Наталі Сарот

Трапізмы

 

I

 

Быццам крынічныя ручаінкі, яны цяклі адусюль, нібы нараджаліся з цёплага, трошкі волкага паветра, плылі мякка, нібы сачыліся са сцен, з увабраных у краты дрэў, з лаваў, сквераў, бруднага тратуара.

Паміж нежывымі фасадамі дамоў яны выцягваліся доўгімі цёмнымі гронкамі, перад вітрынамі крамаў, сям-там, збіраліся ў шчыльныя, нерухомыя згусткі і часам пачыналі ціха круціцца, ціха, як вір, калі плынь натыкаецца на перашкоду.

Ад іх веяла нейкім дзіўным спакоем, нечым накшталт безнадзейнага, адчайнага задавальнення. Яны ўважліва разглядалі стосы сподняй адзежы на выставе бялізны, адмыслова складзеныя ў выглядзе снежных гор, ці ляльку, у якой вочы і зубы праз аднолькавыя інтэрвалы загараліся і тухлі, загараліся і тухлі, загараліся і тухлі, увесь час праз тыя самыя інтэрвалы, зноў загараліся і зноў тухлі.

Яны доўга глядзелі, стаялі тут, перад вітрынамі, нерухомыя, загіпнатызаваныя, як ахвяра, увесь час адкладаючы яшчэ на імгненне той час, калі трэба будзе ісці. І маленькія ціхія дзеткі, што трымалі іх за руку, ужо стомленыя ад глядзення, няўважлівыя і цярплівыя, чакалі, стоячы каля іх.

 

II

 

З вялікаю неахвотай яны адрываліся ад люстраных шафаў, у якіх вывучалі свой твар. Яны падымаліся з ложкаў. «Снеданне на стале, снеданне на стале», - гукала яна. Яна збірала сям'ю на сняданак. А яны хаваліся, кожны ў сваім берлагу, нелюдзімыя, злосныя, змораныя. «Ды што гэта з імі, чаму ў іх заўсёды такі зняможаны выгляд?» - казала яна, калі гаманіла з кухаркай.

Яна гаманіла з кухаркай гадзінамі і завіхалася ля стала, увесь час завіхалася, раскладала ім порцыі, стравы, гаманіла і крытыкавала тых, што прыходзілі ў дом, іх сяброў: «...а ў той валасы яшчэ пацямнеюць і будуць, як у яе маці, простыя; шанцуе, шанцуе тым, каму не трэба рабіць перманент». - «У паненкі прыгожыя валасы, - казала кухарка, - густыя, прыгожыя, хоць і не кучаравыя, праўда». - «А той - я нават не ўпэўненая, каб ён вам нешта пакінуў. Яны скупыя, усе скупыя, хоць і маюць грошы, маюць, вось што агідна. І нічога сабе не дазваляюць. Не, я гэтага не разумею, не». - «О, што вы! - казала кухарка. - Ды не. Не знясуць жа яны іх з сабой. А іх дачка? Яна ж дагэтуль яшчэ не замужам. А яна сімпатычная, у яе прыгожыя валасы, маленькі носік і ногі - таксама зграбныя». - «Ага, ага, прыгожыя валасы, што праўда, то праўда, - казала яна, - але яе ніхто не кахае, разумееце, яна не падабаецца. Вось ужо сапраўды дзіва!»

Ён адчуваў, як з кухні сачылася брудная, прымітыўная, зашмальцаваная думка, і тапталася, і тапталася ўвесь час на адным месцы, увесь час на месцы, круцілася ваўчком, ваўчком, нібы ў іх круцілася ў галаве, а яны не маглі спыніцца, нібы ім было млосна, а яны не маглі спыніцца, як тады, калі грызеш пазногці, як тады, калі кавалкамі абдзіраеш апечаную скуру, як тады, калі чухаешся ў крапіўнай ліхаманцы, як тады, калі круцішся ад бяссонніцы ў ложку - каб было прыемна і адначасна - балюча, пакуль не зняможаш, пакуль не зойме дыхання...

«А можа, у іх усё іначай», - думаў ён і прыслухоўваўся, лежачы ў ложку, а іхняя думка, нібы клейкая слізь, зацякала ў яго, ліпла, напаўняла яго з сярэдзіны.

Рабіць не было чаго. Не было чаго. Унікнуць было немагчыма. Паўсюль, пад самымі рознымі кшталтамі, «здрада» («А сонейка сёння здрадлівае, - казала кансьержка, - здрадлівае, толькі і чакай, што падхопіш хваробу. Вось так і мой муж, нябога, аж ён здароўе шанаваў...»), паўсюль «здрада», нават у выглядзе самога жыцця, праглынае з лёту - калі прабягаеш паўз кансьержчын закутак, калі адказваеш па тэлефоне, калі сядзіш за сямейным сняданкам, запрашаеш сяброў, пачынаеш гаворку з кім-небудзь.

Ім трэба адказваць, падбадзёрваць іх, мякка, ласкава, і галоўнае - галоўнае не даваць ім адчуць, не даваць ім на імгненне адчуць, што лічыш сябе інакшым. Гнуцца, гнуцца, скручвацца ў нуль. «Але, але, ага, так, праўда, вядома», - вось што ім трэба казаць і глядзець прыязна, пяшчотна, іначай - усё паляціць, паламаецца, раздзярэцца, здарыцца нешта зусім нечаканае, жудаснае, нешта такое, чаго ніколі яшчэ не было, і гэта будзе жахліва.

Яму здавалася, што тады, у раптоўным прыліве дзейнасці і сілы, ён іх страсяне на ўсю моц, як старыя завэдзганыя анучы, скруціць, раздзярэ і знішчыць ушчэнт.

Але адначасна ён ведаў, што такое ўражанне, вядома, падманлівае. Раней чым ён паспее на іх наваліцца - яны, з тым беспамылковым абарончым інстынктам, з тою гнуткаю жывучасцю, у якой крыецца іх небяспечная сіла, павернуцца да яго і - ён нават сам не ведае як - адразу заб'юць.

 

III

 

Некалі яны прыехалі сюды і пасяліліся недзе на тых маленькіх спакойных вулачках, што за Пантэонам, можа, на вуліцы Гей-Люсака, а можа,і на Сэн-Жак, у кватэры з вокнамі, што выходзяць на цёмны двор, але даволі прыстойнай, з камфортам.

Тут яны маглі сабе гэта дазволіць, гэта - і свабоду рабіць, што захочуць, хадзіць, дзе захочуць, у любых, самых нязграбных строях, з любым выразам на твары, гуляць па гэтых ціхіх маленькіх вулачках.

Тут ад іх не патрабавалі ніякага ўмення трымацца, ні супольнасці з іншымі, ніякіх пачуццяў, ані ўспамінаў. Ім гарантавалася забяспечанае і адначасова пустое жыццё, падобнае да пачакальні на бязлюднай прыгараднай станцыі, голай, шэрай і цёплай залы з драўлянымі лавамі ўздоўж сцен і чорнаю печчу ў цэнтры.

І яны былі задаволеныя, ім падабалася тут, яны адчувалі сябе амаль як дома, былі ў добрых адносінах з пані кансьержкаю, з малочніцай, аддавалі адзенне ў чыстку ў самую добрасумленную і самую танную пральню ў квартале.

Яны ніколі не стараліся прыгадаць тую вёску, дзе калісьці гулялі ў дзіцячыя гульні, ніколі не стараліся ўспомніць колеры і пахі таго мястэчка, у якім раслі, яны ніколі не адчувалі, каб у іх раптам узнік, - калі яны крочылі па вуліцах свайго квартала, разглядалі вітрыны крамаў, пачціва віталіся з кансьержкаю, праходзячы міма яе закутка, - яны ніколі не адчувалі, каб у іх памяці ўсплыў той родны мур, за якім кіпела жыццё, ці брук на двары, моцны і адначасова пяшчотны, ці ласкавыя прыступкі на ганку, дзе яны сядзелі ў дзяцінстве.

На лесвіцы ў сваім доме яны сустракалі часам «суседа знізу», выкладчыка ліцэя, што вяртаўся пасля заняткаў, а чацвёртай гадзіне, з двума сваймі дзецьмі. Ва ўсіх траіх у іх былі доўгія галовы з бясколернымі вачыма, гладкія і бліскучыя, як вялікія касцяныя яйкі. Дзверы ў іх кватэру на імгненне прачыняліся і прапускалі іх усярэдзіну. Было відаць, як яны ступаюць на маленькі лямцавы каберац на паркеце каля ўвахода - і моўчкі знікаюць у цёмнай глыбіні калідора.

 

IV

 

Яны балбаталі нешта ледзь выразнае, бегаючы вачыма, нібыта стараючыся выказаць нейкую тонкую, далікатную думку, але не знаходзячы слоў.

Ён іх падганяў: «Ну чаму? Чаму? Чаму гэта я эгаіст? Чаму мізантроп? Ну, скажыце, скажыце?»

У душы - яны ведалі - яны гулялі ў гульню, трымаліся яе правілаў. Часам ім пачынала здавацца, што ў руцэ ў яго нейкая палачка, якую ён ні на хвіліну не выпускае, каб камандаваць імі, якою ён паволі ўзмахвае, каб імі кіраваць, як балетмайстар. Гоп-гоп-гоп! - яны танчылі, кружылі, круціліся, дзе трэба з натхненнем, з веданнем справы, але нібыта застаючыся на пэўнай адлегласці, нібыта ніколі не пераходзячы тае забароннае рысы, за якой яму можа не спадабацца.

«Ну чаму? Чаму? Ну чаму?» Пайшлі! І-і-і раз! Ды не, не так! Назад! Назад! Ну вось, вось - радасны тон, так, яшчэ, плаўна, на дыбачках, з жартам, з іроніяй. Правільна, правільна, можна паспрабаваць, гэта кранае. А цяпер - наіўны выгляд, і - можна асмеліцца выказаць і некаторыя ісціны, няхай нават і жорсткія, можна перайсці да яго, ён абажае гэта, трошкі яго пацвяліць, ён абажае такую гульню. Э, тут - увага! - цішэй, цішэй, тут пачынае ўжо быць небяспечна, але нічога - можна паспрабаваць, яму гэта можа здацца пікантным, забаўным, прываблівым. А цяпер - якую-небудзь гісторыю, якую-небудзь скандальную гісторыйку, з інтымнага жыцця яго знаёмых, у якіх ён бывае ў гасцях, якія яго паважаюць. Гэта яго зацікавіць, звычайна ён любіць падобныя рэчы... Ах, не - божа, якое глупства! - гэта ж яго зусім не цікавіць, гэта даўно перастала яму падабацца: як ён раптам нахмурыўся, які адразу зрабіўся грозны, ён зараз гнеўна іх абсячэ, пачне ўшчуваць, скажа штось зневажальнае, зробіць так, што яны - мімаволі - уразумеюць усю сваю нізасць. Дый нават калі і не зробіць цяпер - то пасля знойдзе найменшы выпадак, і нічога яму не адкажаш, ён жа зробіць гэта ў сваёй невыноснай, іншасказальнай манеры.

Божа, як гэта вымотвае! Як вымотвае ўсё гэта бясконцае, стараннае скаканне перад ім: назад, і наперад, і наперад, і наперад, зноў назад, а цяпер - вакол яго - закружылі, закружылі і на дыбачках - пайшлі, не зводзіць з яго вачэй! - і ўбок, і наперад, і назад, каб падарыць яму такое задавальненне.

 

V

 

Спякотнымі ліпеньскімі днямі сцяна насупраць скідала ў маленькі ссырэлы двор цяжкае і рэзкае святло.

Пад гэтаю важкай гарачынёй утваралася пустая бяздонная прорва, і цішыня, і ўсё нібы завісала, чулася толькі пранізлівае, агрэсіўнае скрыгатанне крэсла па кафлянай падлозе, бразганне дзвярэй, і раптам, у гэтай гарачыні, у гэтай цішы - нечаканы холад, шчымлівая туга.

Яна ляжала і не варушылася, на самым краечку ложка, стараючыся займаць як мага менш месца, напружаная, нібыта чакаючы, што зараз нешта выбухне, нешта наваліцца на яе з гэтай пагрозлівай цішыні.

Часам такое пачуццё ўзнікае ад сакатання цыкад у скамянелай пад сонцам, нібыта мёртвай прэрыі - пачуццё холаду, самоты, пакінутасці ў цэлым варожым свеце, дзе рыхтуецца нешта трывожнае.

І тады ляжыш, нерухомы, у траве, пад пякучым сонцам, прыслухоўваешся і чакаеш.

Яна чула, як скрозь цішыню, уздоўж старых, у сінюю палоску шпалераў у калідоры, уздоўж пакрытых бруднаю фарбай сцен да яе далятае шоргат ключа ў замку. Яна чула, як зачыніліся дзверы ў кабінет.

Яна ляжала, па-ранейшаму скурчаная, і нерухома чакала. Найменшы рух - пайсці ў ванную вымыць рукі, пусціць з крана ваду - здаваўся ёй дзёрзкім выклікам, раптоўным скачком у прорву, учынкам, поўным адвагі. Такі нечаканы шум пушчанай вады ў гэтай навіслай цішы быў бы нібы сігнал, нібы заклік да іх, ён быў бы што той непрыемны дотык, калі кончыкам палкі дакранаешся да медузы і потым з агідай чакаеш, як яна скаланецца, узгорбіцца і зноў распаўзецца.

Яна адчувала, што і яны, выцягнуўшыся, нерухома ляжаць за сцяной і гатовыя ў любы момант ускінуцца, заварушыцца.

Яна не варушылася. І здавалася, увесь дом, уся вуліца - ухваляюць яе, лічаць гэтую нерухомасць зусім натуральнай.

Здавалася абсалютна бясспрэчным, што адчыніўшы дзверы і зірнуўшы на лесвіцу, з якой веяла непарушнаю, безасабовай і бясколернай супакоенасцю, лесвіцу, на якой, здаецца, не засталося ні ценю людзей, якія па ёй прабягалі, нават малога ўспаміну пра іх сляды, здавалася, што стоячы ля акна і гледзячы на фасады дамоў, лаўкі, старых кабет і дзяцей, што праходзяць па вуліцы, трэба як мага болей чакаць, стаяць вось так, нерухома, не рабіць нічога, не варушыцца, бо найвышэйшае разуменне, сапраўдная мудрасць якраз і ёсць - варушыцца як мага меней, не рабіць нічога, бяздзейнічаць.

Самае большае - можна было хіба, з вялікаю перасцярогаю, каб не пабудзіць нікога, зажмурыўшы вочы, спусціцца па змрочнай і мёртвай лесвіцы і ціха рушыць па вуліцы, уздоўж сцен, каб самую крыху падыхаць, каб трошкі парухацца, не ведаючы, куды ідзеш, не жадаючы нікуды ісці, а потым вярнуцца дадому, сесці на край свайго ложка і зноў, сагнуўшыся, нерухома чакаць.

 

VI

 

Кожную раніцу яна ўсхоплівалася з ложка раней за ўсіх і бегала па кватэры, заўсёды незадаволеная, крыклівая, з'едлівая, размахваючы рукамі, задыхаючыся ад абурэння, гатовая ў любое імгненне ўстроіць «сцэну». Яна адзін за адным абыходзіла ўсе пакоі, урывалася ў кухню, гнеўна грукала ў дзверы занятае некім ваннай, ёй паўсюль рупіла ўлезці, кіраваць, страсянуць іх, папытацца, колькі яны збіраюцца там сядзець - гадзіну? - нагадаць, што ўжо позна, што яны спозняцца на трамвай ці на поезд, што ўжо вельмі позна і яны са сваёю нехлямяжасцю, з падобным сваім нядбайствам абавязкова некуды не паспеюць, што сняданак даўно гатовы, што ён даўно ўжо астыў, што ён дзве гадзіны як на стале і ўжо зледзянеў. І здавалася, у яе вачах няма нічога больш пагарджанага і больш невыцерпнага, больш дурнога і брыдкага, няма больш відавочнай прыкметы нізасці, прыкметы слабасці, чым даць астыць, прымусіць чакаць сняданак.

Тыя, хто ўсё гэта ведаў, - дзеці - стараліся не пазніцца. Але іншыя, бесклапотныя і няўважлівыя да падобных рэчаў, не ведаючы ўсёй іх магутнасці ў гэтым доме, прыязна адказвалі, вельмі ласкавым і натуральным тонам: «Вялікі дзякуй, не хвалюйцеся, я з задавальненнем вып'ю і трошкі астылай кавы». Гэтым, чужым, яна не асмельвалася нічога адказваць, але за адно гэтае слова, за адну гэтую караценькую ветлівую фразу, якою яны мякка, нібы між іншым, тылам далоні, адштурхвалі яе, не звяртаючы нават увагі, ні на імгненне не спыніўшы на ёй свайго позірку, ужо за адно гэта яна пачынала іх ненавідзець.

Рэчы! Рэчы! Гэта была яе сіла. Крыніца яе магутнасці. Інструмент, якім яна інстынктыўна, бясхібна і беспамылкова карысталася, каб нерамагаць, пляжыць усіх чыста.

Тыя, хто жыў побач з ёй, адчувалі сябе палоннымі рэчаў, рабамі, сагнутымі лад іх цяжарам, змярцвелымі і прыгнечанымі, увесь час пільнаванымі і зацкаванымі імі.

Рэчы. Прадметы. Званкі. Тое, што ніколі нельга было забывацца. Істоты, якіх нельга прымусіць чакаць. Яна карысталася імі, як зграяй сабак, якую напускала на іх штохвіліны: «Звоняць! Звоняць! Хутчэй, варушыцеся, вас жа чакаюць!»

І нават калі яны сядзелі ў схованцы, зачыніўшыся ў сваім пакоі, яна прымушала іх здрыгануцца: «Вас там клічуць! Вы што - не чуеце? Тэлефон. Дзверы. Адкуль скразняк? Вы не зачынілі дзверы, дзверы на лесвіцу!» Гахала акно. Грукалі дзверы. Парыў ветру пралятаў па кватэры. Трэба было бегчы, хутчэй, хутчэй, пад праклёнамі, спатыкаючыся, устрывожана, усё кінуць і бегчы, з гатоўнасцю дагадзіць.

 

VII

 

Толькі не пры ім, не-не, не пры ім, пазней, калі яго тут не будзе, не цяпер. Было б надта неасцярожна, надта непрыстойна гаварыць пра гэта - пры ім.

Яна трымалася напагатове, каб своечасова ўмяшацца, перашкодзіць яму пачуць, безупынку гаманіла сама, стараючыся адцягнуць яго ўвагу: «Крызіс... і гэтае беспрацоўе, усё расце ды расце. Ну, вядома, яму так усё ясна, ён жа так разумее ў падобных рэчах... А ёй - адкуль ёй ведаць?.. Ёй, праўда, расказвалі, што... Але ён мае рацыю: калі падумаеш, усё аказваецца такім простым, такім відавочным... Нават дзіўна і сумна бачыць, што столькі добрых людзей яшчэ такія наіўныя». Усё ідзе добра. Ён, відаць, задаволены. Папіваючы чай, ён тлумачыў паблажлівым тонам, з самаўпэўненым выглядам, і часам, наморшчваючы шчаку, націскаючы языком на зубы, каб выгнаць рэшткі заселай ежы, утвараў своеасаблівы гук, нешта накшталт ціхага прысвісту, што заўжды выдавала яго задаволенасць, млявую бесклапотнасць.

Але часам, нягледзячы на ўсе яе намаганні, запаноўвала цішыня. І нехта, павярнуўшыся да яе, пытаўся, ці хадзіла яна на Ван Гога.

«Ну вядома, але, яна хадзіла на выстаўку (нічога-нічога, ён не павінен звярнуць увагі, зараз яна ўсё ўладзіць, адным узмахам рукі), але, яна хадзіла неяк у нядзелю, у мінулую, здаецца, ці, можа, пазамінулую, увечары, калі ўсё роўна не ведаеш, чым сябе заняць. Вядома, было даволі цікава».

Ну, усё, усё, досыць, не трэба болей пра гэта, няўжо гэтыя людзі не адчуваюць, няўжо не бачаць, што ён тут, што ён слухае. Ёй было страшна... Але іншым, здаецца, гэта не абыходзіла, яны гаманілі, гаманілі далей пра сваё.

Ну што ж, калі ім так хочацца, калі ўжо ўсё роўна яна няздольная іх утрымаць - няхай іх упусцяць. Тым горай для іх. Няхай увойдуць сюды - Ван Гог, Утрыло ці хто іншы. Яна выйдзе наперад, стане перад імі, яна пастараецца іх крыху прыхаваць, каб хоць не так яўна, каб як мага менш выбіваліся, вось так, ціхутка, няхай паслухмяна там топчуцца, па сценачках. Вось так, ну вось, нічога такога, можна спакойна на іх зірнуць: Утрыло - п'яніца, толькі выйшаў са Св. Ганны, а Ван Гог... Га! Ды яна гатова пайсці ў заклад: ён ніколі не здагадаецца, што там у Ван Гога ў гэтай паперцы. У гэтай паперцы... яго адцятае вуха! «Мужчына з адцятым вухам», ды, вядома, ён гэта ведаў? Цяпер гэта бачыш паўсюль. Ну вось. Усё. Ён жа не раззлаваўся? Ён жа не ўскочыць, не адштурхне яе груба, не рушыць на іх, бегаючы прысаромленымі вачыма, гнеўна, гідка ашчэрыўшы зубы?

Не, не, дарэмна яна хвалявалася. Ён выдатна ўсё разумее. Ён прыняў гэта вельмі паблажліва, гэта нават яго пазабавіла. Вось - ён зноў моршчыць шчаку, зноў гэты лагодны прысвіст, і ў вачах - ранейшая вясёлая іскарка, гэты бляск, што сведчыць пра яго непарушную самаўпэўненасць, млявую бесклапотнасць, поўную задаволенасць.

 

VIII

 

Побач з гэтымі свежымі, гэтымі юнымі істотамі, побач з гэтымі бязвіннымі чалавечкамі ў яго заўжды ўзнікала жаданне, хваравітая, неадольная патрэба - узяць іх у свае неспакойныя пальцы, пакруціць, памацаць, наблізіць як мага больш да сябе, зрабіць іх сваімі.

І калі яму выпадала ісці з кім-небудзь з іх на вуліцу, весці каго-небудзь з іх прагуляцца, ён браў яго маленькую ручку і, пераходзячы на другі бок дарогі, моцна сціскаў яе ў сваёй цёплай, сваёй дужай руцэ, стрымліваючыся, каб не раздушыць гэтых малюпасенькіх пальчыкаў, калі яны пераходзілі на той бок вуліцы і з бязмежнаю асцярогай глядзелі спачатку налева, потым направа, каб упэўніцца, што перайсці паспяваюць, каб пераканацца, што ніякай машыны няма, каб яго золатка, яго мілае дзіцятка, гэтая маленькая жывая істота, кволая і такая даверлівая, за якую ён нясе такую адказнасць, не была раздушаная пад коламі.

І пераходзячы вуліцу, ён вучыў яго, што трэба спачатку доўга чакаць і быць уважлівым, уважлівым-уважлівым, быць вельмі-вельмі ўважлівым, калі пераходзіш вуліцу, нават на пераходзе, бо «трэба так мала, досыць усяго секунды няўвагі, каб здарылася непапраўнае».

І яшчэ ён любіў гаварыць з імі пра свой узрост, свой стары ўзрост, і пра сваю смерць. «Што ты скажаш, калі ў цябе не стане дзядулі, не будзе твайго дзядулі, бо ён старэнькі, ведаеш, вельмі старэнькі, і хутка яму прыйдзе пара паміраць. Ведаеш, што робяць, калі памруць? А ў яго ж таксама, у твайго дзядулі, у яго была мамачка. А? Дзе яна цяпер? Эх-эх, дзе яна цяпер, мой даражэнькі? Пайшла. Няма болей мамачкі, яна даўно ўжо памерла, яго мамачка, пайшла, няма яе больш, усё, памерла яна».

Паветра было шэрае і нерухомае, без пахаў, абапал вуліцы ўзвышаліся дамы, роўныя, шчыльныя і змрочныя гмахі, што абступалі іх, калі яны паволі рушылі па тратуары, трымаючыся за рукі. І малое адчувала, як нешта душыць, цісне, скоўвае яго. Нешта мяккае і задушлівае, што яго абавязкова прынукалі прыняць, увабраць, пад ласкавым і няўмольным прымусам, злёгку заціскаючы яму нос, каб ён праглынуў, каб не мог супраціўляцца, - і гэтае нешта пранікала ў яго, пакуль малое дробна і паслухмяна трухала па тратуары, пакорліва трымаючыся за ручку, вельмі разумна, згодна ківаючы галавой і слухаючы, як яму тлумачаць, што заўжды трэба быць асцярожным, калі пераходзіш, і глядзець - налева, направа, і быць уважлівым, вельмі ўважлівым, каб не здарылася непапраўнага, калі пераходзіш па пераходзе.

 

IX

 

Яна сядзела ў фатэлі, зашыўшыся ў кут, скурчыўшыся, з выцягнутаю шыяй, вырачанымі вачыма. «Ага, ага, ага, ага», - казала яна і, ківаючы галавой, нібы пагаджалася з кожным прамоўленым словам. Яна была страшная - ціхая, слізкая, уся нейкая гладкая, і толькі вочы, адны, былі вырачаныя. У ёй было штось прыгнятальнае, штось насцярожлівае, і ў ціхмянасці яе нібыта хавалася прытоеная пагроза.

Ён адчуваў, што любою цаной трэба што-небудзь зрабіць - каб яна расслабілася, каб яна супакоілася, але ён разумеў, што здольны на гэтае можа быць толькі той, хто валодае нечалавечаю сілай, у каго хопіць духу сесці насупраць, добра, зручна ўладкаваўшыся ў крэсле, і асмеліцца спакойна зірнуць на яе, зірнуць ёй у твар, злавіць яе позірк і не зводзіць вачэй з яе скурчанай постаці. «Ну што! Як вашы справункі? - асмеліцца ён сказаць. - Як вы сябе пачуваеце?» - ён асмеліцца ёй сказаць гэта і потым счакае. Няхай яна выкажацца, няхай дзейнічае, няхай раскрые сябе, няхай усё гэта выйдзе, лопне, прарвецца нарэшце - яго гэта не спалохае.

Але зрабіць гэта самому - не, у яго ніколі не хапіла б сілы. Яму, наадварот, трэба было пастарацца гэта стрымаць, як мага даўжэй, не даць гэтаму выліцца, любою цаной, усё роўна як, заціснуць, запхнуць у яе, каб усё засталося там, усярэдзіне.

А ўвогуле - што, што? Што ўсё гэта такое? Яму было страшна, ён баяўся сарвацца, ні хвіліны - нельга было губляць ні хвіліны - на думкі, развагі. І, як заўсёды, калі ён бачыў яе, ён зноў уваходзіў у гэтую ролю, да якой яго змушала яна - так здавалася яму - сілай, пагрозай. І ён пачынаў балбатаць, гаварыць, мянціць безупынку, усё роўна што, пра каго, безнадзейна кідацца (як змяя перад дудкай? як птушка перад удавам? - ён ужо не разумеў нічога), хутчэй, хутчэй, не спыняцца, не губляць ні хвіліны, хутчэй, хутчэй, пакуль не позна, стрымаць, улагодзіць. Гаварыць, але гаварыць - пра што? пра каго? - пра сябе, ну але - пра сябе, пра сваіх, пра сяброў, пра крэўных, пра ўсё, што ў іх дзеецца, пра іх сваркі, сакрэты, пра ўсё, што лепей было б схаваць, але калі ўжо гэта можа яе зацікавіць, калі гэта яе пацешыць, якія сумненні - трэба ўсё ёй сказаць, расказаць, усё ёй выкласці, усё аддаць - бо яна тут, чакае, зашыўшыся ў кут у фатэлі, такая ціхая, слізкая, скурчаная.

 

X

 

Папаўдні яны разам выходзілі ў горад - яны вялі жыццё свецкіх пані. Ах! Якое цудоўнае гэта было жыццё! Яны заходзілі ў «чаёўні», елі пірожныя, якія прыдзірліва выбіралі з выглядам вялікіх знаўцаў ласункаў: эклеры з шакаладнай начынкай, бабы, цесткі.

Вакол быў як шумлівы птушыны двор, цёплы, вясёла расквечаны, прыгожа аздоблены. І яны заставаліся тут і сядзелі, цесна скупіўшыся вакол невялічкіх столікаў, і гаманілі.

І адусюль на іх нібы павявала лёгкім ветрыкам узбуджанасці, жвавасці, радаснай усхваляванасці ад успаміну пра цяжкі выбар, яны і цяпер яшчэ сумняваліся трошкі (ці будзе ён стасавацца з блакітна-шэрым ансамблем? ды не, не - вядома, будзе, проста чароўна), і ў перспектыве ўяўлялася гэткая метамарфоза, гэткае раптоўнае самаўзвышэнне, бляск.

Яны, яны, яны, яны, паўсюль, заўсёды яны, ненажэрныя, сакатлівыя, далікатныя.

Іх твары нібы распінала з сярэдзіны ўнутранаю напружанасцю, іх абыякавыя позіркі слізгалі па паверхні, па абалонцы рэчаў, спыніўшыся на імгненне, узважвалі іх (прыгожае, непрыгожае?) і зноў пакідалі. Румяны надавалі ім цяжкі бляск, нейкую нежывую свежасць.

Яны заходзілі ў чаёўні. Доўга, гадзінамі сядзелі там, пакуль не пачынала цямнець. І гаманілі: «У іх бываюць такія нікчэмныя сцэны, такія сваркі, без дай прычыны. І я мушу сказаць, шкадую больш усё-ткі яго. Колькі? Ды, прынамсі, два мільёны. І гэта яшчэ толькі спадчына ад цёткі Жазефіны... Не... З чаго вы ўзялі? Ды не ажэніцца ён з ёй. Яму патрэбна добрая гаспадыня і дамаседка, ён нават сам не разумее гэтага. Ды не, я вам кажу. Яму патрэбна дамаседка... Дамаседка... Дамаседка...» Усё, пра што ім казалі, усё, што яны чулі, - усё і заўсёды было пра гэта, тут яны былі знаўцы: пачуцці, каханне, жыццё - гэта была іх сфера. Яна належала ім.

І яны гаманілі, гаманілі бясконца, паўтаралі ўвесь час адно, і пераварочвалі, і пераварочвалі зноў, з аднаго боку, потым з другога, і мясілі, мясілі, безупынку качалі ў пальцах гэтае непадатнае, мізэрнае рэчыва, якое выдлубвалі з жыцця (з таго, што яны называлі «жыццём», з іх сферы), і мясілі, расплёсквалі, скочвалі - пакуль яно не рабілася камячком, маленькаю шэраю гулькай.

 

XI

 

Яна выведала сакрэт. Вынюхала, дзе хаваецца тое, што павінна лічыцца - для ўсіх - сапраўдным багаццем. Цяпер яна ведала «шкалу вартасцяў».

З ёй - ніякіх размоў пра транты, пра розныя там капялюшыкі ад Рэмона. Чаравікі з тупымі насамі выклікалі ў яе пагарду.

Нібыта макрыца, яна неўпрыкмет падкралася да іх і - каварна, як кошка, якая, жмурачы вочы, аблізваецца перад гарнушкам смятаны, - падслухала, дзе, у чым яна, «самая сапраўдная ісціна».

Цяпер яна гэта ведала. Яна ўжо не адступіцца. Цяпер яе не саб'юць. Яна слухала, убірала ў сябе, прагная, няўтольная, хцівая. Нічога, нічога, што належала ім, не павінна было выпасці з-пад яе ўвагі: карцінныя галерэі, новыя кнігі... Яна ўсё гэта ведала. Яна пачынала з «Летапісаў», цяпер пераходзіла ўжо да Жыда, а хутка - будзе хадзіць у «Саюз за Праўду» і, з пільным, панадлівым позіркам, - натаваць, натаваць.

Паўсюль, дзе толькі можна было нешта знайсці, яна шнарыла, нюхала, перабірала і мацала ўсё сваімі пальчыкамі з абстрыжанымі пазногцямі, і як толькі дзесь цьмяна заходзіла пра гэта гамонка - вочы ў яе запаляліся і прагавіта выцягвалася шыя.

Іх усё гэта невыказна гідзіла. Схаваць ад яе - хутчэй! - пакуль не паспела пранюхаць. Затаіць, не даць даткнуцца - яе дотык усё прыніжае... Але позна - яна ўжо ведала, яна руйнавала іх планы. Ад яе немагчыма было схаваць касцёл у Шартры. Пра яго яна ведала ўсё. Яна нават чытала, што пра яго думаў Пэгі.

Яна лезла ўсюды сваімі сквапнымі пальцамі, у самыя патаемныя закуткі, у самыя непадступныя скарбы. Уся з сябе - «інтэлігентнасць». Ёй гэта было неабходна. Ёй. Бо цяпер яна ведала сапраўдную цану рэчам. Ёй патрэбна была інтэлігентнасць.

Іх было шмат, такіх, як яна - згаладалых, бязлітасных паразітаў, п'явак, што адразу накідваліся на кожны новы артыкул, слімакоў, што прыліпалі паўсюль, пэцкаючы сваёй сліззю Рэмбо, смокчучы Малярмэ, кідаючыся ад аднаго да другога і душачы сваёй клейкаю, брыдкаю кемлівасцю «Уліса» ці «Мальтыйскія дзённікі» Лаўрыдса Брыге. «Як гэта чароўна!» - казала яна і, з непадробнай натхнёнасцю распяльваючы вочы, запальвала ў іх «боскую іскарку».

 

XII

 

На сваіх лекцыях у Калеж-дэ-Франс, на якіх заўжды збіралася шмат народу, ён любіў пацешыцца падобнымі рэчамі.

Яму падабалася, з вялікаю годнасцю, з непараўнаным прафесіяналізмам у рухах, пашнарыць сваёю ўмелай, бязлітаснаю рукой у сподняй бялізне Пруста, Рэмбо, выставіць на агляд уважлівай публіцы іх так званыя цуды, іх таямніцы, растлумачыць «іх прыватны выпадак».

Яго пранізлівы хітры позірк, гальштук з бездакорна завязаным вузлом і квадратная барада рабілі яго надзіва падобным да пана, якога малююць на рэкламных аб'явах і які з бясхібнай усмешкаю раіць, угору задраўшы палец: «Сапаніт - найвыдатнейшы мыйны сродак» ці «Мадэльныя чаравікі Саламандра: эканомія, надзейнасць, камфорт».

«Тут нічога няма, - казаў ён, - я гэта сцвярджаю з поўнай адказнасцю, бо ўсё разабраў сам: я не люблю, каб мне нешта навязвалі, і ніколі ні ў што не паверу, пакуль сам клінічна не вывучу, не раскладу па палічках і не растлумачу.

Яны вас не павінны бянтэжыць. Ну вось, паглядзіце - яны ў мяне ў руках: гэта ж тыя самыя голенькія, дрыготкія дзеткі, і я трымаю іх перад вамі, у сябе на далоні, нібыта я іх творца і іх айцец; я пазбавіў іх, дзеля вас, усёй іх магутнасці, усёй таямнічасці, я выгнаў, вытравіў з іх усё, што ў іх было, так бы сказаць, цудадзейнага.

І цяпер яны мала чым адрозніваюцца ад тых інтэлігенцікаў, тых забаўных і трошкі кранутых фацэтаў, што прыходзяць да мяне і расказваюць свае бясконцыя гісторыі, каб я ім дапамог, каб я падбадзёрыў іх і супакоіў.

Яны павінны хваляваць вас не больш, чым маіх дачок, якія, прымаючы сяброў у гасцінай іх мацеры, міла гамоняць і смяюцца з таго, што я кажу сваім хворым у суседнім пакоі».

Так ён прапаведаваў у Калеж-дэ-Франс. І ўсюды вакол: на суседніх медычных факультэтах, на лекцыях па літаратуры, праве, гісторыі ці філасофіі, у акадэміях і прэзідэнцкім палацы, у аўтобусах і метро, ва ўсіх урадавых установах, - чалавек разумны, чалавек нармальны, чалавек актыўны, чалавек здаровы і годны, чалавек дужы трыумфаваў.

А жанчыны, што насцярожана стараліся пазбягаць поўных прыгожанькімі рэчамі крамак, гарсоны ў кавярнях, студэнты ў медыцыне, паліцыянты і агенты ўсіх марак, натарыяльныя пісары, Пруст ці Рэмбо, вырваныя з жыцця, выкінутыя з яго прэч і пазбаўленыя падтрымкі, мусілі без мэты бадзяцца па вуліцах ці драмаць, апусціўшы голаў на грудзі, у якім-небудзь запыленым скверыку.

 

XIII

 

Іх можна было ўбачыць паўсюль, яны бегалі ўздоўж вітрын: стан вельмі просты, крыху скіраваны наперад, ногі нягнуткія, трошкі рассунутыя зграбныя ступачкі ўздыблены на вельмі высокіх абцасах, што гучна цокаюць аб тратуар.

З заўсёднаю сумачкай пад рукой, у пальчатках, у абавязковым, трошкі - у самы раз - ссунутым набок капялюшыку, з доўгімі, шорсткімі - нібыта ўторкнутымі ў павекі - вейкамі, з напружаным позіркам, яны перабягалі ад крамы да крамы, раптам спыняліся, зырылі - прагным, спрактыкаваным вокам.

Вельмі трывушчыя, вельмі дужыя, вось ужо некалькі дзён яны з вялікаю мужнасцю насіліся па ўсіх крамах, шукаючы «ангельскага гарнітурчыка спартыўнага крою», з тоўстага ўзорнага цвіду, «ну, з гэткім узорчыкам, я так яго добра ўяўляю, у такія шэра-блакітныя краткі... Ах! У вас няма? А дзе можна знайсці?» - і зноў пачынаўся пошук.

Блакітны гарнітурчык... шэры гарнітурчык... Іх вылупленыя вочы - шнарылі, шукалі яго... Спакваля ён апаноўваў іх усё мацней і мацней, ён падпарадкоўваў іх самаўладна, рабіўся абсалютна неабходны, ператвараўся ў мэту ў сабе, і яны, ужо самі не ведаючы нашто, - мусілі гэтай мэты дабіцца.

Яны кідаліся, беглі, адважна (іх ужо нічога не магло спыніць) лезлі па цёмных лесвіцах на пяты, на шосты паверх, «у спецыялізаваныя крамы, што гандлююць ангельскім цвідам, ужо там, безумоўна, гэта можна будзе знайсці», і зноў, з лёгкай прыкрасцю (бо яны пачыналі стамляцца, у іх ужо апускаліся рукі), яны нібыта малілі: «Ды не, не, вы ж разумееце, што я хачу сказаць: у такія маленькія краткі, з дыяганальнай палоскай... ды не, не такі, зусім не... Ах! У вас такога няма? А дзе ж мне знайсці? Я ўжо была ўсюды... Ах! Можа быць яшчэ там? Ну што ж, зараз пайду... Да пабачэння... Вядома, вялікі жаль, вядома, можа, другім разам...» - і яны прыязна ўсміхаліся, нягледзячы ні на што, добра выхаваныя, добра выцвічаныя за ўсе тыя доўгія гады, калі яшчэ разам з маці бегалі, каб падабраць хоць нешта, каб «з нічога прыбрацца хоць у нешта прыстойнае», «бо маладой дзяўчыне - трэба ж столькі ўсякага рознага і трэба ўмець выкручвацца».

 

XIV

 

Яна заўсёды маўчала, ціха сядзела ў куточку, сціпла схіліўшыся, лічачы пошапкам - яшчэ накід, два вочкі направа, тры налева, цяпер направа ўвесь радок, такая жаноцкая, непрыкметная (не звяртайце ўвагі, мне тут вельмі добра, мне нічога не трэба), - але яны ўвесь час адчувалі, нібы асабліва чуллівым месцам на скуры, чулі яе прысутнасць.

Яны ні на хвіліну не зводзілі з яе вачэй, як загіпнатызаваныя, з прыхаваным страхам сачылі за кожным словам, кожнай ледзь прыкметнай зменаю інтанацыі, самым лёгкім яе адценнем, за кожным рухам, за кожным позіркам; яны хадзілі на дыбачках, азіраючыся на ўсякі шолах - бо яны ведалі: тут паўсюль таямнічыя пасткі, да якіх нельга ні падыходзіць, ні дакранацца, іначай, пры самым найменшым дотыку, - званочкі, як у казцы ў Гофмана, тысячы маленькіх званочкаў, з чыстымі, нібыта дзявочымі галасамі, - закалоцяцца, зазвіняць.

Але часам, нягледзячы на ўсе перасцярогі, на ўсе намаганні, калі яны бачылі, як яна, быццам крохкая і кволая падводная расліна з рухлівымі, натапыранымі ва ўсе бакі атожылкамі, ціхутка сядзіць пад святлом, што спадае ад лямпы, яны адчувалі, што пачынаюць слізгаць, пачынаюць падаць усім цяжарам, падмінаючы пад сябе ўсё, і тады з іх так і лезла - бязглуздыя досціпы, кпіны, жудасныя гісторыі пра канібалаў - усё гэта так і лезла, лопалася, і яны не маглі сябе ўтрымаць. А яна млява скурчвалася - ах, як гэта жахліва! - яна ўспамінала пра свой пакойчык, свой мілы прыстанак, дзе можна схавацца, дзе яна ўкленчыць на каберчыку каля ложка, у глухой палатнянай сарочцы пад самае горла, такая па-дзіцячы шчырая, па-дзіцячы чыстая, - Тэрэза з Лізьё, святая Кацярына, Бландзіна... - і, сціскаючы ў пальчыках залаты ланцужок на шыі, памоліцца за ўсе іх грахі.

Але часам бывала і так, што, калі ўсё ішло добра, калі яна ўжо ўтульна прымошчвалася, з асалодаю прадчуваючы, як зараз пачнуць гаманіць пра тое, што ёй так даспадобы, калі гамонка рабілася шчырая і сур'ёзная, яны - раптам - выслізгвалі нейкім блазенскім выкрутам і распяльвалі твар у ідыёцкай, гідкай усмешцы.

 

XV

 

Ёй надта падабаліся такія старыя дзядкі - такія, як ён, - з імі можна было пагутарыць, яны столькі ўсяго разумелі, столькі зведалі ў жыцці, сустракаліся з рознымі цікавымі асобамі (яна ведала, што ён быў некалі сябар Фелікса Фора і цалаваў у руку імператрыцу Яўгенію).

Калі ён завітваў да яе бацькоў на вячэру, яна, з такою дзіцячаю шчырасцю, з такою пачцівасцю (ён такі мудры), трошкі нясмелая, але ўся трапяткая ад нецярплівасці (гэта так павучальна - пачуць, што ён думае), першая прыбягала ў салон скласці яму кампанію.

Ён цяжка ўставаў: «Ага! Вось і вы! Ну што? Як вашы справункі? Чым займаецеся? Што добрага зрабілі сёлета? Ага, зноў едзеце ў Англію? Вунь што?»

Яна зноў збіралася ў Англію. Сапраўды, ёй так падабаецца гэта краіна. Бо калі з ангельцамі пазнаёмішся бліжэй...

Але ён перапыняў: «Англія... Ну але ж, Англія... Шэкспір? Га? Га? Шэкспір. Дзікенс. А ведаеце, я, калі быў малады, памятаю, забаўляўся перакладамі з Дзікенса. Тэкерэй. Ведаеце Тэкерэя? Тh... Тh... Так, здаецца, яны вымаўляюць? Га? Thackeray? Так? Яны ж так гэта кажуць?»

Усё - ён ужо ўчапіўся ў яе, трымаў, заціснуўшы ў кулаку. І глядзеў, як яна ледзь прыкметна брыкаецца, нязграбна, зусім па-дзіцячы дрыгае ў паветры нагамі і па-ранейшаму ўсміхаецца, міла, прыязна: «Ну але, па-мойму, менавіта так. Але. Вы добра вымаўляеце. Сапраўды, t-h... Tha... Thackeray... Але-але, правільна. Вядома, я ведаю «Vаnіtу Fаіr». Так-так, гэта ён напісаў».

Ён трошкі яе паварочваў, каб лепей разгледзець: «Vаnіtу Fаіr? Vаnіtу Fаіr? Ага! Вы ўпэўнены? Vаnіtу Fаіr? Гэта ён напісаў?»

Яна яшчэ квола дрыгалася, з нязменнаю ветлівай, мілай усмешкай, і шукала вачыма, нібыта прагла штосьці ўбачыць. А ён сціскаў - усё мацней, мацней: «І кудой вы едзеце? Праз Дуўр? Праз Кале? Dоvеr? Га? Праз Dоvеr? Так яны кажуць? Dоvеr?»

Ніяк немагчыма выслізнуць. Немагчыма спыніцца. А яна - яна столькі чытала... столькі думала пра розныя рэчы... Ён жа ўмеў быць такі чароўны... Але, відаць, дзень выдаўся ў яго няўдалы, ён быў не ў найлепшым гуморы. І ён будзе цяпер гаварыць, гаварыць, не ведаючы літасці, не даючы перадыху: «Dоvеr, Dоvеr, Dоvеr? Га? Га? Thackeray? Англія? Дзікенс? Шэкспір? Га? Га? Dоvеr? Shаkеsреаrе? Dоvеr?» - а яна будзе старацца вызваліцца, мякка, не адважваючыся зрабіць рэзкага руху - гэта можа яго ўгнявіць, - і будзе адказваць ледзь прыкметна пагаслым галасочкам: «Ага, правільна, Dоvеr. Вы, напэўна, часта тудою ездзілі... Па-мойму, праз Дуўр зручней. Ага, правільна... Dоvеr».

І толькі калі ён убачыць, што прыйшлі ўжо бацькі, ён нарэшце апамятаецца і расслабіць кулак, і яна, трошкі пычырванелая, трошкі ўскудлачаная, у крыху пакамечанай прыгожай сукеначцы, нарэшце адважыцца, не баючыся яго раззлаваць, уцячы.

 

XVI

 

Яны былі ўжо старыя, пашарпаныя, «як старая, доўга ўжываная мэбля, што аджыла свой век, выканала сваё прызначэнне», і часам (гэта было ў іх своеасаблівым какецтвам) яны ціха ўздыхалі, і гэты гук, падобны да сухога рыпення, быў поўны пакорлівасці, поўны супакаення.

Цёплымі вясеннімі вечарамі яны разам хадзілі гуляць - «цяпер, калі мінула маладосць, калі згасла былая палкасць», яны проста хадзілі шпацыраваць, «падыхаць крыху перад сном свежым паветрам», пасядзець у кавярні, крышачку пагаманіць.

З вялікай перасцярогаю яны выбіралі закутак, дзе б іх нічога не трывожыла («не, не: гэта якраз на скразняку, і там таксама: каля самае прыбіральні»), нарэшце яны сядалі - «Ах! Гэтыя старыя косці, што зробіш, старэем... Ах! Ах!» - зноў чулася іх сухое рыпенне.

Святло ў зале было нячыстае і халоднае, гарсоны бегалі надта хутка, абыякавыя, крыху нават жорсткія, і ў люстрах адбіваліся змардаваныя твары з прыжмуранымі вачыма.

Але яны нічога іншага не патрабавалі, так дык так, цяпер яны гэта ведалі - не трэба нічога чакаць, і патрабаваць не трэба: усё ёсць так, і нічога болей, гэта і ёсць - «жыццё».

Нічога іншага і нічога болей, тут ці там, усё адно, цяпер яны гэта ведалі.

І не трэба было бунтаваць, летуцець, чакаць, ці намагацца, ці кідацца наўцёкі, трэба проста ўважліва выбраць (гарсон чакаў): «возьмем гранатавы сок з мінеральнай ці каву? чорную ці з вяршкамі?» - і сціпла пагадзіцца жыць, тут ці там, неяк бавячы час.

 

XVII

 

Калі наставалі пагодныя дні, у святы яны выбіраліся ў прыгарадныя лясы - на шпацыр.

Кусцістыя лясныя зараснікі былі сіметрычна пакрэсленыя прамымі прасекамі, якія, сыходзячыся, утваралі правільныя скрыжаванні. Трава была яшчэ рэдкая, патаптаная, але сям-там на галінках пачыналі ўжо распускацца лісточкі; іх яркасці яшчэ не ставала, каб крыху асвяжыць навакольную няўтульнасць, і яны больш нагадвалі дзетак у бальнічным пакоі, што кісла ўсміхаюцца, моршчачы тварык пад сонцам.

Яны прымошчваліся снедаць каля дарожак, на аблыселых прагалінках і, здавалася, нічога вакол не заўважалі: яны былі вышэй за ўсё гэта, - ім не абыходзіла пісклявае чырыканне птушак, кволыя пупышкі, скамечаная трава; густая, непраглядная атмасфера, у якой яны жылі кожны дзень, не расставалася з імі і тут, яна сачылася з іх, як цяжкае, едкае мроіва.

Яны прывозілі сюды з сабой і нязменнага спадарожніка гадзін свайго адпачынку - сваё адзінае дзіця.

І калі малое бачыла, што яны пачынаюць прыладжвацца ў выбраным імі месцы, яно раскладала зэдлік, ставіла яго побач і, сеўшы, пачынала грэбці зямлю, збіраючы ў кучу каменне і сухую лістоту.

Яго ахіналі іх словы, іх фразы, пераблытаныя з неспакойнымі пахамі гэтай нядошлай вясны, нібы поўныя ценяў, пад якімі збіраліся і варушыліся нейкія цьмяныя формы.

Густое паветра, нібы насычанае клейкім вільготным пылам, дрэўнымі сокамі, ліпла да яго, прыстаючы да скуры, лезучы ў вочы.

Малое не хацела адыходзіць ад іх, ісці на поплаў гуляць з іншымі дзецьмі. Яно, як прывязанае, сядзела на месцы і са змрочнаю прагнасцю паглынала ўсё, што яны казалі.

 

XVIII

 

Гэта - пад Лонданам, у катэджы з паркалёвымі фіранкамі, з маленькім падстрыжаным паплаўцом на заднім двары, асветленым сонцам і мокрым пасля дажджу.

На поплаў выходзяць вялікія зашклёныя дзверы мастацкай майстэрні, з абодвух бакоў ад дзвярэй - вазоны з гліцыніямі.

На цёплым каменні, заплюшчыўшы вочы, прамы, як струна, сядзіць кот.

Перад дзвярыма бялявая дзяўчына, з ружовымі, крыху фіялетавымі шчокамі, чытае ангельскі ілюстраваны часопіс.

Яна сядзіць, вельмі напружаная, вельмі чапурыстая, вельмі ўпэўненая ў сабе і ў іншых, трывала асталяваўшыся ў сваім маленькім святочку. Яна ведае, што праз колькі хвілін дзынкне званок і яе паклічуць на чай.

Кухарка Ада, на ніжнім паверсе, за сталом, засланым белай цыратай, абірае гародніну. Яе твар нерухомы, яна, як відаць, не думае ні пра што. Яна ведае, што хутка настане час спячы buns* і пазваніць у званок, каб паклікаць на чай.

* buns (англ.) - булкі з разынкамі.

 

XIX

 

Ён быў гладкі, плоскі, з роўнымі шчочкамі, якія па чарзе - спачатку адну, потым другую - падстаўляў ім, і яны, выцягваючы губы, давалі буську.

Яны бралі яго, мялі, круцілі ва ўсе бакі, тапталі, качаліся па ім, развальваліся як найвыгодней. Яны прымушалі яго павярнуцца, вось так, вось так, вось так, і паказвалі розныя прываблівыя малюнкі, якія немагчыма было адрозніць ад сапраўднасці, - намаляваныя фальшывыя дзверы, фальшывыя вокны, да якіх ён даверліва бег і стукаўся, балюча ўдараўся.

Яны заўсёды, спрадвеку ведалі, як трымаць яго ў сваёй уладзе, не пакідаючы ані прадыху, ані глыточка свежасці, як паглынуць яго цалкам, да астатняй кроплі. Яны дзялілі яго, разбіралі на жудасныя кавалкі, разбівалі на квадраты, абмервалі з усіх бакоў; і часам давалі пабегаць, адпускалі яго, але як толькі ён крыху аддаляўся, хапалі зноў, завалодвалі ім зноўку. Ён ад маленства паспеў палюбіць гэтую іх неспатольную прагу кіраваць - ён выцягваўся, удыхаў іх саладжава-з'едлівы водар, аддаваў сябе на іх міласць.

З гэтага свету, у якім ён жыў, зачынены з усіх бакоў, абложаны імі, не было ніякага выйсця. Паўсюль - іх рэзкае святло, іх сляпучы бляск, які згладжваў усё, прыбіраў усе няроўнасці, цені.

Яны ведалі, што яму падабаецца іх прыгнёт, ведалі ў ім гэтую слабасць і таму - не цырымоніліся.

Яны яго добра выпатрашылі і напхалі зноў і паўсюль паказвалі яму іншых, такіх самых марыянетак, такіх самых лялек. І ён не мог ад іх вырвацца. Ён толькі мог міла падставіць свае гладкія шчочкі - адну, потым другую - і дастаць у іх буську.

 

XX

 

Калі ён быў маленькі, ён сядаў сярод ночы на ложку і клікаў. Яны прыбягалі, запальвалі святло, бралі ў рукі бялізну, сурвэткі, розную вопратку і паказвалі яму: нічога няма. У іх руках прадметы рабіліся адразу бяскрыўдныя, нібыта меншалі, нерухомелі, станавіліся мёртвымі ў электрычным святле.

І цяпер, калі ён ужо вырас, ён, як і тады, клікаў іх да сябе, каб яны прыйшлі, паглядзелі, пашукалі ўсюды, каб яны знайшлі тыя страхі, што схаваліся ў ім у далёкіх закутках, каб яны ўзялі іх у рукі і разгледзелі пад святлом.

Яны прызвычаіліся прыходзіць, глядзець, і ён цяпер сам ішоў наперадзе, сам запальваў святло, каб не чуць, як яны мацаюць у цемры рукамі. І яны глядзелі - ён стаяў нерухомы, не адважваючыся дыхнуць, - але нічога нідзе не было, нічога страшнага, усё, здаецца, было ў парадку, на месцы, яны бачылі вакол толькі звычайныя, даўно знаёмыя рэчы і паказвалі яму: нічога няма, чаго ты спалохаўся? Часам сям-там, у якім-небудзь куточку, нешта ледзь прыкметна дрыжэла, ледзь улоўна пацепвалася, але яны адным рухам, адразу ставілі ўсё на месца; гэта ж нічога - зноў адзін з яго звычайных страхаў - яны бралі, паказвалі яму: што, дачка ягонага сябра ўжо выйшла замуж? Гэта? Ці той, з аднаго з ім выпуску, атрымаў павышэнне ці вылучаны на ўзнагароду? Яны ўладжвалі, яны выпраўлялі: тут нічога такога няма. Ён на імгненне адчуваў сябе трошкі мацнейшым, сабраным, больш-менш злепленым у цэлае, але рукі і ногі ў яго адразу зноў пачыналі цяжэць, рабіліся абсалютна бяздзейныя, нібыта дранцвелі ў застылым чаканні, і нібы перад непрытомнасцю ў яго пачынала казытаць у носе; яны бачылі, як ён раптам замыкаўся ў сабе і рабіўся нейкі дзіўна адлучаны і засяроджаны; і тады, лёгка пляскаючы па шчоках - а вясельнае падарожжа Ўіндсара, а Лебрэн, а пяць сястрычак-блізнятак - яны прыводзілі яго да прытомнасці.

Але калі ён нарэшце прытомнеў і яны пакідалі яго аднаго, пачышчанага, падцыраванага і падкручанага, як след адладжанага і адрамантаванага, страх зноў пачынаў нараджацца ў ім, выпаўзаючы з розных маленькіх скрыначак і шуфлядак, якія яны толькі што адчынялі і, нічога не ўбачыўшы, зачынілі зноў.

 

XXI

 

Гэта была дзяўчынка надзвычай «простая», заўжды ў чорным альпаковым фартушку, з вечным крыжыкам на грудзях, вельмі разумнае і паслухмянае дзіця. «Прабачце, пані, а гэта для дзяцей?» - пыталася яна ў гандляркі ў папяровай краме, калі была не вельмі ўпэўненая, купляючы ілюстраваны часопіс ці кніжку.

Яна ніколі не змагла б, о не, нізашто на свеце яна не змагла б, ужо ў тым узросце, выйсці з крамы, адчуваючы, як ёй глядзяць у спіну, яна не змагла б нават адчыніць дзвярэй, каб выйсці, з гэтым позіркам, упёртым у самую спіну, з гэтым гандлярчыным позіркам.

Цяпер яна была ўжо дарослая - рыбка вырасце і будзе зусім вялікая, - але, час ідзе хутка, ах, як толькі мінае дваццаць, гады пачынаюць бегчы і бегчы, усё хутчэй і хутчэй, праўда ж? яны таксама так думаюць? - яна сядзела насупраць, у заўсёдным чорным сваім гарнітурчыку, які добра з усім гарманаваў, - сапраўды, чорны колер апроч усяго іншага заўжды надае гэткую прыбранасць... - яна сядзела, скрыжаваўшы рукі на сумачцы, падабранай пад тон, і ўсміхалася, ківаючы галавой, з жаласлівымі вачыма, так, так, вядома, яна чула, ёй расказвалі, яна ведае, як доўга і пакутліва памірала іхняя бабка, яна была заўсёды такая моцная, дзіва што - яны ўсе былі не такія, як мы, у сваім узросце яна нават ніводнага зуба не страціла... А Мадлена? Муж у яе... Ах, каб гэтыя мужчыны маглі самі нараджаць дзяцей, дык ніколі больш за аднаго не мелі б, вядома, яны ж нізашто не згадзіліся б паўтарыць яшчэ раз, - маці яму, небарака, заўсёды гэта казала - эх-эх! бацькі, сыны, маткі! - першая ж у іх дачка, а яны так хацелі спачатку сына, не, не, ну, пра гэта яшчэ рана, яна не збіраецца ісці з хаты, з'ехаць, яна і не думае пакідаць іх, яна пакуль яшчэ будзе тут, побач з імі, зусім побач, як мага бліжэй да іх, вядома, яна разумее, гэта так прыемна, старэйшы - сын, яна ківала галавой, усміхалася, о не, каб яна - першая, не, тут яны могуць быць абсалютна спакойныя, яна і пальцам не варухне, о не, яна - не, яна ніколі не зможа ўсё разам так паламаць. Маўчаць; глядзець на іх; і раптам, у самы разгар бабулінай хваробы - узбунтавацца і, прабіўшы жудасную праломіну, выскачыць, абдзіраючыся аб зазубраныя краі, і бегчы, з крыкам, міма дамоў, што зырацца, прытаіўшыся ўздоўж шэрых вуліц, уцякаць, пераскокваючы праз ногі кансьержак, што дыхаюць свежым паветрам, седзячы на парогу каля дзвярэй, бегчы, раздзіраючы рот, гарлаючы, не сціхаючы ні на хвіліну, каб кансьержкі падымалі галовы, забываючыся пра вязанне, і іх мужы апускалі на калені газеты і ўтароплівалі ёй у спіну свой позірк, пакуль яна не паверне за рог.

 

XXII

 

Часам, калі яны яго не бачылі, ён мог ласкава, нібыта шукаючы побач нешта жывое, цёплае, правесці рукой па буфеце... яны ж не заўважаць, а калі і заўважаць, можа, падумаюць, што ён проста - гэта ж звычайнае і ўвогуле бяскрыўднае дзівацтва - што ён проста хацеў «пастукаць па дрэве», ад сурокаў.

Калі ён адчуваў, што ззаду за ім назіраюць, ён - як той злачынца ў камедыйным фільме, які, адчуўшы спінай шпегаў позірк, раптам, бесклапотна завяршае рух ужо занесенай рукі, стараючыся надаць яму натуральнасць і бяскрыўднасць, - ён таксама, каб не выклікаць у іх падазрэння, стукаў трыма пальцамі правае рукі тры разы - самае дзейснае закляцце ад сурокаў. Але ўсё роўна за ім сачылі цяпер болей, асабліва пасля таго, як у сваім пакоі ён быў заспеты за чытаннем Бібліі.

Рэчы таксама яму не давяралі, ужо вельмі даўно, яшчэ з таго часу, як ён, зусім маленькі, стараўся іх дамагчыся, чапляўся, прыліпаў да іх, хацеў аб іх пагрэцца, -яны не хацелі ўвайсці з ім «у змову», яны адмовіліся быць для яго тым, чым ён хацеў, - «паэтычнымі ўспамінамі дзяцінства». Яны былі добра вымуштраваныя, выдрэсіраваныя, у іх заўсёды быў нязменны, безаблічны і безыменны твар, - добра выцвічаныя служкі, яны ведалі сваю ролю і ніколі не адказвалі яму, баючыся, вядома, што праз гэта іх звольняць.

Але апроч гэтага сарамлівага і вельмі рэдкага ў яго руху, ён нічога сабе не дазваляў. Яму ўдалося паступова задушыць усе былыя неразумныя дзівацтвы, і цяпер ён меў іх нават меней, чым яму звычайна даравалі; ён нават не збіраў ужо марак - хоць нармальныя людзі займаюцца гэтым ва ўсіх на вачах. Ён ніколі ўжо не спыняўся пасярод вуліцы, каб нешта разгледзець, - як раней, калі яго нянька (ды хадзем жа! хадзем!) цягнула яго, - ён пераходзіў хутка і ніколі не замінаў руху на праезнай частцы; нават міма самых прываблівых, самых жывых прадметаў ён праходзіў спакойна, не кідаючы ім змоўніцкіх позіркаў.

Увогуле, нават тыя з яго сяброў, з яго крэўных, што былі зацятыя аматары псіхіятрыі, нават тыя ні ў чым не маглі яго папракнуць, хіба што, можа, побач з гэтай адсутнасцю ў яго бяскрыўдных прыхамацяў, якія даюць немалую аддуху, побач з яго згодніцтвам праз залішнюю паслухмянасць - у лёгкай схільнасці да астэніі.

Але яны даравалі гэта; калі добра падумаць, гэта было не так ужо страшна, не так непрыстойна.

Час ад часу, зрэдку, калі ён бываў вельмі стомлены, па іх парадзе ён дазваляў сабе трошкі прайсціся. І тады, гуляючы адзін на зыходзе дня па захутаных снегам і поўных мяккай спагады вулачках, ён гладзіў рукамі чырвоныя і белыя цагліны дамоў і, прыпаўшы да муру, перагнуўшыся наўскасяк, баючыся сваёй нясціпласці, глядзеў праз асветленую шыбу ў пакой на першым паверсе, дзе перад акном на парцалянавых сподках стаялі вазоны з зялёнымі раслінамі і адкуль, цёплыя, важкія, налітыя нейкай таямнічаю густатой, рэчы пасылалі яму - і яму таксама, хоць ён быў чужы, незнаёмы - часцінку свайго прамяністага ззяння; дзе і рог стала, і дзверцы ў буфеце, і кожная саломіна ў плеценым крэсле выходзілі з прыцемку і пагаджаліся быць для яго - праз міласэрнасць сваю, для яго таксама, бо ўжо ўсё роўна ён тут і ўжо ўсё роўна чакае, - зрабіцца маленькім кавалачкам яго дзяцінства.

 

XXIII

 

Усе яны брыдкія, шэрыя, звычайныя, безаблічныя, надта ўжо старамодныя, сапраўдныя клішэ, думала яна, яна бачыла гэта ўжо столькі разоў, паўсюль, усё гэта даўно апісана ў Бальзака, Мапасана, у «Пані Бавары», клішэ, копіі, копіі з копій, думала яна.

Ёй так хацелася б іх адштурхнуць, схапіць у кулак і як мага далей закінуць. Але яны, спакойныя, ціхія, былі тут, побач з ёю, яны ўсміхаліся ёй, прыязна, але захоўваючы прыстойнасць, з вялікаю годнасцю; увесь тыдзень яны працавалі, усё жыццё разлічвалі на адных толькі сябе, яны нічога не патрабавалі, нічога, апроч таго, каб зрэдку, каб час ад часу ўбачыцца з ёй, крыху паднавіць тую повязь, што звязвала іх і яе, адчуць, што яна па-ранейшаму ёсць, як і заўжды, на месцы, гэтая нітка, што злучае яе і іх. І ім нічога болей не трэба было, толькі проста спытацца - бо гэта так натуральна, так усе заўжды робяць, калі прыходзяць у госці да сваякоў, да сяброў, - спытацца ў яе, як яна маецца, ці многа яна прачытала апошнім часам, ці часта куды хадзіла, ці бачыла гэта, ці глядзела гэтыя фільмы і ці лічыць яна, што яны ўдалыя... А ім так спадабалася Сімон Мішэль і Жувэ, яны так смяяліся, такі цудоўны быў вечар...

А ўсё гэта - клішэ, копіі, Бальзак, Флабэр, «Пані Бавары», - г-ох! яны гэта ведалі, ім усё гэта было выдатна знаёма, ну дык што, яны не баяліся - яны глядзелі на яе, міла, усміхаючыся, і, здавалася, адчувалі сябе побач з ёй у бяспецы, здавалася, яны ведалі, што іх ужо столькі разоў разглядалі, што яны зрабіліся зусім гладкія, як рачныя каменьчыкі, выпаліраваныя і без адзінай задзірынкі, так што няма за што і ўхапіць. І яна нічым не магла іх падкалупнуць. Яны надзейна былі ахаваныя.

Яны стаялі вакол, цягнуліся да яе рукамі: «Мішэль Сімон... Жувэ... Ах, сапраўды! Гэта ж трэба было паклапаціцца заказаць месцы загадзя... Бо потым ніякіх білетаў было не знайсці, ці па нейкіх страшэнных цэнах, дый тое - толькі ў ложы ды бенуары...» Яны трошкі сціскалі повязь, мацней, але вельмі паволі, зусім неўпрыкмет, каб не зрабіць балюча, напіналі, нацягвалі тонкую нітку...

І паступова, патроху слабасць, млявасць, раптоўная патрэба падысці бліжэй, быць імі ўхваленаю прымушалі яе ўвайсці ў іх кола. Яна адчувала, як ціха, пакорна (але, але... Мішэль Сімон... Жувэ...), вельмі пакорна, як добрая, паслухмяная маленькая дзяўчынка, яна падае ім руку і пачынае з імі кружыцца.

Ах, ну вось мы нарэшце і разам, такія ціхмяныя, добрыя, і робім усё толькі тое, што ўхвалілі б нашы бацькі, вось - стаім тут, разам, і прыстойна, хорам спяваем песеньку, як мілыя дзеткі пад наглядам нябачнай дарослай асобы, што міла стаюць у танок і бяруць адно аднаго за вільготныя сумныя ручкі.

 

XXIV

 

Яны рэдка бывалі на людзях, вечна сядзелі, зашыўшыся ў кватэрах, у глыбіні сваіх цёмных пакояў, і заўсёды былі напагатоў.

Яны тэлефанавалі адзін аднаму, выведвалі, прыпаміналі, накідваліся на найменшую прыкмету, на самы драбнюткі знак.

Некаторыя ўпіваліся, выразаючы з асалодай аб'яву ў газеце, дзе гаварылася, што яго маці патрэбна швачка за падзённую плату.

Яны памяталі ўсё і раўніва за ім сачылі; яны абступалі яго, трымаючыся за рукі і злучыўшыся ў шчыльнае кола.

Іх паслужлівае, пакорнае брацтва, з безаблічнымі, сцёртымі тварамі - карагодам вакол яго.

І калі яны бачылі, як ён, сарамліва поўзаючы, спрабаваў праслізнуць між іх, яны жвавенька, разам, сядалі на кукішкі, апускаючы пераплеценыя рукі, і пільна ўтаропліваліся на яго пустымі і ўпартымі вачыма, усміхаючыся амаль па-дзіцячы.



Пераклад: Зміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com