У Тодаравай лазні была надзвычайна патаемная нарада вясковых камсамольцаў. Тут быў і браценнік Настулькі, Пётра-карузлік, і таксама Мікола Загацкі, які меў нешта да Настулькі, мабыць, прыхільнасць якую, ласку хлапецкую.
Каб хто збоку ўгледзеў нараду хлапцоў, напэўна, падумаў бы, што сабраліся сюды абгаварыць нейкую пільную, важную справу. І не памыліўся б, бо выраз твараў, рукі хлапцоў ясна гаварылі аб гэтым без слоў: усе — у гурток, адзін к аднаму, нахіляюцца, шэпчуць, рукамі махаюць. Каторы дык аж захліпаецца ад абуджэння, пырскае шчодра слінай у твары сяброў.
А вырашалася ў хлапцоў пытанне вельмі жыццёвае й пільнае, такое, з якім памарудзіць, дык — крышка, прапала ўсё чыста. Пытанне такое:
— Як ратаваць Настулю?
Мікола дакладваў:
— Гаварыў я з ёй сёння, ды нейкая яна неўгаворная. І баіцца ўсё... Пагутарыш з ёй, дык яна плакаць. Румзае, слёзы, як павадкі... А спытаешся: «Хочаш замуж пайсці?» — дык усхопіцца, аж закалоціцца ўся. «Не хочу, кажа, баюся... Куды мне, шаснаццаць год яшчэ не мінула»...— І замуж ісці баіцца і не йсці таксама баіцца. І плача ўсё, румзае... Я ўжо не ведаю, браткі, што тут рабіць...
Пётра-карузлік, браценнік Настулькі, ураз садаклад:
— А што было, хлопцы, як заручыны гулялі, каб вы толькі ведалі... Юрка напіўся, вусамі гэта сваймі — фырць, фырць, ды ўсё да Настулі. «Вы, кажа, да мяне з непрыемнасцю ўсё, а я дык вас дужа кахаю. Я, кажа, як жанюся, на руках вас буду насіць...» І ўсё да Настулі цалавацца лезе, сапраўды... А яна яму: «Пайшоў ты к ліху, я, кажа, не люблю цябе, бо ты брыдкі і стары...» Дадушы ж, хлопцы, гэтак якраз і сказала. Бацька тут як разышоўся: «Вон, крычыць, з хаты маёй, паскудніца!» Біць нават хацеў.
— Ну, а яна што?
— Яна плакаць, вядома. Матка заступілася, а то б, напэўна, бацька задаў... Я, брат, наўцёкі, каб часам і мне што не перапала...
Мікола задумаўся.
— Дык што ж, браткі, рабіць, га? Трэба як-небудзь ды выручаць.
Хлопцы ўсе як адзін:
— Вядома, выручаць трэба... Што ж гэта за рахуба: гвалтам дзеўку выдаваць, ды яшчэ за брыдоту за гэткую!..
— За падлу старую!..
— За недарэку сусветную!..
— За качарэжку гнілую!..
— За морду спекуляцкую!..
— Ціху, хлопцы, маўчаць!
Гэта Ключонак Андрэй, самы дужэйшы й самы разумны з усіх камсамольцаў. Зазвычай маўчыць усё, слухае, а калі й скажа, дык заўсёды да ладу.
Паціхлі ўсе, слухаюць.
— Калі гэта так, дык трэба прыняць рэпрэсіўныя меры. Нельга дазволіць, каб ні за што ні пра што дзеўку маладую губілі. Мы павінны яе ратаваць. Верна?..
— Вядома!.. Правільна!.. Так!..
А нехта азваўся:
— Не йначай — паламаць яму рэбры патрэбна, каб не круціўся там, дзе не просяць...
— Дурань! — выцадзіў скрозь зубы Андрэй.
І далей:
— Трэба абмеркаваць добра план, каб зрабіць усё гладка, чыста і каб не спазніцца. Хто мае якія прапазіцыі?..
Маўчалі ўсе, думалі, моршчылі лбы шчыра, станоўка.
Першы Ахрэм схапянуўся.
— Во як, хлопцы, паслухайце!..
— Ну?
— Як будзе Юрка на вяселле ехаць, падсцерагчы яго дый паламаць калёсы...
— Дык ён у суседа пазычыць. Глупства. Ну, хто яшчэ што прыдумаў?
Хлопцы ўсё моршчылі лбы, паролі падлогу вачмі сур’ёзнымі, упартымі. Урэшце Андрэй прымусіў іх кінуць дарэмную працу.
— Во што, хлопцы, я вам скажу: языком трапаць вы ўсе мастакі, а прыдумаць што добрае — пораху мала... Слухайце.
І ён расказаў. Мусіць, дужа ўдалы план выдумаў, бо ўсе, як пачулі, аж затрасліся ад радаснага абуджэння, а Пётра-карузлік на адной назе заскакаў:
— Ай-яй-яй... Вось дык добра!.. Вось дык гут... Ай-яй... Ах-ха-ха!..
— Толькі чур, хлопцы, ані слова...
І азірнуў усіх Андрэй сур’ёзным выразлівым поглядам.
— Ані гуку... Чулі?
Настулька — як кветка, у вясельным убранні. Тварык — беленькі, з чырванню свежай, вочкі — незабудкі блакітныя, ззяюць аганькамі прыветнымі, ціхімі.
І чамусьці ў іх сум, у гэтых вочках, а часам нават сляза набягае, засцілае чысты блакіт, расіцай бліскучай на незабудкі-кветкі кладзецца.
І ўздыхае Настулька. Ціха, прытоена, каб не дазналіся людзі, што дзеецца ў яе ўнутры, там недзе, глыбока-глыбока, дзе схавана ўсё, што няможна людзям цікавым паказваць.
Там многа чаго назбіралася. Там больш благое, гаротнае, але ёсць і добрае нешта. Там часам лунае вобраз Міколкі-хлапца. Усплывае ён аднекуль з бяздоння, расце, вырастае ў аблічча жывое, мігціць уваччу плямай яскравай, прыгожай. Тады на твары Настулькі ўжо не журба, не маркота, а быццам яснае сонейка. І блакітныя вочкі — смяюцца, граюць агеньчыкам вострым, гарэзным.
Але так нядоўга бывае, бо Настулька баіцца цешыць сябе вобразам любым. Баіцца, каб хто не праведаў, каб хто не згадаў. І хавае яго палахліва туды, у бяздонне, дзе схована ўсё, што няможна людзям цікавым паказваць.
У Настулькі вяселле гуллівае, бурнае. Гармонь дык аж ірвецца, скуголіць, бы звар’яцелая. І самагону — хоць утапіся. Ад яго ў Юркі-маладога ўжо вочы маслам бязглуздым плывуць, а нос над вусамі задзёрыстымі рдзее слівінай спелай.
Настулька таксама выпіла трошкі. І затым у яе ўсё пераблыталася: не разабраць, ці дзяўчаты спяваюць, ці гармонь заліваецца, ці мужык шэпча на вуха брыдкія, незвычайныя словы...
І Настульцы цяпер усё роўна... Замуж дык замуж — няхай... Бо прапала ўсё, згінула.
Да Настулькі праціснуўся Пётра-браценнік. Зашаптаў на вуха:
— Настулька! Цябе там чакаюць на вуліцы, просяць выйсці.
— Хто?
— Там убачыш.
Ажывілася Настулька. З галавы самагон зайцам выскачыў.
На бакі азіраецца турботна...
Усе — п’яныя твары, блішчаць самагонам тупа, здаволена. Мужык да суседа ўжо прыхіліўся, цалуецца.
— Ат! Глядзець на іх яшчэ...
Вылезла з-за стала, дый гайда за дзверы.
На вуліцы абступілі, абкружылі з усіх бакоў. Мікола перад усімі. Абняў, шэпча на вуха горача, шчыра:
— Настулька, мы прыйшлі за табой. Хадзем! Уцякай адсюль, няхай яны робяць тут што хоця...
— Куды? Што ты, Мікола?..
— Настулька, кінь ты гэтае глупства. Ці ж табе хочацца замуж выходзіць? Гэта ж не даўнейшае, што бацькі гвалтам дзяцей жанілі, цяпер усе вольныя... Ты падумала, як ты жыць будзеш з нялюбым, з псінай старой?
— Дык а як жа? Я ж ужо павянчалася...
Тады азваўся Андрэй, самы дужэйшы і самы разумны з хлапцоў:
— Эт, глупства — павянчалася... Поп павянчаў, а мы развянчаем. Нават вакол стала паводзім, калі захочаш, назад, у другі бок... Пойдзем!
— А татка... Ён жа заб’е...
— Ды куды там — заб’е... Яшчэ як дазволяць яму.
— Не, хлопцы, баюся я...
Тады Андрэй як след ужо ўзяўся.
— Хлопцы, даволі тут агітаваць! Гэта можна пасля. А цяпер,— Пётра, цягні лахаманіну якую напрануцца...
— Бяры, хлопцы, пад ручкі!..
Схапілі, пацягнулі. Пётра збоку галасёнкам тонкім, пісклявым:
Нікаму так не ўдалося,
Як нашаму Юрку...
Настулька не ўпіналася. Зрабілася раптам смешна і радасна. Думала толькі:
«Што ж гэта будзе? Куды яны валакуць?..»
А хлопцы Настульку ў школу даставілі. Увялі ў клас і пакінулі з Міколам. Сказалі:
— Агітуй тут, давадзі да свядомасці, а мы пойдзем пабачыць, што дзеецца там...
Асталіся ўдваіх. Цёмна ў школе, гулка звініць пустата, лаўкі вучнёўскія грудзяцца грамозднымі чорнымі плямамі. Ціха, як у лесе.
Страшна стала Настульцы. Трывала-трывала, а потым села на лаўку і слязьмі залілася, захліпала, што дзіцянё. А Мікола да яе дый давай угаварваць:
— Сорамна табе, Настулька. Шаснаццаць год хутка будзе, а як дзіцёнак... Гэта ж глупства. Ты вось паглядзі на нас, камсамольцаў... Мы не баімся нічога і робім так, як лічым патрэбным. У нас усё, брат, па розуму. Ніякіх забабон... І каб хто мяне ды замуж аддаў проці волі — ого, няхай папрабуе!.. Мы, камсамольцы, павінны рабіць усё так, як наш розум падказвае, і іншых павінны кіраваць на правільны шлях...
І пайшоў, і пайшоў... Настулька нават кінула плакаць. Толькі хліпала нервова раз-пораз.
— А ў вас... хн... дзяўчат няма... хн... у камсамоле...
— Як-то няма? А Тэкля, Марына, Ульяна... ужо заявы падалі.
— Ну?..
— Вядома. Хутка ўсю моладзь збяром...
Яшчэ гаварыў з паўгадзіны, і Настулька зусім заспакоілася. Толькі ўсё бурчэла, вусны надуўшы:
— А вы ў бога не верыце...
— У бога? Плюнь ты на бога, на чорта ён табе. Каб ізноў з Юркам звянчалі?..
— Гэта не бог вянчае, а поп...
— Ну, усё роўна...
У гэту хвіліну Пётра ўляцеў як ашпараны.
— Настулька! Татка з Юркам сварыцца. Юрка гвалтуе ўсё: «Дзе Настуля? Што ты, смяяцца ўздумаў нада мной?» А татка яму: «А ты што не глядзеў за жонкай сваёй? Правароніў, кажа, дык сам вінават»... Ох, смеху колькі... З хаты татка Юрку пагнаў... А табе, Настулька, не трэба йсці зараз у двор, бо біцца будзе татка. Тут заначуй... Ну, пабягу ж я...
Тады Мікола выйшаў і прынёс бярэма саломы.
— Кладзіся, Настулька, ды спі, заўтра ўсё добра паладзім.
Настулька схапіла яго за руку.
— Не, Мікола, я баюся адна. Ты не йдзі. Мы не будзем спаць, лепш раскажы мне яшчэ што...
— Эх, ты, птушка пужлівая!..
Назаўтрага ў хлапцоў зноў пільная нарада: што рабіць далей?
І Настулька сярод іх. Цярпліва чакае вырашэння долі свае. І яна ўжо спакойная — не плача больш, не баіцца. Пэўна ў тым, што ўсё кончыцца добра, бо хіба гэткія ўдалыя хлопцы не ратуюць яе?
І ў вочках блакітных не відаць ужо смутку, блішчаць яны радасцю, шчасцем. Часам, як хлопцы развесяляцца, разрагочуцца рогатам моцным, гуллівым, дык і Настулька ўсміхнецца, свае белыя зубкі пакажа. А то дык і зусім пасыпецца звонкім раскацістым смехам.
Доўга спрачаліся хлопцы, як рабіць ім далей, і, урэшце, падумалі: пайсці ўсім гурмай да Настулінага бацькі. Яе таксама ўзяць з сабой. Мо ён улашчыўся ўжо, не будзе сварыцца. А хоць часам і будзе сварыцца, дык мо біцца не будзе.
І пайшлі. Настулька сярод іх, вочкі спусціўшы, зачырванеўшы ад сораму прыкрага, ліпучага. Пётра-карузлік з падскокам наперадзе.
Сяляне з цікавасцю, з смехам пазіралі на іхні незвычайны паход.
Падышлі да хаты. Увайшлі: першы Андрэй, за ім Пётра, Мікола. Настулька адзаду сярод іншых хлапцоў.
Бацька ў хаце сядзеў. Андрэй зважна ногі расставіў і нарыхтаваўся гаворку пачаць.
Але выйшла зусім не так, як чакалі. Бацька раптам сарваўся, схапіў качаргу ды на іх:
— Ах вы, сякія-такія!.. Сукіны сыны, падшывальцы!..
Хлопцы — шугель, ды на вуліцу, ды па вуліцы... І паміж іх Настулька, распусціўшы падолле.
Як прыбеглі, запыхаўшыся, назад у школу, дык чамусьці не глядзелі адзін на аднаго: мусіць, сорамна было ўсім. Потым рагатаць пачалі, а потым зноў Андрэй сур’ёзна пачаў гаварыць:
— Калі так, дык трэба йначай рабіць. Настулька павінна жыць тут, пакуль бацька сам не прыйдзе і не запросіць. А не захоча — няхай сабе. Настулька й сама пражыве, не малая. Знойдзем ёй працу, заробак які. А пакуль што, хлопцы,— марш за харчамі! На першыя дні трэба дастаць. Жыць будзе ў нашай чытальні, а каб часам чаго не прытрапілася, па чарзе будзем дзяжурыць. Ахрэм вывесіць спіс...
Настулька пакорліва слухала, што ёй гаварылі. У чытальні абсталявалася, прыладзілася да жыцця. Толькі папрасіла, каб прынеслі ёй якую работу, бо нудна без дзела сядзець.
Увечары камсамольцы сваю агульную сходку зрабілі. Абгаварылі сякія-такія пытанні, потым газеты, кніжкі чыталі, камсамольскія песні спявалі. Сабралася колькі дзяўчат — смех, жарты... Настулька й забылася на бяду на сваю, весялілася разам з усімі, шчаслівая, давольная.
Было ўжо позна, як раптам адчыніліся дзверы і ў парозе з’явіўся бацька Настульчын. У Настулькі сэрца — ёк-ёк, а з твару чырвань, як ветрам, сагнала. Стаіць, вочкі ўтупіўшы, сукенку цярэбіць.
Бацька да яе:
— У двор пайшла, распусніца!
Але Настулька добра помніць, як хлопцы вучылі.
— Я, татка, пайду, калі абяцаеш, што біцца не будзеш...
— А няхай цябе ўжо пярун заб’е, мая дзетачка...
— І што замуж аддаваць гвалтам не будзеш...
— Не ўжо, няхай цябе чорт аддае, гэткую ўпарціну...
— І ў камсамол запішуся...
Бацька ўжо хацеў узлавацца, але хлопцы, дзяўчаты абступілі яго.
— Дзядзька, пакіньце ўжо, ну няхай, ці ж вам шкода... Яна ж у нас толькі навучыцца.
— Навучыцца... На пень брахаць ды на калоду тукаць. Досыць ужо навучылася...
А Пётра вакол яго на адной назе.
— Татка! Татулька! Няхай Наста ў камсамол, мне весялей будзе.
Тады яшчэ Андрэй падышоў.
— Дзядзька, кінь ужо, сапраўды... Усё роўна пічога не зробіш...
І ўсе:
— Кінь, дзядзька... Згаджайся!..
Бацька рукой махануў.
— А бадай вас пярун... Зводу няма на вас... Ну, хадзем, Наста! Чуеш?
— А абяцаеш, татка?
— Сказаў — хадзем... Ну?
— Калі абяцаеш, дык чаму ж, я пайду...
Як выйшлі, камсамольцы ўсе чысценька ў скокі пусціліся. А ад рогату вокны дрыжэлі.
Вось з таго часу Настулька і ў камсамол паступіла. А камсамолка выйшла якая!..