На поўны размах яшчэ ў трыццаць сёмым
Нашы дзяды паказалі “свядомым”,
Дзе іх сапраўднае месца ў жыцці:
Там, дзе іх і касцей не знайсці.
Затым — ува ўсіх у наступных сёмых
Нашы бацькі дабівалі “свядомых”.
Ой, шчыравалі! Але як назло —
Стала іх нават больш, чым было!
Цяпер ужо нам, унукам і дзецям,
Прадоўжыць работку іх давядзецца.
Бо нельга інакш! Бо знаем даўно мы:
Страшны народ —
Калі ён свядомы!
Такому любыя пагрозы — дармо.
Такога нічым не загнаць у ярмо!
А ў нас жа толькі адно і на ўме:
Каб ён хадзіў, як вол, у ярме
І быў задаволены цэбрам пойла, —
Каб мы наядалі морды спакойна.
Таму і гукаем, не знаючы стомы:
За горла, за горла бярыце “свядомых”!
Хто з намі і хоча у радасці жыць —
За горла павінен “свядомых” душыць!
2001, травень