epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Нікановіч

На мяжы загонаў

На захадзе павольна завяла сонца.

Сціх вецер. Сінія і мяккія, як кудзеля, змрокі боязка ляглі за густымі каноплямі, за гумнішчам. Апала дзённая спякота, і паветра зрабілася густое, як туман, і пахучае, як затануўшыя ўдалечыні за маўклівай ракой жытнія прасторы.

Я, расхлістаны і прыемна стомлены ад дзённай працы, сяджу на ганку і гляджу перад сабою за вішнёвы сад, за паплавы, за сцены цёмна-залацістага жыта. Мне хочацца думаць аб тым, што я зрабіў сёння, што будзе зроблена мною заўтра. Ад гэтых думак і меркаванняў мне радасна і пачуцці ў мяне такія слаўныя.

Мо гэта яшчэ і таму, што заўтра, калі ападзе раса, мы будзем звозіць снапы са свайго палетка, дзе побач разаслаліся, як скінуць вокам, абшары жыта жыдоўскае камуны, і па гэтых абшарах заўтра, пад жняярку, будзе вязаць снапы Саня.

Я ўбачыў яе толькі нядаўна. Выпадкова неяк сышліся ў сельсавеце па сваіх асабістых справах. Седзячы за даўгім, залітым чарнілам, брудным сталом, яна доўга на мяне глядзела сваімі чорнымі, як чарніцы, вачыма, нарэшце падсунулася бліжэй і, ледзь-троху чырванеючы, кінула:

- Ці не будзем мы суседзі?..

- Здаецца што!..

- Ага!.. Значыць, у адну дарогу!..

Зараз і пайшлі. Цэлую дарогу гаманілі мы аб малазначным, дробязным у жыцці, але затое ў сэрцы ў кожнага ў нас засталіся глыбокія і несціраныя сляды нашай сустрэчы, нашай гутаркі і таго гарачага, што застаецца ў пачуццях чалавека, калі ён першы раз пакахае.

З кожным днём я прыкмячаў (на сваё здзіўленне), як у кожную маю думку паволі, спадцішка, украдаўся яе вобраз, вырастаў ва ўсю сваю велічыню, выціскаў з памяці абдуманае і апякаў маё сэрца сваімі вялікімі і чорнымі, што вугалі, вачыма, з пяшчотай усміхаўся мілай усмешкай...

Ад гэтага ў мяне спачатку было адчуванне дзіцяці, якому нечакана падаравалі самую любую і дарагую для яго цацку.

Я хадзіў лёгка і рабіў кожную работу з захапленнем. Аднак потым я ўжо спазнаў, што прыемная і салодкая боль сэрца ад успамінаў аб ёй зрабілася пакутная і немагчымая.

І, нарэшце, седзячы сёння на ганку, я перабіраў у думках меркаванні аб жыцці і аб дзяўчыне і прыйшоў да вываду, што гэтыя чорныя вочы павінны быць кожны дзень пры мне і грэць мяне, што гэтыя жорсткія ад работы і здаровыя рукі павінны злучыцца з маімі для адной вялікай і карыснай справы...

Саня павінна стаць бліжэйшым у маім жыцці таварышам.

Гусцее вечар.

Хоць яшчэ захад у малачаі, але па ўсім небе рассыпаўся залаты мак, і маладзік спусціў на сонную раку свае срэбныя косы.

Аксамітная, чорна-сіняя ранняя ноч моўчкі прыпала да роснага шоўку травы.

На пацяробе за ракою бразгае спутаны конь бляшаным званком.

Адтуль чуваць гоцанне яго ног і звон бляшанкі ад кансерваў.

Нечы высокі голас гагокае ў пералеску.

Ціш.

Над галавою, цераз хату, з свістам рассякаючы паветра вострымі крыламі, праляцела качка і за агародам трывожна крэкнула. Крэкт яе мякка ўпаў на зямлю і прапаў без рэха.

Чую, як у камуну далёкім шляхам варочаецца з поля трактар. Гэта ён цэлы дзень нібы са злосці гурчаў і плаўна поўзаў па полі. Выварочваў пад сонца чорныя, тлустыя скібы зямлі. За ім неадлучна хадзілі яшчэ чарнейшыя за свежы і пахучы чарназём шпакі і галкі.

Заворвалася ржышча, якое не паспела яшчэ падсохнуць.

За гумном, па мяжы, ішлі мужчыны і гаманілі. Межы былі мокрыя і пахлі штодзённай гарачынёй, чаборам і палыном. Да майго слыху даляталі толькі адны галасы, слоў жа разабраць было нельга.

Галасы тыя былі густыя, свежыя і здаровыя. Яны паволі нараджаліся, роўна плылі і губляліся.

Нечакана іх перабіў і пакрыў сабою дзявочы спеў.

То варочаліся з поля дамоў, у камуну, прыпозненыя жнеі.

Ад гэтых спеваў я ўстрапянуўся. А сэрца затрапятала ад адной толькі думкі:

«Там Саня!..»

Я адчыніў скрыпучыя весніцы і, абіваючы расу, пайшоў мяжою на сцежку, кудой будуць ісці дзяўчаты.

Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Над затокамі падняўся белы пух.

Там плёхаецца ў чаротах рыба.

Смяецца месяц. Залатымі яблыкамі павіслі над галавою зоры.

У цёмнай і мутнаватай далі рассыпаюцца спевамі і жартамі дзяўчаты. Вось яны параўняліся са мною. Спазналі. А як слаўна ціснуць гэтыя жорсткія запрацаваныя рукі!..

Вось і Саня.

Яна нахінаецца да мяне зусім блізка. Я адчуваю яе гарачы подых, вочы яе як бы троху блішчаць і, здаецца, праменяцца. Рука яе злёгку трымціць, - відаць, хвалюецца. Усміхаецца белымі радкамі зубоў. З-пад накругла завязанай хусткі непакорна выбіліся на цёмны ад загару лоб чорныя стужачкі яе пышных валасоў.

Дзяўчаты наперабой жартуюць, смяюцца.

Мне чуваць, як ззаду нас туга скрыпаюць поўныя, цяжка нагружаныя фуры.

- Хто там? Адкуль яны? - пытаю я.

- Ды гэта ж нашы мужчыны звозяць жыта. Вось неяк запазніліся сёння... - І, памаўчаўшы, дадала: - У гэтым годзе ў нас надзвычайны ўраджай! Небывалы нават! Не ўпраўляемся звозіць. Вось і познімся, не хочацца сухое пакідаць на заўтра!

Дзяўчаты нас пакінулі. І ўжо здалёку-здалёку чуваць былі іхнія зычныя маладыя галасы.

Напаверх майго ўяўлення міжвольна ўсплываў малюнак вялікай розніцы, якая так яскрава выпуклялася тут, амаль што на адных загонах: тут не паспяваюць звозіць жыта, а ў майго бацькі скупая дзесяціна жыта, і тая з вымачкай, з недародам...

Не цешыць ніва мужыцкага вока!.. Дый адкуль будзе тая ўцеха: нібы на пляшывай галаве валасоў, столькі было на дзесяціне каласоў-заморкаў.

Усе гэтыя дні, як сыч, сярдзіты ходзіць мой бацька. У хаце часта і без дай прычыны падымаюцца сваркі, лаянка. Ад гэтага маці мая, троху хваравітая і старая кабеціна, ціха плача і праклінае сваю долю.

Мне зусім ясна і зразумела, ад чаго ўсё гэта, і я тады ці маўчу, ці зусім выходжу з хаты, каб на двары за што-небудзь зачапіць рукі...

Гэтым часам вялізныя, што горы, параконныя фуры, цяжка сакочучы на каляінах, праехалі каля нас. Ад іх так прыемна пахла жытнім пылам і восеццю. Я з зайздрасцю мужыцкага вока гляджу на гэты абоз золата.

Саня як быццам улавіла мае думкі.

- Наша праца акупілася з лішкам... Затое колькі ж мы і папрацавалі! Усе ваколічныя смяяліся з нас, што мы займаемся глупствам: збіраем попел, закладаем кампостныя кучы, сеем на пяску лубін. Мы цярпліва пераносім усё гэта. І сёння сам бачыш розніцу...

Мы пайшлі вільготнай ад расы дарогай у камуну.

- У нас дзесяціна жыта дала сто дзесяць пудоў! Табе дзіўна? Так!.. Так!.. - усхвалявана і з захапленнем казала яна мне. - Сто дзесяць пудоў! Гэта факт. Можа, гэта таму, што на полі ў нас трактар працуе, што мы сеем пратручаным і ачышчаным збожжам, а можа, і таму, што мы, камунары, любім працаваць. У нас ніхто не згуляе аніводнае хвіліны... Вельмі ж не хочацца згубіць аўтарытэт, калі на цябе, на тваю працу глядзяць сотні сялянскіх вачэй...

Я моўчкі яе слухаў і ў думках меркаваў аб тым, што акрамя вялікай ахвоты да працы трэба яшчэ і аўладаць нейкай такой сілай, якая прымусіць нашу бедную зямлю радзіць так, як родзіць яна, нязрэзаная высокімі рубцамі-межамі, на абшарах жыдоўскай камуны.

- Саня!.. - нечакана парушыў я кароткую маўчанку. - Ты мілая... слаўная дзяўчына... Цябе за тваю працу любіць усё наша ваколічнае сялянства... Я ў захапленні ад цябе... Я хачу быць з табою разам... Назаўсёды...

Яна нахінулася да мяне так, што чорныя стужкі яе валасоў дакрануліся майго гарачага твару.

Ухапіла маю руку і сціснула.

- Пераходзь да нас... Ідзі, мы прымем!..

- Вось толькі бацька! - знячэўку вырвалася ў мяне думка.

Бацька мой з самага пачатку закладкі камуны скрыгаў на яе зубамі. Ведаў я, што ў хаце нашай будуць буры.

 

1929 г.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая