epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Капыловіч

Бацька і сын

Андрэйка стаяў на шашы і чакаў бацьку. Бацька рана прачынаўся, ездзіў на ўвесь дзень на работу некуды далёка за пасёлак і вяртаўся дамоў толькі позна ўвечары. Хлопчык напружана ўглядаўся ў шэрую глыбіню шашы, дрыжаў ад холаду — на дварэ ўжо стаяла сырая тужлівая восень. І раптам сам сабе ўсміхнуўся — з вільготнай смугі выплыла, вынырнула згорбленая постаць бацькі. Ён набліжаўся, хутка круціў педалі веласіпеда — думаў, відаць, што яго чакае сын, і спяшаўся. Бацька пад’ехаў, злез з веласіпеда, пасадзіў на раму сына, потым сам сеў, і яны паехалі.

— Даўно, Андрэйка, чакаеш? — спытаў бацька.

— Не,— схлусіў хлопчык, каб не засмучаць бацьку.— Толькі прыйшоў, а ты ўжо едзеш.

Яны трохі праехалі па шашы, потым звярнулі на лясную сцежку, пацямнелую ад вячэрняга змроку.

— Рана пачало змяркацца,— азваўся бацька.— На той год у такую пару ты пойдзеш у школу. Потым, калі трохі падрасцеш, куплю табе веласіпед. А там, глядзі, і машыну навучышся вадзіць.

— Тады буду вазіць цябе, тата, на работу.

— Добра,— згадзіўся бацька.— Чакаць засталося не так ужо і доўга. Гадоў дзесяць. Ты еў хоць што-небудзь? — раптам спытаў ён.

— Еў. Боршч.

Потым бацька маўчаў, і яны каціліся ў вячэрняй цішы асенняга лесу. За пралескам пачынаўся пасёлак, яны даехалі да двара, і бацька спыніў веласіпед, зірнуў на цёмныя вокны хаты і нічога не сказаў. Ён павёў веласіпед па сцежцы саду, а хлопчык ішоў ззаду, нейкі разгублены і ціхі: мабыць, ён заўважыў позірк бацькі — маці не было дома.

Яны ўвайшлі ў хату, уключылі святло. У хаце было непрыбрана. Бацька пайшоў мыцца, потым вярнуўся, зірнуў на гадзіннік і сказаў:

— Не дачакаемся яе. Будзем вячэраць.

Ён пайшоў у кухню, а сын пачаў завіхацца ля стала. Дастаў з буфета празрыстую настольніцу, відэльцы, нажы і талеркі. Хутка бацька прынёс з кухні патэльню з яечняй, памідоры, і яны пачалі есці. Бацька нехаця, марудна еў, думаў пра нешта сваё, можа, пра дарогу, якую будаваў у новы горад.

Андрэйка сказаў:

— Тата, давай пераедзем у горад. Тут сумна...

— Пераехаць не так, сын, проста,— уздыхнуў бацька. Яны зноў памаўчалі, потым бацька пайшоў у кухню, паставіў на пліту чайнік, а сын тым часам прыбраў са стала талеркі.

— Не так проста,— паўтарыў ён, вярнуўшыся.— У жыцці ўсё не так проста.

Хлопчык не зразумеў, што меў на ўвазе бацька, а можа, і разумеў, але цьмяна, адным сэрцам. Ён наогул шмат што разумеў, разумеў і тое, што маці пакінула іх, хоць і жыве з імі ў доме, кожную раніцу едзе на работу і вяртаецца позна ўвечары, гаваркая і таропкая, прыціскае яго да сябе, з такой нецярплівасцю, узахлёб цалуе, што заўсёды хочацца ад яе адхінуцца.

Бацька наліў сабе і сыну чаю.

— На той год пойдзеш у школу,— сказаў бацька, думаючы пра сваё.

— Будзем кожны раз раніцай ездзіць на веласіпедзе. Школа ж па дарозе. Будзем з табою заўсёды ўдваіх.

Бацька неяк дзіўна паглядзеў на яго, спытаў:

— Чаму толькі ўдваіх? А маці?

Хлопчык доўга глядзеў у сподак, нешта думаў, потым выдыхнуў:

— Цётка Валя кажа, што мы з табою цяпер не патрэбны маме.

— Наслухаўся,— буркнуў бацька.— Ці мала што гавораць людзі.

Андрэйка памаўчаў, потым зноў азваўся:

— Яна нас цяпер не любіць. Яна любіць дзядзьку Пецю. Яны разам ездзяць у горад. Ён заўсёды чакае яе на станцыі. Цётка Валя кажа, што пра гэта ўсе ведаюць, толькі адзін ты не ведаеш.

— Перастань! — сказаў бацька.— Нельга так гаварыць пра маму.

— Яна падманвае нас, тата,— вымавіў нечакана хлопчык.— Я не люблю яе больш. Я люблю цябе... Цёця Валя...

— Ніколі не слухай гэту цёцю,— перабіў яго бацька.— Ці мала што можа яна сказаць. Няма ёй што рабіць, вось і распускае розныя плёткі.

Сын зразумеў — бацька не хоча, каб ён гаварыў пра маці. Ён саскочыў з табурэта, дапамог бацьку прыбраць са стала. Потым яны пайшлі ў сад, пачалі хадзіць па сцежках. Бацька часта спыняўся, узіраўся ў цемень, і сын разумеў, чаму ён пільна ўглядаецца ў канец сцежкі.

Маці прыйшла дамоў толькі праз гадзіну, пачала, захлёбваючыся ад слоў, гаварыць, быццам апраўдвацца:

— Спазнілася на аўтобус. Цэлы час чакала. Ліда ўзяла ў кіно білеты, пайшлі пасля работы. Фільм быў доўгі...

Маці пераапранулася. Хлопчык чуў шолах яе сукенкі і ўсплёскі вады ва ўмывальніку. Потым падышла да яго, пяшчотна спытала, што сёння ён рабіў, прыціснула Андрэйку да сябе. Ад яе пахла духамі і нечым другім, калі цалавала яго. Хлопчык ведаў, што яна робіць толькі выгляд, быццам яго любіць, і зусім не верыў ёй.

Маці сядзела за сталом, ела яешню, але было бачна, што яна есць цераз сілу, а потым хлопчык пачуў, як бацька сказаў: «Ад цябе пахне віном» і маці хутка адказала: «Ліда купіла канфеты з лікёрам, з’ела некалькі іх і сапсавала сабе апетыт».

Маці не даела яешню, не захацела піць чай, заклапочана паглядзела на гадзіннік:

— Дзевяць гадзін ужо... Пара спаць, Андрэйка!

Калі ён лёг, прасунула пад коўдру руку, памацала Андрэйку, сказала: «Худзенькі ты нейкі», але ён моўчкі ляжаў і думаў пра тое, што маці гэта сказала толькі для таго, каб пачуў бацька. Рукі маці здаваліся зусім чужымі, і Андрэйка адвярнуўся да сцяны.

— Спі, сынок,— сказала яна, пацалавала сына ў шчаку.

Ён заплюшчыў вочы, маці трохі пасядзела ля яго і выйшла з пакоя. Потым у хаце стала ціха.

Хлопчык ляжаў і слухаў. Цішыня звінела, быццам у пакой наляцелі камары, і ён пачуў як бацька сказаў:

— Што будзем рабіць, Вера?

— У якім сэнсе? — спытала маці.

— У сэнсе нашага жыцця.

— Усё прыдумляеш і толькі здзекуешся з мяне,— сказала яна і захліпала.

У хаце зноў стала ціха.

Раніцай, калі маці яшчэ спала, хлопчык нацягнуў на сябе штаны і світэр, хуценька выйшаў у другі пакой, дзе на канапе спаў бацька. Было яшчэ зусім рана. Ён адамкнуў ключом дзверы і выйшаў на ганак.

Блішчала мокрая трава, і між дрэў стаяў туман. Хлопчык пайшоў у сад, пахадзіў адзін, згроб у кучу апалыя чырвоныя лісці. І раптам пачуў з хаты бацькаў голас:

— Андрэйка, што ты робіш у садзе? Чаму так рана прачнуўся?

Ён не мог сказаць, што збудзіўся, каб не праспаць, калі бацька паедзе на работу. Сёння яны зноў да шашы паедуць разам, і можна будзе нічога па дарозе не гаварыць, толькі адчуваць за плячом біццё бацькавага сэрца.

Бацька намазаў яму маслам вялікую лусту хлеба, паклаў на яе сыру, і яны сядзелі ўдвух за сталом і пілі чай. Потым бацька пайшоў да хлеўчука, выкаціў з яго свой веласіпед, адчыніў варотцы і пасадзіў сына на раму наперадзе сябе.

— Мы цяпер заўсёды будзем ездзіць раніцай, тата,— сказаў сын.— Я буду прачынацца заўсёды рана. І раней класціся спаць.

Веласіпед каціўся ў ранішнім халодным паўзмроку, сын сядзеў наперадзе бацькі, адчуваў спіною яго грудзі, грэўся аб іх, а рукі трымаў разам з бацькавымі на рулі, і яны разам кіравалі веласіпедам. Яны мінулі пралесак, і на шашы ўжо зусім развіднела. Бацька саскочыў з веласіпеда, зняў сына з рамы, паставіў на зямлю.

— Ты толькі едзь па сярэдзіне шашы, не зваліся ў канаву,— сказаў хлопчык, трывожна пазіраючы на шашу.

— Асцярожна буду ехаць,—адказаў бацька.— А ў тумане я ўключу агеньчык.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Капыловіч М. Дні ціхай восені: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 256 с.
Крыніца: скан