epub
 
падключыць
слоўнікі

Павел Кавалёў

Гордасць

Прыехаў я настаўнікам у пачатковую школу адразу ж пасля заканчэння кароткатэрміновых педагагічных курсаў. Вёска, дзе была гэтая школа, спадабалася мне - невялікая, з адной вуліцай, і ўся нібы замаскіраваная ў зеляніне. Высокія ліпы нахілялі сваё раскошнае голле над сялянскімі хатамі, стройныя шыракалістыя клёны заўзята цягнуліся да сонца, рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі, а яблыні на многіх прысядзібных участках вабілі сваім жоўта-васковым адлівам антонавак.

А вакол віднеліся лясы. Здавалася, што палеткаў тут няма. Па той бок Іпуці, за густымі радамі алешын, пачыналіся заліўныя лугі, але і яны ўпіраліся ў сцяну велічнага, маўклівага, быццам заснуўшага лесу.

Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. Палянкі цягнуліся на кіламетр - два, а потым зноў лес. І так усюды.

Зачаравана глядзеў я маладымі вачыма на прыгожы куток Магілеўшчыны, дзе мне давялося пачынаць сваю настаўніцкую працу.

Школа змяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце-пяцісценцы. У першай палавіне жыў гаспадар Сцяпан Яўменчык са сваёй жонкай, а ў другой стаяла штук дзесяць парт, класная дошка і шафа з усёй школьнай маёмасцю. Шафу мы крыху адсунулі ад сцяны, і за ёю ўтварыўся невялічкі куточак. Гаспадыня завесіла яго паласатай посцілкай і паставіла там мой ложак.

Вучняў было нямнога - вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Тады, у тысяча дзевяцьсот трыццаць першым годзе, у такіх школах, хоць і было ў іх па чатыры класы, працаваў толькі адзін настаўнік.

Без належнага педагагічнага вопыту, без чалавека, які б мог іншы раз дапамагчы, падбадзёрыць, узяўся я за працу. З першых дзён нават смутак агарнуў. Ці будуць слухаць мяне дзеці, ці спраўлюся адразу з чатырма класамі, ці хопіць умення? - паўставалі пытанні...

У чацвертым класе аказалася некалькі такіх хлопцаў, якія і ростам былі не ніжэйшыя за мяне і па сіле, бадай, не слабейшыя. А як пазней высветлілася, і гадамі яны былі мала маладзейшымі. Вось, думаю, папаўся: будуць свавольнічаць, і нічога з імі не зробіш. Завадатарам у гэтай групе быў Васіль Якімчук. Ён быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах, дужы ў руках, з пышнай шапкай светлых валасоў. Васіль пазбягаў глядзець мне проста ў вочы. А калі я адварочваўся, ён спадцішка аглядваў мяне з усіх бакоў.

У першыя дні вучні слухалі мяне ўважліва. Відаць было, што Васіль Якімчук і яго сябры прыглядаюцца да мяне, вывучаюць. Але аднойчы на ўроку ў чацвертым класе і адбылося тое, чаго я з першага дня чакаў. Васіль не падрыхтаваў урока па літаратурнаму чытанню, і я пачаў яго папракаць.

- А навошта мне гэтая літаратура? - прагучаў басавіты голас Васіля.

Я крыху разгубіўся, не адразу знайшоў, што адказаць. А Васіль тым часам сваё:

- Усё роўна Пушкіна з нас не выйдзе...

Не памятаю ў дэталях, што я гаварыў тады, памятаю толькі, што ўсе вучні глядзелі на мяне, мая разгубленасць перадалася і малым і чатырохкласнікам. А Васіль тым часам без дазволу адышоў ад дошкі і сеў на сваё месца.

- Хто дазволіў табе сесці? - наколькі мог грозна запытаўся я.

Хлопец прыўзняўся неяк мешкавата, неахвотна. У твары яго была такая абыякавасць, што быццам бы мяне, маладога настаўніка, і на свеце не было.

Ён стаяў, панурыўшы галаву.

А я тым часам спытаў пра той жа ўрок, на які не адказаў Васіль, у дзяўчыны Насці, самай лепшай вучаніцы, але намнога маладзейшай за Васіля. Насця адразу ж адказала. Ёй я дазволіў сесці, а Васіль усё стаяў.

- Ну, вось бачыш цяпер, Якімчук, як трэба рыхтаваць урокі?

Ён маўчаў.

- Раблю папярэджанне, а ў другі раз прыму больш жорсткія захады. Сядай!

Да мяне прыходзіла тая ўпэўненасць, з якою настаўнік не павінен разлучацца. Але я тады яшчэ не ведаў, што гэтая мая ўпэўненасць не вельмі трывалая.

Неяк мімаволі я сам і разбурыў яе. Старэйшы брат Васіля, які штогод выязджаў на заробкі ў Данбас, прывёз летам гармонік.

Васіль прыглядаўся, прыслухоўваўся, як іграе брат, а затым і сам пачаў падбіраць лады. Брат любіў Васіля і пачаў яго пакрыху вучыць. Васіль аказаўся такім здольным, што ўсе здзівіліся. Ад'язджаючы зноў у Данбас, брат пакінуў Васілю гармонік. Вось і гучаць цяпер штовечар яго галасы на ўсю вёску. Васіль іграе, моладзь танцуе, вучні таўкуцца там, а ўрокаў не робяць.

І пачалося для мяне самае цяжкае выпрабаванне. Маім адкрытым праціўнікам стаў Васіль. Яго гармонік штовечар іграў на ўсю вёску, быццам дэманструючы перад усімі сваю сілу.

Бывалі часіны, што я сабе месца не знаходзіў. Штодзень пяць-шэсць вучняў позняцца на заняткі, а то і зусім не прыходзяць, дрэнна рыхтуюць урокі. А Васіль Якімчук пачаў прыходзіць на заняткі нават без падручнікаў і сшыткаў.

Адказ знайшоўся, дапамагла музыка. Сам я, грэшнай справай, зайздросціў свайму вучню Васілю Якімчуку, што ён так добра іграе. Нарадзілася думка - навучыцца самому іграць на гармоніку. Але ў каго вучыцца, дзе гармонік узяць? Не такі ўжо я багаты, каб з набыцця гармоніка пачынаць траціць свае першыя заробкі.

Аднойчы, калі закончыўся вучэбны дзень, я папрасіў Васіля Якімчука застацца ў школе.

Усе выходзілі азіраючыся, а Васіль чакаў, стаўшы ля майго стала. Я хуценька прыбраў усю сваю маёмасць і зачыніў шафу. Мы засталіся адзін на адзін.

- Сядай, - сказаў я, яшчэ добра не ведаючы сам, з чаго пачну гаворку.

Васіль сеў і нібы незнарок адвярнуўся ад мяне. Я пакрыўдзіўся, але змаўчаў. Хацелася знайсці тыя словы, пры дапамозе якіх можна было б пакласці мост да прыязнай размовы і добрых узаемаадносін з гэтым «цяжкім» маім вучнем. І раптам, нечакана для самога сябе, я сказаў Васілю:

- Добра ты іграеш, браце, зайздрошчу я табе.

Васіль павярнуўся да мяне, недаверліва бліснуў вачыма паўз верх маёй галавы і апусціў вочы.

- Ажно самому хочацца навучыцца так іграць, - не спыняў я свайго наступу на Васіля.

Той узняў галаву і адкрыта паглядзеў на мяне. На самым краі яго губ мільганула рыска здаволенай усмешкі.

- Не верыш? - запытаўся я.

- Вы смеяцёся, - ужо зусім сур'ёзна адказаў Васіль.

Тут ужо трэба было шукаць новых і важкіх аргументаў, каб трымаць хлопца ў стане зацікаўленасці маёй гаворкай, веры ў шчырасць маіх слоў.

Вядома, маё рашэнне было нечаканым для Васіля.

- Ці не мог бы ты па вечарах прыходзіць да мяне, каб навучыць мяне іграць на гармоніку? - пытаўся я далей.

Васіль некалькі секунд маўчаў, а потым у сваю чаргу спытаў:

- З гармонікам?

- Ага, прыходзь са сваім гармонікам...

Васіль удзячна глядзеў цяпер мне ў вочы, аднак усё яшчэ, мабыць, не верыў у шчырасць маёй просьбы. Мы пагаварылі так з паўгадзіны, і хлопец пераканаўся, што ніякай няшчырасці ў маіх словах няма.

Увечары ён прыйшоў да мяне з гармонікам. Я праглядаў сшыткі вучняў трэцяга класа. Васіль крышачку пачакаў, пакуль я закончу працу, а потым пачаў вучыць мяне іграць. Пачалося з самага элементарнага. Ён расказаў мне пра басы, пра другія часткі гармоніка, паказаў, як трэба карыстацца мяхамі. Хлопец быў як ніколі жвавы і гаваркі. Шчокі яго пачырванелі ад задаволенасці.

- Ну, на сёння можа і хопіць, - урэшце сказаў я.

- Як сабе хочаце, - адказаў Васіль і пачаў зашпільваць гармонік.

- А як у цябе з урокамі, можа, я табе буду перашкаджаць вучыцца? - неўпрыкметку запытаўся я.

- Ды што вы, падрыхтую... - і Васіль гатовы ўжо быў пабегчы ад мяне.

- А ведаеш што? - звярнуўся я да яго. - Прыйдзі заўтра крышачку раней і захапі з сабой гармонік і сшыткі свае.

- Добра, - узрадавана адказаў Васіль.

Так і пачалася ў нас з Васілём узаемадапамога. Усю зіму амаль штовечар ён прыходзіў да мяне ў школу з гармонікам, сшыткамі і падручнікамі. Ён мяне вучыў іграць на гармоніку, а я дапамагаў яму спачатку рыхтаваць урокі, а пасля правяраў, ці правільна ён іх падрыхтаваў.

Устанавілася такая дружба, што Васіль ніколі не парушаў нашай умоўленасці, заўсёды падаваў прыклад добрых паводзін у школе, стаў добра вучыцца і на кожнай вечарынцы быў маім першым памочнікам.

З мяне гарманіст не выйшаў. Ледзь-ледзь я навучыўся іграць нейкі вальс ды страданне. Пад вясну ж у школе і ў калгасе было столькі спраў, што нашы з Васілём заняткі па музыцы прыйшлося спыніць. Хоць, напэўна, і заўважыў ён мой гэты халадок да музыкі, а чацверты клас скончыў паспяхова. Паспяхова ён вытрымаў і экзамены ў сямігодку. Пачуццё гордасці за Васіля ахапіла мяне. Я адчуў першую здаволенасць сабою.

Яшчэ прайшоў адзін навучальны год, і мяне забралі на работу ў раённы аддзел асветы. Летам я развітаўся са сваімі вучнямі і з усімі жыхарамі вёскі. З раёна я паехаў вучыцца ў інстытут. А Васіль, як мне паведамлялі пры сустрэчах калгаснікі, паспяхова вучыўся ў сямігодцы. Яшчэ праз год я зусім згубіў з поля зроку свайго «настаўніка» музыкі.

А час ішоў.

Неяк перад самай вайной атрымаў я камандзіроўку ў Гомель. Працаваў тады інспектарам школ, і мне часта даводзілася раз'язджаць. Давялося правяраць паспяховасць вучняў у адной са школ горада. Настаўніца Марыя Маркаўна, з якой я вёў гаворку, пачала папракаць мяне, што я пайшоў у начальства, кінуў настаўніцкую дзейнасць. Яна ўспомніла многіх сваіх вучняў, якія сталі ўжо вядомымі людзьмі, часта прысылалі ёй удзячныя пісьмы.

Мне хацелася даказаць Марыі Маркаўне, што я зусім не вінаваты ў тым, што не працую непасрэдна ў школе, а займаюся інспектаваннем школ.

Яна і слухаць не хацела, усё распякала і распякала мяне. Час ад часу яна называла імёны тых людзей, якія пісалі ёй самыя цёплыя пісьмы, лічылі яе самым дарагім чалавекам.

Так мы прагаварылі з ёю аж да прыцемкаў. Потым я пайшоў у гасцініцу.

Настаў ціхі зімовы вечар. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю, ліплі да вопраткі, да твару.

Я ішоў па вуліцы Талстога ў прыўзнятым настроі. Вось і мост цераз чыгунку. Ён неяк непрыкметна з'явіўся перада мной. Пад ім, пыхкаючы, праходзіў паравоз. Я спыніўся, чакаючы, калі ён пройдзе. Насустрач ішлі людзі, але твараў іх я не заўважаў. Пайшоў павольна далей.

Адзін з пешаходаў, чалавек рослы, у шынялі, крокаў за пяць перада мной спыніўся. Я прайшоў каля яго.

- Адам Ягоравіч, - не то паклікаў, не то сам у сябе спытаў гэты вайсковы чалавек.

Пачуўшы сваё імя, я таксама спыніўся. Чалавек стаяў нерухома. Я паглядзеў на яго і, не пазнаўшы, рушыў далей.

Той на гэты раз мацней сказаў:

- Не пазнаяце, Адам Ягоравіч?

Я зноў спыніўся і яшчэ больш пільна паглядзеў на вайсковага. А людзі ўсё ішлі і ішлі цераз мост.

А той, хто спыніў мяне, усё ўглядаўся, нібы здзекаваўся з мяне. Я не пазнаваў чалавека і ўжо быў памкнуўся ісці.

- Ай-яй-яй, - наляцеў на мяне вайсковы. І не паспеў я павярнуцца да яго, як ён схапіў мяне ў абдымкі і, прыціснуўшы да сябе, падняў. У мяне ажно дух заняло.

Але твар яго цяпер быў ля мяне зусім блізка, і я пазнаў Васіля, свайго першага з вучняў, што даўся мне ў знакі.

- Васіль, Васіль Якімчук, - разгублена прагаварыў я. - Ды я ледзь пазнаў цябе, мядзведзь ты гэтакі.

Той выпусціў мяне са сваіх дужых рук і засмяяўся радасна, задаволена.

Я абрадаваўся сустрэчы.

Мы моцна паціснулі адзін аднаму рукі.

Васіль, даведаўшыся, што я ў камандзіроўцы, не адпусціў мяне аднаго, а правёў да гасцініцы і там зацягнуў у рэстаран.

Мы прагаварылі амаль да гадзіны ночы.

І якая вялікая настаўніцкая гордасць ахапіла мяне! Васіль шчыра і адкрыта сказаў мне, што толькі мае тыя, выдуманыя, музычныя заняткі, мае адносіны да яго, Васіля, паставілі яго на правільны шлях, і ён стаў чалавекам. Цяпер Васіль быў адукаваным партыйным работнікам у нашай слаўнай Савецкай Арміі. Ён сам цяпер адказвае за выхаванне байцоў і малодшых камандзіраў. Ён не раз расказваў, а яго з захапленнем слухалі пра тое, як ён на трэці год прабывання ў чацвертым класе паспяхова закончыў яго і як, адчуўшы сваю годнасць, даў сабе слова ніколі не падводзіць свайго настаўніка.

Мы развіталіся, як добрыя і даўнія дружбакі. Абмяняліся адрасамі і вялі перапіску аж да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

 

...Я і цяпер працую інспектарам школ. Тыя два гады маёй работы ў пачатковай школе, затым некалькі гадоў працы ў сярэдняй школе пасля заканчэння інстытута даюць мне падставы не крыўдаваць на маю інспектарскую працу, - яна быццам бы прадаўжае ўсю маю выхаваўчую дзейнасць.

І няхай не вельмі нападае на мяне Марыя Маркаўна, што я не працую непасрэдна ў школе.

Ды і я маю не аднаго, а шмат выхаванцаў, якія мне, гэтак жа, як і Марыі Маркаўне, пішуць пісьмы, раяцца са мной, паведамляюць аб сваіх поспехах, аб сваіх радасцях, а часам і аб цяжкасцях. Я так мяркую, што колькі хто з нас ні працаваў у школе, але калі толькі працаваў добра, ён мае сваю гордасць, гордасць настаўніка, выхаваўцы. Працуючы інспектарам, я вельмі часта расказваў пра выпадак з Васілём, пра іншыя цікавыя эпізоды са сваёй педагагічнай практыкі, прыпісваючы іх другім настаўнікам. Для мяне дастаткова было таго, што гэтыя прыклады робяць уздзеянне на маладых настаўнікаў, дапамагаюць ім ісці наперад.

Мы, старыя настаўнікі, часта атрымліваем пісьмы ад сваіх выхаванцаў. Яны, гэтыя пісьмы, за якімі існуюць жывыя людзі - героі будоўляў, прамысловасці і транспарту, наватары сельскай гаспадаркі, знатныя людзі нашай вялікай савецкай культуры, мужныя нашы абаронцы - воіны і афіцэры Савецкай Арміі, гэтыя пісьмы - дакументы прызнання нашай высакароднай выхаваўчай працы.

Вырашыў я, хай не думае Марыя Маркаўна, што выхваляюся ці знарок для яе гэта раблю, апублікаваць апошні дакумент гісторыі майго Васіля. Я прыводжу адну толькі вытрымку з яго апошняга пісьма:

«Дарагі і шаноўны Адам Ягоравіч! Не думайце, што калі Вы далёка працуеце, дык я Вам і пісаць не буду. Пішу вось, турбую Вас. Скажаце: а што ж цяпер савецкаму генералу рабіць, толькі і пісаць пісьмы з далёкай зямлі сваім землякам? Думайце сабе, як хочаце. Але я вітаю Вас і жадаю здароўя. Тут, у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, нас любяць, да нас прыслухоўваюцца. А гэта таму, што ва ўсіх нас ёсць адна любоў - любоў да міру і спакою. Я стаю на варце гэтай усенароднай любві і буду стаяць. Ваш гвардыі генерал-маёр Васіль Якімчук».

І як, сябры, не прачнуцца пасля ўсяго гэтага маёй настаўніцкай гордасці! Як не радавацца ўсім нам такімі выхаванцамі! Іх жа мільёны!

 

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая