epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Эма

* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *
* * *


 

Можа казкай цябе назавуць,

Непачатая

мая паэма,

Будзе слухаць гаворку тваю

Гераіня маленькая Эма.

 

Засмяецца з выгадкі скупой,

А ці бровы нахмурыць сур’ёзна —

Я пра лёс не гадаю твой,

Бо і лёс надзвычайна розны.

 

Мы гаворым:

— Гамоняць палі

Віратлівым прыбоем калгасным...—

А нашчадкі запішуць калісь

Нашы словы,

як дзіўную казку.

 

Мы гаворым звычайна услых:

— Наступіла камуны прадвесне...—

З гэтых слоў,

Як жыццё, дарагіх,

Зложаць некалі дзіўную песню.

 

Разнастайны на колеры лёс,

Але ўчуюць нашчадкі ў наступным

У дзіцячых усмешках да слёз

Крокі нашай эпохі чыгуннай.

 

Бо мы гневам змагання гарым,

Мужнай сілай ударнай дэкады,

А усмешкай вясновай зары

Усміхаецца нашая радасць.

 

Няхай казкай цябе назавуць,

Непачатая

мая паэма.

Развіваю аснову тваю,

Песню мужнае сілы пяю

І усмешку маленькае Эмы.

 

 

* * *

Тысяча дзевяцьсот

Дваццаць першы год.

Студзень. Сівер. Зіма.

 

Вецер салому змяў,

Вецер салому растрос,

Холадам вецер прарос

У цёмным гнілым хляве.

 

Курчыцца,

Як чалавек,

Сагрэцца не можа цялё.

 

А вецер —

Яшчэ налёг,

А вецер —

Праз шчыліны сцен і дзвярэй

За горла жыццё бярэ.

 

Выйшаў з хлява гаспадар,

Патушыў самадзельны ліхтар,

Пастаяў,

Запаліў ізноў,

Моўчкі у хлеў увайшоў,

На рукі падняў цялё.

 

Глянула матка здалёк,

Бегма падбегла да госця,

Лізнула цяляці хвосцік,

Лізнула яшчэ капыткі

І загаласіла:

 

— Пакінь,

Пакінь мне дачушку маю,

Я ў салому яе спавію,

Я прыгрэю яе сваім целам,

Выліжу лобік белы.

 

Гаспадар не паслухаў слоў,

Гаспадар забраў цялё,

Выйшаў з хлява гаспадар,

Патушыў самадзельны ліхтар.

 

 

* * *

Тысяча дзевяцьсот

Дваццаць першы год.

Студзень. Холадна. Ноч.

 

Нехта лёг

Каля ног,

Нехта цёплы,

Касматы,

Як воўк...

Эма ножкай пагладзіла шоўк,

Перабегла па целе шчыкотка,

Узнялося дзяўчо на ўзлакоткі —

Штосьці ў змроку ляжыць на палку...

«Можа воўк

Прыблудзіўся адкуль?»

 

— Мама,—

Шэпча ціхенька Эма,—

Паглядзі,

У нас страшная мэма.

 

Засмяялася маці:

— Хавай галоўку! —

Запаліла на гзымсе газоўку.

Палахліва пабегла святло.

Бліснуў белы цялячы лоб.

 

— Бачыш «мэму» цяпер,

Дачушка,

Гэта ж рыжанькая цялушка,

Холадна ёй у хляве...

— Дык няхай яна з намі жыве,

Мы пагрэцца палезем на печ...

 

— А яна

Не пакрыўдзіць цябе?

 

— Не! —

Саскочыла Эма з ложка,

Узагнала цялушку на ножкі,

Пагладзіла белую лысінку:

— Цялушачка мая,

Кісынька!

Так пазнаёмілася

З цялушкаю Эма,

І гэта пачатак

Маёй паэмы.

 

 

* * *

Тысяча дзевяцьсот

Дваццаць першы год.

Дванаццаты дзень вясны.

 

Сняцца Эме прыгожыя сны

Залатога маленства,

Як песні,

Сакавітыя на прадвесні.

 

Але існасць над сном усплыла —

Чуе Эма матулін плач.

— Раскажы,

дарагая,

чаго ты?

 

— Атруцілі мяне клапоты...

Ты не знаеш,

Мая дзяўчынка,

Гаспадарскай тугі і кручыны.

Яна каменем цяжкім на плечы

Апусцілася ўчора увечар...

 

Пачыналася летась вясна,

Людзі выйшлі палетак узняць

Ад зімовага доўгага сну,

Яны радасна стрэлі вясну.

Толькі вузкая наша палоска

Дзірваном зарастала за вёскай.

 

І не выцерпеў болей бацька,

Пакланіўся багатаму дзядзьку:

«Узары і засей палетак.

Мы адробім табе за гэта!»

 

І за гэту кулацкую «ласку»

Петрык лета служыў падпаскам,

Працавалі мы дні і ночы,

Ад натугі вылазілі вочы,

Ад звярэды дранцвелі рукі

І згіналіся плечы крукам.

 

Але доля прыйшла і да нас —

Далі ў воласці нам каня.

 

А цяпер,

Дарагая дзяўчынка,

Зноў адолела нас кручына,

Зноў на поле прыйшла вясна:

Трэба ж мець да каня і снасць.

Бацька вывеў на продаж карову...

 

Уздрыгнулі шырокія бровы,

Страпянуліся вейкі-крозы,

Зазвінелі буйныя слёзы.

— Дык чаго ж ты,

Матулька,

Плачаш?

 

— Над жыццём тваім,

Дзетка,

Жабрачым.

Зноў сухі будзе хлеб,

Дачушка...

 

— Дык жа ў нас засталася цялушка

Я вадзіць яе буду на пашу,

Маладую кароўку нашу.

Яна вырасце хутка,

Як бачыш,

А ты, мамка, чагосьці плачаш...

 

Усміхнулася горка маці:

— Што ж ты скажаш

Такому дзіцяці?

 

 

* * *

Тысяча дзевяцьсот

Дваццаць трэці год.

Раніца. Верасень. Восень.

 

Вецер над полем галосіць,

Вецер праймае наскрозь,

Студзіць і цела і кроў.

 

Холадна босай дзяўчыне,

Твар аж да чорнага сіні,

Рукі малыя пакрэплі.

 

— Выгляні, сонейка, ветла,

Высвеці, сонейка, цёпла

Яснае, выйдзі на поплаў!

 

Марныя толькі упросы —

Ходзіць над пожняю восень,

Хмарныя звесіўшы крыллі,

Сонейка імі укрыла.

 

Хай сабе!

Хай сабе ходзіць,

Думак яна не пашкодзіць,

Сэрца яна не астудзіць —

Хай сабе,

Хай сабе блудзіць!

 

Цешыць дзяўчыну надзея:

Будуць зімою завеі,

Пойдзе дзяўчына у школу,

Будзе у хаце вясёласць;

Стане цялушачка маткай,

Пойдзе на пашу у статак.

 

— Дык жа старайся,

Сястрыца,

Жвава скубі ты травіцу.

Гладзіць дзяўчына цялушку

Лысінку,

Вочы і вушкі.

 

Холадна босай у ногі,

Вецер шуміць на дарогах,

Вецер халодны скуголіць

Пад абязлюдзелым полем.

 

Пэўна чытач ужо сам

Дзеўчынку гэту пазнаў:

Мы ёй далі у паэме

Імя прыгожае Эмы.

 

 

* * *

Тысяча дзевяцьсот...

 

Шмат прамінула год,

Шмат уцякло вады,

Шмат пастарэў малады,

Стаў дзецюком малы...

 

Словам,

Гады ішлі.

З імі расла ўгару

Творчасць мазольных рук,

З імі напорнасць расла

Вывесці вёску на шлях

Светлай калгаснай зары,

Каб загулі трактары,

Каб заспявалі машыны,

Каб над палеткам загінуў

Сум непатрэбнай самоты,

Смутак мізэрных клапотаў,

Каб гадавалася радасць

Творчай

працоўнай брыгадай.

 

І вось —

Пяцігодкі крок,

Першы яе гудок

Кінуў над краем кліч

Працаўнікам зямлі:

— Сілай мільённых мас

Рушым у бой за калгас!

 

З краю

У край,

Наўсцяж

Ленінскі ўзняўшы сцяг,

Працы вялікай люд

Наступ павёў на зямлю,

Наступ

на ўласную кроў

І на старое нутро,—

Наступ

імклівых і смелых

На кулакоў азвярэлых.

Бойкамі фронт гарэў.

Значыць,

Стаяў на дварэ

 

 

* * *

Тысяча дзевяцьсот

Дваццаць дзевяты год.

 

Горка старому ў хаце,

Словам дакорным маці

Боль несціханы варушыць:

— Бачыш,

Мая дачушка!

Ты адтаптала ногі,

Ты абхадзіла дарогі,

Ты абвадзіла межы,

Чыстай вадою свежай

Ты «Маладуху» паіла,

Ты «Маладуху» карміла,

Цёмныя ночы не спала,

Ты нам яе гадавала.

 

Дык запытайся ж,

Дачушка,

Хай, тваю скаргу пачуўшы,

Бацькава сэрца адкажа,

Што ён,

Пракляты,

Наважыў?!

 

Не,

Мой ліхі і нялюбы!

Хай мяне возьме згуба,

Хай я загіну не ў час,

Ведай адно,

Што ў калгас

Я не аддам каровы...

Гэта апошняе слова.

 

— Добра! —

Падняўся бацька,—

Зараз мы гэта пабачым.

Я,

Што наважыў,

Зраблю,

Хоць ты зубамі

Грызі зямлю,

Хоць на кавалкі парвіся.

 

Ён павярнуўся

І выйшаў.

Роўны,

Шырокі след

Выслаўся з хаты ў хлеў.

Там на вяровачны повад

Бацька узяў карову,

Тушачы боль і скруху,

Вывеў на двор «Маладуху».

 

Маці за повад схапіла,

І не хапіла сілы

Вырваць яго з рукі.

 

— Татачка,

Родны,

Пакінь! —

Эма заплакала горна.

Рукі абмяклі,

Пакорна

Выпусціў бацька повад.

 

Ціха стаяла карова,

Вочы блішчалі спакойна

Болем людскім няўгойным.

 

 

* * *

Тысяча дзевяцьсот

Дваццаць дзевяты год.

Вечар. Цішынь. Прадвесне.

 

І раптам —

Прыгожая песня

Шырокаю хваляй,

Як мора,

Ўзнялася высока над горы,

Пераплыла іх вяршыні

І спакойнай такой ручаінай

Пацякла да вясковых хат.

Сёння быў на палетках старт,

І калгасных аратых брыгада

Везла з поля вялікую радасць,

Везла песні калгаснай вясны

Пасля першай сырой баразны.

 

Песня зноў

Апаразіла сэрца:

 

— Досыць мучыцца у паняверцы!

Цэлы век я цярпеў пакуту

За няшчасны вось гэты закутак...

Але болей не буду,

Даволі!

Я ўжо бачу прасвет і волю.

Хай мяне яна

І не асвеціць,

Прычакаюць яе

Мае дзеці.

 

І на матчын дакорны погляд

Бацька кінуў ад сэрца з болем:

 

— Хмур

Не хмур

Свае грозныя бровы —

Я аддам у калгас карову,

Я хачу быць з усімі разам,

Разам з нашым калгасам.

 

Вось тады

І падняўся вораг:

— Хэ, суседзе,

Ніякага гора,

Як відаць, у жыцці не маеш,

Што дабро за нішто збываеш.

У камуну,

Вядома,

Трэба,

Але ж можна туды і без хлеба...

Усё адно лысы чорт забярэ,

От вазьмі...

І паціху зарэж.

 

Цішыня зазвінела ў хаце.

— Што ты скажаш на гэта,

Маці?

Не маўчы ты цяпер,

Гавары.—

Раззлаваўся ізноў стары.

 

— Ты ж не слухаеш маёй гамонкі,

Быццам я табе больш не жонка:

І крычыш,

І зычыш,

І грозіш...

А на мой,

Значыць,

Бабскі розум,

Калі нельга пражыць без калгасу —

Дык, вядома,

Што лепей з мясам.

 

Праняла электрычная дрож,

Бацька сціснуў нервова нож

І крануўся ісці да дзвярэй.

 

— Супыніся!

Ты што,

Азвярэў?

Ты, відаць, не зусім здаровы...

Я не дам на зарэз каровы!

 

Калі ты ўжо нядужы і хілы,

Калі ў сэрцы няма болей сілы,

Дык я заўтра сама завяду

Гадаванку маю ў чараду.

 

Задрыжэлі дзяўчыніны вусны,

І навісла на момант вусціш.

Плечы выпрастаў зноў стары,

Зноўку радасна загаварыў:

 

— Ты адна,

Дарагая дачушка,

Маё гора вялікае чуеш,

Ты адна не саступіш з дарогі,

Дык вядзі ж і мяне старога.

 

* * *

Тысяча дзевяцьсот

Трыццаць першы год.

Восень. Кастрычнік. Ноч.

 

Вецер шуміць ізноў,

Вецер трывожыць сон,

Бразгае ў шыбы акон,

І...

Прыпынілася сэрца:

Тупае нехта,

Здаецца,

Бродзіць, як вусціш, ля хаты...

«Можа, на ферме прыпадак?»

 

Звяла напружанасць рук,

Думкі пабеглі угрунь:

 

«Летась спалілі гумно,

Можа, сяголета зноў...

Новую нашу абору?

Хіба ж урымсціцца вораг?»

 

Хустку накінула Эма,

Босая выбегла ў цемень.

Ціха навокал,

Толькі

Вецер халодны і золкі

Свішча-шуміць аднастайна.

Воддаль чуваць — каля стайні

Ходзіць калгасная варта,

Сон перамогшы упарты.

 

Роўна забілася кроў,

Дзеўчына сцішыла крок,

Вусны апырскаў смех:

«Мусіць, мне снілася ў сне...»

 

Гэтак штоночы трывога

Прыйдзе,

Стаіць ля парога

З думак вялікім бярэмем,

Будзіць турботамі Эму,

Будзіць

І не без прычыны...

Ёй —

Маладой дзяўчыне —

Ферму даверыў калгас,

Помніць яна той наказ,

Помніць

І гэтую справу

Здзейсніць

На гонар і славу:

Дзень перамогі сустрэне

Камсамолка-ударніца Эма.

 

 

* * *

Можа казкай цябе назавуць,

Маладая мая паэма,

Будзе слухаць гаворку тваю

Гераіня-ўдарніца Эма.

 

Засмяецца з выгадкі скупой,

А ці бровы нахмурыць сур’ёзна —

Я пра лёс не гадаю твой,

Бо і лёс надзвычайна розны.

 

Мы гаворым:

— Гамоняць палі

Віратлівым прыбоем калгасным...—

А нашчадкі запішуць калісь

Нашы словы,

Як дзіўную казку.

 

Мы гаворым звычайна услых:

— Наступіла камуны прадвесне...—

З гэтых слоў,

Як жыццё дарагіх,

Зложаць некалі дзіўную песню.

 

Разнастайны па колеры лёс,

Але ўчуюць нашчадкі ў наступным

У дзіцячых усмешках да слёз

Крокі нашай эпохі чыгуннай.

 

Бо мы гневам змагання гарым,

Мужнай сілай ударнай дэкады,

А усмешкай вясновай зары

Усміхаецца нашая радасць.

 

Няхай казкай цябе назавуць,

Маладая мая паэма,

Развінуў я аснову тваю,

Каб уславіць ударніцу Эму.

 

1931 г.


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан