epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Капыловіч

Сяргей, сын Антолі

1
2
3
4
5
6


1

Ён прыехаў аўтобусам у Мазыр і свае два вялізныя, як скрыні, чамаданы ледзь давалок да плошчы — там быў прыпынак таксі. Свабодных машын стаяла аж тры, і ён падышоў да той, што была на чарзе першай. Вадзіцель сядзеў за рулём і драмаў, звесіўшы галаву на грудзі, і Сяргей паставіў на зямлю чамаданы, пастукаў у ветравое шкло:

— Да Буды давязеш? Дваццаць кіламетраў.

Таксіст ачомаўся ад дрэму, адчыніў дзверку:

— Колькі даеш?

— Пяцьдзесят рублёў...

— Колькі? — не паверыў, што так многа хоча заплаціць яму пасажыр.

— Што, цяпер аддаць?

Таксіст выйшаў з машыны, глянуў на Сяргея, яго багатую вопратку, новенькія чамаданы, падумаў, што пасажыр не жартуе з цаною, і сказаў:

— Ды не, я так. Сядай.

Увапхнулі ўдвух у багажнік чамаданы, селі і паехалі.

Горад застаўся ззаду, машына ішла мякка, падрыгвала толькі на выбоінах, і пад яе колы раскручвалася навошчаная гудронам шаша, што праразала сабою глухі і глыбокі лес. За акном таксі прамільгвалі, адляталі назад роўныя хлёсткія бярэзнікі, і калі Сяргей глядзеў на іх, зажмурваўся — у вачах пярэсцілася, скакала іх бель; з-пад калёс вырываліся і ляцелі ў лес дразды, над бярозамі ўразвалку ляталі, бы пакульгвалі на крыллі, удоды; з-за ветравога шкла ў кабіну цурчаў рахманы ветрык, ліўся па шыі, па твары, бегаў у валасах, і тамлівая цеплыня казытнула душу — ён зноў дома.

Таксіст пакручваў баранку, краем вока зіркаў на спакойны твар Сяргея і думаў: «Грашавіты, бач».

І не вытрымаў, асцярожна пацікавіўся:

— Вы напэўна, лётчык?

— Не, бульдазерыст,— Сяргей павярнуўся да таксіста.— А што, хіба на яго падобны?

— Летась аднаго лётчыка вёз па гэтай дарозе. Мне таксама заплаціў добра... От я і падумаў...

— І правільна падумаў,— засмяяўся Сяргей.— Я таксама лятун. Па беламу свету лятаю.

Таксіст кашлянуў і змоўк. Яму нешта не верылася, каб бульдазерыст так раскідваўся сваімі рублямі, якіх зарабляе не так багата. Ды і рублі гэтыя потныя. «Па беламу свету лятае. Можа, які жулік? Шчэ возьме ды і не заплоціць». І пашкадаваў, што не ўзяў грошы там, у горадзе. Сяргей закурыў і працягнуў цыгарэту таксісту. Той, калі прыкурваў, мяльком зірнуў на яго парэпаную, з пабітымі пазногцямі руку, яшчэ тлустую ад саляркі, і толькі цяпер паверыў, што пасажыр сказаў праўду.

І спытаў ужо вольна:

— Адкуль едзеш?

— З Якуціі.

— Ого! — выгукнуў таксіст.— Які чорт туды цябе занёс?

— Служыў і застаўся пасля арміі.

— І дзе там робіш?

— На прыіску. Благародны метал мыем. Золата.

— Ого! Жывое золата? Можа, з сабою вязеш?

— Гэ, гэ! — рагатнуў Сяргей.— Навошта яно мне... Мы дзяржаве — золата, дзяржава нам — грошы.

— У водпуск едзеш?

— Не, назусім. Да старой,— паважна адказаў Сяргей.— Астануся, ажанюся, дом пастаўлю. Хопіць цягацца. Крышка!

Сяргей з шыкам пад’ехаў на таксі пад мацерыну хату, расплаціўся з таксістам і выцягнуў з багажніка чамаданы.

— Сыночак мой родненькі, крывінка мая! — Маці выбегла з варот, абхапіла яго галаву рукамі, стала цалаваць, аж задыхацца, у губы, у вочы.— Прыехаў, дзякаваць богу!

І не адпускала ад сябе, далоні яе, шурпатыя, як таркі, гладзілі яго твар, і ў запалых матчыных вачах свяціліся слёзы.

— То хадзем, хадзем, Сяргейка, у хату.

Яна пабегла наперадзе, адчыніла варотцы, і Сяргей з чамаданамі праціснуўся ў двор. У хаце Сяргей распрануўся, памыўся з дарогі, прысеў за стол і стаў аглядаць хату. Адвык ад яе, і хата здалася трохі чужой: і столь ніжэйшая, рукою дастанеш, і вокны цямнейшыя, і печ паменшала, быццам асела. Устаў з-за стала, падышоў да чамаданаў і стаў распакоўваць іх.

— Табе, мама, гасцінцаў прывёз.— Ён выняў і паклаў на лаву паліто з цёплым рудым каўняром: — Гэта табе зімою на людзі выходзіць.— З дна чамадана ўзяў і паставіў на падлогу валёнкі і чаравікі, дастаў пуховую хустку, разгарнуў яе і працягнуў у рукі мацеры.— У Якуцку на базары купіў. Сорак рублёў адаў, насі на здароўе.

Старая Антоля глядзела на падарункі і саромелася нечага перад сабою, не ведала, дзе рукі дзець, і прыгаварвала:

— Божачка, божачка, столькі грошай зглуміў. Мне і ў гэтым старым добра. І ватоўка ноская шчэ ёсць і боты лятошнія... Лепш на сябе пусціў бы іх.. Такія грошы аддаў.

Трымала ў руках хустку і не ведала, што з ёю рабіць — пакласці куды ці на галаву прымераць.

— Грошай, мама, у мяне навалам... І табе трохі дам.—.Палез у кішэню пінжака, выняў пачак новых, шчэ непамятых дзесяцірублёвак і падаў іх мацеры.— Тут пяцьсот... Бяры, хай будзе... Дзірак, мабыць, багата ў гаспадарцы... І ўсе трэба пазатыкаць. Бяры, не праціўся...

Увечары адведаць госця прыйшоў Віктар, бібліятэкар. Некалі яны разам хадзілі ў школу, сядзелі на адной парце.

Старая Антоля выняла з печы чыгунок, у якім быў вытушаны ў бульбе, аж упрэлы, певень, напрагла яечні, нарэзала сала, прынесла з лёха міску агуркоў, Сяргей паставіў на стол дзве пляшкі спірту, і яны селі вячэраць. Чокнуліся, выпілі, яшчэ раз чокнуліся. Пачырванелі ад выпітага, і пачала завязвацца гаворка. Госць расказваў пра Поўнач, налягаў на бульбу і агуркі, бо даўно такой яды ў вочы не бачыў.

— Ты, мабыць, чуў, што ёсць мора Лапцевых... Шэсцьдзесят кіламетраў ад яго мая работа... На полюсе холаду... Там за год дзесяць месяцаў зімы... Паветра аж трашчыць, жалеза лопаецца ад марозу... Ты...— Сяргей зноў наліў у стограмоўкі, адным махам перакуліў сваю чарку ў рот, захрумстаў агурком. Хмель ударыў у галаву, і ён увайшоў у ахвоту гаварыць. Хацелася, аж душа свярбела, расказаць пра сябе, пахваліцца перад Віктарам.— Ты от у школе выдатнікам быў, кніжкі любіў, Гогаля і Талстога чытаў, а я на двойкі вучыўся... І што з гэтага стала, горш за цябе жыву? Лепш! І выпіць ёсць за што, і грошы на кніжцы вядуцца... Інжынеры менш за мяне палучаюць, от... Бо не баюся чорнай работы. Лодара не ганяў і не ганяю... Раблю як вол... Хто на галаву, а я на рукі маю талант... У школе па фізкультуры і па працы мне пяцёркі ставілі... Адгаблюю раму — настаўнік не паправіць... У мяне так: калі рабіць, дык рабіць, калі гуляць, дык гуляць...

Маці, якая дагэтуль ціха сядзела за сталом і слухала хлопцаў, не вытрымала, падтакнула сыну:

— Што праўда, тое праўда... Бывала, як дома быў, і хлеў перакрые і вароты новыя паставіць... Гора з ім не знала... І з дрывамі, і з сенам была... Рабацяга быў. Толькі от навука не ішла яму ў галаву...

— І добра, што не ішла,— Сяргей расхрыснуў на сабе сарочку, каб вальней было грудзям.— Правільна зрабіў, што школу кінуў... Да дзевятага класа не дайшоў бы, каб не маці... Не давала спакою: «Вучыся, сынок, у людзі выйдзеш». Выйшаў і без навукі... Трыста кожны месяц выганяю... А ў цябе, Віктар, які аклад?

— Семдзесят рублёў...

— Во, во! — засмяяўся Сяргей: — І тэхнікум скончыў... Здуваеш пыл з кніжак...

— Мне гэтых грошай хапае,— абазваўся Віктар.— Свой гурок вядзецца, бульбіна, скварка... І работа па нутру...

Яны падняліся з-за стала і выйшлі на двор праветрыцца, пакурыць.

Сонца ўжо спадала з неба за лес, прахалода нагортвалася на зямлю. Асвежаны летнім вечарам, на двары зелянеў мурог, у гародзе — бульба, а далей, у нізіне,— поплаў...

— Вочы адвыклі ад зялёнага... Даўно не бачыў... У нас там шэры мох.— Сяргей памаўчаў і таўхануў Віктара пад бок.— А як тут з жаночым персаналам?

— Настаўніцу летась маладую прыслалі... Фаінай Пятроўнай завуць яе.. Дзяўчына во, закачаешся...

— А што сёння ў клубе?

— Танцы.

— Пойдзем?

— Я жанаты... Схадзі сам...

— Пайшлі спірт канчаць...

— Мне ўжо досыць...

— Пасядзі для кампаніі. Я сам буду піць.

Яны пакурылі і пайшлі ў хату.

 

2

Ён вынырнуў з цемені ў белую паласу святла, што цягнулася з расчыненых дзвярэй клуба аж за ганак, прыслепавата прыжмурыўся, прыглядаючыся да людзей. Чуў, быццам у сне, недзе блізка ля сябе гаворку і смех, але тых, хто гаварыў і смяяўся, не бачыў — быў п’яны. Узлез раскарачаны на ганак, ступіў да дзвярэй, зачапіўся за нечыя ногі, пахіснуўся і, каб не ўпасці, схапіўся рукою за вушак:

— Што тут робіце?

— Танцуем, не бачыце,— азваўся нечы голас.

— А хто вы такія, так скаць?

— Хлопцы, хто ж.

Ён прыгледзеўся, убачыў падхлопцаў, якія стаялі ў цяні па абодва бакі дзвярэй і хіхікалі.

— Шпэндрыкі вы зялёныя, а не хлопцы. Марш адсюль! — І павёў перад сабою рукою.

Падлеткі крыўдзіцца не сталі, пастараніліся, бо ўбачылі, што чалавек добра недзе набраўся, ледзь языком варочаў. Ды і настырыцца з ім не хацелася — чалавек быў здаравенны і высокі, як шула, калі зачэпіць рукою, дык з ганка змяце. Сталі прыглядацца, каб пазнаць, хто такі: густая чупрына, тугі мардаты твар, рыжая барада і вочы, рачкатыя, чорныя. Апрануты быў ва ўсё новае, моднае. На ім быў дарагі блакітны плашч, чорны касцюм, белая сарочка, пад каўняром чырвоны і кароткі, як язык, гальштук.

— Ведаеце мяне? — грымнуў сабе ў грудзі п’яны.

— Не.

— Антолінага Сяргея не ведаеце?

— Чулі.

— То-та яно-та. Курыце?

Ён палез у кішэні плашча, выняў цыгарэты і працягнуў іх хлопцам:

— Бярыце... Маскоўскія...

Яны закурылі.

— Лавачніца ў клубе?

— Клава? Вунь сядзіць ля акна ў белай кохце,— паказалі хлопцы ў дзверы клуба.

— Шчас... Вып’ем з вамі... Каньяку...

Сяргей уваліўся ў клуб.

У клубе грымелі танцы, стаяла духата, і дзяўчаты часта выскоквалі на вуліцу астыць, аддыхацца пасля полькі, а хлопцы — перакурыць.

Ён павёў вачыма ў той бок, дзе сядзела лавачніца, і ўразвалку падышоў, сеў ля яе:

— Прадай каньяку!

— Што? — не зразумела Клава.

— Выпіць прадай.

— Зараз ноч.

— Адчыні магазін. За бутэльку два чырвонцы плачу.

— Заўтра прыйдзеш. Ідзі выспіся.

— Я...

І не дагаварыў, змоўк: перад вачмі, як на пласцінцы, закружыліся столь, людзі, пад грудзі падкацілася нешта нуднае, і ён цяжка падняўся з табурэта і, спатыкаючыся, пайшоў да дзвярэй. З ганка яго пад рукі ўжо звялі хлопцы, Сяргей адмахнуўся ад іх, даплёўся да плота і абапёрся на яго грудзьмі — жэрдкі трэснулі, лопнулі на сярэдзіне, і ён шуснуў у бульбоўнік. Патужыўся быў падняцца, але не хапіла сілы. Ляжаў, а ў вушах стаяла, як з-пад зямлі ішла, музыка, чуўся глухі гупат — у клубе адбівалі польку. І адкуль толькі дачулася, што з ім пагана, маці, прыбегла адразу, задыханая і мітуслівая, нагнулася над сынам:

— Ці не ўдарыўся ты, Сяргейка?.. Чула маё сэрца, чула... Хто ж цябе так напаіў? Божачка, божачка... Устань, сынок, дадому пойдзем... Усё новенькае вымазаў, выкаляў на сабе.

Зразумела, што адна яго не падыме, не завядзе да хаты, пабегла прасіць у клуб людзей, каб памаглі. Блытаючыся нагамі ў сваёй доўгай спадніцы, трушком пабегла і гаманіла сама сабе:

— Гэта ж так напіцца...

 

3

На другі дзень галава ў Сяргея аж трашчала, быццам на яе хто зверху цяжкі камень паклаў. Ціснула ў скронях, сушыла ў роце, ныла ўсё цела, што аж падняцца з ложка няможна было — як-ніяк бутэльку спірту за вечар выцадзіў. Маці падавала яму ў ложак кіслае малако, адпойвала гарачым чаем. Ён піў і ніяк не мог наталіць смагу. Спадручна было старой Антолі цяпер пагаманіць з сынам пра тое, пра што кожны раз думала, што не давала сэрцу спакою, і яна села на табурэт ля ложка, паглядзела на Сяргея:

— Годзе, сынок, па свету цягацца... Не давядзе цябе гэта да дабра. Што на чужыне той бачыш?? Бульбіны не з’ясі свежай, садавіны не бачыш...

— Затое грошы,— буркнуў Сяргей і павярнуўся тварам да сцяны.

— А які толк з тых грошай? — уздыхнула Антоля.— Усе распусціў, калі той раз прыязджаў. Паіў каго папала... Кожны чалавек табе таварыш, кожнага частуеш, а калі ў самога за душою капейкі няма, ніхто ў твой бок не гляне... На дармоўшчыну ахвочых багата. Не шануеш капейкі, хоць і цяжка яна табе дастаецца... Людзі як людзі жывуць, пажаніліся, дзяцей гадуюць, да свайго селішча цягнуцца, а ты...

— Ажанюся, мама, ажанюся,— пачаў усцешваць ён маці.— Вось толькі дзяўчыну знайду...

— Не адзін ужо раз гаварыў...

Яна пасядзела яшчэ, пачакала — мо сын што добрае скажа,— але нічога ад яго не пачула і пайшла да дзвярэй, бо на агародзе было багата работы.

Апоўдні Сяргею трохі стала лягчэй, ён падняўся з ложка, апаласнуў вадою твар, апрануўся і выйшаў на ганак. Пагода была ні сонечная, ні пахмурная, неба абцягнула смугою, і на ёй, як праз слюду, прасвечвалася, стаяла пляма сонца. Ён агледзеў двор. Ля паветкі грабліся ў трэсках куры, у карыце скакалі вераб’і, а ў старой бочцы, якая ляжала пад плотам, сядзеў, пільна глядзеў Сяргею ў вочы і віляў хвастом сабака — як свайму. Сяргей пашукаў вачыма будку, але яе не ўбачыў, пайшоў пад паветку, знайшоў дзве дошкі, нажоўку, цвікі і ўзяўся за работу.

 

4

У гэты вечар Сяргей не прапускаў ніводнага танца, запрашаў і запрашаў Фаіну Пятроўну ў круг, жартаваў з ёю, а калі сціхаў баян, праводзіў пад руку да лаўкі, сам прысаджваўся побач, заглядваў у вочы і гаварыў:

— На колішні манер танцуюць... Полькі ды кадрыллі... Пад баян... Не каб пад аркестр...

— У вас хіба лепшыя танцы? — усміхнулася Фаіна Пятроўна.

— Пад джаз... Шэйк, твіст поўным ходам...

— Тут любяць сваё.

— У атамны век...

— Некалі і вы круцілі полькі.

— Гэта ж некалі...

Баяніст зайграў марш, і ўсе рушылі да дзвярэй. Сяргей і Фаіна Пятроўна выйшлі з клуба і завярнулі ў вулку. У небе стаяў і падсвечваў похмаркі месяц, над поплавам вісеў, як марля, рэдкі туман, ноч была цёплая, парная, і дыхалася лёгка, вольна. Фаіна Пятроўна ішла, паглядвала на Сяргея, пыталася ў яго:

— І вы на аленях каталіся?

— Ха, аленіну нават кожны дзень еў.

— І паўночнае ззянне бачылі?

— Зімою над галавою вісіць.

— А якое яно?

— Калі скласці дзесяць вясёлак, будзе ззянне...

— А белыя мядзведзі вялікія?

— Большыя за карову...

— Зайздрошчу вам, Сяргей... Столькі ўсяго пабачыць...

— Паедзем са мною...

— Мяне ж сюды прыслалі ў школу...

— Тады я застануся тут... Ажанюся на вас, і — баста...

— Якая самаўпэўненасць! — Фаіна Пятроўна засмяялася ахвотна і шчыра.

Падышлі да хаты, у якой кватаравала настаўніца, селі пад акном на лаўку. Маўчалі, бо гаварыць не знаходзілі што, слухалі, як недзе на поплаве парыпваў драч. Так доўга сядзець ціха было няёмка адзін перад адным, нешта трэба было гаварыць, і першай абазвалася Фаіна Пятроўна:

— Драч дзяцей калыша... Калыскаю рыпіць...

— Гэта ён парцянкі дзярэ... Хоча пераабуцца...

Яна зноў засмяялася. Сяргей глянуў на мяккія пульхныя губы настаўніцы, круглыя каленкі, і нешта гарачае ірванулася з грудзей; увесь задрыжаў і не мог ужо стрымацца і абхапіў рукамі, загроб да сябе Фаіну Пятроўну.

— Нахал!

Ад аплявухі пагарачэла шчака, і покуль Сяргей уцяміў, што здарылася, апамятаўся, настаўніцы ля яго ўжо не было.

 

5

Вярнуўся з Мазыра ён аж на другім тыдні ўвечары. Маці даіла ля хлява карову, убачыла, што Сяргей на двары, падышла да сына і аж самлела ўся — белая сарочка была на ім расхрыстаная, парваная, пад вокам ляжаў вялізны сіняк.

— Божачка мой, хто ж цябе так?

— А-а, не пытай... У рэстаране хацеў правучыць аднаго... Набеглі яго дружкі.

— Каб іх гром пабіў на чыстай, на гладкай дарозе.

Павойкала, пабожкала, пакляла тых, што сына ўдарылі, працадзіла на ганку малако ў гладышкі і ўзяла ў рукі палку — трэба было загнаць у будку і прывязаць нанач сабаку. Падышла да бочкі, стукнула па ёй:

— Вылазь, ірад пракляты, каб цябе ваўкі ўклалі...

Сабака круціўся ў бочцы, ціха скуголіў.

— Вылазь, кажу! — старая Антоля мацней стукнула палкаю і — да Сяргея: — Будка прападае... Учора прывязала, дык усю ноч выў, спаць не даваў... У бочцы яму, бач добра... Напрасна толькі дошкі наглуміў...

Пакуль гаварыла, сабака выскачыў са свайго лежыва і шуснуў у агарод.

Яны пайшлі ў хату.

— Бачыў сваю знаёмую? — папытала маці.

— Замуж выйшла.

Пачаў хадзіць туды-сюды па хаце, хацеў нешта сказаць мацеры, ды не асмельваўся — баяўся пакрыўдзіць яе. І рашыўся, сказаў:

— Паеду я, мама.

Сэрца ў старой Антолі затахкала:

— Куды?

— Назад, у Якуцію.

— Зноў?

— Зараблю грошай і прыеду назусім... Даю слова...

— Як гэты раз.

— Што я тут буду без капейкі рабіць...

— Трактарысты і ў кожным калгасе добра зарабляюць...

— Якія там заработкі ў іх... смехата...

Сяргей падышоў да мацеры, глянуў ёй у вочы:

— Дасі мне на дарогу грошай... Свае патраціў... Толькі, богам прашу, не плач.

— На каго ты мяне пакідаеш? — Маці падняла рукамі фартух да вачэй і выйшла з хаты — яе душылі слёзы.

 

6

— Да грошай вялікіх прывык... Хіба ж яны на карысць яму — не трымаюцца ў кішэні. Дома рубель даражэйшы, надзейны, бо тут шануюць заробленае. Распусціўся... Без прыгляду... Без сваіх людзей... Ніхто не накрычыць, не падвучыць там, як жыць трэба.— Антоля ступала па вулічным пяску, выцірала ражком хусткі слёзы, скардзілася Віктару — яны толькі што правялі Сяргея на аўтобус і от зараз ішлі дамоў.

— Праўду кажаце, цётка...— Віктар дайшоў да сваёй хаты і спыніўся.— Свая зямля мае над чалавекам дысцыпліну... Перад нашымі людзьмі сорамна быць горшым, чым яны.

Яна адчыніла варотцы і ўвайшла ў свой двор. Пачала хадзіць ад хаты да хлява, не магла супакоіцца, села на цялешык, што ляжаў на дрывотні, уголас заплакала, і ніхто не бачыў яе слёз, і ніхто не мог памагчы мацерынаму гору.


1972?

Тэкст падаецца паводле выдання: Капыловіч М. Дні ціхай восені: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 256 с.
Крыніца: скан