epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Над Бярозай-ракой

АКТ ПЕРШЫ
  Малюнак першы
  Малюнак другі
  Малюнак трэці
АКТ ДРУГІ
  Малюнак чацвёрты
  Малюнак пяты
АКТ ТРЭЦІ
  Малюнак шосты
  Малюнак сёмы
АКТ ЧАЦВЁРТЫ
  Малюнак восьмы
  Малюнак дзевяты


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Сярго Арджанікідзе — член Рэўваенсавета 16-й арміі.

Тарас Іванавіч Азорыч — камісар чырвонаармейскай часці.

Наста — яго маці.

Тацяна Марыч — маладая дзяўчына, сірата, Азорычава выхаванка.

Адась Валошын — рабочы-чыгуначнік, камандзір атрада абароны.

Даніла Карабан — матрос, памочнік камандзіра атрада.

Сімха Штэйнар

Васіль Шчырэц — байцы атрада абароны

Баяновіч — камандзір чырвонаармейскай брыгады.

Макарэнка

Кузьмін

Нічыпар Мелех

Алёшка Семізвон — чырвонаармейцы

Сёмка Бегунок — местачковы бабыль.

Алена — жонка Васіля Шчырца.

Нохім — бацька Сімхі Штэйнара.

Зяма — хлапчук, сын Сімхі Штэйнара.

Марыся — маці Данілы Карабана.

Казімер Бэсман — начальнік разведкі чырвонаармейскай часці.

Браніслаў Свідэрскі — капітан польскай арміі.

Дамброўскі — палкоўнік польскай арміі.

Дамейка — камандзір чырвонаармейскага батальёна.

Ксаверы Стрыж — вясковы стараста.

Матрона Ксаверыха — яго жонка.

Мікола — іхні сын, настаўнік.

Тэкля — местачковая баба.

Сержант польскай арміі.

Сяляне, чырвонаармейцы, партызаны, жабракі, легіянеры.

 

Дзея адбываецца на Барысаўшчыне пад восень 1919 года, у час вайны з белапанскай Польшчай.

 

 

АКТ ПЕРШЫ

 

Малюнак першы

Ускраіна невялікага мястэчка. Справа на ўзгорку — бедная адзінокая сяліба, каля яе ў лагчыне — студня. Злева — у поле ідуць старадаўнія ліпавыя прысады. Дзесьці блізка за мястэчкам — бой: стракочуць кулямёты, грымяць вінтовачныя залпы. Прысадамі брыдуць бежанцы, раненыя чырвонаармейцы і партызаны. З хаты выходзяць Адась Валошын і Даніла Карабан.

Валошын

Пакінь пра гэта нават гаварыць!

Ты зразумей, што наша адступленне

Аголіць фланг дзевятага палка,

Адкрые ворагу шляхі ў Барысаў.

А варта ім прабрацца за Бярозу,

Як просты ход на Оршу і Смаленск.

Вось для чаго Сярго Арджанікідзе

І загадаў: Барысаў і Бярозу

Абараняць, наколькі хопіць сіл.

 

Карабан

I гэтых сіл у нас ужо няма:

Наспех згуртованы адзін атрад

Не затрымае рэгулярнай часці.

І лепей біць у лоб ці адступіць.

 

Валошын

Нам дапамогу дасць дзевяты полк.

Трымацца трэба, Карабан, зубамі.

 

Карабан

Пакуль апошняга не выб'юць зуба,

Папробуем трымацца, камандзір.

 

Уваходзіць ранены баец.

 

Валошын

Ну што?.. Ты ранены?..

 

Баец

Полк адступіў...

Учора Рудню занялі паны.

 

Валошын

Не можа быць! Адкуль жа там паны?

 

Карабан

Цяпер адна надзея на Барысаў.

 

Баец

Гавораць, і ў Барысаве паны.

 

Валошын

Хлусня! Учора горад быў у нас. Барысава без бою не здадуць.

 

Баец

Ратуйце лепш... людзей...

(Падае мёртвы.)

 

Валошын

Памёр?

Карабан

Памёр.

 

Валошын

Нясіце пахавайце.

 

Мёртвага выносяць.

 

Карабан

Камандзір,

А што, калі Барысаў паў сапраўды?

 

Валошын

Тады дарэмна губім мы людзей.

 

Уваходзіць ледзь жывая Тацяна.

 

Тацяна

Адась!..

 

Валошын

Тацяна? Ну, Барысаў наш?

Падмога будзе нам? Чаго ж ты плачаш?

 

Тацяна

Хіба я плачу? Не...

 

Валошын

А слёзы?

 

Тацяна

Слёзы? (Рыдае.)

 

Валошын

Ды ты не плач, а гавары хутчэй!

 

Тацяна

Барысаў... занялі белапалякі.

 

Валошын

Дык, значыць, праўда!

 

Карабан

Што ж цяпер рабіць?

 

Убягае Сімха Штэйнар.

 

Сімха

Таварыш камандзір, давай патроны.

 

Валошын

Патронаў больш няма.

 

Сімха

А полк?

 

Валошын

Полк адступіў, нас абышлі кругом.

 

Карабан

(выхапіўшы гранату і рвануўшыся ісці).

Не, я жыўцом не здамся ім ніколі!

Я напралом пайду і лепш загіну...

 

Валошын

(стрымліваючы Данілу Карабана).

Не вар'яцей! Загінуць вельмі лёгка,

Падумай лепш, як ратаваць людзей.

 

Карабан

Усё загінула...

 

Валошын

Яшчэ не ўсё.

У нас яшчэ адзін застаўся шлях:

Прабіцца па балота, у лясы

І пробаваць адтуль прайсці да нашых.

Бяры, Даніла, зараз жа людзей

І адступай. Я з часткаю атрада

Прыкрыю з тылу ваша адступленне.

Спяшайце.

 

Карабан і Сімха

Слухаем!

(Выходзяць.)

 

Валошын

А ты, Тацяна...

 

Тацяна

Я слухаю цябе, Адась.

 

Валошын

Ды не,

Рызыкаваць тваім жыццём няможна.

 

Тацяна

Я застануся тут.

 

Валошын

Не дазваляю!

Збірайся зараз жа і пойдзеш з намі.

 

Тацяна

Я не магу пайсці.

 

Валошын

Чаму не можаш?

 

Тацяна

Ты ж ведаеш, што на маіх руках

Нядужая Азорычава маці.

А для мяне Азорыч — быццам брат:

Ён выхаваў мяне, памог вучыцца,

І за дабро я заплачу дабром.

 

Валошын

Дарма! Азорыч так не разважае:

Сам адступіў, а нас, нябось, пакінуў.

 

Тацяна

Калі Тарас Іванавіч жывы,

Я ведаю, ён дапаможа нам!

 

Валошын

Надзеі марныя! Нам вельмі цяжка,

І страшна мне цябе адну пакінуць.

Ты ведаеш, чым гэта пагражае?

 

Тацяна

Я буду асцярожная.

 

Валошын

Тацяна,

Я гавару пра гэта назнарок.

Нам трэба тут пакінуць чалавека.

Калі ты не спужаешся застацца —

Тады я дам табе прыпаручэнне.

 

Тацяна

Які ты недаверлівы, Адась!

 

Валошын

Збяры дакладныя, як можна, весткі,

Якія будуць часці, колькі сіл,

І перадай, калі сустрэнеш нашых,

Куды, калі і як мы адступілі.

Без вестак ад цябе — нам некуды ісці.

 

Тацяна

Я ўсё зраблю, Адась... А ты глядзі,

Любі мяне, як ты любіў заўсёды,

Успамінай у вольныя хвіліны,

Што я адна, сумую па табе.

 

Валошын

Тацяна, я цябе магу забыць

Хіба тады, як анямее сэрца.

А покуль я змагаюся, жыву —

Ты будзеш жыць са мной у кожнай думцы.

І вер, настане некалі часіна,

Калі мы зноў спаткаемся з табой.

Я буду гладзіць валасы твае,

Глядзець у вочы сінія, як неба,

І гаварыць аб шчасці.

Помні ж, Таня,

Калі з табою здарыцца што-небудзь,

Мне будзе вельмі цяжка і балюча.

Бывай!

 

Тацяна

Бывай і беражы жыццё!

 

Убягае Алена.

 

Алена

Дзе камандзір? Чаго ж вы стаіцё?

Раты разявілі сабе й стаяць...

Параненых жа трэба адпраўляць.

 

Валошын

Пра гэта мы і гутарым, Алена.

Ідзіце й падрыхтуйце іх.

 

Алена

Ах, божа!

І колькі іх сягоння наглумілі,

Здаровых, маладых... Хадзем, Тацяна!

 

Тацяна выходзіць. Алена на момант затрымліваецца.

 

А мой жа там стары жывы?

 

Валошын

Жывы.

 

Алена

Скажы яму, няхай не вельмі лезе,

Але няхай не вельмі й паддаецца,

Няхай трымаецца.

(Выходзіць.)

 

Валошын

Карысці мала.

Ні зброі, ні людзей... Эх, падвялі!

 

Выходзіць. Да студні з вёдрамі падыходзіць Тэкля.

 

Тэкля

Вось навіна дык навіна,

А расказаць каму й няма!

Э! Сёмка Бегунок ідзе.

Вы не чулі?-

 

Сёмка

Што?

Тэкля

Не чулі?!

Весці дрэнныя лятаюць:

Кажуць, нашых падманулі,

Кажуць, нашы адступаюць.

 

Сёмка

Хто сказаў, што адступаюць?

Пэўна бабы байкі баюць.

 

Уваходзяць змораныя партызаны.

 

Шчырэц

Ох, стаміўся, хоць напіцца,

Дай нам, Тэклечка, вадзіцы.

 

Партызаны прагна п’юць ваду.

Ля студні збіраюцца сяляне.

 

Сёмка

Праўда, хлопцы, ваша войска

Не пакіне нашай вёскі?

 

Шчырэц

Дзе там нам ужо змагацца,

Каб хоць як уратавацца?

 

Сімха

Ай, ваяка-небарака,

Перастань ты ныць і плакаць!

 

Уваходзіць Даніла Карабан.

 

Карабан

Гатовы?

 

Сімха

Гатовы, вядзі, Карабан,

Пакуль не апаў на дарогі туман.

 

Карабан

Нам трэба да ночы дайсці да балот,

Дарога благая, і трудны паход.

Спяшайцеся ж, хлопцы, не гутарце шмат,

Цалуйце бацькоў і каханых дзяўчат.

Бывайце, старыя, маўклівыя хаты!

Бывай, мая маці! Бывайце, дзяўчаты!

 

Марыся

А куды ж вы ад нас адлятаеце?

На каго ж вы нас пакідаеце?

А хто ж нашы палоскі ўзарэ,

А хто ж нашы нівы ўбярэ,

Хто нашы вочы пяском прысыпле?

 

Карабан

Не плачце, мы прыйдзем,

мы вернемся к вам.

І гэтых вось слёз не даруем панам.

 

Байцы развітваюцца і адыходзяць. Нехта дзесьці заспяваў. Яго падхапілі другія, і пакацілася журботная, але магутная песня. Песня паволі аддаляецца. Байцоў праводзяць сяляне. Апошнімі ідуць Тэкля, Васіль Шчырэц, Алена, Сімха Штэйнар, Нохім, Зяма і Тацяна.

 

Шчырэц

Ты, значыць... гэта... беражы сям’ю.

 

Алена

Пра нас не думай, а глядзі свайго.

На, хлеба хоць вазьмі. От чалавек!

 

Сімха

Ну, Зяма, будзь, сынок, гаспадаром...

І дзеда слухайся. Бывайце, бацька!

 

Нохім

Шчасліва, сыне мой!

 

Сімха

Хадзем, Шчырэц!

 

Шчырэц

Ды я вось з бабай не дайду ладу.

 

Алена

Васіль, не гавары чаго не трэба.

 

Сімха

І не забудзься, што цябе чакаюць.

 

Сімха, Нохім і Зяма выходзяць.

 

Тэкля

А божа ж мой, і я ж забыла,

Што мне Матрона гаварыла

Усё разведаць і дазнаць.

Ну, пабягу ж ёй расказаць.

(Шпарка бяжыць у мястэчка.)

 

Шчырэц

Я гавару табе, Алена, слушна:

Не забывайся замыкаць гумна...

 

Алена

А божа мой, калі ты гэта скончыш?

Нібы ў яго вялікае багацце!

 

Шчырэц

Якое ёсць, і тое можа згінуць.

Бывай здарова!

 

Алена

Будзь і ты здароў!

 

Выходзяць. Застаецца адна Тацяна.

 

Тацяна

Вось і адзінокая... Дзе ж вы, хлопцы, дзе?

Труднымі дарогамі доля вас вядзе.

З кім я прывітаюся, як не будзе вас?

Дзе я з вамі стрэнуся ў гэты цяжкі час?

А ні смеху ветлага, а ні ветлых слоў

Я ад вас увечары не пачую зноў.

Ціхая, самотная буду скрозь блукаць,

Пра свайго каханага стану ўспамінаць.

А ці ён паранены у баях ідзе,

Ці яго забітага пахавалі дзе.

Сэрца адзінокае апануе сум,

І ніхто не ўзрадуе, не развее дум.

 

У задуменні садзіцца на ўзмежку дарогі. Праз момант паказваюцца Матрона Ксаверыха і Тэкля.

 

Тэкля

Няма... А вунь, глядзі, засумавала!

 

Ксаверыха

Нябось, цяпер ёй горка стала.

 

Тэкля

Не дзіва, быўшы партызанкай

І камісарскай выхаванкай.

 

Ксаверыха

Якая чорта выхаванка!

Яна была яго каханкай.

 

З мястэчка з бел-чырвона-белай павязкай на рукаве бяжыць узбуджаны Мікола Стрыж.

 

Мікола

А вы чаго тут? Смерці захацелі?!

 

Ксаверыха

Сынок!.. Мікола!

 

Мікола

Марш адгэтуль, маці.

 

Ксаверыха і Тэкля выбягаюць. Мікола заўважыў Тацяну.

 

Мікола

Вы? Гэта вы? Вось не чакаў... Ані!

Дык, значыць, засталіся? Не паспелі?

 

Тацяна

Я й не спяшалася нікуды.

 

Мікола

Што?

Ах, кінулі! Вас кінулі? Ну, так?

 

Тацяна

Не ваша справа, Стрыж.

 

Мікола

Чакайце, што вы?

Я цэлы год ганяюся за вамі.

 

Тацяна

Настаўнік, а займаецеся глупствам.

Адстаньце вы!.. Я ненавіджу вас.

 

Мікола

Не, выслухайце да канца. Я знаю,

Што вы не любіце мяне. І я

Не дамагаюся ад вас кахання.

Але... але я не дазволю вам

Быць здрадніцай і прадаваць краіну.

 

Тацяна

Заявіце уланам?

 

Мікола

Заяўлю.

Падумайце і помніце, Тацяна,

Што я, дзеля майго да вас кахання,

Заўсёды буду рад вам памагчы.

 

Тацяна

Мне не патрэбна вашай дапамогі:

Мяне абараняе мой народ. (Выходзіць.)

 

Мікола

Цяпер ты будзеш у маіх руках,

А после звыкнешся і пакахаеш.

 

Выходзіць. Страляніна ўзмацняецца. На чале з Валошыным, адстрэльваючыся, цераз дарогу перабягаюць апошнія партызаны. Праз момант каля адзінокай сялібы з’яўляецца некалькі жаўнераў з кулямётам і Мікола Стрыж. Ён паказвае белапалякам, у якім кірунку пабеглі партызаны. Выбух гарматнага снарада пылам і дымам засцілае ўсё далейшае. Калі ж гэтая заслона знікае, мы бачым, што на ўзгорку каля разбуранай сялібы стаіць ужо капітан Свідэрскі і перад ім натоўп маўклівых сялян, ачэплены кругом белапольскімі салдатамі.

 

Свідэрскі

Па-першае, я мушу вам зазначыць,

Што я люблю вясёлы гоман, шум

І мілыя, прыветлівыя твары.

Пасля... Ага, нарэшце, з хлебам-соллю...

 

Уваходзяць Матрона і Ксаверы Стрыж.

 

Ксаверы

Дазвольце, пане, прывітаць,

Хлеб-соль з пашанай перадаць.

Дай бог, каб вы запанавалі,

Ніколі б мы бяды не зналі.

 

Свідэрскі

Дзенькуе вам за соль, за хлеб,

Але нам мала для патрэб;

Павінны мець мае жаўнеры

І хлеб, і мяса, і кватэры.

 

Ксаверы

Усё, усё, паночак, будзе.

Вось толькі... ёсць благія людзі.

 

Свідэрскі

Перапішы мне ўсіх западазроных.

 

Мікола

Аб гэтым з паважаным капітанам

За гонар меў бы гаварыць я сам.

 

Свідэрскі

Ага, я разумею пана... Добра!

 

Алена

Нячыстая вы сіла!

 

Жаўнер

Цыц, баба, цыц!

 

Свідэрскі

Чаго вы, людзі, крычыце? Цішэй.

Я з вамі гутарыць хачу паціху.

Збярыце мне пудоў паўсотні мяса,

Аўса пудоў чатырыста, пшаніцы

І пойдзеце, як добрыя суседзі.

 

Сёмка

Дай хлеба ды гуляй колькі трэба.

 

Свідэрскі

А ты вясёлы, я такіх люблю.

 

Сёмка

Трэба жыць, як пабяжыць.

 

Свідэрскі

Дык чулі, людзі, мой загад пра хлеб?

 

Алена

А дзе ж яго, скажы, панок, узяць?

 

Свідэрскі

А тым бальшавікам, адкуль вы бралі?

 

Сёмка

За Саса было хлеба і мяса,

А прыйшоў Панятоўскі —

Стаў хлеб не такоўскі.

 

Свідэрскі

Я — чалавек спакойны вельмі і вясёлы.

Але мяне, стары, у злосць не ўводзь.

 

Сёмка

(паказваючы ўгару на неба).

Бога хвалі, дый чорта не гняві!

 

Свідэрскі

(убачыўшы на дрэве чырвоны сцяг).

А гэта што яшчэ?

 

Алена

А гэта сцяг.

Ці пан такі стары, што не дабачыць?

 

Сёмка

Чырвоны колер вока коле,

А мужыку, што чырвона — то й хораша.

 

Свідэрскі

Зняць зараз жа, зняць, лайдакі!

 

Зяма

Давай!

Нашто дабром мазоліць пану вочы.

(Спрытна ўзлазіць на дрэва.)

 

Нохім

Унучак!

 

Сёмка

Добра, сынку!

 

Свідэрскі

Сукін сын!

Арыштаваць усіх, хто тут крычаў.

 

Ксаверы

Усё, усё, паночак, добра будзе.

 

Свідэрскі

Ну, марш, нясіце хлеб і мяса, людзі!

 

Людзі разыходзяцца. Намерыўся выйсці і Свідэрскі, але яго запыняе сержант.

 

Сержант

Пан капітан, дазорцы нашы.

Ля магазінаў местачковых

Злавілі нейкіх двух вайсковых.

 

Свідэрскі

Бальшавікі?

 

Сержант

А мы не знаем.

 

Свідэрскі

Адвесці ў штаб, там дапытаем.

 

Свідэрскі выходзіць. Тацяна, пачуўшы размову, затрымалася.

 

Тацяна

Каго ж бы там яны спаймалі?

А можа, нашыя адсталі?

 

Праводзяць Азорыча і Бэсмана.

 

Тарас Іванавіч? Азорыч!

 

Сержант

Вам што, знаёмы з іх каторы?

 

Азорыч

Мы вас не ведаем, не знаем...

З Барысава дарэмна адышлі.

 

Сержант

Прэч адыдзі! У штаб яго, у штаб!

 

Азорыча і Бэсмана выводзяць.

 

Тацяна

На смерць, на ганьбу павялі

І слова не далі сказаць...

А што хацеў ён перадаць?

 

Уваходзіць Наста.

 

Наста

Ты тут? А я цябе шукаю...

Чаго сумуеш?

 

Тацяна

Гора душыць.

 

Наста

Не выплачаш, Тацяна, слёз,

Маліся лепш, каб грэшных душы

Да неба бог святы данёс.

 

Тацяна

Маліцца мне? За што? За слёзы?

За здзек? За гора і за кроў?

 

Наста

Маліся за няшчасных мёртвых,

Забітых тут тваіх сяброў,

За Тараса...

 

Тацяна

Яму да бога

Няма патрэбы на зямлі.

 

Наста

Тацяна!

 

Тацяна

Гэтаю дарогай

Яго уланы павялі.

 

Наста

Што ты гаворыш?.. Божа, божа,

Што ж мне рабіць? Што дзеяць мне?

Ісці прасіць?

 

Тацяна

Не дапаможа,

Іх сэрцаў просьба не кране.

 

Наста

Тарас... Ратуй яго, Тацяна!

 

Тацяна

Цішэй!

 

Наста

Прашу цябе, малю...

 

Тацяна

Не плачце, бедная, не плачце.

Я ўсё, што здолею, зраблю.

Я пабягу ў атрад да хлопцаў,

Яны тут блізка, я знайду...

 

Наста

Бяжы ж хутчэй, бяжы, Тацяна,

Нясі да іх маю бяду,

Скажы ты ім пра наша гора.

 

Тацяна

А што ж я ім магу сказаць?

Не, я павінна тут дазнацца,

Што ён хацеў мне перадаць?

І я дазнаюся. Ні краты,

Ні вартавыя, ні турма,

Нішто, нішто на гэтым свеце

Мяне не зможа затрымаць.

 

Тацяна і Наста выходзяць.

 

Зяма

(прытаіўся на дрэве).

Калі дайшло, што і жанчыны

Пайшлі таксама ваяваць,

То, мне здаецца, можна смела

Чырвоны сцяг ізноў узняць.

(Ізноў вешае чырвоны сцяг.)

 

 

Малюнак другі

Мураваны склеп у панскім маёнтку, ператвораны белапалякамі ў турму. Праз невялікае акно, што знаходзіцца амаль над зямлёй, відаць, як за сцяною ходзіць вартавы. У склепе пануе густы змрок. На цаглянай падлозе сядзяць і ляжаць арыштаваныя. Сярод іх: Азорыч, Бэсман, Алена з дзіцем, Марыся і Нохім.

 

Азорыч

Ах, каб зламаць,

разбіць глухія краты,

Каб вырвацца на волю і сказаць:

Смялей наперад —

перамога наша!

За гэта я не толькі рад памерці,

Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць.

 

Бэсман

А ты упэўнены, што гэта здрада?

 

Азорыч

Ты бачыў сам. З табою мы прайшлі

З Барысава семнаццаць кіламетраў —

І хоць бы дзе адна буйная часць!

Разведка толькі, рэдкія заставы.

Скажы, якія ж тут былі падставы

Аб адступленні выдаваць загад.

Павесіць мала за такую здраду!

 

Бэсман

Ты не хвалюйся — разбяруцца з часам.

 

Азорыч

Ды позна будзе, Бэсман! Зразумей,

Калі б цяпер мы перадалі весткі,

Што сілы польскія малыя тут,

Што покуль навядуць яны масты

І перакінуць за Бярозу войска —

Барысаў лёгка можна ўзяць назад.

 

Бэсман

Ты гэта і хацеў сказаць дзяўчыне,

Калі нас вуліцай з табой вялі?

 

Азорыч

На жаль, яна не зразумела нас.

 

Бэсман

Твая знаёмая?

 

Азорыч

Дзяўчына? Так!

 

Марыся

Ой... піць...

 

Азорыч

Спакойнай ночы.

(Ад Басмача падыходзіць да Марысі.)

Што вам?

 

Марыся

Піць...

 

Азорыч

Вады няма. Вы сядзьце вось сюды

І голаў прытуліце да сцяны.

Каменне тут халоднае як лёд.

Вам будзе так лягчэй. Во-во, вось так.

 

Марыся

Дачушка!.. Дзеці!.. Бедныя сіроты,

І хто вас без мяне дагледзіць там?!

Пагінеце адны малыя...

 

Алена

Годзе,

Не плач, нейк выжывуць. Глядзі сябе,

А то вунь бачыш, як уся змарнела.

 

Азорыч

Дзяцей суседзі вашыя дагледзяць,

Свет не без добрых, кажуць жа, людзей.

А вас саміх за што ж арыштавалі?

 

Нохім

За што? За што і ўсіх — за праўду, сыне.

 

Азорыч

Не любяць, значыць, праўды?

 

Нохім

Ой, не любяць!

 

Азорыч

Якую ж праўду вы сказалі ім?

 

Нохім

Сыны, яе і мой, пайшлі к чырвоным,

Дык вось пытаюцца: куды пайшлі?

Як быццам гэта нам яны сказалі!

 

Азорыч

Канечне, дзе ж яны вам гэта скажуць!

 

Нохім

А я гляджу на вас, гляджу, і здэцца,

Як быццам вы Азорыч. Не?

Азорыч

О, не!

 

Нохім

Ну, не — дык не. Стары, відаць, змыліўся.

 

Алена

Сваіх цурацца стаў. Хоць запытаўся б,

Як маці там жыве...

 

Азорыч

Не трэба, ціха!

Я вас не ведаю, а вы — мяне.

 

Нохім

Ці ж я малы!

 

Марыся

А я і не пазнала.

 

Азорыч

Не трэба й пазнаваць.

Ну, добрай ночы!

Кладзіцеся ды адпачніце трохі.

А як яна? Здаровая? Жыве?

 

Алена

Жыве... Ты выбач мне, дурной.

 

Азорыч

Дармо.

 

Стала зусім цёмна. Бэсман і арыштаваныя дрэмлюць. Азорыч пазірае ў турэмнае акно. Заплакала дзіця; Алена пачынае яго калыхаць і спявае калыханку. Спачатку чуваць толькі адна мелодыя, а пасля вылучаюцца і словы.

 

Алена

Спі, мой хлопчык, ноч малая.

Ходзіць вецер, казкі бае.

 

Азорыч

Калісьці так пра нашу долю

Спявала маці часта й мне.

Матуля добрая, ніколі

Ты не пабачыш больш мяне.

 

Алена

На галінцы ў чыстым полі

Ён калыша тваю долю.

 

Азорыч

Як выйдзеш рана да крыніцы

Вады сцюдзёнае набраць,—

Зазвоняць тройчы на званіцы

І павядуць мяне страляць.

 

Алена

Няхай доля не прачнецца,

Горкай слёзкай захлынецца.

 

Азорыч

Апошні раз пабачыў вёску,

Дзе гадаваўся, падрастаў,

Дзе на крывых шнурах-палосках

Хадзіў за плугам, жыта жаў...

 

Алена

Можа, збудзеш ты напасці,

Можа, будзеш меці шчасце.

 

Азорыч

Мне выкапаюць дол за местам,

І ўжо ніхто з тае пары

Не перадасць вам гэтых вестак,

Мае далёкія сябры.

 

Алена

Спі, мой хлопчык, ноч малая.

Ходзіць вецер, казкі бае.

 

Азорыч

Куды ж, чаго імчышся, сэрца?!

Навокал мёртва, ціха скрозь.

Ды што такое? Мне здаецца

Ці там сапраўды ходзіць хтось?

Няма. Схаваўся за будынкам.

Ідзе сюды... Тацяна?.. Ты?

 

У акне паказваецца Тацяна.

 

Тацяна

Тарас Іванавіч?

 

Азорыч

Дзяўчынка,

Як ты патрапіла сюды?

 

Тацяна

Я слоў не зразумела вашых.

Што вы сказалі ідучы?

 

Азорыч

Спяшайся як мага да нашых.

Ідзі сягоння ж уначы

І перадай Арджанікідзе,

Што горад здраднікі здалі.

Пакуль сюды ж падмога прыйдзе,

Пакуль мастоў не навялі

І фронт яшчэ не ўмацаваны —

Барысаў можна ўзяць назад.

Бяжы ж хутчэй, бяжы, Тацяна,

Ад гэтых страшных цесных крат.

Бывай!

 

Тацяна

А як жа вы?

 

Азорыч

Нічога,

Няхай сябры успомняць нас.

Шчаслівая табе дарога.

Спяшай!

 

Тацяна

Бывайце! (Выходзіць.)

 

Азорыч

Добры час!

Вось маладзец! Устань, прачніся, Бэсман.

 

Бэсман

Што сталася?

 

Азорыч

Паслухай, Бэсман, радасць:

Са мной нядаўна гаварылі з волі.

 

Бэсман

Дзяўчына тая?

 

Азорыч

Так, мая дзяўчынка.

Нядарам я узгадаваў яе!

 

Бэсман

І ты ёй перадаў свае здагадкі?

 

Азорыч

Не бойся, брат, яна іх данясе.

Цяпер спакойна можам і памерці.

 

Бэсман

Памерці? Не! Жыць! Жыць! Гэй, вартавы!

(Барабаніць кулакамі у дзверы.)

Хутчэй, хутчэй вядзі мяне на допыт!

 

Азорыч

Ты звар’яцеў?

 

Марыся

Што з ім такое?

 

Нохім

Хворы.

 

Алена

Ну й чалавек!

 

Жаўнер адчыняе дзверы.

 

Жаўнер

Хто падымае лямант?

 

Бэсман

Не смей мяне чапаць! Вядзі на допыт.

Ідзі скажы, арыштаваны Бэсман

На допыт просіцца.

 

Жаўнер

(зачыняе дзверы).

От свалата!

 

Азорыч

Ты гэтым толькі сам сабе нашкодзіў.

 

Бэсман

Душа баліць. Я не магу цярпець.

Ты паглядзі, што робіцца, Азорыч:

Навокал кроў, пажары, здзекі... Людзі

Мруць на дарогах, гінуць у баях...

Дзяўчына, рызыкуючы жыццём,

Ідзе праведаць нас і памагчы,

А мы сядзім у гэтым сутарэнні.

Я не магу! І я ім не дарую

Ні вёсак спаленых, ні слёз дзяцей,

Ні гэтай крыўды і няволі нашай.

За ўсё адпомшчуся. Гэй, вартавы!

Вядзі мяне на допыт! Вартавы!

(Барабаніць кулакамі у дзверы.)

 

 

Малюнак трэці

Вялікі і раскошны пакой у панскіх палацах пад Барысавам. Тут змяшчаецца штаб белапольскай часці. У штабе палкоўнік Дамброўскі і капітан Свідэрскі. Дамброўскі чытае спісак.

 

Дамброўскі

Шчырэц Алена?

Свідэрскі

Ёсць такая

Дамброўскі

Штэйнар?

 

Свідэрскі

І гэты ў нас.

 

Дамброўскі

Марыся Карабан?

 

Свідэрскі

Таксама тут.

 

Дамброўскі

Чаму ў вас толькі бабы?

 

Свідэрскі

Мужчыны, пан палкоўнік, там, у іх...

 

Дамброўскі

Тацяна Марыч! Дзе Тацяна Марыч?

У спіску сказана, што праз яе

Вядуцца сувязі з атрадам?

 

Свідэрскі

Так.

 

Дамброўскі

Чаму ж яе дагэтуль не забралі?

 

Свідэрскі

Шукалі цэлы дзень і не знайшлі.

 

Дамброўскі

Шукайце ноч, але знайсці павінны!

Пан капітан залішне бесклапотны:

У вас пад бокам тоіцца атрад,

Бальшавікі гуляюць на свабодзе,

А вы спакойна седзіцё ў палацах.

Атрад патрэбна выведаць і знішчыць,

Тыл арміі павінен быць надзейны,

Іначай мы не зможам наступаць.

 

Уваходзіць сержант.

 

Сержант

Дазвольце, пан палкоўнік, далажыць.

 

Дамброўскі

Што там яшчэ?

 

Сержант

Арыштаваны Бэсман

На допыт просіцца.

 

Дамброўскі

То дапытай,

А ці ў тваіх жаўнераў рук няма?!

 

Сержант выходзіць.

 

Дамброўскі

Не забывайцеся, што ў іх цяпер

Камандуе Арджанікідзе сам,

І нашым прыяцелям у чырвоных

Нялёгка будзе нам дапамагчы.

А Оршу і Смаленск нам трэба ўзяць,

Пакуль яшчэ трымаецца Дзянікін.

 

Свідэрскі

Там чалавек прыйшоў з мясцовай рады,

Ён можа быць у гэтым нам карысны.

 

Дамброўскі

Малая з іх карысць! Паклічце.

 

Свідэрскі выходзіць і прыводзіць Міколу.

 

Мікола

Добры вечар.

Мікола Стрыж, пастаўнік, прадстаўнік

Тутэйшай беларускай рады.

 

Дамброўскі

Вельмі рад.

Чым вам магу служыць, пан прадстаўнік?

 

Мікола

У Мінску, пан палкоўнік, ёсць кантакт

Паміж уладай панскаю і нашай.

Хацелася б наладзіць гэта й тут.

 

Дамброўскі

А для чаго?

 

Мікола

Каб разам кіраваць.

 

Дамброўскі

Чым кіраваць?

 

Мікола

Народам, пан палкоўнік.

 

Дамброўскі

Народ увесь пайшоў к бальшавікам,

А з рэштаю мы справімся і самі.

 

Мікола

Дарэмна адмаўляеце падмогу.

 

Дамброўскі

А чым вы нам паможаце? Вось гляньце,

Усе запісаны бальшавікі?

 

Мікола

(прагледзеўшы спісак).

Па воласці іх набярэцца болей.

 

Дамброўскі

Назваць іх можаце?

 

Мікола

Магу назваць.

 

Дамброўскі

Тады ільга наладзіць і кантакт.

Скажыце, пане Стрыж, Тацяна Марыч

Вядома вам?

 

Мікола

Тацяна Марыч?.. Так...

Яна папала пад благі уплыў,

І я хацеў вас сам прасіць аб тым,

Каб дзеўчыне чым-небудзь прыгразіць.

 

Дамброўскі

Вы штосьці да яе нераўнадушны?

 

Мікола

У нас свае асобыя разлікі.

 

Дамброўскі

Ну што ж, для вас мы зробім ласку, Стрыж.

Вы заўтра нам пакажаце дзяўчыну,

І мы яе пасадзім у турму.

 

Мікола

Завошта ж?.. Ах, я разумею... Добра.

Я вельмі й вельмі буду вам удзячны.

Вы толькі дайце мне, палкоўнік, слова,

Што патрымаеце Тацяну трохі

І аддадзіце мне на парукі яе.

 

Дамброўскі

Вы забываецеся, пане Стрыж!

Калі Дамброўскі скажа — значыць, свята.

 

Мікола

Даруйце, пан палкоўнік!

 

Дамброўскі

Непрыстойна

Не давяраць таму, хто вам даверыў.

 

Мікола

Я ваша давер’е апраўдаю:

Тацяна Марыч заўтра будзе тут.

 

Уваходзіць сержант.

 

Сержант

Дазвольце, пан палкоўнік, далажыць:

Арыштаваны Бэсман пагражае...

 

Дамброўскі

Ізноў?

 

Сержант

Ён проста разбівае дзверы.

 

Дамброўскі

Давай!

 

Сержант

Я слухаюся, пан палкоўнік. (Выходзіць.)

 

Дамброўскі

Пан капітан, вы правядзіце пана

І там складзіце новы спіс людзей.

 

Мікола

А як жа мы дамовімся наконт?..

 

Дамброўскі

Наконт чаго?

 

Мікола

Наконт сумеснай працы?

 

Дамброўскі

А хіба не дамовіліся мы?!

У вас надзвычай важная работа,

Адно старайцеся. Пасля пабачым.

Усё. Бывайце, пане Стрыж.

 

Мікола

Бывайце.

 

Свідэрскі і Мікола Стрыж выходзяць; праз другія дзверы прыводзяць Бэсмана; ён адпіхвае вартавых і ўрываецца ў пакой.

 

Бэсман

Злачынцы!

 

Дамброўскі

Стой! Назад! Застрэлю!

 

Бэсман

Я — польскі афіцэр. Злачынцы вы!

 

Дамброўскі

Няма дурных, таварыш камісар.

 

Бэсман

Найбольшы дурань, пан палкоўнік, вы!

Маё імя — Казімер Завішынскі.

 

Дамброўскі

Даруйце. Выйдзіце!

 

Вартавыя выходзяць.

 

Бэсман

Вады падайце.

З турмы нядаўна перадалі весткі...

 

Дамброўскі

Хто перадаў? Каму?

 

Бэсман

Дзяўчыне...

 

Дамброўскі

Што?

Тацяне Марыч?

 

Бэсман

Прозвішча не знаю.

Пашліце зараз жа услед пагоню,

І вы захопіце яе ў мястэчку.

 

Дамброўскі

Пан капітан!

 

Уваходзіць Свідэрскі.

 

Свідэрскі

Я слухаю... Казімер?

Бэсман

Свідэрскі?

 

Свідэрскі

Друг!

 

Дамброўскі

Ваш друг?

 

Бэсман

Пасля, пасля!

Не трацьце марна часу на размовы.

 

Дамброўскі

Пан капітан, мястэчка ачапіць,

Паслаць нарад... А дзе яна жыве?

 

Свідэрскі

Хто?

 

Дамброўскі

Марыч.

 

Свідэрскі

Не магу сказаць, палкоўнік.

 

Дамброўскі

Вярніце зараз жа мне гэту птушку...

Стрыжа.

 

Свідэрскі

Я слухаюся, пан палкоўнік.

(Выходзіць.)

 

Дамброўскі

Даруйце, выйшла неяк недарэчна.

 

Бэсман

У замшавых пальчатках не ваююць.

 

Уваходзяць Свідэрскі і Стрыж.

 

Мікола

Вы клікалі, палкоўнік?

 

Дамброўскі

Пане Стрыж,

Асоба ваша зараз, здэцца, дома.

Вы пакажыце, дзе яна жыве,

І будзе так, як мы і гаварылі.

 

Мікола

Я вельмі шчыра буду вам удзячны.

 

Дамброўскі

Спяшайцеся!

 

Свідэрскі і Мікола выходзяць.

 

Бэсман

Марудзіце, палкоўнік!

 

Дамброўскі

Вы, як агонь, гарачы, Завішынскі.

 

Бэсман

Халодныя сядзяць на печы дома.

 

Дамброўскі

Ну, мы таксама сёе-тое робім,

Бярэм вось гарадок за гарадком.

 

Бэсман

Вы думаеце, вы ўзялі Барысаў?!

Барысаў бралі мы і нашы людзі,

Не на пазіцыях, а ў штабах армій,

У кабінеце Троцкага. І вы

Ледзь-ледзь не загубілі нашай справы.

Калі брыгадны даў палкам загад

З Бярозы адступіць на бераг Схі —

Наш камісар стаў штосьці сумнявацца

І вырашыў праверыць вашы сілы.

Я, будучы начальнікам разведкі,

Яго праводзіў і прывёў сюды.

Вучыцеся, як трэба ваяваць!

Вы нават нас яшчэ не дапыталі,

А камісар паспеў ужо звязацца

З тутэйшымі людзьмі і перадаць,

Што горад здраднікі здалі без бою,

Што сілы вашыя малыя тут

І што Барысаў можна ўзяць назад.

Вы разумееце цяпер, якія

Панесла весткі гэтая дзяўчына?

Калі іх данясуць Арджанікідзе —

Не бачыць нам ні Оршы, ні Смаленска.

Я ператросся ўвесь за гэты час,

Я рукі пазбіваў аб вашы дзверы,

Я сцены грызці мог... А вы... А вы...

Як мокрыя анучы, прабачайце.

 

Уваходзіць Свідэрскі.

 

Свідэрскі

Нарад пасланы, пан палкоўнік.

 

Дамброўскі

Дзякуй.

 

Свідэрскі

Абдымемся, Казімер.

 

Бэсман

Добры вечар.

Я вельмі рад, што стрэў цябе, Браніслаў.

Дай, дружа мой, пераадзецца мне.

Апрыкрала ўсё гэта барахло.

 

Свідэрскі

Я прынясу табе сюды, Казімер. (Выходзіць.)

 

Бэсман

Далёка да мястэчка?

 

Дамброўскі

Паўвярсты.

 

Бэсман

Паслалі конных?

 

Дамброўскі

Конных, пан паручнік.

 

Бэсман

Шмат нашых сіл па гэты бок Бярозы?

 

Дамброўскі

Дзевятага ля Паліка прайшло

Тры сотні чалавек. За ноч і дзень

Мы перакінулі яшчэ пяцьсот.

 

Бэсман

І гэта ўсё? Марудзіце, палкоўнік.

 

Дамброўскі

Ды зразумейце ж, што няма мастоў,

Сіл супраціўніка ніхто не знае...

 

Бэсман

На гэта камісар Азорыч ёсць.

 

Дамброўскі

Вы думаеце, ён раскажа што?

 

Бэсман

Я думаю, што ёсць заўсёды сродкі

Прымусіць чалавека гаварыць.

 

Дамброўскі

На жаль, існуюць звычаі вайны,

Якія берагуць жыццё палонных.

 

Бэсман

Азорыч быццам бы адгэтуль родам.

Калі яго дзяўчына апазнае

І дасць пры пэўных сведках паказанні,

Што ён ёй перадаў якіясь весткі,

Мы будзем мець фармальную прычыну

Вініць палоннага у шпіянажы.

А перад карай смерцю за шпіёнства,

Я думаю, што загаворыць кожны.

 

Свідэрскі прыносіць Бэсману польскую афіцэрскую вопратку.

 

Свідэрскі

Ну, вось уборы, вартыя героя.

 

Бэсман

(выходзячы пераапрануцца).

Бронь божа, дзеўкі гэтай не захопяць,

Барысава не адстаяць, палкоўнік.

 

Дамброўскі

Я штосьці сумняваюся ў Стрыжы.

 

Свідэрскі

Калі ён прадстаўнік мясцовай рады,

Дык сумнявацца ў ім няма чаго.

 

Дамброўскі

А друг ваш маладзец.

 

Свідэрскі

Не мне раўня?

Я ж не ваяка, пан палкоўнік, так...

 

Дамброўскі

Але затое першы між гуляк!

 

Свідэрскі

Вы адгадалі, пан палкоўнік...

На дварэ чуваць нейкі гоман.

 

Дамброўскі

(ціха).

Здаецца, на дварэ гамоніць хтосьці.

 

Бэсман

Выбягаючы з сумежнага пакоя; ён ужо ў вопратцы польскага афіцэра.

 

Дазнайцеся! Бронь божа, упусцілі!..

 

Уваходзіць сержант.

 

Сержант

Дазвольце, пан палкоўнік, далажыць,

Дзяўчына, значыць...

 

Бэсман

Дзе?

 

Сержант

Дзяўчына?

Бэсман

Дзе?

 

Сержант

Дзяўчына тут.

 

Дамброўскі

Хвалю!

 

Бэсман

Праверыць трэба

Яны маглі схапіць любую дзеўку.

 

Дамброўскі

А гэты... праваднік ваш з вамі?

 

Сержант

Так.

 

Дамброўскі

Паклічце.

 

Свідэрскі

Пане Стрыж!

 

Уваходзіць Мікола Стрыж.

 

Дамброўскі

Яна?

Мікола

Яна.

Бэсман

Ну, дзякуй богу, тут.

 

Дамброўскі

Вядзі, сержант!

 

Бэсман

(да Міколы Стрыжа).

А вы сядайце, будзеце за сведку.

 

Дамброўскі

Прыняць яе, панове, трэба ветла:

Ад іх пагрозаю не возьмеш анічога,

А ласкаю дасягнеш вельмі шмат.

 

Свідэрскі

А пан палкоўнік ведае дзяўчат.

 

У пакой прыводзяць Тацяну.

 

Свідэрскі

О, пекная!

 

Дамброўскі

Сядайце, проша, панна.

Як ваша прозвішча?

 

Тацяна

Тацяна Марыч.

 

Дамброўскі

Адкуль?

 

Тацяна

Тутэйшая.

 

Дамброўскі

Занятак ваш?

 

Тацяна

Раней вучылася, цяпер без працы.

 

Дамброўскі

За што вас затрымалі?

 

Тацяна

Я не знаю.

 

Дамброўскі

Сержант, за што вы затрымалі панну?

 

Сержант

Яе? За гутарку з арыштаваным.

 

Дамброўскі

Вы чуеце? Ён што, каханак ваш?

Знаёмы? Брат?

 

Тацяна

Не ведаю, аб кім

Вы мне гаворыце.

 

Бэсман

Якая святасць!

Палкоўнік пра Азорыча гаворыць.

 

Тацяна

Азорыч? Так? Такога я не знаю.

 

Бэсман

Адкуль жа вам імя яго вядома?

 

Тацяна

Імя? Я першы раз ад вас пачула.

 

Бэсман

Ды ён жа з гэтага мястэчка родам.

Яго пад вартаю вялі,

А вы па вуліцы былі,

І вы яго тады ж пазналі,

Азорычам яшчэ назвалі.

 

Тацяна

Вы памыліліся.

 

Бэсман

Ты хлусіш, дзеўка!

 

Дамброўскі

Навошта гэты гоман, пан паручнік?

Дзяўчынцы трэба проста растлумачыць:

Калі б ён быў каханак ваш,

Тады было б нам зразумела,

Што вы ішлі спаткацца з ім,

І мы маглі б вам дараваць,

А так — вас трэба затрымаць.

Дык не каханак?

 

Тацяна

Не.

 

Дамброўскі

Шкада.

Вы гэткая прыгожая дзяўчына

І марна губіце сваё жыццё.

Даводзіцца замкнуць вас у турму,

А так свабодна вы маглі б ісці.

Сержант, вазьмі!

 

Тацяна

Чакайце! Дайце слова,

Што вы адпусціце мяне на волю,

І я скажу вам праўду.

 

Дамброўскі

Слова, панна!

Тацяна Марыч, што ж вы маўчыце?

 

Тацяна

Вы здагадаліся: ён мой жаніх.

 

Бэсман

І ён вам перадаў якіясь весткі?

 

Тацяна

Няпраўда, вестак ён не перадаў.

 

Бэсман

А мы вось запытаем у яго.

 

Дамброўскі

Пан капітан, прывесці камісара.

 

Свідэрскі выходзіць.

 

Тацяна

Дазналіся. Дарэмна я сказала.

 

Дамброўскі

Вы не хвалюйцеся, нічога

Не зробім мы яму благога.

Вы толькі скажаце,

што ён — Азорыч.

 

Тацяна

Я не знаёма з ім!

 

Бэсман

Як вам не сорам:

Сказаць і адрачыся ўласных слоў!

 

Тацяна

А як не сорам вам...

 

Бэсман

Маўчаць! Маўчаць!

 

Дамброўскі

Ды спакайней жа, пане Завішынскі.

 

Мікола

Дарма, няхай, няхай прыгрозяць трохі.

 

Вартавыя прыводзяць Азорыча.

 

Дамброўскі

А вось і камісар. Смялей, Азорыч,

Вас хоча бачыць вашая дзяўчына.

Пазнаеце? Жаніх!

 

Азорыч

Адкуль ёй знаць.

Я першы раз яе цяпер страчаю.

 

Дамброўскі

Пытаюць не ў цябе. Пазнаеце?

Азорыч гэта, ваш жаніх ці не?

 

Тацяна

Не ведаю, а мой жаніх другі.

 

Дамброўскі

Не хочаш гаварыць? Прызнайся лепш!

 

Азорыч

Я пра сябе усё скажу вам сам.

 

Дамброўскі

Ты не Азорыч? Не? Не камісар?

 

Азорыч

Не камісар і не Азорыч.

 

Дамброўскі

Стрыж,

Азорыч гэта?

 

Мікола

Так, Азорыч, пане...

Але ён не жаніх, а камісар.

А жаніхом, здаецца, буду я.

 

Азорыч

І ты тут, шэльма бітая!

 

Дамброўскі

Ну што ж,

Цяпер — Азорыч ты і камісар?

 

Азорыч

Не камісар, хоць і Азорыч.

 

Дамброўскі

Божа!

Як можа гаварыць яго язык!

Паручнік, хто ён ёсць такі, скажыце?

 

Бэсман

Ён камісар чырвонай часці.

 

Азорыч

Брэшаш!

 

Бэсман

Ты што, не пазнаеш сапраўды?

 

Азорыч

Ты?..

Цяпер я пазнаю аблічча гада!

 

Дамброўскі

О, псякрэў, бальшавік! Ты знаеш тое...

Ты ведаеш, што мы цябе павесім?

 

Азорыч

Ну і здзівілі! Быццам я не ведаў,

Што раз папаўся я сюды да вас,

Дык вы мяне павесіце напэўна.

Скажу па шчырасці: калі б і вы

Патрапілі, палкоўнік, да мяне,

Я расстраляў бы вас...

 

Дамброўскі

(б'е Азорыча па твары).

О, брудны пёс!

Тацяна

Тарас Іванавіч!.. Няшчасны, бедны...

 

Дамброўскі

Цяпер і ты пазнала. Позна!

Якая ганьба, жах! Дзяўчына

Зракаецца сваіх беларусоў,

Ганебна здраджвае айчыне,

Ідзе за бандай мужыкоў.

Дзе ж сорам твой і дзе твой гонар?

 

Тацяна

Мой гонар на маіх руках:

Яны пакрыты мазалямі...

І горка мне цяпер адно,

Што я вось гэтымі рукамі

Вінтоўкі мужна не ўзяла

І супраць вас жа не пайшла,

У гэтым сорам мой. Даруй,

Даруй, Тарас Іванавіч, за слабасць:

Я ратаваць хацела нашу справу

І выдала цябе.

 

Азорыч

Не ты, дзяўчынка,

А вось прадажны гад!

(Кідаецца да Бэсмана.)

 

Дамброўскі

Сержант, забраць!

 

Азорыча і Тацяну выводзяць.

 

А вы, мой пане, падпішыце акт.

 

Мікола

Я падпішу, але Тацяну Марыч

Вы аддадзіце, спадзяюся, мне?

 

Дамброўскі

Пасля — вядома... А на нейкі час

Яе цяпер адправіць трэба ў тыл.

 

Мікола

Я вельмі дзякую.

(Падпісвае акт.)

 

Дамброўскі

Бывайце, Стрыж.

 

Мікола

Бывайце, пан палкоўнік, вельмі дзякуй.

 

Мікола Стрыж выходзіць.

 

Дамброўскі

Пан капітан, цяпер у камісара

З-пад языка дастаньце ўсё, што трэба.

А Марыч заўтра раніцой у тыл,

Хай у Стрыжа не будзе на вачах.

Як вы мяркуеце?

 

Бэсман

Рабіце так,

Каб весткі аб Барысаве навек

Памерлі тут.

 

Дамброўскі

Ды гэта зразумела.

Цяпер прашу, паручнік, да мяне.

 

Бэсман

Дзенькуе, пан палкоўнік, не магу:

Мяне, на жаль, чакаюць у чырвоных,

А служба — перш за ўсё.

 

Свідэрскі

Калі ты рушыш?

 

Бэсман

Вось адпачну гадзінку — і ў дарогу.

 

Дамброўскі

Ну што ж, няхай вам дапаможа бог!

 

 

АКТ ДРУГІ

 

Малюнак чацвёрты

Туманная вераснёўская раніца. На ўзлессі па-асенняму шумяць хвоі. Каля іх прытаіўся партызанскі дазор: пад кашлатай сасной Сімха Штэйнар, а высока на дрэве — Зяма. Углыбіні — нізіна, парослая балотным хмызняком. Там размясціўся атрад абароны, і адтуль час ад часу даносіцца ціхая песня:

 

Пад цёмным ляском

Бяроза з лістком

Усё лета шумела:

— Ты, мой лісточак,

Ты, мой зялёны,

Ты мяне кідаць будзеш.

Ветры павеюць,

Цябе абвеюць,

Я адна застануся.

— Мая бярозка,

Мая белая,

Я ж цябе не забуду,

На вясну к табе буду

І шумець з табой буду.

 

А ў цёмным ляску

Дзяўчына дружку

У слязах гаварыла:

— Ты, мой малойчык,

Ты, мой саколік,

Ты мяне кідаць будзеш.

Трубы зайграюць,

У бой паклічуць,

Я адна застануся.

— Мая дзяўчынка,

Мая каханка,

Я ж цябе не забуду,

Па вясне к табе буду

І гуляць з табой буду.

 

Сімха

Ты маеш вочы лепшыя, сынок,

Прыгледзься добра:

там ніхто не ходзіць?

Ну, не відаць нікога?

 

Зяма

Не відаць.

 

Сімха

Каб там не сталася якой бяды:

Ужо мінула досыць многа часу,

Данілу з хлопцамі пара б вярнуцца.

Як думаеш, удасца ім сягоння

З няволі панскай вызваліць Тацяну?

 

Зяма

Яны ж з вінтоўкамі, дык дзіва што!..

 

Сімха

А ці на верны мы напалі след:

Сюдою павязуць яе ці не?

Ты раскажы яшчэ раз мне аб тым,

Як ты дазнаўся.

 

Зяма

Я ж казаў. Учора

Вялі палякі двух арыштаваных...

 

Сімха

Я гэта ведаю, ты раскажы,

Што гаварыў людзям Мікола Стрыж.

 

Зяма

Ён выхваляўся, быццам бы Тацяну

Узяў на парукі, і сёння рана

Яе адправяць недзе ў тыл, у штаб.

 

Сімха

Відаць, у штаб дывізіі. Тады

Яны паедуць толькі гэтым шляхам,

І нашы могуць вызваліць Тацяну.

А весткі, мусіць, важныя былі.

 

Зяма

Напэўна важныя, калі за Таняй

Па ўсіх дарогах выслалі ганцоў,

Мястэчка ачапілі ланцугом

І ператрэслі кожны двор і хату.

 

Уваходзіць Адась Валошын

 

Валошын

Ну што, Данілы не відаць з хлапцамі?

 

Сімха

Не, не відаць.

 

Валошын

Няшчасная дзяўчына!

 

Сімха

Ты не гаруй, таварыш камандзір,

Тацяну вызваляць.

 

Валошын

Ты верыш, Сімха?

Я веру, брат, і сам. А ўсё ж часамі

Туга на часткі разрывае сэрца.

Я так любіў яе і так нядбайна

Рызыкаваў яе жыццём і маладосцю.

 

Дзесьці далёка чуваць глухія стрэлы.

 

Зяма

Вы чуеце, страляюць!

 

Валошын

Мусіць, нашы...

 

Сімха

Пашлі ім, доля, добрую удачу.

 

Крадучыся, ідзе Шчырэц і яшчэ некалькі партызан.

 

Валошын

А вы куды?

 

Шчырэц

Куды? Дахаты.

 

Валошын

Стой!

Спужаўся, баязлівая душа?

Уласную сваю ратуеш скуру,

Калі нам трэба ратаваць другіх?

 

Шчырэц

А для чаго нам лезці на пагібель?

Ты ведаеш, на што ішла Тацяна:

Каб весткі важныя прынесці нам

Ці каб пабачыцца з сваім каханкам?

 

Валошын

З каханкам, ты сказаў?!. Васіль Шчырэц!

Я куляю заткну тваё старое горла!

 

Шчырэц

Не пойдзем мы на верную пагібель,

Каб ратаваць для некага дзяўчат.

Нам трэба ратаваць саміх сябе.

 

Валошын

А як жа, як ты будзеш ратавацца?

Пакуль не маем мы ніякіх вестак,

Дзе нашы часці, дзе свабодны шлях,—

Не рушым мы адгэтуль ні на крок.

І мы павінны вызваліць Тацяну.

 

Шчырэц ...

А нашы дзеці, хаты і палеткі?

Ты — гарадскі, табе бяда малая:

Тваіх палёў жаўнеры не патопчуць,

Дзяцей не скрыўдзяць, хаты не запаляць..

Хто ж абароніць нас і нашы сем’і?

 

Партызан

Ён праўду кажа: трэба ратавацца.

 

Валошын

Вар’яты вы! Малыя дзеці! Смешна:

Як будзеце вы ратаваць сям’ю,

Калі сям’я твая даўно ў турме?

Як будзеце вы ратаваць сябе,

Калі адгэтуль вам дарог няма?

 

Шчырэц

Нячыстая мяне звязала з вамі.

 

Зяма

Ой, там ідуць.

 

Валошын

Ідуць? Чужыя? Нашы?

 

Сімха

Даніла Карабан, Даніла... Нашы!

 

Валошын

Тацяна з імі, там?

 

Зяма

Тацяна? Там!

 

Валошын

Якія ж весткі ў іх. Пайду насустрач.

 

Выходзіць. Зяма злазіць з дрэва.

 

Шчырэц

Пры нас і сустракацца не жадае.

 

Сімха

А ты, Васіль Шчырэц, ізноў сваё.

А бачыш, як ты горка памыліўся?

 

Шчырэц

Ды чорт яго тут разбярэцца з вамі!

 

Уваходзіць Даніла Карабан, за ім група партызан, Тацяна і Валошын.

 

Карабан

Здарова, малайцы!

 

Шчырэц

Здароў! А дзе ж Тацяна?

 

Карабан

А мы яе пад варту ўзялі,

Каб з панамі не гуляла,

Нашых душ не засмучала.

 

Сімха

Тацяначка, хадзі пад мой нагляд,

І не падступіцца ніякі гад.

 

Валошын

Яна змарылася.

 

Карабан

Пусціце сесці.

 

Сімха

А можа, Таня хочаш есці?

Я тут за кухара слыву

І крупнік, брат, такі звару,

Што пан палкоўнік будзе есці...

 

Карабан

Калі над ім з вінтоўкай сесці.

 

Тацяна

Сябры мае, нічога мне не трэба,

Я не стамілася, я проста — рада,

Расчулена увагай вашай, ласкай...

Ды горка мне што зараз недзе там

Азорыча караюць, б’юць і мучаць.

Таварышы, ратуйце вы яго

Усімі сіламі, якія ёсць.

 

Валошын

Пагібельная справа: мы не можам А

хвяраваць усім за аднаго.

 

Тацяна

Бесчалавечны ты!

 

Валошын

Не я, а ты:

Я бараню жыццё людзей і справу,

А ты свайго...

 

Тацяна

Каго? Валошын,

Відаць, ты мала ведаеш мяне

І забываешся, што нам Азорыч

Дастаў каштоўныя надзвычай весткі,

А мы яго кідаем на пакуты.

 

Валошын

Навошта кроіш ты маю душу?

Ты ведаеш, я сам яго люблю,

Аднак ніякага не маю права

Рызыкаваць. Асудзіць і Азорыч,

Калі яго наказаў не даставім.

Сябры, Тацяна атрымала весткі,

Што горад здраднікі здалі без бою.

На шчасце, у паноў не многа сіл.

Калі б цяпер па іх ударыць дружна,

Напэўна, што Барысаў быў бы наш.

Вось гэта трэба перадаць у штаб,

А лепш за ўсё — Сярго Арджанікідзе.

Што ж нам рабіць?

 

Карабан

Прабіцца цераз фронт!

Ударыць і прарвацца!

 

Валошын

Рызыкоўна.

Загінем самі і загубім справу.

Я думаю, што лепш паслаць людзей тайком,

Так... Чалавекі два, а можа, тры.

Адзін загіне — данясе другі,

Другі загіне — трэці дабярэцца.

Для гэтай труднай і пачэснай справы

Мне трэба двух адважных чалавек.

 

Тацяна

Я панясу сама.

 

КарабанІ

І я не зломак.

 

Сімха

Няхай Валошын выбірае сам.

 

Валошын

Даніла двое сутак на нагах.

Ён застанецца тут за камандзіра.

А пойдзе... Штэйнар і... Тацяна Марыч.

Збірайцеся, мы зараз жа і рушым.

Даніла, падрыхтуй Тацяне зброю.

 

Усе, апрача Валошына і Тацяны, выходзяць.

 

А ў чым ты пойдзеш? Ты ж уся азябла.

Бяры пінжак.

 

Тацяна

А як жа ты, Адась?

Ты ж можаш прастудзіцца праз мяне.

 

Валошын

Бяры, бяры. Я праз цябе, на жаль,

Заўсёды гарачуся, а не стыну.

Даруй, Тацяна, мне.

 

Тацяна

За што?..

 

Валошын

Скажы,

Ён вельмі мучыцца?

 

Тацяна

Азорыч? Вельмі.

Хоць і стараецца не паказаць.

 

Валошын

Я страціў шмат сяброў, але ніколі

Мне гэтак цяжка не было, Тацяна.

Азорыч — мой старэйшы друг. Калісьці

Ён першы вочы мне раскрыў на праўду,

Наўчыў змагацца з крыўдай і няволяй.

Успамінаецца, як у вайну

Мы з ім ляжалі разам у акопах,

Чыталі ўпотай розныя лістоўкі

І марылі аб новых, лепшых днях.

І вось... разбіты нашы мары. Цяжка!

 

Тацяна

Ты не сумуй, Адась. А можа быць,

Што нашы часці скора падаспеюць

І выратуюць.

 

Валошын

Будзем спадзявацца,

Калі ён выжыве да тых часоў.

 

Уваходзіць Даніла Карабан.

 

Карабан

А вось і я. Аб кім ідзе размова?

 

Валошын

Ну, я пайду збірацца, будзьце тут.

(Выходзіць.)

 

Тацяна сядзіць задуменная.

 

Тацяна

Які ён слаўны!

 

Карабан

Хто?

 

Тацяна

Адась.

Карабан

Валошын?

Звычайны чалавек, такі, як я.

 

Тацяна

Гарачы толькі.

 

Карабан

Ён? Як рыба, што ты!

Вось я — гарачы гэта праўда. Знаеш.

Калі б мяне любілі, як яго,

Я не пінжак, кашулю зняў бы з плеч

І то не змёрз бы. Гэта, значыць, сэрца!

 

Тацяна

Я не пра тое гавару, Даніла,

Я гавару, што ён залішне строгі.

 

Карабан

І асабліва, мусіць, да цябе.

Таму, відаць, баішся ты сказаць,

Як ты яго кахаеш.

 

Тацяна

Карабан,

Навошта ты жартуеш так няўдала?

 

Карабан

Даруй, даруй, Тацяна, мір.

Давай Узброю я цябе, нібы Антанту.

Страляць умееш? Вось табе наган,

А вось патроны. Захавай іх добра.

 

Уваходзяць Валошын і партызаны.

 

Валошын

Гатовы?

 

Тацяна

Я гатова.

 

Валошын

Сімха Штэйнар?

Штэйнар

(уваходзячы з некалькімі партызанамі).

Тут, камандзір.

 

Валошын

Пайшлі, таварышы,

Пайшлі. Да скорага спаткання, хлопцы.

Жывіце дружна, слухайце Данілу,

Трымайце сувязь цесную з мястэчкам,

Сачыце за Азорычам. А мы...

Мы пастараемся зрабіць усё,

Каб падаспець яму і вам на помач.

 

Галасы.

Шчасліва вам! Да скорага спаткання!

 

Валошын, Тацяна і Штэйнар выходзяць.

 

 

Малюнак пяты

Станцыя Прыяміна. Штаб чырвонаармейскай часці. Два вакзальныя пакоі: пасажырская зала і пакой дзяжурнага. У пакоі дзяжурнага тэлеграф і тэлефон, а ў зале стаіць стол, завалены паперамі, па сцяне вісяць карта і розныя плакаты. У штабе Баяновіч і Казімер Бэсман.

 

Баяновіч

Пакіньце жартаваць!

 

Бэсман

Я не жартую.

 

Баяновіч

Вы самі бачылі?

 

Бэсман

Я сам не бачыў,

Але мне перадалі нашы людзі:

Тарас Азорыч перайшоў к панам.

 

Баяновіч

Якая здрада!.. Не магу паверыць.

 

Бэсман

Паверыць цяжка. Сам бы не паверыў,

Ды мне назвалі вельмі падрабязна

І час і месца, дзе ён перайшоў,

І тут ужо сумненняў быць не можа.

 

Баяновіч

Падлец! Нанесці гэтакі удар!

Вы разумееце, таварыш Бэсман,

Былы камбрыг і камандзір палка

За здачу горада пайшлі пад суд.

Я — новы чалавек, кругом разлад,

Байцы стаміліся, рэзерваў мала,

Дзе супраціўнік наш — ніхто не знае...

У нас была надзея, што Азорыч

Дастане весткі, выручыць з бяды...

Зарэзаў ён мяне!

 

Бэсман

А вы пры чым?

 

Баяновіч

Ды мне ж загад узяць назад Барысаў.

 

Бэсман

Узяць Барысаў? Я не разумею:

Ці я вар’ят, ці ў штабе звар’яцелі.

Каля Барысава стаіць брыгада,

Уланы абышлі наш правы фланг,

У тыле з бандай ходзіць Семянюк,

І думаць аб Барысаве — вар’яцтва.

 

Баяновіч

А што ж мне выбіраць — ісці пад суд?

 

Бэсман

А вы ім давядзіце, што загад

Аб наступленні зараз на Барысаў —

Фантазія штабных. Каб наступаць,

На падрыхтоўку трэба тыдні два.

Я гавару вам на падставе вестак,

Якія сам сабраў.

Баяновіч

Вы — маладзец!

 

Уваходзіць Мелех.

 

Мелех

Таварыш камандзір, у трэцім батальёне

Пяць чалавек не выйшла на паверку.

 

Баяновіч

У дэзерцірах?

 

Мелех

Не, на месцы ўсе.

 

Баяновіч

Хто батальённы камандзір?

 

Мелех

Дамейка.

 

Баяновіч

Пяць чалавек арыштаваць. Дамейку...

Вы, здэцца, добра знаеце Дамейку?

 

Бэсман

Былі у школе прапаршчыкаў разам.

 

Баяновіч

Што ён за чалавек?

 

Бэсман

Ну, як сказаць...

Ён чалавек не падазроны.

 

Баяновіч

Мелех,

Паведаміце, што я там буду сам.

 

Мелех

Я слухаю.

(Выходзіць.)

 

Бэсман

Мне можна ў часць ісці?

 

Баяновіч

Пакіньце зводку вашых вестак мне

І можаце ісці. Ну, я паехаў.

(Выходзіць )

 

Бэсман

Дамейка маладзец, не спіць у шапку.

А весткі я вам дам. (Піша.) Нічыпар Мелех!

 

Уваходзіць Нічыпар Мелех.

 

Мелех Я слухаю.

 

Бэсман

Перадасі камбрыгу.

(Кладзе напісаную ім зводку на стол.)

А ты усё, гаротнік, служыш? А?

 

Мелех

Служу.

 

Бэсман

Эх, шкода мне цябе, службіст!

Стары салдат, у доме жонка, дзеці,

А бачыць іх не давядзецца, мусіць...

Ты чуеш, а?

 

Мелех

Я слухаю цябе.

 

Бэсман

Нам вельмі крута, брат. Азорыч збег.

А мы, дурныя, будзем ваяваць,

Пакуль і не пагінем. Ну, бывай!

(Выходзіць.)

 

Мелех

Вось і мяркуй, як хочаш тут. Алёшка

 

Уваходзіць Алёшка Семізвон.

 

Семізвон

Ну што?

 

Мелех

Хадзі сюды. Ты чуў ці не?

 

Семізвон

А што?

 

Мелех

Азорыч, кажуць, недзе збег.

 

Семізвон

Давай дамоў, Нічыпар!

 

Мелех

Не магу,

Я шосты год ваюю, і нязручна

Пабітаму варочацца дамоў.

 

Алёшка

Яно, канечна, трэба ваяваць...

Гавораць, сам Арджанікідзе тут.

 

Мелех

Каб ён прыехаў, ён бы разабраўся!

Пабудзь, а я пайду вазьму вячэру.

(Бярэ кацялок і выходзіць.)

 

Алёшка

Эх, чорт, благія справы, Аляксей!

Ісці дахаты нейк не выпадае,

А заставацца тут таксама страшна...

 

Уваходзіць Сярго Арджанікідзе. Ён у армейскім шынялі і шлеме.

 

Сярго

Дзень добры, друг!

 

Алёшка

Дзень добры і табе!

 

Сярго

Ну, як ваюецца?

 

Алёшка

А паспрабуй,

Пазнаеш сам.

 

Сярго

Я спрабаваў.

 

Алёшка

І што ж?

 

Сярго

Нішто, дармо, калі умела біцца.

 

Алёшка

За пяць гадоў наўчыліся.

 

Сярго

Не вельмі!

Барысава, нябось, не адстаялі?

 

Алёшка

Папробуй адстаяць, калі іх процьма.

 

Сярго

Каго?

 

Алёшка

Паноў.

 

Сярго

А колькі іх? Дакладна?

 

Алёшка

А чорт іх ведае!

 

Сярго

А дзе стаяць?

 

Алёшка

(да Нічыпара Мелеха, які пры гэтым зайшоў у пакой з кацялком у руках):

Глянь, прычапіўся чалавек! Стаяць...

Калі б мы ведалі!..

 

Сярго

А што ж разведка?

Хадзілі вы да іх?

 

Алёшка

Схадзі, брат, сам,

Калі ты гэтакі храбрэц.

 

Сярго

А ты?

Баішся? А?

 

Алёшка

Баюся.

 

Сярго

(да Нічыпара Мелеха).

Ну, а ты?

Няўжо ж у вас сярод усіх людзей

Ніводнага адважнага няма?

 

Мелех

А ты чаго выпытываеш тут?

Ты хто такі? Падай дакумант мне.

 

Сярго

Я з штаба арміі, Арджанікідзе.

 

Алёшка

Арджанікідзе? Сам Арджанікідзе?

Не можа быць! Чытай, Нічыпар. Ну?

 

Мелех

(прачытаўшы пасведчанне).

Паперы быццам бы ў парадку ўсе.

 

Алёшка

Уліп.

 

Сярго

А ты, скажы мне, хто такі?

 

Мелех

А я, таварыш камісар, дзяжурны...

Па сувязі... Нічыпар Мелех.

 

Сярго

Добра.

 

Мелех

Нядобра нейк я вас прыняў, таварыш..

 

Сярго

Нічога, дарагі, нічога, добра.

А ты... як зваць?

 

Алёшка

Алёшка Семізвон.

 

Сярго

А ты, Алёшка Семізвон, глядзі,

Не гавары, не ведаючы з кім.

 

Алёшка

Ёсць, камісар!

 

Сярго

Пакліч камбрыга.

 

Алёшка

Ёсць!

 

Алёшка Семізвон выбягае.

 

Сярго

Сядай, таварыш Мелех, закусі.

 

Мелех

А можа... вы?

 

Сярго

А хопіць нам на двух?

 

Мелех

Павінна.

Сярго

Што ж, дай лыжку, паспрабую.

У арміі даўно?

 

 

Мелех

Пяць год ужо.

 

Сярго

Абрыдала?

 

Мелех

Абрыдала нашчэнт.

 

Сярго

Дадому хочацца?

 

Мелех

Не гавары.

 

Сярго

А дома як, жывуць нішто?

 

Мелех

Нішто...

Ды крыўдзяць іх, зямлі не хочуць даць.

 

Сярго

Ты камандзіру гаварыў?

 

Мелех

Казаў...

Малы ім клопат.

 

Сярго

Дай твой адрас.

Папробую табе дапамагчы.

 

Мелех

Сяло Высокае, Цвярской губерні.

 

Сярго

Так, вельмі добра. А скажы мне, Мелех,

Чаму парадку тут у вас няма?

 

Мелех

Змарыліся.

Сярго

Не тое, хтосьці шкодзіць...

 

Мелех

І кожны шкуру беражэ сваю.

 

Сярго

Вось, вось! Такіх няшчадна трэба біць!

 

Мелех

Ды людзі ж гэта, камісар! Дармо,

Што ўсе яны з звярынаю душой,

А глянеш, як яны дубеюць, мокнуць,

І шкода неяк стане. Як жа біць?

 

Сярго

А немцаў біў? Белапалякаў б’еш?

 

Мелех

Там — ворагі...

 

Сярго

А тут? А гэта? Той,

Хто разлагае армію знутры,

Той самы подлы, самы страшны вораг.

 

Уваходзіць камбрыг Баяновіч.

 

Баяновіч

З’явіўся згодна вашаму загаду.

 

Сярго

Вы камандзір брыгады, Баяновіч?

Вы можаце ісці, таварыш Мелех.

 

Нічыпар Мелех выходзіць.

 

Сядайце. Я даволі пахадзіў,

Пагаварыў з байцамі вашай часці

І не магу павіншаваць вас з тым,

Што я застаў. Няма парадку ў вас.

 

Баяновіч

Таварыш...

 

Сярго

Пачакайце! Часць старая,

Народ абучаны, страляць умее,

А поспехаў у вас чамусь няма.

У чым жа справа тут? Дзе корань зла?

Хто вінаваты? Мы — і ты і я.

Так, дарагі таварыш, толькі мы.

Не ўмееце камандаваць як след.

 

Баяновіч

Я два гады камандаваў палком.

 

Сярго

Я сам з вусамі? Вусы, сапраўды,

Вялікія ў цябе, а дысцыпліны —

Усё ж няма. Вось і хадзі з вусамі.

 

Баяновіч

Вы крыўдзіце, таварыш камісар.

 

Сярго

Крыўдуйце не крыўдуйце — ваша справа,

А ўсё, што бачу я,— не дысцыпліна.

 

Баяновіч

На жаль, адзін у полі не ваяка.

 

Сярго

Чаму адзін?

 

Баяновіч

Таму, што камісар

Наважыў сам чамусь ісці ў разведку

І перайшоў да ворага.

 

Сярго

Азорыч?

Як вам не сорам паўтараць паклёп?!

 

Баяновіч

Здаецца, гэта не паклёп, а праўда:

Азорыча няма чацвёрты дзень.

Начальнік нашай коннае разведкі

Паведаміў сягоння, што яму

Сказалі, быццам бы Азорыч там.

 

Сярго

Азорыча я знаю асабіста:

Калі ён там, дык не па ўласнай волі,—

Напэўна здарылася з ім няшчасце.

Тым больш вы абавязаны былі

Рассеяць паніку, зрабіць парадак

І згуртаваць увесь народ.

 

Баяновіч

Народ

Не пра вайну гамоніць, а пра дом.

 

Сярго

Мой дарагі, а вы пра іхні дом

Хоць трохі думаеце?

Вам вядома,

Ці далі сем’ям іх зямлю, ці не?

 

Баяновіч

Не наша гэта справа.

 

Сярго

Наша справа!

Аб дзецях і бацьках тваіх байцоў

Павінен першы клапаціцца ты,

 

Баяновіч

За няньку быць і ваяваць — не ўмею.

 

Сярго

Я гэтага ад вас не патрабую!

Але вам трэба ведаць, што байцы

Пакінулі бацькоў, дзяцей і жонак

І думаюць: а як яны жывуць?

Ці ёсць у іх там хлеб? карова? хата?

І ты павінен ім дапамагаць

У іхніх клопатах.

Павінен ведаць,

Чым ты камандуеш, таварыш мой.

Так, дарагі.

 

Баяновіч

Я толькі трэці дзень

Камандую брыгадай.

 

Сярго

Часу досыць,

Каб выканаць загад і ўзяць Барысаў.

Вы разумееце, мяне таксама

За гэта па галоўцы не пагладзяць,

І вашаму пакорнаму слузе

Даць справаздачу прыйдзецца ЦК.

Сягоння я пытанне стаўлю рубам:

Праз колькі дзён вы зоймеце Барысаў?

 

Баяновіч

На гэта мне спатрэбіцца два тыдні.

 

Сярго

Барысаў будзе наш праз дні... чатыры.

Я цвёрда ведаю. Не знаю толькі,

Вы будзеце камбрыгам там ці не.

Тут ваша справа, выбірайце самі.

 

Баяновіч

Праз дні чатыры нельга аніяк.

Праз тыдзень — можа...

 

Сярго

А праз трое сутак?

Які на гэта будзе ваш адказ?

 

Баяновіч

Я пастараюся...

 

Сярго

Тады запішам:

Барысаў зоймем цераз двое сутак,

Чаго ж вы маўчыце? Не зоймем, а?

 

Баяновіч

Не ведаю.

 

Сярго

Патрэбна толькі верыць,

І перамога будзе наша, друг.

Якая вам патрэбна дапамога?

 

Баяновіч

Людзей няма, асноўнае — людзей.

 

Сярго

Людзей я абяцаць вам не магу.

Што вам яшчэ?

 

Баяновіч

З харчамі, з хлебам дрэнна.

 

Сярго

Я знаю, хлеб даставяць. Што яшчэ?

 

Баяновіч

Абутку малавата.

 

Сярго

Колькі трэба?

 

Баяновіч

Ну, хоць для самых босых — трыста пар.

 

Сярго

Не будзе многа?

 

Баяновіч

Гэта сама меней.

 

Сярго

Я дам усё, але глядзіце мне,

Каб цераз двое сутак быў Барысаў.

З пазіцыі якія весткі ёсць?

 

Баяновіч

Вось самыя апошнія навіны.

 

Падае зводкі, Сярго чытае.

 

Сярго

Дзе ж супраціўнік ваш? То ён вось тут,

То ён вось там. Нядобра! Што? Мана!

Там столькі сіл не можа быць.

Туды пасланы быў бронецягнік,

Бронецягнік дайшоў да вёскі Стайкі

І супраціўніка нідзе не стрэў.

Разведка хлусіць! Хто прыносіў весткі?

 

Баяновіч

Начальнік коннае разведкі Бэсман...

 

Сярго

Той самы, значыць, што даставіў чуткі

І пра Азорыча?

 

Баяновіч

Той самы, так.

 

Сярго

Відаць, ён толькі чуткамі й жыве.

А гэта?

 

Баяновіч

Макарэнка.

 

Сярго

Макарэнка.

Што затрымаў адзін узвод паноў?

 

Баяновіч

Ён сам.

 

Сярго

А ну, паклічце!

 

Баяновіч

Зараз.

(Выходзіць.)

 

Сярго

Мелех!

 

Уваходзіць Нічыпар Мелех.

 

Мелех

Я слухаю.

 

Сярго

Звяжыся, друг, са штабам

І пазаві начальніка снабжэння.

 

Мелех

Я слухаю.

(Выходзіць.)

 

Сярго

Няўжо за гэты час

Паны маглі сабраць такія сілы?

Не можа быць.

 

Мелех

(З суседняга пакоя.)

Таварыш камісар,

Начальнік ёсць.

 

Сярго ідзе да тэлефона.

 

Сярго

Начальнік па снабжэнню?

Дзень добры! Што? Арджанікідзе, так.

Вы чым займаецеся? Вам вядома,

Што людзі тут сядзяць зусім без хлеба?!

Няма — чаго? Вагоны скора будуць:

Я сёння з Оршы выслаў тры пляцоўкі.

Паклапаціцеся адправіць так,

Каб раніцой былі прадукты тут.

Пад вашую адказнасць. Па-другое,

Прышліце мне абутку трыста пар.

Няма? А ў Віцебску? Вось гэта блага.

Ну што ж, нічога не папішаш. Так...

Усё. Бывайце. Блага!

Як жа быць?

Дзе нам дастаць абутку, Мелех, а?

 

Мелех

Я слухаю.

 

Сярго

А ты мне лепш скажы.

 

Мелех

Не ведаю.

 

Сярго

І я таксама, друг. (Задумаўся.)

 

Уваходзіць Баяновіч.

 

Сярго

Чакай, знайшлі! Таварыш Баяновіч,

А што ў кавалерыйскай ёсць абутак?

 

Баяновіч

Напэўна, ёсць.

 

Сярго

Пазычце.

 

Баяновіч

Не дадуць.

 

Сярго

Чаму? Што за мясцовыя настроі!

 

Баяновіч

А хто ж ім будзе аддаваць?

 

Сярго

Я сам.

Аддам вось гэтыя свае лакіркі.

Чаго ўсміхаешся, таварыш Мелех?

 

Мелех

Няважныя лакеркі, камісар.

Не возьмуць іх.

 

Сярго

Нічога, возьмуць, Мелех.

 

Мелех

Вы падашліце іх увечар нам,

Дык нашы хлопцы тут паставяць латку.

 

Сярго

А гэта ўжо хіба пасля вайны.

 

Мелех

Як знаеце, таварыш камісар. (Выходзіць.)

 

Сярго штосьці піша.

 

Сярго

Таварыш Баяновіч, вось запіска,

Пашліце з ёю зараз чалавека,

І ён даставіць вам абутак.

 

Баяновіч

Добра.

 

Сярго

Вы па людзей паслалі?

 

Баяновіч

Бэсман тут.

 

Сярго

Гукніце, хай заходзіць.

 

Баяновіч

Зараз клікну. (Выходзіць.)

 

Сярго разглядае карту.

 

Сярго

Няважныя, зусім благія справы.

Без вестак палкаводзец не ваяка.

І як магло зрабіцца, што Азорыч

Так па-дзівацку трапіў да паноў?

 

Уваходзіць Бэсман. Ён пільна прыглядаецца да Арджанікідзе. Сярго заўважае яго толькі праз нейкі час.

 

Сярго

Ты хто такі?

 

Бэсман

Казімер Бэсман.

 

Сярго

Чын?

 

Бэсман

Начальнік коннае разведкі.

 

Сярго

Ты!..

Ты як стаіш?! Ты перад кім стаіш?!

Расхлістаны, абвіслы... Камандзір!

Паправіць рэмень, зашпіліцца. Так.

Сядайце, Бэсман, раскажыце мне,

Адкуль дасталі вы такія весткі?

 

Бэсман

Я сам хадзіў на фронт.

 

Сярго

І асабіста

Сабралі весткі там?

 

Бэсман

Канечна, так.

 

Сярго

Дык пад Барысавам стаіць брыгада?

Вы самі бачылі?

 

Бэсман

Так, бачыў сам.

 

Сярго

Не разумею. А скажыце мне,

Масты наведзены?

 

Бэсман

Паромы ходзяць.

 

Сярго

А як на правым флангу — многа сіл?

 

Бэсман

Дакладна не магу сказаць, але...

Наш правы фланг глыбока абышлі:

У Хохлаве,

у Рудні — скрозь паны.

 

Сярго

А пад Барысавам?

 

Бэсман

Я ўжо сказаў,

Што пад Барысавам стаіць брыгада.

 

Сярго

А наш бронецягнік дайшоў да Стаек

І супраціўніка нідзе не стрэў.

 

Бэсман

Не ведаю.

 

Сярго

Відаць, што пан схаваўся.

Вы што ж такі пануры, невясёлы?

 

Бэсман

У нас вясёлага не вельмі шмат.

 

Сярго

Пачуцце гумару прыносіць сілу.

Нічога больш не скажаце, начальнік?

 

Бэсман

Я расказаў усё.

 

Сярго

А што Азорыч?

 

Бэсман

Я думаў, гэта вам ужо вядома.

 

Сярго

Мне хочацца пачуць ад вас саміх.

 

Бэсман

Я новага нічога не дадам,

Бо мы з ім развіталіся ля Стаек:

Я ўзяў кірунак проста ўздоўж чыгункі,

А камісар пайшоў на Слабаду.

Крыху пазней, у Рудні, я дачуўся,

Нібы Азорыч перайшоў к панам.

 

Сярго

Ён быў адзін?

 

Бэсман

Здаецца... Не! Чакайце...

За ім пайшоў яшчэ адзін баец.

 

Сярго

І гэта ўсё?

 

Бэсман

Усё.

 

Сярго

Ну, што ж, ідзіце.

 

Бэсман выходзіць; у дзвярах ён сутыкаецца з Баяновічам.

 

Бэсман

Што за камедыя?

 

Баяновіч

Якая? Дзе?

 

Бэсман

Здаецца, мне не хочуць давяраць?

(Ён крута павярнуўся і выйшаў.)

 

Сярго

Таварыш Баяновіч...

 

Баяновіч

Я.

 

Сярго

Скажы,

Хто гэты Бэсман?

 

Баяновіч

Быўшы афіцэр.

У нас ён, здэцца, больш ужо за год.

 

Сярго

Ён рэдка усміхаецца.

 

Баяновіч

Не, ён вясёлы,

З байцамі ён жартуе вельмі часта.

 

Сярго

А Макарэнка ёсць?

 

Баяновіч

Прыйшоў.

 

Сярго

Пакліч.

 

Баяновіч выходзіць; з-за сцэны чуваць яго голас.

 

Баяновіч

Таварыш Макарэнка, к камісару!

 

Уваходзіць малады баец Макарэнка.

 

Макарэнка

Дазволіце зайсці?

 

Сярго

Давай, давай.

 

Макарэнка

Баец дзевятай роты Макарэнка.

 

Сярго

Прыемна. Рад. Сядай. Глядзі які!

А мне здавалася, што ты асілак.

 

Макарэнка

Я й не слабы, таварыш камісар,

Хаця звычайны, гэтакі ж, як быў...

І вы такі ж, як і раней былі.

 

Сярго

А дзе мы сустракаліся з табой?

 

Макарэнка

У васемнаццатым... На Украіне...

Не помніце? Зімой, як немцаў білі?

 

Сярго

Успамінаю, верна... Памужнеў!

А я намнога пастарэў?

 

Макарэнка

Ані.

 

Сярго

Ну, гавары! Глядзі, маршчыны скрозь.

 

Макарэнка

Жыццё заўсёды пакідае след.

 

Сярго

Філосаф!

 

Макарэнка

Што ж, даводзіцца часамі думаць,

Без гэтага жывым маркотна жыць.

 

Сярго

Вось гэта ісціна. А раскажы,

Як ты адзін супроць паноў змагаўся.

 

Макарэнка

Даруйце мне, таварыш камісар.

Ну, праўда, быў загад нам адступіць.

А глянуў я кругом — прыгожы край,

Зялёны, залацісты, поўны песень...

І вось яго патопчуць капытамі,

Зальюць крывёй людскою і слязьмі.

І зашчымела сэрца моцна, моцна.

Забыўся на загад, на ўсё на свеце,

За кулямётам лёг і гавару:

Нічога не ўступлю панам —

Ні лесу цёмнага, ні жоўтых стэпаў,

Ні ясных зор, ні спелых вішань,

Ні песень нашых, сумных і вясёлых.

Усё — маё, усё — народнае і наша!

Канечна, быў загад нам адступіць...

Не падчыніўся... сэрца падвяло.

 

Сярго

Геройства паказнога нам не трэба,

А ненавісць да ворагаў сваіх,

Сваю святую любасць да краіны

У благародным сэрцы беражы.

Паклікаў я цябе не для вымовы.

Ты раскажы, адкуль табе вядома,

Што пад Барысавам не многа сіл?

 

Макарэнка

Я быў сягоння ноччу у разведцы.

 

Сярго

І сам праверыў?

 

Макарэнка

Мне казалі людзі.

 

Сярго

Надзейныя?

 

Макарэнка

Сяляне, нашы людзі.

 

Сярго

А Бэсман тут нядаўна гаварыў,

Што пад Барысавам стаіць брыгада,

І ў Хохлаве, у Рудні — скрозь паны.

 

Макарэнка

Вось гэта ўжо хлусня! Сягоння ўночы

Я сам хадзіў у Хохлава, і там —

Ніводнага салдата. Сам я бачыў.

 

Сярго

І ён гаворыць, сам. Дык як жа так?

 

Макарэнка

За Хохлава ручаюся жыццём:

Ніводнага салдата там няма.

 

Сярго

А пра Азорыча не чуў нічога?

 

Макарэнка

Нічога.

 

Сярго

Штосьці дзіўна... Вельмі дзіўна!

Вось што яшчэ, таварыш Макарэнка:

Мне трэба некалькі адборных малайцоў,

Адважных і напорыстых, як ты.

 

Макарэнка

Такіх, як я, у нас не вельмі многа,

А лепшых я магу знайсці вам безліч.

 

Сярго

Цудоўна, друг. Народ надзейны, пэўны?

 

Макарэнка

За іх ручаюся, як за сябе.

 

Сярго

У дзевяць вечара будзь з імі тут.

Прыходзьце ўзброеныя, як да бою.

Усё.

 

Макарэнка

Дазволіце ісці?

 

Сярго

Бывай!

 

Макарэнка выходзіць. За акном на пероне чуваць песня «Над Бярозай-ракой». Сярго падыходзіць да акна, задуменна напяваючы:

 

«Над Бярозай-ракой, над далінаю

Заігралі гарністы паход:

— Узнімайся, сям’я сакаліная,

Уставай на змаганне, народ!»

А песня верная. З такою песняй

Чырвоныя палкі падымуць сцяг,

Згуртованыя рушацца на бой,

Я сам ім пакажу надзейны шлях.

І горад наш, клянуся галавой,

Барысаў будзе наш! Што там за шум?

 

З перона даносяцца ўзбуджаныя галасы Штэйнара і вартавога.

 

Сімха

Ды прапусці ж ты, добры чалавек!

 

Адпіхае вартавога і заходзіць у пакой. За ім уваходзяць Валошын і Тацяна.

 

Сімха

Галоўным камісарам будзеш ты?

 

Сярго

Як быццам — я.

 

Сімха

Арджанікідзе?

 

 

Сярго

Так.

 

Сімха

Дзень добры вам!

 

Валошын

Таварыш камісар,

Мы перайшлі з-за фронту, з Слабады...

 

Сярго

Вы з Слабады? Сябры мае!.. Сябры!

Вось гэта здорава! Што там чуваць?

 

Тацяна

Нам перадаў Азорыч...

 

Сярго

Дзе ён сам?

Валошын

Арыштаваны.

 

Сярго

Як жа ён патрапіў?

 

Тацяна

Яго прадаў адзін знаёмы.

 

Сярго

З нашых?

 

Тацяна

На вуліцы ён быў у нашай форме,

А ў штабе ў іх — у форме афіцэра.

 

Сярго

Пазналі б вы яго?

 

Тацяна

Ва ўсякі час.

Я нават помню, што яго назвалі

Паручнік Завішынскі.

 

Сярго

Гэта добра.

 

Тацяна

Скажыце, нельга вызваліць яго?

 

Валошын

Як можна, Таня, гаварыць аб гэтым,

Калі ёсць болей важныя задачы.

 

Сярго

Жыццё людзей таксама, друг, не дробязь,

Тым больш жыццё такога чалавека.

Я абяцаць напэўна не магу,

Аднак усё, што толькі можна, зробім,

Каб зноў вярнуць Азорыча на волю.

А як вы з ім звязаліся, сябры?

 

Сімха

Цераз яе, таварыш камісар,

Яна прабралася да самых крат.

 

Сярго

Вы — смелая! І што ж ён перадаў?

 

Тацяна

Барысаў здраднікі здалі без бою.

У ворага пакуль што мала сіл.

І горад можна нам узяць ізноў.

 

Сярго

Мы так і думалі. Якія ж сілы

У іх па гэты бок ракі Бярозы?

 

Сімха

Ды сілы невялікія.

 

Сярго

Дакладна?

 

Валошын

Дакладна мы не можам вам сказаць.

 

Сярго

А дзе і як размешчаны?

 

Валошын

Не знаю.

 

Сярго

Вось гэта блага. А скажыце мне,

Масты наведзены?

 

Сімха

Мастоў няма.

 

Валошын

Паромы ходзяць.

 

Тацяна

Можна мне прысесці?

 

Сярго

Вы стомлены?

 

Валошын

Не спалі двое сутак.

Сярго

Даруйце, я расхваляваўся вельмі.

Ідзіце ў той пакой. Таварыш Мелех!

 

З сумежнага пакоя ўваходзіць Мелех.

 

Нікога не пускаць, хай адпачнуць.

А покуль вас зусім не зморыць сон,

Раскажаце мне болей падрабязна.

 

Выходзіць з прыйшоўшымі ў другі пакой.

 

Мелех

Турботны чалавек: за ўсіх — клапоты.

 

Праз нейкі час Сярго варочаецца.

 

Сярго

Ужо і спяць. Цікавыя навіны.

Выходзіць, Бэсмап нахлусіў. Праверым.

Нічыпар Мелех, дай мне, друг, Смаленск.

 

Мелех

Я слухаю, таварыш камісар.

(Ідзе ў сумежны пакой да тэлефона.)

 

Сярго

Калі разведка нам удасца сёння,

Дык мы Барысаў забярэм напэўна.

 

Мелех

Смаленск вас слухае.

 

Сярго

Іду, іду.

Смаленск? Я Прыяміна. Арджанікідзе.

Таварыш Сталін там? Паклікаць можна?

Мне вельмі спешна. Добра, я чакаю.

Даруйце мне, што я вас патрывожыў.

Здагадкі вашы правільныя. Што?

Здаецца, што на гэты бок Бярозы

Іх перайшло не вельмі многа. Колькі?

Разведка блытае, гаворыць розна.

Я пасылаю новую разведку.

Хто павядзе яе? Як вам сказаць...

Начальніка яшчэ я не прызначыў.

Тут ёсць адзін надзейны чалавек...

Як прозвішча? Баюся вам сказаць,

Таму што гэта покуль што няпэўна.

Не можа гэта быць? Што, што? Я сам?

Не, не, я не збіраюся. Ды што вы!

У крайнім выпадку, калі нікога

Не будзе іншага, тады — магчыма.

Не дазваляеце? Дык як жа быць?

Я правяду іх толькі да акопаў.

Ну, можа, там яшчэ вярсты са дзве.

Не, не, я буду асцярожны, буду.

Так. Добра. Слухаю. Ніколі, не!

Вы можаце ад нашага імя запэўніць,

Што лепей мы загінем у няроўнай бітве,

А славы партыі не зганьбім адступленнем. Бывайце!

Дзякую за клопат і парады.

 

Уваходзіць камбрыг Баяновіч.

 

Баяновіч

Таварыш камісар, да вас прыйшоў

З байцамі Макарэнка.

 

Сярго

Вельмі добра.

Не помніце, таварыш Баяновіч,

У часці Завішынскага няма?

 

 

Баяновіч

Не помню штось.

 

Сярго

Вы запытайце ў ротных,

Калі такі дзе-небудзь ёсць у нас,

Арыштаваць на месцы, хто б ні быў.

 

Баяновіч

Я слухаю.

 

Сярго

А па-другое. Зараз

У тыл да ворага ідзе разведка.

Начальнікам разведкі буду я.

Пад вашу асабістую адказнасць

Я пакідаю часць. Згуртуйце сілы,

Узорны навядзіце скрозь парадак,

Каб заўтра часць была напагатове.

За ўсякія праявы панікёрства,

Непаслушэнства і варожых дзей

Карайце ўсіх бязлітасна і жорстка.

Я раю, паміж іншым, пасачыць

За Бэсманам.

 

Баяновіч

Я слухаю.

 

Сярго

Усё.

Вы можаце ісці. Бывайце, друг.

 

Баяновіч

Бывайце.

 

Сярго

Клікніце байцоў сюды.

 

Баяновіч выходзіць. Праз некалькі хвілін у пакой заходзяць байцы. Сярод іх Макарэнка і Кузьмін.

 

Галасы

Дзень добры! Добры дзень!

 

Сярго

Вітаю вас.

І ты, Кузьмін?

 

Кузьмін

Таварыш камісар!..

 

Сярго

Хто вам дазволіў выйсці з лазарэта?

Кантужаны, ледзь-ледзь жывы — і ён!

Ну і характар!

 

Кузьмін

Гэткі, як у вас.

 

Сярго

Прабач, я хворы ваяваць не лезу.

 

Кузьмін

А помніце, як на Каўказе вы?..

 

Сярго

Даволі, тут не вечар успамінаў.

Таварышы, я вас усіх паклікаў

Для вельмі важнай і адказнай справы.

А для якой, я зараз растлумачу.

(Падыходзіць і паказвае на карце.)

Дзянікін з поўдня рушыць на Маскву.

Патрэбна кінуць сілы ўсе туды.

Каб развязаць для гэтага нам рукі,

Каб утрымаць Калінкавічы, Гомель —

Цэнтральныя вузлы ад поўдня на Маскву,

Спыніць паноў патрэбна на Бярозе.

І вось мяне паслаў сюды урад

І наказаў узяць назад Барысаў.

Звяртаюся да вас: дапамажыце!

Разведка наша зблытала нашчэнт:

Дзе вораг, колькі сіл у іх — не знае.

Нам трэба з вамі перайсці за фронт,

Прабрацца непрыкметна ў тыл паноў

І аб усім даведацца дакладна.

Калі хто сумняваецца, баіцца,

Хай не ідзе, не замінае нам.

Такія ёсць? Няма? Цудоўна. Мелех!

 

Уваходзіць Нічыпар Мелех.

 

Мелех

Я слухаю.

 

Сярго

Пакліч людзей з атрада.

 

Мелех выходзіць у суседні пакой.

 

Сярго

А вы сягоння елі?

 

Галасы

Елі.

 

Сярго

Добра.

Вінтоўкі ў спраўнасці? Патроны ёсць?

(Правярае вінтоўкі, падсумкі.)

 

Макарэнка

Усё, таварыш камісар, як след.

Мы самі правяралі.

 

Сярго

Малайцы.

 

Уваходзяць Штэйнар, Тацяна і Валошын.

 

Сярго

Ну як, паспалі? Адпачылі трохі?

 

Сімха

Што адпачыць, дык адпачылі добра,

А спаць, таварыш камісар, не вельмі...

 

Сярго

Ну што ж, сябры, крыўдуйце на сябе,

Калі не выспаліся. Зараз нам

Вялікая прадбачыцца работа.

Мне трэба ваш тутэйшы чалавек,

Які мяне правёў бы ў Барысаў.

Хто добра ведае дарогу з вас?

 

Тацяна

Я тысячу разоў туды хадзіла.

 

Валошын

Дык я тады — дзесяткі тысяч раз.

 

Сімха

А я сказаў бы вам, таварыш камісар,

Дык не магу і падлічыць дакладна.

Я балаголам трыццаць восем год.

Памножце іх на трыста з лішнім дзён,

Пасля яшчэ памножце на чатыры,

І мы даведаемся, колькі раз

Праехаў я барысаўскай дарогай.

 

Сярго

Я мушу вам сказаць, што мы ідзем

У вельмі небяспечную дарогу,

У тыл. Вы зразумейце гэта, Штэйнар.

 

Сімха

За вамі я пайду хоць да Варшавы.

 

Сярго

(да Валошына).

Тады вы заставайцеся, мой друг,

І падрыхтуйцеся сустрэць людзей,—

Мы ваш атрад далучым да палка.

А ты таксама не сумуй, дзяўчынка,

Азорыча мы ў крыўду не дадзім.

 

Тацяна

Навек запомню вашу дабрату.

 

Сярго

Ну што ж, сябры, не будзем траціць часу.

Ноч цёмная, якраз нам на руку.

Бывайце, дарагія!

 

Валошын

Добры шлях!

 

Тацяна

Шчаслівай вам дарогі!

 

Сярго

Ну, пайшлі.

Смялей наперад — будучыня наша!

 

Усе, апрача Валошына і Тацяны, выходзяць.

 

Валошын

А ноч, як дзёгаць, не відаць нічога.

 

Тацяна

І дождж ліе.

 

Валошын

Адважны чалавек!

 

Тацяна

Такіх людзей на свеце, мусіць, мала.

 

 

АКТ ТРЭЦІ

 

Малюнак шосты

Местачковы рыначны пляц. У цэнтры стаіць мураваны касцёл, справа — турма, а злева — латкі і крамы. Раніца ў нядзелю. У касцёле звоняць званы. На цвінтары спяваюць жабракі. З групаю афіцэраў праходзяць Свідэрскі і Ксаверы Стрыж.

 

Жабракі

Злітуйцеся, добрыя людзі,

Няхай ваша ласка будзе

Над сляпымі, глухімі,

Над крывымі, нямымі,

Над ўсімі калекамі,

Няшчаснымі чалавекамі.

 

Свідэрскі

Ну, як кірмаш, Ксаверы?

 

Ксаверы

Як даўней!

Я чатырох прыказчыкаў паставіў:

Два ў краме бегаюць, а два — на рынку.

Вось Нохім Штэйнар, там яго унук,—

Усё мае прыказчыкі. Базар

Увесь загружаны маім таварам.

Ды вось няма купцоў, пан капітан.

 

Свідэрскі

Калі я загадаў зрабіць кірмаш,

То будуць і купцы.

 

Ксаверы

Ды дай жа божа!

 

Свідэрскі

Прыехаць сказана усёй акрузе.

Я паважаю мірнае жыццё:

Кірмаш, касцельны звон, дзяўчат...

Вы ж да царквы ці да касцёла?

 

Ксаверы

І сам не ведаю, куды падацца.

 

Свідэрскі

Чаго вам з мужыкамі пхацца.

Хадзем, мой пане, да касцёла,

Там і чысцей і больш вясёла.

Прыгожанькія панны ёсць?

 

Ксаверы

На дзіва!

 

Свідэрскі

Хадзем, панове. Шуму, шуму, Стрыж!

 

Свідэрскі і афіцэры ідуць у касцёл.

 

Ксаверы

Прыказчыкі, жвавей! У, чэрці вы!

(Бяжыць следам у касцёл.)

 

Нохім

Гнутыя палкі,

Тытунь і запалкі,

Шпількі, іголкі

І перац горкі.

 

Зяма

У пана Стрыжа

У краме ляжаць,

Людзям прадаюцца,

Дарам аддаюцца

Найлепшыя тавары

На ўсім базары.

 

Уваходзіць Карабан, пераапрануты так, што яго не пазнаць.

 

Карабан

Купляйце, панове,

На косы брускі,

За сем залатовак —

Чатыры кускі,

Ільга і касу

І язык падвастрыць,

Лягчэй будзе з жонкай

Тады гаварыць.

Навін няма ніякіх?

 

Зяма

Не, няма.

 

Карабан

Відаць, яшчэ не знаюць пра забітых.

Сачы за кожным панскім крокам.

 

Зяма

Добра.

 

Разыходзяцца ў розныя бакі.

 

Жабракі

На калені ўпадаем,

Хрыста праслаўляем,

Памяні таго, божа,

Хто няшчасным паможа.

 

Уваходзіць Сёмка Бегунок.

 

Сёмка

Святы божа, святы крэпкі,

Хто ў цымбалы, а хто ў скрыпкі.

Няшчасныя вы людзі, жабракі.

 

Нохім

А, Сёмка Бегунок! Куды бяжыш?

 

Сёмка

Бягу на раздабыткі,

Падвязаўшы лыткі.

А Нохім у купцы пайшоў, ці што?

 

Нохім

Халера на яго з яго купцамі!

 

Сёмка

А на каго?

 

Нохім

На пана капітана.

Ён выпусціў мяне з турмы ў ярмо,

Прыказчыкам да солтыса Стрыжа.

Ён загадаў купляць і прадаваць.

Ён загадаў цяпер рабіць кірмаш.

Ён паважае мірнае жыццё.

Які тут мір, хваробы ім у бок,

Калі вайна.

 

Сёмка

А чуў, што кажуць?

 

Нохім

Што?

 

Сёмка

На тракце бачылі паноў забітых.

 

Нохім

А дзе?

 

Сёмка

Ды на барысаўскай дарозе.

 

Нохім

Ты, Сёмка, болей не кажы нікому.

 

Сёмка

Ці я дурны?

 

Нохім

Дурны то не дурны,

А падап’еш — язык бывае доўгі.

Няма ў цябе ў жыцці апоры, Сёмка.

 

Сёмка

Бабыль як мае быць. Каўнер шырокі,

А пяты голыя. Які ж тут грунт?

Нічога ў спадчыну не даў мне бацька,

Апроч вядомай прыказкі людской:

«Менш гавары, а болей слухай, Сёмка».

Я загубіў і гэтую апору.

І, праўда, балбачу часамі лішне...

Злосць, Нохім, на жыццё і на людзей.

 

Нохім

На гэты раз папробуй памаўчаць,

Каб не было якой бяды.

 

Сёмка

Маўчы,

Бяда, як дуда:

Станеш дзьмуць —

Слёзы самі ідуць.

Пайду я вып’ю з гора, Нохім, чарку.

 

Нохім

Ізноў? Ты ж, здэцца, піў ужо. Глядзі,

Каб не зашкодзіла на твой язык.

 

Сёмка

Палка на палку шкодзіць,

А чарка на чарку ніколі.

 

Нохім ідзе ў адзін бок, а Сёмка намерыўся ісці ў другі, але яго затрымлівае Ксаверы, які перад гэтым выйшаў з касцёла і чуў канец Сёмкавай размовы з Нохімам.

 

Ксаверы

Аб чым вы гэта, Сёмка, гаварылі?

 

Сёмка

Не ўсё кажы, што ведаеш, мой пане.

 

Сержант

Ты не жартуй, а то й заплакаць можаш.

 

Сёмка

Голы разбою не баіцца.

 

Ксаверы

Вялікай сілы кожны забаіцца.

 

Сёмка

Пашчыплюць вашу сілу вераб’і.

 

Ксаверы

А хто гэта пасмее?

 

Сёмка

Не пасмеюць?

А вось жа пашчыпалі.

 

Ксаверы

Хлусіш, Сёмка.

 

Сёмка

Хлушу?

 

Ксаверы

Канечна.

 

Сёмка

Ну, а што, як праўда?

 

Ксаверы

А чым жа ты дакажаш гэту праўду?

 

Сёмка

А ты схадзі на тракт, і сам пабачыш.

 

Ксаверы

Каго?

 

Сёмка

Жаўнераў вашых перабітых.

 

Ксаверы

Што ты гаворыш? Божа мой!

 

Свідэрскі

Што сталася?

 

Ксаверы

Няшчасце, панічок:

Жаўнераў, кажуць, перабілі нашых.

 

Свідэрскі

Што ты пляцеш? Якіх жаўнераў? Хто?

 

Ксаверы

Напэўна, партызаны, іх работа...

 

Свідэрскі

Ох, насмяшыў! Ва ўсёй маёй акрузе

Ніякіх партызан не можа быць!

 

Убягае жаўнер увесь у балоце.

 

Жаўнер

Пан капітан!..

 

Свідэрскі

Ты хто — жаўнер ці чорт?

 

Жаўнер

Я двое сутак поўз сюды балотам...

На наш канвой напалі партызаны,

Усіх легіянераў перабілі

І павялі дзяўчыну да сябе.

 

Свідэрскі

Дзяўчыну вызвалілі? Чорт!

Сержант! Базар спыніць, тавары ўзяць,

Людзей сагнаць сюды і дапытаць:

Яны павінны ведаць, дзе атрад.

 

Сержант, Ксаверы і жаўнер выбягаюць.

 

Дзяўчыну вызвалілі... Гэта дрэнна...

Калі яна патрапіць да чырвоных —

Загіне ўсё: і друг мой Завішынскі,

І наша справа. Трэба ратаваць.

 

Убягае ўстрывожаны Мікола.

 

Сёмка

Ага,

Спалохаўся!

 

Ксаверы

Ідзі, брат, і маўчы!

Ідзі. На вось табе на чарку, Сёмка.

(Дае грошы.)

 

Сёмка напявае.

 

Сёмка

Я задком, перадком

Перад панам Хведарком;

Не я скачу — няволя:

Загадалі панове.

 

Ксаверы

Адстань жа, Сёмка! Дурань ты набіты!

(Адпіхае Сёмку і шпарка ідзе ў касцёл.)

 

Сёмка

Пастой!.. За што ж ён даў мне грошы, а?

Выходзіць, я зрабіў яму паслугу?

Не выцерпеў і прабрахаўся, Сёмка,

Прадаў, а грошы думаеш прапіць.

Не, наце вам. Маліцеся, людцы,

За грэшнага Сымона Бегунка.

Эх, стварыў мяне бог,

Ды і сам каецца.

(Аддае грошы жабракам і выходзіць.)

 

Жабракі

Каб вам бог здароўя даў,

Скацінку гадаваў,

Хлеба-солі засылаў,

І жыта, і пшаніцы,

І ўсякія пашніцы.

 

З касцёла выходзяць Свідэрскі, за ім сержант і Ксаверы Стрыж.

 

Мікола

Што здарылася тут?

 

Свідэрскі

Мікола Стрыж,

Вы паручыліся за Марыч, так?

Дзяўчыну вызвалілі партызаны.

Адкажаце за гэта вы, мой пане,

Ды не палохайцеся, я жартую...

Прабрацца трэба цераз фронт,

Знайсці там... Бэсмана...

 

Мікола

Каго?

 

Свідэрскі

Таго,

Каго вы бачылі у нас у штабе,

Ён называецца: Казімер Бэсман.

Няхай ратуецца, пакуль дзяўчына

Яго не стрэла дзе і не пазнала.

Вам ясна ўсё?

 

Мікола

Даруйце, капітан.

Я горка памыліўся з гэтай Марыч,

І просты абавязак мой цяпер

Зрабіць з дзяўчынай гэтаю разлік.

 

Свідэрскі

І лепш за ўсё, калі разлік навек.

 

Мікола

Клянуся гонарам, што гэта будзе

Маё апошняе спатканне з Марыч.

 

Свідэрскі

Збірайцеся і зараз жа ідзіце.

 

Мікола Стрыж шпарка выходзіць.

 

Свідэрскі

Свідэрскі не ваяка, гэта так,

Але затое першы між гуляк,

І ён задасць такі крывавы баль,

Што будуць памятаць сыны і ўнукі.

 

На рынку падымаецца гоман і крык. На пляц у роспачы выбягае Тэкля.

 

Тэкля

Паночак, дарагі, скажы ж ты ім...

Скажы ж ты ім аддаць маю кароўку!

Я вывела яе на хлеб прадаць...

Малым на хлеб... Паночак, дарагі!

 

Свідэрскі

Адстань! Што цапаеш? Адстань, назола!

 

Жаўнеры выганяюць натоўп людзей. Уперадзе ідуць Матрона і Ксаверы.

 

Галасы

За што ганяеце?! За што б’яце?!

 

Тэкля

Мужчынкі, людзі, што ж гэта такое?!

 

Галасы

Разбой! Які ж гэта кірмаш? Які закон?

Удзень і на людзях рабуюць.

 

Тэкля

Пан стараста, ну заступіся ж ты.

 

Ксаверы

Эх, неразумная ты баба, Тэкля!

А хіба ж ім не трэба піць і есці?

 

Тэкля

Дык вось якая мне твая падзяка?!

Хай жа развее вас сіверны вецер,

Хай размятуць вас віхуры крутыя,

Каб не марыліся нашыя дзеці,

Каб не стагналі ў няволі старыя!

Здзейсні ж праклён гэты, божачка мой!

(Падае ў дзікай роспачы на калені.)

 

Свідэрскі

Шапкі, паганае быдла!

Хто перабіў на дарозе канвой?

Воля бандыту абрыдла?!

Я ў вас пытаю, дзе вашы сыны?

 

Ксаверыха

Я скажу...

 

Сёмка

Сціхні ты, лёкай!

 

Ксаверыха

Гэта — Валошын з атрадам, яны

Дзесьці не так і далёка.

 

Свідэрскі

Хто маё войска туды завядзе?

Што ж вы ўсе анямелі?

 

Нохім

Пан афіцэр, мы ж не ведаем дзе,

Самі мы вестак не мелі. (Да Сёмкі.)

Бачыш, які ты дурны, хоць стары.

 

Сёмка

Трэ разумнець. Калі ласка,

Я раскажу.

 

Свідэрскі

Ну, давай, гавары.

 

Сёмка

Так пачынаецца казка:

Ой, з гары, з гары, з даліны

Беглі конікі чатыры,

Усе конікі сівыя,

На іх хлопцы маладыя.

 

Свідэрскі

А што далей?

 

Сёмка

Далей пяецца так:

Паны коні даганяюць,

Ды шляхоў яны не знаюць.

 

Свідэрскі

Што ты пляцеш? Ты мне кажы ясней.

 

Сёмка

Ішоў лысы і пляшывы,

Знайшлі яны грэбень,

Сталі радзіцца, судзіць,

Каму ён патрэбен.

 

Свідэрскі

О, галган, стары пёс! Узяць

І даць яму двадзесце пяць!

 

Жаўнеры хапаюць Сёмку.

 

Сёмка

Гні, пане, дрэўца, покуль гнецца,

Прыйдзе пара — адрыгнецца.

 

Свідэрскі

Я вас сагну, што ніводзін не ўстане!

Дзе твой, старая бязбожніца, сын?

 

Наста

Там ён ужо, у цябе, ясны пане.

 

Ксаверыха

Гэта ж і скажа Азорыч адзін.

 

Свідэрскі

Верна!.. Азорыча!

 

Жаўнеры бягуць да турмы.

 

Наста

Змеі вы, людзі!

Як твой язык мог сказаць?

 

Ксаверыха

Вось яго маці...

 

Свідэрскі

Пры мацеры будзе

Сына лягчэй дапытаць.

 

Наста

Не дапытаеце! Сынок мой, сыне!

Ці ж я цябе для таго гадавала,

Над калыскай тваёй стаяла,

Цёмных ночак не спала,

Каб цябе ў кайданы забілі,

Рукі, ногі твае скруцілі,

Па людзях вадзілі?

 

Канвой выводзіць з турмы Азорыча. Наста кідаецца яму насустрач.

 

Наста

Тарас!

 

Азорыч

Цярпі, матуля.

 

Наста

Сыне мой,

На гора спарадзіла я цябе.

 

Азорыч

Не плач, матуленька, не плач,

Ты прычакаеш скора шчасця.

Нядарам ты жыццё дала,

Хоць мне і суджана прапасці.

Будзе гаротны, забіты наш край

Сонцам свабоды гарэць!

 

Свідэрскі

Годзе там гутарыць! Ну, выбірай:

Ці вызваленне, ці смерць?

 

Азорыч

Дзякуй, паночку, за ласку тваю,

Марныя толькі старанні:

Я не купляю і не прадаю,

А волю бяру у змаганні.

 

Свідэрскі

Не ганарыся, твой гонар спадзе.

Ведаеш, дзе партызаны?

Ты наша войска туды павядзеш.

 

Азорыч

Не дачакаешся, пане.

 

Свідэрскі

Скажаш!

(Б'е Азорыча.)

 

Наста

Сынок мой!

 

Азорыч

Матуля, маўчы...

 

Свідэрскі

Я цябе вымушу, злодзей!

 

Нохім

Сорам, паночку!

 

Свідэрскі

А ты не вучы!

 

Б’е нагайкаю Нохіма па галаве. Акрываўлены стары падае на брук.

 

Нохім

Зяма!..

 

Зяма

Не катуйце, годзе!

 

Свідэрскі

Я супакою цябе, супастат.

Ну, камісар, задаволен?

Выкажаш, дзе партызанскі атрад?

 

Азорыч

Не прычакаеш ніколі.

Можаш жывога загнаць у зямлю,

Кары не страшна суровай.

Вусны свае да крыві сашчамлю,

І не пачуеш ні слова.

 

Свідэрскі

Не заракайся, бо будзеш не рад.

Слухай, сержант, мой загад:

Кожнага пятага — розгамі біць,

Кожнага сотага — вешаць,

Хаты разграбіць, мястэчка спаліць,

Хай сваё сэрца пацешыць.

 

Галасы

Божачка, што ж гэта будзе цяпер?

Дзе ж мы прытулімся? Дзе заначуем?

 

Тэкля

Богам святым заклінаем цябе,

Рукі і ногі цалуем...

 

Азорыч

Ціха, не плачце, не трэба стагнаць.

Сцісніце зубы сурова:

Раз чалавеку ў жыцці паміраць,

Трэба ж памерці талкова.

 

Ксаверы

Людзі, нашто ж, каб за тых партызан

Нас вынішчалі пажарам?

Людзі, скажыце ж вы! Пан капітан,

Знойдзем мы іх за імшарай.

 

Карабан

Ведае, сволач!

 

Тэкля

Даруй нам, панок!

 

Галасы

Не пакарай! Заступіся!

 

Свідэрскі

Што вы прысталі? Прасіце яго...

 

Тэкля

(да Азорыча).

Родненькі наш, пакарыся.

Ён жа запаліць, загубіць павек,

Выратуй нас ад напасці.

 

Карабан

Выратуй! (Цішком.) Сто пяцьдзесят чалавек

Можа ў імшарах прапасці. (Голасна.)

Выратуй!

 

Галасы

Выратуй бедных сялян —

Спаліць ён нас да сарочкі.

 

Азорыч

Дапамажы мне задуманы план

Здзейсніць, дажджлівая ночка.

 

Свідэрскі

Скора сержант ажыццявіць загад...

Думай!

 

Азорыч

Я вырашыў, пане.

 

Свідэрскі

Вырашыў?

 

Азорыч

Я пакажу вам атрад.

Хай не гаруюць сяляне.

 

Свідэрскі

Роце пастроіцца!

 

Наста

Што ж ты зрабіў?

Сынку мой! Сынку мой!.. Сыне...

Ты ж і Тацяну, і ўсіх загубіў,

Матку на ганьбу пакінуў.

 

Азорыч

Не дакарай мяне, маці мая...

 

Наста

Прэч! Ты — не сын, ты — чужынец.

Сэрца тваё нарадзіла змяя...

 

Азорыч

Маці...

 

Наста

Няма ў мяне сына.

(Падае ў зняменні на зямлю.)

 

Свідэрскі

Выгнаць! Даволі размовы.

 

Людзей усіх выганяюць, застаецца адна Наста.

 

Свідэрскі

За мной!

 

Азорыч

(да маці).

Хай жа спакойная будзе

Старасць твая і сумленне тваё...

 

Жаўнеры выходзяць і выводзяць Азорыча.

 

Наста

(ачнуўшыся, прыпадымаецца з зямлі).

Што ж гэта сталася? Людзі!

Што я зрабіла, адзіны ты мой?

Збіты, пракляты, закуты...

Не, да канца буду несці з табой

Ганьбу тваю і пакуты.

 

Ідзе ўслед за Азорычам.

 

 

Малюнак сёмы

Цёмная ноч. Старадаўні лес. Лье спорны дождж. Бліскавіцы асвятляюць вузкую лясную дарогу і, на заднім плане, нізкарослы балотны хмызняк.

 

Свідэрскі

Яшчэ далёка?

 

Азорыч

Скора будзем там.

 

Свідэрскі

Ты водзіш нас па лесе цэлу ноч,

Мы стомлены, я не магу ісці.

 

Азорыч

Яшчэ хвілінку церплівосці, пане,

І мы дасягнем мэты.

 

Свідэрскі

Брэшаш, мусіць,

Ты водзіш нас знарок. Глядзі, Азорыч,

Калі ты хлусіш — не чакай дабра!

Пайшлі, мінае ноч.

 

Азорыч

Ну што ж, пайшлі,

Цяпер да нашай мэты вельмі блізка.

 

Галасы

Балота! Гінем!

 

Свідэрскі

Стой! Назад, назад!

Дык вось ты нас куды завёў, сабака?

 

Азорыч

А ты ж куды хацеў? Куды хацеў?!

 

Галасы

Ратуйце нас! Дапамажыце! Гінем!

 

Азорыч

На партызан павесці? Не, панок,

Ніколі вырадкаў здрадлівых

На нашай не было зямлі,

Каб вас, разбэшчаных і хцівых,

Супроць сваіх людзей вялі.

Мне лепш ад вашых рук загінуць

Дык хоць народная сляза

Маю аплача дамавіну,

А не бур’ян і не лаза.

 

Свідэрскі

Загінь жа, пёс! (Страляе.)

 

Азорыч

Матуля... Ма...

 

Свідэрскі

Назад!

Пакуль не трапілі да партызан!

 

Белапалякі паспешна адыходзяць.

 

Галасы

Ратуйце! Гінем! Ой, ратуйце, людзі!..

 

Шукаючы слядоў, ідзе Наста.

 

Наста

Ізноў я загубіла іхні след.

Здаецца, галасы ішлі адгэтуль.

Якая цемра! Дзе ты, мой Тарас?

(Натыкаецца на труп Азорыча.)

Што тут такое? Чалавек? Тарас?..

Тарас, дзіця маё, даруй мне, сыне,

Не ведала я тайных дум тваіх...

Што ж ты маўчыш? Не чуеш? Кроў... Забіты!

Устань, Тарас! Мне страшна тут.

Адна, кругом балота, лес гамоніць...

Пагавары са мной, скажы мне слова.

І я адна, і ты цяпер адзін.

Як мала ў нас было такіх хвілін!

Маўчыш, астылі рукі, твар халодны.

Табе сцюдзёна ноччу непагоднай.

І дождж шуміць, як гоман баравы.

Не, я не веру, ты — жывы, жывы!

Перада мной тваё маленства паўстае,

І крыўды горкія і радасці твае

Праходзяць чарадой. Ты помніш, даўняю парой

Ты пасвіў скот. Каровы заблудзілі,

Цябе гаспадары да смерці збілі.

Ты вусны сцяў і выбег на раку.

Была вясна, шумелі ціха дрэвы.

На беразе шырокае Бярозы,

Стаіўшыся ў зялёным лазняку,

Ты слухаў іх дзівосныя напевы,

І ціхія, як град, буйныя слёзы

Ліліся на пясок. Сынок, сынок,

Не ўстанеш ты і не заплачаш болей,

Не выпаліш слязамі горкай долі

І не адпомсціш ім, разбойнікам тваім,

Тваім забойцам. Вусны анямелі,

Маўчаць. А помніш, кожнае нядзелі

Ты прыязджаў з Барысава са школы.

Прыходзілі суседзі. Ты, вясёлы

І гаваркі, расказваў нам, гаротным,

Як добра будзе жыць народ свабодны,

Здабыўшы волю. І вось ужо ніколі

Не загаворыш ты, не скажаш слова,

Не паглядзіш ласкава і сурова

На занядбаных, стомленых людзей.

Дай прытуліцца да тваіх грудзей,

Дай выслухаць апошні крык надзей

І дум тваіх. Я разгадаю іх

І панясу на свет, людзям, якіх любіў

І для якіх змагаўся ты, і жыў,

І паміраў. Я панясу. А ты,

Ты спі, ты спі спакойна, добры сын.

І я адна, і ты цяпер адзін,

Не шмат у нас такіх бывала дзён,

І твой сягоння будзе ціхі сон.

 

Наста змаўкае. Гамоніць лес, шуміць дождж. Праз нейкі час на дарозе з’яўляюцца Арджанікідзе і яго разведка.

 

Сімха

Спыніцеся, таварыш камісар.

 

Сярго

А што?

 

Сімха

Тут пачынаецца балота.

Нямала ў ім загінула людзей,

Не знаючы дарогі. А тым часам

Тут кладкі ёсць. Я зараз іх праверу:

Калі дажджом не пазмывала часам,

Праз пяць хвілін мы будзем на сухім.

 

Сярго

Было б нядрэнна. Мы ад Навасёлак

Пайшлі б адны, а ты — у свой атрад.

І гэтым шляхам вывеў бы і іх.

Чаго ім там сядзець і сумаваць,

Калі з панамі выйгранкі няма.

 

Сімха

Дык вы спачніце тут, а я праверу.

 

Сярго

Будзь асцярожны, цёмна, Штэйнар.

 

Сімха

Я вочы завязаўшы тут прайду.

 

Сімха Штэйнар знікае ў цемры.

 

Сярго

Не патаміліся?

 

Галасы

Прысталі трохі.

 

Сярго

Дарога наша трудная была.

 

Макарэнка

Калі б не адпачылі трохі ў лесе,

Я б, мусіць, не дайшоў.

 

Сярго

Благі хадок!

А што гадзінку адпачылі ў лесе —

Нядрэнна: зараз ахватней ісці.

Вось часу толькі шкода. Нам цяпер

Няможна траціць ні хвіліны лішняй.

Аб супраціўніку мы весткі маем,

І неадкладна трэба наступаць.

 

Макарэнка

А гарадок разграбілі нашчэнт,

Я не пазнаў Барысава. Нашчэнт!

 

Сярго

Ламаць яны аматары. А нам —

Вучыцца трэба будаваць, сябры.

Не холадна?

 

Галасы

Ды не.

 

Сярго

Нябось, прамоклі.

 

Галасы

Памыліся і вымаклі на год.

 

Сярго

Дзеля дабра краіны і народа

Нам давядзецца выцерпець нямала.

 

Чырвонаармейцы замаўкаюць. Шуміць вецер і дождж. У перапынкі паміж завываннем ветру чуваць спачатку глуха, а потым усё больш выразна галашэнні Насты.

 

Наста

Заснуў. Навек заснуў. Тарас, Тарас...

 

Сярго

Цішэй, там нехта стогне.

 

Макарэнка

Сосны стогнуць.

 

Наста

Ой, як мне цяжка, як мне горка жыць!

 

Сярго

Не, не, там хтосьці плача.

 

Макарэнка

Дождж шуміць.

 

Наста

Ці дараваў ты мне за мой праклён?

 

Сярго

Вы чуеце? Гаворыць.

 

Макарэнка

Можа, Штэйнар?

 

Наста

Што ж ты маўчыш, Тарас?

Скажы мне слова.

 

Сярго

Не, гэта ў тым баку. Жаночы голас.

 

Раптам маланка асвятляе Насту.

 

Макарэнка

Жанчына, бачыце?!

 

Сярго

Адкуль яна?

Зблудзіла? Трэба ёй дапамагчы.

 

Сярго і байцы падыходзяць да Насты.

 

Сярго

Вы што тут робіце?

 

Наста

Не падыходзь!

 

Сярго

Не бойцеся, мы вашыя сябры.

Як вы сюды папалі гэткай ноччу?

 

Наста

Цяпер ён мой, я вам яго не дам.

 

Сярго

Каго?

 

Макарэнка

Глядзіце, тут жа чалавек.

 

Сярго

(прыглядаецца).

У шынялі. Забіты. Хтосьці наш.

Устань, старэнькая, не бойся нас.

І мы ж чырвоныя таксама.

 

Наста

Вы?

Чырвоныя? Дапамажыце ж мне!

 

Сярго

Няшчасная, устань. Адкуль жа ты?

 

Наста

Я з Слабады.

 

Сярго

А хто забіты?

 

Наста

Сын.

 

Сярго

Пакутная, старая наша маці,

Я пазнаю тваю душу і сэрца,

Вялікасную любасць да дзяцей.

Чыя ж рука не скамянела мёртва,

Узняўшыся над галавою сына!

Скажы нам, хто яго забойцы, маці?

 

Наста

Паны.

 

Сярго

За што?

 

Наста

Завёў іх на пагібель,

А ім хацелася да партызан.

 

Варочаецца Сімха Штэйнар.

 

Штэйнар

Прайшоў наскрозь, дарога наша ёсць.

 

Сярго

Здыміце шапкі, за жыццё радзімы

Памёр таварыш наш.

 

Сімха

( прыглядаючыся ).

Які? Азорыч?

 

Сярго

Што? Камісар палка?

 

Макарэнка

( прыгледзеўшыся ).

Наш камісар.

 

Сярго

Дык вы Азорычава маці?

 

Наста

Маці.

 

Сімха

Ты, цётка Наста?

 

Наста

Сімха? Бачыш, Сімха,

Якое гора!.. (Плача.)

 

Сярго

Выкапайце дол.

Не плач, старэнькая, твой добры сын

Быў добрым сынам і сваёй радзімы.

 

Наста

Я засталася круглай сіратой.

Нашто мне жыць?

 

Сярго

Не ты адна, у нас

Сям’я вялікая і сірат многа,

Будзь маткаю для іх, для нас усіх.

 

Сімха

Ёсць, цётка, у цябе яшчэ Тацяна,

Жыві для сіраты.

 

Сярго

Жыві для справы.

Змагайся з ворагам, як сын змагаўся,

За памяць светлую аб ім у людзях.

 

Наста

Скажы мне, што ж рабіць?

 

Сярго

Ты пойдзеш з намі,

Работа ёсць.

 

Макарэнка

Гатова, камісар.

 

Сярго

Таварышы, нізка схіліце галовы

Над прахам байца, камісара і сына.

Сумленна прайшоў ён дарогай жыццёвай,

Сумленна загінуў за волю краіны.

Яго не зламалі ні краты, ні турмы,

І родная пушча прымае астанкі.

Над ім не іграюць ні трубы, ні сурмы,

А вецер спявае, гамоняць маланкі.

Але за сцюдзёнай асенняй нягодай

Настане вясна, закрасуюць палеткі,

Абудзяцца пушчы, успеняцца воды,

І вырастуць тут над магілаю кветкі.

Не згінуць ніколі шляхі баявыя,

Ні дзейнасць яго, ні бяссмертная слава.

Ідзіце ж на подзвіг, устаньце, жывыя,

Змагацца за тую ж вялікую справу.

Бывай, наш таварыш. Будзь пэўны, што скора

Пазбудзецца цяжкай няволі краіна.

Спакой жа і мір твайму праху, Азорыч,

А мацеры — дзякуй за добрага сына.

 

Наста

Вам дзякуй, добры чалавек і людзі,

За слова добрае. Бывай, Тарас,

Бывай, мой сыне! Я к табе вярнуся...

 

Ціха папяваючы пахавальны марш, байцы падымаюць нябожчыка.

 

 

АКТ ЧАЦВЁРТЫ

 

Малюнак восьмы

Ваколіца вёскі каля Прыяміна. На скрыжаванні дарог стаіць старая карчма, у якой змяшчаецца штаб чырвонаармейскага палка. Наводдаль распрасцёр панурыя крыллі адзінокі вятрак. За ім адкрываецца шырокі палявы прастор. Досвітак. Каля штаба ходзіць вартавы. Праз момант з штаба выходзяць Бэсман і Дамейка.

 

Бэсман

Марудзіць нельга больш: Арджанікідзе

Вярнуцца можа кожную хвіліну.

І трэба полк змяшаць, узбурыць так,

Каб камісар, вярнуўшыся з разведкі,

Не меў каго павесці ў наступленне.

 

Дамейка

Ты захапляешся, Казімер Бэсман:

Палком не вельмі лёгка заўладаць.

 

Бэсман

Цяпер не цяжка: камісар палка

Ляжыць без памяці. А наш камбрыг —

Ён чалавек і новы і бязвольны.

І сёння самы лепшы час, Дамейка.

Што падрыхтована? Якія роты?

 

Дамейка

Мой батальён за намі пойдзе цалкам.

 

Бэсман

А як каманда сувязі, за нас?

 

Дамейка

Там ёсць у іх стары, Нічыпар Мелех,

Калі ён пойдзе — пойдзе і каманда.

 

Бэсман

Я ведаю яго, пагавару...

Галоўнае — кругом пасеяць страх,

Сказаць, што камісар Азорыч збег,

Арджанікідзе трапіў у палон,

Мы зноў абкружаны...

 

Дамейка

Сюды ідуць.

 

Бэсман і Дамейка хаваюцца. У штаб прыходзяць Валошын і Тацяна.

 

Прайшлі.

 

Бэсман

Якое падабенства, чорт!

Няўжо яна?

 

Дамейка

Знаёмая?

 

Бэсман

Наўрад!

Ідзі, Дамейка, дзейнічай адзін.

Нас не навінны зараз бачыць разам.

 

Разыходзяцца. Нечакана паказваецца Мікола Стрыж і аклікае Бэсмана.

 

Мікола

Таварыш Бэсман!

 

Бэсман

Што? Мікола Стрыж?

Чаго ты тут?

 

Мікола

(набліжаецца і шэпча Бэсману).

Мяне паслаў Свідэрскі.

 

Бэсман

(паказваючы Міколу на Дамейку).

Пры ім ты можаш гаварыць усё.

 

Мікола

Тацяну вызвалілі партызаны.

 

Бэсман

Дык гэта тут ішла яна?

 

Мікола

Ды не,

Яна яшчэ ў лесе у партызан.

Магчыма, іх усіх там і захопяць,

Бо капітан Азорыча прымусіў

Павесці паказаць, дзе іх атрад.

 

Бэсман

І вы паверылі яму, дурніцы!

Тацяна Марыч тут.

 

Мікола

Тацяна тут?

 

Бэсман

Зноў на маёй дарозе гэта дзеўка.

Яна мяне пазнае і загубіць.

Ды не, я загублю яе раней,

А справу да канца мы давядзем!

 

Мікола

Вы лепш ратуйцеся, пакуль не позна.

 

Бэсман

Ты мне сказаў, што быццам бы Азорыч

Павёў на партызан жаўнераў?

 

Мікола

Так.

 

Бэсман

Перад людзьмі ты гэта можаш сведчыць?

 

Мікола

Мяне пазнаюць, хто ж паверыць мне?

Я не хачу рызыкаваць жыццём.

 

Бэсман

Тацяны Марыч у жывых не будзе.

 

Мікола

Другія людзі ёсць, якія знаюць.

 

Бэсман

Адкуль?

 

Мікола

Таксама перайшлі за фронт.

Я Сёмку Бегунка сустрэў нядаўна.

 

Бэсман

А Сёмка гэты знае, што Азорыч

Згадзіўся весці наказаць атрад?

 

Мікола

Пры ім усё было.

 

Бэсман

Вось гэта козыр!

 

Мікола

Што вы надумалі?

 

Бэсман

Цудоўны план!

Хадзем, ты мне пакажаш Бегунка,

А ты, Дамейка, тут рабі сваё.

 

Бэсман і Мікола выходзяць. Дамейка накіроўваецца ў штаб. У гэты час іграюць сігнал на пад’ём. На пляцоўку перад штабам высыпаюць чырвонаармейцы. Сярод іх Нічыпар Мелех і Алёшка Семізвон.

 

Алёшка

І вось Арджанікідзе мне і кажа:

Ты, кажа ён, Алёша, маладзец,

З такімі толькі нам і ваяваць.

 

Чырвонаармеец

Ну, і брахун жа ты, Алёшка!

 

Алёшка

Я?

Нічыпар Мелех, што казаў Сярго?

 

Мелех

Сярго — душэўны, шчыры чалавек.

Ды штосьці доўга вось яго няма.

 

З штаба выходзіць Дамейка.

 

Дамейка

Здарова, малайцы! Аб чым размова?

 

Мелех

Ды вось няма Сярго Арджанікідзе.

 

Дамейка

А вы не чулі?

 

Алёшка

Што?

 

Дамейка

Не чулі?

 

Мелех

Не.

 

Дамейка

Не ведаю, ці варта вам казаць.

 

Мелех

Скажыце, камандзір, мы ж не малыя.

 

Дамейка

Я гавару вам, хлопцы, па сакрэту:

Сярго папаўся, кажуць, у палон.

 

Галасы

Сярго? Арджанікідзе? Быць не можа!

 

Дамейка

Вы запытайце ў Бэсмана, ён знае лепш.

 

Алёшка

Браткі, што ж гэта робіцца? Браткі,

Душа мая ад гэтай весткі плача.

 

Чырвонаармеец

Ты не шумі, а пакруці мазгамі:

Куды нас павядуць без камісара.

 

Дамейка

Куды? На смерць.

 

Алёшка

Ой, бацюхны мае!

Што ж нам рабіць?

 

Чырвонаармеец

Да камандзіра трэба.

А як мяркуеш ты, Нічыпар Мелех?

 

Мелех

Я думаю, што трэба запытаць

У Бэсмана. Ён — свойскі чалавек.

 

Алёшка

Пайшлі да Бэсмана!

 

Дамейка

А вось ён сам.

 

Уваходзяць Бэсман, Бегунок і Мікола.

 

Бэсман

Чаго вы так хвалюецеся тут?

 

Мелех

Скажы нам, камандзір, ды толькі праўду:

Арджанікідзе трапіў у палон?

 

Бэсман

Дакладна не скажу, а чуткі ёсць.

 

Мелех

Калі ты хлусіш нам — вялікі грэх

Бярэш ты на сваю душу, таварыш.

 

Бэсман

Мне шкода вас, і лепей грэх узяць,

Як мёртвымі ляжаць у чыстым полі

І гніць. А нам, байцы, надзвычай цяжка:

Я сам хадзіў два дні таму ў разведку — Паны нас абкружылі з трох бакоў,

У тыле з бандай ходзіць Семянюк,

Азорыч, камісар, кудысьці ўцёк,

І нам, відаць, пагібель тут усім.

 

Алёшка

Сябры, што ж гэта робіцца? Сябры!..

 

Уваходзіць камбрыг Баяновіч.

 

Баяновіч

Чаго сабраліся, што тут за крык?

 

Мелех

Сам ведаеш.

 

Алёшка

Паны нас абкружылі.

 

Баяновіч

Які падлец вам гэта мог сказаць?

 

Бэсман

Я гаварыў.

 

Баяновіч

Хто? Бэсман?

 

Бэсман

Так.

Даволі нам у схованкі гуляць:

Нас прадалі, камбрыг, Азорыч збег...

 

Галасы

Падлюгі! Сволачы!

 

Алёшка

Дамоў, хлапцы!

 

Баяновіч

Таварышы, без панікі, цішэй!

Калі Азорыч нават недзе збег,

То нам яшчэ нішто не пагражае,

А сілы нашыя растуць штодзень.

Вось партызаны к нам ідуць на помач...

 

Мелех

А колькі іх?

 

Баяновіч

Ды чалавек пяцьсот.

 

Алёшка

Ды хто ж гэта крычыць: ратуйся?

Ах, баязліўцы!

 

Бэсман

Марныя надзеі!

Азорыч выдаў партызан панам.

 

Баяновіч

Ты што? Ты бунтаваць людзей надумаў?

 

Бэсман

Я не бунтую іх, а я ратую:

Азорыч выдаў партызан палякам,

Пра гэта мне казалі іх жа людзі.

 

Баяновіч

Якія? Хто?

 

Бэсман

(паказваючы на Сёмку Бегунка).

Вось гэты чалавек.

Ну, гавары, таварыш, што ты бачыў?

 

Баяновіч

Ды ён, напэўна, сам з панамі спеўся.

 

Сёмка

Што ж, была навука,

Сеў у панскія сані без друка,

Мяне і адчасалі бізунамі.

Але цяпер я, людзі, не хлушу.

 

Мелех

Дык гэта праўда, што Азорыч выдаў?

 

Сёмка

Ён ратаваў мястэчка і людзей.

 

Бэсман

Няпраўду я сказаў? Скажу вам болей:

Арджанікідзе трапіў у палон

Таксама праз Азорыча.

 

Баяновіч

Што? Што?

Арджанікідзе трапіў у палон?

Арыштаваць яго, ён — правакатар!

 

Мелех

Мы не дазволім, камандзір.

 

Баяновіч

І вы?

І вы за правакатара, байцы?!

 

Мелех

Мы за Сярго і самі за сябе.

І я задарам галавы сваёй

Нікому не аддам.

 

Баяновіч

Пусці, я сам...

Я сам яго застрэлю.

 

Бэсман

На, страляй!

 

Дамейка

Страляй у нас усіх.

 

Алёшка

На, бі ў мяне

 

Сёмка

Глядзі, і ён, як п’ян, дык капітан,

А як праспіцца — курыцы баіцца.

 

Бэсман

Ну, што ж ты не страляеш, камандзір?

Страляй у правакатараў, страляй!

А сам ты хто? Ты многа ваяваў?

Ты быў пад кулямі? Цябе уланы секлі?

Ты паглядзі на зраненыя грудзі

І на мае зрубцованыя плечы.

Я імі бараніў народную свабоду,

А вы яе прадалі розным гадам,

Прадалі рэвалюцыю... Эх, вы!

Хто ёсць сумленны тут — за мной!

Я пакажу вам здраднікаў. У штабе

Сядзіць Азорычава дзеўка ў нас.

Яна прыйшла шпіёнкаю сюды.

 

Галасы

Арыштаваць яе! Судзіць! Расстрэліць!

 

Дамейка

За мной, у штаб!

 

Баяновіч

Таварышы,

Сыны, адданыя свайму народу,

На абарону штаба і парадку!

 

Чырвонаармейцы

Не пусцім! Толькі цераз нашы трупы

Вы ступіце сваёй нагой у штаб.

 

Галасы

Цішэй! Цішэй! Яна ідзе! Ідзе!

 

Бэсман

Цяпер, Дамейка, дзейнічай адзін.

А вы таксама больш рашуча, Стрыж.

 

Знікае ў натоўпе. Уваходзяць Тацяна Марыч і Адась Валошын.

 

Алёшка

А, вось яна! А ну, красуня, пагаворым.

 

Галасы

Чаго там гаварыць! Прыкладам бі!

 

Валошын

Прэч адыдзі!

 

Баяновіч

Дазвольце ж ёй сказаць.

 

Тацяна

Сябры, што вам патрэбна ад мяне?

 

Мелех

Ты дай адказ, чаго сюды прыйшла —

Шпіёніць? Прадаваць палякам нас?

 

Тацяна

Што вы гаворыце? Сябры мае!..

Таварышы! Ні перад кім: ні перад вамі,

Ні перад змучаным маім народам,

Ні перад гэтаю скрываўленай зямлёй —

Не вінавата я.

 

Алёшка

Ты брэшаш, брэшаш!

 

Тацяна

Дазвольце ж мне сказаць.

 

Галасы

Даволі! Годзе!

 

Валошын

Таварышы, дазвольце слова мне.

Падумайце, прачуйце вашым сэрцам,

Што робіце, куды вы ідзяце?

Краіне пагражае небяспека,

Зняволены і змучаны народ

Апошнія свае напружыў сілы

І, як адзін, паўстаў ад краю ў край

Супроць адвечных ворагаў сваіх.

А вы што робіце? Куды вы ідзяце?

Забыўшыся на свой пачэсны абавязак

І ашуканыя варожымі людзьмі,

Вы ідзяце супроць свайго пароду,

Вы здрадзілі сваім братам па класу,

Вы здрадзілі самім сабе...

 

Мелех

Чакай!

А хіба самі мы супроць змагання?

Мы не супроць, а мы супроць шпіёнкі.

 

Баяновіч

Калі яна сапраўды вінавата,

Давайце разбірацца і судзіць.

 

Дамейка

Няма калі судзіць і доўга радзіць,

І наш прысуд даўно вядомы: смерць!

 

Тацяна

За што ж мне паміраць? Што я сумленна

Служыла нашай справе?

 

Мікола

А панам

Ты не служыла? Не?

 

 

Тацяна

Што бачу я?

Дык вось адкуль усё!

 

Алёшка

Чаго ж маўчыш?!

 

Тацяна

Таварышы, ён вораг сам, ён сам...

 

Мікола

Вы бачыце, сябры, якая хітрасць?

Яна ўсіх нас у ворагі залічыць.

 

Мелех

Ты, грамадзянка, нас не ашукаеш,

Калі жадаеш — праўду гавары.

 

Тацяна

Клянуся вам, ён вораг ваш і мой.

Я бачыла яго ў польскім штабе.

 

Дамейка

Чаго ж ты там была, у польскім штабе?

 

Алёшка

Ага, папалася сама, уліпла!

 

Да натоўпу з Настаю падыходзіць Макарэнка; ён звяртаецца да Бэсмана.

 

Макарэнка

Што сталася, таварыш камандзір?

 

Бэсман

Вярнуліся? Арджанікідзе тут?

(Праціскаецца да Стрыжа і Дамейкі.)

 

Мелех

Ну, адкажы: чаго ж ты там была?

 

Тацяна

Мяне арыштавалі там, і я

З Азорычам на допыце была.

 

Дамейка

А як жа ты сюды папала?

 

Тацяна

Мяне адбілі ў лесе партызаны.

 

Мікола

Цябе адну?

 

 

Тацяна

Адну.

 

Мікола

А дзе ж Азорыч?

 

Алёшка

Ага, заблыталася!

 

Галасы

Хлусіць! Хлусіць!

 

Баяновіч

А што, калі яна гаворыць праўду?

Вы знаеце, хто гэты чалавек?

 

Бэсман

(праціснуўшыся да Дамейкі).

Не дайце ім апомніцца, хутчэй,

Арджанікідзе тут.

 

Дамейка

І ты за іх?

Таварышы, і камандзір за іх,

Які ж тут можа быць праўдзівы суд?

 

Баяновіч

Я патрабую даць дзяўчыне слова.

 

Галасы

Няхай гаворыць! Дайце гаварыць!

 

Тацяна

Калі вы мне не верыце, дык мне

Няма аб чым вам гаварыць.

Ну што ж, забіце, я памру спакойна.

Але клянуся вам жыццём і смерцю —

Ён правакатар, панскі паслугач!

 

Бэсман

Дурніца, сілаю бяры, хутчэй!

 

Дамейка

Даволі слухаць нудныя размовы.

На ворагаў, за мной, за мной, байцы!

 

Баяновіч

Я не дазволю вам камандаваць байцамі!

 

Дамейка

Бярыце сілаю!

 

Алёшка

Прыкладам бі!

Пусці!

 

Валошын

Не лезь, а то застрэлю!

 

Алёшка

Эх!

 

Адпіхае Валошына і прабіраецца, узняўшы прыклад, да Тацяны, яму заступае дарогу Наста.

 

Наста

Не дам! Забі мяне... Нашто мне жыць?

Мне цяпер — адзінокай —

Не патрэбна жыццё:

Да магілы глыбокай

Я ўжо страціла ўсё.

Майго любага сына

Адабрала вайна,

І надзеяй адзінай

Засталася яна.

Мае цёмныя ночы,

Мае цяжкія дні

Над нядоляй сірочай

Я гарэла ў агні.

І вось гэта дзяўчына,

Што сіроткай расла,

Замяніла мне сына

І мне шчасце дала.

Я, чакаючы смерці,

Перад вамі стаю,

Дык успомніце ж сэрцам

Кожны маці сваю.

 

Усе стаяць маўкліва.

 

І ты ж напэўна маеш недзе маці.

 

Алёшка

Вядома, ёсць... Ды я не вінават:

Мне, брат старэнькая, такі загад.

 

Дамейка

Ну, што ж ты курчышся? Спужаўся слёз?

 

Алёшка

Ды як жа тут? Старая кажа праўду,

Хай разбярэцца суд у гэтай справе.

 

Дамейка

Ваякі вы! Раскіслі, быццам бабы.

Пусці!

 

Выхапіў рэвальвер; паміж ім і Тацянай становіцца Арджанікідзе.

 

Сярго

Чакай!

 

Галасы

Сярго? Арджанікідзе?

 

Сярго

Раззброіць малайца!

 

Дамейка

Не падыходзь!

 

Сярго

Узяць! Збаяліся? Давай сюды!

 

Сілаю раззбройвае Дамейку.

 

Дамейка

За што ж, за што ж вы крыўдзіце, сябры?

 

Байцы выводзяць Дамейку.

 

Сёмка

Відаць, што пан прахвост,

Калі ўшчаміўся хвост.

 

Сярго

Чаму няма каманды смірна? Я —

Член Рэўваенсавета арміі.

Падаць каманду!

 

Баяновіч

Смірна! Полк, раўнень...

 

Сярго

Адставіць! Дзе там вам раўненне!

Што за кірмаш? Хто завадатай?

 

Баяновіч

Бэсман,

Начальнік коннае разведкі.

 

Сярго

Бэсман,

Наперад марш!

 

Усе аглядаюцца, Бэсмана няма.

 

Галасы

Няма! Уцёк! Уцёк!

 

Сярго

Ён ведае аб нашым наступленні?

 

Баяновіч

Напэўна, ведае.

 

Сярго

Вароны вы!

Паслаць за ім людзей і затрымаць.

 

Баяновіч бярэ байцоў і выходзіць.

 

Ну, раскажыце мне, што тут за гвалт?

Я слухаў і вушам сваім не верыў,

Каб вы маглі такое гаварыць.

Збаяліся паноў?

 

Мелех

Не баязліўцы мы.

 

Сярго

Я ведаю, чырвоныя байцы

Не папытаюць, колькі там паноў,

А папытаюць, дзе яны стаяць.

Дык хто ж паверыў ім, прахвостам, а?

 

Галасы

Алёшка Семізвон! Нічыпар Мелех!

 

Сярго

Алёшка Семізвон, Нічыпар Мелех,

Наперад марш!

 

Алёшка

Таварыш камісар,

Здаецца, я быў самы тут спакойны.

 

Сярго

Ну, раскажы сябрам, Нічыпар Мелех,

Куды ты іх павёў, супроць каго.

 

Мелех

Я слухаю. Даруй мне, камісар.

Але нам сказана, што ты ў палоне,

Што мы абкружаны, Азорыч збег,

Павёў на партызан паноў, і нам...

Тужліва стала, камісар, і крыўдна.

 

Сярго

І ты паверыў ім?

 

Мелех

Пяць год вайна,

І мы стаміліся.

 

Макарэнка

А мы?

Мы — сіраты, малыя дзеці?

Калі былі вы на вайне,

Мы йшлі з парога да парога,

Жабруючы па гэтым свеце.

І нашы грудзі рэзаў вецер,

І скрозь па стоптаных дарогах,

За панскім плугам на раллі,

Лятункі нашы адцвілі,

Як вішні адцвітаюць без пары...

Хіба ж мы не стаміліся, стары?

Эх, баязліўцы вы!

 

Мелех

Ты малады,

Ты гора гэтулькі не бачыў.

 

Алёшка

І невялікі твой ваяцкі стаж.

 

Сярго

Стаж у яго маленькі, гэта праўда,

Таму што маці позна нарадзіла,

Але за тое справы неблагія.

Не вам і дакараць.

 

Мелех

Даруйце нам.

 

Сярго

Вось бачыш, як у вас. А помніш, Мелех,

Ты гаварыў, што людзі ўсе — звяры.

А хіба вы звяры? Вы — проста дзеці,

Мне хочацца вас гладзіць па галовах,

А я... я вымушаны вас караць.

Аддайце зараз жа свае вінтоўкі.

Вы зганьбілі высокае імя байцоў

Вялікай пралетарскай арміі.

Ну, што ж вы стаіце маўкліва, Мелех?

 

Мелех

Што ж сказаць на твае дакоры?

Калі праўда — цярпі і маўчы,

Хоць нялёгка нам, гэты сорам

І пакуты свае несучы.

Ліхаманкай гараць нашы твары,

Калі ты нам у вочы глядзіш.

Лепш вядзі нас злачынных, таварыш,

У агонь, у магілу, пад крыж,

Хоць куды. Абы змыць гэты сорам

Ці загінуць у бойцы не ў час,

Каб ні людзі, ні сонца, ні зоры

Не глядзелі з дакорам на нас.

 

Сярго

Не вас, а Бэсмана павесці б трэба

Пад гэты крыж. А нам, таварышы,

Патрэбна пільным быць, патрэбна верыць

У нашы сілы. Хіба можа нас

Хто-небудзь разграміць? Ніколі, не!

Нішто, нішто не зможа нашай сілы,

Таму што не парушыць нашай дружбы.

 

Мелех

Даруй ты мне за ўсе мае грахі.

І ты, таварышка, таксама мне даруй.

Аблыталі мяне ліхія людзі,

І я вялікі грэх мог на душу узяць.

Даруйце мне.

 

Алёшка

І мне таксама.

Гарачы вельмі я і храбры лішне.

 

Сёмка

Справы няважныя, калі ногі адважныя,

Лепш нага кульгавая, а галоўка бравая.

 

Мелех

Таварыш камісар, дык як жа будзе?

 

Сярго

А будзе, брат Нічыпар Мелех, так:

Змый сорам свой адвагаю і славай,

Магчымасці для гэтага табе дадзім.

Сягоння мы павінны наступаць.

Сягоння мы павінны ўзяць Барысаў.

Абрабаваны, змучаны народ

Чакае вызвалення з панскіх крат.

Сыны народа, мужныя байцы,

Не пашкадуем нашага жыцця,

Пакрыем славай баявыя сцягі

І прынясем на іх свайму народу

Свабоду, сонца, шчасце і жыццё.

Кляніцеся, што будзеце змагацца дружна,

Што будзеце любіць сваіх братоў,

Усіх працоўных, бедных і гаротных.

 

Галасы

Клянёмся!

 

Сярго

Ведайце, што нас

Не пераможа ў дружбе аніхто,

І на шляху вялікім гэтым — нас

Чакае слава, шчасце, перамога.

 

Галасы

Клянёмся, ведаем, што нас

Не пераможа ў дружбе аніхто.

 

Сярго

Паходную! Наперад, запявалы!

 

Байцы строяцца, грыміць песня.

 

Песня

Над Бярозай-ракой, над далінаю,

Заігралі гарністы паход:

— Узнімайся, сям’я сакаліная,

Уставай на змаганне, народ!

І сышліся пад зоркай чырвонаю

Ад заводаў, палёў малайцы.

Пояць коней вадою сцюдзёнаю

Ля крыніц удалыя байцы.

І па волі вялікага Леніна

Дружна рушаць атрады на бой,

Каб жыццё і квяціста і зелена

Зацвіло над Бярозай-ракой.

 

Суровым маршам ідуць калоны. Песня паволі аддаляецца.

 

 

Малюнак дзевяты

...Песня набліжаецца ізноў і грыміць з большай сілай. У пажоўклым панскім парку пад Барысавам ападаюць лісты. Спакойна коціцца шырокая рака Бяроза. З палацаў бягуць устрывожаныя жаўнеры і спешна акопваюцца ў парку. Песня чырвонаармейцаў пераходзіць у магутны баявы вокліч. На ганак выбягае палкоўнік Дамброўскі.

 

Дамброўскі

Сержант!

 

Сержант

Я слухаю.

 

Дамброўскі

Гатовы коні?

 

Сержант

Гатовы, пан палкоўнік.

 

Дамброўскі

Падавай!

 

Сержант паспешна выбягае.

 

Дамброўскі

Якая нечаканасць! Матка боска,

Малю цябе, ратуй маю душу.

 

З чамаданамі выходзіць Свідэрскі.

 

Дамброўскі

А вы куды?

 

Свідэрскі

Туды ж, куды і вы.

 

Дамброўскі

Ды я нікуды, што вы, пан Свідэрскі!

 

Свідэрскі

Нашто нам прытварацца, пан Дамброўскі?

 

Дамброўскі

Але ж я вас хацеў, пан капітан,

Пакінуць тут начальнікам над войскам.

 

Свідэрскі

Я ж не ваяка, пан палкоўнік, так?

Я толькі, кажуць, першы між гуляк,

І лепш начальнікам застацца вам.

 

Дамброўскі

Ды што вы, божа барані! А зрэшты,

Тут можа справіцца адзін сержант.

 

Свідэрскі

Я думаю таксама, пан палкоўнік.

Сержант!

 

Уваходзіць сержант.

 

Сержант

Я слухаю.

 

Свідэрскі

Гатовы коні?

 

Сержант

Гатовы, пан Свідэрскі.

 

Свідэрскі

Падавай!

 

Убягаюць Ксаверы і Мікола Стрыж.

 

Мікола

О пан палкоўнік! Пан Свідэрскі!

 

Ксаверы

Божа!

Што ж гэта робіцца?

 

Мікола

Скажыце нам,

Вы абароніце мястэчка наша?

 

Свідэрскі

Сказаць не можам, тайна, пане Стрыж.

 

Ксаверы

Ну, значыць, ясна: трэба уцякаць.

Мікола, марш! Няма чаго тут быць.

 

Мікола і Ксаверы знікаюць.

 

Свідэрскі

Вы бачыце, як лёгка і адразу ж

Яны адзін другога зразумелі.

А мы стаім ды трацім час. Пайшлі!

 

Убягае ўзбуджаны Казімер Бэсман.

 

Бэсман

Спыніцеся! Што робіце, панове?!

 

Дамброўскі

Эвакуіруемся, пан паручнік.

 

Бэсман

Якая ганьба, пан палкоўнік, жах!

З такімі сіламі, з такою зброяй

Спужаліся трохсот бальшавікоў!

 

Дамброўскі

Усё адно Барысаў наш не будзе.

 

Бэсман

Вы глупства кажаце, палкоўнік, глупства!

Я ведаю, што сіл у іх няшмат,

І сілы кінуты на гэты фланг,

А пад Кальварыяй на ўсім участку

Не больш двухсот — трохсот якіх байцоў.

Я прапаную вам наступны план:

Сабраць каля Кальварыі ўсе сілы,

Зрабіць прарыў і рушыць у абход,

Каб правы іхні фланг замкнуць кальцом.

Тады не толькі войска і абозы,

А й сам Арджанікідзе будзе ў нас.

 

Дамброўскі

А хто ж адважыцца на гэтым флангу

Стаяць супроць такой шалёнай сілы?

 

Бэсман

Абараняцца тут я буду сам,

А ваша справа там зрабіць прарыў.

 

Дамброўскі

Ну што ж, пан капітан, пайшлі?

 

Свідэрскі

Пайшлі,

Я думаю, там будзе спакайней.

 

Дамброўскі і Свідэрскі выходзяць.

 

Бэсман

Жаўнеры! Час настаў адказны.

Усе наляжам нашымі касцьмі

І адстаім свой гонар і айчызну.

 

Жаўнеры

Папробуй адстаяць! Ох, націскаюць, чэрці!

Глядзі, паўзуць! Абкружаць зараз. Слухай,

Давай, брат, уцякаць. Давай!

 

Бэсман

Жаўнеры!

Ні з месца! Стойце! О, пракляты зброд!

 

Бяжыць, адстрэльваючыся, за жаўнерамі. У парку паказваюцца чырвонаармейцы. Сярод іх: Макарэнка, Алёшка Семізвон, Нічыпар Мелех, Кузьмін.

 

Макарэнка

Наперад, хлопчыкі, паперад!

 

Алёшка

Глянь,

Ды гэта ж Бэсман!

 

Мелех

Дзе? Чакай жа, сволач!

Чакай жа, я з табою разлічуся.

(Страляе.)

Прамазаў, чорт!

 

Алёшка

Давай узяць жыўцом!

 

Бягуць услед за Бэсманам. З’яўляюцца Арджанікідзе, Баяновіч і Тацяна.

 

Баяновіч

Дзевяты полк, таварыш камісар,

Прайшоў на лінію Прудзішчы — Стахаў.

Сялітрынкі заняты шостай ротай.

Далейшы рух часцей на левым флангу

Пакуль прыпынены...

 

Сярго

З якіх прычын?

 

Баяновіч

Не маем сувязі з другой брыгадай

І з ротамі, якія наступаюць

З усходу на Кальварыю.

 

Сярго

І што ж?

 

Баяновіч

І рухацца наперад небяспечна:

Калі Кальварыі не возьмуць нашы —

Мы трапім у мяшок.

 

Сярго

Дык трэба ўзяць.

 

Баяновіч

Кальварыю абараняе часць

Палкоўніка Дамброўскага, адна

З найбольш трывалых і старых часцей.

 

Сярго

Калісьці ў час вайны з Напалеонам

Мы не палкоўніка, а генерала

Дамброўскага на гэтым месцы білі.

 

Баяновіч

Народ галодны, змучан пераходам,

І вытрымаць такія тэмпы руху —

Байцам надзвычай цяжка.

 

Сярго

Ваша праўда,

Але галоўнае цяпер для нас —

Не даць панам апомніцца ані,

Таму што толькі нечаканы націск

І вырашае нашу перамогу.

Пасля, калі ім Бэсман данясе,

Што сілы нашы меншыя за іх,

Нам будзе вытрымаць яшчэ цяжэй.

Аддайце зараз жа часцям загад

Рашуча наступаць уздоўж ракі

І горад абхапіць кальцом.

 

Баяновіч

Тады

Я папрашу на помач батальён.

 

Сярго

А што, калі палякі зразумеюць,

Што сілы нашы кінуты на фланг,

І рушаць на Кальварыю, на ўсход?

 

Баяновіч

Не здагадаюцца.

 

Сярго

Дык Бэсман скажа.

 

Баяновіч

Праз лінію акопаў ён не пройдзе:

Усім часцям аддадзены загад

За фронт не прапускаць ані душы.

 

Сярго

Нам трэба быць гатовымі на ўсё

І берагчы рэзервы да канца.

Ідзіце, я не дам пакуль ні роты.

Выкарыстоўвайце лясістасць месц,

Трымайце сувязь, дзейнічайце дружна

І аб усім даносьце неадкладна.

Мой штаб змяшчацца будзе тут у доме.

 

Баяновіч

Я слухаю. (Выходзіць.)

 

Сярго

Тацяна Марыч!

 

Тацяна

Я.

 

Сярго

Вось тут размесціце і лазарэт.

 

Тацяна

Я зараз жа, таварыш камісар.

 

Ідзе ў пакой. Сярго глядзіць у бінокль.

 

Сярго

Што там каля Кальварыі такое?

Чаму няма дагэтуль данясення?

Калі туды паспеў прабрацца Бэсман,

Ён можа нам нашкодзіць вельмі шмат.

 

Уваходзяць з клункамі і з гаршкамі Наста, Алена, Марыся, Тэкля і Зяма.

 

Алена

Дзень добры вам.

 

Сярго

Дзень добры, жаначкі.

Вы што?

 

Алена

Абед, таварыш камісар.

 

Сярго

Каму?

 

Тэкля

Ды вам жа.

 

Сярго

Мне?

 

Наста

Не толькі вам,

А і салдатам вашым.

 

Сярго

Гэта добра,

Яны такі галодныя як след.

Ну што ж, сябры, нясіце... пятай роце.

 

Тэкля

А там з гармат страляць па нас не будуць?

 

Алена

Снарады стануць траціць на цябе.

Пакалышы яго тут, Зяма, трошкі.

(Здымае з плячэй калыску з дзіцем.)

 

Зяма

Не баўцеся ж, я чалавек заняты.

 

Сярго

Хлапец, дзяўчына?

 

Алена

Хлопчык.

 

Сярго

О, герой!

 

Тэкля

А каб жа глянулі вы на майго...

 

Наста

Ну, досыць траціць час, хадзем, кабеты.

 

Жанчыны выходзяць.

 

Сярго

Якой цудоўнай дабраты народ!

Калі палюбіць ён каго душой,

Аддасць яму і кроў сваю і сэрца.

 

Сярго ідзе ў штаб. Кузьмін пад вінтоўкай вядзе Ксаверыя і Міколу Стрыжа.

 

Кузьмін

Сюды, сюды, у штаб, каманда. Стой!

Начальнік ёсць?

 

Зяма

Галоўны самы ёсць.

 

Кузьмін

Сярго? Яго, брат, нельга турбаваць

Такой драбніцай.

 

Сярго (праз акно).

Гэта ты, Кузьмін?

 

Кузьмін

Я сам, таварыш камісар.

 

Сярго

Ну, што?

 

Кузьмін

 

Ды вось злавілі нейкіх падазроных,

Хацелі да паноў. Куды іх дзець?

 

Арджанікідзе выходзіць на ганак.

 

Сярго

Вы хто такія?

 

Зяма

Нашыя, Стрыжы.

 

Сярго

Стрыжы? Дык з Бэсманам муцілі вы?

Дзе Бэсман сам?

Мікола

Ён адступіў з палком.

 

Сярго

Ён, значыць, там ужо?

 

Мікола

Напэўна, там.

 

Кузьмін

Эх, чорт, няхай бы лепш папаўся ён!

 

Сярго

Вядзіце здайце іх канвойнай роце.

 

Ксаверы

Начальнік дарагі, за што ж ты нас?

Не вінаваты мы, вось крыж святы!

 

Кузьмін

Пайшлі, пайшлі! (Выводзіць Стрыжоў.)

 

Сярго

Выходзіць,— Бэсман там.

Чаму ж яны паспешна адступаюць?

Ах, вось у чым, напэўна, іхні план:

Тут Бэсман дэманструе абарону,

А націску галоўнага чакаць

Патрэбна на Кальварыю. Ды не,

Не ўдасца вам! Тацяна Марыч!

Знайдзі Валошына і перадай:

Падрыхтаваць атрад да наступлення.

 

Тацяна

Ёсць, перадам, таварыш камісар!

 

Арджанікідзе шпарка ідзе ў штаб.

 

Зяма

Эх, і гарачая ж работа ў іх.

А я сяджу ды калышу дзяцей.

 

З пазіцыі варочаюцца жанчыны.

 

Тэкля

Як глянула я на яго, аж страх:

Рука вісіць, як нежывая, кроў...

 

Наста

Ты, можа, трохі памаўчала б, Тэкля.

 

Тэкля

Калі я маю людзям што сказаць,

Дык я павінна выказаць усё...

Іначай разапрэ мяне, як бочку.

 

Алена

Ад пустаты не разапрэ ніколі,

А ў галаве ў цябе ж ніводнай думкі.

 

Тэкля

Калі ж мне думаць, родная мая.

Тут кожную хвіліну навіна.

 

Тацяна

Што там такое?

 

Наста

Ранены.

 

Тацяна

Алена,

Мне трэба на хвіліну адлучыцца.

Вы перавязку зробіце?

 

Алена

Зраблю.

 

Тацяна

Дык я пайшла. (Выходзіць.)

 

Наста

Не трэба памагчы?

 

Алена

Ды не!

 

Наста

Дык мы дагледзім пойдзем хворых.

 

Наста і Тэкля выходзяць.

 

Алена

Не плакаў?

 

Зяма

Не.

 

Алена

Ты пасядзіш яшчэ?

 

Зяма

Абрыдала.

 

Алена

Я скора забяру.

 

Алёшка вядзе раненага Мелеха.

 

Алёшка

Нічога, не гаруй, Нічыпар.

 

Мелех

Крыўдна!..

 

Алёшка

Я прывяду табе яго жыўцом.

Сабакам назавеш, калі схлушу.

 

Алена

Давайце, чалавек, перавяжу.

 

Алёшка

Ну, папраўляйся, мне, браток, пара.

А Бэсмана табе я прывяду Жывога, а ці мёртвага.

(Выходзіць.)

 

Зяма

Баліць?

 

Нічыпар

Баліць, сынок.

 

Пачынае плакаць дзіця.

 

Зяма

Не дасць пагаварыць.

 

Алена

Пакалышы, пазабаўляй яшчэ хвілінку.

 

Зяма

Хлапец, а плача, як дзяўчына. Спі.

 

Калыша. Уваходзіць Сярго Арджанікідзе.

 

Сярго

І галасок у сына, як у маткі!

Нічыпар Мелех? Ранены?

 

Мелех

Рука...

 

Сярго

А дзе і як цябе пачаставалі?

 

Мелех

Каля Бугроў.

 

Сярго

Нічога не чуваць.

Давай пазабаўляю хіба я.

На цацку, на! Не хоча нават слухаць.

Ідзі, Алена, суцяшай сама,

А я перавяжу. А то яшчэ

Пабачыць Баяновіч — засмяе:

За няньку, скажа, раіў быць дарослым,

А сам не ўціхамірыць малыша.

(Перавязвае Мелеху руку.)

Дык як і дзе табе ўдружылі?

 

Мелех

Бэсман.

Заўважылі яго мы тут, у парку.

Я выстраліў адразу і прамазаў.

Тады мы рынулі за ім услед.

Я ўжо амаль схапіў яго за карак,

І вось рука павісла нежывой.

 

Сярго

Дармо, паправішся, Нічыпар Мелех.

А я хачу табе сказаць, што дома

Сям’я твая зямлю ўжо атрымала.

Сягоння мне прыслалі тэлеграму.

 

Мелех

Не варты я, таварыш камісар.

 

Сярго

Сваю віну ты змыў сваёй крывёй.

 

Мелех

Я дзякую табе.

 

Сярго

За што?

 

Мелех

За ласку.

Ты маладзейшы за мяне, а ты,

Як бацька, сэрца абагрэў маё.

Мне любы стаў і свет, і дом, і сын.

 

Сярго

А сын вялікі?

 

Мелех

Восьмы год пайшоў.

Сярго

А як мяркуеш, кім твой будзе сын?

 

Мелех

Мне хочацца, каб быў ён мараходам,

Аб’ездзіў свет увесь, людзей пабачыў,

Краіны розныя, якіх я сам

Не меў шчаслівай долі паглядзець.

А горача любіў я Волгу нашу.

Магутная рака! Плыве спакойна,

Як думы тыя ў маладыя леты

Ці лёгкі сон.

 

Сярго

А на Каўказе ў нас,

Там рэкі бурныя. Грымяць і выюць,

Укрытыя пушыстай белай пенай,

Аж рэха скрозь ідзе... А горы, горы!

Вяршыняй дастаюць да самых зор.

Цудоўны край! Як скончыцца вайна,

Давай са мной паедзем на Каўказ.

Ты паглядзі, якая там краса!

(Паказвае фатаграфічны здымак.)

 

Мелех

А гэта твой партрэт?

 

Сярго

Падобны? Не?

 

Мелех

Калі ты крыўды на мяне не маеш,

То падаруй на памяць гэту картку.

 

Сярго

Упадабалася? Ну што ж, вазьмі.

 

Мелех

Не ведаю, чым я табе аддзячу.

Калі б не правай не было, а левай —

З адной рукой пайшоў бы за табой.

А так — даруй: усё, што мог, зрабіў.

 

Сярго

Паправішся, таварыш, не тужы.

 

Уваходзіць Тацяна Марыч.

 

Тацяна

Таварыш камісар, Адась Валошын

З атрадам зараз будзе тут.

 

Сярго

Цудоўна!

Бывай, мой дарагі, здароў. Алена,

Ты правядзі яго ў палату.

 

Арджанікідзе і Тацяна ідуць у штаб.

 

Алена

Пойдзем.

 

Мелех

Я маю справу тут адну. Ідзі.

Я сам прыйду.

(Алена выходзіць.)

Сынок, пісаць умееш?

 

Зяма

Умею.

 

Мелех

Напішы дамоў мне ліст.

 

Зяма

А што вам напісаць?

 

Мелех

Пішы вось так:

Дзень добры, дарагі мой сын і жонка.

Я жыў і рад цяпер свайму жыццю.

Хоць і паранена мая рука,

Але я змыў з душы крывёю ганьбу.

А вывеў цёмнага мяне на шлях

Адзін вялікай праўды чалавек.

Завуць яго Сярго Арджанікідзе.

Я шмат пражыў і гора зведаў шмат,

А век ніхто мне не зрабіў дабра.

І стала мне на свеце гэтак горка,

Ажно ад крыўды сэрца галасіла.

А ён узяў маю душу, напоўніў сілай

І асвяціў жыццё маё, як зорка,

І даў маю мне долю... Напісаў?

 

Зяма (піша).

І асвяціў жыццё маё, як сонца!..

 

Мелех

Я гаварыў: як зорка.

 

Зяма

Сонца ж лепей:

І асвяціў жыццё маё, як сонца.

 

Мелех

І праўда, лепш. Пішы, сынок, далей

Я пасылаю вам яго партрэт,

Вы закажыце ў Ключнікава рамку

І памясціце гэту картку на сцяне,

А багародзіцу адсуньце трохі.

 

Зяма (піша).

А багародзіцу зусім здыміце...

 

Мелех

Ну, гэтага, сынок, ты не пішы.

Няхай вісіць.

 

Зяма

Дык я ўжо напісаў.

 

Мелех

А выкрасліць як-небудзь нельга там?

 

Зяма

Ліст папсуём.

 

Мелех

Ну што ж, хай будзе так,

Як і напісана. Пішы далей.

Глядзіце на яго пад час уцехі,

Пытайце рады ў цяжкія хвіліны,

Любіце, як і ён, усіх людзей

І ненавідзьце тых, каго і ён.

А будзе мне не суджана вярнуцца,

Дык помніце, што ён вас не пакіне.

Усім перадаю вам свой паклон,

Бывайце жывы і здаровы. Ваш

Нічыпар Мелех. Напісаў? Усё.

 

За сцэнай чуваць голас Валошына.

 

Валошын

Раз, два! Раз, два! Атрад, на месцы стой!

Пакуль што вольна, можна разысціся.

 

Уваходзяць Валошын, Карабан, Шчырэц, Штэйнар, Бегунок і інш. партызаны.

 

Валошын

Дзе камісар?

 

Мелех

У штабе. Пойдзем, сынку.

 

Сімха

Ты што, знайшоў сабе другога бацьку?

 

Зяма

Ой, тата! Мілы!

 

Сімха

Сыне мой!

 

Мелех

Ваш сын?

Цудоўны хлопчык! Дзесьці і ў мяне

Таксама ёсць такі.

 

Сімха

Ты тут адзін?

 

Зяма

Ды не, Тацяна, цётка Наста, Тэкля...

 

Шчырэц

Глядзіце, і мая царыца тут!

 

З пакояў выходзяць Тацяна Марыч, Наста, Алена з дзіцем і Тэкля.

 

Карабан

І не адна: з наследнікам прастола.

 

Алена

Вось я вас, пасмяюся, манархісты!

 

Шчырэц

Не забывайся, я не партызан,

А рэгулярнай арміі баец.

 

Сёмка

А заўтра можа быць і генералам.

 

Сімха

Цішэй, ідзе Сярго Арджанікідзе.

 

На ганак выходзіць Арджанікідзе.

 

Валошын

Каманда, смірна!

 

Сярго

Вольна, вольна, хлопцы.

 

Убягае ўсхваляваны Макарэнка.

 

Макарэнка

(гаворыць, не пераводзячы духу).

Таварыш камісар, дазвольце, часць

З паўночы наша заняла баі...

 

Сярго

Што, што? Не разумею.

 

Макарэнка

Не магу.

 

Сярго

А ты, друг, не спяшай, ты спакайней.

 

Макарэнка

Дазвольце далажыць, што наша часць

З паўночы заняла раён заводаў,

Баі ідуць на вуліцах прадмесця.

 

Сярго

Барысаў? Макарэнка! Друг ты мой!

Абдымемся. Вітаю. Малайцы!

Спяшай хутчэй назад і перадай:

Замацавацца на занятых пунктах,

Біць групу кальварыйскіх войск у тыл.

Цяпер напэўна супраціўнік рушыць

Удары на Кальварыю. Спяшай!

Мы зараз прыйдзем вам на дапамогу.

 

Макарэнка

Ёсць, перадам, таварыш камісар!

 

Макарэнка шпарка выбягае.

 

Сярго

Таварышы! Віншую з перамогай.

Барысаў з поўначы ужо заняты.

Задача наша — дружнаю атакай

Заняць Кальварыю.

 

Кузьмін і Алёшка вядуць Бэсмана.

 

Кузьмін

Гэй, прапусціце!

 

Алёшка

Таварыш камісар, злавілі гада!

 

Сярго

Якога?

 

Кузьмін

Бэсмана.

 

Сярго

А дзе вы ўзялі?

 

Алёшка

Ён вывеў часць і рушыў у атаку...

 

Кузьмін

 

Мы сцерпелі, ударылі на іх...

 

Алёшка

І ўехалі, у іх жа на плячах,

У прыгарад...

 

Кузьмін

І бег жа ён ад нас!

 

Алёшка

Ды я за ім сачыў і не адстаў.

Ну што, стрымаў я слова, Мелех, а?

 

Мелех

Стрымаў, Алёшка, дзякую табе.

 

Сярго

Такі злавілі вас, Казімер Бэсман!

 

Тацяна

Не Бэсман ён зусім, ён — Завішынскі.

І ён Азорыча прадаў, падлец!

 

Наста

Дык вось які яго згубіў паганец!

 

Сярго

Чакай, старэнькая. Народны суд —

Ён будзе і тваім судом за сына,

І цяжкай кары пану не мінуць.

 

Бэсман

Вы запазніліся мяне караць:

Я ўсё сваё зрабіў.

 

Сярго

Карысць малая:

Наш батальён ужо заняў прадмесце,

І горад будзе цераз ноч у нас.

 

Бэсман

Заўчасна гутарыць аб перамозе.

Вы не падумалі, што вашы планы

Я ведаю таксама, і на фланг

Вы кінулі ўсе часці. А на флангу

Мы толькі дэманструем наступленне,

Галоўныя сабраўшы нашы сілы

Каля Кальварыі. Адным ударам

Змятуць яны з усіх пазіцый вашых.

У кірунку Кальварыі грыміць кананада.

Вы чуеце?

 

Убягае Баяновіч.

 

Баяновіч

Таварыш камісар,

На Кальварыйскім пункце супраціўнік

Два батальёны вывеў свежых сіл

І перайшоў ізноў у наступленне.

 

Бэсман

І гэтай сілы вам не затрымаць,

Рэзерваў свежых больш у вас няма.

Барысаў будзе наш, іду ў заклад.

 

Сярго

Прайграў, паручнік.

 

Бэсман

Выйграў, камісар.

 

Сярго

Адась Валошын, вывесці атрад

І рушыць на Кальварыю ў атаку.

 

Валошын

Ёсць, вывесці атрад!

 

Бэсман

Які атрад?..

 

Сярго

Пакуль вы думалі аб нашых планах,

Дык мы стварылі цэлы батальён.

І ты прайграў, паручнік, і Барысаў,

І галаву сваю прайграў. Забраць!

 

Канвойныя выводзяць Бэсмана.

 

Сярго

Таварышы, вы разумееце цяпер,

Якая наша трудная задача?

Нам выпала на долю разграміць

Апошняе гняздо белапалякаў.

Я спадзяюся, новыя байцы

Вялікай арміі пралетарыяту,

Што вы не пашкадуеце жыцця

І здзейсніце пачэсны абавязак.

 

Галасы

Не пашкадуем! Выпаўнім! Клянёмся!

 

Сярго

Пастроіцца!

 

Валошын

Атрад, увага! Стройся!

 

Сярго

А ты куды?

 

Сёмка

Ды з вамі, ваяваць.

 

Сярго

Вось так? Раздзеты? Босы? Не, не пойдзеш

 

Сёмка

Таварыш камісар, а дзе ж мне дзецца?

 

Сярго

Ідзі дамоў.

 

Сёмка

Ды я не маю дому,

Мне трэба дом яшчэ заваяваць.

 

Сярго

Цяпер не лета, холадна, дажджы,

І ты без шыняля не пойдзеш, друг.

 

Сёмка

Мужчыны, як жа я адзін, без вас?

 

Штэйнар

Дазволь яму, таварыш камісар.

 

Валошын

Ён цэлы дзень вучыўся, як страляць.

 

Сярго

Ну што ж, хай застаецца тут пры штабе.

 

Сёмка

Ды не магу адзін я заставацца.

 

Сярго

Што ж мне рабіць з табой? Бяры, на мой!

(Здымае з плячэй свой шынель.)

 

Сёмка

Ды што вы? Не, таварыш камісар,

Такой пашаны я не заслужыў.

 

Сярго

Бяры!

 

Сёмка

А як жа вы?

 

Сярго

Я маю бурку,

А ты нічога, друг.

 

Сёмка

От чалавек!

Шчаслівы той, хто нарадзіў цябе.

 

Сярго

Будзь ласкава, падай, Алена, бурку.

(Бярэ на рукі Аленіна дзіця.)

Дзіця я патрымаю. Вось, сябры,

Сын будучай шчаслівае краіны,

За лёс якой мы праліваем кроў.

Расці, малы. Праз дваццаць нейкіх год

Заместа нас ты станеш сам

На абарону роднае краіны.

Не беднай і пакутнай, як цяпер,

А радаснай, багатай і шчаслівай.

На, беражы яго для тых вялікіх дзён.

 

Бурка замінае Алене ўзяць дзіця.

 

Наста

Вы дайце мне. (Бярэ дзіця.)

 

Сярго

Гадуй яго, старая,

Як гадавала ты свайго. А мы —

За будучыню гэтага дзіцяці,

За радасць іх бацькоў, за іх спакой

І за цябе, радзіма — наша маці,

Смялей, таварышы, смялей у бой!

(Накідвае на плечы бурку і вядзе атрад у бой за вызваленне.)

 

1939 г.


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Драматычныя творы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 334 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан