epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Бітэль

Замкі і людзі

Уступ
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
  Песня вайдалота
  Песня другога вайдалота
12
13
14
  Песня дзеда
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31


 

Найлепшаму сябру, нястомнай спадарожніцы майго неспакойнага жыцця, жонцы Ніне Пятроўне ў доказ глыбокай пашаны і шчырай адданасці прысвячаю гэту працу.

Аўтар

 

 

Уступ

Крэўскага замка каменні, руіны

Думку вяртаюць назад на стагоддзі

Ў час гераічны, цяжкі і былінны,

Сёння часткова забыты ў народзе,

Бо ўжо ўспамінамі ў веку глыбіны

Дзед апусціцца не ў сілах ніводзін —

Ў пору змаганняў, каварства, пакуты,

Ў часы Альгерда, Ягайлы, Кейстута.

 

Век чатырнаццаты — жорсткія часы,

Кожны для кожнага вораг заўзяты;

Нельга знайсці ні дарогі, ні трасы,

Дзе б мог спакойна бядняк ці багаты

Ехаць, ісці або стаць на папасы.

Бойся і лесу, і рэчкі, і хаты,

Калі ты стаў адзінокім ці зброю

Слаба трымаеш старэчай рукою.

 

Вораг мог выйсці з-за кожнага куста —

Мог ім быць звер, селянін пагарэлы,

Бедны рамеснік, манах златавусты,

Мог ім быць пан ад баёў азвярэлы,

Як і бадзяга, што грабіў з распусты.

Вораг здалёку мог выпусціць стрэлы,

Выскачыць зблізку з мячом ці дубінай,—

Гвалт і грабёж панавалі няспынна.

 

Прыклад ішоў ад вярхоў, як вядома,—

Князь, княжаняты, паны і баяры

Грызліся самі з сабою без стомы.

Вечныя войны, сутычкі, пажары

Нішчылі хаты, лясы і харомы.

Люд пад'ярэмны душылі цяжары

Паншчыны, звозу, аброку, падатку,

Варты, шарваркі, аховы парадку...

 

Збройныя варты хадзілі нярэдка

З замкаў прасочваць дарожныя далі,

Але й дружыннікі, князя разведка,

Самі на мірных людзей нападалі —

Грабілі, гвалцілі, нішчылі сведкаў,

Потым спакойна пускаліся далей.

Страшна было карыстацца дарогай,

Цяжка жылося і ў хаце убогай.

 

Толькі ля замка або за мурамі

Людзі сябе спакайней адчувалі,

Дык навакола малымі дварамі

Шчыльна князёўскі той двор акружалі,

Месца пакінуўшы кузні ды краме,

Вулачкам вузкім, што граззю пятлялі.

З часам шырэй распаўзаліся хаты

У горад нярэдка прыгожы, багаты.

 

А як злы вораг прыходзіў з напасцю,

Не ўшанаваўшы пастоў ні граніцы,—

Гэта было найвялікшым няшчасцем.

Хто за мурамі не мог бараніцца,

Лепшым лічыў дзесьці ў нетрах прапасці,

Чым злітавання чакаць чужаніцы,

Што вынішчаў і людзей, і багацце

Ў кожным сустрэчным пасёлку і хаце.

 

Дык і не дзіва, што людзі, як зверы,

Звыклі адзін ад другога хавацца,

Што чалавек чалавеку не верыў,

І на дарозе, і ў гульнях, і ў працы

Вечна гатоў бараніцца, змагацца,—

Згодна з законам бязлітасным воўчым:

Чым быць звярынаю, будзь лепей лоўчым.

 

1

Многа ў Альгерда і слуг і багацця,

Войску, дружыннікам — ліку няма.

Край абысці, дык жыцця мо не хваце,

А гарадоў — незлічоная цьма.

 

Замак у Вільні пад Тур'яй гарою,

Там, дзе Віленку сустрэла Вілля,

Моцны, вялізарны, рэдкай парою

Князю служыў для спачынку — жылля.

 

Князь несупынна ў раз’ездах, паходах,

Ён валадарыў жалезнай рукой —

Строгім суддзёй быў у братніх нязгодах,

Страшным у бітвах з крыжакам, Ардой.

 

Ворагаў меў, дый сяброў меў багата,

Многіх любіў, ды найболей бярог

Кейстута з Трок,

маладзейшага брата,

Сябра баёў і бясконцых дарог,

 

Смелага рыцара, здольнага мужа,

З кім абмяркоўваў нямала падзей,

З кім між суседзяў праславіўся дужа,

З кім раздзяляў і уплыў на людзей.

 

Але характар быў розны у браццяў:

Слава Альгерда цягнула ў паход,

Кейстута болей маніла багацце —

Золатам мераў ён вартасць турбот.

 

Звязан Альгерд больш з славянскаю Руссю,

Рускай культурай не грэбаваў ён,

Кейстут любіў старыну і гарнуўся

Больш да літоўскіх паганскіх плямён.

 

Альгерд быў любімым героем народа —

Песні і казкі складалі аб ім,

 

Кейстут між панства з высокага роду

Больш меў пашаны і быў там сваім.

 

2

Не спадзяваўся знатны Гедымін,

Сярод лясоў будуючы сталіцу,

Што неўзабаве ўжо ягоны сын

Сталіцай гэтай будзе ганарыцца.

 

Мінула год не так ужо і шмат,

А замак распасцёрся пад гарою,

Як быццам волат паміж немаўлят,

Між гарадскіх забудаванняў рою.

 

Пабеглі вуліцы ва ўсе бакі,

Гудзяць народам плошчы, крамы, прыстань...

Рамеснікі, купцы і рыбакі,

Жрацы, баяры, ратнікі, юрысты

 

Працуюць, ходзяць, мітусяцца ўсцяж

У цесных вулках горада і замку.

Збывае лепшы свой тавар кірмаш

Да цёмнай ночы ад світанку.

 

Бо ў замку ж грошы, сіла і закон,

Там моды, чуткі, звычаі, навіны,

І кожны скуты з замкам аж па скон

Ад нараджэння першае хвіліны.

 

І замак повен вечнай мітусні:

Дружыннікі, баяры, ваяводы

То пешшу, то са зброяй на кані

Снуюць туды-сюды. Паўзуць падводы,

 

І скрып, і крык, і стук наўкруг.

На плошчы, ў стайнях, складах і палацах

Натоўп уецца незлічоны слуг,

Занятых рознай безупыннай працай.

 

Нясуць загады ў розныя канцы

І данясенні возяць з-пад граніцы

На скакунах узмыленых ганцы

Шляхамі, што збягаюцца ў сталіцы.

 

А князь спярша баяр і ваявод

Пасля ганцоў прымае — сочыць пільна,

Каб паслухмяным быў яму народ

І вораг шанаваў Літву і Вільню...

 

3

Аднойчы ў натоўпе палоннікаў рускіх

Кейстуту трапіў на вочы хлапчук:

Дробны, худзенькі, у портачках вузкіх,

У матчынай вопратцы не па плячу.

Тварык яго палымнеў ненавісцю,

Скрыўлены вусны, насуплены зрок,

Сціснуты моцна рук дробныя кісці...

Князь гэта ўгледзеў чамусьці здалёк:

«Што гэта ты гэткі злы, невясёлы?

Білі цябе ці галодны? Скажы».

Скочыў да волата хлопчык той кволы

Ў злосці такой, што не знае мяжы.

З крыкам і плачам ударыўся ў грудзі,

З сілай упіўся зубамі ў руку...

Князь адхіснуўся. Прыдворныя людзі

Рукі скруцілі назад хлапчуку.

 

Доўга ляжаў ён у пуні і плакаў,

Моцна пабіты за княжую мосць.

Мучыў усё ж не так боль небараку,

Колькі бяссілле, нянавісць і злосць.

 

Вораг засціг іх з матуляй у хаце,

Рукі пазвязваў, пагнаў у палон.

Плакала маці над лёсам дзіцяці,

Плакаў над маці нядоляю ён.

Колькі сцярпець, перажыць давялося,

Покуль прыгнаў іх да Вільні канвой,

Ведае толькі мо ў полі калоссе,

Лес ды балота з густою травой.

Маці да скону ўвесь час паўтарала:

«Бог не даруе ім нашых пакут!

Здохне пракляты князёк-абдзірала,

Звер ненажэрны, паганы Кейстут!..»

Кейстута сёння хлапцу паказалі.

Князь насмяхацца мо здумаў над ім?..

«Чэрці паганыя! Бачыш! Не далі

Мне разлічыцца з тым чортам рудым!..»

 

Потым усё патанула ў тумане,

Доўга пакутваў ад болю і змор...

Каб не старэйшых палонных старанне,

Ён, безумоўна, тады б і памёр,

Выжыў аднак жа, падняўся на ногі,

Стаў памаленьку выходзіць на двор,

Думкай вышукваў дадому дарогі,

Ўпотай маліўся да ранішніх зор.

«Мне б да сваіх, на радзіму дабрацца,—

Ціха шаптаў ён і сох ад пакут.—

Войска сабраў бы і стаў бы змагацца

З сілай тваёю, паганы Кейстут!..»

 

Чуў князь Альгерд пра здарэнне на псярні,

Ён усміхнуўся:

«Адважны юнак.

Здайце яго да паслуг на пякарню,

Потым убачым, што будзе і як».

 

4

Пекар спытаў:

— Як завешся?

— Ўладзімір.

— Скуль ты?

— Палонны з Маскоўскай зямлі.

— Значыць, па-нашаму будзеш Вайдзіла.

Бачыш вунь жорны? Ідзі і мялі.

Не, пачакай. Вось знайшоўся мне волат!

Душна тут. Мамчыну світачку скінь.

Сядзь, замары перш акрайчыкам голад,

Потым вунь там падмяцеш каля скрынь.

 

Так і застаўся малы Вайдзіла

Ў пякарні княжай і рос надзіва

Хлапчынам бойкім, прыгожым, дужым,

За праўду стойкім, жывым, дасужым.

Аднойчы князем

Ён быў заўважан:

— З якога звання,

Якога роду?

І на пытанне

Хлапчук адкажа:

— Я раб з усходу,

Завуць — Вайдзіла.

Жыву надзеяй —

Чутка ж хадзіла,

Што гэтым летам

Пусцяць дадому ўсіх малалетак.

Век спадзявацца — палонных доля.

Калі ж ты, княжа, дасі нам волю?

 

Альгерд здзівіўся:

— А ты гарачы!

Ды па табе ўжо бізун мой плача,

Так мне здаецца.

 

А хтосьці збоку ў размову ўпрэцца:

— Гэта ж той самы

Нашчадак хамаў,

Што ў страшнай злосці і ненавісці

Князя Кейстута ўкусіў калісьці...

— Ага, дык вось якія справы!

Дык гэта ты той хлопец жвавы,

Што помсту маючы на ўвазе,

У свой час кінуўся па князя

З сваім дзіцячым кулаком?

Ты стаў, я бачу, дзецюком.

 

— Дазвольце, пане,

Сказаць мне слова.

К вам на спатканне

Я адмыслова,—

Іншы ўмяшаўся,—

Сюды спяшаўся,

Каб далажыць вам усё парадкам.

За тым выпадкам

З князем Кейстутам,

Загад быў даны

Ўвесь зброд паганы

Зрабіць ахвяраю для Пяркунаса.

Хлапца не ўзялі,

Бо ён, казалі,

Тады быў хворы.

Дык з божай волі,

Дазвольце, пане,

Ахвяраванне

Цяпер правесці,

Каб быць нарэшце

З багамі ў згодзе.

 

— Ты што пляцеш аб нейкім збродзе?

Каго ўзяць хочаш на ахвяру?

Ды хто ты ўрэшце, што ткнеш хару

У справы княжае улады?

— Я служка бога Пяркунаса.

— А што ў вас мала хлеба, мяса?

Ці мо падохлі вашы гады?

Майго нявольніка вам трэба?

Хто служка божы — глядзі у неба,

А на зямлі я й сам убачу!

— Мы перш за ўсё за вашу ўдачу

Багоў упрошваем, мой пане...

— Скажу табе на развітанне:

Ідзі адгэтуль ды маўчы,

Пакуль гарбуз твой на плячы.—

Пасля звярнуўся да Вайдзілы:

— Ты, бачу, хлопец, маеш сілы,

Калісьці неяк ненарокам

Зрабіў цябе я хлебапёкам,

Ну што ж, і далей не пакіну —

 

Вазьму цябе ў сваю дружыну,

Там ты, як трэба, будзеш жыць.

Ці будзеш верна мне служыць?

— Нашто пытаць раба аб згодзе,

Загад дасце яму, і годзе.

— Ну вось і добра. Пан Даўгяла,

Глядзіце, каб аб ім падбала

Мая прыдворная управа.—

Кватэра, вопратка і страва,

Як і для ўсёй дружыны княжай.

Пра лёс далейшы потым скажам.

 

5

І стаў Вайдзіла жыць у замку.

Спярша тужыў па волі-долі,

Пасля,

прывыкшы да няволі,

Замкнуў жыццё у тую рамку,

Што распарадкам дня завецца

І, як між слугамі вядзецца,

Пачаў цягнуць пакорна лямку.

 

Ён перш быў хлопцам для паслугі,

Хадзіў туды, дзе загадалі,

Рабіў, што толькі пажадалі

Княгіня, князь, паны, іх слугі.

Штораз то рэха мур будзіла:

«Вайдзіла, дзе ты? Гэй, Вайдзіла!

Што, паспытаць жадаеш пугі?»

 

Ды час ішоў, міналі годы,

Вайдзіла рос і жыць вучыўся.

З загаду князя хутка ўліўся

Ў сям'ю вайсковага народа.

Жыццё інакш каціцца стала

І паступова замятала

Дзяцінства цяжкага нягоды.

 

І вось у князевай дружыне,

Хоць і за ўсіх ён маладзейшы,

Ён самы смелы, найспрытнейшы.

А ў той жыццёвай блытаніне

Ён не шукае спрэчак, звады,

Але і ворагу дасць рады,

І сябра ў горы не пакіне.

 

Прывык да бітваў і паходаў

Супроць татараў, немцаў, ляхаў

І сустракаць прывык без дахаў

І халады і непагоды.

А ў час баёў ці паляванняў

Не ведаў страху, ні хістанняў,—

Яму адно — ў агонь ці ў воду.

 

Ды толькі сумны ён якісьці,

Ні з кім сяброўства не заводзіў,

Быў панам сам сабе, дый годзе.

І ўсё таксама, як калісьці,

Глядзеў на Кейстута варожа —

Ніяк з той спадчыны нягожай

Не мог знайсці у думках выйсця.

 

Ён помніў матчыны праклёны,

Якімі кожны дзень, бывала,

Яна Кейстута абсыпала.

Але чаму такі шалёны

Гнеў выклікала імя гэта,

Не скажа бедная кабета —

Над ёй гамоніць лес зялёны.

 

Альгерд Вайдзілу за адвагу

Шануе, нават паважае.

У ім ён розум заўважае

І да навук усякіх цягу.

Дык выхаванцам ганарыцца,

Аднак не мае сіл забыцца,

Што хлопцаў род насіў сярмягу.

 

6

Звычайнай справай

Для князя, а для княжанят

Забавай

Было сціганне,

Паляванне.

Яно займала часу шмат

І жорсткасцю напамінала войны.

Атрад імчаўся ў пушчу збройны

І звера нішчыў як папала.

Вядома, гэта гартавала

Ваяк для будучых баёў

І кіравала іх на згоду

Ліць кроў

Людзей любога звання, ўзросту, роду.

 

Вось нетры бору

Прарэзаў рога хрыплы кліч.

Угору

Шугнулі птушкі-палятушкі

І затрывожылася дзіч:

Настаражыўся дзік клыкаты,

Хвасты ўшчамілі ваўчаняты,

Мядзведзь парушыўся у ломе,

Бабры прыціхлі ў вадаёме,

Паветра стаў абнюхваць лось,

Дзед-зубр спыніўся у паўжвакі...

Ускрыкнуў дзесьці хтось,

І ўзнялі злосны брэх сабакі.

 

Тады на пушчы

Тра-рахнуў лом ад лап і ног,

Нясучых

Народ звярыны

Праз цалінны

Глухі гушчар і зыбкі мох,

Цераз карчы, балоты, пні, завоні,

Каб толькі далей ад пагоні,

Каб не папасці ў круг аблавы...

Прапаў, хто слабы ці кульгавы,

Настаў такому смерці час —

Акружаць беднага сабакі,

І ўраз

Заколюць людзі-забіякі.

 

Бяда звярыне,

І плача, стогне цёмны бор,

Што гіне

Краса прыроды

Назаўсёды,

Што нішчыць лук, агонь, тапор

Ды паляванні і аблавы,

Бывае, толькі для забавы,

Абшары лесу, многа звера,

Што чалавек, той ненажэра,

Знішчае ўсё з усмешкай злой.

Дык плачуць сосны-небаракі

Смалой,

Калі пачуюць брэх сабакі.

 

Не знаюць сосны,

Што ўсё ж не кожны чалавек

Так злосны

І крыважэрны

Непамерна.

Не ведаюць, што ёсць паны зямлі,

лясоў і рэк,

Паны людское волі, долі.

І ёсць такія — іх шмат болей —

Што працай пільнай паслухмяна

Спаўняць павінны волю пана,

Які не цэніць ні звяроў,

Ні лесу, поля, ні народу

І кроў

Прывык з маленства ліць як воду.

 

Аднак, бывала,

Што звер не толькі ў страху бег,

Спыняла

Яго парою

Помста. Зброю

Крышыў тады, валіў на снег

Ці ў мох таго, хто там сустрэўся на дарозе.

 

Альгерд аднойчы у трывозе

З-пад тура клікнуў дапамогі.

І тут Вайдзіла хутканогі

Ваткнуў звярузе піку ў бок...

Падняўся князь, як крэйда, белы:

«Звалок

Ты смерць з мяне, юнача смелы,

Я гэта помніць буду век,

Дык знай — ты не слуга, а вольны чалавек».

 

7

Што гэта ў Вільні зноў за ліха?

Крык, гоман, стук з усіх бакоў,

У вулках цокат, ляск падкоў,

І вокал прыстані не ціха.

Прыехаў з Трок Кейстут вялікі,

Князі з удзелаў, шмат баяр,

Купцы сцягнулі свой тавар —

На рынку заклікі і крыкі.

Альгерд збірае раду-думу

З князёў, баяр і ваявод.

Якісьці зноў, відаць, паход

Ў баях ссівелы князь задумаў.

— Браты-князі! Паны-баяры! —

Узяўшы слова, мовіў ён.—

Ад братняй Тверы вам паклон,

Над ёй сягоння дыму хмары.

Мяркуйце самі. Князь Дзімітрый

Запяў бяспраўна горад Твер.

Дзімітра знаю я; як звер,

Ён крыважэрны, злы і хітры.

Дабра не будзе. Сёння з Тверы

Ў гарачцы лезці ён гатоў

На нашы княствы, на братоў,

Што на Літву вартуюць дзверы.

А ў нас шукае дапамогі

Сагнаны з Тверы Міхаіл.

Ён сябра наш, дык частку сіл

Яму трэ даць без засцярогі.

А я прашу тут вашай згоды

Дзімітра жорстка пакараць,

Бо толькі мы яго прагнаць

Дадому можам назаўсёды.

 

— І я за тое ж. Ды, дарэчы,

Хачу напомніць, што крыжак

Гатоў уткнуць нам нож у плечы,

Калі мы будзем пад Масквою.

— З крыжакам мір цяпер у нас,—

Сказаў Альгерд,— бо вось якраз

Прасіў сам ордэн супакою.

— Хоць я крыжакам і не веру,—

На гэта Кейстут,— ды пара

Ўсмірыць Масквы валадара,

Бо ён нахабным стаў не ў меру.

— А як на іншых паграніччах? —

Спытаў Таўцвіл, баярын знатны.

— Заслон усюды маем ратны,

Я гарнізоны павялічыў.

— Дзімітры вораг небяспечны,

Дык трэба так змясіць яго,

Каб ён адрокся усяго

Або на мір згадзіўся вечны.

 

Праз тыдзень збораў у дарогу,

У лета самага разгар,

Пасля малебстваў і ахвяр

Альгерд прышпорыў верхавога.

І паплылі за ім дружыны

Праз сінь лясоў і шыр балот,

Праз недарод, неумалот,

Праз трупы, попел і руіны...

 

А ў час, калі паход спыняўся,

Сустрэўшы брод ці на папас,

З дружыны княжай кожны раз

Ягайла юны вылучаўся.

Бялявы тварам, спрытны, стройны,

Ягайлу толькі дваццаць год,

І першы раз яшчэ ў паход

Вядзе атрад ён самастойна.

Нядаўна стаў ён крэўскім панам —

Як раўнапраўны ўдзельны князь,

Праедзе, ўздыме пыл ці гразь

Сваім канём непаслухмяным.

 

Яму не церпіцца сустрэцца

З самім Дзімітрам у баі,

І сніць ён бітвы і страі,

І прагай славы сэрца б’ецца.

 

Альгерд спыняе зрок на сыне,

Што побач мерае з ім шлях,

І раптам сэрца цісне жах:

А што, як гэты сын загіне?

Ягайлу ён выхоўваў строга,

Яму рашыў у нетрах мар

Улады здаць пасля цяжар,

Хоць меў сыноў і іншых многа.

Яшчэ зялёны ён, гарачы,

Наперад любіць забягаць,

А не паспееш затрымаць,

Дык у Маскву адзін паскача!

І за Смаленскам на папасе

Уздумаў сыну даць канвой,

Які б за князя галавой

Адказным быў у кожным часе.

Ваякаў выклікаў са дзвесце,

З іх выбраў дзесяць юнакоў

І загадаў з другіх палкоў

У полк Ягайлы перавесці.

І ў гэтым выбраным дзесятку

Вайдзіле стрэўся Прокша, Ліс,

Знаёмы быў Кучок, Кайрыс,

А іншых ён не знаў спачатку.

 

Ды хлопцы хутка падружылі,

Бо ўсе равеснікі былі,

І пана крэўскае зямлі

Жалезным колам акружылі.

Прывык да іх і князь Ягайла,

Усіх за ўдаласць палюбіў,

Сам падабрэў ён, менш грубіў,

Жыць лепш усёй дружыне стала.

Тым часам вольнаю ступою,

Каб лішне коней не загнаць,

Ішла Літвы дасужай раць

І раптам стала пад Масквою.

 

8

Масква сачыла.

Ў сіняве,

Як быццам росы на траве

Ці ўзбліскі хваль у ясным сонцы,

У пыле-кураве бясконцым,

Пасерабрыўшым звонка даль,

Літоўскіх пік заззяла сталь.

І так дружынай баявой

Літва сустрэлася з Масквой.

 

Як толькі коннікаў варожых

Дазор заўважыў са сцяны,

Трывогу сталі біць званы

Ва ўсіх сталічных храмах божых.

На брамах грымнулі завалы,

Падняты з скрыгатам масты,

А на сцяне свае пасты

Займаць пачаў народ бывалы.

Хапалі зброю змагары,

Катлы з кіпячаю смалою

Цягнулі гуртам на муры

І рыхтавалі ўсё да бою.

 

Уміг акружана сталіца,

І перакрыты ўсе шляхі,

І асядланы берагі

Ракі, што зорамі іскрыцца.

Уздоўж муроў па ўсім прасторы

Параскідаліся палкі.

Вось паімчаліся дазоры

Пад лес па беразе ракі,

Адкуль з'явіўся нечакана

Спярша атрад, пасля абоз,

Які харчы і зброю вёз.

Абоз той вёў баярын Шуба,

Вёў і не знаў, што пад Масквой

Яму рыхтуецца загуба.

Пасля ж, калі яго канвой

Разведаў, як, і ў чым тут справы,

Вяртацца позна ўжо было.

Ля сцен пачаўся бой крывавы —

Баярын, ворагам назло,

Стаў працярэбліваць дарогу,

А на спатканне масквічы

К яму ўжо беглі на падмогу:

Ў абозе ж зброя і харчы!

 

Ды і ліцвіны не драмалі —

Пайшлі з бакоў наперарэз,

Каб не пусціць маскоўцаў далей,

А Шубу выцесніць пад лес.

І бой пачаўся страшны, люты —

Хто сек, хто біў, а хто калоў,

І звон мячоў і енк пакуты

Зліліся ў страшны гул без слоў.

Усё змяшалася ў тумане —

Яздок і конь, чужы і свой...

 

Ягайла кінуўся ў змаганне,

Падняўшы меч над галавой,

Але, кап’ём жалезным збіты,

Скаціўся раптам пад каня.

Пакуль байцы з прыбочнай світы

К яму з падмогай падаспелі,

Яго схапілі маскалі

І ўжо ў палон цягнуць хацелі.

Тут разважаць няма калі!

Падбег з мячом на іх Вайдзіла,

Другія — ўслед. Адбіты князь,

Зноў конь пад ім грызе вудзіла...

— Наперад, княжа, не вылазь,—

Яго упрошвае ахова.

А ён, скачаны ў кроў і гразь, 158

Не можа вымавіць і слова.

 

А масквічы за гэты час

Літву ад брамы адцяснілі

І пачалі ўпускаць абоз,

Што расцягнуўся на паўмілі.

Баярын гнаў за возам воз,

Пакуль вакол грымела пекла,

Ды сілы ўдвоіла Літва

І рух на тракце перасекла.

Загінуў Шуба, як герой,

За крок ад роднае сталіцы.

Звініць Масквы набатны звон:

Аблеглі горад чужаніцы!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Альгерд тым часам стаў «здаваць»

Яго няшчадна біла трасца,

І зразумела хутка знаць,

Што ім Масквы узяць не ўдасца

Без цяжкай зброі і гармат,

А дзе знайсці іх — невядома.

Пасля нарады дан загад:

Асаду зняць, ісці дадому.

 

Пайшлі назад. Пра той паход

Пісаў у хроніцы манах:

«Зело нічтожыша народ —

Огнем жегоша,

Мечамі біша,

Полоніша...

І бысть повсюду плач і страх».

 

9

Падвечар іх стамілі далі,

Дык над ракой сярод паляны

Ліцвіны з коней пассядалі.

Уміг зайрдзелі палымяна

Лаўжоў нязлічаныя зоры,

І навакол па ўсёй акрузе

Парассыпаліся дазоры,

І табуны зайржалі ў лузе.

Альгерд і стомлены, і хворы,

Ледзь на сядле ўжо мог трымацца,

Дык у плашчы, як быў, і ў зброі

На сена кінуўся ў палатцы.

Шарэла ўжо. Шумелі хвоі,

Галлём разлапістым гайдалі

І, быццам шумам тым нядолі

І стоме княжай спагадалі.

І ў той час, зроджаны на ўзлессі,

Паплыў з туманамі па полі

Матыў даўно пачутай песні:

«Вячэрняя зара ясна,

А ранняя не такая,

Ды свая старонка красна,

А чужая не такая...»

 

Тут усхапіўся князь з пасцелі,

Бо раптам сталі мітусіцца

Мурашкі нейкія па целе,

І сэрца стала хутка біцца:

Дык песню ж гэту ён калісьці

І знаў, і чуў не раз, бывала,

Але ад часаў тых мо лісце

Разоў са дваццаць ападала

І тыя дні зацерушыла.

А колькі ўжо знаёмых, блізкіх

Глынула прагная магіла!

Ды вось, як быццам фенікс з прыску,

Твар чарнавокі, чарнакосы

І гнуткі стройны стан дзявочы

Цераз гадоў мінулых лёсы

З’явіўся князю зноў на вочы.

 

...«Вячэрняя зара ясна,

А ранняя не такая.

Селяніна жонка красна,

Баярына не такая...»

 

— А дзе ж цяпер яна, Арына?

Як мог аб ёй я так забыцца?!

А там пяе што за дзяўчына?

Не... Голас нейкі іншы быццам.

Ды столькі ж часу прамінула!..

 

...«Ды казаў ліцвін русіну:

Ты пакінь сваю краіну!

Я табе за гэта дам

Каня варанога і сядзельца залатое...»

 

Казаў баярын селяніну:

«Ты аддай сваю жану!

Я табе шмат грошай дам,

Волю дам табе затое...»

 

— Чакай, чакай... Як жа было там?

А я ж любіў яе бясконца!..

Ды брат мой князь Кейстут балотам

Тады захляпаў тое сонца,

Што нам так радасна свяціла,

Бо сувязь тую разарвала

Кейстута воля, хітрасць, сіла...

Ды што пасля, пасля з ёй стала?!

 

«Не хачу каня з сядлом,

Мне мілейшы родны дом.

Я хоць і ў бяду ўпаду,

Цябе ў палон завяду,

А я хоць з ног звалюся,

А дадому ўсё ж вярнуся...» —

Гучала песня жаласліва.

 

Пяюць палонніцы, няйначай,—

Падумаў князь,— дык і не дзіва,

Што сэрца рвецца так і плача...

Але, аднак жа,

дзе Арына?

Мяне панеслі войнаў хвалі,

А дзе ж падзелася каханка,

Чорнавалосая дзяўчына,

Княгіням роўная сялянка?!

Куды яе тады схавалі?

 

«...Не хачу багатым быць,

Мне мілей з каханай жыць.

Я хоць і ў бяду ўпаду,

Ды тваю жану звяду.

А я хоць з ног звалюся,

За каханай пацягнуся...»

 

Не, я за ёй не пацягнуўся,

Нікчэмны хлус і раб улады!

На брата я зваліў віну ўсю,

А сам — віноўнік першы здрады!

Я змаладушнічаў, паехаў,

Яе пакінуўшы у Крэве.

«Зайздросціш? Дык вазьмі на ўцеху!»

Сказаў я Кейстуту у гневе.

І больш ніколі ані слова

Не гаварылі аб сялянцы.

«Ўцякла»,— казалі.— Гэта змова!

І брат, і слугі — ашуканцы!

Яна любіла і ніколі

Мяне б не кінула, я знаю.

Яе тады з гнязда спаролі

І зайздрасць і хлусня дурная!

А можа, Кейстут вывез сілай?

А мо тады забілі дзесьці?

Яна ж ужо не так хадзіла...

Я мушу знаць усё нарэшце!»

 

І, плашч адкінуўшы і зброю,

Князь лёг на сена, змежыў вочы,

Але ні сну, ні супакою

Не дачакаўся гэтай ноччу.

 

10

Гоман і грукат навокал разносіцца:

Коннікі ў замак з ваколіц збіраюцца,

Нейкая чуецца рознагалосіца,

Мост ад капыт грукаціць, угінаецца —

Нешта ліхое, відаць, пачынаецца.

 

Крэва ў трывозе — хто стогне, хто моліцца,

Дзеці да матак заплаканых туляцца,

Людзі бягуць з цёплых ложкаў на вуліцы:

«Што гэта робіцца? Што гэта творыцца?

Што гэта ў замку за рух і бяссонніца?»

 

Вечарам коннік галодны, здарожаны

Ўскочыў у замак са шляху ашмянскага,

Звесткамі нейкімі князя ўстрывожыў ён,

Вось і узняты дружыннікі панскія.

 

Б’юцца ў няпэўнасці сэрцы сялянскія:

«Можа, навісла навала крыжацкая?

Лях ці мангол праз лясы прабіраецца

Ці ўжо ў граніцы ўварваўся знянацку дзе?

Братняя кроў мо ізноў праліваецца?»

Людзі пытаюцца, раюцца, лаюцца:

— Што там за трасца? За кім наш князь гоніцца?

 

Справы, відаць, пачаліся ваенныя:

Мост апусціўся, затупала конніца,

Рэха пайшло за муры таўстасценныя,

Будзячы розныя домыслы дрэнныя.

 

Коннікі ў латах па горадзе носяцца...

Войска кудысьці ў пацёмкі спяшаецца.

Але на вуліцы рознагалосіца

Аж да світаннейка не сунімаецца:

Людзі гамоняць, трывожацца, лаюцца...

 

Раніцай Тэкля, кабета дасужая,

Весткай, здабытай употай, дзялілася:

«Кажуць Альгерд ці памёр, ці нядужы ён,

Дык усхвалёвана вельмі ўжо Вільня ўся,

Вось у сталіцу Ягайла і рынуўся».

 

Тэкля паладзіла з княжым дружыннікам

З Прокшам адважным залетась, дык сніцца ёй

Шчасце, што ўвосень сплыло з павуціннейкам;

Так ні замужняй жыве, ні ўдавіцаю,

Сын — у магілцы, пад вербачкай ніцаю.

 

Служыць у замку прыслужніцай нейкаю,

Часта, аднак, да сваіх выбіраецца —

Дружбы не траціць з убогай сямейкаю.

Тэкля наогул усім падабаецца,

Але чамусьці завуць яе Змейкаю.

 

Замуж ісці наадрэз адмаўляецца,

Верыць, што Прокша, герой яе, вернецца.

Хоць ёй сяброўкі услед ухмыляюцца,

Хоць варажыла вандроўная чэрніца,

Сэрцу жанчыны у здраду не верыцца.

 

Тэкліна вестка уміг разляцелася.

Людзі дамоў пачалі разыходзіцца,

Брацца за працу, хоць з рук і ляцела ўсё,

Але ж без працы нічога не ўродзіцца.

Можа й на свеце яшчэ распагодзіцца...

 

11

У слаўнай віленскай даліне Свінтарога,

Паміж дубоў старых, у гаі векавым

Гарыць агонь нязгасны Перкуна-Дажбога

Няспынна ў неба цягнецца ахвярны дым.

 

Ля вогнішча таго старыя вайдалоты

У белых вопратках, з бародамі, як снег,

Багоў загады — зорак ход, вятры, грымоты —

Перакладалі ў мову замкаў, мірных стрэх,

 

Маліліся, спявалі гімны, варажылі,

Лячылі нашаптам і зеллем ці вадой,

То сны разгадвалі, нябожчыкаў палілі,

Людской умела кіравалі грамадой.

 

Даўнейшым часам праз даліну Свінтарога

У гай, дзе жыў пярунаўладны бог,

Народу рознага прыцягвалася многа

З усіх напрамкаў віленскіх шляхоў-дарог.

 

А святамі вялікімі ці ў час ваенны

Не мог змясціць людзей ні горад, ні той гай,

Тады ахвяр паток няспынны, мнагацэнны

Пераліваўся часта ажно цераз край.

 

Ды вось зацішна неяк у святой сталіцы,

Маўкліва стала й ля ахвярнага агню —

Народ і ў святы ўжо не так таўпіцца,

Сумуе князь праз гэту цішыню.

 

Засумавалі крыве, жынчус, вайдалоты —-

Няма малельшчыкаў, што дзень, то менш ахвяр,

Спяваць багам няма даўнейшае ахвоты,

На сэрцы, быццам камень, нейкі лёг цяжар.

 

Старэйшы вайдалот, узяўшы канкле ў рукі,

Пачаў будзіць акордам песню з дзён былых;

Другія слухалі, і мірнай песні гукі

У час далёкі, лепшы перанеслі іх.

 

 

Песня вайдалота

У бары, бары ды стаяць горы,

Ды стаяць горы высокія,

А на тых горах ляжыць бруссе,

Ды ляжыць бруссе цісовае;

А на тым бруссі стаяць слупы,

Ды стаяць слупы маляваныя;

А на тых слупах ды вісяць катлы,

Ды вісяць катлы адліваныя;

А пад катламі гараць агні,

А гараць агні ясненькія

Ды ідуць дымкі сіненькія;

Там сядзяць дзядкі старэнькія,

Вараць стравы яны смачненькія

Ды з таго дзіка клыкатага,

З зубра — звера барадатага.

Усё — Дажбогу падаруначак,

Гасцям любым пачастуначак.

Ешце, ешце, любы госцейкі,

Любы госцейкі — князь з дружынаю.

 

— Старая песня і прыгожа заспявана,

Сказаў адзін з прысутных тут дзядкоў,—

Яна як скарб які была ў нас захавана

Праз многа год, а мо праз некалькі вякоў.

 

Сягоння іншы час і песні ў нас другія —

Князі багоў старых менш сталі шанаваць,

І нашы звычаі, абрады дарагія

Народ таксама стаў высмейваць, забываць.

 

А што, як я вам зараз песню заспяваю

Аб тым, чаму народ адкідвае багоў

І што рабіць нам трэба, каб у нашым краі

Дарэмна братняя больш не лілася кроў?

 

 

Песня другога вайдалота

Ля перавозу стаіць бяроза,

А на той бярозе залата кара!

Залата кара, шаўковы вецці!

Ды нахлынулі крумкачы-вароны,

Залату кару паабівалі,

Шаўкавецце паабламалі.

Выйшаў-выбег добры малойчык,

Крыкнуў-свіснуў на тое птаства:

«Прэч дадому, чорнае птаства!»

Ды тую кару ён пазбіраў,

Шаўкавецце ў пучкі павязаў

Ды панёс да збройнічка, да здольнічка:

«Ты збройнічку, ты здольнічку,

Скуй ты мне ды золат меч,

З акравачак ды панцыр-шчыт,

А з веццейка — адзежынку.

Тым мячом чорна птаства прэч гнаць,

Шчытом-панцырам засланяціся,

А ў адзежцы той красаваціся».

 

— Ты песню хвацкую злажыў — не падкапацца,

З прыемнасцю мы слухалі яе.

Штодня і ўсім расказвайце пра птаства,—

Сказаў Крыве-Крывейта,— покуль сіл стае.

 

Вунь лях прыслаў на нашу шыю францысканцаў,

Дамініканцаў нейкіх немец падаслаў,

І Кіеў накіроўвае сваіх пасланняў,

А ўладары не бачаць іхніх чорных спраў.

 

Цішком ідзе ўжо барацьба за панаванне,

А мы з князёў таму павінны памагаць,

Хто нашу веру родную падтрымваць стане

І згодзіцца усіх прыблудаў вон прагнаць.

 

Крыжакі Швіндрыгайлу ставяць кандыдатам,

Князь Януш Кейстута падтрымвае як зяць,

Маскоўскі князь Андрэевым стаў сватам,

А Любарта Мамай маніцца нам прыслаць.

 

Дык вось скажу вам: не падходзіць з іх ніводзін.

Чаму? Зусім не цяжка гэта зразумець,—

Вялікі князь Літвы ў народзе

Сваім павінен і пашану і падтрымку мець.

 

Нам аб'явіў Пяркун, што больш за ўсіх дастойны

Ягайла 1ганла }Альгердовіч, крэўскі валадар.

Дык быць яму Вялікім, хоць праз выбар збройны

Няхай на гэта шмат спатрэбіцца ахвяр!

 

Ідзіце ў людзі, ведайце ўсе чуткі, справы,

Збірайце пільна звесткі з княжага двара.

Калі з нас кожны будзе пільны і рухавы,

То будзем мець прыгоднага гаспадара.

Увесь чужынцаў-крыжаносцаў зброд плюгавы

Дазвання вынішчыць ужо даўно пара.

 

12

А на Замковай вуліцы,

Глыбока у двары

Да тыну цэркаў туліцца

Ад даўняе пары.

Малая, з дрэва зрублена,

Падобна да гумна,

Ды хоць між хат загублена,

Вядома ўсім яна.

Ідуць сюды з ваколіцы

І з дальніх месц падчас,

Каб паглядзець, як моліцца

Ігумен Апанас.

Аж з Кіева далёкага

Ён на Літву прыйшоў,

Ды не для хлеба лёгкага

І ўспененых каўшоў,

Але каб слова божае

Няверным абвясціць,

Каб Жмудзь,

Літву варожую —

Дазвання ахрысціць.

Казалі, што загіне ён

З рук перкунавых слуг,

Але здружыў з княгіняю,

Дык гоман той абтух;

І іншых шмат прыхільнікаў

Знайшоў, што памаглі.

А цалкам жыць у Вільні стаў,

Як на сваёй зямлі,

Калі пры ім сабралася

З дзесятак чарняцоў.

Іх вера пашыралася

Сярод мяшчан, купцоў.

 

Каля царквы і гоманна,

І людна на дварэ.

«Старая вера зломлена

І хутка адамрэ»,—

Гудзе ігумен з браціяй

І з рання да цямна,

Як толькі сілы хваце ім,

Тлумачаць:

«Там мана

У гаі перкунасавым,

А бог жыве у нас».

І ўсе на грошы ласыя —

Шмат, мусіць, есць бог Спас.

 

А гай маўчыць, і слухае,

І знаку не дае,

Што знае тых, хто рухае

Ўсе звычаі свае,

Хто Перкуна зракаецца,

Не верыць Калядзе

І за грахі пакаяцца

К ігумену ідзе.

А гай маўчыць, хоць ведае,

Што часта той манах

З чужынцамі бяседуе,

Што ходзяць па начах

К яму купцы царградскія,

Ганцоў маскоўскіх шмат.

— Праверце, што за птаха ён! —

Альгерд раз даў загад.

 

13

Цвёрдым, хоць стомленым крокам,

Бокам дарогі

Старац убогі

Шлях адмяраў адзінока.

 

Доўгія сцежкі-дарожкі

Лапці садралі,

Сілу забралі.

Эх, адпачыць хаця б трошкі!

 

Лес ды балоты бясконца!

Вечар асенні.

Цягнуцца цені —

Нізка скацілася сонца.

 

Ўрэшце сасоннік спыніўся,

І на паляне

Ў сонечным ззянні

Стала нібыта ў агні ўсё.

 

Злёгку ўздыхнуў падарожны

І з-пад далоні

Ўдаль на балонне

Кінуў пагляд асцярожны.

 

Ціха плыло павуцінне.

Чорныя хаты.

Вузкіх ніў латы.

Рэчка ў алешніках гіне.

 

Топчацца статак пад лесам.

Ўзгорак пакаты

Порыць араты

Волікам нейкім бялесым.

 

А ля стаўка ці крыніцы

Ў лузе вільготным

Беляць палотны,

Мочаць пяньку маладзіцы.

 

Певень гарланіць заядла,

І раз за разам

Пад чорным вязам

Дзынкае звонка кавадла.

 

«Вёска, знаць, мірнае працы.

Хоць на часіну

Дзеля спачыну

Прыйдзецца тут затрымацца».

 

Хату на ўзмежку балота

Стрэў каля броду,

Дык на калоду

Сеў і прыпёрся да плота.

 

Ніклі ўжо сонца праменні.

Як прапацела

І ныла цела!

Ногі — як глыбы з камення.

 

Дзвярэй пачуўся хрыплы скрып,

І ўжо з-за ліп,

Што нахіліліся на тын,

Стары з’явіўся селянін,

Мо гаспадар той хаты,

Худы,

Сівы,

А на сярмяжцы — латы.

— Вітайце,— мовіў.— Мо вады

Крынічнае глынулі б вы,

А не, дык мо кваску з паўкварты?

Стаміўся, бачу, не на жарты,

А тут, нязручна на карчы.

У хаце ж стол ёсць, лава,

Вядома, знойдуцца й харчы,

Дык мо зайшлі б у хату?

Як кажуць, чым багаты,

Тым і рады,

То, калі ласка...

— Падзяка, вам, а богу слава,—

Ў адказ прамовіў вандраўнік,—

Да гэткай мовы і спагады

Я ў долі наскай

Не прывык.

І лаву, стол, харчы

І квас

Не стрэнеш сёння абы-дзе,

А так, лічы,

Ўжо кожны раз,

Што лепш, чым клікнуць пад свой дах,

Любы з варот сваіх на шлях

Цябе з сабакам правядзе.

А ў вас, я прыкмячаю,

Інакшыя звычаі...

Вядома, з радасцю зайду.

— Хадзіце, я вас правяду.

 

У хаце бабка іх сустрэла:

— Сядайце. Тут кладзіце рэчы.

Вось я дастану крупнік з печы.

Адрэж, дзед, хлеба.

Ешце смела.

— Ох, дзякуй. Клопатаў не трэба...

Даўно не еў я цёплай стравы.

— Адкуль, куды,

Якія справы

Вядуць вас нашаю дарогай?

— Брыду з бяды.

А што і як — расказваць многа.

Я сам з-пад Полацка, мо чулі?

— Чаму ж не чулі. Давялося.

— Вясною выйшаў. Шлях — не гулі.

Тым часам вось прыйшла і восень.

Я быў у Віцебску, Смаленску,

У Магілёве і у Менску,

Ў Заслаўі, Крэве, Ашмяне...

Цяпер у Вільню трэба мне.

— Знаць, для душы выратавання

Пайшлі вы ў гэта вандраванне?

— Як вам сказаць?

І так, і не.

Скажу спачатку аб вайне.

Гадоў мо тому дваццаць пяць

На нас напалі крыжакі.

А ў нас закон здаўна такі:

Сяброў любі,

А гадаў бі.

Ну вось мы тую немчуру

Як трэба, з віламі, сустрэлі,

Ды ў нешчаслівую пару...

Бо нашы сёлы пагарэлі,

І нас загінула багата...

Тады й мая згарэла хата,

А сам я, стоптаны, разбіты,

Ў няволю трапіў. Пан сярдзіты

Быў у мяне і да вайны,

Ды як у Прусіі паны,

Не дай бог стрэць нідзе,

Ніколі!

Што ж больш сказаць аб той бядзе?

Бяда ўжо ў тым, што ты ў няволі.

А праца, голад, катаванні...

Памерла шмат...

Гадоў прабыўшы больш за дваццаць,

Я ўцёк адтуль. Праз глухамані

Дадому ў роднае сяло

Мне бог

Памог

Усё ж дабрацца...

— Ох, колькі ж гора, мілы божа,

Наш брат працерпіць, знесці можа!

— Чакай ты з войканнем, старая.

Ну што застаў у родным краі?

— Нічога, брат. Чартапалох,

Магілы толькі ды бярозкі...

— Вох, вох, вох!..

— ...замест людзей жывых і вёскі!

— А ўсё ж сям'я у вас была?

— Была, ды крыжакі ў пару вайны,

Як іншых шмат з майго сяла,

Спалілі жонку. Тры сыны

Тады загінулі ў баях,

Вось так сям’я, як снег, растала...

— Падумаць страх!

— Дачка крыху пазней прапала.

Бо ў войну выжыла дзяўчына...

Яе цяпер я і шукаю.

— А што ж з дачушкай за прычына?

— Прычына, брат, яшчэ й якая!

Ад немцаў вырвацца змагла.

Жыла пры цётцы сіратою.

Відаць, прыгожая была...

Вось і пакутуе затое,

Калі яшчэ жывая дзе.

— Канцоў няма ўжо той бядзе!

— Напэўна, трапіла у гразь?

Зрабілі здзек над сіратой?

А хто ж такі нягоднік той?

— Ён — князь.

— Каторы ж гэта? Іх жа шмат.

— Ах, божа мой! Няўжо...

— Яшчэ і сам не знаю, брат.

Вось лета цэлае ужо

Я па слядах яе іду,

Ды ўсё нідзе яе няма —

Прапала, быццам у ваду...

Але дарма!

Я ўсё ж мярзотніка знайду

І пра дачку пытацца буду!

— Прабачце мне, але без цуду

Вам пра яе не дапытацца.

— Чаму?

Я ўжо даведаўся багата.

— Хаця б таму,

Што калі год мінула дваццаць,

То ўжо сягоння пазнавата.

Ну, каб яшчэ ў тым самым часе,

Яшчэ пад свежую гамонку,

Што па народзе разышлася,

Каб праз бацькоў латругі, жонку,

Мо б, так сказаць, чаго дабіўся,

А так...

Нягоднікі яны ўсе...

У думках іх адно — багацце,

Паходы, войны, п’янства, гулі.

А як жывеш ты ў курнай хаце

І што і як з цябе сцягнулі —

Зусім няма нікому справы,

Ані князём,

Ні іх прыслужнікам, баярам!

У нас, напрыклад, чарназём,

Вунь там, за рэчкай ля дубровы,

Зарос дзярном,

Ляжыць папарам —

Няма каму яго араць:

Валоў на мяса ўсіх пагналі,

А моладзь сталі ў войска браць.

Вось тут і думай, як жыць далей.

Сягоння толькі лес, рака

Яшчэ і кормяць мужыка

І то цішком, тайком ад пана.

— Ты лепей, дзеду, памаўчы.

— А што жыццё сялян пагана,

Я сам убачыў, ідучы.

І ажно дзіва, што народ

Так паслухмяна церпіць гнёт.

— А што ж рабіць, куды падацца

Не ўпрэшся дужа, браце мілы,

Супроць улады й збройнай сілы.

— А ўсё ж бываюць бунтары.

— А то чаму ж? Былі і ёсць.

— Ты, дзед, лухты не гавары!

— Не бойся, баба, бо наш госць

Задобра ведае пакуты,

Каб так адразу прадаваць

Такіх, як сам, пад меч ці ў путы.

Ты лепей вось што мне парадзь:

Як з ім дабрацца да Няжылы.

— Навошта ж гэта, божа мілы?!

— А вось натое:

без людзей

І без сяброўскай дапамогі

Ён, калі сам не прападзе,

Дык пазбівае дарма ногі

І анічога не даб’ецца.

— Ох, дзеду, дзеду, мне здаецца,

Што гэта ўсё ты надарма...

Другога выхаду няма,

Калі Няжыла не паможа,

То сам не зробіць ён нічога.

— Я згодзен з вамі.

Ўсё быць можа.

Скажыце, дзе к яму дарога?

Хто ён? Баярын? Уладар?

— Не. Ён якраз і ёсць бунтар.

Яго чужому не знайсці.

— Вось як?

— Магла б мо Насця правясці?

— Я ўжо падумаў так і сяк.

Лепш хай табе раскажа Насця,

Ў якім баку яго атрад.

А мне праверыць трэба снасці,

То падвяду, ды і — назад...

— Чакайце. Як жа ваш Няжыла

І чым мне зможа памагчы?

— За ім народ, а гэта — сіла

І ад усіх замкоў ключы.

— Тады вядзі, брат. Аж па скон

Удзячны будзе вам Мірон.

— А мы — Астап і Паланея —

Вось пойдзем зараз, як сцямнее.

 

Сасновы бор, дрымучы бор.

Сярод паляны ў змрочнай пушчы

Дзе хвоі цягнуцца да зор,

А з непралазнай дрэваў гушчы

Крынічка светлая цячэ

І сцежка ўецца зыбкім мохам,

З часоў Міндоўга мо яшчэ

У лапухах з чартапалохам

Стаяла хатка смаляра.

Напэўна, ўжо даўно б не стала

Ляснога гэтага двара,

Каб спакваля не падпраўляла

Яго нябачная рука.

Смалы даўно тут не курылі,

Ды мох, дзярно ля хлеўчука

Дзікі не гэтак часта рылі,

Як коней добрых капыты.

І так здарылася часамі,

Што двор той дзікі і пусты

Гучаў людскімі галасамі

І тупатаннем конскіх ног.

Хоць ледзь прыкметныя сцяжыны

Цераз імхоў, балот быльнёг

Вялі са шляху ў штаб Няжылы,

Даволі часта тут народ

Прыпынак ладзіў на паляне,

Прыйшоўшы гуртам і ў разброд

З якога-небудзь палявання

Або сабраўшыся ў паход.

Сюды дабраўся дзед Мірон,

І тутка жыць застаўся ён.

 

14

А далёкая дарожанька

Праз бары-лясы дрымучыя

Адабрала сілу ножанькам,

Валоў, конікаў замучыла,

Граззю, пылам надакучыла.

 

Бо далёкая дарожанька

Праз балоты, рэкі быстрыя,

Цераз нівы серабрыстыя,

Праз краі падчас варожыя —

І цяжкая і трывожная.

 

Вось дубровачка цяністая

Каля шляху сустракаецца,

Вось крынічанька празрыстая

Цераз травы праціскаецца,

Звоніць шклянымі маністамі:

 

«Вы людцы-купцы багатыя,

У цянёчку затрымайцеся

З коньмі, з сілаю рагатаю,

Адпачніце, пакупайцеся,

Гай няхай вам служыць хатаю.

 

Тут дубоў шатры зялёныя

І лугоў кілімы ўсквечаны

Вас сустрэнуць шумам, звонамі,

Птушак песнямі спрадвечнымі,

Мёдным пахам і паклонамі».

 

Дык вандроўнікі спыніліся,

Валоў, конікаў папуталі,

Ля лаўжоў замітусіліся,

Ля крынічанькі затупалі,

Потым страву абступілі ўсе.

 

Бачаць, дзед вандроўны цягнецца

З кіем, з торбай і цымбаламі.

— Хадзі, дзеду, годзе вагацца,

Выпі, з’еш з купцамі ўдалымі —

Чарку ж любіць і не п'яніца.

 

Дзед прысеў на пні ля вогнішча,

Выпіў чарку абыякава,

І хоць нылі плечы, ногі йшчэ,

За хлеб-соль хацеў падзякаваць,

Аж тут просяць людзі торжышчаў:

 

— Заспявай нам, дзеду, песеньку,

Разгані тугу цымбаламі,

Бо ад самага прадвеснейка,

Хоць прайшлі шляхоў не мала мы,

Нам ад суму сэрца цесніцца,

 

Што мы з сем’ямі разлучаны,

Што дарогі небяспечныя,

Што жывёла ў нас замучана

І што долі той сустрэчнае

Мы прадбачыць не навучаны.

 

— Што ж, паслухайце, шаноўныя,

Заплачу за хлеб вам песняю.

І ўзвіхрыліся чароўныя,

Паплылі дзесь паднябессямі

Словы, струнным звонам поўныя.

 

 

Песня дзеда

Ты, зялёная дубровачка!

Чаго так рана зашумела,

Жоўтым лістам зажаўцела?

«Як жа мне рана не шумець,

Жоўтым лістам не жаўцець,

Калі цераз мяне купцы едуць,

На корані агні кладуць,

А на мяне дымы ідуць;

Ды цераз мяне купцы едуць,

Дарагі тавары вязуць,

А мяне, дубровачку, губяць:

І сякерамі рубяць,

І ў агонь-полымя кідаюць,

Нада мной літасці не маюць...»

 

— Аб чым пяеш, брахун стары? —

Ускрыкнуў Прокша ўсхваляваны,

Табе дубовае кары

Шкада для нас з лясной паляны?

А можа, лісту, што зжаўцеў

Ад дыму, як варылі стравы?

Ці навучыць нас захацеў,

Каб бераглі мы пень трухлявы,

Бо ў ім сядзіць твой бог лясны?

Ці, можа, з іншае прычыны?

Ты ведай, з ранняе вясны

Цягнуўся я вось з той краіны,

Дзе на дзесяткі, сотні міль

Бяскрайні стэп, трава буйная,

Якую там завуць — кавыль,

Дзе чалавек лясоў не знае.

Там можна дрэва шкадаваць,

А тут у нас жа лес бясконцы!

Ты з ім не будзеш ваяваць,

Дык не пагрэешся на сонцы!

Ды што ён — твой стары дубняк?

Не пралівай дарэмна слёзы...

 

— Замоўкні, Прокша, ты — дзівак

Ці, можа, проста нецвярозы.

Стары спяваў нам не аб тым,

Аб чым гучалі яго словы,—

Сказаў Вайдзіла.— Не пустым

Ён забівае нам галовы.

Лес лесам, брат, а ён пяе

Аб тым, што дзеецца ў краіне.

Што? Праўда, дзед?

— Сябры твае

Мяне на гэтай вось галіне

Ахвотна б зараз пагайдалі,

Бо я сказаў ім праўду ў вочы.

А ты за ўсіх іх бачыш далей.

Дык хоць і рэдка я прарочу,

Паваражу табе, юнача:

Ты будзеш ім усім за пана,

Ты будзеш князем, не іначай.

Але такія гінуць рана,

Вось дзе бяда...

 

І рушыў дзед,

Цымбалы ўскінуўшы на плечы.

А дзеду гледзячы у след,

Юнак задумаўся аб нечым.

 

15

У левым змрочным замкавым крыле,

Што называецца здаўна жаночым,

Жыццё цячэ, як быццам у сяле —

Спакойна ўдзень і ледзь прыкметна ўночы.

Юльяна, дочкі, прыжывалак рой

У будні ткуць, прадуць і вышываюць,

А ў свята і вячэрняю парой

Пяюць, варожаць, небыліцы баюць

Або ў замковай моляцца царкве,

Якую, звёўшы звычаі старыя,

Загад дала паставіць і ў Літве

Альгерда жонка першая — Марыя.

Ды хоць зіхцяць тут рызы, абразы,

Хоць і блішчыць навокал пазалота,

Княгіні ў месяц два ці тры разы

Пабыць і ў гарадской царкве ахвота.

Няхай там просценькі іканастас

І сцены не распісаны пад неба,

Ды служыць там ігумен Апанас,

Навук якога ёй паслухаць трэба.

 

Яна к яму да споведзі ідзе,

Жыве яго парадай і навукай,

І добра ёй маліцца ў грамадзе

Такой рознагалосай і шматрукай.

Прыемна сыпаць бедным медзякі,

Прымаць народа нізкія паклоны

І падпускаць ласкава да рукі

Найбольш ліслівых і неўгамонных.

 

Ды раз юродзівы ці то п'яны

Княгіню з дочкай гэтак напалохаў,

Што ледзь дамоў дабраліся яны;

І замак галасамі баб завохаў...

Альгерд тады забараніў адной

Хадзіць княгіні ў горад без аховы,

І з самых лепшых ратнікаў канвой

Ён для яе назначыў адмысловы.

А сярод тых ахоўнікаў шасці,

Што ў горад замкавых жанчын вадзілі,

Не мог Альгерд, як кажуць, абысці

Сваёю княжай ласкай і Вайдзілу.

 

Спярша была яму зусім не па душы

Такая служба, хоць і зрэдку.

І раптам, быццам дзе ў лясной глушы

Знайшоў купаллем папараці кветку,

І тая промнямі свайго святла

Пусты і змрочны шлях азалаціла:

Нягадана ў душу яго ўвайшла

Прыгожая няведамая сіла.

Зірнуў у вочы светлыя княжны

І з гэтай самай радаснай хвіліны

Усе яго надзеі, мары, сны

Кружыцца пачалі вакол Марыны.

Цяпер ён дзён тых прычакаць не мог,

Калі маліцца здумае княгіня,

І разам мучыўся, баяўся, сох —

Ці часам дочкі ў замку не пакіне,

Бо па дарозе ці каля царквы

Яму здаралася няўзнак часамі

Шапнуць слаўцо і з руху галавы

Чытаць адказ.

Не ўцямілі і самі,

Калі ўзяло ў палон іх пачуццё,

Што толькі раз сапраўдным і бывае

І пакідае след на ўсё жыццё.

 

16

Любіў Вайдзіла адзінока

Ляжаць і марыць на траве,

Калі хмурынкі гоніць вока,

А думкі-хмаркі ў галаве,

Спавітай кветкамі,

імхамі,

Пад шэпты дрэў і звон крыніц

Плывуць бясконцымі шляхамі

У край цудоўных небыліц.

Любіў ён лес, лугі і поле,

Вясну, і восень, і зіму,

Бо між людзьмі нідзе ніколі

Так добра не было яму,

Як сярод дзікае прыроды.

Ён адкрываць сваёй душы

Людзям амаль не меў нагоды;

Часамі толькі дзе ў цішы,

Ў паходзе ратным на прывале

Пры боку Прокшы марыць смеў

І задзіўляў тым сябра. Але

Той шмат чаго не разумеў

І толькі пільна моўчкі слухаў,

Як ціхі голас юнака,

Што побач з ім ляжаў без руху,

Журчаў, бы сонная рака:

...«Калі сабачы

Заціхне ў пушчы енк і брэх,

Ці бачыш

Воч дзікіх ззянне аж да рання?..

Ці чуеш сотні дробных рэх,

Што сэрцаў стук нясуць праз бураломы?

Ці прыкмячаў, як пасля стомы

Пачне мяняцца тон трывогі

На гукі шчасця з перамогі?..

Ці чуеш, як гамоніць бор,

Асеннім золатам прыбраны?

А зор

Ці чуеш звон адсюль, з лясной паляны,

З-пад лап яліны,

Бадай, найлепшага з шатроў?..

Скажы, чаму гэта павінны

Мы праліваць людскую кроў?..

Відаць, так створан чалавек...

Я жыць хацеў бы ў гэткі век,

Дажыць да гэтакай хвіліны,

Калі мір будзе безупынны,

Бо я ўсё ж веру ў светлы час,

У час братэрства, час спакойны,

Калі, хоць можа і не ўраз,

Але навек заціхнуць войны...

Я знаю, не было б зусім вайны,

Каб не князі і не паны,

Якім заўжды багацця, ўлады мала...

Не дарма маці іх так праклінала...

Каб не дзяўчына,

Што мне мілей за цэлы свет,

Прычына

У мяне б знайшлася

У кожным часе

Адкрыць душы сваёй сакрэт.

А за бязроддзе, ганьбу і няволю,

За маці смерць, за служкі долю

Такую даць панам адплату,

Што не прыдумаць лепшай кату.

Ды з роду іхняга яна,

І мне каханне рукі вяжа...

...Мана,

Што я шчаслівы ў службе княжай...»

 

17

Кейстут чамусьці не любіць Вайдзілы.

Чым той юнак яму гэтак нямілы,

Сам ён не ўмее сабе даць адказу.

Нешта ў вачах яго з першага разу

Князь падазронае, злое прыкмеціў.

Нешта такое, што ў вечным сакрэце

Сэрца збалелае пільна хавае.

Скоса Кейстут на хлапца паглядае,

Хоць ад маскоўскае бітвы крывавай

Імя яго акрылілася славай —

Ён жа Літве прыслужыўся найболей,

Вырваўшы князя Ягайлу з няволі;

Ды хоць пра хлопца легенды хадзілі —

Ворага Кейстут адчуў у Вайдзіле.

 

Часта сачыў ён за ім асабіста,

Потым праз тых абармотаў плячыстых,

Прагных да лёгкай нажывы, падману,

Ў службу Альгерду сумысля пасланых.

Вось што казаў з іх адзін неўзабаве:

«Ходзіць Вайдзіла і ў ласцы і ў славе,

Ў замку жыве пад апекаю пана,

Ездзіць з пасольствамі к немцам, да хана

Ў час адпачынку і ў часе паходу

Ён толькі князю падносіць піць воду.

А пра мінулае кажуць даведкі:

Ў Вільню ён трапіў яшчэ малалеткам,

З маткай забраны ў палон за Дзвіною.

Маці жыцця не давала канвою,

Бы яе злая аблытвала сіла,

З князем Альгердам сустрэчы прасіла,

Рвалася бегчы, а звязана ў путы,

Слала праклёны на князя Кейстута,

Плакала горка над доляю сына,

А звалі яе па-славянску Арына.

З хлопца зрабілі спярша хлебапёка,

Потым, пад князева трапіўшы вока,

Хутка ён стаў падымацца угору...»

 

Кейстут нядужа здабыў ад дазору,

Але, каб ведаць, хто гэткі Вайдзіла,

Тых яму звестак аж надта хапіла,

Толькі адно шчэ яго турбавала:

Ведаў Альгерд пра Вайдзілу замала

Ці, раскапаўшы даўно таямніцу,

Выявіць свету той праўды баіцца?

І ў задуменні ці мо ў неспакоі,

Кейстут да ранку хадзіў па пакоі.

 

18

На паляне над крынічкаю,

Пад дубамі, пад ялінамі,

Каля хаткі невялічкае,

Што старымі каляінамі

Ды слядамі падкаванымі

З белым светам была злучана,

Раптам шэрымі туманамі,

Ледзь прыкрытыя анучамі,

Пакалмачаныя, босыя,

З самаробленымі пікамі

І з даўбешкамі ды косамі

Людзі выраслі шматлікія.

 

Дальні шлях, відаць, прамералі,

Дык спачыць цяпер збіраліся.

Хто заняты быў вячэраю

І агні паліў у залессі,

Хто быў грыбу рад ці ягадзе,

Хто ў стаўку высочваў рыбіну,

Хто начлег наладжваў загадзя

Ці, прысеўшы пад сялібаю,

Абмяркоўваў слова важкае

Пра жыццё народа цяжкае.

І не памятаў той двор яшчэ

Вось такога сходу-зборышча.

 

А ў хаціне той закуранай

Рада-дума сабіралася —

Там на лавах, крытых скурамі,

Парасселіся без мала ўсе

Змагары — сябры Няжылавы;

Звесткі вельмі невясёлыя

І, к няшчасцю, неілжывыя

Праімчаліся над сёламі...

 

Мужчына рослы, барадаты

З хаціны выйшаў на парог,

І голас нізкі і сіпаты

Падаў круты турыны рог.

На гэты кліч з лясной паляны,

З густэчы лесу, ад кастроў

Без правалокі, паслухмяна

Народ падняўся і пайшоў

Збірацца цесна ў панадворку

У натаўп дзікі, гаманкі.

Памалу сцішыўшы гаворку,

Зусім замоўклі мужыкі

І на таго зрок скіравалі,

Хто склікаў іх на гэты збор.

Ён стаў на пень, каб бачыць далей

І каб быць бачным на ўвесь двор.

— Сябры! паслухайце навіны,—

Прамовіў ён,— і радзьце ўсе,

Што далей мы рабіць павінны.

Разведка наша нам нясе,

Што ў Вільні здушан бунт народу —

Ягайла княжыць стаў у нас,

І Кейстут даў на гэта згоду.

Альгерд памёр і тут жа ўраз

Другі такі узяў уладу,

А збунтаваны ў Вільні люд,

Праз неумельства ці праз здраду,

Не змог сваіх пазбыцца пут.

Паўстанне здушана, зламана,

Дык нам няма куды спяшацца —

Яны паўсталі мо зарана

Ці мы не ўмелі сабірацца,

Сягоння ўжо нам памагчы

Братам-мяшчанам не удасца —

Раскрыты план іх хітры, смелы...

 

— Вось так і водзяць праз век цэлы

За нос гаротны наш народ! —

Азваўся нехта. Загудзела,

Як рой пчаліны, грамада:

— Калі сабраў, вядзі ў паход!

— Гульня ў вайну ужо вам дадзела?

— І так — бяда, і так — бяда!

— Нашто было народ трывожыць?

— Што нам з той гутаркі пустой?

— Няхай жа трасца іх абложыць!

— Каго? За што?

Чакай, пастой!

Я не дачуў, аб чым ён брэша!

— Не пойдзем, кажа, князя гнаць!

— Вось так заўжды — спярша пацешаць,

Пасля ў кусты, язві іх маць!

— Няма чаго ўжо адступацца,

Спярша склікаў, цяпер — назад!

— Даволі вечна ўсіх баяцца!

— Бач, стаў выкручвацца ўжо, гад!

— Не хоча весці, пойдзем самі!

— Што кажа ён — усё мана!

— Ці не прадаўся ён, часамі?..

 

За галасамі:

«Мір!», «Вайна!»

Зусім пайшла неразбярыха —

Хто суцішаў, хто слаў праклён...

Ды паступова стала ціха:

На пень падняўся дзед Мірон:

— Вы што? Не верыце Няжыле?

Ахвота вам паваяваць?

Тады ідзіце. За дзве мілі

Адсюль дружыннікі стаяць,

На ўсіх шляхах вакол сталіцы —

Дазоры, варты, патрулі.

Ну што ж, валяй, хто не баіцца!

А вас зусім не падвялі,

Бо сёння князя перамога.

Дык вам, замест вось так гудзець,

Маліць з падзякай трэба бога,

Што мы ўпару, хоць і ледзь-ледзь

Змаглі прынесці вестку гэту.

Другога выхаду няма:

Спачынем тут цішком да свету

І — хто куды.

Ды ад ярма

Няжыла хутка зноў пакліча.

А ўжо тады не абміне

Нас ні багатая здабыча,

Ні перамога на вайне!

На нейкі час трэ прытаіцца,

Чакаць больш зручнае пары.

Не, не ўцячэ ад нас сталіца,

Ані яе гаспадары!

 

І так Міронава прамова

Унесла ў натаўп супакой.

Яшчэ той-сёй прыкінуў слова,

Але гамонкі ўжо такой,

Як напачатку, не было тут.

Пайшлі памалу мужыкі.

Над рэчкай чаўкала балота,

У лесе хрумсталі сукі

Яшчэ праз ночы час каторы...

 

Назаўтра хатку у бары

Спалілі княжыя дазоры,

Але яе гаспадары

Умелі пільнае мець вока

І ў гэты час былі далёка.

 

19

— Ну што так, братка, нос павесіў?

Спытаў Няжылу дзед Мірон,

За ім ступаючы па лесе.

— Не вешаў я,— адкажа ён,—

Шкада мне, дзеду, што няўдала,

Бязглузда скончыўся паход.

Папрацавалі мы нямала,

Каб зварухнуць, падняць народ,

І зноў дадому адпусцілі

На той жа самы горкі лёс.

О, каб я мог, каб быў у сіле,

Дык кожны б хоць дабычу нёс;

А так ці схочуць зноў сабрацца,

Калі патрэба будзе ў тым?

— Няма што ў гэтым сумнявацца.

А што прыйшлося ім пустым

Паразыходзіцца ў сялібы,

Дык тут, браток, ты сам віной.

Не мог ты ім дазволіць хіба

Разнесці хоць бы той канвой

І караван купцоў багаты,

Што едзе ў Вільню з чужыны?

— О, не. Пра гэта, дзед, дарма ты.

Перамаглі б канвой яны,

Дабро б па сёлах расцягнулі,

І зразу, гэта ты ўлічы,

Пайшлі б па хатах п’янкі, гулі...

А служкі князя — крумкачы —

Віноўных зразу б пахваталі,

І многім з іх была б пятля.

Ды шчэ не ўсё, паслухай далей:

Не толькі стрымвае «пасля».

Я з гэткай сілай мог рашыцца

Не караван, а замак браць,

Але вядзе яго ў сталіцу

Вайдзіла. Год мо тому пяць

Мяне ён вызваліў ад плахі.

Я ўспамінаў яго не раз

І думаў, што палону жахі

Павінны будуць зблізіць нас,

Бо службу ў князя і няволю

Ён, знаю, церпіць да пары.

Яго я крыўдзіць не дазволю.

Ты зразумеў мяне, стары?

 

20

— Што гэта там сярод вады

За мур такі высокі?

— Хавай нас, божа, ад бяды!

Вядома — гэта ж Трокі!

— Ого, брат!

Замак на вадзе!

Нішто сабе сяліба!

— Ну што ты, браце! Абы-дзе

Такую стрэнеш хіба?

— Якія брамы, вежы, мур!

Якая цэгла, камень!

— Не возьмеш гэтых сцен і «тур»,

Брат, голымі рукамі!

Задаў калісьці Гедымін

Нам бед нямала і пакут,

А вось яго малодшы сын,

Літвы ўладарнай князь Кейстут,

Што ў тых мурах сядзіць цяпер,

За бацьку шмат люцейшы звер.

— А ці аднолькава ён строг,

Як на вайне і ў быце?

— О, кажуць,

злосны — не дай бог:

Сачы ўсцяж, каб не выцяў

Або да смерці не прышыб.

Не ведай жмудскай мовы,

Дык для яго — што ты, што грыб,

Што пень — трухляк яловы.

— Мо нас зусім не прыме князь,

Калі такі ён грозны?..

— Што ж, можа быць...

Глядзі не ўзлазь

Пры ім на тон свой слёзны,

Яму ў гаворцы патакай,

Бо як што скажа — баста.

Сваё ён слова, гэта знай,

Адменьвае не часта.

Ну і вайной яго не страш

Ці божай карай, крыжам,

Бо ён люцейшы вораг наш,

Не князь, а д’ябал рыжы,—

У Трокі едучы між хвой,

Шапталі два манахі.—

Кат нават ёсць у князя свой,

Яго не проймуць страхі.

А праз гадзіны паўтары,

Яны, як босыя на прыску,

Ўжо князю кланяліся нізка.

 

Манах даўгавязы

Ну, браце Альбрэхт, гавары...

 

Манах тоўсты

Вялікі княжа, пане наш,

Літоўскі уладару!

Мы богу молімся, узваж,

Прыносячы ахвяры,

Каб ён твае прадоўжыў дні

Дзеля дабра народу,

Каб пераможныя агні

Цябе, вялікі уладар,

Вялі ў паход з паходу,

І каб мяча твайго удар

Сусветнай славаю грымеў,

І каб злы вораг не пасмеў

Ламаць Літвы граніцаў,

І каб за гонар кожны меў

Вам, княжа, пакланіцца.

 

Кейстут

За шмат прыгожых гэтых слоў

Вам ад мяне — падзяка.

Ды знаць хацеў бы перш, аднак, я,

Чыіх я бачу ў вас паслоў.

 

Манах даўгавязы

Ну, перш за ўсё мы — слугі бога,

Прытым сапраўднага, жывога.

 

Кейстут

Я бачу, хто вы, па адзежы.

Ну, а ў наступную чаргу?

 

Манах тоўсты

Да вас з Мальборка з весткай свежай

Прыслаў мой пан свайго слугу.

 

Манах даўгавязы

Пісьмо ад графа Аўгусціна

Вам перадаць — у нас загад.

 

Манах тоўсты

Давай хутчэй пергамент, брат.

 

Манах даўгавязы

Што ты? Ў імя айца і сына!

Пісьмо ж даў граф табе, не мне.

 

Манах тоўсты

Памацай добра ў жупане!

 

Манах даўгавязы

Няма пісьма ў мяне! Дальбог!

 

Манах тоўсты

Вось дзе разява! Каб ты здох!

Ты добра подбіўку абмацай!

 

Манах даўгавязы

Чакай.

Не трэба хвалявацца,

Мо, бог дасць, знойдзецца прапажа...

А вось пісьмо, шаноўны княжа!..

 

Манах тоўсты

Ну й напалохаў, чортаў сын!..

 

Манах даўгавязы

Нічога. Ўжо аддаў. Амінь!

 

Кейстут

Ці больш што ёсць апроч пісьма?

 

Манах тоўсты

Нічога, так сказаць, няма,

Малая толькі просьба, пане...

 

Кейстут

А што за просьба?

 

Манах тоўсты

Хрысціяне

Вас, пане слаўны, слёзна моляць

У вашым горадзе дазволіць

Святыню богу збудаваць.

 

Кейстут

А шмат вас ёсць?

 

Манах тоўсты

Так... сот мо пяць.

 

Кейстут

Дзе ж жывяце?

 

Манах тоўсты

У Рыме, Кракаве, ў Парыжы

Жывуць браты дамінікане...

Ды ёсць яны цяпер і бліжай,—

Вось я, напрыклад, з Вільні, пане...

 

Кейстут

Чаму ж такое ў вас жаданне

У Троках мець сваю бажніцу?

 

Манах тоўсты

Маглі б мы тутка пасяліцца,

Хутчэй Літва прыйшла б да веры...

 

Кейстут

Ах, вось якія ў вас памеры!

Але ці прыме вас народ?

 

Абодва манахі

Магчыма, што...

 

Кейстут

Наадварот?

Тады скажу вам проста, людзі:

Майго дазволу вам не будзе.

Ў Літве сваіх багоў даволі,

На ліха нам заводзіць болей?

 

Манах даўгавязы

А наш жа бог праўдзівы, княжа...

 

Кейстут

А хто мне гэта з вас дакажа?

Ды, ўрэшце, тут не ў гэтым справы.

 

Манах тоўсты

Яшчэ б вы больш прыдбалі славы...

 

Кейстут

Мне хопіць славы, што ў мячы!

 

Манах даўгавязы

Ты лепш, брат Дзітрых, памаўчы...

 

Кейстут

Яшчэ ў вас ёсць ка мне пытанні?

 

Абодва манахі

Не, больш няма.

 

Кейстут

Дык прывітанні

Панам Мальборка перадайце.

 

Абодва манахі

Бывайце, пане наш, бывайце!

 

21

Нібы той воўк у цеснай клетцы,

Лютуе Кейстут у пакоі.

Яго старое сэрца б'ецца

У што раз большым неспакоі.

— Латругі! — князь крычыць.

— Зладзеі!

Я вам такога не дарую!

Хто дружбу моцную старую,

Жыццё супольнае, надзеі

І веру ў моц Літвы і Жмудзі

Тапіць пачаў у здрады брудзе?

Супроць каго вы там паўсталі,

Юнцы бязвусыя, хапугі?

Вам не мячы насіць са сталі,

А торбы зрэбныя і пугі!

Я знішчу вас, згнаю у вежы!

Ў мяне на гэта хопіць сілы!..

Зірні на здрады доказ свежы

Ягайлы — лотра і Вайдзілы! —

Гукнуў ён Вітаўту праз дзверы.—

Пісьмо ад кума Аўгусціна!

Ён піша мне, што тыя зверы

Нас прадалі. Дык слухай, сыну,

Пакуль не позна, трэ сабрацца

І ў найглыбейшай таямніцы

Вайдзілу, Монвіда і Паца

З Ягайлам вывезці з сталіцы

І свой навесці ў ёй парадак.

А шум узнімецца ў народзе

Ці здрадзіць нам які выпадак,

Тады хітрыць, хавацца годзе —

Захопім сілаю уладу.

Ягайле ўжо не месца болей,

За сваявольствы і за здраду,

Сядзець на віленскім прастоле!

Сябе я зараз вельмі лаю,

Што змаладушнічаў, даў згоду

Аддаць сталіцу шалапаю.

Цяпер вось маю ўзнагароду!

 

— А мне здаецца, што дарма вы

Пісьму крыжакаў далі веры,—

Прамовіў Вітаўт.— Дробнай справы,

Хлуслівых слоў, пустой паперы

Хапае ім, каб зачапіцца

І нацкаваць на брата брата.

О, крыжакам заўжды не спіцца,

Калі пажарам не абнята

Краіна наша! — Аўгусціна

Не знаеш ты. Ён служыць мне там.

А хвалявацца ёсць прычына:

Ужо даўно, мінулым летам

Ягайла знюхаўся з тэўтонам,

Адразу ведаў я аб гэтым.

А вось цяпер інакшым тонам

Я з ім размову весці буду!

Ягайла род наш апаганіў,

Сястру аддаўшы за прыблуду.

Не абміне яго спагнанне

У найстражэйшай самай меры

І за якшанні з крыжакамі,

І за злачынныя намеры

Супроць зацверджанай вякамі

Улады нашае і веры!

Не. Не міне яго расплата!..

— А ўсё ж у доказы твае

Не веру я, прабач мне, тата.

Ягайлу розуму стае,

Каб не заблытацца у сеці,

Што немцы век нам ставіць рады.

Паверу я ва ўсё на свеце,

Апроч Ягайлавае здрады!

— Тады у заўтрашнім паходзе

Убачыш сам, чаго ён варты,

Ягайла твой. А мне ўжо годзе

Цярпець яго дурныя жарты!

 

22

Над Вільняй згусціліся хмары,

Паплыў над ракою туман...

Ягайлавы планы і мары

Паблытаў няўдачлівы хан.

 

Братам, ад Літвы адарваным

Масквой і Дзімітрам нязваным,

Навучку хацелася даць.

Хто ж ведаў, хто мог прадказаць,

Што князь гэты знішчыць Мамая?

Цяпер з узнясеннем Масквы,

Пакуль у народзе жывы

Той подзвіг і слава жывая,

Братам — а ў Ягайлы іх многа —

З наскоку не зробіш нічога.

 

А тут вось яшчэ Палачане

Не хочуць Скіргайлы прыняць,

Бунтуюць, узнялі паўстанне,

Раззброіўшы князеву раць.

Дык зараз стаіць над Дзвіною

Скіргайла Літоўскі з вайною.

І ўжо ад каторай пары

За мурам сядзяць бунтары.

І страт, пэўне, будзе не мала

Не толькі для княжай казны,

Бо смерць ужо многіх забрала,

А ўсё завяршэння вайны

Няма, і няма перамогі,

А брат просіць зноўку падмогі.

Дык чым жа парадаваць брата?

Зняць лепшае войска з граніц?

І ў замку людзей малавата.

Шукаць трэба іншых крыніц.

 

Звяртаўся да дзядзькі Кейстута,

Ды зараз з ім толькі пакута:

Віляе, хітрыць старына.

Дзе праўда ў яго, дзе мана,

Няможна было разабрацца,

Як кажуць, і ў час малады,

А зараз старога «хады»

Разблытваць — дарэмная праца.

 

І раптам ход думак нямілы

Спыніўся з прыходам Вайдзілы.

Ягайла насустрач падняўся

І рукі к яму распасцёр:

— А тут у мяне, брат, бяда ўсё

То з боку братоў, то сясцёр.

Марыну трывожаць прывіды,

Ганцоў сваіх шле яна з Ліды —

Штодня прыбываюць ка мне —

Пытае ўсё: колькі ж міне

Тых тыдняў ці дзён, пакуль мілы

Прыскача з чужыны назад?

Прызнаюся шчыра: я рад,

Што жонка такая ў Вайдзілы! —

І тут абняліся яны

І селі за стол ля сцяны.

 

— Ну як, ці магістр дапаможа

Нам Полацк бунтарны скарыць?

Кажы, як прайшло падарожжа.

— Ёсць многа аб чым гаварыць,

Пачуў я і ўбачыў багата

І ўцяміў, што нашага брата

Ім трэба ўканец абадраць.

Згадзіліся нам памагаць,

Ды толькі вось вырабу скура

Ці варта, згадаць не магу,—

У немцаў мы вечна ў даўгу,

Бо ўжо ў іх такая натура:

Хто большыя выкладзе грошы,

Той сябар жаданы, харошы.

Сказалі, каб хутка прыслаць ім

З працэнтам старыя даўгі,

Калі ж у пару не заплацім,

Дык будзе ў іх сябар другі,

З якім і заключаць умовы.

— Пагрозы такія не новы,

Пашлю ім, праклятым, казны,

Няхай не баяцца яны!

Каб толькі Скіргайлу ўдалося

У Полацк забрацца хутчэй,

Зваліўся б мне камень з плячэй,

Бо вось наступіла ўжо восень,

Раскіслі шляхі і дарогі,

А з імі ўзрастаюць трывогі...

 

Дык дзякуй табе за старанне,

Каб больш мне вось гэткіх паслоў!

Спачні ад дарогі, а зрання

Скачы сабе ў Ліду дамоў,

Цябе там чакае Марына.

Люблю я, прызнацца, яе.

Яна, брат, у нас малайчына,

У крыўду сябе не дае...

— Мне чуць пахвалу тваю міла,

І знаю — не першы ўжо раз

Ты быў, нібы бацька, для нас,—

Прамовіў з паклонам Вайдзіла.

 

Тут служка прасунуўся ў дзверы:

— Прашу, калі ласка, к вячэры.

 

23

Сырой асенняй золкай ноччу,

Ледзь месяц выглянуў з-за хмар,

Князь Кейстут,

трокскі уладар,

На варанога спрытна ўскочыў,

Махнуў мячом, і ўслед за ім,

Нібы туман ці шэры дым,

Ад замка доўгай паласою

Падаўся коннікаў атрад.

Загрукатаў, як гром ці град,

Мост ад капыт па-над касою...

 

Сягоння першы раз, быць можа,

За шмат ваенных бурных год

Ніхто з баяр і ваявод

Не ведаў мэты падарожжа.

І толькі князеў твар пануры

І словы цвёрдыя, як з сталі,

Снаваць дагадкі дазвалялі,

Што не мінуць вялікай буры.

 

Тым часам Вільня ўжо заснула.

Агні пагаслі перш у месце,

Пасля на замку, і нарэшце

Ўсё ў чорнай цемры патанула.

І толькі варта на прадмосці

Ля брам, за насыпамі недзе

Сачыла пільна, быццам штосьці

Магла ў той цемрадзі угледзець.

 

Ля брамы Кейстут стаў світаннем,

Да галавы ад конскіх ног

Балотам схляпаны дазвання.

На рыглі стражнік прыналёг

І так, як кожны раз бывала,

Гасцінна грымнула завала.

А праз якуюсьці хвіліну

Мячы забразгалі ля тыну,

Пачуўся выкрык, стук глухі,

Узбліснуў факел з-пад страхі

Ў руках якогась небаракі,

Паднялі страшны брэх сабакі,

Пайшла вакол неразбярыха...

 

Ягайла выбег: што за ліха

У замку дзеецца сягоння?

Убачыў войска, зброю, коней;

Ды вось яго ўжо акружылі,

Аднялі меч,

Вядуць пад стражай.

Куды? Чаго? Зняць голаў з плеч?

А вось жа Кейстут. Што ён скажа?

Ды ён заняты. У страмёнах

Стаіць, выкрыквае загады

Сваім баярам паімённа.

— Гэтай здрады,—

Крычыць Ягайла,— не дарую!

Змагацца хоча, ды ў сырую

Яго зацягваюць камору.

 

А ў тую пору

Ганцы прыспелі з-над Вяллі

І з іншых розных месц сталіцы

З дакладам, што ўжо занялі

Трачане ўсе шляхі-дарогі,

І горад вымушан скарыцца.

Такой імгненнай перамогі

Кейстут і сам не спадзяваўся.

І зварухнулася Літва ўся —

Лятуць ва ўсе яе канцы

На шпаркіх конях пасланцы,

Разносяць строгія загады.

Пайшлі дружыннікаў атрады

Мяняць засады, патрулі,

На растрывожанай зямлі

Той лад наводзячы ўжо новы...

 

А бедны люд ламаць галовы

Пачаў над тым, ці новы князь

Свабоды, хлеба болей дасць.

 

Ганец, пасланы у Драгічын,

Павёз пісьмо: «Мой любы сын,

Сталіцу я заняў сягоння,

А князь Ягайла — у палоне,

Няхай адказвае за здраду.

Скачы у Вільню без адкладу —

Знайшоў я доказаў нямала,

Што нам з табою пагражала

Выгнанне з Трок і смерць, быць можа.

Дык не глядзі на бездарожжа,

А прыбывай на дапамогу».

 

Ганец аж высах за дарогу,

Бо князя Вітаўта насціг

Ледзь не праз тыдзень у Гародні.

І Вітаўт з ходу ў той жа міг

На шлях пусціўся міжгародні

І так імчаўся неадхільна,

Што прыскакаў за дзень да Вільна.

Ягайлу вынесен прысуд:

З-пад стражы вызваліць.

Пакут

Не прычыняць старой княгіні.

Дабро таксама не загіне,

Калі Ягайла сваю згоду

Уладу Кейстута прызнаць

Аб’явіць граматай народу...

 

І вось Літвы Вялікай знаць

І ўвесь народ, як і сталіца

Былі павінны з тым змірыцца,

Што трокскі князь так нечакана

Усёй Літвы зрабіўся панам.

 

24

Ой, льецца рэчка быстрая,

Бялее пена хваль.

А хто ж там войска выстраіў?

Куды? Ў якую даль?

Ягайла войска выстраіў

На беразе Дзвіны,

Каб кожны ратнік выстраліў

І каб усе яны

Адвагу, спрыт і вывучку

Тут паказаць маглі,

Бо пойдуць жа на выручку

Захопленай зямлі,

А там баі нялёгкія

Чакаюць юнакоў.

Зямля дрыжыць і вохкае

Пад сотнямі падкоў,

Ды ўюцца стрэлы хмарамі

І доспехі грымяць.

Узлескамі, папарамі

Пайшлі — не затрымаць!

 

А князь, з узгорка гледзячы,

Ў стрымёнах прыўстае:

«Хай гэтак полк праедзе чый,

Як вось арлы мае!

Хай дурнем я прыкінуўся,

Сысці згадзіўся ў цень,

Але аб Вільні — Вільнюсе

Я мару кожны дзень.

І Вільня дачакаецца

Яшчэ такой пары,

Калі за ўсё пакаецца

Той целепень стары,

Што хітрасцю і здрадаю

Уладу загарнуў.

Яшчэ яму дам рады я

І спадчыну вярну!»

 

Так князь Ягайла думае

І косіцца на раць.

Перад баярскай думаю

Ён выступаў: — Ну, рэдзь

Мне, дума шматгаловая,

Як Кейстута прагнаць.

 

Сказалі людзі ратныя,

Баяры і сябры:

— Пара цяпер няздатная,

Ты войска больш збяры,

Узброй яго і вывучы

На крыжаносцаў лад,

І ўбачыш: з Вільні выючы

Рване Кейстут назад

У Трокі, ледзь прыбліжыцца

Твой полк да Ашмяны.

Да ордэна ён ліжыцца,

Баіцца з ім вайны.

Не спіць маскаль у залесях,

Лях меціцца даўно,

А ў скрынях паказалася

Ў Кейстута, кажуць, дно.

Ёсць чуткі, што ад цяжкасцяў

Пачаў стары стагнаць.

Настане хутка час ісці

Дабро сваё спагнаць.

 

Такой парадай-словамі

Сцішае крыўду, злосць

Нарада шматгаловая...

 

А гэта што за госць

Ягайлу ажно ў Віцебску

Знайшоў на пустырах?

Імчыць к яму навыцяжку,

А следам — два дружыннікі

Пільнуюць: што за птах?

Глядзіць князь з вышыні

І не чакае вынікаў

Ваеннае гульні,

А ўжо паслом цікавіцца,

Кейстутавым слугой:

Цікава, з чым ён з’явіцца

За момант да яго?

 

Прыбег ганец, ледзь спешыўся,

Аддаў нізкі паклон:

— Дай бог, каб ты, князь, цешыўся

Здароўем многа дзён.

Ад Кейстута вялікага

Тут вельмі важны ліст.

 

Як з-пад зямлі, някліканы

Ля князя стаў юрыст.

Князь злез з каня. Дружыннікі

Схапілі павады,

Пайшлі.

— Чытай мне жывенька,

Што гне ён і куды?

 

Перш словы пышна-хітрыя,

Пасля ішоў загад:

«Вайна супроць Дзімітрыя!

Сяверскі Наваград,

Забраны здрадай-хітрасцю,

Павінны мы вярнуць

І дух з Дзімітра вытрасці.

Таму, князь, не марудзь,

Вядзі на збор у Рэчыцу

Усе свае палкі,

А там пасля намеціцца,

Каму маршрут які...»

 

— Глядзі ты, ўжо і поркае!

Вось ненажэрны воўк! —

Сказаў скорагаворкаю

Ягайла і замоўк,

І глыбака задумаўся:

«Пачнеш спаўняць загад —

Парушацца задумы ўсе

Не слухаць — слабават».

 

Ніколі непрыемнасці

Не ходзяць па адной.

Адна прыйшла,

знай — сем прыйсці

Спяшаюцца за ёй.

Другі ганец навыцяжку

Ляцеў, як толькі мог.

Знайшоў Ягайлу ў Віцебску

І, валячыся з ног,

Стаў перад ім увечары:

«Вам з Ліды, князь, паклон»,—

І выняў пакамечаны

Пергаменту рулон.

 

Пісьмо Марыны

«Бяда! Няшчасце, браце мілы!

Няма ўжо любага Вайдзілы!

Замучыў кат яго пракляты,

Наш дзядзька Кейстут.

Замкі, хаты,

Людзей, багоў на помсту клічу!

Я ўся ў слязах.

Альгердавічы!

Няўжо даруеце?

Канец!

Больш не магу! Няхай ганец

Даскажа рэшту...»

 

Ягайла ўскочыў:

— Быць не можа!

Я век у гэта не паверу!

Не можа быць!!!

...О, божа, божа!

Ды як ён здаўся тому зверу?

А дзе ж былі ўсе вы? Ахова?

Дружына, варта, гарнізон?!

 

Ганец не вымавіў ні слова.

— Кажы! Кажы, як згінуў ён?!

— Ну што ж казаць? Скажу, што бачыў.

Ішоў з палкамі князь Кейстут

На Русь кудысьці, неіначай.

Ішоў праз Ліду. Ну а тут,

Замест каб моцна зачыніцца,

Нікога ў замак не пускаць,

Прабачце, ваша, князь, сястрыца

У госці выйшла запрашаць,

Бо хворы, кажуць, быў Вайдзіла.

Ну што ж. Дык войска ў той жа час

Наш замак мігам абсадзіла,

Сцясніўшы, выціснула нас

І ўжо рабіла што хацела

Сярод муроў і за мурамі...

Падвечар я заўважыў цела,

Што калыхалася на браме...

Казалі, ён абараняўся —

Забіў кагосьці, шмат знявечыў.

І зараз шэпчацца дварня ўся

Аб сіле той нечалавечай.

Ну вось і ўсё...

Назаўтра рана

Пакінуў Кейстут Лідскі замак.

Мне далі ліст, і я старанна

Яго вёз доўга ў ваш напрамак.

Конь паў, і я знямогся дужа...

 

Ягайла крыкнуў: —За аружжа!

Сядлайце коней! Мне вядома,

Куды ісці, супроць каго!

Кейстут мяне пазбавіў дома,

Дык трэба мне вярнуць яго!..

 

25

Полем, борам, роўным шляхам

Крочыць з кіем дзед Мірон.

Не сядзіць стары пад дахам,

А ў хадзе заўсёды ён.

У Мірона шмат знаёмых —

Дзе ні з’явіцца, там — госць.

І начлег, і хлеб, вядома,

Ў кожнай хаце дзеду ёсць.

Ён парадзіць, ён палечыць,

Пераправіць, што не так,

Бо ў нягодах чалавечых

Разбірацца ён мастак.

 

Толькі вось яшчэ дагэтуль

Дочкі ён знайсці не змог.

«Мо зжылі яе са свету,

Недзе кінуўшы ў астрог?» —

Думаў дзед. Аж нечакана

Служка Перкуна стары

У бяседзе каля збана

Расказаў, як у бары

Пахавалі маладзіцу

Год мо тому дваццаць пяць,

Вязняў гонячы ў сталіцу.

 

— Нам прыйшлося адрываць

Сілай хлопчыка малога

Ад яе застыўшых рук...

Ну, а потым хлопца тога

Князь забраў. Дык ён, байструк

Даўся потым нам у знакі,

Насаліў нам, што й казаць?

Перш ён выйшаў у ваякі,

А цяпер ён — князеў зяць.

Шмат гадоў да служак з гаю

Ён нянавісцю гарыць.

Ён цяпер у Лідзе, знаю,

Стаў у замку панам жыць.

Ды ўсё ж знойдзецца ў нас рада

На яго, хоць ён не тут.

Задушыць Вайдзілу-гада

Абяцаў нам князь Кейстут.

 

Не сказаў Мірон ні слова,

А падняўся нечакана,

Выйшаў вон. У сэрцы рана

Разбярэджана нанова.

Бачыў ён не раз Вайдзілу

І здзіўляўся кожны раз,

Чым яму той хлопец мілы?

І даваў сабе наказ

Разгадаць, адкуль ён родам,

Дзе і з кім пачаў свой шлях,

Ды міналі дні ў нягодах

У балотах і лясах...

 

Праўда, знаў ужо не мала,

Толькі яснасці не меў,

Дзе і як дачкі не стала,

Дык цяпер шалёны гнеў

На праклятых служак божых

І на ўвесь князёўскі род

Моцна дзеда растрывожыў.

 

Ён спыніўся ля варот

І, падумаўшы хвіліну,

Ўбок падаўся ўздоўж Вяллі

Хмызнякамі, што ля тыну

Аж у цёмны лес вялі.

Сёння меў ён у запасе

Важных некалькі навін:

Першай вестка разышлася,

Што Вітоўт, Кейстута сын,

У намеснікі назначан,

А Кейстут, па ўсім відаць,

Зноў супроць Масквы, няйначай,

Стаў свае палкі збіраць.

Ды Ганнуля — гараднічы —

Чымсьці князю не ўгадзіў.

Князь лютуе. Павялічыў

Ён падаткі, ўсім наздзіў.

 

Ды Мірону пра Арыну

Вестка ўсіх важней была.

Ў цяжкіх думак блытаніне,

Нібы вострая страла,

Крыўда страшная жыла:

«Што рабіць? Дачка забіта,

Ўнук — бязродны янычар,

А Кейстут... Мы будзем квіты!

Зробім, княжа, дар за дар!»

 

26

У Няжылавым атрадзе —

Рух, як быццам у вуллі.

На лясной начной нарадзе

Пасядалі на зямлі

Вокал вогнішча сяляне —

Разбітны бяздольны люд.

Дзед Мірон адкрыў сабранне:

— Хопіць здзекаў і пакут!

Хопіць зносіць церпяліва

Ўладу князя і баяр!

Людзі мруць, не родзіць ніва,

А хто вінен? Уладар!

Непасільныя работы,

Мы ў рыззі ў мароз і жар.

Войны. Ўдовы ды сіроты.

А хто вінен? Уладар!

Развялося служак божых —

Не набрацца ўсім ахвяр.

Гіне марна мяса, збожжа...

А хто вінен? Уладар!

Турмы, розгі, падзямеллі —

Вось за кроў і пот нам дар!

Мы здурнелі, анямелі!

А хто вінен? Уладар!

Лес не наш, не наша поле.

Гора — наша ды цяжар,

Ды бяспраўе і няволя.

А хто вінен? Уладар!

Дык даволі нараканняў,

Слёз, праклёнаў і пакут!

Толькі знайце, без змагання

Ні паны, ні князь Кейстут

Не палепшаць нашай долі.

Долю трэба сілай браць,

Пацярпелі мы даволі,

Час віноўных пакараць!

Сабірайся на варожы,

На князёўскі, панскі зброд,

Кожны, хто змагацца можа!

І... няхай жыве народ!

 

Тут падняўся небывалы

Рух ля вогнішча і крык:

— Ім, панам, заўжды замала

Гне спіну на іх мужык!

— Ім харомы ды палацы,

А для нас зямлянка, хлеў!

— Пузацеюць з нашай працы,

А народ ушчэнт згалеў!

— Годзе, хопіць дармаўшчыны!

Пойдзем плату спаганяць!

За рагаціны! Дубіны!

Смерць панам, у гроб іх маць!

— Смерць Кейстуту! Смерць багатым

Больш цярпець неўмагату.

Вілы ў бок праклятым катам!

За народ,

за беднату!

— Што маўчыш? Вядзі, Няжыла,

Калі склікаў грамаду!

— Падурнелі! Там жа сіла!

Вы ж наклічаце бяду!

— Што шумець! Той раз шумелі

І пайшлі цішком дамоў.

— Ён вядзе, пакуль у хмелі,

А праспаўся — трусіць зноў!

— Хто сказаў, што трус Няжыла?

— Я сказаў. А што табе?

— Хіба ўжо жыццё не міла!

Зараз зловіш па гарбе!

— Толькі ж дай! Як гахну здачы,

Дык аж ногі задзярэш!..

— Ну, хто там такі гарачы?

Ды спыніце ж вы галдзеж!

Хай Няжыла скажа слова!

— Слухай толькі...— Памаўчы!

Ён жа склікаў на размову

Вас, паганцаў, уначы!

— Ціха! ціха!.. І паволі

Супакоіўся народ.

Затрашчалі іскры ў голлі...

 

Што ж, сябры, настаў чарод

Біць паноў,— сказаў Няжыла,—

Біць за мукі, гора, здзек!

Бедната панам служыла,

Гнула спіны цэлы век,

Ды ўжо болей гнуць не будзе,

Хопіць здзекаў і пакут!

Калі ўсе захочуць людзі,

Жыць пачнём без панства тут.

Штурмам трэба ўзяць сталіцу.

Кейстут вырушыў на ўсход,

Дык нам трэ паклапаціцца,

Каб гаротны наш народ

Не праспаў хвіліны важнай,

І каб дружна ўвесь паўстаў,

І каб стойка і адважна

Да канца змагацца стаў.

Быў у нас хаўруснік здатны,—

Уздыхнуў Няжыла.— Ён

Быў бы тут з падмогай ратнай,

Як сказаў, праз колькі дзён.

Мы б з ім Вільню акружылі,

Заўладалі б ёй уміг,

Але вось... яго забілі.—

Тут Няжыла раптам сціх.

— Хто хаўруснік той?

— Вайдзіла.

— Лідскі пан? Не можа быць!

— Чалавек ён быў праўдзівы,

Хто ж пасмеў яго забіць?

— Падкусілі служкі з гаю,

А забіў яго Кейстут...

— Смерцю гада пакараем,

Каб зямлю не пэцкаў тут!

— Сабяром вось толькі сілу

І на Вільню падамося,

Будзем браць з усіх бакоў.

 

І шумеў рознагалоссем

Лес, маўклівы ад вякоў...

 

27

Ручэй маленечкі, што ўлетку

Ледзь бачны ў лозах і траве,

Вясной імчыць па ўсім палетку

І, мутна-пеністы, раве,

Сустрэўшы раптам перашкоду.

Ён дамбы-насыпы ірве,

Муры, будынкі крышыць з ходу,

Змятае грэблі і масты...

Ды хутка зморыцца, зняможа,

Тады зашыецца ў кусты,

Якія ўдаль, нібы старожа,

Яго праз бедны край, пусты

На камяністым дне пагоняць...

 

Як з гор бурлівая вада,

Народ, хапіўшыся за зброю,

Падаўся ў Вільню. Грамада

З усіх бакоў за грамадою

Займала звечара шляхі,

Што крыжаваліся ў сталіцы,

Каб у паўночны час глухі

Паводкай страшнаю разліцца

Па вулках сонных і пустых

І захапіць да свету замак.

А як там справы пойдуць далей,

Які іх будзе сэнс, напрамак,

Паўстанцы менш за ўсё гадалі.

 

Апоўнач полымя пажараў

Зарой крывавай абвясціла,

Што пачалася помста-кара,

Што наляцела тая сіла,

З якой лічыцца не жадалі

Ні ўладары, ні багацеі.

І пад напорам бурнай хвалі

Натоўпу грознага падзеі

Пачалі хутка развівацца.

 

Хоць князь не дома быў, а варта

Не ўраз здалася. Можа, дваццаць

Разоў зрываўся люд упарты

Са сцен і брам сялібы княжай,

Ды зноў ішоў пад выкрык згодны.

Чаго, аднак жа, не дакажа

Народ разгневаны, галодны!..

З царквы ігумен выбег жыва

З блішчастым крыжам у далоні:

— Чакай, мой брат, чакай, Няжыла!

Аз тут чужы і пастаронні,

Ды тако рэшчы маю волю:

Гасподзь не церпіць акаянных,

Карае ён за самаволю

І за саблазны ў хрысціянах.

А ты на то не хошчэш зрэці

І кроў ліешы, акі воду.

Баяры, князь здаўна на свеце

Ад бога даныя народу,

Дык яшчэ хто супроць улады,

Той выступае супраць бога.

Паслухай вось маёй парады...

 

Няжыла глянуў на старога:

— Твой бог за князя і багатых?

Дык, значыць, ім душыць нас можна,

А стукнуць князя, памагатых

Несправядліва і бязбожна?

Хутчэй сыдзі з вачэй, старэча!

Няма мне часу на размовы!

Ты вораг, бачу я, галечы.

Ідзі, пакуль жывы-здаровы,

Пакуль цябе хто не знявечыў!

 

Дружыны княжай недабіткі

У верхні замак цягу далі,

А ў ніжнім тут жа ўвачавідкі

Кастры вясёла запалалі.

Гуляла вольніца. З падвалаў

Уміг харчы былі дабыты,

Пілі і елі да адвалу.

А хто пад’еў, стаў менш сярдзіты,

Той-сёй, дабра паклаўшы ў ношку,

Памалу стаў дамоў збірацца,

Другія, выпіўшы, патрошку

Паснулі, змогшыся па працы.

І як ні кідаўся Няжыла,

Не мог дабіцца толку, ладу...

 

А панства ўжо вакол кружыла —

Хто рыхтаваўся да нападу,

Хто спадцішка прыдушваў п’яных

І абяскрыленых распустай.

З дамоў і крам парасчыняных

Навокал дым клубіўся густа.

Народ разбегся — хто хавацца,

Зашыцца ў шчыліны ці норы,

А хто ў бязладдзі нажывацца

Лез у суседскія каморы.

 

Світанкам дзед Мірон з Няжылам

Збіраць ваяк пайшлі па месце,

Ды ўжо было ім не па сіле

Парадак нейкі, лад завесці —

Народ гуляў, не сунімаўся.

Хто чуў віну ці быў багаты,

Паўстанцаў, ведама, баяўся,

Дык пуставалі крамы, хаты...

Страх панаваў тады і ў гаі —

Сядзелі ціха вайдалоты.

Ды вось настала ноч другая,

І той бунтарнае галоты

Амаль ніхто не стаў баяцца,

Бо вось Пяркунас з цёмнай хмары,

Ледзь пачало крыху змяркацца,

Паслаў агонь і грому ўдары.

І гэты гнеўны голас бога

Збянтэжыў цёмную галечу:

Ёй сэрца сціснула трывога —

Жаданне помсты страх знявечыў.

Слушок пачаў расці ў народзе

(Як ні змагаўся з ім Няжыла) —

Слушок нахабны і ілжывы:

Не слухаць бога —

грэх, дый годзе!

 

А з гаю ўночы падаліся

Ганцы на ўсход, у стан Кейстута:

— Разня ў сталіцы, князь, вярніся

І пакарай халопаў люта!

— А Вітаўт дзе? —

Ён на Валыні.

Ратуй нас, княжа, бо загінем!

 

28

Ягайлу ганец на дарозе

Сустрэў ля Ашмяны:

— О, пане, сталіца ў трывозе.

Ваш замак забраны

І варты разбіты...

І слёзы, і кроў, і пажар!

Лютуюць бандыты

З Няжылам у месце —

Ён там безгранічны ўладар!

— Няжыла? А хто ён,

Паўстанец ці злодзей?

— Ён князь іх... і мае

Пашану ў народзе.

— Я еду ў сталіцу!

 

Лес пік мітусіцца —

Вядзе князь ваякаў

Сваіх і... крыжакаў,

За грошы нанятых.

А немцам такія

Не ў звычку пагоні —

Адсталі цяжкія

Райтарскія коні

Ад крэўскіх і віцебскіх кметаў...

Ды князь не зважае на гэта.

Ён войска не спыніць,

Хоць коні ўжо ў мыле,

Цяпер ён з дарогі не збочыць:

Раней за Кейстута

Суцішыць Няжылу

І першы ў сталіцу

Ускочыць...

 

— Куды ты, Няжыла?

Спыніся! Дарма ўсё!

Зірні на рагаткі:

Крыжацкая сіла

Ўвесь горад ужо акружае!

Літоўская раць і чужая —

Супроць тваёй п’янай галоты!

— А што ж мне рабіць?

У балоты

Ды пушчы ізноў зашывацца

Ці, можа, здавацца ў палон?

Не! Буду змагацца

За волю народа па скон!..

 

Яшчэ праз дзень цэлы

І пікі, і стрэлы

Рабілі работу —

Жыццём і крывёй небаракі

Плацілі за суткі свабоды.

Разбілі галоту

Ягайлы палкі і крыжакі,

І князь распраўляцца стаў крута:

Праз доўгія годы,

Хто выжыў,

у лыкавых путах

У цёмным капаў падзямеллі...

— Каб болей ахвоты не мелі

Праклятыя смерды хапацца за зброю!..

 

Ягайлу ў Вільні не сядзіцца.

Хто не дае яму спакою?

Чаму пакінуў ён сталіцу

І, меч ускінуўшы высока,

Спыніўся з войскам каля Трокаў —

Цвярдыні Кейстута-латругі?

Амаль без бою здалі слугі

Магутны замак на азёрах,

Хоць там былі гарматы, порах,

Харчоў даволі і народу.

Здалося ім, што ўжо з паходу

Вярнуўся Кейстут.

Знак пагоні,

Адзежа, зброя, тыя ж коні

Зусім іх пільнасць ашукалі.

Яны масты паапускалі

І брамы насцеж расчынілі.

(Атрад крыжацкі на паўмілі

І гэтым разам плёўся ззаду.)

Трачане ўцямілі засаду,

Але, як кажуць, пазнавата

Знялі яны чахлы з гарматаў...

 

Ягайла ў маршы пераможным

Спыніўся з войскам каля Гродна

І князя Вітаўта з днём кожным

З гнязда выпорвае, нягодны.

 

Кейстут, дачуўшыся пра гэта,

Жыць не даваў сваім ваякам,

Гнаў іх назад, хоць сам пры гэтым

Адчуў, што хутка сядзе макам;

Не падпускаў к сабе на вочы

Ані князёў, ані баяраў.

Ад рання самага да ночы

Цяпер ён толькі сніў і марыў

Аб тым, каб быць хутчэй удому,

І, не зважаючы на стому,

Скакаў маўклівы, як і штодня,

Туды, дзе Нёман і Гародня,

Дзе сын чакаў яго з паходу

І падганяў усцяж ганцамі.

 

— Ну-ну, спяшаемся і самі,—

Бурчаў Кейстут не раз праз зубы.

І зноў жадаў Ягайлу згубы.

 

29

Глыбокі яр. Супроць пасталі

Палкі Ягайлы і Кейстута.

Блішчыць на сонцы мора сталі —

Да сёдлаў конніца прыкута,

Падрыхтаваная да бою.

Князі тым часам між сабою

Праз пасланцоў перагаворы

Вядуць, каб справу скончыць згодай.

 

— Літва ж і так у вечным горы,

Хто чым валодаў, тым валодай,—

Казаў Ягайла.— Дай мірыцца.

Кейстут спрачаецца: — Сталіца

І ўлада мусіць быць за мною!

— Тады здамося на лёс бою!

А братні бой — Літвы загуба;

Не добра так і так нялюба,

Бо за Ягайлам перавага.

І Кейстут змушаны скарыцца.

Ён згодзен ехаць у сталіцу.

І вось прынесена прысяга

Кейстутам, Вітаўтам, Ягайлам

І князем полацкім Скіргайлам

Аб тым, што згодны ў гэткім зборы

Прадоўжыць там перагаворы

Без ашуканства і без здрады.

 

Кейстут у путах!

— Стойце, гады!

Хто даў вам, хамы, гэта права

На князя рукі падымаць?!

Дзе князь Ягайла? Ў чым тут справа?

Але дружыннікі маўчаць.

І хоць вялікі князь у гневе,

Яго вядуць, пасля вязуць...

Вось ён у Крэве,

Ў сырым і цёмным падзямеллі,

Амаль без вопраткі і ежы.

 

І Вітаўт з жонкай там у вежы

Сядзеў пануры з тварам посным.

За кратай рваўся Кейстут злосны:

— Дзе слова князя? Дзе прысяга?

Як ён пасмеў, махляр, бадзяга,

Чыніць над дзядзькам родным здзекі?!.

 

Ўвайшлі чатыры чалавекі

Ў сырую цемру да старога.

— Гэй, вы,— набычыўся ён строга,—

Дазвольце выйсці мне на волю!

Я вам казны набраць дазволю,

Хто колькі з вас панесці зможа,

Зямлі вам дам...

О, як варожа

Глядзяць яны, мой божа мілы!..

— Скажыце, хто вы?!

— Мы сябры Вайдзілы.

 

30

Праз лес, па росным узбярэжжы

У зрэбнай зношанай адзежы,

У лапцях, сцёртых аб карэнні,

Ішоў стары, а ў аддаленні

За ім — жанчына маладая.

Ступалі моўчкі. Хто згадае

Іх дум цяжкіх шляхі-дарогі,

Надзеі, болі і трывогі!

Урэшце дзед сказаў жанчыне:

— Давай, дачушка, супачынем,

Ты ўжо ледзь цягнешся, нябога.

— Не, дзед Мірон, ідзём, нічога,

Яшчэ ў мяне хапае сілы...

— Шмат міль нас дзеліць ад Няжылы

Не дабрыдзем без супачынку.

— Ну добра, сядзем на хвілінку,

Хутчэй бы ўжо туды папасці...

— Упору прыйдзем, вер мне, Насця.

А там абдумаем з сябрамі,

Як ключ знайсці к той цёмнай яме,

Дзе зараз мучыцца Няжыла.

Ці ж мала з ім людзей дружыла?!

Яны ж нам, бач, і падказалі,

Што ён жывы. Не плач...

І далей

Спагаду стрэнем і падмогу.

Цяпер здрамні, пакінь трывогу.

Ужо адпомшчана Арына:

Загінуў кат

Яе і сына —

Пракляты Кейстут, звер двуногі.

...І не без нашай дапамогі

Баяр Кейстутавых багата

Спаткала помста і адплата,

А зараз толькі застаецца

Няжылу вызваліць.

У клетцы

Князі пасядуць ды баяры.

О, не мінуць ім страшнай кары

За нашы слёзы, кроў і здзекі...

Тут Насця змежыла павекі,

Заснула мо.

— Пад гоман дзедаў

Паспі крыху. Пасля абеду,

Хоць бог для нас не шчодры дужа,

Далей паклыпаем. Да мужа.

 

31

Радасна Тэклі,

Тэкля пяе —

Прокша каханы,

Доўгачаканы

Будзе ў яе.

З князем учора

Ў замак прыбыў —

Скончана гора!

Любіць! Любіў!

Будзе любіць!

Жыць цяпер! Жыць!

 

Песня Тэклі

На рацэ на рэчцы,

На тонкай дашчэчцы

Дзеўка плацце мыла,

Моцна калаціла,

Суха выціскала

Ды дружка чакала.

Едзе міленькі з Дуная,

Я здалёк яго пазнаю.

Ён на коніку ўдалым,

А дружыначка — за ім.

«Ах ты дзевачка-дзявіца,

Сінявока, белаліца,

Напаі майго каня

Сярод возера сіня,

Каб конік напіўся,

Кавёр не ўмачыўся...»

 

Дзень працягнуўся,

Ночка брыдзе.

Прокша вярнуўся,

А ўсё не ідзе.

Выбегла ўранні

Насустрач яму —

Звысака глянуў,

Моўчкі мінуў.

Выйшла падвечар,

Але — дарма.

Так вось сустрэчы

Мілай няма.

Тэкля у горы,

Тэкля ў слязах.

Моўчкі ў каморы

Тоіцца жах.

Згасла лучына,

Змрок навакол.

Плача дзяўчына,

Ўзлёгшы на стол.

 

Пачуўся стогн:

— Даволі плачу!

Сябе я крыўдзіць не дазволю!

І ашуканства не прабачу!

Няхай пазнае ён нядолю,

Калі няма ў яго спагады!

А як адпомсціць, я ўжо знаю.

Без нічыёй зраблю парады,

Хоць я і цёмная, дурная...

Цябе князь крэўскі не пагладзіць,

Калі ўцячэ нявольнік з клеткі.

А гэта я магу наладзіць

На злосць табе, калі ты гэткі.

Дарма з мяне ты строіш жарты,

Шаноўны наш начальнік варты.

Хоць толькі служка я ў палонных,

Ды ведай — з ліку неўгамонных.

 

Зноў скачуць коннікі ў сталіцу:

— Прыбраны ў хустку і спадніцу,

Князь Вітаўт з Крэва цягу даў!..

 

Ніхто не думаў не гадаў,

Што ўбачыць ён яшчэ свабоду.

Ягайла ўміг узнагароду

За голаў князя аб’явіў

І разаслаў за ім пагоні.

Ды хто ўсе зведае бяздонні

Лясоў, балот, лугоў і ніў?

І хто абыдзе ўсе дарогі

Літоўска-прускае зямлі?

 

Тэўтону зручныя былі

Літоўцаў хатнія нязгоды,

І ён заўжды шукаў нагоды,

Каб умяшацца ў княства справы,

Каб свой крыжацкі меч крывавы

Узняць над беднаю Літвой.

 

Вітоўт у Ордэне.

Як свой

Ён тут прыняты. У паход

Усіх шукальнікаў прыгод

І ўвесь прадажны цёмны зброд

Ужо супроць Літвы наймае.

Магістр і так іх ледзь трымае,

Дык прыслужыцца вельмі рады

І ў знак вялікае спагады

З Вітоўтам шэсць сваіх палкоў

Паслаць пад Вільню даў загады.

 

Ягайла трэці дзень у Крэве

Праводзіць следства. Ў страшным гневе

Зайшоў ён зранку ў падзямеллі.

Пытае тых, што ўжо сядзелі,

Замест Вітоўта, у цямніцы.

— Каму,— крычыць ён,— з заграніцы

Вы прадаліся? Немцам? Ляхам?!

Якім, дакладвайце мне, шляхам

Вітоўт знайшоўся за мурамі?

Хто быў пры вежы? А пры браме?

За гэта вас павесіць мала!..

 

А ля варот стаяў за валам

Ганец замораны і пыльны.

— Учора ўночы з замка ў Вільні,

Пры ўдзеле вашых слуг і зброду,

З сырой цямніцы на свабоду

Мяцежны вырваўся Няжыла,—

Сказаў ён князю. Закружыла

Зямля пад княжымі нагамі.

— Пракляцце з гэтымі бягамі! —

Ягайла вылаяўся ў злосці.—

Вось змова новая і здрада!

Ізноў тут свой замешан хтосьці!

Эх, як галота будзе рада!

Што мне рабіць? Як бараніцца?

Ад небяспек як мне адбіцца?

Вітоўт настроены варожа,

Ды хоць ён князь, але не зможа

Прынесці столькі княству гора,

Як той мужык, што ўцёк учора...

 

З Вітоўтам ён наладзіў згоду,

Ды не суцішыў гнеў народу...

 


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бітэль П. Паэмы / [Аўт. паслясл. М. Арочка; Маст. А. Кашкурэвіч].— Мн.: Маст. літ., 1984.— с. 138-229
Крыніца: скан