epub
 
падключыць
слоўнікі

Патрыцыя Хайсміт

Гальштук Вудра Вільсана

Фасад «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» зіхацеў і пераліваўся чырвонымі і жоўтымі агнямі нават днём. Залацістыя шарыкі — жоўтыя агні — пульсавалі паміж чырвоных, вабячы і прыварожваючы позіркі прахожых.

Клайву Ўілксу падабалася гэта месца, і звонку і ўсярэдзіне. Так як ён працаваў пасыльным у прадуктовай краме, ён мог сказаць, што для дастаўкі таго ці іншага заказу спатрэбілася больш часу, чым меркавалася, бо яму давялося чакаць, пакуль тая альбо іншая пані вернецца дадому, бо вахцёр сказаў, што яна можа вярнуцца праз хвіліну, альбо што яму прыйшлося прайсці пяць кварталаў, каб памяняць грошы, таму што ў місіс Сміт была толькі дваццацідаляравая банкнота. У такія рэдкія моманты — а яны выпадалі Клайву раз альбо два на тыдзень — ён наведваў «ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО».

Калі зойдзеш у гэтую ўстанову, дык перш трэба прайсці па цёмным калідоры — гэта каб набыць адпаведны настрой, — і адразу ж перад вамі, з левага боку — крывавая сцэна забойства: бландзінка з доўгімі валасамі ўтыкае нож у карак старога, які вячэрае за сталом. Вячэра складаецца з дзвюх васковых сасісак і кіслай капусты — таксама з воску, Далей сцэна выкрадання Ліндберга*.

* Маецца на ўвазе справа аб выкраданні і забойстве ў 1932 годзе сына вядомага амерыканскага пілота Чарльза А. Ліндберга.

У ёй Хаўптман лезе па лесвіцы, прыстаўленай да акна дзіцячага пакоя, праз якое бачны канец лесвіцы і верхняя частка тулава Хаўптмана, які хапае хлопчыка. Быў таксама Марат* у ванне, а побач — Шарлота, Крысці** з панчохай, якой ён душыць жанчыну.

* Марат — адзін з кіраўнікоў Французскай рэвалюцыі.

** Джон Крысці — забойца жонкі і яшчэ пяці жанчын, трупы якіх ён хаваў у кухні свайго дома. Пакараны смерцю ў 1955 годзе.

Клайву падабаліся ўсе сцэны, яны ніколі яму не надакучалі. Але ён не ўзіраўся ў іх з важным, крыху спалоханым выглядам, як гэта рабілі іншыя. Клайву хутчэй карцела ўсміхнуцца, нават рассмяяцца. Сцэны былі для яго не больш чым забава. Чаму ж тады не пасмяяцца?

Далей экспазіцыя музея ўключала камеры катаванняў — адна з даўніх часоў, другая — сучасная, якая павінна была дэманстраваць спосабы катаванняў дваццатага стагоддзя ў нацысцкай Германіі або ў французскім Алжыры. Мадам Цібо — а Клайв вельмі сумняваўся, што яна сапраўды існавала, — крочыла ў нагу с часам. Былі, безумоўна, паказаны і забойства Кенэдзі, і крывавая бойня, у час якой была забіта Тэйт*, і адно забойства, што адбылося ўсяго каля месяца назад.

* Шарон Тэйт — славутая амерыканская актрыса, жонка вядомага кінарэжысёра Р.Палянскага, якая загінула ад рук сябраў секты фанатыкаў.

Першым канкрэтным амбіцыёзным жаданнем Клайва ў дачыненні да «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» было правесці там ноч. Аднойчы ён яго здзейсніў, прадбачліва захапіўшы з сабой у кішэню сандвіч з сырам. Зрабіць гэта было даволі лёгка. Клайв ведаў, што ў самым музеі — яго «вантробах», як ён у думках называў унутраныя памяшканні музея, працавалі тры чалавекі — чацвёрты, пухлявы чалавек сярэдніх год у марской шапцы, прадаваў білеты ў будцы каля ўвахода. З трох служачых, што працавалі ў «вантробах», двое — мужчыны, а трэцім супрацоўнікам была жанчына, таксама пухлявая з курчавымі карычневымі валасамі, у акулярах, якая выглядала гадоў на сорак. Яна правярала білеты ў цёмным канцы калідора, дзе і пачынаўся сам музей.

Адзін мужчына, які працаваў унутры музея, увесь час чытаў лекцыі, хоць звычайна іх слухала не больш паловы наведвальнікаў.

— Тут мы бачым фанатычны выраз сапраўднага забойцы, увасоблены непераўзыдзеным майстэрствам у галіне васковай фігуры мадам Цібо, — і гэтак далей.

Другі мужчына, які працаваў у музеі — брунет у акулярах з чорнай аправай, гэткай жа як і ў жанчыны. Ён хадзіў па залах, адганяючы дзяцей, якія спрабавалі залезці ў дыярамы, і, можа, абараняючы кішэні наведвальнікаў ад злодзеяў, а жанчын — ад непрыстойных чаплянняў. Клайв гэтага не ведаў.

Аднак ён дакладна ведаў, што можна даволі лёгка прашмыгнуць у які-небудзь цёмны куток ці ў нішу побач з жалезнымі шыбеніцамі, а магчыма, нават унутр шыбеніцы, але, на думку Клайва, нягледзячы на яго хударлявасць, можна было напароцца на зубцы, і таму ён адмовіўся ад гэтай ідэі. Ён заўважыў, што наведвальнікаў пачыналі ветліва выправаджаць у 9.15 вечара, бо музей зачыняўся ў 9.30. І, затрымаўшыся аднойчы вечарам як мага пазней, Клайв даведаўся, што за двярамі ў адным дальнім кутку было нешта накшталт службовага пакоя для пераапранання, адтуль жа чуўся шум вады ў туалетным бачку.

Дык вось, аднойчы лістападаўскім вечарам Клайв схаваўся ў ценю, якога ў музеі было дастаткова, і пачаў слухаць, пра што гавораць трое служачых, рыхтуючыся ісці дадому. Жанчына — імя якой было Мілдрэд — затрымлівалася, каб забраць скрынку з грашыма ад Фрэда — таго, што прадаваў білеты, — палічыць іх і пакласці недзе ў пакоі для пераапранання. Грошы Клайва не цікавілі. Яму карцела прабыць тут ноч, а потым гэтым пахваліцца.

— Дабранач, Мілдрэд, да заўтра, — сказаў адзін мужчына.

— Больш нічога не трэба зрабіць? А то я пайду ўжо, — адгукнулася Мілдрэд. — Ну, і стамілася ж я! Але ўсё-такі пагляджу сёння вечарам па тэлевізары «Чалавека-д'ябла».

— «Чалавека-д'ябла»? — безуважна перапытаў другі мужчына.

Відаць, білецёр Фрэд пайшоў ужо са сваёй будкі ля ўвахода, аддаўшы скрынку з грашыма, акрамя таго, Клайв успомніў, што аднойчы бачыў, як той зачыніў дзверы, патушыў рэкламныя агні выключальнікам за параднымі дзвярамі, замкнуў іх на ключ і закрыў на засаўку.

Клайв стаяў у нішы побач з жалезнымі шыбеніцамі.

Пачуўшы, як грукнулі дзверы чорнага хода, як іх замкнулі на ключ, ён перачакаў якую хвіліну, цешачыся цішынёй, адзіноцтвам і таямнічасцю, потым ужо рызыкнуў вылезці з свайго сховішча. Спачатку ён падышоў на дыбачках да пакоя, дзе служачыя вешалі сваё верхняе адзенне, бо ён ніколі там не быў. Ён прынёс з сабой запалкі, а таксама цыгарэты, хоць паліць у музеі забаранялася, пра гэта папярэджвалі надпісы, якіх было некалькі, і з дапамогай запалкі знайшоў выключальнік. У пакоі стаяў стары стол, чатыры металічныя шафы, бляшанае вядзерца пад смецце, стойка пад парасоны і некалькі кніжак у шафе ля некалі павапнаванай, а цяпер пацямнелай ад бруду сцяны. Клайв выцягнуў шуфляду стала і знайшоў там даволі выцертую па баках драўляную скрыначку, якую аднойчы білецёр нёс у яго на вачах праз уваходныя дзверы. Скрынка была замкнёная. Ён мог бы адразу ж пайсці з музея, прыхапіўшы скрынку, але падумаў, што грошы яго не хвалююць, і ў думках адзначыў, што гэта даволі прыстойна з яго боку. Ён правёў па скрыначцы тыльным бокам рукі, не забыў і пра ніз, за які браўся кончыкамі пальцаў. Хіба не варта смеху, падумаў ён, сціраць адбіткі пальцаў з рэчы, якую не збіраешся красці.

Клайв падрыхтаваўся цешыцца гэтай начной прыгодай. Ён знайшоў выключальнік і запаліў святло ў дыярамах — у выніку жудасныя сцэны былі пры поўнай ілюмінацыі. Праз некаторы час яму захацелася есці. Адкусіўшы раз ад сандвіча, ён зноў загарнуў яго ў папяровую сурвэтку і паклаў у кішэню. Паволі прайшоўся каля сцэны гібелі Джона Кенэдзі, дзе місіс Кенэдзі і дактары схіліліся над белым сталом, на якім ляжаў прэзідэнт. Гэты раз Клайв не ўтрымаўся ад смеху, гледзячы на сцэну, дзе Хаўптман спускаецца ўніз па лесвіцы. Твар Чарльза Ліндберга-малодшага быў такі спакойны, што можна было падумаць, што ён гуляе з цацкамі на падлозе свайго пакоя.

Клайв перакінуў нагу цераз жалезную парэнчу і залез у дыяраму з Джуд і Снайдэр. Яго ахапіла хваляванне ад усведамлення таго, што ён знаходзіцца побач з імі, усяго за некалькі сантыметраў ад працэсу забойства шляхам удушэння з-за спіны, які ўжываў палюбоўнік жанчыны ў дачыненні да яе мужа. Клайв працягнуў руку і дакрануўся да намаляванай чырвонай фарбай крыві, якая сцякала ў тых месцах, дзе ўдаўка глыбока ўпілася ў шыю. Клайв таксама памацаў халодныя скулы ахвяры. Выпучаныя вочы былі шкляныя, нейкія агідныя, і таму ён да іх не дакрануўся.

Праз дзве гадзіны ён запеў псалмы «Бліжэй да цябе, Гасподзь» і «Іісус жадае абагрэць мяне промнямі». Клайв не ведаў іх тэксту да канца, таму ён запаліў.

Ужо ў дзве гадзіны ночы паспеў засумаваць і хацеў выйсці спачатку праз парадны, а потым праз чорны ўваход, але не змог — абое дзвярэй былі знадворку зачынены засаўкамі. Ён падумаў, што было б нядрэнна, каб яму прынеслі булачку з біфштэксам у гэтым начным вагоне-рэстаране, пакуль ён дабярэцца дадому. І ўсё ж вымушанае зняволенне яго не турбавала, таму ён даеў сандвіч, які паспеў падсохнуць, і крыху паспаў на трох ссунутых у рад крэслах. Ляжаць на іх было вельмі мулка, таму ён ведаў, што хутка прачнецца, так і здарылася ў пяць гадзін раніцы. Клайв апаласнуў вадой твар, потым яшчэ раз агледзеў васковыя экспанаты. Гэты раз ён прыхапіў сувенір — гальштук Вудра Вільсана.

Бліжэй да дзевяці гадзін — а «ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» адчыняўся а палове дзесятай — Клайв схаваўся ў выдатным месцы — за чорнай складной шырмай з залатымі ўзорамі, якая была фонам да адной сцэны. Перад шырмай стаяў ложак, на якім ляжаў вылеплены з воску мужчына з падобнымі на роварны руль вусамі, які, паводле ідэі аўтараў, быў атручаны сваёй жонкай.

Наведвальнікі пачалі пакрыху збірацца пасля таго, як мінула палова дзесятай. І той самы цыбаты нудлівы служачы забубнеў сваю лекцыю. Клайв мусіў пачакаць яшчэ некалькі хвілін, пакуль, на яго думку, можна было спакойна зліцца з натоўпам і выйсці з музея, хаваючы ў кішэні гальштук Вудра Вільсана. Ён быў крыху стомлены, але шчаслівы — хаця калі падумаць — каму ён пра ўсё гэта раскажа? Хіба што Джоі Враслі, гэтай глухой цяцеры, што соваўся за прылаўкам у краме Сіманса? Ха! Трэба было дзеля гэтага старацца! Джоі не варты такой цікавай гісторыі. Клайв спазніўся на працу аж на паўгадзіны.

— Прабачце, містэр Сіманс, я праспаў, — таропка, але, на яго думку, дастаткова ветліва сказаў Клайв, зайшоўшы ў краму. Яму ўжо падрыхтавалі прадукты для дастаўкі пакупнікам. Клайв паставіў скрыню на спецыяльную падстаўку, прымацаваную да руля ровара.

Клайв жыў разам з маці, хударлявай, вельмі нервовай жанчынай, якая працавала ў краме па продажы панчох, паясоў і бялізны. Муж кінуў яе, калі Клайву было дзевяць год. Больш дзяцей у яе не было. Клайв кінуў сярэднюю школу за год да заканчэння, чым вельмі засмуціў маці, і каля года нічым не займаўся, бавячы час на канапе ў хаце ці бадзяючыся з такімі, як і ён, ля вуглоў. Але ніхто з яго знаёмых так і не зрабіўся яго блізкім сябрам на радасць маці, бо яна лічыла ўсю іхнюю кампанію нікчэмнай дрэнню. Ужо год, як Клайв працаваў рассыльным у краме Сіманса, і маці думала, што ён пачаў брацца за розум.

Калі Клайв вярнуўся дадому а палове сёмай вечара, у яго была падрыхтавана гісторыя для маці. Нібыта ўчора вечарам ён выпадкова сустрэў свайго старога прыяцеля Рычы, што служыў у войску і цяпер прыехаў на пабыўку, яны заседзеліся за размовай у яго дома так позна, што бацькі Рычы прапанавалі застацца ў іх начаваць і паклалі Клайва спаць на канапе. Маці паверыла ў гісторыю. Яна стушыла на вячэру фасолю і засмажыла яйкі з шынкай.

Сапраўды, не было такога чалавека, каму б Клайв мог расказаць пра ўчынак, які здзейсніў мінулай ноччу. Ён проста не вытрываў бы, калі б хто-небудзь сказаў, гледзячы ў яго бок: «Вось як? Ну, дык і што?», бо для таго, што ён здзейсніў, трэба было ж і мазгамі паварушыць, нават рызыкнуць крыху. Ён павесіў гальштук Вудра Вільсана побач з гальштукамі, што былі начэплены на шнурок з унутранага боку дзвярэй яго шафы. Гэта быў шэры шаўковы гальштук кансерватыўнага тыпу і дарагі на выгляд. Раз-пораз у той дзень Клайв уяўляў, як хто-небудзь з мужчын — служачых музея, або жанчына, якую завуць Мілдрэд, глянуўшы на Вудра Вільсана, усклікнуць: «Гэй! Цікава, што здарылася з гальштукам Вудра Вільсана?»

Кожны раз, калі Клайв думаў пра гэта, ён мусіў апускаць галаву, каб схаваць усмешку.

Праз суткі, аднак, яго ўчынак пачаў здавацца ўсё менш рамантычным і хвалюючым. Клайв пачынаў хвалявацца зноў толькі тады — а гэта магло здарыцца два-тры разы на дзень, — калі ён праязджаў на ровары каля мігцеўшага агнямі фасада «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО». Сэрца ёкала, кроў прылівала да скроняў, калі ён думаў пра ўсе тыя нерухомыя забойствы, што адбываліся там унутры, і пра дурнаватыя твары якога-небудзь містэра Джона Наведвальніка і яго жонкі, якія назіралі за гэтымі злачынствамі з разяўленымі ратамі. Але Клайв не захацеў купляць яшчэ адзін білет — коштам шэсцьдзесят цэнтаў, — каб зайсці і ўпэўніцца, што гальштук Вудра Вільсана знік, агаліўшы верхні гузік ля каўняра, і тым самым пацешыцца вынікам сваёй работы.

Аднойчы папалудні ў Клайва ўзнікла новая ідэя, грандыёзна вясёлая задума, што прымусіць публіку падскочыць ад нечаканасці і звярнуць на яго ўвагу. Усё ўнутры ў Клайва калацілася ад зацятага смеху, калі ён круціў педалямі па дарозе да крамы Сіманса, адвёзшы пакунак з прадуктамі.

Калі ж яму здзейсніць усё гэта? Сёння вечарам? Не, лепш пачакаць дзень-два, каб усё як след спланаваць. Тут трэба добра паварушыць мазгамі. І яшчэ патрымаць язык за зубамі. Да таго ж забяспечыць дакладнасць дзеянняў — усё гэта вельмі падабалася Клайву.

Два дні пайшлі на абмеркаванне аперацыі. Ён зайшоў у бліжэйшую закусачную, выпіў піва, пагуляў з прыяцелямі на ігральных аўтаматах. На аўтаматах мігцелі агні, высвечваючы надпісы — «Дазваляецца гуляць некалькім асобам» і «Спаборнічаючы, атрымаеш больш задавальнення» — але Клайв, гледзячы на шарыкі, якія каталіся і падскоквалі, адзначаючы лік у аўтаматах, думаў толькі пра «МУЗЕЙ МАДАМ ЦІБО», і нішто іншае яго не хвалявала. Тое ж адбывалася і тады, калі яго позірк скіраваўся на па-вясёлкаваму размаісты музычны аўтамат з пульсуючымі блакітнымі, чырвонымі і жоўтымі агеньчыкамі, і тады, калі ён да яго падыходзіў, каб кінуць манетку. І ўвесь гэты час ён думаў, што будзе рабіць у «ВАСКОВЫМ МУЗЕІ МАДАМ ЦІБО».

На другі дзень вечарам, павячэраўшы разам з маці, ён пайшоў да «МУЗЕЯ МАДАМ ЦІБО» і купіў білет. Той самы стары, што прадаваў білеты, амаль не глядзеў на людзей, што іх куплялі, настолькі ён быў заняты, адлічваючы рэшту і адрываючы адпаведныя часткі білетаў. Гальштук Вудра Вільсана па-ранейшаму адсутнічаў, здавалася, што ніхто і не заўважыў прапажы — гэта развесяліла Клайва, і ён нават хіхікнуў. Клайв успомніў, што надуты адганяла злодзеяў-кішэннікаў, гэты шаркаючы сышчык, быў апошні, хто пайшоў з музея ў той вечар, калі ён там схаваўся, і падумаў, што ключы, відаць, у яго, таму і забіць яго трэба апошнім.

Першая была жанчына. Клайв схаваўся зноў побач з шыбеніцай у той час, як натоўп паволі соваўся да выхаду, і калі Мілдрэд праходзіла каля яго, у капелюшы і паліто, збіраючыся пайсці дадому праз чорны ход, і нешта сказала перад гэтым служачаму ў выставачнай зале, Клайв вылез з свайго сховішча і, зайшоўшы ззаду, зашчаміў рукой яе шыю.

Яна толькі ледзь чутна захрыпела. Клайв сціснуў горла абедзвюма рукамі, каб яна больш не падала голасу. Нарэшце Мілдрэд ссунулася на падлогу, і Клайв пацягнуў яе ў цёмны аддалены кут у пакоі для пераапранання. Па дарозе ён перакуліў нейкую кардонную скрыню, але грукат аказаўся не настолькі моцны, каб яго заўважылі іншыя служачыя.

— Мілдрэд пайшла ўжо? — спытаў нехта.

— Я думаю, што яна ў канторы.

— Не, яе там няма. — Той, хто гэта сказаў, ужо прайшоў па калідоры, дзе застаўся Клайв, трымаючы Мілдрэд у руках. Потым той самы служачы зазірнуў у пусты пакой для пераапранання, дзе яшчэ гарэла святло. — Яна пайшла ўжо. Я таксама сёння заканчваю.

Клайв зрабіў крок наперад і сціснуў такім жа прыёмам шыю мужчыны. Гэтым разам справа была куды цяжэйшая, бо чалавек супраціўляўся, але рука Клайва была тонкая і моцная; ён дзейнічаў хутка, стукнуўшы сваю ахвяру галавой аб драўляную падлогу.

— Што тут адбываецца? — пачуўшы глухі грукат у калідоры, з'явіўся другі мужчына.

Цяпер Клайв паспрабаваў ударыць мужчыну кулаком у пашчэмку, але прамазаў і трапіў у шыю. Аднак гэта было настолькі нечакана для гэтага надутага карантыша-сышчыка, што зрабіць другі ўдар было значна лягчэй, а пасля Клайв здолеў схапіць яго за грудкі і стукнуць галавой аб абтынкаваную сцяну, якая была цвярдзейшая за драўляную падлогу. Пасля гэтага Клайв упэўніўся, што ўсе трое мёртвыя. З галоў у мужчын цурчэла кроў. Тонкі струменьчык крыві цёк з рота жанчыны. Клайв палез шукаць ключы ў кішэнях другога мужчыны. Яны аказаліся разам са сцізорыкам у левай кішэні штаноў. Клайв забраў і сцізорык.

Мужчына, той, што быў вышэйшы ростам, паварушыўся. Устрывожаны Клайв выцягнуў з перламутравай ручкі сцізорыка лязо і тройчы пырнуў ім у шыю мужчыны.

Ледзь усё не ляснулася, падумаў Клайв, правяраючы зноў, ці ўсе яны мёртвыя. Яны такі і сапраўды былі мёртвыя, і кроў была сапраўдная, а не тая чырвоная фарба, што паказвалі ў «ВАСКОВЫМ МУЗЕІ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО». Клайв запаліў ілюмінацыю і пайшоў у выставачную залу, каб здзейсніць цікавую задумку — знайсці адпаведныя месцы для трох трупаў.

Найбольш удалае месца жанчыне — ванна Марата — тут і сумнявацца не варта. Клайв завагаўся, сцягваючы з яе адзенне, і вырашыў гэтага не рабіць проста таму, што атрымаецца куды смяшней, калі пасадзіць яе ў ванну ў паліто, аздобленым футрам, і капелюшы. Выцягнуўшы з ванны фігуру Марата, Клайв зарагатаў. Ён думаў убачыць палкі замест ног, а паміж імі пустое месца, бо вышэй ванны была відаць толькі палова тулава, але ў Марата наогул не аказалася ног і яго васковы торс заканчваўся крыху ніжэй пояса азызлай куксай, і каб фігура не кулялася, яе прымацавалі да драўлянай падстаўкі. Клайв занёс гэта недарэчнае збудаванне з воску ў пакой для пераапранання і паставіў пасярод стала. Потым зацягнуў жанчыну — а яна была цяжкая — у дыяраму забойства Марата і запіхнуў яе ў ванну. Па дарозе зваліўся капялюш. Клайв зноў напнуў яго на галаву жанчыны, крыху нахіліўшы на адно вока. Разяўлены рот жанчыны быў поўны крыві. Божа ж мой, гэта ж сапраўды была забава!

Ну, а цяпер надышла чарга мужчын. Відаць, той, чыю шыю ён пароў нажом, будзе выдатна выглядаць на месцы старога, які вячэрае васковымі сасіскамі і капустай, таму што дзяўчына за яго спінай павінна загнаць яму ў шыю нож. На гэта Клайву спатрэбілася пятнаццаць хвілін.

Так як фігура старога была прызначана для сядзення, Клайв пасадзіў яго ў прыбіральні каля пакоя для пераапранання. Было страшэнна смешна глядзець, як стары сядзіць на ўнітазе з акрываўленай шыяй са сталовым ножыкам у адной руцэ і відэльцам — у другой. Клайв абапёрся аб вушак дзвярэй і гучна зарагатаў, не асцерагаючыся нават, што яго могуць пачуць — настолькі гэта было смешна, што нават не шкада было б, калі б яго і злавілі.

Цяпер чарга карантыша-сышчыка. Клайв агледзеўся, і ў полі яго зроку аказалася сцэна з Вудра Вільсанам, якая дэманстравала падпісанне перамір'я ў 1918 годзе. Васковая фігура сядзела за велізарным сталом, нешта падпісваючы, і было б вельмі лагічна, каб гэтае месца заняў чалавек з амаль рассечанай на дзве паловы галавой. З некаторым намаганнем Клайв вырваў з васковых пальцаў ручку, паклаў яе збоку на стол і занёс фігурку — яна не была цяжкая — у пакой для пераапранання. Васковы Вудра Вільсан застаўся сядзець за сталом з выцягнутымі для пісання рукамі. Клайв сунуў у яго правую руку шарыкавую ручку. Засталося апошняе намаганне. Клайв заўважыў, што яго куртка добра заляпана крывёй і яе трэба неяк змыць. На штанах, аднак, крыві пакуль што не было.

Клайв пацягнуў другога мужчыну ў дыяраму, прысвечаную Вудра Вільсану, прыўзняў яго і падкаціў да стала. Яго ўдалося пасадзіць за стол, але галава звісала над заляпаным зялёнымі плямамі сталом, над чыстымі васковымі аркушамі, а ручка няўстойліва трымалася ў вялай руцэ.

Але справа была зроблена. Клайв адышоў назад і ўсміхнуўся. Потым прыслухаўся. Сеўшы ў крэсла, ён некалькі хвілін адпачываў, бо сэрца хутка калацілася і ён неяк адразу адчуў стому ў кожнай мышцы. Ага, гэты раз у яго былі ключы. Цяпер ён мог усё замкнуць, пайсці дадому і добра адпачыць за ноч, бо трэба ж назаўтра быць у добрай форме, каб уволю пазабавіцца.

Клайв зняў швэдар з мужчынскай фігуры ў дыяраме, што дэманстравала нейкую сцэну ў драўлянай хаціне. Прыйшлося перавярнуць фігуру і сцягваць швэдар праз ногі, бо рукі ніяк не згіналіся, швэдар расцягнуўся ў гарлавіне, але інакш зняць яго было проста немагчыма. Васковая фігура засталася стаяць з аголенымі рукамі і жыватом, перадам кашулі аказаўся шматок тканіны, падобны на дзіцячы нагруднік.

Клайв скруціў у камяк куртку і прайшоўся з ёю па музеі, выціраючы адбіткі пальцаў усюды, дзе, на яго думку, ён мог дакранацца рукамі. Ён патушыў святло, асцярожна прабраўся да чорнага хода, замкнуў дзверы, зачыніў іх на засаўку і ўжо збіраўся кінуць ключы ў паштовую скрынку, але яе каля дзвярэй не аказалася, таму ён пакінуў іх на прыступках. У сплеценай з дроту скрынцы пад смецце ён знайшоў некалькі газет, загарнуў у іх куртку і панёс яе далей, пакуль не знайшоў яшчэ адну скрынку, і схаваў пакунак, уціснуўшы яго паміж цукерачных абгортак, бляшанак з-пад піва і іншага смецця.

— Новы швэдар? — спытала маці ў той вечар.

— Рычы падарыў — на шчасце.

Клайв настолькі стаміўся, што спаў як забіты, не маючы нават моцы пасмяяцца, успомніўшы, як стары сядзіць на ўнітазе ў прыбіральні.

Раніцай наступнага дня Клайв стаяў на другім баку вуліцы насупраць музея, калі якраз перад паловай дзесятай з'явіўся білецёр. Да 9 гадзін 35 хвілін у музей зайшлі толькі чатыры чалавекі, але Клайв больш не мог трываць, ён перайшоў вуліцу і купіў білет. Гэты раз білецёр выконваў таксама ролю кантралёра, звяртаючыся да наведвальнікаў:

— Праходзьце, праходзьце. Нешта сёння ўсе позняцца.

Білецёр зайшоў усярэдзіну, уключыў спачатку адну частку асвятлення, потым пайшоў у другі канец будынка, каб паўключаць падсветку дыярам са шчыта ў калідоры, у канцы якога якраз і быў пакой для пераапранання. І самае смешнае для Клайва, які крочыў услед за ім, было тое, што білецёр не заўважыў нічога незвычайнага, нават не звярнуў увагі на Мілдрэд, якая сядзела ў ванне Марата ў капелюшы і паліто.

Сярод наведвальнікаў былі пакуль што дарослая пара, падлетак гадоў чатырнаццаці ў красоўках, які прыйшоў, відаць, адзін, ды яшчэ мужчына. Яны без усялякіх эмоцый глядзелі на Мілдрэд у ванне, нібыта лічылі гэта нармальным, і Клайв даўно б качаўся, гледзячы на ўсё гэта, у прыпадках смеху, калі б не так шалёна калацілася сэрца і не заціскала дух ад трывожнага чакання. Не выклікаў здзіўлення таксама і мужчына з тварам у сасісках і кіслай капусце. Клайв крыху расчараваўся.

Зайшлі яшчэ двое — мужчына і жанчына.

І вось, нарэшце, перад дыярамай з Вудра Вільсанам адбылася першая рэакцыя. Адна жанчына, прытуліўшыся да мужавага пляча, спытала:

— А што, калі падпісвалі перамір'е, каго-небудзь застрэлілі?

— Не ведаю. Я так не думаю, — няўпэўнена адказаў мужчына.

Смех проста раздзіраў Клайва; ён крутануўся на абцасах, каб хоць неяк стрымацца, яго распірала ад усведамлення таго, што толькі ён ведаў усё пра тое, што здарылася, і ніхто больш. Зразумела, за гэты час сапраўдная кроў набыла ржавы колер. Зялёнае прэс-пап'е было скрозь заляпана крывавымі плямамі, і кроў капала з краю стала.

Жанчына ў другім канцы залы, там, дзе знаходзілася Мілдрэд, раптам закрычала.

Мужчына засмяяўся, але хутка асекся.

Адразу ж усё пачалося. Завішчэла жанчына, адначасова пачуўся крык мужчыны:

— О, Божа, гэта ж на самай справе!

Клайв убачыў, як у дыяраму палез мужчына, каб агледзець труп, які ляжаў тварам у талерцы з сасіскамі.

— Кроў сапраўдная! Гэта — мёртвы чалавек.

Другі мужчына — наведвальнік — грымнуўся аб падлогу. Ён страціў прытомнасць. У залу мітусліва прыбег білецёр.

— Што тут здарылася?

— Некалькі трупаў — сапраўдныя!

Толькі цяпер білецёр зірнуў на ванну Марата і нават падскочыў ад здзіўлення.

— Святая Багародзіца! Найсвенчы Божа! Гэта ж Мілдрэд!

— І тут труп!

— І там таксама!

— Божа ж мой, трэба... трэба выклікаць паліцыю! — крыкнуў білецёр.

З музея паспешна выйшлі мужчына і жанчына. Але астатнія затрымаліся, шакіраваныя і загіпнатызаваныя тым, што здарылася.

Білецёр пабег у пакой для пераапранання, да тэлефона, і адразу ж Клайв пачуў адтуль крыкі, бо той убачыў чалавека за сталом, зразумела, васковага, а на стале — палову тулава Марата.

Клайв падумаў, што час вымятацца, і таму паціху праціснуўся бокам праз натоўп людзей, якія заглядалі ў дзверы, яны, відаць, хацелі наведаць музей і мусілі чакаць, пакуль вернецца білецёр.

«Добра, — думаў Клайв. — Усё як мае быць. Нядрэнна. Зусім нядрэнна».

У той дзень ён не збіраўся ісці на працу, але раптам падумаў, што будзе разумней зайсці і папрасіць выхадны. Містар Сіманс, як заўсёды, зрабіў кіслую міну, калі Клайв сказаў, што дрэнна сябе адчувае, але калі Клайв схапіўся за жывот і зрабіў выгляд, што яму млосна, старэнькаму Сімансу заставалася толькі згадзіцца. Клайв пайшоў з крамы, маючы ў кішэні ўсю тую наяўнасць, што ён змог атрымаць — каля дваццаці трох даляраў.

Клайв хацеў куды-небудзь далей ад'ехаць на аўтобусе. Ён падумаў, што можа аказацца пад падазрэннем, калі білецёр успомніць пра яго частыя наведванні «МУЗЕЯ МАДАМ ЦІБО», асабліва калі прыгадае, што Клайв быў там напярэдадні вечарам, але на самай справе гэта мала датычыла жадання праехацца на аўтобусе. Жаданне гэта было прымітыўнае і, нейкім чынам, неадольнае. Ён купіў білет на рэйс у заходнім напрамку за восем даляраў з нечым, у адзін бок. У выніку каля 7 гадзін вечара ён апынуўся ў даволі вялікім гарадку ў штаце Індыяна — Клайв не звярнуў увагі на яго назву.

З аўтобуса вылезла некалькі пасажыраў, у тым ліку і Клайв. Яны апынуліся на аўтавакзале, дзе былі кафетэрыі і бар. Клайву карцела прачытаць газету, таму адразу ж ён накіраваўся да кіёска, што туліўся ля ўваходных дзвярэй. Ужо на першых старонках кідаліся ў вочы буйныя загалоўкі:

ТРАЙНОЕ ЗАБОЙСТВА Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕІ.

МАСАВАЕ ЗАБОЙСТВА Ў МУЗЕІ. ТАЯМНІЧЫ ЗАБОЙЦА НАНОСІЦЬ УДАРЫ.

ТРЫ ТРУПЫ Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕІ.

Клайву найбольш спадабаўся апошні падзагаловак. Ён купіў усе тры газеты і спыніўся каля стойкі бара, папіваючы піва.

«Сёння раніцай у 9 гадзін 30 хвілін білецёр па прозвішчы Фрэд Дж. Кармадзі і некалькі наведвальнікаў «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» — славутай мясціны гэтага горада — натыкнуліся на тры сапраўдныя трупы, што былі сярод экспанатаў. Гэта былі забітыя Мілдрэд Віэры, 41 год, Джордж О. Харчлі, 43 год і Рычард К. Макфадэн, 37 год. Усе яны служачыя музея. Абодва мужчыны загінулі ад моцных удараў і нажавых ран, жанчына — ад удушэння. Паліцыя займаецца на месцы злачынства пошукам ключоў да яго разгадкі. Выказваецца думка, што забойствы адбыліся неўзабаве пасля дзесяці гадзін учора вечарам, калі трое служачых збіраліся ісці дадому. Забойца або забойцы маглі быць сярод апошніх наведвальнікаў музея, якія былі там перад закрыццём у 9 гадзін 30 хвілін. Мяркуецца, што ён ці яны маглі схавацца дзе-небудзь у музеі, пакуль апошнія наведвальнікі не выйшлі з музея...»

Клайв быў задаволены. Ён усміхаўся, папіваючы піва. Схіліўшыся над газетамі, ён хацеў тым самым ад усіх адгарадзіцца, каб ніхто іншы ў свеце не змог падзяліць з ім асалоду, але на справе было інакш. Праз некалькі хвілін Клайв устаў і паглядзеў па баках, каб даведацца, ці чытае яшчэ хто-небудзь з мужчын і жанчын, што былі ў бары, тую самую інфармацыю. Газеты чыталі два мужчыны, але Клайв не бачыў, ці пра яго яны чытаюць, бо газеты былі складзеныя.

Клайв запаліў цыгарэту і прагледзеў усе тры газеты, каб даведацца, ці выяўлена нешта такое,што магло вывесці на яго след. Нічога такога ён не знайшоў. У адной газеце ў сувязі з гэтым было адзначана, што Фрэд Дж. Кармадзі не заўважыў асобы ці асоб паміж наведвальнікамі, што заходзілі ў музей учора вечарам, якія б здаваліся падазронымі.

«...У выніку таго, што ахвяры былі размешчаны вельмі дзіўным чынам замест васковых фігур, якія былі спецыяльна выняты са звыклых месцаў, паліцыя ў сваіх пошуках сыходзіць з думкі, што забойца быў псіхапат. Жыхароў навакольнага раёна папярэдзілі па радыё і тэлебачанні аб неабходнасці прытрымлівацца спецыяльных мер перасцярогі на вуліцах і замыкаць дзверы дамоў на замок».

Прачытаўшы гэта, Клайв рагатнуў. Псіхапат! Шкада, што ўсім тром аўтарам бракавала ведання дэталяў гумару. Яны ж маглі напісаць што-небудзь наконт старога на ўнітазе. Альбо пра таго тыпа, што з патрушчанай патыліцай падпісвае перамір'е. У гэтым жа адразу быў відаць почырк генія. Чаму ўсё гэта так недаацанілі?

Дапіўшы піва, Клайв выйшаў на тратуар. Было ўжо цёмна, і на вуліцы свяцілі ліхтары. Ён з цікавасцю прайшоўся па незнаёмым горадзе, зазіраючы ў вітрыны крамаў. Але яму ўвесь час карцела зайсці ў якую-небудзь закусачную, і ён зайшоў у першую, што трапілася на яго шляху. Гэта быў чыгуначны вагон, перароблены з прэтэнзіяй на стыль «рэтра» ў нешта тыпу вагона-рэстарана.

Клайв замовіў біфштэкс на булачцы і кубак кавы. Па суседству з ім сядзелі два мужчыны — на выгляд тыповыя жыхары Захаду ў сваіх каўбойскіх ботах і даволі зашмальцаваных капелюшах з шырокімі палямі. «Можа, адзін з іх шэрыф», — падумаў Клайв. Але яны гутарылі, расцягваючы кожнае слова, наконт нейкіх надзелаў зямлі. Яны сядзелі, схіліўшыся над сваімі біфштэксамі і кубкамі з кавай, так блізка, што адзін нават дакранаўся локцямі Клайва. Клайв перачытваў газеты, абапёршы іх аб скрынку з папяровымі сурвэткамі.

Аднаму мужчыну спатрэбілася сурвэтка, і ён перарваў Клайву чытанне, але той усміхнуўся і спытаў прыязна:

— Вы чыталі пра забойствы ў васковым музеі?

Чалавек, здавалася, спачатку не зразумеў пытання, а потым адказаў:

— Ага, бачыў загалоўкі.

— Нехта забіў трох чалавек, што там працавалі. Зірніце.

У адной газеце была фатаграфія, але яна не вельмі падабалася Клайву, бо трупы на ёй былі складзены ў рад. Яму больш спадабаўся б здымак Мілдрэд у ванне.

— Так, — адгукнуўся жыхар Захаду, адсоўваючыся ад Клайва, нібы той нечым яму не спадабаўся.

— Трупы былі размешчаны сярод экспанатаў. Як васковыя фігуры. Тут пра гэта напісана, вось толькі здымкаў няма, — працягваў Клайв.

— Вось як, — адгукнуўся жыхар Захаду і зноў пачаў есці.

Клайва ахапіла пачуццё расчаравання і нават абражанасці. Ён крыху пачырванеў і зноў утаропіўся ў газету. На самай справе, у ягонай душы закіпала злосць, ад якой сэрца пачало біцца ўсё часцей, як гэта здаралася кожны раз, калі ён праходзіў каля «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО», хоць, на гэты раз, адчуванне было не зусім прыемнае.

Клайв, аднак, прымусіў сябе ўсміхнуцца і зноў звярнуўся да свайго суседа злева:

— Я завёў пра гэта гаворку, таму што гэта зрабіў я. Гэта справа маіх рук. — Ён ткнуў пальцам у фотаздымак з трупамі.

— Слухай, хлопча, — абыякавым тонам сказаў каўбой, — займіся ты сваімі справамі. Дамовіліся? Мы да цябе не чапляемся, дык і ты адчапіся ад нас. — Ён засмяяўся, глянуўшы на свайго суразмоўцу.

Той уважліва глядзеў на Клайва, але адразу ж адвёў вочы, калі сустрэўся з ім позіркам. Атрымаўся двайны адпор, дастаткова моцны для Клайва. Ён дастаў з кішэні грошы і расплаціўся за недаедзеную вячэру даляравай паперкай. Пакінуўшы рэшту, ён накіраваўся да аўтаматычных дзвярэй на выхадзе.

— Але, ведаеш, можа, хлопец не жартуе, — даляцеў да Клайва голас аднаго мужчыны.

— А я і не жартую! — сказаў, павярнуўшыся, Клайв і знік у начы.

Ён пераначаваў у інтэрнаце Хрысціянскага саюза моладзі. На наступны дзень Клайв быў ужо напалову ўпэўнены, што яго затрымае першы ж патрульны паліцэйскі, але той прайшоў міма. Ён пад'ехаў да другога мястэчка, што знаходзілася ў напрамку яго горада. У той дзень у газетах не згадвалася яго прозвішча і нічога не пісалася наконт таго, ці натрапіла паліцыя на які-небудзь след. У другой кавярне вечарам таго ж дня адбылася аналагічная размова паміж Клайвам і двума хлопцамі яго ўзросту. Яны не паверылі. «Дурні», — адзначыў сам сабе Клайв, падумаўшы, аднак, што тыя маглі зрабіць выгляд, што не вераць. Ці гаварылі няшчыра.

Клайв дабраўся з перасадкамі да свайго горада і адразу ж пайшоў да паліцэйскага ўчастка. Яму было цікава ведаць, што скажуць там. Ён уяўляў, што скажа маці пасля таго, як ён прызнаецца. Відаць, тое самае, што часам гаварыла сваім сяброўкам, ці тое, што гаварыла паліцэйскаму, калі ў шаснаццаць год ён украў машыну.

— Клайв змяніўся пасля таго, як нас кінуў яго бацька. Я ведаю, што ў доме павінен быць мужчына, каб Клайву было на каго раўняцца, з каго браць прыклад. Мне гэта людзі часта гавораць. Гадоў з чатырнаццаці ён пачаў задаваць мне пытанні: «Усё-такі хто ж я?» альбо «Магу я лічыць сябе асобай, мама?»

Клайв лёгка ўяўляў, як бы яна выглядала і што б гаварыла ў паліцыі.

— Мне трэба зрабіць важнае прызнанне, — звярнуўся Клайв да паліцэйскага за пярэднім сталом.

На думку Клайва, да яго слоў той паставіўся груба і з падазронасцю, тым не менш яму сказалі зайсці ў кабінет, дзе з ім размаўляў сівы афіцэр з тлустым тварам. Клайв вылажыў яму ўсю гісторыю.

— У якой школе, Клайв, ты вучышся?

— Я не хаджу ў школу. Мне васемнаццаць год. — Клайв расказаў паліцэйскаму пра сваю работу ў прадуктовай краме Сіманса.

— Клайв, сапраўды існуюць прычыны для занепакоенасці, але не тыя, пра якія ты зараз расказваеш, — сказаў паліцэйскі.

Клайву сказалі пачакаць у адным з пакояў, куды прыкладна праз паўгадзіны прывялі псіхіятра. Потым маці. Клайв усё больш і больш губляў цярпенне. Яму не верылі. Гаварылі, што гэта тыповы выпадак ілжэпрызнання з мэтай звярнуць на сябе ўвагу. Неаднаразовыя заявы маці пра яго пытанні накшталт: «Магу я лічыць сябе асобай?» і «Усё ж такі хто я такі?», здаецца, былі ўспрыняты менавіта як пацвярджэнне высноў, да якіх прыйшлі псіхіятр і паліцыя.

Клайву было загадана двойчы на тыдзень хадзіць кудысьці на курс псіхатэрапіі. Гэта яго раззлавала. Адмовіўшыся вярнуцца да працы ў краме Сіманса, ён знайшоў месца рассыльнага ў другім месцы, бо любіў мець крыху кішэнных грошай, там ён і працаваў, хутка дастаўляючы заказы на сваім ровары і дакладна адлічваючы рэшту.

— Ну, што, усё-такі не знайшлі забойцу? — пытаў ён псіхіятра з паліцыі. — Такога статка аслоў, як вы, я ніколі ў жыцці не бачыў!

— Не варта так размаўляць з людзьмі, хлопча, — супакойваў яго псіхіятр.

— Зусім звычайныя незнаёмыя ў Індыяне сказалі: «Можа, гэты хлопец не жартуе?» У іх было больш розуму, чым у вас!

Псіхіятр у адказ толькі ўсміхаўся.

Душа Клайва смылела. Адна рэч магла дапамагчы даказаць праўдзівасць расказанай ім гісторыі — гальштук Вудра Вільсана, што па-ранейшаму вісеў у яго шафе. Але гэтыя дурныя вароны не заслугоўвалі таго, каб ім паказваць гэты гальштук. Нават калі вячэраў з маці, ішоў у кіно ці развозіў пакупкі, ён строіў планы. У наступны раз ён здзейсніць што-небудзь больш значнае — скажам, распачне пажар унутры вялікага будынка, ці падложыць куды-небудзь бомбу, альбо забярэцца з кулямётам на верх якога-небудзь гмаха і пашле падарунак тым, хто ўнізе. Прыстрэліць чалавек сто — не менш, а то і тысячу. Хай лезуць туды па яго. Тады ўжо яны павераць. Тады ўжо ён будзе для іх рэальна існуючая асоба, асоба, якая заслужыла права быць увасобленай у «ВАСКОВЫМ МУЗЕІ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО».



Пераклад: Уладзімір Шчасны