epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Блытаніна

Ішоў дробны, нудны дождж. Захінуўшыся ў злубянелы плашч, змрочны, як тое восеньскае неба, Тодар Заліхвацкі паволі плёўся дамоў. Ён ішоў пехатою, як некалі хадзіў Чэхаў. А хіба Тодар менш вядомы празаік? Пра яго, вунь, сам Дубцоў, вядомы крытык, пісаў хвалебныя рэцэнзіі, а крытычныя заўвагі выказваў добразычліва, па-сяброўску.

«Што ж здарылася? — думаў і ніяк не мог успомніць Заліхвацкі.— А-а, пра мяне напісалі, што я перастаў пісаць... Гэта якоесьці непаразуменне! Я ім дакажу!»

Ён прыйшоў дадому злосны і ўзрушаны. Загадаў жонцы захоўваць цішыню, а сам замкнуўся ў сваім кабінеце. Штосьці балючае, цяжкае ляжала ў яго немаладых грудзях, у галаве непрыемна цінькала.

І не дзіва! Ён ніяк не мог зразумець, як гэта адважыліся дакараць яго, вядомага і таленавітага, гаварыць аб нейкім творчым застоі, калі за рознымі справамі Тодару проста не было калі пісаць мастацкія творы! І хто дакараў! Тыя ж сябры, што некалі ўзносілі, як ім не сорамна! А чаго варта заметка ў газеце... Як жа гэта там напісана? А-а, вось як: «Зусім перастаў пісаць Тодар Заліхвацкі, яго часта можна бачыць у месцах, далёкіх ад творчых кабінетаў, але блізкіх да бога Бахуса...» «Што гэта такое? Намёк? А ці добра, калегі, рабіць такія недарэчныя намёкі? Перастаў пісаць... А ён, гэты самы Тодар, яшчэ можа чорт ведае што створыць! Ды і хто пакрытыкаваў? Дубцоў? Не, нейкі невядомы блазнюк, казяўка, якая толькі-толькі вылупілася. Можа, трэба было і з ім «замачыць» аповесць... Ну, напісаў той блазнюк пасквіль, а што сабе думала салідная рэдакцыя? Навошта было змяшчаць гэткае, падрываць заслужаны аўтарытэт? Вось я вам пакажу! Закідаю апавяданнямі. Напішу-у-у!»

Тодар зірнуў на стол, а там цэлы стос чыстай паперы, быццам хто знарок падклаў. Ён адсунуў на край пісьмовы прыбор, які меў выгляд ракеты, і задумаўся над першым сказам свайго новага твора, невядомага яшчэ не толькі свету, але і самому аўтару.

Вось ён схапіў ручку і пачаў пісаць, але пяро было сухое, на паперы засталіся толькі ледзь бачныя драпіны.

— Насця! — гукнуў ён жонку.— Чаму ў ручцы няма чарніла? Калі ты набірала?

З-за дзвярэй пачулася ціхае:

— У маі, калі ты пісаў прамову...

«Гэта ж я ўвесь час пісаў алоўкам!» — успомніў Заліхвацкі. Дастаў з кішэні аловак і вывеў першы сказ: «На дварэ ішоў дождж». Ён яшчэ не ведаў, што будзе далей, галоўнае — пачаць.

Пачатак заўсёды даецца цяжка. А тут — адразу, ды яшчэ так здорава!

Напісаўшы першы сказ, Тодар усміхнуўся і падумаў, што гэтае апавяданне ён занясе ў тую газету, што змясціла на яго пасквіль. Няхай друкуюць і ходзяць пасаромленыя!

Але што гэта? Мінула колькі часу, а ён, апроч таго, што «На дварэ ішоў дождж», яшчэ нічога не прыдумаў. Тодар аж зазлаваў: галава трашчыць ад розных думак, а патрэбных чамусьці няма.

Прыгадалася нядаўняя рыбалка, сутрэча з маладымі пісьменнікамі, цудоўны вечар у Доме творчасці...

Але што з гэтага возьмеш?

«Паспрабаваць, хіба, пісаць, як малады, але таленавіты Зюйдзік? — сам сабе ўсміхнуўся Заліхвацкі.— Той піша так: «З коміна ішоў дым — відаць, гаспадыня запаліла ў печы... Забрахалі сабакі — відаць, непадалёк вёска...» Не, гэткае не падыдзе, дужа прымітыўна». Заліхвацкі адкінуў тыя думкі прэч і вырашыў сказ ускладніць. Адразу дапісаў новае: «...падаючы зверху буйнымі кроплямі». Ён задаволена крэкнуў і пачаў думаць далей у гэтым жа напрамку. «На дварэ ішоў дождж, падаючы зверху буйнымі кроплямі»,— мармытаў пакутнік, падняўшы вочы да столі, быццам адтуль, як дождж на галаву, пасыплюцца прыгожыя словы. Але словы не сыпаліся.

— Насця! — зноў паклікаў ён.— Чаму на стале не відаць вады? Тут працуеш, працуеш, дыхнуць некалі...

Устаўшы, адамкнуў дзверы. Неўзабаве яны паціху адчыніліся, і з другога пакоя прасунулася жаночая рука з графінам. Заліхвацкі схапіў яго і пачаў піць. Толькі вось дзіва! Выпіў ледзь не цэлы графін, а смага не прайшла... Зноў усеўся за працу, паўтараючы, як малітву: «На дварэ ішоў дождж...» Потым ён рашыў пакінуць гэта. На ўсякі выпадак зноў паклікаў Насцю. Дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшла жонка. Яе хітраватая ўсмешка не спадабалася Тодару.

Ён насупіў бровы і грозна, з веданнем справы, патрабавальна спытаў:

— Што бывае на дварэ, калі ідзе дождж?

— Бялізна мокне... Дзіравыя дахі цякуць...

— Хопіць! Бялізна мокне... дахі цякуць,— перадражніў ён жонку.— Ніякага палёту думкі!

Жонка пакрыўдзілася. Яна падперла кулакамі даволі крутыя бакі і злосна адказала:

— Што, дагуляўся?! Фантазія? Палёт думкі? Застой, вось што, даражэнькі! Творчы застой! Застой! — Насця паказала яму язык і выйшла з кабінета.

Заліхвацкі ўстаў, нервова прайшоўся па пакоі. «Застой? — кіпела ў яго на сэрцы.— Няўжо і праўда — застой?»

— Насця, не нервуй мяне! Чуеш, Насця?..

Тодару здалося, што ён ляціць у нейкую бездань і закрычаў яшчэ мацней: «Нас-ця-я-я-я-а-а-а!..»

— Ну, чаго ты крычыш! — пачала тузаць за бакі жонка. — Усё Насця ды Насця. Ніякага дажджу на дварэ няма. Што табе прыснілася?

— Ды так, глупства ўсякае,— адказаў Тодар і павярнуўся на другі бок. Ён успомніў, што нядаўна выйшла з друку новая аповесць, і сам сабе ўсміхнуўся: раман жа здаў у друк толькі ўчора! Новы пачаў пісаць... «Гм-м, творчы застой... Прысніцца ж такое. Гэта, відаць, ад перагрузкі»,— падумалася яму. Але тут жа настрой зноў сапсаваўся: успомніў, што аповесць яго на самой справе раскрытыкавалі ў газеце.

Ён устаў, пайшоў у свой кабінет і сеў за стол. На стале ляжаў стос паперы, а на першым лістку было напісана: «На дварэ ішоў дробны, нудны дождж...»

— Насця-я-я-а! — закрычаў ён спалохана.— Насця!

— Што такое? Што?

— Адкуль гэта ўзялося? — паказаў ёп дрыжачай рукой на запіс.

— От дурны! — з палёгкай уздыхнула жонка.— Гэта ж ты ў сне мармытаў гэты сказ, дык я, каб ён не страціўся, і запісала. Навошта ж дабру прападаць...

1973


1973