epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ткачоў

Жарынка

Я ўжо добра насноўдаўся між людзей па пінскім рынку, як раптам заўважыў, што за мной з нейкага часу цікуе чарнявы, падобны на цыгана чалавек. Каб не адпалохаць яго, каб разгадаць, што яму трэба ад мяне, я, бокам пасоўваючыся далей паўз даўжэзны гандлёвы стол, пачаў у сваю чаргу патаемна цікаваць за ім. Раз мімаходзь глянуў - панізе, другі, трэці, падбіраючыся асцярожнымі позіркамі ад яго ног да галавы.

Мой спадарожнік быў у хромавых ботах, запыленых, падношаных. Гармонікам халявы. Стараватыя чорныя штаны з напускам і з невялікім лапічкам на адным з каленяў. Пінжак - такога ж колеру, як і штаны, - яшчэ быў нішто сабе, нават нібыта адпрасаваны, але ён абвісаў на кашчавых плячах і таму, дарма, што спадыспаду падпіраўся камізэлькай і мультавай кашуляй, не вельмі як хвацка адыгрываў сваю вонкавую ролю. У левай руцэ мужчына трымаў абгорнутыя абрыўкам газеціны некалькі вузенькіх пілак, яшчэ з салідолам, - відаць, толькі што купленыя ў магазіне.

Хто ён такі? Можа які даўні, забыты мною знаёмы? Бачыць, што я не пазнаю яго, і бянтэжыцца - зачапіць ці не зачапіць мяне? Ды можа яшчэ і сам не ўпэўнены: пазнае і не пазнае, словам, як бы ўдакладняе, прыглядаючыся. А можа ён з тых, з кім сустракаўся, мажліва, нават гутарыў калі-небудзь па літаратурных справах? Можа які аматар мастацкага слова ці пачынаючы аўтар? Сярод жа іх ёсць надта цікаўныя людзі - ведаю, сам некалі пасля літаратурнага інстытуцкага вечара з гадзіну цягаўся назіркам за адным паэтам. Але дзе, пры якіх абставінах у мяне магла быць сустрэча з гэтым чалавекам? У Пінску я ўпершыню, усяго два дні, як жыву тут. Ні ў якіх вечарах і сустрэчах не ўдзельнічаў, і не прадбачацца яны. Маючы колькі дзён вольнага часу, я прыехаў сюды цішком, сам па сабе, без усякіх службовых спраў. Надакучылі некаторыя тлумныя справы ў Менску, захацелася падыхаць глыбіннымі прасторамі, паназіраць, як гойдаецца воддаль ад сталіцы жыццёвае мора, - вось і махнуў сюды, у гэты нязведаны мной, знакаміты самабытнасцю куточак. Усё тут для мяне цікава, прывабна. І я гадзінамі нястомна хаджу па горадзе, знаёмлюся з яго даўнінай і навінкамі, блукаю між людзей, слухаючы іх гаману, - набіраюся ўражанняў, адпачываю, думаю. Нікога, ні адну асобу і ўстанову, я не патурбаваў сваім прыездам. Калі хто і ведае сёе-тое пра мяне, дык гэта адна рэгістратура гасцініцы. Так. І таму дзіўна, што знайшоўся чалавек, які нешта да мяне мае. Хто ж ён, гэты чалавек?

Ля скрыні сакоўных рагулістых груш, за якой свяціўся малінавы тварык маладзіцы, я прыпыніўся, паставіў сваю сетку з пакупкамі на столік.

- Што гэта за гатунак вашых дзівосаў, як называюцца? - паказаў я на грушы.

Маладзіца ветліва ўсміхнулася і ўзнялася з лаўкі.

- Добры гатунак, дзядзячко, гета мой чалавек сам вывеў, - зазвінеў яе тонкі каларытны голас. - Назвы як бы й няма, жартам у нашым сэле іх празвалі проста валяр'янкамі.

- Чаму жартам? - не зразумеў я. - І чаму валяр'янкамі?

Маладзіца сарамліва апусціла вочы.

- Мой чалавек - Валяр'ян, ось і прыклалі людзі.

- Што ж, добра прыклалі. Валяр'янкі! І, мусіць, яны нішто сабе?

- Дабрэнныя, смачненныя, дзядзячко. Пакаштуйце, коб ведалі. Увесь рынак абыдзеце - лепшых дулек не знайсці.

- Ну, так ужо і не знайсці, - запярэчыў я і, вяртаючыся да думкі пра незнаёмага спадарожніка, які недзе стаяў за маёй спінай, прамовіў як найгучней: - Не, сёння на рынку выбар самы багаты - вунь колькі ўсяго навалена!

Упэўнены, што мае словы, сказаныя маладзіцы, дайшлі і да болей важнага адрасата, я спакойна, як і выпадала па такой прычыне, і рукой павёў, і паглядзеў навокал сябе.

Твар мужчыны-спадарожніка мне больш-менш удалося разгледзець і занатаваць у сваёй памяці. Гэта быў твар пажылога чалавека, і сапраўды цыганскага тыпу - смуглы, як бы засмяглы, з тонкімі прыгожымі абрысамі і чарнатой густых вусоў і броваў. Яшчэ мне запрыкмеціліся яго кучары, няхай ужо не надта пышныя, а ўсё ж па-цыганску зухаватыя пад лёгкай, набок ускінутай кепкай. Вачамі мы не сустрэліся адзін з адным, але я заўважыў, што яго позірк быў скіраваны на маю сетку, і гэта, сказаць па праўдзе, здзівіла мяне.

Чым яго магла зацікавіць просценькая, з сям-там парванымі вочкамі мая сетка, у якой, апрача кілаграма яблыкаў і чатырох кніжак, купленых нядаўна, болей нічога не было? Разгадваючы гэту смешную таямніцу, я ў той жа час падумаў, што мушу нешта рабіць, што няма чаго стаяць пень пнём пад позіркамі дзвюх пар вачэй.

- Адважце, цётачка Валяр'яніха, кіло сваіх лекаў, - папрасіў я маладзіцу і, каб аслабаніць месца для груш, выняў з сеткі кнігі.

Выняў і адразу зразумеў, што цікавіла, што вяло за мной незнаёмага спадарожніка: кніга, самая верхняя кніга! Удала аформленая мастаком, яна сапраўды была вельмі прыкметная на выгляд. Цёмнае, таемна-загадкавае неба, усеянае зоркамі і сузор'ямі, нібыта іскрамі ад вогнішча, густы каляровы пояс, падобны Млечнаму Шляху, ярка выпісаныя словы назвы - кніга з такой вокладкай не магла не вабіць кожнага, асабліва ж чалавека, якому ўсё гэта да болю блізкае і дарагое.

- Слухай, бацю, дзе ты купіў гету кнігу? - пачуўся з-за майго пляча ўсхваляваны голас, і адначасова я ўбачыў, як плюскатыя пальцы вузлаватай рукі дрыготка дакрануліся да зіхатлівай вокладкі. - Даруй, што чапляюся, толькі скажы мне.

Трымаючы распасцёртай сетку, у якую Валяр'яніха перасыпала грушы, я галавой кіўнуў у адзін з куткоў рыначнага двара:

- Вось там, за паветкамі, крамка культтавараў, там купіў. Бачыце сіняваты павільёнчык?

Мой спадарожнік не адказаў і больш нічога не спытаў. Ён так паспешліва знік, што я, прызнацца, аж засмуціўся. Шкада было: надта ж раптоўна абарвалася сустрэча з цікавым чалавекам. З ім хацелася пагутарыць, бліжэй пазнаёміцца. Але што зробіш, калі ён памчаўся. Не бегчы ж следам за ім, тым больш што да яго, як я прыкмеціў, адразу па дарозе ў крамку далучыліся юнак у саламяным капелюшы і двое мужчын - цэлая кампанія прыяцеляў.

- Уге, быдта на пажар паджгаў Марко са сваім хаўрусам! - здзіўлена паглядзела ў бок паветак Валяр'яніха, яна перавяла свой позірк на мае кнігі, пакасілася з хвілінку, чытаючы назву верхняй, а потым задумліва дадала: - Пра іх долю, мабуць, складзена - ось йаго і падхапіла.

- Так, іх жыццёпіс. Кніга цікавая. І ўпершыню выйшла ў нас.

- Ось яно шчо... Ну, то не дзіва, чаму йаны ўсхадзіліся - радасць! Ге, а коб шчэ па-іхняму йана - ото було б падскоку... Добрэ, шчо выйшла. Ці багато йана каштуе?

Я адказаў і, ладкуючы кнігі ў сетку, спытаў:

- Вы сказалі: Марко - ведаеце яго?

- Бачыла не раз. І тут, і ў сваім сэле колісь. Недзе за Прыпяццю на цагельні ці на тарфоўні працуе. Там іх, кажуць, цэла купа сэм'яў.

Я разлічыўся з маладзіцай, развітаўся і пасунуўся далей, пятляючы ў гаманлівым людскім віры. Наводдаль, у забакавінні рыначнага панадворку, чуўся звон металёвых вырабаў, ганчарнага посуду, бялеліся самаробныя рэчы з дрэва - і ў гэтую мясціну, што вабіла мяне з самага прыходу на рынак, я скіраваў сваю хаду. Ішоў, пазіраў на сёе-тое, а думкі адно што снавалі вакол асобы Марко, вакол кнігі, з-за якой усё і ўсчалося. Прыгода сапраўды адбылася незвычайная, і кожная драбніца, звязаная з ёй, паўставала цяпер у нейкай новай акрасе, выклікаючы чароды разваг.

Кніжку, якая так прынадзіла дзядзьку-цыгана, я і сам, прызнацца, пашукаў нямала. Ведаў, што яна выйшла з друку, ганяўся за ёй, а знайсці доўгі час ніяк не мог. Дома, у Менску, аблётаў усе кнігарні, у іншых гарадах, калі здаралася быць у камандзіроўках, прапытваў, нават склады і базы турбаваў - няма, разышлася. Тое ж пачуў і ў пінскіх гарадскіх кнігарнях учора - была нейкая колькасць, ды ўраз знікла. І вось сёння тут, на гэтым рынку, у малапрыкметным павільёнчыку, мяне напаткала ўдача.

Звычайны павільёнчык культтавараў, а кніг у ім - ажно ахнуў, як пабачыў: амаль цалюткія тры сцяны застаўлены з нізу да верху і яшчэ на падлозе, ля стэлажоў, - стосы. Да дзвюх сцен не было як падступіцца - заміналі прылаўкі з разнастайнай культтавараўскай кладдзю. Толькі здаля, касавурачыся, пашнарыў я вачамі па паліцах, разбіраючы надпісы на карэньчыках асобных томікаў. Затое з кнігамі, што займалі яшчэ адну сцяну, трэцюю, была мажлівасць пазнаёміцца як найлепей. Доступ да іх быў вольны, і я, карыстаючыся гэтым, даволі-такі старанна пакапаўся сярод іх.

«Ніколі не было цябе, Цыганія» - яна трапілася мне недзе на ніжняй паліцы, калі я ўжо заціскаў пад пахай дзве іншыя, раней выбраныя кнігі. Сціплая памерамі, але зіхатліва-ўразлівая сваёй супервокладкай, яна як бы скаланула мяне, апякла нечым трапятліва-адчувальным - быццам жарынка, якую я раптоўна выхапіў з попелу занядбанага вогнішча. Мне верылася і не верылася, што гэта кніга ў маіх руках. З яе вокладкі на мяне глядзела барвовае, знізу падсветленае начное неба, глядзелі дрыготкія трагічна-вясёлыя зоры, у карагодзе якіх, падобна нейкай ілюмінацыі, гулліва, можа нават з гаркаватай іроніяй свяціліся-крычалі словы пра лёс Цыганіі. Міжволі апантала на момант уява, нібыта я стаю пад гэтым небам, стаю адзін на адзін. Ад такой уявы рабілася не па сабе, нешта ўнутры ледзянела. Заспакойвала толькі адно: пояс, шырокі, прыгожы цыганскі пояс. Спускаючыся з вышынь, аднекуль з сусвету, ён, накшталт бяскрайняй дарогі, слаўся па зямлі, слаўся як бы побач, сцвярджаючы сваю спрадвечную існасць і рэальнасць. Здавалася, я фізічна адчуваю яго дотык, яго пушыстую цяплынь, і гэта сагравала, настройвала на добры лад.

Потым, яшчэ поўны захаплення ад вокладкі, я рынуўся ўнутр кнігі, шукаючы новых цудаў.

Маляўнічыя тытульныя старонкі, багатыя каляровыя малюнкі-ўклейкі, дыялогі, перасыпаныя першароднымі словамі, самабытнымі песнямі і прыказкамі, - усё дыхала сапраўднай Цыганіяй, хвалявала і вабіла. Збіральнік казак і складальнік - венгр. Ілюстрацыі зроблены венграм. Пасляслоўе, поўнае спагады да мінулага цыган і радасці з прычыны таго, як іх справы ладкуюцца ў Венгрыі сёння, напісана венгеркай. І надрукавана кніга, паводле заказу маскоўскага выдавецтва, таксама венграмі, у іх будапешцкай друкарні. Было прыемна, радасна і гартаць кнігу, і думаць пра яе. І міжволі ўзнікала само па сабе пачуццё, калі хочацца вітаць дабрату людскую, калі хочацца дзякаваць за яе.

Знаходкі ўсцешылі і ўзрадавалі мяне. А калі да іх дадалася яшчэ адна рэдкая кніга - «Нарысы па гісторыі беларускай мовы», знойдзеная па маёй просьбе ўжо самім прадаўцом у бязладдзі непрыступных стэлажоў, я адчуваў сябе зусім шчасліўцам, выходзячы з крамы.

- Гаршкі, каму паліваныя гаршкі?!

Вокліч прагучаў ледзь не каля самага майго вуха і вывеў мяне з задумення. Я паглядзеў з усмешкай на дзядзьку ганчара, на шарэнгі яго посуду і пажартаваў:

- Дык жа не адны гаршкі, а вунь і міскі ў вас...

- І гаршкі, і міскі, і кошт на іх нізкі, - пракрычаў дзядзька, не застаючыся перада мной у даўгу. - Е і гладышы, выбірай, шчо па душы.

Дзядзька быў вясёлы, як бы ўвесь ззяў унутрана і знешне, дарма што немалады. Весела, можна сказаць, выглядалі і яго гаршкі ды міскі. Яны сытна льсніліся на сонцы, зыркалі яркім паліваннем, нібыта ўсміхаліся разам са сваім гаспадаром.

А побач, амаль стыкаючыся з уладаннем дзядзькі ганчара, не меней зіхотка вабіла да сябе бандарна-сталярнае царства. Бочкі і кубельцы, ночвы і маслабойкі, усякія іншыя вырабы з дрэва - чаго тут толькі не было! І ўсё такое прыгожае, зграбнае - вачэй не адвесці. Асабліва прыцягвалі сваім выглядам самапрадкі - дзве точаныя прыгажуні, што стаялі на прадаўгаватым кляновым століку. Бялюткія, сям-там з блакітнымі абадкамі размалёўкі, яны здаліся мне самадзейнымі акторкамі, якія ўзняліся на імправізаваную сцэну і вось-вось заспяваюць у пары сваю песню. Напэўна, іх знарок паставілі так, на ўзвышэнні - маўляў, няхай прычароўваюць людзей, няхай сцвярджаюць, што той, хто стварыў такія цуды, не будзе прадаваць абы-якія бочкі і кубельцы.

Каля драўляных дзівосаў гаспадарылі невысокі, але статны дзядок і кабета маладога веку. Дзядок быў негаваркі: скажа адно-два словы і - маўчыць, трымаючы сябе спакойна і спаважна. Затое яго памочніца, па абліччы нібыта дачка, завіхалася як найстаранней: жвава шчабятала з пакупнікамі, увішна рахавала з імі.

Цікава было паназіраць за дзядком і кабетай, за іх гаспадаркай, слухаць пра бочкі-кубельцы гаману, але па суседству - новыя відовішчы, і да іх клікалі, прываблівалі новыя галасы.

- Купляйце печкі зялезныя!

- Каму драцяныя клеткі, каму акварыумы?

- Свойскія блешні - налятайце спешна!

Звінеў і гудзеў метал, галёкалі заклапочаныя прадаўцы.

Вырабаў з жалеза - і значных, і дробязных - было шмат, і падзівіцца ды пазахапляцца тут таксама было з чаго. Пераходзячы з месца на месца, я дапытліва разглядаў ледзь не кожную рэч, сям-там заводзіў размову, нават прыцэньваўся дзеля цікавасці.

- Лазовыя кошыкі - за невялікія грошыкі! Гэ, яшчэ адзін адметны закутак! Толькі ўжо тут - майстрункі з лазы і лубу, чароту і саломкі. І не адны кошыкі ці кашолкі, а і дарожкі для падлогі, маты аконныя, рамкі для карцін і фотакартак, капелюшы - адным словам, цэлае раздолле плеценых самаробкаў. Раптоўна напатканыя, яны ў той жа час не здаліся мне неспадзяванкамі, а як бы прынялі мяне ў сваё атачэнне звыкла і па-свойску, так, нібыта мы даўно знаёмыя і разам трапілі ў гэты кірмашовы вір з ваколіц не то Пінска, не то маёй роднай магілеўскай вёскі.

- Тканне і вязанне, вышыўкі!

Навінкі - адна за адной. І прытыкам у шарэнгах і густымі астраўкамі на пазаддзі. Як выраблены адвольна, так і размясціліся дзе папала. Разнастайныя, безлічныя, яны ўсё ж складалі і нешта адзінае, стваралі нейкі агульны малюнак. Як і тыя людзі, што тоўпіліся каля іх, ды і па ўсім рынку, заклапочаныя сваімі патрэбамі. Самое жыццё як бы сабралася тут з цэлага краю, пярэстае, шматплыннае, сабралася і, гамонячы галасамі Валяр'яніх і Маркоў, Марыль і Іванаў, усіх вясёлых і сумных, паказвае наросхрыст сваю напратку і душу.

Шырокі панадворак, мноства і новых і адных і тых жа вырабаў у розных месцах - усё абышоў я, усё агледзеў, і калі налюбаваўся, нацешыўся з таго, што пабачыў, павярнуў назад, да тых самаробак, якія загадзя былі ўзяты на прыкметку. Хацелася прыдбаць сякія-такія чароўныя дробязі - на ўспамін, дзеля зберажэння зазнанай цеплыні.

Я купіў мініяцюрную бярозавую статуэтку Лявоніхі-скакухі, саламяную фотарамку-пляцёнку, лёгкую, як пушынка, з цавейцам-шчупачком грушавую лыжку і даволі пагляднага, з пацешным голасам-курлыканнем глінянага жорава. Купіў, развітальна аглянуўся на краіну рамяства і пашыбаваў ад яе, прыгадваючы свой пакойчык у гасцініцы.

На цэнтральным праездзе рынку прыпыніўся на хвіліну. Трэба было прыкінуць-вырашыць, куды лепей, дакладней, куды цікавей ісці.

Рынак меў двое варот. Яны размяшчаліся адны супраць адных і выходзілі на розныя, хоць і паралельныя, як мне казалі, вуліцы. Адну з гэтых вуліц я ўжо ведаў - ішоў па ёй сюды. Хацелася прайсціся, дзе не быў, па незнаёмай вуліцы, і я скіраваў да яе.

Жывая ручаіна праезда падхапіла мяне і панесла сваёй грукатліва-шумнаватай плынню. Ляскаталі колы фурманак і ручных тачак, шаргацела і дзугалася зямля пад нагамі пешаходаў. Гамана ж людская чулася мала, ды і прыглушана; тут, дзе заклапочана спяшаліся хто на рынак, а хто з рынку, усё жыло найболей рухам, засяроджанай імклівасцю.

Я ўжо быў паблізу варот, калі раптам прыкмеціў ля іх юнака, які паводзіў сябе даволі дзіўна. Стоячы на нейкім узвышэнні, ён пазіраў то на людскую плынь (нібыта ў мой бок), то некуды ў далячынь праезда і ўзмахваў саламяным капелюшом. «Дык гэта ж той, што быў з Марко, - прамільгнула ў мяне думка. - І што гэта за знакі ён некаму падае?» Я прыпыніўся і паглядзеў назад - усцяж усёй цэнтральнай дарожкі. І, на здзіўленне сабе, пабачыў, што ля супрацьлеглых варот рынку таксама нехта раз-другі ўзмахнуў шапкай. Узмахнуў і болей - ані знаку, як растаў. «Гэ, цэлая змова! - здзівіўся я і падумаў: - Ці не мае ўся гэта сігналізацыя дачыненне да мяне?» Азадачаны, я пастаяў яшчэ крыху, пабегаў позіркам сям-там па праездзе і, не бачачы працягу спектакля, падыбаў далей, поўны разваг і здагадак. За юнаком прадаўжаў назіраць. Бачыў, як ён пры маім набліжэнні саскочыў з пустой скрынкі, на якой стаяў, як ён шмыгнуў з людской таўкатні за вароты, як далучыўся там да сваёй кампаніі - двух мужчын і жанчыны з немаўляткам на руках.

Яны стаялі пад дрэвам на другім баку вуліцы, потым, калі я павярнуў з варот, таропка зайшлі мне наперад і прыпыніліся на тратуары. Чакалі. А тым часам, як прыкмеціў я, з рынку спяшалася да іх падмацаванне - некалькі чалавек на чале з Марко. І атрымалася так, што, калі я падышоў да першай групы, другая амаль адначасова спынілася ззаду, сапучы мне ў патыліцу. «Здорава спланавана ў вас!» - ледзь не выгукнуў я, азіраючыся.

Неяк вокамгненна ўтварыўся круг. Я глядзеў на іх, яны - на мяне, з хвіліну пераглядваліся моўчкі. І ўсміхаліся - мажліва, ад няёмкасці, мажліва, ад радасці. Потым я падміргнуў Марко, спытаў:

- Ну, што?

- Бяда, бацю, - пераводзячы дыханне, сказаў ён і паказаў на маю сетку. - Не знайшлі ў крамцы... І ў горадзе, кажуць, не будзе...

Пра што ішла гаворка - было зразумела: пра «Цыганію». Мне пашчасціла прыдбаць гэтую кнігу, і яна, як найвялікшая каштоўнасць, ляжала зараз у маёй сетцы. У сетцы? Ляжала? Не, яна была, яна тахкала ў маім сэрцы, іскрыла недзе ў закутачку майго мозгу. Са сваёй кранаючай дадатковай назвай - Жарынка, са сваёй легендай і праўдай - хвалюючай біяграфіяй. Я ўжо ўяўляў, як рынуся чытаць яе, калі прыйду ў гасцініцу, уяўляў, якое месца яна зойме ў мяне дома, у сэрцах маіх дзяцей, маіх блізкіх і знаёмых. У маёй хатняй бібліятэцы ёсць казкі многіх народаў свету - гэтыя неўміручыя зерні мудрасці людзей і вякоў (бадай усе, якія выдаваліся), не было толькі цыганскіх, і вось яны ёсць, знойдзены нарэшце мною. Я іх не раз буду чытаць, параўноўваць з іншымі, а найперш з тым, што створана маім народам, буду думаць, шмат думаць пра свае і чужыя шляхі-дарогі. Але ж, відаць, нешта падобнае хвалюе, падахвочвае і гэтых вось людзей, што разам з Марко стаяць зараз перада мной. Нездарма ж яны так узрушыліся, нездарма такія дабойлівыя. Дзіва што: роднае, самае блізкае і дарагое і - не маюць, не знайшлі.

- А ён добра пашукаў? - паглядзеў я на Марко і кіўнуў у бок кнігарні.

- Добра. І ў запісах сваіх праверыў - няма, сказаў, болей.

Дзе ж яны могуць дастаць «Цыганію»? У кнігарнях тутэйшых няма, пасылаць куды-небудзь просьбы - бескарысны занятак: я ж сам пісаў. Выпадкова хіба пападзецца ў нейкай глухой крамцы. Толькі надзея на гэта - малая: не надта багата тых крамак наведваюць яны, жывучы ў глыбінцы, ды і не вельмі як гэта кніга будзе ляжаць там. Выдадзеная недастатковай колькасцю, яна разышлася хутка і не па ўсіх мясцінах. Што ж, тады трэба пакарыстацца паслугамі якой-небудзь бібліятэкі, буйной, вядома, дзе ёсць кожнае рэдкае выданне. Але ж хіба яны дамагаюцца гэтага? Хіба такое выйсце задаволіць іх у поўнай меры? Не, ім трэба, каб «Цыганія» кожны дзень была ў іх пад рукой, неразлучна з імі. Каб яе чыталі-перачытвалі і дзядзька Марко, і юнак, што ў капелюшы, і гэтае вось цётчына дзіця, калі яно падрасце, - усе ад старога да малога. Чым жа яны горшыя за мяне, што я буду мець гэтую кнігу, а яны не? Хіба ў іх любасць да яе меншая або яны маюць меншае, чым я, дачыненне да яе?

Пакутлівыя развагі, і ім, каб лішне не катаваць сябе і Марко з сябрамі, трэба было хутчэй даваць рады.

- Патрымайце, - звярнуўся я да юнака, уступаючы яму адну з дужак сеткі.

Я дастаў «Цыганію», палез у кішэню па аўтаручку. Што напісаць ім на ўспамін? Братам - ад брата. Так, а далей? Пра сумесныя клопаты і хваляванні, пра жар узаемнай спагады і падтрымкі. Ну, і яшчэ пра шчасце-радасць на доўгія гады. Правільна, бадай, нешта ў такім плане. Няхай не зусім арыгінальна, але затое так, як яно ёсць і як хочацца.

Я зрабіў надпіс на загаловачнай старонцы і працягнуў, дакладней, як бы ўручыў сваю Жарынку дзядзьку Марко. Ён усхвалявана схапіў маю руку і пачаў трэсці яе, прыгаворваючы:

- Дзякуем, дзякуем, чалавеча. І даруй, даруй нам.

- Нішто, валодайце, я ж сабе яшчэ знайду, - сказаў я, беручы сетку ад юнака.

Марко паглядзеў на цану кнігі і выхапіў кашалёк.

- Грошы тут ні пры чым, - усміхнуўся я. - Гэта ж падарунак.

- Дык чым жа вам аддзячыць? - спытала жанчына, пагушкваючы малое на руках. - Хіба варажбой?

Пачуўся смяшок, яна ж, быццам нічога не здарылася, прадаўжала:

- Давайце. Так паваражу, як нікому ніколі не варажыла. Шчыра скажу ўсю праўду.

- Шчыра - і не пашкадуеце мяне, не падсалодзіце гэтай праўды? - адказаў я, падтрымліваючы жартаўлівы тон размовы. - Не, нешта не хочацца займацца сур'ёзнай справай, лепей давайце парадуемся - у нас жа дзеля гэтага хоць маленькая, але ёсць прычына.

Усе заўсміхаліся, і я, карыстаючыся добрай часінай, пачаў развітвацца.

- Шчасця вам і вашай Цыганіі! - сказала мне жанчына, калі я паціснуў ёй руку.

- О, такая зычлівасць і ёсць найлепшая падзяка, - адказаў я з хваляваннем. - І вам вялікага шчасця!

Ідучы вуліцай, я праз нейкі час на хаду азірнуўся. Марко і яго сябры ўсё яшчэ стаялі на тым жа месцы. Яны гарталі кнігу, разглядвалі яе і былі вясёлыя. Мне таксама свётла і хораша было на душы, хаця адначасна нешта і засмучала, не давала спакою.

 

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая