epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Капыловіч

Нінка Перагуд

1
2


1

Пасля абеду, калі спадала спёка і строгі наказ мацеры — завесці і прывязаць на выгане да колка цяля — быў выкананы, хлопчык ішоў да Перагудаў. Перад іх хатай прыгладжваў далонню каўнер картовай сарочкі і зломкам грабянца прыхарошваў свой чубок.

Ён сядаў на чысты, вышараваны дзеркачом парог нізкага ганка і чакаў. Іншы раз сядзець даводзілася доўга, але часцей з сенцаў выходзіла Поля, старэйшая сястра.

— Прыйшоў? — пытала яна з хітрыкамі ў вачах і, ведаючы наперад, што хлопчык нічога ёй не скажа, толькі ад сарамлівасці схіліць на плячо галаву, абнадзейвала: — Трохі пасядзі, яна хутка выйдзе.

І сапраўды, хутка выбягала з хаты на ганак сама Нінка. Зірнуўшы на госця доўгім, нібы лянівым поглядам, яна сядала побач з ім на парог.

Хлопчык ніколі не глядзеў на яе адкрыта, ніколі і не падглядваў і ўсё ж бачыў яе ўсю: і дзве цёмныя касіцы з выцвілымі лентамі, і сукенку, туга напятую на падобраныя пад сябе калені, і босыя ногі, роўненька пастаўленыя адна да адной. Самі сабою бачыліся яе вялікія вочы, якія бянтэжылі яго тым, што маглі доўга глядзець не мігаючы.

Яму добра было маўчаць каля Нінкі, гэта былі самыя шчаслівыя яго хвіліны. Дзеля гэтых хвілін ён кідаў усе свае забавы з хлапчукамі і прыходзіў з далёкай сваёй вуліцы на гэтую, на якой жыла Нінка.

Перад самым захадам сонца Нінка, намаўчаўшыся з ім, уставала з месца і казала:

— А цяпер ідзі. Хутка прыгоняць з пашы кароў, і мне трэба загнаць у хлеў Чарнуху.

Хлопчык пакідаў яе — ціха, моўчкі выходзіў ён са двара на вуліцу, так і не сказаўшы Нінцы ні аднаго слова, але цвёрда быў упэўнены, што заўтра прыйдзе сюды зноў.

Восенню яны пайшлі ў першы клас. Хлопчык прыкмеціў, за якой партай будзе сядзець Нінка, і выбраў сабе такое месца ў класе, з якога можна будзе заўсёды глядзець на яе.

Ці то спісваючы з дошкі словы і лічбы, ці то чытаючы буквар, ён заўсёды пазіркваў на сваю Нінку, а калі настаўніца тлумачыла ўрок, тут хлопчык не зводзіў ад дзяўчынкі вачэй — глядзеў доўга, прагна і ўпарта. Падабалася, як слухала Нінка ўрок: падперла далонькай пухлы тварык, ціха сядзіць, не варухнецца, нават не дыша; вочы яе глядзяць на настаўніцу не мігаючы. І здаюцца яны вельмі маркотлівымі, гораснымі. У такія хвіліны хлопчык асабліва востра ўсведамляў, што бацька ў Нінкі загінуў на вайне, а маці нядаўна памерла. І ў такія хвіліны ён гаварыў сам сабе, што абавязкова будзе абараняць яе ад усіх забіяк, нават ад Пеці Каршуна. І на перапынку, калі Каршун сыпаў налева і направа падзатыльнікі, калі дзяўчынкі пачыналі пішчаць, а хлапчукі змаўкалі ў кутках, хлопчык станавіўся каля Нінкі і не адыходзіў ад яе ні на крок. Ён добра ведаў, што Каршун мацнейшы за яго, ведаў, што, калі справа дойдзе да бойкі, гэты забіяка пераможа — ведаў гэта і Пеця, калі хлопчык спыняўся каля Нінкі, дык забываў, што ён слабейшы за Каршуна, сустракаў яго позірк не адварочваючыся, і той не крануў іх ні разу.

На абед маці засоўвала яму ў палатняную торбачку бульбяную аладку ці кавалак хлеба. Дарога вяла ў школу паўз агароды, хлопчык зварочваў на грады і ў затаптаных высахлых нітках агурэчніку знаходзіў яшчэ крывабокі заморак агурок або чырвоны памідор — для Нінкі. Цяпер трэба было злаўчыцца і пакласці гасцінец у Нінчыну сумку так, каб яна не заўважыла. Чакаць даводзілася доўга, на ўроку іншы раз і не пакладзеш, затое на перапынку такі выпадак надараўся пэўна. Вось Нінка пасля званка пачынала даставаць кніжку або сшытак з сумкі і... Яна марудна паварочвалася да хлопчыка, глядзела на яго, і вочы яе доўга і мякка свяціліся. Незаўважна для настаўніцы адкусвала агурок, і адна шчака ў яе трошкі прыпухала. І сэрца ад радасці замірала ў хлопчыка.

У тую зіму ў іх вёску прыехаў новы настаўнік — малады хлопец. Вясною ён жаніўся, узяў Нінчыну сястру Полю і звёз з сабою абедзвюх сясцёр у суседнюю вёску, Буйнічы. Тужліва стала яму без Нінкі. Некалькі разоў пасля яе ад'езду ён прыходзіў на вуліцу, дзе стаяла з забітымі вокнамі хата Перагудаў. Потым яе купіў новы гаспадар. Недалёка ад ганка ён паставіў будку і прывязаў да яе злоснага сабаку, і хлопчык зусім перастаў хадзіць на тую вуліцу.

Нінка ўспаміналася яму ўсё радзей і радзей...

А потым зусім забылася.

 

2

«Пешшу ісці ці чакаць машыну?»

Ззаду застаўся пакаты ўзгорак, дарога спусцілася ў даліну, потым зноў палезла на палетак, і ён убачыў спачатку крыж, потым памалу пачала перад вачмі выплываць з-за жыта царква. Але гэта будуць толькі яшчэ Буйнічы. За імі — шырокі хвойнік. З-за хвойніку адразу раптам вынырне Запясочнае, у якім дажываюць свой век яго бацька і маці. Да іх усё радзей і радзей даводзіцца з гадамі яму вырывацца з горада.

Максім прыкінуў у думках усе пятнаццаць кіламетраў знаёмай з дзіцячых гадоў пясчанай дарогі, падумаў, што чамадан нарве, адцягне яму рукі, але пайшоў. Ён яшчэ толькі выходзіў з гэтай вёскі, у якую прывёз яго аўтобус. Затравелая сцежка спачатку вяла яго паўз бульбу, што цвіла бэзавым колерам, потым пахіснулася да абымшэлага плота, за якім чэзнуў пакінуты вішняк.

З-за рэдкіх калкоў агароджы выйшла дзяўчынка і пайшла наперадзе Максіма гэтай жа самай сцежкай, што і ён. Ёй было гадоў шэсць, і ў руцэ дзяўчынкі пагойдвалася блакітнае вядзерца, напоўненае спелымі вішнямі.

Штосьці няўлоўнае ў яе паходцы прымусіла Максіма прытрымаць дыханне і сцішыць крокі, але дзяўчынка ўжо пачула ззаду сябе чалавека і асцярожна, марудна, нібы нехаця азірнулася.

Максім апусціў на зямлю чамадан — то была Нінка Перагуд. Дзве кроплі вады.

Не збаўляючы крок, не спяшаючыся, дзяўчынка зірнула на Максіма і пайшла сабе дамоў. Ногі яе танулі ў глыбокай траве. Цёмныя касіцы роўна ляжалі на плячах. Белы гарошак на кароткай, да каленяў, сукенцы, якая пералівалася і пакалыхвалася, вось-вось, здаецца, асыпецца на зямлю.

«Дачка. Ужо дачка,— толькі і паспеў падумаць Максім.— Але чаму «ўжо»? У мяне таксама сын. Вось колькі прайшло гадоў». «Чаму ў яе маркотны, як і ў самой Нінкі, позірк? — думаў ён.— Некалі я думаў, што ў Нінкі такі позірк ад сіроцтва, а аказваецца... Пачакай... Ці жывая ў гэтай дзяўчынкі маці? Як клічуць гэтую дзяўчынку? Чаму я не спяшаюся да яе, чаму не паклічу, не спыню і не спытаюся, чыя яна? Чаму гэта раптам усё ва мне адубянела?»

Нечакана Максім з вялікім здзіўленнем зразумеў, што за ўсе гэтыя гады ён не змяніўся. Аказваецца, ён і цяпер такі ж сарамлівы, як і ў тыя далёкія-далёкія свае гады. Калі б сеў ён зараз, як тады ў дзяцінстве, на парог ганка ўжо вось з гэтай новай дзяўчынкай, і паўторыцца тое ж, што было ў іх з Нінкай трыццаць гадоў назад. Ён зноў будзе, мабыць, гэтак жа маўчаць, ціха сядзець, па-ранейшаму будзе глядзець прама перад сабою і бачыць між тым вялікія вочы гэтай дзяўчынкі, яе касіцы і гэтую яе сукенку ў гарошак, якую дзяўчынка нацягне, канешне, на калені так, як некалі нацягвала Нінка.

«Ніякі я не Максім Пархімовіч, а той жа хлопчык са сваёй ціхай вуліцы... І як жа мы памыляемся, сур’ёзна думаючы, што нас зменьвае ўзрост! Мяняецца з гадамі колер твару, мяняюцца паходка і голас, а ў душы, у самай глыбокай яе сутнасці, мы застаёмся ўсё тымі ж хлапчукамі».

Пра ўсё гэта думаў ён, а сам усё ішоў і ішоў далей па сцежцы. Калі падняўся на ўзгорак і азірнуўся, нечакана зразумеў, што не можа ён далей ісці, не пабачыўшы сваёй Нінкі. Яна, маці гэтай дзяўчынкі, недзе жыве блізка тут, у Буйнічах. «Не, не трэба. Нельга»,— загадаў ён сам сабе. Няспынны час змяніў іх знешне, нешта беззваротна згубіў... Не, не гэтага баяўся Максім. Ён проста хацеў, каб у ім засталося назаўсёды тое светлае цнатлівае кволае пачуццё да Нінкі, якое не выветрылася за столькі гадоў з яго сэрца, жыло, як далёкі святочны ўспамін. І Максім баяўся згубіць яго. Хай жыве і ніколі не выходзіць з яго сэрца самая дарагая і светлая памяць, памяць дзяцінства.

А вёска ўжо далёка засталася ззаду. Звычайная вёска. Такіх на Палессі раскідана багата.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Капыловіч М. Дні ціхай восені: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 256 с.
Крыніца: скан