epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Сваякі

Мікола застаўся адзін...

«Як хораша на душы, як светла ў галаве!» — падумаў ён і нават заспяваў, што здаралася з ім вельмі рэдка. Надвор’е было цудоўнае, сонейка весела ззяла на вуліцы, уперадзе быў адпачынак, і ён зусім адзін. Вольны, як вецер! Ніхто не будзе дапякаць. Дзеці ў лагеры, цешча паехала да сваёй сястры, жонка — да мора!

Ох, і далося ж Міколу тое мора! Пяць год яго благаверная дакарала. Іншыя мужы, казала яна, кожны год сваіх пасылаюць, а ты толькі абяцаеш. Вось памру — тады пашкадуеш! На такія пагрозы Мікола звычайна адказваў: «Памры спярша, а пасля і паглядзіш, як я шкадаваць буду! З’ездзі, падлячыся...»

Стоячы перад адчыненым акном, Мікола прыгадваў даўнія спрэчкі, зборы і ад’езд. І грошы, што павезла жонка да таго мора, пакінуўшы яму на цэлы месяц усяго толькі трыццаць рублёў. Па праўдзе кажучы, у тым, што толькі трыццаць, ён сам быў вінаваты. Атрымаўшы «адпускныя», ён неўзабаве апынуўся разам з сябрамі ў рэстаране, дзе і пакінуў больш як дзевяноста рублёў. Жонка і сказала: «Сам свае прапіў». Цяпер трэба было падумаць, якое знайсці выйсце. У горадзе, безумоўна, тры дзесяткі — не грошы, месяца не працягнеш. А ў вёсцы, у сваякоў, можна сяк-так абысціся. Малачко там, яйкі. Ну, рыбы пасцёбае — спец. Спінінг мае што трэба, дванаццаць рублёў упёк, кожная вуда па траяку — ого! Вуды — гэта на ўсякі выпадак, калі шчупакі не будуць брацца. Як зубы мяняюць, дык яны, кажуць, нават не нюхаюць бляшны...

Хуценька сабраўшыся, Мікола прыехаў на вакзал задоўга да адпраўкі цягніка. Хадзіў па перону і ўсё стрымліваўся, каб не забегчы ў закусачную. Урэшце падалі цягнік...

І вось ужо мільгаюць перад ім знаёмыя з дзяцінства мясціны. Успомніў, як раней ездзіў дадому на выхадныя дні і ўсе ў вёсцы клікалі яго студэнтам. Вельмі даўно гэта было, хаця яму здалося, што і цяпер ён едзе на выхадны. Нічога не зробіш — час. Ён няўмольны...

Каб разагнаць сумныя думкі, Мікола пачаў углядацца ў акно вагона. А там на поўную сілу бушавала лета. Палі расфарбаваныя ў розныя колеры, лес так і вабіць пышнымі кронамі бяроз, разагрэтай жывіцай сосен. Сінія азёры слепяць вочы срэбрам хваляў, іх тут вельмі багата.

Першы дзень, калі Мікола з’явіўся ў вёсцы, быў сапраўдным святам. Прыйшлі сваякі. На стале і чарка, і скварка, было сказана шмат цёплых слоў. Абдымкі і ўсё іншае. А на другі дзень ён сабраўся на рыбу.

— Бяры вось вараныя яйкі, малако,— кінула сяструха Волька, у якой ён спыніўся.— Сам бяры, не чужы...

— А ты куды спяшаешся?

— На працу. Мы ж не так, як вы, гарадскія, абы лета — дык адпачываць...

— А вы ўзімку на печы тра-ля-ля! — адказаў Мікола смехам.

— Снедай, тра-ля-ля!

— А ты?

— Я паснедала... Ведаеш, сыр твой дужа смачны,— раптам сказала яна шчыра, завязваючы перад люстэркам хустку.— Каця, дачка, не есць, а я, нічога сабе, упадабала. Нават вось з сабой узяла, кабет пачастую. І Пеця мой любіць, і Насціны дзеці...

Пеця — гэта Вольчын муж, здаравенны дзяцюк, кавалём у калгасе працуе.

Калі яна выйшла, Мікола ўсё ж рашыў узяць з сабою сыру, не сесці ж адразу на ўсё іхняе. Адчыніўшы скрынку, дзе ляжала правізія, госць быў уражаны: ад важкай галавы сыру засталіся толькі ружовыя скарыначкі. «Папрацавалі ўчора сваячкі, дзякуй ім! Ды чаго там шкадаваць! — супакоіў сябе Мікола.— Не чужыя ж з’елі...»

Паклаў у кішэню кавалак хлеба, пару яек і выйшаў на двор. Там ужо чакалі пляменнікі.

— Дзядзя, а жылку вы прывезлі? У нас акуні — во-о-ось такія,— сказаў старэйшы белагаловы хлапчук. «Гэта Ганнін Косцік,— адразу пазнаў Мікола.—У яе шасцёра і ўсе белагаловыя».

— Вуды прывёз! А што гэта цябе цікавіць!

— Дайце мне адну.

— І мне-е... Я паказу, дзе язі бялуцца,— пісклявіў меншы, выціраючы рукавом шэрай кашулі нос.

— А чый ты будзеш, рыбак, Насцін?

— Ага...

Што зробіш — свае, трэба даць. Раздаўшы малым вуды, Мікола вырашыў сёння лавіць спінінгам. Толькі выйшаў за вёску, як насустрач — Піліп, дваюрадны брат з Пабярэжжа. Гэта кіламетры два адгэтуль.

— Э-э-э, брацік, нядобра так.

— Што — нядобра? — занепакоіўся Мікола, ціснучы моцную руку.

— Забываеш сваіх... Нават больш! Я ў госці, а ты — з вёскі. Капронавы спінінг?! Вось гэта ш-штука! — загарэліся яго вочы.— Вось гэта...

— Буду ад’язджаць — абявязкова табе пакіну! Падарую! — адразу перабіў Мікола Піліпа, баючыся, што і спінінгам лавіць яму сёння не давядзецца.

— Не-е, не цяпер. Ды і некалі мне.

— На працу спяшаеш? — узрадаваўся бядак.

— Якую працу? — здзівіўся Піліп, паварочваючы яго тварам да вёскі.— Кажу — іду да цябе ў госці.

— А-а-а! Калі ласка! — усклікнуў Мікола, хоць яго пачынала кідаць у пот.— Люблю гасцей...

Паколькі госць да Міколы — гарэлка яго. Тым больш што пасылаць ёсць каго. Даў Ганнінаму Косціку пяцёрку і шапнуў на вуха:

— Паўлітэрку і банку кансерваў! Каб на адной назе... Той злётаў мігам. Што купіў, аддаў, а пра рэшту і не заікаецца. Цягае з кішэні нейкія цукеркі і смокча. Ды яшчэ і другіх жэўжыкаў частуе. Хіцёр!

Налілі шклянкі, у адзін голас адрэзалі «будзь здароў» і выпілі.

— А-а-эх! Здорава...— крэкнуў Піліп і выцер вусны.— Я, ведаеш, люблю цябе, Мікола. Ты, брат, здорава жывеш, выбіўся ў людзі. Зайздрошчу. А дзе ж твая гаспадыня?

— На курорт паехала, да мора,— першы раз перад сваякамі пахваліўся Мікола.

— Ух ты-ы! Та-ак, брат. Вып’ем яшчэ. За тваю жонку...

Другія шклянкі поўныя не былі. Госць прыжмурыўся на іх, паморшчыўся і не ўзяў.

— А ці не дабавіць, брат? За жонку трэба поўныя, каб здаровенькая была...— І, адчыніўшы акно, гукнуў: — Косцік! Ідзі сюды-ы!

— Ды я сам схаджу, не трэба...

— Што-о? Ніякай гамонкі! Свае, збегаюць...

Зноў давялося даць Косціку. Потым яны расцалаваліся з Піліпам, і той пакінуў свайго брата, яшчэ раз напомніўшы пра цудоўны спінінг...

«Два дні,— думаў пасля Мікола, лежачы на сене.— Два дні, а дзесятку, як карова языком злізала».

З рыбай у яго было не лепш.

Двух шчупакоў, за якімі ганяўся ўвесь трэці дзень, сцягнулі вясковыя каты, нават паспытаць не давялося. Затое ўжо раніцою сястра спякла такую яечню, што пальчыкі абліжаш. На саланіне. Толькі гэта Мікола ўзяў на відэлец разы тры, як забягае Волька і з парога крычыць:

— Мікола, дай, браце, дзесятку, калі маеш! Тут во за дошкі трэба заплаціць, будуемся ўсё ж, не стачае... А там, апаросіцца свіння, разлічымся, грошы будуць...

«Бачыў я тую свінню! Дошка-дошкаю. Дыхляціна. Хутчэй сучка яйка знясе, чым тая свіння апаросіцца!» — хацелася крыкнуць Міколу, але ён лагодна адказаў:

— Добра, Волька... Калі ласка, я зараз дам. Дробязь!

— Табе гэта, безумоўна, дробязь, а нам будавацца... Мікола вылез з-за стала і падаў сястры грошы з такім выглядам, быццам яны ў яго лішнія.

— А есці не саромейся,— кажа Пятро, даядаючы апошняе яйка з патэльні.— У нас, дзякуй богу, усё сваё, не купляем. Волька! Прынясі бульбы да сыраквашы, адной яечняй сытыя не будзем.

Так і сказаў — не будзем. А ці з’еў Мікола хоць адно яйка? І, безумоўна, сыты тым не будзе. Таму на бульбу з сыраквашай ён налёг, што называецца, на ўсе лапаткі. Ужо тут нічога не скажаш, накармілі!

У суботу раніцою Мікола з задавальненнем адзначыў, што жыццё наладзілася. З апетытам еў бліны, піў салодкае малако і грыз засушаную ў печы на патэльні галаву ад шчупака — усё, што засталося яму пасля сваякоў. Раптам вяртаецца з двара Пятро і гэтак далікатна кажа:

— Ведаеш, Мікалай Іванавіч, маю сястру Любку?

— Ледзьве памятаю. Маленькая такая...

— Маленькая? Ды яна Вольку перарасла, заўтра вяселле. Не адмоў, нашы будуць вельмі рады...

Мікола задумаўся. І было чаго! Вяселле, яно не такое ўжо і благое мерапрыемства. Там табе і спяваюць, і плачуць, і крычаць «горка», і самі ж лезуць з пацалункамі да маладухі. А потым — каравай. Вось-вось, каравай. Каб не ён — можна б і схадзіць Міколу. А то будзь добры, выкладзі на гэты самы каравай апошні чырвонец, і падаруначак, і ўсё іншае такое. Паразважаўшы, Мікола сказаў:

— Не, Пятро, прабач. Нешта нездаровіцца. Вось тут, пад дыхавіцай, так цісне, так цісне, што...

— Дык тады адпачывай. Я тады, ведаеш... касцюм твой адзену. І туфлі. Нейкае ямчэйшае яно ў цябе...

Міколу здалося, што Пятро і хацеў, каб ён адмовіўся ад вяселля. Ён быў рады касцюму, хаця ў самога вісеў не горшы. Касцюма Мікола не шкадаваў. Няхай бярэ, калі падыдзе.

Спярша Пятро падзеў пінжак. Палоскі па плячах сталі шырэй.

— Сядзіць, як уліты! — пахваліла Волька. На тым і пагадзіліся. З туфлямі было горш, але ўсе вырашалі, што яны проста ссохліся, разносяцца.

Застаўшыся адзін, госць два дні адпачываў як трэба! Гарэлкі не піў, добра спаў, рабіў, што хацеў. Рыбы налавіў, як ніколі. Чатырох шчупакоў. Аднаго аддаў сястры Ганне, другога — Насці, трэцяга — цётцы Яўгінні, а з чацвёртага сам нагатаваў юшкі! Ды такой смачнай, што здавалася — ніколі такой не еў.

У панядзелак адвячоркам прыйшлі п’яныя гаспадары дадому. Мікола зірнуў на Пятра, і яго сэрца сціснулася ад болю, у вачах пацямнела. Бедны гарнітур! Ён не пазнаў яго. Левы рукаў ледзьве трымаўся, правы быў прасмалены цыгаркай на самым відным месцы. А чаравікі! Яны да канца зведалі тутэйшую гразь, размяклі і, як дзве невядомыя галодныя істоты, ашчэрылі свае вострыя зубы...

Пятро падышоў да Міколы і, дыхаючы перагарам, прамовіў:

— І-і-і-іка-лай І-і-іа-іа-іч... Па ш-шарцы зробім? С-судоўна!

І тут жа зацягнуў:

«...Эх, ча-ауж мне не пе-ець,

Эх, ча-ауж не гу-уэць...»

У госця на вачах выступілі слёзы. Ён прыціснуў рукі да грудзей і з мальбою ў голасе сказаў:

— Пятро... Выслухай мяне.

Той убачыў слёзы, насцярожыўся.

— Што? Няшчасце якое?

— Няшчасце... От, цешчы паверыў...

— Цешча памерла? — не дачуўшы, па-свойму зразумеў яго Пятро.

— М-мм...

— Дык што ж ты стаіш? О-олька! Збяры ў дарогу паважанаму госцю. Хутчэ-эй! Спінінг пакінь. Піліп тут вось дваццаць пяць рублёў за яго прыслаў. І мне доўг аддаў. Так што паўсотні дай Міколе, а я палезу на гару, кумпячок здыму на дарогу...

Вось, аказваецца, якія яны, сваякі. Ні з чым не лічацца, нічога для яго не шкадуюць! Мікола ўгледзеўся на Пятра, а на ім — не яго гарнітур! Гэта ён у дарогу нейчы адзеў, бо дождж пайшоў. І чаравікі не яго...

«Зусім я ад сваіх адбіўся... Эгаіст! Аднаасобнік! На вяселле не пайшоў — сорам!» — абураўся на сябе Мікола. Яму стала сорамна, і ён засмяяўся залівіста, як вар’ят.

— Я жартую, Пятро, жывая мая цешча! Усе жывыя, дарагія вы мае сваякі-і!

І яны пацалаваліся.

...Раніцою Мікола аддаў Вольцы апошнюю дзесятку, каб не муляла, не спакушала. З задавальненнем вудзіць рыбу і шкадуе, што адпачынак падыходзіць к канцу...

1973


1973