epub
 
падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

Мы скора завітаем зноў

 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Андрэй Селях — партызан, гадоў 20.

Антон Габэлік — былы аднакласнік і сябра Андрэя.

Надзя Аскерка — іх былая аднакласніца.

Гілена — маці Антона, гадоў пад 60.

Карп — паліцай, гадоў пад 30.

 

Дзея адбываецца ў цяжкі для нашай Радзімы час, у канцы лета 1942 года, на акупаванай фашыстамі Беларусі. Дэкарацыя — абстаноўка звычайнай вясковай хаты, яе першай — «чорнай» — палавіны: печ, стол, два ўслоны, акно, двое дзвярэй — адны з двара, другія — на чыстую палавіну. Ля печы — качарэжнік. На сцяне — паліца для посуду і лыжак. На канцы стала — загорнуты белы настольнік.

Гілена сядзіць на ўслоне і скубе пер’е. На другім услоне — качалка і валак, відаць, гаспадыня нядаўна качала бялізну. На стале гарыць газнічка, зробленая з гільзы.

Гілена (цяжка ўздыхаючы). Ой, божа мой, божа... Каторая пара, а яго няма. Чуе маё сэрца, што і сёння прыйдзе такі ж засмучаны, як заўсёды. Хай бы ўжо ён хоць трохі супакоіўся і гэтак не перажываў, не мучыўся! Падумаўшы, дык ці ж гэта цяпер час ладзіць вяселле, абзаводзіцца сям’ёю? Калі гэтакая калатнеча ў свеце, калі адзін бог ведае, што робіцца, і калі гэта ўсё скончыцца!.. Але ж ці маладому сэрцу загадаеш? (У сенцах нехта загрукаў нагамі. Гілена павяла галавой, прыслухалася.) Не, нехта чужы, не Анцік.

Заходзіць Карп — невысокі, з васпаватым тварам і пляскатым носам, у паліцэйскай уніформе, з вінтоўкай за плячыма. Бачна, што на добрым падпітку.

Карп (наўмысна громка). Гутан абанд, цётка! Фарштэйн?

Гілена. А божа мой, Карп, ты ўжо скора і гаварыць па-нашаму развучышся. Зусім ужо на немца пераробішся.

Карп (задаволены, моцна рагоча). Гучыць? Га? Вось іменна! Я сказаў табе: здарова, цётка!

Гілена. Неяк жа здарова, дзякаваць богу. Хварэць няма часу.

Карп. Ну, хварэць! Хварэць будзем пасля поўнага разгрому бальшавізму! А цяпер — нельга. Ты што — адна дома? Ці Антон ужо ўлёгся?

Гілена. Дзе табе ўлёгся! Яшчэ не прыйшоў во... І вячэра даўно акалела. Забавіўся недзе. Мабыць, у Шыктавых, на зборышчы. А ці ты не адтуль ідзеш?

Карп (здымае вінтоўку, садзіцца насупраць, цераз стол, на ўслоне). Не, я з другога канца, з участка. Бачу — не спіцё, зайду, думаю, навіна важная ёсць для Антона. Такая навіна, што — самы раз яму падавацца цяпер да нас, у паліцыю. А то пасля позна будзе. Пасля — не ацэніцца. Не будзе заслуг мець ніякіх перад новым парадкам.

Гілена. А што ж гэткае важнае здарылася? Можа, дзякаваць богу, вайна скончылася?

Карп. Пакуль што — не скончылася, але справа ідзе к гэтаму. (Прыстукнуўшы прыкладам аб падлогу.) Халэмус бальшавікам скора, цётка! Як піць даць — халэмус!

Гілена. Хто ж яе цяпер, тую праўду, ведае, можа, як ты кажаш, і халэмус.

Карп. Што за сумненні! Халэмус — на ўсе дваццаць пяць! На ўсю катушку! Як гаворыць майн гер Штольц, мой начальнік — вас іс дас і аллес капут! Капут, цётка!

Гілена. Доўга ж нешта гэты капут цягнецца. Год назад, помню — якраз жа гэтай самай парою — спыніўся каля нас адзін з матацыклам, нешта было сапсавалася, бо ладзіў. І, мусібыць, сам ахвіцэр вялікі, бо тут во, каля шыі кругом, у бліскучых цацачках. Падышлі тады бабы, спрабавалі загаварыць, спытацца, ці скора вайне канец, ці скора мужыкі дамоў вернуцца. Праўда, нічога ён не ўмеў па-нашаму. Адно толькі паўтараў увесь час: «Масква — капут, Сталін — капут! Масква — капут, Сталін — капут!» Гэта ж ён год назад казаў, а во Анцік вычытаў у газеце, у гэнай, што ты прынёс, што Маскву так і не дасталі, яшчэ й да гэтага часу...

Карп. Тая газета ўстарэла даўно! Ёй ужо больш за месяц недзе! Я во новую прынёс, з апошнімі ведамосцямі. Толькі што з Мінску прывезлі. Дык вось табе ўся праўда, цётка: доблесныя войскі фюрара выйшлі на Волгу! Фарштэйн?

Гілена. А дзе гэта — на Волгу?

Карп. Дзе? Гэта куды далей, чым Масква! Гэта ўжо, лічы, за спіной Масквы!

Гілена. Дык што — ужо ваш фурар у Маскве ўсеўся?

Карп. Пакуль што не ўсеўся, але не сёння-заўтра гэта будзе. Як піць даць — будзе! Да зімы ўсё скончыцца! Так што досыць вашаму Антону цілімоніцца. Крайняя пара за розум брацца. Я ўжо яму раіў неаднойчы, нават і свайму начальству гаварыў пра яго. Мы яго, можна сказаць, чакаем. Ты скажы яму сваё слова, падахвоць яго. Знаеш, як тваё слова падзейнічае!

Гілена (з просьбай у голасе). Карп, што гэта ты гаворыш такое? Каб я сама падахвоціла сваё дзіця на згубу ісці! Карп, ты ж старэйшы намнога, ну падумай — які з майго Анціка ваяка, ён жа яшчэ зусім малады. Карп!

Карп. Малады для вайны лепш, чым стары, цётка!

Гілена. Богам малю цябе, Карп, не цягні ты яго, не зводзь! Ці ж у вас мала народу без яго?

Карп. Вось іменна што мала! Калі кожны будзе во гэтак шкадаваць і трымаць ля спадніцы сваё дзіцятка — дык хто ж паможа фюрару ўсталяваць новы парадак? Да таго ж лясныя бандыты распладзіліся! І ўсё больш нахабнічаюць. Так што цілімоніцца нечага, цётка. Во газета прыйдзе — хай сам пачытае, хай пераканаецца. Я заўтра зайду забяру. (Падымаецца, закідвае вінтоўку за плячо.) М-да, не шкодзіла б за такую навіну яшчэ адну шкляніцу прапусціць, га? Не прыхавала там дзе-небудзь?

Гілена. Няма, Карп, і ў паміне няма на сялібе. Анцік, дзякаваць богу, смаку ў ёй не чуе, дык я і не абзаводжуся.

Карп. Шкада! А нашто ты скубеш гэта пер’е? Дачок у цябе няма, каб падушкі на пасаг збіраць. А нявестка свае прывязе.

Гілена. А хто ж гэта ведае — ці прывязе, ці, можа, і не прывязе. Зраблю — дык спатрэбяцца.

Карп. Ну, калі ён возьме гэну Аскеркаву падчарку — дык на падушкі не спадзявайся. Не падабаецца яна мне, дарэчы.

Гілена. Надзя?

Карп. Надзя.

Гілена. А чым жа яна брыдкая ці заганная?

Карп. Не брыдкая. Але, па-мойму, не тым дыхае і не туды глядзіць. Ну, гэта мы яшчэ разбяромся. Толькі — нікому ні мур-мур, цётка! Фарштэйн? Пайду, загляну яшчэ на зборышча. (Накіроўваецца да дзвярэй.)

Гілена (пераймае яго і хапае за рукі). Карп, май сэрца, прашу цябе, не чапіся да Анціка, не цягні яго ў паліцыю. Хопіць у твайго фурара ваякаў без яго. Адзін жа ён у мяне, Карп, і хай яго міне гэтае ліхалецце.

Карп. Э-э, няма і ў цябе галавы, цётка! І ты не разумееш, што я хачу зрабіць як лепш для яго ж самога. Шчасце сваё ўпусціць твой Анцік, вось што! Фарштэйн? А-а? Гутын нах! (Выходзіць.)

Гілена (зноў садзіцца за пер'е, але не скубе, сядзіць, склаўшы рукі, і думае ўголас). Шчасце ўпусціць, кажа. Нехта цяпер ведае, дзе шчасце, а дзе няшчасце. Калі гэткае безгалоўе ў цэлым свеце — дык дзе яго шукаць, тое шчасце, чалавеку? Трэба перачакаць, пакуль усё ўляжацца, уціхамірыцца. Не можа ж быць, каб гэта цягнулася вечна. А тады і пра шчасце падумаць. Калі шчаслівы радзіўся, дык знойдзецца, тваё ад цябе не ўцячэ... (Паўза.) А што ж гэта ён да Аскеркавай Надзі мае? Куды гэта яна не туды глядзіць? І не тым дыхае, кажа. Пэўне ж, самагонкай, як ён, не дыхае, дык дзе ж яму будзе даспадобы. (У сенцах зноў пачуліся крокі. Гілена падхапілася.) Анцік!

Заходзіць Антон, худы, досыць высокі і шыракаплечы дзяцюк, у танным, вынашаным гарнітуры. Выгляд — не трэба ні пра што пытацца: на душы чорна.

Гілена (пільна паглядзеўшы на сына). З Карпам не сустрэўся на вуліцы?

Антон. Ні з кім не сустрэўся. (Здымае з шастка каля печы, над духам, сцяблінку табакі, бярэ днушку, нож і пачынае крышыць самасад на курава.)

Гілена. Быў толькі што тут, відаць, у другі бок пайшоў, раз не спаткаліся. Ізноў чоўп мне сваё дурное, каб ты ў паліцыю падаваўся. Ужо, кажа, і з начальствам гаварыў пра цябе. (Пакідае пер’е, разгортвае на другім канцы стала настольнік, пад якім аказаўся ёмкі акраец хлеба, здымае з паліцы і ставіць на стол міску.)

Антон (злосна крышачы «дудку» самасаду). Калі і пайду, дык толькі — каб гэную кралю прыстрэліць. Каб лютасць з душы адвалілася, а то — дыхаць не дае.

Гілена (спалохана). Анцік!.. Анцічак, ты пра каго гэта?

Антон. Пра каго ты падумала. Пра каго ж яшчэ! Я ўжо рашыў, мама: або — або! Або яна — гэта самае, або — я зраблю нешта страшнае.

Гілена (яшчэ больш спалохана). Анцічак! Перахрысціся, што ты сказаў!.. Ой, божачка! Ой, божачка мой! (Замітусілася па хаце.) Што гэта ён гаворыць такое! Ён пойдзе ў паліцыю, каб застрэліць Надзю!.. Анцічак, сынок, апомніся, супакойся. Ой, які ты зрабіўся! Які ты непадобны зрабіўся! Во калі бацькава натура палезла з цябе! Ды пачакай жа ты закурваць, павячэрай жа спачатку хоць трохі. Ой, божачка мой!..

Антон (круцячы самакрутку). Я не магу есці. Не буду. Накарміла мяне маё мілаванне — во! (Паказвае рукой «па горла».)

Гілена. Сыночак мой, з’еш хоць трохі, хоць малачка з хлебам. Гэта ж ты ўжо каторы дзень не вячэраеш! Паглядзі на сябе, як ты змарнеў за гэта лета, як ты высах. Анцічак!..

Антон (прыкурваючы ад газнічкі). Я ж ужо сказаў, мама: есці не хачу. Што гэта за газета? Карп прынёс? (Бярэ і разгортвае газету.)

Гілена (зноў села за пер'е). Карп. Казаў, напісана там, што немцы далёка за Маскву зайшлі і скора вайна скончыцца. Гэта ўжо каб ты сам пачытаў і пераканаўся, што трэба ісці ў паліцыю. А я ж яго ўжо тут так прасіла, каб ён не прыставаў да цябе. Так прасіла!.. Не слухай яго, Анцічак! Не вер яму! Нікому цяпер не давай веры!..

Антон (адсоўваючы газету, у задуменні). Цікава... Выйшлі на Волгу і на ўскраіны Сталінграда. Калі гэта ўсё праўда, то, відаць-такі, блізка канец.

Гілена (пасля даўгаватай паўзы). Дык што ж яна табе, сынок, сказала? Ізноў тое самае — «адкладзём гаворку да канца вайны»? Ці ўжо што новае?

Антон. Новае. Адкладаць няма чаго. Няма сэнсу. Яна кахае другога.

Гілена (уражана). Каго ж гэта?

Антон. Каб яшчэ табе сказала каго.

Гілена. Можа, гэнага Мырсу? Чула, што ён ля яе круціўся на вечарынках.

Антон. Круціліся многія, ды без толку.

Гілена. Дык яна табе так у вочы і сказала, што ёсць другі?

Антон. Так нарэшце і сказала. «Не хачу нічым цябе крыўдзіць, але я не вінавата, Антон: я думала, ты сам здагадаешся, што маё сэрца даўно занята, і да астатку. І дзень і ноч я думаю толькі пра аднаго яго». Аж горача мне стала. Аж млосна. Гатоў быў у той міг ударыць і нават забіць яе!

Гілена. Ты бач, як нехта запусціў кіпці глыбока! Тут ужо, сынок, злосцю і пагрозай не паможаш, не, тут цярпенне трэба... І хто ж гэта можа быць? Ні пра кога ж, здаецца, людзі не гаварылі. Ні з кім яе сам-насам не бачылі...

Антон. Я здагадваюся, хто гэта. Яго няма тут, у вёсцы. Таму і не бачылі і не гаварылі.

Гілена (не адразу). Ці не пра Андрэя ты думаеш?

Антон. А пра каго ж яшчэ!.. Я заўважаў і раней, як яна на яго пазірала, яшчэ да вайны. Аж перастала на вечарынкі хадзіць, як ён пайшоў у партызаны. Толькі сам ён, па-мойму, нічога не ведае і не падазрае нават.

Гілена. Ці не склаў ён дзе галаву, Анцік? Гэта ж ён заходзіў да цябе калі — яшчэ ў маі? І сказаў, што прыйдзе роўна праз месяц. А не прыйшоў жа! Каб ён ужо, даў божачка, і забыўся на цябе, калі яшчэ жывы дзе!

Антон. Калі жывы, то прыйдзе, не забудзецца. Каго-каго, а яго я ведаю добра.

Гілена (хрысціцца). Даруй мне, божа, мае думкі нядобрыя... Сынок, паслухай, што я табе скажу, і, можа, я цябе разважу. Ты не бяры так цяпер да галавы, што яна сказала. Ніхто ж не ведае, як пойдзе далей жыццё. І ці вернецца ён жывы, ці не вернецца — таксама адзін бог ведае. Гэта ж вайна! Усё можа здарыцца. І што ж тады будзе рабіць Надзя? А нідзе не дзенецца. Маладосць возьме сваё. Паперажывае ды забудзецца. Колькі ўжо было такога ў свеце — уга! Агледзіцца і за цябе пойдзе, вось пабачыш. Не будзе ж яна сваё багацце да старасці ў сабе насіць! Ну, хіба я не праўду кажу, Анцік?

Антон курыць і нічога не адказвае. У гэты час хтосьці тройчы нягучна пастукаў з двара ў шыбіну.

Антон (падхапіўшыся). А вось і ён. Прыйшоў. Лёгкі на паміне.

Гілена (амаль з нянавісцю). Прынесла-такі нячыстая. Анцік, не паддавайся ні на якія ўгаворы! Чуеш?

Антон ідзе ў сенцы і праз хвіліну вяртаецца з Андрэем. Андрэй — у цывільным гарнітуры, у кепцы. Зброі не відаць. На твары — усмешка. Заходзіць спакойна, як бы ў добры даваенны час.

Андрэй. Добры вечар, цётка Гілена! Як жывы-здаровы, як чуецеся? (Падае Гілене руку і энергічна вітаецца.)

Гілена. Так во і чуемся, што спакою няма ні днём ні ноччу.

Андрэй (зірнуў на Гілену, зразумеў, у чый агарод камень, перавёў пагляд на Антона). Ты што гэта ўсё адно як збянтэжаны, Антон? (Шырока ўсміхаецца.) Ты, мусіць, ужо не чакаў мяне, га? Мусіць, падумаў, што я ўжо, напэўна, недзе гнію ў балоце? Або ў лесе да касцей мурашкі аб’елі? Падумаў? Ну, прызнавайся! (Грукае Антону кулаком у плечы.)

Антон. Не гавары абы-чаго. Прысаджвайся, што мы стаім сярод хаты. (Сядаюць на розныя канцы стала. Гілена стала каля печы.) Газніцу, я думаю, можна патушыць. (Хукае і тушыць газніцу.) Відна ў хаце і ад месяца.

Андрэй. Калі падумў — дык ты, брат, быў зусім недалёка ад праўды. За адной крупінкай не аддаў душу богу. Чуць выкараскаўся! Сем тыдняў праваляўся ў нашым лясным шпіталі. Ішоў да цябе — роўна праз месяц, як дамаўляліся,— і каля Альхоўкі мяне падстрэлілі — собіла якраз нарвацца на погань. Добра, што ў кусты пабаяліся сунуцца — а то б і даканалі там, дзе я ляжаў і сплываў крывёю.

Гілена. Ой, мой божачка! Божачка мой мілы! Каб гэта жыла твая маці і чула, што ты расказваеш! І як жа гэта ты не баішся адзін па ночы бадзяцца?

Андрэй. Гэ, цётка! Дзвюм смерцям не бываць — адной не мінаваць! Як у той песні пяецца: смелага куля баіцца, смелага штык не бярэ! Але ладна! Доўга расказваць няма часу. Ідзіце, цётка, кладзіцеся спаць, а мы з Антонам тут трохі пра сваё пашэпчамся.

Гілена. Ды пайду, пайду, замінаць вам не буду, але я хачу сказаць табе, Андрэйка, каб ты ўжо да майго Анціка не чапіўся з гэтымі парцізанамі. Не падбівай яго, дзіцятка...

Антон (перабівае маці). Мама! Ну папрасіў жа чалавек не замінаць, дык што ты тут пачынаеш свае модлы — ідзі кладзіся і спі.

Гілена выходзіць у чыстую палавіну хаты.

Андрэй. Маці, брат, ёсць маці. Яе можна зразумець — і яе трывогу, і боязь. Але ёсць і яшчэ Маці, якая для ўсіх для нас адна і якую таксама трэба зразумець. Тым больш што ёй, гэтай нашай усіхнай, вялікай Маці, вельмі цяжка цяпер, Антоне. Так цяжка, як, можа быць, ніколі. Дык я, брат, прыйшоў да цябе ад імя той Маці. Прыйшоў пачуць твой адказ. Ты прасіў на абдуманне месяц, а прайшло ўжо цэлыя тры. Я, між іншым, спадзяваўся, што ты знойдзеш дарогу сам, без мяне. Кожны дзень у шпіталі ўспамінаў цябе і чакаў, што вось ты зараз зойдзеш, што ты ўжо ў атрадзе... А ты ўсё яшчэ сядзіш дома. (Паўза.) Дык які ж твой адказ, Антоне? Часу ў цябе на абдуманне было многа.

Антон (не адразу). А ты ні да чога не дадумаўся, лежачы ў шпіталі?

Андрэй. Я? Не разумею, што ты маеш на ўвазе.

Антон. А тое, што, можа, і табе варта задумацца.

Андрэй. Нешта не цямлю, куды ты хіліш. Можа, і мне варта, гледзячы над чым.

Антон. Можа, ты не ведаеш, што на фронце робіцца і дзе гэты фронт апынуўся?

Андрэй. О-о, Антон! Дык вось над чым ты мне прапануеш задумацца! Вось чаму ты так нявесела спаткаў мяне! Аказваецца, твае думкі тым часам круціліся зусім не ў той бок!

Антон (пачынае злавацца). А куды ім загадаеш круціцца? Немцы дайшлі да Волгі, захапілі Паўночны Каўказ! Стаяць пад Масквою! Трымаюць у блакадзе Ленінград! Можа, ты карту не ўяўляеш? На што вы спадзеяцеся? Чаго варта гэтае ваша лясное бадзянне? (Асекся.)

Андрэй. Ну, давай, давай, брат, развівай свае аргументы далей.

Антон. А куды ж далей? Хіба не ясна і так, што твае хвалёныя маршалы вайну прайгралі? І ты ў гэтай сітуацыі агітуеш мяне пайсці ў лес на пагібель? Скруціўся сам і хочаш маё жыццё скруціць таксама? А ў імя чаго? Які разумны сэнс у гэтым?.. Дык вось я цябе прашу, Андрэй: пакінь мяне ў спакоі. Ідзі, калі табе даспадобы, прадаўжай бадзяцца, а да мяне з такой агітацыяй не прыходзь. Вельмі прашу цябе!..

Андрэй. Та-ак! Здорава ж цябе апрацавалі за гэты час, Антоне! Мне такі Надзя сказала, што, відаць, нічога добрага з нашай размовы не выйдзе. Але, ты знаеш, я ёй не паверыў. А цяпер бачу, што яна не памыляецца, што яна тут разабралася ў табе досыць дакладна.

Антон (устрывожана). Ты... быў у Надзі? Цяпер?

Андрэй (не звярнуўшы ўвагі на яго пытанне, напружваючы голас). Ра-за-бра-лася... Знаеш, што зараз, у гэту хвіліну, у мяне ў думках? (Паўза.) Не знаеш? А тое, што за такія твае словы я павінен цябе расстраляць як здрадніка Радзімы. (Павышаючы голас.) І я зараз жа гэта зраблю, Антон Габэлік! (Выхоплівае з кішэні пісталет і накіроўвае на Антона. Абое як па камандзе ўстаюць.) Імем Радзімы, якой ты здрадзіў, імем праўды, у якой ты зняверыўся, імем сяброў, якіх ты выракся, імем маладосці, якую ты зганьбіў,— я прыгаворваю цябе да пакарання смерцю і пускаю ў твой бязмозглы лоб...

Расчыняюцца дзверы з чыстай палавіны хаты, і да Андрэя з немым крыкам кідаецца Гілена.

Гілена. Не-е! Не-е! Не руш! (Хапае за руку з пісталетам.) Лепей мяне! Лепей мяне, Андрэй! Не губі дзіця маё!.. Божачка!

Андрэй (апусціўшы руку з пісталетам, у гневе). Гніда закаўнерная! Дваццаць год дыхаў савецкім паветрам і не ўшалопіў, што гэта значыць? Дваццаць год было мала, каб дадумацца, што трэба Радзіму абараняць ад ворагаў? Ды гэта дзеці з калыскі разумеюць і помняць усё жыццё, без падказкі. А ты мне — «трэба падумаць», «дай мне часу падумаць»! Я пытаюся: пра што ты думаў дваццаць гадоў? Калі хадзіў у школу? Калі спяваў у піянерскім атрадзе побач са мною песні і трымаў чырвоны сцяг над галавою?

Гілена. Андрэйка, сядзь, супакойся. (Да Антона.) Сядзь і ты, Анцік. Сядзьце і супакойцеся. Божачка! (Андрэй садзіцца, услед за ім апускаецца на ўслон і Антон.) Божачка! Да якога гневу дайшло! Андрэйка, схавай свой левальверт, схавай, дзіцятка. (Андрэй засоўвае пісталет у кішэнь.) Як жа гэта так можна, з малых гадоў сябравалі, на адной парце ў школе сядзелі... і каб да такой непрыязні дайшло!..

Антон (прыглушаным голасам). Ну, хопіць мама. Ідзі, дзе была. Мне нічога не страшна. І ты не бойся, ідзі...

Андрэй (спакойна). Супакойцеся, цётка Гілена. Страляць я не буду (з націскам) у свайго таварыша і сябра. Калі будзе трэба — гэта зробяць другія. Уласна, размова наша на гэтым закончана. Мне пара ісці. Больш я ніякіх тэрмінаў табе не даю. Але калі ты і зараз не зразумееш, дзе павінна быць тваё месца, ты можаш кончыць вельмі кепска. Запомні гэта!

Гілена. Андрэйка, дзіцятка, ну чаго ж ты так прычапіўся да Анціка? Ці ж ён адзін малады хлопец у вёсцы? Вунь колькі дзецюкоў здаровых ходзіць — да іх жа ты во не прыстаеш чамусьці? Ці табе мой Анцік замінае чым?

Андрэй. Таму і прыстаю да вашага Антона, цётка, што мы сядзелі на адной школьнай парце. Я лічыў яго сваім сябрам. Але — як кажа прымаўка — сябры ў бядзе пазнаюцца. Вось і я пачынаю пазнаваць сяброў. (Падымаецца.) Ну, да хуткай сустрэчы ў лесе, Антон.

Антон. Пачакай... яшчэ хвілінку. (Да Гілены.) Мама, ідзі ў тую палавіну, я ж ужо прасіў цябе... Мне трэба нешта спытаць у Андрэя.

Гілена, уся насцярожаная, выходзіць.

Андрэй. Што ты яшчэ хочаш пытацца? Хіба мы не ўсё высветлілі?

Антон. Не ўсё... Прысядзь яшчэ на хвілінку. (Садзіцца сам. Апускаецца на ўслон і Андрэй.) Я зразумеў, што ты перад гэтым заходзіў да Надзі?

Андрэй. Так, заходзіў. І што?

Антон. А чаго ты заходзіў?

Андрэй. А гэта ўжо цябе не датычыць! Ты пытаеш так, як быццам між намі нічога не адбылося... Зрэшты, магу сказаць — усё роўна ты рана ці позна даведаешся. А ў паліцыю, спадзяюся, не заявіш — да гэтакай подласці не дакоцішся. Дык вось, Антон: Надзя ідзе са мною ў лес, у партызаны.

Антон (як абвараны, яму перахапіла дыханне). Што?

Андрэй. У партызаны ідзе. Ваяваць з фашыстамі.

Антон. Надзя... у партызаны?

Андрэй. Я, здаецца, сказаў ясна. А што цябе так устрывожыла?

Антон. Ты гэта... навошта?

Андрэй. Што — навошта?

Антон. Навошта зводзіш на пагібель Надзю? Ты — не маеш маральнага права!

Андрэй. Ого! Гэта ўжо якаясь новая песня пачынаецца. Пра мараль, Антон, не табе гаварыць, і маралі ты лепш не чапай. Але чаму ты думаеш, што я яе зводжу?

Антон. Таму што яна пойдзе не па сваёй разумнай волі. Несвядома пойдзе.

Андрэй. Дзіўнае вярзеш нешта. Як гэта не па сваёй волі? Яна нават вельмі ўзрадавалася гэтаму! Калі хочаш ведаць, дык яна мне яшчэ тады, у маі, выказала жаданне ўступіць у атрад...

Антон (перабіваючы, горача). Не! Гэта толькі затое, што прапанаваў — ты! Толькі таму, што ў гэтым атрадзе — ты! Яна за табой пойдзе, а не ў партызаны. Не ваяваць. Ты проста сляпец і нічога не бачыш, не ведаеш. Яна для цябе — толькі таварыш, аднакласніца, і не больш. А хто ты для яе — цябе гэта не цікавіць. І таму ты раўнадушны да яе лёсу, да яе чалавечага шчасця... І таму так лёгка зводзіш яе на пагібель!..

Андрэй (задумаўшыся). Надзя табе сама паспавядалася, што ў яе на сэрцы? Ці ты проста так — фантазіруеш?

Антон. Нічога я не фантазірую. Сама сказала. І паколькі ўсё гэта — праўда, то я і кажу: ты не маеш маральнага права браць яе ў лес. Гэта — несумленна! (Усё ў большым запале.) Гэта — спекуляцыя на пачуццях! Гэта — амаральна! Яна там можа нізашто загінуць! Ты яе не кахаеш — дык не злоўжывай яе пачуццём. Пакінь яе ў спакоі — і толькі!

Андрэй (спакойна). Пачакай, Антон. Ты чаго так гарачышся? Я здагадваўся і раней, што ты да яе не роўна дыхаеш, але не думаў, канешне, што за апошні час ты гэтак сябе распаліў. Цябе так забрала, што ажно калоцішся, як гаворыш пра яе. Ну, добра. Давай паспрабуем разабрацца. Адна твая просьба — пакінуць у спакоі цябе. Другая твая просьба — пакінуць у спакоі Надзю. Каго мне яшчэ пакінуць у спакоі? (Антон маўчыць. Павысіўшы голас.) Я пытаюся ў цябе, Антон, каго яшчэ я павінен пакінуць у спакоі? Можа — гэту фашысцкую погань, што прыпаўзла сюды і поіць крывёю нявінных зямлю нашу? Можа — гэтых «бобікаў», агідных вырадкаў, што памагаюць нечысці душыць свой народ? Можа, я павінен Адольфа Гітлера пакінуць у спакоі — паклапаціцца, каб яму добра, безмяцежна спалася?.. Ну, не, дарагі мой! Пакуль гэты азвярэлы зброд топча мой родны край — я нікому не дам спакою. І сваім сябрам таксама! Радзіма ў небяспецы, у вельмі цяжкім становішчы, ёй пазарэз патрэбны салдаты, і як мага больш! І патрэбны іменна цяпер, сёння, зараз, калі ёй цяжка! А ты тут... таргуешся за спакой. Мала што для сябе, дык яшчэ і для Надзі. Я паўтараю: Надзя ідзе сама, без ніякага прымусу...

Антон. Але ты цяпер ведаеш чаму.

Андрэй. Добра. Ты баішся за Надзю. Ты не хочаш, каб яна была далёка ад цябе. Дык жа ёсць найлепшы выхад: хадзем з намі разам! Я ж дзеля гэтага і прыйшоў, каб вас абаіх забраць з сабою. Табе даецца магчымасць паказаць Надзі, чаго ты варты — у баях, у паходах, у разведцы... А пасля, як даканаем гадаў, усталюем мір на зямлі — тады і разбяромся і ў пачуццях, і хто каго кахае. Дык што — хадзем? Ці зноў будзеш думаць?

Антон. Я цябе на прамілы бог прашу — ты не зводзь цяпер за сабой Надзю. Чуеш? Мы пойдзем з ёй у партызаны, але трохі пазней... і ў які-небудзь іншы атрад. А цяпер ты не забірай яе. Чуеш? Адгавары, каб не ішла. Загадай ёй застацца. Ты ж можаш!

Андрэй (круціць галавой, усміхаецца). Нічога не выйдзе, Антон. Па-першае, паспрабуй адгаварыць яе. А па-другое, нам пазарэз патрэбен у атрадзе свой чалавек з дзяўчат. Такі, як Надзя... Без Надзі я не маю права вярнуцца — іначай я не выканаю баявога задання. Я — на вайне, Антон. Ты што — не разумееш гэтага?

Антон (амаль крычыць). Але ж яна можа загінуць там! Яе могуць забіць! Або зловяць і расстраляюць! А гэта ты разумееш?

Андрэй (зусім спакойна). Так, Антон, усё можа здарыцца. Амаль у кожным баі гінуць нашы баявыя таварышы. Мы ўжо многіх пахавалі, Антон. І пакляліся адпомсціць за іх.

Антон (непрыкметна сціскае ў далоні ручку валака). І гэта тваё апошняе слова?

Андрэй. Апошняе, Антон. Надзя пойдзе са мною.

Антон (у лютым гневе). Дык жа не будзе гэтага! (Імгненна ўзмахвае ляўшой і гэхае валакам Андрэя па галаве.) Сам згінь, навалач лясная!

Андрэй, трацячы прытомнасць, з'язджае з услона на падлогу.

Мама! Сюды скарэй! (Кідаецца да Андрэя і выцягвае ў яго з кішэні пісталет. Убягае перапалоханая Гілена. У яе вырываецца крык жаху.) Нясі скарэй вяроўку з сенцаў! Я аглушыў яго валакам.

Гілена (заламаўшы рукі, лямантуе). Божачка мой! Анцік! Што ты нарабіў! Сынок! Можа. ты забіў яго!

Антон (у лютасці). Вяроўку нясі скарэй, сказаў табе!

Гілена кінулася ў сенцы. Антон стаіць на каленях з наведзеным на Андрэя пісталетам.

Гілена (вяртаючыся з сенцаў і падаючы вяроўку). Што ты нарабіў, сынок! А божачка мой міленькі, а што ж гэта будзе? Анцічак!..

Антон спрытна звязвае непрытомнага Андрэя вяроўкай — спачатку па руках, а тады і па нагах.

Антон (разгінаючыся і аддыхваючыся). Вось так, таварыш і сябра. Не хацеў дабром — дык атрымаў калом. Надзю я табе не аддам. Ні табе і нікому. Гэта я ўжо сабе пакляўся цвёрда. (Да Гілены.) Бяжы па Карпа, ва ўчастак! Хуценька! А я тут пасяджу пры ім, павартую.

Гілена. Анцічак, сынок, ты ж, можа, забіў яго насмерць, ці жывы ён? Паглядзі, ці жывы ён! Дай я паслухаю сэрца. (Спрытна прысядае і прыкладае вуха да грудзей Андрэя.) Жывы, дзякаваць богу, тахкае. Ой, мой божачка!

Антон (злосна). Па Карпа бяжы, я сказаў табе! Зараз жа! Хай прыйдзе, забярэ яго — і я буду ні пры чым. Папаўся сам на вуліцы ці за вёскай. І ніхто ведаць не будзе. Ты зразумела? Хуценька!

Гілена (божкаючы). Бягу, сынок, бягу.

Гілена выходзіць з хаты. Антон садзіцца на ўслон, пісталет кладзе на стол перад сабою, закурвае.

Антон (сам сабе). Думаю, што цяпер можна і газнічку запаліць. Не так вусцішна будзе. (Запальвае газнічку.) Вось так, Андрэй, не хацеў уважыць маю просьбу — пажынай, што пасеяў. Я дабром прасіў — пакінь нас у спакоі. Пакінь! Дык не! Кожны лічыць, што ён можа распараджацца маім жыццём і лёсам, як яму захочацца. А можа, я хачу жыць па-свойму? А можа, мне напляваць, што вам у атрадзе пазарэз патрэбна такая дзяўчына?

На падлозе заварушыўся і застагнаў Андрэй. Антон пасунуў на край стала газнічку, каб святло ўпала на твар Андрэя, і прыгледзеўся. Андрэй расплюшчыў вочы, пакутліва павярнуў галаву.

Андрэй. Даўно прадаўся?

Антон адхінуўся, зноў адсунуў газнічку на сярэдзіну стала і глыбей зацягнуўся дымам.

Я пытаюся: даўно служыш у фашыстаў?

Антон. Я цябе дабром прасіў: ідзі, адкуль прыйшоў, і пакінь нас у спакоі. Дабром прасіў цябе! Ледзь не маліўся на каленях!..

Андрэй. Надзя табе гэтага век не даруе, дурань ты апошні. Вось цяпер-то ўжо ты нават забудзься, як яе і звалі. Яе сташніць ад агіды да цябе, калі яна даведаецца...

Антон. А яна не даведаецца. Зараз прыйдзе Карп, забярэ цябе ва ўчастак — і ўсё. Папаўся на вуліцы ці ў двары. Я — ні пры чым. Я — і знаць не знаў, што ты прыходзіў.

Андрэй. Ага... Значыць, ужо і версія прыдумана. Значыць, будзеш жыць невінаваты і чысценькі. Ажэнішся неўзабаве. Дзяцей гадаваць будзеш...

У сенцах пачуліся лёгкія і шпаркія крокі. Антон пазнаў, што вяртаецца маці. Задыханая, заходзіць Гілена.

Антон. Сказала?

Гілена. Сынок! Адпусці яго! Дзіцятка маё, богам цябе малю — адпусці яго!

Антонгневе). Дзе Карп? Ты сказала Карпу?

Гілена. Анцічак, сынок, не злуйся і паслухай мяне. Не бяры такі грэх на душу.

Антон (грукае кулаком па стале). Дзе Карп, я пытаюся?! Ты сказала Карпу?

Гілена (падае на калені перад сынам). Я не дайшла, сынок, я вярнулася... Рабі са мной што хочаш, хоць забі, калі сэрца не маеш... Але адпусці Андрэя. Апомніся! Падумай, што скажуць людзі. Шыла ў мяшку не ўтоіш. Як я буду людзям у вочы глядзець, Анцік? Ну, пасварыліся, нават пабіліся, ці мала бывала калісь на вечарынках, што хлопцы за калы хапаліся... Але каб аддаваць Андрэя немцам... Анцік, апомніся! Паслухай мяне, старую.

Антон (падымаючы маці з падлогі). Ну што ты перада мной, як перад катам якім,— на каленях... Устань і супакойся. А ты думаеш, што ён (ківае галавой на Андрэя) мне цяпер даруе? Позна ўжо, мама, справа зроблена.

У сенцах пачуліся цяжкія крокі. Антон схапіў пісталет, кінуўся ў другую палавіну хаты і стаў за дзвярыма з пісталетам напагатове. Гілена стала так, каб хоць трохі засланіць сабою Андрэя. У хату ўваліўся яшчэ больш п’яны Карп.

Карп (пераступаючы парог). Што гэта ў вас усю ноч святло гарыць? Іду з канца — зноў, бачу, у вас акно свеціцца. Хіба яшчэ Антон так і не прыйшоў? (Заўважае за Гіленай на падлозе чалавека, імгненна зрывае з пляча вінтоўку і ляскае затворам.)

Антон з пісталетам у руцэ выходзіць з-за дзвярэй.

Антон. Спакойна, Карп. Ён звязаны.

Карп (усё яшчэ трымаючы палец на курку). Хто гэта? Адхініся, цётка, на морду глянуць хачу.

Гілена (загаласіўшы). Што ты нарабіў, Анцік! А божачка ж ты мой! А што ж гэта цяпер з намі будзе! (Ідзе да печы і там у кутку божкае і плача.)

Карп (радасна). Дык гэта ж!.. У-у-у, хто папаўся! Бандыцкі завадзіла на ўсю акругу! Вот гэта дык зэр гут! (Да Антона.) Гэта ты яго так уходаваў? Адабраў пісталет і скруціў? Ну, Антон! Ты не проста наш, ты ўзнагароды варты! Я далажу гэр Штольцу, які ты герой! Ах, вафлюхтар тваю пад рэбры, якая птушка папалася ў нашы лапы! (Да Андрэя.) Ну, галубчык, як тваё вас іс дас? Фарштэйн? Нікс гут, канешне? (Задаволена рагоча.)

Андрэй. Антон, апошняя ў цябе магчымасць уратаваць сваё жыццё і сумленне — кокні гэту пачвару! Зараз жа кокні, каб не разявалася і не смярдзела тут!

Карп. Што? Гэта я — пачвара? Гэта мяне — кокнуць? Ах, вафлюхтар тваю па чэрапе! Калі б ты не патрэбен быў гэр Штольцу жывы — я б табе растоўк зараз прыкладам усю мазгаўню. А так — палучай пад рэбры, неданосак бальшавіцкі! п’янай азвярэласцю пачынае біць Андрэя ботаму жывот, у спіну, у плечы.)

Гілена з крыкам кідаецца да Карпа і адпіхае яго да сцяны.

Гілена. Звар’яцеў, Карп! Гэта ж чалавек, а так і скаціну не б’юць! Што ж ты звязанага забіваеш! Анцік, сынок, ён жа заб’е яго!

Карп. Адыдзі, цётка, я яшчэ і смаку не дабраў! Гэта яшчэ толькі разміначка, а зараз я сапраўды зраблю з яго пачвару — такую пачвару, што і маці родная не пазнае!

За крыкам не пачулі, як бразнула клямка і расчыніліся дзверы. На парозе паявілася Надзя — русакосая, высакаватая, танклявая, вельмі мілавідная з твару. Гілена ўбачыла яе першая.

Гілена (заломваючы рукі). Надзечка! Бяда ў нашай хаце вялікая!..

Антон і Карп рэзка паварочваюцца да дзвярэй і настаўляюць зброю на дзяўчыну.

Карп. Рукі ўгору! Ні з месца!

Антон (тут жа апусціўшы пісталет). Спакойна, Карп, не палохай.

Надзя не паспела падняць рукі, як убачыла на падлозе Андрэя. Закрычала і кінулася да яго.

Надзя. Андрэй! Андрэечка, родненькі! Што яны з табой зрабілі! Ах, сволачы фашысцкія!

Карп апускае вінтоўку і з сілай адштурхоўвае Надзю ўбок, так што яна паляцела ў качарэжнік.

Карп. Прэч, вафлюхтар тваю багародзіцу! А за сволач і ты зараз сваё атрымаеш. Усю абойму зараз выпушчу ў кішкі! Ты чаго сюды прыйшла? Ты што — можа, рашыла з ім у бандыты падацца?

Надзя (падхапіўшыся). Страляй, паршывы рабы сабака! Страляй! Ты думаеш, я цябе баюся? На перакладзіне здохнеш ты, вырадак!

Карп. Я загадваю адказваць: ты чаго сюды прыйшла? Разам у лес сабралася?

Надзя. Разам! Сабралася! І шчасце тваё, што я не паспела ўзяць у рукі зброю. Ты быў бы на маім рахунку першым, фашысцкі халуй!

Антон. Надзя! Ты што на сябе нагаворваеш? Якое ты глупства гародзіш? Нікуды ты не сабралася, апроч як да мяне. (Да Карпа.) Не слухай, што яна ў прыпадку меле. Ты што — Надзі не ведаеш? Яна заўсёды такая была — гарачку парола. За слабых заступацца любіць. Не звяртай на яе крык увагі. З ёю я разбяруся сам.

Гілена падышла да Надзі і прытуліла яе да сябе. Тая затрэслася ў сутаргах ад плачу.

Карп (незадаволена, але паважаючы «героя ночы»). Глядзі, Антон!.. Я табе веру, але — глядзі. Я за гэтай тваёй цацай даўно назіраю. Глядзі, каб не падвяла яна цябе. (Ідзе і стомлена садзіцца на ўслон. Вінтоўку заціскае між ног.)

Надзя (павярнуўшыся да Антона, плачучы). Антон, як гэта магло здарыцца? Ты прадаў таварыша?

Андрэй. Надзя, не плач і не смей ні аб чым прасіць Антона. Чуеш? Ні аб чым! Застанешся жыць — знайдзі маіх сястрычак і раскажы, што знаеш.

Карп. Ну, вось што! Будзем канчаць гэту музыку. (Да Антона.) Развяжы яму ногі, і я паганю яго ва ўчастак — парадую гэр Штольца. А ты сабе тут разбірайся з Аскерчыхай. Можа, за ноч разбярэшся. (Нядобра гыгыкнуў.) Толькі глядзі — вуха трымай востра. А раніцою прыйдзеш да мяне, і пойдзем разам да гэр Штольца. Раскажаш, як усё было. Фарштэйн? Развязвай!

Антон падыходзіць да Андрэя, прысядае на кукішкі, пісталет кладзе побач на канец услона і пачынае развязваць вяроўку. Надзя сочыць за яго рухамі, і ў яе імгненна выспела рашэнне. Яна спружынай адскочыла ад Гілены, і за нейкія долі секунды пісталет апынуўся ў яе руцэ. Не паспеў Карп ускінуць на руку вінтоўку, як яна тройчы націснула на курок. Паліцай выпусціў зброю і рухнуў на падлогу. Гілена закрычала і заціснула рот далонню. Антон аслупянеў. Стаіць, разявіўшыся, з канцом вяроўкі ў руцэ, і не можа вымавіць слова. Надзя адступіла крок назад і наставіла пісталет на Антона.

Надзя. Развязвай хутчэй! А то астатнія ў цябе выпушчу, гадзюка падкалодная!

Антон зноў сагнуўся над Андрэем і хоць дрыжачымі рукамі, але хутка развязаў вяроўку. Андрэй, выслабаняючыся з вяроўкі, павольна падняўся і, шчасліва ўсміхнуўшыся, працягнуў рукі да Надзі.

Андрэй. Надзя!.. Надзя!.. Ты — самая слаўная ў цэлым свеце! (У рэзкім парыве ён прытуліў да сябе дзяўчыну і горача пацалаваў у шчаку.)

У гэты ж момант Антон кінуўся да дзвярэй, выскачыў у сенцы і — толькі яго бачылі. Надзя зрэагавала першая, крыкнула ўслед яму: «Стой, здраднік!» — і памкнулася кінуцца наўздагон, але ёй, шырока растапырыўшы рукі, перагарадзіла дарогу Гілена.

Гілена. Не-е! Не пушчу! Вы ўсе пазвярэлі! Анціка я вам не дам! (Страшным голасам.) Не дам Анціка!..

Андрэй (усміхаючыся). Уцёк наш таварыш Антон Габэлік. Ну, што ж! Хай пакуль парадуецца! Пайшлі, Надзя, бавіцца нам тут нельга, стрэлы маглі пачуць. (Падымае з падлогі і закідвае за плячо вінтоўку. Азірнуўся і зняў з Карпа патранташ. Да Гілены.) Скажыце, цётка, сыну, што Радзіма яшчэ можа дараваць яму, калі ён заўтра будзе там, куды ідзём мы. Ну, а калі не — то мы скора завітаем зноў. І тады ўжо, цётка,— даруйце вы нам: з-пад зямлі яго дастанем, Анціка вашага, а кары народнай здрадніку не мінуць! Так і скажыце яму, цётка: з-пад зямлі дастанем!.. Пайшлі, Надзейка!

Андрэй і Надзя выходзяць. За імі ўслед і Гілена — глядзець, дзе падзеўся Антон.

Заслона.

1977—1978

 


1977-1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Гілевіч Н. Начлег на буслянцы: П'есы.— Мн.: Маст. літ., 1980.— 176 с.
Крыніца: скан