epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Капыловіч

На сваім селішчы

1
2
3
4
5


1

У Забор’е Мікодым Шкробат дабраўся на змярку і ледзь знайшоў мацерына селішча. Там, дзе стаяла хата, тырчаў абсмалены комін, ляжаў абгарэлы плот і буяла ў пояс лебяда. На ўзгорку, трохі ў бок ад папялішча, пабліскваў агонь, і ён падаўся туды. Падышоў, перавёў дыханне і стаў: убачыў зямлянку. Спярша Мікодым падумаў, што гэта капец — некалі бацька тут закопваў на зіму бульбу,— потым прыгледзеўся, заўважыў акенца на адну шыбіну, дым, які цадзіўся з-пад зямлі, і ўсё зразумеў: тут жыла маці. Ён доўга не асмельваўся заходзіць у зямлянку, стаяў перад дзвярыма, чуў, як моцна тахкае ў грудзях сэрца, потым асцярожна ўзяўся за дзвярную ручку, пацягнуў на сябе, прыгнуўся, каб не стукнуцца галавою аб нізкі вушак, і пераступіў парог.

На збітым з аполкаў стале дыміла і мігала капцілка, асвятляючы покуць. У зямлянцы стаяў змрок, і вочы доўга не маглі да яго прывыкнуць.

— Хто гэта? — На палку, які толькі цяпер у цемені разгледзеў Мікодым, заварушыліся, закашляла маці.

— Я, мама...— азваўся ён, паставіў у парозе чамадан і прайшоў далей, бліжэй да святла.

— Няпраўда, што ты...— Маці злезла з палка, угледзелася ў Мікодыма і кінулася яму на шыю, заплакала: — Сыночак мой! Думала ўжо, што не ўбачу. Вачэй не зводзіла з дарогі, усё цябе выглядала... Ох, Мікодымка мой, Мікодымка!.. Слёзы па табе ўсе выплакала... Не ўпалі дарэмна яны на зямельку... Прыехаў, дзякуй богу...

Маці разам плакала і смяялася, і Мікодым адчуў, як нешта гарачае паднялося з грудзей, моцна сціснула горла: стаяў, прытуліўшы яе да грудзей, і мацаваўся, каб не заплакаць самому.

Старая Мар’я адхінулася ад сына, пачала выціраць фартухом вочы:

— Не стой, сынок, прысядзь... Шчаўя зялёненькага налью табе... Больш нічога такога няма...

Мікодым прысеў да стала, маці паставіла перад ім міску, ён пачаў сёрбаць з драўлянай лыжкі і аглядаць мацерына жытло: жалезная печка ў кутку, сцены і столь з хваёвых неабчэсаных жэрдак, з якіх тырчаў мох, земляная падлога. Позірк яго спыніўся на покуце — там, за ручнікамі, цьмяна паблісквалі абразы.

— Не забыў, Мікодымка, як ты хацеў іх пазрываць і ў печ пакідаць?

Ён усміхнуўся:

— І дзе ты іх у вайну хавала?

— З сабою насіла.— Старая Шкробаціха сядзела па другі бок стала, не спускала вачэй з сына і ўсё ніяк не магла на яго наглядзецца.— Малілася перад імі ўсю вайну, прасіла бога, каб ты жывы і здаровы вярнуўся. І, бач, пачуў мяне гасподзь...

Мікодым павячэраў, адсунуў ад сябе парожнюю міску, спытаў:

— А дзе сама хавалася?

— Не пытай, сынок,— яна цяжка ўздыхнула, памаўчала.— Прыйшлі немчуракі, пачалі хаты паліць... Людзі давай у лес бегці, а яны па іх з кулямётаў... Багата пабілі і жанок і дзяцей... Тыя, што ўцяклі, жылі ў лесе... І я з людзьмі... І там не было спакою — аблава за аблаваю... Як на ваўкоў палявалі... Голад і холад мучыў, кару елі... Павылазілі з лесу, калі нашы прыйшлі... Пачалі, як краты, зямлянкі капаць... І от жывём у іх. Хочацца людзям і хаты ставіць, ды няма на чым дзерава з лесу прывезці... Ні коней, ні валоў не засталося. Нядаўна калгас сабралі... Цяпер мо коней з раёна дадуць...

Старая прыбрала са стала, пайшла да палка, доўга падбівала рукамі сяннік, каб мякчэй было сыну спаць. Калі Мікодым распрануўся і лёг, дзьмухнула на кволы агеньчык капцілкі і доўга яшчэ тупала па земляной падлозе.

 

2

Назаўтра ўбачыць Мікодыма прыйшоў дзед Пятрусь. Паздароўкаўся, стаў пытаць, як ваявалася, ці моцна немцы пад Берлінам трымаліся, потым пацікавіўся, колькі ордэнаў і медалёў прывёз. Не абмінуў Мікодыму расказаць, што сам ваяваў з немцамі ў тую вайну, добра арудаваў у атаках штыком, і нарэшце прызнаўся, што пад Аўгустовам трапіў у палон.

— Я немцаў, можна сказаць, не баяўся...— Дзед павеў далонню па сівой і пруткай, як купіна сіўцу, барадзе,— Раскажу пра адзін выпадак, які быў у мяне з немцамі ў гэтую вайну... Прыехалі яны раз на машынах зімою ў нашае сяло, паразыходзіліся нанач па хатах. І да мяне два прысунуліся. Маладыя такія, здаровыя бамбізы... Ляжу на печы, чую, як яны гергечуць у хаце: «Русіш ніхт верстэген Крыед фюгрэн...» Гэта па-нашаму значыць, што мы не ўмеем ваяваць. Не ўляжаў я на печы, калі пачуў такое. Злез, узяў у кавешніку чапялу, падышоў да аднаго, касавокага, ды і кажу яму па-нямецку: «Брэшаш, умеем біцца!.. Хочаш, пакажу... Бяры вінтоўку і выбі штыком з маіх рук чапялу... Пахвехтуемся...» Схапіў ён сваю ручніцу і кінуўся, як звер, на мяне... Злаўчыўся я, ляснуў чапялою па штыку — вінтоўка вылецела з рук немца і бразнулася на падлогу. Ён зразу атарапеў, вытарашчыў ад дзіва вочы, потым падышоў, паляпаў мяне па плячы: «Гут, салдат!» Паставіў я чапялу назад у кавешнік і зноў палез на печ грэцца.

Дзед Пятрусь змоўк, згорбіўся, абапёрся грудзьмі на грушавы кіёк, які трымаў у руках. Па яго вачах было відаць, што стары прыйшоў нешта прасіць, але ніяк не можа асмеліцца. Сядзеў, пазіркваў з-пад калматых, як вусні, броваў на Шкробата, зразумеў, што той не здагадваецца, чаго ён прыйшоў, і пачаў гаварыць напрамкі:

— Па справе прыйшоў да цябе, Мікодым...

— Па якой?

— От што...— Дзед падняўся з услона, разагнуў спіну, закрактаў: — Брыгадзірам я ў калгасе. Паставілі, бо не было каго паставіць... Мужчын не было, вайна ішла... А які, скажы, з мяне брыгадзір?!. Трэба бегаць, людзям загадваць на работу, а я ледзьве ногі цягаю. Восемдзесят ужо... Пісаць нарады не ўмею... Вочы не бачаць, што на полі цвіце — свірэпка ці грэчка... Якая, браце, карысць калгасу ад такога начальніка, як я?..

— Чым я магу вам дапамагчы? — не разумеў Мікодым, куды хіліць гамонку дзед, і перабіў яго.

— Ёсць чым... Хай бы ты, браце, схадзіў да нашага старшыні, папрасіўся быць брыгадзірам... Замест мяне... Цябе паставяць — граматны, малады... Схадзі, выруч маю старую душу...

Мікодым не думаў і не гадаў, што дзед такое скажа, і аж разгубіўся, пачырванеў:

— Як жа так, дзед... Хіба не ведаеш, што брыгадзіраў на агульным сходзе выбіраюць! Усім калгасам... Ісці і прасіцца?! Не-е... Самазванцам назавуць...

— Да вайны ты старшынёю быў,— стаяў на сваім стары,— калгас падняў... Цябе і без сходу выберуць у брыгадзіры.

— Не, дзеду, зусім не тое ты ў мяне просіш,— абарваў размову Мікодым.

— Не паспагадаў старому.— Дзед пакрыўдзіўся, махнуў рукою і паклыпаў да дзвярэй. На парозе спыніўся, глянуў на Мікодыма.— Буду сам прасіць, каб ты брыгадзірам стаў.

 

3

Старшыня калгаса Пятро Цэдрык сядзеў у канторы і чакаў каваля Гарасіма. Даўно ўжо паслаў хлопца ў кузню, каб пазваў яго, і от, бач, не прыйшоў ні адзін, ні другі. «Пашлі дурнога, а за ім другога»,— падумаў Цэдрык сам сабе, насунуў на галаву шапку і хацеў быў ужо ісці дамоў снедаць, як расчыніліся дзверы і цераз парог перакінуў спачатку дзеравяшку, потым ступіў здароваю нагою ў кантору Гарасім. Загрукацеў па падлозе пратэзам, падышоў да лаўкі і сеў. Быў ён увесь чорны ад сажы, адны вочы з-пад шапкі блішчалі бялкамі.

— Чаго зваў, Карпавіч? — спытаў каваль у старшыні і паклаў ля сябе палку.

— Сам добра ведаеш.— Цэдрык пачаў уваходзіць у злосць і гаварыць дрыжачым голасам: — Не куецца ў цябе, а плешчацца. Два вазы на кармакухні стаяць, ніяк шыны на абады не наб’еш. Гэта першы параграф. Капаніц няма, плугі не скляпаў... Гэта другі параграф... Гультая ганяеш, таварыш Гарасім... Трэці параграф!

— Якога гультая?! — Каваль стукнуў палкай сабе па дзеравяшцы.— Паскачы на адной назе, як верабей, ля кавадла... Скажы шчэ дзякуй, што і так хаджу на работу.

Старшыня загаварыў грамчэй:

— Ходзіш?!. Учора, ва-первых, кузню нават не адамкнуў.

— Учора мне з ложка ўстаць няможна было. Асколкі рэзалі ў паясніцы! — Гарасім злосна бліснуў на Цэдрыка бялкамі вачэй.— І не я, а ты прагуляў учора дзень... Яечняю закусваў у Хвядоры, песні роў да вечара.

Цэдрык аж падскочыў за сталом:

— Не тваё сабачае дзела!

— Не сабачае, а калгаснае дзела!

— Маўчаць, ва-ўтарых! Соткі адрэжу!

— Хутчэй цябе ад калгаса адрэжуць, чым мяне ад сотак,— сказаў Гарасім і пакульгаў да дзвярэй.

«От дай рады такім людзям,— разважаў сабе Цэдрык, ідучы дахаты,— што скажаш, у галаву не бяруць, на рогі лезуць. За вайну ад рук адбіліся, падзічэлі, управу на іх не знойдзеш. Не каб калгаснае да душы было. Так і хочуць усё рабіць на злосць старшыні. Трэба добра ўзяцца за іх, націснуць, каб дзесятаму заказалі, як не слухацца калгаснага галавы». Яго думкі вярнуліся да Гарасіма, і Цэдрык аж закалаціўся ўвесь. Убачыў, што ў Хвядоры быў!.. Нідзе ад вачэй не схаваешся... За хлеў нават не сходзіш — высачаць...

На вуліцы яго спыніў дзед Пятрусь:

— Цябе шукаю, Карпавіч.

Старшыня насцярожыўся:

— Што здарылася?

— Мікодым прыехаў.

— Шкробат? — Цэдрык трохі павесялеў.— Загадай, каб заўтра ішоў на работу ў кузню. Гарасім яе на замку трымае.

— Я не пра тое,— зняў шапку і пацёр лысіну дзед.

— А пра што?

— Ты некалі казаў, што аслабоніш мяне ад брыгадзіра, калі з вайны мужчыны папрыязджаюць. І от, бачыш, вяртаюцца. Мікодым чалавек на маё месца падхадзяшчы.

— Пойдзе, ва-первых, у кузню... А ты, ва-ўтарых, тупай па-маленьку ад двара да двара...— Старшыня заклапочана паглядзеў на дзеда: — Заўтра Прымак з раёна прыедзе. Каб усе людзі былі на полі. Як адна душа.

Сказаў і пайшоў далей.

Недзе недалёка ад вуліцы гаварылі. Цэдрык стаў, прыслухаўся, павярнуў галаву ў бок Аўдзеішынага двара і ўсё зразумеў: баба сабрала суседак паараць соткі, пакідаць бульбу.

Цэдрык ускочыў у двор, ступіў на загон, наперад жанок:

— Выпрагайцеся!

Жанкі пасталі, сталі выціраць хусткамі твары.

— Чаму ж гэта?

— Ва-первых, заўтра прыедзе Прымак з раёна і падумае, што я вас сілаю прымушаю у плуг лезці пры савецкай уладзе.

— Гэта ж вайна вінаватая... Немцы...

— На вайну, ва-ўтарых, не звальвайце...

— Учора ж на сабе ў калгасе аралі... Ты ж сам, Карпавіч, па дварах хадзіў і прасіў арцельную бульбу пакідаць. .

— Гэта ж калгасную... Тут прасціцельна. План... За зрыў плана па галоўцы не пагладзяць.

— А лапатамі капаць можна?

— Лапатамі — другое дзела... Тут ніхто не прыкапаецца...

Жанкі абступілі Цэдрыка, цяжка дыхалі яму ў твар, сталі гаварыць, што вясна канчаецца, што лапатамі хутка з соткамі не ўправішся і, калі не ўкінеш у пару бульбіну ў баразну, зубамі будзеш ад голаду ляскаць. Хораша прасілі, ласкава, а ён яшчэ горш раскрычаўся:

— Мітынг устроілі! Занясіце плуг на калгасны двор!

Жанкі пачалі разыходзіцца.

Цэдрык выйшаў на вуліцу і звярнуў на сцежку, якая вяла паўз засеянае калгаснае поле да самай яго хаты.

Ішоў і зноў стаў — на загоне граблася, рабіла калгасу шкоду нечая чорная чубатая кура. Цэдрык пашукаў вачыма на зямлі вакол сябе чым папусціць у куру, убачыў камень, схапіў яго, размахнуўся і сам не чакаў ад сябе трапнасці — чубатка кіркнула, заскакала на месцы, залапатала крыллямі і ўпала ў разоры. Ён падышоў, узяў яе за хвост і панёс дамоў. Мар’я, яго жонка, у гэты час на двары секла ў карыце свінням зелле. Цэдрык падышоў да яе, паказаў куру:

— Чыя гэта? Калгасны авёс грабла.

Мар я глянула на куру і выпусціла з рук сякач:

— Нашая! Уладзіў, гад... Ужо два яечкі знесла. У нядзелю купіла, дзяржала пад рэшатам, каб да селішча прывыкла, выпусціла пахадзіць, і вось на табе — забіў. Дзе ж твае вочы былі, каб яны табе павылазілі!

— Я ж не ведаў, ва-первых, што нашая.

Цэдрык стаяў разгублены перад жонкаю і апраўдваўся.

— Не ведаў ён! — Мар’я закалацілася ад злосці, вырвала з яго рук куру і тыцнула ёю Цэдрыку ў твар.— На, побач чыя, каб ты дарогі перад сабой не бачыў.

Старшыня ўтуліў галаву ў плечы і пайшоў у хату.

 

4

Мікодым прачнуўся яшчэ на досвітку, бо трэба было накляпаць касу, каб паваліць быльняк і палын, якія заглушылі ўсё селішча. Ён выйшаў на двор, сеў на калодку і стаў цюкаць па палатне касы. Каса была тупая, уся ў шчарбінках, і ён прайшоўся малатком па ёй два разы, каб давесці да ладу.

— Дзядзька, вас нейкі начальнік заве ў кантору... З раёна,— пачуў ён дзіцячы голас і падняў вочы.

Перад ім стаяў, аддыхваючыся ад хуткай хады, хлопчык з калматаю галавою. На ім была кашуля, пашытая з нямецкай плашч-палаткі, і палатняныя, задрыпаныя ў калошынах штаны. Ногі былі чорныя, парэпаныя ад гразі, і, калі не прыгледзішся да іх, можа здацца, што хлопчык абуты ў чорныя чаравікі.

— На легкавіку прыехаў,— сказаў хлопчык, каб Мікодым паверыў, што прыехаў не абы-які, а вялікі начальнік, і пабег, замільгаўшы парэпанымі пяткамі.

Мікодым паклаў касу і пайшоў.

Раніца была ясная, ядраная. З-за лесу вывалілася сонца, блішчала на траве раса. Ад яе быў сівы, быццам задымлены, мурог, які расплыўся па даўно няходжанай сцежцы, змакрэлы, цёмны зверху пясок на вуліцы. На пяску не было каляін ад калёс, слядоў коней, кароў, і вуліца здавалася Мікодыму старым пясчаным рэчышчам. Ціха. Не сакаталі куры, не прасіліся на пашу авечкі і свінні. Адно ганяліся адзін за адным па бур’яне і трашчалі вераб’і.

Калі Мікодым прыйшоў у кантору, старшыня райвыканкома Прымак распякаў Цэдрыка:

— Людзі ў зямлянках жывуць, сяўба зрываецца... Што ў цябе за калгас, пытаюся?

Цэдрык выцягнуў да раённага начальніка чырвоны, як бурак, твар і боязна, амаль шэптам, вымавіў:

— «Чырвоная Зорка», таварыш Прымак. Хіба не ведаеце?

Прымак грымнуў басам:

— Жарцікі строіш?

— Вы ж пытаеце, як калгас называецца.— Цэдрык пасунуўся на край лаўкі і ўвесь сцяўся.

— Ідзі збірай людзей на работу.

Старшыня калгаса кінуўся ў дзверы, бо рады быў, што скончылася начальніцкая прабіранка.

Прымак пасадзіў да стала Мікодыма, уздыхнуў — яшчэ ніяк не мог адысці ад гарачай размовы з Цэдрыкам.

— Як даведаўся, што я прыеду, схаваўся... Не мог знайсці Цэдрыка... Думаў, пакручуся тут па калгасе і назад паеду. Толькі от зараз брыгадзір недзе злавіў яго і прывёў у кантору... Ох і чалавек!

— Чаму ж калгас яму даверылі? — папытаўся Мікодым Шкробат.

— Не было людзей... Калі прагналі з раёна немцаў, у Забор’і два дзяды і ён засталіся. От і выбралі Цэдрыка...— Прымак памаўчаў.— Усю работу заваліў. Горшы калгас у раёне. Да вайны тут жыта, як чарот, расло. Помніш, Мікодым?

— Як жа не помніць, быў старшынёю.

— Выбярэм зноў цябе.— Прымак глянуў Шкробату ў вочы:—Дачуўся я, што ты адваяваўся, і от прыехаў сватаць на калгас. Даеш згоду?

— Ці давераць яшчэ людзі? — памаўчаўшы, азваўся Мікодым.

Прымак усміхнуўся:

— Я гаварыў з калгаснікамі. Прыходзілі сёння да мяне і самі прасілі, каб ты быў старшынёю. Ужо сход назначылі на нядзелю...

Шкробат уздыхнуў:

— Будзем брацца за работу...

 

5

Быльнік шкрабацеў па палатне, як дрот, і Мікодым ступаў з касою па двары і валіў яго ў рады. На папялішчы стаў касіць вышэй, збіваць толькі вяршкі зелля, бо баяўся выбіць аб цэглу, якая густа абрасла палыном, касу. Абкасіў комін і стаў — убачыў сярод абгарэлай, аж чырвонай тынкоўкі клямку ад спаленай хаты. Узяў у рукі, доўга мацаў, круціў у пальцах, адкорпваючы ад яе ржу. Прыгадалася, што некалі ў мароз яе зацягвала белым інеем, студзіла пальцы, калі выходзіў на двор, каб пакатацца на каньках; аднаго разу ў сцюжу ён даткнуўся да клямкі ротам — губы аж прыкіпелі да жалеза, не адарваць было іх.

Помніць клямка пальцы гасцей, што прыходзілі ў хату на радзіны, вяселлі і хаўтуры, помніць пальцы дзеда, прадзеда, братоў і пляменнікаў.

Па яе бразгаце ён азіраўся на дзверы — бацька ці не бацька зайшоў у хату?

Знаёмы бразгат клямкі...

Мікодыму памроілася, што і зараз чуе яго...

Шкробат панёс яе ў зямлянку, каб там дзе пакласці — яна будзе звінець на дзвярах у новай хаце.


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Капыловіч М. Дні ціхай восені: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 256 с.
Крыніца: скан