўмовах бою такога слова ён не абавязаны быў гаварыць. Але ж чаму ён тагачаснымі меркамі вымярае людзей праз сем гадоў? Хіба нельга дапусціць, што менавіта адсутнасць чалавечнага, спагадлівага слова, якое камісар не прамовіў, і прадвызначылі цяперашнія адносіны дзяўчыны і паводзіны да яго. Можа, мае падставы дзяўчына глядзець на камісара са шкадаваннем? Бо гэтага, няхай і са спазненнем на сем гадоў, слова яна не пачула і пры нечаканай сустрэчы. А не пачула таму, што як чалавек, як жывая істота яна камісара мала цікавіла і тады, і зараз. Фактычна ён і сам у гэтым прызнаецца: «Ага... Я разумею... Я цяпер зразумеў. Я шукаў не цябе... Не, ты мне не трэба. У сумятні пярэстай жыцця я шукаў сталёва свежай шыры, я шукаў непазбыўнай рамантыкі» (271). Нават калі мы выраз героя «я шукаў не цябе» дапоўнім — у яго ж карысць — словам «сённяшнюю», усё роўна вывад акажацца даволі пэўны: успаміны аб днях, у якія «гарэла святая нянавісць і морам лілася кіпучая кроў», аказаліся для героя даражэйшымі, болей патрэбнымі, чым канкрэтная чалавечая асоба са сваім унутраным жыццём, клопатамі, турботамі, уяўленнямі. Даволі лёгка развітваецца ён з дзяўчынай, каб па-ранейшаму шукаць рамантычную мару-ўспамін. Чаму ж не пацікавіўся былы камісар, як жыла дзяўчына гэтыя доўгія гады, чаму не ўступіў з ёй у спрэчку, не выслухаў яе аргументаў? А можа, тое, што ён убачыў — было не перамогай побыту над высокай духоўнасцю, а сапраўдным жыццём у яго няспынным руху і абнаўленні. Апавяданне дае падставы разумець яго змест і так. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо Зарэцкі-пісьменнік не ілюстраваў у творах нейкі загадзя вызначаны, маральна-этычны ці палітычны тэзіс, а ставіў жыццёвую праблему, даследаваў яе, заклікаў чытача быць саўдзельнікам разважанняў над складанымі, непаўторнымі чалавечымі лёсамі, над чалавечым жыццём.

Мы разгледзелі тут, вядома, не ўсе творы М. Зарэцкага, якія належаць да «малой прозы». Па-за аналізам засталіся і некаторыя раннія апавяданні («Адкупіўся», 1923), і пазнейшыя па часе напісання, напрыклад, «Пра майго прыяцеля» (1925), «У велікодную ноч» (1925), «Ракавыя жаронцы» (1928), «Хвіліна» (1930), «Пра дзеда Альпіна» (1930), «Парася» (1931). Тлумачыцца гэта тым, што яны ў чымсьці падобныя да ўжо разгледжаных,— падобныя тэмай, асобнымі матывамі, героем, падыходам да вырашэння праблемы. Вядома, кожнае апавяданне заслугоўвае асобнай гаворкі, але недахоп месца прымушае ўстрымацца ад гэтага. Таксама можна было б падрабязней закрануць і лірыка-рамантычныя імпрэсіі М. Зарэцкага, своеасаблівыя вершы ў прозе — «Пела вясна» (1925), «Камсамолка» (1925), «Шэпты восені» (1928). Але гэтыя лірычныя мініяцюры ахвотна цытуюцца ў даследчых працах, дзе ім звычайна надаюць куды большае значэнне, чым яны маюць на самай справе. А вытлумачваецца ўсё вельмі проста: у лірычных замалёўках шукаюць пацвярджэння сваіх поглядаў тыя даследчыкі, хто лічыць, што М. Зарэцкі ў сваім развіцці ішоў ад рамантызму да рэалізму, пераадольваў, зжываў рамантычныя спосабы пазнання рэчаіснасці. Як мы ўжо бачылі, гэты тэзіс не пацвярджаецца аб’ектыўным аналізам творчасці пісьменніка. Зарэцкі ўвесь час заставаўся мастаком рамантычнага светаўспрымання, але гэта не перашкаджала яму бачыць рэальныя супярэчнасці жыцця і імкнуцца да іх глыбокага адлюстравання.

Калі ж мець на ўвазе абмінутыя ўвагай апавяданні канца 20-х — пачатку 30-х гадоў, дык, па-першае, у гэты вельмі неспрыяльны, цяжкі перыяд М. Зарэцкі працаваў галоўным чынам над творамі буйных жанравых форм — над аповесцю, нарысамі, п’есамі, раманамі — і да «малой прозы» звяртаўся рэдка. А па-другое, у гэтых нешматлікіх творах ужо значна менш мастацкай навізны, праблемнасці, смелага вырашэння тэмы, што мела месца ў ранейшыя гады. Яно і зразумела: раз’юшаныя нападкі пагромшчыкаў ад літаратуры пакінулі след на творчасці пісьменніка. Гэты момант абавязкова трэба ўлічваць, каб нашы ўяўленні аб ідэйна-творчым развіцці пісьменніка былі аб’ектыўнымі. Несправядліва і несумленна віну палітычных дзялкоў і паслухмянай ім крытыкі змрочных часоў сталінізму і яжоўшчыны перакладаць на пісьменніка, рабіць вывад, нібыта ён, таленавіты мастак, па ўласнай волі пачаў абыякава ставіцца да творчай дзейнасці, пісаць недасканалыя творы. Не, усё было іначай, куды прасцей і куды трагічней!

Так, напрыклад, апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна» не маюць глыбокай сэнсавай напоўненасці. Па змесце яны блізкія многім тагачасным так званым творам на тэму выкрыцця шпіёнаў, шкоднікаў, дыверсантаў. Старшыня правяркома («Хвіліна») пазнае ў адным з кандыдатаў на праверку былога белагвардзейскага афіцэра, які ў свой час жорстка здзекаваўся з яго, старшыні, былога камісара, трапіўшага ў палон да белых. «Тады Мікола Кастроў моўчкі завярнуўся і пайшоў ад стала, панура схіліўшыся пад цяжарам свайго маўклівага прыгавору»17. Вось і ўсё мастацкае даследаванне рэчаіснасці і духоўнай дзейнасці чалавека! Зразумела, што гэта была даніна патрабаванням дагматычнай крытыкі, якая пільна сачыла за ідэалагічным зместам творчасці пісьменнікаў і пры першым жа адхіленні ад «лініі» выпраўляла крэн. Выпраўляла прыёмамі і сродкамі, запазычанымі з арсенала работнікаў карных органаў.

Адзнака белетрыстычнай павярхоўнасці ляжыць і на апавяданні «Пачатак шчасця», у якім падаецца сутыкненне паміж палітычна адсталымі бацькамі і іх дачкой, перадавой Галенкай. Галенка пакахала цыгана, які стаў старшынёй калгаса, а бацькі заставаліся на ўласнай гаспадарцы. Аптымістычны, бадзёры фінал твора не дае па-мастацку пераканальнага малюнка маючага быць шчасця герояў. Шчасце толькі дэкларуецца. Крыўдна, што менавіта гэты твор, які сваім мастацкім узроўнем значна ўступае многім іншым апавяданням М. Зарэцкага, быў узяты ў якасці назвы кнігі выбраных твораў!

Заслугоўвала больш падрабязнага, дэталёвага разгляду і пытанне аб жанрава-стылёвых асаблівасцях «малой прозы» М. Зарэцкага, аб адметнасці псіхааналізу, кампазіцыйнай будове, аб мове, выяўленчых сродках, суадносінах лірычнага і эпічнага, рамантычнага і эпічнага пачаткаў у апавяданнях. М. Зарэцкі настойліва шукаў найбольш мэтазгодных форм мастацкага ўвасаблення жыццёвага матэрыялу, яго эстэтычнай арганізацыі. Пра гэта сведчаць такія, напрыклад, творы, як «42 дакументы», які складаецца з тэксту пратаколаў, лістоў, загадаў, тэлеграм, пастаноў, распараджэнняў, адносін, лістовак, газетных допісаў і г. д. Гэта быў арыгінальны, смелы крок маладога празаіка, які па-сур’ёзнаму клапаціўся пра чытэльнасць сваіх твораў, пра іх даступнасць шырокім масам. І трэба прызнаць, што ў гэтым кірунку М. Зарэцкі зрабіў шмат. Майстэрствам пабудовы востра-канфліктнага твора з дынамічным сюжэтам, з займальнымі сітуацыямі і калізіямі, з яскравым, тэмпераментным, дзейсным героем пісьменнік актыўна пераадольваў уласцівыя тагачаснай беларускай прозе хранікальную апісальнасць, этнаграфізм і бытавізм. Ён выхоўваў эстэтычны густ чытача, прышчэпліваў яму любоў да друкаванага слова.

Чытаючы апавяданні М. Зарэцкага, нельга не заўважыць, што многія з іх з поўным правам можна лічыць аповесцямі — «Ворагі», «Бель», «На маладое», «Кветка пажоўклая», «Ой, ляцелі гусі...». Узяты ў аснову гэтых твораў матэрыял актыўна рассоўваў жанравыя рамкі апавядання, вымагаючы болей змястоўных форм свайго ўвасаблення.

Праца над апавяданнямі стала адначасова і сур’ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменніка да напісання буйных твораў. Але са сказанага не вынікае, што апавяданні быццам бы трэба разглядаць пераважна як крыніцу маючых быць аповесцяў і раманаў, як эксперыментальны цэх, дзе вядзецца загатоўка наступных твораў, распрацоўваюцца паасобныя сюжэтныя лініі і г. д. На такі погляд нярэдка збіваюцца даследчыкі, сталы прадмет вывучэння якіх — вялікі эпас, раман.

Калі мець на ўвазе не паасобныя творы, а ўсё напісанае М. Зарэцкім у жанры апавядання, дык бясспрэчным будзе агульны вывад аб тым, што іх аўтар унёс значны ўклад у беларускую літаратуру, прыкметна пасунуў наперад нацыянальную прозу, узбагаціў яе тэматыку, вобразны лад, выяўленчыя магчымасці. Апавяданні М. Зарэцкага — адна з найболей цікавых і змястоўных старонак беларускага прыгожага пісьменства.

 

МІХАСЬ МУШЫНСКІ

1 Сав. Бел., 1922, 22 лістап.

2 Тамсама.

3 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага.— Мн., 1978.— С. 4.

4 Зарэцкі М. Пачатак шчасця. Выбраныя апавяданні.— Мн., 1975.— С. 6. Далей спасылкі на гэта выданне — у тэксце.

5 Полымя, 1924, № 4.— С. 61.

6 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага.— Мн., 1978.— С. 11.

7 Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 1.— Мн., 1964.— С. 46.

8 Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс.— С. 33.

9 Гісторыя беларускай савецкай літаратуры.— С. 463.

10 Тамсама.— С. 466.

11 Майсеенка А. Творчасць Міхася Зарэцкага.— С. 17.

12 Гісторыя беларускай савецкай літаратуры.— С. 466—467.

13 Тамсама.— С. 467.

14 Гісторыя беларускай савецкай літаратуры.— С. 476.

15 Гісторыя беларускай савецкай літаратуры.— С. 477.

16 Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс.— С. 39.

17 Чырвоная Беларусь, 1930.— № 15. С. 3.


1988

Тэкст падаецца паводле выдання: Зарэцкі М. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Апавяданні / Прадм. М. Мушынскага. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. – 526 с.
Крыніца: скан