epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Гіль

Зялёная пушча – калыска мая

1
2


1

— Добры вечар, дарагія таварышы! Сёння ў нас быў звычайны, будзённы, рабочы дзень. Займаліся ў асноўным тэхналагічнымі эксперыментамі. Вырошчвалі крышталі. Растуць яны тут добра, лепш, чым на Зямлі. Зараз я паднясу наш крышталь бліжэй да камеры, каб вы змаглі ўбачыць яго лепей, каб змаглі самі пераканацца, які ён вялікі і прыгожы, якімі дзівоснымі колерамі ззяюць-пераліваюцца яго грані...

Вось так амаль штовечар прыходзіў ён да нас у кватэры з экранаў тэлевізараў, прыходзіў на працягу амаль пяці месяцаў — з пачатку лета да позняй, лістападаўскай, восені — і неяк адразу ж, з першых вечаровых тэлеадведак, стаў у кожнай хаце добрым, жаданым госцем, нават не госцем, а блізкім, родным чалавекам, і мы ўжо з нецярпеннем, з душэўным хваляваннем чакалі наступнага адвячорка і наступнай сустрэчы з ім і з сардэчным непакоем — як за брата ці за сына, якога Радзіма паслала так далёка і ў такое цяжкае і адказнае падарожжа,— думалі: «Як ён там? Ці добра хаця ўсё ў яго? Ці не здарылася нечага непрадбачанага?» І шчыра радаваліся, калі ён зноўку проста, па-свойму, нязмушана, быццам і праўда прыйшоў да нас у госці, вёў з намі гутарку з экрана — бадзёры, вясёлы, жартаўлівы. Мы глядзелі на яго, слухалі яго, радаваліся за яго і жадалі ў душы яму хутчэйшага шчаслівага вяртання.

Гэта было ў 1978 годзе. А ўпершыню мы пазнаёміліся з ім у кастрычніку 1977-га. Тады мы пачулі імя новага савецкага касманаўта Уладзіміра Васільевіча Кавалёнка, ураджэнца вёскі Белае Крупскага раёна Мінскай вобласці, касманаўта-2 з Беларусі. І тады ж упершыню пабачылі ў газетах ягоны партрэт і яго самога на экранах тэлевізараў. Пабачылі — і зарадаваліся, і са сцішанай, сардэчнай уцехаю адзначылі: шанцуе нашай шматпакутнай і гераічнай зямлі на касманаўтаў!

Ці ж не праўда?!

Першы быў — Пётр Ільіч Клімук. Хлопец з Брэстчыны. Чарнявы, невысокага росту, але моцны ў плячах, крэпкі ўсёй сваёй каржакаватай, бадай што паляшуцкай паставаю. Сінявокі і ўсмешлівы. Прыгожы і абаяльны. Просты і сардэчны. Мы яго не проста палюбілі. Наша ўсеагульная любоў да яго межавала з улюбёнасцю. Кожны, хто сустракаўся, гутарыў з ім (а я належу да такіх шчасліўцаў), несумненна, зведаў гэтае цёплае пачуццё ўлюбёнасці. Абаяльнасць асобы Пятра Ільіча Клімука сапраўды незвычайная. Я неаднойчы бываў у Зорным гарадку, дзе жывуць, вучацца і працуюць савецкія касманаўты, бачыў і адчуваў, з якой любоўю і павагаю адносяцца да Пятра Ільіча яго таварышы, сябры, калегі, як любяць і шануюць яго супрацоўнікі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў — ад вядучых спецыялістаў да рабочых, і кожны раз пераконваўся, што зусім недарэмна клімукоўская абаяльнасць параўноўваецца гагарынскай.

Гэтую ўсеагульную любоў да сябе Пётр Ільіч Клімук здабыў яшчэ ў час свайго першага касмічнага палёту на «Саюзе-13» у 1973 годзе. Потым, у 1975 годзе, быў шасцідзесяцітрохсутачны палёт на «Салюце-4» — разам з Віталіем Іванавічам Севасцьянавым. За час гэтага палёту наша ўсеагульнае пачуццё ўлюбёнасці ў Клімука перарасло ва ўсеагульнае захапленне — захапленне ягонай мужнасцю, стойкасцю, працавітасцю, шырокай і грунтоўнай дасведчанасцю ў многіх галінах навукі і тэхнікі.

Тройчы сустракаў касмічныя світанкі Пётр Ільіч Клімук. Генерал-маёр авіяцыі, двойчы Герой Савецкага Саюза, адзін з самых усебакова падрыхтаваных савецкіх касманаўтаў — такі імклівы, але зусім заслужаны высокі ўзлёт колішняга вясковага хлапчука.

У канцы 1978 года ў Брэсце паўстаў бронзавы бюст героя. На ўрачыстае адкрыццё яго Пётр Ільіч прыехаў разам са сваім пабрацімам, касманаўтам з Польшчы Міраславам Гермашэўскім. Там, у Брэсце, польскі касманаўт даваў інтэрв’ю тэлекарэспандэнтам. Дзелячыся ўражаннямі ад знаходжання на радзіме свайго камандзіра па «Саюзу-30», Міраслаў Гермашэўскі гаварыў:

— Тут, у Брэсце, я сэрцам зразумеў, што гэтая зямля, гэты народ, які жыве на ёй, не маглі не нарадзіць касманаўтаў. Я ўпэўнены, што Беларусь будзе радзімай яшчэ многіх і многіх даследчыкаў космасу...

Мы таксама верым у гэта. Верым, што на зорныя трасы будуць выводзіць касмічныя караблі, мо нават павядуць іх да іншых планет хлопцы, якія нарадзіліся ці народзяцца на берагах Дняпра, Нёмана, Сожа, Прыпяці, Бярэзіны, а можа быць — і на берагах маёй роднай Тайны.

Гэта — будзе!

А пакуль што да зорных вышыняў узняліся два беларусы, і другі з іх — Уладзімір Васільевіч Кавалёнак. І ён з гордасцю стаў побач з праслаўленым Клімуком, стаў па праву зямляцтва — як сын той самай зямлі, а найперш, можа быць, па праву здзейсненага гераічнага подзвігу. Як бы там ні было, а сёння, гаворачы пра аднаго, нельга не гаварыць і пра другога, ці, правільней будзе, бадай, сказаць наадварот: гаворачы пра другога, нельга не згадаць і першага. Бо лёс — космас — абраў іх абодвух (і ці мае тут значэння, што аднаго — раней, а другога — пазней?), бо другі падхапіў і надзейна панёс далей эстафету першага, бо абодва яны сёння — носьбіты касмічнай славы Беларусі.

Яны падобныя між сабою, Клімук і Кавалёнак. У іх не толькі касмічная, але і чыста чалавечая, брацкая роднасць душ, натур і характараў. Пільней угледзьцеся ў вочы Пятра Ільіча і Уладзіміра Васільевіча. Яны свецяцца адным і тым жа ўнутраным святлом — святлом шчырасці, дабрыні і даверу.

І дзяцінства ў абодвух было аднолькавае. Нарадзіліся ў адзін і той жа цяжкі і грозны год — 1942-гі. Абодва раслі бязбацькавічамі, рана сталі памочнікамі маці па гаспадарцы — аратымі, касцамі. Найбольшай радасцю былі скарынка хлеба і конаўка малака, бурачкі з чунямі, а то і пяньковыя лапцікі (якія Валодзя Кавалёнак знарок абліваў вадой, каб пасля, як яны залубянеюць на марозе, можна было бегаць у іх праз балотца ў школу). І абодвух вылучала сярод аднагодкаў прага да вучобы (Валодзя Кавалёнак скончыў школу з сярэбраным медалём). І абодва пасля школы падаліся ў вайсковыя авіяцыйныя вучылішчы, куды паклікала іх высокая мара, што выспела ў сэрцы аднаго і другога насуперак усім цяжкасцям, нястачам і нягодам дзяцінства. Потым у абодвух была служба ў авіяцыі — у Клімука ў знішчальнай, у Кавалёнка — у транспартнай, суровая і мужная вайсковая служба, якая яшчэ больш загартоўвала іх характары, вучыла настойлівасці, упартасці, мужнасці ў пераадоленні перашкод.

Далекавата ад вёскі Камароўкі, што ляжыць паблізу дзяржаўнай мяжы з Польшчай, да вёскі Белае ў самым цэнтры Беларусі, у адной з якіх падрастаў Пеця Клімук, а ў другой — Валодзя Кавалёнак. І ў вучылішчы яны патрапілі розныя: Пятро — у Чарнігаўскае, а Уладзімір — у Балашоўскае. Аднак жа адзін лёс вёў хлопцаў па жыцці, адна пуцяводная зорка свяціла абодвум, і неўзабаве сустрэліся яны ў Зорным гарадку.

І вось жа дзіўна. Клімук прыбыў у Зорны восенню 1965 года. Тым жа годам павінен быў прыбыць туды і Кавалёнак, але — не пашанцавала: не прайшоў медыцынскай камісіі. Прыкрая, празмерная, як думалася тады, прыдзірка, аднак нічога не зробіш, галоўнае — не кідацца ў роспач, пераадолець сябе! І Кавалёнак пераадолеў: праз два гады пасля першай спробы, у 1967 годзе, ён усё ж быў залічаны ў атрад касманаўтаў...

Іх шлях у космас таксама быў нялёгкі і няпросты. Восем доўгіх гадоў чакаў Клімук свайго першага касмічнага старту. Ды не, не чакаў — старанна, упарта, настойліва рыхтаваўся. «Скрозь церні — да зор!» Гэтыя словы напісалі яму сябры ў Зорным гарадку на сувеніры, які падаравалі ў дзень яго нараджэння. Яны сталі ягоным дэвізам. І Пётр Ільіч, кіруючыся ім, паспяхова браў адну касмічную вышыню за другой.

Кавалёнак ішоў да наступу на космас яшчэ даўжэй — ажно цэлых дзесяць гадоў: з 1967-га па 1977-мы. Ён быў даўно гатовы да свайго галоўнага экзамену — а гэтым экзаменам для касманаўта з’яўляецца касмічны палёт, ён неаднаразова прызначаўся дублёрам, калі ў космас выпраўляліся іншыя экіпажы, а яго ўласная зорка ўсё не ўзыходзіла.

Нарэшце надышоў кастрычнік 1977-га. Уладзімір Васільевіч Кавалёнак — камандзір «Саюза-25»!

Старт быў удалы. Карабель выйшаў на арбіту. Сэрца Уладзіміра Васільевіча, нягледзячы на непрыемныя адчуванні ў першыя гадзіны касмічнай бязважкасці, спявала: мара яго – здзейснілася, ён – на арбіце, над планетай, яму даручана прадоўжыць справу, пачатую несмяротным подзвігам Юрыя Аляксеевіча Гагарына. Яшчэ некалькі папярэдніх, падрыхтоўчых віткоў вакол Зямлі, а затым — стыкоўка з «Салютам-6», на якім пачнецца працяглая — пэўна ж, працяглая! — касмічная работа ў мэтах навукі, на карысць народнай гаспадаркі краіны.

Ён быў упэўнены ў сабе, у сваіх сілах. Напярэдадні старту ёй пісаў сваёй былой настаўніцы Ніне Міхайлаўне Валькоўскай: «Я магу лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Мне пашанцавала быць удзельнікам галоўных падзей, якія выпалі нашаму пакаленню. Прыемна ўсведамляць, што чалавек сёння аб’ядноўвае свае намаганні, каб ахапіць розумам як мага глыбей гэтае грознае, таямнічае, недасягальнае. І свой абавязак я выканаю, як належыць камуністу...»

Ён бы выканаў! Абавязкова выканаў бы! Ён дакажа гэта пазней, крыху больш чым праз паўгода.

І вось тады, у кастрычніку 1977-га, найбольш, можа, ярка праявіўся байцоўскі (скажам так) характар Уладзіміра Васільевіча Кавалёнка. Яму, пэўна, згадаўся іншы дзень іншага кастрычніка — кастрычніка 1957 года. Ён тады хадзіў у школу ў вёску Зачысце, у дзевяты клас. У тыя дні над Зямлёй пачаў лятаць, пасылаючы ёй пераможныя сігналы, першы штучны спадарожнік. Дырэктар школы М. П. Ціхановіч з дапамогай прымітыўнага, самаробнага «тэлескопа» спрабаваў пры святле карасінавай лямпы паказаць дзецям тую жывую, зіхатлівую, гаманлівую зорачку. І першае пытанне, якое задаў Валодзя Кавалёнак настаўніку, было: «Значыць, калі-небудзь людзі паляцяць у космас?» Не, тады ён, мусіць, наўрад ці дапускаў і ў думках, што некалі паляціць туды сам. Зрэшты, мо і мільганула такая думка — трымклівай, салодкай, дзіцячай нязбытнай мараю. Справа не ў гэтым. Справа ў тым, што тады ўсё ж нешта зварухнулася ў хлапчуковай душы, і гэтае нешта быццам падштурхнула яго з яшчэ большай упартасцю і настойлівасцю авалодваць ведамі, бо толькі веды — гэта ён, мусіць, найперш і зразумеў тады — адкрываюць чалавеку дарогу да самых смелых і вялікіх здзяйсненняў, у тым ліку і дарогу да зор.

Прынамсі, той жа Н. М. Валькоўскай ён пісаў: «Мне на долю выпала сур’ёзная задача. Вельмі адказны момант, вельмі вялікія, значныя задачы ўскладзены на мае плечы. Упэўнены, што спраўлюся. Можа, пра гэты дзень гаварылі мы тады ў Зачысці пры цьмяным святле карасінавай лямпы. Не ведаю, але размова ішла пра жыццё. У тыя дні неяк выразней сфарміраваўся мой погляд на будучыню. Атрымалася нешта падобнае на тое, калі наводзіш рэзкасць пры фатаграфаванні. Вы ведаеце, што да гэтага дня я ішоў больш чым дзесяць гадоў. Працаваў вельмі шмат. Хачу заданне выканаць на «выдатна»...»

На той раз не атрымалася — карабель не састыкаваўся са станцыяй. Аднак жа паглядзіце, як успрыняў Кавалёнак гэту сваю няўдачу. Вось радкі з ягонага ліста да другога свайго настаўніка, да колішняга «школьнага астранома» М. П. Ціхановіча: «Не варта часовыя няўдачы ўспрымаць як паражэнне. Што датычыць мяне, то я не складваю скафандра на доўгае захоўванне». І яшчэ такія радкі былі ў тым лісце: «Я атрымаў шмат добрых слоў ад сваіх землякоў. Хацелася б, каб яны не расчароўваліся. Шлях гэты цярністы. Гэта не толькі трап самалёта і дывановая дарожка. Зусім не! Наша праца, праца касманаўта, тая ж самая праца хлебароба. Мы ўстаём і кладзёмся ў адзін час, разам з сонцам, а на працягу года ўсе нашы справы падпарадкоўваюцца адной мэце. І іншага быць не можа. Наперадзе ў мяне шмат спраў. Я яшчэ буду лятаць, і лятаць многа...»

Вось так! Вось якая закваска ў крылатага — ужо тады крылатага! — хлопца з вёскі Белае. Самая надзейная закваска — хлебаробская! Ён ішоў да мэты спакойна, упарта, упэўнена, сустракаючы свае світанкі і змярканні з адною думкаю — аб палёце, як хлебароб — аб хлебе. І як урэшце праца хлебароба, аброшаная ранішнімі росамі і паўдзённым потам, вянчаецца важкім, умалотным коласам, так і праца касманаўта, якая таксама не баіцца паху і смаку поту, вянчаецца высокім узлётам — белымі, блізкімі — як узяць у рукі! — зоркамі над галавою.

Гэтым апошнім — працавітасцю, настойлівасцю, упартасцю ў дасягненні мэты, скажам нават так — хлебаробскай цягавітасцю — таксама вельмі падобны між сабою сялянскі хлопец Пятро Клімук і сялянскі хлопец Уладзімір Кавалёнак. Гэта рыса іх характараў добра ўгадваецца ў па-мужчынску цвёрда акрэсленых вуснах, якія, тым не менш, у хвіліны сардэчнай адкрытасці бываюць і зусім па-хлапечы ўсмешлівыя, рухавыя, жывыя...

І яшчэ пра адно, што ў велізарнай ступені аднолькава ўласціва абодвум і без чаго іх высокія чалавечыя якасці ўсё ж не далі б, думаецца, такіх бліскучых вынікаў. Гэта — пачуццё вялікай адказнасці за даручаную справу, адказнасці перад Радзімай, партыяй, народам. Адчуванне таго, што яны ў Сусвеце — пасланцы вялікай сацыялістычнай Радзімы, уласціва ўсім савецкім касманаўтам. У вышэйшай ступені ўласціва яно і касмічным сынам Беларусі. Толькі вялікая ідэя акрыляе чалавека, дае яму сілу выстаяць і перамагчы ў проціборстве з такім магутным, каварным, усё яшчэ не спазнаным да канца праціўнікам, якім з’яўляецца бясконцая прастора космасу. Гэта — з аднаго боку. З другога — служэнне вялікай ідэі, высокай мэце несумяшчальнае з самалюбствам, з зазнайствам, з карыслівасцю, з дробязнасцю памкненняў, інтарэсаў і жаданняў. І ці не таму і Пётр Ільіч Клімук, і Уладзімір Васільевіч Кавалёнак — увасабленне чалавечай сціпласці, прастаты, абаяльнасці, пра што гаварылася напачатку? Пэўна ж, так.

У гэтым таксама вытокі нашай любові і пашаны да іх...

 

2

Яго і Аляксандра Іванчэнкава касмічная адысея пачалася 15 чэрвеня, а скончылася 2 лістапада 1978 года. А між гэтымі датамі — 140 дзён і начэй і больш чым 93 мільёны кіламетраў. Гэты самы працяглы на той час пілатуемы палёт быў, несумненна, выдатным поспехам савецкай навукі і тэхнікі, велічным здзяйсненнем усяго савецкага народа.

Гэта, аднак, мы зразумелі пасля. Мы, людзі 80-х гадоў ХХ стагоддзя, нібы пакрысе страчваем здольнасць здзіўляцца і захапляцца. Віна гэтага, можа быць, і не ў нас саміх, а ў незвычайнай імклівасці навукова-тэхнічнага прагрэсу апошняй чвэрці стагоддзя. Узяць хоць бы той самы космас, дакладней — здзяйсненні ў космасе. Дваццаць восем гадоў назад — лічы, усяго толькі чвэрць веку! — быў запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі, а практычная касманаўтыка за гэты час паспела вырашыць столькі складаных праблем, што колішнія, яшчэ зусім нядаўнія фантазіі аб падарожжах на іншыя планеты набываюць абрысы рэальнасці і верагоднасць іх ажыццяўлення яшчэ ў нашым стагоддзі ўяўляецца зусім магчымай. Ну, а што датычыцца арбітальных палётаў у космас, дык яны сталі для нас даўно ўжо зусім, бадай, звычнымі.

І таму паведамленне ТАСС аб запуску «Саюза-29» на чале з камандзірам Кавалёнкам і борт-інжынерам Іванчэнкавым нас ужо, здаецца, узрушыла не так само па сабе, як тым, што сярод членаў экіпажа зоркалёта быў менавіта наш зямляк, хлопец з вёскі Белае. Усе мы чакалі яго другога палёту і шчыра радаваліся, што вось ён нарэшце пачаўся, і ад усяе душы жадалі земляку ўдач і поспехаў.

П. Клімук і В. Севасцьянаў ляталі 63 сутак. Ляталі так доўга ўпершыню, ляталі хораша, надзейна, упэўнена, і мы не маглі не захапляцца імі, іх мужнасцю, стойкасцю, вынослівасцю. Потым, праз некаторы час, Г. Грэчка і Ю. Раманенка прадоўжылі касмічную вахту да 96 сутак — пабілі сусветны рэкорд працягласці жыцця і работы чалавека ў бязважкасці. Вярнуліся яны на Зямлю ў добрым здароўі, і мы ці не палічылі ўжо, што так і трэба, што іначай і быць не магло: маўляў, усё ідзе нармальна, назапашванне вопыту і навыкаў адбываецца па ўзрастаючай.

І вось для работы на борце «Салюта-6» выправілася чарговая экспедыцыя. Як доўга яна будзе працаваць там, што наканавана выканаць у космасе Кавалёнку і Іванчэнкаву — гэта нам тады, напачатку, было невядома, і мы, здаецца, досыць спакойна ўспрынялі іх старт і першы, другі, трэці месяц ці не гэтак жа спакойна назіралі за іхняй работай — як за звычайнай, няхай сабе і ў незвычайных умовах, работай. Тым больш што самі касмічныя працаўнікі супакойвалі нас — яны размаўлялі з намі з экранаў тэлевізараў так проста, так шчыра, а часам з такім здаровым гумарам, з такой бесклапотнай усмешкай, што начыста знікала адчуванне ўсялякай экстравагантнасці — хлопцы з космасу ўспрымаліся намі так, нібы знаходзіліся яны недзе куды бліжэй, ну, скажам, на БАМе ці ў запалярным Надыме, у гурце шматлікіх, такіх жа маладых і вясёлых сяброў і сябровак, нібы жывуць і працуюць яны так, як і мы, як належыць жыць і працаваць людзям.

І толькі недзе тады, калі іх касмічная вахта пераваліла за 100 дзён, мы нечакана спахапіліся, і захваляваліся, і затурбаваліся, і занепакоіліся, чым далей, тым болей расло наша захапленне імі і спадзяванне на іх хуткае і шчаслівае вяртанне на Зямлю.

140 дзён і начэй у космасе... Нават і цяпер, калі гэтыя дні і ночы мінуліся, калі вучоныя і спецыялісты падсумавалі іх першапачатковыя вынікі, калі савецкія касманаўты працавалі на арбіце больш чым 200 дзён, мы з вамі, тыя, каму не суджана зведаць, што такое космас, усё адно не можам з усёй паўнатой уявіць сабе, што гэта такое...

Возьмем усяго толькі адну бязважкасць. Бязважкасць — адсутнасць вагі. Вагі ўсяго акаляючага і сваёй уласнай. Здорава, ці не праўда? Ты вольны як птушка!.. Не і яшчэ раз не! Ты — бездапаможны! Ты — некіруемы!

Ты толькі падумаў падняцца з крэсла, яшчэ, здаецца, не паварухнуўся, а перададзены думкай сігнал прымусіў твае мышцы напружыцца, і гэтага было дастаткова, каб ты нечакана адарваўся ад крэсла і ўсплыў у паветра...

Ты дакладна ведаеш, што вось гэты кантэйнер важыць пяцьдзесят кілаграмаў, аднак — не вер вачам сваім! — ты падымаеш яго лёгкім дотыкам мезенца, як пушынку...

Ты добра памятаеш, што вось толькі паклаў на столік аловак, якім рабіў запісы ў бартавым журнале, а праз хвіліну алоўка таго нідзе няма — «сплыў» кудысьці сам па сабе...

Ты хочаш наліць у шклянку вады, але яна не цячэ ў тую шклянку альбо выскоквае з яе, як жывая, і павісае ў паветры зіхатлівым шарыкам...

А галоўнае, з самім табою ў бязважкасці робіцца нешта незвычайнае. Лёгкасці, на якую ты спадзяваўся, няма. Наадварот, галава цяжкая як бязмен, быццам цябе нейкая нячыстая сіла паставіла ўверх нагамі і не дае вярнуцца ў нармальнае становішча. Ты бездапаможны, як малое дзіця, якое робіць свае першыя крокі, цябе заносіць то ў адзін бок, то ў другі, ты баішся варухнуць нагой ці рукой, бо неасцярожны рух штурхае цябе кудысьці, закручвае на месцы, падымае ў паветра, ты не можаш зразумець, што з табою, дзе ты, і пакутліва чакаеш, калі мінецца, зваліцца з цябе гэтае незразумелае насланнё.

....Гэта я прыгадваю тое, што расказваў мне Пётр Ільіч Клімук пад час, калі мы працавалі над ягонай кнігай «Зоры — побач»,— толькі асобныя дэталі з яго незвычайнага, найцікавейшага расказу пра бязважкасць.

Згадзіцеся, што нават проста жыць у такіх умовах вельмі і вельмі нялёгка. Звычайныя працэсы чалавечай жыццядзейнасці абарочваюцца ў бязважкасці складанымі праблемамі. Паесці —праблема: баршчу з міскі, як на Зямлі, у космасе не пасёрбаеш, уцячэ твой боршч з талеркі ад першага дотыку лыжкі, і даводзіцца той самы боршч запакоўваць у тубу (накшталт цюбіка з зубной пастай) і выціскаць яго, як тую ж зубную пасту, проста ў рот. І вады папіць у бязважкасці — таксама праблема: пап’еш яе толькі з сасуда накшталт гумавай грэлкі са шлангам — шланг у губы, а грэлку паціхеньку сціскай рукамі, каб вада пацякла па шлангу і патрапіла табе ў рот.

І паспаць — праблема: прынамсі, не ляжаш там у пасцельку і не накрыешся коўдраю...

Праўда, з цягам часу ты прывыкнеш да бязважкасці: навучышся і есці, і піць, і спаць, навучышся хадзіць (дакладней — плаваць у паветры), выпрацуеш каардынацыю сваіх рухаў і адчуеш сябе фізічна лепей, не так, як у першыя гадзіны і дні бязважкасці,— прынамсі, цябе яна ўжо не будзе так прыгнятаць, аднак жа — яна, бязважкасць, застанецца, і ты нікуды ад яе не ўцячэш, і яна будзе табе напамінаць аб сабе штодня і штохвілінна...

Ну, а яны ж, Кавалёнак і Іванчэнкаў, не проста жылі ў бязважкасці доўгіх 140 дзён. Яны — працавалі. І як працавалі! За 140 дзён палёту яны зрабілі незвычайна шмат. Так шмат, што ажно сумненне бярэ — ці пад сілу гэта двум звычайным, зусім не волатаўскім хлопцам.

Прыгадаем сёе-тое з таго, аб чым паведамлялася ў перыядычным друку і што збольшага вядома ўсім нам.

Незадоўга да пасадкі Кавалёнак і Іванчэнкаў адправілі ў зваротную дарогу — праўда, не на Зямлю, а ў шчыльныя пласты атмасферы, дзе ён згарыць,— грузавы карабель «Прагрэс-3». Яны нагрузілі на яго 850 кілаграмаў адпрацаванага абсталявання, матэрыялаў і іншых адыходаў касмічнай вытворчасці. 850 кілаграмаў толькі адыходаў! Можна ўявіць па гэтым аб’ём самой касмічнай вытворчасці. Яны цалкам выкарысталі 1200 кілаграмаў грузу, што даставіў на борт «Салюта-6» яшчэ «Прагрэс-1», які разгружалі Г. Грэчка і Ю. Раманенка. І самі разгрузілі тры «Прагрэсы». І хоць пануе там бязважкасць, аднак жа разгрузка — занятак не з лёгкіх у самым што ні ёсць прамым сэнсе.

Аднойчы «Фатоны» (такія былі пазыўныя Кавалёнка і Іванчэнкава) адказвалі ў сеансе сувязі на пытанні чытачоў газеты «Правда». Сярод пытанняў было такое: «Напэўна, у бязважкасці лёгка перасоўваць разнастайныя прадметы, ніякіх намаганняў не трэба?» Іванчэнкаў на гэта адказаў сціпла: «Я гляджу на пальчаткі, у якіх мы працуем пры разгрузцы і пагрузцы «Прагрэсаў». Гума ў многіх мясцінах сцерлася. Так што даводзіцца прыкладаць намаганні...»

Чатырма камерамі розных тыпаў Кавалёнак і Іванчэнкаў адзнялі кіламетры (менавіта кіламетры!) кіна-і фотастужкі, на якой зафіксавалі многае з таго, што адбывалася на паверхні Зямлі, на борце «Салюта-6» і ў касмічнай прасторы. На ўстаноўках «Крышталь» і «Сплаў» правялі больш чым 50 тэхналагічных эксперыментаў, выканаўшы каля 60 плавак і атрымаўшы каля 50 розных рэчываў і іх мадыфікацыіі. Даследавалі яны 7 тэхналагічных працэсаў. Іх работа ў космасе дала багатую, падчас унікальную інфармацыю біёлагам, медыкам, гляцыёлагам (у прыватнасці, імі выяўлена невядомая раней заканамернасць руху ледавікоў у гарах Лацінскай Амерыкі), пажарнікам («Фатоны» назіралі 7 ачагоў буйных пажараў у Аўстраліі), вулканолагам, акіянолагам, метэаролагам і прадстаўнікам іншых галін навукі, тэхнікі, народнай гаспадаркі.

Разам са сваімі касмічнымі пабрацімамі — П. Клімуком і касманаўтам з Польскай Народнай Рэспублікі М. Гермашэўскім, В. Быкоўскім і касманаўтам з Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі З. Йенам — «Фатоны» правялі сумесныя даследаванні і эксперыменты, падрыхтаваныя вучонымі і спецыялістамі сацыялістычных краін.

Акрамя таго, «Фатоны» працавалі ў адкрытым космасе. Яны выходзілі ў космас не для таго, каб ліквідаваць нейкія ўзнікшыя непаладкі — іх не было за час палёту, комплекс працаваў надзейна, а каб па штатнай, гэта значыць, па складзенай яшчэ на Зямлі, праграме палёту праверыць на знешнім баку люка ўкладкі з так званымі герметыкамі, замяніць узоры розных відаў пакрыццяў, праверыць прыбор для даследавання мікраметэарытаў, а таксама замяніць біялагічныя ўзоры — скуру жывёлы, мікробы...

А яшчэ — перастыкоўка «Саюза-31». Што гэта значыць? Трэба было карабель «перавесці» ад аднаго стыковачнага вузла станцыі да другога, які знаходзіцца на супрацьлеглым баку і які вызваліўся пасля адчальвання «Саюза-29», каб мець магчымасць да першага стыковачнага вузла, да агрэгатнага адсека станцыі, прыняць яшчэ адзін грузавік «Прагрэс» з палівам для станцыі. Перастыкоўка ажыццяўлялася ўпершыню ў гісторыі касманаўтыкі. І яе задачы былі большыя, чым проста практычныя. Перастыкоўка ўвогуле патрэбна для работы з «Салютам» і, несумненна, спатрэбіцца для работы з іншымі станцыямі і караблямі. Аперацыя гэта — адно з тэхнічных выпрабаванняў арбітальнай сістэмы. І выканана яна была «Фатонамі» на ўзроўні вышэйшага пілатажу...

Работа ў космасе...

Яна мае не толькі навуковае значэнне. З кожным годам, з кожным новым палётам яна прыносіць усё большую практычную аддачу. Прыгадаем, напрыклад, двухмесячны палёт П. Клімука і В. Севасцьянава. З борта «Салюта-4» яны сфатаграфавалі 5,5 мільёна квадратных кіламетраў тэрыторыі нашай краіны. Эфект толькі гэтай іхняй работы вылічваецца ў 50 мільёнаў рублёў. Касмічныя здымкі ў 9 разоў выгаднейшыя ў параўнанні з іншымі метадамі здымак для картаграфавання. Акрамя таго, яны выкарыстоўваюцца для выяўлення новых месцанараджэнняў нафты, газу і руд, падземных водных басейнаў у пустынях. Касмічныя спадарожнікі аблягчаюць сувязь, даюць магчымасць мільёнам людзей на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе рэгулярна глядзець тэлеперадачы з Масквы і г. д. А галоўнае, бадай, заключаецца ў тым, што касманаўтыка дала магчымасць чалавецтву ў ходзе навукова-тэхнічнай рэвалюцыі зрабіць прынцыпова новы крок у вывучэнні не толькі сваёй планеты, але і ў спазнанні ўсёй Сонечнай сістэмы.

Гэтую практычную карысць працяглых палётаў пераканаўча пацвердзілі і «Фатоны». Вось што пісаў у «Правде» кіраўнік палёту, доктар тэхнічных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт СССР А. Елісееў пасля 100 дзён палёту Кавалёнка і Іванчэнкава: «На ўстаноўках «Сплаў» і «Крышталь», напрыклад, атрымана больш чым 30 разнастайных рэчываў, вытворчасць якіх у зямных умовах звязана са значнымі цяжкасцямі, а часам і зусім немагчыма. Між тым рэчывы гэтыя неабходны электроніцы, лазернай тэхніцы. Частка з іх перададзена ўжо для вырабу эксперыментальных прыбораў і прылад. За час свайго рэйса Уладзімір Кавалёнак і Аляксандр Іванчэнкаў выканалі каля 3 тысяч фатаграфій зямной паверхні ў шасці спектральных дыяпазонах, гэта значыць, зрабілі каля 18 тысяч здымкаў. Для аэрафотаздымкі такога размаху спатрэбіўся б не толькі непараўнана большы тэрмін, але, што істотна, давялося б атрымаць і апрацаваць у 900 разоў больш кадраў. Які рост эфектыўнасці працы!»

Дзеці Зямлі, яны, трэба думаць, сумавалі па ёй і аддавалі ёй шмат увагі не толькі ў час спецыяльных эксперыментаў і даследаванняў. Яны звярталі свой пагляд на Зямлю і ў нешматлікія вольныя хвіліны — проста любілі паназіраць за ёй, адшукаць абрысы знаёмых, родных мясцін, палюбавацца шчодрымі зямнымі фарбамі. І гэта прыносіла ім вялікае душэўнае задавальненне.

У згаданай ужо своеасаблівай прэс-канферэнцыі борт «Салюта-6» — Зямля, калі «Фатоны» адказвалі на пытанні чытачоў «Правды», Уладзімір Васільевіч Кавалёнак гаварыў:

— У пачатку нашага палёту палі былі зялёныя, пасля пачалі паступова жаўцець. У Казахстане можна заўважыць валкі на палях. Праглядваецца ход жніва ў Сібіры. Відаць, як мяняецца Зямля... Збажына паспела... Дарэчы, сёння падняўся раней і паглядзеў на Растоўскую вобласць: вось дзе перайначылася поле! І на поўдні Украіны... Упэўнены, што недалёка той час, калі касманаўты змогуць больш эфектыўна памагаць працаўнікам сельскай гаспадаркі.

Яны, бадай, як ніхто, вывучылі нашу Зямлю, бо ніхто да іх так доўга і так пільна не ўзіраўся ў яе і праз аб’ектывы фотаапаратаў, і няўзброеным вокам. І часта бачылі на ёй тое, што засмучала. І пра гэта яны таксама гаварылі людзям Зямлі.

Так, у час аднаго з тэлерэпартажаў Уладзімір Васільевіч адзначаў:

— Мы прызвычаіліся, што Зямля нас корміць і поіць. Але адсюль, з космасу, асабліва выразна відаць, што яна мае вельмі вялікую патрэбу ў чалавечай ласцы і клопаце. Мы пралятаем над велізарнымі пустынямі, над бязмежнымі акіянамі, якія час па-гаспадарску асвойваць на карысць чалавецтву. Для гэтага трэба аб’ядноўваць намаганні ўсіх краін, адшукваць сродкі за кошт спынення гонкі ўзбраенняў...

Асобным мясцінам Зямлі «Фатоны» аддавалі асаблівую ўвагу. Напрыклад, Паміру. Ён невыпадкова быў абраным раёнам гляцыялагічных даследаванняў з борта «Салюта-6». Справа ў тым, што тут знаходзяцца самыя буйныя ледавікі нашай краіны. А галоўнае ў тым, што гэтыя самыя гляцыялагічныя даследаванні тут звязаны з практычнымі патрэбамі: каб папярэджваць разбуральныя вынікі магутных водна-лёдавых лавін — селяў. А яшчэ таму, што вывучаць памірскія ледавікі з космасу лягчэй, чым якія-небудзь іншыя,— на Паміры многа сонечных дзён, малая воблачнасць. А працягласць палёту забяспечвала працягласць і рэгулярнасць назіранняў і фотаздымкаў, што давала магчымасць атрымліваць велізарны і каштоўны матэрыял аб росце, характары і паводзінах ледавікоў.

Працягласць палёту забяспечвала каштоўнасць і многіх іншых навуковых назіранняў. Спрыялі гэтаму і экіпажы наведванняў. Яны забіралі частку вынікаў праведзеных эксперыментаў і дастаўлялі іх на Зямлю, у лабараторыі вучоных. Дзякуючы гэтаму ў вучоных паявілася магчымасць уносіць у далейшае правядзенне эксперыментаў і назіранняў карэктывы і дапаўненні.

Так, у адным з рэпартажаў з Цэнтра кіравання палётам расказвалася аб супрацоўніцтве «Фатонаў» з... рыбакамі. Так, так, са звычайнымі рыбакамі, якія займаюцца промыслам рыбы ў адкрытых акіянах. На аснове фотаздымкаў і візуальных назіранняў «Фатонаў» былі зроблены пэўныя вывады не толькі аб тэмпературы марской вады, аб характары рачных вынасаў, аб назапашванні планктону, але і аб запасах рыбы. У выніку рыбакі атрымалі канкрэтныя рэкамендацыі, дзе лавіць гэтую самую рыбу, куды накіроўваць траўлеры, каб тралы былі паўнейшыя.

140 дзён і начэй...

Зрэшты, для іх — проста 140 зямных сутак, бо яны не ведалі там звычных для нас, зямлян, змен дня і ночы, у іх былі свае, касмічныя рытмы... Гэта — немалы адрэзак часу і для нас, прывыкшых жыць размераным, нармальным жыццём: хадзіць на працу і ў школу, адпачываць, наведваць тэатры і выстаўкі, сустракацца з сябрамі, ездзіць у камандзіроўкі і на экскурсіі ў іншыя гарады і раёны. «Фатоны» былі пазбаўлены ўсяго гэтага. Яны былі толькі ўдвух (не лічачы кароткачасовых адведак членаў экіпажаў «Саюза-30» і «Саюза-31»), у замкнутым асяроддзі, ва ўмовах кароткіх (15 разоў на працягу нашых зямных сутак) змен чорнай начы і зыркага сонца, сярод няспыннага патрэсквання розных рэле і нямоўчнага шуму сістэм жыццезабеспячэння, у палоне бязважкасці... Якімі доўгімі павінны былі здавацца ім гэтыя 140 сутак! І трэба было нястомна працаваць, ні на хвіліну не расслабляцца, не паддавацца роспачы, пачуццю звычайнай чалавечай стомленасці, несці да канца сваю нязменную рабочую вахту, абапірацца пры гэтым толькі на сябе і на таварыша. Ці ж гэта не мужнасць?!

Кавалёнак і Іванчэнкаў разумелі гэта... І не хавалі таго, што ім было нялёгка. Але толькі пасля, як скончылася іх касмічная вахта, як яны шчасліва прызямліліся. На трэці дзень свайго знаходжання ў Байкануры, у час сустрэчы з журналістамі, камандзір «Фатонаў» на пытанне «Што было самае цяжкае ў рэйсе?» адказаў:

— Работа.— І ўдакладніў: — Работа ў яе жалезнай паслядоўнасці. Уявіце сабе насычаны рабочы дзень на Зямлі. І што на працягу гэтага дня вам трэба ў строга вызначаны тэрмін — ні на мінуту раней, ні мінутай пазней — прайсці дзесяткі часавых пунктаў. Асаблівая пунктуальнасць і даецца цяжэй за ўсё.

А Іванчэнкаў дадаў:

— Цяжка, як заўсёды, самае простае. Цяжка заставацца самім сабой, пастаянна захоўваць той настрой, з якім пакідаў Зямлю. Бо 140 дзён — доўгі тэрмін. Часам думаеш: вось бы сёння не станавіцца на бегавую дарожку. Ці так, злёгку прабегчыся. Але злёгку нельга. Да поту, да салёнага поту! І толькі так...

Яны жылі адным жаданнем: выканаць заданне, апраўдаць высокае давер’е. Нават у тую, несумненна шчаслівую хвіліну, калі іх спускаемы апарат мякка дакрануўся да зямлі, калі ўсе клопаты і трывогі засталіся ззаду, Уладзімір Васільевіч думаў... Зрэшты, вось што ён сам сказаў пра тое:

— Вецярок на пасадцы быў ладнаваты, наш карабельчык паклала набок, так што я апынуўся ўнізе, а Саша наверсе. Усё ж, яшчэ да верталёта, я здолеў адчыніць люк, і такі салодкі зямны дух ударыў у твар, так закружылася галава! І я падумаў: вось цяпер — усё! Усё зроблена! Мы абяцалі справіцца з заданнем — мы справіліся з ім. Якое гэта шчасце, хлопцы: зрабіць усё, што магчыма зрабіць!..

Гэта быў подзвіг! Подзвіг у імя Радзімы, дзеля яе славы і велічы! І здзейснілі яго два звычайныя савецкія хлопцы, мае сучаснікі, можна сказаць нават — равеснікі, бо яны таксама з нашага пакалення, дзяцінства якога было апалена вайной,— беларус Кавалёнак і рускі Іванчэнкаў.

Гэты чалавечы подзвіг паўстае ў яшчэ большым гераічным святле цяпер, калі мы ведаем, што літаральна праз некалькі дзён пасля пасадкі Уладзімір Васільевіч Кавалёнак пачаў... падрыхтоўку да новага касмічнага палёту. І не да кароткага, а да працяглага, бо сам для сябе абраў менавіта такую работу ў космасе. -

Аднаго разу ён гаварыў журналістам:

— Бадай, толькі пасля першага месяца палёту я адчуў, што пачынаю працаваць на арбіце на поўную сілу. Больш заўважаеш, можаш паглыблена вывучаць тыя ці іншыя з’явы... Карацей кажучы, я належу да касманаўтаў-стаераў, аддаю перавагу доўгім дыстанцыям...

Ягоным навуковым клопатам пасля 140-сутачнага палёту стала даследаванне з арбіты прыродных рэсурсаў Зямлі. Гэты клопат паклікаў яго ў космас і трэці раз. Стартаваў ён 12 сакавіка 1981 года на караблі «Саюз Т-4» разам з бортінжынерам Віктарам Пятровічам Савіных, каб на другі дзень састыкавацца з арбітальным комплексам «Салют-6» — «Прагрэс-12» і працаваць на яго борце 75 не кароткіх касмічных, а доўгіх зямных сутак.

3

140 дзён правялі на арбіце «Фатоны», і ўвесь гэты час нёс кругласутачную вахту Цэнтр кіравання палётам (ЦКП). Кіраўнікі, спецыялісты, аператары Цэнтра рабілі ўсё для таго, каб двое на арбіце паспяхова выканалі праграму палёту, заставаліся іх дарадцамі і памочнікамі, клапаціліся аб тым, каб «Фатоны» былі ў курсе зямных спраў, каб не адчувалі сябе адзінокімі. Экіпажы наведванняў і «Прагрэсы» дастаўлялі на борт «Салюта-6» газеты, пісьмы і паштоўкі ад родных і блізкіх, пасылкі. ЦКП некалькі разоў наладжваў для «Фатонаў» тэлеспатканні з сем’ямі. У Цэнтры не забыліся нават на такую дробязь, каб з адным з «Прагрэсаў» паслаць на борт... гітару. Звычайную гітару, якая прынесла шмат радасці бортінжынеру Іванчэнкаву. Факт гэты, сам па сабе, не надта, бадай, і значны. Аднак жа ён красамоўны...

На сённяшнім этапе касмічных даследаванняў іначай нельга. Без цесных узаемадзеянняў з Зямлёй, без такой зямной падтрымкі і ўвагі працаваць у космасе цяжка. І не толькі — на сённяшнім. Гэта будзе мець не меншае значэнне і пасля, калі чалавек выправіцца ў падарожжа да іншых планет Сонечнай сістэмы. Як бы далёка ні сягнуў ён у прасторы Сусвету, яму, сыну планеты Зямля, немагчыма будзе парваць з ёю сувязь. Адчуванне таго, што яго на Зямлі памятаюць, думаюць і турбуюцца аб ім, надасць яму мужнасці, настойлівасці, упэўненасці ў сваёй сіле.

За гэты клопат і ўвагу да іх «Фатоны» былі надзвычай удзячны спецыялістам і аператарам ЦКП.

Калі Валерый Быкоўскі і Зігмунд Йен адляталі з «Салюта-6», дадому, Кавалёнак і Іванчэнкаў папрасілі іх перадаць у ЦКП пісьмо. Гэта быў ці не першы касмічны ліст, дакладней — ліст з космасу, атрыманы на Зямлі. «Фатоны» прызнаваліся ў ім у любві да ЦКП, выказвалі яму гарачую падзяку і ўдзячнасць за сяброўскія клопат і ўвагу. Аднак спецыялістаў Цэнтра найбольш парадаваў не змест пісьма, а яго тон — жартаўлівы, бадзёры, гарэзлівы. Калі «Фатоны» жартуюць, калі бяруць на ўзбраенне гумар — значыць, усё ў іх у парадку. Гумар — прыкмета добрага настрою, бадзёрасці, аптымізму, здароўя!

У касмічным лісце былі такія радкі: «Лятаем мы ад арыенціра да арыенціра, як і на самалёце. Але нам прасцей, чым лётчыкам. Бо калі мы захочам даведацца, дзе ляцім, то ціснем на клавіш і пытаемся ў ЦКП. І заўсёды «праз хвіліначку» адказ: «Ляціце між Еўропай і Азіяй», «Праляцелі Аўстралію, але яшчэ да Камчаткі не даляцелі дробязь з гакам». У лісце было і такое «адкрыццё», сфармуляванае Кавалёнкам і Іванчэнкавым: «Космас — гэта такая мясціна, дзе ніхто, акрамя касманаўтаў, не бываў».

І яшчэ — пра апетыт: «Калі дома ясі, што хочаш, дык тут, што ЦКП загадае...» На апетыт «Фатоны» не скардзіліся, але ўсё ж у гэтым жарце адчуваецца сум па незабытых зямных харчах...

Так, так, іх хапала там яшчэ і на тое, каб жартаваць. І гэта — хораша! І гэта — здорава!

Нават аб рэчах сур’ёзных яны часта гаварылі з усмешкай. Напрыклад, пра сустрэчу з метэарытам Уладзімір Васільевіч расказваў Зямлі так:

— У поле зроку трапіў мне аднойчы дзіўны прадмет, «галоўка» яго была з тэнісны мяч. За ім цягнуўся шлейф іскраў. Сфатаграфаваць не паспеў, была поўнач, калі ўсе нармальныя людзі спяць, а я падняўся паглядзець, як праходзіць плаўка ва ўстаноўцы «Крышталь». Потым падумаў: усё-такі вялікае шчасце, што метэарыт — а гэта быў менавіта ён — прайшоў міма...

У адным з рэпартажаў з Цэнтра кіравання палётам расказвалася аб тым, як Кавалёнак і Іванчэнкаў разгружалі «Прагрэс-4». К таму часу яны мелі багаты вопыт пагрузачна-разгрузачных работ, і вопыт гэты даваў ім магчымасць працаваць з агеньчыкам.

— Станцыя гатова для прыёму багажу,— перадае Кавалёнак.— Месца для размяшчэння дастаўленага хопіць...

— Рэзервнымі аб’ёмамі станцыі ў нас пераважна Валодзя займаецца,— дадае Іванчэнкаў.— У яго талент знаходзіць, куды змясціць які-небудзь прыбор. Прытым заносіць усё гэта ў вопіс. Так што «бухгалтэрыя» дакладная...

— Правільна, ён гаспадарлівы мужык, салідны чалавек,— смяецца аператар Цэнтра кіравання.

— Гэтай кемнасці нам, на жаль, на Зямлі часта не хапае,— падхоплівае жарт Кавалёнак...

Потым, калі разгрузка была закончана, касманаўты павінны былі прымаць душ — яны называлі яго «касмічнай лазняй». Нечакана Кавалёнак весела дакладвае з арбіты:

— Тут невялікае ўскладненне атрымалася. Вада ва ўстаноўцы «Колас» заставалася, дык, каб яна не прапала, мы яе выпілі. На брата прыйшлося па літра паўтара, баімся цяпер, што ў душавую не ўлезем!

— Ну, здароваму арганізму ўсё на карысць,— суцешыла Зямля.

Гэтыя жарты, сяброўскія кепікі былі добрай аддушынай у той сур’ёзнай, адказнай і велізарнай рабоце, якую выконвалі на борце станцыі касманаўты з дапамогай спецыялістаў ЦКП. У апошнія дні палёту шмат увагі аддавалася падрыхтоўцы «Фатонаў» да вяртання на Зямлю. Яны хутка адаптаваліся да бязважкасці і да апошняга дня захоўвалі высокую працаздольнасць. Аднак ім трэба было вяртацца на Зямлю і трэба было рыхтавацца да новых выпрабаванняў — да рэадаптацыі, а гэты працэс не менш складаны, чым адаптацыя на арбіце. Кавалёнак і Іванчэнкаў разумелі, што тут многае залежыць ад іх саміх — наколькі дакладна і акуратна будуць яны выконваць парады і рэкамендацыі спецыялістаў. І яны выконвалі гэтыя парады надзвычай старанна і пунктуальна. Даволі сказаць, што «Прагрэс-4» прывёз ім новыя эспандзеры і новы абутак — падэшвы ў старых чаравіках працерліся да дзірак.

У выніку Кавалёнак і Іванчэнкаў пасля вяртання на Зямлю вельмі хутка і досыць лёгка прайшлі шлях рэадаптацыі, ужо на другі дзень пасля пасадкі папрасілі ўрачоў дазволіць ім невялікую прагулку...

А на паўночным усходзе Міншчыны, у вёсцы Белае, што прытулілася да Зялёнай Пушчы, нёс бяссонную вахту другі — мацярынскі — Цэнтр кіравання палётам. Тут яна адна, Вольга Іванаўна, маці Уладзіміра Васільевіча, нязменна дзяжурыла ля «пульта». А пультам гэтым было яе мацярынскае сэрца. Хто і калі падлічыць сеансы гэтай сардэчнай сувязі! Мацярынскі пульт не выключаўся ні на хвіліну, нават тады, калі стома брала сваё і Вольга Іванаўна забывалася ў сне. Ёй і ў сне бачыўся яе сын, там, на арбіце, у халоднай маўклівай пустэчы, і нават у сне сэрца яе сціскалася ад болю, ад прагнага жадання: хутчэй бы, хутчэй бы, хутчэй бы...

Маці касманаўтаў...

Так, яны — маці герояў. Але ж ад таго, што сыны іхнія ўзлятаюць так высока, куды не даляцець і не дайсці, ім не лягчэй. Бо яны — маці.

Маці Клімука, Марфа Паўлаўна, пасля першага сынавага палёту, шчасліва абдымаючы яго, казала:

— Дзянёчкі лічыла, гадзінкі, калі ты ўжо вернешся. І радасна мне было за цябе, сынок, за тое, што ты з неба з усёй краінай, з усімі людзьмі бяседу вядзеш, і боязна. Гэта ж як падумаю, што ў тым тваім «Саюзе» нават крылаў няма, дык сэрца так і зойдзецца...

Так і Вольга Іванаўна — лічыла дзянёчкі і ночкі. А іх, гэтых дзянёчкаў і ночак, было надта ж многа, і доўжыліся яны, здавалася, бясконца. Да яе (і да бабулі Уладзіміра Васільевіча Ульяны Паўлаўны) прыходзілі і прыязджалі людзі, знаёмыя і незнаёмыя, зблізку і здалёку, віншавалі, гаварылі, што яны ганарацца яе сынам, супакойвалі, што ўсё будзе добра, а яна слухала, ківала галавой, дзякавала добрым людзям і, не саромеючыся, выцірала слёзы, а яны каціліся і каціліся...

Сёе-тое пра палёт сына Вольга Іванаўна ведала, канечне. Ведала, што ён сам рыхтаваўся да яго доўга, старанна і ўпарта — яна была ў сына ў Зорным гарадку і бачыла, што часта ён вяртаўся дахаты такім стомленым, быццам ад ранку да вечара махаў касою на лузе; ведала, што і карабель яго старанна рыхтавалі да палёту — сын пра тое расказваў неяк, і што ён там не адзін, а з таварышам, і што яны есці з сабой набралі ўсяго — самых розных бляшаначак і пакецікаў, аднак жа ўсё роўна кожны дзень не магла дачакацца, пакуль убачыць яго ў тэлевізары: каб жа хоць усё добра было ў іх, у тым доме касмічным!

І ў галаве матчынай круціліся неадступныя пытанні — а ці ж так пільна ўжо трэба гэтак доўга лятаць, а што ж там можна рабіць столькі дзянёчкаў і ночак, а ці ж ведаў ён, яе Валодзька, што яго на столькі пасылаюць туды, а ці ж можна гэта сказаць, папрасіць каго, каб хутчэй ён з таварышам сваім на Зямлю спусціўся?..

Пэўна, прыходзілі такія думкі да Вольгі Іванаўны. Аднак, думаецца, было і іншае. Жылі ў сэрцы гонар і радасць за сына: гэта ж не абы-хто, а яе сын так высока лятае, там, адкуль палова Зямлі відаць! І жыла вера ў сына, у яго розум і здольнасці: калі выбралі яго ў гэты палёт, дык, значыць, навучыўся ён кіраваць тым караблём лепш за іншых, значыць, не падвядзе сваіх настаўнікаў, як і раней нікога і ніколі не падводзіў!

І зноў, і зноў, каторы раз, перабірала маці ў памяці ўсе пражытыя яе Валодзькам гады...

Бачыла яго маленькім, немаўлём—як на руках з ім хавалася ад карнікаў у блакаду сорак трэцяга, як з ім жа, двухгадовым, страчала ўлетку сорак чацвёртага доўгачаканых вызваліцеляў...

Бачыла яго першакласнікам — у паркалёвай сарочачцы і картовых штоніках, з палатнянай торбачкай цераз плячо...

Бачыла жэўжыкам-пастушком, заядлым грыбніком і ягаднікам — журавіны на балоце збіраў Валодзя спарней за дзевак каторых...

Бачыла падлеткам — танклявым, хударлявым, што браўся з касой наперагонкі куды са сталейшымі хлопцамі...

Бачыла яго тым годам, калі скончыў ён на «выдатна» школу і паехаў паступаць у Ваенна-марскую медыцынскую акадэмію, ужо быццам і экзамены здаў туды, а пасля раптам перадумаў, забраў дакументы і падаўся ў авіяцыйнае вучылішча — змалку трызніў быць лётчыкам...

Бачыла яго курсантам, а пасля і лейтэнантам — як ён прыязджаў у Белае на пабыўку, і як стараўся ў тыя кароткія дні памагчы ёй і бабулі зрабіць што ў хаце і ля хаты, і як паважна ставіліся да яго суседзі, аднавяскоўцы...

Урэшце, прыгадвала, як жыла ў яго і ў нявесткі сваёй, Ніны, памагаючы глядзець унучку Іначку, і ўжо думала пра іх, пра нявестку і ўнучку — як яны там, без Валодзі, пэўна ж, таксама чакаюць не дачакаюцца,— і зноў скіроўвала думку ў неба, нават не ў неба, а ў той недасягальны, загадкавы, таемны космас...

І мацерыны пазыўныя сягалі туды, адшуквалі рукатворны касмічны дом, пранікалі скрозь яго надзейную браню-абшыўку і знаходзілі водгук у сынавым сэрцы...

Пэўна, і ў Кавалёнка там, на арбіце, не было таго дня, каб ён не прыгадваў Беларусь (колькі разоў пралятаў над ёй!), а ў ёй — родную вёсачку Белае, а ў ёй — маці, бабулю, дзядзькоў Івана і Мікалая, суседзяў, колішніх настаўнікаў і аднакласнікаў, сяброў і знаёмых.

А сяброў у яго на роднай Беларусі было шмат яшчэ і да старту, і кожны дзень палёту прыбаўляў новых — няхай для яго невядомых, але шчырых і адданых.

Родны край і людзі, сярод якіх чалавек гадаваўся і рос, застаюцца з ім назаўсёды. «Мілыя вобразы роднага краю» суправаджаюць яго на ўсіх жыццёвых дарогах — далёкіх і блізкіх. Можа быць, найперш на далёкіх. Самому мне не так і часта надаралася адлучацца ад роднага дому, тым больш — далёка, але і ў тыя кароткія ад’езды вельмі хутка лавіў сябе на думцы, што пачынаю сумаваць па любых сэрцу мясцінах, па дарагіх абліччах, нават, прызнаюся, па гуках роднай мовы. Што ж казаць пра чалавека, які на такі працяглы час апынуўся недасягальна далёка, далей, чым «на самым краі зямлі», увогуле не на Зямлі — у геаграфічным паняцці гэтага слова, а па-за Зямлёю, у касмічнай прасторы?!

Памятаю рэпартаж з касмадрома напярэдадні старту «Саюза-25». У камандзіра карабля хтосьці з карэспандэнтаў спытаў: «Каго б вы хацелі бачыць у гэтыя хвіліны побач з сабою?» І Уладзімір Васільевіч Кавалёнак, ні на хвіліну не задумаўшыся, адказаў: «Маю настаўніцу Ніну Міхайлаўну Валькоўскую ».

Я пазайздросціў ім абаім — і касманаўту, і ягонай настаўніцы.

Яму — што ў яго была такая настаўніца, выкладчыца роднай мовы і літаратуры, да якой ён праз гады збярог такую любоў, пашану і ўдзячнасць, якой пісаў з Байканура ў час свайго першага старту ў космас вось так: «Да старту засталося два дні. Мае сябры адправяць гэтае пісьмо з касмадрома ўжо тады, калі мой «Саюз» пачне адлічваць віткі вакол планеты Зямля. Аднаму мне вядома, што Вы зрабілі, каб сёння я быў на касмадроме. І цяпер я зноў і зноў прыношу Вам, Ніна Міхайлаўна, сваю шчырую ўдзячнасць за тое, што выклікалі ў маёй душы гэтую неадольную цягу да пазнання прыгожага, якая не пакіне мяне ніколі».

А ёй, Ніне Міхайлаўне Валькоўскай, пазайздросціў таму, што ў яе быў такі вучань. І было прыемна, што яна, дачка загінуўшых мінскіх падпольшчыкаў, канчала наш філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна...

Ну, а пры чым тут Зялёная Пушча, якая папрасілася ў загаловак гэтых маіх нататак пра касманаўта-2 з Беларусі?

Зялёная Пушча — гэта. лес паблізу вёскі Белае, у якім Валодзя Кавалёнак збіраў грыбы і журавіны.

А з другога боку той жа Зялёнай Пушчы прытуліліся Мачулішчы — вёсачка, у якой нарадзіўся і рос вядомы наш паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, мой аднакурснік і сябар Васіль Зуёнак. Ён таксама бегаў у Зялёную Пушчу ў грыбы, і яго рэха недзе перагуквалася з рэхам Валодзі Кавалёнка, хоць самі яны ў дзяцінстве і юнацтве так і не сустрэліся, і верш пра Зялёную Пушчу Васіль Зуёнак напісаў ужо тады, калі Уладзімір Васільевіч Кавалёнак другі раз паляцеў у космас, прысвяціўшы яго свайму слаўнаму земляку:

Зялёная Пушча — калыска мая —

Галінкаю памяці ў сэрцы.

Пад шатамі звонкімі хлопчык стаяў,

Куванне збіраў у вядзерца.

Зялёнае лета планетай плыло,

У дол прарастала карэннем.

На сцежках лясных распраўляла крыло

Касмічнае пакаленне.

І гэты час выспеў, і год надышоў:

Ракета ўразаецца ў просінь!

А дома — Мядзведзіца зорным каўшом

Зноў мары камусьці прыносіць.

Пад небам лясным — Падбярэззе і Клён,

І Белае — воблачкам тае.

Загадкава кліча ў палёт Арыён,

Зялёная Пушча — вяртае...

Гэты верш разам са сваім зборнікам «Нача» паэт паслаў Уладзіміру Васільевічу ў космас. Яго даставіў на борт «Салюта-6», разам з грузам, поштай, пасылкамі, сувенірамі для касманаўтаў, карабель Прагрэс-3». Уладзімір Васільевіч быў вельмі рады падарунку земляка. Ён з асалодаю чытаў вершы, у якіх натхнёна апеты і яго родны куток бацькоўскай зямлі.

Пасля, у адным з сеансаў сувязі, Уладзімір Васільевіч з хваляваннем гаварыў:

— Я атрымаў томік вершаў з «Прагрэсам» на сваёй роднай беларускай мове. Гэта вельмі для мяне прыемна, тым больш што паэт Васіль Зуёнак мой зямляк. Нашы вёскі побач, і мы ў лес у дзяцінстве хадзілі ў адну і тую ж Пушчу ў грыбы, але, праўда, не былі знаёмыя. І назва «Нача» — родная. Гэта рачулка, якая цячэ непадалёк ад нас. Невялікая, але вельмі маляўнічая. Прыемны сюрпрыз. Я, калі пралятаю над Беларуссю, заўсёды ўзіраюся ў родныя мясціны, спрабаваў нават знайсці гэтую рачулку Начу. Лічаныя секунды ляцім, а ў думках адразу ўяўляеш яе дубровы, палі, лугі, нават узбалоткі згадваеш, дзе грыбы давялося збіраць...

Зялёная Пушча — калыханка паэтаў і касманаўтаў.

Зялёная Пушча — маленечкі астравок у зялёным моры роднай Беларусі, які намагаўся ўгледзець з касмічнай вышыні Уладзімір Васільевіч Кавалёнак.

Зялёная Пушча, якая акрыляла хлапечыя мары, люляла ягоныя касмічныя сны і гукала, вяртала дадому...


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Гіль, М. Пасеянае – узыдзе.: Нарысы. [Для ст. шк. узросту]. - Мн.: Юнацтва, 1985. - 109 с.
Крыніца: скан