epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Бітэль

Баруны

Уступ
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
41
42
43
44
45
46
47
48
49
50
51
52
53
54
55
56
57
58
59
60
61
62
63
64
65
66
67
68
69
70
71
72
73
74


 

Уступ

Баруны — дробная мясціна,

Але ў гісторыю сваю

Падзеяў розных шмат змясціла.

Старую ліру дастаю,

Каб скласці песню пра Баруны.

Ты, цётка Муза, падкажы,

На лад які мне строіць струны,

Каб песня выйшла без ілжы.

 

На месцы сённяшняе вёскі,

Легенда кажа, бор шумеў,

Дык бор, Баруны — словы цёзкі,

Ад бору кут імя займеў.

 

Старыя баюць, што калісьці

Прыйшоў у гэты цёмны бор

З чужых краёў манах якісьці

І ў хатцы цеснай, як шацёр,

Замольваць стаў грахі старыя.

Пражыў ён так нямала год,

I маці божая Марыя,

Яму з’явіўшыся, на плот

Сваю павесіла ікону,

Цудоўны быццам свой партрэт.

Маўляў, убачыў бог паклоны,

Малітвы ўсе дайшлі як след,

Ідзі ў народ, скажы аб цудзе.

І вось будан яго ў бары

Наведваць сталі з вёсак людзі,

Пасля, пабраўшы тапары,

Яны капліцу там зрубілі,

Каб месца меў святы абраз.

Пра цуд вакол загаварылі,

А праз якісьці зноўку час

Паводле княжага загаду

Касцёл1 зрабілі, манастыр,

І людзі засялілі ляда.

Ахвяры розныя ў пустыр

Старцы панеслі, пілігрымы,

І, як народны сказ казаў,

Нібыта слава абраза

Дабегла нават аж да Рыма...

 

Мо так было, а мо й не гэтак.

Прыкласці нельга тут пячаць —

Няма з тых дзён сягоння сведак,

Пра гэта й хронікі маўчаць.

 

Мясціна стала разрастацца

(Прыцягваў кляштар і касцёл)

І праз якісьці час назвацца

Змагла мястэчкам паміж сёл2.

Мястэчкам з фэстам, з гандлярамі,

З латкоў і крамак чарадой,

З пахіла-шэрымі дварамі,

З балотам, цемрай і нудой,

З іконай слаўнай навакола,

Што аб’явілася ў бары,

І з мо не меней слаўнай школай3

У векавым манастыры.

Аб гэтай вось даўнейшай школе,

Вядомай, слаўнай у свой час

Не толькі ў блізкім наваколлі,

Тут будзе й весціся расказ.

 

1 Драўляны касцёл быў пабудаваны ў Барунах у 1692 г.

2 У 1705 г. ад караля Аўгуста ІІ Баруны атрымалі Магдэбургскае права.

3 У 1700 г. была закладзена тут базыльянская школа свецкага напрамку.

1

Калісьці сціплыя манахі

Жылі тут больш за сотню год.

Дык вось касцёл, жылыя гмахі,

Алеі, сцежкі, сад, гарод,

Стадолы, сажалка, цяпліца,

На рынку стройная капліца —

Усё тварэнне іх рукі.

Манахі — гэта ж мужыкі

З суседніх, з дальніх вёсак родам,

Майстрамі ўсе яны былі

звычай даўні бераглі —

Трымалі сувязі з народам.

Яны, пазнаўшы вартасць кніг,

Хінулі родзічаў да іх.

 

2

Спярша ў хаціне ля касцёла

Ішла вучоба нейкі час,

Пасля стварацца стала школа,

Ды цесны быў той змрочны клас,

А вучняў штораз прыбывала,

Тады жыццё і падказала,

Каб школу з беднага двара

Завесці ў гмах манастыра,

Знайсці настаўнікаў ёй дзесьці,

Праграму скласці і пачаць

Ахвотных гэтак навучаць,

Як і ў старым сталічным месце.

І з часам слых пайшоў наўкол,

Што тут адна з мацнейшых школ.

 

3

Ішлі гады. Разрухі, войны

Змянялі лад дзяржаўны, строй...

Але мінаў час неспакойны,

І ў той будыніне старой

Нанова школу адчынялі

І новым стылем навучалі

Да нейкай новае пары

Другія ўжо гаспадары.

Хоць змен такіх было нямала,

Ды школа ў кляштары жыла,

Асвету несла для сяла,

Людзей патрэбных гадавала.

 

І вось мяне, падлетка, лёс

Сюды давучвацца прынёс.

 

4

Сягоння памяць перанесла

Мяне ў далёкія гады.

І зноў мінулае ўваскрэсла,

Сапраўдным стала, як тады,

Калі не знаўся я з бядою,

З вясёлай гучнай грамадою

У белым хораме між дрэў

Гуляў, вучыўся, рос, мудрэў.

 

І ўсталі зноўку, як жывыя,

Сябры мае з тых даўніх год,

Здарэнняў розных карагод

І сведкі часу векавыя:

Касцёла, кляштара муры

І сад запушчаны стары.

 

5

Мінула больш за паўстагоддзя,

Калі ў Баруны першы раз

Прыбыў я з бацькам на падводзе

Ў сыры асенні золкі час.

Туман вісеў над полем зжатым

І шэрым выцвілым халатам

Ахутваў мокрыя лугі,

Кусты і рэчкі берагі.

І вось зусім неспадзявана

Устаў, заззяў перада мной

Вялікай белаю сцяной

Касцёл, прарваўшыся з туманаў,

А ўслед за ім магутны гмах.

І я адчуў у сэрцы жах...

 

6

Нядаўна зноў мясціну тую,

Дзе колісь жыў, наведаў я,

Чужую мне цяпер, пустую,

Як дом, скуль выбыла сям'я.

І вал бясконцых успамінаў

У сэрца з болем мне нахлынуў,

І моўчкі я спыніў свой крок.

І памуцілі слёзы зрок...

 

Якім жа іншым, хоць знаёмым,

Усё прадстала ў гэты раз!

Паменшаў гмах, бы ў землю ўграз,

І сад не той за белым домам,

Другія сцежкі, іншы сквер,

І ўсё на іншы лад-манер.

 

7

Іду па змрочных калідорах —

Вось класы... там быў інтэрнат...

Іду, гляджу, а крокаў шорах

У сэрцы будзіць думак шмат

Пра зменнасць лёсаў, пакаленняў

І пра нязбытнасць летуценняў,

Пра тых людзей, з якімі тут

І я дзяліў і хлеб, і кут.

 

А сёння тут другія людзі,

Партрэты іншыя, сцягі,

Змяніўся час, стаў дух другі...

Што ж, як было, ўжо так не будзе.

Аднак, калі ўжо нас няма,

Няўжо наш час прапаў дарма?

 

8

...Каб хлопцу стаць семінарыстам

І на настаўніка расці,

Перш чым экзамен здаць «на чыста»,

Трэ дзве камісіі прайсці.

Дык вось таўпяцца кандыдаты,

Якіх прывезлі мамы й таты,

Ля клямкі ў доктарскі пакой,

І ўсіх праймае неспакой,

Бо што напіша доктар Вернер

Пасля агляду ў твой лісток.

Таго ніякі ўжо знаток,

Ні сам дырэктар не абвергне.

Ідзі далей, калі здароў,

А не дарос — язджай дамоў.

 

9

Наш доктар Вернер, лекар школьны

Маленькі лысенькі дзядок,

У час прыёму быў няўмольны,

Яго пранізваючы зрок

Праймаў хлапчыну на пачатак

Ад галавы да самых пятак,

Далей ішло ўсё па чарзе:

Ён ставіў хлопца на вазе,

Абмацваў гланды, пульс, пячонку,

Вымерваў рост, слых, сілу, зрок,

Глядзеў ва ўпор, сачыў здалёк,

Праслухваў трубкай, стукаў звонку

І, калі ўсё было як след,

Казаў з усмешкай доктар-дзед:

 

10

«Цяпер кіруйся да музыкі,

А калі вытрымаеш там

Яго экзамен невялікі,

Дык я табе параду дам:

Выкладвай веды свае смела

І дакажы, што калі цела

Тваё здаровае, дык дух

Такі, што хопіць і на двух.

Ну ўсё, ідзі, жадаю ўдачы.

Заходзіць хай сюды другі».

 

Такі пачатак неблагі

Хіліў на ўздым настрой юначы.

Хлапчук з прыўзнятай галавой

Ішоў цяпер у той пакой,

 

11

Дзе кут займаў раяль вялікі,

Пюпітры з нотамі, без нот...

Калі настаўнік запілікаў,

Дык кандыдат, раскрыўшы рот,

За скрыпкай ці за камертонам

Цягнуць быў вінен тым жа тонам.

А потым, сеўшы за раяль,

Іграў паціху ён «дэталь» —

Урывак з песні папулярнай,

А хлопцу трэ было назваць,

Што грае ён, разоў мо з пяць.

І на канец, самаахвярна,

Чым найгучней, не ледзь-наледзь,

Ён песню вінен быў запець...

 

12

Ды вось пускае і музыка:

«Ідзі, гуляй да заўтра, хват».

 

Назаўтра з пільнасцю вялікай

Сябе шукае кандыдат

У незнаёмых прозвішч спіску:

Спярша здалёк, а потым зблізку

На ліст цікуе на дзвярах.

Ужо сціскае сэрца жах:

«Няўжо няма? Не дапусцілі?

А вось і я! На самы ніз

Папаў чамусьці ў гэты спіс».

Але ўжо ў гэтай самай хвілі

Натоўп спіхае хлопца ўбок:

«Дазволь і мне зірнуць, браток!»

 

13

Ну а экзамен як экзамен:

Дыктоўка. З дробам рад задач.

З сустрэч з гісторыі азамі

Патрабаванні справаздач,

Па карце свету падарожжа...

Пра ўсё, што хлопец ведаць можа,

Пытанняў розных доўгі рад

Бянтэжыў. Часта неўпапад

Той-сёй адказваў, хоць бадзёра,

Той-сёй, спалоханы, маўчаў,

Чарговы ж пільна вывучаў

Пытанні ў змроку калідора,

Што папярэднім задалі,

І ўспамінаў — што? дзе? калі?..

 

14

За час прыёму шмат адпала —

З паўсотні трыццаць стала нас.

З якіх і склалася, паўстала

Сям’я вясёлых — дружны клас.

І вось вучоба пачалася.

Няёмка зразу ў новым класе.

А тут яшчэ што ні прадмет

Заходзіць важна новы «пед».

Спачатку ўсё чужым здалося,

Цішком сядзелі навічкі,

Ды вось, глядзіш, праз час які

Пайшло гудзець рознагалоссе.

Спярша сям-там, пасля наўкруг

Узняўся гоман, шум і рух...

 

15

...Наўкола ціш, а я зноў бачу

Сваіх сяброў шумлівы рой:

Адзін рашае там задачу,

Другі займаецца гульнёй —

Гудзе, астатнім замінае,

Бакі той тому намінае,

Той скрыпку ўзяў і рэжа слых,

А іншы з кніжкаю прыціх

На дальняй парце адзінока.

Снуюць усе туды, сюды —

Вячэры час для грамады

Падходзіць, вось ён недалёка.

Звініць званок, і крык «ура!»

Чуваць мо дзесь сярод двара.

 

16

У змрочным зале паўпадвальным

Стаяць сталы у два рады.

На кожны стол ёсць свой днявальны,

Ён ставіць посуд для яды,

Разносіць хлеб, уносіць вазу

І чарпаком вялікім зразу

У міскі лье гарачы суп

Ці дзеліць кашу з ячных круп.

Вось месца кожнае занята,

І ўздоўж сталоў ідзе як след

Вячэрай, ранкам і ў абед

Наш выхавальнік інтэрната.

Ён знак падаў, паселі ўсе,

І кожны лыжку ў рот нясе.

 

17

Наш выхавальнік інтэрната —

Скрыпач выдатны, дырыжор,

У дні будзённыя і ў свята

Апранут быў усім на ўзор.

Заўсёды ён бадзёры, стройны,

У рухах, гутарцы спакойны

І з кожным ветлівы заўжды.

Ён, хоць гадамі малады,

Быў шанаваны ў нас надзіва,

Ён быў сапраўдны педагог —

У меру сціплы, ў меру строг,

А як урок свой вёў пан Дзівіл,

Дык і адпеты абармот

Зубрыў старанна мудрасць нот.

 

18

Любілі мы гадзіны хору

І дні заняткаў скрыпачоў

І часта ў спозненую пору

Збіралі многа слухачоў

З усіх пакояў інтэрната,

Калі піцолілі заўзята

Ці ў харавы рэпертуар

Укладалі юных сэрцаў жар

З непадраблянаю ахвотай.

Настаўнік наш, скрыпач-мастак,

Умеў займацца з намі так,

Што не адзін здзіўляўся потым,

Як за зусім кароткі час

Ён гэтак мог нашколіць нас.

 

19

Канцэрты часта мы давалі,

У касцёле гралі ў час імшы,

Сваім мастацтвам хвалявалі

Ашмянскіх1 дзеў, і ад душы

Хвалілі нас чыны павета

І дамы знатныя. За гэта

Траплялі ў Вільню два разы,

Дзе заваёўвалі прызы.

Музыкаў школьных і харыстаў

І сам дырэктар шанаваў,

Хоць ім патачкі не даваў,

Ён часта іх пытаў басіста:

«Н-ну, як т-там с-справы, с-скрыпуны?

«На пяць!» — адказвалі яны.

 

1 Баруны знаходзяцца ў Ашмянскім раёне.

20

...Вось тут быў зал наш фізкультурны,

Цяпер у ім злёг мэблі лом.

Стаю з нахмараным чалом

І з дна душы, як попел з урны,

Былое моўчкі дабываю.

І паўстае, нібы жывая,

Зноў тая ж бурная пара:

 

Кіпіць спартыўная гульня

То ў зале, то на спортпляцоўцы —

Лапта, футбол ці валейбол.

Шум, крык і гоман навакол,

А часам выдзеліцца слоўца,

Што рэзне хтось, як з-за пляча,

У адрас сябра-партача.

 

21

Дзе вы, музыкі і спартсмены?

За гэтых больш паўсотні год

Глынулі ўсіх вас перамены.

Вайны крывавай калаўрот,

Параскідаўшы па ўсім свеце,

Скрышыў вас, змёў у самым цвеце

Бязглузда, дзіка і дарма,

Што й нат магіл у вас няма.

Вы знеслі голад, холад, раны,

Няволю, вісельні, расстрэл...

Адзін мо я дагэтуль цэл

І мо на тое захаваны,

Каб вас з бяздонняў небыцця

Вярнуць да новага жыцця...

 

22

...Стаю. Гляджу. Направа дзверы —

Тады ў нас тут быў зброі склад,

У ім вінтоўкі «манліхеры»1

Уздоўж сцяны стаялі ў рад.

Былі там схемы і плакаты,

Процівагазы і гранаты,

Шчыты, лапаткі і штыкі.

Патроны й нават кацялкі.

Два разы ў тыдзень вечарамі

Сяржант нам «стрэльбы» раздаваў,

На плошчу вёў і кіраваў,

Нібы сапраўдным войскам, намі.

Вучыў ён нас маршыраваць,

Штыком валодаць і страляць.

 

1 Карабіны канструкцыі аўстрыйскага інжынера-збройніка Ф. Манліхера (1848—1904).

23

...Вось праз палі, лугі пустыя

Ваякі рушылі ў паход.

Хоць іх патроны халастыя,

Трашчотка ў іх за кулямёт,

Узнялі бой, пайшлі ў атаку.

На абаронца-небараку

Імчацца, бахкаюць, крычаць...

Дзе свой, чужы — не распазнаць,

Усё кіпіць, бы ў моры хвалі,

Аднак забітых не было...

Калона крочыць у сяло,

А песня рэхам будзіць далі.

 

Не знаў, не сніў тых дзён герой,

Што бой, што бой — не за гарой...

 

24

Чамусьці з самага пачатку

Мы не ўзлюбілі ад душы

Гульню ў вайну. Ў час тых заняткаў,

Хто мог, адседжваўся ў цішы

У гмаху дзе ці на падворку

Або знаходзіў адгаворку,

Што хворы ён, нага баліць,

Рукой не можа варушыць...

 

Усяк абдурвалі сяржанта,

А ён быў дзядзька неблагі,

Бывала, звольніць раз-другі,

А не, дык страшыць сімулянтаў:

«Вось зараз я спішу «калек»

І строем — к доктару, на лек».

 

25

Пагроза гэта памагала.

Бо зналі: ў доктара — тупік.

Калі абдурваць «генерала»

У нас лічылася за шык,

І несла славу перамога,

То звесці доктара старога

Ніхто, па-першае, не ўмеў

Ды і наўрад ці хто б пасмеў —

Яго надзвычай шанавалі.

Ён добра ведаў нас усіх

І ўмеў разгледзець фальш уміг.

Дык «інваліды» зброю бралі

І, хоць сапсуты быў настрой,

Ішлі, прыладжваліся ў строй.

 

26

...Вунь там была бібліятэка.

А тут — настаўніцкі пакой

І кабінет... Прайшло паўвека,

А ў сэрцы даўні неспакой

Перад дырэктарскім парогам,

Нібыта ўраз паглядам строгім

Мяне ахопіць «дыр» стары

І скажа: «Н-ну-ну, гавары,

Дзе ты так доўга быў, мой дружа».

 

Ён быў амаль заўжды ў хадзе,

І вось, здаецца, ён ідзе,

Заняты нейкай думкай дужа,

І, як даўней, чуваць здалёк

Яго цяжкі, скрыпучы крок...

 

27

Не крокі гэта... Сэрца б’ецца,

І кроў калоціцца ў віскі.

Ужо не прыйдзецца сустрэцца,

Бо быў калісьці час такі,

Калі звяруга з аўтаматам

Прапітым голасам сіпатым

Яму аднойчы даў загад

Ісці туды, адкуль назад

Ніхто ўжо потым не вяртаўся...

 

Ён — гаспадар і педагог,

Усё рабіў, што толькі мог,

Каб кожны з вучняў карыстаўся

Той нормай ведаў і цяпла,

Якую школа даць магла.

 

28

Высокі, грузны, даўгатвары,

Кароткі волас — на прабор...

Калі з-пад броваў, як з-пад хмараў,

Бывала, гляне ён ва ўпор,—

То й самы жвавы з непаседаў,

Куды падзець сябе, не ведаў,

Сціскаўся, курчыўся ў клубок

І, апусціўшы долу зрок,

Не ўмеў знайсці слоў апраўдання.

 

Пры грозным выглядзе, аднак,

Дырэктар Люра быў дабрак —

Не помню іншага спагнання,

Як: «Н-ну-ну, ты ў мяне глядзі,

А то... сам знаеш... Н-ну ідзі».

 

29

...Звініць званок. Устаць з пасцелі

Прыйшла штодзённая пара.

Яшчэ блукае сон па целе,

Яшчэ сагрэтая нара

Пад цёплай коўдрай вабіць дужа

Здрамнуць ледзь-ледзь, бо ў залі сцюжа.

Ды як ні корчся, ні круці,

Днявальны ўспорыць. Дык ляці

Хутчэй пад кран, праў мігам ложак,

Пасля імчыся ў калідор,

Бо там зацягвае ўжо хор

«Калі ўстаюць уранні «зожы»,1

 

І набліжаецца чарод

Глынуць твой ранні бутэрброд.

 

1 Рэлігійная песня, ранішняя малітва жыхароў інтэрната.

30

Званок у восем — на заняткі.

Пасела ў парты грамада.

Таму-сяму душа прэ ў пяткі,

 

Каб не спасцігнула бяда,

Калі настаўнік запытае.

Дык кніжку той, другі гартае:

«А мо як-небудзь пранясе?»

Ды так няўпэўнены мо ўсе,

Бо хоць ёсць класныя «ўсёзнайкі»,

І ёсць у многіх «свой» прадмет,

Заўжды зазубраны як след,

Аднак не выратуюць байкі,

Калі спатрэбіцца падчас

Канкрэтны ясны даць адказ.

 

31

Вось пан Маркоўскі, матэматык,

На першы ўрок да нас ідзе,

Сухі, прыгорблены флегматык —

Нос доўгі, ямка ў барадзе.

Ён быў настаўнік не сярдзіты,

Па-свойму пільны, працавіты,

А вось вучыць яго прадмет

Не ўмеў ён змусіць нас як след.

Любілі алгебру ў нас Грыша,

Навіцкі, Хоміч ды Кабак,

А большасць знала на так-сяк —

Той-сёй падслухае, той спіша,

Ну а ў цяжкі кантрольны час

Шпаргалка шнырыла між нас.

 

32

Наш класны сёння не ў гуморы,

Ён следства пільнае вядзе:

«Скажыце мне, хто з вас, каторы

Набраў тых кніг, калі і дзе?

Вам ясна ўсім, што ў сценах школы

Не будзе месца для крамолы,

Што мы не сцерпім ні на міг

Чужых ідэй «чырвоных» кніг.

Хай лепш сам скажа вінаваты,

Пашто ён іх сюды валок.

Зварыў жа нечы кацялок

Прынесці ў засень інтэрната

Макулатуры гэтай жмут...

Такога толькі здаць пад суд!»

 

33

Хадзіла ў нас па інтэрнаце

Дзесяткі два мо рускіх кніг.

Прывёз іх з дому Шумскі Ваця,

Бо ён аматар быў да іх.

Не шмат хто з нас чытаў па-руску,

І гурт чытальнікаў наш вузкі

Тых кніжак вельмі не хаваў —

Чыталі ў вольны час між спраў.

Аднойчы ўгледзеў пан Маркоўскі

Адну з тых кніг. Быў гэта Фет.

Тады палаяў нас як след,

А вось сягоння Маякоўскі

У яго руцэ. І гэта вось

У ім такую будзіць злосць.

 

34

Загадан вобыск быў па школе.

Пратрэслі класы, інтэрнат,

Знайшлі ўсіх кніжак пяць, не болей,

І толькі тыя акурат,

Што хлопцы выдаць захацелі,

Сумысле ўсунуўшы ў пасцелі,

А Пушкін, Горкі ды Талстой

І з іншых класікаў сёй-той

Так спрытна выйшлі з інтэрната,

Як быццам там і не былі.

Іх Ваця з Грышам «завялі»

Ў каморку, дзе жылі дзяўчаты —

«Ніжэйшы школьны персанал»1

Кухаркі нашы тры — ў падвал.

 

1 На дзвярах пакоя, дзе жылі кухаркі, была таблічка з надпісам: «Пакой ніжэйшага персаналу».

35

Адтуль пасля мы іх і бралі

І ўжо чыталі ціхачом,

Пад іншай вокладкай хавалі...

А ўсё ж быў нехта «стукачом»

У нашым школьным інтэрнаце,

Бо на паўгоддзе Шумскі Ваця,

Хоць быў зусім не асталоп,

Ні стуль ні ссюль тры двойкі згроб,

І вельмі ўсе несправядліва.

Тры двойкі значылі: са свят

У школу больш не сунься, брат.

Такі закон, і ўсім надзіва

Без слёз, без просьб, без лішніх слоў

Падаўся Шумскі прэч дамоў.

 

36

Пазней была такая чутка,

Што Шумскі стаў бальшавіком,

Сядзеў па турмах і што хутка

Ўзначаліў дзесьці ён райком

Пасля ўз’яднання Беларусі.

А лёс Маркоўскага прымусіў

У вераснёўскіх бурных днях

Туды ж, пад цешчын трапіць дах,

Хоць з ёй даўней не вельмі ладзіў.

Прыйшла зноў к працы стаць пара,

Ён ткнуўся да сакратара

І анямеў, калі «ва ўладзе»

Убачыў Шумскага. Ды той

Яго расчуліў дабратой.

 

37

...Хаціна ў полі без падлогі,

У тры маленькія акны,

Дзве лаўкі, печ, ды стол убогі,

І ложак бедны ўздоўж сцяны.

Ля хаты хлеўчык-прыбудоўка,

А ў ім — салома, конь, кароўка

Ды двое дробных парасят —

Вось тут жыллё, і склад, і спрат.

На печы з дзецьмі спіць старая,

У ложку тым гаспадары,

На бульбе ў запечку-нары

Пасцель студэнтава сырая:

Саломы два снапкі ў мяху,

А побач цёлка ў катуху.

 

38

У гэтай хаце на прыволлі

Год цэлы, першы з чатырох,

Так жыў у дзядзькі я і ў школе.

Актыўным, пільным быць не мог.

Дык быў у горшых вучняў спіску...

Тады пазнаў я гора зблізку:

Хваробы, сцюжа, стогны, плач,

Адчай з няўдач і ад нястач

Марылі ў будні нас і святам.

Тут я пачуў, прадумаў шмат

Пра той жыцця бяздушны лад,

Які ва ўсім спрыяў багатым,

Дзе пан не бачыў, як сяло

Ў нястачы жудаснай гніло.

 

39

Мінуў той год, прыйшла зноў восень,

Я — ў інтэрнаце. Гора прэч!

І не забыць рознагалосся

Тых развітанняў і сустрэч,

Калі парою зімняй сцюжы

Дамоў збіраўся гурт дасужы,

Калі падвод знаёмых рад

За колькі сутак да каляд

На двор скіроўваўся ўрачыста,

Каб нас развезці па дамах,

Або калі мы зноўку ў гмах

З канікул ехалі фарсіста.

О, колькі тут бывала ўцех,

Які задорны чуўся смех!

 

40

...Падводы рушылі дарогай,

Палоззі рэжуць хрусткі снег,

Вясёлых гукаў вокал многа —

То песня чуецца, то смех.

Вязуць гарэзнікаў дахаты

Спачыць між роднымі праз святы

Бацькі, браты ці сваякі.

Ажно насупраць... хто такі?

Анучнік Іцка з грузам едзе.

«Давай дарогу, хрэн стары!»

Штурхель! І санкі — дагары,

Пад імі Матля ў гурбе недзе...

 

Падняўся Іцка, бэсціць маць,

Ды ўжо віноўных не відаць...

 

41

Мастак на фокусы і штукі

Быў аднакурснік мой Лукаш.

Не вельмі сквапна да навукі

Хапаўся гэты сябра наш,

Але любіў павыскаляцца,

Закпіць з любога, паспрачацца,

І ў той бясклопатнай гульні

Не меў між намі ён раўні.

Аб тым, што жарт яго часамі

Калючы быў і грубават,

Звычайна думаў ён не шмат.

Вось так і тут — з адкосу сані

Кульнуў у гурбу і пабег.

«Навошта гэта?» — «Ды на смех».

 

42

...Была экскурсія ў Жупраны —

Кавалак шляху не малы.

Над рэчкай белыя туманы,

У лесе мёдны пах смалы

Дагэтуль памяць захавала.

Зязюля дзесьці кукавала,

У небе жаўранак званіў,

А мы тапталі пыл між ніў.

На Багушэвіча магіле

З пашанай, моўчкі, без прамоў

Мы, шапкі скінуўшы з галоў,

Вянок зялёны палажылі,

Ды не паэту-песняру,

Але паўстанцу-змагару.

 

43

Аб тым, што ён быў аўтар «Дудкі»

І «Беларускага смыка»,

Дайшлі да нас пасля ўжо чуткі

У інтэрнаце, спадцішка.

Хоць быў у нас прадмет «бел-мовы»

І гурт выкладчыкаў талковы,

Між іх настаўнік працы наш

Паэта родны сын Тамаш,

Аднак ніхто з іх нам ні слова

Сказаць не думаў ці не мог,

Што мову нам «Дудар» збярог,

Што ён за шчасце мужыкова

Усё жыццё сваё гарэў,

Што ў кніжках тых быў жаль і гнеў.

 

44

Прынёс раз «Дудку» на ўрок працы

Наш Лукашэвіч, той Лукаш.

Яму хацелася дазнацца,

Ці Багушэвіч пан Тамаш

Раскажа нам, якую мэту

Уклаў пясняр у кніжку гэту,

Якія думкі спаганяў.

Дык томік скінуўшы, падняў,

Пасля прыгорбіўся й гартае.

Заўважыў гэта педагог:

«Што там такое? Ў што ты ўлёг?»

Ён Лукашэвіча пытае.

Узяў, на вокладку зірнуў,

Паморшчыўся і пазяхнуў.

 

45

«Пабочнай справаю займацца

На ўроках нельга — гэта раз! —

Сказаў ён строга.— Можа стацца,

Што некаторыя тут з вас

Пачнуць шукаць у кніжцы гэтай

Таго, чаго душы паэта

Прыпісваць нельга аніяк.

Дык вось: мой бацька быў паляк,

А ён пісаў «на простай мове»,

Каб бедных, цёмных ад вякоў

Вясковых баб і мужыкоў

Схіліць да граматы, панове...

І не шукайце там дарма

Ідэяў іншых. Іх няма!»

 

46

Лукаш задумаў не згаджацца.

Хацеў дыскусію пачаць

І на «Прадмову» стаў ссылацца,

Ды слова грознае «маўчаць!»

Яму закрыла зразу вусны.

«Я знаў, што хлопец ты распусны,

Сказаў настаўнік,— а цяпер

Ты варт таго, каб за каўнер

Цябе ўзяць, вывесці з-за парты,

Пакінь у гэты ж момант клас!

Не месца мне тут і не час

З табой спрачацца, лоб упарты!»

Пасля таго Лукаш ледзь-ледзь

У школе здолеў уцалець.

 

47

...У вольны час, і вечарамі,

І ў час, як трэ было ўжо спаць,

Ішлі бяседы між сябрамі —

Любілі мы дыспутаваць.

І спрэчкі бурнымі бывалі,

Не раз гудзенне ў спальнай залі

Не шанавала цемнаты,

Калі ажно да хрыпаты

Судзілі мы няўмольна, строга

Князёў, герояў, каралёў,

Артыстаў, скульптараў, ці йшоў

Разбор рэлігій, веры ў бога...

Бывала так, што й педагог

Не зразу нас суцішыць мог.

 

48

Аднойчы сябра наш Сарока,

Падпанка дробнага сынок,

Пачаў разводзіцца шырока

І поўным голасам знарок,

Каб чуў не толькі круг наш вузкі:

«Ніякай мовы беларускай,—

Казаў,— няма і не было,

А наша цёмнае сяло

Жаргонам польска-рускім меле.

Хто веры рускай, той русак,

Маскаль, і ўсё тут, бо паляк

Па-польску моліцца ў касцёле»...

Яму ў адказ пачуўся свіст,

Ды не здаваўся шавініст.

 

49

І як ні дзіва, а знайшліся

І памагатыя яму.

Дэбаты бурныя ўзняліся,

І вось ужо не аднаму,

А ўсім хацелася ўзяць слова —

Крычалі вокал бесталкова

Абодва гнеўныя бакі,

А нават стаў сякі-такі

Мянушкай злоснай, брыдкаслоўем

Свайго праціўніка даймаць...

Сціхала бура разоў пяць.

Але ўзрываўся безгалоўем

Ізноў то клас, то калідор,

То спальны зал, то школьны двор.

 

50

Прыйшлі да вываду нарэшце,

Што нам патрэбен арбітраж,

Інакш бясконца будзем весці

Заядлы злосны дыспут наш.

Прасіць рашылі паланіста,

Якому верылі ўсе чыста,

Каб ён нам спрэчку рассудзіў.

Выкладчык гэты быў наздзіў

Разумны і таленавіты,

Знаў моваў некалькі чужых

І вечна корпаўся ля кніг.

«Спытаць яго, і будзем квіты,—

Рашылі ўсе.— Што скажа ён,

Бясспрэчна прымем, як закон».

 

51

І вось парой яго урока

Падняў руку, бадзёра ўстаў

Той самы сябра наш Сарока.

«Скажыце, пане,— запытаў,—

Жаргон мужыцкі польска-рускі,

Або так званы беларускі,

Ці можна моваю лічыць?»

Настаўнік нейкі час маўчыць,

А потым кажа: «Распісанне

Урокаў вашых на сцяне,

А ў ім і ёсць, здаецца мне,

Адказ на вашае пытанне,

Яго я зараз вам знайду,

Напрыклад, возьмем сераду:

 

52

Чытай, якія там урокі

У гэты дзень чакаюць вас»,—

Звярнуўся тут жа да Сарокі.

І затаіў дыханне клас.

«Нямецкі, польскі, беларускі...» —

Чытаў Сарока. «Шмат нагрузкі?»

«Ды шмат: тры мовы йдуць падрад,

А далей фізіка...» — «Ну, брат,

Ты бачыш сам: усе тры мовы,

Нідзе не значыцца жаргон.

Хацеў адказу? Тут вось ён,

Даўно напісаны, гатовы».

Збялеў Сарока, анямеў,

А ў класе рогат загрымеў.

 

53

Настаўнік мовы беларускай,

Хоць ведаў добра свой прадмет,

Аднак праграмнай рамкі вузкай

Трымаўся ён; таму як след,

Чым слаўны Колас ды Купала,

Грамадства наша мала знала,

А пра пісьменнікаў другіх

Амаль не чула, быццам іх

Ніколі не публікавалі.

І ўсё ж няведання парог

Пераступіць ён нам памог —

Шукаць мы кніжак самі сталі

І ў той наш тайны кніжны спрат

Сабралі іх даволі шмат.

 

54

...Стыль выхавання быў тут свецкі,

Хоць ксёндз прыходзіў на «закон»

І часам лаяў лад савецкі,

Не меў на нас уплыву ён.

Фанатык гэты недалёкі

Шаблонна вёў свае урокі

Дый іх нярэдка прапускаў

Для асабістых розных спраў.

Ён быў аматар палявання

І меў з дзесятак мо сабак,

Таму бывала, што ніяк

Яго ў патрэбе параф'яне

Знайсці ля дому не маглі

І ўслед за ім ішлі ў палі.

 

55

Ганорны, злосны, мітуслівы

І самаўладны, як жандар,

Стралок, карцёжнік асаблівы,

Заядлы, прагны гаспадар —

Ён як памешчык уладарыў

На плошчы ў сорак пяць гектараў.

Меў добрых коней, шмат кароў,

Трымаў служанак, парабкоў;

Сварыўся часта з мужыкамі,

Калі яны ў яго палі

Сваю жывёліну ўвялі.

Тады грымеў, трос кулакамі

Ды страшыў пеклам і чумой,

Судом, паліцыяй, турмой...

 

56

Па загуменні йшла дарога,

А за дарогай побач — луг,

Кавалак выпасу благога.

Той шлях выматваў коням дух,

Было там з возам не прабрацца.

Аб’ехаў хтось па сенажатцы,

Дык ксёндз ваткнуў на ёй вяху,

Што ехаць нельга. Усё ж крыху

Лужок той людзі збаразнілі.

Тады пачаў ён цікаваць

З свайго гумна на сенажаць.

Якраз, калі на ймшу званілі,

На луг уз’ехаў чалавек,

А ксёндз падбег, гужы пасек.

 

57

 

Мой дзядзька Юлесь, арандатар,

Аднойчы вось што расказаў:

«Ксёндз быў папарыцца аматар,

Таму мяне абавязаў,

Каб спраўна ў кожную суботу,

Любую кінуўшы работу,

Яму я лазню напаліў.

Раз печ я ўгрэў, цабры наліў

І покуль, думаю, збярэцца

Прыйсці хмістрыня ці ён сам,

Крыху душку сабе паддам,

А то пасля ці давядзецца,

Бо так мы, парабкі, ўтраіх

Хадзілі мыцца пасля ўсіх.

 

58

Дык вось, шчыльней прыкрыўшы восець.

Хвашчуся, узлезшы на палок,

А тут служанку чорт прыносіць

Сказаць, каб дроў ім прывалок.

Пабегла і разлапатала,

Што я ўжо мыюся. Тут стала

Ксяндзу хмістрыня выкладаць,

Што парабкоў патрэбна ўняць.

Бо развыдрэлі ўсе без меры.

 

Яе ён слухацца прывык,

Дык, захапіўшы доўгі цвік,

Прыбег: бах! бах! — забіў мне дзверы.

Калі б, браточкі, не акно,

Была б мне накрыўка і дно».

 

59

Перад Вялікаднем звычайна

Загадваў школе ксёндз «гавець».

Ды большасць хлопцаў неахайна

Збывалі гэтую «камедзь»,

Як споведзь тую называлі.

Аднак ішлі, хоць наракалі,

Бо трэ ж было сваё адбыць,

Каб тым прэфекта не ўгнявіць

І не ўхапіць з «закона» двойкі,

Бо справу ён паставіў так,

Што нат не двойка, а траяк

Мог стаць прычынаю настройкі

Жыцця хлапечага навек.

Такі ўжо быў ён чалавек.

 

60

Былі й такія, зразумела,

Што выпаўнялі ўвесь закон

Ахвотна, з вераю і ўмела,

Ішлі ў касцёл на кожны звон.

Напрыклад, наш Макоўскі Франак

Маліўся кожны вечар, ранак

І штонядзелі ад душы

Ксяндзу прыслужваў да імшы,

Пасціў і часта спавядаўся,

Грахі спісаўшы на лісток.

А вось з вучобай, як знарок,

Як да яе ні прыкладаўся,

Не мог ён справіцца ніяк,

Вучыўся толькі на «траяк».

 

61

Лукаш зайздросціў праваслаўным,

Што ў іх прэфекта не было,

І мо зусім не беспадстаўна,

Бо іх мінула, абышло

Тады шмат лішняга, пустога

(Не быў прадбачан духаўнік

На той нязначны вучняў лік).

Аднак жа гурт наш быў змушаны

У той жа самы час у пост

Ісці ў царкву за дзесяць вёрст

У Крэва, не — дык у Гальшаны

За нораў каяцца ліхі

І здаць папу свае грахі.

 

62

...Зноў бачу сцежкі і дарожкі,

На полі грушу, паварот,

Вялікі камень, бруку трошкі,

Самотны крыж, масток і брод,

Лясок і гай, крывыя хаты,

Шнуркі палёў, і снегу латы,

І неба сінь, і шляху даль...

Як дзіўна! Кожную дэталь

З тых часаў памяць захавала,

А ўсё, што шмат пазней было,

Памалу сцёрлася, сплыло,

Чужым і нейкім мутным стала.

 

Не знаў цаны я вам тады,

Мае юнацкія гады!

 

63

Ішлі мы ў Крэва без нагляду,

Старэйшы з нас за важака

Назначан быў на дзень абраду.

Падкпілі хлопцы з сябрука

І папляліся грамадою.

Калі ж балоцістай вадою

Зачвякаў кожны чаравік,

Тады настрой бадзёры знік,

А шлях залішне доўгім здаўся,

Пакуль унізе між хацін

Мы не заўважылі руін.

Туды пабегла грамада ўся.

Царква ў звон біла на гары,

А нас цікавілі муры.

 

64

Від замка велічны, ўрачысты

Так зразу нас ачараваў,

Што мы забыліся начыста,

Дзеля якіх задач і спраў

Сягоння гразь сюды тапталі.

Здалося, сцены нам шапталі

Пра слаўных продкаў, змагароў,

Пра іх геройства, пот і кроў,

Пра ўсё, што бачыў гэты камень...

І цяжка нам было ўявіць,

Як здолеў гэткі гмах злажыць

Наш прадзед голымі рукамі!

 

Той дзень, той замак, той паход

Запомніў я на многа год.

 

65

...Былі ў нас хлопцы ў розным веку —

Апроч падлеткаў, юнакі,

Якія школьную апеку,

Што ім была ўжо не з рукі,

Не раз абходзіць спрабавалі:

Курылі, нават выпівалі,

А то й, здаралася, ўначы

Умелі ціхенька ўцячы

Са змрочнай спальні інтэрната

Ў сяло, дзе быў святочны рух,

На песні дзевак-весялух.

Аднак якойсь дзяўчыны тата

Пра іх дырэктару данёс.

І быў скандал, і быў разнос...

 

66

Была й дзяўчына ў нашым класе

Праз два апошнія гады.

Яна нягадана знайшлася

Сярод хлапцоўскай грамады,

Як рэдкі прыклад выключэння:

Пасля старанняў і мучэнняў

Была дапушчана яна,

Дачка Ганчарка фурмана,

Што ў нас пры школе быў заняты,

Вучыцца з братам-блізнюком.

А перш вучылася тайком.

Калі прыходзіў брат дахаты,

Рабіла з ім заданні ўрок,

І так ішла з ім крок у крок.

 

67

Яе ў нас хлопцы паважалі,

Карэктна з ёй сябе вялі,

Язык на прывязі дзяржалі,

Дапамагалі чым маглі.

Яна сядзела ў парце з братам,

Аднак было ёй сумнавата,

І ўздых злятаў з яе грудзей,

Што на любоў няма надзей,—

Ніхто не захапляўся ёю.

Відаць, яе рабенькі твар

І волас рыжы, быццам жар,

Былі таму ў той час віною.

Цікава б знаць, куды занёс

Яе пазней няўмольны лёс.

 

68

...Таўпяцца, лезуць успаміны,

Плывуць няспынна, як рака...

Гляджу на даўнія хвіліны

Ізноў вачыма юнака:

«Вось мы ашмянскіх гімназістаў,

Спартсменаў іх, валейбалістаў,

Зух-панічоў і задавак

Перамаглі аднойчы так,

Што стала шкода іх, нябогаў!..

Тады ўявіў я першы раз,

Якою радасцю для нас

З'явіцца можа перамога...

Каштуе кожны поспех шмат

Выдаткаў, намаганняў, страт.

 

69

Я ўспамінаю, як пан Бышак

Нястомна нас трэніраваў,

Як ён свой кожны часу лішак

Спартсменам нашым аддаваў,

Як у няспынных трэніроўках,

Нарадах, перагрупіроўках

Каманды нашы час вялі

[ як усе ў нас тым жылі,

Што хай са шкодай для вучобы,

Але пазіцыяў не здаць,

Перамагчы і даказаць,

Што людзі мы не нізкай пробы

І што, каб нас перамагчы,

Не дараслі йшчэ панічы.

 

70

І мы, і тыя гімназісты,

Яшчэ не ўспеўшы памужнець,

Пайшлі даваць адпор фашысту.

Я ўспамінаю: трубаў медзь

Гудзела звонка на вакзале.

Калі на фронт мы выязджалі.

І вось тады на нейкі міг

Убачыў я там двух былых

Выдатных майстраў валейбола,

Супроць якіх і мы ў свой час

Стаялі твар у твар не раз.

Ды мітусня была наўкола,

Дык толькі я паспеў здалёк

Паслаць адказ на іх ківок.

 

71

Ніхто не стаў з маіх калегаў

Ні слаўным мас правадніком,

Ні мастаком, ані стратэгам,

І не праславіўся пяром,

І не адкрыў далёкай зоркі,

Аднак, скажу без адгаворкі:

Усё ж праславілі яны

Сябе ў вайну і да вайны.

На цемру весці наступленне

Пайшлі з задорам маладым,

Але нямногія гады

Аддалі юным пакаленням,

Бо хутка выпаў ім чарод

Галовы скласці за народ.

 

72

Сумленна, чэсна, працавіта

Яны прайшлі жыццёвы шлях,

А так ахвярнасць іх забыта

Ужо сягоння на людзях,

Што часам можна дацца дзіву...

У іх гісторыі праўдзівай

Неверагоднае штокрок.

І, хоць пакрыў былое змрок,

Скажу пра нашу школу смела,

Што многа нам яна дала

І што выхоўваць для сяла

Яна настаўнікаў умела.

З Барунскай школы педагог

Умеў рабіць адзін за трох.

 

73

Няхай не стане думаць хтосьці,

Што тут я мо «перасаліў».

У вёскі цёмныя не ў госці

Загад начальства нас сяліў.

Ён слаў да соцень басаногіх,

Душой і вопраткай убогіх,

Галодных,

брудных пастушкоў.

І мы ішлі без лішніх слоў

Не дзеля славы ці манеты

Праз безліч злыдняў і пакут

У самы дальні цёмны кут,

Культуру неслі і асвету.

Не страшыў нас туберкулёз.

Ні безнадзейна-сумны лёс.

 

 

74

Сяброў,

свой кут успомніць міла,

Прыемна бачыць хоць бы ў снах,

Да іх душу якаясь сіла

Вядзе заўжды. Так кожны птах,

Дзе нарадзіўся,

гадаваўся,

Адкуль у дальні шлях падаўся,

Там песні звонкія свае

Найлепш складае і пяе.

 

І я, вярнуўшыся ўспамінам

Да тых адлеглых дзён сваіх,

Убачыў зноў на нейкі міг

Юнацтва час,

пабыў хвіліну

Сярод той роднай грамады,

Якой зацёрліся сляды.

Вішнева, 1979 г.


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Бітэль П. Дзве вайны: Верш, аповесці. / Маст. А.Б.Льдокаў. - Мн.: Маст. літ, 1990. - c. 145-187
Крыніца: скан