epub
 
падключыць
слоўнікі

Мікола Ваданосаў

Тоўсты і тонкі

Янук і Адась сябравалі з першага курса і да апошняга. Жылі яны заўсёды ў адным пакоі. Зусім розныя па характарах, яны ўсё ж ніколі не сварыліся. Бывала, Янук, што танейшы, скажа:

— А ці не пайсці нам, Адась, у парк? Сёння там будзе дужа весела. Атракцыёны, гульні...

Адась падумае, узняўшы маленькія хітрыя вочкі ўгору, і разважліва адкажа:

— А я думаю, Янук, на дадзеным адрэзку часу мы павінны пайсці або ў сталоўку, або ў кафэ. Нешта вось тут, пад лыжачкай, смокча...

Што ні кажы, а любіў паесці Адась. І еў ён не так, як усе. Возьме ладны кавалак хлеба ў левую руку, лыжку ці відэлец — у правую, зажмурыцца, як кот, і пайшоў працаваць. Аж вушы ўпрысядкі! Адкрываў ён вочы толькі тады, калі ў лыжку ці на відэлец ужо нічога не трапляла...

Янук жа як пачне есці, дык хоць не глядзі на яго. Проста пакутуе, бядак. Паглядзіць на Адася і пракаўтне іншы раз што-небудзь больш смачнае. Тым і жыў чалавек...

Увечары перад сном Янук, бывала, скажа:

— Давай, Адась, пройдземся па вуліцы, гэта вельмі карысна табе...

— Правільна! — падхопіць Адась. — Карысна... Мы зойдзем па дарозе ў бульбяную, каб яшчэ раз ўпэўніцца, што з нашай беларускай бульбы можна прыгатаваць...

Калі справа датычылася розных там страў, Адась ажыўляўся. Ён мог без перадыху выпаліць сто слоў у хвіліну. Затое ў яго не выцягнеш слова, калі размова ішла, скажам, пра мастацтва. Тады ён з усімі згаджаўся і ў заключэнне гаварыў:

— Што, хлопцы, не кажы, а нацюрморт у сваім натуральным выглядзе вабіць куды больш, чым, самі ведаеце, любы шэдэўр мастацтва...

Янук іншы раз крыўдаваў на свайго сябра, але ненадоўга.

Усё гэта, скажам шчыра, не выклікала асаблівай трывогі. Але неўзабаве мы пачалі заўважаць адну вельмі істотную з’яву: чым больш таўсцеў Адась, тым больш худнеў Янук. Ён ужо таму-сяму гаварыў, што калі б яны былі не на апошнім курсе, а, скажам, на трэцім, то два гады ён, Янук, не працягнуў бы. Ён ужо не мог глядзець, як Адась, напрыклад, есць бліны з мачанкай, як ён аблізвае тлустыя пальцы. А яшчэ ж нядаўна Янук мог нават макнуць разы два ў тую мачанку кавалкам бліна.

І тады быў скліканы савет усяго курса. Адны раілі сябрам разлучыцца на час, другія прыпісвалі розныя апетытныя і антыапетытныя лекі, трэція проста не ведалі, што рабіць.

І вось нехта жартам сказаў:

— Трэба іх ажаніць!

Што з гэтага магло атрымацца, тады ніхто пэўна не ведаў, але за думку ўхапіліся:

— Правільна, ажаніць!

Усё гэта я ўспамінаю цяпер, праз дзесяць год, не таму, каб расказаць вам пра двух студэнтаў — тоўстага Адася і тонкага Янука. Мне ўспомніўся той выпадковы жарт, і ўспомніўся не выпадкова. Справа ў тым, што мы, былыя студэнты, зноў сустрэліся. Гэта было пад Новы год. Адась і Янук прыйшлі з жонкамі...

Яны і цяпер былі адзін тоўсты, а другі тонкі. Толькі, як ні дзіўна, тонкім быў Адась! Яны сядзелі за багатым сталом побач, а паабапал былі жонкі.

— Адасік, табе шкодзіць парасяціна... І вяндліна,— гаварыла жонка свайму схуднеламу, лысаватаму, хваравітаму на выгляд мужу.— Вось, вінегрэцік, калі ласка... А гэта давай сюды...

— Ага, шкодна...— пачырванеўшы, пакорліва паўтарыў Адась і пераклаў са свайго сподачка ў жончын і вяндліну, і парасяціну.

— А майму, дзякаваць богу, усё на здароўе! — сказала Янукова жонка і паклала яму на сподачак вялізны кавалак смажанай гусяціны. Потым падумала і дадала яшчэ кавалак сялянскай каўбасы, колца чырвонай паляндвічкі і ружовенькае сцягенца парасяці.

Адась зірнуў, як Янук, пасля чарговай чаркі, пачаў апаражняць посуд, і аж праслязіўся ад смеху:

— Ну, бр-рат, і апетыт жа ў цябе! Як сто гадоў не еў!

— Ага! — згадзіўся той.— На дадзеным адрэзку часу я сапраўды, відаць, прагаладаўся. А тут мы маем такую закусь, што грэх не паспытаць усяго патроху. Тым больш што сёння свята, а ў свята, браце мой, калі чалавек не вып’е ды не пад’есць...

Янук гаварыў яшчэ хвіліны тры. Усе гэтыя тры хвіліны Адась дзёўбаў відэльцам свой вінегрэт. У яго зусім не было апетыту, бо відэлец, урэшце, вываліўся з яго рукі...

— Усё! Кропка! — заўважыўшы гэта, сказала яго жонка.— Ты зусім п’яны. Не падкладвайце яму больш нічога...

Калі сябры выйшлі ў калідор пакурыць, Янук шапнуў Адасю:

— Давай, дружа, па старой звычцы, скочым у бульбяную! Каб яшчэ раз упэўніцца, што з нашай беларускай бульбы можна прыгатаваць...

Адасю стала дрэнна. Ён збялеў, як навагодні снег, пахіснуўся і зваліўся на падстаўленыя рукі таварыша...

1966


1966