epub
 
падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

Першая ноч на курорце

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Далікатны Антон Вікенцьевіч — гадоў 50 з хвосцікам.

Далікатная Сабіна Адамаўна — яго жонка, гадоў пад 45.

Сандалік Мацвей Мацвеевіч, Сандалічыха, Вікторыя Маркаўна — знаёмыя Далікатных, абаім гадоў па 60.

Незнаёмец — аматар прыгод, узрост няпэўны.

 

Дзея адбываецца ў невялікім прыморскім гарадку ў нашы дні.

 

Тыповы пакой тыповага дома адпачынку. На заднім плане — зашклёныя двухстворкавыя дзверы на веранду, за якою — прыцемак летняга вечара. Уздоўж бакавых сцен — па ложку, між імі метры са два праходу. За адным ложкам, у галавах, стол — упрытык да дзвярэй на веранду, за другім — тумбачка, а перад ім, на пярэднім плане,— шафа. Два крэслы. На верандзе праз адчыненыя дзверы бачна крэсла-гушкалка.

У пакоі — Далікатны і Далікатная. Ён — нізкі, пульхны і амаль зусім лысы таўсцяк. Яна — поўны кантраст яму: хударлявая, крыху дрындулястая і з пышнай завіўкай на галаве.

Далікатны (сядзіць у крэсле, у летняй кашулі, выпнуўшы досыць ладнае чэраўца). Чым мне спадабаўся першы дзень адпачынку — дык гэта сталоўкай. Кормяць — як на ўбой.

Далікатная (штось парадкуе ў шафе). А ты і рад старацца! Як наваліўся на тую манную кашу — нібы зроду не еў ніколі. Я ўжо баялася — і з-за стала ці ўстанеш.

Далікатны. А ты знаеш — нічога, скажу я табе, лішняга. Уклалася — і хоць бы штося.

Далікатная. Уклалася!.. Але дзе ўклалася? Пад сэрца яна ў цябе ўклалася! Вунь, выкаціў (кіўнула на жывот мужа) — як баба на сёмым месяцы!

Далікатны. А-я-яй, Собачка! Усё жыццё ты крытыкуеш маю канстытуцыю. Ты на пляжы сёння была са мною?

Далікатная. Ну і што?

Далікатны. Бачыла, якія начоўкі носяць маладыя здаровыя мужыкі? Ды што там начоўкі! У іншага вёдзер на дзесяць цэбар! Бочка-жлукта, а не жывот!.. Так што наконт майго ты яшчэ не грашы богу!

Далікатная. Дык і ты хочаш гэтакім цэбрам абзавесціся? Нашто ён табе? А галоўнае — нашто ён мне? Мне такі твой цэбар не патрэбен!

Далікатны. А гэткага ў мяне ніколі і не будзе. Не хвалюйся, у мяне ўсё раўнамерненька. ..

Чуецца стук у дзверы.

Далікатная. Сандалікі, мабыць. Абяцалі ж зайсці паглядзець, як мы ўладкаваліся.

Далікатны ідзе і адчыняе дзверы. Заходзяць Сандалік і Сандалічыха. Падобныя, як брат і сястра, ці сапраўды як два старыя сандалі: абое худыя і выгнутыя ўнутр. Даюць гаспадарам «Добры вечар!».

Далікатны. Вечар добры. Праходзьце, калі ласка, сядайце. (Падсоўвае гасцям крэсла.)

Сандалічыха. Дайце ж глянуць на вашу кватэру. (Абводзіць паглядам пакой, вытыкае галаву за дзверы на веранду.) Так, як і ў нас, толькі што на першым паверсе.

Далікатны. Апартаменты не раскошныя, але адпачыць можна. Сядайце ж, калі ласка.

Госці ўсаджваюцца ў крэслы, гаспадары — на ложках.

Сандалік. Адпачываць, як і працаваць, трэба ўмеючы. Вы, дарэчы, што, апрача купання ды загарання, плануеце? Культпаходы? Карты? Віно?

Далікатная. Мацвей Мацвеевіч! Пабойцеся бога! Ні грама віна за ўвесь сезон! Так мы з Антонам дамовіліся. Тут хоць бы сонца ўхапіць крыху ды адаспацца ўволю.

Далікатны (да жонкі). Нясі, Соба, тую дыню з веранды, можа, госці пачастуюцца.

Сандалічыха. Не трэба ніякай дыні! Мы цэлымі днямі толькі і ядзім дыні.

Сандалік. Так, гэтага дабра тут хапае. Не лепшыя гатункі, праўда. Дзе я еў сапраўдныя дыні — дык гэта ў Таджыкістане, у горадзе Ісфара. Вось гэта былі дыні! За такую смакату і заплаціць не шкода!

Далікатная (ставячы талерку з дыняй на стол). Разразай, гаспадар. Нож там дзесьці ў століку.

Сандалічыха (аж падхопліваецца). Не разразайце! Мы нават і не дакранёмся! Што вы! Мы не хочам дыні. А разрэзаная за ноч сапсуецца, майце на ўвазе.

Далікатны. Ну, то выбачайце. Былі і іншыя фрукты, але мы іх тым часове апрыходавалі.

Сандалічыха (ківаючы на дыню). Ваша, відаць, з базару? У магазіне я такіх вялікіх не бачыла.

Далікатная. З базару. Антон, ад радасці, схапіў, не таргуючыся.

Сандалік. Багаты чалавек, калі не таргуючыся.

Далікатны. Багаты не багаты, а таргавацца за капейку проста саромлюся.

Сандалічыха. Вы ж не ўздумайце пакінуць гэту дыню нанач на верандзе.

Далікатны. А чаму? Якраз я і думаў пакінуць яе там, на халадку.

Сандалічыха. Вы што? Мілыя мае! Ні дыні, ні талеркі не ўбачыце! Гэта хто на другім ці на трэцім паверсе жыве — той можа пакідаць на верандзе ўсё, што хочаш. А тут — і не падумайце!

Далікатная (занепакоена). Украдуць дыню?

Сандалічыха. Яна яшчэ перапытвае! І дыню, і пасудзіну! Я кажу вам — не рабіце глупства! Вы бачылі, якія па ўзбярэжжы ходзяць валасацікі і з імі красуні? Ну? Яны ж толькі і глядзяць, каб што дзе злэпаць. Тут жа дзікі зброд з усяго свету! Дзве тысячы курортнікаў арганізаваных і пяцьдзесят восем тысяч «дзікіх»!

Далікатны. Дазвольце запярэчыць, Вікторыя Маркаўна! Тое, што нехта валасаты, яшчэ не значыць, што ён і злодзей.

Сандалік. А за што, вы думаеце, гэтыя валасацікі тут жывуць? Хто ім даў грошы? Тата і мама? Паглядзіце добра на іх, і вы не паверыце, што ў іх наогул ёсць тата і мама.

Сандалічыха. Усе калматыя, нямытыя, брудныя, а тыя джынсы — лата на лаце, а то і зусім, не пры вас кажучы, задніцай свецяць... Цьфу!

Далікатная. Я, паверце, іх не магу трываць. Агіда падварочвае. Каб я сваё дзіця ўбачыла гэтакім — я, напэўна, засілілася б.

Далікатны. І вы перабольшваеце, Мацвей Мацвеевіч. Дарэчы, таты і мамы ў іх ёсць, і ў некаторых нават не абы-якія таты... Сёння ў адной іх кампаніі я бачыў сына — каго б вы думалі? — нашага знаёмага прафесара, прарэктара інстытута. Такі ж, як і ўсе, валасаты, брудны і аблюманы. І дзявуля з ім такой жа масці — уся абнэданая і абфэнданая. Але ж, я думаю, грошы яму тата-прафесар дае, ці не праўда? І, мусіць, усё-такі сын прафесара красці з веранды дыню не пойдзе?

Сандалічыха. Моця, ты ім больш нічога не тлумач! Хай пераканаюцца самі! Пакіньце, калі ласка, на верандзе ўсё — і дыню, і свае купальнікі, і плаўкі, і ручнікі,— усё пакіньце! І заўтра будзеце мець! Мы вам нічога не гаварылі, а вы — нічога не чулі!

Далікатны. Ды я не адмаўляю, што ёсць зладзейства. Я толькі хацеў сказаць, што ў прынцыпе мы часта мяркуем аб нашых маладых людзях павярхоўна. Яны сваім выглядам і паводзінамі нярэдка эпаціруюць публіку, гэта праўда, але ў прынцыпе... (Запнуўся.)

Далікатная. Памаўчаў бы ты са сваімі прынцыпамі! Ці ўжо забыўся, як гадоў пяць назад гэткія ж валасатыя сцягнулі ў цябе на возеры гадзіннік? Патрымай свае прынцыпы ў сабе, а дыню і мокрыя купальнікі я нанач з веранды папрымаю.

Сандалічыха. Не ўздумайце гэтыя дзверы (ківае галавой на веранду) пакінуць вось так, расчыненымі. Залезуць ноччу і абчысцяць дагала! Пасля мора вы будзеце спаць як забітыя, а ім толькі гэта і трэба.

Далікатны. Дык а што — спаць, запёршыся? А чым жа дыхаць? Мы ж ехалі, каб дыхаць свежым марскім паветрам.

Сандалічыха. Нашто — запёршыся! Дзверы хай будуць расчынены. Толькі трэба зрабіць перад імі барыкаду. Ці якую пастку навесці. Каб вы адразу маглі пачуць і прачнуцца. Усе, што жывуць на першым паверсе ці ў катэджах, нешта такое прыдумляюць. Мы з Моцем, помню, узводзілі цэлую барыкаду. Падцягвалі стол, на стол — плеценую гушкалку, а наверх яшчэ — абодва крэслы. А як жа вы думалі? Гэта ж вам курорт, а не ў вёсцы ў мамы!

Сандалік. Ну, добра! Вопытам мы падзяліліся, а астатняе — справа ваша. Хадзем, Вікторыя. Пройдземся яшчэ разок алеяй дый на бакавую. (Падымаецца з крэсла.) Дабранач вам!

Сандалічыха (падымаецца з крэсла). Не праспіце заўтра ранішняга мора. Самая любата — гэта а гадзіне сёмай, не пазней. Мора — ціхае-ціхае, і на беразе ніякага шуму-гаму. І сонца такое ласкавае, непякучае, сядзіш пасля вады на пясочку і проста маладзееш. Спакойнай ночы! (Ідзе за мужам да дзвярэй.)

Далікатная (праводзячы гасцей да выхада). Заходзьце, калі ласка, не забывайце нас.

Сандалічыха (далікатна, ўпаўголаса). Вы ўсё-такі паслухайце мяне (ківае не веранду), а то ваш супруг, я гляджу, дужа бяспечны...

Далікатная (няголасна). Абавязкова! Мала што ён гаворыць. Дзякую вам за параду, Вікторыя Маркаўна! І дабранач!

Сандалік і Сандалічыха выходзяць.

Далікатны (усміхаючыся). Во нагналі страху гэтымі валасатымі! Як мы з табой не ездзілі па курортах, кожнае лета праводзілі ў вёсцы, дык і не падазравалі, што гэтак трэба баяцца зладзеяў.

Далікатная. Добра, што папярэдзілі. А то ў першую ж ноч маглі б застацца з табой галышамі. Пакукавалі б тады тут. І ні сонцу, ні мору не ўзрадаваліся б.

Далікатны. Ты ўсур’ёз паверыла ім?

Далікатная. Канешне, паверыла! І я прашу цябе адразу: ты сваімі прынцыпамі мяне пад удар не падстаўляй. Калі сцягнуць усю вопратку і грошы — прынцыпы на сябе не надзенеш.

Далікатны. Дык што? Ты прапануеш рабіць у дзвярах барыкаду?

Далікатная. Канешне!

Далікатны. Людзі ж смяяцца будуць. Убачыць хто раніцой, праходзячы міма...

Далікатная (пачынае злавацца). Што мне твае людзі! Ты не чуў, што сказалі Сандалікі? Усе, каго пасялілі на першым паверсе, нешта прыдумваюць, каб не абакралі! Смяяцца людзі будуць тады, як ты застанешся ў адной піжаме!

Далікатны. Ды не слухай ты гэтых Сандалікаў! Яна абчаплялася брыльянтамі, залатымі пярсцёнкамі, жамчуговым калье — дык ім і страшна. А каму патрэбны нашы сціплыя транты?

Далікатная. Антон! Калі ты думаеш нешта мне даказаць, то дарэмна стараешся. Я сама зраблю барыкаду! (Ідзе і спрабуе цягнуць да дзвярэй стол.)

Далікатны (падыходзіць да жонкі). Ды пачакай ты! Не цягні стол. (Далікатная адыходзіцца і садзіцца на ложак.) Раз ужо цябе так напалохалі Сандалікі, то мы нешта прыдумаем. (Абводзіць паглядам стол, крэслы, тумбачку.) Лепш навесці якую пастку ў дзвярах, чым рабіць барыкаду. Гэта культурней будзе.

Далікатная. А якую ты прыдумаеш пастку?

Далікатны. Можа, тут унізе вяровачку нацягнуць? Упоцемку злодзей не ўбачыць, зачэпіцца і наробіць шуму. А я сплю вельмі чуйна, як ты ведаеш. Самы лёгкі шум я пачую.

Далікатная. Што вяровачка! Якая ж гэта пастка — вяровачка? Трэба, каб зладзюган сапраўды трапіў у пастку. Каб яму дасталося так, што і красці больш не захацеў!

Далікатны. Ого, Собачка! На сапраўдную пастку ў нас ніякага начыння няма. Ды і навошта?

Далікатная. Як гэта навошта? Трэба правучыць нягодніка! Каб дзесятаму заказаў!

Далікатны. У прынцыпе я згодзен, зладзеяў трэба адвучваць ад зладзейства. Але хіба гэта наша з табой справа? Мы прыехалі адпачываць, а не займацца зладзеямі.

Далікатная (з радасцю). Антон! Я прыдумала! Такую зробім пастку, што больш ніколі не палезе!

Далікатны. Прыдумала?

Далікатная. Прыдумала! Зараз пабачыш! (Падхопліваецца і кідаецца ў выхадныя дзверы. Праз хвіліну вяртаецца з вялікім жалезным ломам у руках.) Во!

Далікатны. Што — во?

Далікатная. Лом! Ты паглядзі, які здаравенны лом!

Далікатны. Бачу, што лом. Я нават ведаю, дзе ты яго брала — у туалеце. Яго, відаць, рабочыя-рамонтнікі пакінулі.

Далікатная. Цяпер ты разумееш, якую мы зробім пастку?

Далікатны. Нешта не ўяўляю.

Далікатная. Гэты лом трэба падвесіць над дзвярыма так, каб як толькі злодзей пераступіць парог — лом яму па галаве бац! — і кранты!

Далікатны (смеючыся, кідаецца ў крэсла). Ну, Собачка! Ну, вынаходніца! Вернемся дадому і пашлём тваю ідэю пасткі ў таварыства рацыяналізацыі і вынаходніцтва: першую ўсесаюзную прэмію атрымаеш!

Далікатная (пакрыўджана, з напускной злосцю). А чаго ты смяешся? Перастань смяяцца, Антон, а то ўсаджу табе гэты лом у чэрава без ніякага вынаходніцтва!

Далікатны. Галава ты садовая, Собачка. Як ты падвесіш гэты лом, каб ён бацнуў якраз па чэрапе?

Далікатная. А ты прыдумай, як! Можа, якую сістэму блокаў зрабіць, як некалі ў школе вучылі? У мяне дзве шпулькі нітак ёсць і вяровачка капронавая, для бялізны брала. Прыдумай што-небудзь!

Далікатны. Паслухай сюды, дарагая мая ненаглядная. Ну, дапусцім мы нават нешта сканструіруем. А ты падумала, што будзе, калі лом бацне злодзею па галаве?

Далікатная. Будзе тое, што трэба!

Далікатны. Што трэба? Ён жа можа забіць насмерць!

Далікатная. Не заб’е. Тут невысока.

Далікатны. Дык пакалечыць, калі не заб’е!

Далікатная. Ну і што?

Далікатны. Як — ну і што? Пакалечыць чалавека?..

Далікатная. Якога чалавека?! Злодзея, а не чалавека!

Далікатны. Ну, але ж чалавека!

Далікатная. Злодзея, Антон, злодзея! Нягодніка, што не дае сумленным людзям ні жыць, ні адпачываць нармальна. Ідзі і пацалуй яго, калі ён табе такі мілы! Ідзі! Іх цяпер там на ўзбярэжнай, каля мора, поўна — і з транзістарамі, і з гітарамі, і з крадзенымі дынямі!

Далікатны. Так, Собачка, і ўсе гэныя валасатыя і нямытыя, аблюманыя і абкерзаныя, абнэданыя і абфэнданыя — усе яны людзі. І не калечыць іх патрэбна, а выхоўваць. У тым, што яны такія, не толькі яны самі вінаваты. А можа, самі яны і зусім не вінаваты. Яны вырасталі і выхоўваліся не на месяцы, а — на зямлі, з намі і сярод нас. І ўсё, чым яны табе не падабаюцца...

Далікатная. А табе — падабаюцца?!

Далікатны. Добра, хай будзе не табе, а нам. Дык вось, усё тое, чым яны нам не падабаюцца,— адкуль яны ўсё гэта ўзялі? Хто іх усім гэтым надзяліў? Радзіліся ж яны не такія!..

Далікатная. Антон, гэтае пытанне я ўжо чула ад цябе сто, а можа, і тысячу разоў. Скажы, ты прыдумаеш што-небудзь, ці я буду рабіць сама? Спаць жа пара ўжо класціся.

Далікатны (бярэ лом і ставіць каля дзвярэй на веранду, адчыняе і зачыняе дзверымазгуе, што б такое прыдумаць). Давай сюды свае ніткі. (Далікатная вымае з тумбачкі і падае ніткі.) Нашто нам усё гэта, калі ў мяне ёсць ідэя пасткі зусім нявіннай і ў той жа час бездакорнай па эфекту.

Далікатная. Без лома?

Далікатны. Канешне, без лома. З чайнікам. Вось з гэтым пустым алюмініевым чайнікам. Значыць, так. Чайнік ставім на самы край стала. За ручку прывязваем нітку — звычайную нітку, а другі канец яе чапляем за ручку дзвярэй. Уночы нітачка відаць не будзе. Дзверы пакідаем прыадчыненымі — настолькі, каб паветра паступала дастаткова, але каб чалавек, не адчыніўшы шырэй, не пралез. Значыць, злодзей пацягне на сябе створку дзвярэй — і чайнік кульнецца са стала на падлогу. І наробіць такога грому, што мёртвых разбудзіць, а не толькі сонных. Нават усе суседзі падхопяцца. Ты ведаеш, як грыміць у начной цішыні чайнік? Не выключана, што ад страшнага перапалоху ў злодзея здарыцца разрыў сэрца. Не выключана. Бо ён падумае, што ў яго стрэлілі з дубальтоўкі.

Далікатная (радасна). Антон! Ты ў мяне геній! Я б вельмі хацела, каб зладзюган ад страху абамлеў. Каб ён паваліўся тут непрытомны — тады б я з ім пагаварыла!..

Далікатны. Так і будзе, калі ён толькі паспрабуе сунуцца. Адным словам, кладзіся ты спакойна ў люлю і адпачывай. Я гэта змайструю хутка.

Далікатная (раздзяваючыся за дзвярамі шафы). Можа, давай праверым, як ён загрыміць.

Далікатны. Чайнік?

Далікатная. Ага.

Далікатны. Дык жа суседзяў напалохаем!

Далікатная (выходзіць з-за шафы ў начной кашулі). А ніхто яшчэ не спіць! Падумаюць, ненаўмысна зваліўся.

Далікатны. Давай, калі табе так хочацца. Толькі спачатку я выйду на веранду і пацягну пару разоў дыму — няўсцерп курыць захацелася. Буду ісці з веранды і прадэманструю табе, як спрацуе пастка. Хадзі сюды. (Далікатная падыходзіць да мужа.) Бачыш, як стаіць чайнік?

Далікатная. Бачу.

Далікатны (бярэ чайнік і падае ў рукі жонцы). Трымай. Я зараз выйду, прычыню на патрэбную шырыню дзверы, а ты пастаў яго дакладна так, як ён стаяў. (Бярэ папяросы і выходзіць на веранду. Жонка ставіць чайнік на край стала. З-за дзвярэй.) Паставіла?

Далікатная. Чакай хвіліначку. (Правярае, ці на самым краі, ці лёгка куляецца.) Паставіла!

Далікатны. Добра. Кладзіся цяпер і чакай грому. Я трошкі пасмэнджу тут папяросу.

Далікатная. Глядзі, дым не пускай сюды, каб у пакой не нацягнула!

Далікатны. Не нацягне. Абы вучыць табе... Сам ведаю.

Далікатная кладзецца ў ложак, нацягвае коўдру і заплюшчвае вочы.

Далікатная (счакаўшы трохі, пазяхаючы). Ну, ці скора ты, Антон?

Далікатны. Скора. Дакуру толькі.

З веранды даносіцца пакашліванне. А ў пакоі пачуўся лёгкі прысвіст — Сабіна Адамаўна задрамала.

Ну, дык слухай гром, я іду. Іду!..

Але жонка не чуе, яна спіць. Антон Вікенцьевіч асцярожна цягне на сябе створку дзвярэй. Чайнік куляецца са стала і падае на падлогу з нечуваным бразгатам — як з мінамёта смалянулі ўсё роўна. Сабіна Адамаўна падхопліваецца з немым крыкам з пасцелі, бачыць, як круціцца на падлозе накрыўка ад чайніка, і — траціць прытомнасць. Далікатны падбягае, тармосіць яе, пляскае далонямі па шчоках.

Далікатны. Собачка! Собачка! Што з табою, галубачка! Гэта ж я, Антон! Гэта ж не злодзей! Соба! (Кідаецца да графіна на стале і набірае поўны рот вады. Нагнуўся над жонкай і дзьмухнуў ёй у твар дажджом.) Собачка! Ачніся!

Далікатная штось мармытнула, заварушылася і расплюшчыла вочы.

Далікатная (ціхім, слабым голасам). Антон, у мяне разарвалася сэрца...

Далікатны. Ды бог з табою, Собачка! Цьфу, цьфу, цьфу! (Сплёўвае тры разы.) Усё зараз пройдзе, і нічога ў цябе не парвалася.

Далікатная (грамчэй). А я табе кажу, у мяне разарвалася сэрца! Разарвалася і правалілася!

Далікатны (мітусіцца каля пасцелі). Ну, супакойся, супакойся, мая галубачка! Я ж не думаў, што ты так хутка заснеш! Зараз я табе кропелек накапаю, кропелек табе ад сэрцайка... (Кідаецца да шафы, дастае пузырок з лякарствам, хапае на стале лыжачку са шклянкі, накапвае з пузырка капель і дае выпіць жонцы. Тут жа падае ёй вады ў шклянцы.)

Далікатная (глынуўшы і запіўшы лякарства). Антон, вязі мяне адгэтуль, дзе браў. Не трэба мне ні барыкады, ні пастка, ні сам гэты дом адпачынку. Нічога не трэба.

Далікатны (радасна). Канешне, не трэба барыкады! І ніякая пастка таксама не трэба! Гэта ўсё недарэчныя выдумкі Сандалікаў! І накасала ж іх нячыстая сіла на нашу галаву! Бачыш, колькі ўжо мы пацярпелі толькі за тое, што паверылі іхнім засцярогам. Трэба ў людзей верыць, Собачка, а не ў абывацельскія страхі Сандалікаў. Зрэшты, калі ўжо на тое пайшло, я ж гэтак чуйна сплю. Я пачую любога аблюманага і абкерзанага! Таму нічога не бойся і спакойна адпачывай. Табе стала лепш?

Далікатная. Лепш. Але не ведаю, чым гэта кончыцца. Калі гэткія будуць ночы і далей...

Далікатны. Ды што ты, Соба! Усё будзе нармальна! Спі, галубачка. Я выключаю святло і кладуся таксама. (Разуваецца, гасіць святло і кладзецца спаць.)

Далікатная (устрывожана, паўшэптам). Антон, ты чуеш? Здаецца, за верандай кусты зашасталі?

Далікатны (пазяхаючы). Ветрык пранёсся, дык і зашасталі. Ты не прыслухоўвайся, а спі. Як у сваёй хаце.

Далікатная (памаўчаўшы). Ты заўважыў, якое на Сандалічысе плацце?

Далікатны. Плацце? Плацце заўважыў. А што?

Далікатная. Заўтра ўжо будзе іншае, другое. А паслязаўтра — зноў іншае.

Далікатны. Ты так думаеш?

Далікатная. Вось пабачыш! Паланеўскія былі неяк разам з Сандалікамі цэлы сезон на адным курорце. Дык гаварыла мне Юзэфа і паклялася, што не хлусіць, што Сандалічыха кожны дзень надзявала новае плацце. Ні разу за ўсе дваццаць чатыры дні не паўтарылася, не надзела тое самае! Ні разу!

Далікатны. Як некалі імператрыца Кацярына. Я дзесьці чытаў, што яна ніколі не надзявала на баль плацце, у якім ужо была раней. Для кожнага балю ёй шылі новае плацце.

Далікатная. Дык гэта ж імператрыца! А то — Сандалічыха! Ты толькі падумай, Антон: Сандалічыха едзе на курорт і вязе з сабою дваццаць пяць сукенак і касцюмаў!

Далікатны. Ты ёй зайздросціш?

Далікатная. Не зайздрошчу, але... дзіўна неяк. Яна ж усяго-наўсяго цырульніца і то ў далёкім мінулым. Ужо гадоў трыццаць нідзе не працуе, састарэла беспрацоўная.

Далікатны. Так то яно так, але яна жонка Сандаліка.

Далікатная. А што такое Сандалік? Якія ж ужо такія заслугі яго перад дзяржавай, што яго Вікця ўсё жыццё не працуе і купаецца як сыр у масле, уся брыльянтамі ды золатам абвешана, па два, як падняць, сакваяжы плаццяў на курорт прывозіць?

Далікатны. Сандалік, Собачка, гэта Сандалік. Галоўбух вядучага прадпрыемства. Камбінатарская галава!

Далікатная (сумна). А я ў цябе кожны дзень слепну на працы і думаю — хаця б як дацягнуць да пенсіі...

Далікатны. Нічога, Собачка, нічога... Жывём мы як людзі, сумленна, сваім мазалём, і павагу ад людзей маем... Вось і на курорт прыехалі... Спі. А то праспіш заўтра ранішняе мора...

Ямчэй улёгшыся, абое замаўкаюць.

Неўзабаве Сабіна Адамаўна засынае — пачулася ўжо знаёмае яе выдыханне з «музыкай».

Далікатнага сон не бярэ. Ён яшчэ раз павярнуўся, лёг дагары і заклаў рукі пад галаву. Нечакана зусім блізка, як бы на верандзе, пачуўся нягучны таямнічы свіст, які не мог быць ні чым іншым, апрача як умоўным сігналам. Антон Вікенцьевіч сеў на ложку і наставіў вуха. Таямнічы свіст паўтарыўся. Тады Далікатны злез з ложка і ціхенька, на пальчыках, прайшоў да дзвярэй на веранду, завешаных шторай. Стаў, стаіўся і слухае. На верандзе пачуўся нейкі шоргат і лёгкі скрып — як бы хтось пасунуў ці зачапіў крэсла-гушкалку.

Не заставалася сумнення, што лезе злодзей. Далікатны намацаў каля дзвярэй пакінуты лом і ўзяў яго ў рукі.

Створка расчынілася шырэй, і ў ёй паказалася мужчынская постаць. Незнаёмец уткнуў галаву і, гледзячы на ложак з Сабінай Адамаўнай, няголасна, паўшэптам пазваў.

Незнаёмец. Залаціначка! Гэта я іду! Ты што — заснула?

Пачуўшы такое, Далікатны аж разявіў рот, але не выдаў сябе. Незнаёмец, свіснуўшы нягучна яшчэ раз, асцярожна рушыў да ложка і спыніўся ў галавах, спіной да Антона Вікенцьевіча.

Заснула мая залаціначка, не дачакалася.

Далікатны (наставіўшы на Незнаёмца лом). Ну, а далей што?

Незнаёмец (моцна спалоханы, рэзка павярнуўся і імгненна прыняў позу баксёра). Ты — хто?

Далікатны. Дык ты прыйшоў не па дыню, а па гаспадыню?

Незнаёмец. Я пытаю: хто ты?

Далікатны. Не, гэта я пытаю: ты — па дыню ці па гаспадыню?

Незнаёмец. Ты як тут апынуўся?

Далікатны. Зусім не так, як ты. Гавары цішэй, а то разбудзіш.

Незнаёмец. Па-мойму, ты нават раздзеты, у адной піжаме?

Далікатны. Ну, няўжо ж я павінен спаць у брызентавай робе!

Незнаёмец. Дык ты не злодзей? Ты прыйшоў да яе? (Ківае галавой на ложак, у якім спакойна спіць Сабіна Адамаўна.)

Далікатны. Дваццаць гадоў назад.

Незнаёмец. Што было дваццаць гадоў назад — мяне не цікавіць.

Далікатны. Дарэмна. Самае цікавае было якраз тады.

Незнаёмец. Значыць, ты таксама прыйшоў да яе. Як стары знаёмы. Дык што гэта яна — здурнела і запрасіла адразу дваіх? Ці, можа, ты сам, няпрошаны, прывалокся?

Далікатны. Я — сам, але з яе дазволу і паўтараю — дваццаць гадоў назад.

Незнаёмец. Я ўжо гэта чуў. Што некалі было — тое вадой сплыло. Я думаю, ты ўжо зразумеў, што табе трэба зматвацца адсюль. І чым скарэй, тым лепш. У мяне разрад па боксу.

Далікатны. А ў мяне — лом. Ты мне — бокс, а я табе лом у бок.

Незнаёмец (не адразу). І яна табе дазволіла раздзецца?

Далікатны (хехекнуўшы). Дзівак! Гэты дазвол я маю на кожную ноч. І ўжо дваццаць гадоў. Дваццаць!..

Незнаёмец. Што ты ўсё заладзіў гэтыя дваццаць гадоў? Што ты хочаш сказаць?

Далікатны. Што я ўжо дваццаць гадоў яе законны муж.

Незнаёмец. Муж? Яна мне сказала, што даўно развялася!

Далікатны. Памылачка. Калі яна магла табе такое сказаць?

Незнаёмец. Учора на пляжы, калі мы пазнаёміліся.

Далікатны. Ну, так і ёсць, памылачка. Учора яе тут не было. Мы толькі сёння прыехалі. Не ўчора, а сёння!

Незнаёмец. Сур’ёзна? Дык што гэта за фокус атрымаўся? Гэта — які пакой?

Далікатны. Дзевяты.

Незнаёмец. А корпус?

Далікатны. Трэці.

Незнаёмец. Трэці?.. Цьфу ты чорт! Я паблытаў упоцемку гэтыя інкубатарныя карпусы. Мне ў чацвёрты трэба.

Далікатны. Як трэба — то ідзі.

Незнаёмец. Дык ты ж пакладзі лом.

Далікатны спачатку памкнуўся паставіць лом каля стала, але тут жа спахапіўся.

Далікатны. Не бойся, ідзі. Каб я хацеў табе гакнуць ломам, я б гэта даўно зрабіў: тады, калі ты толькі ўсунуў у дзверы галаву.

Незнаёмец. Слова гонару?

Далікатны. Ды ідзі, кажу табе, а то прачнецца і напалохаецца жонка.

Незнаёмец. Ну, глядзі — без ніякіх дурыкаў...

Апасліва праходзіць міма Далікатнага ў дзверы.

Далікатны. Пачакай... (Незнаёмец спыніўсяужо ў дзвярахі павярнуўся да Далікатнага.) Значыць, ты сапраўды — не злодзей, не з гэных аблюманых?

Незнаёмец. Я — злодзей? Ды яшчэ й аблюманы? Ты што — усё-такі захацеў на развітанне пашумець?

Далікатны. Ды не пашумець! Мне сур’ёзна трэба дакладна ведаць, ці ты з ліку гэных абкерзаных ці не?

Незнаёмец (крыху падаўшыся галавой да Далікатнага). Таварышок! Калі б я не баяўся нарабіць шуму, ты б сам ужо даўно ляжаў тут і аблюманы і абкерзаны. Гуд бай! (Знікае.)

Далікатны (досыць голасна, наўздагон). Ого-го, які за дзвярыма храбры аказаўся! А чаго ж ты прасіў пакласці лом? Ты бач! Якраз як у той прыгаворцы: шчасце тваё, што ты мяне не дагнаў, а то я табе паказаў бы!..

На ложку заварушылася Сабіна Адамаўна.

Далікатная (спрасонку, крыху спалохана). Антон?

Далікатны. Я тут, Собачка.

Далікатная. Ці мне здалося, ці ты сапраўды з некім гаварыў толькі што?

Далікатны. Гаварыў. (Ставіць лом каля дзвярэй.)

Далікатная. З кім?

Далікатны. Няпрошаны госць прыходзіў.

Далікатная (спалохана падхапілася, села). Зладзюган? Усё-такі быў?

Далікатны. Быў, але не зладзюган. Зрэшты, можна і яго злодзеем назваць. З той розніцай, што ён лез не па дыню, а па гаспадыню.

Далікатная. Не разумею, што ты гаворыш. Як гэта — па гаспадыню?

Далікатны. А так. Аматар начных прыгод. Лез сюды да сваёй палюбоўніцы.

Далікатная (абражана). Антон! Што гэта за недарэчныя жарты?

Далікатны. Ніякія не жарты, Собачка. Але ты не хвалюйся, ты тут ні пры чым. Ён памыліўся корпусам і залез да нас ненаўмысна.

Далікатная. І ты яго пачуў?

Далікатны. А што ж бы я ў цябе за муж быў! Незнаёмы мужчына ноччу шыбуе прамой наводкай да твайго ложка, называе залаціначкай... ды так пяшчотна...

Далікатная (перабівае). Антон! Ну, ты ж выдумляеш, напэўна!.. І што ён — быў тут, у пакоі?

Далікатны. Стаяў каля твайго ложка, у галавах, і ўжо нагінаўся, каб пацалаваць цябе. Калі б я не загаварыў, дык бы і цмокнуў!..

Далікатная. Вой, які ты бессаромны! Як табе не брыдка выдумляць такое?

Далікатны. Не верыш? Каб я з гэтага месца не сышоў, калі хлушу!

Далікатная (не адразу, з дакорам). Антон! І ты не разбудзіў мяне?.. Чаму ты не разбудзіў мяне, Антон?..

Далікатны (пазяхнуўшы). Собачка! Я, наадварот, папрасіў яго гаварыць ціха — каб ты не прачнулася і не спалохалася.

Далікатная. Ды не спалохалася б я!.. Ах, Антон, Антон, я так бы хацела паглядзець, які ён. Гэта ж вельмі цікава, праўда?

Далікатны. Нічога асаблівага. Звычайны аматар. Кот-памаўза. (Кладзецца ў пасцель і нацягвае да падбародка прасціну.) Спі, галубачка. А то праспіш сваё першае ранішняе мора.

Далікатная (лягла і нейкі час ляжыць моўчкі з расплюшчанымі вачыма). Антон, а ты яго пазнаеш, калі раптам сустрэнеш на пляжы ці на ўзбярэжнай? Ты яго запомніў? Антон! Чуеш! Антон!..

Але Антон Вікенцьевіч ужо не чуе. Ён спіць. Сабіна Адамаўна, зірнуўшы на яго, цяжка ўздыхае і заплюшчвае вочы таксама.

Заслона.

1977—1978


1977-1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Гілевіч Н. Начлег на буслянцы: П'есы.— Мн.: Маст. літ., 1980.— 176 с.
Крыніца: скан