epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Аповесць пра каня

 

Дзесяцёх удоўж вуліцы гразкай

Сталі пільна пад кожным акном;

Чатырох у блішчастых касках

Увайшлі асцярожна у дом.

 

Гаварылі спачатку спакойна:

— Нам вядома, што дзень пры дні

Хлеб і зброю у зараснік хвойны

Ты вазіў на сваім кані.

 

Там твой сын,— нам і гэта вядома,

Можа, хлопец і сам не рад.

Мы не помсцімся. Будзе дома.

Толькі выкажы, дзе атрад.

 

Горка ныла душа аб дзіцяці,

Але моўчкі стаяў стары.

Доўга білі яго ў хаце,

Потым білі яшчэ на двары.

 

— Запрагай і паедзеш з намі.

Трэба справу зрабіць да паўдня! —

Не сваімі — чужымі нагамі

Гаспадар падышоў да каня.

 

Што ён выказаць мог жывёле?

Прыгадаў яго спрытны бег

І прыпомніў, як хлопчык вясёлы

Часта ездзіў на ім на начлег.

 

А на лузе раса буйная,

Хоць па каліву падбірай.

Конь дарогі туды не пытае,

Толькі поўную волю дай.

 

«Што ж, мой быстры, ты будзеш вольны.

Выбірай куды хочаш шлях.

Па дарозе ж у зараснік хвойны

Заблудзіся ў знаёмых палях.

 

Калі ж ты, неразумны, чужынца

Павядзеш да патайных дарог,

Хай цябе на шырокім гасцінцы

Пакарае бязлітасны бог».

 

Конь пастукаў у дол капытамі,

Грывай веючы, рыжай, як медзь,

Неспакойна пастрыг вушамі,

Ды нічога не мог зразумець.

 

Пакасіўся чуток, што чужыя,

Прывязаўшы старога за плот,

Узлажылі хамут на шыю

І, запрогшы, пусцілі з варот.

 

Конь слухмяна пайшоў самапасам,

Не бывала, каб ён заблудзіў:

Хіба ж мала апошнім часам

Ён па гэтай дарозе хадзіў?

 

Неўзабаве, за грэбляй выбойнай,

Будзе там, дзе канчаецца гаць,

Паваротка у зараснік хвойны.

Вось і сосны на ўзлессі відаць.

 

Пах мурожны, густы і востры,

Кружыць хмелем каню галаву.

Конь ідзе, раздзьмухаючы ноздры,

Час ад часу зрывае траву.

 

Пільна з хвоі высокай сочыць

За бяздомным канём хлапец.

Пацямнелі блакітныя вочы,

Сэрца ўпала, як грузны свінец.

 

Ён пазнаў іх, у шэрых мундзірах,

Хітраватых нямецкіх салдат.

Без дазволу свайго камандзіра

Зняў з пляча баявы аўтамат.

 

Я не знаю, куды ён цэліў,

Але хлопец быў добры стралок.

З дробным калівам сырадэлі

Конь зваліўся на цёплы пясок.

 

Недаўменна глядзела вока

Сінім позіркам нежывым:

Як у возеры тым глыбокім:

Абярнулася неба ў ім.

 

1944 г.


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан