Міраслаў Кулеба

Імпэрыя на каленях

Каўказкае гняздо
Спрадвечны вораг
Этыка змагара
На парозе свабоды
Фэномэн Дудаева
Дабраахвотная нацыянальная гвардыя
Чачэнская “рэвалюцыя” 1991 г.
Скарб рэспублікі
Інтэрвэнцыя
Спэцназ у гатоўнасьці
Прэзыдэнт Чачэніі
Хто ўзброіў Дудаева?
Разьня ў Інгушэціі
Працэс дэстабілізацыі дзяржавы. Генэзіс узброенай апазыцыі
Сакавіцкі путч
Стратэгічныя інтарэсы Расеі на Каўказе
Два бакі канфлікта
Храналогія агрэсіі
Уварваньне
Баі на падыходах да Грознага
Канец мары пра бліцкрыг
Выпрабаваньне агнём
Самотныя ваўкі
Мэдычная служба
Вычварны плян Грачова
Зьнішчэньне расейскіх танкаў
Як чачэнцы зьнішчалі танкі
“Ідыёцкая авантура Грачова”
Бітва за Грозны
Чачэнская тактыка абароны горада
Ваенныя злачынствы
Другі этап вайны: сакавік-красавік 1995 г.
Бой за Сьвяты Мост
Падзеньне Аргуна, Гудэрмэсу і Шалі
Карніцкая экспэдыцыя ў Самашках
Адступленьне
“За намі горы і воля”. Трэці этап вайны: травень-чэрвень 1995 г.
Мілана і Фаціма
Чачэнская артылерыя
Пад Сержань-юртам
Апошнія бастыёны
Марская пяхота штурмуе горы
Пірава перамога
“Дзіўная вайна”. Чацьверты этап ваенных дзеяньняў: ліпень 1995 – ліпень 1996 г.
Псы вайны
Апошні бой генэрала Раманава
Дзеяньні расейскіх спэцслужбаў у Чачэніі
Інфармацыйная вайна
Выбарчая правакацыя
Чачэнская партызанская вайна
Тактыка партызанаў
Засады і фокусы
Мінная вайна
Дапамога цывільнага насельніцтва
Дывэрсійная вайна ў Грозным
Сакавіцкі штурм Грознага
Крэпасьць Бамут
Гойскае
Гром з яснага неба
Маняўровая вайна
Чачэнцы ў Крамлі
Сьмерць рыцара
Махкеты
Бітва за Тумс Барзой-лам
“Джыхад”. Падрыхтоўка контрнаступу
Апошні штурм
Фэдэральныя войскі ў абкружэньні
Майстры вайны
Рахунак стратаў
Чалавечы чыньнік
Апошняя спроба Лебедзя
Пасьляслоўе Валерыi Навадворскай


 

Менавіта подзьвіг чачэнскага народу сарваў пляны Масквы па імпэрскаму рэваншу пасьля першага вітка развалу Імпэрыі ў 1991 годзе. За гэта чачэнскім змагарам павінны быць удзячныя народы (у тым ліку беларускі), якія захавалі сваю дзяржаўную незалежнасьць у “лихие годы беспредела”, як самы расейцы называюць 1990-я гады.

Масква не магла дазволіць сабе вайну на два франты. Яе магутная, узброеная да зубоў шматтысячная армія цярпела паразу за паразай ад невялікай, але цудоўна арганізаванай партызанскай арміі Ічкерыі (6 тысячаў ваяроў). Нямногія ў нас зразумелі, што ў 1996 годзе, калі ў Беларусі пускаў карані прамаскоўскі марыянэткавы рэжым, Масква ўжо рыхтавалася да брутальнага захопу Беларусі. Нават на правінцыі міліцыянты распавядалі ня крыючыся: “А нам скоро нашівкі перешьют на россійскіе. Із Мінска генерал пріезжал і расказывал...” Але дзясяткі тысячаў беларускіх патрыётаў біліся з паліцэйшчынай і гэбоўшчынай на вуліцах Менска ў абароне сваёй незалежнай дзяржавы.

Беларускія змагары заявілі, што будуць абараняць Айчыну супраць маскоўскай агрэсіі ўсімі мэтадамі, як таго патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. А тут ў жніўні 1996 года чачэнскія партызаны імклівым ударам выбілі маскоўскіх акупантаў з Грознага. Пляны Масквы паламаліся. Крэмль вымушаны быў перайсьці да іншай тактыкі: паступовага аслабленьня і зьнішчэньня Беларусі. Але гэты шлях беспэрспэктыўны. На вачах усяго чалавецтва загнівае і гіне сама Імпэрыя Зла.

Мы публікуем фрагмэнты кнігі польскага публіцыста і ваеннага гісторыка Міраслава Кулебы (нар. 1958 г.) – Miroslaw Kuleba. Imperium na kolanach. Wojna w Czeczenii. 1994-1996. Warszawa, 1998. Кулеба ведае чачэнскіх змагароў не па кнігах. Падчас першай Чачэнскай вайны ён быў разам з ваярамі генэрала Дудаева на працягу васьмі месяцаў і стаўся сьведкам многіх баявых апэрацый. Трэба ведаць даўнюю і цяперашнюю гісторыю народа, які паставіў на калені Імпэрыю.

Перакладчык

 

Каўказкае гняздо

Чачэнцы зьяўляюцца адным з старэйшых народаў Каўказа. Ад старадаўніх часоў яны жывуць у сваіх радавых сядзібах і ніколі не спрабавалі захапіць землі суседзяў. Сваю краіну яны называлі Ічкерыяй альбо Нахчый-чо; цяперашнюю назву ім далі расейцы. Чачэнія знаходзіцца на Паўночным Каўказе, на паўднёва-усходнім канцы Эўропы. Яе абшары адпавядаюць памерам дзьвюх сярэдніх польскіх ваяводзтваў.

Уся краіна, па-за выключэньнем скалістых вяршыняў Каўказа, некалі была пакрыта густым лесам, які праціналі незьлічоныя рэчкі і плыні, што бягуць з блізкіх гор. Людзі жылі на іх берагах у невялікіх аулах.

Насельнікі гэтай зямлі самы сабе называюць вайнахамі альбо нахчы. Нахская мова, на якой яны размаўляюць, належыць да каўказка-ібэрыйскай сям’і і не падобная ні на адну мову ў сьвеце, па-за выключэньнем інгушскай. Яе сьляды можна знайсьці ў клінапісі старажытных гурытаў і ўрартаў ужо ў першым тысячагоддзі да н.э.

Стагоддзі таму продкі цяперашніх вайнахаў утварылі ўласную дзяржаўнасьць, заснаваную на радавым ладзе. У 8-м ст. да іх з Грузіі прышло хрысьціянства, але ў часы турэцкай экспансіі на Каўказе яны прынялі ў сярэдзіне 17-га ст. іслам. Да пачатку 20-га ст. чачэнцы мелі арабскую пісьмовасьць; у 1925 г. быў ўведзены лацінскі алфавіт, у 1938 – кірыліца.

Традыцыйнымі заняткамі каўказкіх народаў былі выпас быдла ў гарах, а на раўніне жывёлагадоўля і земляробства. Вельмі ваяўнічыя чачэнцы не вялі войнаў з іншымі каўказкімі народамі. Ваеннае майстэрства і славу бясстрашных ваяроў яны здабывалі ў войнах з захопнікамі, якія рваліся на Каўказ з старадаўных часоў.

З поўначы прыходзілі качэўнікі кімэрыйцы, скіфы, іранскія сарматы, аланы, гуны, авары, хазарскія войскі. З поўдня – арміі асірыйцаў, пэрсаў, рымскія легіёны. У 7-м ст. Каўказ захапілі арабы, якія прынесьлю туды іслам і сваю пісьмовасьць. У 11-м ст. каўказкія валадараньні каліфаў захапілі з поўдня туркі-сяльджукі. 13-е стагоддзе – гэта эпоха вялікіх мангольскіх нашэсьцяў.

Перад тым, як на Каўказ уварваліся манголы, краіна вайнахаў, што займала тэрыторыю сёньняшняй Чачэніі, перажывала пэрыяд росквіту. Будаваліся сотні каменных вежаў і крэпасьцей, якія ахоўвалі кожнае паселішча, кожную горную сьцяжыну і ўрадлівую даліну. Першым ударыў на гэтую тэрыторыю ў 1221 г. знакаміты ваеначальнік Чынгіз-хана, аднавокі Субэдэй-Багатур. 20 тысячаў мангольскіх вершнікаў спустошылі агнём і мячом паўднёвы Дагестан і наблізіліся да земляў, заселеных вайнахскімі плямёнамі. Распачалася шматгадовая вайна манголаў з горцамі Каўказа. З самага пачатку чачэнцы выкарыстоўвалі традыцыйную тактыку, вядомую з усіх наступных войнаў: ваяры рабілі завалы на горных сьцяжынах, рабілі партызанскія налёты і зьнікалі ў лясной чашчы.

Другім нашэсьцем кіраваў у 1227 г. сын Чынгіз-хана Угэдэй. 30-тысячнай мангольскай конніцай зноў камандаваў Субэдэй-Багатур. У каўказкіх гарах распачалася шматгадовая, выматваючая партызанская вайна.

Трэцяе нашэсьце манголаў распачалося ў 1236 г. Войскам камандаваў Бату, унук Чынгіз-хана. Пасьля доўгай і крывавай аблогі ў 1238 г. была сьцерта з паверхні зямлі сталіца чачэнцаў – Магас над ракой Сунжа. Кожнаму забітаму абаронцу адсеклі правае вуха. Налічылі іх 27 тысячаў.

Качэўнікі занялі раўнінную частку паўночнага Каўказа і пабудавалі там крэпасьць. У гарах працягваліся баі. Народу стэпаў ніколі не ўдалося перамагчы чачэнскіх горцаў.

 

Спрадвечны вораг

Расея працягнула руку ў бок Каўказа за панаваньня Пятра І. У часы Кацярыны ІІ гэта ўжо быў узброены кулак. Сувораў, перш чым перайшоў Альпы ў Швайцарыю, апрабаваў свае сілы на Каўказе.

У 1774 г. імпэрыя заглынула Кабарду, свой першы плацдарм на паўночным Каўказе. Кацярына ІІ пасяліла у стэпах Каўказа запарожскіх казакоў. Аляксандр І уключыў у склад Расеі Грузію, якую зусім нядаўна царыца ўзяла пад сваю “апеку”. Скарэньне Каўказа працягвалі наступныя цары, выдзіраючы яго кавалак за кавалкам у Турцыі і Пэрсіі. З войскамі імпэрыі ваявалі ўсе каўказкія народы, але найбольш пасьпяхова – чачэнцы.

Першым на вайну супраць Расеі павёў горцаў Шэйх Мансур. Паўстаньне, якое выбухнула ў 1785 г., ахапіла ўвесь паўночны Каўказ. Царская армія зламіла супраціў паўстанцаў праз чатыры гады. Шэйх Мансур быў схоплены і памёр у Шлісэльбургскай крэпасьці. Пасьля яго на працягу 30 гадоў з Расеяй ваяваў Бэйбулат Тайміеў з Гельдыгену.

На пачатку 19-га ст. на Каўказ прышлі ідэі мусульманскай сэкты мюрыдаў, містыкаў і аскетаў, якія абвяшчалі абсалютную роўнасьць усіх людзей. Яны хутка распаўсюдзіліся сярод чачэнцаў і народаў Дагестану. Першы лідэр новай ідэі мула Магамэд з Яргі павёў сваіх вучняў на бітву супраць экспансіі царызма, заявіўшы, што мусульманін ня можа быць падданым іншага чалавека. Мюрыдызм, злучаны муламі з лёзунгам сьвяшчэннай вайны з нявернымі – газаватам, стаўся ідэальнай зброяй у змаганьні з расейскім агрэсарам. Увесь пазьнейшы пэрыяд вялікай каўказкай вайны з Расеяй прайшоў пад знакам мюрыдызму і газавату.

Калі Расея апанавала Закаўказьзе, на шляху да яе новых заваёваў стаялі ўжо толькі народы няскораных горцаў. З 1816 г. распачалося іх сыстэматычнае скарэньне. На Каўказ прышоў з войскам Ярмолаў.

Герой Барадзінскай бітвы, царскі намесьнік генэрал Ярмолаў рэалізаваў на Каўказе палітыку генацыду. Ягоныя войскі высеклі чачэнскія лясы, каб пазбавіць абаронцаў магчымасьці схавацца. Ярмолава замяніў заваёўнік Арменіі і пазьнейшы кат Польшчы генэрал Іван Паскевіч, якому цар Мікалай І загадаў “стлуміць горскія народы або зьнішчыць непакорных”.

У 1834 г. начале антырасейскага паўстаньня ўстаў імам Шаміль. Ягоная сьвяшчэнная вайна была крывавай. Калі ў 1847 г. колькасьць чачэнцаў была паўтара мільёна, то пасьля заканчэньня паўстаньня Шаміля, якое працягвалася 25 гадоў, іх засталося ўсяго 116 тысячаў.

У гісторыі паўночнага Каўказу Шаміль быў першай постацьцю такога вялікага фармату. Ён нарадзіўся ў 1797 г. у ауле Гімры. З маладосьці ён вызначаўся кемлівасьцю і выдатнымі рысамі характару. Быў таксама надзвычай разьвіты фізычна – мог пераскочыць праз кій, які трымалі два мужчыны на выцягнутых руках над галовамі, быў славутым коннікам і стралком, а ў матсацтве валоданьня мячом ня меў сабе роўных. Ён атрымаў грунтоўную тэалагічную адукацыю, ведаў Каран, арабскую філасофію і граматыку. Ён захапіўся ідэямі мюрыдызму і ўступіў у паўстанцкі атрад, дзе ў хуткім часе ўславіўся як адзін з лепшых ваяроў. Калі старшызна абвясьціла яго імамам Чачэнііі і Дагестану, ён праявіў невычарпальную энэргію і арганізатарскі талент ў пабудове асноваў адзінай дзяржавы і яе ўзброеных сілаў. Паводле гісторыкаў, рэформы Шаміля зрабілі з каўказкіх плямёнаў сучасныя народы, якія карысталіся ў поўнай меры грамадзянскімі правамі.

Армія Шаміля – нізам – складалася з рэгулярнага войска і паспалітага рушэньня. Налічвала 15 тысячаў чалавек, з чаго 6 тысячаў конніцы. Разам з паспалітым рушэньнем Шаміль мог адначасова выставіць 40 тысячаў жаўнераў. Ніколі, аднак, гэтага ня здарылася – найвялікшы аддзел, які ў 1854 г. ваяваў у Грузіі, налічваў 12 тысячаў чалавек. Несьці вайсковую службу абавязаны былі мужчыны ўзростам ад 15 да 50 гадоў. Кожная сям’я выстаўляла аднаго жаўнера. Ваявалі таксама дабраахвотнікі, а пры неабходнасьці – усе. Звычайна на абарончыя пазыцыі разам з мужчынамі выходзілі жанчыны, якія бралі ўдзел у баях. Войска складалася з кавалерыі, пяхоты і артылерыі. Шаміль меў таксама сваю гвардыю, якая налічвала 600-900 чалавек. Аднаго гвардзейца – муртазэка – з канём і поўным узбраеньнем выстаўлялі дзесяць гаспадарак. Падчас мабілізацыі паспалітага рушэньня гвардзейцы станавіліся камандзёрамі дабраахвотнікаў. Гвардзейцы вызначаліся выключнай мужнасьцю ў баях. Яны давалі прысягу, што памруць, але не адступяць перад ворагам. Ня было такога выпадку, каб муртазэк здаўся ворагу ў баі.

Пазьбягаючы, калі толькі гэта было магчыма, вялікіх бітваў з добра вышкаленымі царскімі жаўнерамі, імам Шаміль з вялікай хуткасьцю перамяшчаўся на вялікія адлегласьці. Ён выкарыстоўваў гэтую тактыку, з-за якой рэгулярная армія ворага губляла сілы, на працягу дзесяцігоддзяў. І Шаміль граміў ушчэнт па чарзе царскіх генэралаў, якіх прысылалі на Каўказ. Штогод у вайне гінула па 25 тысячаў расейскіх жаўнераў. Генэрал Вельямінаў сказаў некалі: “Тыя арміі, якія мы страцілі на Каўказе, і тыя лепшыя людзі, якія загінулі там у бітвах, маглі б заваяваць для нас ўсе землі паміж Турцыяй і Японіяй”.

Найлепшы камандзёр у арміі Шаміля Байсангур Бенаеўскі аднойчы пасьля бітвы падышоў да імама з раздробленай рукой. Зьдзіўлены Шаміль спытаў – “што гэта там у цябе вісіць?” Байсангур нахіліўся, прыціснуў руку, якая вісела на скуры, а потым выпрастаўся, абрываючы яе ад цела. Але ацалелай рукой ён мог без перапынку секчы шабляй сем гадзін, рассякаючы ворагаў напалам. У незьлічоных бітвах гэты улюбёны герой чаченскай гісторыі страціў яшчэ нагу і вока. Калі яму выдалялі разьбіты вочны яблык, ён сказаў – “калі хаця б адзін мускул здрыганецца ў мяне на твары, вылупіце мне другое вока”. Каб ён мог ваяваць, яго прывязвалі да сядла. Ён працягваў самотнае змаганьне і тады, калі Шаміль здаўся ў палон цару.

Нават вораг вымушаны быў аддаць належнае чаченскім змагарам. Вось як разглядаў іх гісторык каўказкіх войнаў В. Пота: “Чачэнец ёсьць статны і моцны. Высокага росту, хударлявы, з вострымі рысамі твару і хуткім рашучым позіркам. Ён зьдзіўляе сваёй рухлівасьцю, хваткасьцю, спрытам. Апрануты сьціпла, без раскошы, ён ганарыцца толькі зброяй, супернічаючы ў гэтым з кабардзінцамі. Ён носіць зброю неяк выключна ўрачыста, што адразу кідаецца ў вочы казакам і горцам. У баі чаченцы кідаюцца ў цэнтар калёны і пачынаюць жудасную разьню, таму што яны хваткія і бязьлітасныя, як тыгры”.

“Кепска апрануты, пад дажджом, босы, у брудзе, без цёплай ежы чачэнец ў імя веры цярпліва зносіў стому, голад і хваробы – прызнаваў царскі генэрал Ф. Дубровін. – Чачэнцы ганарлівыя, ганарацца сваёй незалежнасьцю і вераць у прыўкрасную будучыню свайго народу і сваёй айчыны”.

Мірная дамова, якой скончылася каўказкая вайна, што працягвалася дзесяцігоддзямі, давала чачэнцам зусім выключнае месца сярод народаў расейскай імпэрыі. Чачэнцы захоўвалі права на нацыянальную самастойнасьць, уласную веру, маглі насіць зброю, не плацілі някай даніны ў царскую казну, не служылі ў царскай арміі. Калі Расея парушыла гэтыя ўмовы, выбухнула новае паўстаньне.

Горцаў Чачэніі і Дагестана павёў у бой 23-гадовы Алібэк-Хаджы Зандацкі. Калі пасьля паразы паўстаньня расейскі палявы суд асудзіў яго разам з 28 таварышамі на сьмерць, Алібэк-Хаджы сказаў у апошнім слове: “Толькі перад Богам і чачэнскім народам мы прызнаем сваю віну ў тым, што нягледзячы на ахвяры мы не здолелі вярнуць дадзенай нам Богам волі”.

У 1877 г. быў падпісаны новы мір, умовы якога Расея зноў не выконвала. Вайна за волю працягвалася. На паўночным Каўказе распаўсюдзіўся арыгінальных партызанскі рух, называны змаганьнем абрэкаў. Абрэкі, пра якіх народ складаў песьні, ваявалі супраць царскай, а пазьней супраць бальшавіцкай адміністрацыі. Яны помсьцілі за свае крыўды і станавіліся абаронцамі правоў звычайных людзей. Яны вызначаліся адчайнай сьмеласьцю, іх не маглі злавіць на працягу дзесяткаў гадоў. Найславуцейшым зь іх быў Зэлімхан Харачоеўскі. Ён стаўся абрэкам, калі царскі прыстаў ударыў па твары ягонага дзеда Бахно, якому было 104 гады. Апошні чачэнскі абрэк Хасо быў забіты ворганамі КГБ толькі ў 1963 г. Гэты стары важыў 43 кіляграма і нёс на сабе столькі ж кіляграмаў узбраеньня. Яго застрэлілі на могілках, калі ён капаў сябе магілу, каб памерці вольным чалавекам.

Пасьля заканчэньня ваны на Каўказе чачэнцы шукалі ваеннай славы таксама ў шэрагах расейскай арміі. Падчас расейска-турэцкай вайны (1877-78 гг.) былі заўважаны выключныя здольнасьці каўказкіх горцаў да патрульнай службы і імклівых налётаў. “Іхны ўдар кінжалам пэўны і рэдка не бывае сьмяротным, яны страляюць уначы наўскід, на гук, на агонь стрэлу – і дэманструюць у гэтым відавочную перавагу над вышкаленымі казакамі, не кажучы пра жаўнераў. Коннік-горац адважна б’ецца на кані, сьпешаны ён сьмела ідзе ў атаку, а ў індывідуальным баі ўмее схавацца на мясцовасьці”. На працягу двух гадоў вайны ў шэрагах царскай арміі служылі 42 тысячы каўказкіх горцаў. “Яны самы рваліся на вайну. Вайна – гэта іхнае жыцьцё. Георгіеўскі Крыж – гэта іхная мара і шчасьце”.

У 1914 г. была сфармавана Каўказкая Мясцовая Наёмная Конная Дывізія, якая складалася з шасьці палкоў: Дагестанскага, Кабардзінскага, Чачэнскага, Інгушскага, Чаркескага і Татарскага. На франтах І Сусьветнай вайны яна наганяла страх пад імем “Дзікай Дывізіі”, а падчас бунта генэрала Карнілава ў 1917 г. яна ішла ў авангардзе яго коннага корпуса на захоплены бальшавікамі Петраград.

Чачэнцы ніколі не пагадзіліся з стратай незалежнасьці. Калі абвалілася царская Расея, яны прадпрынялі спробу ўтварэньня ўласнай дзяржавы. У 1917 г. быў заснаваны Імамат Чачэніі і Дагестану. Дарогу да незалежнасьці Каўказа адкрыў Зьезд Горскіх Народаў, скліканы 20 верасьня 1917 г. ва Уладзікаўказе. Зьезд ухваліў канстытуцыю Фэдэральнай Горскай Рэспублікі, якая была дзяржаўным утварэньнем са структурай, блізкай да Швайцарскай Канфэдэрацыі, і аб’ядноўвала ўсе народы Каўказа. Горскую Рэспубліку патапіла ў крыві спачатку армія Дзянікіна, а потым бальшавікі.

Хаця каўказкія горцы змагаліся супраць Дабраахвотніцкай Арміі Дзянікіна ў стане перамір’я з бальшавікамі, яны з самага пачатку дзейнічалі супраць савецкай улады. Шарыяцкія аддзелы Шэйха Узуна-Хаджы да верасьня 1919 г. цалкам ачысьцілі горную частку Каўказа ад войскаў Дзянікіна. На вызваленай тэрыторыі быў утвораны Паўночна-каўказкі Эмірат. Ягоныя прадстаўнікі прыбылі на парыжскую мірную канфэрэнцыю, а подпіс кіраўніка дэлегацыі Вісан-Гірэя Джабагіева ёсьць на дакумантах Вэрсальскага трактата. Калі ў лютым 1920 г. “белыя” адышлі з Каўказа, бальшавікі адразу ж ліквідавалі эмірат. Узун-Хаджы ў хуткім часе памёр. Пасьля яго эмірам стаў былы царскі генэрал Іналук Арсанукаеў. Бальшавікі застрэлілі яго на вуліцы Грознага.

У жніўні 1920 г. супраць бальшавіцкай акупацыі паўсталі чачэнцы і аварцы пад кіраўніцтвам Нажмудзіна Гацінскага, які абвясьціў сябе імамам паўночнага Каўказа. Горцы ваявалі пад лёзунгам: “Саветы прэч за Дон!” Паўстаньне было здушана пасьля таго, як у Чачэнію былі перакінуты вялікія тактычныя злучэньні Чырвонай арміі з польскага фронту. Аддзел Гацінскага быў ліквідаваны толькі ў жніўні 1925 г. У апэрацыі ўдзельнічалі 7 тысячаў чырвонаармейцаў, 24 гарматы і 7 самалётаў.

У 1929 г. па Чачэніі пракацілася хваля ўзброеных выступаў супраць прымусовай калектывізацыі і высылцы ў Сібір лепшых гаспадароў, якіх прызналі кулакамі. Гэтым разам за зброю схапіліся жыхары раўнін. Паўстанцы ўтварылі ўласныя ворганы народнай улады, якія запатрабавалі ад Масквы спыненьня калектывізацыі, арыштаў і ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы аўтаноміі, ліквідацыі мясцовых арганізацый ГПУ і вяртаньня шарыяцкіх судоў.

У сьнежні 1929 г. моцныя атрады Чырвонай арміі выцесьнілі паўстанцаў у горы. У траўні 1930 г. расейцы занялі апошні пункт супраціву – Бэной, які пакінулі ўсе жыхары. Масква часова адмовілася ад арганізацыі калгасаў, вывела войскі і абвясьціла амністыю. Калі паўстанцы спусьціліся з гор, супраць іх пачаліся масавыя рэпрэсіі. Кіраўнік руху Шыта Істамулаў быў падступна застрэлены ў кабінэце начальніка мясцовага ГПУ. Тады ягоны брат Хасан арганізаваў новы аддзел, які ваяваў да 1935 г.

Антысавецкае паўстаньне, якое выбухнула ў гарах у сакавіку 1932 г., чэкісты разграмілі праз два тыдні. Рэпрэсіі ахапілі 3 тысячы чалавек, зь якіх шмат каго расстралялі.

У 1933 г. выбухнула паўстаньне, якім кіраваў былы бальшавіцкі партызан Ібрагім Гэльдэген. На наступны год ён загінуў ад рук чэкістаў.

У студзені 1940 г. горы здрыгануліся ад новага паўстаньня супраць камуністычнай улады. Яго кіраўнікамі былі юрыст Майрбэк Шэрыпаў, брат славутага бальшавіка 1917-га года, і пісьменьнік Хасан Ісраілаў. У лютым 1940 г. быў утвораны Часовы Ўрад Хасана Ісраілава. Горцы, натхнёныя посьпехамі фінаў у вайне з савецкай агрэсіяй, хацелі ў сваёй маленькай краіне утварыць другі фронт супраць Расеі. Іхныя надзеі ўзмацніла агрэсія гітлерскай Нямеччыны на СССР. У гарах Каўказа зьявіліся парашутысты з элітнай горнай брыгады “Эдэльвайс”. Пазьней гэта дало Сталіну прэтэкст для абвінавачваньня чачэнцаў у супрацоўніцтве з немцамі, хаця падчас акупацыі паўночнага Каўказа ўлетку 1942 г. гітлераўцам не ўдалося заняць Чачэна-Інгушэцію. Разумеючы пагрозу, войскі НКВД ў 1943 г. правялі шырокамаштабны наступ ў горных раёнах Чачэніі. Было зьнішчана больш за 40 аулаў, расстраляны іх жыхары, усё мужчынскае насельніцтва збунтаваных раёнаў выслалі ў канцлягеры. Тым ня менш Крэмль увесь час баяўся новага паўстаньня. Сьпела рашэньне аб дэпартацыі цэлага народу з ягоных спрадвечных земляў.

Масавая дэпартацыя, якую Сталін правёў 23 лютага 1944 г., была найтрагічнейшай старонкай у гісторыі чачэнцаў. Большасьць баяздольных мужчын ваявала ў той час на франтах ІІ Сусьветнай вайны. Войскі НКВД зьявіліся ў Чачэніі пад прэтэкстам, што яны вяртаюцца з фронту і патрабуюць адпачынку. Чачэнцы прынялі іх у адпаведнасьці з традыцыямі сваёй гасьціннасьці. Праз два тыдні усё насельніцтва пагрузілі ў вагоны-цялятнікі і выслалі ў Сібір, у Паўночны Казахстан і ў Кіргізію. Тых, якіх не маглі вывезьці, забілі. У вёсцы Хайбах спалілі жыўцом 700 чалавек, затрыманых у гарах сьнежнымі заносамі. За гады ў ссылцы з голаду і хваробаў загінула амаль палова народа. Чачэнцы здолелі вярнуцца на айчыну толькі ў часы Хрушчова, у 1957 г.

Сьведчаньне таго, як чачэнцы паводзілі сябе ў ссылцы, даў Аляксандр Салжаніцын у “Архіпелагу ГУЛАГ”: “Быў адзін народ, які зусім не паддаўся псіхалогіі пакорлівасьці – не самотнікі, не збунтаваныя, а менавіта цэлы народ. Гэта былі чачэнцы.”

Джахар Дудаеў некалі сказаў, што генэтычны код народу фармуецца ў вайне. Чачэнцы ваявалі з Расеяй за сваю волю каля трохсот гадоў. Сусьветная гісторыя напэўна ня ведае больш трывалага супраціву агрэсарам.

 

Этыка змагара

Жаўнерскія якасьці прышчэпліваюцца кожнаму чачэнскаму хлопцу з маленства. Дзіця расьце ў атмасфэры культа адвагі, ваяўнічасьці і мужчынскага спаборніцтва. Пры гэтым абуджаецца любоў да зброі. Яшчэ жывыя ваенныя каўказкія традыцыі, пранесеныя праз стагоддзі ўсемі каўказкімі народамі. Але ў чачэнцаў яны набылі формы своеасаблівага культа. Гэтая натуральная мэнтальнасьць ваяра хіба зьяўляецца ключом для зразуменьня нязвыклых зьдзяйсьненьняў чачэнскіх аддзелаў у гісторыі войнаў, а таксама падчас найкрывавейшай зь іх – вайны з Расеяй, якая закончылася нядаўна (маецца на ўвазе І Чачэнская вайна 1994-96 гг. – заўвага рэдактара).

Сьвядомасьць мужчыны, які фармуецца, кшталтуюць асновы адата, маральна-этычнай сістэмы, якая склалася ў 16-м ст. У той час чачэнскі народ аб’яднаўся ў дзяржаву, лад якой, заснаваны на правілах адата, праіснаваў да часоў антырасейскіх войнаў 19-га ст. Згодна з патрабаваньнямі адата, грамадзтва прызнавала асновы агульнай свабоды і роўнасьці. Заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўладу зьдзяйсьняла рада старэйшынаў, такзваны Мэхк-Кхэл. Дэмакратычны характар гэтай грамадзкай арганізацыі быў чымсьці абсалютна выключным у тагачасным сьвеце.

У чачэнскім грамадзтве спрадвечныя законы дзейнічаюць дагэтуль. Яны накладаюць на мужчыну безагаворачны абавязак абараняць родную зямлю, родную вёску, блізкіх людзей. Нішто ня можа апраўдаць баязьліўства і здрады, адступніцтва ад патрабаваньняў, якія на ваяра накладае іслам. Паводле Карана, баязьліўства ёсьць адным з сямі галоўных сьмяротных грахоў. Гонар цэніцца вышэй за жыцьцё. У аснове сваёй гэта ёсьць рыцарскі кодэкс, зусім выключны ў сучасным сьвеце. Ня дзіва, што мужчыны, якім з дзяцінства прышчэплены асновы адата, зьяўляюцца выдатнымі жаўнерамі, зь якімі не дала рады ані армія царскай Расеі, ані дэсантныя палкі генэрала Грачова.

Чачэнца, які апошнім прыбыў на збор, калі трэба было вырушыць у бой, таварышы забівалі. Незьлічоныя пакаленьні чачэнскіх хлопцаў вырасталі з сьвядомасьцю суровых законаў вайны. Вялікая гісторыя продкаў, якая жыве ў расказах мацерак, фармавала характар, фантазію і ўражлівасьць дзяцей. Таму, што для новых пакаленьняў чачэнцаў было найважнейшым, ніколі не вучылі ў школах.

Усе чачэнскія генэралы апошняй вайны, хіба наймаладзейшыя генэралы ў сьвеце, вучыліся ад герояў свайго народу, як жыць і ваяваць. Басаеў, Хамзат Гелаеў, Салман Радуеў і тысячы іхных падначаленых, якія не даслужыліся да генэральскіх званьняў, замест дзіцячых казак слухалі гісторыі пра Шэйха Мансура, Байсангура Бэнаеўскага, абрэка Зэлімхана. Падобна, як генэралы Джахар Дудаеў і Аслан Масхадаў, якія зрабілі бліскучую кар’еру ў савецкай арміі, але ў час выпрабаваньняў павялі свой народ супраць спрадвечнага ворага – Расеі. Тыя самыя ідэалы і асновы гонару фармавалі сьвядомасьць чачэнскай моладзі, якая пачула заклік і схапілася за зброю. “Чачэнцы – гэта народ, якія слаба паддаецца ўплыву часу і зьменам умоваў – заўважыў гісторык каўказкай вайны. – Сапраўдны ваяр павінен валодаць усімі якасьцямі і рысамі змагара гераічнай эпохі чалавецтва”.

Фэномэн чачэнскага ваяра сёньня абуджае зразумелую цікаўнасьць. Як можна растлумачыць нязвыклую мужнасьць гэтых людзей, адвагу і гатоўнасьць ахвяравацца ўласным жыцьцём? Любоў да радзімы, абавязак абароны зямлі продкаў, сваіх блізкіх, глыбокая рэлігійнасьць – усё гэта ёсьць таксама ў іншых народах. Што ёсьць першапрычынай выключнасьці чачэнцаў? Можа крыху высьвятляць гэтую цікавую праблему словы чачэнкі, якая прайшла праз гады дэпартацыі ў Казахстане. “Я бачыла, з якой пяшчотай ва ўсіх сем’ях ставіліся да мужчын, пачынаючы ад старога і канчаючы немаўляткам. Для яго было ўсё лепшае, ці то ежа, ці то пасьцель, ці то абутак. Да хлопца ставіліся з такой жа павагай, як да старога. Ніхто яго не прыніжаў, ня біў. Нас абвінавачвалі ў тым, што ў нашым грамадзтве пануе культ мужчыны. Але калі нашы сыны адыходзілі на вайну, яны ані на сэкунду не сумняваліся ў слушнасьць свайго рашэньня і абранага шляху – бо кожны зь іх пакідаў дома маці і сясьцёр, якія ў яго верылі і ганарыліся ім”.

“Мая любоў да цябе бязмежная, мой сыне – сьпяваюць старую калыханку чачэнскія маці сваім дзецям. – Але каб ня ўбачыць цябе прыніжаным і слабым, я гатовая да канца свайго жыцьця прыглядаць за тваёй магілай”.

 

На парозе свабоды

У 1990 годзе ў Чачэна-Інгушэціі 90 адсоткаў працаздольных мужчын былі беспрацоўнымі. Кожны хлапец ва ўзросьце 13-14 гадоў езьдзіў з бацькам на заробкі. Езьдзілі ў Сібір, Далёкі Усход, Паволжа і Казахстан. На гаспадарцы на большую частку года заставаліся толькі жанчыны. У статыстыцы СССР Чачэна-Інгушэція займала апошняе 73-е месца што тычылася жыцьцёвага ўзроўню. Што тычылася сьмяротнасьці сярод немаўлят – рэспубліка мела другое месца.

Развал Савецкага Саюза абудзіў у народах імпэрыі спадзяваньні на ўсталяваньне самастойнага дзяржаўнага існаваньня. Пад канец васьмідзесятых гадоў у Чачэніі паўсталі першыя нефармальныя арганізацыі патрыятычнага характару.

Першыя мітынгі сталі трыбунай, зь якіх было заяўлена аб незалежніцкіх памкненьнях чачэнцаў. Яны распачаліся ў 1988 г. Паўсталі падпольныя арганізацыі. У 1989 г. узьнік аргкамітэт “Ірацкіх дабраахвотнікаў”. Вайсковымі справамі гэтай заканспіраванай арганізацыі займаўся былы афіцэр савецкіх танкавых войскаў Магамэт Сайдулаеў. “Мы хацелі высьветліць, колькі людзей пойдзе за намі на вызвольную вайну супраць Савецкага Саюза. Мы ведалі добра, што ніхто з нас не паедзе ваяваць у Ірак, але пад выглядам арганізацыі гуманітарнай дапамогі да нас запісаліся 27 тысячаў чалавек. Цяпер я сам зьдзіўляюся, што не было ніякага страху, а КГБ ў той час сядзеў у нас на хвасьце”.

Зэлімхан Яндарбіеў заняўся палітыкай падчас навучаньня ў Маскоўскім унівэрсітэце, калі разам з групай маладых людзей утварыў чачэнскую арганізацыю “Барт” (“Адзінства”). На пачатку 1990 г. “Барт” пераўтварыўся ў Вайнахскую Дэмакратычную Партыю, першую ў Чачэніі апазыцыйную партыю. Яе дзеячы адыгралі актыўную ролю ў падрыхтоўцы Кангрэсу Чачэнскага Народа, які прывёў да ўлады Джахара Дудаева.

Адным з арганізатараў і чальцоў Вайскова-Патрыятычнага Зьвязу “Мансур” быз Маўладзі Удугаў, пазьнейшы міністар інвармацыі Чачэніі. Мэтай гэтай арганізацыі было правядзеньне ідэалагічнай працы сярод патрыятычна настроенай моладзі і ўтварэньне зь яе баявых груповак. Падчас жнівеньскага путчу 1991 г. актывісты арганізацыі “Мансур” з павязкамі на рукавах адкрыта выступілі супраць спэцназа МУС. Тады яны былі ўзброены толькі гімнастычнымі дубінкамі і кіямі.

 

Фэномэн Дудаева

Сцэнай прэзэнтацыі поўнага палітычнага спэктру Чачэніі стаў Кангрэс Чачэнскага Народу, які адбыўся ў Грозным 23-25 лістапада 1990 г. У ім ўзялі ўдзел больш за тысячу дэлегатаў, дзеячаў незалежніцкіх рухаў і прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў Чачэніі. Кангрэс прызнаў, што настаў час рэалізацыі нацыянальных памкненьняў, і заявіў аб ўтварэньні Чачэнскай Рэспублікі Начый-чо, якая “афіцыйна не ўваходзіць ані ў склад СССР, ані таксама Расейскай Фэдэрацыі”. Старшынём выканаўчага камітэту кангрэса быў абраны генэрал Джахар Дудаеў.

Джахар Дудаеў зьявіўся на палітычнай арэне дастаткова нечакана. Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў вайсковай кар’еры і на гэтым полі дасягнуў посьпеху – стаўся першым у гісторыі СССР чачэнскім генэралам. Парадаксальна, але савецкі генэрал Джахар Дудаеў стаў выразьнікам поглядаў найбольш радыкальных груповак, якія імкнуліся да незалежнасьці.

Ён нарадзіўся ў 1944 г. у Ялчароі, горнай вёсцы на памежжы Чачэніі і Інгушэціі. Паходзіў з вельмі ваяўнічага роду, якога ворагі баяліся як агня і які меў вялікія заслугі ў вайне супраць Расеі. Некалькімесячным немаўляткам Джахар падзяліў лёс усяго народа – у вагоне-цялятніку паехаў у ссылку ў Казахстан. Знаходзіўся там з сям’ёй трынаццаць гадоў.

Можа, той факт, што хлапец быў любімцам бацькоў, наймалодшым сярод пятнаццаці дзяцей, тлумачыць шмат якія асаблівасьці ягонага характару. Джахар быў непакорлівым, рэзкім, непрадказальным, а калі трэба – цьвёрдым і няўступлівым.

Будучы прэзыдэнт пачаў працаваць электрыкам на будоўлі. Потым вывучыўся ў Тамбоўскай вышэйшай лётнай вучэльні і атрымаў дыплём лётніка-інжынэра. Яму як лепшаму навучэнцу ўручыў дыплём знакаміты савецкі лётнік-зьнішчальнік Кажадуб. Калі Джахар паспрабаваў паступіць у Лётную Акадэмію, яму адмовілі. Чачэнец ня меў права быць вышэйшым камандзёрам. Малады афіцэр паехаў у Маскву і цэлы тыдзень правёў пад брамай Крамля, дамагаючыся прыёму ў міністра абароны. “Я хутчэй павешуся, але не вярнуся ў частку не паступіўшы ў акадэмію”. – заявіў ён. Калі генэрал Язаў убачыў службовыя дакуманты Дудаева, то аблаяў камандуючага лётных войскаў. Дарога ў акадэмію была адкрыта.

У 1974 г. Дудаеў закончыў камандны факультэт Ваеннай Лётнай Акадэміі. Прасоўваючыся ў вайсковай герархіі, ён атрымаў званьне генэрал-маёра і пасаду камандзёра дывізіі стратэгічных бамбавікоў на эстонскай базе ў Тарту. У Аўганістане ён камандваў дывізіяй стратэгічных бамбавікоў. Першым ён выкарыстаў мэтад дывановага бамбардаваньня. Генэралам ён змог стаць толькі тады, калі ў 1989 г. адмянілі таемны дэкрэт савецкага ўраду, які забараняў надаваць чачэнцам вайсковыя званьні вышэйшыя за палкоўніка. Ажаніўся з Алай Куліковай, расейкай, мастачкай паводле адукацыі. Яна таксама пісала вершы. “Маці ахапіў гнеў”. – успамінае старэйшы брат генэрала Басхан. Старэйшы сын Джахара Аўлур нарадзіўся ў 1971 г., дачка Дана ў 1974. Малодшы сын Дэгі нарадзіўся ў 1984 г.

Джахар быў глыбокім вернікам, хаця рэдка знаходзіў час на штодзённыя малітвы – намаз. Зазвычай ён працаў па пятнаццаць гадзінаў у суткі. Ён быў здольны сінхронна перакладаць з ангельскай мовы, займаўся баявымі відамі спорту, вельмі добра гуляў у тэніс. Стаўся нават чэмпіёнам рэспублікі сярод школьнікаў. Сам, сваімі рукамі пабудаваў свой дом ад фундамэнту да даху. Цікавіўся мастацтвам і прыродай, чытаў расейскую класіку – Лермантава, Пушкіна, Талстога, Чэхава. Любіў кветкі. У ягоным доме штодня ў вазах стаялі сьвежыя букеты.

Анатолі Прыстаўкін, аўтар аповесьці “Начавала хмарка залатая”, у якой распавядаецца аб трагедыі чачэнцаў, быў аднойчы ў Таліне. “Калі ў кінатэатры паказвалі фільм, заснаваны на маёй аповесьці, Дудаеў выкупіў цэлую залю для сябе. Сядзеў і плакаў усе паўтары гадзіны”. – успамінае пісьменьнік. Такія праявы пачуцьцяў здараліся і раней у сям’і Дудаевых. Калі старэйшы брат Джахара Халмарза вярнуўся ў 1959 г. з ссылкі, ён наняў усе грозьненскія таксоўкі, сфармаваў зь іх доўгую калёну, на сядзеньні апошняй машыны паклаў свой капялюш, сам сеў у першую машыну – і езьдзіў па сталіцы, пакуль хапіла грошай.

Дудаеў, малады генэрал з вялікай будучыняй, прыехаў на чачэнскі кангрэс як ганаровы госьць. Калі яго абралі старшынём выканаўчага камітэту кангрэса, ён вырашыў, што павінен прысьвяціць сваю вайсковую кар’еру служэньню народу. У сакавіку 1991 г. ён падаў у адстаўку на ўласнае жаданьне.

У Грозны тады прыехаў генэрал Дэйнэкін, які запрапанаваў Дудаеву пасаду камандуючага паветранай арміі і пагоны генэрал-палкоўніка. Дудаеў адказаў: “Найвышэйшая пасада для мяне – гэта быць шэраговым чачэнцам”.

Для характарыстыкі ягонай палітычнай фігуры знайшлі трапнае вызначэньне: палітычны рамантызм.

 

Дабраахвотная нацыянальная гвардыя

Другі этап Кангрэсу Чачэнскага Народу рыхтаваўся патаемна. Паводле савецкіх законаў, зьезд быў нелегальным. Ахоўваць кангрэс ўзялася моладзь з патрыятычных арганізацый. Афіцыйна было абвешчана, што кангрэс адбудзецца 8 чэрвеня 1991 г. на стадыёне ў Грозным. Прыдумалі хітрык. “Калі з усяго Каўказу пачалі прыязджаць дэлегаты, на вакзалах і ў аэрапорце іх сустракалі нашы людзі, якія забіралі гасьцей ў вызначанае месца – Дом культуры. Улады зарыентаваліся, кінулі туды ўзброеных людзей з МУС, але было ўжо надта позна. Мы выставілі ўласную ахову і не пусьцілі іх унутр. Яны хацелі ўжыць сілу, але мы не адступілі. Зьезд адбыўся, хаця многія удзельнікі кангрэса ўжо тады палохалі нас – хочаце, каб прыехалі расейскія танкі?” – успамінае адзін з актывістаў Руха Шэйха Мансура.

Зьезд абраў курс на незалежнасьць. Умераныя палітыкі ў паніцы пакінулі залю паседжаньняў. Дудаеў станавіўся лідэрам усяго Каўказу.

19 жніўня 1991 г. у Маскве распачаўся памятны жнівеньскі путч. Зэлімхан Яндарбіў езьдзіў па вуліцах Грознага з мэгафонам і заклікаў грамадзянаў да барацьбы за незалежнасьць і дэмакратыю. “Настаў час дзейнічаць, калі трэба – нават са зброяй у руках. Трэба ўтварыць падпольныя ўзброеныя арганізацыі і аддзелы!” Гэта быў пачатак падзеяў, якія атрымалі назоў чачэнскай рэвалюцыі.

Кангрэс засядаў бесперапынна. 20 жніўня кангрэс папярэдзіў усе расейскія вайсковыя часткі ў рэспубліцы, што на любыя агрэсіўныя дзеяньні з іхнага боку чачэнцы адкажуць сілай. Высьветлілася, што савецкія ўлады Чачэніі рыхтуюцца да ўдару. Калі маладыя гвардзейцы праводзілі выведку на мясцовасьці, адсочваючы дзеяньні войскаў МУС і КГБ, то не зьвярнулі ўвагі на вялікую колькасьць грузавікоў, якія зьявіліся ў розных месцах. Толькі старэйшыя здагадаліся аб усім. Яны памяталі вываз 1944 г.: грузавікі былі падрыхтаваны для людзейй.

На працягу ўсяго 22 жніўня на цэнтральнай плошчы Грознага працягваўся шматтысячны мітынг прыхільнікаў Дудаева. 23 жніўня нацыянальная гвардыя ачапіла сядзібу КГБ, і начальнікі гэтай інстытуцыі зьвярнуліся з просьбай да кіраўніцтва кангрэсу, каб тыя ўстрымалі моладзь. Яндарбіеў асабіста размаўляў па тэлефоне з міністрам унутраных справаў, які запэўніў, што КГБ ня будзе ўмешвацца ў палітычныя працэсы. Міністар прасіў, каб людзі не грамілі грозьненскі КГБ. Было дасягнута пагадненьне, што ўнутры будынка гвардзейцы выставяць свой пастарунак, дзейнасьць КГБ будзе прыпынена, а архівы апячатаны.

Адразу ж пасьля гэтага быў павалены з пастамэнту помнік Леніну на галоўнай плошчы Грознага. Бронзавую статую цягалі па вуліцах, а потым скінулі ў раку Сунджу. Натоўп заняў сядзібу ўраду, на якой замест чырвонага сьцягу ўзьнялі нацыянальны сьцяг.

Вярхоўная Рада рэспублікі, якая фармальна заставалася вярхоўным ворганам савецкай улады, не хацела саступаць. Была мабілізавана міліцыя, паўстала небясьпека ўзброенага канфлікту з маладзёвай гвардыяй. Кіраўнікі кангрэсу заклікалі народ да супраціву. Упершыню на вуліцах горада зьявіліся людзі са зброяй у руках. Людзі несьлі ў сядзібу кангрэса пляшкі з запальным рэчывам. Іліес Арсанукаеў пачаў фармаваць узброеныя аддзелы.

2 верасьня з пяці раніцы на плошчы перад сядзібай кангрэса пачаў зьбірацца ўзброены натоўп. Шаміль Басаеў, які ў той дзень прыехаў у Грозны, стаў перад выбарам жыцьцёвага шляху. Ён паехаў на таксі дахаты ў Ведзяно, узяў карабін і гранаты і вярнуўся ў сталіцу.

Шаміль Басаеў, народжаны ў 1965 г., закончыў сярэднюю школу ў Алхан-Кала пад Грозным. У 1983-85 гадах служыў у савецкай арміі ў пажарным разьліку. З 1986 па 1988 г. вучыўся ў Інстытуце Мэханізацыі Сельскай Гаспадаркі ў Маскве. Чытаў рэлігійныя трактаты і філасофскія творы, някепска зарабляў гандлем кампутараў. Калі ў Чачэніі пачалося рушаньне, ён усё кінуў і вярнуўся дадому.

Праз некалькі гадоў, калі Басаеў абараняў Грозны ад расейскіх танкаў, ён напісаў у дзёньніку адной з дзяўчын-партызанак:

“Мой дэвіз: Вера! Айчына! Гонар!

Мэта: Воля, Мір, посьпех усіх мусульманаў, перад усім у Чачэніі.

Ідэал: Прарок Магамэт.

Мара: пазбавіцца ад усіх недахопаў і грахоў і патрапіць у Рай (чаго зычу й Табе).

Ненавіджу: фальш і здраду.

Шаную: сілу духа. О, Алах! Дай мне яе!

Пра ўсё не напішаш. Аб усім можна толькі марыць”. Потым Шаміль цытуе максімы з Дыдро і Сэнэкі.

Пакуль што прыбылы генэрал стаяў пад сядзібай кангрэсу з карабінам на плячы і гранатай у кішэні. Да дабраахвотнікаў зьвярнуўся з прамовай Беслан Ганцеміраў. Маладзён, які ў недалёкай будучыні адыграе ганебную ролю ў падзеях, тады выставіўся як гарачы прыхільнік ідэі незалежнасьці. Ён казаў, што на загад Джахара Дудаева трэба ўтварыць адмысловы атрад, які будзе здольны выканаць кожную пастаўленую задачу. Перад усім трэба было наладзіць ахову кангрэса і ўзяць пад кантроль сядзібу тэлебачаньня.

Камандзёрам арганізаванага на месцы аддзелу стаў Руслан Шамаеў, прапаршчык савецкага спэцназу. Шамаеў, народжаны ў 1964 г., дванаццаць гадоў насіў чырвоны бэрэт спэцназаўца, чатыры гады служыў у Карабаху. Ягоны атрад “Эфа” быў падпарадкаваны непасрэдна начальніку КГБ Вадзіму Бакаціну. З базы ў Фэргане спэцназаўцаў рэгулярна перакідвалі на тры месяцы ў Карабах, дзе яны выконвалі дывэрсійныя задачы, грамілі то адзін, то другі бок канфлікта. “У залежнасьці ад таго, зь якой нагі ўстаў з ложка Бакацін”. – казаў Шамаеў.

З дабраахвотнікаў былі сфармаваны чатыры ўзвады. Камандзёрамі ўзвадоў сталі вэтэраны вайны ў Аўганістане. Басаеў, што праўда, ніколі не ваяваў, але меў ўласную зброю, што аказалася дастатковай рэкамэндацыяй. Ганцеміраў прызначыў яго камандзёрам трэцяга ўзвода. Сярод 150 дабраахвотнікаў зброю мелі нямногія. Аддзел назвалі Ротай спэцпрызначэньня Чачэнскай Нацыянальнай Гвардыі.

У штабе кангрэсу для гвардзейцаў выдзелілі памяшканьне, дзе адбываўся запіс дабраахвотнікаў. Ганцеміраў шукаў месца для базы. А тымчасам Шамаеў выехаў у Фэргану, дзе стаяла ягоная родная частка. Ён вырашыў звольніцца з службы. Вярнуўся ён толькі на прыканцы кастрычніка. “Іншыя камандзёры ўзвадоў таксама разьехаліся. – успамінае тыя першыя дні Басаеў. – Пабылі дзень і зьніклі. Я застаўся і ўсё лягло на мае плечы. На працягу наступных двух гадоў я ні разу ня быў дома”.

 

Чачэнская “рэвалюцыя” 1991 г.

Жнівеньскі путч у Маскве, які ў выніку прывёў да ўлады Барыса Ельцына, стаў дэтанатарам выбуху ў Чачэніі. Народ ўзяў справу незалежнасьці ў свае рукі.

Ужо ўвосень 1990 г., калі Кангрэс Чачэнскага Народу абвясьціў сувэрэнітэт Чачэніі, савецкі Вярхоўны Савет рэспублікі пасьпешліва ратыфікаваў дэкларацыю аб сувэрэнітэце. Савет спадзяваўся, што гэты крок дазволіць яму захаваць уладу. Але яны не заўважылі пэўнага нюанса – у момант прыняцьця дэкларацыі аб сувэрэнітэце Вярхоўны Савет, як рэлікт савецкай эпохі, беззваротна губляў свае заканадаўчыя функцыі. Так пастанаўляюць міжнародныя стандарты: на сцэне зьявілася зусім новая дзяржава.

Уначы з 3 на 4 верасьня 1991 г. Доку Заўгаеў, які ад імя камуністычнай партыі кіраваў рэспублікай, выдаў пастанову аб увядзеньні надзвычайнага становішча. Тройчы абвяшчалася трывога для службы бясьпекі і міліцыі – і кожным разам безвынікова.

6 верасьня разьюшаны натоўп узяў штурмам сядзібу Вярхоўнага Савету Чачэна-Інгушэціі. Разьюшаныя жанчыны за валасы выцягнулі Заўгаева з будынку. Праз вакно выкінулі ягонага намесьніка. Угодкі тых падзеяў адзначаецца ў Чачэніі як Дзень Незалежнасьці і зьяўляецца найважнейшым нацыянальным сьвятам рэспублікі.

15 верасьня 1991 г. Савет зьняў з сабе свае паўнамоцтвы і абвясьціў аб спыненьні сваёй дзейнасьці, што азначала канец савецкай улады ў рэспубліцы. Рэальная ўлада перайшла ў рукі Дудаева.

 

Скарб рэспублікі

Гвардзейцаў размясьцілі на спартовай базе ў Прыгарадным, далёкім прадмесьці Грознага. Аддзел налічваў 70 чалавек. Басаеў, які ў маленстве захапляўся спортам, праводзіў сем навучальных курсаў, у тым ліку па баявых мастацтвах. Ён выпрацаваў праграму фізічнай падрыхтоўкі.

Праз тры дні на базу прыбылі шасьцёра маладых людзей, сярод якіх быў Умалт Дашаеў. Яны прышлі са зброяй. Дашаеў валодаў каратэ і запрапанаваў, што будзе працаваць інструктарам па гэтым спорце. “Гэта адзіны чалавек, які на працягу тых шасьці гадоў зьняў з мяне частку цяжару і ўзяў яго на сабе”. – казаў Басаеў.

5 кастрычніка 1991 г. маладая гвардыя атрымала загад: заняць штурмам сядзібу КГБ у Грозным. Гэта была апошняя інстытуцыя ў рэспубліцы, якая падпарадкоўвалася Маскве. Быў выпрацаваны дакладны плян. У ім адчувалася рука Шаміля, які пазьней праявіў сябе як бліскучы стратэг. На той момант у аддзеле ўжо засталося толькі 50 чалавек, зь якіх 34 мелі зброю.

Сядзібу КГБ занялі без адзінага стрэлу. Моладзь пашла на штурм, маючы 4 архаічныя аўтаматы ППШ, 2 аўтаматы Дзегцярова ДП з дыскавым магазінам, некалькі карабінаў і пісталетаў, вучэбны АКМ, дубальтоўкі і 50 гранат. Адзін з ППШ ня меў ударніка, а хлопцу, якому дасталася гэтая бракаваная зброя, нават нічога не сказалі пра дэфэкт. Ён доўга потым папікаў за гэта Шаміля.

Без ахвяраў, аднак, не абышлося. Штурм ужо быў пасьпяхова закончаны, і пераможцы адчулі смак першага посьпеху, калі са штаба кангрэса прыбеглі на дапамогу некалькі сотняў разгарачаных людзей. У тузаніне быў выпадкова застрэлены адзін з афіцэраў КГБ, палкоўнік.

У збраёўне гвардзейцы знайшлі 12 аўтаматаў Калашнікава і скрынкі з патронамі і гранатамі. Яны ўважліва абшукалі сутарэньні і знайшлі там там яшчэ адзін склад. Чатыры гадзіны білі ломам жалезныя дзьверы, пакуль яны не расчыніліся. Унутры было цэлае багацьце: 100 аўтаматаў і чатыры снайпэрскія вінтоўкі СВД. Зброю раздалі рэкрутам. Гвардзейцы занялі ў будынку абарончыя пазыцыі.

Шамілю, аднак, нешта не давала спакою... На працягу трох тыдняў ён шарыў па ўсім будынку ў пошуках яшчэ аднаго склада зброі. Ён ведаў, што склад недзе павінен быў быць, але ўсё ня мог знайсьці яго. Урэшце ён зрабіў абмер сьценаў. Абмер паказаў, дзе павінна было знаходзіцца схаванае памяшканьне. Прадчуваньні аказаліся слушнымі. Шукальнікі скарбу натрапілі на вялікі вайсковы склад, які быў замураваны на выпадак вялікай вайны. У гэтай пячоры Алі Бабы было схаванае поўнае забесьпячэньне, зброя і амуніцыя для 600 чалавек. “Там было ўсяго – прыгадвае з бляскам у вачах Басаеў. – Вялікае багацьце для нашай рэспублікі. Там было 5 тысячаў гранат, 600 тысячаў патронаў, 524 аўтаматы Калашнікава, 76 кулямётаў, 9 супрацьтанкавых базук, 20 падствольных гранатамётаў, 50 бінокляў, 50 прыбораў начнога бачаньня, 50 шлемаў з прыборамі начнога бачаньня, вялікая колькасьць мэдыкамэнтаў, палявыя кухні, намёты, матрасы, коўдры, мундзіры на 600 чалавек. Гэтым мы ўзброілі чачэнскую гвардыю”.

 

Інтэрвэнцыя

27 кастрычніка 1991 г. адбыліся выбары прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі. Начале дзяржавы стаў генэрал Джахар Дудаеў. Народ быў у эйфарыі.

1 лістапада прэзыдэнт Дудаеў падпісаў дэкрэт, які абвяшчаў Чачэнію незалежнай, дэмакратычнай рэспублікай, аддзеленай ад Інгушэціі, без вызначэньня яе далейшага прыналежнасьці да Расейскай Фэдэрацыі. Адзінай рэспублікай са складу былога Савецкага Саюза, якая дагэтуль не падпісала фэдэратыўную дамову з Расеяй, была Чачэнія. На тэрыторыі рэспублікі не праводзіўся расейскі рэфэрэндум па Канстытуцыі і не адбыліся выбары ў вышэйшыя ворганы фэдэрацыі. З дня абвяшчэньня сувэрэнітэту Чачэнія не заплаціла Маскве аніводнага рубля падаткаў і не выслала аніводнага прызыўніка ў расейскую армію.

Прамаскоўскія палітыкі, адсунутыя ў Чачэніі ад улады, зьвярнуліся па дапамогу да Расеі. У сваім звароце яны называлі чачэнскі кангрэс “нелегальным зборышчам”, а Дудаева – дыктатарам. Ельцын ахвотна прыслухаўся да заклікаў на інтэрвэнцыю.

2 лістапада Вярхоўны Савет РСФСР прызнаў прэзыдэнцкія і парляманцкія выбары ў Чачэніі незаконнымі. 4 лістапада ў Маскве быў утвораны Апэрацыйны Штаб, задачай якога было вырашэньне крызісу ў Чачэніі. 7 лістапада прэзыдэнт Ельцын выдаў дэкрэт аб увядзеньні ў Чачэна-Інгушэціі надзвычайнага становішча, які ўваходзіў у сілу з наступнага дня. У адказ прэзыдэнт Дудаеў абвясьціў ваеннае становішча і агульную мабілізацыю ўсіх мужчын ад 15 да 55 гадоў жыцьця.

“Дэкрэт аб увядзеньні надзвычайнага становішча выбіў у Ельцына вялікі спэц па нацыянальных праблемах Аляксандр Руцкі – адкрывае дэталі пляну Крамля адзін з цяперашніх начальнікаў КГБ Іваненка. – Больш няўдалы момант цяжка было выбраць. 7 лістапада дэкрэт аб надзвычайным становішчы, а праз два дні – інаўгурацыя Дудаева. Дзякуючы такому рашэньню аўтарытэт Дудаева ў грамадзтве ўзьняўся на небывалую вышыню”.

Руцкі і прадстаўнік КГБ прыляцелі ў Грозны на перамовы з Дудаевым. Прэзыдэнт даў ім чатыры гадзіны на тое, каб яны пакінулі тэрыторыю рэспублікі. Калі дэлегаты Крамля паспрабавалі пярэчыць, “Джахар Мусаевіч сьціснуў вусны, перарваў размову і выбег з кабінэту”. Уражаны Руцкі сказаў: “Гэта не рэвалюцыя, гэта – бандытызм”.

Ельцын прыняў рашэньне паслаць у Чачэнію дэсантныя войскі, задачай якіх было арыштаваць Дудаева і новае кіраўніцтва рэспублікі. На сцэне ўпершыню зьявілася “апазыцыя”, арганізаваная ў асяроддзі зьвергнутага Заўгаева, і таксама ўзброеная “гвардыя апазыцыі”. Арсэнал сродкаў быў той самы, што і на працягу ўсіх наступных гадоў: узброеныя мужчыны езьдзілі на машынах па рэспубліцы і адкрывалі агонь з аўтаматычнай зброі па выпадковых мэтах.

 

Спэцназ у гатоўнасьці

Намер аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў Чачэніі быў абвешчаны па расейскім тэлебачаньні. Дзякуючы гэтай асаблівай нагодзе Дудаеў атрымаў цэлую ноч на падрыхтоўку контракцыі.

Увечары 7 лістапада 1991 г. па радыё быў абвешчаны заклік да чачэнцаў стаць на абарону айчыны. З усіх канцоў на машынах і пехатой у Грозны рушылі ўзброеныя людзі. Стыхійна арганізоўваліся атрады дабраахвотнікаў, гатовых біцца за незалежнасьць. Як і стагоддзі таму, атрады дабраахвотнікаў мелі тэрытарыяльны характар – злучаліся жыхары адной альбо некалькіх суседніх мясцовасьцяў. Зазвычай іх зьвязвала таксама сваяцтва. Рэгістрацыя аддзелаў праводзілася на плошчы Волі – зь якой вёскі, колькі людзей, хто камандзёр. Басаеў пачаў раздаваць карабіны, здабытыя ў сядзібе КГБ. Апоўначы па тэлебачаньню выступіў Дудаеў, якому парлямант надаў дыктатарскія паўнамоцтвы. Прэзыдэнт назваў акцыю Масквы “тэрарызмам дзяржаўнага ўзроўню” і заклікаў народ да сьвятой вайны – газавату. Прагучалі словы аб неабходнасьці “перанесьці страх і пакуты ў калыску зла і гвалту над народамі – Маскву”. Генэрал прыгразіў ужываньнем тэрору і ўтварэньнем чачэнскага партызанскага руху ў гарадах усёй Расеі. У Грозным былі заблакаваныя дарогі, чыгуначныя лініі і аэрадромы. Горад ператвараўся ў крэпасьць. Дабраахвотніцкія атрады занялі высунутыя пазыцыі на ўсіх падыходах да сталіцы. Расейскія вайсковыя часткі былі заблакаваныя. Кур’еры з правінцыі дакладалі, што дабраахвотнікі ўзялі пад кантроль усе чыгуначныя станцыі, масты і стратэгічныя аб’екты на трасах магчымай агрэсіі расейскіх войскаў.

Басаеў раздаў усю зброю, якая была на складах КГБ. Атрады занялі абарончыя пазыцыі. Адзін узвод накіраваўся на вайсковы аэрадром у Ханкале, другі заблакаваў граніцу з Інгушэціяй, трэці паехаў у Ішчорск і загарадзіў дарогу на Маздок, дзе была вялікая база расейскіх войскаў на Каўказе. Чацьверты ўзвод застаўся з Шамілём у будынку КГБ. Зьявіліся новыя дабраахвотнікі, дзякуючы чаму рота спэцназу павялічыла свой склад з 80 да 190 людзей.

У той час Ротай спэцыяльнага прызначэньня фармальна камандваў Руслан Шаматаеў, але фактычна ўсе рашэньні прымаў Басаеў, які жыў з жаўнерамі ў казармах. Ані Шаматаеў, ані ягоны намесьнік не знаходзіліся ўвесь час у роце. Гэтае становішча яшчэ больш зацьвердзілася, калі 6 лістапада быў паранены Шаматеў, нібыта ў выніку тэракта. “Шаматаева неяк дзіўна паранілі, вельмі цікавая справа... – кажа аб гэтым выпадку Басаеў. – Быў паранены і пашоў дахаты напярэдадні абвяшчэньня надзвычайнага становішча. Зноў усё навалілася на мае плечы”.

Уначы з 7 на 8 лістапада ў рэспубліку пачалі прыбываць аддзелы ўнутраных войскаў МУС СССР. А 23.20 гадзіне на вайсковым аэрадроме ў Ханкале пад Грозным прызямліўся першы транспартны самалёт. Праз кароткі час на бэтонцы знаходзілася ўжо восем транспартных вайсковых самалётаў з 630 жаўнерамі. Разам зь імі прыляцеў намесьнік камандуючага ўнутраных войскаў МУС СССР генэрал-маёр Віктар Гафараў.

Калі на ханкальскім аэрадроме пачаў высаджвацца расейскі спэцназ, а перад Прэзыдэнцкім Палацам у Грозным віравала людзкое мора, Дудаеў сказаў карэспандэнту расейскай газэты “Свобода” прарочыя словы: “Мы ўступаем у паласу тэрору, дыверсіі і сабатажу з боку найбольш рэакцыйнай часткі расейскіх уладаў. Увядзеньне ОМОну – гэта выведка боем. Калі яны такім спосабам не дасягнуць чакаемага выніку, то пачнуць развальваць рэспубліку знутры. Для гэтага добрыя ўсе сродкі – палітычны тэрор, эканамічная блакада, сабатаж, дывэрсія, гульня з мясцовай апазыцыяй, фармаваньне зь яе шэрагаў пятай калёны, подкуп, шантаж, дыскрэдытацыя атачэньня прэзыдэнта, спробы яго фізычнай ліквідацыі... Гэта адзін бок таго, што будзе. Ёсьць другі бок. Расея будзе актыўна дзейнічаць у накірунку абвастрэньня сытуацыі на паўночным Каўказе. Мала ёй Нагорнага Карабаху. Цяпер у арбіту братазабойчай вайны будзе ўцягнута Абхазія і Грузія. Далей той самы сцэнар напэўна пашырыцца на Інгушэцію і Паўночную Асэцію. Імпэрская Расея патрабуе крыві, шмат крыві!”

З расейскіх аддзелаў, якія прыбылі ў Ханкалу, у сядзібу МУС у Грозным прабраліся толькі 100 чалавек, якімі камандваў генэрал Гафараў. У двух аўтобусах з генэралам ехалі супрацоўнікі МУС, група афіцэраў унутраных войскаў і два ўзвады жаўнераў. Пад будынкам МУС іх прывітаў шматтысячны натоўп узброеных чачэнцаў. Усе вокны ў будынку трымалі на мушцы гвардзейцы з аўтаматамі, расстаўленыя на навакольных дахах. Генэрал Гафараў зразумеў, што сытуацыя не абяцае лёгкай перамогі. “Так, загад трэба было выканаць. – успамінаў пазьней Гафараў. – Але якім коштам. Я глядзеў на афіцэраў і жаўнераў – у іхных тварах не было сумневу, людзі былі гатовы стаяць да канца. Але кожны ў глыбіні душы разумеў бессэнсоўнасьць такой разьні. Я пачаў адмыслова зацягваць час. Спатыкаўся то з адной, то з другой групай аксакалаў, але мяне не пакідала думка: чаму маўчыць Масква? Дакладней сказаць, яна не маўчала – з МУС Расеі былі тэлефанаваньні і тэлеграмы з загадамі дзейнічаць. Я павінен быў не падпарадкоўвацца”.

Пакуль Гафараў вёў перамовы з Масквой, чачэнцы спынілі транспартныя самалёты на пасадачнай паласе, заблакаваўшы іх грузавікамі, напоўненымі шчабёнкай. Убачыўшы, як прызямляецца наступны самалёт, Хамзат Ханкараў, малады палітык і дзеяч кангрэсу, паехаў насустрач яму на грузавіку. Расейскія жаўнеры, якія ўжо пакінулі два самалёты і занялі абарончыя пазыцыі, адкрылі агонь. Яшчэ б крыху, і Ханкараў у самагубчай атацы пратараніў бы самалёт. У апошні момант пілёт рвануў машыну ўверх. Іншыя пайшлі за прыкладам Ханкарава. Транспартныя самалёты кружыліся над Ханкалой, а потым адляцелі на вайсковыя аэрадромы за межамі рэспублікі. У страляніне, якая пачалася, палеглі першыя забітыя і параненыя.

Пад вечар 8 лістапада войскі расейскага спэцназу былі выведзены па-за межы рэспублікі.

 

Прэзыдэнт Чачэніі

На працягу ўсяго дня 9 лістапада ў Грозны прыбывалі ўзброеныя абаронцы незалежнасьці. Яны ехалі на прыватных машынах, у аўтобусах і на грузавіках. У горадзе сабралося паўмільёна чачэнцаў. У нацыянальную гвардыю запісаліся ўжо 62 тысячы чалавек. Узьнік жаночы батальён – гонар Джахара Дудаева, які паўтараў, што калі ў баі памірае апошні чачэнец, пачынаюць ваяваць жанчыны. Вэтэраны Аўганістана ўтварылі ўласны аддзел спэцназа. Прыехалі аддзелы дабраахвотнікаў з Грузіі, Абхазіі, Кабардзіна-Балкарыі, Інгушэціі і Дагестану.

Масква ўсё яшчэ спрабавала адсячы чачэнскай рэвалюцыі галаву. Раніцай 9 лістапада да начальніка МУС у Грозным прышла з Масквы наступная тэлеграма, у якой безапэляцыйна патрабавалася арыштаваць Дудаева і актыўных дзеячаў кангрэса. У грозьненскім Доме Афіцэраў чакала загаду штурмавая група, сфармаваная з узброеных супрацоўнікаў МУС і КГБ.

А 15.00 у будынку Драматычнага тэатру адбылася цырымонія прывядзеньня да прысягі прэзыдэнта. Джахар Дудаеў перад Радай Старэйшынаў прысягнуў на Каране, што будзе бараніць незалежнасьць Чачэніі. Натоўп трыюмфаваў і павітаў прэзыдэнта кананадай, якой Грозны яшчэ ня бачыў і ня чуў за сваю гісторыю.

Хаця дэкрэт Ельцына аб увядзеньні ў Чачэніі надзвычайнага становішча быў 11 лістапада адкінуты расейскім парлямантам, наступствы рашэньня прэзыдэнта Расеі аказаліся дакладна адваротнымі ад таго, што яны чакалі. Замест таго, каб капітуляваць, прыхільнікі чачэнскага нацыянальнага руху прынялі выклік. Дудаеў, легітымнасьць якога Масква паставіла пад сумніў, стаўся нацыянальным героям. То была першая вялікая перамога чачэнцаў у спрэчцы з Расеяй аб незалежнасьці. І першая вялікая параза Расеі, наступствы якой цяжка было бачыць наперад.

 

Хто ўзброіў Дудаева?

У лютым 1992 г. усе расейскія вайсковыя часткі ў рэспубліцы былі заблакаваныя. Чачэнцы патрабавалі, каб ім перадалі ўсю зброю, якую яны мелі. Здэмаралізаваныя жаўнеры пачалі масава дэзэртаваць. Над складамі праводзілі кантроль супольна расейскія афіцэры і прадстаўнікі чачэнскіх уладаў. Паступова станавілася зразумела, што які-кольвечы падзел вайсковай маёмасьці немагчымы, а тым больш яго эвакуацыя. Распачаўся гандаль зброяй, баепрыпасамі і абсталяваньнем, а таксама масавае выкраданьне складоў арганізаваным натоўпам.

Расейскае камандваньне ня здолела стрымаць гэты стыхійны працэс, а з часам пачало чэрпаць зь яго асабістую карысьць. “Спачатку мы спрабавалі спыніць выкраданьні, але гэта было немагчыма. Тады мы самы да іх падключыліся. – прыгадвае Басаеў. – Шмат зброі не было, усё ўжо пакралі, але мы выносілі ў нашу частку ўсё вайсковае абсталяваньне, якое трапляла нам у рукі. Забіралі баепрыпасы, абсталяваньне, харчовыя прадукты, тэхнічныя прыборы. Наш аддзел быў самым багатым”.

Аддзел Басаева некалькі разоў зьмяніў месцазнаходжаньня. Калі чачэнскія аддзелы пачалі гвалтам займаць тэрыторыі расейскай арміі, Басаеў увайшоў з сваімі людзьмі ў казармы ў цэнтры Грознага. “Там быў расейскі штаб. Яны яшчэ там сядзелі. І мы там былі, разам. Мы проста ўвайшлі на іхную тэрыторыю і кантралявалі кожны іхны крок. У іх быў там страшны бардак. Калі прыязджалі навабранцы, мы лавілі іх на вакзале і вывозілі назад за мяжу. У часткі мы іх не пускалі. Іхным галоўнакамандуючым быў генэрал Сакалоў. Я загадаў хлопцам абшукваць яго штораз, калі ён выходзіў з тэрыторыі часткі. Ён бегаў са злосьці, а пад канец пачаў усё распрадаваць нам направа і налева”.

Генэрал Павел Грачоў двойчы прылятаў ў той час у Грозны, дзе размаўляў з Дудаевым пра лёс расейскай арміі ў Чачэніі. Відавочна Дудаеў пераканаў Грачова ў тым, што расейскую зброю ня ўдасца вывезьці з рэспублікі. Калі ў траўні 1992 г. Грачоў стаў міністрам абароны Расеі, ён выдаў дырэктыву, паводле якой палова зброі расейскай арміі ў Чачэніі была перададзена Дудаеву.

Пэўнае сьвятло на матывы паводзінаў Грачова кідаюць словы Руслана Хасбулатава, тадышняга старшыні расейскай Дзярждумы. Ён сьцьвярджаў, што маніпуляцыі са зброяй былі прадпрыняты на загад Міхаіла Гарбачова, які апынуўся перад пагрозай страты ўлады і дзяржавы. Савецкі Саюз трашчаў ужо па швах. Гарбачоў хацеў кінуць у Чачэніі іскру, каб зрабіць у будучыне цяжкасьці для расейскага лідэра Барыса Ельцына, які прабіваўся да ўлады.

Безумоўна, такое вырашэньне адкрывала для расейскіх вайскоўцаў магчымасьць злоўжываньняў у каласальных памерах. Паводле афіцыйных дакумантаў, чачэнцам былі перададзены вялікія колькасьці разнастайнага абсталяваньня і зброі, якіх ніхто ў рэспубліцы яшчэ ня бачыў. Аднак, Джахар Дудаеў добра ведаў праўду. “Дамова аб падзеле вайсковай тэхнікі і маёмасьці была, але калі справа дайшла да яе рэалізацыі, аказалася, што амаль уся маёмасьць і тэхніка былі да гэтага моманту цалкам зьнішчаны альбо пашкоджаны. Расейцы шмат зброі прадалі, у маторы баявых машын насыпалі пяску, папсавалі тоны масла, харчаваньня, спалілі тысячы камплектаў мундзіраў”.

7 чэрвеня 1992 г. расейскія войскі пакінулі тэрыторыю Чачэніі. “Гэта быў незвычайны і амаль неверагодны прэцэдэнт – піша Яндарбіеў у кнізе “Чачэнія – бітва за свабоду”. – Расейскія войскі сышлі з тэрыторыі Чачэніі пасьля стагоддзя акупацыі. Ва ўсёй Эўропе не маглі вывесьці аніводнага расейскага жаўнера, увесь сьвет быў уражаны: як гэта магло ўдасца?”

 

Разьня ў Інгушэціі

Джахар Дудаеў так разглядаў сваіх братоў – інгушоў: “Інгушы ня вельмі адрозьніваюцца ад чачэнцаў. Маюць такую ж псіхіку, звычаі, культуру, у мове ёсьць толькі нязначныя адрозьніваньні. Продкі інгушоў гістарычна зьяўляюцца чачэнскімі плямёнамі, якія аселі на месцы цяперашняга Уладзікаўказа і ў XVIII ст. заснавалі шмат паселішчаў галоўным чынам на раўніне – а сёньня там ужо горада – Назрань. У ХІХ ст. з даўніх гістарычных плямёнаў пачаў фармавацца інгушскі народ”.

У адказ на чачэнскую рэвалюцыю 1991 г. Масква пасьпешліва арганізавала ўтварэньне на заселеных інгушамі землях Рэспублікі Інгушэціі, якая ўвайшла ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Потым, аднак, здарылася нешта непрадугледжанае. На прыканцы 1991 г. інгушы правялі рэфэрэндум, на якім выказаліся за вяртаньне Інгушэціі Уладзікаўказа, перададзенага Сталіным асэцінцам. Сёньня гэта ёсьць сталіца Паўночнай Асэціі. Вынікі рэфэрэндума выклікалі збройны выступ асэцінцаў. Забойства пяцёх інгушоў уноч з 21 на 22 кастрычніка 1992 г. дало пачатак масавай разьні. “Не было ніякай асэцінаінгушскай вайны, была толькі расейская разьня інгушоў”. – сьцьвярджае Зэлімхан Яндарбіеў. Злачынствы, зьдзейсьненыя ў Інгушэціі, папярэджвалі аб тым, што ў хуткім часе чакала Чачэнію.

Магамэд Сайдулаеў паехаў у Інгушэцію ў якасьці інструктара. “Яны прасілі мяне: ня ведаем, як зь імі ваяваць, а ты быў у Абхазіі, маеш досьвед. Я паехаў туды сам. Інгушы мелі трыццаць узброеных людзей. Яны слухаліся мяне ва ўсім, моладзь старалася вучыцца. Мы ўзялі пад кантроль увесь паўднёвы раён – Аршты, Чарнарэччэ, Датых, Зайрахскую цясьніну. Калі пачалася разьня, у нас, аднак, не было ані баепрыпасаў ані сродкаў сувязі. Мы былі цалкам адрэзаны ад крыніц забесьпячэньня. Праз Зайрахскую цясьніну трэба было 60 кілёмэтраў ісьці праз горы, а там ужо пачалася артылерыйская кананада. Мы адбілі некалькі атак асэцінцаў, спалілі ім сем бранемашын і адкінулі іх аж за Сунжу. Вось тады скончыліся баепрыпасы. Трэба было эвакуіравацца. Я прапанаваў узяць закладнікаў. Колькі інгушоў у Арджанікідзэ? – спытаў я. Яны кажуць, што 15 тысячаў. Яны ўжо ёсьць закладнікамі, -- кажу я, -- Калі ў вас ня будзе людзей на абмен, яны ўсе загінуць. Інгушы хацелі быць добрымі і закладнікаў не ўзялі, а калі адышлі, то было надта позна. Асэцінцы і расейскія жаўнеры ня проста рэзалі тых людзей. Яны малых дзяцей кідалі сьвіньням. Мужчынаў гвалцілі на вачах жонак і жанчын на вачах мужчын”.

У якасьці сілаў, якія меліся разьвесьці бакі, у зону канфлікта ўступілі фэдэральныя войскі. Мяжа паміж Інгушэціяй і Чачэніяй не была яшчэ вызначана, таму расейскія камандзёры паставілі свае танкі на лініі, якую палічылі мяжой – у Ачхой-Мартанаўскім раёне ў Чачэніі. Танкі Дудаева сталі насупраць, у адлегласьці 700 м. Гэтым разам расейцы яшчэ адступілі. У выніку перамоваў, якія прадстаўнікі Дудаева вялі ва Уладзікаўказе, расейскія танкі адступілі на цэлых 7 км.

Няшмат, аднак, бракавала, каб на мяжы палілася кроў, гэтым разам з-за самога Джахара Дудаева. Калі прэзыдэнт паехаў на інспэкцыю памежных раёнаў і ўбачыў на тэрыторыі Чачэніі першы расейскі пастарунак, ён адразу асабіста раззброіў жаўнераў і ўзяў іх у палон. У адказ расейцы арыштавалі чачэнскую дэлегацыю, што знаходзілася на перамовах ва Уладзікаўказе. Канфлікт удалося вырашыць праз “абмен палоннымі”.

Калі пазьней у размове перад тэлекамэрамі Дудаеў папікнуў прэзыдэнта Інгушэціі Руслана Аўшава, што той прыехаў быў у рэспубліку, ня маючы ніякай праграмы для народа і дапусьціў уваход у сваю дзяржаву расейскіх войскаў, Аўшаў выразна паказаў на тэлефон і адказаў: “Якая мая дзяржава, што я мог? Вось, адзін тэлефон – і ўся мая дзяржава”.

 

Працэс дэстабілізацыі дзяржавы. Генэзіс узброенай апазыцыі

Перш чым Масква рашылася на адкрыты ўзброены канфлікт, яна выпрабавала цэлы арсенал сродкаў з мэтай зьвяржэньня ўлады Джахара Дудаева. Падобна як і грузінскі прэзыдэнт Зьвіяд Гамсахурдзія, Дудаеў быў “прэзыдэнтам у нетрах пачвары”.

Джахар Дудаеў на працягу ўсяго часу пры ўладзе меў супраць сябе ўзброеных ворагаў. Нягледзячы на тое, што ён меў шмат магчымасьцяў, каб расправіцца зь імі, ён не хацеў праліваць чачэнскую кроў. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён дапускае крыміналізацыю жыццьця ў рэспубліцы. “Нас мала”. – заўсёды адказваў ён тым, хто штурхаў яго на фізычную ліквідацыю апанэнтаў.

Прэзыдэнт зрабіў стаўку на адмысловасьць чачэнскай мэнтальнасьці, якая не дапускае забойства супляменьніка. Наступныя гады паказалі, як моцна памыляўся Дудаеў і як далёка гонар народу аддаліўся ад законаў продкаў.

Першы год сваёй улады Дудаеў прысьвяціў ўмацаваньню маладой незалежнасьці. Нічога дзіўнага, што эканамічныя справы мусілі адысьці на задні плян. І менавіта недахопы штодзённага жыцьця кіравалі настроямі значнай часткі чачэнскага грамадзтва. Узмацняліся апазыцыйныя настроі ў адносінах да новых уладаў, і гэта хватка распальвалася маскоўскай прапагандай. Дзеяньні Масквы ў накірунку ізаляцыі рэспублікі прымусілі Дудаева ўвесьці ў рэспубліцы асаблівую чачэнскую аўтарытарную ўладу.

А тым часам Расея ставіла перад Чачэніяй бар’ер за бар’ерам. Яна фактычна ўвяла фінансава-банкаўскую і інфармацыйную блакаду, часткова таксама транспартную. Дудаеў настойліва прадпрымаў дзеяньні дзеля ачышчэньня эканамічных сувязяў з Расеяй ад палітыкі. У 1992 г. ягоныя прадстаўнікі спатыкаліся з гэтай мэтай з прэм’ерам Расеі Гайдарам і міністрам энэргетыкі Чарнамырдзіным. У 1993 г. двойчы праводзіліся перамовы з дырэктарам Цэнтральнага Банку Расеі. У студзені 1994 г. падчас дзвюхгадзіннай размовы Дудаева з прэм’ерам РФ Чарнамырдзіным было дасягнута пагадненьне аб спатканьні чачэнскага прэзыдэнта з Ельцыным.

Гэтыя дзеяньні не далі ніякіх практычных вынікаў. Эканоміка краіны руйнавалася. Аднак, гэты працэс трэба разглядаць на фоне пераменаў, што адбываліся ва ўсім СССР. Імпэрыя раскладалася. Перад рэвалюцыяй 1991 г. Чачэнія экспартавала сваю прадукцыю ў 40 краінаў сьвету, але ўсе гэтыя краіны былі падпарадкаваны Расеі, а сама прадукцыя надавалася для музэю тэхнікі. Крызіс, які паралізаваў усю постсавецкую эканомічную прастору, ня мог абмінуць Чачэнію.

 

Сакавіцкі путч

Першую ўзброеную акцыю апазыцыянэры правялі 31 сакавіка 1992 г. Яны захапілі тэлецэнтар і радыё ў Грозным і абвясьцілі аб зьвяржэньні рэжыму Дудаева. На працягу наступных гадоў гэта быў той самы рэпэртуар усіх спробаў дзяржаўных пераваротаў у Чачэніі.

Дудаеў чакаў, што спроба перавароту будзе прадпрынята менавіта ў гэты час. На 31 сакавіка было прызначана падпісаньне Фэдэрацыйнай Дамовы, якая новымі неразарвальнымі ланцугамі павінна была зьвязаць з Масквой усе суб’екты Расейскай Фэдэрацыі. Чачэнскія ўлады ўжо даўно заявілі, што не падпішуць гэтай дамовы.

Прадчуваньні аказаліся слушнымі. 29 сакавіка Дудаеў атрымаў інфармацыю, што ў лесе пад Грозным зьбіраюцца ўзброеныя людзі. Улады пачалі дзейнічаць паводле спраўджанага сцэнару – праз радыё і тэлебачаньне заклікалі народ ратаваць рэспубліку. 31 сакавіка ў сталіцу прыбыла калёна аўтобусаў, якія прывезьлі некалькі сотняў ўзброеных путчыстаў. Яны занялі ўсю плошчу перад Прэзыдэнцкім палацам, у якім, аднак, Дудаева не было. Аказалася, што гэта былі жыхары Надцерачнага раёну, зьвязаныя з Умарам Аўтарханавым. На плошчу пачалі прыбываць прыхільнікі прэзыдэнта – таксама са зброяй. Пачаліся дыскусіі. Яндарбіеў прамаўляў у мікрафон, усталяваны на ўваходзе ў палац. У хуткім часе стала зразумелым, што ўдасца вырашыць сітуацыю без кравапраліцьця.

Путчысты занялі таксама сядзібу радыё і тэлебачаньня. Імі камандаваў былы першы сакратар камсамолу рэспублікі. Супрацоўнікам удалося не дапусьціць, каб яны выйшлі ў эфір, але Масква ў сваіх выпусках навінаў ужо паведаміла пра захоп улады ў Грозным “апазыцыяй” і пра падпісаньне фэрэрацыйнай дамовы... Доку Заўгаевым (вытураным з рэспублікі савецкім лідэрам Чачэна-Інгушскай АССР – заўвага рэдактара).

Гвардзейцы адбілі будынак радыё. Аўтарханаўцы ратаваліся ўцёкамі. На сустрэчу з групоўкай, якая займала тэлецэнтар накіравалася дэлегацыя старых з Рады Старэйшынаў і дэпутатаў парляманту. Іх сустрэлі агнём з аўтаматычнай зброі. Адзін з сяброў Рады Старэйшынаў, які ішоў наперадзе, упаў з прастрэленай галавой. Раз’юшаныя людзі кінуліся на штурм і ў хуткім часе путчысты пачалі ўцякаць. Частку зь іх забілі, некалькіх узялі ў палон.

 

Стратэгічныя інтарэсы Расеі на Каўказе

Сярод стратэгічных інтарэсаў Расеі на Каўказе можна выдзеліць тры найважнейшыя. Першы – гэта абарона цэласнасьці Расеі ў яе фэдэрацыйным кшталце. Другі – утрыманьне пад кантролем чачэнскіх радовішчаў нафты і ўнікальнага ў эўрапейскіх маштабах комплексу камбінатаў па перапрацоўцы нафты. Трэці – кантроль на транзітным нафтаправодам, які праходзіць па тэрыторыі Чачэніі. Пагроза для кожнага з гэтых інтарэсаў магло прадстаўляць сабой дастатковую прычыну для выбуху вайны.

Нягледзячы на хаос, які апанаваў Савецкі Саюз на прыканцы прэзыдэнтуры Гарбачова, Расея спрабавала захаваць кантроль над падзеямі ў збунтаванай Чачэніі. Начале буйнейшых чачэнскіх палітычных груповак сталі апаратчыкі, зьвязаныя ў мінулым з савецкай нафтавай прамысловасьцю: Ярагі Мамадаеў і Саламбэк Гаджыеў, былы міністар нафты і газу СССР. У Кангрэс Чачэнскага Народу і нават ў яго кіраўніцтва патрапілі палітыкі прамаскоўскай арыентацыі. Яны здолелі пранікнуць у найбліжэйшае атачэньне прэзыдэнта, былі сярод дэпутатаў чачэнскага парляманту і міністраў ураду, створанага Дудаевым. Закулісныя, а потым і адкрытыя варожыя дзеяньні гэтых асобаў спрычыніліся да перманэнтнага палітычнага крызісу і паралюшу эканомікі дзяржавы.

Каб зразумець, чаму вайна ў Чачэніі была наагул магчыма, трэба прыняць пад увагу пэўны грунтоўны і нязьменны на працягу стагоддзяў чыньнік – мэнтальнасьць сярэдняга расейца. Сьведамасьць звычайнага грамадзяніна, старога чалавека, а не палітыка, апантанага ідэяй “адзінай і непадзельнай Расеі”, альбо высокага крамлёўскага чыноўніка, які павінен выконваць дзяржаўную місію. Трэба памятаць, што гэта ёсьць чыньнік, які вырашае лёсы народаў. Толькі нялічныя расейцы маюць рашучасьць прызнаць, што “найвялікшым гістарычным няшчасьцем расейскага народу, а можа і ўсяго чалавецтва стала стварэньне намі, вялікаросамі, вялізнай і адначасова зусім пазбаўленай сэнсу, згубнай для нас самых дэспатычнай імпэрыі”. Толькі нямногія разумеюць, што пабудова імпэрыі, утрыманьне яе жыцьця, ўзмацненьне і пашырэньне на працягу ўсёй гісторыі высмоктвала і высмактала канчаткова ўсе нацыянальныя сілы і рэзэрвы. Расейцы самы пазбавілі сябе магчымасьці ўсебаковага і гарманічнага існаваньня і разьвіцьця. З тае прычыны, што як нацыя яны выдаткавалі ўсе сілы выключна на дасягненьне імпэрскіх мэтаў – у іхнай сьведамасьці і нават падсьведамасьці, на ўзроўні інстынкту, вялікаруская імпэрыя, створаная коштам неверагодных намаганьняў і ахвяраў, нават дэспатычная і злачынная, стала іхным найважнейшым, калі не адзіным гістарычным дасягненьнем, пэўнай абсалютнай, найвышэйшай каштоўнасьцю.

Можа быць усё, што Расея лічыць сваімі стратэгічнымі інтарэсамі на Каўказе, даўно ўжо ёсьць толькі ілюзіяй. Як і ўсё іншае, што расейцы лічаць сваёй гістарычнай місіяй. І можа блізкія да праўды словы пра расейцаў былога начальніка ЦРУ Алена Далеса: “Акт за актам будзе разыгрывацца каласальная па маштабах трагедыя паміраньня найбольш няскоранага на зямлі народу, канчатковага, беззваротнага згасаньня яго самасьведамасьці”.

 

Два бакі канфлікта

Адразу пасьля штурма Грознага, які ўзброеная апазыцыя разам з расейцамі правяла 26 лістапада 1994 г., калі набліжэньне вайны не выклікала сумніву, распачалося фармаваньне аддзелаў чачэнскага паспалітыага рушэньня. Працэс гэты працягваўся, калі расейскія войскі ўварваліся ў Чачэнію.

У пошуках абгрунтаваньня фактычнай паразы, якую фэдэральныя войскі пацярпелі падчас першага штурма Грознага, расейскае камандаваньне бессаромна хлусіла. Паводле апэрацыйных дадзеных МУС Расеі колькасьць рэгулярных ўзброеных сілаў Чачэніі на пачатку вайны складала 15 тысячаў чалавек, а аддзелаў паспалітага рушэньня ад 30 да 40 тысячаў. Прадстаўнікі ГРУ і ФСБ сьцьвярджалі, што на баку Дудаева ваююць больш за 5 тысячаў замежных наёмнікаў, а з часам іх колькасьць павялічылі да 8 тысячаў. Генэрал Кулікоў прадставіў фантастычныя дадзеныя, нібыта ўзятыя з асабістага архіва Дудаева. Паводле іх пасьля пачатку мабілізацыі чачэнцы маглі выставіць... 300-тысячную армію!

На самой справе на працягу ўсяе вайны колькасьць чачэнскіх узброеных сілаў не перавышала 5 тысячаў чалавек. Напярэдадні вайны рэгулярныя войскі налічвалі некалькі сотняў чалавек. Пазьней, калі далучаліся дабраахвотнікі, шэрагі вырасьлі да некалькіх тысячаў – і гэтае становішча ўтрымлівалася на працягу ўсяе вайны. Колькасьць байцоў мянялася, як і іхнае ўзбраеньне. Адно ёсьць пэўным – Дудаеў ніколі ня меў надта шмат жаўнераў, а яны ня мелі надта шмат зброі.

Напярэдадні вайны армія Дудаева была фікцыяй. Існаваў Генэральны штаб, некалькі баяздольных спэцбатальёнаў і некалькі меншых аддзелаў, з прэтэнзіяй называных батальёнамі і палкамі. Яны, аднак, мелі сумніўную баявую вартасьць. Гэта ўсё. Аднак гэтыя невялікія сілы склалі той стальны стрыжань, на якім у агні вайны паўстала новая армія Ічкерыі.

Чалавекам, які павінен быў кінуць Дудаева на калені, быў Павел Грачоў. Генэрал арміі, 47 гадоў, Герой Савецкага Саюза. Самы малады савецкі міністар абароны. Выпускнік Разанскай Вышэйшай Паветрана-Дэсантнай вучэльні і дзьвюх вайсковых акадэмій. У Аўганістане ён быў камандзёрам дывізіі, ваяваў там, дарэчы, побач з генэралам Дудаевым.

Паўла Грачова лічылі чалавекам, гатовым выканаць любы загад Ельцына, ня дбаючы аб яго мэтазгоднасьці. Здавалася, ён зусім не зьвяртаў увагі на тое, што пра яго кажуць іншыя. “Толькі ідыёт мог увесьці танкавыя войскі ў горад”. – сказаў Грачоў, убачыўшы, як на вуліцах Грознага гараць танкі, пасланыя туды на ягоны загад. Калі прэса абвінаваціла яго ў карупцыі, Грачоў атрымаў мянушку “Паша-Мэрсэдэс”. Пісьменьнік Анатолі Прыстаўкін сказаў аднойчы, што ў Грачове немагчыма шукаць шляхетнасьці. “Ён акрамя статутаў нічога ў жыцьці не чытаў”.

Ельцын назваў Грачова найлепшым міністрам абароны ўсіх часоў і народаў. А расейская прэса – самым бяздарным камандуючым у расейскай гісторыі.

У лістападзе 1994 г. Грачоў правёў інспэкцыю становішча баегатоўнасьці расейскай арміі. Ён сфармуляваў высновы ў звыштайнай дырэктыве № Д-0010 пад назовам “Вынікі вучэньняў Узброеных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі ў 1994 годзе і вызначэньне задачаў на 1995 г.” У сваёй справаздачы міністар абароны сьцьвярджаў, што расейская армія практычна ня мае баездольнасьці. Праз дзесяць дзён пасьля падпісаньня дырэктывы распачалася вайна.

Што ўжо казаць пра жаўнераў, калі вайне супрацівіліся тры намесьнікі міністра абароны – генэралы Барыс Громаў, Грыгоры Кандрацьеў і Валеры Міронаў. У хуткім часе яны мусілі разьвітацца з арміяй. Герой вайны ў Аўганістане генэрал Барыс Громаў, які ў той час быў падначаленым Грачова, публічна сказаў пра яго па тэлебачаньню, што ўзроўнем апэрацыйнай падрыхтоўкі Грачоў не перавышае камандзёра дывізіі.

Галоўнакамандуючы сухапутных сілаў генэрал Эдуард Варабьёў адмовіўся ад камандаваньня войскамі ў Чачэніі. Тое самае зрабіў камандзёр Канцеміраўскай дывізіі генэрал Барыс Палякоў. Пасьля таго, як 19-ю Уладзікаўказкую мэханізаваную дывізію перакінулі ў Чачэнію, 40 адсоткаў афіцэраў падалі рапарты на звальненьне з войска.

Галоўным крытыкам вайны ў Чачэніі быў генэрал Аляксандр Лебедзь, былы камандуючы 14-й арміі, разьмешчанай у Прыднястроўі. Ён сказаў быў, што прыняў бы камандаваньне над войскамі ў Чачэніі, калі б ягоную армію сфармавалі з дзесяці палітыкаў і дэпутатаў, якія распалілі канфлікт.

 

Храналогія агрэсіі

З 26 лістапада па 11 сьнежня 1994 г. расейскія самалёты штодня бамбардуюць Грозны. Яны робяць ад аднаго да двух налётаў штодня.

Позна ўвечары 28 лістапада прэм’ер Расеі Віктар Чарнамырдзін спатыкаецца з прэзыдэнтам Інгушэціі Русланам Аўшавым. Ён паказвае Аўшаву тэкст заявы да прэзыдэнта Ельцына наконт увядзеньня ў Чачэніі канстытуцыйнага парадку. “Калі я гэта прачытаў, усё стала зразумела. Я сказаў: Віктар Сьцяпанавіч! Гэта вайна! Ён адказаў: “Ну, не! Проста ўстанаўліваецца канстытуцыйны парадак”. Зварот падпісалі кіраўнікі некалькіх каўказкіх рэспублік, сярод іх Адыгеі, Паўночнай Асэціі, Кабардзіна-Балкарыі і Карачаева-Чаркесіі. Не падпісалі дакумант прэзыдэнт Інгушэціі Руслан Аўшаў і кіраўнік адміністрацыі Дагестану Магамэдалі Магамэдаў.

29 лістапада прэзыдэнт Барыс Ельцын зьвярнуўся да чачэнцаў з патрабаваньнем, каб яны спынілі агонь у бліжэйшыя 48 гадзін, склалі зброю, распусьцілі ўсе нелегальныя ўзброеныя фармаваньні і вызвалілі закладнікаў.

30 лістапада Ельцын падпісаў сакрэтны дэкрэт № 2137 Е, якім выдаў камандваньню фэдэральнай арміі загад распачаць агрэсію супраць Чачэніі. У Маздок прыбыла група вышэйшых афіцэраў расейскага генштаба, якой камандаваў генэрал Л. Шаўцоў. Яна павінна была выпрацаваць плян апэрацыі ў Чачэніі.

1 сьнежня прэзыдэнт Расеі выдаў дэкрэт, у якім запатрабаваў, каб да 15 сьнежня ўсе жыхары паўночнага Каўказа дабраахвотна склалі зброю, якую яны незаконна мелі. На загад Грачова ў раёнах, памежных з Чачэніяй з усходу, захаду і поўначы, пачалі канцэнтравацца вайсковыя аддзелы, унутраныя і спэцыяльныя войскі. Праводзілася наземная і паветраная выведка. Былі выстаўлены дадатковыя пастарункі і павялічана колькасьць аддзелаў, якія ахоўвалі мяжу. Сілы супрацьпаветранай абароны атрымалі загад зьбіваць кожны не распазнаны самалёт.

7 сьнежня Савет Бясьпекі Расеі прымае рашэньне аб сілавым разрашэньні канфлікта. Дудаеў перадае Расеі апошніх расейскіх наёмнікаў, узятых у палон падчас няўдалага штурма Грознага, які адбыўся 26 лістапада 1994 г.

8 сьнежня расейскі парлямант практычна дае ўладам “зялёнае сьвятло” у пытаньні разрашэньня крызісу ў Чачэніі.

9 сьнежня Ельцын выдае дэкрэт, у якім абавязвае ўрад прыняць усе даступныя сродкі для раззбраеньня незаконных фармаваньняў у “зоне асэцінска-інгушскага канфлікту”.

10 сьнежня а гадзіне 22.00 камандуючы войскаў Паўночнакаўказкай ваеннай акругі дакладвае аб гатоўнасьці фэдэральных войскаў да ваеннай апэрацыі.

11 сьнежня а гадзіне 7.00 фэдэральныя войскі ўваходзяць з трох бкоў на тэрыторыю Чачэніі.

 

Уварваньне

Саракатысячны корпус расейскай фэдэральнай арміі складаўся з войскаў міністэрства абароны і міністэрства ўнутраных справаў Расейскай Фэдэрацыі. Расейскія сілы былі падзелены на тры ўдарныя групоўкі. Першачарговай задачай быў захоп чачэнскай сталіцы Грознага.

З самага пачатку апэрацыя праводзілася надзвычай няўдала. Ужо ў блізкасьці ад чачэнскай мяжы, на тэрыторыі Дагестана і Інгушэціі паасобныя расейскія аддзелы сутыкнуліся з супрацівам цывільнага насельніцтва. Жывы мур затрымаў танкі. У Хасаўюрце народ раззброіў і ўзяў у палон аддзел 57-га апэрацынага палка МУС падпалкоўніка Віктара Сярогіна, які складаўся з 59 чалавек. Бранемашыны аддзела былі спалены. У Інгушэціі былі страты ня толькі забітымі і параненымі, але і першыя спаленыя бранемашыны. У выніку расейскія войскі былі затрыманы на два дні ў Інгушэціі, пад самай мяжой з Чачэніяй. У Хасаўюрце іх затрымалі да самага студзеня. Інгушы атакавалі калёну Бабічава на тэрыторыі сваёй рэспублікі, а потым на дарозе Растоў-Баку. Некалькі ваяроў загінула, былі спалены мячэць і жылыя дамы.

Уступаючы на тэрыторыю Чачэніі, расейскія войскі сустрэліся з абаронай чачэнскіх аддзелаў. Па меры набліжэньня да Грознага абарона чачэнцаў узмацнялася. На гэтым пачатковым этапе вайны на шляху расейскай фалангі сталі як рэгулярныя аддзелы чачэнскай арміі, так і аддзелы дабраахвотнікаў, якія знаходзіліся ў стадыі фармаваньня.

Пад станіцай Асінаўскай натоўп цывільных жыхароў затрымаў калёны бранетэхнікі генэрала Бабічава, якая йшла з Інгушэціі. Бабічаў абяцаў жанчынам, якія прасілі яго, што з чачэнскім насельніцтвам ён ня будзе ваяваць. Пазыцыі ваяроў атакавалі верталёты. У няроўным баі з авіяцыяй ў той дзень палеглі першыя героі той вайны, ваяры з Сернаводзкага батальёна дабаахвотнікаў.

На далёкіх подступах да Грознага пачаліся сутыкненьні, якія месцамі ператвараліся ў пазыцыйныя баі. Першы бой з войскамі, якія ішлі з Маздока, адбыліся ў вёсцы Брацкае на мяжы рэспублікі. Баі ў гэтым раёне працягваліся некалькі дзён. Уражаны геройствам жменькі ваяроў, Джахар Дудаеў выдаў дэкрэт аб перайменаваньні вёскі ў Турпал-юрт (турпал – па-чачэнску азначае “герой”).

Чачэнская выведка атрымала інфармацыю пра маршруты расейскіх калёнаў яшчэ падчас канцэнтрацыі груповак на зыходных пазыцыях. Гэта дало магчымасьць загадзя падрыхтаваць абарончыя лініі. У той жа час аказаліся безвыніковымі намаганьні тактычнай выведкі фэдэральных войскаў – дзякуючы майстроўскай тактыцы схаванага манэўраваньня групаў ваяроў, якіх немагчыма было выкрыць. А чачэнцы пазьбягалі ўступаць у бой з большымі сіламі. Рашэньне было прынята даўно: месцам бітвы паміж дзьвюма арміямі павінен быў стаць Грозны.

12 сьнежня распачаліся баі ў Далінску. Аддзелы апалчэньня падтрымалі там танкі Шалінскага танкавага палка чачэнскай арміі.

Гіганцкія калёны расейскіх войскаў, якія прасоўваліся наперад без маршавага прыкрыцьця, былі атакаваны з усіх бакоў. Калёны расьцягнуліся на вызначаных трасах на многія дзесяткі кілёмэтраў. Гэта давала магчымасьць чачэнскім сілам атакаваць ворага і ўносіць у рух яшчэ большы беспарадак. Нягледзячы на выкарыстаньне авіяцыі, расейцы ішлі некалькі дзесяткаў кілёмэтраў да Грознага амаль тры тыдні. На астатняй тэрыторыі рэспублікі, аддаленай ад трас прасоўваньня расейскіх калён, паўстала сітуацыя, якую можна акрэсьліць як “ані вайна, ані мір”. Здараліся спарадычныя сутычкі, але ў баявыя дзеяньні не ўключаліся большыя сілы абодвух бакоў.

 

Баі на падыходах да Грознага

Да першых баёў пад Грозным дайшло ў раёне станіц Петрапаўлаўская, Первамайская і Ярмолаўская. Расейцы прадпрынялі моцны наступ на станіцу Петрапаўлаўскую ўжо 21 сьнежня.

21 сьнежня ў сутычцы пад Гойтамі чачэнскі Галанчожскі полк, які складаўся з дабраахвотнікаў з аддаленых горных раёнаў Чачэніі, дзе радзіма Джахара Дудаева, страціў чатырох забітых. Гэта была прэлюдыя крывавай бітвы каля вёскі Алхан-Кала, якая разыгралася на наступны дзень. Аддзел нявопытных апалчэнцаў, які пайшоў на выведку, патрапіў у пастку. Акружаныя ваяры адкінулі ўсе прапановы скласьці зброю. У няроўным баі яны палеглі ўсе да аднаго, дваццаць сем чалавек. Зьвестка пра іхную геройскую сьмерць абляцела ўсю Чачэнію. Для расейцаў гэта было папярэджаньне аб тым, што іх чакае на гэтай вайне.

Уначы з 22 на 23 сьнежня ракетны дывізіён чачэнскага Чармоеўскага батальёну зрабіў ракетны абстрэл ракетамі “Град” месца канцэнтрацыі фэдэральных войскаў у Ханкале. Авалі Хакімаў расказваў: “У нас не было пускавых установак і мы проста прывязвалі ракеты да калоў. Такім чынам мы стрэлілі 30 ракет. Зьнішчылі пяць верталётаў, якія стаялі на зямлі, некалькі пашкодзілі. Узьляцеў у паветра склад паліва”.

У станіцы Петрапаўлаўскай 25 сьнежня адбыўся першы кантакт баявога спэцназу Гелаева з фэдэральнымі войскамі. Спачатку расейцы разграмілі аддзелы мясцовых дабраахвотнікаў і занялі вёску. Але потым да вёскі падышоў аддзел Шаміля Басаева. “Мы ўсе былі былі ў белых халатах, -- успамінае той першы бой Гелаеў. – Мы яшчэ не зарасьлі шчаціньнем і былі на іх падобнымі. Мы ва ўпор расстрэльвалі адзін аднаго. Там была элітная частка расейскага спэцназу “Віцязь”. Яны ня вытрымалі нават дзьвюх-трох гадзінаў бою. Мы выбілі іх з вёскі, захапілі абсталяваньне і баепрыпасы, спалілі ім два танкі. Потым мы забралі нашых параненых на насілкі і перад сьвітанкам спакойна адышлі з вёскі. Расейцы пацярпелі цяжкую паразу. Яны там скуголілі, плакалі. Быў такі момант і тыя зь іх, хто застаўся жывы, напэўна будуць яго памятаць”.

У тым баі камандзёр выведкі палка спэцназу Муса Бакаеў выступаў у любімай сваёй ролі гранатамётчыка. “У вёсцы быў “Віцязь”, эліта расейскай арміі. Перад боем яны зьвязаліся па рацыі з Гелаевым і кажуць: -- “Ну, паглядзім на ваш славуты абхазкі спэцназ! У “Віцязя” прачнуўся апэтыт!” Мы ўвайшлі ў вёску. Гелаеў кажа мне – стары, у цябе хворыя ногі, які з цябе выведчык? Прымай камандаваньне, а я пайду на выведку ў вёску. Я знайшоў газавую плітку, раблю сабе гарбату і раптам да мяне бяжыць дабраахвотнік з Масквы Хамзат Гаургашвілі. Стары – крычыць ён – па вёсцы едуць бэтээры! Мы не пасьпелі выскачыць, як яны ўжо праехалі. Праз пяць хвілін ён зноў крычыць – стары, яны назад едуць! Мы падзяліліся, пайшлі ў цэнтар вёскі. Там школа, магазіны, помнік. Бачу – побач стаіць тэхніка. Я стрэліў у хадавую частку Зіла 131 з зэніткай. А Хамзат стрэліў у бак гэтага ЗІЛа. Машына ўспыхнула, ва ўсе бакі пабеглі ахопленыя полымям жаўнеры. То быў прыгажэйшы фаервэрк, які я бачыў. У такія імгненьні няма літасьці. На дапамогу ім паехалі бэтээры. У тым баі мы разам з Гаургашвілі зьнішчылі дзевяць браневікоў БТР-80. Гэта была першая апэрацыя той вайны, дзе мы мелі посьпех. З нашых 23 людзей трох параніла, яны хутка вярнуліся ў шыхты. А расейцы страцілі 15 бранемашын і больш за сто жаўнераў. Гелаеў спытаў іх пасьля боя па рацыі – Ну, як, спэцнац? Тыя маўчалі”.

 

Канец мары пра бліцкрыг

Хаця Грачоў абяцаў захапіць Грозны адным дэсантным палком на працягу дзьвюх гадзін, ягоны плян прадугледжваў заканчэньне апэрацыі праз месяц.

На думку вайсковых экспэртаў, апэрацыя была дрэнна расплянавана, недастаткова падрыхтавана і з самага пачатку больш нагадвала імправізацыю, чым сапраўдную акцыю. Выразны акцэнт рабіўся на псіхалагічны эфэкт вялікай канцэнтрацыі фэдэральных войскаў, які павінен быў зламаць волю да супраціву ў чачэнскага камандаваньня.

Расейская армія распачала вайну з дзіўнай бесклапотнасьцю. Войскі не былі падрыхтаваны да вядзеньня баявых дзеяньняў. Ужо падчас маршу на зыходныя пазыцыі масава псавалася тэхніка. З прычыны паломак да Грознага не даехалі два танкі з дзесяці. Адразу стаў відавочным неадназначны ўзровень падрыхтоўкі экіпажаў. Частка танкістаў толькі нядаўна закончыла навучаньне. Здаралася, што танкавыя гарматы апошні раз прыстрэльваліся ў 1989 г. У некаторых аддзелах афіцэры і жаўнеры галадалі па некалькі дзён і мусілі растапліваць сьнег, каб папіць.

Паводле ацэнак экспэртаў, не функцыянавалі паняцьці галоўнага і запаснога раёнаў дыслакацыі, не былі дастаткова арганізаваныя дарожная і камэнданцкая службы, а лагістычнае забесьпячэньне нагадвала “расштурханы пчаліны вулей”.

Падчас апэрацыі таксама не была ўстаноўлена шчыльная блакада ўнутранай Чачэніі, як і зоны вакол Грознага. У выніку праз межы рэспублікі наплывала зброя і абсталяваньне, а аддзелы ваяроў вольна ўваходзілі ў горад і выходзілі зь яго. Расейскія выведчыкі ня здолелі вызначыць адпаведныя мэты для авіяцыі і артылерыі. Войскі аказаліся зусім псіхалагічна непадрыхтаванымі да вядзеньня вайны з праціўнікам. Не былі выкарыстаны сродкі радыёэлектроннай вайны для глушэньня сувязі ваяроў.

Ужо першыя тыдні вайны паказалі ня толькі памылкі ў плянаваньні і правядзеньні самой апэрацыі, але таксама маральную і інтэлектуальную мізэрнасьць расейскай арміі.

 

Выпрабаваньне агнём

Да ўдзелу ў вайне ніхто нікога ў Чачэніі не змушаў. Дудаеў адмовіўся ад правядзеньня мабілізацыі. “Што гэта за жаўнер, якога трэба прымушаць абараняць айчыну. – заявіў ён устрывожаным штабістам. – Газават – справа вясёлая” Калі пачаліся баі, Гелаеў сабраў сваіх падначаленых і сказаў: “У каго дома засталіся старыя, хворыя бацькі альбо хто ёсьць адзіным сынам – той не абавязаны ісьці на вайну. Я сабе ніколі ня выбачу, калі хто з такіх загіне”.

На пачатку Гелаеў не хацеў прымаць у свой полк дабраахвотнікаў. “Я не хацеў, каб дабраахвотнікі падрывалі дысцыпліну і баяздольнасьць аддзела. У мяне былі лепшыя спэцыялісты. Але калі я паглядзеў на гэтых хлопцаў, то зьмяніў думку. Яны прыходзілі да нас з розных канцоў, ведалі, што тут ваюе спэцназ і казалі – дай нам чалавека, камандзёра, які кіраваў бы намі. Яны былі гатовыя памерці ў баі. Тады я пачаў пасылаць сваіх спэцназаўцаў у розныя бакі, часьцей за ўсё ў іхныя родныя мясцовасьці, каб яны бралі пад апеку мясцовыя аддзелы паспалітага рушэньня. Спэцназ павінен быў ствараць стрыжань новых груп, якія станавіліся ўжо не паспалітым рушэньнем, а кадравымі аддзеламі. Гэта быў важны псіхалагічны момант. Каб нашы ўводзілі ў іх дысцыпліну і паступова ператваралі іх ва ўзброеныя сілы рэспублікі. З таго моманту жаўнеры спэцназу адыходзілі і станавіліся камандзёрамі новых аддзелаў. Са спэцназа выйшлі пазьнейшыя камандзёры пяці сэктараў фронту, такія, як Хункар-паша Ісрапілаў, Нурдзі Бажыеў, Муса Бакаеў”.

“Сабралося нас дванаццаць хлопцаў, якія жылі ў Алдах. – успамінае першыя дні вайны Руслан Дукаеў. – Мы разважалі, што нам рабіць, сядзець ці ваяваць, як іншыя. Мы мелі тры аўтамата, дубальтоўку і абрэз. Вырашілі, што будзем ваяваць. Скінуліся, каб купіць нашаму камандзёру бранябойны гранатамёт...”

Так пачынаўся аддзел, які з часам стаўся Алдынскім батальёнам. Гэта быў адзін з многіх аддзелаў паспалітага рушэньня, якія разам з рэгулярнымі часткамі сталі на супраціў наступаючай расейскай арміі. Групы дабраахвотнікаў, называных апалчэнцамі, паўсталі ва ўсіх гарадах і вёсках Чачэніі. Яны налічвалі па некалькі, радзей па некалькі дзесяткаў чалавек. Апалчэнцы ўзялі ўдзел у бітве за Грозны, а потым ва ўсіх сутычках з аддзеламі фэдэральнай арміі. Часам абсалютныя аматары рабілі ўчынкі, якія выклікалі захапленьне спэцыялістаў. Руслан Дукаеў з Алдынскага батальёну правёў свой першы бой у пасёлку Кірава. “Нехта нам сказаў, шо на мясцовы рынак ўвесь час прыязджае БТР. Мы пайшлі, каб зьнішчыць яго. Аказалася, што на плошчы стаіць не адзін БТР, а шэсьць танкаў. Маторы выключаныя, жаўнеры разышліся хто куды. Камандзёр кажа – ня маем сілаў на іх, адыходзім. А я хацеў страляць, бо столькі ішоў туды. Там былі яшчэ тры хлапца з Ярмолаўкі, яны мелі гранатамёт, таксама чулі пра гэтую калёну. Мы вырашылі ўдарыць разам з тэрыторыі садка каля плошчы. Гранатамётчык меў досьвед, служыў у Аўганістане. Ён паказаў мне, як заганяць снарад. Аказалася, што я не ўкруціў ззаду парахавы набой. Я ніколі да гэтага не страляў. Мы пачалі страляць па ўсіх шасьці танках. Жаўнеры паўцякалі. Мы дайшлі былі ўжо да Чарнарэчча, а з пасёлка Кірава ўсё яшчэ даносіліўся грукат выбухаў”.

У аддзелах паспалітага рушэньня ваявалі цэлыя сем’і. Трое братоў Садулаевых – Імам-Мірза, Андзі і Арбі стварылі сваю баявую групу, якая ваявала пад камандай Басаева. Усе трое братоў сталі шахідамі (загінулі на сьвяшчэннай вайне).

Ваявалі таксама й дзеці. 13-гадовыя хлопцы дэманстравалі цуды адвагі і мелі фантастычныя дасягненьні. 14-гадовы Супен Мінеяў зьнішчыў супрацьтанкавымі гранатамі бранетранспарцёр і некалькі грузавікоў. Адзін з аддзелаў спаткаў быў 12-гадовага хлопчыка ў вялікім камуфляжы. Надта доўгія порткі былі абрэзаны. Хлопец плакаў.

-- Што здарылася?

-- Тая брыгада мяне падманула.

-- Як?

-- Яны абяцалі, што калі я спалю танк, які ім замінаў, то яны дадуць мне аўтамат. Я яго спаліў, а яны аўтамата не далі.

Ваяры пайшлі высьветліць справу. Аказалася, што хлопец, якога не заўважылі расейцы, проста ўскараскаўся на браню танка, уліў у матор бутэльку газы і падпаліў запалкай. Малы герой атрымаў мініаўтамат АКСУ.

Важнейшую ролю ў кансалідацыі аддзелаў паспалітага рушэньня адыграў чачэнскі генштаб. Увесь цяжар гэтай наватарскай, беспрэцэндэнтнай працы нёс на сваіх плячах Аслан Масхадаў і начальнік цэнтральнага каманднага пункта Валід Таймасханаў.

 

Самотныя ваўкі

Акрамя структур аддзелаў паспалітага рушэньня была яшчэ адна катэгорыя чачэнскіх ваяроў – самотнікі, якія дзейнічалі індывідуальна. Іх з пэўнай іроніяй называлі “індзейцамі”. З іроніяй, бо “індзеец”, што праўда, добра ваяваў, але ішоў дахаты, калі хацеў. “Забіў дзесяць ворагаў, на сёньня досыць!” Ён ня думаў аб тым, што побач нехта застаецца і разьлічвае на яго. Узброеныя прыватнай зброяй, мінамі і выбуховымі рэчывамі, яны рабілі самастойныя атакі і дывэрсійныя акты. Часьцей за ўсё матывацыяй іхных дзеяньняў была помста за сьмерць блізкіх, каўказкі звычай “крывавай помсты”.

Генэрал Аляксандр Лебедзь, які памятаў лекцыі Аўганістана, добра разумеў, што адбываецца ў Чачэніі. “Аўганскі селянін, пакуль яшчэ цывільны чалавек, ішоў раніцай на поле. Вярнуўшыся ён бачыў на месцы, дзе стаяў ягоны дом і жыла ягоная сям’я, варонку ад бомбы. Потым гэты чалавек біўся, як воўк. У Чачэніі мы разбурылі 46500 дамоў. Такім чынам мы стварылі сябе 46500 сьмяротных ворагаў”.

 

Мэдычная служба

Адзінымі прафэсійнымі мэдсёстрамі ў лазарэце прэзыдэнцкага палацу ў Грозным былі Яха Салгірэева і расейка Ніна, маці аднаго з палонных. Пры апэрацыях дапамагалі дабраахвотніцы, якія вучыліся ўсяму на хаду: студэнтка Ісламскага Інстытута Аз’ян Акбулатава, сакратарка прэзыдэнта Мілхан Алмерзоева, маладзенькая Зарэма Хаджымурадава, дагестанка Пецімат Аздэмірава. Яны рабілі ўсё: арганізоўвалі гаспадарчае жыцьцё “бункера”, асіставалі пра апэрацыях, апрацоўвалі раны, дбалі аб параненых. Круглыя суткі працавала кухня.

Сацыта была адной з многіх чачэнскіх дзяўчат, якія дабраахвотна прышлі ў санітарную службу. Санітарак патрабавалі палявыя шпіталі і аддзелы на першай лініі. Дабраахвотніцы, якія траплялі на фронт, павінны былі несьці службу са зброяй у руках. Яны ваявалі і рабілі ўсё, што ў чачэнскім грамадзтве ёсьць традыцыйнымі абавязкамі жанчыны. Калі Сацыта Магамадава ў лютым 1995 г. патрапіла ў гелаеўскі спэцназ, яна стала, як казала сама, унівэрсальным ваяром: яе абавязкамі было прыгатаваць ежу для аддзела, праць вопратку, лячыць людзей і страляць.

Дзевятнаццацігадовую Амінат Садулахаджыеву з Бэрдыкела баявыя сябры называлі “Божай Тыгрыцай”. Здавалася, яе не бяруць кулі. Яна ратавала параненых пад ураганным агнём, калі ніхто не высоўваў носа з пазыцыі. Невядома, чым ваяры захапляліся больш – яе адвагай, шчырым характарам або надзвычайнай прыгажосьцю. 18 студзеня 1995 г. у баі шчасьце здрадзіла яе. Амінат пад агнём расейскіх снапэраў, якія стралялі з дахаў навакольных будынкаў, вынесла з вуліцы ў бясьпечнае месца двух параненых ваяроў. Калі яна вярнулася па трэцяга, снайпэр стрэліў ёй у плечы. Дзяўчына памерла па дарозе ў шпіталь ва Урус-Мартане.

Аддзел, у якім была санітаркай Рубаці Міцаева, быў абкружаны ў раёне вул. 8 Марта ў Грозным. Скончыліся баепрыпасы. З пекла выйшлі толькі чацьвёра, сярод іх Рубаці. Яны здолелі вынесьці з-пад ураганнага агня чатырох параненых і чатырох забітых. Пятнаццаць цяжка параненых і паміраючых засталіся... Здалёк ваяры бачылі, як да іх пад’ехалі на БТРах расейскія жаўнеры. Ніхто зь іх ня меў патронаў. Яны бязмоцна глядзелі, скрыгочучы зубамі, як жаўнеры дабіваюць параненых. Яны ня ведалі, што з даху будынка туды глядзіць таксама яшчэ нехта – 17-гадовы дабраахвотнік з Інгушэціі Давуд Яўлоеў. Хлапец ня вытрымаў. Ён быў выдатным гранатамётчыкам – стрэліў ў найбольшую групу расейскіх жаўнераў. Потым яшчэ раз. Трэці раз ужо не пасьпеў... Падчас вайны вораг зьнішчыў 11 санітарных машын, на якіх Рубаці Міцаева ратавала жыцьцё параненых. Пры гэтым загінулі два кіроўцы. Санітарка была двойчы паранена – адзін раз цяжка, у галаву. Восем месяцаў яна ляжала паралізаваная. Ёй апекаваўся хлопец, за якога яна яшчэ перад вайной вырашыла пайсьці замуж. Рубаці выздаравела.

Адзіным хіба нэйрахірургам ў змагарнай Чачэніі была доктар Марыет Местоева, лекарка шалінскага шпіталя і адначасова ваярка. Марыет Цікаева, лекар-гінеколаг, служыла падчас вайны санітаркай. 8 лютага 1995 г. у Грозным патрапіў у абкружэньне аддзел ваяроў, у якім была Марыет. У няроўным баі загінулі чатырнаццаць ваяроў. Астатнія паспрабавалі вырвацца з абкружэньня. Марыет засталася з забітымі. Выкапала брацкую магілу, прынесла з навакольных дамоў дываны, у якія закруціла целы сваіх палеглых таварышаў і пахавала іх паводле наказаў Карана.

10 лютага 1995 г. Мадзіна Елмурзаева, лекарка з першага гарадзкога шпіталя, схілілася над чалавекам, які ляжаў на вуліцы. Яна не заўважыла, што труп замініраваны гранатай... Расейцы ведалі, што чачэнцы не пакідаюць сваіх забітых. Калі лекарка паклала труп на насілкі, грымнуў выбух. Мадзіна загінула на месцы.

7 сакавіка 1996 г. загінуў доктар Рамзан Карымаў, які падчас сакавіцкага штурма Грознага выбег на вуліцу, каб дапамагчы параненым. Ён дапамагаў аднаму зь іх, што ляжаў на насілках, калі снайпэр стрэліў яму ў плечы. Сьмяротна паранены доктар упаў на параненага.

Як паказаў досьвед амаль двух гадоў вайны, часьцей за ўсё прычынай ран у чачэнскіх ваяроў былі паражэньні мяккіх тканак і пераломы касьцей ад асколкаў артылерыйскіх снарадаў і бомб. Асколкі былі таксама часьцей за ўсё прычынай іх сьмерці. Адносна невялікі адсотак складалі раны ад стралковай зброі, хаця ваяры любілі змагацца ў так званых кантактных баях, калі праціўнік знаходзіцца ў полі зроку. А часам іх падзяляла адлегласьць у некалькі мэтраў.

Інакш было з жаўнерамі фэдэральных войскаў. Паводле расейскіх дадзеных, у чачэнскім канфлікце назіраўся рост адсотка сьмяротных раненьняў галавы і грудной клеткі ад агня снайпэраў. З тае ж прычыны была парушана звычайная прапорцыя колькасьці забітых і параненых, якая звычайна роўная 1:4. У Чачэніі гэтая прапорцыя значна ссунулася ў бок большай колькасьці забітых. У Грозным цяжэйшыя страты фэдэральныя войскі панесьлі ад чачэнскага мінамётнага і артылерыйскага агня.

 

Вычварны плян Грачова

1 студзеня – дзень народзінаў генэрала Паўла Грачова. Паводле асобаў, якія бралі ўдзел у той гістарычнай падзеі, рашэньне аб штурме Грознага было прынята зусім нечакана пасьля абеду 31 сьнежня 1994 г., калі сьвяткаваньне дня народзінаў генэрала было ў самым разгары. Галоўнакамандуючы паабяцаў сваім жаўнерам – хто першы ўварвецца ў прэзыдэнцкі палац, атрымае Залатую Зорку Героя Расеі.

Плян апэрацыі быў распрацаваны ўжо раней. Аналіз гэтага вычварнага мерапрыемства, заснаванага на лепшых акадэмічных ведах генэралаў, уражвае адной дэтальлю: плян пабудавалі так, нібыта расейская армія павінна была штурмаваць пусты, вымерлы горад. У пляне не было месца для якога-кольвечы супраціву з боку абаронцаў сталіцы.

Задума акцыі заключалася ў тым, каб наступаючы па трох накірунках – паўночнага, заходняга і ўсходняга – увайсьці ў горад, захапіць прэзыдэнцкі палац, урадавыя будынкі, чыгуначны вакзал і іншыя важныя аб’екты ў цэнтры і заблакаваць цэнтральную частку Грознага да самага далёкага прадмесьця ў раёне Ката-ямы.

Канструкцыя пляну абапіралася на ўяўленьнях расейскага камандаваньня аб арганізацыі абароны сталіцы. Яны былі ўпэўнены, што сістэма абароны складаецца з трох канцэнтрычных рубяжоў, прычым унутранае кальцо абароны праходзіць паўз межы горада. Гэта былі няслушныя ўяўленьні. У сапраўднасьці Грозны абаранялі арыгінальным спосабам, які можна акрэсьліць як “рухомую абарону” альбо “лятучы рубеж”. Канцэпцыя абароны Грознага, на якую вымушаны былі пайсьці абаронцы з прычыны няроўных сілаў абодвух бакоў, ёсьць безумоўна арыгінальным чачэнскім унёскам у сусьветную ваенную гісторыю. Сілы Дудаева былі надта малымі, каб можна было дазволіць сабе ўтрымліваць сталыя абарончыя рубяжы, тым больш тры рубяжы. Сталай лініі абароны не было вакол горада і на падыходах да яго. Чакаючы рашаючага штурма на Грозны, невялікія і рассыпаныя паўсюль аддзелы ваяроў перайшлі ў сталіцу з тэрыторыі ўсяе рэспублікі.

Каб зразумець, што сталася ў Грозным, можна зьвярнуцца да параўнаньня. Уявім сабе шарападобнае асінае кубло, пабудаванае з слаёў шэрай, папяровай масы. Ёсьць толькі адзін спосаб, каб зьнішчыць такое кубло – і кемлівы чалавек зробіць гэта з дапамогай агня. Расейцы вырашылі ўсунуць у кубло сваю галаву.

Камандавала штурмам апэрацыйная група вышэйшых афіцэраў начале з генэралам Грачовым. Група кіравала войскамі з чыгуначнага каманднага пункта ў Маздоку. Можна ўявіць сабе гэтае кіраваньне, беручы пад увагу, што каб выдаць загад, генэралы павінны былі адрывацца ад банкетнага стала. Вельмі істотным недахопам расейскіх мэтадаў вядзеньня вайны спрадвеку ёсьць тое, што баявыя апэрацыі плянуюцца цьвярозымі, а выконваюцца п’янымі. Яшчэ горш, што часам ачмурэлымі ад алкаголя бываюць і адны і другія. 205-ю матарызаваную брыгаду, якая стаяла ў паўночным аэрапорце Грознага, самы расейскія жаўнеры называлі не інакш як “дзьвесьці п’яная”.

Штурм распачаўся бомбавым налётам на Грозны. Былі выкарыстаны ракеты саманакіраваньня РПК-500, якія выстрэльвалі з пяці самалётаў Су-24М. Усе намаганьні прынесьлі мізэрны вынік, бо над Грозным вісела густая заслона хмар. Адначасова з паветраным ударам распачалася артпадрыхтоўка.

У момант пачатку штурма горада расейская група войскаў у Чачэніі мела, паводле Грачова, 230 танкаў, 454 бранемашын і 388 гармат і мінамётаў. Такой агнявой навалы не было з часоў штурму сталіцы ІІІ Рэйха.

 

Зьнішчэньне расейскіх танкаў

На Грозны вырушылі аддзелы мотапяхоты, марской пяхоты Ціхага акіяна, Барынцавага і Балтыйскага мораў, дэсантныя аддзелы і спэцназ. Некаторыя з баявых групаў прасоўваліся наперад практычна без боя, іншыя адразу сутыкнуліся з абаронцамі сталіцы. Пакуль што баі мелі характар лакальных сутычак.

Расейская ваенная махіна ўкатывалася ў Грозны павольна, па дарозе мэтадычна душачы раскіданыя абарончыя пункты. Здавалася, што ў такім жа павольным, упартым тэмпе войскі разгорнуцца перад брамамі сталіцы, аточаць яе і будуць спакойна заціскаць пятлю, а потым вуліцы зальюць масы людзей і тэхнікі. Таго, што сталася ў апошні дзень адыходзячага 1994 г., ніхто не прадугледжваў.

На працягу дзьвюх-трох гадзін танкавыя калёны рэзкім кідком ударылі з аддаленых прадмесьцяў у накірунку на цэнтар. Слабыя абарончыя пазыцыі прарывалі, не зважаючы на страты ў жывой сіле і тэхніцы. Абаронцы зразумелі, што мэтай расейцаў у гэтым баі ёсьць захоп Грознага да наступленьня змроку і любым коштам, нягледзячы на ўласныя страты і страты сярод цывільнага насельніцтва.

На ўскрайку пэрыфэрыйнага паўночнага 4-га жылога квартала, каля новага будынка Пэдінстытута займалі абарончыя пазыцыі “бранетанкавыя сілы” рэспублікі: два танкі Т-72 і Т-62 з экіпажамі. Там стаялі таксама два гусенічных цягачы МТЛБ, адзін з прываранай зэніткай, другі са здвоеным буйнакалібэрным кулямётам КПВТ. Падобны, з чатырох ствалоў КПВТ быў схаваны ў прыватных хатах на беразе Сунжы і ахоўваў прэзыдэнцкі палац.

На золку 31 сьнежня з боку ўжо занятай расейцамі часткі Ханкалы зьявіліся верталёты. Пачуўшы далёкі грукат матораў, разьлік зэніткі адкрыў агонь. Снарады, якія разрываліся на вышыні 2500 м, зрабілі на пілотаў вялікае ўражаньне – верталёты павярнулі назад.

У хуткім часе высьветлілася, што верталёты забясьпечвалі з паветра вялікую калёну фэдэральных войскаў, якая набліжалася да горада. Калёна абышла Ханкалу і ўдарыла на 4-ы квартал Грознага.

Тут раптам здарылася паломка супрацьпаветранай гарматы – снарад заклініў замок. Пакуль гармату наладжвалі, зноў прыляцелі верталёты і залпам ракет “паветра-зямля” зьнішчылі чачэнскі танк Т-72. Яго мэханік-кіроўца згарэў.

Расейскія танкі было бачна як на далоні. Чачэнскі танк страляў і адразу мяняў пазыцыю. Ваяры з разьліку зэніткі беглі перад ім і вялі Т-62 на новае, абранае раней месца. Так рабілі пасьля кожнага стрэлу.

За 10 хвілін адзіны чачэнскі танк сям’ю снарадамі зьнішчыў танк, тры транспарцёры і тры БМП. Калі быў падбіты першы расейскі танк, экіпажы выскачылі з астатніх машын і схаваліся за насыпам. Танкі не зрабілі аніводнага стрэлу, але пяхота адкрыла няшкодны на такую адлегласьць агонь. Потым афіцэры паднялі жаўнераў у атаку. Некалькі зь іх забеглі ў будынак кінатэатру “Расея”. Чачэнскі танк абстраляў кінатэатр. Была перахоплена радыёразмова расейцаў, якія прасілі падмацаваньняў і крычалі, што ў 4-м квартале яны сутыкнуліся з чачэнскім танкавым палком...

Танкі групоўкі “Усход” прарваліся ў горад і спрабавалі схавацца сярод дамоў, але патрапілі ў пастку. Па кварталу бегала некалькі чачэнскіх групаў па некалькі чалавек, узброеных ў бранебойныя гранатамёты. Яны наладзілі сапраўднае паляваньне на танкі. Іх зьнічалі на кожным скрыжаваньні. Расейцы вялі бой цэлую ноч і несьлі адчувальныя страты. Групоўка “Усход” не прасунулася далей за Садовае Кальцо, потым павярнула назад. На зваротным шляху танкі зноў патрапілі пад агонь прэзыдэнцкага спэцназа, які гэтым разам заняў высокія дамы і бліжэйшы квартал прыватных хат. На вуліцах і на ўскраіне квартала цэлую ноч гарэлі танкі. Паводле чачэнскіх дадзеных, групоўка “Усход” страціла ў гэтым баі больш за 50 бранемашын.

На паўночным накірунку 1-ы батальён 81 матарызаванага палка 8-га Валгаградзкага гвардзейскага корпусу практычна без баёў дайшоў да чыгуначнага вакзала і заняў яго каля 13.00. Каля 15.00 яны заблакавалі прэзыдэнцкі палац з боку вакзала. Потым на вакзал падышла 131-я мэханізаваная брыгада з Майкопа. Фэдэральныя войскі нідзе не напаткалі арганізаванага супраціву. Чачэнскія ваяры толькі пачалі зьбірацца з усяго горада ў раён вакзала.

Эфір напоўніўся галасамі чачэнскіх камандзёраў, якія дакладвалі аб прарыве танкаў і бранемашын праз іхныя пазыцыі. У Грозны ўехалі сотні машын. Такой атакі сучасны сьвет яшчэ ня бачыў – ніколі дагэтуль, ні ў воднай бітве не здаралася такога. Магло падасца, што танкі раздушаць горад разам зь яго абаронцамі, што гусеніцы расейскіх танкаў спрасуюць Грозны. У цэнтральных кварталах ужо сваволіла цэлая армія, а ўсё новыя тактычныя злучэньні падыходзілі звонку. Мы ня можам зазірнуць у душы тых жаўнераў, якіх лёс паставіў адных супраць другіх. Але можна ўявіць сабе, што адчувалі адны і другія. Для расейцаў гэта мусіў быць вырашальны, пераможны штурм, якім заканчвалася вайна. Іх, безумоўна, акрыльвала адчуваньне ўласнай моцы і магутнасьці імпэрыі, якая стаяла за імі. Было таксама шампанскае, зьмяшанае з гарэлкай, і не было яшчэ страху.

А чачэнцы... Чачэнцы ніколі не прызнаюцца, што баяцца. Але трывога напэўна пасялілася ў сэрцах тых, якія ведалі, наколькі няроўнымі былі сілы. А яны ж ведалі, што Расея мае больш танкаў, чым ёсьць чачэнцаў, здольных насіць зброю.

Ваяры адыходзілі ў цэнтральную частку горада з баямі. У хуткім часе баі разгарнуліся каля самых урадавых будынкаў, вакол прэзыдэнцкага палаца. Лёс няроўнай бітвы, здавалася, быў вызначана. Аднак... З часам галасы ў эфіры пачалі гучаць зусім інакш. Зьявілася новая нота, якая гучэла ўсё больш выразна Адусюль паведамлялі пра расейскія танкі, ахопленыя полымем. Чуваць было таксама лаянку расейскіх танкістаў, яны немым крыкам прасілі дапамогі. Камандуючы абароны сталіцы Аслан Масхадаў (у эфіры называны “Цыклон-02”) склікаў ваяроў у цэнтральную частку сталіцы. “Расейскія жаўнеры кідаюцца тут ва ўсе бакі. Хлопцы, толькі спакойна, зьнішчайце іхныя машыны, яны вельмі добра гараць, нашы спалілі іх ужо больш за 60 штук. Да цемры трэба ліквідаваць усе астатнія”. Масхадаў знаходзіўся ў прэзыдэнцкім палацы, які абстрэлівалі танкі і артылерыя. Па радыё яму адказаў “Пантэра-2”, намесьнік Басаева: “Славутае ў нас сёньня паляваньне!” Танкі сапраўды гарэлі паўсюль, па ўсім горадзе, як скрынкі запалак. Як прадугледжваў гэта Дудаеў – шалёная атака патанала ва ўласнай крыві.

Батальён Басаева ваяваў у цэнтры горада. Там разгортваўся кульмінацыйны акт навагодняй драмы, якая ператварылася ў вялікае крывавае паляваньне. Групы па некалькі зьнішчальнікаў з гранатамётамі бегалі па вуліцах, шукаючы здабычу.

Муса Бакаеў успамінае: “Бой пачаўся на скрыжаванні каля гаражоў. Першую машыну разьбіў з гранатамёта Гелаеў. Вежа узьляцела вышэй за пяціпавярховыя дамы. Усе засьмяяліся – калі камандзёр дае такі прыклад, трэба ваяваць! Я ўлез на дах гаража. З даху было вельмі ёмка страляць, проста ў матор. Я зьнішчыў два БМП. Гаургашвілі залез на высокі мур, адкуль падпаліў танк і БМП. Каля чарцёжных майстэрняў я шахнуў яшчэ адзін танк – у суме тры штукі ў той дзень. Іх было шмат, “как нерезаных собак”. Страляй, заўсёды патрапіш. Быў такі прыгожы дзень, мы адсьвяткавалі Новы год! А назаўтра я зьнішчыў яшчэ адзін танк”. Жаўнеры і афіцэры, якіх бралі ў палон, былі ў шоку. Яны зусім не разумелі, што адбываецца вакол іх. Разьбітыя бранемашыны ў агні загарадзілі вуліцы, і калёны сталі на месцы. У эфіры ўсё часьцей ваяры прасілі прыслаць снарады для гранатамётаў.

Паводле пляну, 131-я брыгада павінна была падрыхтаваць калідор для ўнутраных войскаў, якія мусілі ачышчаць горад. Спачатку брыгадзе ўдалося заняць чыгуначны вакзал, але ўнутраныя войскі не пайшлі сьледам. У хуткім часе брыгада апынулася ў поўным абкружэньні. А потым пачалася разьня.

Да раніцы 1 студзеня 1995 г. 131-я мэханізаваная брыгада з Майкопа практычна перастала існаваць. Зь яе 26 танкаў чачэнцы зьнішчылі 20, з 120 БМП засталіся толькі 8. Вялізныя страты панёс гвардзейскі матарызаваны пяхотны полк з Валгаграда.

31 сьнежня Саіда Мухтарава была ў сутарэньнях рэспубліканскага шпіталя. Каля 21.00 ў сутарэньне ўварваліся расейскія жаўнеры і афіцэры. “Яны выглядалі проста страшна – брудныя, п’яныя, ванітавалі лаянкай. Калі яны пераканаліся, што сярод нас няма “бандытаў”, то пачалі прыносіць сваіх параненых. Кідалі іх проста на бэтонную падлогу. Маладыя 19-гадовыя жаўнеры крычалі ад болю і пракліналі найгоршымі словамі свайго прэзыдэнта і Грачова, якія паслалі іх на забой. Апоўначы, не зьвяртаючы ніякай увагі на паміраючых, скрываўленых жаўнераў, у сутарэньне забеглі расейскія лекары з шпітальнага пэрсаналу. Топчучыся ў калюжынах крыві, яны пачалі накрываць на стол. Адкаркавалі пляшку з спіртам і павіталі Новы год пераможнымі крыкамі “ура!” А лекары-чачэнцы ў гэты час апэрыравалі расейскіх жаўнераў. Потым жаўнеры-марадзёры пачалі прыносіць у сутарэньне і складваць проста на параненых і паміраючых рэчы, скрадзеныя ў кватэрах і дамах. Нехта прынёс нават карніз з фіранкамі. Раніцай палова параненых жаўнераў была мёртвай – яны паміралі, пакуль лекары п’янствавалі. Праз два дні, калі пачалі вывозіць параненых, у машыны і БТРы жаўнеры спачатку складвалі нарабаванае барахло”.

Калёна танкаў падыходзіла па Старапрамыслоўскай шашы з боку саўгаса “60-годдзя Кастрычніка”. Наперадзе рухалася выведка – два БМП. Калі першыя машыны знаходзіліся ўжо насуперак баявых пазыцый чачэнскага спэцназа, ваяры якраз шыхтаваліся.

Адразу разгарэлася бітва. Заблакаваная з абодвух канцоў калёна была заціснута на невялікай прасторы паміж дамамі пасёлка. Немагчыма было нават павярнуць машыны – 20 танкаў і бранемашын у паніцы круціліся паміж будынкамі, а ваяры па чарзе нішчылі іх. У пагроме ацалеў толькі адзін танк Т-80, які ня здолелі пашкодзіць чатыры снарады з гранатамёта. Чачэнцы захапілі шмат зброі і дзьве бранемашыны. Усе без выключэньня палонныя былі п’яныя – як сказалі, яны мелі намер адсьвяткаваць Новы год у прэзыдэнцкім палацы. Яны былі з Саратава.

На наступны дзень расейскі палкоўнік прыехаў забіраць сваіх палеглых жаўнераў. Чачэнцы выкарысталі момант для сваеасаблівай дэманстрацыі сілы: падзяліліся на некалькі групаў і кожная зь іх па чарзе маршыравала каля расейцаў, узброеная да зубоў, з 15 захопленымі ў расейцаў гранатамётамі. Потым, за домам наступная група брала гэтыя гранатамёты і маршыравала. Расейцы павінны былі падумаць, што ваяры маюць незьлічоныя колькасьці бранябойнай зброі.

У навагоднюю ноч расейцы страцілі ў Грозным больш за 170 танкаў і бранемашын. Паводле чачэнскіх дадзеных, іх страты складалі 250 адзінак тэхнікі. На вуліцах засталіся ляжаць паўтары тысячы трупаў расейскіх жаўнераў.

Страты, якія жменька ваяроў спрычыніла ў Грозным фэдэральнай арміі, ня маюць аналагаў у гісторыі сучасных войнаў. Расейскія генэралы доўга яшчэ будуць аналізаваць загадкі гэтай незвычайнай бітвы. Ім ня будзе даваць заснуць патыньне: як гэта было магчыма?!

Тая ноч можа яшчэ не зламіла дух расейскай арміі, але яна была нечым вельмі важным для чачэнцаў. Быць можа ў тую ноч Расея яшчэ не прайграла вайну, але чачэнцы яе ўжо выйгралі. Яны паверылі ў свае сілы.

 

Як чачэнцы зьнішчалі танкі

Расейскія танкі Т-80, якія зьявіліся на вуліцах Грознага, расейцы называлі лепшымі танкамі ў сьвеце. Т-80 павінен быў быць незьнішчальным. Сучасьнейшым. Бессьмяротным. Толькі шалёны Дудаеў мог сьцьвярджаць, што танкі – гэта скрынкі запалак і што яны будуць гарэць у Чачэніі, як запалкі.

Гэтыя словы запомніў Давуд Ахмадаў, прэфэкт Шатоя: “Часам людзі слухалі Джахара са зьдзіўленьнем. А потым усё было так, як ён казаў. Аднойчы яму нехта кажа – прыдуць расейскія танкі. Ён тады сядзеў, падпісваў нейкія паперы і кінуў неяк мімаходам, нават не падымаючы галавы: “Танкі? Танкі – гэта скрынкі з запалкамі. Яны будуць гарэць, як запалкі. Нават зброя, якой супраць іх ваююць, называецца “Мухай”. Што ж гэта за танкі, якія можа перамагчы “Муха”?

Т-80 здольны не падпусьціць да сябе танкі праціўніка на 5 км. Ён мае магутную 122-мілімэтровую гармату і кіруемые ракетныя снарады, страляе пры поўным руху шэсьць разоў за хвіліну і беспамылкова трапляе ў іншы танк, які ідзе далёка на даляглядзе. Ані амэрыканскія, ані нямецкія танкі ня маюць гарматы з аўтаматычнай зарадкай, якая ёсьць у Т-80. А ён пры гэтым на 16 тонаў лягчэйшы. Т-80 – гэта так званы танк прарыву, прадназначаны для маланкавага пераадольваньня абарончых рубяжоў праціўніка і рэйдаў па ягоных глыбокіх тылах. На палігоне ў Кубінцы яму не маглі даць рады ніякія сродкі супрацьтанкавай абароны, якія там былі.

Аднак... У Чачэніі танкі Т-80 гарэлі нават лепш, чым іншыя танкі.

Муса Бакаеў, адзін з найвялікшых чачэнскіх “зьнішчальнікаў танкаў” сусьветнага ўзроўню (62 падбітых танкі) заўсёды насіў з сабой цацачны танк. На ім ён навучаў маладых жаўнераў, якія хацелі ваяваць з гранатамётам. У вольны час паляўнічы паказваў, дзе ў танка слабыя месцы. “Калі танк ідзе проста ў лоб, найлепш біць яму ў пярэдняе вядучае кола, сарваць нусеніцу. Альбо ў стык вежы з корпусам. У гэтым палажэньні гэта ёсьць адзіныя яго слабыя месцы. Калі ты справа або зьлева ад яго, то бей у пярэдняе або задняе вядучае кола. У сярэднія, унутраныя колы няма сэнсу. Можна страляць у ніжнюю частку корпуса паміж коламі, дзе знаходзяцца баепрыпасы, а таксама ў стык вежы і корпуса. Калі трапіш у інструманты альбо ў бакі з палівам – пусты стрэл. Калі ў пласьцінку, наклеяную на браню, – таксама змарнуеш снарад, ён зрэкашэціць і адскочыць. Задняя частка танка – можна страляць у колы, якія рухаюць гусеніцу, альбо ў матор. Кажух матора лёгка прабівае любы снарад. Гэта ёсьць самае слабое месца, можна страляць ззаду або зьверху. Трэба памятаць яшчэ аб адным. Я ніколі не кажу, што гэта я зьнішчыў танк. Нехта мяне прыкрываў агнём, другі насіў за мной снарады. Мы разам палілі танк. Я – апошняя літара алфавіта”.

Бакаеў быў прыхільнікам атакі з будынкаў, якія гарэлі. Ён вучыў гэтаму сваіх гранатамётчыкаў. “Заўсёды трэба імкнуцца біць з дому, які гарыць. Праціўнік не чакае цябе там. Там страшна, полымя, дым. Перад стрэлам мусіш усё прадумаць – як адтуль выходзіць, колькі крокаў улева, колькі ўправа, колькі назад, наамацкі, па сьцяне – каб выйсьці як мага хутчэй, бо іхны адказ будзе імгненны. Са мной была ўвесь час група з 15 чалавек, хлопцы, адважныя да шаленства. Яны паехалі ў Будзёнаўск, і ніводзін з маіх гранатамётчыкаў не загінуў. Дапамагаў досьвед”.

Расейцы спрабавалі атакаваць танкамі на вуліцах Грознага з выкарыстаньнем дымовай заслоны. Ваяры здалёк засякалі бранемашыны і па радыё “перадавалі” іх наступным, наводзячы стралкоў з гранатамётамі. Басаеў крычыць мне па радыё – стары, стары, зьнішчы танк, ён каля цябе – сьмяецца Бакаеў. – Я пабег туды, а яго ўжо зьнішчыў “Мухай” іншы баец, 14-гадовы хлопец”.

Танкі падпальвалі таксама бэнзінавай запальнай сумесьсю. Тысячы пляшак з гэтай вадкасьцю рыхтавалі жанчыны на грозьненскім камбінаце нафтаачысткі.

Чаму расейскія танкі гарэлі? На думку экспэртаў, галоўнай прычынай была слабая падрыхтоўка экіпажаў. Эксплуатацыя Т-80 настолькі дарагая, што расейская армія з эканамічных прычын ня ў стане адпаведным чынам падрыхтаваць экіпажы танкаў. Рабілі эканомію – коштам жыцьця жаўнераў.

А вось чачэнцы перакананыя, што іхнымі снарадамі кіравала рука Алаха. “І ня ты кідаў, калі кінуў, гэта Алах кінуў!” – кажа Прарок.

 

“Ідыёцкая авантура Грачова”

Маштабы навагодняй паразы ў Грозным сталі для Расеі сапраўдным шокам. У СМІ штурм на чачэнскую сталіцу назвалі ідыёцкай авантурай. Толькі генэрал Грачоў абараняў сваю думку аб тым, што гэта быў узор апэрацыйнага ваеннага мастацтва.

Экспэрты спрабавалі адшукаць прычыны непараўнальнай паразы фэдэральнай арміі. Перад усім аказалася, што не былі адэкватна ацэнены сілы і магчымасьці праціўніка. Расейскія камандзёры мелі ілюзію, што ў Чачэніі будзе праведзена эфэктыўная і нядоўгая паліцэйская апэрацыя. Яны праігнаравалі гістарычны досьвед каўказкай, зімовай савецка-фінскай і аўганскай войнаў.

Ужо на першы погляд станавілася зразумелым, што паміж трыма баявымі групоўкамі, якія штурмавалі Грозны, не было ніякога ўзаемадзеньня. У выніку непараўнальнага хаосу ў эфіры сувязь паміж німі была паралізавана. Не маглі зьвязацца між сабой нават аддзелы, якія ваявалі побач, на суседніх вуліцах. Галоўнае камандваньне ў Маздоку практычна згубіла магчымасьць кіраваньня войскамі.

Перад апэрацыяй не была праведзена выведка на галоўных накірунках дзеяньняў. Лінейныя камандзёры ня ведалі забудовы горада, разьмяшчэньня вуліц і месцазнаходжаньня стратэгічных аб’ектаў.

Чачэнцы здолелі рэалізаваць дзьве тактычныя задачы. Па-першае, яны ўцягнулі калёны бранетэхнікі ў горад. Па-другое, аддзялілі бранемашыны ад суправаджэньня пяхоты. Далейшыя дзеяньні заключаліся ў тым, каб заблакаваць машыны ў замкнёнай прасторы, а потым мэтадычна знішчаць іх.

Вельмі хутка высьветлілася, што экіпажы большасьці брамашын проста ня ў стане ваяваць. Маладыя жаўнеры раптам сутыкнуліся з брутальнай праўдай: на вайне ідзе сапраўднае змаганньне і трэба сапраўды паміраць. Колькі зь іх былі гатовыя памерці?

У вулічных баях адмоўна паказалі сябе танкі і зусім адмоўна пяхота. Танкі без падтрымкі пяхоты былі безабароннымі нават ад пляшак з бэнзінам. Толькі што прызваная ў армію пяхота аказалася недавучанай і мала падрыхтаванай для бою. Мараль жаўнераў была вельмі нізкай. Ніякая сіла не магла змусьць шакіраваных жаўнераў весьці актыўныя наступальныя дзеяньні. Камандаваньне павінна было выкарыстоўваць спосаб, спраўджаны ў многіх папярэдніх войнах: авіяцыя і артылерыя кіравалі агонь у тылы ўласных войскаў, каб прымусіць іх прасоўвацца наперад.

Многія танкі і бранемашыны, якія ехалі па галоўных магістралях, змаглі прарвацца ў самы цэнтар. З прычыны хуткасьці марша яны заўсёды заставаліся без падтрымкі пяхоты, ім было наканавана зьнішчэньне. А машыны, якія прабіраліся па бакавых вуліцах і завулках, наляталі на агонь, які вёўся з непасрэднай блізкасьці, і іх зьнішчалі яшчэ лягчэй. У многіх выпадках экіпажы і дэсант з разьбітых бранетранспарцёраў спрабавалі выратавацца, арганізуючы кругавую абарону на невялікай тэрыторыі. Такія паасобныя групы змагаліся ў поўным абкружэньні. Ім таксама было наканавана загінуць.

На эфэктыўнасьці дзеяньняў фэдэральных войскаў адбілася таксама вызначэньне найважнейшай мэты – захапіць прэзыдэнцкі палац. Пазьней аказалася, што гэта была абстракцыя. Расейскія жаўнеры кінуліся штурмаваць будынак, які ня меў ніякага значэньня для бітвы ў горадзе – акрамя чыста сымвалічнага значэньня.

З прычыны гэтых памылак некаторыя драбнейшыя аддзелы – нават роты і батальёны былі ўшчэнт зьнішчаны. Паводле справаздачаў афіцэраў, якія мелі баявы досьвед, у цэнтры горада інтэнсіўнасьць агня перавышала ўсё, што яны калі-небудзь раней бачылі.

Напэўна чачэнцы самы не чакалі такога павароту падзеяў – і такога трыюмфу. Навагодняя бітва за Грозны стала найвялікшай перамогай над Расеяй за ўсю іхную гісторыю. Абдурахман Аўтарханаў, вялікі чачэнскі дысыдэнт, прыслаў у прэзыдэнцкі “бункер” у палацы тэлеграму: “Дарагі мой Джахар! Ты зрабіў імя чачэнскага народу бессьмяротным, узьняў над усім сьветам сьцяг свабоды і незалежнасьці сваіх вялікіх папярэднікаў – Шэйха Мансура, Імама Чачэніі і Дагестану Шаміля”.

А праз некалькі дзён, 6 студзеня 1995 г., камандуючы чачэнскімі ўзброенымі сіламі генэрал Аслан Масхадаў сказаў аднаму з сваіх падначаленых Турпалу-Алі Атгерыеву: “У Грозным змагаецца цяпер трыста маіх людзей. Калі б я меў яшчэ дзьвесці, то мы вытурылі б рускіх з горада”.

 

Бітва за Грозны

На адным з відэа-фільмаў, накручаных ў навагоднюю раніцу 1 студзеня 1995 г., мы бачым чачэнскія абарончыя пазыцыі ў раёне гарадзкога цырку. Ён знаходзіцца адразу ж за прэзыдэнцкім палацам, непадалёк ад чыгуначнага вакзала. Бачныя ваяры з чачэнскага палка спэцназа “Воўк”. Яны стаяць групкамі, некаторыя сядзяць, усе нешта жыва абмяркоўваюць. А вакол – разьбітыя бранемашыны, мокры асфальт завалены трупамі расейскіх жаўнераў. На першым пляне ляжыць адарваная нага.

-- Больш яны няхай сюды не прыязджаюць, -- кажа ваяр, які бесклапотна грызе яблык. – Прыязджае такі снайпэр, страляе, хоча грошай зарабіць. А праз гадзіну ён будзе тут ляжаць. Іхныя галовы мы будзем вагонамі пасылаць у Расею.

Зьвесткі, якія 1 студзеня прыходзілі з Грознага, напэўна дапамаглі расейскім генэралам выцьверазьвець пасьля навагодняй п’янкі. Расейскае камандаваньне доўга не магло выйсьці з шоку. Пра групы жаўнераў, якія засталіся ў горадзе і змагаліся ў абкружэньні, зусім забыліся. На працягу першага дня студзеня ўсе гэтыя групы былі ліквідаваны, недабіткі патрапілі ў палон. Увесь горад зноў быў пад кантролем ваяроў.

Камандуючым грозьненскага гарнізона быў Шаміль Басаеў. Пад ягоным камандваньнем было ўсё больш дабраахвотных аддзелаў, якія ўключаліся ў абарону сталіцы. Басаеў утрымліваў сталы кантакт з генштабам, але шмат рашэньняў мусіў прымаць сам. Ён самастойна арганізаваў абарончыя рубяжы ў Шаамі-юрце, Алхан-кале, а потым у Аргуне і Шалі. Увесь дзень 1 студзеня чачэнцы звозілі да прэзыдэнцкага палаца захопленыя бранемашыны. Рыхтаваліся да абароны сядзібы Дудаева. У палацы знаходзілася ўвесь час 300-400 чалавек. Сярод іх была група дабраахвотнікаў з Украіны, камандзёр якой Сашко Білый стаў любімцам Чачэніі. Усе дабраахвотнікі належалі да нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО.

Увечары пачаўся вельмі моцны артабстрэл прэзыдэнцкага палаца і масіраваны авіяналёт на сталіцу. 2 студзеня расейцы пачалі чарговы штурм Грознага.

У атаку пайшлі новыя бранетанкавыя аддзелы, падтрыманыя агнём артылерыі і авіяцыяй. Колькасьць тэхнікі, якую кінулі на другі штурм Грознага, здаецца проста неверагоднай. Чачэнскія камандзёры з усіх бакоў паведамлялі пра зьяўленьне некалькіх бранемашын, праз кароткі час ішлося ўжо пра дзесяткі машын. Па вуліцы Першамайскай танкі падышлі непасрэдна да Інстытута Нафты, 300 м ад прэзыдэнцкага палаца. Ваярам, якія абаранялі гэтую пазыцыю, здавалася, што яны маюць перад сабой сем танкаў. Яны вырашылі абысьці іх з тылу і зьнішчыць. Аббеглі вакол некалькіх будынкаў, а калі падышлі да вызначанага месца, аказалася, што танкі займаюць усю вуліцу Першамайскую. Не было нават бачна хваста калёны, якая выехала з аэрапорта. У ёй было каля 170 танкаў. Такая ж калёна падышла з захаду з боку фабрычнага квартала. Яшчэ адна накіроўвалася ў цэнтар з новых жылых кварталаў. Не магло быць гаворкі аб тым, каб атачыць ці хаця б разьбіць на часткі калёны танкаў. Было надта мала людзей, каб заблакаваць усе вуліцы. Групы з гранатамётамі мусілі бягом перасоўвацца з адной пазыцыі на другую.

Найцяжэйшыя баі ўспыхнулі зноў на чыгуначным вакзале. Адтуль танкі маглі весьці агонь непасрэдна па прэзыдэнцкім палацы, аддаленым на 800 м. З вакзала вырываліся паасобныя танкі і несьліся па праспэкце Арджанікідзэ. З шалёнай хуткасьцю, страляючы чэргамі з гарматы і кулямётаў, яны кіраваліся ў бок палаца. Гэта была дзіўная і бессэнсоўная тактыка, бо праспэкт быў густа абстаўлены ваярамі з супрацьтанкавай зброяй. Усё выглядала так, нібыта экіпаж хацеў у нейкім шалёным прыпадку расейскай рулеткі паспрабаваць сваё шчасьце. Ці нехта аддаваў танкістам такія абсурдныя загады, ці можа яны дзейнічалі ўсьляпую – цяжка зразумець. Праехацца па ўсім праспэкце да канца ўдалося вельмі мала каму.

Другі штурм Грознага таксама праваліўся. Расейскія сілы былі выціснуты з цэнтральнай часткі горада. Пэрыфэрыйныя кварталы, аднак, сістэматычна заліваліся масамі новых войскаў.

6 студзеня распачаўся наступны штурм. Пасьля артпадрыхтоўкі штурмавыя групы пад камандваньнем генэрала Бабічава пачалі прасоўвацца з захаду ў накірунку цэнтра Грознага. Аддзелы дэсанта і мотапяхоты атрымалі падтрымку разьведчыкаў ГРУ. Дарогу ім прабівала цяжкая артылерыя. Прыкрываючыся сьцяной агня, пяхота займала адну за адной вуліцы і кварталы горада. 8 студзеня расейскія войскі падышлі так блізка да цэнтра, што снайпэры маглі абстрэльваць усе масты цераз Сунжу.

Такое масавая выкарыстаньне снайпэраў хіба ня мела аналагаў ў гісторыі расейскіх войнаў. Трэба прызнаць, што чачэнцы не саступілі ім. Снайпэрамі часта станавіліся ваяры, абдораныя прыродай незвычайнымі здольнасьцямі да стральбы. Эфэкт іхнай працы сеяў панічны страх сярод расейскіх жаўнераў. Толькі ў 8-м армейскім корпусе ўжо на пачатку студзеня снайпэры адстралялі практычна ўсе афіцэрскія кадры на ўзроўні ўзвода і роты. У 81-м палку з Чарнарэчанска ў Паволжскай ваеннай акрузе ў адным з батальёнаў пасьля баёў ў першыя дні студзеня засталіся ў жывых толькі адзін афіцэр і 10 жаўнераў.

Баі, якія распачаліся ў сярэдзіне студзеня, мелі ўжо зусім іншы характар. Расейцы адмовіліся ад штурма горада вялікімі сіламі. Замест масіраваных танкавых удараў, яны вырашылі выкарыстаць класічную “сталінградзкую” тактыку вядзеньня вулічных баёў, якая заключалася ў канцэнтрацыі масіраванага агню артылерыі на абраных аб’ектах. Потым іх займалі невялікія штурмавыя мабільныя аддзелы. Гэты спосаб вядзеньня бою ўшчэнт нішчыў забудову горада. Аўтарам гэтай тактыкі быў генэрал Віктар Вараб’ёў, камандзёр спэцназа МУС, які загінуў 7 студзеня на назіральным пункце ад выбуху міны.

Чачэнцам увесь час не хапала людзей. Асабліва ўначы, калі частка апалчэнцаў разыходзілася па хатах. Пасьля многіх дзён бесперапыннага бою ваяры былі вельмі стомленыя. Цяжка было знайсьці ахвотных на начную вылазку, засаду або нават для нясеньня пастарунковай службы. Вызывалася на гэта шмат маладых людзей, але без зброі.

На пачатку студзеня Джахар Дудаеў перанёс свой КПП з прэзыдэнцкага палаца на запасны пункт. У генштабе ў сутарэньнях палаца засталіся Аслан Масхадаў і віцэ-прэзыдэнт Зэлімхан Яндарбіеў. Абарона палаца была фармальна даручана прэзыдэнцкай гвардыі, але разам з гвардыяй яго абаранялі ўсе, хто там знаходзіўся.

Верхнія паверхі прэзыдэнцкага палаца палалі. Згарэў таксама і чачэнскі сьцяг на ягоным даху – найважнейшы сьцяг змагарнай Ічкерыі. Туміша Мажыдава і Тамара Калаева з пэрсаналу палявога шпіталя, які месьціўся ў сутарэньнях палаца, пашылі новы сьцяг. Уноч на 13 студзеня Муслім Мурдалаў узьняў яго на 6-мэтровай трубе.

16 студзеня становішча абаронцаў палаца стала вельмі цяжкім. Расейцы ўжо занялі ўсе будынкі па адным баку праспэкта, на якім стаяў палац. Ад ваяроў расейцаў аддзяляла адлегласьць на шырыню вуліцы – 30 мэтраў. На працягу ўсяго дня на праспэкт прарываліся паасобныя танкі, якія ліквідаваліся. Танкі зьяўляліся таксама паміж дамамі. Яны стралялі адтуль проста па палацу. Расейцы некалькі разоў паспрабавалі штурмаваць палац. Для гэтага ім трэба было пераадолець адлегласьць у шырыню праспэкта. Калі ўсе гэтыя спробы закончыліся правалам, распачаўся абстрэл палаца з цяжкой артылерыі. Пад сьцяной, што абрынулася, загінуў брат віцэ-прэзыдэнта Зэлімхана Яндарбіева Салман.

Увечары 18 студзеня расейскія самалёты ўпершыню бамбілі палац бомбамі для прабіваньня бэтону, якія прабілі ўсе паверхі будынку і выбухнулі ў сутарэньнях, дзе разьмяшчаўся шпіталь і знаходзіліся палонныя.

18 студзеня галоўнае камандаваньне вырашыла пакінуць прэзыдэнцкі палац. Расейцы ўжо падышлі да гатэля “Каўказ” і парляманта. Эвакуацыя распачалася а дзесятай увечары. Спачатку будынак пакінуў мэдычны батальён і палонныя. Праз пяць хвілін выйшаў штаб і група Яндарбіева, праз паўгадзіны прэзыдэнцкая гвардыя.

19 студзеня батальён выведкі 20-й Валгаградзкай гвардзейскай дывізіі ўвайшоў у пакінуты абаронцамі будынак палаца. Генэралам Рохліну і Бабічаву надалі тытул Герояў Расеі.

Вельмі хутка расейскія жаўнеры пераканаліся, што назву іхных бранемашын – БМП (Баявая Машына Пяхоты) можна расшыфроўваць, як гэтага хочуць чачэнцы – Брацкая Магіла Пяхоты. Браня транспарцёраў, баявых і дэсантных машын не абараняла ня толькі ад удара гранатамёта, але і ад бранябойнай кулі з аўтамата. Жаўнеры пачалі выкарыстоўваць падручныя матар’ялы, каб павысіць жыцьцяздольнасьць машын. На браню яны вывешвалі мяхі з пяском і скрынкі з жалезьзем. На вуліцах зьявіліся дзівакаватыя бранемашыны, на якіх былі прывараны фрагмэнты іншых разьбітых бранемашын.

Падчас бітвы за Грозны найцяжэшыя баі ішлі за трамвайны парк. Яны працягваліся там даўжэй за ўсё, да 12 лютага 1995 г. Фэдэральныя войскі атакавалі з усіх бакоў. Яны захапілі ўжо ўвесь правы бераг Сунжы і новыя кварталы на левым беразе. Чачэнскія аддзелы ў трампарку даўно змагаліся ў абкружэньні.

Каля трампарка паляваў на расейскія танкі Кабодж Хатуеў. Ён з пачатку вайны да паловы студзеня, за паўмесяца зьнішчыў 38 бранемашын. Адзін швайцарскі журналіст сфільмаваў, як Кабодж скача з дрэва на танк, шпурляе праз люк у вежу “лімонку” і саскоквае на зямлю, робячы сальта назад. Гэтыя знакамітыя кадры абышлі ўвесь сьвет! І там, каля трампарка Кабоджа забіў снайпэр. Хлопец вёў падмацаваньні. Яны перабягалі шырокую шашу каля ронда на Садовай. Снайпэр абстрэльваў гэты ўчастак з блізкай фабрыкі “Промаўтаматыка”. Кабодж праскочыў, але хлопцы баяліся і стаялі на другім баку вуліцы. Ён вярнуўся і пачаў пераконваць іх, каб яны перабягалі. І тут ён атрымаў кулю ў патыліцу.

Баі ў Грозным працягваліся да паловы лютага. Аднак, нават калі аддзелы ваяроў выйшлі з горада, расейцы не маглі пачувацца спакойна. Іхныя пастарункі і машыны ўвесь час падзьвяргаліся атакам. 21 лютага сталіца канчаткова была заблакавана з усіх бакоў.

8 сакавіка ў горад вярнуўся на апошняе паляваньне Алдынскі батальён. “Калі мы зьявіліся ў Чарнарэччы, расейцы толькі яшчэ ўваходзілі з Алды па запрудзе. Іх вёў, як звычайна, здраднік. Ён паказваў дарогу, за ім ішлі пяхота і машыны. Мы іх абстралялі, яны зноў адступілі ў Алды, сталі ў пазыцыі над берагам і распачалі артабстрэл. Мы таксама стралялі, пакуль ня скончыліся патроны”.

Паводле чачэнскіх камандзёраў, у бітве за Грозны ваявала супраць расейцаў разам каля васьміста чалавек.

 

Чачэнская тактыка абароны горада

Бітва за Грозны ў прынцыпе была сумай незьлічоных лакальных баёў, якія вялі невялікія групы ваяроў. Такі характар баёў вельмі добра адпавядаў мэнтальнасьці і тэмпэрамэнту чачэнцаў – экстрэмальных індывідуалістаў і шалёных аматараў рызыкі. Посьпех у такім баі можа забясьпечыць толькі самастойнасьць, уласная ініцыятыва, рухлівасьць і адвага. Сьмелы і рызыкоўны мае зазвычай больш шанцаў, чым баязьлівы і выгадніцкі.

Чачэнцы любілі начны бой, які ім значна аблягчала добрая абазнанасьць на мясцовасьці. Удзень яны плянавалі новыя акцыі, у прыцемках выходзілі на зыходныя пазыцыі, а ўначы пачыналі атаку. Расейцы, наадварот, былі схільныя пакінуць захоплены на працягу дня ўчастак, абы знаходзіцца да сьвітанка ў вялікай групе і ня маць справы з начным нападам праціўніка. Вулічныя баі патрабуюць ад іх удзельнікаў перш за ўсё рашучасьці, вялізнай напружанасьці ўсіх сілаў, фізычнай і псіхічнай вытрымкі – а таксама проста кемлівасьці і хваткасьці, чаго чачэнцы якраз маюць па-над меру.

Чачэнскія аддзелы былі ў сталым руху. Гэтая нязвыклая мабільнасьць выклікала ў расейскіх жаўнераў уражаньне, што “вораг паўсюль”. На самой справе невялікія групы ваяроў, якія мелі толькі лёгкую зброю, перасоўваліся на розныя ўчасткі фронта, ствараючы аптычнае ўражаньне вялікай колькасьці сілаў супраціву. Гэтая тактыка мела яшчэ адзін станоўчы эфэкт – у выніку сапраўднай распыленасьці чачэнскіх сілаў аказалісямалаэфэктыўнымі авіябамбардоўкі і артабстрэлы. Дадатковым козырам чачэнцаў была дасканалая абазнанасьць у горадзе, што дазваляла ім выкарыстоўваць лепшыя пазыцыі, шляхі падыходаў і эвакуацыі, найлепшыя хованкі.

Ваяры здолелі выдатна маскаваць свае пазыцыі. Расейскія выведчыкі і карэкціроўшчыкі агню не былі ў стане эфэктыўна кіраваць агнём артылерыі. А вось чачэнскія артылерысты, наогул прафэсіяналы высокага клясу, выдатна засвоілі мастацтва вядзеньня агню на закрытых пазыцыях, нябачных расейскім назіральнікам. Абслуга гранатамёта ніколі не страляла з адной пазыцыі больш за некалькі разоў, але качавала па ўсім горадзе. Для перавозкі мінамётаў і мін выкарыстоўваўся любы даступны транспарт. Бывала таксама, што мінамёт, напрыклад, цэлы дзень страляў з пакою на сёмым паверсе высокага будынка, зьнешняя сьцяна якога была разбурана. Яго ніяк не маглі засекчы.

Праслухоўваючы расейскі эфір, чачэнцы імкнуліся дэзарыентаваць карэктараў агню, што ў многіх выпадках прыводзіла да абстрэлу расейскіх аддзелаў уласнай артылерыяй. Уноч перад захопам прэзыдэнцкага палаца расейцы накрылі агнём “Града” сваю разьведроту ў раёне аэрапорта.

На жаль, была яшчэ адна рыса, якая вылучала чачэнскія аддзелы, акрамя адчайнай адвагі, што перакрывала сабой недахопы ў вывучцы, -- нежаданьне падпарадкавацца строгай вайсковай дысцыпліны. Ваяры ахвотна рабілі нечаканыя налёты на пызыцыі ворага, хадзілі на выведку, упарта наляталі на расейцаў, не даючы ім аніхвіліны адпачынку. Іх захапляў сам бой, азарт, яны імкнуліся да посьпеху ў рукапашных бойках. Але іх немагчыма было схіліць да доўгачасовай абароны пазыцыі ці аб’екта, што патрабавала вытрымкі і пэўнай абазнанасьці ў тактыцы вядзеньня бою. Больш таго, яны не забівалі сабе галаву нясеньнем ахоўнай службы, звычайна спадзяючыся “на суседзяў” альбо на тыпова расейскае “авось”. Апалчэнцы наогул не выстаўлялі назіральнікаў і пастарункаў, а часам зьбіраліся ўсе разам у сутарэньнях папіць гарбаты, час ад часу вызіраючы на вуліцу, ці там выпадкам штосьці не здарылася. Уначы апалчэнцы лічылі за гонар добра выспацца і было вельмі добра, калі яны рабілі гэта на пазыцыях, а не ва ўласным ложку ў хаце. Што праўда, нават калі ў прыцемках яны пакідалі пазыцыі, за якія на працягу дня вялі лютыя баі, і маршыравалі на вячэру да маці, то раніцай з зацікаўленасьцю вярталіся на месца бою. Часта яны сустракалі на сваіх пазыцыях расейскіх жаўнераў, якія зазвычай уставалі раней за чачэнцаў. Такія сітуацыі ваяры прымалі з задавальненьнем і адразу кідаліся ў атаку, каб зноў усталяваць на сваёй тэрыторыі чачэнскі канстытуцыйны парадак.

 

Ваенныя злачынствы

З самага пачатку вайны аддзелы ОМОНу і ўнутраных войскаў, прысланыя ў Чачэнію з розных куткоў Расеі, адзначаліся надзвычайнай жортскасьцю. І ваяры і цывільныя жыхары вельмі хутка навучыліся адрозьніваць жаўнераў фэдэральнай арміі ад вычварэнцаў з нашыўкамі ўнутраных войскаў. Гэтых апошніх чачэнцы больш ня бралі ў палон, а кожнае злачынства, зьдзейсьненая ўнутранымі войскамі, папаўняла шэрагі ваяроў новымі дабраахвотнікамі.

Вось расказ цывільнага жыхара Грознага: “9 студзеня 1995 г. на двор нашага дому прыйшоў ОМОН. Усе п’яныя, разьюшаныя. Кажуць – вы душманы! Каля вашых дамоў разьбілі нашу брыгаду! Можа б яны і адчапіліся, калі б я ня стаў супраціўляцца, калі яны пачалі забіраць у мяне кальцо і гадзіньнік. Яны вывелі мяне за дом і прыкавалі да дрэва. Мы ўсіх тут прыкончым – кажуць яны і зараджаюць зброю. Раптам пад’ехаў БТР, выскачыў афіцэр. Што такое? Вот, са зброяй узялі. Афіцэр падышоў, адчапіў мяне ад дрэва і кажа – рукі назад! І як даў мне ў твар, што я ўпаў. Павезьлі мяне ў Маздок, сем гадзінаў мы ехалі на марозе. Усю дарогу на мне сядзеў амонавец. На другі дзень я пытаюся ў вартаўніка – што я такога зрабіў? За што вы мяне тут трымаеце і б’еце? А ён кажа – вы падазраваныя. Сапраўдных баевікоў мы тут не трымаем. Яны тут побач, у складзе гародніны, стаяць па калені ў вадзе. Там яны робяць пад сябе. Мы выводзім іх адтуль толькі на расстрэл. Потым яны па адному выводзілі нас на допыт. Усе яны ў масках, у аднолькавых мундзірах, без пагонаў і знакаў. Распраналі, скоўвалі рукі і ногі. Адзін сеў перада мною і пытаецца – ты баявік? Не. Ён мне б’е па каленях і зноў – баявік? А потым кажа так спакойна – пры кожным удары адслойваецца пяць мілімэтраў тканіны. Калі дойдзем да касьці, то лічы – ногі ўжо згнілі. Білі ўсю ноч. Навучаныя. Як толькі бачылі, што губляю прытомнасьць, адразу палівалі вадой. І ня хочаш, але прытомнасьць вяртаецца”.

Другі расповед цывільнага чачэнца. “Арыштавалі нас 24 студзеня 1995 г. на расейскім пастарунку пад Самашкамі. Нас было сямнаццаць чалавек, усе цывільныя. Пасадзілі ў верталёт, паляцелі. Пачалі біць аўтаматамі па тварах. Аднаму стрэлілі ў галаву і скінулі ўніз, потым другому, трэцяму, чацьвертаму... Я думаў, што канец, але яны зьбілі мяне да страты прытомнасьці і напэўна таму не застрэлілі. Калі верталёт прызямліўся, да нас падыйшоў маёр і пачаў крычаць і лаяць афіцэра, які быў з намі ў верталёце – каго ты мне прывёз, я што табе казаў? Цяпер ідзі і ўсіх іх расстраляй! Але нас не расстралялі, завязалі вочы і зноў закінулі ў верталёт. І зноў страшна білі. Амаль усім павыбівалі зубы, адбілі ныркі. А ў Маздоку ў верталёт ускочылі амонаўцы і білі нас прыкладамі па галаве. Калі мы ўжо не маглі стаяць на нагах, яны скінулі нас на зямлю і прымусілі прысядаць. Тых, якія ўжо не маглі, забівалі стрэлам у патыліцу. Быў з намі адзін 44-гадовы інгуш, ён ня мог прысядаць, бо яму ўсё адбілі, быў, як каша – яго таксама застрэлілі. Потым адзін зь іх прыставіў мне пісталет да патыліцы, але раптам другі стукнуў мне нагой у бок і куля праляцела каля галавы. Тады я пачаў крычаць – я не баявік, я жыву ў Расеі, прыехаў у вёску, каб забраць маці!”

А вось расказ расейскага журналіста, які назіраў за акцыяй аднаго з аддзелаў унутраных войскаў 24 чэрвеня 1995 г. а 4.30 у паселішчы нафтавікоў Новае пад Грозным. “Атака пачалася па сігналу зялёнай ракетай. Калі пад’ехалі мы, журналісты, на месцы двух дамоў палала блакітным агнём паходня газу. На ўзбочыне вялікай дарогі ляжалі радком чатыры зьнявечаныя трупы. З руінаў у дыме выносілі на насілках абвуглены труп.

Вакол віравалі задаволеныя людзі ў камуфляжы без знакаў. “Зачыстка тэрыторыі”, у перакладзе на чалавечую мову – карніцкая экспэдыцыя. У спаленых дамах жылі шэсьць сем’яў – каля 30 чалавек. З большага жанчыны і дзеці. Ніхто ня выратаваўся.

Выскачыць пасьпелі толькі трое. Напоўаголеныя, параненыя. Амонаўцы трохі пазьдзекваліся зь іх для парадку і дабілі. Потым расклалі вакол стога сена прывезеную з сабой “адабраную” зброю і з пачуцьцем добра выкананага абавязку пачалі чакаць камандваньне”.

У студзені 1995 г. ваенны пракурор Расейскай Фэдэрацыі Валянцін Панічаў прызнаў, што распачатыя 22 справы ў адносінах да расейскіх жаўнераў, падазраваных у актах забойстваў цывільнага насельніцтва Чачэніі. Да самага дня абвяшчэньня амністыі Думай для ўсіх расейскіх жаўнераў, якія ваявалі ў Чачэніі, не быў вынесены аніводзін прысуд.

Часам, аднак, помста была імгненнай. Вось расповед аднаго чачэнскага ваяра: “Мы ўбачылі з аўтавакзала, як з балкона на чацьвертым паверсе нехта выкінуў на вуліцу двух дзяцей. Мы ціхенька падняліся ўгару. Там рэзка выбілі нагамі дзьверы і ўварваліся ў пакой. Застрэлілі аднаго, які схапіўся за аўтамат, яшчэ аднаго паранілі. Двое здаліся. Калі мы ўварваліся, яны якраз зьбіраліся гвалтаваць маці тых дзяцей, які толькі што выкінулі. Яна была расейкай. Яны пасьпелі застрэліць яе і думалі, што мы ня ведаем пра дзяцей. Я не садыст, але калі бачу такіх зьвяроў, то сам раблюся зьверам. Я прывязаў іх усіх да каларыфэра. Той паранены быў непрытомны. Там стаяла газавая лямпа, я адкруціў запальнік і абліў іх газай. Яны зразумелі, што мы хочам зрабіць, адзін крычаў – застрэльце нас! Я сказаў яму – а калі ты выкідаў тых дзяцей, вашых, расейскіх, то хіба думаў іх спачатку застрэліць? Я падпаліў іх і мы пайшлі”.

 

Другі этап вайны: сакавік-красавік 1995 г.

Адступленьне чачэнскіх сілаў з Грознага на прыканцы лютага 1995 г. закончыла першы этап вайны.

Расейцы, здавалася, разглядалі сітуацыю крыху інакш. Ужо 25 студзеня Павел Грачоў на паседжаньні Савета бясьпекі Расеі павіншаваў сваіх падначаленых генэралаў з заканчэньнем ваеннага этапа апэрацыі ў Чачэніі.

Можа з гэтай прычыны 14 лютага адбыліся мірныя перамовы ва Уладзікаўказе і Сьляпцоўскай, на якіх расейскі бок прадстаўляў новы галоўнакамандуючы фэдэральных войскаў у Чачэніі генэрал Анатолі Кулікоў. Было заключана пагадненьне аб спыненьні агню. Але яго не выконваў ніводны з бакоў.

На пачатку сакавіка 1995 г. пасьля амаль трох месяцаў ваенных дзеяньняў фэдэральныя войскі мелі пад сваім кантролем толькі тры з чатырнаццаці раёнаў Чачэніі. У тых трох раёнах на левым беразе Церака, густа населеных казакамі, якія ўвесь час імкнуліся ў Расею – Наурскім, Надцерачным і Шклоўскім – практычна наогул не адбываліся баі. Чацьвертай адміністрацыйнай адзінкай, якую расейскія войскі ўзялі пад кантроль, быў Грозны, захоплены пасьля двух месяцаў баёў. Акрэм таго расейцы кантралявалі паасобныя анклавы ў месцах, дзе стаялі іхныя большыя сілы.

Лавінападобна расла колькасьць войскаў, якія ўдзельнічалі ў канфлікце. У першым удары ўдзельнічалі чатыры расейскія дывізіі – 40 тысячаў жаўнераў. Потым шэрагі расейскай арміі ўвесь час расьлі і ў сярэдзіне сакавіка ў самой Чачэніі і вакол яе было сканцэнтравана ўжо 200 тысячаў жаўнераў фэдэральнай арміі і 18 тысячаў войскаў МУС. Падчас вайны супраць фэдэральнай арміі ніколі не ваявала адначасова больш за 5-6 тысячаў ваяроў.

Чачэнцы ацэньвалі, што да сярэдзіны лютага ў Грозным загінула 30 тысячаў цывільных жыхароў горада, сярод якіх бальшыня – гэта былі расейцы, што стала жылі ў Грозным. Незалежная расейская арганізацыя “Мэмарыял” падала блізкія дадзеныя – 25 тысячаў цывільных, забітых у Грозным. Сярод іх 19 тысячаў загінулі падчас бамбардовак і артабстрэлаў, амаль 2 тысячы ад агню снайпэраў, столькі ж было расстраляна і замучана. 300 тысячаў апынуліся па-за межамі рэспублікі ў якасьці ўцекачоў.

Другі этап вайны распачаўся пазыцыйнымі баямі. Пасьля заняцьця 6 сакавіка, практычна без бою, паўднёвага кварталу сталіцы – Чарнарэчча, фэдэральныя войскі да сярэдзіны сакавіка былі часткова выведзены з Грознага, а іхнае месца занялі ўнутраныя войскі МУС. Галоўныя сілы расейцаў былі накіраваны на тры наступныя чачэнскія гарады: Гудэрмэс, Аргун і Шалі. Па дарозе яны абстрэльвалі амаль усе навакольныя мясцовасьці. Чачэнскія аддзелы пачалі ў той самы час зноў пранікаць у Грозны і атакаваць расейскія пастарункі.

 

Бой за Сьвяты Мост

Чачэнцы кажуць, што стары мост, пабудаваны на Аргуне Сойп-мулой, перасоўваўся з месца на месца і таму ў яго не маглі патрапіць расейскія бомбы.

Мост даўным даўно пабудавалі звычайныя чачэнскія сяляне, якімі кіраваў мула з Шалі Гайсумаў. Будова, якая зьвязала два берагі шырокай і капрызнай горнай ракі, што разьлівалася ў тым месцы на 200 м, аказалася вельмі трывалай. Царскія інжынэры не маглі паверыць, што мост спраектаваў чалавек, які ня меў ніякай адукацыі. Калі выбухнула вайна, расейцы на працягу трох месяцаў атакавалі мост з зямлі і паветра. На яго ляцелі бомбы і артылерыйскія снарады. Мост ацалеў. Бітва, якая разыгралася пры яго абароне, была адной з найкрывавейшых у гэтай вайне.

З сярэдзіны лютага 1995 г. чачэнскае камандваньне вырашыла стварыць у раёне маста сталыя абарончыя лініі, бо новы рэйд танкавай калёны мог скончыцца ўдарам на Шалі, які знаходзіўся ад перадавой ўсяго ў 5 км.

На гэтым этапе вайны яшчэ ня была выпрацавана эфэктыўная сістэма замены аддзелаў на перадавой. Былі групы, якія ваявалі без адпачынку па некалькі тыдняў. Здаралася, што змучаныя аддзелы дабраахвотнікаў проста пакідалі пазыцыі, калі іх з нейкай прычыны не зьмянялі. Дзіркі ў лініі фронта выкарыстоўваліся расейцамі. І менавіта такім чынам, крок за крокам фэдэральныя войскі падышлі да маста на Аргуне каля Новых і Старых Атагоў. Гэта быў апошні мост, які злучаў заходнюю і ўсходнюю часткі Чачэніі. Захапіўшы яго, можна было ісьці на Шалі, куды пасьля эвакуацыі з Грознага быў перанесены чачэнскі генштаб.

Абарончыя лініі каля маста занялі галоўным чынам дабраахвотнікі з паспалітага рушэньня з блізкіх вёсак. Першы рубеж абароны перад Новымі Атагамі быў высунуты прыкладна на 300 м перад лініяй ракі. Гэта былі нетрывалыя акопы і траншэі, якія абапіраліся на будынкі фермы. Левае крыло займаў невялікі аддзел Далхана Хажаева з Атагоў, у іншых умацаваньнях зьмяняліся групы ваяроў. “Аднойчы граната ад АГСа проста ўпала ў акоп з хлопцамі з Шалі на правым фланзе – успамінае Хажаеў. – Загінулі двое, аднаго параніла. Пасьля гэтага ахвотнікаў сядзець на высунутай пазыцыі было што раз менш. Зьмена налічвала ад шасьці да трыццаці чалавек. Яны таксама не сядзелі ў акопах увесь час, але адыходзілі на другую лінію над ракой, адкуль зьяўляліся на кароткі час, каб пастраляць па расейцах”.

Як расейцы, так і чачэнцы хаваліся за валамі ірыгацыйных каналаў, якія ўздымаліся на паверхні зямлі. Лініі падзяляла адлегласьць у адзін кілёмэтр. На чачэнскія пазыцыі прыходзілі снайпэры, якія палявалі на неасьцярожных праціўнікаў, шукаючы асабліва афіцэраў і сапёраў, якія мініравалі дарогі. Расейцы адказвалі агнём артылерыі і танкаў.

Яшчэ далей на левым фланзе рыхтаваўся да бою аддзел з групы “Джамаат”. У ім служылі, акрэм чачэнцаў, арабы з Іарданіі, Лівана, нават адзін з Аўстраліі. Гэта былі нявопытныя ваяры, некаторыя ніколі раней не трымалі ў руках зброю. Правей ад маста сядзелі дабраахвотнікі з Шалі.

Расейскі наступ распачаўся ўноч з 12 на 13 сакавіка. Першай рушыла ў бой група з 12 чалавек, якая пачала займаць высунуты абарончы рубеж каля фермы. “А 4.00 начальнік зьмены ўбачыў бранетанкавую калёну з уключанымі пражэктарамі і маторамі, якая расьцягнулася па дарозе. – піша ў сваіх успамінах Далхан Хажаеў. – Наша група мела два гранатамёты і адзін кулямёт, астатнія мелі аўтаматы. А 6.00 калёна дала залп па Старых Атагах, разгарнулася ў баявы шыхт і пайшла на нашыя высунутыя пазыцыі. Паміж танкамі, БПМ і БТР ішла ў трох шэрагах пяхота ў куленепрабівальных камізэльках. Нашы адкрылі агонь па пяхоце, але яна не залягала. Мабыць кулі не даляталі. Толькі калі мы пачалі страляць з гранатамётаў, пяхота залягла. Маланкавай атакі ў расейцаў ня выйшла. Бранемашыны пачалі абыходзіць нашы пазыцыі з бакоў, бо бачылі, што на флангах ніхто не вядзе агню. Да гадзіны 7.00 пяхота з падтрымкай бранемашын заняла парослую лесам тэрыторыю на флангах. Расейцы несьлі страты, але, не сустракаючы на флангах супраціву, нягледзячы ні на што ішлі наперад. З задніх пазыцый ніхто не прыходзіў нам на дапамогу. У нашых хлопцаў ужо канчаліся патроны, таксама і зарады для гранатамётаў. Было іх толькі адзінаццаць, аднаго яны паслалі па дапамогу ў Новыя Атагі. Камандзёр прыняў рашэньне адыходзіць на другую лінію абароны”.

Акопы каля маста займаў новаатагінскі батальён. Цяпер гэтая група прыняла на сябе асноўны цяжар бою. “Мы падрыхтавалі капітальныя акопы на адхоне над ракой – распавядае ўдзельнік таго бою Ісмаіл. – Хлопцы з “Джамаата” пабудавалі тут сапраўдны бункер. Нашым камандзёрам быў Хас-Магамэд Дадулагаў, які сабраў батальён у Новых Атагах і з 31 сьнежня ваяваў зь ім у Грозным. Нас атакавалі спэцназаўцы ў круглых шлемах “сфэра” і куленепрабівальных камізэльках. Перад намі было поле, яны маглі пад’ехаць да нас з маршу. Але яны затрымаліся і спачатку выслалі наперад разьведчыкаў. Танкі набліжаліся паціху, насыпаючы перад сабой валы зямлі. Са штабу да нас прыслалі людзей, якія павінны былі ўзарваць мост. Яны прынесьлі колькі скрынак трацілу. Камандзёр паслаў іх назад – гэта сьвяты мост, мы не дазволім яго зьнішчыць.

На золку распачаўся моцны артабстрэл па пакінутых высунутых пазыцыях. Ён працягваўся паўтары гадзіны. Калі а 6.00 пайшлі танкі, а за імі БТРы з пяхотай, у нас было вельмі мала супрацьтанкавай зброі. Быў у нас буйнакалібэрны кулямёт ДШК, зь яго страляў па БТР і БМП дабраахвотнік-таджык. Астатнія мелі аўтаматы. Я страляў з “красаўчыка”, валіў пяхоту.

Першым да нас падышоў БТР. Трэба было яго ляснуць, але ніхто не высоўваўся, моцны агонь. Аслан схапіў гранатамёт, сказаў – клянуся Алахам, я першы раз трымаю гэта ў руках. Ён крыкнуў: Алаху Акбар! – і стрэліў. З БТР паляцела абшыўка. То была першая зьнішчаная намі бранемашына.

Наступны БТР спаліў Хас-Магамэд. Потым наблізіўся танк Т-80, схаваўся за плотам, відаць было толькі верх вежы, дула і кавалак пераду. Абдула трапіў у яго з пераду. Танк разарвалі ўласныя снарады.

Каля 9.00 нам на дапамогу прыйшоў батальён “Ваўкі Іслама”, яны прынесьлі баепрыпасы, мелі гранатамёты. Іхны камандзёр Элі Султанаў служыў са мной яшчэ да вайны ў ОМОНе. Ён толькі спытаў – дзе найцяжэйшае становішча? Хас-Магамэд паставіў іх на левым крыле, побач з “Джамаатам”. Хас-Магамэд сказаў быў Элі, што мы адступім адсюль толькі мёртвымі. Ён зьнішчыў два танкі, потым быў паранены ў плячо, калі выносіў на сабе параненага. Аднак ён не пакінуў поля бою, застаўся, каб камандаваць боем.

У вёсцы папаўзьлі чуткі, што ў нас ёсьць параненыя і мы ня можам іх вывезьці. Бай-Алі Макаеў сеў у свой ГАЗ-53 і праз мост прыехаў да нас, а потым праехаў паўз усю лінію акопаў. Але ўрэшце атрымаў кулю 5,45 у бок машыны. Ён схаваў машыну ў рэчышчы ракі і пачаў страляць. У хуткім часе яго самога трэба было вывозіць разам з іншымі параненымі, якіх было ўжо шмат.

Аддзел Хажаева, які раніцай заняў прыгатаваныя раней акопы на левым фланзе, таяў пад агнём. Ужо падчас адыходу з высунутага рубяжа былі паранены чатыры ваяра. Сам Хажаеў трапным стрэлам з гранатамёта зьнішчыў танк, схаваны ў забудове фермы. Аддзел Хажаева з часам перастаў існаваць. Адзінаццаць ваяроў былі паранены, адзін забіты, двое параненых памерлі на наступны дзень у шпіталі.

Параненых вывезьлі грузавіком ГАЗ-66, заранёў схаваным пад адхонам берага, праз падрыхтаваны заранёў брод. Бой працягваўся да змроку. З Атагоў прыйшлі падмацаваньні, і новаатагінскі батальён адышоў у вёску, пераплыўшы раку. Ваяры сказалі, што ўначы адпачнуць, а раніцай вернуцца на пазыцыю.

На наступны дзень увесь час стралялі артылерыя, снайпэры, танкі. Мы ўдавалі ў акопах рух, бегалі па траншэях, каб яны там думалі, што нас шмат. Атакі не было.

Раніцай 15 сакавіка каля 8.00, адразу пасьля намазу расейцы распачалі артабстрэл. Яны пусьцілі перад нашымі акопамі дымовую заслону. Нічога не было бачна, ані спераду, ані ззаду. Нам было цікава, што яны робяць – будуць ваяваць або адыходзяць. Тады нехта крыкнуў – хлопцы, страляйце з чаго толькі можаце, яны ідуць!

Зблізу быў ужо чутны лязгат гусеніцаў. Аслан устаў, крыкнуў: Алаху Акбар! І стрэліў туды ўсьляпую. Ён трапіў па БТР, зь якога якраз выходзіла пяхота. Адтуль адразу пачалі страляць. Яны трапілі ў Абдулу. Ён быў вельмі добрым снайпэрам, але ў гэтай імгле нічога ня бачыў. Ён высоўваўся з акопу і ўрэшце быў паранены. У гэты момант у нас скончыліся патроны, потым аскелак параніў мяне ў руку. Мяне зьнялі з пазыцыі, рука ня дзейнічала. Калі я адыходзіў, то пачуў голас Аслана. Ён крычаў, што ня мае зарадаў для гранатамёта”.

Бой працягваўся да вечара. З часам расейцы станавіліся ўсё мацней. Бачачы набліжэньне сьмерці, муджахэдзіны з “Джамаату” адаслалі ў тыл сваю моладзь. На пазыцыі засталося толькі чацьвёра, сярод іх араб і інгуш. Усе яны палеглі. Калі расейцы дасягнулі лінію акопаў, астатнія жывыя ваяры з новаатагінскага батальёна вырашылі адысьці ў вёску. Але было ўжо надта позна. У суме ў бітве за мост Сойп-тай палеглі 24 чачэнскія ваяры.

Расейцы застрымаліся на лініі чачэнскіх акопаў на некалькі тыдняў. Штодня яны абстрэльвалі пустое поле перад вёскай, на якім нікога не было. Ваяры ацэньваюць расейскія страты ў 400 чалавек і 40 бранемашын. У 1-м батальёне 224-га палка мотапехоты Уральскай ваеннай акругі, які атакаваў забудову фермы, толькі ў першай роце з 105 чалавек палеглі 62. У разьведузводзе жывымі засталіся толькі пяць чалавек, палеглі ўсе афіцэры.

На ўчастку фронта пад Атагамі расейцы тапталіся на месцы два з паловай месяцы.

 

Падзеньне Аргуна, Гудэрмэсу і Шалі

Да 20 сакавіка на франтах запанаваў спакой, які ваяры выкарысталі, каб падрыхтаваць абарончыя лініі вакол сваіх трох гарадоў, яшчэ не захопленых ворагам, -- Аргуна, Гудэрмэсу і Шалі. Фэдэральныя войскі акапаліся насупраць іх. Усе будавалі блок-пастарункі і вялі выведку. Хаця ў гэты час не было актыўных ваенных дзеяньняў, штодня ад агню снайпэраў і артылерыі фэдэральныя войскі несьлі адчувальныя страты.

Увечары 21 сакавіка расейскія войскі групоўкі “Поўнач” закмнулі ўнутранае кальцо абкружэньня вакол Аргуна.

Фактычна лёс Аргуна быў вызначаны 12 сакавіка, калі дэсантна-штурмавы батальён 165-га палка марской пяхоты Ціхаакеанскага флёту нечаканым ударам заняў ключавую вышыню, зь якой можна было кантраляваць ўсё навакольле. Нягледзячы на атакі чачэнцаў, расейцы не адышлі з вышыні.

Уноч з 22 на 23 сакавіка марская пяхота фарсіравала ў дзьвюх месцах раку Аргун і заняла гару Гайтэн-корт, якая пануе над навакольлем. Дзьве брыгады ўнутраных войскаў МУС утварылі ўнутранае кальцо абкружэньня, а потым увечары 23 сакавіка захапілі горад. Чачэнскія ваяры зрабілі спробы контратакаў з боку Шалі і Гудэрмэсу, але мелі надта слабыя сілы і не здолелі дасягнуць выніку. Расейскія войскі прарвалі чачэнскія абарончыя лініі паміж Гудэрмэсам і Шалі. Атакавалі Гудэрмэс.

Фэдэральныя войскі захапілі Гудэрмэс 30 сакавіка. На наступны дзень занялі Шалі. Тут расейцы паводзілі сабе вельмі асьцярожна – адразу выйшлі з горада, занялі сельскагаспадарчыя аб’екты за вёскай Гермянчук і паставілі там артылерыйскую батарэю, якая вяла агонь па меркаваных месцах канцэнтрацыі ваяроў. У Шалі засталіся толькі аддзелы ўнутраных войскаў.

Захоп Аргуна, Гудэрмэсу і Шалі скончыў этап вайны, на якім чачэнцы спрабавалі ўтрымліваць суцэльную лінію фронту. Пасьля прарыву гэтых абарончых ліній практычна ўся Чачэнія была падзелена на паасобныя зоны, а лінія фронту ператварылася ў ізаляваныя абарончыя дугі, якія існавалі з таго боку мясцовасьці, адкуль напірала расейская армія. Калі мясцовасьць абкружалі расейскія войскі, ваяры выходзілі з кальца абкружэньня і пераходзілі на наступны абарончы рубеж. Зазвычай гэты рубеж знаходзіўся ўсё бліжэй да гор. Адначасова, як толькі расейцы апыналіся ў вёсцы, ваяры атакавалі іх звонку кальца абкружэньня.

Калі расейскія войскі выходзілі з занятых мясцовасьцяў, малыя групы ваяроў маглі не адыйсьці ў горы, а вярнуцца ў мясцовасьць. Нечакана ў тылах фэдэральных войскаў паўставаў новы цэнтар супраціву. Здаралася, што расейцы штурмавалі тую самую вёску па некалькі разоў.

Гэта быў пэрыяд, калі ўпершыню мараль чачэнскіх войскаў пахіснулася. “Калі мы згубілі Аргун, а потым яшчэ два важных горада, шмат каго з камандзёраў апанавалі паражэнцкія настроі. – успамінае тыя цяжкія хвіліны Хункар-паша Ісраілаў. – Масхадаў быў недасягальны, Джахар Дудаеў знаходзіўся на шатойскім фронце. Я мусіў сам арганізаваць з самага пачатку новыя аддзелы. Са мной практычна не было аніводнага камандзёра. Засталіся ваяваць толькі тыя, якія ішлі са мной ад пачатку да канца. Адразу пасьля Гудэрмэсу я пачаў фармаваньне новага палка. Адзін быў сфармаваны, калі мы рыхтаваліся да абароны горада. Камандзёрам другога стаў Вахіт Мурдашаў”.

 

Карніцкая экспэдыцыя ў Самашках

У пэўны момант галоўнай сілай, здольнай вырашыць праблему чачэнскіх “бандфармаваньняў”, былі прызнаныя ўнутраныя войскі МУС Расеі. Тое, што не пасьпела праваліць армія, канчаткова папсаваў генэрал Кулікоў – так камэнтавалі пазьней гэтае рашэньне.

“Унутраныя войскі ніколі не карысталіся асаблівай любоўю народу – чытаем у газэце “Новое Время”. – Ганьба, якой яны пакрылі сябе ў Чачэніі, абудзіла да іх ня толькі натуральную нянавісьць мясцовага насельніцтва, але і таварышаў па зброі. Менавіта жаўнеры ўнутраных войскаў адкрывалі хаатычны агонь па дэсантных аддзелах уласнай арміі і ішлі ў першых шэрагах на паляваньнях за дыванамі і відэаапаратурай у пакінутых кварталах”.

7-8 красавіка 1995 г. фэдэральныя войскі правялі пацыфікацыю чачэнскай вёскі Самашкі. Гэта была адна з многіх падобных апэрацыяў чачэнска-расейскай вайны. Прыклад Самашак ёсьць добрай ілюстрацыяй таго, якія практычныя вынікі давала сістэма навучаньня расейскіх спэцпадраздзяленьняў. Паводле словаў галоўнакамандуючага групоўкай войскаў МУС у Чачэніі генэрала Анатолія Раманава, гэта была “першая ў гісторыі цалкам самастойная баявая апэрацыя войскаў МУС”.

Пакуль ішлі баі за Грозны, у заходняй частцы рэспублікі ад Самашак да Бамута абодва бакі прытрымліваліся status quo. Ваяры праводзілі дывэрсійныя атакі на дарогах і абстрэльвалі расейскія пастарункі. Вясковая старшызна ўстрымлівала ўзброеную моладзь ад атакаў на расейцаў. Тым, хто рваўся ў бой, прапанавалі пакінуць вёскі і маршыраваць у Грозны. Тым ня менш, у раёне вёскі Самашкі расейскія жаўнеры гінулі амаль штодня. 15 студзеня 1995 г. расейскі гусенічны транспарцёр заплутаў каля Самашак і быў абстраляны з супрацьтанкавага гранатамёта. Машына здолела ад’ехаць, але ўвесь экіпаж быў моцна папалены. 18 студзеня баявая машына пяхоты фэдэральных войскаў уехала ў Самашкі пасярод калёны з гуманітарнай дапамогай. Ваяры адразу ж зьнішчылі машыну, загінулі шэсьць жаўнераў, якія ўцякалі з ахопленай полымем БМП.

30 студзеня 1995 г. бранекалёна марской пяхоты Ціхаакеанскага флёту паспрабавала ўехаць у Самашкі. Вясковая старшызна хацела гэтага не дапусьціць, каб не правакаваць мясцовых ваяроў, але безвынікова. Калёна ўехала ў вёску і бранемашыны адкрылі агонь. Чачэнцы адказалі – у выніку загінула прынамсі трое расейскіх жаўнераў. 17 былі паранены, спалены некалькі БМП і машын. Ваяры захапілі машыну спадарожнікавай сувязі, у якой знайшлі кодавыя кнігі расейскага флёту, і ўзялі ў палон некалькі параненых вайскоўцаў, якіх адвезьлі ў шпіталь.

31 студзеня фэдэральныя войскі абкружылі Самашкі. Аб 11.45 распачаўся артабстрэл вёскі з танкавых гармат і з верталётаў. Ён працягваўся да 17.00. Былі разбураны некалькі дамоў, загарэўся газаправод, былі зьнішчаны электрасетка і сістэма водазабесьпячэньня. Загінулі першыя жыхары вёскі, дзьве жанчыны і два мужчыны. Ад агню ваяроў загінуў адзін расейскі жаўнер, дванаццаць былі паранены.

На паўторнае патрабаваньне расейскага камандваньня, каб аддзелы ўнутраных войскаў былі ўпушчаны ў вёску, прадстаўнікі адміністрацыі Джахара Дудаева адказалі адмоўна, матывуючы адмову “фактамі марадзёрства і зьдзеку жаўнераў з жыхароў станіцы Асінаўская, куды іх упусьцілі ў адпаведнасьці з ранейшай дамоўленасьцю са старшызнай”.

Рада старэйшынаў Самашак заключыла з генэралам Касалапавым урачыстую пісьмовую дамову аб умовах недапушчэньня баявых дзеяньняў у вёсцы. Генэрал запатрабаваў вывесьці ваяроў, здаць цяжкую зброю і сфармаваць атрад дабраахвотнікаў з 45 чалавек для аховы вёскі.

Паводле жаданьня жыхароў Самашак, 6 і 7 сакавіка атрад ваяроў з 200 чалавек пакінуў вёску і адыйшоў на Бамут – важнейшы пункт супраціву ў заходняй Чачэніі. У вёсцы застаўся толькі атрад самаабароны з 50 чалавек. 7 сакавіка ваколіцы Самашак былі замініраваны з паветра з дапамогай авіяцыі.

На пачатку красавіка ў канцэнтрацыйны (так званы фільтрацыйны) лягер у Маздоку паступіў загад генэрала Анатолія Кулікова, тадышняга міністра ўнутраных справаў, каб высвабадзіць фільтрацыйны лягер, бо чакаецца наплыў новых затрыманых.

6 красавіка на блок-пастарунак пад Самашкамі, заняты спэцназаўцамі з навачаркаскага ОМОНу, прыбыў генэрал Антонаў. Гэта быў псэўданім пазьнейшага галоўнакамандуючага групоўкай войскаў у Чачэніі генэрала Анатолія Раманава. “Антонаў” перадаў старшызьне Самашак ультыматум: да 7.00 наступнага дня вёска павінна была здаць 264 аўтамата, 2 кулямёта і адзін БМП, які быў адкрыты на здымках авіявыведкі. Расейскія войскі павінны былі быць упушчаны ў вёску. Старшыня адміністрацыі Самашак заявіў, што яны могуць здаць толькі 50 аўтаматаў, якія заставаліся ў атрада самаабароны. На гэта генэрал не пагадзіўся.

Увечар аддзелы ўнутраных войскаў пачалі займаць ваколіцы вёскі. Падчас гэтай акцыі падарваліся на мінах два браневікі, а пазьней на ўскраіне вёскі яшчэ адзін транспарцёр. Уначы, калі яшчэ ня выйшаў час ультыматума, вёску інтэнсіўна абстрэльвала артылерыя. Раніцай 7 красавіка адбыўся 25-хвілінны бомбавы налёт, а потым з 7.00 да 9.00 дамы абстрэльваліся з гармат БТРаў. Каля 13.00 на блок-пастарунку зьявіўся камандуючы апэрацыяй генэрал Скріпнік. Ён перадаў старшызьне яшчэ адзін ультыматум: зброя павінна была быць здадзена да 16.00, а інакш “ён выканае свой абавязак”.

Абстрэл вёскі з мінамётаў распачаўся за 25 хвілін да сканчэньня часу пазначанага ва ўльтыматуме. Міны патрапілі ў натоўп людзей, якія сабраліся, каб пакінуць вёску. Аб 15.45 аддзелы фэдэральных войскаў пачалі выходзіць на ўскраіну Самашак.

Бой прынялі каля 20-30 дабраахвотнікаў з атрада самаабароны. Цывільныя жыхары пахаваліся ў сутарэньнях дамоў. Ваяры былі ўзброены аўтаматамі і снайпэрскімі карабінамі, кулямётамі, аднаразавымі бранябойнымі гранатамётамі, супрацьтанкавымі ручнымі гранатамётамі і агнямётамі “Чмель”. Яны ня мелі цяжкой зброі. Расейскі наступ быў нечаканасьцю для іх. Яны ня думалі, што бой пачнецца ў прыцемках. Яны ваявалі ў паасобных групах. Ваяры спалілі танк Т-80 і два БТР. “У нас не было баепрыпасаў. – расказаў пасьля вайны адзін зь іх. – Гэта быў ня бой, а акт адчаю. З такой жменькай хлопцаў мы не маглі абкружыць і зьнішчыць іх”.

Расейцы прызналі сваіх 16 забітых і 52 параненых.

Калі ваяры пакінулі вёску, з раніцы 8 красавіка распачалася апэрацыя па так званай зачыстцы, г.зн. пацыфікацыя, якая працягвалася да вечару. Потым аддзелы фэдэральнай арміі выйшлі з Самашак.

На працягу некалькіх дзён пасьля заканчэньня апэрацыі ў Самашкі спрабавалі патрапіць прадстаўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжа з місіі ў Назрані. Была затрымана таксама місія “Лекараў бяз межаў”. На блок-пастарунку №13 каля вёскі стаялі амонаўцы ў хустках на галавах, упрыгожаных надпісам “Рождённый убівать”. Толькі 13 красавіка ў Самашкі прыехалі журналісты. Ад таго, што яны ўбачылі, кроў стыла ў жылах. На вуліцах, у дварах дамоў і ў самых дамах ляжалі трупы жыхароў вёскі. Дэпутаты Дзярждумы Шабад і Вахніна напаткалі труп мужчыны, які ляжаў пасярод галоўнай вуліцы. На ягоных грудзях ляжала сэрца, вырванае разам з кавалкам лёгкага (здымак быў апублікаваны ў расейскай прэсе).

Паўсюль ляжалі аднаразавыя шпрыцы з антышокавым прамэдолам, які належыць да наркатычных анальгетыкаў.

Да канца красавіка ў Самашках працавала камісія пад кіраўніцтвам расейскага міністра юстыцыі. Камісія не пацьвердзіла, што вёску абстрэльвала артылерыя і бамбардавала авіяцыя. Тым ня менш, былі адкрыты факты многіх злачынстваў. У Генпракуратуру Расейскай Фэдэрацыі была накіравана пастанова аб узбуджэньні сьледства. 221 жыхар Самашак накіраваў у пракуратуру заявы аб злачынных дзеяньнях жаўнераў расейскага спэцназу. Адмысловае сьледства праводзіла камісія парлямантарыстаў з Думы, камісія правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі пад кіраўніцтвам Сяргея Кавалёва, а таксама незалежны Цэнтар Юрыдычнай Абароны “Мэмарыял”. Іхныя рассьледваньні дазволілі аднавіць хаду дзеяньняў спэцпадраздзяленьняў у Самашках.

Жаўнеры перасоўваліся па галоўных вуліцах вёскі і ўваходзілі ў паасобныя двары. У сутарэньні яны кідалі гранаты, хаця добра ведалі, што там хаваюцца цывільныя жыхары. Мужчын, нягледзячы на ўзрост, аддзялялі ад жанчын і распраналі да бялізны. Некаторых адразу забівалі.

Сьведка Умаханаў: “Мы, чатыры пажылых мужчыны, сядзелі ў сутарэньні. Прышлі жаўнеры. “Ёсьць хто жывы?”. “Ёсьць, мы выходзім”. Іх было чацьвёра. “Сукі, кладзіцеся!”. Мы паклаліся. Абшукалі нас. “Сукі, у яму!” Яны загналі нас у яму ў гаражы. Муса кажа: “Хлопцы, не страляйце, трэба кароў карміць...” Ісаеў не пасьпеў падняцца па сходцах, яны далі яму чаргу ў плечы. Мы заціснуліся ў сярэдзіне. Яны пачалі па нас страляць чэргамі”.

Мужчын расстрэльвалі адразу, як уваходзілі ў дамы. Часам перад гэтым іх білі і катавалі. 62-гадовага Цацішаева застрэлілі з танка. Арсаева застрэлілі з адлегласьці 20 м, калі ён вывешваў белы сьцяг на плоце свайго дома. У адным з дамоў жаўнеры знайшлі параненага і трох жанчын. Адыходзячы, яны кінулі ў дом гранату. Потым вярнуліся і дабілі мужчыну і адну зь ягоных дачок.

У вёсцы зьявіліся грузавікі Камазы і ГАЗ-66, на якія жаўнеры пачалі грузіць нарабаванае ў дамах. Потым яны падпальвалі дамы. Аблівалі бэнзінам і падпальвалі трупы забітых.

Ахметава прывязалі дротам да транспарцёра, а потым застрэлілі па дарозе ў фільтрацыйны лягер. Забілі пажылую жанчыну, якая ішла за транспарцёрам і маліла, каб адпусьцілі ейнага адзінага сына. Калі калёну затрыманых пагналі бегам, то застрэлілі шасьцёх мужчын, якія не пасьпявалі. Прыбыўшы на чыгуначную станцыю, застрэлілі параненага Шамсаева, якога іншыя затрыманыя несьлі на насілках.

Затрыманых у Самашках канваіраваў у канцэнтрацыйны лягер у Маздоку спэцназ Галоўнага ўпраўленьня выкананьня пакараньняў МУС Расеі. Затрыманых у Самашках 134 мужчыны, якіх не забілі адразу, зьмясьцілі ў будынку пякарні. Іх распранулі і забралі абутак. Потым пагналі калёнай у вайсковы лягер на гары Сужанскага храбта. Адтуль затрыманыя патрапілі ў так званы “накопітель”, гэта зн. зборны пункт ў Асінаўцы. Другую групу перавезьлі на верталётах у фільтрацыйны лягер у Маздоку.

Затрыманых перавозілі грузавікамі на аэрадром. Іх укладвалі ў кузаў са сьвязанымі рукамі ў чатыры слаі. Тыя, хто ляжаў унізе, гінулі ад здушэньня. У верталёты яны беглі праз “сьцяжыну здароўя”, іх білі прыкладамі і нацкоўвалі на іх сабак. Прывітаньне ў канцэнтрацыйным лягеры ў Маздоку было такім жа: сабакі, дубінкі і прыклады карабінаў. Вады ім далі толькі праз паўтары суткі.

У лягеры ў Маздоку затрыманых дапытвалі. Усіх білі і катавалі электратокам. Прымушалі падпісваць пратаколаў допытаў, не чытаючы іх. Праз колькі дзён большасьць зь іх прызналі невінаватымі і адпусьцілі дадому. Некалькіх абмянялі на расейскіх палонных.

Паводле чачэнцаў, падчас акцыі расейскага спэцназу ў Самашках было забіта 400 невінаватых жыхароў вёскі. Іхныя целы знайшлі. Невядомы лёс астатніх 700 асобаў.

Журналісты, якія патрапілі ў вёску, сьведчылі аб небывалых зьверствах злачынцаў. Паводле дэпутатаў Дзярждумы, якія пабылі на месцы злачынства, акцыя ў Самашках была новым тыпам дзеяньняў войскаў у чачэнскай вайне. Такога тыпу акцый яшчэ не было: гэта была тыповая карніцкая экспэдыцыя супраць цывільнага насельнітцва з мэтай яго застрашэньня.

Дапытаныя парляманцкай камісіяй жаўнеры, што ўдзельнічалі ў апэрацыі ў Самашках, адзінагалосна (па-за адным выключэньнем) заявілі, што ніхто зь іх наогул ня бачыў цывільных жыхароў вёскі. Галоўная ваенная пракуратура Расейскай Фэдэрацыі ня выставіла ніводнаму з удзельнікаў акцыі абвінавачваньняў. У сакавіку 1997 г. Дзярждума амнісціравала ўсіх расейскіх жаўнераў, удзельнікаў вайны ў Чачэніі.

 

Адступленьне

Чачэнскія аддзелы адступалі пад націскам праціўніка. Хункар-паша Ісрапілаў з трывогай паведамляў галоўнаму камандваньню, што ваяры ня хочуць ваяваць у вёсках, дзе мясцовыя жыхары і старшызна сустрэлі іх варожа. “Гналі іх з месца на месца, што практычна падарвала баявы дух гэтых маладых хлопцаў. Мы адышлі бяз бою да самага Дарго. Аддзелы, якія мы пасьпешліва арганізавалі і паслалі на імправізаваныя абарончыя лініі, таксама адыходзілі бяз бою. Яны лічылі, што мы іх падманулі”.

Сілы, якімі камандваў асабіста Шаміль Басаеў, пасьля выйсьця з Грознага паступова з баямі перасунуліся на ўсход і занялі пазыцыі ў раёне Сержань-юрта, блакуючы дарогу на Ведзяно.

На пачатку красавіка камандуючы расейскіх войскаў, якія дзейнічалі ў раёне Бамута і Самашак, генэрал Фёдар Лукін атрымаў загад узмацніць наступальныя дзеяньні. Вялікая групоўка чачэнскіх сілаў пачала канцэнтравацца ў раёне Ачхой-Мартана, адкуль павінен быў распачацца контрудар ў накірунку Бамута. У сярэдзіне красавіка аддзелы чачэнскага палка спэцназа былі перакінуты на заходні накірунак, значэньне якога пачало расьці: на Янды-кутор, Бамут і Стары Ачхой. Гэтыя тры вёскі чачэнскія сілы трымалі на працягу паўтара месяца.

У сярэдзіне красавіка пачаліся баі пад Бамутам. Уноч з 13 на 14 красавіка расейцы занялі пагоркі вакол вёскі, а раніцай 15 красавіка распачалі штурм, падчас якога ўварваліся ў вясковую забудову. Як сьцьвярджае Муса Бакаеў: “Там была вялікая паніка. Нурдзі Бажыеў і “Лаба” думалі, што патрапілі ў абкружэньне, а тым часам яны выпадкова выйшлі ў тыл расейцам і правялі ўдалую атаку”. Штурм быў адбіты. 17 красавіка вёску моцна бамбардавалі з паветра і вялі артабстрэл. 18 красавіка расейцы зрабілі наступны штурм Бамута. Расейскія войскі ўвайшлі ў вёску, але праз кароткі час вымушаны былі пакінуць яе пад ураганным агнём ваяроў. Тым ня менш, 20 красавіка генэрал Кулікоў заявіў, што Бамут захоплены.

Бамут знаходзіцца ў доўгай, вузкай цясьніне. Як толькі фэдэральныя войскі ўрываліся ў вёску, абаронцы адыходзілі на суседнія пагоркі, парослыя густым лесам, і вялі адтуль прыцэльны агонь. Ваяры дзейнічалі ў групах па 10 чалавек. Падчас артналётаў яны хаваліся ў сутарэньнях дамоў.

Ужо пачатак доўгіх баёў за Бамут даў зразумець расейскаму камандваньню, што чакае фэдэральныя войскі, калі яны далей заглыбляцца ў горныя раёны. Экспэрты прызналі баі за гэтую вёску тыповым прыкладам вядзеньня ваенных дзеяньняў у горных умовах, калі захоп нейкай мясцовасьці можа быць з пунтку гледжаньня тактыкі бессэнсоўным, асабліва калі кошт перамогі роўны вялікім стратам. На аснове досьведу, атрыманага пад Бамутам, была змадыфікавана тактыка вядзеньня баёў у блізкіх да гораў раёнах. Войскі абкружалі выбраную вёску з усіх бакоў, займалі пануючыя вышыні, блакавалі дарогі пад’езду, а потым распачыналі масіраваны шматдзённы артабстрэл. Менавіта такім спосабам фэдэральныя войскі дзейнічалі на трэцім этапе вайны, калі апэрыравалі ў блізкіх да гораў раёнах Чачэніі.

Бамут працягваў абараняцца, а тым часам на горным храбце пад Ісьці-су пачаўся бой аддзелаў пад камандваньнем Ісрапілава з наступаючымі ад Гудэрмэса фэдэральнымі войскамі. Ісрапілаў адступіў, страціўшы двух забітых, ў бок Навагрозьненска. “Там пачалася паніка, калі Масхадаў аддаў загад адыходзіць у горы і займаць усе перашэйкі. Я пратэставаў, бо меркаваў, што трэба змагацца на раўнінах. Потым усе з гэтым пагадзіліся”.

22 і 23 красавіка аддзелы Ісрапілава распачалі бой на горным храбце паміж Навагрозьненскам і Мэскетамі. Праціўнікам чачэнцаў быў расейскі ОДОН – “Особая дівізія оператівного назначенія” унутраных войскаў МУС Расеі. “На выведку на мясцовасьці яны паслалі два разьведаддзяленьні. – кажа Ісрапілаў. – Я іх прапусьціў. Потым пайшлі два іхных батальёна. Пацьвердзілі, што перашэяк чысты, ваяроў няма. А я высунуў аддзелы на пазыцыі перад самай атакай. Мы акапваліся ўжо на сьвітанку. Калі я атрымаў зьвестку, што калёна пайшла наперад, я зноў прапусьціў два батальёны, адрэзаў ім шляхі адступленьня і мы ўдарылі. Ад іх засталіся адзін Камаз і БТР. Гэта была першая сур’ёзная параза расейцаў пасьля Грознага і наша першая сур’ёзная перамога. Баявы дух узьняўся. Падчас гэтага бою расейская авіяцыя бамбардавала нас практычна бесперапынна, увесь час біла артылерыя. Хлопцы змагаліся на сьмерць. Нашы страты я лічу адносна невялікімі, 7 забітых і 12 параненых. Пасьля гэтага нечаканага ўдару расейцы вярнуліся ў Грозны. Паміж імі пачаліся “разборкі” і яны доўга разбіраліся паміж сабой. Тады наш генштаб быў перанесены ў Алерой і знаходзіўся там практычна да канца вайны”.

Нягледзячы на гэты лакальны посьпех, чачэнскія аддзелы адыходзілі ў бок гораў. Здавалася, на раўнінах нішто ўжо ня зможа стрымаць расейцаў. Аказалася, аднак, што на раўнінах і ў самым Грозным усё актыўней пачалі дзейнічаць малыя дывэрсійныя групы. Ваяры нападалі ўначы на блок-пастарункі, абстрэльвалі камэндатуры, пазыцыі і калёны расейскіх войскаў. Гэтыя дзеяньні былі знакам новага этапу расейска-чачэнскай вайны.

У сярэдзіне красавіка чачэнскія аддзелы бараніліся ў энклаве Бамута і ў раёнах, блізкіх да гораў. Да канца красавіка фэдэральныя войскі выцесьнілі аддзелы ваяроў з раўніннай часткі Чачэніі, а на некалькіх накірунках ўбіліся вострымі клінамі ажно ў каўказкія перадгор’і. Стала зразумела, што прыціснутыя да гораў ваяры ня ў стане зьмяніць на сваю карысьць стратэгічную сітуацыю на франтах.

 

“За намі горы і воля”. Трэці этап вайны: травень-чэрвень 1995 г.

26 красавіка Ельцын абвесьціў мараторый на вядзеньне баявых дзеяньняў у Чачэніі. Ніхто не сумняваўся, што кіравала расейскім прэзыдэнтам: у хуткім часе, 9 траўня на сьвяткаваньні 50-годдзя перамогі над фашызмам у Маскву павінны былі прыбыць дэлегацыі з усяго сьвету. У сапраўднасьці вайна ў Чачэніі не сьцішылася ні на дзень. 30 красавіка пад Гільянамі ваяры састрэлілі з ДШК верталёт. 5 траўня ваяры Шаміля Басаева састрэлілі пад Сержань-юртам самалёт-штурмавік СУ-25.

Выкарыстоўваючы адноснае зацішша, чачэнцы перакідвалі ў Грозны групы, якія павінны былі распачаць дывэрсійную дзейнасьць. Новыя сілы пачалі дзейнічаць з такой энэргіяй, што 14 траўня гарадзкая камэндатура апынулася ў стане аблогі.

Адразу пасьля заканчэньня сьвяточных мерапрыемстваў у Маскве фэдэральныя войскі аднавілі актыўныя ваенныя дзеяньні. На думку выканаўцы абавязкаў камандуючага расейскімі вайскамі ў Чачэніі генэрала М. Ягорава йшлося не аб шырокамаштабным наступе, а аб плянамерным выцясьненьні ваяроў у горы. На самой справе быў распачаты наступ на ўсіх апэрацыйных накірунках, з выкарыстаньнем цяжкой артылерыі, танкаў і авіяцыі. Расейцы атакавалі на вядзенскім, шатойскім і агіштынскім франтах, у раёне Янды-кутор, па паўднёвы захад ад Бамута, у Шалі, Сержань-юрце і на захад ад Нажай-юрта. Тылы чачэнскіх сілаў бесперапынна бамбардаваліся авіяцыяй. Расейцы заблакавалі дарогі, што вялі ў горы. Тысячы жыхароў горных вёсак пакінулі свае дамы і ляснымі сьцяжынамі прабіраліся на раўніны пад агнём і бомбамі. Гэтыя лютыя баі распачалі трэці этап вайны ў Чачэніі.

Пасьля адыходу з абарончай лініі пад Атагамі ваяры занялі новыя пазыцыі на цэмэнтным заводзе ў Чыры-юрце. Уначы з 19 на 20 траўня расейская артылерыя з трох бакоў абстрэльвала завод і Чыры-юрт. Ваяры адступілі. Раніцай расейцы распачалі штурм. З боку сілікатнага заводу падыйшлі танкі, а праз запруду на Аргуне падыйшла пяхота.

З цэмэнтнага заводу ваяры адышлі ў Гішэк, дзе наладзілі базу на дзяржаўных дачах. Пэўны час там знаходзіўся сам Джахар Дудаеў. Быў там таксама Зэлімхан Яндарбіеў. “На прыканцы траўня 1995 г. расейскія войскі здолелі абсалютна бесперашкодна заняць паўднёую ўскраіну вёскі Дуба-юрт, а праз некалькі дзён праз цясьніну, дзе працякае рака Ваштара, прабіцца ў Сэльмэнтаўзэн. – піша Яндарбіеў. – Паралельна яны зрабілі ўдар у накірунку Шатоя, асабліва на вёску Ярыш-Марды, дзе на заходняй ускраіне за ракой Аргун у будынку дырэкцыі цэмэнтнага заводу разьмяшчаўся мой штаб. Больш таго, амаль да гэтага дня на ўскраіне вёскі Дачу-Барзой, на кілёмэтр бліжэй да фронта знаходзіўся штаб Дудаева. На шчасьце напярэдадні прарыву фронта, пасьля атылерыйскага і авіяўдараў прэзыдэнт пакінуў сваю базу. Нашыя вайскоўцы дапусьцілі на шатойскім накірунку надта вялікую памылку. Пазьней гэта каштавала нам страты Ведзяно”.

Пад Ярыш-Марды разам з іншымі аддзеламі спэцназу быў сьцягнуты з Янды-кутор аддзел Мусы Бакаева. “Гелаеў выклікаў мяне і кажа – я дам табе столькі людзей, колькі захочаш. Ты мусіш абысьці расейцаў і атакаваць іх з тылу. Я раззлаваўся. Кажу – я тут затрымаў расейскую брыгаду і б’юся. Бяры любога іншага камандзёра і няхай ён робіць табе гэты манеўр, а я іх тут затрымаю. Тады ён раззлаваўся на мяне, сам узяў трыста чалавек і пайшоў ваяваць. Па дарозе, на “Лысай Гары” яны нарваліся на расейскіх жаўнераў, якія акапваліся”.

Удзельнікам гэтага рэйду быў Хасан Акуеў з 1-га батальёна спэцназу: “Бой быў на сьмерць. Там змагаўся ўвесь паўднёва-заходні фронт. Мы разьбілі два расейскія батальёны. У Суротах паміж Барзоем і Алхазуравым мы зьнішчылі дзесяць бранемашын”.

Ваяры панесьлі ў гэтых баях вялікія страты. Як кажа Дока Умараў, з 48 чалавек у ягоным батальёне засталіся ў шыхтах 10. Астатнія загінулі або былі паранены. У адзін дзень загінула 11 ягоных людзей, 18 было паранена. Сам Умараў таксама быў цяжка паранены і камандваньне ў ягоным батальёне прыняў на сабе Муса Атаеў, начальнік штаба.

“Калі мы вярталіся з той апэрацыі, -- успамінае Муса Бакаеў. – мой сын Алісан упаў у бездань. Выцягнуць яго было немагчыма. Людзі былі змучаныя, двое сутак яны маршыравалі і вялі бой. Алісан застаўся ў той бездані. Ён моцна пабіўся аб скалы. Мурад “Кібарг” пайшоў да яго на дно і застаўся там. Яны былі ў 300 мэтрах ад расейскіх пазыцый. Яны сядзелі там цэлыя суткі”.

Калі Бакаеву сказалі, што з акцыі не вярнуўся ягоны сын, ён адказаў: “У мяне ёсьць сыны – уся Чачэнія”. І не пакінуў пазыцыю. Па Алісана пайшлі начальнік штаба фронта Мумадзі і шасьцёра хлопцаў з Гікало. Яны выцягнулі параненага з бездані, прывязалі яго да каня і вывезьлі з Шатоя.

12 чэрвеня расейцы паслалі па дарозе ў каньёне Аргуна выведчыкаў на некалькіх бранемашынах. Ваяры ўпусьцілі іх аж да Зон і толькі потым атакавалі галоўныя сілы, што ішлі з Ярыш-Марды. У баі пад Ярыш-Марды загінуў сын галоўнакамандуючага групоўкай расейскіх войскаў у Чачэніі генэрала Пулікоўскага, афіцэр у чыне старэйшага лейтэнанта. “Ён ехаў з батальёнам выведчыкаў – кажа сьведка ягонай сьмерці. – Мы трапілі ў ягоны БТР, ён там загінуў, адна нага у яго адляцела. Мы скінулі іх у бездань”.

У тым баі расейцы страцілі больш за 90 чалавек і 7 бранемашын. Больш яны не спрабавалі пакарыстацца выгоднай дарогай на Шатой. Яны адышлі на поле пад Чышкамі і пачалі абстрэльваць Зоны, якія праз тры тыдні зраўнялі з зямлёй.

Калі расейцы высадзілі дэсант у гарах і паўстала пагроза, што яны абкружаць Зон, ваяры ўначы адышлі ў Шатой. Яны адыходзілі з баямі, бо храбты з абодвух бакоў дарогі ўжо кантралявалі расейцы. Тавуз Бугараеў зьнішчыў у тых баях чатыры бранемашыны. За тры тыдні баёў чачэнская групоўка мела толькі аднаго забітага – Алхазура, які пайшоў узяць аўтамат расейца, што ляжаў, а той паранены жаўнер яго застрэліў.

“У Шатоі таксама давалася ў знакі дуба-юртаўская параза. – піша аб тым пэрыядзе вайны Яндарбіеў. – Гэта была паласа паразаў, цана за бесклапотнасьць і няўклюднасьць вайскоўцаў. Але гэта быў таксама ўрок, каб выцьверазець ад шапказакідальніцтва. Так нас вучыла вайна”.

 

Мілана і Фаціма

У батальёне Султана Пацаева ваявала пад Ярыш-Марды прыгожая дзяўчына, Мілана Наібава. Яна была чачэнкай-акінкай з вёскі Бамат-Юрт у Дагестане. Апасаючыся за сям’ю, што жыла па-за межамі Чачэніі, яна ўзяла прозьвішча Яўлоева. Яна была студэнткай трэцяга курса Грозьненскага ўнівэрсітэту. Мела 23 гады. Калі ўдому яна нясьмела сказала, што хацела б пайсьці дабраахвотніцай на вайну ў Чачэнію, маці нават не схацела яе слухаць. “А я не магла спаць па начах, думала аб усіх сьмелых ваярах, якія біліся за Грозны. Мне здавалася, што я паводжу сябе як здайца, калі сяджу ў хаце. Адчувала, што мой абавязак прыйсьці ім на дапамогу”.

Мілана патаемна сабрала рэчы, пакінула бацькам ліст і паехала ў Чачэнію.

“Мама! Выбачай мне, што я зьехала. Я больш так не магу. Ня трэба хвалявацца за мяне. Там жа ёсьць іншыя, у іх таксама ёсьць маці. Чым яны горш за мяне альбо чым я лепшая за іх? Вам ня будзе сорамна за мяне. Не турбуйцеся, я ня буду лезьці пад кулі, пайду ў шпіталь, там будуць такія ж, як я. Ня думайце, што я раблю нешта легкадумнае. Перш чым рашыцца на гэта, я доўга раздумвала, пакутвала штодня. Мне здаецца, што ўпершыню ў жыцьці я прыняла слушнае рашэньне”.

Дзяўчына патрапіла ў прэзыдэнцкі палац, удзельнічала ў бітве за Грозны. Яна выконвала абавязкі санітаркі, але і змагалася са зброяй у руках. Ваяры называлі яе па-сяброўску “Хлапчуком”. 18 студзеня 1995 г., калі чачэнцы эвакуіраваліся з палаца, Мілана пераходзіла з адным з аддзелаў Сунжу. На другі бераг трэба было перапраўляцца пад моцным кулямётным агнём. Кулі патрапілі ў аднаго з хлопцаў, які застаўся на адкрытай прасторы. Ягоныя таварышы, мокрыя, азяблыя, чакалі адпаведнага моманту, каб адцягнуць параненага ў бясьпечнае месца. Мілана не чакала – ні ў каго не пытаючыся, яна падбегла да параненага і адцягнула яго сама. Менавіта на гэтую хвіліну варожы кулямёт змоўк.

Пасьля выйсьця з Грознага Мілана ваявала ў 1-м батальёне спэцназа Султана Пацаева. Разам зь ёю ў гелаеўскі спэцназ патрапіла Фаціма Шаіпава, 24-гадовая дзяўчына з Грознага. Некалі, калі Хамзат Гелаеў зьбіраў дабраахвотнікаў, каб ісьці ў атаку, заявілі пра сябе дзьве дзяўчыны. “Гэта не вашае месца, дарагія мае сёстры! – запратэставаў генэрал. Султан Пацаеў двойчы адсылаў Мілану ў тыл, дзе было хаця б крыху бясьпечней. Яна не хацела слухаць, рвалася ў бой. Яна зьнішчыла пяць бранетранспарцёраў. Урэшце каля іх выбухнуў снарад і ўдарная хваля кантузіла абедзьвюх сябровак. Мілане пашкодзіла пазваночнік і яна разам з Фацімай апынулася ў шпіталі ў Шатоі. Абедзьве ўцяклі адтуль на перадавую.

27 траўня дзяўчын забраў на свае пазыцыі Муса Бакаеў. “Пакуль мы дайшлі да штаба, то тры разы мусілі класьціся на зямлю, такі моцны быў агонь. Потым у штабе мы абмяркоўвалі над картай плян апэрацыі, а яна сядзела са знаёмымі на лаве перад уваходам у штаб. Я ім крыкнуў, каб яны адышлі ад дзьвярэй. І раптам на двор упала граната. Дзьве дзяўчыны загінулі, яе параніла шмат аскелкаў і яна памерла на месцы”.

Фаціма была паранена. У шпіталь прыехаў ейны бацька, Салаўдзі Шаіпаў, які доўга нічога ня ведаў пра яе. Радасная сустрэча ня доўжылася шмат. У іхную размову ўварваўся гул самалёта, які набліжаўся. Бомбы пахавалі іх абодвух жыўцом. Ваяры, якія адкапалі трупы, убачылі дачку ў абдымках бацькі.

 

Чачэнская артылерыя

Ваяры знайшлі аднойчы ў вёсцы Давыдзенка 106 снарадаў для 122-мілімэтровай гаўбіцы Д-30, кінутых расейскімі жаўнерамі. Іх прывезьлі ў Грозны. Снарады патрапілі да расейскага афіцэра-артылерыста, які з пачатку вайны дабраахвотна ваяваў на баку чачэнцаў. Артылерыст ўжо раней укамплектаваў усё неабходнае для кіраўніцтва агнём, бусоль, прылады для працы на карце. Яму не хапала толькі гаўбіцы.

Гаўбіцу меў Басаеў. Ён таксама меў 18 снарадаў для яе. Артылерыст з групай таварышаў доўга пераконваў Басаева, каб ён аддаў гаўбіцу, але той не пагаджаўся. Справа дайшла да Масхадава.

“Масхадаў спачатку мне не давяраў. – успамінае артылерыст. – Мы забралі гаўбіцу. Увесь дзень я камплектаваў разьлік. Камандзёрам стаў Муслім Пагалаў. Камандзёр прэзыдэнцкай гвардыі Алу Такаеў накрэсьліў мне шкіц з месцазнаходжаньнем расейцаў. Я перанёс мэты на карту. Зрабіў калькуляцыю. Каб прасьвятліць у галаве, я выпрасіў у санітарак пляшку сьпірту. Раніцай мы паставілі гаўбіцу ў закрытым боксе на тэрыторыі трампарка. Калі стрэлілі першы раз, я павялічыў прыцэл на 200 м, каб барані Божа у сваіх не патрапіць. Першы стрэл мы зрабілі на адлегласьць 5200 м. Карэктар дакладае – пералёт на дзьве рыскі. Гляджу на карту – гэта пералёт на 170 м. Карацей кажучы, сьпірт быў добры, я памыліўся на 30 м. На палігоне пры такой адлегласьці да мэты дапушчальнае адхіленьне на адзнаку “выдатна” складае 50 м.

Чатырнаццацьцю снарадамі мы тады зьнішчылі два БТР, “Шылку” і танк. Была падслухана размова паміж фэдэраламі.

-- Па нас б’е артылерыя. – дакладае падуладны свайму начальніку. Чутно, што абодва нападпітку. – Даведайцеся, чаму вядзецца агонь па нашым квадраце?

-- Зараз высьветлю... Што ты сееш паніку?! Сёньня артылерыя зусім не працуе ў гэтым квадраце!

-- Як гэта? У мяне забітыя і параненыя, выбухаюць снарады...

-- Слухай, ты, што ты нясеш, ё...т...м... Паўтараю, артылерыя зусім не страляе сёньня... Дык што ж гэта?! Чачэнцы па нас б’юць??? З закрытых пазыцый?!

-- Але ў мяне столькі забітых і параненых, што няма чым іх вывозіць!”

Наступны памятны бой артылерысты далі 3 траўня 1995 г. пад Дуба-юртам. Фэдэральныя войскі, рыхтуючыся да штурму мясцовасьцяў ў перадгор’і каля Шатоя, занялі вялікую раўніну на беразе Аргуна. Было прынята рашэньне атакаваць “фэдэралаў “ з дапамогай артылерыі. Падцягнулі ў гэты раён адзіную ракетную ўстаноўку РСЗО БМ “Град”. У чачэнцаў было 38 ракет для “Града”, уключна з 8 тэрмітнымі. Гэтыя апошнія цанілі найбольш. Такая ракета выпальвала даслоўна ўсё да голай зямлі. Пяць ракет вырышылі пакінуць як недатыкальны запас.

Артылерыстаў, зразумела, зацікавіла расейская артылерыя. На вялікай тэрыторыі вялі агонь 152-мілімэтровыя самаходныя гарматы “Гіацынт” з дальнасьцю агня ў 32 км. “Гіацынты моцна даліся ў знакі безабаронным горным вёскам. А 9.00 у кірунку расейскай батарэі паляцела першая пробная ракета. Яна праляцела далёка па-за мэту, выбухнула ажно на ўскраіне Дуба-юрту.

Наступная ракета ўпала надта блізка, не даляцеўшы да мэты. Трэцяя зноў ударыла надта далёка. Толькі чацьвертая выбухнула ў раёне непрыяцельскай батарэі. Праз дзесяць хвілін прыстрэлка была скончана.

Залп з 29 ракет дакладна накрыў пазыцыі батарэі “Гіацынтаў” і навакольле. Гарматы змоўклі. На тэрыторыі, занятай расейцамі, спыніўся ўвесь рух. Два грузавікі Кразы, якія ў момант абстрэлу ехалі па мосьце праз Аргун, упалі ў раку. Праз хвіліну пасьля залпа наш “Град” ад’ехаў. Калі прыляцелі расейскія самалёты, пускавую ўжо схавалі ў пячоры.

Тым часам у акцыю ўступіла “артылерыйская група паўднёва-заходняга фронту”. 82-мілімэтровы мінамёт усталявалі высока над мэтай, чым павялічылі дальнасьць стральбы да 4600 м. Простыя ўдары мінаў зьнішчылі два БМП, два БТР і “Шылку”. Выбух сарваў таксама гусеніцу танка. На поле засталося 27 спаленых бранемашын.

“Праз два дні прыехаў да нас Гелаеў. – успамінае артылерыст. – Суровы выраз твару. Маўчыць.

-- Ну, што, хлопцы, што вы нарабілі? – пытаецца.

Я напалохаўся. Першая граната ўпала на вёску. А Гелаеў заўсьміхаўся. Паляпаў мяне па плячы.

-- Усё добра! Малайцы!

Аказалася, што ў прысадах, якія мы абстралялі, знаходзіўся штаб дывізіі, камэнданцкая рота і батальён сувязі. Загінуў камандуючы дывізіі з усім штабам. Пасьля гэтага камандуючы 58-й арміі Трошаў надрываўся па тэлебачаньню – Чачэнцы гэта не бандыты, гэта крымінальнікі... Палеглі лепшыя сыны айчыны!”

Страляючы з гарматы Зіс-3 з Бамута, артылерысты зьнішчылі ў траўні 1995 г. тры верталёта, якія стаялі на базе фэдэральных войскаў у Асінаўцы, а гэта на адлегласьці 9 км.

Часьцей за ўсё артылерысты паўднёва-заходняга фронту абстрэльвалі пазыцыі 245-га мэханізаванага палка, які знаходзіўся пад Шатоем. Агонь вялі з масіва Розэнкорт, які ўзвышаўся над расейскімі пазыцыямі. Расейцы, якія ад гэтага агню, што вёўся з хірургічнай дакладнасьцю, увесь час несьлі страты, імкнуліся дэзарыентаваць чачэнскага карэктара агню. “Мы стралялі першы раз, а потым чакалі, пакуль адкажуць іхныя мінамёты. Артылерыя зазвычай была лепш укапаная і замаскаваная, чым пяхота. А нас найбольш цікавілі, зразумела, іхныя мінамёты. Хто лепшы... Калі яны здраджвалі свае пазыцыі, мы стралялі ў гэтым накірунку і карэктар даваў па радыё каардынаты. Але ў расейцаў таксама былі прафэсіяналы. Яны сарыентаваліся ў сістэме нашай карэкцыі агню, і калі мы распачыналі ўстрэльвацца ў мэту, яны ў адпаведны момант стралялі пэтардамі. Немагчыма было вызначыць, дзе ўпала наша граната. Каб перахітрыць іх, мы выкарыстоўвалі радыё. Размовы абодвух бакоў можна было праслухоўваць. Я казаў карэктару – “ёсьць стрэл”. Расейцы яшчэ не маглі пачуць стрэл з сваіх пазыцый, але ўжо ведалі, што праз імгненьне трэба страляць пэтардамі. Яны стралялі пэтардамі і наш карэктар дакладаў – “ёсьць выбух”. Толькі тады наш мінамёт даваў кантрольны стрэл, а праз імгненьне адбываўся трапны ўдар па батарэі расейскіх мінамётаў. Аднойчы пасьля такога трэцяга стрэлу мой карэктар сьвіснуў са зьдзіўленьнем – “ну, ты даёш!” З акопа вылецелі каскі жаўнераў! Пазьней падчас мірных перамоваў у Шатоі афіцэр 245-га палка прызнаўся, што наша міна ўпала тады проста ў акоп, у якім быў схаваны іхны мінамёт. Загінуў увесь разьлік, чацьвёра чалавек”.

 

Пад Сержань-юртам

Дывэрсійна-разьведвальны батальён Шаміля Басаева з дапамогай невялікіх атрадаў паспалітага рушэньня з сярэдзіны траўня стрымліваў наступ фэдэральных войскаў у раёне Сержань-юрта. “У Сержань-юрце мы ваявалі два месяца. – успамінае адзін з ваяроў Шаміля. – Расейцы йшлі з боку Шалі, па калгасных садах, спрабавалі таксама прайсьці іншай дарогай. Мы акапаліся. Спачатку яны нас не атакавалі, быў толькі артабстрэл і бамбардоўкі. Шаміль езьдзіў па пазыцыях. Каля нас стаяў алдынскі батальён, яны там мусіць моцна ваявалі. Штодня мелі па два-тры рукапашных боя. Была яшчэ наша мэханізаваная рэта, яны мелі цягач МТЛБ, на якім стаяла двухствольная “Шылка”. З другога боку стаяў “Чачэн-град” – барабан для ракетаў С-8, зьняты з самалёта. Была яшчэ рота “Туташа”, якая налічвала каля 30 чалавек.

Аднойчы ў Сержань-юрт заехаў КРАЗ, загружаны ракетамі. Там было 89 снарадаў з ігламі для гарматы 152 мм. Адну такую меў Шаміль. Расейская сталоўка знаходзілася па-за фэрмай, паміж Сержань-юртам і Аўтурамі. Трэба было выпрабаваць гэтыя снарады. Я з Білалам пайшоў карэктаваць агонь. Мы падпаўзьлі да іх на 200 мэтраў. Расейцы якраз зьбіраліся на абед. Мы далі каманду. Першы стрэл ледзь не забіў нас, снарад упаў адразу за намі. Мы перадалі па радыё – вазьміце на 300 мэтраў наперад. Другім стрэлам нашы патрапілі проста ў іх. Білал яшчэ пастраляў з сваёй снайпэрскай вінтоўкі, я з свайго аўтамата. Яны потым закапалі свае трупы на тым месцы і ўтрамбавалі танкам. А мы іх потым выкапалі і паказалі журналістам.

Мы акапаліся на апошніх пазыцыях у накірунку Аўтуроў. Нас было 25. У адзін з дзён з-за ракі за нашымі плячыма зьявіліся бранетранспарцёры. Мы не чакалі гэтага, бо нашыя тылы павінна была прыкрываць іншая група. Невядома, чаму яна адыйшла. А калі зьявіліся гэтыя машыны, мы пачалі змагацца, лічачы на гэтых хлопцаў. Раней мы далі ім свае баепрыпасы, я даў свае чатыры снарады для гранатамёта. Наш камандзёр яшчэ іх прасіў – толькі не адыходзьце! А тут раптам на поўных парах з-за нашых плячэй выскакваюць гэтыя машыны... Я страляў па іх, калі яны пераходзілі раку, седзячы ў кустах пад адхонам. Раптам чую за плячыма роў – Казёл, куды паехаў?! Я абярнуўся – БМП ўехала на акоп і завісла над ім. Афіцэр штурхае жаўнера. Яны выйшлі агледзецца. “Я табе казаў ехаць налева!” Я стрэліў з гранатамёта, яны стаялі побач, загінулі. На тым беразе зьявіліся два танкі. Было мэтраў 80. Адзін затрымаўся, мэханік вылез, голы па пояс, і залез пад танк. Я стрэліў. Яны ўжо адтуль не вылезьлі. Калі танк запаліўся, другі танк павярнуў і кінуўся на ўцёкі. З люка вісеў той напоўголы камандзёр, якога наш грузін застрэліў з аўтамата. Калі танк паказаў хвост, я трапіў у яго з гранатамёта. Ані з першага, ані з другога танка ніхто ня выйшаў.

Мы ўсе адыйшлі на новую пазыцыю, на базу адпачынку “Аргтэхніка”, бліжэй да Сержань-юрта. Расейцы занялі нашы акопы, яшчэ больш акапаліся і далей не пайшлі.

У “Аргтэхніцы” нас засталося трое. Рэшта хлопцаў недзе разыйшлася. Падыйшлі дзьве новыя брыгады, але праз дзень таксама зьніклі. Чацьвёра сутак мы ўтраіх стаялі насупраць расейцаў. Мы рабілі ўражаньне, што нас ёсьць шмат. Я бегаў з гранатамётам. Мы нават палоннага ўзялі. Калі ён убачыў, колькі нас ёсьць, то сказаў: “Калі б мы ведалі, што вас толькі трое, то нават часу не марнавалі на вас, паехалі б далей”. Праз чатыры дні брат камандзёра нашай чацьвертай роты Магамэда Хатуева прывёз ежу: кацёл грэчнявай кашы і восем хлябоў. У штабе былі ўпэўнены, што нас тут 48. Ён прывёз і кажа – раздайце пароўну ўсім. А нас толькі трое. Ён не паверыў. Мы прайшлі па акопах. Ён сказаў нам адыходзіць, утраіх няма што тут рабіць. Мы не пагадзіліся, дык ён прывёз пісьмовы загад.

Аднойчы здраднікі падступна забілі хлопцаў “Туташа”. Двое людзей ад Руслана Лабазанава правялі расейцаў праз горы ажно да Сержань-юрта. Яны ўжо былі на гары над вёскай, але баяліся сысьці надол, хаця па іх стралялі ўласныя верталёты. Надол сышлі толькі тыя двое з апазыцыі. Там, дзе стаіць помнік Зэлімхана, яны зарэзалі дваіх вартавых. Потым падыйшлі да акопа, дзе было васьмёра нашых. Павіталіся як мусульмане. Нашы нічога не падазравалі. А адзін нават ведаў аднаго зь іх. Абодва яны былі з Ведзяно. Тыя выбралі момант і расстралялі ўсіх васьмёх. Калі адыходзілі, то забілі яшчэ аднаго. Гэта была для нас вялікая страта. Аказалася, што адзін з тых у акопе выжыў... Якраз той хлопец, які ведаў лабазанаўца. Калі ён выходзіў са шпіталя, а было зь ім некалькі нашых хлопцаў, то сустрэў таго здрадніка. Зарэзаў яго на месцы. Труп доўга не хавалі, ніхто не прыйшоў на пахаваньне”.

У адным з былых піянэрскіх лягяроў паміж Сержань-юртам і Аўтурамі мела сваю пазыцыю група дабраахвотнікаў пад камандай Ідрыса Бакарава. Аднойчы пад іхныя акопы нечакана падыйшлі бранемашыны. Стрэлы з вельмі блізкай адлегласьці далі надзвычайны эфэкт: загарэліся два БМП, а астатнія машыны павярнулі назад. Толькі адзін БМП, кіроўца якога відавочна згубіў арыентацыю, працягваў ехаць наперад на пазыцыі ваяроў. Ідрыс хацеў падпаліць яго “Чмялём”. Чатыры разы прамахнуўся. Нехта стрэліў па бранемашыне з “Мухі”, але прамахнуўся. Тады ахоплены нейкім дзіўным шаленствам Ідрыс кінуўся на БМП з кінжалам у руцэ.

Бачачы, як на яго ідзе з страшным крыкам ваяр, кіроўца бранемашыны рэзка затармазіў і даў назад. Ён паваліў цагляны мур! Нехта зазьняў гэтую сцэну на відэакамэру – бранемашына адыходзіць задам, а за ёй гоніцца з крыкам “Алаху акбар!” чачэнец і махае кінжалам. Толькі пазьней высьветлілася, што з БМП сыпаліся кулі, а Ідрысу прастрэлілі лытку і плячо.

За гэты легендарны кінжал ідрысу давалі снайпэсркі карабін СВД. Гэта была сямейная рэліквія, выратаваная падчас дэпартацыі ў Казахстан.

 

Апошнія бастыёны

23 траўня ў Ведзяно, дзе месьціўся чачэнскі генштаб і ўлады рэспублікі, адбылася нарада палявых камандзёраў з прэзыдэнтам Дудаевым. Была прынята прапанова Дудаева аб урэгуляваньні канфлікту мірнымі сродкамі.

25 траўня ў Грозным распачаліся мірныя перамовы пад эгідай АБСЭ. Чачэнскі бок прадстаўляў Усман Імаеў. Аднак, баі працягваліся і распаўсюдзіліся на абшары перадгор’яў Каўказа. Чачэнцы рыхтаваліся да партызанскай вайны.

Абвастрэньне баёў на паўднёвым апэрацыйным накірунку выклікала актывізацыю дывэрсійных атрадаў, якія дзейнічалі ў тылах фэдэральных войскаў практычна па ўсёй Чачэніі. На прыканцы траўня некаторыя палявыя камандзёры запрапанавалі Дудаеву перанесьці ваенныя дзеяньні на тэрыторыю праціўніка, гэта значыць, па-за межы рэспублікі. Муса Бакаеў выпрацаваў плян захопу “Белага Дому” у Маскве. “Гэтая задача лягчэй, чым захоп Крамля. Крэмль ахоўваецца 50 тысячамі чалавек. Там ёсьць падземныя хады. А ў “Белым Доме” сядзяць некалькі міліцыянтаў. Расейскі парлямант – які рэзананс ва ўсім сьвеце! Заданьне павінны былі выканаць сто чалавек. Узбраеньне – дзесяць супрацьтанкавых гранатамётаў і 40 снарадаў да кожнага зь іх, 10 кулямётаў і 10 снайпэрскіх вінтовак. Акрэм таго, 70 аўтаматаў, “Мухі” і “Чмялі” на кожнага ваяра. Кантэйнэр з баепрыпасамі і зброяй павінен быў патрапіць у Маскву аб’яздной дарогай з Уладзікаўказу праз адзін з расейскіх гарадоў. Трэба было правесьці манеўр з продажам дома і перавозам маёмасьці ў двух кантэйнэрах на два розных адрасы. Была нават старэча, якая гэты дом прадавала. Людзі мусілі прыехаць у Маскву ў цывільнай вопратцы і ўладкавацца ў прыватных кватэрах. Яны павінны быць падзелены на пяцёркі, толькі камандзёр ведае месца збору і толькі адзін з усяго атрада месца і тэрмін сустрэчы са мной. Я прадставіў гэты плян Масхадаву. Для яго выкананьня патрэбныя былі 100 тысячаў даляраў, па тысячы даляраў на кожнага чалавека. Такіх грошай не было і Масхадаў не пагадзіўся. Я да Джахара ўжо не пайшоў з гэтым плянам. Тады Басаеў фарсіраваў свой плян, які прывёў да Будзёнаўска. Гэта было неразумна – вырушыць на Расею маршам. Зрэшты – можна было ўзяць і Крэмль, усё залежала ад грошай. Мы мелі некалькі запасных варыянтаў, якія застаюцца ў моцы. Склады супрацьтанкавых мін у некалькіх расейскіх гарадах былі намі падрыхтаваны”.

У траўні 1995 г., калі расейскія войскі акупіравалі ўжо большую частку тэрыторыі рэспублікі, адной з нямногіх вольных ад акупанта тэрыторый быў раён горнай вёскі Заднак. Туды падыходзілі групы мясцовых дабраахвотнікаў, якія вярталіся з баямі з Грознага, Аргуна, Ведзяно і Сержань-юрта.

У траўні групы дабраахвотнікаў з Зандака занялі баявыя пазыцыі на межах вольнай тэрыторыі на лініі ў 36 км, ад гары Дуры на мяжы з дагестанам да Нажай-юрта. На супрацьлеглым баку стаяла расейская дывізія і полк дагестанскага ОМОНа. Расейцы імкнуліся заняць пагоркі Газмагамэд-корт, якія панавалі над вялікім абшарам перадгорнай Чачэніі. Апалчэнцы правалілі іхныя спробы.

Чачэнскія пазыцыі аддзялялі ад расейскіх паўкілёмэтра. Абалаеў замініраваў усю сваю лінію абароны. “Я паехаў па міны ў Ведзяно, але Шырвані Басаеў пасквапнічаў, даў мне толькі пару штук. Затое адзін прыяцель даў мне іх цэлы грузавік. На наступны дзень я замініраваў усё на вачах у расейцаў. Дабраахвотнікі былі вельмі слаба ўзброеныя. Але расейцы не спрабавалі атакаваць. Затое спрабавалі падкупіць чачэнскіх камандзёраў і праводзілі інтэнсіўную агітацыю сярод насельніцтва.

На прыканцы траўня наступ расейскіх войскаў ўсё больш узмацняўся. Ваяры ацэньвалі колькасьць расейскіх войскаў у 270 тысячаў чалавек і 10 тысячаў адзінак бранетэхнікі. Паводле дадзеных чачэнскай выведкі, на тэрыторыі, кантраляванай фэдэральнай арміяй, знаходзіліся 227 расейскіх баявых пастарункаў і 30-40 апэратыўных групаў.

У раёне вёскі Махкеты вёў цяжкія баі 29 і 30 траўня з марской пяхотай Чармоеўскі батальён Лечы Хултыгава. Расейскія аддзелы, якія падыйшлі з-пад Аргуна, занялі гару Моўкі-дэка, што паміж Махкетамі і Дуба-юртам. Абедзьве вёскі былі добра бачныя з вяршыні гары. Батальён зьвязаў расейскія аддзелы боем, чакаючы, пакуль камандуючы агіштынскім фронтам Руслан Аліхаджыеў прышле падмацаваньні. На дапамогу вырушыў полк Султана з Дачы-барзой, Беслан з Атагоў, абрэк Алаўдзі з 15 чалавекамі, Навурскі батальён пад камандваньнем Мусы Чараева і група Маўладзі Мазашава. У хаосе, выкліканым нескардыянаванымі дзеяньнямі паасобных групаў, расейцы падцягнулі па-над рэчкай Ваштарай сьвежыя бранемашыны і падыйшлі пад Махкеты, адсякаючы вёску ад мясцовасьці Сэлмэнхаўзэн. Танкі стаялі ўжо ў 3 км ад ускраіны вёскі. На перадавы расейскі аддзел ударылі 11 ваяроў Чармоеўскага батальёна з падтрымкай людзей Беслана і Алаўдзі. Былі зьнішчаны чатыры БМП, самаходка, гусенічны цягач, машына для капаньня акопаў і шэсьць грузавікоў.

Камандзёр палка марской пяхоты палкоўнік Вераценнікаў скардзіўся пазьней на страты, якія панёс у тым баі. Ён ня мог паверыць, што спачатку перад ім стаялі 11 ваяроў. Ён пераконваў, што чачэнскія сілы налічвалі больш за тысячу чалавек. Ваяры мелі 11 параненых. Хултыгава параніў асколак гранаты АГС. Ён сам выцягнуў яго шчыпцамі.

Аб выключнай лютасьці баёў у гэты пэрыяд сьведчаць страты, які панесьлі фэдэральныя войскі. Марская пяхота Ціхаакеянскага флёту, якая штурмавала пазыцыі на поўдзень ад Шалі, на працягу чатырох дзён баёў (з 27 па 30 траўня) страціла 12 забітых, сярод із тры афіцэра, і 29 параненых. Толькі 1 і 2 ліпеня на аэрадром Паўночны ў Грозным прывезьлі целы 50 забітых, а 235 параненых даставілі ў ваенны шпіталь. Паводле лекараў, дзьве траціны пацыентаў мелі раненьні ад мін і асколкаў, адна траціна – ад куль.

Пасьля адыходу ад Ведзяно атрады Шаміля Басаева ўтварылі новую лінію абароны ў адлегласьці 7-9 км ад мястэчка. Яны прыступілі да мініраваньня дарог, мастоў і тэрыторыі. Акапываліся на горных храбтах. Некаторыя аддзелы адыйшлі глыбака ў горы, да самых турбазаў па-над возерам Казэной-ам. Нават там, у далёкім закутку, ужо зьявіліся расейцы. Батальён з Шаўдан-юрта пад камандваньнем Сулімана Ісмаілава, які ўваходзіў у склад прэзыдэнцкай гвардыі, узяў у палон двух падпалкоўнікаў і двух маёраў, якія прыехалі на УАЗе на возера палавіць рыбу. Афіцэраў прывезьлі да Дудаева. Помсьцячы, расейская авіяцыя зрабіла моцны налёт на Шаўданскі батальён і разьмешчаныя па-над возерам аддзелы Баўдзі Бакуева і Халіда Дудаева.

Шатой пакінулі без бою, бо расейцы абыйшлі мястэчка з усіх бакоў. Яны маглі абстрэльваць з мінамётаў як Шатой, так і Асламбэк-Шапірава. Галоўныя чачэнскія сілы знаходзіліся тады пад Бамутам, Янды-куторам і Старым Ачхоям. Сітуацыю ўскладніў той факт, што зноў быў цяжка паранены Гелаеў, які ня мог камандаваць.

14 чэрвеня расейцы сьвяткавалі перамогу ў Шато, фатаграфаваліся перад унівэрмагам, зброю паклалі на паліцы. Група ваяроў з Гікала, якая нічога ня ведала пра драматычную сітуацыю, увайшла ў мястэчка пасярод гэтай гулянкі. У кантактным баі загінула двое чачэнцаў, трэці сьмяротна паранены прасіў таварышаў, каб яго дабілі. Ніхто не наважыўся націснуць на курок. Адыходзячы пасярод цяжкага бою, яны пакінулі параненаму гранату. Ён выцягнуў кальцо, паклаўся на “лімонку” і згубіў прытомнасьць. Уначы ён апамятаўся. Расейцы хадзілі вакол яго, але не заўважылі гранаты. Хлопец адпоўз 150 м і схаваўся ў сутарэньнях разбітага дома. Знайшоў там муку і цукар, пад сьцяну сьцякала дажджавая вада. Сядзеў у сутарэньнях 14 дзён. Ён вярнуўся ў Гікала праз тры дні пасьля свайго пахаваньня.

Атрады спэцназа адступілі з Шатоя ў бліжнія горы. Батальён Пацаева заблакаваў адзіную дарогу, што вяла на поўдзень праз каньён Аргуна. Лабазанаў і Бажыеў адыйшлі далей на поўдзень, да Ітум-кале. Батальён Умарава адыйшоў у Чарсеной.

14 чэрвеня 1995 г. аддзелы расейскага ОДОНу захапілі Нажай-юрт.

 

Марская пяхота штурмуе горы

Невядома адкуль у Ельцына ўзьнікла ідэя паслаць на штурм чачэнскіх гор марскую пяхоту. Можа ён прыгадаў матросаў, якія ішлі з наганамі на Зімовы палац? “Туды павезьлі марскую пяхоту з Ціхага акіяна – уявіце сабе, што гэта будзе за пяхота?!” – заўважыў на гэта генэрал Лебедзь. Адзін з палкоў марской пяхоты прайшоў сваё баявое хрышчаньне 16 студзеня 1995 г. пад Аргунам.

“Мы ведалі, што маем перад сабой марскую пяхоту, сьвежых жаўнераў, якія мабыць былі цудоўна навучаныя. – успамінае Салаўдзі Кутаеў з прэзыдэнцкай гвардыі Дудаева, які ўдзельнічаў у тым баі. – У іх полк пяхоты, а нас трыццаць чалавек, сямнаццаць гранатамётаў, чатыры станкавых кулямёты і два буйнакалібэрных. Яны пайшлі на нас нават ня крыючыся – у псіхічную атаку. На маршы рабілі сальта, стралялі. Мы іх падпусьцілі на 300 м і абстралялі аскелачнымі з гранатамётаў. Потым ударылі па іх, трыццаць чалавек на цэлы полк. Ва ўсіх нашых аголеныя галовы, доўгія бароды. Мы крычалі, як апантаныя: “Алаху акбар!” І... марская пяхота пачала ўцякаць, пакінуўшы сваіх забітых. Яны больш не ўступалі з намі ў кантактны бой. Адсунуліся на 3 км і стралялі адтуль з гармат”.

З самага пачатку вайны было вядома, што пасьля падзеньня Грознага ваяры будуць вымушаны адыйсьці ў горы, дзе пачнуць партызанскую вайну. Аднак, аказалася, што ў расейскай арміі няма частак, навучаных ваяваць у горных умовах, якія б мелі адпаведнае снаражэньне, валодалі б навыкамі і мелі б забесьпячэньне.

Аддзелы марской пяхоты Ціхаакеанскага, Балтыйскага і Паўночнага флётаў ўзялі актыўны ўдзел у баях у траўні-чэрвені 1995 г. Жаўнеры штурмавалі парослыя лесам горныя масівы пад Шатоем і Ведзяно. У тых баях часткі марской пяхоты панесьлі цяжкія страты.

Ваяры шанавалі марскіх пехацінцаў. Тыя забіралі з поля бою ўсіх сваіх параненых і палеглых. Так, як чачэнцы. Не пакідалі нікога, нават пад забойчым агнём. Чорныя бушлаты з чырвонымі стужкамі – вось што засталося ў руінах Грознага ад марской пяхоты з Уладзівастока. У Расею на борце транспартных “Чорных цюльпанаў” штодня вярталася некалькі трупаў марскіх пехацінцаў. Як і ўсе іншыя расейскія спэцназы, -- ОМОНы, “Альфы”, “Віцязі”, “Вымпелы” і “Вегі”, “Белыя скарпіёны” і “Рыжыя псы”, СОБРы , ОДОНы, “Ваўкалакі” і “Кобры”, -- марская пяхота ператваралася з эліты арміі ў груз 200.

 

Пірава перамога

Цяжка адказаць на пытаньне, чаму расейцы так доўга ішлі па раўнінах Чачэніі. Яны ж мелі такую колькасьць войскаў і бранетэхнікі, што напэўна без намаганьняў маглі б зламаць абарону нешматлікіх ужо і зьнясіленых бесперапыннымі шматмесячнымі баямі чачэнскіх атрадаў. Можа тэмп прасоўваньня фэдэральных войскаў вызначаўся іншымі, акрэм мілітарных, чыньнікамі, пра якія мы пакуль ня ведаем? А можа крыху праўды ёсьць у словах расейскага афіцэра, які ваяваў на баку чачэнцаў: “У іх не было глабальнай ідэі, за якую варта было намагацца. У войску жаўнер думае сабе ўвечары – яшчэ адзін дзень прамінуў, а я жывы. І нішто больш яго не цікавіць. У Чачэніі так думалі ня толькі жаўнеры, але і афіцэры. Дзень прамінуў, а ў стаж залічваюцца тры дні. І я жывы!”

У горных умовах, выгодных для вядзеньня абароны, страціла значэньне тактыка лабавых удараў, якую расейцы выкарыстоўвалі на раўнінах не лічачыся з стратамі. Яны ўсё актыўней выкарыстоўвалі мэтады манэўровай вайны – абыходзілі чачэнскія абарончыя раёны. Расейскім начальнікам ішлося аб зламаньні стабільнага стэрэатыпу, што жаўнеры рэгулярнай арміі ня могуць ваяваць у гарах, а горныя ўмовы для чачэнскіх сілаў зьяўляюцца ідэальнымі для ўтварэньня абарончай лініі, якую ня ўдасца прарваць.

З часам расейцы пачалі рабіць спробы нанясеньня імклівых удараў на недаступныя, здавалася б, тылы чачэнскіх атрадаў. Так было, напрыклад, у Чарсэной. Туды фэдэральныя войскі дайшлі, фарсуючы балоты і лясы з дапамогай адмысловых машын, якія зразалі дрэвы і засьцілалі стваламі дарогу для бранетэхнікі. Тады ў абкружэньне патрапіў атрад Докі Умарава. “Яны абкружылі нас цалкам. Чатыры дні мы былі без вады, змагаліся то на адным пагорку, то на другім. Мы мелі двух параненых. Утрымлівалі іх пры жыцьці, зьбіраючы зь іх чарвякоў”.

У другой палове траўня і першай палове чэрвеня 1995 г. хада падзеяў на франтах чачэнскай вайны паказала, што ваяры ня ў стане супраціўляцца расейскай арміі, якая мела несуразьмерную, у шмат разоў большую колькасную перавагу, ня кажучы ўжо пра матэрыяльную перавагу. Да таго ж, расейская армія вяла рэгулярныя паўнамаштабныя ваенныя дзеяньні з выкарыстаньнем цяжкой артылерыі, танкавых войскаў, а таксама франтавой і нават стратэгічнай бамбардовачнай авіяцыі. У сувязі з гэтым чачэнскае камандаваньне пачало разглядаць іншыя варыянты арганізацыі супраціву. Перанясеньне дывэрсійных апэрацый на тэрыторыю Расеі стала непазьбежным. Больш таго, гэта была адзіная і апошняя магчымасьць паўплываць на хаду падзеяў.

Тым ня менш, нават у найцяжэйшы пэрыяд вайны знаходізіліся аптымісты, якія сьцьвярджалі, што сапраўдная вайна яшчэ не пачыналася. “Толькі цяпер вызначыліся здольныя камандзёры, вывучыліся жаўнеры. – казалі яны. – Калі пачнецца партызанская вайна, яна будзе праходзіць на тэрыторыі Расеі. Удар – адыход, удар – адыход. Расейцы будуць бязмоцныя”.

Яны казалі таксама, што з 19 адміністрацыйных раёнаў Чачэніі праз паўгода вайны расейцы маюць пад сваім – частковым – кантролем толькі дзевяць. Адзін з раёнаў – сталіца Грозны, дзе падчас дывэрсійных атакаў расейцы штодня несьлі страты ў людзях і тэхніцы.

Да таго ж, чачэнскія атрады наагул не пазьбягалі вядзеньня даўгачасовых пазыцыйных баёў. А ў некалькіх месцах, напрыклад пад Шатоем, нават здолелі ўтрымліваць цэльную лінію фронту. “Самае важнае ёсьць тое, што мы пераканаліся, што можам ваяваць зь імі на раўнінах. – кажа прэфэкт Шатоеўскага раёну Давуд Ахмадаў. – Пасьля захопу Грознага яны ішлі да гор чатыры месяцы. А з Грознага да Шатоя ўсяго 56 кілёмэтраў”.

Стабілізацыя сітуацыі ў Чачэніі была толькі марным жаданьнем расейскага камандаваньня. На самай справе фэдэральныя войскі кантралявалі месцы сваёй канцэнтрацыі, а астатняя частка тэрыторыі рэспублікі была ў прынцыпе “нічыёй”. Атрады ваяроў свабодна перасоўваліся па гэтай тэрыторыі. Аб тым, наколькі падманлівымі ёсьць спадзяваньні на хуткае заканачэньне вайны, яны пераканаюцца ўжо ў хуткім часе. У той самы дзень, калі жаўнеры ўтыркнулі расейскі сьцяг у Шатоі, выбухнула навіна аб рэйдзе Басаева на Будзёнаўск.

“Найцяжэйшым пэрыядам вайны была вясна 1995 г. – успамінае спэцназавец з палка Гелаева Айнды Ізраілаў. – Мы страцілі Шатой. Здавалася, усё скончана. Людзі масава адыходзілі з атрадаў дахаты. Мы адступілі ў горы, зусім упалі духам. Калі б расейцы тады пайшлі далей, вайна б закончылася. У нас не было ніякага тылу, не было баепрыпасаў, нават мундзіраў. Выжывалі, хто як мог. Не было што есьці. І раптам – Будзёнаўск. Як ён нам дапамог! Шаміль паставіў людзей на ногі, людзі паверылі ў сябе. Гэта быў вялікі пералом у сьведамасьці людзей. Стала зразумелым, што ёсьць магчымасьць весьці вайну на тэрыторыі Расеі. Можна сказаць, што пасьля Будзёнаўска армія адрадзілася.

 

“Дзіўная вайна”. Чацьверты этап ваенных дзеяньняў: ліпень 1995 – ліпень 1996 г.

“У Чачэніі толькі тое месца ёсьць нашым, дзе стаіць расейскі аддзел. – пісаў у ХІХ ст. гісторык каўказкай вайны Пота. Цяперашняя чачэнская вайна была вельмі падобнай на тую. “Пад нашым кантролем ёсьць толькі тэрыторыя пастарунку, які мы абараняем. Нічога больш расейская армія ў Чачэніі не акупіруе і не кантралюе!” – казалі расейскія жаўнеры журналістам.

Зусім іншыя настроі панавалі сярод чачэнцаў. “У той момант, калі галоўнакамандуючы Масхадаў націсьне кнопку, прэзыдэнт Дудаеў прыме ўладу ў рэспубліцы. – сьцьвярджаў Гелаеў. – У расейскіх руках толькі адзін паўночны раён рэспублікі – Навурскі. Браму да двух астатніх на поўначы, -- Надцерачнага і Шаўкаўскога, -- мы цалкам блакуем. Мы выбілі расейцаў з Ведзяно і Шатоя. Ва Урус-Мартане наагул няма фэдэральнай арміі”.

Цяжка ўзважыць, як у аптэцы, на колькі нязломная пазыцыя сілаў супраціву паўплывала на дзеяньні расейскай арміі ў Чачэніі. Безумоўна, яна стала важнейшым чыньнікам маральнага распаду арміі. Якія, аднак, былі іншыя важныя прычыны дзіўнай няздольнасьці фэдэральных войскаў?

Няцяжка заўважыць, што выкарыстаныя расейцамі сродкі аказаліся неадэкватнымі ва ўмовах такога супраціву. Безумоўна, расейцы маглі адразу ўвесьці ў Чачэнію некалькі сотняў тысячаў жаўнераў, раздушыць раўнінную частку рэспублікі танкамі, а горы пакрыць дывановымі бамбардоўкамі. Але гэта вымушала вядзеньня татальнай вайны, накіраванай таксама і супраць цывільнага насельніцтва – а трэба памятаць, што шчыльнасьць насельніцтва ў Чачэніі вельмі высокая – 1,2 мільёна чалавек на 17 тысячаў км квадратных. Гэта выклікала б неабходнасьць наступнай дэпартацыі гэтага насельніцтва ў канцлягяры. Такія пляны былі выпрацаваны, але да іх рэалізацыі не дайшло.

Здавалася б, напружанасьць бітвы за Грозны і неэфэктыўнасьць увядзеньня ў бой аддзелаў павінны былі б прадэманстраваць расейскаму боку, што армія ня можа выканаць пастаўленую перад ею задачу. Пасьля таго, як ваяры пакінулі гарады, бранетанкавыя часткі былі спынены на раўнінах. Гэтага ніхто не чакаў. Можа ўжо тады было прынята рашэньне абмежаваць ваенныя дзеяньні. Шмат фактаў паказвае, аднак, на тое, што расейскі бок пачаў разумець, што вайну ў Чачэніі ня ўдасца закончыць хутка і вырашыў падтрымліваць тлеючы канфлікт. Можна прывесьці шмат прычын, якія схілялі крамлёўскія ўлады менавіта да такога рашэньня. Нежартоўным матывам была, зразумела, агульная палітычна-эканамічная сітуацыя ў Расеі і асабліва крызыс у арміі пасьля вываду яе з гарнізонаў у краінах Цэнтральнай Эўропы і былых саюзных рэспублік. Істотную ролю маглі адыграць таксама асабістыя карысьці, якія вышэйшы афіцэрскі корпус меў з ваенных дзеяньняў. Можна з вялікай доляй праўды прызнаць, што пад прыкрыцьцём вайны адбывалася паўсюднае разрабаваньне вайсковых складоў тэхнікі, зброі і баепрыпасаў. На ўсё гэта няцяжка было знайсьці пакупнікоў і ў рэспубліках былога СССР, і за мяжой. Да таго ж, з Чачэніі штодня вывозілася цэлымі эшалонамі нарабаванае ў чачэнцаў дабро.

Ня толькі з гэтай прычыны вышэйшыя расейскія камандзёры не хацелі вяртацца дахаты. Вайна была крыніцай іхнай палітычнай незалежнасьці і палітычнага ўплыву на прэзыдэнта і наагул на жыцьцё ў Расеі. Для афіцэраў месяц у Чачэніі залічваўся ў стаж за тры месяцы. Да таго ж, адбываліся прысьпешаныя павышэньні ў званьнях. Калі хто шчыра і хацеў заканчэньня гэтай вайны, дык напэўна малодшыя афіцэры, якія павінны былі весьці сваіх жаўнераў на разьню. Згаданыя вышэй прычыны часткова тлумачаць факт незразумелай непасьлядоўнасьці ў дзеяньнях фэдэральнай арміі на апэратыўным узроўні пасьля заканчэньня бітвы за Грозны.

Увесь папярэдні пэрыяд вайны ў Чачэніі зрабіў відавочным дзьве праўды. Па-першае, аказалася, што фэдэральная армія ня ў стане фізычна зьнішчыць чачэнскія збройныя сілы. Нават калі б авіяцыя і цяжкая артылерыя ператварылі краіну ў пустыню, партызанская вайна працягвалася б доўгія гады. Па-другое, чачэнскі бок ня меў дастатковых сілаў, тэхнікі і зброі, каб вызваліць акупаваную расейцамі тэрыторыю. Сітуацыя была патавай, а палітычнае кіраўніцтва Расеі не магло запрапанаваць яе палітычнага разрашэньня.

Атака на Будзёнаўск паказала новую пэрспэктыву, якая вырысоўвалася ў блізкай будучыне: чачэнскія дывэрсійныя атакі на тэрыторыі Расеі. У выпадку пасьлядоўнага заканчэньня пацыфікацыі рэспублікі адзінай альтэрнатывай для ваяроў у стане адчаю станавіліся атакі на стратэгічныя аб’екты ў Расеі.

На працягу ўсяе вайны расейцы ня ўводзілі шчыльнай блакады межаў Чачэніі. Адбываўся рух насельніцтва праз межы з Інгушэціяй і Дагестанам, а горныя дарогі ў Дагестан і Грузію фактычна не ахоўваліся. Адзіным тлумачэньнем гэтага факта, якое прыходзіць у галаву, ёсьць зацікаўленасьць расейскага боку ў зацягванньні канфлікта на неабмежаваны час і да пэўнай ступені кантролю над ім. Пры гэтым трэба зазначыць, што расейцы маглі ўплываць на распальваньне канфлікта, але ўжо праз некалькі месяцаў ваенных дзеяньняў, прынамсі ў чэрвені-ліпені 1995 г. яны згубілі шанец на заканчэньне вайны ў сваю карысьць. З аднаго боку атрады ваяроў узмацніліся ў баях, набраліся досьведу, выпрацавалі эфэктыўную, эластычную тактыку партызанскай вайны, з другога боку ў той самы час адбылося поўнае маральнае і баявое раскладаньне фэдэральнай арміі.

Ваяры езьдзілі з Бамута ў Сернаводзк праз тэрыторыю Інгушэціі, бо дарога наўпрасткі праз станіцу Асінаўскую была заблакавана. Калі з поўным снаражэньнем і ў мундзірах яны праязджалі праз блок-пастарункі на чачэна-інгушскай мяжы, расейскія жаўнеры адварочвалі галову. Яны дамовіліся з баевікамі – мы вас не чапаем, прадаем вам, што хочаце, праязджайце, калі хочаце, толькі нас не чапайце. Яны хацелі жыць і абрабоўваць праязджаючых цывільных, замест таго, каб ваяваць.

Падобныя звычаі запанавалі пад Шатоем. Вось фрагмэнт аўтэнтычнага ліста, знойдзенага ў расейскага жаўнера з блок-пастарунка пад Шатоем. “Зараз мы робім шмон у машынах. Ужо зьдзерлі 150 тысячаў з шаферні. Гэта за 2-3 гадзіны дзяжурства на пастарунку. А што будзе на працягу месяца? Маем цыгарэтаў колькі ўлезе, ежу прывозяць нам цывільныя. Адным словам, клёва. Не магу больш пісаць, бо п’яны. Вось і ўсё. Вітаю ўсіх”. Калі ваярам трэба было праехаць праз расейскія блок-пастарункі каля Шатоя, яны навязвалі кантакт з “прыяцельскім” пастарункам. Афіцэр з пастарунку зьвязваўся з “Львом”, г.зн. з камандзёрам 245 мэханізаванага палка палкоўнікам Жданавым. “Леў” прызначаў ваярам БТР у якасьці эскорта.

Акцыя Басаева ў Будзёнаўску і ўсё, што пачалося пасьля яе, -- капітуляцыя расейскіх уладаў, задавольваньне пажаданьняў чачэнскіх дывэрсантаў, спыненьне агню ў Чачэніі і пачатак мірных перамоваў, -- паставіла пад пытаньне сэнс усёй ваеннай акцыі, якую Расея вяла на працягу паўгода. Аказалася, што нягледзячы на заканчэньне марша да падножжа гор, які закончыўся адносным посьпехам, хаця і быў акуплены вялікімі стратамі, палітычныя мэты, якія Расея паставіла перад сабой, разьвязваючы вайну, не былі дасягнуты. Больш таго, грамадзкае незадавальненьне, выкліканае вайной у Чачэніі і няўклюднасьцю дзяржаўных структураў, якое праявілася ў гэтай сітуацыі, пачало абцяжарваць саму крамлёўскую ўладу.

У самым Грозным фэдэральныя войскі ўтрымлівалі ўмацаваныя пастарункі ў стратэгічных пунктах. Штоноч у сталіцы праз кожныя некалькі хвілінаў распачыналася страляніна. З пастарункаў ў неба ляцелі асьвятляльныя ракеты і трасіруючыя кулі. Але вопытнае вуха нельга было падмануць – бязладная страляніна не была водгукам бою. Жаўнеры стралялі на ўсялякі выпадак. “Калі мы ня будзем страляць і камандаваньне палічыць, што мы тут не патрэбныя, нас могуць паслаць на перадавую”. – казалі жаўнеры. А перадавая была для кожнага расейскага жаўнера нечым кшталту ўсходняга фронту, адкуль не вяртаюцца.

Тым ня менш, штодня расейскае тэлебачаньне паведамляла, што некалькі жаўнераў былі забыты або паранены ў Грозным. Два, тры, пяць забітых – рэгулярна, штодня. У сапраўднасьці расейцы несьлі нашмат большыя страты, чым яны прызнаваліся. Ня толькі ў Грозным, які моцна ахоўваўся, але перад усім на правінцыі, дзе ваяры панавалі над сітуацыяй. Менавіта там яны наносілі фэдэралам страты, пра якія СМІ маўчалі як вады ў рот набраўшы. У сталіцы таксама здаралася, што п’яныя жаўнеры наязджалі на транспарцёры на ўласныя міны, што прадстаўлялася як наступны тэракт ваяроў. Часьцей, аднак, яны наязджалі на міны, пакладзеныя чачэнцамі.

Чым далей ад сталіцы, тым большае зьдзіўленьне выклікаў выгляд “акупантаў”. Першае, што кідалася ў вочы, гэта бруд на тварах, далонях і вопратцы малакасмокаў у расейскіх мундзірах. Аніводзін чачэнскі ваяр не хадзіў такім задрыпаным. Жаўнеры прапанавалі праязджаючым купіць кансэрвы з тушонкі і элемэнты свайго снаражэньня. Вайсковы авечы кажух каштаваў эквівалента 120 даляраў. Трэба было, аднак, зважаць – трапляліся і завошаныя.

Пастарунак ў шырокім полі, на якім замурзаныя жаўнеры грэліся каля вогнішча, быў адзінай прыкметай прысутнасьці фэдэральнай арміі ў ваколіцах Урус-Мартана. Уезд у мясцовасьць, якая на працягу чатырох гадоў была сядзібай апазыцыі Дудаеву, ахоўвалі ўзброеныя дабраахвотнікі мясцовага паспалітага рушэньня. Парадак у горадзе падтрымлівалі патрулі чачэнскага ОМОНа. Ваяроў у поўным снараджэньні, паасобку і групамі, можна было, аднак, сустрэць паўсюль. Яны хадзілі абсалютна свабодна.

Далей у бок гор усе мясцовасьці былі пад аховай пастарункаў і патрулёў ваяроў. Па вёсцы Гэхі, якая знаходзілася пад апекай Докі Махаева, свабодна хадзілі расейскія дэзэрціры, якія самы зьбеглі да чачэнцаў і прасілі дапамагчы ім вярнуцца дахаты. На гэтай тэрыторыі штоноч адбываліся атакі на расейскія пастарункі, вайсковыя аддзелы і склады з матэр’яламі.

Трэці абшар, які можна выдзеліць на карце Чачэніі, гэта горныя раёны, дзе расейскай арміі альбо зусім не было дагэтуль, альбо яе пасьля кароткага знаходжаньня выціскалі ваяры. Мясцовасьці гэтага рэгіёну штодзень бамбардаваліся з паветра і абстрэльваліся цяжкой артылерыяй. Моцныя бранетанкавыя групоўкі расейцаў блакавалі важнейшыя дарогі ў горныя паселішчы, але гэта, здавалася, зусім не замінала атрадам Дудаева.

 

Псы вайны

Калі аказалася, што рэгулярная армія ня хоча і ня можа эфэктыўна змагацца супраць дасканала навучаных, мабільных атрадаў ваяроў, распачалася акцыя масавага набору наймітаў, якіх называлі кантрактнікамі. Маладыя расейскія прызыўнікі не хацелі ваяваць у Чачэніі. Гэта ёсьць адна з таямніцаў вялікага трыюмфу жменькі некалькіх тысячаў чачэнскіх ваяроў, якія мелі супраць сабе сотні тысячаў жаўнераў. “Нас, зусім не навучаных, ня ўмеючых ані страляць, ані ваяваць, паслалі ў бой. – расказваў адзін з фэдэралаў. – Мы занялі пазыцыю, а потым нам далі загад ўзяць штурмам кучу цэглаў на пагорку, адкуль, як здавалася камандзёру, стралялі чачэнскія снайпэры. Нават мы, нявопытныя жаўнеры, разумелі бессэнсоўнасьць гэтага загада – падчас гэтага штурма нас бы пастралялі, як курапатак. Але загад ёсьць загад. Мы пайшлі ў атаку, ў думках разьвітваючыся з блізкімі і з гэтым сьветам. Там нікога не было...”

Жаўнеры, якіх пасылалі ў атаку, пазбываліся паралізуючага страху з дапамогай алкаголю альбо наркотыкаў. Афіцэры не разьвітваліся з фляжкамі з гарэлкай. Жаўнеры прымалі марфін, афэн, дымэдрол, кітамін. Снайпэр у палку Гелаева тры разы страляў у таго самага жаўнера, напампаванага наркотыкам. Першы раз трапіў у яго з адлегласьці 100 мэтраў. Жаўнер перакуліўся, але адразу ж выпрастаўся і, як робат, зноў пайшоў наперад. Снайпэр стрэліў другі раз, жаўнер яшчэ раз упаў. І – зноў паўтарылася кашмарная сцэна. Жаўнер устаў і з памутнелымі вачыма пайшоў наперад. Калі ён падыйшоў да пазыцыі чачэнца, той пачуў, што жаўнер невыразна балмоча – ребята, мяне, здаецца, дасталі... Снайпэр забіў яго толькі трэцім стрэлам у лоб, з адлегласьці 20 мэтраў.

Трупамі жаўнераў, пакінутымі на вуліцах Грознага, жывіліся сабакі. Заходнія журналісты патрапілі ў недаступныя, здавалася б, горныя рашчэліны, куды расейцы скідвалі з верталётаў трупы сваіх жаўнераў. Афіцыйная статыстыка палеглых наагул не ўключала ў сябе наймітаў, якія ваявалі ў Чачэніі па кантракце. Безыменная сьмерць кожнага зь іх – гэта былі толькі некалькі сотняў даляраў для афіцэраў, якія праводзілі набор.

Страх, сьмерць і пачуцьцё бессэнсоўнасьці – гэтыя тры чыньнікі вызначалі настроі жаўнераў, пасыланых на разьню. Яны не хацелі паміраць і можа не хацелі забіваць. Гэтую ролю павінны былі адыграць найміты.

Насуперак спадзяваньням іхная прысутнасьць у шэрагах часьцей за ўсё ставіла пад пытальнік баявую вартасьць такіх аддзелаў. Кантрактнікі, якіх часта набіралі сярод крымінальных элемэнтаў, усю сваю энэргію накіроўвалі на здабыцьцё алкаголю і наркотыкаў, а таксама на рабункі. Але яны аказаліся зусім не прыдатныя да вядзеньня ваенных дзеяньняў, якія патрабавалі дысцыпліны, жаўнерскай вывучкі і адвагі. Найміты хутка пачалі дамінаваць у аддзелах, адкрыта зьдзеквацца з маладых прызыўнікоў, якіх накіроўвалі ў Чачэнію пасьля некалькіх месяцаў падрыхтоўкі. Гэта было прычынай дэзэрцірства расейскіх жаўнераў, якія будучы затрыманымі чачэнцамі, пацьвярджалі, што ў аддзелах пануе тэрор наймітаў-крымінальнікаў.

Напрыклад, у Гудэрмэс прыслалі крымінальнікаў, якіх выпусьцілі на вайну з турмаў. Ім паабяцалі, што за кожны год службы ў Чачэніі ім адменяць пяць гадоў прысуду. Уркі ў расейскіх мундзірах адразу навязалі кантакт з чачэнскімі “карышамі” са злачыннага сьвету. Праз іх яны перадалі прапанову – у замен на машыну “Волга” і 50 мільёнаў рублёў (эквівалент 10 тысячам даляраў) яны аддавалі ракетную ўстаноўку “Град”, 2 бранетранспарцёры, “Урал” з баепрыпасамі – і зьнікалі. Прэфэкт Ведзяно паведаміў пра гэта ваярам. Басаеў даў яму 50 мільёнаў, а ўласную “Волгу” аддаў адзін з хлопцаў. Увесь тавар патрапіў у ягоныя рукі ў адпаведнасьці з дамовай.

Расейскія жаўнеры не адзін раз страляліся між сабой, каб “высьветліць адносіны”. Часьцей за ўсё да такіх канфліктаў, якія заканчваліся беспарадачнай стралянінай і сьмяротнымі ахвярамі, даходзіла паміж паміж аддзеламі дэсанту і марской пяхоты, а таксама паміж пяхотай і ОМОНам. У Грозным адбываліся сапраўдныя шматгадзінныя бітвы паміж блок-пастарункамі. Адныя вывешвалі над сабой трохкаляровы расейскі сьцяг, а іншыя, дзе служылі прыхільнікі СССР, ваявалі пад чырвоным сьцягам з сярпом і молатам. Бывала, што такія баі спыняў толькі абстрэл з верталётаў!

Упершыню пра казацкія аддзелы пачалі гаварыць падчас сакавіцкага штурму Грознага ваярамі (6-9 сакавіка 1996 г.). Жыхары сталіцы распавядалі, што адмысловай жорсткасьцю вызначаліся жаўнеры, якія называліся казакамі альбо “ярмолаўцамі”. Аказалася, што йдзецца аб казацкім батальёне ім. генэрала Ярмолава. Палова батальёна была забіта ў баях. Падчас аднаго з першых штурмаў Бамута загінула да 200 казакаў. Чачэнцы спачатку вельмі зьдзіўляліся, бачачы на поле бою дзесяткі трупаў у штанах з лампасамі: адкуль столькі генэралаў?! Палеглых казакаў наагул не ўключалі ў афіцыйную статыстыку стратаў фэдэральнай арміі.

Паміж расейскімі наймітамі былі й такія, што нарадзіліся ў Грозным і ўсё жыцьцё жылі сярод чачэнцаў. Адзін зь іх аказаўся суседам брата прэзыдэнта Дудаева Басхана. “Гэты расеец жыў каля нас на Ката-яме, называўся ён Кузік. Калі выбухнула вайна, ён выехаў. Прадаў кватэру і ўсё, што мог. Мы дапамагалі яму, правялі да мяжы. Падчас жнівеньскага штурма на сталіцу нехта мне сказаў, што гэты Кузік стаў наймітам і патрапіў у Грозным у палон. Я аббегаў усе турмы, шукаючы яго. Шукаў яго ў сутарэньнях, дзе трымалі перад пакараньнем сьмерцю такіх, як ён. Потым я даведаўся, што яму загадалі выкапаць сабе ямку і жыўцом закапалі яго дагары нагамі. А мне так хацелася ўласнаручна зарэзаць яго!”

Генэрал Лебедзь так ахарактарызаваў расейскую армію ў Чачэніі: “На блок-пастарунках унутраных войскаў стаяць згаладнелыя, раўнадушныя да ўсяго прызыўныя жаўнеры. Гэта ўжо ня войска – гэта партызаны. Яны ня служаць. Што тычыцца кантрактнікаў – уражаньне такое, што панабіралі іх усіх без разбору сярод бяздомных валацугаў. Ім не плацілі па 3-4 месяцы, і яны пачалі рабаваць: есьці ж трэба. А панове афіцэры ўнутраных войскаў жывуць паводле прынцыпа: раніцай выпіў – увесь дзень вольны”.

 

Апошні бой генэрала Раманава

Непадалёк ад скрыжаваньня “Мінутка” праспэкт Леніна вядзе ў падземны тунэль, над якім ідуць рэльсы чыгункі. У адной з бочных сьцен тунэля доўга была бачная вялізная варонка. Цяжкія бэтонныя пліты разьбіў выбух магутнага зараду. Менавіта тут быў зьдзейсьнены тэракт супраць генэрала Раманава, галоўнакамандуючага фэдэральных войскаў у Чачэніі.

Раманаў, асабіста адказны за масавыя забойствы ў Самашках, з часам стаўся прыхільнікам заканчэньня вайны. Шмат разоў ён заяўляў, што не мае намеру аднаўляць ваенныя дзеяньні і будзе дакладна выконваць пагадненьні, заключаныя з чачэнцамі пасьля акцыі Басаева ў Будзёнаўску. Генэрал нават набыў пэўны давер чачэнскіх кіраўнікоў.

Мірнае пагадненьне было падпісана Усманам Імаевым і генэралам Раманавым 31 ліпеня 1995 г. а 4.15 раніцы. Уласна адзіным яго вынікам было часовае спыненьне агню, якое расейцы не выконвалі аніводнага дня. Расейская дэлегацыя прызнала, што самыя істотныя пункты пагадненьня, такія як мэханізм раззбраеньня бакоў, месцы дыслакацыі аддзелаў і сьпісы палонных, будуць адпрацаваны пазьней экспэртамі абодвух бакоў. На гэтым фактычна і быў скончаны працэс перамоваў. Праўда, на працягу сямі дзён пасьля падпісаньня пагадненьня павінен быў быць праведзены поўны абмен палоннымі, а на працягу 40 дзён фэдэральныя войскі павінны былі быць выведзены з Чачэніі. Але толькі аптымісты цешыліся ілюзіямі, што гэта сапраўды будзе зроблена.

Не зразумелымі ёсьць матывы і палітычнае абгрунтаваньне рашэньня аб пачатку мірнага працэсу, прынятага расейскімі ўладамі пасьля атакі Шаміля Басаева на Будзёнаўск. Першае ў гэтай вайне мірнае пагадненьне не было выканана нават адзін дзень. Але для чачэнскага боку яно азначала вялікую маральную перамогу і давала надзею на станоўчае заканчэньне вайны ў будучыні.

Для Расеі пагадненьне азначала фактычна прызнаньне яе паразы ў Чачэніі. У гэтай сітуацыі за справу ўзялася крамлёўская партыя вайны. Ніводнага з пунктаў пагадненьня ад 31 ліпеня Расея не выканала. Зноў распачаліся ваенныя дзеяньні і бамбардоўкі. Гэтым разам усё гэта было на руку чачэнскаму боку. “Пагадненьне ў рамках ваенных праблем я ўбачыў толькі прыкладна 10 жніўня, калі прыехаў у Рошні-чу. – успамінае Зэлімхан Яндарбіеў. – Яно абуджала трывогу. Сітуацыю магла выратаваць толькі актыўнасьць нашых ваяроў, якія пасьпешліва займалі вёскі”.

“Калі стала зразумела, што яны сарвалі мірны працэс і вайна пачынаецца зноў, Раманаў заявіў, што нягледзячы ні на што ён будзе выконваць падпісаныя пагадненьні. – кажа Ахмэд Закаеў, адзін з вышэйшых чачэнскіх камандуючых, які ўдзельнічаў у перамовах з Раманавым. – Мы разумелі, што пазыцыя Раманава ёсьць непрыймальнай для Крамля, які вёў вайну, і яго адсунуць ад камандаваньня. Мы не думалі, аднак, што гэта будзе зроблена такім чынам”.

Калі генэрал Раманаў ўехаў на адкрытым лазіку ў тунэль, нехта дэтаніраваў выбуховы зарад, схаваны пад бэтоннымі плітамі. У мазгах генэрала засела некалькі аскелкаў, загінула некалькі жаўнераў аховы. У тэракце абвінавацілі чачэнцаў, хаця Дудаеў быў апошнім чалавекам, які хацеў бы ліквідаваць Раманава.

Генэрал ацалеў пасьля выбуха. У шуфлядзе ў Ельцына яшчэ ляжыць гатовы да падпісаньня ўказ аб пасьмяротным узнагароджваньні генэрала званьнем Героя Расеі.

Замах на генэрала Раманава мае яшчэ адзін цікавы аспэкт. У той самы дзень, калі ў Грозным грымнуў магутны выбух, у Лёндане адбывалася сустрэча нафтавага кансорцыюма, на якім павінны былі быць вызначаны шляхі транспарціроўкі каўказкай нафты. Мір у Чачэніі, да якога імкнуўся Раманаў, меў для Расеі непрыемныя наступствы – гэта азначала пакінуць нафтавы трубаправод з Баку да Чорнага мора ў руках чачэнцаў. Ліквідацыя Раманава азначала працяг вайны, мэтай якой, паводле многіх крыніц, была менавіта “труба”. Адразу ж пасьля тэракта расейская авіяцыя зрабіла бомбавыя налёты на Рошні-чу і Мэскэр-юрт. Вельмі прыкметна, што Масква абвінаваціла ў налётах “азэрбайджанскіх штурмавікоў”!

 

Дзеяньні расейскіх спэцслужбаў у Чачэніі

Пералічэньне ўсех дзеяньняў, якія спэцслужбы Расеі не правялі ў Чачэніі, а якія ўваходзяць у іхны сталы рэпэртуар, заняло б шмат месца. Не вядома, чаму не былі прынятыя адпаведныя рашэньні. Можа канфлікт у Чачэніі выбухнуў у момант, калі настаў фактычны паралюш структураў пасьля распаду СССР і КГБ.

Перш за ўсё спэцслужбам не ўдалося сваечасова ліквідаваць Джахара Дудаева, так як яны гэта зрабілі, напрыклад, у Кабуле з Амінам або ў Грузіі з Гамсахурдзіяй. Далей, прызначаныя для гэтага спэцаддзелы не дэзарганізавалі чачэнскую абарону перад увядзеньнем рэгулярнай арміі ў Чачэнію – не атакавалі штабы і камандныя пункты, не ліквідавалі ўлады рэспублікі, не зьнішчылі вайсковыя базы і склады, не правялі дывэрсійныя апэрацыі, каб паралізаваць камунікацыі, не высьветлілі месцазнаходжаньне агнявых пазыцый артылерыі і месцы дыслакацыі вялікіх вайсковых аддзелаў.

Пасьля правала мірных перамоваў улетку 1995 г. крамлёўскія “ястрабы” зрабілі чарговую спробу ператварэньня вайны ва ўнутраны чачэнскі канфлікт. Плян быў просты: калі б удалося ўцягнуць Дудаева ў адкрытую збройную барацьбу з палітычнымі апанэнтамі, Расея магла б выйсьці з непасрэдных баявых дзеяньняў, і нават выступіць ў сваёй любімай ролі міратворцы і нават гаранта міру. Гэта быў бы варыянт, добра вядомы па Карабаху, Паўднёвай Асэціі і Абхазіі. Да гэтага часу ўсе спробы падняць супраць Дудаева сур’ёзныя ўзброеныя сілы апазыцыі скончыліся нічым. Новы шанец павінны былі даць выбары “кіраўніка рэспублікі”, арганізаваныя ў сьнежні 1995 г.

У кастрычніку 1995 г. “зноў пачаў дзейнічаць” Вярхоўны Савет Чачэна-Інгушскай рэспублікі. Нагадаем: такі дзяржаўны ворган не існаваў ужо чатыры гады! Начале Савета зноў стаў Доку Заўгаеў, які з 1991 г. знаходзіўся ў Маскве. Прэзыдэнцкія выбары, якія павінны былі даць Заўгаеву легітымнасьць на ўладу, адбыліся ў акупаванай краіне, дзе ішлі адкрытыя ваенныя дзеяньні. Джахар Дудаеў з уласьцівым яму пачуцьцем гумару пракамэнтаваў выбарчы фарс, нагадваючы пра мангольскія рысы твару Доку Заўгаева: “Калмык стане прэзыдэнтам, а Джахар пойдзе ў лесьнікі”.

Спадзяваньне Масквы на згуртаваньне вакол скампрамітаванага Доку Заўгаева значных палітычных сілаў цалкам праваліліся. Заўгаеў мог разьлічваць толькі на падтрымку злачыннай бюракратычнай клікі, якая з хаосу ў рэспубліцы хацела здабыць асабістыя выгоды.

Не атрымалася таксама спроба выкарыстаньня “аўганскага варыянту”, які заключаўся ў тым, каб супрацьпаставіць Дудаеву такзваных палявых камандзёраў, г.зн. камандзёраў аддзелаў. “Няма аніводнага аддзела Узброеных Сілаў Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі, які не падпарадкоўваецца генэралу Масхадаву і галоўнакамандуючаму, прэзыдэнту Дудаеву. – пракамэнтаваў гэтыя пляны палкоўнік Ахмэд Закаеў. – Тры з паловай гады таму, аднак, былі такія групоўкі. Па рэспубліцы і Грознаму гойсалі, з Лабазанавым, Ганцеміравым і Аўтурханавым начале. Цяпер яны ператвораны ў расейскія спэцслужбы”.

Барацьбой супраць расейскіх спэцслужбаў кіравалі самыя даверныя людзі Дудаева. Гэтым займаўся Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі пад кіраўніцтвам Абу Маўсаева. Адна з групаў контрвыведкі была ўтворана на асабістае распараджэньне Дудаева. “У 1994 г. вайна павінна была вось-вось пачацца. Мы сядзелі ў садзе каля дома Дудаева – я, прэзыдэнт, Зэлімхан Яндарбіеў. Раптам Джахар ударыў кулаком аб стол – ведаю, што трэба рабіць! Я чакаў чалавека, які ўтворыць Партыю Нацыяналістаў Каўказа. Праграму я маю, Яндарбіеў напіша прамовы! Мы падшукалі памяшканьне ў былым вайсковым шпіталі каля Драмтэатру. Потым, аднак, Джахар зьмяніў пляны і ўсё, што мы рыхтавалі для гэтай партыі, было пераведзена ў структуру зьнешняй выведкі. Мы палявалі за людзьмі, якіх нам Джахар паказваў асабіста як агентаў Фэдэральнай службы контрвыведкі. Ніхто ў рэспубліцы ня ведаў, дзе мы іх трымалі, дапытвалі і...”

На Дудаева яны палявалі ўдзень і ўначы. Аніводная з спэцыяльных арганізацый: ФСК-ФСБ, ГРУ, ФАПСІ і МУС – ня здолела, аднак, высачыць прэзыдэнта. Толькі дзякуючы адмысловай тэхналогіі падслухоўваньня спадарожнікавых тэлефонаў, якую праўдападобна прадаставіла расейцам ЦРУ, ім удалося зьнішчыць Дудаева.

 

Інфармацыйная вайна

Перш чым Масква рашылася на вырашэньне чачэнскага крызісу з дапамогай танкаў, яна на працягу гадоў праводзіла супраць рэжыму Джахара Дудаева варожую прапагандысцкую кампанію ў СМІ. Інфармацыя аб інцыдэнтах, справакаваных расейскімі спэцслужбамі, потым шырока распаўсюджвалася. Менавіта на хвалі такога паклёпу зьявіліся матэр’ялы аб міфічнай “чачэнскай мафіі” і аб сувязі бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта Дудаева са злачынным сьветам. Для неабазнанага ў рэаліях расейскага грамадзяніна стварылі цалкам скрыўлены вобраз Чачэніі – краіны зла, шалёнаага гвалту і злачыннасьці, дзе жылі злачынцы і бандыты.

Гэты мэтад на працягу гадоў эфэктыўна выкарыстоўваўся расейскімі СМІ, якія выконвалі заданьні, пастаўленыя ўладамі. Падобную кампанію дэзынфармацыі праводзілі ў той самы час супраць прэзыдэнта Грузіі Звіяда Гамсахурдзіі, якога выстаўлялі псіхічна хворым фашыстам і былым агентам КГБ. Такім жа спосабам распальвалі абхазкі сэпаратызм і канфлікты ў Паўднёвай Асэціі, Прыднястроўі і Нагорным Карабаху, а таксама распаўсюджвалі хлусьлівую дэзынфармацыю аб пераменах, якія адбываліся ў рэспубліках былога СССР, прадстаўляючы сітуацыю згодна інтарэсаў Расеі.

Пасьля выбуху вайны ў Чачэніі Расея паспрабавала арганізаваць цэнзуру інфармацыі, якая паступала з зоны баёў, паводле асноваў прапагандысцкай вайны. Трэба падкрэсьліць, што гэтага яны не змаглі зрабіць. У гэтым была вялікая заслуга журналістаў з усяго сьвету, якія самастойна і насуперак патрабаваньняў адпаведных ворганаў у Маскве (МЗС, Мінабароны і ФСК) пачалі ва ўмовах небясьпекі зьбіраць і перадаваць незалежную інфармацыю. Блакада, уведзеная фэдэральнымі войскамі, заключалася ў дапушчэньні ў раён баёў выключна журналістаў з урадавых СМІ, якія супрацоўнічалі з цэнтрамі вайсковай прапаганды, а часта і проста завербаваных спэцслужбамі, не дала пажаданага выніку.

Усё, што паступала з Чачэніі па афіцыяльных каналах, было падрыхтавана вайсковымі спэцыялістамі па псіхалагічнай вайне. Гэта нельга назваць інфармацыяй нават у самым сьціплым значэньні слова. Сцэнары тэлевізійных праграмаў навін рыхтаваліся на шмат дзён наперад. З фактамі яны не лічыліся.

Прапагандысцкая вайна была на поўніцу выйграна чачэнскім бокам. З першых хвілінаў чачэнцы далі замежным журналістам поўную свабоду перасоўваньня, збору і перадачы інфармацыі. “Вольныя стралкі”, карэспандэнты сусьветных агенцый і фотарэпарцёры без якіх-кольвечы перашкодаў траплялі на перадавую лінію фронту, у прэзыдэнцкі палац або штаб генэрала Масхадава. Ваяры дзяліліся зь імі харчамі, забясьпечвалі месцы для начлегу, транспарт. У адрозьненьні ад расейскіх жаўнераў, якія ставіліся да журналістаў з відавочнай варожасьцю (былі задакумэтаваны некалькі сотняў выпадкаў парушэньня свабоды прэсы, у тым ліку зьдзекі, зьбіцьцё і нават забойствы журналістаў). Чачэнцы трактавалі карэспандэнтаў вельмі прыязна. Нічога дзіўнага, што іхная пазыцыя прадстаўлялася ў сусьветных СМІ са зразуменьнем і нават з відавочнай сімпатыяй. Адзіныя абмежаваньні паходзілі з жаданьня чачэнцаў забясьпечыць бясьпеку журналістаў.

Падчас бітвы за Грозны чачэнскае тэлебачаньне амаль штовечар распачынала працу. У гэтым ёй не перашкодзіла нават сьмерць шасьцёх супрацоўнікаў тэлебачаньня, якія загінулі ад выбуха авіябомбы. 31 сьнежня, падчас памятнага штурма сталіцы Хасін Радуеў вёў перадачу ў жывым эфіры з прэзыдэнцкага палаца.

2 сакавіка 1995 г. у друкарні ў Ведзяно выйшаў у сьвет першы ваенны нумар дзяржаўнай газэты “Ічкерыя”, які падрыхтавалі галоўны рэдактар Ваха Дадулагаў і Юсуп Яраліеў.

На працягу ўсёй вайны ў Чачэніі можна было глядзець незалежную тэлепраграму – “прэзыдэнцкі канал” Дудаева. Яго перадавалі з гор, з перасоўных перадатчыкаў на машынах. Здымачны матэр’ял нават ня быў мантажаваны, але затое часта ў той жа дзень выходзіў у эфір. Рэдакцыяй кіраваў Салман Бэтэльгірэяў. У Шалі працавала яшчэ адна прыватная тэлестанцыя, якой кіраваў Шарпудзін Ісмаілаў.

Закранаючы тэму вайны ў Чачэніі, расейскія сродкі інфармацыі раэлізавалі замовы або нават загады адпаведных камандных дзяржаўных структур. Такі матэр’ял быў часта выкананы на вельмі нізкім узроўне ў прафэсійным сэнсе. Вось фрагмэнт публіцыстычнага артыкула пра чачэнцаў, апублікаванага ў маскоўскай газэце “Новый взгляд”: ”Гэта паўдзікая, варварская нацыя, славутая толькі сваёй здрадай і змрочнай жорсткасьцю, якая не дала сьвету нічога, акрамя міжнароднага тэрарызму і наркабізнэсу (...) Спытайце любога расейца, якія пачуцьці ён мае да чачэнцаў, каб стала зразумелым, што тут йдзецца не пра нянавісьць ідэалагічную, усьведамленую; не, гэта нешта больш глыбокае, значна глыбейшае – гэта ёсьць нянавісьць заалагічная, генэтычная, зьвярыная. Этнічная неадпаведнасьць характараў”.

 

Выбарчая правакацыя

17 сьнежня 1995 г. у Чачэніі павінны былі адбыцца “прэзыдэнцкія выбары”. Адзіным кандыдатам быў Доку Заўгаеў. Напярэдадні выбараў чачэнцы ўдарылі на Гудэрмэс. 250 ваяроў разам з 200 дабраахвотнікамі захапілі другі па вялечыні горад Чачэніі, важны вузел чыгуначных і аўтамабільных дарог. Акцыя прадэманстравала баегатовасьць дудаеўскай арміі. “Масхадаў за гадзіну ўзяў Гудэрмэс, які Грачоў штурмаваў чатыры месяцы”. – скрыгатаў зубамі генэрал Лебедзь.

Атакай на Гудэрмэс камандаваў Салман Радуеў, прызначаны Джахарам Дудаевым камандуючым узброеных сілаў у гэтым раёне рэспублікі. Мэтай апэрацыі быў захоп горада і ўтрыманьне яго на працягу некалькіх дзён, каб сарваць правядзеньне выбараў. 11 сьнежня ў горад пачалі ўваходзіць першыя ваяры ў цывільнай вопратцы. Праз тры дні, 14 сьнежня, распачаўся штурм.

На горад групы рухаліся, абыходзячы блок-пастарункі, па вядомых сябе сьцяжынах. Расейскія выведчыкі ня надта пільна шукалі гэтыя сьцежкі, баяліся заходзіць на чужую тэрыторыю. Ваенныя дзеяньні распачаліся па дамоўленаму сігналу а 3.00 уначы, хаця частка групаў спазьнілася на зыходныя пазыцыі.

Горад быў заняты дастаткова хутка, толькі ў камэндатуры ўсё яшчэ абараняўся расейскі аддзел з некалькіх дзесяткаў чалавек. Яго атакавала група Радуева. Другі, меншы расейскі атрад быў абкружаны на чыгуначным вакзале. Апасаючыся ўвядзеньня ў бой бранецягніка, які адразу ад’ехаў на Ханкалу, ваяры замініравалі чыгунку. Каля 6.00 раніцы з Ханкалы на дапамогу Гудэрмэсу пайшла калона бранетэхнікі. Адзіная дарога з гэтага боку ішла праз пазыцыі групы Абалаева, якая заняла заходнія прадмесьці. “Мы прапусьцілі калёну, завабілі яе ў пастку. Я аддаў загад не адкрываць агонь, пакуль яны не заедуць глыбака ў нашы пазыцыі. Мы былі вельмі добра замаскіраваныя – сьнег, мы ў белых халатах. Мы зьнішчылі гэтую калону за некалькі хвілін. Там былі чатыры грузавіка з жаўнерамі і снаражэньнем, сем бранемашын і танкаў. Рэшта калоны не пайшла ў наш бок. Першая граната з гранатамёта спыніла танк. Пакуль ён варочаў вежай, у яго патрапіў другі снарад. З люка паказаўся жаўнер з гранатамётам – калі ён цэліўся, аскелак гранаты трапіў у запал ягонага снарада, і чалавека нібыта зьдзьмула. Я загадаў хлопцам, каб не зьнішчалі грузавікі. Трэба было з горада неяк ад’ехаць. Але другі танк пратараніў дзьве машыны, якія мы сабе ўжо прыгледзелі”.

У абед з Ханкалы вырушыла на Гудэрмэс наступная калёна з прыкладна 50 танкаў. У групы Абалаева засталося толькі 6 кумуляцыйных снарадаў для гранатамёта і некіруемыя ракеты С-8. “Я ведаў, што калі зьнішчу некалькі танкаў, астатнія павернуць назад... Альбо Алах дапаможа! Аднак калёна абыйшла нас з левага боку і стала на пагорку. Да канца бітвы мы толькі абменьваліся артылерыйскім агнём”.

Ханкар-Паша Ісрапілаў даведаўся пра апэрацыю толькі тады, калі Радуеў заняў Гудэрмэс. Ён вырашыў, што апэрацыя рызыкоўная, бо ваяры практычна не забясьпечылі сабе шляхі адыходу з горада і маглі апынуцца ў поўным абкружэньні. Ён паведаміў пра сітуацыю Масхадаву і, не чакаючы загадаў, уступіў у Навагрозьненск. Ягоныя атрады ўдарылі па расейцах у раёне Джалкі-Перакрылава, заблакавалі трасу Гудэрмэс-Баку, прабілі калідор на Гудэрмэс з боку Кады-юрта і ў раёне Герзэль прыкрылі яго з боку мяжы з Дагестанам. Былі абкружаны блок-пастарункі ў Кашкаладах, Сувораўскім, Ісьцісе, таксама былі заблакаваны войскі гарнізона ў Навагрозьненску. Дзякуючы гэтаму ваяры атрымалі магчымасьць свабоднай камунікацыі з Гудэрмэсам, а потым бесперашкодна пакінулі горад. Ісрапілаў накіраваў у Гудэрмэс два свае батальёны.

Ваяры займалі Гудэрмэс дзесяць дзён. Камэндатура і атрад, заблакаваны на чыгуначным вакзале, не здаліся да канца. Пазыцыі ваяроў накрываў цяжкі артылерыйскі агонь, асабліва з мінамётаў. Іх бамбардавалі з паветра. У выніку гэтага абстрэлу значная частка горада была зруйнавана.

Чачэнскія атрады бесперашкодна пакінулі Гудэрмэс 23-24 сьнежня. Страты ў горадзе склалі 6 забітых, 30-40 параненых. Сярод палеглых былі расеец і ўкраінец, якія дабраахвотна ваявалі на чачэнскім баку. Іх прыдушыла сьцяна, калі яны выйшлі з хованкі. Паводле чачэнскіх дадзеных, расейскія страты склалі некалькі сотняў забітых.

Ужо калі ваяры выйшлі з Гудэрмэса, фэдэральныя войскі распачалі асабліва інтэнсіўны артабстрэл горада. Усе дамы, якія яшчэ не згарэлі, былі абрабаваны пасьля заняцьця Гудэрмэса фэдэральнымі войскамі.

 

Чачэнская партызанская вайна

Тактыка партызанаў

“Няхай цяпер расейцы паспрабуюць уціснуць нас у карсэт нейкага класічнага дзеяньня. – казаў Джахар Дудаеў. – Я праслужыў у арміі 27 гадоў, але такой вайны яшчэ ня бачыў”.

Маючы супраць сабе перавагу фэдэральнай арміі, чачэнскія ваяры вымушаны былі выкарыстоўваць партызанскую тактыку і арыгінальныя мэтады вядзеньня вайны, у якіх важнейшую ролю адыгрываў эфэкт, калі праціўніка заставалі ў расплох дзякуючы якой-небудзь хітрай прыдумцы, маланкаваму удару, “фокусу” – а потым зьнікалі з поля бою і рассыпаліся ў розныя бакі. Такую тактыку выкарыстоўвалі як ў гарадзкіх баях за Грозны, так і пазьней на адкрытай прасторы.

“Мы адпрацавалі тэхніку “бою ў абдымках”. – тлумачыць камісар паўднёва-заходняга фронту палкоўнік Давуд Ахмадаў. – Невялікія атрады спэцназа наносілі ўдар і прыклейваліся да праціўніка, што рабіла немагчымым выкарыстаньне артылерыі і авіяцыі. Потым мы адразу ж адступалі, не трымаючы фронту. Калі, аднак, было трэба, мы змагаліся ў акпах. Можа найважнейшым вопытам гэтай вайны было тое, што мы ўмеем ваяваць супраць танкаў на раўніне. Пасьля захопу Грознага расейцы ішлі ў бок гор некалькі месяцаў, а гэта ўсяго толькі 56 кілёмэтраў”.

5-6 студзеня 1996 г. атрад дабраахвотнікаў з 10 чалавек з Навурскага раёну пад камандаваньнем Тавуса Багураева атакаваў пад Шатоем батальён расейскага спэцназу “Скарпіён”. Ваяры забілі і паранілі 70 жаўнераў і афіцэраў, зьнішчылі 9 бранемашын.

У красавіку 1996 г. Шаміль Басаеў, камандуючы цэнтральным фронтам, накіраваў групу з 75 ваяроў з палка “Ічкерыя” пад камандваньнем Хултыгава выконваць дывэрсійныя апэрацыі ў тылу ворага. На працягу паўтара месяца атрад зрабіў 14 удараў на розныя аб’екты. Спачатку ваяры захапілі Аргун. Потым, 6 траўня 1996 г. каля вёскі Джалка атрад напаў на калёну расейскіх войскаў і зьнішчыў 15 бранемашын. На наступны дзень на трасе Растоў-Баку яны зьнішчылі 4 БТР.

Расейцы імкнуліся выведаць, дзе знаходзяцца чачэнскія базы. Яны карысталіся паслугамі шпіёнаў. Часьцей за ўсё гэтымі здраднікамі былі чачэнцы, але сустракаліся і іншыя сьмельчакі. “На базу Навурскага дывэрсійнага палка пад Шатоем праваднік з Хасаўюрту прывёў двух маладых расейскіх жаўнераў. – успамінае Адам Тайсумаў. – Яны заявілі, што хочуць ваяваць супраць сваіх, каб адпомсьціць. Потым аказалася, што іх прыслалі, каб яны падкінулі на базе “жучкі”. Адзін з жаўнераў меў на руцэ гадзіньнік “Камандзірскі” з сігналам для самалётаў. На допыце адзін сазнаўся ва ўсім – дзе іх рыхтавалі, якое атрымалі заданьне. Другі жаўнер папікаў яго за здраду. Абодвух расстралялі”.

Дывэрсіі рабілі абодва бакі. Расейцы выкарыстоўвалі чачэнскіх здраднікаў, завэрбаваных ФСБ. У адной з засад, наладжанай апазыцыянэрам, на міне падарвалася дывэрсійная група прэзыдэнцкай гвардыі. Група дзейнічала на трасе пад Навагрозьненскам, дзе атакавала расейскія калёны. На восьмы дзень акцыі ваяры ўначы вярталіся дадому. Ехалі на УАЗе па знаемым маршруце праз поле. Паміж Гікалаўскім і Чачэн-юртам яны наляцелі на супрацьтанкавую міну. Тады палеглі чацьвёра ваяроў, трое былі цяжка паранены. На наступны пасьля замаху дзень гвардзейцы захапілі двух расейскіх рабочых, якія падклалі тую міну. Яны працавалі ў чачэнскага апазыцыянэра з Атагоў. Чачэнец сваечасова уцёк разам з усёй сям’ёй. Расейцы распавялі, як распалілі вогнішча, каб разагрэць прамерзлую зямлю, як выкапалі ямку і паклалі туды міну. Іх расстралялі. Арганізатар замаха хаваўся яшчэ паўгода, праз мул прапанаваў грошы як кампэнсацыю. Тлумачыў, што ягонай мэтай былі расейцы. Гвардзейцы затрымалі яго і расстралялі на месцы замаху. Вясковай старшызьне яны паведамілі, што на сям’і апазыцыянэра засталася кроў яшчэ шасьці чалавек.

Разам з іншымі ваярамі прэзыдэнцкай гвардыі у тым змаху загінуў Умар Акбулатаў. Гэта быў брат Айзан Акбулатавай, якая загінула ў чэрвені 1995 г. падчас авіяналёту на базу Дудаева ў Танхой. Умар заняў месца сястры ў гвардзіі. Калі ён загінуў, яго маці Маржан сказала толькі: “Алах даў, Алах узяў. Відавочна ён быў яму патрэбны”. У прэзыдэнцкіую гвардыю ўступіў яе наймалодшы сын Марзан.

 

Засады і фокусы

Чачэнцы спэцыялізаваліся на атаках на калёны з забесьпячэньнем. У старанна падрыхтаваных засадах ушчэнт нішчыліся цэлыя калёны, якія складаліся з некалькіх дзесяткаў бранемашын, грузавікоў і танкаў. Так было, напрыклад, пад Ярыш-Марды, дзе атаку правялі муджахэдзіны Аль-Хатаба, альбо пад Сержань-юртам, дзе Басаеў разам з Хатабам выбіў ўшчэнт атрад з некалькіх сотняў асэцінскіх наймітаў.

“Апэрацыю па зьнішчэньню асэцінскага дабраахвотнага дэсантнага палка “Скарпіён” з Уладзікаўказу Хатаб рыхтаваў паўтара месяцы. – кажа Абдул-малік Асхабаў. – Мы замініравалі дарогу пад Сержань-юртам. Нас было 40 чалавек. У засадзе мы чакалі тыдзень. Мы ўдарылі 31 сакавіка 1996 г. У іх было 120 адзінак бранетанкавай зброі – каля 40 гусенічных транспарцёраў, астатнія на колах, і падтрымка 10 верталётаў. Бой працягваўся з другой гадзіны дня да чацьвёртай уначы. Мы дабівалі іх у рукапашным баі. Хатаб ня меў літасьці да наймітаў. Падыходзіць, пытае – рускі? Не, асэцін. І нажом па горлу. Без лішніх размоваў. Асэцінскіх камандас выбілі ўсіх да аднаго. Мы страцілі тады пяць чалавек, дваццаць былі паранены”

16 красавіка 1996 г. непадалёк ад вёскі Ярыш-Марды ваяры ўшчэнт разьбілі калёну 245-га мэханізаванага палка, які ваяваў у Чачэніі ўжо амаль год. У калёне было 199 чалавек, сярод іх 29 афіцэраў. Загружаныя зброяй і баепрыпасамі грузавікі прыкрывалі танкі і бранемашыны.

Атрад ваяроў пад камандваньнем 28-гадовага дабраахвотніка з Савудаўскай Аравіі эміра Аль-Хатаба налічваў 43 чалавекі. Месца для засады выбралі ідэальнае: з аднаго боку абрыў і рэчка, з другога – круты адхон і лес, дзе можна было схавацца. Прапусьціўшы выведчыкаў, ваяры падарвалі міну пад першым танкам. Адначасова яны разьбілі з гранатамётаў штабную машыну з радыёстанцыяй і транспарцёр, які замыкаў калёну. Камандзёр калёны быў забіты першым залпам. На працягу наступных трох гадзінаў бою чачэнцы спалілі 29 бранемашын і ўсе грузавікі. У разьні ацалелі толькі 12 расейскіх жаўнераў. Хатаб страціў трох чалавек, шасьцёра былі паранены.

Пра засаду пад Ярыш-Марды пачула ўся Расея, хаця зазвычай камандваньне фэдэральнай арміі старанна хавала такія паразы. Гэтым разам не атрымалася змаўчаць – палеглі маладыя жаўнеры маскоўскага гарнізону, улады баяліся рэакцыі бацькоў. У Расеі абвясьцілі трохдзённую жалобу.

“Засада ў Ярыш-Марды не зьяўляецца чымсьці выключным. – сьцьвярджае генэрал Масхадаў. – Мы шмат разоў грамілі падобныя калёны, паралізуючы расейскі транспарт. У той самы час значна большую калёну Шаміль Басаеў зьнішчыў пад Ца-Ведзяно, толькі аб тым ніхто не даведаўся. Бо там былі выключна найміты з Асэціі, а іх ніхто не лічыў”.

Сваімі “фокусамі” уславіўся Шаміль Басаеў. Некаторыя з подзьвігаў ягоных спэцназаўцаў сталі легендарнымі. Падчас баёў за Грозны Басаеў любіў уклінівацца паміж двух суседніх расейскіх аддзелаў, абстрэльваў іх на “два франты” і імкліва зьнікаў з поля бою. Некалькі разоў было так, што расейцы, якія ня мелі сувязі, па некалькі гадзін вялі між сабой масіраваны агонь.

У ліпені 1996 г. полк Басаева мусіў пакінуць базу пад Махкетамі. Ваяры не хацелі, каб расейцы зьнішчылі вёскі, і без бою адышлі ў горныя лясы пад Ведзяно. Адтуль Басаеў пачаў адкрытым тэкстам патрабаваць, каб яму прыслалі баепрыпасаў, якіх нібыта ён зусім ня меў. Расейцы купіліся на гэта і высадзілі ў гарах дэсант з верталётаў. Увесь гэты атрад камандас быў ліквідаваны.

 

Мінная вайна

Чачэнскія мінёры, навучаныя замежнымі спэцыялістамі, маглі зрабіць міну з падручных матэр’ялаў, без адмысловага снаражэньня, якое цяжка было здабыць. Яны любілі выкарыстоўваць міны-неспадзеўкі і міны-пасткі. Навучыліся рабіць тэрмічныя, электрычныя і хімічныя запалы. Калі не было пад рукамі іншых матэр’ялаў, яны маглі падрыхтаваць электрахімічны запал, які спрацоўваў ад батарэйкі для ліхтарыка, з сьпірта і ртуці, дабытай з лекарскага градусьніка. Часьцей за ўсё яны выкарыстоўвалі артылерыйскія снарады – фугасы, якія пасьля выдаленьня ўдарнага запала падрывалі з дапамогай запала ад ручной гранаты. У якасьці выбуховых рэчываў выкарыстоўваліся стандартныя зарады траціла па 200 і 400 грамаў, пластыка і з любога іншага сродка, якія ўдавалася атрымаць з разабраных снарадаў і ракет, якія не выбухнулі.

Міны выкарыстоўваліся на працягу ўсяе вайны. 11 сьнежня 1994 г. сапёрны батальён Шалінскага танкавага палка пад камандваньнем Махмсолта Арсаліева правёў маштабную акцыю мініраваньня аб’ектаў, мастоў і дарог, па якіх маглі перасоўвацца расейскія бранекалёны. Сапёры заклалі тады тысячы мін. Чачэнцы мелі восем інжынэрных складоў і ўсе са складоў было раздадзена ваярам для правядзеньня дывэрсійных апэрацый.

Падчас баёў за паасобныя мясцовасьці ваяры мініравалі падыходы да сваіх пазыцый. Сапёры фэдэральных войскаў выдалялі гэтыя міны, але калі мясцовасьць займалі расейцы, яны самы ставілі свае мінныя палі. Паводле дадзеных расейскага камандаваньня ў Чачэніі, сапёры штодня абясшкоджвалі да 80 чачэнскіх мін, перш за ўсё супрацьпяхотных.

 

Дапамога цывільнага насельніцтва

Супраціў, які на працягу двух гадоў ваяры аказвалі фэдэральнай арміі, быў бы немагчымым без падтрымкі з боку цывільнага насельніцтва. Гэтая дапамога заключалася ў тым, што насельніцтва практычна цалкам ўзяло на сябе цяжар забесьпячэньня харчаваньнем і кватэраваньнем чачэнскіх атрадаў, перадавала ім вопратку, зброю, баепрыпасы, абсталяваньне, фінасавыя сродкі, транспарт і мэдыкамэнты. На практыцы цывільнае насельніцтва несла на сябе ўвесь цяжар утрыманьня арміі. Нягледзячы на цяжкую сітуацыю, у якой з прычыны ваенных дзеяньняў апынуўся ўвесь народ, людзі выконвалі гэтую працу з вялікай самаахвярнасьцю.

Падчас бітвы за Грозны з правінцыі дастаўлялі ў сталіцу харчаваньне і пітную ваду. Грузы везьлі прыватныя легкавыя і грузавыя машыны, часта вельмі здалёк, нават з суседніх рэспублік – Інгушэціі і Дагестана. На прыватным транспарце вывозілі з раёну баёў параненых і забітых. Цывільныя людзі часта выконвалі разьведзаданьні, інфармавалі ваяроў аб рухах фэдэральных войскаў.

Пасьля адступленьня з сталіцы чачэнскія атрады стаялі ў вёсках і мястэчках раўніннай паласы ў перадгор’ях Каўказа, а потым у гарах. Цывільныя людзі, якія прымалі ў сябе паасобныя аддзелы, таксама забясьпечвалі іх харчаваньнем. Сялілі ў сябе, часта з выключнай сардэчнасьцю, і замежных журналістаў і прадстаўнікоў гуманітарных арганізацый, а таксама – што вельмі прыкметна – мацерак расейскіх жаўнераў, якія шукалі сваіх сыноў, узятых чачэнцамі ў палон. Для ваяроў былі таксама арганізаваныя палявыя кухні, дзе кожны мог атрымаць гарачую ежу. Жанчыны ішлі дабраахвотна працаваць у палявых кухнях і ў мэдслужбу. У месцах сталага знаходжаньня ваяроў такое становішча існавала да канца вайны. Атрады на пазыцыях ўвесь час забясьпечваліся хлебам, маслам, сырам, мясам, гарбатай, цукрам, мукой, кашай, гароднінай, цыгарэтамі.

Уся вёска Башын-кале, у якой было 30 гаспадарак і каля 130 жыхароў, брала ўдзел у вайне. Моладзь ваявала, старыя, жанчыны і нават дзеці працавалі дзеля фронту. Імі кіраваў камэндант Башын-кале Сайдзін Пяскаеў.

Цывільныя людзі куплялі па-за межамі Чачэніі баепрыпасы і зброю, а потым прывозілі яе ваярам. Чачэнская дыяспара ў арабскіх краінах і Турцыі падтрымлівала ўзброеныя сілы фінансава, з-за мяжы прыбывалі дабраахвотнікі.

У многіх мясцовасьцях цывільнае насельніцтва арганізоўвала масавыя акцыі пратэсту супраць расейскай акупацыі краіны. У раёне Курчалой на працягу многіх тыдняў працягваўся бесперапынны мітынг жыхароў вёскі, якія заблакавалі расейскую бранетанкавую калёну. Маніфэстацыі і мітынгі арганізоўваліся на ўсёй акупаванай расейцамі тэрыторыі, таксама ў Грозным. Гэта мела важнае прапагандысцкае значэньне.

Цывільнае насельніцтва выконвала гэтую працу, хаця ёй пагражаў перасьлед з боку фэдэральнай арміі. У адказ на дывэрсійныя акцыі і няўдачы на фронце расейцы рабілі масавы тэрор. Падчас гэтых акцый было забіта шмат маладых мужчын, якія ня мелі нічога агульнага з чачэнскім рухам супраціву. Іх выцягвалі з машын на блок-пастарунках, арыштоўвалі падчас аблаваў на вуліцах Грознага, у кватэрах і накіроўвалі ў фільтрацыйныя лягяры, адкуль яны ўжо не вярталіся. Бывала таксама, што расейскія снайпэры адкрывалі агонь у небаявых зонах па выпадковых мінаках на вуліцах Грознага.

Нягледзячы на моцную апазыцыю супраць улады Джахара Дудаева грамадзтва Чачэніі ў сваёй масе адмовілася ўдзельнічаць у псэўдавыбарах, арганізаваных адміністрацыяй рэнэгата Доку Заўгаева. У адміністрацыйныя інстытуцыі, утвораныя марыянэткавай уладай, а таксама ў міліцыю ўступіла шмат асобаў, зьвязаных з ваярамі. Такія людзі выконвалі распараджэньні легальных уладаў Чачэніі, сярод іншага праводзілі дывэрсійныя акцыі

 

Дывэрсійная вайна ў Грозным

Салман да вайны быў, скажам, кіроўцам. Усяму, што павінен ведаць дывэрсант, ён навучыўся з ваенных фільмаў і кніг. “Шаміль пайшоў на Будзёнаўск і распачаліся мірныя перамовы, Гелаеў аддаў мне загад утварыць дывэрсійную групу ў Грозным. У гарах засталіся мясцовыя людзі, горцы. Маёй радзімай ёсьць Грозны, я тут нарадзіўся і тут хацеў ваяваць. Было нас 15 чалавек. Зброі ніхто з нас з сабой не насіў. Пасьля акцыі мы складалі яе ва ўмоўленым месцы, а адтуль яе пераносілі ў хованку, дзе і складзіравалі. Штораз у іншым месцы. Гэтае месца ведалі толькі я і яшчэ адзін чалавек з атрада. Яго выбіралі так, каб нікому не было пагрозы, калі б яго знайшлі расейцы. Група ня ведала ані месца, ані таго другога чалавека, які ведаў, дзе знаходзіцца склад.

Пра заплянаваную акцыю ведалі толькі тры асобы. Выведку мы вялі на працягу трох дзён і нават даўжэй. Мы мяняліся, назіраючы за аб’ектам. Даведваліся пра тэрыторыю, пра навакольле, імёны праціўнікаў, іхныя вайсковыя званьні, навыкі, расклад дня, узбраеньне. Мы дакладна выведвалі дарогі падыходу да аб’екта і трасы эвакуацыі.

Падчас усяе вайны мы аніразу не знаходізіліся ў поўным складзе групы ў Грозным на працягу дня. Мы сустракаліся там, дзе не магло быць нікога пабочнага. Пра тэрмін сустрэчы хлопцы даведваліся ад двух нашых “кантактаў”, якіх трэба было рэгулярна наведваць. Усе даведваліся пра акцыю за гадзіну да яе пачатку і з таго моманту ніхто ня меў права пакідаць групу. Увесь час падрыхтоўкі да акцыі ніхто не начаваў у хаце. Пра месца начлега і месцазнаходжаньня кожнага з нас ня меў права ведаць нават ніхто з групы.

Наша група забіла каля 120 чалавек і зьнішчыла 10 машын, у тым ліку чатыры бранетранспарцёры і танк. Да таго адзін верталёт. Мы цалкам разграмілі чатыры блок-пастарункі, у тым ліку двойчы на раманаўскім мосьце на праспэкце Леніна ў Грозным. Мы рабілі такі ўдар, што расейцы выкапвалі потым тое, што засталося, экскаватарам. Наша тактыка была наступнай: разьбіваем блок-пастарунак з супрацьтанкавага гранатамёта, а аўтаматы могуць страляць хоць у паветра. Важна, каб патрапіць у амбразуру з гранатамёта альбо яшчэ лепш з агнямёту “Чмель”. Нашы страты – адзін забіты, Муслім Байгаеў з Барзой, тры параненых, два засталіся інвалідамі, прычым адзін застаўся з разьбітай паловай твару. Муслім зьнішчыў 20 бранемашын, з 50 мэтраў ён трапляў з гранатамёта проста ў мэту. Праз тры месяцы пасьля яго сьмерці нарадзіўся ягоны сын, якога назвалі Джахарам. Маці захавала радавое прозьвішча Дудаева, так што – Джахар Дудаеў жывы!

Перш за ўсё я імкнуўся, каб нашы акцыі не былі схематычнымі. Каб расейцы не маглі пралічыць наш почырк. Маўляў, партызаны зрабілі тое і тое, значыць зараз удараць тут. Таму я плянаваў акцыі, што вельмі адрозьнівалісяадна ад адной, уключаў элемэнт хаатычнасьці. Яны не маглі перадбачыць, што мы зробім наступным разам. Сёньня атака на блок-пастарунак, заўтра здымем з снайпэрскай вінтоўкі афіцэра, пасьлязаўтра яшчэ што-небудзь.

У Кастрычніцкім раёне Грознага дзейнічала толькі наша дывэрсійная група. Як міны мы выкарыстоўвалі фугасы ад 205-мілімэтровай гаўбіцы. Падрывалі іх радыёсігналам. Ва ўсіх былі дакуманты заўгаеўскіх міліцыянтаў, мы вольна хадзілі па тэрыторыі. Штотыдзень мы рабілі рэйды, падчас якіх выбіралі мэты. Мы не былі зарэгістраванымі ні ў якіх афіцыйных структурах. Пра нас ведаў толькі камандуючы фронту Гелаеў і камісар рэгіёна Давуд Ахмадаў”.

Група Салмана была вельмі добра ўзброеная. Частку зброі яны здабылі ў акцыях, частку закупілі. “Мы рабілі замахі на паасобных расейскіх афіцэраў. Стралялі з вінтоўкі, з глушыльнікам з вакна машыны, прыпаркаванай далёка ад мэты. Стралок упіраўся ў спэцыяльную падпорку і цэліў заўсёды ў галаву. Аднойчы мы забілі старэйшага лейтэнанта на пастарунку ў Маякоўскім квартале. Там жаўнеры былі асабліва азьвярэлыя, людзі іх аб’язджалі бочнымі дарогамі. Мы спыніліся на адлегласьці 300 мэтраў. Снайпэр патрапіў яму проста ў рот. Жаўнеры спачатку не зарыентаваліся. Толькі праз некалькі хвілін пачуліся крыкі, бязладная страляніна. Так гэта было.

Адным з найбольш умацаваных блок-пастарункаў у Грозным быў пастарунак у Чарнарэччы, пры выездзе з гораду на Урус-Мартан. Яго займалі найміты, якіх жыхары навакольных вёсак называлі “рыжымі сабакамі”. Яны цалкам заслужылі гэтую зьняважлівую мянушку. Пад прэтэкстам пошукаў зброі яны рабілі налёты на дамы, абрабоўваючы іх, кралі машыны, вымушалі плаціць ім хабар.

Аднойчы на сьвітанку група з пяці чалавек ударыла па пастарунку. Калі найміты выйшлі перад блок-пастарункам, пацягваючыся і пазяхаючы, мы адкрылі па іх агонь з аўтаматычнай зброі. На месцы загінулі 12. Потым мы адскочылі, прыкрываючы адыход – двое займаюць стралковую пазыцыю, трое адбягаюць, потым яны самы займаюць пазыцыю, прыкрываючы тых, што засталіся ззаду. Сітуацыя паўтараецца да моманту, калі ўсе адарвуцца ад пагоні. За дзьве-тры хвіліны мы маглі прабегчы так нават каля кілёмэтра і трымалі пры гэтым сітуацыю пад кантролем.

Асабліва мы палявалі на аднаго кантрактніка, які на “Урале” падвозіў на блок-пастарункі забесьпячэньне. Ён адмыслова наязджаў на легкавыя машыны, забіў некалькіх чалавек. Ён езьдзіў заўсёды ў хустцы на галаве, на маску прычапіў фірмовы знак “Мэрсэдэса”, а з боку меў надпіс “Салавей”. Мы доўга цікавалі, але ён заўсёды вылузваўся. Урэшце ён наляцеў на чыюсьці “Муху”. Галава вылецела праз вакно кабіны. Даціўкаўся салавей”.

 

Сакавіцкі штурм Грознага

На пачатку лютага 1996 г. перад прэзыдэнцкім палацам у Грозным узьнікла незвычайнае мястэчка з дошак і скрынак ад гародніны. Гэта была нібыта Чачэнія ў мініяцюры: на шыльдачках былі напісаны назвы многіх мясцовасьцяў, дзе адбыліся важнейшыя бітвы гэтай вайны. У гонар прэзыдэнта Дудаева мястэчка было названа Дукі-юрт. Дукі – так маці называла Джахара ў маленстве.

Над плошчай, Дукі-юртам і людзьмі, што сабраліся на мітынг, узвышаліся руіны палаца. Шыбы былі яшчэ закладзены мяхамі з пяском, на каменным цокале ляжалі жаўнерскія шынялі. Палац стаў сымвалам чачэнскага супраціву. Таму так упарта яго штурмавала армія Грачова.

На плошчы перад палацам увесь час мітынгавала каля тысячы чалавек. Палілі вогнішчы, гатавалі ежу і гарбату. Праз некалькі дзён плошчу абкружылі фэдэральныя войскі.

Раніцай 9 лютага групы людзей, які прыбывалі на мітынг з усіх куткоў рэспублікі, павінны былі прабівацца на плошчу перад палацам праз кальцо міліцыі і спэцназа. Каля поўдня нехта стрэліў у натоўп з гранатамёта – выбух паваліў чатыры асобы, два чалавекі загінулі. Праз паўтары гадзіны прагрымелі яшчэ два моцныя выбухі. Былі паранены яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку жанчыны. Калі сьцямнела, па людзях зноў стралялі з гранатамётаў. Сем асобаў былі паранены, адна загінула.

Раніцай 10 лютага на вуліцах, што вялі на плошчу, сабраліся тысячы людзей, якіх стрымліваў кардон міліцыі, войска і спэцыяльных аддзелаў МУС з бранемашынамі. Блакаду не ўдалося прарваць, і людзі распачалі мітынг на новым месцы. Тады спэцназаўцы ў масках пад’ехалі на бранемашынах і адкрылі па натоўпу беспарадачны агонь з аўтаматычнай зброі. Яны таксама кінулі ў людзей гранаты са сльлезацечным газам. Пад кулямі людзі выносілі на руках забітых і параненых. Абураныя людзі сабраліся гэтым разам на Тэатральнай плошчы, адкуль шэсьце рушыла на прэзыдэнцкі палац. І тады натоўп зноў быў абстраляны. Зноў былі забітыя і параненыя.

Так быў разагнаны гэты мітынг. А 13 лютага прэзыдэнцкі палац, сымвал чачэнскага змаганьня за свабоду, быў узарваны і зраўняны з зямлёй.

Дудаеў афіцыйна заявіў па тэлебачаньню, што калі акупацыйныя ўлады заатакуюць мірны мітынг у цэнтры Грознага, то будуць пакараныя фэдэральныя войскі, прарасейская апазыцыя і мафія Заўгаева. Генэрал Гелаеў успамінае: “Мы даведаліся, што ў Грозным быў разагнаны наш мітынг, што там забілі людзей. Разам з маімі паплечнікамі з батальёна Ісой Астаміравым і Мумадзі Сайдаевым мы распрацавалі плян атакі на Грозны. Мы паехалі да Дудаева. Я паклаў плян на стол. Дудаеў доўга раздумваў. Ён сказаў: ці ты ведаеш, на што вы рашыліся? Няма больш горада на сьвеце, дзе было б столькі войскаў. Нялёгка будзе ў яго ўвайсьці і нялёгка будзе зь яго выйсьці. Яшчэ цяжэй будзе там перамагчы. Я адказаў, што ўвайду ў Грозны і ведаю, як адтуль выйсьці. І што мы гатовыя там перамагчы”.

Джахар Дудаеў як галоўнакамандуючы падпісаў загад на штурм сталіцы. Апэрацыя атрымала крыптонім “Воўк” (па-чачэнску “Борз”). Атака была для расейцаў поўнай нечаканасьцю. Яны не маглі нават уявіць сябе, што Грозны можна захапіць. Горад быў грунтоўна ўмацаваны, аточаны трыма кольцамі фэдэральных войскаў. І ўсё ж чачэнцы апанавалі яго ўжо праз некалькі гадзін пасьля пачатку штурма. Апэрацыяй кіраваў генэрал Хамзат Гелаеў. “Для нас гэта быў вельмі важны момант – уступленьне ў Грозны. Мэтай акцыі было зьнішчэньне ўсіх стратэгічных аб’ектаў, прыдатных для адміністрацыі Заўгаева, і пакараньне людзей, адказных за крывавую расправу над мітынгам перад прэзыдэнцкім палацам”. Другую частку заданьня павінны былі выканаць мабільныя групы пакараньня, якія падпарадкоўваліся непасрэдна Гелаеву.

Чачэнскія атрады ўвайшлі ў Грозны з чатырох накірункаў. Іхнай задачай быў захоп прамысловага раёну і спаленьне ўсіх аб’ектаў, занятых акупацыйнымі ўладамі – раённага аддзелу МУС (РАУС), ваеннай камэндатуры, прэфэктуры. Група з 300 чалавек пад камандаваньнем Нурдзі Бажыева ўдарыла на Старапрамыслоўскі раён сталіцы. Яе галоўнай мэтай быў захоп Дома друку. Група Докі Умарава павінна была захапіць цэнтар сталіцы. Як кажа сам Умараў, “мы павінны былі нанесьці як мага большыя страты праціўніку, справакаваць паніку, абчысьціць банкі, забраць аўтамашыны і прадукты харчаваньня, бо мы галадавалі і далей не было магчымасьці так жыць”.

Доку Умараў, народжаны ў 1965 г., ад пачатку вайны ваяваў у спэцназе Гелаева. Джахар Дудаеў узнагародзіў яго ордэнам К’аман Турпал і прысвоіў яму званьне генэрала брыгады. Пасьля вайны ён стаў сябрам Рады Бясьпекі Чачэніі. Разам з Доку Умаравым ваявалі чацьвёра ягоных братоў – Ахмэд, Ваха, Іса і Муса, які загінуў у Горскім.

Ваяры праніклі ў горад, іх ніхто не заўважыў. Яны мелі на сабе расейскія мундзіры, і гэта дэзарыентавала фэдэральныя войскі. Расейцы часта ня ведалі, ці адкрываць агонь, а ваяры дакладна ведалі, якія аб’екты атакаваць. “Яны былі ў шоку і ня ведалі, адкуль па іх страляюць і куды яны самы павінны страляць. – успамінае Гелаеў. – Страты фэдэральных войскаў ішлі ўжо не на сотні, а на тысячы забітых. Мы зьнішчылі 74 бранемашыны і два верталёта. Мой штаб знаходзіўся ў Кастрычніцкім раёне, праз вакно я бачыў на адлегласьці 800 м расейскія танкі. Там стаяў танкавы полк, камандзёры якога адразу ж прыслалі нам ліст, дзе напісалі, што ня хочуць ваяваць з чачэнскім народам і ні ў чым не вінаватыя. Я добра запомніў прыніжальныя для нашага народу хвіліны, калі расейцы загадвалі людзям вывешваць белыя сьцягі. Гэтым разам я прымусіў танкавы полк зрабіць тое ж самае. Калі яны паднялі белы сьцяг, я загадаў ім падняць яшчэ адзін, бо першы кепска відаць. Яны паднялі і другі. Тады я запатрабаваў ад іх пісьмовай заявы з палкавой пячаткай аб тым, што яны больш ня будуць ваяваць з чачэнскай арміяй і народам. Яны перадалі мне такую заяву, паставілі пячатку, падпісалі. Гэта прачыталі многія ваяры, бачыў Дудаеў, цяпер яно ў тадышняга начальніка штаба Асламбэка Ісмаілава. Я з свайго боку таксама даў расейцам гарантыі бясьпекі”.

Лютыя баі адбываліся ў раёне расейскай ваеннай камэндатуры ў фабрычным квартале. “Мы адразу напаткалі там чатыры БТР, тры спалілі, чацьвёрты ад’ехаў і дыміўся. – кажа начальнік штаба палка “Воўк”. – На наступнай вуліцы мы зноў убачылі чатыры бранемашыны – два БТР, БМП і БРДМ. Мы зьнішчылі ўсе. З дзьвюх машын пасьпела выскачыць пяхота, пачала страляць. Мы ліквідавалі іх падчас бою. Начальнік штаба Байтаж загінуў у гэтым баі. З аднаго БТР, у якім сядзеў сьвярдлоўскі ОМОН, не хацелі вылазіць. Я заклікаў іх здавацца – калі хочаце, вылазьце. Калі не, то змагайцеся. Не страляйце. – кажуць яны, у нас параненыя. Выходзіць паасобку, зброю пакінуць унутры! Іхны камандзёр меў вялікі нож. Навошта табе такі нож? – пытаюся ў яго. Гэта ад дзеда... Я крыкнуў хлопцам: Байтаза забілі! Гэтых васьмярох з ОМОНу мы расстралялі”.

Пасьля захопу ваярамі сталіцы туды прыехаў прэзыдэнт Дудаеў. Сымвалам стаў факт, што кіруючы ў Грозным, ён выдаў некалькі дэкрэтаў. Расейцы контратакавалі з розных накірункаў, спрабуючы расьсекчы чачэнскія сілы на некалькі частак. Але іх з лёгкасьцю і вялікімі стратамі адбілі. Апэрацыя была разьлічана на тры дні. Але фактычна ўсе задачы былі выкананы на працягу першых сутак. “Гэтай апэрацыяй мы паказалі Расеі, што для нас няма нічога немагчымага. – мяркуе Гелаеў. – Мы захопім усё, што захочам. Іх папярэджвалі таксама, што мы не дазволім ім зьдзеквацца з нашага народу. Калі нават ня пойдзем на Будзёнаўск або Кізьляр, то знойдзем іншы спосаб. Па-трэцяе, мы паказалі, што апазыцыя не ўяўляе сабой рэальнай сілы і мы можам яе зьмясьці, калі для гэтага настане час”.

Прафэсіяналізм у падрыхтоўцы апэрацыі вымушаны былі прызнаць нават праціўнікі ваяроў з шэрагаў апазыцыі. “Мы пераканаліся, што ваяры, калі толькі захочуць, могуць зрабіць усё, нават вярнуць свайго правадыра на трон. Можна было пазайздросьціць іхнай здольнасьці арганізацыі і выкананьня. Сваечасова падвозілася на “УАЗах” забесьпячэньне. Іхных палеглых абразу зьбіралі па ўсім горадзе машыны, параненых адразу дастаўлялі ў раённыя апэрацыйныя штабы, падрыхтаваныя заранёў. Яны мелі падрыхтаваныя месцы для палонных. Яны ведалі радыёкоды і крыптонімы мясцовай міліцыі і хватка заваблівалі нас у пасткі або цалкам дэзарыентавалі”.

Некаторыя атрады змагаліся ў Грозным дзевяць дзён. У горад увайшло каля 2100 чалавек, потым да іх далучаўся кожны, хто меў ахвоту паваяваць.

13 сакавіка аддзелы палка “Воўк” выходзілі з Грознага праз Андрэяўскую даліну. Ваяры спаткалі атрад казакаў, якія накіроўваліся ў баявым настроі ў горад. Гэта былі найміты са знакамітага казацкага батальёна імя генэрала Ярмолава. Не было нічога, што магло яшчэ больш раз’юшыць чачэнцаў, чым той казацкі батальён і ягоная назва. “Ехалі два БТР, танк і два грузавікі ГАЗ-66. – успамінае Іса Мадашаў. – Усе п’яныя, гарланяць, на першай бранемашыне сьцяг. Гэта была іхная выведка. Мы чакалі іх, схаваўшыся пад трубамі цеплацэнтралі. У нас было шмат здабытай зброі, па два-тры ствала на кожнага. Усе машыны мы зьнішчылі адным ударам, машыны, поўныя людзей. Танк уцёк, на зямлі засталося пяцьдзесят казакоў. Потым яны спрабавалі штурмаваць нас, каб забраць сваіх параненых. Мы білі па іх здалёк з гранатамётаў”.

Чачэнцы страцілі падчас усёй сакавіцкай апэрацыі васьмёра забітых.

 

Крэпасьць Бамут

“Бессьмяротная крэпасьць Бамут”, як назваў гэтую вёску Дудаеў, мела толькі адну вуліцу і 7 тысячаў жыхароў. Абарона Бамута, які 16 месяцаў змагаўся ў абкружэньні, стала легендай той вайны.

Пра Бамут, аб які расейцы паламалі сабе зубы, пачалі распаўсюджвацца дзіўныя зьвесткі. СМІ паведамлялі, што яго абараняе нейкі “спэцыяльны” спэцназ Дудаева. Пазьней яны дадалі, што там абараняюцца муджахэдзіны з Аўганістану. Паводле адных крыніцаў, абаронцы “непрыступнай крэпасьці” падбівалі бранемашыны лазэрнай зброяй, паводле іншых – яны хаваліся ад бомбаў у гіганцкіх падземных бункерах былой ракетнай часткі або ў шахтах, што засталіся ад балістычных ракет.

Рэчаіснасьць была празаічнай. Бамут – звычайная вёска, якіх у Чачэніі шмат. Калі яна і адрозьнівалася ад іншых, то толькі тым, што яе жыхары вырашылі весьці бескампрамісную барацьбу з расейскімі войскамі, не лічачыся з коштам змаганьня.

З Бамута паходзіў славуты барацьбіт за свабоду Чачэніі Хамзат Ханкараў. Шмат маладых жыхароў вёскі, якія служылі ў ягоным спэцбатальёне, пазьней сталіся камандзёрамі атрадаў паспалітага рушэньня. Салават Хазауры быў першым вайсковым камэндантам Бамута, Салман Фэрзаулі – камэндантам вёскі Аршты, Хасан Амрыеў абараняў Асінаўскую, Шырвані Албакаў выконваў абавязкі начштаба паўднёва-заходняга фронта.

Абаронцы вырашылі ваяваць не ў самой вёсцы, а на далёка высунутых пазыцыях. Чачэнскія сілы падзяліліся на баявыя групы з некалькіх чалавек, якія рассыпаліся ва ўсе накірункі. Вёска знаходзілася пад сталым артабстрэлам, таму ваяры не зьбіраліся ў адным месцы. Пазыцыі былі дасканала замаскаваныя, людзі перасоўваліся толькі ўначы.

Невялікія групы, разьмешчаныя ў навакольлі, увесь час атакавалі фэдэральныя войскі, што абкружылі Бамут. Расейскія пазыцыі абстрэльваліся прыцэльным агнём. Увесь час чачэнцы мініравалі дарогі і масты, праводзілі дывэрсіі, і нават нечаканы абстрэл з мінамётаў, на расейцаў палявалі снайпэры, якія рэгулярна заходзілі ў тыл ворага – усё гэта ў хуткім часе здушыла ініцыятыву праціўніка.

Калі жыхары пакінулі Бамут і перайшлі ў суседнюю вёску Аршты, абаронцы зьмянілі баявую тактыку. Вёску падзялілі на сэктары і кожны зь іх быў перададзены адному з абарончых атрадаў. На ўскрайку забудовы знаходзіліся невялікія групы, а асноўныя сілы разьмяшчаліся ў цэнтральнай частцы Бамута. Усе пазыцыі былі так замаскаваны, што вёска здавалася пустой. Галоўным мэтадам бою стала контратака. Праціўніка запускалі на тэрыторыю, кантралюемую ваярамі, а потым наносілі яму цяжкія страты і выціскалі яго прэч. На працягу ўсяго часу гераічнай абароны Бамута там былі зьвязаныя значныя расейскія сілы, што абмяжоўвала магчымасьць манеўра фэдэральных войскаў.

Расейцы захапілі Бамут пасьля крывавага трохдзённага штурма 22 сакавіка 1996 г. Ваяры адышлі на падрыхтаваныя лясныя базы ў гарах. Генэрал Анатолі Квашнін адразу ж заявіў, што гэтая перамога азначае канец вайны. Такім чынам расейцы перамагалі ў Чачэніі ўжо ў чацьвёрты раз. Першы раз яны абвясьцілі перамогу пасьля “узяцьця Рэйхстага” Дудаева, г. зн., прэзыдэнцкага палацу. У другі раз – калі ваяры адступілі з Грознага. У трэці раз – калі фэдэральныя войскі занялі ўсю раўнінную частку рэспублікі.

Да перамогі, аднак, было далёка. Ваяры вярнуліся ў Бамут у хуткім часе, на пачатку жніўня 1996 г.

 

Гойскае

Аднойчы ўвечары сустрэліся трое братоў. Адным зь іх быў камандзёр сэктара фронту Нурдзі Бажыеў. Два астатнія былі камандзёрамі батальёнаў. Нурдзі запрасіў братоў на вячэру ў вёску Гойскае.

Мужчыны селі за стол. Толькі Нурдзі ведаў, што праз кароткі час расейцы пачнуць штурм вёскі. Калі яны пачалі есьці, упалі першыя снарады.

Расейцы абкружылі Гойскае 14 сьнежня 1995 г. Пад’ехалі 10 танкаў і бранемашын з боку Урус-Мартана і 10 з Гойт. У вёсцы тады было васьмёра ваяроў з Мусой Бакаевым. Яны мелі дзьве “Мухі”, пяць снарадаў да двух бранябойных гранатамётаў, снайпэрскую вінтоўку і кулямёт. Калі расейцы ўвайшлі ў вёску, чачэнцы сустрэлі іх, спаліўшы чатыры бранемашыны. Пачалася паніка, бранемашыны пасунуліся назад, жаўнеры паўцякалі, кінуўшы два АГС, два кулямёты і два “Фаготы”. Потым на працягу двух месяцаў яны пагражалі вёсцы здалёк.

Увесну 1996 г. у рэспубліку ўступіла расейская 58-я армія генэрала Шаманава, якая ў папярэдніх баях практычна страціла баяздольнасьць. Цяпер яна атрымала падмацаваньні, павысіла колькасны склад да амаль 80 тысячаў чалавек, і з такім запасам сьвежай крыві генэрал Шаманаў распачаў свой ярмолаўскі рэйд па рэспубліцы. У абозе ён цягнуў з сабою, паводле дадзеных чачэнскай выведкі, 28 ракетных установак “Град” і 18 дальнабойных гармат. Расейцы спярша абкружылі Шалі. Але пакуль прыступілі да штурма, паспрабавалі расправіцца з абкружанай на працягу доўгага часу вёскай Гойскае.

Абаронцы ня мелі ілюзій, што ім удасца ўтрымаць вёску. Надта няроўнымі былі сілы па абодвух баках: на кожнага абаронцу вёскі прыходзілася адна расейская бранемашына! Людзі налічылі іх у раёне Гойскай каля 250. Абарона Гойскай павінна была, аднак, абвергнуць сьцьверджаньні Ельцына аб тым, што ў Чачэніі ўжо не ідуць баі.

На становішча абаронцаў, якіх падтрымала вясковая старшызна, паўплывалі паводзіны камандуючага той апэрацыяй расейскага генэрала Кандрац’ева. Падчас перамоваў са старшызнай генэрал праявіў выключную адсутнасьць павагі і сваеасаблівую салдафонскую пыху. Ваяры вырашылі даць яму ўрок. Адно з заданьняў, пастаўленых Дудаевым, гучала: “Абламаць расперазанаму генэралу рогі і сьцерці пыху зь ягонай прапітай фізіяноміі”.

Бітва за Гойскае заслугоўвае асаблівай увагі і аналізу як адзін з найбольш тыповых прыкладаў баёў на раўнінах. У вёсцы сканцэнтраваліся ў той час каля 200 ваяроў. Туды перакінулі таксама Ахмэда Закева ў якасьці камандуючага.

Генэрал брыгады Ахмэд Закаеў перад вайной быў акторам драмтэатра ў Грозным. Потым стаў міністрам культуры ва ўрадзе Джахара Дудаева. Ён быў адным з нямногіх міністраў, якія засталіся вернымі прэзыдэнту пасьля выбуха вайны. Ён ваяваў са зброяй у руках, стаў камандзёрам атрада, а з часам заняў пасаду камандуючага фронтам.

4 красавіка 1996 г. расейцы гвалтоўна атакавалі Гойскае. Яны паспрабавалі прарвацца ў вёску з усходу, але хутка адступілі пасьля страты некалькіх бранемашын. Пачакалі на новыя аддзелы, што падыходзілі з усяго навакольля, перагрупавалі сілы і зноў ударылі на золку наступнага дня.

Расейцы меркавалі рассекчы вёску на дзьве часткі імклівым ударам танкавага кліна, утворанага на малым участку абароны. Каб не дапусьціць гэтага, чачэнцы мусілі ўтрымаць танкі, якія ўжо прайшлі праз абарончыя лініі і знаходзіліся сярод дамоў. За бітвай назіраў з пагорку непадалёк камандуючы фронтам Хамзат Гелаеў. І... нехта яшчэ.

-- Нурдзі, выходзь з вёскі, зараз яны цалкам абкружаць цябе! – крычаў па кароткахвалёўцы Гелаеў.

-- Я ня выйду! – заўпарціўся Бажыеў.

-- І так не дасі ім рады. Лепш выхадзі!

-- Не, я хачу набіць ім морду!

Хацеў ці не хацеў, але Гелаеў з свайго НП інфармаваў Бажыева, куды рухаюцца танкі. А той, кіруючыся інфармацыяй, бегаў між дамоў з гранатамётам. Урэшце ён падпаліў першы танк.

-- Ёсьць першы трафей! – зароў ён па радыё. – Красаўчык і тры аўтаматы!

Раптам у эфіры прагучала знаёмае, іранічнае “хе-хе-хе!”

-- Ангел, ці гэта ня наш чорт? – спытаў ўражаны Нурдзі. (Ангел – крыптонім Гелаева).

Адбіваючы расейцаў, абаронцы спалілі 18 бранемашын. Апошні БМВ, якога не змаглі затрымаць, бо скончыліся снарады да гранатамёта, выехаў на насып чачэнскага акопа. Тады два ваяры – адным зь іх быў сын Мусы Бакаева Алісан – праз люкі шпурлянулі туды “лімонкі”. Убачыўшы бранемашыну, які ўскараскваўся на лінію акопаў, Муса Бакаеў кінуўся на дапамогу з пісталетам у руцэ. Побач зь ім бег ягоны лепшы сябра Хамзат Базаеў. У іх пад нагамі разарвалася міна. Хамзат быў сьмяротна паранены аскелкам у галаву. Бакаева з 74 аскелкамі ў целе таксама палічылі мёртвым. Калі ён прышоў ў сябе, праз два дні яго перавезьлі ў шпіталь ва Урус-Мартане. Ён лячыўся чатыры месяцы. Страты чачэнцаў у тым баі былі трое забітых. Замест параненага Бакаева камандваньне палком спэцназу прыняў Абубакар Магамадаў.

Дудаеў аддаў загад, каб атрады з рэзэрваў – батальёны спэцназу Умарава, Ісабаева і Лабазанава – ударылі звонку на расейцаў, якія штурмавалі вёску. Бой працягваўся да цемры. Калі пачало цямнець, расейцы адступілі, пакідаючы сваіх параненых і забітых. Многія патрапілі ў палон. Чачэнцы страцілі ў тым баі яшчэ 12 чалавек. Быў забіты брат Докі Умарава Муса. Загінулі Магамэд Ітаеў і Муса Базарчыеў. Загінуў Вісхан Дудаеў, стрыечны Джахара. Гэта быў адзін з 27 бліжэйшых родзічаў прэзыдэнта, якія загінулі ў той вайне.

-- Чаму называеш свайго прэзыдэнта чортам? – спытаў Дудаеў, калі спаткаўся з Нурдзі Бажыевым.

-- А навошта прэзыдэнт зьяўляецца там, дзе ідуць цяжэйшыя баі? – быў адказ. – Лепш сядзі сабе ў штабе і кіруй дэфіладай.

-- А вы для мяне хаця кавалак горада захапілі, каб я мог выцягнуць ногі? Зрабілі з мяне лесьніка...

Джахар Дудаеў заявіў, што ў Гойскім ён дасягнуў сваю мэту – прадэманстраваў, што расейская прапаганда хлусіць, калі кажа, што ўсе чачэнскія вёскі заключылі мірныя пагадненьні з камандаваньнем фэдэральных войскаў, ніводная з чачэнскіх мясцовасьцяў не аказвае ўжо супраціву і расейцам няма з кім ваяваць. Аказалася, што 80-тысячная армія Шаманава ня ў стане даць рады з адной чачэнскай вёскай, якую абараняюць некалькі сотняў ваяроў.

27 красавіка 1996 г. расейцы ў чарговы раз пачалі штурм Гойскага. На сьвітанку прыляцела больш за 30 самалётаў, якія амаль поўнасьцю сьцерлі вёску з паверхні зямлі. Потым на працягу гадзіны яе абстрэльвалі ракетамі з верталётаў. Потым дашла чарга да артылерыі. Кананада працягвалася дзьве гадзіны. Урэшце ў руіны ўварваліся жаўнеры на бранемашынах. Зноў разгарэлася пекла. За нечалавечымі намаганьнямі фэдэральных войскаў сачылі з усьмешкай чачэнскія камандзёры і ваяры, якія сабраліся высака на адхоне гары пад Саады-катар. Расейцы ня ведалі, што ў вёсцы няма аніводнага ваяра, што ўсе яны адступілі пад прыкрыцьцём начы і жаўнеры ваююць з ценямі, штурмуючы пустыя дамы і акопы. “Усё там было замініравана, бранемашыны ўзьляталі ў паветра, і тады яны ішлі на штурм яшчэ больш зацята”. – распавядае Дока Умараў.

Усю вёску дакладна замініраваў сапёр Гелаева Эльмурза. “Я мініраваў танкавымі снарадамі і снарадамі, якія не выбухнулі, выкарыстоўваючы электрадэтанатары ўласнай канструкцыі, прымацаваныя да батарэяк у 9 вольтаў. Я назіраў за вынікамі сваёй працы з гары каля Саады-катар. Расейцы ўехалі ў Гойскае на бранемашынах, а потым забеглі ў траншэі, выкапаныя паміж Гойскім і Алхазуравым. Штохвіліну бачныя былі выбухі мін. Яны не зарыентаваліся, што акопы замініраваны. Думалі, што іх абстрэльвае наша артылерыя. Жаўнеры звычайна шукаюць расцяжкі, а я мініраваў зусім інакш. Уся інсталяцыя была схавана на дне або ў сьцяне акопа. Я выкарыстоўваў націскавы кантакт, які спрацоўваў, калі на яго наступалі нагой”.

 

Гром з яснага неба

Сьмерць Дудаева была для чачэнцаў, як гром зь яснага неба. Здавалася, што прэзыдэнт, адораны непараўнальнай інтуіцыяй і амаль цудоўным дарам глядзець у будучыню, знаходзіцца па-за ўзьдзеяньнем расейскіх спэцслужбаў, якія палявалі на яго шмат гадоў. Адразу паўстала легенда, што Джахара не забілі, а ён зьнік са сцэны, каб аблягчыць мірныя перамовы з расейцамі. Ельцын паскардзіўся перад мільёнамі тэлегледачоў: “Гэты сіямскі кот ужо двойчы назваў мяне лохам”.

Спачатку расейцы маўчалі, што яшчэ больш узмацняла разгубленасьць. Крэмль, здавалася, быў уражаны зьвесткай пра сьмерць Дудаева. Урэшце расейскія спэцслужбы паведамілі, што Дудаеў быў забіты падчас пятага замаху на ягонае жыцьцё. Яго забіла пэленгацыйная ракета тыпу 072 клясы “паветра-зямля”, якая была накіравана на спадарожнікавы тэлефон прэзыдэнта.

Расейскія ўзброеныя сілы маюць ракеты, якія выкарыстоўваюцца для зьнішчэньня мэтаў з вялікай дакладнасьцю. Іхнай галоўнай задачай ёсьць дакладны ўдар, напрыклад, у антэну радара. Прагучалі, аднак, выказваньні экспэртаў, якія адкідвалі магчымасьць навядзеньня ракеты на мэту пры выкарыстаньні сігнала спадарожнікавага тэлефона. Выпраменьваньне ад тэлефонных апаратаў настолькі слабое і настолькі канцэнтраванае і пры гэтым арыентаванае дакладна на спадарожнік, што самалёт можа знайсьці яго толькі ў выпадку, калі натрапіць на сам прамень. Дзеля таго трэба ўвесь час трымаць разьведсамалёт у паветры, каб абследваць тэрыторыю. Характэрны гул расейскага “самалёта-шпіёна” было чуваць за шмат кілёмэтраў. Цяжка меркаваць, што Дудаеў, вопытны лётчык, легкадумна паставіўся б да гэтага сігнала і працягваў бы карыстацца спадарожнікавым тэлефонам.

Сумніў, здаецца, абвяргала жонка прэзыдэнта Ала, якая была непасрэдным сьведкам апошніх хвілінаў Джахара Дудаева.

“У той вечар мы паехалі, каб на прыродзе правесьці дзьве кароткія размовы. Аднак папсаваўся доўгі дрот антэны, таму трэба было паставіць тэлефон на капот машыны і стаць побач. Джахар патэлефанаваў на радыё “Свабода” і Курбанаў зачытаў заяву. Я прасіла Джахара, каб ён дазволіў мяне прачытаць мае вершы, але ён адказаў: “Іншым разам”. І папрасіў, каб я адышла ад цясьніны мэтраў на дваццаць. Пасьля размовы з радыё “Свабода” Джахар патэлефанаваў Баравому (Канстанцін Баравы – расейскі палітык, дэпутат Дзярждумы). Калі яны размаўлялі, я зьвярнула ўвагу на нейкі голас у глыбіні цясьніны. Мне здавалася, што там сьпявае ці плача нейкая птушка і я нахілілася, каб убачыць яе. Менавіта ў гэтае імгненьне ззаду прагучэў ня надта громкі выбух, нібыта гранаты, але мяне ўдарыла хваля і я ўпала. Нават пасьпела падумаць – толькі б хлопцы не пацярпелі ад гэтага глупства. Толькі я ўстала, на мяне кінуўся Муса і прыціснуў маю галаву да зямлі. Адразу ж адбыўся выбух, гэтым разам моцны, і грукат самалёта.

Я пабегла да таго, што засталося ад машыны, а яны ўсе ляжалі побач зь ім, прысыпаныя зямлёй. Хлопцы адкапалі Джахара. Ваха Ібрагімаў быў ужо мёртвы, Курбанаў мёртвы, а Джахар, як падалося нам, яшчэ жыў. Ён быў без пілоткі, рукавы мундзіра былі абарваныя. На ім не было курткі, хаця ён стаяў каля машыны ў куртцы. У яго былі крыху абпаленыя валасы і вусы, на руках былі невялікія раны ад аскелкаў шкла. Твар быў засыпаны нейкім жоўтым парашком і валасы таксама. На галаве ў Дукі, ззаду я намацала вялікую рану – на тры пальцы. Зь яе цякла кроў, але я падумала, што яго яшчэ можна выратаваць. Разам з хлопцамі я перанесла яго ў другую машыну і мы паляцелі ў вёску. Увесь час я трымала яго галаву на каленях, каб яму не было балюча, і супакойвала яго.

Мы прывезьлі Дукі у асобны дом непадалёк ад Чэхі-чу. Мэдсястра сказала мяне, што ён жывы. Але калі пачалася бамбардоўка і ўсе пахаваліся ў сутарэньне, я падумала – чаму Дукі пакінулі наверсе, калі ён жывы? Выйшла да яго і зразумела, што ён быў мёртвы з самага пачатку, ад першай хвіліны, толькі павольна астываў”.

Паводле паведамленьня адмысловай дзяржаўнай камісіі, скліканай новым прэзыдэнтам Зэлімханам Яндарбіевым, Джахар Дудаеў загінуў 21 красавіка каля 19.00 у выніку ракетнага ўдару на ўскраіне вёскі Гэхі-чу. Ракета была нікіравана на прамень спадарожнікавага тэлефона, па якім размаўляў прэзыдэнт. У гэты момант адбыўся выбух ракеты, у выніку чаго загінулі прэзыдэнт, ваенны пракурор Магамэд Жамаеў і прадстаўнік прэзыдэнта ў Маскве Хамзат Курбанаў.

Яндарбіеў даведаўся пра драму раніцай наступнага дня. Ён знаходзіўся ў суседняй вёсцы. Ён сабраў Камітэт Абароны Дзяржавы, сяброў парляманту і камандуючых франтамі. Яны абмеркавалі сытуацыю і прынялі заяву. Тады ж, у адпаведнасьці з канстытуцыяй, было прынята рашэньне аб уступленьні Яндарбіева на пост прэзыдэнта Чачэніі. Новы прэзыдэнт прысутнічаў на пахаваньні Дудаева, ўначы і ўдзень знаходзіўся каля яго цела. Месца пахаваньня было вырашана трымаць у таямніцы, каб “не спакушаць варвараў”.

Сам прэзыдэнт Яндарбіеў ледзь не загінуў ад расейскай ракеты, скіраванай на ягоны спадарожнікавы тэлефон. Атака была праведзена 6 траўня. Калі ён закончыў размову і паклаў слухаўку, пачуліся выбухі. Першая з ракет патрапіла ў дом, аддалены на 80 мэтраў, другая ўпала яшчэ бліжэй. Загінуў адзін чалавек, пяцёра было паранена. Расейцы ня могуць патрапіць дакладна, калі мэта знаходзіцца ў жылым раёне, дзе ёсьць шмат крыніцаў энэргіі. – кажа прэзыдэнт. – Здаецца, гэта можа паўплываць на палёт ракеты. А ў чыстым полі дакладны ўдар ёсць магчымы. І так загінуў Дудаеў. Паводле нашых дадзеных, на тыдні, калі адбыўся замах, у Грозным было катэгарычна забаронена карыстацца спадарожнікавай сувязьзю. На тэрыторыі, дзе Джахар звычайна выходзіў на сувязь, на працягу ўсяго тыдня ўся электраэнэргія была адключана”.

На думку Яндарбіева, у арганізацыі нападу на прэзыдэнта Дудаева расейцам дапамаглі амэрыканскія спэцслужбы. “Як тэлефон Джахара, так і спадарожнік, на які быў арыентаваны апарат, былі амэрыканскія. Джахар заўсёды казаў, што расейцы ня могуць кантраляваць амэрыканскі спадарожнік. Таму часам забываўся пра асновы бясьпекі. Ён спадзяваўся, што амэрыканскія спэцслужбы ня здольныя на такую гнюснасьць”.

 

Маняўровая вайна

Увесну 1996 г. расейцы кінулі тры брыгады на групоўку чачэнскіх войскаў у Нажай-юртаўскім і Вядзенскім раёнах. Ня надта вялікія атрады ваяроў павінны былі адступіць перад гэтай навалай. “Мае хлопцы былі змучаны двума тыднямі цяжкіх баёў, галодныя, мокрыя, мелі парэшткі баяпрыпасаў. – успамінае Хункар-паша Ісрапілаў. – Кожны меў толькі адзін камплект амуніцыі, у запасе заставаўся адзін камплект патронаў. Засталося толькі чатыры камплекта гранат для гранатамётаў. Я зразумеў, што ніякай вайны тут не атрымаецца, трэба ратаваць атрады. Я аддаў загад усе запасы перавезьці машынамі ў Бяной. У гэты час расейцы абстрэльвалі і ўжо поўнасьцю кантралявалі адзіную дарогу, якая заставалася. Аднак, машынам удалося прарвацца. Мы адыходзілі гарамі, амаль босыя, усе мелі абутак, падвязаны вяроўкамі.

Я хацеў высьветліць, дзе расейскія сілы былі найменшымі, каб ударыць на гэтым участку. Расейцы былі паўсюль вакол нас, сувязь абарвалася, пачалася паніка. Мы цэлыя суткі сядзелі на лысай гары, елі баярышнік. Урэшце выведчыкі прынесьлі зьвестку, што ў Саясане фэдэральныя войскі стаяць толькі на ўскрайку вёскі. Мы вырашылі ўдарыць туды. У Енгеной я расставіў пастарункі, і мы паспалі некалькі гадзінаў, хаця праціўнік быў на адлегласьць стрэлу. Трэба было апярэдзіць расейскую калёну і прыйсьці ў Бяной раней за яе.

А чацьвёртай уначы праваднікі павялі нас у бок Бяной. Мы дайшлі да чачэнскіх пазыцый. Відовішча было непараўнальнае – пасярод дарогі ў адным акопе сядзела каля дзесяці хлопцаў па васямнаццаць гадоў, без гранатамёта. Акоп без падыходу і адыходу. Бало страшна на яго глядзець – дзеці супраць танкаў. Хто вас сюды паставіў? – пытаюся я. Камандзёр. Я выклікаў гэых камандзёраў, якія самы акапаліся на фланзе. Пытаюся – чаму дзеці акапаліся на дарозе, а вы ў тыле? А ты хто такі? А я камандуючы гэтага фронту! Гэтыя дзеці сказалі мяне – Хункар, мы не адступім, толькі дай нам гранатамёт. Я ім даў яго, паказаў, як направіць акоп. Кажу – усяроўна іх не затрымаеце, вам трэба адыходзіць. А яны – Хункар, мы хаця колькі разоў стрэлім, а потым адступім. Ну, добра, зрабіце залп, а потым бягом у горы! Яны зрабілі дакладна так, як мы абгаварылі. Потым яны далучыліся да майго атраду. Я іх паслаў на базу на курс навучаньня, каб дарма не гінулі.

Мы акапаліся і расейцы не занялі Бяной. Адзіную дарогу мы замініравалі. Яны там страцілі некалькі бранемашын і ўсталі. Баяліся ехаць далей, пачалі перамовы з старымі, а гэта азначала выйграны час. Хамбіеў узарваў буравую вежу, каб уразіць іх. Яны такога яшчэ ня бачылі – нафта цячэ па дарозе. Пачалі гэтае месца бамбардаваць, абстрэльваць ракетамі.

Шаміль Басаеў паведаміў, што страціў Цэнтарой і адыходзіць у Дарго. Ведзяно было аточана. Пасьля цяжкага марша мы выйшлі на Алерой. Пачаліся манеўры на раўніне. Калі расейцы займалі недзе пазыцыю, я наносіў па іх удар. Калі яны наступалі – я адыходзіў. Яны не маглі мяне прыхапіць. Мы ў той час атакавалі Курчалой, Гудэрмэс, Аргун – дзе я раззброіў усю міліцыю. Адзін батальён я аддаў Шамілю.

Аднойчы яны абкружылі мяне ў Алерой. Я вывеў свае галоўныя сілы на хрыбет, у вёсцы пакінуў толькі малы атрад, каб прымусіць расейцаў рабіць штурм. Яні патрапіліся на прыманку і вырашылі абыйсьці вёску па хрыбце. А мы там іх ужо чакалі. Мы мелі здабытыя БМП, стралялі па іх з боку сонца, каб яны не маглі зразумець, адкуль па іх вядзецца агонь. За дзьве гадзіны мы разьбілі там два іхныя батальёны. А ў цэлым сытуацыя тады была няпростая. Шмат камандзёраў пагалілі бароды, узялі даведкі аб здачы зброі, пачалі рыхтаваць замежныя пашпарты, пачаліся гулі-люлі з апазыцыяй. Масхадаў фактычна знаходзіўся ў падпольлі”.

 

Чачэнцы ў Крамлі

-- Аллаху акбар! – крыкнуў Шырвані Масхадаў, брат Шаміля, уваходзячы ў Георгіеўскую залю маскоўскага Крамля, якая зьзяла золатам і бельлю мармура. Чачэнская ахова падняла кулакі ў знак перамогі. Ахова прэзыдэнта Ельцына схапілася за пісталеты.

-- Басайчык, мы цябе ўжо не аддамо... – сказаў зь ядавітай усьмешкай Ельцын. Ён быў відавочна нападпітку. -- Гэта ня той Басаеў, гэта ягоны брат Шырвані! – пасьпяшаўся на дапамогу дарадчык прэзыдэнта.

-- Какая разніца! Там “шэ” Басаев і тут “шэ” Басаев. – пажартаваў Ельцын, мабыць, адкрываючы адну з найвялікшых таямніц Імпэрыі: чалавек ня лічыцца, статыстыка важней.

Ельцын прыняў чачэнскую дэлегацыю ў Георгіеўскай залі Крамля. Сымволіка была празрыстая: перамовы з “бандыцкімі фармаваньнямі” адбываліся ў адным з найбольш парадных памяшканьняў Расеі, дзе ўсе элемэнты сплываючых золатам дэкарацыяў крычалі аб трыюмфе расейскай арміі. На сьценах былі бачныя шыльды з прозьвішчамі герояў напалеёнаўскай вайны, імпэратарскія арлы, георгіеўскія крыжы, вышэйшыя ваенныя ўзнагароды імпэрыі. І ўсё ж – усё гэта загучала фальшывай нотай. Георгіеўская заля стала сцэнай вялікай перамогі купкі ваяроў. У залі засядалі ўпершыню ў гісторыі камандзёры арміі, якую ня здолела перамагчы Расея. Прадстаўнікі народу, якога Расея ня здолела зламіць. Зьдзейсьнілася мара ўсіх чачэнцаў, якія ўступілі ў няроўны бой: зялёны сьцяг з ваўком, які ляжыць пад месяцам, залунаў у маскоўскім Крамлі. Чачэнская дэлегацыя спазьнілася на спатканьне на дзьве з паловай гадзіны. Расейцы надта позна падалі самалёт у Грозным.

-- Вы спазьніліся на столькі часу, а нават прэзыдэнты найвялікшых дзяржаваў не дазваляюць сабе і пяці хвілінаў спазьненьня. – скрыгатаў зубамі Ельцын.

-- Спазьненьне просім прабачыць. – адказаў прэзыдэнт Яндарбіеў. – Але гэта вы займаліся самалётам.

-- Добра, я гэта высьветлю. – паабяцаў Ельцын пагрозьлівым тонам.

-- А калі высьветліце, то хто тады будзе прасіць у нас прабачэньня? – спытаў Яндарбіеў, але не дачакаўся ані адказу, ані – пазьней – прабачэньняў.

-- Мы маем сьмеласьць ня толькі спазьняцца. – сказаў адзін з чачэнцаў. – Мы маем сьмеласьць ваяваць з вамі.

Увесь візыт чачэнскай дэлегацыі ў Крамлі складаўся з інцыдэнтаў, якія павінны ўвайсьці ў аналы дыпляматыі. У гэтых дробных здарэньнях, як у кропельцы вады, адлюстравалася праўда аб істоце ўлады, якая кіруе 250 мільёнамі людзей. Яны ілюструюць канфлікт дзьвюх маралей, двух разуменьняў праўды, волі і асноваў гонару.

-- Ельцын павітаў нас словамі “сядайце... даваяваліся!” – распавядае са сьмехам Зэлімхан Яндарбіеў. – Я адмовіўся. Нашай дэлегацыі вызначылі месцы насупраць каманды Докі Заўгаева. Такім чынам Ельцын выступаў як гаспадар, што мірыць два супраціўных бакі. “Сядайце!” – зноў скамандваў Ельцын сваім барытонам. Я прыгразіў, што пакіну залю. Ён тады саступіў. Мы ўселіся насупраць адзін аднаго, а дэлегацыя Заўгаева сядзела разам з расейскім бокам на самым канцы стала.

Набліжаліся прэзыдэнцкія выбары ў Расеі, Ельцыну быў патрэбны мір у Чачэніі. Міра хацелі ўсе, так што нічога дзіўнага, што яшчэ ў той самы дзень было падпісана пагадненьне аб спыненьні агню. Адразу пасьля гэтага Ельцын сеў у самалёт і паляцеў у Грозны. “Нечаканы візыт Ельцына ў Чачэнію ёсьць вялікай памылкай прэзыдэнта. – пісалі пазьней расейскія газэты. – Вылятаючы патаемна да айчыны чачэнцаў, Ельцын дэманстраваў ім сваю непавагу. Ён даў гэтым падставы для падозраў, што пакінуў у Маскве Яндарбіева ў ролі закладніка. Гэты крок адразу ж разьвеяў давер да яго намераў”.

Седзячы пад аховай у дачы Сталіна ў Кунцаве, Зэлімхан Яндарбіеў убачыў расейскага прэзыдэнта па тэлебачаньню. Той выступаў у краіне, у якой загінула 85 тысячаў цывільных жыхароў, як сьцьвярджаў Крэмль – грамадзянаў Расеі.

-- Рух супраціву поўнасьцю разгромлены. – пераконваў Ельцын. – Яго галоўныя сілы – гэта найміты, супраць якіх ваююць нявопытныя расейскія хлопцы.

Чачэнская дэлегацыя была ўражана. Ельцын віншаваў расейскіх жаўнераў з перамогай!

 

Сьмерць рыцара

На пачатку ліпеня 1996 г. фэдэральныя войскі атачылі вёску Гэхі. Іса Талхіеў, кіроўца аўтобуса, зьбіраўся 9 ліпеня завезьці жанчын на базар. Калі а 4.00 ён выехаў з дому, то ўбачыў на палях бранемашыны і пяхоту. Ён разьвярнуў машыну і абудзіў камэнданта вёскі Доку Махаева.

Тым часам да дома Рамзана Мамедава, які стаяў на ўскрайку вёскі, пад’ехалі некалькі БРТ. Жаўнеры загадалі паказаць дом, дзе жыве камэндант. Мамедаў адказаў, што вёска вялікая і ён ня ведае ўсіх. Яго прымусам запхнулі ў БТР, дзе ўжо сядзеў моцна падпіты сусед, Ясі Кантаеў.

Праз дзесяць хвілін пасьля таго, як Дока атрымаў папярэджаньне ад кіроўцы аўтобуса, перад ягоным домам сталі БМП і БТРы. Жонка пасьпела вывесьці праз гароды дзяцей камэнданта. Усе мужчыны, якія былі ўдома, схапіліся за зброю. Каля вакон занялі пазыцыю браты Докі Алха і Іса, ягоны стары бацька Лечы і сябра Хаваж Азіеў. Расейцы пачалі біць прыкладамі ў жалезную браму. Дока адчыніў фортку.

-- Дзе Дока Махаеў? – спытаў расейскі афіцэр.

-- Вам патрэбны Махаеў? – спытаў Дока і, не ўлазячы ў дыскусіі, заваліў двух расейцаў каля брамы чаргой з аўтамата.

Адзін з БТРаў адразу ж разьбіў браму і заехаў на двор. Тут па ім ударыў снарад з гранатамёта, гэта стрэліў з сутарэньня Алха. Потым Алха выбег на дарогу і зьнішчыў яшчэ адзін БТР, які спрабаваў ад’ехаць па дарозе. Два чачэнцы, якіх расейцы захапілі на сьвітанку, выскачылі з пылаючай машыны разам з жаўнерамі. Калі Алха адступаў, яму ў плечы патрапіла куля. Ён упаў мёртвы ў роў з вадой. Вакол дома Махаева разгарэўся люты бой. На дапамогу пачалі падыходзіць ваяры з атрада Махаева і прэзыдэнцкай гвардыі, якія стаялі ў вёсцы. Расейцы хаваліся ў гародах і зарасьніку кукурузы. Праз некалькі гадзін яны былі выбіты з вёскі. У баі палеглі Алха Махаеў і Хаваз Азіеў. Бацька Докі, паранены чаргой з аўтамата, быў цяжка паранены.

Расейцы пачалі абстрэльваць Гэхі з верталётаў і танкаў. Да вечара бальшыня жыхароў пакінула вёску. Засталіся толькі ваяры мясцовага паспалітага рушэньня і прэзыдэнцкай гвардыі, якія занялі абарончыя пазыцыі. З боку Урус-Мартана вёску абараняў атрад гвардзейцаў Ахмада Асламбэкава з Шаамі-юрта.

Ваяры абараняліся тры дні, адбіваючы тры магутныя штурмы. Бачачы безвыніковасьць атак, расейцы наладзілі вогненную навальніцу з зямлі і паветра. Праз старшызну яны прыслалі ваярам ультыматум: ваяры павінны пакінуць вёску, бо так ці інакш будзе праведзена пацыфікацыя. На чацьвёрты дзень дэлегацыя старшызны вёскі сустрэлася з Докай Махаевым.

-- Ці ты дасі рады ўтрымаць вёску на працягу тыдня? – спыталі старыя камэнданта.

-- Так.

-- А два тыдні?

-- Так.

-- А месяц утрымаеш?

-- Утрымаю.

-- А даўжэй?

-- Калі Аллах дазволіць.

Тады старыя папрасілі ваяроў выйсьці з вёскі – каб выратаваць дамы, якія яшчэ не былі разбураны. Абаронцы вырашылі, што пакінуць Гэхі на наступны дзень, 11 ліпеня.

Дока Махаеў, камандзёр батальёна спэцназа і гэхінскіх апалчэнцаў, меў вялікую павагу сярод ваяроў. “Дока стаў для нас як бы старэйшым братам. – успамінае адзін зь іх камандзёра. – Ён дзяліўся з намі досьведам, вучыў нас быць разважлівымі і асьцярожнымі. Сваёй адкрытасьцю і шляхетнасьцю ён умеў прыцягваць людзей. Ён быў справядлівым і глыбака рэлігійным. Ягоны клопат аб іншых схіляў і нас да таго, каб дбаць аб баявых таварышах”.

Было дасягнута пагадненьне з чачэнскай міліцыяй, якая стаяла на пастарунку паміж Гэхі і Урус-Мартанам, што ваяры выйдуць з вёскі ў калёне цывільных уцекачоў. У сярэдзіне калёны першым ехаў на “Ніве” камандзёр гвардзейцаў Асламбэкаў, потым на УАЗе Дока з ваярамі, за імі аўтобус з ваярамі. Усе ехалі са зброяй, Асламбэкаў у чорным мундзіры прэзыдэнцкай гвардыі. Калі яму запрапанавалі апрануць цывільную вопратку, ён адмовіўся – “я не магу пазьбегнуць таго, што прызначыў для мяне Алах”.

У адпаведнасьці з дамовай, ваяроў прапусьцілі праз пастарунак. Але толькі яны пасьпелі ад’ехаць на 30 мэтраў, як здраднік, што быў на пастарунку, паказаў на іхныя машыны. Адзін з расейскіх афіцэраў загадаў затрымаць ваяроў і тройчы стрэліў у паветра. Тады жаўнеры спэцназа адкрылі ўраганны агонь па “Ніве”, УАЗу і аўтобусу з ваярамі. Дока загінуў на месцы разам зь яшчэ адным ваяром. Цяжка паранены Асламбэкаў здолеў пакінуць машыну і стрэлам з “Мухі” зьнішчыў БПМ, што стаяў каля пастарунка. Пазьней высьветлілася, што ў ім знаходзіўся расейскі генэрал, які камандаваў акцыяй у Гэхі. Гвардзейцы адыйшлі, маючы шмат параненых. Яны здолелі вынесьці свайго камандзёра з поля бітвы. На наступны дзень ён памёр у шпіталі ва Урус-Мартане.

Расейцы некалькі дзён не аддавалі сям’і цела Махаева. Ягоны сярэбраны мэдальён яны прадалі ваярам за 130 даляраў. Потым Хазман Умарава, журналістка прэзыдэцкага тэлебачаньня, аддала яго сыну Докі. Калі распачалася апэрацыя “Джыхад”, ваяры атачылі блок-пастарунак пад Гэхі і запатрабавалі выдаць ім жаўнераў, якія забілі камэнданта. Расейцы адмовіліся. Яшчэ б крыху і жаўнеры спалілі б пастарунак бэнзінам, аднак быў атрыманы загад з генштаба, каб не атакаваць блок-пастарунак.

 

Махкеты

9 ліпеня 1996 г. а 18.09 над вёскай Махкеты зьявіліся тры расейскія штурмавікі. Налёт быў зьдзейсьнены дзеля фізычнай ліквідацыі прэзыдэнта Яндарбіева. Да вёскі, па рэчышчу ракі Ваштары набліжалася расейская пяхота, падтрыманая бранемашынамі. Прэзыдэнт Яндарбіеў, зь якім Ельцын толькі што заключыў у Крамлі пагадненьне, якое заканчвала вайну, адыходзіў з вёскі, страляючы з карабіна па расейскіх самалётах. “Я страляў дзесяць разоў. – сказаў ён пазьней. – Спадзяюся, што хаця б раз патрапіў”.

Нажмудзін Каімаў, ваяр мясцовага апалчэньня, быў на двары з пяцьцю сваіх дзяцей, калі прыляцелі самалёты. Ён бачыў, як на ягоны дом ляціць вялікая бомба, хістаючыся ў паветры. Гэта далонь Алаха адвяла ад іх сьмерць. Бомба ўпала ў некалькіх дзесятках мэтраў ад іх, на другім баку дарогі, у агарод суседа. Там былі складзеныя жалеза-бэтонныя балачныя пліты, якія разьляцеліся, як аркушы паперы.

Астатнія бомбы патрапілі дакладна ў мэты – дамы тых, хто найбольш даўся ў знакі расейцам. Самалёты за сем налётаў скінулі чатырнаццаць бомб на пяць дамоў, у якія нехта папярэдне падкінуў адмысловыя радыёмаячкі, “жучкі”. Гэта былі знакамітыя расейскія “кропкавыя ўдары”. Пункт нумар аддзін – дом Аліка, начальніка мясцовай контрвыведкі. Яго самога не было ўдому. Брат Аліка тварыў паўдзённую малітву, жонка паставіла каля яго каляску з кількамесячным дзіцем. Выбух сарваў столявую пліту, якая ўпала і разьбіла мужчыне паясьніцу. Ён прасіў блізкіх, каб не сумавалі, зычыў ім, каб паміралі так спакойна, як ён. Дзіця не пацярпела.

Бомбы забілі ў Махкетах 23 асобы. Сярод іх шмат дзяцей. Людзі ведаюць, хто падкладаў у вёсцы “жучкі”.

У цэнтры вёскі, побач з мячэцьцю лягла ў руінах глядзельная заля, у якой перад самым налётам выступаў для ваяроў цэнтральнага фронту славуты чачэнскі сьпявак Гелані Алімханаў. У будынку ацалелі толькі два памяшканьні з боку фасаду, дзе маладая дзяўчына Сацыта Хумаідава адкрыла першую на цэнтральным фронце кавярню.

Калі выбухнулі бомбы, Сацыта і ейны брат якраз былі ў частцы, якая ацалела. Зь ёй нічога не здарылася, а хлопца аскелкам параніла ў руку. Сацыта пабегла дахаты, а ён застаўся ў суседзяў. Хацеў абмыць акрываўленую руку перш чым яго ўбачыць маці. Тут зноў наляцелі самалёты. Бомба патрапіла менавіта ў дом суседа, выбухнула ў сутарэньні, дзе стаяла цыстэрна з бэнзінам. Хлопец згарэў жыўцом.

Калі фэдэральныя войскі атакавалі Махкеты, Шаміль Басаеў вывеў у горы сваіх ваяроў, якія стаялі на базе непадялёк ад вёскі. “Нам засталіся тры апошнія вёскі, яшчэ ня зьнішчаныя расейцамі”. – сказаў ён сваім хлопцам. Муса, вядомы на ўсю Чачэнію пясьняр і паэт, разам з некалькімі хлопцамі павінен быў адступаць у ар’ергардзе. Невядома, ці то ваяры ня выставілі начную ахову, ці то нехта прывёў расейцаў пад самы лягер, але яны падыйшлі незаўважанымі. Адкрылі агонь з 50 мэтраў. У вагончыку, абстраляным жаўнерамі з гранатамётаў, згарэла славутая гітара Мусы, якую ён атрымаў у падарунак ад прэзыдэнта Дудаева. Ён ніколі не разьвітваўся зь ёю. Яна была яму даражэй за Калашнікава.

Расейцы ўвайшлі ў вёску, пакінутую ваярамі. Узарвалі пяць дамоў. Праверылі ўсе закуткі, шукаючы зброю. Нажмудзін застаўся з дзецьмі ў хаце. Жаўнеры не знайшлі чатырох аўтаматаў, якія ён закапаў у гародзе. Потым транспарцёр заехаў на двор суседа.

Яны пытаюцца ў яго, ты такі і такі? – распавядае Нажмудзін. – Так, адказаў сусед. Сына так завуць? Так. Сын – ваяр? Так. Ён цяпер у хаце? Так... Ня ведаю, чаму ён сказаў ім праўду. Давай яго сюды, сьмяюцца расейцы. Я аддам вам сына, кажа старэнькі сусед, толькі вы скажыце, хто вам данёс, што ён прыйшоў дахаты. Гэта мы ня можам зрабіць -- адказваюць яны. Дам вам скрынку гарэлкі і барана, скажыце! Яны параіліся. Давай гарэлку і барана! За тваю шчырасьць мы сына не забярэм. А хто сказаў? Камандзёр раптам выцягнуў з люка за валасы нейкага чалавека... Гэта быў наш сусед. Ён жыў з намі ад нараджэньня... Мы самы ведаем, што зь ім зрабіць, сказалі жаўнеры. Больш ніхто яго ня бачыў”.

Частка атрадаў Шаміля Басаева блукала чатыры дні ў гарах, без харчоў. Ваяры жывіліся толькі лістамі лапухоў. Нічога больш ня мелі.

Расейцы ў хуткім часе вярнуліся на свае сталыя базы. На ўсім фронце пачаліся цяжкія баі – пад Шатоем, Бамутам, Аргунам. Ваяры вярнуліся ў вёску. Тады настаў час аплаціць па рахунках здраднікам. Першым стаў перад ваенным судом прэфэкт Ведзяно.

“Я тут сяджу з вамі, хлопцы, ужо дзьве гадзіны. Больш ня маю часу”. – сказаў прэфэкт Шамілю. “Мы ведаем, што ты ня маеш больш часу. – адказаў яму Шаміль. – Тут вось Крымінальны кодэкс Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі. Для цябе – артыкул 52-гі!” “А што гэта за артыкул!” Шаміль прачытаў яго і закончыў словамі: “расстрэл”. Прэфэкт затрымцеў, пачаў прасіцца. “Я больш ня буду, можа адпусьціце мяне?...” “Мы ведаем, што ты больш ня будзеш”. – засьмяяліся ваяры. Потым далі яму талерку гатаванай канюшыны, хаця самы елі траву сырой. Ён зьеў. Да канца ня верыў, што яго расстраляюць. Пакуль яго не павялі да дрэва.

 

Бітва за Тумс Барзой-лам

Шатой быў адзіным раёнам Чачэніі, дзе на працягу ўсяе вайны ўтрымлівалася цэльная лінія фронта і вялася доўгая пазыцыйная вайна. Дэмаркацыйная лінія была ўсталявана паміж Ніхалой і Башын-кале, на дарозе праз глыбокі каньён Аргуна. Мяжу ахоўваў 1-ы батальён спэцназа. “Гэта быў першы пастарунак на тэрыторыі вольнай Чачэніі”. – кажа з гонарам Хасан Акуеў. – Наш блок-пастарунак быў на дарозе, а на ўзбочыне гары знаходзіліся стралковыя пазыцыі. Рускія лезьлі на нас шмат разоў. Паставяць з пераду “Шылку”, бранемашыны, страляюць вакол сябе і ідуць. Яны не прайшлі аніразу”.

Расейцы з чэрвеня 1995 г. заляглі на лагодных схілах гары, што ўзвышаецца над Шатоем з захаду, у раёне вёскі Вашэндарой. Ваенны лягер для некалькіх тысячаў людзей атачалі засекі, сетка земляных умацаваньняў і мінныя палі. На горад, які знаходзіўся ніжэй, былі накіраваныя дулы танкаў, закапаных на адхоне. Некалькі разоў расейцы паспрабавалі захапіць тэрыторыю вакол Шатоя, але штораз безпясьпяхова. Яны на некаторы час нават занялі Шатой, нават прайшлі ад горада некалькі кілёмэтраў на ўсход у бок Асланбэк-Шарыпава, але іхны наступ быў спынены на лініі чачэнскіх акопаў пад вёскай Якарач-кель. Расейскі дэсантны полк цэлы месяц стаяў у голым полі пад рэгулярным абстрэлам, а потым з вялікімі стратамі адступіў на базу.

Яшчэ больш прываблівала расейцаў дарога на поўдзень, у бок Ітум-кале. Гэта была адзіная дарога ў горны тыл, які карміў армію. Удалы наступ на Ітум-кале расьсек бы чачэнскія сілы на поўдні рэспублікі. Дарогу, аднак, ахоўвалі два магутныя бастыёны – горы Тумс Барзой-лам і Разэнкорт. Кожная спроба прарыву ўглыб тэрыторыі, занятай ваярамі, заканчвалася няўдачай. Вузкую дарогу, якая бегла па ўскрайку скалы і была выдзяўблена над глыбокай безданьню, маглі заблакаваць некалькі чачэнскіх жаўнераў. Танкі ў такіх умовах былі зусім непрыдатнымі. З чэрвеня 1995 г. расейцы не прасунуліся ў гэтым раёне ні на крок.

Ключом для посьпеху наступу на поўдні было апанаваньне вяршыні Тумс Барзой-лам, якая ўзвышалася над вялікай тэрыторыяй. Гэтую гару абараняў Балаўдзі Бялоеў з сваім палком з трыццаці чалавек. Балаўдзі, як і большасьць яго жаўнераў, паходзіў з вёскі Тумс Барзой, якая прытулілася да паўночнага схілу гары, насупраць расейскай базы. Усе прысягнулі Алаху, што хутчэй памруць, чым дазволяць расейскім танкам заехаць на вяршыню. А на лясістых схілах гары Разэнкорт былі раскіданы пазыцыі некалькіх атрадаў спэцназа Хамзата Гелаева, падтрыманых дабраахвотнікамі. Ваенным жыцьцём паўднёвага фронту кіраваў палкоўнік Давуд Ахмадаў, прэфэкт Шатоя і камісар, гэта значыць, цывільны ўпаўнаўважаны ўраду Ічкерыі па чатырох горных раёнах. Ахмадаў быў адным ў нешматлікіх прадстаўнікоў чачэнскай інтэлігенцыі, якія са зброяй у руках сталі на барацьбу з расейскай агрэсіяй. Перад вайной ён быў выкладчыкам і навуковым работнікам Нафтавага Інстытуту ў Грозным. Быў акадэмікам, прафэсарам, меў пару дзесяткаў навуковых публікацый па электрамэханіцы. Паўсюль разам зь ім была 18гадовая дачка Эліна, якая выконвала розныя штабныя функцыі, а часта проста гатавала ваярам ежу.

Расейцы пайшлі на штурм Тумс Барзой-лам 19 ліпеня 1996 г. Нечакана бітва за вышыню № 771 набыла пераломнага значэньня пасьля апошніх паразаў чачэнскіх сіл на бамуцкім і вядзенскім франтах, а таксама пасьля таго, як фэдэральныя войскі ў першай палове ліпеня занялі Гэхі і Махкеты. Параза чачэнцаў на шатойскім фронце магла мець вельмі сур’ёзныя вынікі.

Полк Бялоева заняў пазыцыі на вяршыне гары. Стралковыя пазыцыі былі разьмешчаны на самым храбце вузкага ўскрайку скалы, за якім ваяры хаваліся ад артылерыйскіх снарадаў. Расейцы ўсталі ля падножжа гары і пачалі абстрэльваць яе вяршыню з адлегласьці 3-4 кілёмэтраў. Нават тыя снарады, якія выбухнулі паміж чачэнскімі акопамі, не маглі зрабіць шкоды ваярам, бо яны хаваліся ў расшчэлінах скалы. Ззаду яны былі прыкрытыя – снарады, што праляталі над вяршыняй гары, выбухалі толькі ў даліне Башын-кале, на цэлы кілёмэтр ніжэй. Глыбокія нішы і пячоры ў скалах прыкрывалі іх і ад паветраных атак.

У дзень штурма гары ваяры яшчэ ня мелі гатовых акопаў. Нелюбоў да земляных прац у чачэнцаў усеагульная! Толькі два акопы выкапалі для сябе камандзёр палка Балаўдзі Бялоеў і снайпэр Эльмурза Барчашвілі. Астатнія проста заляглі за скальным храбтом.

Гару заняў полк Баўдзі з 30 чалавек і падраздзяленьні спэцназа, сярод іх батальёны Докі Умарава і Хамзата Лабазанава. Калі стала зразумела, што расейцы пойдуць на штурм, Султан Пацаеў вылучыў з свайго батальёна групу найбольш вопытных і загартаваных у баях ваяроў і паслаў яе на падтрымку палка Бялоева. На вяршыню гары памаршыравала старая гвардыя батальёна Хасана Акуева.

Расейцы караскаліся на вяршыню трыма групамі па некалькі сотняў чалавек. Бранемашыны засталіся ля падножжа гары. Вяршыня, дзе заселі ваяры, увесь час абстрэльвалі цяжкая артылерыя, самаходкі САУ і танкі. Чачэнскія пазыцыі засыпалі снарады з аўтаматычных гарматак БМП-1 і буйнакалібэрных кулямётаў.

Балаўдзі забараніў адкрываць агонь, пакуль ён сам не аддасьць загад. З свайго акопа, разьмешчанага на найвышэйшым месцы на вяршыне гары, ён назіраў за дзеяньнямі расейцаў. Ягоныя людзі схаваліся на пазыцыях. Балаўдзі па радыё паведамляў ім, дзе знаходзяцца расейскія аддзелы.

Наперадзе ішла група выведчыкаў. Яны мелі на плячах радыёстанцыі, на галавах ларынгафоны. Калі яны дасягнулі вяршыні, агонь артылерыі спыніўся. Запанавала несамавітая, мёртвая цмшыня. Выведчыкі перасоўваліся па дарозе, што праходзіла паралельна вяршыне. Ані выведчыкі не маглі бачыць ваяроў, ані ваяры не маглі бачыць з сваіх пазыцый, што робіцца ў іх пад носам. Адзіным, хто бачыў усё дакладна, быў Балаўдзі.

Наперадзе ішоў сяржант Сяргей Іваноў. Ён спыніўся. Яму здавалася, што ён ужо на самой вяршыне. Чачэнцаў няма. Ён узьняў аўтамат і стрэліў – Белая Гара наша! Астатнія выведчыкі пачалі страляць салют. Ваяры ўжо чулі расейскі мат і радасныя крыкі – “духі ўцяклі!”

Тым часам Балаўдзі пасьпешліва тлумачыў па радыё сваім хлопцам, у якім дакладна месцы стаяць расейскія жаўнеры. Кіруючыся ягонымі падказкамі, Букіеш Гарбулатаў перасоўваўся па абрывістай скале. Урэшце Балаўдзі пачуў усхваляваны шэпт Букіеша – бачу, бачу! Ён быў настолькі блізка ад расейскага выведчыка, што той пачуў шум у рацыі і пачаў неспакойна азірацца навокал. Букіеш хутка сеў на свой матаролер. Але ўжо было надта позна.

“Там былі два расейца і яны адразу ўбачылі мяне. Я схаваўся, яны таксама ляглі на траву. Я кажу нашым хлопцам – я ўстану на калені і пачну страляць адзіночнымі, а калі яны адкажуць, бейце чэргамі ў гэтае месца. Я ўстаў, убачыў расейцаў і стрэліў. Яны не адказалі. Я вырашыў абысьці іх ззаду. Прабег некалькі мэтраў, выходжу з прысадаў... Чую за сабой – Лёха, гэта ты? У мяне валасы ўсталі наўтапыркі. Я прайшоў надта хутка, расеец быў за маімі плячыма. Я пачаў паціху паварочвацца, чакаю кулю, паварочваюся да яго, а ён пытаецца – Лёха, гэта ты? Тады я яго ўбачыў. Я загнаў у яго са страху цэлы ражок. А Лёха ўжо ляжаў мёртвы, бо я патрапіў у яго адзіночнымі на пачатку”.

Так распачалася бітва за Тумс Барзой-лам. З чачэнскіх пазыцый на расейцаў абвалілася лавіна агню. Страляла ўсё, што мелі ваяры – некалькі аўтаматаў, гранатамёты, АГСы. Жаўнеры заляглі ў высокую траву і адказалі агнём, але частка адразу кінулася на ўцёкі лахі пад пахі ўніз. У іх не было шанцаў, яны гінулі ў перакрыжаваным агні.

Праз гадзіну падала голас расейская артылерыя. Распачаўся мэтадычны абстрэл ўсяго адхона ад падножжа да храбта. “Яны выбілі сваіх параненых і тых, якія заляглі ў траве. – кажа генэрал Балаўдзі Бялоеў. – Напэўна тыя, што ўцяклі, расказалі, што нагары няма жывых і там напіраюць душманы. Кананада працягвалася да вечара. Артылерыя, самалёты, верталёты, па чарзе. У нас было трое забітых і некалькі параненых. Расейцы страцілі паводле нашых ацэнак каля дзьвюхсот чалавек”

Расейцы хацелі зноў атакаваць гару, але афіцэры адмовіліся выконваць гэты загад. Падвялі сьвежае гарматнае мяса – два батальёна буратаў, якіх пачалі рыхтаваць для апэрацыі. Навічкоў аддзялілі ад жаўнераў, якія пакаштавалі ўжо вайны на вышыні 771. Штурма аднак не адбылося. У хуткім часе расейцы займелі іншую праблему – чачэнцы атакавалі Грозны.

 

“Джыхад”. Падрыхтоўка контрнаступу

Калі Ельцын зноў стаўся прэзыдэнтам, расейскія самалёты пачалі бамбардаваць Чачэнію. Вайна разгарэлася зноў. Адбылося, аднак, нешта незвычайнае. Нешта, што цяжка было нават уявіць сабе. Чачэнцы ўдарылі па Грознаму.

Нурдзі Бажыева ўся змагарная Чачэнія ведала пад псэўдонімам “Срэбны Ліс”. Ён пачаў вайну начальнікам штабу 2-га батальёна спэцназа, вырас да пасады камандзёра сэктара фронта. За два гады вайны ён зьнішчыў 46 бранемашын. Ён лічыў толькі тыя, які згарэлі ў яго на вачах. Падобна, што ён забіў у баі каля 800 жаўнераў. “Ані ён як камандзёр, ані ягоны атрад практычна ніколі не пацярпелі паразы ў гэтай вайне. – успамінае Нурдзі генэрал Гелаеў. – Дзе ён зьяўляўся, там была перамога. Ён меў выдатных жаўнераў. Ягоныя хлопцы маглі маршыраваць двое сутак без адпачынку ў гарах у пэўным снаражэньні і са зброяй”.

У баях ён атрымаў больш за 40 ран. Аскелак, які засеў яму ў горле і замінаў есьці, ён прасунуў далей у горда з дапамогай патрона ад Калашнікава. “Аднойчы ён стрэліў з гранатамёта па танку. Яго трымаў за ногі малады ваяр, а ён зьвісаў з вакна. – распавядае брат Нурдзі Алі. – Інакш нельга было патрапіць у мэту. Ён не заўважыў, што побач стаяў БМП. Яны не пасьпелі ўцячы з памяшканьня, як БПМ стрэліў з гарматы. Снарад разарваўся ў пакоі, а дакладней – у лядоўні, што стаяла там. Нардзі закінула ў шафу і заваліла кучай кніг. Калі ён ачуняў, то ўбачыў таго маладога хлопца, які ў шоку зьбіраў кавалкі мяса, выкінутыя з лядоўні, і казаў ясень, малітву за памерлых. Ён думаў, што гэта былі парэшткі камандзёра”.

На працягу баёў падначаленыя Нурдзі з звычайных людзей, якія прышлі на вайну дабраахвотнікамі, адарваўшыся ад мірных прафэсій або ад школьнай лавы, паступова станавіліся прафэсіяналамі ваеннага рамяства высокага клясу. Яны атрымлівалі па 200 грамаў кукурузнай мукі, зь якой трэба было зрабіць плацак. Гэта была жалезная порцыя – без розьніцы, на які час яе хопіць. Атрымлівалі таксама цукар. “Рэшта – пад нагамі”. Самым важным для Нурдзі было бесшумна хадзіць. А гэта было нялёгка, бо кожны нёс на сябе 60-70 кг зброі і амуніцыі.

Нурдзі Бажыева многія лічаць аўтарам пляну апэрацыі “Джыхад”. Паводле некаторых расповедаў, бальшыня камандзёраў, нават высокапастаўленых, была супраць штурма сталіцы. Баяліся, што ваяры будуць абкружаны ў горадзе расейскімі сіламі, сьцягнутымі з іншых месцаў. Аднак Нурдзі настойліва шліфаваў свой плян. Сам праводзіў выведку, выбіраў мэты для атакі, сам правяраў кожную сьцежку. Гэта працягвалася два месяцы.

Многія спэцыялісты мяркуюць сёньня, што апэрацыя “Джыхад” ня мае аналагаў ў ваеннай гісторыі. Аб выключным характары гэтай апэрацыі сьведчыць таксама параўнаньне сілаў абодвух бакоў. Трэба памятаць, што калі йдзецца пра апэрацыю “Джыхад”, то ўласна йдзецца пра апэрацыю, вызначаную ў намэнклятуры чачэнскага генштаба крыптонімам “Помста”. “Джыхад” – гэта быў пароль, зь якім апэрацыю трэба было пачынаць. Але ўсе звычайна кажуць “Джыхад” і менавіта гэты назоў стаўся вызначальным для пераможнага штурма Грознага ў жніўні 1996 г.

 

Апошні штурм

У той самы час, калі фэдэральная армія штурмавала горныя крэпасьці ваяроў пад Шатоем і Ведзяно, адборныя батальёны Шаміля Басаева і Хамзата Гелаева захапілі Грозны. Вуліцы горада зноў былі завалены тысячамі трупаў расейскіх жаўнераў. Самазванчы прэзыдэнт Доку Заўгаеў уцёк з сваім марыянэткавым урадам у Маскву. Вайна, якая забрала тысячы чалавечых жыцьцяў, вярнулася на свой пачатак. Грозны зноў апынуўся ў руках ваяроў. Ніякая сіла не магла ўжо выцесьніць іх адтуль. Чачэнцы шмат чаму навучыліся на працягу 20 месяцаў вайны.

Чачэнскія войскі зноў, як і ў сакавіку, увайшлі ў Грозны чатырма групамі. Першай калёнай, якая пранікла ў горад, камандаваў Нурдзі Бажыеў. Калі расейскія СМІ паднялі шум, што Гелаеў атакуе Грозны, на самой справе горад штурмаваў Бажыеў. У склад ягонай групы з 360 чалавек уваходзілі адборныя атрады паўднёва-заходняга фронту, якім камандаваў Гелаеў.

Батальён Бажыева заблакаваў расейскую камэндатуру ў Грозным, будынак МУС і сядзібу ФСБ, такзваны 6-ты аддзел. Батальён Хамзата Сардалава ўдарыў па расейскіх пастарунках у Карпінскім Кургане. У гэтым раёне дзейнічала таксама група “Джамаат”. Батальёны Магамэда Байсуева і Шудзіна заблакавалі рух на трасе Растоў-Баку. Група Хасана Азігава атакавала адміністрацыю фабрычнага квартала і нафатаачышчальны камбінат. Батальён ім. Джахара Дудаева пад камандваньнем былога спэцназаўца Алмана Бакаева з Тубі-юрта разам з ваярамі Бажыева і Шаміля Басаева заблакаваў сядзібы ФСБ і ўраду. На правым флангу атакавалі групы Алтарыя Бэтэрбіева і Шаміля Магамадава.

Бажыеў загадаў заліць алеем і нафтапрадуктамі трасу у Сернаводск, па якой набліжалася калёна бранетэхнікі з 120 машын. Ваяры падпалілі таксама вялікія рэзэрвуары з мазутам. Чорны дым, які засьціў неба, перашкаджаў эфэктыўна выкарыстоўваць баявыя верталёты.

Другой групай камандаваў генэрал брыгады Шаміль Басаеў, які адначасова быў галоўнакамандуючым усёй апэрацыі “Джыхад”. Басавеў прывёў з сабой у Грозны лепшыя атрады цэнтральнага фронту, у тым ліку свой дыверсійна-выведчы.

Трэцяй групай з 500 чалавек камандаваў Дока Умараў. Там знаходзіўся генэрал Гелаеў, які камандаваў адборнай старой гвардыяй свайго спэцназа. У склад групы Докі ўваходзілі мабільныя атрады Магамэда Дадаева, шатойскі батальён Лечы Мачукаева, батальён Хамзата Ідзігава, выхаванца спэцназа. Узбраеньне аддзяленьня з 12-13 чалавек адпавядала норме спэцатрадаў – кожны ваяр меў запас з 1000 патронаў, група мела 1-2 супрацьтанкавых гранатамёты і прынамсі 10 снарадаў, снайпэрскую вінтоўку, падствольныя гранатамёты, ручны кулямёт ПК, па аднаму аднаразаваму гранатамёту “Муха” на чалавека. Кожны з атрадаў мог маршыраваць у поўнай выкладцы двое сутак без перапынку. Гэта было істотна, бо падчас апэрацыі было дажджліва. Машыны, якія падвозілі атрады пад Грозны, танулі ў балоце, ваяры часта мусілі цягнуць іх на вяроўках.

У чацьвёртай калёне ў Грозны ўвайшлі два атрады з структуры фронта Гелаева: полк Балаўдзі Бялоева і батальён Хамзата Лабазанава. Абодва атрады прыбылі ў горад практычна ўжо пасьля таго, як самыя цяжкія баі былі скончаны.

Прэзыдэнцкая брыгада (Асобны батальён асаблівага прызначэньня) пад камандаваньнем Ахмэда Закаева атрымала загад забясьпечваць калідор, праз які ў Грозны павінны былі прайсьці іншыя атрады. Уноч з 5 на 6 жніўня ваяры выехалі на грузавіках з Алхан-юрта ў Чарнарэчча і з Гойтаў у такзваны 20-ты раён сталіцы. Да 5.00 раніцы трады дасягнулі вызначаныя пункты ў Грозным. Былі ўтвораны абарончыя пазыцыі ў Чарнарэччы, Новых Алдах, 20-м раёне, на гарадзкой абвадной дарозе, вакол аўтобуснага вакзала і ў частцы квартала Войкава да маста на Сунжы. Гэты абшар ваяры трымалі на працягу ўсіх баёў. Адказным за абарону Чарнарэчча быў Рамзан Цакаеў. У Новых Алдах і 20-м раёне камандаваў Хусэйн Ісабаеў. Абаронай аўтобуснага вакзала, абвадной дарогі і тэрыторыяй ажно да квартала Кірава кіраваў адзін з маладзейшых палявых камандзёраў чачэнскіх узброеных сілаў – Арбі Бараеў, камандзёр Ісламскага палка спэцыяльнага прызначэньня.

Вельмі цяжкі абстрэл з паветра даваўся ў знакі атрадам, пазыцыі якіх знаходзіліся на адкрытым полі непадалёк ад 20-га раёну. Камандзёр брыгады Хусэйн Ісабаеў састрэліў там з падствольнага гранатамёта баявы верталёт Мі-24, які завіс у 6 мэтрах над зямлёй і адкрыў агонь з хуткастрэльнай гарматкі. Машына ўпала якраз каля пазыцыі брыгады. За кароткі час ваяры састрэлілі яшчэ тры верталёта з кулямётаў. Наступную машыну зноў састрэліў камандзёр, дзьве наступныя – Салман Ахмадаў і Магамэд Цэпсаеў. З разьбітых машын удалося дастаць ракет С-5, якія выкарысталі часткова пры абстрэле Чарнарэчча, а частку перадалі Басаеву.

Атрады, прызначаныя для штурма горада, мелі разьведаныя галоўныя і запасныя дарогі падыходу. Яны абыходзілі блок-пастарункі, хаця таксама здаралася, што ваяры ў поўным снаражэньні і ўзбраеньні праязджалі праз пастарункі. Расейцы стараліся іх у такіх выпадках не заўважаць. Групы з правінцыі, якія ня ведалі тэрыторыю, праводзілі пад горад праваднікі. Увесь час падтрымлівалася сувяць праз кароткахвалёвікі, на многіх адрэзках групы арыентаваліся з дапамогай сігналаў ліхтарыкамі. Гэта было якбы вяртаньне да мэтадаў сувязі, якімі чачэнцы карысталіся стагоддзямі: славутыя чачэнскія вежы будаваліся такім чынам, каб можна было здалёк убачыць агонь, распалены на іх вяршынях пры набліжэньні ворага. На дарогах, што вялі ў сталіцу, былі падрыхтаваныя месцы, дзе ваяры маглі адпачыць, выпіць гарачай гарбаты і пад’есьці.

Многія атрады самастойна вырашылі ўключыцца ў баі за Грозны. Такія групы дзейнічалі самастойна і прабіраліся ў абкружаную сталіцу тольмі ім вядомымі дарогамі і спосабамі. Некаторыя атрады прыбывалі на зыходныя штурмавыя пазыцыі пасьля 40-кілёмэтровага марша.

Перад тым як увайсьці ў Грозны, Гелаеў выкарыстаў наступны манэўр. Каб адцягнуць увагу ад месца, дзе вялікія сілы ваяроў меліся ўвайсьці ў горад, Дока Умараў зрабіў падманны наступ на Урус-Мартан, галоўны цэнтар апазыцыі. Гэтая хітрасьць дала чакаемы вынік, апазыцыйныя атрады кінуліся бараніць мястэчка. Ваяры, аднак, панесьлі страты – аднагао забітага і двух параненых. Галоўныя сілы групоўкі Докі увайшлі ў Грозны практычна без баёў і стратаў.

Ужо ў першыя хвіліны бою атрад Гелаева патрапіў у засаду, наладжаную чачэнскімі рэнэгатамі з атрада Ганцемірава. Гэта здарылася ў фабрычным квартале на вул. Дагэстанскай. “Я йшоў па дарозе з маімі хлопцамі, калі нехта рэзка крыкнуў мне па-чачэнску – стой! – распавядае Гелаеў. – Я спыніўся, адразу зразумеў, што гэтыя людзі хочуць біцца. Мне падказала гэта інтуіцыя. Яны крычаць – кідайце зброю! Я падняў аўтамат і кажу па-чачэнску – вы што?! Што нам тут кідаць ці ня кідаць? Мы ваюем з расейцамі. Ідзіце па хатах, ніхто вас не кране. Досыць ужо хадзіць за гэтымі шакаламі, як сабакі. А яны мне – досыць балматаць, кідай зброю! Кідай! Кідай! – крычаць яны такімі страшнымі галасамі... Кінуць зброю чачэнцу цяжка, тым больш жаўнеру. Я ня кінуў. Яны першыя адкрылі агонь. Яны добра схаваліся і акапаліся, а мы ішлі па асфальце і ня мелі дзе схавацца. Трапілі ў мяне трыма кулямі, адна ўдарыла ў плячо, дзьве прабілі толькі скуру пад пахай. Я ўпаў на плечы. Убачыў, як побач укленчыў мой таварыш яшчэ з Абхазіі, страляе з калена. Я яму крыкнуў, каб ён клаўся і тады яму патрапілі ў жывот. Ён павольна хіліўся да зямлі і працягваў страляць, а ў яго траплялі наступныя кулі. Хлопцы адкрылі ўраганны агонь, але тыя таксама. Нашы гінулі адзін за адным. Забілі шасьцёх маіх старых баявых таварышаў, якія былі са мной з 1991 года. Калі я гэта ўбачыў, я выпрастаўся і пайшоў прэч з гэтага асфальта. Мне было неяк абыякава, заб’юць мяне ці не.”

Гэты незвычайны момант быў зазьняты на камэру журналістам, які здымаў увесь бой. Побач з Гелаевым загінуў тады Дэнілбэк Джамалханаў, адзін з трох братоў, якія аддалі жыцьці на гэтай вайне. Двое – Дэнілбэк і Шамхан служылі ў гелаеўскім спэцназе. Шамхан загінуў у сакавіку 1996 г. падчас дывэрсійнай акцыі ў Грозным.

На наступны дзень ваяры Докі абкружылі і ліквідавалі атрад рэнэгатаў, які абстраляў групу Гелаева. Апазыцыйныя групоўкі Ганцемірава згубілі тады непасрэдны кантакт з фэдэральнымі войскамі, і дарога на Грозны праз фабрычны квартал была адкрыта. Ваяры з маршу, на працягу першай паловы дня занялі тэрыторыю квартала, Дом Друку, заводы “Красный Молот” і ўсе важныя аб’екты, што былі на іхнай дарозе. Расейскія жаўнеры практычна не супраціўляліся, здаваліся ў палон або ўцякалі ледзь убачыўшы ваяроў.

Атрады Ісрапілава распачалі баі ў квартале Акцябрскай, заатакавалі будынак раённага аддзелу МУС, мэрыю, камэндатуру, занялі таксама скрыжаваньне гудэрмэскай і ханкальскай трасаў. Вялікая групоўка фэдэральных войскаў з 15-й вайсковай часткі была абкружана. Ваяры занялі пазыцыі ў раёне крамы “Луч” і паводле пляну забясьпечылі падыходы да суседніх сэктароў баявой зоны. Яны заблакавалі 101-ю і 202-ю расейскія брыгады, не даючы ім ніякай магчымасьці манэўру. Праз дзяльніцу Мічурына падышлі пад Ханкалу і распачалі абстрэл расейскай базы. Тры сваіх атрады Ісрапілаў паслаў у цэнтар горада – на вул. Першамайскую, у 9-ты гарадзкі шпіталь і ў Чарнарэчча.

Будынак ФСБ штурмаваў з 6 жніўня атрад Нурдзі Бажыева з 70 чалавек. Нурдзі быў зноў паранены ў гэтым баі, куля патрапіла каля сэрца і прашла ў некалькіх мілімэтрах ад пазваночніка. Ён вярнуўся ў шыхты ўжо праз чатыры дні.

Навурскі батальён блакаваў вул. Першамайскую, па якой спрабавалі прабіцца ў цэнтар расейскія калёны з Паўночнага аэрапорту і раёну завода “Красный Молот”.

7 жніўня каля абеда батальён імя Джахара Дудаева з 20 чалавек пад камандваньнем Алмана Бакаева меў падтрымку 10 людзьмі з палка Нурдзі Бажыева. Яны прыступілі да штурму інтэрната афіцэраў ФСБ. Будынак каля цэнтральнага рынку абаранялі каля ста “фээсбэшнікаў”. Інтэрнат спалілі дашчэнту, абаронцы загінулі ў полыме. Чачэнскія страты: трое параненых, у тым ліку тэлежурналістка Хазман Умарава, якой у руку трапіў аскелак танкавага снарада.

Полк горных стралкоў “Ічкерыя” 6 жніўня заняў пазыцыі вакол крамы “Луч”, насупраць 15-й вайсковай часткі. Побач знаходзіліся іншыя чачэнскія атрады, сярод іх 4-ы асобны дэсантна-штурмавы батальён Казбэка Бадаева, які ўваходзіў у склад брыгады Басаева. Праз іхныя пазыцыі прарываліся ў цэнтар горада аддзелы спэцназу МУС. 9 жніўня расейцам удалося ўварвацца ў будынак школы №30, дзе знаходзіўся штаб палка “Ічкерыя”. На дапамогу прышлі атрады Хункар-пашы Ісрапілава і Абу Маўсаева, што змагаліся па суседству. Басаеў прыслаў таксама на дапамогу атрад Суліма Ямадаева з Гудэрмэса.

На думку Хункар-пашы Ісрапілава, нягледзячы на падрабязную распрацоўку пляну, хада апэрацыі “Джыхад” была суцэльнай імправізацыяй. “Апэрацыю, якую заплянавалі раней, так і не правялі. Усё тактычна адпрацоўвалі падчас бою. Камандзёры не прыбылі ў горад сваечасова. Большасьць камандзёраў прыбылі ў Грозны не 6 жніўня, а толькі 8, а некаторыя 11 жніўня”.

Таксама і Алман Бакаеў, камандзёр батальёну імя Джахара Дудаева, мяркуе, што на працягу першых трох дзён апэрацыі ў Грозны ўвайшлі толькі 300-400 чалавек. “Толькі тады, калі стала зразумелым, што горад можна сапраўды захапіць, астатнія кінуліся ў атаку. Многія ваяры былі супраць гэтай акцыі. Яны сьцьвярджалі, што 6-е сакавіка ня ўдасца паўтарыць, што расейцы могуць атачыць і зьнішчыць усе чачэнскія сілы”.

 

Фэдэральныя войскі ў абкружэньні

Шатойскі батальён пад камандваньнем Лечы Мачукаева прыбыў у Грозны 6 жніўня ўвечар, разам з іншымі аддзеламі Гелаева. Ваяры атрымалі ад Басаева загад атакаваць разам з Навурскім батальёнам Тавуса Багураева ўздоўж вул. Першамайскай. Уначы, у поўнай цемры батальён заняў зыходныя пазыцыі перад атакай у 10-павярховым будынку. Каля 4.00, калі пачаўся сьвітанак, мула, які рыхтаваўся да першай малітвы, убачыў, што тэрыторыя вакол батальёна кішыць расейцамі. Паўсюль былі бачныя танкі і жаўнеры, што спалі. Бліжэйшыя зь іх былі ў 30 мэтрах. “Нурдзі Бажыеў навучыў нас адной рэчы – хто ідзе з шумам, таго трэба прыкончыць, бо з-за такога чалавека можна пакласьці цэлы батальён. – тлумачаць свае тадышнія паводзіны ваяры з Шатоя. – Мы ня бачылі расейцаў, але і яны нас таксама не. А 4.15 мы адкрылі агонь. Бой працягваўся пяць гадзін. У нашым батальёне было 90 чалавек. Мы атакавалі групамі па 15. Расейцы ўпалі ў паніку, яны не чакалі контратакі. На даху хмарачоса мы паставілі АГС і мінамёт, здабыты ў Шатоі. Там мы ўзялі ў палон шасьцёх наймітаў, якіх расстралялі на месцы”.

Ваяры перадалі расейцам ультыматум і заклікалі на перамовы. Расейскае камандваньне прыслала ліст з цывільным чалавекам. Распачаліся перамовы. Расейскі палкоўнік прызнаў, што страціў у баі два ўзвода выведкі, разам амаль сто чалавек. Калі Мачукаеў сказаў, што мае толькі чатырох параненых, зь якіх трое пайшлі пешкі на перавязачны пункт, палкоўнік амаль не расплакаўся. “За што я паклаў маіх хлопцаў!”

Чацьвертым чачэнскім параненым быў брат Лечы Мачукаева Ламалі, які дастаў шэсьць куль з аўтамата.

Ісрапілаў зламаў абарону жаўнераў абкружаных 101-й і 202-й брыгадаў ужо 13 жніўня. “Мы пераконвалі расейцаў, каб яны здаліся. У іх не было ўжо ані вады, ані ежы, ані амуніцыі. Яны пачалі лавіць сабак, ганяцца за катамі. Звонку да іх спрабавалі прабіцца з харчаваньнем, бралі закладнікаў, пагражалі, што расстраляюць іх, калі мы не прапусьцім ваду, прысылалі да нас жанчын, якія пераказвалі гэтыя пагрозы. Я адказаў – гэтыя закладнікі расейцы, расстрэльвайце іх, нас гэта не хвалюе. У нас не было тады іншага выйсьця, яны павінны былі не ўбачыць нават найменшай праявы спачуваньня з нашага боку. Яны зламаліся, распачалі перамовы. Яшчэ тройчы да іх спрабавалі прабіцца аддзелы з 15-й вайсковай часткі, але мы іх адбілі.

“Расейскія жаўнеры, якіх мы абкружылі, праз некалькі дзён паставілі ўльтыматум – калі мы не дамо ім паўвядра вады, то яны пойдуць у атаку – успамінае Асланбэк Цэрымбулатаў з брыгады Ісрапілава. – Ня ведаю, якім чынам яны хацелі такой колькасьцю вады заспакоіць смагу 400 людзей. Мы разьбілі гэтую групу, 150 палеглі, 180 здаліся. Усе яны былі абутыя ў навюсенькія імпартаваныя адзідасы, якія недзе скралі. А на нагах аднаго маёра мы ўбачылі новыя скураныя пантофлі. Ён пераконваў нас, што нядаўна купіў іх у вайсковай краме. Толькі ня мог успомніць, дзе знаходзіцца гэтая крама”.

10 жніўня група расейскіх жаўнераў унутраных войскаў заняла гарадзкі шпіталь №9, у якім знаходзілася 300 параненых і хворых, 100 членаў іхных сем’яў і 30 асобаў пэрсаналу. Раней кіраўніцтва шпіталя дамовілася з атрадам Хізіра Хачукаева, які дзейнічаў у раёне шпіталя, што ваяры ня будуць уваходзіць на яго тэрыторыю. Расейцы абышліся з пэрсаналам шпіталя і хворымі як з жывым шчытом. Адзін з афіцэраў сказаў, што яны “паўтараюць дзеяньні Басаева”. Мэдсёстраў Зулу Сулейманаву і Таіту Кутуханаву паставілі каля сьцяны і прыгразілі, што расстраляюць. Будынак шпіталя замініравалі.

Расейскі аддзел быў адведзены да сваей галоўнай часткі пад прыкрыцьцём ста закладнікаў з пэрсанала і пацыентаў шпіталя. Падчас гэтай эвакуацыі каля калёны выбухнула міна з мінамёта і адбылося нешта рэдкае на гэтай вайне – адзін з расейскіх жаўнераў засланіў сабой чачэнскую санітарку. Калі, аднак, закладнікі вярталіся назад і знаходзіліся на двары шпіталя, расейская частка адкрыла па іх агонь з мінамётаў. Загінула 23-гадовая Таіта Кутуханава, аскелкі паранілі двух лекараў і дзьве мэдсястры.

Тым часам у раёне шпіталя №9 ваявала група дабраахвотнікаў з 6 чалавек з вёскі Майртуп, якую падтрымлівалі некалькі хлопцаў з Гелдэгена. Дабраахвотнікі ўзялі ў палон чатырох спэцназаўцаў з групы “Оборотень”. Магамэд Карыеў успамінае: “На дапамогу сваім удалося прарвацца тром бронемашынам, але ўсе тры патрапілі пад наш агонь. Дзьве згарэлі на месцы, адной удалося ўцячы. Адразу пасьля гэтага чатырох спэцназаўцаў уварваліся ў бліжэйшы дом і ўзялі ў закладнікі чачэнскую сям’ю. Каб выратаваць жыцьцё гэтым людзям, мы пачалі перамовы. Чачэнскіх цывільных мы выратавалі, а “Оборотні” здаліся нам на ласку. Гэтыя людзі, што чакалі цяпер ад нас міласэрнасьці, мелі за плячыма шмат месяцаў вайны, а двое зь іх былі ўзнагароджаны ордэнамі. У гэты час вялікая група спэцназаўцаў узяла ў закладнікі ўвесь пэрсанал і хворых у шпіталі. Іх урэшце трэба было выпусьціць, а разам зь імі – нашых чатырох палонных”.

Дарогу з Ханкалы ў цэнтар горада блакаваў у раёне трамвайнага дэпо таксама Башыраўскі Зандацкі полк Айдаміра Абалаева. Ваяры, якія мелі ўжо дастатковы досьвед вулічных баёў, штодня займалі адну-дзьве вуліцы, што прылягалі да праспэкта Леніна. Яны выкарысталі факт, што расейцы штовечар пакідалі свае пазыцыі і адыходзілі ў тыл. Разам расейцы пачуваліся больш упэўнена. Уначы камандзёр палка асабіста ішоў у разьведку, праглядаў навакольле, а на золку ваяры займалі пакінутыя тэрыторыі. На працягу дня яны замацоўваліся на новых пазыцыях. На наступны дзень усё паўтаралася зноў. Такім чынам яны занялі тэрыторыю да самага трамвайнага дэпо.

На гэтым участку расейцы ўпарта штодня зноў спрабавалі прабіцца ў цэнтар горада. У кожнай атацы яны страчвалі прыкладна па дваццаць чалавек. Праз гадзіну яны зноў атакавалі. “Мы там паставілі мінамёт і замініравалі дарогу, а яны лезьлі, узьляталі ў паветра, Гінулі ад нашага агню – успамінае Пайзула Нуцулханаў, начальнік штаба палка. – Я не разумею іхных камандзёраў. Як можна ў каждай атацы класьці па дваццаць чалавек! Можна ж было спрабаваць знайсьці нашыя слабыя месцы, а не біцца галавой аб сьцяну. Гэта былі дэсантнікі. Адступаючы, яны забіралі заьітых, зброю таксама. Затое яны пакідалі заплечнікі з патронамі і ежай, якія мы забіралі. Мы нават навучыліся рабіць запасы харчаваньня на кожны дзень”.

На паасобных участках фронту абвяшчалася лакальнае спыненьне агню. У раёне трамвайнага дэпо расейскае камандаваньне прыслала жанчыну, якая прынесла парапанову распачаць перамовы. У расейскі штаб на шашлык з тушонкі пайшлі камандуючы фронтам Руслан Аліхаджыеў і Пайзула Нуцулханаў. “Ты знаешь, я зьяўляюся начальнікам групы паветрана-дэсантных войскаў у Чачэніі – сказаў расейскі палкоўнік Аліхаджыеву. – Калі я сам павінен дзяжурыць, то ты сам разумееш, якая наша сытуацыя. Кадры запоўнены толькі на трыццаць адсоткаў”. Ваяры згадзіліся прапускаць грузавікі з забесьпячэньнем, пры ўмове, што яны будуць правяраць кожную машыну. Умова была прынята. “Расейцы паказалі на карце, дзе знаходзяцца іхныя пастарункі, каб мы іх не абстрэльвалі – успамінае Умар-Паша Андалаеў. – Яшчэ працягваўся абстрэл горада, а нашы хлопцы ўжо ходзяць да рускіх, сядзяць у іх, паляць цыгарэты, пьюць гарбату. Гэтыя былі ўжо нашы. Потым нашы пачалі адбіраць у іх машыны – дадуць у морду, адбяруць машыну і езьдзяць праз іхныя пазыцыі. Усё мы дакладна агледзелі, дзе ў іх штаб. Калі б было сарвана спыненьне агню, мы б маглі захапіць іхны штаб за дваццаць хвілін. Ледзь удалося стрымаць хлопцаў, каб яны гэта не зрабілі да часу”.

Даведзены да адчаю расейскі галоўнакамандуючы генэрал Пулікоўскі паставіў Грознаму ўльтыматум: на працягу 48 гадзінаў усё цывільнае насельніцтва павінна пакінуць горад. А калі да гэтага часу ваяры не здадуцца, пачнецца штурм з выкарыстаньнем ўсіх відаў зброі на зямлі і ў паветры. Дзесяткі тысячаў людзей у паніцы спрабавалі пакінуць горад. Бывала, што на ўцекачоў палявалі расейскія снайпэры і нават верталёты, якія абстрэльвалі калёны няшчасных людзей.

За тры дні да ўльтыматума Пулікоўскага адзін з расейскіх аддзелаў з 15-й вайсковай часткі правёў карніцкую апэрацыю на вуліцах Украінскай, Матроскай і Калініна. Яны расстралялі 18 цывільных людзей, чачэнцаў і расейцаў. Потым яны зьдзекваліся над трупамі, абрэзалі ім насы і вушы. Мужчыне, які седзячы ў інваліднай калясцы. Паказваў свае дакуманты, расейскі жаўнер спачатку стрэліў у скалечаную нагу, а потым у сэрца і галаву.

Расейскі аддзел, які атрымаў загад захапіць мост праз Сунжу каля пасёлка Войкава, а потым адысьці, на разьвітаньне правёў карніцкую апэрацыю. Яны схапілі, а потым расстралялі некалькі асобаў з цывільнага насельніцтва. Трупы скінулі ў траншэю і падпалілі. Некаторым ахвярам адсеклі галовы.

11, 12 і 17 жніўня жаўнеры 15-й вайсковай часткі правялі зачыстку ў бліжэйшых кварталах. Яны ўзялі некалькі дзесяткаў закладнікаў, за вызваленьне якіх патрабавалі ад сем’яў паставак харчаваньня. Частку затрыманых яны выкарыстоўвалі ў якасьці жывых шчытоў у баях. “Прывялі таксама двух расейцаў, ябылі на моцным падпітку – кажа адзін з закладнікаў, Муса Манкіеў. – Нейкі афіцэр паглядзеў нам на рукі і плечы, поытм усіх нас прыналі баевікамі. Яны асабліва раззлаваліся на тых расейцаў. Нас паклалі на зямлю, зьвязалі і тады я пачуў, як адзін пытаецца – гэтыя два расейцы? Другі адказвае – так. Дык расстраляйце іх, кажа той, гэта не расейцы, а здраднікі. Усе расейцы даўно зьехалі”.

Цела аднаго з затрыманых у той дзень расейцаў Аляксея Плюхіна было выдадзена сям’і з чатырма ранамі ад куль і раьбітай галавой.

У горадзе пачаўся ганебны гандаль трупамі. Расейскія камандзёры бралі закладнікаў сярод цывільнага насельніцтва горада, а потым абменьвалі іх на трупы сваіх палеглых жаўнераў. Сем’і закладнікаў бегалі па вуліцах, шукаючы трупы і параненых. Людзей асабліва абураў факт, што расейцы адмаўляліся прымаць параненых і забітых, якія паходзілі з іншых вайсковых аддзелаў. Калі людзі паспрабавалі прысароміць аднаго з камандзёраў, кажучы, што такія паводзіны не да твару афіцэру і што распачаліся мірныя перамовы, той адказаў: “мяне гэта цяпер не хвалюе. Мне наплевать і на Лебедзя, і на Масхадова – маім камандучым ёсьць Кулікоў. Мы будзем абменьваць галаву на галаву, нашага забітага цм параненага на вашага жывога”.

Паводле Гелаева, у горадзе ваявалі перш за ўсё чачэнскія рэнэгаты”Чачэнская апазыцыя вяла цяжкія баі, яны наладжвалі засады, забівалі нашых хлопцаў. Апазыцыйныя сілы былі сканцэнтраваныя на чыгуначным вакзале. Яны пагражалі па тэлебачаньню, што будуць ваяваць да канца. А калі загінулі нашы хлопцы, і яны зразумелі, што мы будзем помсьціць, гэтыя славутыя ваякі з чачэнскага ОМОНу бегалі і плакалі, як жанчыны, пераапараналіся, уцякалі як маглі. Чыгуначны вакзал быў захоплены надвячоркам 11 жніўня. У горадзе ўжо ніхто не супраціўляўся. Потым мы падлічылі – падчас гэтай апэрацыі палегла 62 нашых ваяра, а 30 зь іх забілі чачэнцы”.

Расейскія жаўнеры ваяваць не хацелі, але ня здолелі адмовіцца ад сваіх звычайных задавальненьняў – п’янства і рабункаў. Аднойчы Султан Ісламаў патруляваў з двума таварышамі квартал прыватных хатак у “жыдоўскім квартале”. Раптам ваяры сутыкнуліся з групай з шасьцёх расейцаў. Жаўнеры ўсталі як укапаныя, цалкам разгубленыя. Чачэнцы праніклі ў зону, дзе два апошнія дні непадзельна панавалі фэдэральныя войскі. Напэўна таму жаўнеры былі п’яныя і йшлі з аўтаматамі цераз плячо. Калі яны ўбачылі накіраваныя на іх дулы чачэнскіх аўтаматаў, то пачалі крычаць – “мужыкі, не нада!” Яны не пасьпелі нічога зрабіць. “Нада, Федя – спакойна адказаў Султан – Я цябе сюды не прысылаў”.

Баі практычна скончыліся 14-15 жніўня. Усе дарогі, што вялі ў горад, былі заблакаваныя, усе блок-пастарункі абкружаныя. Гелаеў налічыў у Грозным дзевяць кольцаў абкружэньня. “У сярэдзіне былі расейцы, вакол чачэнцы, потым зноў расейцы і зноў чачэнцы. І так мы абкружылі адзін аднога. А чачэнцы вельмі хутка сарыентаваліся ў гэтай сытуацыі. Нашы ваяры вельмі добра ваююць у абкружэньні. Мы заўсёды былі ў абкружэньні, і для нас ў гэтым не было нічога новага. Але для расейцаў гэта была ўражальная сытуацыя. Яны разгубіліся. Для нас сытуацыя была выгоднай таксама з тае прычыны, што яны не маглі выкарыстоўваць сваёй авіяцыі і артылерыі, часьцей траплялі ў сваіх, чым у нашых. Мы ўвесь час былі ў непасрэдным кантакце з расейцамі, нашы пазыцыі падзялялі ад 20 да 100 мэтраў. Нашы праціўнікі ваявалі толькі тады, калі добра напіваліся. Седзячы ў абкружэньні, яны мелі час, каб падумаць аб сваім лёсе, а для нас гэты бой быў нечым салодкім. Калі генэрал Пулікоўскі абвясьціў па тэлебачаньню, што праз 48 гадзінаў пачнецца бамбардоўка горада, мы былі вельмі заінтрыгаваны. Нас увесь час бамбардавалі, гэтым яны нас не напалохаюць. Затое ўражаны былі расейскія жаўнеры. Яны ведалі, як трапна б’юць па сваіх іхныя самалёты. Становішча расейскай арміі з кожным днём станавілася ўсё больш мізэрным. А ў нас было натхненьне. Мы верылі, што змагаемся дзеля Алаха і будучых пакаленьняў і што нас чакае ўдача. Мы адчувалі гэта сэрцам і бачылі вачыма. Гэта была гульня ва-банк, мы не прадугледжвалі адступленьня з Грознага. Раней было вырашана, што мы будзем змагацца тут да канца”.

У апэрацыю “Джыхад” уключыліся дывэрсійныя аддзелы, якія ўвесь час знаходзіліся ў горадзе. “Перад апэрацыяй “Джыхад” я быў з хлопцамі на дывэрсіі ў Грозным – кажа ваяр з такога аддзелу. – Мы падрыхтавалі шляхі для праходу для хлопцаў Шаміля Басаева і Ахмэда Закаева. Калі ўсё пачалося, мы вырашылі ранійцай 6 жніўня паехаць да Шаміля, каб даведацца, можа для нас ёсьць якое заданьне. Я казаў хлопцам, каб не ішлі да яго. Зазвычай ён даваў заданьне тыпу – прынесьці ежы, перадаць камусьці загад. І цяпер я нібыта адгадаў – Шаміль сказаў, каб мы пераапрануліся ў цывільную вопратку, надзелі белыя кашулі і гальштукі. “Забірайце ў людзей машыны, няхай яны да мяне прыходзяць. І хоця б з-пад зямлі здабудьзьце якую-кольвечы цяжкую зброю. Мы пайшлі ўчатырох, забралі ў кагосьці “Волгу”. Спачатку, аднак, мы вырашылі паехаць у цэнтар, пабачыць хлопцаў з нашай роты. Магамэд Хатуеў якраз рыхтаваўся да штурму ўрадавых будынкаў. Праз хвіліну павінна была распачацца атака. Я кажу хлопцам – як жа мы цяпер будзем шукаць зброю? Спачатку крыху паштурмуем, а потым паедзем выконваць загад Шаміля.

Мы захапілі сядзібу ўраду, падпалілі яе. Абаронцы, што засталіся жывымі, уцяклі ў камэндатуру, што насупраць. На жаль, пасьля штурма мы былі ўжо пашарпаныя, зусім брудныя, гальштукі трэба было выкідаць. Мы паехалі да Закаева, ён меў штаб у Чарнарэччы. Мы пераканалі яго, каб даў нам чатыры “Мухі”, “Чмель”, крыху снарадаў да гранатамёта. Мы завезьлі гэта Шамілю. Ён сядзеў перад штабам, паглядзеў на нас, мы стаім абарваныя, як пудзілы гародныя.

-- Я вас куды паслаў?

-- А як мы маглі пакінуць хлопцаў?

-- Ідзіце да сваіх. Забесьпячэнцаў з вас не атрымаецца.

Мы вярнуліся ў шэрагі. Магамэд Хатуеў быў паранены, Шаміля падчас штурму ФСБ таксама паранілі ў ступню з кулямёта. Штурмам ФСБ камандваў брат Асламбэка Абдулхаджыева. Два разы мы вазілі Шаміля на перавязачны пункт, два разы прыводзілі да яго лекара.

Расейцы адбіваліся ўжо з апошніх сілаў. Аднойчы каля моста Суботнікава я ўбачыў, як з блок-пастарунку вылазіць жаўнер. Я меў яго на мушцы, але было цікава, што ён хоча рабіць. Хоча здацца ў палон ці ўцячы? Шаміль загадаў браць палонных. Мы штопаўгадзіны крычалі, каб яны здаваліся. Мы пакідалі ім нават аўтаматы і адзін ражок. Гляджу, што ён будзе рабіць... А гэты жаўнер паўзе да калюжыны і пачынае піць ваду. П’е, п’е... Калі ён напіўся, то папоўз назад. Тады я стрэліў. У сярэдзіну калюжыны. Ён усё зразумеў. Памахаў мне рукой з амбразуры. Ён зразумеў, што я падарыў яму жыцьцё. На наступны дзень жаўнеры з гэтага пастарунка забілі двух сваіх афіцэраў і здаліся ў палон”.

 

Майстры вайны

Чачэнскія атрады, што 6 жніўня ўвайшлі ў Грозны, былі зусім іншым войскам чым тое, што пакідала сталіцу ўзімку 1995 года, паўтара гады таму. Цяпер сталіцу штурмавалі дасканала навучаныя атрады спэцыялістаў, якія па-майстэрску валодалі ваенным рамяством. На працягу палутара гадоў вайна зьдзейсьніла жорсткую сэлекцыю чалавечага матэр’яла. Тыя, якім наканавана было выжыць, ня мелі роўных сябе ў баі. Зь імі ня мог параўнацца аніякі жаўнер, нават найлепшы, вывучаны на стрэльбішчы і палігонах.

“Дзеяньні нашых малых мабільных групаў дэзарыентавалі расейцаў – кажуць камандзёры спэцназу. – Яны ваявалі паводле статуту. Ідзе выведка, выкрывае нашы пазыцыі, вяртаецца, праз гадзіну падыходзяць асноўныя сілы... А там нікога ўжо няма, а хлопцы б’юць іх з тылу. Увесь час у руху, без аніякіх загадаў, без кіраваньня здалёк. Поўная партызаншчына. Ім здавалася, што пад кожным кустом сядзіць па дзьвесьці ваяроў.

Расейцы ваявалі як мае быць, як іх вучылі ў арміі. Ішлі наперад, упарта, без манэўраў, без хітрыкаў, без імітацыйных рухаў. Ішлі напралом, а мы іх расстрэльвалі. Яны захоплівалі нейкі пункт, наставала цемра, і яны ўсе сыходзіліся ў нейкае адно месца, каб быць усім разам. Яны баяліся. Стралялі ўсьляпую вакол сябе, расстаўлялі міны. А ў гэты час ваяры, якія ўжо былі ў абкружэньні, маглі перавесьці дух. Расейцы зноў раніцай ідуць у атаку – а там ужо нікога няма. Затое яны дастаюць агню з тылу.

Мы цалкам праслухоўвалі іхныя радыёчастоты. А яны нашыя частоты не. Падчас манэўраў мы імкліва пераскоквалі з каналу на канал. Размовы вельмі кароткія, хутчэй толькі паролі. Акрэм таго, мы ведаем іхную мову, а яны нашу не. Што праўда, там сядзелі ў іх здраднікі – чачэнцы, але пакуль патрэбная інфармацыя даходзіла, куды трэба, сытуацыя мянялася. Яны не пасьпявалі. А мы слухалі іх ўвесь час, ведалі кожны іхны крок.

Яшчэ адна асаблівасьць, якой адрозьніваюцца чачэнец ад расейскага жаўнера – паводлі чачэнскай мэнтальнасьці, пастаўленай задачы нельга не выканаць. Таму нашы хлопцы такія адважныя. Колькі разоў мы сутыкаліся з расейцамі лоб у лоб, мы на УАЗе, яны ў танку, і мы раз’язджаліся нібыта нічога сабе... А дастаткова было б праявіць страх, яны зьмялі б нас імгненна. Ня йшлося аб тым, што расейцы баяліся – яны проста ня мелі, за што ваяваць і за што паміраць”.

Хаця – побач з мастрамі ўвесь час былі яшчэ і такія, як “індзейцы”, якіх атрымаў пад сваю каманду Муса Баматгірыеў. Пяцьдзесят такіх прыслалі, каб абараняць штаб Гелаева падчас апэрацыі “Джыхад”. “Гэта быў кашмар. Штопаўгадзіны я мусіў правяраць пазыцыі. Яны сыходзілі, калі хацелі і куражыліся ў кватэрах. Яны запэўнівалі мяне – калі пойдуць расейцы, мы іх адразу адкінем! А расейцы маглі ў любы момант падысьці да штабу – камэндатура фабрычнага кварталу знаходзілася ўсяго толькі ў некалькіх сотнях мэтраў. Хлопцы сьцьвярджалі, што пайшлі ў кватэры, каб адпачыць, але я ведаў, чаму яны туды ходзяць. Яны ваявалі, былі патрэбнымі, але абсалютна недысцыплінаванымі”.

 

Рахунак стратаў

Расейцы ніколі не даведаюцца праўду. Армію жаўнераў, забітых на чачэнскай вайне, пакрые змрочная таямніца. Згінуць імёны палеглых і нумары спаленых танкаў, зьнікнуць з вайсковай статыстыкі тысячы тонаў бомбаў, скінутых на гарады і вёскі. Жыхары імпэрыі ня змогуць даведацца, якую цану трэба было заплаціць за шаленства палітыкаў і генэралаў.

Вышэй за ўсіх ацаніў страты расейскіх фэдэральных войскаў генэрал Лебедзь. Ён сказаў у адным з публічных выступаў, што ў Чачэніі палегла 6-7 тысячаў жаўнераў. Страты чачэнцаў разам з цывільным насельніцтвам ён ацаніў у 70-80 тысячаў забітых.

На гэтым фоне дадзеныя, апублікаваныя незалежным расейскім таварыствам “Мэмарыял”, шакіруюць: да лютага 1996 г. у Чачэніі палеглі звыш 27 тысячаў расейскіх жаўнераў, а 81 тысяча былі паранены. Сярод параненых 34 тысячы засталіся інвалідамі. Паводле ацэнак незалежных журналістаў, колькасьць забітых расейскіх жаўнераў раўнялася ў той час 45 тысячам. Да верасьня, калі было дасягнута мірнае пагадненьне, сьпісы параненых і палеглых значна павялічыліся – статыстыка не ўключыла ў сябе сакавіцкага штурма Грознага, цяжкіх баёў за Шатой у ліпені і жніўні, а таксама пераможнага штурма чачэнскай сталіцы на пачатку жніўня. Праз чатыры месяцы вайны з чыгуначнай станцыі ў Грозным было выслана на пераплаўку 700 зьнішчаных расейскіх бранемашын. Спачатку спэцкаманда малявала белай фарбай на спаленых танках знак ваўка, што ляжыць пад месяцам – гэрб Чачэніі.

“Паводле нашых дадзеных, кожны дзень вайны гінула ў сярэднім каля трыццаці расейскіх жаўнераў” – інфармаваў журналістаў генэрал Аслан Масхадаў. На працягу дваццаці двух месяцаў гэта давала лічбу ў амаль дваццаць тысячаў забітых.

Страты фэдэральнай арміі былі прапарцыйнымі да яе колькасьці. У адным з інтэрв’ю Дока Заўгаеў сказаў пра 463 тысячы расейскіх жаўнераў, разьмешчаных на тэрыторыі Чачэніі. “На працягу вайны праз Чачэнію прайшлі 3 мільёны расейскіх жаўнераў – сьцьвярджае Шаміль Басаеў. – Практычна ўсю сваю армію яны вышкалілі на нашай скуры”.

Паводле дадзеных камісіі чачэнскага ўраду, якая дасьледвала расейскія злачынствы ў Чачэніі, падчас вайны загінула 87530 цывільных жыхароў рэспублікі, сярод якіх 40% складалі расейцы. За межамі айчыны апынуліся 400 тысячаў уцекачоў, сярод іх – 70 тысячаў расейцаў. Трэба памятаць, што да вайны ў Чачэніі жыло каля мільёна чалавек. Вайна пакінула 9250 інвалідаў. Былі паранены 38 тысячаў чалавек.

Генэрал Аслан Масхадаў падае лічбу каля 2 тысячаў палеглых ваяроў – дабраахвотнікаў і жаўнераў рэгулярных частак чачэнскіх узброеных сілаў. Найвялікшыя страты чачэнцы панесьлі ў Першамайскім, дзе загінула 82 з 285 удзеьнікаў бою. У баях за трамвайнае дэпо на пачатку вайны ў Грозным загінула за некалькі дзён 19 чалавек. У бітве з танкамі на адкрытым полі пад Курчалой таксама 19. У Будзёнаўску Басаеў страціў 16 чалавек. Падчас абароны прэзыдэнцкага палаца на працягу 20 дзён палегла 70 дабраахвотнікаў, ваяроў спэцназу і прэзыдэнцкай гвардыі. Невядомая лічба забітых дабраахвотнікаў, якія дзейнічала па-за структурамі рэгулярных атрадаў. Супастаўляючы страты абодвух бакоў у людзях, няцяжка заўважыць, што расейцы маюць прынамсі ў дзесяць разоў больш забітых. Можна, аднак, правесьці яшчэ іншы рахунак: беручы пад увагу, што ў момант заканчэньня ваенных дзеяньняў у верасьні 1996 г. чачэнцы мелі пад ружжом 3 тысячы ваяроў, іхныя страты ў людзях склалі прынамсі 40%, гэта значыць, што загінуў амаль штодругі ўдзельнік баёў. Акрэм таго, не далічыліся многіх тысячаў людзей, якія патрапілі ў расейскія фільтрацыйныя лягяры і былі забітыя або прапалі бяз вестак. Місія Чырвонага Крыжа і арганізацыя “Лекары бяз межаў” вызначаюць іх лічбу ў 18 тысячаў.

“Сэрца баліць за кожнага нашага забітага – сказаў генэрал Масхадаў падчас бітвы за Грозны на пачатку вайны. – Нашы страты ў сто разоў меншыя за расейскія, але я ведаю, што гэта цвет народу схапіўся за зброю і памірае за сваю зямлю”.

 

Чалавечы чыньнік

Памыляліся ўсе, каму здавалася, што на прыканцы ХХ ст. жаўнер будзе ваяваць у белых пальчатках. Голад і холад, кароста і вошы – такой была проза жыцьця ў акопах найбуйнейшай арміі ў сьвеце.

Вайна ў Чачэніі вельмі выразна прадэманстравала вагу чалавечага чыньніка на сучасным полі бою. Насупраць рэгулярнай арміі, узброенай сучаснай зброяй, бранетанкавымі войскамі і авіяцыяй, сталі дабраахвотніцкія атрады, узброеныя галоўным чынам стралковай зброяй. Адносіны сілаў абодвух бакоў падчас многіх баёў і сутычак мелі прапорцыю 100 : 1. Падчас вайны праявілася аднак грунтоўная розьніца паміж праціўнікамі: з расейскага боку была паўсюдная дэмаралізацыя і адчуваньне браку сэнсу дзеяньняў, а з другога боку найвышэйшыя жаўнерскія якасьці – адвага, брак страху сьмерці, патрыятызм, сьвядомасьць, што працягваюцца рыцарскія традыцыі, высока ацэненыя ў народзе, глыбокая рэлігійнасьць. Гэтая нечаканая праява чалавечага чыньніка і яго вялікае, а можа і вырашальнае значэньне – было шакуючым досьведам для расейскіх камандных кадраў, поўных пыхі што да сваіх прафэсійных навыкаў, выхаваных у зьняважлівых адносінах да праціўнікаў – “каўказкіх пастухоў”, сьлепа ўпэўненай у тэхнічнай магутнасьці арміі і яе поўных складах амуніцыі.

Трэба зазначыць, што расейская армія вяла ў недалёкай мінуўшчыне вайну падобнага кшталту ў Аўганістане. Праз Аўганістан прайшла бальшыня прафэсійных генэралаў, афіцэраў і падафіцэраў, што бралі ўдзел у чачэнскім канфлікце. З досьведу аўганскай вайны расейская армія не зрабіла канструктыўных вынікаў.

Падобна, як раней у Аўганістане, расейскія войскі напаткалі ў Чачэніі зацяты супраціў, які выклікаў разгубленасьць камандзёраў, кіруючых апэрацыяй. Ужо першыя падпаленыя танкі і першыя страты ў людзях не пакідалі сумневу, што супраціўляецца рашучы праціўнік, гатовы да любых ахвяраў.

Каб эфэктыўна весьці вайну, у жаўнера павінен быць задзейнічаны псіхалагічны мэханізм, які дазволіць яму пераадолець страх і знайсьці матывацыю для рызыкаваньня сваім жыцьцём. Гэты мэханізм павінен быць ужыўлены яму падчас баявой вучобы і таксама ўсяго папярэдняга фармаваньня сьведамасьці маладога чалавека – грамадзяніна і сьведамага члена грамадзтва. Хутка раскрылася, што расейскія жаўнеры абсалютна ня маюць гэтага ідэалагічнага падмурку, які можна было супрацьпаставіць высокай маралі чачэнскіх ваяроў. Зьняважлівыя адносіны да праціўніка, “каўказкіх пастухоў”, ужыўленыя ў працэсе прымітыўнай казарменай індактрынацыі, альбо таксама нянавісьць, выкліканая сьмерцю таварышаў па зброі і ўласным страхам – аказаліся надта слабым імпульсам, каб ураўнаважыць ідэалы патрыятычна настроенай чачэнскай моладзі. Тым больш гэтага не маглі абудзіць самыя нізкія матывы, якія праявіліся ва ўсеагульным п’янстве, ужываньні наркотыкаў, рабунках і звычайных злачынствах. Расейская армія прайграла вайну за фармаваньне ідэйнага жаўнера, што дасканала ўдалося чачэнскаму боку, дзякуючы гістарычным традыцыям. Уся далейшая хада вайны была наступствам гэтай першапрычыны.

Расейская армія была дэзарыентавана ў справе асноўных задачаў і абавязкаў. Размыліся грунтоўныя для ідэалагічнага фармаваньня маладога жаўнера паняцьці, такія як айчына, дзяржаўны інтэрас, карысьць для народу і да т.п. Усё гэта мела вынікам тое, што жаўнеры імкнуліся адбыць службу зь як мага меншым напружваньнем сілаў і як мага меншай рызыкай. Такое войска ня здольнае і ня можа эфэктыўна ваяваць. Крызыс у арміі ёсьць адпаведным адбіткам хаосу, у які занурана Расея.

Істотным чыньнікам, які паралізаваў усю ініцыятыву расейскіх жаўнераў, стаўся страх, які абудзілі ў іх посьпехі чачэнскіх ваяроў. Страх настолькі моцны, што каб яго зламаць, было неабходна ўвесь час знаходзіцца пад уплывам алкаголю і стымулявацца з дапамогай наркотыкаў. Гэта давала правальны эфэкт у баі. Чачэнцы шмат разоў сутыкаліся – і давалі сабе рады ў такіх сытуацыях – з цэлымі аддзеламі, якія ішлі ў бой ў стане ачмурэньня.

Надзвычай дэструкцыйны ўплыў на паводзіны жаўнераў аказвала ўсеагульная практыка “дзедаўшчыны” у расейскіх вайсковых адзінках, якая набывала ў фэдэральнай арміі брутальныя і гнюсныя формы – ў часы міру ў расейскай арміі штогод гінуць тысячы жаўнераў. Ад пачатку ваенных дзеяньняў у Чачэніі зьявіўся таксама матыў поўнай адсутнасьці зацікаўленьня з боку адпаведных структур лёсам параненых, якія праходзілі лячэньне, і ваенных інвалідаў, якіх пасьля звальненьня з арміі кідалі на волю лёсу без дапамогі і кампэнсацыі.

 

Апошняя спроба Лебедзя

“Лебедзь не без прычыны прыехаў у Грозны а другой гадзіне ўначы, ён адчайна сьпяшаўся – сьцьвярджае генэрал Гелаеў. – Ён не аб нас турбаваўся, а аб сытуацыі расейскіх войскаў. Як стратэг ён заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі. Як жаўнер і камандос ён дасканала зарыентаваўся ў адчайным становішчы фэдэральных войскаў. Калі б не ягоная місія, яны сышлі б адсюль не як жаўнеры, а як уцекачы”.

Што да матываў тэрміновай акцыі Лебедзя чачэнцы ня мелі ілюзій. Яны памяталі словы Джахара Дудаева – “калі б расейцы мелі сілу, яны з задавальненьнем станцавалі б на магіле апошняга чачэнца”. І вельмі добра запомнілі словы самога Лебедзя – “ну, будзе апошні чачэнец і што з таго?”

22 жніўня Аляксандр Лебедзь, сакратар Рады Бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі, і Аслан Масхадаў, начальнік Генштабу Узброеных Сілаў Чачэнскай Рэспублікі, падпісалі пагадненьне аб спыненьні агню і баявых дзеяньняў. Яно ўваходзіла ў сілу з 12.00 наступнага дня. У прынцыпе гэта азначала заканчэньне вайны.

Пагадненьне прадугледжвала тэрміновы абмен палоннымі, закладнікамі і целамі забітых паводле прынцыпу “усіх на ўсіх”. Расейскае камандаваньне абавязалася да 26 жніўня вывесьці ўсе свае войскі з Нажай-юртаўскага раёну, а да 29 жніўня – з Шатойскага. Гэтую умову яны выканалі. У Грозным былі ўтвораны пяць часовых сумесных камэндатураў, якія павінны былі выставіць на вуліцах Грознага расейска-чачэнскія пастарункі. Усе блок-пастарункі на тэрыторыі Чачэніі павінны былі быць адразу ж зьліквідаваныя.

6 верасьня – гэта нацыянальнае сьвята Чачэніі. У гэты дзень у 1991 г. Джахар Дудаеў абвясьціў незалежнасьць рэспублікі. Цяпер нагода для сьвяткаваньня была двайная: незалежнасьць была абаронена ў крывавай вайне з Расеяй. Аляксандр Лебедзь, які скончыў гэтую вайну, прасіў аб адным – каб чачэнцы не наладжвалі ў Грозным парада перамогі. Такога прыніжэньня Расея не магла сьцярпець.

Чачэнцы адмовіліся ад цэнтралізаваных сьвяткаваньняў незалежнасьці ў Грозным. Урачыстыя мерапрыемствы адбыліся ў некалькі правінцыйных цэнтрах.

Раніцай 6 верасьня 1996 г. у Шатой, раённы цэнтар каля падножжа Каўказа прыбылі атрады ваяроў паўднёва-заходняга фронту. Яны ішлі з гор, на якія ніколі не ўдалося ўвайсьці расейскім жаўнерам. Усе ў сьвежых мундзірах, узброеныя да зубоў, абвешаныя поўнымі магазінамі ад аўтаматаў, стужкамі патронаў, гранатамі. Усім тым, што за гады вайны было найважнейшым для змаганьня.

Цэнтральны фронт, на якім дзейнічаў Шаміль Басаеў, сьвяткаваў у Ведзяно. Малалікія атрады пакінулі ў Грозным, на ахоўных пастарунках сталіцы. Толькі цяпер можна было ўявіць сабе, як няшмат іх усіх разам. Супраць сябе яны мелі ўсю магутнасьць і шаленства Расеі. І яны перамаглі.

У Шатоі распачалася страляніна. Спачатку некалькі аўтаматных чэргаў, а праз хвіліну магутная кананада ва ўсім горадзе. Стралялі ўсе, чутно было нават як страляюць цяжкія кулямёты, усталяваныя на кузавах грузавікоў. Над усёй плошчай, дзе была пастаўлена ганаровая трыбуна, падняліся хмары парахавога дыму.

На трыбуне стаялі вышэйшыя камандзёры. Зэлімхан Яндарбіеў, прэзыдэнт-паэт, сябра Джахара Дудаева. Ён першы пайшоў дарогай, на якую потым ступіў Джахар. Генэрал Аслан Масхадаў, фармальна начальнік генштаба, фактычна – галоўнакамандуючы. Генэрал Хамзат Гелаеў, камандуючы фронтам і элітным чачэнскім спэцназам. Шмат разоў паранены, з ськівіцай, счэпленай дратамі, і стальной пласцінкай на патыліцы, з рукой на павязцы, напамін пра жнівеньскі штурм Грознага. Султан Пацаеў і Балаўдзі Бялоеў, камандзёры атрадаў, што змагаліся пад Шатоем. Яны атрымалі палкоўніцкія нашыўкі і вышэйшыя ўзнагароды: ордэны Героя Чачэніі. Дока Умараў, Хамзат Лабазанаў, Давут Ахмадаў...

На вялікай плошчы перад трыбунай сабраліся ваяры і цывільныя. Былі старыя алімы з белымі бародамі і зусім маладыя падлеткі, якія ўжо вучыліся валодаць зброяй. Былі жанчыны, маці жаўнераў, і тыя, якія будуць нараджаць жаўнераў. Усе разам: камандзёры і падначаленыя, абаронцы і ацалелыя...

Не прышоў толькі той, каго ўсе чакалі. Джахар Дудаеў...

 

Пасьляслоўе Валерыi Навадворскай

Спрадвечныя жыхары Каўказа сталіся вязьнямі расейскай імпэрыі на сваёй роднай зямлі, пасярод сваіх гор, воблакаў і арлоў. У прынцыпе, Каўказ перажывае цяпер чарговае мангольска-татарскае нашэсьце. У ролі нашчадкаў Чынгіз-хана выступаюць Ельцын, Грачоў, Ерын і іхныя банды. А Чынгіз-хан, які ўзяў у палон сямігадовага сына Джалал-эд-дзіна, што гераічна ваяваў з манголамі, сказаў: “Нашчадкі гэтых сьмелых мусульманаў выб’юць маіх унукаў да кораню. Таму сэрцам гэтага хлопца накарміце маіх сабак”.

Навошта расейскія манголы зьнішчалі з зямлі і паветра чачэнскія дзіцячыя садкі і радзільныя дамы? Дзеля таго, каб нашчадкі гэтых сьмелых чачэнцаў не адпомсьцілі ўнукам расейскіх эсэсаўцаў.

Ты зразумеў, Грачоў, на што ты падняў руку? На вечнасьць, на легенды, на казкі народу, на ўсіх герояў, якіх ведала чалавецтва. Ці ўсе народы зразумелі, што яны павінны стаць разам з жаўнерамі Дудаева, які вярнуў наш трывіяльны сьвет у часы антычнага гераізму? Няхай ніколі не ўпадзе Троя, якая называецца Чачэніяй.

І ўсё ж Чачэнія змагаецца самотная. “Адзіная сярод усіх – за ўсіх – супраць усіх”.

Чачэнцы, Вы ўжо адпомсьцілі за народы, зьняволеныя на працягу доўгіх гадоў савецкага таталітарызма, за раздушаную танкамі Пражскую Вясну 1968 г., за затоплены ў крыві паўстанцкі Будапэшт 1956 г., за разгром польскай “Салідарнасьці” у 1981 г., за забітых сапёрнымі рыдлёўкамі тбіліскіх дэманстрантаў 1989 г., за расстраляных савецкай арміяй у Баку ў 1990 г., за ахвяры Вільні 1991 г.

Ваша ахвяра не прапала дарэмна, бо людзі павінны верыць у нейкі ідэал. Сёньня вы ёсьць ідэалам для чалавецтва, яго марай, яго даляглядам, яго надзеяй.

В. Навадворская, Масква, 2 студзеня 1997 г.




Крыніца: http://www.narodnaja-partyja.org/
Пераклад: Валеры Буйвал

Беларуская Палічка: http://knihi.com