epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Матчыны казкі

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12


 

1

А на полі жніво...

Паглядзі на жняю —

І паспешнасць і рупнасць у працы.

Так даўней і цяпер. А ці звяжам калі

У снапы чалавечую працу?

 

А на полі жніво...

Залатыя снапы

Людзі роўненька ставяць у мэндлі.

Толькі нам, жывучы, не пара спачываць

У цішы гэтых водарных мэндляў.

 

А на полі жніво...

І пад ценем снапоў,

Над калыскаю сына матуля

Будзе казкі казаць, будзе песні спяваць,

І тады адпачыне матуля.

 

А на полі жніво...

Колькі працы і дум,—

Можа, болей, як гэтых калоссяў.

А вятры ўсё плывуць, а вятры ўсё ідуць,

А вятры — шалясцяць у калоссі...

 

2

Над палеткамі сон, над палеткамі ціш,

Нават сонца на поўдні замерла.

Летні дзень залатой павалокай трымціць,

Быццам сцеле празрыстую мэрлю.

 

Цёмны лес апусціў у знямозе галлё,

Над жытамі не плавае вецер.

Распусціла утома крыло над зямлёй

І шапоча ласкава: заснеце!

 

І заснулі палі, і заснулі лясы,

Толькі маці не спіць над калыскай:

Неспакойны такі дарагі яе сын,

Дык спявае яму і калыша.

 

— Спі, сыночку,

Спі, каточку,

Спі.

Вецер ходзіць,

Вецер носіць

Пыл.

 

Зацярушыць,

Запарушыць

Злы

Твае вочкі.

Спі, каточку,

Спі.

 

Тады ўстанеш

Ды узглянеш

Ты —

Скрозь як ночка...

Спі, каточку,

Спі.

 

Не дазволю

Злому ветру

З дзікіх нетраў

Бушаваць.

Мой сыночак,

Мой каточак

Будзе спаць.

А, паспаўшы,

Як устане

Позна, рана

Ды узгляне —

Скрозь:

Залацістасць

У маністах

І барвовасць

Скрозь.

 

Тады ўбачаць

Яго вочкі

Дня і ночкі

Хараство.

Спі, сыночак,

Спі, каточак,

Ходзіць сон.

 

Замоўкла матуля, суцішыўся сын,

Не знае ён светавых фонаў:

Ён слухаў не словы, не словы і сніць,

А музыку дзіўных сімфоній.

 

3

— Мама, чуеш, восень

Бразгае ў акно.

Колькі год мне?

Восем?

— Ты усё адно...

 

— Раскажы пра долю,

Адчыні душу:

Слухаў жа я ў полі

Стогалосы шум.

 

Можа я згадаю

Твой адвечны сум

Ды з чужога краю

Радасць прынясу.

 

Маці прытуляе

Да грудзей дзіця:

— Сынку, не згадаеш

Свету і жыцця.

 

Падрасцеш вялікі —

Раскажу тады.—

На худым абліччы

Цьмяныя сляды.

 

— Мама, чуеш, ветры

Нашы клёны гнуць,—

Раскажы цяпер ты,

Не магу заснуць.

 

— Пачакай, настане

Белая зіма,—

Будзе твая мама

Сумаваць адна.

 

Буду гаварыць я

Ў тыя вечары

Казкі залатыя

Позна да зары.

 

Ціха ў хаце.

Восень

Бразгае ў акно.

Сняцца сыну восем

Перажытых год.

 

Сніцца гай-сасоннік,

Невыразны цень;

Шэпча сын спрасонку:

— Мама, шчасце йдзе!

 

4

Белы снег мне нагодвае белыя, белыя хмары,

Што плывуць з беларускіх далёкіх азёр.

З адамашкай ружовай навокал дзіцячыя мары

Адплываюць таксама далёка да зор.

 

Маці кужаль прадзе і расказвае дзіўныя казкі:

— У такой-то, такой-то чужой старане

Жыў асілак ліхі, чалавек, як вядома, не наскі;

Узлятаў ён да зор

і па морскім разгульваў дне...

Чую голас срабрысты,

ласкавы, пяшчотны матулі,

І у казках няясныя словы і сэнс,

А ўжо думы ўзвіліся,

і клічуць,

і вабяць,

і туляць,

І фантазіі крыллі памчалі мяне.

 

Я ляту праз азёры і моры у сінім тумане;

Пада мною плывуць і тануць караблі;

Я адзін, я адзін у празрыстасці хваль акіяну,

І навокал нідзе ні кавалка зямлі.

 

Сярод дзікіх пустынь, па дарогах, нікім не таптаных,

Я ў бяскрайнасць імчуся на лёгкім кані.

Конь стаміўся зусім, прыпыніўся, зарзаў на расстанне

І упаў на калені...

 

5

У хаце самотна звініць цішыня,

Маркотай абвеяна лямпа.

На сценах, здаецца,

хтось крыллі разняў

І доўгія, тонкія лапы.

 

І раптам: не лапы — плыве карабель,

Не крыллі хістаюцца — ветразь;

Матросы падходзяць,

адходзяць далей;

Мяне дакранаюцца ветры.

 

Павеяла з мора азёрным цяплом,

І водар паўднёвы праліўся...

 

То сон ахінуў мяне цёмным крылом,

А поўдзень далёкі — прысніўся.

 

6

Ішлі кудысьці мы дарогай,

Была шчэ ў наквеці вясна,

І гэта ранняя убогасць

Наваражыла шчасця нам.

 

Буслы вярталіся надзіва

Ў такую раннюю пару.

— Куды, шчаслівыя, куды вы,—

Яшчэ заснежаны ваш рум!

 

Яны над возерам замерлі

(Нас ахапіла цішыня),

І крылляў іх жывую мэрлю

Туманам белым хтось разняў.

 

А гукі дзіўныя зліліся

І патанулі ў цішыні,

І месяц у бяскрайняй высі

Расплыўся ў казачную сінь.

 

Я не умеў сказаць нічога,

Я не хацеў сказаць «люблю».

З дзіцячай радаснай трывогай

Упаў шчаслівы на зямлю.

 

7

Гарачы дзень. Сяло замерла.

Як неба сіняе, наўкола цішыня.

У халадку стары сабака дрэмле,

Не хочацца яму і мухаў адганяць.

 

А у садку гудуць чмялі і пчолы,

І струны дзіўныя якіясьці звіняць.

Трава пажоўклая схілілася дадолу

І галавы сваёй не можа прыпадняць.

 

Такая ціш!.. І мне здаецца,

Што вечна будзе гэты летні дзень.

А сонца ласкава у вышыні смяецца,

І час ідзе, ідзе, ідзе...

 

8

Ясны вечар над лесам ідзе,

А над полем яшчэ адвячорак.

Дагарае на захадзе дзень,

На усходзе трывожачы зоры.

 

Над ракой усплывае туман,

Набліжаецца стомлена ціша,

І ні слёз, ні тугі, ні жаданняў няма —

Ноч у казках сваіх закалыша.

 

9

Песні адспяваны,

Казкі пераказаны —

Што ж цяпер?

А на сэрцы раны

Скрухаю павязаны

Без цябе,

Залатая восень!

 

Ай, душа галосіць —

Плача, аж заходзіцца.

А чаго?

Па чужых палосах

Матчын сын находзіцца...

«Колькі год

Вандраваць ён будзе?»

 

Цісне кашаль грудзі —

Маці занядужала:

«Ой, бяда!

Скрозь чужыя людзі,—

Мусіць, гэтак суджана

Прападаць...

Дайце... шчасце... сыпу!..»

 

Шалясцяць асіны,

Сэрца заварожана

Хараством.

І малому сыну,

Казкамі ўпрыгожаны,

Сніцца сон —

Залатая восень...

 

10

Холадна,

Хочацца есці.

«Мама, устань!..»

Спіць.

Дзесьці,

Далёка дзесьці

Вецер шуміць.

 

Рукі памерзлі, азглелі.

«Мама, ты чуеш?»

Спіць.

Твар мармурова-белы...

Вецер шуміць.

 

Рукі сухія, худыя

Сын палажыў на чало —

Іскра халодная дзіка

Раптам кальнула у лоб:

— Ай!

 

Вось і разгадана тайна,

Мары, і казкі, і песні

Кінуты засаб нядбайна —

Годзе малога ім песціць!

 

Восень стаіць каля весніц —

Чыстая праўда жыцця:

Холадна,

Хочацца есці...

Ветры шумяць...

 

11

Мне пятнаццаты год...

Я выходжу ў прасцяг,—

Снегавая наўкола раўніна,

А сняжынкі лятуць,

Летучы, шалясцяць,

Ападаюць сняжынкі

І гінуць.

 

Дні маленства мае,

Бестурботныя дні,

Залатыя, далёкія казкі!..

Ах, як лёгка гадаць,

Забывацца і сніць,

Калі ў сэрцы

Зацвітваюць краскі.

 

Дзе ж ты, казак маіх

Асалода жыцця?

Як жа зноў мне з табою спаткацца?

А сняжынкі лятуць,

Летучы, шалясцяць,

На зямлю ападаюць,

Лажацца...

 

12

Расцвітае над лесам вясна,

Усміхаецца яснасцю дзень.

Вецер белыя хмары узняў

І на крыллях за мора нясе.

 

Пачакай, легкакрылы вястун,

Можа ў хмарах — маленства маё,

Дык прымчы, залатое, адтуль.

Але вецер — упаў у галлё...

 

Устаюць успаміны ў душы,

Ды не вернуцца радасці дні,

Толькі дальняю песняй цішы

Дзень маленства майго празвініць.

 

Вецер белыя хмары узняў,—

Праліецца срабрыстасцю дождж.

Добры дзень, маладая вясна,

Прывітанне табе, маладосць!

 

1928 г.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Вершы, балады і паэмы /[Аўт. прадм. А. Вялюгін].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 319 с. 1 л. партр.4 л. іл.
Крыніца: скан