epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Сон у першамайскую ноч

 

Зямлю ахінае вясновая ночка,

Кладуцца маўкліва трывожныя цені.

Не надаўга дзень адвінуўся упрочкі,

А здані ўжо сцелюць сваё шалясценне.

 

Стаю ў задуменні, акно расчыніўшы,

А вуліца звоніць, гамоніць стазвонам,

І радасць вянкамі у сэрцы завіўшы,

За думкамі думкі лятуць у пагоню.

 

Лятуць, прападаюць, згасаюць далёка

Ды зноў у надхмарных глыбінях лунаюць

— Нап’ецца зямля акавітнага соку

І ружы падорыць прыгожыя маю...

 

Цяпер над сусветам навалы і хмары,

Разносяцца стогны і плач навальніцы...

— Ці нашыя плечы не згорбіць цяжарам?

На стол у задуме схіляюся ніцам.

 

На вуліцах людзі і людзі — не злічыш!..

Ссыпаецца іскрамі сонца;

Вясёлыя скрозь сустракаю абліччы,—

Кудысьці спяшаюць бясконца.

 

Не хмары на небе, не хвалі на моры —

Усплёскам калышуцца людзі;

Раптоўна да сонца злятаюцца зоры,

У хмарах купаюцца, блудзяць.

 

— Камуна над светам! — З усходу на захад,

Ад мора да мора без краю,

Дзе шлях векавечны ўсіх ворагаў вабіў,

Маяк і гарыць і палае.

 

Надзеі, жаданні у радасць звіліся,

Імклівяць мае летуценні,

Праз Нёман бурлівы да стромкае Віслы

Ляту зачарованым ценем.

 

Ляту, узнімаюся вышай і вышай,

Нанізе хвалюецца Нёман,

Шырока разліўся, на бераг аж выйшаў,

І пена паслалася лёнам.

 

Панурая цемра наўкола лягла,

Ні сонца, ні месяц не свецяць;

Пакутуе, стогне, рыдае зямля —

Камуны няма шчэ на свеце.

 

Здранцвела ўсё цела, адлічаны дні...

Ляту я ўсё ніжай і ніжай,

Прыпаў да зямлі... Замігалі агні

На стромкім далёкім узвышшы.

 

І раптам, бы зоры упалі наніз,

Зямля асвяцілася ясна:

Красуня-дзяўчына над ямай стаіць,

А вочы — то яркнуць, то гаснуць.

 

Упалі шаўковыя косы на стан

І вэлюмам віснуць дадолу.

І людзі гавораць, што гэта — Вясна,

А ветры зайшліся, скуголяць.

 

З усмешкай на вуснах гаворыць Вясна:

— Вітаю, таварышы, з Маем!..

Завіўся і сумна зашастаў туман:

«Сягоння яе расстраляюць».

 

— Браточкі мае, дарагія мае,

Над нашай Заходняй краінай

З караляў вяночак зарніца звіе

І людзям для радасці кіне.

 

Глядзіце, наўкола магілы, крыжы,

Без крыжа магіла шчэ стане,

І сокалы будуць над ёю кружыць

І весткі даваць аб паўстаннях.

 

Успомняць не раз і не двойчы мяне,—

Нядарам Камунаю клічуць.

Пакуты тады патануць у багне

І сонца ўсміхнецца ў абліччы.

 

Цяпер не гавораць, што тут Беларусь,

А кажуць — «усходнія крэсы»...

Калі па-над краем убачу зару,

Тады я ізноў уваскрэсну.

 

Браточкі мае, дарагія мае!..

І раптам замоўкла, упала.

Я чую, што грудзі пачалі смылець,

А ветры і хмары — навалай.

 

У ветрах трава да зямлі прылягла,

І клён над магілай сагнуўся.

І вось... запалала агнямі зямля,

Я рынуўся ўвысь і прачнуўся...

 

Раніца. Сонца гуляе на сценах,

На вуліцы чуецца гоман.

Знікаюць памалу мае летуценні —

Дзень Першага мая сягоння.

 

Я ведаю — там, на Усходзе далёкім,

На Захадзе, Поўдні, Паўночы,

Сягоння зямля абліваецца кроўю,

А думкі нязменна прарочаць:

 

— Камуна не згіне на свеце ніколі,

Хоць гінуць цяпер камунары;

Іх кроў зацвіце каласамі на полі,

І здзейсняцца іхнія мары.

 

Сны сняцца прыгожа ў пару зацвітання,

Мне страшны сягоння прысніўся,

Ды толькі я веру ў магутнасць змагання,

Хоць стогн над зямлёю узвіўся.

 

Няхай не сягоння, дык заўтра, дык скора

Дарогі усыплем мы цветам,

І праўдаю сон мой тады загаворыць,

Вячыстаю праўдай сусветнай.

 

Над шостаю часткай зямлі — зацвітанне

І песня вясновага маю.

Браточкі далёкія, ваша змаганне

Вітаю, ад сэрца вітаю!

 

1927 г.


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Вершы, балады і паэмы /[Аўт. прадм. А. Вялюгін].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 319 с. 1 л. партр.4 л. іл.
Крыніца: скан