epub
 
падключыць
слоўнікі

Паўлюк Багрым

Зайграй, зайграй, хлопча малы...

Зайграй, зайграй, хлопча малы,

І ў скрыпачку, і ў цымбалы,

А я зайграю ў дуду,

Бо ў Крошыне жыць не буду.

 

Бо ў Крошыне пан сярдзіты,

Бацька кіямі забіты,

Маці тужыць, сястра плача:

«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»

 

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!

Пайду ў сьвет, у бездарожжа,

У ваўкалака абярнуся,

З шчасьцем на вас азірнуся.

 

Будзь здарова, маці міла!

Каб мяне ты не радзіла,

Каб мяне ты не карміла,

Шчасьліўшая ты бы была!

 

Каб я каршуном радзіўся,

Я бы без паноў абыўся:

У паншчыну б не пагналі,

У рэкруты б не забралі

І ў маскалі не аддалі.

 

Мне пастушком век ня быці,

А ў маскалях трудна жыці,

А я і расьці баюся,

Дзе ж я, бедны, абярнуся?

 

Ой, кажане, кажане!

Чаму ж ня сеў ты на мяне?

Каб я большы не падрос

Ды ад бацькавых калёс.

 


1828?

Тэкст падаецца паводле выдання: Паўлюк Багрым / пад рэд. А. Сабалеўскага; склад. В. Ляшук, А. Майсейчык; прадм. А. Сабалеўскага. - Мінск: Навука і тэхніка, 1994.