epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Багадзяж

Я - беларуска... (Марыя Магдалена Радзівіл)

Палякі называлі яе «эксцэнтрычнай», нямецкія арыстакраты - дзівачкай, што аддалася справе беларускіх мужыкоў. Расейцы шчыра не разумелі яе памкненняў, летувісы паважалі і нават узнагародзілі ордэнам «Вялікі крыж Гедзіміна». Беларусы ж заслужана лічылі княгіню-асветніцу Марыю Магдалену Радзівіл адной з тых, хто складае гонар іх нацыі.

Нарадзілася Марыя Магдалена 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Дзяцінства яе прайшло ў родавых маёнтках Жарноўцы і Куцічы ў Ігуменскім павеце. Бацька дзяўчынкі, граф Завіша-Кіжгайла, які паходзіў са старадаўняга беларускага роду, вызначаўся патрыятызмам. Быў шырока вядома як археолаг і этнограф. Імкнуўся прывіць дочкам любоў да роднай зямлі і сам з'яўляўся для іх прыкладам у гэтай справе. Неаднойчы браў з сабою Марыю Магдалену і яе старэйшую сястру Марыю Еву падчас наведвання вёсак, што размяшчаліся на яго землях. З жыхарамі гэтых вёсак (як, дарэчы, даволі часта і дома) размаўляў па-беларуску. А вось маці Марыі Магдалены, графіня Марыя Хвіліцкая, была тыповай палячкай. Вызначалася касмапалітызмам, які выражаўся ў захапленні ўсім французскім і ангельскім. Яна дабівалася, каб выхаванне дачок было даверана ангельскім і французскім гувернанткам. Тыя прывілі падапечным цікавасць да французскай літаратуры і культуры, бездакорныя свецкія манеры. Адначасова з гэтым выхаванне ў сям'і Завіша-Кіжгайлаў было надзвычай рэлігійным. Дзяўчынкі выраслі шчырамі каталічкамі. Нягледзячы на ўсё гэта, пачуццё любові да роднай зямлі, пасеянае бацькамі, захавалася ў душу Марыі Магдалены і пазней дало вялікі плён.

Ішлі гады. Дзяўчынка ператварылася ў юную прыгажуню. Па сведчаннях сучаснікаў, у юнацтве Марыя Магдалена прыцягвала ўвагу сваёй арыстакратычнай прывабнасцю. Яна мела залацістыя валасы, бездакорны авал твару, шэрыя вочы, надзвычай белую скуру і вылучалася грацыёзнай хадой.

У 1881 годзе Марыя Магдалена ўзяла шлюб з закаханым у яе 49-гадовым графам Людвікам Крысінскім. Яе муж быў неардынарнай асобай, меў славу ўзорнага гаспадара. У сваіх уладаннях ён пабудаваў і абсталяваў самай новай тагачаснай тэхнікай цукроўні, цагельні, млыны, правёў да іх вузкакалейную чыгунку. Найбольшую ж вядомасць набыў дзякуючы свайму захапленню конегадоўляй. Яго конезавод лічыўся лепшым у Польшчы. Коней, выгадаваных у яго гаспадарцы, куплялі для паляпшэння пароды каняводы не толькі з бліжэйшага наваколля, але нават замежныя. Адначасова з гэтым граф Крысінскі займаўся вялікай грамадскай дзейнасцю. Ён быў заснавальнікам філіі Пецярбургскага таварыства падтрымкі расейскай прамысловасці і гандлю, адным з заснавальнікаў і шматгадовым старшынёй музея прамысловасці і сельскай гаспадаркі ў Польшчы. Захапляўся граф і мастацтвам. У сваім маёнтку меў вялікую калекцыю антыкварыяту.

Вельмі хутка пасля вяселля Марыя Магдалена парадавала мужа. У іх з'явілася дачка, якую назвалі Людвікай. У наступным годзе шчаслівая маці даведалася аб смерці свайго бацькі - графа Завішы-Кіжгайлы. У спадчыну ад яго яна атрымала маёнткі Жарнаўцы і Кухцічы, дзе прайшло яе дзяцінства, і некалькі маёнткаў у Вялікапольшчы. Кіраўніцтва імі яна даручыла свайму мужу. Ён з радасцю ўзяў на свае плечы і гэты цяжар. Кіраваў імі з такім жа поспехам, як і сваімі. Але ў сакавіку 1895 года ён памёр.

Аўдавелая Марыя Магдалена, дзякуючы спадчыне, якая засталася ёй ад бацькі і мужа, стала адной з найбагацейшых землеўладальніц краю. Зразумела, што да яе амаль адразу пачалі заляцацца з прапановамі рукі і сэрца. Але яна не спяшалася зрабіць выбар, бо разумела, што прэтэндэнтаў цікавіць не столькі яна сама, колькі яе багацце. Таму ўсе яны атрымалі адмову.

Пасля смерці бацькі і мужа ў Марыі Магдалены, якая заўжды вызначалася набожнасцю, яшчэ больш узмацнілася гэтая рыса характару. Яна вырашыла ахвяраваць частку свайго багацця на філантрапічную дзейнасць і фундатарства. Асаблівую ўвагу звяртала на дзяцей-сірот, шмат рабіла для паляпшэння іх становішча. Адкрыла шэраг прытулкаў для іх. Адначасова фундавала будаўніцтва касцёла на вуліцы Манюшкі ў Варшаве, шпіталя таварыства дабрачыннасці ў Менску і прыстанішча Маўрыцыя Чарноцкага тамсама. У гэты час яна шмат падарожнічала па Эўропе. Наведала Італію, Францыю, Ангельшчыну. Падчас вандроўкі па «туманным Альбіёне» пазнаёмілася з князем Мікалаем Радзівілам. Новы знаёмы прывабіў яе незвычайнасцю свайго характару і жыцця. Гэта быў сапраўдны авантурыст у лепшым сэнсе гэтага слова. Пры знаёмстве з яго біяграфіяй узнікае ўражанне, што яму варта было б нарадзіцца на некалькі стагоддзяў раней. З яго мог бы атрымацца славуты першаадкрывальнік або заваёўнік заморскіх краін. Князь Радзівіл шмат падарожнічаў, пабачыў свет, прыняў удзел амаль ва ўсіх войнах свайго часу. Ён змагаўся на Балканах, удзельнічаў у англа-бурскай вайне. Прычым, у адрозненне ад шэрагу сваіх суайчыннікаў, якія ваявалі на баку нашчадкаў галандскіх каланістаў - бураў, Мікалай дапамагаў ангельцам у іх заваёўніцкай дзейнасці. У якасці добраахвотніка ён таксама прымаў удзел у расейска-японскай вайне. Вызначыўся ў баях з японцамі сваёй мужнасцю, кемлівасцю і дзёрзкасцю. Атрымаў некалькі ўзнагарод.

Карацей, Радзівіл моцна вылучаўся з таго асяроддзя, што атачала Марыю Магдалену. Знаёмства хутка перарасло ва ўзаемнае каханне. Не перашкодзіла нават тое, што князь быў маладзейшым... на 19 гадоў. У хуткім часе Марыя Магдалена атрымала ад яго прапанову пабрацца шлюбам. Вянчанне адбылося 30 красавіка 1906 года ў Лондане, у каралеўскай Баварскай капліцы.

Польскі «свет» успрыняў гэты шлюб, як кажуць, у штыхі. Нягледзячы на тое, што князь Радзівіл знаходзіўся ў сваяцкіх адносінах з многімі знатнымі мясцовымі родамі, вышэйшае грамадства яго не прыняло. Яно не магло дараваць Радзівілу ягоны авантурызм і эксцэнтрычнасць. Аднак князь да таго ж славіўся як «хлапаман» і русафіл. Яму быў аб'яўлены байкот. Марыя Магдалена разам з мужам вырашаюць парваць з польскім грамадствам. Князю гэта не здавалася цяжкім, ды і наша зямлячка, дзякуючы выхаванню бацькі, ніколі не адчувала вялікай прыхільнасці да палякаў. Яна нават пазбягала размаўляць на польскай мове. Для размоў у сяброўскім коле ўсё жыццё выбірала альбо беларускую, альбо французскую мову. Больш таго, у 1912 годзе на старонках газеты «Minske Russkae Slovo» («Мінскае рускае слова») абвясціла: «Лічу сябе беларускай, паходжання літоўскага. Як і муж мой, за польку сябе не лічу». Прычым адным з аргумантаў, якія пацвярджалі яе думку, прыводзіла тое, што «... муж мой ніколі не ажаніўся б з полькай».

Маладажоны пакінулі Варшаву. Пасяліліся ў Кухцічах у сядзібе, пабудаванай яшчэ прадзедам Марыі Магдалены. Мікалаю Радзівілу гэтыя мясціны вельмі спадабаліся. Ён наогул любіў прастату, натуральнасць. Апранаўся вельмі сціпла. Нечакана захапіўся збіраннем фальклору. Вандраваў па наваколлях, запісваў народныя песні, паданні, рабіў апісанні абрадаў. Свае запісы адсылаў у Пецярбург у Геаграфічнае таварыства. Разам з ім Марыя Магдалена пачала дзейнасць па падтрымцы пачынанняў беларускіх палітычных колаў розных напрамкаў. Прыкладала шмат намаганняў для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў. У сваіх вёсках Кухцічы, Каменка і Ўзда адчыніла беларускія школы, фінансавала іх. Там жа ўтварыла таварыствы цвярозасці. Аказала грашовую дапамогу судэнтам Віленскага і іншых універсітэтаў. Устанавіла для іх некалькі стыпендый. Дапамагала бібліятэцы беларускага гуртка пры Духоўнай Акадэміі ў Пецярбургу. Падтрымлівала матэрыяльна беларускіх каталікоў. Аказала фінансавую дапамогу для будаўніцтва трох аднапавярховых будынкаў інтэрната семінарыстаў у Вільні. Нягледзячы на тое, што была шчырай каталічкай, дапамагала грашыма іншым канфесіям. Напрыклад, падтрымала намаганні ксяндза Фёдара Абрантовіча па ўтварэнні беларускага калегіума ў Рыме. Дала яму вялікую суму грошай на гэту справу. Аднак галоўнае, чым вызначылася дзейнасць Марыі Магдалены ў гэты час, - гэта падтрымка першых перыядычных беларускіх выданняў. Яна апекавала выдавецтва «Загляне сонца ў наша ваконца» ў Пецярбургу, Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні, «Нашу ніву», каталіцкі клерыкальны часопіс «Bielarus», які выходзіў на лацінцы, іншыя выданні. Аказвала ўсебаковую дапамогу творчай моладзі. За яе грошы былі надрукаваны першыя кнігі Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і іншых пачаткоўцаў.

Падтрымлівала Марыя Магдалена і летувіскіх каталікоў. У 1912 годзе для іх у Лондане быў пабудаваны касцёл. Праўда, з умовай - «каб ім не карысталіся палякі».

Муж не толькі не перашкаджаў ёй займацца ўсёй гэтай дзейнасцю - наадварот, аказваў усялякую падтрымку. У сям'і панавалі каханне, мір і ўзаемаразуменне. Усё змяніла першая сусветная вайна. З першых яе дзён князь Радзівіл уступіў у армію Расеі. 30 лістапада 1914 года ён загінуў ва Ўсходняй Прусіі.

Марыя Магдалена глыбока смуткавала. Жыла то ў сваіх беларускіх маёнтках, то ў Менску, дзе па вуліцы Захар'еўскай мела ўласны дом. У год смерці мужа аказала грашовую дапамогу летувіскай гімназіі ў Марыямпалі. Яшчэ больш зблізілася з беларускімі палітычнымі дзеячамі. Яе дом у Менску і палац у Кухцічах з 1915 года па 1918 былі месцамі сустрэч Рамана Скірмунта, Вацлава Іваноўскага, Аляксандра Ўласава, Івана і Антона Луцкевічаў. Марыя Магдалена падтрымлівала іх усіх маральна і матэрыяльна. У 1915 годзе яна стала ганаровым сябрам Цэнтральнага камітэта Літвы па справе дапамогі інвалідам вайны. У 1917 годзе выехала ў Маскву. Аднак праз некалькі месяцаў вярнулася назад у Менск. У наступным годзе абвясціла сябе грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі. У канцы гэтага ж года, перад самым прыходам Чырвонай Арміі, выехала ў Варшаву. Там працягвала займацца палітычнай дзейнасцю. У сваім палацы ўтварыла салон, у якім, акрамя беларускіх дзеячаў, неаднойчы бывалі прадстаўнік Летувы ў Польшчы Ю.Шаўліс, біскуп Эдуард О'Роўрк, гурт палякаў-землеўладальнікаў на чале з Раманам Скірмунтам і Эдвардам Вайніловічам. У гэты час Марыя Магдалена выношвала ідэю выпрацоўкі канцэпцыі, якая магла б прывесці да ўтварэння вуніі паміж беларускімі і польскімі землямі. Аднак палякам гэта ідэя прыйшлася не даспадобы. Праз пэўны час яны наогул пачалі адмоўна ставіцца да дзейнасці нашай зямлячкі. Яна адчула гэта. Да таго ж яе замучыла туга па радзіме. У 1919 годзе яна паспрабавала вярнуцца на Беларусь, але гэтыя спробы сарваліся, бо ёй адмовілі.

Пасля гэтага Марыя Магдалена вырашыла канчаткова парваць з Польшчай. Яна пачала распрадаваць сваю маёмасць і ўладанні. Крыўда яе на заходніх сусядзяў была настолькі моцнай, што нерухомасць сваю яна прадавала каму давядзецца, нават жыдам - абы не палякам. У 1922 годзе Марыя Магдалена перабралася ў Летуву. Пасялілася ў Коўна. Летувіскі ўрад у знак удзячнасці за дабрачынную і фундатарскую дзейнасць узнагародзіў нашу зямлячку ордэнам «Вялікі крыж Гедзіміна».

У Коўне Марыя Магдалена зноў зблізілася з шэрагам дзеячаў былой Беларускай Народнай Рэспублікі. Прычым разыходзілася з часткай з іх па пытанні аб тым, з кім аб'ядноўвацца. Стаяла за еднасць з Расеяй - нават савецкай. І рэзка выступала супраць збліжэння з Польшчай. Пазней яна пераехала ў Германію. Вельмі крыўдзілася, калі прадстаўнікі мясцовай арыстакратыі называлі яе полькай або расейкай. Падкрэслівала, што яна - беларуска. Дабрачыннай дзейнасці ўвесь гэты час не перапыняла. Рэгулярна дасылала грошы беларускім студэнтам і арганізацыям у Вільні. Сярод мясцовых арыстакратаў заслужыла славу дзівачкі.

На пачатку 30-х гадоў Баварыю ахапіў фашысцкі рух. Марыя Магдалена ставілася да нацыстаў з пагардай, аднак адчула, што за плячамі гэтых малойчыкаў стаяць магутныя сілы, якія імкнуцца прывесці іх да ўлады. Таму ў 1932 годзе яна перабралася ў Швайцарыю. Вырашыла пакінуць свет і пайсці ў манастыр. Спыніла свой выбар на кляштары дамініканак з горада Фрыбург, вядомым жорсткасцю свайго ўставу. Аднак і за мурамі кляштара не перастала займацца дабрачыннасцю. Працягвала фінансаваць беларускія арганізацыі, якія знаходзіліся ў Польшчы. У 1935 годзе здзейсніла акцыю, якая выклікала выбух незадавальнення і крытычных заўваг як сярод польскай арыстакратыі, так і на старонках газет, - на свае грошы пабудавала ў Варшаве дзве школы для жыдоўскіх дзяцей.

Другая сусветная вайна абмінула Швайцарыю. Аднак Марыя Магдалена вельмі балюча пераносіла весткі аб перамогах нямецка-фашысцкіх войск на ўсходзе. Яна з вялікай увагай сачыла за развіццём падзей. Прадказвала, што Германія пацерпіць паразу. На вялікі жаль, не дажыла да дня, калі яе словы канчаткова спраўдзіліся. Не дажыла ўсяго некалькі месяцаў. Сэрца гарачай патрыёткі і нястомнай асветніцы перастала біцца 6 студзеня 1945 года.

Марыя Магдалена памерла. Аднак засталіся кнігі, што былі выдадзены на яе грошы, касцёлы, фундаваныя ёю, нашы землякі, якія з яе дапамогай змаглі атрымаць адукацыю і прысвяціць сябе справе служэння роднай зямлі. Засталася памяць.


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская мінуўшчына, No.1, 1996.