epub
 
падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

«Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..»

Ах, якая над Гайнай купальская ноч!

Самы раз бы шукаць кветку-папараць,

Самы раз уплятаць летуценні ў вянок,

Самы раз белы корань выкапываць!

 

Ды ні гуку над Гайнай - пад цёмным шатром.

Толькі зоркі - як вочкі Купаліны.

Дзе ж вы, хлопцы, дзяўчаты? Чаму за сялом,

Над ракою, агні не запалены?

 

Раскладайце, паліце Купалля агні!

Не затым, каб ускрэсла мінуўшчына,

А каб лепей убачыць наступныя дні,

Да вытокаў душой дакрануўшыся...

 

Раскладайце агні - хай плывуць па рацэ,

Можа, ў зыркім святле іх вы ўгледзіце

Постаць Янкі Купалы з кійком у руцэ -

Запрасіце яго прысуседзіцца!

 

Ён вас, пэўна, папросіць «Каліну» спяваць

І, напэўна, ад слёз не стрымаецца,

Скажа: «Ах жа, якое купаллейка ў вас!

Ах, якую вы спадчыну маеце!..»

 

1970

 


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая