epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Бітэль

Памятны верасень

Уступ
На вайну
Першыя жахі
Начныя трывогі
На фронт
Дзіўныя манеўры
Нечаканае заканчэнне вайны


 

Уступ

Трыццаць дзевяты,

Трыццаць дзевяты

Памятны год...

Танкі. Гарматы.

Коні. Салдаты —

Тысячы рот.

 

Верасень, верасень!

Дзён толькі трыццаць!

Колькі, аднак жа, падзей

Можа ў час гэты кароткі змясціцца,

Колькі загінуць людзей!..

 

Восенню кожнага года

Я ўспамінаю той час...

Як жа, сябры мае, вас,

Паўшых у дні тыя, шкода!..

 

На вайну

Прыкметы, чуткі не зманілі:

Раптоўна ўсе загаманілі,

Ў сяле пачуўся плач жаночы,

І рэзка кінулася ў вочы

Мабілізацыі аб’ява

Бялёсай плямаю на плоце:

«Збірайся кожны хутка, жвава,

За суткі быць салдату ў роце

Гатовым да вайны крывавай...»

І так далей,

і гэтак далей...

Нядоўгі збор. Вось падагналі

Падвод пяток для тых людзей,

Што ехаць вінны ў Гарадзей,

А стуль чыгункаю да мэты —

У полк, назначаны ў білеце.

 

Цяжкі бясконца быў дзень гэты.

Вакол нас маці, жонкі, дзеці...

Цалункі.

Слёзы.

Развітанні.

А потым доўга прычытанні

Абоз праводзілі наш хмуры,

Як быццам нам ужо хаўтуры,

Яшчэ жывым, жанкі спраўлялі.

 

І доўга хустачкі мільгалі

У незабыўнай роднай далі...

 

Сядзелі мы, спусціўшы ногі

З драбін абапал на калёсы,

Цыгаркай дымнаю трывогі

І дум цяжкіх ганялі восы,

Ды пра свае гадалі лёсы.

 

Аднекуль вырваўся вятрыска,

Прайшоўся пылам па абозе,

Скалмаціў косы на бярозе,

А потым лісця жмут жаўтавы

Па-над раллёй, іржышчам нізка,

Над зелянінаю атавы

Пранёс і ў рэпку кінуў з кручы.

А з невялікай сіняй хмары

Пасыпаў дождж касы, калючы

І заімгліў вакол абшары.

 

А ў час, як зноў зірнула сонца

І заблішчалі каляіны,

Мы, зараз Польшчы абаронцы,

Яму прыгорбленыя спіны

Хутчэй сушыцца падстаўлялі

І моўчкі сунуліся далей,

Бо не хацелася нікому

(Яшчэ душой быў кожны ўдому)

Прамовіць слова па-пустому.

 

Ды вось адклікнуўся Савелі:

— Чаго ўсе так пасалавелі?

Пакіньце, хлопцы, вохі-ўздохі.

Далоў з вазоў размяцца трохі! —

Саскочыў сам, за ім — другія.

— Глядзіце, конікі ж благія,

Ледзь ногі блытаюць яны,

А мы ж, здаецца, не паны!

— А праўду кажа,— ўставіў Янка,

Няхай спачне крыху хурманка,

А мы прыстукнем у апоркі,

А там ізноў прысядзем з горкі.

 

І ўсе пайшлі уздоўж дарогі,

Каб парасправіць спіны, ногі

І думы-хмары разагнаць.

 

— Вось давядзецца, ў гроб іх маць,—

Сказаў Міхась,— ісці пад кулі.

Каб лепш яны ўсе затанулі

І рыдзы-сміглыя, і бэкі!

Яны шукаюць славы, чэсці,

А нам, калі не зляжам дзесьці,

Пішыся зразу у калекі!

 

— Вядома, ў сённяшняй вайне

Нікога куля не міне,

Бо ўзяць хоць той бы кулямёт...—

Уставіў Ёсіпаў Хвядот.

 

— А ў немца, кажуць,— што салдат,

То кулямёт ці аўтамат,—

Прадоўжыў гутарку Тарас.

 

— Дый самалёты, танкі, газ,

А ўсё на нас,— дадаў Генадзь.

 

— А я й не думаў ваяваць,—

Азваўся Хведараў Уладзя,—

Няма за што мне кроўю капаць

І ўдзячным панскай быць уладзе.

За гэты хіба здзёрты лапаць?

Няхай ваюе, хто багаты.

Я лататы, брат, дам дахаты,

Дальбог, як толькі будзе можна!

 

— Ты лапачы ды асцярожна,—

Сказаў Сцяпан,— бо ў час ваенны

Язык — хаўруснік вельмі дрэнны

І не забудзься, што у пана

Даволі куль нарыхтавана

На гэткіх вось, як ты, ваякаў.

 

— У пана зброі — кот наплакаў,

Ад немцаў нечым адбівацца.

Ды ўжо дакучыла баяцца.

Кажу табе, што Польшча трэсне,

Адпета панская ўжо песня!

 

— Такі, як ты, ваяка строгі

Няхай за пояс возьме ногі,

Дык знікнуць шансы перамогі

І Польшчы зразу ўжо — капут.

Ну, братка, ты ж і баламут!

 

— Не я адзін.

Ды з вас тут кожан

Не мае веры ў перамогу

І толькі тым і устрывожан,

Як з бойні вырвацца. Яй-богу!

Бо на якога нам ражна

Палякаў з немцамі вайна?

Што нам, скажыце, дасць яна?

Ці так, ці гэтак, мы — рабы

І на чужынца гнём гарбы.

І будзем гнуць, бо мы дурніцы,

Бо кожны з нас век свой баіцца!

— О, ты разумны, брат, у нас,—

Адпор дае яму Тарас,—

Відаць, яшчэ, па-твойму, мала

З сяла ў Лукішках пабывала.

У вёсцы ж кожны мо дзесяты

Трапляў пад «гуму» ці за краты.

І сам жа ты якраз такі —

Сядзеў са два ці больш гадкі,

А што з таго, скажы, карысці?

— Карысць пакажацца калісьці.

Магчыма, дзякаваць трэ ўладзе,

Што жыць змушала нас у стадзе,

Дзе мог і наш гаротны брат

Пачуць і ўцяміць вельмі шмат.

Бо лепшай школы, чым турма,

Сягоння ў Польшчы, брат, няма!

І гэта, вось вы улічыце,

Пацвердзіць вам і наш вучыцель...—

І ў бок мой зыркнуў хітравата.

 

— А ты настаўніка не кратай,

Брашы ды толькі ведай меру!

Другіх мяшаеш на халеру?

Відаць, таўклі цябе замала! —

Так злосць Сымона разабрала,

Што ажно плюнуў на дарогу.

— Зусім скапыціўся, яй-богу,

Не цяміць проста ані-ні!

Ды ты на задні воз зірні! —

Закончыў ціха, сцяўшы зубы.

 

Зірнулі ўсе ў бок пана Дзюбы.

Той Дзюба — млына арандатар,

Да гульняў, выпіўкі аматар,

Магчыма, дробны правакатар,

Сядзеў адзін цішком на возе

У недарэчнай беднай позе,

Убіўшы вочы у дарогу.

 

— Хі-хі! Глядзі! Струсіў, яй-богу!

Яшчэ вунь дзе тая вайна,

А порткі поўныя г...!

Дальбог, баіцца з воза злезці,

Каб тога скарбу не растрэсці! —

Шумеў няўрымслівы Уладзя.

 

Пранёсся рогат па грамадзе;

Адзін не ўцяміў бедны Дзюба,

Хто быў асмеяны так груба.

 

Ды блізка ўжо канец узгорка,

Дык запыняецца гаворка.

Ізноў вазы паабсядалі

І цёмнай будучыні далі

Ужо цяпер прадбачваць сталі

На кожным возе паасобку.

Лявон надбітую чаропку

Дастаў з-за пазухі, прадзьмухаў,

Працёр рукой сваёй грубою

І, шапку ссунуўшы на вуха,

Намацаў торбу пад сабою:

— Ну, хлопцы, чорт яе з вайной!

Давайце вып’ем па адной.—

Наліў сабе, наліў Сымону.

 

Паднеслі й Дзюбе самагону:

— На выпі, пан, не траць разону!

Не ўсіх жа б’юць і на вайне.

Што? праўду я кажу ці не?

 

І кожны выпіў так, як трэба,

І скварку ўзяў, і крышку хлеба.

А хутка з задняе фурманкі

Падбеглі к нам пазычыць шклянкі.

 

Настрой паправіўся ў абозе,

І хутка з грукатам калёс

Шум, гоман, песню па дарозе

Вайне насустрач вецер нёс.

Ужо мы больш не бедавалі

І праз сустрэчныя нам сёлы,

Ў адказ на слёзы, ўздыхі, жалі

Правезлі з песняй жарт вясёлы.

 

А гэтым часам наш абоз

Уздоўж расцягваўся і рос,

І ўслед за намі да вакзала

Падвод з паўсотні пад’язджала.

 

Гудзеў, як вулей, Гарадзей

Фурманак сотнямі й людзей.

Надходзіў змрок, і напаўзала

З заходу хмара шэрай хустай.

Падзьмуў скразняк. Каля вакзала,

Дзе ўжо народ таўпіўся густа,

Шукаць і мы прытулку сталі,

Ды, не знайшоўшы месца сесці,

Пайшлі пад нейкі склад і ўрэшце

Уздоўж сцяны радком пасталі,

Бо дождж густы сыпнуў, як з сіта.

Настрой прапаў, не мы нібыта,

Гадзіну тому п’яным хорам

Цягнулі песню ўздоўж дарогі.

У сэрцы ўпоўз зноў сум ці сорам,

А з ім вярнуліся трывогі

І сталі рэзаць без нажа.

 

І доўга ў цемры нам на ногі

Скакалі пырскі з капяжа...

 

Загад ваенны: аканіцы

Пазачыняць, гасіць агні.

Дык хоць насельніцтву не спіцца

Ды цемра, дзе ты ні зірні,

І толькі чорны сілуэт,

Народам поўнага вакзала,

Малая лямпка выдзяляла,

Льючы з перона сіні цэд.

 

Надбег цягнік каля паўночы,

Сіпата цемру ўскалыхнуў

І сінькай змазаныя вочы

У нас бязлітасна ўваткнуў.

І сіне-змрочныя вагоны

Мы сталі спешна запаўняць,

А ўслед кармільцам маці, жоны

Узнялі плач...

Вайне праклёны,

Уздыхі, выкрыкі і стогны,

Каму вас суджана суняць?

 

А дзесьці ў небе панадхмарным

Маторы глуха загулі

З пагрозай знішчыць нас каварна

Перш чым апранем шынялі.

 

Жанчын прагналі ад вакзала

Тры паліцэйскія чыны,

А наш цягнік крануўся вяла

Ў абдымкі цемры і вайны.

 

Першыя жахі

Ну вось і полк. Сустрэч з сябрамі

Не ўспомніць зараз, не злічыць.

Яшчэ ў натоўпе ў самай браме

Пачуў, што нехта мне крычыць:

— Здароў, калега!

— Ах, Адаме!

Як рад я ўбачыць земляка!

Ты што? прыехаў разам з намі?

— Ды не, я тут з красавіка.

Вось як паклікалі на зборы,

Дык і прыйшлося затрымацца.

 

Хацеў я штось яшчэ спытацца,

Ды ў гэту самую хвіліну

Сірэны дзіка зараўлі

І ўзняўся звонкі крык:

«Кладзіся!»

Натоўп змяло: хто ўпаў ля тыну,

Хто ў роў, у ямку на зямлі...

У пляму шэрую зліліся

Ватоўкі, світкі, шынялі.

А тры з крыжамі «месершміты»

Раптоўна вынырнулі з хмар.

Раўнуў матораў гул сярдзіты,

Пачуўся ўдар! Другі удар!

Тры ўзрывы-выбухі падрад

Паветра гулка ўскалыхнулі...

Падняўся ўгору слупам дым,

Па дахах трэснуў рэзка град,

І засвісталі звонка кулі

Над войскам зборным, маладым.

Мы ж, хоць прыплюснутыя к гліне

Сачылі ворагаў налёт:

Прайшлі.

Пасля ў адной хвіліне,

Круты зрабіўшы разварот,

Маланкай выйшлі ў бок вакзала

І зноў сыпнулі куль гарох,

Але таго было ім мала,

Дык зноў зямля аж застагнала

Ад новых бомб — фугасак трох.

 

Тады ўжо толькі дзесьці з ПАЛю1

Зянітка плюнула дымком,

Ды ўжо бандыты адступалі:

Амаль уміг, адным рыўком

Прабілі хмару касяком

І ў далях воблачных прапалі.

 

Так злодзей-кот, калі ў дзвярах

Ледзь толькі клямка заскіргоча,

Рванецца ў шчыліну пад дах

І мігам гіне ў цемры ночы.

І застаецца гаспадыні

Адно — падлічваць шкоды ў скрыні.

 

Ахвяр было адносна мала —

Забіты хлопчык быў малы,

Пашкоджан склад каля вакзала,

Разбуран дом адзін жылы,

І многа шыб павылятала,

Ды дзюр прыбавілася ў дахах...

Адбой. Хвілін прайшло мо трыццаць,

І мы пастроены ў рады.

Начальства вокал мітусіцца,

Адзін туды, другі сюды

Бягуць з паперамі з загадам —

Рыхтуюць нас на эшалон.

Гляджу, стаіць са мною радам

Знаёмы наш, сусед Лявон.

 

— А вас вось толькі што пыталі

Той самы сябра ваш, Адам

І Загаранаўскі Віталі.

Яны цяпер абодва — там,—

Ён паказаў рукой на дзверы.—

Яны ўжо, браце, ахвіцэры.—

Дальбог не лгу, я бачыў сам...

А нашых хлопцаў тутка мала,

Усе пайшлі, брат, у разброд:

Хто ў ПАЛь падаўся ад вакзала,

А хто далей.

Ёсць тут Хвядот...—

Яшчэ хацелася суседу

Пра тое-сёе расказаць,

Ды вось — Адам:

— Пасля абеду,

Так праз хвілін... ну, трыццаць пяць,

Сустрэцца нам ля прахадной.

Вось тут загад і пропуск твой.

 

— Дык шчасця, ўдачы вам, Лявоне,

Відаць, не ехаць мне сягоння

Ў тым самым з вамі цягніку.

Ён моцна сціснуў мне руку:

— Таго і вам.

А я ўжо, брат,

Быў рад.

Але загад, брат, ёсць загад,

Ці рад яму ты,

ці не рад...

 

Усмешку помню, вус бялявы,

Шынелі доўгі балахон,

Пад ім адтыркшыя халявы —

Такі стаяў, як Швейк, Лявон.

 

А сёння сам не знае бог,

Дзе ён тады за Польшчу злёг.

 

1 ПАЛь — полк лёгкай артылерыі.

Начныя трывогі

«Пісаць — якая гэта праца? —

Казаў мой дзядзька Мікалай.—

Другая рэч — за коску ўзяцца

Ці, скажам, цэпам павіляй,

Або ўзары са двое гонцаў,

Устаўшы раненька да сонца,

Пакуль не стане конь у плузе.

Тады убачыш па папрузе,

Ці ты рабіў і як рабіў.

І люба глянуць на работу,

А як з ясі пасля ў ахвоту!

Пяро, яно, брат,— перына,

Яму сто вёрст да бервяна,

Якое трэба ў лесе ўкрасці,

За ноч дадому прыцягнуць

І ў зруб на досвітку пакласці...

Ў пісакі лодыры ідуць!»—

Апошні вывад быў старога.

 

Здаецца, тыдзень — дзён не многа,

А я ім хутка лік згубіў,

Амаль не робячы нічога,

Калі пісанне — толькі гулі.

Бо то налёты, то трывога,

Глядзіш, там паліць, там збамбіў,

Там сыпануў па дахах кулі...

Дык хоць не з працы ці з натугі,

А я падцягваць стаў папругі.

 

Наш пункт — у школе ля вакзала.

«Прызваных» к нам вялі няспынна,

А школьны двор з спартыўнай залай

Прымаць людзей былі павінны

На жорсткіх стружках ці дзярне,

Пакуль мы спіскі афармлялі,

З якімі іх вялі ўжо далей

Насустрач смерці і вайне.

 

Мы зналі: гэта не міне

І нас, што пішам, чэрцім, строчым.

Нам, як сезоннікам-рабочым:

Скасіў палетак, высек гай —

Збірай лахмоцце і... бывай.

 

Другі паверх, чацвёрты клас —

Вось гэткі адрас быў у нас,

У трох замораных пісакаў.

А быў у нас за камандзіра

Паручнік Скшэк, дурны прыдзіра,

Які любіў, каб кожны плакаў,

Над кім ён толькі меў уладу.

На нас прыкрыкваў: «Прэндзэй, дзяду!

Пішы хутчэй, бо мне здаецца,

Што ў гэты спісак трапіш сам!

За карак тут табе не льецца,

Тут можа сесці і другі!

Нам кожны момант дарагі!»

І так заканчваў гэты хам:

«То война, пане муй коханы!»

 

З паўдня заўжды бываў ён п’яны,

Тады крычаў «пся крэў», «пся маць»,

Пакуль не кінуўся дзе спаць.

Калі ж ці выбухі бамбёжкі,

Ці гул сірэн яго будзілі,

Тады пацягваў з флягі трошкі

І спаў ізноў, як у магіле.

 

А раз, ці спірту не хапіла,

Ці мо праспаўся, лёгшы рана,

Падняты нейкай цёмнай сілай,

Да нас прыплёўся нечакана.

Мы на падлозе ў стружках спалі,

А сябра наш, юнец Антоні,

Дзяжурыў так пры тэлефоне,

Што мо не чуў бы, каб стралялі,

Не то што чырканняў званка.

 

Дык Скшэк падбег да юнака

І з крэсла збіў яго ударам.

Антон, сваім адданы марам,

Не разабраўшыся ў чым справа,

На ногі ўскочыў вельмі жвава

І з крыкам:

«Немцы! Бомбы! Газ!»

На стол ускочыў і ў той раз

Нырнуў у сінь акна з разгону.

І ў той хвіліне трэску, звону

Раптоўна ўсюды свет пагас,

А вецер стружкі з месца зрушыў.

 

«СОС! СОС! Ратуйце нашы душы!» —

Ўзарваўся з крыкам сонны Стах

І, збіўшы Скшэка у дзвярах,

На цёмным грымнуў калідоры.

А Скшэк, ублытаны у шторы,

Пачаў біць слепа з пісталета.

 

Тут вартавы ў адказ на гэта

Узняў ля брамы страляніну.

І ўжо праз нейкую хвіліну

Завыў сігнал начной трывогі,

А з ім падняўся ўміг на ногі

Увесь вялікі гарнізон.

— Пад’ём!

Ізноў сірэна вые!

І ўсе, хто спаў, і вартавыя

Натоўпам выбеглі на двор

І пад акном на тратуары

Знайшлі разбітага Антося

З крывёй на вопратцы і твары.

Тут загудзела шматгалоссе:

«Напад! Дыверсія! Дэсант!»

 

А гэтым часам камендант

І варта пільная са зброяй

Да нас прыбеглі: «Што такое?

Стаяць! Ні з месца! Рукі ўгору!»

Ўцягнулі Стаха з калідора,

Схапілі Скшэка і ўсіх нас

На ніз звялі у першы клас

І пад нагляд дзяжурным здалі.

Усе ўжо пошукі вялі:

Слядоў шукалі на зямлі

Перш каля школы, потым далей,

Пад парты ў класах заглядалі,

Але нікога не знайшлі.

 

Званілі доўга гарнізону

І вось заўважылі тады,

Што абарваны правады

Электрасвету й тэлефона.

Дык па загаду каменданта

Шукаць зноў сталі дыверсанта.

А ясна стала толькі ўранні,

Што правады сарваў Антон,

Бо на драты зваліўся ён,

Калі ўцякаў ад соннай здані.

 

Забралі хлопца лекары,

А што з ім стала, з той пары

Ужо мы так і не пачулі.

 

Калі на фронце ўсцяж няўдачы,

Тады і ў тыле ўжо не гулі —

Даецца ў знакі час лядачы

Старым, жанчынам, дзетвары.

Яны таксама, як салдаты,

Пабраўшы кіркі ды лапаты,

Свае раскопваюць двары —

Рыхтуюць сховішчы і норы

І ў іх сядзяць праз час каторы,

Калі трывога загудзе.

А ў гэтым страху і бядзе

Мужнеюць дзеці вельмі хутка.

 

Ужо даўно хадзіла чутка,

Што немцы ссаджваюць дэсант,

Што склад падпальваў дыверсант

І што шпіёнаў вокал многа,

Ды толькі цяжка іх пазнаць.

 

І вось аднойчы мальцаў з пяць

Ксяндза сустрэлі пажылога

І нам даказваць сталі ўпарта,

Што хоць і ў доўгай расе ён,

Зусім не ксёндз ён, а шпіён

І што яго застрэліць варта.

Самім было ім шкода дужа,

Што толькі з дрэва маюць ружжы.

Ён, па расказах дзетвары,

Ішоў, заходзячы ў двары,

Шукаў чагосьці, выглядаў,

Відаць, нашкоднічаць жадаў.

 

Ксяндза салдаты прывялі,

І справа яснай стала хутка:

Шукаў ён цёмнага закутка

Ці будкі з цэшкай «два нулі»,

Бо напалохаўся бамбёжкі

І страўнік меў няспраўны трошкі.

Ён быў збянтэжаны без меры.

Паказваў нам свае паперы

І ўсё аглядваўся на дзверы...

Калі ж пабег углыб двара,

Пайшла за браму дзетвара.

 

На фронт

Мінаў другі тыдзень вайны,

А немцаў стрымаць не ўдалося,

І клаліся Польшчы сыны,

Нібы пад касою калоссе.

Штодзень прыбывала бяды:

Гарэла навокал зямля ўся,

А вораг бамбіў гарады

І штораз глыбей укліняўся.

 

Няма ўжо ў эфіры Варшавы,

А Лодзь па-нямецку крычыць.

Дзе сёння наш фронт, як там справы —

Не можам мы ўжо прасачыць.

 

Зайшоў нечакана Адам:

Загад ёсць, збірацца ў паход.

— Я знаю, званілі ўжо нам,

Што ж, братка, прыйшоў наш чарод.

 

— А я тут з’явіўся не так:

Віталія ўчора схапілі.

Зарана адкрыўся, дзівак,

Не ждаў адпаведнае хвілі.

Хачу папярэдзіць: маўчы,

Бо будуць напэўна капацца,

І цвёрда сабе ты ўлічы,

Што ў гэтым сагнаным народзе

Ёсць дрэні, хоць ты адбаўляй,

Што будуць к табе прыглядацца.

Ну, дружа, бягу.

Дык бывай,

Сустрэнемся заўтра ў паходзе.

Хоць мы пад нядрэмлючым вокам,

Трымайся...

Канец недалёка.

 

Калі назаўтра ля вакзала

У шэрых ранішніх туманах

Калона наша прапаўзала,

Убачыў горад я у ранах

І ледзь стрымоўваў гневу слёзы.

 

Тырчалі ўгору рэйкі, шпалы...

Вагоны, бакі, паравозы

Ляжалі мёртвай кучай лому,

Як барыкады ці абвалы,

А вокны велічнага дома

Пустэчай змрочнаю глядзелі.

Чарнелі ямы ўздоўж панелі...

Дамы папалены, разбіты

Яшчэ дыміліся і тлелі,

А з тратуарных сцежак пліты

Параскіданыя ляжалі,

Або тырчалі, як скрыжалі.

Слупы з парванымі дратамі,

Сукі пакрышанай прысады,

Шмат бітай цэглы, чарапіцы

Так уздымаліся часамі,

Што не пралезці, не прабіцца...

— Вось дзе паздзекваліся гады! —

Шумелі хлопцы у калоне,—

Няма адпору, дык і рады

Нахабствам, зверствам пахваліцца!

 

— А Польшча ўжо відаць, што тоне...

Людзей мы бачылі не многа.

Сёй-той запалымі вачыма

Праводзіў войска з-за парога:

«І гэтых кліча ўжо айчына...»

А іншы рад быў, можа, трошкі:

«Адходзяць. Ну і дзякуй богу,

Не будзе болей мо бамбёжкі».

 

Той дзень быў сумны, шэры, цьмяны...

Спачатку ўзбліснуў сонца круг,

Але, ублытаны ў туманы,

Збляднеў памалу і патух.

І свет адразу стаў наўкруг,

Як мелам шкло, замаляваны.

 

Уздоўж шашы па-над равамі,

Бліжэй ад поля і прысад

Цягнуўся доўгім караванам

Апошні з горада атрад:

Каля паўтысячы пяхоты,

Пяць супрацьтанкавых гармат

І мо фурманак з пяцьдзесят,

З якіх цяжкія кулямёты

Глядзелі ў хмары блізарука.

 

Надвор’е нам якраз спрыяла:

Туман глушыў калёсны грукат,

Сцішаў і тупат нашых ног

(Хаця ішлі мы вельмі вяла)

І ад благіх вачэй бярог,

Што ўсцяж, як з неба, так з зямлі

Нанесці шкоды нам маглі.

Вайна ж бо літасці не знае,

Яна ж бо лютасцю жыве.

 

Салдат ніколі не пытае,

Аднак пытанне ў галаве:

«Куды вядзе дарога тая?»

Тырчыць няспынна ў час паходу.

Таму ўсялякія здагадкі

Ён сам высноўваць мае моду.

Пакуль не змораны, дык падкі

Пусціць на веру і няверу

Свае быліцы-небыліцы

Усякіх зместаў і памераў.

 

— Нас гоняць, пэўне, да граніцы,

Інакш павезлі б цягніком.

— А з кім жа ты задумаў біцца?

Няўжо яшчэ й з бальшавіком?

— Не. Пэўне, будзем рыць акопы

Ці будаваць мо бліндажы.

— А вы абодва — асталопы.

Дзе рыць?

Ля ўсходняе мяжы,

Калі на ўсход, давай бог ногі,

Бяжыць і армія, й народ?

— Хутчэй за ўсё, што нас дарогі

Загоняць правіць ды масты,

Ішлі ж сягоння мы ўжо ўброд.

— Дарма ўсе вашы неспакоі:

Завернуць нас куды ў кусты,

Або на пляж. А што ж такое?

Прыдбаць не шкодзіла б загару,

Пакуль не скончыцца вайна...

— Пакіньце жарты. Праз дзён пару

Магчыма, скончыцца яна.

— Сама не ведае каманда

Куды, па чорта нас вядзе!

Вось мы паўзём, як тая банда,

А афіцэры нашы дзе?

 

І праўда, вёў нас падпаручнік,

З адзінай зоркай камандзір,

Зусім юнак. Сціскаў нязручна

Яго зацеснены мундзір,

А шабля ногі абівала...

 

— Учора з мінай генерала

Хадзіў палкоўнік і маёры,

А сёння час ужо каторы

Зусім нікога не відаць.

— Ці не далі, ўязві іх маць,

Яны ад нас кудысьці драла?

 

Спярша ўпаўголасу нясмела,

Пасля зычней, пад гул калёс,

У маршы войска зашумела:

«Куды начальства чорт панёс?»

А нехта крыкнуў:

«Стой калона!

Даволі маршу.

Прыбылі!»

І ўсе, што рухаліся сонна,

Паселі, леглі на зямлі

У тым жа маршавым парадку.

Адкуль загад, ніхто спачатку

Пытаць, даходзіць не стараўся —

Была пара ўжо на прыпынак.

Аднак жа кожны здагадаўся,

Калі кароткі адпачынак

Пачаў зацягвацца без меры.

 

Сышлі з вазоў —

з цюкоў і скрынак

Паны, запасу афіцэры,

Якія функцыяў не мелі

І марш ляжбокам збыць хітрылі.

Яны таксама зразумелі,

Што рух салдаты запынілі,

Дык сталі ўперад падавацца,

Каб зразумець,

у чым тут справа.

Было юнцоў тых мо са дваццаць.

А ім насустрач крочыў жвава

Той падпаручнік даўгавязы:

— Ну, справа ў чым? Чые прыказы

Трымаюць нас тут на шашы?

— А дзе каманда? Афіцэры?

— Што гэта значыць?

— До холеры!

— Дакуль стаяць тут?

Варушы,

Ды будзем сунуцца паволі.

— Чаго пасунешся? Куды?

— Ну не ляжаць жа ў чыстым полі

І ждаць на голавы бяды!

Туман знікае. Кожнай хвілі

З’явіцца могуць самалёты,

А мы якраз тут разлажылі

Абоз, гарматы і пяхоту.

Хай налятуць — усё прапала.

— Ну дык вядзі! За чым жа стала?

— А мэта маршу? А маршрут?

— Маршрут — дарога, мэта — вораг!

— А там няволя ці капут?

— Чаму капут? І ў нас ёсць порах!

— А сувязь ёсць у нас?

— Пся маць!

— Ісці далей па-баявому!

— Ну так. І нельга больш чакаць!

— І слова лішняга нікому!..

А ў гэту самую хвіліну

Азваўся дробненька матор.

Усе заўважылі машыну —

У ёй імчаўся наш маёр.

К яму падбег паручнік тонкі,

Каб па уставу далажыць,

Але начальства выкрык звонкі:

«Якога чорта тут ляжыць

Вось гэта зборышча старцоў?!» —

Яго прыбіў, скаваў, збянтэжыў.

А ад падбору рэшты слоў,

Напэўна б, мёртвы не улежыў...

Салдаты выйшлі на дарогу

І праз хвіліну мерна ў ногу

Шлях прадаўжаць той пачалі.

 

Маёр падаўся праз палі

Пад лес і знік у хмарах пылу.

— Баіцца лысы чорт шашы,

А нас, во гэтакую сілу,

Пусціў — хай немец растаўчэ.

— А ты маўчы, брат, ды чашы,

Калі навокал ціш яшчэ,

А то, пакуль бамбёжка, бой,

Жандар прыкончыць можа свой.

 

Шаша звярнула ўправа ў лес

Ад той, што проста ўдаль пабегла.

— Ідзём, відаць у горад С.

— А там ці ёсць на цэгле цэгла,

Ці будзе дзе падначаваць?

Бо зараз ноччу зімнавата.

— Спытай начальства. Вунь стаяць!

— Глядзі, брат, як іх тут багата!

— Але чамусьці не ў гуморы,

Ледзь нас сустрэлі, ўжо хамяць,

Аж тут чуваць, як бэсцяць маць.

— І ў зубы можа даць каторы,

Яны цяпер, брат, як звяры,

З другім да трох не гавары.

 

А гэтым часам камандзіры

Праз мост, пабіты ўвесь на дзіры,

Памалу войска павялі...

Падвечар мы адпачывалі

Над рэчкай, лёгшы на зямлі,

Пасля пасунуліся далей,

Папаласкаўшы кацялкі.

 

Тады ж на беразе ракі

Ка мне падбліжыўся Адам:

— Спачатку я не ведаў сам,

Чаму наш кадравы састаў

Сягоння шлях праз лес «прастаў»,

Залезшы шчыльна ў грузавую.

Адбыў і я дарогу тую.

Сказаць, чаму быў перапуд?

Не, лепш не зараз і не тут:

Пасыльны прэ вунь нацянькі.

 

Тут ад’ютанту загадалі

Падацца ў бок штабной машыны.

Яшчэ «бывай» кіўком рукі

Паслаў ён мне са значнай далі

І знік у зелені альшыны.

 

Дзіўныя манеўры

Сырой халоднай ноччу хмарнай

Мы увайшлі у цёмны С.

Прайшлі ля станцыі таварнай,

Мінулі доўгі паднавес,

Сустрэлі змрочныя вагоны

І каля іх спыняцца сталі.

Насцёбваў дождж неугамонны,

Плюхцелі лужы на зямлі,

А ветры ў цемры то свісталі,

То дзікім голасам гулі.

 

Загад: грузіцца проста з ходу.

Вось за падводаю падводу

Падводзяць моўчкі на платформы.

Гарматы, кухні і калёсы,

Пры свеце мокрай папяросы,

То пхнуць, то цягнуць і без нормы

Салдат пакуюць як папала.

 

— Хутчэй, хутчэй! бо часу мала! —

Крычаць панове афіцэры

І сыплюць «д’яблаў» і «халеры»,

І гэткіх многа слоў другіх,

Што ані ў якім разе іх

Змясціць не можна на паперы.

 

Пасля пагрузкі і вячэры,

Ні рук не чуючы, ні ног,

Паснулі ўсе, дзе як хто мог,—

Ці ў перапоўненым вагоне,

Ці на платформах між калёс,

Ці то забраўшыся да коней,

Што свой пахрумствалі авёс.

Ніхто не думаў, не даходзіў,

Куды, калі скіруюць нас —

Пакажа сам бліжэйшы час.

Цяпер прылёг, дык шчасця годзе,

І не парушыць зараз сна

Ні дождж, ні сцюжа, ні вайна.

 

Звон буфяроў,

Стукат калёс...

Соп паравоз,

Роў і свістаў,

Штурхаў састаў,

Рваў эшалон —

Вёз, то не вёз.

 

Доўга цягнік

Грукаў, блудзіў,

Гэтак і так

Войска будзіў,

Потым, аднак,

Хутка наздзіў

Пусціўся ён

Гладдзю дарог

Цьме наўздагон

Полем, праз лес...

 

Застаўся, знік

За намі С.

Світаннем вецер і імжакі

Салдат усё ж перамаглі:

Круціцца сталі небаракі,

Шчыльней хавацца ў шынялі,

Але, азябшы канчаткова,

Сядалі, ўскоквалі на ногі,

Клялі надвор’е і курылі.

Часамі той-сёй кідаў слова

Наконт вайны, і перамогі,

І той няведамай дарогі,

Якой кілометры і мілі

Адмерваў сёння эшалон.

 

— А паравоз усё гукае,

Відаць, дарогі просіць ён.

— Цікава, станцыя якая...

— Ужо мо блізка і Варшава,

Туды ж бо нас вязуць на ўбой...

 

— Чакайце, што тут за праява?

— Праява? Дзе?

Ды што з табой?!

— Дык мы ж прыехалі дадому!

Глядзіце! Гэта ж горад наш!

— Ты не кажы хоць больш нікому.

— Аслепнуць! Жэрці мне фураж,

Калі назад нас не вярнулі!

— І праўда...

Што гэта за гулі?

 

Дэпо.

Казармы.

Мост.

Турма.

Вакзал разбіты.

Груды лому...

Не. Больш сумнення ўжо няма,

Што мы вярнуліся «дадому».

І ўжо усе глядзяць жаўнеры,

Ніяк не могучы даць веры

Сваім задзіўленым вачам.

Ды вось і шыльда ля вакзала

Яшчэ раз лішні пацвярджала,

Што гэта ўсё не сніцца нам.

 

Цягнік спыніўся.

Праз хвіліну

Загад пранёсся: выгружацца.

А праз мінут якіх са дваццаць

Апошні воз вакзал пакінуў.

І кожны з нас пасля той стомы

Да болю сціснуў кулакі:

«Мінулі вёрст мо больш за сто мы,

А вынік маршу — ніякі.

Навошта ж так мы ногі білі?

Няхай спачыў бы лепш салдат,

Замест туды, сюды, назад

Ганяць яго адмерваць мілі!»

 

А ледзь паспелі мы памыцца,

Пагрэцца чаем, адпачыць,

Ажно дзяжурны ўжо крычыць:

«Падрыхтавацца у паход!

Гатовым быць хвілін праз трыццаць!»

 

І вось ізноў абоз, народ

З казармы ў новы эшалон

Пагналі чым хутчэй грузіцца.

 

Той-сёй сцішка бурчаў праклён,

Той-сёй падміргваў хітравата,

Ды думаць — справа не салдата,

Дык што ні скажуць, робіць ён.

 

Пасля ўсіх цяжкасцяў пагрузкі,

Спусціўшы ногі на парог,

Ці сеўшы ззаду, дзе хто мог,

У круг сяброўскі мірны, вузкі,

Праз дымы таннай папяроскі

Салдаты далі

Разглядалі

Сваіх няведамых дарог.

 

— Заціхлі бойні адгалоскі...

— І праўда, хмары разагнала,

А не гуляюць «месершміты».

— А мо яны усе ўжо збіты

Ці мо махнулі з Польшчы драла?

— Хутчэй, што Польшча ўжо здалася.

— Ды ўжо ж у самым блізкім часе

Павінны выясніцца справы.

— Раскажа шмат аб чым дарога.

— Спытай начальства, хто цікавы.

— Начальства ведае не многа

Або, як мы, зусім нічога.

Ужо каторая пара,

Як мітусяцца небаракі

Накшталт няшчаснага сабакі,

Які згубіў гаспадара.

— Няма адкуль чакаць дабра!

— Куды ўсё гэта прывядзе,

І як мы спынімся, і дзе?..

Цягнік тым часам рушыў жвава,

За горад выйшаў.

Поле.

Лес...

 

— Яй-богу едзем зноў у С!

— І сапраўды шлях той... цікава?

— Нічога гэта.

Сёння, брат,

Напэўна вернемся назад!

Маліцца толькі трэба богу,

Каб не прыйшлося пехатой

Ізноў прамерваць нам дарогу!

— Ну, хопіць гутаркі пустой,

Пакажа сам бліжэйшы час,

Куды, пашто кіруюць нас.

— Ужо, панок, і так відно,

І не сягоння, а даўно,

Што Польшча выпучыла дно.

— Ты там сядзі ды лепш маўчы.

— Маўчы удзень, маўчы ўначы...

А мы ўсё ж людзі, не сычы!

 

Нечаканае заканчэнне вайны

Стаянка. Доўгі перагон.

Ізноў стаім ля семафора.

Да нас ускочылі ў вагон

Адам з вадзіцелем маёра:

— Навіны ёсць.

Не хвалявацца.

Маўчаць да часу.

Пільным быць.

Вось зараз С., хвілін праз дваццаць,

А там убачым, што рабіць:

Учора раніцай граніцу

Прайшлі ў наш бок бальшавікі...

— Дурніцы з мутнае крыніцы!

— Маўчыце. Гэта не дурніцы,

А звесткі з першае рукі.

Якія іхнія намеры,

Мне, зразумела, невядома,

Аднак прашу вас даць мне веры,

Што хутка будзеце ўсе ўдому.

Канец вайне. Вам, людзям працы,

Зусім не трэба хвалявацца:

Ідзе ўсё так, як лепш не трэба.

Другая справа, што паны

Папруць вас з рускімі змагацца,

Хаця і ведаюць яны,

Што ўжо і нат сам пан бугз неба

Нічога ім не дапаможа,

Бо панскай Польшчы ўжо няма.

А кожны з вас загінуць можа

Зусім бязглузда і дарма,

Калі Савецкая дзяржава

Нясе нам шчасце і свабоду.

Мы супроць братняга народа

Ісці вайной не маем права.

Вось гэта майце ўсе на ўвазе

Ад гэтай хвілі ў кожным разе!

 

— Вось гэта здорава!

— Ура!

— А што ж, ужо даўно б пара!

— Пара змяніць гаспадара?

— А ты лухты не гавары —

У іх усе гаспадары!

— Ужо пакончана з няволяй!

— Ну, пажывём, убачым болей...

 

Адам звярнуўся да мяне:

— З табой мы розна меркавалі,

А выйшла лепш,

хоць па-другому,

Бо на вайне як на вайне...

І будзе вызвален Віталі,

І хутка вернемся дадому,

І з гэтым новым светлым днём

Жыццё другое распачнём.

 

І ледзь прыцішыў ход цягнік,

Пакінуў нас і ў змроку знік,

А ўслед саскочыў шофер той.

 

І раптам дзікі выкрык:

«Стой!»

З чаргой кароткай аўтамата

Адбіўся ў станцыі пустой.

 

Цягнік спыніўся ў тупіку.

Уночы спраў было багата:

Разгрузка, марш, затым пастой

І пераправа праз раку.

Тады вось весткаю благой

Наскрозь прабілі сэрца нам:

Той аўтаматнаю чаргой

Забіты ўвечары Адам,

Шафёр паранены у ногі...

І ў той жа час няспынна, хутка

Плыла цішком на ўсе бакі

Адна упорыстая чутка:

«Ідуць, прыйшлі бальшавікі!»

 

Дык ноччу, кінуўшы ўсю зброю

Ці здаўшы сельскім камітэтам,

Мы, беспарадкавай гурбою

(Начальства наша перад гэтым

Кудысьці знікла — дай бог ногі)

Ледзь толькі стала развідняцца,

Сыпнулі дружна ўздоўж дарогі

Дамоў да сем’яў, к мірнай працы.

 

Ды вось вусцішна раптам стала:

Шаша, як гром, загрукатала,

І ў промнях сонечнага ўсходу

На фоне ранішняй зары,

Насустрач нашаму паходу,

Як быццам волаты з быліны

Ці фантастычныя звяры,

Узніклі танкі на гары,

А ўслед за імі рух няспынны

Калоны войскаў пачалі.

Гарматы, конніца, пяхота

Шляхі-дарогі занялі,

А неба ўкрылі самалёты.

 

Вось — над парадамі парад:

І моц,

і хуткасць,

і размах!

 

Над аркай цвіў чырвоны сцяг.

Народ натоўпам. Хлеб, і соль,

І кветкі, музыка, і смех,

І слёзы радасных сустрэч

Пакрылі шлях. Забыты боль

Нядаўніх дзён.

Праз лес, лугі

Шугнулі сотні новых рэх

І гналі з вёскі гора прэч.

 

Як брат, як сябра дарагі,

Сустрэты быў ля бедных хат

Савецкай Арміі салдат.

А мы — у польскіх шынялях —

Глядзелі з зайздрасцю на шлях,

Што вось вітаюць так не нас,

Што ў тых радах ідзём не мы...

(Бо на салдата ў польскі час

Народ варожа, як нямы,

Здалёк паглядваў з-за платоў.)

 

Ды хопіць зайздрасці, дакору!

Не месца ім і не пара!

Ў натоўпе, шапкі ўзняўшы ўгору,

І мы крычым штосіл: «Уррааа!...»


1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бітэль П. Паэмы / [Аўт. паслясл. М. Арочка; Маст. А. Кашкурэвіч].— Мн.: Маст. літ., 1984.— с. 230- 265
Крыніца: скан