epub
 
падключыць
слоўнікі

Нэлі Тулупава

Бізоны-рабінзоны

Каламесікі, якіх трэба выгнаць
Дзень цудаў
Тата з мамай раяцца
Цуд у пер'і
Парасон. Куды знік Нядзелька?
Што сказалі буслы
Паўлік становіцца бізонам-рабінзонам


Каламесікі, якіх трэба выгнаць

 

Жыў-быў у адным горадзе хлопчык Паўлік. Сумна было яму. Ніхто не сябраваў з ім. Дзеці называлі яго пестуном. Чаму? - папытаецеся вы. Таму, што ў хлопчыка было вельмі многа нянек: мама, тата, дзед, баба і ажно тры цёткі-пенсіянеркі. Яны кожны дзень з розных канцоў горада сыходзіліся, каб цацкацца з хлопчыкам.

Расплюшчыць Паўлік вочы, а яму адразу нясуць у ложак кашу, суп, аладкі, кампот. Абуваюць, адзяваюць, быццам ён маленькі і сам нічога не ўмее.

На вуліцу Паўліка аднаго не пускалі. Баяліся, каб не ўпаў і не набіў гузака; каб бягом не бегаў, бо надыхаецца ветру і можа захварэць.

Смешна было глядзець на ўхутанага хлопчыка, які ледзь-ледзь пераступаў з нагі на нагу. Дзеці не прымалі Паўліка ў свае вясёлыя гульні. І тады ён пачынаў нюніць на ўвесь двор.

- Ты не Паўлік, - не вытрымала аднойчы дзяўчынка Вера, - ты - Пінюня! Я пра цябе песню прыдумала. Паслухай!

 

Хлопчык, нібы рэпка,

Сохне і вяне,

Пестуюць малога

Ажно сем нянек.

- Адкрый, сыночак, роцік,

Зварылі кашкі маннай.

Цягнуць-пацягнуць яго

Тата, дзед, баба і мама.

 

- Куды мяне цягнуць? - пытаўся Паўлік-Пінюня.

- Цябе цягнуць на ўсе бакі, - тлумачыла Вера. - А ты ўсё роўна не расцеш.

- Чаму ён не расце? - сумна ўздыхала бабуля.

Здзіўляўся тата, здзіўлялася мама, непакоіўся дзедка, мітусіліся вакол хлопчыка тры цёткі:

- Такі слаўны хлопчык!

- Такі мілы!

- Такі разумны!

Слухаючы цётак, коцік Варкоцік скручваўся ў абаранак на канапе і сярдзіта вурчаў:

- У сямі нянек заўсёды дзіця без носа!..

З Варкоцікам наконт гэтага ніхто не спрачаўся, бо каціную мову ведаюць толькі мышы ды мухі. Чаму? Таму. Мышам трэба - ого як! - ведаць каціную мову! Каб не трапіць у каціныя кіпці. А мухі наогул усё ведаюць. Дужа яны цікаўныя, лезуць, куды іх не просяць.

- Як гэта, без носа? - падлятала бліжэй да Варкоціка Леташняя муха. - Няпраўда! Як толькі я прачнулася пасля зімы і паляцела па хаце, адразу трапіла на хлопчыкаў нос. Ах, які ён быў салодкі і духмяны ад мёду! Помню, добра паласавалася. А ты кажаш, без носа! Проста злуешся на яго. Паўлік учора цябе прапыласосіў!

- Маўчы, а то з'ем! - паабяцаў Варкоцік.

- Гэта не доказ, - крыўдзілася Муха і на ўсялякі выпадак пералятала з канапы на аконную раму.

Ішлі дні. Свяціла сонейка. Награвалася зямля. Дзеці раслі так хутка, быццам хто іх цягнуў за вушы. Адзін Паўлік не рос ды з кожным днём маркоціўся ўсё болей і болей.

- Чаго яму не хапае? - пыталася ў таты мама.

І каб развесяліць сына, яна аднойчы раніцай сказала:

- У дзень нараджэння ты атрымаеш цудоўны падарунак. Цацачную машыну. На ёй можна будзе ездзіць, як на сапраўднай.

- Я паеду на машыне да ракі!

- Там - вецер, - спалохалася мама.

- Ты можаш перавярнуцца, - закрычаў тата.

- Лепей катацца каля дома, - параіла бабуля.

- І не давай ездзіць дзецям, а то могуць зламаць, - папярэдзілі цёткі.

Хлопчыку зноў стала сумна: таго нельга, гэтага нельга. І ён зарумзаў:

- Паеду, паеду, паеду...у...у...

- Зараз жа перастань! - усхапіўся дзед. - Вось вазьму цябе з сабой у вёску да цёткі Паліны, дык яна з цябе гэтых каламесікаў дубцом павыганяе.

- Якія каламесікі? Жывуць каля месячыка?

- Пабачыш тады, - хітра падміргнуў дзед.

- А я хачу цяпер пабачыць, - затармасіў дзеда ўнук. - Хачу, хачу-у-у...

- Пачакай, - кінуў газету дзед, - зараз, толькі свой салдацкі рэмень прынясу.

- Я з табой не гуляю! - захныкаў Паўлік. - Дзяцей біць нельга. Цётка ў тэлевізары выступала.

- А што ж з дзецьмі рабіць, калі яны не слухаюцца?

- Выхоўваць.

- Бач, які разумны! Дзеда вучыць, а сам кашу з лыжкі есць. Цацкі параскідае - утрох не сабраць. Не, трэба шукаць салдацкі рэмень...

Паўлік добра ведаў свайго дзеда. Слова дзед трымаў цвёрда. Таму Паўлік схаваўся пад ложак і адтуль плаксіва папытаўся:

- Дзеда, а без дубца можна з мяне каламесікаў выгнаць?

- Можна, калі слухацца будзеш.

 

Дзень цудаў

 

Дня нараджэння Паўлік чакаў з нецярплівасцю. У гэты дзень заўсёды здараліся цуды. Летась да яго нечакана завітала Вера, якая жыла ў адным доме з Паўлікам і была ўжо піянеркай. Яна ўлезла ў адчыненае акно.

- Хочаш, я табе падару кніжку пра Рабінзона? - спыталася Вера.

- Хачу. А хто мне яе прачытае?

- Давай я табе яе раскажу! А пасля мы будзем чытаць з табой разам. Я навучу цябе чытаць.

Вера расказала пра адважнага падарожніка, пра тое, як ён трапіў на бязлюдны востраў. Кніжка была з каляровымі малюнкамі дзіўных дрэў, птушак, жывёлін. Паўліку вельмі спадабаўся Рабінзонаў востраў.

- Пабеглі хуценька на «Ракету», - змоўніцкі зашаптаў Паўлік, - сядзем і паедзем да Рабінзона.

- Куды табе! Падрасці! - засмяялася Вера. - Ты ж без мамы і таты жыць не можаш. А я паеду. І вазьму з сабой Пецьку. На экскурсію ў Белавежскую пушчу. Паглядзім на зуброў. Во, паглядзі на малюнак. Іх яшчэ называюць бізонамі. Людзі ледзь не ўсіх іх пастралялі. Цяпер нанава разводзяць. Мы з Пецькам хочам стаць бізонамі-рабінзонамі.

- Вы будзеце жыць на бязлюдным востраве і разводзіць бізонаў?

- Не, мы будзем ратаваць звяроў і птушак. Каб ніхто іх не забіваў.

- Вазьміце мяне ў бізоны-рабінзоны, - пачаў прасіцца Паўлік. - Я падрасту і кашу буду есці сам.

- Добра, расці.

Вера навучыла Паўліка чытаць даволі хутка. Праўда, ён чытаў пакуль тое, што было напісана вялікімі літарамі. Пасля прыйшло лета, і Вера паехала ў піянерскі лагер. Потым - восень, заняткі ў школе, і Паўлік зноў застаўся адзін.

 

«Які ж цуд здарыцца заўтра?» - увесь вечар думаў Паўлік.

Ён доўга не мог заснуць, а калі прачнуўся, то ўбачыў, што акно, расчыненае ім нанач, хтосьці зачыніў. Паўлік ад крыўды расплакаўся. Ён жа чакаў цуду, а ўсе цуды, як вядома, прыходзяць у кватэру праз адчыненыя вокны.

Каля Паўлікавага ложка стаяла новенькая цацачная машына з нумарам. У яе можна было сесці і ездзіць па кватэры, але хлопчык нават не падышоў да машыны. Паўліку не цярпелася адчыніць акно. І вось акно адчынена насцеж. У пакой уварваўся свежы вецер, але заблытаўся ў фіранцы. Вецер дзьмухнуў мацней, фіранка напялася ветразем над Паўлікавай галавой, і ён уявіў сябе капітанам, які вядзе цудоўны парусны карабель па моры.

Раптоўна акно ляснула, прышчаміўшы фіранку. Паўлік азірнуўся. У дзвярах стаяў дзіўны дзядок з доўгай сівой барадой і ў чорных акулярах.

- Добрай раніцы, Паўлік, - павітаўся дзядок.

Паўлік кіўнуў у адказ, здзіўлена пазіраючы на дзядка.

- У каго тут сёння дзень цудаў? - папытаўся дзядок.

- У мяне, у мяне! - заскакаў па пакоі Паўлік. - А вы хто?

- Я - дзед Цудадзед.

Дзед Цудадзед пляснуў у далоні, і ў яго руках апынуліся фламастэры.

- Як ты думаеш, - павярнуўся дзед Цудадзед да Паўліка, - ты - добры хлопчык?

- Добры, - не задумваючыся, сказаў Паўлік.

- А чаму ж дзеці завуць цябе Пінюня?

- Я хныкаю, і яны абзываюцца.

- Ты б хацеў зірнуць на сябе збоку?

- У люстра?

- Не, не ў люстра. Проста перад табой з'явіцца хлопчык. Ці - адразу два. Ім будзе гэтулькі гадоў, колькі і табе, яны, як і ты, будуць есці з лыжачкі, будуць карадзіцца...

- А каго мама будзе любіць болей: іх ці мяне?

Дзед Цудадзед уважліва паглядзеў на Паўліка, падумаў, потым рашуча адсунуў канапу, што не спадабалася Варкоціку, і падышоў да сцяны.

Спачатку дзед Цудадзед намаляваў на сцяне елку, а каля яе двух малых хлопчыкаў. Яны трымаліся за рукі і былі падобныя адзін на аднаго, як дзве кроплі вады. І - на Паўліка. Хлопчыкі былі ў шапачках. Якраз такую, з пампонам, нядаўна падарыла бабуля Паўліку. У аднаго - чырвоная шапачка, у другога - блакітная. Хлопчыкі скакалі пад елкай і весела падміргвалі Паўліку.

- Хто гэта? - паказаў Паўлік на хлопчыкаў.

- Твае каламесікі.

- Маленькія, нібы гномікі! - радасна закрычаў Паўлік. - Скачуць, як жывыя! Вы - чараўнік!

- Чараўнік - ты, - сур'ёзна сказаў дзед Цудадзед. - Захочаш быць бізонам-рабінзонам - і будзеш. Захочаш быць капітанам ці касманаўтам - калі ласка. Захочаш, каб каламесікі сышлі са сцяны, - толькі пажадай.

- Хачу! - шчасліва засмяяўся Паўлік.

- Але адна ўмова, - папярэдзіў дзед Цудадзед. - Перш чым сказаць, альбо пажадаць, ці зрабіць што, ты павінен до-обра падумаць.

- Я буду думаць.

- Расці і думай! - напомніў яшчэ раз дзед Цудадзед і знік. Быццам і не паяўляўся.

 

Тата з мамай раяцца

 

- Навошта ты запэцкаў сцяну? - расхвалявалася мама.

Тата таксама не стрымаўся:

- Ён не шкадуе нас.

- Нашага здароўя, - падтрымала размову бабуля.

- Ён гуляе... - заступілася адна з цётак.

- Не гуляе, а расце, - удакладніла другая.

- Хлопчык будзе мастаком, - узрадавалася трэцяя.

- Яму сумна з намі, - спагадліва зірнуў на ўнука дзед.

Раней Паўлік упаў бы на падлогу і пачаў бы стукаць рукамі і нагамі. Так ён рабіў, калі яму што не падабалася. А цяпер ён узгадаў дадзенае дзеду Цудадзеду абяцанне думаць - і змоўчаў.

Сынава маўчанне вельмі ўстрывожыла маму. Яна ўсхліпнула:

- У людзей дзеці як дзеці, а ў нас неслух...

- Заўтра прыйдуць госці, а на сцяне нейкія вырадкі скачуць. Трэба выклікаць маляра, каб зафарбаваў, - вырашыў тата.

- Гэта не вырадкі, а мае каламесікі, - пакрыўдзіўся Паўлік.

- Выбірай, - зазлавала мама, - каламесікі ці - машына!

- Машына, машына, - падказвалі цёткі.

Хлопчыку не спадабалася, што цёткі падказваюць яму, як маленькаму. Таму ён падумаў і сказаў:

- Вы мне надакучылі, не люблю я вас.

Напэўна, ён мала падумаў, бо цёткі яшчэ больш расхваляваліся:

- У яго гарачы лоб!

- Супакойся, маленькі!

- Не плач, ты ж у нас адзін.

Паўлік між тым і не думаў плакаць. Ён стаяў і глядзеў на Леташнюю муху, якая, слухаючы сямейную размову, нервова лятала па пакоі.

- Не трэба мне ваша машына, - сярдзіта сказаў Паўлік і пайшоў спаць.

Дарослыя яшчэ больш занепакоіліся. Іх Пінюня-Паўлік звычайна падоўгу сядзеў каля тэлевізара, а калі яго адсылалі спаць - хныкаў.

- Не трэба дык не трэба, - крыкнула ўслед сыну мама. - Калі ты такі вялікі і ўсё сам вырашаеш, распранайся сам і сцяліся сам.

Цёткі паўздыхалі, шкадуючы малога, і таксама пайшлі спаць. За імі - дзед і баба. А ў кухні яшчэ доўга гарэла святло. Там тата з мамай раіліся, як выхоўваць сына, каб ён рос добрым і разумным хлопчыкам.

- Няхай болей чытае, - заявіла мама.

- Гуляе ў шахматы, - дадаў тата.

- Не абпальвае мне вусы, - пазяхнуў пад сталом Варкоцік і выгнуў спіну, быццам хацеў скочыць на Леташнюю муху. Дарма. Мухі ў кухні не было. Яна спала на зялёнай елцы, якую намаляваў на сцяне дзед Цудадзед. Спала і бачыла ў сне вусатага маляра.

Назаўтра Паўлік прачнуўся раней за ўсіх.

- Добры дзень! - прывітаў хлопчык сваіх каламесікаў.

Каламесікі ветліва ўсміхнуліся, знялі шапачкі і пакланіліся.

Паўлік так разгубіўся, што сеў на соннага Варкоціка. Варкоцік замяўкаў, а хлопчык закрычаў на ўсю кватэру:

- Мама, тата, дзядуля! Мае каламесікі са мной паздароўкаліся!

На яго крык прыбеглі ўсе сем нянек.

- Да цёткі Паліны і сягоння ж, - загадаў дзед і пачаў збіраць унука ў дарогу.

- Дзядуля, міленькі, - зашаптаў Паўлік дзеду, - я буду слухацца, ты толькі не гавары цётцы Паліне пра маіх каламесікаў, каб яна іх не выганяла.

 

Цуд у пер'і

 

Паўлік сумаваў. Ён быў адзін. Дзед ужо трэці дзень пасля іх прыезду сядзеў у калгаснай майстэрні, дапамагаў калгаснікам рамантаваць камбайны. Цётка Паліна пра Паўлікавых каламесікаў і не здагадвалася. Яна была надта строгая і занятая. Працавала цётка Паліна ў бальніцы, і цэлымі днямі яе не было дома. Ледзь раніца - дзед і цётка знікалі, а яго пакідалі на цэлы дзень у хаце. Ды яшчэ - замыкалі. Каб не заблудзіўся ці не сышоў куды, як гаварыў дзед. Цётка Паліна шкадавала хлапчука, але ў дзедава выхаванне не ўмешвалася.

Сумна сядзець у хаце, калі на вуліцы столькі сонца, у агародчыку - вогненныя кветкі вяргінь, над вокнамі шчабечуць ластаўкі, а па двары разгульвае певень Цімох. Калі гаварыць праўду, Паўліку не вельмі хацелася другі раз сустрэцца сам-насам з пеўнем-забіякам. Цімох у першы ж дзень наляцеў на хлапчука, ледзь цётка дубцом яго адагнала. Цяпер і па двары страшна прайсці. Сядзі, выходзіць, у хаце ды мух лічы. А час так цягнецца!

Вечарам было весялей. Спачатку прыбягала з работы цётка. Яна пачынала мітусіцца, карміць курэй і кабана. Хлопчык таксама выходзіў на вуліцу з лустай хлеба ў руцэ сустракаць карову Зорку. Каровы ішлі вуліцай паважна, самі знаходзілі свае двары. Зорка асцярожна брала з далоні хлеб і з'ядала яго, стоячы каля варот. Потым цётка Паліна даіла Зорку. Паўлік хацеў аднойчы падаіць Зорку, але карова коса зірнула на яго і неспадзявана ляснула хвастом па руках. Болей хлопчык не адважваўся даіць карову.

З хлява цётка прыносіла поўную даёнку цёплага сырадою. Цадзіла праз марлю і стаўляла перад хлопчыкам слоік малака:

- Папраўляйся, дзіцятка! А то белы, як матылёк.

- Мне сумна, - уздыхаў Паўлік.

- А ўсё - дзед! - бразгацела даёнкай цётка. - Навошта ён цябе ў хаце марынуе?

- Я ж не агурок, - абараняў дзеда ўнук.

- І марынуе, і марнуе! - не згаджалася цётка. - Прыехалі адпачываць, дык няма чаго па майстэрнях лётаць. Вось я з ім пагавару.

І пагаварыла. Увечары, калі Паўлік ужо засынаў, цётка пачала вучыць дзеда адпачываць. Дзед пасмейваўся ды курыў. А ўнук тым часам ляжаў і ціхенька ў думках размаўляў са сваімі каламесікамі.

- Мілыя каламесікі, - прасіў сонны Пінюня. - Прыйдзіце з горада заўтра да мяне. Я так хачу вас пабачыць!

А праз дзень адбылося вось што. Як толькі Паўлік прачнуўся і падбег да акна, аказалася, яно адчынена насцеж. Вецер ганяў фіранкі, шаргацеў аркушам паперы, які ляжаў на стале. На аркушы вялікімі друкаванымі літарамі было напісана: «Шукай грушу ў жыце. Там цуд у пер'і». Унізе стаяў подпіс - «Бізоны-рабінзоны».

Паўлік некалькі разоў па складах прачытаў дзіўнае запрашэнне, Відаць, яго напісала Вера. Дзед казаў, што бачыў яе ў вёсцы. Значыць, Вера хоча ўзяць Паўліка ў бізоны-рабінзоны, але спачатку просіць знайсці грушу ў жыце. Асабліва зацікавілі Паўліка словы пра цуд у пер'і... Хлопчык выпіў малака, сам адзеўся, абуўся, узлез на падаконнік і саскочыў у агародчык. А там хадзілі куры з пеўнем Цімохам. Куры разбегліся, а певень з перапуду ўзляцеў на вароты. Паўлік схапіў дубец, сцебануў па шуле і праз дзірку ў плоце выйшаў на вуліцу.

Вуліца была кароценькая. За ёй адразу пачынаўся вялікі лес. Каля лесу Паўлік нерашуча спыніўся. А раптам мядзведзь? Аднаму ў лес ісці страшна. Але ж у яго дубец! Уперад, бізон-рабінзон!

Хлопчык сышоў з сцежкі на лясную паляну. Яна ўся квітнела малінавымі ляснымі гваздзікамі. Паляну абступалі высокія гонкія сосны. На адной сасне мільгануў рыжы звярок. Вавёрка! Яна зусім не спалохалася, калі хлопчык падбег бліжэй.

Дзесьці паблізу стукацеў дзяцел. Паўлік пайшоў на яго стук, каб убачыць, як ён лечыць дрэвы. У лесе хлопчык не першы раз. Яго некалькі разоў брала ў грыбы мама. Праўда, грыбы збірала яна, а ён бегаў па лесе. Сёння Паўлік быў адзін. Ніхто не забараняў яму збіваць дубцом мухаморы, ніхто не сварыўся, што бярэ ў рукі яшчарак. Можна рабіць усё, што ўздумаецца.

Паўлік загуляўся і забыў пра цуд у пер'і. Ён бегаў, скакаў верхам на дубцы, падбіваў нагою чырвоныя мухаморы. Адзін мухамор Паўлік шпурнуў у Сароку, другі - напароў на сук, і толькі нагнуўся, каб узяцца за чырвоную шапачку трэцяга, як раптам мухамор піскнуў, падскочыў, прабег некалькі крокаў на маленькіх ножках і нырнуў пад елку.

Паўлік атарапеў. Ад неспадзяванкі ён ажно спатыкнуўся і ўпаў на высокі грудок, усланы шыпулькамі хвоі. І тут жа з енкам усхапіўся. Пад елкай тоненька захіхікалі:

- Сеў на мурашнік!

Паўлік пачаў абтрасацца.

- Вы - хто? - пацікавіўся хлопчык, зазіраючы пад елку.

- А вы? - папытаўся ў сваю чаргу тоненькі галасок, і з-пад елкі выйшаў маленькі хлопчык у чырвонай шапачцы.

- Я - хлопчык.

- У цябе няма джала? - пачуўся другі галасок з-за пянька.

- Я ж не пчала, - пакрыўдзіўся Паўлік. - Я - чалавек.

- Чалавек? - перапытаў другі галасок, і з-за пянька выйшаў яшчэ адзін хлопчык, падобны на першага, але ўжо ў блакітнай шапачцы.

- Мне вас намаляваў на сцяне дзед Цудадзед, - пазнаў каламесікаў Паўлік. - Вы - мае каламесікі.

- Думай, думай, - сказаў сам сабе каламесік у блакітнай шапачцы. Падумаў і дадумаўся: - Ты - Пінюня-Паўлік.

- Малайчына! Герой! - запляскаў у маленькія далоні каламесік у чырвонай шапачцы.

- Што ты робіш у лесе? - папыталіся каламесікі разам.

- Гуляю...

- Малайчына! Герой! - пахваліў Паўліка каламесік у чырвонай шапачцы.

- Ты што, - здзівіўся Паўлік, - акрамя гэтых слоў, болей нічога не ўмееш гаварыць?

- Пінюня-Паўлік, - сказаў каламесік у блакітнай шапачцы, - перад табой, - ён паказаў на таварыша, - каламесік Нядзелька. Ён прывык усіх хваліць.

- Навошта?

- Мы працуем, а ён хваліць, мы вучымся, а ён хваліць.

- Вы працуеце, а Нядзелька толькі хваліць?

- Гэта і ёсць мая праца! - ганарліва прамовіў Нядзелька.

Паўліку не спадабалася Нядзелькава ганарыстасць:

- Ты - чужы каламесік! Я сябе самога ніколі не хвалю. Я - добры і разумны хлопчык.

- Малайчына! Герой! Вось і пахваліў сам сябе, - заскакаў Нядзелька.

Паўлік засаромеўся і, не ведаючы, што сказаць, павярнуўся да другога каламесіка:

- Ты таксама мой каламесік?

- Мы, Паўлік-Пінюня, не толькі твае каламесікі. Мы каламесікі ўсіх малых дзяўчынак і хлопчыкаў.

- А як цябе завуць?

- Мяне завуць Громік. Я вельмі баязлівы. Баюся сабак, баюся пеўняў, баюся цемнаты. Асабліва баюся грому. Таму і назвалі мяне Громік...

- Ён так часта плача і хныкае, - пачаў смяяцца Нядзелька. - Зусім як ты. І ўсё дарма.

- Ага, дарма, - пакрыўдзіўся Громік. - Вясной Нядзелька налавіў хрушчоў і накідаў мне за каўнер...

- Ой! - заплюшчыў ад страху вочы Паўлік. - яны ж казычуцца! Ты болей не рабі. так, Нядзелька! Грому не трэба баяцца. Яго ловяць громаадводы. Папытайцеся ў дзеда Цудадзеда.

- Не скажа! - уздыхнуў Громік. - Нас з Нядзелькам прагналі з казкі. З намі ніхто сябраваць не хацеў. Дзед Цудадзед сказаў, каб мы добра падумалі, як будзем жыць далей. Учора мы і пачалі думаць. Тут, у лесе. Нядзелька падумаў, што ноччу да нас крадзецца воўк, а гэта свяціўся ў цемры трухлявы пень. Я падумаў - крапіва кусаецца мурашкамі. Схапіўся за яе і ўсю руку абстрыкаў. Значыць, яна сама па сабе стрыкучая.

- А я спачатку падумаў, што вы мухаморчыкі, - сказаў Паўлік.

- А мы ўбачылі, як ты іх падбіваеш нагой, і схаваліся, - прызнаўся Громік.

- Громік так спалохаўся цябе, - насмешліва заўважыў Нядзелька, - нават гузак сабе набіў. А я дык ніколечкі...

Нядзелька раптоўна змоўк і спрытна нырнуў пад елку. Услед за ім, нічога не разумеючы, палезлі Паўлік з Громікам.

- Вой, вой, страшна! - пачаў енчыць Громік.

Паўлік таксама спачатку спужаўся, але яму стала сорамна перад малымі каламесікамі, таму ён адхінуў лапку і зірнуў на сцежку. Па ёй ішоў стары дзядок з кійком і сварыўся:

- Так нашкодзілі! Рукі, відаць, свярбелі. Мухаморы пазбівалі, мурашнік раскідалі. Трапіўся б мне гэты нягоднік - паспытаў бы кія!

- Вой, вой, - яшчэ мацней завойкаў Громік.

Дзядок разуўся, стаў каля мурашніка:

- Лячыце, браткі!

Громік учапіўся за Паўлікаву руку.

- Яны ж з'ядуць яго!

- Не з'ядуць.

- Ну і пякуць! Ну і грызуць! - пераступаў з нагі на нагу дзядок.

- Малайч... - завёў сваё Нядзелька, але Паўлік затуліў яму рукою рот.

- Думай, думай! - зашаптаў сам сабе Громік і расплюшчыў вочы. Дзядок быў жывы і паціху сабе абуваўся. Потым ён узяў свой кій і пайшоў далей.

- Гэта ён лячыў ногі, - першы дадумаўся Паўлік. - Мне дзед казаў. У мурашоў ёсць мурашыная кіслата. Як зёлкі.

Яны вылезлі з-пад елкі, калі дзядок быў ужо далёка.

Паўлік з Нядзелькам паселі на траву, назбіралі шышак і пачалі кідацца імі.

Громік зняў сваю шапачку і стаў збіраць у яе хвойныя шыпулькі.

- Навошта яны табе? - пацікавіўся Паўлік.

- Пакладу каля мурашніка. Няхай мурашы сваю хатку рамантуюць.

Паўлік пачырванеў. Гэта ж ён разбурыў мурашнік! І хоць ленаваўся збіраць шыпулькі, але пачаў памагаць Громіку.

- Правільна! - ускочыў на пянёк Нядзелька. - Вы збірайце, а я вас хваліць буду.

- Не трэба, - перапыніў яго Паўлік. - Памагай!

- Не буду.

- Таму з табой ніхто і не сябруе.

- А з табой?

- Я з ім сябрую, - сказаў Громік.

- Можаш сябраваць, - пакрыўдзіўся Нядзелька. - А я буду думаць адзін.

І ён нырнуў у ажыннік. Громік падбег да ажынніку, паклікаў Нядзельку.

- Вой, вой, - шкадаваў ён. - Нядзелька не ўмее адзін думаць і нічога не ўмее рабіць. Як жа ён без мяне? Яшчэ заблудзіцца.

- Няхай, - сказаў Паўлік. - Твайго Нядзельку я не вазьму ў бізоны-рабінзоны.

- А мяне?

- Падумаю!

Тут Паўлік убачыў прыгожага матылька, які сядзеў на рамонку, расклаўшы свае блакітныя крылцы. Паўлік хацеў паказаць матылька Громіку, павярнуўся да яго, але Громіка побач не было. Хлопчык гукнуў. Лес маўчаў. Толькі гайдаліся вершаліны дрэў ды перагукваліся птушкі.

 

Парасон. Куды знік Нядзелька?

 

На другі дзень з самай раніцы пачалася навальніца. Гром часам ціха вуркатаў, часам гучна бабахаў. Раз-пораз бліскала маланка. На ўсё неба. Па шыбах сек дождж з градам.

Паўлік хоць і не баяўся навальніцы, але вырашыў залезці на печ да кошкі Мусі. На печы пахла сушанымі суніцамі і грыбамі. Паўлік уявіў, як страшна ў лесе цяпер каламесікам. Яны, напэўна, прамоклі да нітачкі. Громік, відаць, войкае ад страху, бо з ім няма Нядзелькі. А можа, Нядзелька знайшоўся і каламесікі схаваліся ў якое дупло на дрэве?

І тут ён узгадаў, што збіраўся шукаць грушу ў жыце. Там жа цуд у пер'і. Што ж рабіць? Трэба падумаць. Калі шукаць каламесікаў, можна вымакнуць, і тады ў Паўліка забаліць горла. Забаліць горла, Паўліка не пусцяць ні ў лес, ні на рэчку. Нікуды. А цуд у пер'і?

Заставалася ісці снедаць. Сняданак быў смачны: яечня з памідорамі і аладкі з мёдам. Паўлік абмакнуў аладку ў мёд. Адну, другую, трэцюю...

- А каламесікі - не еўшы, - пашкадаваў Паўлік. - І думаюць, што я пра іх забыўся.

Хлопчык адсунуў талерку, устаў, абуў дзедавы рыбацкія боты, узяў дзедаў парасон, загарнуў у паперу чатыры аладкі і выйшаў на вуліцу.

Дождж не спыняўся. Вецер дзьмуў так, нібы хацеў знесці з зямлі дрэвы, хаты і хлопчыка. Паўлік разгарнуў парасон. Вецер тузануў парасон да сябе, хлопчык - да сябе. Але вецер адужаў - падхапіў малога, і ён паляцеў, трымаючыся за парасон, услед за ветрам. Хлопчык не заўважыў, як боты зваліліся ў яго з ног.

Хутка вецер сціх. Можа, стаміўся? Паўлік агледзеўся: дзе ён? Наўкола быў мокры луг. Воддаль бліснула возера. Было відаць, як скача па вадзе дождж, і паверхня возера, уся ў бліскучых бурбалках, нагадвала ваду ў імбрыку, калі яна пачынае закіпаць.

На мокрай траве стылі ногі. Але побач стаяў стог, і Паўлік вырашыў перасядзець дождж, закапаўшыся ў сена. Толькі ён скубянуў жмут сена, як зверху пачуўся знаёмы галасок:

- Правільна прыдумаў!

- Нядзелька! - узрадаваўся хлопчык. - І ты тут?

- І - я, і - Громік.

- Злазьце, я прынёс аладкі.

- Страшна.

- А хваліўся...

- Хваліўся, хваліўся, - перадражніў хлопчыка Нядзелька. - Я ж не за сябе баюся. За стог. Раптам ён разваліцца?

- Не бойся, - засмяяўся Паўлік. - Ты заплюшчы вочы, сядзь на край і з'едзь. А я патрымаю стог, каб ён не разваліўся.

- Патрымай, - згадзіўся Нядзелька.

- Раз, два, тры! - крыкнуў хлопчык. - Паехалі!

Нядзелька заплюшчыў вочы, адштурхнуўся і, нібы па коўзкай горцы, з'ехаў па мокрым сене долу.

- Малайчына! - пахваліў яго Паўлік.

- Ніякі не малайчына, мне страшна было, - прызнаўся Нядзелька.

Ён быў такі мокры, хоць выкручвай. Паўлік пашкадаваў Нядзельку і хуценька разгарнуў над ім парасон.

- На, частуйся аладкамі, - сказаў ён.

- Спачатку, - еў і расказваў Нядзелька, - спачатку я спалохаўся. А калі ўбачыў вясёлку, то ўвесь час думаў: адкуль яна расце?

- Дадумаўся?

- Каб можна было злазіць на неба...

- Не злазіць, а злётаць, - паправіў Паўлік Нядзельку. - Я вырасту, стану касманаўтам, і мы з табой паляцім на вясёлку.

- Расці хутчэй.

- Буду думаць і - вырасту. Ты ўсе з'еў? А - Громіку?

- Я задумаўся і забыў...

- Добра, што ў мяне цукерка ёсць. Дзе Громік?

- Ён у стозе з другога боку. Думае. Хадзем пакажу.

Паўлік з Нядзелькам зайшлі за стог з другога боку, адхінулі сена. Громік думаў, падклаўшы кулачок пад шчаку. Паўлік асцярожна пацягнуў каламесіка за ножку. Громік не паварушыўся.

- Ён жа спіць, - здагадаўся Паўлік. - Патрымай парасон, зараз я травінкай яго паказычу.

Нядзелька ўзяў у рукі парасон. Нечакана з-за возера зноў наляцеў вецер і падхапіў парасон разам з каламесікам. Нядзелька адчайна закрычаў. Яго крык разбудзіў Громіка. Бліснула маланка, загрукатаў гром. Але Громік не пабаяўся, ён выскачыў са схованкі і пабег услед за ветрам, які ўсё далей адносіў Нядзельку. Паўлік, не раздумваючы, рушыў следам.

 

Што сказалі буслы

 

Сцішыўся вецер. Перастаў дождж. На неба вярнулася вясёлае сонца. І ўсё зноў ажыло. Лёталі птушкі, гулі пчолы. А на самым высокім стозе стаялі два буслы. Дзюба да дзюбы. Быццам размаўлялі.

Громік з Паўлікам стаміліся, шукаючы парасон з Нядзелькам, і селі адпачыць каля стога.

- Прыпякае, давай пакупаемся, - прапанаваў Паўлік.

- Ты ідзі купайся, а я паслухаю буслоў, - сказаў Громік.

- Буслы ж не папугаі!

- Вядома! - падняў пальчык угору Громік. - Яны размаўляюць на сваёй, буслінай мове.

На лузе дзе-нідзе сярод травы трапляліся дажджавыя лужыны. Вада ў іх была цёплая-цёплая. Паўлік ляснуў рукой па вадзе. Пырскі разляцеліся на ўсе бакі, загарэліся на сонцы рознакаляровымі іскрамі. Усё наўкола стракатала, цвыркала, шчабятала. Сінія стракозы, як маленькія планеры, то віселі ў паветры, то садзіліся на травінкі.

Паўлік пашукаў, дзе не так глыбока. Знайшоў ставок, зарослы лазой, распрануўся і гопнуўся ў ваду. Паплыў. Плаваў ён, як усе дзеці. Біў па вадзе рукамі, а адной нагой адштурхоўваўся ад дна. Каля чаротаў гайдаліся белыя галоўкі лілей. Аднойчы такія кветкі ён ужо бачыў на базары. Дзядзька нейкі прадаваў іх. Паўлік узгадаў, як раззлаваўся яго дзед.

- Нелюдзь, - наскокваў ён на дзядзьку. - З-за такіх, як ты, ні птушак, ні звяроў, ні кветак не застанецца. Голая зямля будзе.

Паўлік уявіў зямлю голую, і яму стала страшна-страшна. А белыя лілеі калыхаліся ціха на зялёным лісці і нічога гэтага не ведалі.

- Не бойцеся, я вас не крану, - шапнуў Паўлік кветкам.

Праз ваду прасвечваліся пясчанае дно і чародкі малявак. Хлопчык прыціх, стаіўся. Маляўкі - тоненькія бліскучыя іголачкі - падплылі бліжэй і сталі цюкаць носікамі ў ногі Паўліку.

- Вы думаеце, я - ваша мамка? - нахіліўся над вадой Паўлік.

 

Ваша мамка прыйшла,

Малачка вам прынесла, -

 

уголас заспяваў хлопчык. Ён так захапіўся гульнёй з рыбкамі, што не заўважыў на беразе Громіка.

- Вылазь, - папрасіў Громік. - Парасон упаў на грушу, на буслінае гняздо. А там - бусляняты.

- Гоп! Гоп! - вылез на бераг Паўлік і пачаў скакаць на адной назе вакол Громіка. - Я знайшоў грушу, я знайшоў Нядзельку, я знайшоў буслянят - цуд у пер'і, я стану бізонам-рабінзонам. І ўсе дзеці нашага двара будуць зайздросціць мне.

- Як табе не сорамна? - прытрымаў Паўліка за руку Громік. - Бачыш, Нядзелька падобны на цябе. Пайшлі!

- Гэта далёка?

- За лесам будзе поле, на полі расце груша, на ёй - буслінае гняздо.

Паўлік перастаў блазнаваць. Яму расхацелася шукаць цуд, ісці кудысьці, калі тут, на беразе возера, было так цудоўна. Можна плаваць, ляжаць на сонейку, бегаць басанож па траве.

- Ты схадзі адзін, - папрасіў Паўлік, - а я вас тут пачакаю. Мне галаву напякло.

- Надзень маю шапачку.

- Яна мне малая. І - смешная.

- Сам ты смешны - гультай... Ніякі ты не рабінзон. Пінюня, вось ты хто! Пайду адзін...

- Пачакай! - крыкнуў Паўлік. - Давай спачатку зойдзем да цёткі Паліны. Каб не хвалявалася.

- Добра, - згадзіўся Громік.

 

Паўлік становіцца бізонам-рабінзонам

 

Ні цёткі Паліны, ні дзеда дома не было, і Паўлік з Громікам вырашылі ісці шукаць грушу гародамі.

Яны пералезлі цераз плот і трапілі ў грады. У градах корпаліся куры, а певень Цімох ганарліва стаяў на варце.

- Кыш! - раззлаваўся хлопчык. - Усё падзяўблі!

Ён схапіў каменьчык і шпурнуў у курэй. Куры спалохана раскудахталіся.

Певень не зварухнуўся. Вось ён трасянуў галавой і ваяўніча пайшоў на Паўліка. Яшчэ хвіліна - і ён дзеўбануў бы хлопчыка, але раптам наперад скокнуў Громік і надзеў пеўню на галаву сваю блакітную шапачку. На самы грэбень. Нават пеўнева дзюбка і тая схавалася ў шапачцы. Паўлік засмяяўся, а Цімох закруціўся на месцы і набрыў некуды за хлеў, матляючы галавой у шапачцы.

Хлопчык крыкнуў услед пеўню:

- Я цяпер не адзін! Мы ўдвух! І ніколечкі цябе не баімся! Уперад, бізоны-рабінзоны!

Сябры пайшлі далей. Спачатку - агародамі, але неўзабаве выйшлі на ўзлесак. Сцяжынка, якая бегла паўз лес, вывела іх да поля.

Жыта было высокае, без канца і без краю. У ім сінелі вачаняты васількоў, з-пад ног скакалі конікі.

- Ты стаміўся? - спытаў Паўлік, убачыўшы, што Громік ідзе ўсё павольней і павольней.

- Ціха, - зашаптаў Громік. - Чуеш?

Паўлік прыслухаўся. Сапраўды, наперадзе чуліся нейкія незразумелыя гукі. Усё бліжэй і бліжэй.

- Ой! - аж прысеў Громік. - Стракачы, стракачы, а мы не баімся.

- Пачакай, я зараз зірну, што гэта.

Паўлік стаў на дыбачкі, каб разгледзець, што там стракатала і палохала Громіка. А незразумелае і страшнае, вялізнае, як карабель, тым часам набліжалася. Жых! - і няма цэлай сцяны жыта. Жых! - і яшчэ...

- Не бойся! - супакоіў каламесіка Паўлік. - Гэта ж машына, камбайн. Ён жыта жне. Гэй, камбайнеры! Вазьміце нас з сабой!

І хлопчык пабег да камбайна. Паляцеў нібы на крылах, бо ўбачыў на мосціку свайго дзеда:

- Дзед! Дзед!

Камбайн спыніўся. Дзед саскочыў да ўнука:

- Як ты сюды трапіў?

- Мы з Громікам Нядзельку шукаем.

- А можа, суботу? - прыжмурыў адно вока дзед.

- Зірні, калі не верыш, - пацягнуў за сабой дзеда Паўлік. - Вунь там мой каламесік Громік.

- Каламесік? - зарагатаў дзед. - У цябе іх хапае. Ну, паказвай.

- Громік! Громік! - паклікаў Паўлік.

Громіка нідзе не было.

- Відаць, пабег буслянят ратаваць, - здагадаўся хлопчык.

- Гульня такая?

- Не гульня. На буслянят упаў твой парасон.

- Мой парасон? - нічога не зразумеў дзед. - Добра. Пасля разбяромся. Лезь на мосцік.

Дзед падсадзіў унука на мосцік камбайна, паставіў каля камбайнера, маладога, ладнага хлопца. Хлопец вёў камбайн, як капітан вядзе карабель. Пільна глядзеў уперад, руляваў. Па жытнёвым моры беглі залатыя хвалі, над хвалямі ляталі белыя чайкі. У хлопчыка ад такіх дзівосаў сама сабой заспявалася песня:

 

Белыя чайкі, жоўтае мора,

Я капітан карабля.

Сонца, як вогненны мячык, над борам,

З намі плыве ўся зямля...

 

- Зірніце налева! - крыкнуў камбайнер.

Дзед з унукам зірнулі налева. І ўбачылі магутную грушу. Дзед прысвіснуў - на вершаліне яе вісеў вялікі чорны парасон.

- Там жа бусляняты! - занепакоіўся камбайнер.

- Не разумею, - развёў рукамі дзед. - Як там апынуўся мой парасон?

- Я даў патрымаць яго Нядзельку, а вецер падхапіў і панёс іх разам, - растлумачыў Паўлік.

- Ахвота табе выдумляць! - буркнуў дзед.

- Паглядзіце, там дзяўчынка! - сказаў Паўлік.

- Вера! - прыгледзеўся хлопец. - Пляменніца мая.

- Не ўпадзе? - спалохаўся дзед, гледзячы на дзяўчынку, якая спрытна лезла па дрэве вышэй і вышэй.

- Не ўпадзе.

- Дзед, - папрасіў Паўлік, - ты працуй, а я пабягу да Веры. Не трымай, я сам.

- Павел, - зірнуў на ўнука дзед, - ты ў мяне зусім дарослы... Ну, ідзі, ідзі.

Калі Паўлік падбег да грушы, Вера ўжо была на зямлі.

- Твой? - падала яна Паўліку парасон.

- Дзедаў. А Нядзелька дзе?

- Які Нядзелька?

- Мой каламесік.

- Каламесік? Гуляеш у іх?

- Не гуляю, а думаю, - узгадаў словы дзеда Цудадзеда хлопчык. - Я шукаў цуд у пер'і, а знайшоў цябе...

- Я хацела, каб ты паглядзеў на буслянят.

- Цяпер ты мяне прымеш у бізоны-рабінзоны?

- Навошта цябе прымаць? Ты ўжо стаў ім. У лес не пабаяўся пайсці адзін. Скрыўдзіў мурашоў, пасля памог ім. Не напалохаўся навальніцы, шукаў цуд у пер'і. Буслянят пашкадаваў. Малайчына!

- Малайчына! Герой! - пахваліў услед за Верай знаёмы галасок.

- Нядзелька! - пазнаў Паўлік і кінуўся да грушы.

Але нікога там не знайшоў. Толькі на самай ніжняй галінцы гайдалася чырвоная шапачка з пампонам.

- Расці і думай! - пачуўся галасок Громіка. - А мы вяртаемся ў казку.


1980-1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая