"Пагоня"

Прадмова да кнігі "Усякая ўсячына" Кастуся Акулы

І прыдзе новых пакаленьняў

На наша месца грамада

Судзіці суд, ці мы сумленна

Жыцьцё прайшлі...

Янка Купала

 

Між "усякай усячыны" ў гэтай кнізе чытач знойдзе такое, як "Запіскі Яўхіма Крайняга", п'есу "Тараканы ў саладусе" й некаторыя вершы, што раней зьмяшчаліся, на працягу даўжэйшага часу, у беларускіх эміграцыйных газэтах. Гэта першы раз яны выступаюцьу цэласьці із спадзяваньнем, што ў далейшым будуць аб'ектам чытачовай цікавасьці.

Асобны разьдзел "Россыпы" прысьвечаны аўтабіяграфічным матэрыялам аўтара. Як ведама, Акула ня раз быў пад абстрэлам маскоўскіх цівуноў з кадэбэшніцкае падваротні і яны на свой лад тлумачылі аўтараў радавод. Вобразы з маленства і з часоў юнацтва кідаюць добрае сьвятло на сям'ю і асяродзьдзе ў якім нарадзіўся й рос аўтар на бацькаўшчыне.

Разьдзел "Людзі й людзі" можна было-б назваць "Хто будуе, а хто руйнуе...". У ім, як мага аб'ектыўна, аўтар прадстаўляе людзей, што знайшліся на вярхох Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы на чужыне. Справа крызісу ў БАПЦ сяньня вельмі актуальная і для шматлікіх нашых суродзічаў, нажаль, даволі заблытаная. Аўтару давялося мець блізкія кантакты з нашымі духоўнікамі і ягоныя згадкі й разважаньні пра іх трэба браць як актуальныя й патрэбныя.

Пра палітычныя дэманстрацыі нашых суродзічаў супраць бальшавікоў і іхных цівуноў варта было-б пісаць шмат шырэй, чымся звычайна даецца ў газэтных хроніках. Ведама, дэманстрацыі ў вольных краінах супраць уплываў бальшавіцкае маскоўшчыны й яе агентаў ды супраць злачынаў Масквы ўдома і ў іншых краінах ёсьць калі не галоўнай дык аднэй з асноўных нашых зброяў у змаганьні з чырвоным маскоўскім імпэрыялізмам за вызваленьне Беларусі. Дэманстрацыі супраць злачынаў маскоўскіх народазабойцаў гэта ёсьць ня менш як вайна супраць найбольшага зла, якое, нажаль, сяньня яшчэ пашыраецца.

Дэманструючы пры выбраных нагодах, нясецца ня толькі пратэст супраць маскоўскага прыгоннага гвалту над паняволеным нашым народам, але й рэклямуецца патрэба здабыцьця для яго вольнасьці. Вольны сьвет заклікаецца йсьці паняволенай Беларусі на помач.

Адным зь яркіх прыкладаў такіх вось палітычных дэманстрацыяў, у якіх аўтару давялося ўдзельнічаць, была якраз дэманстрацыя на Экспо-67 у Мантрэалі ў жніўні 1967-га год. Апісаньне гэнай Акулавай солё-дэманстрацыі паказвае якая нялёгкая й даволі небясьпечная гэта праца.

Спадзяёмся, што кніга прынясе чытачом шмат прыемнасьці й карысьці.




Крыніца: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com