Мікола Гіль

Равеснік завода. Некалькі момантаў з жыццёвай і працоўнай біяграфіі токара кавальскага корпуса МТЗ, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Мікалая Няверкі, згаданыя ім самім

Вытокі
Дзядзька Мікалай
Настаўнікі
Першая дэталь
Правая і левая разьба
Сустрэчы, урокі
Пяць за тры з паловай
Святы і будні


Вытокі

«Пашчасціла мне з часам і месцам нараджэння. Рэдка каму выпадае такое. Бацька, памятаю, жартаваў: «Ты, сынок, ужо днём свайго нараджэння шмат да чаго абавязаны. Абы-кім быць табе не прыстала. Так што — глядзі, матай на вус!..»

Жарты жартамі, а нарадзіцца Першага мая сапраўды сёе-тое ды значыць.

А наконт месца нараджэння, дык яно зноў жа — пашукаць трэба такое месца, як вёска Кассё ў Асіповіцкім раёне. У Кассі жыў я да сёмага класа. Мясціны там надзвычай маляўнічыя. Адна Бярэзіна чаго вартая! На беразе ракі і разлеглася вольна, можа, нават трошачку бязладна, вёска майго маленства. Пасля два гады жыў у Тальцы Пухавіцкага раёна — там бегаў у сёмы і восьмы класы. Талька таксама не абдзелена лёсам — хораша там. Недарэмна паблізу Талькі, на высокім беразе Свіслачы, не адно даваеннае лета правёў наш пясняр Якуб Колас...

Ды толькі ў памяці засталіся роднае Кассё, ціхаплынная Бярэзіна і меднастволыя бары на яе берагах. І шкада, што рэдка даводзіцца бываць там.

Памятаю першы прыезд туды пасля доўгай разлукі. Радасна было сустрэцца з вёскай свайго маленства, а яшчэ больш радасна ад таго, што памятаюць людзі і мяне, і бацьку майго — ён памёр малады, у 1964 годзе,— колішняга партызана і пасляваеннага ветурача, які спраўна лячыў калгасных і людскіх каровак-карміцелек ».

 

Дзядзька Мікалай

«Скончыў я восем класаў, і паўстала перада мною пытанне: кім быць? Маці — яна ў мяне мела прыгожы голас, любіла спяваць і іграць на гітары — закарцелася было зрабіць з мяне музыку, нават абяцала купіць баян: па тым часе рэч надта ж дарагую, на якую раскашэльвацца асмельваўся далёка не кожны. Але я, як той казаў, глядзеў не туды. Куды больш даспадобы было мне тое, пра што гаварыў дзядзька Мікалай — мацерын брат. Працаваў ён у Мінску на мотавелазаводзе і часта наведваўся да нас у Тальку. Прыязджаў вясёлы, гаманлівы, чыста апрануты, а вось рукі ўсё адно пахлі металам. Для мяне, вясковага хлапчаняці, пах той быў дзіўны і таямнічы. А дзядзька яшчэ і дадаваў тае таямнічасці, кажучы: «Метал, пляменнічак, бярэ чалавека ў палон назаўсёды. Памацалі, адчулі рукі чыгун ці сталь — следу іх не адмыеш. Хоць крапінкі, ды застануцца. І пах той жа...» Вось дзядзька і параіў маці: «Пусці ты хлопца ў горад. Хай становіцца, як я, слесарам. А мо яшчэ лепш — токарам. Справа гэтая, можаш мне паверыць, надзейная...»

Не ведаю, як маці, я ж дзядзьку Мікалаю паверыў адразу. І апынуўся восенню 1961 года ў базавым тэхнічным вучылішчы № 94 Мінскага трактарнага завода. Праўда, у групу слесараў мяне не ўзялі. Нягледзячы на мае пятнаццаць гадоў, было замала росту і вагі — усяго нешта каля сарака кілаграмаў. Прынялі ў групу токараў. І хутка рукі ў мяне пачалі пахнуць гэтак жа, як і ў дзядзькі Мікалая...»

 

Настаўнікі

«У школе мяне Архімедам звалі. За тое, што нібыта задачкі хутка разблытваў. Усё, бывала, Архімед ды Архімед! Але, скажу шчыра, не надта я і варты быў такога ганаровага імя.

А ў вучылішчы настаўнікі былі строгія. І самы строгі сярод іх — Рыгор Гаўрылавіч Лосеў. Дысцыпліну трымаў — вайсковую, вучыў найперш па прынцыпу: «Рабі, як я!» Паставіць нас вакол станка, каб кожнаму было відаць, што сам робіць, і загадае: «Глядзі і варон не лаві, кумекай, што да чаго!»

Пасля, калі ўжо ў кожнага з нас быў свой станок, наш настаўнік таксама вока з нас не спускаў. Ні разу не было такога, каб ён, даўшы заданне, пяць разоў не праверыў, як мы точым болт які-небудзь ці ўтулку. Любіў ён нас. Накрычыць часам, насварыцца, але не зняважыць, не пакрыўдзіць. Да кожнага ўмеў падыход знайсці. І мы яго любілі і паважалі.

У вучылішчы я і зараз часта бываю і заўсёды з вялікай радасцю і ўдзячнасцю сустракаюся з Рыгорам Гаўрылавічам. Правільней — сустракаўся, бо не так даўно пайшоў мой настаўнік на заслужаны адпачынак: што ні кажыце, а часу мінулася нямала — тады мне было пятнаццаць, а цяпер бярэцца пад сорак.

А пасля вучылішча, на заводзе, у тым жа кавальскім корпусе, дзе працую і цяпер, напаткаў я Георгія Канстанцінавіча Сакевіча — надзвычай сціплага, сардэчнага чалавека і сапраўднага майстра такарнай справы. І першыя мае самастойныя дні, тыдні і месяцы ля станка на заводзе прайшлі пад яго ласкавым і спагадлівым прыглядам. Памагаў ён не толькі парадай. У яго станок — магутны, для апрацоўкі вялізных дэталяў. Дык, пакуль станок рэжа тую дэталь, Георгій Канстанцінавіч падыдзе да мяне, паможа дэталь паставіць, кулачкі заціснуць — сілы ў мяне ўсё яшчэ крыху не ставала.

Мы і цяпер працуем побач, і я штораніцы рады бачыць добры, адкрыты твар Сакевіча, з цёплым пачуццём цісну яго сяброўскую мазольную руку.

На добрых людзей мне шанцавала. Ніколі не забуду Рыгора Фёдаравіча Віннікава, колішняга майстра з нашага кавальскага. Памятаю, паставіў мяне ён за новы станок, а я вазьмі ды той станок зламай. Незнарок, вядома: занадта блізка падвёў супарт да патрона, за супарт зачапіўся кулачок, я крутануў неасцярожна, вось і паляцела шасцяронка. Не ведаў, куды вочы падзець: апраўдаў, называецца, давер! Хоць ты плач, хоць за локаць сябе ўкусі! А Рыгор Фёдаравіч адно толькі і сказаў: «Бывае, брат... І не такое бывае. І ў мяне калісьці здаралася... Нарэжам новую шасцярню...» Хіба другі раз падвядзеш такога чалавека?..»

 

Першая дэталь

«Калі лічыць гады вучобы ў вучылішчы і гады службы ў арміі (служыў я ў авіяцыі тэхнаром, з такарным станком і там не разлучаўся), дык у мяне ўжо з дваццаць гадоў працоўнага стажу. Скажу без пахвальбы, зараз ці не з заплюшчанымі вачамі змагу вытачыць дэталь даволі складанай канфігурацыі. А вось жа, быццам было тое ўчора, бачу перад сабою просценькую дэтальку, нешта накшталт пірамідкі,— можна сказаць, не дэтальку, а нікому не патрэбную балваначку, якую вытачыў сам пад наглядам Рыгора Гаўрылавіча Лосева. Раз дрыжачай рукой падвёў разец, потым другі, трэці, адвёў супарт, выняў з кулачкоў бліскучую пірамідку, узяў яе ў рукі, а сэрца ледзьве з грудзей не выскоквае: сам, сам, сам...

Дзе яна, тая першая, вытачаная мною пірамідка? Пэўна ж, трэба было б захаваць яе, зберагчы. Хай бы стаяла на кніжнай паліцы ці за шклом серванта, поруч з іншымі, дарагімі мне сувенірамі...»

 

Правая і левая разьба

«Скончыў я вучылішча на «выдатна», атрымаў свой першы рабочы разрад. Працаваў і вучыўся. Да арміі паспеў скончыць сярэднюю школу. У 1968 годзе, пасля арміі, зноў вярнуўся на завод, здаў экзамен на чацвёрты разрад. Здаецца, сёе-тое ўжо ўмеў. І вось недзе той парою пачалі праводзіць конкурсы прафесійнага майстэрства — заводскія, раённыя, гарадскія, абласныя і гэтак далей. Памкнуўся і я. Работу сваю любіў, адчуваў, што пакрысе прыходзіць і вопыт. Вось і рашыўся. Гэта ж, мусіць, і трэба, каб у чалавека нарадзілася аднойчы жаданне паспрабаваць свае сілы, памерацца з іншымі.

Заводскі конкурс праходзіў у майстэрнях роднага для мяне вучылішча. Дэталь была не дужа складаная па канфігурацыі і допусках, з разьбой па канцах. Зрабіў яе хутка, параметры ўсе вытрымаў і ўсё ж у спешцы замест правай разьбы нарэзаў левую.

А суддзі былі строгія...

Адным словам, у лік пераможцаў трапіць не ўдалося. Ды затое зразумеў і запомніў назаўсёды: хуткасць і спорнасць у рабоце — справа нажыўная. Любую рэч трэба рабіць так, каб не было сорамна за сваю работу перад людзьмі і перад самім сабой. Паважаць сябе ў рабоце — найперш!»

«Аднойчы гутарыў са мной адзін журналіст. Пытаецца: «Ад чаго, на вашу думку, залежыць майстэрства рабочага, прадукцыйнасць працы?» Кажу: ад здольнасцей, ад кваліфікацыі і ад адносін да справы. Таварыш гэты ўсміхаецца: «Дык, значыцца, гэта ваша формула майстэрства?» Смешна зрабілася. Чаму — формула? Формул я не складаю. Проста сказаў тое, што думаў, у чым перакананы. Упэўнены, што менавіта ад прафесійнага ўзроўню, ад здольнасцей чалавека і яго адносін да работы залежыць вынік ягонай працы».

 

Сустрэчы, урокі

«Памятаю раённы конкурс токараў. Праходзіў ён у майстэрнях НДІ аўтапрама. Заняў я там першае месца. А галоўным сапернікам аказаўся Валера Канаш — мой аднакашнік па вучылішчу. Валера і ў вучылішчы быў сярод першых. Кажу яму пасля конкурсу: «Так і думаў, што з табой пазмагаемся». А ён смяецца: «Дык жа і я не сумняваўся, што ў фінале з табой сустрэнуся...»

А ў Гродна, на рэспубліканскім конкурсе, у 1971 годзе, сутыкнуўся са славутым токарам-асам з Брэста Лявонам Дзятлам. Журы прысудзіла перамогу мне. Перамагчы Дзятла —ад гэтага, чэснае слова, можна было б крыху і заганарыцца. Дарэчы, з Лявонам Дзятлам мы сустракаліся на конкурсах неаднойчы.

У тым жа 1971 годзе трапіў я на ўсесаюзны конкурс, які праходзіў у Чэлябінску. Заняў там агульнае — па ачках — шостае месца, але затое быў першы па тэарэтычнай падрыхтоўцы, за што атрымаў спецыяльны прыз — радыёпрыёмнік...»

«У час сустрэч з сённяшнімі навучэнцамі вучылішча хлопцы часта пытаюцца ў мяне: якімі якасцямі трэба валодаць, каб стаць добрым токарам? Што на гэта скажаш? Ну, патрэбна пэўная сума ведаў, найперш, канечне, тэхнічных ведаў. Для таго, каб чытаць чарцяжы, ведаць уласцівасці металаў і разцоў і гэтак далей. Трэба і неблагое здароўе, бо на грузка ў часе работы на токара немалая. Патрэбна яшчэ любіць сваю такарную справу, умець захапляцца самім працэсам работы.

Але будучы токар, мне здаецца, павінен мець і яшчэ некаторыя чыста чалавечыя якасці. Я, напрыклад, упэўнены, што ніколі не атрымаецца з чалавека добрага токара, калі гэты чалавек па натуры марудлівы, калі рухі і рэакцыі ў яго запаволеныя, калі ён пазбаўлены здольнасці бачыць у чорнай металічнай балванцы будучую дэталь.

Я, скажу пра сябе, загадзя ведаю, колькі часу затрачу на тую ці іншую дэталь, і таму прыступаю да работы спакойна, з цвярозай развагай і разлікам. Я адчуваю свой станок, упэўнены ў ім, магу даць яму, калі патрэбна, максімальную нагрузку. А чалавек без гэтай унутранай упэўненасці баіцца свайго станка і эксплуатуе яго, так сказаць, напаўсілы: ён і сам недапрацоўвае, і машыну прымушае недапрацоўваць».

 

Пяць за тры з паловай

«У пачатку дзевятай пяцігодкі — гэта асабліва памятаецца, таму і прыгадваю — разгарнулася ў нас спаборніцтва за датэрміновае выкананне вытворчых заданняў. Мы, камсамольцы аддзела службаў (я тады быў камсамольскім сакратаром), таксама выступілі з ініцыятывай: пяцігодку — за чатыры гады!

У нас, у рамонтнікаў, нялёгка падводзіць вынікі спаборніцтва: ні ў метрах, ні ў тонах нашу работу не вымераеш... Мы выкарыстоўвалі новыя, перадавыя метады і прыёмы працы, кожную, малую ці вялікую, тэхнічную навінку бралі на ўзбраенне, дапамагалі адзін аднаму. Бераглі кожную секунду. Хутчэй перакінуць ручку, хутчэй замяніць разец — вось і лішнія секунды, якія складваліся ў хвіліны. І аказалася (эканамісты падлічылі), што многія мае таварышы справіліся з павышанымі абавязацельствамі, а сам я выканаў пяцігодку за тры з паловай гады.

Ударная вахта працягвалася і ў дзесятай пяцігодцы — пяцігодцы эфектыўнасці і якасці работы. Асабіста для мяне пяцігодка «доўжылася» каля чатырох гадоў — за такі час змог выканаць яе планавыя заданні.

Стараючыся не здаваць пазіцый і цяпер. І хоць кожная новая перамога даецца штораз цяжэй, аднак жа працаваць інакш не магу. Шукаю новыя рэзервы. Праца тады становіцца творчасцю, калі яна па душы ».

 

Святы і будні

«Вось кажуць: не было б будняў, дык і свята не ў радасць. Пэўна, яно і праўда так. Чалавеку патрэбна свята. Хоць бы для таго, каб у добрым настроі азірнуцца назад, убачыць зробленае і нязробленае і каб, нібы адштурхнуўшыся ад пэўнага рубяжа, смялей, больш упэўнена рушыць наперад. Але ў кожнага чалавека павінна быць яшчэ і сваё асабістае свята. Гэткае, так сказаць, асабістае свята.

У мяне за гады работы было нямала такіх свят. Атрымаць самы высокі прафесійны разрад — хіба не свята? А стаць пераможцам рэспубліканскага конкурсу? А ў дваццаць чатыры гады атрымаць за сваю працу Ленінскі юбілейны медаль, у дваццаць шэсць— Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета рэспублікі, у трыццаць — ордэн «Знак Пашаны»?

Але, бадай, самыя радасныя, самыя святочныя дні звязаны ў мяне з камсамольскімі ўзнагародамі. Можа быць, па той простай прычыне, што я дужа моцна, душою парадніўся з камсамолам, які дапамог мне вызначыць сваю жыццёвую дарогу, даў мне крылы для ўзлёту. З 1971 года я нашу ля сэрца білет члена нашай вялікай Камуністычнай партыі, але па-ранейшаму сябрую з камсамолам, у якім прайшоў шлях ад радавога камсамольца, групкамсорга, члена камітэта камсамола кавальскага корпуса і завода да члена гаркома і абкома ЛКСМ Беларусі. І таму з асаблівым душэўным хваляваннем прымаў я залатыя знакі ЦК ВЛКСМ «Малады гвардзеец пяцігодкі» і іншыя камсамольскія ўзнагароды за працоўныя поспехі. У 1973 годзе мне за высокія працоўныя паказчыкі, за ўкараненне перадавых метадаў працы разам з іншымі маладымі перадавікамі вытворчасці была прысуджана прэмія Ленінскага камсамола. Даведаўся аб тым раніцаю ў цэху. Прыйшоў па работу, а таварышы абступілі мяне і віншуюць. З чым? — пытаюся. А яны кажуць: «А ты хіба не ведаеш? Ты — камсамольскі лаўрэат! Па радыё перадавалі...» Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у маім жыцці!

А ўвогуле, люблю я звычайныя, будзённыя дні. Нават больш скажу: не надта прымаю я гэты падзел на святы і будні. Маўляў, свята ёсць свята, а будні — аднастайныя, невыразныя. Мне здаецца, што чалавек, які любіць сваю работу, так не думае. Будзень рыхтуе, куе, набліжае свята. Таму — слава і пашана ім, працоўным будням!»

«Што такое шчасце? Адказаць на гэтае пытанне нейкай фармуліроўкай цяжка. Ды і навошта? Ведаю пэўна: я — шчаслівы чалавек. Шчаслівы, што жыву ў краіне, дзе становішча чалавека вызначае, як запісана ў нашай Канстытуцыі, яго грамадска-карысная праца і яе вынікі. Шчаслівы, што шчодра адораны чалавечым даверам і павагай, што жыву з упэўненасцю ў заўтрашнім дні. Шчаслівы нават і таму, што нарадзіўся ў сорак шостым, калі пад Мінскам пачалося будаўніцтва трактарнага, і сталася так, што я, равеснік завода, рос разам з ім.

І, канечне ж, шчаслівы ад таго, што ёсць у мяне любімая работа, што растуць у мяне сыны. Пакуль што Віктар і Саша адзінадушна заяўляюць, што будуць лётчыкамі. Падрастуць, то, можа, захочуць стаць інжынерамі, урачамі, будаўнікамі ці, як іхні бацька, металістамі-токарамі. За іх будучыню я не хвалююся. Толькі каб быў на зямлі мір! У іх ужо ёсць адно вялікае званне — грамадзянін Савецкага Саюза. А гэта, гаварыў аднойчы Юрый Аляксеевіч Гагарын, самае высокае і ганаровае званне».




Беларуская Палічка: http://knihi.com