Песня родная наша,
Я знайшоў цябе ў кнізе.
І прашу-заклінаю:
На вячоркі вярніся!
Ты прыходзіла з прасніцай.
Вераценца люляла -
І ўсміхалася, ясная,
І тужыла, бывала.
Ты сядзела за кроснамі,
З успамінамі спетая,
Вечарамі марознымі
Адлучалася ў лета.
Ты палотны адбельвала,
Каб глядзеліся казкай,
Упрыгожвала беднасць
Ручнікамі ды ласкай.
Ад маўчання сасмаглая,
Не тулілася збоку,
А хусцінкай узмахвала
І пускалася ў скокі.
Дык чаму ж ты, жывая,
Заняпала пакрыху,
Як нямая, хаваешся
У фальклорную кнігу.
Ціха падаюць-плачуць
Над радзімаю зоркі -
Не працуюць, не скачуць,
Не спяваюць вячоркі.