epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Гіль

Кім і Валерыя

ВЕРАСЕНЬ 1959 ГОДА
ТОЙ ЖА ВЕРАСЕНЬ ТАГО Ж ГОДА
МАЙ 1960 ГОДА
ЛЮТЫ 1961 ГОДА
КАСТРЫЧНІК 1964 ГОДА
ЛІСТАПАД 1965 ГОДА
КРАСАВІК 1969 ГОДА
ВЕРАСЕНЬ 1973 ГОДА
МАЙ 1978 ГОДА
ЛІПЕНЬ 1981 ГОДА
ЖНІВЕНЬ — КАСТРЫЧНІК 1984 ГОДА
МАЙ 1985 ГОДА
  


 

ВЕРАСЕНЬ 1959 ГОДА

Пра Валерыю Кім упершыню пачуў ад маці...

Прыйшоў неяк з работы, сеў вячэраць, а маці вазьмі дый скажы:

— Бачыла ж настаўніцу новую. У краме напаткала...

Ён і вокам не міргнуў. Што яму да той настаўніцы — хоць новай, хоць старой? Каб тады, як атэстат у вячэрняй «зарабляў», дык мо і не прайшло б міма яго гэтае нецярплівае мацерына паведамленне. А цяпер? Настаўніцы шафёрамі не цікавяцца, ну, а шафёры — настаўніцамі. Вось так! Як еў, так і еў, не папярхнуўся — прамаўчаў.

Толькі ж маці быццам усё роўна, блізка прыняў ён яе словы ці краем вуха спаймаў. Ёй пагаварыць ахвота. У хаце ёй няма больш каму слова сказаць, цэлы дзень усё маўчком ды маўчком, хіба толькі на ката раз-другі апсікне. А ўжо ж і сцямнела, хай не летні, але яшчэ і не кароткі дзень дагарэў — ці ж не намаўчалася? А тут сын дахаты прыйшоў, вячэраць сеў — чаму ж ёй нарэшце язык свой не пасушыць?

— Гэта ж соль скончылася. Накрышыла бульбы ў гаршчочак, хацела ў печ паставіць, каб табе тушанка была, лап на пяколку ў ступку, а там — пуста, ні драбінкі. Забылася, што ўжо раніцай ледзь нашкробала лыжкай па днішчы, каб табе блін пасаліць... От і пайшла ў краму. А там і яна, настаўніца новая...

Кіўнуў ён нарэшце галавою — чую, маўляў, хоць яму тое да лямпачкі, і сам сабе, цішком, хмыкнуў, пабачыўшы, што гэтым сваім кіўком адно падахвоціў маці.

— Дык я і кажу, Кімачка, маладзенькая новенькая. Пэўна, толькі-толькі навуку сваю прайшла. Дробненькая, танюсенькая ўся, як школьніца. Зусім падлетка! Ці ж будуць хаця слухацца яе ў школе?.. А з тварыку каб надта прыгожанькая, дык і не. Мо і зусім нават. І рот велікаваты, і вочы лупаватыя, і лоб, як для дзеўкі, дык высокі нейкі. Але ж затое рухавая, жвавая — каб ты ведаў! Жыўчык! На месцы не ўстаіць...

Ён маўчаў. Добра ўжо і тое, што маці не ўпадабала новую настаўніцу. Значыць, можна спакойна вячэраць. Да гаворкі пра тое, што пара яму, Кіму, жаніцца, не дойдзе. А ўсё іншае — можна слухаць. Слухаць і ківаць галавою — пагаджацца.

— І надта ж да людзей прыемная. Каторы ўсяго дзень у нас, а быццам наша, чырванаборская дзеўка. Да ўсіх загаворвае, на ўсё азываецца, не бянтэжыцца — шчабеча і шчабеча, як ластавачка. А як усміхнецца, дык дзе тое і бярэцца — ажно прыгажэе, што ні ёсць красуняй робіцца, так бы і глядзеў на яе, так бы і глядзеў. Тварык у яе, сынок, такі чысты і добры, каб ты ведаў. Свеціцца дабратой, здаецца. Няйначай і душа ў яе добрая, даверлівая і спагадлівая. Гэта ж відаць у чалавеку адразу, Кімачка! Бывае, чалавек каторы прыкідваецца добрым, а нешта — вочы там ці рот — выдае: ніякі ты не добры, а зласлівец і зануда. Так і дабрыня — каб і хацеў схаваць, не схаваеш. Хаця — навошта ж яе хаваць, каб хто спытаў?.. Ага, дык пра што я? А пра тое, сынок, што некаму дзеўка будзе добраю жонкаю. І настаўніца акрамя таго. Не тое што ні зрабіць, ні сказаць... Дык я і думаю: а ці ж ты ў мяне зломак? Га, Кімачка?

Так і ёсць, маці свайго ўсё ж дамаглася: папярхнуўся ён!

Абяззброіла, прыспала ягоную насцярожлівасць, выклікала ягоную даверлівасць, а тады знячэўку і сцебанула. Трэба ж умець!

Папярхнуўся ён, закашляўся, засмаркаўся ажно — так, што слёзы з вачэй пакаціліся. Скончылася тым, што падхапіўся з-за стала, не даеў, не дапіў, матлянуўся за дзверы. Дзякуй, мамачка!

Абрыдлі яму мацерыны гаворкі пра жаніцьбу. Пра што б ні пачала гаварыць, абавязкова звядзе да гэтага: маўляў, чаго марудзіш, сынок, чаму не хочаш, каб я мела шчасце ўнукаў паняньчыць? Ён спачатку жартачкамі адбываўся, пасля абяцанкамі-цацанкамі, а ўрэшце і злаваць пачаў. Што ўжо маці так рупіцца? Ці ж ён такі ўжо лысы кавалер, як за даўнім часам? Дваццаць пяць усяго. Ну, дваццаць шосты, калі ўжо на тое пайшло. Дык што — спазніўся, ужо не зможа ачалавечыцца? Убіла сабе маці ў галаву!

На каго ўжо толькі не намякала яму! І ўсіх чырванаборскіх дзевак перабрала — і каторыя дома пазаставаліся, і каторыя ў горадзе, і з суседніх сёл. І выходзіць па ёй, што ўсе такія ўжо добрыя і фацэтныя, што да любой тут жа бяжы ў сваты, бо перабягуць дарогу іншыя жаніхі, перахопяць. А на іх як не глядзеў ніхто, так і не глядзіць!

А цяпер во — настаўніцу новую ўгледзела. У краме пабачыла, ці паназірала за ёю і пяць мінут, а ўжо — і красуня, хоць з твару і не надта каб, і душа добрая, спагадлівая... Адным словам, бяжы, Кімачка, не пазніся, як пабяжыш, дык можаш адхапіць сабе жонку-настаўніцу, бо хоць ты і шафёр, але не зломак!.. Хоць бы павячэраць дала спакойна...

Выскачыў з хаты, выйшаў на вуліцу, пабрыў абы-куды. І як прайшоўся з канца ў канец вёскі, дык і супакоіўся, і ўжо ці не насуперак сабе нядаўняму нечакана падумаў, што, нягледзячы на ўсё, варта было б усё-такі паглядзець, якая яна, гэтая новая настаўніца, і чым яна кінулася маці ў вочы...

А Валерыі пра яго, Кіма, гаспадыня сказала.

Новую настаўніцу ўзяла на кватэру Люба Міхалкава. Усе ў Чырвоным Бары лічылі яе, і, пэўна, не без падстаў, бабай звяглівай, зайздроснай і зласлівай. Яе не кармі, а дай каго абгаварыць ды абняславіць. Таму ўсе ў вёсцы і шкадавалі прысланую дзеўку, і дакаралі таго дурнога жартаўніка, які нараіў ёй такую гаспадыню.

А шкадавалі і дакаралі, як неўзабаве высветлілася, дарэмна. Новая настаўніца была, па ўсім відаць, цалкам задаволена сваім кватараваннем і не выказвала аніякага жадання мяняць свой чырванаборскі адрас. Чырванаборцы паздзіўляліся трошкі ды і перасталі. І правільна зрабілі, бо новая настаўніца здзіўляла іх пасля неаднойчы.

Ну, але гэта пасля. А напачатку, ці не ў першыя дні, дні знаёмства і папярэдняй прыціркі, нават яшчэ не прыціркі, а ўзаемнага прыглядвання адна да аднае, Люба Міхалкава, уводзячы сваю пастаялку ў чырванаборскае асяроддзе, сказала некалькі слоў і пра Кіма. Не сказаць каб пахваліла, але і не зганіла. Ён, як пачуў пасля, не паверыў нават, што Люба Міхалкава, пры яе вясковай рэпутацыі, магла сказаць пра яго такое.

Аднойчы вечарам, не халодным, але ўжо і не цёплым вераснёўскім вечарам, запаліла Люба Міхалкава ў грубцы, і калі дровы ўгарэліся, калі з расчыненых дзверцаў паплыло на хату ласкавае і зваблівае цяпло, яны ўселіся перад полымем абедзве — гаспадыня і пастаялка. І сядзець ім, пэўна, было добра, бо пры агні добра сядзець усім і ўсюды, і з гэтае прычыны нават у Любы Міхалкавай няйначай пацяплела душа, і загаварыла яна да прыезджай дзяўчыны прыкладна так:

— Сумна табе, Віктараўна, будзе ў нас. Во так, ля грубкі, і праседзіш зіму. Маладому ж, кажуць, маладое ў галаве. А дзе яно ў нас, тое маладое? Калі там, у горадзе, не займела хлопца, дык тут... На ўвесь Чырвоны Бор адзін Кім Курловічаў. Хлопец не дурны і не брыдкі, і здаровы, не ў прыклад матцы-здыхлі, але ж — шафёр мурзаты. Табе не пара. Як у песні, што мама-нябожчыца некалі пела — пра вутачку вольную, чыстапёрую і пра селезня збродлівага, надворнага...

Пастаялка на тое, разамлелая ад пяшчотнага цяпла і ад ласкавейшага, чым звычайна, нават ці не заклапочанага голасу гаспадыні, пацягнулася, як перад сном, лянотна сказала:

— Ой, цётка Люба, перад грубачкай так добра, што можна не адну, а ўсе пяць зім праседзець!

— Не, Віктараўна! Лепш смерць ужо! — жорстка абарвала яе гаспадыня.

— Ой, цётка Люба, вы што? — схамянулася, скінула з сябе разамлеласць настаўніца.

— А што чуеш! Я во — ці не ўвесь свет зненавідзела! А ўсё праз тое, што адна вякую. Чымся адной, дык ужо лепей...— І не дагаварыла гаспадыня, махнула безнадзейна рукой.

Настаўніца паглядзела на гаспадыню вялікімі, не то здзіўленымі, не то задуменнымі вачамі, памаўчала, уздыхнула, быццам нешта падумала сама сабе, няпэўна сказала:

— Не ведаю... Мне, акрамя маіх вучняў, ніхто не патрэбны. Ні гарадскі, ні ваш чырванаборскі... Як вы сказалі? Кім Курловіч?

— Ага, Курловічавых Кім. Добры хлапец. І рукі не зломка мае. Але ты, Віктараўна, не па ім ягадка. Твайго каралевіча тут няма.

— Калі не тут, цётка Люба, дык недзе, а павінен быць. Я спадзяюся, веру — адгукнецца,— вочы ў пастаялкі ўжо смяяліся.— Бо інакш — не дарую, сама яго знайду. Хоць за трыдзевяць зямель!

— Маладым і нам так думалася,— сказала, бы пагадзілася з ёй, гаспадыня.— Чакаеш-жджэш свайго каралевіча, а пасля азірнешся — ужо і таго самага Кіма Курловічавага няма, даўно дзецьмі абсыпаўся.

Пастаялка падхапілася з зэдліка, узмахнула рукамі, крутанулася па хаце, бы ў вальсе, праспявала:

— Не адпявайце мяне, цётка Люба, не адпявайце! Пра мяне ў дзетдоме яшчэ казалі, што я — адпетая! Мне ваш Кім такой свінні не падкладзе! Ён мурзаты шафёр? Дык я зраблю з яго каралевіча! Зраблю, цётка Люба! Як са сваіх вучняў раблю паэтаў і мастакоў, інжынераў і ўрачоў, так і з яго зраблю сабе каралевіча... Калі толькі ён хоць на што здатны, ваш Курловіч,— дадала для пераканаўчасці.

Гаспадыня засмяялася, заківала галавой:

— Ты, Віктараўна, зробіш! Хто-хто, а ты зробіш! Іш ты яе — адпетая...

Вось так яны ўпершыню пачулі адно пра аднаго. Не ўсур’ёз, а жартам. І маці Кімава, кажучы яму пра новую настаўніцу, не спадзявалася, вядома, што сын пачне падбіваць кліны пад яе. І Люба Міхалкава, згадаўшы тым вечарам Кіма, і ў думках не мела што-небудзь такое — проста ён і папраўдзе быў адзіным хлапцом на Чырвоны Бор. Сапраўдным хлапцом. Не засмэркам і не прыдуркам.

Але і жартаў тых хапіла, каб ён запомніў яе, а яна — яго. На тое яны і маладыя. Калі гаворыцца маладым пра маладое, дык любое слоўка, жартоўнае ці памяркоўнае, можа стаць і прынадай, і звадай. Акрамя таго, у кожным жарце, як вядома, ёсць і доля праўды, хоць макавінка. І тут шмат што залежыць ад таго, у якую глебу трапіць гэтая самая макавінка. Трапіць у сухі пясок — ссохне і сатлее. А калі ва ўробленую, шчодра сагрэтую сонейкам глебу? Буйным кветам расцвіце тады тая невідучая воку макавінка.

Такой прыдатнай глебай былі яго душа і яе душа. Даўно саспелі яны для кахання і гатовы былі прыняць у сябе ягонае зерне, буйное і плоднае. Але, але, яны прагнулі менавіта такога насення — буйнога, моцнага, імклівага. Даўно, калі і ён і яна былі яшчэ зялепухамі, ім падалося, што яны знайшлі такое зерне. Але тады іх падманулі. Хоць, можа, не так іх, як яны самі падмануліся.

Пасля сямі класаў ён пайшоў у восьмы — маці, нягледзячы на сваё слабое сэрца, наважылася вучыць яго далей, каб з гадамі ўбачыць сына студэнтам. Восьмы клас ён скончыў, паслухаўся, а ў дзевяты не пайшоў. Плакаў разам з маці, а не пайшоў. Бо нечакана неяк адчуў сябе дарослым: убачыў, што маці б’ецца з апошніх сіл. Сам ён і далей не зважаў бы на тое, што ходзіць у школу ў суконных бурачках і ў сцёганай ватоўцы — нібы не ў школу, а ў лес па дровы, але знаходзіліся ўжо і тады такія, што пасміхваліся і нават здзекаваліся. А ў дадатак штогод трэба было плаціць за вучобу сто пяцьдзесят рублёў. І аднойчы ён выпадкова падслухаў, як маці прасіла ў аднаго чалавека пазычыць ёй тых сто пяцьдзесят рублёў. Яму стала вельмі шкада маці і адначасова чамусьці брыдка за яе, і ён тады ці не ўпершыню так востра адчуў, як гэта нядобра — падслухоўваць. І тады ж сказаў сабе, што ў дзевяты не пойдзе, а пойдзе ў калгас. Хоць бы напарнікам да трактарыста. Плугаром спачатку. Так і зрабіў. І пакуль ісці ў армію, меў правы не толькі трактарыста, але і шафёра. Тыя тры даармейскія гады былі ў яго нялёгкія. Працаваў ён як з нейкай зацятасцю. Маці ўжо спрабавала ашчаджаць яго ад работы, сяды-тады нагадвала яму пра кіно ці вечарынку ў клубе — сам ён забываўся на тое. Ці не з-за гэтай зацятасці ў рабоце і на дзяўчат не глядзеў. Ні разу, пэўна, як іншыя яго аднагодкі, не пратырчэў з дзеўкай дзе-небудзь ля плота ці на лаўцы пасля вечарынкі да самага ранку, ажно да той пары, калі пастухі ў поле займаюць. Такім ціхамірным і ў армію пайшоў. І толькі там закахаўся. Укляпаўся па самыя вушы. І не ў каго-небудзь, а ў палкоўніцкую дачку. На другім годзе службы собіла яму вазіць камандзіра палка. Амаль штодня даводзілася забіраць яго з дому і адвозіць дадому. Было, што вазіў і палкоўніцкую жонку. А часам не толькі жонку, але і дачку, і сына. Сын быў малы, у пяты, пэўна, клас хадзіў, а дачка — студэнтка ўжо, хоць і першакурсніца. І такая прыгажуня, якой свет не бачыў. Ну, калі не свет, дык ён, прынамсі, не толькі не бачыў, але і не ўяўляў, што такія могуць быць. Кожны раз, сядаючы за руль, Кім і радаваўся і пакутаваў адначасова. Ён нават і не ведаў, дзе канчалася радасць і пачыналася пакута, ці наадварот, дзе канчалася пакута і пачыналася радасць. Бачыў яе — радаваўся, трымцеў увесь і бянтэжыўся, каб хоць нічым не выдаць сябе перад ёю, а найперш перад яе бацькам. А іншы раз убачыць, зірне — і так тужліва яму зробіцца, так заные сэрца ад безнадзейнасці, што лепш бы не ведаць і не бачыць. За паўгода, а мо і за ўвесь год, як ён вазіў яе бацьку, ён так і не рашыўся не тое што заікнуцца пра нешта такое, а нават загаварыць з ёю. А яна? Ці думала хоць калі-небудзь пра яго, ці здагадвалася, седзячы ў машыне, што наскрозь працінае яго сваімі падфарбаванымі вачамі? Хто яго ведае. Наўрад! А вось бацька, напэўна, здагадаўся, бо не было ніякай другой прычыны знянацку браць сабе іншага шафёра, а яго адправіць у роту. Больш ён палкоўніцкай дачкі не бачыў і паступова забыўся на яе, хоць яна доўга яшчэ, ужо калі і дома быў, прыходзіла да яго ў сны, прыбягала і ў думкі ў хвіліны мройлівай летуценнасці, але ўжо толькі як нешта нерэальнае, што было некалі і не было, як даўняя і забытая казка.

Пасля арміі ён застаўся ў Чырвоным Бары, застаўся насуперак усеагульнаму імкненню ў горад, а найперш — дзеля маці, здароўе якой за тры гады яго адсутнасці яшчэ больш пагорала. Зноў стаў рабіць у калгасе — шафёрам. Адно — паслухаў маці, пайшоў у дзевяты клас у вячэрнюю. Маці казала: «Пакуль не завёў сям’і, сынок, і пакуль я жывая — вучыся. Не ведаю чаму, і табе мо смешна, сынок, гэта слухаць, але здаецца мне — у вучобе твой лёс. Яно і ў сям’і прыдасца, Кімачка. Будзеш вучыцца, дык, глядзіш, і дзеўка лепшая знойдзецца, ужо і сам абы да каго не пахінешся...» Лёс не лёс, а паслухаў, і вось ужо скончыў, сёлета атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Маці падганяла адразу ж паступаць куды далей, калі не ў інстытут, дык у тэхнікум, ён ужо і завагаўся быў, думаў — мо і праўда паспрабаваць, падаць дакументы ў той жа інстытут механізацыі, але і бянтэжыўся ад такога, як самому здавалася, нахабства, бо разумеў, усведамляў, што вучоба ў вячэрняй дала яму няшмат, цягнулі там яго за вушы бязбожна, дапісвалі за яго і дарошвалі, і калі б не рабілі гэтага, дык ці ляжаў бы ў яго ў шуфлядцы той самы атэстат. Вагаўся, але так і не паслаў дакументы. Парашыў пачакаць нейкага лепшага часу. Прынамсі, маці так сказаў. А дзяўчыны як да вучобы не знаходзілася, так і пасля вучобы. Той, вядома, да якой бы пахінуўся. Былі, каторыя, заўважаў, пахінуліся б і самі да яго, абы не адварочваўся, ды толькі ні ўсур’ёз, ні жартам не міргаў ім. Здаўна, сам не ведае калі, адклалася ў душы ўсведамленне, што чалавек ёсць чалавек, а быдла ёсць быдла і што, можа, найбольш гэтая розніца выяўляецца недзе тут, ва ўзаемаадносінах яе і яго, і што, каб цябе паважалі, трэба найперш паважаць сябе. Гэта ці не адзіны, так сказаць, участак жыцця-быцця чалавечага, дзе ягоная душа ад раздваення і растраення не набывае, а страчвае, паступова зусім спустошваючыся. У гэтым ён быў непарушны, і хлапечыя ці мужчынскія жартачкі, усялякія выхвалянні выклікалі ў яго адну брыдкасць. А маці, між тым, яго адмову падацца куды на вучобу зразумела і трошкі інакш. Маўляў, не хочаш вучыцца, дык тады, сынку, пара жаніцца. Маўляў, тады мо жонка паўплывае на цябе мацней, чым маці, яе мо паслухаешся хутчэй і хоць завочна, а будзеш вучыцца. Вось так. Не кіем, дык палкай. І няўтомна пачала перабіраць чырванаборскіх і нечырванаборскіх дзевак. І дайшла во, не спатыкнулася, да новай настаўніцы, хоць нават не ведае, як і зваць яе. Пэўна ж, не ведае! Так і не назвала па імені. Усё новенькая настаўніца ды новенькая настаўніца...

А яна закахалася ў дзесятым класе. З дзетдома нямногія пайшлі ў восьмы клас. Дзяўчынкі рассыпаліся хто куды, а хлопчыкі амаль усе ў школы фэзээн. У дзесяты ў гарадскую школу хадзіла ці не адна яна. І якраз той парою ў дзетдом прыслалі новага выхавальніка. Міхаіла Аляксандравіча. Маладога, прыгожага. Працаваць ён, мусіць, не любіў і не ўмеў, стараўся як мага больш спіхнуць на іншых. І часцей за ўсё — на яе. Але хіба тады яна разумела гэта? Яна па дзетдомаўскай завядзёнцы апекавала малых. Свае ўрокі паробіць і — да іх: гуляе з імі, сочыць і памагае, каб урокі зрабілі, работу розную з імі робіць. От новы выхавальнік і знайшоў сякеру пад лавай. Усё просіць ці даручае ёй то гэта зрабіць, то тое. А яна, дурненькая, і радая. Абы лішні раз яго пабачыць, пачуць. Здаецца, са скуры вылузалася б, каб толькі дагадзіць, каб спадабацца яму. І штоночы ў падушку плача: ні разу і ніколі ён не паглядзеў на яе так, як яна на яго, ні разу не заўважыў, што яна балеткі свае кожны вечар зубным парашком беліць і спаднічку чорненькую, у складачкі, прасуе. Ні аб чым іншым яна ж і не думала — каб толькі ён хоць разок убачыў яе, усміхнуўся шчыра, а не дзяжурнай усмешкай старэйшага чалавека, настаўніка,— яна б і ад гэтага была на сёмым небе. Раней яна любіла дырэктара дзетдома Івана Васільевіча, настаўніка-матэматыка Антона Антонавіча, старшыню сельсавета Зарэцкага і інспектара райана Стрыжака. З паяўленнем Міхаіла Аляксандравіча ўсе яны ў яе вачах пашарэлі, страцілі ўсялякі глянец. І апранаюцца не так, і гавораць не так, і ходзяць не так, як Міхаіл Аляксандравіч. Калі і ёсць хто на свеце, каго можна любіць, дык гэта Міхаіл Аляксандравіч. І дарма, што яна начамі мочыць слязамі падушку. Усё роўна яна самы шчаслівы чалавек. Бо мае магчымасць бачыць яго, чуць яго, нават гаварыць з ім кожны, амаль кожны, калі папраўдзе, дзень. І больш ёй нічога не трэба. Анічагусенькі! Хай толькі Міхаілу Аляксандравічу будзе добра тут. Сытна, цёпла, спакойна. Пра тое, што ў яго ёсць ці можа быць жонка, не думала. Не магла думаць. Па той простай прычыне, што ў яго не можа быць ніякай жонкі. Сёння няма і заўтра не будзе. І паслязаўтра таксама. Некалі, няскора, можа быць, вядома, дык — тады тое і будзе. І не разумела нейкі час, як яе сэрца ад крыўды не разарвалася, калі аднойчы да Міхаіла Аляксандравіча прыехала жонка, і не адна, а з дачушкай. Сэрца ўсё ж неяк вытрывала, не разарвалася, затое ўвесь глянец з Міхаіла Аляксандравіча таксама сышоў. У той жа дзень і незваротна, бо — які ж ён малады і прыгожы, калі ў яго ёсць жонка і дзіця?

У інстытуце, у Мінску, хадзіла трошкі з адным хлопцам, з гістфака, але несур’ёзна. Выпадкова, на сумесным вечары адпачынку, пазнаёміліся. Схадзіўшы разы тры ў кіно, перасталі страчацца, не шкадуючы ні аб чым. Прынамсі, яна не шкадавала. Душа ў яе не страпянулася. А калі так, дык лепш — бывай, таварыш! А пасля было цаліннае лета і цяжкая сесія, потым піянерскае лагернае лета і «бульбяная» восень, і зноў цяжкія сесіі, дыпломная — хлопцы прайшлі міма. Ці яна міма іх, ці яны міма яе. І вось яна ў Чырвоным Бары. Пачула назву — і абрадавалася. Бо — прыгожая назва. Чырвоны Бор. Значыць, меднастволы, звонкі, пявучы, пчаліны і баравіковы бор. А засмуцілася, бо школка, хоць і сярэдняя, невялікая, месціцца ў трох звычайных вясковых будынінах-хатах. Ды тут жа і абрадавалася: завуч Карней Васільевіч, жонка дырэктара Марыя Міхайлаўна, якія сустрэлі яе, аказаліся людзьмі прыемнымі, разумнымі, душэўнымі. І цётку Любу ўпадабала. Мусіць, дарма на яе ў вёсцы нагаворваюць. Яна ж сама, лічы, гадавалася ў вёсцы, іхні дзіцячы дом — вясковы дом, і яна ведае, што ў кожным сяле ёсць адзін ці некалькі чалавек, што ходзяць у казлах адпушчэння. Невядома, з якой прычыны неўспадзеўкі пагаджаюцца ўсе, што той ці іншы чалавек павінен несці крыж няўдачніка, гультая, балбатуна, плеткара, і — усё тут, усім у вушы ўведзена, раз і назаўсёды завязана. А чалавек, між тым, і не надта адпавядае пушчанай яму ўслед характарыстыцы: і не такі ён пляткар, як здаецца, і не такі гультай, як думаецца. Нейкую такую людскую несправядлівасць угледзела яна і ў дачыненні да сваёй гаспадыні. Не такая ўжо і зласліўка цётка Люба. Вось гаротніца — гэта праўда. Дзеўка-векавуха. Адсюль і ўвесь гамон. Непрыязь да іх даўняя. Са старасвеччыны яшчэ. Калі была яна лішняй у сям'і. Калі глядзелі на яе скоса і бацька з маткаю, і брат з братавою, і дзеці іхнія. І шчасце ёй усміхалася зрэдзь часу тады, калі ў каго здаралася бяда. Памірала ў чалавека, скажам, жонка. От тады той чалавек і мог кінуць вокам на дзеўку-векавуху, і тады ішла яна на чужых дзяцей. Якое гэта было шчасце, ведала лепш за ўсіх толькі сама... От і на Любу Міхалкаву ўпаў, няйначай, водсвет той даўнейшай людской несправядлівасці. Прынамсі, яна, новая чырванаборская настаўніца, не адчула на сабе ні Любінай зласлівасці, ні яе зайздрослівасці, ні сквапнасці. Хіба — наадварот. Яна пасля ўсяго свайго ранейшага жыцця ці не адаграваецца і ці не ад'ядаецца ў цёткі Любы. Гаспадыня ж во нават і хлапца ёй ужо нагледзела. Ну, калі не нагледзела, дык усё ж падказала. Глядзі, запамінай, ёсць такі ў Чырвоным Бары. Хоць адзін, ды ёсць. Мурзаты шафёр, але — і добры, і разумны, і працавіты. Што больш дзеўцы, якой дваццаць трэці год, трэба? Ай, цётка Люба, цётка Люба! З выгляду — сама прастата, а хітрасці вунь колькі! Хай мне той Кім Курловічаў і анігадкі, як палешукі кажуць, але ж усё адно — я яго запомніла ўжо...

Вось яна, тая макавінка, што жартам, але ўсё ж была закінута і ў яе душу, і ў ягоную. Самая што ні ёсць макавінка. Як на цвярозае вока, дык і невідочная. Але калі дзяўчыне дваццаць два, а хлапцу — дваццаць пяць, пра цвярозасць пагляду можна гаварыць толькі ўмоўна, і таму макавінку тую ўгледзелі абое, угледзелі і запрыкмецілі. Маўляў, хай ляжыць. Ёсць яна ці няма — сёння ўсё роўна, а заўтра... А заўтра тое і будзе.

Як бы там ні было, а сталася так, што праз гэтую самую макавінку яны, можна сказаць, аказаліся падрыхтаванымі да сустрэчы. Яны — гэта Кім і Валерыя. Шафёр і настаўніца. Зрэшты, лепш будзе сказаць, адразу ж назваць яе яшчэ і па бацьку — Валерыя Віктараўна. Бо ў вёсцы такое поўнагалоссе замацавался найперш за настаўнікамі і настаўніцамі. Любога іншага можна назваць проста Максімам ці Марыляй, дзядзькам Пётрам ці цёткай Любай, а вось настаўніка — толькі Пятром Іванавічам, бо інакш і ўцяміць цяжка, пра якога гэта Пётру ідзе гаворка: ці пра Пётру Івана Барэйкі сына, ці пра Тарановага Пётру, ці мо, урэшце, пра Пётру Гарэліка. А пра настаўніка ніхто і не падумае, бо проста Пётрам ён быць не можа, ён — Пётр Іванавіч ці Пётр Сідаравіч.

Дык вось, Валерыя Віктараўна і Кім да сустрэчы былі гатовы...

 

ТОЙ ЖА ВЕРАСЕНЬ ТАГО Ж ГОДА

Сустрэліся яны тым жа вераснем таго ж тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят дзевятага года. У нядзельку. У раённым цэнтры, за дзесяць кіламетраў ад Чырвонага Бору. Сустрэліся не ў сэнсе спаткаліся, пабачылі адно аднаго. Бачыліся яны, пэўна, і раней. У Чырвоным Бары. Але безадносна адно да аднаго. Кім неяк бачыў яе, праўда, здалёк, калі яна выходзіла з двара цёткі Любы, выпраўляючыся няйначай у школу, бо, нягледзячы на цёплы, сонечны, зусім летні дзень, была ў цёмным, зашпіленым на ўсе гузікі касцюмчыку. І яна аднаго разу, здаецца, бачыла яго, але таксама мелькам і здалёк, прытым ён сядзеў у кабіне; яна адно па машыне — новым «газоне» — здагадалася, што гэта ён, Кім Курловіч. А тут, у райцэнтры, яны не проста сустрэліся, а — пазнаёміліся.

Яна перахапіла ў цёткі Любы ажно трыста рублёў — пад першую зарплату — і апынулася ў райцэнтры з надзеяй сёе-тое купіць да восеньскай слаты на ногі ці на плечы. А ён трапіў туды, можна сказаць, без дай прычыны. Зранку ездзіў у Мінск — вазіў авёс на нарыхтоўку, і пашанцавала, управіўся рана, абедам быў ужо дома. Больш ехаць куды-небудзь не меркавалася, таму загнаў машыну на калгасны двор, забег дадому, перакусіў, пераапрануўся і высунуўся на вуліцу — нядзеля ўсё ж. А тут едзе Пецька Яскевіч, таксама з іхняга калгаса шафёр, толькі не чырванаборскі — з Селішча. Прыпыніўся, сказаў, што ляціць у раён да швагра, туды і назад, адна нага тут, другая там. Ліха яго ведае, чаго ён сеў да Пецькі ў кабіну. Як хлапчанё, якому пакатацца захацелася. А ў райцэнтры па-дурному правароніў Пецьку. Той паджгаў да швагра, а ён выскачыў ля чайной — мо піва ўдасца пакаштаваць. Дамаўляліся, што тут жа, ля чайной, Пецька і падбярэ яго па дарозе назад праз хвілін дваццаць. А мінула гадзіна, другая, а ні машыны, ні Пецькі. Вось ён і пайшоў у канец райцэнтра, на чырванаборскую паваротку, каб там — так дурню і трэба! — паспрабаваць сесці на якую-небудзь машыну ды пад’ехаць дадому. Прыйшоў, а там дзяўчына плот падпірае. Так сабе дзяўчына. У летнім квятастым плацейку. Рукі, ногі, усё іншае — як след, дарэчнае. І з тварыку — шмаргануў вачамі — таксама ў норме, а мо і вышэй. Валасы быццам і коратка абстрыжаны, не па-вясковаму, але не псуюць галавы, наадварот — аздабляюць. Ля ног, пад плотам, авоська ляжыць, у ёй нейкія папяровыя скрутачкі. Ага, значыць, таксама машыны чакае. Куды ж? Бліжэй Чырвонага Бору ці далей?

Не памаўза ён, вядома, не бабнік, але ж — салдатам быў, сорам дзевак баяцца. Не марудзячы лішне, запытаўся:

— Даўно чакаем?

— Ды ўжо,— азвалася дзяўчына.

— А куды, калі не сакрэт?

— Не сакрэт. Да Чырвонага Бору.

Тут ён і прыкусіў язык. Да Чырвонага Бору? Значыцца, гэта і ёсць яна, новая настаўніца? Непадобная, здаецца. Як ён бачыў, дык — і вышэйшая была, і быццам ямчэйшая постаццю, не такая кволая, што — перашчыкнуць можна. А можа, і яна? Тады ж касцюм на ёй быў, а тут во... Не, не яна. Маці ж казала, нейкая лупаватая, велікаротая быццам, а ў гэтай, здаецца, усё ў самы раз...

А дзяўчына, не даўшы яму дадумаць, сама папытала:

— А вам куды?

— Туды ж, куды і вам,— буркнуў ён.

Яна ўсміхнулася, і ён са здзіўленнем заўважыў, што ўсмешка ёй да твару, што ёй трэба часцей усміхацца. Усміхнулася дзяўчына, прамовіла, як праспявала:

— Так ужо і туды ж?

Ён хацеў усміхнуцца таксама, але яе ўсмешка збіла яго з тропу. Ён зноў успомніў матчыны словы пра тое, што новая настаўніца як засмяецца, дык робіцца прыгажэйшай. Успомніў і падумаў, што ўсё-такі гэта, мусіць, яна, хутчэй за ўсё — яна. І таму пацвердзіў сур’ёзна:

— Калі вам у Чырвоны Бор, то і мне туды ж.

Яна таксама сагнала з твару ўсмешку, стрэліла па ім вачамі і, сумеўшыся, сказала запытальна:

— А вы не Кім Курловіч?

Ён здзівіўся страшэнна: адкуль яна ведае? І разгубіўся, адказаў са спазненнем:

— Ён самы.

Яна, пэўна, заўважыла, што ён здзівіўся ці разгубіўся, і паспяшалася растлумачыць:

— Вы не здзіўляйцеся. Мне пра вас цётка Люба гаварыла. Мая гаспадыня. Казала, што на новым «газоне» ездзіць Кім Курловіч, адзіны на ўвесь Чырвоны Бор хлопец. Дык я і падумала...

Ён маўчаў, не ведаючы, як яму паводзіць сябе з ёй. Дзяўчына-то яна дзяўчына, але ж акрамя таго настаўніца. Ён, вядома, не школьнік, аднак жа і... не раўня.

Яна ж зразумела яго маўчанне па-свойму і, зрабіўшы крок да яго, падала руку:

— Будзем знаёмы. Мяне ў школу да вас прыслалі. Зваць — Валерыя Віктараўна. Ой, даруйце, проста — Валерыя. Гэта ў школе ўсе Віктараўна і Віктараўна...

Ён узяў яе руку ў сваю і зноў збянтэжыўся, што яна такая дзіцячая, тонкая і мяккая, мармытнуў:

— Я ведаю... Мне мама казала...

— Мама? Што казала? — цяпер ужо здзівілася яна.

— Што да нас прыехала новая настаўніца. Яна вас у краме бачыла аднойчы...

Яна ўсміхнулася і як страсянулася ўся, сказала:

— А я... А мне аж горача стала... Што, думаю, ваша мама сказаць магла? Хто мяне ўжо тут ведае?

Нейкі час яны маўчалі, робячы выгляд, што ўглядаюцца ўдалеч, адкуль магла паказацца чаканая машына. Зрэшты, пра што яшчэ маглі яны гаварыць? Пакуль што іх звяла толькі дарога. І гаворка неўзабаве вярнулася зноў да дарогі.

— Ці даедзем мы на чым-небудзь? Даўнавата стаю, а — ніводная машына не праехала,— азвалася яна.

— Не даедзем, дык дойдзем,— сказаў ён.

— А колькі тут ісці? Дзесяць кіламетраў?

— З добрым гакам,— пацвердзіў ён.

— То, можа, пойдзем, пакуль відна? Па дарозе галасаваць будзем,— прапанавала яна.

— Пойдзем. Наўрад ці што выстаім сёння ўсё роўна. Нядзеля, машын мала,— пагадзіўся ён.

Яна падняла з травы авоську і ступіла на вуліцу. Ён ступіў услед за ёю.

Дзень хіліўся к вечару. Сонца, і днём не надта зыркае, хоць яшчэ амаль па-летняму спякотнае, цяпер было і зусім бы ў тумане, але ўсё яшчэ грэла. Вецер не варушыў нават ліста на пабурэлым, ужо крыху абабітым дажджамі і вятрамі вішанніку за платамі абапал вуліцы. Было ціха, цёпла і трошкі маркотна наўкол. У паветры вісеў не то дым, не то пыл і пахла цёплай гаркотаю. Гаркота адчувалася нават на языку.

Яны моўчкі прайшлі вуліцаю і выйшлі ў поле, на дарогу. Пад нагамі не шапацеў, а мякка пыхкаў з-пад падэшваў лёгкі шэры пыл, тоўсты пласт пылу ляжаў на траве ўздоўж абочын, на прыдарожных лазняках і альшэўніку. Шлэпаць па гэтым мяккім і, пэўна ж, цёплым, як на нядаўна згаслым вогнішчы, прысаку было не надта прыступна, але яны не сыходзілі на сцежку, што вілася на ўзбочыне. Сцежка была вузкаю, ісці там трэба было б адно за адным, а ні ён, ні яна не хацелі ісці паперадзе. Хай сабе пыл, хай непрыступна, надакучліва, але затое побач, а не цугам. Яны ішлі і маўчалі.

Неўпрыкмет падняліся на пагорак, спусціліся ўніз, зноў пагрэбліся ўгору. Маўчанне прыгнятала. Кім ужо ці не пачынаў злаваць. Чаго, каб хто спытаў, падахвочвалася тады ісці? Трэба было падпіраць там плот і маўчаць. Ён жа не ведае, пра што з ёю гаварыць. Каб абсмяяла? А можа, яна ўхапілася за яго толькі як за праважатага, каб не боязна было, калі раптам ацямнее ў дарозе? Вядома ж! А ён, дурань, злуе! Але ж ён, хай і не раўня ёй, чалавек усё ж. Ён жа не набіваецца ва ўхажоры! Дык чаго губы надзьмула, закапрызіла?

Злаваў Кім і не ведаў, што нічога такога ў Валерыі Віктараўны і ў паміне не было. Ёй проста хораша было ісці вось так, моўчкі, у гэтай цішыні і цеплыні, слухаць мяккі шоргат сваіх і яго крокаў і пад гэтае мернае шапаценне думаць пра сябе, пра Чырвоны Бор, пра сваіх дзяцей-вучняў, якіх, здаецца, паспела палюбіць ужо, а заадно трошкі і пра гэтага самага Кіма Курловіча, які, апусціўшы галаву, унурыўшыся, валюхаецца побач і не падае голасу, як вады ў рот набраўшы. А пасля спахапілася, падумала пра тое, што маўчанне яго зразумелае, бо яна ж — настаўніца, а ён — шафёр, і ўсміхнулася ў душы з гэтага дурноцця, і захацелася ёй паназаляцца, паздзекавацца з гэтага нехлямяжага і, пэўна ж, добрага хлопца, але пасля схамянулася, што гэта будзе брыдка, непрыстойна, што яна павінна быць вышэй гэтага. І яна трасянула валасамі, бо адкідваючы іх назад, адкрываючы высокі і чысты лоб, зірнула збоку на спадарожніка і сказала:

— Даруйце, Кім, я маўчу, задумалася, сябровак сваіх успомніла, і вы маўчыце... Раскажыце што-небудзь!

— А што расказваць? — неахвотна азваўся ён.

— Што-небудзь... Пра Чырвоны Бор, пра людзей вашых, пра мясціны навакольныя...

— Што пра гэта расказваць? Вёска як вёска, і людзі як людзі, як усюды,— ахвоты гаварыць у яго не паяўлялася.

Яна запярэчыла:

— Не, не скажыце! Гэта вам толькі так здаецца, бо ўсё гэта ваша, даўно знаёмае, звычнае, а на самой справе... Недарэмна ж кажуць: што ні край, то і звычай. Мясціны ў вас прыгожыя! Лясы, пагоркі, рэчкі — сама Швейцарыя!

— Я чуў, быццам нейкі вучоны ці, можа, паэт гэтак і назваў наш куток: беларускай Швейцарыяй,— нечакана падтрымаў ён гаворку.

Яна як абрадавалася, падхапіла:

— Вось бачыце! Я ж і кажу: Швейцарыя! Вунь, зірніце ўдаль, якая прыгажосць! Дарога з пагорка на пагорак, з лагчыны ў лагчыну — і не скажаш, што Беларусь, якую ўсе ўспрымаюць як краіну раўнінную, балоцістую...

— А вы адкуль? — спытаў ён.— У вас там не так? Роўна?

Валерыя махнула рукой:

— Не так і далёка адсюль. Па той бок Мінска я расла. Недалёка, але ў нас там ужо роўна. Такіх гор няма.

— Гэтае месца, дзе мы цяпер ідзём, называецца Сілінка,— нечакана сказаў ён.

— Сілінка? — перапытала яна.— Сілінка... Цікавая назва. Не ведаеце, чаму так назвалі гэтае месца?

Ён паціснуў плячамі:

— Не...

— Цікавая назва. Можа, тут хто засіліўся некалі? Не чулі?

— Як гэта — засіліўся?

— Ну, рукі на сябе налажыў, павесіўся...

— А-а-а... Не чуў... А во там, за той гарой, будзе Лісіны Лог,— пахваліўся ён.

— Лісіны Лог? Ну, тут загадкі няма — Лісіны Лог і ёсць Лісіны Лог,— паўтарыла яна. І запыталася трошкі гарэзліва, бы прапануючы яму слоўную гульню: — А далей? Які там лог будзе?

— Далей не лог, а гара. Называецца Зубава,— падтрымаў гульню і ён.

— Што, вострая гара? Тырчыць, як зуб?

— Ага, высокая! Ледзь узбярэшся... А далей будзе Лагазінка.

— Гэта што? Гара, лагчына?

— Не, рачулка.

— Рачулка Лагазінка? Харошая, пэўна, рачулка, бо назва харошая. Нейкая тоненькая, гнуткая, звонкая. Лага-зін-ка... І не здагадаешся адразу, ад якога слова паходзіць,— паціснула яна плечукамі.

— Там, за ляском, вёска ёсць — Лагаза,— падказаў ён.

Яна ажывілася:

— Ага, значыць, ад Лагазы. Ну, а сама Лагаза? Ад лагчыны? Ці мо ад прозвішча чалавека? Ад якога-небудзь Лагозы? Га? Як думаеце, Кім?

Ён сумеўся, сцепануўся:

— Вы ўжо думайце, што мне...

Яна запярэчыла:

— Не, вы таксама думайце. Найперш вы. Гэта ж вашы мясціны. Вы павінны былі даўно пацікавіцца, чаму так названа, а не інакш.

Ён буркнуў:

— Нічога я не павінен.

Яна зірнула на яго і, як на вучня, паківала пальцам:

— Не, павінны! Як жа так? Гэта ж паэзія нашай зямлі. Вы толькі ўслухайцеся ва ўсе гэтыя назвы рачулак, балотцаў, пагоркаў, лясоў, пералескаў, лагчын... Гэта ж музыка! Недзе ёсць славутае возера Рыца. На ўвесь свет славутае. Ах, возера Рыца, возера Рыца! А ў вас во тут — рэчачка Лагазінка! І скажыце, Кім, калі ласка, што гучыць больш паэтычна: возера Рыца ці рэчачка Лагазінка? Ну, скажыце!

— Што мне да таго возера Рыца! — ён крутнуў галавой.

— Вось іменна! Што вам да возера Рыца! А да рачулкі Лагазінкі? А на яе імя ваша душа адгукаецца. Вы адразу ж бачыце яе пакручастае рэчышча, атуленае лазою і вольхаю, чуеце, як звініць яна, пераліваючыся цераз перакінутае калісь даўно з берага на бераг бярвенца...

Ён хацеў кіўнуць галавой, сказаць, што, мусіць, яно і сапраўды так, але прамаўчаў. Нечакана падумаў пра тое, што не трэба яму і думкі дапускаць аб тым, каб спадзявацца на нешта, маючы на ўвазе гэтую Валерыю Віктараўну, што наўрад ці пераступіць ён калі-небудзь бар’ер, які падзяляе іх, настаўніцу і яго, простага вясковага хлопца. І разам з тым нейкая цёплая хваля замілаванасці і пяшчоты падкацілася да ягоных грудзей. Колькі гэта ён і прайшоў поплеч з ёю, а і за такі кароткі час паспеў пераканацца, што гэтая танклявая, кволая дзеўчынёха жыве ў нейкім іншым, адрозным ад яго свеце і гэты свет цікавейшы, багацейшы, нейкі чысцейшы, святлейшы, чым звычны для яго. А яшчэ, падалося, і звабны, бо — хочацца далучыцца да яго, увайсці ў яго і яму, Кіму, каб вось так, без падказкі, без чыёй-небудзь дапамогі самому бачыць, і адчуваць, і думаць, і гаварыць, і здзіўляцца, і каб... Пакуль шукаў канец думкі, згубіўся пачатак, і ён канчаткова заблытаўся, і замест таго, каб нешта сказаць пра тую самую Лагазінку, Кім працягнуў руку, і не зусім далікатна забраў з дзявочай рукі авоську, і зарадаваўся, што Валерыя Віктараўна не запярэчыла, а спакойна, нібы між іншым, пагадзілася, што так і павінна было быць, ціха сказаўшы:

— Дзякуй.

Нейкі час ішлі моўчкі, і ён першы парушыў маўчанне, запытаўшы:

— А вы што выкладаеце? Літаратуру?

— Ага, літаратуру.

— Я так і думаў.

— Чаму вы так думалі? Ну, скажыце, чаму?

Ён хацеў сказаць, што падумаў так адразу, як яна загаварыла пра назвы, пра ўсю гэтую паэзію і музыку роднай зямлі, але пабаяўся, што заблытаецца, саб’ецца, і замест гэтага сказаў:

— Так... Гэты прадмет заўсёды жанчыны выкладаюць.

Яна засмяялася:

— Ну і дыпламат вы! Жанчыны выкладаюць і фізіку, і геаметрыю... А вось наконт чаго хочацца запярэчыць, дык гэта наконт таго, што літаратура — прадмет. Які ж гэта прадмет, калі гэта — жыццё і чалавек? Не, лепш будзе так: чалавек і жыццё? Які ж прадмет — Андрэй Лятун, Ванька Разанскі? А дзядзька Антось з яго клёцкамі? А Лабановіч з Ядвіськай? А Кандрат Назарэўскі? А Гусляр? А Рыбка Алесь? Усё гэта жывыя людзі, хоць і жывуць яны ўсяго толькі на старонках кніг. Які ж гэта прадмет?

Ён маўчаў. Ён не хацеў яе пакрыўдзіць. Усе ж так гавораць. Школьныя прадметы... Аказваецца, літаратура — не прадмет. Літаратура — гэта чалавек і жыццё... А як падумаеш, дык і праўда. Ён жа таксама помніць і Кандрата Назарэўскага, і Лабановіча, і Андрэя Летуна, усіх, пра каго чытаў. Вядома ж, чалавек і жыццё. Ён жа, калі чытае кніжку, забываецца, што ўсё гэта не наяве адбываецца. Як чытае, дык, здаецца, і сам ён у тым сяле ці ў горадзе, пра якія ў кніжцы гаворыцца, сярод тых людзей, якія там, у тым сяле ці ў горадзе, жывуць, і хочацца яму аднаму чалавеку падказаць, каб ён не верыў таму бандыту, а другому ў морду даць, каб больш не рабіў так... З прадметам ён, вядома, апраставалосіўся, яна, чаго добрага, і ўсердавала...

— А вы любіце чытаць?

Ён схамянуўся ад гэтага яе пытання, але адказаў спакойна, шчыра:

— Люблю.

Чытаць ён сапраўды любіць. У яго ў машыне заўсёды ёсць кніжка. А як жа! Мала дзе чакаць даводзіцца, дык што тады рабіць? Храпака задаваць, як некаторыя? Не, ён лепш кніжку пачытае. У клубнай бібліятэцы ці не ўсё цікавае перачытаў. Як прыходзіць туды, дык Ніна Капацэвіч, бібліятэкарка, ужо і не ведае, што яму даваць.

— А што вы любіце чытаць?

— Усё... Цікавае...

Ён зноў ці не пачынаў злаваць. Ну, што яна пытаецца ўсё? Хіба на гэта адным словам адкажаш? Любіць ён чытаць раманы. Ну, яшчэ — аповесці. Любіць тоўстыя кнігі. Каб доўга чытаць. Каб зжыцца з тымі людзьмі, сачыць за імі, думаць разам з імі, перажываць за іх. А тонкія яму не надта даспадобы. Толькі захопішся, а ўжо і канец. Цяпер, праўда, меней чытае, бо восенню, як і летам, работы шмат. А прыйдзе зіма, зноў возьмецца.

Яна, пэўна, угледзела на яго твары цень крыўды ці засмучэння, бо сказала:

— Вы не крыўдуйце, калі ласка. Я, можа, і праўда па-школьнаму вас распытваю... Як на ўроку... Ведаеце, надта ж хочацца паказаць, што я настаўніца! — сказала і засмяялася.

Ён таксама засмяяўся. І ад таго, што смяялася яна, і ад нясмелай згадкі, што яна ўсё ж спачатку дзяўчына, а пасля ўжо — настаўніца.

Ішлі яны няспешна. Каб хто збоку паглядзеў на іх, то мог бы нават падумаць, што яны не ідуць куды-небудзь, а проста прагульваюцца, шпацыруюць. Зрэшты, яны і шпацыравалі, калі папраўдзе. З самага пачатку, як выходзілі з райцэнтра, яны пайшлі памалу, са слабай, але ўсё ж надзеяй, што іх дагоніць якая-небудзь машына. А пасля ўсчалася гаворка, якая яшчэ больш, пэўна, запаволіла іх хаду. Але ні ён, ні яна не зважалі на гэта, недзе адразу пагадзіўшыся з тым, што скора ці не скора, а дома яны будуць.

Пасмяяўшыся, яна прапанавала чытаць вершы.

— Давайце, Кім, чытаць вершы. У дарозе гэта найлепшы занятак. Вы любіце вершы?

Ён аднекваўся:

— Не люблю... Не надта...

Яна горача спрачалася:

— Не веру! Няма такіх людзей, якія б не любілі вершаў. Паэзіі. А калі ёсць, дык — бедныя гэта людзі! Так што вы на сябе не нагаворвайце. Прызнайцеся, любіце?

Ён маўчаў. І тады яна дакорліва паківала яму пальцам:

— Ага, аказваецца, любіце. Маўчанне — знак згоды. Вось і чытайце. Тое, што памятаеце.

Ён ліхаманкава прыкідваў, успамінаў, што ён і калі чытаў, на памяць нічога не прыходзіла, ён ведаў, што калі б нешта і ўспомніў, дык усё роўна прачытаць не зможа, хоць і праўда любіў асобныя вершы. Любіў «Новую зямлю» Якуба Коласа — мог чытаць раздзелы з паэмы па некалькі разоў, асабліва «Раніцу ў нядзельку». Любіў верш Пушкіна пра засохлую кветку сярод старонак кнігі — некалі выпадкова прачытаў яго і запомніў. Трывожыў яго, хоць і не разумеў чаму, верш Максіма Багдановіча «Не кувай ты, шэрая зязюля...» і доўгі верш Лермантава «В полдневный жар в долине Дагестана...». Расчульваўся да слёз, калі чытаў «Баладу пра чатырох заложнікаў» Аркадзя Куляшова...

А яна падганяла, нібы школьніка:

— Ну, калі ласка. Што ўспомнілі? Якога паэта? Ці мо вы саромеецеся?

— Не памятаю... Ды і саромеюся,— прызнаўся ён.

Яна хітнула галавой, сказала:

— Дарэмна. Шкада. Я люблю слухаць вершы. І чытаць люблю, але больш — слухаць. Паэзія нараджалася вусна і доўгі час успрымалася вусна. Паэзія — гэта музыка. А яе лепш слухаць... Тады я вам пачытаю, добра?

Ён кіўнуў:

— Калі ласка.

— А што? Каго б вы хацелі паслухаць? Якога паэта?

— Усё роўна.

Ёй гэта не спадабалася, яна запярэчыла:

— Не, так нельга. Усё роўна не можа быць. Тады наогул не трэба. Вы падумайце. Падумайце! Вось цяпер вечар. Сядае за гарой сонца. Ціха. На зямлю апускаецца змрок. Трошкі самотна ад усяго гэтага на душы... Ну, каго?

Яму зноў прыгадалася чамусьці багдановічаўская шэрая зязюля, і ён сказаў:

— Ну, Багдановіча...

Твар яе заззяў, яна нават прыпынілася па хвіліну, перапытала:

— Багдановіча? Вам падабаецца Багдановіч? Цудоўна! Гэта мой любімы паэт! Я ўвесь ягоны «Вянок» ведаю на памяць. Што ж вам пачытаць? «Страціма-лебедзя»? «Вераніку»? Ці, можа, «Перапісчыка»? Не, пачну з хрэстаматыйнай «Зоркі Венеры»...

І яна пачала чытаць. Па памяці. Спачатку — Максіма Багдановіча. Пасля — Янку Купалу. Потым Пушкіна, Куляшова, Твардоўскага, Сіманава. І чым больш чытала, тым больш здзіўляўся Кім. Ён час ад часу пазіраў на яе і не мог зразумець, як магло ўсё гэта ўмясціцца ў яе дзявочай галаве. Зусім невялікай. Нават, калі папраўдзе, маленькай... Ён нават не стрымаўся, сказаў здзіўлена, калі яна скончыла чытаць чарговы верш:

— Як вы запомнілі столькі вершаў? Гэта ж у галаве каша ад іх...

Яна засмяялася гучна, ад душы:

— Які вы дзівак, Кім! Як дзіця — каша... Я ўдвая, утрая больш ведаю!

— А як вы завучылі іх?

Яна зноў засмяялася:

— Я іх не завучвала. Ну, спецыяльна не завучвала. Проста — запомніла. Як музыку. Яе ж таксама не завучваюць. Яна сама запамінаецца. Тая, што падабаецца. Што трывожыць, хвалюе цябе.

І яна зноў чытала — «Пять страниц» Сіманава і «Зодчих» Кедрына, «Возвращение на родину» Ясеніна і санеты Шэкспіра...

Да Чырвонага Бору яны падыходзілі позна. Ужо зусім сцямнела, на небе загарэліся зоркі. Сам для сябе Кім адзначыў, што мог бы дома быць і добрую гадзіну назад, аднак не шкадаваў, што так запазніўся. Ён адчуваў, што нешта з ім здарылася. Што пэўна — не мог бы растлумачыць. Ні сабе, ні каму іншаму. Аднак ясна разумеў, што цяпер ён не той, якім быў нейкія тры-чатыры гадзіны назад, калі сядаў бяздумна ў кабіну да Пецькі Яскевіча. Нешта ўсярэдзіне ў яго як здрыганулася, сарвалася са звычнага, заўсёднага месца, і ён ужо ніколі не будзе тым, ранейшым. З ёй, з гэтай Валерыяй Віктараўнай, больш правільна — праз яе ўвайшло ў яго душу нешта такое, што з сённяшняга дня не дасць яму спакою, што будзе хваляваць, тармасіць яго, будзе загадваць яму жыць інакш, чым ён жыў дагэтуль.

Гэта было не каханне. За доўгую няспешную дарогу ён нават як след яе і не разгледзеў — спачатку не адважваўся, бянтэжыўся, а пасля як забыўся. Тое, што прыйшло да яго,— усведамленне нечага высокага і недасяжнага,— яшчэ больш аддаліла яго ад яе. Яна зноў ператварылася ў настаўніцу — прытым, не проста ў настаўніцу, а ў яго, Кімаву, настаўніцу: нібыта ён ніколі і не быў дарослым, дужым хлопцам, а ўсё яшчэ кволы, зялёны хлапчук — і гэта ён, той хлапчук, зараз ідзе побач з ёю і, захоплены, ловіць вушамі і ротам кожнае яе слова...

Ля хаты Любы Міхалкавай яна забрала ў яго з рукі авоську, сказала:

— Дзякуй вам, Кім. Не ведаю, як вы, а я дык і не стамілася. Правільна зрабілі, што не чакалі машыны. Машын так і не было... Дабранач!

— Усяго добрага,— сказаў і ён.

Здаецца, яны нікога не напаткалі на чырванаборскай вуліцы, нікога не абагналі і ні з кім не размінуліся, тым не менш назаўтра — літаральна назаўтра! — увесь Чырвоны Бор ведаў, што Кім Курловіч праводзіў новую настаўніцу. Да самай хаты Любы Міхалкавай давёў. І авоську паднёс. І яна яшчэ сказала яму «дзякуй» і «дабранач». І ён, як культурны, даў ёй «усяго добрага»...

 

МАЙ 1960 ГОДА

Пажаніліся яны вясною наступнага, тысяча дзевяцьсот шасцідзесятага года. На Першага мая ў хаце Курловічаў грымела вяселле. Хата старая, яшчэ даваенная, малаватая, дык і цеснавата было, хоць Кім разбіў і выкінуў перагародку, што затуляла грубку і ложкі. Сватам быў дырэктар школы Іван Фёдаравіч, але вяла рэй у застоллі, як рабіла гэта і ў школе, жонка яго Марыя Міхайлаўна. Яна была больш спраўная на язык, больш прыемная да людзей і не дурнейшая, а мо нават і разумнейшая. Ён, Іван Фёдаравіч, мусіць, разумеў гэта і сам і таму беспярэчна саступаў жонцы не толькі дома, але і на рабоце. Бо ведаў, што так будзе лепей. Так яно і было. І вяселле, якім па ўсім зразумелым праве кіравала Марыя Міхайлаўна, прайшло ад пачатку да канца як след, як мае быць. Без крыўды і звягі, без папрокаў і дакораў, а наадварот — весела, з песнямі і скокамі, з выкраданнем нявесты і дзяльбой каравая. Адно што Кацярыне Курловічысе, матцы Кімавай, зрабілася блага. У самы разгар вяселля. Калі госці пасля доўгага сядзення падняліся праветрыцца і паскакаць трохі. Тады і вылезла з-за стала нявестачка, Валерачка, як яе ахрысціла Курловічыха, вылезла і патрапіла ў абдымкі да свякрухі. А свякруха тая вазьмі ды звянь у яе абдымках. Ледзьве ўслед і нявестачка не абвяла і не абсунулася на падлогу. Ну, але тое мала хто і згледзеў. Побач быў Кім, падхапіў маці, пасадзіў на ложак, падаў кропель, і яна ачуняла, зноў глянула на хату і на гармідар у ёй жывымі вачамі. І не проста жывымі, а вясёлымі, бо споўнілася яе самае вялікае жаданне — ажаніць, пакуль жывая, сына і прыдбаць у нявесткі не абы-каго, а менавіта новую настаўніцу, Валерачку.

Вяселле скончылася, госці разышліся, нават і тыя, што заседжваюцца больш, чым трэба, хоць і былі запрошаны не як самыя дарагія, і засталіся яны ў хаце ўтраіх — Валерыя Віктараўна, Кім і маці. Засталіся ўпершыню ў новай для ўсіх якасці — жонкі, мужа, свякрухі. І з гэтае прычыны ўсе трое былі як бы збянтэжаныя, сарамлівыя і нерашучыя — крышачку падобныя на ацверазелага чалавека, што шчыра абяцаўся не піць, ды вось, як на тое ліха, не стрымаўся. Што рабіць, што гаварыць, як павесці сябе — каб жа знаццё! Бо — раптам не так, раптам не тое?

Як і належыць, першай падала голас маці:

— Ну што, хоць і позна, а трэба варушыцца, хоць збольшага са сталоў прыбраць... А вы, дзеткі, каб не заміналі, пагуляйце. Усё адно, пакуль я тут таўчыся буду, не заснеце...

Але дзеці дружна адмовіліся і ўзяліся памагаць маці. Утраіх яны досыць хутка пазносілі ў першую хату недаедкі са сталоў, паскідалі ў тазы і ў балею брудны посуд, павыносілі на падворак пазычаныя ў суседзяў сталы і лавы. Потым Валерыя Віктараўна падмяла падлогу, а маці дастала з шафы, адсунутай да грубкі, прасціны, падушкі і коўдру і паслала пасцель.

— Усё, дзеткі,— сказала на адыход.— На сёння хопіць. Лягайце, бо і так як на нагах трымаецеся. Ад аднаго тлуму можна ачмурэць. Зачыняйцеся і лягайце. А я пайду, пагляджу, што там на двары, ці ўсё пазачыняна-пазакрывана, а тады ўжо і сама прылягу...

І сапраўды пайшла на двор. Пахадзіла па надворку, тузанула за дзверцы, ці зачынены склеп — там жа яшчэ нямала яды ўсякай, каб жа каты часам не ўлезлі, падышла да хлява, паслухала, як дыхае кароўка, прайшлася па сцежцы між град пад пуню, пастаяла там, паслухала веснавую ноч — за рэчкаю, на аселіцы, ужо, падалося, цёхкаў салавей, хоць і нясмела пакуль. У хату вяртацца не спяшалася. Не ішлося ёй у хату. Не патрэбна яна там. Хай дзеці пабудуць адны. Зусім адны. А яна пасядзіць во тут, на парожыку расчыненай варыўні. Пасядзіць, падумае, а мо і падрэмле. І з яе хопіць. Колькі ёй, старой, трэба таго сну! Як зайцу. На адно вока. А яны хай паспяць. Яна сваю работу зрабіла, здаецца. Як умела, як змагла, так і зрабіла. І калі што не так, дык ні перад кім ёй не сорамна. Адно — перад самой сабой. Бо няма ў яе нікога. Ні бацькі з маткаю, ні брата з сястрыцаю, ні мужыка. Адна яна на свеце. Яна і сын. А цяпер во, дзякаваць богу, і нявестачка...

А работу яна мае на ўвазе не сённяшнюю і не ўчарашнюю. Усё жыцейка сваё мае на ўвазе. За яго ёй, Кацярыне Курловічавай, не сорамна. Змалку працавала. Мала гуляла, мала вучылася, усё больш рабіла і рабіла. У таты з мамай, у калгасе, а пасля ў свякрухі са свёкрам. Добрыя былі людзі, хай ім зямля пухам. І Вінцук іхні, чалавек яе, добры быў. Спакойны такі, ласкавы, ніколі яе інакш не зваў, як Кацюня. Усё Кацюня ды Кацюня. І дома, і пры людзях. Да вайны яе і ўсе пачалі былі зваць Кацюняй, а пасля, як загінуў Вінцук, забылася тое імя, Кацярынай стала, як і мае быць.

А Вінцук мог бы жыць ды жыць. Гэта ж яму цяпер было б усяго пяцьдзесят. Але, пяцьдзесят. Ён жа на чатыры гады за яе старэйшы. Па-дурному загінуў Вінцук, ні за што ні пра што. Ехаў на жарабку па сена, сядзеў сабе спакойна ў драбінах, ногі звесіўшы. А пры дарозе газеціна распластаная ляжала. І трэба ж было, каб вецер тую газеціну падхапіў. А жарабок пудлівы быў. Як ірвануўся, як панёс — утрыму не было, калёсы разнёс, і Вінцуку ці то колам, ці воссю па галаве. Пажыў яшчэ два дні, падыхаў, але да памяці так і не прыйшоў, памёр. Перад самай вайной, за тыдзень нейкі. Кіму сем гадкоў якраз споўнілася. Разумеў ужо, што татка памёр, абнімаў яго ў труне, плакаў, бедненькі. Думала, будзе памятаць бацьку. Але неяк спыталася колькі гадоў назад, дык — цьмяна, кажа, быццам помніць, а быццам і не.

А ў вайну і бацька з маткай галовы злажылі, і свёкар са свякрухаю. У адну і тую ж блакаду. А яна з Кімачкам уратавалася. Яна як прадчувала што, не пайшла тады разам з усімі ў сяло, засталася на балоце з маладзейшымі, з хлопцамі і дзеўкамі. І тыя, што пайшлі, усе на кулю нарваліся, а яны ў балоце адседзеліся. Праўда, ёй так не абышлося, балота тое адгукнулася ёй. Праз колькі гадоў косці ёй пачало круціць і сэрца балець. Дактары пасля вайны прызналі раматус і парок сэрца. Лячыцца казалі і адпачываць, есці смачней, сытней. Як у насмешку якую казалі. Да лячэння ёй было і да адпачывання, калі засталася з дзіцем, у чым былі.

Але дарма. Цяпер во дык і пра ўсё тое можна сказаць, як Кім кажа: быццам было, а быццам і не было. Ды толькі ж — як гэта, быццам не было? Не! Было! Усё было. І тое нават, што і не думалася, што будзе. І рыдлёўкамі поле ўскопвалі, і кароўкамі аралі, і на сабе плуг цягалі, і дроўцы на плячах з лесу насілі, і ў жорнах да пацямнення ў вачах малолі. І босыя хадзілі, голыя, абдзёртыя. І ад каросты не маглі ўратавацца, ад клапоў і вошай тых... Ого, не было! Усяго было...

Памятае, прадала парасят і купіла Кіму касцюмік картовы. Ён тады ўжо ў шостую групу бегаў. Дык жа не вучыла, а сам даўмеўся — толькі ў школку адзяваў. Са школкі прыбяжыць, яго здыме, а зрэбныя штанцы і кашульку ўсчэпіць і бегае. Гэтак шкадаваў. А яна ж і не вучыла. Сам бачыў, што няма адкуль узяць.

А вучыла яна, каб работы не цураўся. Каб разумеў, што чалавек без работы — не чалавек. Няма такога чалавека. Каб людзей паважаў. І каб верыў, што заўсёды добрых людзей больш, чым благіх. Заўсёды і ўсюды. Што свет на добрых людзях трымаецца. І тады, калі бяда ці гора, і тады, калі радасць у хаце. Што з благім чалавекам свет пройдзеш, а назад не вернешся. І чэснасці вучыла. Што хлеб чэсны — не прэсны. Што чэсны чалавек спіць спакойна і што душа ў яго надзейная, не мітуслівая.

А яшчэ наказвала вучыцца. Сама яна скончыла сваёю парою пяць класаў. Далей бацька не пусціў. Сказаў, досыць дзеўцы і такой грамаці. А яна ж вельмі хацела вучыцца. Плакала, прасіла, ужо і матка на яе бок стала, ды бацьку не ўламалі. Упёрся — не і не. Хлопца пускаць у навуку — куды ні ішло, а з дзеўкі ніякага толку не будзе, адно сапсуеш, пасля сама рада не будзе. Тое хаценне яе, прага да вучобы засталіся з ёю на ўсё жыццё. І калі ўжо ёй не ўдалося, парашыла, што сына вывучыць. На інжынера, настаўніка, доктара — на каго захоча. А Кім узяў ды пасля восьмага класа пайшоў рабіць. І ўпрошвала, і біць спрабавала — не пайшоў у дзевяты. Адно паабяцаў, што дзесяць класаў скончыць, не цяпер, дык пазней, а, сказаў, атэстат атрымае і далей пойдзе вучыцца.

Цяпер-то яна ведае, чаго ён тады сарваўся з вучобы. А тым часам даўмецца не магла. І крыўдна ёй было, што не расказаць нікому. Гэта ж крыжам клалася, каб хаця сын вучыўся, а ён такога коніка выкінуў! Але змірылася. Робіць, у чарку не глядзіць, нават і папяросай не цмыгае — то што ж хацець? Тры гадкі праляцелі — як адзін. А там і ў армію яго забралі. Гэтыя, армейскія яго тры гады ёй ужо доўгімі падаліся. Усё адна і адна — чаму ж не здоўжацца? А прыйшоў з арміі, дык паглядзела — мужчына зусім, якая ўжо яму вучоба. І не напамінала. Пэўна, доля такая. А ён перазімаваў, вясну і лета перабыў, а восенню — у вячэрнюю. Дык у яе з радасці так сэрца затахкала, што, думала, з грудзей вырвецца. Паменела ў яе радасці, як пабачыла, што надта ж цяжка яму. Вядома, работа шафёрская — не салодкая. Паедзе раненька, а прыедзе позненька, а часта і абначоўвае ў дарозе. І ў далёкай, і ў блізкай, калі што-небудзь зломіцца ў машыне. Тады кукуе, бедны, на дарозе, пакуль помач якую знойдзе. Дзе ўжо тут, здавалася б, да школы? А ён не кідае, не! Падручнікі з сабою заўсёды ў кабіне вазіў. У школу няма як дапяць, дык у дарозе наганяе. Ну і, не будзе грашыць, настаўнікі памагалі. Яна ж ведае, не сляпая і не глухая была. От так, то бокам, то скокам, як кажуць, а скончыў. Яна думала, што адразу ў інстытут пойдзе. А чаму б і не? Што дваццаць пяць мінула, такой бяды. У студэнты і ў трыццаць бяруць. Жыць стала лягчэй, за вучобу не тое што плаціць не трэба, як раней, а яшчэ і стыпендыю плоцяць,— чаму ж не вучыцца? А ён — не пайшоў. Прызнаўся неяк, што збаяўся. Здрэйфіў, сказаў. Гадок-другі падрыхтавацца трэба, сказаў, а тады завочна будзе вучыцца. Як сказаў так, яна і паверыла. Хай, людзі ж і завочна вучацца. Але тады — жаніцца трэба. І не абы з кім. Калі ўжо ў яго планы такія, то трэба жонку з прыцэлам браць. Яна баба вясковая, але петрыць, як яно лепей зрабіць. Возьме невучоную, дык і сама не гам, і яму не дам. А пашчасціць ухапіць настаўніцу ці хоць бы фельчарку, тая сама падштурхне: ідзі, мужанёк, вучыся! От яна і запрыкмеціла Валерачку.

Спачатку, вядома, мала на што яна спадзявалася, хоць настаўніца новенькая ёй спадабалася. Гэта яна знарок сказала, што і лупаватая, і велікаротая, і сякая-такая. Ім жа скажы адно, дык зробяць другое. Асабліва калі да дзеўкі гаворка зойдзе. От яна і кінула прынаду: і не надта каб, і бяжы, Кімачка, бо перахопяць! А ён і папаўся, галубок. Як сказала першы раз пра новую настаўніцу, дык з хаты ўцёк. А як пачалі гаварыць, што праводзіў яе і сетачку падносіў, дык яна вазьмі і спытайся, ці праўда тое. Ён, бы дзеўка, пачырванеў, але не выскачыў ужо з хаты, так, нібы нічога такога, сказаў, што ніхто нікога не праводзіў, а з раёна разам ішлі. Балбочуць людзі абы-што, сказаў.

А яна падумала: то і добра, што балбочуць. Гэта ж і да яе, галубкі, дойдзе, і ёй на душу лішні раз капне, што ёсць у Чырвоным Бары Кім Курловічаў. А кропля, кажуць, і камень дзяўбе. От хай тыя кроплі і капаюць.

І ўсё ж, руку на сэрца паклаўшы, не спадзявалася яна на такі зыход. Не спадзявалася найперш таму, што нехлямяжы дужа яе Кім. Надта ўжо спакойны, памяркоўны, разважлівы, а то і сарамлівы. Дзеўкам такія не падабаюцца. Ім трэба, каб хлопец калі і нораў свой паказаў. Баба, хоць і вучоная, ёсць баба. Таго, хто ходзіць услед заўсёды паслухмяным, глядзі што і неўзлюбіць. Ёй, дай веры, захочацца, каб гэты паслухмяны і сарамяжы, калі ніхто не бачыць, і да плота яе прыціснуў, праводзячы. А як жа! А яе Кім наўрад ці адважыцца на такое. Пабаіцца. Ён вунь які мацак, а яна — саломінка. От і пабаіцца дакрануцца, каб знячэўку не зламаць.

Зрэшты, пра тое яна ўвогуле дарэмна думала, бо ён доўгі час і ў той бок не глядзеў. Чыста баяўся яе, і ўсё тут! А думаць дык думаў пра яе. Яна, матка, здагадвалася. Бо яго кожная драбязінка выдавала. Яна знарок абы-што скажа пра Валерыю Віктараўну — быццам бабы на сяле гаварылі, а ён адразу наструніцца, вушы натапырыць, хоць і не павернецца, не перапытае. Дык яна пасміхнецца сама сабо цішком і галавой пакруціць: папаўся, бедненькі, улюбіўся. Пэўна ж улюбіўся. Улюбіцца-то ўлюбіўся, але кніжак не цураецца, кожную вольную хвіліну чытае. І піша штосьці, і задачкі рашае. Аднойчы ж у школу сабраўся. Яна, быццам проста так, папытала, чаго, па якой патрэбе. Па кансультацыю, сказаў. Праз нейкі час — зноў туды ж, на кансультацыю. А назаўтра пайшла яна вады прынесці і ля калодзежа сустракае Надзю Тарыку, а тая і кажа: «Чаму ж і ты не прыходзіла ўчора ў школу? Там жа вечар быў. Дзеці вершы чыталі. Конкурс Валерыя Віктараўна праводзіла, хто лепш за ўсіх верш прачытае. І каб самі бацькі ацэньвалі. Дык там не толькі бацькі, а ўсе, хто хацеў, папрыходзілі. І Кім твой быў... Гэтая Віктараўна — агонь-дзеўка! Ніколі ж такога ў школе не рабілася...» От, значыць, якая кансультацыя, здагадалася яна. І зарадавалася: то і добра!

А неўзабаве і Новы год надышоў. У клубе Валерачка надумала правесці навагодні баль. Такога ў Чырвоным Бары таксама яшчэ ніколі не было. Дзеці канцэрт зрабілі. Потым танцы пачаліся, а ў перапынках паміж скокамі гульні розныя. І мужчыны, бабы ў тыя гульні, бы дзеці, гулялі. А пад канец, перад тым як разысціся Новы год сустракаць, усе пачалі ў шарыкі з дзіцячага наганчыка страляць. Кім панавешваў пад столлю надзьмутых шарыкаў ну штук трыццаць, калі не больш. І от хто ў шарык пацэліць, шарык пшыкне-лопне, а з яго паперка долу падае. На паперцы нумар напісаны. Па тым нумары Валерачка выйгрыш выдае, а выйгрышы такія, што ўсе за жываты хапаюцца. Адзін выйграе шаўковую стужачку, другі — дзіцячую соску, трэці — пеўніка-свістульку, чацвёрты — шпульку нітак, пяты — расчоску, шосты — збанок двухлітровы... Рогату было — клуб тросся.

Да дванаццаці ўсе ў клубе таўкліся. А пасля хто ў якую кампанію разбрыліся. Кім яе трапіў у кампанію да настаўнікаў. Валерачка, яшчэ адна настаўніца, Ніна Аляксандраўна, таксама маладая, але ўжо замужняя, аграном яе ўзяў колькі гадоў назад, ладзілі тыя гульні ў клубе. Яны і папрасілі Кіма ў памагатыя, бо тыя самыя шарыкі пад столлю самі не маглі ж павесіць. От пасля ўсяго яны і забралі Кіма з сабою, у сваю кампанію. Там, казаў пасля, і старшыня калгаса з жонкаю быў, і старшыня сельсавета, і фельчарка. Гулялі яны ў школе, у складчыну. Жанчыны папрыносілі хто што з закусі, а мужчыны — па бутэльцы,— такая ўжо завядзёнка была, хоць і благая.

Яна не ведае, ці позна яны там вячэралі, ці на скорую руку. Яна як пайшла з клуба, дык неўзабаве і спаць лягла. І не чула, калі Кім прыйшоў. Ведае толькі, што ў клубе зноў танцы былі, і позна, ці не да трэціх пеўняў. І здагадваецца, хоць сын нічога такога і не расказваў, што ці не той ноччу, пасля ўсяго ўжо, быў Кім з Валерачкай. Мусібыць, быў. Бо, заўважыла, іменна пасля тае начы навагодняй перастаў ён баяцца Валерыі Віктараўны, не абыходзіў яе за тры вярсты, а нават быццам пару разоў заходзіў у хату да Любы Міхалкавай браць у яе пастаялкі нейкія кніжкі.

Але каб што нейкае пачалося між імі пасля Новага года, дык не сказала б. От проста пазнаёміліся бліжэй ды трошкі паабвыклі адно да аднаго. Як аднавяскоўцы. У сяле ж іначай і няможна. Усё адно, хоцькі-няхоцькі, а ўсе адзін пра аднаго ведаюць. Так і яны. Бо каб што такое, дык у сяле б заўважылі і на язык узялі б. А пра іх, Валерачку і Кіма, не надта пляткарылі.

Так, у няпэўнасці, студзень мінуўся, а пасля і люты. А ў сакавіку недзе Кім павёз дзяцей у Мінск на экскурсію. У кузаве лаўкі спецыяльныя зрабілі, і больш чым дваццаць вучняў на іх расселася. А ў кабіне разам з Кімам — Валерачка, вядома, бо хто б яшчэ, каб спыталі, мог бы дадумацца да той экскурсіі! І вось ужо з Мінска Кім яе вярнуўся не такім, якім паехаў. Радасны вярнуўся. Нешта між імі там адбылося. Ці што зрабіла, ці сказала, а толькі ж зразумеў ён, што і ён, Кім, для яе не пустое месца. Хіба ж яна не бачыла? Якая гэта матка не заўважыць таго, што ў сына з дзеўкай на лад ідзе? Кожная заўважыць!

Ды ён усё роўна цямця-лямця быў, яе Кім. Ужо і сустракацца пачалі, ужо зноў па сяле гаворкі пайшлі, што Кім з Валерыяй Віктараўнай раман піша, а ён, мусіць, ні словам, ні рукам волі не даваў. Пэўна ж не даваў! Бо скончылася ж тым, што не ён ёй, а яна яму прызналася, што любіць яго. От гэта дзеўка! Яна ж адразу запрыкмеціла, тады яшчэ, як пабачыла ўпершыню Валерыю ў краме на пачатку леташняй восені, што новая настаўніца дужа прыемная дзяўчына, на язык скорая, здатная з любым чалавекам пагаварыць, з кожным паразумецца. Дык яна і з Кімам яе не валэндзілася. Ён жа ўсё яе на «вы» называў. Як што калі трэба, дык: Валерыя Віктараўна, ці можна вас папрасіць... ці зможаце вы... мо ў вас ёсць... Дык, гледзячы на такое, і яна да яго выкае. Праўда, Вікенцевічам не звала, проста Кімам, але — вы і вы. А як пачало пакрысе адтаваць яе сэрца, як пачала душа яе мякчэць, бачачы Кіма, пачала Валерачка да яго на «ты». Раз сказала, другі. А ён — быццам не чуе, усё роўна да яе: Валерыя Віктараўна, ці ёсць у вас... Нейкія кніжкі ўсё ў яе пытаў. Дык яна тады сама ўзяла лейцы ў рукі. Кім ёй, маці, не ўсё расказваў, вядома, так, збольшага, як тое адбылося, але ёй досыць было і таго, што казаў, каб разумець, што да чаго.

Яны тады ў кіно хадзілі. Кім ужо не таіўся, сказаў на адыходзе, што пойдуць у кіно. Дамовіліся, маўляў. Фільм цікавы, даўно хацелі паглядзець, дык сходзяць. Ідзі, сынок, ідзі, сказала яму моўчкі ўслед. Ці ж яна яго не пускаць будзе? Ды ці ж ён і прасіўся ў яе? Гэта ж сказаў ёй ад радасці. З душы прасіліся тыя словы самі: от, мама, ведай і ты, з ёй у кіно іду, не адзін, а з ёй! Пайшоў, а яна, дай веры, знячэўку падумала, што мо гэта і блага — так хацець гэтую самую Валерачку за нявестку, як яна хоча. Як падумае ды ўспомніць, дык усё ва ўсіх быццам наадварот было. Каго ні возьме, дык матка якраз была супраць нявесткі настроена. Дальбог жа! Нашто ж далёка хадзіць, калі і яе самую свякруха стрэла няласкава. Выгляду не падавала, пры людзях, пры Вінцуку нічым сябе не выдавала, лагоднічала нават, але ж яна, Кацярына, памятае, што неаднойчы лавіла на сабе яе злосны — калі не сказаць горш — позірк. Гэта пасля ўжо, праз год, як нарадзіўся Кімка, свякруха перамянілася, і вочы яе падабрэлі, і голас паласкавеў. А яна ж во, дай веры, сама хоча дзяўчыну ў нявесткі. Любіць яе. З першага разу ўпадабала. За што, дык, пэўна, і не скажа. Яно і паспрабуй скажы! Пра карову ці пра ката — і то не заўсёды скажаш, чым добрая ці добры. А ў іх жа служба адна. Шмат малака дае — значыць, добрая кароўка. Старанна мышэй ловіць — таксама, бясспрэчна, добры кот. А чалавек? З твару прыгожы, а душа подлая,— от і скажы, добры ён ці дрэнны? А то, бывае, і з твару ўдаўся, і душа — хоць да раны прыкладзі, а гультай несусветны — які чалавек, што пра яго скажаш? Але ўсё-такі ёсць нешта ў чалавеку такое, што адразу выдае, чаго ён варты. Ці то па вачах відаць, ці па голасе, ці па тым, як ён да другога чалавека падступаецца, як размаўляе з ім. А то і па тым, як ходзіць, як паводзіць сябе. Карацей кажучы, Валерыя Віктараўна прыйшлася ёй да душы. І вочы, хай сабе трошкі і зіркаватыя, добрыя, не мітуслівыя, на цябе глядзяць, а не міма. І твар не злы, не кіслы, а шчыры, адкрыты, даверлівы. І сама ўся рухавая, жывая, але не пудлівая, не знерваваная. І паходка не ганарлівая, але і не шалда-балда, не валюханне качынае. Па ўсім відаць, што чалавек добры, чэсны, надзейны. Ну, а што не дурны, дык і з аднаго слова відаць. Гэта ж каторай ці катораму досыць проста рот разявіць, каб пабачыць, што дурань. А Валерачка гаворыць, як песеньку пяе. Быццам і па-нашаму, па-вясковаму, усе слоўкі знаёмыя, родныя, а складзены і вымаўлены так, што быццам ужо і не нашы, простыя і свойскія, а кніжныя, вучоныя, прыгожыя. Слухала б, здаецца, яе і слухала б...

Расчулілася яна тады, тым вечарам. Ажно ў яе сэрца заныла. Ціхенька так, быццам і не балюча, але ўсё роўна непрыемна так, тужліва. Падумала была, хоць не на бяду гэтая яе любоў. Мо досыць было б, каб хоць сын любіў? А пасля плюнула ў злосці і расцёрла. Каб яна яшчэ праз глупства нервавалася? Гэта ж, можа, наадварот, ёй шчасце вялікае пасвеціць у вочы, калі Кім яе пабярэцца з Валерачкай. Гэта ж не будзе ў яе розніцы, ці яна, ці ён: абое любімыя, абое дарагія, абое родныя. А яна, дурная, раскволілася, растузалася...

Ён тады позна прыйшоў з кіно. Але яна не спала. Нават і не лягала. Нейкі касмыль воўны валяўся, даўнейшай, ужо трохі і злямчанай, парашыла спрасці — мо прыдасца нітка на што-небудзь. Якраз дапрала, прасніцу прыбірала і калаўрот, каб не тырчэлі навідавоку, а ён прыйшоў. Распрануўся і на другую палавіну пайшоў. Ну, пайшоў, то і добра, позна ўжо ж, хай кладзецца, бо заўтра ж, пэўна, зноў куды-небудзь паедзе. Яна адно на ўсякі выпадак спытала, мо перакусіць што. А ён на яе словы вярнуўся зноў у першую хату і галавой пакруціў: не, мама, не хачу анічога, сказаў. Не хочаш, дык і добра, яна на ўсякі выпадак пакінула на стале, пад абрусам, скрылёк сала і кубачак кісялю яблычнага, куплёнага. Ён зноў галавой пакруціў: дзякую, мама, не хачу, сказаў. А потым раптам засмяяўся і папытаў, як дурненькі: ці ведаеш ты, мама, чым сёння кіно скончылася? У яго быў нейкі такі твар, што, зірнуўшы на яго, яна таксама ўсміхнулася. Адкуль жа ёй ведаць, сказала, яна ж у клубе не была. Дык ведай, мама, гукнуў ён, ведай, што Лера згадзілася выйсці за мяне замуж! І крутануўся па хаце на адной назе. Падышла яна да яго, нагнула галаву, пацалавала ў лоб, сказала: рада за цябе, сынок. І папрасіла: ты ж раскажы, як гэта здарылася, як вы дамовіліся, матцы ж ведаць трэба... А ён абняў яе, крутануў лёгенька, праспяваў: матцы адно трэба ведаць, што вяселле будзе на Мая...

Так нічога і не сказаў. Тым разам. А пазней трошкі расказаў. Адзін раз адным-двума словамі прагаварыўся, другі. Яна хутчэй здагадалася, чым зразумела, што паразумеліся яны прыкладна так.

Пэўна, пасля кіно прыпыніліся ці ля варотцаў Любы Міхалкавай, ці мо ў сенцы зайшлі, каб вецер не так працінаў. І, мусіць, Кім, як заўсёды, моўчкі стаяў, церабіўся, як васьмікласнік. І тады яна, відаць, не стрывала і прыстала да яго з роспытамі: ці любіць ён яе? Яна пытаецца, а ён маўчыць, яна пытаецца, а ён маўчыць, носам сапе. Дык яна тады — рашуча: апошні раз пытаюся, любіш ці не? Куды ж яму было дзецца! Узяў ды выціснуў з сябе: люблю. Вельмі любіш? Яна не адступаецца. Вельмі, прашаптаў. Ну, дык тады яна і сказала так проста: і цябе я люблю, і таму бяры мяне замуж... От такая дзеўка!

Ён прагаворваўся, што разгубіўся — страшэнна. Казаў, ледзь не самлеў. А яна сама ледзь не самлела, слухаючы яго. Аж сэрца зайшлося, ад радасці, вядома, што сын у яе такі. Што нават у такія гады дзеліцца з маткаю такім сваім сакрэтам. Яна спаймала сябе на гэтай думцы і перакінулася на Валерачку: гэта ж і ёй будзе добра за Кімам, гэта ж і яна будзе мець шчасце грэцца ля яго шчырай і адкрытай душы.

Калі ўжо сама дзеўка прапанавала — бяры мяне замуж, дык грэх было не ўзяць. От і ўзяў. І вяселле згулялі. І перайшла Валерачка ад Любы Міхалкавай да яе ў хату. Перайшла яшчэ напярэдадні. Са сваім небагатым скарбам. Кніжак больш, чым усяго астатняга. Людзі, вядома, прыкмецілі гэта. Сёй-той здзівіўся. Надзя Тарыка, суседка, не прамінула і сказаць: Кацярына, пасаг у тваёй нявесткі такі, што і пераймаць быццам няёмка... Яна адно Надзі сказала: а ты не на пасаг глядзі, ты на пасажніцу!.. Добра і так, што выкачалася дзеўка, вырасла, вывучылася без бацькі ды без маткі. А пасаг нажыве. Надзя ж ведае, што ў дзетдоме гадавалася яе нявестка, але от... Калі язык свярбіць, трэба ж нешта ляпнуць...

Спяць, пэўна, яе дзеці. Вядома, спяць. А яна во і да світання на парожыку прасядзела. Добра, што ватоўку здагадалася на плечы накінуць, а то б акалела. Яшчэ ўсё-такі ночы крамяныя. Ад зямлі цягне не парнасцю, а сцюдзёнасцю, бо яна яшчэ не прагрэлася як след, зямля. Вунь сонца ўстае, дык на траве — бы шэрань зіхціць.

Паднялася маці, шчыльней ахінула плечы ватоўкай, адной нагою патрэпала, другою, бо адзеравянелі, адседжаныя. Трэба ж ісці ў хату, узяць даёнку, кароўку падаіць і за работу брацца. Толькі ж ціхенька, каб, не дай бог, не забразгатаць чым-небудзь — хай паспяць дзеці. На золку ж, кажуць, самы салодкі сон...

 

ЛЮТЫ 1961 ГОДА

Ці не тыдні тры стаяла ціхае марознае надвор’е. Уначы неба зырылася зоркамі, снег пад нагамі рыпеў гулка і смачна, а днём ярка свяціла сонца і ў зацішку пад сцяною было цёпла. Прыкладзеш даланю да бервяна, а яно — бы тое паленне, што кладзецца ў яшчэ не астылую печ, каб падсохла да вечара, каб лепш гарэла ў грубцы. Дастаеш яго надвячоркам з печы, а яно цёплае-цёплае, бы над вогнішчам патрыманае.

А тут раптам аб адным дні ўсё на скрут пайшло. Спачатку сонца як туманам ці нейкім мройвам ахуталася, а пасля і зусім зблякла і прапала. Потым ветрык павеяў, і ўсё нейк быццам знізу, снежны пылок метучы і закручваючы. А затым неўспадзеўкі пайшоў снег, і к вечару ўжо сапраўдная завіруха-мяцеліца паглынула спачатку прырэчныя кусты на аселіцы, потым яблыні за пуняй, а пасля і самую пуню.

Маці глядзела ў акно і бедавала, як жа заўтра Кім дабярэцца ў райцэнтр. Пэўна, замяце так, што ніякая машына не праб’ецца. Каб знаццё, дык можна ж было б учора паехаць ці хоць бы сёння зранку. А то ж во, дачакаўся — свету белага не відаць. Не стрывала, адчыніла дзверы ў другую палову хаты, сказала:

— Ці бачыш хаця, што на вуліцы робіцца? Як з хаты выберашся, завочнічак? І чаму лямпы не запальваеце?

— А мы нічога не робім. Лера прылягла, а я сяджу, гаворым. Што, ты кажаш, на вуліцы?

— Мяцеліца, сынок! Ды такая, што за ноч па вокны намяце.

Кім падняўся з ускрайку ложка, падышоў да акна, працёр пальцам шыбіну і нейкі час паўзіраўся ў гэтую працёртую — цямнейшую — плямку. Выпростваючыся, сказаў заклапочана:

— Сапраўды замяце. Давядзецца пяшэчкам тупаць.

— Тупаць! Не надта і патупаеш! Плесціся, сынок, давядзецца, а дзе і паўзці. Помніш, як у пяцьдзесят шостым, недзе такой жа парою?

— Ты ўжо другі ці трэці раз кажаш мне, мама, пра пяцьдзесят шосты... Я ж тады ў арміі быў!

— А хай яго! Але тады, недзе такою парою, так намяло, што сёй-той з хаты раніцаю не мог вылезці. Назаўтра дзеці з Зосінай хаты на санках каталіся. Проста са страхі. Туды, на Юлікаў бок. Зося ганяла, баялася, каб салому не садралі. У яе ж ці не ў апошняй хата пад саламянай страхой стаяла,— гаварыла, так і не пераступіўшы парога, маці.

З кутка, з ложка, цяжка азвалася Валерыя:

— Я казала, каб сёння ехаў. Як прадчувала. Прыехаў бы загадзя, уладкаваўся б без спешкі... А заўтра пакуль, як мама кажа, дапляцешся, дапаўзеш да раёна, дык у Мінск да вечара ці дабярэшся.

Кім супакоіў і маці, і жонку:

— Ды неяк будзе, не бядуйце вы. Маленькі, згіну ў дарозе?!

— Як Бядулевы дрывасекі! — у тон яму прадоўжыла Валерыя.

— Ага! Скручуся абаранкам і засну пад спеў мяцеліцы,— падхапіў Кім.

Маці прысароміла іх:

— От і дагаварыліся! Як дзеці, дальбог. Хіба ж можна пра такое? Ці ж гэта жартачкі? Я ж помню пра тых дрывасекаў. Яны ж замерзлі, загінулі. Я ж плакала, памятаю, як Кім чытаў пра іх...

— Мы пажартавалі,— падала голас Валерыя.

— Мы пажартавалі, мамачка,— дадаў Кім.

Маці махнула на іх рукой:

— Ат! Я ж і кажу — дзеці!

І прычыніла за сабою дзверы.

Кім пайшоў да грубкі, узяў на гзымсе карабок запалак, каб засвяціць лямпу, але яго ціхенька паклікала Валерыя:

— Кім, хутчэй сюды!

Ён падбег да ложка, схіліўся над ёй, спалохана прашаптаў:

— Што?

Яна пырснула смехам:

— Не бойся! Я хацела, каб паслухаў! Так біўся, што, думала, выскачыць! Во, зноў! Пакладзі руку сюды! — Яна намацала яго руку, прыклала да жывата.— Чуеш? Ну, чуеш?

Ён нічога не адчуў, але, не хочучы яе крыўдзіць, прашаптаў:

— Ага, чую. Штурх, штурх...

— А чаго ты шэпчаш? — пырснула жонка зноў.— Ты думаеш, ён пачуе?

— Ты ж таксама шэпчаш,— знаўшоўся ён.

— Чаму ты мяне не пацалуеш?

— А за што?

— Як гэта — за што? Я ж табе сына нараджу! Сына!

— Гэта яшчэ як сказаць! А можа, дачку.

— Сына! Чуеш, як таўчэ матку пад бок?

— Я мяркую, што так і дзеўкі таўкуцца.

— Кім! Цалуй хутчэй, бо перадумаю і нараджу дачку!

— Здаюся!

Ён прыпаў да яе пульхных, як набрынялых, вуснаў і пацалаваў доўга, але мякка. А калі пасля дакрануўся вуснамі да яе вока, адчуў цёплую саланаватасць і здзівіўся:

— Ты чаго, Лера?

Яна павярнула галаву набок і сказала ў падушку:

— Як ты можаш ехаць, калі я не сёння-заўтра магу радзіць?

Перад тым як маці адчыніла дзверы да іх, яны гаварылі якраз пра гэта. Гаварылі таму, што ён засумняваўся, ці ехаць яму: маўляў, ліха з ім, з інстытутам, калі яна ў такім стане... Яна не дала яму дагаварыць, заціснула далонькай рот: маўчы, са мной мама, а ты едзь і ні аб чым не думай. І вось — на табе! Нават слёзы...

На хвіліну ён разгубіўся, але тут жа ўзяў сябе ў рукі:

— А хто табе сказаў, што я еду? Хто гэта ўзвёў на мяне такі паклёп?

Яна маўчала, цяжкавата дыхаючы. Потым прыпаднялася, ашчарэпіла яго за шыю, зашаптала проста ў вуха, аглушаючы яго:

— Кімачка, я дурная баба, не слухай мяне. На гэты раз не слухай! Я сама раскісла, і мазгі ў мяне раскіслі. I ты мяне такую не любі. А цябе я ўсё роўна люблю! І зраблю з цябе каралевіча!

— Слухай, Валерыя Віктараўна, па-мойму, я ўжо каралевіч!

Яма захліпнулася:

— Ты робіш велізарныя поспехі! Ты абганяеш мае самыя смелыя спадзяванні! Ідзі запальвай агонь, Праметэй!

Ён пайшоў да стала, запаліў кнот. Хацеў надзець шкло-комінак, ды пабачыў, што яно закуродыміла — пайшоў у першую хату ўзяць ручнік і выцерці альбо і памыць. Яна, лежачы на спіне, глядзела яму ўслед — ён выглядаў дзіўна вялікім пры цьмяным святле, высокім і шыракаплечым, сапраўдным асілкам-волатам, і ад прыліву цеплыні яна задыхала неглыбока і часта. І ад гэтага цеплыня захліснула не толькі яе грудзі, пакацілася прыемнай хваляй вышэй, да галавы. І тады яна як бы нырнула пад гэтую хвалю, апынуўшыся ў яе цёплых і лёгкіх сховах, памяць імгненна высвеціла ўсе паўтара года, пражытыя ёю ў Чырвоным Бары. Убачыла той жнівеньскі дзень, калі ўпершыню ішла вёскаю, што ўжо стала для яе блізкай і нават роднай. Убачыла свой першы ўрок тут, у Чырванаборскай школе — урок у восьмым класе, на якім прысутнічаў завуч Карней Васільевіч, і пачула, як ён сказаў пасля, што яму было прыемна і цікава сядзець у класе. Убачыла той вечар, калі сядзела з цёткаю Любаю ля грубкі і калі ўпершыню пачула пра шафёра Кіма Курловіча, з якога паабяцала гаспадыні ці мо сабе самой зрабіць каралевіча, жартам, вядома, паабяцала. Убачыла і бясконцую, пыльную дарогу з райцэнтра да Чырвонага Бору, па якой яна ішла з Кімам Курловічам, і трошачкі засаромелася ад той згадкі, бо паводзіла сябе тады яна зялепухай, выпіналася з усіх сіл ашарашыць хлопца, знішчыць яго сваёй начытанасцю і веданнем на памяць некалькіх тысяч вершаваных радкоў. Убачыла і тую паездку ў Мінск на экскурсію, калі яна канчаткова пераканалася, што ён шчыры, добры хлопец, спагадлівы да чужой бяды (за сялом спыніў машыну, папрасіў дзяцей злезці, а сам нацягаў у кузаў некалькі ахапкаў саломы, і дзеці ў той саломе грэлі па дарозе ў Мінск ногі, а па дарозе дадому і самі спаўзлі з лавак і пазашываліся ў яе), і пагарнулася да яго, як да блізкай, роднаснай душы. Убачыла той дзень, калі ўпершыню выступала на педсавеце, выступала запальчыва, крыкліва, папракаючы ці не ўсіх агулам у апатыі, абыякавасці, шаблоннасці, адсутнасці ініцыятывы і пошукаў, і тое, як усе паапускалі галовы і аціхлі, а яна не здагадвалася, што аціхлі яны не толькі ад пачуцця віны, але і ад сораму за яе, саманадзейную зялепуху, якая, ці бачыце, адна здолела, змагла ўгледзець іхнія грахі і паспрабаваць паставіць іх на сапраўдны шлях і згадала, як Марыя Міхайлаўна спакойна, памяркоўна падзякавала ёй за шчырае, усхваляванае выступленне, пагадзіўшыся, што мо і праўда яны трошкі ўсе зашаблоніліся і што энергія і запал іх маладой каляжанкі Валерыі Віктараўны добра паспрыяюць ажыўленню дзейнасці іхняга калектыву па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.

Але найперш, вядома,— мо таму, што ён даў штуршок гэтай рабоце памяці — убачыла тыя дні і моманты, якія пазначаны яе дачыненнямі да Кіма.

Убачыла той дзень, правільней, ціхі зімовы світанак, які яны сустрэлі на нагах пасля навагодняга свята. Яны тады позна былі ў клубе — ці не да гадзін пяці. Пасля крыху пастаялі ля варот Любы Міхалкавай. Датуль, пакуль у яе не акалелі ногі. Тады яна папрасіла яго пачакаць, а сама пабегла і пераабулася ў цёткілюбіныя валёнкі. І потым моўчкі, амаль што моўчкі, хадзілі да світання па атуленай прысадамі дарозе між Чырвоным Борам і Селішчам. Ёй тады хацелася, каб ён абняў і пацалаваў яе, але і сама пасміхвалася з гэтага свайго жадання, разумеючы, што ён і ў думках не дапускае нічога падобнага. Смешна! Ён не дакрануўся да яе ажно да таго вечара, калі яна сама вымусіла яго сказаць, што ён любіць яе. Яна, вядома, і без таго бачыла, ведала гэта, але ёй, як, мусіць, і любой дзяўчыне, хацелася пачуць словы прызнання. Што зробіш, такая ўжо, мусіць, у іх, жанчын, натура. Ім мала адчуваць, бачыць і ведаць, ім трэба яшчэ, каб ім бясконца, штодня напаміналі, гаварылі, што іх любяць, кахаюць...

Убачыла яго і сябе тым днём, калі яны ўпершыню сталі блізкімі,— на другі дзень пасля вяселля. Кімава маці, якую яна пачала зваць мамай з таго дня, як яны разам прыйшлі да іх у хату, пасля вяселля, калі разышліся госці і яны збольшага прывялі да ладу хату, пакінула іх адных. Яна здагадалася, што свякруха зрабіла гэта знарок — каб не замінаць ім, каб не бянтэжыць іх. А яны... Яна папрасіла Кіма патушыць лямпу. Ён паслухмяна дзьмухнуў у комінак. Яна распранулася і лягла, бліжэй да сцяны, вызваляючы яму месца. Ён сядзеў ля стала і маўчаў. Тады яна паклікала яго. Нават не паклікала, а проста сказала, каб ён таксама лягаў спаць. Ён, не марудзячы, распрануўся і лёг. Лёг ціхенька, асцярожна ля яе, на спіну, і сцішыўся. Яна бачыла, што ён перажывае, адчувала па ягоным дыханні, што ён хвалюецца, і нечакана сама затрымцела ўся ў чаканні. Але ён маўчаў і не варушыўся.

І тады ёй прыбегла думка, што любая дзяўчына заўсёды сталейшая за хлопца і што, значыць, слова ці ўчынак тут за ёю. Яна памкнулася да яго, хуценька пацалавала, шапнула: спі! І ён заснуў. Яна неўзабаве са здзіўленнем зразумела, што ён сапраўды заснуў. Яе хапіла на тое, каб супакоіцца і ўрэшце таксама заснуць... А іхняй была наступная ноч. І пасля тых хвілін уцехі ў яе засталося радаснае ўсведамленне таго, што ён — толькі яе, а яна — толькі яго і што ад гэтага часу так будзе заўсёды. І раніцаю, выходзячы ў першую хату, яна, вітаючыся з маці, пацалавала яе шчыра, моцна — за сына...

Убачыла яго тымі восеньскімі днямі, калі ён уцепліваў хату. Ён ужо ведаў, што яна зацяжарала, і сам, без матчынай падказкі, даўмеўся, што старую і таму халодную хату трэба ўцяпліць. З-пад гатара прывёз машыну пілавіння і засыпаў ім прызбу кругом хаты, з усіх бакоў. З Мінска прывёз некалькі трубак толю і абабіў знутры сцены, а пасля разам з ёю паклеіў іх шпалерамі. І ёй прыемна і лёгка было памагаць яму, бо ведала, што ён робіць гэта дзеля яе. Наогул, вядома, дзеля ўсіх, дзеля іх траіх, але найперш — дзеля яе і дзеля таго ці той, што некалі паявіцца на свет у гэтай хаце. Ён абіваў маленечкімі цвічкамі сцены толлю, а яна глядзела на яго твар, і ёй было суцешна бачыць гэты твар, які дыхаў ціхамірнасцю і лагодаю...

Убачыла яго ў настаўніцкай кампаніі падчас сустрэчы другога яе Новага года тут, у Чырвоным Бары, і зноў адчула колішняе задавальненне ад таго, што ён трымаўся і паводзіў сябе зусім не так, як год назад, калі ён быў толькі яе і Ніны Аляксандраўны памагатым,— цяпер ён быў сапраўды яе мужам, у меру сціплым, у меру дасціпным, у меру сур’ёзным і ў меру жартаўлівым. Яна, вядома, адчувала і свой уплыў, але радавалася і яго прыроднай тактоўнасці, і яго здольнасці вучыцца, схопліваць якраз тое, што трэба, і так, як трэба...

Кволае святло малюсенькага, ледзь бачнага з рашоткі язычка полымя свяціла яму ў спіну, калі ён выходзіў у першую палову хаты чысціць камінок, і цень ягоны заняў амаль усю сцяну, пацягнуўся па падлозе і столі, быццам цень ад нейкага асілка-велікана. І яна, лежачы ў ложку, амаль асязальна адчула пад сабою яго цёплыя і дужыя рукі, якія колькі часу назад лёгенька, бы пушынку, паднялі яе і асцярожна паклалі сюды, на падушкі. Ён часта браў яе на рукі. Улетку, калі яму выпадала вольная хвіліна, яны бегалі за тры кіламетры ў Селішча на возера.

І калі выходзілі за вёску, ён падхопліваў яе на рукі і нёс. Яна вырывалася, сарамаціла яго, палохала, што раптам хто-небудзь паявіцца нечакана з-за павароткі, выйдзе з кустоў на дарогу, а ён не зважаў і яшчэ, дурэючы, блазнуючы, кідаўся бегчы з ёю на руках. І яна паддавалася яго блюзнерству і гразілася ніколі не злезці з яго рук. Цяпер жа яна цяжкая, як бомба, а ён усё адно возьме яе і паносіць па хаце ці вось, як сёння, на ложак пакладзе. Адпачывай, маўляў, а то, як той казаў, рассыплешся без пары...

Ён вярнуўся нарэшце да стала, уставіў у рашотку камінок і падкруціў кнот. У хаце павіднела.

— Ну што, пачытаем да вячэры? — павярнуўся да яе.

Яна кіўнула галавой, толькі папрасіла:

— Але ўжо ты сам, мне нешта сёння цяжкавата.

З таго дня, як яна пайшла ў дэкрэт, яны амаль кожны вечар перад сном чыталі. Уголас. Напераменку. Часам слухала і маці. Сядзела, пакуль не пачынала кляваць носам. Адчуўшы, што дрэмле, яна ціхенька падымалася і ішла ў першую палавіну хаты — пасля іхняга вяселля яна перабралася спаць туды, лягала на палацях пры печы. Яны пярэчылі, але яна настояла на сваім, абгрунтаваўшы гэта тым, што старыя плечы любяць грэцца на печы.

Заўчора ці пазаўчора яны пачалі чытаць «Братоў Карамазавых». Кім зняў з этажэркі кнігу, знайшоў закладзеную старонку і прысеў да стала:

— Ну, слухай...

Прачытаў ён старонак пяць, не болей і раптам спыніўся — нечага як быццам яму не ставала. У незразумелай пакуль трывозе зірнуў на Леру. Яна спала. Ён пасядзеў, паківаў галавой, потым асцярожна загарнуў кнігу, паклаў яе зноў на этажэрку, прыкруціў кнот у лямпе і выйшаў у першую хату.

Маці тупала ля стала. Убачыўшы яго, спытала:

— Вячэраць, сынок, будзем?

— Хіба з табой, мама, бо Лера задрамала. Паслухала некалькі старонак і заснула,— адказаў ён.

— Ну, то сядай ты адзін і вячэрай, а мы пасля,— сказала маці.— Сядай, еш.— Яна падсунула да яго талерку, сама села з другога краю стала.— Баюся, сынок, што прыйшла пара. Валерачка даходжвае. А ты паедзеш...

— То ж трэба, мама. Першая сесія, прапускаць няёмка,— спахмурнеў ён.

— Не, дык я не пра тое. З ёй жа я тут буду. Калі што, дык... Ты ўжо там лішне не бяры да галавы. Здавай свае экзамены і не думай ні аб чым.

Кім адмахнуўся:

— Што са мной зробіцца! Усяго ж дзесяць дзён!

Маці кіўнула галавой, бы пагадзілася, спытала пра іншае:

— Табе ж сабрацца трэба. Каб заўтра не поркацца.

— Кніжкі, сшыткі я паклаў. Лера сарочкі сабрала, ручнік. А што яшчэ?

— Грошы ж не забудзься. І як жа гэта — што яшчэ? Што, ты ні скварчыны, ні чаго іншага не возьмеш?

— Ну збяры што-небудзь. Толькі трохі, мама, павячэраць калі, там жа сталоўка ёсць і буфет робіць...

Лера так і не паднялася вячэраць, хоць і прачнулася неўзабаве. Сказала, што не хоча. Кім, зладаваўшы чамадан, таксама лёг. Лёг раней, зважаючы на тое, што падняцца заўтра трэба будзе таксама раней. Пра машыну ён дамаўляўся, Сяргей Ягоравіч, старшыня калгаса, сказаў, што Селівончык, на бартавой, паедзе ў Мінск, а Кахновіч на самазвале — у раён, дык ці на той, ці на другой пад'едзе, куды захоча: ці да раёна, да аўтобуса, ці адразу да Мінска. Ну, яно так, вядома, але ўсё роўна ранічкаю трэба папярэдне падбегчы ў гараж, дамовіцца ці з Кахновічам, ці з Селівончыкам, каб прыпыніўся ля хаты, папіпікаў. А то ж, можа, ні той, ні другі не паедзе, як замяце. Але ці тое, ці іншае лепш будзе, як ён раней ляжа.

Лёг, ды не спалася нешта. Чуў, што Лера таксама не спіць. І не проста не спіць, а штосьці нэндзіцца, варочаецца, ціхенька, каб не турбаваць яго, стогне.

Ён падняў галаву, спытаў:

— Табе блага, Лера?

— Ага,— азвалася яна.— Старалася не трывожыць цябе, каб паспаў трошкі, а — не магу.

— Можа, маму паклікаць?

— Не, не трэба. От каб легчы неяк зручней, каб не так цяжка было... А ты не зважай, адвярніся і пастарайся заснуць. Добра?

— Добра, добра...

Ён адвярнуўся, паклаў пад шчаку руку і... заснуў.

Снілася яму, што ён прадзіраецца праз нейкі гушчарнік. Кусты спляліся так густа, што рукамі не разарваць. Дзе гэта ён апынуўся і куды ён так упарта пхнецца — дапяць не мог. Нешта як клікала яго кудысьці, і ён ішоў уперад, рассоўваючы галіны, адхінаючы іх ад твару, ад вачэй. Нечакана дзесьці ззаду, у сябе за спіной, нешта застагнала. Ён крутнуўся, азірнуўся назад і... прачнуўся.

Стагнала жонка. Сон зляцеў з вачэй. Ён кулём скаціўся з ложка, хітнуўся да стала, запаліў лямпу.

— Што, Лера? Пачынаецца?

— Мусіць...

Кім кінуўся ў першую хату. Маці пачула ўжо іх, спускалася з палацяў долу.

— Я ж казала, сынок,— шапнула.— Апранайся, а я пайду, гляну, як яна.

Ён ужо надзяваў паліто, калі маці выйшла да яго ў першую палавіну хаты.

— Ну, што, мама? — спытаў трывожна.

— Тое самае, сынок,— адказала маці спакойна.— Мусіць, пара прыйшла. Колькі цяпер? Пачатак першай? Да раніцы чакаць боязна. Калі ўжо апрануўся, ідзі, сынок, бяры машыну — трэба везці.

— Сваю браць?

Маці памарудзіла, затым сказала:

— Хто ж яго ведае. Можа, Селівончыка папрасі? Як усё добра будзе, дык з раёна ты і паедзеш, дамоў вяртацца не будзеш.

— Мо і праўда...

Мароз адваліўся, снег не ішоў, але дзьмуў парывісты, пранізлівы вецер. Вуліца была чыстая, толькі сям-там, у зацішных кутках, наўскос яе ляглі неглыбокія сумёты.

Селівончык прахапіўся хутка. Што да чаго, зразумеў з паўслова. Толькі спытаўся:

— Што матка сказала, скора?

— Сказала, што да раніцы чакаць боязна,— не схлусіў Кім.

— А-а, то добра,— расслабіўся Селівончык.— Ты прысядзь, а я схаджу на двор, а пасля кубачак чаю вып'ю. Хуценька, без нічога, каб не нашчаком быць, язва, халера на яе. Чай у мяне ў грубцы стаіць, так што я скора...

Праз хвілін сорак ён пад’ехаў з Селівончыкам да хаты. Маці і Лера былі гатовы. Кім вынес жонку з хаты, пасадзіў у кабіну, пагладзіў па руцэ, шапнуў:

— Усё будзе добра, ты не бойся.

Пасля ўкінуў у кузаў чамадан, памог узлезці маці і ўскочыў сам.

Даехалі, можна сказаць, добра. Трошкі пабуксавалі толькі на выездзе з вёскі і ў Сілінцы. У Сілінцы давялося памахаць і рыдлёўкаю, адкідваючы снег, але не доўга — выбраліся. І маці, зноў акрываючы сынавы і свае плечы кажухом, уздыхнула з палёгкаю:

— Ёсць яшчэ бог на свеце, сынок. Я ж думала — замяце, як у пяцьдзесят шостым...

У бальніцы адчыніла ім заспаная, у гадах ужо сястра. Моўчкі адчыніла, моўчкі ўзяла Валерыю пад руку і павяла з прыёмнага пакоя ў другія дзверы. Павяла так нечакана, што ні Кім, ні маці не паспелі ёй і слова сказаць. І Валерыя нічога не сказала. Толькі ў дзвярах азірнулася, паглядзела на іх, і Кім паспеў згледзець, што твар у яе бледны і разгублены быццам.

Неўзабаве сястра вярнулася і, падаючы маці нявестчыны апраткі — паліто, кофту, спадніцу, валёнкі, усё, што было на Валерыі, сказала:

— У пару прывезлі. Скора на стол возьмуць.

— На які стол? — перапытаў Кім.

Сястра, зірнуўшы на яго, нібы ўсміхнулася:

— А-а, першы раз... Жонка скажа, на які стол...

— Трэба чакаць, сынок,— шапнула маці. І спытала ў сястры: — Як вы мяркуеце, колькі чакаць давядзецца?

— А гэта ўжо ад яе залежыць,— коратка адказала жанчына.— Калі яна ў вас спрытная, дык скора.

Маці паскладала адзенне ў хустку, звязала ражкі і села была на лаўку побач з ванзэлкам, але тут жа паднялася:

— Трэба ж схадзіць, сынок, папрасіць Селівончыка, хай пажджэ, не палянуецца... Можа ж, нядоўга будзе мэнчыцца. Схваткі ж ужо дома былі... Дык дачакацца толькі... Я ж бы тады і дахаты з ім. А заўтра пад’еду ўжо з гасцінцам якім...

Яны выйшлі да Селівончыка разам. Ён сядзеў у кабіне і курыў.

— Во таму і чай піў, каб гэтую суслу не смактаць нашча,— сказаў да Кіма.

— Я ведаю, дзядзька,— кіўнуў той.— Ноч у цябе ўжо ўсё роўна вераб’іная, пачакай трошкі, мама тады з табой паедзе, а то...

Селівончык, выпускаючы дым з рота, сказаў:

— Што ты, Кім, як апраўдваешся? Трэба дык трэба!

— Ну, то дзякую, Рыгор,— сказала маці.

— Еш з маслам,— ашчэрыў ён зубы ва ўсмешцы.

Абрадзілася Валерыя ў пяць сорак раніцы. Хоць — якой раніцы? Калі б улетку, дык, вядома, была б раніца. А то — пачатак лютага. Ноч яшчэ, самая што ні ёсць ноч.

Абрадзілася дачкою. Вагою тры кіло сто пяцьдзесят грамаў і ростам сорак сем сантыметраў.

Гэтыя лічбы абыякавым, сонным голасам паведаміла ім сястра, пяты ці мо шосты раз па іх просьбе падымаючыся і выходзячы з прыёмнага пакоя кудысьці туды, у глыбіню бальніцы, дзе кідалася недзе ў схватках Валерыя, прытым не ў цёплым мяккім ложку, а на нейкім... бр... стале! І пачуўшы нарэшце гэтыя лічбы, зразумеўшы, што тое, чаго яны чакалі, адбылося, Кім неяк нават і не адразу паверыў у гэта. Ага, думаў ён, значыць, дачка, як ён і казаў. Яшчэ сказалі, што важыць яна тры кіло сто пяцьдзесят грамаў і росту яна сорак сем сантыметраў. Усяго сорак сем? Во столечкі? Ён, прымерваючыся, звёў рукі. А Лера? Чаму пра яе нічога не сказала гэтая маўклівая, сонная сястра?

— А што з Лерай? — паўтарыў ён уголас.— Чаму пра яе нічога...

— Пра жонку пытаешся? — здагадалася жанчына.— А што пра яе казаць? Нармальна. Спіць, пэўна. Яны спяць пасля гэтага...

Патаптаўшыся яшчэ колькі хвілін у прыёмным пакойчыку, быццам не ведаючы, ёсць ім тут што рабіць яшчэ ці няма, яны пайшлі на вуліцу, да машыны. Селівончык, зачыніўшыся, драмаў, прыкрыўшы твар шапкай. Кім пстрыкнуў пальцамі па шкле, гукнуў:

— Усё, дзядзька! Дачка ў мяне!

Селівончык быццам і не драмаў, паправіў шапку на галаве, адчыніў дзверцы:

— Дачакаліся? Ну і што?

— Я ж кажу, дзядзька: дачка ў мяне! — паўтарыў Кім.

— Партач! Не мог змайстраваць хлапца! Але на радзіны ўсё роўна паклічаш, нідзе не дзенешся... Ну што, Кацярына, паехалі? Ці пачакаем, пакуль чайная адчыніцца? — Селівончык зноў паказаў жоўтыя пракураныя зубы.

— А бадай цябе, Рыгор! Лепш ужо дома чаю таго знойдзем! — засмяялася маці.

— То сядай. Ванзэлак можаш у кузаў укінуць. А не — пад ногі пакладзі.

Пакуль маці ўмошчвалася ў кабіне, Кім скокнуў на кола, перагнуўся цераз борт і ўхапіў свой чамадан. Маці, перш чым ляпнуць дзверцамі, яшчэ раз сказала:

— Не перажывай і не марнуйся, сам ужо глядзі там... А я і заўтра пад’еду, і паслязаўтра...

Машына, стрэльнуўшы белым клубком дыму, скранулася з месца, зарыпеўшы скатамі па свежым снезе, і пакацілася. Кім пастаяў, паглядзеў ёй услед, пакуль былі відаць чырвоныя агеньчыкі, а пасля вярнуўся ў прыёмны пакой. Сястра падняла ад стала галаву, паглядзела на яго запытальна.

— Можна, я ў вас пасяджу, пакуль ноч?

— Сядзі...

Потым, раніцаю, пакінуўшы тут, пад лаўкай, чамадан, Кім збегаў у магазін, купіў слоік кампоту з яблык і чарнасліву, пячэння, цукерак. У пакунак, які папрасіў перадаць Курловіч Валерыі Віктараўне,— у прыёмным пакоі сядзела ўжо новая сястра,— паклаў пісульку. Хацеў напісаць шмат, але напісаў урэшце толькі тры кароценькія слоўцы: «Я люблю цябе...»

 

КАСТРЫЧНІК 1964 ГОДА

Яна ніколі не звярталася да вучняў са словам «рабяты». Не падабалася ёй гэтае штучнае, незразумелае слова. Чаму — рабяты? Адкуль яны ўзяліся, гэтыя рабяты? Ад якога кораня паходзяць? Адказу яна не знаходзіла. А тут яшчэ пры слове «рабяты» ёй адразу ж чулася рыфма — «жарабяты». Ці — «жабяняты». І язык не паварочваўся вымаўляць яго.

Да малодшых яна звярталася проста — дзеці, а старэйшых называла таварышамі. Яны, васьмікласнікі, дзевяцікласнікі і дзесяцікласнікі, ужо не дзеці. Яны разумеюць, што вучоба — гэта іхняя работа. У школу яны прыходзяць на работу. Яна, настаўніца, таксама прыходзіць на работу. Значыць, яны таварышы. Таварышы па рабоце, таварышы па адным клопаце і па адной турбоце. Урэшце, слова «таварыш» і абавязвае. Цябе, таварыш, лічаць дарослым, сталым чалавекам, дык, будзь ласкавы, адказвай за даручаны ўчастак агульнай работы — за сваю вучобу, за свае поспехі ў вучобе. Гэтую работу ніхто за цябе рабіць не будзе, ты абавязаны рабіць яе сам.

На жаль, яны толькі ростам наблізіліся да дарослых. А яшчэ ім хочацца быць дарослымі. На самой жа справе яны дзеці. Рослыя, роўныя з ёю і нават вышэйшыя, з дарослымі прычоскамі і ў дарослых строях дзеці. І клопату з імі больш, чым з вучнямі малодшых класаў, сапраўднымі дзецьмі.

Яна ўзіралася ў іхнія тварыкі, у іхнія разумныя, дасціпныя вачаняты і бачыла процьму добрых, харошых якасцей. Здавалася, дастаткова толькі паклікаць іх, падахвоціць, пахваліць, падтрымаць, і яны ператворацца ў дружны калектыў старанных, выхаваных хлопчыкаў і дзяўчынак, стануць радасцю настаўніка і ўцехаю бацькоў. І яны ўмелі быць такімі. Многія ўмелі. Але маглі быць і іншымі. Хітрымі, злымі, зайздроснымі. Маглі адзін аднаго пакрыўдзіць, зняважыць, давесці да слёз. Маглі пабіцца, і досыць жорстка, часам да крыві з носа. Многія не выконвалі хатніх заданняў, дэманстратыўна не працавалі на ўроках. І яна думала і думае, пакутліва шукала і шукае адказу на тое, чаму яны такія, дзе прычыны такіх іхніх паводзін і дзе адшукаць залаты ключык, які адмыкаў бы іхнія душы насустрач добраму, чыстаму, светламу.

Яна выкладае ў школе літаратуру і адзін з такіх ключыкаў справядліва бачыць у ёй, у літаратуры. Яна лічыць злачынствам патрабаваць на ўроках літаратуры фармальнага завучвання. Бяздумнае завучванне фактаў і з’яў толькі адштурхоўвае вучняў ад самой літаратуры — незаменнага падручніка жыцця. Перадаць дзецям сваю любоў да літаратуры — важнейшы і галоўнейшы абавязак настаўніка. Важна падрыхтаваць глебу, а тады парастак цікавасці, захаплення незвычайным цудам, якім з’яўляецца кніга, мастацтва слова, сам пойдзе ў рост...

— Добры дзень, таварышы! — сказала яна, зайшоўшы ў свой дзевяты клас і паклаўшы на стол класны журнал.— Як вы памятаеце, на мінулым уроку мы дамаўляліся, што пяць першых мінут...

У гэты час расчыніліся дзверы і ў клас зайшоў Іван Фёдаравіч.

— Даруйце, Валерыя Віктараўна, калі не пярэчыце, дык я пасяджу ў вас,— сказаў ён пасля таго, як дзевяцікласнікі, падхапіўшыся яму насустрач, зноў селі.

Яна падумала — чаго раптам, не казаў жа нічога, але спакойна сказала:

— Калі ласка, Іван Фёдаравіч.

Ён прайшоў у канец класа і сеў за заднюю парту, разлажыў перад сабою ўсім добра знаёмы, ужо зашмальцаваны вялізны і тоўсты блакнот.

Яна пастукала ціхенька тупым канцом алоўка па стале:

— Увага, таварышы! — I прадоўжыла: — Дык вось, на мінулым уроку мы дамаўляліся, што першых пяць мінут будзем чытаць вершы. Кожны, хто выкажа жаданне. Вершы, прачытаныя вамі ў кнігах, часопісах, газетах. Тыя вершы, якімі вам захацелася б падзяліцца з сябрамі. Хто першы?

Паднялося, яна адразу іх убачыла, тры рукі. Гэта няшмат, але больш яна і не чакала. Усё правільна. Толькі на іх — на Колю Гудовіча, Машу Малей і Веру Кашанскую — яна і магла спадзявацца найперш.

— Першымі хочуць быць трое. Напамінаю, што можна чытаць па памяці і з кнігі ці з часопіса. Ага, яшчэ адна рука паднялася? Добра. Папросім Гудовіча. Што ты хочаш нам прачытаць?

— Я прачытаю верш Пімена Панчанкі «Паэма майго лесу»,— сказаў хлопец і пачаў чытаць:

 

На цябе, мой лес,

Як на цуд, гляджу —

Ад сасновых карон

Да блакітных красак.

Палянка дыміцца

Пасля дажджу,

Як зялёная коўдра

Пасля гарачага праса.

Ювеліршчына

Тут мігам абясцэніцца:

Гэтае зіхценне рос —

Без цэн.

Нават звонкая

Птушыная бяссэнсіца

Набывае ў лесе

Першародны сэнс...

 

У класе наступіла нязвыклая цішыня. Вядома, уплывала і прысутнасць Івана Фёдаравіча, але і верш захапіў усіх. Яна, Валерыя Віктараўна, сама слухала з захапленнем, баючыся прапусціць хоць адно слова. Яна яшчэ не паспела прачытаць той нумар «Полымя», дзе быў надрукаваны гэты верш, і ці не з зайздрасцю пазірала на Гудовіча, які, да ўсяго, чытаў выразна, эмацыянальна, без запінкі — няйначай прачытаў «Паэму майго лесу» сам сабе не адзін раз.

 

Лес мой!

Цуд мой!

Акіян мой зялёны і сіні,

Захавальнік магіл, і прысяг,

І роздумаў добрых людскіх,

Я перадам нашу дружбу

Дачушцы і сыну,

Каб іх рукі ніколі

Галін не ламалі тваіх.

Сінім вераснем ці лістападам

Я спынюся ў цябе

На апошні начлег.

І мы зноў пашумім,

А пасля

Паразмаўляем без слоў:

Пра надзеі загінуўшых хлопцаў,

Пра зорныя спадарожнікі,

Пра чырвоныя журавіны і белы снег,

Пра журботны голас зязюлі

І трывожны блёкат буслоў,

Пра каханне і смутак

І пра шчасце,

Якое

Так цяжка ўладкаваць на зямлі.

 

Калі Гудовіч скончыў, яна запляскала ў далоні, і ўслед за ёю запляскалі ўсе.

— Сядай, Гудовіч! Дзякую! — сказала ўзрушана.— Апладысменты на ўроку мо і лішнія, але цяжка было стрымацца. Праўда, таварышы? Гудовіч падараваў нам сапраўднае свята. Твор гэты незвычайнай сілы ўздзеяння. Я шчыра рада за Гудовіча і за ўсіх вас. Я бачыла, з якой увагай вы ўсе слухалі, і зразумела, што слова паэта ўсхвалявала вас. І таму не будзем шкадаваць, што мы патрацілі на гэта не пяць мінут, як дамаўляліся, а ўтрая больш... Пяройдзем непасрэдна да ўрока. Папрашу да дошкі...

Рэшту ўрока яна правяла на адным дыханні. Ёй удавалася ўсё. Ёй проста шанцавала. Яна быццам знарок выклікала да дошкі самага слабога вучня, Лёню Драгуна, але і той, на здзіўленне, сёе-тое ведаў. Ёй заставалася вельмі мала часу на вытлумачэнне новага матэрыялу, аднак і тут яна змагла падаць яго сцісла, але досыць поўна і ўражліва.

Пасля, як празвінеў званок, яна, перш чым адпусціць усіх, сказала:

— А пра «Паэму майго лесу» мы яшчэ пагаворым. Я думаю, што ёсць такая патрэба. Ёсць, таварышы?

І клас дружна адказаў:

— Ёсць, Валерыя Віктараўна!

Іван Фёдаравіч, ідучы разам з ёю ў настаўніцкую, не сказаў нічога. Прамаўчаў і пасля. Увесь перапынак. А потым, як празвінеў званок на наступны ўрок, паклікаў яе да сябе ў кабінет.

Калі яна зайшла і села насупраць яго, па другі бок стала, ён пачаў спакойна і як завучана:

— Колькі вы ўжо ў нас працуеце? Шосты год?

— Ужо шосты, Іван Фёдаравіч.

— Дык вось, Валерыя Віктараўна, мы паспелі прывыкнуць ужо да вашых...

— Выбрыкаў?

— Ну, навошта так? Да эксперыментаў, Валерыя Віктараўна, эксперыментаў. У добрым сэнсе гэтага слова. Мы памятаем вашы агульнашкольныя конкурсы на лепшае выразнае чытанне вершаў, ведаем, якім поспехам яны карыстаюцца і ў вучняў, і ў бацькоў... Ведаем мы і ваш літаратурны гурток з насценнай літаратурнай газетай. Ён жа прагрымеў на ўвесь раён! Раённая газета надрукавала вершы і казкі вашых гурткоўцаў...

— Нашых, Іван Фёдаравіч, нашых гурткоўцаў. І прагрымеў на ўвесь раён не гурток, а наша школа,— яна старалася гаварыць як мага спакойна, аднак усё адно атрымлівалася здзекліва.

— Я гэта і меў на ўвазе, Валерыя Віктараўна. Хіба хто казаў ці кажа, што гэта было блага? І калі я казаў «вашых» і «ваш», дык толькі для таго, каб падкрэсліць, што ў тым была менавіта ваша заслуга, і нічыя больш.

Іван Фёдаравіч памаўчаў, пакруціў у пальцах тоненькую драўляную ручку з выслізганым металічным дзяржальнікам, потым зноў падняў вочы на субяседніцу.

— Паверце, дарагая Валерыя Віктараўна, ніхто з нас не асуджае гэтых вашых эксперыментаў. Мы рады былі, што ў нашу школу прыйшоў такі ініцыятыўны, энергічны, падрыхтаваны спецыяліст, педагог. Паверце, усе мы вас любім і нават захапляемся...

— Хто гэта — усе мы, Іван Фёдаравіч? — яна ўсё ж не стрымалася, каб не падкалоць.

— Ну, усе мы, вашы калегі, калектыў школы. А што, хіба не так? Хіба вам ставіў хто-небудзь палкі ў колы, калі вы задавалі дзецям пісаць сачыненні пра тое, ці паважаюць яны Міхала Тварыцкага альбо ці з’яўляецца нашым сучаснікам Гарлахвацкі?.. Мы разумеем, што гэта рабілася з мэтаю абудзіць вучнёўскую думку, навучыць іх мысліць самастойна, але ж, пагадзіцеся, гэта было і рызыкоўна...

— Для каго, Іван Фёдаравіч? Калі і рызыкавала, дык толькі я,— зноў не стрывала яна.

Ён пакруціў галавой, запярэчыў:

— Не, Валерыя Віктараўна, не і яшчэ раз не! Вы нічым не рызыкавалі. Наадварот! Наадварот! Вы якраз былі б на вышыні: настаўніца шукае, эксперыментуе... А нагарэць магло б кіраўніцтву школы — завучу, дырэктару. Навошта, маўляў, развялі такую самадзейнасць? Хіба для вас не існуе агульнапрынятых методык, распрацовак і рэкамендацый?

Ён зноў круціў у пальцах жоўценькую драўляную ручку, а на твары ў яго было, відочна напісана, што гаварыць яму пра ўсё гэта вельмі непрыемна, нават, можа, пакутліва, але і не гаварыць ён не можа.

— І вось сёння — зноў... Я не аспрэчваю, мо гэта і арыгінальная прыдумка — пачынаць урок літаратуры з вершаў. Можа, і так, Валерыя Віктараўна. Яно і праўда — эфектна: пяць мінут на паэзію! Дапускаю, што ў вас могуць з’явіцца і пераймальнікі... Але ці спрыяе гэта ўроку? Ці не разбурае гэта сам урок, у яго класічным, адпрацаваным выглядзе? Вы пра гэта падумалі, Валерыя Віктараўна?

Яна страсянула галавой, адказала, не задумваючыся:

— Уявіце сабе, думала! І нямала. І прыйшла да высновы, што гэта пойдзе толькі на карысць самому ўроку... Іван Фёдаравіч, вы ж і самі пераканаліся, што Коля Гудовіч сваім чытаннем стварыў у класе атмасферу ўзрушанасці, зацікаўленасці, якая хораша паўплывала на далейшы ход урока...

— Які быў скамечаны, перакручаны, сціснуты да мінімуму, бо час быў патрачаны на нешта іншае,— перахапіў ён.

— Ну чаму ж на нешта іншае, Іван Фёдаравіч? Час быў патрачаны якраз на галоўнае — на літаратуру. А ў мяне ж і быў урок літаратуры. Хіба не так?

— Так, так, Валерыя Віктараўна, усё так,— сказаў ён і ўздыхнуў.— Мне здаецца, што вы знарок не разумееце, пра што я кажу.

— Чаму ж не разумею, Іван Фёдаравіч? Усё разумею,— яна па-ранейшаму старалася заставацца спакойнай.— Я іншага не разумею. Няўжо лепш, калі выкладчык літаратуры нічога не бачыць, акрамя школьнага падручніка? Няўжо лепш, калі, завучыўшы за пяць ці дзесяць гадоў гэты падручнік на памяць, настаўнік з году ў год паўтарае адно і тое ж, як цецярук? Няўжо гэта лепш, Іван Фёдаравіч?

Ён ухмыльнуўся, развёў рукамі, і ў пальцах правай рукі была ўсё тая ж жоўценькая ручка:

— Ваша праўда, не лепш, бадай. Але, з другога боку, нават самага строгага інспектара такі настаўнік задаволіць. А вось пра вашы эксперыменты гэтага, на жаль, не скажаш.

Да яе нарэшце дайшло, што ён меўся сказаць ёй, але не рашаўся гаварыць адкрыта.

— Іван Фёдаравіч, дык вы, можа, шуму баіцеся? Так?

Ён падаўся грудзямі да стала, кіўнуў:

— Але, шуму. Толькі, Валерыя Віктараўна, не баюся, а — не хачу... Я даўно хацеў з вамі пра гэта пагаварыць. Разумееце, чаго вы самі лезеце на ражон? Няўжо нельга працаваць спакойна, звычна, як таго патрабуюць правілы, агульнапрынятыя ўстаноўкі, рэкамендацыі? Я вам шчыра скажу. Пакуль вас не было ў нашай школе, мы жылі спакойна. У перадавіках не хадзілі, але нас і не скланялі. А цяпер? Скажыце, Валерыя Віктараўна, ці быў год, каб да нас не ездзілі камісіі, правяраючыя, разбіраючыя, вывучаючыя і гэтак далей? Мы стаміліся ад усяго гэтага, Валерыя Віктараўна!

Яна хацела абурыцца, хацела закрычаць, што ганебна так думаць, гаварыць, што з такімі меркаваннямі няможна працаваць у школе, але стрымалася. Навошта крычаць, навошта сварыцца? Яна яму нічога не дакажа. Не першы год ведае. Яму б — абы ціха. Гэтакая ягоная жыццёвая ўстаноўка. І яна многіх задавальняла. І ў райана, і тут, у школе. Настаўнікі, у большасці сваёй, працуюць тут падоўгу, сяму-таму ўжо і да пенсіі недалёка. Напачатку, магчыма, хто-небудзь і спрабаваў працаваць творча, але, сутыкнуўшыся з такой дырэктарскай пазіцыяй і з адпаведнай школьнай атмасферай, змірваўся і аціхаў.

— Я, Валерыя Віктараўна, хачу вам толькі дабра. І кажу гэта не як дырэктар, а як старэйшы таварыш. Усе мы людзі, у кожнага з нас ёсць свой гонар, свае амбіцыі, сваё разуменне рэчаў. І калі нехта вельмі выпінаецца, выстаўляе сябе, ставіць сябе над усімі, маўляў, вось што магу я, а вы ўсе нікчэмнасці...

— Іван Фёдаравіч, вы перабіраеце меру,— абарвала яна яго.— Я слухала вас цярпліва, пакуль вы гаварылі нешта, што хоць неяк тычылася маёй работы. А пра што загаварылі зараз? Хто выстаўляецца, хто ставіць сябе над астатнімі?

Ён выставіў да яе рукі з ручкай у пальцах, закруціў галавой:

— Пры чым тут вы, Валерыя Віктараўна? Хіба ж гэта пра вас? Я проста разважаў, абстрактна! Я ж вам у самым пачатку сказаў, што ўсе мы вас любім і паважаем. Пры чым тут вы? Я хацеў сказаць толькі, што нехта можа і пазайздросціць, і пакрыўдзіцца, і пасміхнуцца... Усе ж мы жывыя людзі, Валерыя Віктараўна!.. І вы дарэмна падумалі, што... Я паклікаў вас толькі дзеля таго, каб сказаць, што я не люблю шуму. Толькі дзеля таго. А вы бог ведае што падумалі!..

Яна маўчала. Што яна магла сказаць? Ён будзе сядзець тут да пенсіі. Сядзіць ён тут надзейна. Школа на добрым рахунку. У ёй не здаралася ні скандалаў, ні правалаў. Ва ўсім гэтым заслуга дырэктара. І яна, каб і хацела, нічога не дакажа. Паспрабуй скажы яна што-небудзь. У адказ пачуе: эмоцыі, Валерыя Віктараўна, усё эмоцыі. А Іван Фёдаравіч дваццаць, лічыце, гадоў кіруе калектывам, сабраў, выгадаваў, выпеставаў і згуртаваў гэты калектыў. І ўсё будзе нібыта правільна. Афіцыйна ён, Іван Фёдаравіч, не перашкаджаў ёй? Затое і не падтрымліваў! Што вы маеце на ўвазе, Валерыя Віктараўна? Не знайшоў сродкаў, скажам, каб адзначыць хоць якімі-небудзь прызамі пераможцаў агульнашкольнага конкурсу? Такіх сродкаў і няма, Валерыя Віктараўна, гэта, зноў жа, толькі эмоцыі... А пляснуць на стол заяву і пайсці прэч яна не можа, другой школы ў Чырвоным Бары няма. А без школы яна не можа. Значыць, трэба рабіць сваю справу так, як умееш і як, лічыш, яе трэба рабіць, не зважаючы на абставіны...

— Дзякую за папярэджанне, Іван Фёдаравіч...

— Вось вы зноў! Ні аб чым я вас не папярэджваў. Я па-сяброўску падзяліўся з вамі некаторымі меркаваннямі наконт таго, каб усе мы жылі гэтак жа дружна і мірна, як дагэтуль...

— Дзякую і за гэта, Іван Фёдаравіч! Паверце, што на гэты раз я вас зразумела. Толькі ўсё ж хачу сказаць, што пяць першых мінут на ўроку літаратуры буду аддаваць паэзіі. Вы ж, Іван Фёдаравіч, таксама настаўнік і адчуваеце, што гэта не шкодзіць уроку.

Ён зноў развёў рукі, прытворна ўздыхнуў:

— Мо і адчуваю. Ды толькі адчуванні ў папку не падшыеш. А з вас будуць патрабаваць не паэзіі, а вучнёўскіх ведаў, Валерыя Віктараўна. Я так разумею.

— I я так разумею, Іван Фёдаравіч.

— То і добра. То і будзем лічыць, што мы пагаварылі з карысцю.

Сапсаваўся ў яе настрой, вядома, хоць і не ў навіну былі ёй такія гаворкі з Іванам Фёдаравічам. Самае прыкрае ў тым, што чалавек ён сам па сабе зусім неблагі. Сардэчны, шчыры, памяркоўны. Ніколі і ні разу ён не сарваўся на крык, нікога не пакрыўдзіў знявагай. А вось сядзіць дзесьці ў ягонай душы палахлівы заяц, і гэты нікчэмны баязлівец дыктуе Івану Фёдаравічу манеру паводзін і ўчынкаў. Зрэшты, мо ніякага зайца і няма. Мо проста такая ўжо натура ў чалавека, ціхамірная і непатрабавальная. Прыземленая натура, без прагі ўзлёту. Ёсць жа, пэўна, і такія людзі. І, можа, гэта не іх віна, а бяда? Можа, і так. Яна, Валерыя Віктараўна, з першых дзён свайго прыезду ў Чырвоны Бор пасябравала з жонкай Івана Фёдаравіча Марыяй Міхайлаўнай, таксама настаўніцай, яна выкладае біялогію. Дык у хвіліны шчырай даверлівасці Марыя Міхайлаўна не раз прызнавалася: не арол яе Іван Фёдаравіч! Расказвала, як аднойчы, даўно ўжо, былі яны на вяселлі. Тут, у Чырвоным Бары. Вучаніца іхняя, былая, вядома, выходзіла замуж і запрасіла іх. І ў перапынку, калі госці вылезлі з-за сталоў трошкі перадыхнуць ад пітва і пачастункаў, у двары да Івана Фёдаравіча прычапіўся нейкі хлопец. П’яны, вядома. Не чырванаборскі, а прышлы ці і зусім прыезджы. Чаго ён прычапіўся, яны так і не ўразумелі. Мо абазнаўся, палічыў, што Іван Фёдаравіч нехта іншы? І так разышоўся, што ўхапіў якісьці прэнт ці дзеравяку і на Івана Фёдаравіча. Дык дайце веры, Валерыя Віктараўна, гаварыла Марыя Міхайлаўна, Іван Фёдаравіч схаваўся за яе, жончыну, спіну. Яе той выпадак вельмі ўразіў. Збянтэжыў нават. Прызнавалася, што падумала ажно, ці за таго замуж выйшла. І так і сказала: не арол яе Іван Фёдаравіч! Зрэшты, кажуць жа, не ўсім быць арламі. Некаму трэба быць і вераб’ём. Адно кепска, што верабей гэты — твой дырэктар школы. Ды, як той казаў, няма ліха без дабра. Верабей не надта дазволіць, але і не надта забароніць, як і не накрычыць. Так што — жыць можна. А настрой можна і паправіць. Вось прыйдзе дадому, і Юлька ўраз ёй настрой падыме.

Юлька, дачушка іхняя з Кімам, была ў тым узросце, калі першапачатковы клопат бацькоўскі змяняўся вялікай уцехаю,— ёй ішоў чацвёрты гадок. Ды ўцехаю яна была хутчэй бацьку, а ёй, матцы, часам хоць плач: не дасць ні планаў напісаць, ні сшыткаў праверыць. А сшыткаў тых штовечар — добрая кучка, ажно партфель пузаты робіцца. Як Кіма няма, як затрымаецца ў дарозе, ёй, Валерыі, нявыкрутка: толькі тады за сшыткі свае бярэцца, як нарэшце Юльку спаць укладзе. Ну, але сёлета ўжо тое рэдка здараецца. Кім жа на пятым курсе, шафёрыць перастаў, інжынерам ужо ў калгасе. Так што з Юлькай вечарамі яны ўжо часцей удваіх змагаюцца, даючы бабцы адпачынак...

Прыйшла дадому, а тая бабка з парога, як абухам па галаве:

— Валерачка, захварэла пястушка наша! Тэмпература падскочыла, уся гарыць... Па Насцю трэба бегчы, а яе адну не пакінеш...

Не распранаючыся, зайшла ў другую палавіну, зірнула на дачушку — ляжыць тая снапком, шчочкі палаюць, а вочкі невясёленькія, сонныя. Адразу відаць, што хворае дзіцянё. Вярнулася назад, да маці, спытала:

— Не кажа, што баліць?

— Горлачка, Валерачка! Я ж пыталася: як глытаеш, Юлечка, не баліць? Баліць, кажа!

— Ангіна, пэўна. Схаджу да Насці. А вы, мама, градуснік пастаўце...

Вярнулася яна з Насцяй, чырванаборскай фельчаркай. Яе ў вёсцы і любяць, і паважаюць. Гадоў, пэўна, дзесяць, а мо і больш, як прыехала сюды Насця, вось так, як і яна, Валерыя, выйшла замуж за чырванаборскага хлопца, толькі за трактарыста, не шафёра, і асела тут. За гэтыя гады і вопыту набралася, уколы тыя самыя рабіць налаўчылася і банькі ставіць. А то ж спачатку, казалі, поркалася з уколамі, быццам першы раз шпрыц у руках трымае. А цяпер чырванаборцы давяраюць Насці, як самім сабе. Колькі было, што цяжка хварэлі людзі, прыедзе каторага забіраць «хуткая» з раёна, і ніколі Насця не памылілася з дыягназам і лячыла правільна. Надзейна лячыла. Не выдумляла, не выпісвала хутчэй антыбіётыкаў тых, а наказвала даваць прасцейшыя, здаўна вядомыя лекі, найчасцей, пры ангінах і прастудах розных, свае, хатнія.

Вось і цяпер паглядзела, паслухала яна Юлечку і сказала:

— Ангіна, Віктараўна. Нечага халоднага хлебтанула ці на вуліцы ветру сырога нахапалася. Паўтаблетачкі аспірынчыку дайце, піццё цёпленькае, ну, яшчэ кампрэсік на шыйку зрабіце... А больш нічога такога і не трэба. Хай цёпленькае п’е. Чай малінавы, ліпавы, мёд... Я зайду заўтра, пагляджу...

— Дзякую, Насця!

— Хай папраўляецца, Віктараўна!

Ужо яны святло ўключылі (электрыка паявілася ў Чырвоным Бары летась, к маю якраз загарэлася), калі прыйшоў Кім. Прыйшоў, трэба ж такое, таксама не ў настроі.

Чэпэ здарылася: трактарыст Уладзімір Жаўнер разам з трактарам паляцеў у адхон. Упустую, без прычэпа, ехаў — вяртаўся на машынны двор — і собіла кульнуцца. Паломка, праўда, нязначная, і сам адрабіўся драпінамі ды сінякамі,— трактар неяк споўз у адхон, а пасля ўжо, бы нехаця, кульнуўся і лёг бокам. Аднак жа — чэпэ. І галоўнае — не кульнуўся б, каб цвярозы Жаўнер быў. Дык жа — п’яны. Сам прызнаўся, што бутэльку чарніла выжлукціў. А па ўсім відаць, што, мусіць, і ўсе дзве. Вось і разбіраліся з малайцом. На добры лад, пад суд бы аддаць!

Ён, Кім, і раней ведаў, што выпіваюць механізатары. Асабліва трактарысты. Шафёры, дык тыя не ведаюць, куды паедуць. А раптам далёка куды, у Мінск ці далей? Дык асцерагаліся. А трактарысты каторыя рассабачыліся. Сноўдаюцца па калгасе, ад вёскі да вёскі, на полі, ля фермаў, за кожным не ўсочыш. От і прысмакталіся. Але тады, як сам шафёрыў, неяк не вельмі тое ў вочы яму кідалася. Сам не піў, у кампаніі таксама рэдка трапляў, а галоўнае — не задумваўся. Маўляў, што там такое, калі хто і ўзяў чарку, галавы ж не адпіў. А цяпер, як стаў начальствам, давялося задумацца. Трэба з п’янствам канчаць. Не ведае, як і што рабіць, але — трэба канчаць. П’яны за рулём не павінен быць. І сам смяротнік, і іншых можа загубіць. Сёння гэты самы Жаўнер — цудам ацалеў. Каб трапіў пад трактар, дык аддаў бы канцы. Аказваецца, не першы раз. Людзі казалі, што і раней бачылі, што сядаў за руль, ледзь на нагах стоячы. Не, такога — толькі пад суд!

З такім одумам ішоў дадому. А тут, аказваецца, Юлька захварэла. Як заўсёды, не распранаючыся, памкнуўся да Валерыі — прыхінуць ды пацалаваць, а яна замест таго, каб чмокнуць яго, сказала:

— Юлька ангіну схапіла. Насця была, глядзела. Кажа, ангіна. А мама не можа даўмецца, дзе ўмудрылася: і не піла нічога халоднага, і на вуліцы, кажа, не ўпарылася, не надта і гойсала.

— А колькі такому шпачаняці трэба?

Распрануўся, пайшоў да малой.

— Ну што, дабегалася? — спытаў, нахіліўшыся.

— Дабегалася,— сказала, а сама смяецца. Аспірын падзейнічаў, тэмпература адпала, ужо яна і здаровая.— Цяпер во ляжу і не кратаюся. Як лялька.

— Хто гэта табе сказаў так?

— Бабка.

— А-а, я думаў, ты сама ў нас такая разумная.

— І Юлька разумная.

— А гэта хто сказаў?

— Юлька.

— Гм, то і праўда, разумная!

Валерыя, пасміхнуўшыся з іхняй гаворкі, падышла да тэлевізара, пстрыкнула ўключальнікам. Кім, азірнуўшыся на пстрыканне, запытаў:

— Што цяпер будзе?

— Не ведаю,— адказала жонка.— Кіно павінна нейкае быць,— яна прысела на ложак, насупраць тэлевізара.

Ён падышоў, сеў побач, абняў за плечы, сказаў збоку, як не ў вуха:

— І тэлевізар трэба глядзець, раз купілі, але і чытання шкада. Мы ж абяцалі, што заўсёды будзем чытаць.

— Дык жа і чытаем.

— Усё радзей і радзей.

— Лялька ж паявілася,— кіўнула Валерыя на Юльку.

— Яно б і яшчэ не зашкодзіла,— шапнуў ён.

— А хто быў супраць?

— Дык я ж студэнт, куды студэнту!

— Тады не пачынай гаворкі.

— Скончу вучобу і пачну.

Засвяціўся экран, але толькі з рамкай наводкі.

— Рана яшчэ, аказваецца,— Валерыя паднялася і выключыла тэлевізар. Вярнуўшыся да Кіма і сядаючы побач, спытала: — Што на рабоце было, што цябе на жарты пацягнула?

— Якія жарты! На рабоце якраз не да жартаў. Чэпэ! Жаўнер Валодзя, трактарыст, кульнуўся.

— П’яны?

— Няўжо ж!

— Як ты ў мяне не спіўся, розуму не дабяру!

— Ты мяне ўратавала.

— Трэба іншых ратаваць. Напраўду трэба нешта рабіць, Кім. Шмат пачалі піць. Пайду ў клуб, будзем думаць, якую шукаць раду.

— Хіба табе ў школе не дастаецца?

— Дастаецца, Кімачка. І самае крыўднае, што не знаходжу паразумеласці.

— Іван Фёдаравіч? Усё — як бы чаго не выйшла?

— Сёння спецыяльна паклікаў у кабінет і паведаміў, што ён не любіць шуму.

— А ты не зважай. Рабі тое, што лічыш патрэбным. Ты ж ведаеш, ён афіцыйна не забароніць.

— Гэта я ведаю. Але ведаю і тое, што ён можа і свінню падкласці. Калі што-небудзь закране і яго самога.

— Не асмеліцца.

— Асмеліцца, Кімачка. Калі чалавек хаваўся за жончыну спіну, ад яго можна чакаць любога свінства. Ну, скажы, ты б схаваўся?

— Я ўсё думаю, як цябе схаваць, каб ніхто не ўбачыў і не звёў...

— Дурненькі ты мой,— праспявала яна.— Куды мне ўжо зводзіцца?! Ну куды, скажы?

— Не скажу,— праспяваў і ён, а затым абняў яе і пачаў цалаваць, і яна таксама абвіла яго рукамі і падалася да яго.

Юлька, лежачы, глядзела на іх, не краталася, а пасля голасна, з той чыстасардэчнай зацікаўленасцю, якая можа быць толькі ў дзяцей, запытала:

— А чаго вы так буськаецеся? У вас таксама салодкія буські?

Яны імгненна ацверазелі, адхіснуліся адно ад аднаго, пачырванелі, як падлеткі, а пасля засмяяліся нястрымна, весела і шчасліва.

 

ЛІСТАПАД 1965 ГОДА

Тым годам ён скончыў інстытут...

І тым годам у яго памерла маці...

Тады, калі паступаў, думалася, што дзень атрымання дыплома будзе для яго самым шчаслівым днём. Хлопчыкі вунь становяцца студэнтамі зусім юнымі. А ён трапіў у студэнцкую аўдыторыю ў дваццаць шэсць. Што ж, тым больш ён ганарыцца гэтым. Ён усё ж дамогся свайго, споўніў абяцанне, дадзенае калісьці маці. І дамогся сам. Без чыёй-небудзь дапамогі. Лера толькі памагла яму напісаць некалькі сачыненняў. Сяргей Ягоравіч, старшыня калгаса, пачуўшы, што ён будзе паступаць у інстытут, прапанаваў паслаць калгасным стыпендыятам. Але ён адмовіўся. Куды яму на стацыянар, калі займеў жонку! А яшчэ — хацеў паступіць без аніякіх накіраванняў і льгот. І паступіў. І вучыўся не горш, а лепш за многіх сваіх аднакурснікаў. Як ні цяжка было, а ні разу не спазніўся з кантрольнымі і ні разу не прапусціў ніводнага дня ў час сесій. Нават той, першай, калі ў яго нарадзілася Юлька.

І вось атрымаў дыплом. Стаў дыпламаваным інжынерам. Бо інжынерам без дыплома, па пасадзе, ён ужо быў. Увечары яны ўсім курсам схадзілі ў рэстаран, запрасіўшы і сяго-таго з выкладчыкаў — каго ўдалося адшукаць у інстытуцкіх сценах у той дзень і хто згадзіўся пайсці з імі, потым апошні раз пераначавалі ў інстытуцкім інтэрнаце, а назаўтра раз’ехаліся па хатах. Паехаў дахаты і ён. Дыплом ляжаў у кішэні, але асаблівай радасці ён не адчуваў. Як не адчуваў яе і ўчора, калі яму ўручалі гэтыя велікаватыя — на ўсю кішэню — цвёрдыя вокладкі.

Чаму? З якой прычыны? Было ў душы адчуванне споўненага абавязку, нават нейкай быццам павагі да сябе — адолеў, дайшоў да фінішу. А той радасці, якая мроілася, калі даведаўся, што залічаны студэнтам, не было. Доўга шукаў адказу на пытанне, чаму ж так, ажно пакуль у аўтобусе, па дарозе дахаты, не звярнуў увагі на вясёлую, бесклапотную, мо занадта шумлівую купку маладых хлопцаў і дзяўчат з рукзакамі, з гітарамі. Па ўсіх адзнаках яны былі студэнтамі. І вось тады нечакана падумаў пра тое, што ён усё ж сапраўдным студэнтам не быў. Быў завочнікам, а — не студэнтам. Завочнік — гэта чалавек, які завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю, а не студэнт. Студэнт — гэта маладосць, бесклапотнасць, гэта інтэрнат, танцы, тэатры, кіно. Гэта, у дадатак, і светлая галава, учэпістыя і задзірыстыя мазгі. А яны ўсе былі заклапочаныя, стомленыя, тугаватыя на слова і на думку, іх не хапала і не магло хапаць на тыя ж тэатры, музеі і кіно, на доўгія гадзіны ў бібліятэках, на ўсяночныя бязладныя гамонкі і жарты, якія таксама прыносяць сваю карысць — пераконваўся ў тым неаднойчы, сутыкаючыся ў інтэрнатах са стацыянарнікамі.

Дома, аднак, ён не падаў выгляду, што радасць ягоная чымсьці азмрочана. Наадварот. І сам радаваўся, і падтрымліваў радасць дамашніх, найперш матчыну радасць. Ён нават горача пагадзіўся з тым, што з такой нагоды варта і трэба клікнуць гасцей, і госці — ад старшыні калгаса да суседзяў — да позняй начы весяліліся ў іхняй старой цеснаватай хаце: амаль гэтак жа, як і падчас іхняга, яго з Валерыяй, вяселля.

І Валерыя была рада. Але не так, як маці. Яе радасць была ягонай радасцю. Можа, не радасцю нават, а гонарам — муж яе ўмее трымаць слова, ён чалавек надзейны. Ёй падабалася тое, што ён, па ўсім відаць, зразумеў: не дыплом важны сам па сабе, а тое, што за дыпломам, што ў яго хапіла розуму перажыць, узвысіцца над цялячай радасцю сяго-таго са сваіх аднакурснікаў, тых, для каго ромбік на лацкане пінжака быў адзнакай вышэйшасці, адзнакай яго службовай і чалавечай годнасці.

У яго гэтага не было. Можа быць, не было б і без Леры. А з ёй — тым больш. Пачуццё кахання не прыглушыла, не прынізіла ягонага захаплення ёю, ягонай павагі да яе. Мо нават наадварот. З гадамі, чым больш пазнаваў яе, тым больш паважаў і абагаўляў яе. Тады, як ішоў з ёю з райцэнтра ў Чырвоны Бор, увайшло ў яго душу адчуванне таго, што гэтая новая настаўніца, гэтая тоненькая і зграбная, з пухлымі вуснамі і вялікімі шэрымі вачамі Валерыя Віктараўна — не такая, як іншыя, як ён сам, Кім Курловіч, як усе тыя, каго ён дасюль ведаў і сустракаў. Усе яны былі людзі звычайныя. Звычайныя па гаворцы, па хадзе, па адзенні, па паводзінах. А яна была незвычайная. Раней не чуў ён ад каго-небудзь, што назва іхняга сяла Чырвоны Бор чымсьці адметная, прыгожая, нават паэтычная. Людзі, у тым ліку і ён сам, нараджаліся, жылі тут гадамі, жылі і паміралі і не здагадваліся аб тым, што ім пашанцавала нарадзіцца і жыць у такім слаўным месцы. А яна толькі што прыехала, пажыла тут літаральна некалькі дзён, пару тыдняў, а — адчула, убачыла, скінула з наваколля, з вёскі, з яе назвы прасцірадла звычайнасці, будзённасці і ўгледзела прыгажосць, паэтычнасць. А як яна гаварыла пра ўсё гэта?! Ён, слухаючы, і сам пачынаў глядзець на ўсё нібы іншымі вачамі, здзіўленымі і шчаслівымі вачамі. У яе гаворцы не было ніводнага брыдкага слова, якое б рэзала вуха, абражала слых. А як яна паводзіла сябе з ім, са звычайным вясковым хлопцам, які ўмеў толькі адно — круціць баранку? Яна не ўніжала яго, не паказвала ні словам, ні жэстам, ні рухам, што ён нікчэмнасць, нішто ў параўнанні з ёю,— яна гаварыла з ім, як з раўнёю, выклікала яго на спрэчку, каб даказаць сваю праўду, каб пераканаць яго, што ён памыляецца. І яму было лёгка з ёю, ён адчуваў, вядома, дыстанцыю між ёю і сабой, але не прыгнечанасць. Ды што казаць! Усё ў ёй было незвычайнае. Нават сукенка, звычайная квятастая сукенка, сядзела на ёй незвычайна, здавалася, што ні на кім іншым яна гэтак сядзець не будзе...

І вось яны сталі мужам і жонкай, у іх расце дачушка Юлька, ёй ужо чатыры гадкі з хвосцікам, а ён, Кім Курловіч, шчаслівы, што не растраціў тое сваё колішняе пачуццё, што пры ўсёй сваёй блізкасці і роднасці ягоная Лера застаецца па-ранейшаму незвычайнай.

Яму пашчасціла ў жыцці. Спачатку пашчасціла на маці. Маці, вядома, ніхто не выбірае, і таму іх не бывае добрых і благіх. Маці ёсць маці. Гэта ён разумее. І тым не менш з пэўнай пары, калі пачаў думаць, што такое ён, Кім, у гэтым свеце, з чаго і дзеля чаго прыйшоў ён у жыццё, усё больш і пераконваўся, што лёс да яго паставіўся спагадна. Найперш тым, што падараваў яму такую маці. Такую ласкавую, добрую, пяшчотную, спагадную. Для яго гэта не пустыя словы. Цяпер ён ведае, што да канца дзён сваіх зберажэ ў душы мяккі матчын голас, цеплыню яе рук, пяшчоту вуснаў на сваім ілбе. Зберажэ тое даўняе і салодкае адчуванне ўтульнасці, цеплыні і абароненасці ад усялякага ліха і бяды, якое ён зведваў у хвіліны, калі маці туліла яго да сябе, абдымала яго, малога, рукамі і ўсім сваім цёплым, мяккім, вялікім целам. Ад маці, а не ад каго-небудзь, навучыўся ён усяму, што ўмее і ведае. Калі і не ўсяму, дык, прынамсі, вельмі і вельмі многаму. Яна перадала яму ўсе свае веды і ўмельства, уяўленні і разуменні і тым самым стварыла грунт, на якім яму было лацвей і лягчэй браць веды і ўмельства ад іншых людзей, лацвей і лягчэй ісці па жыцці. Ягоная маці, меўшы за плячамі толькі пяць класаў адукацыі, была надзелена высокай прагай духоўнасці. У яе ў душы заўсёды жыла мара аб лепшым, прыгажэйшым жыцці, жыла здагадка аб тым, што чалавек павінен узвышацца над будзённымі клопатамі, што ягонае прызначэнне на зямлі больш высокае, чым можа падацца, калі зыходзіць з яго нялёгкага пакуль што жыцця-быцця. Маці наўрад ці магла б сказаць пра ўсё гэта цвяроза і выразна, але што такое адчуванне і разуменне жыло ў ёй праз усё жыццё, ён, яе сын, не сумняваецца. Бо, не ўмеючы сказаць, яна ўсё ж змагла і яму перадаць гэтае душэўнае парыванне, сваю неспатольную прагу духоўнасці. І гэта не выхвалянне. Яму заўсёды хацелася нечага незвычайнага, таго, што ўзвышалася б над будзённым, што было б непадобнае на паўсядзённае, звычайнае, множыстае. Смешна казаць, але, яшчэ будучы хлапчанём, ён рабіў сабе цацкі не такія, якія былі ў ягоных сябрукоў. Яго аўтамат быў не кавалкам сяк-так абчасанай дошкі, а адмыслова выразаны, абгабляваны і адшліфаваны, старанна выштукаваны і апалены, каб быў чорненькі, з мушкай, з курком і затворам, з бляшкамі для рэменя, з выгляду амаль як самы сапраўдны, і ў дадатак да яго была прымацавана драўляная трашчотка, пры дапамозе якой ён страляў-стракатаў аглушальна. І рагатка ў яго была не звычайным рагачыкам з дзвюма гумкамі і скуранкам, а хутчэй арбалетам з прыкладам, прыцэльнай мушкай і спускавым кручком. Нават звычайная вярбовая свісцёлка, якія яны, хлапчукамі, рабілі вясною, калі ў дрэвах абуджаўся сок, у яго была адметная — аздоблена інкрустацыяй, выпальваннем, а затычка была выразана ў выглядзе птушынай галоўкі з разяўленай дзюбкай...

А пасля яму пашчасціла на жонку. Валерыя Віктараўна (нейкі час, нават пасля вяселля, ён у думках працягваў зваць яе менавіта так) сталася бы працягам маці. Але, але. Прынамсі, у ягонай улюбёнасці ў Леру было трошачкі нечага і такога, чым вызначалася ягонае пачуццё да маці. Мо ўдзячнасці? А мо адчування таго, што яна як бы сталейшая за яго? Не ведае. А толькі ён з радасцю і лёгкасцю пахінуўся пад яе крыло, як калісьці хінуўся пад матчына. І Лера прыняла гэтае яго памкненне гэтак жа натуральна, нязмушана і тактоўна, як маці, нічым не крыўдзячы, нічым не выстаўляючы свайго апекавання над ім, нічым не прыніжаючы яго хлапечай, мужчынскай годнасці і разам з тым незаўважна, непрыкметна выкіроўваючы яго, калі трэба было, на правільны шлях, асцярожна, між іншым папраўляючы яго, калі ён памыляўся, падтрымліваючы ў слабасці і супакойваючы ў запальчывасці. Ён разумеў і разумее гэта і лічыў бы неразумнасцю, калі б было іначай. Яму лёгка несці гэты свой крыж, бо дарогу яму паказвае не хто іншы, а ягоная Лера, бо ён верыць, што яна ведае гэтую дарогу лепш за яго. Бо яна падхапіла той факел, тую паходню, якую несла перад ім маці.

Гэта ён адчуў асабліва, калі маці раптам — страшэнна, недарэчна раптам! — не стала...

Стаяў гарачы жнівеньскі дзень. У самым разгары было жніво. Той парою ён выходзіў з дому адразу пасля шасці — як пачынала гаварыць радыё. Пачатак рабочага дня на час уборкі быў перанесены на дзве гадзіны раней — на сем, але ён выходзіў з дому загадзя. Клопату хапала. Трэба было, каб тэхніка, у першую чаргу камбайны і аўтамабілі, была на хаду.

У гаражы і на машынным двары ён затрымліваўся яшчэ на нейкі час і пасля нараду — чакаў, пакуль механізатары раз’едуцца на работу. Тады ішоў у кантору. Звычайна ненадоўга — падпісаць, аформіць, разабрацца з паперамі. А пасля сядаў у машыну і ехаў у раён, у «сельгастэхніку», ці ў поле, да камбайнаў. Абедаў калі дома, а калі ці ў сталоўцы, ці проста ў полі, куды падвозілі абеды.

Тым днём ён таксама не змог заскочыць дадому, абедаў у полі. Пасля абеду прыселі ў ценю камбайна адпачыць хвіліну, перакурыць. Неўзабаве пад’ехаў Пецька Яскевіч. Выйшаў з машыны, падышоў да іх. Сказаў да яго досыць спакойна:

— Вікенцьевіч, Віктараўна твая прасіла, каб заехаў.

— Добра. З’езджу зараз на Падлужжа, там Хвясюк дажынае, і назад едучы.

— Не, Вікенцьевіч, прасіла, каб адразу ж.

— А што?

— Не сказала.

Ён, бадай, і не ўстрывожыўся. Недаўменне трошкі ўзяло, Лера без прычыны наказваць не будзе, але каб падумаў пра што-небудзь благое, дык не. Не было падстаў думаць пра благое. Зранку выходзіў з хаты, дык усё было добра. Лера з Юлькай спалі, а ён падняўся і маці. Маці яйка яму спякла, малака кубачак наліла, хлеба лусту адрэзала, вялікую лусту, наўкруг буханкі. Ён яе ледзьве з’еў. Не хочучы з’еў. Па даўняй, яшчэ дзіцячай звычцы. Маці навучыла, каб адрэзаны хлеб з’ядаў, не пакідаў чорту лысаму сваю сілу.

Падняўся, пайшоў да машыны, да свайго «козліка», сеў і паехаў напрасткі, па ржышчы.

Ля хаты спыніўся, як заўсёды, ля самага плота, у ценю ліпы, саскочыў на зямлю, ляпнуў дзверцамі і пайшоў у двор. З хаты паспешна выйшла Лера. Ён зірнуў на яе і запаволіў крок. Жонка відочна была чымсьці ўстрывожана. Нават заплаканая? З Юлькай што-небудзь? Дзе яна? Чаму не відаць?

— Лера, што здарылася?

Яна зрабіла да яго тры ці чатыры крокі, не абняла, а цяжка прыпала да грудзей, зарыдала:

— Кімачка, родненькі, даруй мне, даруй, Кімачка...

Ён, памятае, закрычаў:

— Што?! Лера, што?! Юлька? Што з ёй? Дзе яна?

— Не, Кім, не! Юлечка тут, са мной... Мама...

Пра самае горшае ён і тады яшчэ не думаў. З малых гадоў ведаў, што маці часта хапалася за сэрца, жалілася, што баліць, не дае спакою, але — ці палохала яна яго калі-небудзь? Пап’е валяр'янкі, яшчэ нейкіх кропель, таблетку возьме пад язык, і зноў яна рухавая, вясёлая. Засмяецца і пажартуе: ай, сынок, рыпучае дрэва доўга рыпіць, зносу няма... Вось іменна! Доўга. А маці ж яшчэ маладая. Летась толькі пяцьдзесят адзначыла. Самае страшнае ёй яшчэ не пагражае.

Наўрад ці думаў ён пра гэта ў тыя хвіліны. Проста на нейкае імгненне адлягло ў яго ад сэрца, калі пачуў, што з Юлькай, з дачушкай, усё ў парадку, спытаў ужо цішэй:

— А з мамай што? Сэрца хапіла зноў? І моцна?

Лера, не адымаючы галавы ад ягоных грудзей, закруціла ёю:

— Не, Кімачка, не... Няма ўжо мамы нашай, няма...

Абліло яго варам, ногі мяккія зрабіліся, бы ватовыя, каб не Лера, дык ці ўстаяў бы, ці ўтрымаўся б.

— Што ты кажаш, Лера?! Што ты кажаш!

Яна маўчала, плачучы ў яго на грудзях.

Ён скрануўся нарэшце з месца, памкнуўся да ганка, каб пайсці ў хату. Жонка прытрымала яго.

— Не трэба туды, Кімачка. Не трэба... Там жанчыны... Хадзі сюды, пабудзь тут, са мной...

Яна правяла яго, як малога, па надворку за хату, пад паветку за істопкай, пасадзіла на калоду, на якой ён калоў дровы, сама села на козлы.

— Пасядзі тут, Кім...

Ён спытаў:

— Калі, Лера?

— Гадзіны дзве назад...

— Пры табе? Ты бачыла?

Яна заплакала зноў:

— Пры мне, Кімачка... Лепш бы... Я думала, што сама зайдуся... Кропель накапала, падала, яе на ложак, на падушкі, паклала... Ёй быццам палягчэла. Я кажу: пабягу па Насцю, а яна вачамі міргнула, паказала на нешта ці сказала нешта. А я не зразумела: бегчы сказала ці не бегчы...

Ён паклаў сваю руку на яе руку, пагладзіў моўчкі. Яна падхапілася са свайго седала, узлегла жыватом, локцямі яму на калені, галавою ўткнулася яму ў грудзі, загаварыла хуценька, усхліпваючы:

— Прыбеглі мы з Насцяй, Насця маму за руку — пульс шукае, паслухала хвілінку, апусціла руку на ложак, за шпрыц ды ўкол... Мама вочы расплюшчыла, на нас паглядзела. Насця абрадавалася, кажа: от і добра, цётка Каця, паміраць вам рана яшчэ, унучку яшчэ трэба замуж аддаць... А мамачка гэтак рукою на грудзі паказвае, на свае, і вачамі гэтак сюд-тут павадзіла — памаленьку так, бы ёй цяжка-цяжка... Маўляў, не ўжо, Насцечка, усё ўжо...

Яна замоўкла, ён таксама маўчаў, ціхенька гладзячы яе сваёю праваю рукою па плячах.

— Насця зноў пульс у мамы знайшла, паслухала яе, яшчэ адзін укол зрабіла. Кажа: павінна адпусціць... А мама раптам напружылася ўся, нібы хацела падняцца, сесці на ложку, рот прыадкрыла, каб сказаць нешта, і ўся абвяла... Я гляджу, стараючыся ў вочы ёй глядзець, каб хоць па вачах зразумець яе, а вочы ў яе...

— Што — вочы?

— Не маміны ўжо, Кімачка,— загаласіла Лера.— Нерухомыя, невідушчыя... Не бачаць ужо нічога вочы яе... Я такое першы раз бачыла. Каб ты ведаў, Кімачка... Страшна мне зрабілася... Насця, кажу, Насця, што ж гэта?..

— Ціха, Лера, ціха, родная. Не трэба... Ты памаўчы, памаўчы...

Яна падняла галаву, паглядзела на яго, заківала:

— Ага, ага...

Яны пажылі ў старой матчынай хаце крышку больш чым два месяцы. Без маці хата зрабілася няўтульнай і пустой. У Леры пачалася школа, і не было на каго пакінуць Юльку — даводзілася папераменна, то яму, то ёй, браць дачку з сабой на работу. Шмат нязнанага раней клопату прыносіла гаспадарка, найперш жыўнасць, а сярод яе ў першую чаргу — карова. Усё гэта трэба было накарміць, напаіць, выгнаць на пашу, сустрэць з пашы, падаіць, што раней рабіла, нібы між іншым, маці. А да ўсяго яны абое адчувалі сябе ў хаце не так, як раней. Быццам вусцішна стала ім у яе сценах. Ён разумеў, што гэта дзіцячыя страхі, што яму, сталаму чалавеку, прытым роднаму сыну, грэшна і думаць пра нешта такое,— разумеў, але, тым не менш, заходзячы ў хату, калі там было цёмна, усё ж сцінаўся, угінаў плечы. Бачыў, што нешта падобнае адчувае і Лера. І калі напярэдадні Кастрычніка ў калгасе здавалі васьмікватэрны двухпавярховы дом, ён, Кім, пагаварыў з Сяргеем Ягоравічам наконт кватэры ў тым доме. Абгрунтоўваў сваю просьбу, вядома, не гэтымі страхамі, а тым, што хата старая, струпехлая, рамантаваць яе — лепш ставіць новую, а яшчэ тым, што цяпер, без маці, ім наўрад ці давядзецца трымаць карову, вагаюцца нават наконт свінчаці, так што ім вельмі дарэчы была б кватэра накшталт гарадской, прытым менавіта ў гэтым доме, бо ён стаіць побач са школай, і Лера будзе мець магчымасць нават на перапынку збегаць і паглядзець, што робіць малая.

Просьбу гэтую ўважылі, і на Кастрычніцкія святы яны справілі наваселле...

А пасля, недзе праз тыдзень, ён раскідваў матчыну хату. Хату, у якой нарадзіўся і вырас.

Перад тым як раскідваць, схадзіў на могілкі, пасядзеў ля матчынага грудка. Ён ужо не выглядаў свежым. Дзёран, якім абклаў магілку праз некалькі дзён пасля пахавання, прыняўся, утравеў. Драўляны слупок з дошчачкай абсівераў на ветры, дажджы і сонцы. Кім з сумам і маркотаю глядзеў на ўсё гэта, у думках гаворачы з маці, просячы ў яе прабачэння, што ён так скора наважыўся рушыць яе і сваё гняздо.

Асаблівай згрызоты ён не адчуваў, бо маці і сама колькі разоў загаворвала аб тым, што ім, маладым, трэба думаць пра новую хату — альбо ставіць тут, на сваім котлішчы, альбо прасіць у калгасе кватэру, балазе іх пачалі будаваць. І ўсё ж на душы было горка. Зноў, каторы раз, падумаў пра тое, што апошнім часам ён, мусіць, і не пагаварыў з маці як след, як гаварыў калісь, ужо і хлопцам, што і той раніцай, снедаючы з матчыных рук апошні раз, сэрца не падказала яму ні сказаць маці што-небудзь цёплае, ні абняць. А от жа Леру ён ні разу не забываўся перад адыходам абняць і пацалаваць.

Горка было і ад гэтай турботы, якая прывяла яго сюды, да маці. Хай бы стаяла, пакуль стаіць, іхняя хата! Але ж, з другога боку, колькі і навошта будзе яна стаяць? Быць, пакуль абваліцца дах і абсунуцца сцены, прыстанкам мышэй, пацукоў і тхароў? Каб людзі гаварылі? А тут прыйшоў да яго, Кіма, сусед, Якуб Маўчан, і, бянтэжачыся, топчучыся ў парозе, хоць ён ледзь не сілком цягнуў яго прайсці і сесці, папрасіў:

— Калі ты, Вікенцьевіч, туды, на сваё котлішча, вяртацца не думаеш, то мо не будзеш пярэчыць, калі мы пачнём там ставіць хату Пецю майму? Ты ж, Вікенцьевіч, ведаеш, адслужыў ён. І во, не як іншыя, у горад не хоча. Дык мы з бабай падумалі, што хай бы побач з намі будаваўся? Ён жа, Вікенцьевіч, ужо і дзеўку сабе нагледзеў. Яшчэ ж да арміі з ёй круціўся. Мо ведаеш, у Селішчы... Не ў самім Селішчы, а на пасёлку. Там жа толькі тры хаты ацалелі... Дык от Рыбака таго, што пад самым лесам сядзіць, дзеўку вынюхаў... Няхай! Што нам да таго з бабаю? Упадабаў, то і добра... Дык як ты, Вікенцьевіч? Не будзеш пярэчыць?

Чаго ж ён будзе пярэчыць? Хай будуецца яго Пеця.

Месца неблагое. Не высокае і не нізкае. Зацішнае. Хай будуецца!

А сваю старую хату ён, Кім, раскідае і зложыць з яе лазеньку. Не хопіць хаты, дык дадасць якое цалейшае бярвенца з хлява і гумна. Гэта ж Якуб, сам таго не ведаючы, падказаў яму, што рабіць з бацькоўскай спадчынай. Новыя суседзі, радуючыся і выхваляючыся адно перад адным амаль гарадскімі сваімі харомамі, неяк загаварылі пра тое, што мець у хаце балею з гарачаю вадою вельмі добра, вядома, аднак жа яны ўсе, вясковыя людзі, прывыкшы найперш да лазні. Лазня ў калгасе ёсць, але стаіць далекавата, на другім канцы Чырвонага Бору, ля рэчкі. Дык от добра было б ім, тром-чатыром суседзям, скідаць непадалёк сваю лазеньку — невялічкую, хоць бы сабе тры на чатыры, з маленькай печкай і бочачкай, каб, калі захочацца, бярэмцам дроў нагрэць яе і папарыць плечы. Тады ён, Кім, не даўмеўся да таго, каб сказаць: дык чаго ж тут думаць, вунь стаіць мая старэчына, жыць у ёй не выпадае, а добрай справе якраз мо і паслужыць. Прыйшло яму гэта ў галаву, калі слухаў Якуба...

І вось ён з суседам справа — трактарыстам Андрэем Дубоўскім і суседам злева — настаўнікам Феліксам Сямёнавічам халоднай лістападаўскай, але сухой нядзеляю раскідвае матчыну хату. Прыйшлі яны ўтрох на падворак, пастаялі, паглядзелі, пастукалі абухам сякеры па бёрнах, пакурылі другі ці трэці раз, а пачаць дык і не рашаюцца. Фелікс Сямёнавіч пацепваецца, з нагі на нагу пераступае, пазяхае, быццам паказваючы ўсім сваім выглядам: пачнеце, дык памагу, а не, дык мне тое не надта і трэба. Дзядзька Андрэй, хоць і быў старэйшы ў кампаніі, чакаў, што скажа, калі дасць каманду Кім. А той быццам забыўся, чаго прыйшоў, што рабіць наважыўся. Неяк вусцішна было яму на родным дворышчы. Не адразу і ў хату зайшоў. Спачатку ў хлеў зазірнуў, у гумно. Пасля ўжо зняў замочак з прабойчыка, што зачыняў дзверы ў хату. Усё тут было гэтак жа, як і пакідаў, калі перабіраліся ў мураванку. У запечку на падлозе стаяў стары, часткаю дзіравы, часткаю пабіты посуд, у качарэжніку, прыкрытыя знізу венікам-дзеркачом, тырчэлі вілачнікі і чапяла, на пасуднай палічцы цямнеў аплецены гліняны гляк, на печы і на грубцы ў другой палове хаты валяліся розныя старыя неданоскі-транты, пры сцяне, там, дзе і заўсёды, тырчала на трох нагах — чацвёртая падламалася даўно, Кім хадзіў тады ці не ў пяты клас — сплеценая з лазовых дубцоў этажэрка, пад столлю, над грубачкай, на алюмініевых петлях вісеў шасток, на ім маці заўсёды вешала цыбулю — доўгія залацістыя вянкі, якія, абшчыпленыя, вясною, перад вялікаднем, клаліся ў гаршчок з яйкамі ўперамешку — маці хоць і не верыла ў бога, а яйкі перад вялікаднем фарбавала... Ён і сам не ведаў, чаго заходзіў у хату. Паглядзеў на ўсё, пастаяў там хвіліну, а пасля выйшаў на падворак, да дзядзькі Андрэя і Фелікса Сямёнавіча, сказаў:

— З чаго пачынаць, дык і не ведаю.

Дубоўскаму, пэўна, надакучыла чакаць, бо ён адгукнуўся адразу ж:

— Ну, Вікенцьевіч, раскідаць — не складаць, навукі той не трэба. Пачынаць трэба з таго, чым тыя, што ставілі, канчалі. На страху трэба лезці.

Фелікс Сямёнавіч заўважыў:

— Мусіць жа, трэба сцены пазначыць.

— Само сабой, Сямёнавіч,— падхапіў Дубоўскі.— От ты, як пісар, гэтым і займіся. А я на канёк палезу. Драбіна ёсць, Вікенцьевіч?

Драбіна знайшлася, і неўзабаве са страхі пасыпаліся долу, на яшчэ не зарослы, нібыта зусім жылы падворак, струпехлыя гонты з вострымі, тонкімі, іржавымі цвічкамі — гонты клаліся чамусьці так, што цвічкі тырчэлі ўгору, быццам спакушваючы падэшвы наступаць на іх. І Кіму зноў зрабілася непамысна, прыгадаліся іншыя цвікі — таўсцейшыя, чым гэтыя, і не ржавыя, а бліскучыя, цвікі, якімі забівалі матчыну труну. Яму падалося тады, што дзядзька Якуб неяк не так забівае ў галавах цвік, што цвік той праб’е дошку наскрозь і ўвап’ецца ў мацерыну галаву, і ён увесь сцяўся, і ўздыхнуў з палёгкаю, калі ўгледзеў, што кончык цвіка вышчарбіўся з ніжняй дошкі з гэтага боку труны...

— Вікенцьевіч, дык жа і электрыка да хаты ідзе, правады не абрэзаны! — гукнуў са страхі Дубоўскі.

Ён схамянуўся. Пэўна ж, не абрэзаны. Хто яе іх абразаў! Пробкі выкруціў са шчытка, а правады абрэзаць так і не абрэзаў.

Дубоўскі між тым гаварыў з канька даху:

— Вазьмі, Вікенцьевіч, у Якуба сучкарэз. У яго ёсць, я браў некалі. Прывяжы да жэрдкі і паспрабуй перакусіць... Бо дзе ты будзеш цяпер шукаць манцёра? Паспрабуй, можа, і перакусіш!

Правады ён сапраўды перакусіў. А пасля Дубоўскі даў зноў яму работу — уздзіраць падлогу. І пакуль ён поркаўся з падлогай, напалову згніўшай, Дубоўскі на пару з Феліксам Сямёнавічам узарвалі не толькі гонты, але і латы, зашчыткі, нават разабралі і спусцілі ўніз комін. Калі ён выйшаў з хаты на падворак, ступаючы па хрусткіх кучках гонты, дык убачыў, што над хатай тырчаць голыя кроквы — усяго пяць, тры пасярэдзіне і дзве па краях, ля вуглоў.

Чагосьці і яму захацелася ўзлезці туды, да мужчын, на колішняе гарышча.

Там валялася некалькі матавілаў, паламаны, без шпулькі калаўрот, габляваныя, з выступіўшым інеем солі дошчачкі — калісьці яны былі скрыняй, у якой маці трымала сала, халявы ад старых ботаў, некалькі пар зношаных да дзірак валёнак. У куце, пад мяліннем, штосьці бялелася. Ён нагнуўся, працягнуў руку, грабянуў. Гэта быў нятоўсты пачак газет. Ён падняў, асцярожна разгарнуў крохкія, зжаўцелыя ўшчэнт старонкі. То былі старонкі «Правды». Пяць нумароў. Усе пазначаны лютым трыццаць чацвёртага года. Года, калі ён, Кім, нарадзіўся. Яму яшчэ ніколі не даводзілася трымаць у руках такіх старых газет, і ён уткнуўся ў выцвілую старонку і захапіўся — усё ўспрымалася далёкай, даўняй, зусім невядомай гісторыяй.

Нечакана вочы знайшлі радкі, ад якіх ажно сцепануўся,— пра нешта такое толькі што думаў: «Не всегда чувствуешь долговечность страниц и строк, которые пишешь. Но сегодня — о, да! Сегодня пишется для истории. И сегодня не требуется для этого ни тонких утверждений, ни блистательных красот языка. Надо быть лишь хроникером, простым рассказчиком того, что видишь и слышишь. Прочти, будущий человек, тот, кто, может быть, через сто лет заглянет сюда, в потемневшие листы старой «Правды» времен второй пятилетки. Прочти и перепиши для своего труда, для своей истории построения бесклассовой жизни...»

Што гэта? Пра каго гэта?

«Несколько минут прошло — негромко заиграл оркестр, и сквозь неподвижное море людей, знамен, венков прошла небольшая группа с маленькими урнами в руках... Прах трех молодых людей, молодых и отважных исследователей неизведанного мирового пространства. Еще три дня назад имена троих знали только в тесной товарищеской среде. Позавчера эти имена узнал весь мир. Узнал в блеске потрясающего триумфа, как смелых победителей стратосферы, как отважных счастливцев, прорвавшихся от земной поверхности на небывалую в истории нашей планеты высоту...»

Кім ужо здагадаўся, пра каго гэта. Адразу ж усплылі ў памяці прозвішчы Федасеенкі, Васенкі і Усыскіна, якія на стратастаце «Асаавіяхім-1» дасягнулі вышыні 22 тысячы метраў. І вось ён цяпер, праз трыццаць з гакам гадоў, чытае ў «Правде», як Масква развітвалася з героямі, як хавала іх на Краснай плошчы, ля Крамлёўскай сцяны.

«У Алексея Толстого, в его фантастическом романе «Аэлита», красноармеец Гусев летит на Марс и там воюет за Советскую республику. Десять лет прошло со времени появления красивой сказки Толстого, и миллионы советских радиослушателей услышали не в сказке, а наяву звонкий голос красного командира Федосеенко, рапортовавшего партийному съезду из холодных хрустальных космических высот: «Штурмуем двадцатый километр!»

Еще день прошел, и в безоблачную радость победы ворвался трагизм. Миллионные толпы, празднуя триумф трех летчиков, скорбят об их гибели. Славная победа, славная, почетная смерть...»

Успомніў, як упершыню, школьнікам, чытаў пра подзвіг трох герояў, як яму было шкада іх, маладых і прыгожых хлопцаў — ён, здаецца, ці не плакаў тады. І цяпер у яго таксама быццам падкаціўся пад горла нейкі камяк, і было сумна, горка, тужліва — як нядаўна на могілках, ля матчынага грудка.

Потым, зусім знячэўку, прыбегла думка аб тым, што неаднойчы чытаў, як вось так, разбураючы старыя котлішчы, людзі знаходзілі скарбы, розныя дакументы. Вось і ён знайшоў. Пяць нумароў газеты. Якім столькі ж гадоў, колькі і яму. Пэўна, чытаў іх бацька. Бацька і дзед. Трымалі ў руках вось гэтак, як цяпер трымае іх ён, чыталі, пэўна, уголас, каб іх маглі чуць і ўсе іншыя хацінцы, абгаворваючы, пераказваючы тыя ці іншыя заметкі, здзіўляліся, абураліся, смяяліся... А потым нейкім чынам яны трапілі на гарышча. Якім жа? Калі? Мо ў вайну? Калі ў вайну, то чаму? Маці ж казала, што хавалі ўсё савецкае. Кніжкі — таксама. Дык мо і газеты? Бацькі ў вайну ўжо не было, значыць, хутчэй за ўсё, схавала маці. Праз дваццаць гадоў пасля вайны знайшоў іх ён. А ў яго ёсць дачушка Юлька. Яна падрасце, і ён пакажа ёй гэтыя газеты і раскажа, як і дзе ён іх знайшоў і хто іх чытаў да яго. Так выстрайваецца цэлая лесвічка — ад прадзеда да праўнучкі. Сямейная эстафета праз гады. І думае ён пра ўсё гэта дзякуючы вось гэтым пажоўклым, крохкім, амаль сатлелым газетным старонкам, якія зберагла яго старая, родная хата. А ён яе раскідвае. Сам. Сваімі ўласнымі рукамі...

Ад невясёлага одуму яго адарваў Селівончык. Пад’ехаў і гукнуў, высунуўшыся з кабіны:

— Вікенцьевіч! У кантору клічуць!

Схамянуўся ён, зірнуў на сваіх памочнікаў-хаўруснікаў. Фелікс Сямёнавіч прамаўчаў, а Дубоўскі кіўнуў:

— Едзь, Вікенцьевіч. Мы столь падымем і вокны выставім. Дык і без цябе адужаем. А там усё адно трэба каня. Каб раскідаць і перавозіць. Пакідаць гніллё пад дождж няможна... Так што едзь, калі клічуць.

Кім піхнуў газеты за пазуху, скочыў долу і пайшоў да машыны...

 

КРАСАВІК 1969 ГОДА

Журналіст быў малады хлопец. Зрэшты, як высветлілася пасля, яшчэ і не зусім журналіст, а студэнт. Вучыўся яшчэ на журналіста і праходзіў у газеце практыку. Вось яго, зялёнага практыканта, і прыслалі ў Чырвоны Бор разабрацца са скаргай, што паступіла ў рэдакцыю. Скарга была ананімная. Гаварылася ў ёй, што ў калгасе не клапоцяцца аб маладой змене механізатараў, нічога не робяць для таго, каб маладыя хлопцы заставаліся ў роднай гаспадарцы, сцвярджалася, што маладым не давяраюць новай тэхнікі, прымушаюць працаваць на дабітых трактарах і тым самым адбіваюць у моладзі ўсялякую ахвоту атабарвацца пасля арміі ў вёсцы.

Журналіста-практыканта Кім выпадкова напаткаў у канторы. Надвячоркам зайшоў туды, а там у калідоры да яго нясмела, нерашуча памкнуўся незнаёмы, не чырванаборскі хлопец у кароткім і тонкім палітончыку і ў капелюшы і запытаў:

— Даруйце, не вы будзеце Сяргей Ягоравіч?

— Не, я не Сяргей Ягоравіч,— адказаў Кім.

— А не ведаеце, дзе мне яго пабачыць? — зноў запытаў хлопец.

Кім запыніўся, загаварыў з хлопцам. Той і расказаў, хто ён і чаго прыехаў. Кім ніколі раней не сутыкаўся з журналістамі акрамя як з раённай газеты і крыху не то збянтэжыўся, не то разгубіўся. Гэта ж ён, Кім, як калгасны інжынер, і ёсць, выходзіць, той, хто не дае ходу маладым у Чырвоным Бары, не давярае ім новай тэхнікі. Хто ж гэта, цікава, такое напісаў ажно ў сталічную газету, у Мінск?

— Дык вам і не трэба, мусіць, чакаць Сяргея Ягоравіча,— сказаў Кім, выслухаўшы хлопца.— Нам з вамі, пэўна, давядзецца разбірацца, ці праўда гэта, ці мана. Пісьмо ў вас? Можна паглядзець? Ой, выбачайце, я не назваўся — я інжынер, Кім Вікенцьевіч Курловіч.

Хлопец абрадаваўся, палез у кішэню і дастаў складзены ў некалькі столак лісток. Падаючы яго, сказаў быццам з нейкім жалем у голасе:

— Пісьмо не падпісана. Але рэдактар сказаў: з’ездзі, гэта недалёка, паглядзі на месцы, а раптам праўду піша чалавек, дык і праблемны матэрыял зробіш...

Кім прабег кароценькае, без даты, подпісу і зваротнага адраса пісьмо, перасмыкнуў плячамі ў недаўменні. Калгас названы іхні, чырванаборскі, але акрамя гэтага ніякай, як кажуць, канкрэтыкі, ні фактаў, ні прозвішчаў, ні лічбаў.

Ён не стрымаўся, прамовіў:

— Па-мойму, пустое пісьмо. Праўды тут — ніякай. І каб хоць падпісана было... У рэдакцыі звяртаюць увагу і на такія?

Хлопец няўпэўнена адказаў:

— Не ведаю. Я ж вам гаварыў: рэдактар сказаў пад’ехаць, а раптам...

— Ніякага раптам,— перапыніў яго Кім.— Заўтра пойдзем з вамі на машынны двор, пагаворыце з механізатарамі — і з маладымі, і са старымі. Самі пераканаецеся. Хлусня ўсё.

Ён вярнуў хлопцу ліст і пайшоў быў да дзвярэй, забыўшыся на тое, чаго ішоў сюды. Але потым, нібы што ўспомніўшы, вярнуўся назад, да хлопца. Кіму кінуліся ў вочы чаравікі на нагах у гэтага зялёнага журналіста — старыя, няйначай дзіравыя, наскрозь прамоклыя.

— Вы з раёна пешшу ішлі? — спытаў.

— Пешшу,— адказаў хлопец і таксама спытаў: — А што?

— Нічога,— ухіліўся Кім і як загадаў: — Пойдземце да мяне. Абсушыцеся, павячэраем разам. Там і пагаворым.

Хлопец не ўпарціўся, пайшоў услед за ім.

Была ўжо вясна. Ранняя, але вясна. Днём добра-такі прыпякала сонца, снег увачавідкі асядаў, рабіўся дзіравым. У глыбокіх каляінах ад саней беглі раўчукі, дарога размякла, ногі слізгаліся і правальваліся ў набрынялы вадою, яшчэ нядаўна цвёрды наст.

Кім ішоў поруч з хлопцам, саступаючы яму вышэйшую, сушэйшую сцежку, зважаючы на яго чаравікі-паўбацінкі, а сам смела шлэпаў у сваіх гумовіках. Шлэпаў і думаў пра хлопца. Думаў пра тое, ці была ўжо такая пільная патрэба пасылаць гэтага ціхмянага — а журналісты ж, кажуць, на хаду падмёткі адрываюць! — хлопца з Мінска ў іхнія няблізкія мясціны такой парою ў такой апратцы і абутцы. Наўрад ці была! Аднак жа штосьці і спыняла яго ад таго, каб вось так, адным махам, пакрыўдзіць і гэтага хлопца, і ягонага рэдактара. Мусіць, ёсць нейкая праўда і на іхнім баку. Паехаў жа ён не на прагулянку, не ў тралейбусе па праспекце ад вакзала да Камароўкі. Паехаў з намерам ці жаданнем памагчы аўтару гэтага ананімнага пісьма. Паехаў, бо і рэдактар, і ён сам, гэтае хлапчанё, думалі: а мо і праўда там крыўдзяць каго-небудзь, робяць нешта не так. Ужо за адно гэта яны варты павагі, гэтыя журналісты і рэдактары. Ён, услед за распаўсюджанай думкай, часта пасміхваўся з іх пісаніны, найперш у сваёй, раённай газетцы. Пісаніна гэтая частавата не выклікала даверу. Прачытае замалёўку пра іхняга ж, чырванаборскага, трактарыста ці, скажам, даярку і ловіць сябе на думцы, што не так расказана пра чалавека, што чалавек гэты на самой справе не такі — нібыта горшы, чым пра яго напісана. Зрэшты, мо і не горшы, але не такі святы. У газетнай заметцы трактарыст той — анёл, дый годзе, толькі і думае дзень і ноч навылёт, як лепш узараць ці пасеяць. А на самой справе таму трактарысту ён, Кім, не адзін раз учыняў разнос, што і трактар не беражэ, што і гультаяваты, не надта перадасць на калгаснай рабоце... А цяпер вось нечакана падумаў пра тое, што, пэўна, так і трэба. Яны тут, у вёсцы, кожнага чалавека ведаюць, як кажуць, з вантробамі, а газетку тую выпускаюць не для адной іхняй вёскі, яе ва ўсім раёне чытаюць, і, мусіць, тое і добра, што яго чырванаборскі трактарыст у людскіх вачах убачыцца лепшым, чым ён ёсць на самой справе. Навошта ж тады пра яго наогул расказваць у газеце, калі ён не лепшы? Людзям трэба прыклад, узор, вось вам, калі ласка, і ўзор. Не надта высокі, не надта зіхоткі, але ўсё ж — узор. І самому трактарысту прачытаць тыя нібы надта ж хвалебныя радкі таксама карысна. Ад адной-дзвюх заметак чалавек не заганарыцца. А вось думка пра тое, што працаваць яму трэба лепш, што наогул яму трэба быць лепшым, каб апраўдаць неяк дадзены яму аванс, якраз і прыбяжыць. Так што не варта бурчэць і папракаць газетчыкаў, а варта, наадварот, зразумець іх і падтрымаць, пахваліць...

Дома ён прымусіў хлопца разуцца і абуць яго, Кімавы, валёнкі, пасадзіў, пакуль Лера збірала вячэру, да расчыненай грубкі. Хлопец саромеўся, бянтэжыўся, маўчаў. Ажывіўся ён трохі за вячэрай, асабліва пасля чаркі гарэлкі, якую хоць і аднекваўся, але ўсё ж выпіў. Потым выпіў і другую і разгаварыўся. Пра пісьмо, па якім прыехаў, не ўспамінаў. Гаварыў больш з Лерай, чым з Кімам. Расказваў ёй пра навіны кіно, тэатраў, пра новыя кнігі. Найбольш асвойтаўся, калі яны ўсе пасля вячэры выйшлі з кухні ў залу, да тэлевізара. Але неўзабаве тэлевізар адышоў на другі план. Лера тым часам жыла сваім новым клопатам — надумалася зрабіць у школе музей ці хоць бы куток баявой і працоўнай славы. Набліжалася дваццаць пятая гадавіна з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і яна разам з дзецьмі завітала ў кожны дом, у кожную сям'ю, у якой хоць хто-небудзь быў на фронце ці ў партызанах, сабрала не адзін дзесятак франтавых пісьмаў, больш за сотню фотаздымкаў жывых і загінуўшых чырванаборцаў. Здымкі тыя былі раскладзены на стале — Лера якраз парадкавала, разбірала іх, падклейвала на спецыяльна выразаныя кардонкі. От гэтыя пісьмы і фотаздымкі і ўбачыў іх неспадзяваны сталічны госць і забыўся на ананімнае пісьмо, праз якое прыехаў сюды, у Чырвоны Бор.

— Валерыя Віктараўна, і вы самі ўсё гэта сабралі? — здзіўляўся ён.— У кожнай хаце пабылі?

— Чаму ж сама? — бачачы гэтую ягоную ўсхваляванасць, бянтэжылася і Лера.— Разам з вучнямі. Тут, у Чырвоным Бары, сама, можна сказаць, усіх абышла, а ў другіх вёсках калгаса — дзеці мае. Абышлі ўсе хаты і папрасілі даць пісьмы, фотакарткі, іншыя дакументы і рэчы для музея.

— І людзі адгукнуліся? Во як дружна адгукнуліся, Валерыя Віктараўна! Трэба берагчы памяць. Без памяці чалавек нішто! Мы і так вельмі шмат не збераглі, па-дурному змарнавалі! Праўда ж, Валерыя Віктараўна? — распаляўся ён.

Лера слухала яго памяркоўна, трошачкі мо нават паблажліва, як вучня, што непамерна, знарочыста актыўнічае, спадзеючыся тым самым падмануць настаўніцу і вымусіць яе паверыць, што ён хатняе заданне зрабіў. Аднак жа ёй было і прыемна. Бо напачатку, калі яна прапанавала зрабіць у школе музей ці куток, падтрымку яна не надта знайшла. Нават Карней Васільевіч моршчыўся. Маўляў, у іх цесна і без таго, і на ўсё гэта трэба сродкі — парабіць стэнды, перафатаграфаваць здымкі, аформіць, намаляваць, падпісаць, маўляў, гэта хутчэй клопат клубных работнікаў і калгаса, а не школы і настаўнікаў. Але яе падтрымала Марыя Міхайлаўна, разумна і талкова адкінуўшы прэч сумненні і лагічна сцвердзіўшы неабходнасць такога музея. Не мажлівасць, сказала, а неабходнасць. Бо дзеці пад суровым паглядам сваіх загінуўшых і жывых дзядоў і прадзедаў, партрэты якіх будуць тут, у школьных сценах, несумненна, будуць і лепш вучыцца, і лепш сябе паводзіць. І вось цяпер пра гэта ж самае гаворыць гэты хлопчык-журналіст.

— Не, Валерыя Віктараўна, вы проста не ўяўляеце, якую карысную і вялікую справу вы задумалі! — гаварыў ён, перабіраючы пажоўклыя, цьмяныя, малюпасенькія, як для дакументаў, і трошкі большыя, але таксама невялікія, часцей за ўсё аматарскія фотаздымкі, узіраючыся ў іх пільна-пільна, бы на іх адбіліся абліччы ягоных сваякоў ці знаёмых.— Я пра вас напішу! Праўда, праўда, напішу! Грэх будзе, калі не зраблю гэтага. Які ж з мяне, трасца ў бок, журналіст, калі ўсё гэта пройдзе міма мяне? Ніякі не журналіст! Не, я напішу! Заўтра пайду разам з вамі ў школу, пагавару з дзецьмі, з настаўнікамі, абыду, як і вы, усе хаты ў Чырвоным Бары і напішу...

Ён і сапраўды пабыў у школе, пасядзеў на ўроку ў Леры, пагутарыў з Іванам Фёдаравічам, пахадзіў і па чырванаборскіх хатах. Быў ён і на машынным двары. Прыйшоў і папрасіў Кіма сабраць усіх на колькі хвілін. Калі механізатары сабраліся ў цесным пакойчыку чырвонага кутка, ён прачытаў ім пісьмо і спытаў:

— Скажыце мне, калі ласка, хто гэта напісаў?

Усе маўчалі.

— Значыць, з вас ніхто не пісаў? Тады ж хто?

На гэты раз адусюль загулі:

— Адкуль мы ведаем! Не мы!

Хлопец павярнуў пытанне іншым бокам:

— Добра, вы не пісалі. Ну, а скажыце, тут праўда напісана?

— Лухта тут напісана! Некаму не было чаго рабіць!

— А калі лухта, дык — навошта? Пісалася і пасылалася навошта?

— Спытайцеся ў таго, хто пісаў!

— Хацеў бы,— спакойна адказаў хлопец.— Ды, зрэшты, гэта не так і важна. Галоўнае мы высветлілі. Высветлілі, што пісьмо не адпавядае сапраўднасці.— Ён злажыў лісток і, перад тым як пакласці яго ў кішэню, сказаў: — Па почырку можна было б лёгка пазнаць аўтара. Тым больш, што ён, мне здаецца, сярод вас. Не з суседняга ж калгаса яго паслалі!

— Ану, пускай па руках! — падхапіўся Пецька Яскевіч.

— Давай! Жыва пазнаем! — падтрымалі яго многія.

Кім, які стаяў тут жа, зірнуў на практыканта-журналіста запытальна: што ён зробіць? Хлопец спакойна злажыў лісток і паклаў у кішэню:

— Мусіць, не варта. Мы не следчыя. А таварышу вашаму хай будзе сорамна ўсё ж. У рэдакцыі да кожнага пісьма ставяцца з даверам. Бо могуць быць і сур'ёзныя прычыны, па якіх чалавек не можа падпісацца пад пісьмом...

Журналіст і другую ноч начаваў у іх, у Кіма з Лераю. Яны, трое, вячэралі, калі ў хату зайшоў Сяргей Бурлак з Селішча. Ад парога папрасіў:

— Вікенцьевіч, на два словы — можна?

Яны выйшлі ў сенечкі.

— Ну, што ў цябе, Бурлак? — спытаў Кім, бачачы, што хлопец не рашаецца гаварыць, чаго прыйшоў.

— Гэта я, Вікенцьевіч...

— Што — ты?

— Ну, ананімшчык... Крыўдна было... От пад гарачую руку і накрэмзаў...

Кім ад неспадзяванасці толькі крэкнуў. А Бурлак паспешліва дадаў:

— Па-дурному, Вікенцьевіч! Даруйце... І не кажыце нікому. Добра?

— Па карку б табе з’ездзіць харашэнька, Бурлак! — адказаў Кім і павярнуўся да дзвярэй у хату.

— Не скажаце, Вікенцьевіч? Я прашу...

— Ідзі ты!

Калі Кім вярнуўся да стала, Лера спытала:

— Чаго ты ўсміхаешся?

Ён адказаў не ёй, а журналісту:

— Ананімшчык твой прыходзіў. Сорамна стала...

Вочы ў хлопца загарэліся:

— І што сказаў?

— А што ён скажа? Пад гарачую руку, крыўдна было... А чаго крыўдаваць? На каго крыўдаваць? На сябе трэба было б крыўдаваць! Даў яму новенькі «Беларус». Папярэдзіў: беражы, як свой матацыкл! Дык першы-другі тыдзень трымаў дысцыпліну. А пасля раз трактар ля хаты пакінуў, другі. Я папярэдзіў, каб заганяў на машынны двор. Зноў — тыдзень-другі ўсё было нармальна. А пасля зноў за сваё. І не проста заначоўваў. Аднойчы ноччу вазіў сваім селішчанцам дровы з Горнага рова. На прычэпе. Пад прычэп падбіўся ці то пень, ці то корч-выварацень. Дык паленаваўся скінуць алешнік, а пачаў ірваць гружаны прычэп. Ну, і цягу парваў, ледзь трактар не ўгробіў... От я і ссадзіў малайца з новага «Беларуса» і перасадзіў на стары гусенічны. Дык крыўда ўзяла...

Журналіст, выслухаўшы гэта, усклікнуў:

— І пра гэта напішу! Абавязкова напішу! Скажу я вам, мае добрыя слаўныя людзі, што мне здорава пашанцавала! Першая мая камандзіроўка будзе не пустой! Не пустой!

Ліха яго ведае чаму, але ён, Кім, быў рады за гэтага жаўтаротага студэнта-журналіста. Пра тое, што ён гразіцца напісаць пра іх — і пра Леру, і пра яго, адразу пра дваіх, не думалася. Не надта і верылася, што гэта хлапчанё напіша нешта слушнае, а калі і напіша, дык наўрад ці надрукуе той самы рэдактар ягоныя крэмзы. Рады быў, канечне, па другой прычыне. Яму падабалася бачыць, быць побач з тымі людзьмі, якія былі не раўнадушныя да таго, што рабілі. За гэта, пэўна, прыйшоўся да душы і студэнт. Неабыякавы ён быў да ўсяго, што бачыў і чуў у Чырвоным Бары. Якая ні нікчэмная прычына прывяла яго сюды, але і да яе ён паставіўся сур'ёзна, дакапаўшыся, няхай сабе і выпадкова, да канца. От за гэта і падабаўся яму гэты гарачлівы, увесь быццам узвінчаны, а мо і проста ўзбуджаны ад празмернага хвалявання малады хлопец, з якога, трэба спадзявацца, з цягам часу сапраўды выйдзе журналіст.

Калі яны ішлі спаць наверх, дзе былі іхняя спальня і Юльчын пакой, пакідаючы госця, як і учора, тут, у зале, на першым паверсе, ён раптам запытаў:

— Ці мне падалося ўчора, але вы, даруйце, нешта чыталі перад сном?

— Вам чуваць было? — перапытала Лера.

— І чуваць, і не чуваць. Падалося, быццам нехта чытае ўголас. Дык я падумаў быў — ці вы, ці суседзі мо,— хлопец, здаецца, адчуваў сябе ніякавата і не рады быў, што запытаўся.

Лера ўсміхнулася:

— Не, не суседзі. Гэта мы. Перад сном прывыклі трошкі пачытаць.

— Прывыклі? Значыць, даўно чытаеце? — хлопец зноў як загарэўся.

— Даўно,— адказаў замест Леры Кім.— З таго часу, як пажаніліся.

— І што чытаеце?

— Найперш класіку. Рускую, замежную, савецкую. І сёе-тое з сучаснага, пра што пачынаюць гаварыць,— зноў адказала Лера.

— А ўчора што чыталі? — не здаваўся хлопец.

— Гогаля, «Мёртвыя душы».

— І сёння будзеце?

— Мы кожны вечар чытаем. Амаль кожны.

— Кожны вечар? З таго часу, як пажаніліся? — здзіўляўся хлопец.— І ніколі не забываліся? Ніводнага вечара не прапусцілі?

— Ну чаму ж! — усміхнулася Лера.— Былі вечары, вядома, што не чыталі. Але стараемся не прапускаць. Нават і цяпер, калі паявіўся ў хаце тэлевізар, які вельмі адвучвае людзей ад чытання.

— І чыя была ініцыятыва? Хто падказаў такую думку? — хлопец усё ж быў настырны, мо і лішне.

Лера паціснула плячамі.

— Разам дадумаліся. Парашылі, што будзем кожны раз перад сном чытаць. Тады яшчэ ў нас не было тэлевізара,— дадала.

— Выбачайце, мо я і занадта цікаўны, але ўсё ж скажыце — хто першы прапанаваў чытаць штовечар уголас?

Кім адказаў ці не зласнавата:

— Валерыя Віктараўна. Ініцыятыва была яе.

Хлопец не заўважыў, пэўна, гэтай ноткі злосці ў голасе гаспадара, сказаў летуценна:

— Хацеў бы я, каб і ў мяне была такая жонка, Кім Вікенцьевіч!

Кім абарваў яго ўжо зусім грубавата:

— Рана табе яшчэ думаць пра жонку!

Хлопец і з гэтым пагадзіўся памяркоўна:

— Рана, вядома. Гэта я так, к слову... Спакойнай ночы вам!

Падняўшыся наверх і лёгшы ў пасцель, яны, як і ўчора, прыняліся чытаць пра тое, што было далей, як усё ж знайшоў паразуменне Чычыкаў з Плюшкіным. Чытала Лера. А Кім неўзабаве злавіў сябе на думцы, што не слухае. Нечым усё ж сапраўды раззлаваў яго гэты наіўны, аднак жа крыху бесцырымонны практыкант-журналіст. Ужо ён, пераначаваўшы ў іх раз, і запанібрата з імі. Ужо ён лезе табе слепнем у вочы, толькі скажы яму, хто першы падаў думку чытаць перад сном. І бач, абрадаваўся, пачуўшы, што яна, гэтая думка, належыць Валерыі Віктараўне. Нават, смаркач, і сабе зажадаў такой жонкі. Але, але, такой жонкі...

Ён, Кім, ужо не раз чуў нешта падобнае. Хто толькі ўжо не зайздросціў яму. І ў вочы, і за вочы казалі. Маўляў, ах, як Курловічу пашанцавала з жонкай! Гэта ж не тое, што нашы дурныя лахудры! Адно ўмеюць — горла драць і мужа папракаць у яўных і выдуманых грахах. Ці ты позна прыйшоў, ці рана, ці цвярозы, ці на падпітку, ці грошы ўсе прынёс, ці па дарозе згубіў якую-небудзь траячку ці пяцёрку — усё адно не дагодзіш, знойдзе, да чаго прыдрацца! Грошы прынёс — добра, але чаму ты сечкі не нарэзаў, як гаспадар, чаму я адна павінна жылы рваць? Рана прыйшоў — добра, але ж ці табе засляпіла, куды лезеш з ботамі, хіба не бачыш, што цэлы ранак грызла, мыла, вытрасала?! А Курловічу — лафа! Ён жа таксама не анёл, а — ніколі табе ні сваркі, ні лаянкі, ні кляцьбы, што на тры падворкі чуваць. Усё ціха, культурна, па-чалавечы. Гэ, хіба не чулі! Кімачка, хоць ты і стаміўся, але збегай, прынясі вады... Я забылася, не схадзіла ў краму, дык ты не палянуйся, падскоч на веласіпедзе — цукру няма, і хлеба заадно паглядзі... Калі б нашы бабы так, дык і мы — на адной назе і туды, і сюды...

Чуў ён такое. Неаднойчы чуў. І спачатку прыемна было тое слухаць. А чаму ж не прыемна? Жонку хваляць, гэта значыць і цябе таксама хваляць. Бо не хто-небудзь гэтую самую жонку мае, не чорт лысы, а ты, бо твая гэта жонка, а не чыя іншая. А калі твая, дык, значыць, і ты нечага варты і, пэўна ж, нечым трошкі лепшы за тых, што вось такім чынам, жонку тваю пахвальваючы, на свой лёс наракаюць.

Ён адно пасміхваўся, калі яму гаварылі пра гэта. Пасміхваўся, жартаваў: трэба было лепш выбіраць, падумаць спачатку, а пасля ўжо жаніцца... Пажартуе так, а ў самога на душы цёпла так зробіцца — ужо ад аднае згадкі пра яе, пра жонку сваю, пра Валерыю Віктараўну. Пашанцавала яму, вядома, з ёй. Не гадаў і не думаў. Мо толькі ў сне калі прыходзіла да яго, што будзе мець такую жонку. Але ж, з другога боку...

Добра, вядома, што ёсць у яго Валерыя Віктараўна. Пры ёй і сам ён чуецца неяк больш надзейна, упэўнена. Нешта яго быццам падтрымлівае, не дае расслабляцца, распускаць нервы, і язык, і рукі, няўрокам кажучы. Пры ёй і ён не колішні Кім Курловіч, з якім кожны запанібрата і кожны раўня. Хай сабе ён цяпер не шафёр, а інжынер, і Вікенцьевічам яго ўсё адно клікалі б, але, як добра падумаць, дык і не ўсё адно. Вікенцьевіч Вікенцьевічу — розніца. Поруч з ёй ён Вікенцьевіч ужо і без інжынера таго. Яна — Валерыя Віктараўна, а ён — Кім Вікенцьевіч. Бо — муж Валерыі Віктараўны, настаўніцы.

Ды гэта дробязь, вядома. Хіба ж гэта важна? Важна тое, што пры Валерыі ён зразумеў, адчуў нешта больш істотнае. Куды больш важнае. Ну, скажам, хоць бы тое, што можна, аказваецца, жыць інакш, чым жылі і жывуць ці не ўсе яго аднавяскоўцы, чырванаборцы. Жыць не толькі сняданкамі, абедамі ды вячэрамі. Не толькі работай. Жыць і адчуваць не толькі стому фізічную. Поруч з работай мышцаў прымушаць працаваць і душу. А што гэта значыць? А тое, што трэба на сябе трошачкі больш браць, чым іншыя. Хоць трошачкі менш думаць пра сябе, а як мага больш пра іншых. Не зважаць, не засяроджвацца на дробязях, а думаць, дбаць найперш пра галоўнае. Здаецца, што і лёгка гэта, а на самой справе — вунь як нялёгка! Ён па сабе ведае, што — нялёгка! І калі б не Лера, дык наўрад ці ён не то што стараўся б рабіць так, але ці і дадумаўся б да гэтага наогул. Але, але, калі ён сёння разважае так і хоць сёе-тое робіць у адпаведнасці з гэтымі развагамі, дык заслуга таксама найперш яе. І тут мужчыны, зайздросцячы яму, праўду гавораць. Мець такую жонку — шчасце. Але ж, з другога боку...

Ён, Кім, разумее, што ўсё гэта дробязі, нікчэмнасці, якія не павінны былі б уплываць ні на што, а тым не менш... Чалавек, аказваецца, слабая ўсё ж істота. Як яго ні падымаюць, ні ўзвышаюць, а ён, бы тая свіння да лужыны, усё ўніз, у балота. Рукамі, здаецца, узмахнуў бы і паляцеў, а азадак, халера на яго, цяжкі, не пускае. Груз дробязнасці ого які цяжкі! Ён не хацеў бы прызнавацца нават і самому сабе, але ж — навошта грахі ўтойваць, было, было і ў яго, калі так і падмывала сарвацца, грымнуць кулаком насуперак яе, Лерынай, выхаванасці, інтэлігентнасці, культурнасці, што надта іншым у вочы кідаецца і праз што, маўляў, яму, Кіму, буйна пашанцавала. Ён, вядома, таксама навучыўся, здаецца, стрымліваць свае эмоцыі, не псаваць попусту свае і яе нервы, аднак жа, аднак жа...

Не ўсё так і цудоўна, дружа, у нас, як табе здаецца, хацелася яму сказаць у адказ на кампліменты ў адрас Леры. Не ўсё так і цудоўна... Твая, як ты кажаш, крыклівая лахудра хоць і накрычыць, і намацюкаецца часам на тры падворкі, але вячэру заўсёды згатуе і кашулю чыстую, калі спатрэбіцца, знойдзе і падасць. А мая вучоная і выхаваная колькі разоў страчала мяне ўвечары пяшчотнай усмешкай ды пустым сталом? Маўляў, Кімачка, засядзелася ў школе, выпускалі новы літальманах, і не паспела што-небудзь прыгатаваць, мы з Юлькай малака папілі, а ты, калі вельмі прагаладаўся, вазьмі пару яек ускінь на скавародку... Альбо: ой, Кімачка, табе ж сёння на сесію ў сельсавет, а сарочкі чыстай няма, усё рукі не дайшлі, надзень во гэтую, у палоску, яна не надта зацяганая, не відаць будзе, а заўтра, калі камісія не зваліцца на галаву, абавязкова перамыю ўсе, каб у запасе былі...

Глупства, вядома, ён не надаваў і не надае гэтаму значэння. Ён разумее, што гэта дробязі быту, якія не павінны аніяк уплываць на нешта больш істотнае, што звязвае іх, яго і Леру. Ён разумее, акрамя ўсяго, што калі нешта такое і здаралася, дык яе віны ў тым не было, яна сапраўды была занята іншым клопатам, важнейшым, чым яго вячэра ці сарочка. Аднак жа — слабак-чалавек! — у хвіліны, калі чуў на ўласныя вушы ці з пераказу іншых, што нехта зайздросціў яму, Курловічу,— ну, што яму пашанцавала з жонкай,— у яго ўсё ж сяды-тады ўсплывала з небыцця тая самая сарочка ў палоску, якую ён вымушаны быў апранаць нямытай. Ён не засяроджваўся на гэтым, вядома, і гэтая цьмяная думка як усплывала, так і патанала ў тым жа небыцці. Ды вось жа, аказваецца, што небыццё гэтае — не такое ўжо і небыццё. Аказваецца, тлее там, дзесьці ў сховах душы, іскарка ягонай чыста мужчынскай незадаволенасці. І досыць было гэтаму іхняму нехлямяжаму госцю выткнуцца са сваімі дзіцячымі захлёбамі ў адрас Леры, досыць яму было ляпнуць тыя словы, што і яму б такую жонку, як іскарка тая паднялася з дна, каб патраціць на подых ветру і даць пачатак новым, многім іскрам...

— Я даўно кідаю краем вока на цябе, і, здаецца, ты не слухаеш, не чуеш таго, што я чытаю,— сказала Лера.

Ён схамянуўся ад думак, пачырванеў ад нейкай унутранай, дзіцячай няёмкасці ці то вінаватасці перад ёю, сказаў:

— А мусіць, і праўда слухаю брухам.— І, каб схаваць гэтую сваю збянтэжанасць, загаварыў пра нешта тут жа прыдуманае: — Ведаеш, ляжаў, слухаў, а думка знячэўку пабегла некуды зусім не туды і прапала, а на яе месца прыбегла зусім іншая, нават не думка, а нешта мройлівае, неўразумелае, як трызненне, я ўсё намагаўся ўлавіць яго, дайсці да сэнсу і ніяк не мог, і гэта доўжылася, доўжылася, я быццам гайдаўся ці то ў лодцы, ці то на арэлях, усё цішэй і цішэй, ажно пакуль, здаецца, і не задрамаў, і страпянуўся ўвесь, калі ты спыталася, ці слухаю я...

Лера згарнула кніжку, схілілася над ім:

— I ў мяне так бывае. Калі стамлюся ці перахвалююся. Тады таксама нешта мяне быццам калыша і калыша і я засынаю і не засынаю, гайдаюся недзе на мяжы сну і свядомасці... Ты стаміўся, пэўна. Спі!

І, пацалаваўшы яго лёгка, бы гэта быў не ён, а Юлька, яна адвярнулася, скруцілася, як кацянё, і неўзабаве заснула. Заснула, яму падалося, хутка і лёгка, як тое ж кацянё. І яму, спаймаў сябе, сёння чамусьці і гэта не спадабалася. Зрэшты, мо і не тое што не спадабалася. Мо проста падумаў пра гэта, што яна заснула вось так лёгка і хутка, і пры гэтым не дадаў у думках, што звычайна так засынаюць добрыя, чэсныя людзі, душу якіх не трывожаць, не гнятуць сумненні і згрызоты.

І зноў яму зрабілася непамысна. І, каб загладзіць гэтую сваю віну перад ёю ці мо, хутчэй, прагнаць гэтую мімалётную думку прэч і супакоіцца, прыпадняўся і асцярожна дакрануўся вуснамі да яе шчакі. Ад ягонага дотыку яна не прачнулася, але ўсё ж зрэагавала — па яе вуснах прабегла лёгкая, ледзь прыкметная ўсмешка. Хто-небудзь іншы наўрад ці ўлавіў бы гэты цень, водбліск усмешкі, а ён — улавіў, і да грудзей яго, пад самае падбароддзе, падкацілася лёгкая гарачая хваля, і яму зрабілася добра і хораша, і ён, пстрыкаючы кнопачкай-выключальнікам, адчуў, як яго лёгкая галава пацяжэла і важка аблеглася па мяккай пуховай падушцы, і напаследак падумаў, што зараз і сам ён засне хутка і лёгка...

 

ВЕРАСЕНЬ 1973 ГОДА

Па дарозе дахаты ён памятаў, што трэба зайсці да Селівончыка і наказаць, каб заўтра не пазней сямі быў у раёне, на плошчы, ля райкома. Там будзе фарміравацца аўтакалона з аўтобусаў і грузавікоў, і адтуль усе разам, а не паасобку, як меркавалася, паедуць у Мінск па студэнтаў. Ішоў і памятаў. А прыйшоўшы дахаты, загуляўся з Юркам, памог рашыць задачу Юльцы і начыста забыўся. Даўно павячэралі, паглядзеў праграму «Время» і толькі тады спахапіўся, што не зайшоў да Селівончыка. Не хацелася апранацца і абувацца, а вымушаны быў. Усунуў ногі ў боты, накінуў на плечы куртку і выйшаў з хаты.

Было цёмна. Не так, калі кажуць — хоць пальцам у вока, але цёмна — за нейкіх дзесяць крокаў наўрад ці пазнаеш каго, не ўгадаеш, бадай, мужчына ці кабета ідзе паперадзе. Па кроках, па гуку хутчэй здагадаешся. Тым не менш ён не пайшоў вуліцаю, а звярнуў у вулачку і выйшаў за загуменне,— сюдой да Селівончыка было нашмат бліжэй. Выйшаў і здзівіўся, што тут, аказваецца, куды святлей, чым на вуліцы. На вуліцы падаюць з вокнаў светлыя плямы, і, пэўна, ад іх там выдае цямней, чым на самой справе.

Дыбаў ён хутка, шырокімі крокамі, не надта баючыся спатыкнуцца — гэтую загуменную дарожку ведаў добра. І неўзабаве пачуў, што паперадзе хтосьці едзе — у той канец, дзе і Селівончык, куды і ён цяпер ідзе. Ён здзівіўся, бо для язды было пазнавата. Падумаў, што няйначай дабрадзейны Міхаіл Іванавіч кагосьці выручае — некаму звозіць з поля бульбу. Той нехта спадзяваўся звезці раней, але пакуль знайшоў гэтага самага Міхаіла Іванавіча ды пагрузіў, вось і ацямнеў. Зрэшты, Міхаілу Іванавічу рупіцца няма куды... От, дальбог, і ён ужо ўслед за ўсімі — Міхаіл Іванавіч ды Міхаіл Іванавіч. А ён жа ніякі не Іванавіч і ніякі не Міхаіл, а — Міхаліна, калі ўжо цалкам, дык Міхаліна Максімаўна. Змалку была дзеўка-казак, змалку да коней прывучылася, і во, лічы, усё жыццё з коньмі і прарабіла. Як казаком была, так і засталася казаком, састарэла, на пенсію хутка, а ні чалавека не мела, ні дзяцей. З цягам часу з Міхаліны ў Міхаіла Іванавіча перарабілася. Нейкі гарэза ці насмешнік назваў — і як прыліпла. Зрэшты, а чаму і не Міхаіл, калі бабскага, можна сказаць, ані знаку, акрамя спадніцы? І мацюкнуцца можа, калі патрэба такая ўзнікае, і чарку кульнуць пры нагодзе не адмовіцца. А рабіць — дык з мужчынамі нароўні, яшчэ каторага і абскочыць. Дык чаму і не Міхаіл? Вядома, Міхаіл. А Іванавіч адкуль? Іванавіч сам па сабе прычапіўся, бо — які ж яшчэ можа быць Міхаіл, калі не Іванавіч?

Ага, дык, пэўна, вязе некаму Міхаіл Іванавіч бульбу. Каму ж, цікава? Хто гэта ўлагодзіў яе і ў каго сёння перападзе ёй чарка? Калёсы зарыпелі і звярнулі з дарожкі. Калі ён падышоў бліжэй, дык убачыў, што завярнулі яны ў вароты на Даўнаровым гумне. Даўнар — брыгадзір чырванаборскі і, у дадатак, нейкі далёкі сваяк яго, Кімаў. Ці то брат траюрадны, ці яшчэ далейшы. Не лічыліся з гэтым ні адзін, ні другі. Ведалі, што нібыта нейкія сваякі, але быццам і не сваякі зусім. Прынамсі, не было завядзёнкі, калі ў каго госці, зваць адно да аднаго. Зваць не звалі, але і не сварыліся. Бо — сваякі ўсё ж. Ён, Кім, недалюбліваў Аліка Даўнара. Малады яшчэ хлопец, а — ваўкаваты нейкі. Па бацьку пайшоў. Той таксама быў Лявонам Бушмаром — так Лера сказала б, калі б ведала яго. Але яна ўжо не заспела старога Даўнара. А ён, Кім, памятае. Злы быў, помслівы. І ўсё каб сабе і пад сябе. Памёр недзе праз гадоў дзесяць пасля вайны, а хтосьці казаў, нібы да самага апошняга дня шкадаваў, што калісьці не пайшоў на пасёлак, на хутар, значыць. Алік, вядома, аб хутары не шкадуе, але таксама ад сябе не адкіне. І жонка яго такая ж. Даяркай робіць. Дык няма таго дня, каб з фермы хоць што-небудзь не несла. Няможна прыгаршчы мукі, дык хоць тры бульбіны, няможна бульбін узяць, дык хоць бурачок у кішэню ўкіне. Людзі спачатку смяяліся, а пасля і смяяцца перасталі. Выгнаць таксама шкада: робіць — за дзвюх. Як мурашка. Тая ферма ці не на ёй, на Даўнаровічысе, і трымаецца. Людзі кажуць, мо гэта ад бядоты колішняй, пасляваеннай. Даўнаровічыха гадавалася надта ж у беднай сям’і. Дзяцей было шмат — сямёра, а бацькі не было, карнікі забілі, як ён пайшоў з лесу ў сяло, каб карову прывесці, бо дзецям есці не было чаго. Яна ж тады і не Даўнаровічыхай была — Аняй Рагаткай з Селішча. Матка яе білася з семярыма як рыба аб лёд. Кожнай бульбіне была рада. І дзеці тыя, расказвалі, адно перад адным, як мурашкі, у хату ўсё валакуць, што пад руку трапіцца. Можа, ад тае пары і засталася ў Ані звычка гэтая, калі і Даўнаровічыхай стала? Хоць, кажуць, нібыта Алік яе прымушае памаленьку красці. Маўляў, за бульбіну ці за бурак судзіць не будуць, а прынясеш — як знойдзецца, свінчаці ці карове, глядзі, і прыдасца.

Прайшоў быў Кім міма Даўнаровічавых варот, а потым як штосьці быццам па патыліцы яго стукнула, спыніўся. Бульбу павезла Міхаліна? А якую бульбу? Даўнар жа ўвесь свой пляц жытам летась засеяў. Казаў, каб зямлю амаладзіць, бо бульба па бульбе каторы год. А бульбы хопіць тае, што матка пасадзіць на сваіх сотках. Дык што — ад маткі вёз? Чаго ж гэтым загуменнем? Ад маткі сюдой Міхаіл Іванавіч ніяк бы не ехаў. А мо не бульбу? Мо дровы?

Прыслухаўся. Не, не чуваць было, каб скідвалі з воза алешыны. У двары ў Даўнароў нешта згружалі з калёс, але не дровы. Ну і ліха з ім, што яны там згружаюць. Падумаў чорт яго ведае што! Алік жа брыгадзір, не пойдзе на тое, каб красці. Можа, і праўда, бульбу ад маткі вёз, а можа, і што іншае. Мала што спатрэбілася чалавеку.

Пайшоў да Селівончыка. Думаў, скажа і — назад. А Селівончык вазьмі ды не пусці. Не, Вікенцьевіч, калі ты ў мяне ў хаце быў, прысядзь, не крыўдзі, некалі я і з бацькам тваім сябрукаваў, і з маткай не сварыўся, а ты забег і адразу за парог? Не, прысядзь, калі ласка, да стала, не хочаш чаркі, дык хоць так пасядзі, пагамані з намі, хоць на пару хвілін... А як сеў, дык і гадзіну праседзеў і бег назад, ужо вуліцаю, яшчэ шпарчэй, чым сюды, і зусім не ў галаве было тое, што падумалася там, на загуменні, ля Даўнаровых варот.

Лера не спала, хоць і ляжала ўжо. З кніжкай, вядома. Калі ён лёг, яна не стала чытаць, а знячэўку запытала:

— Трэба ж неяк нам выкраіць час ды выбраць бульбу, Кім. Давай памяркуем, калі лепей: у суботу ці ў нядзелю?

Пасля смерці маці адвык ён ужо ад колішніх вялікіх сотак. Наступнай вясной, як пераехалі сюды, у гэты дом, пасадзілі яны пад вокнамі чатыры грады, праўда, даўгаватыя, каб хапіла на цыбулю, агуркі, моркву, буракі, а ў полі далі ім пятнаццаць сотак пад бульбу. Пятнаццаць сотак далі Леры як настаўніцы. А ён мог бы сабе ўзяць і ўсе сорак, але, парахаваўшыся між сабою, яны адмовіліся. Навошта яны, тыя соткі, каб хто спытаў? Каровы ў іх няма, парсюка таксама наўрад ці будуць трымаць, а самім і курам хопіць бульбы і з пятнаццаці — уга! І яны, тыя скупых пятнаццаць, надакучалі. І гною пастарайся туды завязі, і пасадзі, і забарануй, і абгані два-тры разы, і разгані пасля, і выберы... Пры іхняй заўсёднай занятасці і гэтыя соткі здаюцца лішнімі. Каб не грэшна было, дык і іх не садзілі б. Але ж — як гэта? Вясковы чалавек і каб ужо і бульбіны сваёй не было? Каб ужо і бульбу купляць? Лера-то казала: а чаму і не? Каторы год восенню купляем парсюка, дык чаму б і бульбы не прыкупіць? Мо і яе праўда. Але неяк па інерцыі садзілі яны тых пятнаццаць сотак бульбы. Настаўнікі садзяць, дык і яны заадно, каб не быць лысымі, белымі варонамі.

— Лепш, мусіць, у нядзелю,— адказаў ён.— Трэба ж зранку, каб выбраць і ў скляпок ссыпаць. А то ў суботу пачнеш пасля абеду, дык абначуеш... Во, як Даўнар,— прыгадаў раптам зноў.— Ішоў да Селівончыка, а Міхаіл Іванавіч яму бульбу павезла.

— А гаварылі ж, Даўнар не садзіў сёлета бульбы.

— Дык я і падумаў, нават прыпыніўся і паслухаў. Нібыта бульбу згружалі. Мяхі з калёс насілі.

— Што, крадзеную? — усміхнулася Лера.

— Можа, і крадзеную,— мармытнуў ён.

Лера нечакана сказала сур’ёзна:

— Дзіўна, праўда, мы ўжо як і не верым, што могуць украсці, праўда, Кім? А могуць жа? Як думаеш?

— Мусіць, могуць,— сцепануўся ён.

Лера закінула рукі за галаву, пакінуўшы кніжку на жываце, загаварыла, быццам толькі пра гэта і думала:

— Ведаеш, я часам думаю... Здаецца мне, што мы апошнім часам неяк надта спакойна жывём. Быццам усё вакол добра, нішто нам не замінае, нічога нас не турбуе. Ты так не думаеш? Табе калі-небудзь не прыходзяць такія думкі?

— Якія?

— А такія! Быццам мы супакоіліся. Пад’еўшы, адзеўшыся, і самі, і дзеткі, нам нічога не баліць, нам не дзьме, нам суха і цёпла, сытна і спакойна, і — адчапіцеся ад нас усе астатнія? Табе не здаецца, што мы супакоіліся?

— А што ты хочаш?

— Што я хачу! Пры чым тут — што я хачу? Я пытаюся, табе такія думкі не прыходзяць? Ці мне гэта проста здаецца?

— Што здаецца, Лера? Што мы чарсцвеем? Гэта?

— І гэта! Але не толькі гэта. Робімся абыякавымі. І да добрага, і да благога. Ты от сказаў, што Даўнар бульбу згружаў. Ну, а калі б і праўда — крадзеную? Калі б ты пэўна ведаў, што крадзеную? Не смейся і скажы мне: ты б сказаў, дзе трэба, што яна, тая бульба, крадзеная? Сказаў бы?

— Не ведаю. Мусіць, сказаў бы. Калі б запыталіся,— адказаў ён.

— Вось бачыш! Калі б запыталіся... А калі б не запыталіся? Сам сказаў бы? — не адступала яна.— Скажы: сказаў бы?

— Ты як малая,— памкнуўся ён да яе.

Яна адхінулася, паўтарыла:

— Сказаў бы ці не?

Ён уздыхнуў, памаўчаў і нечакана для сябе загаварыў усур’ёз:

— Калі шчыра, дык і не ведаю. Пабаяцца не пабаяўся б, аднак... Мы, у вёсцы, усе між сабою не чужыя. Мы тут павязаны часам невідочнымі, але досыць моцнымі ніцямі, парваць якія не так і лёгка. Зайшоў сёння во да Селівончыка, а ён мне: прысядзь, не спяшайся, я з тваім бацькам сябрукаваў і з маткай не сварыўся... Гэтага ж не адкінеш. Тое сябрукоўства перайшло ў чымсьці і на мяне... Тое ж і Даўнар. Ён, дарэчы, не проста аднавясковец, а яшчэ і далёкі мой сваяк. Сказаць нібыта трэба. Бо — злодзей, як ты кажаш. Злодзей, вядома. Але ж і сказаць... Гэта ж і ён сам, і яго Аня, і іхнія дзеці, і сваякі — усе затояць на цябе крыўду, злосць...

Лера засмяялася:

— Дык і не сказаў бы?

— Чаму — не сказаў бы? — як пакрыўдзіўся ён.— Я не пра гэта. Я тлумачу табе, што гэта не так і проста, як здаецца. Вось табе факт крадзяжу — бяжы і ўдавай. Без ваганняў. А можа, не так і проста ўсё?

— Ах, Вікенцьевіч, Вікенцьевіч! Ты нешта цямніш! Усё не так проста, не так проста... А дзе, скажы, і калі нам было проста? Але ж выбар мы рабілі! А ты, Кімачка, завагаўся. Значыць, мне недарэмна лезуць у галаву падобныя думкі!

Ён запярэчыў:

— Пакуль што мы разважаем абстрактна. А калі б давялося на самой справе сутыкнуцца з такім фактам, я, вядома, сказаў бы.

— А можа, усё ж не сказаў бы?

— Ну, калі табе так хочацца, то, можа, і не сказаў бы! — агрызнуўся ён.

— Вось гэта ўжо больш падобна на праўду, Кім! І таму я пра гэта думаю, і таму гэта мяне трывожыць, непакоіць. Сваяцтва, суседская прывязанасць — усё гэта так, усё гэта вісіць на нас цяжкімі вярыгамі. Але ж быў час, калі мы не сумняваліся і не зважалі на іх, рэзалі праўду-матку ў вочы. А цяпер ужо разважаем, сказалі б мы ці не сказалі... І дапускаем магчымасць існавання, спакойнага існавання з гэтай ганебнай тайнай у душы!

Ён прыпадняўся, зірнуў на яе ці не са здзіўленнем:

— Лера, ты гэта напраўду? Сур’ёзна?

Яна таксама паглядзела на яго і спытала спакайней:

— Што, я захапілася? Перайшла на эмоцыі?

— Па-мойму, аж занадта.

— Даруй. Я не хацела. І павер, што я не так цябе хацела праверыць, як сябе. У цябе я веру. І загаварыла пра тое толькі таму, што быццам у сабе пачала сумнявацца. А я не хацела б гэтага, Кімачка!

Ён прыгарнуў яе да сябе, прашаптаў:

— А на сябе ты проста нагаворваеш. Ты якраз з тых, што...

Яна выслізнула з яго абдымкаў, закруціла галавой:

— Не, не, Кім, я ведаю, ты мяне ідэалізуеш, а — дарма! Я і баба звычайная, як усе, і чалавек звычайны. І таксама, як і іншыя, магу паддацца гэтай цяперашняй напорыстай хвалі мяшчанскай заспакоенасці і абыякавасці. А я не хацела б паддавацца! Не хацела б!

— Ты не паддасіся, не хвалюйся,— сказаў ён і, сам таго не жадаючы, уздыхнуў.

Яна найперш пачула гэта — як ён уздыхнуў, і замоўкла, і маўчала доўга. А пасля сказала зусім іншым, слабым, глухім голасам:

— А ты, аказваецца, ужо мяне і не ідэалізуеш. А я думала...

Ён пачуў гэтыя словы, але зрабіў выгляд, што не разабраў, перапытаў:

— Што ты сказала?

Лера прыпаднялася, паправіла пад сабою падушку, падбіўшы яе вышэй, узяла ў рукі кнігу, сказала:

— Нічога, гэта я так... Пачытаем трохі?

Ён падумаў, што цяпер найлепш было б — пачытаць, чытанне змусіла б і яе, і яго забыцца на гэтае непрыемнае, прыкрае імгненне, на гэтую нечаканую стрэмку, якая раптам ні з таго ні з сяго вымкнула напаверх, але сказаў другое, паклаўшы руку на разгорнутую ёю кнігу:

— Не трэба, Лера. Лепш памаўчым. Мы ж разумелі саміх сябе і моўчкі.

— Разумелі? Разумеем, Кім! Разумеем!

— Даруй. Вядома, разумеем!

Яны, як дзеці, што заракліся першымі прамовіць слова, доўга сапраўды ляжалі моўчкі. Ляжалі моўчкі, але думалі, бадай што, пра адно і тое ж. Пра тое, што хутка бягуць гады — не заўважылі, як мінула трынаццаць гадоў ад таго мая, у які яны згулялі сваё вяселле. Пра тое, што могуць лічыць сябе шчаслівымі — ні пра яе, ні пра яго людзі наўрад ці сказалі калі благое слова, і яе, і яго любяць і паважаюць, як пішуць у характарыстыках, у калектыве. Пра тое, што ўсё ж найбольшае іхняе шчасце соладка спіць за сцяною ў суседнім пакоі — дванаццацігадовая Юлька, ужо маміна памочніца, і паўтарагадовы Юрка — летась у іх знайшоўся, такой жа сцюдзёнай парою, як і Юлька, іхні пазнюрок, іхні дарагі лапатун і шчабятун. І ў думках гэтых, само сабой, радасць і горыч былі перамешаны, і аддзяліць адно ад другога было цяжка, часам немагчыма, і цёплая хваля замілаванасці пры думцы аб дзецях паціху, нячутна змывалася казытліва-халодным прылівам дрыготкай тугі, калі раптам прыбягала думка аб тым, што і ёй, і яму бярэцца пад сорак, а пасля неўпрыкмет адступаў, прападаў гэты дрыготкі халадок, і ўжо грудзі поўніліся шчымлівай радасцю ад таго, што калісьці яны не памыліліся, наважыўшыся разам ісці па жыцці, што ёй добра адчуваць каля сябе яго, а яму — яе, і яны ці не адначасова павярнулі галовы адно да аднаго, але і тут памаўчалі, быццам усё працягваючы тую дзіцячую гульню ў маўчанку, пакуль ён урэшце не сказаў:

— Няпраўда, Лера. Я люблю цябе!

— Я ведаю,— адказала яна спакойна, упэўнена.

Сон пакінуў іх, і яны зноў ціха гаманілі між сабою, услухоўваючыся ў цішыню начы і чуючы ў гэтай цішыні дыханне сваіх дзяцей за сцяною. Яна расказвала яму пра тое, што не дае ёй спакою не першы год. Яна гаварыла яму пра гэта неаднойчы, але ён нейк быццам прапускаў тое міма вушэй. Пра п’янства бацькоў і пра тое, як шкодна гэта адбіваецца на дзецях. Ён, часцей сутыкаючыся з тымі, хто любіць кульнуць лішнюю чарку, а яна заўсёды лішняя, пачынаючы з першай, трошкі, пэўна, прыцярпеўся, прывык да гэтага. Маўляў, гарэлка — грэх, але ж — як без яе? А яна не магла прывыкнуць. Бо яна бачыла нешта іншае. Яна бачыла, як у сем’ях, дзе п’юць бацькі, да гэтай атруты прывыкаюць дзеці. Першы раз яе скаланула ўсю, калі яна пачула, што васьмікласнік дыхнуў на яе перагарам. Яна думала, што памылілася, што гэта ёй падалося, таму і не стала тузаць хлапчука. Вядома ж, падалося! Але калі праз дзень ці праз два яна зноў пачула ад яго пах гарэлкі, яна ледзь стрымалася, каб не наляцець на яго і не накрычаць, не насварыцца, не адлупцаваць, не адкруціць вушы, не растрэсці, не расшкуматаць яго ўсяго, раз і назаўсёды выбіць з яго гэтую дурноту. Яна пакінула яго пасля ўрокаў і доўга гаварыла з ім. Хлопец плакаў, абяцаў больш не браць у рот ні кроплі, а яна слухала яго і... не верыла, бо ведала, што ён бязвольны, апатычны, нецікаўны, маўклівы, і толькі тады, калі вып’е, паяўляецца ў яго нейкі жывы бляск у вачах, тады ён робіцца энергічны, досыць бойкі, мо нават самаўпэўнены. Яна бачыла, што ён і сам гэта зразумеў, што ўжо ці не свядома цягнецца да чаркі і што цяпер змагацца за яго будзе вельмі і вельмі цяжка. Пасля, расказваючы пра гэтага Косціка Турчыновіча Карнею Васільевічу, яна не стрымалася, расплакалася, і завуч супакойваў яе, як малую. Косцік той сяк-так скончыў школу, пасля яе нікуды не паступаў, вядома, аціраўся дома, сяды-тады выходзіў на работу ў саўгас, а больш часу п’янстваваў, вымагаючы рубля ці траяка ў маці і ў бабулі, пагражаючы ім нажом, сякерай, і яны з палёгкай уздыхнулі, калі яго нарэшце забралі ў армію...

— А заўчора я была дома ў Алёшы Міхальчука. З Рудні ў Чырвоны Бор ходзіць. Бацьку яго пасадзілі летась за бойку, а маці п’е.

— Гэта што на свінарніку робіць?

— Ужо не робіць. Прыбіральшчыцай у сельсавеце. Узялі, каб дзяцей не крыўдзіць. А, думаеш, утрымаецца? Прыйшла я ў хату, а ў хаце — пасля вайны так не было. Жахлівы бруд і запусценне. На ложку коўдра сто гадоў не мытая. Маці не было дома. Пытаюся ў Алёшы, старэйшага, ці зрабіў урокі. Зрабіў, кажа. А што ты еў сёння? Маўчыць. Кажу зноў: абедаў ты, як са школы прыйшоў? Абедаў, кажа. А што ты еў? Капусту, кажа. Якую капусту? Кіслую. Дзе яна? Вунь, на стале, кажа, стаіць. Падышла я да стала, там і праўда стаіць міска недаедзенай капусты і абгрызеныя скарынкі чэрствага хлеба...

— Чаму — кіслую? Адкуль цяпер кіслая капуста?

— Кіслую, сказаў. Можа, скісла, даўно звараная?

— У які ён клас ходзіць, Алёша твой?

— У шосты. А меншы, Пеця, таксама дома быў, ён у трэці ходзіць. Той ні слова не сказаў. Сядзеў і маўчаў, хоць і меншы. Мне аж сэрца забалела, калі тое пабачыла. Гэта каб у наш час так жылі дзеці?

— А што рабіць?

— Трэба афармляць у школу-інтэрнат. Неадкладна!

— Дык і аформіце.

— Думаеш, гэта так проста? Калі б яна, гэта Тома Міхальчукова, была пазбаўлена мацярынскіх правоў, тады б можна было хутка гэта зрабіць. А так...

— А гэта менавіта твой клопат?

— Ну, а чый?

— Не ведаю. Але ж павінны быць нейкія органы — ну, у раёне ці ў вобласці, якія абавязаны гэтым займацца!

— Ёсць, вядома. Але ж мы гэта бачым. Бачым штодня. І калі мы не парупімся, органы, як ты кажаш, могуць спазніцца, дзіцячая душа можа быць скалечана канчаткова, непапраўна!

— Ну, Лера, ты ўсё-такі, можа, занадта згушчаеш фарбы? — запярэчыў ён.

Яна ажно села ў ложку і загаварыла горача, гучна, забыўшыся, што ўжо ноч, што ўсе вакол, у тым ліку і іхнія дзеці, спяць:

— Як ты можаш так думаць нават? Я згушчаю фарбы! Наадварот! Тут трэба крыкам крычаць, у званы біць, а ты... П’янства — гэта, можа, ці не другое — пасля адсутнасці дысцыпліны і парадку — зло, з якім нам трэба змагацца найперш і наймацней. Глумяцца незлічоныя матэрыяльныя багацці, а галоўнае — глумяцца чалавечыя душы. У тым ліку, Кім, дзіцячыя душы. Найперш — дзіцячыя. Ты хіба не разумееш, што нічога не можа быць больш жахлівага?

— Усё так, Лера, але — цішэй, калі ласка, ты ж не на трыбуне.

Яна абурылася:

— Ах, Кімачка, Кімачка! Што з табой сёння? Ты мне гаворыш пра трыбуну? Ты ж быў чуйны на пошласць! Хіба тут можна жартаваць ды яшчэ так пошла? Хто ж мяне падтрымае, калі нават родны муж робіць выгляд, што не разумее ўсёй сур’ёзнасці праблемы?

Ён склаў рукі на грудзях, бы просячы літасці, прамямліў:

— Даруй, паскамарошнічаў.

— Ты ж і цяпер скамарошнічаеш, а трэба, паўтараю, біць у званы. У вялікія і ў малыя. Даўно ўжо, як толькі прыехала, я пачала была біць у гэтыя званы. Помніш, правяла ў клубе некалькі вечароў, вусных часопісаў... А хто мяне падтрымаў? Хто сказаў дзякуй? І я, твая благаверная, быццам пакрыўдзілася. Фанабэрыя перасіліла. Ах, калі яны так, дык і я!.. Не, так я не здамся. Хай толькі трошачкі падрасце Юрка, я зноў вазьмуся. Рынуся ў бой. Не дам спуску нікому. Буду ваяваць да канца. І спуску не будзе не толькі п’янтосам. Вам, калгасным кіраўнікам, таксама. І табе, Кімачка! Ты таксама робішся ўсё больш паблажлівы да алкаголікаў.

— А ты мне выпішы неалкаголікаў.

Яна паглядзела на яго, паківала галавой, ціха апусцілася на падушку, прамовіла:

— Не, з табой сёння гаварыць бескарысна. Спакойнай ночы!..

А праз некалькі дзён у Аліка Даўнара народны кантроль высвятляў, адкуль узялася ў яго варыўні бульба — амаль дзве тоны. Даўнар сказаў спакойна, самаўпэўнена:

— Купіў.

— У каго, калі не сакрэт?

— Не сакрэт. У Рыгора Анціпенкі з Селішча.

— Па колькі плацілі?

— Па дзяржаўнай цане — па дванаццаць капеек.

— За ўсю?

— Драбнейшую па дзесяць, буйнейшую — па дванаццаць.

Кантралёры тут жа паехалі ў Селішча, завіталі да Рыгора Анціпенкі. Гаворка адбылася такая:

— Прадавалі вы Даўнару бульбу?

Анціпенка, памаўчаўшы, кіўнуў галавой:

— Ну, прадаваў.

— Колькі?

— Што — колькі?

— Колькі бульбы прадалі?

— Дваццаць мяшкоў.

— І па колькі?

Анціпенка запнуўся, паспрабаваў гукнуць жонку, маўляў, папытайце ў яе, яна грошы брала, але жонка, як скумекаўшы нешта, лупянула:

— Не верце вы яму! Ніякай бульбы мы не прадавалі. Нам самім хоць бы хапіла, нешта не ўрадзіла сёлета. Гэта ж Даўнар зайшоў неяк і папрасіў, каб сказалі, калі што, што мы яму прадалі бульбу. Так, наказваў, дык нікому не кажыце, а як хто папытае, дык тады скажаце, што прадалі.

Справу на Даўнара перадалі ў суд.

Валерыя Віктараўна, пачуўшы гэтую навіну, спытала ў Кіма:

— Дык у цябе, аказваецца, невыпадкова тады падазрэнне ўзнікла, помніш?

— Якое падазрэнне?

— Забыўся хіба? Што Даўнару Міхаіл Іванавіч везла крадзеную бульбу.

— А-а... Як да Селівончыка бегаў? Ну, падумаў быў, і бачыш — праўда, хоць прывозіла бульбу не Міхаліна.

— А ты казаў, што Міхаліна.

— Я казаў — можа, Міхаліна, я ж у цемнаце не пазнаў.

— А ўсё ж нехта напісаў у народны кантроль. Пабачыў і напісаў,— сказала яна і дадала: — Не змаўчаў. Хоць ананімна, але ўсё ж сказаў праўду.

Ён улавіў у яе голасе намёк на нешта і пакрыўдзіўся. Адказаў капрызліва, як дзіця:

— Гэта не я, Валерыя Віктараўна! Чэснае слова, не я!

Яна нічога не сказала, адно — пасміхнулася.

 

МАЙ 1978 ГОДА

— Сядайце, Валерыя Віктараўна,— прапанаваў Іван Фёдаравіч.

У кабінеце акрамя яго сядзеў і завуч Карней Васільевіч.

Яна села. Яна здагадвалася, чаго яе паклікаў Іван Фёдаравіч, але зрабіла выгляд, што не ведае. Ён, відочна, дзеля прыліку пакорпаўшыся хвіліну-другую ў паперах, падняў галаву.

— Дык вось, таварышы дарагія,— пачаў Іван Фёдаравіч.— Навучальны год падыходзіць да канца. Неўзабаве атэстацыя, а там і экзамены. Час, як гавораць, адказны і для вучняў, нашых выхаванцаў, і для нас, іхніх выхавацеляў. Вось давайце яшчэ разок параімся, каб ні для кога з нас не было пасля нечаканасцей і, дададзім, непрыемнасцей.

Ён зноў пакорпаўся ў паперах, бавячы час, потым рашуча згарнуў папку, што ляжала перад ім на стале, і прадоўжыў:

— Уласна, пытанне адно. Пра нашых сёлетніх медалістаў. Як вы ведаеце, у гэтым навучальным годзе ў нас, як ніколі раней, ажно трое нашых выпускнікоў ідуць на медалі...

— Трое? — перапытаў Карней Васільевіч.

Іван Фёдаравіч злёгку нахмурыў лоб, але сказаў, як і раней, спакойна:

— Так, трое. Для ўсіх нас гэта не навіна. Усе мы іх даўно ведаем і добра. Гэта Толя Лукашэвіч з Рудні і Валя Забаронька і Юля Курловіч з Чырвонага Бору. Я мяркую, што гэтыя кандыдатуры ні ў кога з нас пярэчанняў не выклікаюць. Ды што я кажу — пярэчанняў! Спадзяюся, што тут і сумненняў быць не можа. Хіба не так?

Валерыя Віктараўна разумела, што яе Іван Фёдаравіч паклікаў толькі таму, што сярод траіх ёсць яе Юлька. Калі б не гэтая акалічнасць, гаворкі гэтай наогул бы не было. Такая гаворка адбылася б на педсавеце, без гэтага папярэдняга абгаварэння. Ведала яна і другую прычыну. Амаль штогод, калі надыходзіла вясна і трэба было канчаткова ставіць пытанне аб медалістах, пытанне гэтае часцей за ўсё ўпіралася ў мову — рускую і беларускую, бо часцей за ўсё медалісты, як і немедалісты, кульгалі менавіта тут. І штогод Іван Фёдаравіч пачынаў абыходжваць яе, Валерыю Віктараўну, моваведа,— каб яна трошачкі была дабрэйшай, больш паблажлівай да тых, каторыя «ідуць на медаль». І штогод натыкаўся на яе рашучае «не». І цяпер ён чакаў не так таго, што скажа Карней Васільевіч, як таго, што скажа яна. І яна сказала:

— Трошачкі не так, Іван Фёдаравіч. Правільна, Толя Лукашэвіч не выклікае ніякіх пярэчанняў. Хлопец варты медаля. Пра сваю Юлю, самі разумееце, гаварыць не мне. А вось што датычыцца Валі Забаронькі, дык тут я з вамі рашуча не згодна.

Іван Фёдаравіч пакруціў галавой, падміргнуў Карнею Васільевічу — маўляў, а што я казаў, перапытаў, быццам удакладняючы:

— Так ужо і рашуча? А калі падумаеце, Валерыя Віктараўна?

Яна развяла рукамі, уздыхнула:

— Не першы раз мы гаворым пра гэта, Іван Фёдаравіч. Таму мо не будзем марна траціць час?

У яго пальцах аказалася ручка. Якая па ліку — Валерыя Віктараўна ўжо не магла сказаць. Мінула шмат гадоў, і шмат было ручак. Напачатку — драўляная, жоўценькая, на змену ёй прыйшла металічная, з двума наканечнікамі, у кожным з якіх было па пёрку, потым пластмасавая аўтаматычная з гумкай для набору чарніла, пасля амаль такая ж, толькі ўжо з вінтавой помпачкай, потым — кітайская з залатым ці то плацінавым пяром, цяпер жа — звычайная, шарыкавая, за трыццаць пяць капеек, але ўсе яны гэтак жа хуценька пакручваліся ў пальцах сюды-туды, калі Іван Фёдаравіч пачынаў злавацца ці, прынамсі, хвалявацца.

— Валерыя Віктараўна, я ведаю, што мы гаворым пра гэта не першы раз. Аднак сёлета сітуацыя не падобная на сітуацыі мінулых гадоў. Сёлета сярод прэтэндэнтаў і ваша дачка. А гэта, пагадзіцеся, мяняе справу.

— Чаму ж? Калі педсавет палічыць, што Юля не цягне на медаль, я не буду ў прэтэнзіі. Паверце, што...

Ён падняў руку ўгору, перапыніў яе:

— Давайце не будзем, Валерыя Віктараўна, кідацца словамі. Справа не ў вашых прэтэнзіях. Справа ў лёсе нашых вучняў, нашых выхаванцаў.

Яна таксама пачынала нервавацца:

— Менавіта таму я і кажу, што наконт Валі Забаронькі трэба падумаць. Па мове і літаратуры вышэй чацвёркі яна ніяк не цягне. Ніяк, Іван Фёдаравіч! Чацвёрка — і тая з нацяжкай.

Ручка зноў закруцілася ў руках Івана Фёдаравіча — то ў адзін бок, то ў другі. І пакуль яна круцілася, падаў голас Карней Васільевіч:

— Ну, але ж вы, Валерыя Віктараўна, не будзеце адмаўляць, што ўвогуле яна дзяўчынка старанная, ініцыятыўная, выхаваная і па ўсіх іншых паказчыках, па ўсіх іншых прадметах яна варта таго, каб быць сярод лепшых?

— Вядома, варта, Карней Васільевіч! Дзяўчынка вельмі і вельмі харошая. Аднак жа гаворка ідзе пра нешта іншае!

Іван Фёдаравіч уторкнуў ручку ў стол:

— Валерыя Віктараўна, скажыце, калі ласка, ну чаму вы такая?.. Не магу знайсці слова!.. Чаму вы вымагаеце, каб я абавязкова сказаў пра тое, пра што гаварыць не варта, што і без таго зразумела?

Яна ўскінула на яго вочы:

— Што, чаго я вымагаю, Іван Фёдаравіч? Што і без чаго зразумела?

— Ах, Валерыя Віктараўна, Валерыя Віктараўна! Калісьці гэта было вам да твару... Ну, былі маладзенькай, нявопытнай, усё ўспрымалася ў ружовым святле... Усё гэта можна было зразумець. Ну, а цяпер? У вас ужо дачка выпускніца. Вы самі каторы год завучам-арганізатарам. Час зразумець урэшце, што жыццё ёсць жыццё, што ўсе мы жывём не ў пустэчы, а сярод людзей... Ну, што, вы хочаце, каб я сказаў, што Валя Забаронька — дачка старшыні сельсавета, а не абы-каго і што мы абавязаны паставіцца да яе з асаблівай увагаю, як, дарэчы, і да вашай дачкі? Вы хочаце, каб я гэта сказаў?

Яна паднялася з-за стала, ступіла за крэсла. Узяўшыся за яго спінку і прысоўваючы яго да стала, сказала:

— Я думала, што вы гэтага не скажаце. А калі так, дык я буду рашуча супраць. Рашуча, Іван Фёдаравіч! Вы мяне ведаеце!

Ён усміхнуўся і сказаў чамусьці амаль зычліва:

— Ведаю. Аднак ведаю і другое. Побач з Забаронькай стаіць прозвішча Курловіч.

— Гэта нічога не мяняе. Я не ўводзіла ёй у вушы, што яна медалістка.

Ён уздыхнуў і зноў закруціў у пальцах ручку:

— Добра. Але скажыце, чаго вы даможацеся?

— Не разумею.

— Гм... Вы не разумееце... Можа здарыцца так, што медаля не атрымае і ваша Юля. Вы не думалі пра такі варыянт?

Яна ўсміхнулася амаль гарэзліва:

— Што вы кажаце?! Ну, Іван Фёдаравіч, у такім разе некаму павінна быць сорамна і брыдка!

Ён адкінуў ручку прэч, узвысіў голас:

— А вам не сорамна? Прынцыповасць — гэта добра, але ж павінны быць і нейкія межы. З вамі па-чалавечы, па-сяброўску, каб як лепш... Што мне ад вашай, даруйце, прынцыповасці? А вось калі мы пасварымся з Забаронькам, школе гэта будзе каштаваць дорага. Але — што вам да школы? Вам даражэй ваша наіўная, неразумная прынцыповасць!

Падняў руку, бы школьнік, просячы слова, Карней Васільевіч:

— Не трэба гарачыцца. Трэба, Іван Фёдаравіч, паважаць і прынцыповасць Валерыі Віктараўны, але, Валерыя Віктараўна, трэба прыслухацца і да таго, што кажа Іван Фёдаравіч. Мы, пагадзіцеся, жывём сярод людзей. І часта ад гэтых самых людзей залежым. Пра гэта ўсё ж трэба памятаць. І, памятаючы, шукаць рашэнні, якія б былі прымальныя для ўсіх.

Валерыя Віктараўна любіла і паважала Карнея Васільевіча. Найперш за тое, што ён умеў стрымлівацца, умеў выслухаць іншага, выслухаць і прыслухацца, умеў нейкім чынам суцішыць спрэчкі, што ўзгараліся тут, у кабінеце дырэктара, і ў настаўніцкай, прымірыць нават самых непрымірымых антаганістаў. Яна нават часам думала, што калі б у іхняй школе не было такога чалавека, дык яго трэба было б выпісаць, заказаць — без яго ў гэтых сценах не было б міру.

— Карней Васільевіч, мо вы і падкажаце гэтае рашэнне? — не то сказала, не то запытала яна.— Як можна за месяц дзесяцігадовую чацвёрку перарабіць на пяцёрку?

— А вы пытанне стаўце трошачкі не так, Валерыя Віктараўна,— ласкава ўсміхнуўся Карней Васільевіч.— Як Забаронька вучыцца па астатніх прадметах? На «выдатна». Куды яна збіраецца паступаць? На матфак. Ну, і скажыце, у якой ступені спатрэбіцца ёй там, на матфаку, і ў будучым літаратура, мова? Маўчыце? Дык, можа, падумаўшы, і варта пайсці на сякі-такі кампраміс? Га, Валерыя Віктараўна?

Яна, усё гэтак жа трымаючыся рукамі за спінку крэсла, адказала:

— Можна і пайсці, бадай. Толькі ці будзем мы пасля гэтага паважаць адно аднаго?

Карней Васільевіч зірнуў на яе стражэй:

— Ну навошта ж так? Бачыце, Валерыя Віктараўна, калі мы ведаем, як, навошта чалавек пайшоў на невялічкі кампраміс са сваім сумленнем, чаму ж мы перастанем яго паважаць? Мы будзем тады фарысеямі!

— Мы, дарагі Карней Васільевіч, фарысеі ўжо таму, што гаворым пра ўсё гэта!

— Такая ўжо наша работа, Валерыя Віктараўна!

— Наша работа, Карпей Васільевіч, якраз і не церпіць фарысейства.

З гэтымі словамі яна пайшла з кабінета дырэктара.

Разумела, вядома, што апошняй кропкі на гэтым пытанні не пастаўлена. Іван Фёдаравіч зробіць усё, каб настаяць на сваім. Адзін раз — тым годам «ішла на медаль» дачка ляснічага Жданені — яму гэта ўдалося. Ён тады «падаслаў» да яе Марыю Міхайлаўну. Марыя Міхайлаўна не стала яе ўгаворваць вывесці Верачцы Жданені пяцёрку і заплюшчыць вочы тады, калі яна будзе перапісваць на экзамене сачыненне. Яна проста папрасіла Валерыю Віктараўну зрабіць гэта. Адкрыта, па-бабску, як сяброўку. Прыйшла і ледзь не са слязьмі на вачах папрасіла: «Лерачка, ніколі не прасіла, а цяпер прашу — зрабі. Дзеля нашай дружбы. Калі ты мяне хоць трошачкі любіш і паважаеш — зрабі. Хай мне будзе сорамна, не табе...» І яна зрабіла. І пяцёркі за год вывела, і «не бачыла», як Верачка Жданеня перапісала сачыненне. Нават праверыла папярэдне і яе ж ручкай паставіла дзве коскі і выправіла апіску... Зноў на такое Марыя Міхайлаўна, ведала, не пойдзе. Значыць, Іван Фёдаравіч будзе шукаць нейкіх іншых шляхоў, калі, вядома, упрэцца з Забаронькай. Якія гэта будуць шляхі? Пажывём — пабачым, сказала Валерыя Віктараўна сама сабе.

Аказалася, што жыць доўга не трэба было. Сёе-тое высветлілася вечарам таго ж дня.

Яна адразу адчула, што Кім прыйшоў дадому не ў настроі. Але спачатку не выдаваў сябе. І яе абняў, як прыйшоў, і дзяцей пабуськаў — яны заўсёды выбягалі насустрач, як толькі чулі, што ён ідзе. Нават яшчэ ці не пажартаваў. Ага, пажартаваў. Наконт вячэры. Сказаў, што ці не завітаў і ў іхнюю хату прагрэс, бо з кухні пахне нечым надта смачным. Яна, вядома, прыняла гэты прагрэс на свой рахунак — кінуў каменьчык у яе агарод, што, маўляў, за васемнаццаць гадоў яе кухарскае ўмельства не надта прагрэсіравала. Але яна не звярнула ўвагі. Такой бяды. Тым больш што адчувала, ведала — папрок слушны, яна сапраўды кухар неважнецкі. А пра тое загаварыў з ёю пасля вячэры, калі дзеці пайшлі наверх, а яны засталіся на кухні.

Яна пачала мыць посуд, а ён, седзячы на табурэтцы, прываліўшыся спіною да халадзільніка, спытаў быццам так сабе:

— Што ў цябе з Забаронькавай дачкой?

Яна здзівілася: няўжо так скора? Здзівілася і па інерцыі паўтарыла ўслед за ім:

— А што ў мяне з Забаронькавай дачкой?

Ён жа ўспыхнуў адразу:

— Ну чаго ты прыдурваешся, Лера? Што ў цябе там здарылася? Чаго гэта мяне на вуліцы людзі пераймаюць?

Яна выпрасталася над ракавінай, павярнулася да яго:

— Хто цябе пераняў? Іван Фёдаравіч?

— Каб толькі Іван Фёдаравіч, я табе і не гаварыў бы. Наслухаўся пра вашы спрэчкі — во!

— Дык хто ж?

— Хто, хто... Спачатку Іван Фёдаравіч. Я з канторы выйшаў, а ён якраз з магазіна. Убачыў — махнуў рукой: Вікенцьевіч, пачакай! Падышоў, паздароўкаўся, узяў пад руку, і павёў па вуліцы, і пачаў: паўплывай на сваю Валерыю Віктараўну, скажы, хай не лезе на ражон, навошта ёй гэта і навошта гэта табе, мне, значыцца. Забаронька чалавек добры, з ім жыць можна, ці мала што спатрэбіцца, не трэба такімі людзьмі пагарджаць... Адным словам, каб я ўгаварыў цябе не пярэчыць і не перашкаджаць яго дачушцы атрымаць медаль.

— А ты што?

— Быццам ты не ведаеш!

— А ўсё-такі?

— Сказаў яму, што каб Валерыя Віктараўна не пазычыла вам, Іван Фёдаравіч, грошай, дык я мог бы паўздзейнічаць. А ў школьных справах я ёй не дарадчык.

— Правільна сказаў! І ён адчапіўся?

— Адчапіцца-то адчапіўся, але буркнуў нешта такое: маўляў, шкада, што і вы, Кім Вікенцьевіч, ці сяго-таго не разумееце, ці, услед за жонкай, прыкідваецеся, што не разумееце.

Яна трасянула галавой, закідваючы назад, з лоба, валасы:

— Ён і мне гэта гаварыў... Ну, а яшчэ хто пераняў?

— Сама Забароньчыха! То заўсёды ветлівая такая, усмешка — да вушэй, а то злосная і надзьмутая, як сава. Я ўжо ведаў, чаго яна раптам так на мяне наляцела, дык стрымаўся, не нагаварыў абы-чаго.

— І што яна табе гаварыла? Хто і што паспеў ёй перадаць?

Кім паціснуў плячамі:

— Ну адкуль жа я ведаю, хто ёй перадаў і што? Я не ведаў, як уцячы ад яе. Скажы сваёй бязгрэшнай, крычала, што калі наша Валя застанецца з яе ласкі без медаля, то і ваша Юлька не будзе яго бачыць... Кроў з носа, а я даб’юся, каб і ваша выдатніца ў лужыну села...

— І ўсяго толькі?

— Табе мала? Што б ты яшчэ хацела?

Валерыя Віктараўна зноў нагнулася над ракавінай, Кіму сказала:

— Я ўжо чула гэта, Кім.

Ён нейкі час маўчаў, гледзячы на яе. Ён адчуваў, што праўда на яе баку, што Забароньчыха крычала на вуліцы дарма. І ад таго настрою, з якім ішоў дадому пасля той недарэчнай сустрэчы з Забароньчыхай, цяпер, пасля вячэры, мала што засталося. Пагляд яго пацяплеў ад сузірання тоненькай, як і ў маладосці, жончынай постаці, востранькіх яе локцяў, ямачкі на шыі, якая выглядвала з-пад валасоў. І ўсё ж сёе-тое ад непрыемнай сустрэчы з Забароньчыхай на душы заставалася. І таму сказаў да жонкі памяркоўна, нават лагодна:

— Я цябе разумею, Лера, і ўсё ж ты б неяк іначай сябе паводзіла, ці што... Іншыя ж жывуць нейк мірна. І самі не лезуць на ражон, і другіх не штурхаюць. Можа, ты і праўда занадта прынцыповая?

Яна, абтросшы рукі і выціраючы іх ручніком, сказала:

— А як можна быць трошачкі прынцыповым, а трошачкі непрынцыповым?

Ён крутнуў галавой, махнуў на яе рукой:

— Не лаві мяне на слове! Я пра тое, пра што ўжо казаў табе. Трэба прымаць людзей такімі, якія яны ёсць. Табе ж з імі жыць і працаваць, а не з другімі.

— Прымаць — так! А ці падпарадкоўвацца? Ці слухацца, калі яны цябе штурхаюць на падлог? На злачынства?

— Так ужо і на злачынства?

Ён зноў закруціў галавой, выставіў уперад, да яе, руку:

— Не, Лера, не! Нашто ўжо адразу — злачынства? Я кажу пра тое, што трэба неяк памяркоўвацца з людзьмі. Можа, трэба навучыцца зразаць вострыя вуглы, абыходзіць іх? Мы ўсе тут звязаны адзін з адным. У цябе нешта здарылася, а дзе адгукнулася? Ужо ўцягнуты і я. А заўтра будзе ўцягнута і Юлька... А можа, варта было б ці прамаўчаць, ці хоць, прынамсі, не так рашуча, бескампрамісна пярэчыць? Мо тады б мяне не пераймалі.

— Няўжо ты спалохаўся, Кімачка?

— Ну, вось, ты зноў за сваё — спалохаўся! Як ты не разумееш, што я зусім пра іншае? Пра ўмельства ладзіць з людзьмі!

Яна падышла да яго, узяла ягоную галаву у свае далоні, прыхінула да сваіх грудзей, сказала:

— Ты ў мяне такі самы. На такой аснове ты таксама не ўмееш ладзіць з людзьмі, Кімачка!

Ён адняў сваімі рукамі яе рукі, адхінуўшыся ад яе:

— От і кепска, што не ўмею. Бязвусага смаркача прысылаюць галоўным інжынерам, а мяне спіхваюць інжынерам па тэхніцы бяспекі. Усім на смех!

— Не трэба, Кім, пра гэта. Ты ж ведаеш, што ў гэтым тваёй віны няма. Гэта бяда твая.

— Якая бяда, Лера? Што ты зноў?

— Бяда ў тым, што ты мяккі, занадта памяркоўны, добры па натуры чалавек, што няма ў цябе настырнасці, зацятай упартасці, нахабства. Бяда ў тым, што на пасадзе галоўнага інжынера чалавек павінен валодаць гэткімі якасцямі, іначай з яго будзе мала карысці... І думаць табе пра паніжэнне не варта. Ты ў мяне, дзякаваць богу, ведаеш, што не месца робіць гонар чалавеку...

— Ты ў мяне мудрая, Лерачка. Аж зайздрасць усіх бярэ, якая ты ў мяне мудрая. Саламон у спадніцы...

— Табе некалі падабаўся гэты Саламон,— яна зноў прыхінула яго галаву да сваіх грудзей.

Ён сказаў глуха, дзесьці спадыспаду:

— Ён і цяпер падабаецца.

Яна адштурхнула яго ад сябе, прыгнулася над ім, прыткнулася носам да яго носа — вочы ў вочы, сказала:

— І дзякуй табе, родны мой!

Вярнуліся яны да гаворкі раніцаю, калі толькі падымаліся самі і не будзілі яшчэ дзяцей. Падняўшыся, яна звычайна спускалася ўніз, на кухню, а ён ішоў падымаць Юрку і прымушаць яго рабіць зарадку. А сёння ён, пагасіўшы кнопку будзільніка і седзячы на краі ложка, памятаючы, пэўна, учарашнюю гаворку, сказаў:

— Усё ж шкада будзе, калі Юлька застанецца без медаля.

— Зноў успомніў?

— Падумалася раптам.

— Гэта мы яшчэ паглядзім, Кімачка! А калі што, дык я табе гарантую: з яе ведамі па мове і літаратуры Юлька заўсёды стане студэнткай філфака і без медаля.

— Я ведаю, Лера. Будзе ў нас студэнтка. Але, як пісаў Твардоўскі, «все же, все же, все же...».

— Прэч «але», Кімачка! Мы мірныя і чэсныя людзі!.. Будзі дзяцей... Юрку свайго...

Юрку ішоў сёмы год, хлопчык быў рослы і крэпкі (паспрабуюць восенню пусціць у школу), але, пэўна, як усе меншанькія, пястун. Раніцай падняць — праблема, а прымусіць памахаць рукамі і колькі разоў прысесці — і таго горш. У Леры не хапала на гэта цярпення, а яго, Кіма, слухаўся. Пачаў слухацца, як аднойчы, паспрабаваўшы ўсе педагагічныя і непедагагічныя сродкі, пырскануў на яго, соннага, халоднай вадзіцай. Цяпер досыць сказаць, напомніць пра ваду, як адразу ж вылазіць з-пад коўдры, хоць пасля ўсё адно і ложак засцілае, і апранаецца, і мыецца, і есць марудна, быццам некаму на злосць.

Зарадку з сынам яны робяць пад музыку. Пад музыку самаробную. Бацька спявае, а сын рукамі махае. Спявае абы-што. Які матыў уб’ецца ў галаву яшчэ ў пасцелі, такі і выводзіць, «вытылінгвае на ензыку», як пан Быкоўскі казаў. Сёння пачуў ад Леры пра мірных людзей, і прыйшла на памяць песня пра Кахоўку, пра родную вінтоўку і пра паравоз-браняпоезд, што стаіць на запасных пуцях. Усіх куплетаў не памятае, але — такой бяды, досыць і аднаго, які можна паўтараць бясконца, як на пласцінцы, калі яе заядае. Галоўнае, што і самому чамусьці весялей, і Юрку таксама. Глядзіш, за нейкіх пяць — дзесяць хвілін і ўгрэўся пястун, можна весці мыцца.

Юрка першы выходзіць з дому. У сад яму трэба а палове дзевятай, сад блізка, пяць хвілін ходу, але ён выходзіць загадзя, каб хаця не спазніцца. Любіць у сад хадзіць. Ён там большы амаль за ўсіх і амаль над усімі адчувае сябе камандзірам. Правай рукой загадчыцы. Сам сябе так называе. Пасля таго, вядома, як яна, Нэла Сямёнаўна, гэтак яго назвала — пахваліць хацела. Ідзе няспешна, як сталы. Ён, Кім, знарок колькі разоў з акна глядзеў, як яго Юрка ў сад ідзе — ніколі, лайдак, не падбяжыць, як іншыя дзеці, быццам напраўду правая рука загадчыцы.

Праз дзесяць хвілін пасля Юркі выбіраецца з дому Юлька. Дзеўка ўжо. Дай веры — васемнаццаты год! Калі, здаецца, на руках гушкаў, а цяпер во — пагушкай! Ужо раніцай бацьку і маме буську даць — як саромеецца. Ды гэта ён так, між іншым. Юлька дзеўка — што трэба. За дзесяць школьных гадоў яны з Лерай не мелі ніякіх клопатаў з ёю. І ў вучобе, і па паводзінах — іншым прыклад. З восьмага класа рэдактар школьнай насценнай газеты. І ў камітэце камсамола... І прыгожая, быццам і не іхняга роду-заводу, усміхаецца Кім, гледзячы на яе, на тое, як яна перад люстэркам то адным бачком, то другім. На маці, на Леру, вядома, падобна, але і на яго трошкі. А ўвогуле — дык невядома, на каго, быццам і праўда не іхняга роду-заводу, паўтарае свае ж упадабаныя словы. Крутнулася апошні раз, чмокнула маці, бацьку ў шчаку і дзвярамі лясь — ажно рэха па хаце. Колькі ні наказвае не ляпаць так дзвярамі — не даходзіць. Часам нават думае: калі перастане? Няўжо толькі тады, як сваіх дзяцей займее і пакладзе іх спаць?

Праз пяць хвілін выходзяць і яны, Лера і Кім. Яна цераз вуліцу да школы, якая відаць на пагорку, у абсадзе дрэў,— новая школа, цагляная, вялікая, хоць і аднапавярховая, пабудаваная там жа, дзе некалі стаялі тры невялічкія драўляныя будыніны, а ён, Кім, зварочвае ад дому направа і ідзе па вуліцы ўніз, да рэчкі, а там зноў бярэцца на пагорак, дзе будуецца новы машынны двор, майстэрня, запраўка, гатар. Перад тым як разысціся, ён нагінаецца і цалуе яе. Лера спачатку была пратэставала. Казала: людзі абгавораць. Маўляў, ці не сорамна, сталыя людзі, а ўсё як маладзёнкі — на вуліцы, перад тым як разысціся, цалуюцца. А ён, Кім, прысароміў яе. Сказаў, што яму дзіўна чуць гэта ад яе, ад сваёй жонкі-настаўніцы, якая заўсёды была вышэй вулічных бабскіх абгавораў. Ну, калі так, дык яна ўжо не чакала, пакуль ён нагнецца ды пацалуе яе,— сама на дыбачкі прыпадымецца і яго чмокне.

Ідзе Кім вясноваю вуліцаю — вунь ужо як парэчкі ды смуроднік ля платоў зелянеюць! — вытылінгвае сабе пад нос тую ж «Кахоўку» (цяпер яна ўжо, лічы, на ўвесь дзень у галаву ўбілася, калі толькі ўсё добра будзе), і на душы ў яго светла і бясхмарна, як у небе маёвым. Анягож, як той казаў! Яму сорак чатыры гады, ён здаровы і дужы, ёсць у яго разумная і прыгожая жонка, такая ж разумная і прыгожая дачка — амаль студэнтка, расце гультаяваты, але таксама не дурны, самастойны мужчына, сын, ёсць у яго акрамя гэтага і яшчэ шмат-шмат чаго, дык чаму, скажыце, не будзе ў яго добрага настрою? «И жизнь хороша, и жить хорошо!» Не дурныя людзі, гэтыя паэты. Недарэмна і Лера ўсё каля іх ды каля іх. З кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Правільна людзі кажуць. Абы толькі... «Толькі б ціха на свеце было, толькі б ціха на свеце...» Таксама ж паэт сказаў.

І ўсё ляцела і ляцела кудысьці гарачая куля, і ўсё стаяў і стаяў браняпоезд на запасным пуці...

 

ЛІПЕНЬ 1981 ГОДА

Яны збіраліся ўсёй сям’ёй на бераг Нарачы, у дом адпачынку...

Асабліва радавалася Валерыя Віктараўна. І найперш таму, што паедуць не абы-куды, а на славутую Нарач. Столькі чытала пра гэтае беларускае мора, столькі разоў расказвала пра яго вучням, а сама ні разу не была на ягоных берагах. Дзеці быццам аберагалі, ашчаджалі яе гонар, так ні разу і не папытаўшы, ці была яна сама там. Ёй чамусьці было б сорамна прызнацца, што — не была. З малых гадоў занатоўвала ў сэрцы мясціны на Беларусі, дзе з гадамі збіралася абавязкова пабываць. Назбіралася такіх мясцін нямала: Белавежская пушча, Свіцязь і Навагрудак, купалаўскія Вязынка і Акопы, коласаўскія Мікалаеўшчына і Альбуць, вёска Нізок на Уздзеншчыне, Цімкавічы на Капыльшчыне, Полацк, Брэсцкая крэпасць, Хатынь... Сярод гэтых мясцін была, вядома, і Нарач. Яна лічыла, што кожнаму беларусу трэба пабываць у гэтых мясцінах. Грэшна не пабываць. Сорамна не пабываць. Гэта непавага да самога сябе, да свайго народа і да роднай зямлі. На Нарачы яна ўсё яшчэ не была. І калі ёй упершыню за дваццаць гадоў ледзь не сілком уручылі сямейную пуцёўку ў дом адпачынку, яна абрадавалася найперш таму, што той дом адпачынку на Нарачы.

Яны паедуць туды ўсе, учацвярох. Раз яна так доўга чакала стрэчы з Нараччу, хай гэтая стрэча будзе асаблівая — стрэчаю для ўсіх іх, у тым ліку і для Юлькі, хоць яна ўжо і была там: ездзіла з аднакурснікамі ці то на экскурсію, ці то на двухдзённы адпачынак на турбазу. Такой бяды! Тады яна бачыла Нарач у кампаніі сябровак і сяброў, а цяпер пабачыць разам з імі і, пэўна ж, пабачыць крышачку не так, як мінулы раз. Тут ёй будуць памагаць іхнія вочы — татавы, маміны, брацікавы.

Увогуле дык яна не рвалася ехаць куды-небудзь у адпачынак. Яе неяк не закранула ўсеагульная мода — можа, нават не мода, а сверб, пошасць, якая захліствае ўсіх, асабліва апошнім часам — з’ездзіць улетку на поўдзень, да мора. Вядома, калі каму трэба, калі каму тое самае мора і крымскае ці чарнаморскае паветра паправіць здароўе — што ж, мо і трэба з’ездзіць, хоць яна пры гэтым заўсёды са шчымлівым смуткам згадвала хворага юнага Максіма, якога не падняла на ногі далёкая сіняя бухта, а ўсё роўна як даканала яго. Зусім няшмат сярод летняга паўднёвага патоку хворых — адзінкі, лічы. І аформленымі адпачыванцамі, і дзікунамі едуць пераважна маладыя і здаровыя, а калі пажылыя і старыя, дык таксама, дзякаваць богу ці каму іншаму, здаровыя, крамяныя, нават загарэлыя. А едуць, бо — мода, прэстыж. Ужо і сюды, у вёску, дакацілася гэтая чарговая адзнака надта важнай і ганаровай прэстыжнасці. Яшчэ зусім маладыя таты і мамы ў школьных сачыненнях на тэму «Як ты правёў лета» пісалі аб тым, як пасвілі статак, памагалі калгасу палоць буракі ці сушыць сена, а іхнія дзеці пішуць аб тым, як купаліся ў Чорным моры, як хадзілі з рукзакамі па Каўказе, як збіралі кропелькі бурштыну на Рыжскім узмор’і.

Яе не захліснула гэтая хваля, не закрануў гэты нясцерпны сверб. Яна кожнае лета вадзіла дзяцей туды, дзе, лічыла, ім пабываць куды больш карысна. Пешшу, на веласіпедах, на аўтобусе, на цягніку яна пабывала з дзецьмі амаль ва ўсіх тых мясцінах, якія назапашвала ў сэрцы змалку. У гэтых паездках і паходах яны загартоўвалі не толькі цела. Яны наталялі і душу. І апошняе яна лічыла куды больш важным, чым атупляючае, шашлычнае — з боку на бок — самападсмажванне на чарнаморскім пляжы. З паездак і паходаў яны абавязкова прыносілі ў школу альбом фотаздымкаў і дарожных уражанняў, і гэтыя альбомы ў школьных шафах — як прыступкі росту і сталення вучнёўскіх душ. І яе, разам з вучнёўскімі,— таксама.

Кожную такую паездку, кожны пешаходны ці веласіпедны паход яна памятае да драбніц. Памятае, як захварэла аднойчы ў паходзе Лена Бычкоўская. Яны начавалі ў палатках на беразе лясной рачулкі. Спыніліся заначаваць. І тут высветлілася, што Лена захварэла — падскочыла тэмпература. Яна, настаўніца, на нейкі момант разгубілася. На дварэ ноч, да вёскі — кіламетры тры. Хлопчыкі ж, яе сямікласнікі, не пабаяліся цемнаты, збегалі ў вёску, прывялі фельчарку, а пасля, калі яна паставіла Лене гарчычнікі і пакінула лекі, гэтак жа дружна правялі фельчарку дадому, потым тры дні па-брацку выходжвалі хворую сяброўку.

Яе заўсёды ў паходах здзіўляла, уражвала тое, як сямікласнікі, шасцікласнікі, пазбавіўшыся штохвіліннай апекі дарослых, рабіліся на вачах сталейшымі — разважлівымі, сур’ёзнымі людзьмі. Яны самі, без яе падказкі, рабілі такое, што яна толькі ціха радавалася.

Памятае, ехалі на веласіпедах у Багушэвічавы Кушляны. Халодны, з дажджом вецер лупіў у твар. І хлопчыкі папераменна ўзначальвалі доўжанькі ланцужок веласіпедыстаў, не дазваляючы ні ёй, настаўніцы, ні дзяўчынкам ехаць першымі і прымаць на сябе ўсю сілу ветру. А з якой дабрынёю, нават з пяшчотаю адносіліся ў паходах большыя, старэйшыя да меншых, малодшых! Яна і па сёння памятае Лёву Кунскага. Ён тады перайшоў у дзевяты. У лесе ім трэба было перайсці нешырокую і неглыбокую рачулку. Парашылі ў ваду не лезці, а перакінуць з берага на бераг сухастоіну. Так і зрабілі. І шчасліва перабраліся на другі бераг, за выключэннем ментуза-пяцікласніка Толіка Гарустовіча. Яму трэба было паслізнуцца і вывіхнуць нагу. І так няўдала, што не мог на яе прыступіць. І Лёва Кунскі добрыя чатыры кіламетры нёс Толіка — ён быў досыць цяжкі, пульхны такі, сапраўдны мянтуз! — на спіне.

Рэдка які паход ці паездка абыходзіліся без прыгод, няхай гэта былі і невялікія прыгоды. У аднаго падарожніка раптам пачыналі прасіць кашы чаравікі, у другога не аказвалася з сабой запасных шкарпэтак, у трэцяга не было лыжкі — згубіў па дарозе ці забыўся на прывале, у чацвёртага на пяце вырастаў мазоль, у пятага ламаўся веласіпед... Прадугледзець усё гэта не было ніякай магчымасці. І калі спачатку яна палохалася, дык пасля навучылася ўспрымаць гэтыя прыкрыя дробязі спакойна: ведала, што яе хлопчыкі і дзяўчынкі з такімі бедамі справяцца.

Аднаго разу давялося перадрыжаць-перакалаціцца страшэнна. Паход быў, па сутнасці, аднадзённы, але з начлегам у палатках. Восенню. У канцы верасня. Увечары яны весела сядзелі на ўзлеску вакол высокага кастра, спявалі песні, чыталі вершы і не думалі ні аб чым благім. І некаму ўзбрыло падсмажыць на вогнішчы на ражончыку сала. Неўзабаве ўжо ўсе, абступіўшы шчыльна вогнішча, стаялі з ражончыкамі. Ёй таксама падалі дубчык і скрылёк сала з лустачкай хлеба. Падсмажанае на полымі сала было надзвычай смачнае. Захапіўшыся, яна не ўгледзела, як сёй-той пачаў падсмажваць і грыбы. Яна спалохалася: якія грыбы? Усе запэўнілі, што падсмажвалі і елі яны апенькі. Але ў яе як закраўся халадок трывогі, так і не праходзіў. Урэшце яна не стрывала і загадала збіраць лагер і спешна ісці дадому. Дзеці ўпарціліся, угаворвалі яе застацца, кляліся, што ім нічога не баліць і не будзе балець, але яна не паддалася, настаяла на сваім. Прыйшлі яны ў Чырвоны Бор недзе апоўначы. І правільна зрабілі, што прыйшлі. Чацвёра хлопчыкаў яшчэ па дарозе пачалі скардзіцца на слабасць і на галавакружэнне. Яна падняла з пасцелі Насцю, расказала, што здарылася. Насця загадала неадкладна везці ўсіх, хто еў грыбы, у бальніцу. Бяды не здарылася, скончылася ўсё добра. Але з той пары яна зразумела, што расслабляцца з дзецьмі няможна.

Яна, вядома, стамлялася ў тых паходах. Адчувала яна сваю віну і перад Кімам, бо ў тыя дні яму даводзілася нялёгка, асабліва пасля таго, як паявіўся Юрка. Але яна ніколі не шкадавала ні страчанага часу, ні загубленых нервовых клетак. Яна разумела, што паходы давалі дзецям нямала — і ведаў, і эмоцый, і вопыту. Але яшчэ болей, пэўна, яны давалі ёй самой. Акрамя таго, што яна такім неспадзяваным чынам ажыццяўляла сваю дзіцячую і юначую мару — пабываць ва ўсіх слаўных мясцінах краю, яна спазнавала дзяцей. Дні паходаў давалі ёй у гэтым сэнсе куды больш, чым тыдні і нават месяцы будзённай вучобы. Дзеці раскрываліся зусім з іншага боку, нечакана і ўражліва. І часта яна, расчуліўшыся, шаптала малітву свайму педагагічнаму богу, які абраў яе ў свае памочнікі.

Ну, а Кім... Яму, пэўна, не падабалася, што жонка вельмі часта ахвяруе сваім часам дзеля грамадскай работы. Вядома ж, не падабалася. Ці нарадзіўся той мужык, які б радаваўся, што жонка пакідае яго з дзецьмі дома, а сама, ці бачыце, ідзе ў паход з чужымі дзецьмі? Але Кім не паказваў выгляду. Адзінае, што ён дазваляў сабе, гэта паблажлівыя посмешкі з яе, якімі ён, мусіць, і прыхоўваў сваю незадаволенасць. Калі яна вярталася з паходу ці з экскурсіі і лягала спаць у такія дні раней, ён, суцішаючы дзяцей, мог быццам і нязлосна, нават лагодна папікаць яе, кажучы дзецям: ціха, не падымайце гвалту, мама выконвала дзяржаўнае заданне асаблівай важнасці, яна страшэнна стамілася і хоча спаць... І ёй, чуючы гэта, хацелася заплакаць ад крыўды і злосці, бо стамілася яна сапраўды страшэнна, нервы і ўсё цела прасілі спакою і спачыну, і ў горле перасядаў даўкі камяк ад таго, што і ён, яе Кім, не разумее ўсё ж яе да канца, быццам мімаходзь падпускае шпількі. Але яна не давала волі слязам. Наадварот, прымушала сябе ўсміхнуцца з ягоных слоў і заснуць.

Пачуўшы ж пра тое, што яны ўсе разам паедуць на Нарач, Кім таксама не прамінуў падкалоць Валерыю Віктараўну. Звяртаючыся нібы да дзяцей, сказаў:

— Ну, нарэшце дажылі! І мы дачакаліся, што мама павядзе нас у паход! Ура!

Яна дакорліва сказала:

— Кім, навошта ж так? Хоць бы што новае прыдумаў!

Ён як збянтэжыўся:

— А мы нічога, мы рады. Юля, Юрка, мы рады?

— Рады! — закрычаў Юрка.

Зрэшты, і ён, і яна разумелі, што ўсё гэта дробязі, што ён ніколі ўсур’ёз не абураўся тым, што жонка, як маладзён, у якой ні хаты, ні сям’і, гойсае то на колах, то пешшу сюды-туды з дзецьмі, і яна ніколі не ўспрымала яго посмехі інакш, чым бяскрыўдныя падначкі. Ён ведаў, што яна іначай не можа, што калі б яна так не рабіла, то, значыць, не была б Валерыяй Віктараўнай, настаўніцай і завучам-арганізатарам, той Валерыяй Віктараўнай, якую і ён упадабаў за тое, што яна была не такой, як усе, што ў ёй сядзіць усярэдзіне нейкі сімпатычны чорцік, які казычыць яе і не дае спакою, і праз гэтага добрага чорціка яна сама глядзіць з усмешкаю жыццю ў вочы і зараджае іншых глядзець на свет весялей, дабрэй, ласкавей. А яна, у сваю чаргу, ведала, што ён кахае яе, і гэта галоўнае, бо калі чалавек кахае, ён ва ўсім, што робіць каханы ім чалавек, бачыць добрае і прыгожае, ну, а калі ён усё ж зрэдзь часу пабурчыць, дык трэба ж зразумець і яго, ён жа мужчына, сутыкаецца з іншымі мужчынамі, а яны, мужчыны, ахвочыя абгаварыць сваіх і чужых жонак не менш, чым жанчыны сваіх і чужых мужыкоў, і таму яму таксама трэба трымаць марку і паказваць, што, нягледзячы на ўсё, ён у сям’і галава, што ён проста церпіць да пары да часу гэтыя жончыны выбрыкі, тым больш, маўляў, што і Карней Васільевіч, і Іван Фёдаравіч асабіста прасілі яго, Кіма, не злавацца на Валерыю Віктараўну, не папракаць яе частымі ўцёкамі з дому, бо ў гэтай справе яна чалавек незаменны, гэта не падлягае сумненню, ён, Кім, разумее гэта, вядома, лепш за іншых, не яму пра гэта гаварыць, і яны, дырэктар з завучам, пачалі гэтую гаворку з ім толькі дзеля таго, каб сказаць ёй, Валерыі Віктараўне, вялікі дзякуй і не менш вялікі дзякуй яму, Кіму, што ён таксама так глыбока разумее іхнія школьныя клопаты і турботы...

Яны збіраліся выправіцца з дому дзесятага ліпеня. Валерыя Віктараўна прапанавала была ехаць на веласіпедах — два веласіпеды ў іх былі, а два можна было б пазычыць у суседзяў. Але рэшта — усе трое — з ходу адмовіліся: яны паедуць, як усе людзі, на аўтобусе, дзе будзе і ў дождж суха, і ў вецер ціха і цёпла. Яна вымушана была пагадзіцца, хоць і сказала, што самая брыдкая, агідная, паскудная, недарэчная, нават варожая прымаўка — жыць, рабіць, думаць, як усе. Кім і Юрка на гэта прамаўчалі, а Юля запярэчыла, падрабляючыся пад той жа тон і інтанацыю, сказала, што, як бы яны ні арыгінальнічалі, усё адно прыдумаць што-небудзь новае не змогуць, бо людзі зараз падарожнічаюць пешкі, на веласіпедах, на аўтамашынах, на байдарках, на конях, на сабаках, на каньках, роліках, седзячы, лежачы, на руках і нават на галаве. Валерыя Віктараўна канчаткова падняла рукі і пагадзілася на аўтобус. Праўда, яна была заікнулася пра самалёт, чула, што на Нарач лятае з Мінска і ў Мінск кукурузнічак, але Юля, якая цяпер ведала больш за астатніх траіх, разам узятых, аўтарытэтна заявіла, што на тым самалёціку лятаюць рэдкія камандзіровачнікі, а яшчэ тыя, хто спяшаецца да хворага, хто імчыцца скласці кампанію добраму другу і папоўніць яго апусцелую кішэню, хто ляціць на злом галавы выкрыць у здрадзе легкадумна адпушчаную ў дом адпачынку супругу ці наадварот, чуткі аб чым чамусьці заўсёды даходзяць да пакінутага дома супруга раней, чым той (тая) на Нарачы паспела (паспеў) здрадзіць...

Значыць, дзесятага ранічкаю яны першым аўтобусам едуць у Мінск, там хуценька, не затрымліваючыся, на аўтавакзал і недзе к абеду, як абяцае расклад, будуць на Нарачы. Зразумела, што і напярэдадні, дзевятага ліпеня, ва ўсіх чатырох быў ужо дарожны, як кажуць, чамаданны настрой. Зрэшты, не ва ўсіх. Кім Вікенцьевіч яшчэ зранку пайшоў на работу — перад водпускам трэба было падрабіць недаробленае, яшчэ раз прыкінуць на адыход, ці не забыўся на што-небудзь, карацей кажучы, падбіць бабкі. А яны трое былі дома: Валерыя Віктараўна, Юля і Юрка. Жанчыны прасаваліся і пакаваліся, а Юрка... замінаў ім. Урэшце чамадан і сумка былі зладаваны. Блізіўся час абеду. Каб падышоў, здагадаўся падысці бацька, то было б зусім добра — адным заходам, не трэба было б двойчы падаграваць. Падумала так Валерыя Віктараўна і пачула трэск матацыкла на вуліцы, а пасля гучную гамонку. Вызірнула ў акно. Непадалёк ад іхняга дома, калі глядзець наўскасяк, пад кантору, стаяў матацыкл з каляскай, і некалькі чалавек аб чымсьці ажыўлена гаманілі. Што там здарылася? На матацыкле Грыша Багінскі, заатэхнік, іхні нядаўні выпускнік, калгасны камсорг. Пра нешта расказвае? Пэўна ж, штосьці здарылася...

Валерыя Віктараўна выйшла на вуліцу, падышла да купкі людзей. Грыша, убачыўшы яе, зноў, пэўна, не першы ўжо раз, пачаў расказваць:

— Дык я кажу. Напаткаў Дзюдзю. На веласіпедзе ехаў у магазін. Прыпыніўся, паздароўкаўся. Я кажу, што чуваць. А ён мне адразу: а што чуваць, калі Тамільчык Лёньку свайго сякерай?

— Які Тамільчык, Грыша? — спытала яна.

— Адзін жа Тамільчык у нас у Рудні,— адказаў Багінскі.

Сэрца ў яе абарвалася. Лёню бацька сякерай? Не можа быць!

— Хто табе сказаў, Грыша? Ад каго ты чуў?

— Валерыя Віктараўна, я пяты раз ужо кажу. Хвілін пяць назад напаткаў Дзюдзю, дык ён і сказаў, быццам Тамільчык свайго Лёню сякерай...

— Сына — сякерай?!

— Ай, Віктараўна, не слухайце вы! Мала што Дзюдзя скажа! Набрахаў, пэўна! — супакоіла колішнюю сваю пастаялку Люба Міхалкава, якая ішла з магазіна і таксама прыпынілася паслухаць дзікую навіну.

— Чаму ж ты, Грыша, не распытаў, што там, чаго?

— Не паспеў я. Дзюдзя сеў на веласіпед і паехаў.

— Збрахаў, пэўна.

— А ліха яго ведае! Тамільчык жонку-то біў, гэта точна. От Лёнька, можа, і заступіўся за матку, а тады ён у злосці...

— Біў жонку? — перапытала Валерыя Віктараўна.

— Біў, Віктараўна, біў,— заківала галавой Люба.— І не першы год. Я не ведаю, як яна і церпіць. З-за дзяцей хіба. Помню, бульбу перабіралі на іхнім полі, пад Рудняй, дык яна ўся чыста ў сіняках была...

— За матку, Віктараўна, заступіўся, няйначай, Лёнька...

Слухала яна і не магла супакоіцца. Лёнька Тамільчык — яе радасць і боль. Колькі яна памэнчылася з ім, каб Лёнька стаў сённяшнім Лёнькам. Усе гізунты з настаўнікаў павыцягваў, як Марыя Міхайлаўна кажа. Думалі ўжо, што не дадуць рады, што пойдзе хлопец падрэннай дарожцы. А яна ўсё-такі здолела яго неяк прыручыць. Першы раз сілком зацягнула, лічы, на заняткі літаратурнага гуртка. У шостым класе ён тады быў. Зацягнула, а пасля і сама не рада была. Некіруемы ён быў, Лёнька Тамільчык. Не ўведаць і не здагадацца, што ён выкіне ў наступную хвіліну. Заняткі ён тады ёй сарваў. Але яна не адступілася — за руку прыводзіла яго ў гурток зноў і зноў. Ён ужо ці не знарок ёй упарціўся, з недзіцячай зацятасцю выцягваючы з яе тыя самыя гізунты. Аднак жа і ў яе збудзілася яшчэ большая зацятасць. У дадатак яе зацятасць падмацоўвалася не злосцю, а цярплівасцю, разуменнем, што на яго трэба ўздзейнічаць дабрынёю, ласкаю. І яна перамагла. У сёмым класе Лёня Тамільчык стаў пераможцам школьнага конкурсу на лепшы верш, прысвечаны Дню Перамогі над фашысцкай Германіяй. Верш быў пра Мікалая Гастэлу. Называўся — «Ён і мяне ўратаваў». Яна і цяпер, праз два з гакам гады, памятае той верш. Стаяць радкі ўваччу:

 

Мяне на свеце не было,

Калі ішла вайна,

Але страляла і ў мяне

З усіх ствалоў яна.

І той, хто маму ратаваў

На жорсткай той вайне,

І сына ратаваў яе —

Ён ратаваў мяне...

 

— Грыша, ты не палянуешся пад’ехаць туды?

— Куды, Валерыя Віктараўна?

— У Рудню. Да Тамільчыкаў. Мо і праўда бяда там?

— Магу пад’ехаць, Валерыя Віктараўна. Гэта ж не за свет.

— Тады давай з’ездзім, добра?

— І вы са мною?

— І я з табою. У люльку ж можна? Ці ззаду?

— Валерыя Віктараўна, куды хочаце,— заспяшаўся Грыша Багінскі.— Я даўно хацеў вас пакатаць. Яшчэ ў сёмым класе, як толькі навучыўся на матацыкле ездзіць.

— Вось і пакатаеш...

Яна села ў каляску, і яны паехалі. Люба Міхалкава і ўсе, хто тут быў, бачылі, як матацыкл мінуў ферму і крута ўзяў налева, на руднянскую дарогу, як там Грыша даў газу — з-пад колаў закурыўся хвост пылу...

А праз нейкі час Чырвоны Бор скаланула жахлівая вестка: у аварыі загінула настаўніца Валерыя Віктараўна, а заатэхнік Грыша Багінскі, які вёз яе на матацыкле, не прыходзіць да памяці і таксама ці будзе жыць.

Кім быў у канторы, калі гэтая вестка даляцела і туды. Ён не паверыў. Якая аварыя? Лера дома, збіраецца ў дарогу. Пры чым тут Грыша Багінскі і яго матацыкл? Пэўна, ён вёз некага іншага, а падумалі пра Леру...

Ён выскачыў на ганак і лоб у лоб сутыкнуўся з дачкою. Юля кінулася да яго, закрычала:

— Татачка, ці праўда гэта? Татачка, ці праўда?!

Ён абхапіў дачку за плечы, затармасіў:

— Дзе мама, Юля? Дзе мама? Дома?

Яна ці не магла гаварыць, ці не разумела, што ён у яе пытаецца, трэсла галавой і плакала.

— Мама, кажу, дома? — крыкнуў ён, не помнячы сябе.

Юля здрыганулася, паглядзела на яго, пакруціла галавой:

— Няма. Яна з Грышам паехала. З Багінскім. У Рудню. Мне сказалі. Бачылі, як яна сядала ў каляску...

Кім хапіўся за галаву і асунуўся на ганак. Пасядзеў так хвіліну, другую, а пасля падхапіўся, крутнуўся ў кантору.

— Машыну мне!

Яго ўзяў пад руку Сяргей Ягоравіч, сказаў:

— Табе, Вікенцьевіч, за руль няможна. Сядай у маю, я падвязу.

Яны паехалі туды, на тую руднянскую дарогу, дзе адбылася трагедыя. Там ужо нікога не было. Ні трактара, у які ўрэзаўся Грыша Багінскі на ўсім ляту, ні яго скарэжанага матацыкла. Адно былі відаць плямы крыві.

— Як гэта магло быць? Грыша ж змалку ездзіць на матацыкле!

Сяргей Ягоравіч, ведучы яго да машыны, гаварыў:

— Яны ехалі ў Рудню. Але не па правым баку, а па левым — там дарога лепшая. А злева, з кустоў, выткнуўся на дарогу трактар. Грыша не паспеў...

— Наш трактар?

— Наш.

— Хто быў на трактары? Ладна, не трэба...

Яны селі ў машыну, Сяргей Ягоравіч завёў матор.

— У бальніцу паедзем? — спытаў.

Кім маўчаў. Потым крутнуў галавой, прамовіў:

— Пасля... Не цяпер...

Яе прывезлі ў Чырвоны Бор увечары, ужо ў труне. Кім меркаваў, што яна пераначуе — у труне! — апошнюю ноч дома, суседзі нават вызвалілі месца ў зале, на першым паверсе, але яго пераканалі, што лепш будзе паставіць труну ў школе. Маўляў, людзі захочуць развітацца, дык там, у школе, вальней, у хаце нельга будзе павярнуцца — ні зайсці, ні выйсці. Што ж, можа, і праўда. Тым больш што ёй школа была такім жа родным домам. Ён усё яшчэ не ўсведамляў цвяроза, што здарылася, і хадзіў, адказваў на нейкія людскія пытанні бадай што машынальна, як у сне. Зрэшты, людзі не надта і дакучалі яму, зважаючы на ягонае гора. І ён бы, пэўна, няскора адышоў ад здранцвення, калі б не Марыя Міхайлаўна. Яна падышла да труны, села побач з ім, пасядзела колькі хвілін, гледзячы, як і ён, на спакойны, амаль не зменены, калі б не барвовы сіняк на левай скроні, твар Валерыі Віктараўны, а пасля ўзяла яго пад руку, падняла і павяла за сабою. Вывеўшы яго з залы і завёўшы ў пусты суседні клас, яна рашуча страсянула яго за плечы і сказала спакойна, але цвёрда:

— Кім, апамятайся! Лера была мне, як малодшая сястра. Я любіла яе, як сястру. У нас не было тайнаў. Я ведаю, каго страціў ты і каго страцілі мы. Але ты мужчына. У цябе дзеці, Юрка. Усё, што здарылася, жахліва. Але, Кім, Леру не падымеш. А табе, дзецям, нам трэба жыць. Вазьмі сябе ў рукі, чуеш?

Ён бязвольна спытаў:

— Што мне рабіць? Я не магу зразумець. Чаму? Хто вінаваты? Каму гэта трэба было? Мой розум не можа гэтага зразумець! Што мне рабіць, Марыя Міхайлаўна?

— Вазьмі сябе ў рукі. Супакой Юрку. Ён ужо не маленькі, аднак жа — дзіця. Паплач разам з Юлькай. Ёй, дачушцы, асабліва будзе не ставаць маці. Паплач, не саромейся. Людзі зразумеюць,— Марыя Міхайлаўна старалася стрымлівацца і не змагла, нечакана, прываліўшыся да яго, загаласіла па-бабску, па-вясковаму: — Мой жа ты Кімачка, як ты будзеш без сваёй Валерачкі? А чаго ж гэта панесла на тую хвіліну таго Дзюдзю дурнога, а чаго ён наплёў раптам, каб хто спытаў, жывы і здаровы яе Лёнік Тамільчык, а яна во ручкі злажыла, а што ж ты нарабіла, мая ж ты Лерачка-Валерачка, гэта ж ні я да цябе, ні ты да мяне больш не забяжыш, не загаворыш, не засмяешся, не скажаш нічога, не раскажаш...

І дзіўна. Яе плач падзейнічаў на яго больш, чым яе словы-ўгаворы — цвярозыя, спакойныя, лагічныя — дагэтуль. Супакойваючы Марыю Міхайлаўну, ён і сам наўзрыд плакаў разам з ёй і, выплакаўшыся, паспакайнеў.

— Дзякуй вам, Марыя Міхайлаўна,— сказаў ён нарэшце.— Вы паклапаціцеся ўжо, што тут трэба. І сёння, і заўтра. Грошы ў Лерынай сумачцы. І мае, і яе адпускныя... Пайду да дзяцей.

— Ідзі, Кім, ідзі...

Хавалі яе дзесятага — у гэты дзень яна павінна была везці сям’ю на Нарач — пасля абеду. Адразу недзе пасля полудня. Дзянёк быў харошы — цёплы, ціхі, сонечны. Толькі недзе той парою, як ужо накрылі на могілках труну вечкам, аднекуль паплыла невялічкая хмарка і закапаў рэдзенькі, спакойны дожджык. Хтосьці са старэйшых жанок уздыхнуў-сказаў: «От і добра, што дожджык... Харошая душа была ў настаўніцы...»

Праводзілі яе ўсе чырванаборцы, селішчанцы, руднянцы — ці не ўпершыню чырванаборскія могілкі бачылі столькі народу. І ніколі яшчэ не неслі зараз сюды столькі вянкоў і букетаў кветак. І ніколі яшчэ ні над чыёй магілай не гаварылася столькі прамоў.

Першым гаварыў Іван Фёдаравіч.

— Таварышы, ніколі мне не было так цяжка і так балюча, як учора, калі я пачуў гэтую страшэнную вестку,— пачаў ён.— Мы страцілі нашу дарагую Валерыю Віктараўну. Сапраўдную настаўніцу. Настаўніцу з вялікай літары. Здаецца, што ў ёй было? Невысокая, тоненькая, худзенькая... А якая энергія, якая воля, якая смеласць, які светлы розум жыў у ёй. З ёй было працаваць нялёгка. Мы часта спрачаліся, часам да хрыпаты, часта не мірыліся, часта я крыўдзіў яе незаслужана. А вось цяпер я плачу. Бо ведаю, як мне, як нам усім будзе цяжка без яе...

Іван Фёдаравіч сапраўды заплакаў, і плакаў доўга, і ніхто не перапыняў яго. Ён так і не супакоіўся, махнуў рукой і, саступаючы месца наступнаму прамоўцу, сказаў:

— Адбылася вялікая несправядлівасць, таварышы...

Выступаў інспектар з райана. Пасля — дырэктар суседняй Заазерскай школы. За ім — старшыня калгаса Сяргей Ягоравіч. Потым — настаўніца Інэса Аркадзьеўна, выкладчыца рускай мовы і літаратуры. А за ёю неспадзявана для ўсіх выпхнулася з натоўпу Вольга Тамільчык — маці Лёні Тамільчыка, папрасіла:

— Можна і мне?

Усе маўчалі, гледзячы на яе. Але яна спакойна вытрымала пагляд людскіх вачэй, ступіла бліжэй да труны.

— Я ведаю, людцы, што вы не хацелі б мяне тут бачыць... Не хацелі б... А я от прыйшла. Бо не магла не прыйсці. Бо праз яе, праз настаўніцу нашу, у мяне сынок ёсць. І будзе... А яе во няма... Не карайце яго, людцы. Яна любіла яго. Бацька родны не любіў, а яна любіла. І ляцела ратаваць яго... Не гневайся ж і ты на яго, любенькая настаўніца! — Волька ўкленчыла ля труны і загаласіла.

І людзі пацягнуліся да хусцінак, і ў людзей адлягло на сэрцы.

— Валерыя Віктараўна вельмі любіла паэзію,— гаварыла вучаніца восьмага класа Зіна Харэцкая.— Хай жа яна апошні раз паслухае вершы свайго любімага паэта. Я прачытаю верш Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь»...

Кім стаяў, абняўшы Юлю і Юрку, і адчуваў, што на яго зноў, як і ўчора, навальваецца няўцямнае, невыказнае здранцвенне і спустошанасць, боль абцугамі сціскаў галаву, невідочны цяжар гнуў да зямлі плечы. Тое, што гаварылі людзі, ён успрымаў і не ўспрымаў. Слых яго з самага пачатку ўлавіў слова «была» і фіксаваў толькі яго: была, была, была... Учора яна проста была з імі, і ўсё тут, а сёння ўжо — толькі была, была і больш нічога... Проста была — толькі была, гэта значыць некалі была, была ўвогуле, была на свеце...

А дзяўчынка ўсё чытала М. Багдановіча:

 

 

«Вы ўзляціце хоць на час які,

Выбіваюся з астатніх сіл.

Дайце вы грудзям, гэй, вальней уздыхнуць,

Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!»

Не паслухалі птахі лебедзя.

Пацямнела у яго ў вачах,

Крылы ўрэшце падламаліся,

Галава ў ваду апусцілася.

І пайшоў на дно мора сіняга

Страцім-лебедзь — моцны, горды птах...

 

 

Абцугі сціскалі галаву ўсё мацней.

Яго ціхенька падштурхнулі да труны развітацца — перад тым, як накрыць яе векам.

І вось тады якраз з невядома адкуль прыплыўшай хмаркі закапаў дожджык...

 

ЖНІВЕНЬ — КАСТРЫЧНІК 1984 ГОДА

Яна паявілася ў Чырвоным Бары за два гады да прыезду Валерыі Віктараўны. Зрэшты, не яна, а яны. Іх было дзве. Старэйшая — ёй было дваццаць два і маладзейшая — гадоў васемнаццаці. Яны скончылі гандлёвы тэхнікум і прыехалі ў Чырвоны Бор працаваць у новым цагляным сельмагу. Старэйшая — загадчыцай, малодшая — прадаўцом. Старэйшую звалі Лізай, а малодшую... Як звалі малодшую, чырванаборцы ўжо забыліся, бо парабіла яна ў іхнім магазіне нядоўга, недзе з паўгода, а пасля нібыта знайшла рэвізія недастачу і вінаватая ў той недастачы была тая, малодшая, прадавец, а не загадчык — праела на цукерках і прагуляла з хлопцамі на гарэлцы. А старэйшая, Ліза, засталася, асела ў Чырвоным Бары назаўсёды. Неўзабаве па прыездзе яе ўзяў Толя Міхнюк за жонку, хоць нібыта і хадзіла пагалоска, што яна ўжо была адзін раз замужам і што мужык вытурыў яе з хаты ці не на трэція суткі, бо ўгледзеў з другім. Але, можа, усё тое было выдумкай. Мо такую брудную плётку пусціла пра Лізу-прадаўшчыцу сястра Адася Чарнякевіча Аля. Адась Чарнякевіч нібы таксама падбіваў кліны пад крамніцу Лізу — дзеўка яна была паглядная і, як хутка расшалопалі ў Чырвоным Бары, спрытная, выкрутлівая, хітрая і, да ўсяго, рабацяшчая. Адасю яна нібыта адмовіла, пагарнулася да Міхнюка. Вось Аля і пусціла па сяле тую злую чутку пра яе замуства і скрутлівасць. Чырванаборцы і адразу не надта верылі той чутцы. Па-першае, не падобна было. Ліза паводзіла сябе строга, з першых жа дзён адбіла ахвоту нешматлікіх у Чырвоным Бары аматараў пажартаваць — ушчыпнуць ці прыціснуць. Па-другое, хіба ж быў бы такі дурны Міхнюк, каб, ведаючы такое, закручваць з ёю ўсур’ёз? Апошнюю кропку паставіў на гэтым сакратар сельсавета Антон Бабіцкі. Ён пакляўся, што пашпарт у Лізы «дзеўсцвенна чысты», бо, каб было інакш, ён бы іх не распісаў, Лізу і Толю Міхнюка.

Толя быў у Чырвоным Бары наезджы. З бежанцаў ці пагарэльцаў. У гады вайны матка яго прыблукала сюды з трыма дзецьмі — дзвюма дзяўчынкамі і хлопцам. Аціралася колькі дзён у адных людзей у хаце, колькі дзён — у другіх, пакуль не нараілі ёй займаць пустую стадолу Хаіма Шпільмана. Шпільмана з яго Рохаю і дачушкай Ірай расстралялі яшчэ ў сорак першым, а хата стаяла. Міхнючыха спачатку аднеквалася, палохалася, а пасля рашылася і пасадзіла дзяцей на шырокую і высокую Шпільманаву печ, у якой і на якой ён сушыў і парыў сырамятную скуру — Хаім шыў хамуты і збрую: аброці, набердкі, лейцы, папругі. Пасля вайны думала Міхнючыха варочацца дадому, у свае Барсукі, якія былі ад Чырвонага Бору за кіламетраў трыццаць, але аказалася, што хата яе згарэла і вяртацца ёй не было куды. Дык як сядзець, так і сядзець. І ўжо сюды, у Чырвоны Бор, вярнуўся да жонкі і дзяцей і сам Міхнюк — Іван.

К таму часу, як у вёску прыехала з тэхнікумаўскім дыпломам прадаўшчыца Ліза, дочкі Міхнюкоў былі ў горадзе, а бацька іхні спаў на могілках вечным сном. Неўзабаве ж пасля сынавага вяселля памерла і маці. І Ліза такім чынам стала паўнаўладнай гаспадыняй вялізнага, але не надта дагледжанага Шпільманавага дома. Вось тут людзі і ўбачылі, як пашанцавала Толю Міхнюку на жонку. На жонку, якая богведама з чаго ўмее рабіць грошы і якая заткне за пояс дзесяцёх мужчын, асабліва такіх, якім быў Толеў бацька Іван Міхнюк: гультаяватых, непаваротлівых. А Ліза аказалася паваротлівая. Ды такая, што пры ёй і Толя закруціўся, бы ўюн. Лізіны грошы і выкрутлівасць плюс Толева сіла і конь — Толя рабіў на ферме падвозчыкам — далі неблагі плён. Літаральна праз гады тры Шпільманавай хаты стала не пазнаць: яна была ашалявана і выфарбавана ў жоўценькі і блакітны колеры, пакрыта шыферам, да яе прыбудавана прасторная, скрозь зашклёная веранда. Пад домам і раней быў невялікі пограб — на бульбу і гародніну. Ліза ж прымусіла Толю выкапаць замест яго аграмадны склеп, ці не на ўвесь дом. Колькі зямлі папанасіў Міхнюк разам з жонкаю — хто калі палічыць, затое атрымаўся не пограб і не склеп, а падзямелле, безваконная хароміна, як цяпер бы сказалі — самы сапраўдны цокальны паверх.

Ліза нарадзіла Толю траіх дзяцей — дзвюх дзяўчынак-блізнятак і трэцюю дзяўчынку, амаль пагодку дзвюм першым. Яна рабіла ў краме, ён — на ферме, гадавалі сваю, як казалі, тройню і жылі сабе бадай што прыпяваючы, нават і без бадай — сапраўды прыпяваючы, калі мець на ўвазе дастатак у хаце і ля хаты. Дастатак, ніхто грэх на сябе не возьме хлусіць, быў. І гаспадыня пра гэта дбала, і гаспадар туды ж глядзеў. Што да іх трапляла, з іхніх рук не сплывала. А ў дадатак і сілы сваёй не шкадавалі. Штогод цяля ў зіму пускалі, налета, глядзі, не адна паперка ў руках, а некалькі адразу, і не малых, а вялікіх, зялёненькіх. Свінні ў хляве не зводзіліся, адна за адну заступалі: калі вяпрук душу аддаваў, дык на вахту заступаў другі такі ж, а праз загарадку падавалі голас двое меншых. Трусоў трымалі: усе будыніны ў двары былі аплецены клеткамі. І пчолы былі, даходзіла, што больш за дваццаць вулляў выстройвалася ў садзе. І сад ладны — за тры дзесяткі дрэў. У іх, у Міхнюкоў, ці не ў першых у Чырвоным Бары і дываны завяліся — і на сценах, і на падлозе, і халадзільнік ці не яны першыя займелі, хоць ён не надта быў і патрэбны пры такім склепе, і радыёла ў дачок была.

Дастатак у хаце быў. А што датычыцца шчасця, дык тут больш складана. Не кожны возьме на сябе сцвярджаць тут нешта пэўнае. Дастатак — што? Ён — навідавоку. Дыван той ці халадзільнік кожнаму відаць. І дамок што цацачка — таксама відаць. А што да шчасця, дык яго не памацаеш і не пакратаеш. Убачыць-то нібыта можна, ды і то суджана тое не кожнаму і не заўсёды. Бо яно рознае, шчасце. А галоўнае, кожны яго па-свойму разумее. Аднаму і дыван на сцяне — шчасце, а іншы яго і не ўгледзіць. Ды, як там ні было, чырванаборцы пагаджаліся, што ў хаце ў Міхнюкоў, у дадатак да дастатку, было і шчасце. Прынамсі, Ліза і Толя ніколі не сварыліся і дзяўчынкі іхнія раслі добрымі дзяўчынкамі, стараннымі і паслухмянымі, паканчалі, хоць і не на «выдатна», школу і падаліся ў Мінск, набылі там у гандлёвым вучылішчы, як і маці, дыпломы і ўжо нібыта абагналі матку: адна, казалі, робіць старшым прадаўцом, другая нібыта намесніцай загадчыцы секцыі, а трэцяя, каторая малодшая, выскачыла замуж за афіцэра і паехала з ім за мяжу. Так што Ліза і Толя, застаўшыся ўдваіх у вялізнай колішняй Шпільманавай хаце, павінны былі б адчуваць сябе шчаслівымі.

Ну, а пры чым тут Курловічы? Вясковы чалавек такога пытання, вядома, не задасць. У вёсцы ўсе і ўсё пры чым. Жывучы ў адным сяле, кожны для кожнага не абыякавы, не чужы. Кожны кожнага тут не проста ведае, а часта ведае і тое, што і не трэба было б ведаць. Кожны кожнаму то сусед, то сваяк, то кум, то крэдытор, то даўжнік, то сябра, а то, што грахі ўтойваць, і вораг. Меж, вядома, даўно няма, але ж людзі — ёсць. І, жывучы побач, ці мала за што можна пасварыцца. Курыца суседская ў агарод убілася — вось табе і сварка.

Міхнюкі ж увогуле ў Чырвоным Бары да ўсіх мелі дачыненне. Ліза, вядома, а не Толя. Толя — хто? Толя — падвозчык на ферме. Хто што да яго мае? Хіба калі толькі каня папрасіць — дроў воз прывезці, бульбу абагнаць, гной вывезці. А Ліза? Ліза — крамшчыца. Як цяпер кажуць, прадаўшчыца. У Лізы ўсе амаль кожны дзень. Да Лізы ці радасць, ці гора. Без Лізы, як у той песні, як без вады — і ні туды і ні сюды.

Вось і аказваецца, што і Курловічы — Валерыя Віктараўна-нябожчыца, Кім Вікенцьевіч, Юля і Юрка — таксама мелі дачыненне да Лізы Міхнюк. Да прадаўшчыцы Міхнюк. Толькі як да прадаўшчыцы. Такое ж дачыненне, як і іншыя чырванаборцы.

Ды так было да пары да часу. Пакуль аднойчы...

У тым жа ліпені тысяча дзевяцьсот восемдзесят першага года на чырванаборскіх могілках побач з магілай Валерыі Віктараўны паявілася яшчэ адна магіла: лёг там на спачын Толя Міхнюк. Праўда, ён лёг не так знячэўку, як настаўніца. Ён хварэў, і даўгавата. Пра хваробу яго казалі рознае. Гаварылі і пра страўнік, і пра печань, і пра падстраўнікавую залозу, і пра што толькі ні гаварылі. Памёр жа ён ад таго, што перасталі працаваць ныркі.

Людзі шчыра спачувалі Лізе. Як хто зойдзе ў магазін, дык і паспачувае, пабядуе разам з ёй, пашкадуе, што мог бы яшчэ і жыць яе Толя, ці ж гэта век — сорак пяць гадоў, гэта ж тая пара, калі чалавек сама ў смак жыцця ўваходзіць... Паспачуваў Лізе і Кім, калі неўзабаве пасля пахавання Толі трапіў у краму. Сказаў таксама прыкладна тыя ж словы, дадаўшы, зважаючы і на сваё гора, што лёс паставіўся да іх, да Лізы і да яго, Кіма, несправядліва.

— І не кажы, Вікенцьевіч,— усхліпнула Ліза.— Каб і хацеў прыдумаць большую несправядлівасць, дык не прыдумаеш. Я ніяк не магу ачуняць. У хату баюся заходзіць. І так вялікая хата была, а цяпер, як адна, дык і не ведаю, ёсць я ў ёй ці няма мяне. Чакаю не дачакаюся пятніцы, калі, можа, каторая дачушка пад’едзе...

— Разумею, Лізавета Макараўна, разумею,— спачуваў Кім.

— Дзіва што разумееш, Вікенцьевіч,— падхапіла Ліза.— Бабе без гаспадара астацца — цяжка, нікому не пажадаю, а мужчыну без гаспадыні — і казаць няма чаго... Бабы во тут збяруцца, дык так ужо цябе шкадуюць. І як той Вікенцьевіч, кажуць, круціцца...

— Кручуся, Лізавета Макараўна,— адказаў ён, абы адказаць.

На гэтым гаворка іхняя абарвалася, бо ў магазін ішлі людзі.

А пасля, колькі ні заходзіў па самых розных патрэбах у магазін, не ўзнікала між ім і Лізай гаворкі пра тое. Ні разу. У такім горы чалавеку спачуваюць аднойчы, другі, трэці раз не прынята паўтараць спачувальных слоў. Прыйдзе купіць цукру, запалак, іншай якой драбязы, расплоціцца — і пайшоў. І ніколі ніякай думкі пра Лізу не ўзнікала. Пакрысе асвойваўся са сваім новым становішчам удаўца, прывучваючыся з Юркам жыць на новы лад і парадак. Папраўдзе, жылі яны, можна сказаць, па-ранейшаму, адно што іначай даводзілася ім цяпер харчавацца. Юрка цяпер снедаў і абедаў у школе, а ён, Кім, раніцай выпіваў кубак малака (малако, як і раней, прыносіла цётка Настасся), абедаў, калі выпадала, у калгаснай сталоўцы, а ўвечары прыдумвалі ўжо што-небудзь разам з сынам — варылі бульбу, пяклі яечню, падсмажвалі, калі было ў халадзільніку, мяса. Нічога не змянілася, можна сказаць, і ў іншых іхніх клопатах. Пасцель, сарочкі, бялізну здавалі, як і раней, у пральню, у хаце прыбіралі, як рабілі тое часта і раней, самі, а генеральную ўборку наладжвала, прыязджаючы, Юлька. Пра тое, што нешта можа быць інакш, Кім і не думаў. Інакшага нічога проста не можа быць. Вось так і будуць жыць. З сынам. Па-мужчынску... Няхай сабе трохі і па-спартанску. Вялікай бяды ў тым няма. Год, другі пажывуць, а там можа здарыцца, што і Юлька, атрымаўшы дыплом, дадому вернецца. Усё можа быць. Шукаць і прыводзіць у хату другую жанчыну? Не, нізавошта! Тут жа згадвалася яго Валерыя Віктараўна, яго Лера, і яму рабілася страшэнна сорамна, нават брыдка. Здрадзіць Леры, яе памяці? Такога ён не дапусціць ніколі. Такога ні ён сам сабе не дазволіць, не дазволяць і дзеці. Будзе жыць, як жывецца, і мо не так і блага, як сяму-таму здаецца, тым, каму ўсё карціць што б там ні было ажаніць яго, падшукаць, а то і сасватаць яму жонку, а Юрку новую матку. Хай не стараюцца! Ім з Юркам і так добра. А з кожным годам будзе лепш, бо сын будзе падрастаць, сталець, з цягам часу яны будуць дзяліць усе абавязкі і клопаты пароўну, па-брацку...

І час ішоў. Мінуўся год. Справіў Кім угодкі па Валерыі. Людзей сабралася шмат. Каго прасіў, каб прыйшоў, а хто і сам па сабе завітаў — каб памянуць добрым словам незабыўную Валерыю Віктараўну. І зноў, як і год назад, было сказана пра яе шмат добрых, шчырых слоў. Але пасля, як выпілі нібыта абавязковыя тры чаркі, застолле зашумела ўжо весялей і ўжо менш пачалі гаварыць пра нябожчыцу, а больш пра яго, пра Кіма — пра тое, што трэба берагчы і шанаваць жончыну памяць, але трэба думаць і пра сябе, а заадно і пра сына, якому ўсяго толькі дзесяць гадоў і якому надта ж патрэбна жаночая рука і ласка. І адзін госць пра гэта, і другі, і трэці. Кім слухаў іх і ківаў галавой, быццам пагаджаючыся, а сам думаў гэтак жа, як і думаў — што ніякай другой жанчыны ў хаце не будзе, што Леры ён не здрадзіць.

А праз тры месяцы Юлька, толькі перайшоўшы на пяты курс, неўспадзеўкі выскачыла замуж. Ні слова не гаварыла. Нават калі ад’язджала ў канцы жніўня з дому, словам не абмовілася, што ў яе ёсць хлопец і што ў іх гэта сур’ёзна. І раптам за тыдні два да Кастрычніцкіх святаў заяўляецца дадому з хлопцам і — наце вам: во, тата, мой Гена. Ну, Гена дык Гена, а далей што? Далей яшчэ весялей: 5 лістапада мы распісваемся. Мы — распісваемся, а бацька ні слыхам ні дыхам? Ай, добрая дачушка, ай, малайчына! Не стрымаўся, папікнуў: мамы няма, дык можна і так? Яна да яго прытулілася, заплакала: даруй, тата, ты нічога не бачыў, а мама ведала, што мы з Генкам з другога курса дружым, мама нават і бачыла яго, як прыязджала неяк да мяне ў інтэрнат... Ну, і на тым дзякуй, дачка, супакоіла...

Вяселле гулялі толькі ў Мінску, у хаце Генавых бацькоў. Не зусім у Мінску, а ў Кунцаўшчыне. І бацька, і маці Генавы, гэта значыць яго, Кімавы, сват і свацця, працуюць там у навукова-даследчым інстытуце, там жа і кватэру атрымалі. Добрая кватэра, прасторная, на тры вялікія пакоі. Гасцей багата сабралася. Усё больш з яго боку. З боку Юлькі быў ён з Юркам, Марыя Міхайлаўна, Іван Фёдаравіч ды Інэса Аркадзьеўна. Ён, Кім, упершыню быў на гарадскім вяселлі, і многае тут яго здзіўляла і бянтэжыла. Зрэшты, здзіўляла яго ўжо з самага пачатку само вяселле. Ні сват, ні свацця нават не прыехалі да яго, каб пагаварыць, парахавацца, што і як. Як быццам ягоная Юлька круглая сірата! І выйшла так, што ён ехаў на даччыно вяселле, як госць. Ехалі яны ўсяго толькі ўпяцёх, і думалася, што і з таго боку збяруцца толькі блізкія сваякі ды сябры Юльчыны ды Генавы. Аказалася ж гасцей поўная хата, сядзелі ўпрытык, локаць у локаць, і, як усё больш пераконваўся Кім, то былі не сваякі, а якіясьці знаёмыя і саслужыўцы свата і свацці. Тым не менш кожны, хто прыйшоў, прыйшоў не з пустымі рукамі. Хоць — не, рукі то якраз былі пустыя, прынашэнні былі ў кішэнях: канверцікі з грашыма. Госці, заходзячы ў хату, адразу ж тупалі да маладога і маладой, да Гены і Юлькі, уручалі ім рознакаляровыя канверцікі і цмокалі ў шчаку яе і яго. А яны, Гена і Юлька, стаялі ля століка, на якім была крышталёвая ваза з кветкамі, і нібы чакалі, калі да іх падыдзе чарговы госць, і ў гэтым чаканні Кіму пабачылася нешта брыдкае, нешта такое, што вельмі б не спадабалася Леры, і ён не пайшоў, як усе, адразу ж да сына і нявесткі, аддаў свой «падарунак» — тысячу рублёў — Юльцы і Гену пасля, улучыўшы момант, калі яны пайшлі ў другі пакой прывесці сябе ў парадак перад тым, як сесці за стол. Ён думаў, што хоць у Мінску сват ці свацця пагавораць з ім, скажуць, колькі яны патрацілі на вяселле і які павінен быць яго пай, як Юльчынага бацькі, і ўзяў з сабой тысячу рублёў, якую меў на кніжцы на ўсялякі выпадак. Але ніхто не абмовіўся з ім пра гэта ні словам. Таму ён і аддаў дачцэ і зяцю ўсю тысячу, чым, заўважыў, вельмі здзівіў Гену.

У застоллі на яго амаль не зважалі. На ўсіх іх, чырванаборцаў, не звярталі ўвагі. Іх быццам не заўважалі. Як выпілі напачатку чарку за бацьку маладой, так больш, бадай, і не ўспомніў ніхто, што ён тут ёсць, Юльчын бацька, хоць нявестку ці не ўсе госці хвалілі навыперадкі, гэтак жа, як і Гену. Адно пасля, як усе падаліся ў суседні пакой танцаваць, яго таксама пацягнулі туды, у агульны круг — ляпаць сябе локцямі пад бакі і ў далонькі пляскаць, прыкідвацца «курачкамі», і нейкая, на добрым падпітку, жанчына ўсё махала перад яго носам пальцам з вялізным пярсцёнкам і лапатала аб тым, што сёння трэба жаніць не толькі Гену, але і ягонага цесця, і рагатала пры гэтым гучна, закідваючы назад галаву і паказваючы повен рот залатых зубоў...

Вярнуўся ён дадому з даччынога вяселля ў горшым настроі, чым ехаў на яго. Зразумеў, што не прыйшоўся да двара свата і свацці — не іхняга кола ён, калгасны інжынер па тэхніцы бяспекі. Не пагаварылі з ім ні аб чым, як і да вяселля — ні пра тое, дзе будуць жыць маладыя і як, што ім трэба прыдбаць напачатку, чым ён як бацька можа памагчы,— ні аб чым. Узялі дачку, а яго за дзверы, можна сказаць. Што ж, ён не ў крыўдзе. Мусіць, не надта пасля таго і разумныя яны людзі. Разумны чалавек заўсёды просты, шчыры, добры. Лера не памылялася, калі казала так, не памылялася. Ліха з імі. Яны яму гэтак жа патрэбны. Хай толькі Юльцы добра будзе. Юлька казала, што Лера бачыла Гену і ўпадабала яго, то, можа, і ўсё добра будзе ў іх. А яны з Юркам не прападуць.

І зноў ішоў час. Юлька скончыла універсітэт, атрымала дыплом, неўзабаве пасля дыплома нарадзіла дачку, назвала — у гонар бабулі — Валерыяй. У Чырвоны Бор прыязджала рэдка. Што ж, ён, Кім, не крыўдаваў. Нічога не зробіш. Цяпер у яе сваё жыццё, свой клопат, свае турботы. Так яно і павінна быць. Так і Лера казала. Маўляў, бацькам нічога не вяртаюць дзеці. Тое, што бацькі далі ім, яны аддадуць сваім дзецям, дзеці дзяцей — сваім дзецям і так без канца. І таму, калі разабрацца, калі зірнуць глыбей і пільней, чалавек не памірае, не знікае бясследна, ён паўтараецца бясконца ў сваіх дзецях. Мо і праўда. Вось і Лера паўтараецца. Расце ўнучка, і з гадамі, хто ведае, мо будзе як дзве кропелькі вады падобна на ягоную Леру, на сваю маладую, прыгожую, разумную бабулю...

А яго ўсё жанілі. Адзін раз, другі, трэці, пяты. То кацілася па Чырвоным Бары чутка, што Кім Курловіч бярэ замуж Інэсу Аркадзьеўну — старую дзеву, былую сяброўку Валерыі Віктараўны, і жанчыны ў тым жа магазіне абгаворвалі навіну да стомы ў языках. То раптам на змену ранейшай чутцы прыходзіла другая: нібы бачылі яго надвячоркам з Надзяй Яскевічавай, самай малодшай сястрой Пецькі Яскевіча, якая вярнулася ў бацькаву хату аднекуль здалёку — ці то з БАМа, ці то з Казахстана і што нібыта Надзя бессаромна проста вісела на ім. А потым гаварылі пра дваюрадную пляменніцу Надзі Тарыкі, колішняй Кімавай суседкі. Пляменніца тая сапраўды некалькі разоў прыязджала ў Чырвоны Бор пасля Надзінай смерці, каб прадаць каму-небудзь хату, але, здаецца, так і не прадала, і хата ўрэшце адышла пад калгас. Пляткарылі бабы і наконт Волькі Мяхедкі з Рудні, развядзёнкі, якая рабіла на ферме і жыла ў бацькоў з сынам, ці не аднагодкам Кімавага Юркі. Урэшце дайшла чарга і да Лізы-прадаўшчыцы. Няйначай, недзе нехта сказаў: а чаму б ім і не сысціся, Кіму і Лізе? Сказалася тое, можа быць, проста так, у выглядзе людскога пажадання, можа, нават у выглядзе спачування да яго і яе лёсу. А нехта пачуў і зразумеў па-свойму — што яны, Ліза і Кім, таксама думаюць пра тое ж — чаму, маўляў, ім і не сысціся б, а трэці ўжо ўпэўнена гаварыў, што яны парашылі між сабою пажаніцца. Дайшло да таго, што Кіма нават асмельваліся віншаваць, і ён спачатку абураўся, сварыўся, адбрэхваўся, а пасля і перастаў, бо ўжо і злосці не ставала. І ён ужо, натыкаючыся на пытанне: дык што, Вікенцьевіч, вяселлем пахне? — адказваў: ага, і цябе паклічу, чакай. Больш таго, ён, здаецца, ужо не здзівіўся, калі аднойчы ўвечары — Юрка пайшоў спаць, а ён сядзеў на кухні, збіраючыся парадкаваць брудны посуд,— да яго ў хату зайшла Ліза.

— Не чакаў, Вікенцьевіч? — сказала яна замест таго, каб паздароўкацца. І сама сабе адказала: — Не чакаў, канечне. Ведаю, не чакаў. Але ж і не здзівіўся, Вікенцьевіч?

Апранута яна была па-святочнаму — у дарагой, з кароткімі рукавамі сукенцы, з паяском, які падкрэсліваў яе яшчэ зусім не старую постаць, у басаножках на тоўстай падэшве і з бліскучымі жоўтымі цвічкамі вакол той падэшвы. На руцэ вісела немалая, але і не вялікая сумачка ў тон сукенцы. Валасы таксама былі даведзены да ладу, заколатыя за скронямі моднымі па тым часе чэшскімі заколкамі-шпількамі.

Ліза прайшла да яго на кухню, дастала з сумачкі і паставіла на стол пляшку каньяку і паклала плітку шакаладу «Аўрора», села сама да стала, сказала:

— Пагаворым, Вікенцьевіч?

Ён азваўся не надта ахвотна:

— А ёсць нам аб чым гаварыць, Лізавета Макараўна?

— Ёсць, Вікенцьевіч, ёсць,— сказала яна цвёрда і рашуча.— Дзе ў цябе тут шклянкі ці чаркі якія-небудзь?

Кім падняўся, схадзіў у залу, узяў у серванце і прынёс дзве высокія крышталёвыя чаркі.

— Ну дык вось, Вікенцьевіч,— Ліза спрытна адкаркавала пляшку, наліла ў чаркі.— Слухай спачатку мяне, а пасля я цябе паслухаю. Толькі спачатку давай вып’ем па гэтым напарстку, каб гаворка наша была трошачкі весялейшая.

Яна выпіла першай, адламала ад пліткі шакаладу невялічкі кавалачак, укінула ў рот, падсунула шакалад яму. Ён зрабіў тое ж самае.

— А цяпер слухай, Вікенцьевіч. Я жанчына простая, шчырая, вясковая, уся на віду, без хітрыкаў. І таму і гаварыць буду без хітрыкаў, як умею... Калі памерла твая Валерыя Віктараўна, я, як і ўсе чырванаборцы, шчыра бедавала. Добрая была і настаўніца, і кабета. Божая пташачка. Нікому вады не замуціла... А неўзабаве палажылі каля яе майго Толю. І грэх прызнавацца, Вікенцьевіч, але прызнаюся: як убачыла я тое суседства, дык і мільганула ў мяне думка пра цябе. Так мільганула, мімаходзь. Але — мільганула, Вікенцьевіч. Падумалася: ім во выпала ляжаць побач, дык мо і нам з табой сысціся, каб побач быць... Не моршчыся, Вікенцьевіч, ведаю, грэшна гэта, я і сама тады ўстыдалася таго, каб умела хрысціцца, дык перажагналася б... А як мінуў час і магла ўжо думаць пра ўсё цвяроза, дык і прагнала прэч тую думку. Не пара я табе, Вікенцьевіч. Я жанчына простая, мне фінціфлюшак розных не трэба, мне каб мужык дык мужык, работа дык работа, а твая Валерыя Віктараўна, казала ўжо, пташачка божая была, мусіць жа, думаю, і цябе на свой лад перарабіла... Мы, кабеты, гэта ўмеем, Вікенцьевіч! Мужчыны ўсе ў нас, у баб, пад пятою, хоць каторы і хваліцца, што ганяе сваю, як Марку па пеклу...

Ён сядзеў, унурыўшыся, і слухаў. Слухаў і не абураўся, не працівіўся. Недзе, хоць і не надта ахвотна, пагаджаўся, што гаворыць Ліза досыць разумна, узважана, відаць, што сапраўды шмат разоў перадумала перад тым, як сказаць. І адчуваў, што шчыра гаворыць, не хітрыць. Як ёсць, як было, так і гаворыць. А калі так, то — хай гаворыць, а ён паслухае...

— Але ж недарэмна, Вікенцьевіч, кажуць, што час — найлепшы доктар. Пакрысе пазагойваліся нашы раны. Пазагойваліся, Вікенцьевіч, зарубцаваліся. Павер мне, бабе. От тады я і стала думаць ужо трошкі інакш. Лягу спаць, доўга не магу заснуць і ўсё думаю, думаю. Няўжо ж, думаю, на гэтым і жыццё маё скончыцца так? Ці правільна ж гэта будзе? Як ні пакручу, з якога боку ні пагляджу — няправільна выходзіць. Паўвека бабе няма, баба яшчэ не знасілася, не порхаўка, чаго ж, думаю, ёй сохнуць без пары? Ці, можа, без пары, Вікенцьевіч? А як азірнуся, дык, акрамя цябе, няма наўкол нікога. Вось так я зноў да цябе вярнулася. Думаю: які б ён, ты, значыцца, ні быў, а мужчына ўсё ж, і без бабы табе нясоладка. Чалавек ён, да ўсяго, разумны, з ім, з табой, значыцца, можна калі не па любві, дык па розуме, бо дзе ўжо нам, сіротам, пра любоў думаць! Праўда, Вікенцьевіч? Падабалася мне і тое, што ты посцішся, ні да адной спадніцы не прычапіўся. Як і я, Вікенцьевіч. Я таксама гэтага не люблю. Крадзенае шчасце — не на шчасце. Ці то мужчына, ці то баба крадзе. Вось і наважылася прыйсці і пагаварыць без хітрыкаў. Давай сыдземся, Вікенцьевіч. Не падганяю, падумай, паразваж. Толькі цвяроза разваж. Пра Валерыю сваю не думай. Яна не будзе ў крыўдзе. Калі любіла цябе, дык у крыўдзе не будзе. Гэта ж ты і сам разумееш. А табе са мной будзе добра. Я не злосная, не звяглівая. Чысціню, парадак люблю. Будзеш ты ў мяне як лялечка хадзіць. І Юрка пры нас хутчэй падрасце, бо таксама ў пару і пад'есць, і зносіць. Не бойся, абяцаю, што не пакрыўджу. Як да цябе, так і да яго... Ну, а тое, што я, пэўна, не такая, якой была твая Валерыя Віктараўна, дык — не ўсім жа быць аднолькавымі. Калі падумаць, Вікенцьевіч, то, можа, гэта і к лепшаму. Малады быў, думалася пра маладое, хацелася вышэй сябе падскочыць, вакол зямлі абляцець, дык і ў дзяўчатах хацелася тое бачыць, з чым сам насіўся. У маладых ва ўсіх крылы вырасталі... А цяпер, Вікенцьевіч, бярэцца нам пад пяцьдзесят. Лятаць мы ўжо не будзем. А хадзіць, і яшчэ без падпоркі, можам. Дык от і давай. Забірай Юрку і пераходзь да мяне. У мяне вальней, чым у гэтых тваіх двухэтажных клетках. І выгоды тыя ж. Я ж, каб ты ведаў, і паравое зрабіла, і ваду ў хату правяла. Ваду ўжо сама, без Толі. Шланг у калодзеж, маторчык невялічкі, а ў хаце кнопачка. Націсні — і праз хвіліну вадзічка цячэ... Яшчэ што скажу. «Жыгулёў» чакаю. Калі не сёлета, дык налета будуць, чарга падыходзіць. Зяцю меркавала, але як ты прыйдзеш — самі будзем катацца, зяць пачакае, невялікі пан... Толькі не думай, Вікенцьевіч, што гэта я купляю цябе. Я хоць і таргую, але мужчыну не купляла і купляць не буду. Гэта к слову...

Доўга яна гаварыла. Канчала нібы гаворку, а пасля зноў да таго ж вярталася, і другі раз, і трэці, усё даводзячы яму, што нічога ім не застаецца, акрамя як сысціся і жыць на пару.

— Добра мы з табой пагаварылі, Вікенцьевіч? То і добра. Зараз я пайду. На адыход давай яшчэ па чарцы вып’ем. Як мужчыны. І гаворым мы з табой так, быццам тут не баба з мужчынам, а два дружкі-таварышы апахмяляюцца. То і вып’ем, як мужчыны...

Яны выпілі, як і першы раз, па напарстку, укінулі ў рот па кавалачку шакаладу. Пражаваўшы, яна паднялася, павесіла на руку ў локці сумачку.

— Я пайшла, Вікенцьевіч.

Ён таксама падняўся, прайшоў разам з ёю да дзвярэй.

Ліза раптам азірнулася, засмяялася:

— Пацалаваць не рашышся? Ну, то дай я цябе пацалую!

І абняла яго моцна, і ўпілася вуснамі ў яго вусны, і ён адчуў, што вусны яе салодкія пасля шакаладу, і цалавала доўга, не адпускаючы і ўсё шчыльней прыціскаючыся да яго пругкім, моцным, дужым сваім целам. Пасля рашуча адарвалася ад яго, паправіла на локці сумачку, адчыніла дзверы, ступіла цераз парог. Ужо ці не за парогам сказала:

— Прыходзь, Кім. Я чакаю. Буду чакаць. А не дачакаюся, зноў сама прыйду. І тады ўжо не пайду, як сёння... Чуеш, Кім?!

Ліза прычакала. У пачатку кастрычніка, як заўсёды, настаўнікі і настаўніцы адзначалі свой дзень. Марыя Міхайлаўна паклікала і Кіма. Гулялі яны ў школе, у самым дальнім класе, каб гулянка не надта кідалася людзям у вочы, позна, за поўнач.

Прыйшоў ён дахаты. Юрка, паглядзеў, спаў. Кім паправіў на ім коўдру, шчыльней зачыніў дзверы. Сам не лягаў чамусьці. Апусціўся ў прыхожай на крэсла, прываліўся плячом да сцяны і сядзеў так доўга, ажно пакуль не адзеравянела тое плячо. Тады ён падняўся і, ціха адчыніўшы дзверы, выйшаў на вуліцу.

Неўзабаве быў ён ля колішняй Шпільманавай хаты. Узышоў на ганак. Хацеў пастукаць, але перадумаў, асцярожна пацягнуў дзверы на сябе. Яны расчыніліся. Ён пераступіў цераз парожак і зайшоў на веранду. Дзверы ў хату таксама не былі зашчэплены. Ён, бы злодзей, асцярожна зайшоў у хату і прыпыніўся, каб агледзецца, асвойтацца. І ў гэты міг штосьці цёплае, мяккае абвілося вакол яго.

— Я ведала, ты прыйдзеш! Каторую ноч не зашчэпліваю дзвярэй, усё чакаю! Пайшлі, Кімачка, пайшлі! Сюды, сюды, любы...

Голас быў звабны і загадны адначасова, і ён, Кім, паддаючыся яго звабнасці і загаднасці, пайшоў — кволымі, як у асуджанага, нагамі — у гарачую, задушлівую, палохаючую, нібы бездань, цемень.

 

МАЙ 1985 ГОДА

— Сяргей Ягоравіч, можна да вас?

— Заходзь, Кім Вікенцьевіч, заходзь! Сядай. Што цябе прывяло?

Кім прысеў на крэсла за прыстаўным столікам, апусціў галаву.

— Слухаю цябе!

— Не ведаю, як і пачаць, Сяргей Ягоравіч. Брыдка пачынаць, а — трэба,— паёрзаўся Кім на крэсле.

— Ого, гэта ўжо цікава! — Сяргей Ягоравіч утаропіўся ў яго.— У такім разе, кажуць, пачынай з канца.

— Пачатак і канец адзін: трэба мне хата. Кватэрка якая-небудзь, куток,— выпаліў адным духам Кім.

— Стоп, стоп, стоп! Нешта не адразу да мяне...

Кім падняў руку:

— Толькі не пытайцеся нічога, Сяргей Ягоравіч. Зразумейце адно: трэба мне з Юркам куток. Разумееце?

Сяргей Ягоравіч апусціў выпрастаныя далоні на стол, досыць гучна ляснуўшы імі па гладкай стальніцы:

— Разумею... Нажыўся, значыць...

— Не трэба, калі ласка, я прашу...

— Добра, добра,— зноў ляснуў па стале далонямі Сяргей Ягоравіч.— Не буду... Хоць ты, брат, і не дзеўка, каб капрызіць.

— Не капрыз гэта, Сяргей Ягоравіч,— запярэчыў Кім.— Не капрыз. Не магу...

Капрыз... Не да капрызаў яму. Цяжка, брыдка і сорамна. Перад сабой і перад усімі. Нават і перад Лізай. Бо што Ліза? Яна не вінаватая. Яна праўду казала. Жывая баба. Зямная баба. Мо занадта зямная. А ён хлюпік. Думаў, пераломіцца, плюне, махне, забудзецца на ўсё, што было, як жыў, і пачне жыць нанова. Як многія жывуць. Як Ліза жыла. І жыве. А не атрымалася. Не змог. Душа працівіцца. Не падпарадкоўваецца. Не паддаецца. Плача, баліць душа. А разам з ёю і сэрца пачало ныць. Не па ім жытка такая. Не па ім. Ён прывык з пташкай божай, як Ліза сказала. Мо і праўда, пташка божая была яго Валерыя Віктараўна. Мо і праўда, ён пры ёй ніколі так смачна не еў, так мякка не спаў, так выкшталцона не апранаўся. Але затое з работы дахаты ішоў з радасцю. І ўранку з лёгкай душой ішоў на работу. І радаваўся сонцу, дажджу, снегу, ветру. Нават чорту лысаму радаваўся. Бо ведаў, што ніякі лысы чорт яму не страшны, душу ў яго не адбярэ і не купіць. А тут ледзь-ледзь быў не прадаў...

Ліза, калі сядзела ў яго на кухні за сваім каньяком і шакаладам, праўду гаварыла. Нічога не выдумляла. Так, правільна, крылы ў чалавека вырастаюць у маладосці, гэта бясспрэчна. Старасць абапіраецца на кіёк, а не на крылы. Але ж вельмі важна памятаць і ў старасці аб тым, што ў цябе былі калісьці крылы. Памятаць! Гэтая памяць змушае цябе заўсёды, пры любых абставінах і акалічнасцях, заставацца чалавекам. А ў Лізы, пэўна, не было крылаў і ў маладосці. Відаць, і ў маладосці яна больш глядзела ў зямлю, а не ў неба, на зоркі. А калі ўвесь час глядзець толькі ў зямлю, то міжволі з цягам часу пачнеш бачыць не так і не тое. Агуркі на градах — гэта ўжо будзе не духмяная пузырыстая смаката, а рублі і траякі, і ўкормлены вяпрук — гэта найперш хадзячы кашалёк з чырвонцамі. Больш сабраць на кніжцы — ці не гэтым адзіным жаданнем апантана Ліза. Грошы — вось шчасце. Будуць грошы — будзе ўсё. А ён прывык думаць і думае інакш. Няма грошай? Заўтра будуць. Абы было здароўе і работа. Грошай можна і пазычыць, калі сёння ў цябе няма іх. А радасць — не пазычыш. І шчасця не пазычыш. І спакою для душы — не пазычыш. І ўцехі ад таго, што ў цябе добрая паразумеласць з блізкімі табе людзьмі, не пазычыш. А Ліза думае інакш. Што ўсё тое, чаго не пазычыш, выдумка. Блюзнерства. Міраж. Што ўсё яно ўвасабляецца ў грашах. Чым больш грошай, тым больш і таго — радасці, спакою, паразумеласці, шчасця, уцехі. І пераканаць яе, што яна памыляецца, немагчыма. Памыляюцца, маўляў, яны самі, такія ж сляпыя дзівакі, як ён, Кім, як ягоная пташка божая Валерыя.

Яму хапіла двух-трох тыдняў, каб зразумець, што Ліза шукала сабе не чалавека, з якім ёй было б спакайней, утульней, цяплей, не самотна і не тужліва, а — работніка. Парабка. Каб лягчэй было даглядаць жыўнасць і ўходжваць агарод і соткі. Ужо ці не на другі дзень ён у яе стаў... гультаём. Вядома, пра гэта было сказана ласкава, пяшчотна і быццам жартам, аднак жа абазваны ён быў менавіта гэтым словам — гультаём. А між тым ні маці, ні Лера, ні людзі ніколі яго такім словам не абзывалі — нават і жартам. У злосці ці ў крыўдзе ён улёг у работу. Завіхнуўся і перарабіў склеп пад домам пад гараж. Не ўвесь склеп, частку яго, вядома. Дзеля гэтага перавярнуў рыдлёўкаю не адзін кубаметр зямлі — трэба было зрабіць заезд у гараж. Бачыў, адчуваў, што Ліза глядзела на яго ў тыя дні — ласкавей не трэба. Аднак жа знайшлася іншая прычына. Нікому ж не скажаш, у тым ліку і гэтаму Сяргею Ягоравічу, што яна абазвала яго гультаём і ноччу. Маўляў, Кімачка, трэба і гэтую работу рабіць, калі ўпрогся. Маўляў, мужавы абавязкі, Кімачка, трэба выконваць бездакорна... Сама яна не гультаявала ні днём, ні ўначы. І бянтэжыла яго не гэта. Бянтэжыла ці то бессаромнасць, ці то нейкая празмерная дзелавітасць нават у гэтай справе. Лера, памятае, пражыўшы з ім дваццаць гадоў, нейк умудралася заставацца сарамлівай, нават цнатлівай, і гэта было ў яе кранальна і прыгожа. А Ліза... Лёгшы ў пасцель, яна, ціхенька хіхікнуўшы, казала: я гатова, Кімачка... Маўляў, выконвай, мужанёк, свае абавязкі...

Вось і раскажы каму пра ўсё гэта. Няма каму расказаць. Ні сыну не раскажаш, ні дачцэ, ні каму-небудзь іншаму. Усё гэта толькі ў ім і з ім.

А хіба ж гэта галоўнае? Галоўнае, што адчуваў: спусташаецца душа. Робіцца ўсё больш падобная на апусцелы, амаль апусцелы капшук — вісіць такая зморшчаная, лёгкая, перавязаная матузком машоначка. Робіць, бывала, што, а сам думае, думае... І ўспомніць раптам, як калісьці чыталі яны ўтраіх, а пасля і ўчатырох перад сном, як Лера, вярнуўшыся з блізкага ці з далёкага паходу, расказвае ім пра розныя прыгоды, што здараліся ў дарозе,— і знячэўку зарагоча, як дурны,— голасна і невыразна, нярадасна. Ліза колькі разоў чула гэты рогат і тады нейкі час сачыла за ім, як баючыся чагосьці...

А Юрку не крыўдзіла. Сказаць што благое пра гэта ў яго язык не павернецца. І не дамагалася, каб мамай зваў. Цётка Ліза і цётка Ліза — большага яна не патрабавала. І сама з сынком да яго не лезла. Юрка, ідзі абедаць! Юрка, пара спаць! Юрка, ці мыў ногі перад сном? Гэта — было. За гэтым яна сачыла. А да таго, як вучыцца, не датыкалася. Што прынёс са школы, што там рабіў — пра гэта не пыталася. Ёсць, маўляў, бацька, гэта яго клопат. А мо таксама яе праўда была. Канечне ж, бацькаў гэта клопат.

Увогуле, ён яе не абгаворвае і не асуджае. У яе было сваё жыццё, і яна хацела, каб і ён жыў так, як павінен, па яе разуменні, і жыць чалавек. Хацела, каб было як найлепш. Шчыра хацела. Ліза Макараўна ўвогуле чалавек шчыры, хоць і не без хітрасці, як казала. Без хітрасці не змагла б яна столькі гадоў рабіць у краме. А то ж робіць, і прытым з выгодаю для сябе. Ён жа бачыў. Не напрасліну ўзводзіць. Мела, хоць і невялікі, прыварак з усяго. З бутэлек, якія то прымала, то не прымала. З кардонных і фанерных скрынак, якія то спісвала, то прадавала. А найбольш — з дробнага недавесу цукру, цукерак, круп, вермішэлі, макаронаў. Усё гэта яна ўмела недаважыць пакрысе, так, што ніводная душа не заўважыць і не прыдзярэцца, а, тым не менш, наварчык ідзе. У яе свята на душы, як у магазін прывозяць муку і камбікорм. Тут ужо можна недаважыць і па-сапраўднаму, бо лік ідзе не на грамы, як пры цукерках, скажам, а на дзесяткі, на сотні кілаграмаў. А яшчэ ж — аблічвае. Амаль кожнага, і старога, і малога, калі не на дваццаць капеек, дык на тры, на пяць, на капейку, а — аблічыць.

Яго ўсё гэта абурала, а яна, расказваючы і нават паказваючы яму, як гэта робіць, радавалася, бы дзіця. Ліза, бачыў, любіць сваю работу. Само па сабе гэта, вядома, няблага. Чалавек павінен любіць работу, якую робіць. Але аднойчы ён зразумеў, што яна ўсё ж любіць не работу, а пасаду. Сваю пасаду прадаўшчыцы. Аднаго разу яна гаварыла яму, і твар яе быў шчаслівы, і голас зрываўся ад радасці: маўляў, яна была не дурная, калі даўно, у маладыя гады, падалася ў гандлёвы тэхнікум; тады з яе ўсе смяяліся, яе не разумела нават матка, сварылася, казала — куды палезла, хочаш у турму сесці, хлопцы ёю пагарджалі; але яна не зважала на гэтыя кпіны і папрокі, і аказалася вось, што праўда на яе баку, прыйшоў час, калі прадаўшчыца — ці не самая прэстыжная прафесія, з ёю водзяць сяброўства ўсе, нават самыя высокія людзі, гэтак жа, як з урачамі і цырульнікамі; значыць, не такая яна і дурная, калі змагла ўбачыць такую далёкую перспектыву, і сваіх дачок яна ўжо свядома пагнала ў гандлёвае вучылішча, бо ведае, што будуць мець дочкі і хлеб і да хлеба, і золата будзе блішчэць і ў вуху, і на шыі, і на пальцах, як у самастойных, і чхаць яны будуць на тое, што няма ў іх дыпломаў інжынерак ці настаўніц, бо тым інжынеркам і настаўніцам ніколі за імі не ўгнацца, яны, тыя інжынеркі і настаўніцы, да іх, прадаўшчыц, на паклон ідуць, і яго нябожчыца, хай ён не крыўдуе, прыходзіла, хоць і адварочвала нос, балотам мяшчанскім называла, а прыходзіла ўсё ж і прасіла пакінуць ёй, калі будуць, кофтачку, боты на манцы ці фээргэўскага трыкатажу на касцюм...

Але, было, што яна дагаворвалася і да такога, дагаворвалася без злосці, проста канстатавала, так сказаць, факты, не задумваючыся ці, прынамсі, мала задумваючыся над тым, што яму гэтая канстатацыя — як нажом пад сэрца, што яму хацелася, чуючы такое, воўкам выць...

Некалькі разоў ён спрабаваў пярэчыць ёй, даказваць, што існуе на свеце і яшчэ сее-тое акрамя грошай, але яна і слухаць не хацела. Яна смяялася. Шчыра і добра. Як з малога. Яна гладзіла яго па галаве і гаварыла павучальна-паблажліва. Кімачка, казала, ты ж ужо чуў, што я не божая пташачка і не зялепуха якая-небудзь, што раскрые раток на такі покарм, гэта Валерыя Віктараўна твая магла табе — ці ты ёй — гаварыць такое, і вы верылі, развешвалі вушы, а мне грошы давай, тады я табе адпушчу, што папросіш, такое я разумею, на гэтым свет трымаецца, а кніжку пачытаеш-пачытаеш ды есці папросіш, бо па адной кніжцы сыты не будзеш, хоць твая Валерыя Віктараўна і наадварот казала, і было, што і мае дочкі верылі, і з маткай-прадаўшчыцай спрачаліся, але, дзякаваць богу, нядоўга, пакуль у школку хадзілі, а тады ўраз паразумнелі...

Хоць бы яна ўжо Леру не чапала!..

Сёння ён паскідаў у чамадан свае і Юркавы транты, тыя, што трапіліся на вока, і занёс да Любы Міхалкавай. Старая ўжо стала Люба Міхалкава, а ці даўно ж, здавалася б, хадзіла па гэтай хаце маладзенькая настаўніца Валерыя Віктараўна! З тае пары і хата пастарэла. Мо не так пастарэла, як асунулася ад недагляду. Спытаў у цёткі Любы, ці пусціць з сынам пажыць. Жывіце, сказала. Ёй, маўляў, весялей будзе. І не стрымалася, расплакалася, папракнула: нашто ж гэта ён, каб хто спытаў, раскідаў бацькаву хату, ніколі, маўляў, не трэба таго рабіць, супраць чаго пярэчыць тваё сэрца, а яму ж сэрца, пэўна, балела, ці не так, Кімачка?..

Сам па сабе мо і не рашыўся б на такі крок, калі б не Юрка. Здаецца, і выгляду не падаваў, а заўважаў дзіцячым вокам, лавіў дзіцячым вухам, даткліваю душою ўсё, кожную дробязь. І нешта ж варылася ў Юркавай галаве, калі аднойчы сказаў бацьку коратка і адкрыта: пойдзем адсюль, тата! Пачуў ён тыя сынавы словы, і ў яго як гара з плеч звалілася.

Аказваецца, усё проста: пойдзем адсюль, тата!.. От ён і пайшоў...

А Ліза... Ліза не пакрыўдзіцца. Яна зразумее. ІІІто-што, а розуму ў яе не адабраць. І душа яе не подлая быццам. Па-свойму не подлая. Хапае яе недзе і на тое, каб паспачуваць чалавеку, памагчы, падтрымаць. Не кончаны яна чалавек, не. Дачок любіць і шчодра ім падкідвае. Толю свайму помнік паставіла ці не лепшы — даражэйшы — на чырванаборскіх могілках. Казала: ён у яе муж быў, бацька дзяцей, з хаты не цягнуў, а ў хату, дык чаму ж ён не заслужыў дарагога, з мармуру помніка? Праўда, магла і парагатаць: от паставіла, на зайздрасць іншаму, а яшчэ і на спакусу, мо хто захоча ў прымы прыстаць, дык хай ведае, што і яму на помнік не паскуплюся... Будзе перажываць, вядома, але атручваць яму жыццё не стане. Яна ж казала: трымаць не буду. Не прыжывецца ён, не пусціць карэнняў, дык адпусціць на ўсе чатыры і яшчэ на дарожку дасць...

Вось такія справы, Сяргей Ягоравіч...

А ўголас сказаў:

— Асечка выйшла. Розныя мы людзі... Вось перайшоў да Любы Міхалкавай. У яе Лера калісьці сталавалася. Цяпер мы з Юркам... Таму і прыйшоў да вас.

— Усёк,— ляснуў па стальніцы далонямі Сяргей Ягоравіч.— Усёк, Кім Вікенцьевіч. І скажу табе, што не прапашчы ты яшчэ чалавек.

— А чаму я павінен быць прапашчы?

— Бо ўмееш па розум вяртацца. І яшчэ таму не прапашчы, што дзела тваё, здаецца, таксама не прапашчае. Вернешся ты, бадай, у сваю ж кватэру. Туды, дзе і жыў. Прараб, якому мы аддалі тваю хату, летуном аказаўся, несур’ёзным чалавекам, ды, шчыра кажучы, і не прарабам. Падаў заяву. Казаў, пад Мінск некуды перабіраецца. Ці то на птушкафабрыку, ці то на цяплічна-агародную... Што на гэта скажаш?

— Што ж тут казаць, Сяргей Ягоравіч!

— Па-мойму, ён ужо на чамаданах. Так што... Праўленне, я думаю, пярэчыць не будзе... Вось так... Ну, будзь!

Сяргей Ягоравіч падаў яму руку на развітанне не цераз стол — падаваць чалавеку руку на развітанне цераз стол благая, кажуць, прыкмета. Таму — навошта? Хай лепш чалавеку шчасціць!

 


1986-1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гіль М. Кім і Валерыя: Аповесці і апавяданні. - Мінск : Маст. літаратура, - 1988. - 270 с.
Крыніца: скан