epub
 
Падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

«Спявайце, юныя паэты...»

Спявайце, юныя паэты!

Спяліце ў бурах пачуцця

Неўтаймаваны боль планеты,

Непераможны крык жыцця!

 

Магчыма, вам якраз і здзейсніць

Дзядоў вялікіх запавет:

Узняцца так на крыллях песні,

Каб чуў і бачыў цэлы свет!

 

Назло прарокам самазваным,

Што глуха каркаць пачалі,

Спявайце спевам нечуваным

На мове любай вам зямлі!

 

Спявайце, помнячы нязменна:

Пакуль паэты будуць пець -

Не быць Радзіме безыменнай,

Зямлі бацькоў - не анямець!

 

1965

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com