epub
 
падключыць
слоўнікі

Ніл Гілевіч

«Замірае, сціхае...»

Замірае,

Сціхае

Мая залатая дуброва,

Асыпае,

Скідае на дол

Свой задумлівы ўбор.

Не звініць і не льецца

Раздольна-вячыстая мова,

Толькі шорхат сухі пад нагамі,

Як скарга-дакор.

 

А нядаўна ж яшчэ -

На пачатку нядоўгага лета -

Што рабілася тут,

Што за дзіўнае свята было!

Як усё бушавала,

Буяла лістотай і цветам!

Як усё гаманіла,

Спявала,

Гукала,

Гуло!

 

Колькі радасці чулася

Ў кожным разбуджаным гуку!

Колькі сілы ўкладалася

Ў сокат,

І строкат,

І свіст!

Кожны парастак прагнуў

Узвысіцца дрэвам магутным,

Кожны лісцік хацеў

Разрасціся ў агромністы ліст.

 

Дзе ж падзелася ўсё,

Што заместа вячыстага слова -

Толькі шорхат сухі пад нагамі,

Як скарга-дакор?..

Замірае,

Сціхае

Мая залатая дуброва,

Асыпае,

Скідае на дол

Свой задумлівы ўбор.

 

1966

 


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая