epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Бітэль

Сказанне пра Апанаса Берасцейскага

Частка першая - Настаўнік
  Уступ
  Раздзел першы
  Раздзел другі
  Раздзел трэці
  Раздзел чацвёрты
  Раздзел пяты
  Раздзел шосты
  Раздзел сёмы
Частка другая - Барацьбіт
  Раздзел першы
  Раздзел другі
  Раздзел трэці
  Раздзел чацвёрты
  Раздзел пяты
  Раздзел шосты
  Раздзел сёмы
  Раздзел восьмы
  Раздзел дзевяты
  Раздзел дзесяты
  Раздзел адзінаццаты
  Раздзел дванаццаты
  Раздзел трынаццаты
  Раздзел чатырнаццаты
  Раздзел пятнаццаты
  Раздзел шаснаццаты
  Раздзел семнаццаты
  Раздзел васемнаццаты
  Раздзел дзевятнаццаты
  Раздзел дваццаты


 

Частка першая - Настаўнік

 

Qui non habet in aere, luat in corpore1.

 

 

1 Хто не мае грошай, той плаціць сваёй асобай. (Лацінская прыказка.)

Уступ

Назад на некалькі стагоддзяў

Ізноў вярнуцца я хачу,—

У час, калі работы годзе

Пяру хапала і мячу,

Сякеры, сошцы і лапаце;

Калі мужык у курнай хаце

Ад сцюжы, голаду гібеў,

Калі бурліў народны гнеў

Супроць паноў і іх улады,

А бунты, войны ды напады

Дабро знішчалі і народ

Праз не адзін дзесятак год.

 

Хачу вярнуцца я ў той час,

Калі кароль, паны, магнаты,

Ксяндзы, манахі, уніяты

Былі валадарамі ў нас.

 

Раздзел першы

У Вільні ў канцлера Сапегі

Праходзіць дыспут дзелавы

Адносна тактык і стратэгій

У дачыненні да Масквы.

 

Заслалі ёй аж двух Дзімітраў,

І вось з дваіх ні аднаго

Народ Масквы амбітны, хітры

Прызнаць не здумаў за свайго.

 

Дык канцлер кажа: «Ці не годзе

Нам у царэвічаў гуляць?

Няма ім веры ўжо ў народзе,

Дык мо трэ тактыку мяняць?

 

Прашу выказвацца, панове,

Хто мае з вас праект які.

Ці нам на даўняй ткаць аснове,

Змяніўшы, скажам так, уткі,

 

Ці нешта новае наладзіць,

Чаго дагэтуль не было?»

«З Масквой нам цяжка будзе зладзіць,

Калі рабіць ёй зноў назло,—

 

Сказаў Ружынскі, ваявода,—

Бо як не выцерпіць яна,

То будзе зломлен мір і згода,

І можа ўзняцца зноў вайна...»

 

«Якая ж ваша прапанова?»—

Звярнуўся канцлер да яго.

«Што я? Вось так прыйшло да слова,

Спытайце іншага каго,

Ксяндза, напрыклад, езуіта,

А я жаўнер, не дыпламат...»

 

«Што ж, ад нікога з нас не ўкрыта,

Што сіл мы й коштаў клалі шмат,

Каб тыя планы ўрэчаісніць,—

Сказаў паважна езуіт.—

Прыйшлося так і гэтак ціснуць,

Часамі подкуп, часам спрыт

І розум пры перагаворах

Нам памагалі кожны раз,

Вядома, й пан бог быў за нас...

Заўжды сухім трымаць трэ порах,

Але апроч таго ў наш час

І нешта іншае ў запасе

На ўсякі выпадак трэ мець...

 

Вядома нам, што разышлася

Ў Маскве зноў чутка, што ўцалець

Усё ж царэвічу ўдалося,

Што ён хаваецца ў Літве...

Дык вось пашырыць шматгалоссе

Аб тым, што тутка ён жыве,

Не надзвычайная ўжо справа,

А адпаведны кандыдат

Таксама знойдзецца...»

«Цікава,—

Сказаў епіскап уніят,—

Дзе можна вышукаць такога,

Які б па прызнаках усіх

Пераканаць бы мог любога,

Што ён сапраўдны з іх траіх?»

«Навукай, добрым выхаваннем

Павінен ён пераканаць».

«Скажыце, скуль яго дастанем?»—

Спытаў Сапега.

«Сфармаваць,

Зляпіць такога мы павінны

Цішком, спакойна, спакваля

І да патрэбнае часіны

Хаваць нашчадка для Крамля.

Вось толькі так трэ йсці да мэты,

Каб на маскоўскі ўзвесці трон

Таго, хто будзе нам за гэта

Адданым, верным аж па скон».

«Былі ж нам верныя і тыя,

А вось сустрэў нас рад няўдач,—

Прамовіў Радзівіл,— пустыя,

Здаюцца, ксёнжа, мне, прабач,

Задумы, гэтыя й намеры.

Маскву ўжо цяжка абдурыць,

Цяпер не вельмі проста дзверы

У Крэмль Маскоўскі адчыніць

Пры дапамозе абібока,

Які б і ўсе навукі з’еў.

Там маюць пільнае ўжо вока

І затаілі слушны гнеў

За ўсе ранейшыя падкопы...»

 

«Тады было памылак шмат,

Цяпер мы знаем недахопы,—

Працягваў далей ксёндз прэлат,—

І зможам справу так павесці,

Што выйдзе так,

як трэба нам.

Не нанясём мы ўшчэрбу чэсці

Дзяржавы нашай.

Папа сам,

Хай бог яму дапамагае,

На гэта нас благаславіў...

Ён просіць, нават вымагае

Рабіць усё, каб наш уплыў

На ўсход няспынна пашыраўся —

Туды, дзе ерасі ўвёў грэк,

Каб наша Русь, а з ёй Масква ўся

Прымкнулі к уніі навек».

 

«Ну што ж, паны, жаданне Рыма —

Загад, скажу я вам, для нас.

Відаць, праект мы гэты прымем,

Спрабуем шчасця яшчэ раз,—

Сказаў Сапега,— а дэталі

Даручым вам, айцец прэлат».

«А мы ўжо іх распрацавалі,

Ёсць на прыкмеце кандыдат.

Яшчэ вось толькі засталося

Знайсці настаўніка яму,

Які б штодня гадзін па восем

Папрацаваў з ім праз зіму».

«А хто ж, цікава, кандыдат,

Якога роду, звання, ўзросту?»—

Спытаў епіскап уніят.

 

«Як вам сказаць? Ён хлопец просты,

Бацькоў, радні ў яго няма,

Цяпер яму гадоў з пятнаццаць...»

 

«Чакайце, гэта ўсё дарма,

У гэтым трэба разабрацца...

Дык не падходзяць жа гады!»—

Усе вакол загаманілі.—

«Дзімітры б быў немалады,

Вы нам тут, ксенжа, штось зманілі!»

 

«Я не абмовіўся, паны,

Таго Дзімітра роль сыграна,

Да той не вернемся маны —

Цяпер рыхтуем мы Івана,

Унука Мнішака, сынка

Дзімітра першага й Марыны.

Свайго, сказаць так, земляка

Ці ж падтрымаць мы не павінны?»

 

«Івана, кажаце? Вось як! —

Зноў загудзела памяшканне,—

Калі паставіць справы так,

Ніхто пярэчыць з нас не стане!

Дык хаіі жыве наш цар Іван!

Ідэя гэта неблагая!»

 

«Тады, відаць, зацвердзім план,

Ды толькі ўсіх прасцерагаю,—

Сказаў Сапега,— што маўчаць

Пра гэта трэба перад светам,

І хлопца школіць, навучаць,

Вядома, будзем пад сакрэтам».

 

Яшчэ дабавіў езуіт:

«Настаўнік будзе рускай веры,

Падбаем, каб быў эрудыт,

Каб навучыў хлапца ўсяму,

Што цар павінен знаць... каб дзверы

Ахвотна Крэмль адкрыў яму».

 

Раздзел другі

Гісторыя Гальшан губляецца ў вяках.

Быў гэта княства знакаміты цэнтр калісьці,

Знаходзіў слаўны Вітаўт тут гасцінны дах,

Тут ворагі шукалі славы і карысці.

 

Калі ж князёў гальшанскіх вымер род,

І Ягеллоны княства іх зліквідавалі,

Тады пасля змаганняў, подкупаў, нязгод

Князі Сапегі тут запанавалі.

 

І вось на скрыжаванні двух старых шляхоў,

На беразе Гальшанкі серабрыстай

Жыццё памалу пачало вяртацца зноў

У рытм прывычны.

Валадарна і фарсіста

Палац распалажыўся пры канцы сяла,

У цэнтры, побач з кляштарам — касцёл багаты,

А воддаль панскага і боскага жытла,

Як гурт авечак шэрых, сціснуліся хаты.

 

Жыве ў палацы-замку служак грамада,

У кляштары жывуць манахі-францішканы,

А ў тых халупах-будках люд ды гавяда

Бытуюць у бядзе й нястачы пастаяннай.

 

Хоць са сталіцы недалёка да Гальшан,

Паны сюды цяпер наведваюцца рэдка,

Загляне часам на дзён колькі з Вільні пан,

Ці пані з дзетварою выберацца ўлетку,

 

Каб скінуць з чэрава залішні фунт вагі

Ды трохі адпачыць ад клопатаў бяздзелля,

Паездзіць між палёў, прайсціся на лугі

Ці за грахі ва ўласным каяцца касцеле.

 

А князя ўжо той канцлерскі высокі чын

Змушае жыць зімой і летам у сталіцы,

І шмат дзяржаўных абавязкаў і прычын

Скіроўвае яго ў паездкі за граніцу.

 

І вось сягоння нечакана

Прыехаў князь. З ім быў манах.

А праз гадзіну ўслед за панам

Два панічы ўвайшлі пад дах

Старога замка над Гальшанкай.

З’явіўся к пану кашталян,

За ім слуга прынёс дзве шклянкі,

Віна бутэльку, квасу збан,

Талеркі, трохі перакускі,

Пакуль зрыхтуецца абед.

 

Сядзеў маўчком манах не рускі,

А князь сказаў:

«Дзяржаць сакрэт,

Скажы, ці ўмееш, пан Браніцкі?»

 

«Я верны, княжа, ваш слуга,—

Даў той адказ з паклонам нізкім,—

Я рад служыць вам, як мага.

Што трэба, толькі загадайце,

На колькі хопіць сіл маіх,

Зраблю ахвотна...

Выбачайце,

Чым мне ўслужыць у гэты міг?»

 

«Хвалю гатоўнасць і жаданне

Служыць мне верна і заўжды.

На гэты раз маё заданне

Цяжкім не будзе. Вось сюды

Прыедуць хутка ўслед за намі

Два з места Вільні панічы.

Адзін зусім юнец гадамі,

Другі настаўнік. Улічы:

Для ўсіх, хто толькі не спытае,

Малодшы — князеў, мой сваяк,

Адказ яго ўсім: сірата я.

А пан павінен знаць, аднак,

Глядзі ж не смей прагаварыцца,

Што ён царэвіч, што з Масквы,

Што ён Мнішкуўны сын, царыцы...

Загад такі мой дзелавы:

Выгодаў лішніх ім не трэба,

Пакоі ў замку адвядзі,

Пільнуй, каб мелі хлеб, да хлеба

І за бяспекай іх глядзі.

 

Малодшы пішацца Ян Луба,

Таго, што з ім прыбудзе ўраз,

Філосафа з казацкім чубам,

Зваць Філіповіч Апанас.

Заданне іх: вучыць, вучыцца,

Ні з кім чужым не сябраваць!

А вам — штомесяц у сталіцу

Ка мне цыдулку прысылаць

Пра іх паводзіны, намеры,

І як вучоба іх ідзе...»

 

«Вучыцель гэты рускай веры,

Як ён сябе тут павядзе,—

Манах у гутарку ўмяшаўся,—

Нам неабходна будзе знаць».

 

«Вядома,—

служка заспяшаўся,—

Не будзем гэтага мінаць

У нашых рапартах для Вільні...»

 

«Ну вось і ўсё,—

прамовіў князь,—

Ідзі ўжо, пан, наглядвай пільна,

Ды лішне ў вочы ім не ўлазь,

Каб не затраціў іх давер’я.

Наладзь начлег нам і абед.

Пабыць даўжэй тут меў намер я,

Аднак, назаўтра ўжо чуць свет

Дасі загад падаць каляску —

Вяртацца ў горад трэба нам».

 

«Так, так,— казаў той,— калі ласка.

І нізка кланяўся панам.

 

Раздзел трэці

Рвануўшы з дрэў сухое лісце,

Панура вецер засвістаў

І, хмары гонячы кудысьці,

Сыпнуў дажджом на сад і стаў.

І цемра сонца праглынула,

А ўвесь далёкі краявід

Адразу, быццам, апранула

У сумны шэры чвараніт1.

І кроплі бойка заскакалі

Па сцежках паркавых прысад,

Па лускаватай дробнай хвалі

Ракі, што хлынула назад.

Нібы чакаючы спакою,

Глядзеў маўкліва доўгі час

На парк стары па-над ракою

Настаўнік Лубы Апанас

І ўспамінаў гады былыя,

Старых бацькоў і родны кут,

Нястачы, радасці малыя,

Вучобу, поўную пакут...

 

Вось дасягнуў жаданай мэты —

Здабыў вучоную ступень,

І праца ёсць,—

прытулак гэты

Не стрэнеш лёгка кожны дзень,-

А сэрца ўсё чамусьці ные,

Грызе яго ўвесь час туга,

Хоць справы, клопаты зямныя

Нясе прызначаны слуга.

Няма, здавалася б, прычыны

Паддацца суму і журбе,

Ды вось трывожыць лёс айчыны,

Што гіне ў жорсткай барацьбе.

 

У гэты дзень халодны, слотны

Сябе хацелася вініць

За быт спакойны, бесклапотны,

Што мо не так павінен жыць,

Калі па мову і на веру

Вось больш ужо за трыццаць год

Ідзе нагонка, і не ў меру

Пакут кладзецца на народ.

Адмежаваўшыся ад свету,

Ці можа жыць спакойна ён,

Калі наўкол відаць прыкметы

Эпохі змрочных бурных дзён?

 

Нуда тут шэрая ў палацы.

Іван зубрыў заданы ўрок,

А педагог хацеў падацца

У парк, ды вось, нібы знарок,

Прыгнала раптам навальніцу.

Прыйшлося, стаўшы пры акне,

На нейкі момант запыніцца

І пачакаць пакуль міне.

 

Аж нечакана, як заўсёды,

З’явіўся побач кашталян:

«Прашу, паночку, вашай згоды,—

Прамовіў хутка,—

ясны пан

Канчаў высокія навукі,

Дык знае, што рабіць і як...

Зайсці ка мне прашу, бо мукі

Кладуць на ёй смяротны знак...»

 

«Прабачце, я не разумею,

Якая справа тут у вас,

Шаноўны пане дабрадзею»,—

Сказаў на гэта Апанас.

 

«Дачка мая, дачушка Зося

Ляжыць, як быццам у агні.

(І што, адкуль яно ўзялося?)

Вось так гарыць ужо тры дні,

А мы не можам дапамогі

Ніякай ёй, бядачцы, даць,—

Прашу пайсці вас да нябогі.

Прашу вас нам паспагадаць.

Навукі ж вам усе вядомы,

Вы ёй маглі б дапамагчы...

Не задарма ж прашу, вядома,

Зайдзі, мой пане, палячы.

 

Няма тут лекара другога,

Апроч, паночку мілы, вас.

Ў Ашмяны дальняя дарога

Ды ў гэткі сёння слотны час

Туды нялёгка дабірацца.

Слаў брычку ўчора я туды,

Ажно той лекар у гарачцы

І сам ляжыць. Дык ад бяды

Шукаю ў вас ратунку, пане...»

 

«Не лекар я, ды ўсё ж зірну,

Ў якім дачушка ваша стане»,—

Сказаў Панас гаваруну.

 

Яны сышлі па калідоры

Ў палаца левае крыло,

Дзе жыў Браніцкі.

Ў спальні хворай

Паўзмрочна, горача было,

І толькі свечка ля распяцця

Крыху рассейвала той змрок.

Пры ложку згорбленая маці

Сядзела, ўсклаўшы слёзны зрок

На твар, што ўвесь палаў ад жару,

На рук васковых неспакой...

 

Ступіў настаўнік крокаў з пару,

Абвёў вачыма ўвесь пакой

І падышоў да ложка хворай.

Яна ў бяспамяцтве была,

Зусім аслабленая зморай.

 

Прыпёрся бацька ля стала,

А маці, ўстаўшы, пазірала

З мальбою ў вочы юнака:

«На вас надзея ўся»,— сказала,

А з воч лілася слёз рака...

 

Рука паненкі церабіла

Нярвова коўдру на грудзях.

Ён змацаў пульс. Так сэрца біла,

Што аж яго насцігнуў жах,

Што вось-вось можа разарвацца...

 

«Спакойна,— сцішыў сам сябе,—

Тут нельга, братка, хвалявацца,

Аддайся цалкам барацьбе,

Калі яна табе пад сілу.

А ці пад сілу? Адступіць?

Без бою здаць дзяўчо ў магілу?

О не! Таго не можа быць!

Маё ўсё ўменне і старанне

Павінен я тут прылажыць!»

Бацькоў пацешыў:

«Панна ўстане,

Дачушка ваша будзе жыць,

Але вам прыйдзецца загады

Мае спаўняць праз нейкі час».

 

«Ой што вы, што вы! Будзем рады!

Бацькі запэўнілі ў адказ.

 

«Тады адкрыйце аканіцы,

Ўзніміце шторы на акне,

Акно рассуньце і з крыніцы

Збанок вады дастаўце мне».

 

І па загаду кашталяна

Было ўсё выканана ўраз

Дакладна, ціха і старанна,

Так, як падказваў Апанас.

 

1 Чвараніт — адзін з відаў сялянскага самадзялковага палатна.

Раздзел чацвёрты

У Вільні ў канцлера Сапегі

Нарада важная ідзе.

«Вітаю вас, сябры-калегі,

У нашай цеснай грамадзе,—

Прамовіў канцлер урачыста,—

Вось мы сабраліся зноў тут,

Каб кожны з нас мог асабіста

Разумны вынесці прысуд

Даўно пачатай намі справе.

Сягоння трэба нам рашыць

(Бо скора буду я ў Варшаве),

Як справу Лубы завяршыць.

Вядома нам усім, панове,

Што на маскоўскі царскі трон

Па нашай згоднай пастанове

Намечан хлопец той быў. Ён

Жыве ў адным з маіх памесцяў

Ужо без мала два гады.

Вось гэту справу трэба ўрэшце,

Каб не нажыць якой бяды,

Давесці сёння нам да ладу...»

 

«Чаму — бяды? — тут запыталі,—

Мо вы раскрылі, княжа, здраду?

Ці перашкоды ў чым паўсталі?»

«О не, паны, не ў здрадзе справа,

А ў тым яна, што царскі трон

Чакаў час нейкі Ўладзіслава.

Ужо ў Маскве мо быў бы ён,

Каб атрымаў на гэта згоду

У свой час бацькі-караля,

Ды той, не даўшы сыну ходу,

Сам здумаў панам стаць Крамля.

Таму, панове, можа стацца,

Што мы ідзём супроць двара,

Дык вось у гэтым разабрацца,

Па-мойму, самая пара.

Ды ёсць і іншыя прычыны,

Каб зараз нам абмеркаваць,

Ці справу мы спыніць павінны,

Ці той намер ажыццяўляць».

 

«А я пра гэта ўжо й забыўся,—

Сказаў маршалак Радзівіл,—

Мяне б пан канцлер не здзівіў,

Калі б з няўдачай прымірыўся.

Бо я меў гэткае ўяўленне,

Што справа скончана спаўна,

Ды канстатую на здзіўленне,

Што зноў пра тое ж гамана.

А можа стацца, што Варшава

Прыпіша здраду нам усім

І будзе мець на гэта права.

Нам апраўдацца няма чым,

Бо як дакажаш,

што не зналі

Мы пра намеры караля,

Калі з Масквою ваявалі,

Як мір падпісвалі... й пасля.

А з хлопцам трэба развязацца,

Няхай не муляе вачэй.

Яму ўжо колькі?

Год пад дваццаць?

Ну з гэткім справіцца лягчэй:

Узяць яго прыдворным можна

Ці прыпісаць у полк які,—

Цяпер наш час такі трывожны.

Я так мяркую...»

«Што стралкі,

Прабачце, вельмі нам патрэбны,—

Сказаў на гэта езуіт,—

Вы праўду кажаце. Хвалебны,

Я так сказаў бы, князь, ваш спрыт

Рашаць адным замахам справы,

Аднак, дазвольце мне сказаць,

Прыпомніць, пане мой ласкавы,

Што права звязваць, развязаць

Ідзе з апостальскай сталіцы...

«У справах веры — гэта так...»

 

«А дзе, прабачце мне, граніца,

Дзе, скажам, той відомы знак,

Які палітыку ад веры

Ці то ад веры быт людзей

Сапараваў бы?

На паперы,

А не ў жыцці, князь дабрадзей.

Мы Лубу з нунцыявай згодай

На трон маскоўскі бераглі,

Ён каралю не перашкода.

А што ў той час рабіць, калі

Ні каралю, ні Ўладзіславу

Не ўдасца царскі трон заняць?

Якую знойдзем мы падставу

Свае правы там спаганяць?

А гэты хлопец — туз казырны,

Яго прад’явім мы тады,

Як не паможа дыскурс мірны,

Ні міжнародныя суды.

А ягамосць, наш круль ласкавы

Пра Лубу ведае здаўна,—

Без згоды Рыма і Варшавы

Не йдзе ў нас справа ні адна.

Чаму усё ж пытанне гэта

Сягоння зноў узнялі вы,

Пан канцлер?»

«Што ж, скажу — кабета...

Адной прыйшло да галавы,

Што наш, названы тутка, Луба,

Ні даць ні ўзяць, а сын яе,

Што хлопец быў адняты груба,

Дык супакою не дае —

Крычыць на вуліцах народу,

Што ён не царскі сын Іван

І не шляхоцкага нат роду,

А просты хлопец, сын сялян...»

 

«Навошта брэша баба злая?

Што Луба Ян — шляхоцкі сын,

Дакладна ўвесь наш ордэн знае,

Мы маем доказ не адзін.

А сцішыць бабу тую можна,—

Працягваў далей езуіт,

Перажагнаўшыся набожна,—

Людское сэрца не граніт:

Як за чырвонцы не прыкусіць

Яна расхлябаны язык,

Дык змоўкнуць той яе прымусіць

Хто гэта ў нас рабіць прывык».

 

«Масква ўжо мае Міхаіла,—

Сказаў епіскап уніят,—

Яго сагнаць патрэбна сіла,

Дык не акупіць выйгрыш страт.

Супроць Жыгіманта — баяры,

Як нам вядома, і папы,

А гэта, так сказаць, філяры

Дзяржавы іхняй і слупы.

Яны баяцца рымскай веры,

Якую ўнёс бы ім кароль,

Таму прад ім зачыняць дзверы,

Ці іх прасі, ці іх няволь.

А нам цяпер няма выграння

Ізноў ісці на іх вайной.

Крулеўскай міласці старанні

Дарэмны ўсе, на погляд мой,

Адносна нат і Ўладзіслава.

Раней прынялі б мо яго,

Пакуль ішла войск нашых слава,

А сёння, маючы свайго

Цара, па чутках, не дурнога,

Масква не згодзіцца прыняць

Ні аднаго з іх, ні другога...

 

Ну, а пра Лубу што сказаць?

Па-мойму, хай яшчэ пабудзе

У кандыдатах на цара,

А там яго мы справу ўзбудзім,

Як прыйдзе зручная пара».

 

«І я лічу, што зараз шкода

Запланаванае ламаць,—

Сказаў Ружынскі, ваявода,—

Бо, скажам так, адкуль нам знаць,

Што будзе заўтра, за дзён колькі,

За месяц, год, за два ці тры.

Трымалі Лубу часу столькі,

Мо й дачакаемся пары,

Калі ён зможа нам прыдацца

Ці ў мірны час, ці ў час вайны.

І нам няма чаго баяцца —

Я гэтак думаю, паны».

«А вось з вучобай, хто мне скажа,

Што, як будучым рабіць? —

Спытаў Сапега.— Вось што вяжа!

Далей працягваць ці спыніць?

Дзе, на якой трымаць ступені

Мы будзем далей юнака?

Увесці ў свет? Трымаць у ценю?

Жаніць? Зрабіць з яго стралка?..»

 

І доўга ў ноч ішлі дэбаты,

Куды хлапца накіраваць.

Нарэшце быў праект прыняты:

Вучобы больш не прадаўжаць,

У лік Сапегі слуг прыдворных

Часова Лубу залічыць,

Трымаць яго ў адзежках чорных,

А хто і скуль ён, хай маўчыць.

Яго ж настаўніку Панасу,

Паводле ўмовы, чынш аддаць,

І хай ідзе. Праступкаў масу

За ім прыйшлося ўсім прызнаць:

Цярпець ён уніі не можа,

Бо з верай звязаны старой,

Народ бунтуе і, быць можа,

Наладзіў Лубу на свой строй.

Браніцкі ўжо даўно даносіць,

Што Філіповіч — шарлатан,

І францішканцы нават просяць

Забраць схізматыка з Гальшан.

Калі Браніцкаму даць веры,

Дачку яго абваражыў

І, як ніводзін з кавалераў,

Яе давер’е заслужыў...

 

«Ну што ж, туды яму й дарога,

Няхай сыходзіць нам з вачэй!» —

Сказаў і бровы зморшчыў строга

Галоўны княства казначэй.

 

Раздзел пяты

Спаўзаў з палёў апошні снег,

Рака спакою больш не знала,

Аковы зімнія ламала

І, разгуляўшыся, наспех

Лугі і поймы запаўняла.

Развеяў вецер згусткі хмар,

І сонца ясна асвяціла

Палёў разбуджаных абшар,

І дальні лес, і парк дрымотны.

Вясны гарэзлівая сіла

Зайграла ў песнях жаўрука,

У крыках птушак пералётных,

У зыках мушкі і жука,

У першай кветцы на сугрэве

І ў тых, разгойданых на дрэве,

Што прагнуць хутка разгарнуцца,

Мільёнах радасных пупышак.

 

«А сёння Зосі апрануцца

І выйсці трэба дзе ў зацішак,—

Сказаў Браніцкаму Панас.—

Хай пасля немачы цяжкое

У гэты вось цудоўны час

Яна расстанецца з пакоем,

Няхай пагрэецца на сонцы,

Адчуе водар веснавы —

Пах лісця прэлага й травы.

Напэўна, здаўся ёй бясконцым

Той час яе немагаты».

І вось з палаца ў парк сівы

З падмогай служак выйшла Зося.

Віталі дрэвы і кусты

Яе вясеннім шматгалоссем,

А лёгкі ветрык лашчыў твар

І выклікаў румянец кволы.

Зімы мінулае кашмар

І рой пачуццяў невясёлых —

Адчай, бяспамяцтва, надзея

І свет пусты і анямелы —

Усё памалу адступіла,

Пайшло ў няпамяць прад падзеяй,

Што вось яна, хоць і нясмела,

Нагамі ўласнымі ступіла

На сцежкі паркавай пясок,

Дзе кожны ўздых і кожны крок

Цудоўнай дзеяй пацвярджалі

Прыліў у цела новых сіл.

О як жа здаўся свет ёй міл!

 

І гэты парк, і тыя далі,

Хмурынкі ў небе, сінь вады,

Люстэркі луж, што праглядалі

З-за дрэваў стройнай чарады —

Усё навокал хвалявала,

Пяшчотна лашчыла душу.

Здаецца б, вось расцалавала

Пад гэтых дрэў магутны шум

Усіх людзей і ўсё на свеце

Туліла б зараз да грудзей!

А сэрца мела на прыкмеце

Яго... найлепшага з людзей,

Які адняў яе з рук смерці,

Які змагаўся доўгі час,

Каб не дазволіць ёй памерці,

Ён — мілы, любы Апанас.

 

Ён быў ёй лекарам і нянькай,

Дарадцам, сябрам і слугой,

Калі з затоенай тугой

Даваў ёй зелле, ставіў банькі...

 

Калі міналі дні і ночы,

Снягамі сыпала зіма,

А смерці цень не адступаўся,

Тады пакой яе дзявочы,

Яе лячэбніца й турма,

З яго з'яўленнем ажыўляўся.

Бывала, доўгія гадзіны

Пачварных жудасных начэй

Ён, не адводзячы вачэй,

Праседжваў моўчкі ля гардзіны

Яе высокага акна.

А як суцішана яна,

Павекі змружыўшы, драмала,

Ён падсядаў бліжэй, бывала,

І ў твар яе глядзеў бяззводна.

І быў тады ён гэткім родным,

Такім бясконца дарагім,

Што ўжо, здавалася, з другім,

З ніякім больш нідзе, ніколі

Не будзе гэтак добра ёй.

І жар спадаў, сціхалі болі...

 

Любой гадзінай і парой

На кліч з’яўляўся ён, бывала,

І не паскардзіўся ні разу,

Што сну, спакою яму мала,

І што яна сябе (перш, зразу)

Не вельмі ветліва вяла...

Дык вось сцяжынкаю ішла

І дні былыя ўспамінала.

 

А ў гэтым часе на балконе

Стаяў і думаў Апанас

Пра дзень далёкі ўжо сягоння,

Калі сустрэў ён першы раз

Вось гэту кволую дзяўчыну.

 

Знайшоўшы нейкую прычыну,

Яна зайшла ў той калідор,

Дзе з Лубам ён кватараваўся.

З пакоя выйшаўшы, ва ўпор

Ён з ёю твар у твар спаткаўся.

Яна, як ружа, ўспалымнела,

Аднак, упэўнена і смела

Сказала:

«Пане педагог,

Я — Зося, дочка кашталяна,

Я знаю вас, бо пастаянна

Праз вокны ў парку бачу вас.

Мо пан бы мне пазычыць мог,

Хоць на зусім кароткі час,

Ну хоць якую-небудзь кніжку.

Нуда ў нас тут, а часу лішку

Хацела б я заняць чытаннем...»

 

«Ахвотна дам,

ды вось пытанне

Ці тое з кніг, што я тут маю,

Цікавасць вашу задаволіць,

Бо навуковыя ўсе...»

«Знаю,

Ды я магу сябе зняволіць

І прачытаць і зразумець

Не толькі казкі і балады.

А як не дам часамі рады,

Тады прашу на ўвазе мець,

Што к вам з пытаннямі звярнуся».

 

І вось тады ён завінуўся —

Прынёс ёй кніжку, растлумачыў,

Якія скарбы ў ёй схаваны.

Аднак дзяўчыны больш не ўбачыў,—

Прыйшоў Браніцкі ўсхваляваны,

Прынёс з падзякай тую кнігу,

Прасіў прабачыць за фатыгу,

Якую панна прычыніла,

І просьбу ветліва і міла

Выкладваў пану педагогу,

Што не жадаў бы,

каб нябогу

Навукі кніжныя муцілі.

 

«Жанчыне хопіць тых пазнанняў,

Што ксёндз ды маці прышчапілі,

Бо ад навук ды ад чытання

Ва ўгоду тым замежным густам,

Прабачце мне, адна распуста.

Дык вось прашу вас, мой паночку,

Ніяк не ўздзейнічаць на дочку,

Ні кніжнай мудрасцю,

ні словам»,—

Закончыў ён сваю прамову.

 

І ёй, відаць, забаранілі

З вучоным мужам сустракацца.

Але праз месяц ці дзён дваццаць

У замку ўсе загаманілі,

Што Зося цяжка захварэла.

Лячылі, ведама, няўмела

Яе манахі і шаптухі,

Аднак цяжкой бацькоўскай скрухі

Яны ніяк не разагналі,

Бо з кожным днём марнела Зося.

 

I вось тады ім і прыйшлося

Прыйсці з бядой к яму, Панасу,

Прасіць ягонай дапамогі.

Мінула з дзён тых многа часу,

Нямала страху і трывогі

Перажылі бацькі і слугі,

Пакуль устала зноў на ногі

Дзяўчо,

якое ўсе любілі...

 

Раздзел шосты

Праз нейкі час з усёй акругі,

Прайшоўшы вёрсты, нават мілі,

Сляпыя, хворыя, калекі

З’яўляцца сталі к педагогу

Па слова добрае і лекі,

Пры тым што дня іх прыбывала.

І вось калі народу многа

Ля брамы замкавай стаяла

І гучным стукам у вароты

Пусціць да лекара прасіла,

Браніцкі выйшаў да галоты

І аб’явіў,

што змусіць сілай

Падацца прэч усіх ад брамы,

Калі не пойдуць неадкладна.

 

Панас у момант гэты самы

Хацеў за іх прамовіць слова,

Ды кашталян сказаў зларадна:

«Ці часам пан не адмыслова

Сюды склікаеш гэту марнасць?

Аднак, такая папулярнасць

Па-мойму, можа вам зашкодзіць.

Таму, прашу вас, калі ласка,

Сваіх трымацца абавязкаў

І тутка мне не валаводзіць».

 

Пачаў памалу разбрыдацца

Натоўп дарогай і паўз стаў...

 

Але з народам сустракацца

Папас усё ж не перастаў.

 

Наведваць сам стаў люд убогі

У змрочных хатах-буданах,

Дзе ён ад рознае знямогі

Тых, хто прасіў яго, лячыў

І, як пустэльнік ці манах,

Спрадвечным праўдам іх вучыў.

 

А пачуццё, што ў ім нясмела

Узнікла ў дні хваробы Зосі,

За кожным днём мацнела, спела

І канчаткова развілося

У найшчырэйшае каханне.

Дзяўчыны смелае прызнанне,

Што ён даўно ёй люб і міл,

Яго Іго }надзвычай акрыліла

І новы свет яму адкрыла,

Але ён ведаў — іхніх сіл

І ўсёй настойлівасці волі

Бадай не хопіць для таго,

Каб ім злучыцца ў адной долі.

 

«Бацькі не згодзяцца ніколі,—

Сказаў ён разу аднаго,—

Каб ты маёю жонкай стала,

Дык што ў нас будзе з нашым шчасцем?

Відаць, цябе мне трэба ўкрасці.

Мяне б такое не стрымала,

Але ці вынесеш ты гэта?

Вось з чым павінен я лічыцца...»

 

«А мо ўзмацнею я за лета?

Не трэба будзе больш лячыцца,

Тады з табою падамося,

Куды ты здумаеш ісці,

Калі б часамі не ўдалося

Да ладу з таткам мне прыйсці.

Бо мама, ведаю, не будзе

Пярэчыць мне і згоду дасць.

Яна мне кажа: лепш бязлюддзе,

Абмову выцерпець, напасць,

У хаце жыць гнілой, пахілай,

У кляштар лепш сябе схаваць,

Чым быць адданай замуж сілай

І век з нялюбым векаваць.

 

Здаецца мне, праз час каторы

Мы зможам тату ўгаварыць,

Хоць знаю я яго «гуморы»,

Ды будзем верыць і любіць».

 

І ён дзяўчыне не пярэчыў,

Хоць знаў, што мноства перашкод

Яму рыхтуе гэты год,

Што трэба сіл нечалавечых,

Каб здолець ім перамагчы

Адсталасць, коснасць, забабоны,

Шляхоцкі гонар... і ключы

Знайсці к Браніцкага «суконнай»

Неўраўнаважанай душы.

Ды і не толькі ён паўстане,

А ўсе сумлення таргашы —

Ксяндзы, манахі, уніяты

Не пашкадуюць сіл, старання,

Каб не збыліся тыя сваты.

Для іх — мужык ён і схізматык,

Без роду-племені галыш

І да таго йшчэ на дадатак

Бунтар народа. Ну дык ці ж

Магчыма ждаць ад іх спагады?

 

Ён гэта добра разумеў

І, не знайшоўшы іншай рады,

Душыў у сэрцы боль і гнеў.

 

Раздзел сёмы

Сплывала ў прочкі з неба хмара,

За ёй пахмуркі — нацянькі.

Між вольх, кустоў уздоўж ракі

Лягла, як лёгкі вэлюм, пара.

 

Будзіў жаўрук званочкам поле.

Духмяны водар веснавы

Ад свежаўкошанай травы

Ішоў далёка ў наваколле.

 

Было так ціха і прыгожа

Сярод лугоў і збажыны,

Як толькі ў нас парой вясны

У гэткі ранні час быць можа.

 

Цішком, устаўшы на світанні,

Праз парк, праз тайны пералаз,

Як і бывала ўжо не раз

Настаўнік рушыў на спатканне

З людзьмі, якія папрасілі

Праз басаногіх пасланцоў,

Каб ён да іх хутчэй прыйшоў,

Бо хтосьці ў вёсцы абяссілеў.

Хоць знаў, што дзейснай дапамогі

Не зможа ён без лекаў даць,

Ды мог парадзіць, спагадаць,

Рассеяць родзічаў трывогі.

Таму на кліч не адазвацца,

Калі сярмяжнік у бядзе,

Лічыў злачынствам, дык ідзе

На край сяла к убогай хатцы.

 

Зайшоў у змрочную камору:

«Дзень добры вам, гаспадары.

Няйначай, бацька ваш стары,

Як і раней, зноў цяжка хворы».

 

«Ды не. Другая ёсць прычына

Звярнуцца к вам у гэты раз.

Вось тут спынілася у нас

Старая хворая жанчына

І вельмі хоча вас пабачыць.

Ледзь-ледзь прыдыбала сюды

(І трэба ж нам такой бяды),

Злягла ў гарачцы і маячыць».

 

«Адкуль яна, чаму не дома

Ёй давялося захварэць?»

 

«Прыйшла, як стала ўжо цямнець,

А хто яна, нам невядома.

Адразу нам сказала ўчора,

Што трэба ёй пабачыць вас,

І ўжо пыталася не раз,

Ці вы наведаецесь скора».

 

За печчу хворая стагнала.

Ён сеў на зэдлік побач з ёй.

 

«Прабачце мне за неспакой,

Ды вельмі ж часу ў мяне мала,—

Пачуў ён ціхі голас хворай.—

Хачу я ўпэўніцца йшчэ раз,

Хто ў замку... вучыцца пры вас

Пад пільнай вартай і запорай».

 

«Завецца той юнак Ян Луба,

Ён князя-канцлера сваяк.

Чаму цікавіцеся так

Вы ім?»

«Мыляецеся груба

Ці мо, па княжаму загаду,

Вы мне не смееце сказаць,

Хто ён такі, адкуль, як зваць?

Але, дазвольце, я прысяду,

Бо вельмі дух мне запірае...»

 

Памог ёй сесці Апанас,

Паднёс глынуць у кубку квас,

Тады прадоўжыла старая:

 

«Хто ён, адкуль, як зваць, я знаю,

Бо я паўсвету абышла,

Пакуль яго вось тут знайшла,

Ды толькі позна, бо ўміраю.

 

Ён не царэвіч, сын Дзімітра,

Як вам магнаты наплялі,

А сын палескае зямлі,

Ад роднай маці ўзяты хітра.

Яго схапілі езуіты

(Малога ж лёгка ўгаварыць,

Схаваць ад свету і скарыць).

Дык вось... не пан ён знакаміты,

А мой сынок...

Сюды плялася я здалёк

Мне след манахі паказалі...

Манахі нашы, не ўніяты...

А вось чужынцы, лаціняне

Давалі водкуп мне багаты,

Каб я пакінула старанні

Знайсці яго... і пагражалі...

Пасля казалі мне, што звер

Яго забіў і што цяпер

Надарма пошукі і жалі.

Я ім не верыла, шукала...

Не для сябе, а для яго.

І вось скажу дзеля чаго:

Яшчэ на свеце не бывала,

Каб лгун шчаслівым заставаўся...

А вось манахі ды паны

Яго гадуюць для маны...—

Каб ён маніў і не хістаўся,

Каб ён забыўся пра сумленне,

Прадаў нячысціку душу...

 

Няспынна бога я прашу —

Яму вымольваю збаўленне...

Пашто яму чужая слава?

Ну, каб зманіў ён, скажам, раз,

Ну, скажам, лгаў там нейкі час,

Дык то зусім другая справа —

Народ наш грэшыць, бо гаруе...

Але маніць праз цэлы век!

Таго яму ні чалавек,

Ні бог ніколі не даруе...

 

А хай ён толькі паслізнецца,

Няхай адкрыецца мана,—

Пачнецца бунт, разня, вайна...

Куды яму тады падзецца?

Як перанесці страх і сорам,

Калі пачнуць яго прэч гнаць

І здзек чыніць, і праклінаць

Асобна кожны і ўсе зборам?..

Было ж ужо ў Маскве такое...

Дык дапусціць я не магу,

Каб з сына мне ілжы слугу

Ляпілі вы сваёй рукою...

 

Таму, пакуль яшчэ я ў сіле

(Вы, кажуць, чэсны чалавек),

Хачу прасіць вас, каб на здзек

Івана вы не папусцілі...

Калі б магла яго я ўбачыць,

Сказала б мо яму сама

Пра гэта ўсё... але, дарма,

Не ў сілах лёс мы перайначыць...

Ды ці ў старой жабрачцы хворай

Прызнаў бы маці ён сваю?..

Вось я прад госпадам стаю,

Бо чую: мне штораз то горай,

І вас прашу, мой пане мілы,

Няхай даведаецца ён,

Што шмат гадоў ажно па скон,

Наколькі мне хапала сілы,

Яго я, плачучы, шукала...

 

А зараз вось праз вас прашу:

Няхай не губіць ён душу,

Няхай ідзе куды папала,

Абы далей ад ашуканства...

Цяпер ён дужы, малады,

Дык працу знойдзе заўсягды

Без езуітаў і без панства...»

 

Лягла і нейкую часіну

Маўчала, ўгледзеўшыся ў столь,

Пасля спытала, змогшы боль:

«Ну ці раскажаце вы сыну

Пра ўсё, што я казала тутка?»

 

«Абавязкова раскажу!

Пайду к яму і прыкажу

Сюды да вас з явіцца хутка!

А гаспадыні дам загады,

Каб згатавала вам адвар

З травы, якая зніме жар

І сцішыць сэрца перапады.

 

Вам трэ спачыць, не хвалявацца,

Тых зёлак выпіць і паспаць,

Іван не змусіць вас чакаць —

Захоча чым хутчэй спаткацца».

Падаўся ў замак хуткім крокам,

А думка мучыла адна:

Дык, значыць, гэта ўсё мана!

Ілжы служу, хоць ненарокам.

Рыхтую, значыць, самазванца

За тымі ўслед, што не змаглі

Ўтрымацца колісь у Крамлі.

Дык вось якога выхаванца

Падсунуў мне ты, князь-дабродзей!

Ну што ж, служыў я, покуль мог,

Але ўжо далей, бачыць бог,

На гэтай службе быць мне годзе.

 

А як Іван? Няўжо не знае,

Хто ён такі, скуль родам ён?

Ці проста ён хамелеон

І роль сваю свядома грае?

Ды зараз высветліцца справа.

Ён дасць мне ясны свой адказ.

Недамаўлянне паміж нас

Не можа мець падстаў і права!

Але чаму ў нас насцеж дзверы

І непарадак навакол?

У шафе пуста, ссунут стол,

Лісткі валяюцца паперы,

І з ложка ўся пасцель забрана...

Чаму ж тут гэткі балаган?

А дзе ж падзеўся сам Іван?

Зірнуў і ўбачыў кашталяна,

Які ў дзвярах цішком з’явіўся.

 

«Вось покуль пан шпацыраваў,

Тут адбылося колькі спраў,—

Прамовіў ён, а твар скрывіўся

Усмешкай хітраю і ўмільнай.—

Ад князя мне прыйшоў наказ,

Каб безадкладна, хутка ўраз

З прысланай вартай неадхільна

Адправіць княжыча ў сталіцу,

Вось ён і выехаў...»

«Калі?»

«Гадзіны тры ўжо мо прайшлі.

А тут яшчэ, каб не забыцца,

Пакет нам князеў перадалі...»

 

Раскрыў, зірнуў. Ну так,— разлік.

Заробак выйшаў не вялік,

Ды так ці так, не жыць тут далей.

 

«А з чым з’яўлюся я ў той хаце,

Дзе на запечным тапчане

Ў трызненні, можа, ці ў паўсне

Чакае сына свайго маці?—

Заклапаціўся не на жарты

Навінай гэтай Апанас.—

І трэба ж сёння вось якраз,

Каб гэтак лёс паблытаў карты!»

І ля стала на бераг крэсла,

Адчуўшы раптам стому, сеў.

 

Прыпомніў, што яшчэ не еў,

Калі абед яму прынесла

Дзяўчына з кухні, як заўсёды.

Яна зірнула навакол,

Талеркі ставячы на стол,

І прашаптала:

«Я нагоды

Раней пабачыць вас не мела

І не магла вам перадаць

Таго, што вам цікава знаць...»

 

«Ну дык кажы, расказвай смела,

Няма апроч нас тут нікога».

 

«Пан Ян адбыў ужо ад нас...»

 

«Я гэта знаю».

«Ў той жа час

Адсюль паехала нябога,

Паненка наша, панна Зося...»

 

«Як так, паехала?! Куды?»

 

«Не знаю, пане. Нелады,

Ці толькі гэтак нам здалося,

Цяпер былі ў яе з бацькамі.

Пагрозы пана, пані плач

Мы чулі ўчора. Пан, прабач,

Вас абзываў ён байструкамі,

Даваў і іншыя мянушкі...

Ды вы ж не выдайце мяне,

А то бізун не абміне

Плячэй гаротнай панскай служкі.

Дык Зосю з паняй пан адправіў,

Відаць, у нейкі дальні шлях.

Яна так плакала, аж страх!

І ксёндз іх крыжам благаславіў.

Яны з двара, а ў браму замка —

Чатыры конных гайдукі.

Каня ў сядле за павадкі

Вялі з сабой, пасля ў напрамку

Ашмян з Іванам паскакалі.

 

Ад панны Зосі — лісцік вам;

Сказала я, што перадам.

Мы ўсе ад рання вас шукалі...»

І, распусціўшы трохі станік,

Дастала ліст і падала.

 

Ён адарваўся ад стала

І ля акна пачаў чытанне:

«Мой дарагі, найлепшы, любы!

З табой нас хочуць разлучыць.

Злуецца татка і крычыць,

Кляне цябе, жадае згубы.

А мама? Мама толькі плача.

Мяне адгэтуль павязуць,

Ды ты мне вер і верным будзь,

Дык буду я тваёй, юнача!

Табе я вестку неадкладна

Адтуль падам, дзе буду я.

Цяпер бывай, душа мая,

Прабач, што так пішу няскладна,

Ды ўсё так выйшла нечакана.

З табой сустрэцца не магу,

Шлю гэты лісцік праз слугу...»

 

«Дык вось і ўсё. Ці ў кашталяна

Развагі, сэрца ёсць нямнога? —

Спытаў з прылівам горкіх слёз.—

Куды ён хворую павёз?

Чым адгукнецца ёй дарога?

Няўжо не хоча ён лічыцца,

Што мо смяротны прыгавор

Дачцэ выносіць? Ёй надзор

Патрэбен пільны, і лячыцца

Яшчэ ёй прыйдзецца не мала:

Не хопіць мо яшчэ і год,

Бо невядома, ці сухот

Яна, бядачка, не дастала!»

 

«Пайсці, сказаць мо кашталяну,

Што ён, бязмозглы, натварыў,—

Быў першы водгук і парыў.—

Ды не. Злаваць? Вярэдзіць рану?

Яго ж нішто праняць не зможа!

Не скажа ён мне, дзе яна.

Ды мне яе, хоць з пекла дна

Любоў мая дабыць паможа!»

 

З душою поўнай крыўды, злосці

Рашыў ізноў пайсці ў сяло,

Бо неабходна ўсё ж было

Сказаць жанчыне хворай штосьці.

Але прыблізна ў паўдарогі

Двух пасланцоў спаткаў малых.

«А бабкі той няма ў жывых»,—

Прамовіў хлопчык басаногі.

 

Благія справы, Апанас,

Цябе раптоўна акружылі.

Быў ясны дзень, вясенні час,

І вось напасці чорнай крыллі

Уміг блакіт завалаклі,

Згасілі сонца залатое,

І не заўважыў ты, калі

Бяздомным стаў і сіратою.

Прытулку ў замку ўжо няма —

І вучань знік твой, і заняткі...

Ды ў роспач кідацца дарма —

Такія ўсюды ў нас парадкі.

Цяпер, няйначай, да сяброў

У Вільню трэба падавацца

І там шукаць сабе ізноў

Жылля, занятку — іншай працы.

Мядзяк з абліччам караля

Кухарцы даў, каб неадхільна

На адрас новага жылля

Пра Зосю звестку слала ў Вільню.

 

Занёс свой клунак у абоз,

Што ў бок сталіцы поўз дарогай,

І вось шукаць жыцця другога

Павёў яго няўмольны лёс.

 

Частка другая - Барацьбіт

 

Што тут чынілася у даўнія гады,

Што думалі, чаго бажалі мы тады,

За што змагаліся, як баранілі веру,—

Хай зведаюць усё патомкі праз паперу!

М. Багдановіч

 

 

Раздзел першы

Жыццё пражыць — не луг прайсці.

Мы знаем гэту прыгаворку,

Ды вось напрамак як знайсці

І правадніцу лёсу —

зорку,

Якая б выбраць памагла

Сярод бясконцых бездарожжаў

Уціску, слёз, хлусні і зла

Свой шлях праўдзівы і прыгожы?

І ў свет бязлітасны, чужы

Якімі плынямі ўлівацца?

Ў якія ўпрэгчыся гужы,

Каб з іх пасля не адступацца?

І як змірыць радзімы лёс

З уласным лёсам і каханнем,

Якое ў шчырым сэрцы нёс?..

 

Такі бясконцы рад пытанняў

І розных іншых думак рой

Праймаў у Вільні Апанаса,

Калі пад Замкавай гарой

У ценю ліп сядзеў ён часам,

Або на плынь Вяллі-ракі

Скіроўваў зрок свой невідушчы,

Ці як палямі нацянькі

Ішоў шукаць адказу ў пушчы.

 

Мінала летняя пара,

Няўзнак падкрадвалася восень.

Аж раз, дзе жыў, сярод двара

Пачуў расказ...

Няўжо пра Зосю?!

...«Яна здаровая, жыве

У хроснай дзесь пад Магілёвам

Пры князя брацісе-ўдаве,

І ёй там добра, адным словам...»

Яшчэ казаў гандляр-яўрэй

(Ён чуў ад родзічаў у Лідзе),

Што мо праз месяц ці скарэй

Браніцкіх дочка замуж выйдзе,

Што знатны пан яе жаніх,

Ды не тутэйшы, а з палякаў,

Што шлюб у Вільні будзе іх,

А потым выедуць у Кракаў...

 

Яшчэ працягваўся расказ,

Ды ўжо далей яго не слухаў

Збялелы раптам Апанас,

Нібы аглушаны абухам.

 

«А я ж пісьма яе чакаў! —

Ледзь крык балючы не прарваўся,

Надзеяй жыў, гарэў, шукаў

І вось нарэшце дачакаўся!..

Другі знайшоўся там! А я,

Дурны, выглядваў добрых вестак

І дасядзеў, пакуль мая

Не стала іншага нявестай!

 

Аднак не веру, каб яна

Дала ахвотна тую згоду!

Відаць, намецілі здаўна

Скарыць яе, калі не з ходу,

Дык просьбай, хітрасцю, маной

І з дапамогай спавядніцы...

А дзе ж ёй кволай і адной

Хапіла б сіл абараніцца!

 

Яны ўкароцяць ёй жыццё,

У гэтым пэўны я бясспрэчна.

Забіўшы ў сэрцы пачуццё

Нахабна так, бесчалавечна,

Зламаюць лёс, што быць бы мог

Шчаслівым, светлым і прыгожым,

А так... той замуж, як астрог,

Як птушцы клетка, стацца можа.

 

А я? Што я зрабіць магу?

Пратэставаць? Забіць трывогу?

Мне ў вочы скажуць, што я лгу.

Чарню нявінную нябогу.

Бяссільны я, бо адзінок,

Ніхто мяне не падтрымае,

І мой любы намер ці крок

Практычнай вартасці не мае...»

 

Раздзел другі

Цёмная келля сырая —

Нары, услончык ды стол,

Свечка ў куце дагарае,

Ціша і глуш навакол.

Голаў падпёршы,рукамі,

Думае думку манах,—

Цісне былое, як камень,

Моцна засеўшы ў грудзях.

 

Думаў, замруць успаміны,

Ды ўсё хвалююць, пякуць...

О, як бяссоння хвіліны

Сумна, марудна цякуць!

 

Часаў нядаўніх здарэнні

З памяці збыць няма сіл:

Дзень быў туманны, асенні,

Дробненькі дожджык трусіў...

З думкай сваёй невясёлай

Замкавай плошчай ішоў,

Бачыць: натоўп ля касцёла,

Некалькі брычак, вазкоў...

Тут расчыніліся дзверы,

Люд расступіўся ў бакі.

Стаў ён у натаўпе шэрым:

Хто ж там выходзіць такі?

Ў белі, з вянком маладая,

Побач з ёй пан пажылы —

Бацькам хутчэй выглядае,

Лысы і ростам малы.

 

Стойце!.. Ці добра я бачу?!

Гэта ж ніхто, як яна!

Вейкі напухшыя з плачу,

Тварык, нібы з палатна!

Стомлена сінія вочы

Ў натаўп звярнула на міг,

Твар загарэўся дзявочы,

Вочы сустрэліся іх.

Нешта прамовіць хацела,

Але, відаць, не змагла —

Звяла раптоўна ўсё цела.

Вочы закрыла імгла...

Скошанай кветкай апала...

 

Што там? О дзе ж ты там, дзе ж?

Дайце зірнуць!.. Але чвалам

З месца панёсся картэж...

 

Трэці ўжо месяц мінае.

Ён, праваслаўны манах,

Вось без канца ўспамінае

Твар яе, вочы ў слязах,

Постаць прыбітую горам,

Бездапаможны ўзмах рук...

І ля яе... Як не сорам?! —

Гэты нахабны вяпрук!

 

Твар затуліўшы рукамі,

Думае думку манах,

Думку, што цісне, як камень,

Моцна засеўшы ў грудзях...

 

Пачуўся лёгкі стук у дзверы:

«Не спіцца, браце Апанас?

Не сплю і я: для нашай веры

Настаў цяжкі бязмерна час.

Пайшлі на нас у наступленне

Кароль,

лаціннікі,

паны...

Ва ўсёй Літве «стаўпатварэнне»

Разгул, свавольства сатаны,—

Пачаў ігумен ад парога

Выказваць клопаты свае,—

Няма сапраўднай веры ў бога,

Дык вось ён нам крыжы дае...

 

К табе я ў келлю гэткім раннем

Прыйшоў, ты цяміш, нездарма.

Рашылі ўчора мы сабраннем,

Ды й багародзіца сама

Зрабіць нам гэта падказала,

Цябе, брат, рукапалажыць

(Такіх, як ты, ў нас вельмі мала),

І будзеш богу ты служыць

Свяшчэннаіераманахам.

А потым вызначыць сам бог,

Дзе, пад якім табе быць дахам,

Які ўздымаць табе цальнёг.

Што ты на гэта, браце мілы?

Ці згодзен сан святы прыняць?»

«Манах я, ойча, і ўсе сілы

Прысягу даў царкве аддаць,

Служыць ёй верна, паслухмяна.

Жаданне ваша — мне загад».

 

«Тады рыхтуйся, заўтра рана

Мы здзейснім той святы абрад».

 

Раздзел трэці

Ходзяць хмары дажджавыя,

Ападае з дрэваў ліст.

Вецер бойкі то завые,

То падыме сумны свіст.

 

Па калдобінах дарогі

Цераз лужыны і гразь

Ледзь пляцецца конь убогі,

Крэкчуць колы, стогне снасць.

А насупраць той падводы,

Каб каню палёгку даць,

Крочаць моўчкі пешаходы —

Два мужчыны. Грэбля, гаць

Іх вядзе ўжо час каторы

Між алешын, хмызнякоў

Праз гнілых балот прасторы,

Неабжытыя з вякоў.

 

«Пачынае ўжо змяркацца,

Трэба нам да цемнаты

Да паселішчаў дабрацца.

Замарыўся, бачу, ты,—

Паляшук сівабароды

Ў час хады загаварыў.—

Вось тут хутар Пераходы,

А вунь там, дзе той абрыў,

Пачынаецца мястэчка.

Ёсць там крамы і карчма...

Но, Гняды! Ўжо недалечка.

І двух вёрст, лічы, няма».

 

На каня махнуўшы пугай,

Ён працягваў маналог:

«Стала жыць нам вельмі туга,

Цяжка жыць, не дай ты бог.

Прыдзіраюцца да веры,

Мову хамскаю завуць

І без літасці і меры,

Быццам ліпку, нас дзяруць.

І ніскуль няма падмогі,

Не пажалішся нідзе...

Чэзне, мрэ наш люд убогі

Ў недастачах і бядзе.

 

Я не ведаю, ці ўсюды

Так, як тут, жыве народ.

Нас дык вельмі жмуць прыблуды,

Наязджомы розны зброд

(Папы рымскага найміты)

Хітры, прагны і пусты.

Уніяты, езуіты,

Сёстры божыя, браты

Пра збаўленне наша дбаюць,

Абяцаюць неба, рай

І, як чэрві, абжыраюць

Бедны наш палескі край...

 

Што вы скажаце на гэта,

Падарожны чалавек?

Бачу, ёсць у вас асвета,

А не то, што ў нас, няўмек.

Дык вы мне б мо раз’яснілі,

Скуль прыйшоў закон такі,

Каб яны нас так цяснілі,

Каб цярпелі мужыкі?

І чаму старая вера

Сёння лічыцца благой?

І дзе ёсць такая мера,

Каб зраўняць яе з другой?»

«Адказаць на ўсе пытанні

Не так проста, дружа мой,—

Адазваўся запытаны.—

Неабходна жорсткі бой

Аб’явіць бясчынствам гэтым,

Што аблыталі народ,

Зданы розным прайдзісветам

На пакуты, здзек і гнёт.

 

Справы ў нас стаяць, брат, блага,

Ясна гэта сёння нам,

Не за намі перавага —

Воля дадзена панам.

Але нельга паддавацца

Ні пагрозам, ні хлусні,

Веры, мовы адцурацца

Нельга нам ніяк! Ані!»

 

«Ну а што, калі не зможам

Доўга націску стрымаць?»

 

«З волі божай пераможам

Лаціністаў і іх раць.

Вер мне, брат, я — рыцар божы!»

 

«Вы чарнец? А як вас зваць?»

 

«Я з тутэйшага народу,

Зноў вяртаюся да вас.

З Філіповічаў я роду,

А завуся Апанас».

 

Раздзел чацвёрты

У Пінску, ў доме езуітаў,

Нарада важная ідзе

Аб тым, што кляштар дызунітаў,

Які ў Дубойскай слабадзе,

Кляйміць стаў папскіх слуг заўзята.

З’явіўся знекуль там дзялок,

Які ўжо многа уніятаў

Назад у схізму завалок.

Здабыў давер’е вельмі хутка

І абдурыў люд цёмны ўраз —

Дайшоў да кожнага закутка

Чарнец-схізматык Апанас.

«Прыйшоў нам з Вільні тайны строгі,—

Казаў старэйшы з іх,— загад,

Прыняць фанатыка з дарогі,

Не дапусціць далейшых страт.

Дык што вы скажаце на гэта,

Святыя ў Езусе браты?»

 

Першы Манах

Што ж, ясна вызначана мэта,

І метад вінен быць круты:

Паслаць людзей вядомых трэба

З загадам цвёрдым,

каб яны

Яго адправілі на неба

Без лішніх слоў і гаманы,

Тады адновіцца парадак,

Настане ціша і спакой.

 

Другі Манах

А я лічу, прабач, з парадай

Змірыцца нельга нам такой.

Вядома ўсім нам без прыкрасы,

Што ў схізмы ён — аўтарытэт,

І не такія сёння часы,

Каб так вось з ходу на той свет

Адправіў нехта чалавека,

І ўсе канцы табе ў ваду.

У гэтай справе небяспека

На ордэн наш наслаць бяду.

Тут трэба дзейнічаць умела,

Удар нанесці трэба так,

Каб чэрнь падумаць не пасмела,

Што наш нанёс яго кулак.

 

Трэці Манах

А ты канкрэтна, брат Амброжы,

Усім нам выясні свой план.

 

Другі Манах

Улезці ў лагер трэ варожы,

Пайсці на хітрасць і спадман,

Пазнаць, чым дыхае, што любіць

Чарнец славуты Апанас...

Падсунуць бабу, хай галубіць

Ці хай над чаркай глуміць час,

А потым так павесці справу,

Каб кожны ўбачыў і пазнаў,

Хто ім духоўную нёс страву,

Хто ў нашай справе замінаў.

 

Чацвёрты Манах

Хоць план Амброжага не новы,

Але прыдацца можа тут,

Таму што я ўжо чуў размовы,

Што быццам гэты шалапут

З адною дзеўкай вельмі ладзіў,

Ды, кажуць, кінула яна,

Паводле іншых, сам ён здрадзіў.

Дзе праўда тут, а дзе мана,

Цяпер для нас не важна гэта,

А важна, што адной з прынад

Напэўна можа стаць кабета,

Ёсць шанс тут трапіць акурат.

 

Пяты Манах

Падсунуць трэба маладуху,

Каб адпаведная была

Па прыгажосці і па духу,

Ну... і каб нас не падвяла.

 

Другі Манах

Жанчыну выбраць нам не цяжка,

Але найлепш бы падышла

Былая іхняя манашка,

Што ва ўніяты перайшла.

 

Прыёр

Знайдзі такую, брат Амброжы,

Душэўна з ёй пагавары,

Скажы ёй, што інтэрас божы

Яе там спыніць да пары,

Пакуль схізматыка ў спакусу

Яна адкрыта не ўвядзе.

 

Пяты Манах

А што зрыхтуем злому русу?

Падловім як? калі? і дзе?

 

Прыёр

А гэта справа ўжо другая,

Пазней мы вырашым яе.

Цяпер хай бог дапамагае,

Пачатак добры хай дае.

Праз тыдні два збяромся зноў тут,

Назначым месца, зручны час,

Навучым, што рабіць, сяброўку

І правядзём інсцэніроўку,

Як нам здаралася не раз.

 

Трэці Манах

А што рабіць, калі не ўдасца

Таго дзялка перахітрыць?

Ён, кажуць, хай яго там трасца,

Мастак не толькі гаварыць,

А й свой мужыцкі розум мае

І добра знае мудрасць кніг...

 

Першы Манах

Ну, гэта нас не паўстрымае,

Змяталі мы і не такіх,

У нас улада ёсць і сіла...

 

Шосты Манах

І ад усіх дзвярэй ключы.

 

Прыёр

Як не, дык князя Радзівіла

Папросім нам дапамагчы.

І так ці так, я маю слова,

Што кляштар той аддасць ён нам,

Ды трэба нам абавязкова,

Каб вораг зломлены быў там.

Дамо яму так паслізнуцца,

Каб проста трапіў у турму,

Тады хутчэй к нам прыхінуцца

Усе, што верылі яму.

 

Трэці Манах

А як «Артыкулы спакою» —

Дэкрэт апошні караля

Абыдзем мы?

 

Першы Манах

А што ж такое?

Уся на Піншчыне зямля

Належыць князю Радзівілу.

І валадар тут толькі ён.

 

Прыёр

Як згоду дасць, прыменім сілу

І схізму выкурым стуль вон...

Шосты Манах

Вось будзе права і закон!

 

Усе

Амэн!

 

Раздзел пяты

Як пацярпеўшыя крушэнне,

Калі да выспы даплывуць,

Свае абмацваюць кішэні

І бедным скарбам лік вядуць,

Так ледзь жывымі з навальніцы,

Дубойскі здаўшы манастыр,

Прыйшлі ў Купяцічы прыжыцца

Манахі-старцы й правадыр.

І тут апошніх дзён здарэнням

Яны цяпер улік вялі —

Усім напасцям, сутыкненням,

Хлусні, нянавісці,

калі

Ва ўгоду пінскім езуітам,

У імя бога і Хрыста,

Загадам грозным і сярдзітым

Князь гнаў іх з даўняга паста.

 

І ні судовыя паперы,

І ні дэкрэты караля,

Пратэст людзей спрадвечнай веры,

Што, нібы пчолы ля вулля,

Ля цэрквы роднае гудзелі,

Абараніць іх не змаглі.

 

У ноч з суботы на нядзелю,

У час, як людзі спаць ляглі,

Пачуўся грозны стук у дзверы,

А следам — лаянкі і крык.

Глядзяць манахі: аж жаўнеры

З узбліскам шабляў, лесам пік

Усе будынкі акружылі

І, покуль хто што змог паняць,

Замкі, пячаці налажылі.

Загад быў дан: рыззё сабраць

І праз хвілін не больш, як дваццаць,

Усім, як ёсць, з манастыра

У свет шырокі падавацца,

Бо як міне тая пара

І знойдуць тут каго жывога

У схоўцы нейкай там, нары,

Гаворкі будзе з ім не многа —

Не ўбачыць ранішняй зары...

 

Панас сядзеў маўклівы, хмурны

З цяжкой ад думак галавой.

Настрой нярадасны, хаўтурны,

Чужы душы яго жывой,

Не пакідаў яго сягоння.

Ён зноў і зноў перажываў

Напад, уцёкі і пагоню,

Як праз балота і праз стаў

Ды хмызнякамі прабіраўся...

Відаць, даўно ўжо князь-магнат

Уплыву папскіх слуг паддаўся

І не інакш, як даў загад

У той начной неразбярысе

Яго прыціснуць дзе няўзнак,

Дык вось жаўнеры і ўзяліся

Загад той выпаўніць. Аднак,

Не выйшла гэтак, як хацелі

Найміты Езусавых слуг,

Бо ён, падняўшыся з пасцелі,

Да Піны рушыў цераз луг.

Калі ж заўважылі дазоры,

Што ён збіраецца ўцячы,

Дык праз платы, равы, разоры

За ім пагналіся ўначы...

 

Раней жанчына падказала,

Што на Дубойскі манастыр

Такая ладзіцца навала,

Ды ён не верыў: клір на клір,

Няхай сабе вызнанняў розных,

Не пойдзе збройнаю вайной!

(Нявер’е тое ў момант грозны

Прызнаць быў змушаны віной.)

 

Апроч таго са слоў кабеты

Пазнаў і ўцяміў вельмі шмат

Пра хцівасць, замыслы, сакрэты,

З якімі здрадзіўся легат,

Калі даваў ёй настаўленні

І на грахі благаславіў.

Яна ў набожным засляпленні

Пайшла на здраду, ды раскрыў

Яе тут ён у хуткім часе,

Дык расказала ўсё сама

І спешна ўпрочкі падалася:

«Туды, дзе уніі няма!»

 

«Дык вось якія небяспекі

Мяне маглі не абысці,—

Сказаў Панас сабе,— на здзекі,

Глядзі, свой люд не папусці,

Бо ясна што,мараль якую

Чужынец, унія нясе...

Яшчэ пра вас я паталкую,

Раскрыю бруды вашы ўсе!»

 

Раздзел шосты

«Дарогі, дальнія дарогі!

О, колькі ж вас, шляхоў-дарог,

Таптаных лапцем, капытамі,

Ступнямі чорных босых ног,

Чаўном збарозненых, плытамі

Праклаў праз край наш люд убогі!

 

Дарогі, дальнія дарогі!

О, колькі ж вас пазнаць я змог,

Праз месты едучы і сёлы,

Праз пушчы, нетры і цальнёг,

Праз край абдзёрты, невясёлы,

Праз нівы кволыя й аблогі!

Няўдачы, роспачы, трывогі

Вялі мяне і ўноч, і днём,

Аднак свяцільнік моцнай веры,

Які ў душы гарэў агнём,

Казаў, што споўняцца намеры,

Што не дарэмны шлях мой гэты

Сюды, ў Маскву, дзеля «ялмужны»1,

Што я сваёй даб'юся мэты —

Змагу манарху расказаць,

Пра што ў Варшаве марыць знаць

І як жыве наш люд лапцюжны.

 

І вось, мінуўшы ўсе кардоны,

Праз сто ці больш мо перашкод

Прыбыў нарэшце, ды заслоны

Мне ставяць зноў і ў свой чарод

Не прапускаюць да цара.

 

Відаць, без помачы пяра

Я ў Крэмль ніяк не дабяруся,

А знаць цару даўно б пара

Пра справы ў нас на Беларусі...—

Так разважаў чарнец Панас.—

Пішы ў пасольскі, брат, прыказ.

Калі праўдзіва і прыгожа

Сваё апішаш падарожжа,

То прыме цар тады, быць можа».

 

У дом заезны на Ардынку

Прыбыў крамлёўскі пасланец:

«Ці тут пасол жыве?»

«Хвілінку,

Які пасол?»

«Пасол-чарнец,

Што ў вас, сказалі, затрымаўся».

 

«Чарнец тут ёсць, але ці ён

Пасол, патрэбны вам, не знаю.

Жыве ўжо тут ён многа дзён,

Спярша пісаннямі займаўся,

А вось цяпер бяду з ім маю:

Даўно не плаціць за пастой,

Не мае грошай харчавацца...»

«З табою гутаркай пустой

Няма калі мне тут займацца,

Ідзі, скажы: прыйшла пара

Яму з’явіцца да цара,

Скажы, што я чакаю тутка,

Вядзі яго, ды толькі хутка!»

 

І вось Панас ужо ў Крамлі.

Пад рукі служкі правялі

Яго ўздоўж залы да цара.

На небе гасла ўжо зара,

І набліжаўся час вячэры,

Дык не адразу ў змроку шэрым

Усё разгледзеў Апанас.

Сядзеў у крэсле Міхаіл,

А ў стужцы з шыбы дробны пыл

Дрыжаў, клубіўся і якраз

Хаваў, як вэлюм, царскі твар

І тых, што побач з ім былі.

 

«Хадзі бліжэй,— прамовіў цар

(Панаса тут жа падвялі),—

Скажы дакладна, скуль і хто ты,

Пашто і з чым прыходзіш ты?

З уласнай волі і ахвоты

Прыбыў сюды ці мо лісты

Чые прывёз па даручэнню?»

 

Паклон адбіўшы самы нізкі,

Сказаў Панас: «Мае запіскі,

Вялікасць ваша, цар наш слаўны,

Наш памазанец праваслаўны,

Да вас, мяркую я, дайшлі.

Я там пісаў, з якой зямлі

Прыбыў сюды, з якою мэтай.

Я вельмі ждаў сустрэчы гэтай,

Каб вам дапоўніць свой расказ.

Я — служка божы Апанас,

Па прыказанні маці божай

Пусціўся ў гэта падарожжа

Цяжкое, поўнае трывог,

І добра знаю: каб не бог

І не яго святая воля,

Масквы б не ўбачыць мне ніколі.

А ён прывёў мяне сюды,

Каб я вас, можа, ад бяды

Ці небяспек перасцярог.

Сказаць пра ўсё, што мне вядома,

Ніяк дагэтуль я не мог...»

 

«Ну што ж, расказвай, павядом нас».

 

«Ёсць справы важныя, якіх

Дастоен толькі царскі слых».

 

Цар знак падаў, і праз хвіліну,

Апроч двух знатных ваявод,

Усе, хто быў, пакой пакінуў.

 

«Не знаю я, ці той прыгнёт,

Які мы церпім, вам вядомы,—

Пачаў расказваць Апанас,—

Чужынцы пышацца у нас,

Як не адважыліся б дома.

Злачынствы ўсе ім сходзяць з рук,

Зусім не лічацца з законам.

Ад іх мы бачым столькі мук

І столькі здзекаў, што ўжо стогнам

І плачам поўніцца наш край...

Але галоўнае не гэта,

А вось, вялікасць ваша, знай,

Што ў нашым краі пад сакрэтам,

Рыхтуюць зноўку самазванца

На ваш маскоўскі слаўны трон».

«Якога, дзе зноў ашуканца

Паны літоўскія знайшлі?

Дзімітры трэці ці хто ён?

А рушаць з ім да нас калі?»

 

«Не, гэтым разам не Дзімітры,

Але ўжо сын яго Іван.

Вядомы мне намер і план

Даўно задуманы і хітры,

Бо хлопца я адукаваў

І свята быў перакананы,

Што бог ад смерці захаваў

Унука Мнішака, Івана.

Што ў зман паны мяне звялі,

Прызнацца ў тым не вельмі люба.

Той хлопец просты, ад зямлі,

А зваць яго Ян Фаўстын Луба...»

 

Устаў цар, пляснуў у далоні.

Ахова ў залу ўбегла ўраз.

«Размовы скончаны сягоння,

Айцец духоўны Апанас —

Пасол, прыбыўшы з-над Вяллі,

Дык, як належыць, у Крамлі

Кватэру ўраз яму адвесці,

Сачыць, каб меў што піць і есці!»

 

Пасля звярнуўся к Апанасу:

«Адкласці трэба нам бяседу

Да заўтра, на пасля абеду,

Бо сёння ўжо не маем часу».

 

І цар манаха ўпадабаў.

Яны ўжо ўдвух пасля ў Крамлі

Штодзённа гутаркі вялі

На тэмы розных важных спраў.

Чарнец цара заваражыў

Сваім шырокім кругаглядам.

А як Панас пазней здружыў

З асоб прыдворных знатных радам,

То ўсе прызналі, што ігумен

Таленавіт, вучон, разумен.

І цар сказаў яму аднойчы:

«Застанься ў нас, шаноўны ойча,

Тут будзеш мець і хлеб, і дах

І хутка будзеш у чынах,

Бо муж ты мудры і вучоны».

І Апанас сказаў з паклонам:

«О, праваслаўны гасудару!

Насіў я ў сэрцы гэту мару,

Каб з вамі жыць і працаваць,

Аднак жа гора гараваць

Павінен я з сваім народам,

Які бязмерны церпіць гнёт,

Прычым цяжэйшы з кожным годам.

За дабрату,

за шмат турбот,

За вашу шчодрую падмогу

Я ваш маленнік на ўвесь век,

Аднак пара ўжо мне ў дарогу,

Я ж паднявольны чалавек.

Мой кляштар, пэўне, б’е трывогу,

Што я паехаў і прапаў».

 

І цар яго больш не трымаў,

Загад стральцам даў клапаціцца

Аб ім да самае граніцы.

 

1 Ялмужна (польск.) — міласціна, матэрыяльная дапамога.

Раздзел сёмы

Даўней у Берасці суседзі

Жылі ў сяброўстве, міры, згодзе.

Калі ўзнікала спрэчка недзе,

Яе разбор вялі на сходзе,

А потым мусіў вінаваты

З суседам скрыўджаным змірыцца.

Закону бедны ці багаты

Ніяк не мог не падчыніцца.

 

Калі ж паны і езуіты

Народ у унію пагналі,

Калі касцёл іх прагавіты

Ішоў ў наступе ўсё далей,—

Замест сціслейшага яднання

Рэч Паспалітае народаў,

Пайшоў разлад, грызня, змаганне.

І з кожным днём расла нязгода

У сем’ях, цэхах, сёлах, местах

Паміж суседзямі,

братамі.

І не было ў краіне месца,

Дзе б не збіраўся люд гуртамі,

Не наракаў, не хваляваўся.

Кляймілі «грэкі» уніятаў,

А хто ўжо ў унію падаўся,

Той праваслаўным дух выматваў.

І ўжо не права, а бязладдзе,

Нахабства скрозь запанавала.

Хто ж меў заступнікаў ва ўладзе,

Таго й Варшава прызнавала.

 

У Брэсце цэркваў больш дзесятка,

І вось, глядзіш, яны адданы

Ўсе уніятам,

без астатка.

Шумеў народ усхваляваны,

Бо праваслаўных больш было там,

Чым тых, што унію прызналі.

Не раз рамеснікі, галота

Супраціўляцца прабавалі,

Але жаўнеры ваяводы

Змяталі іх, як вецер лісце.

І больш было з тых бунтаў шкоды,

Чым відавочнае карысці.

 

Яшчэ так-сяк ліпела брацтва,

Ды членаў стала менш паловы,

Дык не было каму змагацца

За лёсы веры, школы, мовы.

І ўжо здавалася парою,

Што ў новай польска-папскай плыні

І звычай з вераю старою,

І мова родная загіне.

Але тады з’явіўся ў месце

Чарнец Панас, ігумен жвавы

І стаў адважна, стойка весці

Царквы пакрыўджанае справы.

 

Знайшоў старыя дакументы —

Наданні цэрквам ад магнатаў,

Аднак пратэсты, аргументы

Ні езуітаў, ні ўніятаў

Не пранялі, не ўсхвалявалі.

Ксяндзы не думалі расстацца

З тым, чым нядаўна заўладалі,

І абвінялі нават брацтва

У злоснай дзейнасці варожай

Супроць рэлігіі і ўлады.

Тады ён сцяміў, што не зможа

На месцы даць нахабству рады,

Што не інакш, як у Варшаву

На сейм паехаць давядзецца

І каралю злажыць заяву,

Калі дапусцяць з ім сустрэцца.

 

«Звярнуцца трэба ў імя бога

Да справядлівасці манаршай.

Не можа быць,— казаў,— такога,

Каб не прызнаў ён крыўды нашай».

 

Раздзел восьмы

Калі на сесіі сяймовай

Яму дазволілі ўзяць слова,

Ён так казаў без хвалявання:

«О, найяснейшы каралю і пане!

Прывітанне,

Паклон зямны і добрых пажаданняў многа

Прымі праз Апанаса, служку бога,

Ад сваіх падданых

Бядой прыгнечаных, загнаных,

Пакрыўджаных, бяспраўных,

Ад люду грэцкай веры — праваслаўных.

 

Зірні спагадна, пане наш ласкавы,

На нашы справы

І з той

Бязмежнай дабратой,

Якой ты нам, бывала,

Даў доказаў не мала,

Прызнаўшы прывілеяў рад,

Дай свой загад,

Каб ні паны, ні езуіты, ні ўніяты,

Ні слугі іх,

ні іх салдаты

Праследваць нас далей не смелі.

 

Даўней у Берасці мы мелі

Дзесятак цэркваў і аж тры

Манастыры,

А вось цяпер з таго былога

Не засталося ў нас нічога —

Усё забралі супастаты,

Бацькоўскай веры здраднікі — ўніяты.

А кіравалі імі і кіруюць езуіты —

Нахабны ордэн, хцівы і сярдзіты.

Не прызнае нас ні адна з дзяржаўных устаноў.

Як на звяроў,

Глядзяць цяпер на тых, хто ўсходняй веры.

Для нас зачынены ўсе дзверы,

Мы сталі людам сорту горшага, другога,

Хоць славім бога,

Як славілі яго ўсе продкі нашы.

Вось мы ў сваім паддашшы

Не пэўныя ані маёмасці, ані жыцця.

Вядзе ўсё гэта ў нас да разліцця

Крыві народнай.

Няма цяпер мясціны ў нас ніводнай,

Дзе б панавала, як калісьці, згода.

Глядзі, наш найяснейшы пан, каб гнеў народа

Не выплеснуў праз берагі!..

Вось клопат недастойнага твайго слугі:

Табою данага для брацтва прывілею

Зацвердзіць ані як я не здалею —

Каронныя пан канцлер

І падканцлер

Прыкласці адмаўляюцца пячаць.

«Ідзі у унію, тады пацвердзім!» — мне крычаць.

О не! Я тым, кім ёсць, звякую!

А ў справе валакіты той мяркую,

Што ў нас датуль не будзе ладу,

Пакуль любога каралеўскага загаду

Усе не будуць дэталёва выпаўняць.

Хто ў каралеўскай радзе — радзь,

Аднак рашэнне, як закон,

Належыць каралю. Што скажа ён —

Для ўсіх загад.

І канцлер, гетман ці магнат

Таму павінен падпарадкавацца,

А не глядзець, напрыклад, на ўніяцтва

Або на тое, што дыктуюць езуіты...

 

О, пане найяснейшы, прагані ты

Чужынцаў гэтых з Рэчы Паспалітай

І унію навекі загубі!

 

Пакуль не позна, так зрабі

З усёю хеўрай нам варожай.

Не ад сябе прашу, а па загаду маці божай

Купяціцкай, якая мне

Не раз з’яўлялася наяве і ўва сне,

І да цябе звярнуцца загадала.

Прытым мне так сказала:

«Калі кароль не супакоіць грэцкай веры

І тая унія, нахабная без меры,

Ва ўсёй краіне

Не загіне,

То гневу божага, суда яго настане горкі час».

Вось гэты багародзіцы ў крыжы абраз

Прашу прыняць як папярэджання яе святога знак.

Даруй мне, найяснейшы пане,

Калі мо што сказаў не так.

Жыві сто год і каралюй нам, пане наш,

І просьбы нашы ўсе ласкава ўваж!»

 

Раздзел дзевяты

У сейме гнеў і абурэнне:

«З чыйго загаду, паручэння

Пасмеў якісьці там манах

Прыйсці сюды, пад сейма дах

З такой нахабнаю прамовай?

Чаму яго не запынілі?

Хто дапусціў яго да слова?..»

 

На перапынку гаманілі

Паслы-папісты, уніяты,

З каронных земляў дэпутаты,

І згодна ўсе яны вінілі

Паслоў-ліцвінаў грэцкай веры,

Што тут манеўр іх прадузяты,

Каб здзейсніць даўнія намеры —

Літву з Каронай разлучыць...

 

«Кароль няхай сабе маўчыць,

А мы, паслы, не маем права

Не адказаць на той паклёп,

Які ўзвёў тут схізматык-поп

На наш закон!» — крычалі справа.

 

«Аддаць пад суд сепаратыстаў!» —

Выкрыкваў нехта з-між папістаў.

А злева хтосьці ўставіў басам:

«А ці не варта было б, часам,

Паслухаць мірна і разважыць

Усё, што нам тут самі скажуць

Паслы — усходнія ўладыкі?»

 

Тады і ўзяў, устаўшы, слова

Стары епіскап з Магілёва:

«Я прызнаю: афронт1 вялікі

Нанёс ігумен Апанас

І каралю, і ўсёй дзяржаве,

Аднак жа, што датычыць нас,

То абвіняць вы нас не ў праве.

Не мы яго на сейм зазвалі,

Прамовы з намі ён не ўзгодніў,

І выступаць ад цэрквы ўсходняй

Яму мы права не давалі...»

 

«Караць яго ў вас ёсць жа права?»

 

«А гэта іншая ўжо справа,

Мы пакараць яго павінны

За парушэнне дысцыпліны —

Ён абышоў епіскапат

І на сябе ўзяў вельмі шмат,

Таму цяпер яго чакае

Пакута строгая, цяжкая».

 

1 Афронт (франц.) — знявага.

Раздзел дзесяты

Апанас

Здаўна вядзецца пагаворка:

«Не заракайся торбы і турмы».

І гэту праўду, як ні горка,

З табой павінны сцвердзіць мы.

Што скажаш, браце мой Лявоне,

На гэты выбрык землякоў,

Якога вынікам сягоння

З’явіўся наш варшаўскі схоў?

Ну, я здаўна ўжо ў ненавісці

І ў чужакоў, і ў тых сваіх,

Якія ўласнае карысці

Не забываюць ні на міг,

А вось чаму цябе ў цямніцу

Запёр са мною архірэй?

 

Лявон (дыякан)

А ён, я думаю, баіцца,

Што я ад гэтых вось дзвярэй

Пачаў бы ўраз шукаць адмычкі,

Пакуль былі б вы пад ключом,

Што я, хоць званнем невялічкі,

Ды не сядзеў бы ціхачом.

Тут многа нашых грэцкай веры,

На сейм прыбыўшых, дык яны

Маглі б прыйсці сюды пад дзверы

І нарабіць тут гаманы,

А не, дык нават і патрэсці

Яго як след за бараду...

Абы было каму павесці,

Парушыць тую грамаду.

 

Апанас

А варта ўзняць было б паўстанне

Пад самым бокам караля.

Няхай бы ўбачыў хваляванне,

Што ўжо даўно не спакваля,

Але гвалтоўна рвецца вонкі.

Рашэнні б мо прыняў хутчэй,

Калі б пратэсту голас звонкі

Не даў самкнуць яму вачэй.

Хутчэй мо б выгнаў чужаніцаў

І наш загнаны бедны люд

Ад здзекаў збавіў і пакут.

 

Прайшло дзён колькі. Нечакана

Зайшлі ў час позні з ліхтаром

У лёх той трое. Хоць старанна

Закрылі твары каптуром,

Але пазналі вязні зразу,

Што першы — пінскі уладыка,

Другі — прэлат, духоўнік Вазаў1,

А трэці, ростам невялікі,

Пузаты трокскі ваявода.

Падняўся з нар сваіх манах,

Устаў Лявон. А пры дзвярах

Стаялі тыя ля ўвахода.

 

Архірэй (пінскі епіскап)

Ну як, мяцежны Афанасій,

Ці ты прызнаў сваю віну?

Ці ўсё йшчэ лезці на сцяну

Ў цябе ахвота засталася?

 

Апанас

Ігумен я, не акрабат,

Таму прашу на гэткі лад

Са мною гутаркі не весці...

Прасіў бы вас я тут прысесці,

Ды для кампаніі такой

Не прыспасоблен мой пакой.

 

Прэлат

Прыйшлі сюды мы ў імя божа,

Таму не варта б вам, быць можа,

Так з ходу гневацца на нас.

 

Архірэй

Мы хочам, ойча Апанас,

Абмеркаваць, пагаварыць,

Як нам далей у згодзе жыць.

 

Апанас

Турэмшчык з вязнем — не сябры.

 

Архірэй

Яно мо так... да той пары,

Пакуль канфлікт між імі ёсць.

 

Прэлат

Учора вязень, заўтра — госць,

Так можа лёс перамяніцца.

Святліцай можа стаць цямніца,

Сухар змяніцца на пірог,

Калі праявіць волю бог.

 

Архірэй

Да вас прыйшлі мы з прапановай:

Калі не будзеце вы новай

Вайны з уладамі ўзнімаць

І лад дзяржаўны шанаваць

Дасце сваю сягоння згоду,

То вас адпусцім на свабоду.

 

Апанас

Дык што мы, значыць, бунтары?

З якой, скажыце мне, пары

Завецца бунтам просьба ў нас?

Вось вы і знаеце якраз,

Што не шукаю я багацця

І не прашу сабе чужога,

Але назад хачу забраць я,

Што ў нас аднята ў імя бога.

Хачу зазначыць яшчэ раз:

Не для сябе прашу — для нас,

Для ўсіх ліцвінаў грэцкай веры,

Цяпер пакрыўджаных без меры,

Вярнуць былое, аднавіць

І далей бога не гнявіць

Паблажкай уніі праклятай...

 

Архірэй

Вось ты больш уніі не кратай,

Жыві цішком, маліся богу,

Не лезь на слізкую дарогу,

Якая ў бездані вядзе...

 

Апанас

Не спачуваць людской бядзе

Я з абавязку не магу

І больш таго — не маю права.

 

Прэлат

Пра ўсіх клапоціцца дзяржава,

І нат найменшага слугу

Яе апека не міне...

 

Апанас

Маўчыце лепш пра гэта мне.

Вядома ўсім, што прынцып гэты

Аджыў у нас, бо прайдзісветы

Уладу маюць і на тых,

Хто бачыць хцівасць, прагнасць іх,

Хто іх нахабства пакрывае,

Кладуць зламысніка кляймо.

 

Прэлат

Ну недахопы ёсць дзе мо,

Ды пра законнасць суд наш дбае.

 

Апанас

Што ж, дбае суд, айцец прэлат,

Ды вельмі часта неўпапад,

І не крыўдзіцеляў карае...

 

Архірэй

Мы ўжо ад тэмы адышлі.

Я паўтарыць хачу: калі

Дасі нам зараз абяцанне

Пакінуць з уніяй змаганне

І што ўжо больш не будзеш брацца

За справы вашага там брацтва,

То мы адпусцім на свабоду

Абодвух вас вось зараз, з ходу.

 

Ваявода

Дамо ахову і падводу,

Каб вас, дыякана й багаж

У манастыр адвезла ваш.

Аплацім кошты падарожжа...

Жаданні ёсць у вас, быць можа?

 

Прэлат

А я дадам: айцец ігумен,

Будзь дальнабачліў і разумен,

І для святога міру, згоды

Не адкідай цяпер нагоды

Прыстаць да уніі святой...

 

Апанас

Займацца гутаркай пустой

Не варта нам, бо мы не дзеці,

А я не кіну, як Мялецій2,

Ні веры роднай, ні братоў.

Скажу вам проста: я гатоў

Любыя здзекі перанесці,

Да смерці гніць за гэтай кратай,

Жыццё аддаць сваё, нарэшце,

Але той уніі праклятай

І не прызнаю й не прыму!

 

Прэлат

Тады скажы ж нам хоць чаму?

 

Апанас

Ну што ж, скажу. Прашу прабачыць

За словы шчырыя мае.

Хто ўмее думаць, слухаць, бачыць,

Той разумее й прызнае,

Што гора унія прынесла

Народу беднаму майму,

Што й вёску ўзбурыла, і места,

Людзьмі запоўніла турму,

Людзьмі, якіх віны ўсяго,

Што не зракаліся свайго

Старога звычаю і веры...

 

А намаганні ж і намеры

Слуг верных папы і палякаў

Вядомы ўсім і зразумелы:

З папоў зрабіць перш ваўкалакаў,

Каб кожны з іх, як ачумелы,

Аддаўся справе ляшскіх змоў...

Магнат, што ў папства перайшоў,

Мяшчан і шляхту спакушае,

А селяніна прымушае

Ад мовы, веры адракацца,

Перад чужынцамі ўніжацца

І за адным зрабіцца махам

І рым-католікам, і ляхам,

Забыцца, кім ён быў калісьці...

 

Прэлат

Гаворыш гнеўна, ў ненавісці,

Манаху б так не выпадала.

А я скажу табе:

замала

Глядзець на справы аднабока.

Не ўмееш бачыць ты далёка —

Не дурні унію стваралі,

І хрысціянскае маралі

Яна ніяк не нарушае.

Касцёл наш толькі запрашае

Царкву усходнюю з’яднацца,

І аб прымусе няма мовы...

 

Апанас

Што ўсе пустыя гэта словы,

Той можа ў нас пераканацца,

Хто пабывае ў Вільні, Оршы,

У Брэсце й іншых местах, сёлах.

Цяпер уціск у нас там горшы,

Чым Русь цярпела пры манголах.

Зірніце мірнымі вачыма

На нашы справы і падзеі,

І ясным стане, дзе прычына,

Што так лютуюць ліхадзеі —

Паны, падпанкі і прыблуды

Манахі вашы рознай масці.

 

Прэлат

Каб добрай волі вам прыкласці,

Дык стала б мірна, ціха ўсюды.

 

Апанас

Цярпення ў нас і добрай волі

Не бракавала аніколі.

Ліцвін з палякам аб’яднаны,

Як вольны з вольным, роўны з роўным

Ды прынцып той не захаваны

У самым важным і галоўным:

У акт братэрства, аднадушша

Унеслі ляхі крывадушша

І ім кіруюцца няспынна...

 

Вось вы ўявіце на хвіліну,

Што мы да вас спярша ў палацы

Пачалі хітра прабірацца

І, адурманіўшы багатых,

Папоў шматтысячны атрад

Пачаў наводзіць рускі лад

І ў гарадах, і ў вашых хатах.

Каб вашы школы зачынялі,

Касцёлы ў цэрквы замянялі,

Знішчалі рукапісы, друкі,

З культуры,

мовы

і навукі

Рабілі здзекі, жарты, кпіны,—

Як вы глядзелі б на такое?

А мы вось гэта ўсё павінны

Прымаць з паблажкай, з супакоем?!

 

Прэлат

Культуру мы ў ваш край прыносім,

Святло праўдзівай веры ў бога...

А што вы нам маглі б прынесці?

 

Апанас

У нас адказаў вам знайшлося б

На гэту тэму вельмі многа,

Ды трэба кончыць спрэчку ўрэшце,

Яна не дасць нам анічога.

 

Архірэй

Ну што ж, ігумен Апанас,

Не наракай тады на нас,

Бо вось ты вораг сам сабе.

 

Прэлат

У гэтай вашай барацьбе

Недастатковыя матывы

Ды і няма ў ёй перспектывы.

 

Апанас

Затое ёсць святая мэта.

 

Архірэй

А што, дыякан, ты на гэта?

Ці хочаш выйсці на свабоду?

 

Дыякан Лявон

Не, я ігумена не кіну,

Дзяліць з ім буду й асалоду,

І смутку горкую хвіліну.

 

Ваявода

Ну тут вам соладка не будзе...

 

Прэлат

Ну ўсё. Пайшлі адсюль. Забудзем,

Што тут парог пераступалі.

Хай чэзнуць так, як пажадалі!

 

І выйшлі ўсе. Заскрыгатала

Засоўка ржавая ў дзвярах,

І ноч яшчэ чарнейшай стала.

Застаўся сальнай свечкі пах

І цемрай плыў праз час якісьці.

 

Апанас

Ну вось ні ім, ні нам карысці

Бяседа тая не дала,

Мне толькі ўцяміць памагла,

Што нас з табой яны баяцца.

Чакайце,

божыя мужы,

Я з вамі буду й тут змагацца!

Вось толькі, як мне, падкажы,

Дастаць пісьмовыя прылады?

Я так ім кніжкай дапяку,

Што і жыццю не будуць рады!

 

Дыякан

Даць грош які вартаўніку,

Дык ён здабудзе нам, аж міла,

Паперу, пёры і чарніла.

 

Апанас

Вось гэта добра. Заўтра раннем

Заняцца б я хацеў пісаннем.

 

1 Ваза — прозвішча караля Уладзіслава IV, які быў па нацыянальнасці шведам.

2 Мялецій Сматрыцкі (1572—1630), епіскап полацкі, спярша актыўны барацьбіт супроць уніі, пазней стаў уніятам і асудзіў, як ерэтычныя, свае ранейшыя творы.

Раздзел адзінаццаты

Мітрапаліт

Закончана сесія сейма,

Пара б падавацца дамоў,

Ды вось тут сабраныя ўсе мы

Павінны заняцца ізноў

Учынкам таго ж Апанаса.

 

Уладыка Луцкі (Апанас Пузына)

Па-мойму, манах ён талковы,

Вялікай душы чалавек...

 

Уладыка Магілёўскі

Мяцежнік, бунтар безгаловы,

Наш сан апаганіў навек!

 

Уладыка Луцкі

Чаго ж натварыў ён такога,

Што так яго ганьбіце вы?

 

Уладыка Пінскі

Ой, што вы! Пабойцеся бога!

Няўжо вы дагэтуль не чулі,

Што ўчора, на злом галавы,

Насіўся амаль без кашулі

Па вуліцах людных сталіцы

І вунію крыкам кляйміў?

 

Уладыка Луцкі

А вы не маглі памыліцца?

Не ён гэта, можа, там быў?

Бо ён жа сядзіць у цямніцы...

 

Мітрапаліт

Няма тут памылкі, ўладыка,

Ён вырваўся ўчора з-пад варты

І бегаў з юродзівым крыкам,

У гразь укачаўшы адзенне.

Мяцежнік ён злосны і ўпарты,

І хопіць цярпець за яго

Папрокаў і тых абвіненняў,

Што ў адрас кіруюцца наш.

 

Уладыка Пінскі

А нам з ім важдацца чаго?

Пазбыцца раз-два — і шабаш!

 

Уладыка Луцкі

Як гэта пазбыцца? Вы што?

Ягонай крыві зажадалі?

 

Уладыка Пінскі

О не, не так страшна. Нішто

З яго мы учынім, а далей

Няхай, як захоча, дзівачыць,

Адказнасць на нас не спадзе.

 

Уладыка Луцкі

Што значыць — «нішто»?

 

Мітрапаліт

Гэта значыць,

На нашым вось гэтым судзе

Мы сан з яго знімем і званне,

Для гэтага ж вось згуртаванне.

 

Уладыка Луцкі

Я — супраць такога прысуду,

Я згоды на гэта не дам!

 

Мітрапаліт

Трымацца я большасці буду.

 

Уладыка Луцкі

Ці ж будзе не сорамна нам,

Як гэты наш бедны падсудны —

Ахвяра чужацкай злабы,—

Якая гняце нас паўсюдна,

Прысуд гэткі крыўдны, грубы,

Скажу я вам, крыўдны і строгі,

Замест спачування, падмогі

Адчуе на кволых плячах?

І так ён у тым падзямеллі,

Напэўна, змарнеў і зачах.

Не ўсе мы яго зразумелі...

Змагаецца ж ён за ўсіх нас.

 

Уладыка Полацкі

Не гэткі цяпер у нас час,

Каб так напралом і адкрыта

Кляйміць езуітаў, паноў

І унію лаяць сярдзіта.

А ён «наламаў столькі дроў»,

Што хопіць цяпер на гады

Для нас, праваслаўных, бяды.

 

Уладыка Луцкі

Ну што ж, дык далей адступайце,

Пакуль спакваля нас усіх

Не ўцягнуць у унію... Знайце ж,

Што ўсе тыя ўступкі й на міг,

На момант адзін не стрымаюць

Папістскіх другіх вымаганняў.

Сягоння адно атрымаюць,

А заўтра ізноў без ваганняў

Палезуць, каб даць ім другое.

Ім сёння абрыд Апанас,

А заўтра той мерай благою

Любога адмераюць з нас...

 

Суд гэты сабраць загадалі

Вам канцлер ці папскі легат?..

 

Мітрапаліт

Прызнаюся, што вы ўгадалі,

Дык змушаны я, хоць не рад,

Зноў гэтаю справай заняцца.

Таксама і радзіў бы вам

Уладам не супраціўляцца.

 

Уладыка Луцкі

Не, я сваёй згоды не дам

На гэткі бязбожны прысуд!

 

Мітрапаліт

Яшчэ хто з сабраных нас тут

Прысуду таго не падпіша?

Як бачым, такіх больш няма —

У залі агульная ціша.

Не варта спрачацца дарма,

Бо шкода слоў лішніх і часу.

А вось прыгавор Апанасу:

Пазбавіць і сана, і звання,

Закуць і звычайным манахам

Паслаць прадаўжаць пакаранне

У Кіеў, дзе ў Лаўры пад гмахам

Глыбокія ёсць падзямеллі

І вельмі надзейныя келлі...

Ці згодныя ўсе з прыгаворам?

 

Уладыка Луцкі

Вялікі

Вам грэх, уладыкі,

І вечная ганьба, і сорам!..

 

Раздзел дванаццаты

У цеснай камеры астрожнай

Пануры змрок што раз гусцеў

І ўсё мацней з хвілінай кожнай

Праймала вільгаць да касцей

Абодвух вязняў, што сядзелі

Маўкліва воддаль ад сцяны.

Міналі будні і нядзелі,

А ўсё таміліся яны,

Гнілі жывымі ў тым падвале

І пра апошні свой прысуд

Зусім не ведалі, не зналі

Тых, што чакалі іх, пакут.

 

Аж вось забразгалі аковы,

Іржою скрыпнулі замкі:

Уздзець ігумену аковы

Прыйшлі чатыры гайдукі

І з ходу цэлай грамадою

Нахабна ўсселі на яго,

Зваліўшы з нар збанок з вадою.

 

Здушылі вязня да таго,

Што ён не мог паварушыцца

І нават голасу падаць

З-пад рот заткнуўшай рукавіцы.

 

І праз хвілін якіх мо пяць

Яго закулі ў кайданы,

Аброжку ўсклалі і да ног

Ланцуг скрапілі, каб спіны

Ён цалкам выпрастаць не мог.

Пасля з праклёнам, штурхачамі

За дзверы выпхнут быў Лявон.

І вось, забразгаўшы ключамі,

Апошні з катаў выйшаў вон.

 

А ў келлі, скурчаны дугою,

Ляжаць застаўся Апанас,

І ні рукою, ні нагою

Не мог ён рушыць доўгі час.

Калі ж хацеў збанок намацаць,

То так запелі ланцугі,

Што сэрца стала разрывацца

Ад болю, крыўды і тугі.

 

Затым гадзіны, дні і ночы

Пайшлі ў трызненнях ці паўсне.

Рукой закладваў, жмурыў вочы,

А перад імі на сцяне

Ўставалі нейкія фігуры,

Крывыя морды і звяры.

Яны, здавалася, за мурам

Чакалі доўга той пары,

Каб як у камеру прабрацца,

Дык лезлі чорнай грамадой —

Чатыры, пяць, сем, дзевяць, дваццаць...

Плылі кудысьці чарадой

І расплываліся ў прасторы.

На месца іх натоўп другі

Настырна лез, пакуль каморы

Не запаўняў па берагі...

 

А часам бачыў штось другое —

Палац гальшанскі, парк стары

І ў ім стварэнне дарагое...

Крамля Маскоўскага муры,

Сялян гаротных, поле, хаты,

Царкву, свой бедны манастыр...

А то хтось ліпкі і пузаты

Цягнуў яго ў бяздонны вір...

 

Таму зусім не задзівіўся,

Як нехта ў чорным ля дзвярэй

Насупраць нар яго з’явіўся.

Заплюшчыў вочы, каб скарэй

Ад здані новай адчапіцца,

Але пачуў, як быццам, плач.

Не можа штось такое сніцца!

Тады сказаў сабе: «Пабач

І зразумей, што там за ліха».

 

Сеў. Загрымелі кайданы,

А здань шаптала з плачам ціха:

«О божа мой! Ой што ж яны

З табой, гарутнік мой, зрабілі!

О каты! Слугі сатаны!

Дык тут жа горш, чым у магіле!»

І плечы ўздрыгвалі ад плачу.

Пасля сказала праз хвіліну:

«Не пазнаеш мяне, як бачу,

Не ждаў, што ў гэту дамавіну

Змагу к табе прабрацца я?

Тут змрок. Глядзі, вуаль адкіну...»

 

«Не можа быць! Душа мая!

Анёл ты мой! Мне гэта сніцца!..—

І цёр далонямі павекі.—

А я ж паспеў ужо змірыцца

З тым, што ты страчана навекі...

О, як ты трапіла сюды,

У гэты дол сыры, смярдзючы?

Бяжы адсюль! Хай цень бяды

Табе ўспамінам не дакучыць.

Забудзь, што бачыла ты тут!

Зося, Зося!

Пані Зося!

Калі ў нас шчасце не збылося,

Не прыбаўляй, прашу, пакут

Сваёй слязой і спачуваннем!»

 

«Так зразу бегчы? Дай перш глянем

На нашы справы ясным вокам

І, можа, знойдзем ад марокаў,

Ад гора-бед выратаванне,

Хоць часу ў нас цяпер не многа.

(Стаіць там дзесьці за парогам

Адзін з падкупленае варты,

Адданы страхам і трывогам,

І ўраз паблытаць можа карты)».

 

«Скажы, чаму ты не пісала,

Як нас з табою разлучылі?»

 

«Пісала я не раз, гукала,

Ды так за мной усе сачылі,

Што ні адзін білецік мой

Не даляцеў да адрасата.

Цяпер я ведаю багата,

А ў той час хворай і адной

Уталкавалі, што хацелі.

І толькі, помніш... пры касцёле

Я ўсё адразу зразумела,

Ды ўжо было... запозна...»

 

На ўскрай услончыка прысела

Ды зноў уздрыгваць стала з плачу.

Пасля сказала ціха, слёзна:

«Хай лепш цярпела б я нястачу,

Сама на хлеб свой зарабляла,

Каб толькі той, каго кахала,

Дзяліў са мной мой хлеб і лёс...»

 

А потым, сцёршы кроплі слёз,

Сказала: «Ён не быў благі,

Ды не магла я прытварацца.

Бо ў сэрцы быў заўжды другі,

З якім душа мая расстацца

I не хацела й не магла...

Праз год знайшлася ў мяне дочка.

О як яе я берагла!

Ды толькі роўна паўгадочка

Было той радасці...

А потым — ён... на паляванні...

Дамоў прывезлі ледзь жывога,

Памёр ад ран...

Прабач. Замучыла дарога.

Была я зноў на пахаванні,

Вяртаюся з Гальшан.

Памерла мама...

I тут пачула, што таксама

І ты няшчасны, як і я...

Чакай, не гавары нічога,

Вядома мне гісторыя твая,

І як жывеш ты тут, я бачу.

Прашу, паслухай, што твая нябога

Задумала табе прапанаваць.

Я не жыла ніколі ўбога

І так магу цяпер сказаць:

Па мужу я багатай вельмі стала,

І дабіваюцца цяпер маёй рукі

Два знатныя вяльможы-старыкі

І розных маладых нямала,

А я хачу, каб доля зноў злучыла нас;

А што на гэта скажа Апанас?»

 

Зусім забыўшы пра турму,

Пра гразь, і цемру, і смурод,

Душой гарнулася к яму.

А ён маўчаў і ў свой чарод

Глядзеў на стан зусім дзявочы,

На бледны твар, на зоркі-вочы,

Нібы хацеў той вобраз мілы

Забраць у сэрца на ўвесь век,

На ўсё жыццё аж да магілы...

Не заўважаў, што з-пад павек

Сляза расіла твар калматы.

Пасля прамовіў:

«О кабета!

Ты бачыш путы, бруд і латы?

А я — у клетцы, быццам звер...»

 

«Мяне зусім не страшыць гэта!

Між намі розніца цяпер,

А заўтра ўжо яе не будзе».

 

«Не будзе, кажаш? Застанецца,

І справа тут не толькі ў брудзе,

Гнілой адзежцы, кайданах —

Ад праўды некуды падзецца —

Не забывай, што я — манах,

Прытым яшчэ ў свяшчэнным сане!»

 

«Нядаўна ўсходнія ўладыкі

Ў цябе аднялі сан і званне...»

 

«Прысуд прадажнай гэтай клікі,

Найперш за ўсё, не канчатковы,

А па-другое, няма мовы,

Каб я адрокся ад прысягі

Захоўваць вечны цэлібат.

Прашу паняць: табе знявагі

Я гэтым чынам не раблю.

О як я быў бы вельмі рад

Сказаць табе: любіў, люблю,

Больш не разлучымся з табою!..

Ну не глядзі з такой мальбою!

Ты на свабодзе, я ў няволі,

З якой не вырвуся ніколі,

З якое выхаду няма...

Я добра знаю: ты сама,

Калі не зразу, дык калісьці

Ка мне ўсю страціла б павагу,

Каб я для ўласнае карысці

Пасмеў даць з поля бою цягу.

Бо зразумей, прашу, мяне,

Што я і тут вось — на вайне.

І покуль толькі духу стане,

Не кіну гэтага змагання

За праўду, веру, за айчыну...»

 

«Ну як жа я цябе пакіну

У гэтым цёмным, брудным доле?!

Як мне сцярпець, што ўжо ніколі

Не злучыць нас адна дарога?

Падумаць — сэрца халадзее!

Пакінь жа мне хоць цень надзеі!

Няўжо патрэбныя для бога

Няшчасці нашы і пакуты?

Ды дзе той бог? Чаму ты скуты?

За што ты трапіў у турму?

За службу верную яму?!..»

Тут словы згінулі ў рыданні.

 

«Ні плач, ні сум, ні хваляванні

Не змогуць нам дапамагчы»,—

Прамовіў ціха Апанас.

 

Аж вось забразгалі ключы,

Прыкрыў турэмшчык злёгку дзверы

«Прабачце, пані, але вас

Хаваць тут больш ніяк не можам —

Ідуць ад плошчы к нам жаўнеры,

Як вас убачаць, не дай божа,

Дык нам бяды не абабрацца..»

 

«Вось зноў настаў час развітацца.

Не плач, даруй мне і... забудзь,—

Прамовіў вязень.— Мужнай будзь

І быць шчаслівай пастарайся...»

 

«А ты, прашу, не забывайся,

Што я чакаю і заву

І што я ў Кракаве жыву —

Вялікі ўласны дом ля рынку...

Іду, іду... Яшчэ хвілінку:

Бялізну, ежы вышлю з ходу...

Падам заяву каралю

І ўсё магчымае зраблю,

Каб хутка ўбачыў ты свабоду.

Бывай, мой любы! Да сустрэчы!»

Яна пайшла, угнуўшы плечы,

І знікла ўслед за ёй святло.

 

І паўгадзіны не прайшло,

Як зноў зацыргалі замкі.

Прыйшлі чатыры гайдукі

І ланцугі з ног, з шыі знялі:

«Бяры лахман, каптур, сандалі,

Ды не марудзь, паўзі хутчэй!»

 

«Куды?»

«У Кіеў, прэч з вачэй

Паны адвезці загадалі».

 

Раздзел трынаццаты

Ад тых варшаўскіх спраў-падзей

Мінуў прыблізна цэлы год.

Вясна зноў песціла людзей

Цяплом прыветным. Снег і лёд

Ужо сплылі, і на палях

Зазелянела збажына.

Ля манастырскага акна

Вярба стаяла ўся ў «катках»,

А побач з ганкам тапалі

Пупышкі клейкія ўзнялі

Да сонца яснага ў блакіт.

І нораў бойкі свой і спрыт

Дэманстравалі вераб’і,

Заняўшы дрэвы, плот і дах.

На літар роўныя страі

Адклаў пяро сваё манах

І ў задуменні праз акно

Глядзеў на божы свет — на двор,

На неба сінь, на дальні бор

І ў думках зноў прыпамінаў

Нядаўні шлях жыццёвы свой,

Здарэнняў рад і безліч спраў...

 

Усталі ў памяці жывой

Сустрэча дзіўная ў цямніцы,

Праз Прыпяць, Днепр у Кіеў шлях

Пад голым небам на плытах

У сцюжу, спёку, навальніцы...

Падвал-турма ў другой сталіцы.

А потым суд і апраўданне,

Затым у Берасце вяртанне

На працу ў мілы сэрцу кут,

Хоць знаў, што зноў сустрэне тут

(Змагацца ж бо не перастане)

Праследы, здзекі і напасці...

 

«Вось справа важная, якой

Няможна сёння ўжо адкласці:

Бясчынствы жакаў-хуліганаў

Штодня муцілі супакой,

А ўрэшце выхадкай паганай,

З намовы Езусавых слуг,

Яны свавольствы завяршылі:

Манахаў «рускіх», старцаў двух

Кіямі ледзьве не забілі.

Такога нельга дараваць,

Ды вось улады гарадскія,

Замест віноўных пакараць,

Суцішыць бурных гадаванцаў,

Прынялі скаргу за паклёп,

А нас за злосных ашуканцаў.

Пад’ехаць варта мо было б

У горад Кракаў да Сапегі

І праўду вылажыць яму

Пра лацінісцкія набегі,

Пра нашы крыўды, нашы справы

І запытаць яго, чаму

Няма на гэты гнюс управы?

Належыць горад жа яму,

І пан, як кажуць, ён ласкавы.

Які ж назойлівы той Кракаў!

Аб гэтым слове шмат разоў

Тужыў, маліўся, нават плакаў,

Хацеў забыць яго, ды зноў

Яно на памяць усплывала

І болем сэрца сашчамляла.

 

Відаць, цяпер, па волі божай,

Пасля блуканняў і нягод

Настаў усё ж такі чарод

Сабрацца ў гэта падарожжа

Не для таго, каб перайначыць

Даўно ўжо вызначаны лёс,

Але пазнаць і зблізку ўбачыць

Куды ён думкі ўпарта нёс».

 

І вось, наймаючы падводы

Ад вёскі ў вёску, ў дальні шлях

Пакалытаў чорнабароды

У чорнай вопратцы манах.

І думкі чорныя, цяжкія

Ішлі з ім побач крок у крок

Пра тых братоў сваіх, якія,

Няхай настане толькі змрок,

Баяцца выйсці за вароты,

Пра лёс царквы, манастыра...

І абмяркоўваў раз мо соты,

Як упрасіць гаспадара,

Каб ён згадзіўся пад апеку

Узяць іх бедны манастыр

Ці даў загад, каб крыўд і здзеку

Не прычыняў ім папскі клір.

 

Вясна тым часам пераможна

Ішла ва ўсёй сваёй красе,

Пазеляніла кусцік кожны,

Купала сонейка ў расе

І квеццем сыпала наўкола...

Ішлі сяляне на палі,

На луг выходзіла жывёла,

А з паднябесся жураўлі

Сваё вяртанне абвяшчалі.

Глядзеў з дарогі Апанас

На незнаёмыя ўжо далі,

І ў сэрцы сум памалу гас,

Ды зноў вярталася надзея,

Што ў Кракаў едзе недарма,

І што такой благой падзеі,

Каб не вяла к дабру, няма.

 

А вось і мэта падарожжа.

Вялікі замак на гары,

Дамы, касцёлы, склады збожжа,

Рака, магутныя муры

І варта ў браме. Люду многа

Туды шыбуе і сюды...

На жаль, знаёмага нікога

Няма між гэтай грамады.

Знайшоў карчму, ў пакой парожні

Унёс свой сціплы хатулёк,

Памыўся, пыл абтрос дарожны

І зразу рушыў у той бок,

Дзе, як сказалі, у палацы

Жыў князь Сапега Мікалай.

І ледзь стаў толькі прабірацца

Сярод людзей праз рынка ўскрай,

Як зразумеў, што ў бок касцёла

Ішоў хаўтурны караван.

 

Народ таўпіўся навакола,

А запытаны нейкі пан

Сказаў, што гэта пахаванне

Багатай знатнае ўдавы.

«Прыезджы, бачу, вы, васпане,

Таму не ведаеце вы,

Што гэта слаўная кабета

Людзям рабіла шмат дабра.

Любілі ўсе яе за гэта,

А асабліва дзетвара,

Бо ёй была яна, як маці.

Ёй любы просты быў народ,

Хоць, як ёсць чуткі, што са знаці

Яна выводзіла свой род».

 

«Прашу прабачыць, калі ласка,

Як зваць яе, скажыце вы».

 

«Па мужу Зоф’я Грот-Збараска,

А родам, кажуць, што з Літвы».

Не чуў ён прозвішча такога,

Але імя ўжо не забыць...

«Няўжо яна... мая нябога?..

Не можа быць! Не можа быць!..»

І з сэрцам поўным хвалявання

Падаўся следам за труной,

Рашыўшы высветліць пытанне,

Што ўнесла раптам неспакой...

 

І вось закончаны маленні,

З касцёла выплыла труна...

Зірнуў і, ўпаўшы на калені,

Пачаў шаптаць: «Яна! Яна!..»

Пасля апомніўся нарэшце

І, хоць муцілі слёзы зрок,

Услед за тым жалобным шэсцем

Памалу ногі павалок...

 

Пайшлі з пагоста кракавяне,

А над магілаю ў вянках

Маліўся ноч усю да рання

Пахілы грэчаскі манах.

 

Раздзел чатырнаццаты

Нядоўга ў князя запыніўся

З сваёю просьбай Апанас.

«Там поп з папом не памірыўся,

Дык я мірыць павінен вас? —

Сказаў Сапега Апанасу.—

Ідзіце ў унію, тады

Не трэба будзе траціць часу

Для скарг і дальняе язды».

 

Чаго другога ад магната

Чакаць было пасля таго,

Як стаў папістам, рэнегатам,

Народу выракся свайго?

І Апанас пайшоў памалу

У свой пакойчык у карчму,

Але няспынна дакучала,

Душу вярэдзіла яму

Бяда ўчарашняя й трывогі,

З якімі вырушыў сюды...

Якія ждуць цяпер дарогі?

І завядуць яны куды?

Прыйшоў знясілены дазвання,

Прылёг на цвёрдым тапчане

І рэшту дня і ноч да рання

Правёў у думках і паўсне.

 

Назаўтра з новаю надзеяй,

Хоць з моцным болем галавы,

Другога князя-дабрадзея

Пачаў шукаць — пасла з Масквы.

Хадзіла чутка, што нядаўна

З’явіўся ў Кракаве князь Львоў

З якойсьці місіяй дзяржаўнай,

Дык вось цяпер к яму ішоў.

Калі і ён не дапаможа,

Дык больш ісці няма куды.

А ён парушыць справу можа

У польскім сейме заўсягды

Як абаронца рускай веры

І дамагацца можа ён,

Каб быў не толькі на паперы

Уладай выданы закон.

 

У князя Львова быў прыняты

Прыветным словам Апанас:

«Будзь, ойча, слаўны і багаты!

Выдатна складваецца ў нас,—

Прамовіў князь,— бо вас убачыць

Надзвычай трэба мне было,

І вы прыйшлі, а гэта значыць,

Што нам абодвум «повезло»!

 

Ды як жа трапілі вы ў Кракаў?

І як тут чуецеся вы

Сярод папістаў і палякаў?

Цар шле вітанне вам з Масквы!..»

 

Ахвотна, шчыра на пытанні

Яму адказваў Апанас,

Падзяку даў за прывітанні

І так закончыў свой расказ:

 

«На вас цяпер уся надзея.

Пратэст ваш цвёрды, дзелавы

Суцішыць можа ліхадзеяў

На землях стоптанай Літвы,

Дзе гэтак ім цяпер прывольна

Між нас і нашага дабра...»

А князь сказаў:

«Не самавольна,

Але ад імені цара

Пастаўлен будзе ультыматум:

Калі не скончыцца ўраз здзек

Над нашай рускай веры братам,

То мы граніцамі тых рэк,

Што ў нас цяпер, лічыць не будзем.

І хай адкажуць нам паны

І падуладныя ім людзі,

Ці хочуць міру ці вайны!

 

Апроч таго другая справа

У нас да ўлады польскай ёсць.

Магчыма, ведаць вам цікава,

З якіх прычын я ў Польшчы госць?

Дык вось паны зноў з самазванцам,

Які калісьці нейкі час

Быў, ойча, вашым выхаванцам,

Ізноў наведаць хочуць нас,

Пра што ў Маскву дабегла чутка.

Дык каб паблытаць той намер,

Прыбыў я ў Кракаў ды без скутку

Чакаю кожны дзень цяпер

Адказу канцлера з Варшавы,

Ці будзе выдадзены нам

Для справядлівае расправы

Той іх бязродны лгун і хам.

Прабуюць мне замовіць зубы,

Што мы ўзнімаем шум дарма,

Бо самазванца Яна Лубы

Даўно ў жывых ужо няма,

Ды хлусяць, пэўне, езуіты.

Ну а якая думка ў вас

Адносна гэтай валакіты?

Скажыце, ойча Апанас».

 

«Жывы Ян Луба і здаровы,

Нядаўна мне прыслаў ён ліст,

Але спрачацца я гатовы,

Што ён зусім не аферыст.

Што ён не княжыч знакаміты,

Ён знае ўжо, як і паны,

І знаюць тыя ж езуіты,

Але для іхняе маны

Падходзіў ён якраз узростам,

Дык вось ужо каторы год,

Хоць гэта стала не так проста,

Дурманяць выдумкай народ.

 

Каб ён паходзіў з Мнішкаў роду,

То так не кінулі б яго,

А ўжо даўно знайшлі б нагоду

Прызнаць, аклікнуць за свайго.

А вось цяпер ён мне тут піша

З даверам поўным і тайком,

Што вельмі вабіць яго ціша,

Што хоча стаць духаўніком».

 

«Я ўдзячны вам за тлумачэнні,

Якія мне далі тут вы,

Але найбольшае значэнне

Для нас у тым, што ён жывы.

Цяпер патрэбую я строга,

Каб ён быў выдадзены нам.

Абдурваць больш і, як сляпога,

За нос вадзіць сябе не дам!»

 

Раздзел пятнаццаты

Бярэсце зранку ў замяшанні —

Крычаць, хвалююцца мяшчане,

На плошчы гоман, люду маса

Шуміць:

«Забралі Апанаса!»

«Куды забралі? Хто забраў?

Хто ім такое права даў?»

«Забралі!

Ў путы закавалі!»

«Не можа быць ніяк такога!

Яго, ігумена святога

За што каваць у кайданы?»

 

«Дык гэта ж слугі сатаны!

Ён быў заўжды ім соллю ў воку!»

«Не зробім з плошчы нават кроку,

Пакуль не выпусцяць яго!..»

 

Стражнік

Гэй ты, гарланіш тут чаго?

Таксама хочаш у Варшаву?

Сабраў крыклівую араву

І ўводзіш хамскія парадкі!

 

Рамеснік

А ты тут хто? Бач, з морды гладкі,

Напэўна хлёбаеш з карыта

Ў святых хітрушаў-езуітаў!

 

Стражнік

Вось пабрашы яшчэ нямнога,

Дык павандруеш той дарогай,

Якой ваш поп павандраваў!

 

Рамеснік

Ідзі, пакуль не абарваў

Па фізьяноміі свінячай!

 

Стражнік

Чакай, спяеш крыху іначай,

Калі ты ў нашы трапіш рукі.

 

Рамеснік

Чаму ж, мы знаем вашы штукі,

Але надыдзе горкі час

І для цябе, і для ўсіх вас!..

 

Натоўп гудзеў і разрастаўся,

І гоман-крык не сунімаўся,

І ўжо даходзіла да бойкі,

Ды нейкі панскі служка бойкі,

На плот узлезшы, стаў крычаць:

«Браты, рамеснікі, мяшчане!

Дазволь, шаноўнае сабранне,

Пра што я знаю, не маўчаць!

Пакіньце вашы крыкі, зваду,

Хачу я выясніць вам справу:

Па каралеўскаму загаду

Забраны йгумен у Варшаву,

І ні бурмістр, ні ваявода

Не знаюць арышту прычыны,

Таму, сябры, турботаў шкода...»

 

«Цягніце з плоту малайчыну!

Ён хлусіць нам, і больш нічога!»

 

«Сябры, пабойцеся вы бога,

Я не схлусіў вам ані-ні!

Вунь пан Масальскі на кані,

Ён сам пацвердзіць мае словы...»

Зірнулі ўсе. Атрад вайсковы

Ўязджаў на плошчу ў поўнай зброі,

А на чале — сам ваявода.

Каня спыніўшы між народа,

Прамовіў ён сіпатым басам:

«Народ, паслухай! Апанаса

Ўзялі ў Варшаву на дзён колькі.

Пра штосьці выпытаюць толькі

І прывязуць ізноў дахаты.

 

Спыніце шум дарэмна ўзняты

І разыходзьцеся памалу.

А гэтых зборышч запявалаў

Ганіце прэч і ім не верце —

Яны задумалі штось сперці

У вашых крамах ці варштатах,

Пакуль вы нейкіх вінаватых

Вышукваць будзеце ў бязладдзі.

Паверце мне, мы справу ўладзім:

Ігумен скрыўджаны не будзе...

Але пры тым скажу вам, людзі,

Што хто між вас з памеру злога

Народ да бунту заклікае,

Таго караць мы будзем строга,

І той, хто здрайцам патакае,

Хай потым літасці не просіць.

Я ўсё сказаў. Тырчаць тут досыць,

Усе расходзьцеся па хатах!»

 

На дыбкі ўзняў свайго бахмата,

Крутнуў яго і з мінай строгай

Паплыў праторанай дарогай,

А следам конная асыста

Пайшла па плошчы ганарыста.

 

І людзі сталі разбрыдацца...

А праз хвілін якіх мо дваццаць

Сядзеў за чарай ваявода

І забаўляў гасцей: «А шкода,

Што гайдукам я не дазволіў

Памацаць хамства бізунамі,

Бо ўжо праверана не намі,

Што ласкі хам цаніць не ўмее,

Ён толькі жорсткасць разумее.

Пайшлі сягоння моўчкі з рынку,

А там, пасля мо перапынку,

Свайго прыпомніўшы Панаса,

Пачнуць нанова выкрунтасы.

А каб памацалі мы спіны

Бунтарнай гэтае скаціны,

Тады б яна сядзела ціха».

 

«Бясспрэчна,— цягнучы з кяліха,

Яму падтакваў пан староста,—

Спраўляцца тут не вельмі проста,

Бо як-ніяк, а берасцяне

Не то што ў вёсцы дзесь сяляне —

Народ свабодны, не халопы,

Мяшчан закон аберагае...»

 

«Законы маюць недахопы,

А наш інтэрас вымагае

Трымаць люд чорны ў дысцыпліне,

Інакш йерархія загіне,

Загіне наш стары парадак,

А, як вядома, з непаладак

Дзяржавы можа стацца ўпадак...»

 

Тым часам крытая каляса

Ў Варшаву везла Апанаса,

А побач збройныя жаўнеры

Скакалі конна і пыл шэры

Ўздымалі слупам за сабою.

Было загадана канвою

Даставіць вязня тэрмінова

І па дарозе з ім — ні слова.

Дык вось ён ехаў моўчкі скуты,

Цярпеў дарожныя пакуты,

Шукаў праз доўгія гадзіны

У думках арышту прычыны

І ныў ад голаду і смагі...

 

На трэці дзень паблізу Прагі1

Быў зроблен большы адпачынак.

Кармілі коней і са скрынак

Дасталі хлеб, віно і мяса.

Сухар з вадой для Апанаса

(Маўляў, на! ведай нашу ласку)

Маўчком прасунулі ў каляску.

 

І вось ізноў той склеп знаёмы —

Камора здзекаў і пакут:

Палок, збуцвелы жмут саломы

І вільгаць тая ж, той жа бруд.

Пазнаў услончык, збан шчарбаты,

Лахман абшарпаны, благі,

Ў акне пад столлю тыя ж краты...

 

Цяпер ад сценкі да нагі

Майстры-спрытнюгі гайдукі

Ланцуг грубы прымацавалі

І зачынілі ў тым падвале,

Хто знае, можа — на вякі,

А вось завошта — невядома.

 

Паўзлі ў паўзмроку дні-вякі,

А ён сядзеў, нібы парома

Чакаў на беразе ракі.

Ды не спяшаўся перавозчык,

Крычы яму ці не крычы...

За краты сеў,

дык ты — нябожчык,

Хоць і даюць табе харчы.

 

1 Прага — правабярэжная частка Варшавы.

Раздзел шаснаццаты

Канцлер Осалінскі

Скажыце, найяснейшы пане,

Як нам уладзіць справу Лубы?

Ці выдаць, ці чыніць старанні,

Каб захаваць яго ад згубы?

Пасол маскоўскі налягае,

Аддаць яго без цяганіны...

Прытым тут справа ёсць другая,

Якую мы рашыць павінны:

Як веры ўсходняй абаронца

Стаўляе цар нам ультыматум

Нахабны, каверзны бясконца:

Закрыць дарогу уніятам

І пранікненню рымскай веры

На нашы ўсходнія абшары...

 

Кароль Уладзіслаў IV

Мы знаем іхнія намеры,

Але няхай пакінуць мары,

Што мы мяшацца ім дазволім

У нашы ўнутраныя справы.

 

Канцлер

Аднак у доказ добрай волі

Адносна іхняе дзяржавы,

Нам выдаць Лубу давядзецца,

Інакш канфлікту не мінуць.

 

Кароль

Калі няма куды падзецца,

Хай нам гарантыю дадуць,

Што ён не будзе там забіты,

Каб з невялікім ехаў страхам.

 

Канцлер

Вось мне ўжо радзяць езуіты

Узяць заложнікам манаха,

Што здрадзіў нашу таямніцу.

Запром яго тут у цямніцу

За Яна Лубу як залог.

 

Кароль

Разумна вельмі.

Львоў бы мог

Любыя даць нам абяцанні,

Якіх не думаў бы спаўняць,

А так жыццём рызыкаваць

Таго манаха мо не стане.

Праект ваш добрым прызнаю,

Манаха ўзяць дазвол даю,

Відаць,

таго ж анахарэта,

Што тут шумеў мінулым летам.

 

Канцлер

Той самы гэта, ясны пане,

Той абаронца грэцкай веры,

Што адбываў тут пакаранне.

 

Кароль

Тады прыміце хутка меры,

Каб ён не ўцёк, а князю Львову

Скажыце, хай падпіша ўмову

Ну і... хай едзе паздарову...

 

Міналі дні і месяцы няволі,

І не было ніякіх перамен

У той цяжкой ігуменавай долі.

І з-за сырых таўшчэзных сцен

Не далятаў ніякі голас з места,

А ён дарма чакаў спагадных вестак...

 

Аж вось зайшлі ў цямніцу два юрысты

І доўгі акт напышліва, ўрачыста

Пры свечцы прачыталі Апанасу,

Злачынстваў розных выдуманых масай

Нахабна абцяжарыўшы яго —

Што, быццам выдаў ён Маскве таго,

Вядомага ўсім пана Яна Лубу

І гэтым зрыхтаваў яму загубу;

Што ў нейкую даўнейшую пару

Прадаўся ён маскоўскаму цару,

Дык следствам устаноўлена,

што ён

Рэч Паспалітай вораг, што шпіён;

Што цар маскоўскі даў яму заданне

Праводзіць супраць уніі змаганне;

І што за хабары, падачкі, ўзяткі

Ён бунты выклікаў і беспарадкі,

Якімі прычыніў дзяржаве шмат

І клопатаў, і матэрыяльных страт;

І што духоўным каталіцкай веры

Ён шкодзіў, дакучаў, дзе мог, без меры;

І што не раз святога папу ў Рыме

Чарніў і лаяў словамі благімі...

І многа іншае бязглуздзіцы, маны

У гэты акт уставілі яны...

 

І вось тады ім у адказ

Сказаў спакойна Апанас:

«Акт гэты поўны ненавісці

І да мяне й да нашай веры.

Якой чакаеце карысці

Ад гэтай вашае паперы?

Далей вам трэ мяне гнаіць

Ці, можа, хочаце забіць?

Што ж, ваша сіла, ваша воля,

Ды толькі знайце, што ніколі

Не здраджу я ні веры роднай,

Ні нашай справе ўсенароднай!»

 

Міналі месяцы, і год

Закончыў свой кругазварот,

На свеце многа перамен

Малых і значных адбылося,

Але ў ігуменавым лёсе

Не наступіў найменшы крэн —

У цемры, вільгаці і брудзе

Сядзеў прыкуты да сцяны.

Відаць, забыліся і суддзі,

І ўжо не помнілі паны,

Што дзесьці ў іхнім падзямеллі

Сядзіць нявінны чалавек,

Ці проста літасці не мелі

І так з яго чынілі здзек...

 

Тым часам ён пісаў заўзята

То каралю, а то ў сенат,

Знаёмым дамам і магнатам,

Ды толку ў тым было не шмат —

Ніхто не даў яму адказу,

Маўляў, сядзі, пакуль жывы,

Чакай загаду ці указу.

 

Ян Луба вырваўся з Масквы,

Хоць не палёгку і не зразу.

Яму там доля паспрыяла:

Памёр якраз цар Міхаіл,

А ў Аляксея быў нахіл

Да ўсіх адносіцца лагодна,

Ды й з першых дзён не выпадала

Аказваць помсту ўсенародна,

Дык дзён шануючы павагу,

Ад самазванца ўзяў прысягу,

Што на маскоўскі царскі трон

Не прэтэндуе болей ён,

І адпусціў яго дахаты.

Вярнуўся Луба, ды ўніяты

Зрабілі захад, каб узяты

Ў залог ігумен Апанас,

Сядзеў, марнеў, памалу гас.

А папскі вырашыў легат:

«Пазбыцца трэба бунтара!»

Быў дан турэмшчыкам загад

Адкрыць падвал, а як з двара

Ігумен пусціцца на ўцёк,

Прыстрэліць ззаду нездалёк,

І ўсё на праўным месцы стане:

«Забіты ў момант уцякання!»

 

Уцяміў гэта Апанас

І даў турэмшчыку адказ,

Які нашэптваць стаў яму,

Што шанс пакінуць ёсць турму:

«Я без суда і апраўдання

Адсюль не зрушуся, васпане!!»

І слаў свае патрабаванні

Судзіць, калі ён вінаваты,

А калі не — пусціць дахаты.

 

І цар заложніка свайго

Не клапаціўся вызваляць.

Было манархам на яго,

Як і на веру, напляваць.

Царам такія Ананасы

Патрэбны толькі ў тыя часы,

Калі ёсць шанс штось загарнуць —

Тады на нейкі час-сезон

Такім вось можна казырнуць,

Пасля забыцца, што й быў ён.

 

І ён сядзеў.

Аж вось аднойчы,

Як і калісьці, позна ўночы

Іржой зацыргалі замкі —

Прыйшлі чатыры гайдукі,

Ланцуг з нагі набраклай знялі:

«Бяры лахман свой,— загадалі,—

Ды не марудзь, паўзі хутчэй!»

«Куды?»

«У Кіеў, прэч з вачэй

Паны адправіць загадалі».

 

Раздзел семнаццаты

Дзень быў пахмурны, неба ймгліла

Туманам шэрым. За сталом

Мітрапаліт Пятро Магіла

Сядзеў з насупленым чалом,

Бо думкі новыя цяжкія

Муцілі звычны супакой:

«Ідуць благія чуткі ў Кіеў,

А ўночы зноўку за ракой

Натоўп якісьці мітуслівы,

Чуваць па мове, што чужы,

Ішоў, стаяў, вытоптваў нівы,

Шумеў, гукаў, паліў лаўжы.

Чуваць было і бразгат зброі,

Іржанне коней,

рып калёс,

А потым з ранняю зарою

Прапалі пешыя й абоз.

 

Бягуць сяляне ў Запарожжа —

Уздоўж Дняпра гуртамі ў Сеч.

Настаў час грозны і трывожны —

Бядняк на пана вострыць меч,

Бо на татарына ці турка

Не так збірае гетман раць.

Відаць, з дзяржаўнага падмурка

Каменні сталі выпадаць...

Па сёлах хтосьці чэрнь бунтуе

Супроць магнатаў і паноў.

Яна, ёсць чуткі, што лютуе,

Гараць маёнткі, льецца кроў.

 

Выпадкаў гэткіх стала многа,

І не да лепшага ідзе...

Маліцца, ўпрошваць трэба бога,

Мо ён няшчасці адвядзе.

Хаос між дум маіх сягоння,

І на стале маім хаос...

Цямнее».

Пляснуў у далоні,

І служка свечкі дзве прынёс.

Тады твар бледны, барадаты

Памалу выплыў з цемнаты

Над стосам кніг, а цень бухматы

На шафу лёг, заняў куты.

 

Глядзеў Магіла на паперы,

Пасля сабраў іх, склаў, звязаў...

Тут служка, твар уткнуўшы ў дзверы,

Старэчым голасам сказаў:

«Прыбыў к нам вязень, уладыка».

 

«Які зноў вязень? Хто такі?»

 

«Не знаю я, сядзіць у лыках,

Пры ім чатыры гайдукі.

І вось пакет вам перадалі,

З Варшавы, кажуць, прыбылі...»

 

«Чаго ж мяне зноў прыгадалі?

Што там за справу развялі?

Ах, вось якія тут паперы!

Зноў той бунтарны Апанас,

Змагар за лёсы грэцкай веры...

Каб менш было такіх у нас,

І каб яны сядзелі ціха,

Дык мо трываў бы супакой

І менш было б на свеце ліха...

Каб так без толку бунтавацца,

Апошнім дурнем трэба быць,

Бо гэта Сізіфава праца,

Якой не ўдасца завяршыць.

Тут як ні глянь, куды ні кінь,

Відаць, залье нас тая плынь,

Што стала з Рыма пашырацца,

Дык сэнс які нам з ёй змагацца?

І, калі тая плынь ад бога,

То не паможа нам нічога...»

 

«Той вязень хоча вас пабачыць,

Ён нешта мае вам сказаць».

«Няма аб чым мне з ім «судачыць».

Калі у путах — развязаць!

Замкнуць у келлю, што ў падвале,

І хай там ціхенька сядзіць...»

 

Пасля шырокага прастору

Дарог бясконцых і палёў

Зноў лёс ігумена ў камору

Турмы бязлітаснае ўвёў.

І зноў дні шэрыя, пустыя

Ў чаканні сумным паплылі...

 

Міналі будні, дні святыя,

Змянілі выгляд лес, палі,

Ішлі навокал перамены,

А толькі ў камеры сырой,

Як і раней, маўчалі сцены

Калматай цвіллю векавой.

 

Бяздзейнасць мучыла сярдзіта,

Любой рабоце быў бы рад,

Прасіў праз слуг мітрапаліта,

Каб ён дазволіў, даў загад

Штодня вадзіць яго на працу,

Хоць на якую, хоць куды.

Нарэшце ўздумаў бунтавацца.

Калі прынеслі, як заўжды,

Яму ў гаршчочку нейкай ежы,

Рвануў праз дзверы ў калідор

І ў той, як быў, гнілой адзежы

І босы выскачыў на двор.

 

Царква была якраз адкрыта —

Малебства йшло мітрапаліта.

Панас ускочыў між людзей

І закрычаў: «Ах ліхадзей!

Ён вас любові навучае,

А ў падзямеллі заключае

Зусім нічым не вінаватых!

Святы айцец мітрапаліт —

Слуга не божы, а багатых!

Ён — фарысей і езуіт!

Не богу служыць, а мамоне!

Пра бедных, скрыўджаных не дбае...»

 

А Пётр Магіла на амбоне

Стаяў маўчком, як скамянелы.

Тут служак група немалая

Ў царкву з гамонкаю ўляцела.

У момант рукі заламалі

І рот заткнулі бунтару,

Прытым адзежку ўшчэнт парвалі...

 

Аднак праз нейкую пару

Ён атрымаў дазвол заняцца

Сваёй, здаўна любімай працай

(Хоць гэта вельмі задзівіла).

Прынеслі ў камеру чарніла,

Паперы, пёраў, свечак пяць

І загадалі напісаць

Пра ўсё, дзе жыў і чым займаўся,

Аднак каб больш не дакучаў

І ад бунтарства паўстрымаўся.

 

І ён «Дыярыуш» пачаў

Складаць, дапісваць і старанна

Ствараць з таго адзіны твор,

Што й перш было публікавана..

І вось «Дыярыуш» гатовы,

Ён зменіць мо турэмны быт

На ўклад жыцця свабодны, новы?

Ды ўсё маўчаў мітрапаліт.

Той вязня выхадкай абражан,

Казаў, прысуду караля

Ён адмяніць не ўпаўнаважан,

Загад прышлюць мо, дык пасля...

 

Аднойчы позняю гадзінай

Зайшоў у камеру Пузына —

Ўладыка луцкі. Ён сказаў:

«Мітрапаліта бог пазваў

І над табой даволі здзеку.

Бяру цябе я пад апеку.

Вось тутка новая адзежка,

Ідзі папарся добра ў лазні,

Ды толькі ж зноў, глядзі, не ўгразні

Бо сёння нам патрэбна спешка.

Гадаць цяпер мне не пад сілу,

Хто ў нас заменіць тут Магілу

І як ён справы будзе весці,

Дык на ражон не трэба лезці —

Мы заўтра выедзем ка мне,

А як час нейкі праміне,

У манастыр паедзеш свой...

 

Ну дык, брат, рухайся, не стой!»

 

Раздзел васемнаццаты

Па просьбе многіх берасцян

Указ Пузынаю быў дан

На даўні ў Берасці свой пост

Зноў Філіповічу вярнуцца.

 

Вось за спіной нямала вёрст,

На нізе рэчка, тут пагост,

А горад — вунь...

Калені гнуцца,

Ляціць з рук кій у пыл дарожны,

А з сэрца шчасця гімн набожны

Нясецца ў неба за жаўронкам...

Вітай жа, мілая старонка,

Прымай свайго вандраўніка,

Хоць і ў сярмязе жабрака!

Вясенні дзень мінаў і гас,

А ўсё з пагорка Апанас

Глядзеў на горад свой стары...

Назаўтра з ранняе пары

Наўкол вясціў царкоўны звон,

Што зноў адправіць службу ён —

Змагар, пакутнік і герой,

Які за люд стаяў гарой

І ад прыгнёту бараніў...

Дык манастырскі звон званіў,

Што лёс яго не надламіў,

Што ён застаўся тым, кім быў.

 

Народ ішоў вітаць яго,

Як бацьку роднага свайго

Са шчырай радасці слязой

І часта з кайстраю пустой,

Ды з пажаданнямі даброт

Не на адзін дзесятак год.

 

Аднак жа быў і гурт такіх,

Якім бунтарны гэты мніх

Быў аніяк не па душы.

Ксяндзы, ўніяты — таргашы

Людскім сумленнем і казной,

Яму рашылі выдаць бой.

 

І ўжо ад самых першых дзён

Праз беззаконне і закон

Пайшлі у наступ на яго.

Дык пачалі за ім сачыць

І кожны крок яго лічыць.

Ім стала справа да ўсяго,

Што думаў ён і што рабіў,

І з кім пра што дзе гаварыў...

А час цяжкі быў і благі —

Дняпра абодва берагі

Шумелі хваляю людской,

І ўсенародны неспакой

Ішоў па Рэчы Паспалітай.

Крывёй, пажарамі заліта

Ужо была ўся Украіна,

І набліжалася хвіліна,

Што мог і ўвесь народ сярмяжны

Паўстаць на бой цяжкі, працяжны

Супроць вяльможных і багатых

Як у Літве, так і ў Кароне.

Аднак у панцырах і латах

Паны, падпанкі ў абароне

Сваіх маёнткаў, прывілеяў

Пайшлі гасіць той бунт плебеяў

І так з народам распраўляцца,

Каб ён навекі стаў баяцца

Стары прыгонны лад ламаць.

Руку на пана падымаць.

І міжусобная вайна,

Ў маштабах гэтакіх здаўна

У пас не чутая, палала.

 

Цяжэй і ў Берасці жыць стала —

Паны няспынна лютавалі,

На кол, на вісельні ўзнімалі

Усіх, хто быў ім падазроны.

Граніц не меў іх гнеў шалёны,

Ды тых ахвяр было ўсё мала,

Нянавісць больш яшчэ шукала.

 

І вось успомніў хтосьці з ляхаў,

Што тут жыве сярод манахаў

Усходняй веры абаронца,

Ігумен рускі падазроны.

«К яму прыходзяць на паклоны

Зусюль паломнікі бясконца —

Сляпыя, хворыя, калекі,

Хто з іх маліцца, хто па лекі.

А хто харчоў прасіць, апекі,

І ён падонкаў гэтых зграі

Штодзённа ў трапезнай прымае.

Ён з імі моліцца, гуторыць

І раз-два можа падбухторыць

Таксама рушыць у паўстанне...» —

 

Вось гэтак Шумскі, знатны пан,

Гвардзейскіх войскаў капітан

Дакладваў пану ваяводу,

А той яму дазволіў з ходу

Узяць ігумена ў падвал.

 

А каб не выбухнуў скандал,

Прыслалі ў дзень наступны зранку

З сяла мужыцкую фурманку

З тым, што там дзесьці памірае

Манашка ўсходняя старая

І просіць споведзі святой.

І ад ліхой хвіліны той

Ігумен волі больш не ўбачыў.

Гудзеў народ, было шмат плачу,

Ды страх стрымоўваў грамаду

Яго свабоды дабівацца.

 

А ўпаўшы ў новую бяду,

Як Ік }трэ было і спадзявацца,

Ігумен стаў перад судом,

І на яго, як з неба гром,

Зляцела безліч абвіненняў.

Яму сказалі: «Без сумненняў

Вядома нам, што ты наш вораг,

Што зброю розную і порах

Хаваеш ты ў манастыры.

Дык лепш прызнайся, гавары,

Дзе гэта ўсё ў цябе схавана!»

 

Адказваў ён усхвалявана

І гнюсным закідам пярэчыў:

«Дык гэта ж фальш! Паклёп тут нечы!

Няма ў мяне ніякай зброі.

Прыдумаў нехта штось такое!

А як не хочаце мне верыць,

У вас магчымасць ёсць праверыць.

Вініць мяне няма ў вас права!

Дзе ў вас на арышт мой падстава?»

«Калі няма, дык вельмі хутка

Яе мы знойдзем, нічагутка,

Як бы ты тут не адракаўся».

«Ты супраць уніі змагаўся?»

«А ці ў царкве сваёй адкрыта

Не чэрніш браццяў езуітаў?»

«Парадкі ў Рэчы Паспалітай,

Мо скажаш нам, што не чарніў?»

 

«Я той жа самы, што і быў,

Вядомы ўсім мае пагляды.

Я выступаю супраць здрады

Радзіме, мове, веры роднай

І супраць той бяды народнай,

Што разам з уніяй праклятай

Павісла ў нас над кожнай хатай.

Бо ці ж не уніі віна,

Што міжусобная вайна

Так грозна ўраз запалымнела?

Я пацвярджаю тое смела,

Што абвяшчаў на ўсю зямлю,

Паслам на сейме, каралю,

Што паўтараў наўкруг не раз...

Я і пісаў, што прыйдзе час

Цяжкой за гэты акт расплаты.

Той час настаў. Паны, магнаты

Раней мне верыць не жадалі.

Што ж, воля іх. Чакайма далей.

Усіх, хто вінен у вайне,

Адплата, кара не міне!»

Такі адразу даў адказ

Шляхоцкім суддзям Апанас.

І хоць на допыт прыбылі

Вяльможы знатныя зямлі —

Епіскап луцкі каталіцкі

Фанатык ведамы Гембіцкі

І канцлер Альбрэхт Радзівіл,

Адказ быў той жа. Дык «граміл»

Двух клікнулі, й яны

Манаху ўздзелі кайданы.

Тады спытаў ён: «Ну за што вы

Усклалі гэтыя аковы?

Скажыце, чым наводзіць страх

На вас зняволены манах?

У вас жа зброя, столькі сілы,

А я адзін, змарнелы, хілы

Не пагражаю вам нічым...»

 

Гембіцкі крыкнуў: «Замаўчы!

Дадзеў ты нам брахнёй праклятай

Язык твой горшы за джыгала!

Яго ты ўбачыш ў жмені ката!

Такіх, як ты, павесіць — мала!»

 

Міналі дні ў цяжкіх пакутах —

Галодны быў, а ногі ў путах

Крывёй набраклі, рукі нылі,

І ў яме той, нібы ў магіле,

Паветра нават не хапала.

І Апанасу ясна стала,

Што жыць нямнога засталося...

Ды аб душы ягонай, лёсе

«Па-хрысціянску» шчыра дбалі

Ксяндзы, ахоўнікі маралі.

 

Калі ляжаў ледзь не дабіты,

Прыйшлі ў падвал два езуіты

На дыспут з ворагам заклятым.

Яго назвалі мілым братам

І так гаворку павялі:

«Няхай там што было калі,

Ды кожны ж можа памыляцца.

Пакінь, брат, з уніяй змагацца

І перайдзі на нашу веру,

Дык мы дамо табе паперу

На права жыць, маліцца богу

Там, дзе ты толькі пажадаеш,

Ва ўсім акажам дапамогу.

Ты адпушчэнне атрымаеш

Усіх грахоў...

І вось што, брат,

Далі б табе епіскапат...

Якраз вакантны Магілёў...»

 

«Навошта столькі лішніх слоў?

Тым, хто сюды направіў вас,

Нясіце мой нязменны сказ,

Што я,

ігумен Апанас

Самім сабою застануся

І пры намовах, і ў прымусе.

Дык не турбуйцеся дарма,

Ў мяне слоў іншых вам няма».

 

Вачыма бліснуўшы сярдзіта,

Пайшлі за дзверы езуіты.

 

Назаўтра «лотру» на падводзе

Павезлі ў лагер к ваяводзе

На канчатковы ўжо прысуд.

 

«Скажыце вы, на чорта тут

Мне здаўся гэты баламут? —

Масальскі ўз’еўся на канвой.—

Ён ваш нявольнік, а не мой,

Дык прэч адсюль яго вязіце

І што з ім хочаце рабіце!»

 

Дык суд шляхоцкі каптуровы

Сабраўся ў доме езуітаў,

І прыгавор даўно гатовы —

У імя Рэчы Паспалітай —

Зацверджан быў аднагалосна:

За дух бунтарны, выпад злосны

Супроць айцоў лацінскай веры,

Супроць улады і законаў,

За здраду краю і намеры

Змагацца з уніяй да скону

(Што пацвярджаў ён сам не раз)

Поп Філіповіч Апанас

Панесці вінен кару смерці...»

 

Раздзел дзевятнаццаты

Асенні дождж імжэў няспынна,

Сівых аблокаў караван

Цягнуўся нізка над краінай,

Спавіўшы Берасце ў туман.

Абмоклі хаты і прысады,

І ўспухла ў вузкіх вулках гразь.

Цямнее. Строгія загады,

Якія ўвёў нядаўна князь,

Адразу з сонейка заходам

Людзей зганяюць у двары.

І нельга рушыць да зары

Ні фурманам, ні пешаходам.

 

Дык горад змоўк і знерухомеў,

І зрэдку ў вокнах свет блішчыць —

Пасля цяжкой штодзённай стомы

Кладуцца людзі адпачыць.

 

І толькі ўсю ноч вартавыя —

Па тры-чатыры гайдукі —

То ў вулкі ўсунуцца крывыя,

То месяць гразь уздоўж ракі,

А то, сустрэўшыся на рынку,

Стрымаюць коней на хвілінку

На нейкі свой перагавор

І зноў пускаюцца ў дазор.

 

Той ночы з камеры астрога

Жаўнеры вывелі на двор

Манаха ў расе пажылога,

За мост, б'ючы, пагналі ў бор

І там расправу ўчынілі...

Калі абліты ўвесь крывёй,

Ён з ног валіўся і ў бяссіллі

Амаль рукамі ўжо не кратаў,

Спыніўся ў лесе з ім канвой,

І так прамовіў хтосьці з катаў:

«Вось выпаў мне няўмольны лёс

Забіць цябе, духоўны ойча,

Хоць мне шкада цябе да слёз.

Даруй віну й благаславі,

Як ты спрыяў нам неаднойчы,

Я не жадаў тваёй крыві...»

 

Тут іншы выстраліў ва ўпор,

І ў момант той з-пад ясных зор,

Што заблішчалі, грымнуў гром,

Нібыта вось з нябесных даляў

Ішоў на карнікаў пагром

З адплатай жудаснай і строгай.

 

Яны знямелі, задрыжалі,

Амаль без памяці ад страху

У яму ўраз, яшчэ жывога,

Сапхнулі беднага манаха...

 

Раздзел дваццаты

Праз год мо труп быў адшуканы,

І хто ні глянуў, дзіву даўся,

Што так ён добра захаваўся.

Яго прывезлі ў манастыр.

І вось натоўп усхваляваны

Заняў цвінтарнай плошчы шыр

І, як з амбона, з агароджы

Крычаць стаў нейкі правадыр:

«Завошта гэты служка божы

Закатаваны быў, забіты?!

Сумненняў быць у нас не можа,

Чые злачынцы і найміты

Айца Панасія забілі:

Загад далі ім езуіты!»

 

І ўсе навокал гаманілі:

«Вядома, гэта іх работа,

Яны ж яго ў турме гнаілі!..»

І крыкнуў хтось:

«Хадзем, галота

Граміць лаціннікаў-папістаў

І бургамістра абармота!»

 

«Граміць!» — З люлюканнем і свістам,

Схапіўшы дзе што ні папала,

Натоўп,— мужчын мо больш за трыста —

Шугнуў у цэнтр магутным валам...

Аднак ля ратушы на рынку

Паход той конніца спаткала...

 

І ўсё ж народ без перапынку

На плошчу з вуліц выліваўся.

«Назад! — з-пад ратушы будынка

Піскліва ротмістр надрываўся,—

Стаяць! Бо змесім капытамі!»

Аднак жа націск не спыняўся,

Натоўп магутнымі гуртамі

Пайшоў адважна ў наступленне,

Амаль што з голымі рукамі.

Хапаў, што праўда, хто каменне,

Хто кол, сукі, з платоў штыкеты...

І бой пайшоў да знемажэння.

Аднак да вызначанай мэты

Бунтоўны люд не змог прабіцца,

Бо пікі, шаблі і мушкеты

Яго прымусілі спыніцца.

А як жаўнерам дапамога

Прыйшла з суседняй камяніцы —

Стралялі з вокнаў, з-за парога —

То адступіць зусім прыйшлося:

Крыві, забітых стала многа...

 

Шумела доўга шматгалоссе,

Кіпела крыўда, злосць, знявага,

Што выйграць бою не ўдалося.

Ды справы складваліся блага

Таму што, быццам, ваявода

Ішоў у Берасце й пад сцягам

Меў тысяч некалькі народу.

Ён мог адплату бунтарам

Наладзіць хутка, проста з ходу.

Дык вось з прысад, платоў і брам

Паўсталі ў вулках барыкады,

Каб перашкодай стаць панам,

Якія, пэўне, былі б рады

Пагасцяваць у беднаты,

Што знаць не хоча іх улады.

Але народныя пасты,

У воку маючы дарогі,

І пераправы, і масты,

Зусім рассеялі трывогі,

Што хвалявалі змагароў

І ўвесь мясцовы люд убогі:

І ваявода не прыйшоў,

І шлях на захад густа ўкрылі

Натоўпы з места ўцекачоў...

 

А што ж дало такія крыллі

Панам, ксяндзам і гандлярам?

Куды яны пакалясілі?

Ды той нязвычны «тарарам»

У хуткім часе разгадаўся:

Да гарадскіх застаў і брам

Полк запарожцаў набліжаўся.

 

І горад Берасце ўскіпеў,

І ажыла ўміг бедната ўся:

Пачуўся крык, вясёлы спеў,

І людзі рушылі ў бок рынку

Вітаць выбаўцаў, як хто ўмеў.

А тыя ўжо без перапынку

Плылі з усходу рад у рад

І ў месце сталі для спачынку.

Так многа конніцы, гармат

Ніколі горад мо не бачыў.

І кожны быў выбаўцам рад,

Бо іх прыход так многа значыў!

Каб не з’явіліся яны,

Сустрэў бы ўсіх тут лёс лядачы —

За бунт адпомсцілі б паны,

А вось казакі іх прагналі!

 

Лапцюжнай чэлядзі сыны,

Чые бацькі ў ярме стагналі,

Б’юць каралеўскіх ваявод

І гоняць іх што раз то далей.

 

Пяе ад радасці народ,

Сяброў-выбаўцаў абымае.

І ўжо на плошчы — карагод,

Танцуюць, музыка іграе.

Народ снуе туды, сюды,

Яму казацтва патурае:

Няма замкоў для грамады.

Дык кожны браў, што толькі мог,

І баляваў на ўсе лады —

Хто ў грабяжы, хто ў гулі ўлёг,

А хто ад радасці і хмелю

Там, дзе стаяў, валіўся з ног.

 

А хтось,

захоплены вяселлем,

Дом ваяводы падпаліў,

За тым другія ўспалымнелі.

Агонь акругу ўсю заліў,

Бо ноч тым часам зноў настала.

У звон набатны нехта біў,

Аднак жа гэтага сігнала

Ніхто ўжо слухаць не хацеў —

П’яная вольніца гуляла:

«Даволі жыць у цемнаце,

Цярпець нястачы, здзекі

годзе!

Хай наша доля расцвіце!»

 

Расло ўяўленне у народзе,

Што сіл такіх ужо няма,

Што стаць маглі б на перашкодзе

Да вызвалення ад ярма,

Ад пут і гнёту векавога,

Што ліць не будзе пот дарма

Ніхто на пана, служкаў бога,

Цярпець абразы, бізуны,

Што зараз новая дарога

Адкрыта ўсім. Дык хай паны

Цяпер пастогнуць, пагаруюць,

Хай гора знаюць і яны.

 

Манахі сёння склеп будуюць —

Айцу Панасу вечны дом,

Дык праваслаўныя сумуюць

І адначасна ўсе кругом

Рыхтуюць тых да пахавання,

Каму прыйшлося вечным сном

Сплаціць няроўнае змаганне

З атрадам конных гайдукоў.

Гатовы труны ўжо ад рання,

І шмат наплецена вянкоў

На іх жаночымі рукамі,

Стараннем мужных казакоў.

 

Казацкі полк пад бунчукамі

Ля цэрквы строіцца ў рады,

І вось працэсія з вянкамі,

З крыжамі, спевам грамады

Нясе забітых да пагоста.

Завулкі, вуліцы, сады

Запоўніў люд мясцовы просты...

А гэтым часам ля царквы

На ўзвышшы новага памоста

Кладуць дамоўкі...

Дым сівы

Паплыў ад свечак і кадзілаў,

Як жальбы сімвал векавы.

 

Маленне ў сэрцах жаль будзіла,

А як пастаў апошні час

Аддаць нябожчыкаў магілам,

Зваліўся з трэскам плот якраз

Ля месца, дзе спачынак вечны

Знайшоў ігумен Апанас —

Змагар за праўду чалавечны.

І з галашэннямі, і плачам

Народ мясцовы і зарэчны

Натоўпам лез:

«Няхай мы ўбачым

Святога йгумена свайго

І абальём слязой гарачай!..»

Было так цесна ля яго,

Што аж казакі шчыльна сталі

К труне адзін да аднаго

І па чарзе ўсіх прапускалі.

 

А як парадак навялі,

І адляглі народу хвалі,

Мужчыны ў глыб сырой зямлі

Сяброў пабітых апусцілі.

Зноў песні-жальбы паплылі,

Жанчыны слёзна галасілі...

І прагрымеў салют з гармат

У гонар браццяў, што ў магіле.

 

І вось палку прыйшоў загад

Далей панам пагрозу песці,

Дык зняўся хутка ўвесь атрад,

І ціха, пуста стала ў месце.

Пайшлі казакі ў вір вайны,

Якая ўсё шырэй палала

І за праступкі даўніны

Крыві даніну сабірала...

 

Не памыліўся Апанас,

Калі сцвярджаў, што супастаты

За крыўды, здзек з працоўных мас

Пазнаюць грозны час адплаты.

 


1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бітэль П. Паэмы / [Аўт. паслясл. М. Арочка; Маст. А. Кашкурэвіч].— Мн.: Маст. літ., 1984.— с. 6-135
Крыніца: скан