epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Капыловіч

Сонечны лівень

1
2
3
4
5


1

Ён быў закаханы і паводзіў сябе пакорліва, як малое дзіця. Калі Тамара сказала, што хоча ўбачыць яго сяброў, Віктар адышоў ад акна, за якім ліў дождж, і зняў тэлефонную трубку.

— Прывітанне, качэўнік,— сказаў ён.— Пазнаў? Ты абяцаў учора прыйсці. Спраў заўсёды хапае. Прыходзь, я хачу цябе бачыць... Пазнаёмлю з Тамарай... Ага, з Томай.

Віктар паклаў трубку.

— Ён прыедзе пасля... Калі зможа...

Тамара паціснула плячыма.

— Ён на самай справе вельмі заняты?

— Ага. Мы працавалі некалі разам. Толькі я потым паехаў, а ён так і застаўся там, у тайзе... Сібірскі мядзведзь. Зда-р-овы... Паслязаўтра назад едзе... Прыязджаў у камандзіроўку... Быў на Палессі. У геолагаў...

Віктар абышоў стол. Тамара сядзела ў крэсле, і ён абняў яе ззаду за плечы. За вокнамі ішоў дождж, і ў пакой краўся змрок. Віктар пацалаваў яе ў шыю, а потым, адцягнуўшы каўнер світэра, у плячо. Ён улоўліваў пах тых жа духоў, што і паўгода назад, калі яны ўпершыню сустрэліся.

— Ты ведаеш, як я шчаслівы з табою,— сказаў Віктар. Ён заглянуў Тамары ў вочы, жартаўліва прыклаў руку да грудзей.— Я аддаю табе сэрца!

І схаваў свой твар у Тамарыных валасах.

— Ты ўжо раз аддаваў,— сказала яна.

— Дык у чым жа справа?

Тамара памаўчала.

— Сядзь там.— Яна паказала рукою на табурэт, які стаяў з другога боку стала.— Толькі перш адчыні акно.

Віктар падышоў да рамы, расчыніў яе насцеж, і ў пакой уварвалася густое шапаценне дажджу. Унізе блішчаў асфальт, слізгалі мокрыя парасоны і машыны. З вышыні яны здаваліся плоскімі. Было чуваць, як шамацяць шыны, стукаюць абцасы і глуха звініць у вадасцёкавых трубах вада.

Ён адшмаргнуў убок штору і азірнуўся. Віктару было за трыццаць. Ён насіў белыя сарочкі, модныя гальштукі, быў хударлявы, статны і молада выглядаў.

— Дзякую. Цяпер сядзь там.

Яна сачыла, як ён абходзіць стол. У яго быў шчаслівы твар.

Віктарава пакорлівасць раздражняла Тамару. У рэшце рэшт хіба трэба выконваць усе яе жаданні!

Віктар сядзеў насупраць. На ім добра ляжаў цёмны касцюм, з верхняй кішэні якога тырчала белая адпрасаваная хусцінка. Ён падтыкнуў пальцам угору, бліжэй да вачэй, акуляры, што спаўзлі на кончык носа, і зноў сядзеў нерухома, паслухмяна, як вучань, глядзеў на Тамару.

«У яго прыгожы твар...— падумала яна.— Тонкі і сімпатычны. Некалі гэта ўсё роўна павінна здарыцца... Так можна адной і звекаваць. Жыццё вельмі кароткае, каб яго пражыць так. А ён усё ж добры».

І спытала:

— Ты заўсёды будзеш такім уважлівым і паслухмяным, так?

— Заўсёды! — крыкнуў ён, ускочыў з табурэта і кінуўся да Тамары. Яна падняла руку.

— Пачакай, калі ласка, і сядзь там.

 

2

Антон не хацеў ехаць. Ён вельмі стаміўся за дзень і думаў пра тое, што трэба трохі паспаць, потым спусціцца ў буфет і павячэраць. Але ехаць прыйдзецца. «Я хачу пазнаёміць цябе з Тамарай,— ён усміхнуўся.— Відаць, па вушы закахаўся стары халасцяк». Яны сябравалі там, у Сібіры. Потым, калі Антон абзавёўся сям’ёю, а Віктар паехаў назад, у Мінск, ужо не сябравалі і толькі калі-нікалі бачыліся. У кожнага былі свае звычкі і свае інтарэсы. Дружба некуды знікла, пакінула толькі памяць пра сябе, якую Віктар працягваў называць дружбай.

Антон з сумам глядзеў на заплаканыя шыбы, потым скінуў чаравікі, прылёг на канапу: «Трохі паляжу... Пяць хвілін толькі».

Яго разбудзіў тэлефон.

— А-а... Ды не, я еду... Добра...

Ён паклаў трубку і пайшоў у ванную. Пасля халоднай вады вочы усё роўна засталіся заспанымі і стомленымі. «Няхай»,— падумаў Антон. Прычасаў валасы. Хацеў надзець гальштук, але раздумаў і закінуў яго ў шафу. Сыдзе і так.

Калі Антон званіў у дзверы кватэры, нумар якой назваў яму па тэлефоне Віктар, думаў, што прабудзе тут нядоўга. Гадзіну, не больш. Пасядзіць трохі і паедзе. Яму шкада было гэтага вечара, за які можна было шмат зрабіць.

Дзверы адчыніў Віктар, і Антон трапіў у калідорчык, цьмяна асвечаны лямпай, што гарэла ў пакоі на стале.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Антон сказаў:

— Хваліся.

Віктар прыклаў да губ палец, потым ціха прамовіў:

— Ты зусім недзе згубіўся. Праходзь.

І дапамог яму зняць плашч.

Антон правёў пальцамі па жорсткіх тугіх валасах і рушыў у пакой. Яму ўсё яшчэ здавалася, што ён не прачнуўся і ў яго заспаныя вочы.

Тамара сядзела ў крэсле бокам да дзвярэй. Антон убачыў яе твар з вялікімі бліскучымі вачыма і падфарбаванымі губамі. Потым зірнуў на рукі. Яны ляжалі на падлакотніках і былі маленькія і спакойныя ў косым святле настольнай лямпы. Круглыя і прыгожыя калені выпіналіся з-пад вузкай кароткай сукенкі. Потым яшчэ раз зірнуў на твар. Кірпаты нос і падбародак з ямкай рабілі яго зусім юначым.

Антон пакланіўся і адчуў, што санлівасць з яго як рукою зняло. Віктар падыходзіў ззаду:

— Знаёмся.

Антон паціснуў працягнутую руку. Яна была цёплай і зусім схавалася, патанула ў яго далоні.

— Гавораць, у вас багата работы? — Тамара глядзела на Антона, падняўшы насмешлівы твар. У яе быў высокі светлы лоб і кароткая з крутымі хвалямі прычоска.

— Чаго добрага, а гэтага хапае,— сказаў Антон і ўсміхнуўся. Ён выпусціў яе пальцы, якія ўсё яшчэ трымаў у руцэ, і павярнуўся да Віктара. Той стаяў і глядзеў на яго так, як глядзіць чалавек, які здзівіў прысутных нечым незвычайным.

Антон стукнуў яго па спіне і сказаў:

— Ты зусім не мяняешся. Па-мойму, нават маладзееш. і1ШІ9 ш|і|

— Так думаеш? — Віктар быў задаволены.

— Я падагрэю чай,— сказала Тамара і пайшла на кухню. Антон паглядзеў ёй услед. Яна была стройная і хуткая, як ластаўка.

— Жэнішся?

Віктар паціснуў плячыма.

— Я хоць цяпер.

— Віншую.

— Рана. Не клеіцца нешта, Антон.

— Сціплы вельмі.

Антон сеў у крэсла. Ён чуў, як на кухні звінелі шклянкі і з шумам цякла з крана вада. За акном стаяў мокры паўзмрок. А ў пакоі — мяккае святло. Два сталы — пісьмовы і круглы. Тахта і кніжная шафа з бліскучым шклом.

Антон закурыў і адкінуўся на спінку крэсла. Было спакойна і добра. Калі прыйшла Тамара, ён дапамог ёй паставіць на стол кубкі... Потым сядзелі насупраць за сталом і размаўлялі. Антон пасля не мог успомніць, пра што яны гаварылі. У памяці толькі засталося адчуванне нечага радаснага, прыўзнятага, як бывала ў дзяцінстве перад навагоднімі святамі.

Віктар паставіў на стол бутэльку віна, і яны пілі яго. Спачатку за сустрэчу, потым за Сібір, за работу і за ўсіх разам. І ў Тамары былі гарачыя і шчаслівыя вочы.

Антон расказваў пра тое, як у мінулым годзе ледзь не загінуў — заблудзіўся ў тайзе. Гэта была сумная гісторыя, але яна расказвалася весела, бо тут была Тамара і быў прыўзняты настрой. Антон чуў, як смяялася Тамара, улоўліваў далікатны, тонкі пах яе духоў, і яму было добра ад гэтага смеху, і ад мяккага святла лямпы, і ад размовы, нетаропкай і спакойнай, з доўгімі ненадакучлівымі паўзамі.

Потым яны пілі чай і напаўголасу спявалі песні. У Тамары быў цудоўны голас — мяккі і пяшчотны. Антон услухоўваўся ў яго, і яму не хацелася ісці скрозь дождж у пусты няўтульны нумар старой гасцініцы. Ён дакараў сябе, што не прыйшоў сюды ўчора. І думаў, што і сёння, магчыма, не трэба было яму сюды прыходзіць. Тады ўсё засталося б, як і раней, на сваіх месцах. Прыйшло ў галаву, што трэба падняцца, развітацца, і тады ўсё зробіцца звычайным і спакойным — спакойны дождж, спакойная вуліца, апусцелая за ноч, спакойная гасцініца з заспаным швейцарам ля ўвахода.

Ён вырашыў, што трэба ісці, але яшчэ нейкі час сядзеў, дакурваючы цыгарэту, і глядзеў праз блакітны дым на Тамарыны рукі, маленькія і лёгкія, якімі яна перастаўляла на стале кубкі.

— Хочаце яшчэ чаю? — спытала яна і паглядзела Антону ў вочы. Ён зірнуў на цыгарэту, убачыў, што яна дагарэла да самых пальцаў, і сказаў:

— Не, Тамара, дзякую, мне пара.

— Можа, пасядзіце яшчэ. На вуліцы дождж.

У яе былі цёмныя сумныя вочы.

Антон падумаў, што ўсё ж трэба ісці. Ён паглядзеў у акно і сказаў, што дождж не перачакаеш і да раніцы. Потым падняўся і падзякаваў ёй. Віктар таксама ўстаў. Хутчэй за ўсё ён хацеў правесці Антона толькі да дзвярэй, але Тамара сказала:

— У такім выпадку табе таксама пара.

Яны апранулі плашчы і моўчкі спусціліся з лесвіцы.

На вуліцы гарэлі ліхтары, і дажджавыя кроплі, пралятаючы ля іх, мільгалі срэбнай машкарой. Ліхтары адлюстроўваліся ў мокрым асфальце.

Антон спыніў таксі амаль ля самага пад’езда, развітаўся з Віктарам і паехаў. Сядзеў на заднім сядзенні, глядзеў, як шчоткі змятаюць з лабавога шкла машыны дажджавыя кроплі, і адчуваў, быццам скончылася свята. Быццам у апошні раз загарэліся і патухлі агні навагодняй ёлкі, а яе, голую і аблыселую, вынеслі з дома і кінулі ў снег. І ў пакоі зрабілася прасторна, пуста і будзённа.

Антон пацягнуўся за цыгарэтай у кішэню і, калі ўзяў яе з пачкі губамі, адчуў пах Тамарыных духоў. Ён не выветрыўся яшчэ з пальцаў пасля развітання, захаваўся, і Антон не стаў прыкурваць, бо яму не хацелася, каб гэты пах знік. Ён зноў успомніў, як, увайшоўшы ў пакой, убачыў Тамару — вельмі тоненькую, з прыгожымі вялікімі вачыма, з хуткімі рукамі. І зрабілася трывожна і неспакойна.

Ён павольна падняўся ў свой нумар. Не здымаючы плашча і не запальваючы святла, расчыніў акно і доўга ля яго стаяў, услухоўваючыся ў таропкае і густое стукаценне кропель дажджу па вадасцёкавай трубе.

Горад засынаў, і тухлі вокны, і Антон глядзеў, як слепнуць дамы і як чырвонымі іскрамі праносяцца па вуліцы рэдкія машыны.

Потым ён прыкурыў і зноў адчуў пах Тамарыных духоў і ўжо больш не вагаючыся, пацягнуўся да тэлефона. Ён паставіў яго на падаконнік так, каб на яго падала святло вулічнага ліхтара, і набраў нумар.

 

3

«Як гэта дзіўна»,— думала Тамара. Яна распранулася і, не выключаючы святла, легла ў пасцель. Акно пакінула незачыненым, і ў ім злёгку варушылася штора.

Тамара ляжала на жываце, апусціўшы падбародак на рукі. «Як гэта дзіўна...»

Калі ён званіў, каб папрасіць прабачэння, што не прыйдзе, яна ўзяла трубку. І ўпершыню пачула яго голас. Ён быў глыбокі і мяккі, як цемень за расчыненым акном. І абыякавы. Гэта пакрыўдзіла яе. І ўсё-такі ў думках яна ўвесь час вярталася да гэтай размовы — кароткай і нязначнай. І хацела ўявіць сабе Антона па расказах Віктара і па голасу, які пачула ў трубцы. Але з гэтага нічога не атрымалася. Проста тое, што гаварыў Віктар, ніяк не хацела сумяшчацца з тым, што ёй уяўлялася па голасу.

А потым ён прыйшоў, быццам нешта павінна здарыцца. І яна ніяк не магла пазбавіцца ад гэтага адчування нават пасля таго, як усе разышліся і ўжо нічога не магло адбыцца. Яна разумела, ведала, што ўжо позна, што пара спаць і што трывожнае адчуванне чакання проста ашуквала яе. І ўсё-такі яна не патушыла святло і ляжала з расплюшчанымі вачыма. І глядзела ў вільготную цемень за акном. І ўслухоўвалася ў ціхі шэпт дажджу. І ўспамінала. Спачатку, як ён увайшоў і затрымаўся на момант ля дзвярэй. А потым зайшоў у пакой і пакланіўся. І тады яна ўбачыла ў яго нізка схіленай кучаравай галаве бліскучыя кроплі дажджу. Яны заблыталіся ў густой чупрыне.

У яго была буйная галава і чырвоны твар з моцным носам, вялікім ротам і рэзкімі, упартымі губамі. Твар, апалены ветрам. Ён падняў яго, і Тамара ўбачыла вельмі светлыя і стомленыя вочы.

...А потым яны сядзелі за сталом і гаварылі. І ёй было добра сядзець, слухаць і нешта балбатаць не задумваючыся. І глядзець на яго рукі, загарэлыя, аж да закасаных рукавоў. Гэта былі прыгожыя моцныя рукі. Не жылістыя, але вельмі моцныя і ласкавыя. Яна адчувала гэта, і ўвесь вечар ёй хацелася прыціснуцца да іх шчакой і на момант адчуць сябе маленькай і залежнай ад гэтых рук, ад іх добрай і ласкавай сілы.

Гэта было дзіўна і нечакана, але нічога не магла з гэтым зрабіць. І, заплюшчваючы вочы, зноў і зноў бачыла іх і цясней прыціскалася падбародкам да падушкі, стараючыся адагнаць ад сябе трывожнае адчуванне нечага.

Калі дзынкнуў тэлефон, яна, не ўстаючы, схапіла трубку і адчула, як забілася сэрца.

— Алё! Алё!

Трубка маўчала, і яна ўслухоўвалася ў яе доўга і пільна, як услухоўваюцца ў цішыню. Трубка маўчала, і тады яна нясмела сказала:

— Антон?

— Прабачце, Тома. Я разумею, што вельмі позна.

Яна паспешліва адказала:

— Не, не, я не сплю. Гаварыце.

— Я хацеў сказаць вам дзякуй... За вечар... І яшчэ... мне было вельмі добра з вамі, Тамара,— у трубцы дрыжаў яго голас.

— Мне таксама было добра. Мне ўсё здавалася, што вы пазвоніце. Я не спала.

— Я пазваніў... Мне хацелася пачуць ваш голас. Можаце прыняць гэта, як прызнанне ў каханні,— сказаў ён з сумнай усмешкай.— Для мяне гэта не страшна. Я ад'язджаю паслязаўтра.

— Так. Для вас гэта не страшна.

— І таму я скажу вам...— Ён памаўчаў.— Я да гэтых пор чую пах вашых духоў. Я ўспамінаю ваш твар. Мне вельмі хацелася чуць ваш голас.

— Мне таксама. Я не хачу, каб вы ехалі...

 

4

— Я думала, што так бывае толькі ў кнігах. У старых раманах. І раптам...

Яны стаялі на мокрай платформе, каля вагона, а вакол снавалі рознакаляровыя плашчы і вастраверхія капюшоны. І парасоны. Стаялі вельмі блізка адно ля аднаго, і кроплі дажджу плылі па іх тварах.

— Я таксама думаў.— Антон пацалаваў яе пальцы і сціснуў іх у далонях.— Увесь час прыгадваю, як не хацеў ісці і як потым прыйшоў сонны і сумны. Увесь сон прапаў, калі раптам убачыў цябе,— ён змоўк.— Вельмі няёмка перад Віктарам.

— Пра што ты гаворыш? Мне, каб разабрацца і зразумець, трэба было, каб так здарылася.

— Таварышы пасажыры! Да адпраўлення поезда застаецца дзве мінуты. Просім вас заняць свае месцы, а праважаючых выйсці з вагонаў!

Ён сціснуў ёй віскі і, нахіліўшыся, пацалаваў у шчокі. Яны былі мокрымі. Потым Антон пацалаваў яе ў губы. І адчуў сам, як у яго накіпаюць слёзы, і ўбачыў, які ў яе разгублены быў твар, калі яна сказала:

— Ну вось і ўсё. І больш нічога. Толькі памяць. Бывай!

Тамара прыўзнялася на наскі і моцна пацалавала яго, абхапіўшы рукамі за шыю.

— Дзякую!

Потым павярнулася і пачала праціскацца сярод бліскучых ад дажджу плашчоў і парасонаў. Антон кінуўся ўслед, але цягнік крануўся, і ён ужо на хаду ўскочыў у тамбур.

 

5

Ён сядзеў ля акна ў паўпустым рэстаране і глядзеў, як таропка слізгацяць упоперак шкла змейкі дажджавых кропель. І ўспамінаў Тамарын твар з дрыжлівымі губамі, яркімі і салёнымі ад слёз. Прыкрыўшы далонямі твар, дыхаў пахамі духоў, што засталіся на іх, і ў яго быў адчайны настрой. І Антон не ведаў, як ад яго пазбавіцца. І думаў пра тое, што недзе бокам, стараной прайшло яго юнацтва, якое забыў, і каханне, кароткае і апантанае, як сонечны лівень, прадбачыць якога нікому не дадзена.


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Капыловіч М. Дні ціхай восені: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 256 с.
Крыніца: скан