epub
 
падключыць
слоўнікі

Павал Севярынец

Пакаленьне Маладога Фронту

Гісторыя моладзі, народжанай у 1970-85гг

Прадмова
  Беларусь у маладосьці
Частка 1
  Дзеці пераменаў
  Народжаныя да перабудовы (1970 - 1985 гг.)
  Вольная воля (1985 - 1991гг.)
  Па-над прорвай (1989-1992гг.)
  Маўчаньне моладзі (1992-1995 гг.)
Частка 2
  Малады Фронт на вуліцах
  Вясна-96 (1996)
  1997: Моладзь наступае (1997)
  БПСМ, міліцыя, войска (1997)
  Малады Фронт (1997)
Частка 3
  Выбар генэрацыі-2000
  Радыкалізм па-беларуску (1997-1999)
  Субкультуры, гульбішча й Няміга (1998 – 1999)
  Асьветніцтва: бум NGO, шоў Беларушчыны і ды-джэі адраджэньня (1998-1999)
  Пакаленьне падымаюць хрысьцiяне (1999)
  Кульмінацыя – 2000 (2000)
Частка 4
  Новае пакаленьне ў новым тысячагодзьдзі
  Моладзь робіць палітыку (2000-2001)
  Прэзыдэнцкая кампанія – 2001 (2001)
  Моладзь абараняе курапаты
  Беларусь – у Эўропу! (2002)
  Пакаленьне, якое стварае нацыю


Прадмова

 

Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы кнігі Ўправе Маладога Фронту: Вікторыі Дышлевіч, Ліі Кійко, Юлі Кручынінай, Алесю Тарасевічу, Віталю Кошалеву. Кансультантам: Вячаславу Сіўчыку і Аляксею Шэіну. Прафэсару, доктару сацыялягічных навук, дырэктару Незалежнага Інстытута Сацыяльна-Эканамічных і Палітычных Дасьледваньняў Алегу Манаеву, і кандыдату эканамічных навук, намесьніку дырэктара НІСЭПД Аляксандру Саснову. А таксама: Генадзю Быкаву, Сяргею Сахараву, Сяргею Касьцюкевічу, Артуру Фінькевічу, Сяргею Хінейку, Максу Мігалю, Сержуку Лісічонку й Барысу Гарэцкаму.

 

"ПАКАЛЕНЬНЕ МАЛАДОГА ФРОНТУ" - асэнсаваньне фэномэну моладзі Беларусі, народжанай у 1970-85 гг. Пакаленьне краху камунізму, дэклярацыі незалежнасьці й дыктатуры Лукашэнкі выходзіла на вуліцы ўвесну 1996-га і стварала Малады Фронт, кансьпіравалася ў падпольлі й займалася шоў-бізнэсам, прападала ў субкультурах і гінула ў правале Нямігі, абараняла Курапаты й ішло да Хрыста.

Хто яны - пакаленьне Івана Іванкова й Макса Мірнага, Севы Янчэўскага й Зьміцера Завадзкага, Паўла Мажэйкі й Аляксандра Старыкевіча? Дзеці СССР, юнацтва перабудовы, моладзь незалежнасьці? "Дзеці хлусьні", БПСМ, РНЕ, наркаманіі й крыміналу? Генэрацыя мітынговых байцоў і Ды-джэяў Адраджэньня, палітычных рухаў і хрысьціянскіх грамадаў?

2-мільённае пакаленьне - 2000 - велізарны зарад пераменаў, жывы бар'ер між савецкім састарэлым грамадзтвам і нацыяй Адраджэньня на самай мяжы новага тысячагодзьдзя. Гэта Малады Фронт веры, любові й свабоды, які праз спакусы й пакуты ідзе да Новае Беларусі. Гэта - заўтра нашае краіны.

"Пакаленьне Маладога Фронту" - не мастацкая літаратура, ня хроніка й не публіцыстыка. Гэта гісторыя. ГІСТОРЫЯ БУДУЧЫНІ БЕЛАРУСІ.

 

Ахвярую ўсім тым, хто народжаны ў 1970-85гг.

 

Беларусь у маладосьці

 

Узноўленая беларуская дзяржава перажывае пару маладосьці.

Здаецца, зусім нядаўна было і шчасьлівае дзяцінства з гульнямі ва ўсеагульную дэмакратыю, калі дазвалялася амаль усё, і падлеткавыя праблемы, якія зараз выглядаюць сьмешнымі, і колішні юнацкі максімалізм. А цяпер - сталеньне ў сур'ёзных сутыкненьнях зь вялікім жыцьцём, з сапраўдным злом, з усьведамленьнем усёй сваёй сілы й слабасьці. МАЛАДОСЬЦЬ. Адказ на пытаньне: быць ці ня быць. Фармуецца характар, складваецца асоба, спасьцігаецца сэнс жыцьця, і робіцца ясна, ці адбудзецца дзяржава, ці здасца.

Пакаленьне моладзі, што вырастала й мужнела разам зь беларускім незалежніцкім рухам канца ХХ - пачатку ХХІ стагодзьдзяў, уяўляе сабой унікальны корпус грамадзтва. Гэта - двухмільённы мост у будучыню, зь якога відаць і нядаўнія правалы, і далёкую пэрспэктыву. Маладыя, якім у 2000-м споўнілася ад 14-ці да 30-ці гадоў, перажылі гіганцкія трансфармацыі найноўшае гісторыі зь пераламленьнямі ва ўласных лёсах і сьветапоглядах - і таемныя коды Творцы ўжо закладзеныя ў іх, як гадзіньнікавыя мэханізмы. Заканамернасьці й абрысы будучых соцыюмаў, палітычны прарыў й эканамічны цуд, невіданыя тэхналёгіі й добра забытыя ідэі - усе вобразы заўтрашняе Беларусі заключаюцца ў ПАКАЛЕНЬНІ, НАРОДЖАНЫМ ДА ПЕРАБУДОВЫ, у 1970-85 гадах.

Гэта сымбалічна, што моладзь пакаленьня - 2000 нарадзілася ў СССР роўна да перабудовы: з 1970 па 1985гг. Часовы інтэрвал унікальны: менавіта гэтае пакаленьне, што станавілася на ногі й сталела якраз у пэрыяд бурных пераменаў, у эпоху разбурэньня савецкае сыстэмы, сёньня аказваецца ўдарнай хваляй падтрымкі рэформаў, незалежнасьці Беларусі й Адраджэньня. Абарот "да перабудовы" мае свой ёмісты падтэкст: 14-30-ці-гадовыя маладыя нарадзіліся ня толькі перад перабудовай - яны зьявіліся на сьвет для перабудовы. Такое ўражаньне, што ідэя рэфармацыі грамадзтва ў гэтых неспакойных, моцных і засяроджаных маладых людзей у крыві.

І насамрэч, разьвіцьцё пакаленьня 70х - пачатку 80х адбывалася ў няспынным грамадзка-палітычным руху, на маршы падзеяў, у каскадах гістарычных пераменаў. Большасьць пасьпела пабываць "акцябратамі" й цімураўцамі - праўда, ужо тады пачынала ўпотай глядзець відакі й смактаць замежныя жуйкі; прыблізна палова ўступіла ў піянэры, каб праз год-два з трэскам "выступіць", і ўжо нямногія засьпелі жывы камсамол - бо ў гэты час "з гарла" упіваліся поўнай свабодай. Незалежнасьць Беларусі, усталяваньне дыктатуры й фэерыя міленіюму... Перад намі, як на экране, у пераўтварэньнях і выпрабаваньнях усе апошнія 18 гадоў праходзіла пакаленьне 1970-85х гадоў - і пастаянна аказвалася ў цэнтры падзеяў і ў максымумах амплітудаў.

Пакаленьне Маладога Фронту, якое нарадзілася ў СССР, перажыла крах Імпэрыі зла, эйфарыю свабоды, эпоху незалежнасьці й дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, заключае ў сабе ўсю сілу, драматызм і напругу бурлівага часу. Пакаленьне мяжы тысячагодзьдзяў, кульмінацыяй у маладосьці якога стала 2000-годзьдзе ад нараджэньня Хрыста, набыла гіганцкі духовы зарад. Аграмадны дыяпазон зьменаў, шалёная дынаміка часу з паскарэньнем да піку 2000-га й віртуальнае ўспрыманьне сьвету праз тэлевізію й Інтэрнэт зрабілі маладзевую генэрацыю сапраўдным пакаленьнем новага тысячагодзьдзя. Вера, любоў і імкненьне да свабоды гэтае моладзі настолькі ж моцныя, як яе злосьць ці нянавісьць.

Пакаленьні такога кшталту засноўвалі Амэрыку, падымалі пакаянную Нямеччыну пасьля ІІ Сусьветнай, узнаўлялі Ізраіль, скаланалі усю плянэту рок-хваляй 60х. Усе жарсьці, болі й надзеі нацыі сканцэнтраваныя ў гэтых двух мільёнах маладых.

Менавіта такое пакаленьне распачынае эпоху новае гісторыі Беларусі.

Ува ўсім сьвеце іх называюць ПАКАЛЕНЬНЕМ - 2000. Пакаленьне -2000 - гэта тыя, каму на самым разломе тысячагодзьдзяў, у пік міленіюму, споўнілася ад 14-ці да 30-ці. Тыя, чыя бурлівая маладосьць, як лінія фронту, падзяліла эпохі. Пакаленьне 2000 - гэта і глябальныя кампутароўшчыкі, гледачы MTV й спажыўцы "кока-колы" - і антыглябалісты, якіх баяцца ўсе ўрады плянэты; большасьць удзельнікаў апошняга чэмпіянату сьвету па футболе - і асноўная частка злачынцаў на постсавецкае прасторы; "Отпор", што зваліў рэжым Мілошавіча - і скінхэды, што зьбіваюць імігрантаў на вуліцах эўрапейскіх гарадоў; афганскі студэнцкі "Талібан" - і тыя маладыя мэнэджэры, надзея амэрыканскае эканомікі, што загінулі ў ню-ёрскіх вежах-блізьнятах 11 верасьня. Закату Эўропы й канца гісторыі не адбылося. Прыйшло пакаленьне - 2000.

Іх называюць GENERATION "X". Пакаленьне - Ікс, пакаленьне невядомых, пакаленьне пераменных. Пакаленьне самых грандыёзных пераменаў у гісторыі чалавецтва. Падзел паміж страшным ХХ і фантастычным ХХІ. Пакаленьне "Х" - знак таямнічых храмасомаў будучыні, генэтычны код наступных стагодзьдзяў. Пакаленьне аграмаднага патэнцыялу, якое перамнажае высілкі ўсіх мінулых часоў. Пакаленьне іксаў, расстаўленых у самых нечаканых і ключавых момантах сучаснасьці. Generation "X" - пакаленьне пераменных, якія, згодна закону вечных лічбаў, імкнуцца да пастаянных, тояць звышнатуральныя цуды й шукаюць абсалютную, нязьменную Ісьціну.

Бо галоўнае значэньне пакаленьня Х, пакаленьня-2000 - выявіць сэнс і праўду жыцьця ў эпоху пераменаў, глябалізацыі й Інтэрнэту, мікрабіялёгіі й космасу, сусьветнага тэрарызму і клянаваньня. Ісьціну - празь 2000 гадоў пасьля прышэсьця ў гэты сьвет Ісуса Хрыста. Што гэта будзе - апошняя генэрацыя пустых душаў, гатовых выбухнуць зарадам вакуумнае бомбы - ці пакаленьне, якое першым адчуе родную зямлю пад нагамі й Царства Нябеснае па-над сабой?

Пакаленьне перабудовы - гэта бэбі-бум застойнага СССР, дзеці тых, хто паверыў, што сёньняшняе пакаленьне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме. Дзякуй Богу, наступнае пакаленьне камунізм такі-перажыло. З 1970г да 1985-га нараджальнасьць непарыўна нарастала - толькі пасьля перабудовы, з Чарнобылем і дэфіцытам, рэзка ўпала.

Гэта яшчэ адна акалічнасьць, якая пабуджае нас вельмі ўважліва й пільна прыгледзецца да пакаленьня пераменаў: за ім - велізарная дэмаграфічная яма. Паводле вынікаў перапісу-99, колькасьць дзяцей за апошнія 10 гадоў у Беларусі скарацілася на 42%. Заўтра ў школах будзе пуста. А нараджальнасьць працягвае падаць: на кожных 100 народжаных сёньня прыпадае каля 150 памёрлых*. Дзеці 1970-85гг. - апошняя на бліжэйшую будучыню маладзёвая хваля, якая можа ажыцьцявіць сабою поўнамаштабовую рэфармацыю ўсяго грамадзтва. Заўтра столькі маладых у Беларусі ўжо проста ня будзе.

* Вынікі Перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь, 1999г.

А сёньня ў краіне сапраўды вельмі шмат моладзі. Гэта заўважаюць усе: на вуліцах і кіно, на стадыёнах і мітынгах - адно маладыя.

Новае пакаленьне - гэта суцэльная ўспышка яркіх фэномэнаў: ад Маладога Фронту да скінхэдаў, ад 200-тысячнага БПСМу да газэты "Навінкі", з фаервэркам субкультураў і пляядамі вундэркіндаў. Пакаленьне, якое душылася ў Нямізе й абараняла Курапаты, масава абрынулася ў крымінал і наркаманію - і настолькі ж масава хлынула ў незалежніцкі рух і эвангельскія цэрквы.

Генэрацыя - 2000 нараджалася яшчэ ў самай чытаючай краіне сьвету й пачынала з кнігаў. Але прагрэс, здавалася, імкнуўся да вэртыкальнага ўзьлёту. Дзеці пераменаў асвойвалі магнітафон, лічбавую тэлевізію, CD-плэер, пэрсанальны кампутар - і на мяжы тысячагодзяў выйшлі ў Інтэрнэт, са смутнай музыкай у эфіры Fm і трывожнымі пазыўнымі навінаў.

Гэта пакаленьне інфармацыйнае цывілізацыі, якую з поўным правам можна назваць ТЭЛЕВІЗАЦЫЯЙ. Генэрацыя, народжаная яшчэ ў эпоху чорна-белае тэлевізіі, сёньня існуе ў рэальнасьці кліпаў, рэклямы й тэле-шоў, а пра таямніцы душы мяркуе поводле лепшых галівудзкіх фільмаў.

Яны глядзяць у сьвет, быццам у тэлевізар.

Пакаленьне Маладога Фронту - гэта велізарны зарад, патэнцыял пераменаў, небывалы дынамізм і вялізны размах; пакаленьне наколькі волевае, настолькі й разьняволенае. Гэта не пакаленьне, а цэлы далягляд. Гэта - СУПЭРМОЛАДЗЬ.

Пакаленьне Маладога Фронту - дзеці вясковых бацькоў, народжаныя ўжо ў гарадох. Як у Бібліі, дзе ўсё пачынаецца зь вясковага раю Эдэму і завяршаецца ў гарадзкім раі нябёснага Ерузаліму - пакаленьне-2000 стала сымбалем новай гарадзкой Беларусі.

Пакаленьне Маладога Фронту - гэта нябачны фронт часоў Айчыннае вайны. Хваля дэмаграфічнага правалу ад забітых у гады вайны накрыла 70я - і моладзь пераменаў нараджалася, каб жыць і за сябе, і за тых хлопцаў. Тых, чый род спыніўся на фронтах ІІ Сусьветнай, у 1939-45гг.

Гэта сапраўды пакаленьне ФРОНТУ, якое зь дзяцінства выхоўвалі на вайсковае героіцы - ад "Маладой Гвардыі" да Васіля Быкава, - якое захоплена глядзела ўсе баевікі ад "Зорных войнаў" да "Пэрл-Харбара", у юнацтве якога грымеў Народны Фронт і якое ніколі не пераставала гуляцца ў вайну. Пакаленьне - 2000 проста памяняла дапрызыўную падрыхтоўку й чаканьне Аўганістану на дэманстрацыі й "партызанскую" NRM. Есьць у гэтым штосьці франтавое. Ды што там - ўвогуле франтальнае.

Для Беларусі, чыю гісторыю апошняга часу фармавалі фронты, чыё надвор'е ўвесьчас мяняюць фронты, чыя нацыянальная ідэя, нарэшце, вызначалася Фронтам, новае пакаленьне прыйшло як МАЛАДЫ ФРОНТ.

Увогуле, Малады Фронт - найбольш моцны вобраз для ўсяго пакаленьня 1970-85гг. Менавіта Малады Фронт, эпіцэнтар і фокус новага пакаленьня, фармуляваў галоўныя лёзунгі пакаленьня: "Пераменаў!", "Горад - наш!", "Беларусь - гэта сьвятое", "Зрабі прэзыдэнта!", "Люблю Беларусь!". Малады Фронт выканаў ролю рэзэрвуару, зь якога моладзь напаўняла іншыя партыі, аб'яднаньні і NGO. Менавіта Малады Фронт стаў лідэрам маладога руху Адраджэньня.

ПАКАЛЕНЬНЕ МАЛАДОГА ФРОНТУ - гэта першае пакаленьне беларускае незалежнасьці: бел-чырвона-белага сьцягу й беларускамоўных школаў, Вясны-96 і абароны Курапатаў. Гэта - велізарная мяжа між савецкімі людзьмі й беларускай нацыяй. Гэта - Малады Фронт дэмакратычных рэформаў і эўрапейскае альтэрнатывы, фронт супраціўленьня дыктатуры й імпэрыі, злу й бездухоўнасьці ў дзяржаве й грамадзтве.

Пакаленьне Маладога Фронту - гэта ўзроставы вал, гіганцкі разлом у сыстэме каштоўнасьцяў і вызначальная храналагічная мяжа. Малады Фронт - наступ новай генэрацыі, якая адваёўвае Беларусь. З кожнай хвілінай, з кожнай сэкундай, нястрымны, як сам час, ён паглынае ўсё новыя прасторы і набіраецца моцы. Ён накатвае з такой сілай, зь якой круціцца Зямля.

Новае пакаленьне - гэта моладзь, сымбалем якой сталася жахлівая цісканіна ў мэтро "НЯМІГА". Вобраз прорвы, у якую імкнуцца, забіваючы сябе, падлеткі, выяўляе ўвесь драматызм пакаленьня Маладога Фронту: абортаў больш, чым нараджэньняў, правал крыміналу й перапоўненыя малалеткамі камэры ў турмах, паўсюднае спойваньне й наркаманія, разбэшчанасьць і культ гвалту, акультызм і экстрэмізм, усе заразы й паразы гэтага сьвету, уся шырокая дарога, якой ідуць у пекла! Калі дзесяцігодзьдзе таму гэта пачыналася з 20-гадовых, дык у новае генэрацыі мяжа абвастрылася да крытычнай: 14-15 гадоў! Малады Фронт страху, бруду і болю прайшоў якраз тут, у гэтым пяшчотным юнацкім узросьце, у пачатку маладосьці зь яе гіпэрсэксуальнасьцю й жорсткасьцю, з рамантычнай уражлівасьцю й шырока расплюшчанымі вачыма.

І тым ня менш, пакаленьне Маладога Фронту - гэта найвялікшая маладзёвая хваля ў касьцёлах, праваслаўных храмах і пратэстанцкіх грамадах. Пакаленьне пакаяньня, што супрацьпастаўляе разгулу зла, нянавісьці й абыякавасьці Божую веру й любоў. Сапраўдны атмасфэрны фронт духу, што надыходзіць павольна, але ўпэўнена.

Урэшце рэшт, пакаленьне Маладога Фронту - гэта сапраўдны пералом, стратэгічная лінія, на якой сёньня змагаюцца імпэрыя й незалежнасьць, дыктатура і свабода, страх і вера. Гэта - лінія накалу, 2000oС у супрацьстаяньні пракляцьця і дабраславеньня. Пакаленьне Маладога Фронту - сучасная, рэальная, ЖЫВАЯ МЯЖА ў эпахальнай барацьбе мінулага й будучыні, зла й дабра, д'ябла і Бога.

ГЭТА - ПАКАЛЕНЬНЕ, ЯКОЕ СТВАРАЕ НАЦЫЮ.

 

Частка 1

Дзеці пераменаў

 

Гэтае пакаленьне нараджалася ў глыбіні імпэрыі зла, а пачынала хадзіць, размаўляць і вучыцца ў час эпахальных пераменаў. Яшчэ дзецьмі яны перажылі найвялікшыя пераўтварэньні ў гісторыі чалавецтва: з правінцыі таталітарнага СССР за жалезнай заслонай да незалежнай краіны ў самым сэрцы Эўропы. "Пераменаў!" - гэты вокліч увабраў усю сілу калясальнага зараду, закладзенага ў пакаленьне Маладога Фронту падзеямі перабудовы, нацыянальнага Адраджэньня, руйнаваньня камунізму й усталяваньня дзяржаўнае незалежнасьці. Пакаленьне-2000 зь дзяцінства ведала, што такое савецкія міфы, эйфарыя свабоды, прорва спакусаў і асэнсаваньне ўласнага "я" ў сумятні зьменлівага сьвету.

 

Народжаныя да перабудовы (1970 - 1985 гг.)

 

1970 год у Савецкім Саюзе пачаўся з Усесаюзнага перапісу насельніцтва. Так сымбалічна, са 100-гадовым юбілеем Леніна і прысуджэньнем Нобэлеўскай прэміі Салжаніцыну, стартавала новая генэрацыя - народжаныя да перабудовы.

Пакаленьне якому было наканавана стаць ударнай сілай незалежнасьці і рухавіком кардынальных пераменаў, зьявілася на сьвет з самага дна СССР. Пасля трывожных 60-х зь іх халоднай вайной і ядзернай пагрозай, і асьцярожнай паўзы пачатку 70-х нараджальнасьць у Савецкім Саюзе пачала паступова ўзрастаць, і да перабудовы дасягнула памераў буму. Абяцаньне хуткага камунізму, што мусіў надысьці недзе ў 80-х, кампаніі "барацьбы за мір", "разрадкі", "паскарэньня", "дагнаць і перагнаць Амерыку" у абстаноўцы застойнага спакою й саўковага дабрабыту, здабытага за нафтадаляры, справакавалі апошні буйны дэмаграфічны ўздым. У нетрах хрушчовак і брэжнеўскіх дзевяціпавярховых спальных раёнаў выбіралася з калысак пакаленьне, якое пахавае ўсе надзеі імперыі й стане заснавальнікам новай гісторыі на мяжы тысячагодзьдзяў.

Гэтае пакаленьне пачынала жыцьцё ўжо ў гарадох, куды бацькі перабраліся зь вёсак. Якраз у 70-я Беларусь, зборачны цэх СССР, канчаткова сфармавалася як урбанізаваная рэспубліка. Моладзь, якая ў 90-х будзе ўздымаць па-над дахамi бел-чырвона-белыя сьцягі пад лёзунгам "Горад-наш!", сапраўды зьяўлялася першым ў беларускай гісторыі пакаленьем гарадзкой большасьці.

Калі па выніках перапісу 1959г у Беларусі было 2481 тысячаў гараджанаў і 5575 тысячаў вяскоўцаў, дык ўжо ў 1970г у выніку міграцыі на працу і вучобу ў гарады суадносіны выглядалі як 3908 тыс. у горадзе - 5094 у вёсцы. Перапіс 1979г фіксуе , што гараджанаў ужо больш: 5263 тыс. на 4297 тыс. вяскоўцаў - якраз за кошт моладзі, народжанай у гарадах у 70-х. У 1989г доля гараджанаў склала ўжо 65%. Такім чынам, са зьяўленьнем аднаго толькі пакаленьня Беларусь стала гарадзкой*.

* Вынікі Ўсесаюзных перапісаў насельніцтва ў 1959, 1970, 1979, 1989гг. у Беларускай ССР; Дзяржкамстат БССР, 1990г.

Дзяцінства новае хвалі прайшло паміж кватэрай з абавязковай сьценкай, устаўленай кнігамі, з тэлевізарам (у 70-х чорна-белым, у 80-х каляровым) - і школай, дзе яшчэ прымалі ў акцябраты ды піянэры, вывучалі фізіку й хімію па фундамэнтальных праграмах абаронкі, а гісторыю па вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі й ня менш вялікай Айчыннай вайне. У гэтым пяшчотным узросьце шчасьце заключалася ў вафельным марозіве за 12 капеек, шклянцы трохкапеечнай газіроўкі зь сіропам з аўтаматаў, у дваровых калюжынах і гульнях у "шлёпікі", у салаце "аліўе" і шпротах на 1 траўня ды 7 лістапада, мэлёдыі "Зямля ў ілюмінатары", мульціках "Ну погоди!", фільмах "пра Шурыка" і вечнай праграме "Время", якую глядзелі ўсёй сям'ёй ("Добрый вечер!" - заводзіў бадзеры дыктар, - "Здравствуйте, товарищи!" - падхоплівала дыктарка).

Гэта было дзяцінства часоў усепаглынальнае афіцыйнае савецкае эстрады - ад Кабзона й Лешчанкі да Пугачовай і Ратару - з харавымі піянэрскімі сьпевамі зь фільмаў "Корцік" і "Госьці з будучыні" ды вайсковымі хітамі на занятках "пенія". Народжаныя ўжо пасьля рок-н-рольнага й хіпарскага піку, пасьля Вудстоку 1969-га, яны побач з бацькамі й старэйшымі братамі ўпотай слухалі "The Beatles", "Deep Purple", "Queen" - і яшчэ засьпелі інэрцыю грандыёзнае сусьветнае рокавае хвалі 60-х. Новая генэрацыя зьявілася на сьвет разам зь першым рэчытатывам рэпу (1970г), з рытмамі дыска (сярэдзіна 70-х), з абвалам панку (1974-76г), з фэерычным разгалінаваньнем року на -хард, -хэві, -трэш, -фольк і сотню іншых кірункаў (70-я - 80-я) - і, натуральна, з MTV (1981г)*.

* Даведнік "Рок:1955/91", "ТРИАЛ", Санкт-Пецярбург, 1992г.

Часьцей за ўсё яго называлі Сашам, Сяргеем, а яе - Ленай або Наташай. Бацькі, пасьляваеннае пакаленьне, што вырасла ў інтэрнатах ды камуналках, будаўнічых атрадах і на цаліне, у эпоху фізікаў, лірыкаў, лётчыкаў і касманаўтаў, нараджала іх для зорнага жыцьця. Усаджваючы малых сабе на плечы падчас першамайскае дэманстрацыі, бацькі верылі, што якраз яны і убачаць сьветлую будучыню - тое, дзеля чаго даводзілася столькі цярпець, ахвяравацца й марыць.

У гэтыя часы СССР сапраўды быў аграмаднай імпэрыяй з трыюмфальным самаадчуваньнем магутнасьці й непагрэшнасьці - такім, што малыя дзеткі ўставалі "на зважай" пры першых жа гуках гімну. Усе апошнія народжаныя ў СССР зь ясьляў памятаюць рабскае захапленьне, у якое прыводзілі гэтыя калясальныя маштабы, сусьветныя лозунгі й абсалютна гіпнатычная прапаганда. Ужо амаль нерухомы, Саюз яшчэ выхоўваў герояў. Марат Казей, Аляксандр Матросаў і Зоя Касмадзем'янская зараджалі новую генэрацыю жаданьнем зьдзяйсняць подзьвігі, падымаць сьцягі й гінуць за ідэю. Пакаленьне самых чытаючых у сьвеце дзяцей вучылася разьбіраць літары па буквары з Брэжневым і крамлёўскай вежай - і адразу атрымлівала напісаныя адмыслова для савецкіх школьнікаў кнігі: "Цімур і яго каманда", "Як закалялася сталь", "Маладая гвардыя".

Таталь ны савецкі атэізм, у атмасфэры якога вырасталі народжаныя да перабудовы, проста не пакідаў месца духовасьці. Навука, навуковыя крыніцы, навуковы камунізм, якія фактычна выконвалі функцыі рэлігіі, з самых першых гадоў арыентавалі дзяцей на спазнаньне матар'яльнага сьвету - і, між іншым, гэта давала пакаленьню фундамэнтальную базу практычных ведаў. Культ "спэцыялістаў", тэхнароў і акулярыкаў з энцыкляпэдычным кругаглядам, што потым знайшоў выйсьце ў бясконцых постсавецкіх інтэлектуальных гульнях і эпідэміях крыжаванак, закладаўся ў аснову герархіі каштоўнасьцяў. У выніку ў пытаньнях чалавечае душы, стасункаў, пачуцьцяў і сэнсу быцьця цэлага пакаленьня ўтвараўся гіганцкі вакуум: самага галоўнага гэтым дзецям не тлумачыў ніхто.

І дзеці пачыналі аглядацца навокал, і ўжо заўважалі нешта ня тое. А навокал былі аблупленыя сьцены й разьбіты асфальт, чэргі ў крамах і побытавая беднасьць, п'яныя дзядзькі й злыя цёткі, шкілеты іржавых мэталічных канструкцыяў і вулічныя ворагі з суседняга двара, імёны якіх дадавалі да вусьцішнае лічылкі: "плюнь тры раза, не мая зараза, не татава, не маміна, а толькі Гітлера..." Сьмецьце - колькі сьмецьця!.. І ўрэшце, школа, дзе вучылі зубрыць, зьдзекваліся й крыўдзілі на фізкультуры, дзе старшаклясьнікі трэсьлі капейкі, а якасьці асобы вызначаліся "двойкай" у дзёньнік ці "тройкай" за чвэрць. Падлеткі, абхапіўшы аберуч галаву, з жахам думалі пра школьныя іспыты й паступленьне ў інстытут - каб толькі ня ў войска са страшнай дзедаўшчынай і вайной у Афганістане! - пра галоднае, паводле анэкдотаў, студэнцтва, будзённую працу, працу, працу - усё дзеля таго, каб урэшце рэшт потым ціхонька выйсьці на пэнсыйную дваровую лавачку ў заношаным чорным паліто і пазіраць на вытаптаныя клюмбы нічога не выражаючымі сьлязьлівымі вачыма... Яны абыходзілі незразумелыя заводзкія аграмады, бабілёнскія вежы імпэрыі, адчувалі ўвесь бясконцы сум правінцыі, увесь холад Ледавітага акіяну, далечыню Далёкага Ўсходу й пустыннасьць Сярэдняе Азіі - і бачылі, што ўсё ня так. "Нет, ребята, всё не так", - хрыплаватая праўда жыцьця часам прабірала да дрыжыкаў, да касьцей, да нэрваў: "Хто мы?.. У чым сэнс?.. Няўжо гэта і ёсьць жыцьцё?!."

Успамінаюцца нашыя гульні - ад таемнага закопваньня кветкавых пялёсткаў ды фаньцікаў пад бутэлечныя шкельцы да мапаў, паходаў і прыдумваньня няісных дзяржаваў кшталту Швамбраніі. Новая генэрацыя інстынктыўна імкнулася вырвацца з гэтага застоенага жыцьця, з пустога, бяссэнсавага сьвету зь яго жорсткасьцю, несправядлівасьцю і нянавісьцю - "у самай лепшай краіне на плянэце."

Прадукты паўраспаду СССР, атрута ягонага гніеньня, надалі новаму пакаленьню моцны імунітэт ад саўковае хлусьні й фальшы, ад страху й нянавісьці. А гэта генэравала ўжо зусім іншую сьвядомасьць - тую, якая вызначае быцьцё.

Народжаныя да перабудовы ўжо адчувалі глябальны падспудны рух - час, які выносіў іх да іншае гісторыі. Час - ён адлічваў апошнія гады Савецкага Саюзу і ўсё хутчэй імкнуў да фантастычнага 2000-га году. Прагрэс дасягаў неверагодных вяршыняў тэхналёгіі, касьмічныя ракеты узьляталі, як пэтарды напярэдадні Новага году, а лічбы на калькулятарах, кампутарах і электронных гадзіньніках ператвараліся ў дзясятыя долі сэкунды - і каляндар перарастаў у захапляючы мэйнстрым набліжэньня іншага.

1985 год з выбраньнем маладога генсека Гарбачова і абвяшчэньнем Перабудовы распачаў новую эпоху гісторыі: руйнаваньне СССР, заканчэньне халоднай вайны і крах сусьветнай камуністычнай сыстэмы.

Паўсюдныя зьмены, ад якіх раптам пачало разьвідняць і сьвяжэць уваччу, адкрывалі для дзяцей 1970-85г цудоўны далягляд. Перабудова натхніла пакаленьне Маладога Фронту той энэргіяй і сілай, якія напаўняюць жыцьцё зьместам, усеахопным чаканьнем сьвята, што зьзяла дзесьці на мяжы тысячагодзьдзя, у мроіве 2000-га. Пакаленьне, народжанаму да перабудовы, давядзецца запамінаць, як гэта робіцца, каб ажыцьцяўляць ня менш сур'ёзнае змаганьне з сыстэмай, перабудову й Адраджэньне - ужо ў Беларусі новага тысячагодзьдзя.

Мода бацькоў, маладзёвая мода 70-х - падкрэсленная самотнасьць і індывідуальнасьць, хаваючыя вочы дымчатыя акуляры, касьмічныя матывы засяроджаных ідэалістаў - была знакам стоенае сілы, што напачатку 90-х разваліла камунізм. Сёньня, калі настальгія 70-х вяртаецца да пакаленьня-2000 разам з сучаснымі наваротамі кшталту мабільнікаў ды Інтэрнэту, і мода выяўляе ўсё тую ж характэрную адстароненасьць, якая ведае, што "гэта трэба мяняць" - можна сказаць з упэўненасьцю: Новая Перабудова абяцае быць ня менш уражвальнай.

 

Вольная воля (1985 - 1991гг.)

 

Падзеі 1985 - 91 гадоў аказалі найбольш моцны ўплыў на фармаваньне пакаленьня пераменаў. Гістарычна імгненнае ператварэньне таталітарнае імпэрыі ў адкрытае грамадзтва на 1/6 частцы сушы, найвялікшая лібэралізацыя за ўсю гісторыю чалавецтва, да таго ж сумешчаная зь небывалым паскарэньнем тэхналягічнага прагрэсу, адраджэньне нацыі й духовае абуджэньне - усё гэта за лічаныя гады зрабіла з новае генэрацыі найбуйнейшы жывы зарад. Менавіта ў гэтыя юначыя часы, у эпоху палітызаванасьці, гарачых спрэчак, легендарных трансьляцыяў са зьездаў і мітынгаў пакаленьне пераменаў сканцэнтравала ў сабе каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі й рынку. Далей іх зарад будзе спрацоўваць аўтаматычна. Падумаць толькі! - нарадзіцца ў нетрах сусьветнае цемры, каб пасьпець прачуць яе зло, убачыць крах самай страшнай и крывавай ідэалёгіі на зямлі, удыхнуць вольнае волі, сустрэць уварваньне цэлага сьвету, ацаніць позвы нацыянальнага пачуцьця і прысутнасьць звышнатуральнага ў сваім жыцьці - усе гэта ў самым ўражвальным і рамантычным ўзросьце, успрымаючы як заклік да дзеяньня! Эйфарыя поўнае свабоды - гэта насамрэч быў кайф.

І тыя, хто яшчэ толькі зьявіўся на сьвет, і тыя, хто ў свае 14-15 ўжо глядзеўся гэткім гаўрошам на мітынгах сярод бацькоў і старэйшых братоў, хто прымаў перамены ўсей сваей маленькай душой - ледзь маглі ўявіць, што гэта адно пачатак грандыёзных падзеяў, і ледзь здагадваліся, якія аграмадныя сьветапоглядныя рэвалюцыі яшчэ належыць ім перажыць.

Перабудова. Галоснасьць. Праўда пра Леніна й Сталіна, Курапаты і Чарнобыль. Гісторыя і экалёгія...

70-гадовы камуністычны міф у сьвядомасьці юнага пакаленьня рухнуў за лічаныя месяцы. Яшчэ ў разгар Перабудовы, у 1988-м, больш за 75% падлеткаў былі ўпэўненыя, што "Ленін - самы выбітны чалавек ўсіх часоў і народаў" - але ўжо напрыканцы 1989г. "савецкімі людзьмі" сябе лічылі толькі 20% зь іх. Да пачатку 1992г. фанатаў Ільіча і СССР сярод дзяцей практычна не засталося*.

* Апытаньні "Всесоюзного Центра Исследования Общественного Мнения" (ВЦИОМ) – 1987-92гг.

Успышкі ўзброеных канфліктаў у Алма-Аце, Карабаху, Фэргане, Абхазіі, Баку й Тбілісі, Прыдняпроўі й Асеціі давалі ў кватэрах сполахі жывога тэлеэфіру. Разломы растрэсквалі ўсе межы па пэрымэтры імпэрыі - і яшчэ мацней расколвалі масавую сьвядомасьць. Пакаленьне, прыведзенае ў стан боегатоўнасьці, прагна глядзела навіны з войнамі ў рэжыме рэальнага часу.

Якраз тады на савецкія тэлеэкраны выходзяць і жорсткія заходнія баевікі - "Рэмба", Брус Лі, "Спрут", "Тэрмінатар". Хто хоча зразумець, адкуль ў цяперашняй моладзі столькі адрэналіну й выбуховы байцоўскі характар - паспрабуйце пераглядзець найлепшыя галівудзкія рубкі ўперамешку з хронікамі гарачых кропак. Героямі юнакоў робяцца Арнольд Шварцнегер і Сыльвэстар Сталонэ. Адгэтуль і да канца 90-х "action" будзе найлюбімейшым жанрам пакаленьня Маладога Фронту.

Ударныя рытмы ўсе больш ракочуць у музыцы. "HMR" - хэві мэтал рок! - пішуць на сьценах дзеці пераменаў. Пратэст, крык скрозь рок, прарыў - і перамога! -- ад "Арыі" аж да "Крэйтара".

Ані бутафорская піянэрыя, ані разгублены камсамол былі проста ня ў стане ўтрымаць гэты фронт тынэйджэраў - і пачалі развальвацца.

Чарговае страсеньне скаланула пакаленьне, народжанае да перабудовы, у 1989 годзе: хваля аксамітных рэвалюцыяў у краінах Усходняе Эўропы, падзеньне камунізму, разбурэньне Бэрлінскае сьцяны й жалезнае заслоны толькі ўзмацнялі агульную эйфарыю пераменаў. Пра падзеі ў Польшчы, ГДР, Вугоршчыне, Чэхаславаччыне, Югаславіі, Баўгарыі дзеці глядзелі ў тэленавінах, раскрыўшы раты ад захапленьня. Пакаленьне Маладога Фронту канчаткова зразумела, што яму наканавана жыць у эру сусьветнага вызваленьня.

Нацыянальныя пачуцьці, якія ўвесь час праблісквалі ў фаервэрках канца 80-х, натуральна ўпісваліся ў кантэкст пераменаў, і таксама ўспрымаліся юнай хваляй як належнае. Калі напачатку зьявы беларускага руху выглядалі хіба што мілымі дробязямі, дык чым далей, тым усе важней для гэтых дзяцей рабілася незалежнасьць і беларушчына.

Бацькі і старэйшыя браты, якія ў 70-х заснавалі "Майстроўню" й нефармальныя гурткі, ўжо арганізоўвалі "Талаку", "Тутэйшых", "Паходню", "Узгор'е" - і многія дзеці й падлеткі якраз тады, на пачатковых пікетах і мітынгах асэнсавана выходзілі "за Беларусь". Гэтак жа, як калісьці на першамайскіх дэманстрацыях, цяпер - на бацькоўскіх плячох, або са сьцяжкамі наперадзе шэсьцяў, дабравольцамі на перадавой - яны хацелі першымі ўбачыць: што там, за пераменамі.

У 1988-89гг. пасьля разгону Дзядоў, Чарнобыльскага Шляху і ўтварэньня БНФ, пакаленьне Маладога Фронту захапляецца нацыянальным рухам. І ўжо на перадвыбарчых мітынгах БНФ, на рабочых страйках, на плошчы Незалежнасьці - вось яны, школьнікі зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі: "Жыве Беларусь!"

Дэклярацыю незалежнасьці 27 ліпеня 1990г., наданьне ей статусу канстытуцыйнага закону 25 жніўня 1991г. і прыняцьце ў якасьці дзяржаўнай нацыянальнае сымболікі з назвай краіны "Беларусь" у верасьні 91-га дзеці пераменаў сустрэлі на "ўра!"

А найбольш моцныя ўражаньні пакаленьне перабудовы, канечне, атрымала ў пераломным 1991-м годе. Пачатак са студзеньскімі падзеямі, тэлевежай і танкамі ў Вільнюсе - зусім блізка! - раскручваньне інфляцыі з адменай савецкіх капеек, шматтысячныя красавіцкія страйкі з аграмаднымі рабочымі калёнамі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, ГКЧП 19 жніўня...

Юнацтва хорам хварэла за дэмакратыю. Найвышэйшы пік пераможнае эйфарыі хтосьці зь сёньняшніх маладых сустрэў з бацькамі на плошчы Незалежнасьці, хтосьці - перад тэлевізарам з рэпартажамі аб трыюмфе Ельцына ў Маскве й Шушкевіча ў Менску. Крах КПСС, рэальнасць незалежнае Беларусі і зьнікненьне СССР 8 сьнежня 1991г., якія пакідалі ў разгубленасьці большасьць тагачаснага беларускага насельніцтва, у новага пакаленьня займалі дух: Ух ты! Капец саўку! Беларусь нашая!.. Уся краіна - для нас!

Бязьмежная свабода і цэлая новая краіна, нечакана атрыманая ў спадчыну - так, тут было ад чаго ускружыцца галовам.

Новае пакаленьне вучылася ў школе ў эпоху пераацэнкі каштоўнасьцяў, калі настаўніцы геаграфіі губляліся на мапе няіснага СССР, а гісторыкі проста не пасьпявалі за найноўшай гісторыяй. Новае пакаленьне было вельмі палітызаванае, і масава хварэла ня столькі за футбольную каманду, колькі за дэмакратыю, рынак, Ельцына й Пазьняка - супраць камуністаў і бюракратаў.

Школьнікі перабудовы былі прадастаўлены самі сабе - бо старэйшае разьняволенае грамадзтва ўжо займалася чаўночным бізнэсам, пошукам працы, штодзённым чытаньнем прэсы й праглядам навінаў. Свабода на полі цудаў канца 80-х пачатку 90-х стымулявала ў юных волю і самастойнасьць, якіх і быць не магло ў пакаленьня бацькоў. Асабісты выбар стылю жыцьця й будучае прафэсіі, увесьчасныя сыходы з дому і нечуванае свавольства толькі разахвочвалі пакаленьне пераменаў - колішнія кніжныя рамантыкі проста задыхнуліся б ад такое круцізны!

Народжаныя да перабудовы дружна рванулі ў рынак. Пачаўшы са школьных абменаў і зазнаўшы фарцу 80-х, яны пачалі зарабляць дробным гандлем і мыцьцём машынаў. Маладыя ішлі ў каапэратывы (на 1990г. у 6 тысячах беларускіх каапэратываў працавала ўжо больш 150 тыс. чалавек) ды ў прадпрымальнікі (на 1991г. зарэгістраваныя дзясяткі тысячаў)*. Дзецям пераменаў хацелася чагосьці большага, чым ліманад "Бураціна" й карамельныя цукеркі - і камэрцыя адкрывала ім сьвет "кока-колы", джынсаў, красовак ды выпіўкі, набытых за ўласныя грошы.

* "СССР в цифрах в 1990г.", "Фінансы й статыстыка" Дзяржкамстат СССР, Масква, 1991г.

Сэкцыі ўсходніх адзінаборстваў і дыскатэкі, касэты "Наўтылуса" й "Сэктара Газа", першыя кампутары й рэкляма на тэлевізіі, гандаль шмоткамі й ігральныя карты з порнакарцінкамі паглыналі тынэйджэраў куды больш, чым школьныя прадметы ці навука.

Іншымі словамі, кожны займаўся чым хацеў: хтосьці рыхтаваўся да кар̀еры, хтосьці шукаў гільзы ў кар̀еры, той займаўся каратэ, гэты фанацеў па DDT, хтось садзіўся за кампутар, а хтось на іглу, нехта капаўся ля сьметнага бачку, а нехта глядзеў парнуху па відаку - словам, пакаленьне, народжанае да перабудовы, бултыхнула ў гэты сьвет, цудоўны і разнастайны, шукаючы задавальненьняў і не асабліва задумваючыся.

Эфэкт кактэйлю - памяшаньня, зьменлівасьці, ўзбаўтанасьці - усяму юнаму грамадзтву ў гэты вірлівы час надавала яшчэ і геаграфічная інэрцыя: ад Менску да мястэчак ударная хваля навінаў, настрояў і модаў даходзіла празь некалькі тыдняў, і плыні, перакрываючыся, пасьпявалі шматкроць разгайдаць і ўзбаламуціць ўсё двухмільённае пакаленьне. Нефармалы хутка траплялі на марыхуану, тэхнары сьпіваліся, гопнікі ішлі ў крымінал, акулярыкі ператвараліся ў мэнэджараў, падлеткі мянялі мэталевыя "хайры" на рысачкі "а ля Цітамір" і, расчараваныя, перакваліфікоўваліся ў байкеры - здаецца, Найвышні адмыслова дазволіў гэтае супэрмоладзі скаштаваць усякае спакусы, усяго вострага й небяспечнага, каб яны нарэшце, зразумелі, што сэнс ня ў гэтым.

Ну, а хрысьціяне, якія блукалі па вуліцы зь Бібліяй і выступалі ў школьных актавых залях пад гітару...

Тады, на тле фантастычных падзеяў, аграмадных пераўтварэньняў і неверагодных чаканьняў, дзеці пераменаў не ўспрымалі іх сур'ёзна. Калі старэйшых, бацькоў і дзедаў, рэнэсанс канца 80-х са сьвятам хрышчэньня Русі (1988г.), аднаўленьнем храмаў і зьяўленьнем першых місіянераў, кранаў за душу - дык новаму пакаленьню, якое толькі ўступала ў жыцьце і адмаўлялася ад "рэлігіі", трэба было яшчэ шмат праз што прайсьці, каб прыйсьці да Ісуса Хрыста.

А пакуль двухмільеннае пакаленьне юных беларусаў, якое ледзь намацала родную зямлю пад нагамі і яшчэ не адчула Госпада Бога па над сабой, кайфавала на свабодзе і выбірала тысячу спакусаў.

Калі ў 92-м грымоты Вялікіх Пераменаў сьцішыліся, рассеяўся пыл і змоўклі ўсе песьні, каторых мы ня зналі, далейшая няўпэўненасьць і трывога за будучыню пабудзілі бацькоў зьвярнуць ўвагу на сваіх дзяцей.

Тое, што яны там убачылі, магло б выклікаць інфаркт.

 

 

 

 

Па-над прорвай (1989-1992гг.)

 

У школе пачатку 90-х падлеткi паўсюдна атрымлiвалi для пазакляснага чытаньня клясыку Сэлiнджэра - "Па-над прорвай у жыце". Мы чыталi, зьдзiўлялiся, наколькi падобна, i не разумелi. А тым часам па-над прорвай у жыцьцi замiрала амаль усё нашае пакаленьне.

Безагляднае пагружэньне у жыцьцё канца 80-тых - пачатку 90-х, поўнае свабоды й уседазволенасьцi, скончылася для юнага пакаленьня перабудовы катастрафiчна. Бяз досьведу, бязь меры, не зважаючы на бацькоў i ня ведаючы Бога, юныя душы аддалiся ўсяму апоенаму злу й разгульнаму грэху - зь iмпэтам i сiлаю, уласьцiвай генэрацыi вялiкiх пераменаў.

Менавiта у пачатку 90-х стаў вiдавочным адзiн жудасны эфэкт. Узрост, зь якога моладзь павальна iшла ў крымiнал, алькаголь i наркотыкi, у якiм пачыналiся забойствы, пранцы й аборты, рэзка абвалiўся зь 19-20 гадоў да 14-15. Да падлеткавае пары, яшчэ пяшчотнай i рамантычнай. Гэтую страшную мяжу штурмам узяла менавiта нашае двухмiльённае пакаленьне, народжанае да перабудовы.

Ува ўсiм грамадзтве падобныя працэсы iшлi таксама, але сярод маладых усё адбывалася ў некалькi разоў хутчэй -- значна больш моцна, жорстка й разбуральна. Бо яны рабiлi гэта з ахвотай i захапленьнем, самастойна i без тармазоў.

Цяпер можна проста жахнуцца, але тады у падлеткавых душах сапраўды не было нiчога. Агульная дэградацыя прайшлася па усiх каштоўнасных, сацыяльных i псыхалягiчных гiерархiях пакаленьня зь сiлаю шквалу. Мат - ужо як сродак не лаянкi, а камунiкацыi, - ахапiў усё юнацтва ад першаклясьнiка да асьпiранткi. Культ гвалту трымаў у страху школы й двары, гульнi й мары, жаданьнi i дачыненьнi. Прынцыпы прыстойнасьцi, адказнасьцi i справядлiвасьцi адышлі ў разрад нуднае маралi. Сыстэма каардынатаў вычэрпвалася сьцьверджаньнямi "добра тое, што добра для мяне", "я так хачу", "можна усё, што не забаронена - а забароненага няма". Пад'езды, вулiцы, тусоўкi, навучальныя установы й нават сем'i сталi рассаднiкамi злачыннасьцi, алькагалiзму й распусты.

Гэта была свабода зла.

Малалетнiх i моладзь прарвала у крымiнал - туды хлынулi сотнi тысячаў. Колiшнiя дваровыя бойкi й вышчымлiваньне грошай перарасталi у падлеткавыя банды, занятыя рабаўнiцтвам, i эпiдэмii крадзяжоў. Паўсюднае карыстаньне турэмным слэнгам зрабiлася, нароўнi з матам, нормай бытавога маўленьня. Юная крымiнальная хваля аказалася самай масавай за ўсю гiсторыю Беларусi. У 1990 годзе злачыннасьць сярод непаўнагадовых дасягнула пiку: звыш 15% злачынстваў зьдзейсьнiлi падлеткi да 18 гадоў. Каля 45% было на рахунку 18-30- гадовых - тых, з каго малыя бралi прыклад. Сярод асуджаных за 1990г аказалiся 14,6% малалетак (пры тым, што сярэдні паказьнік на працягу 80-х - 90-х не перавышаў 10%). Напачатку 90-х абсалютная колькасьць асуджаных крымiнальнікаў за кошт маладых, вырасла зь 15,9 тысячаў за год да 40-50 тысячаў (1994-95гг) - у 3 разы*! Кватэрныя ўзломы, хулiганствы, згвалтаваньнi, разбой i забойствы зьдзяйсьнялiся з характэрнай грубасьцю, жорсткасьцю й цынiзмам - апантана й самазабыўна. Гэтак жа - проста i жорстка - 18-20 гадовыя саплякi з калашнiкавымi 90-х расстрэльвалi ў старэйшых крымiнальных аўтарытэтаў. У крымiнал прыйшло "пакаленьне- беспредел".

* Дадзеныя Міністэрства Статыстыкі й Аналізу Рэспублікі Беларусь, "Рэспубліка Беларусь у лічбах", Менск, 1998г.

У 1989-92гг паўсюдны характар стала набываць наркаманiя. Пачаўшы з макавае саломкi й канопляў, моладзь новага пакаленьня хутка дабралася да гераiну й "хiмii". Цыганская й каўкаская сеткi збыту пачалi саступаць месца тутэйшай. Вы ведаеце, як "падсаджвалi на iглу" залатую моладзь? У сталiцы й буйных гарадох пачатку 90-х распаўсюднiкi адмыслова выходзiлi праз знаёмых на дзяцей багатых i уплывовых "продкаў": намэнклятуры, бiзнесоўцаў, творчае iнтэлiгенцыi. Бо гэтыя заплоцяць, i нiкуды ня дзенуцца. Нацыянальная элiта ўжо ў другiм пакаленьнi вырубалася iн'екцыямi. Хлусiла, крала, падманвала - i калолася, каб забывацца i прападаць. Колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамi, за пачатак 90-х вырасла ўсямёра*.

* Дадзеныя Міністэрства Статыстыкі й Аналізу Рэспублікі Беларусь, "Рэспубліка Беларусь у лічбах", Менск, 1998г.

На ўвесь сьвет грымнула выбуховая эпiдэмiя СНIДу у беларускiм Сьветлагорску: большасьць з 1300 заражаных аказалiся маладымi шпрыцавымi наркаманамi.

Дэпрэсii й нэрвовыя адхiленьнi, падаўленыя стрэсы й стоеныя вычварэньнi выклiкалi поўны развал у псыхалягiчнае сфэры. Псыхапаты i нэўрастэнiкi канца 90-х пачыналi вось тут, па-над прорвай. З крывавай жорсткасьцi па тэлеку, сэансаў Кашпiроўскага й Чумака, нашэсьця астралёгii й сатанiзму.

Узьнікненьне фанатаў было адной з асаблівасьцяў таго часу. Кумірамі, ідаламі моладзі масава рабіліся тэлегероі, акторы, сьпевакі, футбалісты. Юнае пакаленьне губляла не адно духовасьць, але й уласнае аблічча.

Праблемы? Праблемы глушылi гарэлкай. Ёй жа адзначалi падзеi, а падзеяў было так шмат. Пiць пачалi i школьнiкi, i дзяўчаты. "Ня п'еш?! Ты што , хворы?.." - зьдзiўлялiся, ды й цяпер зьдзiўляюцца маладыя. Краiна запомнiла гэтае пакаленьне нападпiтку, гурбай "з гарла" ў пад'езьдзе, п'яным на дыскатэцы або "з бадуна" па сьвятах. Гарэлку пiлi, быццам жыцьцё жылi. Выпiць - каб "адтапырыцца", адзначыць або проста палегчыць размову - о, гэта стала эпiцэнтрам пражытага дня i восьсю настрою. П'янка зрабiлася справай будзённай i звыклай. Школьнiкi з захапленьнем расказвалi, як кагосьцi ўчора званiтавала.

Але самыя страшныя рэчы тварылiся ў полавай сфэры. Маладзенькiя, зусiм яшчэ дзецi, хлопчыкi й дзяўчаткi спохапам, у запале, бессаромна спароўвалiся абы-дзе й абы з кiм. З усiх таямнiцаў працягу роду глумiлiся праз "экспэрымэнты", групавухi й вычварэньнi. У пачатку 90-х Мiнiстэрства аховы здароўя Беларусi адзначыла рэзкi скачок вэнэрычных хваробаў. З 274-х зафiксаваных у 1990 г. выпадкаў пранцаў у 1992 г. лiк пайшоў ужо на тысячы, а ў 1995 г. колькасьць вырасла ужо да 15355! Рост у дзясяткi разоў! Канечне ж, гэта яны - моладзь i падлеткi, пачынаючы з 12-14 гадовых*!

* Дадзеныя Міністэрства Статыстыкі й Аналізу Рэспублікі Беларусь, "Рэспубліка Беларусь у лічбах", Менск, 1998г.

У той час, калi першыя з пакаленьня пераменаў пачалi нараджаць самi, вакол панавалi распуста й развал эканомiкi. Цяжарная? Значыць, аборт. У 1992г толькi у Менску было зарэгiстравана 46 тысячаў абортаў - зробленых пераважна маладымi жанчынамi (15-22 гады)*. У вынiку ўжо напачатку 1993г у Беларусi пачалося дэмаграфiчнае ўбываньне насельнiцтва. Памiрала больш, чым нараджалася - такога у краiне не было з часоў вайны! Д'ябальскi генацыд, параўнальны па маштабах з татальнымi сталiнскiмi рэпрэсiямi цi ахвярамi рэвалюцыяў - дзясяткi тысячаў! - з самых чэраваў, з вантробамi, з крывёю вырываў наступнае пакаленьне, катаваў i калечыў нацыю.

* "Народная Газета" 27 студзеня 1993г. (№ 532)

Жахлiвая спустошанасьць, разгубленасьць, апатыя i страх - вось што заставалася пакаленьню, народжанаму для грандыёзных пераўтварэньняў. Iснаваньне у рэшце рэшт аказвалася бязмэтавым i бессэнсоўным. Моладзь дэградавала. Моладзь вешалася й труціла сябе. Моладзь выкiдвалася з вокнаў.

Гэтаму пакаленьню было ад чаго прыйсьцi ў роспач. Дзецi, якiя баялiся стаць хворымi пэнсіянэрамi зь невiдушчым позiркам i сьлязьлiвымi вачыма, ужо на мяжы паўналецьця тупа глядзелi у пусты сусьвет. Яны ўжо бачылi самае страшнае. Яны плакалi ад бясьсiлага адчаю i безвыходнасьцi.

Гэтаму пакаленьню было ў чым каяцца.

Ад поўнага правалу пакаленьне стрымалi тыя, хто меў мэту, надзею i веру - а такiх сярод юных было усё-такi шмат. Многiя знайшлi сябе ў незалежнае Беларусi, хтосьцi - у навуцы, хтосьцi - у культуры. Нехта заняўся бiзнэсам, нехта - спортам, нехта засеў за кнiжную спадчыну бацькоў. Нарэшце, якраз у канцы 80-х - напачатку 90-х для моладзi ўспыхнулi першыя хрысьцiянскiя агмянi: каталiцкiя суполкi ў Касьцёле Сьвятога Роха (адкуль затым выйшла палова элiты нацыянальнага маладзёвага руху), Чырвоным у Менску ды iншых у буйных гарадох; першыя пратэстанцкiя грамады, вунiяцкiя парафii й праваслаўныя гурткi. Скаўты й гайды, незалежнiкi й культурнiкi, iнтэлігенты й хрысьцiянскiя актывiсты не прымалi агульнага гвалту, разгулу й абсалютнай свабоды зла.

Менавiта iх прыклад утрымаў па-над прорваю цэлае пакаленьне. Напачатку 90-х такiх "прынцыповых" прынiжалi, над iмi сьмяялiся - у школе, двары, iнстытуце. Але ужо у сярэдзiне дзесяцiгодзьдзя якраз яны рабiлiся лiдэрамi й задавалi стандарт астатнiм. Дзецi пераменаў убачылi бездань, застылi - i азiрнулiся.

На мяжы 80-х - 90-х пакаленьне перабудовы акунулася ў самыя глыбiнi зла. Пагроза безданi адцяпер будзе з гэтым пакаленьнем назаўжды. Кожнага разу, як моладзь пераменаў пачне страчваць арыенціры - прорва ў жыце ужо будзе чакаць пад нагамi. I выбар памiж дабром i злом для гэтага зараджанага й рэзкага Маладога Фронту стане выбарам мiж найвышэйшымi вяршынямі й правалам да самага пекла.

 

Маўчаньне моладзі (1992-1995 гг.)

 

Імклівыя падзеі канца 80-х-пачатку 90-х разбурылі камунізм і адміністрацыйна-камандную сыстэму, усталявалі пераходную дэмакратыю й нейкае падабенства рынку; Беларусь атрымала незалежнасьць, а дзеці пераменаў - поўную свабоду. Але навокал - і гэта было дзіўна - усё засталося гэткім жа самым, звыклым, разваленым і састарэлым. Постсавецкім.

Наступныя некалькі гадоў грамадзтва пераасэнсоўвала сваё становішча й жыцьцё ў абсалютна новым, і адначасова тым жа самым сьвеце - і ў поўнай меры адчула расчараванасьць ды дэпрэсію будняў. Трэба было зноў працаваць і выконваць свае абавязкі. Эканамічныя цяжкасьці, трывожная няўпэўненасьць й агульная разгубленасьць надавалі гэтаму пэрыяду млявасьці й пэсімізму.

Моладзь такі эфэкт вяртаньня ў рэальнасьць прымусіў нарэшце агледзецца, моцна задумацца і пачаць ставіцца да ўласнага лёсу з ўсёй сур'ёзнасьцю. У першай палове 90-х старэйшым з пакаленьня перабудовы, ужо працуючым, пара было заводзіць сем'і, а малодшым, школьнікам - выбіраць прафэсію й рыхтавацца да паступленьня. Сьвята скончылася; вакол, аказваецца, сваёй хадой ішло сапраўднае жыцьцё, і яно выглядала далёка не такім цудоўным, як магло падацца напрыканцы 80-х.

Самым галоўным у гэты час было тое, што пакаленьне-2000 пачало ўсьведамляць сябе ў незалежнае Дзяржаве. Тое, што мы ўжо ня блізкая правінцыя Масквы, а свойская, самастойная, канкрэтная і спазнавальная краіна ў цэнтры Эўропы, са сваёй сталіцай, спортам, гісторыяй, мовай, культурай - гэта было нешта новенькае. Незалежнасьць многіх працьверазіла. Новы кантэкст сьвядомасьці, новыя магчымасьці ў сваёй дзяржаве, гонар за Беларусь абуджалі цікавасьць да гісторыі й мовы. Моладзь пераменаў, што мела моцную ўнутраную патрэбу ў новым, шукала вынікаў грандыёзных зьменаў, знаходзіла іх ва ўласнае беларускасьці.Згодна інэрцыі, пакаленьне Маладога Фронту як нацыянальнае сфармавалі ня столькі бурлівыя падзеі мяжы 80-х - 90-х гг; (тады моладзь хварэла за дэмакратыю увогуле і не асабліва задумвалася), а якраз насычаная хваля беларусізацыі ў першай палове 90-х.

Моладзь адкрывала для сябе беларускі рок, "Свабоду" і "Нашу Ніву", беларускую літаратуру й сярэднявечную гісторыю па-за школьнай праграмай, асэнсоўвала беларускую геаграфію і эканоміку, мяняла ў плянах паступленьняў Маскву і Піцер на Менск і абласныя цэнтры. Моцныя штуршкі патрыятызму надавалі моладзі Алімпіяда ў Барсэлоне 1992 г (зорны Віталь Шчэрба пасьля яе быў прызнаны лепшым спартоўцам сьвету), сусьветны чэмпіянат па лёгкай атлетыцы ў 1995-м у Гётэборгу (дзе Беларусь заняла 3-е каманднае месца, саступіўшы толькі ЗША і Нямеччыне), гучныя перамогі беларускіх біятляністаў, цяжкаатлетаў і гандбалістаў.

У 1992 годзе конкурс на беларускія аддзяленьні ВНУ быў ужо ў некалькі разоў большы, чым на расейскія. А імклівая беларусізацыя школаў, якая на некалькі гадоў ахапіла пакаленьне пераменаў, дала краіне найвялікшы ў найноўшае гісторыі пласт беларускамоўных навучэнцаў - каля 1 мільёна.

Значная частка пакаленьня Маладога Фронту ў першай палове 90-х ішла ў дробны бізнэс. Дзясяткі тысячаў 18-25 гадовых заняліся камэрцыяй самага рознага пляну і нароўні з 30-35 гадовымі склалі асноўную масу індывідуальных прадпрымальнікаў - гандляроў "Дынама", "Ждановічаў", "Камароўкі" ў Менску, прадуктовых ды рэчавых кірмашоў па ўсёй краіне. І ў той момант, калі ўвесь народ сярод цяжкасьцяў пераходнага пэрыяду яшчэ вагаўся паміж плянавай і рынкавай эканомікай (суадносіны былі блізкія да 50/50), дык моладзь адназначна выбірала рынак. Паводле даных Інстытута Сацыялёгіі Акадэміі Навук Беларусі, у 1993 г толькі 21% маладых падтрымлівалі плянавую гаспадарку. Абсалютная большасьць пакаленьня пераменаў (а моладзь 14-20 гадоў- амаль поўнасьцю) выступала за рынак*.

* "Знамя Юности", 7 ліпеня 1995г. (№ 12496)

Энэргічнае пакаленьне перабудовы было гатовае стаць лякаматывам эканамічных пераўтварэньняў - але ані ўрад, ані нацыянальныя сілы, ані маладзёвыя арганізацыі не змаглі яму нічым дапамагчы.

Трэба зазначыць, што на тле агульнага грамадзкага ўпадку й абыякавасьці, моладзь, пры ўсёй сваёй засяроджанасьці, пачувалася абсалютна па-іншаму: сьвежа, моцна й упэўнена. Апытаньне, праведзенае сярод юнага пакаленьня навукова-дасьледчым Інстытутам Працы і беларускай службай "Грамадзкая думка" у сярэдзіне 1993 г, высьветліла, што галоўнымі эмоцыямі ў моладзі першай паловы 90-х былі надзея - 36,7%, спакой - 22%, упэўненасьць - 13%. "Абыякавасьць" атрымала толькі 10,3%, "Крыўда" - 7,2%, "безвыходнасьць" - 5,2% - непараўнальна менш, чым у цэлым па грамадзтве*.

* "Народная Газета" 3 верасьня 1993г. (№ 686)

Праўда, знайсці сабе месца ў актыўным грамадзкім жыцьці з грамадным патэнцыялам пакаленьню пераменаў было вельмі складана. Палітызаванасьць схлынула, нацыянальны рух сьцішыўся. Беларускія маладзёвыя структуры знаходзіліся ў зачаткавым стане. Камсамолу, дыскрэдытаванага й разбуранага, ужо практычна не існавала. Пасьля абвалу на трыццатым зьездзе ЛКСМБ ў сьнежні 91-га яго рэшткі былі так-сяк згробленыя ў кучу пад шыльдай "Беларускі Саюз Моладзі" - дзеля працягу роду кіруючае наменклатуры й ашчаджэньня камсамольскіх кадраў у нетрах былое партыйнае маёмасьці. БСМ спрабаваў быў паўтарыць посьпех колішняга Саюзу Беларускай Моладзі часоў Другой сусьветнай вайны, але калі ў тадышняй абрэвіятуры "СБМ" цэнтральным паняцьцем было "Беларускі",то ў цяперашнім - "Саюз", зразумела які, і таму ніякіх сурьёзных паказьнікаў, нават унушальных габарытаў, БСМу дасягнуць не ўдалося. Самымі значнымі справамі "саюзнага" дыназаўра сталі арганізацыя штогадовых летнікаў на колькі дзясяткаў пэрсонаў, пераважна з былога СССР, і ўцягваньне разам з сабою на дно папулярнае калісьці ў БССР газэты "Чырвоная зьмена".Такім чынам, ані інкубатара, ані прыстойнае стайкі для моладзі з БСМ ня выйшла.

Краязнаўцы ды экалягічны рух ужо пасьпелі здрабніцца на гурткі. Новапаўсталыя незалежніцкія маладзёвыя арганізацыі часьцей за ўсё ўяўлялі сабой групкі зь лічаных асобаў ці некалькіх дзясяткаў чалавек. Частку зь іх пры сталых партыях стваралі старэйшыя таварышы, частку - энтузіясты, якім цікава было заняць справай нейкую юнацкую тусоўку. Гэтак, у менскіх ВНУ існавала колькі суполак Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў (Аляксей Глушко), створанага на хвалі 1989г, пры Сацыял-Дэмакратычнае Грамадзе - "Маладая Грамада" Сяргея Марцалева. Прыкольная Партыя Аматараў Піва Андрэя Рамашэўскага разам з гэткай жа гумарыстай анархісцкай групоўкай "Чырвоны Жонд" Лёліка Ушкіна весялілі жыхароў некалькіх сталічных інтэрнатаў.

Таксама трэба сказаць, што менавіта моладзь складала асноўную частку Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў Міколы Статкевіча (БЗВ-паўвайсковае нацыянальнае арганізацыя І-й паловы 90-х) і Беларускай Партыі Свабоды (БПС) пад кіраўніцтвам Сержука Высоцкага.

Словам, пакуль маладзёвае грамадзкае жыцьцё масава не праяўлялася, юнаму беларусу даводзілася актыўнічаць самастойна і паасобку.

У гэтую ж ціхую пару 92-га ўва Ўправе БНФ Уладзімерам Несьцерам была заснавана Маладзёвая Фракцыя БНФ: студэнцкая тусоўка, зь якой празь некалькі гадоў выбухнуў Малады Фронт. Што цікава, у самім БНФ якраз тады была прадпрынятая самая сур'ёзная спроба ўнутранае трансфармацыі. Зянон Пазьняк і Юрась Хадыка - унікальны выпадак, калі абодва дзейнічалі аднадушна - прапанавалі ператварыць Фронт у хрысьціянскую дэмакратыю. Але 30 траўня 1993г, на Трэцім Праграмным зьездзе БНФ група "прагматыкаў" на чале зь Вінцуком Вячоркам заблякавала гэты праект. У выніку БНФ застаўся беспэрспэктыўнай структурай, пратэстнае апазыцыi. Далейшыя паразы беларускага руху на гэтым фронце сталі заканамерным вынікам 30 траўня 1993г. Ідэю нацыянальнага руху на хрысьціянскіх прынцыпах удасца ажыцьцявіць толькі празь сем гадоў, у 2000-м - ужо Маладому Фронту.

У 1993-м годзе апошнюю спробу рэваншу прадпрыняла камуністычная сыстэма. Хваля сутаргаў, за якімі пакаленьне пераменаў сачыла з усё ўзрастаючай трывогай, у кастрычніку выліліся ў крывавыя падзеі ў Маскве і прасавецкі шал у Менску. У тыя часы былі моманты, калі моладзi рабілася не па сабе: штурм Астанкіна, перамога Жырыноўскага ў Расеі, зьняцьцё Шушкевіча, першыя заявы Кебіча пра інтэграцыю.

Моладзь сталела. Хтосьці з галавой сыходзіў у вучобу, хтосьці шукаў працу ці гандляваў, хтосьці ўладкоўваў сямейнае жыцьцё. Усё аказвалася ня так проста, ня так крута, увогуле, усё зноў было ня так. Высьпяваньне гэтага падсьвядомага пачуцьця кагосьці зноў і зноў штурхала ў прорву разгулу - большасьць жа ўсё-такі мацавала ў жаданьні знайсьці сябе, прабіцца, чагосьці дасягнуць, каб урэшце рэшт перамяніць гэты сьвет.

У першай палове 90-х пакаленьне, народжанае да перабудовы, пакаленьне вольнае волі й Маладога Фронту, двухмільённае, моцнае, яркае - жыло практычна моўчкі, унурана й засяроджана. На вуліцах рабілася ўсё менш шматлюдных дваровых бандаў ды падлеткавых кампаніяў, гублялі масавасьць субкультуры (праўда, пры гэтым кшталтаваліся й набіралі якасьць) - пакаленьне рассыпалася на двое-трое, ды ўрэшце па адным.

Моладзь маўчала. Шмат хто каяўся ў тым, што рабіў яшчэ год-два таму. Многія прыходзілі да Бога. У той час, пачынаючы зь Менску й буйных гарадоў, з Захаду на Усход, у каталіцкіх і пратэстанцкіх абшчынах зьяўлялася ўсё больш моладзі пераменаў. Пакаленьне перабудовы ўпершыню адчувала патрэбу ў веры - і пачало абдумваць хрысьціянскія ісьціны. Аднак большасьць маладых пакуль не шукала Хрыста. Проста чакала.

Да сярэдзіны 90-х пра пакаленьне пераменаў нагадвалі хіба асірацелыя "сьценкі Цоя" з завялымі кветачкамі й купкамі самотных задумлівых тынэйджэраў, што ціхонька, пра сябе, перабіралі гітарныя струны: "...У нашым сьмеху і ў нашых сьлязах, і ў пульсацыі вен - перамен!..."

Моладзь не падавала голасу й старалася не трапляцца на вочы. Нават у "Знамені Юнасьці" за 1992-1995гг практычна няма маладзёвых публікацыяў. Новае пакаленьне ня бралі пад увагу і неяк само сабой склалася, што ўсё адбывалася безь яго. Нам падасца дзіўным, але менавіта ў гэты час пакаленьне найбольш моцна працавала над сабой - і ягоны выбуховы зарад, што так неабачліва й бессаромна траціўся ў разгуле 1989-91гг, намнажаўся й кшталтаваўся з новай сілай. Калі пару гадоў таму маладыя жылі інстынктамі, цяпер надышла пара розуму і разьліку.

Характэрна, але і на прэзыдэнцкіх выбарах у 94-м годзе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, пакаленьне перабудовы таксама прамаўчала. З аднаго боку, Лукашэнку амаль не ведалі - яшчэ ўвесну блыталі ягонае прозвішча, а ужо ўлетку ён стаў прэзыдэнтам. Па-другое, моладзь не надавала асаблівага значэньня пэрсоне кіраўніка: галоўнае, гэта была ўжо НАШАЯ дзяржава. Як і шмат хто тады, моладзь былi куды больш паглынутая асэнсаваньнем часу, асваеньнем краіны, уласнай працай і самаадчуваньнем - і проста не магла ўявіць, наколькі гэта ўсур'ёз і надоўга --20-га ліпеня 1994-га ...

Прыблізна палова пакаленьня пераменаў ўжо мела права голасу. Паводле дасьледваньняў НІСЭПД, у першым туры выбараў за Лукашэнку прагаласавала толькі 20,1% зь іх, а ў другім - 29,4%. Большасьць у першым туры, натуральна, аддала галасы дэмакратам, а ў другім - не пайшла на выбары ўвогуле або галасавала супраць усіх*.

* НІСЭПД. Агульнанацыянальнае апытаньне ў лістападзе 1994г. (выбарка па моладзі).

Парадаксальны факт: Лукашэнка ў свае 39 быў самым маладым з прэтэндэнтаў 1994-га, і яўна разыгрываў гэта як сваю казырную карту. Тады яму й ягонай ядранай камсамольскай камандзе аддалі свае галасы і старэйшае пакаленьне, і сярэдні ўзрост: "За маладых!". Усё грамадзтва інстынктыўна адчувала, што ў новым жыцьці, новым часе, новай краіне ўсё вырашаць моладзі - і фэномэн выбараў 1994 г. гэта бліскуча прадэманстраваў. Сутыкненьне пакаленьняў адбылося і ў шэрагах намэнклятуры, і ў палiтыцы i ў грамадзкім жыцьці: старэйшыя мусілі сыходзіць, даючы месца маладым.

У выніку менавіта моладзь першай адкрыта выступіла супраць хлусьні й папулізму толькі што абранага кіраўніка. Адразу ў верасьні 1994-га некалькі соцень студэнтаў БДУ, зарганізаваныя ЗБС-ам і анархістамі, прыйшлі да Дому Ураду пад лёзунгам "Дзякуй прэзыдэнту за хлеб і малако": абыгрываліся сьціплыя датацыі, выдзеленыя Лукашэнкам замест рэалізацыі перадвыбарчых абяцанкаў. Маладых пэрфомэраў супакойваў тадышні адказны за моладзь, Анатоль Лябедзька...

Пакаленьне перабудовы ўжо дасадліва моршчылася, калі Лукашэнка казаў што-небудзь па тэлевізіі пра аднаўленьне СССР, калі зь яго каманды пачалі сыходзіць "камсамольцы" й вяртацца старыя намэнклатурныя кадры, калі зьявіліся вялізныя белыя плямы цэнзуры ў цэнтральных газетах. "Выбралі калгасніка!" - грэбліва бурчэла гарадзкая моладзь, стараючыся, каб пачулі бацькі і бабулі.

Але сапраўдны гром грымнуў увесну 1995-га. Лукашэнка, які канчаткова выбраў палітыку савецкага рэваншу, абвясьціў сумнавядомы рэфэрэндум аб зьмене сымболікі й дзяржаўнасьці расейскай мовы.

Для пакаленьня, народжанага да перабудовы, вяртаньне камуністычных сымбаляў і курс на здачу незалежнасьці - гэта было ўжо занадта. У выніку рэфэрэндуму-95 схаваная незадаволенасьць рэзка палітызавалася. Скасаваны бел-чырвона-белы сьцяг, "Пагоня", беларуская мова і незалежнасьць, якія новае пакаленьне пасьпела адчуць сваімі, у якія яна ўклала столькі сілаў і якія, у рэшце рэшт, выяўлялі перамогу над старым, камуністычным, саўковым, ужо сталі сымбалямі самой моладзі. Замах на перамогу пераменаў, разрываньне бел-чырвона-белага сьцягу на даху прэзыдэнцыі раніцай 15 траўня, гэты знакавы момант усталяваньня рэжыму, імкліва абазначыў пакаленьне перабудовы ў супраціўным лягеры. Лукашэнка зрабіўся для моладзі ворагам нумар адзін.

Дзёрзкім адказам новага пакаленьня на 14 траўня 1995г была акцыя студэнтаў гістарычнага й філялягічнага факультэтаў БДУ. Некалькі дзясяткаў чалавек, па-арыштанцку заклаўшы рукі за галаву, прайшліся вакол прэзідэнцкае рэзыдэнцыі, а затым паднялі ненавіснае чырвона-зялёнае палотнішча над бліжэйшай грамадзкай прыбіральняй. Студэнтаў разагнаў АМАП, а галоўны "аматар піва", Андрэй Рамашэўскі, прызнаны арганізатарам пэрфомансу, на некалькі месяцаў трапіў у ізалятар.

Паўсюдныя, але пакуль што маўклівыя пратэстныя настроі, што абудзіла савецкая й прарасейская рэакцыя ў першым незалежнiцкiм пакаленьні, найбольш ярка прадэманстраваў футбольны матч 7 ліпеня 1995 года - амаль у гадавіну абраньня Лукашэнкі. У гэты дзень зборная Беларусі прымала ў Менску на стадыёне "Дынама" аднаго з грандаў сусьветнага футболу, зборную Галяндыі. Усе 40 тысячаў балельшчыкаў, падаўляючую большасьць зь якіх складалі якраз маладыя хлопцы, падтрымлівалі нашых тысячамі ўжо забароненых бел-чырвона-белых сьцягоў. Чырвона-зялёных палотнішчаў на трыбунах практычна не было. Такая масавая і салідарная акцыя выглядала фэерычна. Але сапраўднае відовішча пачалося, калі беларусы выйгралі - 1:0! Моладзь, апоеная нацыянальным шчасьцем, аграмаднымі натоўпамі разыходзілася ў цэнтры гораду, размахваючы незаконнымі бел-чырвона белымі сьцягамі й скандавала "Жыве Беларусь!".

Пратэстная сіла ў глыбінях моладзі памнажалася й раскручвалася. Настроі падброджвалі, маладыя пачалі зачытвацца апазыцыйнай прэсай і заклапочана сачыць за навінамі. Нават паводле паведамленьня афіцыёзнага Беларускага Інстытуту Інфармацыі й Прагнозу ўвосені 95-га (вынікі былі апублікаваныя пад красамоўным загалоўкам "Моладзь у трывожным чаканьні") да 1/3 студэнтаў і навучэнцаў Беларусш 14-25 гадоў выказалі гатовасьць прыняць удзел у забастоўках, мітынгах і несанкцыянаваных шэсьцях па ўсёй краіне*.

* "Знамя Юности" 22 лістапада 1995г. (№ 12579)

Але пакуль гэтая схаваная пагроза высьпявала дома, у тусоўках, кампаніях, клясах і аўдыторыях. У кастрычніку 1995-га, калі мы зь Яўгенам Скочкам прыйшлі ў Маладзёвую Фракцыю БНФ на Варвашэні 8, чакаючы ўбачыць армію пратэсту, дык вельмi дзiвiлiся: тутэйшых маладзёнаў можна было пералічыць па пальцах.

Пакаленьне Маладога Фронту маўчала, але ўжо рыхтавалася.

 

Частка 2

Малады Фронт на вуліцах

 

Спробы рэжыму Лукашэнкі ў 1996 г. здаць дзяржаўную незалежнасьць Беларусі былі сарваныя нечаканымі й бурлівымі мітынговымі выступамі Вясны-96, арганізаванымі БНФ. Галоўную ролю ў дэманстрацыях пратэсту адыгрывала моладзь 1970-85г нараджэньня. Ужо ў 1997г пакаленьне пераменаў выбухнула самастойным супрацівам прарасейскаму рэваншу: у найноўшай гісторыі Беларусі зьявіліся Малады Фронт і БПСМ, міліцыя й унутраныя войскі, радыкальныя групоўкі й палітычныя вязьні. Ударная хваля, руйнуючы стэрэатыпы, накатваючы на рэжым, абуджаючы нацыю, прайшла па ўсёй краіне. Фронт супрацьстаяньня, што ўзьнік паміж дыктатурай і моладзьдзю, кардынальным чынам памяняў стан грамадства і апазыцыі: падзеі 1996-97г выклікалі тэктанічныя разломы ў старэйшых пакаленьнях, палітыцы і дзяржаўнай сыстэме.

 

Вясна-96 (1996)

 

Пакаленьне, народжанае да перабудовы, выбухнула ўвесну 1996 г - у адказ на спробы далучыць Беларусь да Расеі. Дзясяткі тысячаў студэнтаў і школьнікаў у Менску, Горадні й Магілеве выйшлі на заклік БНФ на вуліцы, каб адстойваць незалежнасьць. Тая самая моладзь, якая маўчала столькі гадоў, страчаная моладзь, пра якую грамадзтва ўжо пасьпела забыцца, выйшла на арэну гісторыі Беларусі, каб раз і назаўжды стаць пакаленьнем Маладога Фронту -- новай хваляй нацыянальнага руху, галоўнай надзеяй Беларусі на зломе тысячагодзьдзяў.

У сакавіку - траўні 1996-га ў Беларусі адбылося тое ж самае, што і ў 1956-м у Вугоршчыне, у 1968-м у ва Францыі ці ў 1989-м у Пекіне. Абсалютна нечаканыя й масавыя стыхійныя вулічныя выступы скаланулі ўсю краіну, адкрылі фронт новае генэрацыі й распачалі найноўшую гісторыю.

27 лютага 1996 г. стала вядома, што Лукашэнка, маючы на мэце крамлёўскую пасаду, ужо празь месяц рыхтуецца падпісаць дамову аб фактычным уваходзе Беларусі ў склад Расеі. Рэакцыяй на гэтую навіну быў шок. БНФ заклікаў людзей выходзіць на вуліцы й абвясціў, што на Дзень Волі рыхтуецца агульнанацыянальная акцыя пратэсту. Улеткі зьявіліся ўжо ў першыя дні сакавіка. Маладыя фронтаўцы абыходзілі кватэры, студэнцкія інтэрнаты і ВНУ -- зацята й адчайна, як ніколі.

24 сакавіка ў 12:00 на плошчы Незалежнасьці ў Менску сабралася больш за дзесяць тысячаў чалавек. Моладзь з бліжэйшых студэнцкіх гарадкоў і станцыяў мэтро падвальвала натоўпамі. За наступныя паўгадзіны колькасць дэманстрантаў дасягнула дваццаці тысячаў. Улады былі ў разгубленасьці. Маніфэстацыя, якая выйшла на праспэкт Скарыны, ўмомант прарвала некалькі міліцэйскіх кардонаў і рушыла па горадзе. Мора бел-чырвона-белых сьцягоў, шматтысячныя скандаваньні "Жыве Беларусь!" і цэлая армія моладзі -- такога Менск ня бачыў з часоў падзеньня камуністаў. Дэманстранты дайшлі да Опэрнага, правялі мітынг і накіраваліся да будынку дзяржаўнае тэлевізіі, патрабуючы жывога эфіру. Выстаўленыя кардоны экіпіраванае міліцыі ледзь стрымалі моладзь, у сутычках пацярпелі дзясяткі людзей. Нарэшце, частка дэманстрантаў зноў рушыла ў цэнтар, і каля будынку КДБ падцягнуты ў горад спэцназ перайшоў у атаку. Больш ста чалавек былі жорстка зьбітыя й атручаныя газам, каля трыццаці схопленыя.

"На вуліцах Менску засталіся ляжаць параненыя" - гэтае паведамленьне агенцтва Reuters, перададзенае ўсімі вядучымі тэлекампаніямі сьвету ўвечары 24 сакавіка, канстатавала для Беларусі канца ХХ стагоддзя пачатак сапраўднае вайны на вуліцах.

Лукашэнка, які не чакаў такога супраціву, тэрмінова загадаў арганізаваць у адказ мітынг у падтрымку інтэграцыі. 30 сакавіка да Палаца Спорту на аўтобусах было зьвезена каля пятнаццаці тысячаў чалавек - пэнсіянераў і рабочых. Але там зноў зьявіліся студэнты зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў руках, якія крычалі "Жыве Беларусь!". Прымусова сабраны народ разышоўся з пляцу менш чым за гадзіну.

2 красавіка, калі Лукашэнка паехаў у Маскву падпісваць пагадненьне зь Ельцыным, на плошчы Незалежнасці, вакол яго рэзідэнцыі й Дома Ураду былі выстаўленыя міліцэйскія кардоны й бранятэхніка. Усе чакалі, што пасьля застрашваньняў і разгону 24 сакавіка пратэсты будуць малалюднымі. Але ў другой палове дня ў цэнтры гораду сабралася ўжо больш за трыццаць тысячаў прыхільнікаў незалежнасьці. Дэманстранты зноў выйшлі на праспэкт Скарыны, скандуючы лезунгі, прайшлі па цэнтральных вуліцах Менску - даўжыня гіганцкае калёны дасягала двух кілямэтраў - і пасьля нязначнных сутычак зь міліцыяй, завяршылі шэсьце мітынгам ля Палаца Спорту. "70-- 80 % дэманстрантаў -- моладзь ва ўзросьце ад 16 да 25гадоў!" -- адзначала газэта "Свабода"*.

* "Менская вясна", 1996г., выд. "Наша Ніва", Менск

Шматтысячныя выступы, якія пракаціліся па Беларусі, фактычна сарвалі здачу беларускай незалежнасьці й далі моцныя аргумэнты супраціўнікам Лукашэнкі ў самой Маскве. Ельцын і Лукашэнка былі вымушаныя надаць дамове дэкляратыўны характар. Больш таго -- акцыі Вясны - 96 разграмілі стэрэатып аб забітасьці й абыякавасьці беларусаў. Усе толькі й размаўлялі пра апошнія шэсьці. Гутаркі й чуткі выбухалі, быццам гранаты; у крамах ды тралейбусах успыхвалі спрэчкі й людзі на поўны голас выказвалі ўсе, што яны думаюць пра рэжым. Сама атмасфэра была свежай, вольнай, разрэджанай - такое бывае паветра ў гарах.

Нарэшце, 26 красавіка, у дзесятую гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбыўся знакаміты "Чарнобыльскі Шлях-96" -- акцыя, якая прагрымела на ўвесь свет і стала своеасаблівай кульмінацыяй Вясны 1996 года.

У 17:00 ля Акадэміі Навук сабраліся дзесяткі тысячаў дэманстрантаў пад чорнымі транспарантамі й бел-чырвона-белымі сьцягамі. Рух пачаўся ўрачыста і павольна, пад гукі чарнобыльскага звону. У гэты самы час на маршруце шэсьця, у гарлавіне плошчы Якуба Коласа, ужо выстройваўся кардон міліцыі з мэталічнымі шчытамі, узмоцнены аўтамашынамі. Маніфэстацыя падышла да кардону. Людзі прасілі прапусьціць Шлях далей, але спэцназ пачаў адцясняць дэманстрантаў. У гэты момант у галаву калёны падцягнулася абураная моладзь, некалькі тысячаў маладых людзей пайшлі ў наступ. АМАП спрабаваў разагнаць дэманстрацыю дубінкамі й газам, але ў выніку масавых сутычак і няспыннага руху калены быў проста зьмяты. Наступны кардон з вайсковых грузавікоў моладзь пераадолела "на ўра", пад грамавыя скандаваньні й супольны тупат тысячаў ног. Міліцыя й унутраныя войскі панічна адступалі да моста празь Сьвіслач. У гэты момант колькасьць дэманстрантаў перавысіла пяцьдзесят тысячаў чалавек. Наколькі хапала вачэй, увесь праспэкт калыхаўся шматтысячным шэсьцем пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Маладыя ўзбіраліся на дахі тралейбусаў і машынаў, падымалі сьцягі на слупах па Праспэкце й скандавалі: "Незалежнасьць!".

Каб пазьбегнуць далейшых масавых сутыкненьняў, арганізатары шэсьця павярнулі калёну на вуліцу Янкі Купалы й павялі людзей да Палаца Спорту. Але, мінуўшы Нямігу, разгарачаны маладзевы авангард подбегам памкнуў на гару, у цэнтар. Відовішча нагадвала штурм. Міліцыя і войскі ледзь пасьпелі выставіць кардоны на вуліцах Старога гораду. Град камянёў у адказ з боку дэманстрантаў удалося спыніць толькі самім арганізатарам.

Грандыёзны мітынг ля Палацу Спорту. Выступае Зянон Пазьняк. Хвіліна маўчаньня па забітым днямі Джахары Дудаеву. Пяцідзесяцітысячная напружаная цішыня, здавалася, навісла над горадам. Увесь праспэкт Машэрава ад Нямігі да гатэлю "Юбілейны" быў запруджаны народам; моладзь гаспадарыла ў дзелавым цэнтры Менску ўвесь вечар.

А з заканчэньнем Шляху й надыходам цемры пачаліся масавыя арышты. Па вуліцах разьяжджалі БТР-ы. У 23:00 спэцпадразьдзяленьне МУС "Алмаз" штурмам узяло штаб-кватэру БНФ. У горадзе мэтанакіравана хапалі арганізатараў і моладзь. Дайшло да таго, што спэцназ высадзіўся на пляцы перад Філярмоніяй, дзе заўжды тусаваліся мірныя нефармалы, і пачаў браць усіх, хто трапіцца пад руку. Аблавы на маладых ішлі і на прыпынках у цэнтры гораду: хапалі беларускамоўных са значкамі й сьцягамі. На арганізатараў -- Вячаслава Сіўчыка й Юрыя Хадыку, а таксама на украінцаў з УНА-УНСО завялі крымінальныя справы.

Празь дзень стала вядома, што Сіўчык і Хадыка, кінутыя ў СІЗО на вул. Валадарскага, абвясьцілі бестэрміновую галадоўку. Напруга супрацьстаяньня дасягнула небывалай вастрыні. З кожным днем стан здароўя палітвязьняў пагаршаўся. Адчуваньне, што барацьба ідзе не на жыцьцё, а на сьмерць, працінала ўсе грамадства. 14 траўня некалькі тысячаў дэманстрантаў у Менску зноў выйшлі на вуліцы, каб падтрымаць галадоўцаў і запатрабаваць іх вызваленьня. Вялікі міжнародны розгалас і ўмяшальніцтва Ельцына прымусілі Лукашэнку выпусціць Хадыку ды Сіўчыка, і спыніць крымінальную справу супраць іх.

Яшчэ адной гучнай справай Вясны-96 быў арышт паэта Славаміра Адамовіча за верш "Убей президента". За дзевяць месяцаў, якія Адамовіч правёў у турме, ён стаў вядомым у Беларусі й за яе мяжой вязьнем сумленьня.

Урэшце, завяршальным акордам Менскае Вясны-96 стала рашучая акцыя пратэсту 30 траўня, арганізаваная Маладзёвай Фракцыяй БНФ у падтрымку зьняволеных за Чарнобыльскі Шлях украінцаў. Маладыя фронтаўцы рабілі яе самі. На Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабралася каля трох тысяч маладых людзей, якія, скандуючы, рушылі да рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Разьятраны рэжым учыніў жорсткі разгон маніфэстацыі - колькасьць арыштаваных перавышала сто чалавек. Улады ўжо зразумелі, што такое Малады Фронт - і наколькі небясьпечная для іх гэтая моладзь.

Вясна-96 вывела на вуліцы, на арэну беларускай гісторыі, новую генэрацыю. Дзясяткі тысячаў студэнтаў ды школьнікаў на шэсьцях - гэта спараджала павальную паніку рэжыму й рэзкае ўзрушэньне незалежніцкіх настрояў у грамадстве. Але больш за ўсе была ўражаная гэтым масавым эфэктам сама моладзь: зьдзіўленыя і шчасьлівыя мнагатысячныя грамады на вуліцах нечакана для сябе апынуліся ў цэнтры падзеяў, у аб'ектывах тэле- і фотакамэраў, на грэбні хвалі. Памятаю, як мы ўзбіраліся на парапэты й штохвіліны захоплена падскоквалі паглядзець:"Ого, а колькі!!."

Iдэалегiя? Простая як скандаваньнi. Праграма? Спытайце ў БНФ. Мэта? Незалежная Беларусь без Расеi й Лукашэнкi.

Ня дзіўна, што ролю інфармацыйнага эпіцэнтру ўвесну-96 адыграла папулярнае маладзевае FM-радые "101,2", якое перадавала навіны аб акцыях і беларускамоўны рок. Увосені 96-га "101,2" зачыняць.

Вясна-96 - гэта апошняя ўспышка БНФ: згасаючы, антыкамуністычны Народны Фронт спарадзіў новую ўдарную хвалю нацыянальнага руху. Масавы маладзёвы рух, Малады Фронт, утварыўся менавіта ўвесну 1996 г. вакол дэманстрацыяў БНФ ў Менску, Гародні й Магілеве. І Малады Фронт аказаўся куды больш энэргічным і рашучым.

Вясна-96 адкрыла іншую эпоху ў гісторыі Беларусі: эпоху масавых акцыяў, вялізных "хапуноў", палітычных крымінальных справаў і галадовак. Пачалася гісторыя жорсткага супрацьстаяньня й вулічнае барацьбы. Пайшоў адлік найноўшага беларускага календара: датаў, шэсьцяў, мітынговых легендаў. "Палітыкай" сталі суткі адсідак, дубінкі, суды, колькасць удзельнікаў дэманстрацыяў.

Вясна-96 сталася баявым хрышчэньнем беларускае моладзі. Зьбіцьці й разгоны спарадзілі радыкальны адказ маладафронтаўскага Спартовага Адзьдзелу, "Белага Легіену" й "Партыі Свабоды". Моладзь пачала павязваць банданы на дэманстрацыі і браць з сабою ў кішэню камяні. Гэта была сапраўдная вайна. Гэта быў Малады Фронт.

Вясна-96 скаланула ўсе беларускае грамадства: моладзь на вуліцах і дыктатуру Лукашэнкі абмяркоўвала скрозь уся краіна. Беларусы ўсхапіліся й ачомаліся. Маладыя дэманстранты надалі мужнасьці дагэтуль асьцярожнаму Вярхоўнаму Савету, які празь некалькі месяцаў сасьпеў да абвяшчэньня імпічмэнту прэзыдэнту й прывеў рэжым да лістападаўскага крызісу. З шэрагу сілавых структураў масава звальняліся супрацоўнікі, што не хацелі ісьці супраць народу. Карцінка тых часоў: падчас фэсту ў Менскай Опэры чыноўніка, які зачытваў прывітаньне ад Лукашэнкі, засьвісталі і прымусілі пакінуць сцэну.

Цяпер на сцэне чакалі моладзь.

Нарэшце, Вясна-96 мела і глябальнае эўрапейскае значэньне. Падзеі ў Беларусі зь іх сусьветным розгаласам абудзілі ўсю Усходнюю Эўропу, якая ў другой палове 90-х знаходзілася ў посткамуністычным трансе. Менавіта зь менскіх падзеяў сакавіка -- траўня 1996г. пачалася другая хваля вулічных паўстаньняў супраць дыктатураў і імпэрскае рэакцыі, параўнальная з 1989 годам. У восені 96-га -- узімку 1997-га масавыя дэманстрацыі супраць Мілошавіча ў Сэрбіі перарасьлі ў трохмесяцовы карнавал, зь якога пайшло вызваленьне Югаславіі. У студзені -- лютым эстафэту падхапіла Баўгарыя, дзе вялізныя маніфэстацыі зрынулі-такі камуністаў. Затым, увесну 97-га, выбухнула Альбанія, дзе справа дайшла да збройных сутыкненьняў. Потым, у 98-м, была Славакія, дзе звалілі дыктатара Мэч'яра... І паўсюль наперадзе ішла моладзь пераменаў.

Беларусь спрацавала як Сэрца Эўропы.

Вясна-96 -- падзея з шэрагу тых магутных гістарычных штуршкоў, тых грандыезных зрухаў волі Божае, якія заканамерна і нечакана для ўсіх узнаўляюць найвышэйшую справядлівасць і пачынаюць жыцьце наноў - з новага пакаленьня.

 

1997: Моладзь наступае (1997)

 

Пасьля лiстападаўскага рэфэрендуму 1996г, якi фактычна усталяваў у Беларусi аўтарытарны рэжым, краiна замерла. Прадчуваньнi былi самыя кепскiя. Правал iмпiчмэнту, прыняцьцё "прэзыдэнцкай" канстытуцыi, разгром Вярхоўнага Савету й фармаваньне кiшэннае "палаткi", фальсыфікацыя галасаваньня й поўная падтрымка з боку Расеi адназначна узаконьвалі дыктатуру Лукашэнкi. Здавалася, цяпер нiшто не перашкодзiць рэжыму пачаць адкрытую й мэтадычную расправа над усім дэмакратычным, незалежніцкiм, беларускiм.

Зіма 1996-97 выдалася вельмi цяжкай і халоднай. Тыя, хто гаварыў, замаўкалі; тыя, хто дзейнічаў, адыходзiлi; стан грамадства, апазыцыi й прэсы больш за усё нагадваў здранцьвеньне. Грэла толькi смутнае спадзяваньне на мiтынговую вясну, на моладзь і вулiчныя выступы на ўзор леташнiх. Тым больш, па тэлевiзii разгортвалiся рэпартажы з падзеямі у Cэрбii й Баўгарыi - шматтысячны абуджаны рух, узьняты ўвесну 1996-га ў Менску, ужо віраваў на ўскраiнах Усходняе Эўропы.

Вулiчныя акцыi, якiя заставалiся адзiнай магчымасьцю супрацьстаяць наступу Лукашэнкi, пачалiся напрыканцы студзеня - каб разгайдаць сытуацыю да буйных мiтынгаў сакавiка-красавiка. 25 студзеня некалькi тысячаў чалавек прайшлi да Опэрнага тэатру пад лёзунгам: "Менск -- Сафія -- Бялград!". Моладзь, якая была асноўным удзельнiкам, удала пераймала раскручаныя тэлевiзiяй балканскiя карнавальныя фiшкi - аглушальныя бялградзкiя сьвiсткi й бразготкi, дружныя скокi на холадзе з сафiйскiх плошчаў. Улада падазрона сачыла за манiфэстацыяй, але пакуль удзельнiкаў не кранала. Наступны пратэст адбыўся 10 лютага: на акцыю прадпрымальнiкаў, якiх выцясьнялі з Камароўскага рынку, зноў прыйшлi сотні студэнтаў і школьнiкаў, арганізаваных Маладым Фронтам. Шэсьце ад Камароўкі да Опэрнага тэатру фiльмавалася дзесяткам гэбэшных вiдэакамэраў, а ўдзельнiкi глушылi цiхароў сьвiсткамi й палiлi пудзiла Лукашэнкi.

Але, як аказалася, гэта быў толькi разагрэў. 14 лютага, на Дзень Сьвятога Валянціна, у Менску адбылося маладафронтаўскае шэсьце "Беларусь - у Эўропу!". Маніфэстацыя прайшла па маршруце замежных амбасадаў, атрымала вялiзны розгалас і сталася, паводле ўсеагульнага прызнаньня, адной з найлепшых за ўсю гiсторыю нацыянальнага руху.

Моладзь сабралася на заклiк Маладога Фронту а 5-й вечара ў скверы на плошчы Волі. Мiлiцыя патрабавала разыходзiцца, але некалькi соцень студэнтаў узьнялi бел-чырвона-белыя сьцягі рушылi да разьмешчанай побач францускай амбасады. На вачох агаломшаных мiлiцыянтаў лiдэраў МФ з адмысловай пэтыцыяй прыняў сам амбасадар Бэрнар Фасье. Тым часам моладзь пад вокнамі сьпявала беларускую "Пагоню" на матыў "Марсэльезы"...

Шум, трэлі сьвiсткоў і скандаваньнi ў самым цэнтры сталiцы хутка сабралі вакол эўрапейскага карнавалу цэлыя натоўпы тусоўнае моладзi й цiкаўных. Калi манiфэстацыя выйшла на праезную частку вулiцы Ленiна, у калёне налiчвалася ўжо больш 3 тысячаў чалавек. Моладзь рушыла па цэнтральных кварталах, асьветленая вечаровымi вагнямi, пад прывiтальны гул мiнакоў - і перад дваццацiгадовымi дэлегатамi вулiцы распахвалiся дзьверы афiцыйных замежных прадстаўнiцтваў. "Мы любiм Беларусь! Мы любiм Эўропу!" - вiншавалi увесь сьвет з днём закаханых маладафронтаўцы. У брытанскай ды iтальянскай амбасадах сустрэць моладзь выйшлі амбасадары Джэсiка Пiрс і Джаванi Чэруцi. З вокнаў дыпляматычных прадстаўнiцтваў пад ногі маладых дэманстрантаў кiдалі кветкі. Трыюмфальнае шэсьце, скандуючы "Беларусь у Эўропу!", прайшло паўзь вялiзны амапаўскi кардон, выстаўлены ля рэзыдэнцыі Лукашэнкi, на праспэкт Скарыны. Каля нямецкай ды амэрыканскай амбасадаў стала зразумела, што ўлада ачомалася пасьля першага шоку: за шэсьцем расьцягнуўся канвой легкавiкоў зь "цiхарамi".

Маладафронтаўская калёна прайшла па вулiцы Варвашэнi, вырушыла зноў на праспэкт - i тут з двароў і падземных пераходаў яе атакавалi мiлiцыянты й амапаўцы. Распачалiся масавыя затрыманьнi - было арыштавана больш за 40 удзельнiкаў.

Акцыю паказалi усе вядучыя тэлеканалы.

У Малады Фронт пачаўся прыток моладзi.

Вясна наблiжалася.

Захопленыя маладафронтаўцы разгортвалі вулiчны наступ далей. 2 сакавiка, калі БНФ арганiзаваў мiтынг на 930-годзьдзе Менску, маладзёвы авнгард зноў вывеў дзьве тысячы чалавек на Праспэкт, перакрываючы рух транспарту. Калёна, скандуючы, прарвалася праз кардоны да плошчы Незалежнасьцi, зрабiла па ёй ганаровае кола і ўламiлася ў мэтро, ледзь не зьбіваючы прапускныя турнiкеты.

Улады былi ў ярасьцi. Справа набывала сур̀ёзны абарот. Падчас некаторых акцыяў ані мiлiцыя, ані унутраныя войскі проста не маглі кантраляваць абстаноўку: студэнты й школьнiкi, зьбiраючыся у дружыны, бясстрашна размахвалi бел-чырвона-белымi сьцягамi й крычалi "Жыве Беларусь!" пад самымi вокнамi дыктатара, ягоных мiнiстраў і чыноўнiкаў.

Ужо 5 сакавiка прэзыдэнцкая адмiнiстрацыя у сьпешным парадку апублiкавала драконаўскi дэкрэт №5, якi усталёўваў жорсткую адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах - аж да крымiнальнай - і забараняў выкарыстоўваць бел-чырвона-белую сымболiку.

У адказ на гэта Малады Фронт лiтаральна праз суткi, у ноч з 6 на 7 сакавiка правёў шырокамаштабовую акцыю пад назвай "Горад - наш!". Па над дахамі Менску успыхвае сто бел-чырвона-белых сьцягоў. Гэта быў сьмелы скучы выклiк дыктатуры: сталiца прачынаецца, а у небе - сьцягi, сьцягi, сьцягi. На Праспэкце, на якім вось-вось павінны прыехаць Лукашэнка, на вышынных будынках і сьпічаках сталінскага ампіру, на асьветленых вежах і дроце між шматпавярховікамі, вялізных рэклямных шчытах расейскіх монстраў - нацыянальныя бел-чырвона-белыя палотнішчы. Усе навакольле урадавага кварталу ачэпленае яркамі сьцягамі: рэзыдэнцыя дыктатара у аблозе!

Адзінкавыя вывешваньні бел-чырвона-белых сьцягоў пачаліся яшчэ пасьля рэферэндуму-95. У народную сьвядомасьць назаўжды ўвайшоў легендарны Мірон. Але менавіта Малады Фронт ператварыў гэта ў масавую псыхалягічную кампанію, якая стала адным з сымбаляў шырокага нацыянальнага супраціву. З тае пары акцыі "Горад - наш!", падхопленыя па ўсёй краіне, сталіся візытнай карткай МФ.

Між тым, Вясна-97 разгортвалася. 10 сакавіка Малады Фронт -- зноў на Праспэкце: некалькі тысячаў хлопцаў і дзяўчатаў на плошчы Незалежнасьці і ля паштамту сустрэлі сьвістам і скандаваньнямі чарговую афіцыйную расейскую дэлегацыю. Вечаровыя гуляньні па праезнае частцы завершыліся арыштамі. Урэшце рэшт, 14 сакавіка, калі моладзь плянавала арганізаваць паўторнае шэсьце "Беларусь у Эўропу-2", рэжым пайшоў на сапраўдную карную апэрацыю. Тых, хто зьбіраўся на плошчы Волі, тут жа зьбівалі й затрымлівалі сотні спэцназаўцаў. Больш 300 маладых людзей трапілі у пастарункі, спэцпрыёмнік і шпіталі.

Бесцырымонны "хапун" быў працягнуты й назаўтра, калі апазіцыя арганізавала адзначэньне Дня канстытуцыі: моладзь зрывала чырвона-зялёныя сцягі са слупоў на Праспэкце, а міліцыя забірала ўсіх, хто разыходзіўся зь мітынгу. Камеры на Акрэсьцiна былі перапоўненыя "палітычнымі".

Абстаноўка накалялася. Праз тыдзень, 23 сакавіка, у гадавіну БНР, на 10 -тысячным шэсьці за незалежнасьць спробы затрыманьняў перараслі ў жорсткія сутыкненьні. Удзельнікі ўспаміналі міліцэйскі аутобус, які стаяў на Праспэкце - скрозь з высаджаным шклом, дзе сядзелі абсыпаныя асколкамі агаломшаныя курсанты; па ходніках падфутбольвалі амапаўскія шлемы, а ў міліцэйскіх уазіках да крыві зьбівалі й душылі захопленых дэманстрантаў.

2 красавіка раскручаная прага гвалту дайшла да небывалага пабоішча. Пасьля мітынгу БНФ у гадавіну падпісаньня маскоўскіх дамоваў моладзь пашыхтавалася ў шэрагі й рушыла "на штурм" Расейскае амбасады. АМАП і міліцыя, абуяныя помстай за 23 сакавіка, распачалі беспрэцэдэнтна жорсткую бойню. Газэты паведамлялі, што ў сутычках на плошчы некалькіх кварталаў прымала удзел больш за тысячу чалавек. Аблава доўжылася да самага вечара: міліцыянты хапалі дзяцей, дзяўчат, журналістаў.

Супрацьстаяньне дасягнула крытычнае мяжы. З ворганаў унутраных справаў масава звальняліся афіцэры, якія, паводле ўласнага прызнаньня, не хацелі "ваяваць супраць народу". Дзяржаўнае радыё перадавала выступ сакратара Савета Бяспекі Віктара Шэймана, які папярэджваў, што "радыкальны Малады Фронт рыхтуе баевікоў для вулічных баёў, а ў лясох ідзе будаваньне партызанскіх базаў".

Напярэдадні Чарнобыльскага шляху-97, якога ўлады чакалі з жахам, па-над Менскам ізноў залунала сотня бел-чырвона-белых штандараў: "Горад наш!". На асьвятляльнай мачце стадыёна "Дынама", якраз насупраць рэзыдэнцыі, ветразем паласкалася нацыянальнае палотнішча памерам тры на шэсць мэтраў, якое здолела зьняць толькі брыгада рамонтнікаў.

У гэтых умовах Чарнобыльскі шлях, які прайшоў 26 красавіка па маршруце легендарнага леташняга, рэжым крануць проста збаяўся. 30-тысячнае шэсьце, 2/3 удзельнікаў якога складала моладзь, зафіксавала вулічную перамогу, здабытую ўвесну-97. Гэта быў парад Пакаленьня Маладога Фронту.

Увесну 1997г. упершыню зрабілася відавочна, што актыўны супраціў рэжыму здолела аказаць толькі беларуская моладзь. Старэйшае пакаленьне, надламанае няўдалай спробай імпічмэнту, рэфэрэндумам-96 і жорсткімі рэпрэсіямі, пагружалася ў апатыю й сыходзіла ад барацьбы.

Бесперапынныя, моцныя ўдары Маладога Фронту за некалькі месяцаў непазнавальна зьмянілі ўсю панараму супрацьстаяньня: цяпер некалькі тысячаў маладых незалежнікаў зь пераменным посьпехам вялі самастойныя вулічныя баі, не абапіраючыся ані на апазіцыйныя партыі, ані на грамадзкія арганізацыі. Маладыя плявалі на загады й забароны рэжыму - і яшчэ менш зважалі на разьяднаную й слабую апазыцыю.

Яшчэ адзін вельмі важны факт: увесну 97-га інэрцыя ўдарнае маладзёвае хвалі нарэшце ахапіла беларускія рэгіёны. У Магілёве на адным з канцэртаў фэсту беларускае хрысьціянскае музыкі "Магутны Божа" маладзёвая аўдыторыя ўзростам ад 16-ці да 25-ці гадоў раптоўна ўзьняла сотні бел-чырвона-белых сьцяжкоў, скандуючы "Жыве Беларусь!". Фэст ператварыўся ў незалежніцкую дэманстрацыю. У Горадні менавіта моладзь БНФ, Хрысьціянска-Дэмакратычнага Саюзу Моладзі і Альянса імя Вітаўта Вялікага стала галоўнай сілай масавых вясновых пратэстаў. У абласных цэнтрах, а потым і ў Барысаве, Воршы, Наваполацку, Маладэчне, Лідзе, Салігорску, Слоніме моладзь пачала выходзіць на пікеты й мітынгі, расьпісваць сьцены палітычнымі лёзунгамі й вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі. Цэлыя вэрнісажы незалежніцкіх графіці застракацелі ўздоўж чыгунак і на аўтобусных прыпынках. У заходнебеларускіх райцэнтрах ледзь пасьпявалі зафарбоўваць заклікі "Жыве Беларусь! " i "Далоў Луку!" на ўрадавых будынках. Нефармальныя тусоўкі падхаплялі сьвежую моду разам з гранжам і рэйвам. Паўсюдна, зноў, як i напрыканцы 80-х, загучаў рок пераменаў -- але ўжо беларускі. Хіты NRM, "Крамы", ULIS, "Новага неба" сьпяваліся на канцэртах і пад гітару ў кампаніі як гімны - а што яшчэ трэба маладзёваму пратэсту!

Новае пакаленьне разгортвалася ўжо ў маштабах Беларусі. Менавіта ў гэтыя дні ў Менску было прынятае рашэньне: арганізаваць маладафронтаўскі рух па ўсёй краіне.

Увесь травень 1997-га моладзь раз за разам пацьвярджала, што цяпер у рэжыму зьявіўся самы сур̀ёзны супраціўнік. І калі яшчэ ў сакавіку незалежная прэса тыражавала словы нейкага міліцэйскага палкоўніка - "Лукашэнка прайграў моладзь" - дык напрыканцы вясны можна было расстаўляць кропкі над "і": Лукашэнка прайграў моладзі.

1 і 14 траўня маладафронтаўцы зноў выходзілі на праспэкт Скарыны, перакрываючы рух транспарту. А 22 і 23-га траўня, калі Лукашэнка й Ельцын у Маскве падпісвалі дамову аб стварэньні саюза Расеі і Беларусі, адбыліся выкліковыя акцыі ля самай рэзыдэнцыі Лукашэнкі - блізу сталічнага Палацу Афіцэраў. Некалькім сотням маладафронтаўцаў пад кіраўніцтвам адказнага сакратара Управы БНФ Вячаслава Сіўчыка і лідэра Спартовага Аддзелу МФ Яўгена Скочкі ўдалося двойчы сабраць мітынгі пратэсту з паленьнем саюзных дамоваў, патрушэньнем вусатых пудзілаў і бел-чырвона-белымі сьцягамі. У той час, калі ў Маскве афармлялася здача беларускае незалежнасьці, а ўсё грамадзтва маўчала, гэтыя акцыі сапраўды ратавалі нацыянальны гонар. Удзельнікаў затрымлівалі, дапытвалі ў гэбэ, выганялі з вучобы. Але моладзь ужо сьціснула зубы, і гэта зразумелі ўсе.

Нарэшце, на наступны дзень пасьля акцыі 23 траўня, 24-га, у сядзібе БНФ сабралося арганізацыйнае паседжаньне агульнанацыянальнага Маладога Фронту. 48 прадстаўнікоў незалежніцкае моладзі з усяе Беларусі дамовіліся ўтварыць суцэльны маладзёвы рух і абралі для гэтага Аргкамітэт.

Маладзёвая тэма зрабілася галоўнай фішкай сэзону. Газэты спрачаліся, наколькі далёка можа зайсьці маладзёвы радыкалізм. Сацыёлягі пачалі публікаваць адмысловыя дасьледваньні па моладзі, а ў рупары апазыцыі - газэце "Свабода" - зьявіўся разгорнуты артыкул вядомага публіцыста Аляксандра Старыкевіча "Воля і вера", які прадвяшчаў зьмену пакаленьняў нацыянальнага руху*. Нават Лукашэнка спахапіўся й кінуўся арганізоўваць нешта "сваё". Сьпярша рэжым зрабіў стаўку на адыёзнае "Прамое дзеяньне", якое паабяцала "зьнішчаць супраціўнікаў прэзыдэнта", потым паспрабаваў падмяць пад сябе былы камсамол з плоймай ідэалягічна блізкіх груповак, але ў рэшце, спалоханы размахам пратэстнага руху й арганізаваньнем МФ, выдаткаваў аграмадныя сродкі на стварэньне паўсюднага БПСМу.

* "Навіны", 25 верасьня 1998г. (№ 102)

Тэктанічныя працэсы, што пайшлі ў беларускім грамадзтве пад стыхійным напорам новага пакаленьня, абвастралі ўсе супярэчнасьці й выяўлялі глыбінныя разломы. Хісткая сыстэма дэмакратычных партыяў, да якой пасьля імпічмэнту-96 былі далучаныя яшчэ й камуністы, аказалася занадта слабой, каб ператварыць маладзёвы пратэст у магутны сродак ціску на ўладу й імпэрыю. Стомлены, спустошаны й зьнявераны Беларускі Народны Фронт быў няздольны нават забясьпечыць тыл маладзёваму пратэсту - прыкрыцьцё на выпадак перасьледу ці эфэктыўную інфармацыйную кампанію ў падтрымку вулічных акцыяў. У сваю чаргу, па швах трышчала і ўрадавая сістэма Камітэту па справах моладзі, разьлічаная на апалітычнасьць, камфармізм або хаця б "пафігізм". У гэтых умовах малады фронт вулічнае барацьбы рабіўся галоўным адказам на бязьдзейнасьць БНФ, маўчаньне грамадзтва, пагрозу дыктатуры і расейскую акупацыю.

6 верасьня ў Менску адбыўся Устаноўчы Сойм Маладога Фронту: у Палацы культуры тонкасуконьнікаў сабралося 236 чалавек з 39 гарадоў і мястэчак Беларусі. Маладафронтаўцы прынялі Праграмную Заяву, дзе вызначылі сваёй мэтай незалежную, дэмакратычную й Эўрапейскую Беларусь, і абралі трох сустаршыняў: Алеся Асіпцова (Магілёў), Сяржука Паўленку (Горадня) і Паўла Севярынца (Менск). Паказальна, што нават у "Ілюстраванай храналёгіі гісторыі Беларусі", выдадзенай ужо за Лукашэнкам, сярод найважнейшых датаў найноўшае гісторыі была адразу адзначанае і маладафронтаўскае 6 верасьня.

Пашырэньне й арганізацыя моцнага маладзёвага пратэсту выклікала сутаргавае ўзмацненьне рэпрэсіяў з боку рэжыму. Выключна жорсткія законы й дэкрэты, паказальныя крымінальныя справы й культывацыя нянавісьці да радыкальнае незалежніцкае моладзі сярод міліцыянтаў ды вайскоўцаў (гэткіх жа маладых) нагняталі атмасфэру да стану, калі размовы пра магчымую грамадзянскую вайну ўспрымаліся абсалютна сурьёзна. Дыктатура імкнулася любымі сродкамі, з усяе сілы падавіць, зламіць адчайны й дзёрзкі супраціў пакаленьня пераменаў - тым больш, што застрашанага грамадзтва й апазыцыі было практычна не чуваць. Найбольш яркай ілюстрацыяй ціску сталася так званая "Стаўбцоўская справа" маладафронтаўцаў Шыдлоўскага - Лабковіча ў другой палове 97-га года.

У жніўні 1997-га маладафронтаўцы Стоўбцаў, мястэчка на Меншчыне, з дапамогай групы менчукоў правялі апэрацыю "Горад-наш!". За адну ноч практычна ўсе Стоўбцы былі распісаныя лёзунгамі "Жыве Беларусь!", "Луку на муку!". На даху райвыканкаму, суда й іншых адміністрацыйных будынкаў былі ўзьнятыя бел-чырвона-белыя сьцягі - абрыўкі чырвона-зялёных маладафронтаўцы раскідалі па ўсім мястэчку. Дагэтуль падобныя партызанскія акцыі, своеасаблівы працяг вулічных баёў, абыходзіліся без наступстваў. Але гэтым разам мясцовай уладзе ўдалося адсачыць арганізатараў -- кіраўніка стаўбцоўскага МФ 19 - гадовага Аляксея Шыдлоўскага й менскага маладафронтаўца, 16-гадовага Вадзіма Лабковіча. Абодвух арыштавалі па крымінальнай справе за "злоснае хуліганства з асаблівай дзёрзкасьцю й цынізмам". Яшчэ адна ўдзельніца акцыі, 17-гадовая Аліна Бельская, папярэджаная аб аблаве, вымушаная была таемна выехаць зь Беларусі і папрасіць палітычнага прытулку ў Фінляндыі.

Падчас шасьцімесяцовага сьледзтва юнакоў адмыслова пераводзілі ў самыя цяжкія ізалятары Меншчыны. Аляксея й Вадзіма зьбівалі, катавалі, не даючы сустракацца з бацькамі ды абаронцамі і прымушаючы раскрыць "удзельнікаў Маладога Фронту". Хлопцы выстаялі.

Малады Фронт арганізоўваў па ўсёй Беларусі пікеты ў падтрымку Шыдлоўскага й Лабковіча, сабраў больш 30 тысячаў подпісаў з патрабаваньнем іх вызваленьня. "Стаўбцоўская справа" набыла вялізны рэзананс. 10 сьнежня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека, МФ правёў 120-кілямэтровы эстафэтны прабег "Жодзіна-Менск-Стоўбцы" - па маршруце, якім этапавалі хлопцаў, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й лёзунгам "Свабоду палітвязням!". Цікава, што відэаролік з рэпартажам РТР з прабегу фігураваў у застаўцы маскоўскае цырымоніі "Тэфі-97" як адзін з самых эфэктных кадраў расейскае тэлевізіі.

Суд над Шыдлоўскім і Лабковічам ператварыўся ў шматдзённы масавы мітынг. У першы ж дзень да будынку абласнога суда, дзе разглядалася справа, прыйшло больш 300 чалавек; усе калідоры былі забітыя людзьмі, якія скандавалі "Жыве Беларусь!" і "Свабоду!". Палітычны працэс над маладымі асьвятлялі практычна ўсе СМІ. Нарэшце, пад ціскам міжнародных праваабаронцаў непаўнагадовага Лабковіча вызвалілі з умоўным тэрмінам. Аляксей Шыдлоўскі, які стаў адным з герояў маладзёвага супраціву-97, атрымаў 1,5 гады зьняволеньня.

Непазьбежным наступствам маладзёвае хвалі 1996- 97гг. сталі восеньскія разломы ў апазыцыі старэйшага пакаленьня: крызыс БНФ, аб'яднаньне "трэцяга сэктару" у Асамблею NGO, утварэньне незалежнага прадпрымальніцкага руху і кампаніі "Хартыя-97".

БНФ, у нетрах якога зарадзіўся Малады Фронт, на той момант апынуўся ў стане стагнацыі: стомленасьць, адсутнасьць дзеяньня і стваральных ідэяў разбуралі калісьці магутную нацыянальную сілу і спараджалі ўнутраныя разборкі. Менавіта ўвосені 97-га, у адсутнасьць эміграваўшага Пазьняка ў БНФ надтрэснуў той разлом, які ў 1999-м выліўся ў канчатковы раскол. Больш таго, тадышняе кіраўніцтва БНФ, разглядаючы "хроснага бацьку" Маладога Фронту Вячаслава Сіўчыка як канкурэнта ў барацьбе за ўнутранае лідэрства, выціснула яго з ключавое пасады Адказнага сакратара Управы - і абрынулася на моладзь са зьнішчальнай крытыкай. Гэта вымусіла Малады Фронт яшчэ больш дыстанцыявацца ад БНФ. Урэшце рэшт, з канца 97-га з БНФ перасталі ўсур'ёз лічыцца і ўлады, і грамадзтва, і прэса.

Месца ўсенароднага рушаньня ў барацьбе з дыктатурай ва умовах маладзёвага супраціву й заняпаду БНФ увосень 1997-га паспрабавала заняць"Хартыя-97", ініцыятыва, падпісаная больш чым 100 вядомымі беларускамі палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі й журналістамі ды раскручаная як новая дэмакратычная кааліцыя. З гэтага моманту "Хартыя" пачала адыгрываць адну зь вядучых роляў у беларускае апазыцыйнае палітыцы.

Яшчэ адной новай структурай 1997 г. , якая прэтэндавала на кансалідацыю незалежніцкага грамадзтва, стала сфармаваная ўзімку Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў (NGO). Аб̀яднаньне так званага "трэцяга сэктару" было выклікана наступам дыктатуры на грамадзкія свабоды і мела на мэце стварэньне альтэрнатыўнае сфэры недзяржаўнае дзейнасьці.

Самастойнае змаганьне з дыктатурай Лукашэнкі ў 1997 годзе распачалі й дробныя прадпрымальнікі, аб'яднаныя прафсаюзам кірмашу "Дынама" і бізнэсоўцамі Арнольдам Пячэрскім ды Кацярынай Навумовіч. Яны арганізавалі ў другой палове 1997-га шэраг гучных страйкаў, і ўрэшце аб'ядналі больш за 100 тысячаў індывідуальных гандляроў у рэальную сілу. Варта сказаць, што каля паловы з гэтых прадпрымальнікаў гэтаксама належалі да пакаленьня перабудовы - у 1997-99 гг менавіта яны падтрымлівалі Малады Фронт падчас правядзеньня акцыяў і палітычнае працы сярод незалежніцкага грамадзкага сэктару. Моладзь пераменаў мяняла Беларусь на вачох.

 

БПСМ, міліцыя, войска (1997)

 

Падчас падзеяў 1996-1997гг. карныя апэрацыі рэжыму Лукашэнкі на вуліцы ажыцьцяўлялі міліцыя, спэцназ і ўнутраныя войскі. Менавіта гэтыя хлопцы, аднагодкі маладафронтаўцаў, стаялі ў кардонах, хапалі дэманстрантаў, зьбівалі іх ды расьпіхвалі па камэрах. Тыя ж самыя 18-25ці гадовыя, зь вёсак ды рабочых ускраінаў, якіх шмат набіралі ва "ўнутраныя ворганы" ды войска ў першай палове 90х - яшчэ адно вымярэньне фэномэну пакаленьня, народжанага да перабудовы. Але нават за сьпінамі гэтае моладзі ў форме Лукашэнка пачуваўся няўтульна. Масавы пратэст новага пакаленьня відавочна рабіўся праблемай, якая пагражала ўсёй сыстэме, і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі ліхаманкава шукалі, як з гэтай праблемай справіцца.

Першым адказам рэжыму на маладзёвую незалежніцкую вуліцу сталася групоўка пад назвай "Прамое дзеяньне". Арганізаванае ў разгар маладафронтаўскіх акцыяў, увесну 97-га 21-гадовым студэнтам факультэта міжнародных дачыненьняў БДУ Усеваладам Янчэўскім (асобай авантурнай, што пасьпела пабываць і памочнікам Станіслава Шушкевіча, і, у адпаведны час, дэмакратам, і супрацоўнікам штабу Лукашэнкі), "Прамое дзеяньне" займалася ў асноўным падпольнымі правакацыямі: расклейвала расейскамоўныя ўлёткі з заклікам распраўляцца з апанэнтамі Лукашэнкі, спрабавала зьбіраць гопнікаў у месцах тусовак нефармальнае моладзі й зрэдчасу зрываць незалежніцкія мерапрыемствы. Выглядала гэта дзікавата. Малалікасьць і крыклівая адыёзнасьць выглядалі яўным блефам нават для чыноўнікаў, і афіцыйныя структуры пачалі ад "кепскіх хлопчыкаў" адмяжоўвацца.

Тады Лукашэнка паспрабаваў выкарыстаць як супрацьвагу маладафронтаўскаму руху ўжо існуючую сыстэму паддзяржаўных маладзёвых арганізацыяў, згрупаваную вакол БСМ і Камітэту па справах моладзі пад кіраўніцтвам (якая гульня імёнаў, якая дасьціпнасьць!) Аляксандра Рыгоравіча Пазьняка. Але ў БСМу, маючага ценевы дах у тоўшчы асьцярожнае намэнклятуры, проста не хапіла сілаў і сьмеласьці на такую авантуру.

І тады ідэолягі прэзыдэнцкае адміністрацыі вырашылі стварыць БПСМ.

9 ліпеня 1997г. Лукашэнка выдаў указ, згодна якому дзяржаўная падтрымка БПСМ рабілася адной з прыярытэтных задачаў. БПСМ забясьпечваўся фінансаваньнем да 3 млн. даляраў штогод, атрымліваў ва ўласнасьць аб'екты турызму й фізкультуры, памяшканьні й аргтэхніку, а ў дадатак і частату забароненага Fm "101.2" для стварэньня свайго радыё "Стыль"*.

* "НИСЭПИ. Роль молодёжи в формировании гражданского общества в Беларуси", аналітычныя даклады - зборнік №2, Менск, 1999г.

Праект "БПСМ" стаўся не сказаць каб больш пасьпяховым за БСМ, затое, ва ўсялякім разе, на парадак маштабнейшым. Створаны аўральнай мабілізацыяй усяго постсавецкага адміністрацыйнага апарату й закачкаю грандыёзных грошай усяго за некалькі месяцаў, ён прымусіў успомніць і гісторыю татальнае калектывізацыі, і размах савецкае гігантаманіі, і абсурднасьць пераводу паўночных рэк у пустыню. Разбудоўваньне структураў БПСМ адбывалася наколькі хутка, настолькі й неахайна, і чым большымі рабіліся колькасьці, тым менш праглядалася якасьці. Мясцовыя чыноўнікі, напалоханыя наступам Маладога Фронту, рассаджвалі ў вызваленыя для БПСМ гаркамаўскія ды прафсаюзьніцкія кабінэты колішніх камсамольцаў, патэнцыйных кар'ерных спадкаемцаў і нават уласных дзяцей - абы стварыць маладзёвы буфэр паміж сыстэмай ды вуліцай і хоць чымсьці засланіцца ад нечаканага "новага БНФу". Найбольш прадбачлівыя прапаноўвалі кіруючыя бэпээсэмаўскія пасады мясцовым нефармальным лідэрам, спадзяючыся, з аднаго боку, адкупіцца ад бунтоўнае моладзі, і , зь іншага, такім чынам асвоіць ці раскалоць яе. Утварэньне мясцовага БПСМ выглядала прыблізна так: зь Менску прыяджаў агітатар, дзеля яго ў актавую залю школы, ВНУ ці ПТВ зганялі чым больш навучэнцаў, і з прэзыдыюму, ад прадстаўнікоў выканкаму, вэртыкалі й РАНА, пачыналася рэкляма "агульнадзяржаўнай" і "патрыятычнай" арганізацыі. У гарадох, ужо ахопленых незалежніцкім рухам, такія сходкі ператвараліся ў абураны шум і сьвіст, сыход моладзі й правал ідэі БПСМ на асобна ўзятых факультэтах ці школах, а вось у многіх райцэнтрах і пагатоў мястэчках ды вёсках, дзе ад часу развалу піянэрыі й камсамолу нічога не варушылася, БПСМ умацоўваўся даволі грунтоўна.

Праўда, поўная адсутнасьць ідэалёгіі й зразумелых, яркіх агульнабеларускіх кампаніяў прывяла да таго, што БПСМ ужо ў першы год свайго існаваньня пачаў усё больш нагадваць дубляваныя адзьдзелы Камітэта па справах моладзі ды афіцыйныя студэнцкія прафсаюзы. Займаючыся арганізацыяй дыскатэкаў, канцэртаў, спаборніцтваў, выданьнем насьценгазэтаў па ўсёй краіне, БПСМ засяроджваўся выключна на баўленьні вольнага часу й траце бюджэтных грошай, цалкам ігнаруючы палітычную складовую. Агітаваць за Лукашэнку, прынамсі ў гарадох, пасьля 1996-1997гг. было справай справай безнадзейнай.

З усіх гучных акцыяў БПСМ за 5 гадоў зараз прыгадваюцца хіба што пару суботнікаў (на фота ў газэтах Сева Янчэўскі ўласнаручна мыў боты чыгуннаму Якубу Коласу), расклейка перадвыбарчых налепак "Я за бацьку!" ў 2001-м, ды ўвесьчасныя абяцанкі навесьці парадак на вуліцах: замаляваць усе графіці Маладога Фронту, прыбраць за ўдзельнікамі Маршу Свабоды раскіданую плітку, стварыць апэратыўныя атрады дружыньнікаў і г. д. (між іншым, заявы так і засталіся пустым гукам).

Ужо напрыканцы 1997-га БПСМ дасягнуў сьпісавае колькасьці ці то ў 80 тысячаў, ці то ў 120 тысячаў чалавек (нават само разыходжаньне ў афіцыйных даных красамоўна сьведчыла аб узроўні й зьмесьце праведзенае працы). Але збольшага гэта былі старасты групаў ды клясаў і прастадушныя хлопчыкі і дзяўчынкі з глыбінкі, для якіх розьніца паміж БПСМ, ВЛКСМ і РШВСМ належала да разраду вышэйшае матэматыкі. Рэальны актыў БПСМ склалі так званыя сакратары ячэяк, функцыянеры апаратаў раённага, гарадзкога й абласнога ўзроўняў, якія атрымлівалі грашовыя стаўкі зь бюджэту й працоўныя месцы ў кабінэтах - такіх налічвалася каля 1100 чалавек. Пры параўнальнай колькасьці маладафронтаўскіх актывістаў, якая на канец 1997г. ужо дасягала звыш 2000 чалавек у большасьці буйных гарадоў, пры ініцыятыўнасьці й масавае маладзёвае падтрымцы Маладога Фронту бэпэсээм проста не вытрымліваў канкурэнцыі.

У выніку БПСМ заняўся зусім не палітыкай і не грамадзкай дзейнасьцю - а накіроўваньнем маладзёвага энтузіязму, вялізнага патэнцыялу пераменаў у рэчышча бясплатных танцаў, гульбы, масавых паходаў на прыроду і рытуальнага ўлагоджваньня асноўнага электарату Лукашэнкі - пэнсіянераў. Прычым калі той жа БСМ хаця б прыкрываўся фігавым лісьцікам беларушчыны (дэклярацыі, назвы праграмаў й сякое-такое краязнаўства)*, то яго бравыя пераемнікі разумелі свой "патрыятызм" зусім у духу савецкай дапрызыўной падрыхтоўкі. Ваенна-патрыятычныя "Зарніцы", нашэсьці ў лясы на разбэшчаныя ўік-энды і поўны разгул расейскае папсы ў якасьці "духоўна-маральнага"** напаўненьня часам непрыемна ўражвалі нават старэйшых таварышаў. БПСМ увабраў у сябе безыдэйную масу з сумнеўнымі матывацыямі, за што адразу ж атрымаў устойлівых супраціўнікаў у асобе мясцовае нефармальнае моладзі, грэблівае маўчаньне большасьці настаўнікаў і апазыцыю значнае часткі тутэйшае намэнклятуры.

* "НИСЭПИ. Роль молодёжи в формировании гражданского общества в Беларуси", аналітычныя даклады - зборнік №2, Менск, 1999г.

** "НИСЭПИ. Роль молодёжи в формировании гражданского общества в Беларуси", аналітычныя даклады - зборнік №2, Менск, 1999г.

Шкоднасьць Беларускага "патрыятычнага" Саюзу Моладзі заключалася ў тым, што ён пагружаў пакаленьне перабудовы ў антыдухоўны саўковы застой, у апатыю й абыякавасьць сапраўднага паразытызму. Гэта быў не "супраціўны лягер", як часта прынята думаць: сярод бэпээсэмаўцаў былі звычайнымі прыхільнасьць да АГП, Шушкевіча ці Захаду й абсалютна спажывецкае стаўленьне да рэжыму. Гэта - тыповая структура гніеньня. Працэс ператварэньня БПСМ-у ў "малую адміністрацыю" любое школы, унівэрсытэту й прадпрыемства, калі ён асёдлываў ўсе гэтыя разрозныя студсаветы, жылканторы, прафсаюзы, месцы дырэктарскіх шаптуноў і негалосных наглядчыкаў, працэс выбіральнае гадоўлі й рэкруктаваньня маладых у намэнклятурнае шэрагі, вярбоўкі ў "ворганы" - стаўся ня столькі спосабам разьдзяленьня моладзі пераменаў з мэтай далейшага сутыкненьня, колькі чарговым мэтадам яе разлажэньня.

Між тым кампанія прадпрымальных сталічных бэпээсэм-хлопчыкаў на чале зь Севам Янчэўскім, якая дарвалася да афіцыёзнае публічнасьці, немалых грошай і неабмежаванае дзяржаўнае падтрымкі, абсалютна не саромеючыся пачала займацца буйнымі прыватнымі камерцыйнымі праектамі - і штогод траплялася ў канфузныя скандалы.

Безумоўна, лічыць БПСМ - як і міліцыю ці, напрыклад, войска - у поўнай меры маладзёвымі зьявамі не выпадае. За ўсёй гэтай спробай раскалоць, рассеяць, разлажыць хоць частку пакаленьня пераменаў стаяў дзяржаўны апарат, намэнклятура, уся сыстэма аўтарытарнае дыктатуры. Вядучую ролю ў арганізацыі антымаладзёвага фронту выконвалі ключавыя асобы рэжыму: славяна-савецкі ідэоляг Уладзімер Замяталін (прапаганда), шэф Савета Бясьпекі, а затым генпракурор Віктар Шэйман (сілавыя структуры), кіраўнік адміністрацыі Міхаіл Мясьніковіч (мясцовая намэнклятура). І тым ня менш, іхняя спроба пераламіць Малады Фронт відавочна правалілася: канструкцыі кшталту БПСМ, Камітэта па справах моладзі або войска развальваліся й дэградавалі на вачох. Кандовая ідэалёгія, імітацыя замест дзейнасьці й унутраныя разборкі канчаткова дыскрэдытавалі ідэю БПСМ ужо ў 1998-1999гг. - саму назву "бэ-пэ-эс-эм" насельніцтва пачало выкарыстоўваць як займеньнік дасадлівага "ё-пэ-рэ-сэ-тэ!". Урэшце рэшт, нават заснавальнік "Анты-МФ", Сева Янчэўскі, у 2000-м палічыў за лепшае перакваліфікавацца ў дэпутата "палаткі".

Найбольш пасьпяховым маладзёвым праектам рэжыму Лукашэнкі аказалася міліцыя. Масавы набор маладых вяскоўцаў, выпускнікоў школаў ды ПТВ у міліцыю, сумешчаны з рэзкім паляпшэньнем умоваў службы й павелічэньнем заробку, у 1993-94 гг. стварыў яшчэ адную ўнікальную зьяву пакаленьня - 2000. Большасьць зь дзесяткаў тысячаў міліцыянтаў, якія ў 1996-1997гг. літаральна запаланілі Менск і буйныя гарады, паходзілі з гэтага знакамітага "прызыву" 1970-1980гг. нараджэньня. Тыя ж маладыя з пакаленьня перабудовы апрацоўваліся антызаходняй прапагандай, лукашэнкаўскім "патрыятызмам" і паліцэйскай адукацыяй. Менавіта іх, "троечнікаў, што прыехалі зь вёсікі ў сталіцу махаць дубінай", зацята ненавідзелі менскія нефармалы, заўсёднікі мітынгаў дый простыя абываталі. Напрыканцы 90х, калі значнае памяншэньне заробку й павелічэньне стажу працы скарацілі наплыў моладзі ў міліцыю, гэты фэномэн 1996-1997гг. так і застаўся ў кадрах найноўшае гісторыі шматсоценнымі кардонамі "маладых мянтоў" у касках са шчытамі на гарадзкіх вуліцах, бандзюкаватымі атрадамі гэткага ж маладога АМАПу й безьліччу двух-трохасабовых патрулёў-курсантаў, выстаўленых літаральна на кожным гарадзкім скрыжаваньні напярэдадні дэманстрацыяў, сьвятаў ці праездаў Лукашэнкі.

Цікавы й не пазбаўлены значэньня факт: галоўная кузьня гэтае младамянтоўскае хвалі сярэдзіны 90х, Акадэмія Міліцыі, знаходзілася на вуліцы Варвашэні, у суседнім са штаб-кватэрай БНФ будынку. І ў тую пару, вечарамі, калі маладафронтаўцы зьбіраліся на свае сходы, можна было назіраць на ходніках Варвашэні, як на вітрыне, жывую карціну пакаленьня - 2000: даўгавалосыя нефармалы з тусоўкамі пад гітару, сымпатычныя студэнткі гуманітарных спэцыяльнасьцяў, коратка стрыжаныя байцы Спартовага Адзьдзелу ў камуфляжы зь бел-чырвона-белымі значкамі - і тут жа курсанты міліцыі ў форме, у чаканьні адбою, натоўпы будучых абітурыентаў Акадэміі ды 25-гадовыя "ціхары", што з адсутным позіркам сачылі за маладафронтаўцамі. Калі дадаць да гэтае панарамы яшчэ й гуляючых парачкамі, а таксама маладых наведвальнікаў фірмовае гарэлачнае крамы "Крышталь" (наступны будынак) -- дык уяўленьне пра лёс нашага пакаленьня ў 1997-м будзе дастаткова поўным.

Яшчэ адной часткай моладзі, якая прымала непасрэдны ўдзел у падзеях 1996-97гг., было войска - каля 50 тысячаў 18-19 гадовых, што служылі ў рэгулярнай беларускай арміі. У часе найбуйнейшых маніфэстацыяў многія зь іх вывозіліся ў буйныя гарады й сталіцу для ўмацаваньня міліцэйскіх кардонаў. Усе памятаюць вялізныя калёны вайсковых грузавікоў і БТРы, якія зьяўляліся на вуліцах перад акцыямі: маладых хацелі застрашыць моладзьдзю. Палутарагадовая ізаляцыя й прарасейская, яшчэ савецкае гатоўлі, ідэалёгія былі тыповым сродкам абалваньваньня "абаронцаў айчыны". Сымбалем армейскага маладняка стаў знакаміты "Белполк", база якога знаходзілася якраз за спэцпрыёмнікам на Акрэсьціна.

 

Малады Фронт (1997)

 

Галоўным вынiкам шматтысячнае вулiчнае хвалi 1996-97г. было стварэньне масавага агульнабеларускага маладзёвага руху. Уся сiла блiскучае й бурлiвае маладзёвае стыхii, уся энэргiя пакаленьня пераменаў сфакусавалiся ў юных спадкаемцах БНФ. Сапраўдны супрацiў, рэальны фронт раптоўна раскалоў краiну як разлом блiскавiцы - увадначасьсе стала ясна, што ёсьць зарад, ёсьць барацьба, ёсьць лінія абароны. Гэты вобраз iмклiва набiраў абароты, выяўляўся на вулiцах, i ў рэшце рэшт атрымаў iмя, якое адказвала на ўсе пытаньнi: МАЛАДЫ ФРОНТ.

Увесну 1997-га, у адной з тэлеперадачаў Лукашэнка заявiў: "Мяне падтрымлiвае ўвесь народ - супраць толькi 400 адмарозкаў з Маладога Фронту." Ужо тады рэжым адчуў самую сур̀езную пагрозу для сваей улады - моладзь, народжаную для перабудовы.

Увесну 97-га МФ за лiчаныя тыднi распаўсюдзiўся па ўсей Беларусi - і гэтая уражвальная хуткасьць з эфэктам раптоўнае самаарганiзацыi адразу адкрыла ў Маладым Фронце масавы фэномэн цэлага пакаленьня. Мiж тым, зарад гэтага маладзевага выбуху высьпяваў у нетрах БНФ і незалежнiцкiх суполках некалькi гадоў.

Яшчэ ўзiмку 1992г., падчас вядомае кампанii за перавыбары Вярхоўнага Савету, дэпутат Менскага гарсавету Ўладзiмер Несьцер запачаткаваў у Менску Маладзевую Фракцыю БНФ. За тры гады ў штаб-кватэры Фронту склаўся ўстойлiвы асяродак зь некалькiх дзясяткаў студэнтаў i школьнiкаў. Моладзь зьбiралася шточацьвер на Варвашэнi, 8, даведвалася навiны, размаўляла, абменьвалася касэтамі. На выбарах у Вярхоўны Савет 13 склiканьня ў 1995г. суполкi Маладзевай Фракцыi ўжо фармавалі брыгады падтрымкі для кандыдатаў ад БНФ.

Ужо ў другой палове 1995-га, пасьля рэфэрэндуму па нацыянальнае сымболiцы й мове, у Фракцыi пачалося ўтварэньне камiсiяў - культурнiцкай, спартовай, мiжнароднай. Якраз тады, напярэдаднi маладзёвае хвалi Вясны-96, сюды прыйшлi будучыя лiдэры маладафронтаўскага руху: "баявiк" Яўген Скочка, студэнт Тэхналягiчнага Ўнiвэрсытэту; студэнт БДУ і журналiст "Лiтаратуры і Мастацтва" Аляксей Шэiн; матэматык-праграмайстар Алесь Казак i я, выпускнiк мастацкае школы й другакурсьнiк геалёгii БДУ.

Менавiта Маладзевая Фракцыя здолела хутка ўфармаваць стыхiю масавых вулiчных выступаў Вясны-96 у арганiзаваны рух. Пасьля кожнае манiфэстацыi на Варвашэнi, 8 iшло сапраўднае паломнiцтва. Сотнi маладых прыходзiлi на паседжаньнi МФ i папаўнялi мясцовыя суполкi Фракцыi: ў траўнi 1996-га ў яе сьпiсах было больш за 800 актывiстаў.

Якраз у 1996г. бээнэфаўскую моладзь упершыню пачалi называць маладафронтаўцамi. Назва "Малады Фронт" ператварылася ў нефармальнае найменьне Фракцыi, а ў студзенi 1997-га яна зьявiлася i на рэклямных улетках з маладым вершнiкам пад бел-чырвона-белым сьцягам -- па ўсiм Менску.

"Хросным бацькам" Маладога Фронту стаў 33-х гадовы Вячаслаў Сiўчык - адказны сакратар Управы БНФ, адзiн з галоўных арганiзатараў вясновых мiтынгаў 1996г. Дзякуючы яго дапамозе ў 1996-97г., маладафронтаўцы распачалi масавы друк маладзёвых улетак з заклiкам выходзiць на дэманстрацыi, вучобу для лiдэраў, i, галоўнае, наладзiлi сыстэму кантактаў з маладымі актывiстамi праз структуры БНФ практычна па ўсей краiне. У лютым 1997-га, пасьля розгаласу шэсьця "Беларусь у Эўропу!", калi мяне абралi старшынем Менскае Фракцыi, мы ўжо рассылалi ўва ўсе мясцовыя аддзяленьнi Фронту ўлiковыя карткi для моладзi й узоры пашпартоў рэгiянальных суполак.

Падчас акцыяў Вясны-97 праз гэтую сыстэму у Малады Фронт хлынула некалькi тысячаў удзельнiкаў вулiчнага руху. Да фронтаўскае моладзi на хвалi раскруткi МФ далучалiся дзясяткi мясцовых самастойных iнiцыятываў, нефармальных тусовак і арганiзацыяў. Найбуйнейшымi зь iх былi гарадзенскi Хрысьцiянска-Дэмакратычны Саюз Моладзi, ужо зарэгiстраваны ў Мiністэрстве юстыцыі, на чале з маладым настаўнiкам Сержуком Паўленкам, і магiлёўскае аб'яднаньне (больш за 100 актывiстаў) "Патрыёты Бацькаўшчыны - Рух у Эўропу", створаны рабочым Алесем Асiпцовым. Менавiта гэтыя два лiдэры разам са мной сталi сустаршынямi Маладога Фронту на Ўстаноўчым Сойме 6 верасьня 1997г.

Малады Фронт зрабiўся фактам найноўшае беларускае гiсторыi адначасова з самастойнымi, дзёрзкiмi й яркiмi акцыямi 1996-97г. I прыхiльнiкi, i ворагi адразу сышлiся на тым, што гэта моцны ўдар: незалежніцкае грамадзтва прарочыла наступу новага пакаленьня хуткую перамогу, а дзяржаўныя структуры й газэты накiнулiся на "радыкалаў" і "фанатаў Пазьняка" зь ня меншым iмпэтам, чым дзесяцiгодзьдзе таму на БНФ. Прэсавыя канфэрэнцыi Маладога Фронту зьбiралi поўныя залi журналiстаў - ад тэлекамэраў акрэдытаваных у Беларусi расейскiх каналаў да найбуйнейшых выданьняў і інфармацыйных агенцтваў. Папулярны незалежны штотыднёвiк "Имя" за 1997г. тройчы (!) прысьвячаў перадавiцы МФ. Кiраўнiк Савета Бясьпекi Вiктар Шэйман і галоўны iдэоляг рэжыму Ўладзiмер Замяталiн неаднойчы згадвалi Малады Фронт у публiчных выступах, абвiнавачваючы яго ў падрыхтоўцы "зьвяржэньня iснуючага дзяржаўнага ладу". Дырэктывы, якiя перасьцерагалi ад стварэньня суполак Маладога Фронту і ўзелу моладзi ў акцыях, перад кожнай буйной манiфэстацыяй хвалямi паступалi ў ВНУ, ПТВ, школы, дамы культуры. Шматтысячная агентура КДБ праводзiла пастаянныя гутаркi з рэктарамi, дэканамi й выкладчыкамi, палохаючы iх маладафронтаўцамi, якія "зробяць рэвалюцыю і адразу пачнуць расправы". Інфармацыя пра Малады Фронт праз тэлерэпартажы, газэты й контарпрапаганду пранiкала ў найменшыя мястэчкi i вескi.

"Маладафронтаўцы - гэта модна!" - абвяшчала газэта "Имя". "Малады Фронт вылучаецца сваей бадзёрасьцю i аптымiзмам" - канстатавала "Свабода". "Малады Фронт стаў самай папулярнай маладзёвай арганiзацыяй, - пiсалi нават "Московские Новости" - і зрабiць з МФ улады ня могуць нiчога".

Дайшло да таго, што любыя самаменш палiтычна афарбаваныя здарэньнi тут жа зьвязвалiся з МФ: дзесьцi невядомыя пабiлi сакратара райкаму БПСМ, узьнiкалi сьвежыя графiцi "Жыве Беларусь!" або зьяўляўся незразумелы, але беларускi самвыдат i ўжо iмгненна разносiлiся па горадзе чуткi: ў нас Малады Фронт!

Раскручаны Малады Фронт стаўся вялiзным, агульнабеларускiм рэзэрвуарам для ўсяе грамадзка-актыўнае моладзi. Як калiсьцi ў Народны Фронт, сюды прыходзiлi ўсе: і мiтынговыя байцы, і аматары беларускай рок-музыкi, і анархiсты, і кар'ерныя актывiсты, i тыя, каго проста дастала, i тыя хто сьпяваў у касьцёльным хоры. Ужо потым на працягу некалькiх тыдняў, гэтая разнастайная моладзь асвойвалася - хтосьцi знаходзiў сябе ў шэрагах МФ цi сатэлiтных арганiзацыях, а хтосьцi вандраваў па сваю нiшу далей: у радыкальныя групоўкi, грамадзкую сфэру, прафэсiйную палiтыку цi незалежную прэсу. Паводле прыблізных падлiкаў, за гады самастойнага iснаваньня Маладога Фронту празь яго структуры пайшло каля 30 тысячаў маладых людзей - сябраў і прыхiльнiкаў, многiя зь якiх далей стваралi новыя арганiзацыi, складалi цэлыя маладафронтаўскiя каманды ў рэдакцыях газэтаў ды напаўнялi сваей хваляй грамадзкi сэктар. Бадай што, ў апазыцыйных колах у другой палове 90-х не засталося такой арганiзацыi, дзе не было б сябраў МФ.

Праз гарнiла Маладога Фронту зь яго бесперапыннымi акцыямi, затрыманьнямi, адсiдкамi й геройскiмi вылазкамi праходзiў актыў пакаленьня, народжанага да перабудовы.

Iншыя дэмакратычныя й незалежнiцкiя арганiзацыi, мноства зь якiх атрымлiвала прыток новых сяброў з Варвашэнi,8, стваралi хутчэй атачэньне масаваму Фронту, шырокi арэол палiтычнае цi грамадскае спэцыялiзацыi. Такая сiстэма, ўспадкаваная ад колiшняга "бацькоўскага" БНФ, нагадвала эпiцэнтар з канцэнтрычнымi хвалямi вакол.

Ужо ў 1996 годзе Малады Фронт зрабіўся фактычна самастойным ад "старога" Народнага Фронту. У 97-м годзе гэтая незалежнасьць былога "маладзевага крыла" аформiлася i дэ-юрэ, з прыняцьцем статуту й праграмнае заявы на Сойме. Уласна кажучы, Малады Фронт стаў адказам на слабасьць БНФ, крызыс волi, дзеяньня й iдэi - i гэтая сыстэматворная прычына ўвесь час скразiла ў спрэчцы двух пакаленьняў напрыканцы 90-х гг. ХXст. Шмат што МФ ужо рабiў лепш, шмат дзе выглядаў больш сучасна й дынамiчна, шмат у чым меў свае, адрозныя ад "бацькоў" погляды. Ды ўрэшце, маладафронтаўцы ўжо адчувалi, што заканамерны ўпадак БНФ i зьвязяная зь iм стагнацыя беларускага руху мае значна глыбейшые, чым узрост або мэтады дзейнасьцi, прычыны - iдэйныя, сьветапоглядныя, духовыя. Менавiта пакаленьне Маладога Фронту, новая генэрацыя нацыянальнага руху, мусiла выйсьцi за рамкi БНФ - і пераадолець гэты крызыс. Тым ня менш, падчас буйных дэманстрацыяў і кампанiяў абодва фронты, як правiла, выступалi побач: супрацiў дыктатуры й iмпэрыi мусiў быць салiдарным.

Кiм жа былi гэтыя новыя маладыя?

Маладафронтаўскiя лiдэры належалi да самых глыбiняў генэрацыi-2000: большасьць кiраўнiкоў былi народжаныя цi ў 1976г. (Яўген Скочка, Аляксей Шэiн, Сяржук Бахун, Аляксей Янукевiч, я сам) цi ў 1978г. (Натальля Маковiк, Аляксей Шыдлоўскi, Аляксей Чарняеў) - якраз у сярэдзiне ўзроставае хвалi 1970 -- 85гг.

Паводле анкетаваньня навiчкоў МФ, 3/4 зь iх складалi хлопцы i 1/4 - дзяўчаты; сярэднi ўзрост вагаўся памiж 14 й 25 гадамi; у асноўнай масе сваёй гэта былi студэнты, маладыя працоўныя й школьнiкi старэйшых клясаў. Структуратворнымi плынямi Маладога Фронту зрабiлiся нефармалы, дзецi творчае iнтэлiгенцыi й дзеячоў адраджэнцкага руху, а таксама маладзёвыя хрысьцiянскiя (каталiцкiя, пратэстанцкiя, праваслаўныя) супольнасьцi. Пераважная большасьць сяброў МФ слухала рок, глядзела НТВ і выбарачна БТ, чытала "Нашу Нiву", "Народную Волю" й "Беларускую маладзёжную", хацела бачыць сваю суполку або "нефармальнай тусоўкай", або "брацтвам i ордэнам", i, што характэрна, была сур'ёзна заклапочана выбарам веры*.

* "Вынікі анкетаваньня навічкоў Маладога Фронту" - Архіў МФ, 1996-2001гг.

Маладому Фронту багата даставалася за тынейджэраў. Многiя недаўмявалi, чаму гэта МФ не студэнцкая арганiзацыя, чаму асноўную масу сяброў складаюць 15-20-гадовыя i навошта працаваць сярод падлеткавых тусовак. Але якраз-такi тут i таiўся стратэгiчна важны момант. Менавiта ў 14-25-гадовым узросьце сеньняшняе юнацтва абвальвалася ў крымiнал i самагубствы, зьбягала з дому, быццам зваряцеўшы, пачынала спойвацца й калоцца, губляла цiкавасьць да жыцьця. Што характэрна ,большасьць iншых маладзевых арганiзацыяў абапiралася ўжо на тых, хто "выжыў" пасьля пераломнага перыяду. А вось Малады Фронт быў у самай небяспечнай узроставай браме, у гарнiле i таму натуральна, што менавiта ен усе пяць наступных гадоў служыў кузьняй маладых беларускiх кадраў. Малады Фронт мусiў трываць, ратаваць i гартаваць гэтую моладзь дзеля Адраджэньня — iнакш яе ўмомант магла згуртаваць наркаманiя, алькаголь цi злачыннасьць.

Магчыма, чытаючы гэтыя радкi, хтосьцi пры словах "Малады Фронт" уяўляе сабе шэрагi кiношных самаахвярных герояў з жалезнай воляй, прыроджаных малойцаў і "добрых хлопчыкаў". Насамрэч, рэальны Малады Фронт рабiўся тымi, хто пераадольваў сябе — свой страх, пафiгiзм, жаданьне выпiць або абкласьцi матам увесь сьвет. У МФ хапала злосьцi й бруду, траплялiся стукачы й разгiльдзяi, i часам прыстойна апранутыя маладыя людзi моршчылiся, выходзячы з Варвашэнi, 8. Малады Фронт — гэта было увесьчаснае змаганьне з уласным злом: хамствам, нянавiсьцю, разбэшчанасьцю, цынiзмам самой моладзi. Дзякуй Богу, многiя з тых, хто прайшоў Малады Фронт, менавiта там упершыню зразумелi: мы зьменiм сьвет толькi тады, калі зьменiмся самi.

Малады Фронт зрабiўся авангардам пакаленьня пераменаў. Вядучая роля МФ у выступах 1996-97гг., масавасьць і паўсюдная падтрымка, агульнабеларуская структура і мiсiя "спадкаемцаў" БНФ зрабiлi з Маладога Фронту арганiзацыйнага й iдэалягiчнага лiдэра ўсяе новае генэрацыi Беларусi.

Шырыня маладафронтаўскага руху ў спалучэньнi з вострай палiтычнай накiраванасьцю дзеяньняў выявiлi ў Маладым Фронце фокус 2-х мiльеннае беларускае моладзi. Настроi й iмкненьнi большасьцi катэгорыяў маладога грамадзтва выкрышталiзоўвалiся праз МФ у iнiцыятывы й акцыi - i тут жа набывалi розгалас і разьвiцьце. Малады Фронт увеў у слоўнiкi сучаснае беларускае палiтыкi новыя выразы й лезунгi - "Ды-джэi Адраджэньня" i "Шоў Беларушчыны", "Горад - наш!" i "Лятучы пiкет", "Алiмпiяда Маладога Фронту" i "Вырабы", "Беларусь - гэта сьвятое" i "Пераменаў!", "Зрабi прэзыдэнта!" i "Люблю Беларусь!" Фiрмовыя маладафронтаўскiя акцыi й вынаходнiцтвы можна было разьмяшчаць у падручнiках па PR.

У далейшае гiсторыi пакаленьня перабудовы канцэнтрацыя зарадаў i пэрспэктывы зьменаў адбывалiся менавiта ў Маладым Фронце. Эвалюцыя маладых рэвалюцыянераў на працягу наступных гадоў - ад стыхiйнага выхаду на масавыя манiфэстацыi, праз вулiчны радыкалiзм, палiтычнае шоў i сьцёб, культурнiцтва й грамадскае пашырэньне, раскручваньне інфармацыйных тэхналегiяў да сьветапогляднага й духовага сталеньня й сыстэмнасьцi дзеяньня - была прадвесьцем тае глябальнае эвалюцыi, якую перажывала ўся беларуская моладзь.

Нарэшце, Малады Фронт стаўся эпiцэнтрам пакаленьня моладзi - 2000. Глыбiнныя й адкрытыя, сьвядомыя і падсьвядомыя болi ды надзеi моладзi скаланалi МФ спрэчкамi й нутранымi пераўтварэньнямi; ў сваю чаргу, сфармуляваныя Маладым Фронтам адказы й схемы паводзiнаў праз сыстэму "рэзэрвуару" канцэнтрычнымi хвалямi пашыралiся спачатку сярод грамадзка-палiтычнае элiты пакаленьня, затым па ўсiм актыве моладзi, а потым дасягалi й пасіўнае большасьцi.

Малады Фронт першым паставiў сваей задачай пры зьмене ўлады арганiзаваць усе аграмаднае пакаленьне-2000, зрабiць яго рухавiком рэформаў і адраджэньня. Стварэньне гiганцкага, 500-тысячнага нацыянальнага руху, якi зможа выцягнуць на сабе ўсю Беларусь, i стала адной з праграмных задачаў МФ. Iншымi словамi, Малады Фронт упершыню сфармуляваў iдэю свайго пакаленьня — i ўзяўся за яе рэалiзацыю. Усе акцыi ўва ўмовах дыктатуры МФ разглядаў як адпрацоўку мадэляў i ўзораў для далейшае масавае раскруткi — у будучае дэмакратычнай i незалежнай Беларусi.

Беларускае грамадзтва з трывогай і надзеяй узiралася ў Малады Фронт. Сiла й ідэя цэлага пакаленьня, адлюстраваныя ў МФ, трапiлi ў цэнтар увагi: сродкi масавае інфармацыi, палiтыкi й абываталi сачылi, спрачалiся, падбадзервалi і давалi парады. Пакаленьне Маладога Фронту, якому заўтра жыць, у грамадзкiх чаканьнях мадэлявала новую нацыю - будучыню незалежнае, дэмакратычнае, эўрапейскае Беларусi.

 

Частка 3

Выбар генэрацыі-2000

 

Вулічныя выступленьні 1996-97г вывелі пакаленьне Маладога Фронту на гістарычную арэну, у шырокае грамадства й рэальную палітыку. Моладзь, якая апынулася на пярэднім краі, пачала усьведамляць сябе, шукаць і выбіраць далейшы шлях: ад радыкальнага супраціву да сьцёбу, ад субкультураў да Шоў Беларушчыны, ад асьветы да хрысьціянства. Такая імклівая й глябальная эвалюцыя на працягу некалькіх гадоў перад вырашальным 2000г фармулявала сэнс жыцьця, саму ідэю й місію пакаленьня пераменаў.

 

Радыкалізм па-беларуску (1997-1999)

 

Падзеі 1996-97гг. зь іх вулічнымі бойкамі, арыштамі й палітычнымі крымінальнымі справамі выклікалі ў Беларусі рэзкі рост радыкальных настрояў: моладзь была літаральна наэлектрызаваная.

Ідэя супраціву як першага адказу на ўціск і рэпрэсіі мітынговых вёснаў імкліва пашыралася ў незалежніцкіх і нефармальных маладзёвых колах. Размовы аб арганізаваным падпольлі, зброі й лясной партызанцы вяліся паўсюдна й амаль адкрыта. Многія выказвалі гатовасьць да экстрэмізму і нават тэрору - тым больш, што тэлевізійныя кадры зь беларускіх мітынгаў на расейскіх каналах паралелілі з карцінамі першае чачэнскае вайны. Прадчуваньне гэткае ж блізкае вайны за незалежнасьць разам з увесьчаснымі сюжэтамі каўкаскае жорсткасьці надавалі настроям рэальнасьць жывога эфіру. Хіт NRM "Партызанская", які зьявіўся ў 1997 годзе, увадначасьсе стаў гімнам маладзёвай вуліцы:

 

 

"...І нашыя людзі, нібы павукі,

Распаўзуцца на ўсе на чатыры бакі,

І будуць Радзіму сваю вызваляць -

Страляць з-пад рукі!

    Скідаць цягнікі!.."

 

У Менску пачалі распаўсюджвацца "баявыя лісткі" - анархісцкая газэта "Моладзь змагаецца!" і радыкальны маладафронтаўскі бюлетэнь "Гэта Мы!". На гэты момант дысцыплінаванае Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў, што акумулявала "байцоў" у пачатку 90х, ужо фактычна развалілася. Таму радыкальнае студэнцтва й падлеткі, якія праглі дзеяньня, пачалі групавацца вакол некалькіх гарачых маладзёвых агмянёў: Маладога Фронту, баявое крыло якога ачоліў Яўген Скочка, БПС пад кіраўніцтвам Сержука Высоцкага, і новастворанага "Белага Легіёну" Сержука Чыслава.

БПС, што зьяўлялася на маніфэстацыях зь бела-чырвона-чорнымі сьцягамі й у чорных кашулях, прапагандавала сілавы адпор рэжыму пад дэвізам "Да барацьбы - да перамогі!" На мітынгах некалькі дзясяткаў сябраў БПС звычайна ўтваралі дружыну, гатовую да вулічных боек і прарываў, а па-за мітынгамі арганізоўвалі рэйды па цэнтры Менску. Улёткі й надпісы на сьценах "БПС" са знакам шасьціканцовага крыжа досыць часта ўзьнікалі на менскіх вуліцах у 1997-99гг.

"Белы Легіён", у адрозьненьні ад БПС, зрабіў стаўку не на адкрытую дэманстрацыю, а на кансьпіраваньне ды падпольную структуру. Ужо ўвесну 1996-га ўсіхную ўвагу прыцягнулі іх таямнічыя сьцягі - чырвоныя палотнішчы з чорным колам ды белым старадаўнім знакам "спарыша" - якія ўздымаліся па-над грамадамі дэманстрантаў у самыя небясьпечныя моманты акцыяў. Чуткі й легенды пра баявыя атрады галаварэзаў зь "Белага Легіёну", што трапілі ў прэсу, нямала паспрыялі вобразу "ультрас" з глыбокага падпольля. І калі на шэсьцях 1996-97гг. хтосьці зь "легіёнаўцаў" раптоўна выкрыкваў баявы кліч "Слава нацыі!" - дык разгарачаная моладзь дружна падхоплівала: "Сьмерць ворагам!". "Легіёнаўцаў" лічылі найбольш "адвязнымі" з усіх: ужываньне жалезных прутоў, сьпіцаў і кастэтаў у вулічных мітынговых сутычках прыпісвалася менавіта "Беламу Легіёну". Спэцслужбы рэжыму, якія адчулі ў гэтым намёкі на беларускі варыянт IRA, у 1997м арганізавалі шэраг правакцыяў вакол "Белага Легіёну", у тым ліку жорсткае зьбіцьцё яго лідэра Сяржука Чыслава - той трапіў у шпіталь са шматлікімі пераломамі. Зрэшты, ужо ў 1998г. "Легіён" практычна зьнік з вулічнае арэны - частка ягоных сябраў сышла ў бізнэс, а рэшта засяродзілася на ціхае падрыхтоўцы асобных маладзёвых групаў.

Але ж больш за ўсё неверагодных чутак і мітаў у 1997-99гг. было зьвязана з так званым "Беларускім Вызвольным Войскам" (БВВ, у расейскай транскрыпцыі БОА) - арганізацыяй, якая ўзяла на сябе адказнасьць за абстрэл расейскае амбасады ў Менску і падрыў магістральнага расейскага газаправода пад Стоўбцамі. Хутчэй за ўсё, шырму БВВ скарыстаў хтосьці з асяродзьдзя дзейсных радыкальных груповак, каб прыстрашыць Расею й рэжым Лукашэнкі прывідам беларускага тэрарызму.

Малады Фронт, які ўяўляў сабой найбуйнейшы вулічны маладзёвы рух і ў 1996-97гг. удзельнічаў амаль ува ўсіх сутыкненьнях зь сіламі рэжыму, акумуляваў радыкальную моладзь у сваім Спартовым Аддзеле. У сярэдзіне 1997г. ягоны касьцяк у Менску складалі 200 хлопцаў, падзеленых на "дзясяткі" на чале зь дзясятнікамі. Маладафронтаўцы рыхтаваліся ў некалькіх спартовых залях па дысцыплінах адзінаборстваў і выяжджалі на рэгулярныя "вышкалы" ў лясныя трэніровачныя лягеры. Улетку 1997-га 30 лепшых "спартавікоў" МФ прайшлі адмысловую падрыхтоўку на базах у Заходняй Украіне. У далейшым менавіта ўдзельнікі гэтае "трыццаткі" сталі лідэрамі многіх беларускіх баявых і патрыятычна-спартовых аб'яднаньняў. У 1996-97гг. у некаторых раённых радах Менскага Маладога Фронту, абласных цэнтрах і буйных гарадох, дзе ствараўся МФ, першымі паўставалі менавіта радыкальныя спартовыя аддзелы. Яны адразу ж праходзілі практыку на мясцовых акцыях пратэсту або выяжджалі на буйныя дэманстрацыі ў Менск. Гэтак утварыліся даволі аўтаномныя мясцовыя структуры, што часта мелі сур'ёзную кансьпірацыю: "Кастрычніцкая Рада" (Кастрычніцкі раён Менску), КРАМФ (Койданаўская Раённая Арганізацыя Маладога Фронту), "Дружына" (Цэнтральны раён), "Кальварыйцы" (Фрунзенскі раён), аддзелы МФ у Магілеве, Віцебску, Барысаве.

Але ўжо ў пачатку 1998г., пасьля спаду мітынговае хвалі, Малады Фронт выбраў магістральны шлях масавай грамадзкай і палітычнай асьветы моладзі, несумяшчальны з гвалтам. Жорсткі, а часам і экстрэмісцкі супраціў ня мог стаць асновай змаганьня з уплывам імпэрыі й дыктатарскім рэжымам - для абароны незалежнасьці й духовага Адраджэньня патрабаваўся магутны стваральны маладзёвы рух. У гэтых умовах радыкальнае крыло ўсё больш адасаблялася.

У турме ў красавіку-чэрвені 1998г. мне даводзілася шмат разважаць над вулічнай тактыкай і спосабамі барацьбы. Небясьпека нянавісьці й крывавага тэрору ў Беларусі рабілася ўсё больш відавочнай. Нельга было дапусьціць, каб шматтысячны маладзёвы рух сышоў да экстрэмізму й помсты адзінак: толькі моцная духовасьць, заснаваная на хрысьціянскіх прынцыпах, у спалучэньні з асьветніцкай працай у шырокіх колах моладзі здольная была забясьпечыць у супраціве перамогу.

Дарэчы, менавіта ў гэты самы час, улетку 98га, адчуваючы, што "момант ісьціны" надышоў, лідэры Спартовага Адзьдзелу заснавалі паралельна Маладому Фронту Спартова-Патрыятычную арганізацыю "Край" з моцна закансьпіраванай структурай і практычна вайсковай дысцыплінай. Радыкальная частка МФ негалосна рабілася самастойнай - і гэта, бадай, быў найлепшы варыянт далейшых дзеяньняў у нацыянальным маладзёвым руху. Узначаліў "Край" замест Яўгена Скочкі 20-гадовы актывіст Маладога Фронту Вадзім Кабанчук, які ў 1997-98гг. адсядзеў 6 месяцаў у сьледчым ізалятары ды яшчэ атрымаў 3,5 гады ўмоўна за зьбіцьцё міліцэйскага тэлеапэратара на адным з шэсьцяў 97-га.

У 1998-99гг. "Край" стаў найбольш сур'ёзнай падпольнай баявой арганізацыяй, якая мела ў сваім падпарадкаваньні некалькі соцень падрыхтаваных сябраў. "Краёўцы" арганізоўвалі нечаканыя паходы й выправы ў камуфляжы з нацыянальнымі сымбалямі, адзначалі ўгодкі дзеячоў беларускага руху, зьяўляючыся ў адпаведных мясьцінах па-партызанску раптоўна. Больш таго, "Край" заняўся выданьнем і распаўсюдам гістарычнае літаратуры й зьвярнуўся да грунтоўных ідэяў, распрацаваных нацыянальным рухам у ХІХ- І палове ХХ стст. Ідэалягічная падрыхтоўка вялася і праз газэту "Голас Краю", якая часта перадрукоўвала яшчэ не знаёмыя шырокаму колу гістарычныя й вайсковыя публікацыі часоў паўстаньня Касьцюшкі, змаганьня з бальшавікамі ці ІІ Сусьветнай вайны. Вельмі важна, што ў краёўскай дактрыне, як і ў Маладым Фронце, у гэты час пачалі скрышталізоўвацца хрысьціянскія акцэнты: сярод сваіх ідэйных бацькоў "краёўцы" лічылі заснавальніка беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага і абралі сабе лёзунг, які гаворыць сам за сябе: "Бог! Беларусь! Воля!"*

* Бюлетень "Голас Краю", Менск, 1999г.

Найбольш яркай акцыяй "Краю" стаўся марш у Горадні 25 красавіка 1999г., на гадавіну чарнобыльскай трагедыі. 40 "краёўцаў" у форме, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ўвечары пашыхтаваліся ў самым цэнтры гораду, і пад гул званоў у гарадзенскіх храмах, з воклічам "Бог нас чуе!" - рушылі па вуліцах да будынку аблвыканкаму. Гарадзкія ўлады, шакіраваныя акцыяй, павялі сябе беспрэцэндэнтна жорстка. Выкліканыя падразьдзяленьні АМАПу атакавалі калёну, ужываючы дубінкі й сьлезацечны газ, а калі не змаглі спыніць маршу - таранілі шыхт машынамі. Было арыштавана каля 15 чалавек, некаторыя апынуліся ў цяжкім стане ў шпіталі. Выбуховы розгалас ад гэтае акцыі надоўга забясьпечыў "краёўцам" славу самых крутых і дзёрзкіх нацыяналістаў.

Разгортваньне беларускіх радыкальных маладзёвых груповак у 1997-98гг. было ўспрынята і лукашэнкаўскім рэжымам, і расейскімі аналітыкамі як адна з самых небясьпечных пагрозаў. Праўда, у сфэры жорсткасьці й нянавісьці ў дыктатараў ды спэцслужбаў роўных няма - і таму адказам на рост беларускага радыкалізму сталіся афіцыёзная прапаганда, гэбэшныя правакацыі і, нарэшце, раскручваньне ў Беларусі сярод моладзі, у супрацьвагу нацыяналізму, прарасейскай экстрэмісцкай ідэалёгіі. Беларускія службы, відавочна, разам з ФСБ Расеі, пачалі актыўна падтрымліваць пашырэньне па ўсёй краіне так званага Рускага Нацыянальнага Адзінства (па-расейску - РНЕ).

РНЕ, баявая фашыстоўская арганізацыя, заснаваная ў пачатку 90-х супрацоўнікам савецкіх спэцслужбаў Аляксандрам Баркашовым, раней існавала толькі ў Менску як нешматлікае падпольле расейскіх адстаўных вайскоўцаў-шавіністаў на чале зь нейкім Андрэем Валіўліным. Нечакана РНЕ пачало зьяўляцца і ў іншых беларускіх гарадох. Якасныя каляровыя ўлёткі і плякаты пад лёзунгамі "Русский порядок", "Мы здесь! Обратной дороги нет!", "Россия ждёт твою волю!" і г.д., надпісы фарбай, стылізаваная свастыка - сымбаль расейскага фашызму - застракацелі на сьценах, перакрываючы агітацыю нацыянальных арганізацыяў. У гэты час РНЕ ў Беларусі ўзначаліў 20-гадовы Глеб Самойлаў. Паводле некаторых даных, напрыканцы 1998- на пачатку 1999гг. РНЕ ўжо налічвала у Беларусі 22 адзьдзяленьні й мела каля 500 актывістаў. Пры гэтым канфігурацыя структураў была далёкая ад стыхійнай: баявыя суполкі баркашоўцаў з падазронай мэтаскіраванасьцю ўзьнікалі на лініі важнейшае транспартнае магістралі Берасьце-Масква, у памежных з Расеяй гарадках і ў ключавых населеных пунктах Заходняе Беларусі. Такі наступ больш за ўсё нагадваў спэцыяльную апэрацыю. На вуліцах беларускіх гарадоў пачалі зьяўляцца калёны баркашоўцаў па некалькі дзесяткаў чалавек, у чорных кашулях і са свастыкамі; яны раз-пораз спыняліся, ускідвалі рукі ў нацысцкім прывітаньні й выкрыквалі "Слава России!" Большасьць актывістаў эрэн'ешнікі рэкрутавалі сярод тых жа беларускіх хлопцаў, зь нізоў і бедных ускраінаў: малаадукаваных рабочых, падлеткаў-"гопнікаў", навучэнцаў ПТВ. Ідэалягічная апрацоўка, замяшаная на славянафашызме й расізме, даведзеная да замбаваньня, вялася па некалькі тыдняў, суправаджалася праглядам відэафільмаў, трэніроўкамі й ляснымі вышкаламі. Спэцслужбы рыхтавалі нацыянальнаму маладзёваму руху жорсткага супраціўніка.

5 лютага 1999г. брыгада РНЕ жорстка зьбіла некалькіх актывістаў ініцыятывы "Хартыя - 97" - якраз перад помнікам Перамогі у цэнтры Менску. Гвалтоўная акцыя мела вялізны розгалас: некалькі дзён беларускія й расейскія СМІ абмяркоўвалі гэты факт - а пад шумок, карыстаючыся гучнай рэклямай, РНЕ набірала сотні новых прыхільнікаў "рускага парадку", і разрасталася да памераў сур'ёзнай пагрозы.

Нарэшце, у барацьбу з РНЕ ўключыліся нацыянальныя маладзёвыя арганізацыі. Малады Фронт у лютым - красавіку 1999г. правёў у Менску сэрыю рэйдаў, блякуючы месцы збору нэафашыстаў ля сталічнае філярмоніі. Пераважаючы колькасна, маладафронтаўцы атачалі групы баркашоўцаў і здавалі іх міліцыі. Праўда, у большасьці выпадкаў міліцыянты хлопчыкаў са свастыкай паціху адпускалі. Нарэшце РНЕ адмяніла штотыднёвыя зборы ля Філярмоніі - але не перастала расклейваць улёткі. Тымчасам БПС, "Белы Легіён" і "баявыя" раённыя рады Маладога Фронту пачалі проста зьбіваць эрэн'ешнікаў на вуліцах Менску, Віцебску, Берасьця, Магілева. Часта гэта давала нагоду афіцыйнай прапагандзе заявіць, што "маладыя радыкалы" - хуліганы й фашысты - разьбіраюцца паміж сабой.

Ужо да восені 1999г. сілы РНЕ былі падарваныя. Апошнія некалькі ўдараў - у прамым сэнсе слова - расейскім нэафашыстам у цэнтры Менску нанесла БПС. А ў жніўні 2000г. пры загадкавых абставінах (паводле зьвестак, у выніку ўнутранае барацьбы або помсты за правал місіі) двума ўдарамі нажа ў сэрца быў забіты і кіраўнік РНЕ ў Беларусі Глеб Самойлаў. РНЕ вярнулася да стану малалікае й разьяднанае тусоўкі.

Зрэшты, і беларускі нацыянальны радыкалізм усё больш маргіналізаваўся, пераходзіў да падпольных, варагуючых міжсобку груповак. Становішча ў Беларусі і сьвядомасьць пакаленьня пераменаў патрабавалі іншага супраціву. У поўнае меры гэта давёў і апошні буйны факт радыкальнага змаганьня - скандальны, адначасова рашучы й жорсткі Марш Свабоды 17 кастрычніка 1999г.

Група палітыкаў - Анатоль Лебедзька, Зьміцер Бандарэнка, Вінцук Вячорка, Мікалай Статкевіч, - якая абвесьціла Марш яшчэ ў верасьні 99-га, спадзявалася пераламіць апатычную сытуацыю ў грамадзтве адной вулічнай масавай акцыяй. Паўтарамесяцовая рэклямная кампанія, падчас якой у Менску зьявіліся першыя ў Беларусі налепкі, сабрала на марш пратэсту, як на астатні бой, у першую чаргу радыкальна настроеную моладзь. Пасьля шэсьця па цэнтральных вуліцах 15-тысячная дэманстрацыя выйшла на вуліцу Пуліхава, да моста празь Сьвіслач. Тут ужо стаялі вялізныя кардоны экіпіраванае міліцыі й побач - падрыхтаваныя груды каменнае пліткі... Правакацыя рэжыму поўнасьцю ўдалася: страшэнны шквальны град камянёў, якія кідалі сотні хлопцаў і дзяўчат у міліцэйскія шэрагі, стаў шокам для ўсяго грамадзтва. Больш 60-ці пацярпелых міліцыянтаў і азьвярэлая расправа АМАПу над тымі, каго ўдалося затрымаць пасьля Маршу, аказаліся псыхалягічна разьлічаным эфэктам. Паводле апытаньняў, 56% жыхароў Беларусі й 45% маладых ацанілі "Марш Свабоды" рэзка адмоўна - і толькі каля 17% грамадзянаў ды 20% моладзі ўспрынялі яго станоўча. І гэта пры тым, што акцыі Вясны-96; Вясны-97 падтрымлівалі каля 30-40% насельніцтва і да 50-70% моладзі*! Больш таго, Мікола Статкевіч, які спрабаваў спыніць масавы гвалт, праваабаронца Валеры Шчукін і некалькі затрыманых маладафронтаўцаў апынуліся ў турме пад крымінальнай справай. "Марш Свабоды", што задумваўся як рашучая пратэстная акцыя, быў даведзены да бойні, выяўленьня нянавісьці й экстрэмізму - і выкарыстаны рэжымам для дыскрэдытацыі ўсяго маладзёвага й нацыянальнага руху. Урок 17 кастрычніка 1999г. стаў папярэджаньнем усёй моладзі і ў далейшым: выбар небясьпечнага радыкальнага шляху сілавога супраціву й нянавісьці толькі падрываў асновы нацыянальнага Адраджэньня.

* НІСЭПД, вынікі нацыянальнага апытаньня (у тым ліку выбарка па моладзі) у лістападзе 1999г.

Зрэшты, пацьвердзіў гэта і далейшы лёс практычна ўсіх радыкальных беларускіх арганізацыяў. "Белы Легіён" закансьпіраваўся настолькі глыбока, што яго проста не стала відаць; "Край", дыскрэдытаваны скандалам вакол перадвыбарчае гэбэшнае правакацыі Генадзя Угляніцы - Андрэя Жарнасека ў 2001г., застаўся больш у легендах; КРАМФ, што выйшла з Маладога Фронту, кінулася ў ультраправую нэапаганскую ідэалёгію, а ад БПС адкалолася групоўка, што выпусьціла экстрэмісцкі часопіс "Нацыя" зь яўна фашыстоўскім душком. Групоўкі, арыентаваныя на гвалт і нянавісьць, драбнелі, яшчэ больш радыкалізаваліся - да эпатажнага нацызму й лёзунгаў часоў Гітлера - і заканамерна пераходзілі да віртуальнага існаваньня ў Інтэрнэце.

Бадай што адзінай дзейснай сілавой структурай на пачатку новага тысячагодзьдзя засталася БПС пад кіраўніцтвам Сяржука Высоцкага. Яна прыняла больш узважаную нацыянальную ідэю, грунтаваную на клясычных "вайскова-хрысціянскіх" прынцыпах ("На д'ябла - крыж, на ворага - меч!" - як у Кастуся Астрожскага) - і давяла сваю рэальную моц удзелам у шматмесяцовай абароне Курапатаў 2001-2002гг.

Між тым, фэномэн стыхійнае падлеткавае й маладзёвае нянавісьці ў пакаленьні вольнае волі не вычэрпваецца ўсплёскам 1997-99гг. Сёньняшнія брыгады скінхэдаў і групоўкі футбольных фанатаў ("дынаміты", "тарпэдоны", "дняпроўцы" і г. д.) - яскравы прыклад культу сілы, гвалту й зла, ідэалёгіі ксэнафобіі й фашызму, якія квітнеюць і дацяпер. Характэрна, што з усіх разнастайных заходніх плыняў, дзе вылучаюцца і рабочыя red-skin, і скіны - антыфашысты, постсавецкая моладзь запазычыла самую агрэсіўную й жорсткую форму: "Бі чужых, ратуй радзіму!" Брыгады з голенымі галавамі, падцяжкамі й байцоўскімі берцамі ў якасьці ўніформы ды фашыстоўскай ідэалёгіяй узьніклі ў ІІ палове 90х амаль у кожным буйным горадзе Беларусі.

"Нянавісьць: дзеці хлусьні" - лепш ня скажаш.

 

Субкультуры, гульбішча й Няміга (1998 – 1999)

 

Адной з найбольш масавых і яскравых маладзёвых зьяваў у Беларусі на мяжы тысячагодзьдзя сталася паўсюднае пашырэньне субкультураў. Напрыканцы 80-х-пачатку 90-х найбольш выразны ў "нефармальным" асяродзьдзі, ужо ў 1998-99гг. гэты фэномэн выявіўся практычна ўва ўсіх маладзёвых сфэрах, фармуючы асаблівы тып грамадзтва. Якраз у 1998-99гг., пасьля згасаньня вулічнае хвалі, у пэрыяд чарговага ўмацаваньня аўтарытарнае дыктатуры, тэндэнцыі да вонкавае абыякавасьці, замкнёнасьці, абмежаванасьці, пагружэньне ва ўласны ўнутраны сьвет і засяроджанасьць на спосабе існаваньня пачалі ахопліваць самыя шырокія пласты моладзі, народжанай да перабудовы.

Гэты пэрыяд найбольш нагадваў тую прорву, што пагражала моладзі пасля вольнае волі 1989 - 91гг.: абвал крыміналу, алькагалізму, наркотыкаў, абортаў... Але тады эфэкт дэградацыі быў выкліканы поўнай свабодай, адменай ўсіх забаронаў, эйфарыяй вызваленьня і насіў вонкавы характар: падлеткі асвойвалі ўсе спакусы сьвету, шукаючы задавальненьня вакол сябе. Зараз жа пастаянны ціск рэжыму, падаўленьне грамадска-палітычнае актыўнасьці, адсутнасьць пэрспэктываў і абыякавасьць грамадзтва ўзьдзейнічалі на моладзь звонку - і ў выніку большасць маладых людзей пачала замыкацца, сыходзіць ад "вялікага жыцьця" і старацца знайсьці рэалізацыю ўласных жаданьняў у сваім абмежаваным асяродку ці ўнутры сябе.

Сындром спажыўца і т.зв. "здаровы цынізм", уласьцівыя гэтаму постмадэрноваму, постсавецкаму стану, сьведчылі не пра знойдзенае выйсьце, а пра духовую пустату i, страх перад рэальным жыцьцём. Малады чалавек у такім субкультурным стане вельмі нагадвае алькаголіка, які здаецца сам сябе дасьціпным, разьвясёлым і прывабным , а насамарэч мармыча, выстаўляе напаказ уласную кашу ў галаве - і выклікае ў навакольных кепска схаваную агіду ці шкадобу.

Складвалася ўражаньне, што гэтай моладзі нічога ня трэба: маладыя людзі займаюцца самі сабой. Спакуса абстрагаваньня, сыходу ад праблемаў, нават самаізаляцыі - звычайнае наступства працяглага ўціску й стрэсу. Але для моладзі пераменаў яна азначала пагрозу самаразбурэньня.

Што ж - савецкі матэр'ялістычны атэізм зьнікаў, як дым. Лібэралізацыя прынесла моладзі выбух разбэшчанасьці й крыміналу. Калгасная дыктатура Лукашэнкі давяршыла гэты сьветапоглядны шэраг уродлівымі гібрыдамі, якія хутчэй нагадавалі мутантаў - праваслаўным атэізмам і рынкавым сацыялізмам. Пустку ў юных душах пачалі навыперадкі запаўняць субкультуры, якія прэтэндавалі на самадастатковасьць і рабіліся эрзацам сэнсу жыцьця.

Па-першае, гэта былі ўласна нефармальныя субкультуры - рухі рокераў, панкаў, анархістаў, байкераў, "кіслотнікаў", рэпераў і да т.п. У сталіцы й буйных гарадах яны ўсё больш згрупоўваліся, утвараючы вялізныя тусоўкі звычайна ў цэнтры або вакол буйных месцаў адпачынку: менскую "Трубу" (якая, у сваю чаргу, аб'яднала "Панікоўку", "Мак-Дональдз", і "Сквер"), віцебскую "Сьценку" ці "Яму", магілёўскі "Цэнтар" ці гарадзенскую "Нірвану". Тут жа, у тусоўках, прызначалі сустрэчы, гандлявалі наркотыкамі й сьпявалі пад гітару, зьбіраючы грошы на піва.

Спачатку сымбалі "перадавое" моладзі бяз комплексаў, у 1998-99 гэтыя тусоўкі ўжо перасталі лічыцца асяродзьдзямі ненармальнасьці: вакол, паўсюль сярод моладзі ўжо віравала субкультура распусты, павальнага алькагалізму, наркаманіі. Вэнэрычныя захворваньні, нездаровая цікавасьць да галюцынагенаў, сэктаў і акультызму паразілі ня толькі тусоўкі й пад'езды прамысловых ускраінаў, а скрозь добрапрыстойныя спальныя раёны, "залатую моладзь" цэнтру, ціхія мястэчкі.

З 1989 да 1999 гг. колькасць наркаманаў у Беларусі павялічылася ў 8 разоў і склала, паводле розных зьвестак, ад 60 да 100 тыс. чалавек. У падаўляючай большасьці гэта былі маладыя 15-29 гадоў*. Пастаяннае злоўжываньне алькаголем ахапіла ў 1998 г. 35% беларускай моладзі. 16,9% маладых упершыню пачалі выпіваць ува ўзросьце да 15 гадоў, яшчэ 28,4% - у 15-20 гадоў**. Але самым страшным вынікам гэтае разбэшчанае хвалі стала тое, што ў 1998-1999гг. колькасць абортаў (якія рабіліся, зразумела, сярод маладых дзяўчат) перавысіла нараджальнасьць. Пачалося самазьнішчэньне маладое нацыі***.

* Даныя МУС РБ за 1987-2000г., а таксама - НІСЭПД "Моладзь і грамадзянская супольнасьць" беларускі варыянт "/А. Рубанаў, "Девиантное поведение молодёжи", выд. В.М. Скакун, 1999г."

** Даныя МУС РБ за 1987-2000г., а таксама - НІСЭПД "Моладзь і грамадзянская супольнасьць" беларускі варыянт "/А. Рубанаў, "Девиантное поведение молодёжи", выд. В.М. Скакун, 1999г."

*** Даныя Міністэрства Аховы Здароўя ў 1998-1999гг.

У 1998-99гг. адбыўся чарговы прыліў моладзі ў крымінальную субкультуру. Крыміналізацыя зь перапоўненых "малалеткамі" ізалятараў і калёніяў, разам з "блатнымі" слоўцамі й адносінамі, пашыралася і ў быце, і ў псыхалёгіі маладога пакаленьня. Злачыннасьць пачала губляць значэньне зла - і зрабілася небясьпечнай, але крутой субкультурай са сваёй філязофіяй, блатнымі песьнямі і фільмамі Таранціна. За 1998-99гг. у Беларусі быў зафіксаваны рэкордны скачок крыміналу: зь менш чым 123 тыс. злачынстваў да 130,5 тыс. - у асноўным за кошт моладзі. У 1999г. доля злачынстваў, зьдзейсьненых маладзейшымі за 30 гадоў, перавысіла палову. Ужо ў 2000г. 11.4% крыміналу прыпадала на непаўнагадовых, 25,9% - на 18-24 гадовых, і 15,4% - на 25-29 гадовых. Разам - 52,7%.(25) Каля 70 тыс. злачынстваў штогод - і гэта таксама пакаленьне пераменаў.

Здавалася б, фундамэнтальную падтрымку закону, духовасьці й маральным каштоўнасьцям сярод моладзі магла б даць якасная масавая культура. Але рынкавыя рэфлексы на TV, радыё і ў шоў-бізнэсе ў спалучэньні з аўтарытарным сацыялізмам Лукашэнкі спрацавалі адпаведна попыту: замест мудрага, жыцьцясьцьвярджальнага, стваральнага мы атрымалі і з Расеі, і з Захаду масу малазьмястоўнага нізкаякаснага абыватальскага прадукту, больш падобнага на транзытны сьмецьцепровад. "Гуманістычная дапамога" ў выглядзе хамаватае расейскае папсы й амэрыканскае рэкламы гвалту, без намёку на хрысціянскі кантэкст, зь імпэрскім зарадам, без аніякае павагі да нацыянальнага стала згубай для ідэі духовага Адраджэньня. Нашай моладзі дасталася яшчэ адна выклікова прымітыўная субкультура - папса.

Асобна трэба сказаць і пра эфэкт моўнае дэградацыі моладзі. Практычна легалізаваны расейскі мат загучаў паўсюль - ад самых "нізоў" да высокаінтэлектуальных тусовак. Урэшце рэшт, Малады Фронт нават выснаваў лозунг: "Або мацюкайся па расейску - або размаўляй па-беларуску".

Наступная важная маладзёвая зьява 90-х гг., якая напрыканцы стагодьдзя ператварылася ў субкультуру - тэхналягічны бум. Імклівы наступ навукова-тэхнічнага прагрэсу, паўсюдная кампутарызацыя, якая насіла выразна амалоджаны характар, насычэньнне беларускага рынку аўдыё-відэа-таварам (моладзь - найбуйнейшы спажывец), нашэсьце патрыманых іншамарак, што патрабуюць хатняга рамонту - усё гэта зрабіла частку пакаленьня пераменаў кваліфікаванай катэгорыяй насельніцтва, што здолела б з посьпехам замяніць, а то й пераўзыйсьці старэйшае пакаленьне эпохі "зборачнага цэху СССР". Праўда, у адсутнасць маштабовых рэформаў, пры калгасным ладзе гэты высокапатэнцыйны плюс аказауся замкнёны з палярным мінусам ізаляванасьці ўва ўласную субкультуру тэхнароў.

Да стану тыповых субкультурных супольнасьцяў напрыканцы тысячагодзьдзя былі зведзеныя і прадпрымальнікі, і маладыя носьбіты беларушчыны, і, што самае сумнае, многія хрысьціянскія абшчыны.

У сьветапоглядным, духовым вакууме Беларусі канца ХХст. , пры каланіяльна-аўтарытарным рэжыме моладзь, народжаная да перабудовы, легендарная моладзь рэформаў, якой зь нецярпеньнем чакала ўсё грамадзтва, фармавала не салідарны Малады Фронт пакаленьня, а балоцістую, інэртную, разьяднаную супольнасьць субкультураў. Пры адсутнасьці Бога ў душах найбольш здаровыя зьявы (тэхнарская, прадпрымальніцкая, "беларуская") імкнуліся да замкнёнасьці й абстрагаваньння, а найгоршыя (крымінальная, нарка-алькагалічная, папсовая) - да агрэсіўнага пашырэньня й дамінаваньня. Поўны падзел, раздрабненьне і дэградацыя - вось што азначаў для моладзі пераменаў наступ субкультураў. Яднаньне ж адбывалася ў асноўным на п'яных папсовых сьвятах.

У гэтых умовах, калі субкультуры рабіліся модай, а затым паўсядзённасьцю, і ўсё больш нагадвалі стыль жыцьця новага пакаленьня, маладафронтаўцы пачалі ўдала выкарыстоўваюць іх эфэкты - іронію, прыкол, сьцёб і карнавал - для ажыўленьня палітычнае актыўнасьці, пашырэньня нацыянальнага маладзёвага руху і ўрэшце, разбурэньня апатыі. Першай такой арыгінальнай кампаніяй прынята лічыць Алімпіяду Маладога Фронту, што стартавала ў Менску ў лютым 1998 г. паралельна зімовай Алімпіядзе ў Нагана.

Праграму масавых маладзёвых гульняў распачаў конкурс на лепшага вусатага сьнегавіка (потым сьнегавых "тыранаў" падрывалі пэтардамі), далей былі спаборніцтвы па менскім бабсьлеі й кампутаровых гульнях, піцьцё піва на хуткасьць з журналістамі, алімпійскае шэсьце 14 лютага, падчас якога захінутыя ў бел-чырвона-белыя сьцягі дзесяць камандаў, згодна традыцыі Дня Сьвятога Валянціна, абягалі амбасады замежных краінаў зь віншаваньнямі... Затым у штаб-кватэры БНФ (!) быў арганізаваны конкурс "Міс Малады Фронт", дзе журналісткі спаборнічалі з маладафронтаўскімі дзяўчатамі, а журы прадстаўлялі вядомыя лідэры апазыцыі. Нарэшце, завяршыла гэтае месячнае шоў скандальная алімпійская страляніна па мішэнях з пнэўматычнай зброі: рэпартаж пра яе з камэнтарамі "яны рыхтуюцца ваяваць" паказалі вядучыя тэлеканалы.

Пікам відовішчнага й эпатажнага шоў-стылю ў выкананьнні Маладога Фронту стаў II Сойм МФ, што адбыўся 10 лютага 1999 г. у Менску. На форуме, які сабраў 450 дэлегатаў-маладафронтаўцаў з усёй краіны, напэўна, упершыню ў гісторыі рэальнае палітыкі выступы кіраўніцтва выконваліся... рэпам: уся заля прытопвала і падхлопвала ! У перапынках Сойму праводзіліся шоў-віктарыны, а завяршылася ўсё, замест падвядзеньня вынікаў і іншае бюракратыі, канцэртам NRM. Запрошаны госьцем Генадзь Карпенка з трыбуны заявіў , што "менавіта гэтага не хапае старэйшае апазіцыі", а газета "Імя" пасля Сойму назвала лідэраў МФ "галоўнымі заканадаўцамі маладзёвае моды".

У далейшым шоў-стыль і паліт-іронію такога кшталту Малады Фронт выкарыстоўваў рэгулярна: падчас кампаніі "Фініш" у першай палове 1999 г., адзначаючы заканчэньне паўнамоцтваў Лукашэнкі, правал апазыцыі і канец тысячагодзьдзя; у байкотавае акцыі "Вырабы" з хіт-парадам глупстваў, якія прапаноўвалі народу кандыдаты ў лукашэнкаўскую палату (сабралі і раскруцілі больш за 200 "пэрлаў"), у перадвыбарчае кампаніі 2001г. і г.д. Гумар, аптымізм і абыгрываньне маладзёвае субкультурнасьці зрабіліся адной з казырных картаў МФ менавіта ў гэты час.

Зь іншага боку, шмат якія маладзёвыя палітычныя арганізацыі ў 1998 - 99 гг. самі пачалі ператварацца ў тыповыя субкультурныя асяродкі. Большасць каляпартыйных маладзёвых арганізацый усё больш нагадвалі звычайныя тусоўкі - сацыял-дэмакратычныя ці лібэральныя субкультуры, зь ідэямі легалізацыі марыхуаны й падтрымкі сэксменьшасьцяў, з поўным наборам адпаведных "фішак" - адмысловымі майкамі, слэнгам, паездкамі да аднадумцаў за мяжу і, вядома, грэблівасьцю да іншых. Палітычныя ідэалёгіі прыпадабняліся сыстэме ўмоўнасцяў або гульні - і, як субкультуры, займалі пэўныя "нішы".

Найбольш скандальным экспэрыментам субкультуры ў палітыцы ў 1998-99гг. стаў праект групы маладых менскіх анархістаў пад кіраўніцтвам Паўла Канавальчыка - выданьне газэты "Навінкі". Надрукаваная ўлетку 1998г. спачатку невялікім накладам як пародыя на незалежны пэрыёдык "Навіны" (колішняя "Свабода" , забароненая і адноўленая ў 1998г.). з абыгрываньнем назвы вядомай псыхіятрычнай бальніцы "Навінкі" пад Менскам, газэта ўяўляла сабой суцэльны сьцёб на палітычныя тэмы. Трэба заўважыць, што месцамі гэта была цудоўная дасьціпная сатыра - да таго ж, на выкшталцонай беларускай мове клясычнага тарашкевіцкага правапісу. Атрымаўшы папулярнасьць у нефармальных колах і сярод сябраў МФ, кампанія Канавальчыка зарэгістравала "Навінкі" ў Дзяржкамдруку і пачала іх рэалізацыю праз шапікі "Белпошты". У сярэдзіне 1999г. "Навінкі" дасягнулі накладу ў 10 тысячаў асобнікаў і нават займелі падпісчыкаў сярод студэнцтва і школьнікаў. "Навінкі" друкавалі шаржы й крыжаванкі, гульні ды пародыі, дзе больш за ўсё даставалася беларускай апазыцыі, але перападала і Лукашэнку.

Дзяржкамдрук, які спярша спрабаваў зачыніць хуліганскі таблёід - а "Навінкі" не цураліся і мату з парнаграфіяй - нечакана пакінулі яго ў спакоі. Відаць, разьлічылі, што "Навінкі" куды больш дыскрэдытуюць нацыянальны рух, чым пагражаюць рэжыму. Разьлік спраўдзіўся: адчуўшы ўсёдазволенасьць, "Навінкі" канчаткова вырадзіліся ў мяшанку "клубнічкі", цынізму й анархічнае ідэалёгіі. Гэта рэзка зьнізіла папулярнасьць газэты сярод моладзі: ужо ў 2000г. наклад "Навінак" упаў да 3 тысячаў, а затым сталі нерэгулярнымі й самі выпускі.

Тым ня менш, факт раскруткі "Навінак" быў сыгналям крызісу, які ў 1998-99гг. паразіў і грамадзтва, і моладзь. У гэты час, бадай, як ніколі, новая генэрацыя масава кінулася ў сьвяткаваньні, канцэрты й гулянкі, што паслужліва арганізоўвалася рэжымам па ўсёй краіне. Моладзі далі відовішчаў, каб не хадзіла на мітынгі й не патрабавала пераменаў. На дні горада ў Менску ў 1998 і 1999 гг. зьбіралася да 300 тыс. маладых людзей. Дзесяткі тысячаў моладзі запаўнялі "Славянскі Базар" у Віцебску, "Дажынкі" і прарасейскія акцыі маскоўскае папсы, якія суправаджаліся морам піва, вольным продажам алькаголю й ухарскім разгулам. Клясычная, яшчэ з рымскіх часоў, дыктатарская стратэгія давала свой плён. Моладзь ператваралася ў натоўп, якім прасьцей кіраваць і які лёгка запалохаць. Гульбішчы прымітыўнае папсы, спансаваныя рэжымам, разбуралі новае пакаленьне хутчэй і больш дзейсна, чым АМАП, БТ і БПСМ, разам узятыя.

Часам рабілася не па сабе: у гэтых п'яных, пошлых і бессаромных разбродах пераставала ўгадвацца тое пакаленьне, якое год-два таму пад бел-чырвона-белым сьцягам захапляла гарады. Няўжо дзеля гэтага нараджаўся 2-х мільённы фронт пераменаў? Няўжо т а к пакаленьнне моладзі мелася сустрэць 2000 год ад нараджэньня Хрыстова?!

Увечары 30 траўня 1999г, пасьля масавых гуляньняў, наладжаных эсэнгоўскім радыё "Мір" ды расейскім гуртом "Манго-Манго" ля Палацу Спорту на праспэкце Машэрава некалькі тысячаў юнакоў і дзяўчат, што памкнуліся ў пераход мэтро "Няміга" ад раптоўнага ліўню з градам , трапілі ў зьдзічэлую цісканіну, у якой загінула 53 чалавекі: сорак дзяўчынак, адзінаццаць хлопцаў і два міліцыянты. Бязглуздая, жахлівая й імгненная сьмерць ад п'янага ўдушша ў бэтоннае яме, за некалькі крокаў ад дзьвярэй мэтро, пад грудаю іншы целаў скаланула жудасьцю ўвесь сьвет. Няміга стала страшным знакам крызісу нацыі - знакам у самым сэрцы Менску, у месцы, якое стала сымбалем тысячагадовае гісторыі Беларусі. Вобраз крывавае Нямігі, у разгар сьвята, на вачах у тысячаў аднагодкаў зь нечаканай жорсткасьцю расхінуў перад беларускай моладдзю прорву - з разбэшчаннага гульбішча проста ў пекла. Правал Нямігі прымусіў згадаць вечныя эвангельскія радкі:

 

"Шырокія вароты і вольны той шлях,

Што вядуць да загубы,

і шмат хто ідзе імі;

бо цесныя вароты і вузкі той шлях

што вядуць у жыцьцё,

і вельмі мала хто знаходзіць іх"

Мацьвея 7: 13-14

 

Асьветніцтва: бум NGO, шоў Беларушчыны і ды-джэі адраджэньня (1998-1999)

 

Пасьля вулічных падзеяў 1996-1997 гг., калі маладзёвы рух апынуўся перад пагрозай падпольнае радыкалізацыі або субкультурнага разлажэньня, найбольшай патрэбай для пакаленьня Маладога Фронту стала разгортваньне масавае сыстэмнае асьветы. З аднаго боку, актыўная мітынговая моладзь імкнулася ў наступе на рэжым да тэмпаў гарачае вясны, адчувала патрэбу дынамічнага, паўсюднага супраціву і ў студэнцкім інтэрнаце, і ў двары, і на адпачынку; зь іншага - велізарныя масы моладзі, ускалыхнутыя вулічнай хваляй з самае глыбіні да ўскраінаў ды мястэчак, праглі насычэньня беларускай гісторыяй, мовай, сучаснай культурай і самім духам Адраджэньня. Пасьля выбуховых, эмацыйных маніфэстацыяў у нетрах пакаленьня утварыўся аграмадны інфармацыйны вакуум.

Найлепшыя магчымасьці для разьвіцьця шырокага адукацыйнага і асьветніцкага руху ў 1998-99гг. склаліся ў так званым "трэцім сэктары" - сярод недзяржаўных грамадзкіх агранізацыяў (NGO), якія маглі атрымліваць падтрымку з замежных дабрачынных фондаў і дзейнічаць, не баючыся перасьледу "за палітыку".

Нягледзячы на тое, што ў 1997г. рэжым зачыніў або пазбавіў рэгістрацыі найбуйнейшыя беларускія NGO Беларускі Фонд Сораса, Фонд "Дзецям Чарнобыля", Нацыянальны Цэнтар Стратэгічных Ініцыятываў "Усход-Захад", астатнія некалькі соцень пераважна незарэгістраваных грамадзкіх аб'яднаньняў задзіночыліся ў Асамблею Недзяржаўных Арганізацыяў. Празь іх буйныя заходнія фундацыі ажыцьцяўлялі фінансаваньне праектаў, скіраваных на абарону правоў чалавека, разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці й дэмакратыі, незалежнай прэсы й мясцовага самакіраваньня. Якраз у гэты пэрыяд тэрміны "NGO", "грант", "рэсурсавы цэнтар", "фандрэйзінг" трывала ўвайшлі ў лексікон беларускае апазыцыйнае моладзі.

Маладыя актывісты, гатовыя дзейнічаць, масава хлынулі ў структуры "трэцяга сэктару" - цэнтральныя і мясцовыя грамадзкія арганізацыі, празь якія можна было працягваць змаганьне і раскручваць нацыянальны рух. Менавіта гэты маладзёвы прарыў 1998г. даў другое дыханьне беларускаму "трэцяму сэктару". Паводле падлікаў, ужо напрыканцы года каля паловы сябраў разнастайных NGO склалі 14-29 гадовыя.

Сыстэма NGO стваралася сіламі ініцыятыўных актывістаў, пераважна выхадцаў з БНФ і некаторых дэмакратычных партыяў, таму асноўны пласт недзяржаўных аб'яднаньняў - ад дзіцячых і экалягічных да міжнародных і праваабарончых - набываў незалежніцкі, нацыянальны характар і даваў магчымасьць шырока разгарнуцца ў гэтае сфэры МФ. Часта кіраўнікамі і куратарамі такіх NGO рабіліся мясцовыя старшыні БНФ, а ролю мэнэджэраў і валянтэраў выконвалі маладафронтаўцы. На сярэдзіну 1998г Малады Фронт удзельнічаў ужо ў некалькіх дзесятках NGO па ўсёй краіне.

Малады Фронт, які высьпеў на трывалай культурніцкай, асьветніцкай глебе БНФ, заняўся распрацоўкай моцнага, сканцэнтраванага інфармацыйнага зараду для агітацыі сярод навічкоў і моладзі яшчэ ўвесну 1997-га, улетку 97-га быў выпушчаны "Збор Беларушчыны" які ўяўляе сабой 30-старонкавы мэтадычны пакет фармату А4, дзе зьмяшчаліся найважнейшыя зьвесткі з гісторыі, культуры й геаграфіі Беларусі, тэксты віктарынаў, рэкамэндацыі па PR, пералік найбольш карысных кнігаў і зборнік гімнавых сьпеваў, нават ксэракопіі партрэтаў заснавальнікаў нацыянальнага руху (малявалі маладафронтаўскія мастакі). "Збор" аказаўся настолькі запатрабаваным, што на працягу года вытрымаў 6 перавыданьняў.

Найважнейшай праблемай, якую мог дапамагчы вырашыць трэці сэктар, было становішча зь беларускамоўнай адукацыяй. У 1995-96 гг, пасьля рэфэндуму аб зьмене сымболікі й дзяржаўнасьці расейскай мовы, паралельна ўсталяваньню дыктатуры, каляніяльны рэжым Лукашэнкі фактычна разграміў сыстэму беларускамоўнага навучаньня, створаную ў 1-ай палове 90-х. Падлеткі й моладзь, якія ў 1992-95гг навучаліся на роднай мове, ужо ў 1996-97гг ў адміністрацыйным парадку пераводзіліся на расейскую. Калі ў 1994/95 навучальным годзе 75,3% школьнікаў па Беларусі і 58% па Менску вучыліся ў беларускіх клясах, дык ужо ў 1996/97 па Беларусі такіх засталося 32%, а ў Менску - ўсяго 12,1%. У 1997/98 гг. расправа была практычна давершаная: 28,7% навучэнцаў краіны, пераважна ў вясковых школах, і толькі 7,3% юных жыхароў сталіцы маглі атрымаць адукацыю па-беларуску*.

* Даныя Таварыства Беларускай Школы, крыніца - Belarus: The Тhird Sector, Warsaw - Miensk 1998г.

Існыя агульнанацыянальныя грамадзкія структуры - Таварыства Беларускай Мовы імя Ф.Скарыны і Таварыства Беларускай Школы - фактычна не маглі супрацьстаяць дзяржаўнай машыне і спыніць новую хвалю русіфікацыі, і засяродзіліся на захаваньні асобных агмянёў беларушчыны. Цудоўным прыкладам для дзеяньня ў гэтае сытуацыі сталіся праекты "Нашае Нівы" - дарэчы, таксама маладога калектыву - з выданьнем "альтэрнатыўных" навукова папулярных кніг, літаратурных часопісаў "ARCHE" і "Скарына", заснаваньнем Архіву Найноўшай Гісторыі - разьлічаныя на маладую эліту.

Наступальную стратэгію шырокім фронтам па школах, вучэльнях і ВНУ - магла ажыцьцявіць толькі сама моладзь. І ідэя масавага пашырэньня беларускасьці ў навучальных установах празь відовішчныя, яркія, дынамічныя гульні, шоў і конкурсы ўзьнікла ў Маладым Фронце якраз у разгар вулічных мітынгаў.

У 1998г у МФ на поўную моц разгарнуліся дзьве грамадзкія асьветніцкія ініцыятывы - "Маладое Адраджэньне" і "Беларуская Музычная Альтэрнатыва".

У "Маладым Адраджэньні" стаўка была зроблена на асьвету ў эфэктным маладзёвым стылі - празь віктарыны, брэйн-рынгі й дыскатэкі. Вялізны посьпех першых такіх акцыяў падштурхнуў маладафронтаўцаў да стварэньня па ўсёй Беларусі агітбрыгадаў, якія пачалі сэрыйныя выступы ў школах і на факультэтах. Каронным нумарам гэтае кампаніі сталіся "Шоў Беларушчыны" -- відовішчныя конкурсы ў актавых залях, вытрыманыя ў ключы тэле-шоў, з музычнымі паўзамі для ўдарных хітоў беларускага року, са шквалам воплескаў і прызамі - беларускімі кнігамі, аудыё- ды відэакасэтамі й кампакт-дыскамі. Праграма "Шоў Беларушчыны" ўключала некалькі блёкаў нацыянальнае ідэі ў пытаньнях і адказах: натуральна, за слушныя адказы налічваліся балы. Самыя значныя, запамінальныя і ўражвальныя факты зь гісторыі й сучаснасьці, музыкі й спорту, мовы і мастацтва за адзін шоў-выступ фармавалі зарад беларушчыны ў сотняў маладых. У 1998-99гг. па ўсёй Беларусі маладафронтаўцы правялі больш за 450 "Шоў Беларушчыны", зь іх каля 120 у Менску. Шоў Беларушчыны супрацьпаставіла яркія, інтэлектуальныя, спазнавальныя акцыі разгульным, перапітым і пустым вiдовiшчам рэжыму.

Вялікай папулярнасьцю карысталіся й "Эўрапейскія дыскатэкі" - "дэнсы" зь беларускамоўным ды-джэем і элемэнтамі незалежніцкага мітынгу: пасьля такіх дыскатэкаў у Малады Фронт запісвалася рэкордная колькасьць навічкоў.

Яшчэ адным удалым NGO-праектам Маладога Фронту стала Беларуская Музычная Альтэрнатыва (БМА) на чале зь Віталём Супрановічам. Пачаўшы з аудыёзапісаў беларускіх выканаўцаў, БМА хутка занялася арганізацыяй рок-канцэртаў і раскруткай маладых беларускамоўных гуртоў. Ужо напрыканцы 1998 г на рахунку БМА было больш за 20 выдадзеных аудыёкасэтаў накладам ад некалькіх соцень да тысячаў штук, сыстэма распаўсюду беларускае музыкі практычна ўва ўсіх буйных гарадах Беларусі, звыш 50-і канцэртаў у Менску, Маладэчне, Горадні, Наваполацку, Магілёве. У 1999г. Супрановіч супольна з буйнымі кампаніямі гуказапісу пачаў раскручваць беларускі рок у замежжы: для Масквы, Варшавы, Бэрліну выйшлі CD зь лепшымі кампазыцыямі. У Беларусі БМА выпусьціла сэрыю кампакт-дыскаў "Вольныя танцы" - CD разыходзіліся за лічаныя тыдні - а затым арганізавала канцэртныя туры пад аднайменнай назвай у дзясятках гарадоў. БМА налажвала выступы вядомых гуртоў і супольных праектаў - "NRM", "Уліса", "Новага неба", "Крамы" - на дэманстрацыях, палітычных імпрэзах і сходах нацыянальнага маштабу. Каманда Супрановіча публікавала рэгулярныя хіт-парады беларускае музыкі ў дзясятках рэгіянальных і мясцовых газэтаў, друкавала постэры і каляндарыкі з рэклямай беларускіх гуртоў і бардаў, і нават здолела стварыць уласную радыёперадачу на адным зь дзяржаўных каналаў. Нефармальная маладзёвая БМА зрабілася адной зь вядучых сілаў у айчынным шоу-бізнэсе і дазволіла раскручваць сучасную беларускую музыку сярод соцень тысячаў маладых.

У 2-ой палове 1998г. Малады Фронт узмацніў рух недзяржаўных ініцыятываў сярод моладзі стварэньнем яшчэ цэлага шэрагу сатэлітных NGO. "Мы займаемся тым, што цікавіць моладзь" - так гучаў самы хадавы лёзунг, узяты на ўзбраеньне маладафронтаўцамі. І сапраўды, МФ вельмі хутка дабіўся "эфэкту прысутнасьці" ў многіх галінах масавае маладзёвае культуры й інфармацыйнае сфэры.

Асацыяцыя Маладых Прадпрымальнікаў была арганізавана Вячаславам Сіўчыкам і Натальяй Маковік на базе прыватных прадпрыймальнікаў найбуйнейшага рэчавага рынку Беларусі "Дынама". У 1998г. АМП пачала выпуск газэты для бізнэсоўцаў "Кірмаш" накладам 10 тыс. асобнікаў. Бюлетэнь развозіўся больш чым па 100 кірмашах і гандлёвых асацыяцыях Беларусі. Менавіта таму праз АМП Малады Фронт шмат разоў атрымліваў дапамогу ад прадпрымальнікаў, наладжваў акцыі, зьбіраў подпісы, распаўсюджваў улёткі й інфармацыйныя матар'ялы.

Згуртаваньне Беларускай Моладзі "Эўрапейскі Шлях" створанае Аляксеем Фраловым і Аляксеем Галічам, занялося асьветніцкімі праграмамі, заснаванымі на традыцыйнае культуры. "Эўрапейцы" праводзілі курс "нацыя павінна сьпяваць", маладзёвыя адзначэньні Раства Хрыстова, Калядаў, Купальля, этна-дыскатэкі й вечарыны - пераважна ў невялікіх мястэчках.

"Кампутаровае мастацтва", запачаткаванае 19-гадовым праграмайстрам Аляксеем Чарняевым, нямала паспрыяла разьвіцьцю беларускамоўнага Internet'у. У 1998-99гг. маладафронтаўская каманда кампутароўшчыкаў распрацоўвала мэтадычкі й беларускамоўныя вэрсіі праграмнага забесьпячэньня, стварала вэб - старонкі шматлікіх маладзёвых аб'яднаньняў, займалася палітычнымі кампутаровымі гульнямі й арганізоўвала віртуальныя атакі на дыктатарскія й імпэрскія сайты.

"Беларускi вiдэаклюб", арганiзаваны студэнтам Вiталем Станiшэўскiм, перакладаў, дубляваў, на беларускую мову i выдаваў на вiдэакасэтах хiты сусьветнага кiно: "Адважнае сэрца", "Матрыцу", "Пяты элемэнт", "Iсус" - i мультфiльмы Уолта Дыснэя. У 1998-99гг "Беларускi Вiдэаклюб" наладзiў шматлiкiя вiдэапрагляды ў кiнатэатрах, залях i кватэрах - i агульнабеларускую сiстэму распаўсюду касэтаў ды збору сродкау на наступныя выпускi.

Як сатэлітная арганізацыя МФ быў створаны й асьветніцкі цэнтар "Адукатар" пад кіраўніцтвам Алеся Стральцова, спэцыялізацыяй якога сталіся сэмінары й міжнародныя паездкі з удзелам маладафронтаўцаў.

Кожная з гэтых сатэлітных арганізацыяў стварала на базе Маладога Фронту сетку сваіх структураў у рэгіёнах і зь цягам часу ператваралася ў аўтаномную сыстэму ў розных сфэрах маладзёвае адукацыі й інфармацыі.

Менавіта з маладзёвым бумам 1998г. "трэці сэктар" імкліва разбудаваўся у беларускіх рэгіёнах. Калі яшчэ напачатку года на Менск прыпадала 57% усіх недзяржаўных арганізацыяў, дык ужо ў лістападзе рэгіянальныя NGO складалі 2/3*.

* "Справочник Общественных Объединений", Аб'яднаны Шлях, Менск, 1998г.

Дынамічнае разьвіцьцё мясцовых недзяржаўных ініцыятываў прывяло ў 1998г да ўтварэньня буйных "парасонавых" (абласных, краёвых, гарадзкіх) ініцыятываў, а таксама рэсурсных цэнтраў, што дазваляла лякальным структурам "трэцяга сэктару" атрымліваць фінансаваньне зь першых рук, аб'ядноўвацца для правядзеньня супольных акцыяў і весьці скардынаваную працу.

Сярод найбуйнейшых маладзёвых "парасонавых" ініцыятываў варта зазначыць гарадзенскую "Раду-23" Сяргея Салея, віцебскі цэнтар "Контур", заснаваны маладафронтаўцам Юрасём Корбанам, "Гарт" у Гомелі, адчынены будучым лідэрам "Моладзі АГП" Алесем Карніенкам, магілёўскую "Новую Зямлю" (узначаліў кіраўнік мясцовага МФ Андрусь Кавалёў), слонімскі "Ветразь" Алеся Масюка (МФ), наваполацкі "Крок разам" Зьміцера Салаўёва (МФ), пінскую "Мрою" Васіля Мацкевіча.

Адным з самых удалых рэгіянальных праектаў 1998-99гг стаў футбольны клюб "Оffside", арганізаваны ў Барысаве маладафронтаўцамі Сержуком Салашам і Алегам Скатарэнкам. Маладзёвая беларускамоўная газэта для футбольных фанатаў, якая пачала выдавацца паралельна з уздымам мясцовае каманды "БАТЭ" (у 2000 г. яна нават стала чэмпіёнам Беларусі), за некалькі месяцаў зрабілася адным з самых і папулярных пэрыёдыкаў у горадзе, а клюб пачаў ладзіць акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ня толькі на трыбунах барысаўскага стадыёну, але і на выездах БАТЭ - ў Расеі й Эўропе.

Таксама на футбольным ажыятажы ўзьняў маладзёвы рух у Берасьці мясцовы Малады Фронт на чале зь Сяржуком Бахуном. Штогод практыкуючы маладзёвыя турніры са сваёй камандай "Пагоня-МФ", берасьцейскія маладафронтаўцы нават трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінэса - за ўдзел у самым доўгім у чалавечае гісторыі футбольным матчы: 51 гадзіну!

Шмат дзе найбольшы рэзананс выклікалі сацыяльныя акцыі. Ліга Добраахвотнае Працы Моладзі й аб'яднаньне "Next Stop-New Life" ладзілі ў 1998-99 караваны й валантэрскія талокі ў многіх гарадох Беларусі. Магілёўскі Малады Фронт здабыў павагу сярод жыхароў горада, сабраўшы больш 1000 подпісаў за аднаўленьне зачыненага тралейбуснага маршруту. Тралейбус пусьцілі. Затым МФ падобным жа чынам "запусьціў" некалькі ліфтаў, потым пайшоў на асвальтаваньне дарогаў і, нарэшце, беларускамоўны дзіцячы сад ды школку: у маладафронтаўцаў ужо зьявіліся свае немаўляты. Дайшло да таго, што афіцыйная абласная тэлевізія зьняла шэраг рэклямных сюжэтаў пра карысную грамадзкую дзейнасьць Маладога Фронту - выпадак, беспрэцэдэнтны для лукашэнкаўскай Беларусі.

Асьвета, адукацыя, інфармацыйныя бюлетэні, спорт і музыка па -беларуску праз сыстэму NGO пранікалі ў мястэчкі й нават некаторыя вёскі. Але пакуль ўсё гэта было толькі асьвяжэньнем і тактычнай мадэрнізацыяй базы старэйшага пакаленьня. Будучыя сьветапоглядныя акцэнты і велізарны патэнцыял, закладзеныя ў маладафронтаўскую хвалю, яшчэ ледзь-ледзь праблісквалі. Нягледзячы на разнастайную й месцамі пасьпяховую актыўнасьць, "трэці сэктар" ня мог забясьпечыць пакаленьню пераменаў стратэгічны прарыў у справе перамогі над рэжымам і імпэрыяй. Большасьць недзяржаўных ініцыятываў 1998-99гг заставаліся лякальнымі спробамі зьмяніць грамадзтва, часта проста добрым прыкладам. У маштабах 10-мільённае Беларусі дзяржаўны аппарат, афіцыйная прэса, тэлевізія й радыё, расейскія каналы мелі непараўнальна большыя магчымасьці ўплыву. З аднаго боку, NGO сапраўды ажыцьцявілі шматлікія праекты альтэрнатыўнае асьветы, - але фактам засталіся таксама і шматлікія канфлікты, няўменьне працаваць з грашыма і пераход да ціхага займаньне офісных нішаў. Часта дзейнасьць NGO зводзілася да адпрацоўкі (або імітацыі) справаздачаў - і гэта істотна прыглушыла й размыла ўвесь нацыянальны рух. Пры тым, што NGO ахапілі шматтысячныя аўдыторыі і студэнтаў і школьнікаў, іх узьдзеяньне засталося паверхневым. Нарэшце, галоўнае абмежаваньне тактыкі NGO заключалася ў яе другасным падыходзе: без скрышталізаванае ідэі й духовае асновы грашовыя ін'екцыі ператварыліся ў інфэкцыю, а сам "трэці сэктар" застаўся на ўзроўні бессыстэмных, рознаскіраваных мерапрыемстваў. Недзе ў сярэдзіне 1999г NGO набылі ўсе рысы чарговае беларускае субкультуры - кшталту дробнага прадпрымальніцтва або тэхнарства, - і гэта ўсё больш востра пачыналі адчуваць і самі грамадзскія дзеячы, і лідэры рэгіянальных аб'яднаньняў, і маладафронтаўскія кіраўнікі.

Першым крокам, які спалучыў увадно маладзёвую палітыку, асьвету, сучасную беларушчыну й моцную духовасьць, сталіся Курсы Ды-джэяў Адраджэньня, арганізаваныя Маладым Фронтам у 1999 г.

На лідэрскія курсы, якія ўяулялі сабой трохмесяцовае конкурснае інтэрактыўнае навучаньне, былі запрошаныя студэнты вядучых беларускіх ВНУ, навучэнцы ліцэяў, гімназіяў, Акадэміі мастацтваў і Кансэрваторыі. Падрыхтоўка ў сферы Public Relations, мэнэджмэнту, шоў - бізнесу, масавае псыхалёгіі, нацыянальнае ідэі й асноваў хрысьціянства завяршалася сэрыяй выпрабаваньняў: стварэньнем тэксту, правядзеньнем дыскатэкі, публічнымі выступамі і, канечне, Шоў Беларушчыны. Зь некалькіх дзясяткаў удзельнікаў шляхам рэйтынгаў вызначаліся 12 пераможцаў, якія атрымлівалі адпаведныя сэртыфікаты - і прапановы распачаць уласныя асьветніцкія праекты. Маладафронтаўцы называлі Ды-джэяў Адраджэньня "духовым спэцназам": падрыхтаваныя лідэры маглі і заводзіць вулічныя мітынгі, і арганізоўваць інтэлектуальные спаборніцтвы, і прапаведваць з трыбуны.

У кульмінацыйны час 1999-2000гг "Ды-джэйскія курсы" кшталтавалі новую маладафронтаўскую эліту. Дастаткова сказаць, што большасьць з "Ды-джэяў Адраджэньня" ужо праз 1-2 гады ўзначалілі маладафронтаўскія структуры, сатэлітныя арганізацыі й ініцыятывы; да паловы сябраў Управы МФ складалі менавіта яны. Сярод "Ды-джэяў Адраджэньня" - намесьнік старшыні МФ, кіраўнік Міжнароднага Адзьделу Сяржук Лісічонак, кіраўнік Менскага Маладога Фронту Андрусь Дзенісевіч, маладзёвы каардынатар штабоў Домаша і Ганчарыка, а затым і выканаўчы дырэктар Асамблеі NGO Алена Валынец, чэмпіён Беларусі па пажарным спорце Іван Тамашэвіч, пераможца рэспубліканскае алімпіяды па гісторыі й сусьветнай (!) па геаграфіі Сяржук Васільеў, адзін зь лідэраў БМА Віталь Зыблюк, "Міс Малады Фронт-99" Даша Навасад, і яшчэ дзясяткі маладых пэрспэктыўных лідэраў.

Ды-джэі Адраджэньня былі прадвесьнікамі тых кардынальных сьветапоглядных пераменаў, якія чакалі моладзь перабудовы на мяжы тысячагодзьдзя. Першымі лідэрамі, якія адчувалі родную зямлю пад нагамі ня толькі падэшвамі ботаў, а Госпада Бога па-над сабой не адно на словах. Першымі сярод моладзі, хто заклікаў да Адраджэньня, ужо ведаючы, наколькі гэта глыбока.

 

Пакаленьне падымаюць хрысьцiяне (1999)

 

Да пачатку 1999г. становiшча ў Беларусi дасягнула крытычнага моманту: падарваная "рынкавым сацыялiзмам" i расейскiм дэфолтам эканомiка, гвалтоўнае ўмацоўваньне рэжыму Лукашэнкi, безнадзейная слабасьць апазыцыi й глыбокая апатыя грамадзтва, па меры наблiжэньня "нулявога году" даводзілi краiну да поўнай дэпрэсii. З кожным днем усе ясьней i ясьней рабiлася патрэба пачаць усе з пачатку: з асноватворных рэчаў , з самае сутнасьцi, з глыбiнi душы.

Моладзь нарэшце пачынала разумець, што жыве ў напоўнены хрысьцiянскiмi iсьцiнамi час. Страх i апатыя прыводзілі да адчаю, а адчай да пакаяньня перад Богам; у закон, мараль i культуру вярталiся эвангельскiя прынцыпы; Эўропа й Амэрыка, як высьвятлялася, будавалiся скрозь на бiблейскiх падмурках, нацыянальнае Адраджэньне мела духовы зьмест і нават сам 2000 год адлiчвалўся ад нараджэньня Iсуса Хрыста!

Гэта было найвялiкшае адкрыцьце. Хрысьцiянства скрозь працiнала жыцьце,надавала сэнс iснаваньню i натхняла народы. Хрысьцiянства, на якое не зьвярталi ўвагу, нарэшце расхiнала ўсе неба надзеi, любовi, свабоды i праўды перад пакаленьнем перабудовы.

Перад моладзю, што шукала сэнсу, перажывала роспач i так пакутвала бяз Бога!

Тое, што трэба пачынаць зь беларускай iдэi на хрысьцiянскiх прынцыпах, мне давялося пiсаць яшчэ ў артыкуле "Нацыянальная iдэя" ў сьнежнi 1998г. Сапраўды, грандыезныя пласты сьветапогляду, культуры, гiстарычнага кантэксту ядналi разгубленную моладзь, элiту i вернiкаў, мацней чым палiтыка й эканомiка: нараджалася духовая апазыцыя рэжыму й iмпэрыi.

Хрысьцiянiзацыя стыхiйна захапляла цэлыя плынi й арганiзацыi маладзёвага руху. Гэтаму ў першую чаргу спрыяла ажыўленьне цэркваў ды грамадаў напярэдаднi юбiлею Хрыстовага нараджэньня. На тле поўнага ўпадку грамадзка-палiтычнае актыўнасьцi ў Беларусi хрысьцiянства перайшло ў франтальны наступ.

На другiм Сойме Маладога Фронту; 10 лютага 1999г., якi сабраў 450 дэлегатаў хрысьцiянскiя iдэi й цытаты зь Бiблii ўжо гучалi як праграмны рэфрэн. Пакаленьне пераменаў перажывала сапраўднае духовае абуджэньне. Да маладафронтаўскага паломнiцтва ў каталiцкiя, пратэстанцкiя й праваслаўныя храмы, да "Краю" зь яго дэвiзам "Бог! Беларусь! Воля!" дадалiся БПС (у вунiяцкай царкве публiчна прыняла хрышчэньне цэлая брыгада "свабодаўцаў"), новы ўздым па ўсей Беларусi хрысьцiянскага ў сваей аснове скаўцкага руху, Маладзевы Хрысьцiянска-Сацыяльны Саюз, утвораны пад крылом фонда "Дзецям Чарнобылю", цэлы шэраг маладзевых каталiцкiх аб̀яднаньняў (найбольш iнiцыятыўныя гуртавалiся вакол Чырвонага Касьцелу й Касьцелу сьвятога Роха ў Менску), маладзевае "Праваслаўнае брацтва iмя Кастуся Астрожскага", створанае пры Менскай Петрапаўлаўскай царкве. Найбольш моцны прагрс адбыўся ў пратэстанцкiх (пяцiдзесятнiцкiх, баптысцкiх, поўнаэвангельскiх) грамадах: моладзь, якая запаўняла малiтоўныя дамы, актыўна палiтызавала й беларусiзавала раней нэўтральныя, замкненыя супольнасьцi. Хваля цiкаўнасьцi да Эвангельля, царквы, рэлiгii, да ўсяго, зьвязанага з хрысьцiянствам, працяла й маладзевую элiту, i шырокiя масы маладых.

Тое, што Бог стварыў гэты сьвет, што Ён нас любiць, што Ён збавiў нас праз Iсуса Хрыста, тое, што ў Бiблii насамрэч напiсана праўда, ўся праўда, толькi праўда i нiчога апроч праўды – у гэты момант ўразiла моладзь больш чым усе перабудовы, перамены й рэформы, разам узятыя!

Малады хрысьцiянскi ўздым стаў галоўным адказам на спустошанасьць i правалы, 1999г. – адказам на паразы апазыцыi, на жорсткасьць уладаў, на пагружэньнi ў глыбiнi абыякавасьцi, страху i гвалту.

Мiж тым вайна ў Косаве напачатку 1999г., а затым i натаўскiя бамбардзiроўкi Югаславii вярнулi сьвет да апакалiптычных чаканьняў халоднае вайны.

Увесну 1999г. правалiлася апазыцыйная кампанiя альтэрнатыўных прэзiдэнцкiх выбараў, арганiзаваная Вярхоўным Саветам XIII склiканьня i старшынем ЦВК Вiктарам Ганчаром. Пад рэпрэсii рэжыму зноў падпалi тысячы дэмакратычных актывiстаў. Адзiн з кандыдатаў, Зянон Пазьняк зьняў сваю кандыдатуру, абвiнавацiўшы Ганчара ў масавых фальсыфiкацыях, а ягоны супернiк, Мiхаiл Чыгiр, быў арыштаваны. Наступствы гэтае авантуры аказалiся вельмi цяжкiмi: яна канчаткова падарвала давер да апазыцыi i справакавала фатальны раскол у БНФ. 21 лiпеня, калi ў Лукашэнкi паводле канстытуцыi 1994г. заканчваўся тэрмiн паўнамоцтваў, дэмакраты ня здолелi нават арганiзаваць масавых пратэстаў. Лукашэнка заставаўся яшчэ мiнiмум на два гады, а ягоныя супрацоўнiкi распiсвалiся ва ўласнай бездапаможнасьцi.

Менавiта ў 1999г. у Беларусi пачалася чарада раптоўных палiтычных зьнiкненьняў. Спачатку зьнiк генэрал Юры Захаранка, затым пасьледавала загадкавая сьмерць Генадзя Карпенкi, аднаго з найбольш моцных апазыцыйных лiдэраў, а ўвосенi бясследна прапаў i Вiктар Ганчар, якi калiсьцi прывеў Лукашэнку да ўлады – разам са сваiм сябрам, прадпрымальнiкам Анатолем Красоўскiм. Краiна адчула подых дзяржаўнага тэрору.

Найбольш моцным шокам для ўсяго грамадзтва i ў першую чаргу моладзi, сталася трагедыя Нямiгi 30 траўня 1999г. Жахлiвая цiсканiна ў самым сэрцы гiстарычнага Менску, на сьвята, пад пiва й гарэлку, гэты жудасны й прарочы знак сапраўды прымусiў скалануцца i адчуцi страх усе пакаленьне, народжанае да перабудовы.

Нарэшце, катастрофай нацыянальнага маштабу ў 1999г. стаў развал БНФ. Рух, якi ва ўяўленьнi моладзi быў галоўнай альтэрнатывай рэжыму Лукашэнкi, саўку, расейскай правiнцыi, якi падтрымлiвала ад 25% да 40% беларускай моладзi, якi даў пачатак Маладому Фронту i ўвасабляў усе падзеi на нацыянальнае Адраджэньне – аказаўся фактычна разбураны. Супярэчнасьцi, што абвастрылiся яшчэ з ад̀ездам Зянона Пазьняка i выбухнулi падчас кампанii "выбараў" Ганчара, наVI зьездзе 31 лiпеня – 1 жнiўня 1999г. вылiлiся ў раскол. Група прагматыкаў на чале зь Вiнцуком Вячоркам выступiла супраць Пазьняка. Малады Фронт, якi iмкнуўся захаваць адзiнства БНФ, да апошняга моманту стараўся прадухiлiць сутыкненьне; выконваў ролю пасярэднiка, прапанаваў зьезду ўласную, кампрамiсную стратэгiю дзеяньняў ("Другое дыханьне Фронту"– заснаванае на хрысьцiянскiх прынцыпах i карэннай зьмене вобразу), спрабаваў пераламiць хаду зьезду дружным шэрагам выступаў. Лiдэры МФ выходзiлi на трыбуну адзiн за адным , у белых кашулях, казалi пра Бога, мiсiю БНФ на гэтай зямлi, пра iдэю i салiдарнасьць … Але ў вырашальным таемным галасаваньнi па кандыдатуры Пазьняка здарылася штосьцi неверагоднае: 156 дэлегатаў выказалiся "за", i 156 – "супраць". Знакавы пат сьведчыў вельмi шмат пра што. БНФ з 1993г. пасьлядоўна адмаўляўся ад трансфармацыi пратэстнага руху ў стваральную, сутнасна хрысьцiянскую, сiлу й працягваў будаваць iдэалегiю на адмаўленьнi, а часта й нянавiсьцi, замест таго, каб абапiрацца на iдэю веры любовi й кансалiдацыi грамадзтва – I ўрэшце рэшт зайшоў у тупiк. Фронт падзялiўся на дзве варагуючыя партыi; вялiзная частка актывiстаў проста зышла ў нiкуды. Развал БНФ азначаў крах таго вобразу нацыянальнай iдэi, якi трымаўся на антыкамунiзме й адмiнiстрацыйнай беларусiзацыi -- без духовага зьместу й стваральнае пэрспэктывы.

Трагедыя старэйшага Фронту напрыканцы 1999г. з вастрыней, рубам паставiла пытаньне аб фармуляваньнi новае, больш цэласнае й моцнае мадэлi нацыянальнае iдэi – i аб сiле, здольнай яе рэалiзаваць. Апазыцыя была поўнасьцю дыскрэдытаваная. Давер грамадзтва застаўся хiба што ў моладзi – i ў хрысьцiянаў.

I вось у кастрычнiку 1999г. на запрашэньне Маладога Фронту на Варвашэнi, 8 адбыўся шэраг сустрэчаў маладых хрысьцiянаў – палiтычных лiдэраў, вернiкаў i сьвятароў пратэстанцкай, праваслаўнай, каталiцкай i вунiяцкай канфэсiяў. Моладзь i хрысьцiяне паставiлi сваей задачай спалучыць беларускi апазыцыйны рух з хрысьцiянскiм зьместам – i сфармаваць базу для ажыцьцяўленьня новае нацыянальнае iдэi. Гэтая "Хрысьцiянская Iнiцыятыва" (ХIТ) была задумана як пачатковы каардынуючы цэнтарновага нацыянальнага руху – энэргiчнага i духовага. Актыўнымi ўдзельнiкамi ХIТ сталi хрысьцiяне ў кiраўнiцтве Маладога Фронту ( Аляксей Шэiн, Яўген Скочка i я) пастар кальвiнскае грамады, сябра КХП Аляксей Фралоў, сябра ЦК Сацыял-дэмакратычнай партыi Зьмiцер Марчук, вунiят Сяржук Давыдчук, эвангелiст Алесь Варыкiш. 19 лiстапада 1999г. "Хрысьцiянская Iнiцыятыва" правяла першую адкрытую канфэрэнцыю для моладзi, дзе былi заяўленыя галоўныя мэты ХIТ:

Гэтую праграму распачынаюць тыя, хто верыць у Бога, любяць сваю краiну i стаяць у свабодзе пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста – маладыя хрысьцiяне розных канфэсiяў. У сеньняшнiм правале толькi вера, якая дзейнiчае любоўю, можа ўратаваць нашае грамадзтва, аб̀яднаць народ i ўзвысiць яго да нацыi.

Да Новага, 2000-га году ХIТ разгарнула цэлую сэрыю розгаласных мiжканфэсiйных сустрэчаў i канфэрэнцыяў сярод нацыянальна-сьвядомае й хрысьцiянскае моладзi – удзел у iх прымалi вядомыя беларускiя палiтыкi ( Юрась Хадыка, Вячаслаў Сiўчык, Юрась Беленькi) грамадзкiя дзеячы, вядучыя тэолягi й святары. Маладафронтаўскiя "Шоў беларушчыны", перапрацаваныя ў эвангелiзацыйныя вiктарыны, i новыя курсы "Ды-джэяў Адраджэньня" з выразным хрысьцiянскiм зьместам зрабiлiся ўдарнай сiлай iнiцыятывы. Выступы ў прэсе й на форумах, хваля чутак i гарачыя спрэчкi паставiлi маладзевы хрысьцiянскi прарыў у цэнтар грамадзкае ўвагi. На тле актыўнасьцi царквы, Касьцелу й пратэстанцкiх грамадаў перад 2000-м юбiлеем Хрыстовага нараджэньня, захопленай моладзi й поўных духовае тэматыкi СМI гэта сапраўды было падобна на пералом.

Чарада катастрофаў 99-га i ўсе больш моцнае чаканьне 2000-га году надавалi гэтае хвалi характар дзевятага валу. Пайшоў моцны прыток моладзi ў хрысьцiянскiя грамады, распачалiся "Малiтвы за Беларусь", буйныя эвангелiзацыйныя канцэрты, на царкоўныя служэньнi прыходзiлi шматтысячныя натоупы. Хрысьцiянства на вачох рабiлася рэальнай сiлай, нацыянальным духовым рухам супраць зла, страху, апатыi i бязвер̀я.

I калi раней дэклярацыя аб "хрысьцiянскiх каштоўнасьцях", як неабавязковая для абдумваньня й тым больш выкананьня фармальнасьць, была рытуальнай нормай любо епалiтычнае праграмы -- дык цяпер, перад аблiччам жывога хрысьцiянства, ўвесь нацыянальна-дэмакратычны рух, скалануты моладзю, усе грамадзтва ацанiла, наколькi гэта сур̀ёзна.Таму ўжо хутка хрысьцiнскi наступ выклiкаў нарастальны супрацiў найбольш сур̀езных груповак беларускае палiтычнае элiты: "праваслаўных атэiстаў", панславiсцкiх iдэолягаў, апазыцыйных лiбэралаў-агностыкаў й паганскага крыла старэйшага пакаленьня нацыянальнага руху, якiя ўспрынялi ХIТ як пагрозу ўсей сыстэме. Бязбожнiкi й фарысеi спалохалiся.

Напружаньне спраецыравалася на пакаленьне пераменаў: у Маладым Фронце, якi веў рэй "маладзевага хрысьцiянства", каталiзуючай нагодай стала рознае стаўленьне да каменнага шквалу на дэманстрацыi 17 кастрычнiка 1999г. ( "хрысьцiяне" -- супраць, "радыкалы" -- за), i ўсе больш шырокая эвангелiзацыя ў школах ды ўнiверсытэтах. Да мiленiюму – ключавой, вырашальнай кропкi пакаленьня 2000, да моманту iсьцiны -- моладзь падыходзiла, ўзварушаная хрысьцiянскiм рухам з самых глыбiняў.

У 2000-м годзе мусiла вырашыцца ўсё.

 

Кульмінацыя – 2000 (2000)

 

Надыход 2000 года ад нараджэньня Хрыстовага зьявіўся для моладзі новай генэрацыі, без перабольшваньня, адным з самых важных момантаў у жыцьці. Якраз у 2000-м усё пакаленьне, народжанае да перабудовы, поўнасьцю ўвайшло ў сваю маладзёвую пару - 14-30 гадоў. У тую пару, калі канчаткова фармуецца асоба й сьветапогляд, выбіраецца кірунак дзеяньня й лад паводзінаў, вызначаецца сэнс жыцьця й уласная місія, урэшце, набіраецца асноўны зарад пачуцьця сілаў і волі.

Чаканьне чагосьці звышнатуральнага ад міленіюму, які здараецца раз на тысячу гадоў, трымала і маладых, і ўсё грамадзтва ў напружаньні: ад уяўленьня апакаліптыкі да прадчуваньня грандыёзных зьменаў. Абнуленьне лічбаў й пачатак новага тысячагодзьдзя абвастралі сьвядомасьць надзвычайна - і кожны, кожны адлічваў дні, заміраючы перад адвечнымі пытаньнямі: У чым сэнс? Хто мы? Адкуль мы? Куды мы ідзем?

Зацятыя спрэчкі пра тое, што ёсьць пачаткам новага тысячагодзьдзя - 1 студзеня 2000 г. або надыход 2001-га - урэшце рэшт завяршыліся прызнаньнем у якасьці мяжы ўсяго 2000 году. Царква й Касьцёл, якія заклікалі да сьвяткаваньня юбілейнага году, канчаткова замацавалі за 2000 г. статус апагею.

Кульмінацыя надышла. Пакаленьне Маладога Фронту мусіла выбіраць. Вырашаць для сябе - у што яно верыць, чаго хоча, што рабіць, - і стартаваць у новае тысячагодзьдзе.

10 студзеня 2000 г. у "Нашай Ніве" быў апублікаваны мой артыкул "Брату" - эсэ ў форме адказу неназванаму адарасату.

"...Наша вечная бяда - мы ўвесь час хочам зьмяніць сьвет, не мяняючы сябе. Нашая нацыянальная дэмакратыя канца ХХ ст., як і спроба пачатку стагодзьдзя, засталася, на жаль, толькі прыгожай легендай. Канцэпцыя нацыянальнай ідэі была зьведзеная да чыста сымбалічнае беларусізацыі. А беларусізацыя бяз Бога - гэта пустое. Беларуская форма - дзяржава й нацыянальная спэцыфіка, мова й культура - прызначаныя для хрысьціянскага зьместу. "Беларуская форма - хрысьціянскі зьмест" - такая формула найбольш проста й ёміста выражае сутнасьць духовага Адраджэньня й самое нацыянальнае ідэі... Па-твойму, перадусім незалежнасьць? Як табе сказаць: "незалежнасьць" не тады, калі большасьць насельніцтва будзе ганарыцца, якія мы своеасаблівыя й баяцца Расеі; сапраўдная незалежнасьць - гэта калі людзі вераць у Бога й любяць Беларусь.*"

* "Брату", "Наша Ніва", 10 студзеня 2000г. (№2 (159))

Водгукі на ліст "Брату" зьявіліся ў той жа "Нашай Ніве", "Нашай Свабодзе", "Белорусской Деловой Газете", "Беларускай Маладзёжнай", у Інтэрнэце. Разгарэлася дыскусія.

Заклік да хрысьціянства спалохаў апазыцыю. Аналітыкі не разумелі, што адбываецца. Большасьць палітычных дзеячаў, й асабліва фронтаўцы старэйшага пакаленьня, расцанілі артыкул як адкрыты выклік.

У гэтай сытуацыі ў адкрытую фазу перайшоў стоены канфлікт у Маладым Фронце. Пры падтрымцы старэйшых "прагматыкаў" супраць хрысьціянаў выступілі намесьнікі старшыні МФ Аляксей Янукевіч, Андрэй Пятроў, палітвязень Аляксей Шыдлоўскі, сябра Ўправы Ўладзімер Лабковіч. Сярод моладзі спрэчкі вакол хрысьціянскае ідэі ішлі і ў нефармальскіх тусоўках, і на інтэрнэт-форумах, і ў палітычных асяродках, і проста на паркавых лавачках. Усе чакалі ІІІ Сойму Маладога Фронту, прызначанага на лета - тым больш, што на ім плянавалася прыняць Праграму МФ.

Зрэшты, пара было пераходзіць ад словаў да справы -- пачыналася Вясна - 2000. Пасьля скандальнага "Маршу Свабоды" з градам камянёў ніхто ня мог прадказаць, чым скончацца вулічныя маніфэстацыі. А адкрываў сэзон, як заўжды, Малады Фронт на Дзень Сьвятога Валянціна - 14 лютага.

І кіраўніцтва МФ пайшло на моцны крок. У 12-і найбуйнейшых гарадах на 14 лютага была абвешчаная "Акцыя Любові" з хрысьціянскай канцэпцыяй. Каталіцкі сьвяты Валянцін, акцэнт на духовых падмурках Эўропы й праслаўленьне галоўнай дабрадзейнасьці - Любові - ператварылі штогадовы вулічны карнавал у эвангельскую маніфэстацыю.

У менскім шэсьці ўдзельнічала больш за 2000 маладых людзей. Сотні студэнтаў і школьнікаў выйшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на вуліцы Магілёва, Гомля, Горадні, Берасьця, Бабруйску, Ваўкавыску, Наваполацку, Воршы, Баранавічаў, Ліды. Звыш тысячы ўдзельнікаў Акцыя Любові сабрала ў Віцебску. Дэманстрацыі ўва ўсіх 12 гарадах завяршыліся пабудовай "палаючага сэрца" - удзельнікі са сьвечкамі й агеньчыкамі выстройваліся на адной з цэнтральных плошчаў свайго гораду ў форме сэрца.

Эфэкт Акцыі Любові перайзышоў усе чаканьні. "Комсомольская Правда в Белоруссии" надрукавала пра яе аж чатыры публікацыі. Загалоўки кажуць самі за сябе: "Сьвяты Валянцін быў маладафронтаўцам", "Будучыню Беларусі маладафронтаўцы зьвязваюць з Эўропай", "Малады Фронт уцёр нос БПСМ", "У краіне, дзе пануе страх, каб любіць, патрэбная сьмеласьць". "Молодёжный Проспект": "Гэта была адна з самых моцных акцыяў апазыцыі - ня колькасьцю, а духам". Нават "Вечерний Минск" і бэпээсэмаўскае "Знамя Юности" былі зьдзіўленыя хрысьціянскім ладам 14 лютага й адгукнуліся рэклямнымі артыкуламі "З надзеяй на ўзаемнасьць" і "Што б ні здарылася – любіце!*".

* "Комсомольская Правда в Белоруссии" за 15, 16, 18 лютага 2001г., "Вечерний Минск" 16 лютага 2000г., "Молодёжный проспект" 17 лютага 2000г., "Знамя Юности" 17 лютага 2000г.

Сымбалі Акцыі, званочкі, якія напачатку нашай эры былі знакам раньніх хрысьціянаў, а пазьней ператварыліся ў вулічныя званы на храмах, яўна пераклікаліся з Прагай-89, Вільняй-91 і эмблемай Радыё "Свабода". Апошні званок для страху, гвалту й нянавісьці прагучаў пазыўным свабоды, першым званочкам веры, надзеі й любові. І, як паказалі наступныя вясновыя падзеі, быў пачуты.

15 сакавіка каля 40.000 дэманстрантаў выйшлі на арганізаваны аб'яднанай апазыцыяй "Другі Марш Свабоды". І гэта быў сапраўды Марш Свабоды. Адкрытыя, радасныя твары, скандаваньні з прыхлопваньнем у тысячы далоняў, гучнае, на кілямэтры, рэха - такога не было, бадай, зь легендарных вёснаў 1996-97-га. Грандыёзнае шэсьце на гадзіну спыніла рух транспарту ў цэнтры горада; FM-станцыі перадавалі навіны зь яго ў жывы эфір. А па Менску ішоў марш пакаленьняў: наперадзе велізарнае людзкое плыні, абганяючы галаву калёны, подбегам імчалі дзеці й школьнікі; за імі рушылі шэрагі моладзі са сьцягамі і транспарантамі; у сярэдзіне, як і мае быць, ішлі дэманстранты сярэдняга ўзросту, і потым - пажылыя ўдзельнікі й пэнсіянэры. Сьвяточны салют, прамовы з асьветленай пражэктарамі сцэны й рок-канцэрт для захопленай моладзі выглядалі проста шыкоўна - асабліва ў параўнаньні з градам камянёў 17 кастрычніка 99-га.

25 сакавіка, на Дзень Волі, у самых знакавых месцах сталіцы ўжо зранку была расстаўленая бранятэхніка: спуджаны Маршам рэжым быў гатовы падавіць любую праяву волі. Яшчэ да пачатку маніфэстацыі спэцназ заатакаваў штаб-кватэру БНФ, хапаючы актывістаў і рыштунак. На вуліцах выстройваліся кардоны й патрулі з сабакамі.

На плошчы Якуба Коласа кардоны ўнутраных войскаў і міліцыі блякавалі й адцясьнялі ў двары дзясяткі тысячаў людзей, што зьбіраліся на шэсьце. Пачаліся затрыманьні. Імгненьне разгубленасьці, калі ўдзельнікі акцыі аказаліся расьсечаныя й заціснутыя, а больш 500 (!) дэманстрантаў ўжо былі арыштаваныя, раней завяршалася поўным разгромам і расьсейваньнем, але 25 сакавіка 2000 г. у выпрабаваньні страхам і гвалтам беларуская воля перамагла. З плошчы арганізаваўся стыхійны рух на праспэкт і па вуліцы Веры Харужай. Мінаючы міліцэйскія шэрагі, БТР-ы і вадамёты, людзі ўздымалі бел-чырвона-белыя сьцягі й скандавалі "Жыве Беларусь!". На мітынг на аўтастанцыі Кульман прыйшло да 10.000 чалавек.

Перамога адбываецца не тады, калі ўсе крычаць "Ура!" і эфэктна ўскідваюць рукі. Перамога - гэта той балючы момант, калі перамагаеш страх і нянавісьць у самім сабе, калі пераадольвеш уласную няўпэўненасьць і слабасьць. І гэта бліскуча пацьвердзіў Дзень Волі-2000. Бранятэхніку, разгон і мітынг 25 сакавіка паказалі ўсе вядучыя тэлекампаніі сьвету. Інфармацыйны выбух апярэдзіў у навінах і расейскія выбары, і чачэнскую вайну. Прабачэньні рэжыму перад затрыманымі журналістамі й апраўдальныя прысуды схопленым удзельнікам акцыі толькі пацьвярджалі паразу ўладаў перад сілаю духу.

2 красавіка, на т. зв. Дзень яднаньня Беларусі й Расеі, апазыцыя нечакана арганізавала ў цэнтры Менску Малітву за Беларусь. Людзі, што сабраліся ля помніка Янку Купалу, маліліся Богу пад бел-чырвона-белым сьцягам - хто як умее. Яшчэ некалькі месяцаў таму такое проста немагчыма было ўявіць. Супольная малітва й гімн "Магутны Божа" рабілі куды глыбейшае ўражаньне, чым сутычкі й прарывы: нават міліцыянты ў ачапленьні здымалі фуражкі.

Перад Чарнобыльскім Шляхам - 2000 быў адпраўлены ў адстаўку адыёзны міністар унутраных справаў Сівакоў. А за суткі да пачатку шэсьця гарвыканкам даў афіцыйны дазвол на правядзеньне Шляху па праспэкце Скарыны. Эфэкт велізарнае стрыманае сілы, якая перамагае, давершыў сам 30-тысячны, мірны й едны Чарнобыльскі Шлях. Грамады народу, корпус чорных транспарантаў са знакамі радыяцыі, поўныя ходнікі гледачоў, і скрозь расчыненыя вокны й бальконы дамоў па маршруце шэсьця пад пранізьлівы гул звону - відовішча было проста магутным. Людзі прайшлі гэты шлях так, як і належыць нацыі, аб'яднанай бядою і пакаяньнем. І зноў-такі: большасьць удзельнікаў на мітынгу складала моладзь.

Уся Вясна-2000, што пракацілася па Беларусі шэрагам вялізных і ўражвальных мірных дэманстрацыяў, жыва нагадала шматтысячныя аксамітныя рэвалюцыі, што перамянілі аблічча Ўсходняй Эўропы напрыканцы 80-х, з развалам СССР. "Акцыя Любові", "Марш Свабоды", "Дзень Волі", "Малітва за Беларусь" - гэта гучала як лёзунгі новага жыцьця нацыі. Вясна-2000 дала Беларусі вобраз масавае духовае апазыцыі - і пакаленьне Маладога Фронту йшло ў яе авангардзе.

Між тым, хрысьціянскі рух ахапляў Беларусь усё шырэй. Духовыя тэмы на тэлевізіі, радыё й у газэтах, прымеркаваныя да Юбілею, паўсюдныя сьвяточныя мерапрыемствы і ўсё больш сур'ёзнае стаўленьне грамадзтва сапраўды стваралі ўмовы для ўсенароднага абуджэньня. Праваслаўная царква, карыстаючыся дзяржаўнай падтрымкай, аднаўляла дзясяткі храмаў і апаноўвала СМІ. Каталіцкі касьцёл разам са шматтысячнымі служэньнямі й пілігрымкамі арганізоўваў штотыднёвыя адукацыйныя акцыі й творчыя імпрэзы. Пратэстанты правялі ўлетку 2000 году беспрэцэдэнтную хвалю бясплатных паказаў аднаго з найвядомейшых у сьвеце фільмаў "Ісус" і раздачы "Новага Запавету" - у кожным горадзе адбываліся дзясяткі кінасэансаў зь небывалай рэклямнай кампаніяй і поўнымі залямі: эвангелізацыя ахапіла некалькі мільёнаў беларусаў. Менш заўважна, але няўхільна йшла й беларусізацыя хрысьціянаў: у многіх грамадах розных канфэсіяў у 2000-м уводзіліся беларускамоўныя служэньні, узьнікалі беларускія гурткі й публікаваліся гістарычныя агляды.

Рэжым, разгублены ўсеахопным і некантралюемым хрысьціянскім наступам, распачаў палітыку стрымліваньня, а затым, губляючы ўплыў на сытуацыю, перайшоў да ўціску й рэпрэсіяў. Перасьлед нацыянальнай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, якой сымпатызавалі ўжо дзясяткі парафіяў РПЦ (траўля айца Яна Спасюка й ягоных прыхільнікаў), забарона каталіцкае маніфэстацыі ў гонар Цела й Крыві Хрыстовых, высылка берасьцейскага ксяндза Зьбігнева Кароляка (з дэманстратыўным арыштам падчас імшы ў касьцёле), сапраўдная інфармацыйная вайна, разьвязаная супраць баптыстаў і пяцідзясятнікаў (антыпратэстанцкія публікацыі ў "Народнай Газеце" й "7 Дней", перадачы на "Радыё-1" і паказаны некалькі разоў запар прапагандысцкі фільм "Экспансія" ў духу азаронкаўскіх "Дзяцей хлусьні"), пазбаўленьне памяшканьняў поўнаэвангельскіх цэркваў і перасьлед хрысьціянскіх грамадаў у Віцебску, Горадні, Бабруйску, Лідзе, Рэчыцы, Старых Дарогах* - у юбілейны, сьвяточны год - гэта выглядала проста дзіка. Накал супрацьстаянья сьведчыў пра тое, што барацьба вялася ўжо не за грамадзкі ці палітычны ўплыў - змаганьне ішло за душы ўсяе нацыі. Якраз тады, у 2000 годзе, адбыўся кардынальны разлом, які прадвызначыў далейшую хаду найноўшае гісторыі Беларусі. Хрысьціяне, што імкліва набіралі сілу, змыкаліся з нацыянальным рухам і апазыцыяй, стратэгічна яднаючыся перад "праваслаўным атэізмам" дыктатуры й імпэрыі. І моладзь - на канфэрэнцыях Маладога Фронту, касьцёльных суполках, беларускіх праваслаўных брацтвах, пратэстанцкіх канцэртах - адыгрывала ролю ключавога злучва.

* Даныя Інфармацыйна-Праўнага Цэнтру "Свабода Сумленьня"

Урэшце рэшт, падыходзіла да кульмінацыі і разгорнутая ідэалягічная дыскусія ў Маладым Фронце. Кааліцыя радыкальных, кансэрватыўных і паганскіх груповак, якая рэзка супраціўлялася хрысьціянізацыі МФ, праводзіла агітацыю ў мясцовых структурах і актыўна выкарыстоўвала прэсу. Вядучыя апазыцыйныя палітыкі й функцыянэры рэжыму ўважліва адсочвалі й камэнтавалі падзеі: Малады Фронт, цэнтар маладзёвае палітыкі, рызыкаваў паўтарыць нядаўні развал БНФ. Характэрна, што на мой артыкул "Бел-чырвона-белы Сьцяг Хрыста", дзе фармуляваўся хрысьціянскі сэнс нацыянальнага сымбалю, пасьледаваў нечаканы адказ па дзяржаўным радыё галоўнага ідэоляга рэжыму Замяталіна, а затым - цэлы разварот разгромнае крытыкі ў 100-тысячным афіцыёзным штотыднёвіку "7 Дней". Хрысьціянскія выступы ў "Нашай Ніве" ("Малады Фронт Пераменаў", "Чаканьне Шляху", "Пароль "Няміга"), з аднаго боку, і публікацыі ў "Нашай Свабодзе" (шматлікія інтэрвію Аляксея Шыдлоўскага ды праграмны тэкст "Наша Ідэалёгія"), зь іншага, высноўвалі дзьве стратэгічныя пазыцыі: або Малады Фронт стане самастойным і шырокім нацыянальным рухам на хрысьціянскіх прынцыпах, або ператворыцца ў дысцыплінаваную кансэрватыўную маладзёвую арганізацыю пад крылом старэйшага пакаленьня. Палітычна актыўная моладзь чакала, чым вырашыцца супрацьстаяньне. Стаўкі былі высокія як ніколі.

Выключна напружаная атмасфэра ў залі ДК "Сукно", дзе 1 ліпеня пачаўся ІІІ Праграмны Сойм Маладога Фронту, толькі пацьвярджала, наколькі важная задача стаяла ў гэты момант перад МФ. Лідэры новае генэрацыі выбіралі шлях, праграму маладзёвага руху, нацыянальную ідэю пакаленьня перабудовы, а па вялікім рахунку - будучыню ўсяе нацыі.

Хрысьціяне трыюмфальна перамаглі. Праграма Маладога Фронту, якая фармулявала беларускую ідэю як хрысьціянскую, атрымала ў 2,5 разы больш галасоў, чым сэкулярызаваны варыянт "кансэрватараў". У галасаваньні на старшыню МФ Аляксей Шыдлоўскі набраў 45 галасоў са 189. Мяне падтрымалі 106 дэлегатаў. Такія пераканаўчыя лічбы зьвялі спробы расколу на нішто: шэрагі МФ пакінулі толькі некалькі чалавек. Супраціўнікі хрысьціянства былі дэмаралізаваныя.

Прынятая Праграма "Малады Фронт Пераменаў" абвяшчала:

"Мы - Малады Фронт пераменаў, якіх чакае краіна. Мы - узроставы фронт новае генэрацыі, які, сталеючы, зьмяняе ўсю Беларусь. Мы - фронт абуджэньня духу, які нараджае ў маладых душах веру й любоў, адчуваньне свабоды й адказнасьці, прагу дзеяньня й нацыянальную салідарнасьць. Малады Фронт - ня лінія акопаў на мяжы з Расеяй, ня вулічны батальён у вайне з асобна ўзятым Лукашэнкам, а дабрахвотнае рушаньне беларускае моладзі супраць дыктатуры й імпэрыі, усяго зла й бездухоўнасьці ў дзяржаве й грамадзтве*".

* Праграма "Малады Фронт Пераменаў" - Архіў МФ, Матар'ялы ІІІ Сойму, 2000г.

Вобраз будучае Беларусі вызначаўся як сутнасна хрысьціянскі:

"Беларуская нацыянальная ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народу Беларусі ў найважнейшых формах - незалежнай дзяржаве, мове, сучаснай культуры, дасягненьні дабрабыту, паважных міжнародных стасунках - на падставе духоўнага, хрысьціянскага зьместу. Сапраўды, беларускі рух унікальна хрысьціянскі ў сваёй сутнасьці. Гэта яскрава выяўлена і ў нашых сьвятых сымбалях - бел-чырвона-белым сьцягу Хрыста, белай палатніне з крывёю ўкрыжаванага Ісуса, у духовым гімне "Магутны Божа", у "Пагоні" і ў перавазе беларускага духу над злом усіх акупацыяў, войнаў, імпэрыяў і дыктатураў*.

* Праграма "Малады Фронт Пераменаў" - Архіў МФ, Матар'ялы ІІІ Сойму, 2000г.

Праграма Маладога Фронту была першай поўнамаштабовай палітычнай стратэгіяй генэрацыі-2000, народжанай у 1970-85 гг. Яна не абмяжоўвалася мінімальнымі, разьлічанымі на 2-3 гады задачамі, а ішла да максымальных мэтаў: фармулявала ідэал Беларусі, давала некалькі вызначэньняў нацыянальнае ідэі, прыярытэты грамадзкага, дзяржаўнага й гаспадарчага будаўніцтва й міжнароднай пэрспэктывы Беларусі. Больш таго -- "Малады Фронт Пераменаў" упершыню асэнсаваў сам фэномэн пакаленьня перабудовы. Гэтая праграма 2000 году зрабіласая манiфэстам новага пакаленьня.

На заканчэньне 2000 г. да сьвята Нараджэньня Хрыстова, агульнахрысьціянскі рух і ў Беларусі, і ва ўсім сьвеце дасягнуў піку. Фэерычная сустрэча новага тысячагодзьдзя літаральна ўваччу мяняла народы й грамадзтвы, пакідаючы новай генэрацыі самыя яскравыя, пранізьлівыя й высокія пачуцьці.

Найважнейшай падзеяй для Беларусi 2000г. стаўся Усебеларускi Зьезд за Незалежнасьць 29 лiпеня, арганiзатарам якога выступiў вядомы 28-гадовы публiцыст, сябра Рады БНР, Аляксандар Старыкевiч. Яркi прадстаўнiк пакаленьня 2000, Старыкевiч здолеў згуртаваць вакол iдэi народнага форуму, падобнага Зьезду 1917-году, практычна ўсе гучныя iмены творчае iнтэлiгенцыi, рэальнай палiтычнай i грамадзкай элiты – як сталiчнай, так i рэгiянальнай. Старшынявалi на кангрэсе Рыгор Барадулiн, Радзім Гарэцкi, Анатоль Грыцкевiч і Генадзь Бураукiн. У працы зьезду, якi адчынiўся ў Менску, прынялi ўдзел больш 1.350 дэлегатаў – яны прадстаўлялi 227 арганiзацыяў i, праз збор подпiсаў, амаль усе раены Беларусi. Грандыезны сход падцвяржаў каштоўнасьць незалежнасьцi Беларусi перад пагрозамi дыктатуры й iмпэрыi.

Выступы практычна ўсiх лiдараў дэманстравалi тое, што здавалася немагчымым яшчэ год таму. Нацыя ядналася – прычым на грунце беларускiм i хрысцiянскiм.

"Мы, дэлегаты Усебеларускага Зьезду – абвяшчалася ў прынятым 29 лiпеня Акце Незалежнасьцi, -- сьведчым Богам i гiсторыяй дадзенае нашаму народу права мець сваю незалежную дзяржаву."

Усебеларускi Зьезд за Незалежнасьць-2000 кансалiдаваў правых i левых, старэйшых i маладзешых, палiтыкаў i культурнiкаў – i яго, безумоўна, варта лiчыць адной зь вяршыняў Беларусi на пiку тысячагодзьдзя.

А напрыканцы 2000г. пакаленьне Маладога Фронту атрымала асалоду i яшчэ ад адной перамогi. У Югаславii падчас арганiзаваных дыктатарскiм рэжымам Мiлошавiча прэзiдэнцкiх перавыбараў дэмакратычная апазыцыя нечакана выйграла галасаваньне i з дапамогай моладзi – "Отпору" й дзесяткаў тысячаў бялградзскiх студэнтаў – на працягу двох тыдняў блiскуча, у стылi аксамiтнай рэвалюцыi, дамаглiся сыходу Мiлошавiча.

Бялградзкiя падзеi натхнiлi пакаленьне Маладога Фронту да стану эйфарыi 89-га: у МФ валам валiлi жадаючыя запiсацца. "Слабадан гатоў, Шура – будзь гатоў!" -- скандавалi на дэманстрацыях у Менску маладыя. Генэрацыя-2000 атрымала яшчэ адзiн наяўны ўрок перамогi духу i волi: мы пабачылi, як гэта робiцца ў жывым эфiры.

Знакавы факт! - менавіта ў 2000 г. у Беларусі колькасьць вернікаў перавысіла колькасьць няверуючых. Калі ў 1998-99 гг., паводле розных дасьледаваньняў, у Бога верылі 45-48 % жыхароў Беларусі, дык у 2000 г. сацыёлягі адназначна зафіксавалі перавышэньне бар'еру ў 50 %. Найважнейшую ролю ў гэтым рыўку адыграла менавіта моладзь, якая запоўніла хрысьціянскія грамады. І хаця доля актыўных практыкуючых вернікаў была ў некалькі разоў меншай - зрабілася ясна, што грамадзтва й моладзь выбралі імкненьне да Бога як аснову адраджэньня нацыі.

Выключна моцнае ўраджаньне на моладзь аказалi юбiлейныя iнiцыятывы Папы Рымскага, якiя мелi выключны розгалас у сьвеце.пакаяньне Касьцелу за колiшнiя грахi iнквiзыцыi, наведваньне краiнаў i храмаў iншых канфэсiяў, грандыезныя служэньнi дзеля прымiрэньня i еднасьцi хрысьцiянаў.

Нарэшце, найважнейшым знакам 2000г. стаў поўны пераклад Бiблii на беларускую мову -- прычым адначасова: "праваслаўны" Васiля Семухi i "каталiцка-пратэстанцкi" айца Уладзіслава Чарняўскага. Справа Скарыны, Мiкалая Радзiвiла, Буднага й Цяпiнскага завяршылася амаль праз пяць стагодзьдзяў. У пераломны для беларускай гiсторыi момант нацыя атрымала ўвесь тэкст Сьвятога Пiсьма – як запавет новаму пакаленьню.

Галоўным вынікам 2000 году для Беларусі аказаўся эфэкт хрысьціянскага абуджэньня, якое скрозь скаланула пакаленьне Маладога Фронту і адкрыла ўсю глыбіню пераўтварэньняў, што чакаюць грамадзтва. Пасьля выпрабаваньняў і катастрофаў 1999 г. для калектыўнай сьвядомасьці моладзі 2000 г. застаўся сьляпушчымі фаервэркамі й духовымі водсьветамі, якія азарылі будучыню.

Юбілей Хрыста выявіў стоены сэнс, місію моладзі пераменаў - і стаў сымбалем генэрацыі - 2000.

 

Частка 4

Новае пакаленьне ў новым тысячагодзьдзі

 

З пачаткам новага тысячагодзьдзя маладзёвае пакаленьне-2000 ўваходзіла ў сталае жыцьцё. Першыя ж крокі новае генэрацыі пераканалі, што ў Беларусі зьявілася сіла, гатовая да моцнага супраціву й Адраджэньня, палітычных, эканамічных і духовых рэформаў, да наступу і агульнабеларускім і міжнародным маштабе. Палітычныя праекты 2000-2001г, удзел пакаленьня пераменаў у прэзыдэнцкіх выбарах 2001г. і васьмімесяцовая абарона Курапатаў - вобраз тае Новае Беларусі, якая пачынаецца з пакаленьня Маладога Фронту.

 

Моладзь робіць палітыку (2000-2001)

 

Прэзыдэнцкія выбары 2001 г прымусілі пакаленьне моладзі заняцца самымі сур'ёзнымі праектамі зьмены улады, і аддаваць усе сілы перадвыбарчым кампаніям, акцыям і тэхналёгіям. Калі стала ясна, што працэс падкантрольны рэжыму й застаецца ў сфэры крамлёўскага ўплыву, а апазыцыя слабая, каб рэалізаваць уласны альбо "заходні" сцэнар - моладзь пачала ствараць самастойныя палітычныя ініцыятывы. Вырашалася шмат што: упершыню ў найноўшай гісторыі, дзякуючы Лукашэнку й нацыянальнаму руху, да Беларусі была прыцягнута ўсеагульная міжнародная ўвага; рэжым ужо выклікаў масавыя пратэстныя настроі, а палітыкі старэйшага пакаленьня паводзілі сябе нерашуча й увесь час сварыліся міжсобку.

Першую спробу аб'яднаць палітычна актыўную беларускую моладзь для прарыву на выбарах у верасьні-кастрычніку 2000г прадпрыняў Малады Фронт. Маладафронтаўцы зьвярнуліся да іншых дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў, і пасьля некалькіх сустрэчаў на Варвашэні 8, МФ, Маладая Грамада, Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў, Асацыяцыя Маладых Прадпрымальнікаў, Моладзь АГП, Беларускае Аб'яднаньне Маладых Палітыкаў, і Маладзёвы Хрысьціянска-Сацыяльны Саюз аб'ядналіся ў перадвыбарчую кааліцыю "ПЕРАМЕНАЎ!"

Прынятая супольная дэклярацыя "Моладзь патрабуе пераменаў!"зъмяшчала 10 пунктаў:

"Моладзь - авангард дэмакратычных настрояў. Нашае пакаленьне-2000 усьведамляе неабходнасьць пераменаў. Менавіта мы павядзем краіну да нацыянальнага й духовага Адраджэньня. Мы разам, бо нас яднаюць адзіныя памкненьні:

1.Свабода

2.Дэмакратыя

3.Незалежнасьць

4.Прававая дзяржава

5.Вольны рынак

6.Адраджэньне

7.Рэформа адукацыі

8.Прафесійнае войска

9.Супраціў алькагалізму, наркаманіі, культу гвалту й экстрэмізму

10.Беларусь ў Эўропу!

Тут і цяпер, у Беларусі, на пераломе тысячагодзяў, ў 2000 годзе ад нараджэньня Хрыстова- моладзь патрабуе пераменаў!*"

* Дэклярацыя "Моладзь Патрабуе Пераменаў!" - 22 кастрычніка 2000г.

Фактычна, гэта была першая спроба стварыць сумесны праект новага пакаленьня на беларускай палiтычнайсцэне. І характэрна, што яго назва ўзнікла якраз з праграмы "Малады Фронт Пераменаў", прынятай 3 месяцы таму.

Ужо 12 лістапада, пасьля месяцу інтэнсіўнае рэклямнае кампаніі, адбылася першая буйная акцыя кааліцыі па ўсёй краіне: у 25 гарадох Беларусі прайшлі масавыя вулічныя дэманстрацыі пад лёзунгам "Пераменаў!" У Менску на вечаровае шесьце ля Акадэміі Навук сабралася некалькі тысячаў чалавек. Нягледзячы на сьцягнутыя да плошчы міліцэйскія сілы, перакрытае мэтро й кардоны АМАПу, моладзь выйшла на Праспэкт Скарыны - эфэктна, пад сьвяточныя выбухі фаервэркаў, салютаў ды пэтардаў - і рушыла да цэнтра гораду, скандуючы: "Пераменаў!" Літаральна празь некалькі кварталаў маладзёвая калёна была атакаваная вялікімі сіламі спэцназу, які высыпаў з суседніх вуліцаў. "Зачыстка" працягвалася некалькі гадзінаў. Паводле афіцыйных дадзеных, было затрымана 112 чалавек, паводле неафіцыйных - каля 200.

У выніку гучнага розгаласу па расейскіх каналах, FM-радыё і ў прэсе дэвіз "ПЕРАМЕНАЎ!" зрабіўся адным з хітоў палітычнага сэзону. Да кааліцыі пачалі хутка далучацца маладзёвыя, структуры іншых палітычных партыяў, драбнейшыя арганізацыі й рэгіянальныя NGO. Але разам з тым разрыхленьне кааліцыі, нутраныя супярэчнасьці й спробы старэйшых палітыкаў падпарадкаваць пэрспэктыўнае аб'яднаньне ўрэшце зрабілі яго непрацаздольным; прыняцьцё рашэньняў практычна блякавалася. Другую масавую акцыю - "Любові! Свабоды! Пераменаў!" на Дзень Сьвятога Валянціна 14 лютага 2001г, якая прайшла ўжо ў 33-х гарадох Беларусі - давялося выцягваць на сабе ў асноўным Маладому Фронту. Далейшая штурханіна ўнутры раздробленага дэмакратычнага лягеру й нявызначанасьць з адзіным кандыдатам ад апазыцыі пазбавілі маладзёвую перадвыбарчую кааліцыю ўсякага сэнсу.

Між тым, лёс самога лёзунгу "Пераменаў!" аказаўся куды больш пасьпяховым. Заклік кааліцыі адгукнуўся ў душах моладзі знакамітым рэфрэнам Віктара Цоя з пачатку 90-х, і нагадаў легендарныя часы руйнаваньня СССР, хвалю свабоды й незалежнасьці. "Пераменаў!" стала сваесаблівым паролем: перад выбарамі многія FM-радыёстанцыі, дыскатэкі й аўдыёшапікі, быццам згаварыўшыся, раскручвалі сьпеў Цоя ў эфіры, танцзалах і вулічных дынаміках. У сацыялягічным апытаньні, праведзеным пасьля выбараў, ужо няісная кааліцыя "Пераменаў!" атрымала сымпатыі больш чым 27% маладых беларусаў і вялікік пазытыўны рэйтынг. Шмат якія ініцыятывы - ад далейшых акцыяў Маладога Фронту й кампаніі лібэральнае моладзі "Время перемен" улетку 2001-га да левае канфэдэрацыі "За сацыяльныя перамены" й рэгіянальных кааліцыяў "Выбар пераменаў" - перанялі гэты ўдарны дэвіз.

Наступны заўважны маладзёвы перадвыбарчы праект - "Зубр" - зьявіўся ў самым пачатку 2001г. Распачынаючы яго, вядомая апазыцыйная палітычная група "Хартыя -97" пры падтрымцы амэрыканскіх экспэртаў разьлічвала арганізаваць гарадзкую расейскамоўную моладзь, не ахопленую нацыянальным рухам для вулічных выступленьняў і сеткі агітацыі на выбарах.

Ідэю "Зубра", скапіяваную з сэрбскага "Отпору", выклалі 40 актывістам розных грамадзкіх арганізацыяў, таемна сабраных у Белавежскай пушчы, і напачатку пазыцыянавалі як "движение экологического сопротивления". "Зубры- не каровы! Зубры не жывуць у няволі!" - абвяшчалася ў звароце руху. - "Будзь з намі, і ў гэтым годзе Беларусь стане вольнай!"

"Зубр" быў раскручаны даволі хутка, за некалькі месяцаў вясны-2001 - і вельмі нагадваў маркетынгавую кампанію. Каляровыя налепкі з выявамі Мэла Гібсана, Уладзіміра Высоцкага, Расэла Кроў, Маці Тэрэзы й Далай-Ламы з крылатымі выразамі й чорна-белым сымбалем белавежскіх пушчаў былі кідкімі й запамінальнымі; шматлікія графіці й значкі прывабілі да "Зубра" шмат падлеткаў і навучэнцкае моладзі, а пэйджэры для камандзіраў і раскрутка праз Інтэрнэт дазволілі прыцягнуць да працы многіх актывістаў іншых маладзёвых арганізацыяў ды распаўсюдзіць "Зубр" у шэрагу гарадох Беларусі. Кіраўніцтва "Зубра" склалі колішнія маладафронтаўцы Аляксей Шыдлоўскі, Андрэй Пятроў і Цімох Дранчук, а таксама некалькі рэгіянальных лідэраў: Уладзімер Кобец, Алег Мяцеліца, Зьміцер Бародка.

"Зубры" выходзілі на вуліцы з партрэтамі зьніклых ў Беларусі палітыкаў, распаўсюджвалі незалежныя газэты й улёткі, расьпісвалі сцены дамой і расклейвалі налепкі са слоганам "Время выбирать" Вядомай акцыяй "Зубра" сталі гуляньні "Окончательный диагноз" з вусатымі маскамі " пад Лукашэнку" - па адной з такіх імпэзаў у Шклове нават узбудзілі крымінальную справу " за абразу прэзідэнта". Вялізная фінансавая падтрымка, высокая актыўнасьць і бесперапынная рэкляма ператварылі "Зубр" у шырокую і дынамічную сетку маркетынгавага кшталту, своесаблівы палітычны "Гербалайф", у які ўкідваліся агітацыя, фарба й новыя лёзунгі. Масавыя наклады налепак і паўсюдныя графіці "Зубр" раскруцілі гэты брэнд у маштабах усяе Беларусі і зрабілі яго даволі вядомым на Захадзе. У перадвыбарчы пэрыяд, на піку свайго разьвіцьця, "Зубр" рэальна канкураваў з Маладым Фронтам у маладзёвай палітыцы.

На жаль, аднае рэклямовае рынкавае тэхналёгіі для поспеху аказалася яўна недастаткова. Капіяваньне сэрбскага досьведу й расейскамоўнасьць звузілі ідэю "Зубра" да безыдэйнага пратэсту "супраць Лукашэнкі", "піяр" шмат дзе прыводзіў да імітацыі, а галоўная "фішка" кампаніі - шматлікія надпісы аэразольнай фарбай на сьценах жылых дамоў - адразу выклікалі ў насельніцтва рэзкую непрыязнасьць. Урэшце, "Зубры" пачалі трывала асацыявацца з нэгатывам "чорнага піяру". Як палітычны праект "Зубр" вычарпаў сябе 9 верасьня - пасьля правалу на выбарах расчараваныя актывісты сыходзілі хто куды, а некалькі соцень засталых занялі нішу расейскамоўнага маладзёвага аб'яднаньня зь лібэральным іміджам.

Тым ня менш, гісторыя "Зубра" зь яго імклівым распаўсюдам, эфэктнымі акцыямі й стратэгіяй партызанкі як сеткавага маркетынгу, негледзячы на ідэалягічную бясплоднасьць, стала яшчэ адной яскравай зьявай пакаленьня 1970-85 гг. Мужнасьць і захопленасьць, зь якой моладзь удзельнічала ў "зуброўскае" кампаніі, ішла на рызыку й адсідкі, вартая найлепшых словаў і безумоўнае павагі.

Яшчэ адна буйная палітычная маладзёвая ініцыятыва - I Кангрэс Беларускае Моладзі - паўстала ўлетку 2001г. На гэты момант, калі маладзёвыя вулічныя кампаніі, агітацыя й барацьба былі ў самым разгары, апазыцыйныя палітычныя партыі й дэмакратычныя кандыдаты ўсё яшчэ ніяк не маглі дамовіцца пра адзінага прэтэндэнта й супольны сцэнар дзеяньняў. Да выбараў заставалася два летніх месяцы, і становішча рабілася крытычным: апазыцыя ў разгубленасьці, выбаршчыкі расчароўваюцца, а рэжым штодня ўмацоўвае свае пазыцыі. Дайшло да таго, што маладафронтаўцы прынялі зварот да старэйшага пакаленьня "Хопіць тармазіць!" - і пікетавалі паседжаньні Каардынацыйнай Рады Дэмакратычных Сілаў, сустракаючы апазыцыйных кіраўнікоў патрабавальным скандаваньнем "А-дзі-на-га!" - а затым абыходзілі штабы ўсіх 11-ці дэмакратычных кандыдатаў, фатаграфуючыся на памяць зь іранічным лёзунгам "Час здымацца", і ўгаворвалі ўсіх зьняцца на карысьць каго-небудзь аднаго.

Урэшце рэшт, напрыканцы чэрвеня МАЛАДЫ ФРОНТ прапанаваў іншым маладзёвым арганізацыям правесьці Кангрэс Беларускае Моладзі і самім абвесьціць адзінага кандыдата. Моладзь ужо выразна акрэсьлівалася як вядучая сіла ў змаганьні з рэжымам - і яе голас мусіў быць вырашальным. Такі моцны крок мог зьмяніць расклад сілаў і нанесьці Лукашэнку накаўтуючы ўдар. На ролю "маладзёвага кандыдата" быў выбраны лідэр "Рэгіянальнае Беларусі", папулярны Сямён Домаш, які прытрымліваўся правых і нацыянальных пазыцыяў, быў наймаладзейшым з прэтэндэнтаў, валодаў лепшым стартавым рэйтынгам і, што важна, меў падтрымку многіх хрысьціянскіх грамадаў.

Падрыхтоўка да Кангрэсу ішла поўнай хадой, але за тыдзень да форуму патавая сытуацыя ў апазыцыі нечакана й драматычна разьвязалася. Былая намэнклятура пры падтрымцы пэўных расейскіх колаў у выніку кулюарных перамоваў праціснула ў якасьці "адзінага" 62-гадовага старшыню Фэдэрацыі Прафсаюзаў Ўладзіміра Ганчарыка. Домаш быў вымушаны пагадзіцца.

Кангрэс Беларускае Моладзі адчыніўся 29 ліпеня ў Менску, у Палацы культуры тонкасуконьнікаў, і сабраў 520 дэлегатаў з большасьці гарадоў ды мястэчак Беларусі, прадстаўнікоў усіх асноўных маладзёвых дэмакратычных арганізацыяў, а таксама лідэраў старэйшага пакаленьня. Моладзь апынулася ў складаным становішчы: каго падтрымліваць? Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й гербам "Пагоня", даволі рашучай па-беларуску перад моладзьдзю выступілі абодва галоўныя дэмакратычныя кандыдаты - і Ўладзімір Ганчарык, і Сямён Домаш. Апошняга заля вітала авацыяй, стоячы. Жарсьці падагрэла аб'ява міліцыі пра бомбу , нібыта закладзеную ў залі. Дэлегаты адмовіліся выходзіць на вуліцу, і Кангрэс працягнуўся. Пасьля зацятых спрэчак моладзь падтрымала і Ганчарыка, і Домаша. Кангрэсу заставалася адыграць сваю ролю хіба што ў масавым распаўсюдзе агітацыі, інструктаваньні й каардынацыі выбарчае кампаніі сярод моладзі.

Некаторыя СМІ тут жа ахрысьцілі Кангрэс "бомбай", якая магла выбухнуць у перадвыбарчае кампаніі. Сапраўды, 29 ліпеня 2001 г было самай вялікай стаўкай ўсяго пакаленьня Маладога Фронту. Посьпех такой палітычнай ініцыятывы мог кардынальна зьмяніць сітуацыю: моладзь апынулася на вастрыі падзеяў, ля самых ключавых мэханізмаў палітыкі. Пакаленьне пераменаў, якое на Кангрэсе Беларускай Моладзі сабралася разам, у аднае залі, уяўляла сабой насамрэч выбуховую сілу.

Нарэшце, апошні маладзёвы палітычны праект - "Пагадненьне беларускае моладзі з адзіным кандыдатам Уладзімірам Ганчарыкам" - быў рэалізаваны адразу перад выбарамі, у жніўні 2001-га, зь дакладнасьцю й эфэктам спэцыяльнае апэрацыі.

Пасьля 21 ліпеня разнастайныя апазіцыйныя групы ўплыву, якія выступалі на баку дэмакратычнага кандыдата як "шырокая грамадзкая кааліцыя", уцягнуліся ў бязладныя спрэчкі пра гарантыі й ўмовы на выпадак перамогі. Дыскусіі й перамовы паглыналі ці ня ўсю выбарчую актыўнасьць. Заставаліся лічаныя тыдні да 9 верасьня, а за адсутнасьцю гэнэральнага пагадненьня грамадзкасьці з Ганчарыкам кампанія тармазілася на ўсіх узроўнях.

Шматпунктавае й грувасткае агульнае палітычнае пагадненьне, якое патрабавала ад адзінага кандыдата дэмакратычных пераўтварэньняў, пераразмеркаваньня ўлады й эканамічных рэформаў, нараджалася ў доўгіх пакутах і суправаджалася нэрвовай ліхаманкай, ад якой трэсла ўвесь дэмакратычны лягер. Наменклатура, што разьлічвала на Ганчарыка, адчайна супраціўлялася нацыянальным акцэнтам пагадненьня, кандыдатуры Домаша як прэм'ера і не прымала радыкальнай праграмы пераўтварэньняў.

У гэтых варунках на прапанову кіраўніка віцебскага Маладога Фронту Віктара Шляхціна лідэры моладзі, у першую чаргу з колішняй кааліцыі "Пераменаў!" (МФ, Маладая Грамада, ЗБС, Маладыя Сацыял-Дэмакраты й іншыя) склалі свой варыянт пагадненьня, падпісалі пад ім 87 арганізацыяў, мясцовых кааліцыяў і рэгіянальных NGO - і літаральна за некалькі дзён праз Штаб адзінага кандыдата дамагліся яго прыняцьця. Умовы моладзі прынялі практычна безагаворачна.

Вельмі паказальнае параўнаньне абодвух пагадненьняў: агульнага, нарэшце сфармаванага палітычнымі партыямі і грамадзкімі дзеячамі старэйшага пакаленьня, і маладзёвага. Першае было напісана па-расейску, другое па-беларуску (тарашкевіцай!): у першым галоўную частку займалі гарантыі палітычным сілам, у другім- незалежнасьць і рэформы; пад першым падпісаліся дзесяткі два суб'ектаў , пад маладзёвым - у некалькі разоў больш. Паказальна, што моладзь дамаглася (першым пунктам!) абяцаньня вярнуць нацыянальныя сымбалі - тое, што беспасьпяхова спрабавалі унесьці ў агульнае пагадненьне лідэры старэйшае апазыцыі:

"У.І. Ганчарык пасьля абраньня яго Прэзідэнтам абавязуецца гарантаваць рэальную незалежнасьць нашай дзяржавы праз ажыцьцяўленьне самастойнай фінансавай, вонкавай і абарончай палітыкі, а таксама праводзіць дзяржаўную палітыку на глебе нацыянальных каштоўнасьцяў і традыцыяў, з выкарыстаньнем нацыянальнай мовы і сымболікі*".

* "Пагадненьне паміж адзіным кандыдатам ад шырокае грамадзкае кааліцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001г. і беларускай моладзьдзю" - 13 жніўня 2001г.

Сэрыя буйных самастойных маладзёвых палітычных праектаў ужо ў першыя месяцы новага тысячагодзьдзя выявіла, што пакаленьне Маладога Фронту дзейнічае ў палітыцы куды больш ініцыятыўна й дынамічна, чым уся старэйшая апазыцыя, разам узятая. Пакаленьне пераменаў значна прасьцей дамаўлялася міжсобку, значна хутчэй рабіла й ставіла перад сабой максымальныя мэты.

"Пераменаў!", "Зубр", Кангрэс Беларускае Моладзі й Маладзёвае пагадненьне варта ацэньваць як першую спробу сілаў новае генэрацыі ў супольнае палітыцы агульнабеларускага маштабу.

Што ж, жыцьцё й становішча ў краіне аказаліся значна цяжэйшымі за тэорыю й тэхналягічныя штампы. Дзесьці не хапіла досьведу, дзесьці - грошай, дзесьці - проста сілаў. Памылкі з тых, што прабачаюцца маладосьці. Але волю, веру і дзеяньне - тое, чаго так не ставала ўсёй беларускай апазыцыі ўжо даўно - моладзь прадэманстравала. Зарад пераменаў прайшоў выпрабаваньні самым жорсткім ціскам, самымі вытанчанымі інтрыгамі, масавымі фальсыфікацыямі й сістэмай дыктатарскіх "запраграмаваных выбараў" - і паказаў, што пакаленьне Маладога Фронту складваецца і як палітычная альтэрнатыва рэжыму.

 

Прэзыдэнцкая кампанія – 2001 (2001)

 

У 2001 годзе пакаленьне моладзі выступіла найбольш актыўным удзельнікам перадвыбарчае кампаніі, асновай дэмакратычнага электарату і ўдарнай сілай у змаганьні з рэжымам. Менавіта моладзь выходзіла на вулічныя акцыі й распаўсюджвала апазыцыйную агітацыю, ладзіла ўласныя кампаніі й вынаходзіла новыя формы супраціву, брала на сябе ініцыятыву і ўрэшце рэшт вынесла на сабе поўны цяжар рэпрэсіяў. Упершыню пакаленьне Мааладога Фронту разгарнулася ў такім маштабе й на такой арэне ўвагі: за падзеямі ў сэрцы Эўропы сачыла паў-сьвету, а паў-Беларусі чакала збаўленьня, як паветра. Упершыню моладзь пераменаў у поўнай меры зразумела, што гэта значыць - падымаць усю краіну. У шалёным рытме штодзённае кампаніі, пад перагрузкамі псыхалягічнага прэсу, у атмасфэры страху й апатыі, зь цяжкім боем сэрца моладзь адчула, ўсю родную Беларусь да апошняе вёсачкі, да адзінага чалавека - усю сваю гіганцкую сілу, сваю істоту, да астатняга нэрву й трымценьня мышцаў, увесь аграмадны цяжар сваёй місіі - а такое пачуцьцё шмат каштуе.

Сапраўды, ужо перад выбарамі новая генэрацыя ўяўляла сабой унушальную сілу, кансалідаваную й арганізаваную. Набіраў абароты Малады Фронт, зьявіўся "Зубр", штотыднёва ішлі маладзёвыя нарады ў рамках кааліцыі "Пераменаў!", праходзілі сэмінары й стажыроўкі. На этапе збору подпісаў і агітацыі ў кампанію ўлілося шмат хрысьціянскае моладзі. Выйшлі з падпольля й пачалі падрыхтоўку БПС, "Край", "Белы Легіён". Увогуле, у прадчуваньні сур'ёзных падзеяў па ўсёй краіне актывізаваліся і маладзёвыя рэгіянальныя NGO, і падзабытыя альянсы, і непалітычныя структуры, і нефармальныя тусоўкі. Якраз перад выбарамі 2001 пакаленьне 1970-88 г.г. нараджэньня імкліва пачала займаць пазыцыі ў сярэдніх і вышэйшых эшалёнах дэмакратычнага руху, у партыйным мэнэджмэнце, прадстаўніцтвах замежных структураў і фондаў, у незалежнай прэсе й рэгіянальных кааліцыях. Моладзь паўсюдна рыхтавалася да вулічных акцыяў і маштабовых кампаніяў распаўсюду. Настроі былі самыя рашучыя: "Мы мусім зваліць рэжым!".

Малады Фронт вызначыў сваю стратэгію на прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. двума асноўнымі тэзамі:

Мабілізаваць 1,5 мільёна маладых выбаршчыкаў, каб забясьпечыць перамогу дэмакратычнаму кандыдату.

Вывесьці на вулічныя акцыі моладзь, каб адстаяць дасягнутую перамогу.

Такім чынам, моладзь канцэнтравалася на мабілізацыйнай кампаніі, агітацыі супраць рэжыму й вулічнае кампаніі. Зборам подпісаў, кампаніяй адзінага кандыдата і назіраньнем ("афіцыйнай", дазволенай часткай) занялася апазыцыя старэйшага пакаленьня.

Зь першымі ж днямі Вясны - 2001 стартавала своеасаблівая "разьмінка": адразу некалькі маладзёвых арганізацыяў распачалі тактыку дробных, але выкліковых вулічных імпрэзаў - для максымальна эфэктыўнага ахопу гарадзкіх выбаршчыкаў. Малады Фронт узяў тэмп штодзённых акцыяў у сталіцы й штотыднёвывх - у буйных гарадох. У справу йшло ўсё: віншаваньні райаддзелаў з Днём міліцыі, канцэрты, футбольныя матчы, распаўсюд праектаў "новае канстытуцыі", запусканьне вялізнага зонду, размаляванага пад Лукашэнку ля рэзідэнцыі ("Шура ў пралёце") й рассылка маладафронтаўскага прагнозу палітычнага надвор'я, гуляньні ў "Дзень яднаньня дурня з Расеяй" (у ноч зь 1 на 2 красавіка, калі ў Маскве - ужо дзень "Яднаньня зь Беларусьсю", а ў нас з-за розьніцы ў часе - яшчэ Дзень дурня), 50-годзьдзе плошчы Бангалор і "аплата рэклямы" пасьля гістэрычных прапагандовых сюжэтаў пра МФ на афіцыёзнай тэлевізіі. ЗБС арганізоўваў "пахаваньне размеркаваньня" й выпуск "Студэнцкае газэты", моладзь АГП - раздачу БТ-шных тэлепузікаў ды прэзэрватываў з вусатай выявай і дэвізам "нацягні яго", "зубры" -- маўклівыя шэрагі з партрэтамі зьніклых і раскідваньне ўлётак падчас тэатральных антрактаў.

Каляндарныя акцыі Вясны 2001, наладжаныя апазыцыяй, -- Дзень Волі й Чарнобыльскі шлях - адыгрывалі хутчэй ролю рэпэтыцыяў перад маніфэстацыямі ў выпадку перамогі, таму праходзхілі пагрозьліва, але спакойна. БТ камэнтавала гэта так: "баевікі з Маладога Фронту адпрацоўваюць сцэнар масавых беспарадкаў" - і кадры з маладафронтаўскімі калёнамі перабіваліся хронікамі бялградзкіх сутычак і антыглябалісцкіх мітынгаў.

Сэрыю масавых збораў моладзь арганізавала самастойна. 21 красавіка ў Парку Горкага адбыўся "зуброўскі" "Канчатковы дыягназ", дзе зьявіліся вусатыя маскі і лыжнікі на асфальце - удзельнічала некалькі соцень чалавек. 7 траўня, на Дзень Радыё і Тэлевізіі прайшоў маладафронтаўскі "Марш шпіёнаў", калі стомэтровая калёна апранутых у чорнае "заходніх шпіёнаў" і "джэймсаў бондаў" (актывістаў МФ), у чорных акулярах і пад музыку "17 імгненьняў вясны" прайшла праз увесь горад ад БТ да Дзяржаўнага Радыё. 1-3 ліпеня, на трохдзённых сьвяткаваньнях Дня Менску дзясяткі маладафронтаўскіх брыгадаў абышлі каля 250 тысячаў чалавек на канцэртах і гуляньнях, а потым закідалі бел-чырвона-белымі ўлёткамі "Зрабі прэзыдэнта!" і самога Лукашэнку зь ягонай аховай. Праз пару дзён, 6-7 ліпеня МФ наладзіў масавыя купальскія акцыі "Выбірай!" па ўсёй краіне. А 27 ліпеня "зубры" арганізавалі ўрачыстую прысягу і акцыю з партрэтамі зьніклых проста на Плошчы Преамогі, дзе іх разагнаў спэцназ.

Вулічную маладзёвую актыўнасьць улады вырашылі падавіць хвалямі рэпрэсіяў. І, калі напачатку вясны затрымлівалі толькі арганізатараў, дык ужо ў другой палове красавіка пачаліся павальныя арышты моладзі. За "Апошні паход на Бангалор" было затрымана 18 маладафронтаўцаў, пасьля "канчатковага дыягназу" -- каля трыццаці "зуброў", на Дні горада міліцыя арыштавала 53 сябры Маладога Фронту, на акцыі "зубра" 27 ліпеня - больш 40 маладых людзей і падлеткаў. Вялізныя штрафы і суткі адсідкі спалучаліся запалохваньнямі ў райаддзелах, адміністрацыйным ціскам на месцы вучобы й працы. Найбольш настойлівых удзельнікаў маладзёвага супраціву проста зьбівалі. Праз рэпрэсіі прайшлі больш 1,5 тысячаў маладых актывістаў, у асноўным Маладога Фронту й "Зубра". Асабліва цяжкай сытуацыя была ў рэгіёнах. У рэшце рэшт, улады пачалі раскручваць крымінальныя справы - супраць менскіх "графітыстаў", шклоўскіх зхлопцаў у вусатых масках, аргнізатараў рэчыцкапга пэрфомансу на дзень народзінаў Лукашэнкі. Найбольшы розгалас атрымала правакацыя спэцслужбаў з гранатай, кінутай кімсьці за плот расейскай амбасады ў Менску ў ноч на 31 траўня, наперададні саміту СНД й прыезду Пуціна. Пасьля выбуху на працягу некалькіх тыдняў 35 кіраўнікоў найбольш актыўных структураў Маладога Фронту былі выкліканыя на допыт у мясцовыя аддзелы КДБ - і фактычна абвінавачаныя ў тэрарызме.

Запалохваньням і рэпрэсіям пакаленьне перабудовы супрацьпастаўляла асабістую мужнасьць. 20 ліпеня, у Віцебску, на гала-канцэрце Славянскага Базару, падчас выступу расейскіх поп-зорак, дачакаўшыся, пакуль усе сьпевакі выйдуць на сцэну, на вачох ва ўсяго 5-ці тысячнага амфітэатру і ў прысутнасьці Лукашэнкі 21 гадовы маладафронтавец Андрусь Капорыкаў разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, шпурнуў у натоўп гледачоў фаерверк улётак і выгукнуў: "Жыве Беларусь! Хай дапаможа нам Бог!". Ахоўнікі Лукашэнкі і міліцыянты кінуліся да хлопца і пачалі тут жа, на вачох гледачоў, перад тэлекамэрамі, зьбіваць яго. Усе на аднаго. Зьбілі да страты прытомнасьці, потым па асфальце адцягнулі за браму амфітэатру і білі зноў...

Ужо ўлетку распачаўся шырокамаштабовы наступ моладзі - супольная мабілізацыйная кампанія "Выбірай!". Яркія, стылёвыя, зробленыя па-беларуску налепкі з аранжавым лягатыпам-сонейкам і заклікам прыйсьці на выбары 9 верасьня, падрыхтаваныя штабам NGO, на працягу трох месяцаў зьявіліся практычна ў кожным кутку Беларусі: агульны наклад матар'ялаў кампаніі складаў некалькі мільёнаў асобнiкаў. Актывісты Маладога Фронту, Маладое Грамады, ЗБС, NGO у "сонечных" майках па ўсёй краіне раздавалі спэцвыпускі мабілізацыйных газэтаў, наведвалі вёскі й месцы адпачынку, куды ўлетку паразьяжджалася моладзь, і ладзілі разнастайныя імпрэзы з заклікам абавязкова прыйсьці на выбары.

Больш таго, Малады Фронт ператварыў у перадвыбарчую кампанію сваю фірмовую акцыю "Горад наш!": маладафронтаўцы пачалі ўздымаць бел-чырвона-белыя сьцягі па-над дахамі гарадоў, суправаджаючы іх хвалямі ўлётак і перадвыбарчых "Весьнікаў" - целымі сэрыямі ў буйных гарадох. Падтэкст дэвізу быў відавочны: гарадзкое насельніцтва, якое і вырашала зыход выбараў (да 70% выбаршчыкаў і амаль уся моладзь жылі ў гарадох) падтрымлівала дэмакратыю, незалежнасьць і перамены. Нацыянальныя сьцягі й бел-чырвона-белыя ўлёткі зьяўляліся па-над адміністрацыйнымі будынкамі, на вакзалах, прыпынках, цэнтральных плошчах дзясяткаў населеных пунктаў Беларусі як знак будучае перамогі: "Горад наш!"

"Зубры" зьмянілі свой лёзунг "Время выбирать!" на "Время убирать!". Новыя хвалі графіці й налепак застракацелі на сьценах, якія адчышчалі й зафарбоўвалі ўдзень і ўначы.

Блёк лібэральных маладзёвых арганізацыяў, згрупаваны вакол "Моладзі АГП", распачаў кампанію "Час пераменаў!". Актывісты наладжвалі абмены лукашэнкаўскай сымболікі на нацыянальную, савецкіх кнігаў на беларускую літаратуру, а афіцыёзнай прэсы - на незалежныя газэты.

Размах маладзёвае незалежніцкае агітацыі дасягнуў такіх маштабаў, што адказ БПСМу - налепкі "Я за батьку!", пераробкі "Время выбирать!" са сваім зьместам і абяцаньні "разабрацца з хуліганамі з Маладога Фронту" - выглядаў на гэтым тле проста пародыяй.

З набліжэньнем даты выбараў змаганьне рабілася больш моцным і адчайным. Кангрэс Беларускай Моладзі й пагадненьне з адзіным кандыдатам надалі надалі пакаленьню пераменаў сілаў - але сыход Домаша і правал Ганчарыка прыводзілі проста ў роспач.

1 верасьня, на футбольным матчы "Беларусь-Украіна" у Менску некалькі соцень актывістаў МФ і "Зубра" разгарнулі на трыбунах перад ложай Лукашэнкі бел-чырвона-белыя сьцягі і пачалі скандаваць "Жыве Беларусь!". Міліцыя і АМАП проста падчас гульні атакавалі сэктары незалежніцкае моладзі. Маладафронтаўцаў у найбліжэйшым да прэзыдэнцкіх месцаў сэктары зьбіваў СОБР на чале са Зьміцерам Паўлічэнкам - спэцслужба, якую абвінавачвалі ў забойствах вядомых палітыкаў. "З табой застаўся толькі Паўлічэнка! -- крычалі маладафронтаўцы Лукашэнку, -- Рыхтуйся!". Лукашэнка, не вытрымаўшы, сьпехам пакінуў матч, а дзясяткі маладых трапілі ў шпіталі ды пастарункі.

4 верасьня пачалося незаконнае датэрміновае галасаваньне, падчас якога рэжым запусьціў першую хвалю масавых фальсыфікацыяў. Студэнты некалькіх ВНУ арганізавалі стыхійныя акцыі пратэсту. Малады Фронт наладжваў начныя дзяжурствы ля выбарчых участкаў у намётах, якія тут жа зрываліся міліцыяй.

5 верасьня, накладам больш за 2 мільёны - у кожны дом! -- выйшаў перадвыбарчы спэцвыпуск афіцыёзнай "Советской Белоруссии". Увесь разварот, 2 паласы, займала зводка расейскіх аналітыкаў і Савета Бясьпекі РБ - пра апазыцыйныя "пляны зьвяржэньня ўлады" са шматлікімі фактамі "з кампэтэнтных крыніцаў": Апэрацыя "Белы Бусел". Большасьць матар'ялаў была прысьвечана менавіта моладзі: 22 разы ў тэкстах фігураваў Малады Фронт і яго лідэры. 15 - "Зубр", 10 - кампанія "Выбірай!".

"Рашаючай фазай апэрацыі "Белы Бусел" павінны стаць марш пратэстных маладзёвых арганізацыяў на Менск у ноч пасьля выбараў, калі на выбарчых участках пачынаецца падлік галасоў. Маніфэстацыі мусяць праходзіць пад лёзунгам перамогі апазіцыйнага кандыдата. Не выключаецца ўдар маніфэстантаў па рэзідэнцыі прэзідэнта, што прывядзе да немінучых сутыкненьняў зь сілавымі структурамі, у выніку чаго могуць узьнікнуць масавыя беспарадкі з чалавечымі ахвярамі." - паведамляла "Советская Белоруссия"*.

* "Советская Белоруссия" 5 верасьня 2001г. №255 (21252)

8 верасьня становішча ў краіне сапраўды пачало нагадваць франтавыя зводкі. У Менск ішлі калёны машынаў зь міліцыяй і цягнікі з унутранымі войскамі. Зьявіліся зьвесткі, што ў сталічныя шпіталі сьцягваюцца дадатковыя запасы крыві. Моладзь з рэгіёнаў не магла выехаць у Менск - на многіх вакзалах асобам да 30 год не прадаваліся квіткі. Любыя акцыі, будзь то раздача мабілізацыйных улётак, ці дзіцячы фэст з запускам паветраных зьмеяў - умомант разганялася міліцыяй. У Магілёве, Горадні й Баранавічах, адкуль Малады Фронт рыхтаваўся весьці аўтакалёны пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, былі ўзятыя штурмам або блякаваныя штаб-кватэры й дамы кіраўнікоў: звыш 50 маладафронтаўцаў былі прэвэнтыўна затрыманыя. Бэспрэцэдэнтны ціск сумяшчаўся зь гістэрычнай прапагандай.

9 верасьня ўранку "па тэхнічных прычынах" былі адключаныя інтэрнэт-сайты й мабiльныя тэлефоны апазыцыі, маладзёвых арганізацыяў і незалежнае прэсы, а за ўсімі палітычнымі офісамі і лідэрамі усталяваны татальны кантроль спэцслужбаў. Сілавыя й апаратныя магчымасьці рэжыму на некалькі парадкаў пераўзыходзілі і намаганьні моладзі, і усяе апазыцыі: супраціў быў проста паралізаваны й падаўлены.

Увесь дзень 9 верасьня расейскія тэлеканалы й FM паведамлялі, што на выбарчых участках усё больш-менш ціха. Большасьць насельніцтва расцаніла гэта як заклік спакойна чакаць вынікаў. І роўна ў 20.00, з закрыцьцём выбарчых участкаў, дзяржаўныя мас-мэдыя хорам пачалі трубіць аб абсалютнай перамозе Лукашэнкі. Апазыцыя, назіральнікі й штаб адзінага кандыдата бязвольна маўчалі.

Фінальны 5-ці тысячны мітынг 9 верасьня ўвечары на Кастрычніцкай плошчы выглядаў роспачным крыкам. Апатыя партыйных лідараў, бязьдзейнасьць каманды Ганчарыка, некалькі тысячаў маладых і купкі журналістаў пад дажджом - усё гэта счьведчыла аб адным: старэйшым не хапіла духу, а моладзі - сілаў. Уначы зь 9 на 10 верасьня у Палацы Прафсаюзаў забарыкадаваліся каля 200 чалавек, збогльшага "зубры" і "краёўцы". Нараніцу ў страшэнным расчараваньні яны разыходзіліся ў нікуды. Гіганцкія фальсыфікацыі (20-25% галасоў) і правал апазыцыі выклікалі ў моладзі масавы шок.

Выбары 2001 былі для пакаленьня Маладога Фронту велізарнай палітычнай школай, паўгадавым фронтам драматычнага змаганьня. Як засьведчылі вынікі яўкі выбаршчыкаў, больш за 80% маладых (а гэта звыш 1.350.000 чалавек) выйшлі на ўчасткі для галасаваньня - і гэта пры тым, што на ўсiх папярэдніх выбарах маладзёвая яўка складала ад 12% да паловы! 3/4 пакаленьня-2000 - больш 1 мільёна маладых - прагаласавалі супраць рэжыму. І гэта, разам з адчайным перадвыбарчым маладзёвым супрацівам, аказалася наймацнейшым ударам 2001 г. па дыктатуры й імпэрыі. Прынамсі, на сваёй першай пасьлявыбарчай прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка заявіў: такую няўдзячную моладзь трэба "перавыхоўваць".

9 верасьня 2001 г.i была пахаваная iдэя намэнклятуры й "нэўтралітэту Масквы" канчаткова збанкрутавала большасьць апазыцыйных лідэраў старэйшага пакаленьня. Без моцнага духу, бязь веры й волі такая апазыцыя ў прынцыпе не магла дасягнуць перамогі.

Але дзіўна атрымалася: каб асэнсаваць і перажыць усё тое, што здарылася на прэзідэнцкіх выбарах, у нас у распараджэньні былі толькі суткі. Бо 11 верасьня выбухнулі страшныя тэракты ў Ню-Ёрку і Вашынгтоне - сьвет зьмяніўся непазнавальна і назаўжды.

 

Моладзь абараняе курапаты

 

21 верасьня 2001 г., назаўтра пасьля паўторнай інаўгурацыі Лукашэнкі, будаўнікі Менскай кальцавой аўтадарогі пачалі валіць лес і зносіць памятныя знакі ды крыжы ва ўрочышчы Курапаты.

Лясны масіў Курапаты, месца расстрэлаў і пахаваньняў больш чым 200 тысячаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1937-40гг для ўсяго нацыянальнага руху дацяпер зьяўляецца сымбалем. У канцы 80-х гг менавіта раскрыцьцё праўды пра Курапаты Зянонам Пазьняком ускалыхнула беларускае грамадзтва, спарадзіла антыкамуністычны рух і прывяло да стварэньня БНФ. Якраз тут, упершыню ў найноўшай беларускай гісторыі, 30 кастрычніка 1988г на шэсьці "Дзяды" быў зноў узьняты нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, і якраз пасьля жорсткага разгону гэтае маніфэстацыі Курапаты сталі вядомыя ўсяму сьвету.

Будаўніцтва менскае Кальцавое дарогі, якое распачалося на асабісты загад Лукашэнкі, сталася адным з самых гучных папулісцкіх праектаў рэжыму і прадугледжвала знос часткі нацыянальнага нэкропалю. Бульдозеры ў Курапаты пайшлі па касьцях і крыжах.

22 верасьня Цнянская рада Маладога Фронту паспрабавала перашкодзіць гэтаму вандалізму, укопваючы новы крыжы на шляху бульдозэраў. Але назаўтра руйнаваньне Курапатаў было працягнута.

Тады увечары 24 верасьня васьмёра маладафронтаўцаў з крыжамі жывым ланцугом сталі перад тэхнікай. Бульдозэры адступілі. У гэту ж ноч кіраўніцтва МФ вырашыла распачаць кругласуткавую варту і ўсталяваць турысцкі намёт на ўзьлеску Курапатаў.

Ва ўрочышчы пачалі зьбірацца людзі. Зьявілiся апазіцыйныя палітыкі, навукоўцы, журналісты. Грамадзкасьць утварыла ініцыятыву "За ўратаваньне Курапатаў". Празь некалькі дзён да маладафронтаўскай акцыі далучыліся сябры Беларускай Партыі Свабоды, якія ўзялі на сябе забесьпячэньне парадку й ахову ў лягеры. Да курапацкіх намётаў падыходзілі людзі - прыносілі харчаваньне, цёплую вопратку, сьвечкі й новыя крыжы. Урэшце рэшт, рэжым вымушаны быў пайсьці на перамовы з абаронцамі: на круглым стале, арганізаваным ініцыятывай "За ўратаваньне Курапатаў", кіраўнікі будаўніцтва абвесьцілі пра часовае спыненьне работаў і правядзеньне дадатковых археалягічных дасьледваньняў.

Курапаты зноў апынуліся ў цэнтры ўсеагульнай увагі. Шматлюдныя талокі на выходных дазволілі прыпарадкаваць тэрыторыю нацыянальнага нэкропалю й усталяваць там яшчэ больш 200 крыжоў. Штоночы моладзь запальвала ля кожнага крыжа сьвечкі - і праяжджаючым па дарозе вадзіцелям адкрывалася ўражлівае відовішча: лес вагнёў, сьвячэньне й мігценьне скрозь крыжы пад дрэвамі.

Разумеючы, што рэжым адступіўся толькі часова, Малады Фронт распачаў збор подпісаў жыхароў бліжэйшых дамоў за праект дарогі ў абход Курапатаў. Зацятыя спрэчкі з будаўнікамі вакол праекту й дадатковыя дасьледваньні скончыліся нічым. Улады стаялі на сваім; моладзь не саступала ані кроку. Стала відавочна, што лабавое сутыкненьне непазьбежнае.

І вось, увечары 8 лістапада, назаўтра пасьля "Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі", улада пайшла на штурм: на курапацкі лягер быў кінуты АМАП. Тэхніка рушыла паўз дарогу, ламаючы шэрагі крыжоў. Жахлівая расправа, паказаная вядучымі тэлеканаламі, нагадвала прыступ сатанізму. Калі 30 абаронцаў прарваліся на кальцавую і загарадзілі шлях машынам, што пад'яжджалі да ўрочышча, АМАП пачаў зьбіваць людзей і хапаць найбольш актыўных. Некалькі маладых, зьбітых да крыві, трапілі ў шпіталь, каля 10 чалавек былі арыштаваныя. У намёт, дзе заставалася моладзь, пусьцілі сьлезацечны газ, а затым палатку пабурылі.

Здавалася б, супраціў зламаны. Але за ноч моладзі ўдалося ўсталяваць пры дарозе яшчэ 15 крыжоў, зноў паставіць намёт і аднавіць варту. Уранку будаўнікоў і амапаўцаў, якія прыйшлі распачынаць работы, сустрэлі абаронцы і некалькі тэлекамэраў.

Увесь дзень 9 лістапада працягваліся перакрыцьці дарогі, арышты і сутычкі зь міліцыянтамі. Паралельна ішлі суды над тымі, каго дастаўлялі з пастарункаў. Будаўнікам удалося засыпаць пяском толькі паласу шырынёй у некалькі мэтраў. Нарэшце, у суботу 10 лістапада больш за 300 чалавек сабраліся ва ўрочышчы на набажэнства Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, устаноўку 10-ці новых вялізных крыжоў і малітву за Беларусь.

Улады зразумелі, што абаронцаў ня зломіш.

Варта працягвалася. 1 сьнежня 2001 г. прадстаўнікі МФ і БПС абвесьцілі пра стварэньне ініцыятывы "Моладзь у абарону Кураптаў", мэтамі якой сталіся далейшае адстойваньне й ахова нацыянальнага нэкропалю, а таксама паўнавартасная мэмарыялізацыя.

Ужо пад Новы год дзяржаўную сістэму замоўчваньня курапацкіх злачынстваў прарвала. Пракуратура Беларусі на запыт ініцыятывы "За ўратаваньне Курапатаў" дала адказ, што ва ўрочышчы сапраўды пахаваныя ахвяры палітычных рэпрэсіяў 1937-40 гг. Такога прызнаньня ўсе апошнiя 8 гадоў было немагчыма дабіцца. Затым, 18 студзеня, у прысутнасьці ўсёй апазыцыйнай эліты й намесьніка міністра замежных справаў амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак урачыста аднавіў у Курапатах мэмарыяльны знак (лавачку), усталяваны ў 1994г падчас візыту Біла Клінтана ў Беларусь і разбураны невядомымі вандаламі незадоўга перад выбарамі. Маю Кляшторную, удзельніцу грамадзкае абароны, прызначылі навуковым кіраўніком будаўніцтва дарогі. Лясьніцтва Менскага раёну пачало дапамагаць моладзі дровамі, а дарожныя будаўнікі сталі раіцца з абаронцамі ці не па кожным пункце свайго пляну. Міліцыя перайшла на ветлівую ахову лягеру пад бел-чырвона-белым сьцягам. Праваслаўная царква аднавіла будаўніцтва памятнай капліцы ля Курапатаў, а Беларускі Камітэт Міру падаў ува ўладныя структуры праект мэмарыялу ў нацыянальным нэкропалі.

Трэба зазначыць, што ў халодныя зімовыя месяцы курапацкае варты асноўны цяжар дзяжурстваў узяла на сябе Беларуская Партыя Свабоды на чале зь Сяржуком Высоцкім. Сябры БПС разам з маладафронтаўцамі й актывістамі іншых арганізацыяў, нягледзячы на маразы, хваробы й правакацыі, выстаялі і ўзімку. Прозьвішчы маладых абаронцаў Курапатаў сталі вядомыя ўсёй краіне: Васіль Парфянкоў, Ірына Вяткіна, Антось Шкурынскі, Яўген Скочка, Генадзь Дранковіч, Сяржук Мацкойць, Цімох Атрошчанка...

Ужо ўвесну рэжым, які прайграў Курапаты, адпомсьціў баязьліва й подла. У ноч з 18 на 19 красавіка намёт абаронцаў падпалілі. Падпал быў зьдзейсьнены настолькі хутка, што двое валянтэраў ледзь пасьпелі выскачыць навонкі, а яшчэ адзін, 23-гадовы Алесь Поклад, на некалькі месяцаў трапіў у рэанімацыю з апёкамі. Але ж пасьля гэтага моладзь толькі ўзмацніла варту.

Урэшце, 3 чэрвеня 2002 г. у 14-ю гадавіну знакамітай першай публікацыі Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты ў "Літаратуры й Мастацтве" моладзь зьняла палаткавы лягер і перайшла да дзённага патруляваньня ўрочышча.

Перамога ў Курапатах, на месцы, адкуль паўтара дзесяцігодзьдзя таму распачаўся незалежніцкі рух, знакавала сабой завяршэньне новай эпохі. Тае эпохі, за якую вырасла генэрацыя Маладога Фронту - 14-30 гадовых.

"Ужо падымаецца пакаленьне маладых, якія не прымаюць і не прымуць дзікунства пад любым соўсам - пісала "Народная Воля" пра абаронцаў Курапатаў. - Яны лепшыя за нас, якія ледзь ня ўсё жыцьцё былі сьляпымі й ўсяго баяліся. Гэтых маладых можна змалаціць дубінкамі, навесіць фальшывыя абвінавачваньні, нават кінуць за краты. Але ўжо ніхто не змусіць іх здрадзіць самім сабе, здаць і прадаць Бацькаўшчыну. І дзеці іх, і дзеці дзяцей ужо ня вырастуць рабамі".

Беспрэцэдэнтная шматмесяцовая кругласуткавая акцыя моладзі ў Курапатах, вартая падручнікаў гісторыі й Кнігі рэкордаў Гінэсу адначасова, сталася сапраўдным прарывам пасьля паразы апазіцыі на выбарах 2001 г. Сярод усеагульнай расчараванасьці, абыякавасьці й бязвольнасьці курапацкі Крыж пакутаў зноў стаў сыстэмаў каардынатаў. Крыж зноў вяртаў нацыю да пачаткаў, асноўных пытаньняў быцьця: жыцьця і сьмерці ахвяраў і самаахвярнасьці, выпрабаваньня й пакаяньня, веры ў Хрыста - і пераможнага ўваскрасеньня.

 

Беларусь – у Эўропу! (2002)

 

У агульнай глыбокай дэпрэсіі, выкліканай паразай на выбарах 2001 г., маладзёвы рух таксама перажываў заняпад. Моладзь масава хлынула з палітычных і грамадзкіх арганізацыяў у нікуды. Сярод актывістаў панавала апатыя.

У рэгіёнах, дробных гарадах і мястэчках, дзе падчас выбарчае кампаніі-2001 на моладзь навалілася ўся машына рэжыму, увогуле стаяла пахавальная ціша. Курапацкая эпапея і нешматлюдныя – па некалькі соцень чалавек – каляндарныя апазіцыйныя шэсьці былі, бадай, адзінай праявай сыстэмнага супраціву. Усяму грамадзтву патрэбна было ўзрушэньне агульнабеларускага маштабу.

Яшчэ больш важным было тое, што адбывалася ў гэты момант у сьвеце. Страшэнныя тэракты ў Амерыцы, якія грымнулі ўсяго толькі празь дзень пасьля выбараў у Беларусі, мянялі сусьветную геапалітычную карціну зь неймавернай хуткасьцю. Татальная вайна супраць тэрарызму, плянэтарная зьмена эканамічных прыярытэтаў на пытаньні бясьпекі, разварот усёй заходняй цывілізацыі да халоднай вайны зь ісламскім сьветам, абуджэньне хрысьціянства ў ЗША й Эўропе стваралі навокал абсалютна новую рэальнасьць. У гэтых новых умовах рывок пуцінскай Расеі да супрацоўніцтва з Захадам, нешта кшталту сучаснага рэфлексу Пятра І ці Сталыпіна, увогуле ставіў рэжым Лукашэнкі ў двухсэнсоўнае становішча. Але беларускія апазыцыйныя партыі, дэмаралізаваныя пасьля выбараў, проста маўчалі.

І пакаленьне перабудовы, якое ў стыхіі глябальных пераменаў толькі набіралася сілаў і ажывала, сярод гэтае дэпрэсіі й разгубленасьці найвастрэй адчула патрэбу моцнага стратэгічнага кроку. Адказу на выклікі новага тысячагодзьдзя - яснага й пераможнага, як вайсковая апэрацыя. Геапалітычнага выбару, хай сабе ў выглядзе лёзунгу, які б расставіў усе на свае месцы.

Ініцыятыву, як заўжды, узяў на сябе Малады Фронт.

У пачатку студзеня 2002 г. маладафронтаўцы абвясьцілі пра разгортваньне беспрэцэдэнтнае кампаніі – трохмесяцовага вулічнага марафону "БЕЛАРУСЬ – У ЭЎРОПУ!". Акцыі, імпрэзы, шырокія раздачы інфармацыйных матар’ялаў й сацыялагічныя апытаньні сярод моладзі было заплянавана правесьці больш чым у 110 гарадох і мястэчках Беларусі. Кампанія мелася ісьці вялізным фронтам з Усходу на Захад, ад расейскай да эўрапейскай мяжы, 1–2 населеных пункты штодня, эстафэтай паводле геаграфічнае шыраты кожнага. Бесперапынная чарада такіх успышак практычна па ўсіх гарадох краіны павінная была ствараць эфэкт франтальнага руху, своеасаблівую хвалю, якой звычайна падымаюць людзей на трыбунах стадыёну - і адначасова ўвасабляць заходні вэктар імкненьня Беларусі. Заўважым , што ідэя нарадзілася ў маладафронтаўцаў падчас мазгавага штурму ў турэмнай камеры на Акрэсьціна, куды кіраўніцтва МФ амаль у поўным складзе трапіла пасьля Акцыі "Дзень памяці падпольшчыкаў" 26 кастрычніка 2001 г.

Ужо адзін захапляючы вобраз фронту – марафону адразу прыцягнуў многіх актывістаў з самых розных грамадзкіх арганізацыяў і партыяў, асабліва на месцах. "Беларусь у Эўропу!" падтрымалі многія лідэры й рэгіянальныя NGO. А хваля праэўрапейскіх настрояў, узьнятая пасьпяховым увядзеньнем наяўных "эўра" 1 студзеня 2002 г. , надавала гэтай кампаніі небывалае актуальнасьці й сьвежага ажыятажу.

Маладафронтаўцы раздабылі яшчэ зусім рэдкія ў Беларусі купюры "эўра" і раздалі іх журналістам на прэзэнтацыйнай прэс-канфэрэнцыі, выправілі ў Брусэль і Жэнэву дэлегацыі для раскруткі сустрэчнай міжнароднай кампаніі ў Эўропе, і разаслалі па ўсім сьвеце адмысловы "Адкрыты ліст да знакамітых эўрапейцаў" – Алена Дэлона, Арнольда Шварцэнэггера, Вацлава Гавэла, Маргэрэт Тэтчэр, U2, Зінэдзіна Зідана й іншых – з просьбай падтрымаць ініцыятыву беларускай моладзі. Цікава, што Эўрапейская Камісія, да якой МФ зьвярнулася па дапамогу з рэклямнымі матэр’яламі ўжо празь некалькі сутак тэрміновай кур’ерскай авіяпоштай даслала ў Менск больш за 600 кг сувэніраў, буклетаў ды эўрапейскіх мапаў. Але беларуская мытня запатрабавала за растаможку гэтага груза 3,5 тыс даляраў – давялося адсылаць падарункі назад і перапраўляць іх празь мяжу прыватным парадкам.

Кампанія пачалася, канечне ж, 14 лютага – у Дзень Сьвятога Валянціна, на штогадовым шэсьці, падхапляючы традыцыйны яшчэ з 1997 г. "валянцінаўскі" лёзунг: "Беларусь – у Эўропу!". Старт адбыўся ў 44-х гарадох адначасова – зь невялікімі, але відовішчнымі карнаваламі ў абласных цэнтрах, жывымі "палаючымі сьцягамі" Эўразьвязу (12 зорак) і распрацаванымі пад эўракампанію шоў-віктарынамі. У Менску паўтысячная дэманстрацыя пад бел-чырвона-белымі й сіне-зорнымі сьцягамі вырушыла на цэнтральныя вуліцы й пасьля гадзіннага маршу перад мноствам тэлекамэраў была разагнаная АМАПам на праспэкце Скарыны . Дзясяткі ўдзельнікаў трапілі ў міліцэйскія пастарункі й гарачыя выпускі навінаў.

Ужо назаўтра са скрайне-ўсходніх гарадоў Беларусі – Хоцімску, Касьцюковічаў, Клімавічаў -- пачаўся сам марафон. Лятучыя групы мясцовых маладафронтаўцаў арганізоўвалі пікеты, канцэрты, сустрэчы й вулічныя шоў, а напрыканцы Дня Эўропы ў кожным горадзе праводзілі сацыялягічнае апытаньне паводле адмысловае анкеты: "У Эўропе ці Расеі вы хочаце бачыць Беларусь? Якая валюта вам найбольш сымпатычая? Якую сымболіку вы лічыце нацыянальнай? Ці верыце вы ў Бога?". Нягледзячы на тое, што Усходняя Беларусь – рэгіён найболльш русіфікаваны й аддалены ал Эўропы, адсталы й заражаны Чарнобылем, нават тут большасьць моладзі тэст на эўрапейскасьць прайшла пасьпяхова: падтрымала рух на Захад, кампанію МФ і адмовілася пераходзіць на расейскі рубель. У Крычаве адбылася маладзёвая вечарына з эўрапейскай дыскатэкай; у Мсьціславе ля помніка беларускаму асьветніку Масквы, Пётру Мсьціслаўцу, раздалі 2,5 тыс. буклетаў і газэтаў; у Горках Дзень Эўропы адзначылі ў Сельска-гаспадарчай Акадэміі. Гомельскія маладафронтаўцы наладзілі адважнае шэсьце са сьцягамі ў цэнтры гораду – улады мабілізавалі на разгон акцыі дзясяткі міліцэйскіх машынаў; у Магілёве прайшла дэманстрацыя зь віктарынамі, а ў Віцебску Малады Фронт абышоў па ўсім горадзе сетку мясцовых камэрцыйных крамаў "Эўропа", з улёткамі, буклетамі й анкетамі; у Смалявічах адбыўся рок-канцэрт, а ў Бабруйску – "Эўрапейскі марш" па наўбуйнейшых навучальных установах гораду... З дапамогай "дэсанту" МФ дабіраўся нават да мястэчак кшталту Поразава, Балбасава ці Навасадаў, куды раней не ступала нага апазыцыянера.

2 красавіка, як раз на так званы "Дзень яднаньня Беларусі й Расеі", эўрапейская кампанія дасягнула Менску. Сьпярша Менскі Малады Фронт правёў розгаласную "Акцыю эўрапейскае чысьціні": актывісты масава выйшлі прыбіраць сталічныя вуліцы зь беларускімі й эўрапейскімі назвамі, а ў цэнтры гораду нават мылі ходнікі з тэхнічным мылам, як гэта робяць у Стразбургу ці Цюрыху. У сямі менскіх школах адбыліся "Эўра-шоў", у бібліятэкі ВНУ Малады Фронт перадаў CD і буклеты на тэму эўрапейскае інтэграцыі, а віншаваньні з Днём Эўропы атрымалі замежныя амбасады і прадстаўніцтвы. Нарэшце, увечары маладафронтаўцы правялі невялікую, але дзёрзкую акцыю: прайшлі зь бел-чырвона-белымі й эўрапейскімі сьцягамі да Кастрычніцкай плошчы насупраць рэзідэнцыі Лукашэнка са скандаваньнем "Беларусь у Эўропу!".

У Заходняй Беларусі шчыльнасьць кампаніі была яшчэ большай. Маладафронтаўскія суполкі й лятучыя групы раздавалі эўраматар’ялы й праводзілі апытаньні амаль ў кожным мястэчку. Варта адзначыць, што ў Мастоўскім раёне эўрапейскія імпрэзы адбыліся нават у большасьці вёсак – мастоўскі кіраўнік МФ Алесь Зарэмбюк паставіў мэтай растлумачыць кожнаму беларусу, чаму мы – эўрапейцы. Натуральна, і настроі моладзі па меры руху на Захад рабіліся ўсё больш эўрапейскімі, дэмакратычнымі й нацыянальнымі.

Нарэшце, дзень урачыстага заканчэньня трохмесяцовага марафону – 14 траўня, гадавіну рэферэндуму аб зьмене сымболікі – Малады Фронт адзначыў эўраверсіяй акцыі "Горад – наш!": па ўсёй Беларусі былі ўзьнятыя беларускія й сіне-зорныя сьцягі.

Між тым, кампанія разгортвалася і ў замежжы. У заходняй прэсе зьявіліся рэпартажы аб ходзе "Беларусь – у Эўропу!", партнёры маладафронтаўцаў зь іншых краінаў падхапілі ідэю марафону, каб адаптаваць яе да сваіх варункаў. Ужо ў сярэдзіне сакавіка ў Саламанцы пад Мадрыдам на сходзе лідэраў эўрапейскае правацэнтрысцкае моладзі, у прысутнасьці старшыні Эўразьвязу, прэм’ер-міністра Гішпаніі Хасэ-Марыі Аснара, МФ быў урачыста прыняты ў шэрагі найбуйнейшага маладзёвага хрысціянска-дэмакратычнага альянсу Youth European People Partie (YEPP), а празь месяц увайшоў і ў галоўную студэнцкую асацыяцыю Эўропы – EDS (European Democrat Students).

Вынікі "Беларусь у Эўропу!" перасягнулі ўсе чаканьні. Ува ўмовах маладзёвае апатыі й пасьля выбарчае дэпрэсыі МФ разам з партнэрамі удалося правесьці акцыі ў 114 гарадох і мястэчках Беларусі, упершыню ажыцьцявіць ідэю ўсебеларускага марафону і зьдзейсьніць сапраўдны прарыў у Эўропу.

Сацыялягічнае апытыньне МФ, у якім прыняла ўдзел больш за 8 тыс. маладых людзей, пацьвердзіў праэўрапейскія настроі пакаленьня пераменаў.

За эўрапейскую пэрспэктыву Беларусі выказалася пераважная большасьць – 63% маладых людзей, і толькі 28% хацелі б бачыць Беларусь у саюзе з Расеяй;

Сярод самых папулярных валютаў перамог амэрыканскі даляр, а расейскі рубель заняў апошняе месца :47% маладых людзей назвалі даляр у якасьці той валюты, якая ім найбольш падабаецца, 31% прагаласавала за эўра, 13% -- за беларускі рубель, і толькі 4% -- за расейскі.

Высьветлілася, што большасьць моладзі падтрымлівае адну з двух самых папулярных арганізацыяў: МАЛАДЫ ФРОНТ і БПСМ: МФ – 34%, БПСМ – 27%, астатнія набралі менш за 5%;

56% беларускай моладзі хацелі б бачыць сваей сымболікай бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня", за чырвона-зяленыя сымбалі прагаласавалі б 43%;

Аказалася, што сярод партыяў рэй вядуць БНФ і г.зв. "партыя Лукашэнкі": БНФ-25%, "лукашэнкаўцы"-20%, сацыял-дэмакраты-12%, АГП-6%;

Вераць у Бога 68% маладых, атэістамі назваліся 18%.

"Беларусь у Эўропу!" прынесла маладафронтаўцам і рэальны посьпех у віртуальнае сфэры: інтэрнэт-сайт mfront.org, які абнаўляўся штодня, наведалі тысячы маладых людзей з усяго сьвету. За пэрыяд кампаніі на вэб-старонцы МФ пабывалі прадстаўнікі 45-ці краінаў, прычым на ангельскай версіі сайту наведнікаў сустракаў інтэрнэт-праект "Facts about Belarus" – віртуальнае знаёмства зь Беларусью для тых, хто ня ў курсе.

"Беларусь у Эўропу!" адкрыла беларускай палітыцы пэрспэктыву паўнамаштабных міжнародных кампаніяў. Усе ўзгадалі, што Беларусь сапраўды ў самым сэрцы Эўропы. Следам за МФ, навідавоку рэальнай небясьпекі расейскага аншлюсу ўлетку 2002 г. адразу некалькі вядучых партыяў Беларусі заявілі пра правядзеньне ўласных эўрапейскіх кампаніяў. ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча ўзяла на ўзбраеньне ідэю рэферэндуму аб аб’яднаньні Беларусі з Эўразьвязам; БНФ Вінцука Вячоркі выступіў з ідэяй "Эўрапейскае ініцыятывы" ва ўсіх сфэрах жыцьця, а лідэр БСДП (НГ) Мікалай Статкевіч на форуме эўрапарлямэнтараў у Брусэле заявіў, што Беларусь мусіць падаваць заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз, і ініцыяваў стварэньне "Эўрапейскага Руху".

"Беларусь у Эўропу!" паводле сваёй ідэі, размаху й кантэксту, сталася правобразам будучых кампаніяў новага пакаленьня. Тых часоў, калі 500-тысячны МФ распачне алімпіяды, мітынгі й евангельскія служэньні на стадыёнах і цэнтральных плошчах, поўных моладзі, у лепшых канцэртных залях і на вольных вуліцах – калі пакаленьне пераменаў уздыме ўсю Беларусь.

 

Пакаленьне, якое стварае нацыю

 

У той момант, калі гэтая кніга выходзіць у сьвет, самыя маладыя з пакаленьня Маладога Фронту робяцца паўнагадовымі - ім спаўняецца 18, а найстарэйшыя дасягаюць веку Ісуса Хрыста - ім ідзе 33-ці год. Лідэры генэрацыі - 2000 - ужо ўва ўзросьце заўжды маладых Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага й Эўфрасіньні Полацкай, якая выбрала служэньне Богу.

Гэтая моладзь ужо зразумела сябе Беларусьсю. У ім, унікальным пакаленьні, бадай, упершыню ў нашае гісторыі, большасьць незалежнікаў, рэфарматараў, прыхільнікаў беларушчыны й хрысьціянства, Эўропы й рынку - большасьць тых, хто ў Беларусі заўжды апынаўся ў меншасьці. Менавіта ў гэтае моладзі, упершыню за некалькі апошніх стагодзьдзяў, адбыўся эпахальны ўнутраны ПЕРАЛОМ ад "сялянскае", "саўковае", "правінцыйнае" падбітасьці, рабства, другаснасьці да нацыянальнае веры, свабоды й незалежнасьці.

Гэтая моладзь, чыё дзяцінства прайшло ў камуністычнай імпэрыі зла, юнацтва - у пару лібэртарыянскае эйфарыі, уседазволенасьці й стыхійнага намнажэньня капіталу, а сталеньне прыпала на папулісцкі аўтарытарны рэжым "рынкавага сацыялізму", займела стопрацэнтовы жыцьцёвы імунітэт - што ад саўковага мысьленьня, што ад поўнае анархіі, што ад "праваслаўнага атэізму". Тая самая моладзь, якая мае аграмадны патэнцыял пераменаў і небывалую нацыятворчую сілу, у нашую глябальную эру рыхтуецца быць сэрцам Усходняй Эўропы.

Канечне, як і ўсё чалавецтва, грэшнае ды самаўпэўненае, гэтае пакаленьне ня можа пазьбегнуць спакусаў,ды жарсьцяў падзеньняў . Унутры новае генэрацыі зь яго крыміналам ды наркаманіяй буяе і прага гвалту, і ўспышкі гневу і хваравіты цынізм - усё тое, на што адказвае пароль "НЯМІГА". Але самае важнае, што пакаленьне - 2000 ўжо заключае ў сабе галоўнае: моцную ВЕРУ ў Бога, найвышэйшую ЛЮБОЎ і невынішчальную НАДЗЕЮ, што перамагаюць любое зло. Гэта асноватворная, звыш дадзеная сіла, здольная урэшце рэшт спалучыць патрыятызм усіх грамадзянаў і духовасьць усіх канфэсіяў, абудзіць народ і аб'яднаць яго ў нацыю пад бел-чырвона-белым Сьцягам Хрыста.

Пакаленьне Маладога Фронту - адзін з тых узроставых фронтаў, якія ствараюць нацыі. У гісторыі Беларусі такія пакаленьні ўзьнікалі на самых грэбнях хваляў, калі глябальныя гістарычныя катаклізмы скаланалі сьвет, а водсьветы велічнае будучыні азаралі эпохі. Новая Беларусь здавалася тады такой блізкай. Але маладое пакаленьне Залатога Веку, духовага ўздыму Рэфармацыі, было тут жа перакрытае паланізацыяй ды Інфлянцкай вайной. Пакаленьне Касьцюшкі, моладзь апошніх гадоў Рэчы Паспалітай, падавіла Расейская Імпэрыя й данішчыла напалеонаўская вайна. Маладую Беларусь Каліноўскага душыў Мураўёў ды рассейвала Сібір, русіфікацыя, рэкрутчына. На моцную моладзь нашаніўскага ўздыму - якія імёны! - абрынуліся адразу і рэвалюцыі, і І Сусьветная, і грамадзянскія войны. Юнакоў беларусізацыі 20-х гадоў забівалі сталінскія каты ў Курапатах й ІІ Сусьветная. Лідэры гэтых пакаленьняў - Кастусь Каліноўскі, які кіраваў паўстаньнем у 24 гады і быў павешаны ў 26, 19-гадовы Паўлюк Багрым, аддадзены ў маскоўскую салдатчыну; Ігнат Грынявіцкі, які ў 25 забіў цара і загінуў ад выбуху сам; Эмілія Плятэр, што ў гэткім жа ўзросьце камандавала паўстанцкім атрадам, або Максім Багдановіч, што ў тыя ж страшныя 25 гадоў згарэў ад сухотаў - выбіралі розныя шляхі, каб рэалізаваць Беларусь і стварыць нацыю. Хтосьці браўся за зброю, хтосьці кідаўся ў тэрор, хто ў паланізацыю ці русіфікацыю, хто ў сацыялізм ці сэкулярызм...

Пакаленьне Маладога Фронту павінна пераадолець гэтую лінію сьмерці. Моцны зарад пераменнасьці, незалежніцтва й школьнае беларускае мовы, амплітуда перажытага, загартоўка ў барацьбе й кшталтаваньне нацыянальнае ідэі на стваральных, сутнасна хрысьціянскіх прынцыпах абяцае гэтаму пакаленьню перамогу. Задача фармаваньня нацыі - пачынаючы ад моцнае эліты й завяршаючы 10-мільённай беларускамоўнай прасторай і агульнаграмадзкай духовасьцю - можа і мусіць быць выкананая ГЭТЫМ ПАКАЛЕНЬНЕМ.

Пакаленьне Маладога Фронту - ці не апошні шанец Беларусі ўва ўмовах глябалізацыі, надыходу інфармацыйнае эры й пашырэньня тэлевізацыі, агрэсыўнага расейскага рэваншу й аўтарытарнае дыктатуры.

Як жа нам, маладым, сёньня зайздросьцяць у Эўропе - мы робім тое, што колькі стагодзьдзяў таму стваралі ангельскія, нямецкія, францускія нацыянальныя героі!

Патэнцыйныя сілы, стоеныя ў масе моладзі 14-30-ці гадоў, сапраўды сувымерныя з патэнцыялам усяго астатняга грамадзтва. У першую чаргу гэта тычыцца калясальнага зараду рэфарматарскае энэргіі, сьвежага досьведу, якасна новага, сучаснага вобразу мысьленьня, і, што самае важнае, моцнага духовага імпэратыву.

Калі даводзіцца чытаць эканамічныя, сацыяльная й культуровыя праграмы галоўных палітычных партыяў, статуты вядучых грамадзкіх рухаў Беларусі, скрозь грувасткія фармулёўкі й расплывісты дэкляратызм праглядвае іх недалёкі характар. Дзеячы й функцыянэры старэйшага пакаленьня лічаць самым удалым і пафасным завяршальным акордам, апафэозам праграмнае футуралёгіі выразы кшталту "дзяржава, дзе строга захоўваюцца правы чалавека", "плюралістычнае й дэмакратычнае грамадзтва" й "заможная эўрапейская Беларусь". Далей дактрынальныя позіркі стратэгаў і не асьмельваюцца сягаць. Між тым досьвед Прыбалтыкі, Паўднёва-Усходняе Азыі й Усходняе Эўропы сьведчыць, што такія ўмовы сацыяльна-палітычнага й эканамічнага разьвіцьця могуць быць атрыманыя цягам 10-15 гадоў, што ў геапалітыцы прынята абазначаць паняцьцем "сярэднетэрміновая пэрспэктыва". То бок, сярэдненькія мэты. Насамрэч, маючы ясную арыентацыю й сыстэмнае ўяўленьне, беларуская моладзь патрабуе вялікіх мэтаў, вартых Нацыянальнае Ідэі. Гэта куды больш сур'ёзныя праекты, чым імпэрскія тэрытарыяльныя мроі ці гіганцкі вал унутранага прадукту.

Гадоў пяць таму, калі я быў узброены адно адраджэнцкай рыторыкай канца 80-х, мяне вельмі ўразіў знаёмы апалітычны раўналетак-кампутароўшчык. У спрэчцы пра нацыянальную ідэю на ўсе мае выкладкі пра "пачуцьцё самасьвядомасьці" й "краіну ня горш за Чэхію" ён проста сказаў: "А я хачу, каб Менск стаў інфармацыйнай сталіцай усяго сьвету". І давёў мне, што гэта не фантастыка.

Вядома, пакуль не ў справах, але ужо ў адчуваньнях, віртуаліях і праектах беларуская моладзь, куды сьмялейшая за тэарэтыкаў апазыцыі, тоіць у сабе гэтыя Вобразы Беларусі, магутныя й бліскучыя прывіды будучае велічы. Сярод маладзёвае эліты, асабліва беларускамоўнай, яны ўсё часцей у фарбах і дэталях, а ў асноўнае масе ад 14-30-ці - смутныя і невыразныя, але ня менш грандыёзныя.

Як толькі крытычная маса нашае маладзёвае эліты й пакаленьня перабудовы ў цэлым дасьпее да вырашальнага выбару паміж Эўраантлянтычнай і Расейска-Азыяцкай цывілізацыямі, паміж сусьветнай свабодай дэмакратыі й правінцыяльнай аўтарытарнай дэспатыяй, паміж вечнымі ісьцінамі й пастаянна зьменлівай сумятнёй, паміж любоўю й нянавісьцю, верай і страхам, Богам і д'яблам, у рэшце рэшт - панарама будучае Беларусі паўстане з размахам і сілаю самых вялікіх сучасных геапалітычных плянаў.

Беларуская моладзь хоча бачыць Беларусь стратэгічным эканамічным, палітычным і культуровым мостам паміж Захадам і Расеяй. Гіганцкі МОСТ - транзытны, інфармацыйны й сэрвісны, але ніяк ня буфэр, дае нам унікальны шанец і нацыянальнае самастойнасьці, і абаетнае інтэграванасьці, і нэўтральнасьці, і дружалюбнае адкрытасьці на Усход і Захад з фарміраваньнем восі свае культуровае, духовае, тэхналягічнае экспансіі.

Беларуская моладзь хоча бачыць Беларусь інфармацыйным, тэхналягічным і фінансавым ЦЭНТРАМ сусьветнага ўзроўню - такім жа, як Бэнілюкс, Сынгапур ці штат Каліфорнія ў ЗША.

Будучыня Беларусі - высокаякасная тэхналягічная зборка й гасьцінны сэрвіс, навуковы, інфармацыйны й культуровы прадукт, банкі, гатэлі, транзытны комплекс (аўтазапраўкі, матэлі, майстэрні, хуткае харчаваньне, гандлёвыя й выстаўныя цэнтры), разьвіты спорт і турызм, прафэсійна арганізаваная сфэра адпачынку. Акумуляцыя фінансавых рэсурсаў на тэрыторыі падкрэсьлена нэўтральнае Беларусі дае магчымасьць арганізацыі свабодных эканамічных зонаў і тэхнапаркаў. Банкаўскія паслугі й кампутаровыя тэхналёгіі, інфармацыйныя тавары і побытовая тэхніка, найноўшыя прэпараты й навуковыя сэнсацыі made in Belarus у мроях беларускае моладзі сур'ёзна азадачваюць і Штаты, і Нямеччыну, і Японію.

Няма сумневу ў тым, што маладыя гатовыя стаць галоўнай рухавай сілай эканамічных рэформаў. Вялізнай іх форай перад астатнімі ёсьць ужо сам досьвед - капітальны досьвед моладзі, якая за 15 гадоў перажыла (менавіта перажыла, а не перацярпела, як пэнсіянэры) цэлыя сэрыі пераменаў і рэваншаў, якая й сфармавалася, назіраючы й аналізуючы ўсе посьпехі й няўдачы, і ў якой на вачох нарадзіліся яркія прыклады суседзяў.

Напэўна, будзе слушна лічыць экранам пераўтварэньняў менавіта эканамічныя рэформы - але зводзіць сэнс пераменаў толькі да ўсталяваньня ў краіне рынку й разьвітае грамадзянскае супольнасьці з арыентацыяй на Захад было б зусім неабачліва.

За рэформай эканомікі мусіць стаяць куды больш глыбокая й унушальная Рэфармацыя духу.

Ня мае сэнсу спрачацца, што тут першасна й што другасна, што спачатку й што потым. Палітыка-эканамічныя рэформы й духоўнае Адраджэньне павінныя наступаць адзіным магутным кансалідаваным фронтам - і гэтым фронтам гатовая стаць моладзь, народжаная да перабудовы.

Беларускай моладзі яе Менск патрэбны як сталіца Балта-Чарнаморскага Міжмор'я, як горад, гатовы стаць на адзін дзень сталіцай усяго сусьвету, падобна Вэне, Жэнэве ці Гельсынкам, а "абласныя цэнтры" - сузор'ем геапалітычнай ружы вятроў, брамамі-фарпостамі на стратэгічных кірунках цывілізацыяў Поўначы й Поўдня, Захаду й Усходу.

Беларуская моладзь уяўляе сваю краіну імпэрыяй культуры, аналітычным і сынтэзуючым фокусам на скрыжаваньні глябальных культурных арэалаў.

Беларуская моладзь хоча пазбаўляцца комплексаў "другога гатунку" й "трэцяе лігі", хоча ўдзельнічаць у плянэтарных працэсах, у вырашэньні задачаў усяго чалавецтва.

Нарэшце, для зьдзяйсьненьня рэформаў беларускай моладзі жыцьцёва неабходнае самае галоўнае: моцнае духоўнае апірышча, сьветапоглядная сыстэма каардынатаў. Пакаленьні 14-30-ці гадовых, якія рассталіся з атэізмам, ленінізмам і марксысцкім матар'ялізмам, у сваіх субкультурах і філязофскіх арыентацыях інстынктыўна шукаюць веры - веры ў сябе, у сваю будучыню, у Беларусь, веры ў Бога. Моладзь яшчэ толькі намацвае ключавую сувязь між крышталёва-чыстай ідэалёгіяй нацыянальнага Адраджэньня, якая ў беларускім варыянце зусім не ксэнафобская ці агрэсіўная, а культуровая й асьветніцкая, - і ідэяй Адраджэньня духоўнага, ідэяй хрысьціянства.

Моладзь, а празь яе ў пэрспэктыве і ўсё грамадзтва, рыхтуецца да кардынальных сьветаглядных пераменаў. Залпу, зь якім пачнецца імклівае разьвіцьцё Новае Беларусі, варта чакаць ад палітызаваных, дынамічных, нацыянальных паводле характару й хрысьціянскіх паводле духу супольнасьцяў. Такое разьвіцьцё падзеяў дазваляе пераменам спрацаваць у маштабах усяе краіны і мець менавіта нацыянальнае гучаньне. Элемэнтарная формула нацыянальнае ідэі ўжо рэалізуецца як "БЕЛАРУСКАЯ ФОРМА - ХРЫСЬЦІЯНСКІ ЗЬМЕСТ". Найлепшая, самая сучасная беларушчына - беларуская палітыка й эканоміка, мова й культура, беларускія тэмы й вобразы, беларускае месца і час - для найвышэйшага, хрысьціянскага, Божага сэнсу, які яе напаўняе.

Посьпех хрысьціянству ў Беларусі здольная даць менавіта поліканфэсійнасьць мірнае, ўзаемадапаўняльнае (калі заўгодна - канкурэнтнае) суіснаваньне. Вырашальны эфэкт, які пад сілу , толькі Богу ў душы для кожнага - гэта аб'яднаньне беларускага народу ў нацыю. Гэта - вобраз заўтрашняе Беларусі.

Такім чынам, моладзь адкрывае для сябе абсалютна новае жыцьцё. Гэта ня проста эўрарамонт, мода, перагляд ідэяў ці новы кірунак руху. Моладзь адчувае, як нараджаюцца й высьпяваюць у ёй самой усеахопныя, радыкальныя, капітальныя пераўтварэньні. Генэтыка й палітыка, прырода й грамадзтва, беларуская прастора й эпахальны час - гэта ўжо робіцца неадольным болем, неспатольнай прагай і проста сэнсам жыцьця новага пакаленьня.

І пакаленьне Маладога Фронту ўжо пачынае займаць пазыцыі для вырашальнага штурму. Моладзь рыхтуецца ламаць сыстэму - у палітыцы, эканоміцы, культуры. Усё больш заўважнай робіцца прысутнасьць новага пакаленьня ў партыях і камэрцыі, у скрозь напоўненых моладзьдзю сэктары NGO і спорце, на радыё, TV і ў газэтах, сярод вернікаў і сьвятароў.

Узяць хаця б сёньняшніх ды колішніх маладафронтаўцаў. Вядомы "баявік", на рахунку якога 6 "палітычных" крыміналак, адзін са стваральнікаў МФ - цяпер пасьпяховы бізнэсовец, дырэктар фірмы і эвангельскі хрысьціянін Яўген Скочка; намесьнік старшыні Маладога Фронту, які мае досьвед і рэдактара газэтаў ды часопісаў, і прэс-сакратара ўсяе аб'яднанае апазыцыі, Аляксей Шэін; інтэлектуал, што выкладае ангельскім студэнтам паліталёгію ў Кембрыджы (!), Мікола Пачкаеў; пераможца шматлікіх міжнародных конкурсаў, адзін зь лепшых фагатыстаў Эўропы, лідэр "Эўрапейскага Шляху" й пастар рэфармацкае грамады ў Менску, Аляксей Фралоў; прадстаўніца МФ у Чэхіі, арганізатарка праскага форуму "Адраджэньне" й вядомая журналістка Натальля Маковік; чэмпіён курсаў "DJ-Адраджэньня", аўтар інфармацыйнага праекту "Навіны з сэрца Эўропы", найбольш пэрспэктыўны міжнароднік Беларусі, Сяржук Лісічонак; юная мастачка, аўтарка кніжных ілюстрацыяў і незалежніцкіх вэрнісажаў, старшыня студэнцкага самакіраваньня Беларускай Акадэміі Мастацтваў, удзельніца практычна ўсіх мітынгаў і маніфэстацыяў апошніх гадоў, Лія Кійко; бліскучы дыплямат і публіцыст, які зьвярнуў сусьветную ўвагу на продаж Лукашэнкам зброі тэрарыстам, Ян Чурыловіч; выдатны паліглёт, адказны сакратар Управы, што піша вершы на францускай мове, Вікторыя Дышлевіч; настаўнік, лідэр магілёўскае "Новае Зямлі", які апроч усіх мітынгаў, пікетаў і вечарынаў дамогся пуску гарадзкіх тралейбусаў ды ліфтоў, Андрусь Кавалёў; кіраўнік берасьцейскага клюбу для "цяжкіх падлеткаў", якога, калі й бяруць, дык толькі з нарадам аўтаматчыкаў, Сяржук Бахун; арганізатар татальнае перадвыбарчае агітацыі й самых гучных маладзёвых акцыяў у Віцебску, Віктар Шляхцін; старшыня незалежнага прафсаюзу на гарадзенскім "Азоце", Сяржук Антусевіч; праграмайстар, здольны разбураць рэжым за клявіятурай кампутара, Аляксей Чарняеў; каардынатары "Зубра", палітвязень Аляксей Шыдлоўскі й "хлопчык-бомба" (больш 30 затрыманьняў) Цімох Дранчук; заснавальнік "Краю", які адсядзеў 6 месяцаў за палітыку, Вадзім Кабанчук; дырэктар інфармацыйнага агенцтва "БАРЦ-ньюс" Алесь Казак; юрыст, адзін зь лідэраў праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч; кіраўнік "БМА" Віталь Супрановіч; стваральнік "Беларукага відэаклюбу" Віталь Станішэўскі; выканаўчы дырэктар Асамблеі NGO, Алена Валынец; кіраўнік партыйнага навучаньня БНФ, сябра Сойму й Управы, Аляксей Янукевіч; сёньняшні прэс-сакратар Фронту Вадзім Лабковіч; вядомыя журналісты Андрэй Дынько і Віктар Марціновіч, Павал Мажэйка й Вадзім Доўнар, Вольга Класкоўская і Пятро Варахобін, Андрэй Скурко і Вольга Анцыповіч, DJ-Адраджэньня, якіх ужо больш сарака, старшыні раённых радаў, рэгіянальных арганізацыяў ды мясцовых NGO...

Да генэрэцыі-2000 належаць і такія асобы, як прэс-сакратар беларускага МЗС Павал Латушка, небезьвядомы кіраўнік БПСМ, а цяпер палатнік Сева Янчэўскі; дырэктар БТ Ягор Рыбакоў.

Імёны пакаленьня пераменаў - гэта і Аляксандар Старыкевіч, арганізатар "Усебеларускага з'езду за незалежнасьць", і Яўген Лабановіч, адзін зь лідэраў АГП, і Тацьцяна Алесіна, кіраўніца "Маладой Грамады", і Юры Васкрасенскі, колішні лідэр ЛКСМБ, а цяпер палітык, Вольга Кузьміч, старшыня ЗБС; Марына Азаронак, што ўзначальвае "Маладых Сацыял-дэмакратаў", і Алесь Карніенка, кіраўнік "маладых грамадзянаў", журналісты незалежнае прэсы Зьміцер Дрыгайла, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Махоўскі, Алесь Семчанка.

Іх прозьвішчы вы яшчэ пачуеце, і неаднойчы. Гэта - імёны новае нацыі. Імёны тых, хто заўтра будзе весьці за сабою ўсю Беларусь.

ПАКАЛЕНЬНЕ МАЛАДОГА ФРОНТУ - гэта беларускія хакеісты, што абыгрываюць швэдаў, і футбалісты, якія даюць бой Італіі; цудоўная, адна з наймацнейшых у сьвеце, зборная Беларусі па тайскім боксе - 18-20 гадоў, а якія байцы! - і біятланісты, фрыстайлістыі гімнасткі, стралкі і лыжніцы. Гэта і супэрзорка настольнага тэнісу, чэмпіён сьвету Ўладзімір Самсонаў, і адзін з наймацнейшых гімнастаў плянэты Іван Іванкоў, і Віталь Кутузаў са "Спортынгу", і Валянцін Бялькевіч з Аляксандрам Хацкевічам з Кіеўскага "Дынама", і Аляксандар Глеб са "Штутгарту", і Раман Васілюк са "Спартака", і эліта вялікага тэнісу, Максім Мірны й Уладзімір Валчкоў. Новае пакаленьне - кампутаровыя вундэркінды й ды-джэі Fm - радыё, юныя сьпевакі й тэлезоркі, банкаўскія службоўцы і абаронцы Курапатаў.

Прыслухайцеся, азірніцеся. Ня толькі на вуліцы - у кабінэтах і офісах, у тэле- й радыёэфіры, у газэтах і кнігах, за рулём і ў Інтэрнэце ды ўжо паўсюль - пакаленьне Маладога Фронту.

Паглядзіце на генэрацыю-2000 больш уважліва. На тое, як гэтая моладзь у шчасьлівым чаканьні сьвята рушыць на канцэрт, шпацыруе па праспэкце або калідоры ўнівэрсытэту, зь якой рашучасьцю імкне наперадзе дэманстрацыяў, наколькі засяроджана й моцна моліцца ў храмах. Зірніце ў адкрытыя твары й бліскучыя вочы, зьвярніце ўвагу на поўныя стоенай сілы разьмераныя рухі й мілыя усьмешкі, адчуйце, якая любоў і вера дыхаюць ў гэтым ўвасобленым юнацтве нацыі - і перад вамі, як у запаволеных кадрах, разгорнецца будучыня Беларусі.

 

НАДЫХОДЗІЦЬ ПАКАЛЕНЬНЕ МАЛАДОГА ФРОНТУ.

 

 

Акрэсьціна - Менск.

красавік -- жнівень 2002 г.

 


жнівень 2002

Тэкст падаецца паводле выдання: Севярынец П. Пакаленьне Маладога Фронту. Гісторыя моладзі, народжанай у 1970–1985 гадах. – Менск, 2004
Крыніца: http://mfront.net