epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Зарэцкі

Ой, ляцелі гусі...

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11


1

 

Адам Барковіч, сарамліва ўсміхаючыся, падышоў да паказанага яму ложка. У гэты момант галоўную ўвагу яго займаў кароткі белы халат, які накінула на плечы яму спрытная вастраносая санітарка. Гэты халат рабіў яго страшэнна нязграбным і смешным - прынамсі так здавалася яму самому. Наогул усё тут было неабыклае, дзіўнае: непрыемна рэзала погляд і не давала спыніцца воку яскравая бялосць усяго, што знаходзілася ў памяшканні; сухі і нудны пах медыкаментаў ствараў уражанне бяздушнай мёртвасці і пустаты; а да ўсяго гэтага - напружна-ўедлівыя погляды хворых, якія нібы драцянай сеткай перагароджвалі дарогу.

Стася ляжала тварам да сцяны. Барковіч сеў на табурэтку і асцярожна дакрануўся рукой да яе худога пляча. Хворая з маруднай патугай перавярнулася і паказала чужы незнаёмы твар - цьмяны і непрыгожы. Потым яна ціха ўсміхнулася, і па гэтай усмешцы Барковіч пазнаў сваю Стасю. Ён шчыра ўзрадаваўся і таксама ўсміхнуўся - радасна, светла, на ўсю шырыню свайго буйнога твару.

- Ты прыехаў?

Стася падала яму тонкую сінява-бледную руку. Ён патрымаў яе, як нейкую надзвычайна крохкую рэч, і асцярожна паклаў назад, на белую коўдру. Гэтае прыткненне пакінула непрыемны халодны след - з мімавольным жалем Барковіч успомніў даўнейшыя Стасіны рукі, якія дужа яму падабаліся, якія прыемна было гладзіць і цалаваць.

Стася глядзела на яго з ціхай пакорнай радасцю. Ён падумаў, што трэба аб нечым гаварыць, і ні з таго ні з сяго пачаў гаварыць пра восень.

- Ужо, Стася, мая пара надышла. Я цяпер цэлымі днямі шлындаю па нашых балотах і набіраюся восеньскай свежасці. Помніш - мы з табой гаварылі... падае лісце, радзеюць лясы, адкрываюцца далі... ідзеш куды вочы глядзяць... далей, далей, бясконца... Забудзешся на ўсё, адчуваеш сябе вольным, шчаслівым...

Ён на хвілінку змоўк і потым пахваліўся з простай дзяцінай шчырасцю:

- Надоечы я застрэліў двух зайчыкаў і лісіцу.

Ён весела зірнуў на Стасю і ўбачыў яе - смутную, халодную, з глуха запалымі вачмі, з выразам затоенай мукі на твары. Яна ўжо не глядзела на яго - яе хваравіта-застыглы погляд увайшоў некуды ўглыб і забраў з сабой цёплыя аганькі радасці.

Барковіч зразумеў. Сцеражліва насупіўшы бровы, ён азірнуўся наўкола, злавіў некалькі поглядаў хворых і ў кожным ў ім убачыў адбітак таго, што свяцілася ў цьмяным Стасіным твары. А некаторыя проста і выразна глядзелі на яго з едкай зайздрасцю і непрыхільнасцю.

Барковіч зразумеў, успомніў, што хворага заўсёды мучыць чужое здароўе і сіла. Ён адчуў сябе вінаватым і змоўк.

Стася балюча ўсміхнулася:

- Ну, гавары...

Потым дадала, быццам апраўдваючы сябе ці яго:

- Мне дрэнна зусім... Я, мусіць, памру.

Барковіч пачаў распытваць яе пра хваробу, пра лячэнне, пра дактароў. І чым больш гаварылі аб гэтым, тым ясней і прасцей рабіліся яго адчуванні - з'яўлялася звычайная цікавасць і заклапочанасць. Ён пільна аглядаў яе змарнелы твар, яе худыя рукі, дзіваваўся з тае страшэннае змены, што зрабіла ў ёй хвароба, выказваў у простых словах сваё спачуванне, нават не спачуванне, а шчырыя сяброўскія развагі. Калі ж яна з радасна-ўдзячнай усмешкай падала яму сваю руку, ён раптам адчуў, што гэта зусім лішняе, і спалохаўся, каб не давялося яе цалаваць. Ён зноў, як нейкую чужую крохкую рэч, патрымаў гэту руку і асцярожна паклаў на коўдру. У гэты момант у яго вырасла нечакана ясная думка аб тым, што ўсе гэтыя словы, якія ён толькі што гаварыў сваёй Стасі, ён мог бы сказаць кожнаму хвораму чалавеку.

Зноў стала паміж іх нуднае цяжкое маўчанне. Тады Стася, каб разарваць гэта маўчанне, пачала гаварыць пра Сяргея:

- Ён часта прыходзіць да мяне і сядзіць тут доўга-доўга, пакуль не выганіць доктар. Прыносіць мне новыя кніжкі і чытае па тры старонкі за раз: больш не даюць. Ён стараецца ўдаваць, што не ведае пра мой стан, што ўсё добра... Але відаць... Часам не ўтрымаецца і заплача... Смешны такі...

Яна робіць патугу гарэзліва, як раней, усміхнуцца, але выходзіць толькі хваравітая грымаса. Барковічу зразумела: яна пачула яго настрой, яго холад і таму памянула Сяргея. Так рабіла яна даўней - і даўней дасягала свайго. Барковічу і цяпер зрабілася прыкра, але зусім з іншай прычыны: ён не любіў, не мог без агіды глядзець на праявы людскога бяссілля, і яго балюча ўразіла гэтая недалужная спроба какецтва.

Ён адказаў залішне проста і дзелавіта:

- Я яшчэ не бачыў Сяргея. Зараз пайду да яго.

Ён, мабыць, зрабіў нейкі мімавольны рух, бо яна раптам уся страпянулася і ўпілася ў яго прагнымі, поўнымі благання і страху вачмі...

- Праз гадзіну будзе абход. Да абходу ў нас можна сядзець...

Барковіч ласкава ўсміхнуўся. Ён не хацеў крыўдзіць яе і таму застаўся сядзець да абходу, застаўся лічыць цягучыя, нудныя, як у магіле, хвіліны. Адыходзячы, ён пацалаваў яе ў лоб, і яму чамусьці здалося, што ён пацалаваў нябожчыцу. Ён сам здзівіўся гэтаму адчуванню і, нібы для таго, каб пераканацца, што гэта ілюзія, апошні раз зірнуў на хворую.

Стася глядзела на яго поўнымі слёз вачмі. У гэтых пакутных вачах была трагічна перамяшаўшыся смяротная роспач з ціхай палахлівай надзеяй. Ён пацалаваў яшчэ ў яе сухую вашчаную руку і, спакойна азірнуўшыся, выйшаў з палаты.

Разам з тым, як скінуў Барковіч на рукі вастраносай санітарцы свой белы нязграбны халат, ён фізічна адчуў, як скінуўся з яго плеч цяжар гэтай сумнай сустрэчы. Выйшаўшы з бальніцы, ён глыбока, вольна ўздыхнуў і з усмешкай падумаў: «Больш не пайду ў гэты белы астрог».

 

2

 

Быў ужо вечар. Скрозь чорную слоту размашыста, грузна сігаў Барковіч, шлёпаючы па лужынах сваімі грамозднымі чабатамі. Пацёкі дажджу абмывалі яго шырока адкрыты твар, але, як ні стараліся, не маглі змыць з яго свежую бадзёрую ўсмешку. Ён любіў восень і любіў горад. Ён з горадам жыў як зайздрослівы палюбоўнік са сваёй нясувернай каханкай. Калі паміж іх паўставаў чарговы канфлікт, калі чорны цень здрады атручваў іхную блізкасць, тады ён уцякаў з горада ў глухія нетры Палесся, каб у раскошных абдымках прыроды затапіць сваю крыўду, каб здрадай помсціцца за здраду. А потым вяртаўся зноў, як блудны сын, як былы гаспадар.

На Савецкай сустракаліся людзі. Адны перабягалі мокрымі скукярэчанымі скакунцамі; іншыя - пад парасонамі - плюхалі з важнай павольнасцю, як старыя баравікі. Сярдзіта, раздражнёна роў, уцякаючы ад дажджу, аўтобус, агідна слюмачыліся асалавелыя вітрыны, не запрашаючы, а адганяючы пакупцоў. У светлых дзвярах кінатэатра заўзята штурхаліся безбілетныя падшывальцы, а прастытуткі туляліся троху далей, на парозе святла і мроку.

Барковіч прайшоў некалькі кварталаў па Савецкай - здзівіў не аднаго падарожніка сваёй высока ўзнятай галавой з загадкава-ўсмешлівым тварам, сваім расхрыстаным адзеннем, сваёй размашыстай безуважнай хадою, - завярнуў у цёмную бакавую вуліцу, потым у завулак, яшчэ ў сляпы і брудны завулак і, нарэшце, спыніўся перад асветленымі электрычнай лямпачкай дзвярмі невялічкага рабочага клуба.

Колькі хвілін Барковіч нерухома стаяў перад дзвярмі, нібы разглядаючы іх, нібы прымерваючыся, як іх спрытней адчыніць.

Яму было смешна і весела. Фактычна, ён добра ведаў наперад, што зараз будзе, і добра ведаў, што ўсё гэта - недарэчнае, непатрэбнае. Ён смяяўся сам над сабой, яго забаўляў гэты мімавольны дзікі капрыз.

Барковіч падняўся па хісткіх, убога асветленых сходнях, прайшоў праз невялічкую прытульную залу, праз калідор і трапіў у бібліятэку. Там стаяла важная, сухая ціша. За сталамі ўрачыста застылі пахмурыя чытачы, ля драўлянага бар'ера таемна і жвава шушкалі піянеркі, а за бар'ерам, сярод кніжных паліц, поркаўся невялічкі беленькі чалавечак.

Барковіч увайшоў за бар'ер, падышоў ззаду да чалавечка і моцна, па-сяброўску сціснуў яго за плячо.

- Здароў, Сяргей!

Чалавечак абярнуў сваю белую сукрыстую галаву, і вочы яго - маленькія, сінія - загарэліся радасным аганьком. Ён парыўчата схапіў Барковічаву руку і моцна яе страсянуў. Потым пачаў мітусіцца.

- Я зараз. Во толькі хвіліначку. Пачакай, я зараз...

Барковіч з ласкавай усмешкай сачыў за ім, пакуль ён парадкаваў свае кніжкі, пакуль угаворваў нейкага цыбатага хлопца пабыць за яго ў бібліятэцы, пакуль даводзіў нешта ўпартым настойлівым піянеркам. Потым яны выйшлі на вуліцу.

Сяргей пачаў паспешна, хапаючыся, нешта апавядаць, але Барковіч адразу яго перапыніў, быццам ён спецыяльна прыйшоў, каб гаварыць аб пэўнай справе.

- Во што, Сяргей. Я быў у Стасі. Я цяпер ішоў ад яе і зайшоўся па цябе.

Сяргей змоўк і старанна насупіў свае бялясыя бровы.

- Ты сёння прыехаў?

- Я прыехаў па тваёй тэлеграме.

- Як Стася?

Сяргей запытаўся ціха, няўпэўнена. Барковіч, у наругу яму, пачаў гаварыць з наўмысна-рэзкай адкрытасцю:

- Стася дужа змянілася. Я не думаў, што так далёка зайшла хвароба. Яна зусім страшная стала, я ледзьве пазнаў. Дужа непрыемна глядзець. На ёй ужо відаць адбітак смерці. І яна сама ведае, яна добра ўсвядоміла свой стан. Чакае канца...

Ён змоўк і насцеражыўся. Цемра схавала ад Сяргея яго таемную ўсмешку - столькі ж дабрадушную, колькі едкую. Гульня пачыналася.

Некалькі крокаў прайшлі моўчкі. Потым Сяргей загаварыў, перамагаючы хваляванне:

- Я хаджу кожны дзень да яе, кожны дзень бачу гэту трагедыю. Каб я меў хаваць праўду, каб пераканаць яе... а то ж яна бачыць... Часам з'яўляецца ўсё-ткі надзея... сама сабой з'яўляецца - жыццё паўстае супраць цяжкой неабходнасці... Яна тады жудасна светлая, летуценная. Успамінае, загадвае на будучыню. Тады з палкай дапытлівасцю глядзіць на ўсіх і чакае, моліць аб падтрыманні яе надзеі, аб заспакаенні.

Ён на момант суняўся, нібы для таго, каб праглынуць даўкі клубок свайго хвалявання, і скончыў няцвёрдым голасам:

- Мне цяжка бывае... Проста, ведаеш, не ў суцерп... У мяне дужа слабыя нервы...

Барковічу здалося, што Сяргей гатоў заплакаць. І, як звычайна, гэта выклікала ў ім не жаль, не спачуванне, а нейкую незразумелую прыкрую злосць, жаданне мучыць, раструйваць. Ён гучна і зусім весела зарагатаў.

- Паміраць лягчэй, чымся быць прысутным пры смерці. Праўда, Сяргей! Я ледзьве вытрымаў сёння дзве гадзіны. Гэта надзвычайна нудны абавязак...

Сяргей перш маўчаў, нібы спалоханы жорсткім смехам Барковіча, а потым ледзь чутна прашаптаў:

- Яна твая жонка.

Барковіч спакойна згадзіўся:

- Праўда, яна мая жонка.

Яны выйшлі на Савецкую вуліцу. Каля гастранамічнае крамы Сяргей зноў замітусіўся.

- Пачакай, я куплю чаго на вячэру... Віна куплю... Нам трэба многа з табой гаварыць. Да мяне пойдзем, добра?

Барковіч з цвёрдым смяшком адказаў:

- Пойдзем у сад.

- У сад?

Сяргей няўцямна ўзняў на таварыша свае наіўныя сінія вочы, але зараз жа схапянуўся і моўчкі падаўся ў той бок, дзе быў гарадскі сад.

 

3

 

Яны абодва аднакава не разумелі, што ім тут трэба, у гэтай глухой непрытульнай цямноце бязлюднага саду. Яны аднакава не разумелі і таго, які сэнс маюць усе гэтыя дзіўныя, поўныя вострага напружання, сустрэчы, якія маральна цяжараць іх і якіх яны ўсё-ткі шукаюць з прагнай настойнасцю.

Дождж не ўціхаў. Ён прытоена шамацеў, схаваўшыся ў вецці злітых цемраю дрэў, а па адкрытых дарожках ляскаў з падкрэсленай смеласцю, быццам дражніўся, палохаў жорсткімі ўдарамі сваіх сцюдзёных струменняў. Прыбітыя дажджом дарожкі цьмяна свяціліся ў цемры чорна-сталёвым глянцам.

Было слізка, мокра. Ужо даўно ў абодвух наскрозь прамокла адзежа, абодвум было сцюдзёна. Барковіч, адчуваючы нейкі гуллівы задор, яшчэ вальней расхрыстаў сваю вопратку, яшчэ вышэй узняў свой бадзёры ўсмешлівы твар, а Сяргей стуліўся ў дрыжачы камочак і здаваўся зусім маленькім, ледзьве прыкметным.

Ішлі моўчкі. Балюча гняло гэтае востра напятае маўчанне (удвух заўсёды цяжка маўчаць), але не лягчэй было і знайсці пачатак гутаркі. Абодвум ясна было, што ў гэтых дзікіх абставінах, у гэтай чорнай самоце прыйдзецца гаварыць аб нечым важным і неадступна патрэбным.

Зусім неўзаметку яны сышлі з галоўнай алеі і пачалі блудзіць па вілаватых бакавых сцежках, часта натыкаючыся на мокрыя дрэвы, на кусты, на садовыя лаўкі. Раптам Барковіч спыніўся і ўзяў за плячо Сяргея.

- Стой! Чакай... Во тут, на гэтай лаўцы, мы першы раз цалаваліся са Стасяй. Яна была тады зусім маладая. Яна была дужа прыгожая. Праўда, Сяргей, га? Ты помніш? У яе былі надзвычайна жвавыя і хітрыя вочкі. Калі я браўся іх цалаваць, яны так смешна бегалі, быццам хацелі ўцячы, схавацца... Ха-ха!.. Ты заўважыў, якія сталі цяпер яе вочы? А вусны... Яе вусны тады былі зусім дзіцячыя - задорныя і смяшлівыя... Яна і цалавалася неяк па-дзіцячаму - выстаўляла трубачкай вусны, заплюшчвала вочы і чакала... Ха-ха!..

Ён коратка перарваў смех і змоўк. Гэтая нечаканая паўза была пасткай Сяргею - ён не мог вытрымаць яе напружанасці, ён павінен быў загаварыць. І ён азваўся голасам загнанага звярка:

- Я помню Стасю тады... Яна была прыгожая...

Зноў маўчанне. Яны селі на мокрую лаўку, і тады Сяргей раптам сказаў нейкім новым, глыбока прачулым голасам:

- Адам! Ты не любіш Стасю...

Барковіч, быццам і не чуўшы яго, гаварыў сваё:

- З маладосці ў яе было надзвычайна прыгожае цела. Такое цела бывае ў рэдкай жанчыны. Тут, на гэтай лаўцы, я першы раз пры святле месяца ўбачыў яе свежыя дзявочыя грудзі...

- Адам!

Сяргей больш не вытрымаў - ён, як непрытомны, уцупіўся кіпцямі ў руку Барковіча, сударгава драпаў яе і ні то плакаў, ні то дзіка пішчэў ад злосці. Барковіч спакойна і цвёрда зазначыў:

- Я дужэйшы за цябе - я магу цябе задушыць.

Тады Сяргей стуліўся ў камочак і сціх. Барковіч таксама маўчаў.

Ён прыслухваўся да сваіх адчуванняў і заўважаў, што ў яго ранейшы дабрадушна гуллівы настрой уліваецца хваля едкай прыкрасці і раздражнення. Яму захацелася ўстаць і пайсці ў чорную мокрую цемру, схавацца і ад Сяргея, і ад Стасі, і ад усіх, хто памкнецца так ці іначай увайсці ў яго жыццё. Ён ужо хацеў быў падняцца з лаўкі, але якраз у гэты момант загаварыў Сяргей. Яго голас быў жудасна слабы, разбіты.

- Адам! Я любіў Стасю больш, як ты. Ты не ўмееш любіць - ты шчаслівы... Ты вось цяпер не любіш яе, як яна хворая, ты вясёлы, а я люблю больш, як калі... Я не веру, што яна памрэ... Гэта ж... гэта ж зусім немагчыма... Як гэта... яе не будзе... Стасі... Не, не... Няпраўда! Гэта - няпраўда!..

Ён амаль што плакаў, ён ледзьве здолеў стрымаць сябе, каб гаварыць далей.

- Я люблю яе не так, як ты. Ты па-звярынаму... А мне нічога не трэба, маё шчасце ў тым, што я люблю... Слухай, Адам, я даўно хацеў сказаць табе... Ты, можа, думаў што-небудзь пра мяне... людзі многа казалі... Во што, Адам, я нічога не меў з тваёй жонкай... Ніколі... Ты верыш мне? Верыш?

Барковіч маўчаў. Сяргей нахіліўся бліжэй да яго і зашаптаў - слёзы не давалі яму гаварыць:

- Ведаеш, Адам, аб чым мы больш за ўсё гаварылі цяпер, калі я прыходзіў да яе, да хворай? Мы заўсёды ўспаміналі цябе, мы аб табе гаварылі! Я казаў ёй, што ты страшэнна заняты, што ты б, напэўна, прыехаў, каб меў магчымасць. Яна была тады спакайней. Адам, чуеш ты? - я ніколі і не падумаў нічога благога. Ці верыш ты?

Барковіч паволі, насмешліва працягнуў:

- Прызнанні над свежай магілай...

Тады Сяргей ускочыў і закрычаў істэрычным прарэзлівым голасам:

- Ты брэшаш! Ты не хочаш, каб яна памерла! Няпраўда! Ты любіш яе... ты любіш... любіш!..

Голас яго недалужна сарваўся, і ён зноў зашаптаў:

- Адам! Пойдзем заўтра да яе разам. Добра? Трэба так рабіць, каб ёй больш спакою было, больш радасці... Яна паздаравее.

Барковіч безуважна азваўся:

- Я зараз паеду.

Гэтыя словы, відаць, страшэнна ўразілі Сяргея. Ён нервова падхапіўся, хацеў спачатку пярэчыць, потым стрымаўся, зноў звіўся ў дрыжачы клубочак і, нарэшце, выгаварыў з наўмыснай едкасцю:

- Ты баішся застацца?

- Не хачу.

Барковіч раптам узяў звычайны дзелавы тон:

- Узатры, Сяргей, запалку - я пагляджу на гадзіннік.

Сяргей слухмяна дастаў з кішэні запалкі і пачаў церці адну за адной. Карабок быў волкі, дрыжэлі рукі, і ў яго нічога не выходзіла.

- Эх ты, няўмека!

Барковіч адабраў у яго запалкі і засвяціў.

- Засталася гадзіна да цягніка. Мне трэба ісці.

Сяргей сударгава схапіў яго за руку.

- Адам! Няўжо ты пакінеш яе? Няўжо табе не шкода? Яна ж твая жонка, ты ж кахаў яе, ты і цяпер кахаеш... ты павінен кахаць, ты не звер...

Барковіч моўчкі падняўся з лаўкі. Тады Сяргею раптам адкрылася нешта зусім новае, аб чым ён раней не думаў.

- Адам! Я разумею... Я ведаю... Ты кахаеш другую... У цябе ёсць жанчына... Гэта праўда? Адам, гэта праўда?

- А ты што, зайздросціш?

Барковіч іранічна засмяяўся. Потым узяў абедзвюма рукамі Сяргея за плечы, моцна сціснуў і праказаў сухім сталёвым голасам:

- Сяргей! Ці думаў ты калі-небудзь, што ў нас усё гэта можа нядобра скончыцца... га?

Сяргей вінавата замітусіўся.

- Як гэта скончыцца?.. Я не разумею... Я зычу табе дабра, Адам, я нічога не маю супраць цябе...

- Ну, добра, пойдзем.

Яны пашлёпалі па цёмных слізкіх дарожках. Пры выхадзе з саду промень святла, прыляцеўшы з вуліцы, на момант вырваў іх з цемры, і Барковіч убачыў скурчаную ўбогую постаць Сяргея, з панура схіленай галавой, з бязмежна балючым сумам на твары. Ён ласкава ўсміхнуўся і ўзяў яго пад руку.

- Мы, Сяргей, скора з табой сустрэнемся. Ведаеш што? Прыязджай да мяне - у нас там надзвычайна добрае паляванне.

А сам у гэты момант падумаў:

«Нашто гэта ўсё? Нашто гэта новая непатрэбная сустрэча?»

Сяргей сумна адказаў:

- Я не паляўнічы... я не страляў ніколі.

- Ну, усё роўна - так прыязджай.

- Можа, прыеду.

Яны ўвайшлі ў змрочныя гарадскія вуліцы. Дождж ужо сціх, але горад плакаў яшчэ апошнімі скупымі слязьмі. На скрыжаванні вуліц Барковіч спыніўся.

- Мяне праводзіць не трэба. Ідзі дахаты.

- Ты не застанешся?

- Які ты смешны... Бывай!

Як ужо разышліся, Сяргей раптам спыніўся і крыкнуў:

- Адам! Калі што - я тэлеграфую табе...

- Прыязджай на паляванне!

І кожны пайшоў сваёй дарогай.

 

4

 

Поезд яшчэ досвіта прыйшоў на маленькую, забітую ў лясы і балоты палескую станцыю. На брудным станцыйным двары стаяла некалькі сялянскіх вазоў, і нехта з цемры лена азваўся: «Куды вам, таварыш?» - але Барковіч рашыў пайсці пеша. Ён заўсёды хадзіў пеша са станцыі, а сёння ж чакала яго яшчэ асаблівая асалода: ён будзе адзін у дзікай палескай глушы сустракаць таемна-прыгожае восеньскае світанне.

Ён ідзе па добра вядомай грэблі праз дзікі, поўны чароўнай маўклівасці лес. Перад раннем ноч стала яшчэ чарнейшая, а цішыня такая напятая, вострая, што выразна чуваць, як капаюць недзе ў нявідную лужынку дробныя кроплі - сляды нядаўняга дожджыку. Але ў гэтай згусцелай начы абыклае вуха ловіць ужо прыметы блізкага рання - ужо нават цвіркнула недзе руплівая птушачка, а над галавой праляцеў нехта вялікі і важкі, мабыць, сама варона. І раптам усю істоту ахапляе пачуццё свежасці, турботна-ўзнятага напружання сіл. Зрок востра ўпінаецца ў цемру, і здаецца, што там вылучаюцца ўжо няясныя абрысы дрэў. Гэта, мабыць, яшчэ толькі ілюзія.

Ні з таго ні з сяго перад вачмі вырастае вялізны разлапісты пень, за ім карабацяцца рэбры гнілога карча, а далей, сярод дрэў, цьмяна бліснула лужына. Барковіч глядзіць угару, і па твары яго распаўзаецца шырокая - з лапаць - усмешка, - там, паміж дзвюх сцен высокага лесу, лягла цьмяная сталёвая паласа: ужо прачнулася неба. Спалоханы змрок пачынае мітусіцца дрыготнымі хвалямі і паказваць прадметы ў розных фантастычных праявах: там воўк прытуліўся за дрэвам, там стаіць нейкая купка людзей, там шмыгануў зайчык з-пад елкі, там разявіла ляпу нейкае зубатае страшыдла.

Барковіч становіцца сярод грэблі, пільна ўглядаецца ў гэтыя чароўныя жарты світання і раптам пачынае голасна рагатаць, так што па ўсім лесе разлягаецца звонкае рэха.

Якое свежае, якое магутнае адчуванне!

Восеньскі дзень млява, быццам нехаця, займае свой караткавечны пасад. Яшчэ доўга стаіць шэры расплыўчасты змрок, яшчэ доўга хаваецца ён у прытульных закуццях дзікага лесу. Але вось перарваўся лес, адкрылася шырокая балоцвеная паляна, і за ёй, на пасечаным рэдкімі дрэвамі небасхіле, ірдзее халодна ўрачыстае пышнае зарава.

Што можа быць прыгажэйшага за гэтага велічна глыбокага восеньскага ўсходу? Што можа вастрэй абуджаць нутро чалавека адвечным імкненнем, прагнасцю да жыцця, што можа жывей заклікаць яго ў бязмежна чыстыя далі, што можа мацней прымушаць яго ў малельным экстазе кінуцца долу і абнімаць, цалаваць гэту святую зямлю, гэтыя любыя, слаўныя залатыя лісточкі?

Барковіч стаяў тут, пакуль не ўсплыло на неба сцюдзёна-барвяное сонца, пакуль не рассыпала ў лесе сваіх дарагіх бурштынавых кропель. Тады ціха, паволі, ніба зачарованы, пасунуўся далей, насустрэчу свежым ірдзяным праменням.

Падышоўшы да хутара, дзе быў яго выпадковы прытулак, Барковіч чамусьці прыстоіў, з хвіліну падумаў аб нечым і, крута завярнуўшыся ўбок, пайшоў абходам па дробным купкаватым хмызняку. Мінуўшы хутар, ён зноў узышоў на дарогу, сцеражліва азірнуўся назад і пасігаў далей паспешнымі энергічнымі крокамі.

Праз колькі хвілін наперадзе паказалася вёска. Чорныя карузлыя хаткі, яшчэ бяднейшыя, яшчэ бруднейшыя дворныя будынкі і высокія стромкія азяроды. На краю вёскі адзін большы за іншых з гонтавай страхой будынак - гэта вясковая школа. Барковіч рашыў адразу пайсці туды, нават не пабыўшы ў дварэ. Такі быў настрой, што хацелася рабіць якраз тое, чаго не робяць звычайна.

У класе ішла лекцыя. Барковіч смела, як гаспадар, увайшоў у кватэру настаўніцы, пахадзіў троху па яе невялічкім пакоі, з цёплым задавальненнем азірнуўся наўкола - як тут знаёма ўсё і як тут ціха, прытульна! - сеў на крэсла і стаў чакаць. Праз хвілін пяць прыляцеў выбух бязладнага шуму, за дзвярмі пачуўся звонкі, па-дзяцінаму раздражнены голас, дзверы расчыніліся - і ў пакой увайшла настаўніца. Яна ўбачыла Барковіча і спынілася ў парозе - ні то радая, ні то здзіваваная. Каб схаваць сваё раптоўнае ўзрушэнне, яна ўзяла жартліва-сярдзіты тон:

- Якое вы маеце права заходзіць без запытання ў чужую кватэру!

Барковіч, не ўстаючы, працягнуў сваю шырокую цяжкую руку - яна з камічнай сцеражлівасцю падышла і падала сваю, але зараз жа вырвала, быццам спалохаўшыся яго гарачага поціску. Барковіч дабрадушна смяяўся.

- Не злуйся, Тацяна, табе гэта зусім не да твару.

Яна пачала нешта перакладаць на стале, нечага выйшла з пакоя, вярнулася зноў, прапанавала есці яму і ўвесь час старанна хавала ад яго свой хісткі, няўпэўнены погляд. Ён з тонкай усмешкай сачыў за ёй, ён добра ведаў, што будзе так аж датуль, пакуль ён не раскажа пра горад, пра Стасю. Сама яна не запытае - о, не! - да гэтага яна не дойдзе, яна ніводным словам, ніводным рухам не пакажа, што гэта яе цікавіць!

Барковіч пачынае ліквідацыю гэтага неўразумення. Ён спакойна, дзелавіта заяўляе:

- Я толькі што з цягніка. Быў учора ў Стасі, у бальніцы. Ёй зусім дрэнна. Магчыма, што скора памрэ.

Яна як мага стараецца зрабіць хмуры нездаволены твар і, калі ёй гэта ўдаецца, з сярдзітым дакорам кажа яму:

- Як табе не сорамна - у такім стане кідаць яе... Што ты за чалавек!..

Барковіч моўчкі глядзіць на яе і думае:

«Якая бязлітаснасць у гэтых самак! Яна ж надзвычайна рада, што дзеля яе мужык кінуў сваю паміраючую жонку».

Ён падыходзіць да дзяўчыны і, каб без слоў паказаць, што яны добра адзін аднаго разумеюць, пяшчотна абнімае яе за плечы. Яна, хітруння, адпіхае яго.

- Ідзі ты... звер...

Барковіч адыходзіцца, зазірае ў акно, на нудны пакалупаны гарод, і раптам адчувае цяжкую змору. Вочы пачынаюць зліпацца, і ўсё цела цягне да долу нейкая магутная тупая сіла. Ён адварочваецца ад акна і з усёй сілы стараецца гаварыць вясёлым жартлівым голасам:

- Ведаеш, Тацяна, што я зраблю? Я буду ў цябе адпачываць... добра? Ты ідзі ў клас на заняткі, а я буду спаць. Я за ўсю ноч і вокам не звёў.

Яна ў першы раз падымае на яго свой погляд (вядома, сярдзіты яшчэ) і нездаволена адказвае:

- Есці трэба раней.

Барковіч бурна рагоча і зноў абнімае яе. Яна цяпер ужо не бароніцца. Не бароніцца нават і тады, калі ён моцна, з запалам яе цалуе.

На апошняй лекцыі ў школе ў той дзень быў вялікі гармідар. Узняў яго, як і зазвычай, Барковіч. У той час, як дзеці старанна грызлі алоўкі, развязваючы нейкую дужа няўдалую задачу, ён раптам уваліўся ў клас - заспаны, усклычаны, з нязграбнай, яшчэ зусім санлівай усмешкай на твары. У той момант разляцеліся ўсе межы закону і парадку - дзеці, як непрытомныя, паўскакалі з месц і з радасным крыкам абкружылі Барковіча.

- Дзядзька Адам! Дзядзька Адам! Пойдзем у лес!..

- Аўтух зайца ўчора забіў... во які, далібог!..

- У Прыгорку ліса бачылі...

- А журавін колькі ў Чорным маху!..

- Дзядзька Адам! Дзядзька Адам!

Настаўніца няўцямна глядзела на нечаканы бунт сваіх выхаванцаў і ніяк не ведала, што ёй рабіць. Спрабавала злавацца, але нічога не выходзіла: з-пад злосна насупленых броў яе вочы ўсё роўна блішчэлі шчаслівай гордасцю і здаволеннем, ёй падабалася, што дзеці любяць Адама.

Барковіч раптам зрабіў урачысты выгляд і агаласіў:

- Сёння заняткі скончаны. Гайда па хатах!

Але гэта ўжо выйшла звыш меры, і настаўніца ўсур'ёз раззлавалася. Яна так строга крыкнула на сваіх вучняў і такі страшэнны погляд кінула на Барковіча, што яму нічога больш не выпадала рабіць, як толькі вінавата стуліцца і разам з вучнямі рэтыравацца на заднюю лаўку. Для аднаўлення і замацавання свайго аўтарытэту настаўніца колькі хвілін яшчэ мучыла вучняў, але такі, нарэшце, пусціла, і яны з падвойнай энергіяй узнялі ранейшы гармідар.

Клас спусцеў. У раптоўнай цішы мякка расталі адгалоскі дзіцячага смеху і крыку. З-за вокан плылі ўжо смутныя вячэрнія цені - яны ўлівалі ў пакой асаблівую нейкую, цягуча-дрымотную прытульнасць.

Настаўніца папарадчыла на стале вучнёўскія сшыткі і села ля акна, пусціўшы некуды ў чорнае поле свой цяжкі, змораны погляд. Барковіч пільна ўглядаўся ў яе твар, сачыў за тонкімі, ледзь прыкметнымі зменамі, якія рабіў у ім наплываючы змрок. Ён ніколі не бачыў у яе такога глыбока сур'ёзнага твару, такога панурага, сумнага і нават стараватага. Пачынала здавацца, што гэта не яна, што гэта нехта другі. І гэты другі то выдаваў некім абсалютна чужым, незнаёмым, то неадрыўна блізкім і родным, радней за маці, радней за сястру.

Барковіча пацяшала гэта свавольная гульня фантазіі, і ён наўмысля не хацеў парушаць маўклівай цішы, якая глуха лунала ў пакоі. Яго спакойнаму назіранню, аднак, перашкодзіла нястрымная гарачая хваля пяшчоты, якая раптам узнялася ў яго нутры, якая з непераможнай сілай пацягнула яго да гэтае смутнае задуменнае дзяўчыны. Як і зазвычай, пачуццё яго вылілася ў шчырае і троху недарэчнае парыванне. Ён падышоў да дзяўчыны, стаў перад ёй на калені, абняў яе стан і з гуллівай усмешкай зазірнуў у яе глыбокія вочы.

- Тацяна! Нам павінна быць добра... Сапраўды...

І з нейкім па-дзяцінаму радасным смехам ён схаваў свой твар у яе на каленях.

Дзяўчына чамусьці ўздыхнула і пачала пяшчотна гладзіць яго валасы.

 

5

 

Гэта было тымі днямі, калі над Палессем - над бяскрайнім прасторам пажоўклых лясоў, над чорнымі лапінамі застылых балот, над спахмурнелымі, сіне-халоднымі рэчкамі, над счарнелым чаротам і жорсткім аголеным лазняком, над пустымі пясковымі грудамі, над убогімі хаткамі палешукоў, над жоўтымі, бурымі шэрагамі тлустых восеньскіх азяродаў, - над усім гэтым адвечна дзікім панурым царствам высокімі стройнымі ключамі ляцелі гусі.

Ляцелі гусі, спяшаліся. У гонкім іх лёце, у клапатлівым, надрыўна радасным клёкаце іх адчуваўся магутны разгон стыхійных імкненняў, вечных, як свет, непераможных, як жыццёвая сіла.

Куды? Чаго? Дзе канец, дзе мяжа гэтага лёту? Дзе той дзівосны зачараваны край, поўны сонца і радасці, поўны невядомага хараства, куды цягне іх гарачае, неспакойнае сэрца?

І ці ёсць ён наогул дзе-небудзь, гэты нябачаны край? Хто даляціць да яго, хто яго ўбачыць?

Усё роўна!.. Наперад! Далей! Больш разгону, больш сілы! Перад вачмі ж такі раздольны прастор, такая шырокая, свежая воля, такая прывабная, вострая невядомасць! Хай будзе, што будзе! Толькі - наперад, далей, далей...

Ляцелі гусі... Гонкія, плаўнакрылыя. За гусямі ляцеў чалавек - лёгкімі думкамі, шчымлівымі парываннямі, ляцеў у дзівосны нябачаны край, шукаў сонца і радасць, шукаў невядомага шчасця.

Хто ўбачыць той край? Хто пазнае радасць тую і шчасце?

Ой, ляцелі гусі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Барковіч з Тацянай упершыню сёлета пачулі гусей, як варочаліся з свае звычайнае нядзельнае праходкі па бясконцай палескай грэблі. Барковіч адразу знайшоў у высокім небе жывы рухавы трохкутнік і парыўчата схапіў за руку сваю спадарожніцу.

- Вунь яны! Вунь яны!.. Бачыш?

Потым узняў угару свае рукі, быццам вітаючы далёкіх вандроўцаў, і закрычаў, як непрытомны:

- Го-го-го!..

Колькі хвілін ён так і стаяў, нібы застыгнуўшы ў сваім напружаным парыванні, з горача распаленымі вачмі, з хмельнай усмешкай на твары. Ён увесь прасякнуўся дзіка-магутным імкненнем, ён гатоў быў, здаецца, кінуць усё, сарвацца з зямлі і паляцець туды, за гэтым жывым мякказвонным трохкутнікам, - у свет, у прасторы.

Тацяна стаяла поплеч, глядзела на яго (ён быў цяпер надзвычайна прыгожы) і з непрыемнасцю адчувала, што ён зусім забыўся цяпер на яе, што гэта раптоўнае захапленне вымела з сэрца яго ўсе звычайныя пачуцці, як вымела з галавы яго ўсе звычайныя думкі. Нешта падобнае да зайздрасці шавальнулася ў ёй, і яна з рэзкай настойнасцю пацягнула яго за руку:

- Ну, пойдзем ужо.

Барковіч з патугай адарваў свой погляд ад далёкага, ледзьве прыкметнага ў небе трохкутніка і моўчкі пайшоў па дарозе. На твары ў яго яшчэ плавала радасна-светлая задуменнасць.

Яны падышлі да хутара, на якім кватараваў Барковіч. Ля варот стаяў гаспадарскі сын - хлапчук гадоў у шаснаццаць, - ён пільным чаканнем углядаўся ім насустрэчу. Барковіч адразу сцяміў, што ёсць нейкая навіна, і прыспяшыў ход.

- Што, Апанас?

- Вам тэлеграма прыйшла. Там, у хаце, ляжыць на стале.

Тацяна сказала, што пачакае, і Барковіч знік у варотах. Праз хвіліну ён выйшаў назад, трымаючы ў нязграбна выстаўленай наперад руцэ шэры тэлеграфны бланк. Ён у замяшанні глядзеў на паперку і ўсміхаўся нейкай невыразнай усмешкай: ні то вінаватай, ні то дабрадушна-пагадлівай.

Тацяна дрыжачымі пальцамі разгарнула паперку і прачытала:

 

«Стася памірае. Прыязджай.

Сяргей»

 

Барковіч дапытліва зірнуў у яе шэрыя вочы, але яна схавала сваё сапраўднае пачуццё пад маскай хмурай турботнасці.

- Калі будзе цягнік? Толькі заўтра... Заўтра а дзесятай гадзіне. Раней няма. Мы пойдзем да мяне... Табе не трэба цяпер быць аднаму.

Барковіч ахвотна згадзіўся. З кожнай хвілінай ён усё жывей і жывей адчуваў нейкі лёгкі, задорна ўзняты настрой, нейкую беспрычынную рызыку, расхадовасць. У кожнага чалавека бываюць такія хвіліны, калі, выбіты з каляіны якім-небудзь надзвычайным выпадкам, ён з балючай слодыччу парывае ўсе абыклыя маральныя сувязі і становіць сябе нібы вонках ад усяго жыццёвага поступу. Тады ўжо бывае не роспач, а вострае, хваравітае адчуванне асабістае волі, шырокіх асабістых магчымасцей. Тады чалавек можа зрабіць самы незвычайны і недарэчны ўчынак.

Ужо звечарэла, і яны, прыйшоўшы ў школу, адразу запалілі святло. На маленькай канапцы ля грубкі быў іх аблюбёны куточак. Тацяна заняла сваё месца і сядзела моўчкі, не спускаючы з твару сур'ёзнага, турботнага выразу.

Барковіч прыслухваўся, як расце ў ім тое лёгкаўзнятае пачуццё, што занялося пасля тэлеграмы. Ужо цяжка было стрымаць гэтае пачуццё, яно патрабавала нейкага выйсця, штурхала на нейкі гарэзны ўчынак. Ён узяў абедзвюма рукамі Тацяніну галаву, абярнуў да сябе яе хмуры, насуплены твар і, востра зазіраючы ў вочы, сказаў ёй:

- Чаму ты не радуешся, Тацяна? Ты можаш радавацца, ты павінна... Будзь сама сабой... Гэта лепш, што яна памрэ... Ты ведаеш...

Яна густа пачырванела, але не адказала нічога. Толькі нецярпліва вырвала з яго рук сваю галаву ды балюча, да крыві, прыкусіла губу.

Ён загадкава ўсміхнуўся і, памаўчаўшы хвілінку, зазначыў:

- Я, Тацяна, нікуды не паеду...

Яна рэзка абярнулася да яго і зірнула проста ў твар яму доўгім уедлівым поглядам. У шэрых ненатуральна бліскучых вачах яе Барковіч убачыў цэлы віхор розных супярэчлівых пачуццяў: там халодная злосць мяшалася з палкаю радасцю, там балючы дакор пераплятаўся з глыбокай, шчырай удзячнасцю. Яна ледзь чутна прашаптала:

- Нашто так... не трэба... Едзь туды... заўтра ўранні...

Барковіч паўтарыў тое, што некалі сказаў быў Сяргею:

- Паміраць лягчэй, чымся быць прысутным пры смерці. Надзвычайна нудны абавязак... і лішні...

Яна здрыганулася - ні то ад спалоху, ні то ад агіды.

- Ты хочаш, каб яна памерла.

- Я кахаю цябе... Ты таксама жджэш яе смерці.

Тацяна зноў упяла ў яго свой напружаны погляд. Цяпер было ў ім поўна цяжкога неўразумення і страху. Так звычайна глядзіш на невядомага чалавека, якога першы раз сустрэнеш дзе-небудзь у дзікім, бязлюдным кутку. Што ён хавае пад сваім абліччам? Ці не чакае ён толькі зручнага моманту, каб цябе загубіць?

А Барковіч спакойна ўсміхаецца шырокай, ветлай усмешкай. Яго ясныя вочы так цёпла, так мякка ахінаюць сваім пяшчотным святлом, так прыемна лашчаць, саграюць. Яго вочы гавораць без слоў, што ён сапраўды кахае, што яму можна верыць.

На Тацяніным твары страх і неўразуменне аддаюць месца цёплай прыязнасці - яна бярэ сваімі маленькімі ручкамі вялізную Барковічаву лапу, гладзіць яе і пачынае даверліва ўсміхацца. Вочы яе раптам робяцца волкімі і бліскучымі, з іх адна за адной капаюць буйныя слёзы. Яна не хаваецца з імі, нават не выцірае вачэй - слёзы цякуць, а яна ўсміхаецца і з даверлівай ласкай глядзіць на Барковіча. Барковіч раптам кідае сваю спакойную нерухомасць, прыцягвае да сябе дзяўчыну і горача цалуе яе мокры, абліты слязьмі твар. Яна хліпае, як дзіцёнак, і жаліцца:

- Ты і мяне так... потым... калі захварэю...

Ён суцяшае яе:

- Што ты, Тацяна? Ты такая здаровая... Мы з табой будзем заўсёды разам.

Яна сударгава прыціскаецца да яго і шэпча ў гарачым забыцці, у непрытомнасці:

- Не едзь... Нікуды не едзь... Я не пушчу... Ты будзеш са мной... Хай сабе, хай памірае... я не люблю яе...

Барковіч слухае і сам сабе ціха ўсміхаецца:

«Якія бязлітасныя гэтыя самкі!»

 

6

 

Пайшлі потым марудныя чорныя дні, скрозь якія так нудна цягнуўся бясконцы ланцуг неадчэпна турботных думак і разважанняў. Гэтыя дні выпілі ў Тацяны многа жыццёвае сілы - яны глыбока ўціснулі і абпялі хваравітай сінню яе шэрыя вочы, яны паклалі на вусны ёй рэзкую пячатку затоеных мук, яны разлілі па твары яе нездаровую бледнасць.

Страшная жудасная невядомасць... Перад ёй стаіш, як перад грозным судом, з халодным жахам перабіраючы чорную чараду сваіх мімавольных грахоў. Яна сама родзіць іх, гэтая таемная невядомасць. Яна з ліхамысным падступствам выклікае нядобрыя думкі, летуценні, яна зманліва раскрывае прасторы для злачыннае радасці. А потым гняце суровым дакорам, узнімае ў душы балючае мітусенне, ад якога няма куды дзецца, ад якога нялюбым робіцца ўсё жыццё, увесь свет...

З горада няма ніякае весткі. Няўжо яшчэ цягнецца тое страшнае марудлівае згасанне? Няўжо яшчэ не прыйшоў канец? Яна хоча гэтага канца, яна чакае яго з палкай нецярплівай надзеяй. Дрэнна гэта, дзіка і жорстка. Яна ведае, не хоча сябе падманваць, яна прызнаецца перад сабой у сваіх злачынных думках і пачуццях.

«Будзь сама сабой...»

А Барковіч цэлымі днямі цягаецца са сваёй стрэльбай. Балазе яму, ён знаходзіць добрае сабе заспакаенне. Кожны вечар ён прыходзіць свежы, вясёлы, з дабрадушнай усмешкай, з яснымі, як у дзіцяці, вачмі. Тацяна сустракае яго бледная, устурбаваная. Яна кожны раз з трывогай чакае ад яго жаданае весткі. А ён ставіць у кут сваю стрэльбу, сядае перад ясна палаючай грубкай, шырока раскідае грамоздныя свае чабаты і, паціраючы рукі, апавядае пра ўсякія дробныя здарэнні, якія трапіліся на паляванні. Часта прыносіць ён зайца або ліса - кладзе каля сваіх ног і ў часе гутаркі раз-пораз нагінаецца, каб з замілаваннем пагладзіць роўную пушыстую поўсць.

Тацяна спачатку дасадліва моршчыцца і нервова кусае вусны. Але Барковічаў роўны спакой пераходзіць памалу і на яе - яна забываецца на сваю трывогу, на свае мукі і канчаткова знаходзіць сабе заспакаенне ў шырокіх і цёплых абдымках Барковіча.

Так цягнулася, мабыць, дзён дзесяць. А потым здарылася нешта зусім нечаканае, зусім непрадбачанае, - пайшлі такія падзеі, якія за тыдзень перавярнулі ўсё дагары нагамі.

Неяк раз шэрай гадзінай Барковіч, вяртаючыся з палявання, зайшоў к сабе на хутар. Звычайна ён прыходзіў дахаты толькі позна ўначы, але цяпер быццам нешта падказала яму, што трэба абавязкова зайсціся. І як толькі ўвайшоў у хату, - па стрыманай цішыні, па таемнаму шушканню малых, па салідна-разважлівай постаці гаспадара ён адразу ўцяміў, што ёсць нешта новае. Змрок не даў быў спачатку разгледзець маленькага чалавечка, які сядзеў супраць гаспадара. А чалавечак, як толькі ўбачыў яго на парозе, схапіўся з лаўкі і кінуўся яму насустрач.

- Адам! Стася здарова... Зусім здарова... Чуеш, Адам?

Сяргей у нейкай бурнай экзальтацыі схапіў аберуч Барковіча і пачаў яго тармасіць.

- Гэта цуда, Адам. Гэта вялікае цуда. Разумееш ты, га? Разумееш?

Барковіч спакойна адарваў ад сябе яго рукі і прайшоў далей у хату.

- Скажы, як гэта... было...

Сяргей мітусіўся, бегаў па хаце, махаў рукамі.

- Тады, як я адбіў табе тэлеграму... яна памірала тады... а ты не прыехаў... У тую ноч змянілася ўсё... Рэзкі пералом... Дактары страшэнна здзіўлены... ніколі гэткага не было... Гэта - цуда, Адам, гэта - цуда... Я наўмысля табе не пісаў... Спачатку я сам не верыў... не мог паверыць... А потым я рашыў, што лепш, калі будзе нечаканая радасць. Яна відочна з кожным днём здаравее. Яна ўжо ходзіць... есць усё чыста, тэмпература роўная... Каб ты бачыў, Адам, - яна амаль што такая, як і раней... сапраўды...

Барковіч з метадычнай павольнасцю здзеў з пляча стрэльбу і павесіў яе на сцяну. Потым распусціў паляўнічую торбу і дастаў з яе прыгожага маладога ліса.

- Глядзі, што за цацка... Сумысля цалкам прывалок... Хараство якое, га?

Сяргей няўцямна тыркануў пальцам у звера.

- Заяц...

- Які табе заяц! Ліс...

І Барковіч аж зайшоўся ад нястрымна бурнага рогату. Удостач адсмяяўшыся, ён раптам пацягнуў Сяргея з хаты.

- Паходзім давай. Пагаворым.

Яны падаліся пад вёску. Сяргей бесперастанку гаварыў пра Стасю, пра яе дзівоснае выздараўленне. Барковіч маўчаў. Барковіч адчуваў сябе так, нібы нечакана трапіў у пастку. Здавалася, што нейкі фізічны цяжар наваліўся на яго і тупа прыціскае да долу, не дае зварухнуцца, не дае распрастаць, развінуць дужага цела. І чамусьці гэта прыкрае адчуванне зусім не злучалася з асобай Стасі. Ён не радаваўся дужа таму, што яна засталася жыць, але і не злаваў на яе. Ён прывык усе нягоды, якія б яго ні спасцігалі, разглядаць у агульным плане, як чарговую сутычку з жыццём, як чарговы наступ усіх тых варожых сіл, з якімі яму прыходзіцца весці змаганне. Стася толькі зброя ў руках гэтых сіл, Стася не вінавата.

І Барковіч раптам пачынае з мяккай ласкай распытваць пра Стасю, цікавіцца самымі нязначнымі драбніцамі, злучанымі з яе цудоўным выздараўленнем. Сяргею гэта дужа падабаецца, ён укладае ў апавяданне ўсю шчырасць свае істоты, ён увесь прасвятляецца і зазірае ў вочы Барковічу з асабліва глыбокай палкай удзячнасцю.

Адылі Барковіч больш пытае, чым слухае. У яго - сваё. Скутыя раптоўным цяжарам сілы яго пачынаюць настойна бурліць, уздымацца шумлівымі хвалямі, рыхтаваць нейкі адпор, нейкі ўдар па варожых сілах. Ён адчувае магутны прыліў энергіі, ён гатоў ужо ў бой і шукае толькі першай ахвяры.

Першай ахвярай быў, вядома, Сяргей. Барковіч перапыніў яго ў момант самага шчырага захаплення, калі ён з бязмернай пяшчотай апісваў кожны рух, кожнае слова «здаровай» Стасі. Барковіч выбраў самае балючае месца - ён сказаў з наўмысна падкрэсленым грубым цынізмам:

- Цяпер ты можаш нагнаць тое, чаго не меў быў раней. Помніш «прызнанні над свежай магілай»? Ха-ха...

Сяргей раптам звяў, панура схіліў галаву.

- Нашто ты крыўдзіш мяне, Адам?

- Ты сам сябе крыўдзіш. Не трэба быць сантыментальным.

Далей, да самае вёскі, яны ішлі моўчкі. Каля школы Барковіч спыніўся.

- Зойдзем да настаўніцы.

Сяргею ўсё роўна было, куды ісці. Ён пайшоў да настаўніцы.

 

7

 

Тацяна сядзела на падлозе і распальвала сваю грубку. Яна паспешна ўстала ім насустрэчу, пачала прасіць прабачэння за непарадак у хаце. Барковіч прывітаўся і паказаў на таварыша:

- Гэта Сяргей.

- Я так і думала. Я адразу пазнала вас, сапраўды. Мне Адам пра вас гаварыў.

І яна з гасціннай ветласцю завінулася каля Сяргея. Барковіч узяўся распальваць грубку. Перабіраючы трэскі, ён прабурчэў безуважным тонам:

- Жонка мая паздаравела, скора прыедзе сюды.

Наконт прыезду ён проста выдумаў, але выйшла так, што трапіў у самы лад. Сяргей адразу ўсхапіўся:

- Так, Адам, я зусім забыўся на гэта. Яна казала, што як толькі збярэ троху сілы, дык адразу прыедзе сюды. Мабыць, ужо скора...

Барковіч неўзаметку зірнуў на Тацяну. Быў адзін момант, калі ёй, відаць, не ў змогу было хаваць сваё хваляванне, і яна адвярнулася, нібы шукаючы нечага на кніжнай паліцы. Але зараз жа аўладала сабой і нават, каб паказаць сваю цвёрдасць, доўгі час гаварыла выключна пра Стасю. Між іншага, яна зазначыла з едкім націскам:

- Адам зусім быў расчараваўся. Ён ніяк не чакаў, каб яго жонка паздаравела...

Барковіч здзіўлена зірнуў на яе, і яна гэта адчула, але наўмысля адвярнулася, каб не сустрэцца з ім поглядам. Барковічу ясна стала, што яна на яго злуецца.

Увесь той вечар Тацяна гутарыла выключна з Сяргеем. Яна ўдавала сябе вясёлай, бязрупатнай, многа смяялася, жартавала. Гэты вымушаны, ненатуральны настрой потым сапраўды захапіў яе - яна нібы забылася, махнула рукой на ўсе непрыемнасці, якія зазнала ў апошнія дні, і цалкам аддалася гэтай мінутнай вясёласці. Яе настрой знайшоў шчыры адгалосак у Сяргея. Ён быў сягоння надзіва спрытны ў гаворцы, апавядаў многа пра гарадское жыццё, жартаваў, смяяўся сам і досыць удала смяшыў Тацяну. Некалькі раз Тацяна паміж смеху і жартаў пільна ўглядалася ў яго, старанна вывучаючы яго знадворны выгляд. Ёй упадабаліся яго белыя сукрыстыя валасы, і яна папрасіла дазволу пацерабіць іх - з гэтага выйшла ў іх цэлая забава.

Барковіч сядзеў у сваім кутку і моўчкі сачыў за імі. Яму было цесна тут, яго ўстурбаваная энергія патрабавала нейкага выйсця - яму хацелася ўстаць і пайсці куды-небудзь, каб хоць у бязмэтным руху адкрыць вытоку для сваіх сіл. Але ён не мог кінуць Тацяны - яму ў гэты момант да болю патрэбна была яе прысутнасць.

Гэта было нейкае дзіўнае, назойліва-прыкрае пачуццё, зусім непадобнае да той прагнай патрэбы ў жаночай блізкасці, якая звычайна прыцягвала яго да Тацяны. Ён не чуў цяпер гэтае блізкасці. Ён спрабаваў абудзіць у сабе звычайную ласку, пяшчотнасць, але заставаўся халодны. Быццам лягла паміж іх нейкая глухая пустэча і ў ёй тупа абрываліся ніці яго пачуцця. Ад гэтага ўзнімалася ў сэрцы едкая злосць і расло ўпартае непераможнае жаданне заставацца тут, каля яе, і настойна чакаць, што будзе далей.

Яны пайшлі ад настаўніцы зусім ужо позняй парой. Яна выпраўляла іх з шумнай клапатлівасцю і прасіла заходзіць яшчэ. Барковіч, развітваючыся, затрымаў яе руку і з цвёрдай дапытлівасцю зірнуў ёй у твар, але яна сярдзіта насупілася і рашуча ўнікала ад яго погляду. Гэта выйшла ў яе троху камічна, Барковіч не вытрымаў - і засмяяўся. У гэты момант яму надзвычайна пацешнай і любай здалася яна - з сваёй напружанай стараннасцю быць сярдзітай, з сваёй беспрасветнай суровасцю. Хваля гарачай пяшчоты затапіла нутро яго - яму захацелася прыцягнуць яе да сябе, моцна-моцна абняць і цалаваць - зараз жа, тут, пры Сяргею. Яна, мусіць, адчула гэты настрой, бо раптам уздрыганулася, вырвала сваю руку і бліснула на яго кароткім поглядам, поўным настойнае просьбы ці, можа, перасцярогі.

Барковіч пайшоў ад Тацяны ў добрым гуморы.

Сяргей, як выйшлі, адразу спытаўся:

- Гэта твая каханка?

Барковіч, хвіліну змаўчаўшы, адказаў запытаннем:

- А ці варта яе кахаць? Як па-твойму?..

І са спакойнай усмешкай слухаў, як Сяргей хваліў Тацяну.

- Мне яна ўпадабалася. Яна такая ласкавая, ветлая... І вясёлая. З ёй надзвычайна прыемна гутарыць. Я нават не заўважыў, як праляцеў гэты вечар...

Барковіч, смеючыся, перапыніў яго:

- Ты глядзі, і ў яе не закахайся...

Ён наўмысля сказаў «і ў яе», каб падражніць Сяргея. І ён добра ведаў, што Сяргей, раптам змоўкнуўшы пасля гэтых слоў, думае цяпер пра Стасю. Ён рашыў выкрыць Сяргеевы думкі.

- Стася прыгажэй за яе, але прасцей. У тае пачуццё заўсёды роўнае і нязменнае, а ў гэтае нават цяжка вызначыць часам, ці яна кахае цябе, ці ненавідзіць. Мабыць, яна і сама не ведае...

Сяргей зазначыў, нібы раптам успомніўшы:

- Праўда... Я заўважыў... яна сёння была да цябе такая... халодная...

- Як лёд...

І Барковіч засмяяўся. Больш яны не гаварылі аб гэтым.

Рэшту дарогі Барковіч апавядаў Сяргею пра Палессе, пра дзікае, поўнае нягод і жорсткай красы жыццё беларусаў-палешукоў. Сяргей задаваў наіўныя, чыста дзіцячыя запытанні.

У гэты вечар яны былі адзін аднаму шчырыя прыяцелі.

 

8

 

А назаўтрага ўранні, прачнуўшыся гадзіне а дзевятай, Сяргей заўважыў, што ў хаце няма ўжо ні Барковіча, ні яго стрэльбы. Апанас, гаспадарскі сын, расказваў, што Барковіч устаў яшчэ досвіта і, нічога не сказаўшы нікому, падаўся некуды ў лес.

Гэта было зусім неспадзявана. Сяргей дужа дрэнна сябе адчуваў сярод незнаёмай сялянскай сям'і. Далікатная абыходлівасць гаспадароў здавалася яму залішне перавялічанай і наганяла на яго прыкрае замяшанне. Яму цяжка было сядзець у хаце, і ён цэлы дзень бадзяўся па ваколіцах хутара, зазіраючы ў хату толькі затым, каб дазнацца, ці вярнуўся Барковіч.

Барковіча не было да самага вечара. Тады Сяргей рашыў пайсці да настаўніцы.

Тацяна сустрэла яго без асаблівага здзіўлення, быццам загадзя ведала, што ён прыйдзе і што прыйдзе адзін. Калі Сяргей пажаліўся ёй на Барковіча, яна з усмешкай яму адказала:

- Ці ж вы не ведаеце гэтага лесуна? У яго вечна такія фокусы...

Сяргей адразу, як толькі ўвайшоў у прытульны Тацянін пакойчык, як толькі ўбачыў яе ласкавы вясёлы твар, яе шэрыя ўсмешліва-ветлыя вочы, - адразу пачуў сябе лёгка і вольна, быццам прыйшоў да старога добрага свайго таварыша. Зноў, як і ўчора, занялася ў іх жвавая гутарка, зноў яны дружна смяяліся, жартавалі. Яны селі ў той чароўны цёплы куточак, дзе зазвычай сядзеў з ёю Барковіч, і Сяргею здалося, што ён сядзеў тут многа-многа разоў, што ўсё тут такое знаёмае яму, такое блізкае.

Тацяна абыходзілася з ім трохі паблажліва, як старэйшая з малодшым, - ён адчуваў гэта, але зусім не абражаўся. Гэта было нават прыемна яму, бо ўлівала ў іхныя адносіны асаблівую мяккасць і цеплату.

- Раскажыце што-небудзь пра Стасю.

Яна папрасіла так проста і непрыкметна, што Сяргей зусім не здзівіўся з гэтага раптоўнага яе жадання. Ён заўсёды рад быў гаварыць пра Стасю і быў шчыра ўпэўнены, што кожнаму прыемна пра яе слухаць. Цяпер ён гаварыў такім тонам, быццам спрачаўся з некім, абараняў яе ад нечых нявідных нападаў, упарта адстойваў яе добрыя якасці. Ён так захапіўся, што зусім не сачыў за Тацяніным тварам і не заўважыў, як на ім адзначыўся быў цень глыбокае роспачы, як потым з балючай патугай перамагла яна гэтае пачуццё і глядзела на яго, на Сяргея, з несхаваным жалем, з ласкавым матчыным спачуваннем.

Сяргей змоўк і задумаўся. У яго сініх вачах застыла сумная летуценнасць. Тацяна моўчкі паклала сваю руку на яго сукрыстыя валасы і пяшчотна перабірала іх. Ён спачатку нібы не чуў гэтае ціхае ласкі, а потым, схамянуўшыся, схапіў яе руку і пачаў цалаваць.

Яна чамусьці прыкусіла губу, і ў вачах у яе заблішчэлі слёзы.

У гэты момант з сянец пачуўся бязладны грукат. Гэта прыйшоў Барковіч. Ён увайшоў у пакой, даў «добры вечар», усміхнуўся, заўважыўшы, што занята яго звычайнае месца, сеў зводдаль і застыў у немым маўчанні.

Сёння выйшла так, як і тады. Барковіч моўчкі сядзеў, а яны вялі ўдваіх вясёлую жвавую гутарку. Раз-пораз яны кідалі адзін на аднаго кароткія выразлівыя погляды, і калі вочы іх сустракаліся, яны гарэзліва ўсміхаліся адзін аднаму, як тыя дзеці, што напракудзяць чым-небудзь, адылі не выкрытыя застануцца без пакарання.

Паміж іх было ўжо нешта падобнае да супольнае тайны.

На развітанні Тацяна зноў, насупіўшыся, старанна ўнікала Барковічавых вачэй, яму зноў смешна было ад гэтага і люба было глядзець на яе, і зноў узнялася была ў ім гарачая хваля пяшчоты.

З таго часу так і пайшло. Барковіч на цэлы дзень знікаў у палескіх нетрах, а Сяргей, апанаваны чорнай нудотай, бадзяўся па ваколіцах хутара. Як толькі асядала на зямлю шэрая гадзіна, Сяргей, поўны радаснай нецярплівасці, бег да Тацяны - у яе прытульным куточку так чароўна звіваліся хвіліны сяброўскай гутаркі, перамешанай з ціхай нясмелай ласкай.

Гадзіне а дзевятай прыходзіў Барковіч. Ён моўчкі сядзеў да канца вечара і, выходзячы ад Тацяны, нязменна ўсміхаўся дабрадушна-загадкавай усмешкай.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гэтай парой над Палессем яшчэ ляцелі гонкія плаўнакрылыя гусі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Сяргею доўга не ўдавалася стала пагаварыць з Барковічам. Іхнія выпадковыя гутаркі ніколі не выходзілі за межы малазначных драбніц, роўна нецікавых ні аднаму, ні другому. Ці толькі Сяргей памыкаўся закрануць якую-небудзь жыццёва вострую тэму, Барковіч ураз абрываў размову або рэзка пераводзіў яе на іншы прадмет. Сяргею гэта давала вялікую непрыемнасць. Яму цяжка было насіць у сабе нявыказаныя думкі - ён да гэтага не прызвычаіўся. Праўда, большую частку думак сваіх і пачуццяў ён выліваў у шчырых гутарках з Тацянай, але было і такое, аб чым яму цяжка было з ёй гаварыць. І ён з упартай цярплівасцю чакаў, калі, нарэшце, можна будзе выказаць усё Барковічу.

Гэта здарылася дзён праз пяць пасля яго прыезду. Позным вечарам яны вярталіся ад настаўніцы. У Сяргея, як і звычайна пасля сустрэчы з Тацянай, застаўся ўнутры лёгкі хмель радаснага захаплення. Густая волкая цемра, праз якую яны ішлі, спрыяла яго самаўглыблёнасці - ён моўчкі прыслухваўся да прыемнага свайго пачуцця і шырока, п'янавата ўсміхаўся - балазе ніхто не бачыць. І вось раптам Барковіч ні з таго ні з сяго пытаецца:

- Ты, Сяргей, чакаеш Стасю?

Ён здрыгануўся ад неспадзяванасці і не ведаў, што адказаць.

- Чаму ты пытаеш пра гэта?

Барковіч спакойна растлумачыў:

- Я бачу тваё новае захапленне, і ў мяне з'яўляецца трывога за Стасю. Яна можа згубіць свайго апошняга вернага прыхільніка.

- Чаму «апошняга»?

Барковіч не адказаў. Сяргей падумаў, што цяпер якраз надышла пара для шчырай размовы, і рашыў пачаць.

- Слухай, Адам, я даўно ўжо хацеў сказаць табе... я цябе не разумею... Мне здаецца, ты зусім не рады, што Стася паздаравела, што скора прыедзе да цябе, будзе зноў, як даўней... Няўжо гэта праўда?.. Няўжо ты сапраўды больш яе не кахаеш?..

- А ты?

Сяргей замяшаўся.

- Я... ты, Адам, ведаеш... Я яе зусім асабліва любіў і люблю... не так, як ты... Я табе не замінаю... Я яе буду заўсёды любіць... заўсёды...

- Ты дужа смешны...

Сяргей зразумеў гэтыя словы як выказ недавер'я да яго і захваляваўся.

- Так, Адам, я гэта шчыра кажу... Я разумею, што так нядобра... Людзі многа чаго гавораць... Наогул неяк... бязладна ўсё... Я разумею... Я многа думаў аб гэтым. Мы нешта зробім... Ты не ведаеш, я ж гэта наўмысля хаджу да Тацяны... Яна мне адразу надзвычайна ўпадабалася. У ёй ёсць нешта такое, што ўвесь час цягне мяне да яе - я гатоў цэлыя суткі сядзець з ёй, сапраўды... Яна разумная і добрая. У ёй так многа ласкі, сімпатыі... Слухай, Адам, усё можа быць... Магчыма, што я...

- Магчыма, што ты з ёй ажэнішся?

- Можа, я пакахаю яе... так, як звычайна... як ты...

Ён сам спалохаўся гэтага свайго прызнання і змоўк. Барковіч запытаў безуважным тонам, скрозь які, аднак, прабівалася пільна схаваная насцярожанасць:

- Ты з ёй аб гэтым не гаварыў?

Сяргей зусім засаромеўся.

- Я не ведаю.... Ды не, не гаварыў... Але мы з ёй... наогул... мне здаецца, што яна да мяне добра адносіцца...

На гэтым скончылася іхняя гутарка. Яны падышлі да хутара, моўчкі ўвайшлі ў хату і моўчкі паклаліся спаць. Назаўтрага Барковіч зусім не прыйшоў да Тацяны.

 

9

 

Заўтра прыедзе Стася. З самага таго моманту, як учора надвечар прынеслі тэлеграму і Сяргей першы за ўсіх яе прачытаў, яго ні на хвіліну не пакідаў вясёлы радасна-ўзняты настрой. Ён быў зусім шчаслівы. Ён не толькі рад быў, што скора сустрэне Стасю: ён чакаў ад прыезду яе нечага большага, нечага асаблівага. У яго вырасла дзіўная ўпэўненасць у тым, што прыедзе Стася - і будзе ўсё добра. Будзе добра і ёй, і Барковічу, і ўсім чыста. Ён учора гаварыў аб гэтым Тацяне, і яна згаджалася - яна таксама з нецярплівасцю чакае Стасінага прыезду.

Адно непакоіць Сяргея - гэта незразумела дзікі настрой Барковіча. На яго тэлеграма зрабіла, мусіць, дрэннае ўражанне. Ён, праўда, спачатку толькі ўсміхнуўся і прабурчэў, нібы сам да сябе:

- Ну што ж, гэта добра...

Але потым спахмурнеў, усцервіўся нечага, пачаў кідацца, як загнаны звер. То пойдзе куды-небудзь, то зноў вернецца ў хату, ходзіць ад сцяны да сцяны, не гаворыць ні з кім, ні на кога не звяртае ўвагі.

Сёння зранку пайшоў са стрэльбай. Мабыць, паходзіць, дык заспакоіцца. А заўтра выясніцца ўсё, усё чысценька.

І Сяргей цалком аддаецца свайму бязрупатна-радаснаму пачуццю.

Барковіч вярнуўся рана - толькі пачало цямнець. Ён кінуў на лаўку свае прылады, падышоў да Сяргея і сказаў з выразным націскам:

- Я сёння пайду да Тацяны.

Сяргей зразумеў.

- Добра, я застануся дома.

І Барковіч адразу пайшоў.

У Тацяны агню яшчэ не было. Яна сядзела ў сваім куточку, ахінутая густым валакном змроку. Ён адразу заўважыў яе, як увайшоў у пакой. Ён моўчкі падышоў да яе, схіліўся перад ёй - вялікі, грамоздны - і з парыўчатай палкасцю пачаў цалаваць яе рукі. Яна слаба адпіхала яго ад сябе.

- Пастой... Я запалю лямпу.

І яна ўстала, падышла да стала. Яна чамусьці дужа доўга шукала запалак, хоць яны некалькі разоў бразгалі ў яе пад рукой. Нарэшце знайшла, запаліла святло. Барковіч толькі цяпер заўважыў, што стаіць на каленях перад канапай. Ён устаў, падышоў да Тацяны, зазірнуў ёй глыбока ў вочы.

- Я ведаю, Тацяна, за што ты злуеш на мяне. Ты злуеш за тое, што не памерла Стася.

Тацяна спалохана адшаснулася ад яго.

- Досыць, Адам. Я больш не магу... Ты мучыш мяне...

- Я кахаю цябе - ты гэта ведаеш... Заўтра прыедзе Стася... Нам трэба нешта рабіць...

- Не-не, нічога не трэба... Я не хачу, я нязгодна...

- Ты баішся?

Тацяна з цвёрдай рашучасцю ўхапілася за гэтае слова:

- Так, так, Адам, я баюся... Я баюся Стасі... Мне здаецца, што гэта яна не памерла... вярнулася, каб толькі нас разлучыць... Я ведаю, што гэта глупства, але ўсё роўна... мне не будзе спакою...

Барковіч абняў яе сваёй дужай рукой.

- Ты будзеш са мной, Тацяна... заўсёды... Я буду цябе бараніць... Мы можам паехаць куды-небудзь, знікнуць ад іх, ад усіх...

- З табой... заўсёды... Нашто ты гэта гаворыш? Ты сам не верыш гэтаму... Ты ж усё роўна кінеш. Такі ты чалавек... Я і цябе баюся... больш, можа, чымся Стасі...

У Барковіча ў вачах пыхнуў едкі агеньчык.

- Што гэта: практычнасць ці сантыментальнасць? На ўсё жыццё, значыць? Ха-ха!..

Тацяна сурова насупіла бровы.

- Кінуць лягчэй, чымся быць пакінутым.

- Гэта, ведаеш, дужа падобна да Сяргея...

Тацяна яшчэ больш насупілася.

- Ты здзекваешся над Сяргеем... Ты - мацнейшы... А ён добры, лепшы за цябе. Я веру яму ва ўсім.

- А мне не верыш, бо кахаеш мяне. Каго кахаюць, таму ніколі не вераць.

- Ай, не ведаю я...

На яе твары адзначыўся след нутранога болю. Яна адышлася да акна і, адсунуўшы фіранку, пачала глядзець у чорную засланку цемры. Барковіч застаўся на месцы. Хвіліна працякла ў нервова-напятым маўчанні. Потым Барковіч загаварыў глухім, зніжаным голасам:

- Што ж... значыць - усё... канец... Што ж... хай сабе...

Ён памаўчаў, быццам мяркуючы, што яшчэ трэба сказаць, і запытаўся:

- Ты, мусіць, захочаш, каб я з табой больш не сустракаўся?

Яна з нервовай паспешнасцю абярнулася да яго.

- Так, Адам. Больш не трэба... Ты нічым тут не звязаны... Едзь адсюль... Мне будзе лепш... Я хачу добра цябе ўспамінаць, і ты не павінен мучыць мяне... Едзь куды-небудзь... я дужа цябе прашу...

Барковіч пагадліва кіўнуў галавой.

- Добра, паеду. Бывай!

Ён хацеў на гэтым і скончыць усё, хацеў ужо завярнуцца і ісці, аж яна раптам падышла да яго, паклала на плечы яму свае рукі і ўпілася ў яго твар глыбокім балючым поглядам.

- Бывай, Адам!

І ў нейкім раптоўным захапленні, у п'яным экстазе пачала яго цалаваць.

- Бывай!.. Бывай!.. Любы!..

Барковіч пачуў на твары ў сябе гарачую вільгаць: яна плакала. Ён моцна прытуліў яе да сябе і зашаптаў:

- Ты любіш мяне... Тацяна, ты любіш... Нашто так рабіць?..

Яна быццам і не чула гэтых слоў. Яна яшчэ раз паглядзела ў твар яму сваім распаленым поглядам і раптам супакоілася.

- Ну, ідзі... Пачакай, захіні сваю куртку - на дварэ ўжо сцюдзёна. Дай, я. Вот так. Во... Які ты нядбалы! Як дзіцянё... Ну, ідзі...

Яна вывела яго на вуліцу і стаяла на ганку, пакуль не заглухлі ў цемры яго марудныя важкія крокі.

Дзіўнае адчуванне было цяпер у Барковіча. Нейкі тлумны туман атуліў яго свядомасць, і ў гэтым тумане бясформеннымі абрыўкамі мітусіліся асобныя словы і вобразы, бязладна вырваныя з таго, што адбылося там, у Тацяны. Жывей за ўсё адчуваліся Тацяніны пацалункі, якія нібы прыліплі да твару палкімі нязводнымі плямамі. Іншай хвілінай здавалася, што яна і цяпер цалуе яго, і затуманеная свядомасць настойна дамагалася развязаць тупое, назойлівае пытанне: «Нашто гэта яна? Што абазначаюць гэтыя дзіўныя пацалункі?»

Потым памалу туман развеяўся, і раптам, нібы вострым нажом, рэзнуў па сэрцы бязмерна пякучы жаль. Перад ім адкрылася ў вострай, амаль што фізічна адчувальнай канкрэтнасці блізкая магчымасць шчасця, магчымасць глыбокіх салодкіх уцех, якая была, безумоўна, была да гэтай апошняй сустрэчы.

«Няўжо - канец? Няўжо ўсё тое, што засталося там, за некалькі крокаў назад, што адчуваецца такім блізкім, патрэбным, - няўжо яно навек адарвалася? А можа, гэта памылка? Можа, яна чакае яго? Можа, хоча, каб ён вярнуўся?

Не! Яна развіталася назаўсёды. Яна не чакае. Цяпер ужо позна. Жыццё супраць яго, перамаглі варожыя сілы. Скруцілі шчытным калючым вязьмом, не даюць вольна дыхнуць, здзекваюцца, святкуюць сваю паганую перамогу.

Пачакайце! Ён яшчэ не здаўся, яшчэ будзе змаганне. Ён яшчэ возьме сваё!»

І Барковіч, апанаваны раптоўным прылівам шалёнае злосці, сударгава сціскае свае кулакі, скрыгае зубамі і ўпіваецца ў цемру драпежным раз'юшаным поглядам, быццам гатовы кінуцца на нейкага нявіднага ворага.

Раптам ён успамінае Сяргея, і нядобрая ўсмешка крывіць яго дрыжачыя вусны. Ён спыняецца сярод дарогі, з хвіліну аб нечым мяркуе і рашуча заварочвае назад, на вёску.

У Тацяны ў акне свеціцца ціхі прыветны агеньчык. Калі праходзіць міма Барковіч, агеньчык на момант ловіць яго ў сваё жаўтлява-празрыстае ўлонне, - мусіць, затым, каб падзівіцца на яго злосны, дэманічна скрыўлены твар.

Барковіч зайшоўся да Аўтуха, першага сябра свайго па паляванні.

- Дай мне на заўтрашні дзень свае стрэльбы.

- Во... А твая што?

- Мы пойдзем удвух, з таварышам...

- А-а...

Аўтух нешта памыкаецца расказаць, але Барковіч не слухае. Ён забірае стрэльбу і паспешна ідзе да сябе, на хутар.

Сяргей яшчэ не спіць. Ён сядзіць за сталом, узлёгшыся тварам на далоні, і шчыра аб нечым думае. Барковіч стараецца ўзяць дабрадушны, вясёлы тон.

- Бабы казалі, што ў Чорным маху аселі гусі. Пойдзем з табой заўтра ўранні. Я ўзяў табе стрэльбу.

Сяргей узнімае на яго свае наіўныя, ясныя вочы.

- Я ж не ўмею страляць.

- Гэта зусім проста. Во так...

І Барковіч пачынае на скоры поспех тлумачыць яму, як трэба абыходзіцца са стрэльбай. Сяргея надзвычайна цікавіць гэта механіка, і ён ужо шчыра радуецца, што Барковіч надумаў узяць яго на паляванне.

Яны зараз жа кладуцца спаць, каб заўтра яшчэ досвіта быць на нагах.

 

10

 

Густы каламутны змрок, патрывожаны першым, яшчэ ледзьве-ледзьве прыметным святлом зарання, санліва варушыўся ў мякка нагрэтым занач гняздзе і доўга не хацеў пакідаць яго - доўга не хацеў падбіраць сваіх чорных, раскіданых па глухім закуцці космаў. Млявы, распараны сном, ён дыхаў цеплаватай вільгаццю, і ў гэтым цягучым дыханні насіўся пах мокрай кары і заляжалага лісця.

З неба на зямлю асядала густая ліпкая парасць...

Спачатку, як выйшлі, Сяргей зусім не бачыў дарогі. Ён чуў наперадзе ў сябе аднамерна важкія крокі Барковіча і дробна семяніў у той бок, спяшаючыся, каб не астацца. Ісці было дрэнна, часта трапляла пад ногі то слізкая лужына, то пень або карчавешка. Дужа замінала стрэльба - ён ніяк не мог прыладзіцца, каб яна добра трымалася, і кожную хвіліну прыходзілася яе папраўляць.

Адылі Сяргею зусім было весела і прыемна.

Пачало днець. Ужо можна было агледзець наперадзе постаць Барковіча, толькі выдавала яна нейкай дзіўнай, недарэчнай: то вырасце раптам вялізная-вялізная, то збярэцца ў маленькі чорны камочак, то зусім знікне, сальецца з цемрай, а потым вылучыцца цёмнай бясформеннай масай, зусім непадобнай да чалавека.

Барковіч увесь час упарта маўчыць. Сяргею страшэнна хочацца гаварыць, і ён раз-пораз пытаецца аб чым-небудзь у свайго спадарожніка, але той або адказвае адным словам, або проста адмоўчваецца. Ён нейкі дзіўны сягоння. Нават голас у яго нібы змяніўся - грубейшы стаў і сурова стрыманы. А тут яшчэ змрок гэты, цені розныя таемныя па баках. Сяргею пачынае залазіць у нутро мімавольная жудасць.

Ага! Нарэшце ўжо сапраўды павіднела. Вырастаюць дрэвы наўкола, вылазяць кудлатыя карчы. Пад нагамі відаць ужо жоўты дыван апалага лісту. І постаць Барковіча зрабілася зусім выразная: ён у звычайнай куртцы сваёй, у высокіх ботах, замест пояса - патранташ. У яго чамусьці падняты каўнер, і гэта надае ўсяму яго выгляду нейкую чэрствасць, замкнёнасць: звычайна ён ходзіць зусім расхрыстаны. Нашто ён паставіў каўнер? Сягоння ж ані-ні не холадна.

Вось і зусім ужо відна. Дзень заняўся сляпы, слізготны. Можа, гэта добра для палявання? А можа, дрэнна?

Сяргей пытаецца ў Барковіча, але той маўчыць. Мусіць, задумаўся моцна. У яго сёння зусім няўдалы настрой.

Яны ўсё ідуць ды ідуць. Ішлі па глухім балоцвеным лесе, потым перайшлі праз сухую выспу, падаліся ўсцяж па канаве, зноў устроміліся ў дзікі непраходны лес. У Сяргея, нязвыклага да хады, ужо млеюць ногі і страшэнна ломіць плячо, на якім ён нясе сваю стрэльбу.

Дзе ж тыя гусі?

Перад імі раптам адкрываецца шырокая чыстая паляна, абкружаная суцэльнай сцяной высокага лесу. Барковіч спыняецца і абарачваецца да Сяргея.

- Вось тут... Давай адпачнём троху...

Ён абапіраецца плячмі аб ствол вялізнага дуба і глядзіць некуды ўбок, у цёмны лясны гушчар. Ён высвіствае нейкую песню - мабыць, затым, каб перамагчы таемна-хітрую ўсмешку, якая во-во гатова ўсплысці на яго твар.

Аб чым ён думае?

Сяргей з радасным палягчэннем здымае з пляча стрэльбу і шукае месца, дзе б паставіць яе. Барковіч раптам спыняе яго.

- Ты не забыўся, як трэба страляць? Пакажы...

Сяргей спраўна прарабляе ўсе патрэбныя маніпуляцыі. Барковіч здаволена ўсміхаецца. Потым ён падыходзіць бліжэй да Сяргея і раптам прымае сур'ёзны, амаль што жорсткі выгляд.

- Во што... Нам трэба з табой пагутарыць... стала... раз назаўсёды.

Тон яго слоў такі незвычайны, такі напружна-цвёрды, што Сяргей мімаволі бляднее і ў вачах у яго пыхае раптоўны спалох.

- Аб чым ты хочаш гутарыць?

Барковіч падыходзіць яшчэ бліжэй, узлягаецца на сваю стрэльбу і ўпінае ў Сяргея жудасна нерухомы погляд.

- Слухай... Колькі часу, як мы спазналіся?

- Даўно ўжо... Год пяць.

- Так. Пяць год. Мы адразу былі здружыліся. Помніш? Гэта дужа цікава... У нас былі моманты, калі мы не маглі жыць адзін без аднаго. Мы часам спрачаліся, лаяліся, крыўдзілі адзін аднаго, а потым шукалі выпадку, каб зноў сустрэцца. Не маглі абысціся без гэтай сустрэчы... Праўда? Ну, вось... Мы пяць год былі самымі блізкімі, самымі шчырымі прыяцелямі...

Ён змоўк, нібы правяраючы ў думках, ці тое сказаў, што трэба было сказаць, або шукаючы слоў для далейшага.

Сяргей з поўнай шчырасцю пацвердзіў:

- Я заўсёды лічыў цябе за лепшага свайго сябра.

Барковіч не звярнуў ніякай увагі на яго словы.

- Вось так... разумееш?.. А ўсё-ткі мы з табой ворагі адзін аднаму.. Найлюцейшыя ворагі, якія толькі могуць быць...

- Адам! Што ты гаворыш?

- Найлюцейшыя ворагі... Фатальныя ворагі... Мы ўвайшлі адзін к аднаму ў жыццё, каб папсаваць яго... Так увесь час і было...

Ён змоўк, нібы аднаўляючы ў памяці драбніцы мінулага.

- Вось з Стасяй... Ты мне псаваў увесь час... страшэнна псаваў... агідна... А я табе... ха-ха!.. ты сам казаў, што нічога не меў... ха-ха!.. нічога не меў...

І ён дзіка зарагатаў. Потым ураз неяк сціх і падблізіў да Сяргея свой скрыўлены злоснай грымасай твар.

- Па праўдзе сказаць, ты паскудненькую ролю там іграў. Зусім такую, ведаеш, нікчэмненькую, туалетную... Ты ж, небарака, нічога не меў... Ха-ха!.. Які недалужны!..

Сяргей яшчэ больш пабялеў, і вочы яго востра заблішчэлі - ні то ад слёз, ні то ад зацятае злосці.

- Адам! Ты мяне абражаеш!..

- Ха-ха! Абражаю? Я думаў, што ты зусім няздольны абразіцца... Слухай далей... Вось з Тацянай... Ты не дужы сам для сябе знайсці што-небудзь у жыцці. Ты, як слімак, падпаўзеш да чужога і рад, што знайшоў дзе прыслініцца. І просты жаль да цябе, перамяшаны з агідай, ты гатоў прыняць за каханне! Ха-ха!.. Цябе кахаць! Такога склізнёнка?

З Сяргеем рабілася нешта надзвычайнае. Яго збялелы твар раптам наліўся крывёй, вочы загарэліся дзікім вар'яцкім агнём, - ён увесь напружыўся і гатоў быў кінуцца з кіпцямі на Барковіча. Ён не мог гаварыць, у яго выходзіў толькі здушаны шэпт.

- Ты... якое права... Я - чалавек!.. Я - чалавек...

Барковіч зусім блізка - твар у твар - прыхіліўся да яго.

- Ты - паскуднік... Я ненавіджу цябе...

З хвіліну яны стаялі так адзін супраць аднаго - лютыя ворагі, гатовыя кожную хвіліну кінуцца ў смяротную бойку. Потым здарылася нешта зусім дзікае і агіднае: Барковіч плюнуў у твар Сяргею і, крута завярнуўшыся, пайшоў на паляну.

Гульня была надзвычайна рызыкоўная, і Барковіч, ідучы роўнымі, нібы зусім спакойнымі крокамі па паляне, з фізічнай яснасцю адчуваў, як па спіне ў яго марознай хваляй перабягаюць мурашкі. Нейкую балюча-вострую звярыную асалоду давала яму гэтае смяротна-напружанае чаканне.

Усё, што адбылося далей, заняло не больш як хвіліну, але тая хвіліна ўвязала ў сябе цэлы віхор самых бурлівых перажыванняў.

Быў адзін момант, калі Барковічу здалося, быццам нешта з тупой сілай штурханула яго ў плечы, і ў галаве яго маланкай бліснула думка, што гэта Сяргей дагнаў яго і ўдарыў прыкладам. Але зараз жа загрымеў стрэл, і за ім - балюча-балюча запякло ў правым плячы.

Цяпер ён ведаў, што трэба рабіць. Са звярынай круткасцю ён абярнуўся назад і абыклым рухам сарваў з пляча зброю.

Сяргей стаяў на ўзлессі - белы як снег - і з нерашучай патугай падымаў стрэльбу, ладзячыся да другога стрэлу.

І раптам - ні з таго ні з сяго - Барковіч зайшоўся ад самага звычайнага, самага вясёлага, гуллівага рогату.

- Бэкасіннік... ха-ха! Бэкасіннік... Шрот такі ў цябе... ха-ха!.. Я забыўся... На дробных птушак... ха-ха!.. Бэкасіннікам у чалавека... у чалавека... ха-ха-ха!..

Сяргей з тупой няўцямнасцю апусціў стрэльбу. Барковіч рашучым махам ускінуў сваю на плячо і, усё яшчэ смеючыся, прайшоў міма Сяргея і ўглыбіўся ў лес.

- Адам! - пачуўся ззаду слабы, надарваны голас.

Ён прыбавіў ходу.

- Адам! - данеслася зусім здалёку - ціха і жаласна.

І ўсё змоўкла.

 

11

 

Барковіч усё глыбей і глыбей удаваўся ў цёмны гушчар, і чым далей ён ішоў, тым спакайней рабіўся яго твар, і ўсмешка, з якой ён не разлучаўся з самага таго трагікамічнага моманту, усё больш і больш набывала дабрадушна-лагодны характар.

Глыбокая застылая ціхасць палескае пушчы, хмельны пах волкай зямлі і спрадвечнага жыццёвага праху, ціхі, малельна-пакорлівы шэпт пажоўклых лістоў і самота - поўная, бязмежная самота, салодкая да ап'янення, да забыцця...

Як добра яму тут! Які цудоўны спакой ахінае істоту яго, як расце, развіваецца яго вольны, непакорлівы дух, надламаны жыццёвай нягодай. І як далёка засталася ўся тая нягода - з жорсткай барацьбой, з трывогай, з дробным дакучлівым мітусеннем.

Ён адчувае сябе пераможнікам. Ён сам не ведае, у чым гэта перамога, але ў душы ў яго - урачыстасць, на сэрцы - спакойная, чыстая радасць. З наўмысна навостранай чуласцю ён прыслухваецца да свае раны, і яму чамусьці прыемна, соладка адчуваць, як пякуча садніць плячо, як сцякае па целу ліпучая цёплая кроў.

- Бэкасіннік...

І ён зусім наіўна, па-дзіцячаму ўсміхаецца.

Лес перасякае чорная паламаная грэбля. Гэта - дарога на станцыю. Ён спыняецца, пільна азіраецца наўкола і ідзе далей па дарозе. Яму дужа прыемна, што дарога пустая, што нікога няма насустрэчу.

Але вось наперадзе, ад завароту, паказаўся конь. Недалужна калупаецца па гразкай грэблі, ледзьве цягне за сабой карахвашку.

Пэўна, нехта едзе са станцыі.

Раптам Барковічавы мазгі праразае вострая здагадка. Ён, як злодзей, кідаецца ў бок ад дарогі і прытойваецца за вялізным камялём старавечнага дуба.

- Так, гэта яна... Гэта - Стася.

Яна праязджае зусім блізка каля яго, і ён спакойна, уважліва яе разглядае.

Яна сапраўды паздаравела... Яшчэ відаць на твары сляды цяжкой хваробы, але ўжо шчокі красуюцца свежай чырванню і ў вачах гарыць вясёлы, зусім здаровы агеньчык. Яна амаль што такая, як і раней.

Яна думае аб нечым вясёлым, прыемным. Нават не можа стрымаць мімавольнае ўсмешкі, якая настойна лезе на твар ёй і гарэзліва трывожыць яе тонкія прыгожыя вусны. Пэўна, малюе ў думках радасную карціну блізкай сустрэчы...

Ха-ха! Каб яна ведала, што ён стаіць тут, на некалькі крокаў, схаваўшыся ад яе, як злодзей!

Карахвашка, нязграбна клыпаючы па карабатай грэблі, знікае за заваротам. Барковіч чакае яшчэ хвіліны са дзве, потым вылазіць з свае засады і, сцеражліва азіраючыся, выходзіць на дарогу. На твары ў яго хітра-здаволеная міна. Ён ашукаў і тут. Ён усіх ашукае, пачакайце толькі! Ён не здасца - о, не! Хай цяпер там разбіраюцца, хай!

Радасць яго пераходзіць магчымыя межы. Яе ўжо няможна стрымаць, яна павінна выліцца неяк з яго да краю перапоўненай істоты. Ён яшчэ раз азіраецца на бакі і, нарэшце, дае сабе волю. Магутны раскатны рогат разлягаецца па бязлюднай пушчы і на хвіліну поўніць яе мітуслівым жыццём. Потым ён у адзін момант сунімаецца і стаіць, сударгава застылы ў рэзка напружанай нерухомасці.

Так. Яго вострае вуха не зманіць. Ён выразна чуе гэтыя далёкія гукі, ціхія і меладычныя, як хлюпанне нявіднай крынічкі. Ён упінае свой распалены радасцю погляд у шэрае неба і бачыць (а можа, гэта здаецца яму?), як плаўна сунецца там жывы рухавы трохкутнік.

Гусі... Апошнія сёлета гусі. Рупяцца, каб не застацца, каб не спазніцца ў той зачараваны край. Яны яшчэ вераць, яшчэ спадзяюцца. У іхняй зазыўнай песні так многа імкнення, так многа надрыўнае радасці.

Ляціце, любыя! Ляціце, родныя! Яшчэ не позна. Ніколі не позна...

Шукайце сонца! Шукайце шчасця!..

Барковіч, як і тады, калі бачыў быў першых гусей, у п'яным захапленні ўзнімае ўгару свае рукі і крычыць услед далёкім вандроўцам:

- Го-го-го-го!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

На станцыі стаяў некуды поезд. Барковіч падышоў да касы, дастаў свой бумажнік, вытрас усё, што ў ім знайшлося, і папрасіў касіра, каб ён на ўсе грошы даў яму праязны білет.


1929?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая