epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Арка над акіянам

І. Крыху гісторыі і геаграфіі
ІІ. Як можна апланаваць балота
ІІІ. Згадка пра заўтрае
IV. Праца пачалася вокамгненна
V. Першыя веснікі непарадку
VI. Новы праект
VII. Гутарка Яновіча з Яцынам
VIII. Вораг ізноў непакоіць
ІХ. Праз некалькі дзён
Х. Яцына, які ён ёсць
ХІ. Яновіч дома
XII. Змова
ХІІІ. Навальніца
XIV. Пажар
XV. Думы над лёсам
XVI. Трывожныя прыкметы
XVII. Сход
XVII. Ударнікі
XIX. Тайна застаецца тайнай
ХХ. Сны вар’ята
ХХІ. Пачатак развязкі
ХХІІ. Міналі дні
XXIII. Суд
ХХІV. Прамова тав. Гафрона
XXV. Прысуд
XXVI. Шаржыраваная смерць
XXVII. Эпілог


 

І. Крыху гісторыі і геаграфіі

Шумелі стагоднія пушчы, лясы

Над багнай балот багуністых.

Азёры у пышных абоймах лазы

Вянком выглядалі квяцістым.

 

Ажына, і лотаць, і дзікі чарот

Разносілі водар навокал.

Звярыныя сцежкі у нетрах балот

У твані губляліся вохкай.

 

Ніколі не быў чалавечы там след,

І толькі паданні гавораць:

Калі дзецюку станавілася зле,

Ішоў утапіць сваё гора...

 

Напоены водарам дзікай красы,

Паветрам азёр халаджавых,

Былі тыя пушчы-балоты-лясы

Як бы самастойнай дзяржавай.

 

І вось нечакана спрадвечны спакой

Парушаным стаўся ў момант:

У вёску прыгожаю ранняй вясной

З’явіліся два незнаёмых.

 

Адзін быў высокі, як гора, худы, —

Адзнака, што зносіў і ліха і кепствы, —

Чарнявай чупрыны скудлачаны дым

На брыль узвіваўся з-пад кепкі.

 

У постаці гэтай адчулі красу

І сілу лясоў беларускіх:

Чало упрыгожыў адценнямі сум,

А радасць гуляла на вуснах.

 

У смелых абрысах шырокіх брывей

Лягла назаўсёды упартасць;

Суседзі казалі: «Такі чалавек —

Нашчадак далёкае Спарты».

 

Кагалам шукалі спартанскіх манер,

У жылах — крыві каляровай.

Ды толькі дарэмна — ён быў інжынер,

Антон Аляксандраў Яновіч.

 

Другі незнаёмы — маленькі зусім,

Прычэсаны гладка да глянцу,

На носе пенснэ залатое насіў,

Наогул выглядваў франтам.

 

Зіялі лакіркі, як шкло, на нагах,

Зіхцеў пазлацанасцю гальштук;

Быў ветліў з усімі, як толькі ільга,

І асабліва з начальствам.

 

Калі запытае пра што інжынер —

Лагодны адказ: «Калі ласка!»

І голаў нахіліць як можна ніжэй,

Да сэрца прыціснуўшы ляску.

 

Гукне вокамгненна старшому аўто,

Малодшага ўзяўшы пад руку,

Спытае пра жонку, пахваліць пальто,

Раскажа, што пішуць у друку.

 

Выконваў сціпла загады усе,

Да смерці гатоў быў старацца.

Ён быў інжынеру і блізкі сусед

І першы намеснік у працы.

 

Чамусьці усё ж не любіў інжынер

Ні мовы яго сакавітай,

Ні тонкіх, да прыкрасці тонкіх, манер

І толькі хваліў працавітасць.

 

Затое у свойскім знаёмым кругу

Хвалілі яго без прычыны:

— Які ён прыветлівы, добры наш друг!

— Які далікатны Яцына!..

 

(Ласкавы чытач мой, Яцыну заўваж:

Ён будзе таксама героем,

Хоць можа да густу не прыйдзецца вам

Разбурыць суладнасць настрою.)

 

Сяляне аднолькава стрэлі гасцей,

Агледзелі, стрэўшы, уважна:

— Вось гэты, каторы апранен чысцей,

Напэўна, начальнік больш важны.

 

Яновіч спытаў у іх:

— Дзе сельсавет?

— А вось, калі трэба — пакажам. —

І грузны, высокі, як дуб, чалавек

Пайшоў з інжынерамі разам.

 

Вярнуўшыся, доўга расказваў усім,

Як толькі ільга, іранічна:

— Балота надумалі тут асушыць,

А з торфу рабіць электрычнасць.

 

Смяяліся з выдумкі гэтай усе:

— Нічога не будзе з работы...

— Няхай сабе трацяць дабро пакрысе,

А нам вось — абы заработак.

 

І толькі адзін, маладзейшы за ўсіх,

Заўважыў вясёла і жвава:

— Зямлю можна гуртам перакруціць, —

Не то што балота управіць.

 

 

ІІ. Як можна апланаваць балота

Хто не бачыў палескіх паводак вясной,

Той ніколі прыгожай не знаў панарамы:

Чайкі, плаўна махаючы белым вяслом,

Не дасягнуць сысціся ніяк з берагамі.

 

Берагі адыходзяць, паводка расце,

Паляшук у святочным кужэльным адзенні

Яшчэ ўранку чакае на выспу гасцей,

Але толькі увечар убачыць, сустрэне.

 

І прабудзе нямала на выспе той госць,

Як бы дзе ў чужаземным, далёкім палоне,

Покуль хвалі не ўцешаць няўтольную злосць

І павольна знікаць не пачнуць з абалоны.

 

Як спрадвеку, таксама і ў гэту вясну

Паглядалі сяляне ў бязмежнае мора:

Можа, друга пазнаюць свайго па вяслу,

Можа, з сынам каханым убачацца скора.

 

Але ціха вакол, і куды ты ні глянь —

Ні каханага сына, ні любага друга.

Балаты і азёры — нібы акіян,

Адзінокая чайка плыве валацугай...

 

Дваццаць пяць весляроў апусцілі вясло,

Ловяць пальцамі казачны цень багавіння;

Яны змералі шыр непраходных балот,

Адплываюць павольна цяпер на спачынак.

 

І калі даплылі ўжо да цвёрдай зямлі, —

Люстравалася пушча ў празрыстасці хваляў,

І здалося, стаяць пад вадой караблі,

Што затоплены некалі ў часе навалы.

 

Гэты вобраз красы, як здабытак вякоў,

Кінуў кліч паўставаць на змаганне ізноўку.

Схвалявалася бурна гарачая кроў,

І Яновіч падаў веслярам дыспаноўку:

 

— Покуль павадка йдзе, прасціраючы шлях,

Трэба змераць глыбінь гэтых нетраў

дзівосных,

Бо пасля недаступнаю стане зямля, —

Налягайце ж мацней, мараходы, на вёслы.

 

Разыходзяцца кругі,

Замыкаюцца кругі,

Пырскі крохкія, як шкло,

Узлятаюць пад вяслом.

 

Устурбованыя хвалі

Чайку плаўна залюлялі,

Адыходзіць яна ўдаль,

Замыкаецца вада.

 

А вясна узлёты песціць:

— Заспявайце, хлопцы, песню,

Хай усплёскамі ад слоў

Выгінаецца вясло.

 

Разыходзяцца кругі,

Замыкаюцца кругі...

Падхапіў вясёлы хор

Стройны песенны акорд.

 

Песня

 

Вышай, таварыш, вясло!

Чайка імчыць да ясноты.

Толькі зімой і вясной

Нас не пужае балота.

 

Павадкі сіняй шляхі

Не беражэ перашкода;

Белай раўніны снягі

Такжа вядуць да ясноты.

 

Лета і восені дні

Нас падняволяць стыхіі.

Гэй жа, наперад, чаўны,

Коні мае залатыя!

 

Вышай, таварыш, вясло!

Чайка імчыць да ясноты.

Толькі зімой і вясной

Мы непакорны балоту!

 

 

ІІІ. Згадка пра заўтрае

Які заблытаны хаос,

Нібы іронія прыроды:

Налева скрозь, азёры скрозь

І непраходныя балоты.

 

На ўсход жа сонца ад балот

Пяскі рассыпчата жаўцеюць;

Працята смагай навылёт

Зямлі спустошанае цела.

 

Узгоркі зганьбілі уздым,

Прасцерлі гладкія далоні,

І чарадою да вады

Збягаюць чорныя адхоны.

 

Уткнуўшы нізкія ілбы

У камяністы цвёрды бераг,

Спадаюць стромаю, як бы

Свае раты на воду шчэраць.

 

Як толькі ж хваля набяжыць —

Ваду рачную смокчуць смагла:

Ніяк не могуць атушыць

Сваёй няўтольнай вечна смагі.

 

У гэты край — пустэльны сад —

Вітаць вясновыя заранкі,

Свае праекты расказаць

Хадзіў Яновіч на гулянку.

 

На стромкім беразе ракі

Стаяў ён доўга у задуме;

Шумелі крыллем ветракі,

Як неўтаймованыя думы.

 

Тут і лятункі расцвілі

Мігценнем пышным, каляровым

Пра лёс спустошанай зямлі...

Але раскажа лепш Яновіч.

 

Яновіч

Краіна вечная туманаў,

Лясоў шумлівых і лазы,

Яшчэ не скончаны паўстанні —

Ты чуеш, клічуць галасы!

 

У вёску горад шле сігналы:

Пара ісці ў апошні бой

Супроць балотнае навалы,

Супроць звычайнасці старой.

 

Ў адказ на шчырае вітанне

Запульсавала бурна кроў;

Ідуць на новае змаганне

Сыны учорашніх рабоў.

 

У першых шэрагах армейцаў —

Гідраўлікі жыццёвых хваль,

Каб без крыві людской і смерці

Навукай свет пабудаваць.

 

Я чую, любая краіна,

Я чую гэтую хаду:

Цяжкія крокі індустрыі

Да перамогі нас вядуць.

 

Наперакор ліхой стыхіі,

На гэтай згруджанай жарстве,

Узняўшы вежы залатыя,

Прыгожы горад расцвіце.

 

Узляжа ён красой чыгуннай

На плечы згорбленыя гор,

І прабягуць тунелі вуліц,

Умітусь выснуюць узор.

 

Уранку высцелецца густа

Ад новых фабрык чорны дым,

І расцвітуць заместа пушчы

Зялёнакосыя сады.

 

Я веру ў гэтыя лятункі,

Загоцім долі нашай гаць...

Імкнецца вораг злосны тунна,

Бо мы не станем удыгаць.

 

Ад наканованае заспы

Тварцы ўздымаюцца на кліч.

Я першы высыплю тут наспу —

Хаос у стройнасці злучыць.

 

Замкнём развой навал у шлюзы,

І ажыве электрастан...

Ён будзе сімвалам саюза

Тварцоў — рабочых і сялян.

 

 

IV. Праца пачалася вокамгненна

Начавалі зоры над узлессем,

Устурбованых наснілі сноў:

Пад нагамі нечымі у лесе

Чулі ў ночы шэлест верасоў.

 

Даняла трывога галасамі

Задуменнасць вечную зарніц:

— Можа хочуць людзі над лясамі

Запаліць уласныя агні?!

 

Неспакойна досвітку чакалі,

Каб даведацца якіх прычын,

Але сон закрыў павекі шалем,

І пайшлі зарніцы на спачын.

 

Прыпыніўся месяц на адкосах

І абліччам нават пацямнеў:

Прыглядаўся доўга на дзівосы,

Ды не мог нічога зразумець.

 

Выдавалася, што белы мошаст

На пясках пажоўклых пабялеў;

Незлічоныя мільёны мошак

Аж кішаць у скошанай траве.

 

— От наладзілі ж паганы вэрхал,

Знепакоілі высокі мой пасад, —

Пасмяяўся месяц ціхі зверху

І пайшоў паволі у свой сад.

 

Толькі сонца выведала тайну,

На пустэчу глянуўшы здалёк:

На пляцы электрастану

Будаваўся новы гарадок.

 

Узраслі будынкі вокамгненна

(Развінуўся утрапёны лёс),

Быццам волат, сціснуўшы у жменю,

Іх сюды аднекуль перанёс.

 

На пясках, здратованых слядамі,

Як узгоркі, высяцца шатры...

Воблік створанай зямлі вякамі

Рух людскі за ноч ператварыў.

 

І мільёны грабароў і цесляў

На работу сталі ад цямна:

— Трэба воту дадзеную здзейсніць,

Трэба край да радасці узняць!

 

Загудзелі нетры і алёсы,

Зашумелі пушчы і лясы...

Там не трэ прынуклівых упросаў,

Дзе так шмат і шчасця і красы!

 

Кліча сэрца сэрцы на дагонкі,

Каб хутчэй дапяць за Рубікон,

Адклікаецца на іх гамонку

Маладая кроў будаўнікоў.

 

Грабары

 

Цвёрдай, працоўнай рукой

Рэжам глыбока каналы:

Хай адплывае з вадой

Доля ашчадная — скнара.

 

Будзем мы лепшай глядзець,

Будзем тварыць яе дбайна;

Працу цяжкую людзей

Хутка падменяць камбайны.

 

Муляры

 

Выведзем выш камяніц

Вышай ад самых узлётаў.

Будуць гудкамі званіць

Фабрыкі нашы, заводы...

 

Як падарунак вясне,

Без макулінкі завады,

Будзе цвятліва яснець

Намі здабытая радасць.

 

Рабочыя чыгункі

 

Праз балаты, лазнякі

Высцелем крохкія рэйкі,

Будуць іграць цягнікі

На галасістых жалейках.

 

Лёгкай хадою экспрэс

Будзе прыходзіць у госці...

Згіне і выцвіце спрэс

Жальба з вачэй маладосці.

 

Усе

 

Долі прыгожай зару

Мы прывітаема заўтра.

Но навярэджвае рук

Радаснай працы упартасць.

 

Творцы даюць пачуццё

Новаму стылю ў сучассі.

Мы пераможам усё

Для чалавечага шчасця.

 

Будзем дняваць, начаваць,

А не пакінем работы:

Строгі зарок — будаваць

Новыя свету ясноты!

 

 

V. Першыя веснікі непарадку

На ўзгорку кантора

І поруч жа склад;

Са склада ў кантору

Нясуць даклад.

 

Вытворцаў нарада —

Рабочы кантроль

Паслаў дэлегатаў

У ліку трох.

 

Крутыя усходы

На трэці паверх

Усходзяць, сыходзяць

То ўніз, то уверх.

 

Здаецца, гайдаюць

Арэлі натоўп:

Увыш узлятаюць,

Злятаюць на дол.

 

Кантору для справы

Разбілі на дзве;

Налева, направа

Натоўп ідзе.

 

Рабочыя проста:

— Няхай разбярэ

Учынкі прахвоста

Сам інжынер.

 

У чуласці крохкай

Званок празвінеў,

Некалькі крокаў

І — кабінет.

 

Дубовыя дзверы,

Стрывожаны скрып...

І вось к інжынеру

Ўвайшлі грабары.

 

Першы рабочы

 

Мы проста са склада

Сюды ў кабінет...

 

Другі рабочы

 

Прыйшлі вось з дакладам

Да вас, інжынер...

 

Трэці рабочы

 

Мы хочам, каб новы

Парадак стварыць...

 

Яновіч

 

Я слухаць гатовы —

Сядайце, сябры!

 

Першы рабочы

 

Адна толькі днёўка —

І вораг налёг:

Прапалі рыдлёўкі

І сорак шуфлёў.

 

Другі рабочы

 

Прасілі адразу

На склад загадаць...

Яцына адказу

Дагэтуль не даў.

 

Трэці рабочы

 

Цяпер без начыння

Гуляе арцель...

Такога злачынства

Ніхто не цярпеў!

 

Яновіч

 

На сорак адсоткаў

Вінуйце не нас:

На ўсё трэба сродкі,

Таксама і час.

 

Першы рабочы

 

Мінуў цэлы тыдзень —

Чарпалкі няма...

Калі ж яна прыйдзе?

Як будзе зіма?

 

Другі рабочы

 

Няма чаго болей

Марнець і чакаць:

Падайце нам новы

На працу чарпак.

 

Трэці рабочы

 

Не зробім за лета

Інакш магістралі,

Даўно мы пра гэта

Яцыну казалі.

 

— Казалі? — сур’ёзна

Здзівіўся Яновіч,

Нахмурыўшы грозна

Шырокія бровы.

 

Яновіч

 

Мы будзем старацца

Як толькі ільга,

І стане на працу

Праз тыдзень чарпак.

 

Мы знойдзем прычынных

У гэтай віне...

Паклічце Яцыну

Ка мне ў кабінет.

 

 

VI. Новы праект

Як толькі людзі за парог,

Не зачыніліся і дзверы, —

Ізноўку чорнае пяро

Гафтуе белую паперу.

 

Адна ўжо лінія лягла,

Абрысаваўшы стройны сектар,

А колькі іх каля стала

Чаргі чакае да праекта.

 

І кемным вокам інжынер

Іх у канструкцыі плануе:

То адкідае, то бярэ,

Адну мяняе на другую.

 

Мінулі думы дзённы шум,

У творчым выраі лунаюць, —

Трывога чулую душу

Нагімі пальцамі кранае.

 

І скруха смутная гняце

Штораз глыбей, вастрэй і горай:

Ты кінуў творчай працы дзень,

Заняўся вышукам тэорый!

 

Яновіч

Які скандал!.. Якая жудзь!..

У чым маёй віны прычына?

Няўжо за ўзлёты творчых дум

Мяне вінуюць у злачыне?

 

Я толькі радасці хацеў,

Увесь аддаўся парыванням...

Мой дух высока ўзляцеў

У творчых домыслах, шуканнях...

 

Перада мной жывы праект

Лятункі ўзвіхраныя чэрцяць;

Як той удумлівы паэт,

Ствараю планы кроўю сэрца.

 

Калі ж да творчасці туга

Праект істотаю атуліць, —

Вясёлкі новае дуга

Краямі стане на паўкулях.

 

Цераз шумлівы акіян

Узнімем створчатую арку;

Сусвет рабочых і сялян

Знітуе лёт часіны шпаркай.

 

Без грамадзянскае вайны

Адвечныя развяжам спрэчкі:

Зямлі вялікае сыны

Па-братняму павінны стрэцца.

 

Па электрычных правадах,

Як віхар, хуткія трамваі

Праложаць над вадою шлях

І будуць лётам сваім вабіць.

 

Над аркай пройдуць цягнікі,

Пад аркай пройдуць параходы...

І скрозь — агні... суздром — агні,

Як сонца новага усходу.

 

Высокай аркі вышыня,

Прасцяг узрочысты, бяскрайні,

Вады марское глыбіня —

Раскрыюць людзям свае тайны.

 

Над акіянам медны звон

Давацьме грозныя сігналы;

Пакорыць наш, людскі, закон

Шалёна-морскія навалы.

 

Вясёлы дзень і злую ноч

Стаяцьме арка на дазоры,

Як сімвал нашых перамог,

Як сімвал радасці без гора.

 

Няўжо ж за гэты вынік дум

Мяне вінуюць у злачыне?!

Які скандал!.. Якая жудзь!..

Няхай ідзе хутчэй Яцына!..

 

 

VII. Гутарка Яновіча з Яцынам

Яцына выгладзіў свой чуб,

Наваксаваў свае лакеркі

І усміхнуўся краем губ,

Самога ўбачыўшы ў люстэрку.

 

Відаць, што выгляд і убор

Здаволіў густы кавалера:

Ён выйшаў горда ў калідор,

Накіраваўся к інжынеру.

 

Хадой, якой ідуць у сне,

Якою ходзяць падхалімы,

Ён увайшоў у кабінет,

Нат і не піснуўшы дзвярыма.

 

Лагодны кінуўшы пагляд,

Застыў у паслухмяным стане...

Ну, хлопец — чысты мармелад,

Здаецца, зараз і растане.

 

Пяшчотным голасам вынег,

Зацяўшы дух варожы туга:

— Вы, здэцца, клікалі мяне?

Я ўвесь гатовы на паслугі!

 

Яновіч

 

Ага!.. Яцына?.. Добры дзень!

Сядайце тут вось, калі ласка...

Ну, як жа праца ў нас ідзе?..

Нідзе ніякае апаскі?

 

Яцына

 

Ды што вы? Як жа можна так?!

Нашто ж памочнік інжынеру,

Нашто ж дзесяцкіх цэлы штат,

Рахункаводаў і кур’ераў?!

 

Яновіч

 

Вось гэты ваш хвалёны штат

Мяне найболей непакоіць...

Вы не заходзілі на склад? —

Там штось няладнае такое.

 

Яцына

 

Антон Ляксандрыч!.. Божа мой!

Хто мог няпраўды напрарочыць

Магу клясціся галавой,

Што гэта нехта ад рабочых...

 

Яновіч

 

Пакіньце глупства гаварыць!

Вы добра знаеце, таварыш:

Адны прыйшлі жыццё тварыць, —

Другія хочуць разбазарыць.

 

І вось сягоння уначы

На складзе зроблена пакража...

Каму даручаны ключы?!

Каму даверана паклажа?!

 

Ніяк не можна уявіць,

Што не было удзелу штату...

 

Яцына

 

Антон Ляксандрыч!..

 

Яновіч

 

Кіньце вы!..

Як найхутчэй дазнаць растрату!

 

Яцына

 

Я заўтра ж дам на ўсё адказ,

Ужо у гэтым — будзьце пэўны,

Мне непрыемна толькі вас

Трывожыць дробяззю надзеннай.

 

Яновіч

 

Я такжа верны будаўнік...

Гараць агнём мае пачуцці —

Ці ж далі права нашы дні

Ад усяго мне адкаснуцца?

 

Яцына

 

А геніяльны ваш праект

Хіба не тое ж будаванне?..

Ці хутка ён убачыць свет? —

Я даў бы колькі меркаванняў

Наконт таго, каб збыць...

 

Яновіч

 

Даўно

Жыву лятункамі будовы,

І вось сягоннячы адно

Закончыў першую палову.

 

Яцына

Вітаю вас! Прыемна чуць...

 

Яновіч

 

Я вельмі дзякую за шчырасць!

 

Яцына

 

У вольны час я ўсё ж хачу

Пагаварыць шчэ болей шчыра.

І мо тады, як з цесцем зяць,

Наладзім мы шыкарны гандаль...

 

Яновіч

 

Пра што вы хочаце сказаць,

У чым аснова прапаганды?

 

Яцына

 

Я раскажу у вольны час,

Пакуль — дазвольце развітацца,

Прашу за ўсё мне прабачаць,

Да пабачэння зноў!..

 

Яновіч

 

Бывайце!..

 

 

VIII. Вораг ізноў непакоіць

 

Расцвітала вясна, красавалі лясы

У вянках зеляніны купчастай;

На прасторах вясны пад шатрамі красы

Гадавалася доля і шчасце.

 

Ад відна — да відна, ад цямна — да цямна

Не змаўкала ў нетрах работа;

Роўным рытмам хады уздыхала зямля,

I шумелі лясы і балоты.

 

А калі раніцой на палетку у рад

Стала першая трактар-калона —

На спаборніцтва кліч ад рабочых брыгад

Пакаціўся на поле адхонам.

 

І мацней і шпарчэй бунтавалася кроў,

Сэрцы біліся ўзгодненым тактам;

Несупынна ішла валка цёмных дуброў,

аб да радасці вымасціць тракты.

 

А як вечар настаў, дагарэў і ачах —

Разышлася нядобрая дзейка,

І на дзесяць гадзін сакратар назначаў

Пасяджэнне партыйнай ячэйкі.

 

Лёгкім крокам вясны надыходзіла ноч,

Ахінала крылом незнаёмым;

Цені гонкія дрэў шалясцелі ля ног,

Спавівалі нервовай утомай.

 

Даўкі водар красы з багуністых амшар

Напаіў утаймованым шалам,

І замоўклі лясы і палеткаў абшар,

І работа на ноч замаўкала.

 

Толькі ў клубе раслі ўсё мацней галасы,

Разгараліся шумныя спрэчкі:

Цяжка гневу агні у грудзях пагасіць

Так, як гаснуць пад ветрамі свечкі.

 

Але дзень ужо зноў у акно бразгатаў,

Заклікаў да імклівасці новай.

І патухлі агні, слова ўзяў сакратар

Для заключнай высноўнай прамовы.

 

Сакратар ячэйкі

 

Дарагія таварышы!.. Струджаны лёс

Нас паклікаў усіх на вялікую працу.

Мы кляліся краіны узмоцніць узрост,

Дык і будзем нязменна яго дабівацца.

 

Але вораг не ўрымсціцца, покуль жывы,

Не пакіне да смерці рабіць перашкоды...

Досыць прыкладаў чулі сягоннячы вы

Пра завадную дзейнасць у нас на работах.

 

Хтосьці часта у змроку наведвае склад,

Хтосьці ўночы блукае, як здань,

ля машыны...

Я спачатку казаў, як рабіў свой даклад,

Што не спіцца найбольш інжынеру Яцыну.

 

Ці не ў гэтым зацяжным бяссонні віна

І прычына гулянак трывожна-нясмелых...

Каб галоўныя часткі ў машыне адняць,

Трэба мець і навуку, і спрыт, і умеласць.

 

Акрамя машыніста, дагэтуль ніхто

Не знаёмы з дэталямі новай машыны,—

Вось чаму навальніцай кляновых лістоў

Падазронасць апала над імем Яцыны.

 

Па-зладзейску ён жвавы, на ўсё дабіўны:

Адначасна на любасць і воражасць здатны.

Як жа дзейнасць яго назаўсёды спыніць,

Як жа першую спробу зрабіць і астатняй?!

 

Мы паклічам грамадскасць, як грозных ваяк

На вялікую бойку пачуццяў —

на мітынг:

Дзе узгоднена сэрцы пульсуюць у такт,

Там дазнаем фальшывыя пульсы у рытмах.

 

Станем зорка і пільна за працай сачыць,

Загартуем цвярдзей у змаганні упартасць,

Не даверым Яцыну ад склада ключы,

Ля машыны паставім надзейную варту.

 

А калі атрымаем навочны даказ, —

Гнеў працоўных узвіхрыць маланкамі буру,

Хай не жджэ тады літасці вораг ад нас:

Дасць праўдзівую кару яму дыктатура.

 

 

ІХ. Праз некалькі дзён

Мінула ноч, а дзень на змену

Выходзіў рупнаю хадой,

І праца сціплая нязменна

Ішла балотамі уздоўж.

 

Яна сляды свае паклала:

Праз багну, гліну і пяскі

Прайшлі глыбокія каналы

Ад цёмнай пушчы да ракі.

 

Істужкі рэек залацістых

Віліся стройна аж да гор;

Высока зложаны у сцірты

Пятрэў на сонцы чорны торф.

 

Ад рыштаванняў тонкіх спіцы

Спляліся, быццам дзіўны цень;

Высокай гордай камяніцы

Стаялі стромы грузных сцен.

 

На сценах накрыж сталі кроквы,

Як верны доказ без заган,

Што праца йдзе напружным крокам

Расце штодзень электрастан.

 

Узрост кагосьці знепакоіў,

Наклікаў хтосьці перашкод:

Дазнаць варожыя настроі

Прыйшлі рабочыя на сход.

 

І грозны гоман дыша гневам:

— Дакончыць ворага пара!..

— Мы гэту сволач кормім хлебам,

А трэба смерцю пакараць!

 

Галасы

 

Паклікаць зараз інжынера —

Няхай адказ рабочым дасць,

Якія ўжыты былі меры,

Каб не псавалі нашу снасць?!

 

Рабочы

 

Чакай адказу!

 

Другі рабочы

 

Сам Яцына

Прымаў, напэўна, тут удзел...

 

Трэці рабочы

 

Не мы ж вялі разбор машыны,

А нехта з вучаных людзей.

 

Грамада

 

У гэтай шкодзе — іх аснова!

Давай на шыбеніцу ўсіх!

 

Галасы

 

Цішэй!..

Яновіч просіць слова...

 

Грамада

 

Няхай адкажа, д’яблаў сын!..

 

Галасы

 

Спыніце гоман!..

Хай гаворыць!

Пакіньце гутаркі...

Цішэй!..

 

У вочы сыплюцца дакорам

Агні раз’яраных вачэй.

Але Яновіч выйшаў смела

І на трыбуне скамянеў...

Узмах рукі нервова-белай —

І стала ціха, як у сне.

 

Яновіч

 

Мне горка за вашыя словы:

Ці ж я адшчапенец які?!

Вы знаеце ўсе, што Яновіч

Таксама з працоўнай сям’і.

 

За кожнае каліва шчасця,

Здабытае вашай рукой,

Гатоў я загінуць, прапасці,

Як верны сучаснасці вой...

 

Галасы

 

Ён праўду гаворыць...

Дарэмна

Спагналі на ім сваю злосць...

Ён з нашай дарогі не зверне...

Ён з намі, як сябар і госць...

 

Яновіч

 

За што ж вінаваціце ў здрадзе?!

Вялікая наша віна,

Што мы ў згуртаваным суладдзі

Не ўмеем злачынцаў дазнаць.

 

Дазнаем затое у працы,

Хто крывіць парадак і лад...

Дык будзем жа дружна старацца

Я выдам Яцыну загад...

 

Галасы

 

Яцына найбольшы злачынца...

Ці ж ён тут удзелу не браў?..

Вядома даўно, што Яцыну

Не шкода працоўных дабра...

 

Яновіч

 

Зусім беспадстаўныя весці:

Яцына мой блізкі зямляк,

У працы штодзённай, сумеснай...

 

Голас

 

Складалі па шкодніцтву план?!

 

Другі голас

 

Відаць, пад апеку нядарам

Бярэ выхаванца свайго!

 

Грамада

 

Даволі нам слухаць дабары,

Мы ведаем добра яго!

 

Яновіч

 

Таварышы, любыя!..

 

Грамада

 

Годзе!

 

Яновіч

 

Дазвольце!..

 

Галасы

 

Не трэба!..

Кажы!..

Пакінь свае песні заводзіць!..

Вы разам вастрылі нажы...

 

Сакратар ячэйкі

 

Спыніце, таварышы, лямант,

Суцішце узбураны гнеў:

Яновіч імя не запляміў,

А толькі змагацца не ўмеў.

 

Навукай імкнецца ён тунна

Класавы бой сутрымаць.

Вядома, такія лятункі —

Адно пазалота ярма.

 

І практыку гэтых тэорый

Яновічу трэба пазбыць,

Бо шчасце працоўныя створаць

Толькі ў агні барацьбы.

 

Мы такжа зрабілі памылку;

Яцына аблытаў, як мог:

У вочы дарыў нас ухмылкай,

А зачы навострываў нож.

 

Канкрэтных няма яшчэ даных,

Замежны ж падхоплены ліст,

Па зместу зусім беззаганны,

Гаворыць пра сувязь з былым.

 

Высновай згаворак інтымных

Таксама ільга дакараць:

Калі і не быў ён актыўным,

То ўсё ж, як відаць, патураў.

 

Яновічу зараз жа трэба

Расследаваць гэта, дазнаць,

Каб дольнікаў справы ганебнай

Сурова маглі пакараць.

 

Па каліву, дробнаму зерню

Праверым работу і дні!..

Таварышы, правільна?!

 

Грамада

 

Верна!

На ворага ўсе як адзін!

 

Яновіч

 

Што чую?.. Якія навіны!

Чаго ж на каго наракаць?

Чакаў я ўсяго ад Яцыны,

А здрады ніяк не чакаў.

 

Галасы (цішком)

 

Яновіч збянтэжаны...

Шкода...

Суладнасць разбурылі дум...

 

Яновіч

 

Адкіньце наводшыб пяшчоты,

Гартуйце сурова свой дух!

Знайду яшчэ сілы ударнай

Скрышыць перашкоды жыццём.

 

Грамада

 

Вітаем тваю мы упартасць

І самі на помач ідзём.

 

 

Х. Яцына, які ён ёсць

Нахмурыўшы да болю грозна бровы

І затаіўшы гнеў у сэрцы шчыльна,

Хадой знервованай прайшоў Яновіч

У кабінет спакойнага Яцыны.

 

Агні вачэй зацеплілі варожасць:

Прызнаў адзін другога супаратам.

Яцыну гэты позірк устрывожыў,

І ён прыветліва і далікатна

 

Зашчабятаў, падсоўваючы крэсла,

Стараючыся ў тон лагодны трапіць:

— А можа, тут нявыгадна і цесна,

Тады прашу — сядайце на канапе!

 

Яновіч

 

Пакіньце вы дакучныя забегі,

Цярпеў я досыць ваша падхалімства:

Умееце на задніх лапках бегаць,

Але сягоння гэта будзе лішнім.

 

Яцына

 

Прашу, калега, толькі без абразы!..

 

Яновіч

 

Калі вы нажылі натуру лорда? —

Мне помніцца, спачатку безуразна

Цярпелі вы у нашай мове цвёрдасць.

 

Яцына

 

На ўсё свой час, і час за нас парука:

Вы прымеце маю таксама веру...

 

Яновіч

 

Гуляць у хованкі з дарослымі — дакука:

Смялей разгортвайце свае паперы!

 

Яцына

 

Даўно хацеў вас выклікаць на шчырасць,

Але трывога замыкала вусны...

Ці не пара нам вылецець у вырай

Куды-небудзь за межы... Беларусі?

 

Яновіч

 

Ах, вось!.. Я вашы планы разумею...

 

Яцына

 

Магу пераказаць і растлумачыць.

 

Яновіч

 

Якую ж мэту ваша праца мела

І ваш удзел, адданы і гарачы?

 

Яцына

 

Чакаў я ўсё дагэтуль перамены:

Душу і сэрца ўкладаў у руіны,

Каб з іх стварыць навекі неадменны

Парадак-лад загубленай краіны.

 

Каб так, як робіцца ў сям’і паліпаў,

Усё, што зрушана і зрабавана,

Ізноўку аднавіць у працы сціплай

І здаць таму, ў каго яно забрана.

 

Я жыў адзінай думай і надзеяй,

Што дасягненні вашы мы падлічым,

Што ажывуць, разгорнуцца падзеі...

І вось насіў я маску на абліччы...

Але цяпер...

 

Яновіч

 

А што цяпер такое?

 

Яцына

 

Надзеі гаснуць, думы аблятаюць,

І кожны крок наперад — непакоіць...

 

Яновіч

 

Скажы, чаго табе не далягае?

 

Яцына

 

Не захапляўся я ідэямі братэрства, —

Задачы кожнаму напісаны ад роду:

Адным прызначаны пакуты, кепствы,

Другім жа — хлеб і слава ад народу.

 

Скажыце мне, дык па якому праву

Павінен здаць не толькі прывілеі,

А й гонар мой, маю пашану, славу...

Скажыце мне, бо я не разумею!

 

Я не хачу быць лёкаем бяспраўным

Натоўпу нейкага, дзе «мне — нічога»,

А «нам — усё»!..

 

Яновіч

 

Гаворыш вельмі слаўна!..

Якую ж выбраў ты сабе дарогу?

 

Яцына

 

Я... вырашыў... пакуль хапае сілы,

Змагацца з ворагам... з пралетарыятам!..

Я з вамі гавару, Яновіч, шчыра,

Не думайце, што гэта сон вар’ята.

 

Яновіч

 

Арыштаваць вас трэба за варожасць!

 

Яцына

 

А хто варожасць гэтую пасведчыць?

Трымаўся я дагэтуль асцярожна,

І ваш данос палічаць недарэчным.

 

Яновіч

 

Я сёння ж вызвалю цябе ад працы...

 

Яцына

 

Не вы паставілі, — спытайце ў трэсце.

 

Яновіч

 

Якая подласць другам прыкідацца!..

 

Яцына

 

Пакінем сварку гэтую нарэшце:

Павінны мы прыйсці да нейкай згоды.

Паслухайце, Яновіч, раз уважна:

У вас над аркай скончана работа,

А гэта мне — і вам не меней — важна.

 

Што зробяць тут з такім выдатным

творам?

Вас абсмяюць на урачыстых кпінах:

Вам сто прамоў вітальных нагавораць,

А план усё ж няздзейсненым загіне.

 

Як другу, даць хачу дзве прапановы:

Адна — пакіньце ўсё, мы пойдзем разам

Туды, дзе грунт культур, дзе іх аснова,

Там знойдзеце свой лёс, сваю украсу.

 

Там зразумеюць вас і вашу здольнасць,

Там мы не будзем лёкаямі толькі,

А кожны з нас, як правамоцны дольнік,

Належную адрэжа шчасця столку.

Ну, як вы мысліце?

 

Яновіч

 

Кажэце казкі!..

Не маю сілы пашчапаць вам голаў,

Парэзаць скуру белую на паскі

За мой народ, які галодны й голы

Пакутуе дагэтуль за мяжою.

 

Яцына

 

Тады падам другую прапанову,

Калі не хочаце пайсці са мною...

Прадайце мне праект і план будовы.

Мы узвядзём над акіянам арку,

А тут яна загіне вечнай марай...

 

Яновіч

 

Не смейце гаварыць! Я ў твар вам харкну

І заплюю глянцованую хару.

 

Яцына

 

Падобна, што вярнуўся ты з хаўтураў,

Таму і не крыўдую за абразу...

Твой быў дэвіз жыцця — тварыць культуру,

Зусім не важна, для якога класа.

 

Цяпер з табой ладу знайсці не можна:

Жабрак зусім, а раскідаеш грошы;

Ты будзеш каяцца, ды будзе позна:

Яшчэ паглядзім, хто з нас пераможа.

 

Яновіч

 

А пераможа той, каго мільёны,

Чый пульс крыві ў адзіным б’ецца рытме! —

І ён сарваўся, быццам утрапёны,

І выбег, бразнуўшы на ўзмах дзвярыма.

 

Яцына

 

Антон Ляксандрыч!.. Слухайце!.. Яновіч!..—

Загаласілі дзверы ў калідоры,

Забразгаталі пошчакам дубовым,

І загайсала рэха па канторы.

 

 

ХІ. Яновіч дома

Сцелецца пыл над сялом,

Быццам бы цёмны туман;

Вецер цалуе крылом

Белыя грудзі хмар.

 

Сонца на захадзе, глянь,

Косы павесіла ўдоўж;

Дыхае спёкай зямля —

Будзе, напэўна, дождж.

 

Вось ад таго грабары

Жвава шпурляюць глей,

Рупяцца больш муляры,

Кельні звіняць званчэй.

 

Толькі Яновіч адзін

Кінуў рабочы свой дзень:

Смутак душу астудзіў —

Дзе ж яго шпурыць, дзець?

 

Можа, у вір утапіць —

Горкаю стане вада;

Кінуць на сцежку, у пыл —

Дык узрасце бяда.

 

Як жа куды яго дзець,

Каб не знайшоў аніхто?! —

Сумны Яновіч ідзе,

Вочы свідруюць дол.

 

Вось і драўляны ўжо дом, —

Стройны, высокі фасад...

Трое дзяцей пад акном

Садзяць маленькі сад.

 

Крокі пачуўшы, бягуць

Радасць сваю расказаць,

Смех асыпаецца з губ,

Быццам з травы раса.

 

Сціснулі колам жывым,

Ярка звіняць галасы:

— Ну, адгадай жа, аб чым

Будзем цябе прасіць!

 

Яновіч утомна садзіцца на ганку,

Каб выслухаць просьбы, каб гора суняць:

— Купі мне, татуля, маленькую ляльку!..

— Купі мне, саколік, жывога каня!..

 

— А мне, мой харошы, купі лепей трактар

Люблю я прасторы бяскрайнія ніў;

Як стану вялікім, каханы мой татка,

Пайду й запішуся тады ў калектыў.

 

Развеялі дзеці утому і смутак,

Гаворкай ласкавай да працы завуць;

Ізноў утрапёныя кружацца думы,

Шчапаюць, нітуюць ізноў галаву;

 

«У імя наступных нашчадкаў камуны

Не смей адступіць ані кроку назад:

Ты чуў і ў гаворках рабочых чыгункі,

І ў просьбах дзіцячых —

няўхільны загад

 

Яновіч

 

На вір цёмна-сіні ідзі, мая жальба,

Гартуйся ў змаганні, збянтэжаны дух!

Куплю, мае дзеці, і трактар і ляльку,

Бяжыце гуляйце... я ў хату пайду.

 

Зацвіў і адцвіў над балотамі вечар,

І ноч надышла па халоднай зямлі.

Яновіч, ссутуліўшы вузкія плечы,

Канчае кароткі і экстраны ліст.

 

«...Варожасць Яцыны амаль што дазнана,

Чакаю загаду, што далей рабіць.

Наконт выканання намечаных планаў —

Дваістай гаворкі не можа і быць».

 

Рашуча пастаўлена цвёрдая кропка,

Як быццам хістанняў — зусім не было...

Схіляецца голаў ніжэй на ўзлакотках,

І сон ахінае маўклівым крылом.

 

 

XII. Змова

Не спіцца Яцыну, утульны пакой

Трывогі ніяк не разгоніць.

А вецер шуміць і шуміць над ракой

І хмары за хмарамі гоніць.

 

Яны аблажылі увесь небакрай;

Далёка у засціле чорнай

Жывыя маланкі намітусь гараць

І коцяцца рокаты грому.

 

Яцына

 

Якая нервовая, вострая дрож!..

Чаго там баяцца, што будзе? —

Ў цяжкую хвіліну навостраны нож

Разрэжа заблытаны вузел.

 

Няма у забойстве злачынства ніяк —

Адкрыта гуляюць дзве масці,

Калі перамогу дастану не я,

Дык, значыцца, ворагу шчасце.

 

Чаму гэта толькі дагэтуль няма

Супольнікаў верных і чынных?

Хутчэй бы развеяць загадкі туман

І вырашыць: жыць ці загінуць?

 

Старожка Яцына глядзіць у акно,

Заходзіцца сэрца ў трывозе:

Навокала хмурая, чорная ноч,

Нікога нідзе на дарозе.

 

І зноўку руплівай, паспешнай хадой

Яцына знервована крочыць,

І доўгія цені растуць аж пад столь,

А з імі — іх зубы і вочы.

 

Здаецца, імкнуцца за шыю абняць,

Заціснуць у клямарах костак...

 

Яцына

 

Няўжо ў гэтым вобразе — сіла мая?

Якая агідная постаць!

 

Каб здань адкаснулася — песню вядзе,

І, бровы нахмурыўшы строга,

Ізноў да акна устурбованы йдзе,

Упарта глядзіць на дарогу.

 

Ні ценю у чорнай смузе не відно,

Маўкліва у цемені крохкай.

Апоўначы толькі пад нізкім акном

Пачуліся ціхія крокі.

 

Яцына нячутна падбег да акна,

Заморгалі радасна вейкі;

Шырокую раму уверх прыпадняў,

Паклікаў цішком чалавека:

— Пралазьце!.. Цішэй толькі...

 

Незнаёмы (пралазячы)

 

Хоць заскандаль,

Ніхто не пачуе, не ўбачыць...

 

Яцына

 

Чаму гэтак позна з’явіліся, Фальц,

Насцігла якая няўдача?

 

Фальц

 

Не мог жа я коней у вёсцы узяць,

Прыйшлося ісці аж на хутар.

 

Яцына

 

Я думаю, трэба... пара пачынаць,

Бо стане зарэць ужо хутка.

 

Фальц

 

Ноч цёмная, коні паблізу стаяць,

Дамчаць да мяжы за хвіліну.

 

Яцына

Вяроўку ўзялі?

 

Фальц

 

Навошта пытаць?

Ёсць нават піла і драбіны.

 

Яцына

 

Я дзякую вельмі!

 

Фальц

 

Пакіньце сабе

Падзяку для модных салонаў:

Не за падзяку сюды я прыбег

Аж з-за мяжы, як шалёны.

Збірайцеся!.. Дайце сюды мне нажы!

 

Яцына

 

Мне страшна!..

 

Фальц

 

Хаця не заплачце!

 

Яцына

 

I сэрца балюча, трывожна дрыжыць!

Што станецца тутака з бацькам?

 

Фальц

 

Пакіньце вы хныкаць!.. Сабралі усё?

Не трэ забывацца нічога...

Гатовы? — ў дарогу!

 

Яцына

 

Ісці, то ідзём,

Але не зусім у дарогу.

 

Схіснуўся ад лямпы за вокнамі бляск,

І цемень лягла на экране;

Зашастала глуха сухая зямля,

І бразнула ціхенька рама.

 

 

ХІІІ. Навальніца

 

Вецер біўся, качаўся раз’ятраным зверам,

Бразгатаў у акно, аканіцамі ляпаў;

Пазляталі з прабояў дубовыя дзверы

Пад ударам ягонай вялізманай лапы.

 

Прахапіўся Яновіч, утомлены снамі:

Быццам струны, напяты трывогаю нервы...

Ўсё імчацца, лятуць над палямі, лясамі

Бліскавіцы-маланкі, як коннікі верхам.

 

Нагінаюцца долу стагоднія клёны,

Мітусяцца натоўпы спалоханых сосен,

І нішто не стрымае навалы шалёнай,

І ніхто сабе літасці кроплі не ўпросіць.

 

Толькі думы бунтуюць вялікасцю ведаў

Супраць гнеўнай і грознай і дзікай стыхіі:

«Пачакай, яшчэ прыйдзе чарга да сусвету,

Перад большаю сілай ён голаву схіліць.

 

Мы прымусім навалу мільённаю воляй

Пакарыцца разумнай, разважлівай думцы,

І не будуць вятры-скавышы ў чыстым полі

Бунтаваць, узнімаць і чыніць рэвалюцый.

 

І не будуць маланкі гайсаць у прасторах:

Пойдуць сціпла на працу — на першую змену,

Да зямлі мы наблізім далёкія зоры,

І яны электрычныя лямпы заменяць».

 

Падуладны квяцістым лятункам і марам,

Упівацца Яновіч любіў бажавольна

Шпаркім лётам вятроў, скамянеласцю хмараў,

Іх магутнай красой, што ад сілы няўтольнай.

 

І цяпер, у шатрыстасці цемені плаўкай

Падышоў да акна на сусвет падзівіцца:

Нагінаюцца хвоі шумлівыя плаўна,

Прыпадаюць бярозы да долу аж ніцма.

 

Старасвецкія вязы махаюць чубамі,

І дубы векавыя шумяць беспрытомна;

Разлятаюцца гукі звар’ёванай гамы

І галосяць — рыдаюць у засціле цёмнай.

 

На застыглым экране — на чорных скрыжалях

Загараюцца лініі тонкіх маланак,

Рассыпаюцца дробнымі іскрамі ў далях

І зліваюцца з бляскам лясоў пазлацаных.

 

А пасля яшчэ больш зацвітаюць агніста,

Як шаўковых істужак празрыстыя пасмы,

Кутасы залацістыя звесіўшы нізка,

Зіхацяць, шалясцяць, замаўкаюць і гаснуць.

 

І далёка, ў цішы пачарнелага змроку,

Дзесьці там — за гарамі, у іншай краіне,

Узнімаецца роўны, прытоены рокат

І плыве над балотам, як лямант звярыны.

 

Разрываючы чорнае месіва ночы,

Штохвіліны ўсё бліжай і бліжай той рокат,

І вось грозна ужо над канторай рагоча

І грыміць вокамгненна ізноўку далёка.

 

Выдаецца: вясною, у мораку сінім

Чараду на зарэз выганяюць на бойню;

Зарыкалі каровы працяжна і сіпла,

Бо няма ані сілы, ні дужасці гойнай.

 

Ай як хочацца ім на зялёную пашу,

Дзе разносіцца водар квяцісты, мурожны,

Толькі пахне трава нечым даўкім і страшным,

І зачмыхалі ўсе неспакойна, трывожна.

 

Гэта цёплая кроў пацякла на іржэўнік...

Усе сілы сабраўшы змагацца са згубай,

Зараўла чарада, аж зямля задрыжэла,

І замоўкла, зацяўшы ад роспачы зубы...

 

— Што за блытаны сон?.. А ці гэта ад зморы

Я ў бяссонні убачыў міраж каляровы?..—

Сам з сабою Яновіч паціху гаворыць,

Але рэхам чужым адклікаюцца словы.

 

А навала шуміць, і шуміць, і не моўкне,

Дождж ліецца халодны, сякучы і косы;

Да касцей ужо клёны і сосны прамоклі

І дрыжаць палахліва у цемры бялёсай.

 

Закружылася раптам на фоне пярэстым

Тонкай рысай маланка, як згіблены протар,

Завілася, як стромкі віецца пярэступ,

І прабіла страху над кантораю потырч.

 

Зашастаў вецер крыллямі,

Узняўся слупам дым,

Рукамі чорна-сінімі

Схапіўшы правады.

 

Заружавела іскрамі

Ад сполаху страха,

І вось — праменні бліскаюць

Над камінамі хат.

 

Над змрочнаю кантораю

Вялізманы стажар;

Гайсае над прасторамі

Адзіны крык:

— Па-жар!..

 

 

XIV. Пажар

У змроку постаці бягуць,

За імі гоніцца іх сполах,

Аж зацінае ў грудзях дух

І на кавалкі рвецца голас.

 

Навокал лямант, сумятня,

Бо ноч спакойная памерла.

І нехта сіліцца супяць,

Упланаваць вар’яцкі вэрхал:

 

— Імчы па бочкі у павець,—

Пажар не стушыце адвагай;

Найменей трэба вар’яцець,

Найбольш — халоднае развагі!

 

Яновіч з домыслу пазнаў

Па цвёрдым голасе Гафрона...

Натоўп суняўся і адстаў,

Бягуць адзінкі толькі гонна.

 

Яновіч першым ад усіх:

— Хутчэй, каб выратаваць планы!

Кантора ў блясках залатых

На чорным фоне — шэрай плямай.

 

І вось вялізманым хвастом

Махнула полымя па сценах,

І захліпнуўся увесь дом,

Пабеглі спуджаныя цені.

 

Вось-вось абрушыцца страха,—

Агонь трасе шалёнай грывай.

— Яшчэ хвіліну, і няхай,

Няхай тады будынак рыне!..

 

Не буду нават шкадаваць,

Каб толькі выратаваць планы...

Нашто было так будаваць,

Нашто паверх адзін драўляны?

 

Хутчэй, хутчэй, яшчэ хутчэй!..

У грудзях схлупілася гара,

А радасць бліснула з вачэй

Ясней ад полымя пажару:

 

Агонь да краю не дайшоў,

Яшчэ спакойна ў кабінеце.

І толькі дым, як чорны шоўк,

Хавае тайны у сакрэце.

 

Але дармо, бо хтось даўно

Паставіў стромкія драбіны...

І праз хвіліну у акно

Пралезла згорбленая спіна.

 

Ступае боязна уніз,—

Высока з трэцяга паверха.

Гатоў Яновіч слацца ніц,

Вачам сваім не хоча верыць:

 

Нясе сутулы чалавек

Пад пахай сціснутыя папкі...

Вось там Яновічаў праект

І планы будучае аркі.

 

— Ці сам прыйшоў, ці хто прыслаў?..

Адкуль, калі прынёс драбіны?..—

І раптам думка удала,

Узвіўся просьбы крык: — Яцына!

 

Суняўся, глянуў чалавек І

задрыжэў сутулым целам,

І папка з планамі навек

Увысь наводшыб паляцела.

 

Паперы белыя лісты

Адну хвіліну пакружылі

І ў хвалях полымя густых

Гаркавым дымам заімжылі.

 

Яновіч быццам скамянеў,

А чалавек (ён быў Яцына)

На землю віхрам паляцеў,

Мінуўшы выгаду драбіны,

 

І вокамгненна знік у змрок...

— Трымайце злодзея, трымайце!.. —

Але слядоў не бачыў зрок,

Кусаў Яновіч свае пальцы:

 

— Знайду яго, куды б ні бег!..

Набраклі вочы дзікім смехам,

Сарваўся з вуснаў гэты смех,

Заекатала ў лесе рэха.

 

 

XV. Думы над лёсам

Пагода трымціць пазалотаю,

Прыгожая летняя рань.

Такою часінай з ахвотаю

Выходзіш настроі збіраць.

 

Пачуцці звіваюцца нізкамі,

І думы суладнасць снуюць:

Далёкія лучацца з блізкімі,

Цвятлівяць надзею тваю.

 

Уцеху даюць падарожную —

Яна для самоты урон.

Такою часінай прыгожаю

І выйшаў на ляды Гафрон.

 

Быў тыдзень бядою надзелены:

Пакража, варожасць, пажар...

— Падумай, Гафрон, над падзеямі,

Нядарам жа ты сакратар

 

Партыйнай ячэйкі. І добра ўсё

Прадумай, як працу пачаць...—

Жывыя малюнкі і вобразы

Стаяць неадступна ў вачах:

 

Абліччы рабочых задумныя,

Суровыя твары ў сялян,

Усе загадалі, задумалі,

Як здзейсніць намечаны план.

 

Паклікаць упэўненым голасам —

І стануць на працу яны

З вялікаю сілаю волатаў,

Сучаснасці нашай сыны.

 

Бо сэрцы да краю напоены

Узрочыстым сокам жыцця;

Усе перашкоды адхонамі

На вір цёмна-сіні зляцяць.

 

Бо грудзі уздымам распалены,

Шукае вытокаў агонь.

— Падумай уважна над планамі,

Падумай, таварыш Гафрон!..

 

Як цені дарог неразведаных,

Маршчыны ляглі на чале,

І кожная — вернай прыкметаю,

Што творчая думка жыве.

 

— Пагутарыць трэба з Яновічам:

Даволі яму вандраваць,

Хай зноўку за працу становіцца,

Хай зноўку ідзе кіраваць.

 

А сёння ці заўтра увечары

Наладзім адчынены сход,

Пытанням вялікім прысвечаны:

За новы — ударны — паход.

 

Гамонкай вясёлаю, шумнаю

Сустрэнуць рабочыя план,

Нядарам абліччы задумныя,

Суровыя твары ў сялян!

 

Гудок гаваркою сірэнаю

Паклікаў на працу ісці,

І цвёрдай хадою, упэўненай,

Ідзе бальшавік у жыцці.

 

І лёс не напоіць нас шаламі

І не завядзе ў растанцы,

Бо самі віём, развіваем мы

Яго суравыя канцы.

 

Калі ж на лятункавай выгадзе

Увысь узлятаем угрунь,

Дык толькі разведаць і выглядзець

Для творчасці плённае грунт.

 

 

XVI. Трывожныя прыкметы

Спахмурнеў знепакоены дом,

Не ад старасці нізка схіліўся:

Чорнай зданню прайшло пад акном

Падасланае ворагам ліха.

 

Занядбаны і кнігі і стол,—

Гаспадар заклапочаны іншым;

Дым віецца высока пад столь,

Ад маркоты становіцца сіньшым.

 

Але смутку агнём не спаліць,

Не развеяць ні плачам, ні песняй,

І маўкліва Яновіч стаіць,

Углядаецца ў далі балесна.

 

Нехта ходзіць, здаецца, ў бары,

Нехта блудзіць у змроку лагчыны,

Нехта крадзецца там з-за гары...

— Гэта ён, гэта, пэўна, Яцына!

 

Вось на ганку ўжо крокі чуваць,

Адчыняюцца з скогатам дзверы:

— Выбачайце, мы з працы да вас

І наведаць зайшлі інжынера.

 

Паціскаюць ласкава руку:

— Ну калі ж вы?..

— Прыходзьце на працу!

 

Яновіч

Як жа так? А Яцына?.. Пакуль

Адшукаць яго буду старацца.

 

Не падумайце толькі — вар’ят!

Я знайду яго?.. Праўда?.. Бясспрэчна?

Словы болем шалёным гучаць,

Хто ж адважыцца ім супярэчыць?

 

— Ды напэўна ж... Бывайце, пакуль!..

Пажадаем пазбыцца вам ліха,—

Паціскаюць на ростань руку

І хістаюць галовамі ціха.

 

У пакоі застаўся Гафрон:

— Пагаворым, Яновіч, на згоду...

Шлюць рабочыя шчыры паклон,

Запрашаюць на працу прыходзіць.

 

Добра ведаеш, як без стырна...

Нам патрэбна тваё кіраўніцтва.

Просьбу нашу павінен прыняць,—

Перашкоды ўсе схіляцца ніцма.

 

Даўся вельмі Яцына табе,

Не турбуйся — яго пакараюць,

Але мусіць далёка забег,

Як гавораць, да панскага краю.

 

Устрывожаны бліснуў агонь

У вачах неспакойных Алісы;

І заўважыў Гафрон, як бягом

Перабеглі трывожныя рысы.

 

Думка згадку яму падала:

«Ці не стала Аліса прычынай?

Але ж не, яна заўжды была

Добрай жонкай, сумленнай жанчынай.

 

І відаць, у прадонні вачэй

Гэта скруха была, а не сполах...»

А тым часам званчэй і званчэй

Разліваўся Яновічаў голас:

 

— ...Ён жа сэрца маё абакраў,

Ён душу маю кінуў нішчымнай.

Я не хочу яго ні караць,

Ні судзіць за варожасць учынкаў.

 

Я хачу толькі кроўю яго

Да хваробы упіцца, набракнуць,

Каб вярнуць маладосць маіх год,

Каб тварыць маю любую арку.

 

Сам ты знаеш, таварыш Гафрон,

Колькі смерці і дзікай і лютай

Творыць наш, чалавечы, закон

Для адных перамог рэвалюцый!

 

А каб арку адну збудаваць,

Што злучала б працоўных сусвету,—

Без паўстанняў, ахвяр і адваг

Дасягнулі б вялікае мэты.

 

Гафрон

 

Не магу я цябе зразумець,

Гэта вельмі рамантыкай пахне;

Ад такіх разважанняў мне смех,

Бо вядуць яны толькі да багны.

 

Толькі ў бойцы народзіцца дзень,

Што знітуе працоўных сусвету...

Рэвалюцыя блізка ідзе,

І яна давядзе нас да мэты.

 

Яновіч

 

Ты зняславіў лятункі мае,

Ты рамантыкай клічаш узлёты...

Як і ўсе, ты — драпежнік і звер,

Адкідаеш вышыні, ясноты!

 

Гафрон

 

Варта толькі тады узлятаць,

Калі грунт пажадаеш агледзець,

А лятаць для таго, каб лятаць,—

Адракліся цяпер нават дзеці.

 

Кінь і думаць пра планы свае,

Будзем жыць тады ў зладзе, у згодзе...

Калектыў наш на працу заве,

Заклікае, каб хутка прыходзіў.

 

Яновіч

 

Ты вар’ятам мяне палічыў,

Але я ўсё ж свайго дамагуся.

Забярыце праекты, ключы,

Я на працу пакуль не вярнуся.

 

Гафрон

 

Развітаемся... Што ж, калі так!..—

І Гафрон вокамгненна прыкмеціў:

Зірк вачэй ярка-вогненным стаў

І далёка блукае па свеце.

 

Сапраўды ён пачаў вар’яцець?..

Дзе ж ратунак?.. Няўжо так і высах?..

Аглянуўся — стрывожаны цень

Мільгануў на абліччы Алісы.

 

Зноўку холадам белым чала

Захаваць хоча цень яна дбайна,

Але думка такі працяла:

Жонка ведае гэтую тайну!

 

 

XVII. Сход

 

Дым сцелецца засцілай горкай,

Як сіня-бялёвы туман,

Калышуцца словы гаворкі:

— Брыгады...

спаборніцтва...

план...

 

Гамоніць людская паводка

Узбуджаным гоманам хваль;

Пранізлівы, ярка-кароткі

Падалі чацвёрты сігнал.

 

Сціхаюць, змаўкаюць размовы,

Згасаюць у зале агні...

Гафрон урачыстай прамовай

Пашыраны сход адчыніў.

 

Гараць яго чорныя вочы...

Звычайны ў жыцці чалавек

Вось тут — ў калектыве рабочых —

Вялікім героем жыве.

 

Бо сілу і волю адзінкам

Заўсёды дае грамада:

Знітуе настроем адзіным,

Гіпнозам запал перадасць.

 

Ад гэтага стройная постаць

Яшчэ выглядае страйней,

І словы упэўнена-проста

У гурце звіняць выразней.

 

Гафрон

 

Вас на сход сюды паклікаў

Дасягненні й недахопы

Падлічыць у час вялікі

Нашай творчае эпохі.

 

Мы — сыны працоўных класаў

Узышлі ўжо на арэну...

Ды нашто тачыць балясы,

Словы траціць надарэмна?

 

Вам не менш вядома роля

І не менш вядома мэта:

Здабываем сваю долю

Для працоўнага сусвету.

 

Мы не згубцы чалавецтва:

За жыццё людзей бунтуем,

А ў змаганні ёсць калецтвы

Ды і смерці не бракуе.

 

Але зерне творчай працы

Дасць багаты плён і шчодры.

Будзем біцца і змагацца,

Будаваць упарта й добра!

 

Як жа йдзе у нас работа?

Вам усім вядома, здэцца,

Што у выніку прыгоды

Засталіся мы без спецаў.

 

Развінуліся падзеі:

То пакражы, то пажары;

Ад нядзелі да нядзелі

Час патрацілі як дарам.

 

За хвілінаю — часіна,

За часінаю — і днёўка:

Едзе лета ў адпачынак —

Не дасі адтэрміноўкі.

 

Але покуль дзе прыпынак

Яно знойдзе на папасе —

Апавесцім безупынку,

Каб вярнуць растрату часу.

 

А каб сіле даць магчымасць

Развінуцца больш у радасць —

Мы згуртуемася шчыльна

У вытворчыя брыгады.

 

Каб у працы рупнай, сціплай

Гаманілі сэрцы звонка —

На спаборніцтва паклічам,

Гэта значыць — на дагонкі.

 

Але ёсць у нас апаска,

Перашкодаў вельмі многа:

Мы ж працуем самапасам —

Ні дырэктара ж, нікога...

 

Два лядаштых інжынеры,

Ды і тыя круцяць носам,

Мы таксама ім не верым,

Паглядаем такжа скоса.

 

Прыязджалі ўчора з трэста,

Аглядалі, дазнавалі...

Нарабілі шуму, трэску,

А карысці вельмі мала.

 

Абяцалі ў хуткім часе

Даць дырэктара на змену...

 

1-шы рабочы

 

Ты на іх не спадзявайся,—

Тыдзень пройдзе, сама меней,

 

Покуль спецаў дзе абмацаць,

Адшукаць, знайсці пашэнціць,

Кіраваць усёю працай

Трэ паставіць вылучэнца.

 

Бо з якой, скажы, уцехі

Супыняць работу, ўрэшце,—

Што Яновіч з глузду з’ехаў,

Што сядзяць чынушы ў трэсце?!

 

Кожны дзень, хвіліна нават,

Даражэй цяпер за вечнасць,

спыняць на тыдзень справы —

Будзе проста недарэчна.

 

Гафрон

 

У прамове, як у казцы,

Хутка робіцца і слаўна,

А скажыце, калі ласка,

Ці падолеем на справе?

 

Галасы

 

Ўсё падолеем і зможам!..

Кіраваць ты сам бярыся...

Ды глядзі, брат, асцярожна,

Каб не зблышыў, не змыліўся!..

 

1-шы рабочы

 

Што мы — зломкі?.. Ці няўмекі?..

 

2-гі рабочы

 

Сапраўды, якое дзіва:

Не заменім чалавека

Цэлым нашым калектывам?!

 

Галасы

 

Праўду кажа!..

Час, здаецца,

Мець людзей сваёй гадоўлі.

Кожны быць павінен спецам

Дзён вялікае будоўлі!

 

Гафрон

 

Пачакайце, трэба ладам:

Па чарзе бярыце слова!

 

Галасы

 

Мы не ўмеем доўга ладзіць

І не здольны на прамовы...

Ды й раней абсаймавалі,

Што і як цяпер такое...

Вось бяры і, як казалі,

Запішы у пратаколе!..

 

Гафрон

 

Як вялізманую радасць,

Запішу на ўсю балонку:

«Ўсе злучаюцца ў брыгады

І выходзяць на дагонкі».

 

Грамада

 

Як вялізманую радасць,

Запішы на паўбалонкі:

«Ўсе злучаемся ў брыгады

І выходзім на дагонкі.

 

З той прычыны, што Яновіч

Адказаўся справы весці,

Хоць дырэктар яшчэ новы

Не назначаны ў трэсце,—

 

Каб з прастоямі не знацца,

Каб не мець ад іх урону,

Кіраваць усёю працай

Даручаецца Гафрону.

 

Заклікаем на падмогу

Нашых тэхнікаў як моладзь...»

 

Галасы

 

Ну і до!

І так замнога!

Хай запіша ў пратаколе!

 

Гафрон

 

Ўсё запісана да толку,

Зачыняю сход на гэтым...

Вось не вырашылі толькі,

Як жа з нормай і разметкай?

 

Грамада

 

Што не вырашана словам,

Дык на справе стане ясным:

У спаборніцтвах — аснова,

У брыгадах — тэмп сучасны!

 

 

XVII. Ударнікі

Супярэчнасці — твораць адзінства,

Перашкоды — упартасць нясуць;

Пераможна ідзе будаўніцтва,

На шляхах пасцілае красу.

 

Бо падзеі жыццё ўзбунтавалі,—

Нарадзіўся ў змаганні уздым,

Непакорная сілай навала

Згуртавала шчыльней калектыў.

 

Кожны атам праняўся настроем

І жаданнем людскім навылёт:

Апрануць у жалезныя строі

Занядбанае цела балот.

 

Стала сочнаю ціхая радасць,

Сэрцы поўняцца ёю да дна...

Весялосцю гуллівай брыгада

Сустракае Гафрона штодня:

 

— Ну, вазьміся, чырвоны дырэктар!..

— Гэта, брат, не паперы пісаць...

— Нешта цэглу кладзеш вельмі рэдка.

— Лепш і майстра не вырабіць сам...

 

І гавораць рабочыя ветла

Заклапочаным зіркам вачэй:

— Мы збудуем хоць сорак паверхаў,

Заглядай у кантору часцей.

 

Але цяжка Гафрону расстацца

З малатком працавітых людзей,

І пасля кабінетнае працы

Ён на змену прыходзіць штодзень.

 

Галасы гаварлівай машыны

І людскі знепакоены рух...

Даганяе цагліна цагліну

На далонях Гафронавых рук.

 

Ды ніяк не падолеюць спрыту,

Даганяюць хай сотню гадоў:

У размераным рухамі рытме

Лягуць роўна цагліны ў радок.

 

Толькі дум не ўтаймуеш шумлівых;

Толькі зірк адвінуўся удаль —

І сустрэўся з другім — палахлівым,

І ягоныя тайны згадаў.

 

Тады думка звілася капрызна

І ўжо кліча, і голас чуваць:

— Пачакайце хвілінку, Аліса,

Я пра штосьці хачу запытаць!

 

Прыпынілася постаць наводдаль,

Прытаіўшы пужлівы агонь;

Па дашчаных адхонах усходаў

З рыштавання спяшае Гафрон.

 

Прывіталіся моўчкі за рукі,

Выбіралі дарогу наўгад,

Адыходзілі — слухалі грукат:

Пераклічку вячэрніх брыгад.

 

1 - я брыгада

 

Пагулянкі — прагулы

Зваяваны дашчэнту;

Здалі нормы агулам

Сто дванаццаць працэнтаў.

 

Гэта — першая радасць,

Але будзе уцехай:

Ад ударнай брыгады —

Да ударнага цэху!

 

2 - я брыгада

 

Узрасла прадукцыйнасць

У сягонняшняй працы,

Але будзе злачынна,

Каб на гэтым застацца.

 

Мы пашырым уцеху

Яшчэ большай ахвотай:

Ад ударнага цэху —

Да ударных заводаў!

 

3 - я брыгада

 

Без датацыі сродкаў,

Па сягонняшніх даных,

На пятнаццаць адсоткаў

Перавышаны планы.

 

Але такжа з ахвотай

Прымем заклік агульны:

Ад ударных заводаў —

Да ударнай камуны!

 

Усе брыгады

 

У нас выстарчыць спрыту

І жадання даволі!..

Творцы новыя прыйдуць,

Што жывуць у няволі.

 

Будзе заклік агульны

Да адзінае мэты:

Ад ударнай камуны —

Да камуны сусвету!

 

 

XIX. Тайна застаецца тайнай

Прысады (бяроза і дуб)

Вячорным напоены шумам...

Дзве постаці моўчкі ідуць,

І ў кожнай асобныя думы.

 

Гафрон над усхонамі гор

Любуецца ростам будоўлі:

Такі неаглядны прастор,

І шлях высцілаецца доўгі!

 

Далёка, на ўскраі балот,

У мораку новага тракту,

Дзе некалі — твань навылёт,

Паўзе заклапочаны трактар.

 

Крыжуюцца, ў бляску зіхцяць

Вадою іскрыстай каналы;

Наводдаль, як горы, стаяць

Будынкі ў цьмяных пакрывалах.

 

Шчыльней захінае туман

Кастлявыя іх сілуэты,

І вось яны гінуць... няма...

Агні толькі ў засціле свецяць.

 

Іначай шасцяць верасы,

Адменнымі сталі прасторы:

Загінулі багны,

лясы,

Радзіўся й выроствае горад.

 

«Як хутка змяніла зямля

Свой выгляд пануры і сонны!»

І радасць задумна лягла

На смуглым абліччы Гафрона.

 

Зайздросна глядзела у твар

На радасць чужую Аліса:

«Які ў яго змучаны твар

І цвёрдасць у рэзкіх абрысах!

 

Якія агні у вачах

У круглых, вялізных, шырокіх,

І мужная сіла ў плячах,

І стройнасць у стомленых кроках!»

 

Хацелася з ім жартаваць:

Стаяць над глыбокай магілай,

Каб ён бараніў, ратаваў

Сваёю звярынаю сілай.

 

Сказаць пра таго... пра закон...—

Расло неадступна жаданне,

Але нечакана Гафрон

Суровае кінуў пытанне:

 

— Вы жонка Яновіча? Так?

Вы смерці жадаеце мужу?

 

Аліса

 

Нашто вам пра гэта пытаць?

Пакіньце! Іначай я мушу...

 

Гафрон

 

Яновічаў лёс і жыццё

Залежыць ад гэтых пытанняў:

Калі вы раскажаце ўсё,

Да кроплі маленькай, дазвання —

 

Ратунак мы знойдзем тады,

Бо знішчым хваробы прычыну..

Скажыце... далёка сляды?

 

Аліса

 

Чые?

 

Гафрон

 

Ну, вядома, Яцыны!

 

Аліса

 

Не ведаю!

 

Гафрон

 

Кіньце дурэць!

Якога вам ліха баяцца?!

 

Аліса

 

Узяць прапануеце грэх,

Душой на пакуты аддацца?

 

Гафрон

 

Ах, так?.. Дык вы знаеце ўсё ж!

 

Аліса

 

Хто гэта сказаў?.. Я нічога,

Нічога не знаю, бо лёс

Вядомы адзінаму богу...

 

Гафрон

 

Даволі лухту гаварыць!

Я ведаю вас ад маленства,—

Якую ж прынесла карысць

Пакутнае ваша маленне?

 

Вас білі, плявалі у твар,

А вы даравалі, цярпелі.

Забыўся ваш бог шкадаваць

Пакутнае сэрца і цела.

 

Чакае лёс гэты дзяцей,

Калі за міфічнага бога

І крыўды і здзекі цярпець...

Вы скажаце што ці нічога?..

 

Аліса

 

Гафрон, пашкадуйце мяне,

Не мучце, пакіньце, ідзеце!..

Нічога не ведаю!..

 

Гафрон

 

Не?..

 

Аліса

 

Ах, дзеці! Няшчасныя дзеці!

 

І чорнай касы яе шоўк

Развіўся на плечы з-пад шалю...

Гафрон павярнуўся й пайшоў,

Ірвалася сэрца ад жалю.

 

— Чакайце! — хацела крычаць,

А пальцы ўпіліся у горла:

Дарэмна! Далёка... Чуваць,

Сыходзіць, мінае узгор’е.

 

 

ХХ. Сны вар’ята

Агні патушаны, завешана акно,

Каб не прабіўся бляск і галашэнне ночы;

Ахутаны знервованым, трывожным сном,

Як беспрытомны вой, заснуў Яновіч.

 

Звісае цяжкая з падушкі галава,

На ўзмах адкінута чарнявая чупрына,

На шчоках плямы, быццам хто нацалаваў,

І пальцы дрыгацяць, як лісце на асінах.

 

Дванаццаць выбіла... Скруцілася рука,

Трасецца галава ў вар’яцкім утрапенні:

Сышліся здані зноў насмешліва скакаць,

Закалыхаліся іх змучаныя цені.

 

Няма бо ў целе іх ні сэрца, ні душы,

І толькі косці бразгацяць, кагосьці ловяць.

— Ага, яны мяне імкнуцца задушыць! —

І дзіка закрычаў у роспачы Яновіч.

 

Шалёнай плоймай здані рынулі ў акно,

Замітусіліся, забразгалі балонкай...

— Ты супакойся, спі!..—

Здаецца, шэпча ноч,

А звонкасць выдае ласкавы голас жонкі.

 

— Аліса, чуеш, за акном

Шукае нехта цемнаты?

— Ты супакойся,— гэта сон

І асыпаюцца лісты!

 

— Аліса, чуеш нечы плач...

А можа, гэта нашы дзеці?

— Ты супакойся,— дзеці спяць,

Шуміць і плача ў лесе вецер!

 

— Аліса, чуеш, на гары

Знаёмыя якіясь крокі?

— Мой любы, спі, не гавары,—

Скрыпяць пад ветрам нашы кроквы!

 

— Аліса, чуеш? — страшны крык...

Пажар... Галошанні... Літанні...

— Ты супакойся,— хай гарыць,

Бо гэта дзень нясе світанне!

 

— Аліса, чуеш? — шкло звініць,

У вокны сыплюцца чырвонцы...

— Засні, каханы мой, засні,—

У шыбы ціха звоніць сонца!

 

— Як лёгка мне, што дзень прыйшоў:

Пайду у сад — там цвет вясны...

— Ты супакойся,— сад пажоўк;

— Засні, каханы мой, засні!..

 

Мінулі сполахі і ноч прайшла,

А ўсё стаіць яшчэ Аліса,

І на бялявым мармуры чала

Трапечуцца, як цені, рысы.

 

А думы голаў точаць навылёт,

Шукаюць тайны, знойдуць, здэцца...

Штось цяжкае, халоднае, як лёд,

Лягло пакутліва на сэрца,

 

І слёзы пакаціліся з вачэй.

Аліса ўпала на калені...

І так на цягу дваццаці начэй

Ідзе вар’яцтва і маленне.

 

 

ХХІ. Пачатак развязкі

Моліцца доўга за мужа «грахі»,

Падае ніцма да долу Аліса,

Сэрца ж бунтуе, і ў пасмах тугі

Пасмы трывогі й сумнення звіліся.

 

Клічуць пачуцці да шчасця ляцець,

Словамі марна Аліса іх гоніць...

Вобраз маленства, як воблачны цень,

Думы прыносяць з далёкай пагоні.

 

Вось яна, з беднай яўрэйскай сям’і,

Белая, з чорнай касою дзяўчынка,

Босая ходзіць па мёрзлай зямлі —

Бульбу збірае на полі ў лагчынах.

 

Холадна... Ногі азяблі зусім...

— Божа, дай сонейка! — просіць у бога.

Толькі не рушыцца цвёрдая сінь,—

Бедным ніхто не дае дапамогі.

 

Рукі згібацца не могуць ужо...

Хтосьці далёка,— хутчэй няхай крочыць:

Гэта вясковы малы пастушок,

Любіць яна яго чорныя вочы.

 

Толькі не прыйдзецца болей глядзець:

Сэрца зайшлося, ў вачах пацямнела...

Потым згадала, як стала цяплей,—

Хлопчык накрыў кажухом сваім цела.

 

Помніць, як стрэла дарослым ужо,

Упадабала шырокія бровы;

Успамінаўся стары кажушок...

Стала з яўрэйкі — мужычкай Яновіч.

 

Бога свайго замяніла чужым...

Колькі сцярпела за ўчынены рэзрух:

Мужа дражнілі зняважліва: «Жыд!»

Лаялі часта самую: «Пярэхрыст!»

 

— Дзе ж вы тады былі, нашы багі?! —

Аж закрычала ад гневу Аліса...

Зноў успаміны, і ў пасмах тугі

Новыя здані і цені звіліся.

 

Вось нарадзіўся, таўсцее, расце

Бог, што забраў у Алісы маленства;

Вельмі ж знаёмая, прыкрая цень:

Ён быў уласнікам школы-малельні.

 

Цені мяняюцца: бог і Хрыстос,

Толькі ізноў тыя ж самыя фарбы:

Дзесьці струцілі яе маладосць

Бацька і сын, як уласнікі фабрык.

 

Новая родзіцца боская цень,

Вобраз падобны на постаць Яцыны:

Гэта апошняя здань ад дзяцей

Хоча іх волю забраць і краіну...

 

— Досыць пакуты цярпець жывучы,

Хай лепш у пекле замучаць дашчэнту!..

Станцыя?.. Будзьце ласкавы... Злучыць

Праз акруговую лінію з Мінскам!

 

Слухайце, Мінск!.. Я прашу ГПУ...

Дзякую!.. Гэта з Імшары-балота...

Фальц і Яцына у лесе пакуль,

Хутка за межы... З вялікай ахвотай

Я вас сама завяду на іх след...

Ведаю!

 

Трубка забразгала глуха,

Доўга званок тэлефонны звінеў,

Некаму толькі было яго слухаць.

Бегла Аліса глядзець верасы

Там, дзе сляды застаюцца увечар.

Чорнай тугою плылі валасы,

Быццам бы морскія хвалі, на плечы.

 

 

ХХІІ. Міналі дні

Ўжо лісты абляцелі адзін за адным,

У дарогу збіраюцца гусі,—

Гэта значыць, прайшлі вераснёвыя дні

І кастрычнік наблізіцца мусіў.

 

Але ў золаку раніцы восеньскі дзень

Разгараўся пагодліва, ярка...

Каб ніводнай хвіліны не страціць нідзе,—

Будавалі рупліва і шпарка.

 

І ніколі няўтомны і жвавы Гафрон

Павялічыў нагрузку удвойчы:

Ад шасці да гадзіны — кантора, пяро,

Ад гадзіны да восьмай — вытворчасць.

 

Не выходзіў на працу Яновіч адзін:

Біўся ў роспачы дзікай начамі,

Разліваліся сінія ў вочах агні,

І цямнелі кругі пад вачамі.

 

Цалавала Аліса вар’яцтва кругі,

У трывозе чакала чагосьці;

На бялёвым экране маўклівай тугі

Паўставала краса маладосці.

 

І яшчэ паўставала:

Яцыну вядуць,

А лісты шалясцяць пад навалай;

Такжа борзда ідзе ён, спяшае на суд,

Як тады... калі ў лесе спаткала.

 

Нікне постаць Яцыны ў туманнай імгле,

І становіцца цёмна навокал;

Гэта дзень перабраўся за горы, за лес,

Ноч прыйшла чужаніцай здалёку...

..................................................................

Так міналі, знікалі кастрычніка дні

Па чарзе і ў адменным парадку...

Дзень апошні ўвагу людскую спыніў,

Хоць не быў нечаканай загадкай.

 

Але ўсё ж, калі ў мораку цьмянага шкла

Прачыталі абвестку ў вітрыне,

Бліскавіцаю вестка ў пасёлку прайшла:

— Заўтра ўвечары суд над Яцынам.

 

Сустракаюць па-рознаму людзі вясну,

Бо і пульс не аднолькава б’ецца,

Такжа стрэлі па-рознаму ўсе навіну:

Абыякава, горача, з сэрцам...

 

Гаварылі рабочыя:

— Добра было б

Запытацца цяпер у Яцыны:

Хто ж змяніў, пакарыў недаступнасць балот

Калектыў, а ці розум адзінак?!

 

І каб вышай была калектыўная моц

(Дзень асенні кароткі, аж вельмі),

Працавалі цалюткую цёмную ноч,

Завіхаліся людзі і кельні.

 

Непадобныя думы Яновіч насіў,

Атруціў іх звар’ёваным сокам:

— Вось цяпер... дык нап’юся крывавай расы,

Дух ізноў узвіецца высока!..

 

Стануць праўдай ружовыя мары і сны,

Што з маленства далёкага яркнуць...

І здаваўся Яновічу пошчак лясны

Цягніковым сігналам над аркай.

 

Знепакоіла вестка Алісу інакш:

— Ці не згубіць тады свайго слова,

І ці скажа рашуча і цвёрда яна:

«Пакараць яго трэба сурова»?

 

Чула кволым хістаннем свайго пачуцця:

Калі зможа падняць тады векі,

Адкаснецца яна ад былога смяцця,

Стане новым зусім чалавекам.

 

І з няўтольнаю смагай красы і жыцця

Рысавалася постаць жанчыны:

Вось яна аглядае бяскрайні прасцяг —

Там пачнецца удзячная чыннасць.

 

 

XXIII. Суд

Дзе тысячы пар чалавечых вачэй

Застыла ў цішы мармуровай:

Не толькі каб слыхам, а й зрокам яшчэ

Узважыць Яцынавы словы.

 

Яцына

 

Калісьці даўно мы някепска жылі,

Не так, як усе хутаране:

Меў бацька чатыры валокі зямлі,

Якая нядаўна забрана...

 

Тады мне й падаўся задуманы план

Вар’яцтвам усёй пяцігодкі...

Мы ўсклалі надзеі свае на сялян,

Чакалі, што будзе паводка

 

І ўсё захлынецца само па сабе,

Без нашых учынкаў актыўных.

А вёска жыла, і раслі ў барацьбе,

Мацнелі штодзень калектывы.

 

У гэтым я ўбачыў пагібель сваю,

Стаў дзейна, актыўна змагацца...

Віну, безумоўна, цяпер прызнаю:

Пашкодзіў учынкамі працы.

 

Не трэба гісторый маіх выпукляць,

Бо сам расказаў іх да слова...

 

Суддзя

 

Ці лічыце вы, што Яновічаў план

Ільга было ўсё ж ажыццёвіць?

 

Яцына

 

Пры пэўных варунках і сродках ільга!

 

Пракурор

 

Навошта ж спалілі праекты?

 

Яцына

 

Завесіла розум якаясь імгла,—

Бываюць такія дэфекты...

 

Суддзя

 

Даволі! Пытанняў ні ў кога няма?

Сядайце, Яцына, на лаўцы.

Паклічце у залу цяпер, камендант,

Падсуднага Генрыка Фальца.

 

Заблытана, хітра расказвае Фальц

Пра дзейнасць сваю і учынкі.

Суддзя прыпыняе пытаннямі фальш,

Паводку гаворкі нішчымнай.

 

Суддзя

 

Заданне канкрэтнае ваша было

Даставіць за межы Яцыну?

Дык вось адкажыце, не трацячы слоў,

Чаму не ўдалося... прычыну!

 

Фальц

 

Не стала надзейных людзей на мяжы,

Усе арыштованы зараз...

Прыйшлося на час перабег адлажыць,

Каб сілы сабраць і ударыць.

........................................................

Умітусь і накрыж людзей на прыцэл

Бярэ абарона і суддзі.

Да хуткай развязкі падходзіць працэс

Закончыўся допыт падсудных.

 

— Паклічце,— гукае суддзя ласкавей,

Яновіч Алісу як сведку.—

І ціха падходзіць да сцэны бліжэй

У чорным убранні кабета.

 

Суддзя

 

Яцыну вы самі на суд аддалі?

 

Аліса

 

Я толькі на след паказала.

 

Пракурор

 

А дзе вы сустрэлі яго і калі?

 

Аліса

 

Вясною, як сціхла навала,

Шукала я мужа... Пакінуў ён дом,

Па лесе хадзіў беспрытомным.

Усюды глядзела ягоных слядоў —

Паблізу й далёка ад дому.

 

Увечары, помню, як сонца зайшло,

Цень нечы заўважыла воддаль.

Угрунь я тады даганяла яго,

А ён ўсё далей адыходзіў.

 

Нарэшце спыніўся, нібы скамянеў,

Тады я пазнала Яцыну,

Ён кінуўся зверам спярша на мяне,

А потым прасіўся...

 

Гафрон

 

Вось дзіўна!..

Чаму не сказалі пра гэта раней?

 

Аліса

 

Такое дала абяцанне...

Сягоння крыху нават сорамна мне

За гэта дурное маўчанне.

 

Расло неадступна жаданне удаць,

А сэрца чагось смуткавала...

Такая дваістасць зусім не наўда,—

Рашучасці мне бракавала.

 

Лічыла вялікім і цяжкім грахом

На смерць аддаваць чалавека.

Цяпер я не веру ніякім багом,

Мане, што вядзецца спрадвеку.

 

Міфічны людзям абяцаючы рай,

Уцеху зямлі адбіраюць...

Прашу гэтых ворагаў строга караць,

Як нас яны колісь каралі.

 

 

ХХІV. Прамова тав. Гафрона

Чацвёртага слова трымаў Гафрон,

Можа нязграбнае стылем слова —

Ён не чытаў яго з кніжных балон,

Ён прачытаў яго з фактаў жыццёвых.

 

Узважыўшы кожны учынак людзей,

Разгледзеўшы кожную завіць спіралі,

Ён адшукаў асяродак падзей,

Даўшы злачынству наступны аналіз:

 

— У жорсткім змаганні праходзяць дні

Вялікай і слаўнай будоўлі.

Ярчэюць над краем электраагні,

Вышэюць плавільныя домны.

 

Даўжэюць чыгунныя рэйкі шляхоў,

Гусцеюць каналы на цёмных выжарах.

Маладое краіны

маладая кроў

Шуміць у артэрыях і капілярах.

 

Развінаецца шырай мільённы паход

Працоўных сялян за калгасы,

А кожная шахта,

камуна,

завод —

Сцяг перамогі рабочага класа.

 

Ворагі чуюць пагібель сваю;

Шчэрачы зубы й пашчэнкі,

Вострачы кіпці,

Яны паўстаюць,

Каб задушыць нас дашчэнту.

 

І ў класавых бойках —

нейтральных няма:

Хто не за нас —

той супраць!

Калі запражэш маладога каня,

Парвецца старая вупраж.

 

Так і ў змаганні за новы свет

З ашчапкамі гнілі і цвілі

Ірвецца так званы нейтралітэт

Службоўцаў былых і цывільных.

 

Адны адыходзяць у ворагаў стан,

Другія знаходзяць дарогу

Да нас —

Да рабочых, працоўных сялян;

Каб з намі здабыць перамогу.

 

Згадайце як прыклад Алісу...

Яна

На свет нарадзілася зноўку,

Атрутнай рэлігіі цёмны туман

Змаганне развеяла вонках.

 

Бо кожны наш рух,

бо кожны узмах,

Рук працавітых разгібы і згібы,

Фабрыкаў гул,

рокаты шахт —

Гэта рэлігіі такжа пагібель.

 

Так у змаганні за новы свет

З ашчапкамі гнілі і цвілі

Ірвецца так званы нейтралітэт

Службоўцаў былых

і цывільных.

 

Не абыходзіцца тут без ахвяр:

Гінуць часамі патрэбныя людзі.

Прыклад —

Яновіч:

Бядняк, пралетар,

А збіўся з дарогі —

Упоцемках блудзіць.

 

Прычыны —

вядомыя:

Поўны адрыў

Ад мас,

ад рабочага класа

І...

(непрыкметны)

Варожы уплыў —

Вось сацыяльная

хныкання база.

 

Яновіч — адзінка?

Згаджаюся,

так,

Але ж адзінка,

патрэбная вельмі:

Не кожны з нас можа

сягоннячы стаць

Як дойлід будоўлі,

адкінуўшы кельню.

 

Праўда,

на змену старому ідуць

Новыя спецыялісты,

Але ж і тэмпы будоўлі растуць

Вышай ад кадраў

на процантаў трыста.

 

Нядарам жа партыя

дала свой наказ,

Каб мы інжынерамі сталі.

«Тэхніка

Ў рэканструкцыйны час

Ўсё вырашае»

(Сталін).

 

Вось,

калі мы

не падымем наш сцяг,

Сцяг перамог,

над вышынёю гэтай —

Будуць расці перашкоды наўсцяж

На светлым шляху

да вялікае мэты.

Бо наша Краіна Саветаў —

адна,

А зубы навокала точаць —

Сусветныя гады імкнуцца суняць

Узрост гэтай першай

краіны рабочых.

На лаве падсудных —

Яцына і Фальц,

Але на судзе

перад намі

Стаіць без адзення інтрыга і фальш

У фашыстоўскай панаме.

Бо шкодная дзейнасць

у нас унутры

Расла на вынезе замежнай.

Працэс паказаў,

што ў звіванні інтрыг

Урад буржуазны замешан.

І сёння выносім мы строгі прысуд

Над зграяй драпежнікаў хцівых,

А заўтра рабочыя

там

панясуць

На барыкады

прысуд наш праўдзівы.

 

Уздымецца дзень рэвалюцыі скрозь,

Так, як калісьці

над нашым краем,

І пралетарскай адолі крок

Гэтую банду

на смерць пакарае.

А покуль.

Я вельмі упарта прашу

(Урон ад злачынства вялізны)

Вынесці строгі,

суровы прысуд

Над агентурай фашызму.

 

 

XXV. Прысуд

Назаўтра уранку чыталі прысуд:

— Імем Саюза Рэспублік

Вышэйшы Савецкай Рэспублікі суд

Выносіць свой вырак наступны:

 

«Генрыка Фальца,

Яцыну С. Р.,

Былых афіцэраў белых,

За шкодную дзейнасць

супроць СССР

Прыгаварыць да расстрэлу...»

 

Кароткая паўза.

Ток цішыні.

Істота замерла дачасна.

Папробуй, Яцына,

рукой зварухні,

Жыві, адшчапенец няшчасны!

 

У нас не бракуе

ні волі,

ні сіл —

Зямлю перавернем рукамі,

Напружыўшы пасмы

нерваў і жыл

Мускулаў цвёрдых, як камень.

 

У класавай дужасці —

наша мараль,

І помстаю дзікай ніколі

Мы не пісалі судовых скрыжаль,

Кроўю баронячы волю.

 

Падсудны Яцына!

Дзе ж гордасць твая?!

Якая агідная

постаць і выраз!

Сусветнае банды прадажны сваяк,

Паслухай да рэшты свой вырак!

 

«Узяўшы на ўвагу,

што гэтыя дні

Раскрылі работу і план ашуканцаў,—

Зняволеннем строгім

расстрэл замяніць,

Пазбавіць правоў грамадзянства.

 

Бо вораг адкрыты

не здолее нас

У працы штодзённай вытворчай.

На подлае шкодніцтва —

лепшы адказ —

Хваля энергіі творчай».

 

Яцына скруціўся, як слізкі чарвяк.

На вуснах ліслівыя словы...

— Чакайце!..

Не смейце!

Ахвяра мая! —

Узняўся ў шаленстве Яновіч.

 

— Вам шкода прадажнай сабачай крыві,

А я хачу ўпіцца, як жалем...—

Згубіўся ягоны звар’ёваны крык

У здружаных воплесках залы.

 

 

XXVI. Шаржыраваная смерць

У дні вялікіх перамог

На ўсіх дарогах рэвалюцый,

На слаўна пройдзеных шляхох

Гараць вітальныя салюты.

 

Агні імшараўскіх балот

Упершыню сягоння яркнуць.

«Кастрычніка вітаем новы год»,—

Гаворыць лозунгамі арка.

 

Наводдаль чалавечы цень

Хістаецца ў імгле ружовай:

Замучаны тугой надзей,

Вандруе ў мораку Яновіч.

 

І арка урачыстых дзён

Яму здаецца іншай аркай:

Бягуць трамваі наўздагон,

І цягнікі праходзяць шпарка.

 

Чамусьці толькі анідзе

Нячутна воклічных сігналаў,

Такі парадак прывядзе

Катастрафічную навалу.

 

Але Яновіч гонар свой

Ад катастрофы упільнуе:

Над аркаю павесіць звон

І рух няспынны уплануе.

 

І ён знікае хутка ў змрок,

Адтуль вяртаецца з драбінай...

Вяроўку, звітую знарок,

На перакладзіну закінуў.

 

Звязаў на засмаргу пятлю,

Прымераў борздзенька на голаў:

— Якраз, здаецца... зачаплю,

Каб толькі сіл набрацца болей...

......................................................

Сарваўся раптам цяжкі звон,

На горла вострым краем цісне,

І сіл няма падняць ізноў,

І кожны рух здаецца лішнім.

 

Душа ж не хоча паміраць,

І цела б’ецца ў страшных скрутах.

Чуваць шалёная ігра,

І хутка скончацца пакуты.

 

Шуміць пад аркай акіян,

Над галавою — зоры, неба...

І ўсё знікае у туман,

Бо чалавеку іх не трэба.

 

Наліўся кроўю твар, азыз;

На пачарнелых вуснах пена;

Павіс закушаны язык,

Наліты холадам каменным.

 

Халодны зірк мінуў жыццё,

Паплыў у мораку над лесам,

Набраклі вочы небыццём

І сталі круглымі, як месяц.

 

Здаецца, выслізнуць з глазніц,

Агнём шугаючы шалёным,

Уніз пакоцяцца, уніз,

Як камень, пушчаны з адхону.

 

Навекі страчан цвёрды грунт,

На вейках смерць ужо заснула.

Шукаючы апорны пункт,

Яшчэ раз ногі уздрыгнулі,

 

Ды не дасталі да зямлі...

І назаўсёды спруцянела

Ў крутой вяровачнай пятлі

Кастлявае, худое цела.

 

Нарысавалі цені шарж

На сценах камяніц аддальніх,

А правады ігралі марш

Жалобны, сумны, пахавальны...

 

Застыла цела ўжо даўно,

А не разбілася зацішша:

Не смела зварухнуцца ноч,

Каб не парушыць урачыстасць.

 

 

XXVII. Эпілог

Калі будзеш, мой добры чытач,

Вывучаць Беларусі абшары —

Не забудзься: на карце адзнач

Алаўком каляровым імшару.

 

Перакрэслі, закрэслі зусім

Ценявую умоўную лотаць:

Дзе была запляснелая сінь,

Там няма і адзнакі балота.

 

Высцілаецца роўны прастор,

Быццам стэп неаглядны, навокал,

І гавораць жыты аж да зор,

Наліваюцца ядраным сокам.

 

І чумее вясной ярына,

І шалеюць мурожныя травы.

Непраходных балот —

не пазнаць

І звычайнаю песняй —

не ўславіць.

 

Толькі звон залатых правадоў,

Што напнуты, як струны, над краем,

Толькі рокат турбін над вадой

Урачыстыя гімны сыграюць.

 

І праславяць змаганне людзей

І папружную творчую працу,

Бо яны ўмелі

ў віхры падзей

Адначасна тварыць і змагацца.

 

І раскажуць, калі ўпершыню

Праз балота-імшару па шпалах

Цягнікі перайшлі глыбіню

Непраходных азёр і каналаў;

 

І раскажуць дакладна, калі

На магутным электрыкастане,

Несучы індустрыю ў палі,

Зашумелі маторы, дынамы;

 

І раскажуць яшчэ, як прасцяг

Спавілі у драцяныя струны...

Усю веліч будоўлі жыцця

Ты пачуеш у песнях чыгунных.

 

Дзе ж там словам яе апісаць!

Ты паслухай, чытач, мае ж рады:

Лепш паедзь і падзівішся сам,

Там убачыць цябе будуць рады.

 

На вакзале спаткае герой,—

Ты пазнаеш Яновіч Алісу? —

Падарожны развее настрой

І раскажа табе усё чыста.

 

А захочаш пра арку спытаць,

Дасць Аліса адказ і на гэта:

— Можна будзе яе збудаваць,

Бо яна не выгадка паэта.

 

Але збудзецца гэта тады,

Як сусветны віхор рэвалюцый

Страсяне на зямлі гарады,

Стануць вольнымі творцамі людзі;

 

Калі скончым апошні мы бой,

З глыбіні выйдуць сілы людскія,

Пульс сальецца ў адзіны прыбой

На змаганне з свавольнай стыхіяй.

 

І тады будзем сціпла пісаць

Новы план у сусветным маштабе,

Будзе арка над морам стаяць,

Як палац генеральнага штаба.

 

1929—1930 гг.

 


1929-1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан