Ніл Гілевіч

Начлег на буслянцы

КАРЦІНА ПЕРШАЯ
КАРЦІНА ДРУГАЯ
КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
КАРЦІНА ПЯТАЯ


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Барэйка Павел Арсеневіч — навуковы супрацоўнік інстытута мовазнаўства, гадоў 25.

Лера — жонка Барэйкі, на год-два маладзейшая за мужа.

Бладыка Аскольд Гаўрылавіч — гаспадар дачы на возеры Лясное, гадоў 30.

Алік — сябар і хаўруснік Бладыкі, гадоў 30.

Жыткевіч Адам Лявонавіч — былы рабочы рыбгаса ў Лясным, пенсіянер, гадоў 60 з хвосцікам.

Жардэцкі Юстын Антонавіч — аднавясковец і равеснік Жыткевіча, таксама пенсіянер.

Нішчык Сцяпан Іванавіч — кватарант Жыткевіча, гадоў 50.

Іра, Люда — дзяўчаты з турбазы, ім гадоў па 20.

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Хата і двор Жыткевіча. Злева на пярэднім плане хата — сцяной, процілеглай фасаду. У сцяне два акны, адно адчынена. Каля хаты, якраз паміж вокнамі, лаўка. Справа на пярэднім плане хляўчук, за ім — дашчаная прыбудоўка. Крыху далей — дрывотня, ляжаць круглякі, стаяць дзве калодкі. За дрывотняй — высокая бяроза з буслянкай на зломаным вяршку. Далей за дваром — сосны. У прагале блішчыць вада — там возера.

Гаспадар — у шэрым танным гарнітуры, у шэрай шапцы, у чаравіках — выходзіць з-за хаты і садзіцца на лаўцы. Бачна, што ён нападпітку. Адкідвае галаву да сцяны, заплюшчвае вочы і пачынае няголасна спяваць.

Жыткевіч (пяе).

 

Хлопец здуру ажаніўся, ой-ё-ёй,

Навек жонкай падавіўся, ой, божа ж мой!

Ані лыжкі, ані міскі, ой-ё-ёй,

Павесілі тры калыскі, ой, божа ж мой!

Даў ён жонцы тры капейкі, ой-ё-ёй:

— Купі, жонка, хлеба, солі, ой, божа ж мой!

Хлеба, солі не купіла, ой-ё-ёй,

На базары заблудзіла, ой, божа ж мой!

 

Справа на сцэну выходзіць Жардэцкі — у ботах, у чорных галіфэ, у паношаным рыжым кіцелі, у старой фуражцы з бліскучым казырком.

Жардэцкі (падыходзячы да Жыткевіча). Слаба пяеш!

Жыткевіч (адплюшчыў вочы). А-а, Юстын. Здароў!

Жардэцкі. Здароў! (Падае руку. Садзіцца побач.) Слаба пяеш, кажу. Чуць цягнеш. Як бы табе дыхання не хапае.

Жыткевіч. Ты ж ведаеш, што нам дыханне дае. З бутэлькі «чарніла» не распяешся.

Жардэцкі. Дык усё-такі бутэльку ўжо ўвабраў?

Жыткевіч. Гэны, што ў Вікці на кватэры, лодку ўзяў. Прыпёрся на досвітку — я яшчэ дрыхнуў. Замест рублёўкі гатовую прадукцыю прынёс. Яблычнае. Ну, чорт з ім, кажу. Так смылела ў душы, што і яблычнаму рад быў.

Жардэцкі. А я сёння яшчэ нашча. І не нюхаў.

Жыткевіч. Дык схадзі панюхай! намёкам.) Я магу правесці, паказаць дзе. І адкупорыць памагу.

Жардэцкі. Гэ-э, бач, мондры! Ты ж мяне не клікаў на падмогу — адкупорваць... Я вось прыйшоў да вываду, што трэба яшчэ адну лодку раздабыць.

Жыткевіч. Дзвюх ужо мала? За шкірку возьмуць. Скажуць, прыватную лодачную станцыю адкрыў.

Жардэцкі. Не возьмуць. У сястры будзе стаяць, у Тэклі. Мае ж яна права на лодку, хоць сабе і без мужыка жыве? Каму якая справа да гэтага? Буду да яе пасылаць дачнікаў, хай выдае, як сваю.

Жыткевіч. Каб у цябе іх і дзесяць было, дык ты б думаў, як бы гэта і яшчэ адну, адзінаццатую, займець.

Жардэцкі. І дзесяць не завадзіла б... Паспрабуй не думаць, калі сёння зранку, ну, далібог, чалавек сем пыталася! Вось тады і дыханне было б што трэба! І пелася б іначай.

У адчыненым акне паказваецца Нішчык, аблакаціўся на падаконнік і прыслухоўваецца да размовы.

Жыткевіч. Я ўжо не раз казаў, што табе трэба было з маёй Анцяй жаніцца. Яна во мне жыцця не дае — каб яшчэ і з гэтага боку, ля гэтай сцяны, веранду зрабіў для дачнікаў. Каб яшчэ за лета сотні паўтары выкалачваць...

Жардэцкі. З галавой баба, правільна мазгуе. Ты ж пенсію ёй не аддаеш, а грошы ў хаце патрэбны.

Жыткевіч. Во-во, паспачувай ёй!.. Ты спытай, дзе яна гэтыя дзяе, што бярэ з кватарантаў. Мне ж не перападае ні капейкі! Мой увесь прыварак — калі пушчу каго пераначаваць у сваю «рэзідэнцыю», у гэну прыбудоўку ля хлева. Яшчэ ў канцы мая мяне выпэндзіла туды... Грошы, брат, колькі б іх ні меў,— усё роўна мала.

Жардэцкі. Але лепей, калі іх болей. Ты ж, відаць, чуў, што мы ўчора пастанавілі?

Жыткевіч. Дзе?

Жардэцкі. У Занямонца. Сабраліся грамадой і прынялі пастанову. Па цябе таксама хлапца пасылалі, калі гэта дзела абмазгоўвалі, але ж цябе некуды знесла.

Жыткевіч. А што вы пастанавілі?

Жардэцкі. А так што пераключай сваіх кватаранцікаў на дзесятку вышэй. Пастанавілі ў гэтым годзе браць у месяц за пакой ці там за веранду на чырвонца болей. Так што — давай абвяшчай сваім. Каб не было разнабою. Каб па ўсёй вёсцы адна цана была.

Жыткевіч. І гэтыя браць сорамна, а вы яшчэ дзесятку. Язык не павернецца сказаць людзям...

Жардэцкі (з запалам). Ат, ерунду ты, Адам, гародзіш, скажу я табе! Сорамна! Якое тут сорамна, калі ўсё законна, па агульнай пастанове! Пакой, як сырабойня, і аддаваць за паўсотні на цэлы месяц? Сама мала шэсцьдзесят браць трэба! У Крыму, расказваў Тэклін хлапец, малюпасенькая каморка на тры ложкі — сто цалковых без разгавораў! А ты — сорамна!.. (Паўза.) Пайшлі — паможаш адкупорыць, і я табе лепш растлумачу, чаму не сорамна. У мяне тут недзе (ляпае па кішэні кіцеля) пяцёрачка целяпаецца. (Падымаецца з лаўкі.)

Жыткевіч (ажыўлена). Гэта — іншая справа! З гэтага і пачынаў бы адразу. (Падымаецца з лаўкі.)

Жардэцкі. Ты скажы Анці пра нашу пастанову. Калі сам гэткі сарамлівы — хай яна аб’явіць...

Жыткевіч і Жардэцкі пайшлі.

На двор выходзіць з хаты Нішчык — тоўсты, лысаваты, у майцы і ў шортах, у сандалях басанож. Нейкі час ён стаіць пасярод двара, задумаўшыся.

Нішчык (сам сабе, ківаючы галавой). М-хы-хы-хы! Што ж гэта такое робіцца? Яшчэ дзесятачку лупіць будуць! Тры гады назад за гэты самы пакойчык плаціў трыццаць, праз год — сорак, летась — паўсотні, а сёлета, выходзіць,— шэсцьдзесят. Можна падумаць, што і мая зарплата за гэтыя гады ў два разы большая стала. (Ківае галавой.) І нічога не зробіш: усім сялом змовіліся. Заўтра аб’явяць семдзесят — будзеш плаціць семдзесят, калі адпачыць хочаш. Не стаўляць жа мне палатку ў лесе! М-мы-хы-хы! (Круціць галавой, ідзе на край сцэны да дрывотні, садзіцца на калодку, падымае з зямлі недароблены лазовы кошык, дастае з кішэні складанчык, прымаецца за работу.)

З левага краю сцэны паяўляюцца Павел і Лера. Бачна, што вельмі стомленыя. Спыняюцца, ставяць на зямлю куфэрак, бавул і рукзак, азіраюць хату. Нішчыка ім пакуль не бачна.

Лера. Усё, Паўлік, больш я — ні кроку. Калі і тут не ўладкуемся — я вяртаюся ў Мінск.

Павел (кладзе Леры на плячо руку і ласкава глядзіць у твар). Уладкуемся. Вось пабачыш. Ёсць у мяне такое прадчуванне... Толькі ты не кідайся ў паніку. Ну, вельмі прашу цябе!

Лера. А калі ўсё-такі не — што ты думаеш рабіць?

Павел. Думаю, тады мы зробім так: перадыхнём тут, папалуднуем, ты супакоішся і — пойдзем далей, у Альхоўку ці ў Жылічы. Свет клінам не сышоўся! І там — тое самае возера, і бераг, кажуць, не горшы. Згода?

Лера (круціць галавой). Не. Я сваё сказала цвёрда: або тут, у Лясным, або — вяртаюся ў Мінск. Ты зусім забываешся на адну акалічнасць. Тут цэнтр, на беразе — і лодачная станцыя, і кінатэатр, і рэстаран, і закусачная... А там, там жа — нічога гэтага няма, глухамань. Ці ты думаеш, я буду ўвесь час капцець на кухні? Добра ж я правяду адпачынак! Дзякуй табе. (Надзьмула губы, гатова вось-вось заплакаць.)

Павел (гладзіць Леру па плячы, супакойвае). Ціх-ціх-ціх-ціх!.. Толькі не засмучайся, прашу цябе. Такой жоначцы я і сам гатаваць памагу.

Лера. Ведаю тваю помач. Як зоймешся тут сваёй навукай — толькі і будзеш цягацца па хатах, па старых бабулях. Як і летась у Заазер’і.

Павел. Ну, што ты загадзя бядуеш? Можа, нас чакае добрая кватэра! Пайду ў хату пытацца. (Памкнуўся пайсці, але пачуў у двары кашаль і ўбачыў Нішчыка. Ціха да Леры.) А вунь ці не гаспадар сядзіць? Хадзем. (Павел і Лера бяруць рэчы і падыходзяць да Нішчыка.) Добры дзень вам!

Нішчык (шморгаючы дубцом між рэбраў кошыка). Дзень добры і вам!

Павел. Ці не гаспадар будзеце?

Нішчык. Не. Гаспадар, мабыць, у закусачную падаўся.

Павел. А я гляджу — за такой работай, пэўна, гаспадар, думаю. Гэта ж на грыбы рыхтуеце?

Нішчык. На грыбы. Некалі ў маленстве, як жыў у вёсцы, плёў неблагія кошыкі. Вот — рашыў успомніць.

Павел. Добра атрымліваецца. Прыгожа.

Лера. А вы не ведаеце: у гаспадара ёсць вольны пакой? Нам патрэбен на месяц пакой — хочам адпачыць тут.

Нішчык (падымае вочы на Леру, глядзіць з іранічнай усмешкай). Вольны пакой?.. Пра што вы гаворыце. У гэтай хаце кватарантаў, як селядцоў у бочцы. І ў пакоях, і на верандах, і ў сенцах. Можа, нават і на гарышчы, бо і там, чуваць, вечарам тупаюць. Хіба што, можа, хто-небудзь выязджаць збіраецца.

Лера. А сам ён з сям’ёю дзе начуе? Для сябе ж нейкі пакой пакінуў?

Нішчык. Сям’я ў яго цяпер — адна старая. Дзеці — жанатыя, калі часам заглянуць — усіх на гарышча тураць. А старая — шчыра кажучы, дык і не ведаю, дзе начуе. Мабыць, недзе ў сенцах на лаве. Сам во ў гэтай прыбудоўцы спіць (ківае галавой на прыбудоўку.)

Дзесьці за хатай зноў чуецца «Хлопец здуру ажаніўся, ой-ё-ёй» у знаёмым выкананні Жыткевіча.

Вось і гаспадар вяртаецца. З песняй.

З-за хаты выходзіць Жыткевіч і кіруе да прыбудоўкі.

Павел. Добры дзень вам!

Жыткевіч (спыняецца). Здрасце!

Павел. А мы да вас, гаспадар. Ці не патрэбны вам кватаранты?

Жыткевіч. Кватаранты? Міленькі ты мой... Мне як мне, але маёй бабе вы — во як патрэбны! (Паказвае «пазарэз».) Ды яна б вас... палавіну Мінска ўзяла да сябе! Яна б вас у кожную шчыліну панаторкала!

Лера (нецярпліва). Ну, хоць адзін вольны пакой ёсць у вас?

Жыткевіч. Божа, якая пекная панечка! Дайце вашу ручку! (падыходзіць і цмокае Леры ў руку.) Што ж гэта мне для вас прыдумаць?.. Слухайце, можа, вам мая «рэзідэнцыя» спадабаецца? Вы ж маладыя, здаровыя, га?

Лера. Якая рэзідэнцыя?

Жыткевіч. Мая асабістая! Калі толькі прыйдзецца вам даспадобы — займайце! (Ідзе да прыбудоўкі і адчыняе насцеж дзверы.) Прашу! Як вам, маладым, дык можна тут жыць прыпяваючы!

Павел і Лера падыходзяць да дзвярэй.

Лера (крывячы губы). У гэтым катуху — жыць прыпяваючы?

Жыткевіч (крыху абражана). Панечка! Вы ж будзеце спаць на свежым сене і на чыстым паветры! Наберыцё здароўя на сто гадоў сабе! Скажу бабе, каб вам дала коўдру цёплую нанач. Тут во і ўслон я зрабіў, і цвікі загнаў у сцяну, каб вопратку вешаць. А як жа людзі ў палатках жывуць? На зямлі спяць?..

Павел (да Лерытонам, у якім чуецца просьба, каб яна згадзілася). А ты ведаеш, тут, бадай, не горш, чым у якім пакоі. Ты паглядзі: зацішна і сена многа, а ў сене — цёпла, хораша... Я ўсё маленства летам спаў у пуні на сене, аж пакуль вучыцца не паехаў.

Лера (да Паўла). Ціха!.. (Паварочваецца да Жыткевіча.) Тут у вас нехта ляжыць у сене! Я чую, як нехта цяжка сапе!

Жыткевіч (ступае наперад). Хто сапе? Ніхто не мог сюды залезці — замкнута было. А калі які валацуга залез, дык я яго зараз!.. (Прыслухоўваецца.) Панечка, ніхто не сапе! Гэта свіння дыхае!

Лера. Хто?

Жыткевіч. Свіння! Наелася, пражора, дык ляжыць і адсапваецца.

Лера. О, які жах! (Да Паўла.) Куды ты мяне прывёў, Паўлік? Гэта я разам са свіннёй спаць буду?

Жыткевіч. Панечка, дык жа свіння не тут, а ў хляве, за сцяною. А тут усё чыстае.

Лера. Але ж чуваць, як яна агідна сапе! А калі ўздумае рохкаць?

Жыткевіч. Ды яна амаль ніколі не рохкае! Чаго ёй рохкаць? Што ёй — яды не хапае... Чыстым хлебам баба корміць, па васемнаццаць капеек буханка!.. А часам дык і батонамі!.. Ну, я бачу — пані не падабаецца мая «рэзідэнцыя», тады — перапрашаю. Я вам хацеў паспагадаць, бо нічога вы ў Лясным лепшага не знойдзеце, а калі так... то перапрашаю. (Хоча зачыніць прыбудоўку.)

Павел (спыняе Жыткевіча). Пачакайце. (Да жонкі.) Не расстройвайся, Лерачка, і паслухай мяне. Адразу мы можам не знайсці, што хочам. Таму я прапаную так: спынімся тут на дзень-два, а тым часам я пахаджу ў наваколлі, пашукаю. Нічога за дзень-два тут з намі не стане. Чэснае слова! А тым часам лёс нам пойдзе насустрач. Вось пабачыш! (Да Жыткевіча.) На пару дзён вы адступіце нам гэту «рэзідэнцыю»?

Жыткевіч (махае ў знак згоды рукою). Хай будзе на пару дзён. Бутэльку «чарніла» з вас — і ўвесь клопат.

Павел. Гэта — само сабою. Не хвалюйцеся.

Лера. Прабачце, а дзе вы, між іншым, самі начаваць будзеце, аддаўшы нам «рэзідэнцыю»?

Жыткевіч. Я? (Паварочваецца і паказвае рукой на бярозу з буслянкай.) Унь там, бачыце, пад небам? Цудоўная пасцель намошчана!

Лера. У бусліным гняздзе?! Вы жартуеце?!

Жыткевіч. Ніякіх жартаў! Буслы там не жывуць — ужо колькі гадоў, як не прылятаюць. Адракліся. Не перанеслі шуму-гаму, як набудавалі тут санаторыяў. Вось я там і раскашуюся, дзякаваць ім. Ну, а вы раскашуйцеся тут. Прыемнага вам адпачынку! усё той жа песняй пакідае новых кватарантаў.)

Павел і Лера пераносяць рэчы ў прыбудоўку. Праз хвіліну выходзяць, аглядаюць падворак.

Павел (у добрым настроі, задаволены). Ну, зачэпка зроблена. Ты тут, Лерчык, адпачні трохі, а я скокну ў магазін па хлеб, і будзем палуднаваць. Згода?

Лера (іранічна). Гаспадар такой «рэзідэнцыі» і пытае ў мяне згоды! Рабі як знаеш.

Павел (ласкава). Вось і малайчына (прыхінае Леру да сябе, цалуе ў шчаку). Я хутка вярнуся.

Лера заходзіць у прыбудоўку і праз хвіліну выходзіць у лёгкім пляжным халаце. Ідзе да Нішчыка і садзіцца насупраць яго на другой калодцы.

Лера. Першы раз бачу, як кошыкі плятуць.

Нішчык (зацягваючы новы дубец). Відаць, не ў вёсцы гадаваліся.

Лера. Не. Я — карэнная гараджанка. І ўсе мае продкі — гараджане.

Нішчык. І чым жа вы, калі не сакрэт, у горадзе займаецеся?

Лера. Музыкант. Я музычнае вучылішча закончыла.

Нішчык. І цяпер — што?

Лера. У Доме культуры працую.

Нішчык. Зайздросная прафесія. Музыку я цаню вышэй за ўсякае іншае мастацтва. Сапраўдную музыку.

Лера (злёгку іранічна). Пад сапраўднай вы, канешне, разумееце толькі класічную і народную. Так?

Нішчык (уважліва глядзіць на Леру). Не зусім так. Я разумею музыку, якая глыбока хвалюе душу, якая прымушае на свет і на людзей глядзець больш яснымі, больш добрымі і... і... (шукае слова) больш справядлівымі вачыма. А вы, прабачце, як разумееце?

Лера. А я сапраўднай лічу тую музыку, якая мне падабаецца. Якая не падабаецца — тая для мяне не існуе наогул, як жа я магу лічыць яе сапраўднай? А падабаюцца мне перш за ўсё сучасныя рытмы. Рытмы нашага веку: моцныя, рэзкія, напорыстыя. Даўнейшыя рытмы мяне не хвалююць.

Нішчык. Супруг ваш, вядома, гэтак жа разумее, як і вы?

Лера. На жаль, не. Ён у мяне трохі старамодны. Відаць, затое, што ў яго навука такая.

Нішчык. Ён гісторык?

Лера. Не, ён мовазнаўца, філолаг, але... з гістарычным ухілам. У мове яго найбольш цікавяць рэдкія, а таксама старыя, забытыя словы. Ён збірае назвы траў і кветак — не навуковыя, а даўнейшыя, народныя назвы. Работа накладае адбітак і на характар. Ну, але да сучасных рытмаў я яго ўсё-такі прывучу.

Нішчык. Упэўнены ў гэтым?

Лера. Абсалютна! Ён мяне слухаецца.

Нішчык. Прабачце, а вы — яго?

Лера (паціскае плячыма). Не ведаю. Мабыць, не заўсёды... (Наўмысна мяняе тэму гутаркі.) А нашто вы такі вялікі кош робіце? Хіба гэтак многа грыбоў у лесе?

Нішчык. Далей, вёрст за дзесяць — пятнаццаць адсюль, трохі ёсць, і то нямнога. А тут, паблізу, ніводнага грыба няма. Затое — пад кожнай хвояй — бутэлька з-пад віна або бляшанка з-пад кансерваў. Як пабудавалі тут санаторый, дом адпачынку, турбазу і як абласавалі гэта возера «дзікуны» — вытапталі і запаскудзілі ўвесь лес навакола. Хутка і сам лес загіне, дык пра якія ўжо грыбы тут гаварыць. (Круціць кош у руках, аглядае, ці роўна.) Калі я прыехаў сюды першы раз,— гадоў пятнаццаць назад,— дык баравікі во тут, каля хаты, зразаў. Ледзь адыдзеш крокаў на колькі — і тут жа грыбы. Ды якія грыбы! (Ставіць кош на дол.) Ну, але на сёння хопіць. Дубцы скончыліся. Заўтра зранку схаджу нарэжу болей. (Падымаецца і ідзе ў хату.)

Лера накіроўваецца ў прыбудоўку, заходзіць і зачыняе за сабой дзверы. У гэты ж момант на двары паяўляецца з кійком у руцэ Бладыка: на ім палатняныя штаны і блакітная тэніска, на дахоўцы — залацістая цюбецейка. Пачуўшы, што нехта ёсць у прыбудоўцы, ён накіроўваецца туды, трохі не дайшоўшы, спыняецца і прыслухоўваецца.

Бладыка. Адам Лявонавіч! Ты тут?

У гэты момант у прыбудоўцы чуецца моцны прарэзлівы крык, адчыняюцца насцеж дзверы, і на двор вопрамеццю вылятае перапалоханая Лера. Бладыка робіць ёй крок насустрач, і яна, амаль без памяці, абвісае ў яго на руках. Бладыка глядзіць у расчыненыя дзверы, але адтуль за жанчынай ніхто не гоніцца. Тады ён пачынае злёгку тармасіць Леру.

Што з вамі, грамадзяначка? Апомніцеся! (Убачыў, што каля хаты паявіўся Жыткевіч.) Скарэй вады сюды! (Працягвае трэсці Леру.) Грамадзяначка, ачніцеся! Хто вас так напалохаў?

Лера (упалым голасам). Пацук...

Бладыка. Хто-хто?

Лера (аслабаняючыся з рук Бладыкі, закрываючы твар далонямі). Прабачце, дзякую вам... Ой, як я напужалася! Памру, мабыць, ад гэтага перапуду...

Жыткевіч (бяжыць з вядром вады). Што — ужо вада не трэба?

Бладыка (пазнае Леру, моцна, здзіўлена). Лера?! (Адступае паўкроку.) Лера!..

Лера (пазнае Бладыку, перапалох на твары пераходзіць у здзіўленне, здзіўленне саступае месца няёмкасці і сораму). Аскольд Гаўрылавіч? Ой, прабачце, калі ласка... (Зноў закрывае твар рукамі.)

Жыткевіч. Дык што — вада ўжо не трэба, пытаюся?

Лера. Дайце, дайце, калі ласка! Ой, мусіць, не прыйду ў сябе ад страху... (Бярэ з рук Жыткевіча конаўку вады і п’е.)

Жыткевіч (да Бладыкі). А я толькі выйшаў з хаты, гляджу — што гэта вы з чужой маладзіцай абнімаку рэжаце? Ажно панечцы нечага блага стала?

Бладыка. Перапалохалася вельмі.

Лера (аддае конаўку Жыткевічу). Дзякую... Пацук там... Во такі вось пацук (разводзіць рукі на добрага паўметра). Расхінаю бавул, хацела прадукты дастаць, а ён адтуль як скочыць — проста на мяне!.. Ой, не ведаю, ці адыду я, усё яшчэ ўнутры калоціцца... Ой, як гэта страшна!

Жыткевіч. А, каб жа яны павыдахлі, каб яны! Во падлы ненажэрныя! Заўтра ж накладу мыш’яку на ўсіх іх дарожках! Даруйце, панечка, за такую прыгоду.

Бладыка. Што гэта ты, Лявонавіч, так і не вывеў іх?

Жыткевіч. Ды ўжо былі звяліся, каб на іх мор! А цяпер ізноў аднекуль прыгнала халера. Да свінячага карыта прынадзіліся, дык вось і гарцуюць тут, у хляве. Ну, заўтра я за іх вазьмуся. (Бярэ вядро, хоча ісці ў хату.)

Бладыка (Жыткевічу). Лявонавіч, ты мне патрэбен — пачакай хвілінку. Я ўжо дамовіўся з Жардэцкім і прыйшоў прасіць цябе — трэба ў мяне пачысціць студню. Зацвіла вада. Калі ты зможаш прыйсці?

Жыткевіч. Толькі на тым тыдні — раней нічога не выйдзе: паеду да сына на хрэсьбіны. На тым тыдні — змагу.

Бладыка. Добра, значыць, дамовіліся. На тым тыдні — чакаю.

Жыткевіч. Пачысцім, раз трэба. (Адыходзіць.)

Бладыка (нейкі час выпрабавальна глядзіць на Леру). Ну, што, пачнём з таго, што павітаемся? (Падае Леры руку.) Добры дзень!

Лера. Добры дзень.

Бладыка. Ну і спатканне, больш пікантнага не прыдумаеш!

Лера. Прабачце мне, я сапраўды так спужалася.

Бладыка. Дзіва што! Я і сам умлеў бы на вашым месцы.

Лера (скаланаецца). Вы-ы-ы, як страшна!.. Ды так неспадзявана!

Бладыка. Ці не адпачываць вы прыехалі сюды?

Лера (няўпэўнена). Думалі. Пабачым, як яно тут будзе.

Бладыка. З мужам ці адна?

Лера. З мужам, канешне!.. А адкуль вы ведаеце, што я замужам? Мы з вамі столькі часу не бачыліся.

Бладыка (шматзначна). Я ўсё пра вас ведаю. (Пасля паўзы.) І што — у гэтым свінушніку кватэру знялі?

Лера (засаромеўшыся.) Дзе? Тут? Ды што вы!.. Мы проста на некалькі хвілін, перадыхнуць... Зараз вернецца Павел, і пойдзем далей... Мы — вандроўнікі.

Бладыка. А што — возера Лясное вам не да спадобы?

Лера (паціскае плячыма). Не ведаю. Яшчэ не агледзеліся. Пабачым.

Бладыка. Тады я вам вось што прапаную — па старому знаёмству: пакуль агледзіцеся — можаце спыніцца ў мяне: ёсць вольны пакой. А спадабаецца — кватаруйце, колькі вам трэба. Тым больш што я цяпер адзін тут.

Лера. Як гэта ў вас... вольны пакой? Вы што — здымаеце цэлую хату?

Бладыка (паблажліва ўсміхаючыся). Навошта мне яе здымаць? Я сам — гаспадар гэтай хаты.

Лера (здагадваецца). У вас тут дача?

Бладыка. А вы не ведалі? Хіба я вам тады не гаварыў?

Лера. Не помню, можа, і гаварылі.

Бладыка (упэўнена). Гаварыў. Але вы тады на такія бытавыя дробязі не звярталі ўвагі. Гэта — бацькава спадчына. Маці хварэе і паяўляецца тут рэдка, так што фактычна дачай распараджаюся я. Дык як — прымаеце маё запрашэнне?

Лера. Не ведаю, я вам шчыра дзякую... Але... гэта так нечакана. Можа, ваша сям’я будзе пярэчыць?

Бладыка. Я ж вам сказаў, што я цяпер адзін. Вы нікому замінаць не будзеце.

Лера. Дзякую, Аскольд Гаўрылавіч. Я пагавару з Паўлам і... калі вы так шчыра запрашаеце — думаю, што мы прыйдзем да вас.

Бладыка. Тады запомніце: проста па беразе, у тым кірунку (паказвае рукой), не больш паўкіламетра. Пятая дача па парадку. Каля зялёных варот — высозная таполя стаіць. У другіх няма такой. Запомнілі?

Лера. Знойдзем.

Бладыка (падае руку). Да хуткай сустрэчы! Чакаю вас.

Лера. Дзякую.

Бладыка ідзе за хату. Лера нейкі час стаіць у роздуме, потым садзіцца на калодку і глядзіць на «рэзідэнцыю». З буханкай хлеба ў авосьцы вяртаецца Павел.

Павел. Прабач, Лерчык, прыйшлося пачакаць, пакуль прадаўшчыца тавары прыме. А яшчэ на пару хвілін мяне затрымаў Мікола Зайчык. Ён тут у доме адпачынку, аказваецца. І так узрадаваўся мне! Будзем разам на рыбу ездзіць. Дамовіліся, што заўтра ж ранічкай, на досвітку, і пададзімся. Пакуль ты будзеш спаць — я прывязу табе да снядання залатую рыбку. Ну, хадзем папалуднуем (хоча ўзяць Леру за руку).

Лера. Не, не, я не пайду туды!

Павел. Чаму? (Глядзіць уважліва на Леру.) Што-небудзь здарылася?

Лера. Здарылася. Я ледзь не памерла.

Павел. Што?

Лера. Ад страху... Там пацукі.

Павел. Пацукі?

Лера. Пацукі. Адзін залез у бавул і выскачыў проста на мяне. Во гэткі. (Разводзіць рукі на паўметра.) Я была абамлела.

Павел (устрывожана). Абамлела? І нікога блізка не было?

Лера. Былі... Ішоў якраз чалавек... Гаспадар вады прынёс.

Павел (садзіцца на другую калодку). Вось гэта аказія!.. Што ж ён не ведае, што ў яго «рэзідэнцыі» пацукі водзяцца? Якога ж д’ябла ён нам прапанаваў яе!

Лера (пасля паўзы). Нам зрабілі другую прапанову.

Павел. Хто?

Лера. Тут яшчэ адзін знаёмы аказаўся. Праўда, ты яго, відаць, не ведаеш. Бладыка, Аскольд Гаўрылавіч, супрацоўнік Міністэрства гандлю. Два гады назад мы былі разам у замежнай турыстычнай паездцы — круіз па Дунаі. Я табе, здаецца, расказвала.

Павел. Не помню. І што ён прапанаваў?

Лера. У яго тут дача. І нікога няма цяпер. Прапаноўвае вольны пакой. Хоць на суткі, сказаў, хоць на ўвесь час. Калі ласка, кажа, вы мне замінаць не будзеце.

Павел. Так сам і прапанаваў?

Лера. Ну, канешне, сам! Няўжо ж ты думаеш, што я прасілася?

Павел. Дзіўна. На гаспадароў дач гэта не падобна.

Лера. А можа, якраз і нічога дзіўнага. Проста добры чалавек — і толькі. Калі ў яго сапраўды пустуе цэлы дом — то чаму не паспачуваць нам? Хіба ты сам не зрабіў бы так для сваіх знаёмых, калі б у цябе пуставала дача, а іх чакаў начлег у кампаніі са свіннёй і з пацукамі? Замест таго каб быць удзячным чалавеку, ты пачынаеш сумнявацца ў яго дабрыні і тым самым зневажаць яго. Не бачыўшы нават у вочы, не ведаючы яго...

Павел. Можа, і твая праўда... (Памаўчаўшы.) І што ты яму сказала? Прыняла яго запрашэнне?

Лера. Сказала, што пагавару з табою.

Павел (усміхаючыся). А калі я не згаджуся?

Лера (усміхаючыся, але сур’ёзна). Тады ты застанешся тут — з пацукамі, а я вяртаюся дадому. У цябе, аказваецца, зусім няма пачуцця гонару. Ты можаш дазволіць і сабе і жонцы начаваць у свінушніку.

Павел. Ціх-ціх-ціх-ціх!.. Толькі не засмучайся! Я прапаноўваў пайсці ў суседнюю вёску, але ты не хочаш. Што ж датычыць гонару — дык я баюся, ці не страцім мы яго больш, прыняўшы запрашэнне твайго знаёмага. Скажы, на якіх правах мы пойдзем да яго: як госці ці як кватаранты? Калі як кватаранты — я згодзен. У такім разе мы заплоцім яму, колькі належыць, і ўсё.

Лера. Неяк не магу ўявіць, каб ён узяў з нас грошы. Ён вырас у культурнай сям’і, інтэлігентны чалавек. Зрэшты, мы можам спыніцца ў яго толькі на два-тры дні, а там пабачым.

Павел. Добра. Такі варыянт я прымаю. І то — каб не сварыцца з табою. Зразумела? (Усміхаецца Леры і цалуе яе ў шыю пад вухам.) Не ведаю чаму, але мне вельмі не хочацца ісці да гэтага Бладыкі. Вельмі не хочацца!.. Гатоў лепш тут усю ноч пацукоў ганяць, каб цябе не палохалі!..

Лера. Ой, які ты смешны, Паўлік! Ну, навошта табе ганяць пацукоў, калі чалавек прапануе чысты і ўтульны пакой? Хадзем! (Падымаецца з калодкі.) Хадзем! Тут — недалёка, ён гаварыў — не больш паўкіламетра. Бяры рэчы. Я ў гэту «рэзідэнцыю» больш не зайду.

Павел падымаецца і ідзе ў прыбудоўку.

Заслона.

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Дача Бладыкі. На пярэднім плане — прасторны травяністы падворак. Далей, у зелені дрэў,— фасад дачы з высокім крытым і зашклёным ганкам. Злева перад домам — разгалістая яблыня, пад ёй — укапаны стол з лаўкамі. Справа — гародчык з кветкамі, каля плота — студня з высокай дашчанай стрэшкай і бліскучай металічнай корбай. Каля стала тупае Б л а д ы к а — засцілае, ставіць кафейнік, цукарніцу, кубкі,— збіраецца піць каву. З ганка ў лёгкім сарафане, у хатніх пантофлях выходзіць Л е р а.

Бладыка (да Леры). Як вы чытаеце мае думкі! Я толькі збіраўся пастукацца і запрасіць вас на каву. Сябры лічаць мяне спецыялістам па гатаванню кавы. Так што прашу, калі ласка, адведаць. Ну, і ацаніць маё майстэрства.

Лера. Дзякую шчыра, але я... дрэнна разбіраюся ў каве, ацаніць ваша майстэрства я не здолею.

Бладыка. Такую каву ацэніце адразу. Не трэба асабліва і разбірацца, каб адчуць, што гэта экстра-клас. Прашу да стала, прашу!

Лера. Прабачце, Аскольд Гаўрылавіч, але ж... у мяне клопат ёсць... Хачу да прыходу Паўла сёе-тое падрыхтаваць на абед,— з таго, што купіла сёння на базары...

Бладыка. Ды паспееце вы зрабіць абед свайму заўзятаму мовазнаўцу. (Падыходзіць да Леры, уладна бярэ яе за локаць і вядзе да стала.) Сядайце і пакаштуйце маёй кавы! (Налівае ёй у кубак каву.) Цукар сыпце па густу. Між іншым, па маіх назіраннях,— а я гэтыя два дні стараўся назіраць за вамі,— у вас не зусім правільныя ўяўленні пра абавязкі жонкі,— вядома, калі жонка — сучасная інтэлігентная жанчына, а не вясковая цётка Палуся. (Налівае каву ў свой кубак.) Я настолькі перакананы ў гэтым, што нават не прашу ў вас прабачэння за крытыку, хаця лічыцца, што сямейныя справы іншых крытыцы не падлягаюць і ўмешвацца ў іх нетактоўна.

Лера. Ад вас я гатова выслухаць і крытыку. Я не пакрыўджуся. (Спрабуе каву.) Сапраўды, кава смачная.

Бладыка. Ага! А чым больш п’еш, тым яна смачнейшая. (Мякка, даверліва, з салодкай мінай.) Вы, дарагая Лерачка, не павінны ператварацца ў домработніцу малодшага навуковага супрацоўніка Паўла Барэйкі. А такая тэндэнцыя ў вашых паводзінах заўважаецца. І калі ёй даць развіцца — то праз нейкі час вы станеце звычайнай хатняй гаспадыняй, без свайго ўласнага духоўнага жыцця, без уласнага імя і прызнання ў культурным грамадстве. Станеце гаспадарчым прыдаткам свайго мужа — на ўсё жыццё. І самі не заўважыце, як гэта здарыцца.

Лера. Мне здаецца, вы перабольшваеце небяспеку, Аскольд Гаўрылавіч. З чаго вы робіце такое заключэнне, з якіх назіранняў?

Бладыка. Хопіць толькі сённяшняга дня. З самага ранку — калі так соладка спіцца — вы ўжо адправіліся ў Альхоўку на базар па правізію — пяшком за тры кіламетры! Ну, добра, што я вас нагнаў на машыне, падвёз і назад даставіў — а то б вы туды і адтуль прамаршыравалі б шэсць кіламетраў. А дзеля чаго? Каб згатаваць абед свайму малодшаму навуковаму супрацоўніку!.. Вось і цяпер вы спяшаецеся на кухню ўсё з тым жа клопатам — замест таго каб пасядзець спакойна на беразе ці ў бяседцы, якая вам падабаецца, падыхаць азёрным або лясным паветрам... Скажыце, хіба нельга паабедаць у рэстаране, пакарыстацца паслугамі дзяржаўных кухараў? Тут жа даволі добры рэстаран, да вашага ведама.

Лера. Я ведаю, мы ўжо адзін раз былі там.

Бладыка. А-а-а... я вас разумею. На зарплаце малодшага супрацоўніка асабліва не разгонішся. Адразу ж узнікае праблема фінансава-эканамічнага характару.

Лера. А як жа гэтай праблемы пазбегнеш? Хіба ёсць сем’і, у якіх яна не ўзнікае зусім?

Бладыка. Так, гэта праблема ўзнікае для кожнага, але ўся справа ў тым, як хто яе вырашае. Адны вырашаюць з толкам, з розумам, рэалістычна, так, каб не задумвацца — ісці ў рэстаран ці не ісці, каб не падлічваць медзякі ў жмені... Ну, а другія вырашаюць яе ўсё жыццё, штодзённа і без поспеху — вырашаюць тым спосабам, што ў магазіне выбіраюць самую танную ялавічыну і каўбасу, а на базары таргуюцца за кожны медны пятак...

Лера. Аскольд Гаўрылавіч, я нарадзілася і вырасла ў сям’і, дзе гэту праблему вырашалі іменна так — штодзённа і без асаблівага поспеху. Прыходзілася і выбіраць недарагое, і таргавацца за некалькі капеек. Хаця мой бацька, здаецца, і талковы, і з розумам, яго вельмі паважаюць на службе...

Бладыка (прыўстае з лаўкі, бярэ ў руку кафейнік). Дазвольце дабавіць кубачак... Дазвольце, дазвольце, не бойцеся — вам не пашкодзіць, толькі на здароўе будзе... Вы кажаце, у такой сям’і гадаваліся... Я нічога дрэннага не думаю пра вашых бацькоў. Але вы зразумейце адну рэч. У бацькоў ваша становішча цалкам залежала ад іх, вы былі несамастойным чалавекам. А цяпер? Цяпер сітуацыя рэзка перайначылася. Вы — ні ад кога не залежыце. Вы можаце самастойна распараджацца сабою, як хочаце. Сабою і ўсім, чым вас надзяліў усявышні, а ён даў вам, Лерачка, нямала. Я маю на ўвазе не толькі вашы музычныя здольнасці... (Робіць паўзу, глядзіць на Леру вачыма чалавека, які ведае, што гаворыць, і не сумняваецца ў сваёй праваце.) Вы мне ў машыне сказалі, што належыце да арміі музыкантаў звычайных, якіх тысячы. Можа быць... Але ў вас — у адрозненне ад тысяч жанчын-музыкантш ёсць затое нешта іншае. Усявышні, Лерачка, даў вам зайздросную прыгажосць...

Лера (задаволена ўсміхаецца). Гэта вам так здаецца, Аскольд Гаўрылавіч...

Бладыка (як бы не звярнуўшы ўвагі на словы Леры). Дык вось — як вы думаеце распарадзіцца ў жыцці гэтым божым дарам? Ці ведаеце вы, што з вашымі данымі можна законна прэтэндаваць на зусім іншае становішча, чым тое, у якім вы марнуеце сваю жаночую маладосць?..

Лера (какетліва). Відаць, я не ўмею прэтэндаваць на іншае. Мабыць, так ужо мне суджана тым самым усявышнім. У кожнага свой лёс — як каму пашанцуе.

Бладыка. Наіўная дзівачка вы, і толькі! У кожнага свой лёс, кажаце? Але што значыць лёс? Кожны павінен сам быць гаспадаром свайго лёсу. Вы ж, на жаль, уручылі свой лёс чалавеку, які наўрад ці забяспечыць вам тое, чаго вы заслугоўваеце. Я ўважліва слухаў у машыне вашу інфармацыю пра навуковую тэму мужа, што ён даследуе і чым займаецца. Прабачце мне, але гэта не навука, а глупства. (Iранічна-грэбліва.) Ён збірае народныя назвы траў і кветак! Па ўсёй рэспубліцы вандруе ў пошуках нікому не патрэбнага слова: як стогадовая бабка Палуся ці яшчэ больш выкапнёвая бабка Даміцэля называе нейкую травінку ці зёлку! І так па аднаму слоўцу яму трэба назбіраць на цэлую дысертацыю! Прабачце мне, але гэта — глупства, а не сапраўдная навуковая работа! Гэта проста смешна, каб у наш век, у эпоху НТР, дарослы мужчына з вышэйшай адукацыяй займаўся такой справай.

Лера (засмучаная, упалым голасам). Аскольд Гаўрылавіч, я і сама спрабавала смяяцца з яго навукі, але ён страшэнна крыўдзіцца і заўзята даказвае, што гэта вельмі важная і патрэбная справа. У яго нават навуковым кіраўніком нейкі вядомы вучоны, акадэмік, чэснае слова!

Бладыка (іранічна). Акадэмік!.. Пакуль твой малодшы супрацоўнік дойдзе да акадэміка,— ды што да акадэміка, пакуль да кандыдата навук дойдзе,— дык ты станеш старой жанчынай, ты гэта можаш зразумець?!. Прабач, што ў гарачнасці я перайшоў на «ты» — само неяк перайшлося... Зрэшты, тады, на параходзе, мы былі з табою на «ты», ці не так?

Лера. Завіце і цяпер, калі ласка, толькі... перад Паўлам не трэба, ён можа няправільна зразумець...

Бладыка (лісліва ўсміхаецца). Дзякую за давер, Лерачка. Мне так хочацца, каб між намі было прасцей, па-сяброўску... Дык вось, я прадоўжу свае выкладкі. Пры такой рабоце твой малодшы супрацоўнік напіша і абароніць кандыдацкую дысертацыю ў лепшым выпадку пад сорак гадоў. Ты што — таксама да сарака гадоў будзеш чакаць, пакуль ён выб’ецца ў людзі? Да сарака гадоў будзеш начаваць у хлеўчуках — з пацукамі? А ў сорак пачнеш жыць? Калі жыццё фактычна скончыцца? Калі ад гэтай тваёй прыгажосці і следу не застанецца? Дык схамяніся ж, дарагая мая!

Лера (разгублена круціць галавой). Вы такі шквал абрынулі на мяне, Аскольд Гаўрылавіч, і так нечакана, што я нават не ведаю, што і адказаць вам... Аж у галаве закружылася...

Бладыка. Чаму нечакана? Хіба ў цябе самой ніколі не ўзнікала незадаволенасць сваім становішчам, і не хацелася рашуча пратэставаць, і не марылася аб тым, каб зрабіць сваё жыццё лепшым? Не сумняваюся, што нават вельмі часта — і абуралася, і пратэставала, і марыла. Так?

Лера. Марыла, вядома...

Бладыка. Вось прызнайся шчыра, што ты думала, калі мы ехалі сёння з Альхоўкі з базару?

Лера. Што я думала? Усякае думала...

Бладыка. Саромеешся прызнацца?.. Дарэмна! Думкі твае былі зусім законныя, і саромецца іх няма чаго. Я сам табе скажу, што ты думала. У цябе ўсё было напісана на твары. Ты з зайздрасцю думала пра тых жанчын, што могуць вось гэтак — ва ўласнай камфартабельнай машыне — ездзіць і на базар, і куды хочаш кожны дзень! Вось пра што ты думала! Так?

Лера (збянтэжана ўсміхаючыся). Не ведаю, Аскольд Гаўрылавіч, не помню... Але цяпер ужо мне здаецца, што я сапраўды думала пра гэта...

Бладыка. Пра гэта, Лерачка, пра гэта! І паўтараю — не трэба саромецца. Я знаю, што табе вельмі спадабалася — вяртацца з базару ў «Волзе». Дзіва што! Сядзіш сабе як чалавек, любуешся дарогай, хараством прыроды ды з пагардай глядзіш на тых няшчасных жанчын, што сунуцца абочынай пешшу, цягнучы на сабе авоські і сумкі з пакупкамі... Нават жонка вядомага паэта — бачыла? — і тая плялася наўючаная правізіяй, як вярблюдзіца. Мы яшчэ на яе чуць граззю не пырснулі з лужыны, абганяючы... Дык скажы ты мне, дарагая мая неразумная дзевачка, чаму ты не хочаш вось гэтак жа на першакласнай машыне ездзіць кожны дзень? І на базар, і з базару, і ў любы магазін, і ў любы горад — куды толькі душа зажадае? Чаму не хочаш праводзіць лета на такой шыкоўнай дачы?

Лера. Аскольд Гаўрылавіч, як гэта вы гаворыце — не хачу! Можа, я і вельмі хачу — але што з таго? Хто гэткі добры стане мяне вазіць?

Бладыка (пільна ўставіўшыся позіркам у Леру, не адразу). Я, напрыклад... Калі ты, канешне, згодна...

Лера (круціць галавой, з ледзь прыкметнай сумнай усмешкай на вуснах). Не трэба так, Аскольд Гаўрылавіч... Не жартуйце так... А то я вазьму і паверу...

Бладыка (даверліва, інтымна). Ты думаеш, мне сёння трэба было на базар? Не. Я дзеля цябе паехаў. Пачуў выпадкова, як ты гаварыла Паўлу... Уявіў, як ты стомлена крочыш па сонцы, як у цябе млеюць рукі ад нагружаных авосек. Шкада стала...

Лера (доўга глядзіць сумнымі вачыма на Бладыку). Дзякую, Аскольд Гаўрылавіч...

Бладыка. А яшчэ я хацеў бы сказаць, што магу дапамагчы табе ўладкавацца на лепшую работу. Так, так! Не забывай, што я ўсё-такі чын у Міністэрстве гандлю. Твая цяперашняя пасада нічога не варта — ні вялікага хлеба з яе, ні тым больш вядомасці і славы. А што такое — музыкант без вядомасці? Нішто! Нуль без палачкі!.. Я магу памагчы табе паступіць на працу ў філармонію, у якую-небудзь музычна-вакальную групу. Гэта дасць табе не толькі добрыя грошы. З добрымі грашыма прыйдзе і ўсенародная вядомасць. Арганізуем рэкламу, афішы з тваім прозвішчам. А можа, і з партрэтам, м-м-м? (Пераможна падміргвае.)

Лера (зноў са скептычнай усмешкай круціць галавой). Аскольд Гаўрылавіч, такое мне можа толькі ў сне прысніцца...

Бладыка. Ты сумняваешся, што ўсё гэта можа стаць рэальнасцю? Дзівачка! Адзінае, што для гэтай рэальнасці трэба, гэта — твая згода. Але я даю табе час падумаць. Усё павінна трымацца ў нас, у культурных людзей, на ўзаемнай згодзе і дамоўленасці. Каб пасля ніякіх нараканняў і прэтэнзій!.. Ты мяне разумееш?..

Лера. Разумею, Аскольд Гаўрылавіч...

Бладыка. Ну, вось і добра. Ну, дык як мая кава?

Лера. Цудоўная! Я нават не ведала, што кава можа быць такая смачная. Я ніколі раней не магла ў ёй дабраць смаку і ўсё дзівілася, што ў ёй такое знаходзяць...

Бладыка. Кава, Лерачка, гэта — напітак для душэўнай сяброўскай размовы. Толькі за такою размовай і можна адчуць яе сапраўдны смак. Раз ты яго адчула — значыць, у нас з табою была шчырая сяброўская размова. Так?

Лера (трохі гулліва ўсміхаючыся). Мабыць, так...

Бладыка. Ну, а наогул — табе падабаецца тут, на маёй дачы?

Лера. Што вы пытаеце... Тут і пытацца не трэба.

Бладыка. Вось і цудоўна. Табе падабаецца, і мне вельмі прыемна, што хоць нейкую радасць магу зрабіць для цябе...

Лера. Я вам вельмі ўдзячна, Аскольд Гаўрылавіч. Толькі вельмі прашу вас — сёння ж вазьміце ў Паўла грошы.

Бладыка. Лера!.. І табе не сорамна прапаноўваць мне за дачу грошы? Хіба я на такіх умовах вас запрашаў?

Лера. Аскольд Гаўрылавіч, выслухайце мяне... Калі вам сапраўды прыемна... (апускаючы ўніз вочы), калі вы хочаце, каб мы тут былі — сёння ж вазьміце ад Паўла грошы. Ён згадзіўся сюды пайсці толькі на такой умове. Іначай заўтра ж мы развітаемся з вамі. Сур’ёзна! Вы проста не ведаеце Паўла...

Бладыка. Ну, калі ўжо гэтак сур’ёзна — тады няхай будзе па-твойму. Ладна: мы за тыя грошы наладзім тут агульную вечарынку. І не толькі з кавай, разумеецца. (Глянуў убок, кагосьці згледзеў.) Здаецца, сябра мой ідзе, Алік, яго капялюш мільгануўся.

Лера (падхапіўшыся). То я пайду, не буду замінаць вам...

Бладыка. Ды пачакай хвілінку — пазнаёмлю. Гэта вельмі інтэлігентны джэнтльмен.

Заходзіць Алік — усходняга тыпу малады брунет, з каротка падстрыжанымі вусікамі, у лёгкім летнім капелюшы, у франтаватым светлым гарнітуры.

Алік. Мір дому гэтаму! (Да Леры.) Маё шанаванне, сеньёра!

Лера. Добры дзень!

Бладыка. Прывітанне, Аляксандр Іванавіч. Прашу пазнаёміцца — мая госця, а фактычна цяпер і гаспадыня гэтай халасцяцкай вілы, Валерыя Змітраўна. Таленавітая піяністка, будучая зорка нашай філармоніі.

Алік падыходзіць да Леры і галантна цмокае ў руку.

Алік. У такой цудоўнай віле толькі і можа быць такая цудоўная гаспадыня.

Лера (збянтэжана ўсміхаючыся). Прабачце, я не гаспадыня... Аскольд Гаўрылавіч жартуе...

Алік. Нашто адмаўляецеся? Дарэмна адмаўляецеся! Вам што — не падабаецца гэтая віла? Ці вам не падабаецца тытул гаспадыні?

Лера. Справа не ў тым, ці падабаецца... Проста я не маю падстаў... Я тут апынулася выпадкам...

Алік (перабівае). О, гэта легендарная сціпласць беларускіх жанчын! Калі б у маім горадзе жыла такая каралева — яна была б гаспадыняй самай багатай вілы на беразе нашага беспадобнага заліва.

Бладыка. Вельмі добра гаворыш, дарагі мой друг! Сапраўды, нашы жанчыны часам не ведаюць сабе цаны і ўсё жыццё празябаюць у невядомасці, трацячы свае каралеўскія вартасці недастойным чынам...

Лера (да Алікакаб перамяніць тэму гаворкі). Прабачце, а дзе гэты ваш горад знаходзіцца, на якім моры?

Алік. На беразе самага прыгожага ў свеце мора. Нават у песні пацверджана. (Пяе.) «Самае сіняе ў свеце — Чорнае мора маё». Там мой горад — на Чарнаморскім узбярэжжы. Прыязджайце — я буду шчаслівы бачыць вас госцяй маёй вілы. Яна чуць-чуць, трошачку лепшая за гэту (з прыязнай усмешкай паварочваецца да Бладыкі) — пардон за шчырасць, дарагі брат мой!

Бладыка. Катэгарычна не згодзен! Але — не будзем спрачацца. Дадзім магчымасць і папросім быць суддзёй Леру. Няхай яна вырашыць і скажа, чыя віла лепшая.

Алік. Выдатная прапанова, дарагі брат мой! (Да Леры.) Цяпер слова за вамі. Прашу прыехаць у госці і пагаспадарыць на маёй віле.

Лера. Дзякую, Аляксандр Іванавіч. Шчыра дзякую...

Алік. Навошта дзякую?.. Не трэба дзякую! Трэба прыехаць і паглядзець, пажыць у нас. Спадабаецца — прыязджайце кожнае лета. Жывіце! Дыхайце! Купайцеся! Загарайце! Лепшыя ў свеце марскія і сонечныя ванны — вашы! Кладу руку на сэрца — вы будзеце задаволены. Спытайце Аскольда, брата майго дарагога,— ён быў там. Цяпер я хачу, каб і вы пабывалі. Як гаворыць наша ўсходняя мудрасць: сябры маіх сяброў — мае сябры!

Лера. Дзякую, Аляксандр Іванавіч. Можа, калі-небудзь і скарыстаем ваша запрашэнне. Праўда, Паўлу больш падабаецца праводзіць лета ў Беларусі, ён любіць вандраваць тут, па сваёй зямлі...

Алік. Па якой сваёй зямлі? Што за перажыткі? Дзе жывуць сябры — там і свая зямля! Угаварыце супруга! Не магу ўявіць мужчыну, які б вас не паслухаў. Заявіце яму сваё жаданне — і толькі!

Лера (усміхаючыся). Пастараюся... Можа, і ўгавару... Ну, а цяпер прабачце мне — я маю там сякі-такі клопат...

Бладыка. Калі ласка, Лерачка. А твой акадэмік скора прыйдзе?

Лера (глянула на гадзіннік). Вось-вось павінен быць. Абяцаў — не пазней дванаццаці.

Бладыка. У мяне ўзнікла ідэя — схадзіць усім нам разам у рэстаран паабедаць. Аляксандр Іванавіч, ты з мужам і я. Запрашаю і частую я, разумеецца. Як ты глядзіш на гэта?

Лера (круціць галавой, працяжна). О-о, не ведаю... Я асабіста не супраць, але што скажа на гэта Павел — не ведаю...

Бладыка. Ну, што ж, пачакаем твайго вучонага мужа.

Лера ківае галавой на развітанне і ідзе ў хату.

Алік (падсеўшы бліжэй да Бладыкі). Што за птаха?

Бладыка (хітра ўсміхаецца). Сам бачыш, друг мой.

Алік. Бачу. І што — можа быць поспех?

Бладыка. На гэты раз — кроў з носа!

Алік. Чаму — на гэты раз!

Бладыка. Таму што аднойчы яна ўжо ад мяне выслізнула. Выказала мне непавагу. А я гэтага не люблю, як ты ведаеш. (Цынічна смяецца.)

Алік. Калі і дзе?

Бладыка. Два гады назад мы былі разам у круізе па Дунаі. Яна была яшчэ незамужняя. Два тыдні я змарнаваў тады на пустыя заляцанні. Корчыла з сябе такую незачэпу, што куды там! А пасля круіза нават не захацела спаткацца. Сказала па тэлефоне — няма сэнсу. І вось — лёс пайшоў мне насустрач: ёй давялося прыняць маё запрашэнне і стаць маёй кватаранткай.

Алік. Калі я правільна зразумеў — яна тут разам з мужам?

Бладыка. Іменна! Яна ўжо больш года замужам. І, здаецца, за гэты час прыкметна паразумнела. Ва ўсякім разе, ужо не здаецца мне такой упартай і недаступнай. Цяпер перамога прынясе мне яшчэ большае задавальненне.

Алік. А што такое — ён? Што за фрукт?

Бладыка. Ён? Калі выразіцца па-кніжнаму — ідэаліст-рамантык, а калі сказаць прасцей — дурань. Для нас з табою ён — дурань, і толькі. (Іранічна ўсміхаючыся.) З тых, што вераць у справядлівасць, у ідэалы, у лозунгі.

Алік. А з чаго жыве?

Бладыка. Малодшы навуковы супрацоўнік Акадэміі. Восемдзесят чыстых штомесяц кладзе — як лёду. (Пагардліва ўхмыляецца.)

Алік. І за такія медзякі трымаецца гэта апетытная малодка?

Бладыка. Трымаецца — пакуль зусім не паразумнее. Хачу сёння зрабіць яшчэ адзін абходны манеўр: уразіць — усё тым жа спосабам кантрасту — у рэстаране. Каб у яе вочкі акругліліся ад здзіўлення, як я буду пагардліва выкідваць на стол чырвонцы. Думаю закаціць такі абед, каб — на ўсю месячную зарплату яе «акадэміка». А тады паглядзім, якой яна мовай будзе гаварыць са мною. Спадзяюся, ты прыйшоў у ажуры?

Алік. Якія могуць быць сумненні? Мае людзі не падводзілі мяне ніколі. «Волга» ўчора ж пакацілася да Чорнага мора. З варот магазіна — адразу ж — узяла кірунак на поўдзень. Твае людзі атрымалі ўсё дакладна, як і дамаўляліся. (Лезе ў кішэнь, вымае загорнуты ў паперу пачак грошай, падае Бладыку.) А гэта — твая доля. Тры тысячы. Прашу пералічыць, не адыходзячы ад касы.

Бладыка (бярэ пачак). Абавязкова! Толькі прашу самую «касу» прайсці за мною — тут лічыць такія грошы непажадана: можа раптам сведка заявіцца. Прашу! (Жэстам паказвае Аліку на дзверы ў дом.)

Бладыка і Алік ідуць у дом.

Заслона.

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Дэкарацыя карціны другой. З дачы выходзяць Павел і Лера. Ён — у гумавых рыбацкіх ботах, на галаве — саламяны брыль; у руцэ — спінінг; яна — яшчэ заспаная — у хатнім халаце.

Павел (бярэ каля ганка вядро, глянуў на гадзіннік). Мікола ўжо, відаць, чакае мяне. Пабягу... (Да Леры, усміхаючыся.) Што злавіць? Які будзе заказ?

Лера (пазяхаючы). Што мне трэба, ты таго не зловіш. Як і ў сваёй навуцы, так і тут — ты ловіш адну драбязу. Там паўдня ходзіш дзеля аднаго слоўца, а тут — паўдня тырчыш на возеры дзеля аднаго ярша.

Павел (раптам спахмурнеўшы). Лера!.. Я столькі табе тлумачыў, што мая навука — не драбяза, а ты ўсе сваё... Ты стала кожны дзень папікаць мяне маёй навукай. Што з табой?

Лера (зноў пазяхаючы). Ідзі, Паўлік, а то і няшчаснага ярша не прынясеш. Нават кату паласавацца не будзе.

Павел. Ты кажаш — дзеля аднаго слоўца. Але якога слоўца? Слоўца ж залатое! Чыстае золата душы народнай! Вышэйшай пробы!.. (Невялікая паўза. Сумна-іранічна заўсміхаўшыся.) Ну, рыбка — згодзен, пакуль што — дробная і не залатая. Але ж ты ведаеш казку: хто надта прагне займець залатую рыбку — той застаецца ўрэшце каля разбітага карыта...

Лера. Добра, Павел, мне зябкавата стаяць тут...

Павел. Прабач. Ідзі дасыпай. Ты дарэмна паднялася. Мне шкада, што я не змог вышмыгнуць употайкі, каб ты не пачула.

Лера. Якое — «дасыпай»! Трэба ж ізноў на базар цягнуцца.

Павел. Паспееш пазней, базар нідзе не дзенецца... (Панізіўшы голас.) Між іншым, вельмі прашу цябе: не карыстайся аўтапаслугамі Бладыкі. Не трэба. Сваімі паслугамі ён прыніжае нас. Няўжо ты гэтага не разумееш?

Лера (злуючыся). О, божа мой! У цябе ўсё навыварат!.. Чалавек прапанаваў жыць у яго на дачы — ты быў скрывіўся, бо цябе гэта прыніжае! Прапаноўвае падвезці на сваёй машыне — цябе гэта зноў прыніжае! Табе лепей, каб я цягнулася, як наўючаная вярблюдзіца, па пыльнай дарозе? Чаму цябе не прыніжае, што я валаку на сабе з базару пакупкі?

Павел (падступае бліжэй, ласкава кранае за плячо). Ціх-ціх-ціх-ціх, толькі не злавацца. Толькі не крыўдаваць! Ты во зусім не падумаўшы сказала — а я ж не злуюся.

Лера. Чаму — не падумаўшы? Падумаўшы. Я больш думаю, чым табе здаецца.

Павел. Падумаўшы?.. Тады гэта кепска. Ты ж ведаеш, што да ўласнай машыны нам яшчэ далёка. Навошта ж папракаць мяне?.. Зрэшты — не ідзі на базар зусім — абыдземся. Паабедаем у рэстаране.

Лера. Сам не думаючы гаворыш. Калі мы будзем абедаць у рэстаране — праз тыдзень застанёмся без капейкі. Не з нашымі фінансамі хадзіць па рэстаранах.

Павел (засмучаны, стараецца ўсміхнуцца). Вось... што з табой бывае, калі ты недаспіш. Ідзі — дабяры яшчэ пару гадзінак, ну? Дабяры сваё, калі ласка. (Прыхінае да сябе і цалуе ў шчаку.) І няхай табе прысніцца залатая рыбка!.. Да хуткай сустрэчы! (Адыходзіць.)

Лера (спакойна). Шчасліва.

Павел знікае за вуглом дачы. Лера застаецца стаяць ля ганка. Пацягваецца, пазяхае, аглядае падворак. Не бачыць, як з дому ціхенька, на дыбачках, выходзіць у піжаме Бладыка, становіцца зусім блізка ў яе за спіною.

Бладыка (гулліва, упаўголаса). З добрым ранкам!

Лера паварочваецца, не паспявае нічога адказаць, як Бладыка хапае яе ў абдымкі і цалуе.

Лера (спалохана, вырываючыся). Здурнеў ты!.. Ён жа можа вярнуцца і ўбачыць! Пусці!.. Чуеш?..

Бладыка (не выпускаючы з абдымкаў). Не ўбачыць! Пашнураваў узмежкам да возера. Па залатую рыбку! (Зноў намагаецца пацалаваць Леру.)

У гэты час на падворак заходзіць, несучы ў руках доўгую драбіну, Жыткевіч. Бачыць незвычайную сцэну і замірае.

Жыткевіч (кашлянуўшы). Добры дзень вам!

Лера ўскрыкнула і вопрамеццю кінулася ў дом. Бладыка застаўся каля ганка.

Бладыка (хутка аправіўшыся). А-а-а, прывітанне, Адам Лявонавіч, прывітанне!

Жыткевіч (падыходзячы бліжэй). І ў вас, я гляджу, пацукі завяліся?

Бладыка (здзіўлена). У мяне — пацукі? Дзе ты іх бачыў?

Жыткевіч (спыніўся, абапёр драбіну на плячо). Ды я, гэта, гляджу, што зноў пані ў вас на грудзях самлела... дык я, гэта, думаю, мусіць, і тут пацукі напалохалі...

Бладыка (гучна зарагатаў). Што табе здалося, Адам Лявонавіч? Ты, відаць, яшчэ не зусім прачнуўся?

Жыткевіч. Але во хітрыя, падлы!.. Зразумелі, што я наклаў клёцак з атрутай, дык ад мяне да вас перабеглі.

Бладыка (смеючыся). Хітрыя, заразы!.. Але я думаю, мы з табой перахітрым іх, га? намёкам паглядзеў на Жыткевіча.)

Жыткевіч. Папросіце добра — дык я і ў вас клёцак з атрутай накідаю.

Бладыка (з намёкам). Буду прасіць. Ты ж сам разумееш, што пацукі мне тут не патрэбны. Яшчэ дойдзе да людзей — смяяцца будуць, што на такой шыкоўнай дачы жыву з пацукамі... (Сур'ёзна.) А што ж ты адзін? Дзе Жардэцкі?

Жыткевіч. Рамантуе почапку ў вядры, зараз прыйдзе. Толькі сёння агледзеўся, што почапка слаба трымаецца, можа адарвацца вядро з граззю ды па галаве таму, хто будзе на дне студні...

Бладыка. Правер усё як мае быць сам. Табе ж не ўпершыню займацца гэтым... Слухай, Адам Лявонавіч, а як мы дамовіліся наконт разліку: колькі я сказаў заплачу за ачыстку студні?

Жыткевіч (не здагадваючыся, навошта той пытае). Дваццаць пяць цалковых на дваіх!

Бладыка. Ага, ну, правільна... Дык вось, Адам Лявонавіч, я рашыў табе асабіста як начальніку ачысткі, як прарабу, чырвонца накінуць. Разумеецца, свайму напарніку ты не кажы аб гэтым... Ну, і пра пацукоў таксама...

Жыткевіч. Не, Аскол Гаўрылавіч, я, гэта, употайкі ад Юстына, не магу... Рабіць будзем разам, дык хай і за работу пароўну будзе. Колькі мне, столькі і яму. Так што, калі вы набавіце чырвонца,— мы яго падзелім... А наконт пацукоў... Які мне клопат, ці пані ў вас на грудзях самлела, ці яшчэ ў каго...

З вялікім старым вядром у руках паяўляецца Жардэцкі.

Жардэцкі. Добрай раніцы!.. І гаспадар на нагах ужо? (Да Жыткевіча.) Ці не ты ўспароў?

Бладыка. Прывітанне, Юстын Антонавіч! А што ты здзіўляешся, што я на нагах? Хіба гэта рана?

Жардэцкі. Для вас, па-мойму, рана. Гэта мы яшчэ з малых гадоў прывыклі ўздзірацца разам з сонцам. А вам — чаго?.. Некалі нябожчыца-маці, помню, усё любіла гаварыць нам: позняя птушачка вочкі трэ, а ранняя — ужо дзюбку чысціць... Вам можна, як той позняй птушачцы, і не спяшацца.

Бладыка. Ну-у-у, Юстын Антонавіч, ты так пра мяне не думай. Я такі ж працоўны чалавек, як і ты, як і Адам Лявонавіч, толькі ў кожнага свая праца, свой клопат. І падымаюся я, да твайго ведама, заўсёды рана. Твая маці гаварыла табе пра птушачак, а мая — яна таксама была з вясковай, сялянскай сям’і — гэтую ж ісціну ўнушала мне другой прыказкай: хто рана ўстае, таму бог дае. Так што гэту мудрасць і я ведаю...

Жыткевіч (да Жардэцкага). Ты во лепш парадуйся ды скажы дзякуй чалавеку: Аскол Гаўрылавіч накінуў нам за работу чырвонца.

Жардэцкі (ажыўлена). Накінуў? Ты глянь, як мае думкі акурат богу ў вушка папалі! Я ж ішоў і толькі пра адно думаў: як бы гэта спагнаць з гаспадара яшчэ хоць чырвончыка! Страшная ж работа!

Бладыка (Жардэцкаму). Так, я рашыў дзесятку накінуць. У мяне, канешне, лішніх дзесятак няма, і лёгка яны мне не даюцца, але... Я спадзяюся, што ў такім разе вы пастараецеся зрабіць як мага лепш.

Жардэцкі. Гэ-э, можаце не сумнявацца, Аскол Гаўрылавіч! Гэта — само сабой!..

Бладыка. Ну, тады за работу! Жадаю вам поспеху. А мне трэба на базар падскочыць.

Бладыка ідзе ў дом. Жыткевіч з драбінай і Жардэцкі з вядром падыходзяць да студні.

Жыткевіч (абапёр драбіну канцом на плот гародчыка). Пачнём з перакуру. Спяшацца нам няма куды. (Дастае з кішэні пінжака папяросы і запалкі.)

Жардэцкі. Буду я спяшацца!.. Дзякаваць богу, дажылі жыцця, што спяшацца не трэба. Досыць усе маладыя гады душыліся работай, усё хапалі, спяшаліся, каб паспець, каб управіцца... (Садзіцца на лаўку, на якую ставяць, наліваючы ваду, вёдры.) А цяпер — дзякаваць богу! Можна пажыць і не спяшаючыся.

Жыткевіч (дае Жардэцкаму папяросу і прысаджваецца на край драбіны). А хто дзе цяпер надта душыцца работай? Думаеш, толькі ты паразумнеў? Гэ-э, брат!.. Во, каб далёка не хадзіць — наш Аскол. Можа, думаеш, ён на сваёй службе вельмі на пуп бярэ? Ні халеры ён не бярэ! А бачыш, як раскашуецца? І дача, як звон, і свая машына, як цацачка, і чырвонцаў, як гразі... (Убачыўшы, што з ганка выходзяць Бладыка і Лера.) Трэба асцярожна гэту стрэшку здымаць (ківае на студню), каб не развалілася, яна ўжо гнілаватая...

Бладыка і Лера праходзяць міма. Лера кідае Жыткевічу і Жардэцкаму «добры дзень». Тыя адказваюць.

Жардэцкі (правёўшы позіркам Бладыку з Лерай). Разваліцца — будзем яшчэ мець хаўтурку: папросіць зрабіць новую.

Жыткевіч. Не хачу больш ад яго хаўтуркі. Шкадую, што і на гэту пайшоў.

Жардэцкі. Нечым недагадзіў?

Жыткевіч. Ды не! Проста так. Шалахвост ён. Бацька быў чалавек што трэба. А сын — крутадух нейкі.

Жардэцкі. Табе не здаецца, што ён падбівае кліны да гэнай маладзіцы? Я ўжо разы тры бачыў іх разам на базары. Сёння зноў павёз.

Жыткевіч. Не ведаю. У яго кожны тыдзень тут новая дзевуля — ці з дома адпачынку, ці з турбазы. А то і па дзве на тыдзень. Дык што за дзіва, калі ён задумаў і гэту абкруціць?

Жардэцкі. І што гэта пачало на свеце рабіцца, скажы ты мне? Толькі кругом і чуеш: гэны выракся сваёй і знюхаўся з тою, тая кінула свайго і прынадзіла да сябе гэнага... Суцэльныя шпацэры! Я разоў колькі назіраў, як тут круцяць любоў гэтыя, што ў санаторыі. Проста кіно! Асабліва як развітваюцца, на ад’езд. І смешна, і пляваць хочацца. Адна, помню, дык, ну ўжо напэўна ўнукаў мае — і згарбелая, і аблезлая, і ўся шыя — як тая трубка ў процівагазе,— а так закахалася ў нейкага залатазубага здараўца, што на развітанні, каля аўтобуса, уся слязьмі сышла. Слімберыла і слімберыла — некалькі насовак змачыла. І ўсё прасіла: «Пішы, мой мілы, пішы мне — буду чакаць прывета, як салавей лета...» Каб табе чорт скуру спісаў, мая ты кабеціна!..

З-за вугла дома выйшаў са спінінгам і вядром у руках Павел. Убачыўшы Жыткевіча і Жардэцкага, накіраваўся да іх.

Павел (падыходзячы). Добры дзень! (Падае руку аднаму і другому).

Жыткевіч і Жардэцкі адказваюць на прывітанне.

Жыткевіч. Ужо з возера? Ці яшчэ туды?

Павел. З возера. Не пашанцавала сёння. Рыбалка ляснула.

Жыткевіч. А што такое?

Павел. Пацякла лодка. Дый здорава. Спачатку думалі — так сабе, трохі сочыцца — няхай. А тады бачым, што трэба вяртацца.

Жыткевіч. А чыя лодка? У каго вы бралі?

Павел. Ды я нават і не ведаю. Гэта мой знаёмы Мікола Зайчык браў. Гаспадар такі нізенькі, з пісклявым голасам. Здаецца, Васілём зваць.

Жардэцкі. А-а, у Бахмэта бралі!.. Дык якая ж у яго лодка! Яна ж уся на дзірках. Яе ўжо даўно спісаць трэба.

Жыткевіч. На Бахмэтавай лодцы вы рыбы не наловіце. Гэна яго лодка — як мая доля: нічога не варта. Яна яшчэ і новая працякала.

Павел. Ну, я ж не ведаў. Зайчык раней у кагосьці іншага браў, але да таго нібыта прыехаў сын-рыбак, дык ён дамовіўся з гэтым, з Васілём... (Да Жыткевіча.) А чаго гэта вы так на сваю долю наракаеце — што яна ў вас, як тая Бахмэтава лодка?..

Жыткевіч. Бо так і ёсць, што і мая доля гэткая ж дзіравая. Усё жыццё ні плыву і ні тону. А так — адно вычэрпваю ды вычэрпваю, а яна ўсё цячэ і цячэ... У маладосці — ого на што разлічваў, якія планы складаў сабе! І галава нібыта была, а людзі кажуць, што нават і нейкія здольнасці меў... І ўсё намарна. Напачатку — пілсудчыкі не далі разгону, панавалі тут і асаджвалі на месца любога, хто з мужыкоў хацеў вышэй узляцець. А пасля ўжо і можна было, ды сам здураваў, сам здаўся на волю лёсу. Сілёнкі ў душы не хапіла. (Да Паўла.) От вы, я чуў, навукай займаецеся? У акадэміі працуеце?

Павел. Працую... (Заўсміхаўшыся.) Таксама — планы вялікія маю, а што атрымаецца — не ведаю.

Жыткевіч. А што гэта ў вас за такая навука дзіўная, што вы ўсё па старых людзях ходзіце ды пра розныя зёлкі-травы пытаеце? Нашто гэта вам?

Павел. Нашто?.. Цяжкавата мне будзе вам растлумачыць, але — паспрабую.

Жардэцкі (падымаецца, уступаючы месца Паўлу). Прысядзьце, у нагах праўды няма, а я ўжо насядзеўся...

Павел. Дзякую... Але я пастаю — не турбуйцеся.

Жардэцкі. Зрэшты, мы можам тут і ўдвух памесціцца...

Павел. Не, не, я садзіцца не буду. Сядайце, прашу вас... Навука мая людзям недасведчаным можа, на першы погляд, сапраўды здацца крыху дзіўнай і нават непаважнай. Але гэта — толькі на першы погляд. Я збіраю народныя назвы траў, розных лугавых, палявых і лясных зёлак, нават садовых кветак і вазонаў. У кожнай мясцовасці — яны, гэтыя назвы, розныя, людзі называюць травы і зёлкі па-свойму, і таму гэтых назваў — калі сабраць разам, з усяго нашага краю — вельмі-вельмі многа. Можа, некалькі тысяч! А ведаем мы іх зусім мала. Вы, напрыклад, ведаеце толькі назвы са сваёй мясцовасці, як тут, у вас, называюць, ды і то не ўсе.

Жыткевіч. Якое там «усе»! Што я ведаю!.. Можа, мая Анця яшчэ трохі і помніць, а я ўжо ўсе гэтыя назвы пазабываў. Калісьці малы, кароў у поле ганяючы, таксама нямала ведаў, а цяпер!.. Тады ж іх збіралі, гэтыя краскі-зёлкі, то на лекі, то на корм жывёле, а то — моладзь, дзяўчаты на вяночкі рвалі... Дык тады і ведалі! А хто ж іх цяпер збірае? Яшчэ адна старая Шушута ў нас хіба што на лекі рве іх!..

Жардэцкі. Гэна яшчэ збірае! У гэнай заўсёды, круглы год, усякіх сушаных зёлак — ад любой хваробы. (Да Паўла.) Вам трэба абавязкова да яе зайсці, да Шушуты.

Павел. Да Шушуты — гэта да Ганны Алісіёнак, што на самым канцы жыве?

Жардэцкі. Ну-ну! Толькі яе ніхто ў нас па імені не заве — Шушута і Шушута.

Павел. У Ганны Паўлаўны я ўжо быў, о так, яна мне многа памагла, дзесяткі тры назваў запісаў ад яе. Цяпер я хаджу па навакольных вёсках — і яшчэ сёе-тое знаходжу... Ну, дык вось: кожную травінку-былінку, зёлку-краску людзі ахрысцілі пэўным імем, і не проста абы-як, а каб гэта імя-назва адпавядала сутнасці, нейкай характэрнай асаблівасці расліны. Падбіралі імя ці паводле знешняй формы — па падабенству да якога-небудзь прадмета, жывёліны, птушкі; ці па пэўнай уласцівасці, па прыгоднасці да выкарыстання; ці паводле таго месца, дзе гэтая зёлка расце; ці паводле часу, калі зацвітае. Я прывяду вам некалькі прыкладаў. Скажам, зёлка, якая ў вашай мясцовасці завецца глухі або дзікі цыкорый. Ведаеце такую?

Жыткевіч. Гэта — высокая, з жоўтымі кветкамі, як у табакі? У лесе расце?

Павел. Так, так, у лесе, і з жоўтымі, як у табакі, кветкамі.

Жардэцкі. Шушута надоечы несла гэтага дабра дадому цэлую торбу.

Павел. Дык вось у гэтай зёлкі вельмі многа імён. Мною пакуль што зафіксаваны пятнаццаць, але, безумоўна, гэта далёка не ўсе, я яшчэ не ўсю Беларусь аблазіў. Апрача дзікі або глухі цыкорый, гэту зёлку яшчэ называюць так: лясная табака, жаўтакруг, грыбкі, куннік, розга, угаднік, палятуха, мядовік, перастрэл, стрэльнік, пухоўка, сумнік, блошнік. Бачыце, колькі яркіх, цікавых, арыгінальных слоў-назваў! Толькі ў адной зёлкі! І кожная назва патрабуе адказу на пытанне: а чаму так называецца? Чаму — перастрэл ці стрэльнік? Чаму — сумнік? Чаму — угаднік? Чаму — куннік? Чаму— палятуха? Або, напрыклад, ёсць такая трава — «кашачыя лапкі». Дык яе ў Беларусі называюць яшчэ так: коце-лапкі, кошачкі, аўдулькі, грыжная трава, грызнік, скочыкі, стакратка, сухапут, магільнік, мёртвае зелле — я запісаў ужо больш дзесяці назваў. І зноў жа ўзнікае пытанне: а чаму — грызнік? Чаму — скочыкі? Чаму — стакратка? Чаму мёртвае зелле? Хіба чалавеку гэта ведаць не цікава? Хіба нам не цікава ведаць, якія травы, краскі-зёлкі вырастаюць з роднага долу, упрыгожваюць нашу дарагую, утульную і мілую зямлю і тым самым упрыгожваюць наша жыццё? Расліны — адвечныя сябры людзей, без іх нам было б проста немагчыма жыць. Але калі яны нашы сябры — дык жа сорамна не ведаць, як сяброў завуць. І чаму завуць менавіта так? А кожная назва — паўтараю — невыпадковая, яна не з неба бралася, а давалася, так сказаць, па заслугах, і давалася чалавекам разумным, назіральным, надзеленым паэтычнай фантазіяй. Таму гэтыя назвы, як вы маглі толькі што пераканацца — вельмі трапныя, дакладныя, прыгожыя, за іншай з іх — стаіць пэўная гісторыя, паданне, легенда! А ў цэлым — у гэтых назвах адлюстраваны многія асаблівасці жыцця і быту народа. Пра паходжанне адной назвы нават песня складзена — о так, яшчэ шмат стагоддзяў назад складзена цудоўная песня-балада, якая гучыць у народзе і да гэтага часу. Гэта песня пра брата і сястру, якіх няшчасная доля разлучыла яшчэ ў маленстве, а праз многа гадоў яны спаткаліся і — абое прыгожыя, маладыя — моцна пакахалі адно другога. І, можа, дайшло б нават да граху, ды, на шчасце сваё, яны разгаварыліся і з жахам для сябе высветлілі — што абое родам з адной і той жа мясцовасці і што ў іх адзін і той жа бацька... Страшна сорамна стала ім за сваё каханне, за свае грахоўныя пачуцці, і тады сказала сястра брату:

 

Пойдзем, братка, ў поле,

Рассеемся абое.

З цябе будзе сіні цвет,

З мяне будзе жоўты цвет.

Будуць людзі краскі рваць —

Нас з табой успамінаць:

Гэта ж тая травіца,

Што братка і сястрыца.

 

Брат і сястра — так і цяпер называюцца гэтыя дробныя красачкі, што цвітуць у два колеры — сінім і жоўтым. Іх яшчэ называюць браткі, дзень і ноч, сачноўка, чмельнік, мядунка, быкоўнік.

Жардэцкі. Як гэта даўней было, дык хоць яны разгаварыліся, гэныя хлопец і дзяўчына. А каб цяпер — дык бы так і пайшло! Спачатку б награшылі, а тады б пачалі пытацца адзін другога, адкуль ты родам і хто твой бацька...

Жыткевіч (да Жардэцкага). Што ты пляскаеш языком недарэчы? Чалавек дзела расказвае, а ты перабіваеш!..

Жардэцкі (тонам апраўдання). Як гэта недарэчы? Я ж пра тое, што і чалавек гаворыць!.. Ну, перапрашаю, калі перабіў...

Павел. Нічога, нічога, гэта сапраўды дарэчы. І вы мяне не перабілі. Я прадоўжу сваё растлумачэнне... Значыць, назвы траў і красак — гэта, калі хочаце, частка народнай мудрасці, народнай паэзіі, тое, што створана душой і розумам многіх пакаленняў людзей, нашых з вамі продкаў, нашых дзядоў і прадзедаў. І само сабой зразумела — гэта частка нашай роднай мовы, бо мова — цягам доўгіх стагоддзяў — складвалася па слоўцу, яна прарастала тут, на гэтай зямлі, па каліўцу, па зернятку, жыла разам з намі і разам з усім гэтым стракатым і гаманкім светам, што нас акружае. У кніжачцы аднаго нашага паэта я калісьці прачытаў такія радкі (натхнёна і выразна дэкламуе):

 

Тут, між гэтых пагоркаў, у гэтых лясах і дубровах,

Каля гэтых азёраў і рэк, каля гэтых крыніц,

Узышла і ўзрасла на вякі наша родная мова —

І ніякай інакшай яе немагчыма ўявіць!

 

Кожным гукам і словам — па каліўцу — тут прарастала,

Разам з кожнай травінкай і зёлкай — найменнямі іх.

Што ж за дзіва, што нашай душой неўміручаю стала?

Мы ж і самі ўзышлі і ўзраслі — тут, з глыбінь векавых!

 

Іменна так — кожным гукам і словам, па каліўцу, прарастала. Разам з кожнай травінкай і зёлкай, чые назвы я збіраю. Услухайцеся толькі, як цудоўна гэтыя назвы гучаць. Я нагадаю ўсяго некалькі. (Вымаўляе назвы эмацыянальна, смакуючы і любуючыся, захапляючыся і паўтараючы некаторыя словы двойчыяк бы запрашаючы сваіх слухачоў глыбей і паўней спасцігнуць іх асаблівы, незвычайны сэнс і хараство.) Зверабой, ваўкабой, чартагрыз, пчалалюб, чарвяточнік! Або: серпарэз, свярбігуз, сухалом, касталом, галавалом, крывапуск, зубашчок, марыморд, балігалоў, крываўнік. Або такія: сухаягаднік, сямітычнік, залатахвост, каменеломнік, зімазялён, белаквет, жаўтажылле. Або такога ўзору: жыгунец, ядранец, чыхавец, яшчарэц, завязнік, вятроўнік, дрэмлік, раннік. Ці, скажам, гэткія: нячуй-вецер, панна-дзіванна, мацер-душка, сынавод і шмат іншых. Тысячы і тысячы такіх слоў-назваў, багатых зместам, цікавых па формаўтварэнню, яркіх па гучанню! Выкіньце іх з нашай мовы — і як яна раптам збяднее! Як шмат яна страціць! Як паблякнуць і прыцьмеюць яе фарбы-колеры, як парадзее і аслабне яе зямны, язычніцкі водар! Хто ж нам даў маральнае права дапусціць, каб такое здарылася? Каб гэтыя тысячы слоў старыя людзі, паміраючы, назаўсёды забралі з сабой у магілу? Мова — самы дарагі, самы каштоўны скарб у любога народа. (Чым далей тым з большым запалам, узнёсла.) Дык скажыце, хіба зберажэнне і вывучэнне гэтага скарбу не ёсць патрэбная справа? Хіба навука, якая гэтым займаецца, марная навука? Хіба чалавек жыве толькі хлебам надзённым? А хлеб для душы? А для душы — патрэбен хлеб ці не патрэбен? А які гэты хлеб? Перш за ўсё — слова! Слова, слова, слова — вось самы спажыўны хлеб для нашай душы! Але гэты хлеб не вырастае за адзін год, як жыта ў полі. О, не! Збажына мовы вырастае цягам цэлых стагоддзяў. Гэта хлеб, які сеялі і расцілі яшчэ нашы прадзеды і прапрадзеды, і прадзеды нашых прапрадзедаў! Сеялі і расцілі — для нас, на ўцеху нам — многія дзесяткі пакаленняў. І нам завяшчалі працягваць гэту вялікую сяўбу і гэты вялікі клопат. На жаль, многія ў нашы дні пачынаюць траціць пашану да духоўнай спадчыны сваіх продкаў. Яны клапоцяцца і дбаюць толькі пра хлеб надзённы, пра тое, што пакладзеш у рот, чым напіхаеш чэрава. Ім мала абыходзіць, а што ж кладзецца ў душу і на сэрца. Вось такім бяскрылым сучасным спажыўцам матэрыяльных даброт і здаецца мой клопат дробязным, пустым і марным. Для іх наогул уся духоўная спадчына ніякай цаны не мае, нічога не варта. Яны жывуць адным днём. Іх не цікавіць мінулае свайго народа толькі таму, што іх не цікавіць і яго будучыня! Яны крывяцца і кісляцца, гаворачы пра мову, пра фальклор, пра мастацкія скарбы сваёй зямлі. Яны саромеюцца таго, чым трэба ганарыцца. Калі б катораму з іх сказаў: твой дзед быў дурань і тупіца, ні да чога не здатны няўмека і недарэка, а прадзед твой дык і зусім быў круглы ёлупень! — калі б сказаў такое — ён, напэўна б, даў аплявуху, ва ўсякім разе — запратэставаў бы і пачаў аправяргаць, даказваць, што яго дзед быў — ого які разумны і здольны чалавек, а прадзед дык наогул быў вялікі мудрэц і талент! Гэта — калі б сказалі канкрэтна пра яго дзеда. Калі ж нехта пачынае гаварыць пра ўсіх нашых дзядоў і прадзедаў як пра ёлупняў і недарэкаў — прыніжаць усіх нашых продкаў разам узятых,— тады гэты сучасны інтэлігент маўчыць і не пратэстуе. Тым больш — не дае аплявуху. Яго не абражае і не крыўдзіць! Вось, дарагія мае дзядзькі, чым я жыву і куды вядзе мой клопат! Такі нязначны, на першы погляд, клопат: як называецца ў народзе тая ці гэта травінка-былінка, тая ці гэта зёлка-краска!.. (Сарамліва заўсміхаўся.) Прабачце мне, я трохі разышоўся... Цэлую прамову тут абрынуў на вас... Прабачце...

Жыткевіч (амаль у захапленні). Добрая ж прамова ваша, дарагі чалавеча! Добра гаварылі! От цяпер сапраўды ясна, што да чаго і навошта гэта вы ходзіце ды пытаеце, як што завецца... Цудоўна гаварылі!

Жардэцкі (амаль абыякава). Для таго і вучыўся чалавек, каб гаварыць гладка.

Жыткевіч (падхопліваецца). Дазвольце мне падзякаваць вам! (Паціскае і трасе руку Паўлу.) Надта ж хораша сказалі! Надта! Дзякую ад усёй душы!..

Павел (крыху збянтэжана). Дзякую вам...

Жардэцкі. Цяпер майстроў гладка гаварыць многа. Часам слухаеш па радыё ці па цілявізару — ну, так жа кругленька словы коцяцца! Бывае, праўда, што каторы і не ўмее; хоць з выгляду і культурны, а гаворыць усё роўна як з бульбінай гарачай у роце...

Жыткевіч (са злосцю). Ну, ты, Юстын, сапраўды-такі ёлупень, хаця бацька твой і разумны быў!.. Ты ж ні халеры, выходзіць, не зразумеў, што чалавек сказаў нам!.. Прычым тут гладка і кругленька, калі тут — разумна і справядліва! Па ўсіх пунктах — разумна і справядліва!

Жардэцкі. Дык а што я благое сказаў на чалавека? Чаго ты ўз’еўся? Ты ўжо выдаеш сябе такім мондрым, нібыта разам з гэтым чалавекам інсцітут скончыў. Такі ж самы цёмны, як і я. На адну зіму болей у школку хадзіў...

Жыткевіч. От ты ўжо нават і не помніш. На цэлыя дзве зімы я хадзіў болей за цябе.

Жардэцкі. Можа, і на дзве. Усё роўна. Такі ж тапор нетачоны, як і я.

Жыткевіч (да Паўла). Дарэчы, пра школу зайшло... Скажыце, а ці настаўнікі ў школе гавораць такое дзецям, ці не? Як на мой розум, дык гэта трэба перш за ўсё школьнікам, моладзі гаварыць, каб яны разумелі...

Павел. Думаю, што талковыя, разумныя настаўнікі гавораць. Вы добра заўважылі: гэта вельмі патрэбна ўкладаць у душу моладзі, іначай яе выхаванне будзе аднабаковым, негарманічным.

Жыткевіч (уздыхнуўшы). Першы раз такую цікавую лекцыю слухаў. Шкада, што толькі для двух нас — старых пенсіянераў — гаварылі. Трэба б сабраць усіх гэтых людцоў — і з санаторыі, і з турбазы, ды і з вёсак. Хай бы гэта ўсе паслухалі!..

Павел. Прашу яшчэ раз прабачэння, што загаварыў вас, адарваў ад работы... Пайду будзіць жонку — хопіць ёй спаць. Хай прымае мой багаты ўлоў (усміхаецца).

Жардэцкі. Будзіць жонку? Яе разбудзілі без вас! Яна паехала на базар з Асколам!

Павел (мяняючыся з твару). Пайшла на базар?!

Жардэцкі. Не пайшла, а паехала. З Асколам! Каб вы хвілін на колькі раней, дык бы яшчэ заспелі.

Жыткевіч. Ужо, мабыць, хутка вернецца. На машыне ж...

Павел (спахмурнелы). Надумала купіць нешта. (Зрабіў спробу ўсміхнуцца.) Усё пра мяне клапоціцца, каб не галадаў тут. Прабачце — мне таксама пара за работу. (Ідзе ў дом.)

Жыткевіч і Жардэцкі пераглядваюцца.

Жардэцкі. Бачыў, як ён учарнеў адразу?

Жыткевіч (у задуменні). Дык што ж гэта такое выходзіць? Што ж гэта яна сабе думае...

Жардэцкі. Значыць, і ён ужо западозрыў. Здагадваецца.

Жыткевіч (як бы не чуе Жардэцкага). Такі светлы чалавек! (Ківае ў бакі галавой.) Такі светлы чалавек!

Жардэцкі. Вот таму і ўчарнеў, што светлы. На светлым лепш відаць чорнае.

Жыткевіч (у роздуме, нібы сам сабе). Такога чалавека ашукваць!.. Ну, паскуды! Гэта ўжо, брат, паскуды!..

У лёгкім летнім адзенні, з партфелем у руцэ, выходзіць з дому Павел.

Павел (прыпыніўшыся на імгненне). Адам Лявонавіч, я вас папрашу: як вернецца Лера — скажыце ёй, калі ласка, што я пайшоў у свой паход і вярнуся толькі пад вечар. Добра?

Жыткевіч. Скажу, калі ўбачу, скажу...

Павел уздымае руку на развітанне, як бы бярэ пад казырок, і пакідае падворак.

Жардэцкі (правёўшы позіркам Паўла). Мусіць, гэнай яго малодцы больш даспадобы ездзіць на машыне, чым хадзіць пяшком.

Жыткевіч (як бы не чуючы Жардэцкага). Такога чалавека ашукваць!.. Ну, паскуды!

Жардэцкі. Ланна, хопіць табе абурацца. Давай прыступім да справы — і так перакур наш зацягнуўся.

Жыткевіч (раптам схамянуўшыся, голасна). Усё! На гэтым і па рабоце! Смурод сам — хай і ваду смярдзючую пугае. Хочаш — чысці з кім іншым, а я з паскуднікам справы мець не хачу. (Падхопліваецца, зашпіляе пінжак.)

Жардэцкі. Ты з глузду з’ехаў, Адам! Ад такой хаўтуркі адмаўляцца? Гэта ж на цэлы тыдзень будзе нам разгавення!

Жыткевіч. Не хачу! Не трэба мне ні яго грошай, ні ласкі. І драбіну сваю забіраю. Калі будзеш чысціць — сам прынясеш. (Бярэ на плячо драбіну і ідзе з надворка прэч.)

Жардэцкі (услед Жыткевічу). Ай-я-яй, ну, дальбог, здурнеў чалавек! Што гэта яго за муха раптам укусіла? Якая яму справа, каго возіць гэны Аскол на базар?.. Ну, што ж, пайду шукаць другога напарніка. Такая хаўтурка не часта здараецца. (Бярэ сваё вядро і пакідае падворак.)

Заслона.

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Дэкарацыя тая ж, што і ў дзвюх папярэдніх карцінах. Двор асветлены лямпачкай, падвешанай доўгім шнуром да яблыні. Стол пад яблыняй застаўлены бутэлькамі і закускай: у Бладыкі — гулянка. Ягоныя госці — Алік, Іра і Люда. Разам з імі і Лера. Усе ўжо нападпітку. На табурэтцы — магнітафон. Гучыць сучасная музыка. Гаспадар і госці тут жа, на падворку, танцуюць — у свабодным стылі, хто як умее. Азартней за ўсіх — Люда. На пару з ёй — Бладыка. З Лерай — Алік. Іра — адна, паміж астатнімі. У гэты момант і заходзіць на двор Павел. Ён воддаль, куды святло амаль не дастае, яго не адразу заўважаюць, і ён нейкі час назірае вясёлую кампанію.

Люда (заўважыўшы Паўла). Ірка! Глянь — табе кавалер знайшоўся! Хапайся, пакуль не ўцёк!

Усе павярнулі галовы да Паўла.

Бладыка (не перастаючы танцаваць). Ага! Аб’явіўся вучоны акадэмік!

Лера (не перастаючы танцаваць). Павел! (Да Іры.) Ірка — гэта Павел. Ідзі запрасі яго ў танец, ён сам не адважыцца.

Бладыка. Правільна! Ірка — не ўпускай акадэміка! Рэдкая табе нагода — патанцаваць з такім адукаваным партнёрам!

Іра (танцуючы, набліжаецца да Паўла, з рэверансам запрашае на твіст). Прашу вас, Павел бацькавіч! Уважце! (Твістуе перад ім.) Прашу!

Павел (з акамянелым тварам). Дзякую за гонар, але... я не танцую. Прабачце.

Іра (прытворна надзьмуўшы губы). У-у! І вы таксама грэбуеце мною! Вы такі ж непачцівы, як і тыя абодва! (Завярнулася, танцуючы, вяртаецца да грамады.) Лера! Я твайму акадэміку не спадабалася! Атрымала ад варот паварот!

Лера (перастала танцаваць, запляскала ў далоні над галавой). Прашу ўвагі! Ціха! (Стала, прыкметна захмялелая, паміж грамадой і мужам.) Павел! Я аб’яўляю табе суровую вымову з апошнім папярэджаннем: ты не ўважыў просьбу жанчыны!

Люда. Дзівакі! Які гэта мужчына пусціцца ўсухамятку скакаць? Вы яго спачатку да стала запрасіце — у яго божай расінкі не было ў роце!

Бладыка. Правільна, Люда! Прашу ўсіх да стала!

Алік. Канешне! Як гаворыць народная мудрасць: галодны мядзведзь у скокі не йдзець. Канешне, трэба пачынаць з бакала!

Павел (падышоўшы да Леры, няголасна, цвёрда). Ты замнога выпіла, Лера! Табе трэба адпачыць. Хадзем у пакой. (Бярэ жонку за локаць, але яна выслабаніла руку з яго пальцаў.)

Лера. Ха-ха! Клапатлівец знайшоўся! Я і яшчэ вып’ю — поўны фужэр вып’ю! За тваю навуку, Павел Арсеневіч! (Насмешліва.) За твае травінкі-былінкі і краскі-зёлкі! За залатое слоўца бабы Шушуты!

Бладыка. Брава, Лера! (Падымае бакал.) За росквіт навукі на сыравіннай базе бабы Шушуты! (Заходзіцца рогатам.) Брава! (Да Іры і Люды.) Вы ведаеце, чым займаецца наш шаноўны вучоны? Збірае і запісвае старыя назвы траў і кветак. Вырвіце любую травіну — і ён вам скажа, як яе называлі пры цару Гароху. (Рагоча.)

Іра. А што гэткая за навука? Навошта яна?

Павел (зноў узяў Леру за руку). Лера, ты траціш памяць і гаворыш немаведама што. Зараз жа пакінь гэты балаган! Нас абражаюць. Чуеш?!

Алік (вырваў ля плота жмут пустазелля, падышоў да Паўла, працягнуў у руцэ адну зёлку). Пардон, як гэта будзе паводле вашай навукі?

Павел (з непрыязню, але спакойна). І паводле навукі і паводле народнай мудрасці — гэта дурнап’ян — вельмі шкодная, атрутная расліна!

Алік. О-о! Дарагі мой, нашто так сярдзіта?

Іра (выцягнуўшы са жмута ў Аліка нейкую кветку). А гэта?

Павел. А гэта — курыная галоўка. Пустазелле.

Люда (таксама выцягвае са жмута зёлку). А вось гэта?

Павел. А гэта, прашу прабачэння,— сучы хвост. Таксама пустазелле.

Іра і Люда весела рагочуць.

Бладыка (да Іры і Люды). Вось бачыце, якая арыгінальная навука! (Да Паўлаіранічна.) Вы, канешне, пайшлі ў гэту навуку не па разліку, а па прызванню?

Павел (спакойна). Так, гэта маё прызванне. Яно, вядома, зусім не падобнае на ваша.

Бладыка. О, не дай бог мне гэтакі талент! Усё жыццё сноўдаць, як жабрак, ад Шушуты да Шушуты, каб урэшце ашчаслівіць чалавецтва вялікім навуковым адкрыццём: вось гэта трава з-пад плота называецца сучча вымя, а вось гэта, з-пад хлява,— курыны пуп. Ура!..

Алік, Іра і Люда рагочуць.

Павел (да Іры і Люды). А вось вы — смяецеся дарэмна. Вам па колькі гадоў? Па дваццаць — не болей? Вы сваё прызванне знайшлі? Паверылі ў яго? Ведаеце, чаму жыццё прысвяціць?.. Вам смешна, што я займаюся назвамі траў і кветак. Вам здаецца, што ў гэтым няма ніякага сэнсу. Памыляецеся! Для вас — тысячы розных траў — трава, і толькі, тысячы розных кветак — кветкі, і толькі. Для вас і лес — зборышча дрэў, і толькі, летам — цянёк, а зімою — дровы. Але запомніце, што я вам скажу: сёння вам не цікава ведаць, сёння вам абыякава, усё роўна, як вашы дзед і бабуля называлі травы і зёлкі роднай зямлі, а заўтра вам стане ўсё роўна і вы забудзеце, як звалі саміх дзеда і бабулю, вашых кроўных продкаў, якім вы абавязаны сваім існаваннем. Далей застанецца адзін крок, каб забыць, дзе вы нарадзіліся і як завецца Радзіма! Ясна? Дык вось, каб такога не здарылася з вамі — я і хаджу, і сноўдаю кожны дзень ад Шушуты да Шушуты. І я ганаруся сваім прызваннем. Гэтым іронікам (ківае на Бладыку і Аліка) зразумець мой клопат ужо немагчыма. Іх прызванне, вядома, больш высакароднае: жлукціць каньяк, капыціць каблукамі танцпляцоўку, спакушаць і ашукваць наіўных зеляпух, а можа, і яшчэ што... Вось так, мілыя рагатушкі!

Дзяўчаты стаяць разгубленыя. Лера — таксама.

Алік (да Бладыкі). Дарагі Аскольд, па-мойму, шаноўны акадэмік просіць нас павысіць яму адукацыю? (Папраўляе пояс, робіць крок бліжэй да Паўла.)

Бладыка. Спакойна, Аляксандр Іванавіч! Спакойна! Проста таварыш вучоны не ў гуморы — стаміўся і хоча адпачыць.

Павел рэзка павярнуўся і накіраваўся ў дом.

Лера. Павел! Павел, стой, я кажу!

Павел абярнуўся і спыніўся.

Павел, ты абразіў добрых людзей. Вярніся і папрасі прабачэння!

Павел зноў завярнуўся і моўчкі пайшоў у дом.

Павел!.. Ну, пачакай жа, асёл упарты!.. (Да Бладыкі.) Налівай! (Схапіла фужэр і працягнула Бладыку.) Заўтра ён будзе ў мяне ў нагах валяцца!

Бладыка (наліваючы Леры віна). Супакойся — усё нармальна. Трохі нервы не ў парадку ў твайго акадэміка — гэта не бяда. (Падымае фужэр з віном.) І так, за што драбалызнем?

Люда. Калі я выйду замуж, то ў мяне муж будзе па струнцы хадзіць. Скажу «стой!» — будзе стаяць, пакуль у слуп не абернецца.

Іра. А калі я выйду замуж, я буду рабіць усё, што толькі ні загадае муж. Для мяне найвялікшая асалода — выконваць жаданне каханага.

Люда. Ну і дурная будзеш.

Алік. Чаму дурная? Наадварот — харошая дзевачка!

Бладыка. П’ём і танцуем! Я хачу яшчэ патанцаваць! (Выпівае, уключае магнітафон і запрашае ў танец Люду.)

Алік запрашае Леру. Іра выходзіць на круг адна. Усе досыць заўзята танцуюць. Праз некалькі хвілін з дому выходзіць Павел. За спіной у яго набіты рэчамі рукзак, у адной руцэ — бавул, у другой — куфэрак. Параўняўшыся з танцорамі, спыніўся, стаў і глядзіць на Леру. Яго заўважылі. Бладыка выключыў музыку.

Лера (да Паўла). Ты гэта што?..

Павел. Хадзем адсюль!

Лера. Куды — хадзем?

Павел. У рэзідэнцыю з пацукамі.

Лера. Ах, вось як?! жэстам.) Дываном дарога, Павел Арсеневіч! А я нікуды не пайду адгэтуль! І занясі мае рэчы назад!

Павел. Лера, я кажу зусім сур’ёзна: хадзем!

Лера. А я табе кажу: занясі мае рэчы назад!.. Да чаго абнаглеў супруг: запрашае мяне начаваць у хлеўчуку з пацукамі!

Бладыка (да Паўла). Вось гэта вы ўжо ні к чаму. Я вас не выганяю. Жывіце! Я нават не пакрыўдзіўся за вашы паклёпніцкія выдумкі.

Павел (не зрэагаваўшы на словы Бладыкі, да Леры). Ну, што ж! Бывай здарова, жонка. (Ставіць куфэрак і бавул на зямлю.) Заставайся. Рэчы назад занясуць джэнтльмены. (Папраўляе за плячыма рукзак і ідзе прэч з двара.)

Лера (услед Паўлу, крыху ўстрывожана). Павел!.. Павел Арсеневіч!..

Павел нават не азірнуўся і знік з вачэй.

(Лера апусцілася на лаўку і нейкі час маўчыць. Затым схамянулася і з усмешкай павярнулася да Бладыкі.) Ну, вось так, Аскольд Гаўрылавіч. Патанцуем? (Да Аліка.) Алік, музыку!

Алік уключае музыку, адводзіць дзяўчат крыху воддаль і там з імі твістуе.

Бладыка (сеў насупраць Леры каля стала). Супакойся. Нідзе твой акадэмік не дзенецца.

Лера (даверліва ўсміхаючыся). А мне ўжо цяпер хвалявацца няма чаго. Я сваё слова сказала. Я зрабіла так, як ты хацеў.

Бладыка (не ўспрыняўшы слоў Леры). Я думаю, ён скора вернецца па цябе.

Лера. Павел? Нізашто! Ты проста не ведаеш Паўла!

Бладыка (хутчэй устрывожана, чым узрадавана). Не вернецца?

Лера. Ні ў якім разе!.. А ты што — баішся, каб ён сабе чаго не зрабіў? Не бойся: у яго сіла волі — во! (Паказвае вялікі палец.)

Бладыка. Ды я не гэтага баюся...

Лера. А чаго ты... баішся?

Бладыка. Справа не ў боязі... Справа ў тым, што... неяк зусім нечакана ўзнікла ў вас гэта сварка...

Лера. Нечакана?.. Як — нечакана?.. Пасля ўсяго, што ў нас з табой было... Ён адчуў. Я кепска ўмею прытварацца...

Бладыка. Ну, з-за гэтага, што ў нас было, сварыцца з мужам не варта. Гэта ж муж усё-такі!

Лера. Што? (На твары адбілася страшнае працверазенне.) Не варта?.. Цяпер — не варта?..

Падыходзяць Алік, Іра і Люда.

Люда. Хопіць вам тут сакрэтнічаць! Ёсць прапанова прагуляцца берагам возера.

Іра. Так — мы ўсе трое рашылі ісці на прагулку. Нас большасць — значыць, вы — хоцькі-няхоцькі — падчыняецеся нашаму рашэнню і пойдзеце з намі.

Бладыка (ажывіўся). Выдатная ідэя! Цалкам падтрымліваю. Толькі трэба спачатку прыбраць стол, занесці ў дом пасуду, магнітафон, разумеецца — гаручае. Давайце тут жа гэта і аформім! Іра і Люда — збірайце талеркі, відэльцы, фужэры. Аляксандр Іванавіч, забірай бутэлькі. Я панясу магнітафон. (На Леру не звяртае ўвагі, як быццам яе няма.)

Іра (з талеркамі ў руках падышла да Леры). Што замаркоцілася? Вернецца твой Павел! Мілыя сварацца — толькі цешацца! Бяры свой бавул і нясі ў дом. А куфэрак мужчыны занясуць.

Лера. Зараз... Я на хвіліну выйду на дарогу... Гляну... Потым сама занясу.

Алік панёс бутэлькі, Бладыка — магнітафон, Іра і Люда — пасуду. На падворку засталася адна Лера. Аглянуўшыся кругом, яна паціху ідзе да студні, што бялеецца ў змроку. Спынілася, заглянула ў студню, адхіснулася, зайшла на процілеглы бок і прыхілілася, прылёгшы грудзьмі і галавой, да пакатай стрэшкі. У такой позе замерла. З дому выходзяць Бладыка, Алік і Іра. Бладыка з вядром у руцэ.

Бладыка (з ноткай трывогі ў голасе). А дзе ж Лера? Рэчы стаяць, а яе не бачна?

Іра. Не хвалюйцеся, пайшла глянуць на дарогу, зараз прыйдзе. Алік, вазьмі яе бавул і куфэрак, а я занясу абрус і табурэтку.

Бладыка з вядром ідзе да студні, не дастаючы ваду, садзіцца на лаўку. Іра ўзяла са стала абрус і табурэтку і панесла ў дом. Алік таксама падышоў да студні. Леру яны не бачаць — яна з другога боку, за стрэшкай.

Бладыка. Складаная сітуацыя, Аляксандр Іванавіч. З мяне ажно хмель выйшаў.

Алік. Што такое, дарагі мой? Людачка не клюе?

Бладыка. Людачка клюнула, і, па-мойму, надзейна. Я хацеў бы неадкладна, сёння ж, заняцца ёю. А тут, бачыш, якую ініцыятыву праявіла Лера: справадзіла к чорту, на ноч гледзячы, свайго лапуха-акадэміка і думае застацца начаваць у мяне. Яна ж сапсуе мне ўсю абедню! А галоўнае, што яна, дурніца, рассмакавалася і ўсур’ёз спадзяецца стаць гаспадыняй маёй дачы і «Волгі»... Можа, ты сёння аб ёй паклапоцішся?

За студняй ускрыкнула і асунулася на зямлю Лера. Бладыка і Алік кінуліся туды.

Бладыка (спалохана). Лера?!. (Аліку.) Яна тут стаяла і ўсё чула!

Алік. Тым лепш, дарагі мой: сітуацыя спрасцілася сама.

Бладыка. Яна страціла прытомнасць. Скарэй вады! (Хапае вядро на ланцугу.) Трохі ёсць у вядры... Цягні сюды яе, тут відней. Жыва!

Алік падцягвае Леру. Бладыка плёхае ёй на галаву вадой і тармосіць.

Лера!.. Лера!.. Ты што надумала?.. Лера?!.

Лера прыйшла да памяці і села.

палёгкай.) Фу-ты, якога коніка выкінула, га?..

Алік. Нашто падаць? Нашто абміраць? Нашто так браць да сэрца сварку з мужам? Вернецца твой муж — гэта я табе гарантую! Хіба ён можа пакінуць такую каралеву?

Лера (седзячы на зямлі, спачатку слабым шэптам, але з кожным словам усё грамчэй). Сволач... Сволач!.. Мярзотнік!.. Скаціна бязрогая!.. Скаціна!.. Ненавіджу цябе, скаціна!..

З дачы выходзяць Іра і Люда.

Люда (здалёк). Што там у вас? Чаго яна села на зямлю?

Бладыка. Блага стала. Мабыць, выпіла лішне. Ідзіце памажыце ёй.

Заслона.

 

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Дэкарацыя карціны першай — хата і падворак Жыткевіча. Новая толькі адна дэталь — каля бярозы, абапершыся высока аб ствол, стаіць драбіна. Відаць, яе паставіў гаспадар, вярнуўшыся з дачы Бладыкі. На дварэ — шэры прыцемак летняга вечара. Жыткевіч сядзіць на лаўцы пад хатай. Падыходзіць з рукзаком Павел.

Павел. Добры вечар, Адам Лявонавіч!

Жыткевіч. Добры вечар. Гэтак позна ў дарогу некуды?

Павел. Ды не, не ў дарогу. Іду начлегу шукаць.

Жыткевіч. Начлегу?

Павел. Ну, так, начлегу. Не пад кустом жа начаваць, Лявонавіч. (Садзіцца побач на лаўку, рукзак кладзе на зямлю.)

Жыткевіч (пільна паглядзеў у твар Паўла). Сабе аднаму ці... дваім?

Павел. Аднаму.

Жыткевіч. А-а-а, значыць, толькі сабе... (Памаўчаўшы.) Па мордзе хоць пляснулі гэнаму ці не?

Павел. А за што?

Жыткевіч. Ну, як няма за што, то і не трэба. Хаця... каб гэта на мяне, скажу вам шчыра, то ўжо я б яго змалаціў на грэцкі сноп! Не тлумачачы за што. Я малады, брат, быў порсткі. Да двух не гавары! На вечарынцы, бывала, аж хацелася, аж карцела, каб хто-небудзь зачапіў хоць словам маю Анцю, каб тут жа пастаяць за яе гонар і расквасіць нюхаўку нахабніку... І самому, праўда, даставалася. Цяпер як падумаю — ну і дурны ж быў! Каб была тая Анця чаго варта, а то — ат!.. Як падрэзала мне крылы ў маладосці, так і застаўся я птахам нялётным. Так і змадзелася жыццё... Тут, брат, такі закон: калі адзін крылаты, дык трэба, каб і ў другога крылы выраслі. А калі ў другога не вырастуць, дык тады і ў першага могуць адпасці, адваліцца за непатрэбнасцю. Са мною так і здарылася. Вот — жыў, жыў і канчаю тым, што нават пенсіі людскай не выслужыў, самую малую бяру, як утрыманец усё роўна. Жыву, як мой большы сын кажа, на дывідэнды — гэта ён так называе грошы, што мне кватаранты плоцяць...

Нейкі час абое маўчаць.

Павел. Дык як з начлегам будзе, Лявонавіч? Знойдзецца што-небудзь?

Жыткевіч (з ноткай дакору). А што ж я цяпер знайду? Рэзідэнцыю маю вы не ўпадабалі — пацукоў спалохаліся.

Павел. Там, дзе я быў, пацукі больш страшныя, больш драпежныя. Гатоў лепей з тыграмі жыць, чым з тымі пацукамі.

Жыткевіч. Вось бачыце... Дык маю рэзідэнцыю ўжо занялі. Нейкія два рыбачкі прыехалі. На матацыкле. Занялі, брат! Усё, што магу цяпер прапанаваць,— гэта буслянка. Хочаце на буслянцы паначаваць?

Павел. А што? (Усміхаючыся.) Я згодзен. Гэта будзе цудоўны начлег! Пад зорным небам, пад ясным месяцам. Буду слухаць, што шэпча ветрык, што гавораць зоркі...

Жыткевіч. Дык бярыце! Малады некалі і я неаднойчы марыў паначаваць на буслянцы. Хоць раз, думаў! Хоць адзін раз! Але так і не давялося. Нешта мне так і не дало забрацца туды. Ну, а цяпер ужо позна. Гэта — начлег для маладога, крылатага... Бярыце, адным словам! Вам там спадабаецца, я ўпэўнены. Па-мойму, гэта якраз для вашай душы.

Павел (з разуменнем усміхаючыся). Дзякую, Адам Лявонавіч. Я ведаў, што вы мяне выручыце.

Жыткевіч. Ну, а калі пачнецца навальніца і вы змокнеце і змерзнеце там — тады злазьце і прыходзьце ў хату. Сёння выехаў — раней тэрміну — Нішчык, пастаянны мой кватарант, і да вашых паслуг цэлы пакой. Можаце жыць хоць да зімы.

Павел (узрадавана). Сур’ёзна? У вас вызваліўся пакой?

Жыткевіч. Ну, кажу ж, чалавек паехаў сёння... Ужо там Анця і парадак навяла. Можаце ісці раскватароўвацца. Во — можаце ў акно глянуць, якраз гэты. (Падымаецца і расчыняе акно.) Хаця без святла нічога не ўбачыце...

Павел. Я вам вельмі ўдзячны, Адам Лявонавіч. Бясконца вам удзячны!.. Ага! Значыць, так: я ўкіну свой рукзак у пакой, а сам схаджу да Міколы Зайчыка, трэба мне пагаварыць з ім. (Бярэ рукзак і праз акно апускае яго ў пакой.)

Жыткевіч. Акно зачыніце, а то камары налятуць. З таго боку ёсць другое, зацягнутае марляй, яно дзень і ноч адчынена, каб свежа дыхалася...

Павел (зачыніўшы акно). Лявонавіч, я хутка вярнуся. (Шпарка знікае за хатай.)

Жыткевіч зноў застаецца на лаўцы адзін. Праз хвіліну ён бачыць — да хаты набліжаецца, валочучы ў руках бавул і куфэрак, Лера. Яна заўважыла Жыткевіча, спынілася, паставіла рэчы каля ног, дастала хусцінку, выцерла вочы. Пакінула рэчы, дзе стаяла, падышла да Жыткевіча.

Лера (сумным, упалым голасам). Добры вечар...

Жыткевіч (наадваротвельмі бадзёра). Добры вечар, панечка!

Лера. Скажыце, Паўлік у вас?

Жыткевіч (наўмысна разыгрываючы Леру). Які Паўлік?

Лера. Мой муж, Павел?

Жыткевіч. А хто ён? У мяне многа ўсякага народу.

Лера. Хіба вы мяне не пазнаеце? Мы прасіліся да вас на кватэру, тыдні два назад, помніце? Мы жылі гэты час у... (Запнулася і не сказала ў каго.) Вы туды прыходзілі.

Жыткевіч. У каго вы жылі?

Лера (громка, злосна). У пацука!.. На якога няма атруты!

Жыткевіч (засмяяўшыся). От гэта вы добра сказалі! У пацука вы жылі, панечка, у пацука! Позна, праўда, расшалопалі.

Лера. Чаму — позна?

Жыткевіч. Ну, можа, і не позна! Калі ўрадзіліся для шчасця, дык, можа, і не позна. Не ведаю.

Лера. Дзе Павел? Мне трэба яго неадкладна ўбачыць.

Жыткевіч (усё тым жа жартаўлівым тонам). Павел?.. Павел спіць, вядома!

Лера. Дзе? У вашай «рэзідэнцыі»?

Жыткевіч. Не! «Рэзідэнцыю» занялі другія. Два рыбачкі пасяліліся. Прыехалі сёння.

Лера. Дык а дзе ён... спіць?

Жыткевіч (паварочваецца і паказвае рукой). А вунь там, высока. На буслянцы.

Лера. На буслянцы?!

Жыткевіч. Ну, кажу ж, на буслянцы!

Лера. Вы жартуеце. Вы мяне падманваеце.

Жыткевіч. Якія жарты? Хіба вы не бачыце вунь драбіну каля бярозы? Да сукоў далез па драбіне, а там — па суках і ў гняздо. Што яму туды залезці— такому дужаму, спрытнаму хлопцу! Раз плюнуць!

Лера. Вы... сапраўды сур’ёзна? Не смеяцеся з мяне? Пакляніцеся, прашу вас!

Жыткевіч (хрысціцца). Вось вам крыж, што ваш муж цяпер высока-высока! Вам да яго цяпер не дастаць, панечка!

Лера адыходзіць ад хаты, бліжэй да бярозы, задзірае галаву, глядзіць на буслянку, пачынае плакаць, а затым клікаць Паўла.

Лера. Паўлік! Паўлік!.. Ты мяне чуеш, Паўлік? (Яшчэ больш голасна.) Паўлік!.. (Да Жыткевіча.) Ён не адзываецца!..

Жыткевіч (падыходзячы да Леры). А раней... ён вам адзываўся адразу?

Лера. З першага слова. Нават з паўслова.

Жыткевіч (разводзіць рукамі). Відаць, не пазнае вас. Можа, у вас голас змяніўся, не той, што раней быў? Калі змяніўся, дык ужо цяпер, панечка, з паўслова адклікацца не будзе...

Лера (хліпаючы носам). Пры чым тут голас. Голас у мяне той самы, і ўсё ў мяне тое самае... Проста ён пакрыўдзіўся на мяне... (Зноў пачынае клікаць.) Паўлік!.. Паўлічак, любенькі, міленькі, злазь!.. Злазь дадолу, Паўлічак!.. Ты чуеш?.. Спускайся на зямлю!.. Паўлік!..

Жыткевіч. Панечка, не цягніце яго долу! Хай ён пабудзе там — высока. Яму цяпер ветрык лісцвяную калыханку пяе. Ён цяпер размаўляе там з зоркамі і з месячкам, з хмаркамі, што прабягаюць над галавой. Ён жа разумее іх мову! І, мабыць, гэтак жа добра, як і нашу, як і мову гэтай зямлі, мову траў і кветак, вады і ветру. Не клічце яго, панечка, не трэба...

Лера (выціраючы вочы). А я туды магу залезці?

Жыткевіч. Э-э, не! Вам туды няможна.

Лера. Чаму?

Жыткевіч. У вас, панечка, галоўка слабая. Закружыцца. Вам трэба толькі па зямлі хадзіць. Або ў машыне ездзіць. І начаваць вам таксама — на зямлі спадручней. Так што ідзіце, панечка, у пакой, які вас чакае, і — добрай вам ночы. А Паўла я сам разбуджу на буслянцы, скажу яму...

Лера. Дзе мяне чакае пакой?

Жыткевіч. У маёй хаце. Чысты, прыбраны, гатовы для вас пакой. Кватарант выехаў — і ён свабодны. Хадземце — завяду. (Ідзе і бярэ бавул з куфэркам, нясе іх.) Хадземце!.. Хай на буслянцы паспіць той, у каго сумленне — такое ж яснае і чыстае, як святло гэтых зорак у небе... Хадземце!..

Жыткевіч і Лера знікаюць за вуглом хаты. Гасне святло. Ноч.

Заслона.

1975—1977




Беларуская Палічка: http://knihi.com