epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Герой і партызанка

 

Між стромкіх узгоркаў і нізкіх лагчын,

Праз цёмныя зараслі лесу

Я з горада еду дамоў на спачын.

З нябёс углядаецца месяц.

 

Даўно ён не бачыў мяне на палях,

Дык вось насміхаецца зверху.

Пяюць правады на высокіх слупах,

Прысады спатканню не вераць.

 

Віецца дарога істужкай удаль,

Не спыняцца лёгкія сані.

Як вокам акінуць — раўніна відаць,

Палотнамі белымі ўслана.

 

— Вітанне маё вам, палеткі, лясы!

Знаёмыя месцы страчаю.

Такая прыгожая ясная сінь

І ў казках, глядзі, не бывае.

 

Па сіні ж рассыпаны нечай рукой

Узорна-бліскучыя зоры.

Ніколі не моўкне вярба над ракой,

Адвечныя казкі гаворыць.

 

І падаюць словы на хвалі вясной,

А хвалі разносяць па свеце.

Такія легенды успомніш ізноў,

Хоць іх не друкуюць ў газеце.

 

Убачыўшы зараз над рэчкай вярбу,

Легенду снуюць успаміны.

А коні няспынна бягуць ды бягуць,

Імкнуцца дагнаць далячыні.

 

Узгоркі, лагчыны, азёры, лясы

Мінулі, даўно за плячыма.

Раўніна і рэчка ў абоймах красы

Снягамі знітованы шчыльна.

 

На полі ля рэчкі бялее курган,

Над ім узрастае бяроза.

Празвалі ў народзе Героем курган

А дрэва — Паўстанкаю грознай.

 

І ходзіць легенда з кутка да кутка

Аб насыпе й дрэве высокім.

Адкуль узялася? Няйначай рака

Прынесла на хвалях здалёку.

 

* * *

Калісьці ў мінулыя даўнія дні

На гэтай бязмежнай раўніне

Жылі у вялікім маёнтку паны —

Вяльможныя каты краіны.

 

Ад іх мы зазналі нямала пакут,

Ды што ўспамінаць пра старое.

Мы самі цяпер гаспадарыма тут,—

Над мёртвым пануе жывое.

 

Гады за гадамі няспынна ішлі,

І людзі мяняліся такжа,

А мы ўсё атрутную чарку пілі,

А пан усміхаўся і княжыў.

 

Працуеш, бывала, а прыйдзе зіма —

Пустуюць старыя аруды:

Ні хлеба, ні корму скаціне няма,

Ад крыўды ірваліся грудзі.

 

Вядома, зямелькі тае недахват;

Пасееш — збіраеш не ў пору:

Раз пану заўсёды ва ўсім вінават,

Павінен жа вырабіць норму.

 

Пасля пачалася ліхая вайна,

Забралі мужчын у салдаты,

Ад ранку да ночы, ды зноў да відна

Рыдалі жанчыны па хатах.

 

А дзеці збіралі на хлеб каласы,

І гэтым жывіліся людзі.

Трывожна шумелі, шумелі лясы,

Пыталіся — што ж гэта будзе?

 

І раптам прымчалася вестка здалёк,

Не помню, удзень, а ці ўночы:

«Здаволены будуць сяляне зямлёй,

А фабрыкі ўсе — для рабочых».

 

Набрыдала нам за цара ваяваць,—

Вярнуліся людзі дадому

І панскія землі пачалі араць

Без лішніх і нізкіх паклонаў.

 

Ды толькі нядоўга была цішыня,

Заляскалі зброяй вяльможы:

Хацелі імклівасць працоўных суняць,

Не ведалі, хто пераможа.

 

Ад краю да краю узняўся народ,

І так — без усякіх загадаў —

Пайшоў бараніць вызваленне сваё.

Ізноў страсянуліся хаты.

 

У нашай жа вёсцы жыў хлопец Максім,

Дзяцюк — пашукаць такіх трэба;

Раней ён у пана аратым служыў

За лусту мякіннага хлеба.

 

Кахаў ён дзяўчыну адну — сірату;

Дзяўчыну Алесяю звалі.

Жыла у той хаце, дзе клёны растуць,

Цяпер жа вучыцца паслалі.

 

Дык вось усхадзіўся не жартам Максім:

— Даволі цярпелі, даволі!

І лепей адважна загінуць усім,

Як жыць і марнець у няволі!

 

І плакала горка дзяўчына адна,—

Пра хлопца ні слыху, ні чутак.

Вясной разгарэлася болей вайна,

Стагнала зямля у пакутах.

 

Аднойчы імчаўся праз вёску атрад,

Спыніўся у нас на змярканні.

І хлопец спатканню з дзяўчынаю рад,

Не надаўга толькі спатканне.

 

Дзе толькі не глянь і дзе вокам не кінь —

Наехала белых у вёску...

Стары, а не помню я жахаў такіх,

Што дзеяла панскае войска.

 

Адважна змагаўся чырвоны атрад,

Ды што ж, калі хлопцам не сіла:

Зляглі, як трава у пракосы, падрад,—

Усіх прытуліла магіла.

 

Адно вось Максіма не могуць узяць,

Адважны быў хлопец, адважны...

І доўга б прыйшлося панам пастраляць,

Ды толькі Максім не заўважыў.

 

Падкраліся нішкам, схапілі яго;

Нядоўга, вядома, судзілі —

Назаўтра чуць дзень павялі за сяло...

І стала у полі магіла.

 

Клялася дзяўчына, ўзышоўшы на жвір,

Адпомсціць панам за каханне.

І плакалі ў полі, рыдалі вятры,

Алеся ж пайшла ў партызаны.

 

Хадзілі ўсялякія чуткі тады,

Што быццам дзяўчыну забілі,

Ажно цераз год, як квітнелі сады,

Алеся прыйшла на магілу.

 

Яна й пасадзіла бярозу сама,

Вадой палівала з крыніцы.

Цяпер жа Алесі у вёсцы няма —

У горад паслалі вучыцца.

 

А людзі назвалі магілу — «Герой»,

Бярозу празвалі — «Паўстанкай».

Прыгожа там летам вячэрняй парой,

Прыгожа вясною уранку.

 

* * *

Я чуў гэту казку калісьці даўно,

Нямала іх ходзіць па свеце.

Такія легенды успомніш ізноў,

Хоць іх не друкуюць ў газеце.

 

Яны узыходзяць пад гоман травы,

Як людзі змаганне распаляць,

І вечную славу спяваюць жывым,

А мёртвым вячыстую памяць.

 

1928 г.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Вершы, балады і паэмы /[Аўт. прадм. А. Вялюгін].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 319 с. 1 л. партр.4 л. іл.
Крыніца: скан