Ніл Гілевіч

Родныя дзеці

Запеўка
Прычына
Згадкі ў дарозе
Адступленне першае - патэтычнае
Белы май
Ганьба
Адступленне другое - іранічнае
Разлад
На ўзвеях часу
Адступленне трэцяе - гістарычнае
Бацькоўскі кут
Сустрэча
Адступленне чацвёртае - у гонар маці
Пашанаванне
Гамана ў застоллі
Адступленне пятае - кулінарнае
Іскрынка
Купальскія васількі
Адступленне шостае - педагапчнае
Вечар у полі
Бяссонне
Дапеўка


 

Запеўка

 

Пісаць бы мне пра час далёкі!

Не зябла б муза сіратой:

Штодзень бы піў набгом з даёнкі

Хвалебстваў пенны сырадой!

 

Я ж выбраў працу без гарантый:

Дыханне часу сцерагу

І ад надзённасці гарачай

Убок падацца не магу.

 

Дый ты, чытач, таму прычына:

Ты - вось, ты побач, ты са мной.

І разлучыць нас немагчыма:

Мы доляй звязаны адной.

 

І хочаш ты пазнаць у кнізе

Жыццё, якому сам - суддзя.

Ды каб без тых эрзац-калізій,

Дзе ўсё вядома загадзя.

 

Каб пошук праўды ў ёй быў моцны.

Каб прачытаў, сабе наўздзіў,

Усю зараз - і смачна цмокнуў:

«Прыдумаў, гад, а - дагадзіў!»

 

Чытач! А можа - не прыдумаў?

А - толькі кінуў свой пагляд

На сутнасць радасці і суму,

З якіх сатканы побыт-лад?..

 

Ды гэта - тэма для дыскусій,

Ты тут, брат, сам не дайся ў зман.

Я ж быў бы рад, калі б прымусіў

Цябе - уткнуцца ў мой раман.

 

 

Прычына

 

Сцяпан Якубавіч Вячорка,

Хоць быў караць сябе гатоў,

На ўлонне роднага падворка

Не заяўляўся шмат гадоў.

 

Ён разумеў: нядобра гэта,

І ўсё збіраўся завітаць.

«Абавязкова ўжо налета!

Далей няможна адкладаць».

 

Налета зноў не выпадала -

І зноў ён бэсціў сам сябе.

На шчасце, маці прыязджала

Сама, знябыўшыся ў журбе.

 

Відаць, таму, што бачыў зрэдку,

Не так пакутваў ад віны.

«Прыедзь, Сцяпаначка, улетку -

На спелы яблычак вінны.

 

На тыя ж вішні, на маліну

Ці на любімы свой агрэст...»

Расчулены ад успаміну,

Сын абяцаў старой прыезд.

 

І шчыра верыў сам, і нават

Ужо ўяўляў, як нацянькі

Ідзе праз луг, па спелых травах,

Сцяжынкай вогкай да ракі;

 

Як, разамлеўшы на спякоце,

Ён акунаецца ў віры;

Як растае салодка ў роце

Даспелы яблычак вінны;

 

Як ён пад венічкам якоча

У лазні брата Тамаша -

А дыхту болей, болей хоча

Не толькі цела, а й душа;

 

Як потым матчыны «кумпанкі»,

З нагоды клікнутыя ў дом,

Сваёй дзявоччыны вяснянкі

Пяюць для госця за сталом;

 

Як апасля ў суседняй вёсцы,

Дзе караніўся матчын род,

Гасцюе ён у дзядзькі Лёксы,

Каштуе свежы, з вузай, мёд,

 

А дзядзька сыпле, нібы з меха,

Навіны ўсякія, ды так,

Што ён заходзіцца ад смеху, -

О, дзядзька выдумаць мастак!

 

«І для душы спажытак быў бы,

І адпачыць бы добра змог,

І не было б у мамы крыўды...

Паеду ў свой Каменны Лог!..»

 

Але, правёўшы маці, тут жа

Ён акунаўся з галавой

Не ў вір маленства - праца-служба

Штодзённа ў вір цягнула свой.

 

Пасля музфонд даваў пуцёўку,

Калі ён водпуск браў якраз, -

І аглядаў Вячорка зноўку

Ці Крым, ці Сочы, ці Каўказ.

 

Так адпачынку пал чарговы

Прывык у моры ён гасіць,

І так зрываўся план ягоны -

Улетку ў маці пагасціць.

 

Зноў бачыў: выбрацца не зможа,

Уявы светлай тух прамень, -

І адкладаў ён падарожжа,

Як бы да нейкіх перамен,

 

Да нейкай послабкі-аддухі,

Што ўрэшце выпадзе яму,

Каб хоць на тыдзень сэрца й думкі

Даверыць котлішчу свайму...

 

Была яшчэ адна прычына,

Што астуджала ўраз запал.

Вы здагадаліся: жанчына,

З якой знаёмы быў Сцяпан.

 

Ды і не проста так знаёмы.

Зусім, зусім не проста так...

Над імі колісь дзень маёвы

Устаў, як лёсу добры знак.

 

Пасля... да жудасці раптоўна

Той дзень бязлітасна патух -

І доўга крыўдай невымоўнай

Цямрэла ў сэрцы ноч пакут.

 

Хоць знаў: у тым, што толькі горыч

Яму пакінуў на ўспамін

Вясновы вечар ясназоры, -

Быў вінаваты ён адзін.

 

Што ж, скрухі ён пазбыўся з часам -

Жыццё на ўсё знаходзіць лек,

Яно не любіць, каб няшчасным

На свеце чуўся чалавек.

 

Тым больш - у гэтакім узросце,

У самым розгары вясны...

Але вясна прайшла, а штосьці

Ад той пары не збегла ў сны.

 

Не-не, - і марнае пытанне:

Чаму так здарыцца магло? -

Будзіла крыўду, шкадаванне,

Пакутнай прыкрасцю гняло.

 

Калі ж нарэшце крыўда гэта

З вірлівай мутнасцю сплыла -

Было запозна ўжо: Альжбета -

За іншым замужам была.

 

Памылку выправіць, хоць з болем,

Назад, хоць з кроўю, адкруціць -

На гэта ўзняцца ён не здолеў.

Рашыў: няхай перабаліць.

 

Нашмат пазней, калі ўжо ўласнай

Быў сам ён звязаны сям'ёй,

Цераз знаёмага дазнаўся

Сцяпан што-кольвечы аб ёй.

 

Альжбета шлюб свой разарвала:

Ёй шчасця замуж не прынёс,

І марнаваць яна не стала

З нялюбым свой жаночы лёс.

 

Ішлі гады... Аднойчы ўвосень

Яму прывезла маці ў дом

Такую вестку, што здалося:

Над галавою грымнуў гром.

 

- Да нас вучыцельку аднекуль

Прыслалі ў школу працаваць.

Яшчэ ў тваім прыблізна веку,

Альжбетай Францаўнаю зваць.

 

Дык дзецям гэтак дорыць ласку,

Як маці родная, дальбог!..

- Альжбета Францаўна? - знянацку

Схаваць здзіўлення ён не змог.

 

- Хіба мо ведаеш яе ты? -

Як бы ўлавіў штось матчын слых.

- Не, проста дзіўна, што... Альжбета,

Імя такое... са старых.

 

- Ну, так. А прозвішчам - Кудзёлка.

Разводка быццам бы... Але

Па ўсім відаць, што не свісцёлка.

Да ўсіх з павагай у сяле.

 

Як толькі далі ёй хаціну,

Што завуч вызваліў, Зяцькоў, -

Гадоў пятнаццаці дзяўчыну,

Дачку, прывезла ад бацькоў...

 

Сцяпану ў сэрца, як іголкай,

Кальнула: «Вось дык навіна!

Альжбета Францаўна Кудзёлка!

Няма сумнення, што яна...»

 

Маўчаў, аглушаны як быццам,

І зразумець ніяк не мог:

Чаму ёй собіла прыбіцца

Якраз жа ў іх Каменны Лог?

 

Ці ж мала школ у іхнім краі -

У межах вобласці ўсяе?

Які ж «асветнік» ёй нараіў

Атайбавацца ў іх сяле?

 

А можа быць, яна наўмысна

Зрабіла так?.. А для чаго?

Нашто - калі ёй ненавісна

Любая згадка пра яго?

 

Відаць, тут проста выпадковасць.

Відаць, забылася суздром,

Што гэны кут - яго мясцовасць,

Яго бацькоўскі, родны дом.

 

- Была і ў нас, у нашай хаце:

То ж вучыць Паўліка якраз,

Дык ушчувала бацьку, маці,

Што той кладзецца спаць не ў час.

 

І пра цябе спытала потым:

Ці праўда, значыць, ці мана,

Што ты мой сын і згэтуль родам...

- І што?.. - Здзівілася яна.

 

Такі, гаворыць, талент звонкі

Радзіўся ў гэтакай глушы...

Ад большай пэўнасці ў Вячоркі

Паспакайнела на душы.

 

«Ну, так, забылася няйначай,

Што гаварыў я колісь ёй -

Аб нашай вёсцы, школе нашай,

Аб першай музыцы маёй...

 

От можа фокус быць вясёлы:

Прыеду я - і як на грэх

Адразу ўбачымся ля школы...»

І зноў па сэрцы цень прабег.

 

Ён мусіў сам сабе прызнацца:

Паклаўшы крыж на той бядзе,

Ён не хацеў бы сустракацца

З былым - ніколі і нідзе.

 

Тут справа, знаў ён, не ў капрызах

Яго натуры. Справа ў тым,

Што калі нават попел-прысак

Астыў - нашто капацца ў ім?

 

А ёй? Хіба ёй будзе ў радасць

Узрушыць памяць гаркатой?

Яна ж дагэтуль лічыць здрадай

Яго правінны ўчынак той.

 

Калі ў яе спакой і немуць

Пануе ў сэрцы - не бунтуй!

Авось пачасе куды-небудзь

Перабярэцца і адтуль...

 

У гэткіх роздумах-развагах

Бываў Вячорка ўсякі раз,

Калі матуля ў госці звала -

На адпачынак, на папас.

 

І ўсякі раз яго паездка

Ізноў не месцілася ў план...

Ды вось прыйшло пісьмо-павестка,

Якой чакаў ужо Сцяпан.

 

«Ты не забыўся, брат наш кроўны, -

Струменіў водар з родных слоў, -

Што маме, Сохвіі Пятроўне,

Праз месяц семдзесят гадоў?

 

Якраз на свята, на купалле.

Дык выкрай часу і прыедзь.

Каб потым людзі не казалі -

Парадуй маму і прывець...»

 

Сцяпан і сам у тлуме будняў

Не забываў пра юбілей.

«Ну, што ж, рыхтуйся, сын аблудны!

Тут не адкласці надалей.

 

Набок усякую нязмогу!

На свята маці рушым, брат,

Каб нават падаў на дарогу

Перад табой каменны град!

 

Ну, а наконт магчымай стрэчы...

Ці не пара прасцей, дзівак,

Глядзець на гэтакія рэчы?

Табе ж за сорак як-ніяк!..

 

Ці мала што ў жыцці бывае!

Якіх вузлоў не вяжа лёс!

Няшчасны той, хто ўсё прымае

Да сэрца блізка і ўсур'ёз.

 

Спакойна, брат, звычайна стаўся

І да сябе, і да людзей...

Ах, ты, на жаль, не гэткі ўдаўся?

Не можаш звольна і прасцей?

 

Тады - ты сам свой інквізітар,

І - як сказаў алкаш-сусед:

«Прабач, таварыш кампазітар,

За гэтым я прыйшоў на свет!..»

 

 

Згадкі ў дарозе

 

Вячорка, стомлены мільганнем

Карцін-малюнкаў за акном,

Павекі звёў без намагання

І перанёсся ў родны дом.

 

Перш-наперш маці твар убачыў:

Маршчынкі дробныя ля губ

І вочы ў крапінках табачных,

Што аніколі не ілгуць.

 

Ля маці дзеці: Лёдзя з мужам,

Антось, Мікіта і Тамаш -

На гэты раз, напэўна, дружна

Збяруцца ўсе, як на кірмаш.

 

Ну, Тамашу збірацца ўласна

Няма чаго - ён там жыве,

Ён - гаспадар, ён у саўгасе

На працы ўдарнікам слыве.

 

Адзін з усіх застаўся дома.

Што самы меншы, можа быць?

Смяяўся: «Доля, братцы, доля!

Павінен хтось і хлеб рабіць!..»

 

Ён жонку Анцю (Антуніну)

Настроіў так на боскі строй,

Што меў дзяцей амаль асьміну.

Смяяўся: «Я - айцец-герой!..»

 

Хоць скончыў колісь толькі восьмы -

Адстаў ён мала ад братоў, -

Смяяўся: «Я - у дзядзькі Лёксы

Дзве акадэміі прайшоў!..»

 

Што тычыць Лёдзі - як зазвычай,

Яна прыедзе з Вінцусём.

Калісьці ў робе будаўнічай

Ён стаў Сцяпану швагрусём.

 

Вячорка ў тым далёкім годзе

Кансерваторыю канчаў,

Калі дазнаўся, што да Лёдзі

Якісь жаніх хадзіць пачаў.

 

Іх Лёдзя ў Мінску на будоўлі

Тады падсобніцай была

І аб сваёй дзявочай долі

Не турбавацца не магла.

 

Жыла ў рабочым інтэрнаце,

З гурмою гэткіх жа нявест,

І добра помніла, як маці

Засцерагала на ад'езд:

 

«Хаця ж не слухай кавалераў

Культурных гэных, гаваркіх.

Няхай іх выкаціць халера -

Тых ашуканцаў гарадскіх!..»

 

Ва ўсіх нявест безабаронных

З тых інтэрнацкіх катухоў

Жыў недавер да ім не роўных

Інтэлігентных жаніхоў.

 

«Хіба ён гэткі возьме замуж

Мяне - з будоўлі галату?

Адно ў душы пакіне замуць,

Пасее ў сэрцы гаркату...»

 

Ды вось у клубе іх на танец

Аднойчы Лёдзю запрасіў,

Па ўсім відаць, не «ашуканец»,

Бядняк, мяркуючы па ўсім.

 

Сказаў дзяўчыне, што рабочы.

Праводзіў позна ў інтэрнат -

За разам раз глядзеў у вочы

І сыпаў досціпы - як град.

 

Хоць жартаваў замыславата -

Было прыемна ўсё адно.

Праз дзень - прыйшоў да інтэрната

З двума білетамі ў кіно.

 

Далей - амаль што кожны вечар,

Пасля работы - тут як тут.

І сімпатычны быў ёй нечым,

І нечым дзіўны, Вінька Шкут.

 

Найбольш сумелася дзяўчына,

Калі адкрыла незнарок,

Што не бядняк ён, як лічыла,

Што ён - прафесарскі сынок!

 

Аж не паверыла спачатку

І машынальна перш за ўсё

Паглядам змерала апратку:

На ім было амаль рыззё!

 

А ён сказаў: - Давацца дзіву

Няма чаго. Зірні-паглянь:

Народ не носіць габардзіну,

Народ апрануты ў паркаль!

 

І нейк паблажліва ўсміхнуўся: -

Не зразумела ты пакуль.

Не думай кепскае. Клянуся:

Я не басяк і не куркуль!..

 

Не зразумела, гэта праўда.

І напісала брату ліст,

Каб што параіў... Неадкладна

Сцяпан прыехаў к ёй у Мінск.

 

Калі пачуў, хто з ёй «на роўных»

Пачаў дружыць - скрывіўся ўраз:

- Ты бач яго, які «народнік»!

Напэўна, хітры лавелас!

 

Каб ачмурыць з будоўлі дзеўку -

Маўляў, і я - такі ж, як ты, -

Адзене світку ці паддзеўку,

Ну, і канечне ж - у кусты!

 

- Мяне? Павек таго не стане!

Хай паспрабуе, хоць у жарт!..

- Ну, што ж: іду з ім на спатканне.

Пабачу сам, чаго ён варт.

 

Не да канца спасціг загадку,

Правёўшы розведы, Сцяпан:

- Развесяліў мяне спачатку,

Калі ішлі паўз рэстаран.

 

Пытаю: «Можа быць, заглянем?

Прапусцім сціпла па адной?»

«Народ не мокне ў рэстаране!

Народ сілкуецца ў чайной!»

 

Вось так і ўрэзаў мне твой Вінька.

Як абухом - па галаве!

Хаця хваліўся, што крывінка

Патомнай шляхты ў ім жыве.

 

Магчыма. Хлопец дзіўны нейкі.

З бацькамі ў контры - і ўсур'ёз.

Ён не бярэ ў іх ні капейкі.

Ну, і таму не ў пудры нос,

 

Сказаў: не возьме нізавошта.

Жыве на ўласныя грашы.

Працуе. Вучыцца завочна.

Мне - самастойнасць па душы.

 

Аднак... ужо і зараз бачна:

З такімі думкамі - наўрад

Ці зробіць ён цябе багачкай, -

Падсумаваў з усмешкай брат.

 

- Я не ганюся за багаццем,

Адно б душы не знаць пакут...

І неўзабаве стаў ім зяцем

Дзівакаваты Вінька Шкут.

 

Амаль што два дзесяцігоддзі

Крылом галубіць іх анёл,

Але раскошы ў доме Лёдзі

Не адшукаць і ўдзень з агнём.

 

Вінцусь праз грані той жа прызмы

На свет пражорлівы глядзіць

І ў тым жа духу афарызмы

Не перастаў пуляць-пладзіць.

 

І часта Лёдзя: «Ну, народнік! -

Крычыць нязлосна на яго. -

Дальбог, куплю табе наморднік,

Каб не брахаў абы-чаго!..»

 

Сцяпан у думках спасміхнуўся,

Як уявіў славесны шторм,

Што ўздымуць дома немінуча

Антось з Мікітам і Шкутом.

 

Антось на слова быў заядлы

І апанента ў спрэчцы браў

Што называецца «за яблык» -

Дыхнуць секунды не даваў.

 

Ён быў філосаф-сацыёлаг,

Дацэнт сталічнай ВНУ.

З натур дасціпных і вясёлых.

І клаў за праўду галаву.

 

Таму Антося шанавалі

Адзінаверцы і сябры,

Ды часта ў пене бушавалі

Акадэмічныя «зубры».

 

Ён мог бы век не знаць дакукі,

Каб на ражон не пёрся сам.

«Аб эфектыўнасці навукі»

Аднойчы працу напісаў.

 

Сацыялогіі айчыннай

Наважыў трохі памагчы:

Як цесна ў сувязі прычыннай

Стаяць Навука і Харчы?

 

Грунтоўна вывучыў, даследваў

І сцвердзіў з жарам у крыві:

Якая процьма дармаедаў

Пасецца ў многіх НДІ!

 

У пераказе дзядзькі Лёксы

Карціна выглядзела так:

Антось рашыў зімой у вёсцы,

У цішыні, пісаць трактат.

 

Падсунуў стол да самай грубкі -

Каб ногі ў цёплае ўпіраць,

Паклаў канспекты, картак грудкі,

Паперы чыстай пачак пяць.

 

Ну, за работу, Анцік! З богам!

А маці строга наказаў:

«Вары мне толькі груцу з бобам -

Штодзень каб поўненькі казан!..»

 

За месяц, седзячы на груцы,

Зрабіў трактат лістоў на сто:

«Ці трэба заткалы ў навуцы,

А калі трэба - дык нашто?»

 

І выйшла: заткалы патрэбны!

Дарэмна скрыва хтось глядзіць:

Ніколькі нават не ганебна

Сягоння ў заткалах хадзіць!

 

І больш таго: у тым і штука,

Што калі недзе ёсць уздым

І мае поспехі навука, -

Дык гэта дзякуючы ім!

 

На працы заткала шчыруе -

Шукае, доследы вядзе!

А той, хто заткалам кіруе,

Сваё імя паўзверх кладзе.

 

«Тады наш Анцік чуць не спёкся -

Шаноўных шмат увёў у злосць...» -

Так разабраўся дзядзька Лёкса

У тым, што высветліў Антось.

 

Наогул, дзядзька ўмеў надзіва

Адчуць турботы племяшоў.

З Антосем ладзіў асабліва -

Сваю натуру ў ім знайшоў.

 

Меў дар маўлення смехатворац,

І ўсе браты сябе не раз

На тым лавілі, што гавораць

«Нутром» ягоных слоў і фраз.

 

Як антыпод і выключэнне

У іх гурбе - Мікіта быў.

«З ім гаварыць - адно мучэнне», -

Мікіту дзядзька не любіў.

 

На свяце ж будзе і Мікіта -

Старэйшы самы, зводны брат.

Хоць нос трымае самавіта -

Прыедзе к маці ў акурат.

 

Аддаць належнае тут трэба:

Не забывае родны дом.

Ягоны бацька Зміцер Рэпа

Пакінуў Зосю маладой.

 

Той год быў «годам пералому»,

І Рэпа, сельскі актывіст,

Па прапанове выканкому

Старшыняваць пайшоў кудысь.

 

Ён заглядаў дамоў наездам

І ўсё радзей - пакуль здаля

Не дапаўзла да Зосі вестка:

Другая ўжо з ім спіць, змяя!

 

Пакінуў Зміцер жонку з сынам -

Пяцігадовым хлапчанём.

Ото ж яна і ўгаласіла,

Калі збіраў пажыткі ён!

 

Крычма крычала паратунку,

Мікітку трэсла з усіх сіл: -

Прасі, сынок, прасі татульку,

Каб ён цябе не сіраціў!

 

І сын прасіў - услед за маткай

Крычаў: «Татулечка, не едзь!

Забі змяю, забі, мой татка,

А то змяя цябе заесць!..»

 

Не апрытомнеў Рэпа Зміцер

На слёзны лямант хлапчука.

На развітанне воч не выцер -

Не абрасілася шчака.

 

Душы ж дзіцячай неакрэплай

Ён рану страшную нанёс.

На ўсё жыццё Мікіта Рэпа

Застаўся з крыўдаю на лёс...

 

А Зося выйшла за Якуба

І - да някліканых нягод -

Жыла з ім проста міла-люба:

Спраўлялі хрэсьбіны штогод.

 

Мікітку - горача любіла,

Ад крыўды чуйна берагла.

З праклятай даты - не набіла

Яго ні разу: не магла.

 

І калі ўсё-такі ён вырас

Непамяркоўным, грубым, злым, -

Быў вінават, відаць, той вырак,

Грымаса здрады над малым.

 

На ўласны хлеб пайшоў ён рана

І рана ўлады зведаў смак.

Да ўсякай мэты крочыў прама.

Амбіцый меў ажно зашмат.

 

Каб не ўніжаць аўтарытэту,

Ён Рэпу справіў на Рэппо, -

Хоць землякі замену гэту

Не прынялі, яму назло.

 

У вочы звалі «паважаным»,

За вочы - тыя ж языкі

Маглі назваць і «Абіззянам»,

Ого, як могуць землякі!

 

Мянушку гэту меў ён змалку.

А праз каго? Чыя віна?

Ды ўсё праз тую поскудзь-малпу,

Каб тройчы выдахла яна!

 

Калісь настаўніца Марыніч

Свой падапечны шосты клас

Павезла ў горад, каб звярынец

Ім паказаць: гасціў якраз.

 

Усё агледзелі: мо дзвесце

Звяроў і птушак - па чарзе.

І прыпыніліся нарэшце

Ля клеткі з рослым шымпанзе.

 

Касмач стаяў і чухаў брыдка

Даўжэзнай лапаю жывот.

Такое ўбачыўшы, Мікітка

Аж да вушэй разявіў рот.

 

Ад дзіва пырснуў смехам хлопец

І ўцехай-радасцю заззяў:

- Вы гляньце, гляньце, што ён робіць -

Вялізны гэны абіззян!

 

- Не «абіззян», а «обезьяна»

Па-руску трэба гаварыць, -

Марыніч ціхенька сказала,

Каб перад дзецьмі не журыць.

 

Але Мікітка тут жа ўспыхнуў

І ёй без бою не ўступіў

(Ужо тады ішло на пыху -

Заўваг крытычных не любіў!):

 

- Дык абіззяна - калі маці,

А калі бацька - дык жа як? -

І нават з крыўдай патлумачыў:

- Чаму ж ёсць гуска і гусак?..

 

Малыя тут жа падхапілі

Няўдалы моўны наватвор

І да Мікіткі прыляпілі:

Ты - аўтар, значыць, гонар - твой.

 

У вёсцы так было адвеку:

Калі дасціпнае імя

Прышпіліць нехта чалавеку -

То не здзярэ і смерць сама.

 

І дзеці вырастуць і ўнукі

Пад гэтым імем - цэлы род

Яго без крыўды, без дакукі

Адносіць сто гадоў і год!..

 

Вось так, пад роўны гул матора,

Сцяпан, схіліўшы галаву,

Успамінаў, каго ён скора

Пабачыць дома наяву.

 

А найчасцей перад вачыма

З'яўляўся даўні эпізод:

Ушчэнт шчаслівая дзяўчына

На вулку выбегла з варот.

 

У белай кофтачцы шаўковай,

І валасы - святлісты шоўк.

Глядзіць разгублена наўкола:

Няма! Спазніўся! Не прыйшоў!

 

Ні на дарожцы пешаходнай,

Ні на брусчатай маставой...

А ён знарок стаіўся воддаль

За тоўстай ліпай векавой.

 

Ах, тая ліпа-медавуха!

Як часта ў сэрцы ён пасля,

Калі даймала горыч-скруха,

Чуў весні шум яе галля!

 

І бачыў трэшчыны-маршчыны,

Што ўверх віліся па кары.

І - чысты, юны твар дзяўчыны -

Нібы лілея на зары...

 

«Ого! Яна вось-вось гатова

Заплакаць! К чорту гэты жарт!» -

Я тут! - гукнуў Сцяпан са схову

І выйшаў к ёй, на тратуар.

 

Не раззлавалася - ні трохі.

Ізноў імгненна расцвіла,

Прабегла тры-чатыры крокі

І - крылы-рукі развяла.

 

А ты?.. Дзівак! Нясмелы дурань!

Ці ж можна з гэткім паляцець?..

Успамінай цяпер і думай -

Пра заўтра думай, целяпень!

 

Напэўна ж прыйдзецца спаткацца,

Сустрэць... Праз дваццаць два гады!

Пра што пытацца? Як трымацца?

Ці засталіся хоць сляды -

 

Таго, што колісь хвалявала?

А што карысці, калі й так?

Тваё што сэрца захавала?

Які ў цябё застаўся знак?

 

Астаткі крыўды, шкадавання,

Ды думка скрушная, з якой

Даўно змірыўся ты: вяртання

Няма да ліпы векавой.

 

Няма вяртання і не будзе.

І вы ўдваіх, сабе ж назло,

Не варушыце, не турбуйце

Таго, што зеллем парасло.

 

 

Адступленне першае - патэтычнае

 

О, Беларусь!.. - Няхай усклікну

І я - за волатамі ўслед.

Як пілігрым нясе малітву -

Так я нясу іх запавет.

 

Я скалясіў і змераў пешкі

Твае прасторы ўдоўж і ўшыр -

І ўсе шляхі, дарогі, сцежкі

Пакрыжаваліся ў душы.

 

Не знаю сам, якога зелля

Ты падліваеш мне ў пітво, -

Што гэтак моцна, гэтак хмельна

Тваё чаруе хараство.

 

Не знаю слоў, каб растлумачыць,

Разгадку тайны праявіць, -

Чаму штодня мне трэба бачыць

Твой непаўторны краявід.

 

Чаму без роднага паветра

Я доўга дыхаць не магу.

Чаму мне суджана павечна

У неаплатным быць даўгу -

 

Перад тваёю некрыхлівай,

Зусім не кідкаю красой,

Што з воч зрываецца імклівай,

Непераможнаю слязой,

 

Што анікому не чужая

І нават кончаных бадзяг

Адчуць раптоўна прымушае,

Як радасць тахкае ў грудзях.

 

«Якая дзіўная краіна! -

Пісала госціца адна: -

І да Бабруйска скрозь - раўніна,

І за Бабруйскам - раўніна!..»

 

Перапрашаю госцю вельмі -

Удакладніць належыць тэкст:

Хоць раўніна - ды не пустэльня,

Хоць і раўніна - ды не стэп!

 

А ўсё лясы ды пералескі,

Бары, дубровы ды гаі,

Бяроз і сосен пераблескі,

Нязмоўчны шчэбет у галлі.

 

А ўсё пагоркі, ды лагчыны,

Ды касагоры, ды равы,

Сярод палеткаў - лугавіны,

У ціхіх поймах - паплавы.

 

А ўсё азёры ды азерцы,

Бруенне рэчак, плыннасць рэк...

Дык што ж за дзіва, што на сэрцы

Адбіўся вобраз твой навек?

 

Дняпро і Нёман, Сож і Прыпяць,

Дзвіна, Бяроза і Вілля -

Спляліся так, што не разблытаць

Іх у душы маёй, зямля!

 

Не раз'яднаць і не адсекчы

Ні ручайка - пакуль жывы.

Тваіх артэрый ток адвечны -

Давечны ток маёй крыві.

 

Спыні на міг - і задыхнуся,

І - як падкошаны ўпаду.

Ды знаю, што прашэпчуць вусны

Раней, чым іх навек звяду.

 

Тваё імя яшчэ прамоўлю

Апошні раз, о краю мой!

Шчаслівы лёс - плаціць любоўю

Табе і жыць - адною ёй.

 

З чаго пачаў калісь над Гайнай -

І скончу тым... Спакойны я:

Павек не стане чорнай ганьбай

Любоў прасветлая мая!..

 

 

Белы май

 

Альжбета Францаўна Кудзёлка

У тыя дні - даўным-даўно -

Была дзяўчына, як вясёлка:

Уся свяцілася ажно.

 

Жывога розуму дзяўчына

І шчодрай, ласкавай душы.

А гляне карымі вачыма

На дзецюка - прапаў, пішы!

 

У педвучылішчы сталічным

Яна выдатніцай была.

Яшчэ і талент ёй музычны

Прырода-матухна дала.

 

На лыжках грала вельмі хвацка!

Як забразгоча польцы ў такт

На вечарынцы інтэрнацкай -

Маэстра сам не змог бы так!

 

«Во, шэльма дзеўка! Во, зараза!» -

Гукаў сёй-той пад перамірг,

І сказ гучаў не як абраза,

А як прызнання светлы міг.

 

Такою, з лыжкамі, і ўбачыў

Яе Сцяпан у першы раз

І, заварожаны няйначай,

Па-за плячмі ў сяброў «завяз».

 

Сюды, да будучых настаўніц,

Ва ўтульны, чысты інтэрнат

Іх Юзік Бэнсь прывёў на танцы -

У гэтай справе зух і хват.

 

Сцяпан, пакуль яна іграла,

Глядзеў, не зводзячы вачэй,

А цуда-музыка гучала

Усё званчэй, усё званчэй.

 

Калі ж нарэшце полька змоўкла,

Дзяўчына ўстала даць паклон -

Усе запляскалі навокал,

Не зварухнуўся толькі ён.

 

«Альжбеце брава! Брава, Аля!» -

Завыгукала ўся гурма.

«Альжбета?.. - Дзіўна як назвалі

Бацькі... Забытае імя!»

 

Вядучы рэй, лабасты хлопец,

Гукнуў: «Цяпер - жаночы вальс!»

Каля Вячоркі ўзнікла постаць: -

Я запрашаю ў танец вас!

 

Сцяпан як быццам прабудзіўся:

Глядзіць - Альжбета перад ім!

Ад неспадзеўкі - разгубіўся,

Хацеў адмовіцца зусім.

 

Але ў апошняе імгненне

Кіўнуў на згоду галавой

І, не сказаць, каб зграбна вельмі,

На круг брусчасты выйшаў з ёй.

 

О першы вальс! Павек забыцца

Не зможа той паднебны ўзлёт!

Як лёгка з ёй было кружыцца,

Адчуўшы ў сэрцы веснаход!

 

Як далікатна, нібы пёрка,

Далонька ўлеглася ў руцэ!

Як звабна блізка, нібы зорка,

Радзімка ззяла на шчацэ!

 

«Вы нейчы госць тут?» - запытала.

«Не, мы зайшлі к вам... проста так».

Язык яму - як завязала:

Адно глытаў сухі камяк.

 

Хоць меў прыгожы голас звонкі

І быў не з роду маўчуноў -

Ён не знаходзіў для гаворкі

Зачэпкі добрай, вартых слоў.

 

«А вы ігралі, як артыстка!» -

Знямогся ўрэшце ён маўчаць.

І ўбачыў: сонечная іскра

У карых бліснула вачах.

 

Кранула водзывам ягоным!

«Ды што вы! Так - дурэць люблю...»

Тут абарваўся вальс - і гоман

Спусціў іх з неба на зямлю.

 

Музыка ўпараны на крэсла

Баян паставіў: «Перакур!»

Сцяпан туды рвануўся з месца:

«Дазвольце мне сыграць, пакуль...»

 

Мо ад няёмкасці хлапечай

Уздумаў гонар апраўдаць?

Ускінуў дзве шляі на плечы

І з ходу ўрэзаў - як аддаць!

 

«Эге! - адразу ўсе адчулі. -

Вось гэта ўзровень, гэта клас!»

Аж пыл пайшоў па вестыбюлі -

Так завіхрыла полька ўраз.

 

Што праўда, сам музыка трохі

Занерваваў і ўмерыў дух:

Альжбета-лыжачніца ў скокі

З нахабным Бэнсем выйшла ў круг.

 

Але заўважыў: хоць дзяўчыне

І сыпле ўсмешкі Юзік-хват,

А ўсё ж яна не-не дый кіне

На баяніста зірк-пагляд.

 

Пасля яго шалёнай полькі

Альжбета знікла неўпрыкмет.

Калі - не ўгледзеў ён, а толькі -

Застаўся ў сэрцы гулкі след.

 

Такі гарачы след трывожны,

Што ён пачаў шпацыраваць

Ля інтэрната вечар кожны -

А раптам выпадзе спаткаць?

 

Ну, дык і выпала нарэшце!

З сяброўкай-дылдай пад руку

Яна аднойчы выйшла з весніц -

Якраз насустрач дзіваку.

 

Сцяпан сумеўся, разгубіўся:

Пракляты сорам, каб ты счах!

Даў «добры вечар» і спыніўся -

З мальбой і радасцю ў вачах.

 

Яны таксама крок стрымалі.

Лілася з вокан гамана.

«Вы так прыгожа ў нас ігралі! -

Сказала шчыра... не яна. -

 

Прыходзьце зноў! Абавязкова!» -

Штось «дылдзе» рупіла самой.

Яна ж - ні слова, ні паўслова

Але глядзела... божа мой!

 

Як на яго яна глядзела!

З якой прадоннай глыбіні!

Якая светлая надзея

Пускала ў сэрцы карані!..

 

Ледзь дачакаўшыся суботы,

Сцяпан падаўся ў інтэрнат.

Адзін. І шмат іграў з ахвоты.

І танцаваў з Альжбетай шмат.

 

Але сказаць ёй хоць намёкам,

Чаго прыйшоў ён зноў сюды,

Чаго блукаў ля іхніх вокан, -

Не змог музыка малады.

 

І ён рашыў пакарыстацца

Вядомым спосабам старым:

Прызнацца ў вершы - і на танцах

Аддаць лісток ёй. А затым...

 

Ужо што будзе - тое будзе.

Ва ўсякім разе - будзе знаць.

Тры дні мазгі мазоліў-трудзіў,

Каб як найлепей напісаць.

 

У рыфму ён яшчэ са школы

Грашыў - умеў цаляць як след.

І вось на лісціку васковым -

Амаль класічны трыялет:

 

«Ты сэрца мне усхвалявала,

Як краска першая вясной

На ціхай просецы лясной -

Ты сэрца мне усхвалявала.

 

Пасля іх будзе тут нямала

Цвісці, буяць, зырчэць красой.

Ты ж сэрца мне усхвалявала,

Як краска першая вясной».

 

Перачытаў сто раз - не меней,

Рашыў: «І ў друк бы падышло!»

І ў нагрудной паклаў кішэні -

Каб лёгка выхапіць было.

 

Назаўтра ж вечарам, у танцы,

Пад шоргат ног, пад гоман-гам,

Ён у кішэньку сунуў пальцы,

Сказаў: «Вазьміце, гэта вам!..»

 

І чуе: «Мне? Але навошта?

Не разумею, што за жарт?..»

Зірнуў - бы хтось яму бязбожна

Чабэхнуў кіпенем у твар.

 

Ён не лісток дае з блакноту,

Дзе ёй прызнанне ў вершы сплёў, -

А глянцавітую банкноту -

Ні больш, ні менш - на сто рублёў!

 

Паблытаў, гад! Ляжала ў той жа

Малой кішэньцы на грудзях.

Якая ганьба-стыд, о божа!

Які канфуз! Ды пры людзях!

 

«Даруйце!» - згроб купюру ў жменю

І ў дзверы ледзьве не бягом.

Яна - на ганак праз імгненне,

А там - на вулку, наўздагон.

 

«Сцяпан! Вярніцеся! - гукнула. -

Прашу, вярніцеся! Сцяпан!..»

Спыніўся ён. Душа пачула:

Ад сэрца голас - не спадман.

 

«Вы трохі дзіўны, выбачайце.

Чаго з-за дробязі ўцякаць?

Забудзьце ўсё - і не зважайце...»

«Я вам хацеў вось гэта даць...»

 

І ён падаў ёй невялікі

Учвэртку складзены лісток.

Яна ўзяла і для прыліку

Зірнула ўпрыцемку: «Сцішок?!»

 

«Вы... не цяпер, вы потым гляньце», -

Ён сарамліва папрасіў...

Яны вярнуліся на танцы -

Як быццам іншыя зусім.

 

Як бы на іх лягла ўжо мета

Якогась кону аднаго.

І цэлы вечар той Альжбета

Не пакідала ўжо яго...

 

...На цёмнай лесвіцы вячэрняй

Акно расчынена ў прастор -

У весні горад, - да свячэння

Агнёў і зор, агнёў і зор.

 

«Уночы будзе навальніца», -

Ён, бы сабе, сказаў услых.

Яшчэ сакрэт і таямніца -

Усё, што ўзнікла паміж іх.

 

Але ўжо з моцнае далоні

Не вырываецца далонь.

Але ўжо хіліцца да скроні,

Нібыта ў лёгкім хмелі, скронь.

 

І слова згоды ўжо трапеча

На смяглых вуснах - без умоў,

Што не далей, як заўтра ўвечар,

Яны спаткаюцца ізноў.

 

* * *

Сляпы ад шчасця ў май той белы,

Калі шугаў паўсюдна бэз,

Не знаў Сцяпан, што да Альжбеты

Тады ж «прыліп» і Юзік Бэнсь.

 

Дый не на жарт «забрала» Бэнся!

Амбітны, хцівы сэрцаед

У інтэрнат зайсці ўжо меўся,

Каб на яе натрапіць след.

 

І як жа вырачыў ён вочы,

І як напнуўся цецівой,

Калі яна сама аднойчы

Да іх заглянула ў пакой.

 

Яе прывёў Сцяпан - і проста

Сказаў, не ўмеючы хітрыць:

«Мая знаёмая і госця,

Прашу ласкавымі вас быць!..»

 

Найлепей Юзік просьбу ўважыў -

Ласкавы быў, аж цераз край:

І шчодра досціпы адважваў,

І згатаваў імгненна чай.

 

Адшчоўкнуў ключыкам куфэрак

І тут жа («ахні, слабы пол!»)

Кулёк не нейкіх там цукерак,

А «мішак» высыпаў на стол.

 

Альжбета ахнула, канешна.

Ніхто ёй «мішак» не купляў.

Бэнсь звысака глядзеў належна:

«Частуйся! Семечкі, маўляў!

 

Яшчэ не гэткае зазнаеш, -

Прасіўся довад з языка, -

Калі, вядома, розум маеш

І прэч адшыеш вахлака!..»

 

Калі ж яна Сцяпану ўрэшце

Шапнула: «Нам ісці пара!» -

Зніякавеў, застыў ва ўсмешцы -

Нядобрай, як аскал тхара.

 

«Не, з гэтым я не прыміруся,

І ты не радуйся, дружок.

На ўсё пайду - свайго даб'юся:

Ты будзеш сцёрты ў парашок!..»

 

Услед за імі з інтэрната

На вулку выйшаў - злы, як звер,

І - прама ў будку «Сто на брата»,

Дзе Лёф даваў і напавер.

 

Сядзеў за столікам дапозна,

За кухлем кухаль асушаў,

І чым далей - тым болей грозна

План помсты ў думках вырашаў.

 

«Ну хто такі Сцяпан Вячорка?

Паршывы конь у табуне!

Чаму ж павінна гэта зорка

Свяціць яму? Чаму - не мне?

 

Абдзіртус з віцебскай глыбінкі!

Калі паштэт я ем усмак -

Ён, здыхля, душыцца ад слінкі,

Глядзіць у рот мне, як жабрак!

 

Ды і наогул!.. Чым ён знаны,

Каб мог супернічаць са мной?

Не, гэны яблычак крамяны

Я адаб'ю любой цаной!..»

 

 

Ганьба

 

Аднойчы Бэнсь, як друг бязгрэшны,

Сказаў Вячорку: «Ну - лады:

Ты едзеш з намі да падшэфных

У вёску Доўгія Брады.

 

Я ўгаварыў дацэнта Дроба

За баяніста ўзяць цябе.

Дадзім канцэрцік хлебаробам -

Паможам музыкай сяўбе!..»

 

Сцяпан любіў паездкі ў вёску -

Спаткацца з новымі людзьмі,

Пазнаць свой край шырэй хоць трошку,

Павеў жыцця ўдыхнуць грудзьмі.

 

У вёсцы іх, «артыстаў з Мінска»,

Развёў па хатах брыгадзір

І - выпадкова ці наўмысна -

Сцяпану з Бэнсем дагадзіў:

 

Да Базыля Крата паставіў.

Той быў заможны гаспадар:

Меў новы дом і двор на славу,

І ў тым двары - дай бог тавар!

 

І меў дачку. Даўно нявеста,

Ды лёс Гілену абмінаў:

Была з «няўходжанага цеста» -

І люд тутэйшы гэта знаў.

 

Як паглядзець - амаль красуня,

А па натуры - пустальга.

Дзяцюк прыстане, пабузуе -

І прэч нясецца як мага.

 

Яна загадчыцаю клуба

Рабіла ў вёсцы - і штораз

Было ёй радасна і люба,

Як госці ехалі ў калгас.

 

Сам брыгадзір улучыў шэптам

На гэта Бэнсю намякнуць:

Маўляў, не грэшна будзе шэфам

З такою краляю гульнуць.

 

Тады і ўзнікла думка ў Бэнся:

«А што, каб Кротаву дачку

Апрацаваць у пэўным сэнсе

Ды і Сцяпану - пад руку?

 

Падстроіць так, каб на вячэры

Ён ля Гілены побач сеў,

Каб «гары» выжлукціў звыш меры

І да няўцяму акасеў?

 

Каб аж не помніў сам, што робіць.

Вось будзе факцік у мяне!

А ўсё астатняе ўжо дробязь:

Альжбеты чутка не міне!..»

 

Сам лёс зрабіў яму паслугу:

За пуняй стоячы ў садку,

Зусім няўмысна Бэнсь падслухаў,

Як маці бэсціла дачку:

 

«Ты бач! Яна ўжо па ахвоце

І гэтым пойдзе пасабляць!

Напасаблялася ўжо, годзе!

Праз месяц будзе - не схаваць!

 

Ці, можа, гэта з іх каторы

І нагуляў табе нябось?..»

У словах чуліся дакоры,

І крыўда горкая, і злосць.

 

Замёрлы Юзік ад здзіўлення

Аж рот разінуў за сцяной.

«Ого! Дык самы раз Гілене

Яго ўсучыць! Любой цаной!..»

 

Рашыўшы, Бэнсь, падступны сэрцам,

Пачаў свой план ажыццяўляць:

Дзяўчыну ён перад канцэртам

Адвёў убок хвілін на пяць.

 

«Вы не здзіўляйцеся, Гілена,

Што так пытаю - па прамой:

Але скажыце мне сумленна:

Вам... па душы таварыш мой?

 

Ах, вы яшчэ... Ну, што ж, не стану

Патрабаваць. Я сам скажу.

Я - тайну выдам: вы Сцяпану

Страшэнна ўзрушылі душу!

 

Але ён вельмі сарамлівы!

Ен нізашто не скажа вам,

Што быў бы ў свеце найшчаслівы,

Каб ваша сэрца мець за храм.

 

Таму - круціце самі гайку...

А што сказаў я вам - маўчок!..»

Гілена «клюнула» на байку,

Як верхаводка на кручок.

 

Амаль увесь канцэрт, прасцячка,

Вачэй не зводзіла з хлапца,

І Бэнсь паверыў: тут няцяжка

Давесці справу да канца.

 

Перад вячэрай тонка-хітра

Ён гаспадыні прашаптаў:

«Ну, цётка Тэкля, з вас паўлітра -

Вам зяця ў хату я дастаў!

 

Мой сябар з вашаю красуняй

Сышліся так адно з другім,

Што будзе проста неразумна

Не паспрыяць у шчасці ім!

 

Кажу вам шчыра - даастачы:

Не выпускайце зяця з рук!..»

Хвілін праз колькі Бэнсь убачыў:

У справе ёсць прыкметны зрух!

 

Вячэра, з поснае і беднай,

Як планаваў скупеча Крот,

Пабагацела адпаведна

Задуме, пушчанай у ход.

 

Не проста ж госці ўжо, выходзіць,

А - сват у хаце з жаніхом!

У гэткім разе не зашкодзіць

Уразіць іх і за сталом.

 

Базыль паставіў «гары» кварту,

А Тэкля - закусь: свежы сыр,

І масла жоўтае, і скварку,

І нават кольца каўбасы.

 

Канешне ж, Юзік пастараўся,

Каб ля Гілены сеў Сцяпан.

З павагі - той і не ўпіраўся,

Не знаў, што змысліў інтрыган.

 

Базыль - яму паспела Тэкля

Сказаць пра «зяця» і дачку -

Наліў пякучага, як з пекла,

Па поўнай шклянцы першаку.

 

- Ну, хлопцы, сёння вы героі!

Арлы! Дык як тут не нальеш?..

Сцяпан у добрым быў настроі -

З усіх ён выступіў найлепш.

 

Ды і наогул - гэта вёска,

І гэта ранняя вясна...

- Дык, хай даруе матка боска,

Давайце, хлопчыкі, да дна!

 

Хто не блазнюк, а хват-мужчына,

Без перадыху - да канца!..

І, падагрэты гэткім чынам,

Сцяпан «згуляў у малайца».

 

Сцяло - не мог дыханне звесці,

Як бы ў нутро пайшоў агонь.

- Вазьмі, сынок, хутчэй заесці! -

Гукнула Тэкля да яго.

 

Гілена вобмігам на сподак

Суседу закусь падала

І ўся ад шчасця млела ўпотай -

Уся брыняла і цвіла.

 

Ледзь дых вярнуўся да Сцяпана,

Як Юзік ткнуў рукой на іх:

- Вы паглядзіце, што за пара:

Дальбог, нявеста і жаніх!

 

Старых уцешыў вокліч гэткі:

Быў па душы абоім «зяць».

- Дапраўды кажаш, мае дзеткі:

Такую пару - пашукаць!..

 

Сцяпан зірнуў на Бэнся грозна:

- Ты... гэта самае, прымоўч!..

Гілена ж соладка-трывожна

Тым часам думала пра ноч.

 

Была няўрымсная Гілена!

Вячорка раптам так адчуў

Пякельны жар яе калена -

Аж стала горача ўваччу.

 

Пяршак, што ён кульнуў з ахвотай,

Сцяпана моцна захмяліў.

А ўжо Базыль другім заходам

Ім шклянкі поўныя наліў.

 

- Давайце кропляю свянцонай

Яшчэ абнашчымся разок,

Хоць вы прывыклі да куплёнай,

А гэта - так сабе, квасок!

 

І як пад добрую закуску,

Дык можна буталь апрастаць,

Крыху пахыркаць у падушку

І зноў за плуг на полі стаць!..

 

Не ўнікшы ў гэткую манеру

Хваліць сябе «наадварот»,

Сцяпан за чыстую манету

Прыняў усё, што збаяў Крот.

 

Таму, не быўшы п'яны з роду,

Пасля «заходаў» чатырох

Язык варочаў, як калоду,

І ўстаць з услона сам не змог.

 

Апошні момант, што назаўтра

Туманна ў памяці ўваскрэс, -

Вясёлы Бэнсь крычыць з азартам:

«Смялей, жаніх! Даёш прагрэс!..»

 

Старая ўдумліва рашыла,

Каму дзе класціся з гасцей:

Сцяпан, без памяці, за шырмай

Заняў Гіленіну пасцель.

 

Свабодны ложак у святліцы

Дастаўся Бэнсю. А дачцэ...

Дачка павінна прымасціцца

Ля «зяця» побач. Дзе ж яшчэ?

 

Ёй Тэкля так і прашаптала:

«Ідзі! Каб ведаў, чый ён зяць.

Ну, што ты бельмы пакуляла?

Цяпер няма чаго куляць!..»

 

На шчырасць гэткую Гілена

Не спадзявалася ніяк

І аж крыху пачырванела:

«Дык ён жа... п'яны, як мярцвяк!»

 

«Ты не пра тое зараз думай!

Ты прыбяры спярша да рук!

Калі, дасць бог, ён чэсны дурань -

Дык будзе бацьку мець байструк!

 

Прайшла з паскуднікам навуку -

Прыруч і добрага хлапца!

Упусціш - выганю, як суку,

У чым стаіш! Ані рубца!..»

 

* * *

Сцяпан ачнуўся. Так, нібыта

Ужо не спіць, а галавы -

Не павярнуць: свінцом наліта.

І сам увесь - як нежывы.

 

Але выразна адчувае:

Хтось цёпла дыхае ў шчаку,

Ля шыі коўдру раскрывае

І на плячо кладзе руку.

 

І тут жа - голас, мяккі, ветлы:

«Прачнуўся? Годзе, годзе спаць!»

Каму і хто гаворыць гэта?

Знаёмы хтось - а не пазнаць.

 

«А ты такі салодкі, Сцёпчык!

З табою страціш галаву!

Калі ў нас першы будзе хлопчык -

Таксама Сцёпам назаву!..»

 

Як ток працяў. Дайшло імгненна.

Расплюшчыў вочы. Твар у твар -

Над ім шчаслівая Гілена

Палае, дыхае, як жар.

 

Пагляд - даверліва-крыштальны,

І губкі - банцікам-вузлом.

Тут шырма шырхнула - і ў спальню

Убегла Тэкля з абразом.

 

«Са шлюбам вас! Са шлюбам, дзеткі!

Раз самі божы запавед

З сябе знялі - то бог у сведкі:

Ідзіце зразу ў сельсавет!

 

Калі ўжо гэтак раптам выйшла -

Благаслаўляем вас з айцом!..»

І бацька тут падбег увішна,

Сказаў: «А ты, брат, малайцом!

 

Умэнт з Гіленкай згаварыўся!

І тыдня ўслед не пахадзіў!..»

Сцяпан, збялелы, падхапіўся,

Памостам ногі астудзіў.

 

Але кальнула так у скронях,

Што, каб не ўпасці, тут жа сеў,

Заціснуў голаў у далонях,

Адчуў: канец - задушыць гнеў.

 

«Дык гэта... што ж гэта такое?

Я - звар'яцеў? Або - яны?

Ух, як нясцерпна ў чэрап коле!

Набраўся ўчора, бот дурны!..»

 

«Ці не муціць цябе, Сцяпанка? -

Бліжэй ступіла Тэкля крок. -

Бач, не пайшла здароўю п'янка.

Базыль, дай похмелкі глыток!..»

 

«Ідзіце к чорту!» - дзіка, страшна

Сцяпан у гневе закрычаў,

Схапіў свой «клёш» з бліскучай спражкай,

Збірацца похапкі пачаў.

 

«Ну-ну! Нявольна так, дзіцятка!

Ужо ж нікому не сакрэт!

І справядліва кажа матка:

Цяпер вам толькі ў сельсавет!

 

А што ж! Дачка ў нас - не круцёлка,

У бацькі-маткі - на слуху.

Паненскі стан трымала цвёрда,

Каб гонар быў і жаніху!» -

 

Так бацька з годнасцю, спаважна

Размову хітрую павёў

І «гарай» з бутлі учарашняй

Напоўніў шклянкі да краёў.

 

«Дапусцім, нават і па п'янцы,

Але ж было, зяцёк, было!

Давай асушым, брат, па шклянцы,

Каб сумляванне не ўзяло!

 

На шчасце гэта неспадзеўка -

Адно патрэбна ўразумець.

Ты паглядзі, якая дзеўка,

Якую жонку будзеш мець!

 

На ўсе шаснаццаць - гаспадыня:

І ткаць - сама, і шыць, і мыць.

І ўжо бітком набіта скрыня -

Пасаг дадзім - як мае быць!..»

 

Тым часам, седзячы на ложку,

Гілена хліпаць пачала -

Усё мацней, мацней патрошку

І Тэклі жару паддала:

 

«Ты што ж? Зрабіўшы дзеўцы псуту,

Як той пранцузкі кавалер...

Каму ж яе цяпер падсуну?

Хто ж возьме гэткую цяпер?..»

 

Сцяпан, не бачачы нічога

І як не чуючы зусім,

Ужо рвануўся да парога,

Як раптам - Юзік перад ім.

 

«Я - еду! - крыкнуў. - Гэта пастка!»

«Мне ўсё вядома. Пачакай!

Не гарачыся, калі ласка,

І ад Гілены - не ўцякай.

 

Падумай сам: бацькі сягоння ж

У камітэт напішуць ліст -

З кансерваторыі пагоняць,

І з камсамола паляціш...»

 

«Ты што - смяешся? Ці сур'ёзна?»

«Зусім сур'ёзна, галубок!»

«Пусці!» - сказаў Сцяпан пагрозна

Ды так, што той - адразу ўбок.

 

Сцяпан піхнуў рукою дзверы,

Не зачыніўшы за сабой, -

І са двара, як ад халеры,

Панёсся вулачкай крывой.

 

У лесе толькі, ля рачулкі,

Спыніўся, лоб вадой абдаў,

Пачуў у скронях стукат гулкі -

І ўрэшце сэрцу волю даў.

 

Не сутрымаў усхліпу-плачу -

Папёрлі слёзы з глыбіні.

«Каму і як я растлумачу,

Што тут няма маёй віны?

 

А можа, толькі папужалі -

І не пашлюць у Мінск пісьма?

Тады ўтаіць усё ад Алі?

А як дазнаецца сама?

 

Не, лепей ёй сказаць адкрыта,

Што ў гэткі трапіў пераплёт...»

Аж задыхаўся ён ад крыўды

І кляў увесь Гіленін род.

 

 

Адступленне другое - іранічнае

 

Даруй, чытач, я захапіўся

Ідэяй, думкамі, людзьмі

І на метафары забыўся -

На сэнс пісання, чорт вазьмі!

 

Перапыніся на хвіліну

Сачыць за лёсам і жыццём,

А я хоць парачку падкіну

Метафар, злоўленых жыўцом.

 

А то ізноў мой строгі крытык

У нос сярдзіта засапе -

І затрымчу я аж да лытак,

І стане мне не па сабе.

 

Як быццам гэткі ўжо я зломак,

Што не магу, на модны ўзор,

Падзавастрыць танчэй аловак

Гуллівай выдумкі лязом.

 

Яшчэ ж і слоў арыгінальных

Хоць колькі мушу я ўтварыць, -

Цяпер жа вельмі непахвальна

Даступнай мовай гаварыць!

 

Каб з тымі докамі зраўняцца

І заслужыць іх пахвалу -

Хоць раз мне трэба пастарацца

Надзець штаны праз галаву!

 

Ці ўверх нагамі на далонях

Прайсці пргллюдна па дварэ,

Як мой адзін стары знаёмы,

Калі паўлітра абярэ.

 

Бо ўжо той самы крытык мондры

Не раз выносіў мне прысуд,

Як эстэтычна-творчай контры,

І смачна клаў мой верш на зуб.

 

Ну, што ж, каб «гладкім» ці яшчэ як

Ён не кляйміў маё пісьмо,

Растрыбушу страфу ушчэнт я,

Адкіну прэч памер-вязьмо,

 

Такіх зігзагаў наскладаю,

Такі ўчыню над словам гвалт,

Так паэтычна наскандалю,

Каб густ здаровы - напавал!

 

Каб ты, чытач, аж разжалобіў

Сябе ад крыўды і віны:

«Ані радка не расшалопаў:

Які ж я цёмны і дурны!..»

 

Жартую гэта я, канешна,

Ты мне іронію прабач -

Тым больш што мне зусім не смешна,

Не да забавы мне, чытач.

 

Хай буду збэшчаны і скляты,

А свой радок, якім не лгу,

На рагазлівы і дзяркаты

Не прамяняю: не магу!

 

У нас дзяркатых больш чым досыць,

А мне не выпаў рэдкі дар:

Ні шапялявіць, ні гундосіць,

Ні заікацца - бог не даў.

 

Ды і нашто ён гэткі ў вершы

І гукаў збег і сказаў стык,

Каб, потырч носам паляцеўшы,

Чытач зламаў сабе язык?

 

І да спакуснага верлібра

Не дарасці ніколі мне,

Якога часам без паўлітра

І д'ябал сам не праглыне.

 

Цяпер у модзе арытмія.

На тузаніне, на рыўках,

Яе сумбурная стыхія

Сям-там пануе і ў радках.

 

Ну, што ж: вялікі свет парнаскі!

А мне й на гэты раз, браткі,

Слугуе ямб - тутэйшы, наскі,

Рухомы, гібкі, трапяткі.

 

Яшчэ адной успышкай ямба -

Апошняй, можа - пасвячу,

Каб, нібы казачная лямпа,

Адкрыў мне скарб, які хачу:

 

Дзівосны скарб - душу людскую,

Дзе выспявае праўда-боль

У праўду-радасць, - пра якую

Мы прагнем ведаць як найбольш.

 

 

Разлад

 

За ўсё жыццё падобнай ганьбы -

Перад самім сабой - не знаў

Сцяпан Вячорка. «Лепш няхай бы

Я ў гэны вечар там сканаў!..»

 

Яго з агіды калаціла,

Што ў гэткі пляснуўся ён бруд.

Аднак жа духу не хапіла

Пачуць Альжбецін суд-прысуд.

 

Яна спытала пры сустрэчы:

«Ці добра з'ездзіў? Раскажы!»

І ёй здалося, быццам нечым

Сцяпан прыгнечаны ў душы.

 

Адкрыты, шчыры па натуры

Зрабіўся штось негаваркі,

Якісь разгублены, пануры,

Наогул - «нейкі не такі».

 

Не без трывогі падступала

Яна да хлопца - раз і два:

- З табою, Сцёпа, нешта стала?

Маўчыш парою, як трава...

 

- Не выдумляй! - ён буркаў ціха,

А сам - і ў сне трымцеў адным:

Ці пранясецца тое ліха,

Ці перуном праб'е над ім?

 

Быў кожны дзень яму, як момант -

Як той замёрлы страшны міг

Між бліскавіцаю і громам,

Калі ты ўвесь - напяты слых.

 

Але міналі дні і тыдні -

Яго ніхто не выклікаў,

Каб суд вяршыць над ім агідны,

Што ён дзяўчыну ашукаў.

 

Сцяпан патроху стаў вяртацца

У свой ранейшы стан-настрой:

У педвучылішчы на танцах

Ізноў дзяўчат здзіўляць ігрой,

 

Хадзіць з Альжбетай у любімы

Садок ля Свіслачы-ракі,

Дзе ў вечар шыза-галубіны

Рука не просіцца з рукі...

 

Адно, што кепска: з той падзеі,

З тых дат, адносіны між ім

І Бэнсем рэзка ўхаладзелі -

Сцяпан адчуў яго чужым.

 

Ён успрыняў тады як здраду

Яго параду «не ўцякаць».

А здраду.... здраду нават брату

Сцяпан не змог бы дараваць.

 

І ён сказаў без далікацтва:

«Прадаў мяне ты з галавой -

І я прашу не заікацца,

Што мы сябры былі з табой...»

 

А тут яшчэ, на зайздрасць Бэнсю,

Які чарнеў ад «творчых мук»,

Вячорка склаў такую песню,

Што нават выдрукаваў друк.

 

Амбітны Юзік ад здзіўлення

Не мог ачомацца ніяк.

Яго душу пачаў з карэння

Тачыць суперніцтва чарвяк.

 

Самаўлюбёнага без меры

Азлобіў сябраў поспех-плён.

Не, Бэнсь ніколі не паверыць,

Што нехта здольны больш, чым ён.

 

* * *

 

Альжбета ў ноч на схіле мая

Ад шчасця плакала ажно.

А ўранку з пошты атрымала

За смерць страшнейшае пісьмо.

 

Якісьці аўтар ананімны

У трох радках паведамляў:

«Разіня! Сцёпа твой любімы

Гілене пуза нагуляў!

 

Калі не верыш, то праедзься

У вёску Доўгія Брады,

Дзе выступаў ён у канцэрце

І волю даў сабе тады...»

 

Як непрытомная чытала

Яна забойчыя радкі.

«Дык вось чаму ён, - прыгадала, -

Вярнуўся нейкі не такі!..»

 

Пасля схапілася за сэрца

І, закрычаўшы нема «о-ой!»,

Нібы падсечанае дрэўца,

Упала ніц на ложак свой.

 

І ні адной душы ў пакоі -

Ані адной з яе дзяўчат,

Каб хоць бы словам супакоіць

Ці хоць бы побач памаўчаць.

 

Яна нямела, абмірала

І, як у трызненні, у сне,

Адно бясконца паўтарала:

«Забіў ты, Сцёпачка, мяне!..»

 

Слоў не знаходзіла Альжбета.

Пераціналі спазмы дых.

«Як мог... як мог зрабіць ты гэта?

Ты - мой свяцейшы за святых?

 

А тое ўсё, што мы... што потым

Павінна быць было між нас?..

Пра што так марыла я ўпотай -

Аж калацілася не раз?..

 

Дык тое ўсё было няпраўдай?

Ты прытвараўся і хлусіў?..

У сэрцы, высцюдзеным здрадай,

Гадзюку чорную насіў?..»

 

Зусім знясіленая горам,

Ад слёз знямогшыся, ад мук,

Яна ляжала дзіцем хворым

І - не азвалася на стук.

 

Хаця на гэты стук заўсёды

Улёт ляцела да дзвярэй,

Каб родны твар, пагляд вясёлы

За імі ўбачыць найскарэй.

 

Цяпер «не-не!» - шапталі губы.

«Не-не! - круціла галавой. -

Ён здраднік, здраднік, а не любы!

Хай прэч ідзе, а не ў пакой!..»

 

А ён яшчэ пастукаў тройчы.

Счакаў. Паслухаў - цішыня.

На дзверыну націснуў трохі,

І - адчынілася яна.

 

Спытаўся голасна: - Хто дома?

Маўчанне. Хмыкнуў: «Можа, спіць?»

Зайшоў і ўбачыў: нерухома

Альжбета страшная ляжыць.

 

Сцяпан жахнуўся, крыкнуў: - Аля!

Падбег да ложка: - Што з табой?..

Не зварухнулася. Не ўстала.

Адно смыкнуўся ў вуснах боль.

 

Глядзіць, не міргаючы нават.

А што ў вачах - не зразумець:

Пагарда? Крыўда? Ці нянавісць?

Ці зразу ўсё? Ці, можа, смерць?

 

- Ты захварэла? Аля? Аля!

Ты што маўчыш? Кажы хутчэй!..

Адчуў: па целе ўсім, як хваля,

Трывога - жарам да вачэй.

 

Яго здагадка паласнула -

Аж адступіў назад на крок.

Альжбета моўчкі працягнула

Яму скамечаны лісток.

 

Ён прачытаў, і горкі посмех

Скрывіў яго прыгожы твар.

«Ну, вось і ў Бэнся творчы поспех!

Якраз у дыхавіцу ўдар!..»

 

Шпурнуў на стол лісток паскудны,

Прысеў на ложак, у нагах.

- Глядзіш, як быццам я - падсудны...

Ну й гад жа - Юзік, ну і гад!

 

Яго пісьмо - паклёп, не болей,

А ты паверыла яму...

Альжбета выдавіла з болем:

- Калі паклёп, тады чаму...

 

Чаму ты быў... пасля паездкі...

Нібы апушчаны ў ваду?..

- Чаму? Настрой быў вельмі кепскі:

Я ледзь не трапіў у бяду...

 

Яна глядзіць - жывая ледзьве:

«Ну, гавары ж ты, гавары!..»

- Там баба - хітрая, як ведзьма,

І ёй да пары - псюк стары.

 

Ну, і дачка... такая ж выжла!

Хацелі з ёю... ажаніць.

Нічога з гэтага не выйшла -

Мяне ў пятлю не заманіць.

 

Але ў душу наклалі бруду -

Такога бруду, што, відаць,

Усё жыццё выплёўваць буду.

І ўсё жыццё сябе караць.

 

Яна глядзела і чакала:

«А што далей? А што далей?..»

- Мяне наіўнасць ашукала:

Я дрэнна ведаю людзей.

 

У іх там, знаеш, самагонка -

Як звер: кладуць у брагу штось.

А я ў напітку гэтым тонка

Не разбіраюся... Ну й вось!

 

Мяне ўпаілі там... Сумысля.

Так, што і памяць адняло...

Яна глядзіць - нібы завісла

Над прорвай: «Потым... што было?»

 

- Прачнуўся ўранку, ну, а збоку -

Пачвара гэная... сапе...

Альжбета ўпрогалас глыбока

Паветра ўхліпнула ў сябе.

 

І закрычала: - Значыць, праўда!

Дык праўда ўсё ж, а не паклёп!..

- Якая праўда? Ёй бы варта

Пусціць за гэта кулю ў лоб!

 

Каб я - і з ёй?.. Ды ты вар'ятка,

Калі паверыла ў абман!..

- Ты з ёю спаў! Мне гадка, гадка!

Ты брыдкі мне! Ідзі, Сцяпан!

 

Ты і пачаў, відаць, з памылкі,

Калі ўнушыў сабе, што я...

Не, кошка брудная з памыйкі -

Вось муза творчая твая!..

 

Сцяпан, бы ўджалены, адразу

Падскочыў з ложка. Губы сцяў.

Такой зняважлівай абразы

Ён ад Альжбеты не чакаў.

 

- Вось нават як? Тады - нічому

Не веру й я... Тады - бывай!..

Праз месяц, кінуўшы вучобу,

Вячорка з'ехаў на Алтай.

 

Магчыма б, ён свой пыл і ўмерыў,

Калі б не ўбачыў неяк сам,

Як з Аляй вечарам па скверы

Хадзіў-гуляў якісь курсант.

 

А да таго ж камсорг Асьмінка

Сказаў, па дружбе, пад сакрэт,

Што паступіла ананімка

У камсамольскі камітэт.

 

Нібыта ён, Сцяпан Вячорка,

Дзяўчыну ў вёсцы збэсціў дзесь,

І будзе шумная «праборка» -

На калектыў студэнцкі ўвесь!

 

Вось толькі вернецца аднекуль

З камандзіроўкі сакратар...

«Не, я цярпець не стану здзеку,

Памру - не дам пляваць у твар!

 

Пачнём свой лёс каваць нанова.

Пасля - пабачым, паглядзім.

Урэшце, з гэткай установай

На свеце горад не адзін.

 

Часова прыйдзецца расстацца

З гарачай мараю сваёй...»

А што рабіць? Куды падацца?

Жыццё паўсюдна б'е бруёй.

 

Сама рэальнасць падказала:

Быў пяцьдзесят чацвёрты год -

І моладзь з мінскага вакзала

Штотыдзень брала шлях на ўсход,

 

У край аблогаў нечапаных,

У Казахстан і на Алтай -

Каб небывалы, нечуваны

Спячы цалінны каравай.

 

Туды, туды - увага, сіла,

І грошы-сродкі ўсе - туды,

Каб цаліна ускаласіла

На незлічоныя пуды.

 

Уся, здавалася, краіна

Надзеяй новай зажыла, -

На ўсе лады загаманіла,

На ўсе акорды загула,

 

Ад уяўлення, што за зерне

У свірны прыйдзе, хлеб які! -

Яшчэ глыбей Нечарназем'е

Туліла твар у хмызнякі.

 

 

На ўзвеях часу

 

Сцяпан удзень хадзіў цяслярыць -

Дамы цаліннікам стаўляць,

А вечарамі, каб памарыць,

Вымаў баян, садзіўся граць.

 

І з першай нотай, як на крылах,

Ён пераносіўся туды,

Адкуль яго пагнала крыўда -

Як птушку ў вырай халады.

 

Ад смутку-горычы, бывала,

Шаптаў: «Пашлю я ўсё ж пісьмо!..»

Ды крыўда мову адымала,

Сціскала дых, нібы ярмо.

 

«Калі яна цяпер не можа

Мне веры даць, як чалавек, -

Куды ж пускацца ў падарожжа

На ўсё жыццё, на цэлы век?

 

Ах, хай пакрые зелень бросні

Усё, што марна ўспамінаць!

Не першы я і не апошні,

Каму з такога пачынаць...»

 

А йграў ён так, што досыць скора

Яго прызванню «далі ход»:

Ён маладым саўгасным хорам

Стаў кіраваць у той жа год.

 

І хор аднойчы, каб паднесці

Тутэйшай публіцы сюрпрыз,

Пачаў канцэрт з «Цаліннай песні»

Кіраўніка. І спеў на «біс!».

 

Такі быў поспех неспадзеўны,

Такі грымеў авацый шквал,

Што кампазітар самадзейны

Пачуўся п'яным без пітва.

 

І ўпершыню падумаў: шчасця

На свеце большага няма,

Чым да людской душы дапасці,

Каб засвяцілася яна.

 

Тым часам песня-навасёлка

Пайшла гуляць па цаліне.

І схамянуўся нейк Вячорка:

«А ўсё ж вучыцца трэба мне!..»

 

Адпрацаваўшы год як цесля -

Сякеркай, гэблікам, пілой,

Сказаў: «Давай, таварыш песня,

Да справы вернемся былой:

 

Ізноў засядзем за вучобу -

Каб не ўпусціць урочны час.

А дзе? Даверымся на спробу

Маскве: авось ды прыме нас!..»

 

* * *

Праз шмат гадоў з Масквы-сталіцы

Сцяпан вярнуўся ў стольны Мінск.

Не сам сабой - а з маладзіцай:

Як паўнапраўны сем'янін.

 

Музфонд кватэркай забяспечыў -

Жыві ды радуйся, маўляў!

На жаль, у шчасці чалавечым

Ён усё больш і больш губляў.

 

Яго прыгожанькая Феня,

Якую ён лічыў, сляпак,

Сваёй чароўнай, добрай феяй, -

Да грошай выявіла смак.

 

Пакуль не стала «палавінай»,

Не бачыў ён за дымкай чар,

Як прагна Фенечка лавіла

Усякі сказ пра ганарар.

 

Датуль - зусім другое пела,

Пад ручку ходзячы ў кіно:

Усё пра Баха ды Шапэна,

Усё пра Грыга ды Гуно.

 

Цяпер адкрылася: ад Фені

Нямнога можа ён чакаць.

Ва ўсякім разе - аб натхненні

Забыцца трэба і маўчаць.

 

Яго турбот, пакут і болю,

Яго трывог, надзей і мар

Ёй не прыняць душой

Ніколі: Не дадзен гэтакі ёй дар.

 

А больш за ўсё ёй грызла сэрца -

Ніяк уцяміць не магла:

Чаго ён так у Мінск ірвецца

З яе сталічнага жытла?

 

Ніякі довад, што для творцы

Навек пакінуць родны край -

Усё адно што і памёрці, -

Не пераконваў - хоць канай!

 

З вялікім лямантам-скандалам

Усё ж паехала за ім -

І яшчэ больш увішна стала

Яго жыццё драбніць сваім.

 

І пацягнуўся быт бясконцы!

Сцяпан мірыўся, колькі мог,

Што аднадумца-друга ў жонцы

Яму не даў скупеча-бог.

 

Цяжэй было змірыцца з іншым:

Ён учарнеў ад адкрыцця,

Што Феня нават з усявышнім

Прыдбаць не здолее дзіця.

 

Прысуд быў болей чым жахлівы:

«Ну вось і ўсё! Да скону дзён -

І ў шчасці будзеш нешчаслівы,

І ў славе будзеш не славён...»

 

Тым часам шмат і ўчэпна вельмі

Пачаў ён думаць тут аб тым,

Як трэба мужна і сумленна

Шукаць свой голас, свой матыў.

 

Папраўдзе, гэтаму спрыяла

Сяброўства з дзедам Гарбылём,

Што ў ціхай хатцы бліз вакзала

Век дажываў свой бабылём.

 

Стары скрыпач і кампазітар

Быў не пусты - ідэйны дзед,

І праз ідэйнасць, як праз сіта,

Перасяваў мастацкі свет.

 

Людзей ён ведаў адмыслова,

І бачыў кожнага наскрозь,

І вызначаў беспамылкова,

Чаго ты варт і што ты ёсць.

 

Ці ты музыка з ласкі божай

І для цябе твой дар - твой крыж,

Ці - дзеля сытасці і грошай

Людзей забаўкамі чмурыш?

 

Ці ты турбуешся, каб песня

Ішла з глыбокай глыбіні,

Ці як мага падрэзаць пнешся

Яе жывыя карані?

 

На гэты конт было карысна

Сцяпану браць у дзеда ўрок.

«Або - або!» - катэгарычна

Сціскаў ён востры кулачок.

 

«Каб песню, вартую народа,

На поўны голас шчыра спець -

Што трэба творцу? Вельмі многа!

Радзіму ў сэрцы трэба мець!

 

Каб кожны дзень твой быў узлётам

Увысь, за звыклы небакрай -

З яе высокім ладам-лёсам

Ты ўласнай песні лад звярай!

 

Памры - не дай сабе пад крылы

Падвесіць фальшу страшны груз,

Што з-пад нябёс на дол абрыне

Тваю душу - у гразь і бруд!..»

 

Так гаварыў стары музыка,

Яго з увагай слухаў госць,

І пакрысе між імі ўзнікла

Накшталт ідэйнай змычкі штось.

 

Сцяпан любіў бываць у дзеда.

Гарбыль звычайна даставаў

Набор фарфоравы з буфета

І госця кавай частаваў.

 

У знак павагі, для вітання.

Перад гаворкай - на зачын.

Аднойчы дзед неспадзявана

Ушчаў размову пра жанчын.

 

Вячорка здзіўлены быў трохі,

Што жонак шмат каго з калег

Гарбыль пад суд падводзіў строгі

За іх адзін вялікі грэх.

 

«Да грошай прагныя страшэнна.

Штодзень тармосяць мужыкоў:

Давай! Давай! - і з іх кішэняў

Грабуць усё - да медзякоў.

 

Паўвека ўжо я назіраю

(Пра гэта зло не піша друк!),

Як лепшых хлопцаў прыбірае

Мяшчанства хцівае да рук!

 

Абы хто з іх успыхнуў ярка

Свячэннем ноты ці радка -

Ураз падлезе хітраванка

І забрытае прастака!

 

Ён ні спагады, ні падмогі

Не будзе мець да скону дзён.

Каму кладзе свой дар пад ногі -

Не разумее, ахламон!..

 

І не заўважыць, не адчуе,

Як з небам повязь абарве -

Пад дудку злыдня затанцуе,

У дружбе з д'яблам зажыве...»

 

Сцяпан тым разам ад старога

Пайшоў з цяжарам у грудзях.

«Ну, а які мяне самога

Чакае ў будучыні шлях?

 

І чым закончу я нарэшце?

Няўжо вось гэта мой і лёс -

Да скону з Фенечкай ва ўпрэжцы

Цягнуць паныла грузны воз?

 

І дзесь на рытвінах-калдобах,

Як той знямоглы конь стары,

Аднойчы рухнуць у аглоблях -

Задраць капыцце без пары?..»

 

Тым часам цешча, мама Фені,

Раптоўна сталася ўдавой,

І Феня ў моцным задуменні

Ізноў затрызніла Масквой.

 

Трохпакаёвая кватэра

Каля Садовага кальца -

Жыла ў яе душы, як вера,

Якой не здрадзіць да канца.

 

«Паеду, - Феня заявіла, -

Пабуду ў мамы нейкі час...»

Праз дзень, аднак жа, прыкаціла

З рашэннем цвёрдым, як указ.

 

«Дык вось табе, Сцяпан, умова:

Або - пярэбары ў Маскву,

Або - развод. І тэрмінова.

Бо ўсё вісіць на валаску...»

 

Ён зразумеў без тлумачэння

Яе жаданых думак ход.

Сабе сказаў: «Канец мучэння!»

А ёй: «Развод, - сказаў, - развод!»

 

 

Адступленне трэцяе - гістарычнае

 

Мой край, мой рай бульбяна-жытны!

Зеленадолы, залаты!

Як спеў матулі - старажытны,

Як песня любай - малады!

 

Акіну шлях твой думкай-вокам

З вяршыні сённяшняга дня:

Якая далеч да вытокаў!

Які прасцяг і глыбіня!

 

Мы шмат і ведаем і помнім

Падзей, раскрытых да драбніц.

Але твой лёс і сёння повен

Неразгаданых таямніц.

 

Як падлічыў адзін статыстык,

Дык на прасторах на тваіх

Калісь было не менш ста тысяч

Магільных насыпаў старых.

 

Хоць часу плынь і размывала

Гарбы крутыя тых капцоў, -

Яшчэ іх высіцца нямала,

Прыбраных зеленню кустоў.

 

А што яны хаваюць-тояць -

Твае магілы-курганы?

І як пачуць нам продкаў споведзь?

І як у іх заглянуць сны?

 

Даваць парады не бяруся,

А толькі ведаю адно:

Калі ў мінуласць Беларусі

Прасекчы добрае акно.

 

І паглядзець на ўсё вачыма,

Не замутнёнымі яшчэ -

Не раз і гордасць дойме шчыра,

Не раз і болем апячэ.

 

І будзе думацца: які ты -

Яшчэ ў прадаўнія часы -

Быў, любы краю, знакаміты

Майстрамі-творцамі красы!

 

Якіх ты меў на зайздрасць свету

І цесляроў, і маляроў,

І летапісцаў, і паэтаў,

І музыкантаў-дудароў!

 

Якой асветай і культурай

Твае здзіўлялі гарады -

Не толькі Полацак ці Тураў,

А й Друцак, зніклы назаўжды!

 

І будзе думацца: чаму ж ты

Не змог далей свой весці лад?

Калі - пад цяжкім гнётам змусты -

Пайшоў твой лёс на заняпад?

 

Калі Ўладзімір завалодаў

Сталіцай племя крывічоў

І ўсмерціў князя Рагвалода

Пад скрыжавальны звон мячоў?

 

Ці пачалася крыўда-ганьба

І над душою здзек-прыгон,

Калі нямудры князь Ягайла

Паквапна сеў на польскі трон?

 

І будзе думацца: адкуль жа

Набраў ты моцы, сіл жыцця,

Каб уваскрэснуць зноў і мужна

Паўстаць амаль што з небыцця?

 

Каб, як дзівосная праява

Народнай волі векавой,

І Беларуская дзяржава

На сонца сцяг раўняла свой.

 

Адкуль? Мы бога не прасілі

Узяць спагадна пад крыло.

Адзінства з доляю Расіі

Зарукай росквіту было.

 

Сама гісторыя вучыла:

Шануй, народзе, і цані -

Усё, што поіць-жывіць шчыра

Тваёй свабоды карані!

 

Шануй душу сваю, народзе,

І ўласнай тшмяці не траць,

Каб у нязведанай дарозе

Ахвярай хуткасці не стаць!

 

Вучы дзяцей яшчэ з пялёнак:

Каб не скаціцца пад адхон -

Хай з курганоў тваіх зялёных

Бяруць у заўтрае разгон.

 

Хай пачынаюць думкай-марай

Ад тога болю, што прарос

Пад сінявой тваёй бясхмарнай

Напевам сосен і бяроз,

 

Ад гэных зорак прамяністых,

Што й позна ўноч і рана ўрань -

Гараць, гараць на абелісках -

Куды ні глянь, куды ні глянь!..

 

 

Бацькоўскі кут

 

У край бацькоў, у кут свой родны

Сцяпан прыехаў раніцой,

Калі сады і агароды

Яшчэ свяціліся расой.

 

Напэўна, згледзеў хтось увішны

І абвясціў, што едзе госць,

Бо сустракаць да весніц выйшлі

І Лёдзя з Вінькам, і Антось,

 

І Анця з гуртам белабрысых

Малых сваіх «тамашанят»

(Як па ўнаследаваных рысах назваў іх

Лёкса, бабін брат).

 

А ўсіх паперадзе - матуля,

З хусцінкай - слёзы выціраць.

- А мой сыночак! Сэрцам чула,

Што ты прыедзеш гэты раз!..

 

Расцалаваўшыся з усімі,

Госць зноў да маці падышоў,

У вочы глянуў, што расілі

І вымаўлялі ўсё без слоў.

 

І сам заморгаў неспадзеўкі,

І пад руку пяшчотна ўзяў.

- Вядзіце ў хату, хлопцы-дзеўкі! -

Малечы весела сказаў.

 

У хаце ўбачыў і Мікіту -

Сядзеў пры пляшцы за сталом

І Тамашову «акавіту»

Пускаў па поўнай - сакалом.

 

Крыху сумеўся пры Сцяпане:

- Я тут... авансам, напярод! -

Прагуў, нібыта ў апраўданне,

І пульхным блінам выцер рот.

 

Пагаварыўшы цёпла з маці,

З братамі, з Лёдзяй і раднёй,

Сцяпан не стаў тырчэць у хаце,

Таміцца тлумнай мітуснёй.

 

Каб не ўшчуваць сябе дакорам,

Рашыў на могілкі схадзіць -

У той сасняк, на той пагорак,

Дзе многа ўжо з іх роду спіць.

 

Яшчэ прапрадзедаў вадзіла

Дарожка бітая туды,

Каб разумелі, што радзіма -

Не толькі дом, а і клады.

 

Па просьбе брата, Лёдзя спрытна

Зайшла ў гародчык пад акном -

Букет вяргінь яму настрыгла,

Што палымнеліся агнём.

 

І ён падаўся загуменнем,

Цераз аселіцу, кусты, -

Туды, дзе ў сонечных праменнях

Сасняк кудлаціўся густы.

 

Сцяпан ішоў няспешным крокам

Ускрай высокай збажыны.

Наўкол стаяў вясёлы строкат -

Купалле гралі цвыркуны.

 

А што ж замоўклі ўраз? Над полем

Нястрымны вецер шугануў.

Сцяпан спыніўся: неспакоем

Віхурна-рэзкі шквал дыхнуў.

 

Раптоўна моцна пацямнела,

Патухла далеч перад ім.

Як азірнуўся - на паўнеба

Сцяной нясецца буры дым.

 

«Пажар! - кальнула зразу ў сэрца. -

Лясы? Ці хаты? Штось гарыць!..»

І - зразумеў: не дым нясецца -

Тарфяны пыл сцяной ляціць!

 

Ў твар ударыла, як прыскам,

І вочы засціла імглой.

Да неба сёмага вятрыска

Зямлю уздыбіў над зямлёй.

 

Сцяпан стаяў, працяты болем,

Глядзеў, бяссільны, хоць заплач,

Як грозны дух нясе над полем

Сарваны з долаў плодны пласт.

 

Зямля ляціць у небе пылам,

Ляціць, імчыцца ўдалячынь,

Дзесь ападзе за небасхілам -

І не вярнуць яе нічым!

 

За сотні год на гэтым месцы

Не нарасце яна цяпер,

І ўжо ніхто тут не наесца -

Ні чалавек, ні птах, ні звер!

 

Пясок аголіцца ды камень -

Бясплодны, мёртвы мінерал.

«Зямля! Твой люд цябе вякамі

Бярог, любіў - не памірай!

 

Жыві, карміцелька-зямліца!

Радзі! Пладзі! Святкуй жніво!

І дзень і ноч гатоў маліцца

Я за здароўе за тваё.

 

Ды што малітва! Тут патрэбен

Разумны, рупны гаспадар,

Каб не ляцеў, не слаўся небам,

Як дым, жыцця прыродны дар.

 

Калі так весці асушэнне -

Пустыняй зробіцца разлог!..»

Сцяпан ішоў - і суцяшэння

Для горкіх дум знайсці не мог.

 

Успомніў гутаркі і спрэчкі

З меліяратарам адным -

Не з тым, што сам раўняе рэчкі,

А - што загад дае другім.

 

«Таму ты працу нашу хаіш, -

Кіпеў вучоны-інжынер, -

Што па натуры сам архаік

І непапраўны старавер!

 

Твая бяда, што ты не здольны

Пераступіць якісь парог,

Каб навізну прыняць бязбольна,

І мне шкада цябе, дальбог!..»

 

Сцяпан на момант прыпыніўся,

Абвёў паглядам шыр-прастор.

«Эгэй, мой кут, як ты змяніўся!

Стаў роўны й гладкі - нібы стол.

 

Дзе хмыз кусціўся нізкарослы,

Ляжаў-гібеў гадзючы рай, -

Там бульбы цягнуцца барозны

Амаль па самы небакрай.

 

Дзе буй гарбеў, капыццем збіты,

Як бубен, голы, - там наўсцяж,

Бы хвалі мора, ходзіць жыта

Напорнай сілаю жыцця.

 

Архаік? Я? Ды не, шаноўны!

І ты не вер яму, зямля!

Мне проста вельмі не ўсё роўна,

Што потым будзе тут - пасля!

 

Пасля мяне - праз трыццаць - сорак,

Праз сто і тысячу гадоў:

Ці не дагоніць ганьба-сорам

І там - пакладзенага ў дол?

 

Не вер, што марна ў спрэчку лезу,

І не спяшайся асудзіць:

Маўляў, таварыш ад прагрэсу

Рашыў цябе адгарадзіць.

 

Ты рвешся ў сонечнае заўтра,

Каб больш дрыгвою не драмаць,

А нейкі скептык-кансерватар

Разгон твой сіліцца стрымаць.

 

Ну, што ты, родная! Не рушу

Павек з жыццём наперакос.

Але каб жыць - я ведаць мушу:

Які далей твой будзе лёс?

 

Ніхто так, можа, не жадае,

Як я - каб гожай ты была,

Каб, як нявеста маладая,

Вясновай квеценню цвіла.

 

Таму й гляджу, амаль са страхам,

Тваіх улонняў кроўны сын,

Як ты нясешся пылам-прахам,

Да неба ўзнятая з нізін.

 

Яшчэ ж я думаю з трывогай:

А ці не выветрыцца так

З тваёй душы, як торф з аблогаў,

Уласнай долі вечны знак?

 

Няўжо! Няўжо, змяніўшы воблік,

Ты гэтак зменішся душой,

Што гэтых самых змен паводле

Мне станеш цёткаю чужой?

 

Не! Я ў тваёй шчаслівай долі

Знайшоў свой лёс - і для мяне

Чужой не будзеш ты ніколі:

І ў самай новай навізне!

 

Усё, за што табе пашану

Складаюць людзі пакрысе, -

Яшчэ мацней цаніць я стану,

На службе праўдзе і красе!..»

 

У гэткіх думках, непаспешна,

Ён узышоў на верх гары,

Дзе колісь леглі ўпобач, цесна,

Магілы брата і сястры.

 

Дух перавёўшы, парасторкаў

Вяргіні ў слоікі з вадой

І, нібы сцень, замёр Вячорка -

Сам-насам з горкаю журбой.

 

Глядзеў на ўпраўленыя ў мармур

Авалы з воблікамі тых,

З кім столькі год - з калыскі, змалу -

Хадзіў па сцежачках адных.

 

З кім разам рос і гадаваўся,

З адной агульнай міскі еў,

Адною коўдрай накрываўся,

Адны і тыя ж песні пеў.

 

Сястра Крыстына, Крыся, Крысця,

Была пяршаначка ў сям'і.

І ў горад першая калісьці

Пайшла - на хлеб не ад зямлі.

 

Пайшла - каб дома гурт паменшаў

Хоць на адзін галодны рот.

Быў недаяду час. Быў першы

Пасляваенны, мірны год.

 

Яшчэ ў дварэ іх - пуста й гола.

Зямлянка ў плеснях. Рызманы.

І - голад, голад, люты голад -

Як самы страшны след вайны.

 

Той год ва ўдовае Анэлі,

Суседкі іхняй, дзве дачкі -

Блізняткі - спухлі, пасінелі

І згаслі ўраз, як светлячкі.

 

Вячорка помніў тое ранне,

Як маці з ім за край сяла,

Аж за крыжацкае курганне

Крыстыну з дому правяла.

 

Цвірчэлі жаўраначкі ў высі,

Адталым дыхала зямля.

А маці ўсё ўнушала Крысі:

- Цярпі - і звыкнешся пасля.

 

Старайся быць у дружбе з цёткай.

І не пярэч ні ў чым, глядзі.

Ну, мы ўжо вернемся са Сцёпкам,

А ты, дачушачка, ідзі!..

 

Крыстыну к сэрцу прыгарнула,

Абцалавала шчокі, лоб,

На добры час - перажагнула,

А слёзы - сыпяцца, як боб...

 

І горад бедна жыў, а ўсё-ткі

Меў хлеба кус на едака.

Спярша з паўгода Крыся ў цёткі

За харч глядзела хлапчука.

 

Пасля, прыблізна год з паловай,

Пакуль наелася ў адвал,

Яна ў бальніцы, у сталовай,

Цягала з кашай «катафалк».

 

Паднос цягала на калёсцах,

А «катафалкам» абазваў

Прыдумшчык смеху дзядзька Лёкса,

Калі ў бальніцы пабываў.

 

За дабрыню, што ў вочы біла,

За спрыт-старанне памагчы -

Бальніца Крысцю палюбіла:

І ўся абслуга, і ўрачы.

 

Тады ж якаясьці дакторка,

Спагаду ўмеючы цаніць,

Рашыла з Крысцяю Вячоркай

Свайго пляменніка жаніць.

 

Пляменнік гэны, Зэлік Лазнер,

Ужо не надта малады,

Рабіў цырульнікам пры лазні

У тыя бедныя гады.

 

Быў вельмі сціплым чалавекам,

Нячысты грош не ліп к яму,

І цётка Роха недарэкам

Лічыла Зэліка таму.

 

Ён жыў з пакутна хворай маці

Ва ўласным доміку старым.

Ці шмат памог там цётчын націск -

Але сышлася Крысця з ім.

 

І дваццаць год жылі бязбедна,

З дзіцячай верай у дабро,

Пакуль хвароба непрыкметна

Не падтачыла ёй нутро.

 

Сцяпан успомніў, як ён крочыў

У дзень расстання за труной,

Як засцілала з жалю вочы

Гарачай ліпкаю імглой.

 

Мароз быў - вейкі ледзянелі.

Дзень стыў у срэбраным сяйве.

Адно лісточкі зелянелі

На плацці крэпавым яе.

 

Грузавічок на сцёртых колах

Пад горку браўся ледзьве-ледзь.

Хоць ёй не страшны ўжо быў холад -

Без слёз няўсцерп было глядзець.

 

Пасля Сцяпану тройчы запар

Адзін і той жа сніўся сон:

Пад гэтай вось сасной разгатай

Наўзрыд галосіць-плача ён.

 

Галосіць ён, а голас нейкі -

Як незнаёмы, як не свой:

- А мой лісточак ты драбненькі,

А зелянюсенькі ты мой!..

 

На гэтым голас абрываўся -

Як бы стрыманы пры людзях,

І ўсякі раз ён прачынаўся

З цяжарам страшным у грудзях.

 

Садзіўся ў ложку ці на лаве

І, як малы ў былыя дні,

Ужо не ў сне, а ў шчырай яве

Ад плачу тросся ў цішыні...

 

А цераз год не стала й брата -

Яго найлюбага з братоў.

Была такой жахлівай страта -

Што злёг, вярнуўшыся з кладоў.

 

І зноўку сон... І зноў - пакутны.

І зноў - не раз сасніў, не два...

Ставок за вёскай цёплы, мутны,

І ў ім - шчаслівая дзятва.

 

І Лёнік, брат, крыху старэйшы,

З усімі цешыцца ў вадзе.

А ён - каменьчыкамі, жэўжык,

Абстрэл іх з берага вядзе.

 

Вядома - толькі каб спалохаць.

Ды, на бяду, зрабіў пралік:

Каменьчык трапіў брату ў локаць,

І ён пачуў нямоцны ўскрык.

 

Магла б услед настаць адплата,

А брат не выйшаў і з вады,

Стаіць на водмелі і плача -

Як храпак, белы і худы.

 

Дагэтуль плача несціхана

У снах ягоных па начах -

І гэта мучае Сцяпана,

І на душу наводзіць страх.

 

«Няўжо я мог так правініцца,

Так нечым скрыўдзіць у бядзе,

Што іншы мне ён не прысніцца,

А толькі - плачучы ў вадзе?

 

Няхай бы ён тады пагнаўся,

Злавіў і добра мне натоўк!

Чаму, чаму навек застаўся

Неадквітаным гэны доўг?..»

 

Стаяў Вячорка пад сасною

І скрушна-горка шкадаваў,

Што рэдка бачыўся з сястрою,

Гадамі ў брата не бываў.

 

Не з роднай хаты адляцелі

Іх душы - з клетак гарадскіх,

Яны ж абое захацелі,

Каб тут у дол паклалі іх.

 

Сцяпан акінуў вокам далі -

Бары, палі, лугі, сады...

«А мелі розум, што абралі

На супачын свае клады!

 

Мясціна - слаўная на зайздрасць.

Сюды - не сорам з «кірмашу»...

Ну, што ж, вярнуся ў хату зараз -

Скажу таксама Тамашу:

 

Калі памру - абавязкова

Вязі мяне ў бацькоўскі край

І тут, на могілках вясковых,

У родным доле пахавай.

 

Скажу: уваж і не пакрыўдзі -

Не пахавай, браточак, там,

Куды на свежы насып прыйдзе

Украсці кветкі п'яны хам.

 

Тут не рабуюць марадзёры

Слязамі зрошаных магіл.

Паклон прынёсшы ў смутку-горы,

Тут не надломваюць вяргінь...»

 

- Ці не Стафан, каб не змыліцца,

Прыйшоў з памінкам на пагост?..

Вячорка ўздрыгнуў: на сцяжынцы -

Стары з кійком. Валента Дрозд!

 

Ну, так, той самы Дрозд Валента -

Сухенькі, згорблены дзядок,

Што кожны год, як прыйдзе лета,

Малечу кліча ў свой садок.

 

І надзяляе ўсіх удоваль

Духмяна-спелай смакатой.

Яго ў суровы час нядоля

Навек зрабіла сіратой.

 

Сыноў абодвух, лейтэнантаў,

Не дачакаўся дзед з вайны.

Ніхто сказаць не можа нават,

Дзе пахаваныя яны.

 

Старую ў час блакады ў лесе

Схапілі злыдні - і на здзек

За белы свет у рабства звезлі, -

Там ад пакут і згасла дзесь.

 

Дачку з грудным яшчэ дзіцяцем

Тут расстралялі, у барку.

У тыя ж дні не стала й зяця -

Склаў галаву на Паліку...

 

Адзін застаўся дзед, каб скруху

Гадамі няньчыць пад страхой.

Сватоў і сваццяў - не паслухаў,

Сказаў: «Як-небудзь сам сабой...»

 

Сцяпан узрадваўся старому,

Як згадцы светлай у жыцці.

- Прыйшоў... Наведаўшыся дому,

Сюды няможна не прыйсці...

 

- Так, так, няможна! Род звядзецца,

Калі магіл не шанаваць...

Стары падняў з травы вядзерца:

- А я во - з хварбай, маляваць.

 

Дачку ж маю ты знаў, Мальвіну?

З дзіцяткам тут іх вечны сон.

Вось і прыходжу на магілу.

Унь - агарожа між сасон.

 

Сцяпан зазначыў: так маліцца

Ідуць у храм дзяды ў гадах:

У чыстых чорных нагавіцах,

У чаравіках на шнурках,

 

Кашуля сіняя навыпуск,

І паясок - па жываце...

Што ж, не карэнне драць на выспу...

- А як вы, дзядзька, жывяце?

 

- Пакуль што бога не турбую.

Жыву... Магілу во гляджу:

Прыйду - дзе трохі пахварбую,

Папраўлю, кветкі пасаджу.

 

Прасілі ў дом перастарэлых.

А што ў тым доме мне рабіць -

Сярод такіх, як сам, згрыбелых?

За што там вока зачапіць?

 

Я ж тут яшчэ пры дзеле нават:

Вяроўкі ўю, пляту кашы.

Які б ні быў для рук занятак -

Усё ж палёгка для душы.

 

От за адно перажываю,

Гнятуся думкаю адной:

Што калі дойдзе ўжо да краю -

Дам людзям клопату сабой...

 

Сцяпан з Валентам развітаўся

І, з пачуццём якойсь віны,

Зноў па сцяжынцы ўніз падаўся -

Ускрай той самай збажыны.

 

Зноў гралі конікі штосілы,

Ды ён не чуў - быў повен дум:

«Чаго мы ходзім на магілы?

Што нас вядзе пад сосен шум?

 

Ці жаль? Ці страх? Ці проста звычай?

Ці неўсвядомлены абрад?

Ці нейкай сілай таямнічай

Жыве ў нас памяць цяжкіх страт?

 

Чаго ідзём? Паплакаць горка?

Паспавядацца? Клятву даць?

Ці, можа, з гэтакіх пагоркаў

Сваё жыццё нам лепш відаць?

 

Свой шлях - у пошуках і ўдачах,

У заблуджэннях і грахах?

Ці ў гэткі час ясней мы бачым

Радзімы-Бацькаўшчыны шлях?

 

Ужо даўно і косці стлелі,

Зямлёй зрабіліся даўно,

А мы ідзём у прасвятленні

Аддаць пашану ўсё адно.

 

А мы ідзём і садзім кветкі

І з болем думаем падчас:

Ці будуць так нашчадкі-дзеткі

Прыходзіць некалі да нас?

 

Чаму ж нам ведаць гэта важна?

Таму, што ў вечны супакой

Нам не з жыцця сыходзіць страшна,

А з добрай памяці людской?

 

Калі б ды так! Калі б ды кожны

З маленства думаў, з першых лет:

Які - ці светлы, ці прыгожы -

Пакіне ў памяці ён след!

 

Дык дзе там! Вучымся з пагардай

На сэнс жыцця глядзець - няўцям,

Што жыць адно тады і варта,

Калі рабіць дабро людзям.

 

Рабі дабро! Хоць нават коштам

Апошніх сіл, апошніх мук.

І не пытай: каму? завошта?

Рабі - без просьбаў і прынук!

 

І не турбуйся сам, ці глуха

Закончыш ты свой круг зямны,

Ці - па значэнню і заслугах -

З аб'явай: «Доступ да труны...»

 

Чаму ж, таварыш Ненаежац,

Так не па-людску ты жывеш?

Што семярым спажыць належыць -

Адзін бярэш, грабеш, ірвеш?

 

Усё, чым грудзі ты азвончыў,

Што нахапаў ты за жыццё, -

Усё абсыпецца аднойчы,

Як з дрэва восенню лісцё!

 

І толькі неба гляне сумна

На «плён» нікчэмнай мітусні,

Якой ты гэтак неразумна

Ахвяраваў гады і дні.

 

А застанецца што? Маўклівы

Граніт на нейкай там вярсце...

Чаго ж мы ходзім на магілы?

Чаго душа баліць няўсцерп?..»

 

Сцяпан, углыбіўшыся ў думкі,

Ішоў па сцежцы, нібы ў сне,

І не заўважыў, як ля пунькі

Зноў апынуўся на гумне.

 

Глядзіць - Тамаш насустрач раптам.

Відаць, ён толькі што з касьбы:

У пыле ўся яшчэ апратка

І твар ад поту - аж рабы.

 

- Ну, ашчаслівіў ты, брат, маці!

Здароў, Сцяпан! - Здароў, Тамаш!

- Са мной не вельмі абдымайся:

Глядзі, касцюм свой не замаж.

 

- А ліха з ім, маім касцюмам!

Ну, як ты тут, браток, кажы!

- Убачыш сам, як пагасцюеш...

Усяк: і хлеб ем, і каржы.

 

- Ты што - і сёння на рабоце?

Адгулу нават не прасіў?

- Грэх пры такой гуляць пагодзе:

Хоць да паўдня - а пакасіў.

 

Дырэктар з просьбай палічыўся б -

Я сам... Ты знаеш... не магу:

Сабе сылгаць бы навучыўся,

Зімой каровам - не салгу.

 

- Ты бач яго! Не можа ўзімку

Сылгаць каровіным вачам!

Прысядзем, можа, на хвілінку?

Ці ты патрэбен вельмі - там?

 

- Не я, а ты: там муліць многім

З табой пабачыцца. Хадзем!

А мы - паспеем, пагамонім:

Ты ж мо прыехаў не на дзень?..

 

 

Сустрэча

 

Пакуль жанчыны нетаропка

Стаўлялі закусь на сталы,

Мужчыны ў ценю пад істопкай,

Кругляк асвойтаўшы стары,

 

Пускалі дым у асалоду,

Вялі гаворку між сабой -

І пра ўраджай, і пра пагоду,

І пра далёкі Лісабон...

 

Хоць чуўся гурт правамі роўны -

Ніхто не лёкай і не пан, -

Але як рэдкі госць шаноўны

У цэнтры ўвагі быў Сцяпан.

 

Пачуць яго было цікава -

Аўтарытэтны ўсё ж зямляк:

З начальствам сходзіцца па справах

І свет аб'ехаў як-ніяк.

 

Што праўда, сам Вячорка лезці

У цэнтр увагі не прывык

І быў заўсёды ззаду дзесьці

На фотаздымках групавых.

 

Як чалавек не без амбіцый

Дырэктар школы Крутарог

Хацеў павесці асабісты

«На ўзроўні госця» дыялог.

 

- Сцяпан Якубавіч, ну як вам

На ўлонні роднага кутка -

Тут, дзе ў прысутнасці наяўнай

І лес, і поле, і рака?

 

Вячорка строс з цыгаркі попел:

- Прыгожа ў вас тут, што й казаць!

Вячысты лес, мурожны поплаў -

Цаніць бы гэта й шанаваць...

 

- Усе гарантыі і ўмовы,

Каб творчай музе аддыхнуць! -

Дырэктар, бачна, быў гатовы

Бліжэй к мастацтву павярнуць.

 

Але Вячорка не паддаўся -

На іншы выкіраваў лад: -

А мы, у гэтым і бяда ўся,

Не цэнім свой прыродны клад.

 

Мы часта думаем: вось недзе!

Вось там - прырода! Там - краса!

Я па зямлі крыху паездзіў -

І хлам з душы павытрасаў.

 

Заблуд і прымхаў вымеў смецце,

Мне смешна чуць пра нейчы рай:

Для ўсіх і кожнага - на свеце

Найпрыгажэйшы родны край!

 

Для нас - прыроды болей мілай,

Чым беларуская, няма.

Яна ж усіх нас надзяліла

Душой такою, як сама!

 

То ж у яе натуры - чуласць,

Гасціннасць, мяккасць, дабрыня,

Гатоўнасць даць табе прытулак -

Ці ты чужы, ці ты радня...

 

Рай нейчы хвалім у ахвоту.

А вось задумваліся вы,

Што ў нас, апроч, бадай, асоту -

Няма калючае травы?

 

У нас - ці ў лесе ты, ці ў полі -

Садзіся смела, дзе стаіш:

Не бойся - сцёгны не паколеш,

Як на падушцы, пасядзіш!

 

Я ж быў у тых краях на поўдні,

Дзе ўсюды горы навакол.

Хадзіў па полі і запомніў:

Які няўтульны, жорсткі дол!

 

Над ім у поце людзі гнуцца,

А ён на ласку страх скупы:

Нідзе ні сесці, ні прыткнуцца -

Адны калючкі ды шыпы...

 

А ў нас зямля - якую краску,

Якую былку ні сарві -

Кладзі да сэрца як лякарства

І - здаравей, брат, і жыві!

 

Мы ад зямлі суздром залежым -

Як і яна ад нас, людзей.

Завошта ж мы яе драпежым -

Штораз бяздумней і люцей?

 

Вось вы ўжо ўсе немаладыя -

Тут нарадзіліся, раслі:

Дзе ручайкі-крынічкі тыя,

З якіх калісьці мы пілі?

 

Дзе дзеўся бор на Белых Выспах,

Што быў нам домам у вайну?

Чаму ён знік? Чаму ён высах?

Каму прад'явіць час віну?

 

Дзеля якой вышэйшай мэты

Бясцэнны клад жывой вады

У акіян мы пром сусветны?

Ну й перапром! А што тады?..

 

Сцяпан, замоўкшы на паўслове,

Нагой акурак прыдушыў

І зноў адчуў, як крыўдна-злое

Штось варухнулася ў душы.

 

Не раз, не раз ужо ўскіпала,

Як магма, лютасць у грудзях

Ад горкай думы: што прыспала

У многіх душах - грамадзян?

 

Чаму яны так неабачна,

Не прадчуваючы бяды,

Ідуць за глупствам і нахабствам

Якога-небудзь Гламазды?

 

Няўжо яны не разумеюць,

Што тут яны - гаспадары:

Адвеку тут аруць і сеюць

І шлюць у свет свае дары!

 

Што ў рэшце рэшт і іх нашчадкам

Не дзесь, а ў краі родным жыць -

І трэба мець, каб чуцца шчасным,

Што шанаваць, чым даражыць!..

 

- Сцяпан, - зірнуў Тамаш на брата, -

Ты так гаворыш, як бы тут

Сабралі тых, хто вінаваты,

І ты выносіш ім прысуд.

 

А нашай, брат, віны не болей,

Як і тваёй, а можа, й менш,

Бо ты ж усё-ткі, божай воляй,

Дзесь там з уладаю наўзмеж.

 

Напрыклад, я - не растлумачу,

Чаму так сталася і як,

А толькі многімі ў нас, бачу,

Кіруе хэнць «пажыць усмак».

 

На ўсё ядомае ў прыродзе

Пайшоў у наступ спажывец -

І звер і птах ужо на зводзе,

І ў рэчцы рыбіне - канец.

 

Усё наважыў зжэрці, знішчыць -

Без сантыментаў, лішніх слоў -

Мільёнавокі паляўнічы,

Мільёнарукі рыбалоў.

 

Ніхто не мучыцца дакорам,

Ніхто не думае пра грэх,

І ўжо не стане ягад скора,

Звядуцца жолуд і арэх.

 

А з'ездзі ў лес, у гушчу нетраў,

І глянь, што робяць грыбнікі:

З-за грыба мох на сотні метраў

Дзяруць і рыюць, як дзікі!

 

Як бы іх страшны голад гоніць -

І трэба грэбці наўзахоп,

Усё каб выграбці сягоння,

А заўтра - заўтра хоць патоп!..

 

- Тут і са школы трэба многа

Спытаць за рост падобных з'яў, -

Зірнуўшы ўскос на Крутарога,

Антось-філосаф слова ўзяў.

 

- Напомню прыклад досыць даўні:

Калісьці ў нас у буквары -

Было на «б» апавяданне -

«Барыс і белка у бары».

 

Што непісьменна - не «вавёрка»,

А «белка» - тэма на пасля.

Цяпер пра іншае гаворка:

Чаму драпежнасць узрасла?

 

«Барыс са стрэльбай. Бачыць: белка!

Бах! - міма. Белка на суку.

Зноў: бах! - не лучыў. «Эх, няўмека!» -

Гаворыць белка хлапчуку».

 

І вось сынок бацькоў нядрэнных

На ўсё жыццё запамінаў,

Што трэба біць звярка на дрэве,

Каб ён зваліўся і сканаў!

 

Не жыць у радасці з ім дружна,

Не любавацца і любіць,

А біць - бязлітасна, бяздушна,

Страляць і біць, страляць і біць!

 

І паспрабуй пасля ў такога

Перавярнуць душу інакш!..

- Ён пераверне сам любога! -

З запалам выгукнуў Тамаш.

 

- У нас такую сілу мае

Меліяратар Гламазда:

Яго нішто, брат, не стрымае,

Яму нічога не шкада!

 

Яму, што збег ад аліментаў

За восем тысяч вёрст сюды

І што, паводле дакументаў,

Прайшоў і турмы і суды.

 

Такія вывернуць з карэннем

Апошні кусцік на зямлі,

Каб атрымаць адно скарэй ім

На апахмелку тры рублі...

 

Відаць, мы ўсе папроку варты.

Я і мастацтва закрану:

Вось быў я неяк у тэатры -

Глядзеў камедыю адну.

 

Дык там якісь артыст на сцэне

Іграў старога цурбяля

І ўсё крычаў, аж пырскаў пенай:

«За што любіць цябе, зямля?!»

 

І што жылі мы небагата,

І пухлі з голаду парой -

Зямля была ў тым вінавата, -

Даводзіў бравы дзед-герой.

 

Я слухаў гэта - і, не блазен,

А ўсё ж патомны хлебароб,

Адчуў, што ён мяне абразіў,

І рушыў з залы ў гардэроб.

 

О прастата, ды не святая!

Як ты далёка завяла!

Падумаць толькі: ён пытае:

«За што любіць цябе, зямля?»

 

За што любіць? Во ліха-матры!

Во даў задачку для глузда!

Відаць, арудуе ў тэатры

Таксама добры Гламазда!

 

Калісь дзяды навук не зналі,

Але карміцельку-зямлю

Ласкава «матухнаю» звалі -

Як маці родную сваю...

 

Стамлёна з хаты выйшла Лёдзя,

Падсела к Віньку на кругляк:

- Напрацавалася - аж годзе!

Дый наспыталася няўзнак.

 

- Ну як там - скора ўжо, сястрыца? -

Міргнуў ёй весела Антось.

- Гатова ўсё, маглі б садзіцца,

Але не чутна дзядзькі штось.

 

Альжбета Францаўна чамусьці

Яшчэ таксама не прыйшла...

Сцяпан адчуў, як вена ў вусці

Звужацца раптам пачала.

 

У думках сам сабе ўсміхнуўся:

«А ты хвалюешся, аднак!

Як бы на стрэчу з ёй вярнуўся

Той сарамяжлівы юнак.

 

Спакойна, брат! Не ўскрэсне тое.

Даўно ўжо зеллем парасло.

Вы не захочаце абое

І ўспомніць нават, што было...»

 

- А дзе ж Мікіта? - хтось пытаннем

Ягоных думак ход спыніў.

- Сказаў: пайду на прагулянне.

- А вунь ён - лёгкі на ўспамін!

 

І сапраўды, з гумна да гурту

Паважна крочыў зводны брат -

Не йшоў, а нёс сваю фігурку -

Глячок паўнюткі акурат!

 

Ён зранку добра быў паддаўшы -

Цадзіў, пакуль не набрыняў.

Паспаў на сене, у паддашшы,

І мацыён цяпер прыняў.

 

Вінцусь рашыў «душу адвесці» -

Увагай швагру «дагадзіць»:

- Мікіта Зміцеравіч дзесьці

Адзін сызволіў пахадзіць?

 

Мікіта зіркнуў, нібы стрэліў:

- А што з табой тут дым глытаць,

Калі ўвяздзе такая прэлесь

І пасматрэць і падышаць?..

 

З усёй радні сваёй найболей

Ён Вінцуся не паважаў,

Бо зразумець не мог ніколі:

Сур'ёзна кажа той ці ў жарт?

 

- Ты - гарадскі, табе, Вінцэнты,

Паняць прыроду не дано.

А я ўвесь век жыву ў райцэнтры -

Што і ў дзярэўні ўсё адно.

 

Бывае, выйдзеш вутрам з хаты -

Так благавухае сярэнь -

Аж нос зрываюць араматы!

Здаецца б, нюхаў цэлы дзень!

 

Вінцусь тыраду ледзь даслухаў:

- А я на гэта вам скажу:

Народ не цэніць благавухаў -

Ён любіць водар сенажу!..

 

Сёй-той ухмылку сцёр на вуснах,

Мікіта ж глянуў на радню:

- Ты прыдзяржы язык распусны -

Прывык плявузгаць ерунду!..

 

Крыху няёмка стала Лёдзі -

Аж злосць мільгнула на губе:

- Ну, муж, калі б не пры народзе -

Ой, благавухнула б табе!..

 

Агульны смех з яе пагрозы

І жартаў-рэплік цэлы рой -

Знялі канфлікт, амаль сур'ёзны,

Пераламалі ўраз настрой.

 

Каб як лягчэй астатак часу

Счакалі госці на двары:

- Прынесла б, Лёдзя, ты нам квасу, -

Кіўнуў-міргнуў Сцяпан сястры.

 

- Такі бярозавік з ячменем

Тамаш прыпас - што валіць з ног!..

На гэты голас захаплення

У тон азваўся Крутарог:

 

- А нарачанскага кефіру

Вам не даводзілася піць? Шкада!

Вось ім бы музу-ліру

Натхнілі вы як мае быць!

 

Я ў санаторыі залетась

Лячыўся там - такой парой:

Вады і ў рот не ўзяў за месяц -

Ні гатаванай, ні сырой.

 

Штодня кефір купляў у Гэлькі -

У магазіне. Вось дзе смак!

Зірнеш - а ў горлачку бутэлькі,

Як корак, маселца камяк!..

 

Прынеслі квас. Гладыш няспешна

Пайшоў, пад крэкты, па руках.

З усіх гучнейшае, канешне,

Было дырэктарава «а-ах!».

 

- Не квас - сімфонія лясная!

Глытнеш - і чуеш гаю шум.

Здаецца, так і напаўняе

Святлістай музыкай душу!..

 

Дырэктар яўна меў на мэце

Не толькі госцю дагадзіць,

А й паказаць, каб гурт прыкмеціў,

Які эстэт у ім сядзіць.

 

Ды зноў Вінцусь у звыклай форме

Крутнуў нязменны свой педаль:

- Народ не слухае сімфоній!

Яму «Лявоніху» падай!..

 

І тут з'явіўся дзядзька Лёкса.

«Дзень добры» даў, паставіў кій.

- Фу, братцы, ледзьве прывалокся:

Не служаць ногі - хоць адкінь!

 

Перш са Сцяпанам парукаўся,

Пасля - з усімі па чарзе.

У Лёдзі ціха папытаўся,

Ці ў поўным зборы дзеці ўсе.

 

Антось-філосаф тут жа месца

Яму ўступіў на кругляку.

- Ужо і дзядзька непрыкметна

Пачаў катацца на кійку?

 

- Пашкадаваў купіць машыну -

Дык езджу так. Чаго ж хацець?

Цяпер, каб чуцца чын па чыну,

Сваю «каляску» трэба мець.

 

Калі не ўзбіўся ты на ўласны

На свой «Масквіч» або «жыгуль»,

Дык значыць ты - бядняк няшчасны,

І для людзей ты - круглы нуль.

 

А калі ты ў сваёй бляшанцы

Сядзіш на колах, дабрадзей, -

Дык у цябе другія шанцы

І на павагу ад людзей!

 

Дарэчы, цацку гэту нешта

Не завінуўся ты купляць?

- Гляджу на дзядзьку: ходзіць пеша!

Хаця і ногі ўжо баляць...

 

- А што ты хочаш, ягамосцю,

Ад гэтых збітых капытоў?

Я ўжо ў сярэднім, брат, узросце:

Налета - семдзесят гадоў!

 

- Ну, дзядзька! Лэбусь вунь таксама

Ужо хадзіў і шкрэбаў дол,

А гляньце, як цяпер гайсае,

Калі пабраўся з маладой!

 

Пісаў наш друк: якісь іранец,

Хаксар, за семдзесят гадоў -

Пры мусульманскім іх каране -

Жаніўся трыццаць шэсць разоў!

 

- Ну, Лэбусь столькі ўжо не зможа!

Хаця - як кажа ўсё сяло -

Пасля жаніцьбы, дай ты божа,

Яму на вобмаладзь пайшло!..

 

Мужчыны дружна рагатнулі,

І ўжо адчулася па ўсім:

На тую тэму павярнулі,

З якой не выблытацца ім.

 

- Вы раскажыце, дзядзька Лёкса,

Як ваш зарэчанскі Адам

З мадамай мінскай чуць не злёгся

І чуць душу там не аддаў.

 

- Гэ-э, хто б аддаў там - невядома,

Ён - не слабак, не думай, брат!..

Казаў: ну, чыстая мадонна -

Хоць ты малюй з яе абраз!

 

А ездзіў ён у Мінск на свята

Як трактарыст-перадавік.

І дзесьці там, хоць не аматар,

Казаў - бутэльку прыдавіў.

 

Канешне, гакнуў падхадзяшча.

Але не ў тым была бяда,

А ў тым, што быў адранку нашча,

А нашча хмеліць і вада.

 

Ну, там і высачыў мадонну

І вельмі ж моцна пакахаў.

Праводзіў вечарам дадому -

Трымаў за локцік і ўздыхаў.

 

На развітанне далікатна

Хацеў у шчочку цмокнуць ёй -

Яна ж сама пайшла захватна

На буську буськаю сваёй.

 

І так па-зверску цалавала,

Уся шалеючы знутры,

Што губы ўсе яму парвала:

Казаў, балелі тыдні тры.

 

Казаў: каб жонка ўночы гэтак

На буську буськаю ішла,

Дык меў бы ён не двое дзетак -

Штогод збягала б з падала!

 

- А што? У гэтай справе зверства,

Відаць, павінна трохі быць!

- Вы зверствам лічыце майстэрства -

Уменне хораша любіць!

 

І тут Вінцусь зусім спакойна

Уткнуў тры грошыкі свае:

- Народ цалуецца прыстойна:

Ён ляпу ляпай не ірве!..

 

- Чакайце! Я ж вам пра Адама

Яшчэ не кончыў. Значыць, так:

Што не бясхозная мадама -

Аб тым не думаў наш басяк.

 

Пакуль ён буськаўся - з пацёмку

Аднекуль выскачыў мужык:

«Ты што маю цалуеш жонку!» -

Пачуў Адам пісклявы крык.

 

Казаў: маленькі, кучаравы -

Як пакаёвы сабачок.

Але на выгляд - надта бравы!

І на Адама - кулачок!

 

Адам як даў нагой пад рэтра,

Дык бедны «пудлік» метраў пяць

Ляцеў, хапаючы паветра,

І якатаў на ўвесь той пляц!..

 

Пасведчыў смех, што Лёкса хвацка

Падаў праграмны «нумарок».

- А што такое рэтра, дзядзька? -

Спытала Лёдзя назнарок.

 

- Ды я і сам не вельмі петру,

Але ж цяпер кругом і скрозь

Адно і чуеш: рэтра, рэтра, -

Дык, мабыць, гэта рэтра й ёсць!..

 

- Цяпер вунь пішуць, што для шчасця

Мужык і жонка між сабой

Ва ўсім павінны сумяшчацца,

Іначай - кранты і адбой!

 

Нібы часцей за ўсё бярэцца

Развод з-за гэтага якраз.

«Несумяшчальнасць душ і сэрцаў!» -

Такіў судзе даюць адказ.

 

- Вунь Каптуроў старэйшы, Васька,

Не сумясціўся са сваёй.

Гады ж са два ці тры да загса

Дык сумяшчаўся - божа мой!

 

І так спляталі рукі ёмка,

Так згодна ў клуб гуляць ішлі!

А толькі сталі муж і жонка -

Несумяшчацца пачалі!

 

Прычым жа тут віною цела?

Тут цела, братцы, ні пры чым.

Душа заўчасна абыдлела,

У ёй - прычына ўсіх прычын.

 

Я выдумляць-хлусіць не буду -

Каптур сказаў, чыя віна:

Ніхто не браўся мыць пасуду -

І ён упёрся, і яна!

 

Два тыдні дыхалі смуродам -

На кухню страх было зайсці!

І спрэчку кончылі разводам:

Не сумясціліся ў жыцці!..

 

Згусціўшы зморшчыны-барозны,

Вінцусь маўчаў, пахмурыў твар

І ўсім надзіва даў сур'ёзны

К расказу Лёксы каментар:

 

- Народ умее сумяшчацца,

Народ душою не азыз.

Не сумяшчаецца мяшчанства -

З капрызам дробязным капрыз!

 

Пакуль на ўсім гатовым дома

Не трэба голаў клапаціць -

Дык ад раскошы той, вядома,

Натуру лёгка распусціць.

 

А ледзь пачнуць па шлюбе самі

Сябе карміць і даглядаць -

Дык і каханне ўмэнт згасае,

І згоды-ласкі не відаць...

 

Так зацікаўлена і жыва

Ішла дыскусія ў мужчын,

Што й Лёдзя ўрэшце прылажыла

Да важнай тэмы свой аршын:

 

- Вам толькі моладзь не па густу,

А ў тым не бачыце бяды,

Што ў блуд, у гулі, у распусту

Ідуць бабулі і дзяды.

 

Павыдаюць або пажэняць

Дарослых дочак і сыноў,

Старыя мошчы паджэньшэняць

І самі жэняцца наноў.

 

Калісь, ад нэндзы ўсохлы-дохлы,

У пяцьдзесят гадоў мужык

Старым лічыўся і, нямоглы,

Не браўся бабамі ў разлік.

 

Цяпер і ў шэсцьдзесят не годзе!

А што? Здаровыя, быкі!

На кірмашы вунь так і водзяць

Блудлівым зіркам у бакі...

 

- Другі праз «грыб» не пераплюне,

Сліняк цячэ па барадзе,

А ўсё адно падчэпіць плюндру

І ў рэстаран паіць вядзе.

 

Дзядусь, а толькі і цікуе,

Як за здабычаю каршун,

Каб дзеўку злэпаць дзе якую;

І каб прытым не ўзняўся шум!..

 

- Таму пайшла цяпер распуста

І юр узвірыўся, як вір,

Што надта масла мажам тлуста

На чорны хлеб, на белы сыр.

 

Бывала, помню, мама ложыць

Арэшак маселца ў камы -

Не для таго, каб заваложыць,

А каб хоць пах той чулі мы...

 

Антось-філосаф раптам скеміў:

Без філасофскага вянца

Уся дыскусія па тэме -

Што тая казка без канца.

 

Ён кашлянуў без дай прычыны -

Як знак на ўвагу ўсёй гурме,

Ступіў наперад досыць чынна

І гучна ўрэзаў рэзюме:

 

- У нас уклад жыцця змяніўся -

Нястача канула ў нябыт.

Як цяжкі груз, на нас зваліўся

Раней не знаны дабрабыт.

 

Да грузу гэтага, дарэчы,

Не ўсе гатовыя былі,

І ў многіх кволенькія плечы

Пачварна гнуцца пачалі.

 

Душы падмурак іх маральны

Няйначай трэшчыны дае,

Таму й праблема, натуральна,

Перад грамадствам паўстае...

 

Закончыць сказ, парыўна ўстаўніы,

Антосю Лёдзя не дала:

- Усё! У зборы госці нашы -

Альжбета Францаўна прыйшла!

 

На міг замёрлі ўсе на месцы -

Як бы напнулася струна.

Дарожкай жоўтаю ад весніц -

Сцяпан пазнаў - ішла яна.

 

Ну, так, яна - Кудзёлка Аля,

Яго абранніца калісь!

Як і ў студэнцтве - без караляў,

Без персцянёў, без завушніц.

 

У строгім светлым гарнітуры,

У белай блузцы... падышла

І сціпла, проста, без натугі

Мужчынам «здраствуйце» дала.

 

Яму - ледзь бачны ўклон.

Без слова. А позірк вымавіў з тугой:

«Калі так трэба - я гатова:

Мы - незнаёмыя з табой...»

 

А ён і сам не знаў, як трэба.

І як трымацца: так ці так?

Але з знаёмства іх сакрэта

Рабіць не меціўся, аднак.

 

Ён пра другое думаў зараз:

Уразіў выгляд: «Божа мой,

Што робіць час! Пачвара-старасць

Красу жывую есць, як моль!

 

Ёй сорак год, а паглядзеўшы -

Намнога болей можна даць.

Напэўна, лёс зусім не цешыў,

Жыццё не песціла, відаць».

 

Ён кідаў позірк на Альжбету -

І сэрца кроіў боль скразны:

Амаль нічога - ані следу

Ад той дзяўчынкі, з той вясны!

 

Як і чакаў і знаў наперад -

Не сустракацца б лепей ім.

Нібы старую рану верад -

Душу спарушыў успамін.

 

І стала сумна... Горка нават...

Ну, вось і ўсё! І ўвесь разрад!

Зусім без грому, без маланак...

Ды і з чаго быць грому, брат?..

 

Ад кругляка, дваром, да хаты

Сцяпан з ёй побачкі пайшоў.

- Даўно ўжо тут? - А даўнавата:

У жніўні будзе пяць гадоў.

 

- І як жывецца? Як работа?

- Жывём... Працуем і жывём! -

Сказала неяк бестурботна.

- А вы - надоўга ў родны дом?

 

- На пару дзён. Для святкавання.

- То ж нешта мала - пара дзён.

На больш - не маеце жадання? -

Пачуў у словах крыўду ён.

 

- Чаму ж! Свой дом заўсёды ў сэрцы.

К яму ідзеш з усіх дарог...

І тут ім даў праход у сенцы

Пачцівым жэстам Крутарог.

 

 

Адступленне чацвёртае - у гонар маці

 

Такі закон прыроды, маці,

І ў ім ёсць сэнсу глыбіня:

Раней, чым першы смех дзіцяці,

Ты доўга чуеш плач штодня.

 

Ягоным смехам, словам, спевам

Пасля ўмудрэеш... А спярша -

Патрэбен плач, каб болем спелым

Магла напоўніцца душа.

 

І колькі ты жывеш на свеце -

Спакон вякоў, здавён-даўна -

Ты сэрцам там, дзе плачуць дзеці,

Бо дзеці слёз не льюць здарма.

 

Бо ім ці страшна, ці балюча,

Ці душыць крыўда - не сцярпець.

Ад шчасця слёзы ў іх не льюцца,

Ад шчасця - хочацца ім пець.

 

Ты - маці, ты - на ўсё гатова,

Усё - змагчы, усё - аддаць,

Адно б вясёлых ды здаровых

Дзяцей пад сонцам аглядаць.

 

Таму сабе ты ў долі просіш

Зусім не шмат, зусім не шмат:

Над галавою - неба просінь,

Ды ў дзецях - лад, у дзецях - лад.

 

О, як ты радуешся светла,

Калі, не зломкі, не злябы,

Яны жывуць беззапаветна

Дабром - без прыценю злабы!

 

Як пачуваешся шчасліва,

Калі, не кволыя душой,

Яны шануюць клапатліва

Твае гады і гонар твой!

 

Гады ж баляць, гады цяжэюць.

А балючэй за ўсякі боль -

Як дзеці любыя чужэюць

І варагуюць між сабой.

 

І ты глядзіш пакутна-скрушна:

«Чаго вам, дзеткі, не стае,

Каб жыць па-брацку, згодна, дружна?

Усе ж вы - родныя мае!

 

Я ўсіх пад сэрцам вас насіла,

І кожным гордая была,

І шчасця кожнаму прасіла,

І ў кожным род наш берагла...»

 

О, так! У кожным прадаўжала

Свой род - не горшы між другіх.

І як ні крыўдзіў лёс, бывала, -

Ніхто не бачыў слёз тваіх!

 

Вайна, разбой, пажар смяротны -

І зноў - з руінаў, з небыцця -

Тваёй любоўю дом твой родны

Уваскрасае для жыцця!

 

Ніякай сіле, ліху злому

У сэрцы маці не забіць

Надзею: даць працяг жывому!

Надзею: песціць і любіць!

 

І колькі доўжыцца тут вёснам,

Кругавароту зім і лет -

Прыгожы, казачна-дзівосны

Дарыць ты будзеш дзецям свет.

 

Пры ўмове, матухна, што сёння

Зямлі ўсёй дочкі і сыны

Развеяць змогуць назаўсёдна

Цень тэрмаядзернай вайны.

 

Што ў цэлым свеце, на планеце,

Ва ўсіх краях, ва ўсіх кутках -

З'яднае ўсе людскія сэрцы

Твой вобраз з дзіцем на руках!..

 

 

Пашанаванне

 

- Сядайце, госцікі, сядайце!

- На покуць суньцеся - далей! -

Гукаў Тамаш - дуэтам з Анцяй.

- Ну, весялей жа, весялей!

 

Ці мне ўсчынаць тут з вамі сварку?

Прашу вас, любыя, прашу!..

- На покуць трэба юбілярку! -

Напомніў Лёкса Тамашу.

 

Тады і ўсе: - На покуць - маці!

- Пашану ёй найперш аддаць!

- А то сталы ваўсю дымяцца,

А юбіляркі - не відаць!..

 

І маці выйшла - «пад канвоем»

Унукаў - хлопцаў і дзяўчат,

Хусціна золатам кляновым

Цвіла на згорбленых плячах.

 

А пад хусцінай - дзякуй дзеткам! -

Навюткі джэмпер шарсцяны:

Хай бачаць людзі, што адзеткам

Не крыўдзяць дочкі і сыны.

 

- На покуць, Сохвія Пятроўна! -

Гукнуў сусед - дзядок Сівец.

- А божа мой, ці не ўсё роўна

Старой мне, бабе, дзе сядзець?..

 

Амаль сілком, усё ж на покуць

Пятроўну дзеці завялі.

Тады і ўсе - да локця локаць -

Садзіцца шчыльна пачалі.

 

Каля Вячоркі ўлучыў сесці

Дырэктар школы Крутарог:

О так, на нейкім іншым месцы

Ён уявіць сябе не мог!

 

Пры ім і жонка села горда.

Альжбета Францаўна - за ёй.

на рашыла вельмі цвёрда

Трымацца тактыкі сваёй.

 

«Няхай не думае насмешна,

Што ў вочы лезу я... о не!

Калі хоць нешта... хоць бы нешта -

Ён сам падыдзе да мяне...»

 

З другога боку да Сцяпана

Падсела Лёдзя з Вінцусём: -

Хоць тут цябе мне перапала:

Забыў, браток, мяне саўсём!..

 

Насупраць - пара маладая:

Мікітаў сын - Рэппо Артур

І з ім - дзяўчына. Хто такая?

З радні? Прыезджая? Адкуль?

 

Але ж і пекная дзяўчына!

Які жывы і ўдумны твар!

Сцяпан няўзнак стрыгнуў вачыма,

Пасля яшчэ - і раз, і два.

 

І зразумеў: яна - чужая,

Не прадстаўляе тут радню.

К таму ж - амаль што не зважае

На кавалера балбатню.

 

Яна яго, Вячоркі, слова,

Здаецца, ловіць неўпрыкмет!

Пагляд спаткаўшы выпадкова,

Пачырванела тут жа ўслед.

 

«Ты хто такая, незнаёмка?

Што заірдзелася, як жар?..

Спытаць бы ў Лёдзі, ды няёмка:

Яшчэ Вінцусь адпусціць жарт...»

 

Тым часам хтось музычна-лёгка

Па шкле відэльцам стаў званіць.

Ага, падняўся дзядзька Лёкса

І загрымеў: - Прашу наліць!

 

Савет пляменнікаў гвалтоўна

Мяне прызначыў тамадой:

Маўляў, і цвёрда і тактоўна

Кіруй шаноўнай грамадой.

 

А што ў застоллі - кіраванне?

Сачы, каб чуўся чарак звон!

То і пачнём жа чаркаванне,

Як чаркаваліся здавён.

 

Хай кожны ўздыме келіх поўны

І скажа так за мной услед:

«Здароўе Сохвіі Пятроўны!

На сто гадоў! На сотню лет!»

 

Усе запляскалі ў далоні,

Пасля ўзняліся з-за сталоў:

- Здароўе Сохвіі Пятроўны!

На сотню лет! На сто гадоў!

 

Так пракрычалі хорам тройчы

І дружна выпілі да дна.

Завільгатнелі ў Зосі вочы,

Ды не ад хмельнага віна.

 

Хусцінку - слёзы тыя ўцерці -

Дастала дзесьці з рукава.

- Дай божа вам здароўя, дзеці,

Пры вас я буду здарава...

 

Хвілін праз пяць ці нават меней

Падняўся Лёкса за сталом:

- Сцяпан Якубавіч! Пляменнік!

Як ты ў нас знацен і вядом -

 

Уваж хаціну, дзе радзіўся:

Скажы, брат, свой сыноўскі тост, -

Калі ў сталіцы не забыўся

Або ў дарозе не растрос!..

 

Ох, гэты дзядзька языкаты:

Без падкалупкі - анідзе!

Сцяпан, прызнацца, быў бы рады

Не гаварыць пры грамадзе.

 

Падыдзе, думаў, да матулі,

Абдыме, волю дасць слязе...

Аднак жа госці Лёксу чулі

І ўжо чакаюць. Сціхлі ўсе.

 

- Паклон табе ад сэрца, мама, -

Пачаў няголасна Сцяпан. -

Ты без хлусні і без абмана

Трымала наш сямейны стан.

 

Даверам нас, дзяцей, расціла,

Бо знала ты, што й цэлы свет -

Адно дамовіўшыся шчыра -

Пазбыцца зможа страшных бед.

 

І не чытаўшы мудрых кніжак,

Спасцігла ісціну сама:

Няма Радзімы ў злыдняў хіжых

І Маці ў нелюдзяў - няма.

 

Мы - тройчы дзеці ў вечным крузе:

Мы - дзеці роднае сям'і,

І - дзеці Маці-Беларусі,

І - дзеці Матухны-Зямлі.

 

Трайны ён, круг, ды недзялімы:

Бо сёння - як ні паглядзім -

А лёс Дзяцей, і лёс Радзімы,

І лёс Планеты - лёс адзін.

 

І ўсе мы разам у адказе

За гэты вечны круг жыцця.

Хвала ж таму, хто ў трудным часе

Без мітусні і без ныцця

 

Сваё праходзіць... Так, як мама, -

Сцяпан праз паузу дадаў.

Абняў старую ўсхвалявана

І рукі ёй пацалаваў.

 

Усе запляскалі. У шуме

Сёй-той з радні слязіну сцёр.

А Крутарог гукнуў:

«Віншую! От гэта тост! Усім узор!..»

 

Застолле ўраз павесялела,

Настрой і тонус набыло -

Загаманіла, зазвінела,

Забразгатала, загуло.

 

І зноў з паглядам незнаёмкі

Спаткаўся позіркам Сцяпан.

«Ах, не рашай галаваломкі -

Знаёмся сам, стары чурбан!..»

 

- Прабачце, хто вы?

- Я? Мар'яна. Бібліятэкар СДК.

- З чыйго ж вы роду - не прыгляну?..

- Наш род не з гэтага кутка...

 

Сцяпан адчуў, як загайдала

Яго на стромкім грэбні хваль.

«Якоесь свята нагадала...

Якуюсь сонечную даль...»

 

Лінуў у чаркі, аж расплёскаў, -

Душа пайшла праз берагі:

- Давайце... вып'ем за знаёмства,

Так, так - мы з вамі, без чаргі...

 

Напэўна, быў у гэтым жэсце

І неўсвядомлены разлік:

Усё з'яснілася нарэшце -

Далёкай смуты прывід знік.

 

Хай бачыць Аля, як свабодна

Ён пачуваецца пры ёй:

Іх май у вечнасць беззваротна

Плынь часу знесла быстрынёй...

 

Альжбета Францаўна умлела:

Мар'яна чокаецца з ім!

І нават неяк вельмі смела

Яму ўсміхаецца прытым!

 

«Ну, гэта ўжо, дачка, занадта!

Нягожа так у грамадзе!

Пасля за ўсё адказвай матка,

Бо на мяне ж усё ўспадзе!..

 

Але й Сцяпан!.. Аж дзіўна проста:

Нашто ён гэтак? Сам наліў

Для нечарговага, бач, тоста!

Зашмат ёй чэсці адваліў!..

 

Ну, пазнаёміўся - і добра.

Ці то ўжо гэткі значны факт,

Каб нават чокацца асобна?

Хоць кампазітар, а - дзівак!..»

 

Так гаварыла-разважала

Альжбета Францаўна з сабой,

І сэрца здрадна задрыжала -

Дало трывожны перабой.

 

Тут дзядзька Лёкса па пасудзе

Ударыў зноў: - Прашу наліць!

Мікіта Зміцеравіч будзе

У гонар маці гаварыць!

 

Мікіта вычакаў хвіліну,

Пакуль заціх-улёгся шум,

Устаў паважна, нос закінуў,

Як перад люстрам харашун.

 

- Што ж, еслі просіць прадсядацель,

Ці, ізвіняюсь, тамада,

Каб я сказаў што к гэтай даце,

То я далжон адвеціць: да!

 

Дык вот у нашай юбіляркі

Есь многа качастваў такіх,

Што быў бы грэх не выпіць чаркі,

Не ўшанаваць пачотам іх.

 

А першым качаствам законна

Шчытаю я без лішніх слоў,

Што, хоць і ў возрасце прыклонным,

Ана не знаець дактароў.

 

Другое качаства па праву

Адмецім такжа мы спаўна,

Што патрудзілася на славу

За жызь працоўную ана.

 

А трэцім качаствам гардзіцца

Найболей нада, што ўдава

Зрасціла нас, как гаварыцца,

І ў жызь пуцёўку нам дала.

 

У ту вужасную разруху,

Благадара і вапракі,

Ана не пала сілай духу:

Пускала нас - как пціц,з рукі!..

 

Тут выйшла пауза малая,

І д'ябал Вінька не стрываў:

- А што бабуся залатая

І ўнукаў любіць - не сказаў!

 

Мікіта згроб сурвэтку ў пальцы,

Махнуў рукою, як ластом:

- А вы мяне не папраўляйце! -

Раўнуў на Віньку цераз стол.

 

- Я лучча знаю, што бабуся!

І ўсё я знаю, што к чаму!

А еслі ў чом і абшыбуся -

Мяне паправіць есь каму!

 

Наліўся чырванню, засопся

І сеў, забыўшыся на тост.

- Іш, папраўляць мяне знайшоўся!

Схадзі папраў цяляці хвост!..

 

Застолле зразу анямела,

Уткнула ў скацерку насы,

А потым ціха і нясмела

Сям-там узніклі галасы:

 

- Яно, падумаўшы, канешна,

Перабіваць другіх не варт...

- Хацеў - пацешна, выйшла - грэшна...

- Дык ён жа, мабыць, гэта ў жарт?..

 

Сцяпан глядзеў на край кілішка,

Было ад сораму - хоць плач:

«Ну, і Мікішка! Ну й Мікішка!

Хоць маму ўважыў бы, таўкач!..»

 

Няёмкасць зняў пляменнік Зосін -

Нібыта ў бочку, грымнуў бас:

- Мікіта Зміцеравіч, просім

Не сердаваць і кончыць сказ!

 

Тады й Тамаш ускінуў вочы,

Адчуў сябе гаспадаром:

- Ты трэцім качаствам закончыў,

Кажы далей, ды і кульнём!

 

- А просім, просім! - раптам госці

Сыпнулі хорам, дружна ў лад.

Мікіта й сам уцяміў штосьці

І адарваў ад крэсла зад.

 

Устаў, узяў у пальцы чарку,

Хвіліну важна памаўчаў

І ў тым жа тоне, так жа ярка

Сказ прапановай увянчаў:

 

- І так, за здравіе мамашы

І за дальнейшы, значыць, рост

Праізвадзіцельнасці нашай

Я прыдлагаю выпіць тост!..

 

Кульнуў, кілішачак на сподак

Паставіў, смачна крактануў

І пад грунтоўны падбародак

Сурвэтку рогам падаткнуў.

 

Яму папляскалі актыўна -

З надбаўкай яўнай, з каптуром,

Каб гэтым самым калектыўна

Кампенсаваць «маральны ўрон».

 

Вінцусь нагнуўся да суседкі,

Шапнуў: «Во злосны! Як шашок!

А знаеш ты, чаму ён гэткі?

Што сэрца блізка ад кішок!..»

 

Прайшла няёмкасці хвіліна -

І зноў застолле ажыло:

Забразгатала, зазваніла,

Загаманіла, загуло.

 

Запрацавалі безадмоўна

Відэльцы, лыжкі і нажы.

- О, гэта ўсмажана цудоўна!

Не закусь - свята для душы!

 

Пакласці вам? - А што за закусь?

- Я й сам не ведаю, дальбог,

Але ручаюся за якасць! -

Прыцмокнуў смачна Крутарог.

 

- Хоць закрычы: кухарцы - брава!

Якія скабкі! А кулеш!

Ну, смаката! З такою стравай

І рашпіль нават праглынеш!..

 

Пасля «свянцоных» грам дырэктар

Закускам ганьбы не даваў:

З прыцмокам, з воклічамі, з крэктам

Без перадухі трамбаваў.

 

Свой грэх застольны - добра з'есці,

Умяць мяснога лішні фунт -

Ён знаў, таму любіў падвесці

Пад гэту слабасць пэўны грунт.

 

- З пары, як стрыглі мы калоссе

Ды боршч варылі з лебяды,

На ўсё жыццё ў нас засталося

Нераўнадушша да яды.

 

Псіхалагічна - беднасць тая,

Якой душу гняло штодзень,

Нас і дасюль не адпускае

І пераследуе, як цень.

 

Таму й дзябёлыя мы целам

І трацім форму, трацім спрыт,

Што пакаленне наша ў цэлым

Не знае скарг на апетыт.

 

Ну, як? Давайце ваш відэлец -

Яшчэ кусочак пакладу!..

Між тым Вінцусь, аматар цвеліць,

У крыўдзе быў на грамаду.

 

Прывыкшы ў рожкі з сваякамі,

Ён тут жа вытыркнуўся ўвесь:

- Народ кускі бярэ рукамі!

Народ відэльцамі не есць!

 

Вячорка, цэнячы дасціпнасць,

З усмешкай рэпліку прыняў:

Сапраўдны гумар - як гасціннасць,

У ім асновай - дабрыня.

 

А для Мікіты шваграў досціп

Быў толькі выпад і падвох.

- Ты б у сябе, сабраўшы госці,

Агітаваць за гэта мог!..

 

Ды што для Вінькі злосць Мікіты?

Што новы хвораст для агню.

А асабліва ён падпіты

Любіў пацвеліваць радню.

 

Таму, як раптам, ненаўмысна,

Кілішак з тоненькай нагой

Мікіта ў пальцах пераціснуў, -

Вінцусь пальнуў туды чаргой:

 

- Крышталем цёмнасць даканалі.

Між іншым, мілыя мае:

Народ куляе стаканамі,

Народ кілішкамі не п'е!..

 

Дарэчы, трэба тут зазначыць:

Ён меў адменны зрок і слых:

Усіх ён чуў, усіх ён бачыў

І тут як тут браў слова ўміг.

 

Хоць апетытам некапрызным

Быў прыкаваны да стала -

Сваім абсурдным афарызмам

Ураз любога даставаў.

 

І так у гутарку ўключаўся,

Такі даваў ёй паварот -

Што ўжо крыху бянтэжыў часам

Не толькі швагра, а й «народ».

 

 

Гамана ў застоллі

 

Народ, што праўда, быў застольны,

І гэта трэба разумець:

Ён і на слоўца болей вольны

І болей здольны пашумець.

 

Яму душу адкрыць ахвота -

Наросхрыст,

насцеж,

нарасхляб,

Каб выйшла вон уся згрызота -

На суд людскі і на разгляд.

 

І ён гаворыць! Хто - з суседам,

Што каля боку, хто - праз стол,

Хто - сам з сабой, хто - з цэлым светам...

Усе - гавораць! А пра што?

 

Пра што? Давай, чытач, хоць трохі

Мы іх паслухаем з табой:

Ці ўловім дух і стыль эпохі

У гамане па кругавой?

 

З каго пачнём? З дзядоў, канечне.

Старым пашану аддадзім.

Ці ёсць у мудрасці запечнай

Для нас што-небудзь - паглядзім.

 

- Калісь да гэтай самай «рускай», -

Пачаў разважна дзед Сівец, -

Быў селядзец у нас закускай -

Салёны, з бочкі, селядзец!

 

Ляжаў і керчанскі, бывала,

І астраханскі - на выбор!

Цяпер ніякага не стала.

Гавораць: звёўся, перамёр!

 

- А як яму не перамёрці, -

Прадоўжыў гучна дзед Сакол,

Пры чалавечай нашай корці

Усё паскудзіць навакол?

 

Якая толькі смерць-атрута

У нашы рэкі не бяжыць,

А з рэк - у мора, па маршруту.

Дзе ж селядзец той будзе жыць?..

 

І тут Вінцусь «уторкнуў шпільку» -

Прытворным тонам мудраца:

- Народ усмак цярэбіць кільку!

Народ не просіць селядца!

 

- Цяпер прызнаны і ўхвалёны, -

Яму ў адказ загуў Сівец, -

Марынаваны ці салёны,

Як след прыпраўлены, грыбец!

 

Баравічок марынаваны

Не ўступіць закусі любой!

А рыжык! Пане мой каханы!

Адно падхоплівай губой!

 

Салёны рыжык - гэта, братка,

Табе не нейкі чорны грузд:

Усю талерку зменціш гладка,

Калі, вядома, маеш густ!..

 

І зноў Вінцусь - ну дай ты рады! -

Гукнуў - аж рэха на дварэ:

- Народ любому грыбу рады!

Народ і порхаўкі бярэ!

 

- Вось тут, шаноўны, ты ўжо хлусіш!

Народ якраз наадварот -

Прынамсі, ў нас, у Беларусі -

Не ўсякі грыб піхае ў рот.

 

- Антось казаў: паэта знае,

Здаецца, прозвішча на -ок,

Той, праўда, порхаўкі збірае,

Пакуль яны - як тваражок.

 

- Дык што за дзіва! Свенты Езус!

Адзін з заезджых грыбнікоў

Браў тыя ў нас, што з долу лезуць

Каля сухіх каравякоў!

 

Насіўся полем як шалёны;

Калі ж я жарт пусціў з губы -

Ён крыкнуў: «Гэта ж - чампіёны!

Найсаладзейшыя грыбы!»

 

Я не здзіўлюся, калі скора

Аб'явіць нейкі балантэс,

Што запяканка з мухамора -

Найдарагі далікатэс!

 

- Вось ты смяешся, а тым часам

Усё да гэтага ідзе:

Так, скора ўбачыш вокам ласым

І мухамор на скаўрадзе!

 

У грыбаварні вунь загрузка

Штогод змяншаецца ўдвая.

«Неперспектыўная закуска!» -

Вось так, браткі, скажу вам я.

 

Мы лёс грыбоў тады рашылі -

І многіх ягад, зёлак, траў, -

Калі магутны плуг машынны

У грунце вены перарваў.

 

Ці ж будзе лес грыбной кладоўкай,

Калі ў яго аж страх зайсці:

Нідзе - і ў цені нават - долках

Зялёнай плямы не знайсці!

 

Усохла ўсё і перасохла,

Трашчыць, як порах, пад нагой.

Не дастае карэнне сокаў -

Спажыўнай вільгаці зямной...

 

Ага! Няспешна, па-старэчы,

Пачаўшы з закусі, з яды,

Усё ж узбіліся нарэшце

На тэму важную дзяды.

 

Ну што ж, няхай памітынгуюць,

Хай на здароўе пабурчаць,

А мы кампанійку другую

З табой паслухаем, чытач.

 

Вунь - штось мурлыкаюць інтымна

Сяброўкі даўнішнія дзве.

Ці не аб тым яны, што стыдна

Сказаць услых пры грамадзе?

 

- Цяпер з нас кожны сам сабою -

У шлюбе больш «не састаім».

Ад жаніхоў - няма адбою!

А ты як - з дзедам са сваім?

 

- Жыву... Ты ж ведаеш Ямполя:

Не я пры ім, а ён пры мне.

Адной і ўцехі, што ніколі

І словам колкім не кране.

 

Са мной ён пурхацца не можа:

Я ж кожны дзень пры барышы...

- Дык вельмі добра! Дай вам божа!

А ёсць хто-небудзь... для душы?

 

- Ну, калі хочаш ты ўжо ведаць -

І для душы таксама... ёсць.

А што? Варочаючы дзеда,

Намарна страціць маладосць?

 

Каб я была якой нягеглай

Або дурной - ні даць ні ўзяць...

Вось, ад'язджаючы, забегла

Касцюм свой новы паказаць.

 

Якраз купіла ў нашым ЦУМе.

І знаеш, што ён мне сказаў?

«Ты хараша ў любым касцюме!»

І яшчэ больш за сэрца ўзяў!..

 

Не, гэта слухаць нецікава!

Здзівіла б болей навіна,

Каб маладуха не ўцякала

Ад дзедугана-гругана.

 

Мы гэткіх шлюбаў многа знаем:

На кветках жэняцца карчы,

І тым карчам мы спачуваем,

Але не можам памагчы.

 

Мы нават чулі пра здарэнне,

Калі нямоглы корч адзін

На разагрэтую патэльню

Ад злосці жонку пасадзіў.

 

А што падняў там за праблему

Перад суседам тамада?

- Мне сын купіў касцюм з крышплену -

Дык братка мой: адна бяда!

 

Якой мне радасці, што модны?

Прайдуся ў ім туды-сюды -

Дамоў вяртаюся аж мокры,

Як быццам вылезшы з вады!

 

Што не камечыцца - я знаю,

Ды толькі ён не для мяне:

Пацею, млею і канаю

У гэтым штучным палатне.

 

А мы пытаемся ў вучоных

І самі ў думках моршчым лоб,

Адкуль усякіх незлічоных

На нас звалілася хвароб?

 

І дурню ясна, дзе прычыны:

Не трэба хіміяй фарсіць,

А трэба з лёну ды аўчыны

На целе вопратку насіць!..

 

Катэгарычны дзядзька вельмі.

Ды, як мы ўпэўнімся вось-вось,

Тут сэнс пытання не ў крымплене,

Нашмат шырэйшы сэнс тут ёсць.

 

- Дык, значыць, ты супроць прагрэсу? -

Спытаў уедліва сусед.

- Э, не! Хоць родам я і з лесу -

Мяне на мушку браць не след!

 

Я - за прагрэс! І ўвесь мой клопат

У тым, што мы, мясцовы люд,

Не беражом, не цэнім вопыт,

Які ў вяках капіўся тут.

 

Давай, каб больш было канкрэтна,

Сабе ж пытанне зададзім:

Чаму з табой мы гэтак рэдка

Бліны-грачанікі ядзім?

 

- Таму, што мала сеем грэчкі.

- Ну, а чаму? - пытанне зноў.

- Ды абыходжуся я, зрэшты,

І без грачанікаў-бліноў!

 

- Ты абыходзішся - то добра:

Да іншых, значыцца, прывык.

А ў Тамаша, у хлебароба,

Спытаў? Ці ён ўжо не ў лік?

 

У нас жа грэчка слаўна родзіць!

Мы можам мець яе ў адвал!

Чаму ж не маем? Што нам шкодзіць?

Стандарт і вал. Агульны вал.

 

Раней мужык, хоць жыў і бедна

І цёмны быў, а ведаў ён:

Да жыта й бульбы адпаведна

Патрэбен грэчачкі загон!

 

Дык вось прагрэс я мыслю гэтак,

А ты на вус матаць сызволь:

Засеем грэчкаю палетак -

«Дзе боб?», спытаю, «дзе фасоль?»...

 

Ну, што, чытач? Бадай, даволі

Нам слухаць Лёксу-тамаду, -

Іначай я цябе ніколі

Наўкруг стала не абвяду.

 

Хадзем са мной далей застоллем.

Вунь - бачыш гэных двух мужчын?

Давай ля іх крыху прыстоім -

Удумна гутараць! Аб чым?

 

- У нас падобных сем'яў многа,

Дзе ён - мужчына без заган:

Па ўсіх стаццях узяў ад бога -

Іван-царэвіч - як ні глянь!

 

А жонка - чорт ляпіў, напэўна!

Супроць яго - як ноч і дзень!

Такая, братачка, царэўна -

Хоць ты аброць на морду ўздзень!

 

Ну, сапраўды: якая ж пара?

Асілак, волат, багатыр -

І - сухарэбрая гаргара,

Яшчэ й гундосая прытым!

 

Або такая малюпашка,

Што меншай нельга і ўявіць,

Што і ў пасцелі нават цяжка

Пад коўдрай граблямі злавіць!

 

А ў той жа час плюгаваморды

І віслазады бегемот -

Глядзіш - вядзе пад ручку, горды,

Такую жонку - божа мой!

 

Ну рыхтык - з казкі Васіліса!

Нашто ж ёй гэны вымяед?

Ды на яе ж гатоў маліцца

Найлепшы, можа быць, паэт!

 

Не знаю, лёс тут неабачны?

Ці так само пайшло здаўна?

Найлепшы яблык - самы смачны

І самы спелы - есць свіння!..

 

Ну, вось, культурныя нібыта,

А зноў - пра жонак і мужоў.

Не, гэта тэма страшна збіта

І намі вычарпана ўжо.

 

Далей пакруцім круг сябрынны!

Чаго, напрыклад, хмурыць лоб

Ля боку ўласнай палавіны

Пляменнік Сохвіі Пракоп?

 

- Схадзі, як вылезем, на пошту

І ў Мінск дачушкам пазвані,

Каб пакупалі ў тазе кошку,

Як прыйдзе вечарам з гульні.

 

А то яшчэ якой заразы

Дзе набярэцца ля вуглоў.

Ты чуў?.. Чаго ж, як ад абразы,

 

Ты ад маіх скрывіўся слоў?

 

- А ты цішэй бы гаварыла,

Магла б і ведаць, што не ўсім

Пра нашу кошку слухаць міла! -

І ён пагляд наўзбоч скасіў.

 

На Вінцуся? Ну, зразумела:

Пачуў, напэўна, што сваяк

Якраз узяўся пляжыць смела

Кармільцаў кошак і сабак.

 

- Нам пачалі давацца ў знакі

Як звышбюджэтныя раты -

Дэкаратыўныя сабакі,

Дэкаратыўныя каты,

 

Што не бягуць на паляванне

І што не ловяць пацукоў.

Таму - законнае пытанне:

А хто гадуе тых псюкоў?

 

Нядаўна ў нашым магазіне

Я назіраў - быў сведкай сам,

Як выбірала мяса псіне

Адна фуфырная мадам.

 

Перабарляла ўвесь прылавак

І ўрэшце кажа: «Прадавец!

Знайдзіце выразкі кавалак -

Наш цюцік гэткага не есць!»

 

«Ядры ж тваю раскачарэжку!» -

Я ціха вылаяўся ўсмак.

Дык значыць я, на здзек-насмешку,

Ем, што не годна для сабак?

 

Не, вы задумайцеся толькі:

Выходзіць так, што ў кабяля

І густ на мяса болей тонкі?

Танчэй на цэлага рубля!

 

Ну, прадавец ёй рэзнуў прама

І нават пальцам пагразіў:

«Вы не туды прыйшлі, мадама!

Тут не сабачы магазін!..»

 

Вінцусь замоўк - чакаў, напэўна,

Што зараз нехта ў грамадзе

Яго дапоўніць так жа гнеўна

І тэме рысу падвядзе.

 

Але апроч «так, так, і варта»,

Нічога болей не пачуў

І нават неяк вінавата

Прымружыў посмех уваччу.

 

Каб не цягнулася няёмкасць -

Наліў суседу леваруч

І, крутануўшы на ўсю громкасць,

У іншы бок даў слову рух.

 

- Ты што раскіс, мой мілы Зэлік?

Што глюгу звесіў над губой?

Давай, брат, - келіхам аб келіх!

Ці ж мы не родзічы з табой?

 

- Э-э, братка-братачка, каб мог я

Заразу гэтую глытаць -

Я б за здароўе бабы Зохвы

Быў рад і ў бутлі дна дастаць!

 

- Ты не зважай, што трохі шлакам

Ці дрывясінаю смярдзіць.

Народ не гоніцца за смакам!

Народ на градусы глядзіць!

 

Ты ж ад прыроды мудрамыслы

І энергічны чалавек,

А вось не п'еш - таму і кіслы,

Як нечым скрыўджаны навек.

 

Эх, Зэля, Зэля, мілы Зэля!

Ты б лепшы быў з усіх сяброў,

Каб не баяўся гэта зелле

Пускаць сабе хоць трохі ў кроў!

 

- Хоць трохі я пусціў, хоць трохі!

Праз не магу, праз калаццё,

Глынуў у гонар бабы Зохвы -

Каб ёй на доўгае жыццё!..

 

- Ах, значыць, выжлукціў кілішак?

Дык ты герой, брат, упаўне!

Запомнім гэта і запішам

Хоць качаргою на сцяне!..

 

Аднак жа годзе пра «глытанне»

І годзе ўвагі Вінцусю.

Тым больш што побач між братамі

Ідзе дыскусія ваўсю.

 

Антось-філосаф і Мікіта

За штось счапіліся не ў жарт.

Ну-ну! Чыё з іх будзе біта

І хто пакажа большы гарт?

 

Ого, на чым так не па-брацку

Яны скрыжоўваюць мячы:

Літаратуры і мастацтва

Іх сутыкнулі дзеячы!

 

- Аб іхняй творчасці я ў курсе,

І я далжон табе сказаць:

Ты брось! Тут дзела не ва ўкусе!

За жабры нада іх узяць!

 

Даволі ўжо качаць Машэку!

Даволі смех пускаць з пяра

І ўрэд прыносіць чалавеку -

Замест здароўя і дабра!

 

У наша ўрэмя, калі спутнік

Над светам космас бараздзіць -

Сатырапісцаў баламутных

Пазорам нада прыгваздзіць!

 

- За што ж, Мікіта? Праўда ў творах,

Якой бы горкай ні была -

Яна ніколі нам не вораг,

Не зло для нас і не бяда.

 

Як той папутны ў моры вецер,

Яна ўсёй сутнасцю сваёй

За нас - і больш за ўсіх на свеце

Мы зацікаўленыя ў ёй!..

 

Ну, што, чытач? Відаць, філосаф

У ім абранай галіне -

Як той казаў - не з голых-босых

І нешта мае ў галаве?

 

Мікіту б лепей не спрачацца,

Ды хіба ён уступіць верх?

Калі не тут - то дзесь пры чарцы

Яшчэ свой пусціць «фэерверк»!

 

Але мы спрэчку іх пакінем,

А лепш паслухаем крыху,

Як запрашае гаспадыня

Гасцей адведаць смакату.

 

- Ты ж піражка вазьмі, Барбарка!

Ой, крыўдзіш, кумка, даліпан!

Хоць пакаштуй, чаго ён варты -

Ці ўдаўся гэты марцыпан?

 

- Маўчы, кума, і не кажы ты!

Ну як вазьму я піражка?

Ці мой трыбух з трох полак сшыты?

Ці паўтара мяшка - кішка?

 

- На гэткі смачненькі кусочак -

Ты паглядзі: у мёдзе ўвесь! -

Яшчэ там знойдзецца куточак,

Бо застанецца - хто ж паесь?

 

А ты, Рыгор? Ну - колькі змогі!

- Не, я мучнога не хачу:

Я ж не жанчына - я ж хоць трохі

Яшчэ за таліяй сачу!

 

- Каб ты з сваёю таляй спёкся!

Яшчэ і дражніць баб!

Ты еш, Пакуль, як кажа дзядзька Лёкса,

Стол жыватом не адапхнеш!

 

Ты б сам сябе акінуў вокам:

Усмяг і высах у сцябле -

Як тычка! Зломішся няўрокам -

То пасмяёмся мы з цябе!

 

- А хіба лепш, калі здаровы

І малады дзяцюк ідзе,

А той жывот - нібы ў каровы,

Што вось-вось двойню прывядзе?

 

Па-мойму, гэта непамысна -

Таўсцець ад лішняе яды.

І прымушаць гасцей да місы -

Як і жадаць ім зла-бяды!

 

- О, бачна - рос далёка дзесьці!

А ў нас судзіла так сяло:

«Было ўсяго - і піць, і есці,

Але - прымусу не было!..»

 

 

Адступленне пятае - кулінарнае

 

Што наша закусь у пашане

У знатакоў застольных страў -

Аб гэтым хораша ў Варшаве

Адзін наш сябра напісаў.

 

Цытую сцісла па газеце:

«Як журналіст і дыпламат

Я пабадзяўся шмат па свеце

І ўсякіх кухань знаю шмат.

 

Але якую б вы закуску

Мне ні даўмеліся назваць -

За «парася па-беларуску»

Аддам любую без разваг!

 

О, млечны дзюдзік на талерцы!

Цалком засмажаны ў духу!

Ягоны вобраз будзе ў сэрцы,

Пакуль не стлею на труху!

 

О, як ляжыць ён маляўніча

На падагнутых капытках,

Задзёршы ўгору пекны лычык

З пахучай траўкай у зубах!

 

Як той анёлачак - румяны,

Са скуркай крухкаю, ядкой,

І грэцкай кашаю напханы -

Не абы-як - абы-якой!

 

У кашы - яблынак мядовы

Ці ўпрэлы пахкі баравік!

Самлець нядоўга там, панове,

Калі к раскошы не прывык!

 

Я на прыёмах, у застоллях,

Прызнацца вам, і састарэў, -

А для душы сваёй раздолля

Нідзе такога не сустрэў.

 

Калі б я мог, то ў школах нашых -

Каб падхапіла Польшча ўся -

Прадмет увёў бы: «Як засмажыць

Па-беларуску парася»!..»

 

Што ж, знаць прыемна і не лішне,

Чым слаўны ў свеце родны край.

Ды ты, зямляча, не за іншым,

А за сабой паназірай.

 

Вось гы ў гасцях - і нават слоўца

Табе сказаць няма калі:

Вяндлінку з водарам ядлоўца

Мяцеш - зараз па два скрылі!

 

А побач - зірк! - як цуд, як казка -

З каляндрай, з перцам, з часнаком -

Ляжыць вясковая каўбаска,

Таксама ўвітая дымком!

 

К таму ж падсохла на гарышчы -

Дык толькі плеўка шапаціць!

Умэнт кальцо з паўметра знішчыў -

Адно раз'ятрыў апетыт!

 

Калі ж дапаў да вантрабянкі -

Цягаць стамілася рука!

Глядзіш - а ўжо кіндзюк крывяню

На блюда выклалі з гаршка!

 

О, гэны зверху і сысподу

Наскрозь усмажаны каўбух!

За чатырох змалоў - уходаў!

(Хоць сам ты лічыш, што за двух.)

 

Паспеў адчуць, што ўжо не слабка

І ў паясніцы, - а на стол

Тым часам едзе ў місе бабка

І парай дыхае пад столь:

 

З бакоў запечаная ў меру,

У бульбе скварачкі тырчаць... -

І так жа ўслед пайшла на змену -

Хоць замычы - каб не маўчаць!

 

«Усё! - сказаў. - На гэтым дзякуй!»

А на абрус - нясуць бліны

І к ім - мачанку-верашчаку

З наборам рэбрачак свіных!

 

Хвіліну выстагнаў ты моўчкі:

«Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?»

І неўпрыкмет на два-тры вочкі

Паслабіў пас на жываце...

 

Ужо не здыхацца! Падпёрла -

Няйначай крушня камянёў!..

А перад носам... ставяць цёрла

Гарачых, тлустых калдуноў!

 

Калдун!.. Духмяны, самавіты,

У масле ўсмяглы, а паўзверх -

Смятанкай свежаю паліты!..

Ну, што? Ізноў глядзіш, як звер?

 

І адчуваеш, адчуваеш:

Няхай хоць згэтуль у труну -

А не зганьбуеш, не стрываеш -

Дасі прытул і калдуну!

 

Дасі!.. І добра зробіш, браце!

І не ўпікай дарма сябе!

Ты за ядой - як і на працы:

На малацьбе ці на касьбе!

 

Калі на свеце нехта дзесьці

Умее добра працаваць, -

То ўмее ён і смачна з'есці

І - адпаведна - згатаваць!

 

Таму - дастойна, без эфекту

Прымай падзяку-пахвалу -

І беларускаму палетку,

І беларускаму сталу!

 

І цмокні ў ручку гаспадыні,

Каб сонцам пырснула яна,

І ўскінь яшчэ - а то астыне! -

Ускінь на сэрца... калдуна!..

 

 

Іскрынка

 

Калі аслабла ўжо цікавасць

І да пітва і да яды,

І, каб зусім не ўпасці ў млявасць,

На двор курнуць пайшлі дзяды, -

 

Тады і даў каманду хтосьці:

- Дзяўчаты! Бабы! Песні дзе?

Ці нас пазвала свята ў госці -

Ці мы сабраліся ў бядзе?

 

- Альжбета Францаўна! Сябрына

Не запяе без вас, дальбог!

- У гонар маці - песню сына! -

Напомніў важна Крутарог.

 

- «Дуброву», Францаўна, «Дуброву»!

- І мы паможам - пачынай!

Было відно, што спанарову

Тут песня ўсім. Пявучы край!

 

Сцяпан зірнуў усхвалявана:

Няўжо Альжбета будзе пець

Яго «Дуброву»? Нечувана!

Як гэткі дар і зразумець?..

 

- Цішэйце, бабы! Волька! Зіна!

Ішлі б кудахтаць за парог!..

- У гонар маці - песня сына! -

Гукнуў яшчэ раз Крутарог.

 

Застолле сцішылася, змоўкла,

Альжбета знак жанкам дала,

І вось - суладна, чыста, звонка

У вокны песня паплыла.

 

«Чарней, чарней, сястра-дуброва,

Чарнець з табой нам удваіх:

Ты па сваім лісці, дуброва,

А я - па лецейках сваіх.

 

Тваё лісцё, сястра-дуброва,

Зноў забуяе па вясне,

А мае лецейкі, дуброва,

Ужо не вернуцца ка мне...»

 

Запляскаў першы дзядзька Лёкса:

- А хай вам шчасцем бог аддасць!

От гэта песня! Нават слёзка

На вока выбегла ў адказ!

 

Сцяпан устаў і да спявачак

Руку з кілішкам працягнуў:

- За талент ваш!.. За сэрца ваша! -

І так расчулена ўздыхнуў -

 

Аж заўсміхаліся міжволі

І з разуменнем госці ўсе.

А ён дадаў: - Здароўя школе,

Дзе моладзь з песнямі расце!..

 

Альжбета, мабыць, не чакала

Такой высокай пахвалы.

- За вас!.. - разгублена сказала. -

Мы ні пры чым тут... Гэта - вы...

 

Было ёй цяжка прынародна

Сваю збянтэжанасць схаваць,

І, каб пачуцца больш свабодна,

Гукнула: «Айда ўсе спяваць!»

 

І пачала. Бясконца - шчыра.

Суздром аддаўшыся журбе.

О, колькі можа нам жанчына

Сказаць у песні - аб сабе!..

 

«Закладайце, запрагайце

Коні вараныя:

Я паеду даганяці

Леты маладыя.

 

Як дагнала свае леты

Ў калінавым мосце:

- Вярніцеся, мае леты,

Хоць да мяне ў госці!

 

- Не вернемся, не вернемся

Мы да цябе ў госці:

Было табе шанаваць нас

Яшчэ з маладосці!..»

 

***

 

Як толькі змоўкнуў хор - у сенцах

Ураз завыў магнітафон,

І моладзь - дзе тут ёй уседзець! -

З застолля кінулася вон.

 

Артур Мікітаў за партнёршу

Мар'яну вывеў твіставаць.

Танцорам ён сябе не з горшых

Лічыў - па ўсім было відаць.

 

Віхляў спіной, круціў клубамі,

Пучыў жывот, плячыма трос

І апантана тоўк нагамі

Дашчаны вымыты памост.

 

Задраўшы нос (усіх касую!),

Ён горда выгукнуў з сянец:

- Айцец! Ты глянь, как я танцую!

Па-саўраменнаму, айцец!..

 

- А ўжо ж! - зазначыў дзядзька Лёкса,

З Вячоркам стоячы ў дзвярах.

- Чым больш свайго сцураўся-зрокся,

Тым больш сучасны, вертапрах!

 

Танцуеш толькі для прыліку -

Катлеты выйшаў утрасаць!

Шкада: не клікнулі музыку

Што-небудзь наскае сыграць,

 

А то б, дальбог, назло балбесам,

Не паглядзеў бы на гады -

І ўшпарыў польку з «падкіндэсам».

Каб аж разявілі раты!

 

Сцяпан, скажы ты мне, старому:

А нашы танцы ў свет пайшлі?

Ну «Крыжачок» ці, скажам, «Ойру»

Дзе-небудзь скачуць на зямлі?

 

Ці нас Еўропа абдурыла,

Ці самі мы...

А крыўдна нейк,

Што скрозь - ад Буга да Курылаў -

Усе мы скачам твіст і шэйк!..

 

Сцяпану ў Лёксавай асобе

Быў люб народны педагог.

- Спыталі б, дзядзька, тымчасове

Пра што лягчэйшае, дальбог!

 

Не чуў, не бачыў, каб у модзе

Наш «Крыжачок» быў між людзей.

Пайду дыхну на прахалодзе! -

Міргнуў ён Лёксу весялей.

 

* * *

 

Сцяпан стаяў каля штыкету,

Дзе шыкаваўся куст вяргінь,

І думаў... Не, не пра Альжбету

І не аб даўнім-дарагім.

 

Ён рады быў, што не чапала

Яна той лёсу прыгавор.

А думаў ён... І нечакана

Мар'яна выбегла на двор.

 

Сцяпан знячэўку аж падаўся

Насустрач ёй - на нейкі крок.

- Натанцаваліся? - спытаўся

Бадзёра, гучна назнарок.

 

- Ён выпіў шмат і скача брыдка,

Ды і наогул... пустапляс! -

Сур'ёзна, проста і адкрыта

Мар'яна мовіла ў адказ.

 

Вячорку ўразіла, як строга

Яна гатова зло судзіць.

- А я тут... згледзеў кветак многа,

Якія спрэс паспеў забыць.

 

Вы не паможаце, Мар'яна,

Мне іх імёны прыгадаць?

- Не знаю... можа, я таксама

Усіх не здолею назваць.

 

Вось гэту помніце? Вяргіня!

- Вяргіня? Часам не з княгінь?

А як па-бацьку? - Жарт дзяўчыне

Дапаў - падаўся неблагім.

 

- Па-бацьку будзе Тамашоўна -

Тамаш Якубавіч садзіў! -

І засмяяліся раптоўна

Абое - хораша наўздзіў.

 

Іх шчыры смех пачула Анця,

Альжбету выманіла ў двор,

Шапнула: - Францаўна, пагляньце:

Па-мойму, пара - на падбор!

 

Ну чым не зяць? А нам - нявестка!..

Альжбета смыкнула губой

І абарвала Анцю рэзка:

- Ён у бацькі гадзіцца ёй!

 

А на душы ў самой заскрэбла.

«Яму на выгляд - трыццаць пяць,

І нават менш... Жаніх - што трэба!

Дык і папраўдзе: чым не зяць?

 

Сабраны, стройны, маладжавы,

Яшчэ зусім без сівізны

І ўжо - вядомы, паважаны...

Аб чым так гутараць яны?

 

Што разглядаюць за штыкетам?

Напэўна, кветкі... Мілы госць,

Ты пагарджаеш этыкетам:

Вы - не адны: тут людзі ёсць!

 

Дай повад ім - не абярэшся

Пасля ад плётак і размоў.

Дый я таксама ёсць, нарэшце...

І я скажу дачцэ: дамоў!

 

Я ж, можа, маці? Ці, па-твойму,

Ужо ніхто я? Здань? Мара?..»

І - не сказала... а раптоўна -

Сама цішком пайшла з двара.

 

Пайшла, прыдушаная крыўдай,

Ад болю сцяўшыся, пайшла.

Ніхто не чуў, як немым крыкам

Крычала ўся яе душа.

 

Паспакайнела нечакана

Ужо ля дому, ля варот.

«А ён... ці знае, што Мар'яна -

Мая дачка? Мой горкі плод?..

 

Ды не, напэўна!.. Бо каб ведаў...

Як і Мар'яна... Знаць бы ёй!..

Ад усяго ўтаіла свету

І ад яе... Дачкі сваёй...»

 

Хвілін праз колькі пісьманосец

Гукнуў Мар'яне як грамчэй:

- Эгэй, паненка! Маці просіць,

Каб ты дамоў ішла хутчэй!..

 

«Паненка» ўраз пачырванела:

Ах, гэты мамін недавер!

І што за прыхамаць-манера

Гукаць дамоў... якраз цяпер!..

 

- Прабачце мне... Да пабачэння!

- Да пабачэння! - адказаў

Вячорка не без засмучэння.

Глядзеў услед ёй і маўчаў.

 

Ужо выходзячы за брамку,

Мар'яна ў пальцах трапяткіх

Прызатрымала трохі клямку

І - азірнулася на міг.

 

Ды хоць і быў зусім кароткі

Той міг, той скрадзены пагляд, -

Іскрынкі ўбачыў ён усё-ткі

У двух карычневых вуглях!

 

А можа, так яму здалося,

Што сам адчуў, як смутак-жаль

Па тым, што колісь не збылося,

Іскрыць, каб выклікаць пажар?

 

Што сэрца думкай пранізала:

«Няўжо, аблытаўшы калісь,

Жыццё навек цябе звязала

І ты не ўскрыліш зноў увысь?

 

А гэта шчасце, на якое

Ты маеш права, як і ўсе -

Неспадзявана маладое,

У весняй квецені-красе?

 

А гэты позірк - ясны, чысты,

Не замутнёны анічым -

Як ранак сонечна-іскрысты

У росных россыпах лагчын?

 

Хіба не гэткаю дзівоснай

Ты бачыў мару кожны раз?

Ці не яе пазнаў ты проста -

У рэшце рэшт, у добры час?..»

 

Сцяпан хацеў пабыць сам-насам,

Ды выйшаў з хаты дзядзька ў двор:

- Прабач: курцы, відаць, калгасам

Твой раздымілі «Беламор»?

 

- Яшчэ не ўвесь: узяў з разлікам,

Каб і курцам было і мне.

- Тады цягні, няхай ён ліхам,

Усё ж чужы прыемней тхне!

 

Пусцілі дым. - Пайду-тка ў пуню

Ды паляжу крыху, плямеш.

Як ні храбруся, ні жартую -

А сілы ў целе - менш і менш.

 

Змарыўся, Сцёпачка, змарыўся,

Выдаткаваўся да асноў.

І толькі з крыўдай не змірыўся,

Што гады плодзяцца ізноў.

 

- Вы пра каго? - Ды пра фашыстаў!

Ізноў гадзючы іх клубок

Засыкаў і заварушыўся,

Зусім забыўшыся на ўрок.

 

Каб хто сказаў тады, на Эльбе,

Што так павернецца ў жыцці -

Дальбог, бабахнуў бы са стрэльбы

І - «божа, грэх мой адпусці!»

 

Падумаць толькі: гад не верыць,

Што ў свеце міру я хачу!

А як у мір уклад мой змераць

І чым яшчэ я заплачу?

 

Бацькоў, братоў і жонку з дзецьмі -

Усіх паклала ў дол вайна.

І нейкі гіцаль лічыць дзесьці,

Што гэта міру - не цана?

 

Ах, крывасмокі-людажэрцы!

Калі ўжо нас не зразумець -

Дык што ж тады заместа сэрца

Між чорных рэбраў трэба мець?

 

- А крывасмокі добра знаюць,

Што мы вайны не распачнём.

Але яны на мэце маюць -

Спаліць нас атамным агнём.

 

Паколькі свет сацыялізма -

Наш свет! - маяк для цёмных мас, -

Іх марай стала найвялізнай:

Пакончыць з намі, знішчыць нас!

 

Тут - падаплёка іх паводзін,

Іх агрэсіўнасці выток...

Сцяпан не скончыў: з ганка

Лёдзя Гукнула голасна: - Браток!

 

Перапрашаю, што гаворку

Нявінна мушу перарваць:

Цябе заве к сабе ў каморку

Матуля - хоча штось спытаць.

 

 

Купальскія васількі

 

Як хутка ўсё наўкол заціхла:

Дзявочы смех, дзіцячы крык,

Агідны вуркат матацыкла,

Ля нейчай студні корбы скрып...

 

А быў жа час: купальскай ноччу

Не спалі ў вёсцы да зары -

Ганялі ведзьму-патарочу,

Агні палілі на гары,

 

Спявалі песні і скакалі,

Вянкі пускалі на ваду

І кветку-папараць шукалі -

З жыццём і доляй не ў ладу...

 

Нічога з колішняга свята

Не засталося ўжо - няма.

«А раз няма - праблема знята.

Зняла гісторыя сама!»

 

Цытата гэтая ў Сцяпана

Сядзела ў чэрапе, як косць.

«Праблема знята для васпана,

А для мяне - праблема ёсць!

 

Вось - не палілі вогнішч хлопцы,

Вянкоў дзяўчаты не вілі -

Дзень цэлы дзюбалі па стопцы

І, ачмурэўшы, спаць ляглі...»

 

Вячорка, седзячы на лаўцы,

Курыў так прагна, бы ў запас,

І ўжо хацеў было падацца

На вышкі ў пуню - самы раз! -

 

Калі пачуў, што нехта вулкай

Ідзе ад школы ў гэты бок:

Абцасы тахкаюць нягулка

І часта - лёгкі, шпаркі крок.

 

Вячорка ўраз насцеражыўся,

Ператварыўся ўвесь у слых,

Разгледзеў постаць, падхапіўся

І зноў замёр, стаіўшы дых.

 

Яго заўважылі таксама -

І замарудзілі хаду.

«Няўжо яна? Няўжо Мар'яна?

На шчасце мне ці на бяду?»

 

А постаць круць! - і шыбкім крокам

Назад - у морак-цішыню.

- Пастойце! - выгукнуў Вячорка. -

Я ўсё адно вас даганю!..

 

Нібы дзяцюк, рвануўся з месца

Ступой сажнёвай наўздагон.

Яна - стаяла. Дзе ж ёй дзецца,

Калі пазваў не хтось, а ён!

 

- Вы што пусціліся наўцёкі,

Як бы я звер, што з'есць ураз?

І ён пачуў уздых глыбокі:

- Я не чакала ўбачыць вас...

 

Я толькі думала: прайдуся,

Бо спаць не хочацца зусім...

Балючай марай светла-русай

Яна стаяла перад ім.

 

Той сон пакутлівы, што сніўся

І вабіў цягам доўгіх год -

Яму здалося: раптам збыўся,

Зрабіўся явай для яго.

 

- А што - вас мама адпускае

Адну так позна са двара?

- Не, я сама... Яна не знае,

Яна б дазволу не дала...

 

- Дык вось якая вы, Мар'яна! -

Ён адабрэння не ўтаіў. -

Што ж, раз абоім спаць нам рана,

Дык мо і пройдземся ўдваіх?

 

Як, згода? - Згода. - Малайчына!

Які ж маршрут мы абяром?

Яна паціснула плячыма:

- Не знаю... Хораша кругом!..

 

- За вёску, можа, у жытное,

Дзе ціша долы спавіла?

- Ага, за вёску. Так даўно я

У полі ноччу не была!..

 

Вячорка глянуў на кафтанік:

- А не прастудзіцеся - так?

- Ды што вы! Я - з загартаваных.

Мне гэткі холад ані ў знак!

 

- Будзь блаславёна тая сіла,

Што вас прымусіла ўцячы!

Айда шукацьма, дзе згубіла

Зара вячэрняя ключы!

 

А раптам знойдзем? Вы не супраць,

Каб мы знайшлі іх дзесьці тут -

На вашу мілую прысутнасць

Я запісаў бы гэты цуд!

 

- Ключы у возеры ўтанулі,

Іх месяц знойдзе давідна...

А што б вы імі адамкнулі? -

Цяпер спыталася яна.

 

- Я адамкнуў бы імі дзверцы

Той студні ў вотчынным двары,

Адкуль сабе натхненне ў сэрца

Бяруць музыкі й песняры.

 

Я ўжо даўно адтуль не чэрпаў,

Не даставаў жывой вады...

- А без ключоў зары вячэрняй

Вы не дасягнеце туды?

 

- Не, нават нечага і марыць.

Ключы патрэбны мне, ключы!..

Яна задумалася, мабыць, -

Маўчала, побач ідучы.

 

Маўчала ноч. Маўчала неба.

Свяціўся месяца цаўкруг.

Калматай коўдрай бела-срэбнай

Засланы быў прырэчны луг.

 

З лагчыны ўезджаным прасёлкам

Да ўзгорка крочылі яны,

І вось у твар дыхнула цёплым,

Адвечным духам збажыны.

 

І перапёлка ў прывітанне

Ім пракрычала: «Жаць пара!»

Жаданай тайны прадчуванне

Было ім за павадыра.

 

- Скажыце мне, а што павінна

Лічыцца шчасцем у жыцці?

- Па мне - з найлепшаю жанчынай

Вось гэтак поручкі ісці.

 

І знаць: яна цябе кахае,

Як ты яе - усёй душой,

І што за лёс вас ні чакае -

Табе не зробіцца чужой...

 

- І ўсё? - спынілася Мар'яна.

- І ўсё!.. - А творчасць? А тварыць?

- Тварыць - штодзённа, апантана -

Для чалавека значыць - жыць...

 

- А ці не шчасце - поспех, слава,

Прызнанне публікі? - О, не!

Усё, што слава - нецікава.

Ва ўсякім разе - для мяне.

 

- Але яна ў вас ёсць, аднак жа,

І без яе ўжо вы - не вы.

- За гэта час, відаць, адкажа -

Маёй нямнога тут віны...

 

Мар'яна, гладзячы рукою

Па шорсткай грыве каласоў,

Крутнула русай галавою:

- Не, вы віноўнік перш за ўсё.

 

Адной той песні, што ў застоллі

Сягоння спелі дзеля вас, -

Адной яе было б даволі,

Каб не ўскладаць віну на час...

 

Прабачце мне, што я, магчыма,

Бяру занадта смелы тон:

Я вам удзячна, шчыра-шчыра,

За светлы талент ваш і плён!

 

Я вашу музыку звычайна

Па першых гуках пазнаю,

Што нейкай сілай ачышчальнай

Душу ў палон бяруць маю.

 

Пачую раптам, выпадкова -

І ўся, да клетачкі адной,

Замру ад нечага такога,

Што лучыць з вечнасцю самой.

 

І родны кут адразу ўбачу -

У светлых днях жыцця свайго.

Знямею, слухаю і плачу -

Сама не ведаю чаго.

 

Ад шчасця, можа? Ці ад болю?

Ад крыўды той за нас саміх,

Што краю роднаму з любоўю

Не аддаём свой кожны міг?..

 

Мар'яна ўся ажно трымцела,

Уся пылала перад ім.

Не гаварыла - песню пела,

Найсветлы ў свеце пела гімн!..

 

Сцяпан глядзеў зачаравана

У малады прыгожы твар. -

Дык вось якая вы, Мар'яна!

Які вам выпаў божы дар!

 

А я не знаў, што вы такая.

Што вы наогул... недзе ёсць...

Што ў роднай вёсцы напаткае

Мяне нанова... маладосць!

 

Я скалясіў не раз, не двойчы

Удоўж і ўпоперак наш край:

Як часта радасць біла ў вочы -

Глядзі, любуйся, выбірай!

 

І я глядзеў, і любаваўся

Жыцця найпекнаю красой,

А выбіраць - не парываўся:

Зайздросны лёс, але - не мой!..

 

Сцяпан адчуў: сусвету веліч

І міг - зліваюцца ў адно.

Ён быў зусім гатоў паверыць,

Што вось і шчасце, вось яно!

 

- Дазвольце, я вас пацалую, -

Сказаў даверліва, як мог...

Жагнай, жагнай напрапалую,

Калі ты ёсць, купальскі бог!

 

Цямніся, ноч! Світай, світанне!

Ярыся, сонца! Днейся, дзень!

Любві і згоды панаванне

Яднае з веку свет людзей.

 

А розум ставіць спасцярожна

Непераступнае «ледзь-ледзь»...

- Сцяпан Якубавіч... ці можна

Адну вам песню вашу спець?

 

Я - на паўголаса, нягучна...

- Ды калі ласка! Буду рад!

- Даўно са мною неадлучна

Яе высокі, чысты лад...

 

Мар'яна стала строга, сціпла

Перад маўклівай збажыной -

Як перад залай чуйна сціхлай

У ззянні зорнасці начной.

 

«Прыйдзі - як снег на квецень маю,

Прыйдзі - як бура на зямлю, -

Не страшна мне, бо я - кахаю,

Не скрушна мне, бо я - люблю.

 

Я ўсё сцярплю, я ўсё стрываю

І ўсё навек благаслаўлю -

Адно адчуй, як я кахаю,

Адно спазнай, як я люблю.

 

Ці зладжу я з сабой - не знаю,

І аб адным цябе малю:

Не папракай, што я кахаю,

Не праклінай, што я люблю...»

 

Чым шчаслівей Мар'яна пела

(Так - раз пяецца на вяку!) -

Тым больш расла ў яго, мацнела

Трывога: што гэта? адкуль?

 

Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце

Ён напісаў яе... Пазней -

У іншым, новым варыянце -

Пусціў на волю, да людзей.

 

Яе не часта людзі пелі.

Не дзіва: песень - мірыяд!

Цяпер ён слухаў ва ўтрапенні

Забыты першы варыянт!

 

Адна душа на ўсю планету

Калісьці ведала яго!..

Спытаў ледзь чутна:

- Песню гэту...

Перанялі вы... ад каго?

 

- Ад мамы!..

- Значыць, вы, Мар'яна -

Альжбеты Францаўны... дачка?!.

Усё было так нечакана -

Як з неба гром без аблачка.

 

- Дачка!..

На міг сцяло, здавіла

Яму ў грудзях - не прадыхнуць.

- А што вас гэта... так здзівіла?

- Вы... не падобныя нічуць!..

 

Ён знаў, ён помніў, што Альжбета

Ад мужыка пайшла з малой.

Але што кветка-цуд вось гэта -

Яе крывінка?.. Божа мой!

 

Хвіліну цэлую балесна,

Вачэй не зводзячы, глядзеў.

- Дык вось якая наша песня! -

Сказаў працягла, нараспеў.

 

Мар'яна зразу ж улавіла,

Што нешта сталася, але ж -

Ёй так хацелася шчасліва

Абняць увесь прастор-бязмеж!

 

І так паверылася моцна:

Жыццё для шчасця існуе, -

Што усумніцца хоць на момант -

Было б забойчым для яе!..

 

- Світае ўжо... Раса ірдзіцца...

Я пабягу... А вы - пасля.

Са мною разам не ідзіце -

Убачыць можа хто здаля...

 

Сцяпан цяпер адно заўважыў,

Што ноч радзее пакрысе.

- Я... буду помніць словы вашы!

І слухаць песні вашы ўсе!..

 

Ужо адбегшыся далёка,

Яна спынілася, затым

Звярнула ўбок і ўмомант вока

У жыце канула густым.

 

«Там нацянькі, відаць, сцяжына», -

Падумаў ён - і неўпапад:

Мар'яна вынырнула з жыта

І стрымгалоў бяжыць назад.

 

Падбегла - быццам бы з купання:

І нос, і лоб, і валасы,

І дужкі броў - усё дазвання

У срэбных кропельках расы!

 

Расой намоклі чаравічкі,

Спаднічка зрошана з бакоў.

А каля сэрца - невялічкі

Букет купальскіх васількоў!

 

Няйначай цуд прыроды нейкі,

Сатканы з росаў, перад ім.

- Вось, - падала Сцяпану кветкі, -

Аб роднай ніве на ўспамін...

 

- Ты змокла ўся, - сказаў ласкава.

Яна ўсміхнулася: - Дармо!

І засаромлена спытала:

- Вы мне напішаце пісьмо?

 

Хоць два радкі, як болей нельга...

- Хоць два радкі, - кіўнуў Сцяпан.

- Да пабачэння! - і пабегла

У шызы досвітны туман...

 

* * *

 

Альжбета Францаўна паспала

Зусім не шмат - гадзіны дзве.

Пасля гасцей - чамусь абвяла,

І боль азваўся ў галаве.

 

Спачатку думала з Мар'янай

Пагаварыць і ўсё сказаць -

Чаму ёй стала так пагана

Ад жарту Лёдзі: «Чым не зяць?»

 

Адкрыцца ўвогуле начыста:

Чым столькі год яна жыла -

Якой пакутаю цямрыстай,

Якой іскрынкаю святла!

 

Але адчула, што не зможа -

Душа зайшлася палыном.

Аддасць хай трохі... Легла ў ложак

І знемаглася цяжкім сном.

 

Што ёй прыснілася - не помніць,

Але прачнулася яна,

Адчуўшы страх, якраз у поўнач,

Пры пасках месяца з акна.

 

«Мар'яна!» - рэзкі боль нясцерпны

Апёк раптоўна, як агнём.

Яна ўсхапілася з пасцелі

І - за пярэгарадзь кулём.

 

Убегла, шырму адхінула -

І дых Альжбеце заняло,

Здавіла так - аж пахіснула:

Мар'яны ў ложку не было!..

 

- Мар'яна! - клікнула. - Мар'яна! -

І зразумела, што дарма:

Пасцель была не рассцілана.

Дачкі няма! Яе няма!..

 

Душу здагадка апаліла:

«Мар'яна з ім! Канешне - з ім!»

І, страшна ўсхліпнуўшы, завыла

Альжбета ў цераме сваім.

 

Яна не плакала - канала,

Слязьмі давілася ўзахліп

І рукі роспачна ламала

Перад бяздушным ззяннем шыб.

 

Няўцямна выйшла на падворак,

Да весніц моўчкі падышла.

«Маё ж дзіця мне будзе вораг -

Вось да чаго я дажыла...»

 

Світала. Шызы морак плыўкі

Сплываў у закуткі на дзень.

У скроні білі дум абрыўкі:

«Усё... Ніякіх больш надзей...

 

Нічога больш... Надзей, уласна,

І не было... А што ж было?

А што ж раптоўна так пагасла,

Суздром рассыпаўшыся ў тло?

 

Магчыма, памяць, што трымала

Душу на нітачцы жывой?

Цяпер і памяць не стрывала -

Ён нават там ужо не твой...»

 

Ды вось пачуўся быццам шорах.

У сэрцы тахнула: «Яна!»

Ну, так: сцяжынкай на падворак

Яе дачка ішла з гумна.

 

Але ішла Мар'яна дзіўна -

Як бы гуляючы з сабой:

То рукі белыя карцінна

Счапляла ўшчэп над галавой,

 

То нагіналася, зрывала

Травінку, можа, ці лісток,

Да губ прыклаўшы, цалавала

І адкідала тут жа ўбок...

 

Альжбету згледзеўшы ля ганку,

Яна апомнілася ўміг:

«Ой, будзе мне за прагулянку!

Ой, мама, што ў вачах тваіх!..»

 

Акамянелы, пастарэлы,

Якісь нядобры і чужы

Быў матчын твар, нязвыкла белы

У дня і ночы на мяжы.

 

- Ты з кім бадзялася, бадзяга?

- Не трэба, мамачка, пасля...

Альжбеце раптам стала блага:

Спаднічка зрошаная ўся.

 

- Ты на яго забудзь адразу ж! -

Сказала тонам ледзяным. -

І калі ўздумаеш пра замуж -

То знай: з любым - але не з ім!..

 

Мар'яна войкнула, замёрла,

Губу падціснула губой

І моўчкі, горда, непакорна

Глядзела ўдаль перад сабой.

 

Але не бачыла нічога

Праз слёз гарачую імглу,

Апроч усмешкі засмучонай

Ягоных воч, ягоных губ...

 

А потым кінулася ў хату,

Упала ніцма на пасцель

І доўга трэслася ад плачу -

Ад чорных дум між белых сцен.

 

* * *

 

Ці быў хоць дзень адзін, Вячорка,

А ці была хоць ноч адна,

Каб у самотнасці агорклай

Цябе не ўспомніла яна?

 

Каб не падумала парою:

Хоць дзесь на тысячнай вярсце,

Хоць за апошняю гарою -

А лёс усё-такі звядзе!..

 

І звёў... «Прыслухаўся», нарэшце,

Да крыку змучанай душы -

І звёў... Узрадуйся, уцешся

І «дзякуй» шчырае скажы.

 

Лёс абышоўся больш чым злосна.

Ударыў так, што не стрываць.

Свая ж дачка... Пакуль не позна -

Іх стрэчы трэба абарваць!..

 

Яе вяло на двор знаёмы

Зусім не злосці пачуццё -

Сляпая роспач, страх няўёмны:

Куды ж крутнулася жыццё?

 

Як лёс прыдумаць мог такое,

Што, нібы торбу ў жабрака,

Усё ў яе найдарагое

Адыме родная дачка?

 

Што раптам згасне гэткім чынам

Апошні променьчык надзей...

І дзе пакут яе прычына -

Не волен знаць ніхто з людзей.

 

Крый бог, каб ён або Мар'яна

Штось западозрылі... Каб ён...

Ён, для якога заарана

Сцяжынка ў край юнацкіх дзён.

 

Ён, для каго Кудзёлка Аля -

Як фільм, што колісь перажыў.

Забыта так, што ў ноч купалля

Яе дачку прываражыў!

 

У гэткім роспачным настроі

Яна ішла прасіць яго,

Каб ён пакінуў у спакоі

Мар'яну - толькі і ўсяго.

 

Каб ён знайшоў прыдатны спосаб

І даў дзяўчыне зразумець:

Пасля купальскай ночы ў росах

Патрэбна ёй працверазець...

 

Альжбета Францаўна застала

Вячорку ў хаце. Штось чытаў

І быў уражаны нямала

Яе прыходам: не чакаў.

 

Ці мо адразу першы позірк

Усё сказаў яму? Бадай...

- Ну, што спынілася ў парозе?

Праходзь далей, прашу: сядай!

 

Падаў ёй крэсла. Госця села

І, склаўшы рукі ў падале,

Глядзела моўчкі, анямела

На кветкі ў шклянцы, на стале.

 

На васількі, што колісь звыкла

Душу ўздымалі над зямлёй,

Што як прысуд, як лёсу выклік

Цяпер стаялі перад ёй...

 

- Сцяпан Якубавіч, хачу я

Табе бяду сваю адкрыць.

Няхай душа твая пачуе,

Як мне нялёгка гаварыць.

 

Яна - зялепуха, дурная,

Хоць у яе ўжо і дыплом.

Людскога зла яна не знае,

Узросшы ў маці пад крылом...

 

- Ты пра каго? - Я пра Мар'яну.

Яна з табой была ўначы.

Ты даў ёй выпіць дурнап'яну,

І ты мне мусіш памагчы...

 

- Ах, вось пра што ты! - усміхнуўся

Вачыма сумнымі Сцяпан.

Устаў. Цыгаркай зацягнуўся.

- Ты лічыш: гэта - дурнап'ян?

 

- Так, гэта проста ачмурэнне,

Яна ж уся - як не свая.

Прабач, ты робіш вельмі дрэнна:

Усё ж старэйшы ты ўдвая.

 

Ты шчасця мець замала будзеш -

Як не апомнішся, павер!

Адно жыццё ёй збаламуціш

Ды, дзякуй, мне ўкароціш век...

 

Не знаў Сцяпан, якая драма

Якім агнём у ёй смыліць,

Што ў ёй дасюль той май, як рана,

І крываточыць, і баліць.

 

Што ўчора, першая ж хвіліна,

Калі спаткаліся яны,

Яшчэ выразней праявіла

Далёкі вобраз той вясны...

 

Не знаў ён гэтага, ды бачыў:

Усё ў ёй стала на дыбы!

Сказаў: - Дарэмна вінаваціш:

Не прынясу я вам бяды.

 

Сказаў спакойна, у астудзе,

Удзячны лёсу, што сцярог.

І паўтарыў: - Бяды не будзе.

А шчасце... Шчасця - дай вам бог!..

 

- Бяда ўжо ёсць! - Альжбета рэзка

Згарнула пальцы ў кулачкі

І апантана ўстала з крэсла:

- Сцяпан, не руш маёй дачкі!

 

Знайдзі да нас у сэрцы літасць -

Як брата роднага, прашу!

Малю найшчыраю малітвай:

Не даканай маю душу!

 

Даруй! Ты быў мой бог, мой віцязь -

Дык не пазбаў мяне жыцця:

Не дай, не дай мне ўзненавідзець

Маё адзінае дзіця!

 

Калі ж, не ўстыджаны ўчарашнім,

Яе ты ўцягнеш у капкан -

Праклёнам маці самым страшным

Я пракляну цябе, Сцяпан!..

 

Узрушна выпаліўшы гэта,

Запалымнела, як агонь,

І - за парог. - Чакай, Альжбета! -

Гукнуў Вячорка наўздагон.

 

Але яна, хоць і пачула,

Не запынілася ў дзвярах,

Паўз вокны ценем мільганула

І ў вулку выбегла з двара.

 

Сцяпан стаяў, маўчаў паніклы,

Зацяўшы нерваў вузлякі.

А на стале - як лёсу выклік -

Сінелі кветкі-васількі.

 

 

Адступленне шостае - педагапчнае

 

Хлеб... Чорны, белы, шэры, сітны.

З чарэні хлеб і фармавы.

Хлеб - мой і твой, яго і ўсіхны.

Ні для каго - не дармавы.

 

Хлеб... Аржаны, аўсяны, ячны,

З дамешкам бульбы і з гірсой.

Хлеб... Толькі смачны, вечна смачны -

Калі зароблены і свой.

 

Хлеб кмінны, з рошчынай-закваскай,

І - прэсны, пышны, на дражджах.

Самой зямлі цяплом і ласкай

П'яніць ягоны водар-пах.

 

Хлеб - у дзяжы і на лапаце,

На подзе ў печы, на стале.

І на далонях шчаснай маці,

Што дзецям лусты раздае.

 

Хлеб... Не за свой загар румяны,

А за святло, што ў душы нёс,

У песнях з сонцам ён зраўняны,

Як цар зямлі - з царом нябёс.

 

О, як ён клаўся, свежы бохан,

На бел абрус ці на рушнік!

І пры размове нават з богам

Так не свяціўся працаўнік.

 

Хлеб... Хай пляткараць у пляткарні,

А я скажу: ніякі дух,

Як той, што ўночы тхне з пякарні,

Ва мне не родзіць столькі дум.

 

І так не будзіць успаміны

Пра перажытае калісь,

Што і да самай дамавіны

На дне душы не адбаліць.

 

Хлеб... Пайка ўвелічкі з васьмушку -

На восем душ, на цэлы дзень, -

І ні прыварку, ні прытруску

Ані на грам - ні скуль-нідзе!

 

Хлеб... Як збавенне ў хату несла

Вясна ажымкі-праснакі -

З гнілое бульбы перамерзлай

І травяной трухі-мукі...

 

Хлеб... Чуў салдат бяссмерця прысмак,

Калі з кішэні шыняля

Вымаў усохлы недагрызак

Скарынкі - чорнай, як зямля...

 

Вось гэткі быў ён - наш салодкі

Надзённы хлеб у грозны час.

І з ім мы выстаялі ўсё-ткі -

Каб нашай волі сцяг не згас!

 

За Перамогу ваявала

І тая скібка, што ў сірот

Ад рота маці адрывала,

Каб не аслаб без хлеба фронт.

 

Было - такое - на планеце!

І не віна тут мацярок,

Што сёння іх нашчадкаў дзеці

Не ўсюды помняць гэты ўрок.

 

Што нехта гібла-раўнадушны,

Хто зерня з роду не ласкаў,

Ад сытай роскашы аглухшы,

Не чуе хлеба горкіх скарг:

 

Таго, что ў полі ад знямогі

На дол цярушыцца, на дол -

Дажджу асенняму пад ногі,

А не на бел абрус, на стол;

 

Таго, што ўжо і на абрусе

Пакрасаваўся, а цяпер -

Ляжыць на сметніку, у брудзе,

І мохам-плесняю цвіце...

 

О, хлеб наш, хлеб! Хоць і няўдзячны,

Нярупны множыцца ядок -

Заўжды жаданы, вечна смачны

На свеце будзе твой кусок.

 

І аж дакуль Зямлі зялёнай

Трымцець на лёсу цеціве -

Найпершым клопатам надзённым

Тут будзе клопат пра цябе.

 

* * *

 

Даруй, чытач, што азадачыў:

Ты па радках маіх прабег,

А педагогікі - не ўбачыў:

Усё - пра хлеб, адно пра хлеб...

 

Ну, так, пра хлеб... Але дакорам

Ты не спяшы мяне пырнуць,

А паспрабуй углыб, у корань

Навукі школьнай зазірнуць.

 

Ці не даволі верыць слепа

Той педагогіцы, браток,

Што пачынаецца не з хлеба,

Не з мазаля бярэ выток?

 

Мо годзе фікцый і абстракцый?

Без працы - школе грош цана!

Каб чалавек душы не страціў -

Ёсць педагогіка адна:

 

Вучыць любові і пашане

Да хлеба труднага ў жыцці.

А мы? Што славім? Што ўзвышаем?

Пра што пяём, бы ў забыцці?

 

Каму спрыяем і наровім?

Каго гадуем? Спажыўцоў?

А як жа хлеба ім наробім

Мы - без аратых і жняцоў?

 

Ты за экранам сочыш зрэдку?

Прызнайся: згледзеў там хоць раз,

Як дзеці ў полі рвуць свірэпку

Ці гоняць статак на папас?

 

Не згледзеў, брат! Затое з рання

І аж да вечара - штодзень

Ты можаш бачыць на экране

Маленькіх скачучых людзей.

 

Пяюць і скачуць - усе чыста!

Такое ўражанне парой -

Што нам мільёнаў сем артыстаў

Паставіць сёння ж трэба ў строй!

 

Я разумею, разумею -

Уздым культуры, рост патрэб...

Але... з іх кожны мае жменю -

І жменя цягнецца па хлеб!

 

Без хлеба скачацца не надта!

А хлеб буханкай не расце:

О, колькі трэба, каб з зярнятка

Падняўся колас у расе!

 

Так патрабуе ўжо ў калысцы

Дагляду мудрага дзіця,

Каб у жыццё аратым выйсці,

А не нахлебнікам жыцця!

 

 

Вечар у полі

 

Да працы прагны, дуж і спрыцен,

Сягоння зноў апошні круг

Тамаш зрабіў амаль упрыцем,

Калі ўжо дзень даўно патух.

 

Матор прывычна заглушыўшы,

Саскочыў долу, на пракос, -

Глядзіць: Сцяпан шыбуе шыбка

Па канюшынішчы наўскос.

 

- Сілком забраць цябе хачу я, -

Сказаў з усмешкай уваччу.

- Не бойся: тут не заначую -

Вячэры я, брат, не ўпушчу.

 

Дамоў ішлі - спачатку «сценкай»

Між двух палеткаў, а затым -

Цераз бярэзнік, вогкай сцежкай,

Праз роў з альшэўнікам густым.

 

- Вось тут, ты помніш, з-пад узроўя

Крынічкі білі - побач дзве.

Вада была - залог здароўя!

Глынеш - святлее ў галаве!

 

Няма ўжо іх... Ва ўсім наўколлі -

Нідзе няма ўжо ні адной.

Кароў і тых пастух у полі

З карыта поіць - прывазной!

 

Ну, растлумач мне, калі ласка,

Ты ўсё ж вучоны, чорт вазьмі:

Як выйшла гэткая няўвязка

Паміж прыродай і людзьмі?

 

Бяром выдатныя ўраджаі,

Жывём - дай божа! Грэх маніць.

А тых крынічак - не хапае,

І іх нічым не замяніць.

 

Бывае, млееш у кабіне

Ад духаты, гарачыні -

І забулькоча ва ўспаміне

Струмень крыштальнай чысціні.

 

З якою радасцю прыпаў бы

Да ручайка - зрабіць глыток!

Як смачна твар апаласкаў бы!

Як адышла б душа, браток!

 

Ды іх няма!.. Без іх жа дару

Не тыя ўжо лажкі, раўкі,

І ўвесь куток, дзе гаспадару,

Якісь для сэрца не такі!

 

А ці ж я тут ару і сею

Без сэрца? Робат я хіба?

Усё, здаецца, разумею,

А вось... грызе парой журба.

 

- Прывыкнеш, брат... Пытанне часу.

Сяло не будзе без вады.

Не ўсё ільга зрабіць адразу -

На штось спатрэбяцца гады.

 

Ты сам, паколькі ты не робат,

Праб'еш тут колькі свідравін,

Калонак з помпамі наробіш -

І свой заглушыш успамін.

 

- Наўрад ці я калі прывыкну!

От дзеці, - дзеці - іншы сказ.

Іх не паілі мы крынічнай

Жывой вадой - як колісь нас.

 

Ім прывыкаць і непатрэбна

Да перайначанай зямлі:

Усё, што добра тут ці дрэнна,

Яны з калыскі прынялі.

 

Яны не ведаюць, напрыклад,

Што значыць летняю парой -

У самы сквар, у самы прыпар -

Крынічка ў полі пад гарой.

 

Але аднойчы ўбачаць дзесьці -

Уцямяць, што гэта за цуд, -

І ў горкай крыўдзе нашы дзеці

Нам страшны вынесуць прысуд.

 

«Чаму, за што вы нас, спытаюць,

Такіх пазбавілі даброт?..»

Бацькі дзяцей не абкрадаюць -

Спакон было так, з роду ў род!

 

А свідравіны... свідравіны -

Мы робім іх ужо даўно.

Прыедуць хлопцы-здаравілы -

І ў пекле, брат, дастануць дно!..

 

Сцяпан любіў гаворку брата -

За вастрыню, дасціпнасць, соль;

Хоць груба скажа - але трапна,

Хоць рэзкі выраз - але свой.

 

Пасля хадульных, посных, плоскіх

Клішэ, што ў коле чуў сваім, -

Ён слухаў мову роднай вёскі,

Як райскі спеў, як боскі гімн.

 

І сам вяртаўся непрыкметна

Душой ва ўлонне хараства,

Што тут жыве спакон, спрадвечна,

Як лес, як дрэвы, як трава...

 

- У нас тут лектар быў тым летам -

Паважны муж, не са шпаны,

І ўвесь такі інтэлігентны -

Ажно трашчаць на ім штаны.

 

Я і яму сказаў: «Шаноўны,

Мы губім шмат зямных дароў!»

Згадзіўся. Кажа: «Безумоўна,

Вада ў зямлі - што ў жылах кроў.

 

Мы даражыць ёй мусім вельмі.

Ды ёсць, няможна забываць,

Звышактуальныя праблемы:

Пра моц дзяржавы трэба дбаць!

 

Калі мы мір не забяспечым,

Не зможам гібель запыніць -

Дык будзе некаму і ў нечым

Ні папракаць нас, ні вініць...»

 

Я доўга думаў - я ж маруда! -

Над тым, што лектар адказаў,

І - ад цябе таіць не буду -

Канцы з канцамі не звязаў.

 

Такой трывожнаю часінай,

Назло шалёнаму звяр'ю -

Для справы міру трэба ўсім нам

Яшчэ мацней любіць зямлю!

 

Любіць зямлю! І не наогул,

А - гэту! Нашу! Дзе жывём!

Во з гэтым полем, з гэтым логам,

З касьбою гэтай і жнівом!..

 

Сцяпан зірнуў с цяплом на брата

І за плячо абняў рукой.

- А што ты ўспыхнуў гэтак раптам?

Я ж не спрачаюся з табой!

 

- Дык паспрачайся! Я - саўгасны

Рабочы, я - не дыпламат,

І мне патрэбен цалкам ясны

На справу гэтую пагляд.

 

Таму і ўспыхваю, што бачу:

Сяму-таму між нас з рукі -

На звышпраблему, звышзадачу

Валіць уласныя грахі.

 

Сваё нядбальства ды паскудства

Напругай часу апраўдаць -

Усё адно, маўляў, для людства

Дарогі ў заўтра не відаць.

 

Калі ўвесь свет, уся планета,

Маўляў, вісіць на валаску, -

Якая можа вабіць мэта -

Няўцямна толькі прастаку.

 

І вось, ад будучыні вольны,

Сабе гаворыць спажывец:

Усё вазьмі, што ўзяць ты здольны -

Бо заўтра можа быць канец!

 

А я лічу: у небяспечны

І трудны час - наадварот:

Стакроць мацней павінен сведчыць

Свой гарт і вытрымку народ.

 

То слабы духам недавярак

Адно і думае штодня -

Каб як паболей зжэрці скварак

Ды болей выжлукціць віна.

 

Хто гэтак чуецца сягоння,

Той - панікёр і дэзерцір, -

Хто толькі ў горла цягне-горне,

Пакуль пад ім не рухнуў мір.

 

А мы... Хіба мы з племя кволых?

Нам - страціць веру ў лёс зямлі?

Тады - чаму ж мы ў гэтых долах

Крынічкі-рэчачкі звялі?..

 

Тамаш замоўк... «Але й зацяты!» -

Падумаў з гонарам Сцяпан.

- Глыбока плужыш ты, чарцяка!

Хоць пасылай цябе ў ААН!

 

А што? Свайго ты роду-племя

Не пасаромеў бы, браток.

Душой і сэрцам у праблеме.

Глядзіш і ўдалеч і ў выток!..

 

Сцяпан быў рад такому шанцу

Пабыць сам-насам з Тамашом,

І не хацеў зусім спяшацца,

І шкадаваў, што блізка дом.

 

- Жартуй... А я сачу і знаю,

Куды пасоўваецца свет:

Я ўсю палітыку чытаю, -

У нашай хаце - пяць газет!

 

Ну, праўда, дзве - не для дарослых,

А для маіх «тамашанят».

І па вясковых тэмах розных,

Што тычыць нас, чытаю шмат.

 

Нядаўна хтось пісаў талковы,

Што сотні тысяч тон у год

Жывога хлеба са сталовых

Ідзе ў адход - ляціць за плот.

 

Не кілаграм, не пуд, не цэнтнер,

Не тона нават і не дзве,

А сотні тысяч тон! На вецер!

Таго дабра, чым свет жыве!

 

Як прачытаў - такая крыўда

Мне сцяла сэрца між рабёр,

Што асушыў адзін паўлітра

І плакаў моўчкі, як бабёр!

 

Рашыў: да д'ябла сівер зольны!

Да д'ябла трактар і плугі,

Калі мой труд, мой плён мазольны

Такі людзям не дарагі!

 

На сметнік - хлеб! Духмяны! Смачны!

І гэта ў нас, дзе сам народ -

І гаспадар, і распарадчык

Усіх багаццяў і даброт!

 

А дзе прычына? Ты - не знаеш?

Ну, а хто-небудзь знае ўсё ж?

А можа, ў тым, што ты купляеш

Бясцэнны скарб за дробны грош?

 

Закону вартасці, здаецца,

Нікому нельга парушаць.

Ну, а другое - дармаедства:

І з ім штось трэба вырашаць!

 

Тут, дзе ад веку не хадзілі

Дзяды без чорных мазалёў, -

Мы тымчасове напладзілі

Нямала трутняў-гультаёў.

 

Ад дармаедства ўся распуста:

Нішто душу не губіць так,

Як незаробленая луста,

Якою сыціцца лайдак.

 

Яшчэ на бацькавым, паршывец,

А ўжо такі кіндзюк нясе

І так нахабна ўжо фальшывіць -

Што бог сам рукі атрасе!

 

Мужыцкі сын - ці ж не пагана! -

Не хоча працы чорнай знаць:

Пачаў, ці бач, хварэць на пана!

Узяўся панства спаганяць!

 

Бяжыць туды, дзе ўтульна, чыста, -

Хоць за падсобка, за слугу...

А я, брат, поля адракчыся

Ужо да смерці не змагу.

 

Навек прырос да ніў зялёных,

Да шэпту жытніх каласоў,

Да чысціні блакітнай лёну,

Да суму светлага аўсоў.

 

Без іх мяне зламала б скруха

Так, што не даўся б і лячыць...

Пастой хвіліначку, паслухай,

Як жыта хораша маўчыць!..

 

Браты спыніліся. Над полем

Плыла, гусцела цішыня.

Духмяным дышучы настоем,

Пацела нанач збажына.

 

Яна маўчала, ды не спала, -

У працы ўся была наўсцяж:

Астаткі клёку дабірала...

- Ну, зразумеў? - спытаў Тамаш.

 

- А ўранку, раненька, як толькі

Заззяюць росы ў далавах

Ды промняў рынуцца патокі, -

Які тут льецца водар-пах!

 

А я, нібы па абавязку,

Спынюся, далеч азірну

І - разы два ці тры ўзацяжку

На грудзі поўныя ўдыхну.

 

І пах, і сонца, і прастору -

Усё ўдыхну, вазьму ў сябе...

Куды ж я з гэткага прастолу

Сыду - у сонечным сяйве?..

 

Тамаш гарэзна, па-хлапечы,

Хітнуў кудлатай галавой.

- І не сыходзь! Адзіны вечны

Прастол на свеце - гэты, твой!

 

І ты - адзіны тут сапраўдны

І валадар, і гаспадар.

Палац твой - слаўны, трон твой - спраўны,

Карона - свеціцца, як жар!..

 

Над жытам жаўранак успырхнуў,

Штось шчабятнуў, бы ў сне, і знік.

Сцяпан згадаў павер'е-прымху:

«Нядобра - ноччу птушкі крык...»

 

- Тамаш, - апомніўся ён нібы, -

Па-мойму, тут, дзе мы стаім -

Была дарога на Сялібы?

Якраз ля гэтых во хваін?..

 

- Была... І добрая дарржка!

- А ездзяць як туды? Наўкруг?

- Ніяк не ездзяць. А навошта?

Ад тых Сяліб сышоў і дух.

 

Сяліб даўно нямо ўжо, браце.

Хто маладзейшы быў, - сюды,

У цэнтр саўгаса, перабраўся,

А хто стары быў, - на клады.

 

За ўсіх даўжэй сядзела пара

Бабуль - да смерці не сышлі.

Я знаў іх: Стэпка і Барбара,

Абедзве п'янічкі былі.

 

Адна ў адной віно цадзілі

І пелі песню за сталом:

«У крапіве нас нарадзілі,

У крапіве мы і памром!»

 

Нібыта самі песню склалі,

Бо іх падворкі сапраўды

Так крапівой пазарасталі,

Што не прайсці было туды...

 

- Тамаш, на ўсё глядзець нязвыкла,

Што легла ў прах, што зарасло.

Але, калі дарога знікла -

Страшней, здаецца мне, за ўсё...

 

Давай прысядзем, брат, на крушні.

Бог з ёй, з вячэрай, - не ўцячэ.

Паглянь: як тая печ у сушні -

Каменні цёплыя яшчэ...

 

Дарога... Колькі я з дзяцінства

Папахадзіў калісь па ёй!..

Яна - жыцця майго часцінка,

Душы зародачак маёй.

 

Я помню ўсю яе на памяць -

Дзе грунт быў цупкі, дзе пясок,

І кожны куст, і кожны камень,

І той бярвенчаты масток...

 

Дарога ў гульні і забавы,

Што бегла з кошыкам маім,

Уся прапахлая грыбамі,

Духмяным водарам малін...

 

Дарога ў колкіх ранніх росах -

Іх топча босы пастушок,

І вяжа венікі з бярозак,

І грае весела ў ражок...

 

Дарога песень вечаровых -

Між дзвюх купальскіх зараніц,

І самых першых, хлапчуковых,

Маіх да скону, таямніц...

 

Усё адрэзана навечна -

Так, каб і следу не знайсці,

Каб зразумеў, што недарэчна

За летуценнямі ісці.

 

Каб не падумаў азірнуцца

Ды не ўнушыў сабе назло,

Што можна ў май жыцця вярнуцца,

Як у знаёмае сяло...

 

- Вось гэта правільна, я згодзен:

Не варта марыць зноў пра май.

А калі так - журыцца годзе,

І ты па даўнім не ўздыхай.

 

Табе, па-мойму, аж занадта

Хапае сённяшніх турбот -

І праз адкрыты свой характар,

І ад людскіх непамыслот.

 

Чыталі з Анцяй мы, канешне

(А маме я не паказаў),

Што пра твае рамансы й песні

Шпачынскі гэны накілзаў.

 

Мы за цябе перажывалі.

Пісанне тое так і сяк

Па сказу ўсё перажавалі:

Басяк ён, братачка, басяк!

 

- Не ён галоўны ў подлым спісе:

Яго рукой вадзіў другі.

А сам Шпачынскі... каб не спіўся,

І крытык быў бы не благі.

 

Ён пачынаў даволі храбра,

На жаль - далёка не пайшоў,

І на сягоння - лепшы сябра

Усіх сталічных алкашоў.

 

Прыходзіў потым - ледзь не плакаў,

Прасіў прабачыць... Выгнаў вон:

Мне завугольных патулякаў

Прымаць з павіннай не рэзон.

 

Хто дыктаваў яму - не прыйдзе

Перапрасіць за тую муць.

О, гэта страшны, хітры злыдзень!

Іосіф Бэнсь яго завуць.

 

Мы з ім вучыліся калісьці,

Быў аднакурснікам маім.

У творцы сам не здолеў выйсці -

Рашыў мазгі ўпраўляць другім.

 

Стаў тэарэтыкам мастацтва

І ў кнігах хітра, неўпрыкмет

Нам раіць з вотчынай расстацца,

Каб пакарыць вялікі свет.

 

Маўляў, касмічная арбіта

Не прыме нашы «караблі»,

Бо надта ярка ў іх адбіта

Аблічча роднае зямлі.

 

Куды ён хіліць - зразумела.

Ён сам ляцеў бы ўжо даўно

Па той арбіце безыменнай, -

Вось толькі крылаў не дано!

 

А твор павінен мець адзнаку

Сваёй зямлі, - інакш ён, брат,

Такі ж без водару, без смаку,

Як з гідрапонікі тамат.

 

Мы не бязродныя на свеце

І не бяздомныя ў жыцці.

Чым дагарэць у пустацвеце -

Лепш не ўзысці і не цвісці!

 

Вось так аднойчы я і ўрэзаў,

Калі на пленуме ён чоўп,

Што мы, не цэнячы прагрэсу,

Праз гэта трацім слухачоў.

 

На павадку ісці мне раіць

У снобаў. К чорту гэты зброд!

Мяне не публіка цікавіць,

Мяне цікавіць мой народ.

 

А ён - штось іншае, васпане,

Ён - нешта большае нашмат.

Ён падрабляць пад вас не стане

Ні густ, ні нораў, ні пагляд...

 

- А што, той Бэнсь - такі ўплывовы?

- Ён ходзіць капаць на мазгі

Усім, каму не даспадобы

Я за характар свой «благі».

 

Маўчаць не ўмею, прытварацца,

Стаяць навыцяжку «ва фрунт»,

Легальнай формай казнакрадства

Аздараўляць свой базіс-грунт;

 

Вясёлым быць, дзе трэба плакаць,

Лавіць ківок, паклоны гнуць,

Па нейчых тэзісах гагакаць,

На сальны досціп рагатнуць...

 

Сваім жыццём я замінаю

Такім, як ён, спакойна жыць.

Бянтэжу іх. Напамінаю

Аб тым, што хочацца забыць.

 

Што нельга з прагнасцю звярынай

Хапаць наўзахап барышы.

Што чалавек ўсё ж павінен

Баяцца нечага ў душы...

 

Гадаюць: «Што яму патрэбна?

Відаць, да славы рвецца ўвесь...»

А мне і слава - пыл патрэп'я,

Удушны пыл, што вочы есць.

 

Што значыць - слава?

Колькасць цэшак? Эфір? Экраны? Тыражы?

Якая слава можа ўцешыць,

Калі ты сэрцам - на крыжы?

 

У славу рвуцца жываглоты,

А да таго, баліць каму,

Яна пасля прыходзіць, потым,

Як да Максіма, што ў Крыму...

 

Яны не могуць разабрацца,

Чаго хачу, што трэба мне?

Зусім не шмат: любові брацкай!

Сяброў - што здрада не кране!..

 

Прабач - за гэтую прамову.

Расспавядаўся, бы ў царкве...

Тамаш маўчаў. Глядзеў, як з рову

Сівы туман да іх плыве;

 

Як подых ночы ледзьве-ледзьве

На вольхах кратае лісты,

Як абярнуліся ў мядзведзяў

Ядлоўцу цёмныя кусты...

 

- Не знаю, як наконт сяброўства,

А што датычыць... тут сказаць

Я мушу коратка і проста:

Пара з кім-небудзь лёс звязаць!

 

Таму й не ведаеш адхлання,

Што адзінокі ты, браток.

Няма пры боку мілавання -

Разблытаць дум тваіх маток.

 

Ніхто не зможа быць у скрусе

Такім апірышчам табе,

Як жонка верная... Баюся,

Каб не зачахнуў ты ў журбе.

 

Табе б з настаўніцаю нашай,

Альжбетай Францаўнай, у шлюб.

Была б - ні з кім не параўнаўшы -

Сям'я! І ты ёй быў бы люб!..

 

- Тамаш! Я думаў, ты параіш

Каго з няшчыпаных дзяўчат...

Я ж не стары яшчэ таварыш!

Мне б і каляску пакачаць...

 

- Э, не-е, брат! Гэткай - не параю.

Нашто - зялепуха, сырэц?

Ты хочаш мець без конца-краю

Турбот - і ў рэўнасці старэць?..

 

А вось яна - жанчына-дзіва!

Такія - рэдкасць на вяку.

Яна б табе і нарадзіла -

Яна ж уся яшчэ ў саку!

 

Што трэба бабка: ў самым леце,

У блаславёнай той пары,

Калі ўспрымаюцца найлепей

Усе жаноцкія дары!

 

Адно што будзе трудна досыць -

Як кажуць, клінам выбіць клін:

Жанчына гэта ў сэрцы носіць

Якісьці сонечны ўспамін.

 

Яна крыху сябруе з Анцяй

І ёй душу адкрыла нейк:

Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце

Так пакахала - што навек.

 

Пасля там здарылася нешта -

І хлопца страціла яна.

Сказала Анці: «Ну, канешна ж,

Была дурной: мая віна!..»

 

Дванаццаць год ужо ў разводзе.

Уночы - плача, днём - пяе.

І ні адзін яшчэ, ніводзін

Не дакрануўся да яе!..

 

- Так і сказала Антуніне?

- А што? Дзівіцца тут не след:

Жанчына можа, брат, жанчыне

І болей выдаць «пад сакрэт»...

 

Сцяпан устаў - аж камень з крушні

Скаціўся, грукнуўшы ўначы.

- Хадзем! - сказаў. - Тут морак душны.

І - просьба: трошку памаўчы...

 

«Няўжо я ляпнуў штось не тое? -

Сумеўся здзіўлены Тамаш. -

Ах, поле роднае, жытное,

Хоць ты самотніка разваж!..»

 

 

Бяссонне

 

Пасля запозненай вячэры -

З фінальным кубкам малака -

Антось якіясьці паперы

Дастаў з кішэні пінжака.

 

Зірнуў на маці ў хваляванні,

На Антуніну, на братоў, -

Сказаў: - Прашу хвіліну ўвагі:

Сюрпрыз для вас напагатоў.

 

Вось гэты сшытак без абгорткі -

Нам з вамі продкаў запавет:

«Тэстамент Тодара Вячоркі» -

Як сам назваў запіскі дзед.

 

Адзін мой сябар выпадкова

Яго ў архіве адкапаў.

На жаль, збярогся ён часткова:

Пачатак недзе запрапаў.

 

Але й па тым, што ацалела,

Убачыш - толькі зазірні, -

Як дзеду Тодару балела

За лёс народа і зямлі.

 

Вясковы, бедны і бяспраўны

Настаўнік школы прыхадской,

Ён прагнуў вольнасці і праўды,

Тужыў па шчырасці людской.

 

На царскай катарзе ў Сібіры

Ні маразы, ні шампалы

У ім надзеі не забілі -

Народ свой вывесці з імглы.

 

То ж там пісаў ён свой «Тэстамент» -

У змрочных шахтах рудніка.

Які - пачуйце - тэмперамент

Ірвецца з кожнага радка!

 

«Народ сябе пазнаць павінен!

Народ - не зборышча, не гурт.

Ён мусіць мець - інакш загіне! -

Усведамлення цвёрды грунт.

 

Калі ён сам сябе ўсвядоміў,

Сваю гісторыю,

свой лёс,

Свае правы ва ўласным доме, -

Тады - народ, тады - ён ёсць.

 

Тады не страшныя і здрайцы,

Што дзеля славы і выгод -

Адно ім лейцы ў рукі дайце -

Гатовы плюндрыць свой народ.

 

Сатрапы кормяць адшчапенцаў,

Каб нам даводзілі, што мы

Не маем права спадкаемцаў

Ані на што - апроч турмы!

 

Сатрапы знаюць і шалопяць,

Што на шляхах дабра і зла

У нас не толькі гразь ды копаць -

У нас Гісторыя была!

 

Што пачаліся мы не ўчора -

Наш род, культура, мова, быт, -

Як цвердзяць з пыхаю вучонай

Парфіраносныя ілбы.

 

Лакейства плодзячы са смакам,

Яны не знаюць аднаго:

Хто хлеб дае чужым сабакам -

Свае забрэшуць на таго!

 

«Ты - без крыжа! Богаадступнік!» -

Крычыць пагромшчык-крывасос.

Так, я не веру ў крыж пакутны.

Я сам - распяты, як Хрыстос.

 

Не я - ты, бог, вялікі грэшнік:

Ты адступіўся ад мяне

І ад маіх братоў няўцешных,

Што мруць у роднай старане.

 

Якой жа моваю, скажы мне,

Мы будзем гутарыць з табой?

Я - не валодаю чужымі,

Ты, бог - не ведаеш маёй.

 

Усе на свеце - для спатолі

Душы - ты ўзвысіць мовы змог,

Чаму ж на нашай аб нядолі

Ты не гаворыш з намі, бог?..

 

О, краю родны! Чым стрымаеш,

Адвернеш лёс свой ад пятлі,

Калі заступніка не маеш

Ні ў небе ты, ні на зямлі?

 

Адным: на бітву без сумнення!

Як цвердзіць песня - толькі бой!

«Даб'ёмся самі вызвалення

Сваёю ўласнаю рукой!..»

 

- Вось так... - Антось абвёў вачыма

Усіх прысутных. - Вось такі

Дзед Тодар наш быў малайчына...

Крывёй напісаны радкі!..

 

- Ён не вярнуўся з той Сібіры, -

Сказала Зося. - Там і ўмёр.

Ад бабы вашае, Сабіны,

Я чула шмат. І ад сясцёр.

 

Ён бальшавік быў. У падполлі

Пісаў лістоўкі на цара.

А бацька ваш адно й запомніў

Яго - як везлі са двара...

 

- Антось, - зірнула Антуніна, -

Ты даў бы ў школьны наш музей

Адзін адбітак. То ж навіна!

Было б цікава для людзей!

 

Няхай і продак ваш законна

Увекавечыцца ў сяле,

Каб самі мы глядзелі сёння

З павагай большай на сябе...

 

Сцяпан, уражаны чытаннем,

Узяў запіскі ў брата з рук:

- А ты не думаў даць «Тэстамент»

У навуковы нейкі друк?

 

- Занёс адразу ж быў у «Весці».

Прадмоўку даў - каб быў «пад'езд».

Увы, увы! Шалудзька Несцер

Сказаў: «Не пойдзе. Дробны змест».

 

- Відаць, Шалудзька добры ёлуп,

Калі ён так на змест глядзіць.

- О, ён гісторык плюс філолаг

І плюс вядомы більярдзіст!

 

Ды над навукай ён не чахне.

Більярдны шар - вось гэта рэч!

Ажно барты трашчаць - як жахне! -

І адлятаюць лузы прэч!

 

Ён мог бы есці хлеб з більярда,

Калі б быў хлебны гэты спорт.

А так - трымаецца заядла

За ўсе пасады, лысы чорт!

 

Наогул - тып ён унікальны.

Чаму? Каб ліха не спаткаць -

Прыдумаў спосаб геніяльны,

Як кары грознай «унікаць».

 

Як толькі вынюхае, гіцаль,

Што будзе біта галава -

Кладзецца зразу ж у бальніцу

На цэлы месяц ці на два!

 

Ну, і пакуль яго там лечаць,

Разоў пятнаццаць «возьмуць кроў» -

Адыдзе ў суддзяў сэрца-печань

І гнеў абернецца ў любоў.

 

Ягоны спосаб-ход нялюдскі

Сябры, што рухаюць прагрэс,

Назвалі «спосабам Шалудзькі»

І карыстаюцца ім спрэс!

 

Бальніца бедная забіта -

Так не кладзе ніякі грып!

Шалудзька - блазан-чмут нібыта,

На справе ж - подлы, шкодны тып.

 

Хамут і дуб, ён бездакорна

Спасціг унутраным чуццём

Закон сярэдняга узроўню,

Што мае сілу над жыццём.

 

Ён не ўпусціў той час, той даты,

Калі агулам, сярод дня,

У дактары і ў кандыдаты

Папёр вучоны серадняк.

 

З усіх навук, якія вызнаў,

Адну засвоіў ён найлепш:

Як сёрбаць лыжкаю вялізнай

З катла грамадскага кулеш.

 

Ён зразумеў, што можна лёгка,

Зусім на пуп не беручы,

Перарабіць камы з пахлёбкай

На адмысловыя харчы.

 

Што ў нашай сферы над другімі

Ёсць перавага з пераваг:

Да скону можа хлус-алхімік

Сядзець на пышных пірагах!

 

Дыпламаваны хутаранін,

Ён у душы смяецца дзесь,

Як мы настойліва таранім

Сцяну прыватніцтва штодзень.

 

Камуністычная свядомасць -

Для нас няпісаны закон,

Таму народную маёмасць

Мы не трымаем пад замком.

 

«Сумленне - суд наш найвышэйшы!» -

Крычыць аратар у гурму.

А ён сядзіць, сапе і шэпча:

«Сваё - вазьму! Сваё - вазьму!..»

 

Ён у навуцы нуль, банкруцька,

Тыповы рытар-вадалей,

Ды хтосьці лічыць, што Шалудзька

Пасунуў штось крыху далей.

 

І вось - слыве вучоным Несцер

І памагае з усіх сіл

Сваім падлізнікам залезці

На навуковы небасхіл.

 

Для іх, няздар, ён вараціла

Аўтарытэтна-прабіўны,

І на пальто яго з раціна

Набожна хукаюць яны.

 

Пылінкі-нітачкі здымаюць -

З сабачай вернасцю ў вачах.

Студэнты ж хэнці штось не маюць

Яго брашуркі вывучаць.

 

Таму ён любіць звыш білета

Задаць пытанне «на зарэз»:

«А дзе, калі і што пра гэта

Пісаў прафесар Чымергэс?»

 

І тым пускае пыл у вочы -

Маўляў, дасведчаны які!

Між іншым, так на пол жаночы

Глядзіць - аж трэскаюць «бялкі»!

 

Казаў ягоны аднакурснік,

Што гэты самы хват-дзялок

Ужо ў студэнцтве быў распуснік

І вечна цёрся ля дзявок.

 

Да навуковых прац нятленных

Не меў цікавасці, аднак

Трактат аб зонах эрагенных

Чытаў шчырэй, чым дыямат.

 

- Відаць, нішто сабе з выставы?

Калі ў навуцы не дабраў,

Дык хоць на выгляд, гад, цікавы? -

Тамаш з ухмылкаю спытаў.

 

- Ён жаба рыжая - на выгляд!

І ростам - жабы не вышэй,

І вочы жабіны - навыкат,

І рот, бы ў жабы, - да вушэй.

 

Без шыі, чэраўца ды лапкі,

Сядзіць і зекрыць на карчы -

Пардон, на кафедры...

- А браткі!

Аж страшна чуць наўпроць начы!

 

Яшчэ прысніцца ў сне, пачвара! -

І Антуніна к Тамашу

Знарок плячом на міг прыпала:

Маўляў - не жабай даражу.

 

Браты затрэсліся ад смеху.

- Ну, ты мастак! Бадай ты скіс!

- Партрэт - на зайздрасць і на ўцеху!

- Які партрэт? Адно - эскіз!..

 

І тут заўважылі, што маці

Глядзіць без смеху з-пад павек.

- Не трэба, Анцік, так смяяцца:

Усё ж ён з імем чалавек.

 

- З фальшывым, мамачка, з фальшывым!

Ён у навуцы - шкодны клешч:

Сядзіць, упіўшыся, на шыі,

Пакуль не лопне ў рэшце рэшт.

 

А што ён лопне неўзабаве -

Дык гэта ясна мне як дзень:

Не без канца ж цярпець дзяржаве,

Як клеіць дурня ліхадзей!..

 

- Ідзіце, дзеці, спаць - не рана:

Ужо за поўнач, ноч - на спад.

А што ж ты, Сцёпа, нечакана

Наважыў заўтрага назад?

 

Здаецца ж, ты маніўся болей

Пагасцяваць...

Пабыць даўжэй.

А то й ці ўбачымся з табою:

Я з кожным летам - не дужэй...

 

- Ты што, матулька? Ты павінна

Жыць доўга-доўга. Без цябе

Нам гэта хата не ўявіма,

Як храм без бога на сцяне.

 

А ехаць трэба мне... Так выйшла,

Што мушу ехаць... Выбачай!..

Сцяпан у пуні лёг, на вышках,

На сене - пахкім, нібы чай.

 

Яно ўціскалася, шамцела,

Шаптала штосьці: шу-шу-шу... -

Бы замаўляла стому цела,

Сон напускала на душу.

 

Ды сон зусім не браў Вячорку.

Праз дзірку-шчыліну ў шчыце

Ён бачыў неба пас і зорку,

Што ярка ззяла ў цемнаце.

 

Нібы ў вар'яцкай крутаверці,

Мільгалі думкі ўразнабой,

І незнаёма востра ў сэрцы

Упершыню азваўся боль.

 

«А можа, ўсё-такі застацца?

Хоць дзень ці два яшчэ пабыць?

І што?.. Пабачыцца? Спаткацца?

Душа ў душу - пагаварыць?

 

Не атрымалася ж размовы!

І зноў - бязвінны вінават...

Дзе судзіць лёс - што значаць словы

Той май быў столькі год назад!..

 

Хоць дзіўна ўсё ж: і мне і Алі

З другімі сонца не ўзышло...

Ах, Аля, Аля!.. Пакаралі

Сябе мы самі нізашто!..

 

А ўсё магло ж бы быць іначай -

Як у шчасліўшых між людзей,

Калі б на сцежцы на юначай

Не вырыў яму ліхадзей.

 

Пераступіць бы тую плётку,

Разумна разам абмінуць...

Ах, Аля, Аля! Як жа лёгка

Далі сябе мы абмануць!..

 

Пайду прайдуся... Усё роўна,

Відаць, не будзе сёння сну.

Паклон адвешу школе роднай,

На зоры мар маіх зірну...»

 

Каменны Лог маўчаў - бы вымер.

Вячорка чуў свой кожны крок.

Вачамі вокан нежывымі

Глядзелі хаты ў ноч, у змрок.

 

Сон, сон кругом! Спяць людзі звыкла,

Спіць белы бусел на гняздзе,

Ані лісцінка, ні травінка

Не зварухнецца анідзе!

 

Сцяпан раз-пораз прыпыняўся -

Стаяў і слухаў цішыню,

Глядзеў на круглы месяц ясны,

На зор міглівых гушчыню.

 

Вось ён - бясконцы і бязмежны

Непадуладны нам сусвет!

Вялікі чымсьці, нечым смешны,

Хто ў ім ты - грэшны чалавек?

 

І што твой клопат чалавечы,

Твой бунт штодзённы, твой дакор -

Вось перад гэтым векавечным

Свячэннем месяца і зор?

 

Чаму ж так мала даражыш ты

Загадкі гэтай хараством:

«На залатым густым іржышчы

Пасецца ўночы лысы вол»?..

 

Ля школьных веснічак знаёмых

Сцяпан умлеў: не можа быць!

Наўзбоч, як прывід, нерухома -

Альжбета Францаўна стаіць!

 

Уміг здавіла грудзі хваля -

Што ўзняў з прадоння ураган.

Нарэшце вырвалася: - Аля?!

Пачуў - глухое: - Я, Сцяпан...

 

Што вельмі ўразіла перш-наперш -

Твар - незвычайнай белатой

І дзве рукі - ля сэрца накрыж, -

Як на іконе ў прасвятой.

 

- У гэткі час не спіш ты? Аля!

- Так, як і ты... Не сплю, Сцяпан.

- І ты даўно стаіш тут?.. Аля!

- Яшчэ ад той вясны, Сцяпан.

 

- Чакай, ты... што? Ты - плачаш? Аля!

- Ты ж бачыш... Плачу я, Сцяпан.

- Чаго? Па чым ты плачаш, Аля?

- Па ўсім жыцці сваім, Сцяпан...

 

Вячорка ўбачыў побач камень, -

Валун, што тут ляжаў здавён, -

Прысеў, падпёр чало рукамі.

Як быць далей - не ведаў ён.

 

Альжбета Францаўна стаяла -

І з месца нават не сышла.

Маўчала ноч. Зямля маўчала.

Адкуль жа музыка плыла?

 

Ну, так, ён чуў зусім выяўна:

Як шум спакойнага дажджу,

Што ўсё бліжэй, - напеўна, плаўна

Плыла мелодыя ў душу.

 

Гучала мякка, задуменна

І ўся - праменіла святло.

Ад калыханкі нешта мела,

І штось ад гімна ў ёй было.

 

Такой яму яшчэ ніколі

Не надаралася ўлавіць -

Ні тут, у родным наваколлі,

Ні ў іншых далях палявых.

 

Знаць - бласлаўлёна падарожжа

Да гэтых хат, садоў, сядзіб...

- Сцяпан, валун халодны, можа, -

Прастуду схопіш, не сядзі...

 

Вячорка ўстаў, у светлай цемры,

На добры крок ступіў бліжэй.

- Паслухай, Аля... я хацеў бы

Наведаць заўтра ваш музей.

 

- А ты... хіба не едзеш заўтра?

- Вячэрнім... Тым, што ля васьмі...

- Прыходзь... Такога экскурсанта

Паводзіць сам Ілля Кузьміч.

 

- А ты?.. Не зможаш?.. Ці не хочаш?

- Змагу... Адно... там шмат заган...

- Тады... спакойнай, Аля, ночы!..

- Спакойнай раніцы, Сцяпан!..

 

* * *

 

І зноў на вышкі ўзлез Вячорка,

І зноў праз шчыліну ў шчыце

Убачыў неба, - толькі зорка

Ужо не ззяла ў цемнаце.

 

«Глядзі... Глядзі... Цяпер не скора

Ты будзеш тут... Не скора, брат!

Раз ёсць начное неба ў зорах -

То, значыць, ёсць і зарапад...»

 

 

Дапеўка

 

Усё, чытач. Я стаўлю кропку.

Ах, не завершаны сюжэт?

Ну, што ж рабіць! Далей - ні кроку.

Далей - табу і запавет.

 

Мне і самому знаць цікава

Ці развязаў вузлы герой.

Але гадаць - не маю права,

І клопат гэта ўжо не мой.

 

Апроч таго, мой дружа шчыры,

Я знаю кошт тваіх гадзін -

І я не стану іх транжырыць:

Паэтаў - шмат, а ты - адзін.

 

Ты й так парой як непрытомны:

Няма жыцця - хоць апупей! -

Ад мнагатомных, мнагатонных

І манатонных эпапей!

 

Я не спаборнічаць сабраўся,

Тым больш - у тонах і тамах,

Калі ад зборнічкаў падаўся

На стаўбавы эпічны шлях.

 

Адну надзею ў сэрцы маю,

Што ў нейкі з дальніх вечароў,

З нагоды нейкай, аб'яднаю

Сваіх няведамых сяброў,

 

І ў некім знойдзецца адвага,

І нехта скажа без граха:

«Тут лёс, браткі, ляжыць на вагах,

А з ім - і слова, і страфа!..»

 

 

1972-1984

 




Крыніца: http://litby.com/

Беларуская Палічка: http://knihi.com